Час заснавання Наваградка гісторыкі адносяць да X стагоддзя. Ужо ў XII стагоддзі селішча складалася з дзядзінца на Замкавай гары і "вакольнага града" (Малога замка) — умацаванага раёна на суседнім узвышшы ды прадмесця. Ён быў рэзідэнцыяй князёў Вялікага княства Літоўскага і буйным гандлёва-рамесным цэнтрам.
Пабудова замка (фота 008, 011-014) ставіцца да пачатковага перыяду гісторыі горада. Яго муры і вежы на працягу стагоддзяў неаднойчы мадэрнізаваліся. Найпознія муры ўтвараюць шматкутнік з чатырма вежамі па кутах і пятай — з брамай — на паўночна-усходнім баку. Шостая, Калодзежная, вежа мясцілася ў паўднёвай падставы ўзгорка. У'язная, альбо Шчытавая вежа, была пяціпавярховай і мела фрому чатырохграннай прызмы, некалькі вузейшай угары. Кутняя, альбо Касцёльная, вежа (фота 008) таксама мела прастакутнае сячэнне. Сваёю манументальнасцю яна не саступала у'язной веже. Абароннага значэння замак не губляў аж да 1710 года, калі ён быў спалены шведамі.
У падставы Замкавай гары знаходзіцца фарны касцёл (фота 007, 009, 010), у якім у 1422 годзе Вялікі князь Ягайла быў венчаны з Соф'яй Гальшанскай, заснавальніцай дынастыі Ягайлавічаў (Ягелонаў). Ён быў закладзены ў канцы XIV — пачатку XV стагоддзяў і перабудаваны на пачатку XVIII стагоддзя. У раёне рынкавага пляца захаваліся былы дамініканскі барочны касцёл Святога Міхала (фота 001, 002) першай паловы XVIII стагоддзя (Адноўлены пасля пажараў 1751 і 1831 гадоў, ён набыў рысы класіцызму), царква Святога Мікалая 1780 года, перабудаваная ў XIX стагоддзі з былога францысканскага касцёла, манастырскі корпус, Барысаглебская царква (фота 003), пабудаваная ў 1519 годзе (У першай палове XVII стагоддзя была рэканструяваная і атрымала новае аблічча), група старых жылых камяніц. Непадалёк месціца хата-музей Адама Міцкевіча (фота 005, 006).
__________