Саша, сыходзь!

Рэпэтыцыя Плошчы. Онлайн-рэпартаж "Свабоды"



Сёньня ў цэнтры Менску прайшла сустрэча апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага, Міколы Статкевіча і Ўладзімера Някляева з выбарцамі. Некалькі тысяч яе ўдзельнікаў сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, а пазьней прайшлі дэманстрацыяй да плошчы Незалежнасьці. Нягледзячы на тое, што на абодвух плошчах менскія ўлады забаранілі перадвыбарчыя сходы, міліцыя не перашкаджала кандыдатам і выбарцам.

 

Агітацыйную акцыю, якую некаторыя назвалі "рэпэтыцыяй Плошчы 19 сьнежня", Мікола Статкевіч і Віталь Рымашэўскі прымеркавалі да гадавіны канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, у выніку якога Лукашэнка пашырыў свае паўнамоцтвы.

 

Міністэрства ўнутраных спраў і пракуратура загадзя папярэдзілі арганізатараў пра адказнасьць, бо пастановай Менскага гарвыканкаму ад 11 лістапада 2010 году перадвыбарчыя сустрэчы не дазволеныя на чатырох плошчах: Кастрычніцкай, Незалежнасьці, Перамогі і Якуба Коласа. Яшчэ раз сказаць пра гэта кандыдатам на Кастрычніцкую плошчу прыйшоў старшыня менскай выбарчай камісіі Ігар Карпенка і зьвярнуўся да Віталя Рымашэўскага:

 

— Сёньняшняя акцыя праходзіць з парушэньнем выбарчага заканадаўства ...

 

— Я лічу, што гэтая пастанова дыскрымінуе ўсіх кандыдатаў апрача таго, хто сёньня называе сябе прэзыдэнтам. Гэтая пастанова абсалютна незаконная. Цэнтральныя плошчы Беларусі павінны выкарыстоўвацца па прызначэньні. Гэтая плошча створаная не для дыктатара, а для людзей, і мы адстаім сваё права, — адказаў Рымашэўскі.

 

Апазыцыйным кандыдатам удалося правесьці мітынг на забароненай плошчы. Віталь Рымашэўскі:

 

— Прыйшоў час паверыць у сілы беларускага народу, прыйшоў час адмовіцца ад штучных падпорак спадзяваньня на Захад ці на Ўсход. І я заклікаю вас: бярыце адказнасьць за гэтую краіну!


Мікола Статкевіч зачытаў зварот да ЦВК з патрабаваньнем уключыць у кожную ўчастковую камісію па прадстаўніку ад кожнага кандыдата, скасаваць датэрміновае галасаваньне і падлічваць бюлетэні, прад’яўляючы кожны зь іх назіральнікам. Мікола Статкевіч перакананы, што калі ўлады захочуць, то могуць у адзін момант выканаць гэтыя патрабаваньні, здольныя зрабіць вынік выбараў празрыстым. Спадар Статкевіч заклікаў прысутных на мітынгу:

 

— Просьба, каб у мяне нехта не забраў гэты зварот, пойдзем разам.


Дэманстранты дайшлі да будынка Дома ўраду, дзе Мікола Статкевіч прычапіў тэкст звароту ў ЦВК на шыльду.

 

Мітынг і шэсьце адбываліся без усялякіх перашкод міліцыі. Сытуацыю патлумачыў прадстаўнік ГУУС Менску Аляксандар Ластоўскі:

 

— Калі б гэта было па-за рамкамі выбарчай кампаніі, то, вядома, збор на плошчы забаронены... Але калі ў мэтах агітацыі, то тут ужо хай ЦВК камэнтуе, чаму ўсё гэта стала магчымым.


Паводле спадара Ластоўскага, у агітацыйнай акцыі прыняло ўдзел 250 чалавек, арганізатары ацанілі лік прысутных у 2-3 тысячы.

 

Зьміцер Дашкевіч у канцы мітынгу ля Дома ўраду заклікаў:

 

— 19 сьнежня нас будзе некалькі дзясяткаў тысяч.

 

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец назваў сёньняшнюю маніфэстацыю "мабілізацыяй сілаў":

 

— Мы зразумелі, што людзей выходзіць болей, чым мы чакалі. Гэта азначае, што Плошча 19 сьнежня будзе масавай.

 

Мікола Статкевіч не пагадзіўся з тымі, хто называе сёньняшнюю акцыю "рэпэтыцыяй Плошчы", гэта звычайная сустрэча кандыдатаў з выбарцамі, кажа ён.

 

— Я думаю, што гэтая акцыя зьверне ўвагу ў Беларусі ды іншых краінах на фальсыфікацыі выбараў у нашай дзяржаве. Гэта ціск на ўладу. І думаю, што гэта дазволіць нам ламаць страх грамадзтва.

 

І Мікола Статкевіч, і Віталь Рымашэўскі заявілі "Свабодзе", што іх зусім не бянтэжыць магчымасьць нейкіх санкцыяў з боку ЦВК за сустрэчу з выбарцамі на "забароненых плошчах".

 

* * *


17:30 Уваход на Кастрычніцкую плошчу вольны. Дэманстрантаў пакуль няма. Шмат апэратыўнікаў з рацыямі і людзей спартовага целаскладу ў цывільным. У дварах дамоў па вуліцы Энгельса – аўтобусы зь міліцыяй і аўтазакі.

 

17:40 Зьявіліся кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Партыі БХД Павал Севярынец, палітык Сяргей Калякін, праваабаронца Гары Паганяйла, моладзевы актывіст Мікола Дземідзенка.

 

17:43 Прадстаўнікі БХД разгарнулі пікет на супрацьлеглым ад плошчы баку праспэкту Незалежнасьці. Стаяць са сьцягам і партрэтам Рымашэўскага.

 

17:48 Разгарнулі першы бел-чырвона-белы сьцяг. Людзі паступова зьбіраюцца. Зараз — каля 200 чалавек.

 

17:50 Людзі пачынаюць скандаваць "Жыве Беларусь!".

 

17:55 На плошчы зьявіўся Ігар Карпенка, старшыня гарадзкой выбарчай камсіі. Ён пераконвае прысутных, што яны ня маюць права тут агітаваць. На што Рымашэўскі адказвае, што плошча не для дыктатараў, а для людзей.

 

18:00 На плошчы на ўсю гучнасьць уключылі экран. Прыйшоў кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч.

 

18:05 На плошчы зьявіўся былы палітвязень Андрэй Клімаў. Ён выказаў падтрымку Віталю Рымашэўскаму. Некалькі сотняў людзей з цэнтру плошчы рухаюцца да палацу культуры прафсаюзаў.

 

18:10 На прыступках Палаца прафсаюзаў зьявілася расьцяжка "Саша, сыходзь". Там жа — імправізаваная трыбуна. Прысутных — каля тысячы. Пачаў мітынг Зьміцер Дашкевіч: "Мы сабраліся, каб засьведчыць, што беларускі народ не забыўся на злачынства. За яго трэба будзе адказаць. Рэжым трымаецца на страху. Сёньня мы разбураем гэты стэрэатып. Мы даем апошняе папярэджаньне. Лукашэнка, сыходзь!"

 

18:15 — Сёньня мы пачынаем змаганьне за перамогу. Прыйшоў час паверыць у сілы беларускага народу без спадзяваньня на Захад і Ўсход, — сказаў Рымашэўскі.

 

18:20 На ганак выйшла прадстаўніца адміністрацыі Палаца прафсаюзаў. Яна абураецца, што з-за мітынгу людзі ня могуць трапіць на спэктакль.

 

Някляеў заявіў, што прыйшоў агітаваць не за сябе, а падзякаваць за падтрымку. Зачытаў свой верш, які сканчаецца радком "Мы прыйшлі, каб вы перамаглі".

 

18:25 Людзі шыхтуюцца, каб аднесьці рэзалюцыю ў ЦВК на плошчу Незалежнасьці. Наперадзе — людзі з расьцяжкай "Сыходзь". Калёна пачынае рух у бок ЦВК, якая знаходзіцца на плошчы Незалежнасьці. Мікола Статкевіч абвясьціў рэзалюцыю мітынгу, у ёй тры патрабаваньні:


 1. Каб у кожнага кандыдата быў свой прадстаўнік у камісіі.
 2. Каб адмянілі датэрміновае галасаваньне.
 3. Каб падлік галасоў ішоў публічна.

 

— Казалі, што сёньня будзе 100 чалавек, а нас ужо тысячы. Значыць 19 сьнежня тут будзе стаяць беларускі народ. Лукашэнка павінен прыйсьці 19 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу і пакаяцца перад беларускім народам, — сказаў Павал Севярынец.

 

Севярынец заклікаў усіх кандыдатаў уключыць лёзунг "Лукашэнка — сыходзь" у свае агітацыйныя матэрыялы, бо Лукашэнка, на ягоную думку, ня мае права балятавацца.

 

18:30 Праспэктам Незалежнасьці маніфэстоўцы ідуць у кірунку плошчы Незалежнасьці. Мінакам раздаюць копію звароту ў ЦВК.

 

18:37 Ідуць праз падземны пераход пад вуліцай Леніна. Каля ГУМа дэманстрацыю сустрэў кандыдат Міхалевіч, але заявіў, што ў акцыі ня ўдзельнічае.

 

18:39 Дэманстранты праходзілі ля пікету Андрэя Саньнікава ля ГУМу. Прадстаўнікі Саньнікава сказалі, што ня будуць далучацца да шэсьця.

 

18:40 Зьявіліся сьцягі арганізацыі "Маладыя дэмакраты".

 

18:45 Калёна праходзіць ля будынку КДБ. Невядомыя ў цывільным зганяюць удзельнікаў акцыі і журналістаў з прыступкаў.

 

18:50 Калёна пад воклічы "Верам-можам-пераможам!", "Лукашэнка, сыходзь!" дайшла да гатэля "Менск". Міліцыя не перашкаджае, толькі просіць не выходзіць на праезную частку.

 

18:55 Прэсавы сакратар гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі на пытаньне "Свабоды", ці пусьцяць прадстаўнікоў дэманстрантаў у ЦВК, адказаў станоўча. "Так, хоць парушана ўсё, што можна парушыць".

 

18:59 Маніфэстанты падышлі да ЦВК.

 

19:00  Павал Севряынец заявіў «Свабодзе», што ў акцыі ўдзельнічае 2-3 тысячы чалавек. Паводле супрацоўнікаў міліцыі, удзельнікаў — 250 чалавек.

 

19:05 Калёна нечакана пайшла да помніка Леніну, што насупраць будынка Дому ўраду на плошчы Незалежнасьці.

 

Чыноўнікі кажуць, што ЦВК зачыненая. Яны згодныя прапусьціць трох чалавек, каб  тыя перадалі свае патрабаваньні. Рымашэўскі хоча ісьці. Статкевіч супраць гэтай ідэі.

 

19:09 Статкевіч заклікаў прымацаваць патрабаваньні да шыльдаў ЦВК і Палаты прадстаўнікоў.

 

19:10 Статкевіч прымацоўвае аркуш з патрабаваньнямі рэзалюцыі мітынгу да шыльды Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

 

19:11 Рымашэўскі дзякуе ўсім за ўдзел у акцыі. Ён кажа, што гэта першы крок да памнажэньня сілаў і перамогі. Да ЦВК дайшлі толькі 2 кандыдаты Мікола Статкевіч і Віталь Рымашэўскі.

 

19:15 Выступоўцы патрабуюць свабоду Мікалаю Аўтуховічу ды іншым палітвязьням.

 

19:17 Выступоўцы выказваюць меркаваньне, што акцыя ў дзень выбараў 19 сьнежня будзе масавая. Яны кажуць, што сёньняшняя рэпэтыцыя ўдалася.

 

19:20 Акцыя скончылася. Удзельнікі згортваюць сьцягі.

 

“Радыё Свабода”, 24 лістапада 2010 г.



Обновлен 20 мая 2016. Создан 24 ноя 2010



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter