Пасьля Плошчы 2010. Сумны працяг

Арышты, допыты, ператрусы, салидарнасьць...



1 студзеня 2011 г.

 

 

Яшчэ адна крымінальная справа па падзеях 19 снежня


Па звестках праваабаронцаў, па падзеях 19 снежня ўзбуджаная яшчэ адна крымінальная справа — за знявагу дзяржаўных сімвалаў.


Пакуль па гэтай справе няма падазраваных. Cупрацоўнікі міліцыі актыўна шукаюць фота- і відэадоказы, на якіх зафіксавана, хто падчас шэсця па праспекце Незалежнасці замяніў на будынку КДБ дзяржаўны сцяг на бел-чырвона-белы, паведамляе сайт "Вясны".

 

 

Маладафронтаўца выклікаюць на псіхалагічны агляд


Маладафронтаўца з Маладзечна выклікаюць на псіхалагічнае абследаванне. Павал Сяргей атрымаў адпаведную позву з выклікам да лекараў.


Пасля выходных, на бліжэйшым тыдні, юнаку неабходна з’явіцца на прыём да лекара ў шпіталь № 1 г. Маладзечна. У выпадку непадпарадкавання будуць ужыты меры прымусовага агляду — паведамляецца ў дасланай паперы.


Павал апошнім часам прымаў вельмі актыўны ўдзел у жыцці Маладога Фронту як у горадзе Маладзечна, так і ў Менску падчас выбарчай кампаніі.


“Радыё Рацыя”

 

 

30 снежня ў Менску адбылося адразу тры самазабойствы


Следчы аддзел пракуратуры Менска ладзіць праверкі па фактах самазабойства 30 снежня трох менчанаў, паведамляе "БелаПАН".


Так, у Першамайскім раёне ў сваёй кватэры 51-гадовы мужчына абліў сябе гаручай вадкасцю і падпаліў. На шляху ў лякарню ён сканаў, атрымаўшы апёкі 90% цела.


У Кастрычніцкім раёне ў падсобным памяшканні жылога дома засілілася 54-гадовая жанчына. У Фрунзенскім раёне 58-гадовы мужчына выкінуўся з балкона сваёй кватэры на чацвёртым паверсе і разбіўся.


P.S. Ці сапраўды гэта былі самазабойствы, ці гэта забітыя амапаўцамі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці? — J.K.

 

 

Прэзідэнт Украіны павіншаваў Лука-ку з "перамогай" на выбарах


Лука-ку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня павіншаваў прэзідэнт Украіны Януковіч, паведаміла 31 снежня прэс-служба беларускага кіраўніка, паведамляе "БелаПАН".


"Упэўнены, што з вашым перавыбраннем на пост прэзідэнта Рэспублікі Беларусь супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі атрымае новы практычны імпульс. Актыўная дынаміка ўзаемадзеяння дазволіць рэалізаваць маштабныя праекты на карысць украінскага і беларускага народаў", — падкрэсліў Януковіч.


На сайце ўкраінскага прэзідэнта пра віншавальнае пасланне ў адрас Лука-кі інфармацыі няма.


“Еўрарадыё”

 

 

Лука-ко решил перевоспитать инакомыслящих


Поздравление Лука-ко беларусов с Новым годом на этот раз длилось в два раза короче, чем обычно. Создалось ощущение, что первая часть текста была в последний момент обрезана. "Триумфатор" последних президентских выборах впервые говорил о политическом "меньшинстве", пообещав привлечь его на свою сторону.


— Вы должны знать: вас воспринимаю как неотъемлемую часть нашего общества, со своими целями, взглядами и устремлениями. Вы имеете свою точку зрения, особое понимание мироустройства и развития нашей страны. Это ваше право, которое отнять у вас никто не может, — отметил Лука-ко в новогоднем обращении к белорусскому народу.


— Вы должны знать: ваше мнение нам не безразлично. И мы вместе с подавляющим большинством нашего народа будем бороться за вас, ваши взгляды. Мы будем искать пути к вашим умам и сердцам, потому что иначе невозможно объединить общество, сохранить страну и решить задачи, стоящие перед нами, — сказал Лука-ко.


P.S. Дык што, хутка ўсе паедзем у калгос на перавыхаваньне як то было ў Кітаі? — J.K.


“Беларускі партызан”

 

 

Камітэт міжнароднага кантролю за правамі чалавека ў Беларусі
закрыццём офісу АБСЕ

 

Назіральны савет Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з нежаданнем уладаў працягнуць мандат офіса АБСЕ ў Менску.


"Мы з жалем адзначаем, што гэты крок кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь можа трактавацца як рэакцыя ўладаў на заяву офіса АБСЕ па ацэнцы працэсу правядзення выбараў прэзідэнта", — гаворыцца ў заяве. Назіральны савет выказвае спадзяванне, што беларускія ўлады "будуць працягваць дзейнічаць у рамках агульнапрынятых міжнародных стандартаў і ўсіх абавязацельстваў у рамках АБСЕ".

 

“БелаПАН”

 

 

2 студзеня 2011 г.

 

 

Прэзыдэнт Польшчы заклікаў спыніць рэпрэсіі ў Беларусі


Сытуацыя ў Беларусі стала адной з тэмаў навагодняга звароту прэзыдэнта Польшчы Браніслава Камароўскага.


— Карыстаючыся польскай свабодай, асабліва сардэчныя думкі мы накіроўваем беларускім дэмакратам. Выказваем салідарнасьць зь імі і заклікаем да спыненьня палітычных рэпрэсій супраць іх, — заявіў Камароўскі, прамова якога разьмешчана на сайце прэзыдэнта краіны.


Камароўскі нагадаў, што ў другой палове 2011 году Польшча будзе старшынстваваць у Эўразьвязе.


— Польскае старшынства — гэта наш шанец на наш уклад у паглыбленьне інтэграцыі кантынэнту, шанец прадставіць Эўропе і сьвету нашы польскія посьпехі, — адзначыў прэзыдэнт. — Будзем пераконваць сваіх эўрапейскіх сяброў, што свабодай і дабрабытам варта дзяліцца зь іншымі.


Па словах польскага лідэра, яго краіна будзе правадніком інтарэсаў народаў, якія імкнуцца ў Эўразьвяз, ініцыятарам будаўніцтва мастоў, а ня новых сьценаў.


“БелаПАН”

 

 

3 студзеня 2011 г.

 

 

Віталя Рымашэўскага выпусцілі з СІЗА КДБ


Віталь Рымашэўскі вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Два апошнія дні палітык правёў разам са сваёй сям’ёй у Менску, а сёння раніцай быў ізноў выкліканы на допыт да следчых КДБ.


Па словах адказнага сакратара аргкамітэта БХД Дзяніса Садоўскага, 1 студзеня палітык звярнуўся да Лука-кі з тлумачальнай запіскай, пасля чаго яму была змененая мера стрымання:


— Уначы 1 студзеня Віталь Рымашэўскі быў адпушчаны з турмы КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Ім была напісана тлумачальная запіска на імя прэзідэнта. Гэтыя дні Віталь быў з сям’ёй, а цяпер ён ізноў на допыце ў КДБ — паводле позвы, ён павінен быў з’явіцца а 10 гадзіне раніцы. Адносна абвінавачання ўсё засталося як было, толькі змянілася мера стрымання, хоць сам Віталь і разумее, што сёння ён можа і не выйсці з КДБ.


Змест тлумачальнай запіскі, па словах Дзяніса Садоўскага, заўтра на прэс-канферэнцыі агучыць сам кандыдат у прэзідэнты ў выпадку свайго знаходжання на волі. Паводле адказнага сакратара БХД, па інфармацыі на сённяшнюю дзень, лёс іншых абвінавачаных па справе ад масавых беспарадках не змяніўся. Магчыма, некаторыя новыя звесткі стануць вядомыя па выніках цяперашняга допыту.


Барыс Гарэцкі


“Радыё Рацыя”

 

 

КДБ супраць прэсавай канфэрэнцыі Рымашэўскага


Былы вязень "амэрыканкі" Віталь Рымашэўскі кажа, што вымушаны скасаваць сваю першую прэсавую канфэрэнцыю, якая была заплянаваная на раніцу 4 студзеня.

 

Увечары 3 студзеня, пасьля таго як былі разасланыя запрашэньні на прэсавую канфэрэнцыю Рымашэўскага, экс-кандыдата на прэзыдэнта выклікалі ў КДБ.


Там яму заявілі, што заўтрашнюю прэсавую канфэрэнцыю разглядаюць як разгалошваньне таямніцы сьледзтва. Яму было заяўлена, што ў выпадку правядзеньня такой прэсавай канфэрэнцыі ён будзе зноў арыштаваны. У гэтых умовах Рымашэўскі вырашыў скасаваць свой выступ перад журналістамі.


Галіна Абакунчык

 

 

Андрэй Дзьмітрыеў выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе


Сёньня зь сьледчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе быў вызвалены кіраўнік перадвыбарчага штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў. Адно з першых інтэрвію на волі ён даў радыё Свабода. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.


— Андрэй, на якіх умовах вас вызвалілі?


— Умовы тыя самыя. Я зьяўляюся абвінавачаным па крымінальнай справе аб удзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў. Проста мне замененая мера стрыманьня, і цяпер я знаходжуся не за кратамі, але не магу выехаць зь Беларусі.


— А ці пісалі вы нейкія лісты, давалі нейкія тлумачэньні?


— Не, ніякіх зваротаў і тлумачэньняў я не пісаў. Я ня ведаю, чаму мяне вызвалілі. Паклікалі, далі падпісаць абавязаньне, што я абяцаю не выяжджаць зь Беларусі і выконваць усе крымінальна-працэсуальныя дзеяньні. І ўсё.


— А як вы можаце патлумачыць ваш выступ, які паказвала беларускае тэлебачаньне? Якая яго прычына, якая прырода?


— Я даў таксама падпіску, што не магу разгалошваць абставіны крымінальнай справы. Вашае пытаньне тычыцца якраз гэтых абставінаў, таму я не магу пакуль гэта камэнтаваць. Можа праз пэўны час я гэта адкамэнтую.


— На ваш погляд, чаму вы на волі, а спадар Някляеў — у турме?


— Я ня ведаю. Напэўна можна знайсьці ў гэтым лёгіку. Я ведаю, што сёньня таксама быў вызвалены Рымашэўскі. Магчыма, гэта спроба зьнізіць накал, які зараз быў. Ня выключана, што яшчэ некага выпусьцяць праз пэўны час.


Але лягічных тлумачэньняў у мяне няма. Магчыма, таму, што я не кандыдат. Я рыхтаваўся да таго, што правяду там яшчэ месяцы чатыры, пакуль будзе цягнуцца гэтае расьсьледаваньне, а потым нейкі тэрмін будзе. Так што для мяне самога гэта дзіўна.

 

 

Паўлу Юхневічу далі 10 сутак


Маскоўскі раённы суд Менску прысудзіў грамадзкаму актывісту Паўлу Юхневічу 10 сутак адміністратыўнага арышту.


Нагадаем, супрацоўнікі КДБ 31 студзеня а 8 раніцы прыйшлі ў кватэру Паўла Юхневіча і ягонай жонкі, фотакарэспандэнткі "Нашай Нівы" Юліі Дарашкевіч. Яны адвезьлі Паўла Юхневіча ва управу КДБ па горадзе Менску (Казлова, 6а). З гарадзкой управы КДБ Паўла даставілі ў Маскоўскі РУУС. Там склалі пратакол за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.


Паколькі суд 31 сьнежня не пажадаў працаваць, да суду Павал знаходзіўся ў турме на Акрэсьціна. Сёньня раніцай яго адтуль прывезьлі ў суд.

 

 

Наша палітыка адносна Беларусі стала катастрофай


Экс-прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус у інтэрвію газэце Lietuvos rytas рэзка скрытыкаваў зьнешнюю палітыку афіцыйнай Вільні. Адамкус выказаў заклапочанасьць пагаршэньнем адносінаў з Польшчай, а палітыку Літвы ў адносінах да Беларусі назваў катастрофай.


— Я асабліва перажываю з-за таго, што зьявілася так шмат напружанасьці ў адносінах паміж Літвой і Польшчай. Пачынае распадацца аснова нашай дружбы, якую мы так пасьлядоўна імкнуліся ўмацоўваць. Я таксама думаю, што мы, без сумневу, перастараліся, жадаючы дагадзіць Аляксандру Лука-ку. Мы проста сталі пасьмешышчам. Наша зьнешняя палітыка ў дачыненьні да Беларусі стала катастрофай, — адзначыў В. Адамкус.


Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце наведала Беларусь і сустрэлася з Аляксандрам Лука-кам у разгар выбарчай кампаніі ў Беларусі. Потым здабыткам галоснасьці стала яе заява, зробленая падчас сустрэчы з пасламі краінаў Эўразьвязу пра тое, што “Лука-ка — гэта гарант эканамічнай і палітычнай стабільнасьці ў Беларусі, яе незалежнасьці. Мы не хацелі б, каб наш сусед стаў другой Расеяй”.

 

 

Нямеччына на баку тых, хто хоча свабоды

 

Пра гэта ў інтэрвію нядзельнаму выданьню газэты Frankfurter Allgemeine (Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung — F.A.S.) заявілі вядучыя нямецкія палітыкі і ўрадоўцы.


Паводле кіраўніка нямецкага МЗС Гіда Вэстэрвэле, фэдэральны ўрад яго краіны не пацерпіць фальсыфікаваных выбараў у Беларусі.


Міністар Вэстэрвэле адзначыў:


— Мы будзем дамагацца, каб Эўразьвяз даў выразны палітычны адказ на махінацыі падчас выбараў у Беларусі. Адказныя асобы і асабіста Лука-ка павінны зразумець, што падаўленьне свабоды зьяўляецца непрымальным.


Як адзначае F.A.S., дамагацца жорсткай рэакцыі з боку Эўразьвязу Бэрлін будзе разам з польскім урадам.

— Нямеччына на баку тых, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, — заявіў прадстаўнік канцлера Ангелы Мэркель Штэфэн Зайбэрт. — Жорсткасьць, зь якой Лука-ка здушыў пратэст апазыцыі, сьведчыць пра грубае парушэньне ўсіх дзяржаўна-прававых асноў.


Паводле Зайбэрта, патрабаваньне яго краіны максымальна празрыстае: "палітычныя зьняволеныя павінны быць вызваленыя".


Кіраўнік ведамства бундэсканцлера Рональд Пафала, у сваю чаргу, паведаміў F.A.S., што напярэдадні Калядаў меў тэлефонную размову зь кіраўніком адміністрацыі Лука-кі Ўладзімерам Макеем і запатрабаваў неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. Ён таксама адзначыў, што працяглы час ведае некаторых арыштаваных кандыдатаў на прэзыдэнта дзякуючы паездкам у Менск.


Нават палітыкі з апазыцыйных партый, піша F.A.S, рэзка крытыкуюць дзеяньні Лука-кі. Паводле лідэра партыі зялёных Кляўдыі Рот, “з закрыцьцём офісу АБСЭ Лука-ка ізалюе сваю краіну дзеля таго, каб усімі спосабамі захаваць некранутым свой супрацьпраўны рэжым і схаваць падрабязнасьці аб ходзе і праўдзівых вынікаў выбараў”.


З крытыкай Лука-кі выступіў і лідэр фракцыі левых у бундэстагу Грэгар Гізі.


— Дзеяньні Лука-кі дэманструюць, што “з галоў людзей павінны выбівацца нават думкі аб апазыцыі”, — заявіў нямецкі парлямэнтар.

 

 

Бальшыня удзельнікаў Плошчы на волі


Бальшыня удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску, якія былі затрыманыя 19 сьнежня і асуджаныя да адміністратыўных арыштаў, ужо на волі. Журналісты "Свабоды" сустрэліся з былымі палітвязьнямі, запісалі іхныя сьведчаньні.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


За кратамі застаюцца яшчэ пяцёра актывістаў з Магілёўшчыны. Асуджаны былі каля двух дзясяткаў.


Бабруйскі журналіст Яўген Васьковіч адседзеў на Акрэсьціна 12 сутак. Затрымалі хлопца на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Яго ня білі — скруцілі й кінулі ў аўтазак. Білі спэцназаўцы, кажа ён, маладых дзяўчат ды людзей сталага веку:


— Дзяўчына на прыступках ля помніка Леніну ўпала. На яе накінуліся чатыры амапаўцы й пачалі біць нагамі й дубінкамі. Як сабакі нейкія. Можа, загад такі быў. Як нас прывезьлі, мы суткі стаялі на нагах. Тварам да сьцяны. Не маглі ні папіць, ні схадзіць у прыбіральню. Некаторыя людзі гублялі прытомнасьць. Іх выносілі. Адзін хлопец наагул стаяў са зламанай нагой. Амапаўцы паклікалі лекара з Акрэсьціна, той сказаў, што нічога няма. А калі прыехала хуткая дапамога — сказалі, што зламаная галёнка".


Яўген Васьковіч не абвяшчаў галадовак, бо, на яго думку, гэта бессэнсоўна:


— Можна было загнуцца ад гэтай галадоўкі. Ім усё адно, трымалі б мы галадоўку ці не. У іх ёсьць свой гаспадар, якому яны падначальваюцца. У перадачах забаранілі ежу перадаваць. Мне апошні раз перадалі дзьве чакалядкі, але там не было цэлых, толькі дзьве палавінкі.


У некалькіх камэрах давялося пабыць і бабруйскаму прафсаюзнаму актывісту Міхаілу Кавалькову. Пра дзесяць дзён зьняволеньня ён апавядае як чалавек з жыцьцёвым досьведам — стрымана і без эмоцыяй. Адзначае мужнасьць моладзі:


— У сядзельцаў я ня бачыў страху ўваччу. Усе сьмяяліся, усьміхаліся. Былі студэнты, якія казалі: ну, адлічаць. Але яны былі ўпэўненыя ў слушнасьці сваёй справы, што прыйшлі на плошчу Незалежнасьці.


Кіраўніцтва Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў па-свойму адзначыла вызваленьне Міхаіла Кавалькова:


— Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі паразьвешваў па заводзе плякаты: "Ганьба. Удзельнічаў у хуліганскіх дзеяньнях. У Менску быў затрыманы і асуджаны на дзесяць сутак Кавалькоў Міхаіл". Павесіўшы такую ўлётку, яны самі сабе зрабілі мядзьведжую паслугу. Да мяне пачалі падыходзіць людзі, якія казалі: "Міша, трымайся, большая частка заводу на тваім баку.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Пасьля 15-суткавага арышту з Гомельскага ізалятара на волю выйшаў Юры Клімовіч, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. На волі таксама Юрась Захаранка й Валеры Сьляпухін, якіх арыштавалі на 12 сутак.


Каб спадара Клімовіча не сустрэлі сябры й журналісты, міліцыянты прадэманстравалі нечуваную паслужлівасьць. Прыкладна за гадзіну да заканчэньня тэрміну арышту ў ізалятары патухла электрасьвятло. Ахоўнікі зь ліхтарыкамі прыйшлі ў камэру да Клімовіча, вывелі яго ў двор, пасадзілі ў міліцэйскую машыну. І тая давезла актывіста да самага дому:


— Проста да пад’езду дома! Яны ня тое што дапамаглі, а, як насільшчыкі, данесьлі рэчы да машыны й пасьля з машыны. Я сказаў, што аслаблены галадоўкай, дык напружвацца мне не выпадае. Міліцыянты ў адказ: "Няма пытаньняў!". Сяржант за рэчы — занесьлі, паставілі. Я проста быў уражаны — сэрвіс на вышэйшым узроўні.


Падобны "сэрвіс" праявілі міліцыянты і 18 сьнежня ўвечары, калі Юры Клімовіч вяртаўся дамоў з царквы й зайшоў у краму, каб купіць гарбаты.


— Я ішоў дадому пешшу і літаральна за паўкілямэтра зьмяніў маршрут — успомніў, што дома няма гарбаты. Вырашыў зайсьці ў краму й набыць яе. Ні ў якім выпадку ведаць загадзя, што я зьмяню маршрут, міліцыянты не маглі. Яны маглі чакаць мяне ля пад’езду дома, але ня там. Гэта значыць, яны адсочвалі мой маршрут перамяшчэньня па горадзе. І, я думаю, гэта рабілі дзякуючы майму сотаваму тэлефону — праз тэлефон.


Спадара Клімовіча, як і іншых давераных асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты, абвінавацілі ў лаянцы. Знайшлі нейкіх ілжэсьведкаў і самі засьведчылі такую брыдоту, не зважаючы на прысягу. А 15 сутак, як лічыць Клімовіч, судзьдзя Цэнтральнага раёну Марына Дамненка прызначыла яму менавіта за ягоны выступ падчас разгляду адміністрацыйнай справы:


— У судзе я сказаў, што ў дадзеным выпадку мы маем злачынную групу, якая парушыла мае правы. Я быў затрыманы з парушэньнем закону. Гэта злачынная групоўка, і вы, як судзьдзя, можаце далучыцца да яе альбо не далучацца. Судзьдзя Дамненка падумала і абвясьціла мне 15 сутак.


Як лічыць Клімовіч, масавымі арыштамі, пасадкай у СІЗА КДБ кандыдатаў у прэзыдэнты Лукашэнка даў апазыцыі багата козыраў, таму й вымушаны будзе хутка выпусьціць усіх вязьняў:


— Пераможцаў ня любяць, любяць ахвяраў. І ў гэтым сэнсе ён надаваў апазыцыі багата козыраў. Зараз дзейныя прэзыдэнты многіх краін сьвету, былыя прэзыдэнты заяўляюць арыштаваным сваю падтрымку. Такога падарунка апазыцыя проста не магла чакаць. Пасьля гэтых выбараў — якая праграма магла быць у нашай апазыцыі? Аніякай! Захад ад яе адварочваецца. У Расею можаце й не ісьці. Куды? Вось гэта быў тупік. А зараз яны далі апазыцыі, моладзеваму руху сьцяг у рукі. Яны стаяць са сьцягам. Зараз вядомая праграма на год наперад. Ужо й лёзунгі гатовыя ёсьць: вызваленьне вязьняў, выбары без Лука-кі! Хто гэта апазыцыі даў? Прэзыдэнт.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін за ўдзел у менскіх падзеях на Плошчы быў асуджаны на 13 сутак. Арышт адбываў у турме на Акрэсьціна. Выйшаў на свабоду ў нядзелю. Галоўным уражаньнем называе маральную перамогу апазыцыі. Вакол апазыцыі кансалідуецца значна большая колькасьць прыхільнікаў, лічыць Юры Істомін:


— Фактычна, калі мы размаўлялі зь людзьмі, якіх затрымлівалі не на Плошчы, а на менскіх прыпынках, ля начных клюбаў, спартыўных збудаваньняў і г.д., то ў турме яны займалі наш бок. Па-першае, яны на сваёй, як гаворыцца, скуры зьведалі, на якое бязьмежжа нянавісьці да людзей здольная гэта ўлада. Па-другое, побач з сабой яны пабачылі людзей з апазыцыі і вызначыліся ў меркаваньні, што гэта нармальныя і разумныя змагары за лепшую будучыню.


Беларускія праваабаронцы фіксуюць, што на Гарадзеншчыне затрымлівалі й арыштоўвалі найчасьцей актывістаў, якія працавалі ў штабах апазыцыйных кандыдатаў як у Горадні, так і ў правінцыйных гарадах і мястэчках. Ранейшыя сувязі між дэмакратычнымі арганізацыямі цяпер нібыта парушаныя. Што трэба рабіць? Над пытаньнем разважае Юры Істомін:


— Самае галоўнае зараз — дапамагчы тым людзям, якія застаюцца ў засьценках. Праявіць зь імі салідарнасьць, засьцерагчы ад пакараньняў. Яшчэ важна зараз прыпыніцца, каб асэнсаваць, што адбылося. Я нават мяркую, што трэба перафарматаваць апазыцыю і адносіны ў апазыцыі. Утварыліся новыя і больш складаныя ўмовы. Трэба быць больш моцнымі, а для гэтага аб’яднацца адзін вакол другога.

 

 

Журналістцы "Нашай Нівы" пагражаюць зьбіцьцём


Увечары 3 студзеня на хатні нумар відэаапэратаркі "Нашай Нівы" Тацьцяны Гаўрыльчык патэлефанаваў незнаёмы і выказаў пагрозу: "Будете иметь бледный вид и редкие зубы".


Падчас пратэстаў 19 студзеня Тацьцяна Гаўрыльчык здымала на відэа акцыю пратэсту ў якасьці штатнай журналісткі афіцыйна зарэгістраванага выданьня. Праз тыдзень пасьля гэтага прайшоў шэраг ператрусаў у рэдакцыях незалежных СМІ (уключна з "Нашай Нівай") і кватэрах журналістаў. КДБ шукала найперш фота- і відэаматэрыялы, якія могуць зьяўляцца доказамі ў заведзеных крымінальных справах аб масавых беспарадках у Менску і аб эпізодзе з зрываньнем "дзяржаўнага" сьцяга з будынка КДБ.


31 сьнежня чатыры супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэры ў Тацьцяны Гаўрыльчык, сканфіскавалі кампутар і відэакамэру. Падчас ператрусу кадэбісты вусна прапанавалі Тацьцяне прыехаць да іх на гутарку 3 студзеня.


На гутарку Тацьцяна прыйшла — але не адна, а з адвакатам. У КДБ пачалі настойваць на тым, каб гутарка праводзілася без прысутнасьці адваката. Акрамя гэтага Тацьцяне паведамілі, што яна не зьяўляецца ні сьведкай ні падазраванай, а гутарка — цалкам нефармальная, з мэтай дапамагчы сьледзтву.


Супрацоўнік КДБ намякнуў на тое, што ў тым выпадку, калі Тацьцяна пагодзіцца на размову без адваката, яна — і ўся рэдакцыя "Нашай Нівы" — у больш хуткі тэрмін атрымае назад сваё абсталяваньне. Тым ня менш, Тацьцяна размаўляць без адваката адмовілася.


Увечары гэтага ж дня, прыкладна празь дзьве гадзіны пасьля таго, як КДБ адмовілася правесьці размову з Тацьцянай у прысутнасьці адваката, яна атрымала ананімнае тэлефанаваньне з пагрозамі.


Невядомы паўтарыў пагрозу двойчы, пасля чаго журналістка кінула слухаўку. Як піша "Наша Ніва", афіцыйная скарга ў міліцыю пра факт пагрозаў журналістцы выданьня будзе скіраваная неадкладна.


“Радыё Свабода”

 

 

Праваабаронцаў клічуць у сведкі


Праваабаронцу Раісу Міхайлоўскую сёння выклікалі на допыт у КДБ.


Міхайлоўская праходзіць у якасці сведкі па крымінальнай справе наконт масавых беспарадкаў, якое было распачатае ГУУС Менгарвыканкама з нагоды падзеяў 19 снежня, паведамляе "Беларускі партызан".

 

З ізалятара на Акрэсціна адпусцілі 16 чалавек


З СІЗА на Акрэсціна выпусцілі 16 чалавек, якія ўдзельнічалі ў акцыі 19 снежня.


Асуджаных за акцыю выпусцілі праз дзверы, а не вывезлі ў горад, як гэта часам практыкуецца. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавяла валанцёрка Алена:


— 16 чалавек выпусцілі сёння з Акрэсціна. Іх выпусцілі з дзвярэй.

 

 

Звестки аб жодзінскім ізалятары


Аляксандр, які адсядзеў у жодзінскім ізалятары 10 сутак, распавёў Еўрарадыё пра ўмовы зняволення, турэмную кухню, а таксама пра прыхільнікаў Лука-кі і нават снягурку, якія таксама трапілі ў СІЗА.


— Што адбывалася да прыезду ў ізалятар? Ты бачыў моцна пабітых людзей?


— У аўтазаку было каля 40 чалавек, усім месцаў для сядзення не хапала. Людзі былі розных узростаў — ад 16 гадоў да 58. Мабільныя тэлефоны яшчэ не забралі, некаторыя тэлефанавалі, адна жанчына на радыё перадала нашы прозвішчы.


Адзін чалавек сядзеў на прыступках з яўна прабітай галавой. Ён можа быў прытомны, але ні на што не рэагаваў. Усе патрабавалі яму хуткай дапамогі, але яе так і не было.


Спярша мы не ведалі куды нас вязуць. Першае што пачалі прасіць — у туалет, і вады папіць. Праз 2-3 гадзіны пачалі па адным пускаць у туалет. Трохі давалі снег піць.


— Што адбывалася ў ізалятары?


— Нас прывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Там мы вельмі доўга стаялі тварам да сцяны. На ўсіх склалі пратаколы, гэта заняло 5-6 гадзін. Нас павялі на другі паверх, там ва ўсіх “адкаталі” пальцы, знялі кожнага на відэа, пасля зноў спусцілі на ніз. Пасля нас доўга сартавалі, я асабіста змяніў 4 розныя машыны. Дзеянні супрацоўнікаў спецназа былі неадэкватныя. У машыне нам сказалі сесці на падлогу...


— Пасля судовых працэсаў, куды вас павезлі?


— Па дарозе на Жодзіна, яны відаць вырашылі вызваліць некалькі машын. І так у адной машыне не было месца, а яны вырашылі з трох змясціць у адну. І тады супрацоўнікі спецназа зрабілі такі “хітрык”: яны адпіхнулі людзей у канец машыны, а потым разганяліся і плячыма прэсавалі ўсё новых і новых людзей, яхідна ўсміхаючыся. Казалі: "Вы едзеце ў турму, да сапраўдных зэкаў", і іншыя фразы, брудна лаяліся. Пасля пачалі гуляць у так званае "армейскае даміно": называлі 20 чалавек, якія павінны былі бліжэй да ўваходу пасунуцца, рукі за спіну, тварам да сцяны, галаву ўніз...


— Першыя ўражанні ад ізалятара?


— Спярша нас каля 30 чалавек размясцілі ў 8-мясцовую камеру. Усе пачалі прагна піць ваду, бо ваду ж не давалі! Адзін толькі амапавец добры снегу прынёс, а яшчэ нехта — Швэпса!


Мы ўжо падумалі, што так і правядзем увесь час. Нехта заснуў на гадзіну на падлозе, хто на ложках двухярусных. Але пасля нас размеркавалі па камерах. Далі так званую бялізну і матрац набіты шкуркамі зайцавымі. Ён выглядаў нават не на 10 альбо 20 гадоў, а на 40-50. Праўда, сярод нас быў паляўнічы, ён сказаў, што якраз у зайцы не вядуцца блохі і клапы. Далі бела-шэрыя прасціны, падушкі, вафельны ручнік.


— Хто быў з табой у камеры?


— У маёй камеры было 8 чалавек. Скажу, што калі мы ў камеры атрымалі газету са спісам затрыманых, то толькі трое знайшлі свае прозвішчы. Кажуць жа, што 600 затрыманых, але пецярых там не было! У маёй камеры з 8 чалавек, здаецца, у трох толькі не было вышэйшай адукацыі, яны былі студэнты. Усе астатнія — з вышэйшай адукацыяй! Гэта ж не была "куча адмарозкаў"!


Дык і не ўсе былі на плошчы! У камеры быў чалавек, які за півам выйшаў! Казаў, што галасаваў за Лука-ку, што яму не трэба мітынгі ніякія. Скажу шчыра, сваю думку ён вельмі хутка змяніў. І не таму, што быў нейкі ціск сакамернікаў.


Пазней, калі камеры ператусавалі, і да мяне прывялі людзей з іншых камер, я пачуў усё новыя гісторыі. Хтосьці святкаваў на Нямізе дзень нараджэння, выйшлі пакурыць. Імянінніку далі 15 сутак, двум сябрам — па 10. Адзін чалавек чакаў таксі проста, дырэктар лагістычнай кампаніі, ён усё хваляваўся, як там яго бізнэс без яго. Адзін ішоў з нотамі з філармоніі, хтосьці з крамы ішоў з яйкамі, хлебам і алеем, другі — з памытай бялізнай у заплечніку.


Узялі жанчыну, якая працуе снягуркай на новым годзе. Памятаю, у ізалятары на Акрэсціна яна казала: што ж вы са мной робіце, мне выступаць заўтра! Пасля я краем вуха пачуў ад ахоўнікаў, што ёй у парадку выключэння дазволілі перадаць на волю з сваіх рэчаў касцюм зорніка. Відаць, ішла з касцюмамі проста.


— Як да вас ставіліся супрацоўнікі жодзінскага ізалятара?


— Афіцэры нармальна, сяржанты — як хто. Канваіры разумелі, як і за што нас затрымалі, мы ж не кралі, не грамілі, не ламалі. Мы ж не "кучка адмарозкаў, што грамілі ўсё па сваёй дарозе".


Яшчэ нашу камеру незразумела чаму на дзень перавезлі ў жодзінскі ІЧУ, дзе мы сядзелі з сапраўднымі зэкамі. Калі ехалі туды, то было страшна, што можа хочуць нешта "прышыць". Напэўна, не хапала месца ў СІЗА, дык адміністрацыя дамовіліся, і нас туды-сюды вазілі. Там, у ІЧУ, сядзяць да трох сутак да прад’яўлення абвінавачання. Я асабіста сядзеў у камеры з яшчэ чатырма чалавекамі, трое з "плошчы" і дзядок — аматар чужых мабільных тэлефонаў. З ім праблем не было. А вось у астатніх былі пэўныя, бо яны сядзелі з больш мацёрымі. Калі ў газэлі з тымі зэкамі ехалі, то яны песні спявалі, смяяліся, адзін крычаў, што на судзе яму 14 гадоў запрасілі. Яны крычалі: Здравствуй, чёрный бусел!


Калі мы з СІЗА туды прыехалі, то там адносіны іншыя: нам сказалі, што вы рукі за спінай трымаеце? Вы ж не зняволеныя, нармальныя людзі!


— Іншы вызвалены з жодзінскага СІЗА казаў, што кожнага дапытвалі супрацоўнікі КДБ...


— Так, дапытвалі, але можа не ўсіх менавіта супрацоўнікі КДБ. Мяне дапытвалі на 9-ы дзень, у душы СІЗА, бо, напэўна, не было іншага вольнага памяшкання. Следчы друкаваў на машынцы, паралельна дапытвалі іншага. Спіс пытанняў, штук 30, быў стандартны: адкуль даведаліся пра плошчу, ці быў перакрыты праспект, ці ведаеце лідараў апазіцыі, каго з іх ведаеце асабіста, ці чулі заклікі міліцыі спыніць беспарадкі.


— Іншыя вызваленыя казалі таксама, што пасля гэтых допытаў частку людзей з ізалятара звозілі ў невядомым кірунку...


— На другі дзень "адсідкі" прыйшлі ў камеру да аднаго хлопца, які проста моўчкі сядзеў, сказалі яму: з рэчамі на выхад. Куды ён паехаў — не ведаю.


— Раскажы пра турэмную ежу.


— Ніколі не забуду першую ежу — спярша далі толькі хлеб і ваду. Думаў, на гэтым і ўсё! (смяецца) Але не — пачалі даваць ежу! Ежа вельмі карысная! (смяецца). Без солі, без нічога. Кашка такая незразумелая, суп з капусты, такі самы суп але без вады — на вячэру. Першы час мы яе ў унітаз злівалі, пазней — проста не бралі.


Вельмі дзіўныя макароны па-флоцку, відаць іх вараць вельмі доўга, бо толькі на смак разабраць, што гэта — макароны. А так — проста маса. Але з тушанкай! Хлеб быў вельмі дзіўны, відаць, у іх там свая пякарня ёсць. Бо ніколі не бачыў адначасова недапечаны і зачарсцвелы хлеб. Тым часам было вельмі шмат пасылак ад сяброў, сваякоў, анёлаў — дзякуй ім за гэта! Праўда, ежу не прапускалі, але толькі некаторыя рэчы.


Андрэй Елісееў


“Еўрарадыё”

 

 

4 студзеня 2011 г.

 

 

Правакатар "Навушнік" ("Даун") ідэнтыфікаваны

 

Яго падсаджвалі ў розныя камеры, там ён баіў абсалютна розныя гісторыі.

 

Дык вось, імя правакатара-"Навушніка", які біў шыбы ў дзвярах Дома ўрада; выдаваў з сябе п’янага і ў групе іншых кідаўся пад колы маршрутак на Кастрычніцкай; перадаваў інфармацыю аб тым, што адбываецца каля Дома ўрада па рацыі камандзірам (і, магчыма, курыраваў групу) — Хамічэнка Уладзімір Мікалаевіч.

 

Нарадзіўся 18.10.1986, сам са Слуцка. Прынамсі, такія дадзеныя ён паведаміў пра сябе міліцыянтам пры затрыманні.

 

У судзе Заводскага раёна г. Менска атрымаў 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту 19.12.

 

Гэта сапраўды быў той самы чалавек, які засвяціўся на мностве фота і відэа, а не проста да яго падобны — тое ж паліто, сумка і г.д.

 

"Навушнік" знаходзіўся ў камеры № 1 ІЧУ Жодзіна 28 (29?) — 30 снежня. Дзе быў потым — пакуль невядома. У камеры было ўсяго 4 чалавекі.


У мяне ёсць імёны і кантакты гэтых людзей.

 

Да пераводу ў камеру № 1 "навушнік", з яго ж словаў, сядзеў у іншай агульнай камеры, але адтуль вывезлі ўсіх арыштаваных (куды дакладна — невядома; магчыма, на волю, магчыма, у іншыя камеры або ў СІЗА Жодзіна). Паводле папярэдняй інфармацыі, пасля гэтага ў ІЧУ прыязджала псіхолаг (прынамсі, яе дзеянні і словы былі падобныя да дзеянняў і словаў псіхолага, але гэта недакладная інфармацыя). Яна праводзіла сустрэчу з "навушнікам", і пасля гэтага яго перавялі ў камеру № 1.

 

Таксама псіхолаг доўга размаўляла з дзяжурным па камерах. Пра тое, што яго будуць пераводзіць у камеру № 1, арыштаваным сказалі самі ахоўнікі. Сказалі, што «прывядзем вам цяпер тынкоўшчыка, ён у сваёй камеры пачаў тынкаваць сцены», намякаючы на тое, што ў яго з галавой не ўсё ў парадку.

 

Што гэта можа быць не звычайны арыштаваны, а нейкі дзіўны персанаж, сукамернікі западозрылі адразу, як той трапіў да іх у камеру.


Канчаткова стала зразумела, што гэты чалавек і ёсць вядомы правакатар-"навушнік", тады, калі адзін з арыштаваных выйшаў з турмы і ўбачыў яго на фота і відэа ў інтэрнэце. Адразу ж звязаўся са мной і паведаміў усё, што памятаў пра кантакты з ім.

 

У камеры навушнік шмат усяго расказваў, "даставаў усіх сваімі аповедамі".


Казаў, што шмат п’е, расказваў, дзе і з кім ён выпіваў, што і калі рабіў. Казаў, што любіць спорт — футбол, баскетбол ("дзе б’юць рукамі і нагамі").

 

30 снежня, калі аднаго з сукамернікаў пераводзілі ў СІЗА Жодзіна, "навушнік" заставаўся ў камеры і паведаміў астатнім, што міліцыянты (з пракуратуры) сказалі, што ён да 31.12 дакладна будзе заставацца ў ІЧУ. На руках у "навушніка" бачылі паперу, дзе было адзначана, што яму шыюць крыміналку. Па словах "навушніка", яму сказалі, што дадуць мінімум 5 гадоў арышту, потым што гады 3. Праўда гэта ці не — невядома.

 

Калі аднаго з сукамернікаў пераводзілі з ІЧУ ў СІЗА Жодзіна, "навушнік" папрасіў пакінуць яму цёплыя рэчы, зубную пасту, сурвэткі і да т.п.

 

Яго паводзіны ў камеры сведчылі пра тое, што, магчыма, у яго невялікія псіхічныя адхіленні ("недалёкі хлопец"). Не выключана, што ён проста шыфраваўся. Асобна адзначу, што ў сукамернікаў склалася ўражанне, што ён прыдумляе жыццёвыя гісторыі "на хаду".

 

Сказаў, што яго затрымалі на акцыі. Пра палітыку не казаў, сказаў, што не мае да яе ніякага дачынення, што нікога з кандыдатаў і да т.п. не ведае. Сказаў, што ў Менску займаўся тым, што рабіў рамонт у цёткі (яна жыве ў цэнтры горада).

 

Сказаў, што 19 снежня ён шмат піў (піва, потым — з кімсьці ў двары, потым — віно з печывам). Віна выпіў пасля таго, як убачыў, што на Кастрычніцкай пачынаецца мітынг (пайшоў "падзарадзіцца" віном). Потым, па яго словах, пайшоў разам з усімі па праспекце да Дома ўрада.

 

Размову пра пабітыя шыбы ў Доме ўрада ён пачаў сам, ніхто ў яго пра іх не пытаўся. Сказаў, што проста падышоў да дзвярэй і выбіў кавалак шкла, якое ўжо і так было выбітае. Казаў, што праз шкло ўбачыў чаравікі, і толькі пасля гэтага зразумеў, што там сядзяць спецназаўцы.

 

У судзе Заводскага раёна г. Менска міліцыянты, людзі і суддзя казалі яму, што бачылі па тэлевізары, што ён "зорка". "Навушнік" гэтым вельмі ганарыўся і казаў сукамернікам, што хоча прызнання. Казаў, што сядзець яму не страшна, бо ўжо адседзеў тры месяцы ў турме ў Беларусі (па яго словах, выйшаў з турмы 12.06.2010) і раней адбываў тэрмін у маскоўскай Бутырцы. Ці праўда гэта — невядома.

 

Таксама з іншай — пакуль неправеранай — крыніцы паступіла інфармацыя, што "навушніка" бачылі і на Акрэсьціна (пацвердзіць). Паведамілі, што ў яго ў той момант была парэзаная рука.

 

Як ужо пісала раней, "навушніка" сапраўды затрымалі на пл. Незалежнасці. Як сведчыць Віталь Гуляк (сябар АГП з Ваўкавыска), ён убачыў "навушніка" ў сваім аўтазаку, а потым у РУУС. Той ствараў уражанне чалавека з невялікімі псіхічнымі адхіленнямі, але хітрага. Хваліўся, што ў 2006 годзе разам з Казуліным хадзіў да Акрэсціна і што добра ведае Севярынца (параўнайце з тым, што ён казаў у ІЧУ Жодзіна — што нікога не ведае, палітыкай не цікавіцца). Гуляк таксама сказаў, што ў судзе Заводскага раёна яго не бачыў.

 

У той жа час рэпарцёрам "Нашай Нівы" "навушнік" на Плошчы казаў, што ён беларус, але жыве ў Смаленску. Вёў ён сябе пры гэтым правакацыйна.

 

Пакуль няясна, ці гаворка ідзе аб правакатару, ці аб маніпуляваным чалавеку. Некаторыя блогеры, што вядуць расследаванне падзей, вылучаюць версію аб наборы ў правакатары крымінальнікаў ці дваровай шпаны, якая знаходзяцца на кручку ў спецслужбаў.

  

“Наша Ніва” (Паводле Таццяна Елавая, zmagarka.livejournal.com)

 

 

Допыт журналіста "Белсату"


У кватэры журналіста незалежнага тэлеканала "Белсат" Алеся Баразенкі 4 студзеня прайшоў ператрус. Як паведаміў "Нашай ніве" прадстаўнік тэлеканала Міхась Янчук, супрацоўнікі КДБ зьявіліся да Алеся а 6-й раніцы. Ператрус ішоў да 7:30. Быў канфіскаваны асабісты ноўтбук журналіста, а таксама транспарант "Дзе мама Колі?".


Момант выманьня транспаранту кадэбісты зьнялі на відэа.


Баразенку забралі на допыт. Дамоў ён з яго не прыехаў. Даслаў смс-паведамленьне: "Мяне бяруць, патрэбны адвакат".


Міхась Янчук мяркуе, што журналіста маглі затрымаць у якасьці падазраванага па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня.


Журналіста тэлеканалу Белсат Алеся Баразенку адпусьцілі пасьля допыту. З яго узялі падпіску аб неразгалошваньні. Адваката на допыт так і не дапусьцілі. Аргумэнтавалі гэта тым, што Баразенка праходзіць як сьведка, таму адвакат нібыта не патрэбны.

 

 

Ператрус у праваабаронцы Насты Лойкі


Як паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі "Вясна-96", у прыватны дом праваабаронцы Насты Лойкі прыкладна з 12:30 спрабавалі ўламацца зь ператрусам невядомыя супрацоўнікі міліцыі альбо КДБ. Пра гэта паведаміла маці актывісткі. Потым супрацоўнікі КДБ пазванілі наўпрост Насьці Лойцы і паведамілі, што калі яна не прыедзе дадому, то яны пачнуць ламаць дзьверы.


Супрацоўнікі КДБ паказалі пастанову аб ператрусе, падпісаную пракурорам Менску Мікалаем Куліком.

 

 

Двое расейцаў, затрыманых у справе 19 сьнежня, арыштаваныя


Сьледзтва пастанавіла ўзяць пад варту двух расейцаў, якія былі затрыманыя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску.


— Яны арыштаваныя, да іх прыменена мера стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня пад варту. Аб гэтым праінфармаваныя прадстаўнікі расейскай дыпмісіі ў Менску, — паведаміла агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у аўторак высокапастаўленая крыніца ў праваахоўных органах Беларусі.


Крыніца адзначыла, што "абвінавачаньне ім пакуль не прад’яўленае". Беларускі бок падтрымлівае пастаянны кантакт з расейскай дыпмісіяй па дадзеным пытаньні ў рамках кампэтэнцыі", — сказаў суразмоўца агенцтва.


Нагадаем, 29 сьнежня былі вызваленыя ўсе 11 расейцаў, арыштаваных за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Аднак у той жа дзень двое грамадзян Расеі былі затрыманыя паўторна. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта Арцём Брэус і Іван Гапонаў.

 

 

Ператрус у сустаршыні БХД Георгія Дзьмітрука


Сёньня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у офісе сустаршыні БХД Георгія Дзьмітрука ў Кобрыні. Забралі кампутар.


Пасьля ператрусу Георгію Дзьмітруку прапанавалі праехаць у аддзел на допыт. Ён адмовіўся, спаслаўшыся на стан здароўя. Тады супрацоўнікі спэцслужбаў наведаліся да яго дадому. На заўтра палітыку выпісана позва зьявіцца ў 9:15 у Кобрынскі аддзел КДБ на допыт.

 

 

Да Макаева прыйшлі зь ператрусам


Лідэр прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, які сёньня адбыў 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску 20 сьнежня, зноў трапіў пад перасьлед.


Не пасьпеў ён прыехаць з жодзінскай турмы ў Менск, як у яго кватэру пачалі грукацца супрацоўнікі КДБ з мэтай правядзеньня ператрусу. Дома былі толькі двое дзяцей, якія не ўпусьцілі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Макаеў паведаміў, што едзе цяпер дадому, каб разабрацца ў прычынах патрабаваньняў КДБ.

 

 

Лука-ку і дзясяткам урадоўцаў забароняць уезд у Эўразьвяз

 

Лука-ку і дзясяткам афіцыйных асобаў, адказным за рэпрэсіі пасьля выбараў, будзе забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Швэцыі Карл Більдт у тэлефонным інтэрвію бэльгійскаму выданьню EUObserver.

 

— Мы павінны кіравацца лёгікай нашай жа палітыкі, — сказаў дыплямат. — У мінулы раз, калі больш не было палітычных зьняволеных, мы распачалі пазытыўныя крокі (адмянілі забарону на ўезд у Эўразьвяз шэрагу беларускіх чыноўнікаў). Зараз жа маецца значна больш палітычных зьняволеных, і тыя, хто садзейнічаў гэтаму, павінны ізноў быць у сьпісе тых, каму забаронены ўезд у Эўразьвяз.

 

Адказваючы на пытаньне, ці будзе Лука-ка сярод тых, каго ўключаць у сьпіс, Більдт сказаў: "Я знаходжу вельмі верагодным, што ён быў уцягнуты ў тыя дзеяньні, якія мелі месца".

 

Па дадзеных EUObserver, амбасады краінаў Эўразьвязу ў Менску рыхтуюць сьпіс асобаў, якім будзе абмежаваны ўезд у Эўразьвяз. Чакаецца, што ён будзе прадстаўлены для разгляду на пасяджэньні камітэта Эўразьвязу па палітыцы і бясьпекі 7 студзеня ў Брусэлі. Крыніца ў дыпляматычных колах паведаміла выданьню, што ў папярэднюю вэрсію сьпісу ўключана ўжо больш за 100 чалавек.

 

Більдт таксама адзначыў, што Эўразьвяз не абмяжуецца толькі візавымі санкцыямі.

 

— Пытаньне важкай эканамічнай дапамогі не ўваходзіць ў парадак дня ў агляднай будучыні, — сказаў ён, адказваючы на пытаньне аб абяцанай Эўразьвязам Беларусі дапамогі 3 млрд. эўра.

 

Акрамя таго, піша EUObserver, Эўразьвяз таксама можа скараціць лік праектаў, што рэалізуюцца пры ўдзеле беларускіх уладаў; выключыць Беларусь з сустрэчаў у межах “Усходняга партнэрства”, у тым ліку заплянаванага на травень 2011 года ў Будапэшце саміту краін — удзельніц ініцыятывы. У той жа час Эўразьвяз можа павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку фінансаваньне Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэта ў Вільні, і заклікаць краіны — члены Эўразьвязу ў аднабаковым парадку зьнізіць кошт візаў для маладых беларусаў, студэнтаў, выкладчыкаў і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый.

 

Па дадзеных выданьня, экспэрты таксама рэкамэндуюць Эўразьвязу ўвесьці кропкавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх кампаній "Белтэхэкспарт" і "Белзьнешпрамсэрвіс", якія афіцыйна ўпаўнаважаныя на экспарт узбраеньняў. "Прыбытак ад гэтага, як кажуць, паступае непасрэдна на асабістыя банкаўскія рахункі намэнклятуры, — падкрэсьлівае EUObserver.

 

Выданьне таксама мяркуе, што Эўразьвяз наўрад ці пойдзе на поўнае непрызнаньне вынікаў выбараў у Беларусі, баючыся, што татальная ізаляцыя Беларусі прывядзе да ўзмацненьня ўплыву Крамля на краіну.

 

 

Трыюмф расейскіх спэцслужбаў у Беларусі


Такую ацэнку дае ў артыкуле ў “Ежедневном журнале” расейскі аналітык Юлія Латыніна. Паводле яе посьпехам палітыкі Масквы сталі, ў прыватнасьці, прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне, пераварот у Кіргізстане і вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.


На першы погляд, расейскую зьнешнюю палітыку ў 2010 годзе адрозьнівалі скандалы і неразумны піяр. Напрыклад, узьнёслая сустрэча, якую аказалі 11 шпіёнам-блазнам, ці палёт прэзыдэнта Мядзьведзева на Курылы. Але гэта толькі зьнешні бок справы, пры больш пільным поглядзе расейская зьнешняя палітыка ці, дакладней, інтрыгі, якія ў Расеі замяняюць зьнешнюю палітыку, у гэтым годзе суправаджаліся сур’ёзнымі посьпехамі.


Украіна


Першай перамогай Пуціна, і рэваншам за “аранжавую рэвалюцыю”, сталі ўкраінскія выбары, на якіх 25 лютага 2010 года перамог Януковіч. Пасьля гэтага Ўкраіна з неверагоднай хуткасьцю пачала рухацца па “пуцінскім” сцэнары. Грамадзянскія свабоды ў краіне згортваліся, а былы браток, асуджаны за крадзеж шапак ў прыбіральні, стаўшы прэзыдэнтам, павёў сябе гэтак жа, як у бандыцкія часы.


Зразумела, Януковіч не зьяўляецца крэатурай Пуціна. Але бессэнсоўна разглядаць палітыку Пуціна ў адносінах да Ўкраіны як нешта рацыянальнае. Галоўным рухавіком гэтай палітыкі было жаданьне адпомсьціць ненавіснаму Віктару Юшчанку. У гэтым сэнсе Пуцін атрымаў поўную перамогу, хаця ніхто так не спрыяў гэтай перамозе, як сам бясьсільны прэзыдэнт Юшчанка.


Кіргізстан


Яшчэ большы посьпех чакаў Пуціна ў Кіргізстане, дзе прэзыдэнт Бакіеў, шалапутны дыктатар, сваякі якога параскрадалі ўсю краіну, вырашыў “кінуць” Расею і, узяўшы з Крамля 2 млрд. даляраў за тое, каб выгнаць амэрыканцаў з ваеннай базы ў Манасе, пераназваў базу і амэрыканцаў там пакінуў.


Бакіева, мабыць, было вырашана пакараць. І 7 красавіка 2010 года мясцовыя бандыты прывезьлі ў Бішкек з гор дзясяткі аўтобусаў гапаты, раздаўшы ёй зброю. Мабыць, плянавалася толькі акцыя застрашваньня. Але спрахнелы рэжым абрынуўся імгненна, верагодна, нечакана для арганізатараў акцыі, а Крэмль ўпершыню адчуў сябе ў ролі “стваральніка каралёў” на прасторах СНД.


Беларусь


І, нарэшце, яшчэ адной, амаль бездакорнай камбінацыяй, стаў трыюмф расейскіх спэцслужбаў у Беларусі.


Увосень 2010 году Пуцін канчаткова пасварыўся з беларускім дыктатарам Лука-кам. Мэханізм сваркі быў той жа, што і ў выпадку з Бакіевым: Лука-ка ўзяў з Расеі грошы за прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а прызнаць — не прызнаў.


Расейскае тэлебачаньне прынялося здымаць выкрывальныя стужкі пра Лука-ку, а расейскія спэцслужбы — падтрымліваць апазыцыю на выбарах 19 сьнежня. Галоўная падтрымка аказвалася Андрэю Саньнікаву і Уладзімеру Някляеву. Менш дапамагалі Яраславу Раманчуку (які пасьля адзіны ня сеў у турму, а каяўся ў прамым эфіры). Зрэшты, Раманчук сустракаўся з Сурковым.


Я зусім не асуджаю беларускую апазыцыю. Супраць царскай улады — хоць у плямбаваным вагоне.


Пазыцыя Крамля на гэты раз была бяспройгрышнай. Атрымаецца выйграць — будзе, як у Кіргізстане. Не атрымаецца — значыць, “Бацька” зьвернецца да рэпрэсій і стане канчаткова ня вартым пацісканьня рукі ў вачах Захаду. Дрэйф “Бацькі” ў бок Захаду (згоду Захаду сябраваць з Лука-кам у Крамлі, думаецца, моцна перабольшвалі) будзе спынены.


Рэалізаваны быў, як вядома, другі варыянт. Па падліках Андрэя Іларыёнава, рэальная колькасьць галасоў, пададзеных за Лука-ку, не перавышала 40-44%, а Някляеў і Саньнікаў набралі ня менш за 16% кожны. Гэтыя вынікі, верагодна, прывялі "Бацьку" ў шаленства. Напружвацца, даказваючы сувязь апазыцыі і Крамля, яму наўрад ці хацелася.


Лука-ка проста і груба арганізаваў правакацыю (штурм Дома ўрада) і арыштаваў ўсіх кандыдатаў, акрамя Раманчука, за спробу дзяржаўнага перавароту. Дарэчы, сярод лібэральных палітыкаў Андрэй Іларыёнаў быў адзіны, хто сказаў услых аб падтрымцы беларускай апазыцыі Крамлём.


Зьвяртае на сябе ўвагу, што кіргіскі варыянт у Беларусі не атрымаўся. Скідаць “на халяву” можна толькі тую ўладу, якая і так на нагах не ставіць. А вось выставіць крывавым дыктатарам можна толькі таго, хто і на самай справе зьяўляецца крывавым дыктатарам.


Так ці інакш, усе гэтыя прыклады дэманструюць рашучы трыюмф расейскай зьнешняй палітыкі. Мэты гэтай палітыкі, праўда, дарэчныя былі б, хутчэй, у Італіі XIX стагодзьдзя, чым у глябальным сьвеце стагодзьдзя XXI. Але нельга не прызнаць, што гэтых мэтаў у 2010 годзе Крэмль дамогся, прычым цалкам.

 

 

Цэнзарскія фільтры для расейскіх тэлеканалаў


З праграм расейскіх каналаў, якія трансьлююцца на беларускую тэрыторыю, зьнікаюць асобныя інфармацыйныя сюжэты пра падзеі ў Беларусі. А апошнім часам цэнзуру зазнаюць нават гумарыстычныя праграмы, кшталту “Прожекторперисхилтон”, “Мульт личности” на ОРТ, забаўляльныя шоў “Москвичи” на НТВ. Хто і як цэнзуруе расейскія ды іншыя каналы, што трансьлююцца на Беларусь, у тым ліку нібыта незалежнымі рэтрансьлятарамі — кабельнымі сеткамі, “Космас ТВ”?


Кіраўнік прадстаўніцтва ОРТ у Беларусі Дзьмітрый Наважылаў:


— У пэрыяд абвастрэньня адносін паміж дзяржавамі было вельмі яскрава бачна, што тая праграма “Время”, якую паказваюць у Беларусі, не адпавядае той праграме “Время”, якую бачаць масквічы і якая выкладзеная на сайце Першага каналу. Верагодней за ўсё, запісваецца адна з усходніх “Арбіт” (усяго іх 6, у залежнасьці ад гадзіннага пояса), рэдагуецца і выдаецца ў эфір ужо ў адрэдагаваным, “прычасаным” выглядзе.


Адзін з кіраўнікоў Беларускага тэлебачаньня ў 1980—90-я гады Эдуард Мельнікаў:


— Тэхнічная магчымасьць цэнзураваньня расейскіх каналаў існуе. Праграмы запісваюцца і са спазьненьнем даюцца на Беларусь.


— А гэта робіцца ў Беларусі, гэта беларускія цэнзары?


— Вядома. Усе каналы цэнзуруюцца. Гэта мы бачым на практыцы.


— А гэта адмысловая служба ці хто?


— Дакладна я вам не скажу. Таму што зараз усё, што тычыцца дзяржаўнай тэлевізіі, хаваецца. Гэта зараз таямніца за сямю пячаткамі. Але дакладна — гэта запісваецца і цэнзуруецца.


Пару гадоў таму ў Беларусі перасталі трансьлявацца расейскія каналы ў, так бы мовіць, першапачатковым выглядзе. Супрацоўніца службы тэхнічнай падтрымкі “Космас ТВ” на ўмовах ананімнасьці распавяла:


— Вы думаеце, гэта толькі ў нас? Гэта па ўсіх кабэльных сетках на тэрыторыі Беларусі. Паводле рашэньня Міністэрства інфармацыі ў мінулым годзе адключылі расейскія каналы. Мы таксама кіруемся гэтымі інструкцыямі, палажэньнямі, загадамі, якія паступаюць зьверху. Я разумею ваша абурэньне, але такая зараз сытуацыя.


Спрабую высьветліць, што гэта за інструкцыі, у Міністэрстве інфармацыі, у намесьніка начальніка ўпраўленьня электронных СМІ Юрыя Царыка:


— Што гэта за інструкцыі, і згодна з чым цэнзуруюцца расейскія каналы?


— Інструкцыяў мы як бы ня робім ніякіх. А ўсе расейскія каналы трапляюць у эфір праз рэдакцыі, створаныя пры беларускіх каналах: “НТВ-Беларусь”, “РТР-Беларусь” і “ОРТ-ОНТ”. У прынцыпе, калі няма прэтэнзій ад расейскіх партнэраў — а іх няма — то быццам бы ўсё і нармальна.


Кіраўніцтва і юрыдычныя службы расейскіх каналаў — ОНТ, РТР і НТВ — зараз на калядных вакацыях, адпачываюць да 10 студзеня. А вось юрыст, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец сьцьвярджае, што парушэньні ёсьць і прэтэнзіі ў расейскіх партнэраў павінны быць:


— Мы тут бачым, па-першае, забарону распаўсюду масавай інфармацыі, перашкоды ў распаўсюдзе. І, па-другое, можна ставіць пытаньне аб парушэньні аўтарскіх альбо сумежных правоў расейскіх тэлеканалаў.


Як толькі нейкі расейскі інфармацыйны сюжэт альбо забаўляльная праграма, у якой згадваецца Беларусь і тым больш першая асоба, зазнае цэнзуру і не трапляе ў эфір, відэа адразу ж выстаўляецца ў інтэрнэце і праглядаецца нават тымі, хто не глядзіць тэлевізар. Ці ёсьць сэнс у цэнзуры? Эдуард Мельнікаў выказаў такое меркаваньне:


— Такі інтэрнэт, дзе можна пабачыць відэа, не ўва ўсіх ёсьць у Беларусі. Так што пакуль гэта мае сэнс, масавы глядач гэта ня ўбачыць. А “прасунутая публіка”, якая гэта бачыць у інтэрнэце, яна і так, як кажуць, настроена супраць, таму яна адшукае гэта ў інтэрнэце так ці інакш. Таму ёсьць пакуль што сэнс, каб ад масавай аўдыторыі, ад масавага гледача гэта схаваць.


Іна Студзінская

 

 

Незалежных журналістаў абшукваюць,запалохваюць, пагражаюць


Улады працягваюць перасьлед журналістаў незалежных СМІ: у кватэры карэспандэнта тэлеканалу "Белсат" Алеся Баразенкі праведзены ператрус; журналістцы газэты "Наша ніва" Тацьцяне Гаўрыльчык пасьля таго, як яна адмовілася ісьці "на гутарку" у КДБ, невядомыя пагражалі фізычнай расправай. Гэтыя ды іншыя недзяржаўныя мэдыі працягваюць працаваць ва ўмовах абмежаваных магчымасьцяў.


Ператрус у кватэры журналіста тэлеканалу "Белсат" Алеся Баразенкі супрацоўнікі спэцслужбаў правялі а 6-й раніцы 4 студзеня. Адабралі кампутар і плякат "Дзе мама Колі?". Журналіста затрымалі, але празь некаторы час адпусьцілі з пагрозамі, паведаміў "Свабодзе" прадстаўнік "Белсату" Міхаіл Янчук:


— Адпусьцілі без выстаўленьня абвінавачаньня, і, такім чынам, ён застаецца сьведкам аб масавых беспарадках. Але яго намагаліся напалохаць, сказаўшы, што зараз пасьля кожнай акцыі мы будзем цябе тузаць, бо ты няправільную пазыцыю займаеш. Зараз мы пачуваемся, як большасьць грамадзян гэтай краіны пасьля 19 сьнежня. Толькі што журналісты — гэтая якраз тая катэгорыя, якая найчасьцей сутыкаецца з гэтай рэчаіснасьцю, вельмі брутальнай, якая распачалася ў краіне пасьля выбараў.


Менскі офіс "Белсату" па-ранейшаму стаіць пусты. Журналісты пакінулі яго разам з тэхнікай, ратуючыся ад пасьлявыбарных ператрусаў. Зараз рэдакцыя працуе ва ўмовах падпольля.


Рэдакцыя газэты "Наша ніва", дзе былі сканфіскаваныя 12 кампутараў, працуе на тэхніцы сваіх чытачоў. Тут таксама занепакоеныя пагрозамі фізычнай расправы, якія ў ананімнай форме паступілі праз тэлефон на адрас журналісткі Тацьцяны Гаўрыльчык. Гаворыць рэдактар Андрэй Скурко:


— Натуральна, што гэта абуральныя факты. І тым больш дзіўна, што яны супадаюць з выклікам Тацьцяны на "гутарку" ў КДБ, куды яна адмовілася пайсьці пасьля таго, як ёй забаранілі прыходзіць з адвакатам. Мы таксама склалі адпаведныя скаргі ў пракуратуру і КДБ па Менскай вобласьці, каб паскорыць вяртаньне тэхнікі. Бо натуральна, што адсутнасьць тэхнікі перашкаджае журналісцкай дзейнасьці і дзейнасьці рэдакцыі газэты "Наша Ніва". Але я хачу падзякаваць усім нашым чытачам, якія вельмі дапамаглі нам у гэтыя дні, якія проста пазычылі нам свае кампутары, ноўтбукі. Фактычна на іх тэхніцы мы зараз робім наступны нумар газэты.


Пасьля каляднага ператрусу і канфіскацыі тэхнікі ў абмежаваных умовах працуюць таксама журналісты "Эўрарадыё". Рэдакцыя ня ведае ня толькі, калі вернуць забраныя кампутары, дыктафоны і відэакамэры, але нават — чаму іх канфіскавалі, кажа намесьнік рэдактара Віталь Зыблюк:


— Мы працягваем працаваць, бо акрэдытацыя ў нас засталася, а тэхніку не вярнулі. Ня ведаем нават, зь якой прычыны і навошта яе канфіскавалі. Мы зьвярнуліся ў КДБ і пракуратуру і чакаем адказу. Настрой у рэдакцыі працоўны: калі ў першыя дні быў крыху засмучаны, то зараз стараемся забыцца на тое, што адбылося.


Працяг перасьледу журналістаў незалежных СМІ камэнтуе юрыст грамадзкай арганізацыі БАЖ Андрэй Бастунец:


— Гэта зусім непрымальная сытуацыя: тыя ператрусы, якія зараз адбываюцца на кватэрах журналістаў, праваабаронцаў, у рэдакцыях незалежных выданьняў — яны недапушчальныя і немагчымыя ў большасьці разьвітых дэмакратычных краін. Гэта замах на таямніцу крыніцы інфармацыі і на працу СМІ, а таксама на свабоду думкі і выказваньня агулам.


Галіна Абакунчык

 

 

Запалохваюць, звальняюць, ганьбяць


Студэнтам ВНУ і супрацоўнікам дзяржаўных прадпрыемстваў пасьля падзей на Плошчы ў Менску пагражае выключэньне з навучальных установаў і звальненьне з працы.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


У райцэнтры Кіраўск застаўся бяз працы сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Аляксандар Баран. Актывіст сьцьвярджае, што яго змусілі звольніцца з прычыны ўдзелу ў выбарчай кампаніі апазыцыйнага кандыдата.


Аляксандар Баран арганізоўваў у Кіраўску сустрэчу Някляева зь мясцовымі выбарцамі, зьбіраў подпісы ў яго падтрымку ды ладзіў агітацыйныя пікеты. Быў назіральнікам падчас галасаваньня. Кажа, што заяву на звальненьне напісаў пад ціскам:


— Прапанавалі два варыянты: альбо паводле артыкула, альбо так. Намёк быў на тое, што ў мяне ёсьць дзейнасьць неафіцыйная. Тут жа бессэнсоўна што-небудзь адстойваць. Заціснуць і не запытаюць імя й прозьвішча. Гэта ж вёска, — тлумачыць Аляксандар Баран.


Маці спадара Аляксандра цьвердзіць, што кіраўніцтва прапанавала звольніцца пасьля аднаго зь пікетаў. Застрашылі тым, што сын нібыта можа прыйсьці аднойчы на працу п’яным:


— Майстар сказаў, што ніхто нічога не дакажа. Звальняйся проста сам, альбо звольнім паводле артыкула. Ён прыйшоў дахаты й кажа: "Мама, вось такія справы, што рабіць?" Я яму сказала: "Ідзі звальняйся, бо цябе ўсё адно ў спакоі не пакінуць".


Аляксандар Баран адпрацаваў два месяцы ў кацельнай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі райцэнтру. У адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюць, што звольнілі актывіста з-за яго ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнта:


— Ён сам напісаў заяву. Яго ніхто не прымушаў. Па-мойму, у яго не было вялікага жаданьня працаваць на гэтай пасадзе. Праблемаў зь ім у нас не было, — паведаміла супрацоўніца адміністрацыі жылкамунгасу.


Рэгіянальная каардынатарка штабу Някляева Аксана Самуйлава ведае пра гэту сытуацыю. Кажа, што актыўных дзеяньняў па яго абароне пакуль не вядзецца, каб яму не зашкодзіць:


— Гаварыць ён пра гэта хоча, аднак баіцца. Горад у яго маленькі. Працу знайсьці яму будзе дужа цяжка. Магу пэўна сказаць, што 19 сьнежня рэпрэсіі ня скончыліся. Восем чалавек з нашай каманды выклікалі ў КДБ на гутарку.


Як кажа Аксана Самуйлава, рэгіянальны штаб Някляева зьбірае зьвесткі пра іншых актывістаў, якія з-за свайго ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі трапляюць пад рэпрэсіі.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Студэнтам ВНУ і супрацоўнікам дзяржаўных прадпрыемстваў пасьля падзей на Плошчы ў Менску пагражае выключэньне з навучальных установаў і звальненьне з працы.


Аліна Літвінчук, студэнтка факультэту замежных моваў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А.С. Пушкіна, кажа, што яе раней ня раз выклікалі ў дэканат і пагражалі выключэньнем, калі яна ня спыніць грамадзка-палітычную дзейнасьць. Дзяўчына — сябра АГП. Зараз, падчас зімовай сэсіі, размовы ў дэканаце не вядуцца, але выключэньне ёй сапраўды пагражае, кажа Аліна:


— Раней мяне неаднаразова выклікалі ў дэканат, дзе вялася размова наконт маёй апазыцыйнай дзейнасьці. Аднак апошнім часам мне перасталі гаварыць пра гэта ў вочы. Але падчас сэсіі мяне не дапусьцілі да першага іспыту, потым да другога, а гэта ўжо, па сутнасьці, выключэньне з ВНУ.


Аліна не была на Плошчы, але свае праблемы з сэсіяй і нядопускам да іспытаў зьвязвае з палітычнай дзейнасьцю:


— Выкладчыкі проста спэцыяльна ня ставяць мне залік. А бяз здачы залікаў да іспытаў студэнты не дапускаюцца. Я лічу, што выканала патрабаваньні для атрыманьня заліку. Усё здадзена і праверана выкладчыкамі. Але мне залік не паставілі і ніяк не абгрунтавалі сваё рашэньне. У ведамасьці нічога да гэтага часу не пастаўлена.


У Баранавічах актывісты дэмакратычных арганізацый і рухаў былі ўражаны тым, што за затрыманых і асуджаных студэнтаў заступіліся дэканаты ВНУ і БРСМ. Паводле Яраслава Грышчэні, гэтаму, магчыма, садзейнічалі асабістыя адносіны паміж кіраўніцтвам дзяржаўнай арганізацыі і затрыманымі:


— У абарону затрыманых і асуджаных Саюз моладзі напісаў тлумачальную запіску і адправіў характарыстыку ў Міністэрства адукацыі. У лісьце значылася, што нельга выключаць гэтых людзей, бо яны, па сутнасьці, лепшыя студэнты ВНУ. У тых, хто быў з Баранавічаў на Плошчы, пакуль усё ў парадку і з працай, бо ўсе працуюць на недзяржаўных прадпрыемствах.


Праблемы з працай могуць узьнікнуць у Станіслава Халадовіча з Івацэвічаў. Сябра АГП быў на Плошчы. Яго затрымалі і асудзілі на 15 сутак, пакараньне ён адбываў у Жодзіна. Але дакумэнтаў пра гэта міліцыянты пры вызваленьні яму ня выдалі, кажа Станіслаў:


— Мне нават пастанову не далі. Я патрабаваў гэта і ў канваіраў, і пісаў заявы з турмы, але за 15 сутак мне ніхто не ўручыў гэтыя дакумэнты. Атрымаў толькі даведку, што я адбываў пакараньне. Таксама выставілі рахунак на 98 тысяч рублёў.


ВІЦЕБШЧЫНА


Былы кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава ў Віцебску, актывіст Уладзіслаў Варанецкі распавёў пра дзіўныя тэлефонныя званкі, якія раздаюцца штоночы:


— Званкі на мабільны тэлефон, нумар схаваны — адпаведна, вызначыць, зь якога нумара тэлефануюць, немагчыма. Тэлефануюць разы па два-тры за ноч, і ў гадзіну ночы могуць, і ў тры. Тэлефануюць і маўчаць, чуваць толькі шыпеньне, шоргат ці нешта такое, а потым слухаўку кладуць.


Уладзіслаў Варанецкі адзначае, што начныя званкі пачаліся неўзабаве пасьля таго, як яго дапыталі супрацоўнікі КДБ. Паводле актывіста, гутарка адбывалася ў дэканаце тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Спадар Варанецкі спрабуе там аднавіцца на вучобу. Ён кажа, што супрацоўнікі КДБ абяцалі яму паспрыяць, калі ён адмовіцца ад палітычнай дзейнасьці і распавядзе пра працу выбарчага штаба Андрэя Саньнікава. Уладзіслаў Варанецкі ад такой дапамогі адмовіўся, і гутарка скончылася наступным чынам:


— Сказалі: "Глядзі, хлопец, цяпер у цябе праблемы зьявіліся". Я кажу: "А чаго вы мяне палохаеце?" Кажуць: "Мы не палохаем, мы папярэджваем". Я й адказаў: "Ня трэба мяне папярэджваць!".


Яшчэ адзін віцебскі актывіст, сябар "Маладой Беларусі" Алесь Галавань, які ў часе выбарчай кампаніі чынна падтрымліваў Аляксея Міхалевіча, 30 сьнежня вярнуўся дахаты пасьля 10-суткавага арышту. Спадара Галаваня затрымалі ў Менску, а пакараньне за ўдзел у акцыі 19 сьнежня ён адбываў у жодзінскай турме. Тым часам у віцебскай кватэры, дзе актывіст жыве разам з маці, быў праведзены ператрус.


Калі Алесь вярнуўся дахаты, яму патэлефанавалі з Кастрычніцкага райаддзела міліцыі — запрасілі на размову. Актывіст адмовіўся ісьці ў міліцыю бяз позвы. І ўвечары 3 студзеня позву міліцыянты прывезьлі на таксоўцы. 5 студзеня Алесь Галавань мусіць зьявіцца ў міліцыю. Яму паведамілі, што гаворка пойдзе і пра падзеі 19 сьнежня — пра акцыю ў Менску, у якой ён браў удзел.

 


Дзень ператрусаў


4 сьнежня ў другой палове дня (у 17 гадзінаў) пачаўся ператрус у Сьвятланы Навумавай — палітоляга, даверанай асобы Ўладзімера Някляева. Некалькі дзён таму яна была на допыце ў КДБ.


4 сьнежня таксама прайшлі ператрусы ў кватэры журналіста тэлеканалу Белсат Алеся Баразенкі (пачаўся ў 6 раніцы), у доме праваабаронцы Насты Лойкі (пачаўся ў 13 гадзінаў), у службовым офісе сустаршыні БХД Георгія Дзьмітрука, у кватэрах даверанай асобы Ў. Някляева Ніны Пахлопкі і дэмакратычных актывістаў Андрэя Прасьняка і Аляксандра Пяткевіча. Увечары пачаўся ператрус у лідэра Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менска Алеся Макаева.


А. Баразенку адвезьлі на допыт, пасьля якога адпусьцілі, узяўшы падпіску аб неразгалошваньні. У Ніны Пахлопкі сканфіскавалі нэтбук, пустыя флэшкі, дыск з песьнямі Някляева і CD-дыскі, якія ўжо забіралі ў актывісткі падчас ператрусу ў траўні 2010 году.


У кватэры, дзе жыве А. Прасьняк, ператрус праводзілі ў ягоную адсутнасьць. Былі сканфіскаваныя ноўтбук, 26 кампакт-дыскаў і 140 значкаў "Бой падушкамі". У А. Пяткевіча сканфіскавалі кампутар і носьбіты інфармацыі, на заўтра ён выкліканы на допыт у КДБ. На допыт у КДБ на 5 сьнежня выкліканы таксама і Г. Дзьмітрук.


“Радыё Свабода”

 

 

Гродзенскага актывіста КДБ дапытваў чатыры гадзіны


Грамадскага актывіста з Гродна Яна Лялевіча сёння ў трэці раз дапыталі ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі.


Пытанні як і падчас іншых допытаў тычыліся ўдзелу актывіста ў акцыі апазіцыі 19 снежня ў Менску, пасля якой той быў затрыманы і выпушчаны з турмы на Акрэсціна толькі 29 снежня.


Зараз жа допыт працягваўся рэкордна доўга — каля чатырох гадзін:


— Так доўга, таму што дзядзенька-кадэбэшнік аказаўся літаратар. Кожны сказ цягнуўся па хвіліны тры-чатыры — "чаго быў", "чаго прыехаў", "што бачыў", "што не бачыў". Тыя самыя пытанні мне задаюць трэці раз, бо два разы мяне дапытваў КДБ, калі я сядзеў на Акрэсціна, ну, вось, і зараз. Тое ж самае фактычна, ледзь не слова ў слова.


Па словах Яна Лялевіча, яго затрымалі на ганку Дома ўрада, куды ён прыйшоў разам з іншымі актывістамі, але пасля ачаплення амапаўцаў не змог выбрацца і трапіў за краты.


Антон Разумоўскі

 

 

Партыі, грамадскія аб’яднанні звярнуліся да Еўрасаюза


Прадстаўнікі палітычных партый і грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі звярнуліся да Еўрапарламента і кіраўнікоў краін Еўрасаюза з заявай аб неабходнасці "самых рашучых дзеянняў" у дачыненні да Беларусі "з мэтай вызвалення палітычных зняволеных".


Аб гэтым паведаміў старшыня Рады беларускай інтэлігэнцыі Уладзімір Колас:


— Мы разлічваем на тое, што такія агульныя чалавечыя каштоўнасці, якія шануюцца ў Еўропе — свабода, свабода сумлення, правы чалавека — не з’яўляюцца пустым гукам і для еўрапейскіх палітыкаў. Мы вельмі спадзяемся, што ў дачыненні да фактаў парушэння асноўных, элементарных нормаў цывілізаванага існавання будзе праяўлена абсалютна цвёрдая, прынцыповая, жорсткая пазіцыя.


На думку аўтараў звароту, улічваючы маштабы фальсіфікацыі ў часе галасавання і падліку галасоў, нельга прызнаць, што выбары ў Беларусі адбыліся і што Лука-ка з’яўляецца абраным прэзідэнтам Беларусі.


Аўтары звароту лічаць гэтае патрабаванне адзіным магчымым прадметам перамоў паміж Еўрасаюзам і беларускім урадам.


"У выпадку невыканання гэтых патрабаванняў лічым мэтазгодным прымяніць ўвесь арсенал сродкаў дыпламатычнага, палітычнага і эканамічнага ўздзеяння ў адносінах да ўрада Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў звароце.


На думку яго аўтараў, маштабныя фальсіфікацыі падчас галасавання і падліку галасоў вымушаюць канстатаваць: нельга лічыць, што прэзідэнцкія выбары адбыліся.


"Супраць сямі кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама іх давераных асоб ўзбуджаныя крымінальныя справы, а кандыдаты ў прэзідэнты Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і яшчэ больш за 20 чалавек знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ", — адзначаецца ў звароце.


Зварот падпісалі: ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" — Сяргей Калякін, Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Станіслаў Багданкевіч, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады — Станіслаў Шушкевіч, Партыі БНФ — Аляксей Янукевіч, аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя — Дзяніс Садоўскі, кампаніі "Гавары праўду" — Вольга Някляева, кампаніі "Еўрапейская Беларусь" — Віктар Івашкевіч, грамадскага аб’яднання "Малады фронт" — Аляксандр Кіркевіч, ад Руху "За Свабоду" — Аляксандр Мілінкевіч і Рады беларускай інтэлігенцыі — Уладзімір Колас.

 

 

На Акрэсціна ўтойвалі інфармацыю аб затрыманых


Напярэдадні з ізалятара на Акрэсціна выйшлі на волю ўдзельнікі акцыі пратэсту, якім суды вынеслі пакаранні ў выглядзе 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пры гэтым высветлілася, што адміністрацыя ўстановы ўтойвала сапраўдную колькасць арыштаваных.


Так, згодна са спісамі, прадстаўленымі ў ізалятары, павінны былі выйсці 28 чалавек, на самой справе адміністрацыйна арыштаваных і вызваленых аказалася 45.


Праваабарончы цэнтр "Вясна" робіць выснову, што ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў утойвалі сапраўдную колькасць затрыманых.

 

 

Пасля 15 сутак на волю выйшаў Славамір Адамовіч


Сёння выйшаў на волю паэт і грамадскі актывіст Славамір Адамовіч, якога на наступны дзень пасля акцыі апазіцыі 19 снежня, затрымалі і памясцілі ў ізалятар КДБ, а затым накіравалі ў Жодзіна, дзе ён і правёў наступныя 15 сутак.


— Былі там, як і колькі гадоў таму, здаецца дзесяць, глуханямыя, малады чалавек, які проста не мог гаварыць без адпаведных прыстасаванняў. Яго, праўда, на Жодзіна не адправілі, магчыма, выпусцілі. Таксама пакінулі дзяўчат. Нас, групу каля 20 чалавек, адправілі пад вечар на Жодзіна, адкуль я разам з астатнімі і выйшаў сёння. Гэта проста працавала рэпрэсіўная машына. Кажуць, некаторыя прызнавалі сваю віну, якой у сапраўднасці не было. Я не пагадзіўся з прысудам, а дакладней: з пратаколам. Тым не менш, трафарэтна, як і ўсе астатнія, быў асуджаны. Некаторыя крышку менш атрымалі – 12-13 сутак.


Славаміра Адамовіча нягледзячы на тое, што ён быў з пасведчаннем журналіста, быў затрыманы ўвечары 20 снежня на плошчы Незалежнасці.


Антон Разумоўскі


“Радыё Рацыя”

 

 

У Святланы Навумавай правялі "ператрус-лайт"


У палітолага і выкладчыцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Святланы Навумавай прайшоў ператрус. Яго ладзілі тры супрацоўнікі КДБ.


Як паведаміла Навумава ў гутарцы з "Еўрарадыё", яе папрасілі выдаць усё, што тычыцца грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду".


Нагадаем, што Навумава з’яўляецца актывісткай кампаніі і 18 траўня ў яе, як і ў іншых актывістаў кампаніі, ужо быў ператрус. На мінулым тыдні выкладчыцу выклікалі на гутарку ў КДБ.


Сённяшні ператрус, як адзначыла Навумава, прайшоў спакойна, у рэжыме "ператрус-лайт". Кадэбісты дзейнічалі без энтузіязму, таму скончылі ператрус за дзве гадзіны.


У палітолага канфіскавалі аргтэхніку. Пералік канфіскаванага заняў паўстаронкі. Тэхніку кадэбісты абяцалі  вярнуць праз некалькі дзён, але Навумава на гэта не спадзяецца. Яна кажа, што канфіскаваную 18 траўня тэхніку таксама абяцалі вярнуць праз некалькі дзён, але дагэтуль не аддалі.


Дарэчы, сёння ператрусы прайшлі таксама ў праваабаронцы Андрэя Прасняка, Аляксандра Пяткевіча.

 

 

Федаруку "дадалі" 8 сутак за Першамай 2008 года


Моладзевы актывіст Дзмітрый Федарук, які адбыў 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі 19 снежня, на волю не выйшаў. Ягонае зняволенне павялічалася яшчэ на 8 сутак.


Дадатковую адсідку ён атрымаў за ўдзел у святкаванні Першамая ў 2008 годзе, паведамляе Праваабарончы цэнтр "Вясна".


12 мая 2008 года рашэннем суда Цэнтральнага раёну актывісту быў вынесены адміністратыўны арышт на тэрмін 10 сутак, якія ён не адбыў. 28 студзеня 2009 года Федарука адвезлі адбываць арышт у ізалятар, што стала грубым парушэннем закона. Бо ў артыкуле 13.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях дакладна вызначаныя тэрміны выканання пакарання па адміністрацыйных справах — 3 месяцы.  А ад 12 траўня да 28 студзеня прайшло больш за восем месяцаў.


Тады, 30 студзені 2009 года, пасля 2 сутак арышту на Акрэсціна Дзмітрый быў накіраваны ў войска.


І вось праз два з паловай года нехта вельмі памятлівы вырашыў: не прападаць жа "не адседжаным" Федаруком 8 суткам.

 

 

Рэпрэсіі будуць, і яны будуць вельмі жорсткімі


Да праваабаронцаў пачалі звяртацца асуджаныя за мітынг 19 снежня, якія пасля выхаду на волю страцілі працу або якіх адлічылі з універсітэта.


— Адзін хлопец званіў — выключаюць з каледжа. Званіў доктар, якога звальняюць з 5-й бальніцы. Ён працуе там першы год па размеркаванні. Сітуацыя такая, што калі яго звольняць за прагул, то ён будзе вымушаны выплаціць грошы за адукацыю, згодна з пастановай Саўміна, — распавёў "Еўрарадыё" праваабаронца Валянцін Стэфановіч.


Заплаціць маладому доктару ў выпадку звальнення па артыкуле давядзецца за 6 год адукацыі. А гэта каля 10 тысяч долараў, адзначае праваабаронца.


На яго думку, арышт не з’яўляецца прагулам. Згодныя са Стэфановічам і аўтары афіцыйных каментароў да Працоўнага кодэкса. Але суды ўсё ж маюць свой пункт гледжання.


— У нас склалася судовая практыка. У 2006 годзе звольнілі чалавека з банка за прагул. Ён адбываў арышт 15 сутак. Мы пачалі абскарджваць у судовым парадку, матывуючы тым, што гэта не з’яўляецца прагулам, а паважнай прычынай адсутнасці на працы. Прагул паводле працоўнага заканадаўства мае прамы намер. Ёсць афіцыйны каментар да Працоўнага кодэкса. Там адзін з аўтараў пісаў, што прагулам не лічыцца адміністрацыйны арышт. Мы казалі пра гэта на судзе, але суд раённы, гарадскі і Вярхоўны палічылі, што арышт з’яўляецца прагулам. — кажа Валянцін Стэфановіч.


Прагул — гэта наўмысны пропуск працы. Атрымоўваецца, што чалавек пайшоў на мітынг адмыслова, каб яго арыштавалі, каб такім чынам прагуляць працу?


У той жа час студэнтаў могуць адлічыць не толькі за прагул заняткаў і няздачу залікаў, але і за сам арышт, працягвае Валянцін Стэфановіч.


— У большасці статутах і правілах унутранага распарадку ВНУ, якія зацверджаныя рэктаратамі, напісана, што падставай для адлічэння з’яўляецца здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння.


Паводле словаў праваабаронцы, становяцца вядомыя новыя факты звальненняў і выключэнняў удзельнікаў мітынгу 19 снежня. На думку Валянціна Стэфановіча, рэпрэсіі будуць працягвацца, і яны будуць вельмі жорсткімі.


— Яшчэ была інфармацыя, што на Трактарным заводзе ў аддзеле кадраў запатрабавалі інфармацыю пра тых, хто не выйшаў на працу ў панядзелак 20 снежня. Таксама гісторыя з адвакатам з Гродна. Яна адсядзела 10 сутак, яе сын — 15. Зараз яе пазбавілі ліцэнзіі. Так што пачынаецца хваля рэпрэсій ужо пасля арыштаў.


Віталь Ругайн


“Еўрарадыё”

 

 

5 студзеня 2011 г

 

 

КДБ адшуквае кіраўнікоў "Свабоднага тэатра"


Бацькі дырэктара тэатра Наталлі Каляды паведамілі пра тое, што ўчора, 4 студзеня, у кватэру, дзе пражываюць Наталля і яе муж, арт-дырэктар тэатра, Мікалай Халезін, прыйшлі супрацоўнікі КДБ, паведамляе "Хартыя'97".


Яны правялі агляд кватэры і задалі шэраг пытанняў. У прыватнасці, іх цікавіла, якім чынам Каляда і Халезін змаглі пакінуць краіну; дзе цяпер яны знаходзяцца і дзе знаходзіцца іх дачка.


Нагадаем, акторы менскага "Свабоднага тэатра" знаходзяцца на гастролях у Злучаных Штатах Амерыкі. Паездку артысты выкарыстоўваюць для таго, каб распавесці амерыканцам пра беларускую палітычную сітуацыю.


Як распавёў "Еўрарадыё" мастацкі кіраўнік "Свабоднага тэатра" Мікалай Халезін, паездка планавалася яшчэ год таму, гэта традыцыйны амэрыканскі тур калектыву. Палітычныя падзеі ў Беларусі не адмянілі гэтую паездку.


— Мы гаворым толькі пра Беларусь, толькі пра палітыку, — адзначыў мастацкі кіраўнік тэатру.


Нагадваем, што Наталля Каляда была затрымана і аштрафавана за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту на 30 базавых велічынь. 20 снежня супрацоўнікі спецслужбаў адшуквалі Мікалая Халезіна.

 

 

Сям’я Алеся Міхалевіча патрапіла ў ДТЗ


Машына, у якой знаходзіліся Мілана Міхалевіч, сястра палітыка Вольга і яе грамадзянскі муж Ігар Зенчык патрапіла каля 19 гадзіны ў ДТЗ на вуліцы Варанянскага.


На месца здарэння выклікалі ДАІ. Але ў выніку міліцыянеры затрымалі і даставілі ў Кастрычнікі РУЎС грамадзянскага мужа сястры кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча Ігара Зенчыка. Затрымалі хлопца пасля таго, як міліцыянеры праверылі дакументы ўсіх пасажыраў. Прычым, Ігар не толькі не быў за рулём аўто, але і не з’яўляецца яго ўладальнікам. Пра гэта "Еўрарадыё" паведаміў намеснік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч:


— Само ДТЗ выглядала наспутным чынам: іх машына стаяла калі ўзбочыны і ў той час, калі яны выходзілі з машыны, адчынілі дзверы, іншая машына, якая праязжала побач, урэзалася ў адчыненую дзверку аўто, дзе была сям’я Міхалевіча. Былі правераныя ва ўсіх дакументы і быў затрыманы менавіта Ігар і адвезены ў РУЎС. Хоць ён і не быў за рулём — за рулём была сястра Алеся Міхалевіча. Але ізноў: тут цяжка казаць пра знаходжанне за рулём, бо машына была прыпаркаваная, яна стаяла.


Па словах Губарэвіча, зараз супрацоўнікі ДАІ схіляюцца да таго, каб прызнаць вінаватым у ДТЗ машыну, дзе знаходзілася сям’я Міхалевіча. Адно выклікае здзіўленне той факт, што міліцыянеры без тлумачэння прычын не даюць нікому азнаёміцца са складзеным на месцы здарэння пратаколам. Да таго ж, Губарэвіч звярнуў увагу на паводзіны ДАІшнікаў падчас затрымання Ігара Зенчыка ў адносінах да Міланы Міхалевіч. Кажа Юрась Губарэвіч:


— Мілане Міхалевіч, якая хацела патлумачыць сітуацыю і выступіць у якасці сведкі, ледзь не пагрозамі забаранілі набліжацца да супрацоўнікаў дарожна-паставой службы, якія праводзілі гэта разбіральніцтва.


Напачатку, кажа Губарэвіч, Зенчыка міліцыянеры абяцалі пакінуць у пастарунку да раніцы. Але пасля таго, як у РУЎс прыехалі сваякі Ігара і напісалі заяву на імя начальніка, пачалося разбіральніцтва. Магчыма, хлопец выйдзе з пастарунку яшчэ ноччу, але яго пратрымалі там больш як 3 гадзіны.


Паводле слоў Міланы Міхалевіч, на гэтым справа не скончылася.


— Наколькі ведаю, яго выклікаюць яшчэ на заўтра, — сказала Міхалевіч.


Яна кажа, што сястра Алеся Вольга была "ў вялікім шоку ад гэтай сітуацыі і падпісала той пратакол, які ёй паказалі, нават не прачытаўшы яго"...


Зміцер Лукашук

 

 

У Наваградку распачатая справа за агітацыйны пікет


4 снежня сябрам БХД з Наваградка Сяргею Ваўчку, Дар’і Бахар, Юрыю Казаку і Уладзіміру Качагуру супрацоўнік Наваградскай міліцыі Рагуля В.П. уручыў позвы з патрабаваннем сёння, 5 студзеня з 15 да 16 гадзінаў, з’явіцца ў міліцыю з нагоды распачатай адміністрацыйнай справы адносна правядзення агітацыйнага пікету за кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, які нібыта быў праведзены з парушэннем закона.


Пры гэтым жонцы Сяргея Ваўчка Рагуля паведаміў, што нібыта бачыў Сяргея ў рэпартажы БТ з Плошчы 19 снежня.


Прэсавай службе БХД Ваўчок заявіў:


— Каб доўга служыць дыктатару, неабходна страціць ўсялякую чалавечую годнасць, сумленне, мараль. Людзі, якія не страцілі сваіх чалавечых якасцяў, і не змаглі б парушаць закон, выконваць злачынныя загады, і даўно не працавалі б у гэтай сістэме.

 

 

На літоўскай мяжы знялі з цягніка студэнта ЕГУ, які адседзеў 12 сутак

 

Студэнта ЕГУ Глеба Хамутова знялі сёння з цягніка на беларуска-літоўскай мяжы. Ён адбыў 12 сутак арышту за ўдзел у падзеях 19 снежня ў Менску і ехаў у Вільню.

 

Як распавёў у жывым эфіры "Еўрарадыё" Хамутоў, з цягніка яго знялі памежнікі без тлумачэнняў, перагледзелі яго рэчы. Пасля яму давялося чакаць у нейкім памяшканні прыезда маёра КДБ, які ўзяў у яго "тлумачэнні".

 

Найперш афіцэра спецслужбы цікавіў удзел Глеба Хамутова ў падзеях 19 снежня ў Менску, яго ўдзел у выбарчай кампаніі (студэнт уваходзіў у ініцыятыўную групу Уладзіміра Някляева). Глеб кажа, што падчас знаходжання за кратамі яму такіх пытанняў ніхто не задаваў.

 

Высветлілася, што Хамутову забаронены выезд з краіны і цяпер, нібыта, вырашаецца, як адмяніць гэтую забарону. Аднак дакладнай інфармацыі пра час, колькі зойме гэтая працэдура, не паведамілі.

 

Студэнт паведаміў, што яму паабяцалі вярнуць грошы за квіток і ён, верагодна, сёння вернецца ў Менск.

 

 

На допыты ў КДБ выклікаюць новых грамадзян

 

Сёння раніцай супрацоўнікі КДБ дапыталі па справе аб масавых беспарадках 19 снежня Антона Клімко і Вольгу Жураўлёву.

 

Давераную асобу экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Мікалая Статкевіча Рамана Грыцэвіча выклікалі на допыт у КДБ. Грыцэвіч з’яўляецца сябрам "Правага альянсу", арганізацыі, якую ўлады пазбавілі рэгістрацыі напярэдадні выбарчай кампаніі. Увечары 4 студзеня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэры Рамана, перадае праваабарончы цэнтр "Вясна".

 

 

Эўразьвяз не зразумеў, што адбылося ў Беларусі

 

Эўразьвяз да цяперашняга часу яшчэ не зразумеў да канца, што ж адбылося ў Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта на сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў амбасадар Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра.

 

Ён падкрэсліў, што для Эўразьвяза сталі нечаканасцю і выбары, якія не адпавядалі стандартам АБСЕ, і разгон мірнай дэманстрацыі, і ператрусы ў офісах "Еўрапейскага радыё для Беларусі" і "Белсата", а таксама допыты журналістаў.

 

Контра адзначыў, што распаўсюджаная ўчора інфармацыя пра падрыхтоўку амбасадарамі краін Эўразьвязу ў Беларусі сумеснай заявы з патрабаваннем неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, не адпавядае рэчаіснасці. Ён нагадаў, што агульнай заявы Эўразьвяза па сітуацыі ў Беларусі яшчэ не было. Многае будзе залежыць ад рашэння кіруючых органаў Эўразьвяза, якія яшчэ вывучаюць сітуацыю ў Беларусі.

 

Амбасадар прызнаў, што цяпер абнаўляецца "чорны спіс" беларускіх чыноўнікаў. Нагадаем, раней у ім было 40 чалавек.

 

Расеянам прад’явілі абвінавачванне

 

Дваім грамадзянам Расеі следства выставіла абвінавачванне ў межах крымінальнай справы наконт беспарадкаў 19 снежня ў Менску. Пра гэта паведаміў РІА "Новости" прадстаўнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Віктар Новікаў.

 

Расеяне абвінавачваюцца па частках 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле — 15 гадоў зняволення.

 

 

Ніхто не ведае таго, за што і на колькі могуць пасадзіць

 

Уладзімір Кумец, адзін з сябраў штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, цяпер знаходзіцца ў Вільні.

 

Паводле яго словаў, ён быў на плошчы ў Менску, але "паспеў з’ехаць з краіны".

 

Кумец заявіў DELFI, што пасля падзеяў 19 снежня і распачынання ў сувязі з гэтым крымінальнай справы "ніхто не ведае каго, за што і на колькі могуць пасадзіць". Гэтым ён тлумачыць свой ад’езд.

 

Уладзімір таксама называе пазіцыю Літвы адносна падзеяў у Беларусі "занадта лаяльнай".

 

— Каб неяк паўплываць на рэжым, патрэбныя канкрэтныя крокі, заяваў не дастаткова, — упэўнены ён.


“Еўрарадыё”

 

 

Апостальскі Нунцый у Беларусі адмовіўся ад сустрэчы са сваякамі арыштаваных


Яго Эксцэленцыя, Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Марцін Відовіч адмовіўся сустрэцца са сваякамі арыштаваных апазіцыянераў.


Як стала вядома "Хартыі-97", прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы "Вызваленне", што аб'ядноўвае сваякоў палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ўладамі ў СІЗА КДБ, не змаглі сустрэцца з нунцыем. У сустрэчы ім было адмоўлена без тлумачэння прычын.


Сваякі хацелі перадаць ліст Папе Рымскаму Бенедыкту 16-му з просьбай дапамагчы ў вызваленні кандыдатаў у прэзідэнты, актывістаў і журналістаў, арыштаваных пасля падзей 19 снежня.

 

 

Сеймавая камісія не разгледзела праект рэзалюцыі па Беларусі

 

Па фармальных прычынах камісія замежных спраў польскага Сейма не разглядала сёння на сваім пасяджэнні праект рэзалюцыі ў справе Беларусі, — паведаміў старшыня сеймавай камісіі замежных спраў Анджэй Галіцкі.

 

Праект быў прадстаўлены апазіцыйнай партыяй "Права і справядлівасць" і заклікае да ўвядзення дыпламатычных санкцый у адносінах да рэжыму Лука-кі.

 

Па словах Анджэя Галіцкага, праект рэзалюцыі "Права і справядлівасці", а таксама сумесная пазіцыя камісіі замежных спраў польскага Сейма і нямецкага Бундэстага магчыма будуць разгледжаны праз два тыдні:

 

— Тэкст гэтай рэзалюцыі я фармальна атрымаў ужо пасля пленарных нарадаў Сейма. Камісія магла б засяродзіцца на гэтым тэксце ў момант яго атрымання фармальным шляхам, г.зн. ад маршалка Сейма, за пасрэдніцтвам сакратарыята. Гэта сталася сёння раніцай а восьмай гадзіне, але нарады зацягнуліся даўжэй, чым мы гэтага спадзяваліся. Калі б галасаванні закончыліся да 12-й, а тэкст мы б растыражавалі сёння цягам дня, дык тады змаглі б мы сабрацца і прысвяціць яму паўгадзіны.

 

Па словах старшыні сеймавай камісіі замежных спраў польскага Сейма, галоўным намерам будучага пасяджэння будзе выпрацоўка супольнай рэзалюцыі ў справе Беларусі ад усяго польскага парламента. Праект "Права і справядлівасці" будзе адным з некалькіх, якія будуць разглядацца.

 

P.S. Так, словаў было аж занадта, а як дайшло да справы, дык жа ж адразу ў хмызьняк. — J.K.

 

Валянціна Лаеўская


“Радыё Рацыя”

 

 

Канвэер КДБ не спыняецца: трасуць офіс БХК


У Беларускім Хэльсінскім камітэце каля 11 гадзіны раніцы пачаўся ператрус, зьвязаны з крымінальнай спарвай аб масавых беспарадках у Менску.


Як паведаміў Свабодзе старшыня БХК Алег Гулак, у офіс арганізацыі прыйшлі 4 супрацоўнікі КДБ і прад’явілі пастанову на ператрус, падпісаную пракурорам Менску Мікалаем Куліком.


— У пастанове зазначаецца, што сьледзтва мае зьвесткі, што ў нас могуць быць матэрыялы, зьвязаныя з масавымі беспарадкамі ў Менску 19 сьнежня… Мы іх упусьцілі, — паведаміў Алег Гулак.

 

Чарговы падазраваны па справе аб падзеях у Менску


Як паведамляе праваабарончая арганізацыя "Вясна", праваахоўныя органы прад’явілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках яшчэ аднаму чалавеку — Сяргею Клюеву.


3 студзеня падчас вызваленьня з турмы на Акрэсьціна пасьля 15 сутак арышту сьледчы Партызанскага РУУСа прад’явіў Сяргею Клюеву пастанову аб прызнаньні яго падазраваным па крымінальнай справе, распачатай паводле артыкула 239 Крымінальнага кодэксу РБ (масавыя беспарадкі). Увесь час знаходжаньня пад арыштам яго выклікалі на допыты.


Як паведаміў Сяргей Клюеў праваабаронцам, 19 сьнежня на плошчы ён увогуле ня быў, паколькі знаходзіўся на сустрэчы. І затрымалі яго не на плошчы, а ў іншым месцы.


Яму таксама вядома, што пастановы аб прызнаньні падазраванымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках прад’яўленыя яшчэ двум затрыманым, адзін зь якіх — Усевалад Каваленка.

 

 

З допыту не вярнуўся…

 

Уначы прайшоў ператрус на кватэры, якую здымае актывіст кампаніі "Гавары праўду" Павал Вінаградаў са сваёй дзяўчынай.

 

Як паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна", ператрус праводзіў сьледчы Першамайскага РУУС Менска Аляксандр Фіцэр.

 

Самога Паўла адразу павезьлі на допыт, зь якога ён дагэтуль не вярнуўся. Ператрус доўжыўся да 5-й гадзіны раніцы і праходзіў у прысутнасьці гаспадыні кватэры і суседзяў.

 

Месцазнаходжаньне Паўла Вінаградава невядомае.

 

 

Чарговы падазраваны па справе аб падзеях у Менску

 

Як паведамляе праваабарончая арганізацыя "Вясна", праваахоўныя органы прад’явілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках яшчэ аднаму чалавеку — Сяргею Клюеву.

 

3 студзеня падчас вызваленьня з турмы на Акрэсьціна пасьля 15 сутак арышту сьледчы Партызанскага РУУСа прад’явіў Сяргею Клюеву пастанову аб прызнаньні яго падазраваным па крымінальнай справе, распачатай паводле артыкула 239 Крымінальнага кодэксу РБ (масавыя беспарадкі). Увесь час знаходжаньня пад арыштам яго выклікалі на допыты.

 

Як паведаміў Сяргей Клюеў праваабаронцам, 19 сьнежня на плошчы ён увогуле ня быў, паколькі знаходзіўся на сустрэчы. І затрымалі яго не на плошчы, а ў іншым месцы.

 

Яму таксама вядома, што пастановы аб прызнаньні падазраванымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках прад’яўленыя яшчэ двум затрыманым, адзін зь якіх — Усевалад Каваленка.

 

 

Допыт у Кобрынскім КДБ

 

Каля трох гадзін цягнуўся допыт у Кобрынскім КДБ сустаршыні БХД Георгія Дзьмітрука. Учора супрацоўнікі міліцыі і мясцовага КДБ правялі ператрус у офісе палітыка і канфіскавалі кампутар.

 

Сёньня а 9-й раніцы Георгій Дзьмітрук быў дапытаны ў справе масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня. Спэцслужбы запатрабавалі ад яго падпіскі аб неразгалошваньні зьвестак пра ход допыту.

 

 

МЗС Францыі заклікае вызваліць вязьняў КДБ


Прадстаўнік МЗС Францыі Крысьцін Фажэ назвала рашэньне Менску аб закрыцьці офіса АБСЭ годным шкадаваньня.


— У гэтым кантэксьце мы цалкам падтрымліваем намер Літвы, якая з 1 студзеня старшынствуе ў АБСЭ, атрымаць тлумачэньне з боку Беларусі, а таксама ўключыць гэтае пытаньне ў парадак першай сэсіі Пастаяннага Савета АБСЭ, заплянаванай на 13 студзеня, — адзначыла яна.


Фажэ таксама назвала "трывожнай"сытуацыю ў Беларусі.


— Мы асуджаем арышты прадстаўнікоў апазыцыі, якія пачаліся 19 сьнежня. Заклікаем улады Беларусі да хутчэйшага вызваленьня ўсіх арыштаваных, — сказала прадстаўнік французскага зьнешнепалітычнага ведамства.

 

 

Вязьняў КДБ хочуць пазбавіць адвакатаў?

 

Міністэрства юстыцыі патрабуе прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці Паўла Сапёлку — адваката экс-кандыдата на выбарах прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.

 

Мін’юст накіраваў на адрас Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў прадстаўленьне аб прыцягненьні Паўла Сапёлкі да дысцыплінарнай адказнасьці і прапанаваў разгледзець пытаньне аб мэтазгоднасьці знаходжаньня яго ў складзе прэзыдыюму Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Мін’юсту.

 

"Міністэрствам юстыцыі ўстаноўлена, што адвакат Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў П. Сапёлка дапусьціў некарэктныя выказваньні ў адрас адвакатуры як незалежнага прававога інстытуту, выказаў сумнеў у абгрунтаванасьці дзеяньняў Мін’юсту як дзяржаўнага ліцэнзуючага органа, заявіўшы, што гэта "прэсінг з боку дзяржавы на дзейнасьць дзяржаўных адвакатаў", — гаворыцца ў паведамленьні.

 

Паведамляецца таксама, што Менская гарадзкая калегія разгледзела публікацыі, разьмешчаныя ў друкаваных і электронных СМІ са спасылкай на адвакатаў. Устаноўлена, што адвакаты Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Ірына Бурак (адвакат лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі) і Мар’яна Сямашка (адвакат журналісткі Натальлі Радзінай) з прадстаўнікамі СМІ не размаўлялі і інтэрвію не давалі. Па дадзеным факце яны маюць намер накіраваць у СМІ абвяржэньне інфармацыі, разьмешчанай ад іх імя.

 

Мінюст накіравала ліст у Міністэрства інфармацыі "для дачы ацэнкі дзеяньням журналістаў і СМІ, якія дапусьцілі прадузятую інфармацыю аб дзейнасьці праваахоўных органаў ад імя адвакатаў".

 

"Іншыя адвакаты папярэджаныя пра больш карэктныя выказваньні ў СМІ, якія б не давалі падставаў да скажэньня рэальных фактаў і атрыманай інфармацыі", — паведамляе сайт Мінюсту.

 


БНФ распачала кампанію за вызваленьне палітвязьняў

 

Партыя БНФ пры падтрымцы былога кандыдата на прэзыдэнта Рыгора Кастусёва распачала кампанію за вызваленьне палітвязьняў, зьняволеных у зьвязку з падзеямі 19 сьнежня ў Менску.

 

У адмысловым звароце да беларускага народу кіраўніцтва партыі заклікала грамадзян не спыняць акцыю салідарнасьці і прадоўжыць справу вызваленьня праз асабістае паручніцтва за кожнага палітзьняволенага.

 

Гэта юрыдычная працэдура, прадугледжаная беларускім заканадаўствам, якая дазваляе хадайнічаць аб зьмяненьні меры стрыманьня зьняволенаму пад асабістую адказнасьць паручніка.

Ад сёньня ў сядзібе партыі можна падпісацца пад хадайніцтвам аб вызваленьні 29 палітвязьняў, якія зьняволеныя ў турме КДБ і сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

 

Кіраўнікі партыі БНФ перадусім падзякавалі валянтэрам і ўсім неабыякавым людзям, якія празь сядзібу партыі перадавалі дапамогу зьняволеным, а таксама працягваюць падтрымліваць вызваленых. Былы кандыдат на прэзыдэнта і таксама былы палітвязень Рыгор Кастусёў выказаў асабістую падзяку ўсім, хто ахвяраваў свой час і сродкі, у тым ліку на ягоную сям’ю.

 

Хваля рэпрэсіяў адносна прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці ў Беларусі не зьмяншаецца: пасьлядоўна праводзяцца ператрусы, адбываюцца затрыманьні і запалохваньні. Таму грамадзянская салідарнасьць з палітрэпрэсаванымі не павінна аслабець — гэтак патлумачыў новую кампанію за вызваленьне палітвязьняў старшыня партыі Аляксей Янукевіч:

 

— Дзясяткі чалавек па-ранейшаму застаюцца ў турме. І людзі, якія працягваюць да нас прыходзіць, запытваюць: чым мы зараз можам дапамагчы? І мы лічым, што ў кожнага грамадзяніна, які хоча выявіць сваю салідарнасьць зь людзьмі, якія зараз знаходзяцца ў турме, ёсьць такая магчымасьць дапамагчы праз напісаньне асабістага паручальніцтва.

 

Паручальніцтва аб зьмене меры стрыманьня — гэта юрыдычная працэдура, прадугледжаная беларускім заканадаўствам, якая дазваляе хадайнічаць аб вызваленьні зьняволенага пад асабістую адказнасьць ня менш як двух паручальнікаў. Гэта ня цягне за сабой аўтаматычнага вызваленьня палітвязьняў, але спрыяе іх вызваленьню і дэманструе грамадзянскую салідарнасьць, кажа намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў:

 

— Кожны чалавек бярэ на сябе адказнасьць, падпісваючы хадайніцтва. Яно павінна быць падпісана чалавекам асабіста і на кожнага з затрыманых паасобку. Гэткім чынам мы даем магчымасьць людзям выявіць асабістую салідарнасьць з кожным зьняволеным асабіста: гэта 27 чалавек у турме КДБ і 2 чалавекі ў сьледчым ізалятары на Валадарскага.

 

Кіраўніцтва партыі БНФ праз адмысловы зварот заклікала грамадзян, палітычныя і грамадзкія арганізацыі Беларусі далучацца да кампаніі паручальніцтва. Сёньня яна можа тычыцца 29 чалавек, зьняволеных паводле падзеяў 19 сьнежня. Падпісацца пад хадайніцтвам аб вызваленьні палітвязьняў можна на сядзібе партыі БНФ у Менску, а таксама ў прадстаўнікоў партыі ў рэгіёнах.

 

 

Сваякі палітвязьняў зьвярнуліся да Бэнэдыкта XVI

 

Ініцыятыва сваякоў беларускіх палітвязьняў "Вызваленьне" зьвярнулася да папы рымскага Бэнэдыкта XVI з просьбай падтрымаць малітвай невінаватых грамадзянаў, якія знаходзяцца за кратамі, і дапамагчы ў вызваленьні іх з турмаў.

 

У звароце гаворыцца, што ноч з 19 на 20 сьнежня стала для беларусаў "адным з самых страшных момантаў у найноўшай гісторыі".

 

"Пратэстуючы супраць фальсыфікацыі выбараў, на вуліцы беларускай сталіцы выйшлі больш за 50 тысяч чалавек, але ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтныя па жорсткасьці рэпрэсіі, спрабуючы ўтрымаць уладу любой цаной. На працягу адной ночы пасьля выбараў былі зьбітыя і арыштаваныя больш за тысячу чалавек. Сёньня гэтыя людзі знаходзяцца ў беларускіх турмах... Сёньня гэтыя людзі сталі закладнікамі ўлады, як і астатнія 9,5 млн. беларусаў, што жывуць у краіне. Сёньня Беларусь агорнута цемрай. Працягваюцца арышты актывістаў, пагромы рэдакцый незалежных сайтаў і газэт, ператрусы на кватэрах. Улады шантажуюць палітзьняволеных іх маленькімі дзецьмі, якія засталіся на волі", — зазначаецца ў звароце.

 

Яго аўтары просяць папу рымскага сваёй малітвай падтрымаць беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі, і выкарыстаць свой аўтарытэт для вызваленьня невінаватых з турмаў.

 

У інтэрвію "БелаПАН" Вольга Бандарэнка — жонка даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Дзьмітрыя Бандарэнкі — паведаміла, што напярэдадні была беспасьпяховая спроба сустрэцца з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Марцінам Відавічам, каб перадаць зварот Бэнэдыкту XVI. Жонка палітыка мае намер зноў паспрабаваць перадаць гэты ліст.

 

 

Ператрусы ў Афнагеля і Тычыны


Супрацоўнікі КДБ атакавалі дом у вёсцы Малінаўка, у якім жыве моладзевы лідэр Яўген Афнагель з жонкай.


Як стала вядома charter97.org, нападнікі выламалі дзьверы суседзяў і праз запасны ўваход паспрабавалі пранікнуць у кватэру Афнагеля, кіраўніка менскага штаба Андрэя Саньнікава. Сьведкамі нападу стаў цесьць актывіста і яго жонка. Самога Яўгена дома не было, сустракацца з кадэбэшнікамі ён не плянуе.


Супрацоўнікі КДБ забралі відэакамэру і кампутарнае абсталяваньне. Ператрус праводзіцца ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках.


Таксама, як паведаміў у Твітэры Аляксей Валабуеў, сёньня ўвечары пачаўся ператрус у салігорскага маладафронтаўца і актывіста кампаніі "Гавары Праўду" Андрэя Тычыны.

 

 

Мэдсястру звольнілі з працы

 

У дачыненьні да тых, хто браў удзел у мітынгу 19 сьнежня і быў арыштаваны, улады працягваюць рэпрэсіі — звальняюць з працы.

 

Ірына Панкавец працавала мэдычнай сястрой у адной зь сярэдніх школ Барысава. Пасьля 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці жанчыну выклікалі да дырэктара.

 

— Мяне, як кажуць, паставілі перад фактам. Маўляў, бралі па кантракце, і зараз працягнуць кантракт немагчыма. У выніку 18-м сьнежня афармляюць звальненьне паводле згоды бакоў, — паведаміла Ірына Панкавец.

 

Жанчына згадвае падзеі на плошчы Незалежнасьці. Кажа, што пазьбегнуць затрыманьня было немагчыма, бо тых, хто спрабаваў вырвацца за кола амапаўцаў, бязьлітасна білі дубінкамі.

 

— Ну, стаялі мы, слухалі, крычалі. Тут вылятаюць гэтыя чорныя і пачынаюць нас з вугла ў вугал ганяць. Мы шукалі кутка, дзе б выбрацца, але тут пачалі біць. Было вельмі жахліва. Гэтыя шчыты, гэтае ляпаньне — псыхалягічна было вельмі жахліва. Бачылі, як людзі прарываліся, але я асабіста пабаялася туды прарывацца, бо вельмі білі людзей. Па галовах білі, па нагах. Людзі валіліся, падымаліся, а іх зноў гналі і білі, чым маглі.

 

 

Наваградзкая актывістка адмовілася ісьці на допыт у міліцыю


Участковаму міліцыянту Дар’я Бахар матывавала гэта тым, што позва, якую ёй прынесьлі, была напісана з парушэньнямі беларускага заканадаўства. Сёньня ж на яе за гэта склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні.


Дар’ю Бахар выклікалі сёньня ў міліцыю на 15-ю гадзіну. У позьве, зь яе слоў, прычына выкліку пазначана не была. Актывістка думае, што гэта можа быць зьвязана зь пікетам, які ладзілі падчас выбарчай кампаніі актывісты штабу Віталя Рымашэўскага ў Наваградку.


Падобныя позвы сёньня атрымалі і іншыя сябры БХД у Наваградку, якія ўдзельнічалі ў перадвыбарчым пікеце. Ніхто зь іх у міліцыю не пайшоў, бо патрабаваньні праваахоўных органаў яны лічаць незаконнымі.


Міхал Карневіч

 

 

Журналістку, якая супарцоўнічае з "Белсатам", выклікаюць на допыт у КДБ

 

Журналістку Вікторыю Колчыну, якая супарцоўнічае з "Белсатам", па тэлефоне выклікалі на допыт у КДБ. Ён адбудзецца 6 студзеня а 12 гадзіне. У размове ёй патлумачылі, што хочуць "паразмаўляць наконт Зьмітра Бандарэнкі", — паведамляе сайт "Белсату".

 

Вікторыя Колчына цяпер здымае для тэлеканалу фільм пра беларускіх журналістаў, якія загінулі ў выніку сваёй прафэсійнай дзейнасьці пры нявысьветленых абставінах. У справе Алега Бябеніна яна некалькі разоў спрабавала зьвязацца са Зьмітром Бандарэнкам.

 

 

Кандыдаты ў турме, а Лука-ка гуляе ў хакей

 

Пакуль сем кандыдатаў у прэзыдэнты чакаюць абвінавачаньняў за падзеі 19 сьнежня, іхны канкурэнт на прэзыдэнцкіх выбарах Лука-ка выступае на менскім калядным хакейным турніры.

 

 

Літоўская моладзь пратэстуе супраць паводзінаў беларускіх уладаў

 

У сераду прадстаўнікі літоўскай лібэральнай моладзі пратэставалі ў Вільні супраць абыходжаньня беларускіх уладаў з прадстаўнікамі апазыцыі ў канцы сьнежня, калі ў цэнтры Менску была разагнаная акцыя пратэсту і арыштаваныя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты. Пра гэта паведаміла агенцтва BNS.

 

Сабраўшыся на плошчы В. Кудзіркі ў цэнтры Вільні каля 20 маладзёнаў прайшлі адтуль да прэзыдэнтуры. Яны несьлі бел-чырвона-белы сьцяг і плякаты з надпісамі "Лука-ка, калі ты нарэшце спынісься?", "Лука-ка, твае рукі навекі ў крыві".

 

— Мэта нашай акцыі — салідарнасьць зь людзьмі ў Беларусі, з апазыцыйнымі сіламі, з цкаванымі беларускімі студэнтамі, прадстаўнікамі моладзевых арганізацыяў, — паведаміла журналістам старшыня арганізацыі Лібэральмай моладзі Літвы Аўшрыне Арманайце.

 

Паводле яе, літоўскім установам ужо раней была перададзеная падрыхтаваная іх арганізацыяй рэзалюцыя, у якой ад іх патрабуецца больш актыўна рэагаваць на згаданыя праблемы, а таксама прадугледзець пэўныя санкцыі ў дачыненьні да асобаў і арганізацыяў, якія арганізавалі рэпрэсіі ў Беларусі.

 

У акцыі бралі ўдзел і прадстаўнікі былых кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Аляксея Міхалевіча. Яны паведамілі, што былі вымушаныя ўцячы зь Беларусі.

 

P.S. Як паведаміла "Эўрарадыё", падобныя акцыі адбыліся сёння таксама ў гарадах Шаўляй, Каўнасе, Марыямполі, Цяльшай, Радвілішкісе, Алітусе і Лаздзіяй.

 

 

Беларускіх дыпляматаў заўважылі пры выхадзе зь літоўскай прэзыдэнтуры

 

У сераду па абедзе амбасадар Беларусі ў Літве Ўладзімер Дражын і віцэ-міністар замежных справаў Валеры Варанецкі наведалі літоўскую прэзыдэнтуру. Іх суправаджаў літоўскі амбасадар у Менску Эдмінас Багдонас. Супрацоўнікі парталу delfi.lt зафіксавалі выхад з будынка гэтых неабвешчаных у прэзыдэнцкім парадку дня гасьцей.

 

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Лінас Бальсіс запэўніў delfi.lt, што беларускія дыпляматы з Грыбаўскайце не сустракаліся.

 

— У прэзыдэнта яны не былі. Напэўна ў звычайным парадку сустракаліся з нашым дараднікам з замежнай групы Дарусам Сямашкам. Усё, што я магу сказаць. Сам ня бачыў, — сказаў ён.

 

Дараднік у пытаньнях замежных справаў Дарус Сямашка адмовіўся камэнтаваць зьмест сустрэчы. Ён толькі паўтарыў, што прэзыдэнт з гасьцямі ня бачылася і што сустрэча адбылася зь ініцыятывы беларускіх гасьцей.

 

Э. Багдонас, пачуўшы пытаньне карэспандэнта delfi.lt, сказаў, што ня можа гаварыць, бо ўдзельнічае ў сустрэчы, аднак не ўдакладніў на якой і паклаў трубку.

 

Дыпляматы выйшлі з будынка каля 15:45, аднак не праз дзьверы, прызначаныя для афіцыйна прыманых гасьцей, а праз уваход для прадстаўнікоў прэсы і работнікаў прэзыдэнтуры.

 

Прэзыдэнт Грыбаўскайце да 14:30 удзельнічала ў прэзыдэнтуры ў цырымоніі ўзнагароджаньня школьнікаў.

 

 

ЗША і Эўразьвяз лічаць, што місія АБСЭ ў Беларусі не завершаная

 

ЗША і Эўразьвяз выказалі сваё шкадаваньне ў сувязі з завяршэньнем мандату офісу АБСЭ ў Беларусі. Такую заяву падпісалі ачольніцы замежнапалітычных ведамстваў ЗША і Эўразьвязу Гілары Клінтан і Кэтрын Эштан.

 

У іх супольнай заяве гаворыцца, што крытычная ацэнка выбараў у Беларусі місіяй АБСЭ сьведчыць пра тое, што місія гэтай арганізацыі ў Беларусі — не завершаная.

 

Злучаныя Штаты і Эўрапейскі зьвяз таксама заклікаюць Менск выпусьціць усіх затрыманых супернікаў Лука-кі на выбарах прэзыдэнта.

 

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан і вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Кэтрын Эштан, распаўсюджаным Дзярждэпартамэнтам, перадае ІТАР-ТАСС.

 

"Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан і вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу Кэтрын Эштан шкадуюць аб рашэньні ўрада Беларусі перапыніць місію АБСЭ ў Менску, — гаворыцца ў заяве. — Мандат місіі яшчэ не завершаны, што пацьвярджаецца крытычнай ацэнкай АБСЭ прэзыдэнцкіх выбараў. Выбары і іх наступствы, у асаблівасьці, арышт кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама новыя затрыманьні і нападкі на СМІ зьяўляюцца крокам назад у працэсе разьвіцьця дэмакратычнага праўленьня ў Беларусі. Яны (Клінтан і Эштан) заклікаюць неадкладна вызваліць усіх затрыманых.

 

Клінтан і Эштан заклікаюць улады Беларусі выканаць свае абавязацельствы перад АБСЭ, рэфармаваць выбарчы працэс і ў большай ступені паважаць правы чалавека. АБСЭ выконвала важную працу ў краіне, у прыватнасьці, па разьвіцьці грамадзкіх інстытутаў і грамадзянскай супольнасьці, а таксама ўмацаваньню ўлады закона. Злучаныя Штаты і Эўрапейскі зьвяз па-ранейшаму гатовыя аказваць садзейнічаньне Беларусі ў выкананьні абавязацельстваў перад АБСЭ ў галіне забесьпячэньня правоў чалавека і асноўных свабод".

 

 

Славаччына асудзіла рэпрэсіі і закрыцьцё офісу АБСЭ ў Менску

 

Апошнія крокі беларускіх уладаў супярэчаць каштоўнасьцям дэмакратыі, вяршэнства закону і абароне фундамэнтальных правоў чалавека, у тым ліку свабоды выказваньняў, гаворыцца ў дэклярацыі Міністэрства замежных справаў Славаччыны.

 

Славацкая Рэспубліка будзе падтрымліваць выкарыстаньне Эўразьвязам усіх інструмэнтаў, у тым ліку падаўжэньне санкцый як частку палітыкі Эўразьвязу, як адказ на дзеяньні беларускіх уладаў.

Cупрацоўніцтва з інстытутамі грамадзянскай супольнасьці застаецца адным з галоўных прыярытэтаў вонкавай палітыкі Славаччыны ў адносінах зь Беларусьсю.

 

Славацкая Рэспубліка асуджае выкарыстаньне неадэкватнай сілы супраць грамадзянаў Беларусі, якія выказалі сваю нязгоду супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Разам з тым Славаччына выказвае расчараваньне ў сувязі з закрыцьцём офісу АБСЭ у Менску, гаворыцца ў заяве.


“Радыё Свабода”

 

 

ДАЛОЙ ЧЭСНЫЯ ВЫБАРЫ альбо ЯК МЫ Ў ЖОДЗІНСКІМ ІЧУ РАСТВО СЬВЯТКАВАЛІ

 

19-га сьнежня 2010-га. Знаходзімся ў групе журналістоў на прыступкох ля дзьвярэй левага крыла д.11 па вул. Савецкай, здымаем разом з жонкаю, Тацянаю Грачанікавай. Калі правакатары пачынаюць граміць цэнтральны ўваход, а калегі кідаюцца да сьвежае тэмы, застаемся бараніць шкляныя дзьверы яшчэ з адным маладзёнам.

 

Жонку прашу адыйсьці крыху ўбок (потым нейкі эмвэдоўскі правакатар Вароніч І.В. дасьць супроць яе хлусьлівыя “сьведчаньні”, а брудная калябарантка Е.Т. Некрасова — прозьвішча нават якое  з Завоцкага суду, бяздоказна, ня ўлічваючы ані фіксаваных камэраў Дому Ўраду, ані тацянінага ўзросту, ані нават таго факту, што сябры Някрасавай Е.Т. ужо зьбілі й абрабавалі Тацяну, дае апошняй па максымуме — 15 сутак! Якая мярзота: мясцовая Фэміда, як і эмвэды, якіх мы таксама ўтрымліваем сваім коштам, зусім згубіла чалавечае аблічча!!!

 

Выяўляецца, што брудныя копы й судзьдзі бываюць ня толькі ў амэрыканьскіх фільмох...

 

Учынак жаўнэра, праваахоўніка й абаронцы.

 

Гэны нятанны коштам шалік захацелася меці эмвэдоўскаму адмарозку, таму той ў полнай экіпіроўцы напаў на безабаронную жанчыну, удвая старэйшую за яго, якая не аказвала аніякага супраціву, і з такім шалам ірваў шалік зь яе шыі, што сарваў і скуру, пакрыўшы сябе й сваех сяброў, якія дапусьцілі да гэтага, неўвядальнаю ГАНЬБАЮ.

 

І баронім-такі дзьверы. Тут ужо таксама мітусяцца правакатары (аднаго зь іх я потым пазнаю на фотцы ў НН), кулакамі грукаюць у шкло, ірвуць дзьверы. Дзякуй Богу, мы іх зганяем з прыступак, каго гвалтам, каго пагрозамі “зьняць” і перадаць фоткі эмвэдам. Не сыходжу й не пускаю жонку, бо баюся новых нападоў. Расьсякаюць. Набіваюць МАЗы. Кажуць, нібыта наш ужо 16-ы. Ходзяць чуткі, што затрыманых болей за тысячу.

 

Расьсячэньне, блякаваньне й пасадка ў аўтозакі ўдзельнікоў мітынгу і  журналістоў.

 

Тацяну эмвэды затрымліваюць асобна ад мяне, зьбіваюць і рабуюць (добра адно, што не маіх вачах). Ірвуць з шыі шалік з гэрбам Пагоня, які ўжо з 1995 году ўключаны ў Дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 73БЛ000004. Піхаючы ў МАЗы, шмат каго бьюць дручкамі й абражаюць. Паўсюдна расейская лаянка: ё.аныя БНФаўцы; хутчэй, жывёлы; вы ў мяне пашкадуеце, апазіцыянэры ё.аныя і д.п. Мяне не чапаюць, бо я тут самы старэйшы, толькі штурхаюць, ды раз ботам праз валёнак, адзін фашыст, пэўне, начальнік іхні, дастаў. У нашым МАЗе болей за паўсотню затрыманых, у іншых, як пазьней высьвятліцца, і за 70 набівалі.

 

20-га. Дзень праседжваем у аўтазакох, МАЗох, эмвэдоўскіх аўтобусох, адзін на адным, лаюцца эмвэды, ёсьць параненыя.

 

Болей як суткі мы ня елі й ня спалі.

 

Сядзім у судох, стаім у карыдорох, дварох. Калі-некалі чутны крыкі, здаецца, нават жаночыя. Мяне ня бьюць. Сярод нас некалькі замежнікоў, адзін зь іх расеец, кажа — я — замежнік, эмвэд адказвае: пая.аць. Эмвэды з начальства, здаецца, адзін зь іх падпалкаш, хлусяць, што дадуць па паўмінімалкі й адпусьцяць. Вязуць уночы, потым высьветліцца, у Жодзіна. Пра жонку ведаю толькі, што плакала, зьбітая, парабаваная. Нас у аўтобусіку 25.

 

Пратаколы з рожных судоў, а напісаныя пад капірку: парушаў, крычэў “Уході” і “Жыве Беларусь”, не рэагаваў (глядзі прысуды). Азнаёміўся з дзясяткамі выракаў — перапісаныя ледзь не слова ў слова. І паўсюдна забыліся яшчэ адзін, новы лёзунг: "Час мяняць лысую рэзіну!" Абазнаных трох. Усе людзі маладыя, міжсобку незнаёмыя, зьнітаваныя толькі адным — прагаю свабоды. Ёсьць кампутаршчыкі, мастак, музыка, студэнты, на’т уласны філёзоф. І я — ДЫР МАЛЕР.

 

21-га. Недзе а 4-ай ранку нарэшце зь дзясяток з нас засяляюць у 10-мейсцавую камору № 6 турмы № 8. Мы даведваемся аб гэным, падслухаўшы размовы прадольных, і з надпісоў на рушнікох: Т-8. Сярод нас большасьць бітых, у тым ліку, трох — па галовах: Вова Крыцкі й два Зьмітра, Пашык й Мікішын. У Пашыка расьсечаньне, гледзечы па струпе, 40х7 мм, крывёй залітыя капюшон курткі й шалік. У Мікішына таксама застанецца шнар на памяць. Прыводзяць гопніка Дзёню, якога ўзялі з напаўпустой бутэлькаю піваса ўдзень 20-га на прыпынку Кастрыцніцкае плошчы. Ён сьпіць на стале. Спрабую даведацца пра лёс жонкі. Няўдала. Нашым усім тут далі па 10 начэй, апроч Міці Мікішына, які не пагадзіўся з судзьдзём.

 

Тут падаю сьпіс сукаморнікоў ў арыгінале, бо большасьць зь іх расейскамоўныя:

 

Голденко Анатолий, 79 г.н — 10 начэй;
Занкевіч ZЕNKER Алесь, Гомель, 86 г.н. — 10 начэй;
Аматор пивасу Дёник, зь 10 начэй адсядзиць 9 (прозьвишча намаўляў никому не казаць), 86 г.н.;
Короневич Виктор, 85 г.н. — 10 начэй;
Критский Владимир, 84 г.н. — 10 начэй;
Кузьмин KUZMIN ARTEM Артём, 90 г.н. — 10 начэй;
Максіменка ХЭD-ОФ-БАБУЛЬКА Роман, 84 г.н. — 10 начэй;
Никишин ПИТОН МИТЧ Дмитрий, 90 г.н. — 11 начэй — вины не прызнаваў;
Пашик Дмитрий, 91 г.н. — 10начэй;
Рассолов Ян, 88 г.н. — 10 начэй;
Суходольский Иван, 85г.н. — 10 начэй.

 

22-га. Вову Крыцкага, што з цалкам перавязанаю галавой (ён ў МАЗе губляў прытомнасьць, усе думалі — пьяны), забіраюць ад нас ў Невядома Куды. І зноў спрабую даведацца пра жонку і зноў безвынікова. Тут яе нібыта няма, а тэлефанаваць нельга. Аддаў нібыта на адсылку касатку па сваёй справе. Апроч мяне прысуд ніхто не абскаржвае. Сёньня выводзяць ў двор, потым — кароткатэрміновая памыўка. Я памыцца не пасьпяваю. У камору пачынаюць даваць перадачы, Капэрты забаранілі. Але патрапіла "Наша Нива" і "Новы Час" ад 17:12. Чыталі ўслых. Шмат фотак.

 

23-га. Урэшце дапялі й да мяне адразу ажно дзьве перадачы, хоць і ня меў ад каго: бацькі мае памёрлі ўжо, дзеці далёка, жонка (сама з Асіповічаў, тамсама-ж жыве яе старэнькая маці, вельмі слабая ўжо) сама ў вязьніцы, мабільніком не карыстаюся дый жыву ў Менску (з 2003-га) нядаўна, дый тое ўсе па камандзероўках. Сам-жа магілявец, сяброў-знаёмых тут вобмаль. Але знайшліся раптам нібы сяброўка Судакова ды цётка Вольга ці Ўладзімероўна, аці Мікалаеўна альбо Міхалаўна (што таксама недакладна), дзякуй. Гэта “анёлы”. Падзяліліся ў каморы, як і раней. Мне засталася па пары шкарпэтак, тапцяў ды бялізны (трусы з зайцамі) і малесенькі рушнічок. Шчотку ўжо раней даў Роман. Выводзілі. Прадольныя прыраілі пісаць ліст жонцы на менскі ІЧУ (на вёску да бабулі). Напісаў без надзеі, але трэба, таму аддаў. Нібыта дашлюць))). Чытаў “Будзіцеляў” й ARCHE, што мне перадалі крыху раней.

 

Кормяць нас прыблізна так:

 

На сьняданак каша, звычайна аўсянка, бывае пэрлавая ці пшонка, несалоная, паўмісачкі, калі ня меней; чай, часам без цукру, паўкубку.

 

На ’бед рэдкая зупа (пэрлавая ці, на радасьць, гарохавая), калі й салоная, ці капуста; на другое — пэрлаўка, пшонка, гарох ці макароны — з тушонкаю. Добра, калі гарачае. На дэсэрт — паўкубку ружовага кісялю.

 

Вячэра: канечне, чай. Але ў дадатак заўсёдны фарш зь невядомай рыбы, перамеленае, зь вялікімі косткамі й гарнірам, звыкла, капустаю. Як у тае савецкай байцы: на першае — капуста з вадою, на другое — капуста без вады, на трэйцяе… — вада без капусты))) Хлеба чорнага й чэрага заўсёды застаецца.

 

Наедкі — дрэнь, многія адмаўляюцца есьці невядомую бурду. Залішні бохан чарнушкі таксама аддаемо штодня. Прусакі й так бегаюць табунамі.

 

Хлеб у іх атрымліваўся лепей, як баланда)))

 

24-га. Сёньня ганялі (не давалі ляжаць, а наверсе — на’т сядзець). Суседнюю камору — таксама. Здаецца, нехта прыехаў, калі так псыхуюць. На двор не выводзяць, відаць, сапраўды нешта сурыёзнае. Сапраўды, пачынаюць вадзіці 20-нікоў (затрыманых ад 20-га) на "кіно". Нейкі дурны(?) асабіст здымае іх без зімовае апраткі. Зноў не даюць перадачаў. Але ў нашае каморы й так ужо шчотак, расчосак, паперы рожнай, пасты, сурвэтак, сшыткоў, блёкнотоў, алоўкоў, асадак, газэтаў, часапісяў, цыгарэтаў ды вады празь меру: нанесьлі "анёлы" ды родныя.. А напачатку даводзілася ірваць дупу эмвэдаўскімі пратаколамі ды парэшткамі вядомай кніжачкі пра паўку карчагіна(сваеасаблівы жарт прадольных))) Што праўда, адзін зь іх такі-даў другім днём пачаты рулён паперы для прыбіральні(былі. здаецца-ж, і сярод іх людзі).

 

Мэдычная дапамога.

 

Ані ’днаго разу нам не было адмоўлена ў лекох тым, хто за імі зварачаўся. Прадольныя давалі пігулкі: Пашыку — 2 разы; Клімаву — двойчы. Выводзілі да "лякаркі" і мяне. Крыцкаму, як я разумею, зрабілі перавязку і... —  выпусьцілі(!?). Дзьвох зьбітых па галовах за дапамогай зьвяртацца збаяліся.

 

25-га. Раство Хрыстовае. Сёньня сьвяткуюць каталікі, вуніяты. пратэстанты й амаль усе праваслаўныя сьвету. Зноў прыяжджаў "сьпец" (ужо іншы) перарабляць "кіно" ужо ў апратцы (ці, можа сапраўды, тое гэбнюк здымаў?) Выводзяць цяпер пасьля ’беду, бо да ’беду давалі перадачы. Ув абед дзялімось аблаткаю. Падаю скаргу Раманаву й пачынаю сухую галадоўку. Зьвестак аб жонцы ня маю. Трапіла-й да мяне адна віншавальная капэрта(без ліста).

 

Праверкі асабовага складу каморы праводзяць двойчы на дзень блізу восьмае й дваццатае...

 

26-га. Сёньня ізноў не выводзілі й перадачаў не давалі. Ганялі, што ляжым на ложках. Дзяжурым па чарзе.

 

Гулялі у "марскі бой", "пэрсону" з "Бастардоў", "мафію", "кракадзіла", "балду" — дапісвалі літары ў словах, разгадвалі сканворды, красворды й загадкі, чыталі кніжкі, часапісі й газэты, мылі бялізну й галовы,малявалі й расфарбоўвалі дзіцячыя кніжачкі))),  гопнік-аматар піва адціскаўся.

 

27-е. Выклікаю зранку лякарку, якая нічым не дапамагае, толькі хоча завесьці ў зман. Перадачаў не даюць, не выводзяць, затое даюць 5 хвіль на памыўку. Хоць і адчуваю сябе вельмі дрэнна, памыцца ўсёж-такі гэным разом пасьпяваю. Увечары вадзілі да Раманава, які абяцаў парадзіць аб жонцы. Раблю заўвагу, што не выводзіць людзей. Абяцае выправіцца, калі зьедуць сьледчыя. Дарэчы, ўсе свае абяцаньні Раманоў выканаў. І таму, улічваючы ўсе акалічнасьці, па ўтрыманьню людзей стаўлю яму цьвёрдую васьмёрку. Каб толькі падцягнуў яшчэ пару сваех дэбілоў. Зразумела, мая ацэнка з шэрагу прычынаў абьектыўнаю зьяўляцца ня можа.

 

28-е. Зноў выклікаю "лякарку". Гледзячы на маю сухую галадоўку, людзі раптам захацелі есьці й піці. Цяпер штодня выпіваюць 10 балёноў вады й нават хлеб увесь зьядаюць. Вось такая салідарнасьць цалкам наадварот))). Гэнтак праходзяць мае трэйція суткі без ежы й вады. Пасьля ’беду завітвае Раманоў і кажа, што маёй Тацяне далі 15 сутак — я ў роспачы крычу — "СУКІ!" — і яна знаходзіцца ў ІЧУ РУУС Менску. Сяньні ўсіх выклікаюць нібы сьледчыя Завоцкага раёну (апроч Міці Пітона, якога некуды забіраюць). Да нас закідаюць Толю Галдэнку, 10-сутачніка, якога ўзялі 19-га ля гатэлю "Менск" блізу палуночы. Да вечара гуляем у "мафію". Пакрысе пачынаю піць ваду.

 

29-га. Для амаль усіх з нас гэна апошні дзень няволі. Блізу пад’ёму даюць крыху пшонкі. Усё баліць страўнік. Зноў прыяжджаюць сьледчыя.  Забралі турэмныя рэчы: бялізну й кубкі, вярнулі пашпарты й частку з асабістага. Вярнулі мае два сьцягі. якія нікому не аддаў, схаваўшы на сабе,  і якія ледзь не да бойкі ня даў сканфіскаваць у Т-8. Цэлы дзень у розных месцах чакаем на вызваленьне. Цяпер надумаліся аддаваць затрыманыя раней перадачы!!! Па’бедалі без чаю. І-такі вечарам, а 16-17-ай вязуць у Менск, там раз’яжджаюцца веерам і выкідаюць людзей. Трапляю адразу да "Белсату", дзе й даю інтэрвію пра няволю.

 

30-га. Іду на працу, дзе да вечара знаходжуся нібы пад арыштам, бо заяву на некалькі дзён адпачынку за свой кошт, каб хаця-б адну перадачу за два тыдні занесьці жонцы, не задавальняюць.

 

31-га. Сёньня кароткі дзень на працы, таму перадача, мусіць, дайдзе нарэшце да Тацяны. Эмвэд у прыйме выглядае разняволена, ледзь не лагодна. Будзьма-ж і мы лагоднымі ці хаця-б цярпімымі адзін да аднаго, дарагія суайчыньнікі! З Калядамі Вас усіх і з Новым годам! Асобнае прывітаньне тым, зь кім давялося дзяліць хлеб за кратамі, а тым, хто яшчэ застаўся у няволі, — пажаданьне найхутчэйшага вызваленьня!

 

Юрай Міхал Шпак-Рыжкаў (звычайны маляр)

 

 

Ператрус на кватэры маладафронтаўца Паўла Кур’яновіча

 

Падчас ператрусу на кватэры Паўла Кур’яновіча супрацоўнікі КДБ забралі кампутар. Раней, за некалькі дзён да выбараў, супрацоўнікі міліцыі забралі ў Паўла пашпарт.

 

Хлопец вучыцца ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага і цяпер ня можа паехаць на вучобу. Паплечнікі Паўла Кур’яновіча лічаць, што яго могуць арыштаваць як удзельніка несанкцыянаванай акцыі, што створыць пэўныя праблемы на вучобе.

 

Любоў Лунёва

 

“Народная Воля”

 

 

6 студзеня 2011 г.

 

 

Польшча прызнае Лука-ка дэ-факта прэзідэнтам

 

Калі б Лука-ка не дапусціў фальсіфікацый вынікаў выбараў, то ў другім туры павінен быў пазмагацца з адным з апазіцыйных кандыдатаў. Пра гэта 5 студзеня на паседжанні камісій па знешніх сувязях Сойма і Сената Польшчы заявіў міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, паведамляе REGNUM са спасылкай на "Польскае радыё".

 

Міністр нагадаў, што АБСЕ не прызнала вынікаў выбараў. Сікорскі падкрэсліў, што пазіцыя Польшчы не будзе ствараць пратакольных праблем.

 

— Варшава будзе прымаць Аляксандра Лука-ку як дэ-факта прэзідэнта. А МЗС не плануе сустрэч на высокім узроўні польскіх улад з Аляксандрам Лука-кам, — заявіў Сікорскі.

 

P.S. Дзякуй, вялікае дзякуй, суседзі-палякі за такую "падтрымку". Хто больш за іншык крычаў спачатку, той першым і здрадзіў? — J.K.

 

 

Польшча звярнулася да ЗША з просьбай падтрымаць беларускіх дысідэнтаў

 

Польшча просіць ЗША аказаць фінансавую дапамогу беларускім дысідэнтам — ва ўмовах, калі Менск аказвае ціск на апазіцыйных актывістаў, паведамляе "Радыё Свабода".

 

Амбасадар Польшчы ў ЗША Роберт Купецкі ў інтэрв’ю агенцтву "Associated Press" параўнаў барацьбу беларускіх дэмакратычна настроеных актывістаў з барацьбой польскага руху "Салідарнасць", які супрацьстаяў камуністычнаму рэжыму.

 

Амбасадар заклікаў Вашынгтон дапамагчы беларускім дысідэнтам падобна таму, як ЗША дапамагалі польскім іншадумцам у перыяд "халоднай вайны".

 

У лютым Польшча збіраецца правесці канферэнцыю патэнцыйных донараў — для збору сродкаў у падтрымку апанентаў Лука-кі.

 

 

Прайшлі ператрусы ў Мар’інай Горцы

 

Учора адбыўся ператрус у кватэры Алеся Васьковіча ў Мар’інай Горцы. Прадпрымальнік Васьковіч — адзін з заснавальнікаў Саюза за мадэрнізацыю, на чале якога стаяў Алесь Міхалевіч, паведамляе "Наша Ніва".

 

Сам Васьковіч не быў у хаце ў часе вобшуку. Прысутнічалі ягоныя сястра і мама. Супрацоўнікі КДБ забралі відэакасету з запісамі мітынгаў, а таксама скапіравалі з камп’ютара некалькі файлаў.

 

Таксама ўчора адбыўся ператрус у кватэры актывісткі партыі БНФ, настаўніцы Наталлі Ільініч, якая жыве ў Пухавіцкім раёне. Забралі кампутар.

 

“Еўрарадыё”

 

 

У КДБ не толькі дапытваюць, але і змушаюць здаваць сваіх

 

У КДБ не толькі дапытваюць, але і схіляюць да патрэбных следству паказаньняў.

 

Актывістаў "Маладога фронту" Валерыя Мацкевіча і Міколу Дземідзенку 5 студзеня дапытвалі ў КДБ ў якасьці сьведкаў па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску, што адбыліся 19 сьнежня.

 

Зранку на допыт выклікалі Мацкевіча, а пасьля абеду Дземідзенку.

 

Прычым, большасць пытаньняў тычылася якраз не акцыі пратэсту, а дзейнасьці моладзевай арганізацыі і лідэраў "Маладога фронту".

 

Як паведамілі актывісты, пад час амаль пяцігадзіннага допыту іх спрабавалі схіляць да дачы паказаньняў супраць сваіх паплечнікаў.

 

 

Місюкевіча забралі ў КДБ проста з іспыту

 

Як паспеў паведаміць хлапец сваім сябрам, супрацоўнікі КДБ забралі яго проста на выхадзе з экзаменацыйнай аудыторыі. Верагодна, што зараз Місюкевіча дапытваюць у якасці сведкі па справе аб масавых беспарадках. У дадзены момант маладафронтавец Юльян Місюкевіч знаходзіцца ў Камітэте дзяржаўнай бясьпекі. Іншых акалічнасцяў пакуль невядома.

 

 

Як сяброўка БРСМ адседзела 10 сутак

 

Калі міліцэйскае кола пачало сціскацца вакол тых, хто 19 снежня 2010 прыйшоў на плошчу перад Домам урада, Саша не спрабавала з яго вырвацца. Не супраціўлялася, калі яе саджалі ў аўтазак.

 

— Я першапачаткова абрала тактыку не супраціўляцца, бо ўсведамляла: не мне з імі цягацца, адзін удар — і мяне ўсё роўна завязуць куды трэба, — успамінае дзяўчына.

 

20-гадовая баранавіцкая студэнтка-завочніца Саша Суслава апынулася ў ліку тых, хто быў затрыманы падчас акцыі пратэсту ў Менску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Па словах дзяўчыны, яна не біла шкла ў Доме ўрада, не лезла ў бойку з АМАПам, проста стаяла і назірала за ўсім, што адбывалася. Гэтага было дастаткова, каб яе на 10 сутак пазбавілі волі. Пра тое, што адбывалася 19 снежня на плошчы і што давялося перажыць у зняволенні, дзяўчына расказала ў інтэрв’ю "IP".

 

Плошча ў коле

 

Мы з сяброўкай, можна сказаць, выпадкова на плошчы апынуліся. Проста цікава было паглядзець, зразумець мэту ўсяго гэтага і ўбачыць вынік. Хутчэй прыйшлі дзеля знаёмых, якія там былі і якім магла спатрэбіцца наша дапамога, тыя ж перадачы перадаваць, калі іх затрымаюць. Хлопцы знаёмыя ў самай гушчы былі, а нас адправілі ў бяспечнае месца, туды, дзе журналісты стаялі. Нам нават ключы ад кватэраў аддалі, карткі пластыкавыя, таму што былі ўпэўненыя: мы ў бяспецы.


Гуку разбітага шкла мы не чулі, занадта шумна было. Я не ведаю, хто ладзіў гэтыя пагромы. Не думаю, што гэта былі простыя людзі, ніякай агрэсіі з боку якіх не было.

 

Я не бачыла п’яных, не бачыла неадэкватных людзей, затое я бачыла інвалідаў, якія ішлі на плошчу на мыліцах. Людзі ішлі туды, як на свята.

 

Мы адразу пачулі, як з’явіўся АМАП: шум, паніка, шчыты, якія з грукатам біліся адзін аб аднаго. Міліцыянты пачалі разганяць тых, хто быў ля ўваходу ў будынак. Мы бачылі галовы людзей і палкі над імі. Было страшна. Страшна ад усведамлення таго, што пад гэтымі палкамі — жывыя людзі. У нейкі момант да нас падбег хлопец і сказаў, каб мы капюшоны надзелі, маўляў, калі будуць па галаве біць, капюшон змякчыць удар. Вядома, мы так і зрабілі, таму што баяліся па галаве атрымаць.

 

Потым амапаўцы сышлі. Мы пачулі, як Статкевіч закрычаў: супрацоўнікі міліцыі сышлі, каб пераапрануцца і падтрымаць нас. Гэта было мала падобна на праўду. Усе разумелі, навошта яны сышлі: каб адрэзаць шляхі адступлення для тых, хто знаходзіўся ля Дома ўрада. Нас, як статак авечак, пачалі ганяць з боку ў бок. А потым проста пачалі загружаць у машыны. З крыкамі, з матам, з абразамі. Я першапачаткова абрала тактыку не супраціўляцца, таму што ўсведамляла: не мне з імі цягацца, адзін удар — і мяне можна занесці куды трэба.

 

Калі мы ўжо ехалі ў аўтазаку міма плошчы, убачылі, што яна абсалютна чыстая і пустая. Гэта было так дзіўна, быццам там і не было нікога.

 

Мы практычна не бачылі, як гэтая "чыстка" адбывалася. Толькі потым, вярнуўшыся дадому і паглядзеўшы відэа з плошчы, убачылі, як гэта было страшна.

 

Дарога ў няволю

 

Вазілі нас доўга, нават не магу сказаць, колькі гэта заняло часу. Ведаю толькі, што мы вельмі змерзлі і стаміліся. У нас былі мокрыя ногі, а ў машыне было настолькі халодна, што мы нават не дрыжалі, таму што не адчувалі цела, ног.

 

Плюс да ўсяго была жудасная стомленасць, так што мы не ведалі, ад чаго больш з вар’яцеем: ад холаду ці ад стомленасці.

 

Спачатку адвезлі на Акрэсціна, запісалі ўсе дадзеныя, ўзялі адбіткі пальцаў. Там, наколькі я зразумела, нам усім месца не хапіла, таму нас зноў загрузілі ў машыну і павезлі. У машыне былі адны дзяўчаты. Мы ўсю дарогу, пакуль нас везлі ў іншай ізалятар, глядзелі ў акно, запаміналі арыентыры і ўпотай пісалі знаёмым паведамленні, таму што карыстацца тэлефонамі нам забаранілі. Мы дзівіліся: як гэта так, забараніць патэлефанаваць родным, калі на тое пайшло, яны самі павінны былі ім паведаміць, дзе мы і што з намі.

 

Судзімы будзеш

 

Амаль праз суткі адбыўся суд. Ён праходзіў вельмі хутка. Працавала адначасова некалькі залаў, туды па адным чалавеку заводзілі, зачытвалі пастанову, нешта пыталіся, казалі аб магчымасці падаць апеляцыю. Гэта быў сапраўдны канвеер. Казаць нешта ў сваё апраўданне не мела сэнсу, ніхто нікога не слухаў.

 

На ўсіх было два віды пакарання: арышт на 10–15 сутак ці штраф. І неяк паўплываць на рашэнне суда з нашага боку было, як мне падалося, немагчыма.

 

У судзе я першы раз патэлефанавала маме. Спачатку баялася ёй тэлефанаваць, на той момант у нас былі не найлепшыя адносіны, да таго ж яна — работнік дзяржаўнага сектара, і я разумела, як гэтая навіна можа на ёй адбіцца, але потым падумала, што 10 сутак хаваць тое, што са мной адбылося, будзе нерэальна. Мама была ў паніцы. Праз паўгадзіны пасля майго званка яна сабрала ўсіх знаёмых юрыстаў, яны разам думалі, што можна зрабіць, і вырашылі, што практычна нічога зрабіць нельга. Вядома, можна было наняць адвакатаў, але ўсё гэта — лішнія рухі цела і выдаткі, якія б усё роўна не дапамаглі, бо машына, з якой мы сутыкнуліся, занадта вялікая, каб з ёй змагацца.

 

Камернае жыццё

 

Камера, куды нас змясцілі, была разлічаная на шэсць чалавек, але ў ёй было ўдвая больш людзей. Мы "прыехалі" крыху раней, таму коўдраў і падушак нам хапіла, але яны мала ратавалі — у камеры было вельмі халодна. Тыя, каму не хапіла месцаў, спалі на падлозе, прыціснуўшыся адно да аднаго. У тым жа памяшканні была прыбіральня: за невысокай сценкай стаяў унітаз, над якім вісеў кран, каб рукі памыць.

 

Ракавіны не было. Душ у ізалятары быў, але такі, што я не рызыкнула там мыцца, баючыся падчапіць якую-небудзь заразу. Ратавалі вільготныя сурвэткі, якія нам перадавалі.

 

Кармілі тры разы на дзень. У першы дзень праз тое, што нас позна прывезлі, мы засталіся без вячэры. І нікому не было справы да таго, што мы суткі нічога не елі. Ды і потым не заўсёды ўдавалася атрымаць трохразовае харчаванне, якое і без таго было не найлепшай якасці. Спачатку перадачы не дазвалялі, але потым начальнік ізалятара памякчэў. Зрабілася лягчэй.

 

У камеры ўвесь час гарэла святло, засыпаць з якім было складана, да таго ж нам чамусьці адмаўляліся казаць, колькі часу. "Якая вам розніца, менш ад таго, што будзеце ведаць, колькі часу, вы сядзець не будзеце", — адказвалі нам. Была поўная дэзарыентацыя ў часе, і гэта было, напэўна, самае складанае.

 

Наогул, вядома, непрыемных момантаў было шмат, але ўсё роўна некаторыя хлопцы, якія сядзелі ў іншых месцах, расказвалі такія жахі, што стаўленне, якое было да нас, можна назваць добрым. Асабліва апошнімі днямі. З боку супрацоўнікаў ізалятара не было адкрытага негатыву і гэта, напэўна, самае важнае. Калі выходзілі, развітваліся з імі, дзякуй казалі, таму што разумелі, што магло быць значна горш.

 

Неацэнная падтрымка

 

Падтрымка людзей вельмі дапамагала. Невядомыя людзі з усёй краіны перадачы перадавалі, у графе роднасныя адносіны пісалі "брат", "сябар", "сяброўка", хоць ніколі не бачылі таго, каму прызначалася перадача. Дзяўчаты проста плакалі, калі атрымлівалі звязаныя ўласнымі рукамі цёплыя шкарпэткі ці цыдулкі. Гэта неацэнная падтрымка. І калі шчыра, я не чакала такога. Нават калі ў дзень вызвалення нас высадзілі на прыпынку, незнаёмыя людзі спыняліся і пыталіся, чым нам дапамагчы. Мы дзякавалі ім, а яны нам казалі: "Гэта вам дзякуй за тое, што вы зрабілі".

 

Пад страхам адлічэння

 

Тры гады навучання — гэта не год, вядома. Я баюся, што мяне адлічаць з універсітэта. На гэты момант, пабываўшы ў дэканаце і пагутарыўшы з людзьмі, якія там сядзяць, я не адчула нейкага негатыву. Наадварот, мяне сустрэлі даволі добразычліва, пыталіся, што ды як, нават сказалі, што стараста маёй групы ў той дзень таксама быў на плошчы, праўда, на іншым боку барыкад — у АМАПе. Сказалі, што я павінна зрабіць, каб здаць сесію. Так што пакуль усё нармальна. Ды я і не думаю, што цяпер кіраўніцтва можа пайсці на нейкія скрайнія меры. Гэта было б глупствам. Хоць я не выключаю, што з часам нешта можа змяніцца. Прынамсі з БРСМ, у якім я яшчэ са школы, могуць выключыць. З ганьбай.

 

Дарэчы, з БРСМам у маім зняволенні быў звязаны адзін цікавы момант. На допыце следчы спытаўся, ці знаходжуся я ў якіх-небудзь партыях ці грамадскіх арганізацыях.

 

Вы б бачылі яго твар, калі я сказала, што я ў БРСМ. "Ну ты наогул малайчына", — усё, што ён змог сказаць.

 

Няма каго вінаваціць

 

У мяне такі характар, што я ніколі не шкадую пра тое, што зрабіла. Што зроблена, то зроблена, нічога не зменіш. Сама пайшла на плошчу, ведала, чым гэта можа скончыцца, дык на каго я магу цяпер крыўдзіцца? Адседзела, выйшла, усё будзе нармальна. Усё скончылася, і дзякуй Богу, што скончылася.

 

 

Ператрус у Яна Лагвіновіча ў Маладзечне

 

Пачаўся ператрус у Маладзечне, па месцы прапіскі грамадскага актывіста Яна Лагвіновіча. Самога яго ў кватэры няма, там знаходзіцца яго маці. Ян Лагвіновіч — кіраўнік грамадскай ініцыятывы "За Маладзечна!", сябра ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва і Алеся Міхалевіча.

 

“Наша Ніва”

 

 

Чарговы суд над актывістам пасьля адсідкі на Акрэсьціна

 

6 студзеня ў Горадні адбудзецца суд над моладзевым актывістам Алесям Кіркевічам. Позву яму выдалі падчас дзесяцідзённай адсідкі на Акрэсьціна. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў “несанкцыянаваным мітынгу” падчас сустрэчы кандыдатаў ў прэзыдэнты Статкевіча і Вуса.

 

16 сьнежня падчас візыту кандыдатаў у прэзыдэнты Статкевіча і Вуса ім адмовілі для сустрэчы залю памяшканьня абласной філярмоніі. Аднак побач з будынкам сабраліся выбарцы.

 

Сытуацыю пазьней выправілі, прадставіўшы іншае месца для сустрэчы ў актавай залі ПТВ будаўнікоў. Туды і рушыла калёна пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

 

Алесю Кіркевічу інкрымінуюць артыкул 23.34 частка 1 — удзел у несанкцыянаваным мітынгу. У справе фігуруе таксама выкарыстаньне нацыянальнага сьцягу, як незарэгістраванай сымболікі.

 

Міхал Карневіч

 


Слонімскага актывіста вязуць у КДБ

 

Барыс Кучынскі выйшаў з хаты, каб ісьці на пошту. Да яго пад’ехала легкавушка, зь яе выйшлі два мужчыны, назваліся супрацоўнікамі КДБ і папрасілі праехаць зь імі.

 

Праз тэлефон Барыс Кучынскі паведаміў, што ня ведае чаму яго такім чынам дастаўляюць у КДБ. Ён прасіў кіроўцу спыніцца і хацеў выйсьці, але яго з машыны ўжо не выпускаюць.

 

Барыс Кучынскі толькі нядаўна адбыў 15 сутак на Акрэсьціна за ўдзел у Плошчы.

 

Міхал Карневіч

 

 

Міліцыя й людзі ў цывільным ломяцца ў кватэры актывістаў

 

Сёньня ў Гомелі аб 11-й гадзіне міліцыя й людзі ў цывільным ламаліся ў кватэру грамадзкага актывіста Яўгена Якавенкі.

 

На пачатку 12-й гадзіны паўдзясятка міліцыянтаў і асобаў у цывільным, сярод якіх быў участковы Цэнтральнага райаддзелу міліцыі спадар Чучвага, узялі ў аблогу прыватны дом гарадзкога каардынатара стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Кастуся Жукоўскага.

 

З чым зьвязаная такая пільная ўвага да спадароў Жукоўскага й Якавенкі, пакуль невядома.

 

У нядаўнюю выбарчую кампанію Жукоўскі й Якавенка працавалі ў камандзе Ўладзімера Някляева. Яны зьбіралі подпісы за Някляева пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й штандарам кампаніі "Гавары праўду", вялі актыўную агітацыйную працу.

 

 

Ператрус у Жлобіне ў Валера Рыбчанкі

 

У Жлобіне ў кватэры кіраўніка раённай арганізацыі партыі левых "Справядлівы сьвет" Валера Рыбчанкі супрацоўнікі Гомельскага УКДБ і міліцыі вядуць ператрус.

 

Як паведамляе былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Марат Афанасьеў са Жлобіна, спэцслужбоўцы й маёр міліцыі зайшлі ў кватэру Рыбчанкі, калі там знаходзіўся толькі непаўналетні сын актывіста.

 

— Мы прыйшлі з Валерам да яго ў кватэру, калі там ужо знаходзіліся два супрацоўнікі Гомельскага УКДБ і ўчастковы міліцыянт. Яны паказалі пасьведчаньні і пастанову на ператрус, падпісаную менскім пракурорам. Наколькі я зразумеў, ператрус зьвязаны з пошукам вінаватых у нанясеньні шкоды Дому ўраду 19 сьнежня. Я прапаноўваў свае паслугі ў якасьці панятога. Аднак мяне выдалілі з кватэры. Участковы хутка прывёў з вуліцы сваіх панятых, — сказаў Марат Афанасьеў.

 

Валер Рыбчанка на прэзыдэнцкіх выбарах у межах кампаніі "За справядлівыя выбары" быў мясцовым каардынатарам назіраньня за ходам галасаваньня, арганізоўваў працу незалежных назіральнікаў на выбарчых участках.

 

Стала вядома таксама, што Гомельскае УКДБ выклікае сёньня на гутарку ў якасьці сьведкі Алега Шабетніка з Рэчыцы, які каардынаваў у рэгіёне выбарчую кампанію Ўладзімера Някляева.

 


Ператрус у гомельскім офісе АГП

 

У Гомелі ў прыватным доме на вуліцы Палескай, 52, дзе месьціцца офіс абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі й некаторых іншых грамадзкіх арганізацый, міліцыя й асобы ў цывільным распачалі ператрус.

 

Мабільныя тэлефоны рэгіянальных партыйных кіраўнікоў заблякаваныя. Міліцыя перапыняе перамовы з актывістамі і праз гарадзкі тэлефон.

 

Відавочна, што ператрус зьвязаны з падзеямі 19 сьнежня ў Менску.

 

Адзначым, што кіраўнікі гомельскай арганізацыі АГП ня ўдзельнічалі ў якасьці актывістаў у перадвыбарчых кампаніях альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты з прычыны адсутнасьці "адзінага кандыдата".

 

На выбарах яны арганізавалі назіраньне за ходам датэрміновага й асноўнага галасаваньня ў межах грамадзянскай кампаніі "За справядлівыя выбары".

 

Гэта ўжо ня першы ператрус у офісе на Палескай, 52. Як толькі пачынаюцца выбары — ці то парлямэнцкія, ці то прэзыдэнцкія альбо нейкія іншыя грамадзкія кампаніі, — у офісе на Палескай спэцслужбы й міліцыя ўчыняюць ператрусы, забіраюць кампутары й друкаваныя выданьні.

 


Ператрусы дайшлі і да аўтамабіляў

 

Як паведаміла нам жонка Алеся Міхалевіча Мілана, цяпер супрацоўнікі КДБ праводзяць дагляд аўтамабіля "Шкода-Фэліцыя", які належыць Міхалевічам.

 

Аўтамабіль быў прыпаркаваны каля дома, дзе жывуць Міхалевічы, па вуліцы Кісялёва ў Менску. Зараз супрацоўнікі КДБ адкопваюць яго зь сьнегу. Ключ ад аўтамабіля быў у Алеся Міхалевіча падчас ягонага затрыманьня 19 сьнежня. Алесь якраз развозіў на сваёй "Шкодзе" людзей, якія пацярпелі пры разгоне акцыі.

 

Паказальна, што супрацоўнікі КДБ пачалі дагляд аўтамабіля, не дачакаўшыся Міланы Міхалевіч.

 


Слонімскага актывіста дапыталі

 

Дапытвалі Барыса Кучынскага ў раённым КДБ — пра тое, як ён патрапіў на Плошчу, з кім, што там рабіў і г.д. У КДБ яго пратрымалі больш за дзьве гадзіны.

 

Пасьля допыту, са слоў Барыса Кучынскага, яму далі падпісаць пратакол, а таксама зачыталі артыкул аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пасьля гэтага адпусьцілі.

 

Барыс Кучынскі быў вельмі абураны тым, як яго затрымлівалі. Нагадаю, што пасьля таго, як ён выйшаў з хаты, каб ісьці на пошту, да яго пад’ехала легкавушка. Зь яе выйшлі двое мужчын, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ і, зь яго слоў, запіхалі яго ў машыну.

 

Ён прасіў кіроўцу спыніцца і хацеў выйсьці, але з машыны яго ўжо не выпускалі.

 

Барыс Кучынскі толькі нядаўна адбыў 15 сутак на Акрэсьціна за ўдзел у Плошчы.

 

Міхал Карневіч

 

 

Хвароба Някляева — не падстава, каб яго вызваляць

 

Сваякі і абаронцы Ўладзімера Някляева да апошняга спадзяваліся, што 6 студзеня яму будзе зьмененая мера стрыманьня. Сёньня суд Цэнтральнага раёну Менску ў закрытым рэжыме разглядаў гэта пытаньне. У скарзе патрабавалася вызваліць Някляева і тэрмінова шпіталізаваць. Вольга Някляева прадставіла выпіску з мэдычнай установы пра захворваньні мужа, але да яе аргумэнтаў не прыслухаліся.

 

Адвакаты Ўладзімера Някляева настойваюць, што далейшае знаходжаньне ў сьледчым ізалятары КДБ нясе рызыку для жыцьця палітыка. 29 сьнежня ў экс-кандыдата ў прэзыдэнты зафіксаваны гіпэртанічны крыз, але ніякай мэдычнай дапамогі хвораму аказана не было. Калі ж улічыць траўмы, атрыманыя ім падчас нападу невядомых на калёну ўвечары 19 сьнежня, то, як перакананыя абаронцы, існуе неабходнасьць у грунтоўным абсьледаваньні Някляева. Аднак, як кажа Вольга Някляева, ніводнага з довадаў пад увагу не ўзялі.

 

Асноўным матывам такога рашэньня, паводле слоў адваката Ўладзімера Букштынава, стала тое, што Ўладзімер Някляеў абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні "асаблівага цяжкага злачынства". Спадар Букштынаў мае абскардзіць вынесеную пастанову ў Менскім гарадзкім судзе. Дарэчы, просьба адваката даставіць у суд самога Някляева была адхіленая.

 

Зьвестак пра фізычны і маральны стан астатніх экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, амаль няма. У новым годзе адвакатам Андрэя Саньнікава, Аляксея Міхалевіча і Міколы Статкевіча так і не ўдалося пабачыцца са сваімі падабароннымі.

 

Між тым вядома, што Статкевіч трэці тыдзень трымае галадоўку. Палітык патрабуе прызнаць несапраўднымі вынікі галасаваньня 19 сьнежня і настойвае на правядзеньні новых прэзыдэнцкіх выбараў — справядлівых і празрыстых. Ягоныя прыхільнікі лічаць, што Статкевіч, у якога за сьпінай ужо не адна "палітычная адседка", пойдзе да канца.

 

Пакуль яшчэ адзін былы прэтэндэнт на вышэйшую пасаду Аляксей Міхалевіч застаецца за кратамі, на волі пра яго не забываюць. Ня толькі сваякі, але і спэцслужбы.

 

Аналягічная сытуацыя і з Андрэем Саньнікавым. Ягоны абаронца Павел Сапёлка ўчора ўвесь дзень безвынікова адседзеў у КДБ, хоць і быў там адным зь першых у чарзе.

 


Чарговы фігурант справы аб акцыі 19 сьнежня — Дзьмітрый Апішаў

 

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», стала вядома яшчэ пра аднаго фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Гэта Дзьмітрый Апішаў, які за ўдзел у акцыі пратэсту атрымаў 11 сутак арышту.

 

Падчас адбыцьця адміністратыўнага арышту яго выклікалі на допыт, а 31 сьнежня Дзьмітрыю Апішаву была ўручана пастанова аб прызнаньні яго падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

 

Дзьмітрый Апішаў знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. 6 студзеня дома ў Дзьмітрыя Апішава правялі ператрус, забралі вопратку.

 

 

Ператрус у Зьмітра Вінаградава зь Мядзеля

 

6 студзеня ў Мядзелі адбыўся ператрус у прадпрымальніка, грамадзкага актывіста Зьмітра Вінаградава.

 

Супрацоўнікі КДБ і міліцыі абышлі ўсе пакоі, перагледзелі ўсе рэчы, забралі сыстэмны блёк кампутара, ноўтбук і дзьве флэшкі. Зьмітра Вінаградава непакоіць тое, што з-за канфіскацыі аргтэхнікі часова будзе паралізаваны яго бізнэс.

 


У Барысаве арыштавалі актывіста Аляксандра Малчанава

 

Пра гэта "Нашай Ніве" паведаміла ягоная маці Галіна Андрэеўна. Па яе словах, супрацоўнікі КДБ прыйшлі ў дом пасьля таго, як Аляксандр вярнуўся з працы.

 

— Правялі вобшук, канфіскавалі сыстэмны блёк, флэшкі. Сашу заклалі рукі ў кайданкі і вывелі. Сказалі, што павезьлі ў Менск, — расказвае Галіна Андрэеўна.

 

Малчанаў нейкі час быў сябрам руху "Зубар", але апошнім часам ні ў якіх арганізацыях ня быў.

 

— На Плошчу паехаў як чэсны чалавек, — зазначае ягоная маці. Жанчына скардзіцца, што пры ўварваньні чэкісты выламалі дзьверы ў доме, цяпер сям’я ня ведае, як іх аднавіць.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Дашкевічу і Лобаву прад’яўлена абвінавачанне ў хуліганстве

 

Лідару міжнароднага маладзёжнага аб’яднання "Малады фронт" (Чэхія) Дзмітрыю Дашкевічу і актывісту арганізацыі Эдуарду Лобаву 6 студзеня прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 339 КК РБ (хуліганства), якое прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

 

Паводле інфармацыі прэс-службы "Маладога фронту", найбліжэйшыя два месяцы Дашкевіч і Лобаў правядуць у турме Жодзіна (Менская вобласць).

 

Як паведамлялася раней, маладафронтаўцы Дашкевіч, Лобаў, а таксама Дзяніс Лазар былі затрыманы ў Менску 18 снежня.

 

28 снежня Лазар быў вызвалены з ізалятара часовага ўтрымання ГУУС Менгарвыканкама. Паводле інфармацыі прэс-службы "Маладога фронту", справа ў дачыненні да яго была "спынена і ўсе падазрэнні з яго знятыя".

 

“БелаПАН”

 

 

7 студзеня 2011 г.


За кіпучай чэкісцкай работай (Хроніка рэпрэсій)

 

10:50 Сына Кастусёва выклікалі ў КДБ

 

Сын кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва Андрэй  выкліканы ў шклоўскі КДБ. У позьве, якую яму прынёс прадстаўнік КДБ прыкладна ў 10-45, пазначана, што аб адзінаццатай гадзіне ён мусіць зьявіцца на допыт як сьведка.

 

Рыгору Кастусёву ўдалося высьветліць у супрацоўнікаў КДБ, што сына выклікаюць на гутарку, якая зойме каля паўгадзіны часу. Чым выкліканая неабходнасьць гутаркі Кастусёву не адказалі.

 

Учора паўторна былі дапытаныя ў КДБ дзьве бабруйскія актывісткі ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева — Вольга Піманава і яе каляжанка, імя якой не называецца. У Піманавай высьвятлялі, як яна дабіралася ў Менск і хто ёй у гэтым дапамагаў. Актывістку за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь. У Магілёве ўчора паўторна дапыталі і сябра ініцыятыўнай групы Някляева Ўладзімера Статкевіча. Пасьля допыту хлопец адмовіўся гаварыць пра яго, але прызнаў, што падпіску аб неразгалошваньні ён не даваў.

 

12:30 Ператрус у Насты Лазаравай з Маладэчна. Наста адбыла пакараньне за ўдзел у акцыі апазыцыі 19 сьнежня.

 

13:40 Яшчэ два падазраваныя па справе аб беспарадках

 

Сёньня праваабарончаму цэнтру "Вясна" стала вядома, што актывіст кампаніі "Гавары праўду" Павел Вінаградаў прызнаны падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і ўтрымліваецца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

 

Статус падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках мае і давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Леанід Навіцкі. Згодна з пастановай, ён падазраецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ). Пакуль Леанід на волі і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

 

14:00 Сына Кастусёва дапыталі ў КДБ

 

Андрэй Кастусёў прабыў у шклоўскай міжраённай управе КДБ каля дзьвюх гадзінаў. Паводле хлопца, сьледчы цікавіўся, ці ведае ён каго з тых, хто ламаў дзьверы й біў шкло ў Доме ўраду на фота й відэасюжэтах, што разьмешчаныя ў інтэрнэце. Было зададзенае Кастусёву й пытаньне наконт яго навучаньня за мяжой. На разьвітаньне сьледчы даў зразумець хлопцу, што, магчыма, гэта не апошняе наведваньне ім КДБ.

 

16:40 Яшчэ адзін вязень "амэрыканкі" — Алесь Малчанаў

 

7 студзеня стала вядома, што барысаўскі актывіст Аляксандр Малчанаў утрымліваецца ў СІЗА КДБ і дапытваецца ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар "Вясна".

 

Акрамя крымінальнай справы аб масавых беспарадках, Аляксандр можа праходзіць (паводле пяпярэдніх звестак) па справе аб зьнявазе дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК) у сувязі з тым, што ў Барысаве невядомымі быў зьняты дзяржаўны сцяг на адным з адміністрацыйных будынкаў.

 


У Берасьці друкуюць улёткі пра Плошчу

 

На Берасьцейшчыне сябры апазыцыі адзначаюць, што салідарнасьць з пацярпелымі ад перасьледу ўладаў пасьля акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня моцная.

 

Юрка Бакур, удзельнік Плошчы ў Менску, адбыў пяць сутак адміністрацыйнага арышту ў Берасьці нібыта за "брыдкаслоўе". Юрка перакананы, што надзвычай шмат людзей цяпер выказваюць сваю падтрымку і салідарнасьць. Але ён лічыць, што патрэбна арганізаванасьць для такога руху, бо, напрыклад, у Берасьці не было матэрыяльнай падтрымкі тым, хто адбываў суткі за кратамі:

 

— Магчыма, гэта зьвязана з тым, што не было структуры, арганізацыі, якія заняліся б гэтым. Але разам з тым вельмі шмат людзей маліліся за нас, калі мы сядзелі ў турэмным ізалятары. Таму, калі я апынуўся за кратамі, мне было зусім ня страшна. Адчувалася еднасьць, моцная духоўная падтрымка.

 

Намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімер Вуек кажа, што партыя імкнулася падтрымаць кожнага, хто апынуўся за кратамі. Сябраў партыі паплечнікі сустракалі каля сьценаў турмы і за свой кошт адвозілі дадому:

 

— Перад самым Новым годам мы адправілі паштоўкі ўсім, хто на той момант знаходзіўся за кратамі. Акрамя іншага, за сабраныя сродкі мы дастаўлялі сябраў нашай арганізацыі ў Берасьце. Трэцяе — мы пастаянна вядзем інфармацыйную кампанію, гэта значыць, друкуюцца і распаўсюджваюцца ўлёткі, пішам артыкулы ў прэсе.

 

Станіслаў Халадовіч, сябра АГП зь Івацэвічаў, прымаў удзел у мітынгу на Плошчы, быў затрыманы і асуджаны, адбыў 15 сутак арышту ў Жодзіна. Станіслаў надзвычай перажываў за працу пасьля адбыцьця пакараньня. Але кіраўнітцва яго арганізацыі пайшло насустрач:

 

— Мой кіраўнік акаазаўся на вышыні. Ня ведаю, ці можна казаць пра салідарнасьць, але ён сказаў, што каб я быў лайдаком, то быў бы звольнены. А так усё пакуль нармальна.

 

Андрэй Дзямчук, жыхар Берасьця, кажа, што менавіта зараз стала бачна як людзі пачынаюць яднацца. Падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі такога не было:

 

— Гэта бачна па тым, колькі людзей прыходзяць на суды і сустракаюць пасьля асуджэньня. Ведаем адзін аднаго ў твар, абменьваемся тэлефонамі. Гэта бачна па колькасьці людзей, якія прыходзяць падтрымаць тых, хто трапіў ў бяду.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Мартынаў тэрмінова вылятае ў Брусэль

 

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў прыбудзе на наступным тыдні ў Брусэль, дзе ён хоча сустрэцца з кіраўніком дыпламатыі Эўразьвязу Кэтрын Эштан — пра гэта даведалася ў пятніцу з дыпламатычных крыніцаў у Брусэлі агенцтва "ПАП".

 

— Мартынаў, напэўна, прыедзе ў Брусэль, — заявіла агенцтву крыніца ў Эўракамісіі. Са словаў дыпламатаў, візіт адбываецца з ініцыятывы беларускага боку. Мартынава мае прыняць кіраўніца дыпламатыі Эўразьвязу Кэтрын Эштан і, магчыма, таксама камісар Эўразьвязу па пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Штэфан Фюле.

 

Штэфан Фюле, кажуць, ужо меў з Мартынавым тэлефонную размову на гэтым тыдні.

 

Менск яўна занепакоены намерам Эўразьвязу аднавіць візавыя санкцыі супраць рэжыму ў Менску, а таксама, магчыма, увесці санкцыі эканамічныя. Такую рэакцыю выклікалі выбары 19 снежня і тая фантасмагорыя, што адбылася пасля іх.

 

Была зрэжысіравана грубая правакацыя. Кандыдатаў ад апазіцыі збілі і арыштавалі, да 700 чалавек было затрымана. Дзясяткі прыхільнікаў апазіцыі былі звольнены з працы. Усё гэта суправаджалася бруднай прапагандысцкай кампаніяй у гёбельсаўскім духу ў дзяржаўных СМІ.

 

Усё гэта выклікала бурную рэакцыю грамадзянскай супольнасці Эўропы, якая патрабуе ад урадаў тэрміновых мераў па абароне правоў чалавека ў краіне, што мяжуе з трыма дзяржавамі Эўразьвязу.

 

Мікола Бугай

 

“Наша Ніва”

  

  

8 студзеня 2011 г.
 

 

Эўразьвяз запускае мэханізм санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі

 

7 студзеня ў Брусэлі запушчаны мэханізм падрыхтоўкі рашэньня аб ужываньні Эўразьвязам санкцый у адносінах да беларускіх уладаў. Пра гэта расейскаму агенцтву "Новости" паведамілі ў апараце аднаго з Пастаянных прадстаўнікоў 27 краінаў Эўразьвязу ў Радзе Эўразьвязу.

 

Паведамляецца, што палітычнае рашэньне наконт санкцый будзе прынятае падчас першай сустрэчы кіраўнікоў МЗС дзяржаў Эўразьвязу, заплянаванай на 31 студзеня. Паводле дыпляматычных крыніцаў, сьпіс беларускіх афіцыйных асобаў, у адносінах да якіх Эўразьвяз зьбіраецца ўжыць санкцыі, можа быць пашыраны больш чым за сто чалавек.

 

Пра тое, што Эўразьвяз можа пашырыць ужываньне санкцый супраць Лука-кі і асобаў, адказных за гвалт і арышты ў адносінах да актывістаў беларускай апазыцыі падчас акцыі 19 сьнежня і ў наступныя дні, першымі заявілі кіраўнікі МЗС Швэцыі і Вугоршчыны — Карл Більдт і Янаш Мартоні.

 


На допыт запатрабавалі перакладчыцу

 

Сёньня ў Гомелі ў тэрміновым парадку былі выкліканы на допыт у абласную ўправу КДБ грамадзкія актывісты Кастусь Жукоўскі і Яўген Якавенка. Позвы з патрабавньнем зьявіцца а 13 гадзіне ва ўправе КДБ да Аляксандара Ятчанкі прынесьлі дамоў пасыльныя.

 

Актывісты запатрабавалі перакладчыка з расейскай на беларускую мову. Патрабаваньне было задаволена — на допыт выклікалі і перакладчыцу.

 

6 студзеня дома ў Кастуся Жукоўскага й Яўгена Якавенкі гомельскія чэкісты правялі ператрус — забралі кампутары, тэлефоны, дыктафон, розныя дыскі, у тым ліку і зь песьнямі Ўладзімера Някляева.

 

Ператрус у актывістаў праводзіўся ў межах крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі 19 сьнежня ў Менску.

 

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў Кастусь Жукоўскі й Яўген Якавенка зьбіралі подпісы і вялі агітацыйную кампанію за Ўладзімера Някляева.

 

“Радыё Свабода”

 


Італія супраць санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў

 

7 студзеня на нарадзе дыпламатаў высокага ўзроўня ў Брусэлі Рым выступіў супраць прапановы ўвесці санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да Лука-кі і іншых беларускіх чыноўнікаў, адказных за збіванне і арышты апазіцыйных кандыдатаў, дэманстрантаў і мінакоў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на брусэльскае выданне EUOBSERVER.

 

Гаворка ідзе пра забарону на ўезд у краіны-сябры Еўрасаюза для кіраўніцтва Беларусі.

 

"Яны самотныя ў гэтым пытанні, — пракаментаваў пазіцыю італьянскага боку дыпламат адной з краін Еўрасаюза. — Іх традыцыйны аргумент, што падобныя санкцыі ніколі не былі эфектыўнымі і што важна захаваць адкрытыя каналы нават для "дрэнных хлопцаў".

 

Па словах іншай дыпкрыніцы, ўдзельнікі нарады сышліся на трох прыярытэтных задачах: вызваліць палітвязняў, падтрымаць грамадзянскую супольнасць і пераканацца ў тым, што вінаватыя ў злачынствах будуць пакараны. Аднак адзінства ў метадах і сродках дасягнення гэтых мэт сярод удзельнікаў дыскусіі не было.

 

"Італія — самы ўстойлівы ў Еўрасаюзе праціўнік уводзін санкцый. Аднак апроч іх ёсць Іспанія, Партугалія, якія таксама ставяцца да гэтага пытання з вялікай асцярожнасцю, — паведаміла брусэльская крыніца. — Нямеччына, Польшча, Швецыя і Вялікабрытанія, наадварот, кажуць: "Мы вельмі імкнуліся весці дыялог з Беларуссю, але зараз нам варта рэагаваць жорстка".

 

“Еўрарадыё”

 

 

9 студзеня 2011 г.


Андрэя Пачобута хацелі запалохаць у КДБ

 

Гарадзенец Андрэй Пачобут зьяўляецца карэспандэнтам польскай “Gazety Wyborczej”. У сваім “жывым журнале” ён апавядае, што 8 студзеня яго раптоўна затрымалі каля дому і даставілі ў абласную управу КДБ на вул. Тэльмана ў Горадні. Сьледчых цікавіла яго затрыманьне на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня (пасьля ночы ў “аўтазаку”, яго выпусьцілі ў будынку суду). Адказваць на пытаньні ён адмовіўся, і адзін зь іх стаў біць яго па галаве, піша журналіст.

 

Андрэй Пачобут сёньня разважае:

 

— Думаю, што ўся гэтая гісторыя зьвязана з маёй журналісцкай працай. Калі прааналізаваць польскія СМІ (а ўлады гэта робяць), то бачна, што “Газэта Выборча”, найбольш актыўна асьвятляе падзеі пасьля 19 сьнежня. З 19-га пісаць даводзіцца кожны дзень. Вельмі часта ўдаецца прабівацца на першую старонку. Наша газэта мае ўплыў, і палітыку Польшчы ў дачыненьні да рэжыму Лука-кі, ня без удзелу “Газэты Выборчай”, таксама выразна абвастрылася. Таму мяне хацелі “пужануць”.

 

Журналісту выдалі на рукі пісьмовае “папярэджаньне” ад начальніка Гарадзенскай абласной управы КДБ І. Каржа. У паперы напісана, што Андрэй Пачобут з 5 студзеня стаіць “на прафіляктычным уліку”, і што яму “абвешчана афіцыйнае папярэджаньне за ўдзел 19 сьнежня 2010 году ў несанкцыянаваным пратэстным мерапрыемстве ў г. Менску”.

 

Заканчваецца папера наступным сьцьверджаньнем: “З грамадзянінам Пачобутам А.С. праведзена прафіляктычная гутарка аб недапушчальнасьці ў далейшым проціпраўных паводзінаў і ён папярэджаны, што ў выпадку зьдзяйсьненьня дзеяньняў, якія могуць стварыць склад злачынства, прадугледжанага арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (“масавыя беспарадкі”), ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці ва ўсталяваным заканадаўствам РБ парадку”.

 

 

Фільм БТ пра “пераварот”

 

БТ ў нядзелю ўвечары паказала шмат разоў анансаваны дакумэнтальны фільм пра падзеі 19 сьнежня мінулага года ў Менску пад назвай “Плошча. Жалезам па шкле”.

 

Аўтары фільма не названыя, пабудаваны ён на апэратыўных здымках, спэцэфэктах, паказаньнях некаторых затрыманых удзельнікаў акцыі апазыцыі 19 сьнежня. У фільме таксама выкарыстаныя ўжо вядомыя “пакаяньні” некаторых палітыкаў, якіх адпусьцілі на волю. Новых “пакаяньняў” у фільме няма.

 

Ды і ўвогуле прынцыпова новага па-сутнасьці ў фільме няшмат. Перш за ўсё гэта шырокае выкарыстаньне запісаў тэлефонных размоваў кандыдатаў на прэзыдэнта і іх давераных асоб. Такім чынам улады пацьвердзілі выкарыстаньне імі незаконнай “праслушкі” палітычных канкурэнтаў.

 

Некалькі разоў падаваўся нібыта запіс тэлефонных размоваў з плошчы Мікалая Статкевіча з нейкім Сашам, які званіў быццам бы  з украінскага нумару, і апошні пытаўся, ці ўзялі ўжо дэманстранты Дом ураду ды па-панібацку рэкамэндаваў Статкевічу: “Займай крэсла Сідорскага і націскай на кнопкі!”

 

Відаць, гэтая фраза ў разуменьні аўтараў фільма павінна пацьвердзіць вэрсію пра падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту.

 

Другое новае — нечаканая вэрсія, што Някляева каля ягонага штабу да непрытомнасьці зьбілі не спэцназаўцы, а канкурэнты ад апазыцыі на выбарах, ці іх людзі, з тым каб Някляеў не прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу і не рэалізаваў свой сцэнар. Сам момант зьбіцьця Някляева пры гэтым не паказалі.

 

Трэцяя навінка — былі названыя сумы ў мільёнах даляраў, якія нібыта меў атрымаць ці атрымаў штаб Някляева на выбарчую кампанію, і было сказана, што фінасаваньне яму йшло ад аднаго амэрыканскага і аднаго эўрапейскага фондаў. Дакумэнтальнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

 

Апрача таго, ананімныя аўтары фільма імкнуліся давесьці, што дзьверы Дома ўраду грамілі не правакатары са спэцслужбаў, а рэальныя людзі, былі нават названыя некаторыя прозьвішчы такіх людзей і заяўлена, што ўжо высьветлена 100 удзельнікаў беспарадкаў, больш за 40 зь якіх арыштаваныя.

 

Асноўная вэрсія пра падрыхтоўку да дзяржаўнага перавароту выглядае няпэўнай, мяркуе палітоляг Аляксей Кароль:

 

— Пры такім вялікім аб’ёме выкарыстанай “праслушкі”, пры паказе кадраў са штаба Някляева зусім не вымалёўваецца вэрсія пра дакладна распрацаваны плян штурма, а таксама не пацьвярджаецца тое, што апазыцыйныя кандыдаты нібыта самі рыхтавалі “нэўтралізацыю” Някляева. Фільм па-сутнасьці паказвае, што насамрэч адсутнічалі нейкія “атрады баевікоў”, нацэленыя на сілавы захоп Дома ўраду… Гэта вэрсія аднабаковая і ўспрымаць яе як дакладную не выпадае. Фактычна, гэта пашырэньне той афіцыйнай вэрсіі, якая была агучаная А. Лука-кам на прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня.

 

БТ абяцала працяг фільма…

 

“Радыё Свабода”

 

 

Маладафронтавец Юльян Місюкевіч знайшоўся на Акрэсціна

 

Працяглы час пра лёс хлопца зусім не было звестак. Сувязь з гэтым студэнтам-фізікам перарвалася, калі яго забралі на гутарку ці допыт — пакуль невядома, на што — у КДБ. Гэта адбылося 6 студзеня адразу пасля таго, як Місюкевіч здаў экзамен ва ўніверсітэце.

 

Ягоны лёс высветліла студэнтка Таццяна Шапуцька метадам эксперымента. Яна проста паехала на Акрэсціна і перадала перадачу на ягонае імя. Перадачу прынялі, а значыць ён там, піша “Наша Ніва”. Праўда, ці надоўга ён туды трапіў і за што, пакуль невядома.  Можна меркаваць, што Юльяна Місюкевіча будуць судзіць за ўдзел у “несанкцыянаваным мерапрыемстве” па артыкуле Адміністратыўнага кодэкса, але да святаў яго папросут не паспелі завезці ў суд.

 


Актывіста Іллю Васілевіча таксама падазраюць у справе Плошчы

 

У крымінальнай справе аб масавых беспарадках з’явіўся яшчэ адзін падазраваны. 19-гадовы Ілля Васілевіч адбыў 10-сутачны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага політэхнічнага каледжу адлічае яго з  навучальнай установы.

 

5 студзеня малады чалавек быў запрошаны да адміністрацыі каледжу дзеля падпісання адпаведных папер, але ў навучальнай установе Іллю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі хлопца для правядзення следчых дзеянняў па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

 

Іллі Васілевічу паведамілі, што ён з’яўляецца падазраваным па дадзенай крымінальнай справе і размясцілі спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, дзе ён і ўтрымліваецца на дадзены момант, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

 


У Барысаве прайшоў ператрус у кватэры ахоўніка Андрэя Саннікава

 

Супрацоўнікі барысаўскай міліцыі правялі ператрус у кватэры Леаніда Навіцкага, актывіста кампаніі "Еўрапейская Беларусь", які быў ахоўнікам кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, паведамляе сайт "Хартыі’97".

 

8 студзеня каля першай гадзіны дня жонцы актывіста патэлефанавалі міліцыянты і запатрабавалі прыбыць дадому для правядзення ператрусу. У адваротным выпадку яны абяцалі выламаць дзверы. Жонцы, якая знаходзілася за горадам, давялося паехаць у Барысаў.

 

Ператрус быў праведзены ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках на Плошчы. Нагадаем, Леанід Навіцкі быў затрыманы разам з Андрэем Саннікавым 19 снежня ў той момант, калі ён вёз збітага кандыдата ў прэзідэнты і ягоную жонку Ірыну Халіп ў лякарню. Навіцкі быў асуджаны і адседзеў 15 сутак. Пасля Леаніду ўручылі пастанову аб тым, што ён з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе "аб масавых беспарадках" (артыкул 293 ч.1 і ч.2). Не чакаючы новага арышту, Леанід выехаў за мяжу.

 

“Еўрарадыё”

 

 

10 студзеня 2011 г.


Калядкі, Калядкі — кампутары з хаткі!

 

У Гомелі і Жлобіне ў дзень, калі праваслаўныя вернікі рыхтаваліся да Калядаў, супрацоўнікі мясцовай управы КДБ распачалі маштабныя ператрусы ў кватэрах дэмакратычных актывістаў – Яўгена Якавенкі, Андрэя Толчына, Кастуся Жукоўскага, Валерыя Рыбчанкі.

 

Ператрус зроблены і ў прыватным доме на вуліцы Палескай, 52 , дзе месьціцца офіс абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі й некаторых іншых грамадзкіх арганізацый.

 

Гаворыць гарадзкі каардынатар стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастусь Жукоўскі — у ягоным прыватным доме ператрус рабілі ажно пяцёра кадэбістаў разам з капітанам Максіменкам:

 

— Гэта — каманда правесьці вобшукі й паказаць, што яны працуюць. Ну, і яшчэ, відаць, мэтад запалохваньня плюс сьцёб дзяржаўны — новыя беларускія калядоўшчыкі. Яны шукаюць кампутары, аўдыя- і відэапаратуру. У дзяржаве няма грошай — усё гэта адбіраецца. Паводле іхняй пастановы, усё, што хочаш, можна было ўзяць. Забралі нават дыскі сямейныя — дзіця зрабіла першы крок. Забралі касэты, забралі 11 дыскаў Уладзімера Някляева, хаця ўлада добра ведае, хто правакаваў падзеі на плошчы ў Менску, хто за гэтым стаіць.

 

У кватэры кіраўніка гарадзкой арганізацыі АГП Андрэя Толчына перадкалядны ператрус – другі за апошнія восем месяцаў:

 

— Калядкі, Калядкі — кампутары з хаткі! Яны забралі ў мяне кампутар, сыстэмныя блёкі, дыскі CD/DVD, нават МP3-плэер чамусьці забралі — можа, музыку паслухаць, — расказвае Андрэй Толчын.

 

Да цямна вялі ператрус супрацоўнікі КДБ, якіх ачольваў маёр Васіль Марыніч, у офісе АГП на вуліцы Палескай.

 

— Прыходзяць такія калядныя карабейнікі і пачынаюць выграбаць усё, што могуць, — апавядае праваабаронца Анатоль Паплаўны. — У мяне, напрыклад, — во дзіва! — асабісты тэлефон і той забралі. Сказалі: пакладзіце тэлефоны на бачнае месца, на стол. Я выконваў законныя патрабаваньні супрацоўнікаў Камітэту дзяржбясьпекі — я гэта зрабіў. А яны потым хапаюць тэлефон і кажуць, што гэта рэч, якая знаходзіцца ў гэтым памяшканьні, і падлягае дагляду.

 

— На Палескай гэта, мабыць, чацьвёрты ператрус, які рабілі тут супрацоўнікі КДБ, — гаворыць рэгіянальны каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” Ўладзімер Кацора. — Невядома, што тут шукалі. Забралі 3 кампутары стацыянарныя і 2 пераносныя — ноўтбукі. На тое, што яны робяць незаконныя дзеяньні, асабліва, калі забіралі прыватныя рэчы, адказу не было. Але было бачна, што ім трэба забраць. У мяне сумку схапілі са стала. Той супрацоўнік КДБ, які гэта рабіў, нават не назваўся. Яны ўзламалі на другім паверсе дзьверы й пагражалі нават зламаць сэйф, дзе знаходзіліся партыйныя дакумэнты АГП і пячаткі.

 

Спадар Кацора робіць высновы:

 

— Наша грамадзтва крыху ўздыхнула, страху стала меней. З таго боку — страху пасьля выбараў значна пабольшала. І таму трэба, каб страх уладаў перадаўся ўсяму грамадзтву. Ператрусы і праводзяцца, каб паказаць, хто ў Беларусі гаспадар. Трэба, каб страх вярнуўся — і ўсё дзеля гэтага робіцца.

 

 

БНФ пазбаўляюць цэнтральнай сядзібы

 

Падчас навагодніх сьвятаў на Управу Партыі БНФ дастаўлены ліст са ЖРЭА Савецкага раёну Менска. У ім паведамляецца, што Партыя БНФ і ГА "БНФ Адраджэньне" павінны вызваліць памяшканьне па заканчэньні тэрміну арэнды. Новыя дамовы арэнды заключацца ня будуць. Фармальная прычынай называецца тое, што нібыта цягам 3-х месяцаў у 2010 годзе ўзьнікалі запазычанасьці на аплаце арэнды.

 

— Партыя БНФ папярэджаная аб страце права на першачарговае перазаключэньне дамовы аб арэндзе памяшканьня пад офіс, — паведаміла агенцтву "Інтэрфакс" начальніца аддзела нежылога фонду ЖРЭА Людміла Шкут.

 

Паводле яе слоў, пры вынясеньні гэтага рашэньня ЖРЭА "кіравалася артыкулам 569 Грамадзянскага кодэкса Беларусі. Дадзены артыкул тычыцца наступстваў несвоечасовай аплаты за арэнду памяшканьня". Шкут адзначыла, што "факты несвоечасовай аплаты за офіс Партыя БНФ дапускала ў 2009 і ў 2010 гадах".

 

Як піша прэсавая служба партыі, "Названыя прычыны зьяўляюцца цалкам надуманымі. Максымальныя пратэрміноўкі аплаты, што ўзьнікалі цягам мінулага году, складалі 3 дні. На дадзены момант ніякіх запазычанасьцяў няма. Пры гэтым ужо амаль два гады ГА "БНФ Адраджэньне" пазбаўленае магчымасьці, у адрозьненьне ад шмат якіх праўладных грамадзкіх арганізацыяў, карыстацца паніжаючым каэфіцыентам, і вымушанае аплачваць арэнду па вельмі высокіх камэрцыйных коштах.

 

Управа Партыі БНФ адназначна зьвязвае чарговую спробу пазбавіць арганізацыю ды ўсё незалежнае грамадзтва офісу ў цэнтры Менску як рэакцыю уладаў на тую хвалю салідарнасьці з затрыманымі і пацярпелымі 19 сьнежня і ў далейшыя дні грамадзянамі. Як вядома, цэнтрам для дабраахвотнікаў і незалежных ініцыятываў салідарнасьці стаўся офіс Партыі БНФ. Менавіта тут працаваў і працягвае працу цэнтар незалежнай грамадзкай ініцыятывы па дапамозе пацярпелым, тут зьбіраюцца рэчы, тут фармуюцца перадачы затрыманым.

 

Управа Партыі БНФ рашуча пратэстуе супраць незаконных дзеяньняў уладаў. Мы лічым названы ліст формай палітычнага ціску на Партыю БНФ і ўсё незалежнае беларускае грамадзтва".

 

Партыя БНФ заклікае ўсіх беларусаў, каму блізкія ідэалы свабоды і салідарнасьці, узьняць сёньня свой голас і ў абарону офісу па праспэкце Машэрава, 8, накіроўваць лісты кіраўніку Менскага гарадзкога выканаўчага Мікалаю Ладуцьку.

 

 

Кадэбісты трасуць берасьцейскіх актывістаў

 

Да берасьцейскіх сябраў ініцыятыўных групаў апазыцыйных кандыдатаў сёньня як па камандзе прыйшлі супрацоўнікі КДБ зь ператрусамі.

 

Адзін зь ператрусаў быў праведзены ў кватэры ў Арцёма Церашонка, сябра ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука і Ўладзіміра Някляева.

 

— Ператрус з 09:05 да 10:15 праводзілі два супрацоўнікі КДБ. Яны прад’явілі пастанову на ператрус у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску, — паведаміў "БелаПАН" Арцём Церашонак. — У мяне нічога не канфіскавана. Мне ўручылі позву зьявіцца ва ўпраўленьне КДБ па Брэсцкай вобласьці 11 студзеня ў 14:00.

 

Як паведаміў "БелаПАН" праваабаронца Раман Кісьляк, яшчэ адзін ператрус прайшоў сёньня раніцай у кватэры, якую здымае Дзьмітрый Шурхай, давераная асоба экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага.

 

— Шурхая ў гэты час дома не было, і пра ператрус ён даведаўся ад уладальніцы кватэры. Зь яе слоў, у Шурхая канфіскаваныя нейкія паперы і дакумэнты, — дадаў праваабаронца.

 

Паводле яго слоў, 10 студзеня ў 10:10 пачаўся ператрус па месцы жыхарства брэсцкага актывіста Андрэя Шарэнды, у 10:30 — у мясцовага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Вуека.

 

 

Ператрус у кватэры ў Галіны Юрынай

 

Прыкладна а 15-й гадзіне ў аднапакаёвую кватэру на вуліцы Берута, 6 да Галіны Юрынай, даверанай асобы былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, прыйшлі ажно пяцёра супрацоўнікаў КДБ.

 

Яны паказалі пастанову на ператрус, у якой напісана, што быццам бы спадарыня Юрына прадстаўляла кватэру для збору ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі, што ў кватэры можа знаходзіцца зброя, што гаспадыня была каардынатарам кампаніі "Эўрапейская Беларусь".

 

Перад Новым годам спадарыню Юрыну ўжо выклікалі на допыт у КДБ і дапытвалі цягам чатырох гадзін.

 

 

Зьняволеных кандыдатаў хаваюць ад абаронцаў і паслоў

 

Улады пакуль не далі дазволу адвакатам на чарговыя сустрэчы са зьняволенымі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Такой сустрэчы не адбылося і ў дыпляматаў краінаў Эўразьвязу. Пра стан здароўя Міколы Статкевіча, які аб’явіў аб пачатку галадоўкі ў СІЗА КДБ, адвакатам таксама нічога не вядома.

 

Месцазнаходжаньне Алеся Міхалевіча, якога перавялі зь СІЗА КДБ у сьледчы ізалятар МУС на вуліцы Валадарскага, пакуль невядомае. Пра гэта паведаміў яго адвакат Алег Агееў:

 

— Я сустрэўся са сваім падабаронным 6 студзеня, калі ён знаходзіўся ў СІЗА на Валадарскага. На сёньняшні дзень ён там ня ўтрымліваецца. Інфармацыі пра тое, дзе ён, мы пакуль ня маем. У СІЗА сказалі, што толькі заўтра змогуць паведаміць, дзе ён знаходзіцца.

 

На пытаньне, ці працягвае Мікола Статкевіч галадоўку, адвакатка Станкевіч адказала:

 

— Я ня ведаю. Але мяркую, што ён яе не зьбіраўся спыняць. Што цяпер адбываецца, я ня ведаю, і даведацца ў мяне не атрымліваецца. Дабіцца сустрэчы я пакуль не магу. І ні ад кога не магу атрымаць інфармацыю.

 

Як вядома, Статкевіч ужо тры тыдні трымае галадоўку, патрабуючы прызнаць несапраўднымі вынікі галасаваньня 19 сьнежня. Ён настойвае на правядзеньні новых прэзыдэнцкіх выбараў.

 

Адвакатка Тамара Сідарэнка сказала, што апошняя інфармацыя пра Ўладзімера Някляева паступіла 29 сьнежня, калі ў яго здарыўся гіпэртанічны крыз. Адвакаты настойвалі на шпіталізацыі Някляева. Што здарылася далей, аднак, невядома.

 

— Нам сьледчы сказаў, што на пачатку гэтага тыдня будзе нейкае сьледчае дзеяньне. Вырашылі пачакаць — можа, хоць такім чынам убачым чалавека, нашага падабароннага. Але сёньня нам пакуль ніхто не тэлефанаваў і нічога не казаў.

 

На пытаньне, ці вядома нешта пра стан здароўя Някляева, адвакатка Сідарэнка адказала:

 

— Якім чынам, калі мы яго ня бачым і ня чуем?! І патрапіць да яго ня можам, хоць нам такое права гарантавана.

 

Адвакату Андрэя Саньнікава і Паўла Севярынца Паўлу Сапёлку таксама не дазволілі новай сустрэчы з падабароннымі. Больш за тое, такія сустрэчы і не плянуюцца. Сваякі пакуль не атрымліваюць ад зьняволеных лістоў.

 

На мінулым тыдні кіраўнікі дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі, накіравалі ноту ў МЗС Беларусі. У ёй яны выказваюць заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі, просяць інфармаваць іх пра стан здароўя затрыманых. Таксама яны жадаюць сустрэцца з арыштаванымі экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты. У беларускім МЗС карэспандэнту "Свабоды" патлумачылі, што "нота з просьбай аб арганізацыі сустрэчы атрымана, і гэты запыт накіраваны на адрас праваахоўных органаў, якія будуць прымаць рашэньне". У амбасадзе Вугоршчыны ў Менску паведамілі, што пакуль сустрэча дыпляматаў са зьняволенымі не адбылася. Але зь беларускага МЗС прыйшоў адказ, у якім гаворыцца, што ні ў кога са зьняволеных няма прэтэнзій і адносна іх "усё ў парадку". Нічога не гаворыцца там і адносна галадоўкі Міколы Статкевіча. Наагул больш дэталёвай інфармацыі там няма. У амбасадзе патлумачылі, што такі адказ беларускага МЗС "прымаюць да ведама" і спадзяюцца, што сустрэча са зьняволенымі экс-кандыдатамі адбудзецца.

 

Алесь Дашчынскі

 

 

Актывіста АГП дапыталі ў КДБ

 

Кіраўніка бабруйскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Бузінаева дапыталі ў КДБ як сьведку па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19–20 сьнежня. Паводле актывіста, допыт вёў сьледчы Павел Сілкін:

 

— Ад мяне патрабавалі, каб я сам прызнаў факт свайго ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі апазыцыі на плошчы Незалежнасьці. Я адмовіўся. Сказаў, што буду адказваць толькі тады, калі мне самому прад’явяць факты майго ўдзелу ў беспарадках. Тады мяне пачалі палохаць адказнасьцю за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Пасьля гадзіны гутаркі мяне адпусьцілі.

 

На Магілёўшчыне па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19–20 сьнежня ў КДБ дапыталі дзесяць чалавек: чатырох у Бабруйску, пяцёх у Магілёве і аднаго ў Шклове.

 

 

На гарадзеншчыне зноў ператрусы і допыты

 

Увесь мінулы тыдзень і ўжо ад сёньняшняга дня актывістаў Гарадзеншчыны працягваюць выклікаць у КДБ, дзе дапытваюць пра падрабязнасьці Плошчы і зачытваюць шаблённае папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці.

 

Слонімскага актывіста Івана Бедку выклікалі сёньня ў КДБ позвай. Ён быў удзельнікам Плошчы і адседзеў 15 сутак на Акрэсьціна. Зь яго слоў, задавалі стандартныя пытаньні: з кім быў на Плошчы, што там рабіў і г.д., а потым зачыталі папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці.

 

Пасьля гэтага супрацоўнік КДБ запытаўся ў Івана Бедкі, зь яго слоў: ці пайшоў бы той ізноў на Плошчу, каб падзеі паўтарыліся? І вось што адказаў ім Іван Бедка:

 

— Яны запыталіся: а ты пайшоў бы ізноў на Плошчу? Я ім адказаў: канечне, пайшоў бы! Чаму? Таму што ніколі нельга кідаць на паўшляху сваю справу, трэба заўсёды ісьці да канца. Хто ідзе да канца, той перамагае…

 

Яшчэ адзін слонімскі актывіст, Барыс Кучынскі, які таксама адбыў за Плошчу 15 сутак і якога на мінулым тыдні пад прымусам завезьлі ў КДБ, сёньня піша скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў дзяржбясьпекі. Яго папросту схапілі на вуліцы каля дома і пад прымусам завезьлі ва Ўпраўленьне раённага КДБ.

 

Ён кажа, што гэтым яго не запалохалі і ён надалей зьбіраецца адстойваць свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і законамі Беларусі. Зь яго слоў, арышт і КДБ не паўплываюць на яго далейшую палітычную актыўнасьць:

 

— Я ж гэтай справай заняўся ня дзеля грошай, а таму што бачу — мы павінны жыць больш варта, з годна паднятай галавой, а не хадзіць і не прасіць нечага ў кагосьці. Таму я не зьбіраюся сваю дзейнасьць згортваць, бо гэта было б нядобра.

 


Колькасьць абвінавачаных "за масавыя беспарадкі" пераваліла за 30

 

Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менску ідэнтыфікавала больш за 120 "актыўных удзельнікаў беспарадкаў" 19–20 сьнежня ў беларускай сталіцы. Пра гэта агенцтву Інтэрфакс паведамілі ў менскай міліцыі.

 

Суразмоўца агенцтва заявіў, што сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня выяўленыя асобы звыш 120 чалавек, якія бралі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі апазыцыі на плошчы Незалежнасьці. 31-му зь іх прад’яўленыя абвінавачаньні.

 

Дагэтуль праваахоўныя органы казалі пра 22 чалавек, якія абвінавачваюцца ў "арганізацыі масавых беспарадкаў". Паводле дадзеных праваабаронцаў, такіх асобаў было 25, а яшчэ 14 маюць статус падазраваных.

 

 

Віцебскага актывіста дапыталі супрацоўнікі КДБ

 

Актывіст “Маладой Беларусі” Алесь Галавань распавёў, што каля 22:15 выйшаў зь Першамайскага РАУС, дзе адбывалася гутарка з супрацоўнікамі КДБ.

 

Паводле спадара Галаваня, прыкладна ў 18:30, калі ён знаходзіўся недалёка ад свайго дому, яго паклікалі з машыны супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і прапанавалі паехаць разам зь імі ў Першамайскі РАУС. У пастарунку давялося з гадзіну пачакаць, а потым актывіста паклікалі на гутарку з двума супрацоўнікамі КДБ.

 

Алесь Галавань распавёў, што пытаньні тычыліся яго знаходжаньня ў Менску 19 сьнежня. Супрацоўнікаў КДБ таксама цікавіла, хто яшчэ зь Віцебску езьдзіў туды або зьбіраўся паехаць. Спадар Галавань сказаў, што з пэўнасьцю можа гаварыць толькі пра сябе, а яго самога затрымалі і асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на 10 сутак, якія ён адбыў у жодзінскай турме.

 

Пакуль актывіста не было, у яго дома правялі ператрус. Як патлумачыла маці Алесю Галаваню, міліцыянты спрабавалі знайсьці ягоны пашпарт, але так і не знайшлі.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Ператрус у рэдакцыі газеты "Борисовские новости"

 

У рэдакцыі незалежнай рэгіянальнай газеты "Борисовские новости" адбываецца ператрус. Пра гэта карэспандэнту "Нашай Нівы" паведаміў галоўны рэдактар выдання Анатоль Букас. Па яго словах, ператрус ладзяць супрацоўнікі мясцовага РУУС, пры сабе яны мелі ордэр. Нагода — расследаванне справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г.

 

Візіцёры апісваюць аргтэхніку рэдакцыі. У часе размовы рэдактар газеты перарваўся, каб задаць пытанне міліцыянтам: "І прынтэр забіраце? І як нам працаваць, газету выдаваць?"

 

У выніку ператрусу ў ягонай рэдакцыі супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі ўсю тэхніку: кампутары, факсы, фотаапараты…


— А зараз зь ператрусам паехалі да мяне дахаты. Яны прыйшлі ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Ні я, ні наша рэдакцыя не маюць ніякага дачыненьня да гэтых падзей, — паведаміў “Радыё Свабода” галоўны рэдактар барысаўскага выданьня Анатоль Букас.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Чэхія гатова прыняць усіх беларускіх палітуцекачоў

 

І абяцае не выдаваць іх Беларусі, нягледзячы на патрабаванні Інтэрпола.

 

Пра гэта падчас сустрэчы з дэлегацыяй беларускіх дэмакратычных сілаў заявіў міністр унутраных справаў Чэхіі Радэк Ён.

 

— Чэхія ведае, што КДБ мае даволі вялікія магчымасці для маніторынгу сітуацыі, і як толькі пачнуцца працэдуры палітычнага прытулку, тут жа з’яўляецца ліст Інтэрполу, што гэтага чалавека трэба выдаць. Чэхія не будзе здзяйсняць экстрадыцыі беларускіх палітуцекачоў. Больш за тое, Чэхія гатовая прыняць і схаваць усіх беларускіх палітуцекачоў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі 19 снежня 2010 года, — сказалі прадстаўнікі МУС.

 

“Еўрарадыё”

 

 

Вобшук на кватэры адміна суполкі ў vkontakte.ru

 

Ператрусы ідуць не толькі ў лідараў апазіцыі, але і ў людзей з актыўнай грамадскай пазіцыяй.

 

На мінулым тыдні адбыўся ператрус на кватэры адміністратара суполкі "Мы за Вялікую Беларусь" на сайце vkontakte.ru Сяргея Паўлюкевіча. Канфіскавалі камп’ютар.

 

Дома Сяргея не было, калі прыехалі трое супрацоўнікаў КДБ. Малады чалавек з’явіўся пад канец ператрусу:

 

— Праглядалі на камп’ютары асабістыя фотаздымкі, відэа. Я запытаўся, што яны хочуць знайсці. Адзін з іх адказаў, што шукаюць фота- і відэаматэрыялы з плошчы. Я прапанаваў сам паказаць усё. Яго калега хацеў пакінуць камп, бо мая сястра сказала, што ў яе на камп’ютары знаходзіцца ўся інфармацыя для падрыхтоўкі да экзаменаў. Але адзін КДБіст заўпарціўся і не схацеў пакідаць камп.

 

Сяргей Паўлюкевіч паведаміў, што сярод тых, хто праводзіў ператрус, былі два чалавекі, якія спрабавалі завербаваць яго ў ізалятары на Акрэсціна. Яны аказаліся добра інфармаванымі аб працы суполкі "Мы за Вялікую Беларусь". Сяргей, студэнт юрфака БДУ, правёў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у падзеях 19 снежня.

 

“Наша Ніва”

 

 

11 студзеня 2011 г.

 

 

Генсек ААН заклікаў вызваліць усіх палітвязьняў Беларусі

 

Генэральны сакратар Пан Гі Мун заклікаў да вызваленьня журналістаў, апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і іх прыхільнікаў, якія працягваюць утрымлівацца пад вартай у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

 

"Пан Гі Мун адзначыў сур’ёзную заклапочанасьць, выказаную групай назіральнікаў у дачыненьні да выбарчага працэсу і разьвіцьця сытуацыі пасьля выбараў, і заклікаў улады Беларусі ў поўнай меры выконваць правы чалавека і належныя прававыя працэдуры", — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку прэс-сакратар Марцін Несіркі.

 

"Генэральны сакратар прызнае важнасьць працы місіі АБСЭ ў Беларусі і шкадуе аб рашэньні уладаў Беларусі аб закрыцьці офіса АБСЭ ў Менску", — дадаў ён.

 

У мінулым месяцы Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наві Пілэй выказала глыбокую занепакоенасьць з нагоды гвалту, які успыхнуў пасьля выбараў, у тым ліку выкраданьне кандыдатаў ад апазыцыі, і заклікала да неадкладнага вызваленьня затрыманых.

 

Спадарыня Пілэй таксама заклікала урад Беларусі забясьпечыць захаваньне правоў чалавека ў дачыненьні да праваабаронцаў, журналістаў і арганізацый грамадзянскай супольнасьці.

 

— Я заклікаю усе бакі устрымацца ад гвалту і дэманстраваць поўнае павагу правоў чалавека, — заявіла яна.

 

 

Студэнтаў, якія адсядзелі, "завальваюць" на заліках

 

Пасьля навагодніх сьвятаў пачаліся адлічэньні студэнтаў, якія былі затрыманыя 19 сьнежня і адседзелі па 10–15 сутак. "Першымі ластаўкамі" былі трое навучэнцаў Менскага палітэхнічнага каледжу, зараз пачалі адлічаць студэнтаў ВНУ.

 

Фармальная прычына адлічэньняў — нават ня пропускі, таму што ў бальшыні студэнтаў у апошнюю дэкаду сьнежня заняткаў ужо не было, а няздача залікаў, пасьля чаго студэнта проста не дапускаюць да іспытаў. 6 студзеня з апошняга курсу факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка адлічылі Андрэя Лугіна, які за ўдзел у акцыі 19 сьнежня адседзеў 10 сутак:

 

— Пасьля таго, як я адседзеў, трэба было здаць 7 залікаў і 4 іспыты. Я здаў 5 залікаў, і на шостым мяне "завалілі". Тым больш, з гэтым прадметам у мяне было ўсё добра. Трэба было прасьпяваць сольны канцэрт. Я вакаліст, і ў нас замест курсавой работы ідзе сольны канцэрт, выканаць 7 твораў. Фармальная прычына — што я ня здаў залік, і мяне не дапусьцілі да астатніх іспытаў.

 

— Ці зьвязваеце сваё адлічэньне з тым, што з вамі адбылося?

— Гэта 100% – сувязь ёсьць.

— А на якім вы курсе?

— На апошнім.

 

— Няважна, на якім ты курсе, на якім факультэце, у якой навучальнай установе. Тое, што загад адлічаць студэнтаў ёсьць — зараз гэта ўжо можна сьцьвярджаць як факт, — расказвае актывіст "Студэнцкай рады" Сяргей Семянюк. — Да нас прыходзіў хлопец, які распавядаў, што толькі што здаў залік, але размаўляў з выкладчыцай, і яна прызналася: на яе ціснуць, каб залік яму не паставіла. Але ў выніку яна залік яму паставіла. То бок, такі ціск будзе, і зараз пачнуцца масавыя адлічэньні.

 

Старшыня грамадзкага Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" Іна Кулей пацьвердзіла, што адлічаныя студэнты ўжо пачалі зьвяртацца па дапамогу. Яна запэўніла, што магчымасьць атрымаць адукацыю за мяжой у адлічаных студэнтаў ёсьць, але старшакурснікі сутыкнуцца з праблемай выбару:

 

— Прапановы ўжо ёсьць: і ў ЭГУ будзе адмысловая праграма для рэпрэсаваных студэнтаў, і праграма Каліноўскага будзе працягнутая ў больш пашыраным аб’ёме, зараз вядуцца перамовы з амбасадай Украіны. Гэта можа быць проста індывідуальнае навучаньне ў любой краіне — у Чэхіі, Нямеччыне, Галяндыі.

 

Але большасьць, што да нас зьвярталіся, — гэта старшакурсьнікі. А праграмы дзённага навучаньня (тая ж самая польская праграма Каліноўскага) апускаюць іх на курс, а то і на два ніжэй. Па-другое, калі гэта завочнае навучаньне, то мала дзе ёсьць тэхнічная адукацыя, у асноўным гуманітарная. І таму большасьці мы раім спачатку пазмагацца. Дапамагаем юрыдычна, каб можна было напісаць скаргі, журналісцкую дапамогу і падтрымку аказваем, каб быў розгалас, каб можна было напужаць дэканаў і рэктараў — каб не прымалі рашэньні зьлёту. І студэнт сам павінен прыняць рашэньне, як яму далей быць.

 

Сярод амаль сямі соцень затрыманых і асуджаных за ўдзел у акцыі 19 сьнежня больш за палову складае моладзь. Таму колькасьць рэпрэсаваных студэнтаў можа скласьці не адну сотню.

 

 

Затрыманьне і допыт на мяжы

 

Падчас ператрусаў у Берасьці мясцовы актывіст Юрка Бакур знаходзіўся за мяжой. Позна вечарам ён вяртаўся ў Беларусь праз пагранічны пераход Пясчатка-Полаўцы. Паводле берасьцейскага актывіста, пагранічнікі затрымалі яго на мяжы.

 

Юрка Бакур мусіў дачакацца супрацоўнікаў КДБ, якія прыехалі зь Берасьця і тут жа, на мяжы, правялі допыт.


У журналіста вымагалі пакаяньня за Плошчу

 

Бабруйскага журналіста Яўгена Васьковіча дапыталі ў КДБ. Допыт доўжыўся каля дзьвюх гадзін. Паводле дапытанага, сьледчы дамагаўся, каб ён паставіў подпіс пад радкамі ў пратаколе, дзе гаварыла пра тое, што яго знаходжаньне на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня было памылкай:

 

— Сьледчы выпытваў, што я рабіў на плошчы. Што адбывалася там. Ён казаў, што гэта папярэдняя гутарка. Мяне папярэдзіў, што я мог бы быць зьвінавачаны за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Потым у паперы, якую мне далі падпісаць, была фармулёўка прыкладна такога зьместу — "Я ўсьведамляю, што ўдзельнічаў у беспарадках і што больш ня буду так рабіць". Я папрасіў, каб напісалі па-мойму, што буду ўдзельнічаць і надалей паводле маіх палітычных перакананьняў у акцыях пратэсту мірнага характару.

 

 

Вязьні Плошчы

 

Утрыманыя пад вартай абвінавачаныя па крымінальнай справе па артыкуле 293, частках 1 і 2, Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь "Масавыя беспарадкі".

 

Сьпіс паводле сайту праваабарончага цэнтру "Вясна".

 

01. Арастовіч Аляксандр — давераная асоба М. Статкевіча (пад вартай).

02. Атрошчанкаў Аляксандр — прэс-сакратар перадвыбарнага штаба А. Саньнікава.

03. Бандарэнка Зьміцер — каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь".

04. Брэус Арцём — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, вызвалены 29 сьнежня разам з іншымі расіянамі, зноў затрыманы праз паўгадзіны ў межах крымінальнай справы, абвінавачаньне прад’яўлена 5 студзеня.

05. Вазьняк Сяргей — давераная асоба Ў. Някляева.

06. Гапонаў Іван — грамадзянін Расійскай Фэдэрацыі, вызвалены 29 сьнежня разам з іншымі расіянамі, праз гадзіну забралі з дому ў межах крымінальнай справы, абвінавачаньне прад’яўлена 5 студзеня.

07. Класкоўскі Аляксандр — былы супрацоўнік міліцыі.

08. Кобец Уладзімір — кіраўнік перадвыбарнага штабу А. Саннікава.

09. Ліхавід Мікіта — актывіст Руху "За свабоду", пастанова аб 15-сутачным арышце адменена, пераведзены ў статус абвінавачаных.

10. Лябедзька Анатоль — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

11. Марцылеў Сяргей — кіраўнік выбарчага штабу М. Статкевіча.

12. Міхалевіч Аляксей — кандыдат у прэзыдэнты.

13. Новік Зьміцер — затрыманы 23 сьнежня позна ўвечары дома ў Баранавічах, правялі ператрус; абвінавачаньне прад’яўлена 30 сьнежня па ч.2 арт. 293 КК — удзел у масавых беспарадках.

14. Някляеў Уладзімер — кандыдат у прэзыдэнты.

15. Палажанка Анастасія — намесьнік старшыні "Маладога Фронту".

16. Радзіна Натальля — журналістка, рэдактар інтэрнэт-сайту charter97.org.

17. Саньнікаў Андрэй — кандыдат у прэзыдэнты.

18. Севярынец Павал — давераная асоба кандыдата В. Рымашэўскага.

19. Статкевіч Мікалай — кандыдат у прэзыдэнты.

20. Фядута Аляксандр — палітоляг, адзін з каардынатараў перадвыбарнага штабу Ў. Някляева.

21. Халіп Ірына — журналістка, жонка Андрэя Саньнікава.

 

 

Пра стан Статкевіча на 22-гі дзень галадоўкі нічога не вядома

 

Да экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, зьняволеных 19–20 сьнежня ў СІЗА КДБ, а таксама да шэрагу іх паплечнікаў зноў не дапускаюць адвакатаў.

 

Вязень "амэрыканкі", экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, паводле яго сяброў па партыі, 22-гі дзень трымае галадоўку ў зьняволеньні. Ён патрабуе прызнаць несапраўднымі вынікі галасаваньня 19 сьнежня і настойвае на правядзеньні новых прэзыдэнцкіх выбараў. Высьветліць стан яго здароўя не ўдалося ні адвакату, ні сваякам.

 

Спадарыня Марына добра ведае Статкевіча і носіць яму перадачы, ніякіх харчоў яна яму не перадае — толькі ваду. Яна лічыць, што сам Мікола ня спыніць галадоўку пратэсту.

 

Паводле Марыны, адзіная крыніца інфармацыі — гэта адвакат, але і яе сёньня зноў не пусьцілі да вязьня.

 

— Яго ніхто ня бачыў. Адвакатка спрабавала сёньня чарговым разам атрымаць спатканьне ці хаця б высьветліць, дзе ён і ў якім стане. Нічога не вядома. Ні спатканьня, ніякай інфармацыі не давалі. Я зьвярталася да сьледчага з просьбай аб спатканьні, але мне было адмоўлена таксама.

 

Сябра па партыі Аляксей Гаўруцікаў не выключае, што Міколу Статкевіча ў "амэрыканцы" могуць карміць прымусова:

 

— Мяркуючы па тэрміне, яны маглі ўжо прыняць рашэньне аб прымусовым харчаваньні. Бо пагроза здароўю рэальная. А ён у нас максымаліст у гэтым пытаньні. Добраахвотна ён ня спыніць галадаваньне. Гэта адназначна. Па мэтодыцы галадаваньня я ведаю, як гэта адбываецца. І ў гэтым выпадку ўсе тэрміны выйшлі. Хаця ён і моцны мужык, але разам з тым усё ідзе да таго, што яны маглі пасадзіць яго на прымусовае харчаваньне.

 

Не дапусьцілі адвакатаў і да іншых экс-кандыдатаў — вязьняў СІЗА КДБ. Адвакатка Тамара Сідарэнка адзначыла, што бачыла свайго падабароннага Ўладзімера Някляева яшчэ ў сьнежні толькі падчас допытаў і, паводле апошняй інфармацыі, у яго быў гіпэртанічны крыз. Што зь ім адбываецца далей, невядома.

 

— Мы ня можам ажыцьцяўляць свае адвакацкія функцыі. То бок рэальна парушаюцца нашы правы — ва ўсякім разе, мы рэалізаваць іх ня можам. На бесьперашкодныя, канфідэнцыйныя зносіны. Мы павінны высьвятляць пазыцыю сваю, падабароннага. Самая вялікая занепакоенасьць цяпер у тым, што мы рэальна ня можам мець зносіны з падабаронным тады, калі мы лічым неабходным.

 

Двойчы адвакаты былі на допытах. Паводле Тамары Сідарэнкі, калі іх не выклікаюць сьледчыя, то цяпер Някляева нават не дапытваюць.

 

Сёньня Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу адваката Ўладзімера Букштынава і пакінуў у сіле рашэньне суду першай інстанцыі, які адмовіўся памяняць Някляеву меру стрыманьня. Экс-кандыдаты Някляеў, Статкевіч,Саньнікаў і Міхалевіч, а таксама шэраг іхніх паплечнікаў знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Учора месцазнаходжаньне Алеся Міхалевіча было невядомае нават адвакату. Сёньня жонцы вязьня Мілане Міхалевіч паведамілі, што яе муж зноў знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яна не выключае, што такія дзеяньні робяцца з мэтай псыхалягічнага ціску на сваякоў:

 

— Я зранку аднесла заяву ў сьледчы ізалятар № 1 з просьбай паведаміць, дзе знаходзіцца мой муж. Але мне ніякай інфармацыі не далі. Сказалі, што мы павінны зьвяртацца да сьледзтва. Тыя двое сьледчых, чые кантакты нам удалося знайсьці, нічога не маглі паведаміць. Адзін зь іх параіў усе пытаньні вырашаць праз адваката і сказаў. што мы зьвяртаемся не па адрасе. Другі сказаў, што будзем шукаць. Ну, і не прайшло і трох зь лішнім гадзін, як яны чалавека знайшлі. У сябе ж, у сьледчым ізалятары КДБ. Як і чаму ён там апынуўся, я ня ведаю, і чаму на гэта спатрэбілася столькі часу. Калі тое, што нам паведамілі ў вакенцы сьледчага ізалятара на Валадарцы, праўда, то атрымліваецца, што трэція суткі пайшлі, як не было вядома, дзе чалавек знаходзіцца.

 

Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, у рамках расьсьледаваньня па крымінальнай справе аб масавых беспарадках вызначана звыш 120 чалавек, якія актыўна бралі ўдзел у гэтых самых масавых беспарадках. 31-му зь іх прад’яўлена абвінавачаньне. Ніякай іншай інфармацыі ў прэс-службе гарадзкой міліцыі не падаюць. Таксама друкуюцца фотаздымкі пяцёх абвінавачаных, датычнасьць якіх пацьверджана "шматлікімі відэаматэрыяламі тых падзей". Сярод іх — 20-гадовы Мікіта Ліхавід зь Менску. Яго адвакатка Дар’я Ліпкіна падала хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня хлопцу.

 

— Лічу, што ён не зьяўляецца небясьпечным элемэнтам для грамадзтва. Гэта зусім яшчэ малады чалавек. І можа вучыцца, працаваць і зьяўляцца па неабходных выкліках і адказваць на пытаньні ў рамках сьледзтва, нікому не пагражаючы і не ўплываючы на сьледзтва.

 

Паводле адвакаткі, пасьля "сутак" Мікіту пакінулі ў жодзінскай турме, дзе яна зь ім раней бачылася.

 

Алесь Дашчынскі

 

 

Актывістаў "Вызваленьня" прыняў нунцый Марцін Відавіч

 

Актывісткі грамадзянскай ініцыятывы "Вызваленьне", якую заснавалі сваякі новых беларускіх палітвязьняў, сустрэліся з апостальскім нунцыем арцыбіскупам Марцінам Відавічам. Дыпляматычнаму прадстаўніку Ватыкану яны перадалі зварот да папы рымскага з просьбай аб малітве і спрыяньні ў справе вызваленьня палітычных вязьняў у Беларусі.

 

Да арцыбіскупа Марціна Відавіча сваякі зьняволеных патрапілі з другой спробы. На пачатку сустрэчы высьветлілі непаразуменьні, якія здарыліся з тэхнічных прычын, а затым адбылася працяглая гутарка, паведаміла адна з удзельніц сустрэчы, жонка зьняволенага Зьмітра Бандарэнкі Вольга:

 

— Мы гутарылі каля дзьвюх гадзін, і гэта была вельмі добрая гутарка. Мы распавялі пра ўсе праблемы, зь якімі сутыкнуліся. Я, праўда, моцна нэрвавалася і паплакала нават, хоць апошнім часам ня плакала ўвогуле. Таксама перадалі ліст да папы, дзе напісалі пра падзеі 19 сьнежня і пра зьняволеных. Прасілі ягонай дапамогі і малітвы. Нунцый нас дабраславіў, каб у нашых сем’ях усё было добра.

 

Галіна Абакунчык

 

 

Гомельскае КДБ працягвае ператрусы

 

У Гомелі супрацоўнікі мясцовай управы КДБ вядуць ператрус у доме сябра БАЖ, старшыні моладзевай культурніцка-краязнаўчай арганізацыі "Талака" Ларысы Шчыраковай. Паводле аднаго з талакоўцаў, ператрус пачаўся а 15-й гадзіне. Гэбісты шукаюць фота-, відэа- ды іншыя інфармацыйныя матэрыялы, зьвязаныя з падзеямі ў Менску 19 сьнежня. Спадарыня Шчыракова, апрача падрыхтоўкі відэасюжэтаў, зьбірала подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

 

Падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ забралі 2 стацыянарныя кампутары, ноўтбук, відэакамэру, 2 плэеры, дыктафон, больш як паўтары сотні відэадыскаў з рознымі фільмамі, а таксама 350 запрашэньняў на сустрэчу з кандыдатам у прэзыдэнты Уладзімерам Някляевым.

 

Ператрус пяцёра гомельскіх чэкістаў, якіх ачольваў Генадзь Белькавец, рабілі больш як чатыры гадзіны ў межах расьсьледаваньня справы пра "масавыя беспарадкі" ў Менску.

 

— Выглядала так, што мае маніторы, клявіятура, мышкі нібыта мелі справу да беспарадкаў у сталіцы. А калі сур’ёзна, то чэкісты рабілі усё так, каб пазбавіць мяне магчымасьці займацца прафэсійнай журналісцкай дзейнасьцю, — распавяла спадарыня Шчыракова.

 

Ператрус гомельскія чэкісты правялі і ў кватэры рэгіянальнага каардынатара стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Юрыя Клімовіча, даверанай асобы Віталя Рымашэўскага. Дарэчы, спадар Клімовіч — сын вядомага ў краіне вязьня сталінскага ГУЛАГу Рыгора Клімовіча, аўтара кнігі "Конец ГОРЛАГА".

 

Ператрус у кватэры Клімовіча рабілі чацьвёра апэратыўнікаў разам з капітанам Андрэем Мельнікавым. У спадара Клімовіча забралі кампутар, розныя інфармацыйныя матэрыялы перадвыбарчай кампаніі Віталя Рымашэўскага.

 

Юры Клімовіч нават тэарэтычна ня мог знаходзіцца 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Напярэдадні асноўнага галасаваньня яго прэвэнтыўна затрымалі міліцыянты ў Гомелі нібыта за лаянку й пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. А 20 сьнежня судзьдзя Цэнтральнага суду Гомеля Марына Дамненка на падставе сфальшаванага пратаколу пакарала актывіста арыштам на 15 сутак. На волю Юры Клімовіч выйшаў толькі ўвечары 2 студзеня.

 

 

Камітэтчыкі зацікавілася паездкамі апазыцыянэраў

 

Сёньня ў другой палове дня ў Гомельскае ўпраўленьне КДБ быў выкліканы кіраўнік абласной арганізацыі партыі левых "Справядлівы сьвет" Уладзімер Сякерка.

 

Паводле палітыка, супрацоўнік КДБ Аляксей Казлоўскі ўдакладняў ягоную партыйнасьць і месцазнаходжаньне 19 сьнежня, цікавіўся, ці вядома Сякерку, хто з аднапартыйцаў знаходзіўся на плошчы Незалежнасьці ў Менску ў дзень выніковага галасаваньня й колькі плацілі за паездку?

 

— Паколькі я не валодаю такой інфармацыяй, то, натуральна, сказаў, што пра паездкі і аплату мне наогул нічога невядома, — паведаміў спадар Сякерка.

 

На 12 студзеня ва ўправу КДБ выклікаюць старшыню рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова і каардынатара кампаніі "За справядлівыя выбары" Ўладзімера Кацору.

 

У офісе АГП на Палескай, 52 чэкісты яшчэ 6 студзеня правялі ператрус — забралі 3 стацыянарныя кампутары і 2 прыватныя ноўтбукі.

 

— Мяне на заўтра таксама выклікаў праз тэлефон супрацоўнік КДБ, які назваўся Васілём Іванавічам, — апавёў старшыня абласной арганізацыі руху "За свабоду" Пятро Кузьняцоў. — Аднак я адмовіўся ісьці па тэлефонным званку, сказаўшы, што патрэбна афіцыйная позва. Мне паабяцалі заўтра прывезьці позву.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Міхалевіча вярнулі ў СІЗА КДБ

 

Кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ — там, куды палітыка змясцілі адразу ж пасля затрымання. Пра гэта жонцы Алеся Міхалевіча, Мілане, паведаміў следчы.

 

Інфармацыю аб тым, што Алесь Міхалевіч змешчаны ў СІЗА КДБ пацвердзіў таксама адвакат кандыдата ў прэзідэнты — Алег Агееў.

 

— Так, мне стала вядома, што ён вярнуўся ў СІЗА КДБ. Цяжка сказаць калі, але я буду старацца наведаць яго.

 

Цягам некалькіх дзён месцазнаходжанне Міхалевіча было невядоае нават жонцы. Падчас сваіх тэлевыступаў Алесь Міхалевіч не заклікаў людзей прыйсці на Плошчу і не выступаў падчас дэманстрацыі. У адрозненні ад іншых кандыдатаў, па БТ не была названая яго канкрэтная віна. Вядома таксама, што ён не пісаў ніякага пакаяння на імя Лука-кі і адмовіўся супрацоўнічаць са следчымі.

 

Кастусь Бандарук

 

 

КДБ цікавіцца журналістам "Бобруйского курьера"

 

У Магілёўскае КДБ па мабільным тэлефоне "на размову" выклікалі журналіста "Бобруйского курьера", сябра ГА БАЖ Яўгена Васьковіча.

 

Відавочна, супрацоўнікам КДБ было вядома, што журналіст зараз знаходзіцца на справах вучобы ў Магілёве, а не ў Бабруйску, дзе звычайна жыве і працуе. Яўген пагадзіўся прыйсці на сустрэчу, паведаміўшы пра гэта калегам па газеце, і зараз знаходзіцца ў КДБ.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Пратэстанцкім пастарам, які быў на Плошчы, зацікавілася КДБ

 

11 снежня да пратэстанцкага пастара з Навагрудка Уладзіміра Качагура патэлефанаваў мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ.

 

Падчас тэлефоннай размовы пастару прапанавалі прыйсці на размову ў мясцовы КДБ. Качагур у адказ спытаў, ці шмат людзей працуе ў КДБ. Калі ён атрымаў станоўчы адказ, то прапанаваў суразмоўцу паразмаўляць з калегамі.

 

Гэта ўжо не першая з пачатку года спроба выклікаць навагрудскіх пратэстантаў у КДБ. Аднак ніхто з іх так і не згадзіўся прыйсці на такую сустрэчу. Сам Уладзімір Качагур цікавасць да сяброў царквы з боку спецслужбаў звязвае з удзелам  19 снежня наваградскіх пратэстантаў у акцыі пратэсту ў Менску.

 

“Еўрарадыё”

 

 

12 студзеня 2011 г.

 

 

Зь мяне зрабілі тэрарыста (БТ-ая хлусьня)

 

У фільме "Плошча. Железом по стеклу" запалошная жанчына 19 сьнежня тэлефануе ў міліцыю і патрабуе знайсьці яе сына, які нібыта пайшоў на плошчу, абвязаўшыся выбухоўкай. Сын жанчыны абвяргае вэрсію, якая была паказаная па тэлебачаньні.

 

Майго суразмоўцу завуць Глеб, ён вучыцца ў 11-й клясе адной зь менскіх школ. Глеб узяў зь мяне абяцаньне не называць ягонае прозьвішча, хаця гэтае прозьвішча ужо прагучала ў фільме "Плошча. Железом по стеклу", які паказалі па Першым канале Беларускага тэлебачаньня 9 студзеня і празь дзень паўтарылі. Навошта пасьля гэтага хавацца? Глеб кажа, што ня быў на мітынгу і не зьбіраўся на яго, што проста маці перапужалася і пазваніла ў міліцыю, а ў выніку зараз з-за гэтай гісторыі ў яго ўзьніклі праблемы.

 

— Так, маці званіла ў міліцыю, але званіла толькі каб мяне затрымалі, каб я ня ўдзельнічаў у мітынгу. А ўсе словы, зьвязаныя з выбухоўкай — гэта поўнае трызьненьне.

 

— Гэта маці прыдумала?

 

— Яна не магла гэтага прыдумаць. Гэта цалкам мантаж. Яна гэтага не казала. У пратаколе не было нічога пра выбухоўку.

 

— А ты фільм глядзеў?

 

— Глядзеў.

 

— І што, гэта ня маці словы?

 

— Яна кажа, што не казала такіх словаў, і я мяркую, што не магла казаць. Ну, вы самі ўявіце: "Сын ідзе на плошчу, абвязаўся выбухоўкай". Гэта што азначае? Маглі б мяне проста снайпэрам зьняць, і ўсё. Сын – "тэрарыст-сьмяротнік". Жудасныя рэчы. Вось зараз у мяне вялікія праблемы. Зь Міністэрства адукацыі зрабілі запыт, настаўнікі зараз на мяне характарыстыкі пішуць.

 

— Але ты ў маці высьвятляў, і яна кажа, што такога не казала?.

 

— Так. І мне падаецца, што гэта "бэтэшны" мантаж.

 

— Але яна была ў такім, відаць, стане, што магла і не запомніць, што казала ў той момант?

 

— Усё роўна я перакананы, што яна б мяне не падставіла гэткім чынам. Тым больш, я ёй казаў, што мы проста з сябрам пойдзем у цэнтар гораду, сходзім у МакДональдс. Да таго ж мы прыехалі туды а 19-й гадзіне. А акцыя была заплянаваная на 8 вечара. І нас там затрымалі. Канешне, ніякіх абвінавачаньняў мне ці майму сябру ня выставілі. Праглядзелі ўсе мае тэлефонныя званкі. У кватэры маёй і майго сябра правялі ператрусы. Нічога не знайшлі. Нават 20-га Аляксандр Лукашэнка казаў на прэсавай канфэрэнцыі, што быў званок ад маці, што быццам тэрмас быў і ў тэрмасе выбухоўка, але хлопцаў знайшлі, нічога не было. Такім чынам, маці хацела адвесьці сына ад удзелу ў мітынгу. Хто яму сказаў пра гэты тэрмас, адкуль узяўся гэты тэрмас — невядома. Маглі б праслухаць усе тэлефонныя званкі — пра тэрмас нічога не было.

 

— А ці можна паразмаўляць з тваёй маці?

 

— Яна ня будзе з вамі размаўляць. Я б увогуле не хацеў, каб маё імя і прозьвішча гэтак часта фігуравалі ў мэдыях. І без таго ужо засьвяціўся вышэй за дах. Учора і пазаўчора падчас паказу гэтага фільма было сказана пра мяне, што мы быццам пайшлі на плошчу, абвязаўшыся выбухоўкай. Гэта было заяўлена як факт, і нічога не было сказана пра наш далейшы лёс. Ці знайшлі нас, ці знайшлі ў нас выбухоўку, як мы яе выкарысталі, ці нас затрымалі, дзе мы цяпер? Справа ў тым, што узьнікаюць гэтыя пытаньні. Вось і карэспандэнтка "Камсамолкі" званіла, пра гэта пыталася.

 

— А які момант ты хацеў бы падкрэсьліць? Што ў вас не было ніякай выбухоўкі?

 

— Так, гэта найперш. І яшчэ тое, што без рашэньня пракурора ня мелі права абнародаваць гэты званок. Тым больш, мусяць схаваць адрас і прозьвішча. А так – назвалі адрас, адразу Мінадукацыі "прабіў", які раён, якая школа, дзе вучань навучаецца, які ён? Вось зараз і ў маці могуць быць праблемы на працы. Яны ж ня мелі права бяз нашай згоды ці згоды пракурора! А пракурора яны не маглі і бачыць, бо не было заведзена ніякай крымінальнай справы. Быў толькі факт затрыманьня. Мы напісалі тлумачэньне, і ўсё. І вось праз 20 дзён выходзіць гэты фільм, і пасьля гэтага раскручваецца такая цікавая гісторыя зь першым званком. Зараз ужо ў блогах пішуць, што падставай для затрыманьня і зьбіцьця Някляева нібыта стаў першы званок, які усіх разварушыў. Маўляў, шукалі падлетка з выбухоўкай, а знайшлі тры машыны Някляева. Зараз з гэтага можна "выгрузіць" шмат гісторый...

 

Нагадаю, паводле аўтараў фільму пра выбухоўку распавяла міліцыянтам маці Глеба. А стала вядома пра гэта раней за фільм — Лука-кі падчас ягонай прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня, на другі дзень пасьля выбараў:

 

— Паступіў званок: ратуйце дзіця. Дзіця пайшло з дому, ўзяло тэрмас, у тэрмасе выбухоўка. Канешне, мне адразу пра гэта даклалі. І паколькі прэзыдэнт узяў пытаньне на кантроль, я сказаў: шукайце. Літаральна празь нейкі час мы знайшлі гэтага хлопца. Ніякай выбухоўкі там не было. Пачалі разьбірацца: чаму так? “А, дзякуй вам, што знайшлі, я гэтак хацела абараніць сваё дзіця, каб ён не патрапіў у гэты натоўп".

 

Маці Глеба Алена ўсё ж узяла слухаўку, але адмовілася камэнтаваць, ці яе голас гучыць у фільме, калі ідзе гаворка, што сын пайшоў на плошчу нібыта з выбухоўкай. Жанчына працуе на дзяржаўнай службе і непакоіцца, што ў выніку гэтай гісторыі ў яе могуць узьнікнуць праблемы на працы, прынамсі сапсавацца адносіны "паміж ёй і калегамі". Спадарыня Алена крыўдзіцца на таго, хто абяцаў ёй не абнародаваць яе дадзеных, але не стрымаў свайго слова:

 

— Я, канечне, зараз зусім расьціснутая, разумееце? Абяцалі, што ня будзе ніякіх наступстваў, але ўсё склалася па-іншаму...

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Актывісты выбарчай кампаніі губляюць працу

 

У Асіповічах застаўся бяз працы сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Ігар Трэшчаў. Актывіст сьцьвярджае, што звольнілі яго з-за ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты. Кіраўніцтва прадпрыемства прычынай спыненьня працоўных адносінаў называе вытворчую неабходнасьць.

 

Ігар Трэшчаў пасьпеў адпрацаваць у перасоўнай мэханізаванай калёне № 95 райцэнтру паўгода. Абслугоўваў аргтэхніку. Нараканьняў на ягоную працу не было. Паводле актывіста, праблемы пачаліся адразу пасьля выбараў:

 

— Супрацоўнікі пачалі гаварыць, што ты ўжо ў нас ня будзеш працаваць. У дырэктара нейкія пытаньні ўзьніклі ў райвыканкаме. Яго туды выклікалі. Я падышоў да дырэктара й канкрэтнае задаў пытаньне. Ён ня стаў мне нічога тлумачыць. Сказаў, што мы з вамі больш ня будзем працаваць.

 

Ім не спадабалася, што мы задужа актыўна працавалі ў камандзе Някляева. Агітацыяй займаліся. Подпісы зьбіралі. Буду цяпер нешта шукаць, думаць. Можа, нехта й возьме куды-небудзь.

 

У адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюць палітычную матывацыю звальненьня актывіста. Сьцьвярджаюць, што яно часовае:

 

— Няма грошай. Ён у нас працаваў паводле дамовы. Калі ён спатрэбіцца, будзем яго выклікаць і па факце будзем аплачваць ягоную працу. Як спэцыяліст ён выдатны чалавек.

 

Тым часам у рэгіёне працягваюць выклікаць людзей у КДБ. Ад 29 сьнежня вядомыя больш за пятнаццаць фактаў іх допытаў. Дакладней вызначыць колькасьць дапытаных праваабаронцам не ўдаецца:

 

— Спэцслужбы стараюцца дзейнічаць патаемна, каб ніхто, акрамя таго чалавека, на якога гэты ціск чыніцца, ня ведаў пра гэта. Людзей запалохваюць. Настройваюць іх, каб яны не давалі розгаласу, бо ў іх надалей нібыта могуць быць нейкія праблемы. Такім чынам людзі трапляюць у непрыемнае становішча. Такім фактам трэба абавязкова даваць розгалас — гэта адзіная зброя грамадзяніна супраць ціску з боку спэцслужбаў, — зазначае магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын.

 

Сёньня ў КДБ выкліканы кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў. У позьве пазначана — "для правядзеньня індывідуальнай прафіляктыкі".

 

 

Незалежныя журналісты — большая небясьпека, чым апазыцыя

 

Пасьля падзеяў 19 сьнежня пацярпела вялікая колькасьць журналістаў. Ідуць ператрусы ў рэдакцыях незалежных СМІ, у кватэрах карэспандэнтаў, іх дапытваюць, забіраюць кампутары, відэа- і фотакамэры, носьбіты інфармацыі. Чаму беларускія ўлады так нэрвова рэагуюць на рэпарцёраў?

 

Паводле інфармацыі прэс-службы БАЖ, былі затрыманыя каля трох дзясяткаў журналістаў і сябраў БАЖ. Фізычна пацярпеў 21 чалавек — людзі былі зьбітыя, атрымалі траўмы, пашкоджаная дарагая прафэсійная апаратура. 10 сяброў БАЖ адседзелі па 10-15 сутак. Затрымлівалі, білі і замежных карэспандэнтаў — разьбілі апаратуру ў здымачных груп "Russia-Today", "REN-TV".

 

Дагэтуль ў СІЗА КДБ знаходзяцца 6 сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў, якім інкрымінуюць крымінальную справу: Зьміцер Бандарэнка, Сяргей Вазьняк, Павал Севярынец, Натальля Радзіна, Ірына Халіп, Аляксандр Фядута.

 

— У Беларусі незалежныя журналісты для ўладаў уяўляюць значна большую небясьпеку, чым нават беларуская апазыцыя, — кажа журналіст Алесь Пілецкі. — Мы займаемся непасрэдна фіксаваньнем усіх парушэньняў законаў, правоў чалавека, якія адбываюцца ў краіне. Незалежныя журналісты для беларускіх уладаў — вельмі вялікая небясьпека. Там людзі таксама сядзяць недурныя, яны ведаюць, што парушаюць законы, і яны вельмі не зацікаўленыя ў фіксацыі гэтага. Доказам гэтага можа быць хаця б тое, што, напрыклад, у "Нашай Ніве" вялікі ціск аказваецца менавіта на відэа- і фотакарэспандэнтаў, таму што яны непасрэдна фіксуюць на месцы падзеяў злачынствы.

 

Намесьнік старшыні БАЖ Аляксандар Старыкевіч пры ўсёй напружанасьці сытуацыі з калегамі не хавае аптымізму:

 

— Ціснуць нас з рознай ступеньню інтэнсіўнасьці ўжо 16 гадоў, але ж пакуль жывыя! Я б паглядзеў, колькі праіснавала "Советская Белоруссия", калі б яна апынулася ў тых умовах, у якіх знаходзіцца, да прыкладу, хаця б "Народная Воля".

 

Іна Студзінская

 

  

У бацькоў Ірыны Халіп адбыўся паўторны ператрус

 

На кватэры экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і яго жонкі, журналісткі Ірыны Халіп адбыўся чарговы ператрус.

 

Супрацоўнікі спэцслужбаў таксама зрабілі ператрус у доме бацькоў Ірыны Халіп. Там яны забралі кампутар, які былі пакінулі падчас папярэдняга ператрусу.

 

Галіна Абакунчык

 


Калі не трасуць, дык дапытваюць

 

Дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах выклікаюць у мясцовыя аддзяленьні міліцыі і КДБ. Супрацоўнікі спэцслужбаў патрабуюць падпіскі аб неразгалошваньні дэталяў допыту, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Аднак вядома, што актывістаў у КДБ запалохваюць і спрабуюць прымусіць да супрацоўніцтва.

 

ГОМЕЛЬШЧЫНА

 

12 студзеня позвай у Гомельскую ўправу КДБ быў выкліканы кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў. Чым цікавіліся супрацоўнікі спэцслужбы?

 

— Пачалі пытацца, да якой партыі й якіх іншых арганізацыяў я належу, ці ведаю лідэраў? Хто зь іх заклікаў на Плошчу? Ці быў я сам у Менску? На пытаньне: "А які мой тут статус?" супрацоўнік КДБ Сяргей Валнянка адказаў, што ніякага статусу ў мяне няма, таму што выклік гэты ня ў межах крымінальнай справы. Гэта толькі ў межах закону пра апэратыўна-вышуковую дзейнасьць. Я тады ўдакладніў: якія ў мяне ёсьць правы й абавязкі? Ён зачытаў 27 артыкул Канстытуцыі. Пасьля гэтага я й сказаў, што на падставе згаданага артыкула я ня буду даваць ніякіх паказаньняў.

 

Палітык лічыць, што павальныя ператрусы й канфіскацыя аргтэхнікі ў офісах апазыцыйных партый і грамадзкіх арганізацый, а таксама ў кватэрах актывістаў і журналістаў маюць на мэце спаралізаваць іх працу, запалохаць найбольш актыўных людзей:

 

— Некалькі мэтаў перасьледуецца і вырашаецца некалькі задач, у тым ліку й запалохаць актыў, запалохаць і трымаць у напружаньні грамадзтва, якое больш ці менш цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне. У пэўнай ступені — спаралізаваць працу грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партый, журналістаў.

 

У Гомельскую ўправу КДБ выкліканы таксама рэгіянальны каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары" Ўладзімер Кацора, старшыня абласной арганізацыі руху "За свабоду" Пятро Кузьняцоў, сябра БАЖ Ларыса Шчыракова. У спадарыні Шчыраковай учора ўвечары чэкісты зрабілі ператрус і забралі кампутары, відэакамэру, дыктафон ды іншую журналісцкую тэхніку.

 

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

 

12 студзеня ў Горадні адбыліся ператрусы ў трох офісах на вуліцы Будзённага, 48а, дзе маюць сядзібу грамадзкія і партыйныя арганізацыі. Супрацоўнікі КДБ прыехалі дахаты і забралі кіраўнікоў абласных структураў БСДГ — Віктара Сазонава і АГП — Юрыя Істоміна, а таксама старшыню гарадзкой суполкі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова. Іх даставілі ў партыйныя офісы, дзе пачаўся ператрус, як было патлумачана, у зьвязку з падзеямі 19 сьнежня ў Менску.

 

Як паведаміў кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык, супрацоўнікаў КДБ цікавілі носьбіты інфармацыі ў былых штабах удзельнікаў прэзыдэнцкіх выбараў. У партыйных офісах былі сканфіскаваныя кампутарныя дыскі, сыстэмныя блёкі.

 

Віктар Сазонаў сказаў, што да яго прыйшлі і ўручылі позву:

 

— І прапанавалі паехаць зь імі ў КДБ. Я паехаў, нейкі час там сядзеў у кабінэце, чакаў, што будзе. А пасьля прыйшлі, паказалі мне санкцыю на вобшук у партыйным офісе. Пытаньні былі звычайныя, пратакольныя: ці знаходзяцца там забароненыя рэчы ў офісе — калі ёсьць, то выдайце добраахвотна, якое я маю дачыненьне да кампаніі Саньнікава. Забралі два кампутары, дыскі, друкаваную прадукцыю, кніжкі.

 

І ў гэтыя дні таксама гвалтоўна даставілі ў КДБ журналіста польскай "Gazety Wyborczej" Андрэя Пачобута. Ён распавядае:

 

— Сам факт такога затрыманьня, як гэта было абстаўлена, што я адчуваў сябе вельмі небясьпечным злачынцам: мяне пад рукі цягнулі ў машыну, пасьля з машыны ў КДБ пад рукі выводзілі. Пасьля яны спрабавалі размаўляць пра падзеі ў Менску, выкарыстоўваючы фізычны і псыхалягічны ціск. Гэта ёсьць ацэнка Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі маёй журналісцкай працы. Калі КДБ так дзейнічае, значыцца, я добра працую.

 

Андрэй Пачобут напісаў скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, адзін зь якіх біў яго падчас допыту. Скаргу разглядае вайсковая пракуратура ў Горадні:

 

— Мяне ж некалькі разоў ударылі і, акрамя таго, абяцалі, што пасадзяць на восем гадоў у турму, што я выйду ўжо старым чалавекам, што ў турме згвалцяць і гэтак далей. Такі дастаткова клясычны набор пагрозаў. Я проста думаў, у КДБ больш вытанчаныя мэтады, а аказалася ўсё вельмі банальна. Я не спалохаўся абсалютна. Гэта непрыемна, канечне, што вось такіх людзей трэба было слухаць больш за дзьве гадзіны… Але каб спалохаць, то яны мяне не спалохалі.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На Магілёўшчыне ўжо вядома пра паўтара дзясятка допытаў актывістаў у КДБ. Магчыма, што было і больш, але некаторыя з тых, хто наведаў камітэт, адмаўляюцца паведамляць пра гэта.

 

Некаторыя з апазыцыянэраў выклікаліся ў КДБ нават не адзін раз. Сярод такіх — жыхарка Бабруйску Ірына. Яе спрабавалі зьвінаваціць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Дамагаліся, каб яна падпісала паперу аб няўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях апазыцыі:

 

— Яны матывавалі гэта тым, што Менск патрабуе ад іх правядзеньня прафіляктычнай гутаркі. Яны дужа нэрваваліся. Зрываліся. Асабліва сьледчы Кавальчук. Я яму сказала: "Чаму вы пачынаеце крычаць на мяне? Я ж з вамі спакойна гавару. Падпісваць усё адно я нічога ня буду. Калі вы ведаеце дакладна, што я ўдзельнічала, то прад’явіце".

 

Бабруйскі журналіст Яўген Васьковіч адседзеў за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Але і яго не абмінуў допыт у КДБ. Паводле хлопца, сьледчы нібыта між іншым заявіў, што за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве яго маглі пазбавіць волі на тэрмін да васьмі гадоў. Пры канцы допыту папрасіў падпісаць паперу наступнага зьместу:

 

— Што яны правялі гутарку й папярэдзілі мяне, што нядобра быць у апазыцыі й што я ўсьвядоміў сваю віну й больш ня буду ўдзельнічаць у падобнага роду мерапрыемствах. Я папрасіў зьмяніць фармулёўку: "Што я буду й надалей браць удзел з-за сваіх палітычных перакананьняў у масавых мірных мерапрыемствах".

 

— Зразумела, асудзіць мяне няма за што, то яны спрабуюць зьвязаць рукі.

 

Сёньня магілёўскую ўправу КДБ наведаў кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Салаўёў. Паводле актывіста, супрацоўнік КДБ Андрэй Міхуноў азнаёміў яго з папярэджаньнем аб недапушчальнасьці супрацьпраўных дзеяньняў.

 

— Мяне паставілі 5 студзеня на прафіляктычны ўлік за неаднаразовыя спробы арганізацыі і правядзеньня ў рэгіёне масавых несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Зразумела, асудзіць мяне няма за што, то яны спрабуюць зьвязаць рукі. Гэта ўзмацненьне ціску на актывістаў у сувязі з падзеямі 19 сьнежня.

 

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

 

У Берасьці падпіску аб неразгалошваньні ня даў толькі Юрка Бакур.

 

Юрку Бакура затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь з Польшчы. Памежнікі аддалі сябра БХД супрацоўнікам КДБ, якія прыехалі зь Берасьця на памежны пераход Пясчатка-Полаўцы, дзе яго і дапыталі:

 

— Дапытвалі мяне як сьведку. Пыталіся, чым я займаўся вечарам 19 сьнежня. Я распавёў, што ў гэты час знаходзіўся на Плошчы ў Менску, дзе прымаў ўдзел у акцыі пратэсту. Акрамя гэтага, цікавіліся, каго са знаёмых я бачыў на плошчы Незалежнасьці. На гэта я адмовіўся адказваць. Асабліва яны на мяне ня ціснулі.

 

Юрка Бакур адзначае, што гэта, магчыма, не апошні допыт у КДБ:

 

— Мяне дапытвалі як сьведку, з матэрыяламі справы не знаёмілі. Таму не патрабавалі ад мяне падпісаць неразгалошваньне зьвестак пра допыт. Паколькі я сьведка, то мне падаецца, што гэта не апошні допыт.

 

Допыты і ператрусы дапаўняюцца ціскам на студэнтаў у ВНУ, якім пагражаюць адлічэньнем за ўдзел на Плошчы, кажа баранавіцкі актывіст Яраслаў Грышчэня:

 

— Улады стараюцца запалохаць. Так, напрыклад, вядомы выпадак з Тацьцянай Суславай. Студэнтцы мясцовага ўнівэрсытэту паведамілі ў дэканаце, што яна будзе адлічана з ВНУ. Тым ня менш легітымна паводле дакумэнтаў яе немагчыма адлічыць, яна даволі добра навучаецца. Але невядома, як будзе падчас гэтай сэсіі.

 

У кватэры сябры берасьцейскага АГП Уладзімера Вуека падчас ператрусу быў канфіскаваны ноўтбук. Актывіста дапыталі супрацоўнікі КДБ. Уладзімер кажа, што допыт у КДБ тычыўся непасрэдна падзей у Менску 19 сьнежня. Падрабязнасьці допыту актывіст партыі агучыць ня можа:

 

— Мяне дапытвалі ў межах крымінальнай справы, заведзенай аб падрыхтоўцы і арганізацыі масавых беспарадкаў. Зь мяне быў узяты подпіс аб неразгалошваньні. Пыталіся ў асноўным, ці прымаў удзел у акцыі, што бачыў, што рабіў. Прыкладна такога кшталту пытаньні.

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

Былы кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава ў Віцебску, актывіст Уладзіслаў Варанецкі размаўляў з двума супрацоўнікамі КДБ у дэканаце тэхналягічнага ўнівэрсытэту, куды ён спрабуе аднавіцца на вучобу.

 

Згадваючы гэтую гутарку, актывіст расцэньвае яе як спробу вярбоўкі:

 

— У прынцыпе, так. Бо яны казалі, што мы табе дапаможам, калі ты ня будзеш больш у апазыцыі. Я ня ведаю, на што яны разьлічвалі. Можа, на тое, што я скажу: "Ой, канечне, дапамажыце мне толькі аднавіцца!" Але тут яны памыляюцца. Я цяпер сам вырашаю праблемы з аднаўленьнем. Цяпер гэта прынцыпова. А яны калі думаюць, што могуць купіць, то гэта наіўна!


 Уладзіслаў Варанецкі кажа, што пасьля няўдалай спробы прапанаваць дапамогу ў навучаньні супрацоўнікі КДБ распытвалі яго пра іншых аднадумцаў — верагодна, каб нейкім чынам паўплываць і на іх:

 

— Яны спрабавалі распытваць, хто быў з намі — ці ведаю я ці таго, ці другога… Я ім амаль нічога не адказваў. Калі трэба — дык няхай самі і даведваюцца.Чаму я мушу ім нешта гаварыць?

 

Актывіста "Маладой Беларусі" Алеся Галаваня, які адбыў у Жодзінскай турме 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі 19 сьнежня, таксама змушалі распавядаць пра сяброў і знаёмых. Гутарка з супрацоўнікамі КДБ адбылася ў Першамайскім РАУС, куды хлопца прывезьлі міліцыянты, затрымаўшы яго каля дому:

 

— Цікавіла іх, хто езьдзіў, хто заклікаў ехаць у Менск, хто адпраўляў дэлегацыі зь Віцебску ў Менск на акцыю, ці была нейкая масавая адпраўка. Вось такія пытаньні. Яны нічога ня ведаюць — толькі хіба крыху, толькі тое, што было ў сродках масавай інфармацыі.

 

Алесь Галавань кажа, што спробаў схіліць яго да супрацоўніцтва гэтым разам не было:

 

— Спробаў вярбоўкі не было. Казалі: маўляў, мы ж вас ведаем, вы такі "адмарозак", што і размаўляць няма пра што. У мяне дагэтуль было дзьве-тры размовы зь імі па справе вярбоўкі. Вось у 2004-м мне дасылалі позву ў ваенкамат, я прыходжу, а там два чалавекі сядзяць і мне кажуць: "Мы табе грошы заплацім, толькі заяву напішы". Прапанавалі 20 тысяч "за вывучэньне сродкаў масавай інфармацыі". Але я на гэта не іду, таму цяпер яны так кажуць.

 

Актывіст згадвае, што супрацоўнікі КДБ спрабавалі зь ім дамовіцца пра супрацоўніцтва ў 2001-м, 2004-м і 2008-м гадах, абяцаючы розныя выгоды. Гэтым разам толькі пагражалі: паабяцалі, што падрыхтуюць дакумэнты і вынесуць папярэджаньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. У якой менавіта — у "Маладой Беларусі" ці ў БХД — Алесь Галавань не ўдакладняў.

 

 

Удзельнікаў мітынгу вылічылі праз тэлефон

 

Людзей, якія былі на плошчы 19 сьнежня, супрацоўнікі міліцыі ўжо вылічылі праз мабільныя тэлефоны і цяпер запрашаюць іх на гутарку ў РУУС.

 

Як паведаміў у інтэрвію "Комсомольской правде в Белорусии" начальнік Фрунзенскага РУУС Менску Алег Гайдукевіч, гэта адбываецца ў рамках пачатай крымінальнай справы:

 

— Неабходна вызначыць, хто браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а хто апынуўся на плошчы выпадкова. Таму, калі вам патэлефанавалі з РУУС, то баяцца ня трэба — гэта не азначае, што вас абавязкова прыцягнуць да адказнасьці.

 

Спадар Гайдукевіч сказаў, што пратакол не складаецца, проста бярэцца тлумачэньне.

 

— Але ў выпадку неабходнасьці чалавеку могуць выпісаць позву ў якасьці сьведкі.

 

Міліцэйскі чыноўнік ня раіць адмаўляцца ад такой гутаркі і кажа, што "першапачаткова адвакат не патрэбны".

 

Праваабаронца Гары Паганяйла патлумачыў у інтэрвію "КП", што "чалавек можа адмовіцца ад такой гутаркі":

 

— Можна настойваць, каб вас выклікалі позваю. У аддзяленьне міліцыі можна пайсьці разам са сваім адвакатам ці прадстаўніком.

 

 

Што рабіць, калі выклікаюць па тэлефоне за Плошчу?

 

Абанэнтаў мабільных апэратараў МТС і VELCOM масава выклікаюць на допыты ў міліцыю Фрунзенскага раёну Менску. Падставай сталася знаходжаньне уладальнікаў мабільных тэлефонаў паблізу ад месцаў правядзеньня акцыі пратэсту 19 сьнежня.

 

У Фрунзенскім РУУС зараз наплыў наведнікаў. Людзей выклікаюць у пераважнай бальшыні праз тэлефон. Гэткае запрашэньне днямі атрымаў праваабаронца Алег Воўчак. Прыняць яго ён, аднак, адмовіўся, і вось чаму:

 

— Тэлефануюць і кажуць, што мы зь міліцыі і вы павінны да нас прыйсьці даць тлумачэньні. Я кажу, што высылайце позву, я прыйду з адвакатам і будзем высьвятляць усе пытаньні. Тады ён кажа, што я праз тэлефон абавязваю вас зьявіцца. Тады я папярэдзіў яго пра недапушчальнасьць пагрозаў і пра незаконнасьць іх дзеяньняў адносна праслухоўваньня тэлефонаў і выкліку людзей. Кажу, што спачатку выконвайце вы закон, а пасьля я прыйду і дам тлумачэньні, калі палічу гэта патрэбным. Так мы і разьвіталіся.

 

Як гэта робіцца, давялося пабачыць непасрэдна на месцы — у кабінэце 411, куды вашу карэспандэнтку таксама выклікалі ў якасьці, нібыта, сьведкі паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. У кабінэце — чатыры супрацоўнікі ў цывільным, перад кожным — сьпісы імёнаў з тэлефоннымі нумарамі. Яны тэлефануюць абанэнтам і запрашаюць у міліцыю ў перапынках паміж допытамі-размовамі з тымі, хто ўжо прыйшоў. Адначасна са мной такія ж допыты праводзіліся яшчэ з двума людзьмі — мужчынамі гадоў 35 і 50.

 

Супрацоўнік міліцыі, які падчас тэлефоннага запрашэньня назваўся сьледчым крымінальнага вышуку УУС Менгарвыканкаму, насамрэч выявіўся ўчастковым міліцыянэрам, але пра гэта стала вядома пазьней. Мой статус ён вызначыў як сьведкі, але адначасна на чыстым аркушы паперы, дзе меўся запісваць нашу гаворку, пазначыў «Тлумачальная». Мае пярэчаньні, што на плошчы я выконвала свае прафэсійныя абавязкі і ня мушу тлумачыцца за гэта перад супрацоўнікамі міліцыі, выніку ня мелі. А паміж пытаньнямі пра "масавыя беспарадкі" міліцыянт час ад часу цікавіўся маёй магчымай прыналежнасьцю да палітычных партый, а таксама маім стаўленьнем да палітычнага ладу ў краіне.

 

Калі надышоў момант падпісваць "тлумачальную", так званы "сьледчы"-участковы раптам заявіў, што зараз я мушу таксама прайсьці працэдуру зьняцьця адбіткаў пальцаў і фота-відэаздымкаў. Пасьля маёй адмовы ў гаворку раптам уступілі два іншыя прысутныя ў пакоі супрацоўнікі, якія заявілі, што я, нібыта, магла хлусіць пра выкананьне журналісцкіх абавязкаў, што невядома, які мой сапраўдны ўдзел у падзеях 19 сьнежня. Таксама пагражалі, што калі я адмоўлюся ад названых працэдур, то буду хадзіць яшчэ не аднойчы і ня толькі ў міліцыю. "Пальчыкаў" і "фотасэсіі" ад мяне ўсё ж не дачакаліся, хоць участковы настойліва дамагаўся гэтага і пасьля складаньня сапраўднага пратаколу допыту, які адбываўся ў прысутнасьці ўсё тых жа супрацоўнікаў у цывільным.

 

Сытуацыю камэнтуе праваабаронца Гары Паганяйла:

 

— Калі вас выклікаюць у якасьці сьведкі, то вам павінны прыслаць позву, дзе павінна быць пазначана, у якасьці каго вы былі выкліканыя, і патлумачаныя вашыя правы і абавязкі. Што тычыцца дактыляскапіі, то сьведку можна прапанаваць такую працэдуру, але толькі зь ягонай згоды. Калі ён ня згодны, то правесьці дактыляскапаваньне нельга. Тое ж тычыцца і фатаграфаваньня. Бо ўсе гэтыя дзеяньні бяз згоды чалавека могуць быць расцэненыя так, што чалавек зьяўляецца ня сьведкам, а падазраваным, а гэта ўжо іншы працэсуальны статус і правы. Таму органам крымінальнага перасьледу варта дакладна вызначыць статус чалавека. Зразумела, што пад маркай дасьледаваньня крымінальнай справы па факце падзеяў у ноч на 20 сьнежня ўлады спрабуюць такімі дзеяньнямі проста запалохаць грамадзян.

 

Як паведамляюць праваабаронцы, допыт выкліканых сьведак у справе падзей 19 сьнежня мусіць адбывацца без прысутнасьці пабочных асобаў або імёны іх павінны быць зафіксаваныя ў пратаколе. Сьведкі таксама не абавязаныя даваць падпіску аб неразгалошваньні ўмоваў і зьместу правядзеньня допыту. Сьведкі таксама маюць права зьвяртацца ў пракуратуру з скаргай на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

 

Галіна Абакунчык

 

 

У беларускай ўлады засталіся лічаныя дні і гадзіны

 

Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан сустрэлася ў Брусэлі зь міністрам замежных справаў Беларусі Мартынавым.

 

Паводле прэсавай службы Кэтрын Эштан, “высокая прадстаўніца Эўразьвязу нагадала Сяргею Мартынаву, што Эўрапейскі Зьвяз разглядае адпаведныя захады ў адказ на пасьлявыбарныя падзеі ў Беларусі з тым, каб ўхваліць іх на паседжаньні Рады замежных справаў 31 студзеня”.

 

Эштан заклікала да “неадкладнага вызваленьня асобаў, затрыманых з палітычных матываў, і неадкладнага спыненьня перасьледу апазыцыі, дэмакратычных сілаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці”.

 

Перад сустрэчаю з Мартынавым Эштан сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў і роднымі абвінавачаных па справе аб масавых непарадках 19 сьнежня 2010 году.

 

Падчас гэтай сустрэчы яна сказала суразмоўцам, што хоча “сустрэцца зь міністрам замежных справаў Беларусі толькі для таго, каб, гледзячы яму ў вочы, папярэдзіць, што ў беларускай улады засталіся лічаныя дні і гадзіны, каб адпусьціць усіх арыштаваных і паспрабаваць наладзіць адносіны з Эўразьвязам”.

 

— У адваротным выпадку будуць уведзеныя самыя жорсткія санкцыі, — дадала яна. Пра гэта сайту charter97.org паведаміла сястра арыштаванага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірына Багданава.

 

Кэтрын Эштан запэўніла, што Эўразьвяз прыкладзе ўсе намаганьні для вызваленьня беларускіх лідэраў і ўсіх палітвязьняў.

 

— Мы не чакалі, што беларускія ўлады праігнаруюць ўсе папярэднія дамоўленасьці і распачнуць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці. Мы рашуча настроеныя пакласьці гэтаму канец, — сказала Кэтрын Эштан.

 

“Радыё Свабода”

 

 

За выбарчы ролік Саннікава закрылі "Аўтарадыё"

 

Рэспубліканская камісія па тэлебачанні і радыёвяшчанні прыняла рашэнне ануляваць права на эфірную трансляцыю "Аўтарадыё", якое вяшчала на FM-хвалях у Менску.

 

Як паведаміў Рацыі, кіраўнік радыёстанцыі Юры Базан, падставай для закрыцця стала "невыкананне творчай канцэпцыі і распаўсюд інфармацыі, што змяшчала публічныя заклікі да экстрымісцкай дзейнасці".

 

Канкрэтныя прыклады ў лісце не прыводзіцца, але Юры Базан пэўны, што гаворка ідзе пра перадвыбарчы ролік Андрэя Саннікава, які прагучаў на хвалях "Аўтарадыё":

 

— Мы звязваем гэта з фразай Саннікава ў агітацыйных матэрыялах — "лёс краіны рашаецца не на кухні, а на плошчы". У эфіры ролік быў паўтары або два дні. Цяпер мы падрыхтуем іск у Вышэйшы гаспадарчы суд аб прызнанні рашэння камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні несапраўдным.

 

"Аўтарадыё" было адзінай з беларускіх FM-cтанцый, якое пагадзілася ўзяць у эфір перадвыбарчыя ролікі Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава.

 

Адна са старэйшых беларускіх радыёстанцый перажыла ўжо аднойчы закрыццё. У 1995 годзе ім адмовілі ў працягненні дамовы на эксплуатацыю перадатчыка. Аднавіць сваю дзейнасць "Аўтарадыё" здолела толькі праз чатыры гады. Cёлета радыё замаўчала ў 12:40 12 студзеня.

 

 

На кватэры Міхалевічаў зноў ператрус

 

Да жонкі былога кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча Міланы зноў прыйшлі з ператрусам.

 

Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

 

Цяпер каля кватэры Міхалевіча на вуліцы Залатая Горка знаходзяцца пяць кадэбістаў. Гэта ўжо будзе другі ператрус на гэтай кватэры кандыдата.

 

Нагадаем, што ўчора Алесь тэлефанаваў сваёй жонцы з просьбай не ехаць на абмеркаванне беларускага пытання ў польскі Сойм. Сама Мілана лічыць, што гэта, магчыма, было зроблена пад ціскам спецслужб. Яна заявіла: паеду, і буду гаварыць.

 

 

Пакаралі змагароў супраць вырубкі лесу

 

10 студзеня Салігорскі суд аштрафаваў дэмакратычных актывістаў Уладзіміра і Святлану Шыла, а таксама праваабаронцу Аляксея Валабуева на агульную суму 2.275.000 рублёў за збор подпісаў супраць вырубкі лесу.

 

У канцы лістапада з дазволу мясцовых ўладаў у горадзе быў знішчаны значны масіў лесапаркавай зоны пад будаўніцтва жылля. Грамадскасці стала вядома пра намеры па далейшай вырубцы прыродаахоўных лясных масіваў, што сталася прычынай актыўнага супраціву гэтым планам. Больш за два дзясяткі грамадскіх актывістаў выступілі з адкрытым лістом супраць заганнай практыкі знішчэння зялёных зонаў у Салігорску. Мясцовыя актывісты распачалі актыўны збор подпісаў пад адмысловым зваротам.

 

— Кожны чалавек мае права на здаровае навакольнае асяроддзе. Каб гэта давесці, мы падалі заяўку на пікет у Міжнародны дзень правоў чалавека. Нам адмовілі. Таму мы вырашылі проста зладзіць збор подпісаў каля Кастрычніцкага рынку. Аказваецца, і гэта ў нашай краіне цяпер караецца мільённымі штрафамі, — абураецца Уладзімір Шыла.

 

Праваабаронца Аляксей Валабуеў схільны звязваць гэткую жорсткую рэакцыю на банальны збор подпісаў з падзеямі пасля выбараў:

 

— Гэтыя штрафы — абсурдныя па сваёй сутнасці, але ж з 19 снежня мы жывем у краіне татальнага абсурду. Улады імкнуцца "закруціць гайкі" па максімуме па ўсіх накірунках. Збор подпісаў адбываўся 12 снежня, а пратаколы былі складзеныя толькі ў канцы месяца. Відавочна, калі ўжо пачаліся татальныя зачысткі па ўсёй краіне, дык узгадалі і пра гэты выпадак. Дзясяткі аналагічных збораў подпісаў у апошнія гады ніколі не выклікалі такой нервовай рэакцыі ўладаў, тым больш постфактум.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

У арганізацыі беспарадкаў прызналіся ілжэрасіяне

 

Дваіх абвінавачаных у арганізацыі беспарадкаў у Менску — Максіма Брэуса і Аляксея Еўдакімава — паказалі па беларускім тэлебачанні. Яны распавядалі пра свой удзел у падзеях 19 снежня. Праблема, аднак, складаецца ў тым, што паказаных затрыманых не існуе. Сапраўдныя расеяне віны не прызнаюць і ў здымках не ўдзельнічалі, паведамляе "Московский Комсомолец".

 

Два маладых чалавека прадстаўляюцца грамадзянамі Расеі і кажуць пра ўдзел у пагроме ў цэнтры Менска адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў. Нехта "Максім Бреус" і "Аляксей Еўдакімаў", нібы змешчаныя цяпер у беларускіх засценках, засвяціліся ў прапагандысцкім фільме "Плошча. Жалезам па шкле".

 

Аднак двое затрыманых расеян, якім прад’яўлена абвінавачванне, — гэта Арцём Бреус і Іван Гапонаў.

 

Прадстаўнік пасольства Расеі у Беларусі Вадзім Гусеў падкрэсліў, што што ніякіх іншых расейскіх грамадзян па дадзенай справе не праходзіць. Па словах Гусева, Арцём і Іван па-ранейшаму настойваюць на сваёй абсалютнай невінаватасці і патрабуюць вызвалення. Удзела ў здымках фільма яны не прымалі.

 

"Атрымліваецца, тэлевізійшчыкі не проста пераблыталі прозвішчы, а заснялі падстаўных асоб", — прыходзіць да высновы журналіст "Московского Комсомольца".

 

 

Мілану Міхалевіч "папрасілі" не ехаць у Брусэль і Варшаву

 

Жонка зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Мілана Міхалевіч учора ўвечары змагла пачуць мужа па тэлефоне, паведамляе "Радыё Свабода".

 

Ёй было сказана, каб яна не ехала ў Брусэль і Варшаву і таксама нікому не распавядала пра гэтае тэлефанаванне. Ёй паабяцалі, што, калі яна будзе маўчаць і не паедзе, то зможа яшчэ раз пачуць голас мужа.

 

Пасля тэлефанавання Мілана ставіць пад сумнеў учорашнюю інфармацыю, якую атрымала ад следчага, што Міхалевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

 

Мілана Міхалевіч таксама сказала, што яе запрашалі наведаць Варшаву, аднак "у такой сытуацыі яна ня можа з’яжджаць з Беларусі".

 

 

Таццяну Севярынец забралі на допыт па дарозе на вакзал

 

Сёння ўвечары затрыманая для допыту Таццяна Севярынец, маці Паўла Севярынца, абвінавачанага ў арганізацыі беспарадкаў.

 

Супрацоўнікі КДБ падышлі да яе на вуліцы і прапанавалі прайсці на допыт у якасці сведкі па справе аб масавых беспарадках 19 снежня.

 

Жанчына ў гэты момант накіроўвалася на вакзал, маючы квіток на цягнік да Варшавы. Менавіта з гэтай акалічнасцю і можа быць звязана гэтулькі тэрміновае "запрашэнне" на размову — каб паездка ў Польшчу не адбылася.

 

 

Еўрапейскія кампаніі павінны перастаць супрацоўнічаць з Менскам

 

Кіраўнік падкамітэту Еўрапарламента па правах чалавека Хэйдзі Хаўтала вітала выказаную галоўным рэдактарам расейскай "Новой Газеты" Дзмітрыем Муратавым ідэю абмежавання супрацоўніцтва заходніх кампаніяў з Менскам (каб маскалі адразу прыхапілі той бізнэс! — "J.K."), перадае "ИТАР-ТАСС".

 

— Я ведаю, што нямецкія і аўстрыйскія кампаніі вядуць бізнэс у Беларусі. Нам варта ідэнтыфікаваць гэтыя кампаніі, — падкрэсліла яна, паабяцаўшы даць хаду гэтай прапанове.

 

Нагадаем, сёння Муратаў на прэс-канферэнцыі ў Еўрапарламенце пасля экстранных слуханняў па сітуацыі ў Беларусі заявіў, што найбуйнейшыя еўрапейскія кампаніі, "якія супрацоўнічаюць з уладамі Беларусі і напаўняюць кішэні прэзідэнта Лука-кі, павінны адмовіцца ад супрацоўніцтва з ім".


“Еўрарадыё”



Создан 05 янв 2011



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter