Пасьля Плошчы 2010. Пакуль не пачаліся суды

Першыя абвінавачваньні, новыя арышты, запалохваньні, міжнароднай салідарнасьць...



4 лютага 2011 г.

 

 

Анекдот

 

Пытанне да следчых, што вядуць справу 19 снежня:

 

— Ці будзе праводзіцца следчы эксперымент на плошчы Незалежнасці ў працэсе расследавання справы аб масавых беспарадках 19 снежня?

 

“Наша Ніва”

 

 

Чатырох актывістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках

 

Абвінавачаньне ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках (2-я частка 293 артыкула Крымінальнага кодэксу) прад’яўленае адразу чатыром удзельнікам Плошчы: Алесю Кіркевічу, Змітру Дразду, Сяргею Казакову і Ўладзімеру Яроменку.

 

Гарадзенскі маладафронтавец Алесь Кіркевіч адбыў 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці 24 сьнежня. 28 студзеня яго затрымалі як падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Ён зьмешчаны ў СІЗА КДБ, перадае праваабарончы сайт spring96.org.

 

Сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Дзьмітрый Дрозд адбыў 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі пратэсту. 1 лютага яго ўзялі пад варту на 3 сутак як падазраванага і пазьней перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

 

Актывіст "Эўрапейскай Беларусі" Сяргей Казакоў 27 студзеня затрыманы ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Цяпер ён у СІЗА на вуліцы Валадарскага.

 

Актывіст "Маладога фронту" Ўладзімер Яроменак адбыў 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці 20 сьнежня, яшчэ 7 сутак правёў у турме на Акрэсьціна. 28 студзеня ён быў затрыманы ў якасьці падазраванага па справе аб масавых беспарадках і знаходзіцца цяпер у СІЗА КДБ.

 


Адвакат Гараева адмовілася абараняць Ірыну Халіп

 

4 лютага менскі адвакат Тамара Гараева адмовілася абараняць Ірыну Халіп, зь якой заключыла некалькі дзён таму дамову на аказаньне адвакацкіх паслуг.

 

— Дачка зноў засталася без адваката. Ад першага адваката, Уладзімера Тоўсьціка, яе прымусілі адмовіцца, бо пагражалі адвакату пазбаўленьнем ліцэнзіі. Зараз зноў. Хочуць дамагчыся, каб Ірына пагадзілася на дзяржаўнага адваката, цалкам падкантрольнага, — гэтак пракамэнтаваў навіну Ўладзімер Халіп, бацька журналісткі Ірыны Халіп.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Суд даў дазвол на бел-чырвона-белы сьцяг!

 

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова апраўдала апазыцыянэра, якога 3-га студзеня міліцыянты затрымалі ў цэнтры Віцебску зь бел-чырвона-белым сьцягам.

 

Судовы працэс над Барысам Хамайдам, на якога ў пастарунку склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне, расьцягнуўся на цэлы месяц. Адразу пасьля затрыманьня 3-га студзеня судзьдзя Алена Цыганкова адмовілася разьбіраць справу апазыцыянэра і адправіла складзены міліцыянтамі пратакол на дапрацоўку. Бо яны не пазначылі, што за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў ён быў затрыманы ўжо не ўпершыню.

 

25-га студзеня Барыс Хамайда быў зноў выкліканы ў Чыгуначны райсуд. Ён некалькі разоў заяўляў адвод судзьдзі, якая схілялася да таго, што дзеяньні апазыцыянэра незаконныя. Урэшце спадар Хамайда ўвогуле адмовіўся даваць паказаньні, і Алена Цыганкова заявіла, што ў такім разе вымушана грунтавацца толькі на паказаньнях сьведкаў — міліцыянтаў, якія праводзілі затрыманьні.

Але 4-га студз

еня, паводле слоў самога Барыса Хамайды, "адбылася гістарычная падзея". Хоць супрацоўнікі міліцыі настойвалі, нібыта апазыцыянэр праводзіў 3-га студзеня несанкцыянаваны пікет, судзьдзя пастанавіла скасаваць судовую справу праз адсутнасьць складу правапарушэньня.

 

Паводле Барыса Хамайды, гэтае судовае рашэньне ён успрымае як дазвол і надалей выходзіць зь бел-чырвона-белым сьцягам да так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна. У наступны панядзелак, 7-га лютага, Барыс Хамайда плянуе працягваць акцыю — зноў разгарнуць бел-чырвона-белы сьцяг у цэнтры Віцебску.

 


Беларускаму народу можа спатрэбіцца дапамога

 

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні, пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, амэрыканскія сэнатары Джо Лібэрман і Джон Маккэйн адказалі на пытаньне карэспандэнта "Радыё Свабода".

 

— Цяпер многія эўрапейскія і амэрыканскія палітыкі кажуць пра неабходнасьць новага стаўленьня да беларускага рэжыму. Якім, па-вашаму, мусіць быць гэты новы падыход?

 

— Мы, ЗША і Эўразьвяз, спрабавалі прымяніць новы падыход. Новы падыход быў у тым, каб уцягваць рэжым у супрацоўніцтва і адчыніць краіну. Але гэта былі памылковыя пажаданьні, што паказалі выбары 19 сьнежня. Лукашэнка паказаў вельмі выразна, што ён ня хоча быць уцягнутым у агульнаэўрапейскія працэсы. І гэта пакідае за намі толькі адну магчымасьць — рабіць тое, што мы і робім. Вось чаму былі ўведзеныя санкцыі з боку ЗША і Эўразьвязу, вось чаму будзе павялічвацца дапамога беларускай апазыцыі. — сказаў спадар Лібэрман.

 

Як і ў выпадку Эгіпту, лёс Беларусі будзе вырашацца народам Беларусі. Але народу можа спатрэбіцца дапамога, каб атрымаць сапраўдны шанец выказваць свае жаданьні.

 

— Спадар Лука-ка не на тым баку гісторыі. Раней ці пазьней мы ўбачым дэмакратыю і свабоду ў Беларусі таксама як ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Народ у Беларусі ведае вельмі добра, што дэмакратыя існуе ўжо ў ягоных суседзяў. І беларусы будуць мець тую ж свабоду. — сказаў Джон Маккэйн.

 

Віталь Цыганкоў

 

 

Адных — зьняволіць, другіх — запалохаць

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

У Магілёве другі месяц шукае працу былы назіральнік на прэзыдэнцкіх выбарах ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксей Паўлоўскі. Уладкаваць яго ня можа нават служба занятасьці. Актывіст лічыць, што гэтак улада помсьціць яму за грамадзкую дзейнасьць.

 

Аляксей Паўлоўскі — будаўнік з шматгадовым стажам і высокай кваліфікацыяй. Апошняе месца яго працы — рэканструкцыя Магілёўскага тэатру лялек. Па яе заканчэньні прафсаюзнага актывіста Паўлоўскага звольнілі на той падставе, што ў арганізацыі, дзе ён працаваў, не было новых будаўнічых аб’ектаў.

 

— Зараз я больш за месяц спрабую ўладкавацца ў будаўнічы трэст № 12. Чатыры разы туды хадзіў па накіраваньні цэнтру занятасьці. Мне давалі зьвесткі, што там патрэбныя муляры 4–5 разраду. Прыходзіш туды, бягуць да ўпраўляючага, тэлефануюць і адклікаюць заяўку. Мяне не бяруць, бо я ж паўсюдна намагаюся бараніць тыя правы, якія запісаныя ў Канстытуцыі. А гэта не падабаецца наймальніку. У іх тады пачнуцца праблемы, бо яны парушаюць працоўнае заканадаўства.

 

Незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці, у які ўваходзіць Аляксей Паўлоўскі, зьвярнуўся са скаргай у суд, каб абараніць правы свайго актывіста:

 

— Мы лічым, што яго дыскрымінуюць. Ён актыўную пазыцыю займае. Яны гэта ведаюць. Правы свае бароніць. Яго накіроўвае цэнтар занятасьці, а яму адмаўляюць ва ўладкаваньні з надуманых прычын»,— тлумачыць сытуацыю юрыст прафсаюзу Аляксей Яўгенаў.

 

У суд прафсаюз скардзіцца на будаўнічы трэст № 12. У аддзеле кадраў трэсту прызнаюць, што Аляксей Паўлоўскі тут бывае рэгулярна:

 

— Вакансіяў для Паўлоўскага, на жаль, на сёньняшні дзень у нас няма. Мы набіраем муляраў шостага разраду. Ён працаваў у нас раней. Як спэцыяліста яго ніводная арганізацыя са станоўчага боку не характарызуе,— зазначае супрацоўніца аддзелу кадраў.

 

Аляксей Паўлоўскі падчас перадвыбарчай кампаніі быў заўсёднікам на сустрэчах давераных асобаў Лука-кі. Яго вострыя пытаньні змушалі выступоўцаў апраўдвацца. На адной з такіх сустрэч у будаўнічым каледжы арганізатары вымушаныя былі нават вывесьці з залі ўсіх навучэнцаў. З сотні чалавек застаўся дзясятак.

 

Такой жа была пазыцыя актывіста й падчас назіраньня:

 

— Там адзін быў назіральнік ад улады. Пасьля таго як я дамагаўся справядлівага падліку галасоў, і там жа былі замежныя назіральнікі, ён мне заявіў, што з-за майго выступу мяне ніхто ня возьме на працу. Можа, ён агентам якім быў.

 

Аляксей Паўлоўскі неаднойчы балятаваўся ў дэпутаты гарсавету й Палаты прадстаўнікоў. Да яго рэгулярна зьвяртаюцца людзі па дапамогу ў вырашэньні сацыяльных праблем. У актывіста — пяты разрад муляра.

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

Маці зьняволенага палітыка Паўла Севярынца, спадарыня Тацяна, вяртаецца на выходныя зь Менску дадому ў Віцебск. Яна кажа, што змаганьне за сустрэчу са зьняволеным у СІЗА КДБ сынам ператварылася ў штодзённую працу: за мінулы тыдзень яна некалькі разоў сустракалася з праваабаронцамі, наведвала адміністрацыйныя ўстановы ды напісала больш за дзясятак скаргаў:

 

— Генэральная пракуратура — тры, КДБ — чатыры, менская гарадзкая пракуратура — адна, яшчэ дзьве на сустрэчу з Паўлам у сьледчы камітэт, у Міністэрства аховы здароўя і Чырвоны крыж. Разьлік на тое, каб хоць адна з трох акрэсьленых мной праблем — гэта сустрэча Паўла з адвакатам, сустрэча са мной і каб яму перадалі лекі — нарэшце вырашылася. Калі там ёсьць хаця б нейкія зачаткі законнасьці, то павінны былі б вырашыцца ўсе тры. Але калі няма — дык няма!

 

Спадарыня Тацяна згадвае, што апошні раз адвакат сустракаўся з Паўлам Севярынцам 29-га сьнежня. З тае пары сустрэч не было, а са сьледчым, які вядзе справу, зьвязацца немагчыма ўвогуле:

 

— На мае тэлефанаваньні ён не адгукаецца, хаця датэлефанавацца я спрабую ці не штодня.

 

 

Актывіста "Нашага дома" выклікаюць у КДБ

 

Актывіста грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Паўла Варашылава выклікаюць у КДБ. Позву на допыт актывіст знайшоў сёньня ў паштовай скрынцы. У ёй пазначана, што опэрупаўнаважаны Андрэй Рошчын чакае яго 8 лютага як сьведку ў крымінальнай справе № 10011110362.

 

1 лютага двое супрацоўнікаў спэцслужбы прыходзілі да хаты актывіста. У двары яго не засьпелі. Быў на працы. Пра тое, што камітэтчыкі прыходзілі, паведаміла хлопцу маці.

 

Павал Варашылаў ня быў удзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Цікавасьць з боку КДБ ён тлумачыць сваёй актыўнасьцю ў ходзе перадвыбарчай кампаніі.

 

1 лютага опэрупаўнаважаны Андрэй Рошчын дапытваў і праваабаронцу з той жа кампаніі "Наш дом" Крысьціну Шацікаву. Яна ўдзельнічала ў акцыі пратэсту ў Менску 19 сьнежня. Падзеі на Плошчы яна здымала на фота і відэа. Як яна сьцьвярджае, у яе ёсьць здымкі міліцыянтаў, якія бачылі тых, хто ламаў дзьверы й біў вокны ў Доме ўраду. Гэтымі дакумэнтамі зацікавіліся камітэтчыкі. Сёньня яны абяцалі забраць іх у Крысьціны Шацікавай.

 


Раней — у КДБ, цяпер — у МУС

 

Гомельскага актывіста стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Яўгена Якавенку апыталі сёньня ва ўправе ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму.

 

— Хаця ў позьве было напісана, што выклікаюць мяне як сьведку, аднак падпалкоўнік Раман Урублеўскі падчас сустрэчы ўдакладніў, што хоча пагутарыць са мной "па-чалавечы", — паведаміў спадар Якавенка.

 

Падпалкоўніка Ўрублеўскага, які працуе ў крымінальным вышуку, цікавіла, ці быў актывіст 19 сьнежня ў Менску, ці ўдзельнічаў у масавых беспарадках?

 

Спадар Якавенка распавёў, што асабліва яго пацешыла такая прапанова міліцыянта:

 

— Ён хацеў таксама, каб я, калі быў у Менску, апрануўся так, як у той дзень, а пасьля ў іх сфатаграфаваўся.

 

Паводле актывіста, размова з падпалкоўнікам была кароткая, бо ён спаслаўся на артыкул 27 Канстытуцыі — права ня сьведчыць супраць сябе й сваіх блізкіх. Да таго ж Яўген Якавенка паінфармаваў падпалкоўніка, што ўжо адказваў на падобныя пытаньні ва ўправе КДБ.

 

Сёньня ж быў паўторна дапытаны ў Рагачоўскім аддзеле Гомельскага УКДБ мясцовы актывіст беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзьмітры Дашкевіч, удзельнік выбарчай кампаніі ў падтрымку Віталя Рымашэўскага.

 


Дзьмітрыя Вуса распытваюць пра Міколу Статкевіча

 

4 лютага на чарговы допыт ў КДБ выклікалі былога кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса, які застаецца падазраваным ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня.

 

У Дзьмітрыя Вуса тры тыдні таму нарадзіўся сын. Але мая размова з былым кандыдатам ў прэзыдэнты была не пра пялюшкі, а пра падзеі, якія рэгулярна адбываюцца зь ім пасьля 19 сьнежня: пра чарговы допыт ў КДБ. Дзьмітры Вус не хаваў, чаго дамагаліся ад яго сьледчыя.

 

— Будзем казаць шчыра: мяне шантажуюць, каб я абвінаваціў Статкевіча ў арганізацыі беспарадкаў 19 сьнежня. Я адказваю, што ня бачыў, каб кандыдаты ў прэзыдэнты бралі ўдзел у беспарадках. Гэта ўсё было зроблена спэцслужбамі. Але яны зноў падводзілі да таго, каб казаў, што Статкевіч ды іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты наўмысна арганізоўвалі беспарадкі. І што я ведаў, што так будзе. Я зноў ім кажу, што ня бачыў, як кандыдаты бралі удзел, пакуль заставаўся на плошчы. А потым сышоў. Не, кажуць, вы ведалі.

 

Чаму менавіта пра Статкевіча найбольш распытваюць у Дзьмітрыя Вуса? Былы кандыдат тлумачыць гэта тым, што частка ягонай групы падтрымкі зьбірала подпісы і за Статкевіча, а таксама яны разам езьдзілі па краіне падчас перадвыбарчай кампаніі.

 

Дзьмітры Вус — прадпрымальнік. Ён займаецца выдавецкім бізнэсам. Былы кандыдат кажа, што ягоны бізнэс таксама стаў прадметам размовы.

 

— Пыталіся пра маё прадпрыемства, казалі, што калі мяне пасадзяць, то прадпрыемства празь месяц разваліцца. Чаго, маўляў, тут сядзіце, зьяжджайце ў Афрыку. Чамусьці раілі мне ехаць ў Самалі. Я адказваў, што тут мая радзіма, мае карані і нікуды я ехаць не зьбіраюся.

 

Паводле Дзьмітрыя Вуса, выдавецкі бізнэс у Беларусі і бязь ціску "ледзь жывы". Мінулая прэзыдэнцкая кампанія прадпрымальніку дадала праблемаў, але ён не шкадуе, бо рабіў усё сьвядома і таму "перакідваць адказнасьць няма на каго".

 

— Трэба, каб гэтае беззаконьне скончылася, каб адчапіліся ад кандыдатаў. А тых, хто там біў шкло, пра іх жа вядома, іх па тэлебачаньні паказвалі. Я сьледчым кажу: "Паглядзіце, там жа вашы супрацоўнікі і білі гэтыя вокны, таму самі іх і дапытвайце". Сьмяюцца, усьміхаюцца.

 

Сёньня ў Дзьмітрыя Вуса быў чацьвёрты допыт у КДБ. На новы допыт прадпрымальніку трэба прыйсьці ў аўторак, 8 лютага.

 

Зь дзесяці кандыдатаў у прэзыдэнты, якія удзельнічалі ў сьнежаньскіх выбарах, сьледчыя не цікавяцца Лука-кам, Віктарам Цярэшчанкам і Яраславам Раманчуком.

 

Алег Грузьдзіловіч


“Радыё Свабода”

 

 

Теперь уже никто не знает, кого конкретно обвиняют

 

По уголовному делу о массовых беспорядках в Менске 19 декабря 2010 года проходят 42 обвиняемых, сообщает сайт правозащитного центра "Вясна".

 

"По состоянию на 4 февраля 2011 года по уголовному делу о массовых беспорядках в Минске известны фамилии 42 обвиняемых и 12 подозреваемых", — сообщает сайт.

 

"Из 42 обвиняемых 33 содержатся под стражей, 2 — под домашним арестом, 7 — под подпиской о невыезде.

 

Из 12 подозреваемых 1 находится под стражей, 9 — под подпиской о невыезде, 2 — находятся за пределами страны", — сообщает сайт.

 

Среди обвиняемых 5 экс-кандидатов в президенты — Андрей Санников, Николай Статкевич, Алесь Михалевич (находятся и СИЗО КГБ), Владимир Некляев (под домашним арестом), Виталий Рымашевский (отпущен под подписку о невыезде).

 

Среди подозреваемых — два экс-кандидата в президенты: Григорий Костусев и Дмитрий Усс, с которых взята подписка о невыезде.

 

В свою очередь в ГУВД Менска отказались назвать точное количество обвиняемых по данному делу, сославшись на тайну следствия и напомнив, что "ранее уже была озвучена официальная информация", — сообщает "Интерфакс-Запад".

 

Как ранее сообщали в МВД Беларуси, в рамках расследования уголовного дела, возбужденного по ч.1,2 ст.293 "Массовые беспорядки" Уголовного кодекса Беларуси, следственным управлением предварительного расследования ГУВД Менска установлено свыше 120 человек, активно участвовавших в массовых беспорядках 19 декабря 2010 года на площади Независимости, 31 человеку предъявлено обвинение.

 

“БГ Деловая газета”

 

 

Расея не збіраецца заплюшчваць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі?

 

Расея не збіраецца заплюшчваць вочы на праблемы правоў чалавека ў Беларусі, заявіў 3 лютага міністр замежных спраў РФ Лаўроў падчас запісу праграмы Spotlight Аляксандра Гурнова, якая выйдзе ў эфір на тэлеканале Russia Today у найбліжэйшую суботу.

 

"Беларусь — наша братняя краіна, стратэгічны партнёр, але гэта не азначае, што мы заплюшчым вочы на парушэнне асноўных правоў і свабод", — цытуе Лаўрова РІА Новости.

 

Паводле слоў міністра, Масква "не збіраецца кіравацца двайнымі стандартамі, што неабходна для выканання правоў і свабод у самой Расеі".

 

— Ёсць пэўныя стандарты, ёсць абавязацельствы, пад якімі мы падпісаліся, — заявіў Лаўроў.

 

Ён назваў "непрымальнымі" арышты ў Беларусі кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, а таксама двух расейскіх грамадзян.

 

— Мы спрабуем атрымаць больш яснасці ў беларускіх калег, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства РФ.

 

1 лютага прэзідэнт Расеі Мядзведзеў даручыў расейскаму МЗС улічваць у сваёй пазіцыі меркаванне праваабаронцаў па падзеях у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

 

“БелаПАН”

  

  

5-7 лютага 2011 г.

 


Ператрус ва Ўладзімера Сякеркі

 

Трое супрацоўнікаў КДБ правялі ператрус на кватэры ў Гомелі ў старшыні Гомельскай абласной арганізацыі партыі "Справядлівы сьвет" Уладзімера Сякеркі.

 

Ператрус праходзіў у адсутнасьць гаспадара. У гэты час Уладзімер Сякерка знаходзіўся ў Рэчыцы на партыйным сходзе.

 

Ператрус праводзіўся ў сувязі з крымінальнай справай, зьвязанай з падзеямі 19 сьнежня ў Менску.

 

Паводле жонкі Тацяны, супрацоўнікі КДБ сканфіскавалі кампутар. Яна таксама адзначыла, што спадар Уладзімер быў на допыце ў КДБ, а 19 сьнежня знаходзіўся на выбарчым участку.

 

Алесь Дашчынскі

 

 

Крымінальную справу расейцаў перадаюць у суд

 

Завершанае папярэдняе расьследваньне крымінальнай справы супраць грамадзянаў Расеі Арцёма Брэўса і Івана Гапонава. Справа накіраваная ў суд, паведаміў "Інтэрфаксу" крыніца ў сілавых структурах.

 

Брэўса і Гапопанава вінавацяць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 19 сьнежня. Іх затрымалі пасьля падзеяў на плошчы. 29 сьнежня Брэўс і Гапонаў яны выйшлі на волю і паўторна былі арыштаваныя. 3 лютага кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў назваў непрымальным знаходжаньне двух грамадзянаў Расеі пад арыштам у Беларусі.

 

— Высунутыя супраць іх абвінавачваньні выглядаюць проста кажучы несур’ёзна. Мы спрабуем зараз дабіцца большай яснасьці ад нашых беларускіх калегаў, — заявіў Лаўроў.

 

— Расейцам было зменена вылучанае раней абвінавачванне. У прыватнасці, выключана абвінавачванне па ч.1 ст.293 КК — "арганізацыя масавых беспарадкаў", — заявіў прадстаўнік амбасады Расеі Вадзім Гусеў.

 

Іх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

 

— Пакараньне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленьне волі тэрмінам ад трох да васьмі гадоў, — сказаў ён.

 

 

АГП больш не давярае Раманчуку

 

Нацыянальны камітэт Аб’яднанай грамадзянскай партыі выказаў вотум недаверу намесьніку старшыні АГП Яраславу Раманчуку. Яго далейшы лёс вырашыць зьезд партыі. Ад пасады вызвалены таксама Андрэй Дзьмітрыеў.

 

Сябры АГП ініцыявалі пытаньне аб яго далейшым удзеле ў жыцьці партыі.

 

На пасяджэньні была заслухана пазыцыя былога кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП, які ў цэлым паўтарыў ўсё раней сказанае. З крытыкай дзеяньняў Яраслава Раманчука пасьля 19 сьнежня выступілі ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч і намесьнік старшыні Леў Марголін, а таксама іншыя актывісты АГП.

 

Сёньня ж Нацыянальны камітэт АГП вызваліў ад пасады старшыні камісіі АГП па міжнародных пытаньнях Андрэя Дзьмітрыева. У часе прэзыдэнцкай кампаніі ён узначальваў выбарчы штаб Уладзімера Някляева. У ноч на 20 сьнежня Дзьмітрыеў быў затрыманы, 3 студзеня вызвалены зь сьледчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

 

Новым старшынём камісіі па міжнародных пытаньнях абраны Юры Лаўрэнцьеў.

 

 

Ня допыт, дык суд. Ня суд, дык арышт

 

КДБ і міліцыя працягваюць перасьлед грамадзкіх актывістаў у рэгіёнах. На допыты выклікаюць ня толькі ўдзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня, але й тых, каго там не было. А на Гарадзеншчыне міліцыянты дамагаюцца паўторнага арышту пляменьніка Яраслава Раманчука, які ўжо адбываў пакараньне за ўдзел у Плошчы.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

На допыты ў КДБ на Магілёўшчыне выклікаюць усіх давераных асобаў былога кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага.

 

У аддзяленьне КДБ у Асіповічах быў выкліканы Аляксей Цюлькоў — дзейны дэпутат тамтэйшага райсавету, актывіст стваранай партыі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя".

 

На допыце ў КДБ адно зь першых пытаньняў сьледчага Вадзіма Марозава было — чаго ехаў у Менск? Пытаньне апазыцыйны актывіст палічыў некарэктным:

 

— Намагаліся прымусіць, каб я адказаў, але я вельмі жорстка на гэта сказаў, што адказваць ня буду. І яны тады ад мяне адсталі.

 

У КДБ Аляксей Цюлькоў прабыў дзьве гадзіны. Кажа, што змарнаваў час, бо сэнсу ад допыту патлумачыць сабе ня можа:

 

— Можа, яны спрабавалі запалохаць, але ж не атрымліваецца. Людзі ж ужо ведаюць пра гэтыя допыты. Прынамсі, для мяне не было нічога страшэннага ад таго, што я прыйшоў у КДБ. У нас усіх давераных асобаў Віталя Рымашэўскага выклікаюць. Я проста быў зьдзіўлены, што мяне столькі часу не выклікалі.

 

Як кажа Аляксей Цюлькоў, 19 сьнежня да Менску ён не даехаў. Яго затрымалі ў Пухавіцкім раёне. Даставілі ў мясцовы аддзел міліцыі.

 

Тым часам допыту ў КДБ чакае й магілёўскі актывіст грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Павал Варашылаў. У позьве пазначана, што ён сьведка, аднак у якой справе — невядома. Справа схаваная за наборам лічбаў. Выклік опэрупаўнаважанага Андрэя Рошчына для хлопца незразумелы:

 

— Можа, таму, што я вельмі актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі.

 

— А хіба гэта забаронена?

 

— Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншых законаў — канечне, не, але з гледзішча ўладаў гэта, відаць, забаронена.

 

Павал Варашылаў на Плошчы ня быў. Начальства заводу, дзе робіць хлопец, загадала ў выходны дзень працаваць.

 

Не застаюцца ў Магілёве без увагі спэцслужбаў і незалежныя журналісты. Днямі а пятай гадзіне раніцы ўчастковы міліцыянт і невядомы чалавек, які прыйшоў зь ім, спрабавалі пагутарыць з Алесем Бураковым. У двары таго не было. Бацька раньнім гасьцям дзьверы не адчыніў. Журналіст на Плошчы ня быў і наагул знаходзіўся па-за межамі Беларусі. Увагу да сваёй асобы Алесь Буракоў тлумачыць актыўнасьцю магілёўскай моладзі, якая праводзіць акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі:

 

— У 2006 годзе я быў затрыманы на Кастрычніцкай плошчы ў Менску падчас папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі — вось яны проста паднялі старыя сьпісы й цяпер ходзяць па гэтых сьпісах да ўсіх актыўных людзей, каб не дапусьціць іхнага ўдзелу ў акцыях пратэсту.

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

Старшыня суполкі партыі БНФ з райцэнтру Гарадок, актывіст кампаніі "Гавары праўду" Леанід Аўтухоў трапіў на допыт, калі панёс у мясцовы райаддзел міліцыі дакумэнты, каб замяніць стары пашпарт:

 

— Я сабраў паперы, думаю, замяню пашпарт. Тэлефонны званок: "Добры дзень, гэта начальнік міліцыі". Кажу: "Дык і я ў РАУС!" Просіць: "Пачакайце, з вамі хочуць пагаварыць супрацоўнікі КДБ". Пытаюся, у якасьці каго. Адказваюць: "У якасьці сьведкі. Вы ж 19-га ў Менску не былі? Таму абвінавачаньня супраць вас няма. Але ж вы ведалі, што будзе ў Менску 19-га?" Кажу: "Канечне, ведаў! Гэта ўсе ведалі!".

 

19-га сьнежня Леанід Аўтухоў быў назіральнікам на выбарах у Гарадку. Ад’ехаць у Менск не атрымалася: яго перасьледавалі невядомыя асобы, якія суправаджалі ягоную машыну да позьняга вечара.

 

13-га студзеня ў Леаніда Аўтухова супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Узялі толькі некалькі дыскаў ды флэшак — бо кампутар у актывіста сканфіскавалі раней за нявыплату штрафаў. Штрафы былі накладзеныя судамі за правядзеньне акцый зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, але беспрацоўны апазыцыянэр ня можа плаціць у дзяржаўны бюджэт больш як 10 тысяч рублёў штомесяц.

 

7-га лютага Леаніда Аўтухова зноў выклікалі ў Гарадоцкі раённы суд, каб нагадаць пра запазычанасьць:

 

— Каб пагасіць штраф, кожны месяц плачу 10 тысяч, плюс яшчэ кампутар канфіскавалі, прадалі ў кошт штрафу за 360 тысяч. Засталося яшчэ 1 мільён 66 тысяч!

 

У судзе актывісту зноў сказалі, што ён расплачваецца занадта марудна і што за затрымку яму можа пагражаць новае адміністрацыйнае пакараньне.

 

Адміністрацыйнае пакараньне пагражае і віцебскаму апазыцыянэру Барысу Хамайду — таксама за акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам.

 

Вядомы ў горадзе актывіст 7-га лютага выйшаў распаўсюджваць незалежную прэсу пад бел-чырвона-белым сьцягам. Такім чынам ён вырашыў працягваць абвешчаную ім на пачатку году акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга", прысьвечаную 20-м угодкам беларускай незалежнасьці.

 

Міліцыянт па прозьвішчы Рыбакоў, які быў сьведкам на папярэдним судзе, затрымаў апазыцыянэра зноў:

 

— Напачатку ён сказаў, што абласны суд будзе пераглядаць тое рашэньне. Кажу: "Судзьдзя ж усё разгледзела…" А ён: "Цяпер будзе разглядаць іншая. Гэтая судзьдзя нічога не разумее!" Ну як гэта не разумее? Яна ж паводле закону разглядала… "Не, вы парушылі артыкул, было несанкцыянаванае пікетаваньне!" — кажа. Прывезьлі мяне ў РАУС, перад тым сфатаграфавалі, як я стаяў са сьцягам.

 

У Чыгуначным РАУС у Барыса Хамайды забралі сьцяг, пад якім ён стаяў каля так званага "сіняга дома". Міліцыянты патлумачылі, што сьцяг будзе рэчавым доказам у судзе.

 

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

 

Артур Раманчук Пляменьнік Яраслава Раманчука — Артур Раманчук атрымаў пастанову суду, паводле якой ён павінен адбыць яшчэ 9 сутак пакараньня. 20 сьнежня яго асудзілі на 12 сутак, але праз трое сутак выпусьцілі з Жодзінскай турмы.

 

Артур Раманчук навучаецца ў Польшчы, а зараз прыехаў дадому на канікулы. І вось адразу да яго завітаў міліцыянт з пастановай. Ён кажа, што павінен быў ісьці з участковым адразу, але ў яго высокая тэмпэратура:

 

— У мяне, напэўна, грып, бо высокая тэмпэратура, горла закладзенае, нос таксама. Учора тэмпэратура трымалася 38, сёньня трошкі ніжэй.

 

Што тычыцца пастановы суду, якую прынёс участковы міліцыянт, Артур Раманчук вельмі зьдзіўлены такім паваротам падзеяў:

 

— Я сам гэтага не разумею, дый адвакат, у якога 40 гадоў стаж, першы раз сутыкаецца з такім, што спачатку адпускаюць, а потым ізноў садзяць. Каму ні скажаш — усе зьдзіўляюцца.

Раней прадстаўнік адміністрацыі турмы ў Жодзіне заявіў, што Артура адпусьцілі, бо ён студэнт замежнай ВНУ. Сам Артур кажа, што да канца не разумее гэтага, але бачыў даведку, згодна зь якой яго выпусьцілі паводле стану здароўя.

 

Маці Артура Раманчука Сьвятлана Раманчук дадае, што пастанову суду ніхто ня можа адмяніць і яна дзейнічае на працягу трох месяцаў. Яна таксама цікавілася, зь якой прычыны тады выпусьцілі яе сына:

 

— Яго адпусьцілі тады на падставе мэдыцынскай даведкі, што ў яго нібыта быў сындром, тыпу эпілепсіі. Я ўчора была ўжо ў такім стане, што з пастарунку тэлефанавала дахаты і пыталася — ці праўда гэта? Сын адказвае, што нічога зь ім такога не было.

 

Спадарыня Сьвятлана кажа, што перадумала самае рознае і яе гэта вельмі турбуе. Яна кажа, што чалавек, калі ў яго і быў такі стан, то ён папросту нічога ня памятае. Пры гэтым дадае, што раней з сынам ніколі нічога падобнага не здаралася:

 

— Я ня ведаю, што тут думаць, бо сын кажа, што такога не было. А ўчора размаўляла з урачом, і той кажа, што ён можа пра гэта ня памятаць. Але сын кажа, што зь ім гэтага не было.

 

 

Трапнае "бамбардаваньне" "амэрыканкі" тэрміновымі тэлеграмамі

 

З Настай Палажанкай у турме КДБ сустрэлася адвакатка. Сваякі Зьмітра Бандарэнкі ўпершыню атрымалі яд яго пасьцельную бялізну для мыцьця. Малюнак дзесяцігадовай Лесі Міхалевіч ня трапіў яе тату.

 

Бацька актывісткі "Маладога фронту" Насты Палажанкі атрымаў ліст ад дачкі і цяпер уяўляе, як праходзіць для Насты турэмны час.

 

— Пад’ём раніцай у 6 гадзін, у 7 п’ю каву, у 8 пішу лісты, з 10:30 да 11:30 прамэнад, потым абед і гэтак далей. Піша, што вось так днямі забівае час, бо чытаць жаночыя раманы немагчыма, як і глядзець тэлевізар, па якім круцяць "Беларусь. Найноўшая гісторыя". Зараз можаш уявіць, у якім становішчы я знаходжуся, — цытуе ліст дачкі Ўладзімер Палажанка. — Забіць нечым цэлы дзень складана, паколькі, у адрозьненьне ад той жа Валадаркі, тут нельга перадаваць сваёй літаратуры, каб вучыцца ці каб чытаць нешта карыснае й сабе ў задавальненьне.

 

Адвакат Насты Кацярына Пятровіч бачыла сваю падабаронную падчас сьледчых дзеяньняў у КДБ 4 лютага. Што за сьледчыя дзеяньні адбываліся, адвакат бацьку не сказала.

 

— Выглядае нармальна, настрой добры, — спасылаецца на зьвесткі адваката Ўладзімер Палажанка.

 

Па-ранейшаму няма лістоў ад кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, і адваката да яго таксама не дапускаюць, паведаміла "Свабодзе" ягоная маці Ала Ўладзімераўна.

 

7 лютага сваякам некаторых вязьняў нарэшце аддалі іх пасьцельную бялізну для мыцьця. Вольга Бандарэнка атрымала бялізну ўпершыню за ўсё зьняволеньне мужа, якога арыштавалі ў ноч на 20 сьнежня. Цягам апошняга тыдня Вольга Бандарэнка, як яна кажа, "літаральна забамбіла" сьледчую турму КДБ тэрміновымі тэлеграмамі на імя Зьмітра Бандарэнкі, а таксама скаргамі ў пракуратуру:

 

— Падзейнічалі, відаць, нашы тэлеграмы і скаргі. А яшчэ інтэрвію ў розныя мэдыі адносна гэтай жыцьцёвай праблемы.

 

Паводле ўнутраных правілаў КДБ, каб сваякам вязьняў перадалі пасьцельную бялізну, вязень "амэрыканкі" спачатку мусіць напісаць адпаведную заяву адміністрацыі. Тое, што такіх заяваў няма, адміністрацыя часта выкарыстоўвае як падставу, каб адмовіць сваякам, якія аб гэтым просяць. Тым часам некаторыя сваякі расказваюць, што ім пасьцельную бялізну аддавалі без усялякіх заяваў.

 

— Нават такія бытавыя моманты становяцца сродкам узьдзеяньня на вязьняў, — кажа Вольга Бандарэнка.

 

Сёньня пасьцельную бялізну атрымалі таксама сваякі Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча.

 

Ад кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча ўпершыню дайшоў ліст на імя дачкі Лесі. Як высьветлілася, з усіх лістоў, якія дзесяцігадовае дзіця дасылала тату, ён атрымаў толькі адзін, і той без малюнка, які Леся ўклала ў ліст, паведаміла жонка вязьня Мілана Міхалевіч:

 

— Галоўнае, што дайшоў ліст тату ад дзіцяці. Але вось малюнак, які быў зь лістом, гэтак і не аддалі.

 

Скарга адваката Аляксандра Фядуты на зьмену меры стрыманьня адхіленая, паведаміла ягоная жонка Марына:

 

— Таксама не задаволілі хадайніцтвы аб спатканьнях. Ён хадайнічаў аб спатканьні са мной і з адвакатам сам-насам. Але не задаволілі гэта. Усё, больш навін ніякіх.

 

У нядзелю, 6 лютага, выйшаў з ізалятара на Акрэсьціна моладзевы актывіст Цімафей Атрошчанкаў, стрыечны брат прэсавага сакратара Саньнікава Алеся Атрошчанкава, якога трымаюць у "амэрыканцы". Напярэдадні праваабаронцы не выключалі, што Цімафея Атрошчанкава, як шмат каго з актывістаў, могуць пасьля арышту на Акрэсьціна перавесьці ў ізалятар на Валадарскага як абвінавачанага па справе 19 сьнежня.

 

— Дзякуй Богу, гэтага не адбылося. Такім чынам, у справе 19 сьнежня застаюцца 43 абвінавачаных і некалькі чалавек падазроных, — паведаміла "Свабодзе" праваабаронца Наста Лойка зь "Вясны".

 

Алег Грузьдзіловіч


“Радыё Свабода”

 

 

Назіральнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі пераследуюць дагэтуль

 

Назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ад БХК з Глыбокага Кастуся Шыталя не пакідае ў спакоі мясцовая міліцыя.

 

28 студзеня яму патэлефанаваў на мабільны тэлефон мясцовы ўчастковы Альхімёнак, які хацеў пагутарыць з актывістам наконт ягонага назірання пад час прэзідэнцкіх выбараў. Пры гэтым ён паведаміў, што ў міліцыю прыйшла нейкая “папера на яго”.

 

Затым супрацоўнікі міліцыі наведалі ягоную маці, якую спрабавалі распытаць пра ўдзел сына ў кампаніі па назіранню за выбарамі. Наступнага разу міліцыянты спрабавалі ўручыць маці позву на допыт сына, аднак яна адмовілася яе прымаць, паколькі Кастусь дома не пражывае. Супрацоўнікі міліцыі тэлефанавалі нават у Браслаў, дзе ён браў удзел у рэлігійнай імпрэзе, спрабуючы такім чынам знайсці актывіста.

 

Сам Кастусь Шыталь лічыць, што яго пераследуюць за тое, што ў дзень выбараў ён зафіксаваў факты парушэння выбарчага заканадаўства на Глыбоцкім выбарчым участку № 2, якія затым сталі вядомыя грамадству праз незалежныя СМІ.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Палітычныя графіці з’явіліся ўздоўж чыгункі

 

Раніцай у нядзелю на платах уздоўж чыгуначных шляхоў у напрамку "Менск-Асіповічы" і ў наваколлі з’явіліся графіці з патрабаваннем вызваліць палітычных зняволеных — лідара "Маладога Фронту" Змітра Дашкевіча, намесніцу старшыні  "Маладога Фронту" Насту Палажанку, лідэра БХД Паўла Севярынца, лідэра сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча і іншых, паведамляе прэс-служба БХД.

 

— Палітычныя графіці — прызнаны ва ўсім свеце спосаб вядзення інфармацыйнай вайны. Мы сцвярджаем, што яны будуць з’яўляцца і надалей, пакуль усе палітзняволеныя не будуць вызваленыя, — паведамілі дэмакратычныя актывісты.

 

“Еўрарадыё”

 

 

На допыце актывістку БХД частавалі ўлюбёнай гарбатай

 

Сёння ў КДБ дапыталі кіраўніка моладзевага крыла аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Любоў Каменеву. Чэкісты адмыслова падрыхтаваліся да яе сустрэчы.

 

Зранку Каменева прыехала ў КДБ са сваім адвакатам, аднак у яго прысутнасці на допыце было адмоўлена.

 

Допыт цягнуўся каля гадзіны, пра яго змест актывістка БХД распавесці не змагла, бо дала падпіску аб неразгалошванні. Яна толькі адзначыла, што чэкісты цікавіліся не толькі падзеямі 19 снежня, але і ўласна БХД.

 

Да яе прыходу супрацоўнікі відавочна рыхтаваліся.

 

У памяшканні для допыту на стале ляжала Біблія, на сценах былі развешаныя календары з беларускімі храмамі, а на дзвярах вісела бел-чырвона-белае сэрца-валянцінка з акцыі, якую калісьці ладзіла моладзь БХД супольна з "Маладым фронтам".

 

Следчы запэўніў дзяўчыну, што ведае пра яе амаль усё і… прапанаваў кубак зялёнай гарбаты без цукру — як яна любіць.

 

“Наша Ніва”

 

 

8 лютага 2011 г.

 

Партрэты зьняволеных на вуліцы

 

На менскіх вуліцах зьявіліся партрэты зьняволеных старшыні “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча і яго намесьніцы Насты Палажанкі. Мінакі заўважылі іх раніцай уздоўж вуліц і ў дварах у раёне Плошчы Перамогі.

 


Някляева дапыталі ў КДБ

 

Упершыню пасьля зьмены меры стрыманьня на хатні арышт экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева вазілі на допыт у КДБ.

 

Пра гэта паведаміла Інтэрфаксу адвакат Тамара Сідарэнка.

 

Допыт прайшоў 7 лютага і цягнуўся каля гадзіны. Адвакат адмовілася паведаміць падрабязнасьці, бо адвакаты фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Менску далі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

 

Сідарэнка ня выключыла, што тэрміны папярэдняга расьсьледаваньня для яе падабароннага будуць працягнуты:

 

— Двухмесячны тэрмін сьледзтва сканчаецца 19 лютага, але, хутчэй за ўсё, ён будзе працягнуты. Пакуль што гаворка аб тым, што матэрыялы справы рыхтуюцца ў суд, не ідзе.

 


Давераную асобу Някляева звольнілі з працы

 

З магілёўскага ўнівэрсытэту харчаваньня звольненая былая давераная асоба экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева Пётар Мігурскі.

 

Фармальная прычына — спыненьне стасункаў між ім і наймальнікам.

 

Сваё звальненьне Мігурскі зьвязвае з актыўнай палітычнай дзейнасьцю. Ён прызнае, што заяву на звальненьне напісаў сам, каб не ствараць праблемаў кіраўніцтву ўнівэрсытэту. Ён сьцьвярджае, што на кіраўніцтва націснулі, каб яно не прадаўжала кантракту зь ім.

 

Пётар Мігурскі працаваў на факультэце эканомікі ўнівэрсытэту, ён кандыдат эканамічных навук, ва ўнівэрсытэце працаваў ад верасьня 2006 года. Раней быў фэрмэрам і кіраваў калгасам.

 

 

Зноў — суд, зноў — арышт

 

У рэгіёнах працягваюцца допыты, ператрусы і суды над грамадзкімі актывістамі. Мясцовыя аддзелы КДБ і міліцыі спрабуюць запалохаць удзельнікаў акцый салідарнасьці са зьняволенымі ў Менску. Працягваецца таксама перасьлед людзей, якія прысутнічалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

У аўторак Ленінскі суд Магілёва асудзіў сябра партыі БНФ Валянціна Лабачова на сем сутак адміністрацыйнага арышту. Ягонага аднапартыйца Сяргея Нягаціна — на 5 сутак. Яны абодва былі ўдзельнікамі акцыі салідарнасьці, якая адбылася 16 студзеня. Яшчэ адну яе ўдзельніцу, шматдзетную маці Натальля Шкадун, судзьдзя Галіна Кужалева пакарала папярэджаньнем.

 

І Валянцін Лабачоў, і Сяргей Нягацін прыйшлі на працэс падрыхтаванымі да арышту. З сабою яны мелі торбы зь неабходнымі ў зьняволеньні рэчамі. Вырак суду ўсё адно іх абурыў.

 

— Як злодзеяў пакаралі. Гэта іх трэба за такі прысуд судзіць. Я ведаю, што гэты прысуд яна рабіла не ад сябе. Яна з кімсьці раілася. Гэта цалкам палітычны вырак. Ёй альбо пракуратура, альбо КДБ загадала, што каму даць, — заявіў адразу пасьля агучваньня выраку Сяргей Нягацін.

 

Сяргей Нягацін асуджаны на пяць сутак.

 

Валянцін Лабачоў ужо ў суправаджэньні міліцыянтаў заявіў, што прысуд несправядлівы:

 

— Мы выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю.

 

Валянцін Лабачоў асуджаны на сем сутак.

 

Нягаціна і Лабачова ўзялі пад варту ў залі суду.

 

Судзьдзя Галіна Кужалева прызнала траіх удзельнікаў акцыі салідарнасьці вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Супраць актывістаў сьведчылі чацьвёра міліцыянтаў — Аляксандар Церашонак, Аляксей Афанасенка, Альберт Марозаў ды Сяргей Харытонаў.

 

Паводле пратаколу адміністрацыйнага правапарушэньня, актывісты на вуліцы Ленінскай 16 студзеня выказвалі публічны пратэст супраць зьняволеньня былых кандыдатаў у прэзыдэнты без дазволу мясцовай улады. У руках яны трымалі партрэты палітыкаў. Міліцыянты прызналі ў судзе, што ўдзельнікі акцыі грамадзкага парадку не парушалі. Прызналі й тое, што яны не папярэджвалі актывістаў, што іх мерапрыемства незаконнае.

 

Праваабаронца Бухель Бухель сачыў за працэсам:

 

— Яны павінны былі папярэдзіць, што праводзіцца незаконнае мерапрыемства, і запатрабаваць разысьціся. Калі б актывісты ня выканалі гэтага, толькі тады яны мелі права прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасьці. Яны наўмысна гэтага не зрабілі. Яны проста падставілі людзей.

 

Тое, што міліцыянты бязьдзейнічалі, судзьдзя Галіна Кужалева не прыняла да ўвагі. А вось тое, што і Нягацін, і Лабачоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці, у прысудзе ўлічыла. Натальлю Шкадун судзьдзя пакарала папярэджаньнем, бо ў той чацьвёра дзяцей і не было адміністрацыйных пакараньняў. Усе пакараныя зьбіраюцца абскарджваць свае прысуды.

 

МЕНШЧЫНА

 

У аўторак давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, актывіст "Эўрапейскай Беларусі" Ўладзімер Лемеш чарговы раз быў выкліканы на допыт. На гэты раз — у Савецкі РАУС Менску. Высьветліць падрабязнасьці не ўдалося. Уладзімер паведаміў:

 

— Я якраз зараз на допыце ў міліцыі. Гаварыць не магу. Выбачайце…

 

Нагадаю, што 3 лютага ў Салігорску Лемеша дапыталі супрацоўнікі мясцовага КДБ. Тады допыт доўжыўся каля чатырох гадзін. А яшчэ раней, 25 сьнежня, гэтыя ж супрацоўнікі правялі ў яго ператрус. У той час сам Уладзімер Лемеш адбываў 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

 

Праваабаронца з Салігорску Ларыса Насановіч кажа пра перасьлед і іншых мясцовых актывістаў:

 

— У Салігорску ператрусы адбыліся на кватэрах каардынатара кампаніі "Гавары праўду" Тацяны Кучынскай і ў актывіста Паўла Батуева. Што да мяне, то і да сёньня ня вернуты кампутар ды ўся іншая тэхніка, якую адабралі падчас ператрусу ў траўні.

 

Ларыса Насановіч абвяргае думку, што перасьлед актывістаў апазыцыі, допыты іх у КДБ і міліцыі, а таксама ператрусы запалохваюць людзей ад удзелу ў наступных акцыях. Па словах суразмоўцы, рэгіянальныя лідэры не павінны паддавацца:

— Я ня маю права паказаць перад людзьмі, што нечага спалохалася. У гэтым пляне — маральным пляне — на нас трымаецца горад. Бо ж сапраўды бясконца людзі падыходзяць на вуліцы і пытаюцца: "Вас, Ларыса, не запалохалі?". Кажу ім: "Не запалохалі, не палохайцеся і вы!".

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

Валянціне Гракун, пэнсіянэрцы з райцэнтру Бешанковічы, патэлефанаваў супрацоўнік менскага КДБ:

 

— Патэлефанаваў на лайфаўскі тэлефон, прасіў пазваць маю дачку. Тэлефон на дачку зарэгістраваны, але я яму патлумачыла, што ім карыстаюся я і што гэта я езьдзіла штурмаваць Дом ураду. Ён пасьмяяўся: "І колькі шкла вы там пабілі?" Я яшчэ кажу: "Магу спрасьціць вашу працу: у мяне яшчэ эмтээсаўскі тэлефон там засьвечаны. Дык вы сабе запішыце нумар, каб два разы мне не тэлефанаваць!".

 

Спадарыня Валянціна не хавае, што была на менскай акцыі 19-га сьнежня. Больш за тое: пра гэта яна напісала артыкул у "Народную волю", які так і называўся: "Як я езьдзіла "штурмаваць" Дом ураду".

 

Дапытаць Валянціну Гракун таксама спачатку хацелі ў Менску:

 

— Ён пытаецца, ці часта я ў Менску бываю. Не, кажу, толькі па вялікіх сьвятах! Тады, кажа, я папрашу, каб нашы калегі дапыталі вас на месцы. Я сказала: "Буду дужа рада даць паказаньні. Яны ж у справе захаваюцца? Дык вось, калі будуць судзіць той бок, мае паказаньні і прыдадуцца!".

 

Спадарыня Валянціна пэўная, што цяперашнія вязьні СІЗА КДБ не вінаватыя ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

 

 

Плошча-2010: чаму ня быў рэалізаваны плян Някляева

 

Ва Ўладзімера Някляева быў адмысловы плян на Плошчу — масавую акцыю, якая загадзя плянавалася апазыцыяй на 19 сьнежня 2010 году. Калі б гэты плян быў рэалізаваны, не было б тых наступстваў — жорсткага разгону дэманстрантаў міліцыяй, "штурму" Дома ўраду, крымінальнай справы аб масавых беспарадках, палітычных зьняволеных і эўрапейскіх санкцыяў. Інтэрнэт-газэта "Naviny.by" правяла журналісцкае расьсьледаваньне і высьветліла: вечарам 19 сьнежня падзеі мусілі разьвівацца зусім па іншым сцэнары…

 

Прапануем тэкст, надрукаваны ў інтэрнэт-газэце. Аўтары Антон Тарас, Зміцер Копаль:

 

Як вядома, па дарозе на Кастрычніцкую плошчу на калёну прыхільнікаў Някляева напалі невядомыя. Беларуская міліцыя адхрышчваецца ад удзелу ў нападзе, але факт: тых “невядомых” яна не шукае. Як бы тое ні было, а Ўладзімер Някляеў, на той момант яшчэ — кандыдат у прэзыдэнты, атрымаў моцныя ўдары па галаве, і машына “хуткай дапамогі” адвезла яго ў бальніцу.

 

Такім чынам, гэтае здарэньне можна расцэньваць як наўмыснае адхіленьне Някляева ад удзелу ў акцыі, на якую ён меў плян мірных дзеяньняў.

 

Як высьветлілася ў выніку расьсьледаваньня, паводле пляна Някляева, пасьля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы не павінна было быць ніякага шэсьця. Акцыя мусіла скончыцца на той жа пляцоўцы, людзі павінны былі мірна разысьціся па сваіх хатах.

 

Сутнасьць пляна Пазьняка-Някляева

 

Гэты плян больш слушна было б называць плянам Пазьняка-Някляева, бо, паводле некаторых дадзеных, менавіта ад старшыні КХП-БНФ зыходзіла такая ініцыятыва, і напярэдадні дня выбараў гэтыя два палітыкі часта кантактавалі, узгадняючы дэталі пляну.

 

Іншым разам пасярэднікам у такіх кансультацыях выступаў намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі. На ягоных сьведчаньнях і базуецца значная частка нашага расьсьледаваньня.

 

Паводле Беленькага, упершыню пра такі плян ён пачуў ад Зянона Пазьняка, які знаходзіцца ў эміграцыі, але трымае пастаянную сувязь з актывістамі сваёй партыі. Перамовы паміж Пазьняком і Някляевым пачаліся за добры месяц да выбараў і тычыліся падрыхтоўкі вулічнай акцыі. Старшыня КХП-БНФ прагназаваў, што ў акцыі прыме ўдзел вялікая колькасьць людзей, а таму настойваў: трэба загадзя прадугледзець, што рабіць з такой масай, якім павінна быць "канструктыўнае выйсьце". Пазьняк папярэджваў Някляева, што "спэцслужбы могуць зладзіць за яго сьпіной правакацыю", і прапанаваў арганізаваць дружыну для аховы парадку.

 

"Нельга заклікаць масу людзей на плошчу, не маючы сцэнару. Калі адсутнічае канструктыўнае выйсьце, можа здарыцца трагедыя, кіраваньне акцыяй возьмуць у свае рукі чужыя людзі ці правакатары, — тлумачыць пазыцыю Пазьняка Беленькі. — Калі ня будзе канструктыўнага, то знойдзецца дэструктыўнае".

 

Пазьняк і Някляеў дамовіліся, што неўзабаве пасьля пачатку мітынгу на Кастрычніцкай плошчы мікрафон будзе перададзены Беленькаму, а той зачытае зварот Пазьняка пра стварэньне руху "За новыя выбары без Лука-кі".

 

"Вынікі ганебных выбараў трэба ануляваць як цалкам не адпаведныя выбарчаму закону. Мусяць быць прызначаныя новыя выбары без Лука-кі, — гаварылася ў звароце Пазьняка. — Рух "За новыя выбары без Лука-кі", які нам трэба пачаць, — гэта той выпадак, калі ўсе грамадзтва, якое дбае пра Беларусь і прагне пераменаў, можа аб’яднацца вакол адной канкрэтнай ідэі і канкрэтнай справы".

 

Адразу пасьля гэтага звароту павінен быў прагучаць заклік да ўдзельнікаў мітынгу разьбіцца па сэктарах у залежнасьці ад раёну, у якім яны пражываюць, і запісвацца ў рэгіянальныя арганізацыі новага руху, а таксама абменьвацца кантактнымі зьвесткамі дзеля каардынацыі далейшых дзеяньняў. "Людзі павінны былі структурызавацца па месцы жыхарства, каб ім пасьля лягчэй было кантактаваць", — тлумачыць Беленькі. Зь яго слоў, пасьля гэтага мітынг быў бы абвешчаны завершаным і прагучала б прапанова разысьціся.

 

Далейшае афармленьне руху мусіла адбывацца ў наступныя дні, "ніякае шэсьце не прадугледжвалася", сьцьвярджае намесьнік старшыні КХП-БНФ. Падставай для разьвіцьця руху павінна была стаць наступная тэза: "Пасьля незаконнага рэфэрэндуму 2004 году Лука-ка ня мае права заставацца прэзыдэнтам юрыдычна". Плянавалася, што на чале руху стануць Уладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў, бо "менавіта яны набіралі самую вялікую колькасьць галасоў" пасьля Лука-кі. У выніку, са слоў Беленькага, "павінна была паўстаць арганізаваная сіла, якая магла б рэалізоўваць канкрэтную палітыку. Гэта ідэя была самай галоўнай". А далей ужо, пасьля стварэньня гэтага моцнага руху, былі б магчымыя "канструктыўныя і шырокія вулічныя акцыі, страйкі, афіцыйныя заявы кшталту звароту да Савету міністраў Эўразьвязу".

 

Някляеў цалкам падтрымаў гэтыя прапановы Пазьняка і меў намер іх рэалізаваць, сьцьвярджае намесьнік старшыні КХП-БНФ: "Някляеў пагадзіўся абмежавацца на Плошчы гэтым плянам, і не зьбіраўся рабіць штосьці іншае".

 

Пра сам такі плян ведала мала людзей — сябры паліткамітэту КХП-БНФ, Уладзімер Някляеў і бліжэйшае кола яго прыхільнікаў.

 

Спроба выратаваць плян

 

Літаральна за дзьве гадзіны да нападу на Някляева Юрась Беленькі меў тэлефонную размову з кандыдатам у прэзыдэнты (гэта пацьвярджаецца раздрукоўкай тэлефонных званкоў Беленькага 19 сьнежня 2010 году, прадстаўленых мабільным апэратарам). Размова пачалася ў 17:24 і доўжылася каля трох хвілін. У прыватнасьці, Някляеў папрасіў Беленькага сустрэцца зь ім у 19:00 каля офісу грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", каб абмеркаваць апошнія дэталі акцыі. Беленькі сказаў, што ня зможа прыехаць, бо як раз на той час была прызначаная яго сустрэча з таварышамі па партыі. Ён ад імя Пазьняка заклікаў кандыдата ў прэзыдэнты быць на плошчы "наперадзе" і "браць кіраваньне ў свае рукі", а таксама нагадаў: Някляеў паабяцаў прадставіць яму слова дзеля зачытваньня звароту. Някляеў абяцаў гэта і пагадзіўся, што асаблівай патрэбы ў папярэдняй сустрэчы няма. Было дамоўлена аб’яднаць высілкі непасрэдна на Плошчы.

 

Непасрэдна перад акцыяй Беленькі сустрэўся з таварышамі па КХП-БНФ каля кінатэатра "Кастрычнік"; яны селі ў аўтобус нумар 100 ды накіраваліся на Кастрычніцкую плошчу. Ужо там даведаліся, што калёна Някляева была атакаваная з выкарыстаньнем шумавых гранат, а сам кандыдат зьбіты і ня ў стане прыбыць на плошчу. Стала таксама вядома, што асобы, якія напалі на някляеўцаў, адабралі гукаўзмацняльную апаратуру, якая павінна была абслугоўваць мітынг.

 

Пра тое, што на плошчу ўжо прывезьлі запасную апаратуру, Беленькі ня ведаў. Каб не дапусьціць зрыву пляну, ён вырашыў "зрабіць штосьці хоць бы малымі сіламі". Актывісты КХП-БНФ стаялі ў натоўпе паміж катком і Домам прафсаюзаў, бліжэй да катка. Беленькі папрасіў сваіх таварышаў усталяваць "партыйную" апаратуру, якую яго паплечнікі захапілі з сабой на ўсялякі выпадак: аўтамабільны акумулятар, гукаўзмацняльнік і дынамікі. Калі гэта было зроблена, Беленькі зачытаў прысутным зварот Пазьняка з заклікам стварыць рух "За новыя выбары без Лука-кі".

 

Аднак апаратура КХП-БНФ была недастаткова моцнай, каб "заглушыць тую калінку-малінку", што гучала са стацыянарных дынамікаў, разьмешчаных гарадзкімі службамі ля лядовага катка. Тэкст звароту, які зачытаў Беленькі, быў разьлічаны на ўсю грамаду, што сабралася на плошчы, але са згаданых прычын яго мала хто пачуў. Беленькі і яго паплечнікі прапанавалі прысутным запісвацца ў рух — але іншым чынам, чым плянавалася: "У сувязі з тым, што нас пачула ня так шмат людзей, мы проста раздалі ўлёткі з інфармацыяй, што трэба рабіць далей і як гэта рабіць".

 

Празь некалькі хвілін пасьля выступу Беленькага на прыступках Палацу прафсаюзаў запрацавала запасная апаратура, і прысутныя там кандыдаты ў прэзыдэнты распачалі мітынг. Беленькі адзначае, што нават яму са свайго месца нічога не было чутна. А што ж тады казаць пра іншых людзей, якія стаялі на значна большай адлегласьці?

 

Беленькі пагаджаецца, што агучаны ім плян быў больш пасіўны, чым той, які, магчыма, хацелі рэалізаваць на плошчы іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты і тым больш той, які ўрэшце быў рэалізаваны. Але, гаворыць ён, гэта быў "адзіны канструктыўны плян, які можна было прыдумаць для таго, каб нармальна выйсьці зь сытуацыі".

 

Аднак мы знайшлі і іншыя сьведчаньні таго, што менавіта такі мірны плян пачынаў рэалізоўвацца на Кастрычніцкай плошчы. У прыватнасьці, такое: кіраўнік перадвыбарчага штабу Някляева Андрэй Дзьмітрыеў, пасьля нападу на іх калёну ўсё ж дабраўшыся да Кастрычніцкай плошчы, заклікаў прысутных стварыць рух "За новыя выбары без Лука-кі" і нават правёў галасаваньне за выбары ў гэты рух кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, Віталя Рымашэўскага, Рыгора Кастусёва, Мікалая Статкевіча, Дзьмітрыя Вуса і Ўладзімера Някляеева.

 

Аднак пасьля гэтага мірны сцэнар быў паламаны, якімі сіламі — яшчэ належыць разабрацца. Факт застаецца фактам: натоўп рушыў з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасьці. Беленькі сьцьвярджае, што людзей туды зводзілі "не кандыдаты ў прэзыдэнты, а арганізаваная група невядомых".

 

"Зыходзячы з аналізу наступных падзеяў, улады стопрацэнтна ведалі пра плян стварэньня руху "За новыя выбары без Лука-кі", — кажа Беленькі, — і ня дзіва, што прадухілілі яго ажыцьцяўленьне".

 

Новыя дэталі і галоўнае пытаньне

 

Інтэрнэт-газеце "Naviny.by" удалося знайсьці пацьверджаньне і зь іншых крыніц. Расказ Беленькага пацьвердзілі старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк, а таксама пара чалавек з грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!". Зь іх слоў, Някляеў ня толькі зьбіраўся рэалізаваць гэты плян, але і нічога зь ягоных дзеяньняў ня сьведчыла, што ён мае нейкі іншы ці паралельны плян. Адназначна не прадугледжвалася арганізацыя шэсьця ці тым болей нейкія дзеяньні гвалтоўнага характару.

 

Падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы дэлегаты ад кампаніі "Гавары праўду!" павінны былі перадаць дзяжурнаму афіцэру Палацу рэспублікі сьпіс патрабаваньняў, у тым ліку — аб прадстаўленьні кандыдатам у прэзыдэнты прамога эфіру на тэлебачаньні; аб расьсьледаваньні фальсыфікацый падчас выбарчай кампаніі; аб правядзеньні новых прэзыдэнцкіх выбараў.

 

Акцыя на Кастрычніцкай плошчы, паводле пляна Пазьняка — Някляева, мела дзьве галоўныя мэты: прадэманстраваць уладам маштаб пратэстных настрояў насельніцтва; запачаткаваць рух "За новыя выбары без Лука-кі". Патрабаваньне новых выбараў мелася аб’яднаць усю дэмакратычную апазыцыю, пры гэтым стратэгічнай задачай стала б падрыхтоўка да парлямэнцкіх выбараў 2012 году.

 

У той жа час некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што менавіта такі плян "Плошчы" быў распрацаваны кіраўніцтвам грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" яшчэ за два месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта супярэчыць заяве Беленькага пра тое, што ідэя запачаткаваньня масавага руху падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы належыць менавіта Пазьняку, але ніяк ня ставіць пад сумненьне наяўнасьць самога пляну.

 

Зараз можна толькі гадаць, як бы разьвіваліся падзеі, калі б Някляеў зьявіўся на Кастрычніцкай плошчы і рэалізаваў свой плян. Відавочна адно: такіх цяжкіх наступстваў не было б.

 

Так што галоўнай задачай на шляху высьвятленьня праўды пра падзеі 19 сьнежня зараз становіцца менавіта расьсьледаваньне, хто напаў на калёну Някляева. Перадусім яно — у кампэтэнцыі праваахоўных органаў. Той факт, што гэтая відавочная акалічнасьць падзей 19 сьнежня застаецца бязь іхняй увагі, як раз і кідае на ўлады цень.

 

Заклік да правядзеньня новых выбараў чырвонай ніткай праходзіў праз апошнія дні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

 

Зрабіць патрабаваньне "новых выбараў без Лука-кі" асноўным лёзунгам 9 сьнежня заклікаў Зянон Пазьняк.

 

13 сьнежня на сустрэчы з выбаршчыкамі ў віцебскім культурна-дзелавым цэнтры "Першамайскі" Ўладзімер Някляеў заявіў: "Я веру, што на гэтых выбарах у беларускага народа ёсьць шанц, і мы яго выкарыстаем. Мы не павінны дапусьціць прызнаньня гэтых выбараў. А як гэта не дапусьціць? Толькі калі выйсьці ўсім народам на плошчу і выпіхнуць, як малітву: "Выбары фальшывыя! Новыя выбары без Лука-кі!" Вось што такое плошча — і больш нічога".

 

Падчас пікету 18 сьнежня перад будынкам Нацыянальнай акадэміі навук у Мінску сябры КХП-БНФ зачыталі зварот Пазьняка да выбаршчыкаў, у якім утрымліваўся заклік ствараць грамадзянскі рух "За новыя выбары без Лука-кі".

 

Нарэшце, непасрэдна ў асноўны дзень галасаваньня 19 сьнежня на выбарчым участку № 59 Някляеў дэманстратыўна сапсаваў свой бюлетэнь — выкрасьліў зь яго прозьвішча Лука-кі і напісаў на ім: "За новыя выбары без Лука-кі".

 

 

Вуса прымушаюць прыйсьці у КДБ з адвакатам

 

Сёньня былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Дзьмітры Вус чарговы раз наведаў КДБ. Яго выклікалі сюды на допыт. Пра тое, што адбылося зь ім там, экс-кандыдат распавёў "Свабодзе":

 

— Калі я зьявіўся ў КДБ, у мяне адразу спыталіся: а дзе ваш адвакат? Я адказаў, што прыйшоў сам. Тады мне сказалі: прыходзьце ў чацьвер і абавязкова з адвакатам. І — адпусьцілі.

 

 

Да Някляева адваката пускаюць, да Халіп — не

 

Адвакат Ганна Бахціна дамагаецца сустрэчы са сваёй падабароннай, журналісткай Ірынай Халіп. Адвакат экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева днямі атрымала такую сустрэчу. Журналістку Натальлю Радзіну ў Кобрыне наведваюць беларускія і замежныя журналісты.

 

Ад першага дня сваёй працы ў якасьці абаронцы журналісткі Ірыны Халіп адвакат Ганна Бахціна пачала дамагацца сустрэчы са сваёй падабароннай, якая застаецца пад хатнім арыштам. Пакуль гэта не ўдаецца, паведаміў "Свабодзе" бацька Ірыны Ўладзімер Халіп:

 

— Яна спрабуе дамагчыся сустрэчы з Ірынай, падала адпаведныя паперы, але пакуль іх разгледзяць, узгодняць і гэтак далей — магчыма, і адмовяць — хутчэй за ўсё. Будзем глядзець, што тады, а пакуль нічога не было. Ірына пачувае сябе добра, яна трымаецца. Чытае ў асноўным. А Данік пачынае ня верыць ва ўсе нашы вэрсіі пра тое, што мама і тата кудысьці ад’яжджалі, і кажа, што гэтыя людзі павінны прывезьці і тату.

 

Доўгі час са сваім падабаронным — кандыдатам на прэзыдэнта Ўладзімерам Някляевым, таксама зьняволеным у хатніх умовах — не магла сустрэцца адвакат Тамара Сідарэнка. Днямі такая сустрэча адбылася, была магчымасьць прысутнічаць і падчас апошняга допыту спадара Някляева ў панядзелак, 7 лютага, кажа Тамара Сідарэнка:

 

— Паколькі ён пад хатнім арыштам, то зараз для нас гэта зьнятае пытаньне: у кожную хвіліну мы можам прыйсьці і наведаць нашага падабароннага. Двойчы мы яго наведвалі і кантактавалі без чыёй-небудзь прысутнасьці, бо маем права на бесьперашкодныя і канфідэнцыйныя зносіны. Таксама ўчора падчас допыту Ўладзімера Някляева я прысутнічала і бачыла яго. Натуральна, што нічога мы там не абмяркоўвалі. Магчыма, што на гэтым тыдні паводле пытаньняў, якія ўзьнікаюць, мы пабачымся ізноў.

 

Як паведаміла Тамара Сідарэнка, ня выключана, што час папярэдняга расьсьледаваньня для яе падабароннага будзе працягнуты на тэрмін, пазьнейшы за 19 лютага.

 

Журналістка Натальля Радзіна, высланая зь Менску пад падпіску аб нявыезьдзе з Кобрыня, сустрэч са сьледчымі і мясцовымі міліцыянтамі гэтымі днямі ня мае. Затое не прапускаюць магчымасьці наведаць абвінавачаную калегі-журналісты, кажа Натальля Радзіна:

 

— Учора былі журналісты з польскай "Газэты выборчай", днём раней — актывісты зь Берасьця, журналісты "Брэсцкага кур’ера", зь Менску журналісты зьбіраюцца прыяжджаць. Таму дзьверы не зачыняюцца, госьці — цудоўныя людзі, я вельмі ўдзячная, што яны прыяжджаюць. Перадусім, вядома, каб адведаць, а таксама дзеля інтэрвію — як жывецца ў высылцы беларускаму журналісту.

 

Натальля Радзіна таксама паведаміла, што пачала адчуваць сябе горш у зьвязку з аслабленым імунітэтам. Яна захварэла на грып.

 

Галіна Абакунчык

 

 

Лука-ка — на лыжах, апанэнты — на нарах

 

Пакуль альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзыдэнты застаюцца ў турмах ці загойваюць раны пасьля выбарчай кампаніі, Лука-ка, якога ЦВК абвясьціў прэзыдэнтам, выбраўся ў адпачынак. Гэты тыдзень ён са сваім бліжэйшым атачэньнем і 6-гадовым сынам Мікалаем бавіць час на расейскім курорце Сочы.

 

Штодзённая інтэрнэт-газэта "sochi-24.ru" піша, што кіраўнік Беларусі ўзяў кароткатэрміновы адпачынак, падчас якога праверыць ход рэалізацыі праекту ўзьвядзеньня ў гарналыжным цэнтры "Красная паляна" біятлённага комплексу, лыжаролернай трасы і гатэлю. Аднак, як кажа галоўны рэдактар выданьня Вадзім Карчагін, Лука-ка практычна не спускаецца з гор, таму, чым ён займаецца, публіцы невядома:

 

— Трэба сказаць, што толькі крыху больш за год нашае выданьне функцыянуе, але ні цягам гэтага пэрыяду, ні раней ніякіх публічных зьяўленьняў Лука-кі ў Сочы не назіралася.

 

Пры гэтым іншы сочынскі інфармацыйны рэсурс "maks-portal.ru" паведамляе: у выходныя Лука-ка разам з малодшым сынам Мікалаем паўтары гадзіны каталіся на схілах горна-турыстычнага цэнтру канцэрну "Газпрам". Як падаюць відавочцы, бацька і сын дэманстравалі кляс на крутой трасе ў зоне "F". Лука-кава атачэньне вылучалася на тле астатняй публікі ярка-аранжавай амуніцыяй.

 

Падазраваны ў арганізацыі масавых беспарадкаў экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў падобныя паводзіны земляка называе амаральнымі. І на ўсялякі выпадак нагадвае: пяць канкурэнтаў Лука-кі на прэзыдэнцкіх выбарах, як і некалькі дзясяткаў іншых дэмакратычных актывістаў, літаральна ні за што могуць атрымаць па 15 гадоў турмы, і забаўляцца ў такіх умовах — не па-людзку:

 

— Зразумела, што згодна зь беларускім заканадаўствам і кодэксам аб працы кожны чалавек мае права на адпачынак. Але ў дадзены момант, калі склалася такая пасьлявыбарчая сытуацыя, Лука-ку ня варта было б ехаць адпачываць, пакуль ня скончыліся разборы па справах арыштаваных. Трэба канчаткова адпусьціць людзей, а тады ўжо са спакойным сумленьнем ехаць адпачываць. А зараз такі адпачынак выглядае пірам падчас чумы. Або нават выклікам. Таму я адмоўна стаўлюся да такіх забаваў прэзыдэнта.

 

У Сочы Лука-ка стабільна наведваецца тры апошнія гады. Можна меркаваць, што пасьля аднаўленьня мараторыю на наведваньне Лука-кам і ягоным бліжэйшым атачэньнем Эўразьвязу і ЗША гэта будзе рэдкай магчымасьцю пакатацца не пад Лагойскам, а ў сапраўдных гарах. Згодна зь міждзяржаўнымі пагадненьнямі Расея перадала ва ўласнасьць Беларусі паўтара дзясятка гектараў зямлі ў пасёлку Красная паляна Адлераўскага раёну Краснадарскага краю, а беларусы расейцам — аналягічную колькасьць у Менску і вобласьці. Таму ў Краснай паляне Лука-ка і пачувае сябе на правах гаспадара.

 

Між тым яшчэ нядаўна геаграфія ягоных паездак была нашмат шырэйшая. Год таму нечакана для эўрапейскай супольнасьці Лука-ка зьявіўся ў швайцарскіх Альпах, дзе тыдзень сумяшчаў карыснае зь нібыта "дзелавымі перамовамі". Празь месяц, у сакавіку, перадысьлякаваўся на гарналыжную базу Капаоніка ў Сэрбіі, а адтуль — на армянскі курорт Цахкадзор. Таксама Лука-ка пасьпеў пакатацца на лыжах падчас паездак у Казахстан і Расею.

 

Палітык Павал Знавец, сам вялікі аматар спорту, лічыць, што беларускі кіраўнік апынуўся ў досыць двухсэнсоўнай сытуацыі. Стасункі з Крамлём застаюцца нацягнутымі, Захад перад ім дзьверы зачыніў канчаткова, а ў выніку беларускі лідэр атрымаў своеасаблівы карт-блянш, каб чыніць некантраляваную сваволю на практычна ізаляванай тэрыторыі:

 

— Лука-ка, па сутнасьці, апынуўся ў пастцы. І ў Маскву здацца ня можа, бо там ён нікому не патрэбны, і на Захад калгаснага Банапарта пускаць неяк непрыстойна. І вось ён у пастцы. Але што ў такой сытуацыі застаецца? Застаецца толькі мацаваць ізаляцыю. І вось ён у гэтым пляне скануе сытуацыю, закручвае гайкі далей, палохае грамадзтва. Адным словам, заганяе назад джына ў бутэльку. Бо толькі трошкі выпусьціў пару дэмакратыі, а зараз зноў назад усё заганяе, усіх запалохвае. А таму яму і начхаць на нейкія маральныя прынцыпы.

 

Ігар Карней

 

 

Адвакатам адмовілі ў спыненьні крымінальнай справы супраць расейцаў

 

Сьледчае ўпраўленьне ГУУС Менску адмовіла ў спыненьні крымінальнай справы супраць двух арыштаваных грамадзянаў Расеі. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

 

Пра гэта паведаміў Інтэрфаксу дарадца амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў. Ён адзначыў, што сьледчыя адхілілі хадайніцтва адвакатаў двух грамадзян Расеі, Арцёма Брэўса і Івана Гапонава, пра спыненьне крымінальнай справы. Патлумачыць матывіроўку гэтага рашэньня ў сьледчым упраўленьні адмовіліся.

 

Таксама адмоўлена ў хадайніцтве зьмяніць арыштаванаму Гапонаву меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

 

— Складаецца ўражаньне, што лёс арыштаваных расейцаў прадвызначаны яшчэ да суду. Мяркуючы па ўсім, беларускі бок вядзе справу да таго, каб зладзіць над расейцамі паказальны судовы працэс, што амбасада лічыць недапушчальным, — сказаў Гусеў.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Дапытваюць берасцейскіх актывістаў

 

Грамадскую актывістку Юлію Пашко дапыталі ў сувязі з падзеямі 19 снежня ў абласным упраўленні КДБ па Брэсцкай вобласці. Допыт працягваўся больш за гадзіну.

 

Сёстры Юля і Кацярына Пашко 25 студзеня атрымалі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчэнні парушэння заканадаўства, падпісанае саветнікам юстыцыі Аляксандрам Точкам. Падставамі для папярэджання стала нібыта актыўная дзейнасць у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і ўдзел у “масавых беспарадках” 19 снежня 2010 года ў Менску.

 

 

У Брэсце АГП пакінулі без тэхнікі

 

Цягам двух гадзінаў адбываўся ператрус у Брэсцкім абласным офісу Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які праводзілі два супрацоўнікі Упраўлення КДБ Брэста. Вынікам ператрусу стала канфіскацыя сістэмнага блоку кампутара ды некалькіх нататнікаў намесніка старшыні "Маладых Дэмакратаў" Уладзіміра Вуека.

 

Старшыня абласной арганізацыі, Мікалай Коўш, які прыбыў на месца падзеяў у момант правядзення ператрусу адзначыў, што гэта няўдалыя спробы застрашыць грамадскіх актывістаў:

 

— Усё гэта незаконна, але каманда дана "фас" і яна ідзе па ўсіх накірунках. Ператрусы ў актывістаў дома, ператрусы ў офісах, выклікі актывістаў у КДБ, дзе яны папярэджваюцца, што ў выніку дальнейшага ўдзелу ў акцыях, яны могуць быць падвергнутыя да крымінальнай адказнасці. Гэта акцыі застрашвання, але ў дачыненні да тых сябраў, якія ў нас у партыі, яны бессэнсоўныя.

 

На мінулым тыдні, праваахоўныя органы заяўлялі аб гатоўнасці вярнуць канфіскаваны 18 мая 2010 года сістэмны блок, але не змаглі яго адшукаць на сваіх складах. Цяпер партыю пакінулі без другога "сістэмніка", што азначае тэхнічную паралізацыю арганізацыі.

 

Ператрус адбываўся ў рамках крымінальнай справы па масавых акцыях у Менску, 19 снежня, пасля завяршэня галасавання.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

9 лютага 2011 г.

 

 

"Вызваленьне" працягвае змагацца за палітвязьняў

 

Беларускія праваабарончыя арганізацыі працягваюць дапамогу пацярпелым удзельнікам акцыі пратэсту ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Новыя шляхі змаганьня за вызваленьне ўсіх арыштаваных паводле адпаведнай крымінальнай справы зараз шукае грамадзянская ініцыятыва "Вызваленьне".

 

У праваабарончыя арганізацыі гэтымі днямі працягваюць ісьці па дапамогу людзям, якія адбылі зьняволеньне, а зараз маюць праблемы на працы ці вучобе. Сярод іншых неабходную дапамогу яны знаходзяць у праваабарончым цэнтры "Вясна", — паведамляе праваабаронца Наста Лойка:

 

— Прыходзяць тыя, каго выклікаюць на допыты, хто пад падпіскай аб нявыезьдзе, ці мае якую іншую меру стрыманьня. У каго ператрусы былі прыходзяць, пішуць скаргі — такіх людзей хапае.

 

Акцыя салідарнасьці працягваецца таксама і ў сядзібе партыі БНФ, якую арганізавалі прыватныя асобы і кіраўніцтва партыі. Акрамя юрыдычнай дапамогі, тут зьбіраюць подпісы-паручальніцтвы за зьмену меры стрыманьня палітвязьням. Тыя, хто выйшлі з турмы, шукаюць таксама дапамогі ў камітэце "Салідарнасьць", — кажа адна зь яго супрацоўніц Дар’я Корсак:

 

— Штодня да нас прыходзяць людзі, якія пад пагрозай выключэньня з ВНУ, альбо ўжо звольненыя. Больш таго — тыя, хто былі на плошчы зьбітыя. Мы прапануем абскарджваць усе гэтыя дзеяньні, якія тычыліся гэтых людзей. А таксама ў рамках кампаніі салідарнасьці мы сустракаемся са сваякамі палітзьняволеных.

 

Актывісткі грамадзянскай ініцыятывы "Вызваленьне", якую заснавалі сваякі новых беларускіх палітвязьняў, гэтымі днямі маюць правесьці сустрэчу, каб абмеркаваць далейшыя крокі ў справе вызваленьня сваіх родных, паведаміла адна з актывістак ініцыятывы, жонка зьняволенага Зьмітра Бандарэнкі Вольга:

 

— Пасьля таго, як перадалі нашым блізкім перадачы, мы сустракаліся з праваабарончай арганізацыяй "Human Rights Watch", распавялі пра тое, за што хвалюемся і за што змагаемся. Таксама хочам сабрацца і абмеркаваць, што рабіць далей, бо была такая паўза, якая зацягнулася і зараз мы павінныя зрабіць новы рывок. Мусім ізноў зьвяртацца да міжнароднай грамадзкасьці, каб яны ізноў паўплывалі на наш цяперашні ўрад.

 

Мусім абмеркаваць нашы далейшыя крокі, бо зразумела, што мы будзем змагацца за ўсіх. Хатні арышт — гэта той жа арышт толькі ў больш камфортных умовах. І нават тыя, хто зараз мае ўяўную свабоду — падпіску аб ня выезьдзе — яны ж пад крымінальнай справай і ў кожную хвіліну могуць ізноў апынуцца ў турме. Зразумела, што мы перажываем за іх і хочам бачыць на свабодзе ўсіх.

 

Актывісткі грамадзянскай ініцыятывы "Вызваленьне" таксама працягваюць сустрэчы з прадстаўнікамі замежных дыпляматычных місій у Беларусі.

 


З турмы на Акрэсьціна выходзяць тыя, хто выявіў салідарнасьць

 

9 лютага пасьля 10 дзён арышту выходзяць з ізалятару на Акрэсьціна маладзёвыя актывісты Кацярына Людвіг, Паліна Кур’яновіч і Максім Вінярскі, якіх затрымалі падчас акцыі салідарнасьці каля КДБ.

 

Судзілі Кацярыну Людвіг, Паліну Кур’яновіч і Максіма Вінярскага на наступны дзень ў Цэнтральным судзе Менска. Працэсы праходзілі вельмі хутка, на іх нават не апытвалі сьведак міліцыянтаў. Справа ў тым, што абвінавачаныя ў адміністрацыйным парушэньні не адмаўлялі, што выйшлі да будынку КДБ з плякатамі, на якіх было напісана "Свабоду палітвязьням".

 

Паліна Кур’яновіч, прыкладам, заявіла, што лічыць свае дзеяньні не парушэньнем парадку, а сваім правам і грамадзянскім абавязкам.

 

Сястра Максіма Вінярскага Алена здолела патрапіць на працэс над братам, які вёў судзьдзя Хадановіч. Пазьней Алена распавяла.

 

— Відавочныя былі разыходжаньні ў паказаньнях і матэрыялах справы. Прыкладам, на фота ёсьць партрэт Саньнікава без надпісу, а фігуруе у справе партрэт Някляева з надпісамі. На гэта суд сказаў, што добра, ў гэтай частцы ён не вінаваты. Але прыйшоў і стаяў, таму вінаваты. А ўсё астатняе, як абмеркаваньне дзеяньняў міліцыі, у кампэтэнцыю суду не ўваходзіць.

 

Адразу пасьля суду Максім Вінярскі абвясьціў галадоўку.

 

Паліна Дзьякава ў гэтыя дні перадавала на Акрэсьціна перадачы для сваёй сяброўкі Паліны Кур’яновіч, а таксама Кацярыны Людвіг і Максіма.

 

— Магчыма, дзяўчаты разам сядзяць — хочацца ў гэта верыць. Перадачы перадаем. Напоі, газэты, часопісы, кнігі.

 

— Вядома, што Вінярскі пасьля суду абвясьціў галадоўку. Што пра яго вядома? Спыніў ён галадоўку ці працягвае?

 

— Ну, Максім Вінярскі такі — сур’ёзны чалавек, напэўна, працягвае. Але дакладных зьвестак няма, іх проста не даюць. Будзем сустракаць іх у 18:20, ці нават крыху раней. Бо бывалі выпадкі, што выпускалі раней, каб сябры і аднадумцы не сустракалі вязьняў.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Судзьдзя з "чорнага сьпісу" працягвае саджаць актывістаў

 

Міхася Лебедзя арыштавалі на 12 сутак. Такі вырак вынес 8 лютага судзьдзя Маскоўскага суду Менска Яўген Хаткевіч. Хлопца зьвінавацілі ва ўдзеле ў пікеце салідарнасьці, які праводзілі моладзевыя актывісты 20 сьнежня на плошчы Незалежнасьці.

 

Міхася Лебедзя затрымалі 20 сьнежня, калі ён накіроўваўся ў Чырвоны касьцёл. Супрацоўнікі міліцыі зьбілі яго з ног, нанесьлі некалькі ўдараў дубінкай і ўкінулі ў аўтазак. У турме на Акрэсьціна праз некалькі гадзін Лебедзю выклікалі “хуткую дапамогу”, якая адвезла яго ў лякарню, паведамляе сайт spring96.org.

 

Адміністратыўную справу суд разглядаў некалькі разоў, бо сьведкі-міліцыянты ўвесь час блыталіся ў паказаньнях. Затым Лебедзь заявіў у судзе, што падаў скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыі. У судзе быў абвешчаны перапынак для азнаямленьня з высновамі праверкі.

 

Судзьдзя Яўген Хаткевіч 31 студзеня быў унесены ў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Сярод тых, каму ён выносіў абвінаваўчыя прысуды — журналіст радыё "Рацыя" Барыс Гарэцкі, актывіст кампаніі "Гавары праўду" Міхась Пашкевіч, затрыманыя на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня Дзьмітры Бандарчук, Яўген Бобрык, Фёдар Масьленікаў ды іншыя.

 

 

Адвакат сустрэўся з Саньнікавым

 

8 і 9 лютага са зьняволеным у СІЗА КДБ экс-кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Андрэем Саньнікавым сустракаўся ягоны адвакат Павал Сапелка.

 

Саньнікаў пакуль не пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, праводзяцца сьледчыя дзеяньні, сказаў Сапелка. Ён адмовіўся ад камэнтароў у сувязі з падпіскай аб таямніцы сьледзтва, перадае "БелаПАН".

 

Другога свайго падабароннага — Паўла Севярынца, кіраўніка выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага — адвакат Сапелка не бачыў з 29 сьнежня.

 

— Не ўдаецца атрымаць зь ім спатканьне, а сьледчых дзеяньняў, якія патрабуюць маёй прысутнасьці, не праводзіцца, — сказаў адвакат.

 

Сапелка ўжо двойчы падаваў хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня сваім падабаронным.

 

— Для зьмены меры стрымання, на мой погляд, ёсць усе законныя падставы, — заявіў адвакат.

 

 

Супраць чвэрці затрыманых ужываліся гвалт і зьдзекі

 

Праваабаронцы зь Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі разам зь беларускім Цэнтрам прававой трансфармацыі апрацавалі і дасьледавалі 205 анкет затрыманых падчас акцыі 19 сьнежня ў Менску.

 

"Гвалт ужываўся адносна кожнага чацьвёртага затрыманага і суправаджаўся зьдзекамі і зьнявагай. Пры гэтым асноўная частка затрыманых не аказвалі ніякага супраціву. Прадстаўнікі улады ў кожным шостым выпадку затрыманьняў ня мелі знакаў адрозьненьня і нават хавалі свае твары пад маскамі".

 

Пра гэта пішуць аўтары дасьледаваньня, зробленага на падставе 205 анкет затрыманых у Менску 19 сьнежня. Сярод дасьледчыкаў — вядомы расейскі праваабаронца Ігар Сажын, які шмат працаваў як грамадзкі экспэрт у Чачні, Інгушэціі ды іншых "гарачых кропках" Расеі. Ігар Сажын кажа пра масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

 

— На падставе гэтай сур’ёзнай працы былі зробленыя наступныя высновы. Першае — найбольш фактаў ужываньня гвалту разам са зьнявагай і прыніжэньнем адбываліся ў момант затрыманьняў і дастаўленьня затрыманых да транспартных сродкаў. І гэта пры тым, што асноўная частка затрыманых не аказвала ніякага супраціву і шмат хто стаяў з паднятымі рукамі. Прадстаўнікі ўлады ў кожным шостым выпадку затрыманьняў ня мелі знакаў адрозьненьня і нават хавалі свае твары пад маскамі.

 

Паводле дасьледчыкаў, зьдзек працягваўся і ў судах, прычым адзначаецца, што палова затрыманых была асуджаная ўпершыню. Да такіх справаў судзьдзі мусілі паставіцца асабліва ўважліва, але замест гэтага — судовы канвэер, адзначае расейскі экспэрт Ігар Сажын.

 

— Мы сутыкнуліся з тым, што на працэсы не выклікалі адвакатаў, ня толькі дзяржаўнага, але і ўжо нанятага кліентамі. Не дапускалі сьведак — нават калі чалавек казаў, што гатовы прадставіць сьведак, якія пацьвердзяць ягоныя словы, што ён увогуле ішоў міма. Не, не пускалі. Таксама не дапускалі сваякоў, журналістаў і публіку. І гэта масава.

 

Праваабаронцы зрабілі выснову, што ніводзін з болей як 700 асуджаных ня быў асуджаны бяз пэўных парушэньняў. Зараз праваабаронцы з Цэнтра прававых трансфармацый маюць каля 40 скаргаў на прысуды, якія будуць накіроўваць у суд вышэйшай інстанцыі і ў пракуратуру. Першы працэс па скарзе на прысуд раённага суду адбудзецца ў Менскім гарадзкім судзе ўжо ў пятніцу, 11 лютага.

 

— Адбыцьцё пакараньня таксама суправаджалася масавымі парушэньнямі правоў людзей ва ўсіх трох месцах зьняволеньня: у ізалятарах на Акрэсьціна, на вуліцы Скарыны і ў Жодзіне, — паведаміў беларускі экспэрт Аляксей Казьлюк.

 

Перанаселеныя камэры, праблемы зь ежай і вадой, нават са сьвежым паветрам, праблемы з туалетамі — адзначылі праваабаронцы.

 

Сярод высноваў, якія зрабілі экспэрты Міжнароднай місіі, ёсьць і рэкамэндацыі. Калі улады не адмаўляюцца ад масавых затрыманьняў, варта пераабсталяваць ізалятары ў Менску і Жодзіне, "каб пашырыць магчымасьці гэтых установаў прымаць вялікую колькасьць адміністрацыйна арыштаваных".

 

Старшыня Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова мяркуе, што масавыя акцыі пратэсту ў Беларусі не апошнія, і кажа пра неабходнасьць прававым шляхам прадухіляць парушэньні правоў людзей, якія дапускае міліцыя.

 

— Трэба перагледзець практыку навучаньня супрацоўнікаў міліцыі. Увесьці такі крытэр — як правы чалавека, пра якія трэба ведаць і ўмець іх выконваць. Каб бяз гэтых ведаў у праваахоўных органах немагчыма было працаваць. І ня толькі ведаць, але захоўваць правы людзей. Ніхто не спрачаецца, што ахоўваць парадак трэба, але трэба гэта рабіць, улічваючы міжнародныя стандарты правоў чалавека.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Лісты з-за кратаў

 

Маці Андрэя Саньнікава атрымала сёньня ліст ад сына, датаваны 1 лютага. Гэты ўжо чацьвёрты допіс, які прыйшоў ад Саньнікава. Сям’я Зьміцера Бандарэнкі атрымала другі ліст.

 

Хаця Ала Саньнікава атрымала ад сына чацьвёрты ліст, у ім пазначана, што гэта ліст № 7. Андрэй Саньнікаў ад маці даведаўся пра тое, што ягонай жонцы зьмененая мера стрыманьня. “Тое, што Іра дома, хоць і пад арыштам, было самай радаснай падзеяй за апошні час. Зараз, праўда, хвалююся, як там Данька, як успрымае “пастаяльцаў”, як Іра сябе адчувае”, — піша Андрэй Саньнікаў.

 

Жонка і дачка каардынатара грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Зьміцера Бандарэнкі атрымалі ад яго другі за амаль два месяцы арышту ліст. Ён дзякуе за перадачы, зазначаючы, што ўмовы ўтрыманьня у турме КДБ лепшыя, чым на Акрэсьціна: “Усе людзі забясьпечаныя, і на сёньняшні дзень у цэлым у мяне ўсё неабходнае ёсьць... Жыцьцё наладжваецца нават у такім строгім месцы, як тут”.

 

Зьміцер Бандарэнка дапускае, што, магчыма, яго “выпусьцяць і да суду, а, можа, прыйдзецца сядзець і доўга”. “Вам трэба ўнутрана быць гатовымі да розных варыянтаў разьвіцьця падзей”, — зьвяртаецца ён да сваіх блізкіх.

 

 

За вызваленьне палітвязьняў хадайнічаюць 2600 менчукоў

 

Лідэры Партыі БНФ перадалі ў пракуратуру Менску сабраныя на працягу мінулых тыдняў шматлікія хадайніцтвы за зьмену меры стрыманьня арыштаваным паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. За вызваленьне палітзьняволеных з турмы і з-пад хатняга арышту падпісаліся 2600 менчукоў.

 

Лісты-хадайніцтвы грамадзян за кожнага з палітзьняволеных у менскую пракуратуру прынёс кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч і двое ягоных намесьнікаў – Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў. Партыйных кіраўнікоў разам з недзяржаўнымі журналістамі сустрэла адпаведная колькасьць сілавікоў у цывільным і аўтобус з АМАПам у бліжэйшым двары. Ад пачатку і да завяршэньня працэдуры перадачы яны суправаджалі і фільмавалі кожны крок усіх прысутных. Перад уваходам у будынак пракуратуры Аляксей Янукевіч сказаў:

 

— Тут хадайніцтвы за ўсіх зьняволеных людзей. Бачыце — у кожным капэрце — за асобнага чалавека лісты з хадайніцтвамі. За адных падпісваліся больш, за іншых менш, а таксама прыходзілі людзі і падпісваліся за ўсіх. Сярод вядомых асобаў — Уладзімер Арлоў, Аляксей Марачкін, Аляксандар Мілінкевіч, а таксама шэраг іншых вядомых асобаў таксама падпісаліся.

 

Паводле дзейнага заканадаўства, хадайніцтва ня менш за двух чалавек дае падставу для зьмены меры стрыманьня зьняволенага. У сваю чаргу падпісанты бяруць на сябе юрыдычную адказнасьць за тое, што абвінавачаныя ня будуць парушаць умоў стрыманьня. Такія лісты-хадайніцтвы ў пракуратуру партыя БНФ перадае не ўпершыню, кажа намесьнік старшыні Рыгор Кастусёў:

 

— Мы ўжо перадавалі раней такія ж хадайніцтвы за Уладзімера Някляева і Ірыну Халіп за два дні да іх вызваленьня. Ім была зьмененая мера стрыманьня, праўда, ня ў той меры, аб якой мы прасілі, але ўсё ж гэта станоўчы вынік. Спадзяёмся на станоўчыя вынікі і адносна астатніх людзей.

 

Акцыю салідарнасьці за вызваленьне ўсіх палітвязьняў партыя БНФ распачала ў Менску, але зараз яна доўжыцца і ў рэгіёнах краіны. Там сабрана больш за 1500 подпісаў, многія дасылаюць свае хадайніцтвы непасрэдна ў пракуратуру поштаю. Гэткім чынам збор подпісаў пад хадайніцтвамі працягваецца, паведаміў намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў:

 

— Збор ідзе дастаткова лёгка ў Менску, і такая ж сытуацыя ў рэгіёнах. Відаць, што падзеі 19 сьнежня істотна ўскалыхнулі грамадзтва. І менавіта ў гэтай галіне салідарнасьці са зьняволенымі людзі знаходзяць сваю магчымасьць унёску ў тое, каб зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне.

 

Як паведаміў Аляксей Янукевіч, хадайніцтвы былі перададзеныя дзяжурнаму пракурору на прозьвішча Барысенка, які ад імя пракуратуры паабяцаў даць адказ заяўнікам у адпаведнасьці з адведзенымі на гэта тэрмінамі.

 

Галіна Абакунчык

 

 

Хто павіншаваў Лука-ку з новым тэрмінам

 

Сьпіс дзяржаваў, якія накіравалі віншаваньні на адрас Лука-кі ў сувязі зь ягоным абраньнем на новы тэрмін (на аснове дадзеных афіцыйнага сайту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

Спіс ў альфабэтным парадку:

 

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
Азэрбайджан
Армэнія
Вэнэсуэла
Грузія
Індыя
Іран
Казахстан
Катар
Кіргізстан
Кітай
Куба
Лібія
Палестына
Савудаўская Арабія
Таджыкістан
Туркмэністан
Турцыя
Узьбекістан
Украіна
Эгіпет

 

 

Ператрус у кватэры Сьвятланы Міхальчанкі

 

У Сьветлагорску ў кватэры актывісткі партыі левых "Справядлівы сьвет" Сьвятланы Міхальчанкі супрацоўнікі мясцовага аддзелу КДБ вядуць ператрус.

 

— Пачалося ўсе неяк па-дзіцячы. Спачатку прыйшоў міліцыянт і стаў пытацца пра нейкае дарожнае здарэньне. А 18-й гадзіне ў кватэру пазваніў іншы міліцыянт нібыта праверыць пашпартны рэжым, а ўжо за ім зьявіліся два кадэбісты. Паказалі пастанову на ператрус, падпісаную менскім пракурорам. Такія ветлівыя маладыя людзі, акуратныя — усе вуглы абшукалі.

 

Ператрус яшчэ ня скончыўся. Але ўжо зразумела, што чэкісты забіраюць у Сьвятланы Міхальчанкі, былога пэдагога, дырэктара школы, сыстэмны блёк і два дзясяткі DVD-дыскаў.

 

Сьвятлана Кандратаўна толькі два дні як выпісалася з шпіталю. З-за хворай нагі ёй цяжка хадзіць. Яна кажа, што 19 сьнежня была ў Менску, але не на плошчы Незалежнасьці.

 

 

Людвіг і Кур’яновіч вызвалілі на Акрэсціна, Вінярскага — завезьлі на Харкаўскую

 

Увечары 9 лютага з ізалятару на Акрэсьціна выйшлі на волю актывісты Кася Людвіг, Паліна Кур’яновіч і Максім Вінярскі, якія адбылі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту за акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі 30 студзеня каля КДБ.

 

Першымі з ізалятару на Акрэсьціна, каля 6-й вечара, выйшлі Кася Людвіг і Паліна Кур’яновіч. Актывісты, якія іх сустракалі, чакалі, што вось-вось выйдзе на волю і Максім Вінярскі з "Эўрапейскай Беларусі". Але прайшла амаль гадзіна — нічога не зьмянілася.

 

Паліна Дзьякава, якая зь сябрамі чакала выхаду вязьняў Акрэсьціна:

 

— Ён адзваніўся, сказаў, што вызвалілі. А мы тут чакалі-чакалі. Выйшаў нейкі супрацоўнік і сказаў, што ўсіх ужо выпусьцілі, каб не чакалі. Мы пачалі пытацца, як гэта? Ён вярнуўся ў ізалятар, а яшчэ празь нейкі час Макс пазваніў, што яго завезьлі на Харкаўскую і вызвалілі. Мы тут з гэтай прычыны вельмі абураныя. Гэта не паводле закону і не па-чалавечы. Тут жа людзі сабраліся, чакалі.

 

Пра здароўе Максіма Вінярскага, які трымаў галадоўку, Паліна Дзьякава нічога ня ведае.

 

Не сустракаліся зь Вінярскім на Акрэсьціна і Кася Людвіг з Палінай Кур’яновіч, якіх асудзілі разам з актывістам "Эўрапейскай Беларусі" на 10 дзён арышту. Дзяўчыны кажуць, што ахоўнікі ставіліся да іх нармальна, а вось умовы ўтрыманьня на Акрэсьціна дрэнныя, як і былі летась: харчаваньне такое, што есьці немагчыма, прагулак няма, у камэры замест ложкаў — драўляны насьціл.

 

— У першыя два дні мы з Касяй, пэўна, зьмянілі 4 камэры, нас туды-сюды вадзілі, а потым зьмясьцілі ў адну камэру і там мы былі ўдвох увесь астатні час. На Акрэсьціна з тых часоў, як я там была апошні раз, зьмянілася толькі адно: пачалі выдаваць маленькі кавалак гаспадарчага мыла і туалетнай паперы няшмат. З большага ўсё астатняе засталося такое самае. Мінулы раз я была адны суткі летась, а ўсяго на Акрэсьціна пяты раз — агулам 41 суткі адседзела, — сказала Паліна Кур’яновіч.

 

Кася Людвіг паўтарыла тое, што казала ў судзе: што сьвядома выйшла да КДБ з плякатам аб свабодзе палітвязьням.

 

— Дрэнна, што яны сядзяць. Я давераная асоба Саньнікава і лічу сваім абавязкам выйсьці ў дзень салідарнасьці зь ягоным партрэтам, каб яго падтрымаць.

 

— Пастаяць вам удалося літаральна хвіліну. Я там быў і бачыў. Вы — сьмелая дзяўчына. Усе непакоіліся, калі вас зацягнулі ў аўтобус: ці там ня білі?

 

— Не, ўсё нармальна было. Збольшага ставіліся нармальна.

  

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Расклейваў улёткі супраць Лука-кі? Значыць, асудзяць за брыдкаслоўе

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

Магілёўскі актывіст грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Уладзіслаў Бародка быў арыштаваны міліцыянтамі за расклейваньне плякатаў з выявай Лука-кі і надпісам "Нам не патрэбны такі прэзыдэнт". Здарылася гэта на трэці тыдзень пасьля дэмабілізацыі юнака з вайсковай службы.

 

За 15 хвілінаў судзьдзя Станіслаў Шандаровіч вынес прысуд дзесяці затрыманым.

 

Двое сутак прабыў у зьняволеньні магілёўскі актывіст грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Уладзіслаў Бародка.

 

Зьняволілі актывіста патрульныя міліцыянты. Амаль суткі яго ўтрымлівалі ў пастарунку. Яшчэ адны — у ізалятары часовага ўтрыманьня. Судзілі там жа, у ізалятары. Пакаралі штрафам у дзьве базавыя велічыні. Як кажа актывіст, справу разглядаў судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Станіслаў Шандаровіч.

 

— Суд праходзіў на працягу паўтары-дзьвюх хвілінаў. "Што зрабіў?", — спытаўся судзьдзя. Юнак адказаў: "Расклейваў тое й тое". І ўсё. "Вось квітанцыя. Заплаціш штраф". Ён нават не глядзеў у мой бок. Па дзесяць чалавек судзілі. За пятнаццаць хвілінаў усіх дзесяцярых асудзілі і нават не паказалі праткол. <...> Асудзілі й штраф далі зусім не за тое дзеяньне, якое я ўчыняў. Напісалі, што "брыдкасловіў у грамадзкім месцы", за гэта аштрафавалі.

 

Тым часам у аддзеле міліцыі Першамайскага раёну ў Менску дапытваюць як сьведку магілёўскую праваабаронцу грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціну Шацікаву. На допыт яна паехала з уласнай ініцыятывы, каб заявіць, што беспарадкі на плошчы Незалежнасьці ўчынілі правакатары, а не апазыцыя.

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

Улёткі з прозьвішчамі палітвявязьняў СІЗА КДБ, у тым ліку й тых, хто ўжо вызвалены пад хатні арышт ці падпіску аб нявыезьдзе, зьявіліся ў Першамайскім і Кастрычніцкім раёнах Віцебску. Яны распаўсюджваюцца актывістамі моладзевага руху "Вольны шлях".

 

Аляксандар Кузьняцоў, адзін з заснавальнікаў руху, старшыня віцебскай суполкі "Моладзі БНФ":

 

— Віцебская моладзь, якая аб’ядналася ў "Вольны шлях", зараз будзе расклейваць такія ўлёткі для жыхароў нашага гораду, каб людзі даведаліся, што менавіта адбылося 19 сьнежня, што каля двух дзесяткаў палітычных актывістаў зьняволеныя ў СІЗА КДБ. І гэта пэўнага кшталту падтрымка, бо трэба нешта рабіць дзеля іхнага вызваленьня, бо зьняволеныя яны паводле палітычнай замовы.

 

Актывісты кампаніі "Гавары праўду" падтрымліваюць зьняволеных сваімі лістамі. Галіна Багданава адправіла сёньня чатыры такія лісты:

 

— Гэта лісты Някляеву, Фядуту, Вазьняку і Вінаградаву. Мы пішам ім пра сваю падтрымку. Пра тое, што ўжо дачакаліся тых, хто зараз вызвалены, і абавязкова дачакаемся ўсіх, хто цяпер яшчэ за турэмнымі кратамі.

 

Наваполацкія актывісты распачалі збор подпісаў пад патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў і спыніць крымінальную справу пра масавыя беспарадкі ў Менску 19 сьнежня. У звароце гаворыцца: "Засталіся мы, мясцовыя актывісты, якіх не дзесяткі, ня сотні, а тысячы. Нас усіх пасадзіць немагчыма! Таму мы мусім разам дамагчыся вызваленьня палітвязьняў. Мы заклікаем жыхароў усіх гарадоў, вёсак і мястэчак падтрымаць нашу ініцыятыву і распачаць збор подпісаў дзеля падтрымкі ўсіх, хто падвяргаецца палітычнаму ўціску".

 

Пра першыя ўражаньні ад гэтай акцыі распавядае Яўген Парчынскі, які падчас выбарчай кампаніі падтрымліваў Дзьмітрыя Вуса і Мікалая Статкевіча:

 

— Праўда, я меркаваў, што лягчэй будзе! Я ж кажу адразу: "Ты пішаш сваю адрэсу і ставіш свой подпіс. Калі да цябе прыйдуць і скажуць, каб адмовіўся ад подпісу, то лепш не падпісвайся!" І многія гавораць, што баяцца — за працу, за сваякоў… Але сем подпісаў я за дзень сабраў, і хачу хаця б сотню сабраць тыдні за два.

 

На Віцебшчыне праходзяць нефармальныя акцыі падтрымкі і салідарнасьці. Правесьці мітынг афіцыйным чынам у адмыслова вызначаным для гэтага месцы аказалася немагчымым, кажа Аляксей Гаўруцікаў, былы кіраўнік віцебскага выбарчага штабу Мікалая Статкевіча:

 

— Мы хочам зьвярнуцца да Эўразьвязу, да прэзыдэнтаў эўрапэйскіх краін і ЗША, каб яны ўвялі яшчэ больш жорсткія санкцыі. І каб пашырылі сьпіс "неўязных" — дадаць да гэтага сьпісу прозьвішча кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Маскалёва і намесьніка па ідэалягічнай працы Ляпёшкінай. Такія сьпісы трэба пашыраць.

 

 

Крысьціну Шацікаву дапыталі ў Менску

 

Магілёўскую праваабаронцу грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціну Шацікаву дапыталі ў Першамайскім раённым аддзеле міліцыі Менску. Актывістку выклікалі туды як сьведку ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19-20 сьнежня. Допыт доўжыўся чатыры гадзіны. Яго праводзіў сьледчы Аляксандар Фейцар.

 

— Мне падалося, што гэты сьледчы сапраўды спрабуе разабрацца ў справе. Прынамсі пакуль ён, відаць, не атрымліваў нейкіх іншых загадаў. Так кажу, бо параўноўваю допыт у КДБ і ў гэтага сьледчага. Сьледчы задаваў канкрэтныя пытаньні й даслоўна ўсё запісваў. У КДБ ж проста дурылі галаву. Правакавалі, — сказала Крысьціна Шацікава.

 

Актывістка перадала сьледчаму два дзясяткі фотаздымкаў. На іх, як яна сьцьвярджае, сьведкі, якія бачылі, хто выламваў дзьверы й выбіваў вокны ў Доме ўраду 19 сьнежня. Яны могуць пацьвердзіць, што гэта былі не апазыцыянэры, а правакатары. Фотаздымкі рабіла сама Шацікава. Іх яна перадала і сьледчым КДБ 4 лютага.

 

— Гэтыя фотаздымкі камітэтчыкаў нібыта і не зацікавілі. Яны не адмовіліся ад іх, узялі, але мне сказалі менавіта так. Менскага сьледчага ж яны зацікавілі. Я ня ведаю, праўда, наколькі яны дапамогуць сьледзтву. Гэта ўжо будзе, відаць, кіраўніцтва ацэньваць, што ім патрэбна насамрэч. Але на сваім узроўні, цяперашнім, ён іх разглядае як улікі, прынамсі мне так падалося.

 

Крысьціна Шацікава — удзельніца акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Як толькі невядомыя пачалі біць вокны ў Доме ўраду яна пасьпела адвезьці фотакамэру са здымкамі да знаёмых і вярнулася зноў на плошчу. Падчас разгону акцыі яе затрымалі.

 

 

Бясплатныя візы ўжо выдаюцца. Але ня шэнгенскія

 

Нямеччына пачала выдачу бясплатных візаў грамадзянам Беларусі 4 лютага. Ад 1 сакавіка консульскі збор адменяць за эстонскую візу. Гаворка, аднак, толькі пра доўгатэрміновыя нацыянальныя візы.

 

Як паведамілі "БелаПАН" у аддзеле прэсы пасольства Нямеччыны ў Менску, нацыянальныя доўгатэрміновыя візы без консульскага збору выдаюцца асобам, якія плянуюць знаходзіцца ў Нямеччыне больш за тры месяцы, напрыклад, з мэтамі ўзьяднаньня сям’і, вучобы ці працы. Новае правіла не распаўсюджваецца на выдачу шэнгенскіх віз дзеля кароткатэрміновых турыстычных і дзелавых паездак да 90 дзён. Пра падобнае ж рашэньне заявілі ўрады Польшчы, Латвіі і Эстоніі.

 

У пасольстве Нямеччыны падкрэсьлілі, што ўрад краіны пасьлядоўна выступае за палёгкі візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. У 2010-м годзе траціна ўсіх шэнгенскіх віз, выдадзеных нямецкім пасольствам, была вызваленая ад консульскага збору. У асноўным гэта візы дзецям, што накіроўваліся на аздараўленьне, удзельнікам моладзевых і студэнцкіх праграм абмену, дзеячам мастацтва, сябрам праваабарончых і рэлігійных арганізацый.

 

“Радыё Свабода”

 

 

КДБ дапытаў сакратара БХД Дзяніса Садоўскага

 

У КДБ дапыталі адказнога сакратар аргкамітэта па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніса Садоўскага.

 

Як паведамляе прэс-служба БХД, допыт доўжыўся прыблізна дзве гадзіны, пасля чаго Садоўскага адпусцілі.

 

— Пытанні былі агульныя, датычныя толькі падзеяў 19 снежня, БХД не цікавіліся, — сказаў Садоўскі. Паводле яго слоў, у пакоі стаяла прыблізна 20 канфіскаваных камп’ютэраў. Садоўскі даў падпіску пра неразгалошванне.

 

"Для гэтага допыту КДБ вельмі пільна шукала Садоўскага, які толькі на выходных вярнуўся з замежнай паездкі. Яго выклікалі на допыт якраз на дзень ад’езду, таму Дзяніс вымушаны быў адмовіцца ад візіту ў КДБ. Падчас яго адсутнасці ў краіне яго пяць разоў па хатнім тэлефоне бацькоў шукалі з контрвыведкі", — паведамляе прэс-служба.

 

 

Паўночны савет прыпыняе супрацоўніцтва з Беларуссю

 

Паўночны савет прыпыняе супрацоўніцтва з Беларуссю. Адпаведнае паведамленне накіраваў кіраўніцтву Палаты прадстаўнікоў Беларусі дацкі старшыня Паўночнага савета Хенрык Дам Крыстэнсен, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

 

У прыватнасці, інфармуе Крыстэнсен, адкладзены запланаваны на гэты год навучальны візіт у адну з краін — удзельніц арганізацыі палітыкаў з Беларусі. У лісце падкрэсліваецца, што супрацоўніцтва будзе адноўлена толькі пасля паляпшэння сітуацыі ў Беларусі і вызвалення ўсіх палітзняволеных.

 

Паўночны савет глыбока шкадуе аб арышце многіх апазіцыйных палітыкаў, у тым ліку шэрагу кандыдатаў у прэзідэнты, адразу пасля выбараў у снежні.

 

Прэс-служба адзначае, што на студзеньскім пасяджэнні прэзідыума Паўночнага савета было вырашана працягнуць падтрымку па развіцці дэмакратыі ў Беларусі, але адкласці запланаваны навучальны візіт палітыкаў з Беларусі, у якім павінны былі ўдзельнічаць як члены Палаты прадстаўнікоў, так і апазіцыянеры.

 

Пачынаючы з 2007 года Паўночны савет у партнёрстве з Балтыйскай асамблеяй правёў шэраг круглых сталоў, у якіх узялі ўдзел прадстаўнікі як беларускага парламента, так і апазіцыйных партый. Апошні круглы стол адбыўся ў Менску ў сакавіку 2010 года.

 

Паўночны савет з’яўляецца арганізацыяй парламенцкага супрацоўніцтва краін Паўночнай Еўропы, аб’ядноўвае дэпутатаў парламентаў пяці дзяржаў (Данія, Ісландыя, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя) і трох аўтаномных тэрыторый (Аландскія астравы, Фарэрскія астравы і Грэнландыя).

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Надзея Крапівіна прыйшла ў КДБ па рэчы і трапіла на допыт

 

Бываюць сямейныя лекары, адвакаты. А ў сям’і моладзевых актывістаў з’явіўся сямейны следчы КДБ.

 

Сёння жонку маладафронтаўца Алеся Кіркевіча — Надзею Крапівіну — дапыталі ў КДБ. Надзея прыйшла да следчага Бычака, які вядзе справу яе мужа, каб напісаць заяву наконт вяртання асабістых рэчаў. Рэчы яна атрымала, але заадно яе дапыталі ў якасці сведкі па справе аб "масавых беспарадках".

 

Пасля допыту Крапівіна падпісала паперу аб наразгалошванні таямніцы следства, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

 

Нагадаем, Надзея за ўдзел у падзеях 19 снежня адбыла 12 сутак. Алесь Кіркевіч атрымаў 10 сутак за ўдзел у акцыі салідарнасці пад сценамі ізалятара на Акрэсціна. 28 студзеня Алеся ізноў затрымалі, 4 лютага яму выставілі абвінавачванне па ч.2 арт.293 КК — актыўны ўдзел у масавых беспарадках.

 

 

Ваенная контрвыведка вельмі-вельмі просіць прыйсці на допыт

 

Адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага запрасілі па тэлефоне на допыт у ваенную контрвыведку па справе аб "масавых беспарадках".

 

Літаральна напярэдадні Садоўскі больш за тры гадзіны дапытваўся па тым самым "пытанні" ў КДБ. Контрвыведнікі аб гэтым у курсе і папрасілі прабачэння за "дубль". Як распавёў актывіст "Радыё Рацыя", абгрунтаванне было простае: "Вельмі-вельмі трэба з вамі пагутарыць, вас шукаем ужо тры тыдні, вельмі-вельмі просім".

 

“Еўрарадыё”

 

 

10 лютага 2011 г.

 


Вуса выклікалі ў КДБ

 

Былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Дзьмітрыя Вуса, які праходзіць па справе аб масавых беспарадках як падазраваны, выклікалі ў КДБ.

 

— Я выкліканы ў КДБ на 10 гадзін раніцы, з адвакатам. Рыхтуюся туды пайсьці, — паведаміў Вус "Інтэрфаксу".

 

Экс-кандыдат адмовіўся паведаміць, у сувязі з чым яго выклікалі ў КДБ. Ён таксама не захацеў камэнтаваць паведамленьні шэрагу СМІ аб тым, што яму сёньня можа быць прад’яўленае абвінавачваньне.

 


У адваката Міхалевіча забіраюць дакумэнты

 

Да адваката зьняволенага кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча Алега Агеева на працоўнае месца ў адвакацкую кансультацыю прыйшлі супрацоўнікі КДБ.

 

Прад’явіўшы паперу, падпісаную намесьнікам начальніка ўправы КДБ, яны пачалі забіраць усе дакумэнты, датычныя ягонай адвакацкай дзейнасьці, у тым ліку і па справе Алеся Міхалевіча.

 

— Ніякая падстава для падобных дзеяньняў у лісьце КДБ не ўказаная. Мяркую, што гэта незаконна, — пракамэнтаваў "Свабодзе" Алег Агееў.

 


Арыштаваных расейцаў прымушалі агаворваць лідэраў беларускай апазыцыі

 

Амбасада Расеі ў Менску лічыць непрымальнымі спробы беларускіх спэцслужбаў аказаць псыхалягічны ціск на арыштаваных расейцаў.

 

Расейская амбасада заявіла пра выпадкі псыхалягічнага ціску беларускіх спэцслужбаў на арыштаваных расейскіх грамадзянаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава.

 

— Спробы прадстаўнікоў беларускіх спэцслужбаў учыніць псыхалягічна застрашвальнае ўзьдзеяньне на нашых суайчыньнікаў непрымальныя. Паводле слоў таго ж Брэўса, яго прымушалі даць ілжывыя паказаньні адносна кантактаў з арыштаванымі лідэрамі беларускай апазыцыі і другім затрыманым расейцам (Гапонавым), — заявіў агенцтву "Інтэрфакс" дарадца амбасады Расеі ў Менску Вадзім Гусеў.

 

— У адваротным выпадку нашаму грамадзяніну абяцалі перавод у СІЗА КДБ і "несалодкае жыцьцё ў калёніі", — сказаў дыплямат.

 

Паводле ягоных слоў, "амбасада рашуча выступае супраць падобных мэтадаў беларускага сьледзтва і заклікае беларускую пракуратуру да аб’ектыўнага разгляду справы расейскіх грамадзянаў".

 


Пракуратура папярэдзіла Гарэцкага

 

Генэральная пракуратура Беларусі 10 лютага вынесла афіцыйнае папярэджаньне журналісту Барысу Гарэцкаму за працу на замежнае СМІ ў Беларусі без акрэдытацыі.

 

— Сёньня а дзясятай раніцы я прыйшоў у Генпракуратуру на допыт, які працягваўся каля 40 хвілін. Праводзіў яго саветнік юстыцыі Павел Елісееў. Ён дапытаў мяне па падзеях 17 студзеня, калі мяне затрымалі каля будынка КДБ. Таксама прадстаўніка пракуратуры цікавіла мая датычнасьць да супрацоўніцтва з "Радыё Рацыя". Па заканчэньні допыту мне вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі, — распавёў Гарэцкі "БелаПАН".

 


Актывы Сівакова не замарожаныя выпадкова альбо не?

 

Эўразьвяз рыхтуецца выправіць упушчэньні ў сьпісе беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У прыватнасьці, унесьці туды Ю.Сівакова, падазраванага ў адмываньні грошай, зьліквідаваць паўторы і выкрасьліць чалавека, якога ўжо няма ў жывых.

 

"Для шмат якіх сяброў Эўразьвязу зразумела, што ў сьпісе пэрсон нон-грата павінен знаходзіцца і Юры Сівакоў, якога падазраюць у адмываньні грошай, — цытуе сайт EU Observer эўрапейскага дыплямата. — Мы працуем над гэтым разам з дыпляматамі ў Менску. Гэта тэхнічныя ўдакладненьні, якія лёгка зрабіць".

 

"Пакуль незразумела, ці займаецца ён якой-небудзь камэрцыйнай дзейнасьцю. Але ў 2006 годзе ён супрацоўнічаў з кампаніяй пад назовам "Чэсьць", падазраванай у адмываньні грошай па $ 1,5 млн. на дзень на карысьць высокапастаўленых чыноўнікаў Лука-кі", — піша EU Observer.

 

Былы міністар унутраных спраў быў унесены ў сьпіс неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу ў сувязі з падазрэньнем яго ў датычнасьці да забойства чатырох апанэнтаў беларускага рэжыму. Але ён не ўвайшоў ні тады, ні цяпер у сьпіс асобаў, чые банкаўскія актывы павінны быць замарожанымі.

 

Недакладнасьці ў складаньні сьпісаў прадстаўнікі Эўразьвязу тлумачаць цяжкімі ўмовамі працы ў краіне з рэпрэсіўным рэжымам.

 

На пытаньне, ці можа тое, што Сівакоў дагэтуль ня ўнесены ў сьпіс асобаў з замарожанымі актывамі, азначаць, што яму стварае пратэкцыю хтосьці з Эўразьвязу, высокапастаўлены дыплямат у Менску заявіў:

 

— Я не магу выключаць гэтага.

 

Цяперашні сьпіс у любым выпадку павінен быць абноўлены. Да прыкладу, у ім два разы фігуруе судзьдзя Леанід Ласяновіч (яго прозьвішча напісалі ў рознай транскрыпцыі), а таксама са сьпісу будзе выкрасьлены Міхаіл Пішчулёнак, бо ён памёр.

 

Такім чынам, пасьля паправак сьпіс нўязных будзе складацца са 156 чалавек. Раней у яго было ўключана 158.

 


У Наваполацку забаранілі акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі

 

Мясцовыя актывісты зьбіраліся правесьці яе ў нядзелю, 13 лютага, аднак атрымалі з гарвыканкаму адмову.

 

У лісьце, які падпісаў намесьнік старшыні гарвыканкаму спадар Дурноў, напісана, што менская акцыя 19 лютага была антыдзяржаўнай, таму ў Наваполацку ўлады забараняюць выказваць салідарнасьць зь яе ўдзельнікамі — вязьнямі СІЗА КДБ.

 

13 лютага мітынг салідарнасьці зь вязьнямі СІЗА КДБ хацелі правесьці і ў Віцебску. Але і там актывісты атрымалі адмову. Як напісана ў лісьце з Чыгуначнай раённай адміністрацыі, менавіта ў гэты дзень і час у парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў будуць праходзіць спартовыя спаборніцтвы "Беларуская лыжня 2011", і для мітынгоўцаў-апазыцыянэраў там месца няма.

 


Выбары скончыліся — ільготы адмянілі

 

З 10 лютага на Віцебшчыне адмянілі бясплатны праезд для студэнтаў. Школьнікі пакуль езьдзяць у грамадзкім транспарце бясплатна, але як доўга гэта будзе працягвацца — невядома.

 

Пра адмену права на бясплатны праезд віцебскія кандуктары папярэджвалі віцебскую моладзь яшчэ напярэдадні і тлумачылі гэта проста: "Выбары скончыліся, а лішніх грошай у Лука-кі няма".

 

Ільготы для студэнтаў і навучэнцаў ПТВ увялі ў Віцебску ў сьнежні мінулага году сьледам за Менскам. Хто іх адмяніў, журналістам даведацца так і не ўдалося. Калі бясплатны праезд толькі ўводзіўся, то было абвешчана, што ёсьць адмысловая пастанова абласнога савету. Цяпер ні ў аўтапарку, ні ў трамвайна-тралейбусным упраўленьні ні на якія дакумэнты абласнога ці рэспубліканскага ўзроўню не спасылаюцца. Кажуць, што быў загад адмяніць ільготы, але чый — не называюць.

 


У Менску затрымалі моладзевых актывістаў АГП

 

Cупрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Менску моладзевых актывістаў АГП Дзмітрыя Сільчанку і Дзмітрыя Бойку.

 

Каля станцыі мэтро "Няміга" хлопцы распаўсюджвалі спэцвыпуск газэты "Плошча", у якім ёсьць заклік да вызваленьня палітвязьняў.

 

Цяпер актывісты знаходзяцца ў Цэнтральным РАУС Менску.

 


З журналіста "Народнай волі" ўзялі падпіску пра неразгалошваньне

 

Каля дзьвюх гадзін правёў сёньня ўвечары на допыце ў КДБ рэдактар інтэрнэт-сайту газэты "Народная воля" Аляксандар Люшкевіч. Пасьля таго, як яго выпусьцілі з КДБ, журналіст сказаў, што даў падпіску пра неразгалошаньне і таму ня можа камэнтаваць сваё затрыманьне.

 


Суд зноў апраўдаў Хамайду і бел-чырвона-белы сьцяг

 

Міліцыянты ўжо другі раз затрымліваюць Барыса Хамайду зь бел-чырвона-белым сьцягам, вінавацячы ў несанкцыянаваным пікетаваньні, а судзьдзі прызнаюць, што пікету не было.

 

Судовую справу апазыцыянэра, затрыманага за тое, што 7 лютага ў цэнтры гораду Барыс Хамайда распаўсюджваў незалежную прэсу пад вялікім бел-чырвона-белым сьцягам, разьбірала судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Грабянчук.

 

Міліцыянты склалі на Барыса Хамайду пратакол за парушэньне артыкула 23.34 адміністрацыйнага заканадаўства — за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. Але судзьдзя скасавала справу, бо ня ўбачыла ў дзеяньнях апазыцыянэра складу правапарушэньня.

 

Цяпер, мяркуе спадар Хамайда, міліцыянты распрацавалі новую тактыку: штораз завозіць яго ў пастарунак, далей ад вачэй мінакоў — каб тыя ня бачылі бел-чырвона-белага сьцяга.

 

Апраўдальная судовая пастанова на супрацоўнікаў міліцыі ня дзейнічае: яны ўсё адно складаюць пратаколы за несанкцыянаванае пікетаваньне.

 

Барыс Хамайда кажа, што будзе працягваць акцыю, нягледзячы на любы ціск.

 

“Радыё Свабода”

 

 

11 лютага 2011 г.

 

 

Рашэньне Менгарсуду — гэта нейкі цырк

 

Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу жыхаркі Барысаўскага раёну Ірыны Панкавец, якая абскарджвала прысуд Маскоўскага раённага суду за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня. Жанчына заяўляе, што будзе працягваць скардзіцца.

 

11 лютага Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу Ірыны Панкавец на прысуд Маскоўскага раённага суду ад 20 сьнежня, паводле якога яна адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

 

"Свабодзе" Ірына паведаміла пасьля разгляду скаргі, што суд спаслаўся на падпісаны ёю дакумэнт пра тое, што яна нібыта згодная з прысудам і ня будзе яго абскарджваць. Ірына Панкавец згадала, што сапраўды нешта падпісвала ў судзе, але яна была ў дрэнным фізычным стане пасьля знаходжаньня цягам некалькі гадзінаў "у нечалавечых ўмовах".

 

— У Маскоўскім судзе нас утрох трымалі ў гэтакім стакане — маленькім пакойчыку. Я пакутую клаўстрафобіяй, пачала задыхацца, у мяне паднялася тэмпэратура, на вуснах адразу зьявіўся герпэс. Пасьля дня пакутаў, якія мы там спазналі, разважаць добра там было немагчыма. Магчыма, я і падпісала гэтую паперу, хаця дакладна не памятаю. Таму я буду далей скардзіцца. Вось дадуць мне пастанову гэтага суду і зноў падам скаргу. У Вярхоўны, калі трэба, але буду абскарджваць.

 

— А вы зараз у судзе сказалі, што адмаўляецеся ад гэтага подпісу?

— Так, сказала.

 

— Ці пыталіся ў вас, пры якіх абставінах вы падпісалі тую паперу?

 

— Не, ніхто не пытаўся. Я сама спрабавала патлумачыць, але ніхто мяне ня чуў. Сказалі, паколькі подпіс ёсьць, то ніякіх пытаньняў.

 

Паводле рашэньня Маскоўскага суду Менску, жанчына адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. У студзені Ірыну Панкавец прымусілі звольніцца з працы і зараз нікуды не бяруць на новую працу. Ірына бачыць у гэтым палітычныя прычыны і кажа, што яна мела права на мірны пратэст і таму будзе далей адстойваць свае канстытуцыйныя правы.

 

Паводле старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, рашэньне Менгарсуду адхіліць скаргу Ірыны Панкавец не грунтуецца на законе. Грамадзяніна нельга пазбавіць ягонага права нават калі зь нейкай прычыны ён сам ад яго адмовіўся, лічыць праваабаронца.

 

— Гэта ў духу таго, што ў нас сёньня адбываецца ў прававой сыстэме. У Працэсуальным кодэксе не напісана, што калі чалавек адмаўляецца, то няма права потым абскардзіць. Тым болей, што чалавек за гэта нічога не атрымаў, ніякіх саступак. Ёсьць такое, што па адміністрацыйнай справе чалавек пагаджаецца, што зрабіў парушэньне і гатовы сплаціць штраф. Гэта прапісана ў Адміністрацыйным кодэксе, што тады яму накладаецца мінімальнае пакараньне. А тут чалавек адсядзеў і ня можа скардзіцца! Гэта нейкі цырк, я такога яшчэ не чуў.

 

Ірына Панкавец — першая, хто спрабуе абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі прысуды раённых судоў адносна падзей 19 сьнежня. Праваабаронцы кажуць, што ужо болей за 40 чалавек гэтаксама зьбіраюцца абскардзіць свае прысуды.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


БНФ абяцаюць выселіць

 

У Менгарвыканкаме пацьвердзілі рашэньне аб высяленьні Партыі БНФ зь сядзібы на Машэрава, 8. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які сустрэўся з намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму.

 

— Ён пацьвердзіў, што ёсьць намер нас выселіць. І як толькі скончыцца тэрмін дзеяньня дамовы, то будуць спрабаваць нас высяляць. Я сказаў, што мы будзем адстойваць сваё права на працяг дамовы праз суды. На гэта ў нас ёсьць два месяцы пасьля заканчэньня дамовы. Ён сказаў, што гэта наша права. Але намер на высяленьне ёсьць, і ён будзе пацьверджаны. Нам параілі шукаць новае памяшканьне, — распавёў Рыгор Кастусёў.

 

Дамова арэнды заканчваецца 1 красавіка. Спадар Кастусёў сказаў, што старшыня ўпраўленьня маёмасьці па Менску год таму падпісаў дазвол на заключэньне з гэтага году дамовы арэнды на тры гады.

 

— Атрымліваецца так, што левая рука ня ведае, што робіць правая", сказаў Кастусёў.

 


Андрэй Пачобут асуджаны на 15 сутак

 

Журналіста зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 19 студзеня на плошчы Незалежнасці ў Менску.

 

Журналіст польскай "Газэты Выборчай" Андрэй Пачобут быў затрыманы на плошчы Незалежнасці 19 сьнежня і суткі правёў у аўтазаку. Яго справа разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёну. Але ў апошні момант журналіста вызвалілі, заявіўшы, што яго справа накіраваная на дадатковую праверку.

 

Пазьней суд Кастрычніцкага раёну ўсё ж пакараў журналіста штрафам у памеры 1 750 000 рублёў за "ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу". Пракуратура палічыла такі прысуд занадта мяккім, Менскі гарадзкі суд пагадзіўся з гэтымі прэтэнзіямі, і сёньня справу перагледзелі.

 


Допыт у Бярозаўскім КДБ

 

Станіслаў Халадовіч і Ўладзіслаў Мікалайчык з Івацэвічаў былі выкліканыя на допыт у Бярозаўскі КДБ. Удзельнікаў Плошчы затрымалі падчас мітынгу ў Менску і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Адбывалі яго яны ў Менску.

 

Станіслава Халадовіча і Ўладзіслава Мікалайчыка выклікалі ў якасьці сьведак па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Супрацоўнікі КДБ папярэдзілі Халадовіча і Мікалайчыка пра недапушчальнасьць паўторнага ўдзелу ў масавых мерапрыемствах і адказнасьць за гэта. Дакумэнты пра азнаямленьне з папярэджаньнем яны падпісаць адмовіліся.

 

“Радыё Свабода”

 

 

12-13 лютага 2011 г.

 

У Горадні на помніку Леніну напісалі "Луку на муку"

 

Студэнтак гарадзенскага мэдунівэрсытэту Кацю Герасімчык і Вольгу Багданкевіч затрымалі каля другой гадзіны ўначы побач з помнікам Леніну, на якім быў надпіс "Луку на муку". Дзяўчаты не прызналі сваё дачыненьне да надпісу. І толькі сёньня ў абед іх выпусьцілі з пастарунку, папярэдзіўшы, што на наступным тыдні выклічуць у міліцыю.

 

Ад другой гадзіны да абеду ім давялося знаходзіцца ў міліцыі. Яны адмовіліся пісаць тлумачальныя лісты, паколькі ня лічаць сябе вінаватымі.

 

Раніцай ў пакоях інтэрнату, дзе жывуць дзяўчаты, са слоў Каці Герасімчык, міліцыянты зрабілі ператрус, канфіскавалі кампутар, кнігі, рэклямныя матэрыялы "Маладога фронту" і кампаніі "Гавары праўду". І пры гэтым, зь іх слоў, ім ня выдалі пратакол аб канфіскацыі іх уласных рэчаў. З гэтай прычыны дзяўчаты зьбіраюцца скардзіцца ў пракуратуру.

 

Падчас затрыманьня яны мелі пры сабе налепкі "Малады фронт" і раздрукоўкі з надпісам "Свабоду Кіркевічу!", "Свабоду Някляеву!", "Свабоду Фядуту!".

 

Міхал Карневіч

 


Удзельніка Плошчы пагражаюць дэпартаваць з краіны

 

Супрацоўнікі КДБ на Берасьцейшчыне папярэдзілі івацэвіцкіх актывістаў Вячаслава Халадовіча і Ўладзіслава Мікалайчыка, якія прымалі ўдзел у акцыі 19 сьнежня ў Менску.

 

Сябра АГП Станіслава Халадовіча 19 сьнежня затрымалі і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, які ён адбыў у жодзінскай турме.

 

Цяпер супрацоўнікі КДБ запрасілі яго на размову ў Бярозу, дзе прапанавалі падпісаць папярэджаньне пра недапушчэньне паўторнага адміністрацыйнага правапарушэньня:

 

— Я катэгарычна адмовіўся падпісаць гэты дакумэнт. Бо ў такім выпадку я прызнаў бы і мінулае свае правапарушэньне, за якое мяне асудзілі, але на судзе я не прызнаў сябе вінаватым. Таму я не падпісаў папярэджаньне.

 

Размова ў КДБ працягвалася каля гадзіны. Супрацоўнікі КДБ не дазволілі, каб з Халадовічам і Мікалайчыкам прысутнічалі праваабаронцы.

 

Уладзіславу Мікалайчыку сьледчыя КДБ пагражалі дэпартацыяй і таксама заптрабавалі падпісаць папярэджаньне:

 

— Я падпісаў гэтае папярэджаньне. У ім напісана, што ў выпадку прыцягненьня мяне да адміністрацыйнай адказнасьці мяне проста дэпартуюць зь Беларусі як грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі.

 

Уладзіслаў Мікалайчык — былы вайсковец, яго бацькі, сям’я — з Івацэвічаў. Сам Уладзіслаў пасьля выхаду на пэнсію з 1992 году жыве ў Беларусі. Паводле Ўладзіслава, супрацоўнікі КДБ заявілі, што існуюць падставы дэпартаваць яго:

 

— Мяне могуць дэпартаваць зь Беларусі ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі. Але хіба я уяўляю нейкую небясьпеку? Я ж жыву і працую толькі на карысьць краіне.

 


КДБ забрала статуэткі для пераможцаў прэміі "Люблю Беларусь"

 

Як паведамляе прэсавая служба "Маладога Фронту", 12 лютага а 14 гадзіне чацьвёра супрацоўнікаў міліцыі й КДБ наведалі студэнта мастацкай вучэльні-"глебаўкі" Сьвятаслава (прозьвішча хлапец прасіў не называць). Юнак адчыніў дзьверы кватэры, калі чэкісты паказалі яму свае пасьведчаньні.

 

Без аніякіх ордэраў "камітэтчыкі" пачалі абшукваць кватэру студэнта-скульптара. Знайшоўшы 8 статуэтак для пераможцаў маладафронтаўскай прэміі "Люблю Беларусь", супрацоўнікі КДБ канфіскавалі іх, ня склаўшы адпаведнага пратаколу.

 

На пратэст хлопца супрацоўнікі міліцыі й КДБ не зьвярнулі нават увагі й проста сыйшлі з кватэры.

 

Уручэньне штогадовай прэміі "Люблю Беларусь" павінна адбыцца 12 лютага а 18 гадзіне ў сядзібе БНФ. Колькасьць намінацыяў не зьмянілася — іх, як і ў мінулым годзе, будзе восем — "Беларусізацыя", "Палітыка", "Культура", "Спорт", "Pro-Belarus", "Журналістыка", "Грамадзкая чыннасьць" і "Змагар году".

 


Парлямэнт Нямеччыны заклікае не даваць Беларусі крэдыты

 

Бундэстаг рашуча асудзіў перасьледы ў Беларусі "апазыцыі і сіл грамадзянскай супольнасьці" пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

 

З салідарнай пазыцыяй выступілі чатыры зь пяці фракцый парлямэнту: хрысьціянскія дэмакраты (ХДС/ХСС; яе прадстаўнік Ангела Мэркель зьяўляецца фэдэральным канцлерам), свабодныя дэмакраты (СВДП), сацыял-дэмакраты (СДПГ) і Саюз-90 / "Зялёныя", паведамляе сайт бундэстага. Да іх не далучылася фракцыя левых, якая займае 12,2% месцаў.

 

Нямецкі парлямэнт разгледзеў у першым чытаньні тры праекты заявы па беларускім пытаньні, падрыхтаваныя кіроўнай кааліцыяй ХДС/ХСС — СВДП, СДПГ і Саюзам-90 / "Зялёнымі".

 

Ва ўсіх праектах утрымліваецца заклік да ўраду краіны працягваць барацьбу за вызваленьне палітзьняволеных у Беларусі. Парлямэнтарыі не прызнаюць вынікі выбараў, якія "не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі". "Жорсткія дзеяньні" беларускай міліцыі супраць апазыцыі сталі праявай "поўнай непавагі да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і правіл з боку ўраду і прэзыдэнта Лука-кі".

 

На думку бундэстага, нямецкі ўрад павінен выступіць за перагляд палітыкі выдачы Беларусі крэдытаў па лініі Міжнароднага валютнага фонду, Эўрапейскага інвэстыцыйнага банка, Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця, а таксама ўдзелу краіны ў праграмах Эўразьвязу. Апрача таго, урад Мэркель павінен адмовіцца ад палітычных кантактаў зь Менскам на высокім узроўні да вызваленьня палітвязьняў.

 

Фракцыі бундэстага вітаюць рашэньне міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу увесьці візавыя абмежаваньні для беларускіх службовых асобаў і замарозіць іх актывы.

 

Разам з тым у праектах заяў утрымліваюцца розныя падыходы да пытаньня ўезду беларускіх грамадзян у краіны Шэнгенскай зоны. Кіроўная кааліцыя прапаноўвае выдаваць "па магчымасьці" бясплатныя візы, асабліва тым, каму "пагражае палітычны перасьлед з боку ўладаў". СДПГ выступае за тое, каб "у прынцыпе ўсе грамадзяне" маглі прыяжджаць у Эўразьвяз бясплатна і без бюракратычных замінак. Фракцыя Саюз-90 / "Зялёныя" лічыць неабходным адмяніць візавы рэжым для беларускіх грамадзян.

 

Напярэдадні абмеркаваньня беларускага пытаньня сьпікер фракцыі ХДС/ХСС па пытаньнях зьнешняй палітыкі Філіп Місфельдэр заявіў у інтэрвію часопісу "Шпігель" пра неабходнасьць больш жорсткіх санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску. "Мы павінны аказваць больш эканамічнага націску", — мяркуе Місфэльдэр. Паводле яго слоў, для Беларусі вельмі важны экспарт нафтапрадуктаў, і эмбарга магло б "сур’ёзна закрануць рэжым".

 

— Эўразьвяз дастаткова моцны, каб расхістаць такую сыстэму, як Беларусь", — мяркуе дэпутат.

 

Дэпутат лічыць важным адзіны падыход Эўразьвязу да беларускага пытаньня.

 

— Галоўнае, каб мы гаварылі адным голасам, — сказаў ён. — Беларусь зараз для мяне — лакмусавая паперка таго, наколькі эфэктыўная зьнешняя палітыка Эўразьвязу.

 

Апрача таго, Місфэльдэр прапануе цеснае супрацоўніцтва з ЗША і Расеяй.

 

— Важна, каб Расея ўдзельнічала. Нават калі Расея і Эўропа не заўсёды сыходзяцца ў меркаваньні адносна разьвіцьця Беларусі ў найбліжэйшыя дзесяць гадоў, Масква ня можа ігнараваць сытуацыю ў суседняй краіне. Крэмль ня можа хацець другую Паўночную Карэю перад уласнымі дзьвярыма, — мяркуе дэпутат бундэстага.

 

 

Актывіст партыі БНФ Сяргей Нягацін на волі

 

Сяргей Нягацін удзельнічаў ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі 16 студзеня ў Магілёве. 8 лютага судзьдзя Галіна Кужалева пакарала актывіста на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні. Супраць Нягаціна сьведчылі чацьвёра міліцыянтаў.

 

На волю з ізалятара часовага ўтрыманьня Сяргей Нягацін выйшаў сёньня а палове на пятнаццатую гадзіну. Ля кантрольна-прапускнога пункту актывіста віталі экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў, кіраўнік гарадзкой фронтаўскай партыйнай арганізацыі Віталь Макаранка ды старшыня суполкі “Моладзь БНФ” Эдуард Баравікоў.

 

Адразу па вызваленьні ў інтэрвію “Свабодзе” Сяргей Нягацін заявіў, што вырак судзьдзі лічыць несправядлівым і што ён надалей будзе ўдзельнічаць у акцыях салідарнасьці:

 

— Гэтае пакараньне не магло мяне зламаць. Я ня толькі буду ўдзельнічаць у акцыях салідарнасьці, але і ў іншых акцыях, якія будуць арганізоўвацца дэмакратычнай супольнасьцю. Я хачу сказаць спадарыні Кужалевай, каб яна ў наступны раз судзіла справядліва, а не раілася з пракуратурай, ці з КДБ колькі каму даваць. Мяне асудзілі як самага злоснага парушальніка закону. Хто пацярпеў ад нашай акцыі? Мы ж стаялі з партрэтамі ахвяраў сёньняшняга палітычнага рэжыму Лука-кі. Я выконваў свой грамадзянскі абавязак.

 

У ізалятары часовага ўтрыманьня Сяргей Нягацін сядзеў разам зь яшчэ адным удзельнікам акцыі салідарнасьці Валянцінам Лабачовым. Яго пакаралі на сем сутак арышту. На волю ён павінен выйсьці 15 лютага.

 

Яшчэ адну ўдзельніцу акцыі салідарнасьці шматдзетную беспартыйную маці Натальлю Шкадун судзьдзя галіна Кужалева пакарала папярэджаньнем. Усе пакараныя абскардзілі рашэньне судзьдзі Ленінскага суду Магілёва.

 

“Радыё Свабода”

 

 

14 лютага 2011 г.

 

КДБ супраць сьвятога Валянціна

 

Актывісты "Маладога фронту" сёньня спрабавалі зладзіць акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі з нагоды Дня сьвятога Валянціна. Яны накіравалі лідэрам арганізацыі, якія знаходзяцца ў турме пасьля падзеяў 19 сьнежня, а таксама ўсім палітычным вязьням "амэрыканкі" віншавальныя паштоўкі. Аднак да будынку КДБ удалося дайсьці толькі асобным актывістам "Маладога фронту".

 

Супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным сустракалі магчымых удзельнікаў акцыі і журналістаў далёка на падыходах да будынку КДБ і задоўга да прызначанага часу, не зважаючы на моцны мароз і вецер. У выніку зь віншавальнымі паштоўкамі да дзьвярэй, дзе прымаюць перадачы, здолела дабрацца толькі Ганна Шаруба, якая паведаміла "Свабодзе":

 

— Мы плянавалі перадаць сваім зьняволеным паплечнікам паштоўкі — віншаваньні з днём сьвятога Валянціна — плянавалі, што імпрэза будзе нешматлюдная. Аднак тут увесь будынак ачэплены, "ціхары" вакол, і той наш юнак, які меўся прынесьці "валянцінкі", паштоўкі ды іншыя сувэніры, пэўна, ня здолеў дайсьці. Паўгадзіны таму зь ім была тэлефонная сувязь, а зараз ён не адказвае. Не адказваюць на тэлефанаваньні і іншыя нашы актывісты — чалавек пяць — якія плянавалі прыйсьці сюды. Таму паспрабуем перадаць тыя некалькі паштовак, якія ёсьць.

 

Дапамагчы Ганне Шарубе перадаць віншавальныя паштоўкі палітвязьням узялася спадарыня Ніна, якая адмыслова прыйшла на акцыю, каб падтрымаць маладафронтаўцаў. Вось як яна пракамэнтавала падзеі Валянцінавага дня каля КДБ:

 

— Я ўчора была ў касьцёле, там даведалася, што будзе моладзевая акцыя, і вось прыйшла да будынку КДБ, каб падтрымаць. І што я назіраю: яшчэ на подступах вылоўлівалі, затрымлівалі маладых людзей, і яны так і не дайшлі да месца. Гэта антынародная дыктатура і ўлада, якая трымціць, баіцца і ненавідзіць людзей, якія любяць сваё.

 

Намесьнік старшыні "Маладога фронту" Мікола Дземідзенка быў затрыманы, калі выходзіў з дому, і на момант правядзеньня абвешчанай акцыі знаходзіўся ў пастарунку. Пасьля вызваленьня Мікола Дземідзенка паведаміў:

 

— Я выйшаў з кватэры, а на пляцоўцы мяне ўжо чакалі супрацоўнікі ў цывільным, якія адразу ж забралі ў мяне тэлефон. Калі выйшлі ў двор, то там стаяў аўтобус зь людзьмі ў цывільным і пяць супрацоўнікаў АМАПу. Мяне пасадзілі ў аўтобус і адвезьлі ў Маскоўскі РАУС. Там цягам дзьвюх гадзін мяне распытвалі пра крадзеж магнітолаў з аўтамабіляў, а затым адпусьцілі. Я прыехаў да будынку КДБ і яшчэ пасьпеў пабачыць там сваякоў Міхалевіча, Фядуты і Статкевіча, мы разам падпісалі нашы паштоўкі і дашлём іх праз паштамт.

 

Галіна Абакунчык

 


На літоўска-беларускай мяжы затрыманы Вадзім Кабанчук

 

Вечарам 13 лютага на памежным пераходзе "Каменны Лог" быў затрыманы дэмакратычны актывіст Вадзім Кабанчук, сябра выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага.

 

Вадзіма Кабанчука адвезьлі ў Ашмянскі РАУС, склалі пратакол за быццам бы супраціў мытнікам і спрабавалі прымусіць яго падпісаць гэты пратакол, паведамляе прэс-служба БХД.

 

У панядзелак 14 лютага ў Ашмянах мае адбыцца суд.

 

У другой палове дня Кабанчук вяртаўся ў Беларусь аўтобусам з Вільні. У яго знайшлі 100 бюлетэняў з матэрыяламі на рускай і беларускай мовах пра падзеі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

 

Па словах Кабанчука, падчас мытнага надгляду бюлетэні сканфіскавалі на экспэртызу.

 


Актывіст "Беларускага руху" пайшоў на допыт у КДБ

 

Сябра аргкамітэту "Беларускага руху" Аляксандра Анісімава выклікалі ў КДБ позвай.

 

У ёй пазначана, што дапытваць актывіста як сьведку будзе опэрупаўнаважаны Андрэй Рошчын. У якой справе, у позьве ня згадваецца. Ва ўпраўленьне КДБ па Магілёўскай вобласьці Анісімава чакаюць а дзясятай гадзіне раніцы.

 

Аляксандар Анісімаў — удзельнік Плошчы. Падчас разгону акцыі пратэсту яго не затрымалі. Цяпер, як кажа актывіст, ён часова выконвае функцыі абласнога каардынатара аргкамітэту "Беларускага руху". Раней ён быў сябрам партыі БНФ.

 

Што да опэрупаўнаважанага Андрэя Рошчына, то ў справе масавых беспарадкаў у Менску 19—20 сьнежня ён жа дапытваў як сьведкаў актывістаў грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціну Шацікаву й Паўла Варашылава.

 

 

Жонку Ўладзімера Някляева дапыталі ў КДБ

 

Сваякі вязьняў скардзяцца ў пракуратуру, што іх лісты зьнікаюць у КДБ. Наста Палажанка выкладае сукамэрніцам беларускую мову. Чаму Ірына Халіп не падыходзіць нават да акна?

 

14 лютага ў КДБ у другой палове дня дапытвалі Вольгу Някляеву. Жонку экс-кандыдата на прэзыдэнты Ўладзімера Някляева выклікалі на допыт на мінулым тыдні, але тады Вольга захварэла, і допыт перанесьлі. Адпраўляючыся ў КДБ, Вольга сказала, што ня ведае, пра што могуць у яе распытваць. Таксама яна паведаміла, што ў справе Уладзімера навінаў няма.

 

Бязь зьменаў і ў справе жонкі Андрэя Саньнікава Ірыны Халіп, паведаміў яе бацька Ўладзімер Халіп. Паводле яго, "турма" ў кватэры дачкі дзейнічае спраўна: мяняюцца ахоўнікі, Ірыне забароненыя любыя кантакты з вонкавым сьветам, акрамя сына і бацькоў. Нават да вакна падыйсьці нельга. Я спытаўся: чаму Ірына выконвае гэтую забарону? Бацька журналісткі перакананы, што супроць дачкі ўжыты шантаж: альбо будзеш пад хатнім арыштам, але з сынам, альбо "катаваньні бесчалавечнымі ўмовамі" ў вязьніцы КДБ:

 

— Калі людзі сьпяць на падлозе, калі па два сьпяць на адным ложку... Там вар’яцкія, фашысцкія, мярзотныя ўмовы. Яна распавядала, што там робіцца з гэтым туалетам і з усім іншым. Памыцца жанчыне можна адзін раз на тыдзень — што гэта такое! Фактычна гэта ідуць там катаваньні, бо побытам можна горш закатаваць, чым звычайным катаваньнем. І там элемэнтарна мала месцаў. Таму калі выпусьцілі пад хатні арышт некалькі чалавек, дык ніякай гуманнасьці насамрэч ня выявілі. Ім проста няма куды саджаць гэтак званых эканамічных злачынцаў, бо яны ж абдзіраюць гэтых людзей. Кідаюць туды якога-небудзь бізнэсоўца і потым выцягваюць зь іх грошы. Вось месца для гэтага не засталося, таму яны некалькі чалавек і выпусьцілі.

 

Наста Палажанка вучыць сукамэрніц беларускай мове і беларускім песьням, паведаміў бацька актывісткі "Маладога фронту" Ўладзімер Палажанка са спасылкай на яе ліст:

 

— Асвоіла рэцэпт гатаваньня салаты з садавіны і гародніны, выкладае сукамэрніцам беларускую мову, а вечарамі сьпяваюць беларускія песьні. Ужо засвоілі "Надзеньку" і вывучаюць "Простыя словы". З карысьцю бавіць час.

 

Зьвестак пра тое, што з удзелам Насты Палажанкі адбываюцца сьледчыя дзеяньні, яе тата ня мае. Адваката да Насты Палажанкі не выклікалі зь мінулага тыдня.

 

Апошнімі днямі няма зьвестак, каб да кагосьці зь фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня выклікалі адвакатаў. Паводле адваката Вадзіма Мушынскага, справа ягонага падабароннага Аляксандра Атрошчанкава ўжо завершаная, Аляксандар зь ёй азнаёміўся і днямі справа пойдзе ў суд.

 

Зьміцер Бандарэнка даслаў сям’і ліст, у якім няма зьвестак, што зь ім вядуцца сьледчыя дзеяньні. Адваката да каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" не выклікалі ўжо некалькі тыдняў.

 

Такія ж зьвесткі пра кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча. Жонка Міхалевіча Мілана працягвае змаганьне за тое, каб ліставаньне з мужам было двухбаковым і рэгулярным. Гэтым разам жанчына напісала скаргу ў пракуратуру — каб з КДБ або вярнулі ёй, або перадалі ўсё ж Алесю лісты з дому, у тым ліку малюнкі дачкі:

 

— Бо яна ўжо пакрыўдзілася і сказала, што болей тату нічога маляваць ня будзе, раз яму ўсё роўна іх не перадаюць. Кажа, буду маляваць і складаць у стос, каб потым аддаць тату, калі вызваляць.

 

Паводле зьвестак "Інтэрфаксу", справа ўдзельніка масавых беспарадкаў Васіля Парфянкова ўжо трапіла ў Фрунзенскі суд Менску да судзьдзі Комара. У Менскі гарадзкі суд перададзеныя справы грамадзян Расеі Арцёма Брэўса і Івана Гапонава. Калі працэсы маюць пачацца, яшчэ невядома.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Апазыцыянэр? Працы не атрымаеш!

 

У панядзелак у рэгіёнах супрацоўнікі КДБ працягвалі допыты ўдзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Таксама сёньня Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле вырак суду Партызанскага раёну супраць праваабаронцы грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціны Шацікавай.

 

А ў Гомелі грамадзкі каардынатар стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Кастусь Жукоўскі пасьля арыштаў, штрафаў і допытаў у КДБ сутыкнуўся з тым, што ня можа ўладкавацца на працу.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

У панядзелак у Магілёве опэрупаўнаважаны КДБ Андрэй Рошчын дапытаў сябра аргкамітэту партыі "Беларускі рух" Аляксандра Анісімава. Актывіста выклікалі на допыт як сьведку.

 

Допыт Аляксандра Анісімава доўжыўся каля дзьвюх гадзін. Пытаньні тычыліся ягонага ўдзелу ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Актывіст не выключае, што нехта зь ягоных знаёмцаў паведаміў камітэтчыкам пра тое, што ён удзельнічаў у падзеях на менскай Плошчы:

 

— Мне паказвалі фатаздымкі, відаць, тых, хто біў шкло ў Доме ўраду. Пыталіся, ці ведаю я каго з тых, хто на фатаздымках. Пыталіся, хто ехаў на акцыю з Магілёва й ці бачыў я знаёмых, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Прапанавалі стандартнае супрацоўніцтва па справе. Я адмовіўся. Параілі не рабіць неабдуманых учынкаў.

 

Сваёй чаргі на допыт у КДБ чакае былая давераная асоба Рымашэўскага Тацяна Шамбалава. Актывістцы сёньня тэлефанаваў супрацоўнік магілёўскага КДБ Андрэй Махуноў. Высьвятляў, як ёй уручыць позву. У якасьці каго й па якой справе, не паведаміў. Актывістка — удзельніца акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня:

 

— Хутчэй за ўсё, па той жа справе крымінальнай па Плошчы. І за ўдзел, канечне, у перадвыбарчай кампаніі. За ўсё ў комплексе, — мяркуе Тацяна Шамбалава.

 

Тым часам Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле вырак Партызанскага суду супраць праваабаронцы грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціны Шацікавай. Актывістка заяўляла, што Партызанскі суд, які 31 сьнежня пакараў яе штрафам у трыццаць базавых велічыняў за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці, праходзіў з парушэньнямі заканадаўства. Самой яе на судзе не было, а позву на яго ўручылі непаўналетняму сыну й змусілі за яе расьпісацца. Рашэньне Менскага суду Крысьціна Шацікава пракамэнтавала гэтак:

 

— Рэч у тым, што я не пісала скаргі. Я ўсяго толькі патрабавала прызначыць новы суд і правесьці яго ў маёй прысутнасьці. Больш некампэтэнтнага адказу я яшчэ не атрымлівала.

 

ГОМЕЛЬШЧЫНА

 

Гомельскі грамадзкі актывіст, гарадзкі каардынатар стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Кастусь Жукоўскі пасьля арыштаў, штрафаў, допытаў у КДБ ня можа ўладкавацца на працу.

 

Адмовы сталі яшчэ больш катэгарычнымі пасьля заканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў, падчас якіх Кастусь працаваў у камандзе Ўладзімера Някляева:

 

— Пасьля 19 сьнежня я спрабаваў уладкавацца на працу прыкладна ў дзясятак будаўнічых фірмаў. У некаторых казалі: прыходзьце, нам патрэбныя працаўнікі. Назаўтра прыходзіш, а ён ужо, напалоханы, адказвае: „Нам наагул ніхто не патрэбны“. Я зьвярнуўся ў пракуратуру наконт таго, што ў дачыненьні да мяне вядзецца перасьлед з боку пэўных структураў і органаў, што я не магу на працу ўладкавацца. Такое было ў гісторыі ўжо ня раз — і ў савецкія часы дысыдэнтаў такім чынам душылі, прымушалі зьяжджаць з краіны. І мяне выціскаюць.

 

Кастусь паведаміў, што ягоную заяву наконт працы й адабранай чэкістамі падчас ператрусу тэхнікі Генэральная пракуратура пераслала ў Гомель, у абласную пракуратуру. На аб’ектыўнае дасьледаваньне сытуацыі ў спадара Жукоўскага мала спадзеву, бо абласная пракуратура сама санкцыянавала ператрусы ў дамах грамадзкіх актывістаў і проста ўдзельнікаў выбарчай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў. І наўрад ці яна будзе займацца пастаяннымі адмовамі працадаўцаў.

 

Паводле Жукоўскага, спэцслужбы, хутчэй за ўсё, сочаць за ягонымі кантактамі й тэлефоннымі перамовамі:

 

— Я лічу, што калі я, напрыклад, тэлефаную з хатняга ці свайго мабільнага тэлефона, перамовы проста праслухоўваюцца. Я прыходжу да працадаўцы, а КДБ пасьля проста папярэджвае: ня браць мяне. Гэта зразумела, як белы дзень. Прыходзяць людзі, якіх перада мной выганялі за п’янку. Іх бяруць, а мяне — не.

 

У пацьвярджэньне сваёй вэрсіі Кастусь Жукоўскі прыводзіць факт публікацыі ў газэтах "СБ", "Рэспубліка" ягонай тэлефоннай размовы з актывістам БХД Садоўскім:

 

— Што праслухоўваюць тэлефонныя перамовы — гэта факт. Дастаткова адкрыць газэту "Рэспубліка" ці "СБ", дзе распавядалася пра нашы з Садоўскім перамовы. Канечне, я Садоўскаму тэлефанаваў. Факт размовы з Садоўскім быў. Я сапраўды яму тэлефанаваў, бо гэта чалавек, якому я давяраю. Але сэнс размовы перавернуты з ног на галаву. Я ўвогуле размаўляю па-беларуску, а там напісана "па-расейску.

 


У Мазыры дапыталі Рыгора Крывіцкага

 

Сёньня ў Мазыры ў мясцовы аддзел КДБ быў выкліканы Рыгор Крывіцкі, актывіст выбарчага штабу Андрэя Саньнікава.

 

— Дапытваў мяне дзьве гадзіны ў якасьці сьведкі пра беспарадкі ў Менску супрацоўнік КДБ Прыходзька. Пра нейкія падрабязнасьці допыту я не магу гаварыць, паколькі ў мяне ўзялі падпіску пра неразгалошваньне. Сам я 19 студзеня ў сталіцы ня быў, — паведаміў спадар Крывіцкі.

 

2 лютага мазырскія чэкісты правялі ў кватэры пэнсіянэра Крывіцкага ператрус, нічога не забралі.

Пры канцы мінулага тыдня на допыт у Мазырскі аддзел КДБ выклікалі Аляксандра Кавальчука — давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага.

 


З актывісткай БХД правядуць у КДБ індывідуальную прафіляктыку

 

Магілёўская актывістка стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Тацяна Шамбалава атрымала позву ў КДБ. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі яна была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага.

 

Выклікаюць актывістку на індывідуальную прафіляктычную гутарку. Позву прывёз ёй дахаты опэрупаўнаважаны Андрэй Махуноў. Да яго яна мусіць зьявіцца а 12-й гадзіне 15 лютага.

 

— Ніякай канкрэтыкі пра тое, што гэта за такая гутарка, ён мне не патлумачыў. У самой жа позьве напісана зьявіцца для індывідуальнай прафіляктыкі. Запытаў у мяне толькі пра тое, у які час мне зручна прыйсьці на гутарку. Пры мне ўпісаў 12 гадзінаў. Наагул я ўпершыню пайду ў гэтую ўстанову. Мяне троху зьдзіўляла, што за такі час мяне не ўзгадала яна. Але, відаць, чарга дайшла й да мяне.

 

Тацяна Шамбалава — удзельніца акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Вучыцца ў Польшчы. Раней вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова. Адтуль адлічылі, як кажа актывістка, за актыўную грамадзкую дзейнасьць. Вылучалася ў 2008 годзе ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а 2010 — у Княжыцкі сельскі савет.

 

Што да опэрупаўнаважанага КДБ Андрэя Махунова, то ён ужо пасьпеў стаць героем недзяржаўнай прэсы і інтэрнэту. Падчас допыту старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва, як кажа актывіст, камітэтчык выпытваў, хто напісаў верш "На сход". Купалаўскі верш Салаўёў захоўваў у кампутары, які забралі падчас вобшуку супрацоўнікі КДБ.


“Радыё Свабода”

 

 

Знайшлася дачка Міколы Лемяноўскага — Вераніка

 

Бацька затрыманай напярэдадні ў Гродне за распаўсюд улётак Веранікі Лемяноўскай — Мікола паведаміў, што дачка знайшлася.

 

Міліцыя прывезла яе дамоў, спрабуючы правесці ператрус, аднак Лемяноўскі не дазволіў гэта рабіць без санкцыі пракурора. Сама Вераніка сказала, што яна чакае дома міліцыянтаў, якія павінны з’явіцца праз гадзіну:

 

— Я знайшоў дзе знаходзіцца мая дачка пасля доўгіх абзвоньванняў, па другім крузе. Мне паведамілі, што яна якраз едзе з міліцыяй дахаты да мяне на ператрус — я вярнуўся, пачакаў, прыехаў старшы лейтэнант, прыйшоў з маёю дачкой дахаты. Мы з ім пагаварылі — у яго не было санкцыі пракурора, я яму сказаў "Да пабачэння". Ён сказаў, што санкцыя будзе ў 16 гадзін. Калі ласка, пасля 16-ці я вас чакаю ў сваёй хаце.

 

— Сказалі, што пасля чатырох гадзін прыдуць, будзем чакаць.

 

Вераніка Лемяноўская вучыцца па праграме Каліноўскага ў Польшчы і мае на сёння квіток у Люблін.

 

* * *

Мінулай начы ў Гродне былі затрыманы дзве грамадскія актывісткі: Надзея Крапівіна і Вераніка Лемяноўская, якія раздавалі улёткі.

 

Як паведаміў бацька Веранікі Мікола Лемяноўскі, ён дарэмна спрабуе высветліць месцазнаходжанне дачкі:

 

— Няма ніякіх зменаў, цішыня. Я званіў і ў Ленінскі, і ў Кастрычніцкі РАУС горад, казаў, што шукаю сваю дачку — яна нідзе не затрымлівалася, запісаў у журналах няма. Нідзе не магу знайсці — я абзваніў два раёны. Я проста не ведаю, ці сядзець у хаце і чакаць чагосьці, ці паехаць. Яна сёння павінна была ўжо з’язджаць на вучобу, у яе быў білет на руках.

 

Мікола Лемяноўскі паведаміў, што дачка вучыцца па праграме Каліноўскага ў Польшчы і сёння яна павінна была з’ехаць у Люблін.

 

* * *

Мінулай начы у Гродне былі затрыманы дзве акывісткі. Раніцай супрацоўнікі КДБ з’явіліся на кватэру адной з іх — Надзеі Крапівінай.

 

Як паведаміў яе бацька Мікола Лемяноўскі, ператрус пакуль не адбыўся, але відавочна супрацоўнікі КДБ прыйдуць ізноў:

 

— Пазванілі, але пакуль я апрануўся дзверы стала адчыняць дачка — яна іх не адчыніла, таму што зачыненыя былі на замок з ключом. Калі я выйшаў на вуліцу, нікога там не застаў. Тэлефон у дачкі не адказвае. Увечары я з’ехаў на працу — яна была ў хаце, калі я ад’язджаў а палове на восьмую. Пасля гэтага яна кудысьці пайшла, была затрымана, але, як сказала жонка, ні аднаго званка дахаты не было.

 

Гродзенскія актывісткі расклейвалі улёткі.

 

Кастусь Бандарук

 

 

Праваабаронцу Насту Лойка выклікае контрвыведка

 

14 лютага да праваабаронцы Насты Лойка патэлефанаваў следчы з ваеннай контрвыведкі. Ён адмовіўся прадставіцца і сказаў, што пры сустрэчы можа паказаць сваё службовае пасведчанне.

 

Калі Наста ўдакладніла, што менавіта ад яе патрабуецца, ён адказаў, што хоча запрасіць на размову.

 

— Я адразу сказала, што размаўляць з ім адмаўляюся і, калі ён хоча дапытаць мяне ў якасці сведкі, то павінен даслаць мне дадому позву, аформленую належным чынам, якую б я атрымала пад подпіс. Нагадала яму пра пэўныя працэсуальныя нормы, якія ўказваюць, што павінна быць прапісана ў позве — інакш я сказала, што не з’яўлюся. Следчы даволі ветліва паспрабаваў удакладніць маю адрэсу, я адказала, што ў іх дастаткова і сваіх каналаў для гэтага. Ён паабяцаў бліжэйшым часам даслаць позву.

 

Цікава, што 4 студзеня Насту Лойка ўжо дапытвалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках супрацоўнікі КДБ, а менавіта следчыя Барысевіч і Свістун. Пасля гэтага, каля двух тыдняў таму, да праваабаронцы таксама тэлефанаваў следчы ўпраўлення папярэдняга раследвання пры ГУУСе Менгарвыканкаму Дашчынскі.

 

— Ён таксама спрабаваў запрасіць мяне на размову, я зноў жа стала патрабаваць ад яго позву. Ён вельмі настойваў і нават пагражаў. Яму было вядома пра скаргі, якія мы накіроўвалі ў пракуратуру на дзеянні некаторых следчых гэтай следчай групы. У выніку позвы я так і не атрымала.

 

Наста Лойка звяртае ўвагу на тое, што следчы з контрвыведкі, які сёння тэлефанаваў, не ведаў пра тое, што яе дапытвалі ў КДБ:

 

— Відавочна, што ў іх там бардак і гэта вялікая следчая група не можа нават скаардынавацца паміж сабой. Якім чынам яны збіраюцца раскрываць хоць нейкае злачынства — гэта пытанне. Таму вынікі іх дзейнасці пабачым у судзе, аднак па форме іх працы ўзнікае шмат пытанняў.

 

 

Прафесара Георгія Лепіна выклікаюць на допыт

 

Васьмідзесяцігадовага прафесара Георгія Лепіна сёння па тэлефоне выклікалі на допыт да следчага ў Кастрычніцкі РУУС Менска. Яго хочуць апытаць па падзеях 19 снежня.

 

Нагадаем, што Георгій Лепін быў затрыманы пад час акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці 19 снежня. Быў пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь судом Савецкага раёна Менска.

 


На Валадарцы катуюць адсутнасцю сну

 

Камера № 69 разлічана на 13 месцаў, аднак у ёй пастаянна трымаюць па 22-24 чалавекі. У выніку цеснаты і недахопу спальных месцаў зняволеныя вымушаны спаць па чарзе. Аднак людзі, якія трапляюць у гэту камеру ўпершыню, першыя двое сутак у чаргу на сон не ўключаюцца.

 

Па звестках праваабаронцаў, у камеру № 69 адмыслова змяшчаюць вязьняў, якія адмаўляюцца супрацоўнічаць са следствам, каб гэткім чынам выбіць з іх паказанні. Да цеснаты і духаты тут дадаецца яшчэ і адсутнасць сну, а таксама ў разы ўзрастае небяспека захварэць на туберкулёз.


Праз “камеру катаванняў” прайшлі і некалькі абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

15 лютага 2011 г.

 

Вадзім Кабанчук асуджаны на 10 сутак

 

Пра гэта нашаму радыё паведаміла ягоная маці — спадарыня Таісія. Вадзім асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

 

Сёньня ад самай раніцы Таісія Кабанчук чакала ў Маскоўскім судзе працэсу над сынам, але Вадзіма так і не прывезьлі. Сябры тэлефанавалі ва ўсе канцылярыі менскіх судоў, але так і не маглі дабіцца, дзе будзе праходзіць суд над Вадзімам Кабанчуком.

 

І толькі ў абед датэлефанаваліся ізноў на Акрэсьціна, дзе ім паведамілі, што суд адбыўся і Вадзім асуджаны на 10 сутак.

 

Нагадаю, што Вадзіма Кабанчука затрымалі пры вяртаньні ў Беларусь на памежным пераходзе Каменны Лог на мяжы зь Літвой яшчэ ў нядзелю.

 

Вадзіма спачатку больш за чатыры гадзіны трымалі на мяжы, затым выклікалі міліцыю з Ашмянаў і адвезьлі ў тамтэйшы РАУС, дзе склалі пратакол за быццам бы супраціў мытнікам.

 

Чакалі, што судзіць Вадзіма Кабанчука будуць у Ашмянскім судзе ўчора, але ў сакратарыяце адказвалі, што такой справы ў іх не разглядаюць. Пазьней высьветлілася, што затрыманага перавезьлі ў Менск і судзілі толькі сёньня.

 


Студэнтаў прымушаюць падпісаць зварот, што асуджае санкцыі Эўразьвязу

 

Першая заява — ад Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту.

 

У звароце адзначаецца, што студэнты выступаюць супраць санкцыяў, падрыхтаваных з удзелам беларускай апазыцыі. "Апазыцыянэры надта часта кіраваліся не інтарэсамі беларускага народу, а сваімі ўласнымі. Мы перакананыя, што гэтыя людзі задавальняюць свае амбіцыі коштам дыскрэдытацыі рэпутацыі сваёй роднай краіны. Апроч таго, нам шчыра шкада, што імідж Рэспублікі Беларусь фармуецца аднабакова: са словаў асобаў, якіх у нашай краіне ня ведаюць, якім не давяраюць, якіх не паважаюць", — гаворыцца ў заяве, паведамляе тэлеканал "Белсат".

 

Паводле студэнта 4-га курсу Акадэміі Андрэя В., супрацоўнікі рэктара па ідэалягічнай працы правялі размову са студэнтамі ды заклікалі актыўна выказвацца супраць санкцыяў Эўрапейскага Зьвязу.

 

— Нам сказалі, што мы першыя выступаем з такою заяваю, што ўсе астатнія ўнівэрсытэты таксама да яе далучацца. Найперш падпісацца мусілі сябры прафсаюзу, БРСМ і тыя, хто жыве ў інтэрнаце. Прычым адміністрацыя настойвала: хто не падпішацца, будзе мець праблемы ў летнюю сэсію. Большасьць студэнтаў ня сталі аспрэчваць загад і паставілі свой подпіс, — паведаміў студэнт.

 

Ва ўпраўленьні БРСМ Акадэміі камэнтаваць "Белсату" заяву адмовіліся, аднак зазначылі, што яна мае ўнутраны характар і ў Эўропу ня пойдзе, нягледзячы на тое, што ў дакумэнце гучыць зварот да найвышэйшага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан. Дарэчы, дзяржаўныя мэдыі абавязаныя надрукаваць студэнцкі зварот.

 

 

За допытам — допыт, за ператрусам — ператрус

 

Працягваецца хваля перасьледу дэмакратычных актывістаў за акцыю пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Людзей па-ранейшаму выклікаюць на допыты, судзяць, арыштоўваюцьі.

 

ГОМЕЛЬШЧЫНА

 

У Мазыры мясцовы аддзел КДБ выклікае на допыты актывістаў, якія ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты альбо назіралі за галасаваньнем на баку апазыцыі.

 

Дапыталі ў КДБ як сьведку й Аляксандара Кавальчука, які ў Менск ня езьдзіў. І не таму, што не хацеў, а таму, што ў ягонай аўтамашыне ў дзень асноўнага галасаваньня прабілі ажно два колы:

 

— Сувязь знайшлі, бо я — давераная асоба Віталя Рымашэўскага. Чатыры гадзіны ішоў допыт. Яно ж усё ідзе, як хвалі па вадзе, калі каменьчыкі кідаюць — ад цэнтру да пэрыфэрыі. У Менску зрабілі, у Гомелі зрабілі — і дайшлі да Мазыра. Ну, а пасьля дойдуць да меншых гарадоў. Так у іх, мабыць, робіцца. Хутчэй за ўсё, хочуць трошкі прытрымаць ініцыятыву, каб менш рыпаліся.

 

Выклікалі позвай у Мазырскі аддзел УКДБ і праваабаронцу Ўладзімера Целепуна. Аднак ён на допыт учора не хадзіў, паколькі лекуецца зараз у шпіталі. Позву яму прынесла ў шпіталь жонка.

 

— У позьве тут не пазначаны нумар тэлефона. Калі б быў пазначаны, дык я б іх папярэдзіў бы, што ў мяне аб’ектыўная прычына і я не магу зьявіцца, — сказаў спадар Целепун.

 

Як лічыць Ўладзімер Целяпун, праз масавыя ператрусы і допыты ў цэнтры і рэгіёнах улада дэманструе "слабой" апазыцыі сваю ўласную "сілу":

 

— Усіх, у каго правялі ператрусы, — усіх у гэтыя дні выклікалі на допыт. Сваімі дзеяньнямі моцная ўлада праз свае так званыя моцныя структуры паказвае сваю "моц" перад "слабой" апазыцыяй.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

На допыт у КДБ выклікалі і сябра партыі БНФ Валянціна Лабачова. Позву яму ўручылі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Сёньня актывіст пасьля сямі сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю. 16 студзеня ён удзельнічаў у Магілёве ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. 8 лютага судзьдзя Ленінскага суду Галіна Кужалева пакарала хлопца за несанкцыянаванае пікетаваньне:

 

— Мы будзем дамагацца, каб Галіну Кужалеву ўлучылі ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз, бо яна асудзіла нашу салідарнасьць з палітвязьнямі. Мы тады дзейнічалі ў рамках Канстытуцыі. Мы выказвалі сваё меркаваньне, каб вызвалілі палітвязьняў. Я й надалей буду ўдзельнічаць у акцыях. Не зьбіраюся спыняць грамадзка-палітычнай дзейнасьці, — заявіў па вызваленьні з турмы Валянцін Лабачоў.

 

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

 

Праграма "Салідарнасьць", якая пачала дзейнічаць у рэгіёнах, мае на мэце збор інфармацыі пра рэпрэсаваных і пошук магчымасьцяў, каб падтрымаць пацярпелых. У Баранавічах гараджане дапамагаюць бацьку палітыка Мікалая Статкевіча Віктару Паўлавічу, у Кобрыні — Натальлі Радзінай.

 

Праграма "Салідарнасьць" распачала сваю працу непасрэдна са збору інфармацыі пра пацярпелых ад рэжыму. Актывіст Партыі БНФ Віктар Клімус адзначае, што цяпер праграма прадугледжвае рэабілітацыю пацярпелых у выглядзе арганізацыі адпачынку, псыхалягічнай рэабілітацыі:

— Працягнецца і дапамога студэнтам, якіх адлічылі за палітычную дзейнасьць з ВНУ. Яны змогуць навучацца ў іншых краінах. Зьявілася праграма, якая прадугледжвае працаўладкаваньне звольненых з працы. Але пакуль яна тычыцца толькі настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ.

 

Кожны тыдзень жыхары Баранавічаў наведваюцца да Віктара Паўлавіча Статкевіча — бацькі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.

 

Cтаршыня баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца:

 

— Заходзім у госьці, размаўляем пра палітыку, пра жыцьцё. Аказваем неабходную цяпер маральную падтрымку. Цяпер Віктар Паўлавіч больш дома. Кепскае надвор’е не спрыяе. Ведаю, што Віктар Паўлавіч атрымаў два лісты ад Мікалая з турмы. Прыяжджае штотыдзень зь Менску і Марына Адамовіч.

 

У Ганцавічах Мая Абромчык праходзіць рэабілітацыю пасьля зьбіцьця на Плошчы міліцыянтамі. Супрацоўнікі сілавых органаў зламалі ёй нагу. Дзяўчына вымушана была перавесьціся на завочнае аддзяленьне факультэту гісторыі БДУ:

 

— Рабілі здымкі пералому. Сказалі, што трэба яшчэ пачакаць некаторы час. Бо рана яшчэ не загаілася. Я перавялася цяпер на завочнае аддзяленьне. Трэба здаць некалькі іспытаў, але стаўленьне на факультэце пакуль даволі прыязнае.

 

 

Аляксандра Арастовіча выпусьцілі з турмы КДБ

 

Палітвязень Аляксандр Арастовіч быў выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Пра гэта "Радыё Свабода" паведамілі сваякі вязьня КДБ. Ніякіх лістоў або тлумачальных уладам актывіст не пісаў.

 

Аляксандр Арастовіч быў даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча і быў арыштаваны пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году.

 

Ён абвінавачваецца ў арганізацыі ды ўдзеле ў "масавых беспарадках".

 

Аляксандр хворы на цукровы дыябэт і адседзеў у турме КДБ больш за 50 дзён.

 

Як паведаміла Радыё Свабода жонка Аляксандра Арастовіча, усе кантакты з прэсай яму забароненыя.

 

 

Браціслаўскі заклік шасьці прэм’ераў да Беларусі

 

Кіраўнікі ўрадаў Аўстрыі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Польшчы, Славаччыны і Чэхіі запатрабавалі спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Украінскі прэм’ер адмовіўся далучыцца да заявы.

 

Сустрэча прэм’ераў вышаградзкай чацьвёркі (Вугоршчыны, Польшчы, Славаччыны і Чэхіі) адбылася 15 лютага ў славацкай сталіцы Браціславе і была прысьвечаная 20-годзьдзю стварэньня гэтай асацыяцыі. У сустрэчы таксама бралі ўдзел прэм’еры суседніх краінаў рэгіёну — Аўстрыі, Нямеччыны і Ўкраіны.

 

У супольнай заяве, якую зьмяшчае сайт міністэрства замежных спраў Славаччыны, кіраўнікі ўрадаў шасьці краінаў — Аўстрыі — Вэрнэр Файман, Вугоршчыны — Віктар Орбан, Нямеччыны — Ангела Мэркель, Польшчы — Дональд Туск, Славаччыны — Івэта Радзічава, Чэхіі — Пэтар Нэчас, выказваюць сваю занепакоенасьць падзеямі пасьля “ашуканскіх прэзыдэнцкіх выбараў” у Беларусі і заклікаюць улады неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў, зьняўшы зь іх усе абвінавачваньні. Кіраўнікі таксама раяць Менску аднавіць мандат офісу АБСЭ, а таксама нагадваюць, што выбарчы працэс павінен адпавядаць стандартам АБСЭ.

 

Аўтары заявы таксама выказалі сваю падтрымку ўведзеным візавым забаронам і пацьвердзілі сваю цьвёрдую прыхільнасьць умацаваньню кантактаў зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Кіраўнікі ўрадаў таксама паабяцалі ўважліва сачыць за сытуацыяй у Беларусі і надалей кіравацца палітыкай “крытычнага ўзаемадзеяньня”, у тым ліку шляхам дыялёгу і Ўсходняга партнэрства, пры ўмове захаваньня прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека.

 

Карэспандэнт агенцтва УНІАН пацікавіўся, чаму пад заявай не зьявіўся подпіс украінскага прэм’ера Міколы Азарава, які браў удзел у браціслаўскай сустрэчы. Паводле самога Азарава, прычынай сталі працэдурныя пытаньні і ў прыватнасьці тое, што тэкст гэтай заявы Ўкраіна атрымала толькі сёньня раніцай.

 

— Такія дакумэнты не адпрацоўваюцца за 5 мінут (Замала часу, каб прызнаць відавочнае?! — "J.K."), — сказаў Азараў. Ён дадаў, што Ўкраіна, улічваючы добрыя адносіны зь Беларусьсю, можа паўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне іншымі мэтадамі.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Украіна гатова выступіць пасрэднікам паміж Беларуссю і Еўрапарламентам

 

Пра гэта заявіў спікер Вярхоўнай рады Украіны Уладзімір Літвін 15 лютага ў Кіеве на пятым пасяджэнні Міжпарламенцкай Асамблеі Украіны і Польшчы, паведамляе "РІА-Новости".

 

— Мы прапанавалі, што Украіна гатова выступаць пасрэднікам у зносінах паміж Еўрапейскім парламентам і Беларуссю, разумеючы, што шлях ізаляцыі — гэта самы просты шлях, які не дае ніякага выніку, — сказаў ён.

 

Літвін таксама адзначыў, што разумее пазіцыю Еўропы адносна працэсу прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі, але спадзяецца, што ініцыятыва ўкраінскага боку будзе падтрыманая.

 

“БелаПАН”

 

 

Міністэрства юстыцыі дазволіла літоўскім адвакатам абараняць вязняў Плошчы

 

З адпаведным запытам звярнуўся Міжнародны дабрачынны фонд “Абаронца”.

 

Кіраўнік фонду Святлана Дваранінава гаворыць, што звярнуцца ў Міністэрства юстыцыі Беларусі іх прымусілі скаргі, атрыманыя ад сваякоў арыштаваных. Паводле апошніх, адвакаты адмаўляюцца абараняць суайчыннікаў, якія праходзяць у справе аб масавых закалотах 19 снежня.

 

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла кажа, што гэта добрае выйсце з сітуацыі. Хоць ён і сумняецца, што прадстаўнікі беларускай Феміды будуць рады бачыць у сваіх кабінетах абаронцаў з Еўрасаюзу, тым больш з нагоды палітычна матываваных справаў.

 

— Да таго ж, у беларускага афіцыйнага боку будзе менш магчымасцяў аказваць ціск на адваката, як гэта робіцца цяпер, — мяркуе праваабаронца.

 

У заканадаўствах Беларусі ды Літвы ёсць разыходжанні, а таму літоўцам гатовыя дапамагчы беларускія праваабаронцы, хоць у суседняй краіне нямала адвакатаў, якія пачыналі сваю кар’еру яшчэ ў савецкія часы — а беларускае заканадаўства, як цвердзіць спадар Паганяйла, з тае пары змянілася мала.

 

“belsat.eu”

 

 

Дапыталі Алеся Міхалевіча

 

Упершыню з моманту выстаўлення абвінавачання, учора быў дапытаны у прысутнасці адваката кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч.

 

Жонка Алеся, Мілана Міхалевіч заявіла, што яна прынамсі атрымала звесткі пра стан здароу’я мужа.

 

— Упершыню з моманту прад’яўлення абвінавачвання яго дапыталі ў прысутнасці адваката — гэта першы допыт з канца мінулага года. Нас абараняе Алег Агееў: наконт самога допыту вядома ён не можа нічога сказаць, ён толькі сказаў, што Алесь на здароў’е не скардзіцца, выглядае бадзёра, трымаецца. Праз адваката перадаў мне віншаванні з Днём закаханых — вось такім мне атрымаўся падарунак.

 

Мілана Міхалевіч тройчы падавала хадайніцтвы аб меры стрымання мужа, але адказу дагэтуль не атрымала. Міхалевіч быў затрыманы 20 снежня і разам з чатырма іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты яму выстаўлена абвінавачанне па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

 

Кастусь Бандарук

 

“Радыё Рацыё”

 

 

Прафесар Лепін не зразумеў, навошта яго выклікалі на допыт

 

Прафесара Георгія Лепіна ўчора дапыталі ў Кастрычніцкім РУУС Мінска як сведку па справе аб "масавых беспарадках".

 

Паводле Лепіна, следчага цікавіла, што казалі кандыдаты ў прэзідэнты ў сваіх выступах 19 снежня, хто першы пайшоў з Кастрычніцкай плошчы, ці быў заклік кудысьці ісці. Прафесар па выніках гэтай "змястоўнай" гутаркі зазначыў, што не разумее, чаму яго так настойліва запрашалі на допыт.

 

Нагадаем, за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня прафесар Лепін быў пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Падчас знаходжання ў ізалятары на Акрэсціна пасля затрымання яго таксама дапытвалі, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

 

“Еўрарадыё”

 

 

16 лютага 2011 г.

 


З Плошчы — у турму, з турмы — у КДБ


Мясцовыя аддзелы КДБ у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты грамадзкіх актывістаў, якія раней удзельнічалі ў акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі. Таксама спэцслужбы перасьледуюць тых, хто браў удзел у мінулай выбарчай кампаніі на баку апазыцыі, ды незалежных назіральнікаў.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


На Магілёўшчыне некаторым актывістам пачалі вяртаць рэчы, забраныя падчас студзеньскіх ператрусаў. Апазыцыянэры настойліва патрабавалі гэтага ад Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.


Сыстэмны блёк кампутара вяртаюць былому сябру ініцыятыўнай групы Някляева Мікалаю Мяцеліцу з райцэнтру Бялынічы. Камітэтчыкі забралі маёмасьць 15 студзеня. Сказалі, што на праверку. Ад таго часу спадар Мяцеліца даймаў КДБ рэгулярнымі тэлефанаваньнямі. Урэшце свайго дамогся. Як кажа актывіст, тэхніку ён мусіць забраць з Магілёва асабіста:


— Сказалі, што я мушу сам прысутнічаць. Праверыць — ці ўсё ў парадку з сыстэмным блёкам. Таксама ўдакладнілі, што я мушу падпісаць нейкую паперу, што я ўсё забраў і прэтэнзіяў ня маю.


Падчас ператрусу, сьцьвярджае актывіст, камітэтчыкі шукалі грошы. Іх не знайшлі. Навошта забіралі тэхніку, зразумець ня можа:


— Калі так паразважаць: ну што ў мяне можа быць? Ну што? Нічога там крамольнага не было й няма, акрамя маіх фатаздымкаў асабістых і відэа. Ім проста далі каманду "фас" — правесьці вобшук і забраць сыстэмнік.


Мікалай Мяцеліца падчас перадвыбарчай кампаніі арганізоўваў і праводзіў у Бялынічах агітацыйныя мерапрыемствы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, зьбіраў подпісы ў ягоную падтрымку.


Вярнулі частку маёмасьці й бабруйскай актывістцы ініцыятыўнай групы Някляева Алене Мядзьведзевай. Яна напісала скаргу на КДБ:


— Яны дужа доўга шукалі кнігу скаргаў, якая павінна была ў іх знаходзіцца. Ледзь знайшлі яе. Мая скарга была пад першым нумарам. Я яшчэ пасьмяялася зь іх, што, маўляў, на вас скаргі ніхто ня піша. Я напісала, што ў мяне мадэм гэты ўзяты ў крэдыт і я за яго плачу грошы. У выпадку, калі мне яго ня вернуць, яны будуць плаціць абанэнцкую плату і сам крэдыт. А я на іх падам у суд. Па скарзе яны мяне выклікалі й аддалі мадэм, — кажа Алена Мядзьведзева.


У КДБ, кажа актывістка, засталася дужа каштоўная для яе кніга Валера Карбалевіча "Лука-ка. Палітычны партрэт". Няма зьвестак у яе і пра лёс забраных летась у траўні двух кампутараў і пяцісот даляраў. Скаргі яна паслала месяц таму.


ВІЦЕБШЧЫНА


На допыт у КДБ 16-га лютага выклікалі Хрыстафора Жаляпава — віцебскага каардынатара руху "За свабоду", які ў час выбарчай кампаніі быў даверанай асобай Аляксея Міхалевіча. Але выклік быў толькі падставай, каб правесьці ператрус у "Эўрапейскім клюбе": спадар Жаляпаў — уласьнік прыватнай хаты па вуліцы 1-й Сеньненскай у Віцебску, дзе актывісты зьбіраюцца на сэмінары ды ладзяць сустрэчы.


Хрыстафор Жаляпаў змог паведаміць наступнае:


— Допыту не было. Яны мяне запрасілі, каб паказаць пастанову. Потым разам у машыну — і паехалі! Ужо кампутары забралі і некаторыя друкаваныя выданьні, якія, яны лічаць, тычацца падзеяў 19-га сьнежня.


Хрыстафор Жаляпаў — адзін з тых віцебскіх актывістаў, якія зноў накіравалі заяўку, каб правесьці ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў мітынг салідарнасьці са зьняволенымі СІЗА КДБ.


Гэта ўжо другая спроба правесьці акцыю, падкрэсьлівае іншы заяўнік, Аляксей Гаўруцікаў. Цяпер заяўка пададзеная на 27-га лютага, кажа спадар Гаўруцікаў:


— Мы ў межах заканадаўства спрабуем скарыстаць сваё канстытуцыйнае права на правядзеньне масавага мерапрыемства. Спрабуем адну канкрэтную адміністрацыю ў канкрэтным горадзе змусіць выконваць нормы заканадаўства!


Аднак зусім ня факт, што гэтым разам мерапрыемства дазволяць, працягвае Аляксей Гаўруцікаў:


— Падаючы заяўку, мы спрабавалі высьветліць у намесьніцы старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі спадарыні Ляпёшкінай, ці не заплянавана нейкае мерапрыемства на 27 лютага. І яна сказала, што пакуль не, але ў плянах ёсьць мерапрыемства "Зімовыя забавы", яно бяз даты — пазначана, што будзе ў лютым-сакавіку. Калі яго праводзіць, яшчэ ў іх ня вырашана! Усё гэта — зьдзек у чыстым выглядзе!


Віцебскія актывісты напісалі заяву ў Раду Эўразьвязу з просьбай пашырыць сьпіс неўязных чыноўнікаў — прапанавалі ўключыць прозьвішчы кіраўнікоў Чыгуначнай адміністрацыі, якія даюць адмовы з надуманых прычын.


У Воршы на знак салідарнасьці зь вязьнямі СІЗА КДБ былі разьвешаны плякаты. Распавядае кіраўнік суполкі партыі БНФ Алесь Шутаў:


— У Воршы на рэклямных тумбах, якіх у горадзе каля паўтара дзясятка, зьявіліся плякаты з заклікам вызваліць палітвязьняў. На плякатах — партрэты кандыдатаў у прэзыдэнты Уладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава. Пэўны час плякаты правіселі, але ў некаторых месцах — ужо зьнятыя.


16 лютага Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу наваполацкіх актывістаў Віктара Калесьніка і Аляксандра Калінцава, на якіх былі накладзены штрафы за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі салідарнасьці 19 студзеня. Гаворыць праваабаронца Павал Левінаў, які прысутнічаў на судовым пасяджэньні:


— На працягу трох хвілін Ірына Смалякова, судзьдзя абласнога суду, разгледзела скаргу. І сказала, што ў нашай краіне такія дзеяньні — гэта правапарушэньне, і пакінула пастанову Наваполацкага гарадзкога суду бязь зьменаў.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


У Гомелі супрацоўнікі УКДБ правяраюць індывідуальнага прадпрымальніка Станіслава Яленскага. Палітыкай ён не займаўся й не займаецца — выконвае звычайныя шынамантажныя працы.


19 сьнежня Станіслаў і блізка ня быў на плошчы Незалежнасьці ў Менску — езьдзіў у Чарнігаў купляць дачцэ вопратку. Нават прагаласаваць за Саньнікава не пасьпеў, бо аўтобус доўга трымалі на мытні. І калі ён вярнуўся ў Гомель, выбарчыя ўчасткі ўжо зачыніліся.


Як лічыць спадар Яленскі, цікавасьць спэцслужбаў да ягонай асобы выклікана, хутчэй за ўсё, тым, што ён служыў у міліцэйскай спэцбрыгадзе, а напярэдадні выбараў тэлефанаваў прафсаюзнаму актывісту Віктару Казлову, які арганізоўваў у Гомелі выбарчую кампанію Андрэя Саньнікава:


— Проста яны, відаць, самі баяцца, што мяне, чалавека, які й блізка не стаіць да палітыкі, абвінавачваюць, што я без малога нейкі інструктар тэрарыстаў. Морда здаровая, служыў у спэцназе, паляк, брат у Польшчы. І пагутарыў зь Віктарам Казловым — значыць, у іх выбудаваўся лягічны ланцужок.


У студзені ў кватэры, дзе жыве сям’я Яленскага, быў праведзены ператрус. Станіслаў кажа, што чэкісты перагледзелі ўсё вельмі пільна:


— Кожная рэч з шафы была абмацана, кожная кішэня, кожны шоўчык — і ўсё гэта скідалася на сярэдзіну пакою. Дзякуй, што хоць матрац артапэдычны не разрэзалі. Перавярнулі ўсё. Разабралі нават унітаз — разабралі, агледзелі бачок і сабралі.


Двойчы выклікалі Станіслава ў абласную ўправу КДБ. Апошнім разам афіцыйна папярэдзілі пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.


А на днях спэцслужбоўцы пачалі выклікаць на допыты знаёмых спадара Яленскага, зь якімі ён кантактаваў праз мабільную сувязь 18–20 сьнежня мінулага году:


— 10 лютага сталі тузаць тых людзей. якія мне тэлефанавалі 18, 19, 20 сьнежня. 18 сьнежня адзін мне тэлефанаваў, і я сапраўды памяняў яму ў легкавіку лысую гуму. Ён — дзяржаўны службовец, і, падаецца, задаволены чаркай і скваркай. Другі знаёмы тэлефанаваў мне 19 сьнежня, калі я з Гомелю ўжо зьехаў у Чарнігаў. Дык іх 10 лютага выклікалі ў КДБ й дапытвалі: я тэрарыст ці не?


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Супрацоўнікі КДБ працягваюць допыты ўдзельнікаў Плошчы і давераных асобаў апазыцыйных палітыкаў. У Баранавічах супрацоўнікі спэцслужбаў выклікалі на допыт нават прадстаўнікоў БРСМ Баранавіцкага ўнівэрсытэту, якія выступілі ў абарону Аляксандры Суславай.


Яраслава Грышчэню з Баранавічаў дапыталі супрацоўнікі мясцовага КДБ. Актывіст ініцыятыўных групаў экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса даў падпіску аб неразгалошваньні таямніцы допыту:


— На днях літаральна мне патэлефанавалі супрацоўнікі Баранавіцкага КДБ і запыталі, ці змагу я прыйсьці на допыт. Я адказаў, што не, бо цяпер знаходжуся ў Менску. Тады ў мяне спыталіся, калі буду ў Баранавічах. Я адказаў, што, магчыма, вечарам прыеду, але практычна адразу ж і вяртаюся. Калі ж прыехаў у Баранавічы, літаральна праз 10 хвілін пасьля таго, як увайшоў у кватэру, да мяне завітаў супрацоўнік КДБ і ўручыў позву. Падчас допыту ў асноўным задавалі пытаньні наконт працы ў ініцыятыўнай групе Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса. Спыталі таксама, ці быў я на Плошчы. Я не хаваў гэтай інфармацыі і сказаў, што сапраўды быў там. Спыталіся, ці выкрыкваў антыдзяржаўныя заклікі. Вядома, адказаў, што такога не было. А на пытаньне, што я там рабіў, адказаў, што суправаджаў людзей.


Яраслаў Грышчэня кажа, што ўзьніклі праблемы ў сябраў БРСМ Баранавіцкага ўнівэрсытэту. Актывісты гэтай дзяржаўнай арганізацыі выступілі ў абарону Аляксандры Суславай, якая брала ўдзел у Плошчы і якой пагражалі выключэньнем з ВНУ:


— Хлопца, які паручыўся за яе і пісаў хадайніцтва ў абарону Аляксандры, таксама выклікалі ў КДБ. Я тэлефанаваў яму нядаўна, і ён паведаміў, што ў яго праблемы зь міліцыяй і адміністрацыяй.


Некаторыя ўдзельнікі Плошчы зьехалі за мяжу, дзе мусяць знаходзіцца да заканчэньня тэрміну даўнасьці адміністрацыйнага правапарушэньня.

 

 

Наваградзкага актывіста ізноў выклікаюць у КДБ

 

Актывіст БХД Уладзімер Качагур сёньня атрымаў позву, у якой гаворыцца, што заўтра ён павінен зьявіцца ва ўпраўленьне КДБ Наваградзкага раёну ў якасьці сьведкі па справе аб падзеях 19 сьнежня ў Менску. Позву Ўладзімеру Качагуру ўручыў участковы міліцыянт.

 

Пасьля падзей на Плошчы Ўладзімера Качагура тройчы выклікалі ў праваахоўныя органы, але ён туды ні разу не пайшоў. Пазьней Наваградзкі суд асудзіў яго за гэта на 200 тысяч рублёў.

 

Яшчэ адным судовым рашэньнем Уладзімер Качагур быў папярэджаны за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Такія ж пакараньні атрымалі і ягоныя сябры — Сяргей Воўчак і Дар’я Бахар.

 


КДБ ня хоча вяртаць грошы Тацяне Севярынец

 

Маці зьняволенага ў СІЗА КДБ Паўла Севярынца распавяла пра тэлефонную размову з супрацоўнікам менскага КДБ. Адмовіўшыся назвацца, той заявіў, што пісьмовага адказу з гэтай установы віцебская апазыцыянэрка не дачакаецца.

 

Паводле Тацяны Севярынец, невядомы з КДБ патэлефанаваў ёй, каб паведаміць, што яна не атрымае грашовай кампэнсацыі за квіток на цягнік зь Менску да Варшавы. 12 студзеня, непасрэдна перад ад’ездам у Польшчу, куды актывістка зьбіралася, каб назаўтра выступіць у польскім Сэйме, спадарыню Севярынец затрымалі і адвезьлі на допыт у КДБ.

 

У Варшаву Тацяна Севярынец ня трапіла і напісала скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, бо празь іх яна страціла ня толькі магчымасьць распавесьці пра лёсы палітвязьняў, але і грошы. І цяпер яна атрымала адказ вось такім чынам: незнаёмы чалавек у тэлефоннай размове заявіў, што грашовай кампэнсацыі за квіток ня будзе, бо затрыманьне спадарыні Севярынец "не было зьвязана са сьледчым працэсам".

 

Актывістка запатрабавала пісьмовага адказу, дзе гэта было б засьведчана. Але незнаёмец заявіў, што пісаць ёй "ніхто не зьбіраецца".

 

Абураная, спадарыня Севярынец склала новую скаргу — гэтым разам у менскую пракуратуру. Яна пазначыла нумар тэлефона, зь якога быў званок, і час, калі адбывалася размова. Апазыцыянэрка патрабуе вызначыць, хто менавіта зь ёй размаўляў, і жадае атрымаць выбачэньні за некарэктны тон размовы і ўсё ж пісьмовы адказ з КДБ.

 

 

Ціск напярэдадні судоў па справах 19 сьнежня

 

Экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава дапыталі ў прысутнасьці адваката. КДБ адмовіўся даваць пісьмовы адказ на скаргу маці Паўла Севярынца Тацяны Севярынец. Праваабаронца Алесь Бяляцкі кажа пра ціск напярэдадні судоў па справах 19 сьнежня.

 

16 лютага адбыўся допыт Андрэя Саньнікава, экс-кандыдата ў прэзыдэнты, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізацыі масавых непарадкаў 19 сьнежня і трымаюць у турме КДБ. На допыце прысутнічаў адвакат Павал Сапелка. Пра цяперашняе спатканьне з падабаронным Павал Сапелка нічога не кажа, як і пра папярэднія, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Пра стан здароўя свайго падабароннага адвакат кажа:

 

— У справах здароўя я не адмысловец і ўвогуле нічога казаць не магу.

 

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна ўвечары ня ведала пра вынікі сустрэчы сына з адвакатам.

 

— Ён мне яшчэ не адзваніўся, — сказала Ала Саньнікава і зьвязала гэта зь ціскам на адвакатаў. — Яны ўжо нічога не расказваюць. Ціснуць на гэтых адвакатаў — і тут беззаконьне, а што зробіш?

 

Маці вязьня Паўла Севярынца Тацяна месяц таму падавала скаргу ў пракуратуру на тое, што яе сыну не дазваляюць спаткацца з адвакатам. Павал знаходзіцца ў "амэрыканцы" з 19 сьнежня, 29-га яму выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках, але з таго часу — ніводнага сьледчага дзеяньня з удзелам адваката і проста канфэдыцыйныя сустрэчы з адвакатам забароненыя. Тацяна Севярынец атрымала ліст з пракуратуры, што яе скарга перасланая ў КДБ. 16 лютага жанчыне адносна скаргі пазваніў супрацоўнік КДБ.

 

— І вось супрацоўнік мне адказвае, што пісьмова адказваць мне ня будзе. Пытаюся, чаму? А ня будзем, і ўсё. Кажу, што мне патрэбы іх пісьмовы адказ, бо я зьбіраюся падаваць на іх у суд. Падавайце, куды хочаце, — ня будзем і ўсё!

 

Супрацоўнік КДБ, які тэлефанаваў Тацяне Севярынец, адмовіўся назваць сваё імя.

 

16 лютага кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Беляцкага выклікалі ў пракуратуру і папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі — "Вясна" ня мае афіцыйнага статусу. Паводле Алеся Бяляцкага, ёсьць сувязь паміж гэтым папярэджаньнем і справамі 19 сьнежня, якія ад заўтрашняга дня пачнуць слухацца ў судах:

 

— Паказалі мне перадрукоўкі з сайту "Вясны", мае камэнтары, водгукі. Перакананы нават, што гэта зьвязана ў судовымі працэсамі і з ацэнкай дзейнасьці судовых органаў падчас гэтых працэсаў. У тым ліку і ацэнкі дзейнасьці Мін’юсту ў гэтых справах.

 

Актывіст БХД Уладзімер Качагур сёньня атрымаў позву, у якой гаворыцца, што заўтра ён павінен зьявіцца ва ўпраўленьне КДБ Наваградзкага раёну ў якасьці сьведкі па справе аб падзеях 19 сьнежня ў Менску. Пасьля Плошчы Ўладзімера Качагура тройчы выклікалі ў праваахоўныя органы, але ён туды ні разу не хадзіў. Пазьней Наваградзкі суд асудзіў яго за гэта на 200 тысяч рублёў штрафу.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Маладафронтаўцу Лабачову забаранілі гаварыць пра допыт у КДБ

 

Тры гадзіны прабыў у Магілёўскай управе КДБ сябра зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" Валянцін Лабачоў. Паводле актывіста, ён даў падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва. Хлопец толькі паведаміў, што пытаньні камітэтчыкі задавалі яму пра дзейнасьць "Маладога фронту" і пра падзеі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

 

Валянцін Лабачоў — удзельнік Плошчы. Паўгоду таму яго пакаралі штрафам у памеры пяці базавых велічыняў таксама за ўдзел у акцыі пратэсту апазыцыі ў Менску.

 


Суд над расейцамі Брэўсам і Гапонавым будзе закрыты

 

Пра гэта "Свабодзе" паведаміла маці Івана Гапонава Сабіра Гапонава са спасылкай на адваката.

Паводле Сабіры Гапонавай, суд прызначаны на 22 лютага на 10 гадзіну раніцы. Працэс будзе весьці судзьдзя Маскоўскага раённага суду Любоў Сямахіна.

 

Грамадзяне Расеі Арцём Брэўс і Іван Гапонаў абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня. Вядома, што вінаватымі яны сябе не прызнаюць, хоць не адмаўляюць, што знаходзіліся на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. У пракуратуры кажуць, што доказаў віны Брэўса і Гапонава дастаткова.

 

Амбасада Расеі ў Беларусі неаднаразова заклікала вызваліць грамадзян Расеі да суду з-пад варты, але гэтыя намаганьні былі марнымі.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Брама беларускай амбасады ў Варшаве на ланцугу

 

Удзень 16 лютага незвычайная акцыя прайшла каля амбасады Беларусі ў Варшаве, паведамляе "Эўрапейскае Радыё для Беларусі". Невядомыя накінулі на ўваходную браму амбасады ланцуг з замком, такім чынам паралізаваўшы яе працу.

 

— Гэтая акцыя выглядала жывейшай і цікавейшай за іншыя, якія праводзяць беларусы ў Варшаве, — распавёў "Эўрарадыё" сьведка падзеі. — Звычайна людзі проста выходзяць на вуліцу, трымаючы ў руках партрэты, і гэта выглядае даволі нудна. А тут відавочны творчы падыход.

 

"Эўрарадыё" датэлефанавалася да прэсавага сакратара беларускай амбасады ў Варшаве:

 

— Сапраўды, прыкладна ў 11:45 двое невядомых у масках накінулі ланцуг на брамку абмасады. Паліцыю мы выклікалі адразу, — распавёў ён і дадаў, што ня ведае, ці пасьпела паліцыя расчапіць замок і вызваліць супрацоўнікаў амбасады з неспадзяванага зняволеньня.


“Радыё Свабода”

 

 

Журналістку Таццяну Бублікаву выклікаюць у Генпракуратуру

 

Журналістцы патэлефанаваў намеснік начальніка аддзелу па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры РБ саветнік юстыцыі Павел Елісееў і запрасіў яе на размову з нагоды "праверкі".

 

На просьбу канкрэтызаваць тэму гутаркі сп. Елісееў зазначыў, што яна будзе тычыцца дзейнасці на карысць замежных СМІ.

 

Таццяна пойдзе ў пракуратуру ў панядзелак, 21 лютага, а 17-й гадзіне.

 

Журналістка не выключае, што ёй могуць вынесці папярэджанне — яе ўжо папярэджвалі за супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат", калі яна працавала ў Гомелі.

 

Сябра ГА "БАЖ", незалежная тэлежурналістка Таццяна Бублікава адбыла 10-сутквы арышт па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 19 снежня. Таццяна рабіла рэпартаж з плошчы Незалежнасці, маючы пасведчанне польскай кампаніі "N.E.W. S. Informacje".

 

Нагадаем, што 10 лютага той жа Павел Елісееў уручыў афіцыйнае папрэджанне журналісту Радыё Рацыя Барысу Гарэцкаму за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі.

 

“Радыё Рацыя”



Создан 04 фев 2011



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter