Пасьля Плошчы 2010. Перапынак і другі "судны дзень"

Допыты, запалохваньні грамадзянаў, перасьлед актывістаў, катаваньне зьняволеных, салідарнасьць... суды



23 лютага 2011 г.

 

Вязьня Плошчы давялі ў турме да шпіталя

 

Клаўдзія Буланава занепакоеная станам здароўя свайго сына Зьмітра, абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Яго трымаюць у сьледчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Маці накіравала паўторную скаргу ў пракуратуру.

 

26-гадовага Зьмітра Буланава затрымалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску і арыштавалі на 10 сутак. 12 студзеня яго зноў зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна. З 14 студзеня яго трымаюць пад вартай.

 

Клаўдзія Буланава распавяла, што падавала скаргу і на тое, "як зьбілі сына падчас затрыманьня, расьсеклі галаву, як яго забіралі, як вялі сьледзтва, як дапытвалі без адвакатаў". Яна сказала, што стан здароўя сына кепскі, у яго ёсьць ускладненьні сэрца і ныркі, у яго пачаліся рэўматычныя атакі. Таму Клаўдзія Буланава просіць зьмяніць сыну меру стрыманьня. Таксама ёй дагэтуль не дазволілі ніводнай сустрэчы.

 

— Зьміцер знаходзіўся ў перапоўненай камэры, дзе было каля трыццаці чалавек. Пастаянныя скразьнякі. Ён там прастудзіўся. У яго абвастрыліся ўсе захворваньні. Ён мне напісаў, што горла баліць, я яму перадала лекі. Але ўзялі ня ўсе. Інгаліпт перадаць не дазволілі. Ён пісаў, што асаблівага паляпшэньня няма. Нягледзячы на тое, што ён зьвяртаўся ў мэдычную частку, да яго лекары не прыходзілі. І вось 18 лютага ён ня змог устаць з ложка. У гэты дзень да яго прыйшла адвакат. Потым яна мне распавяла, што ў Зьмітра стан здароўя ня вельмі добры. Раніцай ён ня змог устаць з ложка з-за моцных боляў у суставах. Нават да прыбіральні яго несьлі на руках. Ён стаў прасіць, каб яму аказалі дапамогу. Але ніхто не адгукнуўся. І калі ўжо ўсе 30 чалавек пачалі стукаць у дзьверы, яму далі дыфлакенак, і тады ён змог сам прыйсьці да адваката. Сёньня атрымліваю ліст ад яго, што 18-га Зьмітра перавялі ўсё ж у лякарню.

 

Клаўдзія Буланава сёньня пабывала на прыёме ў СІЗА.

 

— Я спытала ў лекара, ці патрэбныя нейкія дадатковыя лекі. Папрасіла зрабіць абсьледаваньне. Ён сказаў, што для абсьледаваньня трэба зрабіць разгорнутыя аналізы. А ў іх гэта ня робяць. Тады, кажу, зьмясьціце яго туды, дзе можна зрабіць разгорнуты аналіз. Маўчаньне. З гэтым я сёньня і выйшла.

 

Клаўдзія Буланава сказала, што для хворага сына не зьнялі абмежаваньне на перадачы.

 

— Ня ведаеш, у якія дзьверы стукацца, дзе адгукнуцца. Усюды толькі адно: "Не!"

 

* * *

Зьміцер Буланаў нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў мэдычную вучэльню, працаваў у шпіталі, сур’ёзна захапляецца музыкай. Палітыкай не займаўся, ніколі ня быў сябрам палітычных партыяў і рухаў. Затрыманы і зьбіты падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня, яму расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятару на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы. Супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго дадому і заявілі: не зьявіўся па іх званку — значыць, вінаваты. Некалькі гадзін чакаў сьледчага у сьледчай управе на вуліцы Сапёраў, дачакаўся толькі пастановы пра статус падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Мерай стрыманьня спачатку абралі затрыманьне на 3 дні, два зь іх зноў правёў у турме на Акрэсьціна, потым яго перавялі ў СІЗА па вул. Валадарскага, — паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі "Вясна".

 

Алесь Дашчынскі

 

 

Вязьняў "амэрыканкі" забаранілі віншаваць паштоўкамі

 

Жонка каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі Вольга ў кожную перадачу мужу ўкладала нейкую паштоўку. З 23 лютага гэта забаранілі, паведаміла Вольга Бандарэнка "Свабодзе".

 

— Усё, зь сёньняшняга дня гэта забаранілі. Зараз прадаюцца вельмі цікавыя паштоўкі: гумарыстычныя, віншавальныя. Паколькі я ў іх нічога не пісала, іх дазвалялі ўкладаць у перадачы. Дакладна ведаю, што яны траплялі і значна падымалі настрой, гэта ж для вязьня радасьць. Але — усё. Прычым, ня першы раз гэта адбываецца на сьвята. 31 сьнежня абмежавалі пералік харчоў, якія можна перадаваць. А на 23 лютага пачалі змагацца з паштоўкамі. Ніяк не патлумачылі, сказалі, каб дасылалі поштай, і ўсё.

 

Пры гэтым сваякі вязьняў "амэрыканкі" мяркуюць, што большасьць карэспандэнцыі, якую яны дасылаюць сваім родным, да тых не даходзіць. Апошнім часам сваякі адзначаюць, што і самі сталі менш атрымліваць лістоў. Жонка Анатоля Лябедзькі Сьвятлана раней атрымлівала хаця б ліст на тыдзень, за мінулы тыдзень — ніводнага. Зь лістамі мужу — яшчэ горш, кажа Сьвятлана Лябедзька:

 

— Нічога не даходзіць. А ён ад нас атрымаў толькі два караценькія лісты — і гэта ўсё.

 

Жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч апынулася ў падобнай сытуацыі і паскардзілася ў пракуратуру на тое, што парушаецца яе права на ліставаньне. 23 лютага Марыне прыйшоў адказ з пракуратуры Менску:

 

— Адказ у клясычным стылі нашай бюракратыі. "Паведамляю вам, што ваша скарга на парушэньне права арыштаванага Статкевіча на перапіску з КДБ накіравана ў Генэральную пракуратуру Беларусі для разгляду па сутнасьці, пра вынікі якога вас праінфармуюць".

 

Марына Адамовіч адзначыла, што гэты адказ ёй даслаў намесьнік начальніка аддзелу барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю.

 

— Якое дачыненьне мае гэты аддзел да праблемы ліставаньня? — задаецца пытаньнем жонка палітвязьня.

 

Журналістку Ірыну Халіп, якую трымаюць пад хатнім арыштам, пад росьпіс азнаёмілі з пастановай аб падаўжэньні расьсьледаваньня да 20 траўня — яшчэ на 3 месяцы. Гэта азначае, што яшчэ тры месяцы Ірыне будзе забаронена кантактаваць з вонкавым сьветам і нават выходзіць з дому.

 

— Пратэсты супраць такіх умоваў, якія я называю катаваньнем, пакуль нічога не даюць, — кажа бацька журналісткі Ўладзімер Халіп. — На кожны крок, на кожны рух ідзе адразу папярэджаньне, што будзе пагаршэньне рэжыму. Гэта такая сыстэма.

 

На мінулым тыдні выйшлі з "амэрыканкі" пад падпіску пра нявыезд экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч і намесьніца старшыні "Маладога фронту" Наста Палажанка. Як у іх справы?

 

Алесь Міхалевіч паведаміў, што яму дагэтуль не аддалі пашпарт, мабільны тэлефон і пасьведчаньне кіроўцы. Наста Палажанка паведаміла пра такую ж праблему — сьледчы зноў адклаў вяртаньне Палажанцы яе асабістых рэчаў і дакумэнтаў.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Барыса Хамайду будуць зноў судзіць за сьцяг

 

Віцебскі абласны суд задаволіў скаргу міліцыянтаў, нязгодных з рашэньнем Чыгуначнага раённага суду, які не знайшоў у дзеяньнях апазыцыянэра складу правапарушэньня. Барыс Хамайда штодня выходзіць у цэнтар Віцебску зь бел-чырвона-белым сьцягам, а супрацоўнікі міліцыі лічаць гэта незаконным пікетаваньнем.

 

Судзьдзя абласнога суду Ірына Смалякова вырашыла, што справу Барыса Хамайды зноў будзе разглядаць Чыгуначны раённы суд. Такім чынам, апраўдальная пастанова, вынесеная 4-га лютага судзьдзёй Аленай Цыганковай, скасаваная.

 

Дату чарговага судовага разбору яму пакуль не паведамілі.

 

 

Мы ім — пра салідарнасьць з палітвязьнямі, а яны нам — пра "Зімовыя забавы"

 

Дэмакратычных актывістаў працягваюць выклікаць у мясцовыя аддзелы КДБ й міліцыі на допыты й так званыя "прафіляктычныя гутаркі". Сьледчыя цікавяцца падрабязнасьцямі падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня.

 

Тым часам у рэгіёнах не спыняецца рух салідарнасьці з палітвязьнямі, а прадстаўнікі апазыцыі рыхтуюць новыя акцыі пратэсту.

 

ГОМЕЛЬШЧЫНА

 

Грамадзкі актывіст з Мазыра Ўладзімер Целяпун атрымаў паўторную позву зьявіцца ў мясцовы аддзел КДБ на допыт па справе аб сьнежаньскіх падзеях у Менску:

 

— Прыйшоў опэрупаўнаважаны Прыходзька з гарадзкога аддзелу КДБ разам з напарнікам, які не назваўся, і яны ўручылі мне паўторную позву зьявіцца ў аддзел 24 лютага на допыт.

 

Мясцовыя спэцслужбы выклікалі ўжо на допыт Уладзімера акурат у той час, калі ён лекаваўся ў шпіталі ад гіпэртанічнага крызу. Перад тым у кватэры спадара Целяпуна быў учынены ператрус — забралі жорсткі дыск кампутара, DVD-дыскі, а таксама кампутар сына і флэшку зь ягонай дыплёмнай працай.

 

Уладзімер ня езьдзіў у Менск 19 сьнежня. Падчас выбарчай кампаніі ён быў назіральнікам. Тым ня менш яго выклікаюць на допыт у якасьці сьведкі пра падзеі ў сталіцы.

 

Спадар Целяпун кажа, што пойдзе ў гарадзкі аддзел КДБ не з пустымі рукамі:

 

— У мяне ёсьць з чым ісьці туды — сьведчаньне аб прычынах, якія прывялі да незадавальненьня людзей. Я зьбіраюся ісьці не з пустымі рукамі. Зраблю копіі ўсіх сваіх заяваў, якія рабіў як назіральнік у выбарчых камісіях — і раённай, і ўчастковай. Усе афіцыйныя адказы вазьму, якія мне прыходзілі. Распавяду пра тое, як фармаваліся ўчастковыя выбарчыя камісіі нейкімі "працоўнымі групамі", хто там кіраўнік і які склад гэтых "працоўных групаў". Ну, і іншыя заявы.

 

Уладзімер Целяпун кажа, што назірае за выбарамі ад 1989 году. Нягледзячы на пэўныя крокі ў справе лібэралізацыі выбарчага заканадаўства, выбарчы працэс у Беларусі застаецца закрытым для грамадзкасьці, а да падліку галасоў сфармаваныя ўладамі камісіі нікога й блізка не падпускаюць.

 

Паводле актывіста, гэта й выклікае незадавальненьне неабыякавых выбарцаў.

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

Тым часам віцебскія актывісты ўжо другі раз паспрабавалі правесьці мітынг салідарнасьці з палітвязьнямі, якія трапілі за краты пасьля падзеяў у Менску 19 сьнежня. І ўжо другі раз выканкам Чыгуначнага раёну ня даў дазволу правесьці акцыю ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Першы раз, 13 лютага, там якраз праводзіліся лыжныя спаборніцтвы, а пасьля заяўкі на 27-га лютага райвыканкам прызначыў у парку "Зімовыя забавы". Адмову ўладаў камэнтуе Аляксей Гаўруцікаў, аднапартыец і давераная асоба кандыдата Мікалая Статкевіча:

 

— Якраз у той дзень і ў тым самым месцы, дзе мы прасілі дазволу на мітынг салідарнасьці з палітвязьнямі, будзе праходзіць сьвята "Зімовыя забавы". Улады проста спалоханыя, іх насьцярожваюць нашы звароты, і яны імкнуцца "накласьці" свае імпрэзы на нашы, каб стварыць ілюзію законнасьці таго, што яны робяць.

 

Наваполацкія актывісты таксама атрымалі з гарвыканкаму чарговую адмову на сваю заяву аб пікеце салідарнасьці з палітвязьнямі. Ужо другі раз мясцовыя ўлады аргумэнтуюць адмову тым, што масавыя беспарадкі адбываліся ў Менску, а таму і падтрымліваць затрыманых і зьняволеных удзельнікаў празь неканстытуцыйныя акцыі яны не дазваляюць.

 

Адказам апазыцыі на гэта стала аб’яднаньне мясцовых дэмакратычных сілаў, кажа актывіст Яўген Парчынскі:

 

— Створаны аргкамітэт па фармаваньні новага грамадзкага аб’яднаньня ў Полацкім рэгіёне, яно будзе называцца "Вольны рэгіён". Увайшлі туды прадстаўнікі розных партый і проста неабыякавыя людзі.

 

Першай справай новага ўтварэньня стаў збор подпісаў за вызваленьне палітвязьняў, распавядае спадар Парчынскі. Іх сабрана ўжо некалькі соцень.

 

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

 

Праваабаронцы зь Берасьця атрымалі з гарвыканкаму адмову на правядзеньне пікету ў знак падтрымкі палітычных вязьняў. Але праваабаронцы ўсё роўна плянуюць правесьці мерапрыемства.

 

Праваабаронца зь незарэгістраванага аб’яднаньня "Берасьцейская вясна" Васіль Ваўранюк плянаваў 26 лютага наладзіць пікет. Аднак чыноўнікі адмовілі, кажа праваабаронца Ўладзімер Вялічкін:

 

— Адмова ў правядзеньні мерапрыемства была, зрэшты, чаканая, і фармуліроўка ўжо набыла стандартны выгляд: у сувязі з тым, што месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў, за выключэньнем дэманстрацый і вулічных шэсьцяў, зьяўляецца спартовы комплекс "Лякаматыў", пікет не дазваляецца праводзіць у цэнтры гораду.

 

Атрымаўшы з адміністрацыі адмову, праваабаронцы накіравалі чыноўнікам новы ліст.

 

— Васіль Ваўранюк напісаў у сваёй чарговай заяве, што паколькі нельга праводзіць пікеты, то тады праваабаронцамі вырашана правесьці каля Цэнтральнага рынку дэманстрацыю. Паколькі рашэньнем гарвыканкаму забаронены пікеты, але дазваляюцца дэманстрацыі і вулічныя шэсьці, то будзе мерапрыемства менавіта ў фармаце дэманстрацыі.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

У Бабруйску перасьлед актывістаў апазыцыі змусіў мясцовых дэмакратаў аб’яднацца. Яны стварылі Каардынацыйную раду.

 

Зь перасьледам спэцслужбаў сутыкнуліся дзясяткі актывістаў палітычных і грамадзкіх арганізацыяў Бабруйску. Пра гэта кажа адзін з ініцыятараў стварэньня Рады, лідэр бабруйскіх сацыял-дэмакратаў Юры Грынявецкі:

 

— Тыя, хто раней не хацеў яднацца зь якіхсьці ідэалягічных прычынаў, цяпер зразумелі, што аб’яднаньне неабходнае дзеля вырашэньня асноўных пытаньняў — гэта барацьба ў абароне грамадзянскіх правоў і падтрымка людзей, якія падпалі пад рэпрэсіі. Каб мы маглі ў гэты складаны час вырашаць пытаньні дэмакратыі, правоў і свабоды нашых сяброў.

 

Меркаваньне спадара Грынявецкага падтрымлівае й кіраўнік гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валерый Бузінаеў. Гэтая партыйная арганізацыя, адна зь нямногіх апазыцыйных, мае ў Бабруйску статус зарэгістраванай. У яе сядзібе і падпісалі пагадненьне аб стварэньні Каардынацыйнай рады.

 

Аб’ядноўваюцца актывісты з Бабруйску, Асіповічаў, Кіраўску, Глуску.

 

— Рэпрэсіі адыгралі адштурхоўвальную ролю ад гэтага існуючага жорсткага рэжыму. Народ тэлефануе, цікавіцца, да нас цягнецца. Настрой цяпер пратэстны як ніколі раней. І калі мы разам будзем працаваць, то будзе больш магчымасьці пераадолець інфармацыйную блякаду, бо ў кожнага з нас ёсьць свой электарат, свае сувязі. Да нас далучыліся Асіповічы, Кіраўск, Глуск.

 

Пагадненьне аб стварэньні Каардынацыйнай рады падпісалі кіраўнікі бабруйскіх арганізацыяў АГП, Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада", Партыі левых "Справядлівы сьвет", стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". Далучыліся да Рады й некалькі грамадзкіх і прафсаюзных аб’яднаньняў.

 

Першым публічным мерапрыемствам Каардынацыйнай рады мае стаць сьвяткаваньне ў Бабруйску Дня волі. У якім фармаце яно пройдзе — яшчэ вырашаецца.

  

“Радыё Свабода”

 

 

Новы набор “каліноўцаў” пачынае вучобу

 

З падрыхтоўчага курсу па польскай мове ў межах праграмы імя Кастуся Каліноўскага распачынаецца новы, дадатковы набор студэнтаў выключаных у апошні час з беларускіх ВНУ за палітычнае іншадумства.

 

Як паведаміла кіраўніца Камітэту рэпрэсаваных “Салідарнасць” Іна Кулей, група студэнтаў дапаўняецца усё новымі асобамі.

 

— Гэтая група па-за чарговая. Быў звычайны набор праграмы Каліноўскага, якая распачалася ў 2006 годзе і не перапыняла сваё існаванне: і увесну і ўлетку быў звычайны набор на новы акадэмічны год 2010/2011, але прыйшлося ў сувязі з такімі падзеямі абвесціць набор на гэтую праграму яшчэ раз. Я думаю будзе каля трыццаці чалавек, можа трошкі болей.

 

Афіцыйная інаўгурацыя сёлетняй праграмы прызначаная на 21 сакавіка. З моманту яе заснавання ў 2006 годзе ў праграме ўзялі ўдзел каля 270 чалавек.

 

Кастусь Бандарук

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Ярмошыну "дастаў" Сяргей Дарафееў

 

Як нагадвае "Салiдарнасць", вядучы "Выбару" Сяргей Дарафеяў дазволіў сабе ў жывым эфіры задаваць нязручныя пытанні. Напрыклад, чаму прадстаўнікам апазіцыі не дазволілі дзяжурыць уначы на выбарчых участках разам з міліцыяй. Ярмошына, не звыклая да таккіх дыскусій, пакінула студыю.

Праз два месяцы старшыня ЦВК у інтэрв'ю часопісу Sexus так пракаментавала гэту гісторыю:

— Я паступіла як жанчына, як маці. Супрацоўнікі ЦВК — тыя ж дзеці, людзі, якія табе даручыліся. Хіба можа маці, ведаючы, што яе дзеці знаходзяцца ў бядзе, спакойна дзесьці знаходзіцца? Так што гэта абсалютна жаночы, матчын учынак. Не, вядучы не вывеў мяне з сябе. Але тое, што ён мяне дастаў за гэту перадачу, магу сказаць адназначна.

 

“Еўрарадыё”

 

 

24 лютага 2011 г.

 

Вернікі просяць эпіскапат патрабаваць вызваленьня палітвязьняў

 

Група вернікаў-каталікоў накіравала зварот да каталіцкага эпіскапату з нагоды сытуацыі, якая склалася ў краіне.

 

"Мы заклікаем вас зьвярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваньнем вызваліць палітычных вязьняў і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці. Мы заклікаем вас зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб ад гвалту і запалохваньня ўлады перайшлі да дыялёгу з народам", — гаворыцца ў звароце.

 

Паводле аўтараў звароту, "улады распачалі беспрэцэдэнтную кампанію рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. Па ўсёй краіне супрацоўнікі спэцслужбаў праводзяць ператрусы ў жылых і офісных памяшканьнях. Працягваюцца арышты і допыты грамадзкіх актывістаў. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі прадстаўляюць падзеі ў надзвычай хлусьлівым сьвятле".

 


Дапытваюць студэнтаў, журналістаў, давераных асобаў

 

У ліку падазроных па крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня — нямала студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ). Да прыкладу, цяпер у Віцебску на допыты ў КДБ выклікаюць трэцякурсьніцу Ганну, хоць яна ў дзень акцыі пратэсту знаходзілася за межамі Беларусі.

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

На працягу апошняга месяца глыбоцкія міліцыянты пільна цікавіліся асобай Кастуся Шыталя — журналіста незалежнага сайту westki.info. Ён піша матэрыялы на палітычныя тэмы, у дзень выбараў 19 сьнежня быў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў у Глыбокім, а пасьля менскіх падзеяў адсочваў лёсы затрыманых і арыштаваных землякоў, пра якіх таксама зьмяшчаў матэрыялы на сайце.

 

Не падазраючы за сабой аніякае віны, Кастусь Шыталь сам накіраваўся ў пастарунак, бо міліцыянты спачатку некалькі разоў яму тэлефанавалі, а потым пачалі шукаць па сваяках, сябрах ды знаёмых:

 

— Я пайшоў, і мяне апыталі, што я рабіў у якасьці назіральніка на выбарчым участку і што я бачыў. А пасьля завезьлі ў Глыбоцкі райвыканкам да спадарыні Алены Зібаравай, якая ў час выбараў была старшынёй раённай выбарчай камісіі, і юрысконсульт райвыканкаму склала на мяне пратакол за адміністрацыйнае правапарушэньне — парушэньне артыкула 13 выбарчага заканадаўства.

 

Як высьветлілася, адна з назіральніц ад "Беларускага саюзу жанчын", супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Марыя Мацулевіч напісала на Кастуся Шыталя скаргу ў пракуратуру. Нібыта ён 15 сьнежня, парушаючы правы і абавязкі назіральніка, распытваў навучэнца мясцовага прафэсійнага ліцэю, ці па сваёй волі той прыйшоў галасаваць датэрмінова. Таксама назіральніца скардзілася, што Кастусь Шыталь разьмяшчае ў інтэрнэце інфармацыю пра выбары, якую яна лічыць непраўдзівай.

 

Паводле Шыталя, супрацоўніца райвыканкаму, відавочна, мела на ўвазе артыкул "Незалежны назіральнік пабачыў, як фальшавалі вынікі выбараў у Глыбокім".

 

— Я ж сам бачыў, як адбываліся маніпуляцыі зь бюлетэнямі — як браліся стосы бюлетэняў за розных кандыдатаў, зьверху клалі пару бюлетэняў за Лука-ку і так несьлі старшыні камісіі. І я пра гэта напісаў.

 

У пракуратуры вырашылі, што супраць журналіста-назіральніка варта распачаць адміністрацыйную справу паводле артыкула 9.10 (парушэньне выбарчага заканадаўства). Суд над Кастусём Шыталем мае адбыцца 3 сакавіка.

 

Віцебская ўправа КДБ працягвае пошук сьведкаў падзеяў 19 сьнежня. Але ў поле зроку спэцслужбы пачалі трапляць людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да акцыі пратэсту. 20-гадовая Ганна, студэнтка-трэцякурсьніца ЭГУ, распавяла, як яе запрасіў на размову супрацоўнік КДБ:

 

— Ён патэлефанаваў, сказаў, што я мушу прыйсьці ці то на апытаньне, ці проста зь ім паразмаўляць. Сказаў: "Ня бойцеся, нічога страшнага!" 19 сьнежня я была ў Вільні. Можа, КДБ цікавіць нешта менавіта пра наш унівэрсытэт, ці ёсьць там непадпарадкаваньне ўладам, ці нешта такое.

 

Пасьля менскіх падзеяў 19 сьнежня студэнтаў ЭГУ дапытвалі масава. На думку віцебскай студэнткі, супрацоўнкі КДБ імкнуцца высьветліць падрабязнасьці пра тамтэйшых моладзевых актывістаў.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

Былога сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева зь Бялынічаў Мікалая Мяцеліцу дапыталі ў Шклоўскім міжраённым аддзеле КДБ. Актывіста выклікалі позвай як сьведку ў справе масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня.

 

Мікалай Мяцеліца ня быў удзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Падчас перадвыбарчай кампаніі ён актыўна агітаваў у Бялыніцкім раёне за кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Зьбіраў подпісы ў яго падтрымку. Гэтым, як сьцьвярджае актывіст, і цікавіліся камітэтчыкі:

 

— Дапытвалі па факце ўзбуджэньня крымінальнай справы аб масавых беспарадках, як яны гэта матывавалі. Спрабавалі даведацца: адкуль я атрымліваў газэты? Хто прывозіў палатку? Хто перадаваў мне дыскі? Ці фінансавалася гэтая справа? Якія матывы ў мяне былі — за грошы ўдзельнічаць ці як ідэйны? Тонка спрабавалі хоць нейкую інфармацыю вывудзіць пра брата. Мяркую, што гэта была асноўная мэта.

 

Брат спадара Мікалая Алег Мяцеліца быў даверанай асобай Някляева. Пасьля разгону акцыі пратэсту зьехаў за мяжу, баючыся арышту. Цяпер знаходзіцца ў Вільні. Ён адзін са стваральнікаў Беларускага бюро грамадзкага і палітычнага прадстаўніцтва ў Літоўскай Рэспубліцы. Допыт брата й ператрусы ў кватэрах лічыць пацьверджаньнем таго, што вяртаньне на Радзіму адкладаецца надоўга:

 

— Я шчасьлівы, што гэтыя выбары сталі першымі, калі я ня сеў і змог трапіць на Плошчу. Сесьці — гэта самае простае. Сеў — ты герой і ў прынцыпе нічога ня можаш рабіць. Мы разумеем тут, што чым мы будзем больш актыўныя тут, тым актыўней будуць цікавяцца намі на Беларусі, — зазначае Алег Мяцеліца.

 

Як кажа Мікалай Мяцеліца, цікавіліся камітэтчыкі і даверанай асобай Някляева са Шклоўскага раёну Пятром Мігурскім. З усіх давернікаў апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, якія засталіся ў Беларусі, толькі яго яшчэ не выклікалі ў КДБ. Месяц таму ён быў вымушаны звольніцца з магілёўскага ўнівэрсытэту харчаваньня. Цяпер не выключае, што атрымае позву ў КДБ. Гаворыць Пётар Мігурскі:

 

— Салдафонства, якое прысутнічае ў працы спэцслужбаў, кажа пра слабасьць гэтай улады. Яны маглі б казыраць маёй пэрсонай перад Захадам: "Давераная асоба Някляева, чалавек, які займаецца палітыкай не на баку цяперашняй улады і працуе ў дзяржаўнай структуры. Пра якія парушэньні дэмакратыі гаворка?"

 

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

 

Маці Алеся Кіркевіча спадарыня Ларыса паведаміла "Свабодзе", што яе сына ўжо амаль месяц трымаюць у "амэрыканцы", а сьледчых дзеяньняў зь ім не праводзяць.

 

Гэтымі днямі спадарыня Ларыса атрымала адразу два лісты ад сына. Найбольш яе турбуе ягонае здароўе, бо раней Алесь пісаў і прасіў даслаць яму лекі для лячэньня хваробы сэрца:

 

— Піша, што сэрца пакуль супакоілася і не турбуе яго. Праўда, нічога ня піша пра тое, ці атрымаў лекі. Але ягоныя лісты датаваныя 17 і 20 лютага, то, магчыма, яшчэ не атрымаў.

 

Пытаюся ў спадарыні Ларысы — што піша сын пра тое, як праходзіць дзень у камэры?

 

— Ён піша, што займаецца самаадукацыяй: выпісаў самавучак нямецкай мовы, дадаткова хоча яшчэ займацца ангельскай мовай. Просіць, каб далі каталёг выпісаць кнігі праз пошту. Ён гэта можа зрабіць, бо на ягоным рахунку ёсьць грошы.

 

Спадарыня Ларыса кажа, што шанцаў спаткацца з сынам у яе няма, бо ў гэтым адмаўлялі родным усіх вязьняў "амэрыканкі".

 

Па словах маці, пасьля таго як трэцяга лютага Алесю прад’явілі абвінавачаньне, зь ім ніводнага разу не сустрэлася ягоная адвакатка.

 

Мэта ўлады — трымаць актыўных людзей у ганебных умовах. Праваабаронца Віктар Сазонаў кажа, што ў адносінах да палітычных вязьняў гэта ўжо сталая практыка. Зь яго слоў, ставіцца мэта як найболей пратрымаць самых актыўных людзей у ганебных умовах за кратамі:

 

— Па вялікім рахунку, у гэтай справе толку няма, няма відавочнай віны, там няма чаго і дасьледаваць. І гэта так і ёсьць, па-першае. А па-другое, там увогуле існуюць праблемы з наведваньнем адвакатамі вязьняў: то трэба нейкую чаргу адседзець, то яшчэ нешта. А згодна з заканадаўствам адвакат мае права на сустрэчу са сваім падабаронным у любы дзень і ў любы час.

 

 

"Усё сумнейшая мая гісторыя"

 

Мікалай Статкевіч ня ўдзельнічае ў сьледчых дзеяньнях, перакананая ягоная жонка. Натальлю Радзіну папярэдзілі пра падаўжэньне сьледзтва, якое, на яе думку, зайшло ў тупік. 25 лютага адбудзецца допыт Аляксандра Фядуты.

 

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч, верагодна, хворы на прастуду. Такую выснову зрабіла жонка палітыка Марына Адамовіч, якая 23 лютага атрымала ад яго два лісты.

 

— Ён просіць перадаць яшчэ травяныя зборы, з чаго вынікае, што лечыцца ад кашлю, — паведаміла Марына Адамовіч.

 

Ці вядуцца з удзелам Статкевіча нейкія сьледчыя дзеяньні? Марына Адамовіч гэта выключае:

 

— Я ўжо ўсім казала: Мікола зь першага дня адмовіўся ад якіх бы там ні было сьледчых дзеяньняў.

 

У апошніх лістах нічога пра сьледзтва не было, паведаміла Марына Адамовіч.

 

Журналістцы Натальлі Радзінай, якую месяц таму выпусьцілі з "амэрыканкі" пад падпіску пра нявыезд, працягнулі тэрмін расьсьледаваньня, як і іншым вязьням, яшчэ на 3 месяцы. Натальля мусіць жыць у Кобрыне, па месцы прапіскі. Кажа, што кожны дзень, як і да арышту, займаецца сваёй працай — рэдагуе сайт "Хартыі’97". Аднак яе папярэдзілі ў міліцыі, што яна ня мае права пісаць артыкулы з выказваньнем сваіх меркаваньняў, заяваў і заклікаў. У Кобрыне Натальлю ніводнага разу не выклікалі на допыты. Журналістка не выключае, што сьледзтва зайшло ў тупік:

 

— Мяркую, што проста трэба трымаць усіх на кручку, трымаць у страху. Зразумела ж, што могуць быць за сьледчыя дзеяньні — ну пра што я магу ім расказаць? Няма пра што. 40 дзён трымалі ў СІЗА невядома дзеля чаго, і зараз тое самае.

 

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна кажа: ужо другі тыдзень ад сына няма лістоў, і ад адваката няма ніякіх навінаў.

 

Наста Палажанка ўжо тыдзень не ў турме, а пад падпіскай пра нявыезд. Намесьніца старшыні "Маладога фронту" найбольш намаганьняў зараз прыкладае, каб дапамагчы сваім аднадумцам па арганізацыі:

 

— Спрабую інфармаваць міжнародную супольнасьць пра рэпрэсіі супраць сяброў "Маладога фронту", што шэсьць маладафронтаўцаў праходзяць па крымінальных справах адносна 19 сьнежня, і прашу зьвяртаць увагу на справу Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якую ўлады зьбіраюцца зрабіць непалітычнай. Між тым гэтая справа, безумоўна, палітычная.

 

Марына Фядута атрымала ліст ад мужа Аляксандра, у якім той просіць даслаць яму рэчы, неабходныя ў веснавы час — "на будучыя тры месяцы". З гэтага жонка вязьня зрабіла выснову, што Аляксандру Фядуту таксама працягнулі тэрмін сьледзтва на 3 месяцы і на хуткую зьмену меры стрыманьня ён не асабліва спадзяецца.

 

— Заўтра, 25 лютага, у яго будзе допыт, — са спасылкай на адваката паведаміла Марына Фядута.

Нарэшце атрымала ліст ад мужа Натальля Класкоўская. Ад былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў мітынгу і спробах узламаць дзьверы Дома ўраду, не было лістоў амаль месяц.

 

— Шмат чытае, відаць, ёсьць час і ёсьць што чытаць. Піша, што здаровы. Пра сваю асабістую будучыню піша без ілюзіяў, — кажа пра мужа Натальля Класкоўская. — Кажа, усё сумнейшая мая гісторыя, таму не смуткуйце, трымайцеся. Жыцьцё працягваецца. Просіць выпісаць яму газэты на сакавік і больш дасылаць кавы ды сухарыкаў.

 

Адваката для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях з Аляксандрам Класкоўскім не выклікалі.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Вадзім Кабанчук на волі

 

Выйшаў на волю актывіст БХД Вадзім Кабанчук, які адбыў за кратамі 10 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня.

 

За некалькі гадзінаў да вызваленьня з ізалятару на Акрэсьціна Вадзіма Кабанчука вывезьлі ў КДБ і дапыталі як сьведку падзеяў 19 сьнежня. У ізалятары на Акрэсьціна Вадзім Кабанчук адбываў 10 сутак арышту за удзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці. Кабанчук быў затрыманы на беларуска-літоўскай мяжы ўвечары 13 лютага. Яго мусілі вызваліць 23 лютага, але суткі, якія актывіст адбыў у Ашмянскім РАУС, яму не залічылі.

 

Вадзім згадвае свае прыгоды:

 

— Мяне затрымалі на мяжы і трымалі на памежным пераходзе "Каменны лог" 5 гадзін. А потым прыехалі за мной з Ашмянскай міліцыі і забралі ў Ашмянскі РАУС. Там пытаюцца: чаму я на мяжы буяніў? Я нават не адразу зразумеў, пра што яны? Аказваецца, памежнікі на мяне ажно два пратаколы сфальшавалі, што я нібыта "буяніў". Таму спачатку быў перакананы, што суд будзе ў Ашмянах, за гэтую мяжу. Але на наступны дзень прыехалі да іх з КДБ, чатыры супрацоўнікі, і на мікрааўтобусе павезьлі мяне ў Менск. А там суд і 10 сутак за плошчу. На Акрэсьціна стаўленьне да мяне было збольшага нармальнае. Канечне, давялося сядзець з інакшымі сукамэрнікамі, чым сядзелі людзі пасьля 19 сьнежня, але нічога — цярпіма.

 

Вадзім Кабанчук кажа, што на судзе не адмаўляў свайго ўдзелу ў мітынгу, што прыйшоў як нязгодны з фальшаваньнем выбараў — для мірнага пратэсту.

 

Таксама Вадзім Кабанчук згадаў, што ў камэру, дзе ён адбываў арышт, хутка перасталі "падсяляць" новых арыштантаў:

 

— Альбо не хацелі, каб больш людзей ведала пра тое, што тут яшчэ сядзіць "палітычны", альбо баяліся, што я буду "адмоўна" ўплываць на іх звычайны кантынгент.

 

Паводле ягоных назіраньняў, большасьць цяперашніх сядзельцаў на Акрэсьціна палітычнымі падзеямі не цікавяцца:

 

— У іх свае праблемы — зьвязаныя з алькаголем ці наркотыкамі.

 

23 лютага на Акрэсьціна Кабанчука праверылі на дэтэктары хлусьні наконт падзей 19 сьнежня. А 24-га зноў дапыталі ў КДБ — у якасьці сьведкі.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Справу па берасьцейскай Плошчы спынілі

 

Суд Ленінскага раёну Берасьця спыніў вытворчасьць паводле адміністрацыйнай справы актывіста руху "За свабоду" Канстанціна Турчаняка, які быў затрыманы 19 сьнежня ў Берасьці на мясцовай плошчы Леніна а 23-й гадзіне.

 

— Справу спынілі, бо скончыўся тэрмін прыцягненьня да адказнасьці, — паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

“Радыё Свабода”

 


Студэнт просіць уключыць у сьпіс неўязных кіраўніцтва ВНУ

 

Уладзімір Кумец, актывіст перадвыбарнага штаба кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Уладзіміра Някляева, просіць кіраўніцтва Эўразьвязу ўнесці кіраўнікоў Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута ў спіс неўязных у краіны Эўраейскага Зьвязу. Адпаведны зварот ён накіраваў 23 лютага на адрас вярхоўнай прадстаўніцы па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

 

Уладзімір Кумец паведамляе, што быў адлічаны неўзабаве пасьля арганізацыі сходу мясцовых жыхароў па вылучэньні Някляева на Ўсебеларускі народны сход.

 

Былы студэнт прапаноўвае ўключыць у сьпіс Эўразьвязу генэральнага дырэктара інстытута Аляксандра Алпеева, рэктара Тамару Алпееву, а таксама старшыню аддзела кадраў Алену Сталярову, якія, паводле яго слоў, "кіравалі працэсам адлічэньня, падмянялі ведамасьці і давалі ілжывыя сведчаньні на судовым працэсе".

 

Актывіст нагадвае, што ў сьпіс Эўразьвязу уключаны рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Сяргей Абламейка. Кумец лічыць магчымым пашырыць сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, за кошт іншых адказных за рэпрэсіі ў дачыненьні да студэнтаў універсытэцкіх чыноўнікаў. Ён спадзяецца, што з яго возьмуць прыклад іншыя адлічаныя па палітычных матывах студэнты.

 

— Людзі парушаюць закон і павінны панесьці пакараньне, — адзначае былы студэнт у лісьце Эштан.

 

“БелаПАН”

 

 

Першы прысуд па справе "19 снежня" абскарджаны

 

Адвакат Васіля Парфянкова Ігар Папкоўскі абскардзіў прысуд ў дачыненні свайго падабароннага, вынесены 17 лютага.

 

Як паведаміў "БелаПАН" Папкоўскі, сёння ён перадаў адпаведныя дакументы ў суд Фрунзенскага раёна, адкуль яны паступяць у Менскі гарадскі суд.

 

Адвакат перакананы, што віна Парфянкова ў "пагроме" Дома ўраду не атрымала пацверджання падчас судовага разгляду.

 

“Еўрарадыё”

 

 

Владимиру Некляеву не разрешили встретиться с дочерьми

 

Экс-кандидат в президенты Владимр Некляев получил ответ из прокуратуры Менска на свое обращение разрешить ему встречу с дочерьми — Эвой и Илоной. В просьбе Некляеву отказано.

 

Ответ за подписью заместителя прокурора В.М. Марцеля пришел 24 февраля. Прокуратура объясняет свое решение тем, что дочери не проживают вместе с Владимиром Некляевым и не ведут с ним совместное хозяйство. Есть в письме ссылка на п.45 ст.6 УПК.

 

Ольга Гриневицкая

 

 

Адваката водзяць за нос?

 

Таццяна Станкевіч, адвакат экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Мікалая Статкевіча, з 29 снежня мінулага года не бачыла свайго падабароннага.

 

Падчас тэлефоннай размовы з журналістам “Народнай Волі” яна сказала:

 

— Я шмат разоў, а гэта больш за дзясятак дакладна, прыходзіла ў следчы ізалятар КДБ і не смагла сустрэцца са сваім падабаронным. Мне заўсёды называюць толькі адну прычыну — заняты кабінет. Адсутнасць свабоднага пакоя — гэта адзінае, што я чую кожны раз.

 

Няўжо адвакату не зразумела, што яе водзяць за нос? Ці не пара ўсім праваабаронцам біць ва ўсе званы?

 

Любоў Лунёва

 

“Народная Воля”

 

 

25 лютага 2011 г.

 

Да палітвязьняў ужываюцца катаваньні

 

Ініцыятыва "Вызваленьне", якая аб’ядноўвае сваякоў палітвязьняў па "справе 19 сьнежня", перадала ў амбасаду Вэнгрыі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, зварот, у якім заклікае Эўропу праявіць цьвёрдасьць у пытаньні неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

 

У звароце сярод іншага зазначаецца, што ў засьценках КДБ да палітвязьняў ужываюцца катаваньні:

 

"Умовы ўтрыманьня палітвязьняў жорсткія і бесчалавечныя і могуць быць прыроўненыя да катаваньняў: жорсткае стаўленьне канваіраў са спэцпадразьдзяленьняў КДБ, якія хаваюць свае твары пад маскамі; шантаж і псыхалягічны ціск на падсьледных, інфармацыйная блякада, нізкая тэмпэратура ў камэрах, адсутнасьць туалета ў многіх камэрах.

 

Стала вядома, што мужчын водзяць на допыты ў кайданках. Працэдура ператрусаў у мужчынскіх камэрах адбываецца самым зьневажальным чынам: мужчын прымушаюць выносіць з камэр усе рэчы ў спэцыяльнае памяшканьне, а затым разьдзявацца дагала.

 

У СІЗА на Валадарскага ў 8-месцавых камэрах утрымліваюцца па 15—16 чалавек, якія вымушаныя спаць па чарзе".

 


Выклікалі на "размову" берасьцейскага прадпрымальніка

 

Супрацоўнікі міліцыі Маскоўскага РАУС Берасьця выклікалі на размову берасьцейскага прадпрымальніка Станіслава Фядзько.

 

У позьве ня значылася, у якасьці каго выклікалі прадпрымальніка, але размова тычылася падзеяў у Менску 19 сьнежня на Плошчы. Міліцыянты сказалі Станіславу, што 19 сьнежня яго тэлефон быў зафіксаваны ў Менску. Сам жа берасьцеец адмаўляецца ад сваёй прысутнасьці на Плошчы, адмаўляецца і ад таго, што прымаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін кажа, што такім чынам улады працягваюць запалохваньне грамадзтва:

 

— Станіслаў Фядзько мусіў адказаць міліцыянтам на стандартныя 33 пытаньні, якія задаваліся шмат каму, каго выклікалі на допыты ў міліцыю ці КДБ. Тут цяпер нават ідзе размова не пра тое, ці быў чалавек на Плошчы, а пра тое, што можа стаць падставай для выкліку і допыту чалавека супрацоўнікамі праваахоўных органаў, калі сам чалавек не прымаў удзелу ў нечым кепскім, не рабіў шкоды.

 


Сэйм Польшчы асуджае фальшаваньне выбараў, патрабуе вызваліць вязьняў

 

Польскі Сэйм у прысутнасьці прадстаўнікоў беларускай апазыцыі аднагалосна ўхваліў сёньня рэзалюцыю ў справе сытуацыі ў Беларусі, у якой дэпутаты заклікаюць беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, а ўсе эўрапейскія краіны — падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі.

 

З самога ранку, яшчэ да галасаваньня, прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, сярод якіх былі Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч ды іншыя, прыняў у сваім кабінэце сьпікер Сэйму Гжэгаж Схэтына. У спатканьні, якое было закрытым для прэсы, узялі ўдзел таксама старшыня камісіі ў замежных справах Сэйму Анджэй Халіцкі, кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Яцэк Пратасевіч ды старшыня парлямэнцкай групы ў справах Беларусі Робэрт Тышкевіч.

 

Дэпутаты аднагалосна падтрымалі “Рэзалюцыю Сэйму РП у справе падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

Адак перад гэтым да парлямэнтароў ды гасьцей зь Беларусі, якія прысутнічалі ў залі Сэйму, зьвярнуўся спадар Схэтына:

 

— Мы хочам афіцыйна асудзіць гвалт рэжыму Аляксандра Лука-кі і палітычныя рэпрэсіі, а адначасова — выказаць падтрымку ўсім грамадзянскім ініцыятывам у Беларусі. Шаноўныя дэпутаты, аддаць голас за гэтую рэзалюцыю, азначае нагадаць, што гэта салідарнасць прывяла Польшчу у Эўропу. Салідарнасьць сталася гарантыяй нашай незалежнасьці.

 

У сваю чаргу першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, якому было дадзенае ганаровае права прамаўляць з трыбуны Сэйму (рэдка здараецца, каб такі гонар атрымаў замежны грамадзянін), дзякаваў польскаму народу за падтрымку:

 

— Для нас цяпер самае важнае, каб людзі, які сядзяць цяпер у турмах у Беларусі, адчувалі падтрымку Эўропы і былі вызваленыя. Гэта найвялікшая мая просьба да Сэйму Польшчы.

 

Дэпутаты польскага Сэйму віталі беларускіх гасьцей, а таксама слухалі тэкст рэзалюцыі стоячы.

Пасьля прыняцьця рэзалюцыі, якое віталася аплядысмэнтамі, госьці зь Беларусі ўзялі ўдзел у прэсавым сьняданку зь Яцкам Пратасевічам ды польскімі і беларускімі журналістамі, а потым — у паседжаньні камісіі Сэйму ў справах замежнай палітыкі.

 

У часе сьняданку спадар Пратасевіч заявіў, што неўзабаве польскім урадам будзе створаны адмысловы Фонд падтрымкі дэмакратыі, ад якога беларускія арганізацыі змогуць атрымліваць падтрымку без залішніх бюракратычных перашкодаў. А ў Брусэлі, паводле эўрадэпутата, ужо ў сакавіку адбудзецца працоўнае спатканьне ў працяг варшаўскай канфэрэнцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, у часе якога будуць выпрацаваныя канкрэтныя мэханізмы эўрапейскай дапамогі беларускім дэмакратычным сілам.

 

***

Ва ўхваленым польскім Сэймам дакумэнце “рашуча асуджаецца выкарыстоўваньне рэжымам Лука-кі гвалту і рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва ды фальсыфікацыя вынікаў сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў”.

 

Дэпутаты зьвяртаюць увагу на тое, што “да затрыманых пасьля выбараў ставіліся з парушэньнем канвэнцыі аб правах чалавека, судзілі не даючы права на справядлівы працэс ды магчымасьці абараняцца”, а “частку затрыманых дагэтуль трымаюць у нялюдзкіх умовах”.

 

“У гэтай драматычнай сытуацыі Сэйм Польскай рэспублікі прагне запэўніць усіх, хто змагаецца за дэмакратычную Беларусь, у нашай нязломнай салідарнасьці і падтрымцы. Вы ніколі не застанецеся самотнымі ў сваёй барацьбе. Мы рашуча патрабуем ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня ўсіх арыштаваных ды спыненьня палітычных рэпрэсіяў”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

 

Паводле Сэйму, у сытуацыі, калі беларускія ўлады “вяртаюцца да палітыкі рэпрэсіяў”, у дачыненьнях паміж Варшавай і Менскам “павінен выкарыстоўвацца прынцып ізаляцыі асобаў, адказных за рэпрэсіі і адначасовага адкрыцьця ў дачыненьні да беларускае грамадзтва”.

 

“Сэйм рашуча падтрымлівае дыпляматычныя санкцыі і адначасова выступае за тое, каб грамадзяне Беларусі мелі доступ да рэсурсаў і магчымасьцяў, якія дае Эўрапейскі зьвяз, такіх, як свабода падарожжаў, адкрыцьцё рынку працы, а таксама ўдзел у адукацыйных, навуковых, ды культурніцкіх праграмах”, — адзначаецца ў дакумэнце.

 

Дэпутаты заклікалі таксама парлямэнты ўсіх краінаў Эўропы, парлямэнцкую асамблею АБСЭ і Эўрапейскі парлямэнт “зрабіць рашучыя захады ў справе трывалай падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

 

 

Пачобута вызвалілі

 

Гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута вызвалілі з ізалятара на Акрэсьціна, але дзе ён знаходзіцца — пакуль невядома.

 

Як паведаміў ягоны калега Ігар Банцар, сябры чакалі выхаду Пачобута некалькі гадзінаў. Прыблізна а 17:30 за турэмную браму заехала ненадоўга машына. Калі яна зьехала, яны зьвярнуліся да дзяжурнага, які сказаў, што спадара Пачобута на Акрэсьціна больш няма. Ігар Банцар мяркуе, што Пачобута высадзяць дзесь у горадзе. Яны спадзяюцца, што той здолее ім паведаміць пра месца свайго знаходжаньня.

 

Журналіст "Gazety Wyborczej" гарадзенец Андрэй Пачобут знаходзіўся пад арыштам за знаходжаньне на плошчы ў Менску 19 сьнежня. Суд пакараў яго зьняволеньнем на 15 сутак, але ўлічыў, што Пачобут быў арыштаваны першы раз 19 сьнежня, тады яго пратрымалі ноч у аўтазаку.

 

* * *

Андрэй Пачобут нарэшце сустрэўся са сваімі сябрамі, якія прыехалі ў Менск, каб забраць яго пасьля вызваленьня з Акрэсьціна.

 

Ён расказаў, што міліцыянты прымусам пасадзілі яго ў машыну, бо ён адмаўляўся, вывезьлі і высадзілі ў горадзе. Адзін зь міліцыянтаў меў аўтамат Калашнікава, зазначае Андрэй Пачобут.

 

Абодва мабільныя тэлефоны журналіста, калі ён спрабаваў іх уключыць, аказаліся заблякаваныя. Пазьней яму ўдалося ў салёне сувязі разблякаваць тэлефон, пасьля чаго ён на таксоўцы вярнуўся на Акрэсьціна, дзе побач з турмой яго працягвалі чакаць сябры.

 

Андрэй Пачобут сказаў таксама, што начальнік Акрэсьціна патрабаваў, каб ён нідзе не пісаў пра турму і не даваў інтэрв’ю.

 

 

Беларусь прапануе АДКБ стварыць сьпіс неўяздных

 

Экспэрты разглядаюць прапанову Беларусі, якая зараз старшынюе ў АДКБ, стварыць сьпіс асобаў, уезд якіх непажаданы або забаронены на тэрыторыю дзяржаваў-чальцоў арганізацыі (Жах, як страшна! У Эўропе ды Штатах ужо спужаліся :) — "J.K.").

 

Аб гэтым паведаміў сёньня на пасяджэньні каардынацыйнай рады кіраўнікоў ведамстваў па пытаньнях барацьбы зь незаконнай міграцыяй краін АДКБ генэральны сакратар арганізацыі Мікалай Бардзюжа.

 

— На пасяджэньне вынесенае пытаньне рэалізацыі прапановы прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лука-кі па стварэньні прававых рамак па фарміраваньні сьпісу асобаў, уезд якіх на тэрыторыю дзяржаваў АДКБ забаронены ці непажаданы, — сказаў Мікалай Бардзюжа. — Выносячы гэтае пытаньне на пасяджэньне, мы хацелі б атрымаць экспэртнае меркаваньне.

 

У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан.

 

“Радыё Свабода”

 

 

28 лютага 2011 г.

 

Я зраблю ўсё, каб зьнік канцлягер у цэнтры Менску

 

28 лютага экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта, абвінавачаны па справе аб падзеях 19 сьнежня, Аляксей Міхалевіч заявіў пра катаваньні ў сьледчым ізалятары КДБ, а таксама пра тое, што ён разарваў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую вымушана падпісаў перад тым як выйсьці з ізалятара на падпіску пра нявыезд.

 

Аляксей Міхалевіч, які тыдзень таму быў адпушчаны са сьледчага ізалятара КДБ на падпіску пра нявыезд і неразгалошваньне таямніцы сьледзтва, адну таямніцу "амэрыканкі" вырашыў зрабіць вядомай грамадзтву: КДБ катуе вязьняў ізалятара:

 

— На сёньняшні дзень сьледчы ізалятар КДБ Рэспублікі Беларусь ператварыўся ў канцэнтрацыйны лягер. Тое, што там адбываецца, цалкам падпадае пад міжнародную канвэнцыю ў пытаньнях катаваньняў.

 

Катаваньнямі Алесь Міхалевіч назваў фізычныя і маральныя зьдзекі зь вязьняў — так званыя "расьцяжкі" і выкручваньні рук у кайданках, вывад голымі на холад, доўгае стаяньне ля сьцяны амаль у шпагаце, прымусовае знаходжаньне ў памяшканьні са сьвежапафарбаванай падлогай з пахам ацэтону, абразы, пагрозы, маральны ціск.

 

Адразу пасьля арышту ад Міхалевіча запатрабавалі, каб ён выступіў па БТ з напісаным у КДБ тэкстам з асуджэньнем іншых кандыдатаў на прэзыдэнта. Калі ён адмовіўся, то трапіў пад зьдзекі і катаваньні, а сьледчыя дзеяньні зь ягоным удзелам праводзіліся без адвакатаў, з парушэньнем законаў.

 

— Па выніках гэтага ціску мне быў прапанаваны адзіны варыянт, пры якім я магу вызваліцца і выйсьці пад падпіску пра нявыезд. Гэтым варыянтам было падпісаньне дамовы пра супрацоўніцтва з КДБ, а менавіта, што я павінен быў стаць агентам КДБ. Не пад узьдзеяньнем катаваньняў, а для таго, каб заявіць пра ўсе тыя злачынствы, якія там творацца, пра ўсе катаваньні, я пайшоў на гэты крок. Я падпісаў дакумэнт аб тым, што станаўлюся таемным супрацоўнікам КДБ. Але я хачу сказаць, што я ніколі ня быў і ня буду агентам КДБ. Прашу ўспрымаць маю сёньняшнюю заяву як публічную адмову ад супрацоўніцтва. Прашу лічыць тую паперу несапраўднай і такой, якая ня мае ніякай сілы.

 

Алесь Міхалевіч зазначыў, што сьледчыя, якія вядуць яго справу, у катаваньнях удзелу не прымалі, але і ніяк не рэагавалі на ягоныя паведамленьні пра зьдзекі.

 

Спадар Міхалевіч зазначыў, што поштай падаў заяву пра катаваньні ў КДБ у Генэральную пракуратуру Беларусі і ўпаўнаважанаму ААН па катаваньнях.

 

КДБ хоча фізычна і маральна зламаць палітвязьняў, перакананы Міхалевіч, і таму КДБ адмыслова не дапускае да іх адвакатаў, каб схаваць гэтыя катаваньні.

 

— Я як грамадзянін павінен зрабіць усё магчымае, каб гэтыя катаваньні спыніліся і каб канцэнтрацыйны лягер у цэнтры Менску спыніў існаваньне.

 

Спадар Міхалевіч не выключае, што сёньняшняя заява будзе яму дорага каштаваць:

 

— Ужо сёньня я магу апынуцца зноў у сьледчым ізалятары. Я ўпэўнены, што мой абавязак як грамадзяніна — распавесьці пра тыя ўсе злачынствы, якія робяцца ў сьледчым ізалятары. Таму я спакойна стаўлюся да таго, што магу зноў туды трапіць, і разумею, што ўмовы будуць нашмат горшыя, разумею, што мне будуць помсьціць.

 

Алесь Міхалевіч выказаў упэўненасьць, што іншым палітвязьням таксама прапаноўвалі падпісаць дамовы аб супрацоўніцтве з КДБ, і заклікаў іх распавесьці пра гэта і тым самым паламаць сцэнар уладаў. Ён заявіў, што застаецца законапаслухмяным і не зьбіраецца пакідаць Беларусь да канца сьледзтва. Ён ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым.

 

Алесь Міхалевіч распавёў, што ў камэры зь ім не было іншых палітвязьняў, але ён чуў, як катуюць у суседніх камэрах. Распавёў і пра сваё часовае знаходжаньне ў СІЗА на Валадарцы — у самай горшай камэры, дзе на 15 чалавек было 8 спальных месцаў і дзе таксама зьдзекаваліся зь вязьняў.

 

Валер Каліноўскі

 

 

Заява

(мова арыгіналу)

 

Нягледзячы на тое, што я, Алесь Міхалевіч, экс-кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, звязаны падпіскай аб неразгалошванні таямніцы следства, я лічу, што мушу распавесці пра тое, што адбываецца з затрыманымі вязьняміі ў СІЗА КДБ; Галоўная “таямніца следства” — гэта метады, якія ўжываюцца для таго, каб змусіць людзей падпісаць вымаганыя ад іх паказанні і дэкларацыі. Я лічу, што супрацьзаконныя дзеянні, якія парушаюць не толькі беларускае заканадаўства, але і міжнародныя дамовы, такія як Міжнародная канвенцыя супраць катаванняў, нельга прыкрываць “таямніцай следства”.

 

Як вам вядома, я быў адным з сями кандыдатаў, затрыманых спецслужбамі пасля падзеяў 19 снежня, і адным з некалькіх дзясяткаў дэмакратычных актывістаў, якія патрапілі пад утрыманне пад вартай у СІЗА КДБ.

 

Я адмовіўся зачытаць для ТБ заяву асуджэння іншых кандыдатаў; Выклікі да супрацоўнікаў КДБ пачаліся з першых гадзін затрымання, вяліся без адваката, пратакола, з парушэннем усіх працэсуальных нормаў. Прыблізна з 26 снежня, у адносінах да мяне пачалі прымяняцца дзеянні, якія з’яўляюцца катаваннем.

 

Пры выхадзе з СІЗА КДБ у мяне канфіскавалі дзённік, які я там вёў штодня, але тое, што адбылося, немагчыма сцерці з памяці. Асобныя факты пералічаныя ў дакуманце ніжэй.

 

Па ўрыўках фразаў, пачутых з-за дзвярэй, я зразумеў, што падобныя дзеянні прарабляюць і з іншымі актывістамі, якія адмаўляюцца даваць вымаганыя ад іх паказанні; Адвакатаў не дапускаюць толькі таму, каб зняволеныя не маглі паведаміць пра факты катаванняў. Я непакоюся пра лёс усіх вязняў, асабліва тых, якія не мелі сустрэчаў з адвакатамі з канца мінулага году. Я разумеў, што тое, што з намі робяць, скіравана на ламанне апазіцыйных лідараў. Для мяне выбар быў паміж двума варыянтамі: альбо застацца пад вартай да суду, альбо зрабіць выгляд, што я згодны выконваць патрабаванні супрацоўнікаў КДБ.

 

Умовай майго вызвалення стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве; Я свядома пайшоў на гэты крок, і гэта было прадыктавана не ціскам і катаваннем, але жаданнем данесці інфармацыю пра тое, што адбываецца са зняволенымі.

 

Я адкрыта заяўляю, што ніколі не быў і не буду агентам Камітэта дзяржаўнай бясьпекі! Сваёй публічнай заявай я здымаю з сябе абавязак, які быў пазначаны ў паперы.

 

Я разумею, што ўжо да канца гэтага дня я магу патрапіць назад у СІЗА, і што стаўленне да мяне на гэты раз будзе непамерна’ больш жорсткім; Але я хачу зрабіць усё магчымае, каб выратаваць тых, хто яшчэ застаецца за кратамі, каб аблегчыць лёс гэтых людзей, каб спыніць катаванніі; Я хачу каб у іх была магчымасць выйсці на свабоду не зламанымі, не стаўшымі на шлях супрацоўніцтва, а перадусім проста жывымі.

 

У сваім выступе я адмыслова не раскрываю імёнаў супрацоўнікаў і іншых акалічнасцяў следства; Але ўсе незаконныя дзеянні ў адносінах да мяне, разам з указаннем канкрэтных фактаў, я выклаў у заяве, якую накіроўваю ў Пракуратуру, а таксама ў форме, якая будзе накіравана спецдакладчыку ААН па праблеме катаванняў.

 

Лічу, што пракуратура мусіць правесьці праверку і спыніць зверствы.

 

Разам з тым, я зрабіў падрабязнае апісанне ўсяго, што са мной адбывалася, і накіраваў на захаванне ў надзейнае месца; Гэтыя сведчанні з’явяцца ў публічнай прасторы, у выпадку калі мяне зноў затрымаюць і змесцяць пад варту;

 

Я зраблю ўсё магчымае, каб знік канцлагер у цэнтры Мінску.

 

Спосабы здзекаў. “Амерыканка”

 

1. 10 студзеня “ахоўнікі ахоўнікаў” — людзі ў чорных масках без апазнавальных знакаў — вывалаклі з камеры, сілай пачапілі кайданкі ззаду, паднялі іх так, каб апусціць тварам да бетоннай падлогі. Спусцілі па вінтавой лесьвіцы ў падвальнае памяшканне. Сказалі, выварочваючы рукі за спіной максімальна высока ўверх, пакуль не пачалі хрусцець суставы, што я павінен выконваць усё, што ад мяне патрабуюць.

 

Трымалі рукі падвешанымі за кайданкі доўга і падымалі вышэй і вышэй, пакуль не сказаў, што буду выконваць усё. Супрацоўнікаў ізалятара пры гэтым не было нават на калідорах.

 

2. Сістэматычна — па 5–6 разоў на суткі — выводзілі “на обыск” — на асабісты дагляд. Падчас гэтага ставілі голымі “на расцяжку”, падсякаючы ногі амаль да поўнага шпагата. Калі падсякалі ногі, адчувалася, як ірвуцца звязкі. Ставілі голымі на адегласці каля метра ад сцяны, прымушаючы абаперці рукі на сцяну, у памяшканні, дзе тэмпература не перавышала 10 градусаў. Трымалі так па 40 хвілін, пакуль не ацякалі рукі. Некалькі разоў патрабавалі, каб рукі клаў на сцяну далонямі навонкі і так стаяў.

 

3. Падчас так званага асабістага дагляду ўсіх выганялі ў халоднае памяшканне распранутымі дагала і прымушалі выконваць рэзкія прысяданні па некалькі дзясяткаў разоў. Вязням са слабейшым здароўем падчас гэтага рабілася кепска, але людзей у масках гэта не спыняла.

 

4. На ноч не выключалі дзённае святло, патрабавалі класціся тварам пад лямпу, забаранялі накрываць твар хусткай, “чтоб відеть ліцо”. У выніку пачаў псавацца зрок. Загадвалі спаць, павярнуўшыся тварам да “вочка” ў дзвярах, за гэтым сачылі бесперапынна — калі ты паварочваўся ў сне, заходзілі і будзілі, прымушаючы легчы, як загадана. Фактычна гэта вылівалася ў катаванне адсутнасцю сну.

 

5. Фарбавалі падлогу ў камеры фарбай на ацэтоне, і патрабавалі знаходзіцца ў памяшканні, якое фактычна не праветрывалася, да поўнага высыхання фарбы. Такое ўздзеянне доўжылася болей за сорак гадзінаў запар.

 

6. У саміх камерах тэмпература не перавышала 10 градусаў, ацяіілення практычна не было. На сцяне была чорная плесня, якая разрасталася, калі зачынялі фортку.

 

Паведамілі, што мая камера павінна хадзіць да доктара толькі па чацверах (замест прапісанай у правілах магчымасці наведаць па запатрабаванні). Падчас вымярэння ціску доктар забараняў вязню глядзець на апарат, каб той, каму мераюць ціск, не бачыў паказанні. Запісваў гісторыю хваробы ў журнал, зачыняючы яго паперкай. Выганялі на прагулку ў мароз усіх, нават тых, хто запісаўся да доктара, не кажучы пра тых, у каго не было цёплых рэчаў.

 

Не пускалі адваката, хаця вольныя памяшканні заўсёды былі — мы бачылі пустыя кабінеты па дарозе на ўласныя допыты. (Ніхто з нас не атрымаў магчымасці сустрэцца з адвакатамсам-насам. Гэта было зроблена адмыслова, каб пазбавіць магчымасці распавесці пра катаванні).

 

З камер забралі “Правілы ўнутранага распарадку”, бо адміністрацыя парушала гэты дакумент у дзясятках пунктах. “Людзі ў масках” папярэдзілі, што ў выпадку скаргаў ізноў “падвесяць за кайданкі” У перыяд актыўнага ціску мяне выводзілі на так званы вобшук па 8 разоў за дзень.

 

Грамадзянін Афганістана, які сядзеў у адной камеры са мной і меў досвед знаходжання ў палоне ў талібаў, сказаў, што там няма такой мадэрнізацыі (паказваючы на пасцель і нары), але абыходзяцца з людзьмі там нашмат лепш.

 

“Валадарка”, куды мяне перавялі для таго, каб спужаць (так сказалі ахоўнікі ў масках у “амерыканцы”)

 

У пракуранай камеры на 8 спальных месцаў 15 чалавек. Спалі па чарзе. Калі змена спаць выпадала ўдзень, то даводзілася выбіраць паміж сном і прагулкай. Падчас вобшуку выводзілі на гадзіну ўсіх 15 чалавек у карцэр плошчай 5 квадратаў, дзе некаторыя гублялі прытомнасць. 3 маім з’яўленнем такія вобшукі пачалі праводзіць кожны дзень, каб настроіць камеру супраць мяне.

 

 

Мы чулі трэск электрашокераў

 

Журналістка Натальля Радзіна, якая пасьля выхаду з турмы КДБ жыве ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыезьдзе, пракамэнтавала заяву Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў турме КДБ "амэрыканка". Паводле Натальлі, з жанчынамі-арыштанткамі ахоўнікі абыходзіліся інакш: ім не рабілі "расьцяжак", не было раптоўных ператрусаў, жанчын-вязьняў ня бралі ў кайданкі і не выстаўлялі на холад распранутымі. Але ў тое, што ўсё, пра што распавёў Алесь Міхалевіч, магло адбывацца зь вязьнямі-мужчынамі, Натальля Радзіна верыць, мяркуючы па тым, што чула празь сьцены камэры і ў турэмных калідорах:

 

— Калі мужчын выводзілі на допыты ці на прагулкі, я чула каманды "Рукі за сьпіну!", "Глядзець долу!", чула грукат дубінак, электрычны трэск, відаць "электрашокераў", і тое, што іх прымушаюць літаральна бегчы па калідорах, — згадвае Натальля Радзіна.

 

— Было кожны раз вельмі жахліва ад гэтых гукаў. На іх рэальна гучна крычалі, каб ішлі хутчэй, каб беглі на гэтую прагулку. Там вельмі крутая лесьвіца, і я кожны раз думала, як людзі, той жа кандыдат Саньнікаў ці Зьміцер Бандарэнка, у якога праблемы са сьпінай, як яны могуць бегчы па гэтай лесьвіцы. Гэта немагчыма, гэта на самой справе катаваньне. Гэта тое, што мы чулі, але ня бачылі.

 

Натальлю Радзіну, паводле яе, таксама схілялі да супрацоўніцтва з КДБ.

 

— Ужываліся пагрозы, у тым ліку такія, што "падумай, бо ніколі ня будзеш мець дзяцей.

 

Радзіна мяркуе, ёй дапамагло тое, што падчас допыту з удзелам адваката яна заявіла, што мае намер заставацца незалежнай журналісткай.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Ні прапаноў, ні пагроз, нават кепскага слова на мой адрас не прагучала

 

Намесьнік кіраўніка Партыі БНФ, былы кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў камэнтуе заявы Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў турме КДБ:

 

— Са мной абыходзіліся надзіва прыстойна. Казалі: "Калі ласка, выйдзіце з машыны, калі ласка, прысядзьце, калі ласка, праходзьце". У першую ж ноч пасьля затрыманьня я адмовіўся ісьці на допыт без адваката. І ў КДБ не настойвалі, адзінае — сказалі падпісаць паперу, што без адваката адмаўляецеся адказваць на пытаньні.

 

Самае непрыемнае, бадай, для мяне было тады, калі выклікалі ў КДБ на допыт пасьля таго, як я падаў скаргу ў Вярхоўны суд на ЦВК. І ў размовах "пра жыцьцё" я праседзеў там да дзьвюх гадзін ночы. Думаў, што мяне там і зачыняць. Але не зачынілі.

 

Як толькі мяне затрымалі, у першую ж ноч у КДБ, я ў размове са сьледчымі адразу сказаў: хлопцы, ніякіх непрыстойных у маім разуменьні папер я не падпішу. Нават не прапаноўвайце. Гэтым разам я быў сам вельмі зьдзіўлены. Раней, а мяне затрымлівалі шмат разоў, напрыклад, падчас выбараў 2006 году, мяне за меншыя рэчы, як кажуць, размазвалі па сьценках найкапітальнейшым чынам. А тут ня ведаю чаму, але ні прапаноў, ні пагроз, нават кепскага слова на мой адрас не прагучала.

 

Уладзімер Глод

 

 

Міжнародны экспэрт: гэта — катаваньне

 

28 лютага былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Алесь Міхалевіч на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што вымушаны быў падпісаць заяву пра супрацоўніцтва з КДБ. Толькі на гэтых умовах яго вызвалілі з турмы КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Міхалевіч назваў гэтую турму канцлягерам у цэнтры Менску, дзе адбываюцца катаваньні. Як рэагуюць на гэтыя выказваньні апазыцыйнага палітыка іншыя экс-кандыдаты.

 

Былы кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі так адказвае на пытаньні "Свабоды" — ці прапаноўвалі яму супрацоўнічаць з КДБ? Ці ўжываліся падчас арышту катаваньні?

 

— Я абсалютна разумею тое, што любая рэч, сказаная ці падпісаная мною, можа быць выкарыстана супраць мяне. Таму ніякіх рэчаў, якія я лічу амаральнымі, я не рабіў. Я агучыў абсалютна ўсе абставіны майго вызваленьня. Тыя ўмовы, тыя рэчы, якія былі зробленыя, я агучыў. І ня больш за тое. Калі б мне і была такая прапанова, то нічога, што я лічу амаральным, я не зрабіў бы, я б адмовіўся, прынамсі ў тых варунках, у якіх я быў.

 

На другое пытаньне — пра абставіны майго знаходжаньня ў СІЗА — я таксама адказаў раней досыць поўна і адкрыта. Гэта ня значыць, што я хачу абвінаваціць Алеся Міхалевіча ў хлусьні. Яго словы проста азначаюць, што да розных кандыдатаў, да кожнага палітычнага вязьня стаўленьне можа быць розным. І да кожнага ўжываюць тыя мэтады, якія менавіта для гэтага чалавека лічаць найбольш эфэктыўнымі.

 

Намесьнік кіраўніка Партыі БНФ, былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў цьвердзіць, што ні прапаноў, ні пагроз, ні нават кепскага слова на яго адрас у КДБ не прагучала:

 

— Са мной абыходзіліся надзіва прыстойна. Казалі: "Калі ласка, выйдзіце з машыны, калі ласка, прысядзьце, калі ласка, праходзьце". У першую ж ноч пасьля затрыманьня я адмовіўся ісьці на допыт без адваката. І ў КДБ не настойвалі, адзінае — сказалі падпісаць паперу, што без адваката адмаўляецеся адказваць на пытаньні.

 

Самае непрыемнае, бадай, для мяне было тады, калі выклікалі ў КДБ на допыт пасьля таго, як я падаў скаргу ў ЦВК. І ў размовах "пра жыцьцё" я праседзеў там да дзьвюх гадзін ночы. Думаў, што мяне там і зачыняць. Але не зачынілі.

 

Як толькі мяне затрымалі, у першую ж ноч у КДБ, я ў размове са сьледчымі адразу сказаў: хлопцы, ніякіх непрыстойных у маім разуменьні папер я не падпішу. Нават не прапаноўвайце. Гэтым разам я быў сам вельмі зьдзіўлены. Раней, а мяне затрымлівалі шмат разоў, напрыклад, падчас выбараў 2006 году, мяне за меншыя рэчы, як кажуць, размазвалі па сьценках найкапітальнейшым чынам. А тут — ня ведаю чаму, але ні прапаноў, ні пагроз, нават кепскага слова на мой адрас не прагучала.

 

Пракамэнтаваць словы Алеся Міхалевіча пра ягоныя катаваньні ў беларускім КДБ я папрасіў прадстаўніцу Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, расейскага экспэрта Вікторыю Громаву. Вось як яна пракамэнтавала сьведчаньні экс-кандыдата ў прэзыдэнты з пункту гледжаньня міжнародных правоў чалавека:

 

— …Можна характарызаваць як катаваньні, як жорсткае абыходжаньне зь людзьмі, якія знаходзяцца ў вязьніцы.

 

Праваабаронца Громава таксама сказала, што па падзеях 19 сьнежня ў Беларусі пачынае працаваць спэцыяльны дакладчык АБСЭ Нэйл Джарман зь Вялікай Брытаніі:

 

— Гэты чалавек будзе рабіць высновы пра тое, што адбывалася 19 сьнежня, была гэта акцыя гвалтоўнай ці негвалтоўнай, наколькі былі адэкватнымі дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і г.д.

 

Як паведамляе "БелаПАН", кіраўнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч абверг заяву Міхалевіча аб умовах утрыманьня ў СІЗА (Было б дзіўна, калі б той "спадар" усё пацьвердзіў. — "J.K."):

 

— Што тычыцца ўжываньня катаваньня, то гэтая заява безумоўна не адпавядае рэчаіснасьці.

Паводле спадара Антановіча, больш падрабязную інфармацыю ён зможа даць пасьля таго, як азнаёміцца з заявай Міхалевіча.

 

Уладзімер Глод

 

 

Татальныя допыты працягваюцца

 

Дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты ў мясцовыя аддзелы КДБ і міліцыі ў сувязі з крымінальнай справай аб падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

У панядзелак у Ленінскім райаддзеле міліцыі Магілёва дапыталі актывіста стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Аляксандра Дзямідава. Міліцыянты патлумачылі, што яго мабільны тэлефон быў запеленгаваны 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

 

У аддзеле міліцыі, як кажа Аляксандар Дзямідаў, старшы опэрупаўнаважаны Болатаў паведаміў, што зь Менску прыйшоў ліст з загадам дапытаць яго. Пытаньні тычыліся падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.

 

— Ён пытаўся: што я там бачыў, хто правакаваў беспарадкі, ці браў удзел я ў іх? Таксама спрабавалі высьветліць, ці ўваходжу я ў якую апазыцыйную партыю, альбо ці праўда, што амаль уся партыя БНФ перайшла ў партыю БХД. Я мяркую, што важкіх доказаў, што на Плошчы былі беспарадкі, у іх няма, таму торгаюць усіх, каб хоць што раскалупаць, каб можна было прышыць гэта да справы, — зазначае актывіст.

 

Аляксандра Дзямідава раней ужо выклікалі на допыт у Менск. Ехаць туды бяз позвы ён адмовіўся. Зь лістом, які даслалі магілёўскай міліцыі, актывіст азнаёміўся, і вось яго камэнтар:

 

— Там была такая фраза: "Устаноўлена, што грамадзянін Дзямідаў быў 19-га чысла ў Менску". То бок толькі на падставе таго, што там была мая сімка, зробленая выснова, што я ў сталіцы быў. Хаця я й не хаваю, што я там быў, і я хачу быць сьведкам на судах, аднак так, як работнікі закону робяць высновы, мяне троху напружвае. Я дужа сумняваюся ў іх кампэтэнтнасьці.

 

Тым часам у Менск на допыт спрабавалі выклікаць актывістку грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Марыю Вайнову. Удзельніцу акцыі пратэсту ўжо дапытвалі ў сталіцы месяц таму.

 

— Мне патэлефанаваў старшы ўпаўнаважаны ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму Бяляеў Васіль Пятровіч і сказаў: паколькі кампанія "Velkom" нумары ўсіх тэлефонаў, якія знаходзіліся 19 сьнежня ў раёне плошчы Незалежнасьці, ім аддала, таму яны кожны тэлефон "прабіваюць". Ён запытаўся, хто мяне дагэтуль выклікаў. Я сказала, каб ён сам гэта высьвятляў. Яны паміж сабой не ўзгадняюць працу, таму, відаць, насамрэч ім невядома, што мяне ўжо дапытвалі.

 

ГОМЕЛЬШЧЫНА

 

У Гомелі міліцыянты прымусілі грамадзкага актывіста, былога афіцэра-дэсантніка Юрася Захаранку здаць зарэгістраваны на яго імя баявы пісталет.

 

— У мяне быў пісталет маркі "Beretta", — расказвае Захаранка. — Прыйшоў да мяне дадому ўчастковы й сказаў: ваша пасьведчаньне на дазвол анулявана, таму што вы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 17.1 — дробнае хуліганства. З гэтае прычыны мне й нельга мець пісталет. Яго я мушу альбо прадаць, альбо здаць у міліцыю.

 

Спадар Захаранка палічыў за лепшае здаць пісталет у міліцыю:

 

— Мы склалі акт прыёмкі, і ўчастковы забраў пісталет на ўтылізацыю.

 

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў Юрась Захаранка быў даверанай асобай апазыцыйнага кандыдата Мікалая Статкевіча. 19 сьнежня на досьвітку Юрася прэвэнтыўна затрымалі амапаўцы — ён ішоў з дому на прыпынак грамадзкага транспарту, каб ехаць у сталіцу.

 

Затрыманага Захаранку адвезьлі ў Савецкі райаддзел міліцыі, дзе й склалі пратакол за дробнае хуліганства — ён нібыта гучна лаяўся.

 

З пастарунку давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты завезьлі ў ізалятар, а на наступны дзень суд Савецкага раёну пакараў яго 12 суткамі арышту.

 

У судзе ўжо фігуравала заява нейкага "грамадзяніна Ёфэ". Той нібыта 19 сьнежня прачнуўся а 4 гадзіне раніцы й гуляў на цотным баку вуліцы Барыкіна. І вось гэты самы "грамадзянін Ёфэ" ўбачыў мужчыну ў доўгім паліто й вязанай шапцы й чуў, як гэты мужчына гучна лаяўся. Амапаўцы нібыта рабілі заўвагу, але ж нібыта "мужчына ў доўгім паліто на іх заўвагі не рэагаваў".

 

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

 

Маці гарадзенскага лідэра "Маладога фронту" Алеся Кіркевіча — Ларыса Кіркевіч — паведаміла "Свабодзе", што дамагаецца, каб КДБ зьмяніў сыну меру стрыманьня. Ларыса Кіркевіч пераконвае, што ў турме КДБ у сына пачало балець сэрца.

 

Маці Алеся Кіркевіча пасьля таго, як сын папрасіў даслаць яму лекі ад хваробы сэрца, пачала больш непакоіцца за стан ягонага здароўя. Раней яна перадала сыну выпіскі з гісторыі хваробы, але ня ведае, ці ён іх атрымаў.

 

— Адвакат падала паперы на зьмену меры стрыманьня ў сувязі з тым, што ў яго праблемы з сэрцам, але сьледчы адказаў, што ўсе гэтыя копіі мэдычных дакумэнтаў нібыта нечытэльныя. І яна папрасіла мяне яшчэ раз даслаць выпіскі з мэдыцынскай карткі электроннай поштаю альбо праз скайп, — распавядае Ларыса Кіркевіч.

 

Спадарыня Ларыса кажа, што зрабіла гэта яшчэ раз, але яе зьдзіўляе тое, што гэтыя выпіскі яна ўжо і пасылала, і сама завозіла ў СІЗА. Але там цяпер зноў чамусьці патрабуюць іх наноў.

 

Да ўсяго, спадарыню Ларысу зьдзіўляе і той факт, што адвакатка пасьля прад’яўленьня Алесю абвінавачаньня, што адбылося 3 лютага, так і не дамаглася ніводнай сустрэчы зь ім.

 

— Яна кажа, што, хутчэй за ўсё, да 28 сакавіка, калі сканчаюцца два месяцы, адведзеныя на сьледзтва, усё будзе ціха і спакойна, а пасьля альбо прад’явяць абвінавачаньні, альбо працягнуць тэрмін сьледзтва, — расказвае Ларыса Кіркевіч.

 

Актывістка Беларускага Хэльсынскага камітэту з Горадні Сьвятлана Рудкоўская скардзіцца, што зазнае апошнім часам адміністрацыйны ціск. У панядзелак яе выклікалі да сьледчага ў аддзел барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю, а ў выходныя заўчасна пазбавілі пасады кіраўніка жыльлёва-будаўнічага каапэратыву. Яшчэ раней яе выклікалі ў адміністрацыю Ленінскага раёну Горадні. Сход жыхароў правялі на два месяцы раней за належны тэрмін, і хаця кворуму не было, замест спадарыні Рудкоўскай выбралі іншага чалавека.

 

— Паводле дакумэнтаў да мяне ня можа быць прэтэнзій, у мяне няма ніводнай заўвагі: ні ў кнізе заўвагаў, ні ў кнізе праверак і рэвізій, — кажа Сьвятлана Рудкоўская. — Гэта самы першы ЖБК у горадзе, 1965 году пабудовы.

 

На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах Сьвятлана Рудкоўская актыўна дзейнічала як незалежны назіральнік. Гэтага, як лічыць жанчына, улада ёй не даравала.

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

Віцебскага апазыцыянэра ўжо трэці раз затрымалі за распаўсюд незалежных СМІ пад бел-чырвона-белым сьцягам. 3-га студзеня ён абвясьціў акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга", прысьвечаную 20-м угодкам беларускай незалежнасьці. З тае пары ён рэгулярна выходзіць пад бел-чырвона-белым сьцягам да так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна, дзе распаўсюджвае "Нашу Ніву", часопіс "ARCHE" ды літаратуру па беларускай гісторыі.

 

Пасьля апошняга затрыманьня ўсе выданьні, бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама частку асабістых рэчаў міліцыянты загадалі пакінуць у пастарунку, распавядае Барыс Хамайда:

 

— Затрымалі, склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне. І пазабіралі ўсё: газэту "Наша Ніва", часопіс "ARCHE", нават столік забралі, каб мне ўвогуле не было як стаяць. Хацелі нават сумку забраць, дзе цёплае адзеньне й тэрмас! Але знайшоўся нейкі разумны маёр, які сказаў: "Стойце, гэта ж ягоныя асабістыя рэчы!" А потым павезьлі ў суд і далі 30 базавых за несанкцыянаванае пікетаваньне.

 

Штраф, які прысудзіў спадару Хамайду судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў, складае 1.000.050 рублёў. Іншыя судзьдзі таго самага райсуду — Алена Цыганкова і Алена Грабянчук — дагэтуль двойчы апраўдвалі апазыцыянэра, не знайшоўшы ў ягоных дзеяньнях складу правапарушэньня. Толькі судзьдзя Шыкароў пастанавіў: апазыцыянэр Хамайда праводзіў несанкцыянаваную акцыю. Тым самым судзьдзя пагадзіўся зь меркаваньнямі міліцыянтаў, якія праводзілі затрыманьне.

 

Міліцыянты патрабуюць адмены ранейшых, апраўдальных судовых пастаноў.

 

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

 

Прадпрымальніка зь Берасьця Станіслава Фядзько супрацоўнікі Маскоўскага РАУС Берасьця выклікалі на допыт на падставе таго, што яго тэлефон 19 сьнежня летась быў зафіксаваны на Плошчы ў Менску. Сам прадпрымальнік адмаўляе, што браў удзел у мітынгу пратэсту, кажа праваабаронца Ўладзімер Вялічкін:

 

— Размова ў міліцыі тычылася 19 сьнежня. Паводле міліцыянтаў, тэлефон Станіслава быў зафіксаваны ў Менску на Плошчы. Сам жа прадпрымальнік кажа, што ня езьдзіў у Менск у гэты дзень. Але тут справа нават ня ў тым, ці быў чалавек у пэўным месцы, а толькі ў тым, што чалавек не прымаў удзелу ў нечым кепскім, не рабіў нечага незаконнага. Усё гэта — спроба запалохаць грамадзтва.

 

 

Фотакарэспандэнтку Ксенію Авімаву выклікалі на допыт

 

Раніцай 28 лютага ў кватэру, дзе жыве Авімава, прыйшлі два супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце і выклікалі на допыт у сувязі з падзеямі 19 сьнежня.

 

Міліцыянты прапанавалі Авімавай падвезьці яе да сьледчага ўпраўленьня на вуліцу Сапёраў, аднак дзяўчына паабяцала, што прыйдзе туды сама.

 

Пра гэта паведамляе прэсавая служба БАЖ.

 

 

Улёткі "Свабоду Паўлу Севярынцу!" на галоўнай вуліцы Віцебску

 

Віцебскія актывісты грамадзкага моладзевага руху "Вольны шлях" вырашылі падтрымаць зьняволенага палітыка. У цэнтры гораду зьявілася некалькі дзясяткаў улётак з патрабаваньнем "Свабоду Паўлу Севярынцу!".

 

Улёткі былі вывешаны на слупах і будынках уздоўж цэнтральнай вуліцы Леніна — ад аднайменнай плошчы да плошчы Перамогі.

 

Паводле Аляксандра Кузьняцова, аднаго з стваральнікаў "Вольнага шляху", улёткі мусяць нагадаць мясцовым жыхарам пра тое, што ў СІЗА КДБ з 19 сьнежня мінулага году ўтрымліваюць палітыка-земляка, якога ў Віцебску многія ведаюць і памятаюць.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Праваабаронцы расшукваюць сваякоў Федаркевіча і Хамічэнкі

 

Пад вартай знаходзяцца ўдзельнікі акцыі 19 сьнежня Грыбко Арцём, Федаркевіч Алег і Хамічэнка Уладзімір, якія абвінавачаныя па крымінальнай справе па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Масавыя беспарадкі".

 

Прааабаронцы дагэтуль не маюць звестак пра іх месцазнаходжаньне і фізічны стан, невядома, колькі яшчэ будзе працягвацца следства па іх справе. Паколькі вельмі важна, каб лёсы ніводнага з арыштаваных не засталіся без увагі і падтрымкі неабыякавай грамадскасьці, праваабаронцы заклікаюць адгукнуцца сваякоў і блізкіх сяброў Грыбка, Федаркевіча і Хамічэнкі. Ваша інфармацыя дапаможа аказаць арыштаваным найбольш дзейсную падтрымку і дапамогу.

 

Свае кантактныя звесткі вы можаце дасылаць на электронную скрыню: infocenter8@gmail.com

 

Паведамляе "spring96.org"

 


Міхалевічу затэлефанаваў міністр замежных спраў Чэхіі

 

Размова адбылася ў другой палове дня ў панядзелак. Карал Шварцэнберг выказваў яму сваю падтрымку.

 

Кіраўнік чэшскай дыпламатыі таксама пытаўся, што Еўрасаюз можа зрабіць для беларускіх палітвязняў у гэтай сітуацыі.

 

Міхалевіч папрасіў Шварцэнберга паставіць пытанне аб катаваннях у Беларусі перад упаўнаважаным ААН па правах чалавека. Ён таксама прапанаваў дабівацца доступу прадстаўнікоў адпаведных міжнародных структураў да тых, хто сядзіць. І заклікаў распаўсюдзіць інфармацыю пра катаванні палітвязняў у Беларусі ва ўсім свеце.

Гутарка была працяглай.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Меры физического воздействия ко мне не применялись

 

Меры физического воздействия в СИЗО КГБ в отношении меня не принимались. Об этом заявил Сергей Возняк на пресс-конференции в офисе Партии БНФ, которая посвящена годовщине начала деятельности кампании "Говори правду!".


Напомним, сегодня экс-кандидат в президенты Алесь Михалевич рассказал шокирующие подробности своего пребывания в СИЗО КГБ, в частности, о том, что ему в ультимативной форме было предложено выступить на БТ и осудить действия других кандидатов, а также о применении пыток.

 

Виталий Гарбузов

 

“Народная Воля”

 

 

Вярбоўка Міхалевіча не азначае вярбоўкі астатніх выпушчаных

 

У сваім блогу на выкрыцці Алесь Міхалевіча адгукнуўся былы начальніка ізалятара на Валадарцы Алег Алкаеў.

 

Не веру ў "глупства" КДБ дапусціў такую недаравальную прамашку, як вярбоўка А. Міхалевіча.

 

Упэўнены, што супрацоўнікі, якія працавалі з экс-кандыдатам у прэзідэнты, прадугледзелі магчымасць "раскаяння" новаспечанага агента. Падобны паварот падзей абавязаны прадумаць нават пачатковец-аператыўнік, які вярбуе кішэннага злодзея. Таму вярбоўка лічыцца завершанай толькі тады, калі ў вербаванага, выключаюцца ўсе шанцы "даць" зваротны ход. Лічу, што менавіта фактар наступнага "раскаяння" і быў галоўнай мэтай "вярбоўкі". "Прызнанні" Міхалевіча паставілі пад сумнеў абставіны вызвалення з-пад варты астатніх вязняў "амерыканкі". Зараз атрымліваецца, што і яны павінны будуць растлумачыць умовы свайго вызвалення. Але, пасля "прызнанняў" Міхалевіча, любыя іх тлумачэнні будуць выглядаць відавочна запозненымі і няшчырымі. А гэта абавязкова адаб’ецца на іх рэпутацыі.

 

 

Актывістаў АГП затрымалі перад акцыяй Салідарнасці з палітзняволенымі

 

Сем моладзевых актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі былі затрыманыя каля 14:00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Хлопцы збіраліся правесці акцыю салідарнасці з палітзняволенымі.

 

— Мы збіраліся на акцыю да будынка КДБ з партрэтамі палітзняволеных, — каментуе Захар Міхалкін, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі. — Калі на падыходзе мы пабачылі людзей у штацкім, то развярнуліся і пайшлі на Кастрычніцкую плошчу. Пасля абмеркаванняў вырашыліся ўсё ж такі вярнуцца да КДБ і паспрабаваць правесці акцыю. Аднак нас затрымалі, пасадзілі ў аўтобус і павезлі ў Цэнтральны РУУС. Супрацоўнікі РУУС вялі сябе досыць карэктна, але ўзялі адбіткі пальцаў і дапыталі нас. Праз 3 гадзіны ўсіх адпусцілі, папярэдне мы падпісалі пратаколы допыту.

 

Сярод затрыманых былі Алег Корбан, Аляксандр Стапаненка, Дзмітрый Байкоў, Алег Кероль, Дзмітрый Сільчанка, Міхаіл Мікуліч, Захар Міхалкін. У дадзены момант усе на свабодзе.

 

Настасся Шамрэй

 

 

Жонка прэзідэнта Польшчы затэлефанавала Мілане Міхалевіч

 

— Жонка прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага прасіла мяне пераказаць мужу яе вялізнае шанаванне, — распавяла “Нашай Ніве” Мілана Міхалевіч, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты. — Яна сказала, што разумее, у якой сітуацыі мы цяпер знаходзімся, бо сама была ў такой сітуацыі 30 гадоў таму.

 

Цяперашні прэзідэнт Польшчы таксама быў зняволены ў часе рэпрэсій камуністычнага ўрада супраць апазіцыі.

 

Ганна Камароўская таксама сказала, што “не варта страчваць надзею”.

 

Сёння ўвечары жонка прэзідэнта Польшчы патэлефанавала таксама жонцы Міколы Статкевіча, зняволенага ў СІЗА КДБ.

 

Марына Адамовіч расказала для “Радыё Свабода”:

 

— Гэта было добрае, людскае тэлефанаванне. Яна цікавілася лёсам Міколы Статкевіча, любой інфармацыяй пра яго. Нават пра тое, ці магчыма яму перадаваць звычайныя пасылкі. Яна згадала, што для яе гэта добра зразумелае “свята пасылкі”, бо яе муж таксама ў свой час быў у турме. Я не ведаю польскай мовы, але мы добра разумеліся без перакладчыка. Я падзякавала спадарыні Ганне за тое, што Польшча адна з краін, якая паслядоўна адстойвае сваю пазіцыю ў абарону палітвязняў і правоў чалавека ў Беларусі. Гэтае тэлефанаванне неяк усцешыла мяне.

 

Марына Адамовіч расказала, што адвакатка не бачыла Міколы Статкевіча ўжо амаль два месяцы, з 29 снежня. Першыя лісты пачалі даходзіць пасля пасяджэння Еўрапарламента ў студзені.

 

Мікола Бугай

 

“Наша Ніва”

 

 

Справу Севярынца вылучылі асобна і рыхтуюць да перадачы ў суд

 

У нядзелю зранку маці зьняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца Тацяна Яўгенаўна паведаміла пра чарговы атрыманы ліст ад сына, датаваны 23 лютага, дзе Павал піша: "Справу маю вылучаюць асобна і рыхтуюць для перадачы у суд. Неўзабаве будзем знаёміцца з матэрыяламі".

 

Гэтыя зьвесткі Тацяна Севярынец спрабуе спраўдзіць у адваката сына Паўла Сапелкі, аднак зьвязацца зь ім пакуль не атрымалася.

 

Таксама ў лісьце Павал паведаміў, што атрымаў ліст ад Настачкі Палажанкі.

 

Тацяна Севярынец вельмі турбуецца, ці перадаюць сыну перадачы, бо ўжо ў другі ліст запар Павал згадвае пра зубную шчотку, ў той час як яшчэ 16 лютага маці перадала яму ў перадачы ажно дзьве.

 

“Прэсавая служба БХД”

 

 

Лука-ко освистали

 

Это случилось 27 февраля на стадионе "Минск-Арена" во время игры менского хоккейного клуба "Динамо". Свист был такой сильный и массовый, что закладывало уши.

 

Лука-ко присутствовал на четвертом матче серии 1/4 финала Западной конференции. После того как диктор объявил о его присутствии, в зале раздались жидкие аплодисменты и оглушительный свист.

 

Местами свист был такой сильный и массовый, что "закладывало уши", сообщил газете "Наша Ніва" присутствующий там читатель. Тем разительнее был контраст: когда на лед выходили хоккеисты "Динамо", публика приветствовала их продолжительными овациями.

 

На матче присутствовало около 16 тысяч зрителей — такую массу людей невозможно контролировать с помощью подсадных агентов. Факт освистания Лука-ко обсуждается на форумах "Прессбола" как необычный.

 

Стоит напомнить, что в свое время революция в Румынии началась с освистания диктатора на митинге, который он собрал в свою поддержку. Свист тогда настолько смутил Чаушеску, что тот прервал речь и сошел с трибуны.

 

В Беларуси публичная критика Лука-ко не звучит. Так называемые "государственные СМИ" дают только позитивную информацию о нем и его деятельность и не позволяют никаких негативных оценок.

 

Сам Лука-ко в последние годы появляется только в подготовленных аудиториях, которые находятся под строгим контролем его Службы охраны, что создает специфическую психологическую атмосферу.

 

По некоторым оценкам, рейтинг Лука-ко в преддверии выборов порядка 20-30%. В отличие от прошлых времен, сквернословие на его адрес сейчас можно нередко услышать в общественном транспорте и очередях в магазинах и банках.

 

Освистание 27 февраля, похоже, было спонтанным. Его не спровоцировала ни одна из оппозиционных групп. Нигде нет и видео эпизода.

 

"Салідарнасць" отмечает, что болельщики давно заприметили, что присутствие Лука-ко плохо влияет на игру хоккеистов. Если в субботу в его отсутствие "Динамо" одержало уверенную победу над тем же "Локомотивом", то воскресенье принесло менчанам и их поклонникам разочарование: "Динамо" уступило "Локомотиву" со счетом 2:4 (1:2, 0:2, 1:0). Таким образом, плохая примета сработала, а Лука-ко подтвердил репутацию антиталисмана.

 

К счастью, он не поедет на пятый матч серии, который состоится в Ярославле 1 марта, так что есть надежда, что "динамовцы" возьмут реванш.

 

“charter97.org”

 

 

1 сакавіка 2011 г.
 

Судны дзень за Плошчу
(Онлайн-рэпартаж)

 

1 сакавіка ў Менску праходзяць адразу тры працэсы над удзельнікамі падзей 19 сьнежня. У Фрунзенскім судзе судзяць трох удзельнікаў Плошчы, яшчэ два працэсы адбываюцца ў Маскоўскім раённым судзе.

 

9:40 У Фрунзенскім судзе для працэсу выдзелілі маленькую залю, усяго на 36 месцаў. Перад уваходам у залю сабралася даволі шмат "людзей у цывільным", маладых коратка стрыжаных хлопцаў, якія могуць заняць пэўную частку месцаў у залі. Пакуль у залю прапускаюць сваякоў.

 

У Маскоўскім судзе працягнецца працэс над грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам. Жыхароў Менску Гапонава і Брэўса, якія маюць від на жыхарства ў Беларусі, пачалі судзіць 22 лютага. Пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы, калі прысутныя ў залі суду чакалі прызначэньня судовых спрэчак, прадстаўнік абвінавачаньня нечакана ўзяў перапынак да 1 сакавіка, каб падрыхтавацца да вылучэньня новых абвінавачаньняў.

 

Таксама ў Маскоўскім судзе будуць судзіць менскага прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя.

 

У Фрунзенскім судзе судзьдзя Тацяна Чаркас будзе весьці працэс над прэсавым сакратаром Андрэя Саньнікава Аляксандрам Атрошчанкавым, а таксама над Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым.

 

Маці Малчанава Галіна Андрэеўна жыве ў Барысаве. Зьміцер Новік — з Баранавічаў.

 

Прэсавы сакратар штабу Саньнікава Аляксандар Атрошчанкаў — найбольш вядомая з усіх падсудных асоба. Пра Атрошчанкава згадвалася і ў прапагандысцкім фільме БТ "Жалезам па шклу". Паведамлялася, што ён нібыта ўдзельнічаў у штурме ўваходу Дома ўраду.

 

9:55 У Маскоўскім раённым судзе сёньня працягнецца працэс над грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам. У залю запусьцілі журналістаў і праваабаронцаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці. Прысутнічаюць усе асноўныя расейскія тэлеканалы, прадстаўнікі расейскай амбасады ў Менску, шмат праваабаронцаў, журналістаў, якім дадзена магчымасьць зрабіць відэа- і фотаздымкі да пачатку працэсу. Праваабаронцы не выключаюць, што абарона можа запатрабаваць некалькі дзён для вывучэньня матэрыялаў і падрыхтоўкі сваёй пазыцыі.

 

10:00 У судзе Фрунзенскага раёну, дзе будзе праходзіць суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, увесь трэці паверх і лесьвіцы забітыя людзьмі, месцаў у залі пасяджэньняў ужо няма. Сярод прысутных — Аляксандар Мілінкевіч.

 

10:10 Пачаўся працэс над Брэўсам і Гапонавым. Пракурор зачытвае сьпіс пацярпелых міліцыянтаў, іх больш за 10 чалавек. Паводле пракурора, Брэўс і Гапонаў нібыта ў гэтым бралі ўдзел, білі нагамі міліцыянтаў.

 

10:13 Менскага прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя даставілі ў залю суду Маскоўскага раёну. Там забаранілі відэа- і фотаздымкі.

 

10:15 Суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. У залі прысутнічаюць дыпляматы ЗША, Латвіі, Чэхіі ды іншых краінаў. Шмат ахвотных у залю суду не патрапілі, бо няма месцаў. Частка людзей стаіць у калідоры.

 

10:16 На судзе паведамілі, што Брэўс і Гапонаў падпісаліся, што азнаёміліся з новым абвінавачаньнем.

 

10:21 Пачалося паседжаньне суду над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. Іх судзяць у адным працэсе. Судзьдзя высьвятляе асобы падсудных. Відэа- і фотаздымка забароненая.

 

10:22 У судзе Маскоўскага раёну пачаўся працэс над менскім прадпрымальнікам Дзьмітрыем Мядзьведзем. Судзьдзя Алена Рудніцкая, адвакат Сяргей Лепеш, прадстаўнік абвінавачваньня спадар Мазоўка.

 

10:24 Суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. Судзьдзя Тацяна Чаркас у сувязі з тым, што грамадзкі пазоўнік у суд не зьявіўся, вырашыла пачаць безь яго. Прадстаўніца абвінавачаньня — Маладцова, адвакаты — Быліна, Станковіч, Мушынскі.

 

10:25 У судзе над Брэўсам і Гапонавым пракурор хадайнічае аб далучэньні да справы дакумэнтаў аб 15-ці пацярпелых міліцыянтах.

 

10:30 Суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. Судзьдзя выйшла ў дарадчы пакой, каб вынесьці пастанову, ці спыняць разгляд пытаньня пра матэрыяльную шкоду, паколькі тая была раней выплачаная. Перапынак у працэсе.

 

10:30 На судзе над Брэўсам і Гапонавым абвешчаны маленькі перапынак на 10 хвілін. Адвакаты заявілі хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня, матывуючы гэта тым, што абвінавачаныя раней не былі судзімыя. Пракурор выступіў супраць.

 

Новае абвінавачаньне Брэўсу і Гапонаву — фактычна тое самае: ва ўдзеле ў масавых беспарадках, толькі цяпер да яго далучаныя пацярпелыя міліцыянты. Не апраўдаліся прадказаньні, нібыта расейцам выставяць мякчэйшае абвінавачаньне.

 

10:35 Аляксандра Малчанава вінавацяць у абразе дзяржаўных сымбаляў і ўдзеле ў масавых беспарадках. Зьмітра Новіка і Аляксандра Атрошчанкава — ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

 

10:38 У судзе Маскоўскага раёну пракурор абвінавачвае Дзьмітрыя Мядзьведзя ў збройным супраціве і гвалтоўных дзеяньнях супраць некалькіх міліцыянтаў. Імкнуўся прарваць ачапленьне, наносіў удары нагамі. Таксама яму прад'яўлены пазоў.

 

Абвешчаны 20-хвілінны перапынак у зьвязку з тым, што яму перакваліфікавалі абвінавачаньне. Цяпер яно больш дэталёва сфармуляванае. Нібыта ён карыстаўся мэталічнымі прутамі, бутэлькамі з запальнай сумесьсю, нанёс фізычную шкоду прыкладна 10 міліцыянтам.

 

10:45 Суд над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым. Паколькі грошы за матэрыяльныя страты былі выплачаныя, пазоўнік — Гаспадарчае ўпраўленьне адміністрацыі прэзыдэнта — адмовіўся ад матэрыяльных прэтэтнзіяў.

 

10:45 Адвакат Новіка выступіла з хадайніцтвам пра зьмену меры стрыманьня. Суд пайшоў у пакой для нарадаў.

 

10:45 Прозьвішчы міліцыянтаў, якія нібыта пацярпелі ад дзеяньняў Брэўса і Гапонава: Булавацкі, Скараход, Кудравец, Кшталанаў, Івашок, Волкаў, Зянкевіч, Далідовіч, Комар, Сапач, Палавінкін, Лявіцкі, Масальскі, Піліпейка, Караваеў. У суд прад’яўлены пратаколы іхніх допытаў, пастановы аб накіраваньні іх на мэдычныя экспэртызы.

 

10:50 У судзе над Гапонавым і Брэўсам паседжаньне суду адклалі да 10-га сакавіка, каб абарона магла падрыхтавацца. Хадайніцтва адвакатаў адхілілі, Брэўс і Гапонаў застаюцца пад вартай.

 

10:58 Суд адмовіўся зьмяніць Новіку меру стрыманьня.

 

10:59 Зачытваецца абвінавачваньнне Малчанаву: за абразу дзяржаўных сымбаляў. Нібыта сарваў з будынка КДБ два сьцягі.

 

11:00 Прадстаўнік абвінавачаньня кажа, што Малчанаў быў п’яны і дзейнічаў таксама ў згодзе з Атрошчанкавым і Новікам. З ужываньнем фізычнай сілы незаконна спрабаваў трапіць у Дом ураду.

 

11:00 Працэс над менскім прадпрымальнікам Дзьмітрыем Мядзьведзем у Маскоўскім раённым судзе перанесьлі на 10 сакавіка ў сувязі з новым абвінавачаньнем.

 

11:30 Расейская амбасада ў Беларусі лічыць абвінавачаньні Арцёму Брэўсу і Івану Гапонаву надуманымі і патрабуе іх вызваленьня.

 

— Пазыцыя амбасады палягае ў тым, што мы лічым абвінавачваньні Брэўсу і Гапонаву надуманымі і лічым, што яны павінны быць вызваленыя, — заявіў журналістам у аўторак у Менску дарадца расейскай амбасады Вадзім Гусеў.

 

— Мы настойваем на вызваленьні расейскіх грамадзян. Наша пазыцыя па гэтым пытаньні не мяняецца. Яна была неаднаразова выказаная міністрам замежных спраў Расеі і вышэйшым кіраўніцтвам краіны, — сказаў Гусеў.

 

11:02 Новіка вінавацяць у тым, што ён разам з натоўпам прымаў актыўны ўдзел у масавых беспарадках з узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Каля 22 гадзіны разам з Малчанавым і Атрошчанкавым спрабаваў незаконна прайсьці ў Дом ураду. Нанёс ня менш як 21 удар па дзьвярах.

 

11:04 Атрошчанкаў віну не прызнаў цалкам. Дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў дапытаць спачатку Малчанава, Атрошчанкава, Новіка, сьведкаў і разгледзець пісьмовыя матэрыялы справы.

Атрошчанкаў абвінавачваецца ў тым, што дзейнічаў у складзе натоўпу, узяў актыўны ўдзел у масавых беспарадках. У 22:15 ён узгоднена з Малчанавым і Новікам спрабаваў з ужываньнем фізычнай сілы трапіць у Дом ураду. Нанёс ня менш як адзін удар.

 

11:06 Малчанаў сваю віну прызнаў цалкам. Новік — прызнаў часткова.

 

11:09 Пачаўся допыт Малчанава.

 

— Зь якой мэтай прыехаў 19-га ў Менск?

 

— Я прыехаў у Менск, каб прыняць удзел у дэманстрацыі, — сказаў Малчанаў.

 

— Калі вырашылі?

 

— Я ведаў пра яе задоўга, а канкрэтнае рашэньне прыняў за дзень да пачатку… Я ня згодны з палітыкай дзейнага прэзыдэнта, хацеў далучыцца да людзей, якія таксама ня згодныя... Даведаўся пра мітынг са СМІ, мой прыезд быў маёй асабістай ініцыятывай… Прыбыў у Менск на машыне зь дзьвюма іншымі асобамі, — адказаў Малчанаў.

 

Далей распавядае, што рабіў у Менску да Плошчы:

 

— Калі людзі пайшлі ў бок плошчы Незалежнасьці, я згубіў хлопцаў, зь якімі прыехаў, і ішоў адзін у натоўпе. Ля будынка КДБ я сарваў 2 дзяржаўныя сьцягі, залезшы на калёну. Я нічога не скандаваў. Людзі скандавалі: “Пара мяняць лысую гуму".

 

Я быў упэўнены, што мітынг пройдзе мірна, выступяць людзі, ня будзе ніякіх разгонаў і пагромаў, выступяць былыя кандыдаты ў прэзыдэнты.

 

Калі праходзілі паўз КДБ, хтосьці сказаў, што каб я быў вышэйшы, то сарваў бы гэтыя сцягі, а мне рост дазваляў, і я падбег, сарваў. У мяне была эўфарыя, ніякай агрэсіі. Пачуў прапанову, а пра яе сутнасьць не задумваўся. Вялкі шумны натоўп, усе радасныя, і гэты настрой перадаўся мне. Кінуў два дзяржаўныя сьцягі на зямлю, бо не зьбіраўся іх несьці далей.

 

Далей пайшоў на плошчу Незалежнасьці, залез на снегаўборачны трактар, памахаў зь яго бел-чырвона-белам сьцягам. Я пабачыў, што вельмі шмат людзей, ня бачна было ні пачатку калёны, ні канца.

 

Прызнаў, што адзін ці два разы штурхнуў дзьверы Дома ўраду. Пачуў заклік спыніць правакацыі і адышоў ад дзьвярэй. Потым падышоў зноў разам з натоўпам паглядзець, што там адбываецца, пачуў гук шкла, якое б’ецца. Нанёс некалькі ўдараў па драўляных шчытах, якія закрывалі дзьверы.

 

— Зь якой мэтай наносілі удары?

 

— Гэта быў эфэкт натоўпу. Я ня думаў пра гэта, зь якой мэтай гэта раблю. Была пэўная эўфарыя. Я закінуў за агароджу скол шкла, каб ён не траўмаваў людзей. Думаў, што там за загародкай няма людзей. Пазьней я пабачыў, што там ёсьць супрацоўнікі міліцыі.

 

Калі я падняўся на дзьверы, каб паглядзець, што там, дзьверы былі ўжо адчыненыя. Пабачыў кандыдата Рымашэўскага, які спрабаваў спыніць натоўп. Пасьля Плошчы пайшоў на чыгуначны вакзал і сеў на электрычку ў Барысаў. Гэтых людзей, зь якімі ў адным працэсе, я ня ведаў раней.

 

На сёньняшні момант ацэньваю свае дзеяньні — гэта была памылка, беспарадкі і хуліганства і ў іх ня варта было браць удзел. Зараз я шкадую, што прыняў у гэтым удзел, — сказаў Малчанаў.

 

На пытаньне адваката Санковіча Малчанаў адказаў, што ня чуў патрабаваньняў міліцыі на плошчы Незалежнасьці. Толькі ўжо падчас разгону пачуў іх патрабаваньні разысьціся.

 

11:48 Пачынаецца допыт Атрошчанкава. З абвінавачаным Малчанавым Атрошчанкаў зусім не знаёмы. З Новікам бачыўся да таго адзін раз падчас выбарчай кампаніі — пагаварылі пра выбары, збор подпісаў. Гэта быў кароткі эпізод.

 

— Зь якой мэтай прыйшлі на Плошчу?

 

— Я прыйшоў, каб прысутнічаць на мітынгу. Прэзыдэнцкія выбары — вельмі значная падзея, і я прыйшоў як журналіст асьвятляць гэты мітынг, — паведаміў Атрошчанкаў.

 

— Ці вядома вам было, якая мэта мітынгу?

 

— Я ведаў, што там будуць кандыдаты на прэзыдэнта. Я ведаў, што кандыдаты на прэзыдэнта плянуюць мірную акцыю, — заявіў Атрошчанкаў.

 

— Ці можна назваць гэта акцыяй пратэсту?

 

— Ня ведаю, — сказаў Атрошчанкаў.

 

Аднак Атрошчанкаў прызнаў, што там былі людзі, нязгодныя з Лука-кам. Як журналіст ён хацеў асьвятляць, што адбывалася на плошчы.

 

Як прэсавы сакратар ён са СМІ кантактаваў больш у тэхнічным ключы, арганізоўваў інтэрвію Андрэя Саннікава, сваіх камэнтароў не даваў.

 

— Я нікога не заклікаў прыйсьці на мітынг, — заявіў Атрошчанкаў.

 

Распавядае, што асабіста рабіў на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці:

 

— Там былі ўсе апазыцыйныя кандыдаты, апрача Някляева. Зьмест іх выступаў згадаць не магу.

 

Я назіраў за тым, як білі. Сам стаяў ля помніка Леніну і стараўся стрымліваць журналістаў, якія хацелі падняцца да кандыдатаў, каб не было цісканіны.

 

Спробаў адкрыць забарыкадаваныя дзьверы я ня бачыў. Ніякіх прадметаў у руках людзей, якія білі дзьверы, ня бачыў.

 

Пазьней разам з натоўпам падыйшоў да будынка Дома ўраду.

 

Калі выскачылі спэцназаўцы, я знаходзіўся ля ганку Дома ўраду.

 

— Ці сам натоўп пайшоў да Дома ўраду, ці заклікалі? — запытаўся Судзьдзя.

 

— Я ня чуў такіх заклікаў... Я не прымаў удзелу ў масавых беспарадках. Для мяне нават сумнеўна, што там былі беспарадкі. Не было ніякіх падпалаў, не было супраціўленьня міліцыі. Было толькі разбіта некалькі шыбаў... Калі пачаўся разгон, тады я пакінуў плошчу Незалежнасьці.

 

— Калі натоўп рушыў на дзьверы з крыкамі: "Раз! Два! Тры!", я выйшаў з гэтага натоўпу. Ніякіх прадметаў у руках людзей ня бачыў. Ніякіх актыўных дзеяньняў я не рабіў. Стаяў і назіраў... Я ніякіх удараў не наносіў. Актыўных дзеяньняў там ня вёў.

 

Супрацоўнікі міліцыі ніяк не перашкаджалі шэсьцю, толькі кардон супрацоўнікаў ДАІ, які я лёгка абышоў. Ля Дома ўраду я ня чуў заклікаў міліцыі разысьціся, — адказаў Атрошанкаў.

 

12:25 Адвакат папрасіў далучыць да справы рэкамэндацыйны ліст, які пацьвярджае, што на момант знаходжаньня на Плошчы Атрошчанкаў супрацоўнічаў зь міжнародным інфармацыйным парталам Delfi.Судзьдзя далучыла дакумэнт да справы.

 

12:30 Пачаўся допыт Зьмітра Новіка.

 

— 19 сьнежня я быў на Кастрычніцкай плошчы каля 19 гадзіны. Я ведаў, што там будзе мітынг, я раней не прымаў у іх удзелу і хацеў пабачыць, што гэта такое. Даведаўся са СМІ, з інтэрнэту ў першую чаргу. Агучваліся ў СМІ розныя мэты мітынгу — у тым ліку чаканьне афіцыйных вынікаў выбараў. Я ня ведаў, ці дазволены гэты мітынг.

 

На плошчы Незалежнасьці людзі паводзілі сябе мірна. Ніякага намеру захапіць Дом ураду ў людзей не было.

 

Гэта была акцыя пратэсту. АМАП пачаў адсякаць людзей. Я ня бачыў, як ламалі дзьверы.

 

Калі я апынуўся ля Дома ўраду, дзьверы аказаліся пабітымі.

 

Людзі паводзілі сябе мірна. Натоўп ня быў агрэсіўным. Была ў людзей эўфарыя. На 15 сэкундаў я падбег да ўваходу і стункуў нагамі па загародцы. Пазьней супакоіўся і вырашыў сысьці, бо зразумеў, што АМАП будзе разганяць, і зрабілася небясьпечна.

 

10 разоў я ўдарыў нагой у загародку і 2-3 разы штурхнуў яе рукамі. Цяпер мне сорамна за гэта. Гэта было неабдумана. У мітынгу нічога кепскага не было. Гэта была мірная акцыя.

 

Новік сказаў, што быў кіроўцам у амбасадзе Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

 

— Намеру зьнішчыць дзьверы не было. Біў па сталах і загародцы, якія не былі пашкоджаныя. А дзьверы былі разламаныя і раней.

 

13:05 У судзе над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым абвешчаны перапынак.

 

14:05 Працэс аднавіўся. Дапытваюць 5 сьведак. Першым дапытваюць сьведку Сяргея Сазонава, студэнта з Барысава, сябра Малчанава. Сазонаў паведаміў, што Малчанаў раней быў у арганізацыі "Зубр". Прадстаўніца абвінавачваньня распытвае сьведку пра палітычныя погляды Малчанава. Сазонаў паведаміў, што Малчанаў яму тэлефанаваў 19-га з Плошчы, але ніякай канкрэтыкі не казаў.

 

14:15 20 сьнежня Сазонаў сустрэўся з Малчанавым зноў і той расказаў яму пра падзеі ў Менску, пабітыя шыбы ў Доме ўраду. Малчанаў паказаў Сазонаву відэа з Плошчы, на якім зафіксаваны Малчанаў, які біў дзьверы Дома ўраду. Сьведка кажа, што Малчанаў патлумачыў яму мэту акцыі — дамагацца новых выбараў, зьвергнуць дзейны ўрад.

 

14:20 Сазонаў бачыў таксама відэа, як Малчанаў махаў нацыянальным сьцягам.

 

14:22 Прадстаўніца абвінавачваньня запыталася Сазонава, як Малчанаў у размове зь ім ацэньваў свае дзеяньні на Плошчы. Сазонаў адказаў:

 

— Ён потым шкадаваў, казаў, што за ім могуць прыйсьці з КДБ.

 

Сам Малчанаў патлумачыў, што ён паказваў Сазонаву відэа з YouTube.

 

14:25 Сьведка ня мае ніякіх зьвестак, што Малчанаў 19-га быў нецьвярозы.

 

14:27 Дапытваюць наступнага сьведку, беспрацоўнага Валянціна Прытыку з Барысава. Прытыка сказаў, што даўно ведае Малчанава, са школы, мае зь ім сяброўскія адносіны. Абвінаваўца зноў распытвае пра палітычныя погляды Малчанава, сьведка нічога ня можа сказаць.

 

Сьведка кажа, што Малчанаў казаў яму што зьбіраецца 19-га паехаць у Менск пагуляць.

 

— Без паняцьця, не памятаю, — так адказвае сьведка на большасьць пытаньняў абвінаваўцы. — Ужо даўно было.

 

Не памятае таксама, ці тэлефанаваў яму Малчанаў з Плошчы 19-га:

 

— Пра Плошчу 20-га студзеня мы не гаварылі, відэа ён мне не паказваў.

 

Бачыў толькі па тэлебачаньні відэа з Плошчы, але Малчанава на ім не заўважыў.

 

Абвінаваўца кажа, што ў ходзе папярэдняга следзтва сведка даваў іншыя паказаньні.

 

У пратаколе занатавана, што ён адгаворваў Малчанава ехаць на плошчу.

 

14:36 Наступны сьведка — Віталь Палюховіч, 1984 году нараджэньня, супрацоўнік КДБ.

 

Паведаміў, што 19-га сьнежня ён быў у дзяжурным нарадзе па КДБ. Паведаміў, што дзяржаўныя сьцягі знаходзіліся на калонах цэнтральнага ўваходу будынку КДБ. Ён ахоўваў унутраны пэрыяд і фасад будынку КДБ.

 

— 19-га сьнежня вялікая колькасьць людзей ішла з боку праспэкту да Пэдінстытуту. І каб не правакаваць інцыдэнтаў, усе супрацоўнікі КДБ пайшлі ўнутар будынку КДБ.

 

Я назіраў некаторыя моманты праз вокны. Боек не было, бутэлькі не кідалі. Штосьці крычалі, былі супрацоўнікі СМІ. Самога інцыдэнту з дзяржаўным сьцягам ня бачыў. Пазьней бачыў гэты момант толькі на відэаздымцы з камэры назіраньня. Было бачна, ня вельмі дакладна, а але бачна, што хтосьці з маладах хлопцаў зьняў дзяржаўны сцяг і павесіў палатно зь бел-чырвона-белай сыміболікай.

 

Нейкіх дзеяньняў зь у дачыненьні да дзяржаўных сцягоў сьведка ня бачыў.

 

Сьведка не заўважыў, хто павесіў бела-чырвона-белы сьцяг, ці той самы, хто зьняў.

 

Што дэманстранты рабілі са зьнятымі сцягамі, сьведка ня бачыў.

 

Сьведка сказаў, што менавіта ён па загадзе кіраўніцтва пайшоў зьняць бел-чырвона-белы сьцяг. Павесіў дзяржаўныя сьцягі на папярэдняе месца.

 

Падрабязна апісвае адзеньне таго хто зьняў сьцяг: "Меў чорную шапку зь белымі фрагментамі". Кажа, што той, хто вешаў нацыянальны сьцяг, атрымліваў нібыта нейкія ўказаньні па тэлефоне.

 

14:48 Наступны сьведка прыйшоў у вайсковай форме — Валянцін Казыра, 1982 года нараджэньня, таксама супрацоўнік КДБ. Казыра 19-га сьнежня таксама дзяжурыў у КДБ. Яго таксама распытваюць пра эпізод з сарванымі сьцягамі і відэазапісы гэтага інцыдэнту.

Сьведка паказаў:

 

— 21:09 пачаўся рух ад Палаца рэспублікі. У 21:12 на прыступках будынку КДБ сталі рэпартэры. У 21:17 адзін малады чалавек падбег зьняў сьцяг зь левай калоны, кінуў на зямлю, яго нехта падсажваў. А потым той жа зрабіў спробу зьняць сьцяг з правай калёны, яго не зламалі, але некалькі разоў аб землю ўдарылі.

 

Кажа, што ён з Палюховічам зьнялі бел-чырвона-белы сьцяг і вярнулі ранейшы. Сьцяг пашкоджаны.

 

Усе падзеі ён назіраў на маніторы камеры назіраньня. Сьведка апазнаў, што сьцягі зрываў менавіта Малчанаў.

 

15:02 Наступны сьведка — Дзяніс Антонаў, 1976 году нараджэньня. Супрацоўнік ГУУС Менгарвыканкама. Сьведка кажа, што быў у групе дакумэнтаваньня, рабіў відэаздымкі падзеяў з 20 гадзінаў на Кастрычніцкай плошчы.

 

Сьведка апісвае храналягічна падзеі вечара 19 снежня: збор, мітынг, рух натоўпы па праспэкце Незалежнасьці, прыход на Плошчу незалежнасьці, мітынг і падзеі на ганку Дома ўраду.

 

— Асаблівай агрэсіі на Кастрычніцкай плошчы не было, звычайны мітынг.

 

Кажа, што ў часе шэсьця рух транспарту па праспэкту быў перакрыты, ДАІ спрабавала аднавіць яго, але дэманстарнты не зьвярталі ўвагі.

 

Спачатку я знаходзіўся каля кандыдата Саньнікава, а потым каля дома ўраду. "Калі пачалі біць шкло, я фіксаваў гэта на камэру".

 

Кажа, што мітынгоўцы спачатку білі шкло, а потым спрабавалі ўвайсьці ў Дом ураду, выламалі дзьверы, выцягнулі адзін стол на вуліцу.

 

Нехта з натоўпу зьбіраўся прабіцца ў будынак. Твары бачыў і на здымках ёсьць. Кажа, што бачыў Атрошчанкава, які разганяўся разам з натоўпам, калі некалькі чалавек спрабавалі зьнесьці загародку.

 

Кажа, што бачыў таксама Новіка, які спрабаваўся прарвацца ў будынак. Малчанава згадаць ня змог.

 

Сказаў, што Атрошчанкаў ня быў у першых шэрагах, а крыху далей.

 

Кажа што натоўп разганяўся 2-3 разы "спакойным бегам".

 

Канкрэтна Атрошчанкаў не датыкаўся да загародкі.

 

— Я наагул ня бачыў, каб хтосьці пацярпеў фізычна на плошчы.

 

15:31 Наступны сьведка Мікалай Шаўко з ГУУС Менска.

 

19 сьнежня Шаўко таксама займаўся апэратыўнымі відэаздымкамі на Кастрычніцкай і Плошчы Незалежнасьці.

 

— Чуў як Статкевіч заклікаў ісьці да дому ўраду, — заявіў ён.

 

У сьведкі падчас шэсьця вырвалі з рук камэру і разьбілі аб асфальт. Тады яму далі новую камэру і ён працягваў запіс ля Дому ўраду. Ён спыніўся ля дзьвярэй. Там разьбівалі вокны.

 

Сьведка апазнаў Атрошчанкава, што той быў ля Дому ўраду, але не ў першых шэрагах: разганяў натоўп, якія прарываўся.

 

16:00 Сьведка-міліцыянт, адказваючы адкавату: падпалаў не было, узброенага супраціву таксама:

 

— У якасьці зброі бачыў толькі вуды, на якіх апазыцыянэры носяць сьцягі.

 

16:15 Допыты сьведкаў скончаныя. Пачынаюць вывучаць відэаматэрыялы. Манітор вельмі малы. Прадстаўніца абвінавачваньня кажа, што на відэазапісе зафіксаваныя дзеяньні Малчанава.

 

16:20 Малчанаў прызнаў, што гэта ён размахваў сьцягам, забраўшыся на трактар. На відэа шмат кадраў, якія ўжо паказвалі па БТ.

 

16:45 Паказваюць другую стужку. На ёй зафіксаваныя дзеяньні кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага на плошчы: яго выступы, інтэрвію, заклікі. Людзей, якіх судзяць сёньня, заўважыць на відэа цяжка.

 

16:50 Падчас прагляду відэаздымак падзеяў ля Дома ўраду Малчанаў прызнаў сябе ў кадры, калі ён біў шыбы.

 

17:00 Ідзе прагляд трэцяга відэа з Плошчы. Атрошчанкаў пазнаў сябе ў натоўпе, калі судзьдзя спыніла кадар і запыталася:

 

— Ці гэта вы?

 

17:25 У судзе абвесьцілі перапынак да 10:00 2 сакавіка.

 

 

Спадзяваньні праваабаронцаў ня спраўдзіліся

 

Сёньня ў Фрунзенскім і Маскоўскім раённых судах Менску прайшлі паседжаньні па крымінальных справах абвінавачаных у масавых беспарадках 19 сьнежня. Два судовыя працэсы — па справах расейскіх грамадзянаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава — доўжыліся па адной гадзіне і перанесеныя на 10 сакавіка, слуханьні па справе Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Маўчанава працягваліся цэлы дзень. Праваабаронцы адзначаюць агульныя тэндэнцыі пры разглядзе ўсіх гэтых крымінальных спраў.

 

Пасьля першага судовага паседжаньня па справе расейскіх грамадзянаў Брэўса і Гапонава, калі справу адклалі да перакваліфікацыі абвінавачаньня, былі спадзевы на тое, што абвінавачваньне будзе мякчэйшае, але гэтага не адбылося, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

 

— Відавочна, што сьледзтва, дый суд таксама, скіраваныя на тое, каб усіх гэтых людзей прызнаць вінаватымі і асудзіць. На жаль, нашы чаканьні, што будзе перакваліфікацыя на мякчэйшы артыкул, не апраўдаліся. У абвінавачаньні пакінуты той жа самы артыкул — 293, частка 2. Відавочная яшчэ адна тэндэнцыя: у справе зьяўляюцца так званыя пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі. Мяркую, што супрацоўнікі міліцыі будуць сьцьвярджаць, што яны памятаюць, як іх білі Брэўс і Гапонаў. Хаця і папярэдняе судовае паседжаньне паказала, што там і ў двух супрацоўнікаў міліцыі супярэчаньні былі і па часе дзеяньняў, і па сутнасьці.

 

Прычым, людзі знаёміліся з аднымі абвінавачаньнямі, але калі працэсы пачаліся, зьявіліся іншыя. У прыватнасьці, дадалося шмат пацярпелых міліцыянтаў:

 

— 15 чалавек адных і тых жа пацярпелі ад Гапонава, і гэтыя ж 15 пацярпелі ад Брэўса. Ня ведаю дакладна, ці ўсе 15, але шмат якія з гэтых прозьвішчаў называліся яшчэ і ў справе Мядзьведзя. І яшчэ вельмі "клясная" фармулёўка ў абвінавачаньні ў пракурора была: іншыя асобы выкарыстоўвалі сродкі, ломікі, але шкоду нанесьлі менавіта Гапонаў і Брэўс.

 

Бальшыня сьведкаў, якія праходзяць па справе — менавіта супрацоўнікі сілавых структур. На думку генэрал-лейтэнанта Мечыслава Грыба, сьведчаньні міліцыянтаў ня могуць быць цалкам аб'ектыўнымі:

 

— Калі яны ўдзельнічаюць у спыненьні беспарадкаў, яны, як мне здаецца, зьяўляюцца прадстаўнікамі аднаго з бакоў. І ў гэтай справе міліцыянт ня можа быць сьведкай. На мой погляд, яны зьяўляюцца людзьмі зацікаўленымі ў гэтай справе. Калі яны падначаленыя, яны зробяць усё, што ім скажуць. Скажуць выставіць пазовы па пакрыцьці матэрыяльнай і маральнай шкоды да абвінавачаных — яны і выставяць гэтыя пазовы. Хутчэй за ўсё, так і зробяць.

 

Хоць матэрыяльная шкода за разьбітыя шыбы пагашаная, пацярпелыя міліцыянты, колькасьць якіх усё павялічваецца, могуць выставіць свае грамадзянскія пазовы, перакананы і праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

 

— Зноўку вымалёўваюцца матэрыяльныя патрабаваньні, якія ня будуць пагашаныя прынамсі пэўны час, калі кожнаму абвінавачанаму (а іх там праходзіць па справе больш за 50) будуць выстаўленыя пазовы, то сума будзе вельмі вялікая.

 

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб наагул дзівіцца, што бальшыню спраў па падзеях 19 сьнежня вядзе не міліцыя, а КДБ:

 

— Чаму гэтай справай аб так званых масавых беспарадках (хоць я лічу, што там іх няма) займаецца не міліцыя, асноўнае расьсьледаваньне вядзе, а КДБ? І абвінавачаныя сядзяць у ізалятары КДБ. Што за гэтым усім стаіць? А ў справе тэракту, выбуху 2008 году, што адбыўся падчас канцэрту, калі па ўсіх прыкметах зразумела, што там быў тэракт, справу заводзяць па хуліганству і аддаюць яе міліцыі, а не КДБ, якое павінна весьці расьсьледаваньне па тэракту? Чаму ўсё пераблытана?

 

Іна Студзінская

 

 

Дзьмітрыя Мядзьведзя вінавацяць у збройным супраціве

 

У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Судовае паседжаньне адкладзенае да 10 сакавіка ў зьвязку з выстаўленьнем дадатковых абвінавачаньняў.

 

У залю паседжаньняў сваякоў абвінавачанага, праваабаронцаў і журналістаў прапускалі толькі пасьля пільнага дагляду супрацоўнікамі спэцслужбаў і праз адмысловую рамку-мэталяшукальнік. Акрамя аховы падсуднага, некалькі міліцыянтаў у залі сачылі за тым, каб ніхто з прысутных нічога не здымаў на фота ці відэа. Судзьдзя Алена Рудніцкая напачатку паведаміла, што слуханьні пачынаюцца пры адсутнасьці двух сьведкаў-міліцыянтаў, якія выкліканы ў суд на пазьнейшы час. А літаральна празь некалькі хвілін абвясьціла пра перанос суду на 10 сакавіка ў зьвязку з тым, што пракурор выставіў новае абвінавачаньне. Адвакат Сяргей Лепеш ад камэнтароў наконт гэтага ўхіліўся:

 

— Паглядзім. Давайце пачакаем.

 

Дзьмітрыя Мядзьведзя па-ранейшаму вінавацяць паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Але зараз яму выстаўлена абвінавачаньне ў збройным супраціве супрацоўнікам дзяржаўных службаў, у выкарыстаньні мэталёвых прутоў і трубаў, пляшак з запальнай сумесьсю з мэтай гвалту над асобай. Нібыта ён учыніў гвалт і нанёс шкоду прыблізна дзесяці міліцыянтам. Пракурор таксама дадаў да матэрыялаў сьледзтва мэдычныя сьведчаньні і пратаколы допытаў гэтых міліцыянтаў. Жонка Дзьмітрыя Мядзьведзя Тацьцяна падчас зачытваньня новага абвінавачаньня плакала, а ў інтэрвію "Свабодзе" заявіла, што нічому агучанаму ня верыць:

 

— Хіба можна ў гэта паверыць? Гэта поўнае трызьненьне.

 

— Што вы думаеце пра гэта?

 

— Я ня ведаю. Мне падаецца, што ніхто ні ў чым не разьбіраецца: няма чалавека — няма праблемы. Калі б хто-небудзь паглядзеў гэтыя справы, то, пэўна, гэтых людзей не было б у судах.

Як паведаміла Тацьцяна, яе муж Дзьмітрый Мядзьведзь — дырэктар прыватнай будаўнічай фірмы. Пасьля ягонага арышту партнэры адмовіліся ад супрацоўніцтва, і праца прадпрыемства зараз паралізаваная. Сама яна з сынам, якому адзін год, засталася практычна бяз сродкаў да існаваньня.

 

Дадатковае абвінавачаньне Дзьмітрыю Мядзьведзю праваабаронца Ўладзімер Лабковіч, які прысутнічаў на судзе, пракамэнтаваў гэтак:

 

— Самае істотнае тое, што зь мінулых судовых працэсаў пракуратура зразумела, што зусім непрыгожа ісьці ў суд, калі няма ніякіх доказаў масавых беспарадкаў. Таму зараз мы бачым больш выкшталцонае абвінавачаньне, дзе ўжо ёсьць і пацярпелыя — быццам бы больш за дзесяць супрацоўнікаў міліцыі, якія ў сваю чаргу атрымалі права на грамадзянскія пазовы. Бачна нават з гэтага абвінаваўчага заключэньня, што адносна спадара Мядзьведзя няма ніякіх большых доказаў, чым мы тое бачылі ў іншых судах. Проста бачым больш юрыдычна пісьменнае абвінавачаньне там, дзе яго зусім не павінна быць.

 

Суд над Дзьмітрыем Мядзьведзем працягнецца ў чацьвер, 10 сакавіка.

 

Галіна Абакунчык

 

 

Натальлю Радзіну папярэдзілі пасьля інтэрвію "Свабодзе"

 

Сёньня міліцыянты прыйшлі да дому ў Кобрыне, дзе рэдактарка сайту “Хартыя 97” Натальля Радзіна жыве пад падпіскай аб нявыезьдзе пасьля вызваленьня з СІЗА КДБ. Натальля пасьпела пазваніць маці і сказаць, што яе павезьлі ў міліцыю "для размовы".

 

У Кобрынскім РУУС Натальлі нагадалі правілы знаходжаньня пад падпіскай аб нявыезьдзе і сказалі, што яе камэнтар да заявы Алеся Міхалевіча пра катаваньне можа зьяўляцца "разгалошваньнем таямніцы сьледзтва". Радзінай парэкамэндавалі ўстрымацца ад такіх камэнтароў.

 

 

Уначы Менск размалявалі кратамі

 

Графіці з заклікам вызваленьня палітвязьняў зьявіліся ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка у цэнтры Менску.

 

— Гэта — своеасаблівая форма пратэсту маладафронтаўцаў супраць зьняволеньня лідэра арганізацыі Зьмітра Дашкевіча і актывістаў арганізацыі Алеся Кіркевіча, Уладзімера Яроменка, Эдуарда Лобава, а таксама крымінальнага перасьледу Насты Палажанкі й шматлікіх моладзевых актывістаў, — паведамляе сайт “Маладога Фронту”.

 

Графіці ўяўляюць сабой выявы скаваных рук, далоняў за калючым дротам, закратаваных вокнаў з надпісамі “Свабоду Дашкевічу!”, “Беларусь — не турма!”, “Радзіма? Свабода?”, а таксама сьпіс зьняволеных маладафронтаўцаў з подпісам “Чакаем на свабодзе”.

 

 

Пакараны пяты ўдзельнік акцыі салідарнасьці ў Магілёве

 

Ленінскі раённы суд Магілёва прызнаў вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні 16 студзеня студэнта другога курсу гістарычнага факультэту Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Максіма Анцыповіча.

 

Судзьдзя Ірына Сарока аштрафавала яго на пятнаццаць базавых велічыняў — гэта 525 тысяч рублёў.

 

16 студзеня Максім Анцыповіч разам зь яшчэ васьмю актывістамі ўдзельнічаў у Магілёве ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Ён трымаў партрэт зьняволенага актывіста Зьмітра Дашкевіча й раздаваў мінакам газэтку "Ня бойцеся!".

 

Супраць студэнта ў судзе сьведчылі двое міліцыянтаў — Харытонаў і Церашонак. Іх паказаньні судзьдзя выкарыстала за пацьверджаньне віны актывіста.

 

Максім Анцыповіч стаў пятым удзельнікам акцыі салідарнасьці якога пакаралі за яе. 7 сутак адміністрацыйнага арышту адседзеў за акцыю актывіст "Маладога фронту" й партыі БНФ Валянцін Лабачоў, 5 сутак — сябра партыі БНФ Сяргей Нягацін. Ленінскі суд Магілёва вынес папярэджаньне за акцыю й беспартыйнай шматдзетнай маці Натальлі Шкадун. 17 студзеня, на наступны дзень пасьля правядзеньня акцыі салідарнасьці, быў затрыманы журналіст Яўген Васьковіч — таксама ўдзельнік акцыі салідарнасьці. Ён дагэтуль у турме. Яму інкрымінуюць злоснае хуліганства. Спачатку тэрмін зьняволеньня абмежавалі 10 суткамі, а потым працягнулі яшчэ на два месяцы.

 

“Радыё Свабода”

 

 

2 сакавіка 2011 г.

Cуд над Атрошчанкавым, Новікавым і Малчанавым. Дзень другі
(Онлайн-рэпартаж)

 

Фрунзенскі суд Менску працягвае разглядаць справу ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 года Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Малчанава.

 

9:50 Судовы працэс працягнецца ў той самай залі, як і 1 сакавіка. Яна разьлічана прыкладна на 36 чалавек. Палову залі, каля 15 чалавек, займаюць невядомыя, якія не прадстаўляюцца. У залю патрапіла мала праваабаронцаў і журналістаў. Спачатку прапускалі прадстаўнікоў афіцыйных мэдыяў.

 

10:02 Працэс аднавіўся. Працягваецца допыт сьведкаў.

 

10:30 Першы сьведка — беспрацоўны Сяргей Уленскі, зь Віцебска, сябар Малчанава. Ён ехаў з Малчанавым 19-га ў Менск, сказаў, што па дарозе выпілі піва зь ім, двухлітровую бутэльку.

 

Прыехалі ў Менск у 18 гадзінаў, ва Ўручча. Каля 20-ці былі на Кастрычніцкай плошчы.

 

— Там было шмат людзей, выступалі кандыдаты. потым мы рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці. Людзі ішлі па праспэкту. Гаварылі між сабой, — распавёў сьведка.

 

На плошчы Незалежнасьці сьведка зноў убачыў Малчанава, насупраць Чырвонага касьцёла.

 

— Даслоўна не памятаю, што расказаў мне там Малчанаў, пра сьцягі на будынку КДБ не расказваў. Ён мне адназначна не расказваў пра тое, што ён здымаў сьцягі.

 

Сьведку дапытвае прадстаўніца абвінавачваньня.

 

Судзьдзя дадае рэдкія рэплікі:

 

— Ці бачылі на відэа ў інтэрнэце з Малчанавым?

 

— Падобны на яго чалавек біў шкло, стукаў у дзьверы. Ён пазьней мне ў размове пацьвердзіў, што гэта быў ён. Матывацыяй ягоных дзеяньняў я не цікавіўся.

 

Суд вырашыў часткова зачытаць вытрымку з пратаколу допыту сьведкі на папярэднім сьледзтве, ба заўважыў супярэчнасьць паказаньняў яго ў судзе.

 

На папярэднім сьледзтве Сяргей Уленскі паказаў, што Малчанаў распавядаў яму пра тое, што менавіта ён зьняў сьцягі з будынку КДБ і размахваў пазьней бел-чырвона-белым сьцягам з трактара на праспэкце. Сьведка пацьвердзіў свае паказаньні, але дадаў, што ўспрымаў гэтую размову як выхваляньне сябра.

 

10:32 Наступны сьведка — Сяргей Маёраў, 1977-га года нараджэньня, кіроўца пагрузчыка зь Менска. Сьведка паведаміў суду, што 19-га сьнежня ён працаваў на праспэкце Незалежнасьці, рух па праспэкту, калі ён ехаў, быў заблякаваны натоўпам. Ён вымушаны быў стаяць на рагу вуліцы Леніна і праспэкта. Хлопец залез на пагрузчык і пачаў размахваць сьцягам — якім, сьведка не зьвяртаў увагі.

 

— Я запатрабаваў, каб ён зьлез. Але ён нічога не адказаў, там было шумна, крык. Пазьней я зьехаў зь месца, калі рух быў разблякаваны, — сказаў ён.

 

10:36 Допыт наступнага сьведкі Ўладзімера Красава, кіроўцы амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў.

 

Сьведка сказаў: Новік не распавядаў яму, што ён хацеў патрапіць у будынак Дома ўраду. Для чаго ён наносіў удары па загародцы — Новік сьведку не казаў.

 

— Я спачатку падумаў, што Новік пахваліўся і не прыдаў сур’ёзнасьці ягоным расповядам.

 

Сьведка ведаў, што будзе мірная акцыя і калі прыйшоў на плошчу Незалежнасьці, то ўбачыў, што там "абсалютна мірная акцыя і ў лёзунгах на плошчы не бачыў нічога нямірнага".

 

Новік сказаў, што гэты сьведка "здаў" яго супрацоўнікам КДБ, бо супрацоўнікі выйшлі пасьля плошчы спачатку на яго. Адносіны паміж Новікам і сьведкам былі сапсаваныя яшчэ да 19 сьнежня.

 

10:50 Новік кажа, што сьведка яго агаварыў з-за непрыязных адносінаў. Сьведка кажа, што яму прапанавалі апазнаць сябе у перахопленым тэлефонным запісе, дзе Новік расказваў, што ён біў па сталах і ў яго баліць нага.

 

11:05 Наступны сьведка — Віталь Лячук, 1986-га года нараджэньня з Барысава, які таксама ехаў з Малчанавым 19-га ў Менск з Барысава.

 

— Мы зьбіраліся выказаць пратэст і нязгоду з тым, як ідуць прэзыдэнцкія выбары. Мы меркавалі, што выбары будуць сфальшаванымі і дамовіліся паехаць на Плошчу выказаць сваю нязгоду.

 

У адказ на пытаньні прадстаўніцы абвінавачваньня сьведка распавядае пра мітынг на Кастрычніцкай плошчы, пра рух па праспэкце, кажа што міліцыя ім не замінала ісьці па праезнай частцы.

 

Ляўчук кажа, што не бачыў, што рабілі людзі ля ўваходу ў дом ураду, толькі чуў як разьбіваецца шкло. Ён кажа, што не размаўляў з Малчанавым пасьля плошчы, пазьней пры праглядзе на відэа з плошчы ён не бачыў Малчанава. Але бачыў відэа, дзе Малчанаў махае бела-чырвона- белым сьцягам.

 

Ляўчук быў за рулём, калі яны ехалі ў Менск з Барысава, кажа, што ягоныя пасажыры крыху выпілі піва па дарозе, прыкмет ап’яненьня ў іх не было.

 

11:15 Наступны сьведка — Тацяна Гаўрыльчык, відэаапэратар сайту "Нашай Нівы".

 

Дзяржаўны абвінаваўца распытвае Тацяну пра яе працу на плошчы, пра зьняцьцё сьцягоў з будынку КДБ. Дзяржаўны абвінаваўца спытаў:

— Што ён рабіў са сьцягамі?

 

— Убок адкінуў, дрэўка сьцяга не паламаў.

 

Яна сказала, што ня можа апісаць чалавека, які усталёўваў бела-чырвона-белы сьцяг на будынку. Як той быў апрануты, згадаць не змагла.Таксама яна не змагла прыгадаць, ці гэта адна асоба зрывала дзяржаўны сьцяг і ўстанаўлівала нацыянальны. Яна паказала, што хлопец спрабаваў парэзаць афіцыйны сьцяг, што ён таптаў сьцяг — не памятае, — адказала Тацяна.

 

11:20 Допыт сьведкаў скончаныя. Суд вырашыў аднавіць прагляд відэазапісаў. Адзін зь іх учора не ўдалося дагледзець, бо дыск аказаўся сапсаваным.

 

На відэа дэманструюцца падзеі 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы, воклічы людзей "Жыве Беларусь!", момант зрыву афіцыйнага сьцягу з будынку КДБ. Падсудны Малчанаў прызнаў, што гэта ён сарваў сьцяг, але ён не таптаўся па тых сьцягах.

 

11:17 Наступны сьведка — Мікіта Кастыцкі, 1987-га года нараджэньня, пажарны зь Менска.

Ён сказаў, што ведае Зьмітра Новіка, пацьвердзіў, што Новік карыстаўся сім-карткай, якая зарэгістравана на ягонае імя.

 

Кастыцкі кажа, што Новік нічога не расказваў пра свой удзел у мітынгу, толькі папрасіў, што калі яго праваахоўныя органы спытаюць пра тэлефон, каб ён адказаў, што проста праходзіў паўз мітынг.

 

11:31 Праглядаецца наступны дыск з запісамі дзеяньняў Новіка каля ўваходу ў Дом ўраду. Новік сябе пазнаў на відэаздымках, на якіх натоўп б’е па драўляных сталах, якімі спэцназаўцы забарыкадавалі ўваходы ў Дом урада. Адвакат налічыў на відэа толькі 3 ўдары Новіка нагою, калі ўжо не было шкла. Абвінавачаньне цьвердзіць — як мінімум, 21 удар.

 

11:36 Малчанаў не пазнаў сябе на відэа, калі невядомыя б’юць шчыты на ўваходзе ў Дом ураду.

 

11:38 Аляксандар Атрошчанкаў пазнаў сябе на заднім пляне падзей ля дзьвярэй Дома ўраду: "Я гляджу, што адбываецца".

 

11:44 Пра наступны эпізод "штурму", у якім Атрошчанкаў знаходзіўся ў задніх шэрагах натоўпу, ён кажа, што на яго націснулі ззаду і ён паддаўся, бо было сьлізка. Артошчанкаў сказаў:

 

— Я тут знаходзіўся ў якасьці журналіста, і разумеў, што тут адбываецца нешта важнае.

 

11:45 На відэа чуваць, як апэратыўнікі ў цывільным пры разгоне крычаць спэцназаўцам: "Свае-свае-свае, ГУВД". Гэтае відэа ўжо разглядалася пад час суду над Васілём Парфянковым. Урыўкі зь яго таксама паказвалі па БТ.

 

11:59 Пачалі дасьледаваць пісьмовыя матэрыялы справы.

 

12:05 Зафіксавана, як білі шыбы ў першым шэрагу дзьвярэй. У другім шэрагу дзьверы ў Дом ураду зачыненыя, бачных пашкоджаньняў няма. Знайшлі заплечнік з сольлю і содай, бутэлькай з вадкасьцю, дымавой шашкай. У матэрыялах шмат разоў адзначаецца, што знойдзеныя бутэлькі з "вадкасьцю, нібыта гаручай". Што за вадкасьць і ці сапраўды гаручая, не высьветлена.

 

12:10 Яшчэ адзін пратакол агляду цэнтральнага ўваходу ў Дом ураду — на бакавой тумбе помніка Леніна знойдзена рэчыва бурага колеру, бутэлька з вадкасьцю і фрагмэнтамі заціснутай тканіны, каністры з гаручай вадкасьцю.

 

12:38 Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае, якія дакумэнты ёсьць у справе, але не цытуе іх. Пратаколы вобшукаў і агляду прадметаў, іх канфіскацыі, праслухоўваньня тэлефонных размоў, пастановаў сьледзтва.

 

12:54 У справе ёсьць яўка з павіннай Малчанава, у якой ён прызнае, што сарваў сьцягі з будынку КДБ і пад уплывам эфэкту натоўпу стукаў у дзьверы Дома ўраду. Ён шкадуе пра зьдзейсьненае.

 

13:05 Усе пісьмовыя дакумэнты вывучаныя. У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 14:00.

 

13:50 Судовы працэс аднаўляецца. Падсудных прыводзяць у кайданках і саджаюць у мэталічную клетку. Іх ахоўваюць 4 супрацоўнікі міліцыі.

 

14:05 Пачаўся прагляд яшчэ трох відэадыскаў. На першым — дзеяньні Малчанава са сьцягам.

 

14:12 Працягваецца дэманстрацыя відэазапісаў з камэраў вонкавага назіраньня будынку КДБ. Запісы без гуку, бачныя дробныя фігуркі. Малчанаў сябе апазнаць не можа, але не выключае, што гэта ён.

 

14:28 Другое і трэцяе відэа таксама, паводле судзьдзі, прысьвечанае дзеяньням Малчанава. Малчанаў не апазнаў сябе і на гэтых відэазапісах.

 

14:37 Суд скончыў дасьледаваньне матэрыялаў спраы. Адзін з адвакатаў папрасіў перапынак для падрыхтоўкі, але судзьдзя Тацяна Чаркас не пагадзілася. Суд пераходзіць да дэбатаў бакоў. Першай выступае дзяржаўны абвінаваўца Тацяна Маладцова.

 

Маладцова гаворыць пра тое, што дзеяньні Малчанава, Атрошчанкава і Новіка знайшлі пацьвярджэньне пад час судовага сьледзтва. Яна адзначыла, што Малчанаў не хаваў свайго нэгатыўнага стаўленьня да дзейнай улады яшчэ да мітынгу, а Атрошчанкаў быў у натоўпе, які імкнуўся прабіць загарадку ў дзьвярах дома ўраду. Паводле Маладцовай, дзеяньні Малчанава па зрыву дзяржаўнага сьцягу даказаныя, як і ягоны ўдзел у спробе прарыву ў дом ураду.

 

14:45 Дзяржаўны абвінаваўца кажа, што Атрошчанкаў адцясьняў супрацоўнікаў ДАІ на праспэкце, пры гэтым на ягоным твары была усьмешка. Відэа Тацяны Гаўрыльчык сьведчыць пра тое, што на праспэкце былі масавыя беспарадкі, апагей, якіх быў на плошчы Незалежнасьці.

 

Дзеяньні падсудных па артыкуле 293 кваліфікаваныя правільна, як і абвінавачваньне Малчанава ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга. Дзяржаўны абвінаваўца цалкам падтрымала ў судзе абвінавачаньне.

 

У дзеяньнях Малчанава яна знайшла рэцыдыў, бо ў яго адна непагашаная судзімасьць. Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае што падсудныя дзейнічалі па змове групы асобаў.

 

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіла Малчанаву за зьнявагу сьцяга 3 месяцы арышту, але выкарыстоўваючы прынцып паглынаньня больш мяккага пакараньня больш строгім, у выніку папрасіла 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.

 

Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе Малчанаву, Новіку і Атрошчанкаву па 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

 

14:50 Пачаўся выступ адвакатаў.

 

15:05 Адвакат Быліна кажа, што яе падабаронны прызнаў віну ў сваіх дзеяньнях, але лічыць, што гэтыя дзеяньні кваліфікаваныя няправільна. Адвакат Малчанава кажа, што ў дзеяньнях Малчанава не было зьнявагі сьцяга. Што да масавых беспарадкаў, то гвалту над асобамі, падпалаў, разбурэньняў і ўзброенага супраціву, якія прадугледжваюцца артыкулам пра масавыя беспарадкі, Малчанаў не учыняў.

 

Паводле Быліны, змовы не было, тое, што Малчанаў быў п’яны, не даказана. Акт мэдычнага абсьледаваньня ў матэрыялах справы адсутнічае, таму трэба выключыць акалічнасьць, якая абцяжвае.

 

Малчанаў зьявіўся з павіннай, прызнаў сваю віну, супрацоўнічаў са сьледзтвам, раскайваецца, мае двух непрацаздольных бацькоў. Адвакат Малчанава спадзяецца на гуманны прысуд.

 

15:04 Адвакат Новіка Андрэй Санковіч лічыць, што пад час суду не была даказана віна падабароннага ў цяжкім злачынстве — масавых беспарадках. Не было зьнішчэньня маёмасьці — таму нельга кваліфікаваць яго дзеняя па 293 артыкуле. Трэба ўстанавіць, ці былі масавыя беспарадкі?

 

Адвакат мяркуе, што гэта не былі масавыя беспарадкі, бо гэтыя дзеяньні мелі лякальны характар.

— Мітынг праходзіў мірна, ніякай агрэсіі ягоныя ўдзельнікі не ўчынялі. Невялікая група асоб — ад 7 да 15 — разьбіла шыбы. Білі толькі 5 чалавек, а астатнія больш за 10 тысяч чалавек, нічога не пашкодзілі, не было ніякіх бясчынстваў і масавых беспарадкаў.

 

Прычым дзеяньні невялікай групы мелі стыхійны характар і іх мэтай было не зьнішчыць маёмасьць, а пранікнуць у Дом ураду. Паводле адваката, падзеі 19 сьнежня можна падзяліць на 2 этапы. На 1-м этапе невялікая група людзей знаходзілася каля ўваходу, некаторыя зь іх разьбілі вокны. На другім этапе зьявіўся спэцназ. на відэа зафіксавана, што толькі 5 чалавек білі вокны. Ніякіх масавых дзеяньняў не было.

 

15:10 Паводле адваката, бачна было зь відэа, што людзі дзейнічалі на мітынгу арганізавана, былі выступы, шэсьце, не было некіруемай масы. Таму нельга казаць, што былі прыкметы масавых беспарадкаў і гэта не знайшло пацьвярджэньня ў судзе. Нідзе не ўказана, што зьнішчыў асабіста Новік, дзьверы ўжо былі разбураныя, пра разбурэньне сталоў актаў няма. Таму гэтая прыкмета павінна быць выключана. Акт агляду месца здарэньня пацьвярджае, што дзьверы і вокны падлягаюць аднаўленьню і не былі зьнішчаныя. Таму нельга казаць, што было зьнішчэньне маёмасьці. Таму і няма такога складу злачынства.

 

15:12 Адвакат Новіка кажа, што яго падабаронны не наносіў удараў, а толькі ціснуў на загародку, і таму нельга ягоныя дзеяньні кваліфікаваць як удары і як зьнішчэньне маёмасьці. Маёмасьць можна было адрамантаваць. Не прыведзена ніводнага доказу, што была зброя ў каго-небудзь з удзельнікаў шматтысячнага мітынгу. Таму пра ўзброены супраціў прадстаўнікам улады размовы ісьці не можа. Шкада, што абвінаваўца падтрымаў гэты тэзіс. Санковіч лічыць, што гэтая прыкмета падлягае выключэньню. Тое, што людзі не паслухалі патрабаваньняў ДАІ, і рушылі далей, не зьяўляецца супрацівам міліцыі, а толькі непадпарадкаваньнем.

 

15:26 Санковіч папрасіў апраўдаць Новіка па 293-м артыкуле. Ягоныя дзеяньні падпадаюць толькі пад адміністратыўную адказнасьць, лічыць адвакат. Апрача таго, адвакат просіць улічыць, што Новік раскайваецца, што страты пагашаныя, ніякіх цяжкіх наступстваў яго дзеяньняў не было. Адвакат просіць апраўдаць Новіка з-за адсутнасьці ў яго дзеяньнях складу злачынства.

 

15:20 Адвакат Атрошчанкава Вадзім Мушынскі таксама не пагадзіўся з ацэнкамі абвінавачваньня наконт кваліфікацыі дзеяньняў 19 сьнежня як масавых беспарадкаў.

 

Адвакат Атрошчанкава кажа, што яго падабароннаму інкрымінуецца не менш за адзін удар па шчытах у дзьвярным праёме Дома ўраду. Пасьля дасьледаваньня матэрыялаў справы, абвінавачаньне не знайшло пацьвярджэньня гэтаму ў залі суду.

 

15:27 Паводле адваката, незразумела на чым будуецца тэза аб узгодненасьці і змове падсудных. Яны ўпершыню ўбачыліся ў судзе. Яны на Плошчы знаходзіліся ў розных месцах, не сустракаліся перад гэтымі падзеямі.

 

Атрошчанкаў патлумачыў мэту свайго знаходжаньня на мітынгу, ён жадаў пачуць думкі грамадзянаў аб выбарах прэзыдэнта, апрача таго, ён як журналіст супрацоўнічаў з інтэрнэт-парталам DELFI. Таму высновы сьледзтва аб мэтах Атрошчанкава ў разбурэньні і ўдзеле ў беспарадках галаслоўныя, кажа адвакат Мушынскі.

 

Паводле адваката, сьледчы матэрыял толькі пацьвярджае прыналежнасьць Атрошчанкава да апазыцыі, не больш. Незразумела, што гэтым хацела давесьці сьледзтва.

 

Паводле адваката, на кадрах відэазапісаў бачна, што Атрошчанкаў знаходзіцца ў натоўпе і назірае за падзеямі. Тое, што напісалі абвінаваўцы на ягоны адрас — у ягоных дзеяньнях не фіксуецца.

 

15:33 Мушынскі кажа, што ў Атрошчанкава не было крымінальнага намеру падчас яго знаходжаньня на плошчы. Цяжка зразумець, што прымусіла сьледчыя органы завесьці на яго крымінальную справу, арыштаваўшы яго.

 

Сьледчыя не далі яму магчымасьці рэалізаваць права на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу, кажа адвакат. Ён зьвяртае ўвагу суду, што ў ізалятары яму не давалі магчымасьці сустракацца з падабаронным падчас сьледзтва.

 

Мушынскі мяркуе, што ў дзеяньнях Атрошчанкава ёсьць толькі адміністратыўнае парушэньне. Ён папрасіў вынесьці яму апраўдальны прысуд.

 

15:30 Малчанаў выступае з апошнім словам. Ён кажа, што шкадуе аб сваіх непрадуманых учынках, што яго дзеяньні справакавалі жорсткі разгон людзей.

 

15:34 Новік сказаў, што судом устаноўлена, што ён не рабіў ніякіх разбурэньняў. Ён сказаў, што падчас знаходжаньня ў СІЗА ўсьвядоміў свой праступак і глыбока раскаяўся.

 

— Турэмны тэрмін мяне ніяк ня выправіць, — сказаў Новік. — Ніякай шкоды трэцім асобам я не зрабіў. Прашу прызначыць максымальна мяккае пакараньне.

 

15:35 Атрошчанкаў сказаў, што за час сьледзтва так і не зразумеў, у чым яго злачынства.

 

— Я не зрабіў нічога з таго, у чым мяне абвінавачваюць, не наносіў удараў. Я прызнаю, што мае дзеяньні могуць падпадаць толькі пад адміністратыўную адказнасьць”, — сказаў Атрошчанкаў.

Ён дадаў, што ніякага супраціву міліцыі не аказваў.

 

15:45 Перапынак да 17:45. Чакаецца, што пасьля перапынку будуць абвешчаныя выракі.

 

***

 

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакараць Аляксандра Атрошчанкава, Аляксандра Малчанава і Зьмітра Новіка пяцьцю гадамі зьняволеньня.


Як ацэньваюць гэта юрысты, грамадзкія дзеячы?

 

Былы супрацоўнік КДБ, падпалкоўнік у адстаўцы Валер Костка:

 

— З майго пункту гледжаньня тое, што адбылося 19 сьнежня, увогуле ня цягне на масавыя беспарадкі. Таму спроба пакараць людзей вельмі жорстка — гэта нейкая злоба, гэта нейкая неадэкватнасьць юрыдычная. Ну якую небясьпеку для грамадзтва ўяўляюць гэтыя хлопцы? Тым больш — прэс-сакратар, журналіст... Гэта ўжо нейкія палітычныя матывы, каб у грамадзтве пасеяць страх. Гэта не паддаецца нармальнай лёгіцы.

 

Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі:

 

— Мы бачым па першых дзеяньнях, што ўсё ідзе даволі аб’ектыўна. І тое, што ўчора адклалі па шэрагу затрыманых суды ў сувязі з тым, што высьветліліся нейкія новыя абставіны, кажа пра тое, што правасудзьдзе падыходзіць да спраў вельмі грунтоўна і разглядае іх дасканала.

 


Аляксандар Атрошчанкаў

 

Нарадзіўся 22 сакавіка 1981 г. у Менску. Вучыўся на факультэце міжнародных адносін у БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасьць.

 

У 2001—2006 гг. быў сябрам арганізацыі "Зубр", браў удзел у яе акцыях, бываў затрыманы.

10 гадоў працаваў карэспандэнтам сайту charter97.org.

 

Пасьля стварэньня грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" быў яе прэс-сакратаром. На выбарах-2010 — прэсавым сакратаром штабу Андрэя Саньнікава.

 

Затрыманы 20 сьнежня 2010 г. у сябе дома. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачваецца паводле артыкула 293 КК.

 

Аляксандар Малчанаў

 

Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 году ў Барысаве. Вучыўся ў Барысаўскай школе № 22. У першай палове 2000-х гадоў быў "зуброўцам". Вучыўся ў вечаровай школе і на курсах маляроў. Потым паступіў у Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут у Менску.

 

Пасьля акцыі пратэсту на Плошчы быў затрыманы 6 студзеня ў сябе дома ў Барысаве. Яму выстаўленае абвінавачаньне па справе аб масавых беспарадках.

 

Дзьмітры Новік

 

Нарадзіўся 16 верасьня 1981 году ў Баранавічах. Скончыў там школу № 13, потым вучыўся ў Менску ў Акадэміі фізычнай культуры, служыў у войску. Ажаніцца зьбіраўся сёлета. Зь сям’і ў яго толькі хворыя маці і бабуля.

 

Працаваў у ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране, потым — у службе бясьпекі амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў.

 

Затрыманы позна ўвечары 23 сьнежня дома ў Баранавічах як падазраваны па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі; абвінавачаньне выстаўленае 30 сьнежня. Знаходзіцца пад вартай у "амэрыканцы" (СІЗА КДБ).

 

У судзе Фрунзенскага раёну Менску агучваюць выракі па крымінальнай справе супраць ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Малчанава.

 

18:06 Пачалося абвяшчэньне прысуду...

 

18:30 Аляксандру Атрошчанкаву далі 4 гады турмы ўзмоцненага рэжыму.

 

Аляксандра Малчанава пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

 

Зьмітру Новіку далі  тры з паловай гады, таксама ўзмоцненага рэжыму.

 

 

Гэта проста паказальная расправа

 

Сёньня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску абвешчаны прысуд па справе Аляксандра Атрошчанкава, прэсавага сакратара былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, а таксама Зьмітра Новіка і Аляксандра Малчанава. Атрошчанкаву прысудзілі 4 гады пазбаўленьня волі, Новіку — 5 гадоў, Малчанаву — 3 гады зьняволеньня. Як ацэньваюць гэты прысуд юрысты, праваабаронцы, былыя палітзьняволеныя, грамадзкія дзеячы?

 

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакараць Аляксандра Атрошчанкава, Аляксандра Малчанава і Зьмітра Новіка пяцьцю гадамі зьняволеньня. Судзьдзя Тацяна Чаркас вынесла прысуды з крыху меншымі тэрмінамі.

 

Былы супрацоўнік КДБ, падпалкоўнік у адстаўцы Валер Костка:

 

— З майго пункту гледжаньня, тое, што адбылося 19 сьнежня, увогуле ня цягне на масавыя беспарадкі. Таму спроба пакараць людзей вельмі жорстка — гэта нейкая злоба, гэта нейкая неадэкватнасьць юрыдычная. Ну якую небясьпеку для грамадзтва ўяўляюць гэтыя хлопцы? Тым больш — прэс-сакратар, журналіст… Гэта ўжо нейкія палітычныя матывы, каб у грамадзтве пасеяць страх. Гэта не паддаецца нармальнай лёгіцы.

 

Юрыст, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла перакананы, што справа гэтая надуманая, палітычна матываваная. Ніякіх масавых беспарадкаў на плошчы не было, не было гвалту над асобай, падпалаў, пагромаў, збройнага супраціву прадстаўнікам улады. Разьбітыя шыбы цягнуць максымум на дробнае хуліганства:

 

— Калі справа палітычна матываваная, галоўная мэта — абавязкова пакараць, тым самым напалохаць грамадзтва, уцягнуць яго ў стан страху перад гэтай хворай уладай. Залежныя ад выканаўчай улады і зьдзяйсьняюць так званае "правасудзьдзе": пракуроры патрабуюць неадэкватна жорсткіх захадаў, а судзьдзі іх агалошваюць у прысудах.

 

Былы палітвязень Цімафей Дранчук, які ў 2006 годзе адседзеў амаль год па справе "Партнэрства", выказаў такое меркаваньне:

 

— Пракурор выдатна ведае пра артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за тое, што ён сьвядома патрабуе пасадзіць за злачынства, якога ён не зьдзяйсьняў. Такога злачынства, як масавыя беспарадкі, Атрошчанкаў не зьдзяйсьняў дакладна. На дадзены момант тая крымінальная справа, якая заведзена на факце масавых беспарадкаў, наагул не завершаная, таму дурасьць — абвінавачваць некаторых зь нібыта ўдзельнікаў у тым, што яшчэ ў прынцыпе, па сутнасьці і агулам не даказана. Таму які б прысуд абвінавачаным ні быў вынесены сёньня, які б тэрмін ні быў, я ўпэўнены, што пракурор калі-небудзь будзе несьці за гэта крымінальную адказнасьць.

 

Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі раніцай 3 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў парлямэнце выказаў меркаваньне наконт правядзеньня сьледзтва і першых судовых працэсаў:

 

— Мы бачым па першых дзеяньнях, што ўсё ідзе даволі аб’ектыўна. І тое, што ўчора адклалі па шэрагу затрыманых суды ў сувязі з тым, што высьветліліся нейкія новыя абставіны, кажа пра тое, што правасудзьдзе падыходзіць да спраў вельмі грунтоўна і разглядае іх дасканала.

 

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што такія суровыя прысуды — гэта ўжо тэндэнцыя, і чакаць апраўдальных прысудаў ня варта:

 

— Увогуле адбываецца проста расправа над гэтымі людзьмі. Ніякіх доказаў масавых беспарадкаў у судзе так прад’яўлена і не было — ніякіх доказаў збройнага супраціву, падпалаў і ўсяго таго, што сьледзтва там ім панапісвала. Нават Малчанаву, які прызнаў, што ён штосьці дзесьці разьбіў і зьняў сьцяг — пакараньне несувымернае, і ўвогуле ня тая кваліфікацыя. А ў шэрагу выпадкаў там увогуле доказаў віны няма. Гэта проста паказальная расправа.

 

Іна Студзінская

 

 

Аляксандра Сілкова выклікалі на допыт у КДБ

 

Давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, магілёўскага актывіста стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандра Сілкова выклікалі на допыт у КДБ.

 

Як паведаміў Сілкоў, яму патэлефанаваў супрацоўнік КДБ Аляксандар Церахаў і настойліва прапанаваў зьявіцца на допыт а 15 гадзіне. Аляксандра Сілкова зьбіраюцца дапытаць як сьведку па крымінальнай справе аб падзеях у Менску 19 сьнежня.

 

Аляксандар Сілкоў ня ўдзельнічаў у менскіх акцыях пратэсту. У дзень выбараў ён быў заняты каардынацыяй незалежнага назіраньня ў Магілёве і вобласьці. Актывіст не выключае, што выклік зьвязаны з заявамі Алеся Міхалевіча пасьля яго вызваленьня з ізалятару КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

 

На Магілёўшчыне з каманды Міхалевіча адразу пасьля выбараў быў дапытаны Алесь Чыгір. Ён таксама быў яго даверанай асобай.

 

 

У Бабруйску дапыталі Таісію Кабанчук

 

Амаль шэсьць гадзін прабыла ў бабруйскім КДБ актывістка стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Таісія Кабанчук. Допыт пачаўся ад дзясятай гадзіны раніцы. Актывістку выклікалі позвай. Яе ўчора прывёз дахаты опэрупаўнаважаны КДБ Мікіта Бялянчанка. Ён жа і праводзіў допыт.

 

Актывістка паведаміла, што ў яе ўзятая падпіска аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва. Допыт тычыўся падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Акрамя таго, камітэтчык цікавіўся дзейнасьцю бабруйскага журналіста, а таксама актывіста БХД Яўгена Васьковіча, які ад 17 студзеня знаходзіцца ў турме і якому інкрымінуецца злоснае хуліганства.

 

Паводле Таісіі Кабанчук, сьледчы намагаўся вынесьці ёй папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі:

 

— Уся гэтая дыскусія заняла больш за палову часу допыту. Я яму даводзіла, што мы дзейнічалі ў межах аргкамітэту па стварэньні партыі й не парушалі беларускага заканадаўства. А ён мне даводзіў, што мы дзейнічалі менавіта як палітычная партыя. У выніку ён мне папярэджаньня так і ня вынес.

 

Таісія Кабанчук — каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД на Магілёўшчыне. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага.

 

 

Някляеву выклікалі хуткую дапамогу

 

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, не пайшоў сёньня на допыт у КДБ.

 

Адзін з ахоўнікаў КДБ, якія знаходзяцца ўвесь час у кватэры, адмовіўся пакідаць яе. Гэта абурыла Ўладзімера і Вольгу Някляевых, бо падчас мінулых допытаў, калі Някляева адвозілі да сьледчага, ахоўнікі пакідалі кватэру.

 

Гаспадары кватэры выказаліся катэгарычна супраць таго, каб у ёй заставаліся пабочныя асобы. Ахоўнікі адмовіліся дзяжурыць каля дзьвярэй на лесьвічнай пляцоўцы. У выніку Ўладзімер Някляеў адмовіўся ехаць на допыт. У яго падняўся ціск, і давялося выклікаць хуткую дапамогу.

 

— Ён вельмі разнэрваваўся, у яго падняўся высокі ціск, за 220, і давялося выклікаць хуткую, — распавяла праваабаронца Раіса Міхайлоўская.

 

Алесь Дашчынскі

 


Барыса Хамайду пазбавілі апошняй "індульгенцыі"

 

На скаргу міліцэйскага кіраўніцтва віцебскі абласны суд адмяніў пастанову Чыгуначнага райсуду, згодна зь якой выхады апазыцыянэра зь бел-чырвона-белым сьцягам не лічыліся несанкцыянаваным пікетам.

 

Судзьдзя абласнога суду Сьвятлана Іванова пастанавіла, што апраўдальнае рашэньне, вынесенае 10-га лютага судзьдзёй Чыгуначнага райсуду Аленай Грабянчук, падлягае адмене. Прычына адмены — неадпаведна аформлены міліцэйскі пратакол, які разглядаўся ў судзе: у ім нібыта недакладна названыя адзнакі пікету, які ўсё ж праводзіў Барыс Хамайда.

 

23-га лютага падобнае рашэньне прыняла судзьдзя абласнога суду Ірына Смалякова. Яна адмяніла апраўдальную пастанову, вынесеную 4-га лютага судзьдзёй Чыгуначнага райсуду Аленай Цыганковай, якая ня ўбачыла ў дзеяньнях апазыцыянэра складу правапарушэньня.

 

Барыс Хамайда кажа, што ніякія судовыя рашэньні яго ня спыняць:

 

— Раней пастановы Цыганковай і Грабянчук былі маімі "індульгенцыямі" — мяне пэўны час не затрымлівалі, калі я выходзіў пад бел-чырвона-белым сьцягам распаўсюджваць незалежныя СМІ. Але цяпер сытуацыя зьмянілася: некалькі дзён таму мяне зноў затрымалі, і судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў прысудзіў мне штраф памерам 1 мільён 50 тысяч рублёў. Я разумею, чаму скаргі ў абласны суд ініцыяваў начальнік Чыгуначнага райаддзелу міліцыі: ён ня хоча, каб я стаяў у цэнтры Віцебску пад нацыянальным сьцягам і каб гэта бачылі мінакі.

 

Апазыцыянэр зьбіраецца пашыць новы бел-чырвона-белы сьцяг замест таго, які застаўся ў пастарунку, і выйсьці зь ім у бліжэйшыя дні.

 

 

Справа Севярынца вылучаная асобна

 

Павал Севярынец у хуткім часе пачне знаёміцца са сваёй справай, між тым у сьледчых дзеяньнях ён ня браў удзелу. Маці Андрэя Саньнікава спрабавала наведаць суд над Алесем Атрошчанкавым. Насьце Палажанцы наўмысна, як яна мяркуе, не вяртаюць пашпарт.

 

2 сакавіка бацькі сузаснавальніка БХД Паўла Севярынца атрымалі ад яго ліст, у якім паведамляецца пра тое, што хутка Павал пачне знаёміцца са сваёй крымінальнай справай. Між тым вядома, што да Севярынца два месяцы не выклікалі адваката. Якім чынам аказалася, што ягоная справа ўжо завершаная? Маці вязьня "амэрыканкі" Тацяна Севярынец распавяла:

 

— Вядома, што Павал адмовіўся ад супрацоўніцтва са сьледзтвам. Другое — насамрэч, што адваката да яго не пускалі з 29 сьнежня. Але, відаць, і безь іх нейкім чынам справа гэтая неяк разгортвалася. У папярэднім лісьце Павал напісаў, што ягоную справу вылучылі асобна, а зараз ён ужо піша, што хутка будзе знаёміцца з матэрыяламі.

 

Паводле Тацяны Севярынец, яе сын піша дамоў "цёплыя і вельмі спакойныя" лісты, у якіх няма і намёку на тое, што, мяркуючы па заяве Алеся Міхалевіча, адбываецца ў турме КДБ зь вязьнямі.

 

— Але зразумела, што калі б ён пра гэта напісаў, такі ліст мы б не атрымалі. І ў любым выпадку мужны ўчынак Міхалевіча дапаможа ўсім вязьням "амэрыканкі", — кажа маці арыштаванага актывіста. Тацяна Севярынец паведаміла, што запісалася на прыём да старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, але на які дзень будзе прызначана сустрэча, ёй яшчэ не паведамілі.

 

2 сакавіка экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў не пайшоў на допыт у КДБ. Замест гэтага да яго выклікалі хуткую дапамогу, бо ў яго падняўся ціск.

 

Канфлікт адбыўся з-за таго, што адзін з ахоўнікаў КДБ, якія знаходзяцца ўвесь час у кватэры, дзе Някляева трымаюць пад хатнім арыштам, адмовіўся пакідаць яе на час допыту арыштаванага. Гэта абурыла Ўладзімера Някляева, і ён адмовіўся ехаць на допыт. Мэдыкі далі Ўладзімеру Някляеву лекі і рэкамэндавалі некалькі гадзінаў заставацца дома. Допыт у КДБ быў адкладзены.

 

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна спрабавала прайсьці на суд над Алесем Атрошчанкавым, Зьмітром Новікам і Аляксандрам Малчанавым, якіх судзяць у Фрунзенскім судзе Менску. Аднак з-за таго, што ахвотных патрапіць на працэс багата, а частку месцаў у залі займаюць міліцыянты ў цывільным, на працэс маці экс-кандыдата ў прэзыдэнты не патрапіла:

 

— Там жа прайсьці не было як. Я там на лесьвіцы патаўклася, і ўсё. Паразмаўляла з Дашай, жонкай Сашы. Тая сказала, што толькі чалавек трыццаць пусьцілі. Але трэба было прыходзіць. Калі адзін аднаго ня будзем падтрымліваць, дык зусім нічога ня будзе.

 

Наста Палажанка, якую больш за два тыдні таму выпусьцілі з ізалятара КДБ пад падпіску пра нявыезд, дагэтуль не атрымала ў сьледчага свой пашпарт. "Наўпрост не адмаўляюць, але кажуць кожны раз — потым", — паведаміла Наста. Актывістка "Маладога фронту" мяркуе, што сьледчы адмыслова ўтрымлівае яе пашпарт:

 

— Магчыма, яны маюць засьцярогу, што я магу пакінуць межы краіны. Але ўцячы можна і бяз пашпарта. Было б жаданьне. Але я нікуды зьяжджаць не зьбіраюся і неаднаразова ім пра гэта казала.

 

Марына Фядута і Натальля Класкоўская паведамілі карэспандэнту "Свабоды", што лістоў ад іх мужоў гэтымі днямі не было. Адвакатаў да Аляксандра Фядуты і Аляксандра Класкоўскага на гэтым тыдні таксама не выклікалі.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

"Чорныя сьпісы" для дзяржаўных СМІ

 

Кіраўнікі дзяржаўных СМІ атрымалі з Міністэрства інфармацыі сьпіс дзеячаў мастацтва і творчых калектываў", зьяўленьне якіх на старонках выданьняў і ў тэле-, радыёэфіры непажадана. Пра гэта паведаміў партал TUT.BY.

 

Як адзначаюць крыніцы, спушчаная з міністэрства папера, копіяй якой валодае TUT.BY, носіць "неафіцыйны характар" і ня мае ні зыходных дадзеных, ні подпісу. Акрамя афіцыйных СМІ, сакрэтнае распараджэньне паступіла і на FM-радыёстанцыі. У некаторых СМІ "чорныя сьпісы" быццам бы дзейнічаюць ужо з панядзелка.

 

Такім чынам, у меркаваны "чорны сьпіс" патрапілі гурты "Ляпіс Трубецкой", "Палац", "Крама", "N.R.M.", “Нэйра-Дзюбель”, "Крамбамбуля", "Нака", сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, калектыў паўпадпольнага "Свабоднага тэатру "на чале з Мікалаем Халезіным і Натальляй Калядой, пісьменьніца Вольга Іпатава, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, сябры Рады беларускай інтэлігенцыі, паэты Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, драматург Уладзімер Халіп, кінарэжысэры Юры Хашчавацкі і Ўладзімер Колас.

 

Цікава, што акрамя прадстаўнікоў Беларусі ў сьпісе фігуруюць і замежныя пэрсоны. Так, ад Расеі "нефарматнымі" сталі групы "ДДТ", "Наів", "Тараканы” (яны падпісалі зварот да ўладаў Беларусі адпусьціць усіх затрыманых падчас акцыі пратэсту 19 сьнежня, асудзіўшы "брутальны разгон, ужываньне сілы супраць мірных грамадзян і кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама іх наступнае затрыманьне"), пісьменьнікі Андрэй Бітаў, Барыс Васільеў, Віктар Ерафееў, Леанід Жухавіцкі, Эдуард Успенскі (яны зьвярнуліся да беларускіх уладаў з патрабаваньнем вызваліць Уладзімера Някляева і спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыі) і некаторыя іншыя.

 

Не абышлося і без заходнікаў. З гэтага часу гледачы беларускіх радыёстанцый не пачуюць кампазыцый брытанскіх музыкаў Ніла Тэната і "Pet Shop Boys", гуртоў "Tru Thoughts", "Wah Wah 45", "7 Samurai"; чытачы дзяржгазэтаў і часопісаў не прачытаюць пра знакамітага брытанскага драматурга Тома Стопарда; гледачы дзяржаўных телеканалаў ня ўбачаць фільмы з удзелам галівудзкіх зорак Кэвіна Клайна, Сэмюэля Ўэста, Джуда Лоў, Кэвіна Спэйса ды інш. Усе яны прынялі ўдзел у "Глябальнай артыстычнай кампаніі салідарнасьці зь Беларусьсю", ініцыяванай "Свабодным тэатрам" на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў, накіраваных на прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў-2010.

 

Між тым, яшчэ зусім нядаўна, з 2005 па 2007 гады, у Беларусі існавалі негалосныя "чорныя сьпісы", якія, па сутнасьці, забаранялі публічную дзейнасьць найбольш вядомых рок-гуртоў, такіх як "N.R.M.", "Крама", "Палац", "Нэйра Дзюбель".

 

 

Кампутарызацыя "сілавікоў" за кошт канфіскацыяў

 

Рэдакцыі недзяржаўных беларускіх СМІ, праваабарончыя арганізацыі і палітычныя актывісты па-ранейшаму застаюцца без кампутараў, аўдыё- і відэатэхнікі, а таксама іншых носьбітаў інфармацыі, сканфіскаваных падчас ператрусаў, якія адбыліся пасьля падзеяў 19 сьнежня. Звароты ў пракуратуру, КДБ ды іншыя сілавыя структуры плёну пакуль ня мелі — лёс сканфіскаванай тэхнікі і асабістых фінансавых сродкаў людзей застаецца няпэўным.

 

Хваля ператрусаў і канфіскацыяў пракацілася па ўсіх рэгіёнах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Прычым, для некаторых грамадзянскіх ініцыятываў гэта хваля была ня першая: напрыклад, кампанію "Гавары праўду" пазбавілі кампутараў і іншай аргтэхнікі двойчы, упершыню — 18 траўня. Дагэтуль пра лёс забранага нічога не вядома, кажа актывіст кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

 

— Кампутарызыцыю сілавых структур мы выканалі на 200%. Абяцаньняў яны ніякіх не даюць, канечне. А крымінальная справа, да прыкладу, ад 18 траўня — яна прыпыненая. Гэта азначае, што яна і не вядзецца, і яны маюць права трымаць гэтую тэхніку. Мы, канечне, спрабуем размаўляць з МУС і іншымі, але безвынікова.

 

Акрамя тэхнікі, забранай з офісу кампаніі, супрацоўнікі спэцслужбаў таксама канфіскоўвалі кампутары і асабістыя сродкі актывістаў падчас ператрусаў у іх дамах. Да прыкладу, у Сьвятланы Навумавай забралі грошы, сабраныя на лекі. Спадарыня Сьвятлана кажа, што ўжо не спадзяецца іх вярнуць:

 

— Паколькі я інвалід, то гэтыя грошы былі мне сабраныя для лячэньня. Я пісала ў пракуратуру, аднак грошай мне, на жаль, пакуль не вярнулі. І, прабачце за мэлядраматызм, але ня ведаю, ці дажыву да гэтага.

 

Без тлумачэньня прычынаў канфіскацыі і без абяцаньня вярнуць кампутары і іншую тэхніку спэцслужбы пакінулі рэдакцыі шэрагу незалежных выданьняў, у тым ліку "Эўрарадыё". Звароты ў пракуратуру і ў іншыя структуры і ў гэтым выпадку засталіся безвыніковымі, кажа кіраўнік радыё Віталь Зыблюк:

 

— Мы рабілі розныя запыты, і нам адказалі, што канфіскацыя адбылася паводле закону, але адносна вяртаньня там нічога не было.

 

У незалежным тыднёвіку "Наша Ніва" паведамілі, што днямі на свой запыт у пракуратуру атрымалі адказ, у якім паведамляецца, што канфіскаваная тэхніка будзе вернутая пасьля завяршэньня сьледчых дзеяньняў у крымінальнай справе, распачатай пасьля падзеяў 19 сьнежня. Вось як гэта пракамэнтаваў Гары Паганяйла — юрыст праваабарончай арганізацыі БХК, дзе таксама была канфіскаваная кампутарная тэхніка:

 

— Зразумела, што калі пад гэтыя дзеяньні сілавікоў трапілі журналісты, праваабаронцы, асобныя людзі, чыя тэхніка не магла ўтрымліваць зьвестак пра чыюсьці віну, то гэта сьведчыць пра тое, што органы крымінальнага перасьледу і палітычнага вышуку, што тычыцца КДБ, — яны выкарысталі сытуацыю, каб канфіскаваць тэхніку і высьветліць, чым займаюцца журналісты, праваабаронцы і палітычна актыўныя людзі.

 

Тым часам актывісты ініцыятывы "Свабодная Беларусь" з Польшчы распачалі акцыю, мэта якой — набыць кампутары для беларускіх журналістаў і праваабаронцаў.

 

Галіна Абакунчык

 

 

Эстонія за эканамічныя санкцыі адносна Беларусі

 

Эўрапейскі Зьвяз павінен разгледзець пытаньне аб увядзеньні "вельмі мэтанакіраваных эканамічных санкцый "у дачыненьні да Беларусі ў сувязі з апошнімі "жудаснымі падзеямі" там. Такую заяву зрабіў міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт у Рызе пасьля перамоваў са сваім латвійскім калегам, Гіртсам Валдзісам Крыстоўскісам, паведамляе нямецкае інфармацыйнае агенцтва DPA.

 

Паэт сказаў, што санкцыі могуць быць ужытыя “да асобаў, блізкіх да рэжыму”, у тым ліку адносна кампаніяў і прадпрыемстваў, якія дапамагаюць Лука-ку ўтрымлівацца ва ўладзе. "Эўразьвяз павінен прааналізаваць такую магчымасьць і быць гатовым да вельмі мэтанакіраваных санкцыяў", сказаў Паэт.

 

Эстонія была адным з самых актыўных крытыкаў Лука-ка, яе ацэнкі значна больш жорсткія, чым ацэнкі суседніх з Беларусьсю Літвы і Латвіі.

 

Эўразьвяз ужо увёў забарону на ў’езд на тэрыторыю краін Зьвязу для Лука-кі і 156 іншых беларускіх чыноўнікаў, але галасы на карысьць больш жорсткіх санкцыяў узмацніліся пасьля заяваў прадстаўнікоў беларускай апазыцыі аб тым, што іх катавалі ў турме, куды яны патрапілі пасьля спрэчных выбараў 19 сьнежня — адзначае DPA.

 


У Брусэлі адкрываецца фотавыстава "19 сьнежня вачыма журналістаў"

 

2 сакавіка ў Бруселі ў офісе Пастаяннага прадстаўніцтва Каралеўства Швэцыі ў Эўрапейскім Зьвязе адкрыецца фотавыстава “19 сьнежня вачыма журналістаў”, на якой будуць прадстаўленыя амаль паўсотні фотаздымкаў сямі беларускіх фатографаў.

 

Кіраўнік офісу "За дэмакратычную Беларусь" у Брусэлі Вольга Стужынская распавяла:

 

— Гэта была супольная ідэя Беларускай асацыяцыі журналістаў і нашага офісу. Мы зьвярнуліся да Швэдзкага прадстаўніцтва ў Эўразьвязе, каб яны патрымалі і дапамаглі нам арганізаваць гэта мерапрыемства, якое разьлічана на самыя шырокія колы тут, у Брусэлі: на прадстаўнікоў інстытуцыяў Эўразьвязу, якія працуюць па рэгіёнах альбо па Беларусі, журналістаў, проста зацікаўленых людзей, якім неабыякава, што адбываецца ў Беларусі.

 

Беларускія фотарэпартэры Ксенія Авімава, Сяргей Балай, Дзьмітры Брушко, Уладзімер Грыдзін, Вадзім Заміроўскі, Аляксандар Зянкоў і Аляксей Мацюшкоў дапамогуць убачыць падзеі 19 сьнежня і тое, што было пасьля іх у Менску праз аб’ектывы сваіх фотакамэр. Сяргей Балай кажа:

 

— Я ня ведаю, ці можа фотаздымак схлусіць... На маю думку, фатографы — гэта самыя шчырыя журналісты, бо яны паказваюць тое, што адбываецца насамрэч. Мы не карыстаемся фоташопам, мы паказваем так, як было.


І страху здымаць няма. Мне падаецца, тым фатографам, якія здымалі ў Эгіпце, зараз працуюць у Лібіі, напэўна, страшна. Бо там могуць забіць проста выпадкова. Не зважаючы на тое, што ты журналіст. У нас таксама можна пацярпець ад АМАПу, спэцслужбаў, але, на маю думку, мы проста робім сваю працу.

 

Менавіта фотакарэспандэнты былі ў самым гушчы падзеяў плошчы, спэцслужбы іх зьбівалі, клалі "тварам у сьнег", у некаторых наўмысна пашкодзілі апаратуру. Але многім рэпартэрам удалося злавіць надзвычай яскравыя кадры, якія абышлі ўвесь сьвет. Распавядае Аляксей Мацюшкоў:

 

— Наагул, на любых мерапрыемствах я стараюся быць да канца. Я, напэўна, адзін з апошніх сыходзіў з плошчы. Я здымаў, калі вельмі жорсткі гвалт быў, калі плошча была цалкам ачэпленая, хаця мяне людзі ў цывільным "за шманты" пастаянна цягалі ўлева-управа. Было вельмі цяжка псыхалягічна. Але я стараюся неяк выкручвацца, вельмі хутка перасоўвацца.

 

І пасьля падзеяў 19 сьнежня да фотакарэспандэнтаў і відэарэпартэраў улады выявілі асаблівую цікавасьць. У "нашаніўцаў" Юліі Дарашкевіч і Тацяны Гаўрыльчык былі ператрусы, канфіскавалі тэхніку. Вадзіма Заміроўскага і Ксенію Авімаву выклікалі на допыты ў КДБ. Меркаваньне Сяргея Балая:

 

— Я ўвогуле не разумею гэтых перасьледаў і нагоды гэтых перасьледаў. Я разумею, што не жадаюць улады, каб гэта інфармацыя трапіла ў замежныя сродкі масавай інфармацыі. Але, зь іншага боку, мы жывем у цэнтры Эўропы, у нас ёсьць спадарожнікавы інтэрнэт, і схаваць некаторыя рэчы, якія адбываюцца ў Беларусі, немагчыма зараз.

 

На пытаньне, ці страшна працаваць у такіх умовах, Аляксей Мацюшкоў адказаў так:

 

— Крыху страшна становіцца, калі вакол цябе нейкія нечаканыя дзеяньні адбываюцца, нейкі гвалт. Але ўсё гэта асэнсоўваеш толькі пры канцы сваёй працы. То бок, калі ўсё скончылася, быў, канечне, у шоку. У такім шоку, што два дні адыходзіў, было ніякавата. Але потым пачынаюцца звычайныя будні, і ты працягваеш сваю працу. Хаця стрэсы, напэўна, кожны дзень бываюць.

 

Перад адкрыцьцём выставы “19 сьнежня вачыма журналістаў” у Брусэлі прадстаўнікі БАЖ і фатографы распавядуць пра сытуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі.

 

Іна Студзінская


“Радыё Свабода”

 

 

Аляксандр Мех не трапіў на форум дэмсіл

 

На Брэсцкі абласны форум дэмакратычных сілаў не здолеў патрапіць грамадска-палітычны дзеяч з Кобрына Аляксандр Мех.

 

Аляксандр Мех вельмі абураны такім стаўленнем калег па дэмакратычнаму лагеру і мае свой погляд на форум:

 

— Гэта адбываецца ў рэчышчы тых палітычных падзей, што зараз ідуць у краіне, гэта ўжо другі этап стварэння кіруемай апазіцыяй, дзе ўжо ўсё распісана і каб не зрываць гэты план, адсякаюцца іншыя думкі і іншыя людзі.

 

Адзін з сябраў арганізацыйнага камітэта форума дэмакратычных сілаў Брэсцкай вобласці Ігар Маслоўскі, паведаміў, што Аляксандр Мех не змог патлумачыць, хто яго запрашаў, каго ён будзе прадстаўляць на форуме і адмовіўся ад удзелу:

 

— На форум прыйшлі людзі, якіх нават мы не запрашалі, але яны распавялі каго будуць прадстаўляць, пасля чаго далучыліся да працы форума. Фармат мерапрыемства быў на 40 чалавек, а прысутнічала больш 50, што сведчыць нам аб тым, што хто хацеў, той прыйшоў. Калі мы запытвалі Аляксандра Меха, хто цябе запрасіў, то ён саслаўся на Уладзіміра Вялічкіна, а Вялічкіна мы проста ведаем, ён не арганізатар форума, не удзельнік. Калі я запытаў "Хто запрасіў?", то ён паведаміў "Калі не трэба, то я пайшоў".

 

Арганізатары адзначылі, што форум наведалі нават не запрошаныя маладыя актывісты.

 


На шклозаводзе “Нёман” звольнілі апазіцыйнага актывіста

 

Грамадскага актывіста, сябра Партыі БНФ і Руху “За свабоду!” Сяргея Трафімчыка звольнілі са шклозавода “Нёман”.

 

Як мяркуе сам актывіст, яго звальненне звязанае ў першую чаргу са змаганнем за правы рабочых, якія сістэматычна парушаліся апошнім часам. Па яго словах, у мэтах палітычнай расправы адміністрацыя прадпрыемства выкарыстала кантрактную сістэму найма працоўных:

 

— Пра тое, што я буду звольнены я ведаў ўжо год таму калі мяне толькі пераводзілі на кантракт. Я амаль два гады супраціўляўся гэтаму пераводу усялякімі законнымі сродкамі. Мне казалі людзі, якія працуюць у адміністрацыі, што кіраўнік нашага прадпрыемства казаў: “Перавесці яго на кантракт і праз год — звольніць!”

 

Сяргей Трафімчык на мінулагодніх мясцовых выбарах балатаваўся ў дэпутаты Бярозаўскага гарадскога і Лідскага раённага Саветы дэпутатаў. А так сама прымаў актыўны ўдзел у апошняй прэзідэнцкай кампаніі.

 

Андрэй Панямонаў

 

 

Улада паказвае — не рыпайцеся

 

Праваабаронца Людміла Гразнова, якая прасядзела два дні каля дзвярэй, але так і не была дапушчаная ў залу суда па справе прэсавага сакратара Андрэя Саннікава — Аляксандра Атрошчанкава, а таксама Змітра Новіка і Аляксандра Малчанава, упэўненая, што прысуд быў "палітычным", а суддзя папросту выканала замову зверху.

 

— Тут безумоўна палітычны вырак, ён жорсткі і паказальны для палітычнай апазіцыі, для лідараў апазіцыі, што цяпер сядзяць у турме. Гэта сродак для запалохвання іх. Гэта таксама сігнал, паведамленне для ўсяго насельніцтва, каб нашы грамадзяне сядзелі ціха, як мышы пад венікам. Улада паказвае — не рыпайцеся, сядзіце ціха, бо будзе як з Атрошчанкавым: 4 гады будзем вам прысуджваць.

 

Антон Разумоўскі

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Мужа Дар’і Корсак таксама катавалі

 

У перапынку сённяшняга судзілішча жонцы Аляксандра Атрошчанкава Дар’і Корсак удалося перакінуцца з мужам парай фразаў. Як паведаміла карэспандэнтцы “Нашай Нівы” Дар’я, яе мужа катавалі тымі ж метадамі, што і Алеся Міхалевіча.

 

— Я паспела сказаць яму, што кахаю… Мы разам перажывём гэтую ўладу, — паведаміла Дар’я журналістам пасля суда.

 

Настасся Шамрэй, Таццяна Гаўрыльчык

 

“Наша Ніва”

 

 

3 сакавіка 2011 г.

 

Дашкевіча й Лобава перавялі бліжэй да месца суду

 

Старшыню "Маладога Фронту" Зьмітра Дашкевіча й менскага каардынатара МФ Эдуарда Лобава перавялі з Жодзінскай турмы ў СІЗА № 1 у Менску на вул. Валадарскага.

 

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў турме № 8 ў Жодзіне, — паведамляе сайт "Маладога Фронту".

Суд над Дашкевічам і Лобавым мусіць адбыцца цягам месяца — справа ўжо была перададзеная на вывучэньне ў суд Маскоўскага раёну Менску. Вядома, што і лідэры "Маладога фронту" пачалі знаёміцца з матэрыяламі.

 

 

“Хуліганамі” Дашкевічам і Лобавым цікавіцца контравыведка

 

Каардынатар “Эўрапейскай Беларусі” Зьміцер Бандарэнка быў дапытаны ў прысутнасьці адваката. Мікіта Ліхавід закончыў азнаямленьне са справай. Лідэраў “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава перавезьлі на Валадарку.

 

3 сакавіка сьледчы дапытаў Зьмітра Банадарэнку. Допыт адбываўся ў прысутнасьці адваката Мар’яны Сямешкі. Гэта быў першы допыт Бандарэнкі з канца сьнежня, калі актывісту штабу Андрэя Саньнікава выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

 

Падрабязнасьці пра допыт адвакат не паведаміла, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва. Пра Зьмітра Бандарэнку адвакат сказала, што схуднеў, але “захаваў бадзёры настрой”, паведаміла “Свабодзе” жонка вязьня Вольга.

 

Яшчэ да трох вязьняў “амэрыканкі”, якіх абвінавачваюць паводле справы 19 сьнежня, не выклікалі адвакатаў для правядзеньня у іх прысутнасьці допытаў. Гэта Мікола Статкевіч, Сяргей Марцалеў і Аляксандр Класкоўскі. Пры гэтым, паводле зьвестак сваякоў вязьняў, размовы са сьледчымі ў іх могуць адбывацца.

 

Вязень “Валадаркі” Мікіта Ліхавід скончыў азнаямленьне са справай, паведаміла маці абвінавачанага ва ўдзеле ў масавых беспарадках Алена Ліхавід. 4 сакавіка Алена плянуе сустрэцца з сынам ў турме:

 

— Сёньня мне патэлефанавала адвакат і сказала, што сьледчы дазволіў мне спатканьне з сынам. Гэта адзначае, што Мікіта закончыў азнаямленьне са справай. Заўтра зраніцы сьледчы сказаў мне прыехаць за дазволам на спатканьне. Заўтра я ўбачу свайго сына.

 

Алена Ліхавід — адна з тых, хто выходзіў на акцыі салідарнасьці і абароны вязьняў 19 сьнежня да КДБ. Падчас адной з такіх акцый жанчыну ледзь не затрымалі супрацоўнікі спэцслужбаў — дапамагло заступніцтва журналістаў.

 

Як пацьвердзілі сёньня на “Валадарцы”, туды 2 сакавіка перавялі з Жодзінскага сьледчага ізалятара лідэраў “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Намесьніца кіраўніка “Маладога фронту” Наста Палажанка кажа, што хутка будзе прызначаны суд над Дашкевічам і Лобавым. Пакуль вядома дакладна толькі тое, што іх будуць судзіць у Маскоўскім судзе Менску.

 

Маці Эдуарда Лобава Марына Лобава, са спасылкай на ліст ад сына з Жодінскага ізалятару, паведаміла, што да сына другі раз прыяжджалі для размовы супрацоўнікі контрвыведкі КДБ. Якое гэтае ведамства мае дачыненьне да справы аб хуліганстве, зьдзіўляецца Марына.

 

— Ліст нядаўна даслаў. Зноў яго дапытвалі з контравыведкі, на гэты раз падпалкоўнік прыяжджаў. Адно гэта даказвае, што затрымалі яго не за хуліганства, а за палітыку.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Былыя вязьні патрабуюць расьсьледаваць факты катаваньняў

 

Абвінавачаныя па справе аб масавых беспарадках зьвярнуліся да генэральнага пракурора Беларусі з просьбай расьсьледаваць факты катаваньняў, якія прымяняюцца ў СІЗА КДБ.

 

Яны патрабуюць спыніць "прававую сваволю і ўсёдазволенасьць людзей у пагонах, якія адбываюцца сёньня ў краіне і ў СІЗА КДБ у прыватнасьці".

 

Паводле аўтараў звароту, 28 лютага экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч распаўсюдзіў заяву, дзе выклаў канкрэтныя факты катаваньняў, якія ўжываліся да яго і іншых грамадзянаў Беларусі ў СІЗА КДБ.

 

"Беларуская і міжнародная грамадзкасьць, без перабольшваньня, шакаваныя гэтымі фактамі. Праваабаронцы ўжо запатрабавалі ад Вас расьсьледаваць гэтыя факты і пакараць вінаватых", гаворыцца ў заяве.

 

Аўтары заявы патрабуюць правесьці незалежнае — з прыцягненьнем міжнародных экспэртаў — расьсьледаваньне фактаў гвалту, жорсткага абыходжаньня і катаваньняў у дачыненьні да арыштаваных па справе 19 сьнежня. Неадкладна праверыць умовы ўтрыманьня ў СІЗА КДБ кандыдатаў у прэзыдэнты і сябраў іх каманд, мэтадаў працы супрацоўнікаў КДБ пры правядзеньні расьсьледаваньня. А таксама безумоўна вызваліць з турмаў усіх палітычных вязьняў.

Заяву падпісалі:

 

экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі
давераная асоба экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева Сяргей Вазьняк
кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў
кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ўладзімір Кобец
намесьнік старшыні "Маладога Фронту" Наста Палажанка
лідэр моладзевага крыла АГП Алег Корбан
мрэдактар сайту charter97.org Натальля Радзіна.

 

 

Абвінавачаны Буланаў зноў не падымаецца з турэмнага ложка

 

Вязень "Валадаркі" Дзьмітрый Буланаў з-за хваробы ня можа падняцца з турэмнага ложка. Калегі павіншавалі Ірыну Халіп кветкамі і словамі падтрымкі. Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч перанёс грып у "амэрыканцы".

 

На 3 сакавіка быў прызначаны першы з канца сьнежня допыт каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі, паведаміла "Свабодзе" жонка вязьня Вольга Бандарэнка. Днём раней Вольга атрымала ліст ад мужа, у якім Зьміцер піша пра сваё здароўе "здавальняючае".

 

— Здавальняючае — гэта азначае, што вельмі дрэннае. Наколькі я ведаю Дзіму, — мяркуе Вольга Бандарэнка.

 

У Зьмітра Бандарэнкі праблемы з пазваночнікам, ён перанёс некалькі апэрацыяў. Зьвесткі пра тое, што ў камэрах ізалятара КДБ холадна і што там ужываюць супроць вязьняў "расьцяжку" ды іншыя формы фізычнага ўзьдзеяньня, паводле Вольгі Бандарэнкі, таксама сьведчаць пра, што ў Бандарэнкі абвастрыліся ранейшыя хваробы.

 

Пытаньне здароўя — на першым месцы і адносна вязьня "Валадаркі" Зьмітра Буланава, якога таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня. Пасьля арышту ў Буланава пачалі балець суставы ног, дайшло да таго, што хлопец некалькі дзён не падымаўся з турэмнага ложка. Тыдзень таму становішча Буланава нібыта палепшала, але, як выявілася, цяпер яму зноў стала горай: з ложка хлопец зноў не падымаецца, і пры гэтым у турэмны шпіталь яго не кладуць, распавяла маці вязьня Клаўдзія Якаўлеўна:

 

— Справы дрэнныя. Ня ходзіць. Каб пайшоў, яму робяць уколы. Ацяклі ногі, ацяклі суставы. Да таго ж і дыягназ яшчэ ня вызначаны. Ён па-ранейшаму ў камэры, і меру стрыманьня зьмяніць яму не дазволілі. Я пра гэта ўжо атрымала паперу з пракуратуры — не дазволілі.

 

3 сакавіка Клаўдзія Буланава сустракалася зь лекарам сьледчага ізалятара.

 

— Тая сказала, што будзе спрабаваць, каб яго перавялі хаця б у турэмны шпіталь, — кажа маці вязьня.

 

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч перахварэў у камэры на грып, але цяпер яму лепей. Адвакат да яго ня ходзіць, бо Статкевіч адмовіўся ад кантактаў са сьледзтвам, а канфідэнцыйныя размовы з адвакатам усім абвінавачаным у справе 19 сьнежня забароненыя. З навінаў у Статкевіча тое, што цяпер палітык мае магчымасьць чытаць у турме кнігі і газэты, паведаміла Марына Адамовіч:

 

— Піша, што цяпер шмат чытае, у тым ліку і газэты. У прыватнасьці, згадаў "Камсамолку". З гэтага мяркую, што раней быў інфармацыйны голад, і гэтым таксама на яго неяк спрабавалі ўзьдзейнічаць.

 

Ала Ўладзімераўна Саньнікава заявіла, што будзе дамагацца неадкладнага спатканьня з сынам Андрэем. Дадатковым штуршком стала заява Алеся Міхалевіча пра катаваньні вязьняў "амэрыканкі".

 

— Я пасьля гэтага не магла ноч заснуць і падумала, што калі няма сустрэч з адвакатам, то я пайду дамагацца сустрэчы, можа, я змагу нешта высьветліць. Трэба дамагацца сустрэчы больш рашуча. Без сыстэматычнага ўзьдзеяньня гэтую сьцяну не праб’еш, — сказала Ала Саньнікава журналістам, пасьля таго як пашырыліся зьвесткі пра катаваньні ў вязьніцы КДБ.

 

Уладзімер Халіп распавёў пра тое, як ягоная дачка Ірына, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам, адрэагавала на кветкі, якімі яе павіншавалі зь вясной калегі з БАЖу:

 

— Я перадаў ёй кветкі, перадаў словы, і Іру гэта вельмі ўзрадавала і ўсьцешыла. Яна была вельмі ўдзячная за тое, што пра яе не забываюцца, што падтрымліваюць, не пакідаюць у турме сам-насам з нашай магутнай уладай і аховай, паміж якімі няма мяжы. Усё гэта ператварылася для яе ў такое невялічкае сьвята, калі ў гэтых умовах можна яшчэ нешта сьвяткаваць.

 

Паводле Ўладзімера, сын Ірыны Халіп і Андрэя Саньнікава Данік паводзіць сябе ўсё больш па-даросламу.

 

— Сказаў, што пакуль няма таты, ён будзе ў доме гаспадаром. Гэта выяўляецца найперш у тым, што больш слухае і дапамагае маці, — сказаў Уладзімер Халіп.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Мэдэкспэртызу пацярпеламу правялі праз 2 месяцы

 

У рэгіёнах Беларусі працягваецца перасьлед дэмакратычных актывістаў на падставе крымінальнай справы аб падзеях на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ў Менску. Разам з тым мясцовыя аддзелы пракуратуры, міліцыі і КДБ адмаўляюцца разглядаць скаргі апазыцыянэраў на супрацьпраўныя дзеяньні.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

 

У чацьвер Берасьцейскі абласны суд не задаволіў скаргу Дзяніса Турчыняка — назіральніка руху "За свабоду!" на мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбарах.

 

Раней Дзяніс Турчыняк накіраваў скаргу ў ЦВК на дзеяньні Берасьцейскай выбарчай камісіі. Ярмошына прызнала, што сапраўды на выбарчым участку № 98 у Берасьці было парушэньне Выбарчага кодэксу. Але чыноўнікі гарвыканкаму адмовіліся складаць адміністрацыйны пратакол на старшыню камісіі.

 

Па выніках сёньняшняга судовага разгляду Дзяніс Турчыняк заявіў, што суд стаў на бок чыноўнікаў:

 

— Судовае паседжаньне было даволі кароткім. Была зачытаная мая прыватная скарга. Суд пасьля гэтага вынес рашэньне, згодна зь якім мая скарга не была задаволеная.

 

Дакумэнты аб парушэньнях на выбарах у Берасьці будуць накіраваныя ў Камісію па правах чалавека ААН.

 

Дзяніс Турчыняк лічыць, што ня мае сэнсу зьвяртацца па справядлівасьць у Вярхоўны суд. Разам зь берасьцейскім праваабаронцам Раманам Кісьляком ён пачынае рыхтаваць дакумэнты да падачы іх у камісію па правах чалавека ААН. Тлумачыць Раман Кісьляк:

 

— Парушэньняў сапраўды даволі шмат. Цяпер вядзем збор сьведчаньняў пра такія парушэньні. Дакумэнты будзем перадаваць да разгляду ў камісію ААН па правах чалавека.

 

Мая Абромчык з Ганцавічаў, якой пры разгоне акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску міліцыянты зламалі нагу, яшчэ ў студзені накіравала скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску. Да гэтага часу пракуроры не пачалі разглядаць справу, кажа Мая:

 

— Там пакуль справа не заведзена. Але гэта ўжо незаконна. Бо пракуроры спасылаюцца на тое, што пакуль ня маюць вынікаў судова-мэдычнай экспэртызы. Тым ня менш праваабаронцы кажуць, што гэтыя дакумэнты не патрэбныя. Справа магла б быць заведзена і бяз гэтых вынікаў. <...>

 

Мне прыйшло паведамленьне з пракуратуры пра тое, што рашэньне па маёй скарзе працягнута да 18 сакавіка. Разам з праваабаронцамі і юрыстамі мы рыхтуем дакумэнты, каб падаць скаргу на пракуратуру, калі рашэньне ня будзе прынята ў хуткім часе.


МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

Аляксандар Сілкоў У чацьвер у абласной управе КДБ дапыталі актывіста стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандра Сілкова. У будынак на вуліцы Ленінскай, 79 разам зь ім прыйшлі пятнаццаць ягоных калегаў па грамадзкай дзейнасьці.

 

Як патлумачыў Аляксандар Сілкоў, пасьля заявы Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў ізалятары КДБ ён асьцерагаецца бязь сьведак хадзіць да камітэтчыкаў. Таму й прыйшоў на допыт са сваімі калегамі.

 

Актывіст быў даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча. Ягонай выбарчай кампаніяй і цікавіўся опэрупаўнаважаны КДБ Аляксандар Церахаў. Актывісту ён задаваў восем пытаньняў.

 

— Я даў падпіску, што гэтыя пытаньні я ня буду разгалошваць. Не было ніводнага пытаньня пра мой удзел у падзеях 19 сьнежня. Яны адразу сказалі: "Мы й так ведаем, што вы ў гэты час займаліся іншымі справамі, і нас гэта не цікавіць. Нас цікавіць спадар Міхалевіч". Спадар Міхалевіч два месяцы змагаўся за сваё чэснае імя, а пасьля таго як ён зрабіў свой мужны ўчынак, у мяне такое склалася адчуваньне, што на яго "наскрабаюць" артыкул, — паведаміў адразу пасьля допыту Аляксандар Сілкоў.

 

Актывіст заяўляе, што будзе скардзіцца ў пракуратуру на камітэтчыка. Учора, як сьцьвярджае Сілкоў, ён абяцаў дапусьціць на допыт грамадзкага прадстаўніка альбо бясплатнага адваката. Абяцаньня свайго ня выканаў.

 

Што да групы грамадзкіх актывістаў, то іх зьяўленьне ў будынку КДБ сталася нечаканасьцю для супрацоўнікаў спэцслужбы. Хвілін пятнаццаць за грамадой назіраў дзяжурны. Потым выйшаў апэратыўны супрацоўнік КДБ і загадаў усім выйсьці з будынка, бо, маўляў, гэта рэжымны аб’ект і знаходзіцца ў ім забаронена. Ля кабінэта, дзе праходзіў допыт, дазволілі застацца толькі актывісту Юрыю Новікаву. Ён апавядае:

 

— Я сядзеў побач. Нават мне было чуваць, што там ідзе гутарка. Там не было ні крыкаў, ні ніякага ціску. Наколькі маглі, мы спрабавалі кантраляваць працэс допыту Сілкова. У сьвятле той інфармацыі пра катаваньні, якую распавёў раней Міхалевіч — гэта проста жах — мы цяпер дужа хвалюемся за кожнага. Не выключаем, што такія захады могуць ужывацца да любога чалавека.

 

Аляксандра Сілкова ў КДБ выклікалі 1 сакавіка тэлефанаваньнем. 2 сакавіка на допыт актывіст прыйшоў са сваімі калегамі. Ад Аляксандара Церахава запатрабаваў выкананьня ўсіх фармальнасьцяў зьвязаных з выклікам. У выпісанай позьве камітэтчык пазначыў, што Сілкова зьбіраецца дапытаць як сьведку ў справе масавых беспарадкаў у Менску 19-20 сьнежня.


ГОМЕЛЬШЧЫНА

 

У Гомелі Савецкі райаддзел міліцыі намагаецца ўзяць адбіткі пальцаў у Ірыны Кузьняцовай, жонкі кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі руху "За свабоду" Пятра Кузьняцова.

 

Калі сям’я Кузьняцовых стала высьвятляць у міліцэйскага дазнаўцы, на якой падставе ў Ірыны хочуць узяць адбіткі пальцаў, ім адказалі, што прозьвішча Ірыны Кузьняцовай значыцца ў сьпісах Міністэрства абароны.

 

— Мне проста незразумела, як прозьвішча маёй жонкі магло трапіць у сьпісы Мінабароны, бо яна ня мэдык, а пэдагог. Гэта жанчыны-мэдыкі ваеннаабавязаныя, а мая жонка — не. Я не лічу, што тут можа быць палітыка. Тут проста нейкі маразм сыстэмы, — сказаў Кузьняцоў.

 

Сябра БАЖу, кіраўніца моладзевай суполкі "Талака" Ларыса Шчыракова, у якой падчас студзеньскага ператрусу супрацоўнікі Гомельскай управы КДБ забралі кампутары, дыктафон, відэакамэру, мабільныя тэлефоны, дыскі з архівамі беларускіх нацыянальных сьвятаў, патрабуе вярнуць усё гэта з чужога незаконнага карыстаньня:

 

— Я пісала на імя начальніка Гомельскага УКДБ, і я пісала ў пракуратуру. Мне адказала толькі пракуратура. Яны напісалі, што маю скаргу перанакіравалі ў генэральную пракуратуру, бо нібыта тая давала санкцыю. І больш нічога. А КДБ мне наагул не адказаў.

 

Непрыхаваны рабунак не дазваляе жанчыне займацца журналісцкай ды культурніцкай працай:

— Забралі, пазбавілі магчымасьці працаваць, выконваць прафэсійныя абавязкі. Трымаюць там. Проста нейкая шкадлівасьць у стылі старушэнцыі Шапакляк. Узяць, забраць — і трымаць да апошняга.

 

Гомельскі грамадзкі актывіст, сябра АГП і руху "За свабоду" Ўладзімер Кацора лічыць, што перасьлед актывістаў у рэгіёнах, якія нават не былі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску, зьвязаны з "зачысткай" іншадумства і непадкантрольнай уладам ініцыятывы людзей:

 

— Гэтыя прэвэнтыўныя захады праводзяцца дзеля таго, каб паказаць у рэгіёнах, што ўсе актывісты — яны добра вядомыя і спэцслужбам, і ўладам. Гэта й напамінак пра тое, што калі яны й надалей будуць займацца грамадзкай дзейнасьцю, а тым больш палітычнай дзейнасьцю, то могуць быць і перасьледы, і новыя ператрусы, і допыты; і што для іх ня знойдзецца месца ў горадзе й раёне на працу й нават на пражываньне.


ВІЦЕБШЧЫНА

 

Глыбоцкага актывіста, які працаваў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах, вінавацяць паводле адміністрацыйнага артыкула 9.10 у парушэньні выбарчага заканадаўства:

 

— Вінавацяць у тым, нібыта я праводзіў на ўчастку апытаньне выбарцаў, што назіральніку рабіць забаронена. Паводле гэтага артыкула пакараньнем можа быць або папярэджаньне, або штраф памерам да 15 базавых велічынь.

 

Пратакол пра парушэньне быў складзены юрысконсультам Глыбоцкага райвыканкаму. А ініцыятарам судовай справы стала Марыя Мацулевіч, якая была назіральніцай на тым самым участку ад "Беларускага саюзу жанчын". Яна напісала скаргу ў пракуратуру, і пасьля праверкі было прынята рашэньне распачаць супраць Кастуся Шыталя судовы працэс.

 

У пратаколе з гарвыканкаму была пазначана дата пачатку — 3-га сакавіка. Але ў чацьвер, прыйшоўшы ў суд, журналіст убачыў, што разгляд справы не прызначаны.

 

Судзьдзю, якую прызначылі разьбіраць справу, удалося адшукаць з дапамогай праваабаронцы Ганна Мартыноўскай, прадстаўніцы БХК, якая прыйшла ў суд падтрымаць актывіста:

 

— У сакратарыяце сказалі, што гэта Казак Ірына Станіславаўна. Яна спыталася: "Навошта ён прыйшоў?" Кажу: "Дык яго ж выклікалі, вось пратакол, там напісана, каб зьявіцца ў суд у столькі й столькі". Ясна, думаю, у нас жа не вяршэнства закону, а што Зібарава скажа.

 

Алена Зібарава была сакратаром раённай выбарчай камісіі, яна загадвае ў райвыканкаме аддзелам арганізацыйна-кадравай працы. Але судовыя органы не павінны падпарадкоўвацца выканаўчай уладзе, падкрэсьлівае праваабаронца, і таму недапушчальна, каб выканкам прызначаў дату суду без папярэдняга ўзгадненьня.

 

Тым ня менш так здарылася. Але на працэс не зьявіліся і самі прадстаўнікі выканкаму ды выбарчай камісіі. Кастусю Шыталю, чый асабісты час быў змарнаваны, загадалі чакаць позвы з афіцыйна прызначанай датай.

 

Актывіст лічыць, што ініцыяваная супраць яго адміністрацыйная справа — гэта спроба ціску за супрацоўніцтва зь незалежным сайтам www.westki.infо. Кастусь Шыталь піша на палітычныя тэмы, асьвятляў удзел прадстаўнікоў рэгіёну ў менскіх падзеях 19-га сьнежня, але самы вялікі рэзананс меў яго артыкул "Незалежны назіральнік пабачыў, як фальшавалі вынікі выбараў у Глыбокім", напісаны з уласнага назіральніцкага досьведу.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

 

Маладафронтавец з Горадні Алесь Кіркевіч сустрэўся з адвакатам у турме КДБ толькі празь месяц пасьля таго, як яму прад’явілі абвінавачаньне. Пра гэта паведаміла "Свабодзе" маці Алеся — спадарыня Ларыса.

 

Маці Алеся Кіркевіча, спадарыня Ларыса, распавядае, што першы раз адвакат бачыла яе сына 3 лютага, калі яму прад’яўлялі абвінавачваньне ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках на Плошчы.

 

І вось сёньня адвакат паведаміла ёй, што прысутнічала падчас правядзеньня мэдыцынскай экспэртызы ў адносінах да Алеся.

 

Са слоў маці, 19 сьнежня ў Алеся Кіркевіча была моцна разьбіта галава. Праўда, спадарыня Ларыса ня можа ўцяміць, якую экспэртызу можна праводзіць, калі пасьля гэтага прайшло больш за два месяцы:

 

— Якія цяпер можна знайсьці сьляды цялесных пашкоджаньняў? А ў яго галава 19-га была разьбіта сур’ёзна, таму што было шмат крыві. Калі ён прыехаў пасьля гэтых падзей дахаты, у яго куртка была ў крыві, і я яе адмывала. Галава была разьбітая ў двух месцах. А цяпер што? Ну, вядома, засталіся нейкія сьляды…

 

Спадарыня Ларыса кажа, што чым далей, тым болей яна губляе надзею на тое, што для яе сына ўсё можа скончыцца ўдала.

 


У Беларусі будуюць доўгатэрміновую паліцэйскую дыктатуру

 

З заклікам "распачаць увядзеньне дадатковых абмежавальных мераў, уключна з абмежаваньнямі візавага ды фінансавага характару, у дачыненьні да фігурантаў палітычных рэпрэсій у межах справы па падзеях 19-20 сьнежня мінулага года, у тым ліку ў дачыненьні да сьледчых Камітэта дзяржаўнай бясьпекі, Міністэрства ўнутраных справаў, якія задзейнічаны ў несправядлівых судовых працэсах пракурораў ды судзьдзяў, што выносяць заведама неправасудныя палітычна матываваныя прысуды, а таксама іх беспасярэдніх кіраўнікоў" сёньня зьвярнуліся да міжнароднай грамадзкасьці прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі (Партыя БНФ, АГП, БХД, "Справядлівы сьвет").

 

Гэту ды іншыя прапановы прадстаўнікі дэмакратычных сілаў матывуюць тым, што "прэзыдэнцкія выбары ў краіне сталі пачаткам маштабнай кампаніі рэпрэсій супраць апанэнтаў дзеючага рэжыму. Так, паводле паведамленьняў зьняволеных, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксея Міхалевіча, у дачыненьні да абвінавачаных па падзеях 19-20 сьнежня ўжываюцца як псыхалягічныя, так і фізычныя катаваньні з мэтай прымусіць іх даць супраць сябе сьведчаньні ды схіліць іх да супрацоўніцтва з КДБ".

 

У заяве таксама адзначаецца, што "падзеі, якія адбываюцца цяпер у Беларусі, зьяўляюцца беспрэцэдэнтнымі. Было б памылкай трактаваць гэтыя працэсы як выпадковыя і кароткачасовыя. Цяпер у Беларусі адбываецца плянамернае і сыстэмнае выкараненьне іншадумства і пабудова доўгатэрміновай паліцэйскай дыктатуры. Умацаваньне падобнага кшталту рэжыма пагражае стварэньнем ачагу небясьпекі, які будзе пастаяннай крыніцай дэстабілізацыі на эўрапейскім кантынэнце".

 

Уладзімер Глод

 


"Я быў на Плошчы"

 

Рух "За Свабоду!" і прадстаўнікі шэрагу палітычных партый і рухаў грамадзянскай акцыі "Беларускі выбар" абвясьцілі пра пачатак кампаніі "Страху няма".

 

Акцыя "Страху няма" скіраваная на разбурэньне атмасфэры страху, якую пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня ў грамадзтве намагаюцца стварыць улады Беларусі.

 

Адзін з арганізатараў, намесьнік кіраўніка руху "За Свабоду!" Юрась Губарэвіч, паведаміў, што пачатак гэтай акцыі — заява Алеся Міхалевіча аб катаваньнях у КДБ, якую ён зрабіў на пачатку тыдня.

 

Змагацца са страхам актывісты прапаноўваюць, сярод іншага, празь сьмех: арганізацыю пэрформансаў, конкурсаў карыкатур і іншых акцыяў. Падчас прэсавай канфэрэнцыі таксама быў прэзэнтаваны адмысловы значак "Я быў на Плошчы". Арганізатары "Страху няма" заклікалі далучацца да кампаніі ўсіх ахвотных: прадстаўнікоў палітычных партый і рухаў, а таксама асобных людзей.

 

 

Многае з агучанага Міхалевічам — праўда

 

Валер Кавалеўскі, які правёў трое сутак у сьледчым ізалятары КДБ, пацьвердзіў словы Алеся Міхалевіча аб прымяненьні там катаваньняў.

 

— Я меў унікальную магчымасьць пабыць у СІЗА КДБ і паглядзець, якія там парадкі, як абыходзяцца зь людзьмі. Я магу пацьвердзіць, што многае з таго, што агучыў Алесь Міхалевіч, насамрэч праўда. Гэта мела месца і ў дачыненьні да мяне: тыя ж самыя "расьцяжкі", распрананьне, прысяданьні, ня гасіцца сьвятло ў камэрах. Можа, з пункту гледжаньня бясьпекі ў гэтым і ёсьць нейкая лёгіка, але я магу пацьвердзіць на сваім вопыце, што такія рэчы ўжываліся і да мяне, — заявіў Кавалеўскі 3 сакавіка на прэс-канфэрэнцыі кампаніі "Страху няма", перадае "БелаПАН".

 

Ён не выключыў, што такая ж практыка магла ўжывацца і да іншых людзей, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.

 

Кавалеўскага затрымалі 25 сьнежня і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ па падазрэньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня ў Менску. 28 сьнежня ён быў вызвалены зь СІЗА КДБ.

 


Швэдзкага парлямэнтара не пусьцілі ў Беларусь

 

Дэпутату швэдзкага парлямэнта ад найбуйнейшай партыі кіроўнага "Альянсу за Швэцыю" Крыстыяну Хольму адмоўлена ў беларускай візе.

 

Хольм меў намер наведаць Беларусь напрыканцы гэтага тыдня, каб сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і незалежнымі журналістамі.

 

Пра гэта палітык паведаміў у інтэрвію "БелаПАН".

 

Адмову ў візе беларускае пасольства ў Стакгольме матывавала тым, што ў швэдзкага дэпутата няма запрашэньня ад афіцыйных уладаў Беларусі і што ён не плянуе сустракацца з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска, сказаў спадар Хольм. Ён распавёў, што падаў у беларускае дыпляматычнае прадстаўніцтва запрашэньне ад старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.

 

Крыстыян Хольм мяркуе, што рашэньне аб нявыдачы візы прымалася на больш высокім узроўні ў Беларусі.

 

Крыстыян Хольм вядомы рэзкай крытыкай рэжыму Лука-кі, ён адзін з самых актыўных швэдзкіх дэпутатаў, якія займаюцца беларускай праблематыкай.

 

“Радыё Свабода”

 

 

“Спіс неўязных” запрацаваў

 

Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас заявіў, што здымае сваю кандыдатуру з выбараў кіраўніка арганізацыі.

 

Былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта (2006-2008) прызнаўся, што адной з прычын ягонай заявы стала ўключэнне яго імя ў спіс неўязных у краіны Еўрасаюза.

 

“Наша Ніва”

 


Курэйчык абраў "той спіс, дзе больш таленавітых і прыстойных людзей"

 

Вядомы беларускі драматург Андрэй Курэйчык заявіў пра выйсце з Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтваў пры Савеце Міністраў.

 

Нагодай да скандалу паслужыла інфармацыя пра тое, што ў рэдакцыі ўсіх буйных афіцыйных СМІ прыйшла ад урада папера са спісам забароненых да згадвання "дзеячаў мастацтва і творчых калектываў". У спісе, сярод іншых, аказаўся і Курэйчык.

 

Як заявіў Курэйчык, "палітыка "чорных спісаў" у стаўленні людзей мастацтва ў XXI стагоддзі — бянтэжыць".

 

— Дзікасць і варварства, нажаль, не пакінулі гэту краіну, — сказаў ён.

Па словах драматурга, "быць у двух спісах — зашмат". Таму ён абраў "той спіс, дзе больш таленавітых і прыстойных людзей", паведамляе "Ежедневник".

 

“Еўрарадыё”

 

 

4 сакавіка 2011 г.

  

Адваката Сапелку пазбавілі працы. Трох палітвязьняў пакінулі без абароны

 

3-га сакавіка на паседжаньні Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў разглядалася прадпісаньне Міністэрства юстыцыі Беларусі ў дачыненьні да адваката Паўла Сапелкі.

 

Рашэньнем прэзідыюму Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Павал Сапелка быў выключаны з яе шэрагаў. Больш займацца адвакацкай дзейнасьцю ён не зможа: згодна з “Законам аб адвакатуры”, адвакацкая практыка павінна адбывацца толькі ў складзе калегіі.

 

Як паведамляе праваабарончы цэнтар “Вясна”, Павел Сапелка на працягу многіх гадоў сумленна абараняў у судах многіх палітвязьняў. Ён удзельнічаў у крымінальных справах з разраду гучных, пра якія ведаў увесь сьвет. Так, напрыклад, менавіта яго падабароннымі былі Мікола Аўтуховіч і сябры незарэгістраванай арганізацыі назіральнікаў “Партнэрства”.

 

У крымінальных справах па падзеях 19 сьнежня Павел Сапелка абараняў Андрэя Саньнікава, Паўла Севярынца і Зьмітра Дашкевіча.

 


Звальненьне ініцыяваў старшыня КДБ

 

Аб прычынах рашэньня менскай калегіі адвакатаў, якая пазбавіла яго працы, Павал Сапелка гаварыць пакуль адмаўляецца. У інтэрвію “Свабодзе” ён заявіў, што ініцыятыва зыходзіла ад старшыні КДБ і Мінюста. Павал таксама прызнаў, што рашэньне зьвязана з абаронай ім палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Паўла Севярынца.

 

Павал Сапелка сказаў, што не хоча камэнтаваць рашэньне прэзыдыюму Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў, якім ён быў выключаны зь яе шэрагаў, пакуль не атрымаў дакумэнт на рукі. Тым не меней спадар Сапелка прызнаў:

 

— Гэта азначае спыненьне маёй дзейнасьці ў якасьці адваката. Мне застаецца толькі папрасіць прабачэньня ў маіх кліентаў, што я не змагу закончыць вядзеньне іх спраў.

 

Павал зазначыў, што наўрад ці будзе аспрэчваць рашэньне прэзыдыюма калегіі:

 

— Калі гэта рашэньне маіх калег, то я не хачу працаваць у складзе такой калегіі. У любым выпадку я застаюся юрыстам.

 

Аб сваіх будучых плянах Павал сказаў:

 

— Пляную пакуль аддыхацца.

 

На пытаньне, ці можа ён кагосьці парэкамэндаваць у якасьці новых адвакатаў палітвязьням Саньнікаву, Севярынцу і Дашкевічу Павал Сапелка адказаў:

 

— Я не зусім упэўнены, што змагу дапамагчы ім знайсьці замену сабе, я не ўпэўнены ў тым, што ў цяперашніх умовах хтосьці са знаёмых мне адвакатаў будзе гатовы заняцца гэтымі справамі.

 

Валер Каліноўскі

 


Праваабаронцы асуджаюць звальненьне адваката Сапелкі

 

Беларускія праваабаронцаў выказваюцца з нагоды выключэньня з калегіі адвакатаў абаронцы палітвязьняў Паўла Сапелкі.

 

Гары Паганяйла:

 

— Я думаю, што ўсё гэта ў рамках таго ж ціску на адвакатаў Менскай гарадзкой калегіі, якія абараняюць зьвінавачаных паводле падзеяў 19 сьнежня мінулага году. Павал Сапелка абараняе Андрэя Саньнікава, Паўла Севярынца і Зьмітра Дашкевіча. Што тут можна сказаць? Канечне, дрэнна, калі незалежны інстытут адвакатуры падлягае ціску з боку выканаўчай улады. Калі адвакаты вымушаныя хадзіць літаральна “па струнцы”, каб, барані Бог, ня даць падставы для іх адлічэньня з калегіі. Канечне, гэта беспрэцэдэнтны ціск, і ўсе мы разумеем, што гэта зьвязана з тым, каб запалохаць адвакатаў, паралізаваць іх волю да таго, каб яны мужна і прынцыпова адстойвалі справы сваіх кліентаў, зьвінавачаных у масавых беспарадках. Канечне, гэта ўсё вельмі сумна. І я думаю, што падобная практыка працягнецца.

 

Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”:

 

— Фактычна гэта азначае, што ён не мае права цяпер займацца адвакацкай дзейнасьцю. Якімі б юрыдычнымі абгрунтаваньнямі гэта не прыкрывалі, на мой погляд, прычыны ляжаць на паверхні. Павел Сапелка як адвакат вядомы сваёй прынцыповасьцю і сумленнасьцю. Ён удзельнічаў у нязручных для ўладаў справах, справах палітычна матываваных, абараняў апанэнтаў дзейнай улады. Пазбаўленьне Паўла Сапелкі права працаваць далей — гэта працяг ціску на адвакатаў, які мы назіралі раней. Маю на ўвазе і першую спробу выключыць спадара Сапелку з калегіі, калі было першае прадпісаньне Мінюста, але калегія не пайшла на гэта. Маю на ўвазе і пазбаўленьне чатырох адвакатаў ліцэнзіі. Усе гэтыя падзеі — з аднаго шэрагу.

 

Вельмі прыкра, што Сапелку выключылі са сваіх шэрагаў менавіта сябры калегіі. Прыкра, што пад дудку КДБ і Мінюста цяпер пачалі плясаць у тым ліку і органы адвакацкага самакіраваньня. Такім чынам усё грамадзтва пазбаўляюць ад абароны прафэсійнымі і сумленнымі адвакатамі. (узята з сайты Праваабарончага цэнтру “Вясна”).

 

Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”:

 

— Гэта беспрэцэдэнтны выпадак ціску на адвакатаў. Я лічу, што ідзе расправа на любой падставе з незалежнай адвакатурай. Незалежная адвакатура фактычна сканчаецца на гэтым. І выпадак з Паўлам Сапелкам — недвухсэнсоўны сыгнал усім іншым адвакатам, якія ўдзельнічаюць у справе па падзеях 19 сьнежня і іншых палітычна матываваных справах, і ўвогуле ў справах. Гэта папярэджаньне ўвогуле ўсім адвакатам краіны.

 

Раней казалі пра тое, што ў нас няма незалежнага суду. Ад гэтага дня ў нас скончылася і незалежная адвакацкая абарона. Гэтым самым груба парушаны правы ўсіх грамадзянаў на незалежную абарону ў судах. Той, хто будзе імкнуцца сумленна абараніць падсуднага, чые інтарэсы разыходзяцца з інтарэсамі ўлады, сам падпадзе пад рэпрэсіі.

 

Павел Сапелка фактычна пазбаўлены права на працу ў Беларусі: з такой “чорнай меткай” знайсьці тут працу яму будзе надзвычай цяжка. А гэта ж вельмі кваліфікаваны адвакат, ён быў сябрам прэзыдыюму гарадзкой калегіі адвакатаў.

 

Усе суды па 19 сьнежня з гэтага моманту становяцца поўнай фікцыяй. Яны ператвараюцца ў трагічна-камічнае шоў, якое ўлада арганізавала для расправы са сваімі апанэнтамі.

 

Мы рашуча пратэстуем супраць гэтага. Мы заклікаем усіх, каму не абыякавая незалежная абарона грамадзянаў падчас сьледзтва і суда, зрабіць усё магчымае дзеля выпраўленьня сытуацыі і аднаўленьня адваката на працы. (узята з сайту Праваабарончага цэнтру “Вясна”).

 

 

Мін’юст назваў прычыну звальненьня адваката Сапелкі

 

Павел Сапелка выключаны зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў (МГКА) за парушэньне патрабаваньняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і правілаў прафэсійнай этыкі адваката. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на сайце Міністэрства юстыцыі.

 

Паведамляецца, у прыватнасьці, што пры разглядзе матэрыялаў праверкі ў дачыненьні да адваката юрыдычнай кансультацыі № 2 Савецкага раёну Менску Паўла Сапелкі на пасяджэньні прэзыдыюму МГКА 3 сакавіка "ўстаноўлена, што Сапелкам дапушчаны шэраг парушэньняў патрабаваньняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, Правілаў прафэсійнай этыкі адваката, а таксама рашэньняў органа адвакацкага самакіраваньня".

 

"Дапушчаныя парушэньні выявіліся ў няяўцы па выкліку органа, які вядзе крымінальны працэс, для ўдзелу ў сьледчым дзеяньні па крымінальнай справе і незабесьпячэньні абароны абвінавачаных, а таксама ігнараваньні рашэньняў кіраўніцтва калегіі і праяўленьні тым самым непавагі да органаў адвакацкага самакіраваньня", — гаворыцца ў паведамленьні.

 

Прэзыдыюм МГКА прызнаў дзеяньні Сапелкі "несумяшчальнымі са званьнем адваката" і прыняў рашэньне аб яго выключэньні з членаў калегіі адвакатаў, інфармуе Мін’юст.

 

Паводле словаў Паўла Сапелкі, фармальнай прычынай ягонага звальненьня, верагодней за ўсё, сталася ягоная няяўка на допыт у якасьці адваката да аднаго з палітвязьняў. Той допыт быў прызначаны ў час, калі Сапелка знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Нямеччыне.

 


МЗС зноў шкадуе з нагоды санкцый

 

Менску шкадуюць аб рашэньні шэрагу краін Эўропы далучыцца да санкцыяў Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў.

 

Міністэрства замежных спраў Беларусі шкадуе ў сувязі з тым, што шэраг краін Эўропы далучыліся да санкцый Эўразьвязу супраць Лука-кі і яшчэ 157 беларускіх чыноўнікаў, заявіў агенцтву "Інтэрфакс" прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.

 

— Рэакцыя на гэта рашэньне аналягічная той, якая была на санкцыі Эўразьвязу, прынятыя ў дачыненьні да Беларусі 31 студзеня, — сказаў Савіных.

 

Учора стала вядома, што яшчэ 9 краін далучыліся да санкцыяў супраць Лука-кі.

 

Шэраг эўрапейскіх краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, заявілі аб далучэньні да санкцыяў супраць Лука-кі і іншых датычных да рэпрэсіяў беларускіх чыноўнікаў.

 

Як гаворыцца ў заяве Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, Харватыя, Македонія, Чарнагорыя, Ісляндыя, Альбанія, Боснія і Герцагавіна, Сэрбія, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія заявілі, што яны падзяляюць абмежавальныя захады супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў, уведзеныя Эўразьвязам.

 

Гэтыя краіны гарантуюць, што іх нацыянальная палітыка будзе адпавядаць рашэньню Эўразьвязу.

 

Савет міністраў замежных спраў Эўразьвязу на пасяджэньні 31 студзеня ў Брусэлі прыняў рашэньне забараніць уезд у Эўразьвяз 158 службовым асобам Беларусі, уключаючы  Лука-ку. Будуць таксама замарожаныя іх актывы ў краінах зьвязу, калі такія выявяцца.

 

 

Бандарэнка скардзіцца на праблемы са здароўем

 

Упершыню за два месяцы з Дзьмітрыем Бандарэнкам, даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 Андрэя Саньнікава, сустрэлася ягоны адвакат Мар’яна Сямешка.

 

Як паведаміла "БелаПАН" жонка Бандарэнкі Вольга, адвакат не бачыла свайго падабароннага з 29 сьнежня мінулага года.

 

— Яна з ім сустрэлася на допыце. Яна сказала мне, што ён трымаўся бадзёра, хоць схуднеў, — паведаміла Вольга Бандарэнка.

 

З апошняга ліста Зьмітра Вольга даведалася, што ў яе мужа праблемы са здароўем.

 

— У яго праблемы са страўнікам, са сьпіной. Але адвакату ён ні на што не скардзіўся, ён наогул з тых, хто не скардзіцца, — дадала Вольга.

 

Па словах жонкі палітыка, пасьля прызнаньняў Алеся Міхалевіча аб катаваньнях у турме КДБ яна "чакала горшага".

 

Стала таксама вядома, што на 4 сакавіка прызначаны чарговы допыт Аляксандра Фядуты, які падчас выбарчай кампаніі быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

 

Бандарэнка і Фядута абвінавачваюцца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках у Менску ўвечары 19 сьнежня. Па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

 

 

Працаўніку, які выказваў салідарнасьць з палітвязьнямі, прапанавалі звольніцца

 

4 сакавіка менчуку Сяргею Хіневічу прапанавалі звольніцца на ўласнае жаданьне:

 

— Не спрацуемся, — сказаў начальнік і паклаў перада мной заяву аб звальненьні.

 

З кастрычніка 2010 году Сяргей Хіневіч працаваў стропальшчыкам на Менскім заводзе вялікіх архітэктурных формаў. Сяргей добра ведае Алеся Атрошчанкава, прэсавага сакратара штабу Андрэя Саньнікава, які 2 сакавіка быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у масавых непарадках 19 сьнежня. Спадар Хіневіч прыходзіў на суд над Атрошчанкавым, а раней удзельнічаў у акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі каля КДБ.

 

— Пэўных прычын звальненьня мне, праўда, ніхто не назваў, таму не магу сказаць дакладна, што мяне звольнілі за палітыку. Але не выключаю. Дый які начальнік у цяперашняй Беларусі скажа шчыра, што звальняе чалавека за палітыку? Факт той, што парушэньняў працоўнай дысцыпліны за мной не было, вялікіх прэтэнзіяў не было, а тут раптам — звальняйся. Мяркуйце самі.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Ліст да Лука-кі напісаны пасьля катаваньняў

 

Алесь Міхалевіч заявіў, што ліст да Лук-кі, вытрымкі зь якога апублікаваныя на сайце КДБ, быў напісаны пасьля катаваньняў і зьдзекаў у СІЗА КДБ.

 

Алесь Міхалевіч распавёў, што гэты ліст зьявіўся 10 студзеня. А выпусьцілі Міхалевіча зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе 19 лютага. Паводле ягоных слоў, гэты ліст істотна не паўплываў на вызваленьне зь СІЗА, а наадварот, пачалася праца, каб схіліць палітыка да супрацоўніцтва з КДБ. Міхалевіч зьвяртае ўвагу, што на сайце КДБ, які падае вытрымкі зь ліста, "адмыслова і мэтанакіравана" выразана дата яго напісаньня.

 

Міхалевіч піша, што заўсёды ставіўся да Лука-кі з павагай. І яго "заслугі для незалежнасьці Беларусі бясспрэчныя і вельмі вялікія". Ён таксама адзначае, што падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі не сказаў нічога дрэннага ні на адрас Лука-кі, ні на адрас яго блізкіх і родных. Міхалевіч як былы кандыдат шчыра шкадуе, што адбыўся канфлікт і пацярпела многа людзей. Ён просіць кіраўніка краіны асабіста ўзяць пад свой кантроль пытаньне пра яго далейшы лёс. Гэта тое, што надрукавана на сайце КДБ. Ці было яшчэ што-небудзь у гэтым лісьце?

 

— Гэта асноўнае. Там таксама была фраза, што сваім вылучэньнем я ставіў на мэце данесьці інфармацыю пра тыя праблемы, якія ёсьць у грамадзтве. Паказаць гэтыя праблемы з гледзішча простага чалавека, што гэтыя праблемы ад вас, Аляксандар Рыгоравіч, утойваюць ніжэйстаячыя кіраўнікі. То бок гэта быў ліст, у якім я тлумачыў, навошта я вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. На сайце КДБ апублікаваны пачатак і канец гэтага ліста.

 

Міхалевіч распавёў, што пісаў гэты ліст у перапоўненай камэры ў СІЗА на Валадарцы. Ён накіраваў яго адрасату 9 студзеня праз пошту з турмы на Валадарскага і потым накіраваў яго копію 10 студзеня, пасьля найбольш сур’ёзных катаваньняў, зь СІЗА КДБ.

 

На пытаньне, ці адмаўляецца Алесь Міхалевіч цяпер ад гэтага ліста, ён адказаў:

 

— Гэты ліст быў напісаны пасьля вельмі сур’ёзнага фізычнага і псыхалягічнага ўзьдзеяньня. Я думаю, што гэта бачна па почырку. Калі вы паглядзіце почырк гэтага ліста, то будзе зразумела, у якім стане ён пісаўся. Што тычыцца гэтага ліста, то я насамрэч пра гэта казаў падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі, тут усё тое, пра што я казаў. Што, безумоўна, Аляксандар Лукашэнка для дзяржаўнасьці Беларусі зрабіў шмат, пра тое, што я насамрэч у сваёй перадвыбарчай праграме не сказаў нічога дрэннага ні на яго адрас, ні адрас яго блізкіх і родных. Сапраўды, што я лічу: тое, што адбылося на плошчы, а менавіта зьбіцьцё людзей — гэта вельмі дрэнна, і насамрэч шкадую, што гэта адбылося.

 

Міхалевіч кажа, што ня ўтойваў гэтага ліста — пра яго ведалі жонка і сябры. Але ён ня меў копіі гэтага ліста, каб зьмясьціць на сваім блогу. Ён кажа, што цалкам трымаецца таго, што распавёў на нядаўняй прэс-канфэрэнцыі і ў заяве ў Генпракуратуру — пра ўжытыя да яго катаваньні. Алеся Міхалевіча ўжо выклікалі на допыт у КДБ на 5 сакавіка а 10 гадзіне.

 

Алесь Міхалевіч сказаў, што ніколі не выстаўляў сябе героем.

 

— Я чалавек. Зразумела, што мая віна ў тым, што нам інкрымінуецца адпаведна з крымінальным артыкулам, вельмі маленькая, калі яна наогул ёсьць. То бок маёй віны ў гэтым наагул няма. Так, гэты ліст пісаўся пад узьдзеяньнем тых катаваньняў, якія нада мной адбываліся.

 

Навошта КДБ апублікаваў вытрымкі з гэтага ліста?

 

— Гэта робіцца для таго, каб дыскрэдытаваць мяне, магчыма, як палітыка. Для таго, каб паспрабаваць паказаць, што я слабы чалавек. Я яшчэ раз пацьвярджаю, што я адзін зь людзей, мяне можна фізычна зламаць, як, я думаю, можна фізычна зламаць практычна кожнага чалавека. Яны спрабуюць паказаць, што мяне вызвалілі пасьля таго, як я напісаў гэты ліст. Вельмі дзіўна, калі мера стрыманьня зьмяняецца на падставе ліста да прэзыдэнта. Гэта вельмі дзіўна. Я ведаю, што пасьля гэтага ліста больш за месяц я яшчэ знаходзіўся ў сьледчым ізалятары і са мной праводзіліся апэратыўныя мерапрыемствы.

 

Алесь Дашчынскі

 

 

“Мама, мы ж разумеем, да чаго нас рыхтуюць”

 

4 сакавіка ў турме на вуліцы Валадарскага ўпершыню з 19 сьнежня Алена Ліхавід убачыла свайго 20-гадсына Мікіту. Спатканьне на “Валадарцы” — гэта размова па тэлефоне праз шкляную сьцяну, распавяла маці вязьня.

 

— Размова доўжылася ўсяго гадзіну і пасьля толькі я зразумела, як шмат не пасьпела паведаміць сыну і спытаць у яго, — скардзіцца Алена Ліхавід.

 

— Падаецца, ён схуднеў вельмі, але ён кажа што не. Сінія кругі пад вачыма… Першыя тры хвіліны мы ўвогуле нічога не казалі, моўчкі глядзелі адзін на аднаго… Я, канечне, расплакалася. І па ім было бачна, што ён стрымліваў сьлёзы. Потым разгаварыліся. Прасіў перадаць усім велізарнае прывітаньне і падзяку за тое, што яго падтрымліваюць. Расказаў, што ў ягонай справе тры тамы і, чамусьці, у трэцім томе, які яму нядаўна прыносілі знаёміцца, адны пацярпелыя міліцыянты. На што ён сказаў, што не разумее, якое дачыненьне да яго маюць гэтыя пацярпелыя міліцыянты. Казаў, што ўсе іх паказаньні аднолькавыя, як пад капірку. Толькі розныя прозьвішчы і розны час.

 

Яшчэ казаў, што сукамэрнікі ставяцца да яго нармальна. У іх маленькая камэра — на 4 ложкі 6 чалавек. Расказаў, што ня вельмі прыемна было, калі перавозілі з ізалятара на Акрэсьціна ў Жодзінскі ізалятар. Столькі чалавек напхалі ў аўтазак, што стаяць не маглі. І яшчэ, што ў Жодзіна іх чакалі і рыхтаваліся, што будуць арыштаваныя. Гэта адзін сукамэрнік яму паведаміў, што перад выбарамі, 18 сьнежня, адмыслова вызвалілі цэлы корпус: вязьняў зь яго “ўтрамбавалі” ў камэры другога корпусу. Яшчэ Мікіта сказаў, што ў справе няма сьведак супраць яго, але ён добра разумее, “дзеля чаго такіх, як ён, рыхтуюць”, — кажа Алена Ліхавід, маці 20-гадовага палітвязьня.

 

4 сакавіка адбыўся допыт актывіста штабу Някляева Аляксандра Фядуты. Гэта ня першы допыт палітоляга. Дадзеных пра тое, што справу Фядуты хутка завершаць, няма, паведаміла жонка вязьня Марына:

 

— Ніякіх падрабязнасьцяў няма. У допыце браў удзел новы адвакат, якога я наняла на час, пакуль той адвакат хварэе. Але нічога новага няма, усё па-ранейшаму. Адзінае, што залячылі яму там два зубы. Глядзіш, пакуль сядзіць, хоць зубы вылечыць…

 

Алег Грузьдзіловіч

 

“Радыё Свабода”

 

 

КДБ апублікавала ліст Міхалевіча да Лука-кі

 

Камітэт дзяржаўнай бяспекі катэгарычна абвяргае заяву Алеся Міхалевіча адносна падпісання былым кандыдатам у прэзідэнты заявы пра супрацоўніцтва, а таксама факты катаванняў, агучаны палітыкам.

 

На сайце Цэнтру інфармацыі і грамадскіх сувязяў ведамства з’явілася заява пра тое, што змена меры стрымання Міхалевічу была прынятая на падставе праведзеных следчых дзеянняў і з улікам “разумення абвінавачаным адказнасці за здзейсненае правапарушэнне”.

 

Апроч гэтага КДБ публікуе заяву, напісаную рукой палітыка на імя Лука-кі з просьбай узяць пад асабісты кантроль пытанне ягонага лёсу.

 

Сам жа Алесь Міхалевіч заяўляе, што не адмаўляецца ад падпісання такога дакумента і лічыць, што ягонае з’яўленне звязана з жаданнем найбольш кампраметаваць палітыка пасля заяваў аб катаванняў у КДБ.

 

— Яны лічаць, што гэтыя матэр’ялы не датычаць следства. Чаму ўвогуле матэр’ляы, якія кіруюцца да прэзідэнта з’яўляюцца на сайце КДБ — гэта вялікае пытанне. Робіцца ўсё магчымае, каб скампраметаваць людзей максімальна. Я не буду рэагаваць — паколькі ў іх няма іншых магчымасцяў мяне скампраметаваць, яны робяць тое, што могуць зрабіць і друкуюць паперы, якія іх увогуле на датычыліся.

 

Апроч гэтага сайт КДБ паведамляе, што факты дачынення Міхалевіча да парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку распаўсюду паклёпніцкай інфармацыі, будуць высвятляцца ў працэсе правядзення далейшых следчых мерапрыемстваў. Заўтра Алесь Міхалевіч выкліканы на допыт а 10 гадзіне раніцы.

 

Барыс Гарэцкі

 

“Радыё Рацыя”

 

  

У Саннікава праблемы са здароўем

 

Сёння раніцай у маці арыштаванага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі не ўзялі прадуктовую перадачу.

 

Як паведаміла сайту charter97.org Ала Саннікава, калі яна прыйшла ў СІЗА КДБ, каб перадаць сыну прадукты, ёй паведамілі, што нічога ў яе не возьмуць.

 

— У Андрэя 8 сакавіка дзень нараджэння. Я накупляла яму шмат усяго смачнага, а тут мне сказалі: "А сёння мы ў вас нічога не возьмем" ... Я ледзь не ўпала ад шоку. Тады супрацоўнік СІЗА стаў тэлефанаваць фельчару, і яна яму сказала, што Андрэю можна перадаць толькі посны тварог і вараную каўбасу, усё астатняе — забаронена. Добра, дзяўчынкі (жонкі палітвязняў) паспелі хутка збегаць у краму, і я змагла да 12-й гадзіны перадаць сыну гэтыя прадукты. Відавочна, што ў Андрэя паўсталі сур'ёзныя праблемы са страўнікам і пячонкай. Я вельмі хвалююся. Тут яшчэ пазбавілі яго адваката. Нічога не ведаю, як ён, што з ім..., — распавяла маці кандыдата ў прэзідэнты, плачучы.

 

 

“Няхай скажа, што ён выйшаў на Плошчу за бутэльку...”

 

Маці палітвязня Ліхавіда расказвае, як яе прасілі пераканаць сына абгаварыць апазіцыю.

 

Алена Ліхавід, маці 20-гадовага Мікіты Ліхавіда, якога трымаюць у менскім следчым ізалятары, сустрэнецца 4 сакавіка са сваім сынам. Прынамсі, гэта ёй паабяцаў следчы, бо Мікіта ўжо азнаёміўся з матэрыяламі сваёй справы.

 

Алена распавяла "Народнай волі":

 

— Спачатку я была ў шоку. Майго сына кінулі за краты. Яго пасадзілі на 15 сутак у Жодзіна, а праз тыдзень пачалі дапытваць па крымінальнай справе і перавялі ў следчы ізалятар. Я адразу патрапіла ў новае вымярэнне. Дзякуй Богу за тое, што ў нас ёсць салідарнасць, што ёсць столькі людзей, якія не кінуць у бядзе і падтрымаюць. Я ведаю, што мой сын ні ў чым не вінаваты. Ніколі не думала, што ён у мяне такі моцны. Не ведаю, якая я была б у ягоным узросце ды яшчэ ў такіх абставінах. Ніколі не чакала, што мая мама, чалавек савецкай фармацыі, так адчайна будзе змагацца за свайго ўнука. Яна хадзіла разам са мной на сумесную малітву і нават сказала напрыканцы разам з усімі: "Жыве Беларусь!" Гэта так для мяне цяпер нязвыкла! Так усё змянілася…

 

31 снежня мне патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і папрасіў сустрэцца. Ён перадумаў ехаць у нашу кватэру, з якой за тыдзень да гэтага забралі падчас ператрусу камп’ютар і флэшкі, а папрасіў сустрэцца ў нас ва Уруччы на Русіянава каля каляднай ёлкі.

 

Спачатку ён спытаў: "Як вы ставіцеся да гэтай сітуацыі?" А я адказала: "Як я магу да гэтага ставіцца?! Вы ў сваім розуме? У мяне пасадзілі сына, правялі дома ператрус, яго абвінавачваюць ледзь не ў дзяржаўным перавароце, пагражаюць надоўга пасадзіць у турму, а вы пытаецеся, як я да гэтага стаўлюся. Мой сын выйшаў на мірную дэманстрацыю, і цяпер за кратамі".

 

Ён пытае: "А як даўно ён глыбока займаецца палітыкай, стаў апазицыянерам?" Кажу: "Яму 20 гадоў. Як у такім узросце можна глыбока займацца палітыкай?! А апазіцыянер у нас кожны другі, калі не кожны малады чалавек. Яго віна ў тым, што ён крыкнуў: "Жыве Беларусь!" Я магу цяпер тут крыкнуць "Жыве Беларусь!", і пасадзіце мяне разам з ім у адну камеру! Я сур’ёзна!"

 

На развітанне ён мне сказаў: "Ну, з надыходзячым Новым годам". Я адказала, што ў мяне асабіста Новы год будзе толькі тады, калі мой сын прыйдзе дахаты.

 

Але 14 лютага ў мяне адбылася яшчэ адна размова… Мы з бацькам Мікіты развяліся, калі сыну было 3 гады. Ён добра калі раз на год бачыўся з ім. І вось пасля таго, як Мікіту пасадзілі на Валадарку, я раптам атрымліваю ад былога мужа на мабільнік смс-ку, што трэба сустрэцца. Не дачакаўшыся адказу, ён мне тэлефануе і пытае: "Ты бачыла свайго сына ў кіно БТ?" А я яму: "А ты свайго бачыў?" Але на сустрэчу пагадзілася.

 

Ён, азіраючыся па баках, кажа мне амаль на вуха: "Трэба ратаваць хлопца. Мне чалавек з кампетэнтных органаў сказаў, каб я на цябе паўплываў і ўгаварыў. Прапанаваў самы прымальны варыянт". "Які?" — запытваю. А ён: "Скажы праз адваката ці на спатканні, каб ён даў паказанні, што на Плошчу пайшоў з-за таго, што арганізатары паабяцалі заплаціць грошы. Ну, калі не грошы, то за бутэльку. Разумееш? Не зробіш гэтага, будзе твой сын лес валіць". Вось так…

 

Я, канешне, сказала, што мой сын не злачынца, што я ім ганаруся. Мне балюча, але мой сын усё зрабіў правільна і павёў сябе як сапраўдны мужчына. Папрасіла, каб больш да мяне не звяртаўся з такімі прапановамі. Але якая ж гэта ўсё брыдота! Якімі метадамі карыстаюцца тыя людзі, ад якіх цяпер залежыць лёс майго сына?! Я, калі прачытала расповед Міхалевіча пра катаванні, то была ў шоку. Калі яны нават на мяне спрабавалі праз былога мужа ўздзейнічаць, то што ж там з Мікітам рабілі ў ізалятары?! Яны ж, не выключана, і ад яго патрабавалі даць такія паказанні. Зразумела, што ён свой выбар зрабіў і таму дагэтуль за кратамі. Але чаго гэта яму каштавала?

 

Любоў Лунёва

 

“Наша Ніва”

  

  

У эфіры беларускіх FM-станцыяў “Ляписы” ўжо не гучаць

  

Гурт непакоіцца, што і бліжэйшы канцэрт у Гомлі — пад пагрозаю зрыву.

 

Паводле непацверджанай пакуль інфармацыі, арганізатараў канцэрту папярэдзілі ў Гомельскім гарвыканкаме, што імпрэза не мусіць адбыцца. Пра гэта распавёў “Белсату” прэсавы прадстаўнік “Ляписа Трубецкого” Зміцер Бескаравайны:

 

— Афіцыйнай забароны няма, але, як нам стала вядома, напярэдадні або ў дзень канцэрта нешта мусіць адбыцца — ці то трубу прарве, ці пажарная заслона на сцэну ўпадзе.

 

Ён паведаміў, што інфармацыі пра перашкоды ў арганізацыі канцэртаў у іншых гарадах Беларусі няма. Зміцер Бескаравайны не ведае, ці звязаная “гомельская дыверсія” са з’яўленнем новага “чорнага спісу”. Магчыма, яе рыхтуюць паводле ініцыятывы мясцовых чыноўнікаў.

 

Дарэчы, квіткі на канцэрт гурта, што мае адбыцца ў Гомлі 13 сакавіка, усё яшчэ можна набыць і ў распаўсюднікаў, і ў касе Гомельскай абласной філармоніі. Прадаўцы кажуць, што пра забарону нічога не чулі.

 

“Belsat”

  

  

Как в СИЗО КГБ пытали Александра Отрощенкова

 

Пресс-секретаря Андрея Санникова заковывали в наручники, ставили на "растяжку", заставляли делать физические упражнения в раздетом виде.

 

Об этом супруга политзаключенного Александра Отрощенкова сообщила в заявлении генеральному прокурору Беларуси Григорию Василевичу. Текст заявления Дарья Корсак предоставила сайту charter97.org:

 

Генеральному прокурору Республики Беларусь

Корсак Дарьи Сергеевны

 

Заявление

(о применении пыток и жестоком, бесчеловечном и унижающем человеческое достоинство обращении в СИЗО КГБ)

  

Я являюсь супругой Отрощенкова Александра Сергеевича, с 20 декабря 2010 г. по сей день он находится в СИЗО КГБ.

  

28 февраля 2011 года из различных Интернет-источников (копии интернет статей в приложении) я узнала, что экс-кандидат в президенты Алексей Михалевич, находясь в следственном изоляторе КГБ (далее СИЗО КГБ) с 20.12.2010 по 19.02.2011 подвергался пыткам, и другим жестоким бесчеловечным и унижающим человеческое достоинство видам обращения и наказания со стороны сотрудников следственного изолятора. По фактам этого Алексеем Михалевичем было подано заявление в Генеральную Прокуратуру Республики Беларусь.

 

Из заявления Михалевича мне стало известно, что люди в масках, причиняли ему физическую боль с использованием наручников, заставляли раздеваться донага, ставили в таком виде "на растяжку", что доставляло ему сильные физические и душевные страдания.

 

С 20 декабря 2010 года по сей день, мой муж, Александр Сергеевич Отрощенков, находится в СИЗО КГБ. Таким образом, период времени, описанный А. Михалевичем, пришёлся и на содержание моего мужа.

 

1 марта 2011 года на судебном процессе, у меня была короткая возможность переговорить с мужем, и он подтвердил, что так же подвергается пыткам и жестокому бесчеловечному отношению в СИЗО КГБ.

 

Более подробную информацию, я узнала после вынесения Александру приговора 2 марта 2011 года. Ему удалось сообщить, что его так же заставляют раздеваться, ставят в таком виде "на растяжку" на продолжительное время, что доставляет ему сильные физические страдания, более того, в раздетом виде его принуждают делать физические упражнения, он не успел сообщить к чему приводит отказ подчиняться такого рода приказам, но он дал понять, что санкции за невыполнение такого рода унизительных и болезненных действий могут быть самыми жестокими. Так же мне стало известно, что те же лица в масках неоднократно проводили болезненные манипуляции с наручниками в отношении моего мужа.

 

Кроме этого, первое время, А. Отрощенкову приходилось находиться в СИЗО КГБ без специального спального места и до сих пор находится в камере без специально оборудованного санитарного узла, что так же нахожу жестоким и бесчеловечным и унижающим человеческое достоинство обращением.

 

На протяжении всего предварительного следствия, а именно с 20 декабря 2010, по сей день, администрация СИЗО КГБ не нашла возможности предоставить адвокату помещение для встречи с моим супругом наедине. Что было отражено адвокатом в книге жалоб и предложений, в жалобах, а так же в прениях во время судебного заседания. Расцениваю такого рода действия администрации, как попытку скрыть факт пыток и других жестоких бесчеловечных и унижающих достоинство видов обращения по отношению к Александру Отрощенкову.

 

В связи с этим, учитывая характер воздействия на моего мужа, закрытость СИЗО КГБ, как учреждения, и не заинтересованность администрации в объективности оценки ситуации, прошу:

 

1. Срочно провести проверку изложенных фактов, а так же опросить моего супруга, и лиц, которые содержались с ним в одних камерах в конфиденциальном порядке, и способом, который мог бы исключить давление со стороны администрации СИЗО КГБ и дальнейшие репрессии против них;

 

2. Принять меры прокурорского реагирования;

 

3. Сообщить о результатах проверки в установленные законом сроки.

 

04.03.2011 года

 

Дарья Корсак

 

“Хартыя’97”

 

 

Ці быў "чорны" сьпіс?

 

Зьяўленьне на сталах кіраўнікоў беларускіх радыёстанцыяў "туалетнай паперы", як дасьціпна назваў новы "чорны" сьпіс Аляксандар Кульлінковіч, выклікала шмат пытаньняў. Галоўнае зь іх — ці варта верыць інфармацыі, зьлітай у сеціва безыменным радыёсупрацоўнікам і ці ня ёсьць гэты сьпіс правакацыйнай піяр-акцыяй. Меркаваньне Зьмітра Падбярэзскага і камэнтар рэдакцыі "Тузіна Гітоў".

 

Зьяўленьне новага "чорнага" сьпісу дзеячаў культуры, які 2 сакавіка быў атрыманы СМІ, прызнацца, прымусіў задумацца: а наколькі ён сапраўдны? Ці ня ёсьць гэта "прыкольнай" выдумкай нейкага дасьціпнага ананіма, каб у яшчэ большай меры паказаць абсурднасьць сёньняшняй беларускай улады?

 

Дапусьціць такую вэрсію падштурхнулі мяне асабіста некаторыя нюансы. Згодны: ананімнасьць сьпісу, адсутнасьць на ім нейкіх індэнтыфікацыйных пазнак кшталту хоць бы зыходнага нумару, грыфу з пазнакай інстытуцыі, якая яго разаслала ды іншых неабходных рэквізітаў можна лёгка патлумачыць тым, што ініцыятары гэтай апэрацыі паклапаціліся пра тое, каб застацца невядомымі. Што ў сучаснай гісторыі Беларусі ўжо было: згадайма той жа нядаўняга часу негалосны сьпіс забароненых айчынных музыкантаў. Але: таго сьпісу ніхто ў вочы, здаецца, ня бачыў. Гэты ж — вось ён, любуйцеся і абурайцеся! Што ўжо выглядае падазрона: карнікі, у тым ліку й ідэалягічныя, ня любяць пакідаць па сабе доказы. Хапіла б, прынамсі, простага тэлефанаваньня. Праўда, каб абзваніць усіх, магчыма, і тыдня не хапіла б…

 

А давайце згадаем гісторыю зь песьняй "Саня останется с нами". Я ўжо выказваў здагадку, што ў гісторыі зь яе татальным зьяўленьнем у ратацыях радыёстанцыяў і агульнага мэдыйнага ажыятажу таксама былі пэўныя нюансікі. Памятаеце: нехта званіў нібы ад імя Мінінфармацыі на радыёстанцыі і загадваў ставіць песьню ў этэр. Я тады пісаў: хто з дырэктарату якой радыёстанцыі пазваніў у той Мінінфарм, каб праверыць праўдзівасьць загаду? Ды ніхто і не падумаў! Але ад імя міністэрскага чыноўніка мог званіць такі ж дасьціпны ананім і з той жа мэтай: з дапамогай песьні "пасьцябацца" з улады. І калі нарэшце на другі ці трэці дзень прадстаўнік Мінінфармацыі афіцыйна заявіў, што анікага такога загаду зь яго ведамства не зыходзіла, песьню з ратацыі як здула.

 

У нашым выпадку могуць быць іншыя вэрсіі. Цалкам магчыма, што недзе звон, як кажуць, сапраўды прагучаў. І адказныя за выкананьне гэтага звону, ня надта разьбіраючыся, што ад іх патрабуецца, кінуліся ў Сеціва і праз пошукавыя сыстэмы награблі тыя назвы і прозьвішчы, на якія здолелі натыркнуцца. Тым самым, сьпяшаючыся выказаць службовы імпэт, і зьляпілі насьпех сьпіс, ня надта турбуючыся пра тое, каб ён быў поўны і дастаткова матываваны. Зьвярніце ўвагу: сьпіс гэты нават аформлены неяк кульгава і сапраўды дастаткова аднабокі і, канечне ж, няпоўны. Не кажу пра айчынных дзеячаў культуры і музыкантаў. А вось зь ліку замежных у ім няма, скажам, Міка Джагера, Лу Рыда, якія адназначна выказваліся што да сытуацыі ў Беларусі.

 

Мне могуць запярэчыць: "супэрінтэлектуальныя" чынушы могуць ня ведаць гэтых імёнаў. Аднак той жа Інтэрнэт — ведае, і яшчэ як! Сьпяшаліся выканаць заданьне? Таксама магчыма. Тады будзьма чакаць вэрсію сьпісу 2.0.

 

Але мне ўсё ж падаецца, што самы дурны выканаўца, атрымаўшы ўжо неаднойчы па лбе, усё ж паставіць граблі так, як належыць. Негалосная забарона айчынных рокераў у выніку адмянілася, паказаўшы дурату ўлады і беспэрспэктыўнасьць у сэнсе абмежаваньня творчай свабоды. Яно яшчэ магло быць дзейсным у 80-я мінулага стагодзьдзя (гл. камсамольскі сьпіс 1986 году, у якім тая ж група ДДТ таксама фігуравала), калі не было інтэрнэту. А што зараз? Як можна забараніць, калі ўсе фігуранты сьпісу ўзору 2011 году ў віртуальнай прасторы жывуць і ствараюць ня менш актыўна, чым у рэальнай? Што, тэлефонныя драты абразаць, спадарожнікавыя талеркі здымаць, самі спадарожнікі расстрэльваць? Цяжка дапусьціць, каб ва ўладзе сядзелі настолькі тупыя выканаўцы.

 

Канечне, скласьці і распаўсюдзіць "чорны" сьпіс магчыма. Можна нават дапусьціць, што знайшоўся нейкі занадта кемлівы і пад відам сьляпога выкананьня спушчанага зьверху загаду пасьпяшыў з тым спісам, зьяўляючыся ў глыбіні душы чалавекам Плошчы. Ніхто ж яго за гэта не пакарае! Ён атрымаў загад? Так. Выканаў? Так. Як выканаў — хто ж будзе разьбірацца…

 

Так што варта крыху набрацца трываласьці і пачакаць-паназіраць. Паслухаць радыёэтэры з тым, каб пераканацца: гучаць песьні ў выкананьні "забароненых" ці не? Паглядзець, ці не адменяцца ўжо анансаваныя, рэклямаваныя канцэрты музыкантаў са сьпісу? Ці застануцца альбомы на паліцах музычных крамаў? Улічваючы пры гэтым, што адрасаты згаданага спісу зь вялікай верагоднасьцю і гэтым разам не наважацца шукаць канцы той ініцыятывы, а будуць моўчкі выконваць загаданае. А раптам нехта, такі сьмелы і дапытлівы, усё ж пацікавіцца ў Мінінфармацыі, Мінкультуры ці нават у Адміністрацыі: а ці быў "хлопчык"?

 

Вось чамусьці думаецца мне, што ў адказ ён пачуе нешта накшталт "Які "хлопчык"?!» А паколькі адказ прагучыць з вуснаў канкрэтнага чыноўніка, дык уся гэтая гісторыя лопне, як мыльны пухір. Можа, безумоўна, пачацца сьвістапляска: маўляў, гэта ня мы складалі, пазваніце туды ці туды… Але сутнасьці гэта ня зьменіць, бо калі немагчыма будзе знайсьці "крайняга", значыць, і дакумэнту як такога — няма. Цікава, хто рызыкне пакорпацца ў ягонай праўдзівасьці?

 

Зьміцер Падбярэзскі, паводле www.zapraudu.info

 

Камэнтар "Тузіна Гітоў":

 

Навіна пра зьяўленьне "чорнага" сьпісу беларускіх рокераў у 2004 годзе ня выклікала ніякага зьдзіўленьня. Гэта было абсалютна зразумелай рэакцыяй чыноўнікаў на словы Лука-кі, які згадаў у сваім публічным выступе той мітынг апазыцыі ды выступоўцаў-музыкаў, "розныя дзюбеля і палацы" ў тым ліку. Той "сьпіс" існаваў, хоць матэрыяльную яго прысутнасьць так пакуль ніхто і не пацьвердзіў. Ён быў у галовах адказных і зацікаўленых і перадаваўся ад аднаго да другога з дапамогай тэлефоннай сувязі. Але абнародаваны сьпіс-2011 выклікаў вялікі сумнеў. Інфармацыя пра яго зьяўленьне супярэчлівая: супрацоўнік адной радыёстанцыі сказаў, што сапраўды яго кіраўнік гэты сьпіс атрымаў і нават змушаны быў паставіць пад ім подпіс, супрацоўнік другой бажыўся, што яны такога не атрымлівалі, трэці выказаў меркаваньне, што гэта піяр-акцыя тых, каму камэрцыйна выгодна ў гэтым сьпісе знаходзіцца. Міністэрства інфармацыі натуральна цьвердзіць, што ўсё лухта.

 

Выснова тут, па сутнасьці, адна, які бы варыянт праўдзівым ня быў: сытуацыя ў краіне сапраўды паранармальная, калі мы ў прынцыпе ўсур’ёз абмяркоўваем магчымасьць зьяўленьня такога сьпісу.

 

Cяргей Будкін

 

“Тузін Гітоў”



Создан 23 фев 2011



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter