Пасьля Плошчы 2010. Cуды ды ўцёкі

Суды, допыты, уцёкі, новыя арышты, запалохваньні, перасьлед, салідарнасьць...



5-8 сакавіка 2011 г.

 

Против приближенных к режиму компаний будут введены экономические санкции

 

Глава МИД Польши не видит легких решений в демократизации Беларуси.

 

Об этом министр иностранных дел Польши заявил в интервью испанской газете El Pais, комментируя события в Беларуси после 19 декабря.

 

— Беларусь для Польши — то же, что Куба для Испании. Европейцы все испробовали: санкции, открытость, но нам так и не удалось добиться демократизации страны. Здесь нет легких решений, — заявил Радослав Сикорский.

 

— Мы активизировали диалог, когда были освобождены политзаключенные и проведены более-менее приемлемые выборы, но, коль скоро кандидатов снова сажают в тюрьму и ущемляют свободу слова, мы должны относиться к беларусскому народу более великодушно и ужесточить санкции против ответственных за репрессии. Если заключенные не будут освобождены, то, как сказала Кэтрин Эштон, руководителям страны не будут выдаваться визы, а в отношении приближенных к режиму компаний будут введены экономические санкции, — добавил он.

 

“Хартия'97”

 

 

Міхалевіч вярнуўся з допыту

 

Як расказаў экс-кандыдат у прэзідэнты па вяртанні дахаты, допыт быў кароткім і “дзяжурным”. Але пасля допыту следчы сказаў Міхалевічу, што з ім хоча сустрэцца “адзін чалавек”. Следчы папярэдзіў, што Міхалевіч можа сустрэцца з ім у іншы час і ў прысутнасці адваката, калі хоча. Аднак Міхалевіч, паводле ягоных словаў, пагадзіўся сустрэцца на месцы, “бо следчы паводзіў сябе ветліва і карэктна”.

 

“Адным чалавекам” аказаўся аператыўны супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Ён паказаў Алесю Міхалевічу фрагмент відэазапісу адной з яго размоваў з операмі ў часе зняволення ў СІЗА КДБ. Як аказалася, тая размова запісвалася на схаваную камеру.

 

Са словаў Міхалевіча, гэта была “сустрэча з аператыўнымі работнікамі, якая мела месца пасля 10 студзеня, піку катаванняў”. Паказаны Міхалевічу фрагмент відэа ўтрымліваў момант размовы, калі Міхалевіч п’е гарбату і гаворыць з работнікамі КДБ пра замежных дыпламатаў у Менску.

 

— У нейкі момант я нават усміхаюся, — кажа Міхалевіч.

 

“З гэтага выйдзе поўнаметражны фільм”, — са словаў Міхалевіча, сказаў яму аператыўны работнік КДБ.

 

У пратакол допыту імя гэтага работніка не ўносілася, кажа Міхалевіч, бо размова адбылася пасля заканчэння допыту.

 

Міхалевіч з гумарам успрымае такі “кампрамат” на сябе. Калі чалавека пасля пяці расцяжак у дзень пояць гарачай гарбатай з шакаладам, вядома, ён усміхаецца. Паказ фільма на БТ толькі зверне ўвагу грамадства на змаганне палітвязняў, мяркуе ён.

 

Нагадаем, што 28 лютага Алесь Міхалевіч шакаваў свет сваім прызнаннем аб катаваннях у СІЗА КДБ. Яго выпусцілі на свабоду толькі пры ўмове, што ён падпіша дамову пра сексоцтва.

 

Міхалевіч скіраваў зварот у ААН з патрабаваннем расследаваць катаванні ў СІЗА КДБ. Пра яго ўчынак напісалі найбуйнейшыя сусветныя СМІ.

 

Голас Міхалевіча, як і ягонай жонкі Міланы, гучыць разняволена.


Цэлы ранак яны правялі ў вялікім напружанні. Было не выключана, што Міхалевіча зноў змесцяць у вязніцу.

 

Мікола Бугай

 

“Наша Ніва”

 

 

Сваякі Класкоўскага скардзяцца ў пракуратуру на катаваньні

 

Людміла і Вольга Класкоўскія, маці і сястра Аляксандра Класкоўскага, якога трымаюць у СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ва ўдзеле у масавых непарадках 19 сьнежня, накіравалі заяву ў пракуратуру Беларусі на імя генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча.

 

“Спыніце канцлягер у цэнтры Менску. У нас ёсьць усе падставы меркаваць, што ў Аляксандра падчас затрыманьня і пазьнейшых катаваньняў былі зламаныя рэбры, супраць яго ужываюць моцныя псіхатропныя сродкі ды іншыя віды катаваньняў”, — пішуць у заяве Людміла і Вольга Класкоўскія. Жанчыны патрабуюць правесьці праверку паказаньняў розных сьведак аб катаваньнях у СІЗА КДБ, высьветліць асобаў, якія затрымлівалі Аляксандра Класкоўскага і правесьці праверку іх дзеяньняў, а таксама прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у парушэньні закону.

 

Людміла і Вольга Класкоўскія ўжо некалькі гадоў жывуць за мяжой.

 

"Я кожны дзень адпраўляю брату паштоўкі, зь якіх ён дагэтуль не атрымаў ніводнай", — паведамляе у пракуратуру Вольга Класкоўская са Швэцыі.

 

Пра катаваньні ў СІЗА КДБ “амэрыканка” заявіў у канцы лютага экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч. Ягоныя словы пацьвердзілі былы вязень Валер Кавалеўскі і Аляксандр Атрошчанкаў, якога і зараз урымліваюць ў “амэрыканцы”.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

На суды запрасілі назіральнікаў АБСЭ

 

Беларускія ўлады запрасілі экспэртаў АБСЭ для назіраньня за судовымі працэсамі над удзельнікамі падзеяў у Менску 19 сьнежня мінулага году.

 

Пра гэта ў суботу паведаміў прэсавы сакратар МЗА Беларусі Андрэй Савіных.

 

 

Маладафронтаўцы патрабуюць вызваленьня Зьмітра Дашкевіча

 

Партрэты з інфармацыяй пра зьняволенага кіраўніка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча зьявіліся ў выходныя ў розных раёнах Менску.

 

15 лютага лідэр Зьміцер Дашкевіч пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы супраць яго.

 

Зьмітра Дашкевіча затрымалі 17 сьнежня, за два дні да прэзыдэнцкіх выбараў паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве.

 

Дашкевічу выставілі абвінавачаньне ў злосным хуліганстве — нібыта разам з актывістам “Маладога фронту” Эдуардам Лобавым ён напаў і зьбіў двух менчукоў.

 

Графіці з заклікам вызваліць палітычных вязьняў зьявіліся на мінулым тыдні ў Жодзіне.

 

Надпісы на сьценах: “ШОС”, “За свабодную ад лукашызма Радзіму!”, “Беларуская дэмакратыя = АМАП”, “Свабоду палітвязьням!”.

 

Праз надпісы на сьценах моладзь імкнецца ўзьняць праблемы палітызаваных масавых арыштаў, рэпрэсіяў за іншадумства, паведамляе прэсавая служба “Маладога фронту”.

 

 

Кастусёў нагаварыў лішняга, бо ня ведаў, што ў залі ёсьць журналісты

 

На зьезьдзе абласной арганізацыі Партыі БНФ 6 сакавіка ў Гомелі былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў зрабіў шэраг нечаканых заяваў, а прысутныя на сходзе журналісты іх апублікавалі.

 

У камэнтары "Нашай ніве" Кастусёў прызнаўся, што ня ведаў аб прысутнасьці журналістаў:

 

— Шчыра кажучы, аб гэтым я даведаўся толькі пасьля завяршэньня мерапрыемства. Безумоўна, што шмат аб чым я б не гаварыў, калі б ведаў, што ўсё сказанае мной будзе апублікавана. На пытаньні сяброў партыі я б адказваў шчыра, але ад сябе гаварыў бы іначай. У нас ужо ва ўсіх абласных гарадах прайшлі падобныя сустрэчы. На некаторых зь іх прысутнічалі журналісты, у прыватнасці ў Горадні. Аднак мы прасілі іх пакуль не публікаваць маіх заяваў. У Гомелі выйшла іначай.

 

Гаворачы на зьезьдзе аб адносінах зь іншымі альтэрнатыўнымі экс-кандыдатамі, Кастусёў заявіў:

 

— Я б узяў слова аднадумцы ў двукосьсе, таму што за гэтую выбарчую кампанію бруду, няшчырасьці, хлусьні і ўсяго іншага, дрэннага, я ўбачыў больш ад такіх вось "аднадумцаў", чым ад уладаў.

 

Ён паабяцаў сябрам партыі быць шчырым і адказаць на ўсе пытаньні, якія тычацца прэзыдэнцкіх выбараў. У прыватнасьці, Кастусёў адзначыў, што ў пэрыяд збору подпісаў і агітацыі на ягоны адрас ад лідэраў апазыцыі паступалі звароты з угаворваньнямі аб зьняцьці, з подкупам і шантажом.

 

— Апошняя прапанова была такая, што, маўляў, ты здымі сваю кандыдатуру, а на наступным зьезьдзе БНФ мы цябе вылучым на пасаду старшыні і падтрымаем сваёй групай, каб цябе абралі. Гэта прапанова была з вуснаў Хадыка і Вячоркі. Гутарка была як раз напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, — падзяліўся сакрэтамі выбарчай кампаніі экс-кандыдат.

 

Паводле яго слоў, ад аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты яму паступіла прапанова зьняць кандыдатуру за пэўную плату — 100 тыс. даляраў.

 

— Гэта прапанова мне паступіла, калі з тым кандыдатам мы былі сам-насам у лесе. Але цікава, што супрацоўнікі КДБ пасьля майго затрыманьня ў гутарцы са мной казалі менавіта пра такую лічбу і сказалі, што, маўляў, мы цябе паважаем, што ты ня ўзяў гэтыя грошы. Гэтую павагу я не стаўлю сабе ў заслугу, ад такой структуры. Я вам даю факты, а адзнаку гэтаму дамо разам, — падкрэсьліў Кастусёў.

 

Ён сьцьвярджаў, што ў пэрыяд выбараў яго спрабавалі зганьбіць, публікавалі на яго "пасквілі", прычым ня ўладныя структуры.

 

— У "Народнай волі" ў адным толькі нумары былі два такія артыкулы на мой адрас. Мы з Аляксеем Янукевичем былі ў Сярэдзіча, размаўлялі зь ім, але Сярэдзіч сказаў адкрыта, што давайце грошы і мы апублікуем артыкул, які вы замовіце. Гэта што — нармальна? — пытаўся экс-кандыдат.

 

Ён таксама сьцьвярджаў, што апошняе рашэньне, прынятае супольна кандыдатамі ў прэзыдэнты і начальнікамі іх штабоў падчас перамоваў на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня, не прадугледжвала паходу на плошчу Незалежнасьці.

 

— Чаму людзі пайшлі — мне цяжка сказаць, ва ўсякім разе, мне прыйшлося ісьці, таму што людзей спыніць ужо было немагчыма (Наколькі я памятаю, ісьці кудысьці, куды — было незразумела, прапанаваў менавіта Касьтусёў, пасьля агалошваньня нейкіх данных ізноў жа ж невядома якіх экзытполаў. — "J.K."). Ёсьць інфармацыя, хто вырашыў зьмяніць агульнае рашэньне, але я пакуль не скажу, хто гэта, таму што многія сядзяць у турме, і я ня маю маральнага права, — патлумачыў Кастусёў.

 

Паводле яго, плян у кандыдатаў у прэзыдэнты вечарам 19 сьнежня быў такі:

 

— Стаяць каля дома на вуліцы Карла Маркса кальцом. Проста стаяць. Вялікім кальцом, і нікуды не хадзіць, ніякіх штурмаў, адназначна. Адназначна зьбіраліся праводзіць мірную акцыю, — падсумаваў экс-кандыдат.

 

 

Клінтан уручыць Насьце Палажанцы прэмію за мужнасьць

 

8 сакавіка дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан уручыць 10 прэмій за мужнасьць жанчынам розных нацыянальнасьцяў і ўзростаў.

 

Упершыню ў гісторыі міжнароднай прэстыжнай прэміі, якая існуе з 2007 году й за час існаваньня якой было ўзнагароджана 38 жанчын, прэмію будуць уручаць беларусцы —  20-гадовай намесьніцы старшыні "Маладога Фронту" Насьце Палажанцы, паведамляе сайт "Маладога Фронту".

 

Уручэньне прэміі адбудзецца ў Міжнародны жаночы дзень у прысутнасьці многіх высокіх чыноўнікаў ЗША і з удзелам адмысловага госьця цырымоніі —  першай лэдзі Злучаных Штатаў Мішэль Абамы.

 

З-за падпіскі пра нявыезд Наста Палажанка асабіста ня зможа прысутнічаць у Вашынгтоне, але прэмія будзе перададзена ў Менск і ўручана ёй ва ўрачыстай абстаноўцы. Пра дату й час цырымоніі ў Менску будзе паведамлена пазьней. У Вашынгтоне публічна зачытаюць прамову Насты Палажанкі.

 

—  Я зь вялікім зьдзіўленьнем дазналася пра гэтую прэмію. Калі я ўсьвядоміла сам факт узроўню дадзенай узнагароды, канешне, я была ўсьцешана. Усьцешана, у першую чаргу, ня ўвагаю да сваёй асобы, а ўвагаю да нашай сытуацыі і праблемы. Бо падобная прэмія мне —  гэта ўзнагарода для кожнага маладафронтаўца, для кожнага хлопца ці дзяўчыны, якія мараць быць у свабоднай, дабраслаўлёнай Богам Беларусі і ахвяруюць сабою дзеля гэтага, — гаворыць Наста Палажанка.

 

 

Інфармацыя пра грошы за публікацыю ў "Народнай волі" цалкам праўдзівая?

 

Галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч адказаў на заяву былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва пра тое, што быццам Сярэдзіч вымагаў за публікацыю грошы.

Іосіф Сярэдзіч паведаміў Радыё Свабода:

 

— Да апошняга часу гісторыя Шклова ведала Ілжэдзьмітрыя. Цяпер вось зьявіўся яшчэ ілжэц Кастусёў. Ні пра якія грошы я зь ім наагул не размаўляў, як ніколі не размаўляў на гэтую тэму і зь іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты. За паклёп, за хлусьню абавязкова пацягну Кастусёва ў суд. Гэта ж вельмі сур’ёзныя абвінавачваньні. Такой бязглудзьдзіцы, такой няпраўды я проста не чакаў. Мы апублікавалі вялікую гутарку зь ім. Нават калі ў лістах чытачоў і былі нейкія ня вельмі прыемныя выказваньні на яго адрас, дык што, ён — сьвятарная карова? Кастусёў ніколі больш ня зьявіцца на парозе рэдакцыі. Будзем гнаць яго.

 

— З вуснаў Кастусёва прагучала, што, маўляў, калі б ён ведаў, што ў залі прысутнічае журналіст, то шмат пра што не гаварыў бы. Як вы гэтую заяву пракамэнтуеце?

 

— Гэта сьведчыць пра яго няшчырасьць, пра яго двухаблічны характар. Гэтаму чалавеку і блізка нельга быць у апазыцыі і ў палітыцы наагул! Калі чалавек для адной аўдыторыі можа гаварыць адно, для іншай другое — на гарматны стрэл такіх людзей нельга падпускаць! А я маю сур’ёзны намер абараняць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю ў судзе.

 

На пытаньне "Радыё Свабода", як спадар Кастусёў ставіцца да пагрозаў Іосіфа Сярэдзіча, былы кандыдата у прэзыдэнты адказаў так:

 

— Калі я быў у рэдакцыі "Народнай волі" і размаўляў з Іосіфам Сярэдзічам наконт артыкулаў — пасквіляў на мой адрас — спадар Сярэдзіч мне таксама сказаў: "Калі ласка, падавайце ў суд". Але я тады палічыў, што ў мяне няма часу займацца судовымі працэсамі з "Народнай воляй"! І ня стаў гэтага рабіць. А што тычыцца інфармацыі наконт таго, што Сярэдзіч адкрыта казаў, што, маўляў, давайце грошы за станоўчую публікацыю, я і зараз магу пацьвердзіць і запэўніць, што гэта інфармацыя праўдзівая.

 

— Якія артыкулы вы палічылі пасквілямі ў свой адрас і што канкрэтна Вас абразіла?

 

— Ой, гэта было так даўно… Тады быў апублікаваны цэлы шэраг артыкулаў у "Народнай волі", зьневажаючых мяне. А мая размова зь Сярэдзічам адбылася пасьля таго, калі ў адным нумары было апублікавана ажно два артыкулы ў мой адрас у нэгатыўным пляне. Два артыкулы ў адной газэце! Гэта было ці то ў жніўні, ці то нават раней — у ліпені.

 

Іна Студзінская

 

 

Карыкатурыст малюе Беларусь

 

Неўзабаве пасьля снежаньскіх падзеяў у Менску да мастака-карыкатурыста Андрэя Більжо зьвярнуліся "хлопцы зь беларускай апазыцыі" з просьбай зрабіць некалькі паштовак у падтрымку палітвязьняў. Мастак з задавальненьнем пагадзіўся.

 

— Мяне так перла, — прызнаўся ён, — што замест адной або двух я зрабіў больш за 10 паштовак.

Андрэй Більжо піша ў блогу пад назовам "Беларусь без Лука-кі" на сайце grani.ru:

 

— Я адчуваю даўнюю непрыязь да таварыша Лука-кі. Для мяне гэта такі брыдкі пэрсанаж з дзіцячых казак, які выклікае жах.

 

Мне хацелася б адрадзіць ролю карыкатуры як зброі, баявога лістка. Я малюю карцінкі супраць Мацьвіенкі і ў падтрымку групы "Вайна". Хочацца, каб гэтыя малюнкі жылі, каб яны ператвараліся ў плякаты, стыкеры, паштоўкі — у падтрымку людзей, якія сутыкнуліся з абуральнай несправядлівасьцю. Мару, каб мае паштоўкі паляцелі мільённымі тыражамі ў Беларусь і зваліліся гіганцкімі мяшкамі у Лука-кі ў пярэднім пакоі, каб яны засыпалі ўвесь яго палац, як у казцы, каб зь іх рабілі папяровыя самалёцікі і яны лёталі б па Менску ... Можа быць, тады б сьвет хоць трошкі раздумаўся (Застаюся рамантыкам.).

 

 

АБСЭ дасылае назіральнікаў на суды

 

— Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) накіруе назіральнікаў (у Беларусь) — сачыць за судовымі працэсамі над кандыдатамі на прэзыдэнта, актывістамі (выбарчай) кампаніі і іншымі асобамі, якім было выстаўлена абвінавачаньне ў сувязі з падзеямі, што адбыліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 19 сьнежня.

 

З такой заявай выступіў у панядзелак дырэктар БДІПЧ Янэш Ленарчыч, паведамляецца на сайце АБСЭ.

 

Заява стала рэакцыяй на запрашэньне афіцыйнага Менску, пра якое паведаміў у пятніцу прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных.

 

Чакаецца, што першая група, у складзе чатырох назіральнікаў, прыбудзе ў Беларусь у сераду, каб назіраць за судамі над Дзьмітрыем Мядзьведзем і грамадзянамі Расеі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам.

 

Назіральнікі будуць сачыць за ўсімі ключавымі працэсамі ў справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня і абнародуюць па выніках місіі адмысловую справаздачу, паведамляе сайт арганізацыі.

 

 

Лука-ка пад сэрбскімі санкцыямі

 

Сэрбія падтрымлівае рэзалюцыю Эўразьвязу пра ўвядзеньне санкцыяў у дачыненьні беларускіх службовых асобаў, аднак гэта не азначае спыненьня двухбаковых адносінаў, заявіла Міністэрства замежных спраў Сэрбіі. Пра гэта паведамляе "БелаПАН".

 

У заяве МЗС краіны гаворыцца, што Сэрбія падтрымала рашэньне Эўразьвязу, "кіруючыся ўласнымі інтарэсамі і эўрапейскімі каштоўнасьцямі". Эўразьвяз заклікаў Сэрбію зрабіць гэты крок, паколькі краіна зьяўляецца патэнцыйным кандыдатам на ўступленьне ў Эўразьвяз. "Прымаючы рашэньне аб далучэньні да дэклярацыяў Эўразьвязу, Рэспубліка Сэрбія кіруецца перш за ўсё нацыянальнымі інтарэсамі", — падкрэсьлівае сэрбскае МЗС.

 

Сэрбія забароніць уезд на сваю тэрыторыю Лука-ку. Вось жа, усё тут паводле правілаў, акрамя таго, што Бялград, як здаецца, і гэтым разам быў папярэджаны аб тым, што калі ён імкнецца да статусу кандыдата на сяброўства ў Эўразьвяз, ён мусіць паважаць правілы Зьвязу. І тут ня можа быць выключэньнем стаўленьне, якое мусіць быць абранае ў дачыненьні да беларускага дыктатара.

 

У Міністэрстве замежных справаў нам пацьвердзілі, што рашэньне аб увядзеньні санкцыяў у дачыненьні да Беларусі прынятае на падставе акту, які Рада міністраў Эўразьвязу ўхваліла ў апошні дзень студзеня ў Брусэлі.

 

Празь нейкі месяц пасьля таго Сэрбія, як паведамляюць некаторыя сродкі масавай інфармацыі, атрымала папярэджаньне зь сядзібы Эўразьвязу наконт таго, што немагчыма дамагацца статусу кандыдата і адначасна паводзіць сябе насуперак супольнай палітыцы ў пытаньнях, аб якіх у Брусэлі дасягнуты кансэнсус.

 

Няма сумневу, што цяперашні крок Бялграду парушыць добрыя дачыненьні Беларусі і Сэрбіі, усталяваныя ў часы Мілошавіча і яшчэ больш узмоцненыя пасьля падзеньня сэрбскай дыктатуры.

 

Зьнешнепалітычнае ведамства Сэрбіі адзначае, што будуць уведзеныя пэўныя прававыя працэдуры на нацыянальным узроўні. Рашэньні пра абмежавальныя захады ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў павінны прыняць адпаведныя міністэрствы. Аднак абмежавальныя захады ня тычацца простых грамадзянаў, адзначаецца ў дакумэнце.

 

Паміж Сэрбіяй і Беларусьсю дзейнічае бязьвізавы рэжым (пры ўмове знаходжаньня да 30 дзён).

 

 

КДБ адмовілася вярнуць тэхніку "Нашай Ніве"

 

Рэдакцыя "Нашай Нівы" атрымала з Упраўленьня КДБ па Менску і Менскай вобласці адказ на хадайніцтва вярнуць выданьню кампутарную тэхніку, канфіскаваную падчас ператрусаў у сьнежні. Пра гэта паведамляе сайт выданьня.

 

У сваім хадайніцтве рэдакцыя падкрэсьлівала, што адсутнасьць тэхнікі, забранай падчас ператрусаў у рэдакцыі, а таксама дома ў галоўнага рэдактара газэты Андрэя Скурко, стварае перашкоды ў прафэсійнай дзейнасьці супрацоўнікаў. "Наша Ніва" зьвярталася з прапановай вярнуць хаця б тую частку кампутараў, што болей не патрэбная ў мэтах следзтва.

 

Копіі звароту былі дасланыя ў Генэральную пракуратуру і пракуратуру Менску. Але адтуль яны былі перасланыя для адказу ў КДБ.

 

У адказе з Упраўлення КДБ па Менску і Менскай вобласьці за подпісам выканаўцы абавязкаў кіраўніка Ўпраўленьня палкоўніка Уладзіміра Калача паведамляецца, што "рэчы будуць вернутыя пасьля правядзеньня неабходных працэсуальных дзеяньняў".

 

“Радыё Свабода”

 

 

Праз такіх, як Кастусёў, краіна стала сусветным пудзілам, а апазіцыя пасмешышчам

 

Я вярнулася. І прачытала Кастусёва.

 

Існуе даўняя спрэчка: ці трэба крытыкаваць прадстаўнікоў дэмакратычнага лагера. Яны, маўляў, свае, бітыя БТ і ўсімі буйнакалібернымі стваламі беларускай прапаганды, таму выбачым іх, заплюшчым вочы, лішні раз прамаўчым… І я таксама досыць доўга так думала.

 

Але ў карлікаў, якія ўявілі сябе высокімі і прыгожымі, з-за нашага разумелага маўчання з’язджае дах.

 

Вось Кастусёў разгаварыўся. І, аказваецца, я ўзвяла на яго паклёп у "Народнай волі". Гаворка — аб тэксце "Свая гульня", дзе я напісала, што нават калі Кастусёў выскачыць са штаноў, то шанцаў на перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у яго няма. І што Партыя БНФ удзельнічае ў гэтых выбарах з незразумелым кандыдатам, проста каб паставіць птушачку ў партыйным летапісе. Цяпер гэты дзеяч адзначыўся заявамі ў духу Раманчука, аб чым усе мы тактоўна маўчым, бо Кастусёў ўсё-ткі знайшоў у сабе сілы аспрэчыць вынікі выбараў, сцвярджае, што я пісала на яго паклёпніцкія артыкулы.

 

М...к вы, Рыгор Кастусёў. Неадэкватны, амбіцыйны і неразумны м...к.

 

Які, выкачаўшыся ў лайне, спрабуе рабіць выгляд, што ад яго вее новым водарам.


Можна і далей гуляць у казку "Голы кароль", калі на палітыцы абцяжараныя інтэлектам гледачы спрабавалі ўбачыць неіснуючыя адзенні. Але я больш не буду. Бо праз такіх як Кастусёў, якіх душаць і жаба, і амбіцыі, і страх, але якія, будучы пустэчай у вялікай ступені, лічаць сябе прэзідэнтамі, у нас краіна стала сусветным пудзілам, а апазіцыя — пасмешышчам.

 

Гэта маё асабістае меркаванне. І калі "дэмакрат" Кастусёў хоча пазбавіць мяне гэтага права, я гатовая абгрунтаваць сваё меркаванне ў судзе.

 

Святлана Калінкіна

 

 

9 сакавіка 2011 г.

 

Суд стаў на бок "Аўтарадыё"

 

Сёньня Вышэйшы гаспадарчы суд можа вырашыць лёс "Аўтарадыё", праца якога была прыпыненая. Судовы разгляд запатрабаваў лінгвістычнага аналізу фразы пра плошчу з рэклямнага роліка Саньнікава, які па радыё прагучаў.

 

Да гэтага адбыліся ўжо тры судовыя пасяджэньні, і на апошнім судзьдзя Валеры Шобік заўважыў, што мае намер як мага хутчэй завяршыць справу, бо разумее, што радыё — гэта суб’ект гаспадараньня, і яно церпіць страты ад спыненьня вяшчаньня.

 

Прадметам апошняга судовага разьбіральніцтва стала фраза "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы", якая ўтрымлівалася ў агітацыйным роліку кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Бакі спрачаліся, ці зьяўляецца гэта фраза заклікам прыйсьці на канкрэтную плошчу ў пэўны час, і ці можа быць яна ў пэўным кантэксьце заклікам для экстрэмісцкай дзейнасьці. Міністэрства інфармацыі і прадстаўніца абвінавачваньня Марына Папова такім чынам аргумэнтавалі сваю пазыцыю:

 

— Відавочна, што дадзеная фраза гучала падчас найбольш актыўных палітычных падзеяў у краіне, падчас выбарчай кампаніі, калі аўдыторыя палітызаваная. І, безумоўна, кожны разумеў, што слова "плошча" азначае толькі адно: прыйсьці 19 сьнежня на плошчу для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

 

На замову Міністэрства інфармацыі сваё пісьмовае лінгвістычнае заключэньне зрабіў дырэктар Інстытуту мовазнаўства, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Лукашанец. "Аўтарадыё", са свайго боку, запрасіла на судовае паседжаньне кандыдата філялягічных навук, судовага экспэрта Аксану Шчарбакову. Судзьдзя Валеры Шобік наўпрост задае пытаньне экспэрту Шчарбаковай:

 

— З пункту гледжаньня лінгвістыкі, паводле вашага меркаваньня, прымаць да ўвагі абставіны, зьвязаныя з канкрэтнай палітычнай сытуацыяй, вы не палічылі правільным?

 

— Я не магу прымаць да ўвагі нейкія пэўныя абставіны. Ці пабудзіў бы мяне гэты ролік — маўляў, трэба пайсьці на плошчу? Ды ніколі ў жыцьці! Тую інфармацыю, якую я аналізавала на "Аўтарадыё", менавіта ў той форме, якая гучала на радыё, я б не ўспрыняла ніяк.

 

Заключэньні лінгвістаў Аляксандра Лукашанца і Аксаны Шчарбаковай адрозьніваліся. Аксана Шчарбакова неаднаразова падкрэсьлівала, што яна аналізавала тэкст, а не кантэкст. Судзьдзя вырашыў на сёньняшняе паседжаньне запрасіць і спадара Лукашанца. Дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан выказаў такое меркаваньне:

 

— Відаць, ёсьць неабходнасьць запрашэньня дырэктара Інстытуту мовазнаўства. Хаця ў самім заключэньні, як вы чулі, няма катэгарычнасьці сьцьверджаньня, што ў гэтай фразе ёсьць заклікі да масавых беспарадкаў. Там ёсьць намёк, што, магчыма, хтосьці мог так зразумець.

 

І яшчэ адна акалічнасьць. На наўпроставае пытаньне абаронцы "Аўтарадыё", чаму ні Беларускае радыё, ні дзяржаўныя выданьні "СБ", "Минский курьер", "Рэспубліка" не атрымалі папярэджаньняў за тую ж самую фразу пра кухню і плошчу, адказ прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі быў такі: тыя выданьні разтыражавалі фразу, калі Андрэй Саньнікаў яшчэ не атрымаў папярэджаньня пракуратуры, да 9 сьнежня, а "Аўтарадыё" — пасьля папярэджаньня Генпракуратуры.

 

* * *

Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі прызнаў папярэджаньне Мінінфармацыі, вынесенае на адрас "Аўтарадыё", несапраўдным.

 

Судовы разгляд запатрабаваў лінгвістычнага аналізу фразы пра плошчу з рэклямнага роліка Саньнікава, які прагучаў па радыё.

 

Прадметам апошняга судовага разбору стала фраза "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы", якая ўтрымлівалася ў агітацыйным роліку кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Бакі спрачаліся, ці зьяўляецца гэта фраза заклікам прыйсьці на канкрэтную плошчу ў пэўны час і ці можа быць яна ў пэўным кантэксьце заклікам да экстрэмісцкай дзейнасьці.

 

Суд прызнаў пазыцыю Мінінфармацыі незаконнай.

 

 

Наста Палажанка не спужалася

 

20-гадовая Наста Палажанка стала першай беларускай, узнарагоджанай прэстыжнай Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасьць, якую Дзяждэпартамэнт ЗША прысуджае штогод 10 жанчынам розных узростаў і нацыянальнасьцяў. Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла 8 сакавіка ў Вашынгтоне.

 

Гілары Клінтан, якая ўручала ўзнагароды, выказала шкадаваньне ў сувязі з тым, што Наста Палажанка і Ёані Санчэз з Кубы ня здолелі прыехаць на цырымонію, бо ўлады іх краінаў ім гэтага не дазволілі. Клінтан сказала:

 

— Наста Палажанка зь Беларусі жыве ў складаны час. Краіна ў цэнтры Эўропы дагэтуль прыгнятае свой народ, фальсыфікуе выбары, самым жорсткім і брутальным чынам зьнявольвае палітычных апанэнтаў, каб іх папалохаць. Але яна не спужалася і выказала сваю пазыцыю.

 

Раней у інтэрвію "Свабодзе" Наста так пракамэнтавала сваё ўганараваньне прэміяй:

 

— Для мяне гэтая прэмія — найперш удзячнасьць усім тым людзям, якія выйшлі 19 сьнежня на плошчу, гэта гонар за маіх сяброў маладафронтаўцаў: Зьмітра Дашкевіча, Уладзя Яроменка, Алеся Кіркевіча, Паўла Севярынца, Эдуарда Лобава — за ўсіх, хто яшчэ застаецца за каратамі. І безумоўна, калі гэта прэмія прысуджаецца жанчынам, я не магу не адзначыць мужных Ірыну Халіп і Натальлю Радзіну, зь якімі я была ў турме разам. Таму гэтая прэмія — наша агульная, я не лічу яе пэрсанальна маёй прэміяй.

 

Сярод іншых ляўрэатак сёлетняй прэміі — першая жанчына-кіраўнік краіны ў Цэнтральнай Азіі — прэзыдэнт Кіргізстану Роза Атунбаева, а таксама жанчыны з Афганістану, Пакістану, Мэксыка, Кітаю, Вугоршчыны, Камэруну, Ярданіі.

 

 

Хрысьціянскіх дэмакратаў з Наваградку выклікалі ў КДБ

 

Позвы, каб зьявіцца ў Менск у КДБ Беларусі, сёньня атрымалі сябры БХД Уладзімер Качагур і Юры Казак. Да Дар’і Бахар з КДБ таксама прыходзілі на працу, але яе ў гэты час не было. Яшчэ аднаго актывіста Сяргея Ваўчка не засьпелі дома.

 

Уладзімер Качагур паведаміў "Свабодзе", што ён мусіць заўтра зьявіцца ў Менск да сьледчага КДБ у якасьці сьведкі па справе наконт падзей на Плошчы. Юрыю Казаку такую позву далі на панядзелак.

 

Усіх актывістаў неаднойчы выклікалі ў Наваградзкую ўправу КДБ у гэтай жа справе, але яны адмовіліся даваць паказаньні сьледчым без прысутнасьці сваёй даверанай асобы. Актывісты заяўлялі сьледчым, што такое права ім гарантуе Канстытуцыя Беларусі.

 

Міхал Карневіч

 

 

Справу Ліхавіда завяршылі

 

Сьледзтва завяршыла расьсьледаваньне крымінальнай справы яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі пратэсту 19 сьнежня ў Менску Мікіты Ліхавіда.

 

Пра гэта паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у праваахоўных органах.

 

— Крымінальная справа Ліхавіда, які абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Менску, перададзеная ў пракуратуру, — паведамілі ў праваахоўных органах.

 

Пракуратура мае разгледзець матэрыялы і прыняць рашэньне аб накіраваньні справы ў суд.

 

 

Прадстаўнік Мін’юсту тлумачыў БХК правілы арытмэтыкі

 

Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся разгляд скаргі Беларускага Хэльсынскага камітэту да Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцы абскардзілі пісьмовае папярэджаньне Мін’юсту ад 12 студзеня. Яно зьявілася пасьля таго, як БХК накіраваў спэцдакладчыку ААН па пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў паведамленьне пра ціск на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы аб падзеях 19 сьнежня ў Менску.

 

У судзе двое прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі спрабавалі давесьці, што праваабаронцы нібыта падалі ў ААН неаб’ектыўныя, непраўдзівыя, няпоўныя зьвесткі, накіраваныя на дыскрэдытацыю праваахоўных органаў і органаў юстыцыі. Да прыкладу, прадстаўнік міністэрства Аляксандар Харытон цьвердзіў, што БХК парушыў закон аб інфармацыі, бо ў лісьце ў ААН зьмяшчаюцца нібыта бяздоказныя цьверджаньні пра фальсыфікацыі выбараў. Маўляў, там інфармацыя пададзеная тэндэнцыйна і, між іншым, не названыя прозьвішчы больш чым 700 чалавек, якія былі затрыманыя ў выніку падзей 19 сьнежня.

 

— Адзначана, што, цытую, "10-20 тысяч чалавек пратэставалі супраць дзейнага прэзыдэнта і фальсыфікацый падчас прэзыдэнцкіх выбараў". Пры гэтым у тэксьце заявы на ангельскай мове лічбы выкладзеныя ў наступным выглядзе: 10-20, коска, тры нулі. Паводле правілаў арытмэтыкі неабходна злучэньне лічбаў "20, коска, тры нулі" чытаць як 20 цэлых нуль тысячных. Такім чынам, поўнасьцю злучэньне лічбаў праз дэфіс неабходна чытаць як "10, дэфіс, 20 цэлых нуль тысячных чалавек". Іншымі словамі кажучы, згодна гэтай цытаце, ад 10 да 20 чалавек бралі ўдзел у пратэстнай акцыі. У гэтай сувязі заканамерна ўзьнікае пытаньне: пры такой нязначнай колькасьці ўдзельнікаў акцыі адкуль маглі ўзяцца 700 зь лішкам затрыманых?

 

Паводле прадстаўніка Мін’юсту, БХК парушае статут, калі, да прыкладу, выкарыстоўвае няпоўную назву альбо стары штамп на адным з капэртаў, дзе няма літары "п". Таксама, паводле чыноўніка, зьвяртацца ў міжнародныя органы могуць грамадзяне, а не юрыдычныя асобы.

 

Другі прадстаўнік Мін’юсту, спадар Зелянеўскі, спыніўся на пытаньні пазбаўленьня адвакатаў ліцэнзій. Ён заявіў, што, маўляў, няма падставаў казаць, што Мін’юст аказвае ціск на адвакатаў і ўмешваецца ў іх прафэсійную дзейнасьць або падрывае незалежнасьць адвакатуры.

 

У сваім выступе ў судзе прадстаўнік БХК Гары Паганяйла заявіў у судзе, што адказчык "перакруціў сутнасьць таго, што адбывалася". Таксама ён казаў пра ціск на адвакатаў і парушэньне прынцыпу іх незалежнасьці.

 

— У нашым паведамленьні выкладаліся дакумэнты, якія таксама вывешваліся на сайце Мін’юсту. Мы зьвярнулі ўвагу найперш на тое, што многія адвакаты не дапускаюцца на спатканьні са сваімі кліентамі для выпрацоўкі сваёй пазыцыі і таго неабходнага, што адвакаты лічаць патрэбным абмеркаваць са сваім кліентам сам-насам. Вось пра гэтую частку парушэньняў Мін’юст нідзе ня кажа.

 

У судзе прысутнічалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтру "Вясна", які раней не дамогся ад Мін’юсту рэгістрацыі празь Вярхоўны суд. Старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі адзначае кручкатворства чыноўнікаў Мін’юста, якія самі не выконваюць тыя нормы, якіх патрабуюць ад няўрадавых арганізацый. Бяляцкі адзначае, што тое, як рэагуе Мін’юст на зварот да спэцдакладчыка ААН, — гэта спроба "затыканьня рота няўрадавай арганізацыі".

 

— У сьвеце цяжка прыгадаць такія выпадкі, бо такія звароты — гэта нармальная практыка ўзаемаадносінаў паміж няўрадавымі арганізацыямі і спэцдакладчыкамі ААН і наагул іншымі структурамі ААН. Мы ацэньваем гэта як перашкоду і абмежаваньне правоў беларускіх грамадзянаў, няўрадавых арганізацый на прадстаўленьне аб’ектыўнай інфармацыі, якую яны лічаць патрэбнай, паводле працэдураў ААН. Гэтая сытуацыя пільна адсочваецца спэцдакладчыкам. Калі гэтая скарга будзе адхіленая і папярэджаньне застанецца, то гэта яшчэ адна нэгатыўная ацэнка пазыцыі беларускага ўраду.

 

Гэта першае папярэджаньне, якое атрымала БХК цягам году. Наступныя могуць прывесьці да ліквідацыі аб’яднаньня.

 

Алесь Дашчынскі

 

 

“Лука-ка: дыктатар на лаве падсудных”

 

Зьявіліся новыя сьведчаньні сыстэматычных катаваньняў у турмах КДБ Беларусі, калі напярэдадні брытанская юрыдычная фірма абвясьціла, што рыхтуецца ініцыяваць прыватнае судовае расьследаваньне адносна Лука-кі, піша сёньняшняя "The Independent".

 

Сьледчыя, якія займаюцца праблемамі парушэньня правоў чалавека, правялі інтэрвію з сотнямі актывістаў, арыштаваных пасьля сьнежаньскіх выбараў у Беларусі. Яны выявілі, што катаваньні, зьбіцьцё і антыгуманныя умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня — звычайная практыка ў краіне, якая па-ранейшаму называе свае сакрэтныя службы абрэвіятурай “КГБ”, адзначае Джэром Тэйлар у сваім артыкуле “Лука-ка: дыктатар на лаве падсудных”.

 

Як найменей 689 чалавек былі арыштаваныя 19 сьнежня, калі Лука-ка загадаў атрадам міліцыі асаблівага прызначэньня падавіць прадэмакратычныя пратэсты ў цэнтры Менску. Пасьля гэтага яшчэ сотні чалавек былі кінутыя за краты, і многія апазыцыйныя палітыкі, журналісты і грамадзкія актывісты апынуліся пад пагрозай зьняволеньня да 15 гадоў паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых акцыяў, нагадвае аўтар.

 

Беларускія і міжнародныя праваабаронцы апыталі 205 затрыманых зь ліку тых, каго ўлады ўжо вызвалілі, прысудзіўшы да штрафаў альбо невялікіх тэрмінаў пасьля пасьпешлівых судоў без адвакатаў. З 205 чалавек 148 паведамілі, што іх зьбівалі ў часе папярэдняга затрыманьня, пры гэтым 57 заявілі, што іх білі дубінкамі.

 

— У многіх выпадках супрацоўнікі спэцслужбаў білі і прыніжалі людзей, затрыманых пасьля акцыяў пратэсту, і часамі трымалі на марозе, пазбаўлялі вады, ежы і элемэнтарных выгодаў, а пасьля пасьпешліва арганізаваныя суды вынесьлі ім прысуды без усялякага намёку на належным чынам праведзены судовы працэс, — кажа Ганна Сэварц’ян, дырэктар Human Rights Watch па Расеі, якая апублікавала гэтыя дадзеныя.

 

Сьвятлана, 19-гадовая удзельніца дэманстрацый, апісала, як трое міліцыянтаў накінулася на яе пасьля таго, як яна папрасіла адваката і пасьля адмовілася падпісаць пратакол.

 

— Адзін з міліцыянтаў трымаў мае рукі за сьпінай, а двое другіх пачалі зьбіваць мяне дубінкамі, — распавяла Сьвятлана. — Іншыя вязьні пачалі крычаць, і тады мяне адвялі ў іншы пакой, запоўнілі там пратакол і нават не паказалі мне яго, сказаўшы: “Ты ўсё адно яго не падпішаш, але гэта і неістотна.

 

Джэром Тэйлар у артыкуле прыводзіць канкрэтныя прыклады катаваньняў у беларускіх турмах і паведамляе, што адна з вядучых праваабарночых кампаній, H20 Law, якая першая выкарыстала брытанскую юрыдычную сыстэму для перасьледу фінансавых актываў “Сапраўднай ІРА”, заявіла аб тым, што плянуе пачаць і прыватны перасьлед, і ўчыніць грамадзянскі пазоў спадару Лука-ку.

 

Кампанія H2О Law прадстаўляе рух “Free Belarus Now” (“Неадкладна вызваліце Беларусь”) — групу энтузіястаў, заснаваную сем’ямі арыштаваных апазыцыйных палітыкаў і журналістаў.

 

— Мы упэўненыя, што маем ўсё неабходнае, каб прад’явіць як прыватнае абвінавачаньне, так і грамадзянскі пазоў Аляксандру Лука-ку, — заявіў Джэйсан Мак’ю, партнэр-заснавальнік H2О Law.

 

Юрысты спадзяюцца, што прыватнае абвінавачаньне прывядзе да выдачы ордэра на арышт Лука-кі.

 

— Гэта 56-гадовы экс-кіраўнік саўгасу, які усталяваў рэжым квазісавецкай дзяржавы ў краіне зь 10-мільённым насельніцтвам, дзе забароненыя незалежныя СМІ і 80% усёй прамысловасьці знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем, — тлумачыць аўтар, адзначаючы, што ордэр на аршыт можа быць выдадзены і для паплечнікаў Лука-кі.

 

Беларускі кіраўнік і яго атачэньне ўжо трапілі пад забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу, але ордэр на арышт распаўсюджваецца і на тыя краіны па-за межамі Эўразьвязу, зь якім Вялікая Брытанія мае дамову аб экстрадыцыі.

 

H2О Law мае намер перасьледаваць Лука-ку ад імя ягоных ахвяраў і таксама плянуе захады супраць яго фінансавых актываў у Вялікай Брытаніі і ва ўсім сьвеце.

 

Кампанію H2О Law спачатку запрасілі для таго, каб зьвярнуць увагу ААН і Міжнароднага суду ў Гаазе на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Але абвінавачаньні ў катаваньнях, асабліва пасьля заявы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, далі магчымасьць пайсьці далей.

 

Калі H20 Law будзе дзейнічаць, як заплянавана, гэта будзе першы выпадак, калі юрысты-праваабаронцы прыцягнуць да суду кіраўніка сувэрэннай дзяржавы. Паводле міжнароднага заканадаўства, катаваньні — адзін зь нешматлікіх відаў злачынства, паводле абвінавачаньня ў якім можна патрабаваць зьняць імунітэт сувэрэна.

 

— Калі абвінавачаньне ўключае віну ў катаваньнях, патэнцыйна гэта дазволіць суду выкарыстаць агульную юрысдыкцыю, і ён таксама можа ануляваць сувэрэнны імунітэт, на які можа прэтэндаваць Лука-ка, — кажа Мэцью Джуры, адвакат H2О Law, які правёў увесь апошні месяц у размовах з уцекачамі зь Беларусі, якія ратуюцца ў Эўропе.

 

H2О Law выкарыстоўвала амэрыканскія суды для перасьледу Муамара Кадафі за тое, што ён забясьпечыў выбухоўкай ваеўнікоў “Сапраўднага ІРА”. Два гады таму кампанія дамаглася посьпеху ў справе з патрабаваньнем кампэнсацыі ў 1,6 мільёнаў фунтаў ад “Сапраўднага ІРА” за выбух у горадзе Ома. Той выбух у Паўночнай Ірляндыі адбыўся 15 жніўня 1988 году і быў арганізаваны чальцамі арганізацыі “Сапраўднае Ірляндзкае рэспубліканскае войска” (“Сапраўднае ІРА”). У выніку выбуху аўтамабіля тады загінулі 29 чалавек і каля 220 чалавек былі параненыя.

 

* * *

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі, камэнтуючы артыкул The Independent, заявіў:

 

— Пэрспэктывы ў гэтай задумы — нулявыя. Гэта на самай справе ня больш, чым піяр-акцыя спадароў юрыстаў. Гэта толькі спосаб хоць неяк зьвярнуць на сябе ўвагу, карыстаючыся вядомасьцю беларускага лідэра і палітычнай вастрынёй сытуацыі. Я думаю, што і самі арганізатары выдатна разумеюць, што гэта пусты рэклямны пшык. А вось The Independent, не разабраўшыся ў сутнасьці пытаньня, папросту купілася на танны трук. Іміджу сур’ёзнага выданьня падобнае, на мой погляд, проста шкодзіць.

 

 

Украінскага праваабаронцу не пусьцілі ў Беларусь

 

Памочніка прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, сябра "Фундацыі Рэгіянальных Ініцыятываў", грамадзяніна Ўкраіны Максіма Кіцюка не прапусьцілі праз беларускую мяжу.

 

Як паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна", інцыдэнт адбыўся 9 сакавіка ў 3:20, падчас перасячэньня мяжы на цягніку “Кіеў — Менск”.

 

Як паведаміў калега Кіцюка Антон Галабародзька, паводле словаў супрацоўніка Гомельскага памежнага атрада, зь якім зьвязаліся па тэлефоне, адмова была аргумэнтаваная тым, што Максіму забаронены ўезд у Беларусь. Паводле інфармацыі з той жа крыніцы, у 9:10 цягніком “Санкт-Пецярбург — Кіеў” Максім Кіцюк быў адпраўлены назад ва Ўкраіну.

 

Паводле словаў самога Максіма, пры праверцы дакумэнтаў высьветлілася, што ягонае прозьвішча занесенае ў базу дадзеных Памежнай службы з пазнакай "Уезд забаронены".

 

Пасьля зьняцьця спадара Кіцюка з цягніка памежнікі накіравалі запыт у Менск, інфармацыя аб статусе "Уезд забаронены" пацьвердзілася. Ноч Максім правёў у камэры і раніцай быў адпраўлены ва Ўкраіну, да станцыі Гарнастаеўка, са штампам “дэпартаваны” на білеце.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Удзельніка Плошчы адлічылі з універсітэта

 

Алеся Лукашова адлічылі з 2 курса фізфака БДУ. Фармальная прычына — няздача сесіі.

 

Алесь працаваў у камандзе Уладзіміра Някляева. Ён і з экс-кандыдатам у прэзідэнты ішоў у адной калоне на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня. Быў сведкам збіцця Някляева і наступных падзей.

 

Пасля пачаліся выклікі ў міліцыю: абедзьве яго сім-карты былі зарэгістраваны на Плошчы. Першы раз выклікалі па тэлефоне. Другі — праз дэкана факультэта. Апошні сказаў, што за палітыку адлічыць Алеся не можа, але будзе шукаць іншыя варыянты. У выніку падстава знайшлася — няздача сесіі. З пяці іспытаў першыя тры Алесь здаў. Завалілі на апошніх, пераздачу якіх і камісія не прыняла.

 

Алесь кажа, што яго прыклад быў паказальным для астатніх (ён не адзін з факультэта прысутнічаў на Плошчы). Маўляў, ён не з’яўляўся лепшым студэнтам, і адлічэнне нібыта лагічнае. Але для каго гэта было папярэджаннем, той зразумее.

 

Дэкан, па словах Алеся, ведае пра ўсіх удзельнікаў Плошчы. І ходзяць чуткі, што іх могуць адлічыць падчас семестра альбо на летняй сесіі, каб не прыцягваць лішняй увагі.

 

Алесь Лукашоў ужо атрымаў выклік з Польшчы на праграму Каліноўскага. Праўда, яшчэ з універсітэтам не вызначана. Малады чалавек хоча змяніць абраную ў Беларусі спецыяльнасць на іншую — журналістыку.

 

Сяргей Макарэвіч

 

“Наша Ніва”

 

 

10 сакавіка 2011 г.

 

Суды на Гапонавым, Брэўсам і Мядзьведзем
(Онлайн-рэпартаж)

 

10 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менcку адбываюцца суды над удзельнікамі акцыі пратэсту 19 сьнежня. Судзяць грамадзянаў Расеі Івана Гапонава і Арцёма Брэўса, а таксама прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя.

 

10:00 У залі, дзе неўзабаве пачнецца суд над Брэўсам і Гапонавым, журналісты вядуць відэа і фотаздымкі. Тут каля 30 чалавек. Сярод іх прадстаўнік амбасады Расеі Вадзім Гусеў, праваабаронцы Гары Паганяйла, Кацярына Садоўская, Раіса Міхайлоўская, Валянцін Стэфановіч.

Cуд Маскоўскага раёна Менска працягне разгляд крымінальнай справы супраць удзельнікаў мітынгу пратэсту 19 сьнежня грамадзянаў Расеі Івана Гапонава і Арцёма Брэўса. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Судзьдзя — Любоў Сямахіна, прадстаўнік абвінавачваньня — пракурор Сяргей Кунас.

 

Суд над Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам быў прыпынены 1-га сакавіка, каб адвакаты змаглі азнаёміцца з новым абвінавачаньнем і дадатковымі матэрыяламі, далучанымі да справы.

 

Прозьвішчы міліцыянтаў, якія нібыта пацярпелі ад дзеяньняў Брэўса і Гапонава: Булавацкі, Скараход, Кудравец, Кшталанаў, Івашок, Волкаў, Зянкевіч, Далідовіч, Комар, Сапач, Палавінкін, Лявіцкі, Масальскі, Піліпейка, Караваеў. У суд прад’яўлены пратаколы іхніх допытаў, пастановы аб накіраваньні іх на мэдычныя экспэртызы.

 

У судзе Маскоўскага раёну судзяць прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя.

 

Судзьдзя — Алена Рудніцкая, адвакат — Сяргей Лепеш, прадстаўнік абвінавачваньня спадар Мазоўка.

 

Мядзьведзя вінавацяць у збройным супраціве і гвалтоўных дзеяньнях супраць некалькіх міліцыянтаў. Нібыта ён імкнуўся прарваць ачапленьне, наносіў удары нагамі. Пры гэтым Мядзьведзь нібыта карыстаўся мэталічнымі прутамі, бутэлькам.

 

10:10 Суд над Мядзьведзем. Паседжаньне пакуль не пачалося. У залі — жонка Мядзьведзя Тацьцяна, ягоныя родныя, кіраўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідранасьць" Іна Кулей і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.

 

10:15 Мядзьведзь не прызнае сябе вінаваным.

 

10:15 Суд на Брэўсам і Гапонавым. Ня ўсім хапіла месцаў у залі суду. Кацярына Садоўская выказвае пратэст. Працэс пачаўся.

 

10:16 Суд над Мядзьведзем. Судзьдзя папрасіў устаць пацярпелых. Устала у першым шэрагу 6 моцных хлапцоў у цывільным. У залі засьмяяліся. Судзьдзя зрабіла прысутным заўвагу.

 

10:17 Суд над Мядзьведзем. Пачынаецца допыт абвінавачанага.

 

— Калі апынуліся на плошчы Незалежнасці?

 

— У 22 гадзіны я домовіўся сустрэцца са знаёмым на вакзале па пытаньнях бізнэсу, каб перадаць яму тэхнічныя дадзеныя. Мы сустрэліся. Я загадзя дамаўляўся зь сябрамі сустрэцца на прыпынку на пл. Незалежнасьці. Пасьля сустрэчы са знаёмым я спазьняўся. Паставіў машыну і ўбачыў, што на плошчы шмат людзей сабралося, я пачаў шукаць сяброў і падыйшоў да помніка Леніну. Там было мора людзей.

 

Пабачыў, што ў Доме ўраду былі пабітыя шыбы. Пачалася патасоўка. Я ўбачыў, што адзін чалавек упаў. Я падняў яго. Ён сказаў, што зь ім усё добра. Потым мяне падхапіў народ і мяне вынесла да міліцэйскіх шчытоў. Спэцназ пачаў малаціць. Я, як мо, закрываў твар рукамі, абараняўся.

 

— Ці самі вы рабілі нейкія актыўнывя дзеянні?

 

— Не я толькі закрываў твар.

 

— Ці бачылі вы якія небудзь пагромы? Што небудзь гарэла?

 

— Нічога такога не бачыў.

 

— Ці вядома нешта пра зброю і мэталічныях прадметах?

 

— Не нічога такога не бачыў.

 

— Ці прарываліся вы Дом ураду?

 

— Не.

 

10:21 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Суд прызнаў 15 міліцыянтаў (Булавацкі, Скараход, Кудравец, Кшталанаў, Івашок, Волкаў, Зянкевіч, Далідовіч, Комар, Сапач, Палавінкін, Лявіцкі, Масальскі, Піліпейка, Караваеў) пацярпелымі ад дзеяньняў Івана Гапонава і Арцёма Брэўса. Адвакат была супраць гэтага. З 15 міліцыянтаў у суд прыйшлі пяцёра. Дапытваюць Брэўса. Ён кажа, што не біў міліцыянтаў.

 

10:28 Брэўс зноў распавядае як яго зьбілі і затрымалі міліцыянты. Гапонаў паўтарае свае паказаньні.

 

10:36 Суд над Мядзьведзем. Суд пераходзць да допыту пацярпелых. Андрэй Саrач, спэцназавец міліцыі.

 

Сакач кажа, што 19-га нёс службу ля Дома ўраду:

 

— У 22:30 мы сталі перад ганкам Дома ўраду ў ланцуг. Там быў несакцыянаваны мітынг. Білі шкло ў Доме ўраду. Праз некаторы час людзі хлынулі на нас з ударамі па шчытах, вялі актыўныя дзеяньні. Мы бачылі натоўп, шмат людзей агрэсіўна настроеных. Яны крычалі. Атрымалася, што мы адсяклі людзей ад Дома ўраду, натоўп знаходзіўся перад намі.

 

Што крычалі людзі спэцназавец, згадаць ня змог (Гэта што — амнэзія, ці дыбілізм? — "J.K."). Сакач кажа, што ён апусьціў забрала, якое запацела і адчуў што яго пацягнулі за шчыт і пачалі біць. Чым білі і колькі ўдараў было, згадаць ня можа.

 

Кажа, што дэманстранты хацелі яго выцягнуць з шэрагу, але не змаглі.

 

— Ад удару ў мяне забалела левая рука. Адчуў удар, — завіў Сакач.

 

— Гэта доўжылася нядоўга, — кажа "пацярпелы". — Пасьля гэтага мы перайшлі на правы бок і сабраліся каля свайго транспарту і пазьней выдвінуліся ў натоўп у два шэрагі. Расьсяклі натоўп, пачалі затрымліваць людзей.

 

— Ці запомнілі вы ў твар тых, хто вам насносіў улады?

 

— Не.

 

— Ці зьвярталіся па мэдычную дапамогу?

 

— Так зьвяртаўся ў шпіталь МУС. З нагоды запясьця.

 

— Ці выкарыстоўваліся натоўпам нейкія пардметы ў якасьці зброі?

 

— Не, гэтага я ня бачыў. Супрацоўнікі нашы казалі пра жалезныя пруты, інструмэнты для ачысткі лёду, але я гэтага ня бачыў.

 

Адвакат заявіў, што абвінаваўца задае наводзячыя пытанні. Суд адхіліў партэст адваката.

 

10:38 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Гапонаў сказаў, што ня чуў заклікаў прарывацца ў дом ураду і міліцыянтаў ня біў.

 

10:47 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Агучылі паказаньні Гапонава на сьледзтве: ён прыйшоў на плошчу на заклік кандыдатаў у прэзыдэнты для выказваньня пратэсту. Гапонаў настойвае, што прыйшоў на плошчу з-за цікаўнасьці.

 

10:56 Суд над Мядзьведзем. Другі пацярпелы Андрэй Палавінкін, служачы палка міліцы спэцыяльнага прызначэньня.

 

Палавінкін кажа, што працаваў 19-га у цывільным адзеньні ў натоўпе:

 

— Было вялікае скапленьне людзей. Мы былі ў натоўпе.

 

— Што рабілі мітыгнуючыя?

 

— Людзі зьбіраліся ў кучы крычалі. Лёзунгі, транспаратны там былі. Фразы ў іх былі не зразумелыя (Відаць, галоўку пашкодзіў — вось і не разумее нічога... — "J.K.")...

 

Палавінкін, як і першы пацярпелы, так і ня змог згадаць, што крычалі мітынгоўцы.

 

Пацярпелы кажа, што карыстаўся ў натоўпе радыястанцыяй.

 

— Мне быў насесены ўдар калі я быў у натоўпе, удар ззаду па галаве. Хто гэта зрабіў я ня ведаю. Я адвярнуўся і ўбачыў чалавека, які ўцякаў.

 

Палавінкін нічога не змог сказаць суду пра дзеянні мітынгоўцаў у адносінах да міліцэйскага ачаплення.

 

Абвінаваўца заўважыў супярэчнасьці ў паказаннях пацярпелага ў судзе і на папярэднім сьледзтве.

 

Судзьдзя чытае папярэднія паказаньні пацярпелага Палавінкіна. Чытае вельмі хутка і неразборліва.

 

Палавінкін часткова пацьвердзіў у судзе свае ранейшыя паказанні.

 

У судзе Палавінкін сказаў, што знаходзіўся на праспэкце і ня бачыў, як разьбівалі вокны. У папярэдніх паказаньнях падчас сьледзтва пацярпелы казаў, што бачыў, як адбываліся сутычкі ля Дома ўраду, бачыў пруты і іншыя сродкі. Пасьля новых пытаньнях адваката і абвінаваўцы, пацярпелы заблытаўся.

 

11:00 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачынаецца допыт пацярпелых. Першым дапытваюць амапаўца Дзяніса Булавацкага. Ён кажа, што а палове на дзевятую паведамілі, што грамяць Дом ураду. Амапавец таксама кажа, што у іх кідалі палкі, зрывалі шлемы, тры разы яго ўдарылі па галаве (Тое, відаць, было яшчэ ў дзяцінстве... — "J.K.").

 

11:08 Суд над Мядзьведзем. Новы пацярпелы — Дзьмітры Лявіцкі, міліцыянт-кіроўца:

 

— Стялі паміж двума натоўпамі.

 

Лявіцкі паказаў, што сілавх дзеяньняў у адносінах да яго і калег у ланцугу не было. Людзі крычалі толькі "Паліцаі! Фашысты!!:

 

— Калі мы зрабілі калідор і саджалі людзей у спэцтранспарт, у гэты момант нехта ўпаў і ўдарыў мяне пад шчыт. <...>

 

Калі асноўная маса ішла ў машыну, хтосьці мог упасьці… Тады я адчуў боль у правым локце. <...>

 

Потым мы зачыcьцілі плошчу, перашлі дарогу, там стаялі людзі і крычалі на нас “Фашысты!” (Не, горш за іх!!! — "J.K."). Мы ж дачакаліся свой спэцтранспарт, селі ў машыну і паехалі.

 

Абвінаваўца зноў знайшоў супярэчнасьці ў паказаньнях Лявіцкага ў судзе з ягонымі папярэднімі паказаннямі на следзтве.

 

Судзьдзя хутка і неразборліва чытае ранейшыя паказьанні пацярпелага Лявіцкага.

 

У ранейшых паказаньнях Лявіцкага сказана пра сілавыя дзеяньні супраць міліцыі, удары натоўпу нажамі і нагамі.

 

Пацярпелы кажа, што не бачыць тут супярчэнасьці са сваімі паказаннямі ў судзе. Хоць у судзе ён кажа, што гвалтоўных дзеянняў натоўпу не было.

 

11:15 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Агучылі пратакол допыту міліцыянта Булавацкага ад 18 лютага. Ён кажа, што лячыўся ў шпіталі, але на бальнічным ня быў.

 

Булавацкі ўжо кажа, што атрымаў 3-4 удары.

 

11:19 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы — Сяргей Масальскі, міліцыянт спэцназу.

 

Масальскі як і Лявіцкі ня ведае падсуднага.

 

Масальскі распавядае, што ён рабіў на плошчы 19 снежня. Кажа, што прыехаў на Плошчу Незалежнасьці ў апошняй машыне. І стаяў у шарэнзе.

 

Масальскі сьцвярджае, што маладыя людзі зь пярэдніх шэрагаў мітынгоўцаў білі іх вудзільнамі і нагамі ў шчыты.

 

Масальскі кажа, што мітынгоўцы спрабавалі выцягнуць супрацоўнікаў міліцыі з шарэнгі, наносілі ўдары:

 

— Я атрымаў удар нечым цяжкім, пасьля чаго супарцоўнікі спэцназу мяне зноў уцягнулі ў шарэнгу.

 

Міліцыянт кажа, што ня ведае, ці выкарыстоўваліся натоўпам нейкія прадметы супраць міліцыі.

 

Абвінаваўца зноў знайшоў супярэчнасьці ў паказаннях пацярпелага ў судзе ў параўнаньні з ягонымі паказаньнямі на папярэднім сьледзтве. Судзьдзя іх зноў хутка і неразборліва зачытвае.

 

Як можна зразумець са скорагаворкі судзьдзі, у паказаньнях Масальскага на папярэднім сьледзтве падрабязна апісваецца як дэманстранты "білі" міліцыянтаў спэцназу.

 

Масальскі кажа, што не бачыць супярэчнасьцяў у ягоных паказаннях — ранейцшых і цяперашніх.

 

11:23 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Другі пацярпелы супрацоўнік міліцыі Дзьмітрый Скараход пачаў даваць паказаньні.

 

Сьведка Скараход кажа, што яго выцягнулі з ланцуга, ён паваліўся. Яго ўдарылі два ці тры разы па галаве і ў яго была гематома на плячы і драпіны на твары. Супрацоўнік міліцыі лячыўся 5 дзён у шпіталі.

 

Скараход ня змог згадаць калі і дзе дакладна яго дапытваў сьледчы. Хаця гэта было два тыдні таму.

 

11:36 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы — міліцыянт Віталь Піліпейка.

 

Усе пацярпелыя сядзяць у залі і могуць чуць паказаньні адно аднаго.

 

Піліпейка кажа, што 2 чалавека перашкаджалі ягонаму руху на Плошчы Незалежнасьці — падставілі падножку і ўдарылі. Ён упаў у натоўп. Але ягоныя калегі выцягнулі яго з натоўпу. І ён дайшоў да будынку Дома ўраду.

 

Калі Піліпейка стаяў у ачапленьні Дома ўраду, мітынгоўцы, якія знаходзіліся перад ім, мелі "чаранкі" ад рыдлёвак. Кажа, што удзельнікі акцыі аказвалі актыўны супраціў, спрабавалі ўдарыць, але не яго асабіста.

 

У нейкі момант выбег мужчына з вогнетушыцелем у руках і распыліў на спэцназ. У тым ліку ў твар Пілікейку.

 

— Калі расьсяклі натоўп, ніякага супраціву ўжо я не заўважыў.

 

Піліпейка пасьля тых падзей "адчуў недамаганьне, моцнае голавакружэньне, млосьць і зьвярнуўся ў шпіталь МУС".

 

Абвінаваўца зноў лічыць, што ёсьць супярэчнасьці ў паказаньнях на судзе з папярэднімі.

 

Судзя зачытвае папярднія паказаньні.

 

У папярэдніх паказаньнях Піліпейкі таксама нашмат больш гаворыцца пра гвалт над міліцыянтамі, у тым ліку пра ўдары арматурай і палкамі. Піліпейка ў судзе пацьвярджае іх.

 

11:48 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт трэцяга пацярпелага супрацоўніка міліцыі Аляксандра Кудраўца. Ён просіць зачытаць яго паказаньні, бо не памятае падрабязнасьцяў.

 

11:52 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы міліыянт — Ягор Каравай.

 

Каравай кажа, што атрымаў на Плошчы ўдар цьвёдым прадметам у патыліцу. Больш ня яго білі. Кажа, што пасьля звярнуўся ў шпіталь МУС, дзе яго агледзелі і адпусьцілі дадому.

 

Каравай кажа, што таго як міліцыянты білі дэмансартаў дубінкамі ня бачыў (Дзіўна, і як жа ж тое яму ўдалося? — "J.K.").

 

11:58 Суд над Мядзьведзем. Суд адпусьціў пацярпелых спэцназаўцаў з залі. Іх допыты скончаныя.

 

11:59 Суд над Мядзьведзем. Але прыйшлі яшчэ тры, як сьцьвярджаецца, пацярпелыя, адзін зь іх — падпалкоўнік у міліцэйскай форме. Першы — Аляксандар Кашталанаў (у форме) — намесьнік камандзіра палка спэцназу міліцыі.

 

— Пасьля таго як мы адцясьнілі іх з ганку, яны агрэсіўна былі натроеныя, аказвалі актыўны супраціў, перашкаджалі руху нашай калёны. Пасьля таго, як мы іх адцясьнілі зь сілай і спэцсродкамі, яны выкарысталі вогнетушыцель і паводзілі сябе агрэсіўна, выкарыстоўвалі падручныя сродкі, У тым ліку вудзільны. Білі па шчытах, па супрацоўніках (А што, павінны былі нібыта скот бегчы? А калі хто і біў, дык замала! — "J.K.").

 

Кашталанаў кажа, што ў час супрацьстаяньня ён асабіста атрымаў удар тупым прадметам.

 

Кашталанаў кажа, што некалькі мітынгоўцаў хацелі правацца праз шарэнгу, і адзін раз вырвалі шчыт.

 

Адвакат пытае Кашталанава, што ён можа сказаць канкрэтна па справе Мядзьведзя, той кажа, што нічога не ведае.

 

11:59 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт трэцяга пацярпелага супрацоўніка міліцыі Аляксандра Кудраўца. Ён просіць зачытаць яго паказаньні, бо не памятае падрабязнасьцяў.

 

Кудравец кажа, што яго ўдарылі мэталёвым прадметам, што ў яго быў балявы шок. Аднак у матэрыялах допыту гэтага няма.

 

Кудравец таксама не памятае, дзе яго дапытвалі і калі.

 

12:09 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы — міліцыянт Руслан Волкаў.

 

Волкаў апісвае падзеі ля Дома ўраду, расказвае, як яны выцясьнялі людзей ад ганку будынка. Кажа, што як білі шкло ня бачыў, бо там было шмат людзей перад ім.

 

— Пры выцясьненьні мы сутыкнулся з актыўным супрацівам, штурхалі нас. Праз нейкі час яны зразумелі, што ня змогуць прарвацца і спыніліся. Потым нам паступіла камнанда вярнуцца ў транспарт і мы пакінулі плошчу (А хто ж тады "паляваў" з дубцамі ў ваколіцах, калі вы ўсе ціхенька "вярнуліся ў транспарт і пакінулі плошчу"? — "J.K.").

 

12:15 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы міліцыянт — камандзір узводу Юры Дземідовіч.

Дземідовіч кажа, што з трыбуны былі заклікі прарваць ланцугі міліцыі, што людзі былі агрэсіўна настроеныя і кінуліся на міліцыятаў. Пачалі біць шчыты, білі рукамі і нагамі, паляцела жалезная сьметніца. Выцягнулі аднаго байца з ланцугу, сарвалі шлем. Сьляпілі ўспышкамі фотакамэр. І ўрэшце накіравалі на іх струмень з вогнетушыцеля...

 

Пацярпелы апісвае:

 

— Такое адчуваньне было, што людзі прыйшлі з канкрэтнай мэтай зладзіць пабоішча. Там не дзеці былі, а нармальныя здаровыя мужыкі, крычалі нам "Вас бы ў Чачэнію!" Я лічу, што гэта ўсё было ад пачатку падрыхтавана, каб нас справакаваць.

 

Пацярпелы кажа, што яму разбілі вусну. Са зброі ў дэманстрантаў пацярпелы ўбачыў толькі вудзільны і сьметніцу. Міліцыянт нічога не можа сказаць пра дзеяньні Мядзьведзя.

 

12:06 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт чацьвёртага пацярпелага амапаўца Івана Комара. Ён кажа, што яго ўдарылі адзін раз кулаком. Ён назваў дзеяньні натоўпу ня вельмі актыўнымі, але што яны хацелі прарвацца ў Дом ураду. Комар таксама не пазнаў абвінавачаных Брэўса і Гапонава, як і іншыя пацярпелыя.

 

12:29 Суд над Мядзьведзем. Допыт пацярпелых скончыўся. Іх адпусьцілі з залы суду.

 

12:30 Суд над Мядзьведзем. Суд апытвае прадстаўніка пазоўніка — Дзьмітрыя Лепеша, Галоўная гаспадарчая ўправа справамі прэзыдэнта. Лепеш распавядае пра шкоду будынку.

 

Лепеш кажа, што былі пашкоджаныя дзьвяры і вокны, водасточная труба і зялёныя насаджэнні. Агульная сума стратаў — больш за 14 мільёнаў. 21 лютага сума шкоды была кампэнсаваная. У сувязі з гэтым грамадзянскі пазоў адклікаецца.

 

Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой, каб вынесьці рашэньне адносна адмовы ад грамадзянскага пазову.

 

12:30 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пяты пацярпелы амапавец Ігар Зянкевіч кажа, што яго білі палкамі і адзін удзельнік мітынгу выкарыстаў вогнетушыцель. Ён атрымаў апёкі дыхальных шляхоў.

 

Зянкевіч зьвяртаўся ў шпіталь. Ён сказаў, што яго дапытвалі ў сьледчым камітэце. Адвакат запатрабавала дапытаць яшчэ 10 пацярпелых амапаўцаў.

 

12:33 Перапынак у працэсе над Дзьмітрыем Мядзьведзем.

 

12:45 У судзе над Брэўсам і Гапонавым аб’яўлены перапынак да 14 гадзін.

 

13:05 Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў. што адвакаты правільна не пагаджаліся з далучэньнем пацярпелых да працэсу. Мяркуючы па папярэдніх матэрыялах, яны нічога не маглі сказаць непасрэдна пра абвінавачаных і гэта пацьвердзілася ў судзе. Ніводзін з пацярпелых не сказаў, што непасрэдна Гапонаў ці Брэўс нешта ім зрабілі і, наогул, іх не бачылі і не маглі пазнаць. Стэфановіч адзначыў таксама трафарэтнасьць паказаньняў і тое, што многа хто з пацярпелых ня памятае, дзе і калі яго дапытвалі. І паказаньні ў судзе ў некаторых пацярпелых разыходзіліся з тым, што было ў пратаколах. Праваабаронца адзначыў, што ў адным месцы двое пацярпелых давалі фактычна адны і тыя ж паказаньні: фразы пра наяўнасьць ў натоўпе моцных мужчынаў у кажухах. Гэта фраза была ў паказаньнях двух пацярпелых. Ён мяркуе. што гэта фраза была "ўкладзена" сьледчымі ў паказаньні.

 

Прадстаўнікі АБСЭ і амбасады Расеі ў Беларусі, якія назіраюць за працэсам, пакуль устрымаліся ад камэнтароў.

 

13:10 Працэс над Дзьмітрыем Мядзьведзем аднавіўся. Судзьдзя прыняла адмову ад пазову Галоўнай гаспадарчай ўправы справамі прэзыдэнта.

 

13:14 Суд над Мядзьведзем. Апытваецца яшчэ адзін пацярпелы міліцыянт — Ігар Бажок.

 

Бажок апісвае падзеі 19 сьнежня:

 

— На плошчы я ўбачыў шмат народу, людзі крычалі "Сыходзь!" Яны крычалі, пагражалі, наносілі ўдары, хісталі шчыты.

 

Ніякіх прадметаў у руках людзей я не бачыў. Зусім не бачыў. Мяне ўдарылі чымсьці, але хуценька і са сьпіны. У мяне пасьля падзеяў каля Дому ўрада балелі сьпіна і галава, нас павезьлі ў шпіталь.

 

Прадстаўнік абвінавачваньня зноў знайшоў супярэчнасьці ў паказаньнях пацярпелага ў судзе з тым, што ён казаў падчас папярэдняга сьледзтва.

 

Судзьдзя скорагаворкай зачытвае ранейшыя паказаньні. Зь іх вынікае што мітынуючыя лаяліся, кідаліся бутэлькамі і біліся палкамі.

 

Пацярпелы Бажок прызнаў ранейшыя паказаньні. Але на пытаньне адваката зноў сказаў, што палак у людзей не было. Пацярпелы заблытаўся, кажа, што немагчыма было ўсё запомніць.

 

13:25 У судзе над Дзьмітрыем Мядзьведзем перапынак да 14:00.

 

14:00 У кавярні суду ў абед быў невялікі інцыдэт. Дзяўчына, якая была на працэсе, гучна пашкадавала пацярпелых міліцыянтаў: "бедныя, пабітыя". На што спэцназавец абразіўся і накрычаў на дзяўчыну: "Бярыце свае коржыкі, а нас не чапайце!"

 

Tatsiana Elavaya ў Фэйсбуку з залі суда над Гапонавым і Брэўсам:

 

"Адвакаты задавалі пытаньні пацярпеламу Булавацкаму. Ён паблытаўся ў часе свайго знаходжаньня на плошчы Незалежнасьці. Таксама не змог назваць дакладнага месца, дзе зь яго сарвалі шлем. Тым часам паказаньні Булавацкага ўсхвалявалі двух іншых пацярпелых спэцназаўцаў. Яны пачалі спрачацца паміж сабой і ў выніку назвалі адзін аднаго "дэбіламі".

 

14:03 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пасьля перапынку аднавіўся судовы працэс над грамадзянамі Расеі Брэўсам і Гапонавым, Для допыту ў судзе прыбылі яшчэ 10 пацярпелых амапаўцаў.

 

14:05 Суд над Мядзьведзем. На судзе прысутнічаюць два назіральнікі БДІПЧ АБСЭ, яны паведамілі Свабодзе, што ўважліва сочаць за працэсам, але пакуль камэнатваць яго ня будуць.

 

14:15 Працэс у справе Дзьмітрыя Мядзьведзя адноўлены. Працягваецца допыт пацярпелых. Першы — міліцыянт Дзяніс Булавацкі.

 

14:11 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт шостага пацярпелага Аляксандра Кашталанава. Ён зьяўляецца намесьнікам камандзіра палка. Падпалкоўнік міліцыі казаў, што пад час разгону мітынгу хапалі за шчыты, білі, яго ўдарылі па назе. Кашталанаў кажа, што дзеяньні былі арганізаваныя. У шпіталь ён паехаў у 5 гадзінаў раніцы. Не памятае, калі яго прызналі пацярпелым.

 

14:22 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы Ўладзімер Бортнік.

 

Бортнік кажа, што дэманстранты хуткім крокам імкнуліся прарваць ланцуг спэцназу, у якім ён стаяў. Яго асабіста выцягнулі з ланцугу і зьбілі з ног, нанеслі некалькі ўрадаў па галаве і корпусу:

 

— Магчыма, білі нагамі. Калі натоўп адсунулі я на карачках здолеў выбрацца адтуль і зноў стаў у шэрагі.

 

14:28 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы — Аляксандар Кудравец — кажа што абвінавачанага бачыць у першы раз.

 

Кажа што яго пабілі жалезнымі прутамі па твары. І што пасьля гэтага, ён быў на бальнічным. Хто гэта рабіў — ён ня памятае.

 

14:30 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт шостага пацярпелага, камандзіра ўзвода Юр'я Далідовіча. Ён кажа, што мітынгоўцы спрабавалі паставіць амапаўцам падножку.

 

14:33 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы міліцыянт — Ігар Зянкевіч. Абвінавачанага таксама ніколі ня бачыў.

 

Зянкевіч расказаў, што дэманстранты ў спэцназ кідалі розныя прадметы, лёд. Ён кажа, што дэманстранты, якія прарываліся праз ланцуг спэцназу, накіравалі на яго струмень з вогетушыцеля. Пена трапіла ў вочы і рот. Ён быў шпітіалізаваны машынай хуткай дапамогі.

 

14:39 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпел міліцыянт — Комар.

 

Ён быў у ачапленьні Дома ўраду. Кажа, што мітынгоўцы білі нагамі па шчытам. Што крычалі мітынгоўцы, Комар ня чуў, бо слухаў свой радыёэфір. Комар кажа, што падчас прарыву яго ўдарылі ззаду.

 

14:41 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт сёмага пацярпелага. Ён кажа, што яго білі вудамі, "кінулі ў нас сьметніцай, сьляпілі ў вочы". Яго ўдарылі ў скроні. Усяго было тысяч шэсьць чалавек. Ня ведае, чаму гэтыя агрэсіўна настроеныя людзі не прарвалі ланцуг міліцыі, хаця маглі б.

 

14:45 Суд над Мядзьведзем. Допыт пацярпелых завершаны. Усяго дапыталі 15 міліцыянтаў. Ніхто зь іх падсуднага Мядзьведзя ня ведае, ад яго дзеяньняў не пацярпеў і прэтэнзіяў да яго ня меў.

 

14:46 Суд над Мядзьведзем. Пачаўся допыт сьведак. Першы — Алег Дударчык, супрацоўнік міліцыі Менску, які затрымліваў Мядзьведзя пасьля мітынгу.

 

Дударчык заявіў, што спачатку на Кастрычніцкай плошчы сядзеў у службовым транспарце, потым іх адвезьлі на плошчу Незалежнасьці. Ён накіраваўся да Дому ўраду да цэнтральнага ўваходу. Апісвае як дэманстрант імкнуліся трапіць у будынак, білі іх вудзільнамі і гумовымі дручкамі, якія забралі ў міліцыі. Ля будынку пэдунівэрсытэта ён удзельнічаў у расьсяканьні натоўпу і затрыманьні ўдзельнікаў акцыі.

 

Дударчык кажа, што Мядзьведзь пры затрыманьні "выкрыкваў лёзунгі антыдзяржаўнага характару".

 

Мядзьведзь запытаў сьведку, дзе і калі ён стаяў перад затрыманьнем, зь кім стаяў. Дударчык дакладна не змог сказаць.

 

Антыдзяржаўнымі лёзунгамі міліцыянт назваў воклічы “Жыве Белаурсь!” і “Сыходзь!”

 

Мядзьведзь цалкам не падтрымаў паказаньні сьведкі і кажа, што ён ня бачыў гэтага чалавека. Паводле Мядзьведзя, сьведка няправільна апісаў ягоную вопартку.

 

14:51 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт восьмага пацярпелага супрацоўніка міліцыі Пятра Караваева. Ён сказаў. што яму ўдарылі па галаве ззаду, зьявіўся шум у вушах, ён зьвяртаўся ў шпіталь.

 

14:56 Суд над Мядзьведзем. Наступны сьведка — Аляксандр Грыцэнка, таксама міліцыянт спэцназу. Кажа, што бачыў абвінавачанага 19-га сьнежня.

 

Грыцэнка паведаміў, што ў 22:00 удзельнічаў у ачапленьні Дома ўрада:

 

— Там было шмат людзей, некаторыя спрабавалі прарвацца праз ачапленьне. Потым паступіла каманда перамясьціцца да Пэдунівэрсытэту, расьсекчы натоўп. Мы іх атачылі, падагналі службовы транспарт і прапанавалі прайсьці (Ад вашых "прапаноў" нельга адмовіцца! — "J.K."), пагрузілі іх і адвезлі. Абвінавачаны быў сярод тых, каго мы затрымалі.

 

Сьведка чуў, як абвіанвачаны Мядзьведзь выкрыкваў лёзунг “Жыве Беларусь!”. Іншых актыўных дзеянняў Мядзьведзя ён не бачыў.

 

Апісаньне адзеньняў Мядзьведзя ў Грыцэнкі адрозьніваецца ад таго, што казаў папярэдні сьведка, той казаў пра чорную дублёнку, гэты — пра карычневую.

 

14:59 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт дзевятага пацярпелага супрацоўніка міліцыі Дзьмітрыя Лявіцкага. Ён кажа:

 

— Як толькі мы зьявіліся на плошчы, нас называлі фашыстамі (Не, вы горш за фашыстаў! — "J.K.").

 

Лявіцкі таксама нікога з пацярпелых не прызнаў.

 

15:03 Суд над Мядзьведзем. Допыт сьведкаў закончаны. Суд перайшоў да дасьледвання пісьмовых матэрыялаў справы. Судзьдзя зачытвае пратакол агляду мясцовасьці ля Дома ўраду. Чытае хутка, ціха і невыразна.

 

У дакумэнтах распавядаецца пра бутэлькі, арматуру іншыя прадметы, якія знайшлі на плошчы Незалежнасьці пасьля 19 сьнежня.

 

15:10 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Допыт дзесятага пацярпелага амапаўца Аляксандра Волкава. Ён кажа:

 

— Нас білі па нагах, крычалі: "Далоў уладу!", ударылі па калене.

 

15:16 Суд над Мядзьведзем. Агалошваюць пратаколы ператрусаў. Судзьдзя пачала чытаць яшчэ цішэй.

 

Судзьдзя зачытвае характарыстыкі на Мядзьведзя, даведкі з дыспансэраў. Нічога кампрамэтуючага ў іх няма.

 

15:19 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Допыт 11-га пацярпелага амапаўца Піліпейка. Ён кажа, што там былі дзядуля з бабуляй, іх мітынгоўцы папрасілі адыйсьці. Піліпейка атрымаў атручэньне ад вогнетушыцеля.

 

Камэнтар МЗС Расеі:

 

У Маскве спадзяюцца, што рашэньне суда ў Менску па справе расейцаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава будзе адпавядаць нормам міжнароднага права, заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Аляксандр Лукашэвіч. Ён адзначыў, што "сытуацыя далёкая ад якой-небудзь пазытыўнай разьвязкі". Паводле Лукашэвіча, у дачыненьні да расейскіх грамадзянаў вылучаюцца ўсё новыя абвінавачваньні, расьце колькасьць прыцягнутых сьведак, што не можа не турбаваць, перадае "Інтэрфакс".

 

— Тым не менш, будзем спадзявацца на тое, што рашэньне суду будзе справядлівым, аб’ектыўным і будзе адказваць нормам міжнароднага права, у тым ліку ў галіне асноватворных правоў чалавека, — адзначыў прадстаўнік МЗС Расеі.

 

15:26 Суд над Мядзьведзем. Судзьдзя зачытвае мэдычныя даведкі і агучвае дыягназы "пацярпелых" міліцыянтаў.

 

15:29 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Допыт 12-га пацярпелага амапаўца Палавінкіна. Працаваў па "грамадзянцы". Мітынговец вылічыў яго па рацыі і ўдарыў па твары. Ён кажа, што было каля 7 тысяч удзельнікаў акцыі. Бальшыня паводзіла сябе спакойна.

 

Ня лічыць сябе пацярпелым менавіта ад абвінавачаных.

 

15:30 Суд над Мядзьведзем. Агалошваньне пісьмовых матэрыялаў скончана.

 

15:31 Суд над Мядзьведзем. Прадстаўнік абвінавчваньня пытаецца ў Мядзьведзя, пры якіх умовах ім былі зробленыя здымкі на плошчы Незалежнасьці? Навошта ён рабіў здымкі? Мядзьведзь адказвае, што здымкі рабіў без нейкіх асаблівых мэтаў.

 

Пракурор распытвае, калі і каму тэлефанаваў Мядзьведзь з плошчы. Хоча давесьці, што ён там быў і раней за 22 гадзіны. Адвакат просіць далучыць да матэрыялаў справы хадайніцтва працоўнага калектыву ў абарону Мядзьведзя, які зьяўляецца дырэктарам прыватнай фірмы.

 

У хадайніцтве — выключна пазытыўныя характарыстыкі Мядзьведзя.

 

15:36 Суд над Мядзьведзем. Пачынаецца прагляд фрагмэнтаў відэазапісаў з Плошчы. Тэлевізар стаіць каля судзьдзі, з залі яго кепска бачна.

 

Судзьдзя адключыла гук. Абвінаваўца засланіў экран спіною.

 

Пракурор пасунуўся ўлева. Цяпер уся заля нічога ня бачыць і ня чуе.

 

Людзі абураюцца. Экспэрты АБСЭ сьмяюцца.

 

Міліцыянт пагрозьліва ходзіць па залі, каб супакоіць тых, хто абураецца.

 

Мядзьведзь, які знаходзіцца бліжэй да экрану, пазнаў сябе на відэазапісу. Мядзьведзь кажа, што яго выштурхнуў натоўп да шэрагаў спэцназу. Ён стаяў у натоўпе і закрываў галаву рукамі.
 
Судзьдзя і прадстаўнік абвінавачваньня паспрачаліся наконт зьместу відэа. Судзьдзя нарэшце пасадзіла абвінаваўцу на месца.

 

15:47 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Допыт 13-га пацярпелага амапаўца Аляксея Сапача. Ён кажа:

 

— Нас білі рукамі, нагамі. У мяне потым балела рука (Балела ў яго рука! Які ж ты мужык, як кажа наш нелюбімы "прэзідэнт"? — "J.K.").

 

Не памятае, ці казалі яму падчас допыту, што ён пацярпелы.

 

15:54 Суд над Мядзьведзем. Пачаліся спрэчкі бакоў. Выступае дзяржаўны абвінаваўца:

 

— З улікам дасьледаваных доказаў, вінаватасьць Мядзьведзя даказаная цалкам. А менавіта ў тым, што па папярэдняй змове удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу.

 

Такім чынам, дзеяньні абвіанавачанага кваліфікаваны правільна. Абвінавачаны меў магчымасьць пакінуць мітынг, але не зрабіў ніякіх спробаў. У сувязі з чым віна яго даказаная”.

 

Абвінаваўца папрасіў пакараць Мядзьведзя чатырма гадамі ўзмоцненага рэжыму.

 

15:55 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Допыт 14-га пацярпелага амапаўца Масальскага. Ён кажа:

 

— Людзі называлі нас прыхвасьнямі рэжыму.

 

Масальскі бачыў у некага ледаруб. Ён сказаў: "Бабулі крычалі нам: "Фашысты!". Адвакат запытала пра ледаруб. Аказалася, што гэта прут з пласьцінай для сколу лёду на ходніку.

 

16:01 Суд над Мядзьведзем. Выступае адвакат. Ён кажа, што Мядзьведзя абванвачваюць у зьдзяйсьненьні злачыства групай асобаў паводле папярэдняй змовы. У папярэдніх абвінавачваньнях гэтага пазначана не было.

 

Няма ніякіх ня тое што пераканаўчых доказаў, а зусім ніякіх доказаў абвінавачваньне не прадставіла. Тыя зьвесткі пра абвінавачванага — гэта выдаць жаданае за сапраўднае.

 

— Што і каго грамілі? — Рытарычна пытаецца адвакат. — Якія былі падпалы? Якая маёмасцьць была зьнічшаная? З дапамогай чаго рабіўся ўзброены супраціў міліцыі?

 

Адвакат даводзіць, што ніякай зброі не было, рыдлёўкі і чаранкі зброяй не зьяўляюцца.

 

— Масавых беспарадкаў не было, — заявіў адвакат.

 

Адвакат знайшоў шмат недакладнасьцяў і неадпаведасьцяў матэрыялам спарвы ва ўступнай частцы афіцыйнага абвінавачваньня.

 

— Абваінавачваньне прапануе, каб Мядзьведзь адказваў за ўсе дзеяньні ўсіх асобаў, якія знаходзіліся на Плошчы. Гэта незаконна, — кажа адвакат. Асоба адказвае толькі за свае дзеяньні, высьветліць, хто біў пацярпелым павінны паркуратура і сьледзтва. Мядзьведзь гэта не рабіў. Нельга недапрацоўкі пракуратуры перакладваць на плечы Мядзьведзя.

 

16:12 Допыт 15-га пацярпелага амапаўца Івашка. Ён кажа, што яго ўдарылі ў сьпіну. Аднак у экспэртызе гаворыцца пра ўдары па галаве.

 

16:14 Суд над расейцамі. Пачалі вывучаць матэрыялы справы.

 

16:22 Дзьмітры Мядзьведзь выступае з апошнім словам:

 

— Калі я трапіў у гэтую сытуацыю, ніякай агрэсію ў мяне не было, я адбіваўся ад удараў. Сам атрымаў два ўдары. Наглядна бачна на відэа, што я ніякіх удараў я не наносіў. <...>

 

Па-сутнасьці я мірны чалавек. У мяне вялікія пляны былі  на развіццё бізнэсу, выкарыстанне новых тэхналёгіяў для будаўніцтва сацыяльнага жытла. Гэта жахліва ўсё.

 

16:26 Суд сышоў у дарадчы пакой. У працэсе над Дзьмітрыем Мядзьведзем — перапынак. Супрацоўнік суду паведаміў “Свабодзе”, што вырак Мядзьведзю зачытаюць у 18:30.

 

16:34 У працэсе над Брэўсам і Гапонавым перайшлі да судовых спрэчак.

 

16:40 Жонка Дзьмітрыя Мядзьведзя Тацяна спадзяецца на апраўдальны прысуд, бо, маўляў, ніякіх доказаў прадстаўлена не было.

 

— Я спадзяюся ня столькі на справяздівасьць, колькі на сумленьне тых, хто прымае рашэньне, — заявіла яна.

 

16:50 Пракурор просіць кожнага з падсудных грамадзянаў Расеі аштрафаваць на 500 базавых велічынь (17 мільёнаў рублёў).

 

16:55 Адвакат Людміла Казак ў сваім выступе кажа, што масавых беспарадкаў не было, а быў мітынг з лякальнымі парушэньнямі парадку.

 

У судзе аб’яўлены перапынак да 19 гадзінаў, да аб’яўленьня выраку.

 

17:25 Адвакатка просіць Брэўса апраўдаць. Цяпер выступае адвакатка Гапонава Алена Сяргеева. Яна таксама кажа, што не было масавых беспарадкаў. А сьведкі дапамагалі сьледзтву. Адвакатка просіць Гапонава апраўдаць.

 

17:29 У сваім апошнім слове абодва падсудныя заявілі. што не парушалі закону і што судзьдзя паставіцца да іх аб’ектыўна. Брэўс прызнаў, што браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і ўжо адбыў пакараньне. Ён спадзяецца, што судзьдзя гэта ўлічыць.

 

19:55 Прысуд Брэўсу і Гапонаву — 10 з паловай мільёнаў рублёў.

 

19:48 Прысуд Мядзьведзю — 3 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Прызнаны вінаватым. Будзе знаходзіцца пад наглядам міліцыі. Зараз Мядзьведзя вызваляць з-пад варты ў залі суду.

 

20:00 Дзьмітрый Мядзьведзь выйшаў і абдымае жонку і родных.

 

20:20 Старшыня зарэгістраванага ў Вільні "Праваабарончага альянсу" Людміла Гразнова такім чынам пракамэтавала прысуды расейскім грамадзянам Арцёму Брэўсу і Івану Гапонаву ды беларусу Дзьмітрыю Мядзьведзю:

 

— У нашай сытуацыі абсурду трэба адштурхоўвацца ад таго, што мы маем, і казаць пра тое пазытыўнае, што адбылося зараз. Гэта крок наперад — што не засадзілі хлопцаў за краты на доўгі тэрмін, як гэта было на папярэдніх судах, калі давалі па 4 гады. Таму гэта ўжо добра. Дрэнна тое, што яны не вінаватыя ў тым, у чым іх усё ж такі абвінавацілі.

 

Канечне, сёньняшняе рашэньне грунтуецца на той палітычнай сытуацыі, адносінамі з Расеяй напярэдадні візыту ў Менск Пуціна. На гэтым фоне прысуд Мядзьведзю, якому пракурор прасіў 4 гады зьняволеньня, выглядаў бы вельмі жорстка. Таму яны вынесьлі таксама больш мяккі прысуд.

 

Прадстаўнік амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў сказаў, што расейскі бок задаволены такім рашэньнем суду. Ён пры гэтым адзначыў, што расейская амбасада адразу казала, што віны грамадзянаў Расеі не было. І што доказаў іх віны было недастаткова. На пытаньне, ці зьвязана гэта рашэньне з маючым адбыцца візытам прэм’ер-міністра Расеі ў Менск, спадар Гусеў адказаў:

— Без камэнтароў.

 

20:25 Брэўс і Гапонаў, якіх вызвалілі з-пад варты, сказалі, што ў турме на Валадарцы да іх ставіліся нармальна. Але прыходзілі апэратыўныя работнікі і шмат працавалі зь імі, зьбіралі зьвесткі пра падзеі 19-20 сьнежня. Яны сказалі, што задаволены прысудам і не зьбіраюцца зьяжджаць зь Беларусі. Але яны не выключаюць, што іх беларускія ўлады пазбавяць віду на жыхарства. Ці будуць яны абскарджваць прысуд, пакуль думаюць. Маўляў, галоўнае, што яны на волі.

 

Брэўса і Гапонава вызвалілі ў залі суду з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе.

 

20:45 Кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова, камэнтуючы прысуды грамадзянам Расеі Івану Гапонаву і Арцёму Брэўсу, адзначыла:

 

— Гэты прысуд найбольш адпавядае фактычным правапарушэньням, якія, магчыма, мелі месца на плошчы. Штраф — гэта цалкам адэкватная мера рэагаваньня на правапарушэньне, калі яно было ўчыненае. І калі судом поўнасьцю высьветленыя абставіны і дадзена выразная ацэнка сытуацыі. Чакаем штрафаў па ўсіх астатніх судовых рашэньнях.

 


Пэнсіянэрку зь Бешанковічаў дапыталі пра падзеі 19 сьнежня

 

Валянціна Гракун не хавае таго, што адмыслова езьдзіла ў Менск, каб узяць удзел у мірнай акцыі пратэсту. Пра гэта яе дапытаў супрацоўнік Бешанковіцкага РАУС на загад менскага міліцэйскага кіраўніцтва.

 

Міліцыянт прыйшоў да спадарыні Валянціны дадому і прынёс з сабою цэлы сьпіс пытаньняў, якія яму даручылі задаць.

 

Валянціна Гракун чакала гэтага візыту больш за тры тыдні — пасьля таго як ёй патэлефанавалі зь Менскага КДБ. Званкі па яе тэлефонах былі зафіксаваныя з плошчы Незалежнасьці, і гэта стала падставай для гутаркі — праўда, не з супрацоўнікам КДБ, як абяцалі падчас тэлефанаваньня зь Менску, а з маёрам мясцовага райаддзелу міліцыі.

 

Пэнсіянэрка пацьвердзіла, што ў Менск яе ніхто ня клікаў і што яна паехала туды па сваёй волі. Што грошай за ўдзел у акцыі ёй ніхто не плаціў і што яна ня бачыла, каб нешта плацілі камусьці іншаму.

 

На думку Валянціны Гракун, акцыя на плошчы Незалежнасьці мела мірны характар. Таму ў якасьці заўвагі да пратаколу яна дадала, што лічыць масавымі беспарадкамі гвалтоўны разгон і зьбіцьцё ні ў чым не вінаватых грамадзян, што ўчынілі міліцыянты 19 сьнежня.

 


Судовая справа супраць Кастуся Шыталя скасавана

 

Разгляд справы глыбоцкага актывіста, журналіста незалежнага сайту westki.info доўжыўся ўсяго 5 хвілін. Судзьдзя райсуду Ірына Казак пастанавіла скасаваць судовую справу з прычыны “заканчэньня тэрмінаў вынясеньня адміністрацыйнага пакараньня”.

 

На тым, каб пакараць Кастуся Шыталя, настойваў глыбоцкі райвыканкам: юрысконсульт гэтай установы 22 лютага склаў пратакол аб тым, што актывіст нібыта парушыў выбарчае заканадаўства падчас апошняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

 

Паводле скаргі назіральніцы Марыі Мацулевіч, спадар Шыталь, які быў назіральнікам на тым самым участку, незаконна апытваў навучэнцаў мясцовага прафэсійнага ліцэю, ці добраахвотна яны прыйшлі на датэрміновае галасаваньне.

 

Кастусь Шыталь лічыць, што судовы працэс быў ініцыяваны з мэтай запалохваньня і маральнага ціску. Але мясцовыя ўлады прадэманстравалі слабае веданьне заканадаўства: тэрміны для таго, каб пакараць актывіста за правапарушэньне, ужо выйшлі. З другога боку, спадар Шыталь ніякае свае віны не прызнае. Ён перакананы, што ў ініцыятараў судовай справы не знайшлося б пераканаўчых доказаў ягонай вінаватасьці.

 


Суд стаў на бок улады

 

У чацьвер у першай палове дня судзьдзя Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці Сьвятлана Акуліч пастанавіла адмовіць у пазове былой настаўніцы гісторыі вышэйшай катэгорыі Талькаўскай сярэдняй школы Натальлі Ільініч, якая прасіла аднавіць яе на працы.

 

У гутарцы з карэспандэнтам “Свабоды” Натальля Ільініч сказала, што расчараваная рашэньнем судзьдзі:

 

— Пасьля паседжаньня напярэдадні, 9 сакавіка, я амаль паверыла, што вынік суду будзе справядлівы да мяне. На паседжаньне былі выкліканыя сем сьведкаў, ніхто зь іх не сказаў пра мяне і маю працу ніводнага дрэннага слова. Увесь ход разгляду справы сьведчыў на маю карысьць. Я перакананая, што судзьдзя ўчора знарок не агучвала рашэньня, бо ў судовай залі было шмат прысутных, у тым ліку іншагародніх — зь Менску, Слуцку ды іншых гарадоў, і яны таксама спадзяваліся на справядлівасьць Пухавіцкага райсуду.

 

Пра магчымасьць перагляду справы ў судзе вышэйшай інстанцыі Натальля Ільініч гаворыць няўпэўнена. Перадусім у беспрацоўнай не стае грошай на судовыя выдаткі. Яна кажа, што цяперашні суд часткова задаволіў яе матэрыяльны пазоз да аадзелу адукацыі Пухавіцкага райвыканкаму і абавязаў Пухавіцкі РАНА выплаціць Натальлі Ільініч 200 тысяч рублёў, хаця яна патрабавала адзін мільён.

 

Натальля Ільініч — прыхільніца ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Актыўна ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах на баку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.

 

5 студзеня супрацоўнікі КДБ і МУС правялі ў доме Натальлі Ільініч ператрус, забралі сярод іншага флэшкарту фотаапарата і сыстэмны блёк кампутара. 27 студзеня дырэктарка школы Натальля Меркуль звольніла настаўніцу Ільініч з працы.

 

Безвыніковымі былі звароты Ільініч да начальніка аддзелу адукацыі Пухавіцкага райвыканкаму Тацяны Чарнышовай і міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з просьбаю паспрыяць у аднаўленьні на працы. У сувязі з гэтым 10 лютага спадарыня Ільініч падала заяву ў суд.

 


Праляскоўскі працягвае змагацца з “Аўтарадыё”

 

Міністэрства інфармацыі Беларусі будзе абскарджваць рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду па пазовах ЗАТ “Аўтарадыё” да Мінынфарму, заявіў агенцтву “Інтэрфакс-Захад” міністар інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі.

 

— Я вельмі зьдзіўлены вынікамі гэтага разбору. Прынятыя судзьдзём Валерыем Шобікам рашэньні не лічу справядлівымі, — сказаў міністар.

 

Праляскоўскі падкрэсьліў, што “Мінынфарм зробіць усё магчымае, каб аднавіць справядлівасьць”. У прыватнасьці, у найбліжэйшы час мяркуецца падаць касацыйную скаргу ў Касацыйную калегію Вышэйшага гаспадарчага суду, удакладніў міністар.

 


Суд пакінуў у сіле вырак удзельнікам акцыі салідарнасьці

 

10 сакавіка Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі трох удзельнікаў акцыі салідарнасьці. 8 лютага Ленінскі суд Магілёва прызнаў Валянціна Лабачова, Сяргея Нягаціна, Натальлю Шкадун вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

 

Ад абласнога суду актывісты патрабавалі прызнаць вырак раённага суду незаконным і адмяніць яго. Судзьдзя Сяргей Каралёў, які разглядаў скаргу, не знайшоў падставаў, каб яе задаволіць. Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, які прысутнічаў на працэсе, судзьдзя заявіў, што права публічна выказваць свае меркаваньні і пазыцыю ў грамадзянаў ёсьць, аднак у выпадку з акцыяй салідарнасьці яе ўдзельнікі парушылі працэдуру атрыманьня дазволу на сваё мерапрыемства ад выканаўчай улады.

 


Не дазволілі пікет, забаранілі і дэманстрацыю

 

Праваабаронца зь незарэгістраванага аб’яднаньня "Берасьцейская вясна" Васіль Ваўранюк атрымаў адмову ў правядзеньні дэманстрацыі на вуліцы Пушкінскай каля Цэнтральнага рынку ў абласным цэнтры.

 

Яшчэ 26 лютага праваабаронца плянаваў правесьці пікет у знак салідарнасьці з палітычна рэпрэсаванымі. Тады чыноўнікі гарвыканкаму адмовілі ў правядзеньні пікету ў сувязі з тым, што месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў, за выключэньнем дэманстрацый і вулічных шэсьцяў, вызначаны спартовы комплекс "Лякаматыў", пікет не дазваляецца праводзіць у цэнтры гораду. Праваабаронца адразу ж напісаў ў сваёй чарговай заяве, што паколькі рашэньнем гарвыканкаму забаронены пікеты, але дазваляюцца дэманстрацыі і вулічныя шэсьці, то будзе мерапрыемства менавіта ў такім фармаце.

 

Чарговая адмова грунтуецца на тым, што масавыя мерапрыемствы забароненыя на адлегласьці менш як 50 мэтраў ад будынкаў арганізацый дзяржаўнага кіраваньня. А па вуліцы Пушкінскай, 33, як напісана ў адказе, знаходзіцца Берасьцейская мэдыка-рэабілітацыйная экспэртная камісія.

 


Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць Лука-кі?

 

Паводле сайту EUObserver, дыпляматы Эўразьвязу рыхтуюць дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лука-кі.

 

Сайт піша, што гэтыя дадатковыя захады будуць накіраваныя супраць прадпрыемстваў, якія фінансава падтрымліваюць беларускую намэнклятуру, а менавіта — супраць "Белнафтахіму", "Трайплу", "Белтэхэкспарту", "Беларуськалію".

 

EUObserver піша, што новыя санкцыі плянуюцца так, каб адчувальна закрануць дзяржаўны бюджэт ды прыватныя даходы Лука-кі і ягонага атачэньня, але пазьбегчы сур’ёзнай шкоды для эканомікі краіны ды для кампаній Эўразьвязу ў Латвіі, Літве, Нідэрляндах і Польшчы.

 

Пакет санкцый, дадае сайт EUObserver, распрацоўваецца ў амбасадах Эўразьвязу ў Менску і дыпляматамі сярэдняга ўзроўню ў Брусэлі. Верагодна, што новыя санкцыі могуць быць зацьверджаныя на пасяджэньні міністраў замежных справаў Эўразьвязу ў красавіку.

 

Амбасада Вугоршчыны ў Менску, якая прадстаўляе інтарэсы Эўразьвязу ў Беларусі, адмовілася камэнтаваць гэтую інфармацыю, паведамляе "БелаПАН".

 

— Я думаю, такога рашэньня ў Брусэлі не было, — сказаў агенцтву амбасадар Вугоршчыны ў Менску Фэрэнц Контра.

 


ПАРЭ пракансультуецца з апазыцыяй

 

Камісія па палітычных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на паседжаньні 9 сакавіка ў Парыжы прыняла рашэньне запрасіць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ Беларусі для абмену меркаваньнямі са сваімі членамі ў ходзе вясновай сэсіі ПАРЭ 11-15 красавіка ў Страсбуры.

 

У ходзе паседжаньня дакладчык па Беларусі Сініка Хурскайнэн (Фінляндыя) "рашуча асудзіла рэпрэсіі, што працягваюцца супраць грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў незалежных СМІ і актывістаў апазыцыі", — цытуе паведамленьне прэсавай службы ПАРЭ "БелаПАН".

 

“Радыё Свабода”

 

 

Калі Лука-ка нічога не баіцца, няхай з’явіцца ў суд

 

Беларускі дыктатар накінуўся з крытыкай на планы брытанскіх юрыстаў пераследаваць яго ў судовым парадку.

 

Прадстаўнік H2O Law Джэйсан Макк’ю адказвае на заявы беларускага дыктатара:

 

— Калі спадар Лука-ка сапраўды верыць, што гэта ўсяго толькі рэкламны трук, і яму няма чаго баяцца, тады я лічу, што ён ахвотна пацвердзіць сваю гатоўнасць прыняць позву аб яўцы і паўстаць перад судом. Я перакананы, што для такога выпадку Еўрасаюз здыме сваю забарону на паездкі для яго.

 

— Адказ Лука-кі верны у тым сэнсе, што да гэтай нагоды будзе прыкаваная ўвага сродкаў масавай інфармацыі, але ён з’яўляецца памылковым ў тым, што мая фірма выкарыстоўвае ягоную папулярнасць. Хутчэй, нас прывяла да гэтага ягоная благая слава, заснаваная на базе абвінавачанняў, якія былі высунутыя супраць яго ягоным уласным народам, — дадаў ён.

 

“Хартыя’97”

 

 

Представителя официального Менска просто лишили микрофона

 

В Европе не желают слушать пустую пропагандистскую болтовню в духе БТ. Это стало очевидно после того, как в Интернете была выложена видеозапись дискуссии по беларусскому вопросу, которая состоялась на Форуме по глобальной безопасности (GLOBSEC Bratislava Global Security Forum) в Братиславе.

 

Самый забавный момент на ней — как модератор подходит к представителю "официальной Беларуси", заведующему кафедрой международных отношений Академии управления при президенте, доктору политических наук Сергею Кизиме и просто забирает у него микрофон.

 

Простой вывод о том, что европейские политики больше не желают тратить время на то, чтобы выслушивать дремучие рассуждения защитников беларусского режима, ведущими пропрезидентскими аналитиками так и не сделан. Хотя стоило бы задуматься…  Об уровне мероприятия, на котором Кизиму просто лишили слова, говорит то, что в качестве соорганизаторов братиславского форума участвовали НАТО и Европейская комиссия, на нем выступал еврокомиссар Штефан Фюле, а также около десятка министров обороны и иностранных дел стран Евросоюза и "Восточного партнерства".

 

Ирина Мальцева

 

“Народная Воля”

 

 

11 сакавіка 2011 г.

 

Мяккія прысуды зьвязаныя зь візытам Пуціна ў Менск

 

Беларускія праваабаронцы адзначаюць, з аднаго боку, даволі мяккія прысуды, якія былі вынесеныя 10 сакавіка расейскім грамадзянам Арцёму Брэўсу і Івану Гапонаву, а таксама беларусу Дзьмітрыю Мядзьведзю, у параўнаньні з патрабаваньнямі пракурораў і з прысудамі, вынесенымі раней. А з другога боку, доказаў удзелу у масавых беспарадкаў так і не было. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа:

 

— У прынцыпе, прысуды досыць мяккія. Але, трэба адзначыць, што ў любым разе іх усіх траіх прызналі вінаватымі ў тых дзеяньнях, якія ім інкрымінаваліся. Сьледзтва так і не прадставіла доказаў, што ўсе трое непасрэдна зьдзяйсьнялі масавыя беспарадкі: гвалт над асобай, падпалы, пагромы, узброены супраціў супрацоўнікам міліцыі...

 

Цікавыя пытаньні ўзьнікаюць у сувязі з папярэдне вынесенымі прысудамі, у прыватнасьці па спадару Атрошчанкаву, які атрымаў 4 гады зьняволеньня. Таму што ў адносінах да яго таксама ніякіх ні відэадоказаў, ні іншых доказаў не было.

 

Старшыня зарэгістраванага ў Вільні "Праваабарончага альянсу" Людміла Гразнова выказала такое меркаваньне:

 

— У нашай сытуацыі абсурду трэба адштурхоўвацца ад таго, што мы маем, і казаць пра тое пазытыўнае, што адбылося зараз. Гэта крок наперад — што не засадзілі хлопцаў за краты на доўгі тэрмін, як гэта было на папярэдніх судах, калі давалі па 4 гады. Таму гэта ўжо добра. Дрэнна тое, што яны не вінаватыя ў тым, у чым іх ўсё ж такі абвінавацілі.

 

Праваабаронца Алег Гулак кажа:

 

— Канечне, мы задаволеныя, бо можна адзначыць як станоўчы момант даволі мяккія прысуды ў параўнаньні з тым, што патрабавалі абвінаваўцы. Але ж, але ж... Віна ўвогуле нічым не даказана. Пры ўсім тым, што пакараньне даволі мяккае, але ж суд прызнаў іх вінаватымі ва ўсім тым, у чым іх абвінавачвалі. У чым, на нашу думку, доказаў не было. Таму вельмі неадназначныя ацэнкі.

 

І Брэўсу з Гапонавым, і Мядзьведзю судзьдзі вынесьлі больш мяккія прысуды, чым патрабавалі дзяржаўныя абвінаваўцы. Праваабаронцы зьвязваюць гэта і з палітычнай сытуацыяй. Праваабаронца Людміла Гразнова перакананая:

 

— Канечне, рашэньне грунтуецца на той палітычнай сытуацыі, адносінах з Расеяй напярэдадні візыту ў Менск Уладзімера Пуціна. На гэтым фоне прысуд Мядзьведзю, якому пракурор прасіў 4 гады зьняволеньня, выглядаў бы вельмі жорстка. Таму яны вынесьлі таксама больш мяккі прысуд.

 

Меркаваньне Валянціна Стэфановіча:

 

— З чым гэта зьвязана? Хутчэй за ўсё, з візытам Уладзімера Пуціна ў Менск. І, магчыма, з гэтым жа зьвязаны і прысуд Мядзьведзю. Таму што выносіць розныя прысуды пры абсалютна падобных абставінах — у іх пацярпелы нават адны і тыя ж, у Гапонава і Брэўса, і ў Мядзьведзя — было б зусім ужо выклікам і падкрэсьлівала палітычную матываванасьць нашай судовай сыстэмы. Зрэшты, паглядзім, што будзе далей.

 

Іна Студзінская

 

 

З актывістам у КДБ гаварылі пра Бога шэсьць гадзін

 

Уладзімір Качагур, сябра выбарчага штаба Віталя Рымашэўскага, удзельнік Плошчы, пастар царквы “Новае пакаленьне” пасьля наведваньня КДБ у Менску зрабіў выснову: там усё пра ўсіх усё ведаюць.

 

Уладзіміра Качагура выклікалі ў КДБ Беларусі пасьля таго, як ён адмовіўся даваць паказаньні чэкістам у Наваградку, паколькі тыя забаранялі пры гэтым прысутнічаць ягонай даверанай асобе.

 

10 сакавіка ён прабыў у сьледчага шэсьць гадзін і павінен зьявіцца яшчэ і сёньня. Ягоная жонка — Тацяна пачала турбавацца і нават тэлефанавала ў Менск, у КДБ, каб спраўдзіць: чаму мужа столькі часу трымаюць у сьледчага?

 

Са слоў Уладзімера Качагура, як ні дзіўна, найменш гаварылі са сьледчым пра Плошчу, амаль увесь час гутарылі пра Бога. Але найболей яго зьдзівіла дасьведчанасьць чэкістаў пра ўсіх і пра ўсё:

 

— Хаваць ад іх нешта бессэнсоўна, яны нават сказалі мне, у якія мы карты гулялі і хто выйграў. Яны ведаюць абсалютна ўсё і пра тое, хто там дзьверы разьбіў таксама. А ў мяне ў асноўным пыталіся пра Насту Палажанку — ці ведаю я яе? Я сказаў, што ведаю, ня стаў гэтага хаваць.

 

Са слоў Качагура, сьледчы нават паказаў яму відэа з Плошчы, на якім добра быў бачны сам Качагур, але на гэтым акцэнт не рабіўся. Ніякага ціску, зь яго слоў, не аказвалася, наадварот, размова вялася прыстойна.

 

Сёньня ў КДБ выклікана яшчэ адна актывістка БХД з Наваградка Дар’я Бахар, на суботу — Сяргей Воўчак, на панядзелак — Юрась Казак.

 

Раней іх тройчы выклікаліся ў праваахоўныя органы з мэтай дапытаць іх у справе падзеяў 19 сьнежня на Плошчы, але не зьяўляліся туды. Пазьней судом Наваградзкага раёна былі асуджаныя за гэта на 200 тысяч рублёў штрафу.

 

А яшчэ пазьней яны адмовіліся даваць паказаньні сьледчым Наваградзкай управы КДБ у гэтай жа справе без прысутнасьці пры гэтым іх давераных асобаў. Актывісты заяўлялі сьледчым, што такое права ім гарантуе Канстытуцыя Беларусі.

 

Вось што сказала нашаму радыё Дар’я Бахар пасьля таго, як даведалася, што Уладзімер Качагура прабыў у КДБ аж шэсьць гадзінаў:

 

— Я нічога не баюся, адзінае думаю, каб захоўвацца годна перад сабой і перад Богам.

 

 

Машына рэпрэсій хоча скалечыць, зламаць, згнаіць майго сына

 

Журналіст Аляксандар Класкоўскі напісаў адкрыты ліст генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь Рыгору Васілевічу, у якім патрабуе забясьпечыць ягонаму сыну і іншым зьняволеным за падзеі 19 сьнежня нармальнае ліставаньне, магчымасьць спаткацца з блізкімі сваякамі, сустрэчы сам-насам з адвакатам.

 

"Трэці месяц мой сын Аляксандар Класкоўскі знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ — сумнавядомай "амэрыканцы". Ён зьняволены за падзеі Плошчы 19 сьнежня. У мяне ёсьць сур’ёзныя падставы меркаваць, што над ім чыняць зьдзек, псыхалягічна ламаюць, ігнаруючы элемэнтарныя нормы закону.

 

Пасьля шквалу грамадзкага абурэньня вашы падначаленыя праверылі ўмовы ўтрыманьня вязьняў у "амэрыканцы" ды бадзёра даклалі, што там ледзь не курорт. Вось толькі экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, вырваўшыся з-за кратаў, удакладніў, што там за курорт. Ягоныя сьведчаньні аб катаваньнях сталі інфармацыйнай бомбай", — піша Аляксандар Класкоўскі.

 

"Ёсьць падставы падазраваць, што супраць майго сына могуць ужывацца яшчэ больш жорсткія мэтады, — сьцьвярджае ён. — Уяўляю, як магло разьюшыць каго-кольвек зь сілавікоў тое, што 19 сьнежня ў падзеях на плошчы Незалежнасьці ўдзельнічаў на баку маніфэстантаў былы міліцыянт, лейтэнант запасу Класкоўскі. Так бы мовіць, зганьбіў гонар мундзіра, як яго разумеюць некаторыя! Трэба ж пакараць узорна, растаптаць, каб нікому з людзей у пагонах і ў галаву не прыйшло бунтаваць супраць рэжыму!"

 

Аляксандар Класкоўскі паведамляе, што жонка ягонага сына Натальля ня можа дабіцца спатканьня зь ім. За два з паловай месяцы ад Сашы дайшло на волю толькі чатыры лісты, хоць, мяркуючы па тэкстах, напісаў ён значна болей. "Таксама зь іх зьместу вынікае, што сын не атрымаў ніводнага ліста ад мяне. Невядома, ці трапляюць да яго мае грашовыя пераводы. Мая дачка Вольга піша Сашу амаль штодня, але за ўвесь час дайшла толькі пара лістоў… Але сын у апошнім лісьце сваёй жонцы паведамляе пра інфармацыйны вакуўм, зазначае: такое ўражаньне, што пра мяне ўсе забыліся…" — піша Класкоўскі.

 

Галоўнае ж — Аляксандар пазбаўлены належнай юрыдычнай дапамогі, як і іншыя зьняволеныя за Плошчу.

 

"У 1930 годзе мой прадзед, селянін Вацлаў Класкоўскі, быў асуджаны сумнавядомай "тройкай" па артыкулах "бандытызм" ды "антысавецкая агітацыя". Сталінскія апрычнікі расправіліся з чалавекам толькі за тое, што на вясковым сходзе скрытыкаваў калгасны лад. Майго прадзеда рэабілітавалі пасьля сьмерці Сталіна, у 1960 годзе. Выглядае на тое, што зараз падобная машына рэпрэсій хоча скалечыць, зламаць, згнаіць майго сына ды іншых арыштаваных за Плошчу…

 

Калі майму сыну, а таксама іншым вязьням "амэрыканкі", зьняволеным за падзеі 19 сьнежня, будуць забясьпечаныя нармальнае ліставаньне, магчымасьць спаткацца з блізкімі сваякамі, сустрэчы сам-насам з адвакатам — тады, бадай, можна будзе даць веры, што пракуратура ў нашай краіне ня проста шыльда", — піша ў адкрытым лісьце да Рыгора Васілевіча Аляксандар Класкоўскі.

 

 

Студэнты ЭГУ выказалі салідарнасьць з Атрошчанкавым

 

Студэнцкае прадстаўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і моладзевая ініцыятыва "Studalliance" выказвае сваю салідарнасьць са зьняволеным з палітычных матываў студэнтам ЭГУ Аляксандрам Атрошчанкавым.

 

Аляксандар Атрошчанкаў вучыцца на 3 курсе Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці "Міжнароднае права" (завочнае аддзяленьне), паведамляе сайт ЭГУ.

 

"Мы перакананыя, што Аляксандар Атрошчанкаў быў асуджаны выключна па палітычных матывах. Ён зьяўляўся прэс-сакратаром кандыдата А. Саньнікава на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе. Прысуд 4 гадоў строгага рэжыму па надуманых абвінавачваньнях і за выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў (Аляксандар — журналіст) зьяўляецца амаральным і непрымальным", — сказана ў заяве, падпісанай прэзыдэнтам Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Максімам Мілто і каардынатарам моладзевай ініцыятывы "StudAlliance" Кірылам Атаманчыкам.

 

"Не было ніводнага доказу віны Аляксандра ў так званых "масавых беспарадках". Ён не зьбіваў супрацоўнікаў правапарадку і не разьбіваў шкла ў Доме ўраду. У сілу сваіх журналісцкіх абавязкаў ён знаходзіўся ў самай гушчы падзей, але ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў не прадпрымаў (што і было відавочна ў ходзе судовага працэсу).

 

Відавочна, што Аляксандар Атрошчанкаў, як і іншыя палітычныя зьняволеныя, стануць прадметам гандлю беларускага рэжыму ў абмен на прэфэрэнцыі. Такога роду "сярэднявечная палітыка" абсалютна непрымальная ў 21 стагодзьдзі. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня нашага калегі і іншых палітычных зьняволеных", — сказана ў заяве.

 

 

БХК спрабуе абараніць адвакатаў

 

11 сакавіка Вярхоўны суд завяршыў разгляд скаргі Беларускага Хэльсынскага камітэту да Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцы абскардзілі папярэджаньне Мін’юста, вынесенае на адрас БХК 12 студзеня. Рашэньне суду будзе агучана 12 сакавіка.

 

БХК абскардзіла папярэджаньне Мін’юста, якое зьявілася пасьля таго, як праваабаронцы накіравалі спэцдакладчыку ААН у пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль інфармацыю пра ціск уладаў на адвакатаў, што абараняюць абвінавачаных і падазраваных у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Падчас працэсу пракурор прапанавала адмовіць БХК у задавальненьні скаргі. Яна спаслалася на тое, што БХК выкарыстоўваў у сваёй дзейнасьці назву, якая не адпавядае статуту. Паводле пракурора, што тычыцца фактаў ціску на адвакатаў, выкладзеных у звароце да спэцдакладчыка ААН, то "яны не знайшлі дастатковага пацьвярджэньня падчас судовага разбору".

 

На судовым працэсе прысутнічалі два прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі. Аляксандар Харытон, які трапіў у сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу, у сваёй рэпліцы прызнаўся нават, што дрэнна гаворыць па-ангельску.

 

— Спадар Гулак пасьмеў сьцьвярджаць, што спадар Харытон ня ведае ангельскай мовы. Гэта ня так. Ай сьпік інгліш. Май інгліш іс бэд. Іт іс тру. Бэд. Ай сьпік інгліш. Бэд. "Дрэнна" — па-ангельску гэта.

 

У сваім выступе ў судзе старшыня БХК Алег Гулак адхіліў вінавачаньні з боку Мін’юста ў тым, што прадстаўленая спэцдакладчыку ААН інфармацыя пра запужваньне і ўмяшаньне ў дзейнасьць адвакатаў з боку Міністэрства нібыта дыскрэдытуе органы ўлады і пададзеная тэндэнцыйна. Гулак адзначыў, што ў гэтай сытуацыі БХК выступіла ў ролі люстэрка, якое адлюстроўвае сытуацыю. Ён сказаў, што пададзеныя факты пэўныя і БХК мае права даваць ім ацэнку. Патрабаваньне Мінюста да БХК адклікаць у двухдзённы тэрмін зварот адносна адвакатаў з ААН спадар Гулак назваў "неадэкватнай і дзікай рэакцыяй". Паводле праваабаронцы, замест таго, каб выправіць сытуацыю, Мін’юст вынес папярэджаньне. У інтэрвію "Свабодзе" Алег Гулак адзначыў:

 

— Для нас найперш важна тое, што пацьверджана законнасьць нашага звароту ў міжнародную арганізацыю. Але пры гэтым мы разумеем, што такая наша пазыцыя падштурхоўвае да высновы, што не гатова пакуль наша дзяржава, каб у судзе грамадзкая арганізацыя магла дамагчыся адмены папярэджаньня Мін’юста. Перамагчы Мін’юст у гэтым пытаньні. Пакуль такога яшчэ не было, і зараз такое можа не адбыцца.

 

Прысутны на працэсе сябра БХК Павал Левінаў адзначыў, што ціск ідзе найперш на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы аб масавых беспарадках.

 

— Ціск на адвакатаў ідзе. Пра гэта кажуць адвакаты. Зьвярніце ўвагу, у залі суду, дзе фактычна разглядалася ня толькі папярэджаньне БХК, але і ціск на адвакатаў, абарона адвакатаў, адвакатаў жа не было. Чаму? У нармальным, свабодным грамадзтве тут былі б адвакаты. Але яны разумеюць, што калі прыйдуць сюды, то заўтра апынуцца разам з тымі, хто ўжо не зьяўляецца адвакатам.

 

Спадар Левінаў таксама зьвярнуў увагу на тое, што пралукашэнкаўская арганізацыя БРСМ таксама шырока выкарыстоўвае скарочаную назву:

 

— Там парушэньне на парушэньні. Але чамусьці Міністэрства юстыцыі аднавокае. Адным вокам бачыць, а другім ня хоча, на жаль, бачыць.

 

Алесь Дашчынскі

 


Малчанаў будзе сядзець у Бабруйскай калёніі, Новік — у "Віцьбе-2"

 

12 сакавіка ўступаюць у законную сілу прысуды асуджаным Фрунзэнскім раённым судом сталіцы ўдзельнікам акцыі пратэсту 19 сьнежня Дзьмітрыю Новіку і Аляксандру Малчанаву. Хлопцы вырашылі не абскарджваць прысуды.

 

Дзьмітрый Новік будзе адбываць пакараньне ў калёніі "Віцьба-2", а Аляксандар Малчанаў — у Бабруйскай калёніі.

 

Аляксандар Атрошчанкаў, які атрымаў 2 сакавіка 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, зьвярнуўся з касацыйнай скаргай і чакае даты яе разгляду ў судзе.

 

Чакае разгляду касацыйнай скаргі і Васіль Парфянкоў, асуджаны 17 лютага на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.

 


Прызначаны суд над Дашкевічам і Лобавым

 

21 сакавіка ў Маскоўскім судзе Менску пачнецца працэс над старшынёй зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" Зьмітром Дашкевічам і ягоным намесьнікам у арганізацыі Эдуардам Лобавым. Актывістаў абвінавачваюць у злосным хуліганстве — нібыта яны напалі на двух грамадзянаў і зьбілі іх.

 

Інцыдэнт здарыўся ў Менску 17 сьнежня, за два дні да прэзыдэнцкіх выбараў. Вядома, што Дашкевіч і Лобаў кажуць пра правакацыю ўладаў і не прызнаюць сябе вінаватымі. "Малады фронт" ужо заявіў пра палітычны характар перасьледу сваіх лідэраў. З 18 сьнежня Дашкевіча і Лобава ўтрымліваюць пад вартай. Сьпярша ў СІЗА ў Жодзіне, ад пачатку сакавіка — у менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.

 

Працэс над Дашкевічам і Лобавым будзе весьці судзьдзя Алена Шылько.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Актывісты "Гавары праўду" зладзілі пікет пад вокнамі Някляева

 

Трое актывістаў кампаніі "Гавары праўду" прыйшлі 11 сакавіка да дома па вуліцы Велікаморскай, 30, дзе ўтрымліваецца пад хатнім арыштам Уладзімер Някляеў.

 

Пад вокнамі кватэры Някляева яны разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг і пачалі скандаваць лёзунгі "Свабоду Някляеву!", "Жыве Беларусь!", "Паэта не зламаць!", "Пракопавіч, мы вас любім!", "Гаворым праўду!", "Хутка канец прыйдзе гэтаму гета, калі дыктатура баіцца паэта!", "Рукі мы свае не склалі. Вы трымайцеся, мы — з вамі!" і іншыя.

 

Удзельнікі акцыі патлумачылі, што яе мэта — салідарнасьць, падтрымка лідэра кампаніі Ўладзімера Някляева. Адзін з актывістаў Яўген Корсак сказаў, што Някляеву нельга падыходзіць да вокнаў, але мы спадзяемся, што ён нас пачуе, што кампанія "Гавары праўду" працягваецца.

 

Акцыя цягнулася некалькі хвілінаў. Міліцэйская машына праехала па вуліцы, калі яе ўдзельнікі ўжо сыйшлі. Нікога з актывістаў не затрымалі.

 

Алесь Дашчынскі

 

 

Някляеву і Дзьмітрыеву не даюць разьвітацца з Навумавай

 

Лідэр кампаніі "Гавары праўду" перадаў кіраўніцтву КДБ просьбу дазволіць яму разьвітацца з калегай і сябрам, палітолягам Сьвятланай Навумавай, якая памерла 10 сакавіка, а цырымонія разьвітаньня прызначана на 12 сакавіка. У пятніцу бліжэй да вечара прыйшоў адказ з КДБ: "Пішыце пракурору".

 

Другому паплечніку Сьвятланы Навумавай, Андрэю Дзьмітрыеву, нечакана прызначылі допыт у КДБ фактычна на час пахаваньня. У просьбе Дзьмітрыева перанесьці допыт на іншы дзень было адмоўлена.

 

Разьвітаньне са Сьвятланай Навумавай пройдзе 12 сакавіка з 13-й да 15-й гадзіны ў рытуальнай залі на Альшэўскага, 12. Потым нябожчыцу крэміруюць.

 


Допыт у Менску адменены

 

У магілёўскай абласной управе КДБ, куды сябра партыі БНФ і зарэгістраванай у Чэхіі няўрадавай арганізацыі "Малады фронт" Валянцін Лабачоў прыйшоў па грошы, каб дабрацца ў Менск на допыт, яму заявілі, што грошай не дадуць:

 

— Капітан, які прынёс мне сёньня дахаты позву, выйшаў да мяне й сказаў, каб я паспрабаваў знайсьці гэтыя грошы сам, а потым мне іх кампэнсуюць. Я сказаў, што шукаць ня буду. З управы КДБ па гучнай сувязі майго мабільнага я патэлефанаваў у Менск сьледчаму Алегу Барысевічу, які меўся мяне дапытваць, і паведаміў, што ў магілёўскай управе КДБ грошы мне не даюць. Ён тады сказаў, што ехаць да яго ня трэба.

 

Разам з Валянцінам Лабачовым у КДБ па грошы хадзіў і праваабаронца Барыс Бухель. Ён пацьвярджае словы актывіста.

 

У Менску Валянціна Лабачова зьбіраліся дапытаць як сьведку па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19–20 сьнежня. Яго чакалі па адрасе: Камсамольская, 30.

 


У КДБ працягвалі дапытваць наваградзкіх актывістаў

 

Сёньня працягваўся допыт Уладзімера Качагура, сябра БХД і выбарчага штабу Віталя Рымашэўскага, удзельніка Плошчы, пастара царквы "Новае пакаленьне". Таксама дапыталі актывістку Дар’ю Бахар.

 

Уладзімер Качагур распавёў нашаму радыё, што сёньня яму паказвалі шмат відэаздымкаў, на якіх ён са сваімі сябрамі на Плошчы. А яшчэ, зь яго слоў, сьледчы цытаваў дзёньнік аднаго зь ягоных сяброў, які канфіскавалі падчас ператрусу.

 

Уладзімер Качагур зазначыў, што ў дзёньніку вельмі шмат падрабязнай інфармацыі пра тое, што адбывалася напярэдадні Плошчы і падчас падзеяў на Плошчы, а таксама пра ўдзельнікаў падзеяў — ягоных сяброў. Са слоў Качагура, сьледзтва зьбіраецца выкарыстаць дзёньнік на судовых працэсах.

 

Чаго хацелі сьледчыя ад самога спадара Качагура ён, зь яго слоў, так і не зразумеў.

 

Дар’ю Бахар таксама распытвалі пра падзеі на Плошчы, у якіх яна брала ўдзел. Сьледчым яна заявіла, што на Плошчу прыйшла сьвядома, бо лічыць сябе чалавекам веруючым і ня можа мірыцца зь беззаконьнем.

 

Зь яе слоў, сьледчы нічога не сказаў пра тое, ці выклічуць яе яшчэ раз. На суботу ў КДБ выкліканы яшчэ адзін наваградзкі актывіст — Сяргей Воўчак, а на панядзелак — Юрась Казак.

 

Нагадаю, што ўсіх актывістаў раней тройчы выклікалі ў праваахоўныя органы, каб дапытаць у справе падзеяў 19 сьнежня на Плошчы, але яны туды не зьяўляліся. Пазьней суд Наваградзкага раёну прысудзіў ім за гэта штрафы — па 200 тысяч рублёў.

 

Яшчэ пазьней яны адмовіліся даваць паказаньні сьледчым Наваградзкай управы КДБ у гэтай жа справе без прысутнасьці сваіх давераных асобаў. Актывісты заяўлялі сьледчым, што такое права ім гарантуе Канстытуцыя Беларусі.

 

Міхал Карневіч

 


Юбілейную, 20-ю выставу "Пагоні" адцэнзуравалі

 

У выставе бяруць удзел творы каля 60 мастакоў, у тым ліку Яўгена Куліка і Віктара Шматава, якіх ужо няма ў жывых.

 

Кіраўніцтва Саюзу мастакоў не дазволіла выставіць два творы Аляксея Марачкіна, тры плякаты Ўладзімера Крукоўскага і карціну Віктара Мікіты. На пяці зь іх ёсьць нацыянальная сымболіка — герб "Пагоня", бел-чырвона-белыя сьцягі, а палатно Марачкіна "Здані (пераможцы)" прысьвечанае падзеям 19 сьнежня ў Менску. На ім — шэрагі АМАПаўцаў, на пярэднім пляне баец-прывід з кветкай і сабака.

 

Выстава прымеркаваная да Дня Волі, працаваць яна будзе да 27 сакавіка ў Палацы мастацтваў. Гэта ўжо юбілейная, 20-я выстава суполкі "Пагоня".

 

 

Дзьмітрыя Вуса дапыталі ў КДБ

 

11 сакавіка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса выклікалі ў КДБ на допыт паводле справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня:

 

— Быў допыт, знаёмілі з дакумэнтамі, але гэта было не выстаўленьне абвінавачаньня. Сказалі прыйсьці зноў у панядзелак, 14 сакавіка.

 

У студзені пасьля аднаго з допытаў Дзьмітрый Вус расказаў журналістам, што яго схіляюць даць паказаньні супраць Мікалая Статкевіча, нібыта той арганізоўваў масавыя беспарадкі 19 сьнежня.

 

— Пакуль я заставаўся на плошчы, такога ня бачыў, — казаў Дзьмітрый Вус.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

“Радыё Свабода”

 

 

Андрэя Пачобута пакаралі за працу без акрэдытацыі

 

Пракуратура Гарадзенскай вобласці вынесла журналісту афіцыйнае папярэджанне за працу на польскае выданне “Gazetа Wyborczа” без акрэдытацыі.

 

Як распавёў сам журналіст, дакумент папярэджання яму не далі ні сфатаграфаваць, ні зрабіць копію. Дазволілі толькі перапісаць ад рукі.

 

“На сайце “Газеты Выборчай” у інтэрнэце пад вашым імем апублікаваныя друкаваныя матэрыялы, якія асвятляюць падзеі ў Рэспубліцы Беларусь. У той жа час устаноўлена, што тэрмін вашай акрэдытацыі карэспандэнтам “Газеты Выборчай” пры Міністэрстве замежных справаў Рэспублікі Беларусь скончыўся 2009.02.24 г. Зварот рэдакцыі газеты аб яе падаўжэнні названым міністэрствам пакінуты без задавальнення. У адпаведнасці з арт. 35 закону Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі” ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі забараняецца. Аднак гэтае патрабаванне закону вамі не выконваецца”, — гаворыцца ў папярэджанні, падпісаным пракурорам Гарадзенскай вобласці Віктарам Марозам.

 

Як заявіў Андрэй Пачобут, спыняць праз гэта працу ён не збіраецца: “Галоўным законам у Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Канстытуцыя. Яе я не парушаю, бо маю права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю”.

 

Што тычыцца акалічнасцяў сённяшняга візіту да пракурора, то журналіст распавёў, што “ганец” з пракуратуры прыйшоў да яго дамоў. Ён вельмі прасіў жонку журналіста, каб Пачобут абавязкова сёння зайшоў да іх. “Я і раней атрымліваў пракурорскія позвы, яны прыходзілі нават, калі я сядзеў у турме. Але схадзіць неяк не атрымлівалася, сёння вось зайшоў”, — гаворыць рэпарцёр.

 

“Belsat”

 

 

Філарэт уганараваў міліцыю харугвай за “сохраненіе отечества от злоумышленніков”

 

Праваслаўная царква ўганаравала Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь харугвай з выявай Хрыста Збаўцы.

 

Цырымонія трансліравалася па дзяржаўным тэлебачанні. Перад урачыстым канцэртам, прысвечаным Дню міліцыі, Мітрапаліт Філарэт перадаў міністру Куляшову харугву з відарысам аблічча Хрыста Збаўцы, прамовіўшы з гэтай нагоды ўрачыстую малітву і акрапіўшы харугву святой вадой.

 

З намі Бог!

 

Звяртаючыся да залы, што была запоўнена абранай публікай — архіепіскапамі, епіскапамі, вікарыямі, сілавікамі ў форме і цывільным, дзяржслужбоўцамі, дэпутатамі — кіраўнік праваслаўнай царквы пачаў прамову ўрачыстымі словамі: "Наша страна процветает усилиями многих людей. Ваш труд — сохранение Отечества от посягательства злоумышленников — можно назвать крестным…" Пасажы з вывераных сінтагмаў Мітрапаліта гучалі ў прыціхлай зале як вібрацыі стальных струн і па заканчэнні выступлення былі ўвенчаны шматгарлавым урачыстым выгукам спеўнай групы, што выстраілася на сцэне: "С нами Бог!".

 

Сам працэс перадачы харугвы (тут, пэўна, патрэбны быў цалавальны рытуал) аператары неяк змазалі. Магчыма, было нешта выразана. (У пазнейшых тэлепаўторах гэта ўвогуле не паказвалі.) У параўнанні з урачыстай прамовай Мітрапаліта міністэрскае слова ў адказ слухалася вельмі будзённа і нават сарамяжліва. У інтэрв’ю для партала sobor.by міністр выглядаў больш рэспектабельна і вымавіў сказ, які ў той жа вечар быў вынесены на афіцыйныя сайты: "Нравственный верующий человек всегда будет дружен и с законом…"

 

Можна яшчэ дадаць, што — паводле афіцыйнай інфармацыі — "передача хоругви была совершена по инициативе Министерства внутренних дел", і што "замысел освящения воинского знамени родился во время акции "Семья — служим вместе" в рамках проведения программы "Семья — единение — Отечество".

 

Пераказваю ўсё так амаль фатаграфічна і нейтральна, таму што хачу, каб той, хто не бачыў той урачысты сход, змог паразважаць разам з намі: што ж адбылося ў той вечар у Палацы Рэспублікі? Што стаіць за гэтым знешнім урачыстым актам яднання царквы з міліцыяй у гэтыя складаныя дні для нашай краіны?

 

Блаславенне зла — тут і цяпер

 

У першы год свайго прэзідэнцтва Лука-ка заяўляў, што не стаў прыхільнікам беларускай нацыянальнай ідэі, фармуляванай папярэднікамі, і лічыць (хоць і як "праваслаўны атэіст") хрысціянскія каштоўнасці найбольш прыдатнымі ў якасці складнікаў сучаснай самаідэнтыфікацыі беларускіх грамадзян. (Тут мы не ўдаёмся ў супярэчнасці выказвання: ранейшая нацыянальная ідэя не адмаўляла хрысціянскіх каштоўнасцяў.) У наступныя гады праваслаўная царква неадступна "суправаджала" і асвячала Лука-ку, калі ён рухаўся па лесвіцы аўтарытарызму. На інаўгурацыі 2006 года Мітрапаліт настаўляў "сэкулярнага суверэна" не як евангельскі пастар, а як бязлітасны старазапаветны Давыд свайго сына Саламона: "Будзь цвёрды і мужны. Ідзі ўпэўненым крокам. Барані Айчыну і зямлю нашу ад зламыснікаў…" Не дачакалася грамадства ад царквы ні дыялогу з іншадумцамі, ні слоў спачування родным зніклых палітыкаў, ні ацэнкі дзяржаўных ілжэсведчанняў у час выбараў, ні асуджэння (ці хаця б ціхага мудрага настаўлення) кіраўніка дзяржавы за яго публічныя абразы апанентаў і моўнае хамства, маральнае распуства…

 

І вось раптам — вяршыня цынізму: евангельскае маўчанне перарастае ў бласлаўленне зла. Святая харугва перадаецца міліцэйскаму воінству, чый галоўны начальнік узяў пад казырок і загадаў чыніць крывавую бойню! Акурат цяпер, калі ідуць вераломныя суды, калі ўвесь цывілізаваны свет патрабуе вызвалення вязняў і пакарання службовых асоб, якія перавысілі свае паўнамоцтвы і татальна парушылі права грамадзян на свабоднае волевыяўленне. Лічу, праваслаўная царква на чале з Мітрапалітам канчаткова страціла свой твар. Яе літаральна згвалцілі, або, як бы сказаў Лука-ка, — "нахілілі ды апусцілі". Думаецца, што царкоўнае начальства сціпла папрасіла, каб у афіцыйным тэксце напісалі, што "перадача харугвы была здзейснена па ініцыятыве МУС".

 

Вуснамі галоўнага святара Беларусі гвалтоўныя дзеянні міліцыі кваліфікуюцца як "крестный труд"! Вось прыйдуць у Маскоўскі суд 15 міліцыянераў-сведак і будуць суддзям дэманстраваць "цялесныя пашкоджанні", якія ім нанеслі 2 юнакі голымі рукамі. Вось які цяжкі крыж нясуць "шчытаносцы". Як жа ім не паверыць. Іх пакуты асвечаны высокім царкоўным санам. Яны не могуць быць ілжэсведкамі: з імі Бог! Мы і з Богам, і з законам можам дружыць, кажа іхні начальнік. Задумайцеся: дружыць з законам! Дружба — справа вольная: хачу — дружу, хачу — не дружу. Міліцыя павінна служыць і жыць, паводле закону. А тут выходзіць: міліцыянты будуць сябраваць і з Богам, і з суддзямі. Вось лукашэнкаўска-куляшоўская інтэрпрэтацыя хаўрусу Бога і міліцыі.

 

У той вечар, 4 сакавіка, тэлегледачы чакалі паказу інтэрв’ю Лука-кі газеце "Вашынгтон Пост". Урачысты вечар, прысвечаны Дню міліцыі, быў паказаны перад гэтым гадзіны за паўтары. Дух "бажэсьцьвеннага" міліцэйскага вечара і атмасфера гутаркі Лука-кі з замежнай карэспандэнткай былі вельмі падобныя: той жа цынізм, тое ж жангліраванне словамі. Лука-ка пачуваў сябе свабодным ад усялякіх хімераў сумлення і логікі: не ведае, у якой сям’і вязняў трохгадовы сын; адзін кандыдат у прэзідэнты патрабаваў ягонага павешання; у Беларусі выбары ў разы дэмакратычней, чым у Амерыцы… З Лука-кам на інтэрв’ю быў таксама ягоны ўласны бог, бог "праваслаўнага атэіста", які дазваляў яму і раней бессаромна лгаць і плесці ўсякую несянесіцу: мой бацька згарэў у танку; па мне шмат разоў стралялі; Быкаў пісаў вершы; Скарына тварыў у Піцеры; у Гітлера было не ўсё дрэнна…

 

Быў такі адзін дзяржаўны дзеяч мінулага, які абяцаў сваім грамадзянам: "Я зраблю ваша жыццё лягчэйшым. Я вызвалю вас ад залішняга розуму і хімеры сумлення!". Ягонае воінства напісала тады сабе на спражках тры словы "З намі Бог!" і замаршыравала ў ганебны паход, які каштаваў чалавецтву дзясяткі мільёнаў жыццяў.

 

Што ж вы, браткі-святары?

 

У той жа вечар пасля ўрачыстага сходу патэлефанаваў я знаёмаму праваслаўнаму святару. Час ад часу мы гутарым з ім на царкоўныя тэмы. Апошні раз мы сустракаліся з ім у Палацы мастацтва на лекцыі Андрэя Кураева, які ў почаце Мітрапаліта Кірыла прыязджаў ў Менск. Пра вельмі своеасаблівую лекцыю Кураева ў Палацы мастацтва пісала ў свой час і "Народная Воля". Мой знаёмы — чалавек адукаваны, шчыры, але асцярожны. Зразумеўшы тэму нашай магчымай гутаркі, ён не выказаў асаблівай гатоўнасці абмяркоўваць учынак Мітрапаліта Філарэта, спаслаўшыся на тое, што яму гэта рабіць не вельмі этычна ды і перадачу ён не глядзеў. Ды і ўвогуле, кажа, час зараз не той, каб па тэлефоне такія тэмы абмяркоўваць. Вось так.

 

Мы неяк больш схільныя крытыкаваць праваслаўную царкву за хаўрусаванне з уладамі. Як па мне, дык — чым астатнія лепшыя? Каталікі тыя, праўда, на беларускай мове часам казані кажуць. А так — мала чым ад праваслаўных адрозніваюцца. Харугваў, праўда, пакуль не падносілі, але гэтак жа лагодна, як і праваслаўныя, Лука-ку прымаюць, слухаюць прыхільна ягоныя не надта ўмесныя тырады, па-сяброўску пасміхаюцца. Гэткая дыпламатыя тут недарэчы. Можна ж калі-небудзь хворым прыкінуцца, ды, калі ты вялікі начальнік, на сустрэчу свайго намесніка прапанаваць. Ёсць у мяне знаёмыя і сярод пратэстанцкіх прасвітараў. Яны больш аб працоўнай аскезе ды пра сям’ю гавораць. Але ж гэтага мала. Хто ж з нашых святароў, як калісьці Ян Павел ІІ, скажа: "Не бойцеся!". Чаго ж святарам баяцца? Яны ж не на кантракце ў Лука-кі працуюць.

 

Калі-нікалі здараліся прасвятленні ў нашым праваслаўным афіцыёзе. Можа, хто здзівіцца, калі я скажу: з цікавай прамовай выступіў Мітрапаліт Філарэт на Усебеларускім народным сходзе ў 2010 годзе. Узгадайце, што ён гаварыў пра мараль, настаўнікаў, дактароў і суддзяў. Ён гаварыў у біблійнай парадыгме. Аднак маўчанне і практычнае бяздзеянне царквы настройвала на негатыўнае ўспрыманне любога выказвання. Да таго ж: з высокай трыбуны мы чакаем толькі цынічны змест, ужо не спадзеючыся, што нехта будзе шчыра гаварыць. Тады разумная думка Мітрапаліта не была заўважана, бо, відаць, была занадта "герметычна" сфармулявана. На інаўгурацыі 2010 года Мітрапаліт пажадаў Лука-ку мудрасці ў дзяржаўнай дзейнасці. Гэта ўжо лепш, чым "цвёрды поступ". Станоўчую рэакцыю грамадскасці выклікала заява групы праваслаўных вернікаў у абарону зняволеных пасля 19 снежня. Аптымісты пачалі ўжо гаварыць пра пэўную адлігу ў жыцці праваслаўнай царквы, з’явіліся асцярожныя аптымістычныя агляды ў інтэрнэце. І тут вось раптам — харугва для Куляшова!

 

Я не ведаю, ці спавядаюцца святары перад смерцю і як яны палагоджваюць сваё сумленне, калі ў апошнія хвіліны жыцця ўзважваюць свае словы і ўчынкі? Канечне, агульны баланс дзейнасці шараговых святароў станоўчы, калі глядзець "па пладах і па зернях". Але, калі яны высокія іерархі і працягла "не аблічаюць грэшнікаў" (што патрабуе Святое Пісьмо) і тым больш публічна асвячаюць злачынства, тым самым спрыяючы дэградацыі грамадства, — хто асмеліцца сказаць, што іх промысел праведны. Цень крывавых падзей 19 снежня стаіць чорнай хмарай над беларускім МУС і ягоным галоўным начальнікам, уганараваным чарговай генеральскай зоркай з рук галоўнага свецкага начальніка Беларусі. Цяпер вось ягоныя подзвігі ўжо асвячаюцца іменем Бога.

 

Цынізм чалавека ва ўбранні святара — больш небяспечны, чым ілжа свецкага начальніка: генсекі, прэзідэнты прыходзяць і адыходзяць. Ідэя Боскай справядлівасці вечная. Яе разумее падсвядома і нехрышчоны, і неўцаркоўлены, хаця і не можа для гэтага знайсці слушныя словы. У бядзе, у хваробе, неабаронены сярод цёмнай ночы самы слабы грэшнік набліжаецца да Бога. "Падзенне" святара — сігнал і страшэнна дзейсны чыннік дэградацыі грамадства. Сціраецца мяжа паміж дабром і злом.

 

Пётр Садоўскі

 

“Народная Воля”

 

 

12-13 сакавіка 2011 г.

Брэсцкі канцэрт Вайцюшкевіча адменены

 

Следам за канцэртам Ляпіса Трубяцкога ў Гомелі забаронены выступ яшчэ аднаго фігуранта "чорнага" спіса. Сольны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў брэсцкім Тэатры лялек быў раптоўна адменены, нягледзячы на тое, што яго правядзенне было цалкам узгоднена з мясцовымі ўладамі.

 

Як кажа арганізатар выступа Вайцюшкевіча ў Брэсце Зміцер Назараў, на імпрэзе 18 сакавіка мог быць аншлаг:

 

— Такога ажыятажу на канцэрт беларускага выканаўцы ў нас не было даўно. Толькі ў першы дзень замовілі пад 200 квіткоў.

 

Але, раптам Змітра Назарава выклікаў да сябе дырэктар тэатра Міхаіл Шавель і папрасіў адмяніць канцэрт без тлумачэння прычынаў.

 

— Сумна, што мы зноў вяртаемся да забаронаў. "Чорныя" спісы рэальна дзейнічаюць, гэта не гнюсная фальшыўка, як сказаў міністр Праляскоўскі. І гэта прыкра, што наша краіна застаецца правінцыйнай і вяртаецца ў сярэднявечча. У сувязі з забаронай канцэрту вядзецца не столькі пра фінансавыя страты, колькі пра маральныя. Усё ж хацелася, каб у не надта беларускамоўным Брэсце прагучала беларускае слова, — сказаў пра адмену свайго канцэрту Зміцер Вайцюшкевіч.

 

“Радыё Рацыя”, паводле “Тузіна гітоў”

 

 

Суд не задаволіў скаргу БХК

 

Вярхоўны суд адхіліў скаргу Беларускага Хэльсынскага камітэту да Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцы абскарджвалі папярэджаньне Мін'юста, вынесенае на адрас БХК 12 студзеня.

 

Яно зьявілася пасьля таго, як праваабаронцы накіравалі спэцдакладчыку ААН у пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль інфармацыю пра ціск уладаў на адвакатаў, што абараняюць фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня.

 

У судзе двое прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі заявілі, што праваабаронцы нібыта падалі ў ААН неаб'ектыўныя, непраўдзівыя, няпоўныя зьвесткі, накіраваныя на дыскрэдытацыю праваахоўных органаў і органаў юстыцыі.

 

   

Аляксандру Фядуту стала кепска падчас допыту ў КДБ

 

11 сакавіка з палітолягам Аляксандрам Фядутам, якога трымаюць ў турме КДБ, быў допыт, які перарваўся з-за стану здароўя вязьня. Учора ўвечары жонка вязьня Марына Фядута патлумачыла, што здарылася:

 

— Падчас допыту яму паведамілі, што Навумава памерла і яму стала дрэнна. Таму спынілі допыт і перанесьлі на 12 сакавіка. Магчыма, у суботу дапытаюць зноў.

 

Сям’я Мікіты Ліхавіда атрымала ліст са словамі падтрымкі ад экс-прэм’ер-міністра Бэльгіі, лідэра Эўрапейскай народнай партыі Вільфрэда Мартэнса. Маці вязьня Алена Ліхавід зачытала "Свабодзе" вытрымку з ліста.

 

"Хацеў бы праявіць салідарнасьці і падтрымаць вас ў гэты цяжкі час, пакуль ваш сын знаходзіцца ў турме. Падзеі ў Беларусі 19 сьнежня 2010 году шакавалі ўсё дэмакратычнае грамадзтва сьвету. Рэжым Аляксандра Лука-кі яшчэ раз паказаў свой сапраўдны твар, пацьвердзіў, што беларуская дзяржава ёсьць апошняй дыктатурай ў Эўропе. На жаль, ваш сын з-за сваіх палітычных поглядаў ёсьць адным з закладнікаў у беларускіх уладаў".

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

КДБ згадала пра Сьвятлану Навумаву ў дзень пахаваньня

 

На сайце КДБ апублікаваны пратакол ператрусу на кватэры палітоляга Сьвятланы Навумавай, якая памерла 10 сакавіка пасьля цяжкай хваробы.

 

У паведамленьні КДБ гаворыцца, што "інфармацыя, якая распаўсюджваецца пасьля сьмерці аднаго з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Сьвятланы Навумавай аб неправамерных і бесчалавечных дзеяньнях супрацоўнікаў КДБ, носіць паклёпніцкі і правакацыйны характар".

 

КДБ цьвердзіць, што пад час ператрусу на яе кватэры грашовыя сродкі не сканфіскоўваліся, што пацьвярджае адпаведны пратакол ад 4 студзеня 2011 года, складзены ў прысутнасьці сьведак.

 

Таксама КДБ зьняпраўджвае інфармацыю аб тым, што нібыта Сьвятлана Навумава вымушана была прыбываць на допыты ў КДБ, нягледзячы на сваю хваробу.

 

"Улічваючы асаблівасьці яе здароўя, сьледчыя дзеяньні праводзіліся ва ўстановах аховы здароўя з дазволу лекараў. Апошнія паказаньні Навумава падала следству 18 лютага па месцы жыхарства ў прысутнасьці сваякоў. Беспадстаўнымі зьяўляюцца і выказваньні ў СМІ аб тым, што з боку КДБ былі арганізаваны перашкоды прысутнасьці на цырымоніі разьвітаньня з памерлай сяброў кіраўніцтва грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", — паведамляецца на сайце КДБ.

 

Як сьцьвярджае КДБ, сьледчыя дзеяньні адносна Андрэя Дзьмітрыева, прызначаныя на 13 гадзінаў 12 сакавіка, з улікам яго просьбы аб удзеле ў жалобнай цырымоніі, былі перанесеныя на 9 гадзінаў. Аднак з-за няяўкі аднаго з адвакатаў ў гэты дзень сьледчыя дзеяньні не праводзіліся.

 

Паводле КДБ, афіцыйнага хадайніцтва ад Уладзімера Някляева, які цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам, аб зьмене яму меры стрыманьня ў сувязі з пахаваньнем Сьвятланы Навумавай не паступала.

 

***


Адказацьага... гэта, аказваецца, толькі адзін бок аркуша. Зірніце на сайт "Хартыі" — там абодва зьмясьцілі... І з другога боку — пералік канфіскаванага, і грошай насамрэч там няма. Але пратакол датаваны студзенем 2011 году, і гэта ня той пратакол. Грошы ў спадарыні Навумавай забралі яшчэ 18 траўня 2010. і так дагэтуль не аддалі, таму — вінаватыя!!!!!!!

 

Імя:: egle Горад:: vitebsk

 


На допыт у КДБ завезьлі на "Мэрсэдэсе"

 

12 сакавіка студэнта БДУ Юльяна Місюкевіча два супрацоўнікі КДБ забралі з заняткаў і адвезьлі на допыт у КДБ.

 

— Забралі мяне з заняткаў напярэдадні лабараторных работ, уручылі позву і павезьлі ў КДБ. Прычым раней адвозілі на такія допыты на "Волгах", а тут сказалі, што выходныя, субота, таму, "Мэрсэдэс". Зноў распытвалі пра падзеі 19 сьнежня, паводле якіх я праходжу як сьведка.

 

Паводле Юльяна Місюкевіча, гэты быў ягоны сёмы допыт. Гэтым разам допыт цягнуўся больш за 2 гадзіны, пры гэтым на большасьць пытаньняў ён не адказваў, спасылаючыся на 27 артыкул Канстытуцыі.

 

— Пагрозаў і ціску не было. Шкада, што лабараторныя прапусьціў — амаль ноч рыхтаваўся, — сказаў пра допыт Юльян Місюкевіч.

 

Юльян Місюкевіч адбыў 12 сутак адміністрацыйнага арышту за удзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Юнаку ўдалося добра здаць сэсію, ён працягвае вучыцца ў БДУ.

 


Грай, “Ляпіс”!

 

Сёньня ў Гомелі ля Цэнтральнага рынку моладзь зладзіла флэш-моб “Засьпяваем “Ляпіса” разам”. Імпрэза маладых сталася рэакцыяй на адмену канцэрту рок-групы “Ляпіс Трубяцкі”, заплянаванага на 13 сакавіка ў лёгкаатлетычным манэжы “Дынама”.

 

Гамельчукам зь ініцыятывы гарадзкога цэнтру культуры было прададзена на канцэрт звыш 1300 білетаў. І сёньня прыхільнікі рок-групы вымушаныя былі вяртаць білеты.

 

Каб крыху прытушыць расчараваньне ад адмены канцэрту, моладзь і выйшла а 15-ай гадзіне да рынку і прасьпявала песьню “Грай”, а таксама “Тры чарапахі” Лявона Вольскага.

 

— Было весела, людзі сьмяяліся, — кажа маладзён Іван, удзельнік флэш-мобу. — Але зьявіліся спэцназаўцы й сталі забараняць імпрэзу.

 

Спэцназаўцы затрымалі з відэакамэрай сябра "БАЖ" Алега Ражкова і даставілі яго ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Там у яго забралі пасьведчаньні ГА “БАЖ” і карту Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў нібыта дзеля праверкі на сапраўднасьць.

 

Каля лёгкаатлетычнага манэжу “Дынама”, дзе гамельчукі здавалі білеты на канцэрт “Ляпіса Трубяцкога”, нарад спэцназу прапаршчыка Строева спрабаваў затрымаць сяброўку "БАЖ" Ларысу Шчыракову, якая здымала манэж на відэа.

 


У Глыбокім дазволілі правесьці акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі

 

Актывіст Яраслаў Берніковіч атрымаў з Глыбоцкага райвыканкаму дазвол на правядзеньне акцыі 19 сакавіка. На Віцебшчыне гэта адзіны за апошнія тры месяцы станоўчы адказ мясцовых уладаў, да якіх з падобнымі прапановамі апазыцыянэры зьвярталіся ўжо ня менш як дзесятак разоў.

 

Паводле пісьмовага адказу з Глыбоцкага райвыканкаму, спадару Берніковічу дазволена правесьці акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі, зьняволенымі пасьля менскіх падзей 19 сьнежня, на пляцоўцы каля раённага Дома культуры — гэтае месца афіцыйна вызначана ўладамі для правядзеньня грамадзкіх імпрэзаў. Акцыя пройдзе 19 сакавіка з 11 да 14 гадзіны.

 

Актывіст падкрэсьлівае, што прыкладна за пяць апошніх гадоў ён упершыню атрымаў дазвол з райвыканкаму на правядзеньне акцыі “апазыцыйнага” зьместу.

 

Заяўкі на акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі СІЗА КДБ пасьля падзеяў 19-га сьнежня падавалі таксама актывісты зь Віцебска, Полацка і Наваполацка. Але мясцовыя раённыя адміністрацыі і гарвыканкамы заўжды давалі адмоўныя адказы па розных прычынах.

 

Адну з такіх адмоваў полацкі актывіст Віктар Калесьнік цяпер абскарджвае ў судзе Полацку і Полацкага раёну.


 

“Радыё Свабода”

  

  

Міліцыянт Давыдовіч, які збіваў Завадскую, пайшоў на павышэнне,

але хавае інфармацыю пра сябе?

 

Паводле нормаў, выступаючы на судовым працэсе, сведка мусіць назваць адрас, дзе ён зарэгістраваны і жыве, а таксама адукацыю і месца працы.

 

"Белсат" паспрабаваў дадаткова знайсці "пацярпелых" праз даведку "Белтэлекам". Высветлілася, што па названых імі адрасах жывуць іншыя людзі.

 

Напрыклад, міліцыянт, якога пасля падзеяў на Плошчы павысілі да пасады камандзіра ўзводу палка спецыяльнага назначэння ГУУС Менгарвыканкаму, Юрый Давыдовіч паведаміў, што жыве на вул. Напалеона Орды, 27–80. Нагадаем, што менавіта ён фігураваў у справе ўдару Святланы Завадскай у 2005 годзе.

 

У даведцы 109 нам сказалі, што тэлефон зарэгістраваны на іншага чалавека. Мы датэлефанаваліся да ўладальніка:

 

— Ні Давыдовіч, ні Далідовіч (існуе імавернасць памылкі ў прозвішчы, бо "пацярпелы" называў звесткі пра сябе ціха і хутка) Юрый Мікалаевіч ніколі тут не жыў.

 

Такая ж гісторыя і з міліцыянтамі Волкавым, Кашталанавым, Палавінкам, Перапейкам і Лепешам.

 

Перад даваннем паказанняў суддзя папярэдзіла "пацярпелых" пра тое, што заведама хлуслівыя паказанні караюцца паводле закона. Артыкул 401 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае штраф, або папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне свабоды тэрмінам да двух гадоў.

 

Праваабаронца Алег Воўчак лічыць, што скажоная інфармацыя пра месца жыхарства пацярпелых не з’яўляецца ілжэсведчаннем, бо менавіта гэтыя дадзеныя да крымінальнай справы прамога дачынення не маюць. Аднак гэта сур’ёзная нагода паставіць пад сумнеў усё сказанае такімі "пацярпелымі".

 

— Відавочна, што міліцыянты хацелі схаваць частку інфармацыі пра сябе. Але ў гэтым выпадку такі пацярпелы — ненадзейная крыніца інфармацыі для следства і судовага працэсу наогул.

 

Чаму мы тады павінны верыць, што ён наогул міліцыянт і тым больш пацярпелы?

 

Магчыма, што гэта падстаўны чалавек — суддзя ж не спраўдзіла ягоныя дакументы ў зале суда, — зазначыў эксперт.

 

“Наша Ніва”

 

 

14 сакавіка 2011 г.

 

Міхалевіч уцёк ад КДБ

 

Былы кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Аляксей (Алесь) Міхалевіч паведаміў у сваім блогу, што знаходзіцца па-за зонай дасягальнасьці КДБ.

 

Паведамленьне ў блогу зьявілася ў 0:20 у ноч на панядзелак, 14 сакавіка. У ім гаворыцца:

 

“Мяне выклікаюць для правядзеньня сьледчых дзеяньняў у КДБ.

 

Я маю абгрунтаваныя падставы меркаваць, што з будынку КДБ ужо ня выйду. Таму мяне ў КДБ ня будзе.

 

Цяпер я знаходжуся ў надзейным месцы, ня ў зоне дасягальнасьці беларускага КДБ.

 

Зьбіраюся працягваць працу над спыненнем катаванняў і вызваленьнем усіх, хто незаконна ўтрымліваецца з палітычных матываў”.

 

На сайце “Руху за свабоду” паведамляецца: “Як стала вядома Pyx.by, Алесь Міхалевіч здолеў пакінуць краіну”.

 

— Для мяне існуе адзіная прычына, якая апраўдвае такія мае крокі, — гэта рэальная фізычная пагроза, — патлумачыў Алесь Міхалевіч сайту Pyx.by сваё рашэньне пазьбегчы сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ.

 

— Усе бачаць, што гэтыя людзі гатовыя пайсьці на ўсё, у іх дзеяньнях няма законнасьці і адкрытасьці, — кажа Міхалевіч.

 


КДБ пакуль маўчыць пра ўцёкі Міхалевіча

 

Ці абвешчаны ўжо Аляксей Міхалевіч ў вышук, не атрымалася высьветліць ні МУС, ні ў КДБ.

 

Жонка палітыка Мілана паведаміла "БелаПАН", што зь сілавых структураў яе пакуль ніхто не турбаваў.

 

Мілана мяркуе, што сьледзтва не чакала ад Міхалевіча такіх дзеяньняў, паколькі ў іх знаходзіцца ягоны пашпарт.

 

Апошні раз Мілана бачыла свайго мужа 12 сакавіка.

 

Міхалевіч перасёк мяжу на дыпляматычным аўтамабілі адной з амбасадаў і цяпер знаходзіцца ў Польшчы, паведамілі паплечнікі палітыка gazeta.ru.

 

У інтэрвію "Інтэрфаксу" неназваны прадстаўнік сілавых структураў адзначыў:

 

— Неабходна ўлічваць, што пакуль няма афіцыйнай інфармацыі пра тое, што Міхалевіч зьбег з краіны <…> Тое, што зьявілася інфармацыя ў ягоным блогу, што ён пакінуў краіну, нічога не пацьвярджае. Чалавек можа сядзець у сябе на лецішчы і пісаць у блогу, што сышоў у Гімалаі шукаць старажытныя цывілізацыі. <…> Вось калі Міхалевіч сапраўды зьявіцца ў іншай краіне, зробіць афіцыйную заяву па цэнтральным тэлебачаньні той краіны на фоне пазнавальных архітэктурных збудаваньняў, можна будзе з упэўненасьцю сказаць — так, яму сапраўды ўдалося пакінуць Беларусь.

 

У выпадку затрыманьня Аляксею Міхалевічу пагражае больш строгая мера стрыманьня, чым падпіска пра нявыезд. Гэта вынікае з артыкулу 120 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

 

 

Алесь нават зубной шчоткі не ўзяў

 

Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча пацьвердзіла, што яе муж пакінуў Беларусь.

 

— Я ведаю толькі, што яго няма ў краіне, а дзе ён знаходзіцца — не ведаю. Калі ён так учыніў, то для гэтага ў яго былі вельмі сур’ёзным падставы. Ён не ўзяў з сабою нават зубной шчоткі, — паведаміла жонка Міхалевіча Мілана.

 

Сам Алесь Міхалевіч паведаміў у сваім блогу, што знаходзіцца па-за зонай дасягальнасьці КДБ:

 

— Мяне выклікаюць для правядзеньня сьледчых дзеяньняў у КДБ. Я маю абгрунтаваныя падставы меркаваць, што з будынку КДБ ужо ня выйду. Таму мяне ў КДБ ня будзе.

 

Цяпер я знаходжуся ў надзейным месцы, ня ў зоне дасягальнасьці беларускага КДБ.

 

Зьбіраюся працягваць працу над спыненнем катаванняў і вызваленьнем усіх, хто незаконна ўтрымліваецца з палітычных матываў.

 

Валер Каліноўскі

 

 

Рэакцыі на ўцёкі Міхалевіча

 

Палітыкі і грамадзкія дзеячы камэнтуюць учынак Алеся Міхалевіча, які пакінуў краіну, заявіўшы, што знаходзіцца па-за зонай дасягальнасьці КДБ.

 

Лідэр руху "За свабоду " Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што Міхалевічу маглі сур’ёзна пагражаць:

 

— Я разумею, што яму былі сур’ёзныя пагрозы. У яго маленькія дзеці, цалкам магчыма, што ён пакінуў краіну, каб абараніць сям’ю, сябе ад перасьледу". "Час пакажа, што на самай справе адбылося, але пагроза для яго была — больш, чым іншым — з-за заяваў пра катаваньні ў КДБ, — заявіў Інтэрфаксу Мілінкевіч.

 

Былы палітвязень і кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2006-га году Аляксандар Казулін нэгатыўна расцэньвае дзеяньні Алеся Міхалевіча.

 

— Наўрад ці гэты чалавек мае нейкую адказнасьць, у першую чаргу перад сям’ёй, перад сябрамі, перад грамадзтвам, — заявіў Казулін. — Усё астатняе вынікае з гэтага.

 

 

Міхалевіч уцёк. Якія наступствы?

 

Як ставяцца да ўцёкаў Алеся Міхалевіча іншыя фігуранты справы аб падзеях 19-га сьнежня, адпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе? Ці зьмяніўся рэжым адносна іх? Ці не пацярпяць тыя, хто паручаўся за Алеся Міхалевіча?

 

Пасьля вызваленьня зь СІЗА КДБ рэдактарка сайту "Хартыя 97" Натальля Радзіна павінна знаходзіцца ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыезьдзе. Яе абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня ў Менску і ўдзеле ў іх. Яна кажа, што разумее ўчынак Алеся Міхалевіча:

 

— Я магу зразумець Алеся Міхалевіча, калі праўда тое, што ён кажа, што яго жыцьцю пагражае небясьпека. І насамрэч пасьля тых гучных заяваў, якія ён зрабіў, у гэта можна паверыць. Таму мне зразумелыя яго дзеяньні, я не магу яго асуджаць. Ёсьць асобныя жыцьці асобных людзей, і калі ім пагражае небясьпека, то іх учынкі можна зразумець. А як гэта адаб’ецца на нас? Паводле закону ніяк не павінна адбіцца, бо мы ўмовы падпіскі не парушалі. Схаваць нас у турму толькі таму, што ўцёк Алесь Міхалевіч — ня думаю, што ўлады пойдуць на гэта. Таму ня трэба ўпадаць у гістэрыку.

 

Натальля сказала, што ня мае права пакідаць Кобрын, рабіць ацэначныя выказваньні, пісаць артыкулы ад свайго імя як журналістка. Сваё знаходжаньне ў Кобрыне яна называе "ссылкай". У зьвязку з уцёкамі Міхалевіча яе рэжым пакуль ніяк не памяняўся.

 

— Пакуль ніякіх дзеяньняў не было зроблена. Я так разумею, што зараз спэцслужбы абдумваюць, як паступіць у гэтай сытуацыі.

 

Адзін з арганізатараў кампаніі "Гавары праўду" Сяргей Вазьняк, абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках, адбыў у "амэрыканцы" 41 дзень. Напрыканцы студзеня яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Палітык ня мае права выяжджаць за межы Беларусі, а па краіне можа перамяшчацца толькі з дазволу кіраўніка сьледчай групы.

 

Сяргей Вазьняк кажа, што ніколі не зрабіў бы так, як Алесь Міхалевіч, бо ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым і не баіцца суду. Але найперш — каб не нашкодзіць іншым. Вазьняк не ўхваляе ўчынак Міхалевіча:

 

— Чалавек, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, павінен думаць ня толькі пра сябе, але і пра тых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Я ўжо ня думаю, што нас назад вернуць. Але я непакоюся, што ў тых, хто там знаходзіцца, былі шанцы выйсьці пад падпіску аб нявыезьдзе, і гэтыя шанцы цяпер зьменшыліся.

 

Сёньня Сяргей Вазьняк браў удзел у чарговых сьледчых дзеяньнях у КДБ. Ён кажа, што не адчуў нейкіх зьменаў адносна сябе: усё было карэктна і спакойна.

 

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі, які таксама пасьля вызваленьня зь СІЗА КДБ знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, двойчы з дазволу сьледчага пакідаў Менск. Ён кажа, што пакуль не адчуў нейкіх зьменаў свайго рэжыму.

 

— Што будзе далей, прагназаваць складана. У прынцыпе, уцёкі Міхалевіча могуць паўплываць. Але я не адчуваю, каб гэта было зараз. Ну, а што тычыцца ўчынку Міхалевіча, то я яго цалкам разумею. Пасьля яго заявы гэтыя паводзіны даволі лягічныя. Я думаю, ён прыняў гэтае рашэньне, таму ён палічыў для сябе гэта найлепшым. Ці павялічылася пагроза таго, што нам могуць зьмяніць меру стрыманьня ў зьвязку з тым, што Алесь зьехаў? Так, павялічылася. А ці хвалююся я з гэтай нагоды? Не хвалююся.

 

Партыя БНФ працягвае кампанію па зборы паручальніцтваў за вызваленьне палітвязьняў зь СІЗА КДБ. Паручальніцтвы будуць перадавацца ў суды. Паводле ініцыятараў, паручальніцтвы за Алеся Міхалевіча падпісвалі Аляксандар Мілінкевіч, Рыгор Кастусёў ды іншыя вядомыя асобы.

 

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае, што з-за ўцёкаў Міхалевіча паручальнікі не пацярпяць, бо яго мера стрыманьня не была зьвязаная з паручальніцтвамі.

 

— То бок гэта не паручальніцтва, а падпіска аб нявыезьдзе. То бок гэта іншы від меры стрыманьня. Там пракуратура пісала, што яны ўлічылі звароты грамадзянаў, але яны абралі іншую меру стрыманьня — падпіску аб нявыезьдзе. Калі б яму абралі меру стрыманьня — асабістыя паручальніцтвы, тады былі б задзейнічаныя мэханізмы, якія тут прадугледжаныя. Тыя, хто за яго паручаўся, плацілі б штраф. А так гэтая падпіска аб нявыезьдзе ніяк не адаб’ецца на тых, хто падпісваўся.

 

Алесь Дашчынскі

 

 

Гэта можа быць супольная гульня КДБ і Міхалевіча

 

Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валеры Костка лічыць, што ўцёкі Алеся Міхалевіча за мяжу могуць быць часткай вялікай палітычнай гульні, задуманай спэцслужбамі.

 

— Калі КДБ пакажа зроблены схаванай камэрай відэазапіс размовы зь Міхалевічам, дзе той кажа пра сваіх калег, пра дыпляматаў — значыць, гэта не гульня, — заявіў адстаўны афіцэр у інтэрвію "Беларускаму партызану”. — Калі гэты запіс прадстаўлены ня будзе — магчыма, гэта сумесная гульня КДБ і Міхалевіча.

 

— Міхалевіча ў прынцыпе судзіць няма за што, — кажа Валеры Костка і прыгадвае асноўныя этапы грамадзкай дзейнасьці Міхалевіча. — Давайце паглядзім. Зьяўляецца Міхалевіч у БНФ, хутка дарастае да намесьніка старшыні партыі — БНФ развальваецца; зьяўляецца ў руху "За свабоду" — імгненна дарастае да намесьніка старшыні, і рух таксама развальваецца. Палітычнай сілы за Міхалевічам няма ніякай, ідэі — таксама няма. Падчас мінулай кампаніі Міхалевіч піярыў сам сябе, сам сябе раскручваў. Чаму ж яго ў такім выпадку трымалі два месяцы ў КДБ — хіба ён зьяўляецца ключавой фігурай? У выніку Міхалевіча адпускаюць, а Саньнікаў, Някляеў, якія ўжо ва ўзросьце, будуць сядзець да апошняга...

 

На пытаньне, калі гэта гульня, то якая мэта гэтай гульні — Валеры Костка прапануе такую вэрсію:

 

— Да Міхалевіча назапасілася больш пытаньняў, чым да каго іншага, самая хітрая постаць у гэтай гульні — Міхалевіч. Няма столькі пытаньняў да Цярэшчанкі, Раманчука, Кастусёва, Вуса (зь імі ўсё зразумела), колькі да Міхалевіча. Тут можа быць адно тлумачэньне. На Захадзе не занадта давяраюць старой апазыцыі. А на кану стаяць велізарныя грошы. Таму можа стаяць задача падсунуць чалавека, які здолее перахапіць фінансавы паток. І гэты паток пацячэ не на справу, а ў пэўную кішэню.

 


Някляеву дазволілі абмежавана карыстацца ноўтбукам

 

Андрэй Саньнікаў пакутуе ў турме ад хваробы суставаў. Уладзімер Някляеў зможа карыстацца ноўтбукам пры выкананьні пэўных умоў. Сваякі вязьняў "амэрыканкі" накіравалі другі ліст прэм’еру Расеі. Зьміцер Дашкевіч піша пра дрэнныя ўмовы на "Валадарцы".

 

Ала Саньнікава атрымала ліст ад сына, якога з 19 сьнежня трымаюць у турме КДБ "амэрыканка".

 

— Зь ліста я зразумела, што ў яго баляць моцна суставы ног. Магчыма, гэта наступствы зьбіцьця на плошчы Незалежнасьці, — мяркуе Ала Саньнікава.

 

У сувязі са станам здароўя Андрэя Саньнікава адміністрацыя "амэрыканкі" абмежавала сьпіс харчоў, якія прымаюць для яго ў перадачах.

 

— Нельга перадаваць садавіну і гародніну, — паведаміла Ала Саньнікава.

 

Уладзімеру Някляеву дазволілі для працы карыстацца ноўтбукам, але абмежавалі гэта шэрагам умоваў, паведаміла жонка палітыка і вядомага паэта Вольга Някляева:

 

— Трэба, каб аддаваў на праверку тое, што напісаў, супрацоўніку КДБ, які ёсьць у ахове. Ды іншае, усё распавесьці зараз не магу. Але, мяркую, карыстацца ноўтбукам ён будзе.

 

Паўтара месяца экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева трымаюць пад хатнім арыштам у гарадзкой двухпакаёвай кватэры. На мінулым тыдні з-за рэзкага пагаршэньня стану здароўя не адбыўся допыт, прызначаны Някляеву ў КДБ.

 

— Ціск у мужа застаецца павышаны, — паведаміла 14 сакавіка Вольга Някляева.

 

Адразу 6 лістоў атрымаў ад жонкі экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч. Пра гэта Марына Адамовіч даведалася зь ліста, які атрымала 13 сакавіка.

 

— Напярэдадні я скардзілася ў пракуратуру на дрэннае ліставаньне, — адзначае Марына Адамовіч.

 

"Зноў пачаў выходзіць на прагулкі", — з гэтага радка зь ліста Статкевіча Марына робіць выснову, што ў яго таксама былі праблемы са здароўем. Адваката да Статкевіча не выклікаюць, і атрымаць дадатковую інфармацыю пра здароўе вязьня немагчыма.

 

Таксама Марына Адамовіч лістуецца зь лідэрам "Маладога фронту" Зьмітром Дашкевічам, якога нядаўна перавялі з жодзінскага ізалятара на "Валадарку". У апошнім лісьце Дашкевіча былі зьвесткі пра ўмовы ўтрыманьня:

 

"Як перавялі на "Валадарку", дык лісты перасталі ісьці, бо быў карантын. Але вось прыйшоў ліст, праўда, пакрэмзаны. Але можна разабраць, што піша пра ўмовы. Што турма вельмі перанаселеная і часам нават "няма дзе прысесьці".

 

Пытаюся ў бацькі журналісткі Ірыны Халіп Уладзімера, ці вяліся за час хатняга арышту ягонай дачкі нейкія сьледчыя дзеяньні зь яе ўдзелам?

 

— Не, нічога не было, — адказвае Ўладзімер Трафімавіч. Які настрой у Ірыны?

 

— Безумоўна, ёй цяжка. Ужо 45 дзён сядзець у сваёй хаце і ня мець магчымасьці нават выйсьці за парог — гэта ўсё ж такі катарга.

 

Зоя Яўменава, бабуля актывіста штабу Статкевіча Сяргея Марцалева, падала скаргу на тое, што яе ўнуку ў камэры не перадаюць газэты, якія яму былі выпісаныя.

 

— Мы выпісалі яму 5 недзяржаўных выданьняў, але рэгулярна перадаюць толькі адно — "Камсамолку", і вось упершыню перадалі нумар "Беларускага рынку". А дзе "Народная воля", дзе іншыя газэты? — пытаецца Зоя Фёдараўна.

 

Учора яна атрымала трэці ліст ад унука за амаль тры месяцы ягонага знаходжаньня ў "амэрыканцы". Сяргей Марцалеў, да якога не дапускаюць і адваката, напісаў бабулі, што пакутуе ад недахопу інфармацыі:

 

— Ён заўсёды шмат чытаў і зараз піша, што перажывае "інфармацыйны голад". Дайшло да таго, піша, што перачытаў усе цэтлікі на бутэльках ад шампуня... Пра адваката напісаў, што вельмі дзіўна — бачыў яе толькі адзін раз, два з паловай месяцы таму, калі выстаўлялі абвінавачаньне.

 

Паводле Зоі Яўменавай, адвакат паведаміла ёй, што зноў і зноў атрымлівае адмову на наведваньне Сяргея Марцалева з прычыны "адсутнасьці ў "амэрыканцы" вольнага памяшканьня для сустрэчы".

 

Сябры камітэту сваякоў вязьняў "Вызваленьне" аднесьлі ў амбасаду Расеі ў Беларусі тэкст звароту да прэм’ера Расеі. Раней сваякі зьвярталіся з просьбай дапамагчы ў вызваленьні вязьняў да прэзыдэнта Расеі.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Паўднёвы Захад Менску заклеілі партрэтамі Дашкевіча

 

Партрэты зьняволенага кіраўніка “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча зьявілася ў ноч на 14 чакавіка на прыпынках грамадзкага транспарту, сьценах дамоў, пад’ездах і прыдарожных слупах у раёне вуліцы Голубева, праспектаў Газэты “Праўда” і Газэты “Зьвязда”.

 

Варта адзначыць, што менавіта там знаходзіцца суд Маскоўскага раёну г. Менска, які ў хуткім часе мае разглядаць справу Зьмітра Дашкевіча й актывіста “Маладога Фронту” Эдуарда Лобава, прэвентыўна затрыманых 18 сьнежня па сфабрыкаваным абвінавачваньні ў зьбіцьці двух мінакоў, адзначае прэсавая служба незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

 

 

Шацікаву зноў выклікаюць у КДБ

 

Праваабаронцу з грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціну Шацікаву 15 сакавіка чакаюць у Магілёўскай абласной управе КДБ. Паводле актывісткі, дапытваць яе будзе як сьведку ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня сьледчы зь Менску Максім Мешчаракоў.

 

— Ён сказаў, што яго цікавяць фотаздымкі, якія я перадала ў лютым магілёўскім сьледчым КДБ. Калі я ім іх перадавала, яны ня выявілі вялікай зацікаўленасьці. Цяпер прыяжджае сьледчы ажно зь Менску. Сэнсу ад гэтага допыту я ня бачу ніякага, бо гэтыя фоткі ёсьць ужо і ў менскай міліцыі, дзе мяне таксама дапытвалі. І тлумачэньні мае ў іх ёсьць таксама, — кажа спадарыня Шацікава.

 

На фотаздымках, якімі зацікавіўся Мешчаракоў, як сьцьвярджае Крысьціна Шацікава, зафіксаваныя сьведкі, якія бачылі, хто выломваў дзьверы й выбіваў вокны ў Доме ўраду 19 сьнежня. Яны могуць пацьвердзіць, кажа актывістка, што гэта былі не апазыцыянэры, а правакатары.

 

Фотаздымкі рабіла сама Шацікава. 4 лютага падчас допыту яна перадала іх магілёўскім сьледчым КДБ. 9 лютага фотаздымкі атрымаў сьледчы зь Першамайскага раённага аддзелу міліцыі Менску Аляксандар Фейцар.

 

На допыт выклікана і каляжанка Крысьціны Шацікава па грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Марыя Вайнова.

 


У Буланава падазраюць хваробу, пры якой сьмяротнасьць — да 60%

 

Зьміцер Буланаў пераведзены ў турэмны шпіталь з дыягназам небясьпечнай хваробы. Пасьля допыту Дзьмітрыя Вуса на допыт выклікаюць ягоную жонку і сына. Супрацоўнік вайсковай контравыведкі наведаў на "Валадарцы" лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча.

 

Фігуранта справы 19 сьнежня Зьмітра Буланава з "Валадаркі" перавялі ў турэмны шпіталь. З-за хваробы малады чалавек ня можа сам хадзіць. Нядаўна Дзьмітрыя аглядалі дактары.

Маці Буланава Клаўдзія Якаўлеўна:

 

— Дыягназ такі: паўторная вострая рэўматычная ліхаманка, кардыт і не выключаецца інфэкцыйны эндакардыт. Пра наступствы гэтай хваробы можна паглядзець у інтэрнэце. Калі я зазірнула, то схапілася за галаву. Сьмяротнасьць ад яе ад 20 да 60%, патрабуюцца для лячэньня добрыя клінічныя ўмовы, пастаянныя пасеў на крыніцу інфэкцыі, кардыяграмы. Я ня ведаю, ці ёсьць такія ўмовы у гэтым шпіталі.

 

Клаўдзія Буланава паведаміла, што яе хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня для сына ў сувязі з хваробай сьледчы не задаволіў. Таксама ёй адмовілі ў спатканьні з сынам. 26-гадовага Дзьмітрыя Буланава абвінавачваюць ва ўдзеле ў падзеях 19 сьнежня і з таго часу трымаюць у зьняволеньні.

 

Да Зьмітра Дашкевіча, лідэра незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт", які знаходзіцца за кратамі, зноў прыходзілі супрацоўнікі вайсковай контравыведкі. Раней такія візыты адбываліся, калі Дашкевіча трымалі ў Жодзінскім ізалятары. Паводле зьвестак, ад актывіста дамагаюцца супрацоўніцтва са сьледзтвам. Зьміцер Дашкевіч сваёй віны не прызнае і на супрацоўніцтва не ідзе.

 

21 сакавіка ў Маскоўскім судзе Менску пачнецца працэс над Дашкевічам і ягоным аднадумцам Эдуардам Лобавым. Актывістаў абвінавачваюць у злосным хуліганстве — нібыта яны пабілі двух мінакоў у Менску. За дзень да прэзыдэнцкіх выбараў Дашкевіч і Лобаў былі арыштаваныя. Яны кажуць пра правакацыю з боку ўладаў.

 

14 сакавіка адбыўся чарговы допыт у КДБ былога кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса:

 

— Паказвалі відэаздымкі падзей на плошчы. Бралі тлумачэньні: чаму гэта, чаму тое. Заўтра запрашаюць у якасьць сьведак жонку і сына. Пакуль застаюся ў якасьці падазронага, а наколькі так далей будзе, ня ведаю. Таксама пыталіся пра мае тэлефонныя размовы са Статкевічам яшчэ да 19 сьнежня. Ня ведаю, наколькі законна было праслухваць тыя размовы. Праслушка пэўна была.

 

Паводле Вуса, у КДБ яму сказалі, што яго плянуюць яшчэ дапытваць. Пасьля першых допытаў Дзьмітрый Вус паведаміў журналістам, што на яго ціснуць, каб назваў Мікалая Статкевіча адным з арганізатараў масавых беспарадкаў 19 сьнежня.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Дапытваюць дапытаных, папярэджваюць папярэджаных

 

Затрыманьні й допыты грамадзкіх актывістаў у рэгіёнах працягваюцца. Сьледчыя КДБ часам выклікаюць актывістаў нібыта на так званыя "прафіляктычныя гутаркі", але ў выніку выносяць афіцыйныя папярэджаньні.

 

МЕНШЧЫНА

 

Усю папярэднюю ноч правёў пад арыштам у міліцэйскім пастарунку ў Жодзіна актывіст "Маладога фронту" Раман Васільеў. Юнака затрымалі на вуліцы Савецкай, ля кінатэатру "Юнацтва", адна са сьцен якога размаляваная рознымі графіці, у тым ліку — "Саша, сыходзь".

 

Раман Васільеў удакладніў для "Свабоды", што яго затрымалі невядомыя людзі ў цывільным, заламалі рукі і выклікалі патруль. Потым даставілі ў міліцэйскі пастарунак:

 

— Да паловы на шостую раніцы мяне дапытвалі, пасьля перамясьцілі ў спэцыяльны пакой, так званы "стакан", дзе пратрымалі да 9 гадзіны раніцы. Затым міліцыянты павезьлі мяне разам з сабой на вобшук у кватэры. Там яны забралі два вінчэстэры з кампутара і адвезьлі мяне да ўчастковага. Пасьля — адпусьцілі.

 

У прэсавай службе "Маладога фронту" ў Менску начное затрыманьне актывіста Рамана Васільева не называюць выпадковым. Вядома, што ў пэрыяд падрыхтоўкі да Дня волі 25 сакавіка службы КДБ і МВД у рэгіёнах узмацнілі патруляваньне на вуліцы, дзяжураць у людных месцах і нават ля дамоў, у якіх жывуць актывісты апазыцыі.

 

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

 

У панядзелак у КДБ у Менску дапыталі чацьвёртага па ліку актывіста БХД з Наваградку — Юрыя Казака.

 

Наваградзкія актывісты Ўладзімер Качагур, Сяргей Ваўчок, Юры Казак і Дар’я Бахар пасьля допытаў у КДБ кажуць, што найбольш пытаньняў ім задавалі наконт маладафронтаўцаў Алеся Кіркевіча, Уладзі Яроменкі і Насты Палажанкі.

 

Дар’я Бахар кажа, што, зьезьдзіўшы ў Менск на допыт у КДБ, нічога не даведалася, акрамя таго, што і так відавочна:

 

— Ну што там казаць, яны робяць сваю працу — шыюць справы тым людзям, якія былі затрыманыя на Плошчы і зараз сядзяць у турме. Такая вось у іх праца…

 

Сяргей Ваўчок, якога дапытвалі ў суботу, кажа: у яго склалася такое ўражаньне, што, магчыма, іх хочуць выкарыстаць пазьней у судзе супраць маладафронтаўцаў, зь якімі яны былі разам напярэдадні падзей на Плошчы:

 

— У прынцыпе, ім нашы паказаньні ўжо і непатрэбныя, бо яны і так усё ведаюць. Хутчэй за ўсё, яны хочуць набраць сьведак на суд супраць маладафронтаўцаў Кіркевіча, Яроменкі і Палажанкі, таму што большасьць пытаньняў тычылася іх.

 

Уладзімер Качагур раней распавядаў, што супрацоўнікі КДБ падчас ператрусу канфіскавалі ў аднаго з маладафронтаўцаў асабісты дзёньнік, у якім той нібыта падрабязна запісваў, як разам з сябрамі рыхтаваўся да Плошчы.

 

Спадар Качагур кажа, што, магчыма, арыентуючыся па гэтых запісах, сьледчыя выходзяць на тых, пра каго там было напісана:

 

— Ці яны хочуць нас на суд запрасіць, ці яшчэ нешта — ня ведаю. Хаця, наўрад ці яны нас запросяць на суд, паколькі ведаюць пра нашы паводзіны. Напэўна, яны ўсё ж правяралі, ці ня будзем мы хавацца…

 

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

 

На Берасьцейшчыне сьледчыя КДБ і надалей выклікаюць актывістаў нібыта на так званыя прафіляктычныя гутаркі, але ў выніку выносяць афіцыйныя папярэджаньні.

 

Супрацоўнікі Баранавіцкай управы КДБ выклікалі на прафіляктычную гутарку актывістку БХД з Баранавічаў Тацьцяну Малашчанку. Яна кажа, што гутарка сталася на самой справе допытам. Сьледчы КДБ выпісаў Тацьцяне папярэджаньне:

 

— Найперш супрацоўніка КДБ цікавіла дзейнасьць БХД. Я так зразумела, што яны зараз шукаюць грошы. Цікавіліся, ці паступалі нейкія сродкі з-за мяжы ці, напрыклад, зь Менску. Пасьля сьледчы паказаў мне 123 артыкул Крымінальнага кодэксу і адзначыў, што мяне афіцыйна папярэджваюць аб недапушчэньні правапарушэньня. Наступным разам я ўжо буду несьці крымінальную адказнасьць. Я падпісала гэтыя дакумэнты, аб папярэджаньні.

 

У Баранавічах актывісты, як і раней, некалькі разоў на тыдзень наведваюць бацьку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча — Віктара Паўлавіча. Паводле слоў Віктара Сырыцы, сябра руху "За свабоду", Віктар Статкевіч атрымаў ад Мікалая Статкевіча чатыры лісты з турмы. Палітык піша толькі пра тое, што заклапочаны станам здароўя бацькі, просіць своечасова прымаць лекі, але пра сябе нічога не паведамляе. Віктар Статкевіч ведае пра суды над удзельнікамі Плошчы і пэсымістычна чакае судовага працэсу над сваім сынам, кажа Віктар Сырыца:

 

— Ён вельмі ўважліва сочыць за судовымі працэсамі над удзельнікамі Плошчы, глядзіць тэлебачаньне, слухае заўсёды Радыё Свабоду, чытае незалежныя выданьні. Увогуле ён зь вялікім хваляваньнем чакае суду над сваім сынам. Праўда, гаворыць вельмі пэсымістычна, што ўжо можа і не пабачыць Мікалая.

 

Мая Абромчык з Ганцавічаў, якую зьбілі міліцыянты падчас разгону Плошчы, кажа, што пракуратура нарэшце атрымала дакумэнты з судова-мэдычнай экспэртызы і на гэтым тыдні павінна быць прынята рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы аб дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі:

 

— Паводле слоў пракурора, у судова-мэдычнай экспэртызе напісана, што траўма мае вельмі цяжкі характар, атрымаць яе самастойна немагчыма, толькі пры дапамозе нейкай іншай асобы. Таксама напісана, што пашкоджаньні нанесеныя нейкім тупым прадметам, магчыма, што міліцэйскай дубінкай.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

Ленінскі суд Магілёва прыняў да разгляду скаргі двух актывістаў апазыцыі на абласную ўправу КДБ. Сябры стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" — Тацяна Шамбалава й партыі БНФ — Зьміцер Салаўёў лічаць, што спэцслужба незаконна паставіла іх на прафіляктычны ўлік і вынесла папярэджаньні.

 

Былая давераная асоба кандыдата на прэзыдэнцтва Віталя Рымашэўскага, галадоўніца на Акрэсьціна Тацяна Шамбалава стаіць на прафіляктычным уліку ў КДБ ад 9 лютага. Камітэтчыкі пакаралі дзяўчыну за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ды за дзейнасьць у незарэгістраванай арганізацыі — партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". Цяпер актывістка ў Польшчы. Там яна вучыцца. Вырак спэцслужбы камэнтуе гэтак:

 

— Два артыкулы, згаданыя ў папярэджаньні, супярэчаць і Канстытуцыі, і міжнародным пагадненьням. Таму сябе я вінаватай ні ў чым не лічу й не лічу, што мае паводзіны даюць нейкія падставы меркаваць пра тое, што я магу ў будучым зрабіць правапарушэньне.

 

Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў на ўліку ў КДБ ад 5 студзеня. Гэтак ацаніла спэцслужба ягоны ўдзел у акцыях, якія, на іх думку, парушаюць грамадзкі парадак. Сярод іх, як сьцьвярджае актывіст, камітэтчыкі згадалі ўскладаньне кветак да будынка, дзе ў 1918 годзе магілёўцы прызналі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў горадзе, а таксама да Крыжа памяці ахвярам Чарнобыльскай трагедыі.

 

— Я ня бачу падстаў, каб лічыць сябе вінаватым. Гэта проста бязглуздыя абвінавачаньні. Ускладаньне кветак для нармальных людзей ня ёсьць парушэньнем грамадзкага парадку. Я лічу, што гэта ціск на людзей, якія займаюцца палітыкай, — зазначае Зьміцер Салаўёў.

 

Разгляд скаргаў адбудзецца 21 сакавіка. Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што зроблена гэта наўмысьля, каб расьцярушыць прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія захочуць стаць сьведкамі першых судоў над спэцслужбай:

 

— КДБ — дужа грозная арганізацыя. Многія яе баяцца. Упершыню на іх у Магілёўскай вобласьці пададзеныя скаргі ў суд. Будзе паказана й даказана, што яны незаконна дзейнічаюць і непісьменна. Публічна ў судзе гэта будзе зроблена. Гэта дасьць магчымасьць людзям перастаць баяцца КДБ.

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

Грамадзкі актывіст Яраслаў Берніковіч атрымаў з Глыбоцкага райвыканкаму дазвол на правядзеньне акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі 19 сакавіка.

 

На Віцебшчыне гэта быў адзіны за апошнія тры месяцы станоўчы адказ мясцовых уладаў, да якіх з падобнымі прапановамі апазыцыянэры зьвярталіся ўжо ня менш як дзясятак разоў.

 

Але адразу пасьля таго, як інфармацыя пра дазвол на акцыю салідарнасьці ў Глыбокім разышлася па інтэрнэце, Яраслава Берніковіча праз тэлефон выклікалі на размову з загадчыкам ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Міхаілам Чарапкоўскім:

 

— Чарапкоўскі сказаў: "Пойдзем, я пазнаёмлю вас з намесьніцай". Яна падпісвала дазвол. Паразмаўлялі з намесьніцай па сацыяльных пытаньнях спадарыняй Унуковіч. Яна прасіла, каб усё было "талерантна" — каб не было ніякіх правакацый, біцьця шыбаў і гэтак далей.

 

Яраслаў Берніковіч падкрэсьлівае, што прыкладна за пяць апошніх гадоў ён упершыню атрымаў дазвол з райвыканкаму на правядзеньне акцыі "апазыцыйнага" зьместу.

 

Але заяўкі на акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі СІЗА КДБ пасьля падзеяў 19-га сьнежня падавалі таксама актывісты зь Віцебску, Полацку і Наваполацку. Ім мясцовыя раённыя адміністрацыі і гарвыканкамы дагэтуль давалі выключна адмоўныя адказы.

 

ГОМЕЛЬШЧЫНА

 

У Жлобіне грамадзкія актывісты рыхтуюць скаргі ў раённы суд на забарону пікетаў у падтрымку палітычных вязьняў. Чатыры пікеты былі замоўленыя на 23 лютага, але ніводнага зь іх не дазволілі.

Кіраўнік раённай арганізацыі партыі левых "Справядлівы сьвет" Валер Рыбчанка:

 

— Наш юрыст рыхтуе чатыры скаргі ў Жлобінскі раённы суд на парушэньне нашых правоў. Канстытуцыя й заканадаўства аб масавых мерапрыемствах дазваляюць праводзіць пікеты ў любых месцах, апрача тых, дзе гэта не дазволена з прычынаў бясьпекі. Мы меліся правесьці чатыры пікеты ў абарону палітычных вязьняў.

 

Забарону мясцовага выканкаму на пікеты жлобінскія заяўнікі абскарджвалі ў аблвыканкам, аднак іхнія звароты пераадрасавалі адтуль ва ўправу юстыцыі:

 

— Я атрымаў адказ з Гомельскага аблвыканкаму, што наша скарга накіравана ва ўправу юстыцыі. Гэта звычайная бюракратычная валакіта дзеля зацягваньня часу.

 

У Гомелі актывісты камітэту рэпрэсаваных "Салідарнасьць" ладзяць інфармацыйныя акцыі, падчас якіх раздаюць мінакам, найперш студэнтам, інфармацыйны бюлетэнь "Ня бойся".

Удзельнік акцыі спадар Сяргей:

 

— У гэтым бюлетэні знаходзіцца ўся інфармацыя пра палітвязьняў і памятка студэнтам, што рабіць у той сытуацыі, калі з палітычных матываў іх адлічваюць з вучобы.

 

Апошняя такая інфармацыйная акцыя ладзілася ў абласным цэнтры ля ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны.

 

“Радыё Свабода”

  

  

Дашкевічу пагражаюць максімальна строгім прысудам і карцэрам у калоніі

 

Як стала вядома правабаронцам, лідара “Маладога Фронта” Змітра Дашкевіча, які зараз утрымліваецца ў менскім СІЗА па вуліцы Валадарскага, чарговы раз наведаў супрацоўнік вайсковай контрвыведкі.

 

За адмову супрацоўнічаць ён пагражаў Зміцеру Дашкевічу, што той атрымае на судзе максімальны тэрмін зняволення, які цалкам правядзе ў карцэры. Суд над Дашкевічам адбудзецца 21 сакавіка.

 

Пра што ішла размова паміж моладзевым лідэрам і прадстаўніком контрвыведкі, дакладна невядома, але яна ў іх не атрымалася. Пры гэтым органы вайсковай контрвыведкі, паралельна з іншымі спецслужбамі, уключаныя ў працу па расследаванні крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня. Такім чынам, нягледзячы на завершанасць следства па яго справе і блізкасць суда, ціск на Дашкевіча па-ранейшаму працягваецца.

 

“spring96.org”

 


У Менску забаронены канцэрт Neuro Dubel

 

Канцэрт, прысвечаны выхаду трыб’юта Neuro Dubel, які павінен быў адбыцца ў менскім клубе "Рэактар", забаронены.

 

Гэта ўжо трэцяя забарона канцэртаў гуртоў з ананімнага "сьпісу забароненых", які міністр інфармацыі Праляскоўскі назваў "гнюснай фальшыўкай". І першы забаронены канцэрт у Менску пасля 2007 году


Аляксандар Кулінковіч піша ў сваёй калонцы на Naviny.by, што канцэрт менавіта забаронены:

 

"Менавіта гэта слова. Не перанесены, не скасаваны — ён забаронены. Кіраўніцтва клуба выклікалі і прапанавалі выбіраць: альбо страта арэндатара (Нэйра Дзюбель), альбо страта клуба. Выдатны выбар. На пытанне "а чаму?" было сказана наступнае: група падтрымлівала апазіцыю, і цяпер дзяржава не збіраецца…"

 

Пасля з’яўленьня ў Сеціве "спісу забароненых" выказваліся шматлікія меркаванні, што гэта можа быць чыйсьці піяр альбо адмысловая правакацыя. Занадта дзіўны гэты спіс і ён, маўляў, не адпавядае аніякай логіцы.

 

Першыя забароны прайшлі ў рэгіёнах. Канцэрт Ляпіса Трубяцкога не адбыўся 13 сакавіка ў Гомелі з-за рашэння МЧС, а ў Брэсце днямі без тлумачэнняў быў забаронены канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Тэатры Лялек, які быў запланаваны на 18 сакавіка.

 

Канцэрт Neuro Dubel мусіў адбыцца ў "Рэактары" 24 сакавіка.

 

Гурт Neuro Dubel ужо быў у спісе забароненых ў 2004-2007 гадах. На пачатку снежня мы апыталі ўдзельнікаў таго сьпісу пра тое, што змянілася ў іх за тры гады адноснай свабоды і ці магчымае вяртанне забароны:

 

— У свядомасці ўладаў нічога не змянілася. І, наколькі я ведаю, за межамі Менску забаранялі і працягваюць забараняць. Магчыма, ужо па асабістай ініцыятыве таго ці іншага чыноўніка. Рок ня ў гонары ў гэтай краіне, як і свабода слова, а рок — гэта свабода. Я ня маю ілюзіяў, — сказаў тады Кулінковіч.

 

“generation.by”

 


На беларуска-польскай мяжы затрыманы Віктар Сазонаў

 

На беларуска-польскім памежным пераходзе Бераставіца-Баброўнікі ў напрамку Польшчы беларускія памежнікі забралі пашпарт у гродзенскага праваабаронцы і журналіста Віктара Сазонава.

 

Віктар Сазонаў паспеў паведаміць “Радыё Рацыя”, што легкавы аўтамабіль, у якім разам з ім знаходзяцца яшчэ дзве асобы, у дадзены момант адставілі ў бок і плануюць накіраваць на больш пільны агляд.

 

Яна Запольская

 

 

Беларусы Літвы асуджаюць заявы Рамана Вайніцкага

 

Некаторыя прадстаўнікі беларускай дыяспары Літвы вельмі негатыўна ўспрынялі заявы старшыні Аб’яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы Рамана Вайніцкага, які выступіў супраць увядзеньня Еўрапейскім саюзам эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі.

 

Асобных прадстаўнікоў беларускай дыяспары Літвы абурыў той факт, што Раман Вайніцкі выступаў ад імя ўсіх беларусаў Літвы, не маючы для гэтага паўнамоцтваў.

 

Акрамя Аб’яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы і Клуба аматараў беларускай народнага творчасці "Сябрына", якія ўзначальвае Раман Вайніцкі, у Літве таксама дзейнічаюць Таварыства беларускай культуры ў Літве, Таварыства беларускай мовы, Віленскае таварыства палітвязняў і іншыя арганізацыі, якія прытрымліваюцца супрацьлеглых поглядаў, — паведамілі ў міжнародным грамадзянскім аб’яднанні "Бацькаўшчына".

 

Кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька заявіў, што сябры ўзначаленай ім арганізацыі "крытычна ставяцца да рэжыму Аляксандра Лука-кі і яго дзеянняў".

 

Выказванні Рамана Вайніцкага, якія асудзілі Еўропу за санкцыі, Хведар Нюнька лічыць здрадай, перадае інфармацыйны партал DELFI.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

15 сакавіка 2011 г.

 

Міліцыянтаў цікавіць, што сёньня будзе рабіць Шацікава

 

14 сакавіка позна ўвечары да праваабаронцы з грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Крысьціны Шацікавай наведаўся супрацоўнік Кастрычніцкага райадзьдзелу міліцыі Магілёва. Паводле актывісткі, ён назваўся маёрам Юрыем Калацінкіным з адзьдзелу прафіляктыкі й правапарадку:

 

— Ён запытаўся, ці зьбіраюся я адзначаць дзень 15 сакавіка і якімі мерапрыемствамі. Я пацікавілася, што ён мае на увазе, бо 15 сакавіка, акрамя беларускага Дня канстытуцыі, арганізацыі анархістаў ува усім сьвеце абвясьцілі днём барацьбы з паліцэйскай й міліцэйскай сваволяй. І тое, і тое я адзначаць зьбіраюся, адказала я міліцыянту. Ён разгубіўся і пачаў апраўдвацца, што прыйшоў з уласнай ініцыятывы. Потым сказаў, каб я да яго прыходзіла ў любы дзень ў 310 кабінэт райадзьдзелу. Я так зразумела, што ён не чакаў мяне засьпець у двары. Магчыма, міліцыянтаў абавязалі напярэдадні 15 сакавіка прэвэнтыўна папярэдзіць актывістаў і праверыць ці дома яны.

 

15 сакавіка Крысьціна Шацікава мае зьявіцца ў абласную управу КДБ. Каб яе дапытаць зь Менску, прыяжджае сьледчы. На допыт актывістку выклікалі як сьведку ў справе аб беспарадках 19-20 сьнежня. 9 лютага аб Плошчы Шацікаву ўжо дапытвалі менскія міліцыянты.

 

 

Дзе Міхалевіч?

 

Алесь Міхалевіч даслаў у рэдакцыю інтэрнэт-газэты Naviny.by допіс, які, паводле папярэдняй, месячнай даўніны, дамоўленасьці, ён меўся пісаць у рубрыку "Мнение". Ліст ад яго быў атрыманы 14 сакавіка ў 00:46 паводле менскага часу. З гэтага рэдакцыя робіць выснову, што Міхалевіч накіраваў яго з-за мяжы.

 

Аднак характар ліста сьведчыць, што ён быў напісаны да зьяўленьня ў блогу Міхалевіча паведамленьня пра тое, што ён знаходзіцца па-за зонай дасягальнасьці КДБ. Тое, што Міхалевіч за мяжой, сьцьвярджаюць ягоная жонка і сябры. Аднак дагэтуль няма пацьверджаньня, што нехта чуў голас палітыка пасьля ягонага зьнікненьня. Таксам невядома, ці сам ён зрабіў запіс у Жывым Журнале, пры якіх умовах. Рэдакцыя "Радыё Свабода" працягвае пошук інфармацыі, якая магла б высьветліць сытуацыю.

 

Алесь Міхалевіч застаецца абвінавачаным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 студзеня 2010 году. КДБ абвергла абвінавачваньні Міхалевіча ў катаваньнях і заявіла, што інфармацыя аб іх зьяўляецца паклёпам.

 

Ліст Алеся Міхалевіча:

 

Я не прэтэндаваў на тое, каб быць героем. Я не зьбіраўся піярыцца на сядзеньні ў турме, ды і ўвогуле сядзець не зьбіраўся. Хацеў пасьля выбараў працаваць над прыцягненьнем інвэстыцый.

 

У КДБ мне адразу запрапанавалі публічна асудзіць іншых. Чакалі паказаньняў супраць Статкевіча, Някляева ды Саньнікава. Я адмовіўся.

 

Я хацеў застацца чалавекам і нікому ня шкодзіць, займацца сям’ёй і зарабляць грошы, захаваўшы сумленьне.

 

Супраць мяне пачаліся апісаныя мной раней катаваньні. Большасьць кандыдатаў, якія, у адрозьненьні ад мяне, заклікалі на Плошчу па тэлебачаньні, ужо былі дома. Каб выйсьці з турмы, я напісаў ліст Лука-ку, дзе наступіў на ўласныя амбіцыі. Сказаў, што вылучаўся, каб паказаць яму праблемы краіны з гледзішча простага чалавека.

 

Я нікога не асуджаў, і Лука-ку гэтага хапіла, а вось Камітэту дзяржаўнай бясьпекі падалося мала. Мяне пачалі дэманстратыўна падазраваць у шпіянажы. Мне на практыцы паказалі, што "хлопцы ў масках" не спыняцца ні перад чым. Я пабачыў, што ламаюць ня толькі мяне. Ламаюць краіну.

 

Каб выйсьці з турмы і распавесьці пра катаваньні, я пагадзіўся прайсьці праверку на паліграфе (дэтэктары ілжы) па прапанаваных мне пытаньнях: ці маю я замежнае грамадзянства і ці не зьяўляюся агентам спэцслужбаў. Я пайшоў і на гэта. Пасьля праверкі на паліграфе, якая запісвалася на відэа, пытаньні па шпіянажы да мяне зьняліся.

 

Але і гэтага было мала, каб мяне выпусьціць.

 

Шмат разоў мне задавалі пытаньне: ці вярнуся ў палітыку. Казаў, што пасьля сыходу Лука-кі, магчыма, што так. Як пасьля аказалася, кіраўніцтва Камітэту гэтага баіцца. Думаю, яны ўжо самі плянуюць, што будзе пасьля сыходу Лука-кі, дзеляць шкуру незабітага мядзьведзя. Вось толькі канкурэнты, асабліва якія маюць веды ды імя, ім не патрэбныя. Кіраўніцтва камітэту хацела зьнішчыць мяне палітычна, а, пажадана, яшчэ і маральна. Так узьнікла прапанова падпісаць паперу аб супрацоўніцтве. Гэта павінна было быць гарантыяй маёй падкантрольнасьці ў будучыні. Другой часовай гарантыяй была падпіска пра нявыезд. Таму, ня маючы ніякіх доказаў маёй вінаватасьці, я застаюся абвінавачаным. А за час сьледзтва плянавалася дачакацца маіх даносаў, і добра падсадзіць мяне на кручок.

 

Толькі гэта ніяк не супадала з маімі плянамі застацца чалавекам.

 

А героем я не хачу быць сам.

 


Форуму грамадзянскай супольнасьці адмовілі ў памяшканьні

 

Нацыянальнай плятформе Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства" (ФГС УП) не далі месца, каб правесьці канфэрэнцыю "Роля і месца грамадзянскай супольнасьці ў стратэгіі будучыні".

 

Канфэрэнцыя павінна была адбыцца 19-20 сакавіка ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB). Аднак учора, 14 сакавіка, аргкамітэту канфэрэнцыі стала вядома, што IBB ня можа ўзгадніць прадастаўленьне памяшканьня для мерапрыемства. На перашкодзе стала рашэньне аднаго з заснавальнікаў — Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. З фармальных прычын адміністрацыя гатэлю "Crowne Plaza" таксама раптам адмовілася прыняць канфэрэнцыю ў сябе.

 

Аргкамітэт канфэрэнцыі разглядае гэтыя рашэньні як мэтанакіраваныя дзеяньні беларускіх улад па стварэньні перашкодаў дзейнасьці Нацыянальнай плятформы ФГС УП. Прычынай такога відавочнага процідзеяньня магла стаць тэматыка і меркаваны склад удзельнікаў мерапрыемства. Нацыянальная плятформа ФГС УП выступіла з ідэяй кансалідацыі грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, а таксама абмеркаваньня магчымай адзінай стратэгіі аб'яднаных сіл. Да ўдзелу ў канфэрэнцыі запрашаліся ня толькі дзеячы грамадзянскай супольнасьці і экспэрты, але таксама прадстаўнікі шэрагу палітычных сілаў. Фактычная забарона канфэрэнцыі выглядае асабліва неканструктыўным крокам на фоне публічных заяваў беларускага МЗС адносна важнасьці для Беларусі ініцыятывы "Ўсходняе партнэрства". Ігнаруючы адзін з найважнейшых кампанэнтаў гэтай ініцыятывы Эўразьвязу — Форум грамадзянскай супольнасьці, беларускія ўлады фактычна парушаюць прынятыя ў рамках "Усходняга партнэрства" абавязаньні, — заяўляе аргкамітэт канфэрэнцыі.

 

Сустаршыня Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства" і яго нацыянальны каардынатар у Беларусі Ўлад Вялічка камэнтуе гэтую сытуацыю наступным чынам: "Гэта абсурдны і незразумелы крок Менгарвыканкаму. Нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства" заўсёды была і застаецца адкрытай пляцоўкай для абмеркаваньня актуальных пытаньняў разьвіцьця краіны і яе грамадзянскай супольнасьці. Прытрымліваючыся каштоўнасьці ўзаемнага дыялёгу, мы ніколі не перашкаджалі ўдзелу ў нашых мерапрыемствах любых грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў, у тым ліку і відавочна прадзяржаўных аб'яднаньняў. Перакананы, што гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў не застануцца без рэакцыі кіраўнічага камітэту Форуму грамадзянскай супольнасьці, нацыянальных плятформаў краін "Усходняга партнэрства" і Эўрапейскай камісіі".

 

У цяперашніх абставінах Аргкамітэт прыняў вымушанае рашэньне перанесьці канфэрэнцыю на пазьнейшы тэрмін. Тым ня менш ніякія перашкоды не павінны спыніць працэс публічнага абмеркаваньня агульнай стратэгіі ўсіх дэмакратычна арыентаваных сілаў краіны.

 

 

Вочная стаўка паміж Фядутам і Вазьняком

 

Гэта сьледчае дзеяньне адбылося ўчора. Пра дэталі Сяргей Вазьняк, адзін з кіраўнікоў кампаніі "Гавары праўду" паведаміў "Народнай волі".

 

— Пасьля таго, як мерапрыемства скончылася, Фядута сказаў мне, што напісаў пасьвячэньне палітоляу Святлане Навумавай. Вершы нарадзіліся ў яго адразу, як толькі Аляксандр Іосіфавіч даведаўся пра яе сьмерць. На жаль, перадаць іх мне ён ня змог. Гэта забаронена.

 

Паводле Сяргея Вазьняка, вонкава Аляксандр Фядута выглядае нядрэнна.

 

— Для чалавека, які столькі часу правёў у СІЗА КДБ, пры ўсіх яго складанасьцях са здароўем, выглядае ён нармальна, — адзначае Вазняк. — Учора нават здолеў жартаваць. Ну і, як заўсёды, цалаваў ручкі дамам-адвакатам…

 

 

Палітвязьням можна дапамагчы за два клікі

 

Цяпер падтрымаць палітвязьняў можна проста ў інтэрнэце. Сайт www.pashtouka.org прапануе падпісаць паштоўку для беларускіх вязьняў сумленьня, не адыходзячы ад кампутара.

 

Распавядае адзін са стваральнікаў праекту Андрэй Кім:

 

— Ужо на працягу многіх гадоў мы рэгулярна праводзім кампаніі па адпраўцы паштовак палітвязьням. За гэтыя гады тысячы пасланьняў прыйшлі тым, хто арыштаваны ў Беларусі за свае перакананьні. Я сам быў у зьняволеньні і ведаю, наколькі важныя словы падтрымкі. За час адседкі я атрымаў некалькі сотняў такіх паштовак, і кожная зь іх была як глыток сьвежага паветра.

 

Аднак такія кампаніі былі абмежаваныя геаграфічна, не заўсёды атрымлівалася перадаць паштоўку для подпісу людзям зь іншых гарадоў, а тым больш краін. Акрамя таго, нават з суседняй Расеі лісты і паштоўкі ідуць у беларускую турму больш за месяц.

 

Таму ў гэтым годзе мы прыдумалі сайт www.pashtouka.org.

 

Любы чалавек, дзе б ён ні знаходзіўся, можа з дапамогай гэтага сайту напісаць палітвязьню. Дастаткова выбраць адрасата, паштоўку і ўвесьці тэкст пасланьня. А тут у Менску мы раздрукуем гэты тэкст на адваротным баку абранай паштоўкі і дашлем па пошце.

 

Гэта проста і эфэктыўна. Дзе б вы ні былі — у Менску, Празе, Сіэтле альбо Нью-Ёрку — вы зможаце адпраўляць словы падтрымкі ў беларускія турмы, не ўстаючы з-за кампутара. Больш за тое, зараз мы працуем над мабільнай вэрсіяй сайту, каб адправіць паштоўку можна было нават па дарозе на працу.

 

Вы можаце выбраць альбо сатырычныя паштоўкі ад Андрэя Більжо, які намаляваў іх спэцыяльна для гэтага праекту, альбо іншыя паштоўкі, прысьвечаныя правам чалавека.

 

Колькасьць палітвязьняў цяпер прыкладна роўная колькасьці паштовак на нашым сайце. Спадзяюся, што колькасьць першых будзе зьмяншацца, а другіх — павялічвацца.

 

Я мару пра тое, каб тысячы людзей далучыліся да гэтай кампаніі і адправілі як мага больш паштовак. Бо тое, што сапраўды трэба беларускім палітвязьням — цёплыя словы падтрымкі і разуменьня — можа цяпер даць кожны з нас. Гэта і ёсьць салідарнасьць.

 

Калі ў вас ёсьць жаданьне дапамагчы праекту, або вы можаце прапанаваць эскізы новых паштовак, або хочаце падпісаць пасланьне сваёй рукой, то зьвязацца з арганізатарамі кампаніі можна па адрасе repression.by@gmail.com.

 

 

У Дзьмітрыя Вуса ў КДБ забралі пашпарт

 

15 красавіка былога кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса тэрмінова выклікалі ў КДБ да сьледчага і ўзялі зь яго падпіску пра нявыезд.

 

— Вось якраз зараз знаходжуся ў КДБ. Ужо забралі пашпарт, афармляюць пастанову аб зьмене меры стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Абвінавачаньне ня выставілі, застаюся падазраваным, — паведаміў праз тэлефон Дзьмітры Вус.

 

У студзені пасьля аднаго з допытаў Дзьмітры Вус расказаў журналістам, што яго схіляюць даць паказаньні супраць Мікалая Статкевіча, нібыта той арганізоўваў масавыя беспарадкі 19 сьнежня.

— Пакуль я заставаўся на плошчы, такога ня бачыў, — казаў Дзьмітры Вус.

 

Дзьмітры Вус быў затрыманы 20 сьнежня і на наступны дзень вызвалены. Паводле справы 19 сьнежня экс-кандыдат у прэзыдэнты праходзіць у якасьці падазраванага.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Голасу Міхалевіча пакуль ніхто ня чуў

 

Голасу былога кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча, які паведаміў у сваім блогу, што знаходзіцца па-за зонай дасягальнасьці КДБ, пакуль ня чулі ні ягоная жонка Мілана, ні сябры.

 

Сябра Міхалевіча Юрась Губарэвіч перапісваўся з Алесем праз скайп 13 сакавіка, калі той ужо быў за межамі Беларусі. Прычым гэты кантакт адбыўся яшчэ да таго, як Міхалевіч напісаў сваё паведамленьне ў блогу. Спадар Губарэвіч кажа, што голасу Міхалевіча ён ня чуў, але ўпэўнены, што Міхалевіч знаходзіцца ў бясьпечным месцы:

 

— Так, я перакананы, бо калі меў гэту размову, яна не была голасам, яна была тэкставая, але ён распавёў пра некалькі рэчаў, якія мы абмяркоўвалі яшчэ ў Менску, калі мелі зь ім сустрэчы, якія не зьвязаныя зь яго цяперашнім месцазнаходжаньнем, але пра якія мы размаўлялі ў Менску. То бок гэта мне было пацьвярджэньнем, што я ўсё ж размаўляю з Алесем Міхалевічам. Пасьля таго як я даведаўся, што ён зьехаў, пасьля таго, як ён мне пра гэта паведаміў праз скайп, я сам рэкамэндаваў яму даць абвестку для шырокай публікі, каб пазьбегнуць магчымага ажыятажу і нейкіх асацыяцый з гвалтоўным зьнікненьнем.

 

Як жа Алесю Міхалевічу ўдалося ўцячы? Юрась Губарэвіч кажа, што гэта цяжка ацаніць, бо ён ня ведае канкрэтных фактаў, як гэта ўсё адбывалася.

 

— Наколькі я ведаю, ён ня першы палітык альбо чалавек, які трапляў пад перасьлед міліцыі ці КДБ і які здолеў выехаць за мяжу. Напэўна ж ёсьць нейкія каналы. Тут трэба ўлічваць, што ёсьць фактычна адкрытая ўсходняя мяжа, можа, нейкія іншыя варыянты. Хутчэй за ўсё, мы зможам пра гэта даведацца ўжо непасрэдна ад Алеся Міхалевіча, калі ён здолее пра гэта распавесьці. Хутчэй за ўсё, такія ягоныя паводзіны зьвязаныя з тым, што ён мае яшчэ нейкія справы, якія трэба дарабіць перад тым, каб канчаткова абвясьціць, дзе ён знаходзіцца і як ён туды трапіў.

 

Жонка Алеся Міхалевіча Мілана таксама ня чула голасу свайго мужа пасьля ўцёкаў. Яна кажа, што ў яе няма падставаў не давяраць сябрам, якія ёй паведамілі, што з Алесем усё добра.

 

— Ёсьць інфармацыя, што зь ім усё добра, што ён у бясьпецы і што ў сяброў ёсьць зь ім сувязь.

 

На пытаньне, ці шукаюць Алеся Міхалевіча з КДБ, ці зь міліцыі, спадарыня Мілана сказала:

 

— Ніхто да мяне не тэлефанаваў, ніхто да мяне не зьвяртаўся. Мае знаёмыя, якія ўчора заходзілі, сказалі, што зноў стаіць каля хаты ў нас машына з хлопчыкамі, як мы іх называем.

 

У сілавых структурах пакуль не падаюць ніякай інфармацыі адносна ўцёкаў Алеся Міхалевіча.

 

Алесь Дашчынскі

 

 

Сьледчы экспэрымэнт па Плошчы правядуць ля малігёўскага Дому саветаў

 

Чатыры гадзіны прабыла ў абласной управе КДБ праваабаронца з грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціна Шацікава. Два супрацоўнікі вайсковай контравыведкі ад 15-й гадзіны дапытвалі яе пра падзеі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Паводле актывісткі, адзін контравыведнік назваўся Паўлам Травулькам, другі — Максімам Мешчараковым.

 

Як кажа Крысьціна Шацікава, контравыведнікі патлумачылі неабходнасьць допыту тым, што яны не задаволеныя, як яго правялі магілёўскія камітэтчыкі.

 

— Іх зацікавілі фотаздымкі, якія я зрабіла на Плошчы й перадала сьледчаму магілёўскага КДБ. Я была першая на Плошчы й бачыла тых, хто біў вокны. І гэта былі не дэманстранты. На фотаздымках людзі, якія маглі бачыць, хто выломваў дзьверы й выбіваў вокны ў Доме ўраду 19 сьнежня. Яны могуць пацьвердзіць, што гэта былі не апазыцыянэры, а правакатары. Я так зразумела, што ў контравыведкі ёсьць фота й відэадакумэнты ўжо пасьля таго, як усё было пабіта й павыломлівана. Травулька й Мешчаракоў былі канкрэтнымі ў пытаньнях. Іх не цікавілі ні дзеяньні кандыдатаў у прэзыдэнты на Плошчы, ні іншых ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Яны высьвятлялі, калі зьявіліся правакатары, як яны выглядалі. Мы доўга разглядалі фотаздымкі й відэаматэрыялы. Сышла я з КДБ, бо мне стала блага.

 

16 сакавіка Крысьціна Шацікава і яе каляжанка Марыя Вайнова зноў пойдуць у КДБ. Паводле Шацікавай, пасьля допыту Вайновай будзе праведзены сьледчы экспэрымэнт каля Магілёўскага аблвыканкаму. Яго будынак падобны да Дому ўраду на плошчы Незалежнасьці.

 

— Яны хочуць, каб я каля нашага Дому саветаў паказала, дзе і як стаялі тыя, хто ламаў дзьверы й выбіваў вокны ў Доме ўраду.

 

Акрамя магілёўскага КДБ, фотаздымкі Крысьціна Шацікава перадала й сьледчаму зь Першамайскага раённага аддзелу міліцыі Менску Аляксандру Фейцару.

 


Давераная асоба Статкевіча на паўторным допыце ў КДБ

 

Давераная асоба Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса ў Баранавічах Яраслаў Грышчэня быў выкліканы ў аўторак на допыт у КДБ у Менску.

 

Яраслаў кажа, што пра гэты выклік на допыт сьледчыя КДБ казалі яшчэ падчас папярэдняга допыту ў Баранавічах:

 

— Тады допыт тычыўся дзейнасьці ў ініцыятыўнай групе кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча. Гэтым разам сьледчага КДБ цікавіла дзейнасьць Яраслава Грышчэні ў "Маладым Фронце". Пытаньні тычыліся й лідэраў моладзевай арганізацыі. Агулам допыт цягнуўся больш за чатыры гадзіны.

 

Зь Яраслава Грышчэні ўзятая падпіска аб неразгалошваньні.

 


КДБ даў зразумець сястры Міхалевіча, што мусіць падаць у вышук

 

Сёньня да сястры Алеся Міхалевіча Алены прыйшоў супрацоўнік КДБ, які пасьля размовы пра Алеся запрасіў жанчыну на размову ў КДБ ўвечары 15 сакавіка. Алена спачатку пагадзілася пайсьці, але потым перадумала і запатрабавала афіцыйную позву.

 

— У мяне склалася ўражаньне, што спрабавалі высьветліць, дзе Алесь, прапаноўвалі варыянты супрацоўніцтва, што ніхто яго "закрываць" не зьбіраўся. Далі зразумець, што для іх было нечаканасьцю, што ён зьехаў, і яны мусяць падаць у вышук, а пакуль яшчэ ёсьць час, магчымы адкат назад. Але ж мы ня ведаем, дзе ён. Спачатку я пагадзілася да іх прыйсьці на гутарку, але нешта бліжэй да вечара мне стала боязна.

 

Пазьней ў тэлефоннай размове Алене Міхалевіч сказалі, што прышлюць ёй позву на 9:30 раніцы.

 

— Тон размовы быў ужо іншы, — адзначае сястра палітыка.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Ператрус у рэчыцкага сябра БНФ

 

Супрацоўнікі Гомельскай управы КДБ правялі ператрус у Рэчыцкім раёне ў доме сябра Партыі БНФ Алега Карбалевіча. Падчас выбарчай кампаніі актывіст працаваў у камандах альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнта — Рыгора Кастусёва і Ўладзімера Някляева.

 

Як паведаміў спадар Карбалевіч, ператрус у доме трое супрацоўнікаў УКДБ, якіх ачольваў капітан Коласаў, праводзілі ў межах крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі ў Менску.

 

У актывіста сканфіскавалі сыстэмны блёк кампутара, рызограф, невялічкую камэру відэаназіраньня, а таксама брашуры пра вынікі маніторынгу БХК, сытуацыю з правамі чалавека за 2009 год, агляд-хроніку парушэньняў правоў чалавека праваабарончага цэнтру "Вясна". Забралі нават аркушы для сацыялягічнага апытаньня.

 

У доме спадара Карбалевіча ў вёсцы Перасьвятое мае юрыдычны адрас рэчыцкая суполка БНФ.

 


"Пагром" у Рэчыцы

 

У Рэчыцы на вуліцы Чапаева ўзламаныя дзьверы грамадзкай прыёмнай. З памяшканьня зьніклі сыстэмны блёк кампутара, прынтар і прыватны ноўтбук кіраўніка абласной арганізацыі Партыі БНФ Вaлера Пуціцкага:

 

— Я дакладна ня ведаю, хто гэта зрабіў. Уранку мне тэлефанаваў нейкі ўчастковы Каралькоў, калі я правільна пачуў. Казаў, што ёсьць сур’ёзная справа, і трэба тэрмінова сустрэцца. Я патлумачыў, што калі справа сур’ёзная, то трэба даслаць позву. А сустрэцца магу гадзіны празь дзьве. Калі мы прыйшлі з нашым юрыстам у прыёмную, то ўбачылі, што замкі ў дзьвярах выламаныя па-жывому, відаць, манціроўкай. Вонкавыя дзьверы былі забітыя цьвікамі. У гаражы перакушана дужка замка — там таксама палазілі.

 

Валер Пуціцкі мяркуе, што дом мог наведаць той самы ўчастковы зь мясцовымі чэкістамі, бо менавіта сёньня быў ператрус у сябра Партыі БНФ зь вёскі Перасьвятое Алега Карбалевіча. Стары дом на вуліцы Чапаева ў Рэчыцы належыць менчуку. Па даверанасьці ім карысталіся мясцовыя грамадзкія актывісты. Тут яны гутарылі зь людзьмі, аказвалі ім юрыдычную дапамогу.

 

І сёньня ж супрацоўнікі КДБ правялі ператрус па месцы рэгістрацыі прадпрымальніцы Сьвятланы Пятроўскай, якая на прэзыдэнцкіх выбарах працавала ў камандзе Уладзімера Някляева.

 

“Радыё Свабода”

 

 

На офіс партыі БНФ здзейснены чарговы напад

 

У чарговы раз офіс Партыі БНФ уначы пацярпеў ад нападу. Дзверы залітыя чорнай фарбай, на сценах намаляваны лагатып так званага АНБ (Аўтаномныя нацыянал–бальшавікі) і прыклеена некалькі ўлётак гэтай малавядомай радыкальнай арганізацыі.

 

Па словах намесніка старшыні партыі Рыгора Кастусёва, гэта ўжо далёка не першы выпадак такіх дробных хуліганскіх выхадак у адносінах да офісу партыі.

 

— Зразумела, такія рэчы непрыемныя, але гэта ўжо не першы раз. Заявы падаваць мы не будзем, бо які з таго толк. Міліцыя знаходзіцца побач — 50 крокаў ад Управы, але ніколі на такія рэчы не рэагуе. Вінаватых яны не знойдуць. Мы гэты ціск адчуваем пастаянна. Вы ж ведаеце, што пры канцы месяца заканчваецца дагавор арэнды дадзенага памяшкання ў якасці офіса. І улады і падобныя арганізацыі працуюць у адным кірунку — хутчэй выселіць партыю БНФ з гэтага офісу.

 

Рыгор Кастусёў сказаў, што пашкоджанні памяшканню невялікія, і яны будуць хутка ліквідаваныя.

 

Генадзь Барбарыч

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Канцэрт "Крамбамбулі" таксама забаронены

 

На дзень святога Патрыка ў Менску мусіў адбыцца канцэрт гурту "Крамбамбуля". Але за два дні да выступу стала вядома, што канцэрт адмяняецца. Лідэр гурту Лявон Вольскі падзякаваў уладам "за шалёны піяр".

 

На канцэрце 17 сакавіка ў дзень святога Патрыка Лявон Вольскі абяцаў прэзэнтаваць новы альбом, над якім "Крамбамбуля" працавала цэлы год. Але сёння стала вядома, што канцэрт адменены.

 

— Ну, ясна, забаранілі. Мы ж у спісах, — сказаў Generation.bY лідэр "Крамбамбулі" Лявон Вольскі. — Ну, мы абралі тактыку падзякі. Мы дзякуем аддзелу культуры Менгарвыканкаму і Міністэрству культуры за шалёны піар.

 

"Крамбамбуля" ўвайшла ў "спісу забароненых" разам з 56 беларускімі і замежнымі музыкамі, пісменнікамі і акторамі.

 

“Generation.bY”

 

 

У КДБ пацвярджаюць адабранне пашпарта ў Аляксея Міхалевіча

 

Пашпарт у экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксея Міхалевіча быў адабраны следчым. Аб гэтым паведамілі ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі.

 

Палітык, які пакінуў краіну, не меў пры сабе галоўнага дакумента, агенцтву расказала раніцай 14 сакавіка яго жонка Мілана. Улічваючы такое становішча адпушчанага з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе Аляксея Міхалевіча, яна выказала меркаванне, што праваахоўныя органы не чакалі, што ён вырашыць схавацца.

 

Аб перспектывах аб’яўлення Міхалевіча ў міжнародны вышук суразмоўца агенцтва гаварыць не стаў. Пры гэтым пацвердзіў, што згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам да чалавека, які парушыў падпіску аб нявыездзе, могуць быць прыменены больш строгія меры стрымання.

 

“БелаПАН”

 

 

16 сакавіка 2011 г.

  

Міхалевіч асабіста пацвердзіў факт сваёй эміграцыі

 

Пасля трохдзённага маўчання сам Міхалевіч пацвердзіў факт эміграцыі.

 

— Я, Алесь Міхалевіч. Са мной усё добра, я знаходжуся па-за межамі Беларусі. Я ведаю, што ў “Жывым журнале” ды й увогуле ў Інтэрнеце шмат каментароў, што ніхто не чуў мой голас апошнім часам. Сёння я размаўляў з Юрасём Губарэвічам, а на працягу бліжэйшага тыдня я збіраюся зрабіць відэазварот — адзначыў палітык у аўдыёфайле, дасланым намесніку старшыні Руху “За Свабоду” Юрасю Губарэвічу.

 

У той жа час сястра Міхалевіча чакае позву на допыт у КДБ. Алена Міхалевіч распавяла, што напярэдадні яна практычна пагадзілася прыйсці ў КДБ без позвы, але потым перадумала. Па словах жанчыны, яе спыніў намёк следчага на тое, што яна сама зможа нібыта ўпэўніцца ў адсутнасці катаванняў у турме, пра якія казаў яе брат.


“Радыё Рацыя”

 

 

Пахапалі анархістаў

 

15 сакавіка ў Менску прайшла сэрыя прэвэнтыўных затрыманьняў маладых людзей, якія, на думку міліцыі, зьвязаныя з анархісцкім рухам.

 

Як паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна", большасьць затрыманых летась дапытвалі па “справе анархістаў”. Такім чынам сілавікі спрабавалі прадухіліць іх магчымы ўдзел у акцыях, прымеркаваных да Дня адзіных дзеяньняў супраць міліцэйскага самаўпраўства, які адзначаўся 15 сакавіка.

 

Ад самай раніцы ў розных раёнах Менска было затрымана каля 15 чалавек, якіх даставілі ў РУУСы Менска.

 

Як паведамляе сайт belarus.indymedia.org, пры гэтым пратаколы не складаліся і іншыя дзеяньні ў дачыненьні да затрыманых не праводзіліся. Пасьля супрацьзаконнага дзесяцігадзіннага затрыманьня іх адпусьцілі. Паведамляецца таксама, што за дзень да гэтага многіх з затрыманых выклікалі на выхаваўчыя размовы ў РУУС па месцы жыхарства.

 

 

Янукевіч рыхтуе абарону "выспы свабоды"

 

31 сакавіка сканчаецца час арэнды Партыяй БНФ цэнтральнага офісу па адрасе праспэкт Машэрава (раней Варвашэні), 8.

 

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у інтэрвію "Нашай Ніве" заявіў, што арганізацыя не зьбіраецца сыходзіць зь сядзібы:

 

— Мы рыхтуем абарону. Гэта будзе негвалтоўны, але супраціў. Мы арганізуем дружыну, якая будзе кругласуткава дзяжурыць у будынку. Гэта будуць сябры нашай партыі. Апроч таго, мы заклікаем грамадзкасьць да салідарнасьці — бараніць "выспу свабоды" ў цэнтры Менску, якая на працягу апошніх гадоў стала месцам правядзеньня агромністай колькасьці культурніцкіх мерапрыемстваў.

 

 

Васілевіч адмовіўся правяраць катаваньні

 

Генэральная пракуратура Беларусі перанакіравала зварот праваабаронцы Алеся Бяляцкага наконт фактаў катаваньняў, ужытых да былога кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі Аляксея Міхалевіча, у Беларускую ваенную пракуратуру.

 

Гэта вынікае з адказу Генпракуратуры, які Бяляцкі атрымаў 16 сакавіка. Адказ падпісаў старшы пракурор аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства ў войску і на транспарце С. Катрыч.

 

Тым самым орган, які пакліканы сачыць за захаваньнем законнасьці ў краіне, зьняў зь сябе непасрэдную адказнасьць за праверку выкладзеных у скарзе фактаў, — так ацаніў гэтае рашэньне праваабарончы цэнтар "Вясна".

 

Зварот на імя Генпракурора Рыгора Васілевіча быў накіраваны напрыканцы лютага, калі грамадзкасьці сталі вядомыя факты катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня, якія агучыў вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе Аляксей Міхалевіч.

 

Алесь Бяляцкі прасіў прыняць меры пракурорскага рэагаваньня па ўказаных у СМІ фактах катаваньняў, а таксама вызначыць і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці асобаў, якія дапускалі дадзеныя катаваньні і іншыя бесчалавечныя віды абыходжаньня ў адносінах да асобаў, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ і СІЗА № 1 МУС.

 

 

Сябру БХК позву прынёс афіцэр з аддзелу наркакантролю

 

Згодна з позвай, гарадзенскі праваабаронца Беларускага хэльсынскага камітэту Раман Юргель павінен прайсьці дактыляскапію. Афіцэр аддзелу наркантролю ня мог патлумачыць, чаму менавіта Юргелю ён прынёс позву.

 

Рамар Юргель патлумачыў маладому міліцыянту Аляксандру Хваленю, што згодна з заканадаўствам ён добраахвотна адмаўляецца праходзіць дактыляскапію. Той, у сваю чаргу, паведаміў, што толькі выконвае даручэньне ягонага начальніка — капітана Мікалая Пахоменкі.

 

Ён таксама папярэдзіў праваабаронцу, што калі той адмовіцца прайсьці дактыляскапію, то яму дашлюць нумарную позву, гэта значыць канкрэтна датычную нейкай крымінальнай справы.

 

Раман Юргель зьвязвае прыход лейтэнанта з аддзелу наркакантролю непасрэдна з сваёй палітычнай дзейнасьцю. Ён таксама не выключае, што візыт невыпадкова адбыўся напярэдадні 25 сакавіка.

 

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў Раман Юргель працаваў наглядальнікам ад Беларускага хэльсінскага камітэту на выбарчым участку.

 

Міхал Карневіч

 


Пікет не дазволены нават у дазволеным раней месцы

 

Кіраўнік Берасьцейскай арганізацыі "Маладыя дэмакраты" Уладзімер Вуек атрымаў адмову на правядзеньне 19 сакавіка пікету ў падтрымку палітычных зьняволеных.

 

Заяўка была накіраваная ў ідэалягічны аддзел Берасьцейскага гарвыканкаму. Улічваючы вопыт зваротаў да чыноўнікаў, "Маладыя дэмакраты" заявілі месцам правядзеньня пікету стадыён "Лякаматыў". Менавіта тут чыноўнікі Берасьця дазваляюць праводзіць мерапрыемствы. Але гэтым разам была адмова, кажа Ўладзімер Вуек:

 

— Чыноўнікі сваю адмову аргумэнтуюць тым, што якраз 19 сакавіка на стадыёне "Лякаматыў" будуць праводзіцца нарматыўныя залікі МНС. Мы зьбіраемся 19 сакавіка прыйсьці на стадыён і ўпэўніцца, што там сапраўды немагчыма праводзіць мерапрыемства. А адмову будзем аспрэчваць у судзе.

 


Чарговы вязень у справе пра масавыя беспарадкі

 

Праваабарончы цэнтар "Вясна" паведамляе, што 15 сакавіка на працоўным месцы быў затрыманы Дзьмітрый Даронін.

 

28-гадовага менчука на трое сутак змясцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсціна. Ён знаходзіцца ў статусе падазраванага паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу.

 

У кватэры, дзе Дзьмітрый пражывае з бацькамі, праведзены ператрус. Канфіскавалі сыстэмны блёк кампутара.

 

 

Старыя кампутары вяртаюць, новыя — забіраюць

 

Аддзелы КДБ і міліцыі працягваюць перасьлед грамадзкіх актывістаў, якія знаходзіліся 19 сьнежня мінулага году на плошчы Незалежнасьці ў Менску альбо падазраюцца ва ўскоснай датычнасьці да тых падзеяў.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

У Магілёве ў сераду супрацоўнікі ваеннай контравыведкі працягвалі дапытваць актывістак грамадзянскай кампаніі "Наш дом" — Крысьціну Шацікаву й Марыю Вайнову.

 

Рада дэмакратычных сілаў Бабруйску зьвярнулася да праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя", каб тая ўзяла пад кантроль расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць журналіста й актывіста стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Яўгена Васьковіча. Ад 17 студзеня ён утрымліваецца ў бабруйскай турме паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве.

 

15 сакавіка ў сюжэце па Беларускім тэлебачаньні Яўген Васьковіч прызнаўся, што леташняй восеньню кінуў бутэльку з запальнай вадкасьцю ў будынак бабруйскага КДБ і пашкодзіў дзьверы.

 

— Мы не выключаем, што Васьковіча змусілі так сказаць, — зазначае каардынатарка БХД па Магілёўшчыне Таісія Кабанчук. — Мы й самі адсочваем і ня можам зразумець у гэтай справе, што ж адбываецца. Таму вырашылі, каб і яны таксама ведалі й сачылі. Гэта ж наш чалавек. Пасьля заяваў Міхалевіча мы таксама можам меркаваць, што на яго неяк узьдзейнічалі і змусілі прызнацца ў гэтым учынку.

 

Яўгена Васьковіча арыштавалі 17 студзеня. Напярэдадні ён удзельнічаў у Магілёве ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Актывіст — удзельнік Плошчы. Адседзеў за яе дванаццаць сутак арышту. На допыце ў КДБ, як ён заяўляў, настаяў, каб у пратаколе запісалі, што ён і надалей будзе ўдзельнічаць у мірных акцыях пратэсту.

 

ВІЦЕБШЧЫНА

 

У сераду суд Полацку і Полацкага раёну зноў разглядаў скаргу грамадзкага актывіста Віктара Калесьніка. Спадар Калесьнік спрабаваў абскардзіць забарону на правядзеньне акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, вынесеную гарвыканкамам.

 

Намесьніца старшыні Натальля Ганебная ў афіцыйнай адмове актывісту напісала, што "19 снежня ў Менску адбылася неканстытуцыйная акцыя, і таму гарвыканкам ня можа дазволіць ніякіх праяваў салідарнасьці з затрыманымі ўдзельнікамі".

 

Віктар Калесьнік лічыць, што спадарыня Ганебная парушыла артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, пазбавіўшы полацкіх актывістаў права на правядзеньне мірных сходаў і свабоду выказваньня ўласных меркаваньняў, і таму падаў скаргу ў суд:

 

— Першае пасяджэньне было 9 сакавіка, потым суд перанесьлі на 10, а потым — на 16 сакавіка. Мэта мая — дамагчыся свабоды на выказваньне ўласных меркаваньняў для кожнага грамадзяніна.

Судзьдзя Тацяна Субоціна не задаволіла скаргу актывіста. Намесьніца старшыні гарвыканкаму Натальля Ганебная падчас судовага пасяджэньня заявіла, што акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі была забаронена не па палтітычных прычынах, а таму, што актывіст-заяўнік не дамовіўся з адпаведнымі служюамі наконт забесьпячэньня аховы правапарадку і медычнага абслугоўваньня падчас масавага мерапрыемства.

 

ГОМЕЛЬШЧЫНА

 

Сёньня ў Рэчыцкім райаддзеле міліцыі кіраўніку абласной арганізацыі Партыі БНФ Вaлеру Пуціцкаму паведамілі, што ён можа забраць сыстэмны блёк кампутара, прынтар, брашуры, дыскі зь песьнямі й музыкай, якія былі адабраныя міліцыянтамі ў траўні мінулага году падчас масавага ператрусу актывістаў кампаніі "Гавары праўду". Прыйдзе, маўляў, зь Менску вопіс адабранага — і забірай.

 

Аддала міліцыя асабісты кампутар і кампутар дзяцей рэчыцкаму актывісту прадпрымальніцкага руху, каардынатару кампаніі "Гавары праўду" Алегу Шабетніку. У яго таксама забралі тэхніку летась у траўні падчас ператрусу, прычым ня з офісу, як у Пуціцкага, а з прыватнага дома:

 

— Вяртаюць старыя кампутары, а забіраюць новыя. Офіс наш учора нібыта бандыты абрабавалі. Канфіскавалі яшчэ кампутары. Дзьверы ў хату на цьвікі забітыя — замкі выламаныя, а дзьверы забітыя на цьвікі.

 

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

 

Баранавіцкага актывіста Яраслава Грышчэню цягам месяца супрацоўнікі КДБ дапыталі два разы. Першы допыт тычыўся працы юнака ў ініцыятыўнай групе Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, другі — дзейнасьці ў "Маладым фронце".

 

Яраславу Грышчэню супрацоўнікі КДБ патэлефанавалі на мабільны нумар і сказалі, што чакаюць яго на допыт у мясцовую ўправу. Яраслаў прыйсьці адмовіўся, сказаўшы, што ён у Менску. Неўзабаве да яго пазванілі сьледчыя ўжо Менскага КДБ:

 

— На гэты раз мяне выклікалі не па позьве. Пазванілі з Баранавічаў і сказалі, што чакаюць мяне на допыт. Я адказаў, што зараз знаходжуся ў Менску і проста фізычна не магу прыйсьці да іх. Пасьля гэтай размовы літаральна праз паўгадзіны патэлефанавалі зь Менску і сказалі, што на суботу жадаюць мяне запрасіць. Я адказаў, што ў суботу не змагу, тады мне паведамілі, што чакаюць на аўторак. Я папрасіў позву, але яны сказалі, што ня могуць выпісаць яе, бо я ня маю ў Менску рэгістрацыі. Пазьней я вырашыў, што пайду.

 

Допыт у КДБ зацягнуўся амаль на чатыры з паловай гадзіны. Зь Яраслава ўзялі падпіску аб неразгалошваньні:

 

— Я зьявіўся ва ўправе КДБ недзе а 10 гадзіне раніцы, а выйшаў адтуль пасьля 14. Сьледчыя КДБ на гэты раз задавалі канкрэтныя пытаньні, кшталту: ты ведаеш — распавядай. Можна казаць, што быў нават ціск. Асноўнае, што іх цікавіла, — дзейнасьць у "Маладым фронце". Такім чынам, за месяц мяне дапыталі два разы.

 

А вось Мая Абромчык, студэнтка гістарычнага факультэту БДУ, да гэтага часу не атрымала адказу з пракуратуры на сваю скаргу. Яшчэ два месяцы таму яна напісала скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў АМАПу, якія жорстка зьбілі яе 19 сьнежня падчас разгону Плошчы, зламалі ёй нагу. Мая мяркуе, што справа магла б быць хутка распачата і даведзена да канца, бо прозьвішчы амапаўцаў фігуруюць у пратаколе — гэта Мазайла і Якаўлеў.

 

— У пракуратуры мне паабяцалі, што цягам бягучага тыдня дадуць адказ на маю скаргу. Але прайшла ўжо палова тыдня. Няма ніякага адказу. На жаль, мне складана камэнтаваць, чаму справа так замаруджваецца, бо я ня ведаю спэцыфікі працы пракуратуры, але, магчыма, што і наўмысна зацягваюць. Але не магу дакладна сказаць, бо не валодаю інфармацыяй.

 

“Радыё Свабода”

 

 

17 сакавіка 2011 г.

 

У Менску затрыманы кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі

 

На 11 гадзінаў прызначаны допыт у Савецкім РУУС затрыманага 16 сакавіка расейскага праваабаронцы Андрэя Юрава.

 

На допыце будзе прысутнічаць адвакат і прадстаўнік амбасады Расеі ў Беларусі.

 

Ноч праваабаронца правёў у пастарунку.

 

Паводле супрацоўнікаў міліцыі, Юраву афіцыйна забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі.

 

Андрэя Юрава адвезьлі ў РУУС Савецкага раёна Менска вечарам 16 сакавіка. Калегі праваабаронцы асьцерагаюцца, што ўлады Беларусі могуць дэпартаваць праваабаронцу.

 

16 сакавіка на кватэры ў Менску, дзе знаходзіўся Андрэй Юраў зьявіліся супрацоўнікі міліцыі Савецкага РУУС.

 

Дыялёг Андрэя Юрова зь міліцыянтамі праходзіў на лесьвічнай пляцоўцы, паколькі не было ордэра для доступу ў памяшканьне. Міліцыянты паведамілі, што Андрэй Юраў нібыта знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь, і даставілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол.

 

Адзін з супрацоўнікаў РУУС паведаміў, што ў дачыненні да Юрава можа быць заведзеная крымінальная справа за нібыта незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы асобай, якой раней быў забаронены ўезд у краіну.

 

Паміж Расеяй і Беларуссю адсутнічае мяжа. Пашпартны кантроль у аэрапорце існуе, аднак ніякіх паведамленьняў пра непажаданасьць знаходжаньня праваабаронцы ў Беларусі з боку кантрольных органаў пры пералёце не паступіла.

 

У расейскага праваабаронцы канфіскаваныя асабістыя рэчы і мабільны тэлефон.

 

Сябра Каардынацыйнага рады міжнароднага моладзевага праваабарончага руху (удзельнік Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі) Вікторыя Громава адзначыла:

 

— Спадзяемся, што ўладам Рэспублікі Беларусь хопіць разважлівасьці не ўчыняць дзеяньняў, якія наўпрост парушаюць іх міжнародныя абавязацельствы.

 

Андрэй Юраў, кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі, які прыехаў у Менск 14 сакавіка, знаходзіўся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь як праваабаронца, выконваючы праваабарончыя функцыі па даручэньні Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, паведамілі ў Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

 

Раней ўезд на тэрыторыю Беларусі быў забаронены памочніку прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі Максіму Кіцюку.

 

У амбасадзе Расеі ў Беларусі чакаюць тлумачэньняў ад беларускага Міністэрства замежных спраў у сувязі з затрыманьнем расейскага праваабаронцы Андрэя Юрава.

 

Пра гэта карэспандэнту "Свабоды" паведаміў дарадца амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў:

 

— Амбасада Расеі адразу даведалася пра затрыманьне расейскага праваабаронцы. Амбасада ў апэратыўным парадку па тэлефону неадкладна зьвязалася зь дзяжурным па Міністэрству замежных спраў Беларусі, праінфармавала пра затрыманьне расейскага грамадзяніна і зьвярнулася з просьбай інфармаваць амбасаду пра ўсе дэталі, зьвязаныя з затрыманьнем. Сёньня раніцай па гэтым пытаньні амбасада накіравала ноту ў МЗС Беларусі з просьбай інфармаваць пра дэталі затрыманьня. Цяпер расейскі дыплямат сустракаецца ў РУУС Савецкага раёну Менску з Андрэем Юравым. Амбасада трымае сытуацыю з расейскім праваабаронцам на кантролі і зробіць усе неабходныя крокі ў рамках міжнароднага прававога поля з мэтай абароны правоў затрыманага грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі.

 

Андрэю Юраву беларускія ўлады прадпісалі пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам 24 гадзін з моманту ўведамленьня.

 

Пасьля вызваленьня з Савецкага РУУС, дзе праваабаронца правёў ноч, Андрэй Юраў распавёў карэспандэнту "Свабоды":

 

— Паколькі я ня ведаў, што ад 4 сакавіка я ўнесены ў сьпіс асобаў, знаходжаньне якіх непажаданае на тэрыторыі Беларусі, а паміж Расеяй і Беларусьсю ніякіх межаў няма, я прыехаў, думаючы, што тут знаходжуся зусім легальна. Мяне затрымалі па падазрэньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства за перасячэньне мяжы. Цяпер мне ўручылі пастанову аб спыненьні крымінальнай справы, таму што было пацьверджана, што мяне ня ўведамілі патрэбным чынам. Але пры гэтым выдалі прадпісаньне цягам 24 гадзін пакінуць Беларусь.

 

Паводле Юрава, "само існаваньне такога сьпісу, пра які ніхто ня ведае, і дзе рашэньні прымаюцца не судом, якія ніхто ня можа абскардзіць, — гэта брыдоцьце":

 

— І брыдоцьце ўдвайне, што гэта перашкаджае легальнай і непалітычнай дзейнасьці міжнародных праваабарончых арганізацый. Гэта парушэньне ўсіх міжнародных нормаў і абавязаньняў Беларусі. Таму мы гэта будзем абскарджваць і ў самой Беларусі, і я чакаю рэакцыі АБСЭ і Рады Эўропы і іншых арганізацый, зь якімі я стала працую як экспэрт. Гэта павінна атрымаць адпаведную ацэнку, бо наша дзейнасьць адзначалася адкрытасьцю, легальнасьцю, і мы нават пасылалі свае рэкамэндацыі ўладам Беларусі. Гэта не была палітычная ці падпольная дзейнасьць. І гэта паказвае нядобрую волю ўладаў Беларусі.

 

Супрацоўнікі міліцыі не праводзілі допыту затрыманага праваабаронцы, а адразу ўручылі пастанову, што ён павінен пакінуць Беларусь.

 

МЗС Беларусі пасьля затрыманьня расейскага грамадзяніна Андрэя Юрава своечасова ўведаміў пра гэта амбасаду Расеі.

 

Пра гэта заявіў у Менску падчас брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

 

— Такім чынам, беларускі бок выканаў усе абавязаньні ў рамках консульскай канвэнцыі, падпісанай паміж Беларусьсю і Расеяй, — сказаў Савіных.

 

Па ўсіх пытаньнях, зьвязаных з затрыманьнем расейца, ён параіў зьвяртацца ў праваахоўныя органы. Гаворачы пра наяўнасьць сьпісу расейцаў, неўязных у Беларусь, ён адзначыў, што "нам пра такі сьпіс нічога невядома".

 

Алесь Дашчынскі

 


Барозу ня хоча бачыць Лука-ку ў Кіеве

 

Прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Жозэ Мануэль Барозу згодны ўзяць удзел у міжнароднай канфэрэнцыі “Дваццаць пяць гадоў пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Бясьпека будучыні”, якая пройдзе 20-22 красавіка ў Кіеве.

 

Пра гэта паведамілі ўкраінскаму агенцтву УНІАН у Эўракамісіі.

 

Разам з тым, суразмоўца агенцтва адзначыў, што існуе адна ўмова, якую вылучыў Барозу — адсутнасьць на канфэрэнцыі Лука-кі.

 

Паводле слоў прадстаўніка Эўракамісіі, Кіеў пакуль не паведаміў, ці заплянаваны ўдзел Лука-кі ў канфэрэнцыі. Згодна з вэб-сайтам канфэрэнцыі, урад Беларусі выступае адным зь яе арганізатараў, нароўні з урадам Украіны і Расе, Эўракамісіяй, Радай Эўропы і шэрагам іншых арганізацый.

 

 

Колькасьць фігурантаў справы аб масавых беспарадках павялічваецца

 

Праваабарончаму цэнтру "Вясна" сталі вядомыя новыя фігуранты справы аб масавых беспарадках: абвінавачаны Андрэй Пратасеня і падазраваны Дзьмітрый Даронін.

 

Абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках жыхар Менску, 29-гадовы праграміст Андрэй Пратасеня быў затрыманы 9 лютага. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, адкуль ужо даслаў тры лісты бацькам, паведаміў Андрэеў брат Аляксандар Пратасеня.

 

Ён паведаміў, што Андрэй абвінавачваецца за актыўны ўдзел у масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца ў Менску 19 сьнежня. На плошчы ён насамрэч быў, але ніякіх гвалтоўных дзеяньняў не ўчыняў.

 

— Як адбылося затрыманьне Андрэя 9 лютага, я ня ведаю, у той дзень мы з братам ня бачыліся. Магчыма, яго запрасілі на нейкую гутарку альбо іншым чынам выманілі з дому, а потым ён быў затрыманы. Ведаю толькі, што гэта адбылося ня дома, — сказаў Аляксандар.

 

Брат вязьня паведаміў таксама, што вечарам 9 лютага на кватэры іх бацькоў быў праведзены ператрус, пасьля якога Андрэя забралі ў КДБ.

 

Такім чынам, на 17 сакавіка ў статусе абвінавачаных знаходзіцца 36 чалавек:

 

24 пад вартай
2 пад хатнім арыштам
9 пад падпіскай аб нявыезьдзе.

 

У статусе падазраваных — 13 чалавек:

 

1 пад вартай

2 па-за межамі краіны

(пераважная большасьць — пад падпіскай аб нявыезьдзе).

 

4 фігуранты крымінальнай справы асуджаныя да пазбаўленьня волі, 2 — да штрафаў і 1 — да абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

 

 

Яны абралі эміграцыю

 

Пасьля мінулых выбараў і разгону менскай плошчы на хвалі рэпрэсіяў Беларусь пакінулі дзясяткі апазыцыйных актывістаў. Сьледам за імі на гэтым тыдні за мяжу зьехаў экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Алесь Міхалевіч.

 

ГОМЕЛЬШЧЫНА

 

На пяты дзень пасьля галасаваньня 19 сьнежня з Рэчыцы зьехаў Віктар Канцавенка, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Зараз ён у Польшчы — у лягеры для палітычных уцекачоў.

 

Праз тэлефон Віктар апавёў, як зьяжджаў зь Беларусі:

 

— Адразу — на Расею, а затым: Расея — Украіна. Жыў спачатку ў Заходняй Украіне. Потым пераехаў у Польшчу. У Польшчы папрасіў палітычнага прытулку, бо там ёсьць пункт прыёму ўцекачоў. Цяпер знаходжуся ў лягеры ўцекачоў.

 

Спадар Канцавенка паведаміў, што ў лягеры жыве з уцекачамі з Расеі, Украіны. Ёсьць там і актывіст з Гарадзенскай вобласьці, які, як і Віктар, прыехаў туды пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

 

Уцякач кажа, што пакінуў Беларусь вымушана. За ім цікавалі міліцыя й так званыя "ціхары" ў чорным. Іх удалося перахітрыць. Асабліва актывіста непакоіла інфармацыя, якую падавалі спэцслужбы, што, маўляў, у Жлобіне на адным з заводаў прадстаўнік партыі "Народная грамада" спрабаваў замовіць арматуру перад акцыяй масавага пратэсту ў Менску. Канцавенка лічыць, што гэта была правакацыйная выхадка ў бок кандыдата Мікалая Статкевіча і яго асабіста.

 

У Польшчы Віктар Канцавенка меў ужо дзьве гутаркі з афіцыйным прадстаўніком у пытаньнях палітычных уцекачоў. Наведвае заняткі польскай мовы. Кожны дзень у лягеры пачынае з практыкаваньняў па сыстэме амэрыканскага дзеяча альтэрнатыўнай мэдыцыны Пола Брэга.

 

А каб быць у курсе беларускіх падзеяў, купіў караткахвалевы прымач і празь яго слухае перадачы "Радыё Свабода":

 

— Купіў прымач сабе ў Варшаве караткахвалевы, "Grundig" называецца. Дык я слухаю "Радыё Свабода", чуваць нармальна. Інфармацыю ўсю ведаю. І пра Міхалевіча таксама. Я думаю, што ён правільна зрабіў, што зьехаў, бо там бы яго прэсавалі пасьля такой заявы пра зьдзекі.

 

Віктар кажа, што ўдзельнічаў у трох акцыях пратэсту ля беларускай амбасады Варшаве. Стаяў з партрэтам Статкевіча. Зараз рыхтуецца да пікету пратэсту 19 сакавіка, але асабліва — да 25 сакавіка, Дня волі:

 

— Да 25-га рыхтуемся. Я ўжо тут запрасіў беларуса, а яшчэ расейца і ўкраінца — іх таксама прыцягваем для ўдзелу ў 25 сакавіка. Гэтая акцыя будзе больш масавая. Я напісаў лёзунг: "Свабоду Статкевічу!"

 

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

 

Актывіст АГП зь вёскі Азёры Гарадзенскага раёну Кірыла Семянчук раней за Алеся Міхалевіча выкарыстаў тактыку падману КДБ: даў падпіску аб супрацоўніцтве, а потым непрыкметна зьехаў за мяжу.

 

Лідэр Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін узгадвае пра Кірыла Семянчука з пэўнай павагай:

 

— Па-першае, Кірыла быў у нас вельмі актыўным сябрам партыі. Жыў ён у невялікай вёсцы Азёры і там таксама быў чалавекам знакавым. Практычна адзін на вёску апазыцыянэр, у якога заўсёды можна было знайсьці сьвежую апазыцыйную прэсу, распытаць пра апошнія падзеі. Яму там даставалася нямала, паколькі быў адзін. А 18 сьнежня, калі ён ехаў у Менск на Плошчу, яго арыштавалі міліцыянты.

 

Кірылу Семянчука асудзілі на 10 сутак, ён адбываў пакараньне ў Гарадзенскім СІЗА і менавіта пасьля гэтага цьвёрда вырашыў зьехаць зь Беларусі. Ягоны сябра па камандзе Някляева Алег Калінкоў узгадвае, што пасьля турэмнага арышту Кірыл начаваў першую ноч у ягонай кватэры:

 

— Проста ў мяне ў хаце на кампутары ў Інтэрнэце набралі ў пошуку: "Лягер бежанцаў у Польшчы". Адказаў было шмат — рэквізыты і правілы. Кірыл гэта ўсё занатаваў. Потым праз пару дзён кажа, што ў яго яшчэ адна бяда — яго звольнілі з працы. Хадзіў чорны-чорны, нібыта хмара, а потым ціха зьехаў.

 

Высьветлілася, што падчас арышту ў турме да Кірылы прымяняліся катаваньні.

 

— Ён мне адкрыта і шчыра расказаў пра ўсё, як было, што яму пагражалі, білі чамусьці валёнкам супрацоўнікі КДБ, выбівалі паказаньні на нашых сяброў партыі — адкуль мы бралі фінансаваньне, хто друкаваў улёткі і г.д., — кажа спадар Істомін.

 

Яшчэ адну заяву, перад тым як ад’ехаць, Кірыла Семянчук зрабіў журналісту Яну Роману:

 

— Ён зьвярнуўся да мяне і сказаў, што падчас знаходжаньня ў СІЗА яго катавалі супрацоўнікі КДБ і ён вымушаны быў даць падпіску аб супрацоўніцтве, паводле якой павінен даваць ім інфармацыю аб тым, што дзеецца ў шэрагах апазыцыі. Але гэтага рабіць не хачу, таму і зьяжджаю.

 

Юры Істомін лічыць, што супрацоўнікі КДБ заўчасна паверылі, што ў іх зьявіўся яшчэ адзін "стукач".

 

— Думаю, кадэбісты ўсё ж не дасачылі яго тут, бо ён амаль адкрыта зьяжджаў. Яны думалі, што ўжо зрабілі сваю справу і ў іх будзе яшчэ адна крыніца інфармацыі з шэрагаў апазыцыі — памыліліся.

 

Юры Істомін распавядае, што Кірыла Семянчук час ад часу тэлефануе, кажа, што прыстасоўваецца да іншага грамадзтва, але марыць вярнуцца ў Азёры да жонкі і дачкі.

 

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

 

Пераяжджаючы беларускія памежныя пераходы, берасьцейскія актывісты адзначаюць, што заўсёды існуе небясьпека апынуцца ў сьпісе невыязных. У такіх варунках многія карысталіся іншымі варыянтамі выезду з краіны за мяжу.

 

Андрэй Шарэнда зь Берасьця і Аляксандар Лукін з Кобрыня пасьля выбараў зьехалі зь Беларусі. Андрэй зараз у Варшаве, дзе навучаецца ва ўнівэрсытэце, а Аляксандар працуе і жыве ў Францыі. І Андрэй Шарэнда, і Аляксандар Лукін былі на Плошчы. Пасьля адбывалі пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

 

Андрэй Шарэнда кажа, што выяжджаў празь беларуска-польскі памежны пераход. Але некалі карыстаўся і іншымі магчымасьцямі.

 

— Калі ёсьць віза і ёсьць пашпарт, то самы просты шлях — праз Расею. Я сам некалі ехаў цягніком зь Менску да Бранску. З Бранску да Кіева, а ўжо з Кіева — самалётам або цягніком у Варшаву. Гэты шлях займае недзе каля сутак. Увогуле, такі маршрут нават назву мае — "дарога каліноўцаў".

 

Паводле Андрэя Шарэнды, калі няма пашпарту, магчымы яшчэ адзін варыянт выезду зь Беларусі. Мажліва знайсьці чалавека, які правядзе нелегальна, сьцежкамі, празь беларуска-ўкраінскую мяжу:

 

— Калі існуюць сапраўдныя складанасьці, то ў мяне былі знаёмыя, якія крочылі празь мяжу з Украінай пешшу. Там жа сапраўднай мяжы практычна няма. Ёсьць пагранічныя пераходы, але існуе магчымасьць і нелегальна прайсьці. А ўжо з Украіны без праблем магчыма выехаць, напрыклад, у Польшчу.

 

Аляксандар Лукін з Кобрыня меркаваў вярнуцца ў Беларусь, але цяпер, пасьля трох месяцаў, вырашыў прадаць свой бізнэс у Кобрыні і забраць сям’ю ў Францыю. Намеры наведацца ў Беларусь зьніклі пасьля таго, як родным сталі паступаць званкі зь міліцыі і нават да суседзяў прыходзіў участковы:

 

— Часта тэлефануюць, запытваюцца, калі я буду ў горадзе. Кажуць, што жадаюць паразмаўляць са мной. А да суседзяў прыходзіў участковы міліцыянт і апытваў іх. Потым суседка распавяла маёй жонцы, што нібыта зь Берасьця прыйшоў запыт, каб паразмаўляць з суседзямі і скласьці на мяне характарыстыку.

 

 

Мінінфарм зноў наступіў на хвалі “Аўтарадыё”

 

Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіла накіраваць абедзьве справы “Аўтарадыё” на новы разгляд. То бок абодва судовыя рашэньні ад 9 сакавіка — аб прызнаньні папярэджаньня, вынесенага Міністэрствам інфармацыі Аўтарадыё несапраўдным, і рашэньня Рэспубліканскай камісіі па радыёвяшчаньні Мінінфаріу аб спыненьні вяшчаньня незаконным — скасаваныя.

 

Міністэрства інфармацыі праз дзень пасьля перамогі “Аўтарадыё” у Вышэйшым гаспадарчым судзе па двух сваіх пазовах, ужо 11 сакавіка падало касацыйныя скаргі.

 

17 сакавіка прадметам абмеркаваньня ў касацыйнай калегіі зноў стала фраза з перадвыбарчай праграмы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы" за якую і было вынесена Міністэрствам інфармацыі папярэджаньне “Аўтарадыё”. Гэту фразу Мінінфарм палічыў заклікам да экстрэмісцкай дзейнасьці. Абодва бакі фактычна паўтарылі свае пазыцыі, агучаныя цягам трох ранейшых судовых паседжаньняў. Літаральна праз паўгадзіны калегія ў складзе трох судзьдзяў — Тацяны Праташчык, Алены Каравай і Натальлі Сарнацкай — вынесла свой вэрдыкт:

 

"Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіла: рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду ад 9 сакавіка па справе 2.7.11 адмяніць. Справу накіраваць на новы разгляд у гаспадарчы суд першай інстанцыі ў іншым складзе суду".

 

Другая справа тычылася парушэньня Аўтарадыё так званай заяўленай творчай канцэпцыі, за што, уласна кажучы, быў і выключаны перадатчык. Прэтэнзіі Мінінфарму былі такія: ня выконваліся дакладна працэнтныя суадносіны навінаў, рэклямы, музыкі, публіцыстычных, культурна-асьветніцкіх праграм. У канцэпцыі, да прыкладу, закладзена 86,3% музыкі да агульнага аб’ёму вяшчаньня, а ў навагоднія сьвяты музыкі гучала на 0,8% больш (87,5%). Рэклямы ў канцэпцыі заяўлена 2%, а прагучала 2,3%. Вось за гэтыя дзясятыя долі працэнта і паплацілася Аўтарадыё. Такім чынам, рашэньне суду першай інстанцыі па другому пазову таксама адменена, і справа накіраваная на новы разгляд.

Гендырэктар “Аўтарадыё” Юры Базан пасьля абвешчаньня абодвух вэрдыктаў выказаў такое меркаваньне:

 

— А гэта як шахматная дошка: ёсьць клеткі чорныя, ёсьць клеткі белыя... Выбачайце, гэта ў мяне ўжо амаль гістэрычны сьмех. Я наагул тут заўважыў гендэрнае пытаньне: у першым паседжаньні быў адзін мужчына, а сёньня — тры жанчыны, і ўсё ж такі тры жанчыны перамаглі.

 

— А калі сур’ёзна, наперадзе новыя разгляды. Ці ёсьць у вас спадзеў на зьмены?

 

— Ну, калі ўжо было белае, потым чорнае, па статыстыцы, наступны раз зноў павінна быць белае. Потым зноў на касацыю, зноў чорнае.

 

— І гэта можа расьцягнуцца на даволі доўгі час?

 

— Так, першы працэс доўжыўся два месяцы. Ня ведаю, колькі будзе цягнуцца новы.

 

На юрыдычнай мове накіраваньне справы на новы разгляд ня лічыцца паразай. Але пакуль будзе ісьці перагляд справы, Аўтарадыё вымушана маўчаць у эфіры.

 

Іна Студзінская

 

“Радыё Свабода”

 

  

Еўрасаюз пашырыць на 19 чалавек спіс неўзяздных беларускіх чыноўнікаў

 

Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", аб гэтым заявіла адказная ў МЗС Германіі за працу з Беларуссю Сузана Шутц 16 сакавіка на сустрэчы ў Берліне з адказным сакратаром БХД Дзянісам Садоўскім.

 

Паводле яе слоў, у спіс будуць дабаўлены суддзі, якія выносілі прыгаворы па справах абвінавачваных у масавых беспарадках у Менску 19 снежня. Шутц таксама выказала падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі.

 

“БелаПАН”

 

  

Міхалевіча выклікаюць у Генеральную пракуратуру

 

Кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч 28 лютага напісаў заяву ў Генеральную пракуратуру аб парушэннях умоваў утрымання ў следчым ізалятары КДБ. Праз тры дні Міхалевічу прыйшоў адказ, што зварот перанакіраваны ў Вайсковую пракуратуру. Маўляў, адтуль і паведамяць аб канчатковым рашэнні.

 

Цікавае ў гэтай гісторыі заключаецца ў тым, што 14 сакавіка, на наступны дзень пасля таго, як стала ясна, што Алесь Міхалевіч з’ехаў з краіны, яму прыйшоў новы ліст з Генпракуратуры. Палітыка запрашаюць 18 сакавіка з’явіцца ў Генпракуратуры да следчага Пусташылы для дачы тлумачэнняў. Нібыта навін не чытаюць.

 


У КДБ выклікалі арганізатара флэш-моба ў падтрымку "Ляпісаў"

 

17 сакавіка ў 12:45 да Івана Марозькі прышлі тры супрацоўнікі КДБ. Каб трапіць у кватэру, яы назваліся газавай службай. Кадэбісты перадалі хлопцу позву на допыт.

 

Ён павінен з’явіцца туды 18 сакавіка. Марозька папытаўся ў самазваных газаўшчыкоў, ці будуць яны правяраць лічыльнікі. Тыя спярша не адказалі. Але на развітанне заявілі, што могуць паглядзець і лічыльнікі.

 


Як затрымлівалі Дашкевіча і Лобава

 

У Сеціве з’явіўся відэаролік, у якім Дзяніс Лазар расказвае пра падзеі 18 снежня.

 

За колькі дзён да суда над Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым незарэгістраваны "Малады фронт" падрыхтаваў відэаролік з сведчаннямі Дзяніса Лазара. У ім ён расказвае пра падзеі 18 снежня, калі яго з Дашкевічам і Лобавым затрымалі па падазрэнні ў хуліганстве.

 

Дзяніс Лазар расказвае, што 17 снежня ён прыехаў у Менск, каб у дзень выбараў удзельнічаць у мітынгу разам з іншымі "маладафронтаўцамі". Па яго словах, у ноч на суботу ён і яго сябры заўважылі сачэнне за кватэрай, якую яны здымалі. Вырашылі яе пакінуць. У суботу ў абед селі ў аўтобус, які кіраваўся з вул. Панамарэнкі ў бок Малінаўкі. Праз два прыпынкі заўважылі, што за імі сочаць, выйшлі з аўтобуса і пайшлі ў двары.

 

Там да іх падышлі чатыры чалавекі. Спыталі ў Дашкевіча нейкі адрас і папрасілі цыгарэту. А ўслед за гэтым пачалі яго збіваць. Ударылі ў жывот. Ён паваліўся на зямлю. Павалілі і Лобава з Лазарам. Змітру пачалі круціць рукі, а Дзянісу нацягнулі на вочы шапку. Ён кажа, што з таго моманту нічога не бачыў.

 

Праз некалькі хвілін пад’ехаў аўтобус са спецназаўцамі. Пра тое, што ў Лобава знайшлі манціроўку, Лазар даведаўся пазней ад міліцыянтаў.

 

Напрыканцы роліка нагадваецца пра тое, што З. Дашкевіч і Э. Лобаў "абвінавачваюцца ў асабліва злосным хуліганстве, якога яны не здзяйснялі".

 

Раней, 15 сакавіка, намесніца старшыні незарэгістраванага "Маладога фронту" Наста Палажанка звярнулася з адкрытым лістом да суддзі па справе Дашкевіча Алены Шылько й гэтак званых "пацярпелых" Канстанціна Савіцкага й Алега Малышава. Палажанка просіць не дапускаць беззаконня ў судзе і нагадвае пра маральную й крымінальную адказнасць за несправядлівы прысуд.

 

Першапачаткова суд над "маладафронтаўцамі" быў прызначаны на 21 сакавіка, але потым быў перанесены на 22 сакавіка — дзень пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага.

 

Сямён Печанко

 

 

Зварот рэдакцыі сайта charter97.org

 

Пасля разгрому офіса рэдакцыі нашага сайта ў Менску ў ноч з 19 на 20 снежня, мы вымушаныя былі выехаць за межы Беларусі. КДБ канфіскаваў наша абсталяванне. Рэдактар сайту Наталля Радзіна была арыштаваная і праходзіць у якасці абвінавачванай па так званай крымінальнай справе «аб масавых беспарадках». Наталлі пагражае да 15 гадоў зняволеньня і яна пазбаўленая магчымасці паўнавартасна займацца журналістыкай.

 

Цяпер рэдакцыя знаходзіцца ў Вільні і працягвае працу. Тая дапамога, якую нам аказалі нашы сябры, дазволіць нам прафесійна працаваць яшчэ некалькі тыдняў, а затым мы будзем вымушаныя спыніць паўнавартасную працу.

 

Наш праект — гэта не адзін і не два чалавекі. Для паўнавартаснай, прафесійнай працы буйнога па беларускіх мерках навінавага сайта патрэбныя рэдактары, адміністратары, перакладчыкі, журналісты, памяшканне для працы, абсталяванне, сувязь, арэнда магутнага сервера. Усё гэта арганізаваць на энтузіязме і за свой кошт немагчыма. Паверце, нашы супрацоўнікі атрымліваюць за сваю самаадданую працу невялікія нават па беларускіх мерках грошы.

 

На жаль, гучныя заявы еўрапейскіх палітыкаў аб падтрымцы незалежных беларускіх СМІ пакуль застаюцца проста заявамі. Магчыма, наш сайт не ўпісваецца ў той "новы ландшафт" палітычных сілаў у Беларусі, які з’явіўся пасля арышту рэальных беларускіх лідэраў.

 

Мы прыкладзем усе сілы для захавання вядучага беларускага незалежнага інфармацыйнага рэсурсу і застанемся голасам беларусаў, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў засценках КДБ. Частку выдаткаў мы плануем пакрываць за кошт рэкламы і ўласных сродкаў, мы вядзем перамовы па атрыманні дапамогі ад еўрапейскіх донараў. Аднак для перафарматавання працы трэба час.

 

Мы вымушаныя звярнуцца да вас, нашых чытачоў, за дапамогай. Каб захаваць рэдакцыю ў гэты складаны момант, нам патрэбныя грошы.

 

Мы просім вас аказаць нам падтрымку і пералічыць любую прымальную суму на рахунак у сістэме PayPal. Адмысловая кнопка размешчаная зверху ў правай калонцы сайта. Гарантыяй мэтавага выдаткоўвання дапамогі будзе бесперабойная праца.

 

Мы загадзя дзякуем за вашу дапамогу і падтрымку. Заставайцеся з намі!


“Наша Ніва”

 

 

Барысу Хамайду прысудзілі чарговы штраф за сцяг

 

Віцебскі суд пакараў мясцовага апазіцыйнага дзеяча Барыса Хамайду штрафам у памеры адзін мільён 50 тысяч рублёў за выхад на вуліцы гораду з бел-чырвона-белым сцягам.

 

Суддзя Ўладзіслаў Шыкароў палічыў дзеянне Хамайды несанкцыянаваным пікетам.

 

— Цяпер ўсё ідзе па другім коле: пастанова суддзі Цыганковай была сёння перагледжана суддзём Шыкаровым і ён прызнаў, што я вінаваты і што гэта быў несанкцыянаваны пікет ды прысудзіў мне 30 базавых — гэта зноў мільён. 23 сакавіка будзе разглядацца адмененая пастанова суддзі Грэбянчук — будзе бадай 3-ці мільён.

 

Суддзя пагадзіўся з пазіцыяй міліцыянтаў, якія запісалі у пратаколе, што Барыс Хамайда праводзіў каля так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна — несанкцыянаваны пікет, таму што бел-чырвона-белы сцяг прыцягваў увагу мінакоў і сведчыў пра пэўныя палітычныя погляды віцебскага актывіста.

 

Кастусь Бандарук

 

“Радыё Рацыя”

 

 

У Барысаў вярнулася традыцыя публічнага "асуджэння" працоўным калектывам

 

Намесніку старшыні Барысаўскай гарадской прафгрупы незалежнага прафсаюзу РЭП Анатолю Аскерку адміністрацыя барысаўскага завода “Аўтагідраўзмацняльнік” прапанавала напісаць заяву аб звальненні па пагадненню бакоў пасля таго, як ён адбыў 12 сутак за Плошчу.

 

Рабочаму шостага разраду засталося ўсяго два з паловай гады дапрацаваць да пенсіі. Кантракт у яго заключаны да надыходу пенсійнага ўзросту. Тым не менш, прадстаўнікі адміністрацыі прапанавалі яму напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні. У сваім каментары да гэтай сітуацыі прафсаюзнаму сайту www.praca-by.info Анатоль Аскерка дапусціў неабдумана фразу "за мяне стаіць уся брыгада".

 

Праз пару тыдняў газета Барысаўскага райвыканкама надрукавала справаздачу аб сходзе брыгады, на якім начальнік лабараторыі Савіцкі В.У. <...> "асудзіў словы Аскеркі А.З. — "Да таго ж за мяне стаіць уся брыгада". Супраць гэтых слоў таксама выступілі Арцюшэнка А.С., Лескін В.Г. і астатнія члены брыгады. А акрамя таго, на сходзе было вырашана, што "1. Усе члены брыгады асуджаюць словы наладчыка Аскеркі А.З. "Да таго ж за мяне стаіць уся брыгада" <...> як неадпаведныя рэчаіснасці. 2. Усе члены брыгады не падтрымліваюць ўдзел наладчыка брыгады Аскеркі А.З. у несанкцыянаваным мітынгу 19 снежня 2010 у г. Мінску".

 

Пратакол вёў В.У. Савіцкі. А падпісалі наладчыкі Арцюшэнка А.С., Арцюшэнка Г.С., Арцюшэнка Д.Г., Лескін В.Г., Яромін Ю.А., Шаман Г.К., Фаменка І.В., Шумілаў Г.М., Швайбовіч У.П. <...>

 

Як распавёў Анатоль Аскерка, на сход яго не запрашалі. Наогул жа даваць якія-небудзь каментары цяпер ён баіцца.

 

— Добра, што другі раз не выклікалі пісаць заяву, — кажа Аскерка. — Сваю грамадзянскую пазіцыю я, вядома, не змяніў. <...> Але цяпер усё супакоілася. <...> Можа, да пенсіі дапрацую. Без камэнтароў.

 

Такая вось працоўная салідарнасць мае месца на барысаўскім заводзе "Аўтагідраўзмацняльнік".

 

“spring96.org”

 

 

Лидер “Справедливого мира” может попасть за решетку

 

Председателя Беларусской партии левых "Справедливый мир" Сергея Калякина 16 марта вызвали на допрос в КГБ, где он был официально предупрежден о недопустимости распространения недостоверных сведений, наносящих угрозу национальной безопасности Республики Беларусь.

 

Предупреждение, подписанное заместителем председателя КГБ Виктором Вегера, было вынесено после 4-часового допроса.

 

По словам политика, ему вменяется в вину "совершение противоправных действий, выразившихся в представлении представителю иностранного государства 28 декабря 2010 года в г. Минске депутату Бундестага М-Л.Бек недостоверных сведений, наносящих угрозу национальной безопасности Республики Беларусь".

 

С. Калякин предупрежден, что в случае продолжения противоправной деятельности, он может быть привлечен к ответственности предусмотренной ст. 369-1 Уголовного кодекса Беларуси — "Дискредитация Республики Беларусь".

 

Лидер беларусских левых категорически не согласен с вынесенным предупреждением. Он не отрицает, что вместе с другими белорусскими политиками участвовал во встрече с депутатом немецкого парламента Л-М. Бек. Однако, по словам С. Калякина, он действовал в рамках Конституции и законов Республики Беларусь.

 

— Тот разговор с депутатом Бундестага был публичной беседой и касался оценки событий, произошедших 19 декабря. Я высказывал свою точку зрения на то, что произошло. Конституция гарантирует каждому гражданину право на свободу мнений, убеждений и их свободное выражение, — говорит С. Калякин.

 

В частности политик считает, что уголовное дело по статье "массовые беспорядки" против участников мирной акции граждан 19 декабря 2010 года, возбуждено неправомерно.

 

— Считаю, что необходимо было возбудить дела по совершенно другим статьям УК: в отношении хулиганствующих субъектов, которые на самом деле били стекла в Доме Правительства и в отношении тех должностных лиц из правоохранительных органов, которые проявили преступную халатность и не пресекли действия хулиганов, которые могли перерасти в массовые беспорядки.

 

Их халатная бездеятельность вообще могла привести к чрезвычайной ситуации, — отметил лидер Партии "Справедливый мир". Кроме этого, как уверяет С. Калякин, он говорил о своей оценке итогов избирательной кампании, о том, как она проходила.

 

— Ну, например, информацию о том, что отечественные и международные наблюдатели не были допущены к реальному наблюдению за подсчетом голосов, никак нельзя назвать заведомо ложными сведениями, которые могут угрожать национальной безопасности Республики Беларусь. В противном случае под действие этой статьи подпадает большинство избирательных комиссий, которые воспрепятствовали наблюдателям реализовать это законное право, — подчеркивает политик.

 

По словам лидера беларусских левых, он "высказал свое несогласие с вынесенным предупреждением" и будет стремиться "обжаловать его в установленном законом порядке".

 

— Попытка "пришить" ст. 369-1 УК к законной политической деятельности, гарантированной Конституцией, можно рассматривать, как оказание давления, — считает С. Калякин.

 

— Ввластям сегодня не нравится наша активная деятельность по освобождению тех людей, которые находятся в следственных изоляторах. На мой взгляд, они незаконно находятся за решеткой и против них незаконно возбуждено уголовное дело, — заявил он udf.by.

 

Статья 369-1 Уголовного кодекса Республики Беларусь:

 

"Дискредитация Республики Беларусь"

 

Предоставление иностранному государству, иностранной или международной организации заведомо ложных сведений о политическом, экономическом, социальном, военном или международном положении Республики Беларусь, правовом положении граждан в Республике Беларусь, дискредитирующих Республику Беларусь или ее органы власти (дискредитация Республики Беларусь), — наказывается арестом на срок до шести месяцев или лишением свободы на срок до двух лет.

 

“БГ-Деловая газета”

  

  

18 сакавіка 2011 г.


Статкевічу і Вусу выставілі абвінавачаньне

 

Беларускае сьледзтва выставіла абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў яшчэ двум экс-кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Мікалаю Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу.

 

Пра гэта паведаміў "Інтэрфаксу" часова выконваючы абавязкі начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.

 

На думку сьледзтва, "пад час расьсьледаваньня крымінальнай справы былі атрыманы неабвержныя доказы, у тым ліку паказаньні сведак і іншых абвінавачаных, фота і відэаматэрыялы, якія сьведчаць аб удзеле фігурантаў ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 года".

 

— Адносна яшчэ пяцёх абвінавачаных сьледзтвам атрыманы ня менш пераканаўчыя доказы іх датычнасьці да масавых беспарадкаў: удзел у пагромах, зьнішчэньне маёмасьці Дома ўрада і прымяненьне фізычнай сілы ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія выконвалі свае службовыя абавязкі па ахове грамадзкага парадку, — паведаміў прадстаўнік МУС.

 

Акрамя таго, абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках прад'яўлена Аляксандру Квяткевічу, Дзьмітрыю Буланаву, Арцёму Грыбкову, А. Пазьняку. Аляксандру Класкоўскаму прад'яўленае абвінавачваньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, а таксама ў абразе прадстаўніка ўлады і ў самавольным прысваеньні званьня ці ўлады службовай асобы.

 

— Сьледзтвам прынятае рашэньне аб прад’яўленьні крымінальнай справы для азнаямленьня абвінавачваным і іх адвакатам і далейшай яго перадачы ў пракуратуру Менска для накіраваньня ў суд, — сказаў Шалькевіч.

 


Алесь Міхалевіч у лягеры для ўцекачоў у Чэхіі

 

Алесь Міхалевіч папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі. Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг, піша інтэрнэт-партал Сeskenoviny.

 

— Паводле інфармацыі, якую мы маем зь Міністэрства ўнутраных справаў, ён ужо папрасіў прытулку ў Чэскай рэспубліцы, — сказаў Шварцэнбэрг. — Я асабіста знаёмы са спадаром Міхалевічам і я перакананы, што Чэская рэспубліка павінна даць яму прытулак, бо гэта адпавядае нашай традыцыі. Спадар Міхалевіч вызнае тыя самыя каштоўнасьці, што і мы, і я шаную ягоную сьмеласьць.

 

Міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг тэлефанаваў Алесю Міхалевічу адразу пасьля таго, як той быў выпушчаны зь СІЗА КДБ.

 

Як распавёў тады Міхалевіч, Шварцэнбэрг выказваў яму сваю падтрымку і спытаўся, што Эўразьвяз можа зрабіць для таго, каб беларускія палітвязьні як мага хутчэй выйшлі на волю.

 

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Чэхіі Віт Колаж пацьвердзіў "Свабодзе":

 

— Магу пацьвердзіць, што беларускі экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч прыехаў у Чэскую Рэспубліку і папрасіў візу, якая была яму выдадзеная. Цяпер ён чакае вырашэньня пытаньня пра палітычны прытулак у лягеры для уцекачоў.

 

У Міністэрстве ўнутраных справаў Чэхіі паведамілі, што выпадкі палітычных прытулкаў вырашаюцца звычайна на працягу 90 дзён.

 

Як паведаміў першы сакратар беларускай амбасады ў Чэхіі Валянцін Шпак, “нам вядома пра Алеся Міхалевіча ня больш, чым грамадзянам Чэхіі і грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў ЧР.”

 

Адмовіўся камэнтаваць зварот Міхалевіча пра палітычны прытулак у Чэхіі і прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

 

Жонка палітыка Мілана Міхалевіч паведаміла “Свабодзе”:

 

— Алесь са мной не зьвязваўся, я толькі ад журналістаў пачула некалькі пытаньняў на гэтую тэму. Я, на жаль, нічога ня ведаю. Сама яшчэ не бачыла гэтых навінаў.

 

Міхалевіч зараз ня мае мабільнага тэлефона, Улады Чэхіі гарантавалі яму бясьпеку, пры гэтым папрасілі ўстрымлівацца пэўны час ад кантактаў.

 


Назваліся газавікамі, аказалася — “кадэбісты”

 

Грамадзкіх актывістаў у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты ў КДБ, каб выведаць пра мінулыя і будучыя апазыцыйныя акцыі. Здараюцца выпадкі, калі спэцслужбы завабліваюць людзей на допыты хітрыкамі.

 

МАГІЛЁЎШЧЫНА

 

У Бабруйску мясцовае аддзяленьне КДБ цікавіцца ня толькі актывістамі апазыцыі, але й журналістамі недзяржаўных выданьняў. Апошні з дапытаных — супрацоўнік тыднёвіка "Бабруйскі кур’ер" Андрэй Шобін.

 

Выклікалі журналіста ў КДБ позвай. Безь яе ён адмаўляўся ісьці на допыт да опэрупаўнаважанага Мікіты Белянчэнкі. У КДБ Андрэй Шобін прабыў тры з паловай гадзіны.

 

— Выклікалі мяне, каб даведацца пра маё магчымае супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат". А таксама цікавіліся маім супрацоўніцтвам з газэтай "Бабруйскі кур’ер".

 

Як сьцьвярджае журналіст, пратаколу камітэтчык ня вёў. Чаму?

 

— Ён адказаў, што гэта прафіляктычная размова. Ён прапанаваў мне напрыканцы падпісаць паперу, якой мяне папярэджвалі, што мне пагражае ў выпадку супрацоўніцтва зь не зарэгістраванымі ў Беларусі замежнымі СМІ.

 

Выклік Андрэя Шобіна ў КДБ рэдактар "Бабруйскага кур’ера" Анатоль Санаценка расцэньвае як ціск і на выданьне. Ён заяўляе, што яго супрацоўніка падманам зацягнулі на допыт:

 

— Андрэй Шобін быў выкліканы як сьведка, а высьветлілася, што ягоны статус — ня сьведкі, а суразмоўцы. Тут і запалохваньне, і незаконная прапрацоўка незалежнага СМІ з боку дзяржаўнага органа, які павінен займацца дзяржаўнай бясьпекай, а не віжаваньнем і ціскам на незалежных журналістаў.

 

Тым часам у турме КДБ знаходзіцца супрацоўнік "Бабруйскага кур’ера", дзевятнаццацігадовы Яўген Васьковіч. Тэрмін яго зьняволеньня мае скончыцца празь дзесяць дзён. Васьковіча вінавацяць у злосным хуліганстве. Маці хлопца Рушаньня Іванаўна кажа, што Яўген у лістах паведамляе, што сьледзтва завяршаецца:

 

— Ужо, напэўна, хутка суд будзе, аднак пакуль нічога невядома — калі й што. А там усё будзе ад судзьдзі залежаць, — сказала маці Яўгена Васьковіча.

 

У сюжэце па беларускім тэлебачаньні, прысьвечаным анархістам, Яўген Васьковіч прызнаўся ў падпале дзьвярэй мясцовага КДБ. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Бабруйскія дэмакраты зьвярнуліся да праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя", каб тая ўзяла пад кантроль справу Васьковіча. Апазыцыянэры дапускаюць, што хлопца вымусілі прызнацца ў злачынстве, якога ён не зьдзяйсьняў.

 

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

 

Суд па адміністрацыйнай справе студэнткі Гарадзенскага мэдунівэрсытэту Кацярыны Герасімчык перанесены на наступную сераду. Дзяўчыну вінавацяць у нанясеньні на пастамэнт помніка Леніну надпісу "Луку на муку". Кацярына папрасіла ў судзьдзі, каб ёй далі яшчэ раз азнаёміцца са складзеным на яе пратаколам.

 

На судзе ў пятніцу супраць Кацярыны Герасімчык сьведчылі двое міліцыянтаў, якія і затрымалі яе разам зь сяброўкай Вольгай Багданкевіч побач з помнікам Леніну, на пастамэнце якога быў зроблены надпіс "Луку на муку".

 

Адзін зь іх, Эдуард Багдановіч, сьцьвярджаў, што з будынка гарвыканкаму бачыў, як спачатку дзяўчаты падыходзілі да слупоў і клеілі там налепкі, а потым, маўляў, падымаліся на пастамэнт побач з помнікам Леніну і некалькі сэкундаў там нешта рабілі.

 

Таго, што менавіта дзяўчаты наносілі надпіс, міліцыянт ня бачыў, але паколькі яны там стаялі, то ён зрабіў выснову і ўпэўнена сьведчыў, што гэта зрабілі менавіта яны. Ён нават спрабаваў давесьці, што пры затрыманьні Кацярына гэтага не адмаўляла.

 

Другі супрацоўнік міліцыі, Сяргей Рышкель, паказаў у судзе, што ня можа засьведчыць, што менавіта дзяўчаты рабілі надпіс, але, маўляў, калі ён з калегам падышоў да помніка, то адчуў сьвежы пах фарбы.

Кацярына Герасімчык у судзе засьведчыла, што нязгодная з абвінавачаньнем. Яна не прызнала сваю віну, а папрасіла яшчэ раз азнаёміцца з пратаколам. У гэты момант судзьдзя Натальля Козел абвясьціла перапынак да серады:

 

— Сьведчаньні міліцыянтаў не адпавядаюць таму, што было на самой справе, бо падчас затрыманьня я не казала, што прызнаю сваю віну, і гэтага, дарэчы, няма ў пратаколе. Другі міліцыянт наагул сумняваўся ў тым, ці я нешта малявала. Ён чэсна прызнаўся, што ня ўпэўнены, што гэта я напісала на помніку.

 

У судзе прысутнічаў праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, у якога я пацікавіўся — навошта, на яго думку, было пераносіць працэс, калі справа была ўжо відавочна разгледжаная:

 

— Як звычайна здараецца ў такіх палітызаваных працэсах — вынік вызначаецца загадзя. Адзінае — відаць, патрэбны час, і, магчыма, судзьдзя не хацела гэтага рабіць у прысутнасьці журналістаў, а магчыма, зьверху яшчэ папросту не даведзена рашэньне. Па сутнасьці, у судзе не прагучала нейкіх доказаў віны Кацярыны Герасімчык, але якое будзе рашэньне — пабачым.

 


КДБ цікавіцца “Свабодным рэгіёнам”

 

Наваполацкага актывіста, аднаго з ініцыятараў стварэньня грамадзкага аб’яднаньня “Свабодны рэгіён” Яўгена Парчынскага выклікалі ў КДБ.

 

Спадар Парчынскі распавёў, што яго выклікалі праз тэлефон. Але ісьці на допыт 18 сакавіка актывіст адмовіўся: ён вучыцца на прадпрымальніка і ў гэты дзень заняты. Прадстаўнік КДБ сказаў, што ў такім выпадку дашле афіцыйную позву.

 

Паводле Яўгена Парчынскага, яму адразу патлумачылі, пра што пойдзе гаворка:

 

— Супрацоўнік КДБ сказаў, што яго цікавіць “Свабодны рэгіён”. Што гэта за арганізацыя і адкуль у Полацку ды Наваполацку пачалі зьяўляцца ўлёткі пра палітвязьняў. Я адразу сказаў, што зьяўляюся старшынём аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “Свабодны рэгіён”, які мае на мэце аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў Полаччыны. І не зьбіраюся хаваць таго, што маю самае непасрэднае дачыненьне да распаўсюду бюлетэняў “ШОС” і ўлётак з партрэтамі зьняволеных пасьля 19 сьнежня апазыцыйных палітыкаў.

 

“Радыё Свабода”

 

  

Да Мікалая Статкевіча дапусцілі адваката

 

Сёння адвакат экс-кандыдата на пост прэзідэнта Мікалая Статкевіча Таццяна Станкевіч сустрэлася са сваім падабаронным. Апошні раз яна бачыла яго 29 снежня 2010 года.


Таццяна Станкевіч паведаміла карэспандэнту “Народнай Волі”, што Статкевіч выглядае бадзёра. Ён папрасіў перадаць усім прывітанне і падзяку за падтрымку. Расказаў, што ўжо атрымлівае лісты, у тым ліку ад дачок — Ганны і Касі.

 

Любоў Лунёва

 

“Народная Воля”

  

  

19-20 сакавіка 2011 г.


У Глыбокім прайшла акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі

 

На пляцоўку каля раённага Дома культуры з партрэтамі палітзьняволеных выйшлі трое мясцовых актывістаў. Акцыя была дазволена райвыканкамам, і яе кантраляваў асабіста загадчык ідэалягічнага адзьдзелу Міхаіл Чарапкоўскі.

 

Яшчэ да пачатку імпрэзы пляцоўку, якую раённыя ўлады вызначылі для правядзеньня масавых акцый, ачапілі паласатай стужкай. Загадчык ідэалягічнага адзьдзелу Глыбоцкага райвыканкаму спадар Чарапкоўскі патлумачыў, што менавіта цяпер, у суботу, у райцэнтры праводзіцца добраўпарадкаваньне дарогі.

 

Праезд па вуліцы Камуністычнай быў перакрыты, і мясцовыя актывісты мяркуюць, што гэта нездарма: пляцоўка і так нешматлюдная, а ў выніку "рамонтных работ" акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі змаглі ўбачыць ня так шмат землякоў, як было б пажадана.

 

Заяўку на правядзеньне акцыі падаваў у райвыканкам актывіст Яраслаў Берніковіч. Сёньня ён выйшаў з плякатам, дзе быў партрэт Уладзімера Някляева і надпіс "Тры месяцы пад арыштам. За што?":

 

— Да сёньняшняй акцыі ўлады падрыхтаваліся — з дзевятай раніцы быў забаронены праезд па вуліцы Камуністычнай,да дазволенай пляцоўкі падагналі будаўнічаю тэхніку якая прастойвала з ранку і пачала працаваць ад пачатку акцыі а загадчык ідэалягічнага адзьдзелу чакаў у машыне, пакуль мы распачнем мерапрыемства і прысутнічаў да яе заканчэньня.

 

Пікетоўцы ўсталявалі намёт і трымалі партрэты зьняволеных. Яраслаў Берніковіч запаліў сьвечкі на знак салідарнасьці.

 

Да пікетоўцаў мінакі падыходзілі з аглядкай, некаторых відавочна бянтэжыла прысутнасьць галоўнага раённага ідэоляга. Але некаторыя камэнтавалі зьняволеньне кандыдатаў у прэзыдэнты да іншыя актывісты досыць адкрыта. Да прыкладу, 18-гадовы Віталь:

 

— Я лічу, што гэта несправядліва. Людзі проста выказалі сваю думку. І за гэта — "саджаць"? Так рабіць няправільна.

 

Акцыя працягвалася каля дзьвюх гадзін. Увесь гэты час побач з пікетоўцамі знаходзіўся загадчык ідэалягічнага адзьдзелу, а таксама юрыст райвыканкаму. Актывісты раздавалі мінакам аўдыёдыскі з песьнямі Уладзімер Някляева.

 

А напрыканцы акцыі раённы ідэоляг папрасіў узяць на памяць фотаздымкі палітзьняволеных — Мікалая Статкевіча, Дзьмітрыя Вуса, Ірыны Халіп і Алякснадра Фядуты.

 

 

Вуліца салідарнасьці з Някляевым

 

Актывісты кампаніі "Гавары праўду" правялі акцыю ў падтрымку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, які зараз знаходзіцца пад хатнім арыштам.

 

У раёне вуліцы Вялікаморскай, дзе жыве Уладзімер Някляеў, актывісты кампаніі расклеілі плякаты з зваротам да суседзяў палітыка ня быць абыякавымі і праявіць салідарнасьць — напісаць Някляеву словы падтрымкі.

 

 

Вярнуць гітару Сімбірову КДБ ня можа, бо загружаны працай

 

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ня ў стане вярнуць актывісту грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” з Асіповічаў Ігару Сімбірову яго асабістыя рэчы — гітару, нэтбук і прыватныя дзёньнікі. Пра гэта супрацоўнікі КДБ паведамілі ў адказе на скаргу актывіста.

 

Зь ліста вынікае, што сьледчая ўправа папярэдніх расьсьледаваньняў менскай міліцыі, якая распачала крымінальную справу аб падзеях 19 сьнежня, выконвае вялікі аб’ём сьледчых дзеяньняў і вярнуць рэчы на патрабаваньне актывіста кампаніі “Гавары праўду” ня можа.

 

— Мяне супакоілі, што паведамяць пра рашэньне адносна маёй маёмасьці. Якое дачыненьне да масавых беспарадкаў мае мая гітара і дзёньнікі з чарнавікамі маіх песень я зразумець не магу. Ну ладна нэтбук, я б пачакаў, але там толькі запісы з маіх канцэртаў — больш нічога. Відаць яны спрабуюць адшукаць у дзёньніках нейкую крамолу, каб мяне зачапіць, бо ведаюць, што я актыўна працаваў у штабе Някляева. У гэтай управе папярэдніх расьсьледаваньняў мяне дапытвалі два разы і сьледчы казаў, што яго задача мяне са сьведкі па справе перакваліфікаваць у падазраванага, — паведаміў Сімбіроў.

 

Рэчы, якія патрабуе вярнуць Ігар Сімбіроў, забралі з кватэры, якую ён здымаў у Менску. Падчас ператрусу ён не прысутнічаў, бо адбываў адміністрацыйны арышт у жодзінскай турме. Зьвярнуцца ў КДБ са скаргай ён вырашыў пасьля бясплённых спробах дамагчыся ад менскай міліцыі вяртаньня сваёй маёмасьці.

 

19 скаваіка Ігар Сімбіроў знаходзіўся ў калёне прыхільнікаў Уладзмера Някляева, на якіх напалі супрацоўнікі спэцслужбаў.

 

Сімбірова затрымалі ў ноч з 19 на 20 сьнежня. У Жодзіне ён адседзеў 15 сутак.

 

“Радыё Свабода”

  

  

У Брэсце салідарныя з палітзняволенымі

 

У знак салідарнасці з палітзняволенымі і іх сем’ямі па Брэсту на інфармацыйных тумбах расклеяны партрэты з надпісам “Свабоду палітзняволеным!”.

 

Па словах Уладзіміра Вуека, намесніка старшыні рэспубліканскай арганізацыі АГП “Маладыя Дэмакраты”, гэтай акцыяй актывісты хочуць яшчэ раз нагадаць грамадзянам пра жудасныя падзеі 19 снежня:

 

— Мы спадзяемся, што такім чынам мы яшчэ раз нагадаем грамадзянам, што ў нас, у Рэспубліцы Беларусь, ёсць палітычныя зняволеныя пасля падзеяў, якія адбыліся 3 месяцы таму, 19 снежня, ля Дома ўраду ў Менску.

 

Акцыя праведзена актывістамі прадвыбарчага штабу Уладзіміра Някляева ды моладзевай структурай Аб’яднанай грамадзянай партыі “Маладыя Дэмакраты”.

 

Аліса Поль

 

“Радыё Рацыя”

  

  

Сенат США призывает ЕС присоединиться к экономическим санкциям
против беларусских властей

 

Сенат США единогласно принял резолюцию, которая осуждает президентские выборы в Беларуси в декабре 2010. Сенат считает выборы нелегитимные и призывает беларусские власти к освобождению всех политических заключенных.

 

Резолюция призывает президента и госсекретаря США координировать политику США в отношении Беларуси с политикой Евросоюза; воссоздать техническую и материальную поддержку оппозиции и гражданского общества в Беларуси; расширить американский список должностных лиц Беларуси, ответственных за преследование оппонентов режима после 19 декабря 2010 года, и наложить целенаправленные санкции на эти лица и членов их семей; определить дальнейшие предприятия, которые обогащают режим Лука-ко, запретить торговлю с ними и заморозить их активы.

 

“Народная Воля”

 

 

У КДБ дапыталі 14-гадовага сына Дзмітрыя Уса

 

Хлопец па дарозе ў краму 19 снежня проста падлічыў колькасць аўтазакаў ля рэзідэнцыі Лука-кі і паведаміў свайму бацьку. Усе размовы праслухоўваліся.

 

За некалькі дзён да прад’яўлення Дзмітрыю Усу абвінавачання ў "арганізацыі ўзброенага супраціву прадстаўнікам уладаў" спецслужбы дапыталі нават яго 14-гадовага сына.

 

— Выклікалі і жонку, і сына. Допыт Івана (сына Дзмітрыя Уса) у КДБ праходзіў пры яго настаўніцы. Пыталі, чаму ён 19 снежня хадзіў у краму і як лічыў машыны (смяецца). Ён паказанні на мяне даваць адмовіўся… Як выявілася, нас праслухоўвалі без санкцый пракурора. А цяпер на падставе праслушкі хочуць інкрымінаваць, быццам бы былі супрацьзаконныя дзеянні, змова. Хаця гэта былі абывацельскія размовы, якія ніякіх адносін да арганізацыі ўзброенага супраціву не маюць.

 

Хлопец проста падлічыў колькасць машын і па тэлефоне паведаміў бацьку. А той — перадаў словы Мікалаю Статкевічу, кажа Дзмітрый Ус. А следчыя палічылі гэта "зборам сведчанняў аб месцы дыслакацыі колькасці падраздзяленняў".

 

Дзмітрыя Уса вінавацяць таксама ў стратах цэнтральнага Макдональдса ў больш як 8 млн рублёў з-за правядзення акцыі на плошчы. А таксама ў тым, што ён быццам заклікаў грамадзян па Першым нацыянальным тэлеканале і радыё прыйсці на мітынг. Гэта прытым, што ў сваіх відэазваротах закліку на плошчу не было, а ад радыёпрамовы Дзмітрый Ус увогуле адмовіўся.

 

Экс-кандыдат лічыць доказную базу супраць яго "пустой, абы спіхнуць справу ў суд".

 

“Еўрарадыё”

 

 

У Воршы патрабуюць вызваленьня Севярынца і Дашкевіча

 

Увечары 19 сакавіка аршанскія актывісты распаўсюдзілі па горадзе некалькі дзесяткаў улётак “Свабоду Паўлу Севярынцу!” з патрэтам зьняволенага ў СІЗА КДБ палітыка і ўлёткі з партрэтам Зьмітра Дашкевіча, якога затрымалі 17-га сьнежня, за два дні да прэзыдэнцкіх выбараў, паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве.

 

Улёткі ў падтрымку палітвязьняў зьявіліся на афішных тумбах і прыпынках гарадзкога транспарту.

У царкве Сьвятога Леаніда прайшла малітва за вызваленьне зьняволеных удзельнікаў менскай акцыі 19 сьнежня. Яе арганізавалі мясцовыя прыхільнікі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі.

 

 

Міліцыянты канфіскавалі бел-чырвона-белы сьцяг на праверку

 

19 сакавіка больш за паўтары гадзіны прабылі ў пастарунку Ленінскага райаддзелу міліцыі Магілёва актывіст зарэгістраванай у Чэхіі няўрадавай арганізацыі “Малады фронт” Валянцін Лабачоў і ягоны сябра Ўладзіслаў Горкі.

 

Хлопцаў затрымаў міліцэйскі нарад патрульна-паставой службы ў цэнтры гораду непадалёк ад будынку гарвыканкаму блізу 20 гадзіны вечара.

 

Паводле Валянціна Лабачова, ягоны сябар ішоў зь бел-чырвона-белым сьцягам, накінутым на плечы. На гэта й зьвярнулі ўвагу міліцыянты:

 

— Яны нас затрымалі і даставілі ў пастарунак на Пажарным завулку. Там склалі пратаколы апытаньня і канфіскавалі сьцяг. Участковы з прозьвішчам Зарадзей сказаў, што забіраюць яго на праверку. На якую не патлумачыў. Супраць нас сьведчылі курсанты каледжу міліцыі. Маю бел-чырвона-белую стужку, якая ў мяне была завязаная як гальштук, не забралі.

 

Як патлумачыў маладафронтавец, ён і ягоны сябар вырашылі зь бел-чырвона-белым сьцягам і стужкай прайсьці па цэнтры гораду і такім чынам выказаць салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі, якія тры месяцы знаходзяцца ў зьняволеньні і пад сьледзтвам за сваю грамадзянскую пазыцыю.

 

 

Шэсьце салідарнасьці з палітвязьнямі

 

19 сакавіка ў цэнтры Менску адбылася акцыя салідарнасьці з палітзьняволенымі. У ёй ўдзельнічала 25 чалавек, у тым ліку маці Мікіты Ліхавіда, Эдуарда Лобава і Паўла Севярынца.

19 сакавіка споўнілася тры месяцы ад прэзыдэнцкіх выбараў і падзей на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

 

Пасьля набажэнства ля будынку касьцёлу сьвятога Язэпа ўдзельнікі акцыі рушылі да Чырвонага касьцёлу на плошчы Неезалежнасьці па вуліцах Інтэрнацыянальная, Валадарскага і праспэкце Незалежнасьці. Наперадзе ішлі маці і сваякі палітвязьняў. На шыі ў кожнага быў бел-чырвона-белы шалік. Яны несьлі лямпады і маліліся. Два набажэнствы былі праведзеныя насупраць турмы на вуліцы Валадарскага, паведамляе "БелаПАН".

 


“Свабодны рэгіён” выказвае салідарнасьць з палітвязьнямі

 

У Полацку і Наваполацку зноў зьявіліся ўлёткі з падтрымку зьняволеных пасьля менскіх падзеяў 19 сьнежня. Таксама ў Наваполацку быў вывешаны транспарант з патрабаваньнем “Свабоду Саньнікаву!”

 

Мясцовыя актывісты, якія выказалі жаданьне працаваць у адзіным аб’яднаньні “Свабодны рэгіён”, кажуць, што апошнія акцыі правялі ў гонар сумнага “юбілею”: прайшло тры месяцы пасьля выбарчых падзеяў, і некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты дагэтуль застаюцца за кратамі. Падтрымка полацкіх ды наваполацкіх прадстаўнікоў апазыцыйных партый і рухаў адрасавана таксама ўсім зьняволеным пасьля 19 сьнежня журналістам, палітыкам і грамадзкім актывістам.

 

“Радыё Свабода”



Создан 05 мар 2011



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter