Пасьля Плошчы 2010. На судовым канвэеры — Ліхавід, Дашкевіч і Лобаў

Суды, маніфэст, візавая вайна, допыты, спробы вербавання, запалохваньні, новыя ўцёкі...



21 сакавіка 2011 г.

 

Менск уступіў у "візавую вайну" з Эўропай і ЗША

 

Рада Эўрапейскага Зьвязу ўхваліла рашэньне аб пашырэньні абмежавальных захадаў (візавых і фінансавых) супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальшаваньне выбараў і рэпрэсіі адносна грамадзянскай супольнасьці. Як паведамляе прэсавая служба Рады Эўразьвязу, міністры замежных спраў 27 краін Зьвязу ўключылі ў сьпіс прадстаўнікоў беларускага рэжыму, адносна якіх дзейнічае забарона на паездкі ў Эўропу і замарожваньне актываў, яшчэ 19 асоб. Поўны сьпіс будзе апублікаваны 22 сакавіка ў выданьні "Official Journal".

 

Як раней заяўляла вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, "у адпаведнасьці з рашэньнем Рады па замежных справах ад 31 студзеня сьпіс асобаў, на якіх накладзеныя абмежавальныя захады, застаецца адкрытым і стала пераглядаецца з улікам далейшага разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі".

 

Падставай для такога пашырэньня "чорнага сьпісу" сталіся судовыя працэсы, якія пачаліся супраць арыштаваных у ходзе разгону дэманстрацыі 19 сьнежня, і жорсткія прысуды абвінавачаным. Агульны лік дзеячаў беларускага рэжыму, якім забаронена наведваць Эўропу і чые рахункі будуць замарожаныя, вырас да 177. Перш за ўсё да яго дадаліся пракуроры і судзьдзі, якія выступалі на крымінальных працэсах супраць удзельнікаў дэманстрацыі 19 сьнежня.

Праваабаронца Тацяна Равяка, якая сачыла за апошнімі судовымі працэсамі, перакананая ў слушнасьці такіх захадаў.

 

— Судзьдзі цалкам разумеюць, што яны выносяць незаконныя прысуды, якія не адпавядаюць нашаму закону, праву, і, вядома, на гэта павінна быць адпаведная рэакцыя. І калі ўнутры краіны яе нельга дамагчыся, калі няма іншых мэханізмаў для аднаўленьня законнасьці і права, то трэба карыстацца тымі мэханізмамі, якія засталіся, — найперш міжнароднымі.

 

Пад візавыя і маёмасныя санкцыі патрапілі таксама рэктары беларускіх ВНУ, якія выключалі сваіх студэнтаў за апазыцыйную дзейнасьць.

 

Апрача таго, у абноўленым "чорным сьпісе" беларускіх чыноўнікаў былі выпраўленыя некаторыя памылкі ў напісаньні прозьвішчаў. Некаторыя прозьвішчы па-ангельску запісваліся ў транскрыпцыі з расейскай мовы замест беларускай, што давала занесеным у гэты сьпіс дзеячам беларускага рэжыму шанец уехаць на тэрыторыю Эўразьвязу.

 

Сёньня ж стала вядома пра тое, што ўлады Беларусі падрыхтавалі захады ў адказ на рашэньне Эўразьвязу пра санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.

 

Візавая забарона закране больш за 150 асобаў з Эўрапейскага Зьвязу і ЗША, заявіла Інтэрфаксу крыніца ва ўрадавых колах.

 

Былі названыя некаторыя прозьвішчы — старшыні Эўрапарлямэнту Ежы Бузэка, эўрадэпутата Яцэка Пратасевіча.

 

Апрача таго, беларускі бок пагражае абмежаваць на тэрыторыі Беларусі дзейнасьць замежных фондаў і няўрадавых арганізацый.

 

Такі падыход беларускіх уладаў сьведчыць пра тое, што санкцыі Эўразьвязу і ЗША іх раздражняюць, хоць і не прымушаюць да саступак, мяркуе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў:

 

— Яны раздражняюць, і таму ён, як і абяцаў, уводзіць санкцыі ў адказ. Іншая справа, што тыя ж Бузэк і Пратасевіч ня так ужо моцна імкнуліся сюды. Асноўная маса з гэтых 150 — я ня ўпэўнены, што яны так ужо хацелі б апынуцца ў Беларусі, асабліва зараз. У адрозьненьне ад асноўнай масы тых, хто з нашага боку падпаў пад гэтыя санкцыі.

 

Андрэй Фёдараў лічыць беларускія санкцыі зусім неэфэктыўнымі. Гэта толькі спроба Менску яшчэ раз паказаць сваю ўпартасьць, мяркуе ён.

 

Валер Каліноўскі

 


Дзьмітры Вус будзе разьбірацца з сфальшаванымі дакумэнтамі

 

21 сакавіка былы кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітры Вус пачне знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, у якой ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых непарадкаў 19 сьнежня 2010 году.

 

Амаль тры месяца Дзьмітры Вус быў у статусе падазронага па крымінальнай справе аб масавых непарадках у дзень выбараў. За гэты час экс-кандыдата на прэзыдэнта каля дзесятка разоў выклікалі на допыты.

 

Пры канцы студзеня Дзмітры Вус паведаміў журналістам, што яго схіляюць даць паказаньні супраць іншага кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча: што нібыта той арганізоўваў масавыя беспарадкі. Тады Вус заявіў, што адмовіўся сьведчыць пра тое, чаго не было.

 

І вось 18 сакавіка стала вядома, што Вуса самога абвінавацілі ў арганізацыі беспарадкаў 19 сьнежня. 21 сакавіка яму дадуць крымінальную справу для вывучэньня. Спадар Вус ужо назваў сфальшаванымі шэраг дакумэнтаў з гэтай справы і паабяцаў іх дасканала вывучыць ды адбергнуць у судзе:

 

— Я ім сказаў, што ёсьць здымкі, як я прыйшоў на плошчу і што там рабіў. Што я прыйшоў як грамадзянін Беларусі, каб выказаць сваю пазыцыю адносна фальсыфікацыі выбараў. Распавёў, як гэта адбываецца, на якіх узроўнях. Як ідзе фальсыфікацыя старшынямі вучастковых камісій, як прымушаюць старшыні выканкамаў займацца фальсыфікацыямі. Паўтарыў сваю пазыцыю пра тое, што патрабуе ўдасканаленьня выбарчы закон, каб выбары былі незалежнымі, каб пратаколы падліку галасоў падпісваліся незалежнымі сябрамі камісій. Паўтарыў маю пазыцыю. І распавёў, як прайшоўся па плошчы і сышоў дамоў і што мяне ніхто не затрымліваў. А мне цяпер інкрымінуюць нібыта узброены супраціў міліцыі ды яшчэ і заклікі да масавых непарадкаў! Але ж гэтага нічога не было!

 

Паводле Дзьмітрыя Вуса, яму і перад выстаўленьнем абвінавачаньня прапаноўвалі даць паказаньні супроць Мікалая Статкевіча, абяцаючы перавесьці яго у статус сьведкі. Прадпрымальнік адмовіўся: "Проста я разумею, што сьледчыя атрымалі загад, каб найхутчэй стварыць справу. Бо яны ўсе баяцца, бегаюць, "хутчэй-хутчэй, у суд", а ў фактах разьбірацца не жадаюць. У выніку ў маёй справе шмат дакумэнтаў, як я лічу, проста сфальшаваных. Будзем з адвакатам у іх разьбірацца, пісаць пратэсты. Хай у пракуратуры вывучаюць і прымаюць захады". Вус мяркуе, што праз некалькі гадоў сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі зьменіцца і "разум пераможа".

 

Сваякі Мікалая Статкевіча не выключаюць, што ягоная справа таксама з пачатку гэтага тыдня будзе перададзеная для азнаямленьня. Аднак невядома пазыцыя самога Мікалая Статкевіча — ці будзе ён знаёміцца з матэрыяламі справы. Зь першых дзён зьняволеньня Мікалай Статкевіч цалкам адмаўляўся ад кантактаў са сьледзтвам і цягам болей за 10 дзён трымаў галадоўку пратэсту. У любым выпадку з матэрыяламі справы будзе знаёміцца адвакат палітыка Тацяна Станкевіч.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Супрацоўніцтва са спэцслужбамі ўзамен на рэгістрацыю ў Мін’юсьце

 

Кіраўнік Міжнароднага культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня "Цэнтр разьвіцьця валанцёрства" Мікалай Кванталіані заявіў, што КДБ схіляе яго да супрацоўніцтва.

 

У распаўсюджным лісьце "Гісторыя стварэньня падкантрольнага трэцяга сэктару ў Беларусі" Кванталіані паведамляе, што дакумэнты на рэгістрацыю Цэнтру былі пададзеныя 22 лютага.

 

5 сакавіка яму дадому патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся Віталём Мікалаевічам, і пакінуў нумар свайго мабільнага тэлефона. Ён заявіў, што тэлефануе з нагоды рэгістрацыі арганізацыі зь Міністэрства юстыцыі і ў інтарэсах заснавальнікаў зь ім зьвязацца. Сустрэча была прызначаная на 16 сакавіка ў холе Мін’юста.

 

На сустрэчы Віталь Мікалаевіч заявіў, што ён супрацоўнік спэцслужбаў, пры гэтым ніякіх дакумэнтаў не паказаў. Паводле яго слоў, заснавальнікі арганізацыі правераныя, прэтэнзій да іх няма, і пытаньне пра рэгістрацыю арганізацыі залежыць выключна ад згоды пра супрацоўніцтва.

"На маё пытаньне: "А што гэта азначае?" — Віталь Мікалаевіч растлумачыў, што яны гатовыя аказваць усялякае садзейнічаньне, у тым ліку і па рэгістрацыі замежных праектаў і грантаў, а таксама гатовыя пераключыць на нашу арганізацыю эўрапейскія праекты, якія знаходзяцца ўжо пад іх кантролем. Ён нават абмовіўся, што ня трэба будзе ажыцьцяўляць працу, а толькі атрымліваць грошы і даваць справаздачы. І людзі, якія зь імі ўжо працуюць, атрымліваюць 50.000-60.000 эўра ў год. Таксама ён гарантаваў поўную падтрымку і забесьпячэньне бясьпекі ў рабоце арганізацыі", — піша Кванталіані.

 

Супрацоўнік спэслужбаў заявіў, што ў выпадку адмовы арганізацыя ня будзе зарэгістраваная, заснавальнікі трапяць у “чорны сьпіс” і ніколі ня змогуць зарэгістраваць іншую арганізацыю, а ў самога Кванталіані пачнуцца праблемы з выездам за мяжу.

 

"Віталь Мікалаевіч падсунуў мне паперу, у якой папрасіў падпісаць, што паміж намі зь ім адбылася гэтая сустрэча. Ад разгубленасьці я напісаў яму гэтую паперу. Віталь Мікалаевіч сказаў, будзе чакаць майго званка з пацьвярджэньнем на працягу 40 хвілінаў", — піша кіраўнік цэнтру.

 

Пасьля абмеркаваньня сытуацыі з калегамі было прынята рашэньне "не кантактаваць з гэтым чалавекам і чакаць вынікаў рэгістрацыі ад Міністэрства юстыцыі". Тэрмін разгляду дакумэнтаў заканчваецца 22 сакавіка.

 

"Мы зьвязаліся з заснавальнікамі швайцарскага аддзяленьня і растлумачылі ім сытуацыю. Зь іх боку была атрымана адназначная рэакцыя, што для іх лепш нерэгістрацыя арганізацыі, чым праца са спэцслужбамі", — паведамляе Кванталіані.

 

На працягу "ўсіх наступных дзён" з нумара "Віталя Мікалаевіча" пастаянна паступалі тэлефанаваньні, але заснавальнік цэнтра трубку не здымаў. 19 сакавіка прыйшло смс-паведамленьне: "Я прыйду зь ператрусам". Пасьля гэтага Кванталіані вырашыў "распавесьці ўсю гэтую сітуацыю".

 

"Цяпер я разумею што іх намеры — працягваць прымушаць мяне да супрацоўніцтва ўжо з дапамогай пагрозаў, — піша кіраўнік цэнтру. — Я ніколі ня думаў, што тэма валанцёрства і дапамогі сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва зьяўляецца аб’ектам пільнай увагі з боку "камітэта добрых спраў".

 


Байкот дыктатуры

 

Група беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў выступіла з маніфэстам. Галоўны тэзіс — негвалтоўны супраціў нелегітымнай уладзе і актыўнае грамадзянскае супрацьстаяньне ўсім дзяржаўным інстытутам.

 

"19 сьнежня 2010 году — паваротны пункт у найноўшай гісторыі Беларусі. Упершыню мы можам з поўнай упэўненасьцю сказаць, што Лука-ка выбары прайграў. Большасьць насельніцтва прагаласавала супраць дыктатара, падтрымаўшы кандыдатаў ад апазыцыі", — пішуць аўтары звароту.

 

Яны прапаноўваюць “масавае негвалтоўнае супрацьстаяньне. "Байкот дыктатуры" — кампанія, заснаваная на непрызнаньні ўлады, адмове ад супрацоўніцтва зь ёй і непадпарадкаваньні рэжыму. На фоне пагаршэньня эканамічнага становішча і росту пратэстных настрояў яна вядзе да поўнай дэлегітымізацыі ўлады ў вачах беларусаў".

 

Часткай гэтай кампаніі, на думку аўтараў дакумэнта, павінен стаць байкот маючых адбыцца ў 2012 годзе выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

 

"Дзеяньні ўлады пасьля 19 сьнежня выклікалі неразуменьне нават сярод яе прыхільнікаў. Беларусы яшчэ ніколі не ненавідзелі дыктатуру так моцна! Наша задача — дамагчыся, каб нарастаючае непрыманьне рэжыму прывяло да яго поўнай ізаляцыі", — гаворыцца ў заяве. "Моцны бок такой стратэгіі — уключэньне ў барацьбу ня толькі актывістаў палітычных партый і арганізацыяў, а ўсіх прыхільнікаў пераменаў. Ідэйныя разыходжаньні тут не адыгрываюць вызначальнай ролі. Мэта — вызваленьне палітвязьняў і правядзеньне свабодных выбараў без Лука-кі — аб’ядноўвае ўсіх".

 

"Мы павінны рэагаваць на ўсе памылкі ўладаў на ўсіх узроўнях, тлумачыць людзям, як парушаюцца іх правы і як іх можна абараніць, даносіць інфармацыю аб нашых акцыях і далейшых дзеяньнях. Нам неабходна пераканаць тых, хто сумняюцца, што ўлада незаконная — таму што мы яе не выбіралі, таму што яна нас падманвае і крадзе нашы грошы, таму што яна, у рэшце рэшт, проста не спраўляецца з тымі праблемамі, якія стаяць перад краінай. Таму мы яе не прызнаем", — адзначаецца ў звароце.

 

У дакумэнце таксама напісана: “Адна з формаў праявы грамадзянскай пазыцыі — гэта невыкананьне незаконных патрабаваньняў уладаў <…> Непадпарадкаваньне — гэта калі мы адмаўляемся плаціць незаконныя паборы, гэта калі мы адмаўляемся ісьці галасаваць па загадзе дэкана факультэта або дырэктара прадпрыемства, гэта калі мы адмаўляемся сыходзіць з плошчы ў цэнтры Менску да таго часу, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні".

 

Пасланьне падпісалі:

 

старшыня Вярхоўнага Савету 12-скліканьня Станіслаў Шушкевіч,
каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель,
прадстаўнік аргкамітэту партыі "Беларускі Рух" Віктар Івашкевіч,
кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2006 году, былы палітвязень Аляксандр Казулін,
каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь "Павал Марыніч.

 


Пасьля зьяўленьня "Маніфэсту" апазыцыя дзеліцца на "рэвалюцыйную" і "дыялёгавую"

 

Важнай падзеяй апошніх дзён стаў маніфэст групы беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, у якім яны выказалі сваё бачаньне стратэгіі апазыцыі на бліжэйшую пэрспэктыву. Іх галоўны тэзіс — трэба аб’явіць байкот, негвалтоўны супраціў нелегітымнай уладзе і актыўнае грамадзянскае супрацьстаяньне ўсім дзяржаўным інстытутам. Віталь, на вашу думку, ці можа гэты маніфэст стаць стратэгіяй дзеяньня ўсёй апазыцыі?

 

— Варта сказаць, што маніфэст — гэта вельмі сур’ёзны і дастаткова радыкальны дакумэнт, які патрабуе вялікай і грунтоўнай дыскусіі, а ня толькі кароткага камэнтару. Аўтары маніфэсту прапануюць праяўляць грамадзкае непадпарадкаваньне ў сацыяльнай сфэры, (байкот дзяржаўных мерапрыемстваў, праўрадавых арганізацыяў і СМІ), і эканамічнай (зьняцьцё ўкладаў, закупка валюты, байкот фірм, якія супрацоўнічаюць з рэпрэсіўнымі органамі). Варта нагадаць, што падобная стратэгія прымянялася і Махатмам Гандзі, лідэрам барацьбы індыйцаў на незалежнасьць ад Брытанскай імпэрыі, і косаўскімі альбанцамі, якія ніяк не супрацоўнічалі з сэрбскай уладай з мэтай дабіцца незалежнасьці. Наколькі гэтая тактыка ажыцьцявімая ў беларускіх рэаліях — няпростае пытаньне.

 

Можна канстатаваць, што пасьля зьяўленьня гэтага маніфэсту ў беларускай апазыцыі канчаткова выявіліся дзьве стратэгіі паводзінаў — "рэвалюцыйная" і "дыялёгавая". Першая — байкоту і непадпарадкаваньня ўладам, сфармуляваная ў гэтым маніфэсьце, і другая – выказаная ў дакумэнце "Стратэгія-2012", накіраваная на дыялёг у грамадзтве, у тым ліку дыялёг з уладай — з мэтай, каб апазыцыя стала суб’ектам легальнай палітыкі. Можна прагназаваць, што Маніфэст стане падмуркам для кансалідацыі той, больш радыкальнай часткі апазыцыі, якая ставіць перад сабой бескампрамісную барацьбу з існуючым рэжымам, у той час як лідэры і рухі, накіраваныя на эвалюцыю і дыялёг, наўрад ці прымуць гэты дакумэнт, — сказаў Віталь Цыганкоў.

 


У Менску запрашаюць на Дзень Волі

 

Улёткі з заклікам адзначыць Дзень Волі на плошчы Якуба Коласа былі распаўсюджаныя актывістамі "Эўрапейскай Беларусі". Пра гэта паведамляе сайт "Хартыі 97".

 

Ва ўлётках дэмакратычныя актывісты запрашаюць на акцыю ў цэнтар гораду, а таксама патрабуюць вызваленьня палітвязьняў і правядзеньня новых выбараў без Лука-кі.

 

— Зразумела, што ўлады пасьля падзеяў 19 сьнежня пабаяцца дазволіць акцыю апазыцыі ў цэнтры гораду. Але для нас важна паказаць, што мы моцныя і мы працягваем барацьбу. А асабліва гэта важна для нашых сяброў, для нашых лідэраў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. Таму "Эўрапейская Беларусь" запрашае ўсіх сваіх прыхільнікаў 25 сакавіка на плошчу Якуба Коласа, каб годна адзначыць галоўнае сьвята беларусаў і запатрабаваць вызваленьня палітвязьняў. Гэта нашае законнае права, і дыктатар ня ў сілах забараніць нам гэта! — сказаў у інтэрвію прэсавай службе "Эўрапейскай Беларусі" актывіст Андрэй Бажын.

 

Акцыя пройдзе 25 сакавіка ў 18:00 на плошчы Якуба Коласа.

 


"Макдональдс" пазова Вусу не выстаўляў

 

Прадстаўнік "Макдональдс" у Беларусі Артур Юран заявіў у інтэрвію "Свабодзе", што ягоная кампанія не выстаўляла прэтэнзіяў Вусу за недаатрыманы прыбытак.

 

Юран ніяк не пракамэнтаваў выказваньні Вуса пра прэтэнзіі, заявіўшы, што ня бачыў матэрыялаў крымінальнай справы супраць былога кандыдата на прэзыдэнта.

 

Раней зьявілася інфармацыя пра тое, што сетка рэстарацыяў хуткага харчаваньня "Макдональдс" выставіла былому кандыдату на прэзыдэнта Дзьмітрыю Вусу рахунак за прыбытак, недаатрыманы ў часе вулічнай акцыі 19 сьнежня 2010 году.

 

Юран паведаміў, што недаатрыманы прыбытак — службовая інфармацыя, якую кампанія не афішуе.

 

Прадстаўнік "Макдональдсу" таксама паведаміў, што не валодае інфармацыяй пра тое, каб ягоная кампанія за гады працы ў Беларусі падавала пазовы за недаатрыманы прыбытак.

 

— Сьледзтва вынесла абвінавачаньні бяз фактаў. Я буду скардзіцца ў пракуратуру. Яны мне прыпісваюць, а фактаў няма. Тут нельга выдзіраць сытуацыю з "Макдональдсам" са справы, — заявіў Дзьмітры Вус "Свабодзе".

 


Актывіст АГП адмовіўся адказваць на пытаньні сьледчага

 

Кіраўнік бабруйскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Бузінаеў адмовіўся адказваць на пытаньні сьледчага мясцовага ўпраўленьня ўнутраных спраў Сяргея Ўласава.

 

Паводле Бузінаева, міліцыянт спаслаўся на загад зь Менску і спрабаваў зьняць актывіста на фота- й відэакамэру.

 

— Сьледчы мне прад’явіў паперчыну, у якой было напісана, што ён са мной мусіць рабіць. Пытаньні тычыліся падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Адно з асноўных было пра мой мабільны тэлефон, які быў запэленгаваны ў раёне плошчы. Камэнтаваць што-кольвек я адмовіўся. Адмовіўся і ад фота- і відэаздымкі. Пра гэта я напісаў у ягонай паперы. Міліцыянт мне сказаў, што на гэтым нічога не канчаецца і ўсё адно мяне будуць яшчэ выклікаць. Як толькі ён сышоў, праз паўгадзіны мне патэлефанавалі зь Менску й прапанавалі прыехаць туды. Я лічу, што гэта спроба запалохаць мяне перад акцыямі Дня волі й "Чарнобыльскім шляхам", — паведаміў Віктар Бузінаеў.

 

Бузінаеў кажа, што цягам апошніх двух тыдняў яго выклікаюць на допыт у Менск. Ён адмаўляецца туды ехаць. Патрабуе даслаць позву.

 

Віктара Бузінаева тры разы дапытвалі ў КДБ як сьведку ў справе аб падзеях 19 сьнежня. Ён кажа, што прадстаўнікі сілавых структураў таксама патрабавалі падпісаць дакумэнт, што ён адмаўляецца ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях апазыцыі.

 


На Дзень волі 25-га дазволілі два пікеты

 

Ідэалягічны аддзел Берасьцейскага гарвыканкаму дазволіў правесьці 25 сакавіка пікет на стадыёне "Лякаматыў", прысьвечаны Дню волі.

 

Заяўнік пікету сябра АГП Марат Несьцярэнка адзначае, што мерапрыемства прысьвечана падзеям 25 сакавіка 1918 году. Але, акрамя гэтага, будзе выкарыстана магчымасьць выказаць салідарнасьць з палітвязьнямі:

 

— Пікет дазволены з 11 да 13 гадзіны. Таму гэты час мы максымальна выкарыстаем, каб ня толькі ўшанаваць падзеі 25 сакавіка 1918 году, але таксама і для выказваньня салідарнасьці з тымі, хто асуджаны з палітычных матываў або знаходзіцца ў турмах КДБ.

 

Акрамя гэтага, дазвол на правядзеньне пікету 25 сакавіка атрымала партыя "Справядлівы сьвет". Паводле слоў Людмілы Дзенісенкі, кіраўніцы берасьцейскай гарадзкой арганізацыі "Справядлівага сьвету", мерапрыемства будзе мець сацыяльную скіраванасьць:

 

— Мы будзем выказвацца супраць пагаршэньня матэрыяльнага стану людзей, супраць павышэньня коштаў, а таксама зьвернем увагу на забраныя ў насельніцтва сацыяльныя ільготы.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Палітыкі застрашаныя. Замест мітынгу на Дзень Волі — ускладанне кветак

 

Сёння арганізатары вулічнай акцыі на 25 Сакавіка абмеркавалі магчымыя сцэнары яе правядзення.

 

Нагадаем, што ў пятніцу Менгарвыканкам адмовіў заяўнікам у шэсці і мітынгу ад плошчы Якуба Коласа да сквера Янкі Купалы. Быў прапанаваны мітынг без шэсця ў парку Дружбы народаў.

 

У панядзелак сітуацыі абмеркавалі прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, кампаніі "Гавары праўду" і руху "Разам". Было вырашана, што ў аўторак будзе пададзеная скарга на рашэнне гарвыканкаму.

 

У цэлым жа, заяўнікі вырашылі кардынальна змяніць фармат акцыі. Яны будуць заклікаць людзей пасля працы прыходзіць у сквер Янкі Купалы, і ўскладаць кветкі да помніка паэту. Ніякага мітынга не будзе.

 

Большую прэс-канферэнцыю яны плануюць даць у аўторак а 13-й гадзіне на прыступках Маскоўскага суда, перад пачаткам працэсу над Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым.

 

Зміцер Панкавец

 

“Наша Ніва”

 

 

22 сакавіка 2011 г.


Суды над Ліхавідам, Дашкевічам і Лобавым
(Онлайн рэпартаж)

 

22 сакавіка пачаліся суды над ўдзельнікамі падзеяў на плошчы Незалежнасьці. Мікіту Ліхавіда судзяць у Партызанскім судзе Менску, лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча і ягонага паплечніка Эдуарда Лобава — у Маскоўскім судзе. У абодвух працэсах абвешчаныя перапынкі да 10-й гадзіны 23 сакавіка.


Суд над Ліхавідам

 

09:55 У Партызанскім раённым судзе Менску пачынаецца працэс над Мікітам Ліхавідам. У залю суду запускаюць людзей. У судовай залі 6 лавак, 4 зь іх занята пацярпелымі міліцыянтамі. Журналісты іх ужо пазнаюць у твар, бо гэта тыя ж самыя міліцыянты, якія выступалі пацярпелымі ў папярэдніх судовых працэсах у справах 19 сьнежня. Іх каля 30 чалавек. Адпаведна для астатніх засталося толькі 2 лаўкі. Журналістаў, якія праводзілі фота-і відэа здымкі, ужо выдалілі. Мікіта Ліхавід сядзіць у клетцы. Прысутнічаюць праваабаронцы Людміла Гразнова, Гары Паганяйла, прадстаўнік амбасады Швэцыі.

 

Суд над Мікітам Ліхавідам пачнецца а 10 гадзіне. Працэс будзе весьці судзьдзя Натальля Пыкіна. Абараняць абвінавачанага будзе адвакат Дар’я Ліпкіна.

 

Ліхавіду высунулі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых непарадках. Паводле зьвестак, у сьледзтва ёсьць відэа з удзелам Мікіты Ліхавіда ў падзеях каля ўваходу ў Дом ураду.

 

10:05 Суд пачаўся. Адвакат Дар’я Ліпкіна заявіла хадайніцтва. Яна выступіла супраць прыцягненьня ў якасьці пацярпелых 29 міліцыянтаў. Адвакат сьцьвярджае, што для гэтага няма дастатковых падстаў. Прадстаўнік абвінавачваньня выступіў супраць. Судзьдзя Натальля Пыкіна пайшла ў зачыненае памяшканьне вынесьці рашэньне па гэтым хадайніцтве.

 

10:10 У судовую залі не ўдалося патрапіць здымачнай групе Беларускага тэлебачаньня. Яны зьявіліся, калі ўсе месцы ўжо былі занятыя. Таксама не хапіла месца ў залі Юрыю Губарэвічу, Юрыю Чавусаву ды іншым.

 

10:40 Хадайніцтва адваката Ліпкінай не задаволенае. Такім чынам, да 15 "пацярпелых" міліцыянтаў афіцыйна дадаліся яшчэ 14.

 

10:50 Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае абвінавачваньне, у якім пералічвае дзеяньні Ліхавіда. Сьцьвярджае, што Ліхавід біў нагамі і рукамі агароджы, ламаў дзьверы ў Дом ураду. Ліхавід прызнае сваю віну часткова, што біў у драўляныя шчыты.

 

10:55 Адвакат Ліпкіна хадайнічае аб спыненьні справы. Бо не даказаны факт масавых непарадкаў, што нібыта мелі месца 19 сьнежня.

 

11:00 Адвакат Дар'я Ліпкіна заяўляе хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для Мікіты Ліхавіда.

 

11:05 Судзьдзя Натальля Пыкіна пайшла ў дарадчы пакой, каб вынесьці рашэньне па хадайніцтвах адвакату. Адвакат Дар’я Ліпкіна просіць спыніць вытворчасьць па справе, бо факт масавых непарадкаў лічыць недаказаным. Адвакат зьвярнула ўвагу, што паводле адміністратыўнага пратаколу Ліхавід быў затрыманы ў 22:30. А падзеі каля Дому ўраду, як вядома, адбыліся пазьней.

 

Адвакат таксама прапанавала зьмяніць Ліхавіду меру стрыманьня, вызваліць яго з-пад варты. Бо ў яго хвароба вачэй, ён малады чалавек, і няма падставаў меркаваць, што ён уцячэ. Пракурор выказаў нязгоду з гэтымі аргумэнтамі.

 

11:35 Хадайніцтвы адваката не задаволены. Пачынаецца допыт Ліхавіда.

 

11:40 Мікіта Ліхавід падчас допыту кажа, што пра мітынг даведаўся са СМІ. Прыйшоў на мітынг з-за дзяўчыны. Яе прозьвішча ён не называе, каб у яе не было непрыемнасьцяў.

 

11:50 Пакуль дапытваюць Ліхавіда, некаторыя пацярпелыя міліцыянты пачалі спаць.

 

12:00 Ліхавід распавёў, як прыйшоў на Плошчу Незалежнасьці, падышоў да ўваходу ў Дом ураду. Шкло там ужо адсутнічала. Ён паддаўся настрою і пачаў біць нагамі і рукамі ў драўляныя шчыты.

 

12:10 Ліхавід тлумачыць, што калі ўбачыў міліцыянтаў за шчытамі, ён сышоў з ганку. Але раптам яго ўдарылі ў сьпіну. Гэта выскачылі спэцназаўцы, якія перакрылі ўваход.

 

12:14 Амаль усе пацярпелыя міліцыянты дрэмлюць на другой і трэцяй лаўках.

 

12:25 Ліхавід распавёў, як ён дапамог аднаму параненаму. Потым вярнуўся ў цэнтар падзеяў. Выйсьці было немагчыма, бо міліцыянты атачылі. Адну дзяўчыну, паводле Ліхавіда, міліцыянты ледзь не забілі. Ён ёй дапамагаў, у гэты час яго білі па нагах. Потым яго заштурхалі ў аўтамабіль, там міліцыянты паводзілі сябе карэктна. Ліхавід ня чуў заклікаў ад міліцыі разысьціся.

 

12:40 Ліхавід ня згодны, што натоўп бясчынстваваў. Бо, калі ішлі па праспэкце, нічога не пабілі, не брыдкасловілі. Крычалі "Жыве Беларусь!" і "Сыходзь!".

 

12:50 Мікіта Ліхавід кажа, што бачыў выкарыстаньне спэцсродкаў супраць дэманстрантаў. Папярэджаньняў пра гэта ад міліцыянтаў не гучала.

 

13:00 Мікіта Ліхавід пацьвердзіў, што быў актывістам руху "За Свабоду", але на плошчу прыйшоў сам.

 

Пачаўся допыт пацярпелых. Дапытваецца пацярпелы Пётар Караваеў. Ён заявіў, што калі быў у ачапленьні на плошчы, то атрымаў ад дэманстрантаў па галаве.

 

13:05 Адвакат паспрабавала высьветліць, якімі інструкцыямі кіраваўся сьведка Караваеў. Судзьдзя спачатку адмовіла ў гэтым, але пасьля дадатковых тлумачэньняў дазволіла. Аднак спэцназавец адмаўляецца адказваць, ад каго атрымліваў загады. Толькі пасьля заўвагі судзьдзі ён успомніў — кіраўнік палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Лукомскі Аляксандар Валянцінавіч. Спэцназаўцаў упартасьць свайго калегі разьвесяліла, і яны пачалі гучна сьмяяцца — у залі усчаўся вэрхал. Судзьдзя зрабіла заўвагу усім 29 пацярпелым, піша "Наша Ніва".

 

13:20 Караваеў сказаў, што з натоўпу яму пагражалі, паказвалі жэст — рукой па горле.

 

13:30 Пацярпелы Караваеў кажа, што маніфэстанты крычалі "Далоў прэзыдэнта!", але нікуды не прарываліся. Махалі сьцягамі, але не супраціўляліся міліцыі. Па камандзе яны пачалі суправаджаць удзельнікаў акцыі ў аўтазакі.

 

13:40 Караваеў сказаў, што перад зачысткай на плошчу прыехалі вайскоўцы брыгады 3214. Аб’яўлены перапынак да 14:30.

 

14:30 Маці Мікіты Алена Ліхавід кажа, што вельмі дзіўна, што пацярпелы толкам ня памятае, што дакладна адбывалася, хто аддаваў загады на плошчы.

 

14:55 Пацярпелы Караваеў сказаў, што ня памятае, калі яго дапытвалі падчас сьледства. Адвакат адзначае, што ягоныя тут адрозьніваюцца ад паказаньняў, якія ён даў падчас сьледства. Караваеў, як высьветлілася, падчас сьледства не зьявіўся на экспэртызу, а на судовым працэсе кажа, што быў. Караваеў кажа, што Ліхавіда на плошчы ня бачыў, і ня бачыў як пацярпелі "пацярпелыя". Пра свае разыходжаньні ў паказаньнях сказаў, што забыўся.

 

15:00 Допыт Караваева скончыўся. Наступным мусіў быць пацярпелы Зінкевіч. Але ён аказаўся без пашпарту. Пачалі допыт трэцяга пацярпелага — Кашталанава Аляксандра, ён намесьнік камандзіра палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. Кашталанаў ужо сьведчыў у справе Брэўса і Гапонава. Амаль трэць прысутных на судзе "пацярпелых" тым часам сьпяць.

 

15:20 Кашталанаў сказаў, што калі ізалявалі актыўных, то прапаноўвалі ім выйсьці з Плошчы, але яны, маўляў, не паслухаліся. Тады пачалася "зачыстка". На мінулым працэсе, над Брэўсам і Гапонавым, дарэчы, Кашталанаў не гаварыў пра прапанову разысьціся.

 

15:45 Пацярпелы Кашталанаў прызнаў, што нікога не папярэджвалі, калі пачалі адцясьняць людзей ад ганку Дома ўраду, бо тыя "ламалі маёмасьць".

 

15:55 Кашталанаў ацаніў актыўную групу ўдзельнікаў акцыі на плошчы Незалежнасьці ў 35-40 чалавек, усяго — некалькі тысяч.

 

16:05 Кашталанаў сказаў, што яго ўдарылі па нагах. Падпалаў ён ня бачыў, але бачыў у дэманстрантаў палкі і мэталічныя пруты.

 

У справе таксама няма зьвестак, што Кашталанаў прайшоў экспэртызу, хоць сам "пацярпелы" кажа, што праходзіў.

 

16:27 Прыйшоў пацярпелы Ігар Зінкевіч з пашпартам. Пачалі яго дапытваць. Ён кажа, што пацярпеў ад  вогнетушыльніка, "страціў арыентацыю". Гэта выклікала сьмех сярод іншых пацярпелых.

 

16:36 Дапытваюць Ігара Маісеева. Ён кажа, што ў яго кінулі камень, таксама кідалі лёд, асьляплялі нейкім сьвятлом.

 

16:58 Пачалі дапытваць міліцыянта Дзяніса Булавацкага, які таксама быў на працэсе над Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым. Ён кажа тое ж самае: а палове на дзяевятую паведамілі, што грамяць Дом ураду, у іх кідалі палкі, зрывалі шлемы, тры разы яго ўдарылі па галаве.

 

17:14 Наступны пацярпелы, супрацоўнік міліцыі Дзьмітрый Скараход, таксама быў на працэсе над Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым.  Ён кажа, што яго выцягнулі з ланцуга, ён паваліўся. Яго ўдарылі два ці тры разы па галаве і ў яго была гематома на плячы і драпіны на твары. Супрацоўнік міліцыі лячыўся 5 дзён у шпіталі.

 

17:27 Наступны сьведка — міліцыянт Ігар Бажок, які таксама быў на працэсе над Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым. Бажок кажа, што на плошчы бачыў шмат народу, людзі крычалі "Сыходзь!", пагражалі, наносілі ўдары, хісталі шчыты. Ніякіх прадметаў у руках людзей ён не бачыў. Яго ўдарылі чымсьці, але хуценька і са сьпіны. У яго пасьля падзеяў каля Дома ўраду балелі сьпіна і галава.

 

17:51 У судзе дапытваюць супрацоўніка міліцыі Аляксандра Волкава, які таксама быў на працэсе над Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым. Ён кажа, што яго спрабавалі зьбіць з ног, білі па шчыце, ударылі яго па калене.

 

18:06 Дапытваюць Юр’я Давідовіча, які таксама ўжо быў на працэсах над удзельнікамі Плошчы.

 

18:12 Адвакатка прасіла перапынку ў працэсе, але судзьдзя адмовіла і сказала, што ў суду ненармаваны працоўны дзень.

 

18:24 Допыт Івана Комара, які таксама быў на працэсах над удзельнікамі Плошчы. Кажа, што атрымаў удар па галаве і калене. Ён ня ведае, ці папярэджвалі, каб людзі разыходзіліся, што будзе фізычнае ўзьдзеяньне.

 

18:39 Допыт Аляксея Сакача, які таксама быў на працэсах над удзельнікамі Плошчы. Ён кажа, што ў яго вырывалі шчыт.

 

18:41 У працэсе аб’яўлены перапынак да 10-й гадзіны 23 сакавіка. Судзьдзя задаволіла просьбы міліцыянтаў, каб ім заўтра не прысутнічаць на працэсе.

 

Суд над Дашкевічам і Лобавым

 

Кіраўнікоў "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава пачнуць судзіць ў Маскоўскім судзе а 14-ай гадзіне Актывістаў арыштавалі за дзень да выбараў паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Нібыта яны зьбілі двух мінакоў у Менску на вуліцы Янкі Брыля.

 

Абараняць Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава будуць адвакаты Мар’яна Сямешка і Алена Аўсяньнікава, а судзіць будзе судзьдзя Алена Шылько.

 

14:00 Запусьцілі ў судовую залю. У залю патрапілі толькі родныя, журналісты і міжнародныя назіральнікі. Тут бацька Дашкевіча Вячаслаў і маці Лобава Марына. У судовай залі таксама прысутнічае прадстаўнік амбасады ЗША.

 

14:05 Ахову залі забясьпечвае кіраўнік міліцыі Яўсееў, якога ўзганародзілі за разгон Плошчы, і які зьбіваў журналістаў.

 

14:10 Судовае пасяджэньне ў справе Дашкевіча і Лобава распачалося.
Дзяржаўны абвінаваўца — Мазорка.

 

14:15 У залі суду не прысутнічаюць пацярпелыя — Малышаў і Савіцкі. Яны будуць дапытаныя ў залі суда па-за зонай бачнасьці. Гэта зроблена для заваханьня бясьпекі пацярпелых. Такім чынам, убачыць, каго ж нібыта пабілі маладафронтаўцы ня ўдасца.

 

14:17 Перад уваходам у будынак Маскоўскага суду маладафронтаўцы трымалі расьцяжку "Рукі прэч ад Маладога фронту". Міліцыя разагнала пікет. Як меней тры ўдзельнікі затрыманыя: Іван Шыла і Рыгор Астапеня.

 

14:20 Двое пацярпелых сядзяць у пакоі за спіной судзьдзі, адразу за сьцягам. Яны аддалі свае пашпаррты судзьдзі, каб тая вызначыла іхныя асобы. Пацярпеля слухаюць, як ідзе працэс, праз прыадчыненыя.

 

14:21 Дашкевіч заявіў адвод суду, паколькі ня верыць у справядлівасьць беларускага суду ва ўмовах існуючага рэжыму.

 

— Гэта цырк!

 

Асабіста да судзьдзі ў мяне няма прэтэнзіяў, але антыканстытуцыйны рэжым ставіць судзьдзю перад выбарам і прымушае зьдзяйсьняць злачынны загад, — патлумачыў Дашкевіч.

 

На працэсе Дашкевіч размаўляе па-беларуску. Лобаў — па-расейску.

 

14:22 Лобаў таксама заявіў адвод судзьдзі. Судзьдзя Шылько сыйшла ў дарадчы пакой.

 

14:25 Суд над Дашкевічам і Лобавым. Перапынак у працэсе. Падсудных вывелі з залі суду.

14:40 Працэс аднавіўся. Падсудных вярнулі ў залю.

 

Праваабаронца Гары Паганяйла ў камэнтары "Свабодзе" адзначыў, што чарговая крымінальная справа пра падзеі 19 сьнежня праходзіць без пацьверджаньня факту нібыта масавых беспарадкаў. Паганяйла лічыць, што адвакат вельмі ўдала вядзе абарону, вельмі падрабязна апытвае пацярпелага, і дзякуючы гэтаму высьвятляецца, што ўсё было зусім ня так, як прадстаўляе абвінавачваньне. Як сьведчыў пацярпелы міліцыянт, ніякага гвалтоўных дзеяньняў мітынгоўцы не ажыцьцяўлялі, стаялі, размаўлялі.

 

14:45 Судзьдзя Шылько зачытвае рашэньне — адхіліць адвод судзьдзі, які патрабавалі Дашкевіч і Лобаў.

 

14:50 Дашкевіч назваў прозвішчы пацярпелых "Малышаў" "Савіцкі" псэўданімамі. Ён просіць суд дапытваць іх у адкрытым працэсе, бо ня верыць, што гэта рэальныя людзі. Дашкевіч ня верыць у сапраўднасьць іх пашпартоў, якія былі прад’яўленыя суду.

 

Адвакаты таксама просяць скасаваць меры бясьпекі для пацярпелых, і дапытваць іх у зале з мэтай аб’ектыўнага расьсьледаваньня справы. Дзяржаўны абвінаваўца Мазорка — супраць.

 

14:51 Дашкевіч папрасіў суд скончыць працэс за адзін дзень. "Рашэньне і так прадвызначана ўладамі". Судзьдзя Шылько адхіліла хадайніцтва пра завяршэньне працэсу ў адзін дзень.

 

14:54 Па хадайніцтву Дашкевіча скасаваць ахоўныя захады да пацярпелых і дапытваць іх адкрыта судзьдзя Шылько пайшла прымаць рашэньне ў дарадчы пакой. Зноў перапынак у працэсе.

 

15:20 Падсудных вярнулі залю. Працэс адноўлены. Судзьдзя зачытвае рашэньне па хадайнітцтве Дашкевіча дапытваць пацярпелых у адкрытым працэсе, адмовіўшыя ад ахоўных захадаў. Пацярпелыя слухаюць праз прыадчыненыя дзьверы. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

 

15:25 Абвінаваўца кажа, што Дашкевіч нанёс Малышаву ня меней аднаго ўдара і Савіцкаму — не меней аднаго ўдара, што выклікала часовае расстройства здароўя. Лобаў таксама нібыта нанёс пацярпелым ня меней. чым па аднаму ўдару ў тулава.

 

15:27 Дашкевіч і Лобаў не прызналі віну цалкам.

 

15:29 Суд пачынае допыт абвінавачаных. Першы — Дашкевіч.

 

15:32 Дашкевіч у ходзе папярэдняга следзтва паказанняў не даваў. У судзе ён паказаў, што 18 сьнежня з сябрамі знаходзўся ў двары дому па вул Янкі Брыля 24, дзе на іх напала каля 5 чалавек.

 

— Гэтак званыя Малышаў і Савіцкі адзьдзяліліся ад гэтай групы і падыйшлі да нас. Яны сталі насупарць мяне. Адзін папасіў запаліць, другі пацікаваўся нумарм дому. Потым яны на нас накінуліся з крыкамі "Міліцыя, нас зьбіваюць!" Праз пару хвілінаў пасьля гэтага пад’ехаў аўтобус спэцназу міліцыі. І яны хуценька "разабраліся", хто пацярпелы і хто вінаваты.

 

— "Пацярпелыя" за намі сачылі, — кажа Дашкевіч. — Таму ў нас было прадчуваньне што будзе правакацыя.

 

— Падзеі разьвіваліся вельмі імкліва. Групу людзей мы заўважылі за мэтраў 50. Аўтобус са спэцназам прыехаў за 3-5 хвілінаў. Пасьля павалілі на зямлю, — кажа Дашкевіч.

 

Малышаў у часе інцыдэнту казаў: "Зараз пад’едуць", — сьцвярджае Дашкевіч.

 

Дашкевіч кажа, што міліцыю ніхто не выклікаў. Яна сама ведала, што дадзены час у дадзеным месцы будзе нешта адбывацца.

 

15:42 Дашкевіч уступіў у спрэчку з абвінаваўцам.

 

— Ёсьць яшчэ пытанні? — запытаў ён.

 

Абвинаваўца Мазорка палічыў, што абваінвачаны гэтым перайшоў рамкі дазволенага.

 

15:45 Суд над Дашкевічам і Лобавым.  Дашкевіч кажа, што яго павалілі на зямлю і адзін з "пацярпелых" заламаў яму руку.

 

Дашкевіч кажа, што Лобаву разьбілі лоб і шчаку ў часе затрыманьня.

 

У часе сутычкі Дашкевіч атрымаў невялікія пашкоджанні, якія былі нанесеныя і Малышавым:

— Яны ўдвух працавалі ў чатыры рукі.

 

Дашкевіч назваў прычыны парвакацыі:

 

— Мы займаемся палітычнай дзейнасьцю і напярэдадні важнай палітычнай кампаніі нашых сяброў заўсёды прэвэнтыўна затрымліваюць.

 

Дашкевіч кажа, што перад выбарамі ён зьмяніў месца жыхарсва, каб яго не затрымалі.

 

— Побач зь месцам інцыдэнту было ня меней за тры машыны без нумароў, — кажа Дашкевіч.

 

— Як толькі яны напалі, праз хвіліну прыехала машына без нумароў, а потым прыехаў спэцназ міліцыі.

 

— Ад пацярпелых, якія падышлі, пыхала перагарам, — кажа Дашкевіч.

 

Лобаў прасіў "пацярпелых" спыніць незаконныя дзеяньні. Дашкевіч кажа, што папрасіў мужчыну, які праходзіў каля іх, выклікаць міліцыю.

 

Лобаву пашкодзілі нагу. І калі прыехаў спэцназ, ён ляжаў на спіне і ня мог падняцца.

 

Увесь інцыдэнт ад цягнуўся каля 5 хвілінаў.

 

Савіцкі ці Малышаў перад нападам казалі камусьці  па тэлефоне:

 

— Вось мы на месцы. Што зь імі рабіць?, — сьцьвярджае Дашкевіч.

 

У міліцыі безь ніякіх размоў вызначылі, хто пацярпелы, хто вінаваты.

 

У пацярпелых няма ніякіх пытанняў да Дашкевіча.

 

16:07 Суд над Дашкевічам і Лобавым. Пачынаецца допыт Эдуарда Лобава.

 

Дзяржаўны абвінаваўца Мазорка пытаецца ў яго, ці выкарыстоўваў Лобаў "фомку"?

 

Лобаў расказвае, што ў той вечар яны заўважылі, што за імі сочаць.

 

— "Пацярпелыя" спыталі, як прайсьці да нейкага дома, і папрасілі закурыць. Потым яны пабілі Лазарава і Дашкевіча, а Савіцкі ўдарыў мяне, — кажа Лобаў. — Тады я дастаў  з мэтай псыхалягічнага ўзьдзеяння "фомку", але яе потым выбілі ў мяне з рук.

 

— Савіцкі нанёс мне ўдар, расьсёк губу. Я яму ўдараў у адказ не наносіў. Дастаў з торбы фомку і прыгразіў, што буду абараняцца, калі ён ня спыніцца. Ёх схапіў мяне за руку, вырваў фомку, і я апынуўся на зямлі. Ніякіх удараў фомкай я не зрабіў.

 

— Калі я ляжаў на зямлі, Савіцкі нанёс мне некалькі ўдараў па галаве і парцягваў мяне ўтрымліваць на зямлі, аж пакуль прыехала міліцыя.

 

— Я расцэньваю гэтую сытуацыю як правакацыю з боку ўраду. Гэта быў напад на нас. Мае дзеяньні насілі абарончы характар.

 

Алег Малышаў cпытаў у Лобава:

 

— Ці не пакутваеце вы на маніякальны сындром?

 

Адзін са сваякоў Лобава з залі сказаў, што ў элітныя дэсантныя войскі такіх не бяруць. Судзьдзя Шылько зрабіла заўвагу сваяку.

 

Канстанцін Савіцкі цікавіцца ў Лобава, каму належала фомка і навошта ён нёс яе з сабой. Лобаў адмовіўся адказваць.

 

— Ці была неабходнасьць даставаць фомку? — Запыталася суддзя Шылько.

 

— Так, каб спыніць гэты інцыдэнт. Каб аказаць псыхалягічнае ўзьдзеянне на нападніка. Я ніякіх удараў фомкай не наносіў, адказаў Лобаў.

 

16:44 Суд над Дашкевічам і Лобавым. Пачынаецца допыт пацярпелых. Малышаў дае паказанні з суседняга пакою. Алег Малышаў часова не працуе і ня вучыцца. Жыве ў Менскім раёне.

 

Малышаў расказвае, што 18 сьнежня каля 16 гадзінаў разам з Канстанцінам Савіцкім сустрэлі на вуліцы Дашкевіча і спыталі, дзе знаходзіцца прыпынак, каб праехаць у цэнтар гораду. Савіцкі папрасіў цыгэрэту, на што нечакана яму ўдарыліі ў тулава. А самому Малышаву — у галаву. Лобаў напаў на Савіцкага і спрабаваў нанесьці ўдар у галаву.

 

Потым прыехала міліцыя, АМАП, і ўсіх затрымалі. У Савіцкага йшла кроў:

 

— Была разьбітая галава. Я папрасіў міліцыю выклікаць "хуткую". Потым я бачыў, як у Дашкевіча і Лобава супрацаўнікі міліцыі пазнаходзілі нейкія палітычныя праклямацыі…

 

Кажа, што быў на месцы інцыдэнту толькі са сваім таварышам Савіцкім.

 

Малышаў кажа, што да месца інцыдэнту дабіраўся на таксі — ехаў з праспэкта Дзяржынскага. У яго была прызначаная сустрэча з Савіцкім. Падышлі да Дашкевіча на мэтар і спыталіся пра найбліжэйшы прыпынак.

 

— Я сабраўся адыходзіць, а мой сябра спытаў, ці ёсьць закурыць, і адразу пачалася агрэсія з боку Дашкевіча.

 

Кажа, што ня ведае, хто выклікаў міліцыю.

 

Малышаў кажа, што ён быў апрануты ў шапку, цёмную куртку і джынсы. Савіцкі быў апрануты гэтаксама. Малышаў кажа, шо на таксі ехаў датуль, дакуль хапіла грошай. (На гэта ў залі засьмяяліся).

 

Малышаў кажа, што не дамаўляліся на сустрэчу з Савіцкім, тут, дзе яго высадзіў таксіст. Ён нечакана сустрэўся ў сябрам.

 

Дашкевіч спытаўся ў Малышава:

 

— Каго баіцеся ў гэтай залі, што хаваецеся?

 

Дашкевіч спытаўся ў Малышава, ці гатовы ён да крымінальнай адказнасьці за дачу лжывых паказанняў. Малышаў адказаў, што папярэджаны судом. Дашкевіч параіў Малышаву рыхтаваць рэчы для турмы.

 

— Я баюся ціску родных блізкіх і прыхільнікаў гэтай незразумелай арганізацыі, — сказаў Малышаў.

У ходзе дыялёгу Дашкевіча аказалася, што Малышаў ехаў да месца інцыдэнту не на таксі, а на "прыватніку", які давёз яго да месца інцыдэнту за 7 тысяч, і там жа Малышаў выпадкова сустрэў сябра.

 

17:23 Пачынаецца допыт пацярпелага Канстанціна Савіцкага. Савіцкі таксама нідзе не працуе і ня вучыцца, родам з Самары.

 

Савіцкі расказвае, што 18 снежня ён выпадкова сустрэўся са сваім знаёмым, калі ішоў да тралейбуснага прыпынку. Яны вырашылі паехаць у кавярню ў цэнтар. Падышлі да трох хлопцаў і захацелі спытаць, як прайсьці на прыпынак. "Тыя не адказалі, а я папрасіў цыгарэту, на што Дашкевіч безпрычнынна нанёс удар Малышаву... Я адштурхнуў яго ўбок двума рукамі. Там жа стаяў Лобаў, які спрабаваў мяне ўдарыць — я ўхіліўся. Потым ён мне нацягнуў шапку на вочы і моцна ўдарыў — аж іскры з вачэй пасыпаліся".

 

— Хутка прыехала міліцыя, нас усіх паклалі на зямлю, апранулі кайданкі і зацягнулі ў машыну. Калі прыехалі ў РУУС мне стала горш, і я папрасіў выклікаць хутку. Мяне адвезьлі ў 9-ты шпіталь. Там мяне агледзелі і сказалі, што стан нармальны ніякіх наступсваў няма. Мне заляпілі рану, і я вярнуўся на таксі ў міліцыю да сябра.

 

— Вы ведаеце, што таварышы Дашкевіча ўчынілі на маім месцы жыхарсва? Паплечнікамі Дашкевіча былі вывешаныя ўлёткі з заклікам плюнуць у твар грамадзяніну Савікцаму і прысороміць яго за лжэсьведчаьнні, — кажа Савіцкі. Назваць нумар дома, дзе ён знаходзіўся ў сяброў, Савіцкі адмовіўся.

 

На пытаньне аднаго з адвакатаў Савіцкі адказаў, што 18-га чысла ня меў пры сабе мабільнага тэлефона — забыўся.

 

Савіцкі кажа, што ад пачатку інцыдэнту да прыезду міліцыі прайшло хвіліны 2-3. Савіцкі, які 1979 года нараджэньня, кажа, што ўвогуле нідзе не працаваў і ня мае працоўнай кніжкі. Пытаньне адваката, за які кошт ён жыве, судзьдзя зьняла.

 

Савіцкі кажа, што таксама, як і Малышаў, з цэнтру Менску дабіраўся да месца інцыдэнту на папутцы — за 25 тысяч.

 

Дашкевіч паўтарыў Савіцкаму параду, якую ён даў Малышаву:

 

— Рыхтуй торбу да турмы за лжывыя сьведчаньні.

 

Абарона папрасіла зачытаць паказаньні Малышава і Савіцкага на папярэднім сьледзтве.

 

Мар’яна Сямешка:

 

— Пратаколы іх допыту ідэнтычныя, ажно да сынтаксычных памылак.

 

Судзьдзя Шылько скорагаворкай зачытвае паказаньні на папярэднім сьледзтве.

 

Адвакат Сямешка знайшла супярэчнасьці ў паказаннях Савіцкага на папярэднім сьледзтве і на судзе. Савіцкі патлумачыў блытаніну сваім станам пасьля бойкі.

 

Адвакаты знаходзяць неадпаведнасьці ў паказаннях пацярпелых на судзе і на папярэднім сьледзтве. Малышаў таксама як і Савіцкі заявіў суду, што нідзе ніколі не працаваў, ня мае працоўнай кніжкі, мабільнага тэлефона.

 

— Я адмаўляю дасягненьні прагрэсу, — зьдзекліва адказаў ён на пытантне адваката.

 

Допыт пацярпеклых завершаны.

 

18:40 Пачынаецца допыт сьведкаў. Першы — Мілінец Юры, 1968 году нараджэньня, камандзір узводу спэцназу МУС.

 

Мілінец кажа, што 18 сьнежня ён патруляваў у Маскоўскім раёне. Дзяжурны па РУУС перадаў ягонаму нараду пра бойку. Прыехалі на месца на машыне і затрымалі ўсіх. "Я ўбачыў на сьнезе сьляды крыві і побач убачыў мэталічны прадмет, падобны да манціроўкі". Мілец кажа, што ў Савіцкага была разьбітая галава і цякла кроў, яму выклікалі "хуткую".

 

— Твар у Савіцкага быў заліты крывёю. Цяжка было зразумець, хто вінаваты, з-за чаго адбылася бойка. З-за чаго канфлікт здарыўся, нам не было ясна.

 

Кажа, што прыехалі на месца здарэньня праз 5 хвілінаў пасьля выкліку на службовым Фольксвагене-транспарцёры.

 

Адвакат пытаецца: Чаму пасьля інцыдэнту затрыманага Савіцкага з РУУС у шпіталь везьлі без аховы? Міліцыянт Мілінец ня можа адказаць на гэтае пытаньне.

 

Адвакат Мар’яна Сямешка знайшла супярэчаньні ў паказаньнях Мілінца на папярэднім сьледзьве і на судзе. Судзьдзя зачытвае ранейшыя паказаньні.

 

Сьведка кажа, што ўжо на месцы здарэньня яны выявілі ініцыятараў бойкі і пацярпелых. Мілінец паведаміў, што ўжо празь пяць хвілінаў пасьля сыгналу пра бойку на месца здарэньня прыбылі два патрулі — пешы і на машыне.

19:25 Абвешчаны перапынак да 10-й раніцы 23 сакавіка.

 

 

Пацярпелыя-невідзімкі сьведчаць супраць Дашкевіча і Лобава

 

Сёньня ў Маскоўскім судзе Менску пачаўся працэс паводле абвінавачваньня лідэраў Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава ў злосным хуліганстве. Самых важных фігурантаў справы пацярпелых Алега Малышава і Канстаціна Савіцкага, якіх нібыта пабілі Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, ніхто на працэсе так і ня ўбачыў.

 

21 сакавіка суд ужыў да іх асаблівыя ахоўныя захады, таму што яны, маўляў, баяцца помсты родных і паплечнікаў Дашкевіча ды Лобава. Таму свае паказаньні яны давалі з суседняга з судовай заляй пакоя, праз прыадчыненыя дзьверы. Зьміцер Дашкевіч, які на судзе заявіў, што бойка, пасьля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нэўтралізаваць яго перад выбарамі, увогуле лічыць прозьвішчы пацярпелых псэўданімамі, а іх саміх — закансьпіраванымі правакатарамі. Дашкевіч адкрыта заклікаў "пацярпелых" самім рыхтавацца да турмы за лжывыя паказаньні.

 

Людзі гэтыя сапраўды дзіўныя — маюць па 30 гадоў, а нідзе і ніколі не працавалі і не вучыліся, нават працоўных кніжак ня маюць, але на месца бойкі яны прыехалі на таксі, прычым паміж сабою выпадкова там сустрэліся. Называлі адзін аднаго таварышамі, казалі, што ў той дзень ехалі ў кавярню ды спыталі ў Дашкевіча, дзе прыпынак, і папрасілі цыгарэту… Мабільных тэлефонаў яны ня носяць, адукацыю маюць сярэднюю, але лёгка ўступалі ў дыскусіі з адвакатамі падсудных, прычым Савіцкі адкрыта ім грубіў, за што атрымаў папярэджаньне ад судзьдзі. Гаварылі яны ўпэўненым голасам, які ніяк не пасаваў баязьлівым беспрацоўным. Пацярпелыя і адзіны сьведка-міліцыянт, якіх дапыталі сёньня ў судзе, блыталіся ў сваіх паказаньнях, што некалькі разоў давяла адвакат Мар’яна Сямешка. З паказаньняў жа падсудных вынікае, што невядомыя пабілі менавіта іх. А пасьля, праз 5 хвілін ад пачатку бойкі, на месца здарэньня прыбылі адразу два міліцэйскія патрулі — пешыя міліцыянты і спэцназ на мікрааўтобусе.

 

На думку назіральнікаў, вінаватасьць Лобава і Дашкевіча за першы дзень выявіць у судзе не ўдалося, хутчэй наадварот. Таму родныя падсудных спадзяюцца на апраўдальны вырак судзьдзі.

 

Паплечніца падсудных Наста Палажанка, якую забралі за падзеі на Плошчы, а цяпер адпусьцілі на падпіску пра нявыезд, кажа што мае ад працэсу "брыдкія" ўражаньні:

 

— Абсалютна бачна, што ўсё гэта судовы фарс, і Зьміцер правільна сказаў, што гэта судовы цырк. І ўлада гэта нават не хавае. Нейкія галасы, якія гавораць за дзвярыма і блытаюць паказаньні… Безумоўна, я ня мела ілюзіяў адносна беларускай судовай сыстэмы, але ўсё-такі хочацца верыць, што нейкія сумленныя людзі ў ёй засталіся.

 

Актывіст МФ Мікола Дземідзенка мяркуе, што ў беларускім судзе давесьці, што чорнае — гэта чорнае, а белае — белае, немагчыма, але на суд трэба прыйсьці, каб хоць маральна падтрымаць сяброў:

 

— Я ўсьцешаны тым, як вельмі добра выглядаюць Зьміцер і Эдуард, яны трымаюцца вельмі бадзёра і адчуваюць сваю праўду. Таму мы вельмі спадзяемся на іх хуткае вызваленьне.

Пакуль Мікола Дземідзенка дзяліўся сваімі ўражаньнямі ад суду, міліцыянты з аховы будынку груба, кулакамі і нагамі, выпіхвалі з судовага фае маладых людзей, якія прыйшлі на працэс.

 

Валер Каліноўскі

 

 

Шарстоў Аляксей — новы падазраваны ў справе 19 сьнежня

 

У аўторак у Аляксея Шарстова, якога ўвечары ў панядзелак затрымалі ў якасьці падазраванага і зьмясьцілі ў СІЗА на Валадарскага, быў праведзены ператрус.

 

Як паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна", Алесь Шарстоў — студэнт 5 курсу (месца навучаньня пакуль невядомае). Па пакуль непацьверджанай інфармацыі, разам з Аляксеем Шарстовым затрыманы і двое яго сяброў, прозьвішчы якіх пакуль высьвятляюцца. Праваабаронцы не выключаюць, што сьпіс фігурантаў крымінальнай справы папоўніцца бліжэйшымі днямі яшчэ некалькімі прозьвішчамі.

 

 

У неіснуючых выступах Вуса па радыё знайшлі склад злачынства

 

Былы кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітрый Вус накіраваў заяву на імя пракурора Менску Мікалая Куліка. Палітык скардзіцца на дзеяньні сьледчага Анатоля Сукалы, які вядзе яго крымінальную справу.

 

— Абвінавачваньне сьледзтва не адпавядае ні матэрыялам справы, ні маім фізычным дзеяньням, — сказаў Вус у інтэрвію “БелаПАН”. Паводле яго меркаваньня, дзеяньні сьледчага падпадаюць пад частку 2 артыкула 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп, <…> спалучаны з абвінавачваньнем ва ўчыненьні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства).

 

— Мяне абвінавачваюць у тым, што, выступаючы на першым канале тэлебачаньня і па радыё, я заклікаў выбаршчыкаў прыйсьці на плошчу 19 сьнежня, хоць па радыё я наогул не выступаў. Мяне таксама абвінавачваюць у закліках праз інтэрнэт, — паведаміў Вус.

 

Ён заявіў, што гэтыя зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці.

 

Вус паведаміў таксама, што сьледзтва выставіла яму абвінавачваньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў на той падставе, што нібы ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня яго сын Іван падлічыў колькасьць міліцэйскіх аўтобусаў, а ён, у сваю чаргу, быццам бы перадаў гэтыя зьвесткі Мікалаю Статкевічу. Вус сьцьвярджае, што ў плянаваньні і арганізацыі масавых беспарадкаў ня ўдзельнічаў.

 

Паводле Вуса, цяпер ён знаёміцца з матэрыяламі справы, якая займае восем тамоў. Ён хацеў заключыць дагавор з адвакацкай фірмай, аднак яго адмовіліся абараняць 30 адвакатаў, пабаяўшыся пазбавіцца ліцэнзіі. Экс-кандыдату ўсё ж удалося знайсьці адваката, які будзе абараняць яго з 24 сакавіка.

 

Былым кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаю Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу прад’яўлена абвінавачваньне арганізацыі масавых беспарадкаў. Ім пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

 

 

У сьпісе неўязных — журналіст Лябедзік і судзьдзя Комар

 

На афіцыйным сайце Эўразьвязу апублікаваны дадатковы сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу. Цяпер агульны сьпіс налічвае 175 чалавек.

 

Сьпіс складаецца з асобаў, якія мелі дачыненьне да рэпрэсій супраць удзельнікаў выступаў 19 сьнежня 2010 г.

 

Гайдукевіч Валер Уладзімеравіч — намесьнік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі;

 

Гурэеў Сяргей Віктаравіч — намесьнік міністра ўнутраных спраў, начальнік папярэдняга расьледаваньня МУС;

 

Качанаў Сяргей Уладзімеравіч — дарадца міністра юстыцыі;

 

Бодак Ала Мікалаеўна — намесьнік міністра юстыцыі;

 

Сіманаў Аляксандар Анатольевіч — намесьнік міністра юстыцыі;

 

Тушынскі Ігар Геранінавіч — намесьнік міністра юстыцыі;

 

Скурат Віктар — начальнік Менскага гарадзкога ўпраўленьня дэпартамэнту аховы МУС;

 

Іваноў Сяргей — намесьнік начальніка адзьдзелу камплектаваньня ўпраўленьня ідэалягічнай працы і кадравага забесьпячэньня ГУУС Менгарвыканкаму;

 

Кадзін Раман — камандзір роты баявога і тэхнічнага забесьпячэньня палка міліцыі асобнага прызначэньня ГУУС Менгарвыканкаму;

 

Комар Вольга — судзьдзя Фрунзенскага раёну (справа Васіля Парфянкова);

 

Загароўскі Антон — пракурор Фрунзенскага раёну (справа Васіля Парфянкова);

 

Чаркас Тацяна Станіславаўна — судзьдзя суду Фрунзенскага раёну (справы Аляксандра Атрошчанкава, Аляксандра Малчанава і Дзьмітрыя Новіка);

 

Маладцова Тацяна — пракурор Фрунзенскага раёну раёну (справы Аляксандра Атрошчанкава, Аляксандра Малчанава і Дзьмітрыя Новіка);

 

Лябедзік Міхаіл Пятровіч — першы намесьнік галоўнага рэдактара газэты "Советская Белоруссия";

 

Падгайскі Генадзь Данатавіч — дырэктар Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага каледжу;

 

Кухарчык Пётр Дзьмітрыевіч — рэктар Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту;

 

Батура Міхаіл Паўлавіч — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі;

 

Часноўскі Мячыслаў Эдвардавіч — рэктар Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пушкіна;

 

Алеева Тамара Міхайлаўна — рэктар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Затрыманыя ўдзельнікі пікету ў падтрымку Дашкевіча і Лобава

 

Каля будынка Маскоўскага суду ў Менску 22 сакавіка затрыманыя ўдзельнікі акцыі ў падтрымку Дзмітрыя Дашкевіча і Эдуарда Лобава.

 

У акцыі ўдзельнічалі прыблізна 10 чалавек. Яны выстраіліся пад вокнамі суду з расьцяжкай "Рукі прэч ад "Маладога фронту!". Удзельнікі акцыі прастаялі так некалькі хвілін, пасьля чаго былі затрыманыя.

 

Дакладная колькасьць затрыманых пакуль невядома.

 

“БелаПАН”

 

 

23 сакавіка 2011 г.

 

Суд над Дашкевічам, Лобавым і Ліхавідам. Дзень другі
(Онлайн рэпартаж)

 

23 сакавіка працягваюцца суды над удзельнікамі падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Мікіту Ліхавіда судзяць у Партызанскім судзе Менску, лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча і ягонага паплечніка Эдуарда Лобава ў Маскоўскім судзе.

 
Суд над Ліхавідам

 

10:00 Аднавіўся працэс над Мікітам Ліхавідам. На працэс прыйшло меней міліцыянтаў, чым павінна быць. У залі прысутнічае назіральнік АБСЭ, праваабаронцы Людміла Гразнова і Валянцін Стэфановіч.

 

10:16 Суд пачаўся з допыту пацярпелага супрацоўніка міліцыі Дзьмітрыя Лявіцкака. Ён кажа, што пры зачыстцы плошчы паваліўся адзін з дэманстрантаў і зачапіў шчыт, які ўдарыў яго ў твар, яшчэ ў яго балеў локаць Ён ня лічыць, што пацярпеў менавіта ад масавых беспарадкаў. Магчыма, гэта сьледчы яму дапісаў, што яго наўмысна ўдарылі.

 

10:35 Судзьдзя зрабіла заўвагу адвакату, што перапытвае пацярпелага. Але той пацьвердзіў, што ўдар яму быў нанесены ненаўмысна. Далей пачалі апытваць пацярпелага супрацоўніка міліцыі Масальскага. Ён сказаў, што яго ўдарылі па галаве. Але ён працягваў выконваць абавязкі.

 

Масальскі, як і іншыя, ня бачыў, каб Ліхавід нешта ламаў ці біў па міліцэйскіх шчытах. Яшчэ ён бачыў у руках мітынгоўца нейкае полымя, але ня ведае, што гэта было.

 

11:09 Наступны пацярпелы супрацоўнік міліцыі Віталь Піліпейка распавёў, што яго білі мітынгоўцы ў кажухах, прыснулі ў твар з вогнетушыльніка. І яшчэ каля гатэля "Менск" Піліпейка бачыў як у міліцыянтаў кінулі арматурыну. Ліхавіда ён там ня бачыў. На экспэртызы двойчы яго выклікалі, але ён не хадзіў, бо не атрымліваў позвы. Яшчэ Піліпейка сказаў, што бачыў як нанесьлі траўму пацярпеламу Зінкевічу.

 

11:22 Пацярпелы Андрэй Палавінкін працаваў на плошчы ў цывільным. Яго распазналі мітынгоўцы і ўдарылі яго па галаве. Колькасьць людзей на плошчы супрацоўнік міліцыі ацаніў у паўтары-дзьве тысячы чалавек. Да ганку не падыходзіў, Ліхавіда ня бачыў.

 

Палавінкін ня бачыў на плошчы міліцыянтаў у форме, апроч супрацоўнікаў ДАІ, ня бачыў як нанесьлі траўмы пацярпелым.

 

11:49 Пацярпелы міліцыянт Сяргей Жызьнеўскі, на ранейшых працэсах над ўдзельнікамі акцыі пратэсту 19 сьнежня яго не было, сам два мэтры ростам, кажа, што мітынгоўцы білі рукамі і нагамі. Кажа, што яго ўдарылі нейкім прадмэтам. Судзьдзя зрабіла яшчэ адну заўвагу адвакату за перапытваньні.

 

12:03 Пацярпелы Тарасевіч таксама новенькі, на ранейшых працэсах над ўдзельнікамі акцыі пратэсту 19 сьнежня яго не было. Кажа:

 

— У нас кідалі нешта. Ён паваліўся на плячо. Прэтэнзій да Ліхавіда ня маю.

 

12:27 Допыт пацярпелага спэцназаўца. намесьніка камандзіра роты Сяргея Гушчыка. Кажа, што ў 22 гадзіны прыбылі на плошчу. Яго ўдарылі двойчы з-за сьпіны, у супрацоўнікаў міліцыі ляцелі плястыкавыя бутэлькі. Ён бачыў двух міліцыянтаў з гукаўзмацняльнікамі і яны нешта казалі, але спэцназавец ня чуў што, хаця яны знаходзіліся на адлегласьці ў тры мэтры. А чаму быў блізка і ня чуў? Сказаў, што працавала рацыя.

 

12:40 Пацярпелы міліцыянт Сяргей Парай кажа, што яго ўдарылі нейкім тупым прадметам. Пра Ліхавіда нічога не сказаў, На ганку ля Дома ўраду, апроч журналістаў, было каля дзесяці чалавек.

 

12:53 Пацярпелы спэцназавец Вадзім Сьмірноў сказаў, што мітынгоўцы выкрыквалі "нехарошыя" лёзунгі. Кажа, што пры адцясьненьні натоўпу атрымаў удар тупым прадметам па твары, але на экспэртызу не хадзіў, бо быў заняты.

 

13:07 Допыт наступнага пацярпелага. Андрэй Епіфанаў кажа, што атрымаў удар нечым мэталёвым па калене, "нешта вылецела з натоўпу".

 

13:21 Пацярпелы Васіль Лісоўскі кажа, што яго ўдарылі па шлему палкай і потым у яго разбалелася галава. Удзельнічаў у затрыманьні грамадзянаў на плошчы. Таксама не прыйшоў на экспэртызу.

 

13:42 Працягваецца допыт чарговага пацярпелага — Аляксандра Ксяндзова. Ён кажа, што яму сарвалі шлем і далі па шыі. Ён сказаў, што атрымаў удар у момант прарыву людзей з ачапленьня. На экспэртызе ня быў, бо быў заняты. У справе сказана, што пацярпела плячо. Чаму разыходжаньне? Ён кажа, што "забыўся". У паказаньнях Ксяндзова ў судзе істотныя разыходжаньні з матэрыяламі сьледзтва. На сьледзтве ён казаў, што людзі прарываліся праз ланцуг, у якім ён стаяў, да дома ўраду. А на судзе паказаў, што прарыў быў у бок мэтро, пасьля таго як ачапілі самых актыўных. Тады ён сказаў, што пераблытаў, бо быў у такім эмацыйных стане.

 

13:47 У судзе аб’яўлены перапынак да 14:45.

 

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які сочыць за працэсам над Мікітам Ліхавідам, сказаў, што да перапынку суд заслухаў 12 пацярпелых.

 

— Іх паказаньні збольшага падобныя. Некаторыя фразы аднолькава гучаць. Кідаецца ў вочы, што мала хто зьяўляўся для судова-мэдычнай экспэртызы. Нейкія цялесныя пашкоджаньні як сьлед не зафіксаваныя. Толькі зь іх словаў і дакумэнтаў іх ведамаснага шпіталя МУС, у які яны, паводле іх словаў, зьвярталіся пасьля падзеяў. Але на экспэртызу мала хто зьяўляўся. Ізноў жа, пераважна паказаньні падобныя да тых, якія даваліся на іншых працэсах. Частка паказаньняў новыя. Але паказаньняў пра тое, што яны былі сьведкамі збройнага супраціву, падпалаў, не пададзена ў якасьці доказаў.

 

14:50 Пасьля перапынку ў працэсе над Мікітам Ліхавідам працягваецца допыт пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі.

 

15:12 Дапытваюць пацярпелага Леаніда Гушчу, Ён таксама кажа, што яго ўдарылі па левым калене нейкім тупым прадметам. Гэта і ёсьць ягоная траўма. Ён кажа, што было 30 чалавек актыўных мітынгоўцаў, якія маглі пайсьці на нейкія дзеяньні. Засьведчыў, што людзі спрабавалі прарвацца, каб іх не арыштавалі, бо ўжо прыехалі аўтазакі.

 

15:29 Пацярпелы Валянцін Казаека сказаў, што ў яго зьляцеў шлем і ў гэты момант яму па галаве ўдарыў "нейкі тупы прадмет".

 

15:51 Пацярпелы Сяргей Маскалёў кажа, што атрымаў траўму галенастопу. Кажа, што "нешта ўпала" на нагу.

 

16:13 Пацярпелы Юры Сарока здымаў на відэакамэру, быў у цывільным. Пад час здымкаў яго ўдарылі ў нос. Юры Сарока паваліўся. Ён кажа, што прыбеглі амапаўцы, і гэта яму дапамагло. Ён працягваў здымаць. Лячыўся потым у шпіталі 4 дні.

 

16:21 Пацярпелы кажа, што людзі крычалі "Жыве Беларусь!", "Ганьба!", "Час мяняць лысую гуму!".

 

16:42 Юры Сарока ня памятае, каму потым аддаў відэакамэру і касэту. Кажа, што відэакамэра была зь менскай гарадзкой міліцыі. Адвакат хадайнічае, каб запатрабаваць касэту. Пракурор — супраць. Судзьдзя адклала гэтае пытаньне.

 

16:57 Допыт сьвекі з боку абвінавачаньня Аляксандра Багданава. Ён складаў пратакол на Ліхавіда аб затрыманьні, але не згадаў ягоныя дзеяньні на плошчы.

 

17:12 На большасьць пытаньняў сьведка Аляксандар Багданаў адказвае:

 

— Ня памятаю.

 

Судзьдзя зрабіла сьведку заўвагу.

 

17:24 Адвакатка спрабавала высьветліць, ці ня хлусіць сьведка Багданаў, але судзьдзя адхіліла два ўдакладняльныя пытаньні.

 

17:29 Багданаў пацьвердзіў, што ня быў сьведкам незаконных дзеяньняў Ліхавіда.

 

17:42 Багданаў сказаў, што падпісваў рапарт на Ліхавіда толькі на падставе таго, што Ліхавіда прывезьлі на Акрэсьціна.

 

— Вы разумееце, што вы фальшыва сьведчылі? — запыталася адвакатка.

 

Багданаў сказаў, што так ня лічыць. Ліхавід заявіў, што Багданаў яго не афармляў.

 

17:52 Пачалося вывучэньне матэрыялаў справы.

 

18:20 Пералічваюць рэчы, знойдзеныя на плошчы. У тым ліку і сякеру, ледасек, бутэлькі і балёнчыкі. На іх ёсьць адбіткі пальцаў, але экспэртыза не змагла іх ідэнтыфікаваць.

 

18:40 Пералічваюць сьпіс фотаздымкаў, у тым ліку каля дзесяці фотаздымкаў, на якіх Статкевіч б’е шкло і дзьверы і заклікае ўвайсьці ў Дом ураду. Які Статкевіч — незразумела. У сьпісе ёсьць таксама фотаздымак, дзе Ліхавід б’е ў дзьверы Дома ўраду.

 

19:01 У кватэры Ліхавіда падчас ператрусу знайшлі дакумэнты пра мясцовае самакіраваньне. Ён удзельнічаў у ініцыятыўнай групе, якая змагаецца супраць незаконнай пабудовы ў менскім мікрараёне "Ўручча" дому замест стадыёну.

 

19:02 Перапынак у працэсе да 10:00 24 сакавіка.

 
Суд над Дашкевічам і Лобавым

 

10:00 У судзе над Дашкевічам і Лобавым людзей запусьцілі ў судовую залю. Акрамя родных, журналістаў і міжнародных назіральнікаў, на паседжаньне суду патрапілі чальцы "Маладога фронту".

 

10:10 Працэс над Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым адноўлены. Пацярпелыя у пакоі га за сьпіной у судзьдзі Шылько.

 

10:12 Пачаўся допыт сьведкаў. Дапытваюць Сьвятлану Гарбачову, 1963 году нараджэньня, супрацоўніца міліцыі.

 

Гарбачова паказала, што 18 сьнежня ў двары дома 24 па вул Брыля бачыла 6-7 чалавек, якія біліся. Двое ляжалі на зямлі на жываце і іх трымалі яшчэ двое. Яна выклікала міліцыю і сышла.

 

Крыкаў пра дапамогу і заклікаў выклікаць міліцыю яна ня чула. Дакладна апісаць удзельнікаў здарэньня, іх вопратку яна ня можа. Калі яе выклікалі на першы допыт па гэтай справе, яна таксама ня памятае.

 

Крыві ні на кім з удзельнікаў інцыдэнту Гарабачова ня бачыла. Ва ўсіх твары былі адкрытыя. Сьведка не апазнала падсудных.

 

Сьведка не змагла згадаць ні дзень, ні дакладны час інцыдэнту. Яна сказала, што інцыдэнт адбыўся 19-га ў нядзелю. Але на самой справе гэта было ў суботу 18-га.

 

Кажа, што сярод тых, хто біўся, быў яшчэ адзін чалавек, які стаяў побач і размаўляў па тэлефоне.

Дзяржаўны абвінаваўца Мазорка знайшоў супярэчнасьці ў паказаньнях сьведкі ў судзе і ў часе папярэдняга сьледзтва.

 

Судзьдзя зачытвала пратакол допыту Чарбачовай ў часе сьледзтва.

 

Абвінаваўца Мазорка і судзьдзя Шылько ўгаворваюць сведку Гарбачову, каб яна сказала, што ранейшыя яе паказаньні больш поўныя і праўдзівыя. Тая пагаджаецца, кажа, што прайшоў ужо час.

 

Гарбачова паведаміла, што мэталічных прадметаў у руках ні ў кога ня бачыла.

 

На пытаньне Дашкевіча сьведка адказала, што калі б у кагосьці была кроў на ілбе, яна б убачыла. Паказаньні сьведкі кардынальна разыходзяцца з паказаньнямі пацярпелых, якія казалі, што Савіцкаму рассяклі твар "фомкай" і ён увесь быў у крыві.

 

Пацярпелы Малышаў спрабуе заблытаць сьведку, давесьці, што яна памыляецца, бо было цёмна. Ён нават згадаў, што сонца ў той дзень зайшло ў 15:58.

 

10:50 Наступны сьведка — Ігар Каравы, сьлесар з Беразіно, які жыве ў Менску на вуліцы Льва Сапегі. Каравы быў сьведкам бойкі. Ён таксама кажа, што здарэньне было 19, а не 18 сьнежня, як было насамрэч. Кажа, што пачуў крыкі "Дапамажыце!". Убачыў людзей, якія біліся. Удары наносілі абодва бакі.

 

Каравы таксама падсудных не пазнаў.

 

— Чалавек, які ляжаў на зямлі, прасіў выклікаць міліцыю. Калі я падыйшоў, сытуцацыя супакоіліся, і я вырашыў не вылікаць міліцыю. Але міліцыя і так прыехала праз 5 хвілінаў, — паведаміў Каравы.

 

Сьведка кажа, што міліцыя прыехала на мікрааўтобусе Фольксваген, ўсяго чатыры міліцыянта. Затрыманьне адбылося хутка, усім удзельнікам інцыдэнту заламалі рукі.

 

Каравы паведаміў, што ў аднаго з тых, хто стаяў на месцы інцыдэнту, у руках была манціроўка, але апісаць гэтага чалавека ён ня змог.

 

Ніякіх дзеяньняў удзельнікаў інцыдэнту з гэтай маньціроўкай Каравы не заўважыў. Чалавек трымаў маньціроўкуў руцэ, апушчанай уніз.

 

Сьведка кажа, што некаторыя ўдзельнікі канфлікту хацелі яго прагнаць. Маўляў, сыходзь мы самі разьбярэмся. Каравы сьведка таксама кажа, што крыві ні на кім ня бачыў.

 

— Прыгадаць гэтага не магу, — адказаў ён на пытаньне адваката.

 

Абвінаваўца Мазорка канчаткова заблытаў сьведку пытаньнем, ці сапраўды манціроўка была чырвонага колеру. Цяпер сьведка ўжо не ўпэўнены, які колер быў у манціроўкі.

 

— Каб у кагосьці кроў цякла ручаінай, такога я ня бачыў, — кажа Каравы. — Калі прыехала міліцыя, бойкі ўжо не было, усё было спакойна.

 

Судзьдзя зачытвае паказаньні Каравога на папярэднім сьледзтве, там ёсьць сьведчаньне пра ўдар манціроўкай і нават ломам.

 

Каравы кажа, што першыя паказаньні былі больш праўдзівымі, бо прайшоў ужо час.

 

Сьведка паказаў, што пацярпелы ўдарыў кулаком у галаву аднаго з падсудных. Гэта азначавае, што была бойка з двух бакоў, а не аднабаковы напад, у чым абвінавачваюць Дашкевіча і Лобава.

Каравы патлумачыў, што бачыў толькі, як чалавек з маньціроўкай ішоў і ня бачыў нейкіх дзеяньняў манціроўкай:

 

— Чалавек з маньціроўкай ня біў ляжачага, ён ішоў, а кулаком ударыў іншы чалавек. <…> Няправільна запісана ў пратаколе папярэдняга допыту, — заявіў ён, — Я не прачытаў яго да канца.

 

Абвінаваўца Мазорка і судзьдзя Шылько дапытваюць, чаму ён памяняў сьведчаньні.

 

Судзьдзя Шылько ў другі раз чытае сьведчаньні Каравага з пратаколу, як нехта ўдарыў пацярпелага манціроўкай па галаве.

 

— Гэта не адпавядае сапраўднасьці, — кажа сьведка, — Не адпавядае тая частка, дзе чалавек б’е манціроўкай. Відаць, сьледчы няправільна зразумеў мае паказаньні. Я бачыў толькі, як нехта нёс манціроўку.

 

Адвакат пытаецца, ці не даваў ён папярэднія паказаьні пад ціскам?

 

Каравы кажа, што ніхто на яго ня ціснуў. Ён тады сьпяшаўся і не ўсё прачытаў з запісанага сьледчым у пратакол.

 

11:54 Вочная стаўка сьведкаў Гарбачовай і Каравага. Гарбачова яго не пазнала, не можа сказаць, што ён быў на месцы здарэньня:

 

— Я не магу яго апазнаць.

 

11:59 Лобаў пазнаў сьведку і пацьвердзіў ягоныя паказаньні. Дашкевіч таксама пацьвердзіў паказаньні Каравага. Лобаў паказаў, што манціроўку у рукі ўзяў пацярпелы Савіцкі, калі яго (Лобава) павалілі на зямлю.

 

Судзьдзя Шылько і абвінаваўца Мазорка "учапіліся" за манціроўку. Яны ўпарта дапытваюць Каравага на гэтую тэму.

 

Пацярпелыя Савіцкі і Малышаў ня маюць пытаньняў да сьведкі Каравага.

 

12:10 Наступны сьведка Андрэй Тозік. 1980 году нараджэньня. Спэцназ міліцыі.

 

Тозік кажа, што ён 18 сьнежня затрымліваў падсудных і пацярпелых у складзе пешага патруля.

 

— У 16:20 паступіла інфарамцыя ад дзяжурнага пра бойку. Праз 5 хвілінаў мы былі на месцы, адначасова туды прыбыў патруль на мікрааўтобусе.

 

На месцы Тозік пабачыў, што "пару чалавек бароліся".

 

Тозік бачыў лом у руках у пацярпелага Савіцкага і кажа, што менавіта таму апранулі кайданкі. Кажа, што Лобаў пасьля затрыманьня ім паводзіў сябе спакойна.

 

Тозік кажа, што бачыў на Савіцкім кроў.

 

Тозік кажа, што Савіцкі толькі ў міліцыі паведаміў, хто яго ўдарыў.

 

Тозік затрымліваў Лобава. Міліцыянт кажа, што Савіцкі абвінаваціў Лобава, што той ударыў яго маньціроўкай. З гэтых слоў, ён вызначыў, хто пацярпелы, а хто вінаваты.

 

— Хто вызначыў, на каго складаць пратакол, а каго адпусьціць? — спытаў Адвакат Сямешка.

 

— Камандзір узводу, — адказаў Тозік.

 

Тозік кажа, што ў Савіцкага было расьсячэньне скуры, якое ён убачыў толькі ў міліцыі.

 

Адвакаты дапытваюць сьведку:

 

— Чаму вы не затрымалі ўсіх, хто там стаяў?

 

— Вызначаў мой камандзір.

 

Сьведка кажа, што Лобаў не супраціўляўся, а Савіцкі паводзіў сябе буйна і агрэсіўна, таму на яго апранулі кайданкі.

 

У Дашкевіча і Лобана, а таксама ў пацярпелых пытаньняў да сьведкі Тозіка няма. Судзьдзя Шылько зачытвае паказаньні Тозіка ў часе папарэдняга сьледзтве.

 

12:57 Наступны сьведка — Ігар Зінкевіч, супрацоўнік спэцназу міліцыі. Ён кажа, што нёс службу па ахове грамадзкага парадку, атрымалі сыгнал з РУУС і пабеглі на месца здарэньня.

 

Зінкевіч кажа, што бачыў бойку, людзі каталіся па зямлі.

 

— Затрымалі 5 чалавек, у машыне зь імі не разьбіраліся. Па прыбыцьці ў РУУС пацярпелы Савіцкі паскардзіўся, што ён паранены.

 

Зінкевіч затрымліваў пятага ўдзельніка канфлікту Лазара, зь якога абвінавачваньні ў хуліганстве зьнялі.

 

— Чаму вы не затрымалі двух "цывільных", якія таксама былі на месцы здарэньня? — запытала адвакат Аўсяньнікава.

 

— Не было ўказаньня, — адказаў Зінкевіч.

 

— Ці супраціўляліся абвінавачаныя?

 

— Мне — не.

 

Зінкевіч паказаў, што месца здарэньня аглядаў камандзір узводу, і туды яшчэ прыехала сьледчая група.

 

— На якой падставе вы складалі пратакол на Лазара, паколькі невядома было, хто вінаваты ў бойцы?

 

Зінкевіч змог толькі адказаць:

 

— Я яго затрымліваў, я яго і аформіў.

 

Чаму ўдзельніка бойкі Савіцкага адпусьцілі, міліцыянт ня змог патлумачыць.

 

У пацярпелых і абвіанвачаных пытаньняў да сьведкі Ігара Зінкевіча няма.

 

14:25 Працэс над Дашкевічам і Лобавым аднавіўся.

 

14:26 Допыт сьведкаў працягваецца. Наступны — Віктар Марачкоў, 1976 году нараджэньня, баец спэцназу міліцыі. Марачкоў удзельнічаў у затрыманьні ў складзе аўтапатруля.

 

Марачкоў затрымліваў Дашкевіча, якога пасьля бойкі яму фактычна перадаў пацярпелы, сказаўшы, што менавіта Дашкевіч біў яго.

 

Хто накіраваў іх машыну на месца бойкі, Марачкоў ня памятае, як і тое, што ў затрыманьні удзельнічаў яшчэ адзін патруль спэцназу — пешы.

 

Чаму ў міліцыі адпусьцілі затрыманага Савіцкага ў шпіталь без аховы, Марачкоў не памятае. Ён наогул на многія пытаньні адказвае, што ўжо не памятае.

 

Марачкоў кажа, што Дашкевіч пры затрыманьні не супраціўляўся.

 

— Чаму вы затрымалі Дашкевіча? — запытала адвакат.

 

— Таму што мне пацярпелы сказаў, што ён біў кагосьці, — адказаў Марачкоў.

 

— А калі б вам Дашкевіч сказаў, што іншы біў, вы б тады Дашкевіча паслухалі і затрымалі іншага?

 

— Я не ведаю, як бы я паступіў.

 

— Колькі часу ў РУУС вы разьбіраліся, хто пацярпеы, хто вінаваты?

 

— Ня памятаю.

 

Марачкоў кажа, што ў размове зь ім Дашкевіч назваў сябе апазыцыянэрам і сказаў, што плошчу ці рэзыдэнцыю прэзыдэнта будуць паліць без яго.

 

15:05 Наступны сьведка — Дзяніс Лазар. Актывіст "Маладога фронту". Працуе электразваршчыкам у Маладзечне.

 

Лазар назваў Дашкевіча і Лобава сваімі сябрамі.

 

Лазар апавёў, што 18 сьнежня ён быў разам з Лобавым і Дашкевічам. Дашкевіч здымаў кватэру на вуліцы Панамарэнкі. Увечары ехалі на аўтобусе на вакзал і заўважылі, што нейкі падазроны чалавек "касіўся на іх". Вырашылі выйсьці з аўтобусу. Праз прыпынак каля іх праехала нейкая падазроная машына і спынілася. Актывісты "Маладога Фронту" зайшлі ў двор. Да іх імкліва рушыла кампанія з 4 чалавек. Два зь іх (Савіцкі і Малышаў) падыйшлі да ііх непасрэдна, яшчэ двое засталіся ўбаку. У двары дому 24 па вуліцы Янкі Брыля. Малышаў і Савіцкі спыталі ў Дашкевіча, дзе знаходзіцца нейкі дом па вуліцы Брыля. Потым Савіцкі папрасіў цыгарэту, а Малышаў ударыў Дашкевіча кулаком у жывот. Дашкевіч сагнуўся. Пазьней пачалася патасоўка Савіцкага з Лобавым…

 

Потым невядомы падбег да самога Лазара і ўдарыў яго ў правую голень, паваліў на зямлю. Потым яму сказалі не рухацца і нацягнулі шапку на галаву. Лазар застаўся ляжаць на зямлі.

 

Лазар кажа, што хтосьці з нападкнікаў потым патэлефанаваў, прыехала міліцыя. Лазара затрымалі.

 

У міліцыі нейкі маёр браў тлумачэньні, баец спэцназу, якія затрымаў яго ніякіх тлумачэньняў у яго не браў, заявіў Лазар.

 

Лазар патлумачыў, што пацярпелыя мэтанакіравана ішлі да іх праз сьнег, каб спытаць пра нумар дома і папрасіць цыгарэту.

 

— Цыгарэту вядома ў якіх выпадках просяць, — патлумачыў сваю ацэнку сытуацыі Лазар.

 

Ад пачатку канфлікту да прыезду міліцыі прайшло не болей за 5 хвілінаў.

 

Мінакі крычалі нападнікам:

 

— Што вы б’еце пацаноў?

 

Падняцца і пайсьці зь месца інцыдэнту Лазар не рашыўся. Кажа, што вырашыў "не рызыкаваць здароўем", бо нападнікі прыгразілі яму і загадалі ляжаць на зямлі.

 

Лазар кажа, што ў дзень здарэньня меў з сабою ўлёткі і 19-га сьнежня зьбіраўся выйсьці на акцыю пратэсту.

 

Пацярпелы Малышаў спытаў Лазара:

 

— Вы ўсьведамляеце крымінальную адказнасьць за дачу ілжывых паказаньняў?

 

— Гэтак жа, як і вы, адказаў Лазар.

 

Адказ выклікаў аплядысмэнты ў залі.

 

Лазар пераканана заявіў суду, што так званыя пацярелыя насамрэч былі нападнікамі. Пацярпелыя да яго больш пытаньняў не маюць.

 

16:08 Допыт сьведкаў завершаны.

 

16:10 Суд пераходзіць да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы: пастановы пра завядзеньне крымінальнай справы, заяваў пацярпелых, пратаколу агляду месца здарэньня.

 

Судзьдзя Шылько агучыла, што на месцы здарэньня знойдзеныя каляндарыкі, улёткі, зафіксаваныя плямы крыві, адно зь іх памерам 18 на 25см.

 

Адвакат Мар’яна Сямешка шмат разоў зьвяртае ўвагу суду на недакладнасьці ў пратаколах, на час правядзеньня экспэртызаў, іншыя дэталі.

 

16:40 Адзін з кіраўнікоў "Маладога фронту" Мікола Дземідзенка, які знаходзіцца ў залі суду, паведаміў, што міліцынты затрымалі сябраў "Маладога фронту" Зьмітра Хведарука і Ільлю Шылу. 22 сакавіка хлопцы ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасьці зь Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым.

 

16:54 Азнаямленьне зь пісьмовымі матэрыяламі справы завершана.

 

16:55 Адвакат Аўсяньнікава выступіла з хадайніцтвам правесьці біялягічную экспэртызу крыві, знойдзенай на месцы здарэньня, каб высьветліць, каму яна належыць. Аўсяньнікава таксама просіць правесьці экспэртызу тэлефанаваньня сьведкі Гарбачовай, якая нібыта выклікала міліцыю на месца здарэньня.

 

Яна просіць запытаць у Менскіх гарадзкіх тэлефонных сетак зьвесткі пра ўваходныя званкі на тэлефоны Маскоўскага РУУС за 18 сьнежня. Адвакат Сямешка цалкам падтрымала хадайніцтвы Аўсяньнікавай.

 

Адвакат Сямешка просіць суд дадаткова вывучыць асобы пацярпелых.

 

А таксама вывучыць перамяшчэньні пацярпелых 18 сьнежня — для гэтага трэба высьветліць у мабільных апэратараў, ці маюць гэтыя асобы мабільныя тэлефоны і ці карысталіся яны імі 18 сьнежня.

 

17:06 Суд далучыў да справы пазытыўныя характарыстыкі на Лобава і Дашкевіча як студэнтаў.

 

17:09 Дзяржаўны абвінаваўца Мазорка выступіў супраць задавальненьня хадайніцтваў адвакатаў. Мазорка лічыць, што адвакаты хочуць зацягнуць разгляд справы. Адвакаты адказалі, што яны просяць вывучыць усе акалічнасьці справы і атрымаць праўдзівы адказ на ўзьныятыя пытаньні.

 

17:18 Дашкевіч заявіў, што гэтыя хадайніцтвы дазваляюць знайсьці адказ, хто ўчыніў гэтае злачынства.

 

— Я патрабую ў суду, калі гэта суд, а ня цырк, далучыць усе хадайніцтвы да справы, — заявіў ён.

Судзьдзя Шылько зрабіла заўвагу Дашкевічу. Яна нават перайшла на беларускую мову:

 

— Захоўвавйце элемэнтарны этыкет.

 

Лобаў таксама падтрымаў усе заяўленыя хадайніцтвы.

 

Пацярпелыя выступілі супраць хадайніцтваў, але не змаглі патлумачыць сваю пазыцыю — хай вырашае суд.

 

17:24 Судзьдзя Шыльда адмовілася задаволіць хадайніцтва пра тэлефанаваньні Гарбачовай. Маўляў, у суду няма сумневаў у яе паказаньнях.

 

17:27 Каб прыняць рашэньні па іншых хадайніцтвах, судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой. У працэсе перапынак.

 

17:42 Судзьдзя Шылько адмовілася задаволіць хадайніцтва пра экспэртызу крыві.

 

Дашкевіч выступіў з хадайніцтвам запатрабаваць ад мабільных апэратараў, якія нумары знаходзіліся у той мясцовасьці на час здарэньня, і потым праслухаць запісы размоў, праведзеных адтуль у той час. Абвінаваўца Мазорка запярэчыў і заявіў, што праслухоўваьне размоваў павінна быць санкцыянаванае. Адвакаты падтрымалі хадайніцтва Дашкевіча. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

 

17:45 Адвакат Сямешка папрасіла ў суду час для падрыхтоўкі да судовых спрэчак — 1 працоўны дзень.

 

17:49 Судзьдзя заявіла, што суд пераходзіць да спрэчак. Судовае разбіральніцтва абвешачанае закрытым — заявіла судзьдзя. Аўсяньнікава таксама просіць час на падрыхтоўку, тым больш што працоўны дзень завяршаецца.

 

17:50 Выступае дзяржаўны абвінаваўца Мазорка.

 

18:10 Пацярпелы Савіцкі:

 

— У поўным аб’ёме падтрымліваю абвінаваўцу. Шкада, што ўсё гэта атрымалася. Згодны, што справа гэтая мае палітычную афарбоўку, але за свае дзеяньні трэба адказваць.

 

Пацярпелы Малышаў падтрымаў абвінавачаньне, але заявіў:

 

— Мне шкада, што гэты канфлікт узьнік.

 

Абвінаваўца просіць прызнаць Лобава вінаватым і пакараць яго 5 гадамі ўзмоцненага рэжыму. Дашкевіча Мазорка просіць пакараць 3 трыма гадамі калёніі агульнага рэжыму.

 

18:12 Выступае адкаватка Мар’яна Сямешка. Яна робіць выснову, што няма доказаў віны абвінавачаных ва ўчыненьні злачынства.

 

Сямешка найстойвае, што пратаколы выняцьця "фомкі" і агляду месца здарэньня не адпавядаюць заканадаўсву. Атрымліваецца, што нібыта сьледчы рабіў допыт і выняцьце "фомкі" адначасова. Таму гэтыя дакумэнты нельга браць пад увагу. Парушаныя патрабаваньні Працэсуальнага кодэксу. Сямешка знайшла і іншыя парушэньні Працэсуальнага кодэксу, у тым ліку ў прызначэньні экспэртызаў.

 

18:30 Адвакатка Алена Аўсяньнікава: Вывучаныя ў судзе доказы не даказваюць вінаватасьці падсудных. Выняцьце лому адбывалася з парушэньнем закону, і гэта ня можа лічыцца доказам па справе. Вінаватасьць Лобава не даказаная, таму яго трэба апраўдаць.

 

Паказаньні сьведак Лазара і Гарбачовай сьведчаць, што бойку пачалі пацярпелыя. Пасьля нападу з боку пацярпелых абвінавачаныя мелі права абараняцца і абараняць сваё жыцьцё і здароўе.

 

Зь нейкіх незразумелых прычынаў судовая экспэртыза пашкоджаньняў Лобава не была праведзеная, хоць была прызначаная. Ён хадайнічаў пра гэта, хадайнічала абарона.

 

Паказаньні пацярпелых зьяўляюцца супярэчлівымі, супярэчаць нават паказаньням міліцыі. Самая вялікая супярчэнасьць — тое, што нават супрацоўнікі міліцыі ня бачылі на месцы падзеі крыві на твары пацярпелага Савіцкага.

 

18:52 Абвінаваўца заявіў, што ня згодны з адвакатамі. Ён апраўдвае памылкі ў пратаколах тым, што час у іх пазначаўся прыблізна.

 

18:56 Апошняе слова Дашкевіча.

 

Аўсяньнікава заявіла, што будуе сваю абарону толькі на юрыдычных момантах, не бярэ пад увагу палітычныя акалічнасьці.

 

19:02 Апошняе слова Эдуарда Лобава. Гэта правакацыя з боку ўладаў. Псэўдапацярпелыя, якія хаваюцца за сьцяной, баяцца праўды. Я веру, што праўда пераможа і кожны атрымае сваё.

 

Ягоны выступ таксама сустрэлі воплескамі.

 

19:04 У судзе абвешчаны перапынак да 11:00 24 сакавіка.

 

 

Астапеню — 10 сутак арышту за салідарнасьць, Шылу — 13

 

Рыгора Астапеню, якога затрымалі 22 сакавіка разам з Іванам Шылам за расьцяжку ў падтрымку Зьмітрара Дашкевіча і Эдуарда Лобава, пакаралі арыштам на 10 сутак.

 

Ягоную адміністрацыйную справу разглядала судзьдзя суду Маскоўскага раёну Менску Тацяна Матыль.

 

Івана Шылу пакаралі арыштам на 13 сутак. Ягоную справу разглядаў судзьдзя Яўген Хаткевіч., паведамляе праваабарончы сайт “Вясна”.

 

22 сакавіка ў акцыі ўдзельнічалі прыблізна 10 чалавек. Яны выстраіліся пад вокнамі суда Маскоўскага раёна з расьцяжкай "Рукі прэч ад "Маладога фронту!" Удзельнікі акцыі прастаялі так некалькі хвілінаў, пасьля чаго двое з іх былі затрыманыя.

 


Лябедзька сустрэўся з адвакатам. Упершыню сёлета

 

Упершыню з пачатку гэтага году лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі  Анатоль Лябедзька змог сустрэцца са сваім адвакатам.

 

Як паведамляе партыйны сайт, сустрэча адбылася ўвечары 22 сакавіка і доўжылася больш за гадзіну. Па словах сына палітыка, Лябедзька прасіў адваката перадаць родным і блізкім, што ён здаровы, і перадаваў усім прывітаньне. Лідэр АГП таксама папрасіў перадаць Крымінальна-працэсуальны кодэкс і камэнтары да яго.

 

Анатоль Лябедзька зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы аб масавых непарадках у Менску 19 сьнежня. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі ён быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП Яраслава Раманчука. Палітыка затрымалі ў Менску ў ноч з 19 на 20 сьнежня ў яго кватэры і даставілі ў сьледчы ізалятар КДБ. 22 сьнежня стала вядома, што на знак пратэсту супраць свайго незаконнага затрыманьня Лябедзька абвясьціў галадоўку, аднак неўзабаве ён яе спыніў па просьбе жонкі. Пасьля 29 сьнежня палітык ня меў магчымасьці бачыць свайго адваката.

 


Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі

 

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Крыніца, якая паведаміла гэтую інфармацыю "Радыё Свабода", таксама паведаміла, што заўтра ён атрымае адпаведныя дакумэнты.


“Радыё Свабода”

 

 

24 сакавіка 2011 г.


Суд над Мікітам Ліхавідам перанесены на 29 сакавіка

 

Судовы працэс над Мікітам Ліхавідам перанесены на 29 сакавіка. У адвакаткі Ліхавіда Дар’і Ліпкінай захварэла дзіця. Мікіце прапаноўвалі дзяжурнага адваката, але ён адмовіўся ад яго паслугаў.

 

Ліхавіду высунулі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Паводле зьвестак, у сьледзтва ёсьць відэа з удзелам Мікіты Ліхавіда ў падзеях каля ўваходу ў Дом ураду.

 

 

Дашкевічу — 2 гады агульнага рэжыму. Лобаву — 4 гады ўзмоцненага рэжыму

 

12:00 Са спазьненьнем на гадзіну людзей пачалі запускаць у залю. У судзе — сваякі, актывісты “Маладога фронту”, дыпляматы эўрапейскім краінаў.

 

Маці Эдуарда Лобава прыйшла з павязаным на шыі бел-чырвона-белым шалікам.

 

23 сакавіка абвінаваўца Мазорка папрасіў прызнаць хлопцаў вінаванымі і пакараць Эдуарда Лобава пяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, Дашкевіча — трыма гадамі калёніі агульнага рэжыму.

 

Хлопцаў абвінавацілі ў хуліганстве — нібыта яны зьбілі Малышава і Савіцкага.

 

Раней падсудныя заяўлялі, што крымінальная справа справакаваная ўладамі.

 

Адвакаты Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава Мар’яна Сямешка і Алена Аўсяньнікава папрасілі апраўдаць хлопца.

 

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Эдуарда Лобава пакаралі 4 гадамі калёніі ўзмоцнега рэжыму. Такі прысуд вынесла 24 сакавіка судзьдзя Маскоўскага суду Менску Алена Шылько.

 

Адвакаты ад камэнтароў адмовіліся.

 

Судзьдзя зачытала толькі рэзультатыўную частку.

 

Дашкевіч прызнаны вінаватым паводле крымінальнага артыкулу “злоснае хуліганства”, а Лобаў — паводле артыкулу “асабліва злоснае хулдіганства”.

 

Пасьля абвяшчэньня прысуду, у залі пачуліся воклічы “Жыве Беларусь!”.

 

Вернікі царквы, якую наведваў Дашкевіч, сталі ў коле перад буднынкам суда. Яны памаліліся за ўтрыманьне моцы, а пасьля прасьвявалі “Магутны Божа”.

 

Бацька Эдуарда Лобава Юры заявіў, што прысуд — гэта палітычная расправа, што ў судзе не было даказана віны і што сям’я цалкам падтрымлівае сына.

 

Бацька Зьмітра Дашкевіча Вячаслаў сказаў, прысуд — несправядлівы, а ягоны сын — не хуліган.

 

Намесьнік кіраўніка “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка заявіў, што прысуды не паўплываюць на дзейнасьць “Маладога фронту”, што арганізацыя і далей будзе намагаца зьмяніць сытуацыю ў Беларусі.

 

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч назваў прысуд Зьміцеру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву палітычным. Паводле Стэфановіча, тое, што адбылося нельга разглядаць у адрыве ад падзеяў 19 сьнежня.

 

— Дашкевіча спрабавалі затрымаць перад 19-ым некалькі разоў. Бачна, што ўлады выкарыстоўвалі розныя мэтады для яго прэвэнтыўнай ізаляцыі. А тут выкарысталі сродак вельмі падобны да таго, што было зроблена адносна Алеся Пушкіна. Былі падасланыя нейкія цьмяныя асобы, якія справакавалі бойку. І пасьля гэта маладафронтаўцы адразу ж былі затрыманыя міліцыяй. Таму гэта было зроблена невыпадкова і за гэтым тырчаць вушы нашых спэцслужбаў. Гэта намі ацэньваецца як палітычная справа. Адназначна. Гэта правакацыя, якая была інсцыянаваная адносна Дашкевіча, бо яны апасаліся, што ён і актывісты Маладога фронту возьмуць актыўны ўдзел у падзеях 19 сьнежня.

 

 

Навіны з жыцьця палітвязьняў

 

Анатоль Лябедзька не дае паказаньняў, мяркуе жонка палітыка Сьвятлана. Мікалай Статкевіч заканчвае азнаямленьне з крымінальнай справай. Зьміцер Бандарэнка пакутуе ад хваробы суставаў. Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі "маральна гатовы да значнага тэрміну".

 

Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку ўпершыню за тры месяцы наведаў адвакат. Жонка палітыка Сьвятлана распавяла:

 

— Выглядае стомленым, але збольшага трымаецца. Пакуль адвакат ня ведае, калі скончыцца ягоная справа, нічога пэўнага сказаць ня можа. Наколькі я ведаю, ніякіх сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам не вядзецца. Мяркую, ён паказаньняў не дае, таму яго пакуль і не чапаюць. Больш няма чаго дадаць.

 

З апошняга ліста вядома, што ёсьць пастанова аб утрыманьні яго пад вартай да 20 траўня.

 

— А там будзе бачна, — кажа Сьвятлана Лябедзька.

 

24 сакавіка экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч заканчвае азнаямленьне з крымінальнай справай. Пра гэта са спасылкай на адваката паведаміла грамадзянская жонка палітыка Марына Адамовіч:

 

— Сёньня адвакат пайшла да яго трэці раз, хутчэй за ўсё, яны ўжо будуць завяршаць азнаямленьне са справай. Магчыма, напішуць патрэбныя скаргі. Бо адну падзею расьцягнулі на дзясяткі спраў, што, лічу, незаконна.

 

Марына Адамовіч таксама занепакоеная тым, што ўжо амаль тыдзень не атрымлівае лістоў ад Мікалая Статкевіча.

 

— Быццам бы ліставаньне ўжо наладзілася, і зноў вялікі перапынак, — кажа Марына Адамовіч.

 

На пачатку году ад Мікалая Статкевіча цягам трох тыдняў не было лістоў, хоць потым высьветлілася, што ён лісты адсылаў.

 

У судзе над актывістам руху "За свабоду" Мікітам Ліхавідам падчас вуснага азнаямленьня з матэрыяламі справы было агучана, што ў справе фігуруе некалькі фатаздымкаў, на якіх Статкевіч спрабуе пранікнуць у Дом ураду 19 сьнежня, дзеля чаго наносіць удары ў дзьверы і заклікае іншых да гэтых дзеяньняў. Ці гэта Мікалай Статкевіч, у судзе не прагучала.

 

Каардынатар "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка паведаміў сваякам, што пакутуе ад падагры — хваробы суставаў. Бандарэнка просіць даслаць адмысловых лекаў. Паводле вязьня "амэрыканкі", хвароба ў яго магла абвастрыцца з-за вялікіх перападаў начной і дзённай тэмпэратуры.

 

Экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева на допыты на гэтым тыдні не выклікаюць, паведаміла жонка палітыка Вольга Някляева. Спадар Някляеў ужо амаль два месяцы знаходзіцца пад хатнім арыштам. Калі будзе завершанае расьсьледаваньне ягонай крымінальнай справы, невядома.

 

Пачаў азнаямленьне з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі, якога таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а таксама ў прысваеньні ўлады. Бацька вязьня "амэрыканкі " распавёў і пра стан здароўя сына:

 

— У лісьце, які прыйшоў ад генпракурора, распавядаецца пра тое, што сына аглядаў турэмны доктар і нібыта пераломаў рэбраў, чаго мы апасаліся, не знайшоў. Але зь ліста незразумела, наколькі сур'ёзным было становішча раней. Што да будучыні, то відаць зь ягоных лістоў, што ён падрыхтаваўся да горшага разьвіцьця падзей. Бо "навесілі" на яго ажно тры артыкулы, ёсьць асьцярога, што хочуць зладзіць паказальны суд. У тым сэнсе, каб усе людзі ў пагонах бачылі, што будзе з кожным, хто выступіць супроць сыстэмы.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Падтрымка зьняволеных да Дня волі

 

У Рэчыцы на рынку "Славянскі" актывісты кампаніі "Гавары праўду" правялі кампанію народнай салідарнасьці зь менскімі палітзьняволенымі. Яны прапанавалі прадпрымальнікам напісаць на адмысловых паштоўках і даслаць палітзьняволеным віншаваньні й словы падтрымкі да Дня волі.

 

Кожны знаходзіў патрэбныя словы сам. Прадпрымальніца Сьвятлана Пятроўская, у прыватнасьці, напісала Ўладзімеру Някляеву, што яна ў захапленьні ад ягонай мужнасьці:

 

— Вы не зламаліся і не паддаліся правакацыям і да канца засталіся чалавекам! Я душой і сэрцам хварэю за Вас і за нашу агульную справу! Віншую Вас з Днём Волі.

 

Як распавёў Алег Шабетнік, рэчыцкі лідэр руху "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва", рэгіянальны каардынатар прэзыдэнцкай кампаніі Ўладзімера Някляева, мясцовыя прадпрымальнікі накіравалі палітзьняволеным паўсотні паштовак: адным — на хатні адрас, іншым — у "амэрыканку", сьледчы ізалятар КДБ.

 

Падобную акцыю правялі актывісты кампаніі "Гавары праўду" і ў Гомелі.

 

 

У Берасьці ўлады забаранілі дазволены пікет

 

Заяўнікі пікету 25 сакавіка на стадыёне "Лякаматыў" у Берасьці атрымалі ліст ад намесьніка старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму з паведамленьнем пра тое, што дазвол на правядзеньне пікету ануляваны.


Паводле аднаго з заяўнікаў пікету, сябра АГП Марата Несьцярэнкі, у лісьце пазначана, што мерапрыемства ня можа адбыцца з-за таго, што на стадыёне будуць праводзіцца рамонтныя працы:


— Паводле ліста, з просьбай адмяніць пікет выступіў дырэктар стадыёну, які паведаміў пра аварыйную сытуацыю. Нейкае калегіяльнае рашэньне пра далейшыя дзеяньні намі не прынята. Канечне, будзем заўтра на стадыёне і ўпэўнімся, якія ж рамонтныя працы там праводзяцца.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Вязень СІЗА КДБ Дзмітрый Бандарэнка амаль не рухаецца

 

У палітвязня амаль не рухаецца нага і ўзніклі праблемы з функцыянаваннем ўнутраных органаў.

 

Сёння Вольга Бандарэнка — жонка каардынатара грамадзянскай ініцыятывы "Еўрапейская Беларусь" і даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Зміцера Бандарэнкі — атрымала ад яго чарговы ліст з СІЗА КДБ.

 

— Зміцер напісаў, што з-за моцных боляў у пазваночніку і паступовага абязрушвання нагі яму тэрмінова неабходная кансультацыя неўролага, — распавяла Вольга Бандарэнка сайту charter97.org.

 

Год таму Зміцер Бандарэнка ляжаў у 5-й лякарні Менска, дзе яму збіраліся зрабіць аперацыю з-за грыжы дыска, якая прывяла да частковага парэзу нагі. Ён прайшоў курс блакад і лячэння. Пры выпісцы лекары сказалі, што ёсць надзея на поўнае аднаўленне нагі, але трэба прайсці некалькі шпіталізацыі, курсаў блакад і фізіятэрапіі. Усе дактары папярэджвалі, што калі раптам узнікнуць праблемы функцыянавання органаў малога таза або калі праз 8-9 месяцаў рэфлексы нагі не адновяцца, то трэба звяртацца да нейрахірургаў і рабіць аперацыю, нагадвае ягоная жонка.

 

Напярэдадні арышту Зміцер Бандарэнка збіраўся аформіць інваліднасць. Цяпер ён піша з СІЗА КДБ, што "проста патрапіць да неўролага я не магу, рухальныя магчымасці нагі не толькі не аднавіліся, але сталі яшчэ горш і ўзніклі праблемы з функцыянаваннем органаў малога таза".

 

Цяпер Вольга Бандарэнка дамагаецца, каб 5-я бальніца Менска афіцыйна адправіла на адрас СІЗА КДБ медыцынскае заключэнне аб знаходжанні ейнага мужа ў шпіталі, аб дыягназе захворвання, вынiках аналізу і МРТ, курсах лячэння і г.д.

 

— Мы раней перадавалі эпікрыз хваробы Дзімы, калі абскардзілі ў Менгарсудзе меру стрымання, але, мабыць, гэтага недастаткова, каб мужа абследаваў у турме спецыяліст, — кажа Вольга Бандарэнка.

 

“Хартыя'97”

 

 

25 сакавiка 2011

 

Андрэю Саннікаву прад’яўлена абвінавачванне

 

25 сакавіка следчае ўпраўленне ўнутраных спраў Менгарвыканкама выставіла абвінавачанне экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву, паведамляецца на сайце МУС. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. паводле ч.1 арт. 293 КК.

 

Паводле следства, віна Саннікава ў інкрымінаваных дзеяннях цалкам даказаная атрыманымі ў ходзе расследавання крымінальнай справы доказамі.

 

У бліжэйшы час будуць прад’яўленыя ўдакладненыя і канкрэтызаваныя абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 ст.293 КК, Яроменку, Васілевічу, Гнедчыку і Мірзаянаву. Следства запэўнівае, што мае не менш пераканаўчыя доказы іх віны.

 

Пасля азнаямлення падазраваных і іх адвакатаў з матэрыяламі крымінальнай справы яна будзе перададзена ў пракуратуру Менска для накіравання ў суд.

 

Сямён Печанко

 

“Наша Ніва”

 

 

Прысуд Парфянкову пакінулі бязь зьменаў

 

25 сакавіка Менскі гарадзкі суд адхіліў касацыйную скаргу асуджанага па справе аб масавых беспарадках Васіля Парфянкова, якога пакаралі чатырма гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.

 

Справу разглядала калегія судзьдзяў: старшыня Назаранка пры удзеле Крата і Хоміча.

 

Як паведамляе праваабарончая арганізацыя "Вясна", асабіста Васіля Парфянкова на судзе не было. Яго інтарэсы прадстаўляў адвакат Ігар Папкоўскі. У сваім выступе ён зьвяртаў увагу суду на тое, што высновы судзьдзі Вольгі Комар няслушныя, паколькі ў справе яго падабароннага няма складу злачынства масавых беспарадкаў. Адвакат папрасіў адмяніць прысуд Парфянкову і спыніць крымінальны перасьлед.

 

Пры гэтым адвакат таксама зьвярнуў увагу, што ў прысудзе фігуруе "зьнішчэньне маёмасьці", але нават грамадзянскі пазоўнік казаў пра "пашкоджаньне маёмасьці", з чаго вынікае, што няма складу ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу.

 

Пракурор Загародзкі не пагадзіўся з довадамі скаргі й сьцьвярджаў, што віна цалкам даказана матэрыяламі справы.

 

Судовая калегія не задаволіла касацыйную скаргу Васіля Парфянкова. Прысуд пакінуты без зьменаў.

 

Скаргу Атрошчанкава разгледзяць 5 красавіка

 

5 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе будзе разгледжаная касацыйная скарга на прысуд Аляксандру Атрошчанкаву, які раней быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у масавых беспарадках 19 сьнежня. 25 сакавіка жонка актывіста Дар’я Корсак таксама даведалася, што Атрошчанкава перавялі на Валадарку і вызначылі калёнію, дзе ён будзе адбываць пакараньне.

 

— На Валадарскага мне сказалі, што яго будуць этапаваць у калёнію "Віцьба", здаецца, "3", калі ня блытаю. Але калі, не сказалі, бо невядома, калі будзе этап.

 

Паводле Дар’і Корсак, маральныя ўмовы знаходжаньня яе мужа ў ізалятары на Валадарскага лепшыя, чымсьці ў СІЗА КДБ. Жанчына нагадала пра расповеды нядаўніх вязьняў "амэрыканкі" пра катаваньні ў гэтай турме.

 


Зь Севярынцам упершыню за тры месяцы сустрэўся адвакат

 

З Паўлам Севярынцам упершыню за тры месяцы сустрэўся адвакат.

 

— Сказаў, што пачуваецца нармальна, трымаецца бадзёра, а больш нічога праз тэлефон не сказаў, — паведаміла маці вязьня Тацяна Севярынец.

 

Апошні раз Севярынца бачыў адвакат Павал Сапелка ў канцы мінулага году. Нядаўна Паўла Сапелку пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, і цяпер Севярынца абараняе іншы адвакат.

 


Яроменак памяняў ужо другую вязьніцу

 

Сябра штабу Віталя Рымашэўскага Ўладзімер Яроменак даслаў некалькі лістоў з "Валадаркі". З часу арышту 20 сьнежня актывіст пабываў ужо на Акрэсьціна, у "амэрыканцы" і зараз знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага. Уладзімера Яроменку наведвае адвакат. Магчыма, неўзабаве ён пачне знаёміцца са сваёй крымінальнай справай, паведаміла "Свабодзе" праваабаронца Наста Лойка.

 

 

Сяргею Каваленку далі 7 сутак арышту

 

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова прызнала віцебскага актывіста вінаватым у хуліганстве і арганізацыі несанкцыянаванай акцыі 24 сакавіка.

 

Сяргей Каваленка быў затрыманы, калі прайшоў ад віцебскай ратушы да так званага “сіняга дому” з трыма вялікімі бел-чырвона-белымі сьцягамі.

 

Паводле Сяргея Каваленкі, ён зьвяртаўся да мінакоў зь лёзунгамі: “Людзi, вас падманваюць”, “Ня верце Лука-ку”, “АМАП — злачынцы, яны зьбiвалi у Менску мiрных людзей. Гэта банда”, “Шануйма родную мову”, “Слава Народу”, “Слава Нацыi” да іншымі выказваньнямі.

 

Калі па яго прыехала міліцэйская машына, ён быў гатовы ісьці са сьцягамі да пастарунка, каб гэта бачылі людзі. Але яму адмовілі. Тады Сяргей Каваленка, паводле ягоных тлумачэньняў, “пачаў ляпаць далоньню па даху мiлiцэйскіх “жыгулёў” і зьвяртацца да людзей на прыпынку замацаваць сьцягі на даху машыны”.

 

Гэтыя дзеяньні суд кваліфікаваў як арганізацыю несанкцыянаванай акцыі і дробнае хуліганства, у тым ліку з выкарыстаньнем непрыстойнай лаянкі і абразаў дзейнай улады.

 

7 сутак арышту Сяргей Каваленка мусіць правесьці ў віцебскім ізалятары часовага утрыманьня.

 

 

Барыса Хамайду зноў аштрафавалі за бел-чырвона-белы сьцяг

 

Ужо чацьвёрты раз за гэты месяц судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў аштрафаваў віцебскага апазыцыянэра на 1 мільён 50 тысяч рублёў. Гэтым разам — за напісаньне агульнанацыянальнай дыктоўкі пад бел-чырвона-белым сьцягам.

 

Барыс Хамайда вырашыў адзначыць Дзень Волі напісаньнем дыктоўкі каля так званага "сіняга дома", дзе ён распаўсюджвае незалежную прэсу. Спадару Хамайду перашкодзілі міліцыянты: ім не спадабаўся бел-чывона-белы сьцяг, які ўзьняў актывіст.

 

Барыс Хамайда працягваў пісаць дыктоўку і ў пастарунку — перапісваў "Ліст з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага з кнігі, пакуль на яго складалі пратакол.

 

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў ня толькі аштрафаваў апазыцыянэра на 30 базавых велічынь. Ён пастанавіў, каб у спадара Хамайды быў сканфіскаваны бел-чырвона-белы сьцяг і ўсе прылады для яго мацаваньня.

 

“Радыё Свабода”

 

 

26 сакавіка 2011 г.


КДБ заяўляе, што ўстанавіў яшчэ трох падазраваных у справе 19 сьнежня

 

Камітэт дзяржбясьпекі ўстанавіў яшчэ трох чалавек, якія падазраюцца ва удзеле ў масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ, распаўсюджаным 26 сакавіка.

 

Як паведамляе КДБ, 21 сакавіка паводле падазрэньня ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі), затрыманыя найбольш актыўныя ўдзельнікі масавых беспарадкаў Мацукевіч В.А., Шарстоў А.А. і Гусельцаў Д.В. (усе — 1987 года нараджэньня).

 

"Сьледзтва мае бясспрэчныя доказы, у тым ліку паказаньні сьведак і абвінавачаных, фота- і відэаматэрыялы, якія сьведчаць пра тое, што названыя асобы ў ліку першых заклікалі людзей да штурму адміністрацыйнага будынку Дому ўрада. Выявы менавіта гэтых асоб, што заклікалі натоўп граміць Дом урада, часьцей за усё абмяркоўваліся і дэманстраваліся апазыцыйнымі інтэрнэт-рэсурсамі, якія сьцьвярджалі, што яны і ёсьць тыя самыя "правакатары ад праваахоўнікаў". 23 сакавіка 2011 году ў дачыненьні да Мацукевіча В.А. пракуратурай Менску санкцыянаваная мера стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту. Ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. З грамадзян Шарстова А.А. і Гусельцава Д.В. узята абавязальніцтва пра яўку", — паведамляе ЦІГС КДБ.

 

Пры гэтым у паведамленьні адзначаецца, што Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі "падведзена рыса ў правядзеньні мерапрыемстваў па вышуку і ўстанаўленьні асобаў, якія справакавалі пагромы 19 сьнежня 2010 года на плошчы Незалежнасьці і бралі ў іх непасрэдны удзел".

 

Дарэчы, зьвяртае ўвагу на сябе тое, чаму КДБ "знайшоў" гэтых людзей толькі праз тры месяцы пасьля падзеяў 19 сьнежня, а таксама чаму толькі адзін зь іх — Мацукевіч — узяты пад варту, а з двух узятае абавязальніцтва пра яўку.

 

“Радыё Свабода”

 

 

28 сакавіка 2011 г.

 

Яшчэ адзін абвінавачаны па справе 19 сьнежня

 

Як паведаміў праваабарончы цэнтар "Вясна", днямі быў зьмешчаны пад варту ўдзельнік мітынгу пратэсту 19 сьнежня мілулага года ў Менску актывіст "Маладога фронту" Алег Гнедчык.

 

Яму прад’яўленае абвінавачаньне па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу.


Акрамя таго, для яго была абраная іншая мера стрымання — знаходжанне пад вартай. Зараз Алег Гнедчык знаходзіцца ў менскім СІЗА па вуліцы Валадарскага.

 

Алег Гнедчык правёў тры дні за кратамі на пачатку студзеня. Тады ж ён быў дапытаны спэцслужбамі ў якасці падазраванага па справе аб масавых беспарадках у Менску.

 

Усяго па гэтай справе прызнаныя абвінавачанымі болей за 40 чалавек.

 


Аляксандра Лашманкіна пазбавілі акрэдытацыі

 

Грамадзяніна Расеі, рэдактара інфармацыйнага агенцтва "Свабода" Аляксандра Лашманкіна пазбавілі акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.

 

Пра гэта журналіст паведаміў карэспандэнту "Свабоды".

 

— Сёньня я зайшоў у МЗС па картку, і мне сказалі, што я пазбаўлены акрэдытацыі. Падставаў не патлумачылі і сказалі заўтра прыйсьці па выпіску. Відаць, тут не патрэбныя такія журналісты, як я. Тут патрэбныя людзі, якія апісваюць падзеі з таго пункту гледжаньня, які выгадны для Лука-кі. Я не гатовы гэта рабіць. Я лічу. што я аб’ектыўны. Прынамсі плянаваў такім быць. Ну што ж, цяпер мне гэта рабіць значна лягчэй.

 

У беларускім МЗС заявілі,што Лашманкін пазбаўлены акрэдытацыі "у сувязі з парушэньнем беларускага заканадаўства".

 

Свой арышт у Беларусі журналіст лічыць незаконным.

 

— Мне інкрымінавана тое, чаго я не рабіў. Гэта паліцэйская правакацыя. Нібыта пад канвоем, калі мяне вялі ад цягніка да дзяжурнай часткі, я нібыта мацюгаўся на адрас міліцыянтаў. Канечне, гэта беззаконьне. Гэтае рашэньне суду абскарджана.

 

Аляксандар Лашманкін адбываў трое сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

 

— Там ёсьць такі элемэнт рэжыму, які я прыраўноўваю да ўтрыманьня ў карцэры. Там нельга знаходзіцца на ложку з 6 гадзіны раніцы да 22 гадзіны. Гэта даволі складана вытрымаць непрывычнаму чалавеку.

 

Аляксандар Лашманкін адбыў трое сутак арышту ў Беларусі за хуліганства. У ноч на 24 сакавіка яго затрымала транспартная міліцыя ў Воршы. Супрацоўнікі праваахоўных органаў ссадзілі яго зь цягніка Чалябінск — Берасьце. 24 сакавіка ў Воршы ён быў асуджаны судом на трое сутак адміністрацыйнага арышту за хуліганства. У знак нязгоды з рашэньнем суду Лашманкін абвясьціў галадоўку.

 

Алесь Дашчынскі

 


Ірыну Логвін дапыталі ў менскім КДБ

 

Ірыну Логвін дапыталі ў менскім КДБ, заўтра і пасьлязаўтра допыты ў Каменевай і Чарнаморцавай.

 

28 сакавіка а 10-й гадзіне адбыўся допыт менскай каардынатаркі аргкамітэту БХД Ірыны Логвін у Менскім гарадзкім упраўленьні КДБ у якасьці сьведкі па справе аб "масавых беспарадках". 29 і 30 сакавіка туды выклікаюць Любоў Каменеву і Валерыю Чарнаморцаву.

 

Амаль двухгадзінны допыт Ірыны Логвін праводзіў сьледчы КДБ Андрэй Дарашэвіч. Логвін дала падпіску пра неразгалошваньне, але паведаміла прэс-службе БХД, што допыт тычыўся падзеяў 19 сьнежня 2010 году.

 

Кіраўніцу моладзі БХД Любоў Каменеву гэты ж сьледчы выклікаў на допыт у Менскае ўпраўленьне КДБ на 11 гадзінаў 29 сакавіка. А актывістку тае ж партыі Валерыю Чарнаморцаву — на 10 раніцы 30 сакавіка.

 


“Народнай волі” пакінулі папярэджаньне

 

Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле папярэджаньне Міністэрства інфармацыі газэце "Народная воля" ад 14 студзеня.

 

Рэдакцыя абскарджвала яго ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

 

Мінінфарм палічыў парушэньнем заканадаўства інтэрвію лідэра зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча, якое было адным з элемэнтаў артыкулу "Хто пачуе лёзунг "Сыходзь!"?" На мінулым тыдні суд выслухаў аргумэнты абодвух бакоў — газэты і Мінінфарму, а таксама аўтарку матэрыялу.

 

Паводле юрыстаў Міністэрства інфармацыі, "Народная воля" дала трыбуну не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі. Прадстаўнікі выданьня настойвалі на тым, што гэта не заява Зьмітра Дашкевіча ад імя "Маладога фронту", а аўтарскі матэрыял пра пачатак грамадзянскай кампаніі "Сыходзь!", якую падтрымаў цэлы шэраг моладзевых арганізацый.

 

Іна Студзінская

 


У Лоеве нямецкіх журналістаў дапытвалі 9 гадзінаў

 

Памежнікі з аддзелу берагавой аховы Гомельскай памежнай групы затрымалі двух нямецкіх журналістаў — кіраўніка Маскоўскага карэспандэнцкага пункту "Deutschlandradio" Робэрта Баага й ягоную каляжанку з "Рэйнскай газэты" Дорыс Хэйман. Здарылася гэта 24 сакавіка ў 16:40 ля вёскі Бывалькі Лоеўскага раёну Гомельскай вобласьці.

 

Нямецкіх журналістаў і арандаваны імі легкавік разам з кіроўцам, грамадзянінам Беларусі, завярнулі ў Лоеў, у аддзел берагавой аховы. Там нямецкіх журналістаў памежнікі трымалі амаль 9 гадзін — дапытвалі, рабілі асабісты дагляд, склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 23.30 — парушэньне памежнага рэжыму — і пастанову на адміністрацыйнае спагнаньне.

 

— Гэта перасягае ўсе рамкі, гэта проста зьдзек. Нас затрымалі 24 сакавіка каля 16 гадзіны, а адпусьцілі а палове другой ночы 25 сакавіка. Я памежнікам адкрыта сказаў пра зьдзек, — паведаміў Робэрт Бааг.

 

Падчас асабістага дагляду памежнікі прымусілі Баага разьдзецца да пояса.

 

Даглядаць Дорыс Хэйман нарад адмыслова выклікаў на працу жанчыну-памежніцу.

 

— Такога са мной яшчэ не было, — кажа Дорыс Хэйман. — Тым больш што ўсе дакумэнты былі ў парадку. Нават на КПП у Грузіі на мяжы з Паўднёвай Асэтыяй я такога стаўленьня да сябе ня бачыла. Там праз паўгадзіны мяне цывілізавана аформілі й адпусьцілі.

 

Выканаўца абавязкаў начальніка Лоеўскага аддзелу берагавой аховы, капітан 3 рангу Аляксандар Дзяжко вынес замежным журналістам спагнаньне ў выглядзе папярэджаньня без дэпартацыі — за парушэньне правілаў уезду, часовага знаходжаньня і перамяшчэньня ў памежнай зоне.

 

У пастанове ў дачыненьні да кіраўніка карэспандэнцкага пункту "Deutschlandradio" сказана, што такое пакараньне вынесена яшчэ й таму, што "Бааг Роберт віну ў парушэнmні правілаў памежнага рэжыму прызнаў, у зробленым чыстасардэчна раскаяўся".

 

Журналістам вярнулі дакумэнты і тэхніку.

 

Нямецкія журналісты ехалі ў Камарын Брагінскага раёну, каб падрыхтаваць матэрыялы да гадавіны чарнобыльскай катастрофы. Дарога, на якой іх машыну спынілі памежнікі, наўпрост вядзе ў Камарын уздоўж Дняпра. Яе, відавочна, па карце выбраў кіроўца, які ня надта добра ведаў мясцовасьць. Ніхто і не заўважыў, што тэрыторыя Бывалькаўскага сельскага савету аднесена да памежнай зоны пры мяжы з Украінай.

 


У Берасьці затрымалі праваабаронцу Рамана Кісьляка

 

Спадар Кісьляк распаўсюджваў спэцыяльны выпуск бюлетэня "Не бойцеся!" Беларускага камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць".

 

Кісьляк раздаваў мінакам бюлетэнь на цэнтральнай плошчы Леніна недалёка ад будынка аблвыканкама. У бюлетэні зьмешчанае патрабаваньне аб вызваленьні арыштаваных пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 года. Раздаваць бюлетэнь ён пачаў а 17:15.

 

— Прыкладна праз паўгадзіны да мяне падышлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі прайсьці ў будынак аблвыканкама. Я адмовіўся. Тады мне заявілі, што прыедзе група, якая будзе са мной разьбірацца. У 18.00 яна прыбыла, і мяне затрымалі, — сказаў Кісьляк "БелаПАН".

 

У 18:15 праваабаронца паведаміў па тэлефоне, што яго даставілі ў Ленінскі РАУС Берасьця.

 


На беларуска-польскай мяжы затрымалі “каліноўца”

 

На памежным пераходзе "Бераставіца" 28 сакавіка быў затрыманы стыпэндыят праграмы імя Каліноўскага Алег Коцкі, які навучаецца ў Торуньскім унівэрсытэце.

 

Памежнікі забралі яго пашпарт, ноўтбук, дагледзелі асабістыя рэчы. Зараз мытнікі даглядаюць машыну, у якой ехаў студэнт.

 

Прычыны затрыманьня памежнікі ніяк не патлумачылі. Алег Коцкі навучаецца па праграме польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага, заснаванай для рэпрэсаваных у Беларусі студэнтаў.

 


Пачобута абвінавацілі ў зьнявазе Лука-кі

 

Карэспандэнт "Газэты Выборчай" у Беларусі Анджэй Пачобут атрымаў статус падазраванага па крымінальнай справе аб зьнявазе прэзыдэнта.

 

Сёньня Пачобута выклікалі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласьці. Сьледчы па асабліва важных справах Арсені Нікольскі паведаміў, што ў дачыненьні да журналіста заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу — зьнявага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, паведаміў "Свабодзе" Пачобут. Цяпер ён падазраваны. Справу завёў пракурор Гарадзенскай вобласьці Віктар Марозаў на падставе васьмі артыкулаў у "Газэце Выборчай", аднаго — на сайце "Беларускі партызан" і яшчэ аднаго — у прыватным блогу журналіста.

 

Пачобуту пагражае да двух гадоў зьняволеньня.

 

Чым канкрэтна журналіст зьняважыў Лука-ку, у пракуратуры не раскрылі. У пастанове проста пералічаныя загалоўкі ягоных публікацый. Пачобута хацелі дапытаць у якасьці падазраванага, але ён заявіў, што да суду ніякіх паказаньняў даваць не зьбіраецца.

 


“Сьпіс-фальшыўка” ў дзеяньні: сарваны канцэртны тур “Ляпіса”

 

Скасаваныя канцэрты гурту "Ляпіс Трубяцкой" у Менску, якія былі заплянаваныя на 1 і 2 красавіка ў клюбе "Рэактар".

 

Пра гэта "БелаПАН" паведаміў прэс-аташэ калектыву Зьміцер Бескаравайны. Прычыну адмены канцэртаў групы ў Менску, а таксама ў Магілёве і Гомелі ён зьвязвае з так званым "чорным сьпісам" дзеячаў мастацтва, які быў апублікаваны ў інтэрнэце на пачатку сакавіка.

 

У сьпіс уключана прыкладна 30 дзеячаў мастацтва і культуры і 15 калектываў, якія выказваліся ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і патрабавалі вызваленьня палітвязьняў. У сьпіс музыкаў, пра якіх забаронена згадваць у афіцыйных беларускіх СМІ, трапіла і група Ляпіс Трубяцкой. Афіцыйныя асобы называюць "чорны сьпіс" фальшыўкай.

 

Па словах Бескаравайнага, у рамках гастрольнага туру па Беларусі з прэзэнтацыяй новага альбома "Вясёлыя карцінкі" Ляпіс Трубяцкой пасьпеў даць некалькі канцэртаў у лютым гэтага году — у Гародні, Берасьці, Віцебску, Баранавічах. Усе выступы, якія плянаваліся на сакавік, былі з розных прычын адмененыя. У Гомелі адмену зьвязалі зь недахопамі ў месцы правядзеньня канцэрта, выяўленымі МНС, у Магілёве — зь дзіравым дахам.

 

У сталічным клюбе "Рэактар" прычыну адмены канцэрту не назвалі, адзначыўшы толькі, што гэта была ініцыятыва не саміх музыкаў. Набытыя білеты параілі вяртаць у дзень, калі плянаваўся канцэрт.

 

Раней у Менску быў адменены канцэрт гурту Крамбамбуля, забаронены канцэрт, прысьвечаны выхаду трыб’юта гурту Нэйра Дзюбель, які плянаваўся 24 сакавіка ў "Рэактары", адменены выступ Зьмітра Вайцюшкевіча ў Берасьці 18 сакавіка.

 


Эўразьвяз гатовы пашырыць санкцыі

 

Эўразьвяз гатовы "пайсьці далей" у пытаньні ўзмацненьня жорсткасьці санкцый у адносінах да Беларусі. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, выступаючы 26 сакавіка ў Брусэлі на форуме па міжнародных адносінах.

 

У прыватнасьці, палітык не выключыў магчымасьці ўвядзеньня санкцый у адносінах да беларускіх прадпрыемстваў.

 

— Калі сытуацыя ў Беларусі пагоршыцца, то мы вернемся да гэтай тэмы, — цытуе Сікорскага афіцыйны сайт брусэльскага форуму.

 

Кіраўнік МЗС таксама зазначыў, што Польшча прапаноўвае Эўразьвязу стварыць сыстэму малых заахвочваньняў для краін — удзельніц Усходняга партнэрства. У якасьці прыкладу Сікорскі прывёў мадэль узаемаадносінаў паміж Эўразьвязам і Польшчай у момант, калі яна пачынала працэс далучэньня да Эўразьвязу.

 

— Мадэль была такая: мы даём вам "вялікую морквіну" — сяброўства — пасьля складаных рэформ, — сказаў ён. — Калі мы не гатовыя даць такое вялікае абяцаньне членам Усходняга партнэрства, нам варта скласьці сыстэму "маленькіх морквін".

 

Пры гэтым Сікорскі зазначыў, што такая сыстэма запатрабуе зьмены падыходу Эўразьвязу да адносінаў з усходнімі суседзямі і пераходу ад фармальнага падыходу да палітычнага. Паводле яго слоў, фармальным падыходам зьяўляюцца зараз, напрыклад, адносіны з Беларусьсю, калі Эўразьвяз для таго, каб выдаваць больш танныя візы для беларусаў, вымушаны праводзіць перамовы аб спрашчэньні працэдуры выдачы віз з беларускімі ўладамі.

 

— Але гэта вар’яцтва. Нам варта было б проста зрабіць гэта (аблегчыць візавы рэжым. — "БелаПАН".). Я зрабіў гэта з польскімі нацыянальнымі візамі. Чаму мы ня можам зрабіць тое ж самае як Эўропа ў цэлым? — сказаў Сікорскі.

 

У сваю чаргу Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Стэфан Фюле таксама зазначыў, што Эўразьвяз гатовы ўвесьці "мэтанакіраваныя і разумныя эканамічныя санкцыі" у адносінах да Беларусі, калі сытуацыя будзе пагаршацца.

 

Ён нагадаў, што 31 студзеня Эўразьвяз аднавіў санкцыі ў дачыненьні да Лука-кі і шэрагу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу і замарожаны іх актывы ў Эўразьвязе.

 

— Калі гэтая сытуацыя захаваецца або пагоршыцца, мы зноў вернемся да гэтай тэмы. Я думаю, што калі Лука-ка і яго рэжым будзе працягваць цяперашнюю палітыку, сярод краін-сябраў умацуецца кансэнсус, што ў гэтай сфэры варта зрабіць большае, — сказаў Фюле.

 

У сваю чаргу памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан зазначыў, што Эўразьвязу трэба ўзяць за прыклад ЗША і ўвесьці эканамічныя санкцыі.

 

— Мы ўжо зрабілі гэта і лічым, што [Эўразьвязу] было б правільна ўвесьці эканамічныя санкцыі, — сказаў ён.

 

“Радыё Свабода”

 

 

29 сакавіка 2011 г.


Суд над Ліхавідам. Дзень чацьвёрты

(Онлайн рэпартаж)

 

У Партызанскім раённым судзе Менску 29 сакавіка працягваецца працэс над актывістам руху "За свабоду" 20-гадовым Мікітам Ліхавідам, якога вінавацяць ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня.

 

09:50 Людзі зьбіраюцца ў залі суду. Пярэднія лаўкі зноў занятыя "пацярпелымі" міліцыянтамі, іх звыш 20. Прыйшлі праваабаронцы Гары Паганяйла, Валянцін Стэфановіч, Людміла Гразнова, прадстаўнік АБСЭ, сябры і сваякі Мікіты Ліхавіда, журналісты. Бабуля Ліхавіда прыйшла з іконай і села на лаўку з іконай у руках. Міліцыянты загадалі ёй схаваць ікону ў пакет.

 

10:00 Працэс пачаўся. Працягваецца вывучэньне матэрыялаў справы.

 

10:15 Палова з "пацярпелых" міліцыянтаў ужо апусьцілі галовы ды дрэмлюць, як на папярэдніх пасяджэньнях. Цяпер агучваюць дадзеныя экспэртызы пацярпелых. Тыповае заключэньне, што з-за даўніны траўму пацьвердзіць немагчыма. Гэта тычыцца міліцыянтаў Давідовіча, Кашталанава, Волкава, Бажка ды іншых.

 

10:30 Зачытваюць школьную характарыстыку Ліхавіда, характарыстыку з "Руху за Свабоду", падпісаную Мілінкевічам, з працы і ад суседзяў, якую падпісалі 39 чалавек. Усе характарыстыкі вельмі станоўчыя.

 

11:00 У працэсе перайшлі да агляду рэчавых доказаў.

 

11:30 Праглядаюць кадры зьбіцьця шкла і дзьвярэй Дому ўраду. У натоўпе адаго разу было відаць твар Ліхавіда. Штурм паказваюць хвілін пяць пад воклічы "Далоў", зноў відаць твар Ліхавіда.

 

11:15 Праглядаюць відэа пра падзеі 19 сьнежня, гучыць голас Андрэя Саньнікава "Пара мяняць лысую гуму", потым Рыгора Кастусёва "Разам і бацьку біць весялей", "Свабодныя выбары без Лука-кі" ды іншае.

 

11:40 Паказваюць кадры сутычак. Анатоль Лябедзька б’е па відэакамэры. Потым — разгон.

11:50 Адвакат Дар’я Ліпкіна заўважае, што на відэа бачна, што мітынг мірны, а штурм рабіла асобная групоўка. 20 хвілінаў працягваліся гэтыя хуліганскія дзеяньні, а іх ніхто не спыняе. Ліхавіда відаць на стужцы недзе працягам 5 хвілінаў, ён гэтага не адмаўляе.

 

12:00 Адвакат просіць дапытаць сьведкаў падзеяў Старшыню Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака ды іншых 6 сьведкаў наконт асобы Ліхавіда. Суд пагадзіўся.

 

12:10 Сьведка Аляксандар Ціцянкоў кажа, што Мікіта Ліхавід — вельмі добры працаўнік.

12:20 Сьведка Аляксандар Мілінкевіч паказаў, што Ліхавід быў актыўны, неабыякавы, неагрэсіўны, выхаваны, быў аднымі з арганізатараў Эўрапейскага Форуму. Сьведка Натальля Лычкоўская ведае яго 20 гадоў як добрага, чульлівага, які дапамагаў змагацца за тое, каб не забудоўвалі двор.

 

12:30 Сьведка Ігар Дудараў сказаў, што Ліхавід прыязны, добразычлівы хлопец. Ён заўсёды выказваў свае погляды. Сьведка Вадзім Літвінаў, сябра, засьведчыў, што Ліхавід вельмі любіць сваю Радзіму.

 

12:50 Сьведка Людміла Шэпелева, настаўніца. Кажа, што Ліхавід – добры, актыўны вучань з грамадзянскай пазыцыяй на якога можна было абаперціся.

 

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак распавядае пра падзеі 19 сьнежня. Ён распавёў, што падчас праходу людзей з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасьці ніхто ня нёс жалязякі ці дручкі, ці што іншае, калёна ніхто не кіраваў, заклікаў парушаць парадак не было.

13:30 Адвакат заявіла хадайніцтва, каб запрасілі відэакасэту, якую здымаў адзін з "пацярпелых" міліцыянтаў Сарока, і якая нібыта знаходзіцца ў Менгравыканкаме. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

 

13:40 У судзе абвешчаны перапынак. Пасьля перапынку пачнуцца судовыя спрэчкі. Першым выступіць пракурор.

15:00 Прадстаўнік абвінавачваньня Антон Загародзкі (ён жа быў на працэсе Васіля Парфянкова), заявіў, што віна Ліхавіда цалкам даказаная, і ён сам прызнаў яе часткова. А пацярпелыя паказалі, што непарадкі былі і яны з-за іх пацярпелі. Загародзкі заявіў, што на відэа відаць, як б’юць шкло і дзьверы.

 

Пракурор просіць пакараць Ліхавіда 4 гадамі калёніі строгага рэжыму.

 

15:10 Пацярпелыя ўсе ад удзелу ў спрэчках адмовіліся. Сваю прамову пачала адвакат Дар’я Ліпкіна. Яна лічыць, што падзеі 19 сьнежня нельга лічыць масавымі непарадкамі. Падпалаў, пагромаў, узброенага супраціву не было, сам Ліхавід нічога не зламаў. Адвакат нагадала, што ў людзей ёсьць права на мірныя мітынгі і дэманстрацыі.

 

Адвакат нагадала, што ўсе пацярпелыя не прыйшлі на экспэртызу, а таксама тое, што мітынгоўцы, паводле сьведкі Алега Гулака ды іншых, паводзілі сябе мірна.

 

Дар’я Ліпкіна адзначыла, што не было ніякага ўзброенага супраціву, бо ў дэманстрантаў не было зброі.

 

Адвакат лічыць, што ў дзеяньнях Ліхавіда не было складу злачынства. Яна адзначыла, што Ліхавід паддаўся настрою натоўпу.

Адвакат мяркуе, што дзеяньні Ліхавіда не падпадаюць пад артыкул 293-2 Крымінальнага кодэксу, і просіць суд апраўдаць яго. Яе выступ сустрэлі воплескамі.

 

15:50 Ліхавід ў апошнім слове заявіў, што лічыць сябе невінаватым у масавых беспарадках і папрасіў суд абмежавацца пакараньнем, якое ён адбыў.

 

16:00 Перапынак у судзе да 18:00, калі чакаецца прысуд.

18:00 Судзьдзя Партызанскага райсуду Менску Натальля Пыкіна прызнала 20-гадовага актывіста Руху "За свабоду" Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і пакарала яго трыма з паловаю гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

 

Мікіта Ліхавід стаў восьмым палітвязьнем, засуджаным за падзеі 19 сьнежня мінулага году ў Менску ў часе пратэстаў супраць несумленных выбараў. Яшчэ каля трыццаці вязьняў чакаюць судовых працэсаў.

 

Пасьля абвяшчэньня прысуду маці Мікіты Ліхавіда Алена заявіла журналістам і іншым прысутным на працэсе, што будзе абскарджваць гэты несправядлівы прысуд:

 

— Калі б мой сын быў расейскім грамадзянінам, то атрымаў бы штраф, а так за беларусаў няма каму заступіцца. Я зьвяртаюся да эўрапейцаў ад імя свайго сына, ад імя іншых палітвязьняў: пачынайце ўводзіць эканамічныя санкцыі, інакш гэта ня спыніцца, — сказала Алена Ліхавід.

 

Свой кароткі выступ яна скончыла словамі:

 

— Жыве Беларусь!

 

 

Затрыманы актывіст АГП Аляксандар Жукаў

 

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Жукаў цяпер знаходзіцца ў галоўным упраўленьні аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, што ў Менску на вуліцы Розы Люксэмбург. Забралі яго туды з працы.

 

— Мяне хацеў дапытаць невядомы мне чалавек, які адмовіўся прадстаўляцца. Зь ім гутарыць я адмовіўся, цяпер чакаю сьледчага. Мяне ні ў чым не абвінавачваюць. Паводле супрацоўніка аддзелу, я ў іх знаходжуся як сьведка. Мяркую, што мяне будуць дапытваць аб падзеях на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.

 

Аляксандар Жукаў быў сярод затрыманых 25 сакавіка непадалёк ад плошчы Якуба Коласа, ён меўся ўскласьці да помніка кветкі. Ён удзельнічаў у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.

Амаль чатыры гадзіны прабыў у Галоўным упраўленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС сябра АГП Аляксандар Жукаў.

 

Паводле партыйца, яго некалькі разоў тэлефанаваньнямі выклікалі як сьведку ў справе аб масавых беспарадках у Менску на плошчы Незалежнасьці. Ён патрабаваў даслаць позву:

 

— Сёньня яны мяне пераконвалі, што калі мне патэлефанавалі — гэта і ёсьць позва. І я мушу пасьля тэлефанаваньня да іх прыйсьці. Я ў чарговы раз адмовіўся ісьці. Тады яны прыехалі да мяне на працу. Калі яны прыйшлі, то я запатрабаваў пастанову аб маім прывадзе. Мне яе не прад’явілі. Ва ўправе пачалі складаць пратакол з парушэньнямі — ня сталі упісваць прозьвішчы тых, хто прысутнічаў на допыце. Я тады заявіў, што ня буду адказваць на пытаньні незнаёмых мне людзей. Такім чынам размовы ў нас не атрымалася. Наагул гэта ўсё жудасна, брыдка. Мне не хацелася, каб такое адбывалася ў нашай краіне.

 

 

КДБ дома ў Пачобута

 

У гарадзенскай кватэры, дзе жыве зь сям’ёю журналіст "Газэты Выборчай" Андрэй Пачобут, знаходзяцца супрацоўнікі КДБ. Яны праводзяць сьледчыя дзеяньні. Пра гэта паведаміў яго калега па Саюзе палякаў журналіст Ігар Банцар.

 

За гадзіну ў Горадні ў кватэры, дзе жыве зь сям’ёю журналіст "Газэты выборчай" Андрэй Пачобут, тры супрацоўнікі КДБ апісалі яго маёмасьць.

 

Як распавёў Андрэй Пачобут "Свабодзе", тры супрацоўнікі КДБ паказалі пастанову сьледчага абласной пракуратуры пра тое, каб накласьці арышт на маёмасьць. Яны агледзелі кватэру і выбралі найбольш каштоўныя, на іхні погляд, рэчы. Забралі яны толькі кампутар як "прыладу злачынства", кажа журналіст, бо яго падазраюць у тым, што ён у інтэрнэце зьняважыў прэзыдэнта, а гэта было ўчынена з дапамогай кампутара, патлумачылі яму.

 

На пральную машыну, тэлевізар і трэнажор наклалі арышт. Чаму? Супрацоўнікі КДБ патлумачылі, што ў пацярпелага Лука-кі ёсьць правы, у тым ліку — права на кампэнсацыю маральнай шкоды, якая была яму нанесеная журналістам.

 

 

Аўтарадыё застанецца па-за эфірам

 

Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі 29 сакавіка пакінуў у сіле рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні аб спыненьні вяшчаньня "Аўтарадыё".

 

Такім чынам, судзьдзя Дзьмітрый Аляксандраў не задаволіў пазоў радыёстанцыі да камісіі, адмяніўшы ранейшае рашэньне ВГС.

 

Галоўны рэдактар "Аўтарадыё" Юры Базан заявіў, што абскардзіць гэтае рашэньне ў касацыйнай інстанцыі.

 

28 сакавіка ВГС не задаволіў яшчэ адзін пазоў ЗАТ "Аўтарадыё" да Міністэрства інфармацыі, з патрабаваньнем адмяніць вынесенае FM-станцыі папярэджаньне.

 


Лука-ка можа стаць другім Кадафі

 

Пакуль увага Захаду прыкавана да рэвалюцыяў у арабскім сьвеце, Беларусь скочваецца да дыктатуры, піша Le Monde. Заснавальнік і старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, які 24 сакавіка наведаў Парыж, заклікаў францускі МЗС ужыць эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму.

 

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека бліжэйшым часам мае намер апублікаваць даклад аб рэпрэсіўных акцыях уладаў Беларусі. Па словах кіраўніка місіі FIDH у Беларусі Сашы Кулаевай, "навіной сталі рэпрэсіі ў дачыненьні да адвакатаў, якія абараняюць затрыманых, у прыватнасьці, кандыдатаў ад апазыцыі". Яна адзначае, што "такога не было нават у савецкія часы".

 

21 сакавіка Эўразьвяз дадаў 19 імёнаў да сьпісу са 157 беларускіх службовых асобаў, якім забаронены ўезд у ЭЗ з-за іх датычнасьці да нядаўніх рэпрэсіяў. Аднак гэтыя меры, па словах старшыні "Вясны", "малаэфэктыўныя". "Прэзыдэнт Лука-ка вельмі спалохаўся, — прыводзіць словы Бяляцкага выданьне. — Як мы бачылі на прыкладзе Тунісу і Эгіпту, падобныя рэжымы могуць загінуць у любы момант. Перад выбарамі яму здалося, што свабода слова прывядзе да страты кантролю над грамадзтвам".

 

Бяляцкі выступае за ўзмацненьне жорсткасьці санкцый эканамічнага парадку, каб задушыць рэжым і справакаваць яго распад.

 

— У іх страўнік замест мозгу, — кажа Бяляцкі. — Яны думаюць толькі аб прывілеях і міжнародных крэдытах. Калі зь імі гавораць аб гуманістычных каштоўнасьцях, у вачах у іх пуста.

 

На думку Бяляцкага, Эўразвязу варта разгледзець тры віды мер: спыненьне прадстаўленьня крэдытаў, адмова ад закупак зброі ў Беларусі, купля нафтапрадуктаў у Расеі замест Менску.

 

— Калі дзейнічаць хутка, рэжым можа абрынуцца праз месяц, — лічыць дырэктар "Вясны".

 

Як паведамляе выданьне са спасылкай на пэўныя крыніцы, беларускія валютныя рэзэрвы амаль вычарпаныя, рэальны дэфіцыт бюджэту дасягае катастрафічных велічынь, над краінай навісла пагроза дэвальвацыі.

 

— Трэба спыніць Лука-ку цяпер, інакш ён стане другім Кадафі, — цытуе выданьне словы Сашы Кулаевай.

 

“Радыё Свабода”

 

 

План "Плошча" распрацоўвалі ў ААЦ пад асабістым кіраўніцтвам Лука-кі

 

Былы супрацоўнік КДБ, які пасля прэзідэнцкай кампаніі 2006-га апынуўся ў эміграцыі, лічыць, што ўся апошняя прэзідэнцкая кампанія 2010-га — суцэльная правакацыя.

 

Пенсіянер КДБ, маёр, агучыў "Беларускаму партызану" сваю версію "крывавай нядзелі".

 

Па звестках пенсіянера КДБ, атрыманых з крыніц ва ўладзе, задоўга да кампаніі спецслужбы па даручэнні Лука-кі ўзялі меркаваных кандыдатаў і іх актыў пад шчыльнае агентурнае і аператыўна-тэхнічнае назіранне. На падставе здабытых матэрыялаў з ліку кандыдатаў былі вылучаныя "слабыя звёны", на іх падрыхтаваны адпаведны кампрамат і іншае, пад цяжарам якіх яны і павінныя былі, на думку распрацоўшчыкаў, даць згоду выступіць на БТ.

 

Беларускае тэлебачанне засвяціла тры вядомыя прозвішчы: Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Андрэй Дзмітрыеў.

 

Інфармацыя аб правакацыях спецслужбаў на плошчы (пабітае шкло, збіццё кандыдатаў), пра Я. Раманчука, Г. Кастусёва атрыманая, як сцвярджае А. Рамановіч, ад пэўнай крыніцы з асяроддзя Лука-кі ўжо на трэці дзень пасля Плошчы — 22 снежня 2010 года.

 

— Вы называеце падзеі 19 снежня правакацыяй спецслужбаў. Што дае вам падставы вінаваціць у гэтым КДБ?

 

— Я сапраўды так лічу. Уся дзейнасць Лука-кі шмат у чым звязаная з правакацыямі. І Плошча была задуманая з мэтай падвесці лідараў апазіцыі пад масавыя беспарадкі (калі збярэцца шмат народу). Гэта было бачна і па тым, як развіваліся падзеі 19 снежня.

 

Пасля Плошчы мне патэлефанаваў адзін мой добры знаёмы, які знаходзіцца на тых жа пазіцыях, што і я, працуе ў адпаведных структурах (не буду называць, дзе, у адміністрацыі прэзідэнта ці ў спецслужбах). Ён мне ў панядзелак паведаміў (не буду называць канал сувязі), што разбіванне шкла арганізаванае спецслужбамі, блізкімі да Лука-кі. Ён больш за ўсё завастрыў увагу на сітуацыі з Раманчуком. Не буду паўтараць тое, што ўжо напісана.

 

Лука-ка асабіста з удзелам сына Віктара і некаторых прыкормленых і аблашчаных кіраўнікоў сілавых ведамстваў РБ распрацоўваў план па "ўціхамірванні" насельніцтва і наогул усяго таго, што звязана з выбарамі, з Плошчай і правакацыяй "жалезам па шкле".

 

Загадзя імі прадугледжвалася "вырубіць" да пачатку шэсця Някляева і Саннікава, выключыць гукаўзмацняльную апаратуру (як сродак кіравання маніфестацыяй) і пакінуць тых, хто сабраўся, без асноўных лідараў прэзідэнцкай гонкі. У прысутнасці (на вачах і ў непасрэднай блізкасці!) работнікаў ДАІ (г.зн. падапечных Куляшова), з іх маўклівага бяздзеяння (чытай — загадзя ўзгодненага з Лука-кам дзеяння) групай спецназа Уладзімір Някляеў прафесійнымі ўдарамі быў выведзены са строю.

 

На фота- і відэаздымках, ужо апублікаваных і зробленых супрацоўнікамі МУС і КДБ, відаць, што ў прысутнасці (калі пачынаюць штурхаць машыну ДАІ) супрацоўнікаў ДАІ раптам з’яўляюцца людзі ў масках. А потым Куляшоў апраўдваецца: гэта не мае людзі. Як не яго людзі, калі ўсё гэта адбывалася на вачах работнікаў ДАІ!

 

— У чым палягала задума гэтага плану? Давайце спынімся на ім больш падрабязна. Што атрымалася і што не атрымалася ва ўладаў?

 

— Па інфармацыі той жа крыніцы, Лука-ка да 19 снежня выдатна бачыў, які размах прыняла выбарчая кампанія і як моцна ідуць два асноўных кандытаты, якія, па сутнасці, добра кантактуюць паміж сабой, — Някляеў і Саннікаў. Ён бачыў, якую харызму набывае Някляеў. Таму ён хацеў знайсці прычыну пазбавіцца ад гэтых лідараў. Ён насамрэч баяўся іх. У наступных выступах Лука-ка шмат чаго кажа пра тое, што ён зрабіў дрэннага і што збіраецца зрабіць. Галоўнае, да чаго ён імкнуўся, — надоўга схаваць Някляева і Саннікава. Ну і, вядома ж, не дапусціць, каб лідары апазіцыі маглі кіраваць дэманстрацыяй.

 

— Вы сцвярджаеце, што план "Плошча" беларускія спецслужбы распрацоўвалі пад асабістым кіраўніцтвам Лука-кі. І гэты план меркаваў выключыць яшчэ да шэсця двух кандыдатаў у прэзідэнты: Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава. Якую пагрозу ўяўлялі паэт і мідаўскі працаўнік для Лука-кі (менавіта так афіцыйная прапаганда называла двух палітыкаў)?

 

— Я не ведаю планаў Някляева і Саннікава, але іх ведаў Лука-ка, які забяспечыў іх па поўнай праграме. Ён забяспечыў іх не толькі вонкавым назіраннем — ён іх і глядзеў, і слухаў. Гэта дэманструе і прыклад Раманчука: яго не толькі слухалі, але і глядзелі. Што спецслужбам трэба было ўбачыць і зняць — тое ўбачылі і знялі.

 

Калі б дэманстрацыя пайшла па мірным рэчышчы, як гэта і меркавалася першапачаткова, яна б, на мой погляд, значна прырасла, і гэтай значнай колькасцю людзей можна было б уплываць на далейшае развіццё сітуацыі. У наступныя дні Лука-ка казаў усё, што круцілася на языку.

 

— Вы сцвярджаеце, што шэраг кандыдатаў і набліжаных да кандыдатаў асобаў загадзя былі ўзятыя спецслужбамі "пад каўпак". Вы можаце імёны назваць "герояў"?

 

— Усе кандыдаты, за выключэннем аднаго — Віктара Цярэшчанкі — знаходзіліся "пад каўпаком". Гэты быў непрыкрыты, а ўсе астатнія ў большай ці меншай ступені кантраляваліся.

 

Некаторыя кандыдаты і набліжаныя да іх людзі выкарыстоўваліся для таго, каб скампраметаваць сам інстытут дэмакратычных кандыдатаў — Раманчук, Кастусёў. А некаторых выставілі ў такім святле, каб пасеяць разлад паміж актывістамі, пасварыць. Гэта адносіцца і да Рымашэўскага, і да начальніка выбарчага штаба Някляева.

 

Дэмакраты, кіраўнікі партый крыху прымітыўна падыходзяць да пытанняў бяспекі, канспірацыі. Я некалькі разоў гаварыў пра гэта і Мілінкевічу, і Жаляпаву — ніхто не звяртае ўвагі. Трэба ўлічваць, што сёння ледзь не галоўная спецслужба — Аператыўна-аналітычны цэнтр пры "прэзідэнце", дзе ўсю ідэалагічную працу вядзе Талсташоў Аляксандр Алегавіч, былы начальнік галоўнага ўпраўлення абароны канстытуцыйнага ладу і барацьбы з тэрарызмам КДБ, дастаткова хітры. Калі КДБ ўяўляе сабой такую класічную спецслужбу, дзе выкарыстоўваюцца агентурна-аператыўныя сродкі, то ААЦ больш выкарыстоўвае тэхнічныя сродкі і задзейнічае афіцэрскі склад.

 

ДАВЕДКА. Рамановіч Ануфрый Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1943 годзе пад Гроднам. Падчас тэрміновай службы ў войску яго "знайшоў КДБ", дзе ён і прапрацаваў аж да 1991 года. У 1991 годзе звольніўся па ўласным жаданні. З 1992 года заняўся бізнэсам. З 1996 года дапамагаў беларускай апазіцыі — і фінансава, і арганізацыйна. Працаваў у штабах Сямёна Домаша (2001) і Аляксандра Мілінкевіча (2006). Пасля выбараў 2006-га эміграваў у Польшчу, дзе знаходзіцца да сёння. Спроба афіцыйнага Менска дамагчыся экстрадыцыі Ануфрыя Рамановіча поспеху не мела. Разам з тым, Ануфрый Рамановіч не атрымаў і афіцыйнага статусу бежанца ў Польшчы.

 

“Наша Ніва”

 

 

Алег Гнедчык абвінавачаны і змешчаны пад варту

 

Як стала вядома правабаронцам, абвінавачанне па арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ прад’яўлена Алегу Гнедчыку 25 сакавіка. Акрамя таго, для яго была абраная іншая мера стрымання — знаходжаннен пад вартай. Зараз Алег Гнедчык знаходзіцца ў мінскім СІЗА па вуліцы Валадарскага.


Алег Гнедчык правёў тры дні за кратамі на пачатку студзеня. Тады ж ён быў дапытаны спецслужбамі ў якасці падазраванага.

 

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

 

 

30 сакавіка 2011 г.

 

Натальлю Радзіну выклікаюць у КДБ

 

Журналістка Натальля Радзіна павінна прыехаць 31 сакавіка ў Менск з Кобрына, дзе яна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Сьледчы КДБ, які патэлефанаваў раніцай 30 сакавіка, сказаў, што яе выклікаюць для "правядзеньня сьледчых дзеяньняў".

 

Адвакат журналісткі Мар’яна Сямешка не выключае, што Натальлі Радзінай могуць прад’явіць канчатковае абвінавачваньне і яе пачнуць знаёміць з матэрыяламі крымінальнай справы для перадачы ў суд.

 

Натальлю Радзіну, якая больш за месяц правяла ў СІЗА КДБ, абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

 

 

Украінцы пачалі кампанію "За адкрыты ўезд у Рэспубліку Беларусь"

 

Кіеўскі інфармацыйны цэнтар Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі ініцыяваў ва Ўкраіне грамадзянскую кампанію "За адкрыты ўезд у Рэспубліку Беларусь".

 

Яна зьвязана з частымі выпадкамі выдварэньня грамадзянаў Украіны і Расеі зь Беларусі на падставе сьпісаў неўязных, паведамляе Міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

 

— Любы грамадзянін Украіны, які едзе ў госьці да сваякоў ці, напрыклад, да партнэраў па бізнэсу ў Беларусь, можа патрапіць у сытуацыю, калі яго проста разварочваюць на мяжы. І матывуюць гэта нібыта знаходжаньнем у сьпісах "неўязных". Пры гэтым невядома, хто ўносіць людзей у гэтыя сьпісы, на якой падставе яны туды трапляюць. Таксама незразумела, як можна абскардзіць такое рашэньне. Грамадзяне Ўкраіны ўжо сутыкаліся з гэтай сытуацыяй, — тлумачыць сукаардынатар Кіеўскага інфармацыйнага цэнтра Марына Цапок.

 

Пад час кампаніі грамадзяне Ўкраіны будуць слаць звароты ў Міністэрства замежных спраў Украіны і ў пасольства Беларусі ў Кіеве.

 

— Нагадаем, што прадстаўнік МЗС Беларусі абверг інфармацыю аб наяўнасьці сьпісаў неўязных у Беларусь грамадзянаў Расеі. Аднак менавіта на падставе гэтых сьпісаў людзей працягваюць выдвараць зь Беларусі. Таму мы заклікалі ўкраінцаў высьвятляць, ці існуюць гэтыя сьпісы і ці не знаходзяцца яны ў гэтых сьпісах, паколькі праблема можа закрануць любога чалавека: прадпрымальніка, журналіста, грамадзянскага актывіста альбо чалавека, у якога ёсьць сваякі ў Беларусі, — адзначыла Марына Цапок.

 

Актывісты адзначаюць, што кампанія будзе міжнароднай. У яе ўключацца Расея і іншыя краіны СНД, зь якімі Беларусь мае бязьвізавы рэжым.

 

“Радыё Свабода”

 

 

31 сакавіка 2011 г.


Мікіта Ліхавід абвясьціў галадоўку пратэсту супраць прысуду

 

Пра галадоўку Мікіта Ліхавід паведаміў сваёй маці Алене Ліхавід падчас спатканьня, якое адбылося раніцай 31 сакавіка ў менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага.

 

— Сказаў, што пачынае галадоўку супраць прысуду, які лічыць незаконным, і настойвае на яго адмене. Патрабуе, каб сьведка, які даваў супраць яго паказаньні, назваў тых, хто прымушаў яго лжэсьведчыць. Яшчэ сказаў, што на судзе адчуваў сябе больш свабодным, чым судзьдзя, пракурор і пацярпелыя. Падрабязнасьці паведамлю пазьней, — распавяла Алена Ліхавід.

 

29 сакавіка судзьдзя Партызанскага раённага суду Натальля Пыкіна прызнала 20-гадовага актывіста руху "За свабоду" Мікіту Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня і асудзіла на тры з паловаю гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Сваякі Мікіты Ліхавіда адразу заявілі, што разам з адвакатам ён будзе абскарджваць прысуд.

 

Алег Грузьдзіловіч


Новы абвінавачаны ў справе 19-га сьнежня

 

Як паведамляе праваабарончы цэнтар “Вясна”, ім стаў Яўген Сакрэт. Ён быў затрыманы падчас разгону акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Судом Фрунзэнскага раёну Менску пакараны арыштам на 10 сутак (судзьдзя Вольга Комар).

 

Пасьля Акрэсьціна Яўген Сакрэт адразу трапіў ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, дзе знаходзіцца і цяпер.

 

Паводле праваабаронцаў цэнтра "Вясна" ў справе 19 сьнежня зьявіўся яшчэ адзін абвінавачаны — Яўген Сакрэт.

 

— Пра яго ведаем ня так і шмат. Ускосна стала вядома, што ён адбываў адміністрацыйны арышт за 19 сьнежня цягам 10 сутак, але пасьля гэтага яго перавялі ў ізалятар на Валадарскага і там выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. І толькі зараз мы даведаліся, што ён пад вартай і даведаліся, што ў яго няма адваката, які б зь ім стала працаваў. Вядома, што яму 44 гады, паводле прафэсіі ён дызайнэр, але чаму да яго такая ўвага, незразумела. Бо, наколькі нам вядома, ён ня быў актывістам нейкай партыі ці арганізацыі, — сказала Наста Лойка.

 

 

Офіс АБСЭ ў Менску спыніў працу

 

31 сакавіка ў Менску спыніў сваю дзейнасьць офіс Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ). Кіраўнік офісу амбасадар Бэнэдыкт Галер пакідае Беларусь. Місія АБСЭ працавала ў Беларусі ад 1998 году.

 

Старшыня АБСЭ, кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс выказаў жаль з нагоды закрыцьця прадстаўніцтва арганізацыі ў Менску.

 

Ажубаліс адзначае, што прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску "сваёй дапамогай і парадамі ўнесла значны ўклад у (…) выкананьне абавязаньняў па сяброўстве ў АБСЭ і стварэньні грамадзянскай супольнасьці. Яно таксама дапамагала краіне вырашаць экалягічныя праблемы пасьля Чарнобыльскай катастрофы і падавала дапамогу ў вырашэньні іншых важных пытаньняў".

 

Паводле слоў Ажубаліса, застаецца толькі шкадаваць, што беларускія ўлады вырашылі не падаўжаць мандат прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску. "Таму важныя ініцыятывы і праекты застаюцца няскончанымі, а грамадзянская супольнасьць у Беларусі пазбаўляецца каштоўнага ўдзельніка дыялёгу".

 

Ён дадаў, што АБСЭ працягне працу зь Беларусьсю ў межах абавязаньняў, якія існуюць: Літва, "якая старшынюе ў АБСЭ, працягне дыпляматычныя намаганьні і будзе праводзіць шчыльныя кансультацыі зь беларускімі ўладамі ў справе аднаўленьня дзейнасьці АБСЭ ў краіне", перадае "Інтэрфакс".

 

 

Справы Статкевіча, Вуса і Класкоўскага накіравалі ў суд

 

Пракуратура Менску накіравала ў Менcкі гарадзкі суд крымінальную справу ў дачыненьні да экс-кандыдатаў на прэзыдэнта, палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса.

 

— Пракуратура Менска сёньня для вызначэньня тэрытарыяльнай падсуднасьці накіравала крымінальную справу па абвінавачваньні Статкевіча і Вуса па ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("Масавыя беспарадкі"), — паведаміў агенцтву "Інтэрфакс" старшы памочнік пракурора Менска Сяргей Балашоў.

 

Статкевіч і Вус абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня мінулага году. Абодвум палітыкам пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

 

У суд накіраваныя таксама матэрыялы ў дачыненьні да найбольш актыўных, як іх называюць у міліцыі, удзельнікаў масавых беспарадкаў: Аляксандра Квяткевіча, Дзьмітрыя Буланава, Андрэя Пазьняка, Арцёма Грыбкова, якія абвінавачваюцца ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 КК, і Аляксандра Класкоўскага, абвінавачанага па ч. 1 і ч. 2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых непарадках), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 382 КК (самавольнае прысваеньне званьня ці ўлады службовай асобы).

 


Мітрапаліт Філарэт адмовіўся сустрэцца з маці палітвязьня

 

Мітрапаліт менскі і слуцкі Філарэт адмовіў у сустрэчы Тацяне Севярынец, маці сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ пад сьледзтвам па справе аб падзеях 19 сьнежня 2010 году.

 

З просьбай аб сустрэчы з кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы раней зьвярнулася сама Тацяна Севярынец. Але атрымала адмову, замест сябе Філарэт блаславіў на гэтую сустрэчу япіскапа барысаўскага, вікарыя Менскай эпархіі БПЦ Вэніяміна.

 

Як паведаміла прэсавай службе БХД Тацяна Севярыец, падчас гутаркі зь япіскапам яна зьбіраецца закрануць пытаньне аб арганізацыі сустрэч са сьвятаром ня толькі яе сына, але і ўсіх вязьняў СІЗА КДБ, бо на дадзены момант паміж праваслаўнай царквой і КДБ дамова аб магчымасьці споведзі зьняволеных у СІЗА не падпісаная. Маці Севярынца ідзе на гэтым шляху праз розныя цяжкасьці:

 

— Я ж усё замаўляла сустрэчу ў Філарэта. Але Філарэт мне адмовіў, сказаў, што сустракацца са мной ня будзе, але дабраславіў мяне на сустрэчу зь япіскапам Веніямінам. І вось я сёньня іду ў Сьвята-Духаў сабор, на вячэрнюю службу, дзе, спадзяюся, як мне сказалі, я сустрэнуся зь япіскапам Веніямінам.

 


Пасьля допыту ў КДБ няма сувязі з Натальляй Радзінай

 

Дагэтуль невядомы вынік допыту ў КДБ журналісткі Натальлі Радзінай, якая зараз жыве ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыезьдзе. Абвінавачаную ва ўдзеле ў падзеях 19 сьнежня журналістку камітэт дзяржбясьпекі выклікаў у Менск на 31 сакавіка. Допыт меўся пачацца аб 11 гадзіне, але ці пачаўся, як праходзіў, чым закончыўся — невядома. Да 9-й гадзіны вечара мабільны тэлефон Радзінай быў адключаны.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

КДБ спрабуе вэрбаваць ЛГБТ-актывістаў

 

КДБ чыніць ціск на актывістаў міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня IDAHO Belarus Варвару Красуцкую і Рамана Навоева.

 

— Яны прапанавалі мне працу ў КДБ, абумоўлівалася магчымасьць працаўладкаваньня на поўную стаўку. Пасьля маёй адмовы мне было прапанавана супрацоўнічаць неафіцыйна. Ад мяне патрабавалася даносіць пра пляны гей-аб’яднаньняў, даты і месцы правядзеньня акцыяў, сьпісы гей-актывістаў, іх асабістыя дадзеныя і магчымыя пункты ціску на іх, — кажа Варвара Красуцкая.

 

— Калі я адмовілася садзейнічаць, мне былі прад’яўленыя фота маіх сваякоў. Выкарыстоўваліся прамыя і ўскосныя пагрозы. Пагражалі адлічэньнем з БДУ, дзе я вучуся на другім курсе. Чыніўся ціск на маю дзяўчыну, сяброў і сваякоў, — дадае Красуцкая.

 

Спробы завэрбаваць Рамана Навоева пачаліся пасьля яго інтэрвію каналу BBC перад прэзыдэнцкімі выбарамі-2010. Спачатку яму пагражалі адлічэньнем з БДУ і раскрыцьцём ягонай арыентацыі перад роднымі. У сярэдзіне сакавіка яму паведамілі, што ён можа працягваць вучобу пры ўмове паўторнай здачы сэсіі.

 

— Пасьля таго як я прыступіў да паўторнай здачы іспытаў, супрацоўнікі КДБ прадставілі ўжо гатовы кантракт, які заставалася толькі падпісаць. Калі я адмовіўся гэта зрабіць, мне сказалі, што я ня скончу БДУ, а ў выпадку празьмернай актыўнасьці — не давучуся нават да летняй сэсіі.

 

25 сакавіка супрацоўнікі КДБ распавялі бацькам Рамана пра яго гомасэксуальную арыентацыю.

 

— Чэкісты патэлефанавалі маёй маці і распавялі пра маю сэксуальную арыентацыю, пра гей-актывізм... Пра гэта мне паведаміў родны брат, які ў момант званка знаходзіўся побач з маці. Калі ўлічыць, што мае родныя не зьяўляюцца "гей-фрэндлі", то я не выключаю ніводнага з варыянтаў разьвіцьця далейшых падзей. На дадзены момант я не стэлефаноўваўся з маці, бо маральна не гатовы да такой гутаркі, — паведамляе Раман.

 

Раней супрацоўнікі КДБ спрабавалі завэрбаваць яшчэ аднаго актывіста "IDAHO Belarus", паведамляе Альтэрнатыўная моладзевая плятформа.

 

“Радыё Свабода”

 


Наста Палажанка не прызнала сябе вінаватай па новым абвінавачаньні

 

Як паведаміла Палажанка, 30 сакавіка яе выклікалі ў Камітэт дзяржбясьпекі, дзе праінфармавалі, што крымінальная справа ў дачыненьні да яе перакваліфікаваная. Раней яна абвінавачвалася на падставе артыкулу 293 КК (масавыя беспарадкі), учора ў КДБ ёй паведамілі, што гэтае абвінавачаньне зьнятае і прад’яўлена новае — на падставе артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, у выніку чаго быў груба парушаны грамадзкі парадак, або актыўны удзел у іх).

 

— Я сваю віну не прызнала і па новым артыкуле. Паказаньні даваць адмовілася. Заявіла толькі, што сапраўды была 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці, але не лічу гэта злачынствам, а сябе — вінаватай у чымсьці, — сказала Наста Палажанка.

 

“БелаПАН”

 

 

Сломінскага актывіста вінавацяць у засмечванні горада

 

Сломінскага актывіста Партыі БХД судзяць за занадта актыўную працу на карысць Віталя Рымашэўскага падчас выбарчай кампаніі. Барыса Кучынскага абвінавачваюць у масавым распаўсюдзе агітацыйнай прадукцыі, якая нібыта засмеціла раённы цэнтр.

 

Паводле адказнага сакратара хрысціянскіх дэмакратаў Дзяніса Садоўскага, справу разглядае адміністрацыйная камісія, а найбольш вялікае магчымае пакаранне — сур’ёзны грашовы штраф.

 

— Справа згодна артыкула 21.14 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб засмечванні гарадской тэрыторыі смеццем. Барыс Кучынскі лічыць, што гэта хутчэй за ўсё за тое, што падчас выбарчай кампаніі ён актыўна працаваў у штабе Вітала Рымашэўскага і ўвесь горад быў абклеены перадвыбарчымі плакатамі кандыдата Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Барыс кажа, што няма доказаў, што менавіта ён расклейваў, і што яго за гэта ніхто не папярэджваў падчас выбараў. Позву яму ўручыў у аўторак участковы.

 

У пятніцу, 25 сакавіка, Барыса Кучынскага затрымлівалі, каб не дапусціць ягонага ўдзелу ў акцыі на Дзень Волі. Тады актывіста, які знаходзіўся на прыёме ў паліклініцы, прыехалі супрацоўнікі міліцыі, адабралі тэлефон і адвезлі ва ўпраўленне ўнутраных спраў.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Знікла Наталля Радзіна

 

Рэдактарка сайта "Хартыя-97" Наталля Радзіна ўчора ўвечары выехала з Кобрына ў Менск, каб пазнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы супраць яе. Яна мусіла сустрэцца са следчым КДБ.

 

— Выехала ўчора, а 21:30. Прасіла не тэлефанаваць мяне да 15 гадзін дня. Маўляў, трэба пабачыцца з адвакаткай, пафарбавацца, пастрыгчыся. Калі патэлефанавала, а трэцяй, то тэлефон быў недасяжны. Дзе Наташа, я нічога не ведаю, — кажа мама журналісткі Надзея Максімаўна.

 

На дадзены момант тэлефон Радзінай усё яшчэ не адказвае. Адвакатка Мар’яна Сімешка кажа, што не бачыла сёння сваю падабаронную, дзе яна можа быць таксама не ведае.

 

Наталля Радзіна была арыштаваная ўноч 19 снежня. У СІЗА КДБ яна знаходзілася да 29 студзеня, пасля чаго была вызваленая пад падпіску аб нявыездзе. Умовай вызваленне было з’ехаць па месцы прапіскі ў Кобрын (Брэсцкая вобласць). Наталля ўвесь гэты час заставалася рэдактарам "Хартыі-97".

 

 

У Менску затрыманы ўдзельнік Плошчы Вадзім Раманаў

 

Сёння ўвечары ў мінскай кватэры быў затрыманы ўдзельнік Плошчы Вадзім Раманаў. Пра гэта “Нашай Ніве” паведаміў ягоны сябра, старшыня слуцкай арганізацыі ПБНФ Віталь Амяльковіч.

 

Вадзіма сёння выклікалі на размову пра Плошчу праз тэлефон, але ён адмовіўся прыйсці без позвы. Пасля дзевятай гадзіны вечара да яго на кватэру прыйшлі міліцыянты. Яны ледзьве не выламалі дзверы.

 

Раманава затрымалі, дзе ён цяпер знаходзіцца невядома.

 

“Наша Ніва”

 

 

Следчы КДБ шукае Наталлю Радзіну праз яе калегаў

 

Позна ўвечар са сваёй кватэры на допыт у КДБ забралі намесніка галоўнага рэдактара газеты “Народная Воля” Марыну Коктыш. Ёй сказалі, што яна праходзіць сведкай па нейкай справе. Пад’ехаўшы да КДБ, яна ўбачыла там галоўнага рэдактара газеты “Наша Ніва” Андрэя Скурко, якога таксама тэрмінова выклікалі на допыт.

Прыкладна ў 22:30 з допыту ў КДБ была адпушчана намеснік галоўнага рэдактара газеты “Народная Воля” Марына Коктыш.

 

Марына паведаміла, што пытанні, якія ёй задавалі на допыце ў КДБ, дакраналіся знікненні рэдактара сайта "Хартыя'97" Наталлі Радзінай.

 

Аляксандр Ніканораў

 

“Народная Воля”

 

 

1 красавіка 2011 г.


Натальля Радзіна выехала зь Беларусі

 

Рэдактарка сайту "Хартыя’97" Натальля Радзіна знаходзіцца па-за дасягальнасьцю беларускага КДБ.

 

Пра гэта сама Радзіна паведаміла charter97.org. У цяперашні момант яна знаходзіцца за мяжой у бясьпечным месцы.

 

31 сакавіка Радзіна павінна была зьявіцца на допыт да сьледчага КДБ у Менску. Не чакаючы допыту, Натальля прыняла рашэньне пакінуць Беларусь.

 

Каля поўначы аўстрыйскі журналіст Ёзэф Гафль разьмясьціў на "сьцяне" прыхільнікаў "Свабоднага тэатру" ў "Фэйсбуку" паведамленьне пра тое, што 1 красавіка а 10 гадзіне мясцовага часу (12:00 у Беларусі) Натальля Радзіна выступіць на прэсавай канфэрэнцыі ў гатэлі Hilton Park Lane у Лёндане.

 

Раніцай 1-га красавіка ў аддзеле канфэрэнцыяў гатэлю "Свабодзе" не пацьвердзілі гэтай інфармацыі — прэсавай канфэрэнцыі Радзінай у сьпісе плянаваных на сёньня мерапрыемстваў няма, да таго ж у гатэлі няма "Press Lobby". Супрацоўнік гатэлю выказаў меркаваньне, што гэта быў першакрасавіцкі жарт.

 

Натальля Радзіна да 11 гадзін 31 сакавіка павінна была прыбыць з Кобрына ў Менск для правядзеньня "сьледчых дзеяньняў" у КДБ. Апошні раз яе бачылі ўвечары 30 сакавіка.

 

— Увечары ў 21:30 я яе пасадзіла на цягнік. Я да яе датэлефанавацца не магу. Мне яна таксама не тэлефанавала, —  паведаміла "БелаПАН" маці Радзінай Надзея Максімаўна. Паводле яе слоў, у дом прыходзіў сьледчы, які цікавіўся, дзе можа знаходзіцца Натальля.

 


Шукаючы Радзіну, КДБ правяраў цягнікі

 

З 31 сакавіка няма дакладных зьвестак пра тое, дзе знаходзіцца журналістка Натальля Радзіна, якую КДБ выклікаў на допыт у межах справы 19 сьнежня. Пэўныя крыніцы паведамляюць, што журналістка ўжо за межамі Беларусі, але сама Натальля Радзіна гэтага пакуль не пацьвердзіла.

 

Дзе знаходзіцца рэдактарка сайту "Хартыя’97" Натальля Радзіна? Мабільны тэлефон журналісткі другі дзень не адказвае. Паводле Валянціна Радзіна, бацькі журналісткі, 1 красавіка на іхні хатні тэлефон у Кобрыне пазваніў невядомы чалавек і сказаў, што Натальля ўжо за мяжой:

 

— Нехта невядомы пазваніў. Прыблізна гэта было каля 10 раніцы. Сказаў, каб не турбаваліся, яна ўжо там. А як гэта атрымалася, невядома. Можа, і з першым красавіка нас разыгрываюць, ня ведаем. А ўчора апоўначы патэлефанавалі з КДБ і сказалі, што яна сышла зь цягніка ў Лунінцы. Мы распавялі, што жонка пасадзіла яе на цягнік "Берасьце — Менск" і што больш мы нічога ня ведаем. А яны адказалі, што правяралі той вагон, у якім яна ехала, і даведаліся, што яна выйшла ў Лунінцы і не вярнулася.

 

Маці журналісткі Надзея Радзіна не выключае, што Натальля вырашыла пазьбегнуць лёсу тых, каго ўжо пакаралі за падзеі 19 сьнежня:

 

— Напэўна, паглядзела на гэтыя прысуды і сама спужалася, ці што. Ня ведаю.

 

Надзея Радзіна кажа, што канчаткова паверыць у тое, што яе дачка за мяжой, калі ёй патэлефануе сама Натальля.

 

Атрымаць камэнтар КДБ да падзей вакол Натальлі Радзінай не ўдалося, бо тэлефон цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ цягам дня не адказваў. У прэсавай службе пракуратуры Беларусі сказалі, што не атрымлівалі даручэньняў выказвацца адносна сытуацыі з Натальляй Радзінай.

 

Натальля Радзіна можа стаць другой уцякачкай за мяжу зь ліку тых, каму выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і ў іх арганізацыі.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Тых, чые тэлефоны засеклі на плошчы, ужо не выклікаюць, а забіраюць

 

У Менску у кватэры па вуліцы Бялецкага супрацоўнікі міліцыі зьбілі і затрымалі жыхара Слуцку Вадзіма Раманава.

 

Вадзіма Раманава супрацоўнікі праваахоўных органаў некалькі разоў запрашалі для размовы ў сувязі з тым, што яго тэлефон знаходзіўся у раёне плошчы, дзе праходзіла акцыя пратэсту 19 сьнежня. Малады чалавек адмаўляўся, паколькі быў заняты на працы і здаваў сэсію.

 

31 сакавіка каля 21:00 Вадзіму Раманаву патэлефанавалі на хатні нумар тэлефона ў Менску і запрасілі зьявіцца для размовы ў РАУС 1 красавіка ў 9:30. Ён пагадзіўся. Празь некалькі хвілінаў у дзьверы пастукалі — паведамляе сайт праваабарончай аргнаізацыі "Вясна".

 

Па словах Галіны Ісаевай, дзяўчыны Вадзіма Раманава, дзьверы ледзь не выломвалі.

 

— Праз 10 хвілінаў мы адчынілі, — распавядае Галіна. — У кватэру ўварваліся двое: адзін у міліцэйскай форме, другі ў чорным. Яны не адрэкамэндаваліся і запатрабавалі нашы пашпарты. "Дзе жывём? Дзе вучымся? Дзе працуем? Хто вы такія?" — пыталіся гэтыя людзі, калі мы пацікавіліся, на якой падставе павінны прад’яўляць дакумэнты.

 

Як распавяла Галіна, госьці рыліся ў іх рэчах, шукаючы пашпартоў. На яе вачах міліцыянты зьбілі Вадзіма.

 

— Спачатку той, што ў чорным, ударыў яго нагой у жывот. Потым яны штурхалі яго нагамі, павалілі на падлогу, заламалі рукі і надзелі кайданкі. Яму нават не далі абуцца! — кажа Галіна. — Ён употай узяў тэлефон і патэлефанаваў мне з аддзяленьня. Сказаў, што сядзіць на голай падлозе ў калідоры. Потым мабільнік у яго забралі.

 


Сяргею Каваленку далі яшчэ 15 сутак

 

Віцебскі актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка на волі пабыў толькі 5 хвілін. Калі ён выйшаў з турмы пасьля сямі сутак арышту, яго зноў затрымала міліцыя.

 

У Першамайскім райаддзеле міліцыі Віцебску на Сяргея Каваленку склалі пратакол за парушэньне рэжыму, за што яму далі яшчэ 15 сутак арышту.

 

Пра гэта "Свабодзе" распавяла жонка актывіста, Алена Каваленка, якая так і не дачакалася мужа дома пасьля папярэдняга арышту ды пачала яго шукаць.

 

Папярэдні арышт Сяргею Каваленку быў прысуджаны 25 сакавіка — за тое, што актывіст выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі. Суд Чыгуначнага раёну прызнаў яго вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікету, а таксама ў дробным хуліганстве — нібыта падчас затрыманьня спадар Каваленка нецэнзурна лаяўся.

 

Усе сем сутак арышту Сяргей галадаваў на знак пратэсту супраць несправядлівага, на ягоную думку, прысуду. Ці будзе ён галадаваць наступныя 15 — невядома.

 

Інцыдэнт 24 сакавіка, кваліфікаваны судом як хуліганства, быў расцэнены як парушэньне рэжыму адбываньня прысуджанага летась пакараньня. Актывіст дагэтуль адбывае так званую "хатнюю хімію" — тры гады абмежаваньня волі ўмоўна пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году. Тады суд абвінаваціў яго ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі, і нанясеньні шкоды дзяржаўнай маёмасьці.

 

 

Да санкцыяў супраць афіцыйнага Менску далучыліся яшчэ 9 краін

 

Візавыя і фінансавыя санкцыі супраць Лука-кі і яшчэ 175 беларускіх чыноўнікаў увялі Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Македонія, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Сэрбія, Харватыя і Чарнагорыя.

 

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан вітала рашэньне шэрагу краін, якія не ўваходзяць ў Эўразьвяз, далучыцца да рашэньня Рады Эўразьвязу пра пашырэньне сьпісу беларускіх чыноўнікаў, да якіх прымяняюцца абмежавальныя меры. Пра гэта "БелаПАН" паведамілі ў прэс-службе прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.

— Эўразьвяз прымае да ведама гэтае абавязальніцтва і вітае яго, — сказала Эштан.

 

“Радыё Свабода”

 

 

Андрэй Саннікаў пачаў знаёміцца з матэрыяламі сваёй справы

 

Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, якога рэжым вінаваціць у арганізацыі так званых "масавых беспарадкаў", пачаў азнаямленне са сваёй крымінальнай справай.

 

Пра гэта паведаміла адвакат палітвязня Марына Кавалеўская. Пры гэтым яна ўдакладніла, што па працэдуры час на азнаямленне — да месяца.

 

— Андрэй Алегавіч адчувае сябе здавальняюча, — дадала Марына Кавалеўская.

 

Яна таксама ўдакладніла, што абарона яшчэ не атрымала адказу ад следства на сваё хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да Андрэя Саннікава і яго вызваленні.

 

“Радыё Рацыя”

 

 

2 красавіка 2011 г.

 

Уладзімера Някляева ў суботу раніцай павезьлі ў КДБ

 

Каб азнаёміць экс-кандыдата на прэзыдэнта Уладзімера Някляева са справай, ў КДБ працуюць без выходных. Скаргу адваката Аляксандра Фядуты аб зьмене меры стрыманьня для яго не задаволілі. Маці Андрэя Саньнікава не давярае пошце СІЗА КДБ.

 

У суботу, 2 красавіка Ўладзімер Някляеў пачаў азнаямленьне з матэрыяламі крымінальнай справы, у якой ён фігуруе ў якасьці абвінавачанага ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак.

 

— Валодзя а палове на 10 раніцы паехаў знаёміцца са справай, дакладней, павезьлі яго. Пакуль няма, — паведаміла апоўдні жонка Вольга Някляева.

 

На час напісаньня рэпартажу Уладзімер Някляеў з КДБ не вярнуўся. Пра стан здароўя мужа Вольга Някляева сказала:

 

— У яго баліць сьпіна. Сьпіной трэба займацца, але ня дома, а ісьці да дактароў.

 

На болі ў сьпіне Ўладзімер Някляеў скардзіцца ўвесь час пасьля пераводу з турмы КДБ пад хатні арышт. Пасьля заяваў Алеся Міхалевіча аб катаваньнях вязьняў "амэрыканкі", у прыватнасьці, што вязьняў падымаюць за зьвязаныя за сьпіной рукі, назіральнікі не выключаюць, што цяперашні стан здароўя Уладзімера Някляева зьвязаны з тым, як зь ім абыходзіліся падчас арышту.

 

Актывіст штабу Някляева Аляксандр Фядута таксама пачаў знаёміцца са справай. Фядута застаецца ў "амэрыканцы" — адзіны з тых 6 абвінавачаных, каму зьмякчылі абвінавачаньне. Днямі адвакат дамагалася зьмены меры стрыманьня для вязьня. Кажа жонка Фядуты Марына.

 

— Знаёміцца са справай, пачынаючы ад пятніцы. А ў зьмене меры стрыманьня адмовілі.

 

Маці Андрэя Саньнікава зьвярнулася праз мэдыі да людзей, якія пішуць яму лісты ў КДБ, каб адрасавалі іх на паштовую скрыню № 302 ў Галоўпаштамце на яе імя. Ала Ўладзімераўна Саньнікава са спасылкай на лісты ад сына кажа, што да яго пошта салідарнасьці не даходзіць.

 

— Вырашыла, хай будзе скрыня, хай там зьбіраюцца гэтыя лісты. Калі-небудзь выйдзе ж, тады і пачытае. І яшчэ скажу, нават для мяне гэта падтрымка.

 

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў таксама пачаў азнаямленьне са сваёй справай, паведамілі ягоныя адвакаты.

 

Сваякі каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі адзначаюць, што ён яшчэ не пачаў азнаямленьне з крымінальнай справай.

 

— У яго вялікія праблемы са здароўем. Мяркую, улады яшчэ не вызначыліся, што зь ім рабіць да суду, бо яму неабходна апэрацыя ва ўмовах стацыянара, — мяркуе жонка актывіста Вольга Бандарэнка.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Аляксандр Фядута пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы

 

Аляксандр Фядута пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. 1 красавіка вядомага палітолага і літаратуразнаўцу, які падчас прэзідэнцкіх выбараў быў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, наведала адвакат.

 

Па словах жонкі Фядуты, Марыны, у змяненні меры стрымання на падпіску аб нявыездзе яе мужу адмоўлена: "З крымінальнай справай ён знаёміцца з сённяшняга дня. У матэрыялах справы 25 тамоў і там шмат чаго напісана. Не ведаю я, ці прызнаваў ён сябе вінаватым ці не. Хадайніцтвы па змякчэнні меры стрымання не былі задаволеныя. Ён трымаецца, але што тут казаць — сітуацыя невясёлая, на добрае ён не спадзяецца".

 

Спачатку Аляксандр Фядута абвінавачваўся ў арганізацыі "масавых беспарадкаў" 19 снежня 2010 года ў Менску. Але 30 сакавіка яму і яшчэ пяці фігурантам справы следствам было прад’яўлена новае абвінавачванне — у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак. Санкцыі па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэкса носяць менш жорсткі характар, чым па артыкуле аб масавых беспарадках.

 

“Радыё Рацыя”

 


Кіркевічу і Пратасені прад’яўлена абвінавачаньне

 

Сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму 2 красавіка прад’яўленае абвінавачаньне па частцы 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь ("Масавыя непарадкі") Алесю Кіркевічу і Андрэю Пратасені, паведамляе "Інтэрфакс".

 

— Сьледзтвам устаноўлена, што іх дзеяньні, якія выявіліся ў зьнішчэньні маёмасьці і гвалце над асобай, былі накіраваны на пранікненьне ў Дом урада — адміністрацыйны будынак дзяржаўнай установы "Галоўнае гаспадарчае упраўленьне "Упраўленьня справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь", — заявілі ў МУС.

 

На думку сьледзтва, "віна названых асоб у інкрымінаваных ім дзеяньнях цалкам даказаная атрыманымі ў ходзе расьсьледаваньня крымінальнай справы паказаньнямі іншых абвінавачаных, сьведак, фота і відэаматэрыяламі, іншымі неабвержнымі доказамі".

 

У бліжэйшы час абвінавачаным, а таксама абароне будуць прад’яўленыя матэрыялы крымінальнай справы для азнаямленьня.

 

28-гадовы менскі праграміст Андрэй Пратасеня — валянтэр у агітацыйнай кампаніі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Я. Раманчука. Затрыманы 9 лютага, утрымліваецца пад вартай у "амэрыканцы".

 

Алесь Кіркевіч — актывіст "Маладога фронту" з Гародні, адбыў 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці 24 сьнежня. 28 студзеня затрыманы ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых непарадках, выстаўлена абвінавачаньне (пад вартай у СІЗА КДБ).

 

 

Віктар Канцавенка папрасіў у Польшчы палітычнага прытулку

 

Жыхар Рэчыцы Віктар Канцавенка, які на мінулых выбарах быў актывістам перадвыбарнага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, падаў дакумэнты на атрыманьне палітычнага прытулку ў Польшчы.

 

Як паведаміў "БелаПАН" Канцавенка, на гэты момант ён знаходзіцца ў лягеры для ўцекачоў Дэмбак. Атрыманьня статусу ўцекача можна тут чакаць каля году.

 

— Са мной ужо гутарылі, далі візу на паўгоду. Ставяцца да мяне ў лягеры добра, большасьць насельнікаў лягеру — чачэнцы, ёсьць і беларусы, але іх мала. Вяртацца пакуль не зьбіраюся, што гэта дасьць, калі і мяне пасадзяць, — зазначыў актывіст.

 

Віктар Канцавенка выехаў зь Беларусі неўзабаве пасьля падзей 19 сьнежня. Паводле Канцавенкі, за ім сачылі і ён вырашыў пакінуць краіну. Актывіст выехаў у Расею, а адтуль ва Ўкраіну, дзе папрасіў прыстанішча. Але ня стаў чакаць рашэньня, а паехаў у Польшчу.

 

— Я жыў ва Ўкраіне ў знаёмага, і мяне там шукалі мясцовыя праваахоўчыя органы. Таму вырашыў ехаць далей. Нягледзячы на тое, што ў мяне былі праблемы з пашпартам, польскія улады ляяльна паставіліся да мяне і далі візу, — растлумачыў Канцавенка.

 

Паводле яго слоў, у лягеры для ўцукачоў ён займаецца фізычнымі практыкаваньнямі, слухае "Радыё Свабода", наведвае некаторыя мерапрыемствы з удзелам беларускіх апазыцыянэраў.

 

 

Сяргей Будкін пра "белы сьпіс" Свабоды

 

Музыкі, паэты, празаікі, філёзафы, якія ў Беларусі пазбаўленыя канцэртнай сцэны, доступу да дзяржаўнага тэлебачаньня, радыё, друку, ад наступнага панядзелка — штодня у ранішнім і начным эфіры "Свабоды".

 

У чорным сьпісе ўладаў 8 імёнаў беларускіх музыкаў і гуртоў — "Ляпіс Трубяцкой", "Палац", "Крама", "N.R.M.", “Нэйра-Дзюбель”, "Крамбамбуля", "Нака", сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч.

 

На пытаньні наконт новай перадачы адказаў яе вядучы Сяргей Будкін, галоўны рэдактар музычнага інтэрнэт-парталу "Тузін Гітоў", адзін з аўтараў і рэдактар кнігі "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (2004), прадусар узнагарод "Рок-каранацыя" (2005-2007), удзельнік праекту "Экспэрты BY".

 

— Сяргей, трапіць у “чорныя сьпісы” для беларускіх музыкаў — гэта гонар, забарона на прафэсію, своеасаблівае прызнаньне заслугаў?

 

— Безумоўна, гэта прызнаньне іх таленту. А яшчэ пацьверджаньне таго, што беларускі рок – сапраўдны, у разуменьні не музычным, а як сацыяльнай зьявы, калі рок-лідэр ня проста дзярэ глытку на сцэне і дэбашырыць у барах, а мае сваю пазыцыю адносна таго, што адбываецца наўкол, — адказаў Сяргей Будкін.

 

У гэты сапраўды гнюсны сьпіс патрапілі сапраўдныя рок-героі сучаснасьці — тыя каму неабыякава, у якой краіне жыць, і тыя, хто гатовы спрыяць таму, каб тут было лепей. Якраз тыя людзі, якія выказаліся наконт падзелу пасьля 19 сьнежня. Зь іншага боку, гэта фактычна забарона на прафэсію. Як сказаў той жа Сяргей Міхалок зь "Ляпіса Трубяцкога", фактычна людзей выціскаюць з краіны і пазбаўляюць магчымасьці дэманстраваць сваю творчасьць публічна. Таму гэта можна трактаваць і як прызнаньне, і як забарону на прафэсію.

 

Ганна Соўсь

 

“Радыё Свабода”

 

 

Пасля арышту ва ўдзельніцы Плошчы добраякасная пухліна ператварылася ў злаякасну

 

Праз адміністрацыйны арышт Таццяна Грачанікава не трапіла своечасова на аперацыю. Жанчына мусіла быць прааперавана 20 снежня 2010. Але за дзень да гэтага трапіла за краты за удзел у Плошчы. На 15 сутак.

 

Яшчэ ўвосень у Таццяны знайшлі пухліну. Добраякасную. Дактары прызначылі аперацыю.

 

Жанчына звярталася да суддзі з просьбай замяніць арышт на штраф. Але яе праігнаравалі. У выніку, калі вызвалілася, ёй прыйшлося паўторна здаваць аналізы. Яны паказалі, што добраякасная пухліна ператварылася ў злаякасную. Таццяне дыягнаставалі рак ІІ ступені.

 

І зноў чарга на аперацыю. Яе правялі, але з затрымкай на два месяцы.

 

Муж Таццяны, Юрась Шпак-Рыжкаў, сказаў, што да яго звяртаюцца людзі і прапануюць дапамогу. Але ён не ведае, якім чынам можна дапамагчы жонцы.

 

Дактары адмаўляюцца называць дакладны дыягназ, выдаваць нейкія даведкі. Нават не называюць лекі, якія патрэбныя Таццяне.

 

Маўляў, яны самі забяспечваюць жанчыну неабходнымі медыкаментамі.

 

Юрась паведаміў, што ў бліжэйшы час будзе адкрыты рахунак, на які можна будзе пералічыць грошы для дапамогі яго жонцы.

 

Ён адзначае, што Таццяна дрэнна сябе адчувае. Але спадзяецца, што атрымаецца вылечыцца.

 

Цяпер Юрасю Шпак-Рыжкаву патрэбна юрыдычная кансультацыю наконт таго, якім чынам ён можа атрымаць ад медыкаў поўную інфармацыю пра стан здароўя Таццяны. Кантакты сп. Юрася ў рэдакцыі.

Сяргей Макарэвіч

 

“Наша Ніва”

 

 

3 красавіка 2011 г.


Спасибо всем, кто переживал, волновался за меня

 

Исчезновение Натальи Радиной вызвало массу слухов и комментариев.

 

Наташа пока не имеет возможности полноценно заниматься редактированием сайта и вынужденно ограничивает контакты с внешним миром.

 

Редакция charter97.org попросила Наталью ответить на несколько коротких вопросов по телефону.

 

— Наташа, как тебе удалось уйти от "опеки" КГБ и выехать из Беларуси?

 

— Я бы не хотела вдаваться в подробности, это может навредить тем людям, которые мне помогли. Могу сказать, что это было не спонтанное решение, поводом стал вызов на допрос в КГБ, откуда я могла домой уже не вернуться. Я благодарна всем, кто помог мне выехать, с их стороны это был настоящий подвиг.

 

— Где ты сейчас, и когда будешь готова поговорить с прессой?

 

— Пока все непросто, но главное, я больше могу не думать о прослушке, тихарях и допросах. Это были не самые простые дни в жизни. После того, как все закончилось, я сутки спала, только сегодня начинаю приходить в себя. Теперь мне нужно пройти все формальности и получить документы. Надеюсь, все эти процедуры закончатся быстро, и я смогу снова работать, встретиться с друзьями. Не буду пока называть страну, скажу лишь, что это лагерь беженцев.

 

— Нужна ли тебе какая-то помощь?

 

— Спасибо всем, кто переживал, волновался за меня. Первым делом я зашла на сайт и прочитала комментарии. Это невероятная поддержка! Я хочу быстрее закончить со всеми необходимыми процедурами и снова заниматься своей работой. Я убеждена — вместе мы победим!

 

“charter97.org”

 

 

4 красавіка 2011 г.


Халіп, Севярынцу, Бандарэнку і Марцалеву зьмянілі абвінавачаньні

 

Жонцы былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава Ірыне Халіп, сустаршыні стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Паўлу Севярынцу, актывісту выбарчага штабу Саньнікава Зьмітру Бандарэнку і апазыцыйнаму актывісту Сяргею Марцалеву, якія праходзяць па "справе 19 сьнежня", зьменена абвінавачаньне.

 

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, з артыкулу "Масавыя непарадкі" (ст.293) абвінавачаньне перакваліфікавана на "арганізацыю і рыхтаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх" (арт. 342, ч.1). Санкцыі па гэтым артыкуле значна мякчэйшыя, чым па артыкуле 293 КК, па якім яны абвінавачваліся раней.

 

"Сьледзтвам устаноўлена, што іх дзеяньні былі накіраваныя на залучэньне і заахвочваньне беларускіх грамадзян да ўдзелу ў заведама незаконных масавых мерапрыемствах, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і падлягаюць спыненьню з боку праваахоўных органаў", — падкрэсьлілі ў МУС.

 

Акрамя гэтага, Халіп, Бандарэнка, Марцалеў і Севярынец, на думку сьледзтва, вінаватыя ў штучным стварэньні падставы "для рэакцыі дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу і ЗША, якія зрабілі захады па ўвядзеньні санкцый як спосабу эканамічнага і палітычнага ціску на афіцыйную ўладу ў Беларусі".

 

"Сьледзтвам дзеяньні абвінавачаных канчаткова кваліфікаваныя, у найбліжэйшы час яны пры ўдзеле адвакатаў азнаёмяцца з матэрыяламі крымінальных спраў, якія затым будуць накіраваныя ў суд праз органы пракуратуры", — паведамілі ў МУС.

 


КДБ угледзела ў дзейнасьці актывісткі БХД пагрозу нацыянальным інтарэсам

 

Дзейнасьць магілёўскай актывісткі стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Тацяны Шамбавалай можа нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Гэтак сёньня ў Ленінскім судзе Магілёва аргумэнтавалі супрацоўнікі КДБ неабходнасьць вынесьці ён афіцыйнае папярэджаньне і паставіць на ўлік. Ці задаволіць суд скаргу Тацяны Шамбалавай, стане вядома 5 красавіка.

 

Тацяну Шамбавалу паставілі на ўлік і вынесьлі папярэджаньне за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ды за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі — партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

 

Свае прэтэнзіі Тацяна Шамбалава выклалала ў скарзе, якую 4 красавіка пачаў разглядаць Ленінскі суд. Скаржніца лічыць дзеяньні КДБ неабгрунтаванымі й незаконнымі.

 

Актывістка таксама намагаецца, каб перад ёй выбачыліся кіраўнік абласной управы КДБ Ігар Сяргеенка і супрацоўнік КДБ Андрэй Махуноў:

 

— Абсалютна ўсё надумана. Нават, калі я ўдзельнічала ў санкцыянаваным мерапрыемстве "Плошча", то я ня бачу пагрозы, што ў будучыні я магу нейкія масавыя беспарадкі ўчыніць асабіста, нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы нашай краіны. Яны хацелі паспрабаваць напалохаць, каб я была менш актыўная ў грамадзка-палітычным жыцьці.

 

Аргумэнты таго, што дзейнасьць Шамбалавай можа нанесьці шкоду бясьпецы і інтарэсам дзяржавы, агучыў прадстаўнік абласной управы КДБ Валеры Арцыкаў. Тое ж паўтарыў ягоны калега Андрэй Махуноў. Як высьветлілася на судзе, Махуноў займаўся апэратыўна-вышуковымі дзеяньнямі ў адносінах да Тацяны Шамбалавай.

 

Судзьдзя Андрэй Юрчанка запытаўся ў спадара Махунова:

 

— Якія канкрэтныя дзеяньні заяўніцы маглі стварыць пагрозу нацыянальнай бясьпекі?

 

— У парушэньне дзейнага заканадаўства праводзяцца сходы, але на якіх не вырашаюцца пытаньні рэгістрацыі. Абмяркоўваецца стратэгія партыі, акцыі й гэтак далей.

 

Прадстаўнік інтарэсаў Тацяны Шамбалавай праваабаронца Барыс Бухель:

 

— Ці ствараюць пагрозу бясьпецы Рэспублікі Беларусь гэтыя акцыі?

 

— Мяркую, што так. Падзеі 19 сьнежня паказалі гэта.

 

Супрацоўнікі КДБ перадалі суду вынікі сваёй апэратыўна-вышуковай дзейнасьці — раздрукоўкі публікацыяў з інтэрнэту, копіі статута й праграмы стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". Гэтыя дакумэнты, на думку супрацоўнікаў спэцслужбы, сьведчаць, што Шамбалава дзейнічала ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а ня як актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.

 

Яшчэ аднін аргумэнтам, якім супрацоўнікі КДБ, даказвалі слушнасьць сваіх дзеяньняў у дачыненьні да Тацяны Шамбалавай, — яна была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.

 


Сяргей Каваленка на 10 суткі галадоўкі трапіў у шпіталь

 

Віцебскага актывіста КХП БНФ на "хуткай дапамозе" адвезьлі ў першы гарадзкі клінічны шпіталь. Ён шпіталізаваны ў кардыялягічнае аддзяленьне.

 

Паводле Сяргея Каваленкі, зранку ў яго ўпаў ціск, і дзяжурная фэльчарка выклікала "хуткую дапамогу".

 

Актывіста тут жа паклалі “пад кропельніцу”, але Сяргей Каваленка яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня, ці будзе ён спыняць галадоўку пратэсту.

 

Віцебскі апазыцыянэр галадуе на знак пратэсту супраць несправядлівых, на ягоную думку, арыштаў. Цяпер ён адбывае другі арышт запар і працягвае другую запар галадоўку пратэсту.

 

Першую галадоўку ён абвясьціў яшчэ 25 сакавіка. Напярэдадні яго затрымалі за тое, што ён выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі і скандаваў лёзунгі. У Чыгуначным райсудзе сьведкі-міліцыянты паказалі, што ён нецэнзурна лаяўся падчас затрымання. Сяргей Каваленка быў асуджаны на 7 сутак арышту.

 

1 красавіка актывіст выйшаў з ізалятару часовага ўтрыманьня, але тут жа быў затрыманы зноў. Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя скіравала Сяргея Каваленку ў ізалятар часовага ўтрыманьня яшчэ на 15 сутак: яго абвінавацілі ў парушэньні рэжыму адбываньня прысуджанага летась пакараньня. Актывіст адбывае так званую "хатнюю хімію" — тры гады абмежаваньня волі "ўмоўна" пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году. Тады суд абвінаваціў яго ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі, і нанясеньні шкоды дзяржаўнай маёмасьці.

 

Парушэньнем рэжыму было прызнана мінулае адміністрацыйнае абвінавачаньне. Сяргей Каваленка распавёў, што на другі арышт нават не былі належным чынам аформлены дакумэнты: калі па яго прыехала "хуткая дапамога", то ў ізалятары часовага ўтрыманьня не змаглі выдаць афіцыйнай паперы, на якой падставе ён тут знаходзіўся.

 

“Радыё Свабода”

 

 

5 красавіка 2011 г.


Беларусі мела месца спроба дзяржаўнага перавароту

 

Міністэрства ўнутраных спраў аб’явіла пра завяршэньне папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году.

 

— Сьледчай управай папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму завершана папярэдняе расьсьледаваньне крымінальнай справы, распачатай у дачыненьні да грамадзян Рэспублікі Беларусь — арганізатараў і ўдзельнікаў масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 года, — паведаміла вечарам 5 красавіка ўправа інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС.

 

Паводле заключэньня сьледзтва, "атрыманы вычарпальныя доказы аб спробе зьмены Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь па папярэдняй змове з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і арганізацый, якія па сутнасьці ставілі канчатковай мэтай ажыцьцяўленьне дзяржаўнага перавароту". Падчас расьсьледаваньня крымінальных спраў устаноўлены роля і ступень удзелу кожнага фігуранта ў падзеях, якія адбыліся.

 

Ступень адказнасьці за ўчыненае вызначыць суд, абяцае МУС.

 


Паўлу Вінаградаву выставілі абвінавачаньні

 

Сьледчае ўпраўленьне папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму 5 красавіка выставіла абвінавачаньні ўдзельніку пратэстаў 19 сьнежня Паўлу Вінаградаву.

 

Акрамя ўдзелу ў масавых непарадках, яго вінавацяць таксама ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў, паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна".

 

Чакаецца, што абвінавачаньні сёньня будуць прад’яўленыя таксама Ўладзімеру Хамічэнку і Андрэю Федаркевічу.

 


Мін’юст узяўся за пасьведчаньні МФЖ

 

Міністэрства юстыцыі патрабуе, каб Беларуская асацыяцыя журналістаў патлумачыла, якія прававыя падставы для дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мае Міжнародная фэдэрацыя журналістаў (МФЖ) і на якой падставе БАЖ выдае пасьведчаньні гэтай арганізацыі.

 

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце ад 1 красавіка, які атрымаў БАЖ за подпісам начальніка ўпраўленьня па пытаньнях некамэрцыйных арганізацый міністэрства.

 

Зварот зьвязаны зь нядаўнім затрыманьнем у Гомелі сябра аб’яднаньня Алега Ражкова, у якога праваахоўныя органы забралі "для праверкі на сапраўднасьць" пасьведчаньні БАЖ і МФЖ.

 

30 сакавіка пасьведчаньні журналісту вярнулі.

 

Упершыню пытаньне пра пасьведчаньне МФЖ было ўзьнята падчас слуханьняў у Вярхоўным судзе з нагоды папярэджаньня БАЖ у сакавіку 2010 году. Тады суд пацьвердзіў забарону Мін’юсту на выкарыстаньне пасьведчаньняў БАЖ са словам "Прэса" і прызнаў незаконнаю дзейнасьць Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ. На працэсе прадстаўнік Мін’юсту заявіў, што гэта прэс-карта не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі.

 

— Чарговая хваля праверак журналісцкіх пасьведчаньняў — гэта працяг даўняй палітыкі беларускіх уладаў, скіраванай на тое, каб ня даць незалежным СМІ выконваць сваю працу і абмежаваць права грамадзянаў на свабодны распаўсюд і атрыманьне інфармацыі, — сказаў прэс-службе БАЖу намесьнік старшыні аб’яднаньня Андрэй Аляксандраў.

 

Паводле намесьніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, Вэнэцыянская камісія падрыхтавала афіцыйнае заключэньне з нагоды папярэджаньня БАЖу ад Мін’юсту.

 

— Камісія палічыла, што настойлівая заклапочанасьць Мін’юсту сяброўскімі пасьведчаньнямі парушае адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Эўрапейскую канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

 

З 1997 году БАЖ — асацыяваны сябра МФЖ, найбуйнейшай сусьветнай арганізацыі журналістаў, якая аб’ядноўвае каля 600 тысяч сяброў з больш як 100 краін сьвету.

 

Паводле статуту МФЖ, мясцовыя саюзы (у Беларусі гэта БАЖ) маюць права выдаваць сябрам сваіх арганізацый журналісцкія пасьведчаньні міжнароднага ўзору.

 


Пракуратура апратэставала апраўдальны прысуд Андрэю Бандарэнку

 

Пракуратура вынесла пратэст на рашэньне Менскага гарадзкога суду аб прызнаньні невінаватым прадпрымальніка і палітыка Андрэя Бандарэнкі. 22 сакавіка суд прыняў рашэньне апраўдаць і вызваліць з-пад варты Андрэя Бандарэнку з прычыны ягонай невінаватасьці і адсутнасьці ў ягоных дзеяньнях складу злачынства.

 

У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, пракуратура выкарыстала сваё права апратэставаць гэтае рашэньне і цягам бліжэйшых тыдняў стане вядомы час разгляду гэтага пратэсту ў Вярхоўным судзе, паведаміў "Свабодзе" Андрэй Бандарэнка. Ён таксама спадзяецца, што рашэньне Менскага гарадзкога суду будзе пакінутае бязь зьменаў.

 

Андрэй Бандарэнка таксама паведаміў, што ўвесь час пасьля вызваленьня 22 сакавіка ён зь сям’ёй: жонкай, двухгадовай дачкой і бацькам. Бліжэйшымі ж днямі разам з паплечнікамі ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі будзе прыкладаць намаганьні ў справе вызваленьня старшыні партыі Анатоля Лябедзькі і іншых палітвязьняў.

 

У 2008 годзе Андрэй Бандарэнка балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, спрабаваў аспрэчыць вынікі галасаваньня, а ў выніку апынуўся за кратамі на 6 гадоў. Яго абвінавацілі ў крадзяжы і махлярстве і перш чым прызналі невінаватым, Андрэй Бандарэнка адбыў два гады турмы.

 

Галіна Абакунчык

 


Пасьля адмовы ад дактыляскапіі старшыню гомельскага АГП будуць судзіць

 

Савецкі райаддзел міліцыі Гомеля ініцыяваў супраць старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова адміністрацыйную справу паводле артыкулу 23.4 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэньняў — непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню альбо патрабаваньню службовай асобы.

 

Адпаведны пратакол перададзены ў суд Савецкага раёну, які разгледзіць яго 8 красавіка.

 

— Міліцыя патрабуе, каб я пагадзіўся здаць адбіткі пальцаў. Натуральна, я адмаўляюся, бо ня маю дачыненьня да тых катэгорыяў людзей, якія абавязаны гэта зрабіць, — кажа Палякоў.

 

Дактыляскапічную рэгістрацыю міліцыя патрабуе прайсьці й грамадзкаму актывісту з Мазыра Ўладзімеру Целепуну. Апошні з гэтай нагоды зьвярнуўся да начальніка мясцовай міліцыі Пятра Зыкуна з заявай, каб ён патлумачыў, куды падзеліся ягоныя адбіткі пальцаў, узятыя ў аддзеле міліцыі ў сакавіку 2006 году.

 

Акурат тады спадар Целяпун быў кіраўніком у раёне выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Месцазнаходжаньне яго міліцыя вызначыла праз мабільны тэлефон, абвінаваціла ў непадпарадкаваньні і праз суд пакала 5 суткамі арышту.

 

— Пры афармленні ў памяшканні часовага ўтрымання Мазырскага ГРАЎС былі ўзятыя адбіткі ўсіх пальцаў абедзьвух рук і асабістыя зьвесткі, — канстатуе ў заяве спадар Целяпун.

 

На падставе Канстытуцыі і артыкула 8 закона "Аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі" актывіст хоча ведаць, "куды падзелася дактыляскапічная інфармацыя зь ягонымі зьвесткамі". Заадно нагадвае, што "правядзеньне дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі не павінна ўяўляць небясьпеку для здароўя чалавека, прыніжаць ягоны гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю".

 


Актывістка БХД прайграла суд КДБ

 

Ленінскі суд Магілёва не задаволіў скаргу актывісткі стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Тацяны Шамбалавай. Шамбалава намагалася скасаваць афіцыйнае папярэджаньне і пастаноўку на прафіляктычны ўлік у КДБ.

 

Рашэньне суду не задаволіць яе скаргу Тацяна Шамбалава лічыць палітычна матываваным. Яна перакананая, што судзьдзя Андрэй Юрчанка ня мог вынесьці іншага рашэньня, бо справа тычылася дзейнасьці КДБ. Супрацоўнікі гэтай спэслужбы, заяўляе актывістка, так і не далі суду пераканаўчых доказаў, што яна парушала закон:

 

— Прынесьлі кучу раздруковак з інтэрнэту, ананімных камэнтароў. І гэта нейкія доказы. Гэта ж сьмех. Атрымліваецца, што ў нас для КДБ закон не пісаны. Яны могуць па любой справе дзейнічаць, як хочуць. Выклікаць, запісваць на аўдыё, на відэа без твайго ведама і потым дзе заўгодна выкарыстоўваць гэтыя запісы і яны прымаюцца ў судзе як доказы. Яшчэ раз паказала, што суду ў нас не існуе як такога і КДБ у нас усёмагутны.

 

Прадстаўнік інтарэсаў Тацяны Шамбалавай праваабаронца Барыс Бухель даводзіў суду, што КДБ, калі вынес папярэджаньне, перавысіў свае паўнамоцтвы, замацаваныя заканадаўствам:

 

— У дадзеным выпадку КДБ спрабуе прысабечыць насуперак дзейнаму заканадаўству функцыі і міліцыі, і пракуратуры, і Міністэрства юстыцыі. Хаця ў судзе было відаць, што яны гэтымі прафэсійнымі пытаньнямі не валодаюць Тыя артыкулы, якія яны "прышылі" Шамбалавай — гэта кампэтэнцыя міліцыі альбо пракуратуры.

 

З прэтэнзіямі скаржніцы прадстаўнік абласной управы КДБ Валеры Арцыкаў не пагадзіўся. Суду ён заяўляў, што актывістка й яе прадстаўнік Барыс Бухель няправільна тлумачаць заканадаўства альбо наўмысна яго скажаюць.

 

Арцыкаў і ягоны калега Андрэй Махуноў даводзілі: дзейнасьць Шамбалавай можа нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Маўляў, доказ гэтаму — удзел актывісткі ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ды дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі — партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

 

Пастаноўка на ўлік — гэта папярэджаньне Шамбалавай. Супрацоўнікі КДБ далі зразумець, што калі яна будзе працягваць сваю дзейнасьць, гэта можа прывесьці да крымінальнай адказнасьці.

 

— Адна з мэтаў нашай скаргі была, каб яны падумалі ў наступны раз і адмовіліся нават ад думкі ставіць незаконна людзей на прафіляктычны ўлік. КДБ фактычна бескантрольная структура, і тут КДБ быў упершыню ў рэальным судовым працэсе. Яны не прывыклі да гэтага. Яна патрацілі шмат часу, сілаў, нэрваў, — кажа Барыс Бухель.

 

І Тацяна Шамбалава, і Барыс Бухель заяўляюць, што працягнуць судзіцца з управай КДБ. Яны ўжо рыхтуюць у Магілёўскі абласны суд скаргу на рашэньне Ленінскага суду Магілеву.

 


Сын спаліў на лецішчы пудзіла, самі ведаеце каго

 

Актывіста штабу былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева Паўла Вінаградава вінавацяць у злачынстве, у якога скончыўся тэрмін даўніны. Ірына Халіп вярнулася з КДБ. Вязень турмы на "Акрэсьціна" нацбол Яўген Контуш пайшоў на папраўку.

 

Менская міліцыя паведаміла, што скончыла расьследваньне справы аб падзеях 19 сьнежня, якія яна лічыць спробай дзяржаўнага перавароту з удзелам замежнікаў.

 

Паводле сьледзтва, "атрыманыя вычарпальныя доказы аб спробе зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь паводле папярэдняй змовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і арганізацый, якія па сутнасьці ставілі за канчатковую мэту дзяржаўны пераварот", — паведамілі 5 красавіка з управы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў.

 

У міліцыі таксама паведамілі, што супраць некаторых фігурантаў заведзеныя асобныя справы, бо гэтыя людзі "хаваюцца на тэрыторыі замежных дзяржаў". Аднак прозьвішчы тых, хто хаваецца за мяжой, у міліцыі не называюць.

 

5 красавіка журналістка Ірына Халіп пачала знаёміцца з матэрыяламі сваёй справы. Жонку былога кандыдат на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ва ўдзеле ў іх. Ірыне Халіп пагражае да 3 гадоў калёніі.

 

Люцына Бяльзацкая пасьля вяртаньня дачкі з КДБ сказала, што вонкава Ірына ніяк не паказала свайго стаўленьня да справы і ўсё ж пэўнымі назіраньнямі маці Ірыны Халіп падзялілася:

 

— Яна вярнулася зусім не засмучаная. Мяркую, нічога ў іх там няма на яе. Ды і што можа быць? Але ў любым выпадку яна нічога ніколі не пакажа. І лісты з "амэрыканкі" пісала, што досьлед набывае, і калі прыехала адтуль — тое самае. Ня хоча, каб мы лішні раз турбаваліся.

 

Для трохгадовага сына Ірыны Халіп Даніка ад’езд маці з дому стаўся нечаканасьцю. За два месяцы хатняга арышту Данік прызвычаіўся, што мама з кватэры не выходзіць, маўляў "хварэе". Што сказалі яму дарослыя ў новай сытуацыі?

 

— Сказалі, што мама паехала да доктара. Бо яна ж таму і ня можа зь ім выходзіць на прагулкі, бо хварэе. І зараз маму палечыць доктар і яна будзе здаровая.

 

Актывісту штабу былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева Паўлу Вінаградаву выставілі абвінавачаньне ня толькі ва удзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня, але і ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. Званю бацьку Паўла Юрыю ў Беразіно.

 

— Што вам вядома пра новы эпізод абвінавачаньня аб зьнявазе дзяржаўных сымбаляў?

 

— Гэта было 3 ці 4 гады таму. На лецішчы яны зь сябрамі спалілі пудзіла, самі ведаеце каго. Здымкі сьледчыя знайшлі на жорсткім дыску кампутара Паўла, які забралі падчас ператрусу. Але навошта гэта было патрэбна сьледчым, незразумела. Бо па-першае, пакараньне за гэта пакрываецца пакараньнем паводле асноўнага абвінавачаньня, а галоўнае, як кажа адвакат, тэрмін даўніны гэтага злачынства ўжо мінуў.

 

Разам з пудзілам быў спалены таксама дзяржаўны сьцяг, прызнаў бацька Паўла Вінаградава Юры.

 

У турме на Акрэсьціна ўжо 4 дні знаходзяцца актывісты руху нацболаў Яўген Контуш, Ігар Сідарэвіч і Яўген Амелькаў, якіх пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі за акцыю пратэсту супраць закрыцьця адзінага рэспубліканскага турэмнага шпіталя. Вядома, што Яўгену Контушу, якога арыштавалі хворага, першыя дні не дазвалялі перадаваць лекі. Якая сытуацыя цяпер?

 

Сябра актывіста Дзяніс Сахар: "Сёньня справы ў яго ужо лепей. Тэмпэратура спала, яму значна лягчэй. Дазволілі перадаць лекі і ўсе неабходныя сродкі гігіены".

 

У ізалятары на Акрэсьціна працягвае сядзець і актывіст "Маладога фронту" Мікалай Дземідзенка, якога пакаралі на 15 сутак за вокліч "Жыве Беларусь!" на плошчы Якуба Коласа на Дзень Волі.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

“Радыё Свабода”

 

 

6 красавіка 2011 г.


З хворай галавы на здаровую

 

Міністэрства ўнутраных спраў абвясьціла пра заканчэньне папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы аб падзеях у Менску 19 сьнежня 2010 году. Паводле заключэньня сьледзтва, "атрыманыя вычарпальныя доказы аб спробе зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь па папярэдняй змове з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і арганізацый, якія па сутнасьці ставілі канчатковай мэтай ажыцьцяўленьне дзяржаўнага перавароту".

 

Ацаніць гэтую заяву МУС мы папрасілі аднаго зь фігурантаў гэтай справы, а таксама беларускіх і замежных экспэртаў.

 

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі, абвінавачаны за падзеі 19 сьнежня, цяпер знаёміцца зь дзясяткамі тамоў крымінальнай справы супраць сябе і некалькіх сваіх "саўдзельнікаў":

 

— Я ня бачу юрыдычных падставаў для такой заявы. Ня ведаю, каб увогуле каму-небудзь зь фігурантаў справы 19 сьнежня было прад’яўленае абвінавачваньне, агучанае МУС — наконт перавароту, сувязі з замежнымі спэцслужбамі і г.д. Таму гэтыя заявы абсалютна нелягічныя.

 

19 сьнежня мінулага году ў дэманстрантаў не было жаданьня рабіць нейкі пераварот, кажа спадар Рымашэўскі:

 

— Я ня бачыў такіх людзей і ня меў стасункаў з такімі людзьмі. Ніхто з былых кандыдатаў ці іх камандаў не выказваўся пра магчымасьць, пра пляны дзяржаўнага перавароту. Тым больш, каб асноўным дзеяньнем такога перавароту было біцьцё шкла ў Доме ўраду — гэта выглядае проста сьмешна.

 

Віталь Рымашэўскі мяркуе, што грамадзтву варта чакаць новых «выкрыцьцяў» і скандальных матэрыялаў з боку МУС, КДБ і пракуратуры, у тым ліку на наступных судовых працэсах.

 

Юрыст Гары Паганяйла зазначае, што артыкул 357 Крымінальнага кодэксу "Змова альбо іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады", сапраўды не прад’яўлены нікому з арыштаваных пасьля 19 сьнежня. Разам з тым, паводле спадара Паганяйлы, пункт 2 гэтага артыкула — "Захоп або ўтрыманьне ўлады неканстытуцыйным шляхам" — можна прад’явіць дзейнаму кіраўніку Беларусі. Менавіта такім чынам спадар Паганяйла трактуе рэфэрэндумы 1996 і 2004 гадоў, зьнікненьне апанэнтаў рэжыму, несумленныя выбарчыя кампаніі 2001, 2006 і 2010 гадоў:

 

— Гэта ўсё зьвёны аднаго і таго ж злачынства па ўтрыманьні дзяржаўнай улады, захопленай неканстытуцыйным шляхам. І, відаць, хворае ўяўленьне ды чарговыя спробы застацца пры ўладзе прывялі да таго, што з хворай галавы пачалі валіць на здаровую — што, маўляў, апазыцыя спрабавала захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам, гвалтам, інтэрпрэтуючы падзеі на Плошчы як спробу захопу ўлады.

 

Паводле Гары Паганяйлы, ніякіх доказаў "спробы перавароту" няма, як няма доказаў і масавых беспарадкаў 19 сьнежня, нягледзячы на тое, што суды сьцьвярджаюць адваротнае і ўжо неправамерна пакаралі некалькі чалавек:

 

— Такіх доказаў у прыродзе няма. Ні ў кога ў галаве не было ніякіх задумак па захопе ўлады. Ішла звычайная палітычная барацьба, прычым няроўная, таму што ва ўмовах цяперашняй улады выкарыстоўваць такі дэмакратычны інструмэнт, як выбары, практычна немагчыма. Немагчыма зьмяніць цяперашнюю ўладу шляхам выбараў.

 

Бацька аднаго з абвінавачаных, палітоляг Аляксандар Класкоўскі згадвае, што першыя заявы пра ўяўную спробу перавароту прагучалі з самага верху ўладнай піраміды, і цяпер МУС паўтарае гэты тэзіс:

 

— Гэтая страшылка закліканая апраўдаць усе брутальныя дзеяньні, рэпрэсіі, жорсткія прысуды і адначасна схаваць у цень пытаньне, ад чаго ж людзі выйшлі на вуліцу, то бок пра несправядлівасьць саміх выбараў. Сёньня мы маем сытуацыю, калі самі ўлады заблыталіся і прапагандысцкі аспэкт ужо не супадае зь юрыдычным аспэктам.

 

Спадар Класкоўскі мяркуе, што ўлады тут працягваюць сваю прапаганду, а тым часам пачалі пакрысе "адкручваць" сытуацыю назад, пра што сьведчыць зьмякчэньне абвінавачваньняў дзесяці падсьледным.

 

Экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы таксама лічыць заяву МУС Беларусі прапагандай:

 

— Гэта клясычнае прапагандысцкае дзеяньне беларускіх уладаў, якое мы ўжо ня раз назіралі. Рэжым павінен знайсьці пэўны аб’ект атакі, вінаватых у тым, што мела месца ў сьнежні. Вядома, што сам сябе ён не абвінаваціць, хоць усё паказвае, што галоўным чынам беларускія ўлады арганізавалі і зрэжысавалі тыя падзеі.

 

Абвінавачваньне МУС Беларусі на адрас замежных краін спадар Клысіньскі таксама лічыць нічым не абгрунтаваным:

 

— Тэорыя наконт падрыхтаванага пляну, нейкіх грошай з-за мяжы, працы спэцслужбаў Польшчы і Нямеччыны — абсалютна высмактаная з пальца. І гэта цяжка давесьці, бо цяжка даказаць тое, чаго няма. Гэтая тэорыя дзейнічае як пэўны лёзунг, ідэалягічная канструкцыя.

 

Валер Каліноўскі

 


КДБ правёў ператрус у бацькоў Натальлі Радзінай

 

У сераду сама журналістка патэлефанавала маці й сказала, што знаходзіцца ў Эўропе, — паведамляе сайт "Хартыя '97". Тым часам да бацькоў Натальлі ў Кобрыне прыйшлі супрацоўнікі мясцовага аддзяленьня КГБ, а таксама сьледчы зь Менску.

 

Яны правялі ператрус і забралі дзёньнікі журналісткі і лісты салідарнасьці, якія ішлі ёй з усяго сьвету, у тым ліку ад былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла і кіраўніка МЗС Славакіі Мікулаша Дзурынды. Быў таксама канфіскаваны кампутар непаўнагадовага пляменьніка Радзінай, — піша "Хартыя '97".

 

Пасьля гэтага супрацоўнікі КДБ паехалі на працу да бацькі Натальлі нібыта для правядзеньня яшчэ аднаго допыту.

 

Сама Радзіна затэлефанавала бацькам і паведаміла, што знаходзіцца ў лягеры для ўцекачоў адной з эўрапейскіх краін.

 

"Наташа абяцала патэлефанаваць празь некалькі дзён і сказаць дакладна, дзе знаходзіцца. Пакуль, яна сказала, вырашаюцца апошнія фармальнасьці з палітычным прытулкам", — цытуе сайт "Хартыі '97" словы маці Натальлі.

 

Нагадаем, Натальля Радзіна, якая больш за месяц правяла ў СІЗА КДБ, а пасьля жыла ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыязьдзе, зьвінавачаная ў арганізацыі "масавых беспарадкаў" 19 сьнежня летась. 31 сакавіка яна ўцякла за мяжу.

 


У Горадні затрыманы Андрэй Пачобут

 

Карэспандэнт "Газэты Выборчай" Андрэй Пачобут быў затрыманы ў сераду ў Горадні. Пра гэта агенцтва ПАП паведаміла ў той момант, калі журналіста перавозілі ў абласную пракуратуру.

 

Андрэй Пачобут зьбіраўся ехаць у Менск, каб узяць удзел у тэлемосьце прадстаўніцтва Эўракамісіі з дэлегацыяй Эўрапарлямэнту ў справе Беларусі. На паседжаньні журналіст меўся распавесьці пра крымінальную справу, распачатую супраць яго за публікацыі ў "Газэце Выборчай" і прыватным блогу. Пачобут падазраецца ў зьнявазе прэзыдэнта, яму пагражае прысуд да двух гадоў пазбаўленьня волі.

 

Журналіст сказаў карэспандэнту ПАП, што яго цяперашняе затрыманьне мае на мэце заблякаваць ягоны ўдзел у тэлемосьце.

 


Штраф за надпіс "Луку на муку" давядзецца выплочваць усёй вёскай

 

Суд Ленінскага раёна Горадні пакараў студэнтку мэдунівэрсітэту Кацярыну Герасімчык штрафам у 525 тысяч рублёў за тое, што яна нібыта зрабіла надпіс "Луку на муку" на пастамэнце помніка Леніну. Кацярына Герасімчык свае віны не прызнала.

 

Кацярына Герасімчык прыйшла на абвяшчэньне прысуду зь цёплымі рэчамі, вельмі хвалявалася, думала, што яе могуць пасадзіць на суткі.

 

Судзьдзя Натальля Козел зачытала рашэньне. Яна прызнала Кацярыну Герасімчык вінаватай у дробным хуліганстве на падставе сьведчаньня міліцыянтаў.

 

Пасьля таго, як Кацярына выйшла з суду, яна з палёгкай уздыхнула:

 

— Пасьля суду ў мяне адчуваньне, нібыта цяжкая глыба спала з сэрца. Я рыхтавалася да самага горшага, чакала, што мне дадуць суткі, я нават рэчы цёплыя з сабою ўзяла.

 

Праваабаронца Раман Юргель, які назіраў за працэсам ад пачатку, прысудам зьдзіўлены і лічыць яго палітычна матываваным:

 

— Міліцыянты-сьведкі, якія затрымлівалі Кацярыну Герасімчык і Вольгу Багданкевіч, у судзе не сьцьвярджалі, што менавіта дзяўчаты зрабілі надпіс, бо за руку іх не ўзялі. У іх былі проста падазрэньні на тое, што гэта дзяўчаты зрабілі. А сёньня мы пабачылі, што судзьдзя Козел паклала гэтыя падазрэньні ў аснову выраку.

 

Пра гэта кажа і Вольга Багданкевіч, якую ў тую ноч затрымалі разам з Кацярынай Герасімчык. Багданкевіч сьведчыла ў судзе, што яны не рабілі надпіс, а толькі разглядалі тое, што нехта напісаў да іх:

 

— Я лічу прысуд несправядлівым, паколькі было відавочна, што віна не была даказаная, але судзьдзя чамусьці палічыла, што віну даказалі.

 

Я пацікавіўся ў Кацярыны Герасімчык, як яна зьбіраецца выплачваць штраф? Са сваёй стыпэндыі?

 

— Шчыра кажучы, для мяне гэта неверагодная сума, і я спадзяюся толькі на падтрымку сваіх бацькоў, якія мяне падтрымліваюць заўсёды і падтрымлівалі цяпер падчас затрыманьня. Упэўненая, што дапамогуць яны, родныя, нават суседзі, якія таксама хвалююцца за мяне ўсёй вёскай.

 

Кацярыну Герасімчык і Вольгу Багданкевіч затрымалі ў ноч з 11 на 12 лютага побач з помнікам Леніну, на пастамэнце якога быў нанесены надпіс "Луку на муку". У Герасімчык на руцэ былі рэшткі фарбы з балёнчыка, але яна сказала міліцыянтам, што балёнчык ляжаў побач з помнікам, а яна паросту падняла яго зь зямлі.

 

Міхал Карневіч

 


Сям’ю вязьня выключылі з жыльлёвага таварыства

 

Андрэй Саньнікаў знаёміцца са справай 5 дзён запар уключна з выходнымі. Асуджанаму за Плошчу грамадзяніну Расеі Арцёму Брэўсу не падоўжылі рэгістрацыю ў Менску. Сям’ю былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага выключылі з таварыства забудоўшчыкаў жылога дома. Наста Палажанка скончыла азнаямленьне з крымінальнай справай.

 

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў працягвае знаёміцца з крымінальнай справай, паводле якой ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Маці палітыка Ала Саньнікава кажа, што азнаямленьне вядзецца 5 дзён запар безь перапынку на выходныя:

 

— Субота, нядзеля, панядзелак, аўторак… Сёньня ўжо пяты дзень. Відаць, там прысьпешваюць, бо і на выходных азнаямленьне не спыняецца.

 

6 красавіка ў Алы Саньнікавай прынялі для сына перадачу ўключна з усімі прадуктамі, якія не прымалі цягам двух тыдняў. З гэтага маці зрабіла выснову, што сыну палягчэла са здароўем. Нагадаю, працяглы час Андрэю Саньнікаву было дазволена перадаваць толькі дыетычныя харчы. Зь лістоў вязьня было вядома, што ў яго абвастрылася хвароба суставаў. Лісты ад сына Ала Саньнікава атрымлівае рэгулярна:

 

— Піша, што ўжо далі яму асобнае спальнае месца. Праўда, я гэтага не разумею — як так? Што, раней яго прымушалі спаць на падлозе і толькі зараз выдзелілі асобны ложак?

 

Грамадзяніну Расеі Арцёму Брэўсу адмовіліся працягнуць рэгістрацыю ў Менску. 10 сакавіка Маскоўскі суд Менску прызнаў Брэўса вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і пакараў вялікім грашовым штрафам. Назіральнікі не выключалі, што мяккае ў параўнаньні з турэмнымі тэрмінамі іншым удзельнікам Плошчы пакараньне тлумачыцца заступніцтвам Расеі і тым, што суд супаў зь візытам у Менск расейскага прэм’ера. Адмова працягнуць рэгістрацыю азначае для Арцёма Брэўса, што зь Беларусі ён мусіць зьехаць у Расею, дзе ў яго няма сваякоў. Як паставіліся да гэтай навіны ў расейскай амбасадзе, якая шмат дапамагала Арцёму Брэўсу падчас ягонага арышту і суду?

 

— Мы толькі зараз пра гэта даведаліся, будзем высьвятляць падрабязнасьці. Але ў любым выпадку гэта выключна беларускія справы — працягваць рэгістрацыю ці не, — адказаў "Свабодзе" супрацоўнік амбасады Расеі.

 

Зьвязацца з Арцёмам Брэўсам наконт гэтай праблемы не ўдалося. Пасьля суду малады чалавек заяўляў, што мае намер і далей жыць у Беларусі.

 

Сям’ю былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, якога трымаюць у СІЗА КДБ паводле справы 19 сьнежня, выключылі з таварыства забудоўшчыкаў дома ў менскім мікрараёне Каменная Горка. Прычына — Класкоўскія не пасьпелі адкрыць крэдытную лінію і своечасова ўнесьці грошы на будаўніцтва кватэры. Жонка Класкоўскага Натальля кажа, што затрымка здарылася не зь яе віны: з прычыны сьледзтва над мужам не ўдалося перааформіць неабходныя дакумэнты:

 

— Кажу: я ж вас папярэджвала, што не пасьпяваю. Адказваюць: ну і што, што папярэджвалі? Трэба было прадставіць генэральную даверанасьць. Кажу: дык я ж не вінаватая, што мне гэтую даверанасьць не аддавалі. Пры чым тут я? Мне сьледчы яе не даваў. Казаў — то яе няма, то яна ў КДБ, званіце і высьвятляйце. Званю — і там таксама няма. У выніку, пакуль аддалі… А аддалі толькі ў канцы мінулага тыдня. Ужо было позна. Ужо выключылі нас.

 

У сям’і Класкоўскіх трое малых дзяцей 12, 7 і 2 гадоў. Сям’я жыве на жыльлёвай плошчы сваякоў. Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі абвінавачаны ня толькі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, але і ў прысваеньні ўлады — на плошчу Незалежнасьці 19 сьнежня Класкоўскі прыйшоў у міліцэйскай форме, хоць быў ужо звольнены зь міліцыі.

 

Паводле бацькі актывісткі "Маладога фронту" Насты Палажанкі, яна ўжо скончыла азнаямленьне з матэрыяламі справы.

 

Жонка Алеся Арастовіча паведаміла, што яго некалькі разоў выклікалі на допыты, але азнаямленьне са справай яшчэ і не пачыналася. Актывіст штабу Міколы Статкевіча Алесь Арастовіч быў вызвалены з "амэрыканкі" пад падпіску пра нявыезд прыблізна ў адзін час з Настай Палажанкай. Шмат хто зь фігурантаў справы 19 сьнежня кажа, што пакуль немагчыма прадказаць лёгіку сьледзтва, якое адны справы ўжо накіравала ў суд, а некаторыя яшчэ расьсьледуе.

 

Алег Грузьдзіловіч


“Радыё Свабода”

 

 

7 красавіка 2011 г.


Лябедзьку выпусьцілі з "амэрыканкі"

 

Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, аднаго зь вязьняў СІЗА КДБ выпусьцілі зь ізалятара. Пра гэта Свабодзе паведаміў ягоны сын Арцём. Анатоль Лябедзька будзе ўдзельнічаць сёньня ў паседжаньні Нацкома АГП у 11:30.

 

— Гэта для нас была прыемная нечаканасьць. Бацька выглядае добра, праблем са здароўем у яго няма, — сказаў Арцём Лябедзка.

 

Анатоль Лябедзька быў адпушчаны са сьледчага ізалятара КДБ вечарам 6 красавіка.

 

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Анатоль Лябедзька быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП Яраслава Раманчука. Зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня.

 

Лідэр АГП быў затрыманы ў сталіцы ў ноч з 19 на 20 снежня ва ўласнай кватэры і дастаўлены ў СІЗА КДБ. 22 сьнежня стала вядома, што на знак пратэсту супраць свайго незаконнага затрыманьня Лябедзька аб’явіў галадоўку, аднак неўзабаве спыніў яе паводле просьбы жонкі. Адвакат Лябедзькі ня меў магчымасьці сустрэцца з падабаронным з 29 снежня. Сустрэча Лябедзькі з адвакатам адбылася толькі 23 сакавіка.

 

Раней пад падпіску аб нявыезьдзе з СІЗА КДБ былі адпушчаны экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі і Алесь Міхалевіч, рэдактар сайту charter97.org Натальля Радзіна, кіраўнік выбарчага штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзмітрыеў і актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Сяргей Вазьняк. Міхалевіч і Радзіна ўцяклі за мяжу.

 

Яшчэ два фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках былі адпушчаны з СІЗА КДБ пад дамашні арышт — экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў і журналістка расейскай "Новой газеты" Ірына Халіп, жонка былога кандыдата Андрэя Саннікава.

 

Застаюцца ў сьледчым ізалятары больш за 30 фігурантаў справы, у тым ліку палітыкі Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута.

 


Андрэю Пачобуту зьмянілі меру стрыманьня на арышт

 

Журналіст “Газэты Выборчай” Андрэй Пачобут знаходзіцца ў ізалятары ў Кастрычніцкім РАУС Горадні на вуліцы Гая, куды быў дастаўлены ўначы, яму зьмененая мера стрыманьня.

 

У ізалятар ужо паехала жонка Пачобута Аксана, яна паспрабуе штосьці даведацца пра мужа і спадзяецца аддаць яму перадачу.

 

Калега Андрэя Пачобута па апазыцыйным Саюзе палякаў Ігар Банцар, які вёз Андрэя ўчора ў Менск, распавёў "Свабодзе" падрабязнасьці затрыманьня. Спачатку іх машыну затрымалі ў Горадні і загадалі ехаць у абласную пракуратуру. Сьледчы зачытаў пастанову, у якой прадпісвалася не пакідаць горад, гэта была падпіска аб нявыезьдзе. Андрэй Пачобут адмовіўся паставіць свой подпіс, ён патлумачыў, што паездкі — ягоная праца і зараз ён накіроўваецца ў Менск. Ігар Банцар кажа, што пасьля гэтага яны выйшлі з пракуратуры і паехалі ў сталіцу.

 

Другі раз іх затрымалі за Скідалем, яны пасьпелі праехаць трыццаць кілямэтраў. Андрэю Пачобуту заявілі, што ён парушыў падпіску аб нявыезьдзе і яму будуць зьмяняць меру стрыманьня. Пасьля гэтага журналіста даставілі ў пракуратуру, туды прыбыў адвакат Аляксандар Бірылаў. Андрэю Пачобуту заявілі, што зьмяняюць яму падпіску аб нявыезьдзе на арышт і ўначы даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

 

Супраць Андря Пачобута распачатая крымінальная справа за публікацыі ў "Газэце Выборчай" і прыватным блогу. Пачобут падазраецца ў зьнявазе прэзыдэнта, яму пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі.

 


Менск прапануе Захаду гандаль палітвязьнямі

 

Бацька палітвязьня палітоляг Аляксандар Класкоўскі назваў вызваленьне Анатоля Лябедзькі пад падпіску пра нявыезд чарговым жэстам уладаў на адрас Захаду.

 

— Гэта прапанова палітычнага гандлю, калі казаць наўпрост. Натуральна, што ў пэўнай ступені гэта і праца на ўнутраны электарат, каб таксама трошкі зьменшыць напружаньне, зьбіць хвалю грамадзкага абурэньня, паказаць, што тут нібыта разьбіраюцца, робяць нейкую дыфэрэнцыяцыю. Гэта ўсё адбываецца ў рэчышчы трэнду ўладаў на зьмякчэньне сытуацыі і ў міжнародным, і ва ўнутраным пляне, якая абвастрылася менавіта праз хвалю рэпрэсіяў, брутальнае здушэньне пратэстаў і працэсы над удзельнікамі Плошчы.

 

На пытаньне, ці распаўсюдзіцца гэтае зьмякчэньне і на іншых палітвязьняў, спадар Класкоўскі адказаў:

 

— Я думаю, што ўлада ня будзе сьпяшацца. Яе тактыка такая, што трэба пазначыць нейкія жэсты, зрабіць мінімальныя саступкі, але адразу пайсьці на патрабаваньні Захаду і вызваліць усіх палітвязьняў — гэта ў разуменьні беларускага кіраўніцтва было б стратай твару. Таму тут будзе такі вязкі гандаль.

 

Валер Каліноўскі

 


Менск даў "адлуп" ініцыятыве 14 краін АБСЭ

 

З рэзка нэгатыўнай рэакцыяй на ініцыятыву 14 краін АБСЭ выступіў МЗС Беларусі. Менск не прызнае "маскоўскі мэханізм" арганізацыі.

 

Вялікабрытанія і трынаццаць іншых краін-сябраў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе заклікалі Беларусь да супрацоўніцтва зь місіяй міжнародных экспэртаў, закліканай сабраць факты для расьсьледаваньня дзеяньняў, зьвязаных са здушэньнем дэманстрацый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

 

Гэтая прапанова была зробленая ў рамках схемы АБСЭ, вядомай таксама як "маскоўскі мэханізм".

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у адказ заявіла, што "асобныя краіны Захаду працягваюць палітыку сілавога ціску на Рэспубліку Беларусь, спрабуючы задзейнічаць любыя даступныя сродкі".

"Цяпер яны імкнуцца ўцягнуць у гэты працэс АБСЭ. Група дзяржаў, маніпулюючы наяўнымі ў дакумэнтах АБСЭ працэдурнымі прабеламі, выступіла з ініцыятывай аб накіраваньні ў нашу краіну "місіі дакладчыка", ня маючы для гэтага якіх-колечы падстаў. Адвольная, у духу "падвойных стандартаў", інтэрпрэтацыя дакумэнтаў АБСЭ, дыскрымінацыйныя ініцыятывы і блёкавае мысьленьне супярэчаць каштоўнасьцям арганізацыі і руйнуюць яе ролю як ключавога форуму па пытаньнях агульнаэўрапейскай бясьпекі і супрацоўніцтва".

 

Такім чынам, у Менску ня хочуць бачыць замежных экспэртаў.

 


Беларускія ўлады асудзілі "карту паляка". Што далей?

 

Канстытуцыйны суд Беларусі вырашыў, што польскі закон "Аб карце паляка" не адпавядае нормам міжнароднага права. Ініцыявала гэтае пытаньне 23 лютага Палата прадстаўнікоў, якая прапанавала суду разгледзець польскі закон на адпаведнасьць агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

 

Канстытуцыйны суд вырашыў, што некаторыя нормы закону аб карце паляка не адпавядаюць шэрагу міжнародных прававых актаў. Найперш — вызначэньне правамоцтваў грамадзкіх аб’яднаньняў, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, на вырашэньне пытаньняў, зьвязаных з выдачай "карты паляка". Маўляў, гэтыя нормы распаўсюджваюцца на суб’ектаў права, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй беларускай дзяржавы. Гэта не адпавядае прынцыпам сувэрэннай роўнасьці дзяржаў і неўмяшаньня ва ўнутраныя справы. Акрамя таго, паводле суду, нормы закону адносна выдачы "карты паляка", што мае рабіць консул Польшчы, парушаюць Венскую канвэнцыю і іншыя пагадненьні. Гэта ж тычыцца ільготнага візавага рэжыму і прывілеяў у галіне працаўладкаваньня для ўладальнікаў "карты паляка".

 

У судзе карэспандэнту "Свабоды", аднак, не адказалі на пытаньне, ці будзе мець гэта рашэньне якія-небудзь наступствы для тых грамадзянаў Беларусі, якія маюць «карту паляка». Свае высновы суд накіруе ў Палату прадстаўнікоў.

 

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў:

 

— Што да ўладальнікаў карткі, то ім жа нейкія ільготы і прэфэрэнцыі прадстаўляе польскі бок. Я ня ведаю, якім чынам тут беларускі бок можа перашкодзіць гэтаму.

 

Старшыня не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Арэхва не пагаджаецца са стаўленьнем суду да "карты паляка":

 

— "Карту паляка" прызнае польскі ўрад, і ўсе выдаткі, якія з гэтым зьвязаныя, нясе таксама Польшча. Калі інтарэсам Польшчы адпавядае тое, што людзі, якія маюць польскую нацыянальнасьць, будуць мець дакумэнт, які гэта пацьвярджае, то чаму не? Я тут ня бачу ніякіх "крымінальных" спраў. Польшча можа дазволіць рабіць бясплатныя візы для ўладальнікаў "карты паляка". Ня бачу, якія тут парушэньні.

 

Былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі раіць беларускім уладам увесьці "карту беларуса", супраць якой ніхто б не пярэчыў. Ён лічыць, што рашэньне Канстытуцыйнага суду ня мае ніякага дачыненьня да Польшчы.

 

— Гэта ўсё ўпісваецца ў агульную кампанію ня вельмі разумнай канфрантацыі, пошуку зьнешніх ворагаў. Гэта складнік гэтай тупой кампаніі. А наш Канстытуцыйны суд, як і парлямэнт, — адмашку зрабілі, і прыняў рашэньне.

 

Палітоляг Вацлаў Арэшка лічыць "карту паляка" абсалютна нармальнай зьявай. Беларускія палякі і польскі ўрад маюць поўнае права карыстацца гэтым. Рашэньне суду ён называе "яшчэ адным крокам да зьнішчэньня свабоднай Беларусі".

 

— Калі тыя, хто хоча мець "карту паляка", і надалей будуць яе хацець, то яны яе атрымаюць. Можа, рэжым увядзе нейкія санкцыі і пакараньні за гэта, то гэта тады будзе цікава.

 

Палітоляг Алесь Лагвінец называе рашэньне суду па "карце паляка" прагназаваным:

 

— Судзьдзі ў нас ня ёсьць незалежнымі, хоць фармальна павінны быць такімі. Яны выконвалі канкрэтную палітычную замову. І на гэтую палітычную замову яны выдалі адпаведнае рашэньне. Рашэньне ня можа лічыцца легітымным з дэмакратычнага гледзішча. Беларускія ўлады яшчэ не да канца адмовіліся ад канфрантацыйнай лёгікі ў стасунках з Польшчай, нягледзячы на тыя заявы, якія зрабіў Лука-ка падчас уручэньня даверчых лістоў польскага пасла.

 

Паводле інфармацыі, агучанай у Палаце прадстаўнікоў, "карту паляка" на сёньня ў Беларусі маюць больш за 14,5 тысячы чалавек, а ўсяго ў краіне жыве 400 тысяч этнічных палякаў.

Алесь Дашчынскі


Для ахвотных атрымаць "карту паляка" зачыняюцца архівы

 

Дзяржаўны архіў Берасьцейскай вобласьці адмаўляецца выдаваць даведкі, якія б сьведчылі пра прыналежнасьць да польскай нацыі.

26-гадовы Андрэй зьвярнуўся ў Берасьцейскі абласны архіў, каб атрымаць даведку пра сваіх продкаў, якія мелі права голасу падчас выбараў у 1921—1939 гадах у Заходняй Беларусі.

Аднак супрацоўніца архіву адмовілася выдаваць такі дакумэнт. Яна спаслалася на тое, што "карта паляка" незаконная.

 

“Радыё Свабода”

 

 

8 красавіка 2011 г.


На скаргу ў некалькі старонак адмовілі двума радкамі

 

Пракуратура адказала на скаргу Дзьмітрыя Вуса адносна сфальшаванай, як ён лічыць, супроць яго крымінальнай справы. Дзьмітрый Бандарэнка скончыў азнаямленьне са справай. Павал Севярынец працягвае ў турме пісаць раман.

 

Дзьмітрый Вус паведаміў "Свабодзе", што справу супроць яго і Мікалая Статкевіча накіравалі для разгляду ў Ленінскі раённы суд Менску. Дзень пачатку працэсу пакуль што ня вызначаны, які судзьдзя будзе весьці справу — таксама.

 

Таксама Дзьмітрый Вус распавёў пра адказ на сваю скаргу на сьледчага, які вёў ягоную справу. Дзьмітрый Вус прасіў завесьці на сьледчага крымінальную справу, паколькі лічыць, што той падрабіў доказы супроць яго. Пракуратура, аднак, мяркуе, што падстаў, каб прыцягнуць сьледчага да адказнасьці, няма.

 

— І другі момант: два радкі напісалі адносна маёй заявы аб завядзеньні справы супроць сьледчага. Што пракуратура нібыта мяркуе, што дастаткова доказаў маёй віны. Але па фактах, пра якія я паведамляю адносна сьледчага, рэальна праверкі яны не вялі.

 

— Гэта вы дамагаліся завядзеньня справы супроць сьледчага?

 

— Так. Я лічу, што ён сфабрыкаваў матэрыялы. А пракуратура гэтага нават не правярала, а проста напісала двума радкамі тое, што дастаткова доказаў, каб заводзіць справу супроць мяне. А што я пісаў ім, рэальна нічога не праверылі. Беззаконьнем займаюцца.

 

Яшчэ падчас сьледзтва ў студзені Дзьмітрый Вус паведаміў журналістам, што сьледчыя патрабуюць ад яго агаварыць Мікалая Статкевіча, нібы той арганізоўваў масавыя беспарадкі 19 сьнежня. Узамен, паводле Дзьмітрыя Вуса, яму абяцалі, што ў справе ён застанецца сьведкам. Дзьмітрый Вус на гэта заявіў, што ня будзе агаворваць Мікалая Статкевіча, паколькі ня бачыў таго, што патрабуе сьледчы. Да таго ж Дзьмітрый Вус, паводле ягоных слоў, 19 сьнежня сышоў з плошчы Незалежнасьці раней, чым пачаўся сілавы разгон. У выніку Дзьмітрыю Вусу ўсё ж выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, як і Мікалаю Статкевічу.

 

8 красавіка каардынатар "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка скончыў азнаямленьне са сваёй крымінальнай справай. Паводле зьвестак, Бандарэнку хапіла на азнаямленьне ўсяго двух дзён, тым часам як некаторыя іншыя абвінавачаныя знаёмяцца са справай па 5 і болей дзён. Нядаўна стала вядома, што ў Зьмітра Бандарэнкі абвастрылася хвароба хрыбетніка і яму цяжка хадзіць. Як пачуваецца вязень цяпер? Жонка Бандарэнкі Вольга распавяла:

 

— Ня ведаю дакладна, што зараз са здароўем. Ён праз адваката перадаў, што ня горш, але і ня лепш.

 

Зьмітру Бандарэнку дагэтуль не дазваляюць перадаваць некаторыя прадукты.

 

— Паколькі дыетычнае харчаваньне для яго не адмянілі, значыць, лепш ня стала, але ён ня хоча мяне непакоіць, — мяркуе Вольга Бандарэнка.

 

Сузаснавальнік партыі БХД Павал Севярынец працягвае ў турме пісаць раман. Маці вязьня кажа, што ёй перадалі ўжо 2 часткі чарнавікоў сынавай кнігі. Але ўзьнікла праблема: зьвесткі ад маці пра тое, што гэтыя чарнавікі да яе трапілі, да Севярынца не даходзяць. Відаць, турэмная цэнзура працягвае жорстка лімітаваць навіны для Паўла.

 

— Мяркую, мае лісты, дзе я пішу, што атрымала ягоныя нататкі, да яго не даходзяць. Бо ён зноў і зноў задае адносна іх адны і тыя ж пытаньні, — кажа Тацяна Севярынец.

 

Алег Грузьдзіловіч

 


Адмовіўся здаць адбіткі пальцаў? Пад суд!

 

Сёньня ў судзе Савецкага раёну Гомеля распачаты разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова за адмову здаць адбіткі пальцаў. Гэта першая падобная справа ў краіне.

 

У Савецкім райаддзеле міліцыі адмову Палякова здаць адбіткі пальцаў кваліфікавалі паводле артыкула 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню альбо патрабаваньню службовай асобы. Пра гэта склалі і перадалі ў суд адміністрацыйны пратакол.

 

— У райаддзеле міліцыі Савецкага раёну мне прапанавалі прайсьці дактыляскапію, але я адмовіўся, таму што гэта парушае мае правы, гэта зьневажае мяне. Ёсьць абавязковая дактыляскапія для ваеннаслужачых, але няма прымусовай. Я ня ведаю, якім чынам гэтыя мае адбіткі будуць у далейшым выкарыстоўвацца.

 

На судовым паседжаньні актывіст АГП папрасіў, каб яму далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Судзьдзя Галіна Сыцько, якая вяла паседжаньне, пачала ўшчуваць Палякова за тое, што ён не азнаёміўся са справай да судовага паседжаньня. Аднак палітык настойваў, каб яму далі хаця б дзесяць хвілін на знаёмства са справай.

 

Урэшце судзьдзя хадайніцтва задаволіла, а заадно й перанесла разгляд адміністрацыйнай справы на 13 красавіка.

 

— Пакуль я не сустракаў, каб кагосьці за адмову прыцягвалі да адказнасьці. Я ведаю сытуацыю ў Берасьці з праваабаронцам Раманам Кісьляком. У яго хацелі прымусова ўзяць адбіткі пальцаў. Нават фізычную сілу ўжывалі. Але адміністрацыйнай справы пакуль не было. Палітыка ўладаў такая, каб усіх трымаць у пэўнай каляіне, каб ніхто ня меў свайго права, каб кожны адчуваў, што ён адказны й вінаваты перад дзяржавай.

 

Адбіткі пальцаў у ваеннаабавязаных беларускіх мужчын пачалі браць у 2008 годзе — пасьля выбуху ў Менску на начным канцэрце ў Дзень Рэспублікі.

 


Сяргея Каваленку выпісалі са шпіталя і зноў адправілі "на суткі"

 

Віцебскі актывіст КХП БНФ аднавіў галадоўку пратэсту, якую прыпыняў на час знаходжаньня ў мэдычнай установе.

 

У кардыялягічным аддзяленьні віцебскага гарадзкога шпіталя Сяргей Каваленка знаходзіўся 5 дзён. Яго прывезьлі сюды на хуткай дапамозе з ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе ён адбываў другі запар арышт і праводзіў галадоўку пратэсту.

 

Раніцай 8 красавіка, у дзень выпіскі, актывіст заўважыў, што на выхадзе са шпіталя яго чакае міліцэйскі канвой. Адразу на ганку спадара Каваленку ўзялі пад варту і адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня адбываць астатнія 12 сутак арышту.

 

Сяргей Каваленка паведаміў "Свабодзе", што аднаўляе галадоўку, якую распачаў яшчэ 25 сакавіка, але мусіў прыпыніць на час знаходжаньня ў шпіталі:

 

— Я ўжо адчуваю сябе лепей, ціск нармалізаваўся, я гатовы галадаваць зноў! Галадоўка будзе супраць "унутранай акупацыі" — супраць міліцэйскага начальства, кіраўніцтва ІЧУ, СІЗА, КДБ. Яны зьдзекуюцца зь людзей, зьбівалі ўдзельнікаў менскай акцыі 19 сьнежня.

 

Перад ад’ездам у ізалятар Сяргей Каваленка накіраваў скаргі ў абласную пракуратуру і пракуратуру Першамайскага раёну на неправамоцныя, на ягоную думку, дзеяньні міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго 1 красавіка.

 

У той дзень актывіст выйшаў з-пад арышту, прысуджанага за акцыю 24 сакавіка, калі ён выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі. І адразу апынуўся пад новым арыштам: крымінальна-выканаўчая інспэкцыя накіравала Сяргея Каваленку ў ізалятар часовага ўтрыманьня яшчэ на 15 сутак за парушэньне рэжыму адбываньня прысуджанага летась пакараньня.

 

Нагадаем, актывіст адбывае так званую "хатнюю хімію" — тры гады абмежаваньня волі "ўмоўна" пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году. Тады суд абвінаваціў яго ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі, і нанясеньні шкоды дзяржаўнай маёмасьці.

 

Парушэньнем рэжыму была прызнана акцыя 24 сакавіка. Але Сяргею Каваленку дагэтуль ня выдалі пастанову на апошні арышт, падчас якога ён трапіў у шпіталь.

 


Сяргея Каваленку нечакана адпусьцілі з-пад арышту

 

Віцебскі апазыцыянэр паведаміў, што яго адпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе ён мусіў дабыць 12 сутак арышту. Сам ён мяркуе, што да гэтага прычыніліся ягоная галадоўка і шэраг скаргаў у пракуратуру.

 

8 красавіка міліцэйскі канвой даставіў актывіста ў ізалятар часовага ўтрыманьня пасьля выпіскі са шпіталя, дзе Каваленка лекаваўся ў кардыялягічным аддзяленьні.

 

— Літаральна на ганку ў кагосьці зь міліцыянтаў зазваніў мабільны тэлефон, і пасьля непрацяглай размовы мне заявілі, што я вольны да таго часу, пакуль будуць разабраныя мае скаргі ў пракуратуру. Я мяркую, паўплывалі яшчэ і мае галадоўкі пратэсту, абвешчаныя пасьлядоўна 25 сакавіка і 1 красавіка, — паведаміў "Свабодзе" віцебскі актывіст КХП БНФ.

 

Пакуль Сяргей Каваленка галадоўку спыняе. Але не выключае, што зноў абвесьціць яе ў тым выпадку, калі яму ўсё ж прыйдзецца даседжваць апошні арышт.

 

Спадар Каваленка адгаладаваў больш за 10 сутак, пратэстуючы супраць несправядлівых, на ягоную думку, затрыманьняў і арыштаў. Першы арышт ён адбыў з 25-га сакавіка па 1 красавіка — актывіста пакаралі за тое, што выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі. Усе гэтыя сем дзён ён адгаладаваў, а потым абвясьціў і наступную галадоўку — калі яго затрымалі на выхадзе з ІЧУ і далі яшчэ 15 сутак арышту.

 

Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя зноў накіравала Сяргея Каваленку ў ізалятар часовага ўтрыманьня за парушэньне рэжыму: актывіст адбывае так званую "хатнюю хімію" — тры гады абмежаваньня волі "ўмоўна" — пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы. Парушэньнем была прызнана акцыя са сьцягамі напярэдадні Дня Волі, але Каваленку дагэтуль ня выдалі пастанову на апошні арышт. Падчас гэтага апошняга арышту ён трапіў у шпіталь, бо далі сябе знаць наступствы шматдзённага галадаваньня.

 

Актывіст напісаў у пракуратуру некалькі скаргаў з прычыны беспадстаўнага, як ён лічыць, зьняволеньня. Скаргу на імя пракурора Віцебскай вобласьці з патрабаваньнем спыніць перасьлед Сяргея Каваленкі напісаў і віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

 

Паводле вынікаў разбору будзе прынята рашэньне, ці законным было апошняе затрыманьне і ці вернецца Сяргей Каваленка ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

 

“Радыё Свабода”

 

 

9 красавіка 2011 г.


Фядута на волі

 

Аляксандра Фядуту выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд. Яго былі затрымалі 20 сьнежня і трымалі ў турме КДБ больш як тры месяцы.

 

Яго жонка Марына паведаміла, што Аляксандар Фядута схуднеў кіляграмаў на пятнаццаць, сам "вусаты як таракан", але задаволены. Яна таксама перадала просьбу Аляксандра Фядуты не турбаваць яго два дні:

 

— Ён выглядае пастрайнеўшым, зь вялікімі вусамі, як у таракана... Ой, я яшчэ й не пасьпела яго ліцазрэць, ён ужо ў ваннай. Скінулі ўсе брудныя рэчы і кінулі на балькон.

 

Пакуль яшчэ нічога не распавядаў, мы пра гэта яшчэ нават не размаўлялі. Ён толькі з 20:07 у хаце — колькі ж ён тут прабыў, яго толькі прывезьлі 20 мінут назад.

 

Я прыйшла ў хату, а мне патэлефанавалі і сказалі:

 

— "Марына Ўладзіміраўна, ці будзеце вы дома?" Я сказала: "Так, я ўжо прыйшла дахаты".

 

Уся мокрая, бо быў дождж. Мне сказалі:

 

— Чакайце, калі ласка, нешта здарылася, вам будзе прыемна. Во і ўсё. Ну, я, канешне, здагадалася.

 

Сёньня ён ні з кім гаварыць ня будзе, трэба прыйсьці чалавеку ў сябе.

 


Улады пачынаюць палітычны гандаль

 

Адзін з каардынатараў кампаніі "Гавары праўду" Андрэй Дзьмітрыеў наведаў сёньня вызваленага пад падпіску аб нявыезьдзе Аляксандра Фядуту.

 

Аляксандар папрасіў журналістаў не турбаваць яго да панядзелка. Андрэй Дзьмітрыеў распавёў, што Аляксандар выглядае вельмі бадзёра.

 

— Ён з гумарам распавядае пра тыя насамрэч жудасныя месяцы, праведзеныя ў СІЗА КДБ. Адпусьціў вусы. Карацей, як быў дзекабрыстам, так ім і застаўся.

 

Чаму Аляксандра Фядуту вызвалілі менавіта цяпер? Андрэй Дзьмітрыеў мяркуе, што ўлады пачынаюць палітычны гандаль з Эўропай і ЗША:

 

— Незразумела, чаму наогул гэтых людзей там трымалі. І чаму іх адпусьцілі. Мы можам толькі здагадвацца. Гэта спроба панізіць градус сытуацыі. Улада ўжо стамілася ад гэтай сытуацыі і хоча зь яе неяк выйсьці. Яго вызвалілі, бо пачаўся палітычны гандаль і ў межах яго перакваліфікавалі справу, адпусьцілі Анатоля Лябедзьку, цяпер Фядуту. Гэта такая дэманстрацыя, што, мабыць, ня ўсё так жорстка, могуць быць паляпшэньні. Улада дамаглася таго, што зьмяніўся фокус размовы. Калі спачатку была размова аб тым, што трэба ўсіх вызваліць і зьняць абвінавачаньні, то сёньня мы ўжо рады, што людзі пад падпіску выходзяць на свабоду і тое, што артыкулы перакваліфікоўваюцца. І гэта ўжо ўяўляецца прагрэсам, хаця насамрэч сытуацыя прынцыпова не мяняецца.

 

Аляксандр Фядута — палітоляг, давераная асоба экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках, пазьней яму было перапрад’яўлена абвінавачаньне па крымінальным артыкуле — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

 

Алесь Дашчынскі

 


Саньнікаў, Някляеў і Бандарэнка закончылі азнаямленьне са справамі

 

Аляксандр Фядута сустрэўся з калегамі з "Гавары праўду". Андрэй Саньнікаў назваў крымінальную справу супраць сябе "абсурдным сачыненьнем на дадзеную тэму". Меру стрыманьня для Ўладзімера Някляева мяняць не зьбіраюцца. У кіраўніцтве Беларускай праваслаўнай царквы зноў адмовілі Паўлу Севярынцу.

 

9 красавіка актывіст штабу Някляева Аляксандар Фядута, якога напярэдадні вызвалілі зь СІЗА КДБ, сустрэўся са сваім калегамі з кампаніі "Гавары праўду". З журналістамі Аляксандр Фядута пакуль не кантактуе, папрасіў не турбаваць яго да панядзелка. Удалося пагутарыць толькі з жонкай Фядуты Марынай.

 

— Што вы адчувалі, калі яго ўбачылі?

 

— Што ж я магла адчуваць? Канечне, толькі радасьць. Прасьпявала яму: "Глазам не верю, неужели, в самом деле ты пришел, милый мой? Моя потеря, приходи ко мне скорее в дом родной" (Сьмяецца). Прывезьлі яго ў пачатку на дзявятую гадзіну вечара. Выглядае, канечне, схуднелым, стомленым. Зразумела, не санаторый. Але бадзёры, жартуе. Прывёз новыя вершы.

 

Палітоляг і літаратар Аляксандр Фядута быў вызвалены 8 красавіка, а арыштаваны 20 сьнежня. Фядуту абвінавачваюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ва ўдзеле ў іх.

 

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, якому выстаўленае больш сур’ёзнае абвінавачаньне — у арганізацыі масавых беспарадкаў, увечары 8 красавіка закончыў азнаямленьне з справай. Ала Саньнікава цытуе камэнтар сына адносна сабранага сьледчымі матэрыялу:

 

— Ён не прызнае сваёй віны і кажа, што гэта "абсурднае сачыненьне на дадзеную тэму". Мяркую, што гэта дакладна сфармулявана.

 

Паводле адвакатаў Саньнікава, ён трымаецца ўпэўнена і бадзёра.

 

Раніцай 9 красавіка, восьмы дзень запар, Уладзімера Някляева павезьлі ў КДБ чытаць крымінальную справу. Паводле жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Вольгі Някляевай, сёньня мусяць закончыць азнаямленьне, бо "прысьпешваюць". Ці будзе пасьля гэтага зьменена мера стрыманьня для Ўладзімера — з хатняга арышту хаця б на падпіску пра нявыезд?

 

— Здаецца, там сказалі, што хатні арышт ня будзе адменены.

 

Уладзімера Някляева вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Такое ж абвінавачаньне выстаўленае і сузаснавальніку БХД Паўлу Севярынцу. Маці Паўла Тацяна паведаміла, што яе сын з адвакатам увесь тыдзень знаёміліся з справай, але ці закончылі, ёй невядома. Маці спадзяецца, што сына вызваляць пад падпіску, як учора Аляксандра Фядуту, у якога такое ж абвінавачаньне, як і ў Паўла Севярынца.

 

— Няхай бы, як бы я была рада! Я б на яго хоць нагледзелася, калі б ён колькі ў доме пажыў.

 

Таксама Тацяна Севярынец паведаміла: з кіраўніцтва праваслаўнай царквы ёй перадалі, што наведаць Паўла Севярынца ў вязьніцы КДБ для споведзі, як ён жадае, не атрымаецца.

 

— Сёньня мне патэлефанавалі з канцылярыі ўладыкі Веніяміна і коратка сказалі, што не атрымліваецца наведаць Паўла. А калі я запытала пра другую частку нашай гутаркі, пра дамову япархіі зь СІЗА КДБ аб наведваньні вязьняў, сказалі, што нічога пра гэта ня ведаюць.

 

Закончыў азнаямленьне з справай актывіст штабу Саньнікава Зьміцер Бандарэнка. Паводле зьвестак, справу Бандарэнкі будуць разглядаць у судзе асобна ад іншых спраў. Мяркуюць, гэта адбудзецца ў канцы красавіка — пачатку траўня.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

“Радыё Свабода”

 

 

11 красавіка 2011 г.


Генпракуратура абмяжоўвае доступ да сайтаў

 

Генэральная пракуратура Беларусі вынесла пастановы аб абмежаваньні доступу да беларускіх сайтаў "Хартыя’97" і "Беларускі партызан", спасылаючыся на парушэньне імі закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь".

 

Сайт "Хартыя’97" дзяржаўная інспэкцыя па электрасувязі ўнесла ў сьпіс абмежаванага доступу, перадае "Інтэрфакс".

 

Беларускія інтэрнэт-рэсурсы паведамляюць, што Генпракуратура спасылаецца на парушэньне сайтамі нормы закона "Аб масавых мерапрыемствах" аб тым, што "да атрыманьня дазволу на правядзеньне масавага мерапрыемства яго арганізатары, а таксама іншыя асобы ня маюць права аб’яўляць у сродках масавай інфармацыі пра дату, месца і час яго правядзеньня, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай ўлёткі, плякаты і іншыя матэрыялы".

 

Ад 7 красавіка бальшыня беларускіх інтэрнэт-правайдэраў атрымалі абноўлены сьпіс доступу і абавязаны ў адпаведнасьці з указам заблякаваць доступ да гэтых сайтаў для дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама арганізацый адукацыі, культуры.

 

Дзяржаўная інспэкцыя Беларусі па электрасувязі не камэнтуе інфармацыю пра ўключэньне двух апазыцыйных сайтаў у сьпіс інтэрнэт-рэсурсаў, да якіх інтэрнэт-правайдэры павінны абмяжоўваць доступ дзяржорганам і дзяржарганізацыям. Там заявілі, што гэты сьпіс даступны толькі для інтэрнэт-правайдэраў. І адмовіліся пацьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю аб унясеньні сайтаў у сьпіс абмежаванага доступу.

 


За непаўналетнюю ўдзельніцу акцыі салідарнасьці пакаралі міліцыянта


Магілёўская пракуратура вынесла прадпісаньне начальніку Ленінскага аддзелу міліцыі, каб ён дысцыплінарна пакараў свайго падначаленага Ўладзімера Радзевіча. Ён складаў пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня на непаўналетнюю ўдзельніцу акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі Ганну Шкадун. У пракуратуру паскардзілася маці дзяўчыны — Натальля.

 

У адказе з пракуратуры гаворыцца, што выкладзеныя ў скарзе факты часткова пацьвердзіліся. Участковы Радзевіч парушыў адміністрацыйнае заканадаўства.

 

— Што канкрэтна парушыў міліцыянт, тлумачэньняў няма, але тое, што факт парушэньняў прызнаецца, гэта няблага. Скарга мая тычылася менавіта парушэньня адміністрацыйнага заканадаўства, а канкрэтна — складаньня пратаколу на маю дачку Ганну. Пратакол складаўся задняй датай, — зазначае Натальля Шкадун.

 

Пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня, які склаў Радзевіч, даў падставы для разгляду справы супраць Ганны Шкадун на камісіі ў справах непаўналетніх. 24 сакавіка камісія прыняла рашэньне спыніць разгляд, бо двухмесячны тэрмін, вызначаны заканадаўствам для такіх спраў, выйшаў.

 

— На камісіі сказалі, што калі б тэрмін ня выйшаў, маю дачку паставілі б на ўлік. Мяне ў любым выпадку не задавальняе тое, што адбываецца вакол Ганны, і я падала ў суд. Адміністрацыйная камісія не павінна была прымаць такія дакумэнты. Шмат у іх выпраўленьняў. Ёсьць месцы, дзе словы замазаныя карэктарам і зробленыя праўкі ад рукі. Шмат дакумэнтаў рознага зьместу дзіўным чынам датаваныя адной датай і адным нумарам. Разыходжаньні ў копіі і арыгінале пратаколу. Яны дужа, відаць, сьпяшаліся ўсё зрабіць да 16 сакавіка — гэта быў апошні дзень для разгляду справы. Яны ня думалі, што я буду дэталёва дакумэнты праглядаць. Разьлік быў, што спалохаемся самога факту, што нас выклікаюць на камісію.

 

Паводле Натальлі Шкадун, Ленінскі суд Магілёва ўжо прыняў да разгляду яе пазоў на камісію ў справах непаўналетніх. Калі адбудзецца суд, ёй паведамяць дадаткова.

 

У акцыі салідарнасьці 16 студзеня ўдзельнічалі дзевяць чалавек. Двое зь іх, фронтаўцы Сяргей Нягацін і Валянцін Лабачоў, пабывалі пад адміністрацыйным арыштам. Беспартыйнага студэнта ўнівэрсытэту імя Куляшова Максіма Анцыповіча пакаралі штрафам у 525 тысяч рублёў. Натальлі Шкадун вынесьлі папярэджаньне. У бабруйскай турме знаходзіцца яшчэ адзін удзельнік акцыі — Яўген Васьковіч. Яму інкрымінуецца злоснае хуліганства.

 

“Радыё Свабода”

 

 

“Чэсныя” журналісты аспрэчваюць свой “невыязны” статус

 

Вадзіму Гігіну і Аляксею Міхальчанку вельмі хочацца ў Еўропу, напэўна, таму яны падалі пазоў у Еўрапейскі суд у Страсбургу з нагоды іх уключэння ў спісы асоб, якім забаронены ўезд у краіны ЕС.

 

Пра гэта паведаміў у нядзелю ўвечары першы канал БТ.

 

— Я і мае калегі звярнуліся ў міжнародны суд, бо ніякай віны не адчуваем, — сказаў галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка" Вадзім Гігін.

 

Таксама ў эфіры беларускага тэлебачання было заяўлена, што беларускія журналісты, пазбаўленыя права ўезду ў ЕС, звярталіся па дадзеным пытанні ў АБСЕ. Яны атрымалі адказ, што пытанні перасоўвання беларускіх журналістаў "не ўваходзяць у кампетэнцыю арганізацыі".

 

ЕС увёў візавыя санкцыі супраць чыноўнікаў і журналістаў з Беларусі ў адказ на парушэнні падчас выбараў і масавыя затрыманні апазіцыянераў у час акцыі на плошчы Незалежнасці 19 снежня, нагадвае "РИА Новости".

 

Дадамо, што Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы і нават не мае статусу спецыяльнага госця. Таму грамадзяне падаваць скаргу на беларускія судовыя і іншыя органы не могуць. Тэарэтычна беларусы могуць судзіцца толькі з іншымі еўрапейскімі краінамі, чым і скарысталіся афіцыйныя прапагандысты.

 

“Беларускі Партызан”



Обновлен 08 ноя 2011. Создан 21 мар 2011



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter