Лявон Вольскі — "Белая яблыня грому" (Lyrics) 2010

Лявон Вольскі пэзэнтуе новую складанку з 12 песень на вершы класікаў: ад Купалы да Танка і Барадуліна, але музычнае суправаджэнне сучаснае: блюз, рок, рэп і хэві-мэтал.



01. Гэй, наперад! (словы — Янка Купала)
02. Пахне чабор. (словы — Пятрусь Броўка)
03. Сон. (словы — Адам Міцкевіч)
04. Вецер Радзімы. (словы — Максім Танк)
05. Скандынаўская песьня. (словы — Максім Багдановіч)
06. "Парушыўшы законы прыцягненьня..." (словы — Аркадзь Куляшоў)
07. Niemiec. (словы — Францішак Багушэвіч)
08. Машыны. (словы — Ларыса Геніюш)
09. "Мала сказаць: ненавіджу" (словы — Пімен Панчанка)
10. У турме. (словы — Якуб Колас)
11. Белая яблыня грому. (словы — Рыгор Барадулін)
12. Заснаваньне Вільні. 1322 г. (словы — Ян Чачот)

 
Музыка: Лявон Вольскі (акрамя 7 - Аляксандар Памідораў, Лявон Вольскі)
Вершы: Янка Купала (1), Пятрусь Броўка (2), Адам Міцкевіч (3), Максім Танк (4), Максім Багдановіч (5), Аркадзь Куляшоў (6), Францішак Багушэвіч (7), Ларыса Геніюш (8), Пімен Панчанка (9), Якуб Колас (10), Рыгор Барадулін (11), Ян Чачот (12)


Бэнд: Лявон Вольскі, Альгерд Гарус, Алесь-Францішак Мышкевіч, Сяржук Штэндэр, Паўлюк Рысь, Андрэй Баброўка, Ганна Вольская


Запісвалі альбом:

 

Лявон Вольскі — сьпевы, гітара, клявішы
Паўлюк Рысь — гітара, мандаліна, клявішы
Алесь-Францішак Мышкевіч — бас-гітара
Аляксандар Старажук — бубны, пэркусія
Аляксандар Памідораў — сьпевы (7)
Аляксандар Хаўкін — скрыпка (7)
Ганна Вольская — дадатковыя сьпевы (6)


Саунд-прадусаваньне: Андрэй Баброўка, Паўлюк Рысь, Лявон Вольскі
Аранжаваньні: Лявон Вольскі, Паўлюк Рысь
Запіс: Андрэй Баброўка, Паўлюк Рысь
Зьвядзеньне й майстраваньне: Андрэй Баброўка, студыя "Селах" Менск, Беларусь (верасень 2009 — сакавік 2010)


01 Гэй, наперад!
(словы — Янка Купала, 1911 г.)


Гэй, наперад, покі сэрца
Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы;
Гэй, да сонца! гэй, да зор!


Хай бацькі стагналі ўчора,
Йшлі на той сьвет без пары;
Сёньня ў нашай моцы гора,
Мы — жыцьця гаспадары!


Думка ў думку, дружна, сьмела
Усе наперад грамадой!
Кожны ведай сваё дзела,
Знай, за праўду крэпка стой!


К новай долі шлях нам ляжа,
Як на небе Млечны Шлях,
Слова, дум ніхто не зьвяжа,
Жыць, цярпець не будзе страх!


І не стане больш пакуса
Першых-лепшых збоку браць,
Славяніна-беларуса
Вечна ў лапці абуваць.


Дык наперад, покі сэрца
Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы!
Гэй, да сонца! гэй, да зор!

 


02 Пахне чабор
(словы — Пятрусь Броўка)


Хiба на вечар той можна забыцца?
...Сонца за борам жар-птушкай садзiцца,
Штосьцi спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор...
Пахне чабор...


Лёгкiя крокi на вузкай сцяжынцы.
Дзеўчына ў белай iскрыстай хусцiнцы,
Быццам абсыпана промнымi зор.
Пахне чабор...
Пахне чабор...


Выйсцi б насустрач, стаць i прызнацца.
Вось яно — блiзкае, яснае шчасце,
Клiкнуць хацелася — голас замёр.
Пахне чабор...
Пахне чабор...


Год адзiнаццаць, а можа, дванаццаць
Сэрца балiць, што не здолеў спаткацца,
Сэрца нязменна хвалюе дакор.
Пахне чабор...
Пахне чабор...


Час той схаваўся за дальняй гарою,
Здасца хвiлiнай — яна прада мною...
Выйду. Гукаю. Маўклiвы прастор.
Пахне чабор...
Пахне чабор...

 


03 Сон
(словы — Адам Міцкевіч)


Калі прымусіць час сказаць "бывай",
А ў сэрцы не пагасне жар кахання, —
Пакінь бяз слоў, але не дабівай
Мяне суровым словам — расставанне!


Ты пры апошняй стрэчы ў гаі,
Пакуль зара расой напоіць руту,
Апошнім пацалункам упаі
І ўжо на ростань — кроплямі атруты.


Разлучымся — і стане мне лягчэй;
Бяссільны, упаду к табе на ўлонне,
Цалую я блакіт тваіх вачэй,
Загледзеўшыся ў цемру іх прадоння.


Так да сканчэння свету я прасплю,
А ў Судны дзень, калі затрубяць трубы,
Ты ціха сыдзеш з неба на зямлю,
Каб разбудзіць таго, хто сэрцу любы.


І здасца мне, што не прайшлі вякі, —
Зусім нядаўна я цябе пакінуў, —
Загледзеўся ў вачэй тваіх блакіт
І задрамаў на нейкую хвіліну.

 


04 Вецер Радзімы
(словы — Максім Танк)


Ты знаеш вецер cваёй Радзімы —
Не безыменны там вецер нейкі,
А той, што вее начлежным дымам,
Шуміць чаротам, звініць жалейкай.


Які антонаўкі атрасае,
Які рыбацкія любіць снасьці
І, клямкай бразнуўшы, расчыняе
Па-гаспадарску ўсе дзьверы насьцеж.


Не заўважаеш яго ты часам,
Клянеш, калі табе дакучае,
У вушы сьвішча, запалкі гасіць,
Сячэ залевай, сьлед замятае.


Але затое ўдалі ад дому
Як ты сумуеш па ім заўсёды,
Як прагна слухаеш гул знаёмы,
Як ловіш вуснамі родны подых!

 


05 Скандынаўская песьня
(словы — Максім Багдановіч, 1915 г.)


Была Інгеборг, як сасонка, страйна,
— Так вецер суворы пяе —
I горкую долю спаткала яна.
— Шкада нам, шкада нам яе.


He слухала маткі, не чула айца,
— Так вецер суворы пяе —
Кахала Аскара, марскога байца,
— Шкада нам, шкада нам яе.


Ў чужую паехаў Аскар старану,
— Так вецер суворы пяе —
Надоўга нявесту пакінуў адну.
— Шкада нам, шкада нам яе.


Шмат дзён праняслося, шмат доўгіх начэй,
— Так вецер суворы пяе —
Шмат слёз пралілося з дзявоцкіх вачэй.
— Шкада нам, шкада нам яе.


I весткі праз рок да Аскара дайшлі:
— Так вецер суворы пяе —
Спіць моцна твая Інгеборг у зямлі.
— Шкада нам, шкада нам яе.


I цяжка Аскару зрабілася жыць,
— Так вецер суворы пяе —
Ён кінуўся ў бой, каб дзяўчыну забыць.
— Шкада нам, шкада нам яе.


I вось напаткаў ён смяротны удар,
— Так вецер суворы пяе —
I умёр праз нявесту адважны Аскар.
— Шкада нам, шкада нам яе.


Таміцца па ім Інгеборг без канца,
— Так вецер суворы пяе —
Няма ўсё Аскара, марскога банца.
— Шкада нам, шкада нам яе.


Над морам навісла скала, як сцяна,
— Так вецер суворы пяе —
Штодня Інгеборг там чакае адна.
— Шкада нам, шкада нам яе.


І бачыць нарэшце: з далёкіх зямель
— Так вецер суворы пяе —
Ўвесь чорны Аскараў плыве карабель...
— Шкада нам, шкада нам яе.


I кінулась, скрыкнуўшы, ў мора яна
— Так вецер суворы пяе —
I ўжо не паднялася з цёмнага дна.
— Шкада нам, шкада нам яе.

 

 

06 "Парушыўшы законы прыцягненьня..."
(словы — Аркадзь Куляшоў)


Парушыўшы законы прыцягненьня
Планетами сярод других планет,
Існуем мы з табой, як выключэньне —
Мая любоў, як сьвет і антысьвет,
Мая любоў, як сьвет і антысьвет.


Ніколі мы адной ня ходзім сьцежкай
Ня дзелім хлеб, і дзелім тлькі сон.
Ты сустракаеш смутак мой усьмешкай,
І сьмуцішься, калі мяне мой боль,
І сьмуцішься, калі мяне мой боль.


І сьмуцішься, калі мяне мой боль...


Адказваешь на мой сардэчны захад,
Нязгодай — самай крыўднаю зь нязгод.
Здаецца, павярніся я на Захад,
Як тут жа ты павернешься на Усход,
Як тут жа ты павернешься на Усход.


Аднак Зямля б мая асірацела,
І ўвесь сусьвет акутала б імгла,
Каб выбухнуўшы рапрам, адляцела
Ты ў невядомасьць з хуткасьцю сьвятла,
Ты ў невядомасьць з хуткасьцю сьвятла.


Ты ў невядомасьць з хуткасьцю сьвятла...


Парушыўшы законы прыцягненьня...
Парушыўшы законы прыцягненьня...
Парушыўшы законы прыцягненьня...

 

 

07 Niemiec
(словы — Францішак Багушэвіч)


Не люблю я места (па-расейску — горад).
— Надта там цяснота і вялікі сморад.
А паноў як маку ды серад гароду,
Апроч таго пропасць рознага народу!
Наш брат як увойдзе, — сам сябе баіцца:
Ці ісці без шапкі, ці гдзе пакланіцца?
Дык надта ж і стыдна, каб не памыліцца:
Пакланіцца немцу ці якому жыду!
Няхай яго сточа — набярэшся стыду;
Няхай лепей з дому я той дзень не выйду.
А пазнаць жа трудна як жыда, як немца,
Як пана якога ці там чужаземца.
А што жыд да немец — дзеці аднэй маткі:
I мова падобна, і адны ухваткі. —
I абодва ласы на чужуго працу,
I, мусіць, абодва ядуць з кроўю мацу!
Абодва абдураць, абдзяруць як ліпку,
Адбяруць і сошку за бітую скрыпку.
Пан наш нябожчык (няхай яму свеця),
Як умёр, ці чварта вёсна то, ці трэця.
Як яго скруцілі, чыста абадралі,
Глядзіць — будзе кепска, што тут рабіць далей?
— Усё пусціў арэндай; найперш пусціў жыда,
У млыне сеў немец, — якаясьць абрыда,
Граўшы па дарогах, прыйшоў з-за граніцы,
Прынёс толькі торбу і ў ёй дзве скрыпіцы.
Двор купіў хтось рускі так як за дурніцу, —
Пан зышоў далёка кудысь за граніцу!
Жыд зараз убіўся у рускага ў ласку:
Штодзень ходзе ў лесе ад самага браску...
От ходзіць ён гэта да ўсё дубы ліча,
Як трэба, і грошы рускаму пазыча.
А як аблічыўся ды дубы абмераў, —
У восені выгнаў з тысячу сякераў, —
Счысціў пушчу чыста, за пасекі ўзяўся,
Як кабан раз’еўся ды як пан зазнаўся,
Гавора па-руску і з рускім гуляе,
Разам ляжа, устане і ўсім упраўляе!
Рускі сабе ездзе, не ў дому ніколі,
Немец усё меле ды ходзе па полі.
Наеўшыся мяса, півам запівае,
У свята ж на скрыпцы, аж пішчыць, іграе.
Здаецца б, нічога? калі хто не ведае,
Але пачакаўшы, дык выйшла камедыя. —
Жыд купіў у месце сабе камяніцу,
Глядзім — і наш рускі кінуўсь за граніцу:
Пакінуў і жонку, адрокся і дзеці;
З’явіўся пан новы (гэта ужо трэці)...
А які б то пан той?.. Ну, ці хто павера?..
Гэты ж самы немец! каб яго халера!
От цяпер згадай ты — хто кім калі стане?
Аб пану ні весці, ні слыху, ні звання,
Жыд панам зрабіўся, немец яшчэ большы
А мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы!
Так і на гародзе: лебяда, крапіва, —
Толькі вырві рэпу, — дык зарастуць жыва,
Так як чорт насее! Ото ж так і людзе:
Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!

 

Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!
Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!
Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!

 

 

08 Машыны
(словы — Ларыса Геніюш)


Машыны грымяць, стракочуць
Альбо паўзуць бясшумна.
Машыны есці ня хочуць,
Машынам ніколі ня сумна.


Ня сыдуцца на параду,
Не абмяркуюць лёсу,
Паслушныя тупа загаду,
Круцяць свае калёсы.

 

Круцяць свае калёсы,
Круцяць свае калёсы...


Раны цяплом мы гоім,
Словам, усмешкай любай.
Там, дзе ў нас сэрца жывое,
Ў машынаў дроты і трубы.


Тупасць глухой пакоры
Ці тарскатня чужая.
Машыне не скажаш аб горы,
Машыны не пакахаеш.


Ні босай, ні ў лес, ні ў рэчку —
Толькі дарогай на шынах.
Без кахання парываў вечных
Машынаў родзяць машыны.


Сэрца б’юцца, лякочуць,
Уздым і апад няўпынны.
Ні волі, ні сонца ня хочуць
Толькі адны машыны.

 

Пракляцце бяздушных машынаў,
Пракляцце бяздушных машынаў...


Калёсы ў пякельным руху,
Дзе мозг — чужыя пружыны,
Ня думаць, а слухаць, слухаць —
Пракляцце бяздушных машынаў.

 


09 "Мала сказаць: ненавіджу"
(словы — Пімен Панчанка)


Мала сказаць: ненавіджу,
Мала сказаць: прызнаю.
Біцца за праўду — і выжыць,
Нібы салдат у баю.

 

З ворагам біцца — і выжыць,
Нібы салдат у баю.


Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць,
З дробнай хлуснёй не мірыцца,
З буйнай хлуснёй ваяваць.


Гэтым бы і кіравацца...
Толькі і зло, і хлусня
Хітра маскіравацца
Вучацца спрытна штодня.


Нехта і подлы, і хіжы
Клятву паўторыць тваю:
З ворагам біцца — і выжыць,
Нібы салдат у баю.

 

З ворагам біцца — і выжыць,
Нібы салдат у баю.

 


10 У турме
(словы — Якуб Колас)


Сонца ўстане, сонца зойдзе,
Дзень заменіць ночкі цьма,
А над намі чорнай хмарай
Вісьне цесная турма.


Турма-ааа-аааааааааа...
Турма-ааа-аааааааааа...


Птушкі вылецяць на зіму,
Птушкі зноў ляцяць сюды,
Мы ж марнуемся ў астрозе,
Трацім лепшыя гады.


Турма-ааа-аааааааааа...
Турма-ааа-аааааааааа...


Дні мінаюць, дні праходзяць,
Летам зьменіцца зіма,
А мы сохнем і марнеем,
Нам тут радасьці няма.


Турма-ааа-аааааааааа...
Турма-ааа-аааааааааа...
Турма-ааа-аааааааааа...
Турма-ааа-аааааааааа...

 


11 Белая яблыня грому
(словы — Рыгор Барадулін, 1977 г.)


Белая яблыня грому
Чорных cадоў ліхалецця.
Яблык яе нікому
Не пажадаю на свеце.
Голая яблыня грому
Жахам жагнала прысмерк.
Пэўна, што д’яблу самому
Помніцца горкі прысмак.
Светлая яблыня грому
З салаўінае ўсяночнай.
Ласкавага яблыка стому
Я надкусіў аднойчы.
Ціхая яблыня грому,
Першага мілага гневу.
Позірку маладому
Праглася бачыць Еву.
Добрая яблыня грому,
Радасцю поўні наўколле!
Хай жа не будзе злому
Голлю твайму ніколі.
Белая яблыня грому,
Клопатам, гаманою
І на апошнюю строму
Светла ўзыдзі са мною.

 


12 Заснаваньне Вільні. 1322 г.
(словы — Ян Чачот)


На гары, дзе замкаў вежы,
Дзе палаў зніч Свінтарога,
Гедымін забіў калісьці
З лука тура немалога.


Вельмі ўсцешаны здабычай
Незвычайнаю такою,
Па бяседзе лёг спачыць ён
На траве па-над Віллёю.


Зоркі свецяць, ветрык вее.
Бачыць князь у сне шчаслівым:
Перад ім стаў воўк жалезны,
Бляск на латах — пералівам.


А завыў — заклала вушы:
Бы ваўкоў была тут зграя.
— Што ж ён значыць, сон мой дзіўны? —
Князь, прачнуўшыся, пытае.


Тут Крывэ-Крывэйт Ліздзейка
Гэтак мудры сон тлумачыць:
— Князь вялікі Гедыміне,
Воўк той — замак новы значыць.


Гэта ж будзе тут во замак,
Горад велічны тут будзе.
Галасы ж ваўкоў — то слава
Пра яго, што пойдзе ў людзі.


Князь паслухаў гэту раду
І, абдумаўшы, без спрэчкі
Горад тут заклаў, што Вільняй
Ён назваў ад Вільні-рэчкі.

 

© Jurkau kutoczak - Юркаў куточак - Yury's Corner



Обновлен 07 ноя 2011. Создан 25 апр 2011



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter