Пасьля Плошчы 2010. Вялікі судовы канвэер 03

Суды над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Саньнікавым, Севярынцам, Палажанкай, Халіп ды іншымі



16 траўня 2011 г.

 

Прысуд Севярынцу, Марцэлеву, Халіп

 

Ірына Халіп прыгаворана да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на два гады, Павал Севярынец — да трох гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу, Сяргей Марцалеў — да двух гадоў пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады.

 

Такое рашэньне 16 траўня вынесла Жана Брысіна, судзьдзя Завадзкога раёну Менску.

 

Севярынца, Халіп і Марцэлева вінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу).

 

10:15 Зараз сакратаром суду будуць выкананыя неабходныя працэсуальныя дзеяньні. Пасьля гэтага Хаіп, Севярынца і Марцэлева вызваляць. Усе чакаюць гэтага моманту.

 

10:18 Пад аплядысмэнты іх вызвалілі.

 

10:20 Халіп заявіла журналістам, што яны з сынам Данікам былі закладнікамі ў той час, калі катавалі яе мужа. “А цяпер майго мужа ўзялі ў закладнікі, каб пасьля абмяняць на нейкага Луіса Карвалана”.

 

10:30 Халіп: У свой час Вацлаў Гавал атрымаў 4 гады і стаў прэзыдэнтам. Такім чынам, у Андрэя Саньнікава выбарчая кампанія працягваецца. Я ўпэўненая, што ён ня будзе сядзець 5 гадоў.

 

Севярынец ня лічыць гэты прыгавор справядлівым. Кажа, што будзе змагацца, каб вызваліць іншых палітвязьняў. Прызнаўся, што самым цяжкім было маральнае катаваньне, калі да яго не дапускалі стьвятара.

 

Марцэлеў: Я не адмаўляюся, што прызнаў свае дзеяньні. Было б не разумна адмаўляць тое, што я рабіў. Але я не бачу ў іх складу злачынства.

Марцэлеў таксама ня лічыць прысуд справядлівым.

 

***

Ірына Халіп адразу пасьля вызваленьня падзялілася з журналістамі сваімі найбліжэйшымі плянамі. Першыя справы, якія яна зьбіраецца зрабіць — напісаць ліст мужу, зьмяніць ключы і "вычысьціць кватэру ад кадэбэшнага духу".

 

 

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай
(Восьмы дзень)

 

16 траўня Фрунзенскі суд Менску працягвае разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды актывісткі Насты Палажанкі.

 

10:09 Судовае паседжаньне пачалося з прагляду відэаматэрыялаў. Праглядаюць ролік сустрэчы з выбарцамі ў Барысаве. Давераная асоба Віктар Гарбачоў прадстаўляе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

 

10:20 У залі прадстаўнікі АБСЭ, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі спадар Вайль, літаратары Ўладзімер Алоў, Язэп Янушкевіч, мастак Аляксей Марачкін.

 

10:50 Фрагмэнт з відэа. Някляеў узгадвае папярэджаньне генпракуратуры пра крымінальную адказнасьць за выхад на плошчу. Адказвае на пытаньне пра мову. Кажа пра недапушчальнасьць прымушаць людзей гаварыць на любой мове, але акцэнтуе ўвагу, што кожны беларус павінен ганарыцца сваёй мовай і гаварыць на ёй.

 

11:00 Някляеў глядзіць відэа стоячы. У залі прыкладна тры дзесяткі студэнтаў альбо БРСМаўцаў. Хтосьці сьпіць, але бальшыня слухае на відэа альтэрнатыўнага экс-кандыдата ў прэзыдэнты.

 

11:10 На відэа. Някляеў кажа, што яго прэзыдэнцкая кампанія пасьля выбараў адразу ж ператвараецца ў парлямэнцкую кампанію, бо не за гарамі парлямэнцкія выбары — у 2012 годзе.

 

11:22 Наста Палажанка папрасіла зрабіць перапынак на 5 хвілін.

 

11:35 Судзьдзя папрасіла абвінавачанага Дзьмітрыева зачыніць ноўтбук і пакласьці яго за сьпіну абвінавачанага Някляева.

 

11:40 Працягваецца прагляд таго ж самага роліка — сустрэчы Някляева з выбарцамі ў Барысаве.

 

Скончылі праглядаць першы ролік. Чамусьці запусьцілі відэаролік з выступам Міколы Статкевіча. Праз хвіліну спынілі. Доўга шукаюць патрэбныя файлы.

 

11:51 Паказваюць выступ Някляева па Беларускаму тэлебачаньню.

 

12:07 Някляеў чытае на відэа свой верш. Прысутныя ў залі суду паспрабавалі апладыраваць, але судзьдзя спыніла апладысмэнты: "Цішыня ў залі!".

 

Судзьдзя пытаецца ў пракурора і абароны, а таксама абвінавачаных, на праглядзе якіх ролікаў яны настойваюць.

 

Паказваюць чарговы выступ Някляева на сустрэчы з выбарцамі, дзе ён адбыўся, не сказалі.

 

12:22 Пракурор лічыць, што мэтазгодна паглядзець відэаролікі з плошчы. Адвакаты пярэчаць.

 

На чарговым відэароліку — сустрэча Вазьняка і яшчэ аднаго чалавека з выбарцамі. Вазьняк кажа пра плошчу.

 

12:35 Доўга шукаюць чарговыя відэафайлы. Узьніклі тэхнічныя праблемы. Судзьдзя аб’явіла перапынак да 14 гадзін.

 

14:09 Працэс аднавіўся. Зноў тэхнічныя праблемы, відэаролік ідзе бяз гуку. Уладзімер Някляеў абурыўся.

 

Зноў праглядаюць відэаролік пра сустрэчу з выбарцамі сяброў выбарчага штаба Някляева — Сяргея Вазьняка і Віктара Гарбачова.

 

Гук наладзілі, але даволі ціхі.

 

14:31 Сяргей Вазьняк тлумачыць на відэа, што акцыя на плошчы будзе выключна мірнай. Прыцягнуць людзей да крымінальнай адказнасьці за тое, што яны прыйшлі на плошчу да навагодняй ёлкі, немагчыма.

 

14:36 Прагляд чарговага відэароліка пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня. Прамаўляе Саньнікаў, за ім — Дзьмітрыеў. Кадры з лягатыпам "Нашай Нівы": Рымашэўскі заклікае ісьці на Кастрычніцкую плошчу.

 

Кадры "Нашай Нівы" з вуліцы Калектарнай. Гучна чутны выбухі шумавых гранат. Буйным плянам — зьбіты Някляеў, яму спрабуюць аказаць першую дапамогу. Нясуць на руках. Някляева паклалі на канапу ў офісе. Хлопец з разьбітай галавой. Кроў на галаве, хлопцу галаву забінтавалі. Прыехала хуткая дапамога. Мэдыкі аказваюць дапамогу, пасылаюць за насілкамі ў машыну.

 

Някляеў буйным плянам, добра бачныя сур’ёзныя пашкоджаньні, кроў, гематомы. Някляева пагрузілі ў хуткую дапамогу і павезьлі.

 

14:43 Новы відэаролік — кадры з Прывакзальнай плошчы бяз гуку. Потым глядзяць відэаролік, дзе Саньнікаў кажа: "Рухаемся да Дому ўраду!" Саньнікаў скандуе "Сыходзь!", народ падхоплівае. Рымашэўскі зь мікрафонам: "Трэба патрабаваць свабодных дэмакратычных выбараў без Лука-кі". Наста Палажанка пытаецца ў людзей: "Ці хочаце вы перамен?".

 

14:50 Новае відэа: калёна рушыць па праспэкту. Скажэньні гуку. Зноў гук мяняецца, а на экране стоп-кадр.

 

14:56 Перапынак на 5-7 хвілін з-за тэхнічных праблем.

 

Адвакат Тамара Сідарэнка падтрымлівае заўвагу Някляева: на відэа паказваюць Палажанку, а гучаць мужчынскія галасы. Другая карцінка таксама не мянялася, а галасы гучалі невядома адкуль. Доказамі гэтыя кадры ня могуць зьяўляцца.

 

Вазьняк просіць унесьці заўвагу: людзі ў чорным былі без апазнавальных знакаў, подпісаў на сьпінах не было.

 

Някляеў кажа, што паказаньні супрацоўнікаў ДАІ наконт разьбітай машыны былі ілжывыя.

 

15:37 Перапынак у судзе скончыўся. Адвакат просіць дапытаць у якасьці сьведкі Паўла Севярынца. Судзьдзя кажа, што сёньня ідзе прагляд відэаматэрыялаў, таму няхай Севярынец чакае.

 

Зноў вяртаюцца да прагляду відэаматэрыялаў. На відэакадрах зноў падзеі на плошчы, Лябедзька з гукаўзмацняльнікам скандуе: "Жыве Беларусь!" Рымашэўскі ідзе ў калёне. Ганак Дома ўраду. У кадры — Статкевіч, Саньнікаў, Сіўчык, Севярынец, Радзіна. Севярынец скандуе: "Жыве Беларусь!" і народ падхоплівае.

 

Рымашэўскі кажа пра незаконна затрыманых. Узгадвае прозьвішча Някляева. Гукаўзмацняльнік у Статкевіча. Статкевіч патрабуе выбараў бяз Лука-кі.

 

Спадар Міхнавец кажа, што "мы чакаем вынікаў галасаваньня".

 

Саньнікаў кажа: "Час мяняць лысую гуму", народ падхоплівае.

 

Кадры з Кастрычніцкай плошчы. Музыка грыміць, заглушаючы воклічы "Жыве Беларусь!".

 

Перамовы Статкевіча, Вуса, Рымашэўскага з начальнікам ДАІ. Да іх далучаецца Халіп.

 

16:01 Някляеў робіць заўвагу: відавочна, што кандыдаты былі пазбаўленыя магчымасьці арганізаваць плошчу і людзей. Не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Судзьдзя прапануе глядзець новы відэазапіс выступу Рымашэўскага ў эфіры першага тэлеканалу.

 

16:05 Рымашэўскі просіць далучыць да справы відэазапіс з плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня, зроблены журналістамі. Пракурор супраць, судзьдзя вырашае не далучаць прапанаваны відэадыск да справы.

 

16:07 Зноў праблемы з дэманстрацыяй відэазапісаў, апэратар робіць перазагрузку кампутараў. Судзьдзя аб’явіла перапынак на 10 хвілінаў.

 

16:57 Перапынак скончыўся. Дэманструюць выступ кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага па Беларускаму тэлебачаньню.

 

17:24 Зноў прапаў гук. Паказваюць фрагмэнт дэбатаў, але судзьдзя просіць працягнуць заўтра прагляд відэаматэрыялаў з-за тэхнічных праблем. Адвакаты нагадваюць пра хадайніцтва запрасіць у якасьці сьведкі Паўла Севярынца, кіраўніка перадаыбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Рымашэўскага. Пракурор пярэчыць, адвакаты настойваюць. судзьдзя вырашае заслухаць сьведчаньні Паўла Севярынца.

 

17:28 Севярынец у залі суду. Ён тлумачыць, што быў даверанай асобай і кіраўніком штаба Рымашэўскага. Кажа, што акцыя ад самага пачатку плянавалася як мірная. Заклікалі толькі на Кастрычніцкую плошчу, ісьці на плошчу Незалежнасьці не плянавалі. Людзей на Кастрычніцкую прыходзіла ўсё больш і больш, і на праезную частку перасунуліся таму, што людзі стаялі вельмі шчыльна і не зьмяшчаліся на свабоднай частцы плошчы. Абавязак супрацоўнікаў міліцыі і ДАІ — перш за ўсё захаваць бясьпеку. Калі столькі людзей сабралася, яны павінны былі перакрыць рух, як падчас масавых гуляньняў. Можна казаць, што гарадзкая ўлада нясе адказнасьць за той беспарадак, што быў 19 сьнежня. Ніводзін з кандыдатаў, ніхто з прысутных не дазваляў ніякіх заклікаў да беспарадкаў, яны зьвярталі ўвагу ўвесь час, што акцыя павінна быць мірнай. Наадварот, заклікалі не дапусьціць правакацыяў.

 

Вельмі перашкаджала музыка з дынамікаў. 19 сьнежня заклікаў міліцыі разысьціся ён ня чуў, магчыма, іх заглушала музыка. На жаль, міліцыя адсутнічала на плошчы, гукаўзмацняльнай апаратуры не было.

 

Судзьдзя пытаецца, ці ведаў Севярынец, што акцыя не санкцыянаваная, бо на плошчах акцыі ў Беларусі ніколі не дазваляюць. Але міліцыя пры вялікай колькасьці людзей заўсёды павінна несьці адказнасьць за бясьпеку людзей.

 

З Настай Палажанкай Севярынец знаёмы даўно, з года 1994-га. 19 сьнежня яны сустракаліся. Ішлі разам ад вакзалу. Асноўная тэма размовы — свабода выключае гвалт, акцыя павінна быць мірнай і негвалтоўнай. Наста вельмі мяккі, выхаваны чалавек.

 

На Кастрычніцкую разам з Настай Севярынец ішоў па ходніках вуліц Кірава, Сьвярдлова, праспэкту. На Кастрычніцкай яны згубіліся.

 

Адказнасьць за падзеі 19 сьнежня павінна несьці дзяржава, службовыя асобы. Абгрунтоўвае, чаму.

 

Фядута запытаўся, ці бачыў ён апэратыўныя відэаздымкі. Севярынец тлумачыць, што такое "людзі ў цывільным", якіх там было шмат.

 

Някляеў кажа, што вельмі рады бачыць Паўла ў якасьці сьведкі на волі.

 

17:55 Допыт Севярынца скончаны. Абарона Някляева хадайнічае аб далучэньні да матэрыялаў справы звароту расейскіх актораў, у ліку якіх Канстанцін Райкін, Канстанцін Хабенскі. Ёсьць і зварот расейскіх літаратараў — Андрэй Бітаў, Сіманаў, Юна Морыц. Даслаў ліст і Яўген Еўтушэнка з ЗША, 22 беларускія дзеячы культуры, літаратуры і навукі. Яны патрабуюць спыненьня крымінальнай справы. Таксама адвакат Букштынаў просіць далучыць даведку аб стане здароўя Някляева. Яны патрабуюць спыненьня крымінальнай справы. Таксама адвакат Букштынаў просіць далучыць даведку аб стане здароўя Някляева. Пракурор супраць. Ліст Еўтушэнкі судзьдзя адхіліла далучаць да справы. Абарона агалошвае дакумэнты.

 

18:09 У судзе абвешчаны перапынак да 10 раніцы 17 траўня.

 

 

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым
(Пяты дзень)

 

16 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску праходзіць разгляд крымінальнай справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

 

10:00 Пачалі запускаць людзей у залю.

 

Судзьдзя Людміла Грачова. Абвінаваўца Чумукавец.

 

10:11 Заля запоўнена больш чым на палову. Сваякі, некалькі журналістаў, прадстаўнікі амбасады Нямеччыны, назіральнікі і АБСЭ, праваабаронцы. Абвінавачаныя ў дадзены момант кантактуюць з адвакатамі.

 

10:16 У суд явіўся сьведка Васіленя. Вус хадайнічае: у матэрыялах няма характарыстыкі, дыплёмаў, грамат, якія мяне характарызуюць як асобу. Прашу далучыць да справы. Адвакат пералічае гэтыя дакумэнты. Характарыстыка з АДО "Ірыліўм" — вельмі станоўчая, у тым ліку там паведамляецца пра дабрачынную дзейнасьць Дзьмітрыя Вуса. Таксама характарыстыка з Менгарсавету — зноў вельмі станоўчая.

 

Таксама просяць далучыць да справы копіі пасьведчаньня дэпутата, ганаровай граматы, лісты ўдзячнасьці са школы за дабрачынную дзейнасьць, копію пасьведчаньня непаўнагадовых сыноў, якія знаходзіцца на ўтрыманьні, копію інваліднасьці 2-ой групы маці Вуса. Ніхто не пярэчыць, суд вырашыў далучыць матэрыялы.

 

10:25 Аляксандр Класкоўскі просіць зрабіць заяву паводле відэаздымкаў, якія былі паказаныя 14 траўня на судзе адносна яго. Класкоўскі кажа, што відэа сфальшавалі, здымалі часткова схаванай камэрай, яму растлумачылі правы толькі на першым кавалку, а што зьнята астатняе, тым не было папярэджана. Просіць выклікаць падпалкоўніка Меньшыкава, каб той патлумачыў, якія чынам зьявіўся гэты відэазапіс. Класкоўскі кажа, што ён на 80% сфальшаваны.

 

Абвінавачаныя і адвакаты падтрымалі хадайніцтва, пракурор супраць. Судзьдзя адмаўляе.

 

10:27 Пачынаецца допыт сьведкі Юрыя Васілені. Працуе ў Бабруйску ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот.

 

Пракурор: у мітынгу 19 сьнежня вы бралі ўдзел?

 

Сьведка: Не, не хапала мне яшчэ на гэта губляць час.

 

Адвакаты: Вы ў сувязі з чым туды пайшлі на сустрэчу?

 

Сьведка: Проста паслухаць.

 

Адвакаты: А дзе тады вы працавалі? Нідзе тады не працаваў, уладкоўваўся на працу.

 

Адвакат: Вы сказалі, што заля падзялілася на тых, хто за і супраць. А як прыблізна падзялілася заля?

 

Сьведка: Сказаць пэўна не магу, былі выступоўцы і "за" і "супраць" кандыдатаў. Магчыма 30 на 70.

 

Судзьдзя ўдакладняе: Калі гэта было?

 

Статкевіч падказвае: 18 сьнежня 2010 года быў сход у Палацы моладзі. Допыт сьведкі закончыўся.

10:40 Чатыры сьведкі не зьявіліся.

 

Судзьдзя пытаецца, што рабіць?

 

Пракурор прапануе зачытаць іх паказаньні. Абвінавачаныя не супраць. Судзьдзя кажа, што паколькі сьведкі жывуць у Магілёве, то вырашыла агалосіць іх паказаньні. Такое ж рашэньне адносна паказаньня пацярпелага міліцыянта Макарчука з Гарадзенскай міліцыі, які "знаходзіцца ў доўгай службовай камандзіроўцы".

 

10:50 Пракурор зачытвае паказаньні Макарчука. Ён удзельнічаў у "недапушчэньні мітынгуючых да Дому ўраду 19 сьнежня". Паказаў, што ў міліцыянтаў кідалі сьнежкі. Таксама, што бачыў мужчыну ў міліцэйскай куртцы, які яго абражаў. "Аднак па маёй амуніцыі ён не біў". Пазьней з мэдыяў Макарчук даведаўся, што гэта Класкоўскі.

 

З пратаколу допыту: "Што дакладна ён вам казаў? Што вылічыць мяне, знойдзе і гэтак далей. Таксама ён зьневажаў маіх калегаў, што былі побач".

 

Пратакол допыту сьведкі Сёмачкіна, намесьніка дырэктара школы па ідэалёгіі. Быў на сходзе з удзелам Статкевіча і Вуса. Паказаў, што гучалі ад Статкевіча заклікі выйсьці на Плошчу, бо будзе фальшаваньне выбараў. "Толькі гэтак можна націснуць на ўладу, праз гэта прайшлі ўсе краіны", — казаў Статкевіча. Сьведка паказаў, што пытаньні да кандыдата пры гэтым заставаліся без адказу. У яго, Сёмачкіна, прыйсьці на мітынг жаданьня не было.

 

11:55 Сьведка Марыя Карпекіна, працуе ў СШ № 23 Магілёва, сакратар. Ад выступу Статкевіча было ўражаньне, што акцэнт рабіўся не на праграму, а на заклік да Плошчы.

 

— Не турбуйцеся, я чалавек вайсковы і ведаю, як абыходзіцца зь вялікі масамі людзей, — казаў Статкевіч паводле Карпекінай.

 

— Я успрыняла гэта негатыўна, — заявіла на допыце сьведка.

 

Сьведка Натальля Бакуль, настаўніца інфарматыкі ў СШ № 23:

 

— З выступу Статкевіча зрабілася ўражаньне, што акцэнт рабіўся на тым, што будзе фальшаваньне на выбарах і каб прыходзілі на Плошчу... "Я чалавек вайсковы і абучаны"... "Мы ведаем пра наш пройгрыш на выбарах і заклікаем націснуць на ўладу". — казаў Статкевіч. Я ўспрыняла гэта нэгатыўна. Да таго ж пытаньні, якія я задавала, засталіся без адказу. Я ня мела намеру далучыцца да заклікаў Статкевіча.

 

Паводле сьведкі, Статкевіч казаў пра "каляровую рэвалюцыю" з Беларусі.

 

Сьведка Тацяна Сінкачна, тэхнічны супрацоўнік СШ № 23 Магілеву.

 

— Складалася ўражаньне, што Статкевіч робіць акцэнт не на праграме, а на закліках на Плошчу. Сэнс ягоных заклікаў: я нічога не баюся, я чалавек вайсковы дасьведчаны, абувучаны. Мы загадзя ведаем пра наш пройгрыш, але хочам пра сябе заявіць. Пытаньні Статкевічу ён пакінуў без адказу. Я ведала пра заведама незаконныя заклілі Статкевіча і ня мела намеру далучацца.

 

11:00 Адвакат Станкевіч заўважае: усе паказаньні напісаны па шаблоне. Перапынак 15 хвілін.

 

11:20 Працэс аднавіўся. Яшчэ два сьведкі з Бабруйску не зьявіліся. Зачытаныя іх заявы, каб агучылі іх паказаньні ў судзе.

 

Пратакол допыту сьведкі Ларысы Пашкевіч, якая была 18 сьнежня на сустрэчы з Статкевічам і Вусам: Было на сустрэчы каля 30 чалавек, большасьць прыйшлі разам з кандыдатамі. Пра праграму Статкевіч фактычна нічога не сказаў, крытыкаваў Лука-ку за няўдзел у дэбатах. Адкрыта заклікаў выйсьці на Плошчу. Гэта было шмат разоў. Раней я была на сустрэчы з Някляевым, там было каля 50 чалавек. Някляеў часткова казаў пра праграму.

 

Сьведка Тамара Кунцевіч, кіраўнік Бабруйскага таварыства вэтэранаў: Выступ Статкевіча пабудаваны на крытыцы Лука-кі, таксама што ў выбарчых камісіях няма прадстаўнікоў іншых кандыдатаў. Адкрыта заклікаў некалькі разоў прыйсьці на Плошчу, каб націснуць на ўладу. Ад Вуса заклікаў на Плошчу не было. Таксама я прысутнічала на сустрэчы зь Някляевым, там было каля 100 чалавек. Нэгатыўных выказваньняў на адрас Лука-кі я не пачула. Быў мяккі заклік прыйсьці на Плошчу.

 

11:26 Зноў праглядаюць відэа з падзеямі на плошчы 19 сьнежня. Прысутным у залі нічога ня бачна.

 

11:45 Прагляд відэа скончыўся. Адвакат Пазьняка называе час і кажа, што тут бачна, што Пазьняк стаіць, нічога не робіць і атрымлівае ўдар дубінкай.

 

Далей ідуць кадры сутычак зь міліцыяй, але Пазьняка там няма.

 

Адвакат: Вы пазналі сябе, калі атрымалі дубінкай?

 

Пазьняк: Так, гэта я. Проста стаяў і тут удар.

 

Адвакат: А што гэтаму папярэднічала?

 

Пазьняк: Я проста стаяў.

 

Адвакат: На 34-ай хвіліне запісу ёсьць фрагмэнт, дзе паказана сутычка мітынгоўцаў з міліцыяй. Вы там сябе бачыце?

 

Пазьняк: Не.

 

Адвакат: На 35-й хвіліне фрагмэнт, як вас падымаюць і вы кажаце, што вы пацярпелы. Чаму вы паваліліся?

 

Пазьняк: Я не памятаю дакладна, што адбылося.

 

11:51 Пачалі вывучаць пяты том справы. Пратакол затрыманьня абвінавачанага Статкевіча ад 19 сьнежня.

 

Характарыстыкі асобы: "На ўліку нідзе не стаіць…" Да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягваўся за парушэньні правілаў руху. ст 56. Характарыстыка са сьледчага ізалятару:

 

— Парадак не парушаў, на заўвагі рэагуе правільна. Упарты, фізычна здаровы.

 

Афіцыйнае папярэджаньне Статкевічу ад пракуратуры Беларусі за выступ па "БТ" з заклікам прыйсьці на Плошчу, што такі заклік супярэчыць закону, пра магчымае прыцягненьне да адказнасьці.

 

Зачытанае яшчэ адно папярэджаньне Статкевічу.

 

12:00 У справе нават фігуруе папера пра тое, што Вус не заплаціў сваечасова дзяржпошліну, як сябра Таварыства рыбаловаў і паляўнічых. Прызнае, сказаў, што было спазненьне, але аплаціў.

 

12:06 Перайшлі да 6-га тому справы.

 

Даведка з Менгарвыканкаму пра тое, што ім не падавалі заявак на правядзеньне масавых акцый 19 сьнежня і яны дазволаў не давалі.

 

Пастанова пра ператрус у Статкевіча.

 

Судзьдзя пытаецца у бакоў, што яшчэ трэба агалосіць?

 

На просьбе пракурора зачытвае пратакол ператрусу ў АДА "Трыліўм".

 

Адвакаты нічога зачытаць ня просяць.

 

12:19 Адвакат Тацяна Станкевіч просіць Статкевіча патлумачыць, за што яго звольнілі з вайсковай вучэльні.

 

Той згадвае, што ўжо падрыхтаваў доктарскую, і тут выступіў з заявай, што беларусаў нельга пасылаць у гарачыя кропкі, яны ўжо наваяваліся досыць. "Мяне за тры дні звольнілі".

 

Потым Вярхоўны Савет падпісаў Дамову "Аб калектыўнай бясьпецы", але без гэтага пункту пра тое, што беларускія вайскоўцы могуць туды езьдзіць. "Я ганаруся, што дамогся".

 

Адвакат: А што вы скажыце пра вашыя заявы пра ціск на ўлады?

 

Статкевіч: Я лічу, што мірная акцыя таксама ціск. Штурмы — гэта захоп улады. А я заклікаў да мірнага ціску. Як на Майдане ў Кіеве людзі пратэставалі, ціснулі на ўладу і дамагліся перавыбараў. Гэта цалкам законныя дзеяньні.

 

12:23 Пачынаецца прагляд чарговага відэа. Адзін з выступаў Статкевіча і Вуса перад выбарцамі.

"Мы проста распавядаем, як адбываюцца ў нас выбары. Вы можаце любіць ці не любіць сваіх начальнікаў, але калі немагчыма іх мяняць, то усё будзе працягвацца як зараз. Дробныя начальнікі будуць красьці і рабіць добрыя справаздачы, а гэты ім дазваляе.

 

Нічога не дзейнічае ў гэтай сыстэме. Як мы можам гэта спыніць? Выйсьці на Плошчу і паказаць, што мы супраць. Вось наша прапанова, наш погляд на сытуацыю".

 

З выступу Вуса: Лука-ка не адказвае на лісты. Таму я тут і стаю, бо ведаю гэтую сыстэму знутры. Ёсьць намесьнікі па ідэалёгіі, якія адказваюць за тое, каб забясьпечыць вылучэньне ў выбарчыя камісіі. Мне мой супрцоўнік Калганаў, які быў такім чыноўнікам, распавядаў, як гэта робіцца. Іх выклікаюць і задаюць параметры. Ужо перадаюць запіскі, што прыйшла разнарадка на 77% для Лука-кі. Усе паднявольныя.

 

13:07 У судзе абвешчаны перапынак да 14:00.

 

14:07-15:10 Паседжаньне аднавілася. Працягваюць глядзець відэа. Статкевіч адказвае на пытаньні выбарцаў.

 

Пытаньне: Як з дапамогай Плошчы можна зьмяніць уладу? Чаго можна дамагчыся?

 

Статкевіч: Уяўляеце, калі выйдзе шмат людзей. Людзі ж думаюць, што іх мала, а тут пабачаць, што іх шмат. Магчыма, ўлада падумае, што трэба даць справядлівыя выбары. Ва ўсіх эўрапейскіх краінах гэтак было. Спачатку выходзіла няшмат — моладзь, потым дарослыя выйшлі і пайшло. Кожная краіна праз гэта прайшла: людзям давялося падняцца і забраць уладу. І мы атрымалі ўладу, але з Масквы. І таму гэта не цэнім. А зараз грамадзтва прыходзіць да разуменьня, што трэба ўладу адстаяць. Так і будзе. Гэты крычыць, лаяцца, але іншага не дадзена. Я б таксама хацеў проста, без праблемаў, каб было, але няма іншага выйсьця.

 

Голас мужчыны сталага веку. Мне 76 год. Я чытаю ўсе праграмы. Скажыце, вы самі пісалі сваю праграму ці хто?

 

Статкевіч: Я сваю сам напісаў. Мне дапамог жыцьцёвы досьвед, у тым ліку з "хіміі".

Пытаньне: За што вы маглі б сказаць дзякуй Лука-ку?

 

Статкевіч: За відавочнае — што краіна Беларусь ёсьць. Але ён мусіў гэта зрабіць. Паабяцалі крамлёўскі прастол і ён пабег і ўсю краіну туды гнаў. Але зьмяніўся — зараз самы патрыёт.

 

Пытаньне: Дзе браць грошы для рэформы?

 

Статкевіч: Першае, гэта дзелавы і інвэстыцыйны клімат, калі па-закону ўсе вырашаецца, а не праз аднаго чалавека. Інвэстыцыі да нас не ідуць, бо закону няма, судоў няма. Чыноўнікаў у нас у 3 разы болей, чым нават у Савецкім Саюзе. І яшчэ: у нас 9 спэцслужбаў. Навошта на 9 мільёнаў насельніцтва? 170 тысяч толькі ў сыстэме МУС.

 

15:17 Працягваюць праглядаць відэа з сустрэчы Статкевіча і Вуса з выбарцамі. Удзельнікі сустрэчы задаюць пытаньні Дзьмітрыю Вусу.

 

16:18 Скончыўся прагляд чарговага відэафрагмэнта.

 

Судзьдзя кажа пра выступы Стакевіча па "БТ": "19 сьнежня прыходзьце. А ты вярні нам тое, што скраў — выбары". Зьбіраюцца праглядаць відэафрагмэнт выступу Статкевіча.

 

16:15 Пытаньне на відэа: Ці магчымы ахвяры на плошчы 19 сьнежня? Гэта пытаньне вам як афіцэру… Каму будуць выгадны 10-20 трупаў, якія будуць на Кастрычніцкай ці Прывакзальнай плошчы пасьля таго, як некаторыя асобы выстраляць па натоўпу з аўтамата?

 

Статкевіч: Адкуль у вас такая інфармацыя? Прашу зьвярніцеся ў праваахоўныя органы, што такое рыхтуецца. Мужчына сказаў пра правакацыю, я прапаную супрацоўнікам КДБ, якія тут здымаюць пагаварыць з ім. Ёсьць тут з КДБ? Пагаварыце зь ім. Не трэба нас пужаць. Калі нас пужаюць, гэта значыць, нас баяцца.

 

16:30 Ідзе прагляд тэледэбатаў паміж кандыдатам на прэзыдэнта, якія былі на "БТ".

 

16:32 Перапынак на 10 хвілінаў.

 

16:48 Перапынак закончыўся, зноў праглядаюць відэа.

 

Прагучаў голас Статкевіча: "Дарагія суайчыньнікі. У нас праблема — камень на дарозе. 19 сьнежня — дзень вялікай уборкі. Прыходзьце на Плошчу. Я гатовы ўзяць адказнасьць".

Адвакат Станкевіч просіць паказаць ня толькі гэты кавалачак, а ўвесь фрагмэнт выступу на дэбатах.

 

Судзьдзя: Скажыце дзе пэўна.

 

Адвакат: Я ня ведаю, бо мне не паказвалі для прагляду відэа са справы. Трэба праглядаць увесь выступ Статкевіча, а не толькі кавалак.

 

Судзьдзя пагадзілася. Праглядаюць.

 

Статкевіч у выніку сказаў судзьдзе, што увесь кавалак з дэбатаў, дзе ён быў, паказалі. Зараз шукаюць, дзе казаў Вус.

 

17:02-17:55 Зноў глядзяць відэа.

 

Судзьдзя зачытвае словы Статкевіча, дзе ён заклікае на плошу. Статкевіч тлумачыць, што гэта цытата з выступу на "БТ", што выступаў было 2 па 30 хвілінаў кожны.

 

Судзьдзя кажа, што будзем глядзець толькі фрагмэнты, бо абвінавачаньне выстаўленае не паводле усіх выступаў, а толькі часткі.

 

Працягваюць шукаць канкрэтны кавалак відэа. Пракурор кажа, што тэхнічна немагчыма выбраць кавалак.

 

Статкевіч ня супраць, каб не праглядаць.

 

Адвакат: Удакладніце, што вы мелі на ўвазе, калі сказалі, "вярні тое, што скараў, а то мы прыйдем і забярэм".

 

Статкевіч тлумачыць: Я меў на ўвазе, што беларускі народ забярэ тое, што яму належыць. Праз выбары, магчыма. Спадзяюся, ўлада сама зразумее, што трэба вяртаць. Прыйшло 10 тысяч — не зразумела, прыйдзе 170 тысяч — зразумеюць, што трэба вяртаць. Нікуды ня дзенуцца.

 

Судзьдя зачытвае словы Статкевіча падчас другога выступу па "БТ".

 

Статкевіч пацьвярджае гэтыя словы.

Вус таксама пацьвярджае.

 

Адвакаты ня супраць ня слухаць увесь 30-хвілінны дыск, а толькі пэўныя фрагмэнты. Судзьдзя кажа, што паспрабуюць менавіта гэтак.

 

Знайшлі кавалак выступу Статкевіча перад выбарцамі ў Магілёве: "Падчас змаганьня ў камуністычнай Польшчы адзін публіцыст напісаў, што законымі сродкамі змагацца з недэмакратычным рэжыма немагчыма, бо законы пішуцца адмыслова супраць гэтага".

 

Статкевіч на відэа: "Гэтая ўлада разумее толькі калі на яе націснуць. Мы будзем патрабаваць свайго. Мы маем права на публічны пратэст і на вольныя выбары. Таму — вярні, што скраў. Я там буду і будзем дамагацца, каб зрабілі свабодныя выбары".

 

Адвакат: Патлумачце адносна цытаты пра Польшчу.

 

Стакевіч: Я неаднойчы гэта цытаваў, калі казалі, што Плошча недазволена. Я казаў, што ўжо даўно акцыі у цэнтры Менску ды іншых гарадоў не дазваляюцца. Я меў на ўвазе, што і гэтая акцыя ня будзе дазволеная.

 

Судзьдзя чытае цытаты Статкевіча з інтэрвію "Радыё Свабода", што акцыя будзе мірная. Чытае па-беларуску.

 

Гучыць голас Статкевіча з плошчы (інтэрвію для "Свабоды"): "Тыя, хто прыйшоў сюды, яны дапамагаюць іншым перамагчы страх…"

 

Гучыць голас Статкевіча зь відэа "Свабоды": "У рэжыму няма грошай для дыктатуры. Калі мы проста разыдземся, яны захаваюць уладу. Давайце дамовімся: калі мы ня хочам яшчэ 5 гадоў дыктатуры, трэба пратэставаць. І яшчэ, чым болей людзей прыйдзе на Плошчу, тым меней сабе напіша Лука-ка. Зьбярэмся, паглядзім і будзем вырашаць".


18:23 Пачынаюць праглядаць новае відэа з пл.Незалежнасьці. Відеарепартаж tut.by. Дыктар размаўляе з карэспандэнтам.

 

Наступны фрагмэнт: галасы Саньнікава і Халіп. Саньнікаў: Клічце афіцэраў для перамоваў!

 

18:38 Пасьля 10-хвіліннага перапынку працэс аднавіўся. Чытаюць расшыфроўку запісаў перамоваў Статкевіча.

 

19:00 Чытаюць праткаолы допытаў.

 

19:10 Зачытваюць праслушку. Саткевіч ня супраць.

 

19:40 Адвакат Вуса хаданічала, каб суд зьвярнуўся да апэратара сотавай сувязі. Трэба высьветліць, адкуль Вус званіў Статкевічу. Абвінвачваньне кажа, што з плошчы, Вус цьвердзіць, што з хаты. Хадайніцтва падтрымалі ўсе, акрамя пракурора. Судзьдзя адхіліла просьбу.

 

Адвакат Стакевіча хадайнічала, каб у суд выклікалі Лябедзьку, каб ён распавёў, што адбывалася на плошчы. Хадайніцтва падтрымалі ўсе, акрамя пракурора. Судзьдзя просьбу адхіліла. Праўда, судзьдзя паабяцала вярнуцца да гэтага хадайніцтва пазьней.

 

19:45 Аб’яўлены перапынак да 10:00 17 траўня.

 

 

Я лічу мужа нацыянальным героем

 

У судзе Заводзкага раёну Менску завяршыўся працэс над трыма ўдзельнікамі падзей 19 сьнежня. Вынесены прысуды Паўлу Севярынцу, Ірыне Халіп і Сяргею Марцэлеву. Да будынка суду задоўга да абвяшчэньня прысуду прыйшлі каля сотні чалавек. У невялічкую залю супрацоўнікі спэцслужбаў прапусьцілі толькі частку людзей. Журналісты, праваабаронцы, палітыкі і грамадзкія дзеячы чакалі вынікаў у калідоры і на ганку. Абвінавачаных, вызваленых з-пад варты ў залі суду, яны сустракалі кветкамі, воклічамі і воплескамі. Першай да журналістаў выйшла Ірына Халіп:

 

— Да чаго мы дайшлі, калі радуемся таму, што нас пасадзілі не на 10—15 гадоў, а нарэшце далі мне магчымасьць гуляць з маім дзіцём, пазбавіўшы яго бацькі. Мяне больш турбуе прысуд майму мужу: 5 гадоў. Я цудоўна разумею, што мой муж ня будзе сядзець пяць гадоў, я цудоўна разумею, што яго асудзілі толькі для таго, каб абмяняць на Луіса Карвалана — гэта значыць на жратву і крэдыты. Пытаньне: якую цану за яго заломяць. Але ўвесь гэты час я спрабавала зразумець: чаму мяне спачатку трымалі ў СІЗА, а пасьля пад хатнім арыштам? Бо калі меркаваць лягічна — калі большасьці зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, то навошта жанчыну зь дзіцём трымаць пад замком? А пасьля заявы майго мужа, якую ён зрабіў у судзе, што яму пагражалі маім і Данікавым жыцьцём, то я разумею, што мяне проста трымалі закладніцай. І майму мужу казалі, што твая жонка і тваё дзіця ў нашых руках: у замкнёнай кватэры, пад нашым наглядам, яны бяз сувязі са зьнешнім сьветам і яны нічога нікому ня могуць сказаць. Я разумею, што ўвесь гэты час была закладніцай, і я працягваю заставацца закладніцай.

 

Ірына Халіп таксама заявіла, што будзе абскарджваць свой прысуд, але перад гэтым мае яшчэ больш пільныя клопаты:

 

— Першае, што я хачу зрабіць, то гэта неадкладна напісаць ліст свайму мужу. Пяць месяцаў я нават ня мела магчымасьці напісаць яму ліст. Калі іншыя палітзьняволеныя, прынамсі, маглі перапісвацца са сваімі жонкамі, то нас з мужам разьдзялілі, здаецца, навечна. Я ўпэўненая, што і прысуд мне быў прызначаны на сёньня толькі таму, каб я ў суботу ня здолела трапіць на абвяшчэньне прысуду свайму мужу і пабачыць яго хаця б адзін раз. Гэта першае, што я хачу зрабіць. Другое — гэта зьмяніць замкі ў кватэры. Бо за гэтыя пяць месяцаў ключы ад маёй кватэры пераходзілі з рук у рукі, як станіца ў грамадзянскую вайну. Трэцяе, што я зьбіраюся зрабіць, — гэта выклікаць прафэсійную брыгаду прыбіральшчыкаў, зрабіць прыборку, хімчыстку, дэзынфэкцыю, дэзактывацыю — усё што заўгодна, каб духу КДБ-шнага не засталося ў маім доме. Ну ўявіце сабе: тры з паловай месяцы па маёй кватэры цягаліся дзядзькі ў чырвона-зялёных нагавіцах! Хачу, каб духу іх не было. А вось пасьля гэтага я, нарэшце, буду абскарджваць прысуд.

 

Пра незаконнасьць прысуду казаў, выйшаўшы з залі, і асуджаны на тры гады "хіміі" Павал Севярынец. Адносна мяккае пакараньне ён пракамэнтаваў гэтак:

 

— Тут цяжка сказаць, у якія карты гулялі, прымаючы гэтае рашэньне. Але думаю, што задача і абавязак тых, хто выйшаў, — дапамагчы тым, хто яшчэ застаецца за кратамі. Таму гэтае пытаньне трэба падымаць на міжнародным узроўні, дапамагаць, хто чым можа, маліцца за іх. Прысуд у кожным разе незаконны, бо асуджаць людзей за акцыю пратэсту — гэта беззаконьне. Дзякуй Богу і дзякуй усім, хто маліўся. Але ёсьць людзі, якім цяпер значна цяжэй: Андрэй Саньнікаў і многія іншыя, асабліва маладыя хлопцы. Мы павінны арганізоўваць ім падтрымку. Для мяне найбольш цяжкім было тое, што за пяць месяцаў не дапусьцілі сьвятара, каб можна было паспавядацца і прычасьціцца. Для мяне катаваньнем якраз і была вось гэтая духоўная праблема, можна так сказаць. А ў фізычным пляне — тым, хто першы раз, то гэта былі, пэўна, зьдзекі хутчэй. Але пра гэта шмат гаварылася ўжо. Што будзе далей? Думаю, што будзем абскарджваць, натуральна, бо ўсё гэта незаконна. А палітычная сытуацыя такая, што магчымае ўсё цяпер: Пуцін, Эўразьвяз, а сытуацыя складаная: людзі сядзяць у турмах, эканоміка развальваецца, незалежнасьць пад пагрозай. Калі не памяняць сыстэму, то можам страціць краіну, а каб памяняць сыстэму, то трэба зьмяніць сябе. Падзеі 19 сьнежня паказалі, што і мы рабілі ня ўсё так, як трэба. Зараз абдымуся са сваякамі, братамі і сёстрамі, а потым пад’еду на некалькі судоў, бо ведаю, што цяпер ідуць суды. І, безумоўна, буду зьвяртацца да сьвятара...".

 

Самае лёгкае пакараньне з траіх асуджаных — два гады ўмоўнага зьняволеньня — атрымаў Сяргей Марцэлеў. Аднак і такі прысуд несправядлівы, кажа ён:

 

— Судзіць людзей за тое, што яны выказвалі сваё меркаваньне, што выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю і грамадзянскі абавязак і прыйшлі на дэманстрацыю, — мне падаецца гэта абсурдным. Але ў рамках гэтай прававой сыстэмы і дзейнага Крымінальнага кодэксу я прызнаў, што гэта зьдзяйсьняў — не было сэнсу адмаўляць, што я заклікаў на плошчу і сам туды прыйшоў. Таму ўсё гэтае пытаньне палітычнае: прысуд мог быць і ўмоўны, і апраўдальны. Але пры гэтай палітычнай каньюнктуры ён такі, які ёсьць. Ці буду я яго абскарджваць? Гэта залежыць ад думкі людзей, зь якімі мяне судзілі, а таксама ад парадаў адвакатаў. Я адносна малады чалавек, таму на здароўе скардзіцца ня буду, хоць турма паляпшэньню здароўя не спрыяе: зубы вывальваюцца. Вочы выцякаюць, але за пяць месяцаў я ўжо прывык. Фізычнага гвалту да мяне не ўжывалі, але ў мяне застаўся маральны абавязак перад тымі людзьмі, якія атрымалі тэрміны рэальнага пазбаўленьня волі альбо знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Я буду змагацца за тое, каб Мікалай Статкевіч, Аляксандар Атрошчанкаў і іншыя, хто ўжо асуджаны, урэшце былі вызваленыя.

 

Ірына Халіп тым часам падкрэсьліла, што хоць яе і вызвалілі з-пад хатняга арышту, але асуджэньне на два гады турмы з адтэрміноўкай не дае ёй поўнай свабоды:

 

— Я хачу, каб вы разумелі, што адтэрміноўка выкананьня прысуду — гэта ня ўмоўна, як у Сяргея Марцэлева. Гэта азначае, што праз два гады мяне будуць судзіць ізноў: з пракурорам, з усімі справамі, і суд будзе вызначаць — выправілася я ці не, стала я на шлях выпраўленьня ці ня стала, можна назваць мяне законапаслухмяным грамадзянінам ці нельга назваць. Але хто ў нашай краіне незалежнага журналіста назаве законапаслухмяным? Натуральна, ніхто. Тым ня менш я хачу сказаць вялікі дзякуй усім сваім калегам, якія ўвесь гэты час дапамагалі маёй сям'і і падтрымлівалі добрым словам. Я хачу сказаць дзякуй сваім бацькам, якім давялося вытрываць гэтулькі, колькі не давядзецца каму яшчэ. Я рада, што мы ўсе трымаліся годна і годна выйшлі з гэтай гісторыі. Я вельмі ганаруся сваім мужам і лічу яго нацыянальным героем. Учора мне пераказалі слова Паўла Дэміша — вялікага сябра нашай сям'і, што Вацлаў Гавал атрымаў чатыры гады і стаў прэзыдэнтам. Так што ў Андрэя Саньнікава выбарчая кампанія працягваецца. А тое, што ён ня будзе сядзець пяць год — я абсалютна ўпэўненая".

 

Галіна Абакунчык

 

 

Відэаматэрыялы пацьвярджаюць вэрсію абароны, а ня вэрсію абвінавачваньня

 

Фрунзенскі суд Менску працягваў разглядаць справу былых кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды актывісткі Насты Палажанкі. У панядзелак пачаўся прагляд відэаматэрыялаў справы і быў дапытаны ў якасьці сьведкі Павал Севярынец.

 

У залі суду з раніцы быў усталяваны вялізны манітор. Спачатку прагледзелі відэаролікі з сустрэчаў Някляева з выбарцамі і яго выступ па беларускім тэлебачаньні. А потым пачаліся тэхнічныя праблемы. Дэманстравалі відэа з плошчы. На экране — стоп-кадар, дзе буйным плянам Наста Палажанка, а галасы за кадрам гучаць мужчынскія. Някляеў абурыўся.

 

Адвакат Тамара Сідарэнка падтрымлівае заўвагу Някляева: доказамі гэтыя кадры ня могуць зьяўляцца. Судзьдзя вымушана абвяшчаць перапынкі для наладкі апаратуры. Аляксандар Фядута ў перапынках эмоцый ня стрымліваў:

 

— Грошы, каб падслухоўваць, падглядваць за ўсёй краінай, у іх ёсьць. А тое, каб іх суды ў іх уласных мэтах маглі ўсім гэтым скарыстацца, у іх апаратуры няма…

 

Паказалі і відэазапіс інцыдэнту на вуліцы Калектарнай. Было выразна бачна, што людзі ў чорным былі без апазнавальных знакаў і надпісаў на вопратцы. Буйным плянам паказалі разьбіты твар Някляева. Сяргей Вазьняк пасьля гэтага прагляду выказаў такое меркаваньне:

 

— Відэаматэрыялы пацьвярджаюць вэрсію абароны, а ня вэрсію абвінавачваньня, што клікалі на мірную акцыю, што ўсіх гэтых правакатараў трэба ізаляваць… То бок, усе доказы, здабытыя апэратыўна-сьледчай групай, нашу вэрсію пацьвярджаюць, а ня вэрсію абвінавачваньня.

 

— Паказалі нават здымкі, зробленыя "Нашай Нівай"…

 

— Так, дзе бачна, што гэтыя два міліцыянэры, афіцэры ДАІ, ілжэсьведчылі, казалі, што былі надпісы "Міліцыя" на сьпінах людзей у чорным, а ніякіх надпісаў не было, мы гэта бачылі. То бок, іх трэба прыцягнуць па 401-м артыкуле за дачу заведама лжывых паказаньняў. Яны былі папярэджаныя аб крымінальнай адказнасьці.

 

Пры канцы дня ў судзе заслухалі ў якасьці сьведкі Паўла Севярынца, якога толькі раніцай вызвалілі з залі суду.

 

У аўторак будзе працягнуты прагляд відэаматэрыялаў, а таксама, паводле вэрсіі адвакатаў, могуць пачацца судовыя спрэчкі.

 

Іна Студзінская

 

 

Ляўрэатка Нобэля — за свабоду Някляева

 

Каля сотні паэтаў, літаратараў і дзеячоў культуры з усяго сьвету падпісалі ліст салідарнасьці з Уладзімерам Някляевым і заклікалі ўлады РБ неадкладна вызваліць паэта, паведамляе Польскае радыё для замежжа. Сярод падпісантаў ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі паэтка Віслава Шымборска.

 

"Мы заяўляем аб сваёй падтрымцы Ўладзімеру Някляеву й яго сябрам. Мы стаім на Плошчы разам зь імі. Камусьці можа здацца дзіўнай наша еднасьць моцнай веры ў тое, што ёсьць рэчы, больш важныя, чым палітыка альбо юрыспрудэнцыя. Але мы заяўляем, што жыцьцё Паэта, свабода Паэта нашмат важнейшыя, чым часовыя патрабаваньні дадзенага гістарычнага моманту. Уладзімер Някляеў аддаў свой голас, голас Паэта, за тых у Беларусі, хто марыць аб лепшым жыцьці, хто хоча больш выбару й больш свабоды. І мы хацелі б дадаць свае галасы да яго голасу.

 

Мы зьвяртаемся да ўраду Беларусі й да Высокага суду, каб вызваліць Уладзімера Някляева, даць яму волю пісаць і ствараць. Яму ёсьць чым папоўніць скарбніцу беларускай культуры", — сказана ў лісьце, які падпісалі Віслава Шымборска, Эгідзіюс Александравічус, Цімаці Гартан Эш, Адоніс, Джэйн Хіршфільд, Хаціф Джанабі, Андрэй Хадановіч, Юлія Хартвіг, Ежы Ільг, Тэрэса Валас, Томаш Ружыцкі, Генрык Вазьнякоўскі, Рышард Крыніцкі, Кшыштаф Чыжэўскі, Алег Лышэха, Багдан Тоша, Марэк Залескі і іншыя.

 

 

“Свабоду палітвязьням!” — патрабуюць віцебскія актывісты

 

Актывісты "Эўрапейскай Беларусі" і віцебскага моладзевага нефармальнага аб’яднаньня "Вольны шлях" вывесілі расьцяжку зь лёзунгамі "Свабоду палітвязьням!" і "Жыве Беларусь!".

 

Расьцяжка зьявілася каля моста імя Пушкіна, недалёка ад гістарычнага цэнтру горада, дзе цяпер праводзіцца добраўпарадкаваньне. Гэта люднае месца, і некаторыя мінакі спыняліся, каб разгледзець напісанае.

 

Але праз 10-15 хвілін, кажуць актывісты, расьцяжку зьнялі супрацоўнікі міліцыі.

 

 

МЗС не выключае забароны на выезд для апазыцыі

 

МЗС Беларусі не выключае магчымасьці ужываньня кропкавых мер супраць асобных апазыцыйных палітыкаў і структур. Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ заявіў прэсавы сакратар МЗС Савіных.

 

— Калі сытуацыя будзе разьвівацца паводле нэгатыўнага сцэнару, то мы будзем гатовыя пайсьці на кропкавыя меры ў адказ, перш за ўсё ў дачыненьні да тых палітыкаў і тых структур, якія зьяўляюцца генэратарамі антыбеларускай дзейнасьці, — сказаў прэсавы сакратар.

 

У той жа час ён растлумачыў, што казаць аб гэтых мерах у адказ варта будзе толькі тады, калі паўстане рэальная неабходнасьць іх увядзеньня, паведамляе "БЕЛТА".

 

— Цяпер мы ўцягнутыя ў працэс, каб заклікі Эўрапейскага парлямэнту не рэалізаваліся ў выглядзе рашэньняў Рады Эўразьвязу, — адзначыў ён. — І калі нашы намаганьні будуць рэалізаваныя станоўча і ў нашых партнэраў пераможа здаровы сэнс, то, магчыма, аб мерах нам і не давядзецца гаварыць".

Андрэй Савіных зьвярнуў увагу, што па многіх пытаньнях, якія патрабуюць сур'ёзнай прапрацоўкі, падрыхтоўка пачынаецца задоўга да прыняцьця рэальнага рашэньня. Прапрацоўка пытаньняў ідзе па ўсім магчымым сцэнарах, а рашэньне прымаецца толькі па адным з іх.

 

Афіцыйная пазыцыя МЗС на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту па сытуацыі ў Беларусі ўжо была апублікаваная.

 

— Перш за ўсё, мы канстатавалі, што падыход Эўрапарлямэнта супярэчыць прынцыпам добрасуседзтва, — нагадаў Андрэй Савіных. —  МЗС працягвае спробы ўсё-такі вярнуць дыялёг у нармальнае канструктыўнае рэчышча з тымі эўрапейскімі партнэрамі, якія гэтага жадаюць.

Паводле яго слоў, санкцыі не прыносяць жаданых вынікаў.

 

— І вельмі вялікая колькасьць сацыяльных груп, палітыкаў, мысьляроў ў Эўропе выдатна разумеюць беспэрспэктыўнасьць гэтага кірунку. Вось чаму мы ўпэўненыя, што падыходы Эўрапарлямэнту могуць быць не падтрыманы эўрапейскай грамадзкасьцю, — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС.

 

12 траўня Эўрапарлямэнт праняў рэзалюцыю з заклікам да адрасных эканамічных санкцый супраць афіцыйнага Менску.

 

 

У падпале Дома правасудзьдзя падазраюць актывістаў?

 

Менская гарадзкая міліцыя пачала крымінальную справу па факце хуліганства ля Дома правасудзьдзя, дзе вынесьлі прысуд экс-кандыдату ў прэзыдэнты Андрэю Саньнікаву і судзяць экс-кандыдата Міколу Статкевіча ды іншых удзельнікаў Плошчы.

Паводле інфармацыі, якая разьмешчана на сайце ГУУС Менгарвыканаму, у ноч на 15 траўня ў 4:40 ад вартаўніка Дома правасудзьдзя паступіў сыгнал, што ў будынку на першым паверсе спрацавала пажарная сыгналізацыя. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі да Дома правасудзьдзя, знайшлі з тарца будынка бутэльку ёмістасьцю 0,7 літра з кнотам і гаручай вадкасьцю, а таксама фрагмэнты трох пабітых бутэлек. Мяркуецца, што бутэлька была напоўнена сумесьсю бэнзіну і алею, так званым "кактэйлем Молатава". Агнём пашкоджаныя дзьверы службовага ўваходу, на сьцяне ёсьць сьляды копаці. Пачатая крымінальная справа за хуліганства (частка 2 артыкула 339).

Кіраўнік прэс-службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі сказаў, што ўжо дапытаныя шасьцёра, але іхніх імёнаў не назваў:

— Пакуль канкрэтна абвінавачаньне не прад’яўленае. Трэба дачакацца заканчэньня расьсьледаваньня ці хаця б папярэдніх вынікаў. Пакуль мы можам казаць толькі пра апытаных дзеля атрыманьня значнай інфармацыі для сьледзтва. Іх апытаньне было не як затрыманых, а як асобаў, якія ўяўляюць пэўную цікавасьць ці могуць неяк ведаць нейкія падрабязнасьці. Яны былі затрыманыя, дапытаныя, апытаныя і адпушчаныя.

Ластоўскі не выключае, што ўжо хутка міліцыя завершыць расьсьледаваньне інцыдэнту. Аднак хто канкрэтна датычны да гэтага інцыдэнту, спадар Ластоўскі не паведаміў.

Тым часам у міліцыю пачалі выклікаць грамадзкіх актывістаў. Паводле каардынатара праваабарончай службы "Эўрапейскай Беларусі" Веранікі Лазоўскай, у Маскоўскім РУУС цяпер знаходзяцца Аляксандар Кудлаеў і яго сын Ігар. Раніцай у іх дома быў праведзены ператрус. Аляксандар пасьпеў паведаміць, што яго затрыманьне зьвязанае з падпалам Дома правасудзьдзя. Цяпер яго тэлефон недаступны. Таксама затрымалі і адпусьцілі непаўналетняга актывіста Ўладзя Беразоўскага. У яго таксама правялі ператрус.

— Я думаю, што ў гэтым Доме правасудзьдзя судзілі Саньнікава, таму міліцыянты і вырашылі пайсьці па актывістах "Эўрапейскай Беларусі", — сказала Вераніка Лазоўская.

 

Алесь Дашчынскі

 

 

Брусэль рыхтуе санкцыі супраць Менску?

 

Бэльгійскае інтэрнэтнае выданьне Euobserver піша, што дыпляматы Эўразьвязу ў Менску склалі і пераслалі ў Брусэль папярэдні сьпіс асобаў і прадпрыемстваў у Беларусі, у дачыненьні да якіх разглядаецца магчымасьць увядзеньня эканамічных санкцыяў.

 

Спасылаючыся на ананімную дыпляматычную крыніцу, выданьне паведамляе, што ў гэтым сьпісе знайшліся, у прыватнасьці, дзяржканцэрн "Белнафтахім", група кампаній "Трайпл", кампанія "Белтехэспарт" і ААТ "Беларуськалій".

 

"Аднак наўрад ці гэта нанясе страты прыватнаму капіталу прэзыдэнта, які, па чутках, асядае ў расейскіх і ўкраінскіх банках, кампаніях, занятых у рыбным бізнэсе, будаўніцтве і продажы нерухомасьці, а таксама на афшорных рахунках у Расеі і адной з краін Эўразьвязу", — піша Euobserver.

 

"Неабходная сур’ёзная разьведвальная апэрацыя для таго, каб адсачыць гэтыя грошы, а пакуль ніводная краіна Эўразьвязу не гатовая вылучыць сродкі для вырашэньня такой задачы", — цытуе выданьне ананімную крыніцу.

 

 

У Масквы узьнікаюць пытаньні наконт беларускіх прысудаў

 

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Лукашэвіч заявіў, што прысуды, вынесеныя фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня, "ня могуць не выклікаць пытаньняў". З такой заявай ён выступіў 16 траўня.

 

"Апошнім часам судовымі органамі Беларусі быў вынесены шэраг жорсткіх прысудаў у дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстнай акцыі, якая адбылася ў Менску 19 сьнежня 2010 году, у тым ліку да экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава. Сваю ацэнку дзеяньням беларускіх уладаў мы ўжо ня раз давалі на ўзроўні кіраўніцтва краіны. У гэтай сувязі вынесеныя прысуды ня могуць не выклікаць пытаньняў", — цытуе Лукашэвіча "БелаПАН".

 

МЗС Расеі, падкрэсьліў Лукашэвіч, заклікае "беларускі бок больш адказна ставіцца да выкананьня прынятых на сябе міжнародных абавязаньняў у галіне правоў і свабод чалавека".


“Радыё Свабода”

 

 

Затрымалі яшчэ аднаго падазраванага ў падпале Дома правасуддзя

 

Гэта актывіст кампаніі "Без’ядзерная Беларусь" Арсень Гурскі.

 

Маладога чалавека затрымалі ўвечары 15 мая. Як паведаміла яго маці Аксана Гурская, ужо ў 16:30 сын не адказваў на тэлефанаванні, хаця мабільны не быў адключаны. Жанчына патэлефанавала ў міліцыю, але там ёй нічога не праяснілі.

 

Толькі раніцай 16 мая на кватэру Гурскіх прыйшлі трое следчых, якія правялі ператрус. У пастанове было напісана, што Арсень падазраецца ў падпале Дома правасуддзя, здзейсненага 15 мая.

 

Падчас ператрусу следчыя забралі бел-чырвона-белы сцяг і чатыры пары абутку.

 

Сайт charter97.org раней паведамляў аб затрыманні актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Улада Беразова і Аляксандра Кудлаева з сынам, якіх таксама падазраюць у гэтым падпале.

 

Кастусь Матушыч

 

“Наша Ніва”

 

 

17 траўня 2011 г.

 

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай
(Дзявяты дзень)

 

17 траўня Фрунзенскі суд Менску працягваў разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды актывісткі Насты Палажанкі.

 

10:05 Пачалося паседжаньне. Сёньня ў судовым паседжаньні — працяг вывучэньня відэаматэрыялаў справы. Дэманструюць ролік пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы ўвечары 19 сьнежня. Кандыдаты выступаюць каля Палаца прафсаюзаў. Натоўп выходзіць на праезную частку. У кадры — Ірына Халіп перамаўляецца з прадстаўнікамі ДАІ.

 

10:10 На відэа чуваць, як з гукаўзмацняльнай машыны прадстаўнікі праваахоўных органаў папярэджваюць пра несанкцыянаваны характар акцыі. Выступае Віталь Рымашэўскі. Патрабуе дэмакратычных выбараў без Лука-кі. У кадры выступае Калякін. Прамаўляе Статкевіч. Адвакатка Тамара Сідарэнка робіць заўвагу, што на кадрах не пазначаны час.

 

10:20 Новы відэаролік — плошча Незалежнасьці. Адзін чалавек б’е шкло. Некалькі чалавек падняліся на прыступкі. Шкло б’е хлопец у акулярах дошкай. Бачна, што дзьверы знутры застаўлены шафамі. Мужчына сярэдніх гадоў у дублёнцы і кепцы б’е рукамі ў пальчатках. Лёзунгі чутны "Жыве Беларусь!", "Свабоду!" Някляеў кажа, што калі паказваюць пяць хвілін аднаго чалавека, які б’е, гэта не масавыя беспарадкі. Яго даўно ўжо можна было "павязаць".

 

10:40 У залі суду каля трох дзясяткаў маладых людзей — студэнты альбо БРСМаўцы. Уважліва слухаюць дэбаты кандыдатаў. Кандыдаты выступаюць з 30-сэкундным апошнім зваротам. Саньнікаў заклікае на плошчу. Раманчук кажа, што сустрэнемся 19-га ў цэнтры горада.

 

Рымашэшскі заклікае 19-га а 20 гадзіне сустрэцца наноў. Статкевіч кажа, што "19 сьнежня — дзень вялікай прыборкі… Вярні тое, што скраў".

 

Абмяркоўваюць, ці варта глядзець фільм "БТ" "Жалезам па шклу". Пракурор супраць. Някляеў таксама кажа, што ня хоча глядзець. Адвакатка Тамара Сідарэнка просіць паглядзець фільм "БелаПАН", дзе дакладна зьняты інцыдэнт на вуліцы Калектарнай.

 

10:50 Пракурор лічыць, што падзеі на Калектарнай дастаткова вывучаны. Адвакат Букштынаў просіць далучыць дыск з запісамі на Калектарнай да справы, бо гэта іншы погляд, робіць здымкі іншы апэратар. Фядута падтрымлівае, абгрунтоўвае, чаму. Судзьдзя адмаўляе далучыць да справы і паглядзець дыск, зьняты "БелаПАНам".

 

11:05 Пракурор задае пытаньне, ці мае Фядута адносіны да стварэньня канцэпцыі, што ёсьць у матэрыялах справы. Адвакаты Сідарэнка і Лабоха просяць удакладніць, як называецца дакумэнт. Пракурор цікавіцца зноў, ці меў абвінавачаны Фядута дачыненьне да распрацоўкі гэтага дакумэнта, дзе ёсьць узгадкі плошчы. Фядута цікавіцца, адкуль узяты гэты дакумэнт. Ён меў ужо размову са сьледчым, і той паабяцаў вярнуцца да пытаньня потым. Фядута тлумачыць, што ў дакумэнтах такога кшталту мяркуецца некалькі варыянтаў разьвіцьця падзеяў.

 

Настойвае, каб яму патлумачылі, зь якога носьбіту зьняты гэты дакумэнт, ці ёсьць там яго подпіс. Судзьдзя удакладняе, што дакумэнт створаны ў 2009 годзе. Фядута зноў настойвае, што ня ведае, адкуль зьняты гэты дакумэнт. Някляеў удакладняе, што дакумэнты такога кшталту (канцэпцыі далейшага разьвіцьця краіны) звычайна распрацоўваюцца не адным чалавекам. І ёсьць пытаньне яшчэ адно: ці быў ён прыняты? Пракурор пытаецца, ці мае Фядута дачыненьні да разьлікаў, у якую суму абыдзецца плошча. Фядута адказаў, што не, разьлікі ён ня ўмее рабіць.

 

11:20 Судзьдзя пытаецца, якім чыслом датаваныя пратаколы. Пракурор называе 14 студзеня. Судзьдзя прымае рашэньне зачытаць пратакол допыту. Пракурор зачытвае:

 

— Адным з аўтараў дакумэнта зьяўляюцца я… Таксама Навумава, Дзьмітрыеў, дадзеныя лябараторыі "Новак" выкарыстоўваюцца.

 

11:30 Пракурор чытае паказаньні Фядуты. Пачынаў праект ён, але потым яго кіраўніком стаў Дзьмітрыеў. Распавядае, якім чынам плянавалася шэсьце. Фядута тлумачыць, што тычыцца фінансаваньняў — не зьяўляецца прадметам дасьледаваньня. Кажа, што паказаньні яго падчас сьледзтва ня могуць быць доказамі. Няхай сьледзтва пакажа здымкі хоць дрэннай якасьці, як ён перавозіў сродкі ці мытную дэклярацыі пра перасоўваньне грошай. Пракурор зачытвае іншы пратакол допыту Фядуты. Паводле пракурора, Фядута там тлумачыць, якія разьдзелы канцэпцыі кім падрыхтаваныя.

 

11:35 Адвакатка Сьвятлана Лабоха кажа, што гэта праект дакумэнту. Там няма гаворкі пра сцэнар канкрэтных дзеяньняў, што могуць прывесьці да парушэньня парадку. Яна кажа, што дадзеная інфармацыя здабытая з парушэньнем заканадаўства, калі яе падабаронны быў пазбаўлены права на абарону. Някляеў кажа, што 99 адсоткаў усяго рабілася кампаніяй "Гавары праўду!", а не пад перадвыбарчую кампанію. Справа ў дачыненьні кампаніі "Гавары праўду!" зачыненая. Чаму пракурор зноў вяртаецца да гэтых дакумэнтаў?

 

11:40 Фядута зноў просіць удакладніць, зь якога носьбіта і калі быў зьняты гэты дакумэнт. Ён кажа, што ўсе чарнавікі дакумэнтаў трапілі ў праваахоўныя органы пасьля канфіскацыі аргтэхнікі 18 траўня. І яны ня могуць выкарыстоўвацца як доказы віны. Інакш адказнасьць за тое, што адразу ж не пачаліся сьледчыя дзеяньні, калі там было нешта незаконнае, палягае на праваахоўных органах. Пракурор хоча зачытаць суб’ектыўныя славесныя партрэты, складзеныя Фядутам на чатырох калегаў. Адвакатка Сьвятлана Лабоха пярэчыць: яны ня маюць адносінаў да справы.

 

11:45 Фядута тлумачыць, пры якіх абставінах складзеныя гэтыя партрэты. Ён кажа пра так званыя "нефармальныя гутаркі", якія праводзіліся зь ім. Асобы, якія праводзілі іх, прыносілі раздрукоўкі самых суровых артыкулаў, казалі, што судовае паседжаньне будзе закрытым, роля Фядуты вядомая, па гэтых артыкулах пойдуць і іншыя паплечнікі. З адвакатам раіцца не давалі. Часу на роздуму далі 15 хвілін. Таму Фядута прыбегнуў да аднаго з варыянтаў: ён мог казаць няпраўду. Далей Фядута кажа, што быў узламаны скайп. Фядута кажа, што хвалюецца. Без адваката і паведамленьня, што зь ім праводзяцца сьледчыя дзеяньні, Фядуту было прапанавана скласьці славесныя партрэты. На стале ляжалі артыкулы Крымінальнага кодэксу: здрада радзіме, шпіянаж, самая мяккая — масавыя беспарадкі.

 

11:50 Фядута кажа, што калі і далей суд будзе настойваць на агучваньні матэрыялаў, атрыманых пры такіх абставінах, ён просіць зьмяніць яму меру ўтрыманьня альбо пакінуць залю. На экране паказваюць намаляваныя алоўкам партрэты, падпісаныя імёнамі амэрыканскіх актораў. Фядута тлумачыць пра нікі, якімі падпісваліся яго сябры. Фядута паўтарае, што просіць дазволіць яму пакінуць залю з-за непавагі да суду. Ён адмаўляецца ад дачы паказаньняў. Пракурор просіць агучыць пратакол допыту ад 30 траўня, дзе гаворка ідзе пра фінансаваньне. Адвакатка Сьвятлана Лабоха супраць. Наста Палажанка кажа, што яна не разумее, якое гэта мае дачыненьне да агульнага працэсу, пры чым тут кампанія "Гавары праўду!"? Палажанка просіць суд узважыць, навошта разглядаць гэта. Судзьдзя абвяшчае перапынак на 10 хвілін.

 

12:20 Судзьдзя просіць зачытаць толькі тое, што тычыцца плошчы і перадвыбарчай кампаніі. пракурор настойвае яшчэ на фінансаваньні. Пракурор чытае паказаньні Фядуты пра напісаньне дакумэнта разам з Навумавай, Дзьмітрыевым, Слуцкай ды іншымі дакумэнт пісаўся ў адным з пансіянатаў Польшчы. Фігуравала сума ў 16,5 мільёнаў даляраў. Потым сума была скарочаная да 4,5 млн даляраў. Быў пункт і падрыхтоўкі мірнай акцыі пратэсту, разглядаліся два варыянты.

 

12:25 Апошняе паседжаньне штабу было 11 альбо 12 сьнежня. Першым выступіў Фядута, які казаў пра Кастрычніцкую плошчу, але там быў каток. Мог быць павышаны траўматызм. Быў прапанаваны варыянт перасоўваньня людзей на плошчу Незалежнасьці (рэзалюцыю меркавалася перадаць прэм’ер-міністру). Плошча максымум меркавалася пратрымацца 3 дні. Фядута прызнае, што разумеў, што акцыя ня будзе санкцыянаваная. Ён ведаў і пра папярэджаньне Някляева Генпракуратурай, разумеў, што могуць быць перашкоды руху транспарту. Фядута сказаў, што пацьвярджае агучаныя паказаньні. Адвакатка просіць прачытаць апошнія тры абзацы пратаколу допыту. Сэнс: акцыя на плошчы была не працягам кампаніі "Гавары праўду!", а працягам перадвыбарчай кампаніі. Гэта заўвагі, якія зрабіў Фядута. Фядута тлумачыць, што сумяшчэньня сцэнароў не было.

 

12:35 Адвакатка Ларыса Атаманчук кажа пра падзеі 18 траўня 2010 года, калі Някляеў, Вазьняк, Дзьмітрыеў ды іншыя былі затрыманыя як кіраўнікі кампаніі "Гавары праўду!", канфіскаваная тэхніка і сродкі. Але вытворчасьць па гэтай справе была спыненая праз 10 месяцаў. Таму адвакатка просіць далучыць сваё хадайніцтва — не разглядаць гэтыя матэрыялы справы. Някляеў падтрымлівае спыніць накірунак, які ўзяў пракурор.

 

Адвакат Лабоха пытаецца, што зьяўляецца прадметам дасьледаваньня? Гэта дакумэнт кампаніі "Гавары праўду!". Адвакат Букштынаў падтрымлівае: гэта матэрыялы па спыненай крымінальнай справе. Пракурор рэзка настойвае. Судзьдзя просіць не пераходзіць на асобы і абвяшчае перапынак на 10 хвілін.

 

13:15 Пасьля кароткага перапынку ўвялі Някляева пад канвоем, які пажартаваў:

— Устваць! Суд ідзе!

 

Абвешчаны перапынак да 14 гадзін.

 

14:05 Пасьля перапынку на абед судзьдзя робіць заўвагу, што абарона крыху ўводзіць у аблуду суд, і далучае да справы пастанову. Адвакатка Вазьняка Ларыса Атаманчук выступае з хадайніцтвам вярнуць Вазьняку маёмасьць, якая была ў ягоным дыплямаце пры канфіскацыі 18 траўня 2010 года, у тым ліку і асабістыя сродкі ў памеры 9 тысяч даляраў. Судзьдзя адмаўляе: суд будзе пазьней вырашаць лёс рэчавых доказаў.

 

14:20 Адвакатка Сьвятлана Лабоха заяўляе яшчэ шэраг хадайніцтваў: далучыць да справы дакумэнты кампаніі "Гавары праўду!", іншыя дакумэнты.

 

Някляеў таксама падтрымлівае далучыць да справы заяўленыя хадайніцтвы. Судзьдзя лічыць, што некаторыя акты заканадаўства ёсьць у адкрытым доступе, таму адмаўляе. Пасьведчаньне Фядуты як даверанай асобы Някляева далучае, статут "Гавары праўду!" адмаўляе далучаць. Дзьмітрыеў адмаўляецца ад дачы паказаньняў у гэтай частцы.

 

14:30 Пракурор задае пытаньні наконт славесных партрэтаў, складзеных Дзьмітрыевым. Адвакатка Лабоха выступае супраць — няма крыніц атрыманьня гэтых партрэтаў. Пракурор заяўляе, што крыніцы ёсьць. Іншыя адвакаты таксама падтрымліваюць: дакумэнты складаліся без прысутнасьці абароны. Дзьмітрыеў дае тлумачэньні, што яму ставіцца ў віну арганізацыя дзеяньняў, што парушалі парадак. А партрэты ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня. Пракурор настойвае.

 

14:35 Дзьмітрыеў па другому разу абгрунтоўвае, што гэтыя партрэты ня маюць дачыненьня да справы. Адвакаты зачытваюць вытрымкі з заканадаўчых актаў наконт недапушчальнасьці прывядзеньня доказаў, атрыманых з парушэньнямі. Пракурор абараняецца і настойвае.

 

Судзьдзя кажа, што будуць агледжаныя ўсе матэрыялы справы, у тым ліку і партрэты. На экране нехта Анджэй (малюнак алоўкам), унізе рукапісны тэкст Дзьмітрыева. Судзьдзя просіць Дзьмітрыева пракамэнтаваць, ён адмаўляецца. Адвакатка робіць акцэнт на слова "меркавалася" — гэта ня значыць, што фінансаваньне плошчы было. Тым больш на плошчы не былі ніякіх прыкметаў, што плошча фінансавалася. Судзьдзя настойвае агучыць пісьмовыя дакумэнты ў частцы супярэчнасьцяў. Пракурор чытае.

 

14:45 Абвінавачанаму Дзьмітрыеву агалошваліся паказаньні Фядуты, каб ён іх удакладніў альбо дапоўніў. Пракурор чытае фрагмэнты паказаньняў пра лідэрства Някляева на плошчы. Адвакатка Дзьмітрыева Мініна заўважае, што ўсе гэтыя дакумэнты насілі дэкляратыўны характар. Адзінае, што праходзіць праз усе дакумэнты — плошча павінна быць мірнай.

 

14:55 Пракурор зноў чытае пратаколы допытаў Дзьмітрыева пар мяркуемы плян плошчы. Адвакатка акцэнтуе ўвагу на словы "плянавалася", "меркавалася"… Яна ня бачыць істотных супярэчнасьцяў у паказаньнях.

 

Пракурор пераходзіць да пытаньняў Вазьняку. пытаецца, якое дачыненьне ён мае да дакумэнта. Вазьняк кажа, што далучыўся да кампаніі "Гавары праўду!" толькі ў лістападзе 2009 году, і ня мог фізычна ўдзельнічаць у распрацоўцы дакумэнта ў жніўні 2009 года. Варыянты разьвіцьця падзеяў абмяркоўваліся ў Літве дзесьці ў лістападзе 2010 года, калі Вазьняк ужо быў сябрам ініцыятыўнай групы Някляева.

 

15:00 Пры складаньні славесных партрэтаў Вазьняком таксама былі парушэньні. Адвакатка Ларыса Атамачук выступае супраць агляду партрэтаў. Судзьдзя настойвае. Паказваюць два партрэты з рукапісным тэкстам, выкананыя па апісаньнях Вазьняка. Вазьняк кажа, што гэтыя доказы здабытыя з парушэньнем крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Паводле пракурора, партрэты, зробленыя рознымі абвінавачанымі, зьяўляюцца падобнымі. А дамовіцца яны не маглі. Твары зьнешне падобныя, настойвае пракурор.

 

Пракурор настойвае на агучваньні паказаньняў Вазьняка з матэрыялаў справы з-за наяўнасьці супярэчнасьцяў. Вазьняк працівіцца. Пракурор запытваецца, ці меркавалася фінансаваньне падзеяў на плошчы. Вазьняк кажа, што не. Настойвае, што не займаўся ў кампаніі паліталягічнымі функцыямі, а займайся арганізацыйна-тэхнічнымі справамі.

 

15:20 Пракурор пытаецца пра сродкі. Вазьняк кажа, што займаўся арганізацыяй дастаўкі грошай для кампаніі "Гавары праўду!": яны ішлі на дапамогу ахвярам пажару на "Пінскдрэве", выданьне кніжкі "100 твараў беспрацоўя", на кампанію за перайменаваньне вуліцаў імем Быкава. Пра фінансаваньне плошчы гаворкі не вялося і ніколі гэта не рабілася. Вазьняк гатовы адказваць за тое, што рабіў. Але ня будзе адказваць на пытаньні, што ня маюць дачыненьня да справы. Сьвятлана Лабоха просіць Фядуту патлумачыць розьніцу паміж кампаніямі "Гавары праўду!" і перадвыбарчай кампаніяй. Фядута падрабязна распавядае. Фядута філязофствуе наконт падабенства і не падобнасьці партрэтаў: нават калі ёсьць падабенства, разыходжаньняў больш.

 

15:25 Суд зноў вяртаецца да заслухоўваньня паказаньняў сьведкаў. Сяргей Павал, навучэнец палітэхнічнага каледжа. Ведае Палажанку. Распавядае пра кватэру, дзе начаваў, як там апынуўся. Быў на прывакзальнай плошчы, потым пайшлі на Кастрычніцкую плошчу. Мэта — выказаць "мірны пратэст". Рашэньне прыйсьці на акцыю прыняў сам. Суд пастанавіў завяршыць слухаць сьведкаў.

 

15:30 Букштынаў задае пытаньні Някляеву пра яго спробы патрапіць на Ўсебеларускі народны сход. Някляеў вельмі падрабязна і эмацыйна распавядае. Сабралі 27 тысяч подпісаў за дэлегаваньне Някляева на сход. Там ён хацеў выкласьці сваю перадвыбарчую праграму і спытацца ў людзей, ці горшая яна за праграму Лука-кі. Букштынаў пытаецца, колькі дзён Някляеў знаходзіўся пад вартай. Той адказаў, што 40 дзён. І не было ніводнай сустрэчы з адвакатам. Там не задаюцца сьледчаму пытаньні — бессэнсоўна.

 

15:45 Адвакатка Сідарэнка просіць далучыць да справы спасылкі на матэрыялы СМІ пра затрыманьне Някляева, а таксама далучыць зварот расейскага паэта Яўгена Еўтушэнкі. Пракурор пярэчыць далучыць матэрыялы СМІ, а супраць зварота Еўтушэнкі нічога ня мае супраць. Судзьдзя адмаўляе далучыць і матэрыялы СМІ, і зварот Еўтушэнкі. Фядута зачытвае зварот дзеячоў ўсясьветнай культуры (у тым ліку і ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі В. Шымборскай) з просьбай вызваліць Някляева з-пад хатняга арышту. Пракурор супраць — зварот дакумэнтальна не завераны. Судзьдзя прымае рашэньне не далучаць зварот дзеячоў усясьветнай культуры да справы.

 

15:50 Абвешчаны перапынак да 15 мінут. Потым — судовыя спрэчкі.

 

16:15-16:55 Абвінаваўца Андрэй Кажэўнікаў пачынае судовыя спрэчкі. Кажа, што за парушэньні заканадаўства прадугледжваецца адказнасьць ў прававой дзяржаве. Абвінавачаныя ўчынілі дзеяньні супраць грамадзкага парадку. Роля кожнага канкрэтызаваная ў абвінавачваньнях. Схематычна нагадвае, што каму інкрымінуецца. Ніхто з абвінавачваных фактычна не прызнаў віны. Абвінавачаны Вазьняк яшчэ даваў непраўдзівыя паказаньні наконт сродкаў, кажа пракурор.

 

Пракурор апісвае тое, што адбылося 19 сьнежня, пералічвае відэазапісы, дакумэнты, доказы сьледзтва. Кажа, што некаторыя абвінавачаныя скандавалі лёзунгі, выкрыквалі асобныя фразы. Распавядае пра выхад калёны на праезную частку, прарыў ланцуга ДАІ, пра выступ экс-кандыдатаў. Сьведчаньні супрацоўнікаў ДАІ, паводле пракурора, цалкам пацьверджаны відэаматэрыяламі. Паводле пракурора, на Калектарнай таксама было непадпарадкаваньне супрацоўнікам ДАІ. Не далі агледзець аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратурай, была спроба адпіхнуць аўтамабіль ДАІ. Раздаліся выбухі, супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня ў форменным адзеньні спрабавалі спыніць непадпарадкаваньне. Патрабаваньні прадстаўнікоў улады былі праігнараваныя, таму была ўжытая сіла. Паказаньні сьведкаў, а таксама відэазапісы сьведчаць, што абвінавачаныя неаднаразова заклікалі людзей выйсьці на плошчу, — кажа пракурор.

 

Пракурор: Паказаньні сьведкаў, а таксама відэазапісы сьведчаць, што абвінавачаныя неаднаразова заклікалі людзей выйсьці на плошчу. Кажа пра віну Палажанкі, якую пацьвердзілі яе ж сьведкі: Наста Лойка, Мікола Дземідзенка, а таксама запісы зь яе запісной кніжкі. Яна быццам бы прымала актыўны ўдзел у разьмяшчэньні людзей. Віна іншых таксама цалкам пацьвярджаецца матэрыяламі справы (ідзе доўгі пералік).У Менгарвыканкам не паступалі заяўкі на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, абвінавачаным было вядома пра недапушчальнасьць правядзеньня акцый на цэнтральных плошчах, кандыдатам былі вынесены папярэджаньні.

 

Пракурор заяўляе, што ўсе гэтыя фактары прывялі да жорсткага, брутальнага біцьця шкла ў Доме ўраду. Абвінавачаныя разумелі, што вялікая гурма людзей да гэтага прывядзе. Факт змовы Фядуты, Някляева, Дзьмітрыева і Вазьняка пацьвярджаецца шматлікімі дакумэнтамі кампаніі "Гавары праўду!". Былі два сцэнары: "Плошча. Перамога" і "Перамены тут і цяпер". Зноў пракурор пераходзіць да дакумэнтаў і канцэпцый кампаніі "Гавары праўду!" і кажа, што гэта сьведчыць пра змову чатырох абвінавачаных.

 

Пракурор пераходзіць да другога артыкула, што інкрымінуецца Вазьняку: пра грошы. Доказам зьяўляецца і тэлефонная размова паміж Вазьняком і Чэкан. Віна ўсіх шасьці абвінавачаных даказаная цалкам, кажа пракурор. Пры прызначэньні пакараньня Някляеву зьмягчальных абставінаў няма, есьць толькі ацягчальныя — змова. Выпраўленьне абвінавачаных магчымае без ізаляцыі ад грамадзтва, — кажа пракурор.

 

17:00 Пракурор просіць:

 

Някляеву — 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.


Дзьмітрыеву — 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.


Фядуту — 2 гады ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.


Вазьняку — 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з адтэрміноўкай на 2 гады.


Рымашэўскаму — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабаваўчым тэрмінам 2 гады.


Палажанцы — 1 год 6 месяцаў умоўна з выпрабаваўчым тэрмінам на 1 год.

 

17:15 Выступае адвакатка Вазьняка Ларыса Атаманчук. Яна засяроджвае ўвагу на нападзе на ўдзельнікаў акцыі на вуліцы Калектарнай. Да паказаньняў супрацоўнікаў ДАІ трэба ставіцца крытычна — яны зацікаўленыя. Яна не разумее, на якой падставе супрацоўнікі ДАІ перагарадзілі дарогу, на якой падставе хацелі ўчыніць агляд транспарту. Ніякіх пратаколаў не было складзена. Сьведкі-міліцыянты казалі пра людзей у чорным, што гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Яны раптоўна напалі, выкарысталі фізычную сілу і спэцсродкі, паклалі людзей на сьнег — на якой падставе? Яны дзейнічалі незаконна. Адвакатка просіць суд апраўдаць свайго падабароннага Вазьняка.

 

17:50 Выступае адвакатка Фядуты Сьвятлана Лабоха. Яна просіць разьмежаваць дзеяньні штабу Някляева і біцьцё шкла некаторымі асобамі. Пераходзіць да канкрэтных дзеяньняў свайго падабароннага.

 

19:00-19:20 Выступае адвакат Дзьмітрыева Ірына Мініна. Сярод іншага, кажа — "...у калёне прыхільнікаў Някляева на некаторых дзяўчатах былі вушкі зайчыкаў. Мне зь цяжкасьцю ўяўляецца, што яны апраналі іх, каб чыніць проціпраўныя дзеяньні і ваяваць з міліцыяй". Адвакат просіць цалкам апраўдаць свайго падабароннага Андрэя Дзьмітрыева.

 

19:35 Паседжаньне скончанае. Працяг заўтра, 18 траўня, а 10 раніцы.

 


Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым
(Шосты дзень)

 

17 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску праходзіць разгляд крымінальнай справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

 

10:05 Сёньня у судзе зноў шмат людзей: сваякі, журналісты, дыпляматы, праваабаронцы. Прыйшлі і гэтак званыя "студэнты юрфаку" — маладыя людзі, якія гэтак прадстаўляюцца. Імі запаўняюць месцы ў зале, з-за чаго шмат каму з публікі не хапае месцаў. Прыйшлі адвакаты — размаўляюць з падабароннымі.

 

10:15 Паседжаньне пачалося. Сакратар называе каля 10 прозьвішчаў сьведак. Зараз будуць дапытваць сьведку міліцыянта Дударчыка. Дударчык кажа, што не знаёмы ні з кім з абвінавачаных, але пазнаў Стакевіча. Таксама сказаў, што ня ведае нікога з пацярпелых. Пачаў распавядаць пра свой удзел у падзеях 19 сьнежня. Знаходзіўся ўвечары ў службовым транспарце на вуліцы Берсана. Атрымалі загад высунуцца да Дому ураду, выстраіліся ланцужком каля ўваходу. Кажа, што іх пачалі абражаць. а потым на іх накінуліся і пачалі біць вудамі, хапацца за шчыты. Потым мы адышлі да пэдунівэрсытэту, а адтуль высунуліся на расьсячэньне натоўпы. Найбольш агрэсіўных адсеклі, а потым затрымалі. Ён удзельнічаў у затрыманьнях, але нікога з падсудных не памятае, што затрымліваў. Пракурор: а ці бачылі ў руках мітынгоўцаў іншыя рэчы. акрамя вудаў? Толькі вуды бачыў. Пракурор перапытвае: а свае паказаньні на сьледзтве памятаеце? Так. Пракурор просіць агучыць паказаньні на сьледзтве, бо, маўляў, яны істотна адрозьніваюцца. Адвакаты супроць. Вус супроць. Судзьдзя задаволілі хадайніцтва пракурора. Той зачытвае з 3-га тому справы паказаньні сьведкі Дударчыка.

 

10:20 Зачытваюцца паказаньні Дударчыка па папярэднім сьледзтве: "Білі нагамі і рукамі па шчытах, некаторыя наносілі ўдары вудамі і палкамі... На Акрэсьціна мной быў апазнаны затрыманы Квяткевіч. Я склаў на яго рапарт".

 

— Вы давалі такія паказаньні? — пытаецца пракурор.

 

— Так.

 

— Чаму яны гэтак адрозьніваюцца ад таго, што вы зараз кажаце?

 

— Забыў. Была зіма, Квяткевіч быў інакш апрануты. Я яго не пазнаў. А наконт палак ў руках мітынгоўцаў — пацьвярджаю і гэта.

 

Адвакат Квяткевіча: Як патлумачыць, што вы паказвалі, быццам бачылі, як ён выкрыкваў лёзунгі а тут кажаце, што ўбачылі яго ўпершыню падчас пагрузкі ў аўтазак?

 

Дударчык: Я сьцьвярджаў гэта, бо ведаю. А ці шмат было палак у руках мітынгоўцаў? Некалькі.

 

10:50 Наступны сьведка Навіцкі Аляксей, таксама міліцыянт з палку спэцназу. Кажа, што з абвінавачанымі не знаёмы, з пацярпелымі таксама. Распавядае пра падзеі 19 сьнежня. Прыбыў у 16:00 на працу, быў у рэзэрве за Палацам рэспублікі, высунуліся да Дому ўраду, там сталі ў ланцуг каля уваходу:

 

— Людзі, якія стаялі на плошчы, пагражалі нам, зьневажалі. Казалі, каб мы сыходзілі, бо яны усё роўна пройдуць праз нас. Потым мы расьсеклі натоўп, затрымалі актыўных.

 

— Ці былі спробы прарыву ачапленьня?

 

— Так. Першыя 2-3 шэрагі спрабавалі прарвацца. Хапаліся за шчыты, білі па нагах.

 

— Чым?

 

— Хто чым. У некаторых былі вуды — білі вудамі.

 

— Кагосьці з абвінавачаных памятаеце?

 

— Не.

 

— Памятаеце свае паказаньні на сьледзтве?

 

— Ня вельмі добра.

 

Пракурор: Вы самі сабе супярэчыце.

 

Сьведка: Першыя паказаньні былі праўдзівей.

 

Пракурор просіць агучыць паказаньні сьведкі, бо яны супярэчаць.

 

Адвакат Квяткевіча супраць:

 

— Гэты сьведка гэтаксама быў дапытаны ажно 10 лютага, і тады ўжо нешта не памятаў.

Статкевіч таксама супраць, як і Вус. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва.

 

Пракурор зачытвае папярэднія паказаньні. Супярэчнасьці ў тым, што былі ў руках палкі і таксама сьведка нібыта бачыў і чуў, як Квяткевіч выкрыкваў антыўрадавыя лёзунгі. зьневажаў міліцыянтаў. Сьведка пацьвердзіў зараз тыя паказаньні.

 

— Тады я памятаў лепш, чым зараз, — гэтак патлумачыў супярэчнасьці.

 

Адвакат Квяткевіча: А зараз можаце пазнаць Квяткевіча?

 

Сьведка адказаў, што ня можа.

 

— Шумна было на плошчы?

 

— Так.

 

— А як вы маглі пачуць, што Квяткевіч крычаў антыўрадавыя лёзунгі?

 

— Бачыў, бо ён бліжэй знаходзіўся.

 

— Ці адпавядае тое, што вы казалі пра адзеньне Квяткевіча, што ў яго быў белы капялюш?

 

— Так.

 

— А чаму ў пратаколе допыту вы не ўказалі, што Квяткевіч біў па шчытах, а зараз кажаце, што ён гэта рабіў.

 

Сьведка кажа, што ня ведае.

 

— Як вы можаце апісаць палкі, якімі, як вы кажаце, біліся мітынгоўцы?

 

— Вудачкі памятаю, а палкі дакладна ня памятаю.

 

Адвакат: а вы асабіста наносілі удары гумавай палкай?

 

— Так.

 

Судзьдзя пытаецца Квяткевіча: Як вы былі апрануты?

 

— У дублёнку і шапку, але на момант затрыманьня на мне шапкі не было. І затрымліваў мяне, дарэчы, не спэцназ, а чалавек ў цывільным.

 

Адвакат пытаецца Квяткевіча: Ці праўда, што казалі сьведкі, што вы абражалі міліцыянтаў і выкрыквалі лёзунгі?

 

— Не, гэта няпраўда. Мяне затрымалі раней яшчэ да стварэньня калідору. Чалавек у цывільным мяне затрымаў і адвёў да аўтамабіля.

 

11:10 Сьведка Цярэшчанка Віктар. Міліцыянт з палку міліцыі спэцпрызначэньня. З абвінавачанымі не знаёмы, кажа, што не знаёмы і з пацярпелымі. Дае паказаньні, падобныя на паказаньні двух папярэдніх сьведак. Яшчэ згадаў пра высокага чалавека. Які стаяў каля помніка і заклікаў людзей мітынгаваць. Каля уваходу здарылася сутычка, праз нас спрабавалі прайсьці. Пхалі нас, заклікалі нас перайсьці на іх бок. Былі палкі ў руках, сьцягі.

 

— А якія прадметы выкарыстоўвалі для прарыву?

 

— Не магу сказаць, асабліва не зьвяртаў увагі.

 

З паказаньняў вынікае, што Цярэшчанка затрымаў каля 10 чалавек і склаў на іх рапарты. Сярод іх быў Грыбкоў. Сьведка пацьвердзіў тыя паказаньні.

 

Пракурор: А чаму вы запомнілі менавіта Грыбкова?

 

На допыце запомніў ягонае прозьвішча, таму гэта адклалася.

 

Адвакат Грыбкова: А апазнаць можаце Грыбкова?

 

— Не, Зараз не магу нікога тут пазнаць, бо была зіма, а зараз апранутыя па-летняму.

 

— А як выглядае ледасек, пра які вы кажаце, што бачылі ў руках мітынгоўца?

 

— Гэта проста кавалак заточанай арматуры.

 

— Калі затрымалі Грыбкова?

 

— Разам з усімі.

 

Адвакат перапытвае ў Грыбкова пра абставіны затрыманьня: той кажа, што сышоў з плошчы да заканчэньня мітынгу і затрымалі яго на вакзале. Што першым прывялі ў міліцэйскі аўтамабіль, ён яшчэ шмат часу там сядзеў і толькі пасьля пачалі прыводзіць затрыманых з плошчы.

 

11:20 Наступны сьведка Алег Круглоў, супрацоўнік менскага мэтро. Абвінавачаных ня ведае, пацярпелых таксама. Распавёў пра закрыцьцё станцый у сувязі з "масавымі мерапрыемствамі". Стратаў не было нанесена. Станцыі закрываліся па загадзе менскай міліцыі. Уваходы ў мэтро закрываліся, каб не дапусьціць інцыдэнтаў, сказаў сьведка.

 

12:00 Сьведка Ліштван Павал. Не працуе. Ведае Статкевіча. Таксама знаёмы з Вусам. Зьбіраў за іх подпісы. Хто зьвярнуўся, каб ён зьбіраў подпісы, ужо не памятае.

 

Пракурор: На якіх умовах? Колькі вам плацілі?

 

— За адзін подпісы выходзіла 0,5 даляра. Падпісныя лісты аддаваў Уладзімеру Уладзімеравічу.

 

— Колькі вам заплацілі?

 

— Усяго каля 700 даляраў.

 

— Статкевіча бачылі ў офісе Вуса?

 

— Бачыў, ён тым быў, сядзеў.

 

— А хто, акрамя вас зьбіраў подпісы?

 

— Не цікавіўся.

 

— Ці чулі вы пра пляны захопу улады?

 

— Не.

 

12:08 Сьведка Уладзімер Калганаў, настаўнік, кіраўнік ініцыятыўнай групы Вуса. Паказаў, што адзін раз перадаў невялікую суму грошай ад Вуса і адзін раз невялікую суму ад Статкевіча. Больш на гэтую тэму казаць адмовіўся, бо гэта не тычыцца справы. Пракурор просіць агучыць паказаньні на сьледзтве. Суд пастанавіў агучыць толькі у частцы, якая тычыцца арганізацыі сустрэч выбарцаў з Вусам і Статкевічам. Што да грашовых пытаньняў, суд вырашыў іх не закранаць у агучваньні паказаньняў.

 

12:12 Паказаньні агучваць ня сталі. Пракурор задаволіўся ранейшым адказам Калганава, што разам праводзілі сустрэчы, бо так таньней. Адвакат запытаўся: ці вядома вам, каб Вус плянаваў масавыя беспарадкі? Сьведка паказаў, што не. Яму было вядома, што Вус не адмаўляў свайго удзелу ў мітынгу, але нічога не плянаваў загадзя.

 

12:30 Сьведка Іван Шыдлоўскі, супрацоўнік ДАІ. Абвінавачаных ня ведае асабіста, Статкевіча пазнаў і Вуса "наглядна".

 

— Хто выступаў і заклікаў ісьці на плошчу Незалежнасьці з Кастрычніцкай плошчы?

 

— Я далей стаяў, не бачыў. Мы выстраіліся ў ланцуг на загад начальніка ДАІ Менску Карзюка. Калёна ішла на чале з Вусам і Статкевічам. Калі яны падышлі, то Вус сказаў Карзюку: "Падпалкоўнік, прапусьціш, будзеш генэралам".

 

Адвакат Вуса: А яшчэ былі кандыдаты там?

 

— Так, былі Саньнікаў, Рымашэўскі. Нецэнзурнай лексыкі не было. Вус спакойна размаўляў.

 

— Гвалту адносна Карзюка ці вас ці пагроз гвалту не было?

 

— Ад кандыдатаў не было. Але адзін малады чалавек кінуўся на супрацоўнікаў ДАІ.

 

Адвакат: Заклікі ад Вуса да беспарадкаў вы не чулі?

 

— Там былі заклікі, але пэўна ад каго, немагчыма было разабраць.

 

— А якія заклікі?

 

— Не прызнаваць вынікі выбараў. Калі кандыдаты размаўлялі з Карзюком, асноўная маса людзей стаяла, а потым пайшлі абыходзіць нас.

 

12:35-12:50 Наступны сьведка — Стаўроўскі Андрэй, маёр міліцыі, супрацоўнік ДАІ. Быў на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня. Распавёў, што людзі ў натоўпе казалі па сваё незадавальненьне вынікамі выбараў. Хто быў на чале калёны, сказаць не магу, бо людзей было вельмі шмат. Частка мітынгоўцаў вышлі на дарогу. Мы казалі вярнуцца, але нас не слухалі, ланцуг міліцыі быў разарваны. Я знаходзіўся непадалёк у 2-3 мэтрах ад Карзюка. Чуў, як Карзюк папярэджваў не парушаць парадак. Нас абышлі справа і пайшлі па праспэкце. Спыніўся рух транспарту.

 

Адвакат: Вы сказалі, што ланцуг быў прарваны сілавым спосабам. Гэта як?

 

Сьведка: Мне пашкоджаньняў не наносілі, а сілавы мэтад — гэта проста як натоўп ішоў, гэтак і пайшоў далей.

 

Абвінавачаны Буланаў: Вы маглі б падрабязьней распавесьці пра тое, што бачылі, як разганялі мітынг на плошчы Незалежнасьці? Удары міліцыянты наносілі па мітынгоўцам?

 

Сьведка: Не, ня бачыў, адказаў сьведка Стаўроўскі.

 

12:50 Сьведка Сяргей Кіеня, журналіст "Інтэрфаксу". Сказаў, што ня ведае ані абвінавачаных, ані пацярпелых. Быў сьведкам падзей на Кастрычніцкай плошчы і на плошчы Незалежнасьці. Прыбыў на плошчу, выступалі кандыдаты. Я дыктаваў у рэдакцыю. што яны казалі. Памятаю, што Вус казаў пра выбарчы закон, што казаў Статкевіч дакладна не памятаю. паўгода мінула. Потым народ рушыў да плошчы Незалежнасьці, чаму, ня ведаю. На шляху стаяў ланцуг супрацоўнікаў ДАІ. Іх абышлі.

 

Пракурор: А хто узначаліў калёну?

 

— Ня памятаю. На плошчы Незалежнасьці быў імправізаваны мітынг, але пра што там казалі, дакладна не памятаю. Потым некалькі дзесяткаў чалавек падышлі да Дому ураду і раздаўся звон.

 

— Чаму яны туды пайшлі? Былі заклікі нейкія?

 

Сьведка: Наколькі я зразумеў, была інфармацыя, што пойдуць на перамовы і яны пайшлі туды.

 

— Што далей?

 

— Хвілін праз 5 частка спэцназу адцясьніла людзей ад ганку Дома ўраду і праз прыкладна хвілін 5 яны адтуль пайшлі. Але я быў кала трыбуны і дакладна сказаць, што там было, не магу.

 

— Як рэагавалі мітынгоўцы?

 

— Па рознаму. Хто крычаў "фашысты!", хто крычаў "Міліцыя з народам!". Бачыў лякальныя сутычкі з міліцыяй. Потым сышоў далей ад ганку, пайшоў да вуліцы Савецкай і убачыў, як адтуль частка спэцназу рушыла на плошчу дзеля апэрацыі зачысткі.

 

13:00 Судзьдзя зачытвае паказаньні сьведкі Кіені, журналіста "Інтэрфакса". На Кастрычніцкай. паводле сьведкаў, Статкевіч казаў пра вынікі экзытпулу, паводле якога Лука-ка набраў болей за 30 адсоткаў галасоў. Сьведка ў судзе пацьвердзіў гэтыя паказаньні. Сказаў на пытаньне адваката, што асноўная большасьць мітынгоўцаў паводзілі сябе спакойна.

 

13:10 У судзе абвешчаны перапынак да 14:00.

 

14:05 Працэс аднавіўся. Сьведка Алексіевіч Мікалай, кіроўца аўтобусу. Паказаў, што 19 сьнежня рух прыпыніўся па праспэкце і давялося ехаць іншымі шляхамі ды высаджваць пасажыраў.

 

14:10 Новы сьведка — кіроўца Мартос Васіль. 1-ы маршрут аўтобусу. 19 сьнежня з-за перакрыцьця руху давялося зьехаць з маршруту. Наперадзе ішла вялікая калёна людзей. Загадзя пра гэта не было вядома. З 10 вечара да 12 рух быў перакрыты на плошчы Незалежнасьці. Супраць аўтобуса і пасажыраў агрэсіі з боку мітынгоўцаў не было, паказаў сьведка.

 

14:20-14:55 Сьведка Алесь Макаеў, прадпрымальнік. Судзьдзя спытала, вы праходзіце па гэтай справе сьведкам? Макаеў адказваў: так, пакуль так. Гэта выклікалі сьмех у зале, у тым ліку ўсьміхнулася і судзьдзя. Алесь Макаеў сьведчыць па-беларуску. Кажа, што на Кастрычніцкую плошчу прыходзіць пасьля кожных выбараў, каб выказаць законны пратэст супраць фальшаваньня выбараў. І зараз прыйшоў. Выступ Статкевіча асабліва не памятае, але кажа, што ўсе выступы былі добрыя, ніхто не заклікаў да процізаконных дзеяньняў. Потым людзі пайшлі на плошчу Незалежнасьці, выступалі кандыдаты. Пачалося тое, што суд зараз кваліфікуе як масавыя беспарадкі, якіх насамрэч не было.

 

Пракурор: Пра што казалі выступоўцы?

 

Макаеў: Што трэба, каб быў падзел уладаў, каб былі сапраўдныя выбары. Прапаноўвалі, як зрабіць, каб улада сапраўды належала народу.

 

Пракурор: А што было далей?

 

Макаеў распавядае: Як частка людзей пайшлі да ганку, пачалі біць. Хто з кандыдатаў павёў людзей да Дому ураду, ён не бачыў. Бачыў, як стварылі калідор, бо па ім мусяць прайсьці кандыдаты на перамовы. Ля ганку памятаю дакладна выступ Рымашэўскага — пра тое, што гэта правакацыя і ня трэба біць шкло.

 

Бачыў, Як білі шкло, гэта накіравана здымалі некалькі камэр, прадстаўнікі сілавых органаў стаялі і сачылі. І нікога там не чапалі з тых, хто біў шкло.

 

Пракурор: Ці чулі вы заклікі?

 

— Не, ня чуў. Лічу, што гэта была сплянаваная акцыя нашымі сілавымі ўстановамі, каб потым судзіць кандыдатаў.

 

— А з якой мэтай білі шкло?

 

— Ня ведаю. Магчыма, некаторыя ішлі, каб увайсьці ў Дом ураду, але людзі спыніліся, калі пачулі заклік Рымашэўскага, што гэта правакацыя. Людзі ў нас розныя, некаторым гэты рэжым вельмі не падабаецца. Далей АМАП расьсек усіх на дзьве часткі і тады пачаўся брутальны разгон.

 

— Ці бачылі вы як мітынгоўцы ужывалі агрэсію супроць міліцыі?

 

— Людзі, калі ішлі на іх спэцназаўцы і ўсіх зьбівалі, таксама пайшлі наперад, але у іх нічога у руках не было.

 

— А колькі было тых, хто біў шкло?

 

— 20-30 не больш. І яшчэ частка тых, каго ўлада падгаварыла гэтак дзейнічаць.

 

— Выступ Вуса на плошчы Незалежнасьці вы чулі?

 

— Не, нават не памятаю, каб ён выступаў.

 

Адвакат Станкевіч: Ці выказваў Статкевіч да 19 сьнежня пляны пра гвалтоўны захоп улады ці масавыя беспарадкі?

 

— Ад Міколы я такога ніводнага разу не чуў. На думку сьведкі, прапанова аб перамовах была памылковай — з кім там можна было перамаўляцца? Ён успрыняў гэта скэптычна.

 

Сьведка Макаеў рэчаў для пагромаў і падпалаў у руках мітынгоўцаў ня бачыў. Сьведка перакананы, што кактэйляў Молатава у руках мітынгоўцаў не было, калі б былі. то запусьцілі б у вокны, дзе сядзелі ў засадзе амапаўцы.

 

— І я лічу, у гэтым таксама была правакацыя сілавікоў. Але людзі гэтак не рабілі, бо ніхто не меў такіх бутэлек.

 

— Ці была каардынацыя у дзеяньнях мітынгоўцаў?

 

— Не было, дзейнічалі хаатычна.

 

Судзьдзя пытаецца: Што было найперш: біцьцё вокнаў ці зьяўленьне спэцназу? Спачатку было біцьцё, але пачалі біць не мітынгоўцы, а нейкія людзі. Трэба высьветліць, якія.

 

Судзьдзя: А з кім зьбіраліся перамаўляць?

 

— Магчыма, з Сідорскім.

 

— Яго вы там бачылі?

 

— Прывезьлі б на верталёце за 5 хвілін.

 

— Але не прывезьлі?

 

— Не.

 

15:00 Сьведка Чарнабай Мікалай, супрацоўнік "Беліінвестсэрві". Гэты сьведка — былы супрацоўнік ДАІ, які быў на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня.

 

— Каб не даць прайсьці натоўпу, мы ўзяліся за рукі і выставілі ланцуг поперак праспэкту. Сярод нас быў начальнік гарадзкой управы ДАІ. Сярод мітынгоўцаў былі Саньнікаў, Вус, Статкевіч. Яны заклікалі Карзюка даць ім прайсьці. Але гэта ім не дазволілі.

 

Пракурор: А як адрэагавалі Саньнікаў, Стакевіч і Вус на патрабаваньні вызваліць праспэкт?

 

— Ніяк не адрэагавалі. Абышлі нас і ўсё.

 

— А размову іх з Карзюком памятаеце?

 

— Так. Што не таму служыце, прапусьці нас і будзеш генэралам. Гэта сказаў Вус Карзюку.

 

— Была да вас агрэсія?

 

Сьведка Чарнабай Мікалай:

 

— Так. Нейкі малады чалавек на мяне накінуўся, хацеў паваліць, але ў яго гэта не удалося. Ад Вуса заклікаў да агрэсіі не было.

 

— Ці былі пашкоджаныя будынкі падчас шэсьця, крамы ці іншае?

 

— Ня бачыў.

 

15:25 Сьведка Данілкоў Анатоль, супрацоўнік ДАІ:

 

— Мы стаялі ланцужком. На нас ішла калёна, на чале былі Саньнікаў, Севярынец, Халіп. Наш начальнік прасіў не парушаць парадак, не выходзіць на дарогу. Начальніку паабяцалі, што стане генэралам. Хто пэўна гэта сказаў, не магу сказаць. Нас абышлі справа і зьлева. Калі ўжо былі людзі за намі, паступіў загад зьняць ланцуг.

 

15:30-15:55 Адвакат Станкевіч заявіла сьведкам Анатоля Лябедзьку. Суд пагадзіўся. Лябедзька пачаў даваць паказаньні.

 

Лябедзька: 19 сьнежня я як любы паважаючы сябе грамадзянін быў на плошчы.

 

Адвакат: Вы размаўлялі з нейкай Рытай?

 

— Ня памятаю. Было шмат размоў.

 

— Вы ведаеце, што вас праслухоўвалі?

 

— Гэта для мяне не сакрэт, хаця ніхто афіцыйна мне пра гэта не паведамляў.

 

Адвакат Станкевіч зачытвае размову Рыты з Лябедзькам. "Я крыху атрымаў... Але нічога. Было вельмі шмат людзей. Някляева паклалі з шумавымі гранатамі. Там узяў арганізацыю Статкевіч... Білі ўсіх запар..." — Лябедзька распавядае пра падзеі 19 сьнежня.

 

Адвакат пытаецца: Была такая размова?

 

— Па-першае я супраць таго, каб мае размовы былі выкарыстаны ў справе і мяне пра гэта не праінфармавалі. Другое, ніякай размовы з Рытай я не памятаю і не пацьвярджаю.

 

— А падзеі на плошчы вы можаце апісаць?

 

Лябедзька: было вельмі шмат людзей і дрэнная арганізацыя, бо не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Быў такі хаос, але хаос сьвяточны. Была сьвяточная атмасфэра. Момант выхаду на дарогу не магу апісаць, не выходзіў з першымі. Выступалі кандыдаты, але хто што казаў, не дакладна не магу сказаць.

 

Людзі ўсьміхаліся, было шмат з малымі дзецьмі. Ніякі абломкаў не было на вуліцы пасьля праходу калёны па праспэкце Незалежнасьці. У беларускай апазыцыі ёсьць крэдытная гісторыя. Калі людзі цягам 15 галоў падчас акцый не робяць нічога процізаконнага, суд гэта абавязаны ўлічваць.

 

Статкевіч шмат разоў пасьпяхова праводзіў вулічныя акцыі. На плошчы Незалежнасьці людзі не маглі чуць мітынг. Зьявіліся міліцыянты, паставілі ланцуг, потым міліцыянты сышлі. Зьяўляюцца невядомыя і б’юць вокны. На мой погляд, такі сцэнар рыхтаваўся адмыслова раней. Мяне бралі па сьпісе, які быў раней складзены. У КДБ мяне афармляў супрацоўнік з Магілёва, чые рэчы былі ў кабінэце даўно. Нехта ж яго выклікаў. У СІЗА КДБ адмыслова раней зьбівалі шчыты, каб на іх спалі арыштаваныя. Нехта ж ведаў, што яны зьявяцца. Наконт Статкевіча згадаў, што была адна сустрэчы зь ім падчас выбарчай кампаніі і той пашкадаваў пар адсутнасьць добрай каардынацыі паміж кандыдатамі.

 

Адвакат: а якім быў уплыў выступаў на мітынгоўцаў?

 

Адказ: не хацеў бы пакрыўдзіць кандыдатаў. Але ў тых умовах уплыў быль амаль нулявы. Калі цябе не чуюць нармальна, то гэта уплывае толькі на тых, хто побач.

 

— Статкевіч ці хто іншы выказвалі намер сілавога уваходу ў будынак?

 

— Не дзяліўся ён такімі плянамі, каб ісьці на нейкі штурм. Можа ён мне не давярае, але не казаў. Вус заўсёды казаў пра рэформу выбарчай сыстэмы, ён па-добраму памешаны толькі на гэтай тэме. Лябедзька згадаў, што калі супрацоўнікі перакрылі уваход, усё ішло добра, гэта астудзіла людзей. І раптам міліцыянтаў зьнялі. Калі б не гэты загад, не было б далейшага біцьця. На тых, хто аддаў такі загад, ляжыць адказнасьць за тое, што далей адбылося.

 

16:05 Статкевіч вітае Лябедзьку на волі і просіць расказаць пра выбарчую кампанію.

 

Колькі вы выстаўлялі чалавек у выбарчыя камісіі (ад АГП) і колькі іх прайшло?

 

Лябедзька: выставілі каля 500 чалавек, а уключылі крыху болей 40. Зь іх большасьць на закрытых выбарчых участках, дзе нельга пракантраляваць сытуацыю. Таму я і лічу, што 40 тысяч выйшлі на вуліцы таму, што іх прадстаўнікі ў камісіі не прайшлі. Мяне не ўключылі, Чыгіра не ўключылі, Багданкевіча. Справядлівы падлік вынікаў выбараў яшчэ наперадзе.

 

— Не ператварайце суд у мітынг, кажа судзьдзя.

 

Лябедзька распавядае пра тое, як да яго ўварваліся людзі з ламамі.

 

— Мне падаецца, што ў фашысцкай Нямеччыне больш культурна затрымлівалі палітычных праціўнікаў. У амэрыканцы мяне...

 

Судзьдзя спыняе: Ня трэба.

 

16:08 Допыт Лябедзькі закончыўся. Перапынак на 10 хвілін.

 

16:20-16:40 Слуханьні аднавіліся. Пракурор просіць дапытаць новага сьведку, міліцыянта Дзьмітрыя Кулагу. Абвінавачаных не пазнае, пацярпелых ня ведае. Сьведка працуе намесьнікам батальёну аховы. Згадвае, што як выйшлі да Дому ўраду ў ланцуг, біцьцё спынілася. А празь нейкі час мы сышлі. Мітынгоўцы крычалі "Уходи!" і "Жыве Беларусь!". Нейкі мужчына распыліў супраць нас вогнетушыцель. Мітынгоўцы спрабавалі нас настроіць на агрэсію да іх, але мы не паддаліся. Нас па камандзе ўвялі. Але калі натоўп стаў болей буяніць, нас высунулі на адцісканьне людзей з плошчы. Хто быў буйны, таго затрымлівалі.

 

Сьведка Кулага кажа, што асабіста затрымаў некалькі чалавек, але ня памятае, каго дакладна. Пракурор просіць агучыць папярэднія паказаньні падчас сьледзтва, бо ёсьць істотная розьніца. Адвакат Пазьняка настаяў, каб спачатку задалі пытаньні сьведку. Адвакат: вы далёка ад мітынгоўцаў былі, калі быў распылены вогнетушыцель?

 

— Ня вельмі.

 

— Як гэта было?

 

— Ішоў проста мужчына і распыліў.

 

Сьведка кажа, што на зямлі перад імі ляжалі жалезныя пруты. Зачытваюць паказаньні сьведкі падчас сьледзтва. У гэтых паказаньнях значна больш пра біцьцё зь мітынгоўцамі, якія міліцыянтаў нібыта білі рукамі і нагамі. "Мы адбіваліся".

 

На допыце ён згадваў пра затрыманьне абвінавачанага Пазьняка, пра якога тут не казаў. Сьведка пацьвярджае гэтыя паказаньні, у якіх Пазьняк быў ім названы адным з самых актыўных дэманстрантаў.

 

Адвакат: Чаму вы казалі, што ён найбольш актыўны і пры гэтым вы кажаце, што супраціву ён не аказваў?

 

Сьведка: Ён крычаў і размахваў рукамі ў натоўпе.

 

Адвакат зачытаў ягоныя паказаньні, дзе дакладна сказана, што ён ня бачыў дзеяньняў Пазьняка.

 

17:10 Сьведка Карзюк, начальнік менскай ДАІ, у суд не зьявіўся, даслаў даведку, што ён хворы. Суд пагадзіўся зачытаць ягоныя паказаньні. Той сьцьвярджае, што кандыдаты ўзначалілі калёну і вывелі яе на праспэкт.

 

Сьведак больш няма. Зноў вывучаюць матэрыялы справы. Зачытваюць зьмест чарговага відэа.

 

17:40 Агучылі размову Статкевіча з кіраўніком "амэрыканкі". Статкевіч кажа, што яго не катавалі, але ўзьдзейнічалі псыхалягічна, пагражалі.

 

Статкевіч распавёў, як яго прымусілі спыніць галадоўку праз пагрозу прымусовага харчаваньня.

Статкевіч абвінаваціў экспэрта маёра Далініна ў фальшаваньні доказаў, бо ў таго выходзіла, што вада ў бутэльках на плошчы ў 12 градусаў марозу за 5 гадзінаў не замерзла.

 

— У Беларусі парушаюцца ня толькі правы чалавека, але і законы фізыкі, — сказаў Статкевіч.

 

Яму заапладзіравалі. Таго, хто апладзіраваў, выдалілі з залі, ён крыкнуў "Жыве Беларусь!".

 

18:25 Адхілена хадайніцтва Статкевіча выслухаць сьведкам Сяргея Марцэлева, чыя перапіска ў скайпе ёсьць у справе.

 

18:45 Закончылі вывучаць матэрыялы справы, заяўляюць дадатковыя хадайніцтвы. Суд адхіліў хадайніцтва аб выкліканьні сьведкам сына Вуса Івана, якому 14 гадоў. Закончылася сьледзтва, заўтра будуць спрэчкі бакоў. Перапынак да 10 гадзінаў 18 траўня.

 

“Радыё Свабода”

 

 

18 траўня 2011 г.

 

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай
(Дзясяты дзень)

 

18 траўня Фрунзенскі суд Менску працягве разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды актывісткі Насты Палажанкі.

 

10:00 Сёньня ў працэсе чакаюцца выступы адвакатаў Насты Палажанкі і Ўладзімера Някляева. Потым будуць апошнія словы абвінавачаных. На суд прыйшло вельмі шмат народу, трапілі ня ўсе. Сярод прысутных назіральнікі АБСЭ, дыпляматы, палітык Аляксандар Мілінкевіч, літаратары Ўладзімер Арлоў і Леанід Дранько-Майсюк, старшыня БАЖ Жанна Ліцьвіна ды іншыя.

 

10:02 Пачынае выступаць адвакатка Кацярына Пятровіч, абаронца Насты Палажанкі. Яна тлумачыць права грамадзянаў на свабоду мітынгаў, сходаў, масавых мерапрыемстваў.

 

10:08 Адвакатка Палажанкі тлумаць пра дазвольны прынцып правядзеньня масавых мерапрыемстваў, асаблівасьці беларускага заканадаўства. Пераходзіць на асобу сваёй падабароннай. Наста не зьяўлялася сябрам ініцыятыўнай групы ніводнага кандыдата.

 

Адвакатка адзначае, што агрэсіўна дзейнічала каля дзесятка асобаў, а на плошчы былі дзесяткі тысяч, якія прыбылі на мірную акцыю. Наста дапамагла толькі сваім сябрам разьмясьціцца на начлег.

 

У кватэры камфортна магло разьмясьціцца чалавек 5, дык пра якую масаваць можа ісьці гаворка? Тэлефонныя размовы Насты праслухоўваліся цягам трох дзён. Але і па іх можна меркаваць, што яна не была арганізатаркай масавага мерапрыемства. Яна толькі дапамагла некалькім сваім сябрам знайсьці дзе пераначаваць.

 

Ніякую інфармацыйную кампанію Наста Палажанка не арганізоўвала.

 

Спыняецца на спальніках, якія не зьяўляюцца доказам арганізацыі масавага мерапрыемства. Пераходзіць да дзеяньняў Насты на Кастрычніцкай плошчы. Кажа, што прадстаўнікоў улады, акрамя ДАІ, на плошчы не было. Гукаўзмацняльнай апаратуры не было. То бок што, плянавалася акцыя цішыні?

 

Пераконвае, што Наста не выводзіла людзей на праезную частку, не арганізоўвала іх. Не было яе на чале калёны.

 

Кажа, што на плошчу прыйшоў не натоўп, а людзі, якія самі прынялі рашэньне туды прыйсьці, дабравольна і самастойна.

 

Грамадзкі транспарт зрабіў мінімальны аб’езд плошчы па суседніх вуліцах. Гэта не было грубым парушэньнем ці спыненьнем руху транспарту.

 

10:35 Адвакатка пераходзіць да стратаў, якія нібыта былі ў прадпрыемстваў і арганізацый, што закрыліся падчас акцыі. Аналізуе прамову дзяржаўнага абвінаваўцы. Кажа, што ён агаварыўся, што Наста нібыта была на вуліцы Калектарнай. Што да відэаматэрыялаў, падчас суду быў адзін толькі стоп-кадр, дзе была Палажанка, а гаварыла голасам Статкевіча. Дзе Палажанка на плашчы, дзе яна, узначальвае калёну, дзе яна прамаўляе? Такіх кадраў няма!

 

Тэлефонныя размовы Насты таксама ні пра што ня сьведчаць. Многія матэрыялы справы атрыманыя з парушэньнем працэсуальных нормаў. Нататнік, дзе былі пазначаны людзі з Баранавічаў, таксама ні пра што ня сьведчыць. Спальныя мяшкі, што былі ў транспартных сродках, не выкарыстоўваліся па прызначэньні.

 

Наста правяла ў СІЗА КДБ амаль два месяцы. Мне, абаронцы, не ўдалося ні разу наведаць Насту ў СІЗА. На ўсе свае скаргі ў органы я атрымлівала адказы, якія можна назваць зьдзекам.

 

Адвакатка кажа, што не было забясьпечанае права на абарону.

 

10:40 Адвакатка: Наста была ў ізаляцыі, яна не атрымоўвала лісты нават ад бацькі. Адвакатка таксама атрымлівала адпіскі на скаргі ў органы перасьледу. Даволі часта праводзіліся сьледчыя дзеяньні, Наста адказвала шчыра і сумленна на ўсе пытаньні. Яна вельмі годна трымалася. Вельмі цяжка заставацца такой годнай асобай ў свае 20 гадоў! У Насты ёсьць бацька і брат. Бацька — інвалід другой групы. Адвакатка з ўсёй адказнасьцю, упэўнена можа сказаць, што ніякіх доказаў віны Насты не было. У працэсе ўсе паводзілі сябе вельмі годна і прыстойна. Адвакатка просіць высокі суд вынесьці справядлівае рашэньне.

 

10:41 Гучаць апладысмэнты.

 

10:41 Выступае адвакат Някляева Ўладзімер Букштынаў. Дзякуе сваю калегу Пятровіч за палымяную прамову.

 

Калі адрынуць з матэрыялаў дзеяньні Някляева ў межах кампаніі "Гавары праўду!", выключыць зьбіцьцё і г.д., то ў сухім астатку застаецца наступнае. Так, Някляеў парушыў закон, заклікаў прыбыць грамадзянаў на несанкцыянавае мерапрыемства. Так, а 19-й гадзіне група Някляева цягам 5-7 хвілін прайшла па вуліцы. У астатнім віны Някляева няма. Я выкладу пазыцыю Някляева.

 

З моманту рэгістрацыі Някляева кандыдатам яму чынілася мноства перашкодаў: машыны затрымліваліся пры выездах у рэгіёны 21 раз!

 

Ва ўчастковы камісіі не было ўключана ніводнага сябра ініцыятыўнай групы Някляева. Эфірнага часу ён атрымаў значна менш за свайго галоўнага суперніка. На Ўсебеларускі народны сход яго не пусьцілі.

 

Адвакат Букштынаў выкладае падрабязна пазыцыю Някляева.

 

У Някляева не было мэты парушаць грамадзкі парадак. Дзеля гэтага ён зрабіў шэраг захадаў: набыў гукаўзмацняльную апаратуру, спрабаваў дамагчыся перамоваў з парваахоўнымі органамі для выпрацоўкі сумесных захадаў і дзеяньняў для забесьпячэньня парадку. Улады паступілі не па эўрапейскіх стандартах. Мірны мітынг, незалежна ад таго, санкцыянаваны ён ці не, павінен ахоўвацца міліцыяй. А потым ужо ідуць разборкі.

 

Някляеў хацеў запрасіць на плошчу генэральнага пракурора, каб той стаў гарантам парадку. Але безвынікова — на яго запрашэньне пракурор не адгукнуўся. Някляеў быў жорстка зьбіты яшчэ да пачатку акцыі. Таму пачаў рэалізоўвацца "ня іх сцэнар". Таму Вазьняк зьмяніў свой статус на статус журналіста, а Фядута наогул сышоў дадому.

 

Адвакат просіць выключыць з адвінавачаньня Някляева частку першую артыкула 342. Распавядае пра грубейшае парушэньне права Някляева на абарону. Просіць пракурора вынесьці з гэтай нагоды прыватнае вызначэньне.

 

Букштынаў не сьцьвярджае, што справа мае палітычны характар, але ад процістаяньня стаміліся ўсе: і ўлады, і грамадзтва. Час пераходзіць да паразуменьня і прымірэньня.

 

Пераходзіць да асобы Някляева — гэта творца. Таму ў яго абарону выступілі вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтва сьвету.

 

Заля апладыруе.

 

11:03 Выступае другая адвакатка Някляева Тамара Сідарэнка.

 

Яна пачынае з інцыдэнту на вуліцы Калектарнай, патрабаваньня дагляду аўтамабіляў. Падрабязна апісвае дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ.

 

Нават са словаў супрацоўнікаў ДАІ вынікае, што Някляеў заклікаў да парадку. Ніякіх дзеяньняў, што тычацца перашкодаў дагляду аўтамабіля, Някляеў не ўчыніў. Але выскокваюць нейкія людзі ў чорным з нецэнзурнай лаянкай і патрабаваньнем усім легчы тварам у сьнег. Людзі гэтыя без апазнавальных знакаў. Яны б’юць Някляева, іншых людзей.

 

Абвінавачаньне спасылаецца на тое, што грамадзяне не падпарадкаваліся. Хто гэтыя людзі ў чорным, што выскачылі, як чорт з табакеркі?

 

Што яны рабілі? Затрымлівалі канкрэтных асобаў, што чынілі беспарадкі? Не, кладуць людзей у сьнег, бьюць. Ніхто зь гэтых людзей ня быў дапытаны. Ясна, што мэта ў іх была — канфіскацыя гукаўзмацняльнай апаратуры. Выснова адвакаткі: Някляеў не чыніў перашкоды для агляду аўтамабіля.

 

Адвакатка іранізуе, што справа вельмі складаная і заблытаная. Яна аналізуе, як была перакваліфікаваная справа ў іншы артыкул. Нідзе не тлумачыцца, што стала з аўтамабілямі і тым, што ў іх нібыта было (штыры, арматура, апаратура).

 

Цялесныя пашкоджаньні Някляева відавочныя.

 

Увязваць дзеяньні Някляева з падзеямі на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці недарэчна. Адвакатка распавядае пра безьліч скаргаў, якія пісалі ўсе абаронцы. Толькі праз 40 дзён адвакатаў дапусьцілі да Някляева, калі яму ўжо зьмянілі меру стрыманьня.

 

Адвакатка распавядае пра безьліч скаргаў, якія пісалі ўсе абаронцы. Толькі праз 40 дзён адвакатаў дапусьцілі да Някляева, калі яму ўжо зьмянілі меру стрыманьня.

 

Адвакатка Сідарэка падрабязна спыняецца на працэсуальных парушэньнях, якія дапусьціла сьледзтва.

 

Аналізуе відэазапісы, дыскі, якія былі ў матэрыялах справы. Пераходзіць да аналізу тэлефонных размоваў, крытыкуе пратаколы праслухоўваньня. Санкцыянавала праслухоўваньне генпракуратура. Павінна быць пазначана асоба канкрэтная, а ня ўся генпракуратура. Даецца санкцыя на праслухоўваньне двух тэлефонаў, але не пазначаны нумары.

 

Адзначае нібыта "прыватныя гутаркі" супрацоўнікаў КДБ з абвінавачанымі, іх палохалі цяжкімі артыкуламі і прысудамі. У той жа час абарону да фігурантаў справаы не дапускалі.

 

Пераходзіць да затрыманьня Някляева, як яго без адзеньня выцягнулі на мароз з рэанімацыі. Нітка да ніткі яму сукамэрнікі сабралі рэчы, каб апрануцца. У сьледчым ізалятары ён перанёс некалькі гіпэртанічных крызаў. Усё сьведчыць пра парушэньне правоў чалавека.

 

Тамара Сідарэнка кажа пра выступы Някляева па "БТ", якія сьведчаць пра заклапочанасьць Някляева лёсам краіны.

 

Апладысмэнты ў залі. Судзьдзя робіць заўвагу.

 

11:51 Судовыя спрэчкі завершаныя. Перапынак на 5 хвілін.

 

12:06-12:45 Першым з апошнім словам выступае Сяргей Вазьняк. На пінжаку ў яго 4 мэдалі.

 

Пачынае з цытаты Энгельса — у яго не было часу, каб напісаць коратка. Адзначае, што ўзнагароды не баявыя, тройчы ў год ён апранае ўзнагароды (на 23 лютага, 9 траўня і 3 ліпеня).

 

Сёньня спаўняецца роўна год, як яго, Някляева і Дзьмітрыева затрымалі на трое сутак пры нападзе на офіс кампаніі "Гавары праўду!". Някляева трымалі ў пастарунку разам з бамжамі і дэбашырамі.

 

Кажа па сутнасьці выстаўленага яму абвінавачаньня. Па артыкулу 342 прызнае сваю віну часткова. На сустрэчах з выбарцамі ў Гомельскай вобласьці ён запрашаў грамадзянаў на мірны мітынг. Але гэта адбывалася не праз СМІ. Вазьняк заклікаў толькі да мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Ні да якага шэсьця па праспэкту ён не заклікаў. Зьдзіўлены, што абвінаваўца адзначыў, што ён аказаў непадпарадкаваньне і супраціў. Не разумее гэту фразу абвінаваўцы.

 

Страты "Менсктрансу" — 159 тысяч рублёў, сьведчаць, што не было грубых парушэньняў руху грамадзкага транспарту. Што да "МакДональдзу", наадварот, людзі туды перад акцыяўй ішлі ахвотна.

 

Кажа пра лёгіку, прычынна-сьледчыя сувязі, цытуе Гегеля.

 

Кажа пра невыкананьне службовых абавязкаў праваахоўнымі органамі, якія не спынілі біцьцё шкла ў Доме ўраду. Распавядае пра шматлікія парушэньні падчас выбарчай кампаніі. Спасылаецца на высновы АБСЭ. Пералічвае, што выбары, на яго думку, былі недэмакратычнымі. Прыводзіць канкрэтныя факты, распавядае пра асобныя прыклады. Абураецца праслухоўваньнем тэлефонаў усіх кандыдатаў і сяброў іх ініцыятыўных груп. Адзін гэты факт, што слухаюць кандыдатаў, сьведчыць пра недэмакратычнасьць выбараў.

 

А размова лідэра Руху "За свабоду!" Аляксандра Мілінкевіча зь Сяргеем Калякіным, — слухаюць усіх.

 

Пераходзіць да зьбіцьця кандыдата ў прэзыдэнты Някляева, які ў гэты час павінен быць абаронены законам. Білі Саньнікава, Статкевіча, калі ў іх таксама быў статус кандыдатаў.

 

Пажартаваў, што ў яго скончыўся напісаны тэкст. Пераходзіць да эпізоду зь Інай Чэкан — што быццам бы ён даваў непраўдзівыя паказаньні. У грамадзяніна ў Берасьці ў гаражы знаходзяць вялікі пакунак з валютай, які быў раней быццам бы ў кватэры Чэкан. З чаго ўзялі, што гэтыя грошы належалі Вазьняку? Тлумачыць пра гэты эпізод з Інай Чэкан і судзімым рэцыдывістам Брынзам. Ад грошай адмаўляецца — валюта не яго.

 

12:43 З апошнім словам выступае Аляксандар Фядута. Пачынае з расповяду пра сваю вучаніцу, якая стала псыхіятрам.

 

Спрабаваў зрабіць "працу над памылкамі", судовы працэс дапамог зразумець, што адбылося. Апісвае падзеі на вуліцы Калектарнай. "БТ" потым зваліць гэта на Саньнікава. Пазьней супрацоўнікі ДАІ скажуць, што гэта былі міліцыянты. Распавядае пра зьбіцьцё і выкраданьне са шпіталя Някляева. Трапна параўноўвае голас начальніка ДАІ Карзюка з Шаляпіным, які заглушае натоўп і музыку на плошчы. Узгадвае словы сьведкі Коласа, калі назіраў за рухам калёны: было адчуваньне, што запрашаюць "у пастку". Пераходзіць да валютнага крызісу і старшыні МВФ. Пераходзіць да "нашых памылак". Яны былі. Трэба ведаць заканадаўства, абламваць асабістыя амбіцыі і слухаць іншых. Змовы не было — штабы ня здолелі дамовіцца. Мы з Халіп, Саньнікавым, Бандарэнкам не размаўлялі зь 2007 года. А дарма. Але нашы родныя сустрэліся ў агульных чэргах, каб здаць перадачы ў "амэрыканку".


Мы хацелі перамен. Пералічвае вельмі трапна і эмацыйна мэты. Ня здолелі дамагчыся. І справа не ў міністры Куляшове. Справа ў нас. Мы павінны аб’яднацца.

 

Кажа пра тэрміны, якія далі хлопцам — па 3-4 гады. У гэтым ёсьць і ягоная віна. Зробіць усё, каб наступным разам усе ішлі па ходніках.

 

12:54 З апошнім словам выступае Віталь Рымашэўскі.

 

Кажа, як перакваліфікавалі артыкул. Як прасілі далучыць да справы відэматэрыялы з плошчы Незалежнасьці. Ня бачыць прычынаў, чаму перакваліфікавалі артыкул. Просіць прабачэньня ў судзьдзі і пракурора, калі ён пакрыўдзіў іх асабіста. Яму сорамна за ўсю судовую сыстэму.

 

Пераходзіць да сваіх дзеяньняў на плошчы. аналізуе дзеяньні начальніка ДАІ Карзюка, які дзейнічаў непрафэсійна. Сьледзтва доўга шукала людзей, якія арганізоўвалі быццам бы людзей. Кажа, што ёсьць такі чалавек. Просіць зьвярнуць увагу на паказаньні Карзюка. Толькі ён бачыў нас на чале калёны. Ён ня толькі даў ілжывыя паказаньні, але і не зьявіўся ў суд. магчыма, наўмысна. Жартуе, што магчыма, ён за мяжой, трэба вызначыць яго месцазнаходжаньня.

 

Пераходзіць да свайго ўдзелу. Спыняецца на моманце затрыманьня. Распавядае, як яго паклалі на стол. Ня ведаў, дзе знаходзіцца, але калі гэта СІЗА КДБ, я ганаруся: тут закатаваныя сотні людзей, якіх я ня варты.

 

Вельмі спачувае судзьдзі і пракурору — не зайдзросьціць ім. Вельмі ганарыцца, што ён знаходзіцца на лаве падсудных зь лепшым паэтам. Разумее становішча, ў якім знаходзяцца судзьдзя і пракурор. Самае страшнае — забіць у чалавеку веру.

 

Ён меў гонар запрашаць людзей на плошчу. Але наіўна думаць, што заклікі прывялі людзей на плошчу. Людзі выйшлі туды змагацца за свабоду, змагацца са страхам, хлусьнёй і беззаконьнем, што пануюць у краіне.

 

Тое, што зараз адбываецца ў краіне — жорсткія прысуды, рэпрэсіі — накіравана на тое, каб людзі больш ня выйшлі. Але ўсё будзе наадварот. Пасьля наступных выбараў выйдзе больш. А калі выбары стануць свабоднымі і справядлівымі, людзі таксама будуць выходзіць на плошчу, каб сьвяткаваць. За нашу і вашу свабоду. Зноў узгадвае засьценкі КДБ, дзе ў 1936-37 гадах загінула шмат людзей. Яму пракурор папрасіў умоўны тэрмін, але ён ведае, што такое гэтыя ўмовы. Бясьпекі ня будзе ні яму, ні яго сям’і, пакуль краіна ня стане свабоднай. Будзе рабіць усё магчымае, каб людзі, якіх пакаралі за плошчу, выйшлі на свабоду.

 

Дзякуе людзям, якія не спужаліся, якія яго патрымліваюць, моляцца.

 

Нам патрэбна дамагчыся і мы даможамся свабодных і справядлівых выбараў. А найперш нам важна выбраць тыя каштоўнасьці, на якіх мы будзем будаваць нашу краіну.

 

Дапускае, што спадарыня судзьдзя можа стаць сябрам аргамітэту ў справе стварэньня БХД.

 

Запрашае ўсіх па розныя бакі добра падумаць.

 

13:18 Выступае Андрэй Дзьмітрыеў. Няма магчымасьці выступіць па тэлебачаньні, у іншых месцах — ёсьць магчымасьць толькі выступіць у судзе. Сваё 30-годзьдзе ён сустрэў у судзе, з каменем на сэрцы. Просіць прабачэньня ў Някляева і ўсіх паплечнікаў па лаве падсудных. Надыйдзе час, калі мы даведаемся пра ўсё, што адбывалася.

 

Параўноўвае паказаньні начальніка ДАІ і дзяўчынкі, якой апалілі валасы. Шчырасьць дзяўчынкі відавочная. Распавядае, як з залі суду вёў "прамую трансляцыю ў Інтэрнэт" і атрымаў за гэта шмат падзякаў. У іншых, хто сядзіць, такой магчымасьці не было.

 

Кажа пра неабходнасьць пераменаў, пра дакумэнт, які яны стварылі. Тлумачыць, чаму яны вырашылі зьвярнуцца да прэм’ер-міністра.

 

Распавядае, як год таму яны зь Някляевым сустракаліся з эўрапэйскімі дыпляматамі. І Някляеў казаў, што не зьбіраецца на выбары. але ў той жа дзень на офіс напалі. І ён пазьней зьмяніў рашэньне. Распавядае пра акцыі кампаніі "Гавары праўду!", пра спробы перайменаваць вуліцы ў вуліцы імя Васіля Быкава.

 

Усе ведалі — і апазыцыя, і ўлады — што плошча будзе. Так, акцыя была несанкцыянаваная, але мы рабілі ўсё, каб забясьпечыць бясьпеку. Але ўлады нічога не рабілі для гэтага.

 

Распавядае, што з дапамогай рабаваньня ў штаба Някляева адабралі ўсё — гукаўзмацняльную апаратуру, самога Някляева нэўтралізавалі. Мы маліліся, каб чалавек выжыў. Пайшлі на плошчу.

 

Зноў разважае пра дзеяньні міліцыі, ДАІ. Узгадвае тое, што паказваюць па тэлебачаньні: у Францыі ды іншых краінах спаленыя машыны, разьбітыя вітрыны. Гэта сапраўды грубыя парушэньні. У нас такога не было.

 

Асуджае дзеяньні тых, хто разьбіў шкло. Але на плошчы былі іншыя рэчы, пра якія ня кажуць: Рымашэўскі заклікаў міліцыянтаў, каб далі людзям сысьці. Людзі проста стаялі. Кажа, што яны парушылі заканадаўства. Але выратавалі людзей ад траўмаў на лёдзе, калі б яны выйшлі на Кастрычніцкую. Не было цісканіны.

 

Распавядае, як яму патэлефанаваў 10-гадовы сын: "Мы ўсе любім Беларуь!".

 

13:43 З наступным словам выступае Наста Палажанка.

 

Кажа, што да 19 сьнежня яна жыла ў іншай краіне. Зараз — абсалютная гістэрыя, татальныя суды. Людзі, што выйшлі на плошчу — выйшлі абараніць нас усіх ад некантраляванай ўлады аднаго чалавека, які топіць усю краіну ў багне.

 

Дзякуючы гэтаму працэсу ёй удалося апынуцца на лаве падсудных з годнымі людзьмі. Я пераканалася, што званьне народнага пісьменьніка дае ня ўлада. Я вельмі ўдзячная за тое, што ўдалося бліжэй пазнаёміцца зь Фядутам, чытаць пра "дэкабрысцкі рух". Фядуту называе "дэкабрыстам". Кожнага ўзгадвае добрым словам — Дзьмітрыева хваліць за прамову ў судзе. За такія прамовы трэба даваць не артыкулы, а прэміі. Шкадуе Рымашэўскага — паралельна судзілі яго сябра Паўла Севярынца. Наста вельмі скэптычна ставілася да гэтага суду. Яна разумела, што прысуды будуць мяккімі ў параўнаньні з прысудамі Статкевічу, Вусу ды іншым.

 

Кажа вельмі трапна пра помсту мужным і таленавітым людзям. За нежаданьне казаць хлусьню людзі атрымліваюць ад 2 да 5 гадоў.

 

Разважае пра бацькоў тых, каго пасадзілі, кажа пра занадта дарагі кошт.

 

Разумее, што атрымае ўмоўны тэрмін. Ня страшна сесьці ў турму — страшна апусьціць рукі. Я буду дзейнічаць. Наш прысуд у тым, што мы свабодныя.

 

Кажа, што занадта можа любіць сваю краіну, моцна кахае чалавека, які ўжо ў турме. Але нельга адабраць свабоду і веру. Зычыць высокаму суду свабоды. Аплядысмэнты.

 

13:57-14:10 Выступае Някляеў з апошнім словам.

 

Кажа пра сына сьледчага, які распавёў гісторыю пра свайго сына, які вывучыў па беларуску два словы "дзякуй" і "да пабачэньня". Гэта катастрофа.

 

Распавядае, як угаворваў уладу стаць беларускай, пісаў вершы, песьні. Але ўлада кажа, што па-беларуску немагчыма сказаць нічога: толькі па-руску, па-ангелску і па-кітайску. Гэта кажа першы чалавек у краіне.

 

Але на гэтай мове быў напісаны Статут ВКЛ, першая эўрапейская Канстытуцыя, Францыск Скарына.

 

Някляеў хоча, каб Расея і Эўропа пабачылі Беларусь не паміж сабой, а побач. Амэрыканцы ня мелі нічога агульнага, але яны займеўшы незалежнасьць, стварылі заможную дзяржаву. А беларусы сталі "рускімі са знакам якасьці". Што гэта за нацыя такая? Спраўдная любоў ёсьць праўда. Кажа пра ўсьвядомленую нацыянальную ідэю, адказнасьць. Яна вымушае сказаць хоць горкую, але праўду. Я ўдзячны беларусам, якія 19-га выйшлі на плошчу і захавалі годнасьць нацыі. Я прапаную іншае: ўлада адмаўляецца ад рэпрэсій, а мы адмаўляемся ад патрабаваньня новых выбараў.

 

Узгадвае Янку Купалу і Дуніна-Марцінкевіча, імём якога названа вуліца, дзе знаходзіцца суд. Чытае ўрывак з п’есы Дуніна-Марцынкевіча пра таго, хто не разьняў бойку, як пакараць.

 

Кажа, што мы павінны выйсьці са шпіталю для душэўна хворых.

 

14:09 Судзьдзя патрабуе, каб Някляеў прамаўляў ня зь месца, а падышоў да трыбуны.

 

14:10 Някляеў кажа далей, што гатовы прыняць прысуд нават за тое, што да плошчы не дайшоў. Ва ўсім іншым ён не вінаваты.

 

14:11 Прысуд будзе абвешчаны 20 траўня а 16 гадзіне. Някляеву прысутныя зладзілі авацыю.

 


Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым
(Сёмы дзень)

 

18 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску разглядае крымінальныя справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

 

Судзьдзя Людміла Грачова. Абвінаваўца Кірыл Чубкавец.

 

10:15 Працэс аднавіўся. Судзьдзя абвяшчае судовыя спрэчкі і дае слова пракурору Кірылу Чубкаўцу. Пракурор адзначыў адразу, што гэта справа неардынарная, бо на лаве падсудных два кандыдаты на прэзыдэнта. Паводле пракурора Статкевіч і Вус арганізавалі масавыя беспарадкі, таксама арганізаваў і прыянў удзел у масавых беспарадках Класкоўскі.

 

10:20-11:10 Пракурор выкладае пазыцыі абвінавачаных. Што Статкевіч не прызнае сябе вінаватым і падчас сьледзтва паказаньняў не даваў. Пра паказаньні Класкоўскага і Вуса пракурор кажа, што яны давалі супярэчлівыя паказаньні, каб ухіліцца ад адказнасьці.

 

Абвінавачаны Квяткевіч, паводле пракурора, прызнаў, што быў на мітынгу, чуў выступ Статкевіча з заклікам ісьці да Дому ўраду дзеля перамоваў. Ён таксама падышоў і нанёс 3 удары з хулігансткіх мэтаў, быў на падпітку. На сьледзтве Квяткевіч казаў, што паддаўся на заклік Статкевіча. На судзе паказаньні зьмяніў, але важкіх прычын зьмены паказаньняў не назваў.

 

Буланаў прызнаў, што нанёс як меней 3 удары пад уплывам натоўпу. Паказаў, што ня меў намеру ўвайсьці ў Дом ураду.

 

Грыбкоў казаў. што ня меў намеру ўрывацца ў Дом ураду, а наносіў удары пад уплывам натоўпу. Але на сьледзтве ён казаў, што прыйшоў пабіцца зь міліцыяй і важкіх прычын зьмены паказаньня ня даў.

 

Пазьняк сказаў, што нічога ня біў. З паказаньняў сьведак аднак вынікае, што абвінавачаныя вінаватыя ў злачынстве. Пракурор пералічыў сьведчаньні міліцыянтаў. Цытаваў іх адносна агрэсіўнасьці мітынгоўцаў, іх зладжаных дзеяньняў. Нагадаў пра пабоі, цялесны боль і траўмы. Таксама нагадаў. што быў выкарыстаны парашковы вогнетушыцель. Пералічыў траўмы пацярпелых. Адносна яшчэ больш чым 10 пацярпелых пракурор нагадаў, што яны зьвярталіся у шпіталь. Але прызнаў, што ступень цяжкасьці траўмаў вызначыць не ўдалося.

 

Адносна Класкоўскага пракурор нагадаў, што той зьневажаў і штурхаў пацярпелага Зінкевіча.

 

На месцы здарэньня знайшлі палкі, жалезныя пруты, балёнчыкі, бутэлькі з нейкай вадкасьцю. магчыма гаручай. Гэта сьведчыць пра тое, што мітынгоўцы загадзя падрыхтаваліся да злачынства, мяркуе пракурор. Высновы пра фальсыфікацыю рэчавых доказаў, пра што казаў Статкевіч, не прымаюцца, бо гэта не пацьверджана.

 

У якасьці доказаў пракурор назваў відэа і аўдыё запісы. Таксама выказваньні Статкевіча і Вуса пра надуманасьць фальшаваньня выбараў. Пракурор прывёў паказаньні сьведак, якія бралі ўдзел у сходах з выбарцамі, на якіх Статкевіч і Вус заклікалі "ціснуць на ўладу" і запэўніў, што сам будзе сярод мітынгоўцаў.

 

Спасылаецца на паказаньні сьведкі, начальніка ДАІ Менска Карзюка, які паказаў, што калёна дэманстрантаў са Статкевічам, Вусам ды іншымі выйшла на праезную частку. Патрабаваньне ДАІ праігнаравалі. Статкевіч і Вус ішлі ў ліку першых.

 

Сьведкі Чарнабай і іншыя паказалі, што Вус патрабаваў прапусьціць абяцаючы генэральскі чын міліцыянту. Пракурор спаслаўся, што ўлады Менска не давалі дазвол на акцыі на плошчах.

 

Пракурор спасылаецца на паказаньні сьведак з "Эўрасеткі" пра спыненьне працы з 21:00 у сувязі з мітынгам, на адказ з банку адносна закрыцьця пункту абмену валют, сьведчаньне супрацоўніка мэтро, што мэтро зачынялася на "Кастрычніцкай" і "Купалаўскай".

 

Спасылаецца на паказаньні супрацоўніка палаца культуры прафсаюзаў, на адказ з "МакДональдсу" (з 20:15 да 24:00 быў зачынены і нібыта страты склалі 8 мільёнаў), на прыватнае прадпрыемства "Канапацкі" і "Менсктранс", якія таксама мелі страты.

 

Спасылаецца на дакумэнт, знойдзены падчас ператрусу ў Статкевіча, паводле якога перамагчы ў недэмакратычнай краіне можна толькі праз сілавыя захады. Пералік захадаў, каб гэтага дамагчыся. Падпісана Някляевым, Лябедзькам ды іншымі.

 

Тое, што Статкевіч і Вус вялі выбарчую кампанію разам, пацьверджана і паказаньнямі сьведкі Ліштвана, які паказаў, што прыносіў падпісныя лісты за Статкевіча ў офіс Вуса і там атрымліваў грошы.

 

Пералічвае відэазапісы з плошчы Незалежнасьці, ў тым ліку як Статкевіч з Саньнікавым ідуць праз "калідор" да Дому ўраду. Відэазапіс звароту да вайскоўцаў, дзе Статкевіч заклікае не падпарадкоўвацца загадам. Згадваецца размова па тэлефоне з бізнэсоўцам Сманцарам, у якой Статкевіч кажа, што ня можа пранікнуць у Дом ураду, бо там засеў АМАП.

 

Прыводзіцца размова Статкевіча з Вусам у 19:30 па тэлефоне пра наяўнасьць міліцыянтаў вакол Кастрычніцкай плошчы, ён выказвае думку, што сілаў ня хопіць, калі ня прыйдзе шмат людзей.

 

Відэа размовы Статкевіча і Вуса з супрацоўнікамі ДАІ на Кастрычніцкай плошчы. Размова Марцалева па скайпу, што "будзе рэвалюцыя і Статкевіч усіх парве". Прыводзяцца дакумэнты. што Статкевіча неаднаразова папярэджвалі, што акцыя не дазволена.

 

Ацаніў словы сьведак Лябедзькі і Макаева, якія мяркуюць, што гэта была правакацыя сілавікоў. Што яны даўно ведаюць Статкевіча і дапамагаюць яму пазьбегнуць адказнасьці.

 

Пра Класкоўскага: згадаў ягоныя дзеяньні, як ён просіць сьцяг, спрабуе прарвацца ў Дом ураду. Што ён апрануты ў міліцэйскую курту. Злачынныя дзеяньні Класкоўскага суправаджаліся крыкамі: "Міліцыя з народам!". Класкоўскі на сьледзтве прызнаў віну і раскаяўся. Нагадаў, што у 2005 годзе Класкоўскі быў звольнены зь міліцыі.

 

Пра Квяткевіча пракурор кажа, што ягоныя дзеяньні зафіксаваныя на відэа, як ён наносіць удары. Прыводзяцца паказаньні сьведак, якія яго затрымлівалі. Знойдзены шалік, якім Квяткоўскі закрываў твар.

 

Пра Буланава: зь відэа бачна, што ён нанёс правай нагой 2 удары па агароджы.

 

Пра Грыбкова, што ён нанёс ня меней за 15 удараў па дзьвярах, сьведка ягонага затрыманьня — Цярэшчанка.

 

Пра Пазьняка, што ён быў у першых шэрагах, быў найбольш актыўны, нецэнзурна лаяўся, вёў сябе агрэсіўна пры затрыманьні.

 

Высновы: заявы Пазьняка, Грыбкова, Буланава, Класкоўскага, што яны не былі актыўнымі удзельнікамі, не пацьверджана доказамі. Такім чынам, яны бралі ўдзел у масавых беспарадках. Паказаньні Пазьняка несапраўдныя, бо пра іншае сьведчыць відэазапіс. Адносна іх правільная кваліфікацыя — удзел у масавых беспарадкаў. Да таго ж Класкоўскі падбухторваў дзеяньні натоўпу і заклікаў. Таму адносна яго правільна і арганізацыя. Да таго ж ён публічна зьняважыў міліцыянтаў. Таксама сьвядома падманваў адносна свайго статусу і паўнамоцтваў.

 

Віна Статкевіча і Вуса, адносна арганізацыі масавых беспарадкаў, паводле абвінавачаньня, даказаная. Статкевіч неаднаразова заклікаў, сам удзельнічаў. Вус яго падтрымліваў і казаў, што галасаваць бессэнсоўна. Статкевіч і Вус ведалі пэўна пра незаконнасьць акцыі. Вус паведаміў Статкевічу пра сілы і сродкі міліцыі вакол плошчы. Статкевіч на плошчы выказаў заведама ілжывыя зьвесткі, што Лука-ка набраў толькі 30% галасоў.

 

На плошчы Незалежнасьці Статкевіч выказаў заклік, які людзі ўспрынялі як заклік да злачынных дзеяньняў і сам пайшоў да Дома ўраду. Статкеівч і Вус дзейнічалі разам, збор подпісаў за Статкевіча фінансаваўся Вусам. Статкевіч разглядаўся як асноўны кандыдат, Вус — запасны. Кваліфікацыя іх дзеяньняў, як арганізацыя масавых беспарадкаў, правільная.

 

Трэба ўлічыць, што Статкевіч быў неаднаразова судзімы. Класкоўскі — не, Буланаў — не, Грыбкоў — прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. Мае дыягназ сындром залежнасьці ад алькаголю. Яму патрэбна прымусовае лячэньня ад алькагалізму. Пазьняк стаіць на прафіляктычным уліку, мае адносіны з раней судзімымі. Квяткевіч — раней быў судзімы на 3 гады. Абвінавачаны Вус раней не судзімы, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці.

 

11:13 Пракурор просіць:

 

Статкевічу — 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Вусу — 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Класкоўскаму — 8 гадоў і 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Квяткевічу — 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Пазьняку — 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Буланаву — 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Грыбкову — 4 гады з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму.

 

Пракурор папрасіў узяць Вуса пад варту ў залі суду адразу пасьля вынясеньня прысуду.

 

11:14 У судзе перапынак на 10 хвілін.

 

11:33-12:10 Пачаў выступаць абаронца Вуса Ўладзімер Сазанчук.

 

Кажа, што абвінавачаньне Вусу не пацьверджанае. Прапануе прааналізаваць абвінавачаньне, тое, ці мелі месца масавыя беспарадкі наогул. А таксама ўдзел у гэтым Вуса.

 

Цытуе кодэкс адносна дэфініцыі пра масавыя беспарадкі. Заўважае, што закон не вызначае, што такое масавыя беспарадкі. Мае значэньне, колькі асобаў зрабілі злачыныя праявы, іх цяжкасьць, наступствы. Зьвесткі пра колькасьць у справе адсутнічаюць, Тое, што справы раздробленыя паказвае, што адзінага деяньня не было. Масавасьць шэсьця зусім ня сьведчыць пра масавасьць біцьця шкла і дзьвярэй. У гэтым бралі ўдзел ня болей 20 чалавек.

 

Асноўная частка ніякіх сілавых дзеяньняў не рабіла. Зь відэа бачна, што беспарадкі былі на вельмі малой тэрыторыі. Большасьць мітынгоўцаў нават ня ведалі, што там адбывалася каля Дома ўраду.

 

Усяго нанесена шкоды на 14 мільёнаў, тры кусты ядлоўца патаптаныя і некалькі ссадзінаў амапаўцам — гэта не масавыя беспарадкі. А масавыя беспарадкі мусяць суправаджацца гвалтам над асобай, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці. А гэтага не было.

 

Падрабязна разьбірае ўсе гэтыя складнікі. Ніводнага факту гвалту над асобамі з боку дэманстранаў не зафіксавна. Пра гэта сьведчылі і самі міліцыянты, у тым ліку з ДАІ.

 

Пагромаў, падпалаў не было. Маёмасьці не зьнішчылі, а пашкодзілі і гэта ўжо кампэнсавана. Абвінавачыным не выставілі прэтэнзій. Узброенага супраціву не было. На відэ гэтага ня бачна, сьведкі не пацьвердзілі. Не ўстаноўлена адкуль узяліся рэчавыя доказы, якія сьледзтва знайшло на плошчы, Паводле адкаката, на відэа бачна, што плошча была чыстая, калі разагналі мітынгоўцаў.

 

Такім чынам, аналіз складу злачынства паказвае, што гэтага складу не было і нельга кваліфікаваць дзеяньні як масавыя беспарадкі.

 

Вусу інкрымінаваныя наўпроставыя дзеяньні, а доказў іх няма. І ён сябе выніватым не прызнае. Ён не адмаўляе, што ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі і тлумачыць, што рабіў гэта закона і законна дамагаўся зьменаў у выбарчым законе. У справе няма доказаў, што Вус нешта плянаваў злачыннае, меў задуму, прадбачыў і жадаў пэўных наступстваў.

 

Тое, пра што кажа сьледзтва, што быццам ён плянаваў і заклікаў на плошчу, а потым узначаліў "бесчынствуючы натоўп", і выкарыстаў людзей як інструмэнт — гэта няпраўда, бо не пацьверджана доказамі. З відэ мы бачым, што людзі ідуць мірна падчас шэсьця. Пра гэта паказвалі сьведкі Лябедзька і супрацоўнікі ДАІ. У матэрыялах справы няма ніякіх доказаў іншага. Што да Вуса, ён сышоў з плошчы Незалежнасьці дахаты яшчэ да біцьця вокнаў. Яго там больш ніхто ня бачыў, камэры яго не зьнялі.

 

Тое, што сказаў Вус адносна Карзюка, што стане генэралам — гэта ня больш чым жарт, а не арганізацыя масавых беспарадкаў. Давайце не сьмяшыць цывілізаваны сьвет. У залі сядзяць назіральнікі АБСЭ, — сказаў адкават. Што да нібыта зьвестак аб міліцыі вакол плошчы — гэта звычайны абмен інфармацыяй паміж людзьмі. Такія размовы ў той вечар былі шмат у каго ў менчукоў. Камэндантскага часу не было, усе маглі хадзіць і бачыць. Гэтак можна б было выставіць абвінавачаньне і сыну Вуса Івану, якому 14 гадоў, які нібыта "сабраў" гэтыя зьвесткі і паведаміў свайму бацьку. Не магу не выказаць неразуменьня непасьлядоўнасьцю органаў. Адным выставілі абвінавачанье ў арганізацыі масавых беспарадкаў, як Вусу, а іншым 293 артыкул, пра групавыя дзеяньні, пры тых жа наступствах.

 

Вус ня мае судзімасьці, кіруе невялікім прадпрыемствам, якое дае працу грамадзянам. Яго прадпрыемства аказвала спонсарскую дапамогу людзям. Фактчына, ён інвалід, ў яго была 2-ая група, ён проста яе не пацьвердзіў, каб не адчуваць сябе непаўнавартасным. У яго на ўтрыманьні сын ад першай памерлай жонкі, пяцімесячны сын, хворая маці.

 

Прашу апраўдаць Вуса — толькі такі прысуд будзе законым.

 

12:11-12:53 Пачала выступ адвакатка Тацяна Станкевіч, якая абараняе Міколу Статкевіча.

 

Можна пагадзіцца, што Статкевіч меў адносіны да несанкцыянаванай акцыі 19 сьнежня, але не магу пагадзіцца, што падаабаронны мае адносіны да масавых беспарадкаў, якіх з большага не было. Падчас шэсьця не было зафіксавана ніводнага факту парушэньня парадку.

 

Выхад на праезную частку можа быць прыкметай групавых дзеяньняў, які парушылі грамадзкі парадак, але ніяк не масавыя беспарадкі. Пасьля шэсьця на плошчы Незалежнасьці карціна ня моцна зьмянілася. Мы бачылі на відэа велізарную колькасьць людзей, якія паводзілі сябе мірна. І толькі праз нейкі час невялікая колькасьць, да 30 чалавек, пачынаюць біць шкло і дзьверы. Ці былі гэтыя дзеяньні масавымі? Не, бо іх не падтрымалі. Большасьць пра іх і ня ведала.

 

Калі прааналізаваць усе відэазапісы, мы бачым толькі 3 групы людзей, якія бьюцца ў дзьверы. Першая — невялікая група — з Класкоўскім. Другая — два мужчыны, якія манатонна бьюць і ніхто ім не дапамагае. і трэцяя група — яшчэ тры чалавекі. Прычым бачна, што побач зь імі вокны, у якія ніхто ня ломіцца.

 

Пасьля зьяўленьня спэцназу бачна, што людзі сталі зьлейшыя, эмацыйна рэагуюць, у тым ліку на адрас міліцыі. Чаму гэта адбывалася? Відаць, нехта атрымаў ужо ад спэцназаўцаў, нехта разумеў, што разгон усё роўна будзе. Людзі, якія прыйшлі на плошчу, пратэставалі, хацелі нечага дамагчыся і рузумеюць, што не дамогуцца. Лічу, што у той момант людзі і адрасавалі сваё незадавальненьне міліцыі. Але і тады было па-рознаму. Адны зьневажалі, іншыя крычалі, што "мы — адзін народ".

 

Мы бачылі, што на прарыў кідаліся невялікія групы людзей. Вось былі паказаньні міліцыянта Гушчы. Ён казаў, што адны людзі паспрабавалі прарвацца, не атрымалася, яны адышлі. Гэта пацьвярджае, што актыўна дзейнічала няшмат люзей. Пра арганізаваныя дзеяньні казаць не даводзіцца. Такім чынам, я лічу, што і на плошчы Незалежнасьці не было "бесчынствуючага натоўпу".

 

Што да рэчаў у руках дэманстрантаў — мяркую, ня знойдзна доказаў, што ў іх былі такія рэчы. Не таму, што двойчы нельга праводзіць агляд месца здарэньня. Ня веру, што прадметы, як 60 заточаных арматур, маглі застацца на зямлі праз працяглы час пасьля падзей. І на відэазапісах мы ня бачылі такіх прадметаў. Не магу казаць пра фальсыфікацыю доказаў, але скажу пра сумненьні. асабліва таму, што нам невядома ніводнага чалавека, які іх прынёс туды. І невядомы ніхто, хто ад іх пацярпеў.

 

Што да падпалаў, пагромаў і ўзброенага супраціву — то іх не было пэўна. Экспэртыза пэўна высьветліла, што гаручай вадкасьці ў бутэльках не было. Таму і казаць пра падпалы і нават спробу падпалу немагчыма. Але калі няма зброі, то няма і ўзброенага супраціву.

 

Такім чынам і на плошчы Незалежнасьці было толькі несанкцыянаванае мерапрыемства, якое, ня буду спрачацца, парушала грамадзкі парадак. І лякальныя хуліганскія дзеяньні.

 

Мяркуецца, што ў масавых беспарадках мусіць быць намер. Статкевіч прадбачыў, што выбары будуць фальшаваць і думаў, як гэта прадухіліць. Ён меркаваў, што вялікія сходы людзей паўплываюць на тых, хто лічыць галасы.

 

Пры гэтым ён заўсёды меркаваў, што акцыя будзе мірнай і пра гэта казаў. Гэтак і на сустрэчы ў Магілёве, якую мы праглядзелі, ён кажа, што мы не плянуем гвалту. 30 лістапада па "БТ" Статкевіч казаў, што акцыя будзе мірнай. як і 24 лістапада. Расцэньваць словы Статкевіча пра тое, што ён хоча "націснуць на ўладу" як заклік да беспарадкаў — няправільна.

 

Статкевіч казаў, што чым нас будзе болей, тым меншы будзе працэнт фальсыфікацый. Ціск меркаваўся псыхалягічны. Статкевіч прызнаваў, што акцыя будзе несанкцыянаванай, але гэта не значыць, што рыхтуецца злачынсвтва.

 

Тое, што ён казаў "прыйдзем і забярэм выбары" — гэта намер вярнуць людзям права на сапраўдныя выбары. Ці былі іншыя асобы ў змове са Статкевічам? Невядома, сьледзтва тут не дае доказаў.

 

Трэба ацэньваць выключна дзеяньні Статкевіча, а ня іншых асобаў. Пра змову з Вусам немагчыма казаць. Статкевіч насамрэч адразу меркаваў сабраць люзей на плошчы і кіраваць імі на плошчы, але кіраўніцтва не атрымалася. І няма доказаў, што ён кіраваў. Немагчыма па відэа меркаваць пра тое, ці падзейнічалі на людзей словы Статкевіча на Кастрычнцкай плошчы. На плошчы Незалежнасьці, паводле абвінавачаньня, Статкевіч нібыта заклікаў натоўп захапіць Дом ураду. Ён там выступаў двойчы, каля касьцёлу і ля помніка Леніну, казаў, што зараз пойдуць на перамовы. Потым нам відэа паказвае, як Статкевіч "па калідоры" праходзіць да будынку. Больш ніякіх дзеяньняў не зафіксавана. Ці можна трактаваць словы "мы подзем на перамовы" як заклік да гвалту? На мой погляд, не. Але чаму людзі пачалі біць шкло? Як сказаў сьведка Лябедзька, у вялікім натоўпе дастаткова некалькі чалавек, каб іх прыклад падзейнічаў. Магчыма, і тут была правакацыя, ня ведаю. Але відэа зафіксавала, што некалькі такіх людзей было, якія заклікалі пэўна. Статкевіча сярод іх не было.

 

Абвінавачаныя кажуць, што не на заклік Статкевіча яны пачалі гэта рабіць. Пракурор згадваў паказаньні Квяткевіча на сьледзтве, што на яго паўплывалі словы Статкевіча. Доказаў гэтаму няма ў справе, а Квяткевіч у судзе ад гэтага адмовіўся.

 

Мяркую, Статкевіч ні ў яікім разе не хацеў арганізоўваць масавыя беспарадкі. Ён зьбіраўся кіраваць, гэта так. Рыхтаваў нейкі штандар, гукаўзмацняльную апаратуру, але гэта да атрымалася.

 

Доказы сьледзтва адносна тэлефоннай размовы Лябедзькі і перапіскі Марцалева нельга лічыць доказамі супраць Статкевіча. Лябедзька патлумачыў, што не памятае такой размовы, а Марцалева суд не дапытаў. Тэлефонную размову Статкевіча са Сманцарам таксма нельга лічыць доказам. Адвакат Станкевіч мяркуе, што прызнаць вінаватым Статкевіча нельга і па гэтаму артуыкулу яго немагчыма прыцягваць да адказнасьці.

 

12:54 Перапынак да 13:40.

 

13:45 Паседжаньне неўзабаве адновіцца. У залю прыйшоў Павал Севярынец. Спачатку яго не пускалі, бо нібыта няма пашпарту, потым усё ж пусьцілі.

 

13:50-14:11 Зараз "студэнтаў" у залі ўжо няма. Пачала выступ адвакат Класкоўскага Ірына Бурак.

 

Сказала, што ня будзе паўтараць тое, што ужо сказалі яе калегі. Падзялілася дэфініцыямі такога дзеяньня, як пагром, якое ўваходзіць у масавыя беспарадкі. Кажа, што прыкметаў пагрому, як пра гэта кажа даведчая літаратура, не было.

 

— Сам характар нанесеных будынку стратаў кажа пра дзеяньні асобных людзей, а ня ўсёй масы мітынгоўцаў.

 

Нагадала, што людзі прыйшлі на плошчу Незалежнасьці дзеля мірнай акцыі і людзі гэтак сябе паводзілі. Пра гэта сьведчаць і пашкоджаньні. якія атрымалі міліцыянты, пацярпелыя Булавацкі ды іншыя. Гэта дробныя пашкоджаньні. Калі б была ў мітынгоўцаў зброя, як кажа сьледзтва, былі б пашкоджаньні значна больш істотныя.

 

Выснова адваката Ірыны Бурак: казаць пра тое, што былі масавыя беспарадкі, немагчыма. Былі асобныя факты таго, што асобныя людзі пабілі шкло і дзьверы Дома ўраду.

 

Якая роля Аляксандра Класкоўскага у тым, што адбылося? Класкоўскі прыйшоў на плошчу, каб выказаць сваю пазыцыю, прыйшоў бяз зброі, потым разам з усімі пайшоў на плошчу Незалежнасьці. У чым выявілася яго арганізацыйная роля? Чаму ён на Кастрычніцкай плошчы не пачынаў сваіх арганізацыйных дзеяньняў? Бо іх не было і не было такога у яго намеру. Потым таксама.

 

Тое, што кажа абвінавачаны, што Класкоўскі быў нападпітку, нічым не пацьверджана. Нават сьведка Зінкевіч, ня можа сьцвярджаць, што той быў нападпітку. Што было далей? Мы можам пэўна сцвярджаць, што Класкоўскі атрымаў траўму галавы. У яго, як бачна на відэа. кроў на галаве. Ягоныя дзеяньні маюць пэўную мэту — выказаць пратэст супраць гвалтоўных дзеяньняў супраць яго. І гэтым тлумачацца ўсе астатнія яго дзеяньні.

 

Тое, што Класкоўскі нібыта арганізатар, нават абвяргаецца матэрыяламі справы. Ён нікога ня ведаў з кіраўнікоў, ні з кім ня быў зьвязаны, ня меў тэхнічных прыладаў для арганізацыі. Як ён мог нешта арганізаваць? Ніяк.

 

Мяркую, што на арганізацыйныя дзеяньні просьба Класкоўскага "дайце мне сьцяг" ніяк не цягне.

 

Падняла загад аб звальненьні Класкоўскага зь міліцыі, у якім не гаворыцца аб пазбаўленьні яго адмысловага званьня — лейтэнант міліцыі. Таму няма і прысваеньня званьня, калі яно за ім захоўвалася. Мы бачым, што на ганку і перад супрацоўнікамі міліцыі Класкоўскі ў цывільнай куртцы, ягонага міліцэйскага кіцеля там ня бачна. Так, на фотаздымках ён у белай кашулі з гальштукам, у кіцелі, але мы гэтае відэа ня бачылі, яго не вывучалі і спасылацца на яго ня можам. Да паказаньняў пацярпелых, што Класкоўскі іх зьневажаў, трэба ставіцца крытычна. Што да паказаньняў пацярпелага Макарчука, то іх трэба ўспрымаць крытычна. Макарчука дапыталі ажно ў сакавіку. Ен кажа, што з інтэрнэту даведаўся пра Класкоўскага, толькі тады пазнаў яго.

 

Нагадала паказаньні Класкоўскага, які казаў, што заклікаў ня біць людзей і быў вельмі абураны тым, як паводзілі сябе некаторыя міліцыянты.

 

Паводле адваката Бурак, відэаздымкай віна Класкоўскага не пацьверджана. Улічваючы ўсё разам, просіць апраўдаць Класкоўскага па ўсіх абвінавачаньнях.

 

14:13 Пачаў выступаць адвакат Квяткевіча Сяргей Новік. Нагадаў, што ягоны падабаронны прызнаў віну часткова — што да факту ўдараў у шкло і дзьверы. Адвакат далучыўся да меркаваньня калегаў, што масавых беспарадкаў не было.

 

Выказаўся супраць таго, як было складзена абвінавачаньне. Недазваляльна даказваць віну майго падабароннага дзеяньнямі іншых нявысьветленых людзей. Працытаваў абвінавачаньне, што Квяткевіч нібыта выкарыстоўваў рэчы, якія прынесьлі іншыя ўдзельнікі падзей.

 

Не высьветлена ў судзе, што мой падабаронны рабіў тое, што кажа сьледзтва. І ў ягоных дзеяньнях няма намеру. Мой падабаронны прызнаў, што нанёс тры ўдары па шклу, але ня болей за тое. Відэа з маім падабаронным ня можа быць прызнана доказам, бо няма пратаколу выняцьця гэтага відэа. Сьведкі Дудурчык і Налецкі паказалі, што ня бачылі, як падабаронны наносіў удары. Так, падабаронны ў дзень выпіў сьпіртнога, але з таго часу мінула шмат часу. Ён ня быў, як лічыць абвінавачаньне, пьяным.

 

Тым больш няма дадзеных экспэртызы. Прашу не прызнаваць гэта як абцяжарваючыя абставіны. Дзеяньні майго падабароннага варта было б лічыць хуліганствам. Пра асобу Квяткевіча — ён малады, яшчэ набіраецца жыцьцёвага досьведу. Адвакат просіць улічыць ягоныя станоўчыя характарыстыкі і апраўдаць.

 

14:27 Выступае адвакат Арцёма Грыбкова спадарыня Шэльдава.

 

Зьвяртае ўвагу суду на незвычайны дзень, калі ўсё адбывалася — выбары, Людзі прышлі, бо спадзяваліся на перамены. Спынілася на асобе Грыбкова. Паводле адваката, на яго лёс паўплывалі супярэчлівыя абставіны. Часта яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці несправядліва, як лічыць адвакат. Гэтак было раней ў Карэлічах, дзе жыў Грыбкоў. Гэтак паўтарылася ў Менску 19 сьнежня, калі Грыбкова пакаралі за несанкцыянаванае шэсьце, хаця ён у ім ня ўдзельнічаў.

 

Адвакатка пагадзілася з калегамі, што няма складу злачынства, бо няма масавых беспарадкаў. Нанясеньне 15 удараў па шчытах, якія не прынесьлі нікому шкоды, нельга лічыць удзелам у масавых беспарадках. Доказаў таго, што Грыбкоў быў зь некім аб’яднаны ці быў хаця б знаёмы, сьледзтва не дало. Грыбкоў ня ўдзльнічаў у групе, якая ёсьць на відэа, з удзелам Класкоўскага. Няма доказаў, што ён працяглы час быў каля ўваходу ў Дом ураду. Ён сышоў з плошчы раней, чым скончыўся мітынг. Дзеяньняў, якія яму інкрымінуюць, ён не ўчыняў, максымум — адміністрацыйнае пакараньне, А за гэта ён ужо панёс адказнасьць. Грыбкова трэба апраўдаць. Што да прымусовага лячэньня ад алкагалізму, дакумэнты пра гэта непацьверджаныя. Гэтую меру да Грыбкова не ўжываць і грунтавацца на характарыстыках з апошняга месца працы і месца жыхарства.

 

14:42 Пачала выступ адвакатка Буланава Ірына Тачкар.

 

Мы мяркуем, што ўсім абвінавачаным, якіх тут судзяць, выстаўлены беспадстаўныя і незаконныя абвінавачаньні.

 

Сьледзтва казала, што прыцягваюцца да адказнасьці найбольш актыўныя. Але адносна Буланава няма такіх доказаў. Пра яго ёсьць толькі тое, што ён нанёс 2 удары па шчытах. У аналізе доказаў дзяржаўнага абвінаваўцы толькі 15 сэкундаў часу ўдзелена Буланаву. Нагадала паказаньні Буланава, што той прыйшоў на мітынг з цікаўнасьці, застаўся на плошчы, бо было цікава, падыйшоў да ганку і двойчы ўдарыў па шчытах нагой. Пры гэтым ніякай маёмасьці не пашкодзіў. Няма ніякіх доказаў удзелу ў масавых беспарадках, няма ніводнага сьведкі, які б казаў, што Буланаў рабіў нешта незаконнае.

 

Толькі два міліцянты Ціхановіч і Маланка ў пратаколах адміністрацыйнага парушэньня казалі, што Буланаў выкрыкваў антыўрадавыя лёзунгі і браў актыўны ўдзел у мітынгу. Але за гэта ён адбыў 10 сутак. Прычым адбываў з траўмай галавы. Па галаве яму ўдарылі гумавай дубінкай. хаця паводле службовай інструкцыі, гэта забаронена.

 

На відэа запісу бачна, што Буланаў не спрабуе прарвацца ў Дом ураду, што гэта спантанная рэакцыя на падзеі. А чаму Дзьмітрый аказаўся каля дзьвярэй будынку? Для мяне відавочна, што людзі, якія сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, не плянавалі шэсьцяў і мітынгаў. Яны плянавалі заставаца на плошчы, таму некаторыя бралі соль, каб сыпаць на лёд. Але атрымалася так, што пайшлі на плошчу Незалежнасьці.

 

Калі б у Буланава была мэта пранікнуць у Дом ураду, ён бы рабіў больш трывалыя дзеяньні. Ён проста праявіў свае пачуцьці. Немагчыма казаць і тое, што ён з кімсьці быў зьвязаны. Бачна, што ён адразу адышоў ад месца падзей, значыць, ні з кім не быў зьвязаны.

 

Таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў руках мітынгоўцаў не бачылі зброі ці нейкіх прадметаў, пра якія кажа сьледзтва. Не бачылі і таго, што засталося на плошчы. Спынілася на паказаньнях пацярпелых.

 

— Іх і пацярпелымі цяжка назваць, — кажа адвакатка.

 

На відэа няма ніводнага моманту агрэсіі з боку мітынгоўцаў, а вось з боку міліцыянтаў яе шмат. Бачна, што людзі ўгаворвалі міліцыянтаў, каб яны паводзілі сябе мірна. Паказаньні пацярпелых напісаныя як пад капірку.

 

Ніводны пацярпелы не ўказаў на Буланава, што ён ужываў гвалт. Не было "бясчынствуючага натоўпу", а былі асобныя дзеяньні асобных грамадзянаў. Падабаронны двойчы піхнуў нагой па дрэву — і што гэта за ўдзел у масавых беспарадках?

 

Атрымліваецца, што штурм Дому ўраду быў з вудамі ў руках. Спынілася на асобе Буланава. Ён вырас у інтэлігентнай сям’і, маці выхавала яго вельмі прыстойна. Чаму пракурор не ўлічыў дыягназ, які паствілі Буланаву? У яго цяжкая хвароба суставаў і сэрца. Лячэньне Буланава ў турэмных умовах немагчыма.

 

Пазбаўленьне волі для Буланава можа прывесьці да пагрозы жыцьцю і здароўю, лічыць адвакат. Меру пакараньня, якую прапанаваў Буланаву пракурор, адвакат лічыць беспадстаўна жорстакай.

 

Просіць апраўдаць Буланава.

 

15:15 Выступае адвакат Пазьняка Іван Жабко.

 

Кажа, што доказаў удзелу Пазьняка ў масавых беспарадках не сабрана. Відэа, на якім бачны Пазьняк, такім не зьяўляецца, бо на ім Пазьняка ўдарылі. Ён паваліўся, яму дапамаглі падняцца, але сам Пазьняк актыўных дзеяньняў ня робіць. Адвакат таксма мяркуе, што масавых беспарадкаў не было, а былі хліганскія дзеяньні лякальнага характару. Сярод іх Пазьняка не было, кажа адвакат. Пры гэтым відэа, якое ў судзе паказалі, адвакат ня лічыць доказам віны.

 

— Знаходжаньне Пазьняка ў натоўпе ня ёсьць злачынствам, — кажа адвакат.

 

Адвакат распавёў, што Андрэй Пазьняк з Жодзіна, у Менск прыехаў за пакупкамі, на плошчы аказаўся выпадкова, бо стала цікава. Адвакат нагадаў паказаньні сьведкі міліцыянта Кулагі, які казаў, што затрымліваў Пазьняка, а ў судзе яго нават не пазнаў.

 

У масавых беспрадках мусяць быць пагромы, падпалы, узброены супраціў — нічога гэтага Пазьняк не рабіў.

 

На відэа няма кадраў, каб Пазьняк быў на ганку Дома ўраду. Ёсьць фотаздымак, дзе Пазьняк стаіць сярод іншых мітынгоўцаў. Але камэнтар да гэтага здымку сьледчага "Пазьняк рыхтуецца да прарыву ў Дом ураду" — беспадстаўны.

 

Пазьняк зьбіраўся ў сьнежні ажаніцца, але гэтыя пляны давялося адкласьці. Ён рабіў у жыцьці памылкі, але іх выпраўляў. Ён быў шараговым удзельнікам акцыі, панёс за гэта адміністрацыйнае пакараньне, усьвядоміў. Прашу апраўдаць майго падабароннага. Прысуд нельга засноўваць на меркаваньнях, а фактаў супраць падабароннага няма.

 

15:44 Пракурор адмовіўся ад рэплікі.

 

15:45 Мікола Статкевіч пачаў апошняе слова.

 

Насамрэч 19 сьнежня было ў Беларусі злачынства і гэта зрабіў адзін кандыдат. Гэта захаваньне ўлады незаконным шляхам. Я рабіў усё, каб гэта прадухіліць.

 

Я наўпрост зьвяртаўся да гэтага кандыдата не рабіць гэтага, і ведаючы, што гэта не спрацуе, спрабаваў арганізаваць масавую акцыю. Каб прысутнасьцю вялікай колькасьці людзей прымусіць уладу да закону.

 

У жыцьці бываюць прыклады, калі дзеля прадухіленьня цяжкага злачынства трэба ісьці на малое. Але ўлада вырашыла сфальшаваць выбары ў чарговы раз і задумала яшчэ адно злачынства — расправу над дэмакратычнымі сіламі, над тымі, хто пратэставаў супраць гэтага.

 

Яшчэ задоўга да 19 сьнежня на дзяржпрадпрыемстве замаўляліся заточкі, каб потым абвінаваціць, магчыма, мяне. Але потым зразумелі, што гэта занадта. У СІЗА КДБ мне распавялі, што за шмат дзён там пачалі рыхтавацца, зьбіваць шчыты, каб спалі новыя арыштанты, бо ўсім месцаў не хапае.

 

Установы папярэдзілі загадзя, каб зачыніліся. маўляў, будуць масавыя беспарадкі. Правакацыя пачалася з нападу ў 19:30 на двух кандыдатаў. Людзі не паддаліся тады на правакацыю. Калі пачалася дэманстрацыя, улады мэтанакіравана спынілі галаву калёны, каб былі беспарадкі. Але зноў людзі паводзілі сябе прыстойна. Далей на плошчы Незалежнасьці нейкія невядомыя пачалі біць шкло. Потым яны крычалі "ГУВД", калі іх білі (мы гэта бачылі на відэа). Да іх далучыліся некаторыя мітынгоўцы. Я іх не асуджаю. Бо яны спрабавалі прадухіліць большае злачынства — краінай кіруе злачынца.

 

Мабыць, хутка будзе гэтак, што шмат людзей будуць хваліцца, што ўдзельнічалі ў тых падзеях. Нават больш: людзі бачылі, што там знутры кіраваў адзін камандзір, а потым сышоў, бо далі такую каманду.


Скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй улады нацкавалі спэцназ на мірных людзей. Сотні людзей зьбілі, хаця яны не супраціўляліся. Потым, калі падзеі завяршыліся, паглядзелі, што не хапае. Мэта ж была адцягнуць увагу ад сапраўднага злачынства — захопу ўлады. Паглядзелі, не хапіла доказаў. Тады пайшлі на фальшаваньне. Прывезьлі бутэлек нібыта з кактэйлем Молатава, прывезьлі, раскідалі і зрабілі пратакол. Але знайшліся экспэрты, якія паказалі, што там звычайная вада. Але гэтыя рэчы суткі да агляду мусілі ляжаць на марозе і мусілі замерзнуць у лёд. а яны напісалі — вадкасьць. Унікальная беларуская вада,якая не замярзае пры 14 градусах марозу.

 

Зараз мы ўбачым муляж правасудзьдзя. Зьнешне ўсё нармальна — адвакаты, судзьдзя — але насамрэч муляж. Як і з выбарамі — муляж. Парлямэнт — муляж. Хто ў гэтым сумняваецца?

 

Нават нашу эканоміку праелі і паступова ператвараюць у муляж. як і беларускую валюту.

 

Гэтак і наша жыцьцё ператвараюць у муляж — быццам эўрапейцы, апранутыя нармальна. Але насамрэч як муляжы жывём. Час вяртаць Беларусь да нармальнага жыцьця. Але гэта немагчыма без змаганьня.

 

Дзякую за мужнасьць тым, хто прыйшоў на плошчу. І прашу прабачэньня у тых, хто быў ні за што зьбіты, апынуўся ў клетках. Хачу сказаць сваякам, што вам не павінна быць сорамна за сваіх сыноў, братоў, якія сядзяць у клетцы. Зараз гэта высокае месца. Вышэй, чым на тым канцы залі.

 

Зьвяртаюся да дыпляматаў — ня трэба прапаноўваць злачынцам грошы. Калі вы зробіце гэтага, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць сабой.

 

16:02 Апошняе слова Вуса.

 

Без ідэі я не пайшоў бы на выбары. А ідэя мая — дамагчыся сапраўдных выбараў. У нас гэтага няма, Але я спадзяюся, што так будзе ў бліжэйшы час.

 

Я спадзяваўся сабраць мільён подпісаў, каб зьмяніць выбарчы закон. У нас жа ідзе прызначэньне зьверу. Гэтая сыстэма змагаецца не асабіста са мной. А змагаецца сыстэма супраць зьменаў. Меркаваў сабраць сто тысяч подпісаў за зьмены, але зараз думаю, што зьбяру мільён. А калі трэба пацярпець за праўду, то што ж, пацярплю.

 

16:05 Апошняе слова Класкоўскага.

 

Абаронцы выступілі добра, я іх падтрымліваю. З ацэнкамі падзей 19 сьнежня я згодны. Дадаваць ня буду. З гледзішча выніку суду гэта ня мае ніякага значэньня. Пра сваю заяву, якую я зрабіў у сьледчым ізалятары 26-га сьнежня. Яе я зрабіў пад уплывам абставінаў. Усё астатняе я зьберагу да будучых працэсаў, пра гэтых невядомых супрацоўнікаў у масках ды іншыя рэчы.

 

Я ўжо не кажу пра тое, што з адвакатам я змог сустрэцца толькі праз 3 месяцы пасьля дамовы з адвакатам. Лісты жонкі атрымліваў раз на 2 месяцы.

 

Як у кожнага чалавека, мусіць, у мяне былі ўчынкі, якімі я не магу ганарыцца. Але 19 сьнежня быў на плошчы не натоўп, як кажуць, а беларуская нацыя. І я лічу за гонар, што быў там з тымі людзьмі.

 

16:10 З апошнім словам выступае Квяткевіч. Буду казаць коратка.


Прашу яшчэ раз прабачэньня за свой учынак, а далейшы мой лёс у вашых руках.

 

16:12 З апошнім словам выступае Буланаў.

 

Кажа, што спачатку хацеў напісаць аб тым, што было, апраўдацца, а потым вырашыў: навошта? за што апраўдвацца? за два ўдары нагой? Таму хачу падзякаваць тым, хто выказваў салідарнасьць, хто прыходзіў да Чырвонага касьцёла маліцца, хто прыходзіў на суд.

 

Хачу падзякаваць маёй маці, якая так шмат для мяне зрабіла, маёй грамадзянскай жонцы. Хачу спадзявацца, што прыстаўка "грамадзянская" хутка зьнікне. Я цябе люблю. І хачу падзякаваць майму адвакату. Усё.

 

16:13 Апошняе слова Грыбкова.

 

Вінаватым сябе не лічу, ніякіх стратаў не нанёс, нікога не зьбіў. Прашу прабачэньня у блізкіх. Трымайцеся, дзякуй. Прашу прабачэньня ў кандыдатаў. Страх праходзіць, а сорам ніколі. Перад вынясеньнем прысуду — падумайце.

 

16:14 Выступае Пазьняк.

 

Дзякуй усім. Будзьце здаровы. Дапаможа вам Бог.

 

16:15 Прысуд будзе абвешчаны 20-га траўня ў 16 гадзін.

 


Мы павінны выйсьці са шпіталю для духоўна хворых
(Апошняе слова Ўладзімера Някляева)

 

— Сьледчы па маёй справе, калі скончыліся допыты і можна было размаўляць больш-менш па-чалавечы, распавёў мне гісторыю пра свайго маленькага сына.

 

Ягоны сын ходзіць у дзіцячы садок. Бацька забірае яго, вядзе дахаты і, як звычайна, пытае: "Што сёньня рабіў, што было цікавага?" "Па-ангельску размаўляць вучыліся!" — падскокваючы, адказвае сын. "Ды ну! — зьдзіўляецца бацька. — І якія словы ты вывучыў?" "Дзякуй і да пабачэньня!" — адказвае беларусу-бацьку беларус-сын.

 

Сьледчы Камітэта дзяржаўнай бясьпекі, падпалкоўнік юстыцыі распавёў гэтую гісторыю як вясёлую — і доўга думаў, калі я спытаў: "Вы хоць разумееце, што вы мне расказалі?.."

 

Я хачу, каб мы думалі хутчэй. Бо часу, каб падумаць і зразумець, а галоўнае, пасьпець нешта зрабіць, не засталося. Амаль.

 

Калі маленькі беларус, прамаўляючы словы на роднай мове, мяркуе, што ён прамаўляе іх па-замежнаму, гэта нацыянальная катастрофа! І яе ўжо немагчыма прадухіліць адукацыйнымі, культуралягічнымі высілкамі. Захаваць нас як нацыю могуць толькі неадкладныя палітычныя рашэньні! Вось найпершая прычына, па якой я, паэт, апынуўся ў палітыцы. Скарыстаўшы перад тым усе, якія толькі можна скарыстаць, іншыя магчымасьці. Пісаў беларускія вершы, паэмы, песьні, апавяданьні, аповесьці, працаваў у часопісах, у газэтах, на тэлебачаньні, у Саюзе пісьменьнікаў, вёў перамовы з уладай, угаворваў яе стаць беларускай — нічога не дапамагала! Нідзе і нічога не вырашалася! Я ўгаворваю, а мне адказваюць, што па-беларуску нельга сказаць нічога вялікага! Толькі па-руску, па-кітайску і па-ангельску. І хто мне такое кажа? Кітайскі імпэратар? Рускі цар? Ангельская каралева? Не, беларускі прэзыдэнт. Тады "дзякуй і да пабачэньня"!

 

Вось мы і пабачыліся на прэзыдэнцкіх выбарах. Вынік іх — гэты суд.

 

Зразумела, на гэтым судзе я не толькі праз тое, што адстойваю беларускую Беларусь. Я тут найперш праз тое, што не прымаю Беларусь дыктатарскую, адстойваючы Беларусь дэмакратычную.

 

Але зноў жа: дэмакратыю нельга збудаваць ні на чым. Неабходны падмурак — і ён у нас ёсьць. Гэта наша гісторыя, у якой быў парлямэнт, які выбіраў тых, хто кіраваў дзяржавай. Гэта наша мова, на якой быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага: канстытуцыя, што стала ўзорам для пазьнейшых дэмакратычных канстытуцый Эўропы і сьвету. Гэта наша культура, якая дала ўсходняй Эўропе першаасьветную постаць Францыска Скарыны. Вось тыя глыбы, на якіх павінна паўстаць і паўстане дэмакратычная Беларусь, зьмёўшы з гэтага падмурку друз і пыл дыктатуры.

 

Я на гэтым судзе праз тое, што хацеў, каб зьмесьці сьмецьце дыктатуры дапамаглі нам суседзі з усходу і захаду, Расія і Эўразьвяз. Я хацеў, каб яны паразумеліся ў гэтым — і не цягнулі Беларусь, як коўдру, кожны на сябе. Каб яны ўбачылі Беларусь не паміж сабой, а побач з імі, з імі разам. Гэтаксама, як і Украіну. Толькі ў такім выпадку можа паўстаць адзіная Эўропа ад Альпаў да Урала — тая геапалітычная прастора, якую мусім мы стварыць, каб захаваць эўрапейскую цывілізацыю.

 

Эўрапейская цывілізацыя — канглямэрат нацыянальных культур, нацыянальных ідэй, энэргетыкай якіх былі створаныя магутныя нацыянальныя эканомікі, збудаваныя моцныя дзяржавы, што склалі Эўразьвяз.

 

Прадуктыўная ідэя здольная выпрацаваць больш энэргіі, чым любая АЭС. Так было і ёсьць і ў Эўропе, і ў Амэрыцы, і ва ўсім сьвеце. Амэрыканцы ня мелі нічога, каб стаць амэрыканцамі, але яны, займеўшы незалежнасьць, стварылі нацыянальную культуру, сфармавалі нацыянальную ідэю — і сталі амэрыканцамі.

 

У нас жа, каб стаць беларусамі, было ўсё, а мы, займеўшы незалежнасьць, нічым з таго, што назапасілі і пакінулі нам продкі, не скарысталіся — і нікім не сталі. Ці, як горда заявіў той, хто называе сябе беларускім прэзыдэнтам, сталі "рускімі са знакам якасьці". Што гэта за нацыя такая?..

 

Такое "вырашэньне нацыянальнага пытаньня» зьняважлівае як для рускіх, так і для беларусаў, з якімі дыктатура гуляе ў гульню пад назваю "любімы народ і любімы правадыр". Гэта любімая гульня любой дыктатуры. Яна — інструмэнт маніпуляцый масавай сьвядомасьцю, народнай воляй. Яна — мана, у той час як сапраўдная любоў ёсьць праўда. Менавіта так — праз праўду — выявіў сваю любоў да людзей Бог, які даў нам маральныя законы.

 

Усьвядомленая нацыянальная ідэя — гэта ўсьвядомленая адказнасьць перад тым і перад тымі, да чаго і да каго ты прыналежыш. Яна дазваляе ўзьняць узровень маральных патрабаваньняў да кожнага грамадзяніна і грамадзтва ў цэлым. Яна вымагае сказаць няхай горкую, але праўду. Я казаў і кажу, і буду казаць: той, хто паступаецца годнасьцю і свабодай, не заслугоўвае павагі. Гэты маральны імпэратыў унівэрсальны, аднолькава справядлівы як у дачыненьні да асобнага чалавека, гэтак і ў дачыненьні да народа.

 

Я ўдзячны беларусам, якія 19 сьнежня выйшлі на Плошчу — і захавалі годнасьць нацыі.

 

Нацыю час ратаваць. Да пагрозы зьнікненьня мовы і культуры дадалася пагроза абрушэньня эканомікі, а праз тое — пагроза страты незалежнасьці.

 

Неабходныя неадкладныя дзеяньні, каб гэтага пазьбегнуць.

 

Найгоршае з усяго, што ў такой сытуацыі можна зрабіць — шукаць вінаватых. Паглыбляць раскол грамадзтва. А менавіта гэтым праз паказальныя суды над сваімі палітычнымі апанэнтамі якраз і займаецца ўлада.

 

Я прапаную іншае. Улада адмаўляецца ад рэпрэсій — мы адмаўляемся ад неадкладнага патрабаваньня новых прэзыдэнцкіх выбараў. Вызваляюцца ўсе палітычныя зьняволеныя — і з удзелам прадстаўнікоў улады і ўсіх апазыцыйных партый, рухаў, аб’яднаньняў ствараецца Камітэт нацыянальнага выратаваньня. Самастойна ўлада выправіць сытуацыю няздольная. Яна рухне разам з абвалам эканомікі, але нельга дапусьціць, каб пад яе абломкамі была пахаваная незалежная Беларусь.

 

Трагізм сытуацыі, у якой знаходзіцца наша грамадзтва, выяўлены ў драме геніяльнага Янкі Купалы "Тутэйшыя" яшчэ напачатку мінулага стагодзьдзя. А яшчэ раней Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, іменем якога названая вуліца, на якой мяне судзяць, прадбачыў нават гэты суд. "Расследавав дзела саабразна ўказу всеміласцівейшага гасудара марта 69 дня паследававшага і прымяняясь к Статуту літоўскаму раздела 5-га, параграфа 18-га, свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся — па 10 лоз на дыване і па 10 рублёў штрафа в пользу врэменнага прысутствія; всем прочым, каторыя не відзелідракі, за то, што не відзелі, а цем самым і не маглі разняць дзерушчыхся, назначается па 5 лоз на дыване і па 5 рублёў штрафу в пользу врэменнага прысутствія!".

 

Хіба яно не так?.. Хіба гэтая фантасмагорыя, гэты суд у вар’ятні, у якую ўсіх нас — каго судзьдзёй, каго пракурорам, каго падсудным — загнала ўлада, не рэальнасьць?.. Хіба "врэменнае прысутствіе" судзіць мяне не за тое, што я "не ведзеў дракі, а цем самым і не мог разняць дзерушчыхся"?

 

Усім вядома: у вар’ятню лёгка патрапіць — складана з яе выйсьці. Асабліва, калі табе даводзяць, што ты сам зрабіў выбар: прагаласаваў за тое, каб жыць у вар’ятні. Але, калі мы нармальныя людзі, калі беларус — гэта не дыягназ, мы павінны выйсьці са шпіталю для духоўна хворых. Разам з дактарамі і санітарамі.

 

Мы не дачакаемся зьмен, калі не пачнём мяняцца.

 

Я не хачу сказаць, што нехта, судзьдзя ці пракурор, не перажываюць праз тое, што зьнікае наша мова, культура, што Беларусь нібыта ёсьць — і ў той жа час яе нібы няма. Я не сьцьвярджаю, што нікому, апроч мяне, яно не баліць. Баліць. Розьніца ў тым: як? Розьніца толькі ва ўзроўні болю.

 

Мне гэты боль трываць стала немагчыма. Таму я прыйшоў у палітыку, таму пайшоў на выбары — таму я на гэтым судзе.

 

Гэта палітычны суд. За што мяне судзяць?..

 

Мяне судзяць за тое, што я паспрабаваў стаць прэзыдэнтам. Я гатовы прызнаць віну ў тым, што прэзыдэнтам не стаў.

 

Мяне судзяць за тое, што я дамагаўся свабодных, справядлівых, дэмакратычных выбараў. Я гатовы прызнаць віну ў тым, што свабодных, справядлівых, дэмакратычных выбараў дамагчыся не змог.

 

Мяне судзяць за Плошчу. Я гатовы прызнаць віну ў тым, што не дайшоў да яе. Калі прысуд мне будзе вынесены за гэта, я прыму яго. Ні ў чым іншым я не вінаваты і не прыму ні за што іншае аніякага прысуду, апроч апраўданьня!

 

Дзякуй і да пабачэньня!

 


Абраць шлях жыцьця
(Апошняе слова Віталя Рымашэўскага)

 

Я дзякую суду за магчымасьць сказаць апошняе слова, але спадзяюся, што апошнім яно будзе толькі ў гэтым працэсе, і я яшчэ здолею ў гэтым горадзе, у гэтым сьвеце і ў гэтым жыцьці выказаць сваю думку.

 

Перадусім зьвяртаю ўвагу на матэрыялы справы, на прагледжаныя тут відэаматэрыялы. Сьледчы не далучыў відэаматэрыялы з Плошчы Незалежнасьці, бо мяне зь Севярынцам не абвінавачвалі ў гэтым эпізодзе, а толькі ў закліку ісьці на Кастрычніцкую плошчу і выхадзе на праезную частку.  Але суд глядзеў матэрыялы з плошчы Незалежнасьці на іншых судах. Тады чаму мне перакваліфікавалі справу? Я не бачу прычынаў.

 

Мне сорамна за нашу судовую сыстэму. Сорамна і агідна ад яе. Прашу прабачэньня ў судзьдзі і пракурора, калі я іх асабіста пакрыўдзіў. Але прабачце, мне вельмі цяжка аддзяліць пагардуда той судовай сыстэмы, якая ў нас ёсьць, ад стаўленьня да чалавека, які вымушаны ў ёй працаваць і вымушаны рабіць тое, што ён робіць.

 

Праглядзеўшы ўсе відэаматэрыялы, азнаёміўшыся з судовай справай,хачу  некалькі істотных момантаў адзначыць.

 

Першае. Нават у прагледжаных відэаматэрыялах мы мелі магчымасьць  назіраць галаву калёны, якая рухалася па праспэкце Незалежнасьці. І ў гэтых відэаматэрыялах не было ані мяне на чале калёны, ані іншых людзей, якім сёньня інкрымінуецца, што мы ўзначальвалі рух калёны. Хаця ў абвінавачаньня гэта засталося па-ранейшаму. Таксама хачу заўважыць, што  абвінавачваньне праігнаравала сьведчаньні шматлікіх сьведак з боку абароны, якія казалі, што мы рабілі ўсё магчымае для забесьпячэньня грамадзкага парадку.

 

Наадварот, абвінавачаньне спасылаецца на маю размову з Карзюком. Яшчэ раз прашу зьвярнуць увагу, што я там казаў, гэта відаць на матэрыялах. Я прасіў Карзюка забясьпечыць ня толькі бясьпечны рух людзей, але і рух транспарту. А вось спадар Карзюк, які загадаў выставіць ачапленьне, як раз перакрыў увесь праспэкт. Перакананы, што дэманстранты маглі абысьціся часткай праезднай часткі.

 

Сьледзтва доўга шукала людзей, якія быццам бы арганізоўвалі людзей выйсьці на праезную частку. Ёсьць чалавек, які сам пра сябе сьведчыў, што ішоў на чале калёны і перакрываў рух транспарту — гэта Д.М. Карзюк. Ён даваў загадзя хлусьлівыя паказаньні, бо толькі ён сьведчыць, што мы ішлі на чале калёны. Ён ня толькі даў хлусьлівыя паказаньні, але і не зьявіўся ў суд. Магчыма, ён зараз па-за межамі Беларусі якраз і атрымлівае зараз ад заходніх спонсараў ганарар за арганізацыю Плошчы. Прашу прыцягнуць яго да адказнасьці і устанавіць яго месца знаходжаньня.

 

Пра абставіны затрыманьня. Мяне вялі так, што я ўвогуле ня ведаў, дзе я знаходзіўся. Мяне завялі, паклалі тварам на стол. Я сказаў, калі я ў СІЗА КДБ, гэта для мяне гонар, бо ў 30-я гады там сядзела і было закатавана вельмі шмат годных беларусаў, якіх я ня варты ні на кропку.


Я меў гонар далучыцца хаця б да тых умоваў, у якіх трымалі іх.

 

Я спачуваю судзьдзі і пракурору, бо вельмі б не хацеў знаходзіцца на вашым месцы. Я ганаруся, што знаходжуся на лаве падсудных зь вядомым паэтам і іншымі годнымі людзьмі. А вы маеце няшчасьце іх судзіць. Я асабіста разумею, у якіх абставінах вы знаходзіцеся, і я асабіста дарую любы прысуд. Але ведайце, што несправядлівы суд адзін з самых цяжкіх грахоў на гэтым сьвеце.

 

Я ня ведаю, што горш: пазбавіць жыцьця, ці забіць у чалавека веру ў правасудзьдзе, веру ў чалавека, у праўду. Калісьці гэтая вера будзе вернутая.

 

Я меў гонар запрашаць людзей на Плошчу.

 

Наіўныя вы, наіўны чалавек, які думае, што на Плошчу прывялі людзей чыйсьці заклікі, іх прывяла туды прага да праўды. Яны выйшлі туды за нашу і вашу свабоду, спадар судзьдзя і спадар пракурор, свабоду для усіх людзей ў гэтай краіне. Выйшлі, каб змагацца са страхам, хлусьнёй і беззаконьнем.

 

Так, туды прыйшлі розныя людзі. Я дапускаю, што нехта быў у стане алькагольнага апьяненьня. Мы ня ведаем, ці гэта былі простыя дэманстранты, ці  хтосьці прыйшоў туды на працу, каб выканаць загады.

 

Жорсткія прысуды накіраваныя на тое, каб людзі больш не прыйшлі на Плошчу. Але яны ўсё адно будуць выходзіць на Плошчу і пакуль у нашай краіне пануе страх і беззаконьне, і пасьля, ужо тады, калі ў нашай краіне будуць свабодныя і справядлівыя выбары, яны ўсё адно будуць выходзіць на Плошчу, у памяць пра гэтыя жорсткія разгоны і ахвяры ў змаганьні за праўду.

 

Яны будуць выходзіць на Плошчу да тых часоў, пакуль выбары ня стануць свабоднымі.

 

За нашу і вашу свабоду змагаемся мы і змагаліся тыя людзі, якія выйшлі на Плошчу 19 сьнежня. І пра гэта кажа гісторыя.

 

Засьценкі КДБ у 1936, 1937, 1938 памятаюць ня толькі тых нявінных людзей, якіх расстрэльвалі, але і тых энкавэдзістаў, якія расстрэльвалі раней, а пасьля іншыя расстралялі іх саміх.

 

Я думаю, нам трэба вывучыць гэтую гісторыю і ніколі яе не паўтараць. Я чуў ад маіх калег, што трэба ствараць міты пра Плошчу. Ня трэба ствараць міты пра Плошчу. Беларусы вартыя таго,каб ведаць праўду пра Плошчу. Ім ёсьць чым ганарыцца і няма чаго хаваць.

 

Мне просяць умоўнае пакараньне, але выйшаўшы з засьценкаў СІЗА, я адчуў на сабе, што такое ўмоўнае пакараньне.  Ня будзе свабоды ні для мяне, ні для маёй сям’і, пакуль ня будзе свабоды ў краіне.
 
Я адчуваю сваю віну за тое, што зараз у калёніі ўзмоцненага рэжыму будуць сядзець маладыя хлопцы, я буду змагацца за іх вызваленьне.

 

Іх тэрміны — гэта таксама і мае тэрміны. Ні лічу пакараньне справядлівым і буду рабіць усё магчымае, калі, канечне, застануся на свабодзе, каб гэтыя людзі выйшлі з-за кратаў. Таму што гэта патрэбна для свабоды. Варта вызваліцца ад ўлады хлусьні і страху. Бо той хто пужае, як вядома, сам найбольш і баіцца.

 

Калі 19-га сьнежня мы ішлі на Плошчу, прыйшла інфармацыя, што зьбіты ці забіты Някляеў. І мяне запыталіся журналісты, што мы будзем рабіць далей. І я адказаў, што калі мы сёньня спужаемся шумавых гранатаў, заўтра нас будуць страляць з рэвальвэраў.
 
Я дзякую тым, хто не спужаліся, тым сотням тысяч веруючых, якія зараз моляцца па ўсёй Беларусі за ўсіх зьняволеных, я хацеў бы хоць колькі быць годным гэтых малітваў.

 

Улада сама ня верыць у афіцыйныя лічбы выбараў.

 

Свабодныя і справядлівыя выбары — гэта вельмі важна. Выбары сапраўды ў нас былі сфальсыфікаваныя, пра гэта сьведчаць і шматлікія вынікі назіраньняў, і вынікі незалежных дасьледаваньняў. Але гэта не адзінае, што патрэбна. На свабодных выбарах у Нямеччыне быў абраны Гітлер. Трэба, каб беларускае грамадзтва выбрала тыя каштоўнасьці, якія змаглі б прывесьці да свабоды.

 

Я не лічу сябе больш годным ці вартым за іншых, у тым ліку за спадарыню судзьдзю і пракурора. Дзьверы цэркваў адчыненыя, і судзьдзя, пакаяўшыся за свае ўчынкі, перакананы, што зможа стаць у будучыні кіраўніком аргкамітэту БХД, як і кожны чалавек, і можа быць больш годным за мяне.

 

Беларусы толькі тады змогуць жыць шчасьліва, калі мы адмовімся ад усялякіх ідалаў, у якіх мы верым, якім мы самі сабе ствараем.
 
Несумяшчальнае ўшанаваньне забітых у Курапатах з помнікамі Дзяржынскаму,  Леніну, якія стаяць на нашых вуліцах.

 

Ідзе сутнасная барацьба за каштоўнасьці.

 

У Бібліі ёсьць два шляхі: шлях сьмерці і шлях жыцьця. Я заклікаю ўсіх тут прысутных, па абодва бакі лаваў падсудных добра падумаць, які шлях выбраць. Наша краіна Беларусі павінна ўшанаваць сваіх пакутнікаў і абраць шлях жыцьця.

 


Калі трэба, буду пакутваць
(Апошняе слова Дзьмітрыя Вуса)

 

Без ідэі я не пайшоў бы ў кандыдаты ў прэзыдэнты. У чым яна палягае, вы, напэўна, зразумелі. Каб у нас у Беларусі была дэмакратычная выбарчая сыстэма, каб яна была празрыстай.

 

Цяпер, вывучаючы выбарчае заканадаўства той жа Ўкраіны, там бачна, што кандыдаты ў прэзыдэнты ўсіх прадстаўнікоў ва ўсе ўчастковыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прызначаюць асабіста альбо давераныя асобы. У нас гэтага пакуль няма. Але я спадзяюся, што ўжо ў бліжэйшы прэзыдэнцкі тэрмін, у нас будуць дэмакратычныя выбары. І наша выбарчая сыстэма памяняецца. Для гэтага што нам трэба зрабіць? Для гэтага я плянаваў сабраць мільён подпісаў за тое, каб зьмяніць выбарчую сыстэму. Дэмакратычнай выбарчай сыстэмы ў нас на сёньняшні момант няма. Гэта ж фактычна легалізацыя ўлады.

 

Указам прэзыдэнта ў нас прызначаюцца суды, пракуратура і ўсё астатняе. Калі мяняецца гэта сыстэма, значыць зьмяняецца і ўсё ўладкаваньне дзяржавы. Таму гэта сыстэма змагаецца не асабіста са мной, ня з Плошчай, на якую я прыйшоў. А менавіта з тым, што можа паслужыць таму, што памяняецца ўся сыстэма ўладкаваньня дзяржавы.

 

Я плянаваў сабраць сто тысяч подпісаў за дапаўненьні ў Выбарчы кодэкс. Але зараз па гэтых слуханьнях я ўжо зразумеў, што зьбяру мільён. А калі трэба адпакутваць, буду пакутваць.

 


Я згодны ахвяраваць сабой
(Апошняе слова Міколы Саткевіча)

 

19 сьнежня ў Беларусі сапраўды было зьдзейсьнена асабліва цяжкае злачынства.

 

І гэта зрабіў адзін кандыдат у прэзыдэнты. Гэта злачынства кваліфікуецца артыкулам 357 часткай другой Крымінальнага кодэксу. І гучыць так:  захаваньне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Я быў кандыдатам у прэзыдэнты і лічыў сваім абавязкам зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць гэтае злачынства. Я спрабаваў давесьці да шырокай грамадзкасьці, як будзе ажыцьцяўляцца гэтае злачынства.  Таму што, на жаль, ўжо быў досьвед такіх злачынстваў.

 

Я наўпрост зьвяртаўся да гэтага кандыдата і пісьмова і праз эфір беларускага тэлебачаньня з прапановамі не рабіць гэтага, і ведаючы, што гэта не спрацуе, спрабаваў арганізаваць масавую акцыю. Каб шляхам прысутнасьцю вялікай колькасьці людзей, якія дэманструюць сваю нязгоду, прымусіць уладу да закону.

 

Тут шмат гучала. што акцыя была незаконная, несанкцыянаваная і гэтак далей. Шаноўнае грамадзтва, у жыцьці бываюць такія сытуацыі, калі трэба ісьці на парушэньне заканадаўства больш дробнае, каб прадухіліць больш цяжкія наступствы.

 

Напрыклад, нікому не прыйдзе ў галаву абвінаваціць чалавека, які выскачыў на праезную частку, каб з-пад машыны выхапіць дзіцё. Ніхто ў здаровым розуме ня выпіша яму квітанцыю за парушэньне правілаў дарожнага руху. Або больш страшны прыклад. Ніхто, мабыць, таксама не абвінаваціць чалавека за нанясеньне цялесных пашкоджаньням забойцу, каб прадухіліць забойства. Праўда, бываюць і іншыя прыклады, калі наадварот. Я чытаў, як у Гомелі, чалавек, прадухіліўшы крадзеж уласнага магнітафону, выскачыў за рабаўніком, параніў яго, а потым бег за параненым і зарэзаў яго. Пазьней быў вызвалены на свабоду асабістым указам кіраўніка гэтай улады. Бываюць і такія выпадкі.

 

Але ўлада вырашыла сфальшаваць выбары ў чарговы раз і задумала яшчэ адно злачынства — расправу над дэмакратычнымі сіламі, над тымі, хто пратэставаў супраць фальсыфікацыяў. Расправа гэтая рыхтавалася загадзя.

 

Я спасылаюся на Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне, якое пасьля новага году дэманстравала зьвесткі, дакумэнты, што нібыта апазыцыя замаўляла халодную зброю на дзяржаўным заводзе.

 

Гэта насамрэч сьведчыць пра тое, што яшчэ задоўга да 19 сьнежня на дзяржпрадпрыемстве замаўляліся заточкі, каб потым абвінаваціць, магчыма, мяне. Але потым, мабыць, зразумелі, што гэта занадта белымі ніткамі шытае. Але спроба была. У СІЗА КДБ мне распавялі, што за шмат дзён там пачалі рыхтавацца да вялікай колькасьці арыштантаў, пачалі зьбіваць шчыты, каб спалі новыя арыштанты, бо ўсім месцаў не хапае.

 

Нават па матэрыялах справы бачна, што прадстаўнікі міліцыі абышлі ўсе ўстановы ўздоўж праспэкту Незалежнасьці і папярэдзілі, што будуць масавыя беспарадкі, маўляў, зачыняйцеся. У матэрыялах справы ёсьць ліст ад "МакДональдса", дзе напісана, што яны закрыліся ў 20:15 у сувязі з масавымі беспарадкамі. А ў 20:15 толькі пачынаўся мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Усё гэта сьведчыць па тое, што акцыя была загадзя сплянаваная.

 

Правакацыя пачалася з нападу ў 19:30 на двух кандыдатаў, калі галасаваньне яшчэ ішло. Мэтай нападу было ня толькі нанесьці цялесныя пашкоджаньні, але каб узбудзіць ва ўдзельніках акцыі на Кастрычніцкай плошчы пачуцьцё помсты, каб атрымаць разбуральны натоўп, атрымаць нагоду для далейшай расправы. Людзі павялі сябе адказна і не паддаліся тады на правакацыю. Калі пачалася дэманстрацыя, улады мэтанакіравана блякавалі кандыдатаў, спынілі галаву калёны, каб былі беспарадкі. Але зноў людзі паводзілі сябе прыстойна, адказна.

 

Далей падчас мітынгу на плошчы Незалежнасьці нейкія невядомыя пачалі біць шкло. Потым яны крычалі "ГУВД", калі іх білі (мы гэта бачылі на відэа). Да іх далучыліся некаторыя мітынгоўцы. Я іх не асуджаю. Хто выпадкова павёўся, а нехта спрабаваў такім чынам прадухіліць большае злачынства — краінай кіруе самазванец. Я думаю, што і зараз ў значнай часткі грамадзтва гэтыя маладыя людзі ўспрымаюцца як героі.  Мабыць, хутка будзе гэтак, што шмат людзей будуць хваліцца, што ўдзельнічалі ў тых падзеях.

 

Кіраўнік рэжыму ў інтэрвію "Вашынгтон пост" хваліўся, што ў рэжыме онлайн кіраваў сытуацыяй каля Дому ўраду. Ён усё бачыў, аддаваў каманды. Ён, мабыць, аддаў каманду, калі падышоў АМОН, і людзі адышлі ад Дому ураду, каб АМОН сышоў, справакаваўшы такім чынам далейшы працяг удараў па гэтых дзьвярах. Бо я ня веру, што нейкі афіцэр мог на сябе ўзяць такую адказнасьць без каманды зьверху.

 

Скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй улады нацкавалі спэцназ на мірных людзей.   Сотні людзей зьбілі, хаця яны не супраціўляліся. Потым, калі падзеі завяршыліся, паглядзелі, што не хапае. Мэта расправы была адцягнуць увагу ад сапраўднага злачынства — захопу ўлады. Паглядзелі, не хапіла доказаў. Тады пайшлі на фальшаваньне рэчавых доказаў. Прывезьлі бутэлек нібыта з кактэйлем Молатава, прывезьлі, раскідалі і зрабілі пратакол. Але знайшліся экспэрты, якія паказалі, што там звычайная вада, і ёсьць дакумэнт. Але гэтыя рэчы суткі да агляду мусілі ляжаць на марозе і мусілі замерзнуць у лёд, а яны напісалі — вадкасьць. Унікальная беларуская вада, якая не замярзае пры 14 градусах марозу.

 

Увага грамадзкасьці  была адцягнутая. Бо арыштаваныя дзясяткі людзей. Замест таго, каб абмяркоўваць захоп улады, мы абмяркоўвае гэта. Непараўнальныя рэчы. Ён уладу захапіў, а яму дзьверы пабілі на 14 мільёнаў беларускіх рублёў. Зараз паводле рэальнага курсу гэта 2 тысячы даляраў, праз некалькі месяцаў 1 тысяча даляраў будзе. З другога боку толькі даход Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, які нікім не кантралюецца ў дзяржаве, складае 100 мільёнаў даляраў у месяц. За кадэнцыю прэзыдэнцкую 5пяцігадовую гэта 6 мільярдаў.

 

Да нашай сытуацыі вельмі добра падыходзіць гэтае слова — муляжы.

 

Зараз мы ўбачым муляж правасудзьдзя. Зьнешне ўсё нармальна — адвакаты, пракурор, судзьдзя — але насамрэч муляж з загадзя вызначаным канцом. Як і з выбарамі — муляж. Парлямэнт — муляж. Хто ў гэтым сумняваецца?

 

Нават нашу эканоміку, якая ў неблагім стане засталася ад савецкіх часоў, праелі і паступова ператвараюць у муляж, як і беларускую валюту.

 

Гэтак і наша жыцьцё ператвараюць у муляж — быццам эўрапейцы, апранутыя нармальна. Але насамрэч як муляжы жывём. А насамрэч за ўсім гэтым страх, залежнасьць і неабароненасьць ад любых нечаканасьцяў, ад таго, якія тараканы ў высокай галаве прабягуць. Час вяртаць Беларусь да нармальнага жыцьця. На жаль, але гэта немагчыма без змаганьня. На жаль, гэтае змаганьне не абыходзіцца без ахвяраваньняў.

 

Дзякую за мужнасьць тым, хто не напалохаўся і прыйшоў на Плошчу. І прашу прабачэньня у тых, хто быў ні за што зьбіты, апынуўся на нарах, ў клетках. Хачу сказаць родным і блізкім гэтых людзей, што вам не павінна быць сорамна за сваіх сыноў, братоў, якія сядзяць у клетцы. Зараз на дадзены момант гэта высокае месца. Значна больш высокае, чым на тым баку залі.

 

Зьвяртаюся да дыпляматаў разьвітых эўрапейскіх краінаў — ня трэба прапаноўваць рэжыму грошы за нашу свабоду. Калі вы зробіце гэтага, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць сабой. У злачынцаў закладнікаў выкупаць нельга. Калі вы зробіце гэта, значыць будуць іншыя закладнікі, і сытуацыя доўга ня зьменіцца.

 

Што да асабіста мяне і прапановы пракурора. Я гатовы ахвяраваць сваёй уласнай свабодай дзеля таго, каб наблізіць свабоду сваёй краіны. Я веру ў тое, што Беларусь будзе вольнай.

 


Ня быў даказаны сам факт масавых беспарадкаў

 

На ўсіх судовых працэсах, дзе разглядаюцца крымінальныя справы ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году, прысутнічаюць беларускія праваабаронцы. Яны рыхтуюць свае ацэнкі і рэкамэндацыі. На пытаньні Свабоды адказала прадстаўніца Праваабарончага цэнтру "Вясна" Наста Лойка.

 

— Ці можаце вы сказаць, што працэсы адпавядаюць беларускаму заканадаўству і міжнародным стандартам. Якія найбольш прынцыповыя парушэньні асабіста вы адзначаеце?

 

— Безумоўна, нельга сказаць, што гэтыя працэсы адпавядаюць і беларускаму заканадаўству, і міжнародным стандартам, паколькі на ніводным працэсе ня быў даказаны сам факт масавых беспарадкаў. Бо там павінна быць сукупнасьць такіх дзеяньняў, як падпалы, пагромы, гвалт над асобай і г.д. Доказаў гэтага мы ня бачылі цалкам, мы гэта адзначаем у кожным аналітычным аглядзе. І таксама, што да дзеяньняў кожнага з абвінавачаных, сукупнасьці такіх дзеяньняў не было. Таму можна сказаць, што абсалютна неадэкватная кваліфікацыя дзеяньняў гэтых людзей і беспадстаўнае іхнае асуджэньне на такія вялікія тэрміны па гэтым артыкуле. Гэта асноўнае парушэньне.

 

Акрамя гэтага, вельмі вялікая колькасьць працэсуальных парушэньняў — як на этапе папярэдняга расьследаваньня (гэта тычыцца асабліва тых, хто быў зьняволены ў СІЗА КДБ, да якіх нават не пускалі адвакатаў) — так і падчас самога судовага працэсу, калі было задаволена вельмі мала хадайніцтваў з боку абароны аб дадатковым дасьледваньні некаторых фактаў, і абвінавачвальныя прысуды выносіліся на падставе незразумелых доказаў. Напрыклад, у працэсе над Саньнікавым вельмі вялікую ролю ў абвінавачаньні гралі відэаматэрыялы, якія відавочна былі змантажаваныя.

 

— Гэтыя працэсы неўзабаве скончацца. Якія будуць наступныя дзеяньні праваабаронцаў?

 

— Асноўная дзейнасьць будзе накіраваная на поўнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных. Будзем актывізоўваць і міжнародную супольнасьць, і сілы ўнутры краіны. І ў нас ёсьць падазрэньні, што на гэтым палітычныя працэсы могуць ня скончыцца, і што могуць зьяўляцца, на жаль, новыя.

 

Вячаслаў Ракіцкі

 


І. Халіп адмовілі ў спатканьні з А. Саньнікавым

 

У панядзелак жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірына Халіп і маці вязьня Ала Саньнікава атрымалі дазвол на сустрэчу зь ім. Але сёньня ім было адмоўлена ў сустрэчы.

 

— Сёньня раніцай мы з маці Андрэя Саньнікава Алай Ўладзімераўнай, якая таксама атрымала дазвол на спатканьне з сынам, прыйшлі а 9 гадзіне раніцы ў КДБ. У нас прынялі нашыя заявы з судовым дазволам, забралі пашпарты і сказалі чакаць. Мы сядзелі чакалі, але праз поўгадзіны нам сказалі: ніякіх спатканьняў сёньня ня будзе, прыходзьце заўтра. Ала Ўладзімераўна яшчэ хацелі перадаць Андрэю перадачу і мы пайшлі ў суседні будынак, дзе перадаюць перадачы. І там ёй сказалі, што перадачу ў яе ўзяць ня могуць, бо Андрэя ўжо некуды павезьлі з "амэрыканкі", што там яго ўжо няма.

 

Мы тады пабеглі на Валадарку, бо ўсіх з "амэрыканкі" пасьля прысуду могуць павезьці толькі туды. Але на Валадарцы яго ў сьпісах таксама няма, у маёй прысутнасьці жанчына ў рэгістратуры, у вакенцы паглядзела ў картатэцы і сказала: Саньнікава не было, не паступаў. Потым мы патэлефанавалі на ўсялякі выпадак у СІЗА Жодзіна. Туды яго таксама не прывезьлі. Так што мы нічога ня ведаем — дзе ён, што зь ім. Ала Ўладзімераўна плача, я проста не ўяўляю сабе, як яна гэта ўсё можа перажыць.

 

— А як вы думаеце, дзе ён можа знаходзіцца? Можа нехта вам проста хлусіць?

 

— У мяне нават ідэяў няма, дзе ён можа знаходзіцца. Паколькі яшчэ не абскарджаны прысуд, яго яшчэ не маглі адправіць у калёнію. А можа, і хлусяць. Я не магла зразумець, чаму мы так лёгка ўчора абедзьве атрымалі дазвол на спатканьне.

 

— А гэты дазвол на спатканьне — ён абавязвае адміністрацыю турмы даць вам спатканьне?

 

— Гэты дазвол дзейнічае на працягу трох дзён. Калі табе не далі спатканьне, то праз тры дні адміністрацыя турмы можа гэта выкінуць у сьметніцу.

 

Дзяжурны КДБ заявіў "Свабодзе", што сёньня ў камітэт зьвяртаўся адвакат Саньнікава, і яму было сказана, што Саньнікаў па-ранейшаму знаходзіцца ў турме КДБ. Дзяжурны таксама сказаў, што сёньня ў спатканьнях было адмоўлена ўсім, бо для іх няма магчымасьці.

 

Пасьля гутаркі "Свабоды" зь дзяжурным КДБ яму патэлефанавала Ірына Халіп.

 

— Дзяжурны КДБ сказаў мне, што Саньнікаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ, але гэты сьледчы ізалятар да самога КДБ быццам бы ўвогуле не мае дачыненьня. І чаму нам схлусілі кантралёры, якія сказалі, што Саньнікава ўжо некуды адвезьлі, і чаму адмовіліся прыняць перадачу для Саньнікава — гэта ўжо нібыта не кампэтэнцыя КДБ. І параіў разьбірацца непасрэдна з начальнікам "амэрыканкі".

 

Юры Дракахруст

 

 

Ёсьць рызыка, што Саньнікава катуюць

 

Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" выказала занепакоенасьць тым, што кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Існуе сур’ёзная рызыка катаваньняў і іншых відаў жорсткага абыходжаньня, лічаць праваабаронцы. Экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў быў асуджаны да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня 14 траўня.

 

17 траўня жонка Андрэя Саньнікава і ягоная маці атрымалі дазвол суду на сустрэчу зь ім, аднак 18 траўня ім адмовілі ў сустрэчы ў СІЗА КДБ. Ані адвакат, ані сям’я ня маюць доступу да Андрэя Саньнікава.

 

"Міжнародная амністыя" заклікае людзей тэрмінова дасылаць лісты старшыні КДБ Зайцаву, Генэральнаму пракурору Васілевічу, а таксама копіі ў Партызанскі раённы суд і дыпляматычныя прадстаўніцтвы. У лістах праваабарончая арганізацыі заклікаюць патрабаваць, каб улады дазволілі Саньнікаву сустрэцца зь сям’ёй і адвакатам, каб да яго не ужывалі катаваньняў ды іншых відаў жорсткага абыходжаньня, нагадваць, што Андрэй Саньнікаў зьяўляецца вязьнем сумленьня, і ён павінен быць вызвалены неадкладна і безумоўна.

 


У Бэрліне адбылася найвялікшая акцыя ў падтрымку Беларусі

 

Арганізатарамі акцыі "Свабоду Беларусі” ў бэрлінскім Трэптаў-парку сталі сябры “Моладзі Эўрапейскай народнай партыі” (YEPP). У гэтыя дні ў Бэрліне адбыўся VIII Кангрэс гэтай арганізацыі, і сотні яго ўдзельнікаў адмыслова прыйшлі да будынку беларускай амбасады, каб выказаць свой пратэст супраць палітычных працэсаў па справе 19 сьнежня, якія праходзяць у Беларусі.
 
Паводле назіральнікаў, яны ня могуць прыпомніць больш масавай і маштабнай акцыі, прысьвечанай Беларусі, з тых, якія калі-небудзь праходзілі ў Нямеччыне.

 

Як заявіў адзін з арганізатараў мерапрыемства, кіраўнік нямецкай сэкцыі YEPP Філіп Місфэльдэр:

 

— "Моладзь Эўрапейскай народнай партыі", якая прыйшла да амбасады зь імёнамі і партрэтамі незаконна арыштаваных крытыкаў беларускага рэжыму, патрабуе свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.
 
— Гэтай дэманстрацыяй мы нагадваем, што не забываемся пра людзей у гэтай краіне і падтрымліваем апазыцыю ў барацьбе за вяршэнства права і свабодныя выбары.

 

Сябры YEPP з 35 эўрапейскіх краін ужо даўно ў цесным кантакце зь беларускай апазыцыяй. Сёньня салідарнасьць зь сіламі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, неабходная як ніколі. Людзі маюць патрэбу ў нашым заахвочваньні і нашай падтрымцы, — адзначыў Філіп Місфэльдэр.

 

“Радыё Свабода”

 

 

19 траўня 2011 г.

 

Нямецкі парлямэнтар узяў шэфства над Міколам Статкевічам

 

Дэпутат Бундэстагу ад фракцыі сацыял-дэмакратаў, сябра парлямэнцкага камітэту па замежных справах Франц Цёнэс узяў шэфства над беларускім палітвязьнем Міколам Статкевічам.

 

Кампанію "Шэфства над палітвязьнямі" ініцыявала праваабарончая арганізацыя Libereco, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Боне. Яе мэта — каб кожны палітзьняволены ў Беларусі і яго сям’я атрымалі маральную ды палітычную падтрымку з боку нямецкіх парлямэнтароў.

 

Як заявіў нямецкі сацыял-дэмакрат, ён мае вельмі вялікую павагу да Міколы Статкевіча за тое, што той выставіў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Беларусі і  ўзяў удзел у дэманстрацыі супраць фальшаваньня выбараў.

 

Цёнэс таксама адзначыў, што хоць Міколу Статкевічу пагражае працяглы тэрмін пазбаўленьня волі, нават у судовай залі ён змагаецца за дэмакратыю.

 

Беручы шэфства над беларускім палітвязьнем, нямецкі палітык, паводле ягоных слоў, дае зразумець: беларускі кіраўнік ня можа разьлічваць на тое, што "яго ціск на дэмакратычны рух у краіне застанецца незаўважаным", бо міжнародная супольнасьць пільна сочыць за ўсімі падзеямі ў Беларусі.

 

Франц Цёнэс будзе змагацца за неадкладнае вызваленьне палітвязьня.

 

На пачатку траўня пра шэфства над палітзьняволеным Аляксандрам Атрошчанкавым заявіў дэпутат нямецкага бундэстагу, сацыял-дэмакрат Крыстаф Штрэсэр.

 

Яшчэ раней дэпутат Бундэстагу ад фракцыі зялёных, каардынатар у пытаньнях Усходняй Эўропы Марылюіза Бэк узяла шэфства над былым кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах Андрэем Саньнікавым. Таксама пра шэфства над палітвязьнем Зьмітром Бандарэнкам абвясьціў дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы, прадстаўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па дачыненьнях зь Беларусьсю Марэк Мігальскі.

 

 

Саньнікава перавялі на “Валадарку”

 

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары МУС на вуліцы Валадарскага ў Менску.

 

Маці Ірыны Халіп Люцына Бяльзацкая паведаміла, што раніцай 19 мая Ірына Халіп паспрабавала атрымаць спатканьне з мужам, які раней утрымліваўся ў сьледчым ізалятары КДБ.

 

— Яна прыйшла ў КДБ, аднак там ёй сказалі, што Саньнікаў адпраўлены ў СІЗА на Валадарскага. Яна паехала на Валадарскага, але ўжо не пасьпела на спатканьне.

 

Бяльзацкая дадала, што выдадзены судом Партызанскага раёну дазвол на спатканьне дзейнічае толькі 3 дні.

 

— Таму цяпер Ірына паехала ў суд атрымліваць новы дазвол на спатканьне.

 

16 мая Ірына Халіп была асуджаная на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады.

 

14 траўня Андрэя Саньнікава пакаралі пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

 


ЗША і ЭЗ абмяркоўваюць новыя санкцыі супраць Беларусі

 

Злучаныя Штаты і Эўразьвяз разглядаюць дадатковыя санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта заявіў у сераду намесьнік дзяржсакратара ЗША у пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан.

 

Злучаныя Штаты і Эўразьвяз разглядаюць дадатковыя санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта заявіў у сераду намесьнік дзяржсакратара ЗША у пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан.

 

— З-за пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі і турэмнага зьняволеньня экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава мы абмяркоўваем з ЭЗ магчымасьць увядзеньня дадатковых санкцыяў у дачыненьні да гэтай краіны, — паведаміў Гордан на паседжаньні Сэнату ЗША, прысьвечаным абмеркаваньню амэрыканскіх прыярытэтаў у Эўропе.

 

Ён дадаў, што Вашынгтон лічыць судовыя працэсы ў Беларусі аб масавых беспарадках палітычна матываванымі і заявіў, што паляпшэньне дачыненьняў з афіцыйным Менскам — немагчымае "ў кантэксьце рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі і незалежных СМІ".

 

— І мы, і Эўропа хочам лепшых, больш прадуктыўных дачыненьняў зь Беларусьсю. На жаль, кіраўніцтва гэтай краіны праводзіць палітыку, якая толькі ізалюе Беларусь і яе народ, — падкрэсьліў прадстаўнік Дзярждэпу.

 

“Радыё Свабода”

 

 

20 траўня 2011 г.

 

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай
(Адзінацаты дзень)

 

20 траўня судзьдзя Жана Жукоўская агучыла прысуды былым кандыдатам на прэзыдэнта. Някляеву — 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады, Рымашэўскаму і Вазьняку — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна, Фядуту і Дзьмітрыеву — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады, Палажанцы — 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 1 год.

 

Судзьдзя — Жукоўская;
Абвінаваўца — Кажэўнікаў;
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў, Ірына Мініна.

 

15:50 Ахвотных прысутнічаць на агучваньні прысуду запусьцілі ў залю. Тут — дыпляматы краінаў Эўразьвязу, палітыкі, грамадзкія дзеячы. У залю трапілі ня ўсе. Шмат хто застаўся па іншы бок дзьвярэй. Людзі прынеслі ў залю бел-чырвона-белы букет ружаў.

 

16:10 Прысуды:

 

Някляеву — 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады,
Рымашэўскаму — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна,
Дзьмітрыеву — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады,
Фядуту — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады,
Вазьняку — 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна,
Палажанцы — 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 1 год.

 

Уладзімера Някляева вызвалілі ў залі суду.

 

16:29 Судзьдзя зачытвае рашэньне, як распарадзіцца маёмасьцю, якая праходзіла па справе як рэчавыя доказы: нешта вернуць, нешта зьнішчаць, нешта пакінуць у матэрыялах справы.

 

16:37 Людзі, якія сабраліся ля суду, сустрэлі Няклева ды іншых ужо былых падсудных кветкамі і воклічамі "Жыве Беларусь!". Някляеў падязкаваў усім за падтрымку і за тое, што людзі дамагаліся вызваленьня вязьняў Плошчы.

 

17:00-16:40 — Калі б не было падтрымкі з боку ЗША і Эўразьвязу, то не стаяў бы я перад вамі зараз, а сядзеў бы ў "амэрыканцы" і адказваў бы на адно і тое ж пытаньне: "Якой краіны я шпіён?", — сказаў Някляеў. — <...> Першае, што мы зьбіраемся рабіць — гэта дамагацца вызваленьня нашых сяброў. Нашае вызваленьне — вынік агульначалавечай салідарнасьці.

 


Абвяшчэньне прысуду ў працэсе Вуса-Статкевіча перанесена на няпэўны тэрмін

 

Прычына — хвароба судзьдзі.

 

20 траўня судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова павінна была вынесьці прысуды былым кандыдатам у прэзыдэнты Міколу Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу, а таксама ўдзельнікам Плошчы Андрэю Пазьняку, Аляксандру Класкоўскаму, Аляксандру Квяткевічу, Арцёму Грыбкову, Дзьмітрыю Буланаву.

 

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

 

— Я мяркую, што тут могуць быць два варыянты. Першы — сапраўды захварэла судзьдзя. Другі — улады наўмысна бяруць тайм-аўт для ўзгадненьня нейкіх пазыцый. Аднак як бы там ні было, перанос абвяшчэньня прысуду супадае зь візытам у Менск Уладзімера Пуціна і з увядзеньнем дадатковых санкцыяў з боку Эўразьвязу.

 

Адзін зь фігурантаў справы, былы кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітры Вус пракамэнтаваў "Інтэрфаксу" перанос прысуду на нявызначаную дату:

 

— Не магу сказаць, чаму. Можа, судзьдзі сумленьне не дазваляе вынесьці прысуд, і маральнага духу не хапае яго абвесьціць... Тут шмат "можа". Але рэальна, я думаю, прысуд будзе.

 

Былы дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец:

 

— Кажуць, што судзьдзя захварэла. Я ў гэта ня веру. Нашы судзьдзі — жалезныя, колькі ім скажуць, столькі і даюць. Беларуская сытуацыя вядомая. Палітычных праціўнікаў саджаюць за краты. А потым імі гандлююць. Раней гандлявалі рабамі. Потым гэта забаранілі.Таму цяпер гандлююць палітвязьнямі. Лука-ку ўсё роўна, чым гандляваць — вязьнямі, малаком, трактарамі. Абы грошы давалі.

 

 

Улёткі "Свабоду палітычным вязням!" у Глыбокім

 

На вуліцах Глыбокага былі расклееныя ўлёткі з заклікам "Свабоду палітычным вязьням!"

 

Мясцовыя грамадзкія актывісты такім чынам вырашылі нагадаць, што ўжо 5 месяцаў дзесяткі беларусаў знаходзяцца за кратамі пасьля жорсткага разгону менскай акцыі 19 сьнежня.

 

Улётак у райцэнтры зьявілася больш за два дзясяткі. Іх можа было пабачыць яшчэ зранку 20 траўня.

 

 

Справу “АГПоўцаў” працягнулі да чэрвеня

 

Справа прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, Анатоля Паўлава, Алега Корбана ва ўдзеле іх у так званых масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году працягнутая да чэрвеня.

 

Пра гэта “Свабодзе” увечары 20 траўня паведаміў Алег Корбан:

 

— Сёньня мяне выклікалі ў КДБ. Сьледчы спадар Васільеў вярнуў мне кампутар, фотаапарат, пашпарт. Ён сказаў, што справа прадстаўнікоў нашай партыі па падзеях 19 сьнежня працягнутая да чэрвеня.

 


Эўразьвяз забароніць уезд яшчэ дзясятку беларускіх афіцыйных асоб

 

23 траўня міністры замежных справаў Эўразьвязу мяркуюць пашырыць візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску на прыблізна 10 новых прозьвішчаў, паведамляе брусэльскі карэспандэнт нашага радыё.

 

Пашырэньне візавых забаронаў зьяўляецца адказам Эўразьвязу на прысуды ў справах удзельнікаў антыпрэзыдэнцкага пратэсту ў Менску 19 сьнежня 2010.

 

Акрамя зацьверджаньня пашыранага сьпісу афіцыйных асобаў зь Беларусі, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, міністры замежных справаў Эўразьвязу таксама абмяркуюць агульную сытуацыю ў Беларусі і палітыку Брусэлю адносна Менску.

 

На мінулым тыдні вярхоўная прадстаўніца ў пытаньнях замежнай палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан заявіла аб гатоўнасьці ЭЗ разгледзець “далейшыя мэтанакіраваныя абмежавальныя меры ва ўсіх галінах супрацоўніцтва” з афіцыйным Менскам.

 

Мая Каціянчыч, прэсавая сакратарка Эштан, сказала нашаму брусэльскаму карэспандэнту, што пакуль у Брусэлі не разглядаецца ўвядзеньне эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму.

 

“Радыё Свабода”

 

 

21 траўня 2011 г.

 

Дэпутат Бундэстагу ўзяў шэфства над Зьмітром Дашкевічам

 

Каардынатар па пытаньнях міжнароднай палітыкі ад парлямэнцкай фракцыі ХДС/ХСС у Бундэстагу, старшыня моладзевага саюзу Філіп Mісфэльдэр заявіў пра шэфства над беларускім палітвязьнем, маладафронтаўцам Зьміцерам Дашкевічам.

 

Кампанію "Шэфства над палітвязьнямі" ініцыявала праваабарончая арганізацыя "Libereco — Partnership for Human Rights" са штаб-кватэрай у Боне. Яе мэта — каб кожны палітзьняволены ў Беларусі і яго сям’я атрымалі маральную ды палітычную падтрымку з боку нямецкіх парлямэнтароў.

 

На гэтым тыдні пра падтрымку палітвязьня, экс-кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча абвясьціў дэпутат Бундэстагу ад фракцыі сацыял-дэмакратаў Франц Цёнэс. Яшчэ раней дэпутат Бундэстагу ад фракцыі зялёных, каардынатар у пытаньнях Усходняй Эўропы Марылюіза Бэк узяла шэфства над былым кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах Андрэем Саньнікавым. Пра шэфства над палітвязьнем Зьмітром Бандарэнкам абвясьціў дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы, прадстаўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па дачыненьнях зь Беларусьсю Марэк Мігальскі.

Як заявіў Філіп Місфэльдэр, які быў адным з арганізатараў апошняй буйной акцыі ля беларускай амбасады ў Бэрліне супраць палітычных працэсаў па справе 19 сьнежня, нямецкі хрысьціянскі моладзевы саюз ужо даўно падтрымлівае дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі ў барацьбе за вяршэнства права і свабодныя выбары.

 

— Наша салідарнасьць, у прыватнасьці, тычыцца тых беларусаў, якія былі асуджаныя самавольным беларускім правасудзьдзем на турэмнае пакараньне толькі за мужную прыхільнасьць свабодзе. Мы павінны памятаць гэтых людзей і павялічыць дзеля іх вызваленьня ціск на рэжым Лука-кі. Таму я рады ад імя Саюзу моладзі і як каардынатар замежнай палітыкі ХДС/ХСС узяць шэфства над асуджаным Зьмітром Дашкевічам.

 

“Радыё Свабода”

 

 

22 траўня 2011 г.

 

Эўрадэпутат Міхаэль Галер узяў шэфства над Паўлам Севярынцам

 

Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад нямецкага Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу, сябар Эўрапейскай народнай партыі, камісій Эўрапарлямэнту ў міжнародных справах, бясьпецы і абароне, а таксама транспарце і турызьме Міхаэль Галер (Michael Gahler) узяў шэфства над сустаршынём "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі" Паўлам Севярынцам, якога 16 траўня прысудзілі да 3 гадоў "хіміі", — паведамляе прэсавая служба БХД.

 

— Я вельмі ўдзячны нашым эўрапейскім сябрам за такую падтрымку. Ініцыятыва надзвычай важная і сымбалічная: людзі, якія змагаюцца за адныя каштоўнасьці – праўду, свабоду, справядлівасьць, маральнасьць — усталёўваюць моцныя, можна сказаць, роднасныя повязі. У гэтым — тое, што мы, беларускія дэмакраты, укладаем у паняцьце "Эўропа", — адзначыў Севярынец у інтэрвію прэс-службе БХД.

 

Міхаэль Галер на працягу доўгага часу сочыць за сытуацыяй у Беларусі, заўсёды выступае ў падтрымку рэзалюцыяў Эўрапарлямэнту ў справе Беларусі.

 

“Радыё Свабода”

 

 

23 траўня 2011 г.

 

Плюс 13 у "чорны сьпіс" Эўразьвязу

 

Рада Эўрапейскага Зьвязу ўхваліла пашырэньне санкцыяў супраць беларускіх уладаў. Колькасьць неўязных у Эўразьвяз прадстаўнікоў рэжыму Лука-кі вырасла на 13 і дасягнула 189. Эканамічныя санкцыі супраць кампаній, якія падтрымліваюць рэжым, у Эўразьвязе абмяркоўваюцца, але пакуль ня ўхваленыя. ("Дзякуй, вялікае дзякуй!.." за вашыя санкцыі! Уласныя інтарэсы важнейшыя за нашую дэмакрацію! Гадуйце й надалей беларускага дыктатара, а ён вас "казлоў" за тое яшчэ куды небудзь пашле!.. — "J.K.")

 

Рада Эўрапейскага Зьвязу ўвяла візавыя і маёмасныя санкцыі супраць яшчэ 13 беларускіх чыноўнікаў — пераважна судзьдзяў і пракурораў, якія вялі апошнія крымінальныя працэсы над актывістамі апазыцыі. Як паведамляе афіцыйны партал Эўразьвязу, гэта адбылося пасьля нядаўняга асуджэньня былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і шэрагу сябраў палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Пад візавую забарону трапіў таксама дырэктар школы, які перасьледаваў настаўнікаў за апазыцыйныя погляды, паведамляе Польскае радыё.

 

Само рашэньне і дадатковы сьпіс будуць апублікаваныя заўтра выданьнем "Official Journal of the EU".

 

Тым часам, як паведамляе інтэрнэт-выданьне euobserver.com, міністры замежных спраў краін Эўразьвязу вядуць "пачатковыя перамовы" аб кропкавых эканамічных санкцыях супраць дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, на якія абапіраецца дзейны рэжым. Але, як кажуць дыпляматычныя крыніцы, перамовы пра тое, якія кампаніі патрапяць пад такі ўдар, "могуць заняць некалькі месяцаў". Сярод кампаній, пра якія цяпер ідзе гаворка, — "Белшына", "БелАЗ", "Беларуськалій", "Белнафтахім", "Белтэхэкспарт" і "Трайпл".

 

Вывучаецца таксама прапанова Эўрапарлямэнту аб перанясеньні чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году зь Менску ў Швайцарыю.

 

Сястра палітвязьня Андрэя Саньнікава Ірына Багданава ўзяла ўдзел у пікеце ля будынка ў Брусэлі, дзе праходзіла паседжаньне Рады Эўрапейскага Зьвязу. Сёньняшняе рашэньне па Беларусі яна лічыць недастатковым:

 

— Вядома, не. Таму мы і выйшлі на пікет, каб патрабаваць эканамічных санкцыяў. Са мною палітыкі пастаянна спрачаюцца на гэтую тэму, кажуць, што ад гэтых санкцый жыцьцё беларускага народу пагоршыцца. Жыцьцё беларускага народу пагаршаецца з-за эканамічнай палітыкі рэжыму. І тое, што эканамічныя санкцыі ня ўводзяцца, — гэта падтрымка рэжыму, а не беларускага народу. Таму мы і надалей будзем крычаць і патрабаваць эканамічных санкцыяў.

 

Тое, што ўвогуле ўвага да беларускіх падзей у Эўразьвязе не зьнікае, спадарыня Багданава назвала заслугай міжнароднай супольнасьці, праваабарончых арганізацыяў, беларусаў замежжа. Паводле Ірыны Багданавай, перад сёньняшнім пасяджэньнем кааліцыя "Free Belarus now" накіравала Кэтрын Эштан і міністрам замежных спраў Эўразьвязу лісты з патрабаваньнем эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лука-кі.

 

— Немагчыма працягваць такую палітыку, якую праводзіць Эўразьвяз цяпер, і ўрэшце трэба сканчаць з гэтай дыктатурай у цэнтры Эўропы. Беларусь — эўрапейская краіна, яны не павінны гэта забываць.

 

Рэакцыі беларускіх уладаў на рашэньне Рады Эўразьвязу яшчэ няма, — паведаміў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

 

— Па Радзе Эўразьвязу я нічога не магу сказаць, пакуль мы не атрымаем афіцыйнай інфармацыі. Але, мяркуючы па той інфармацыі, якая даходзіць да нас, хутчэй за ўсё, гэта будзе дастаткова стрыманая кароткая заява.

 

Спадар Савіных абверг інфармацыю пра тое, што беларускія ўлады ў адказ на санкцыі Эўразьвязу рыхтуюць выдварэньне эўрапейскіх амбасадараў і забарону апазыцыянэрам на выезд:

 

— Мне пра гэта нічога не вядома, але калі будуць ухваленыя афіцыйна Рэспублікай Беларусь нейкія захады ў адказ, то я пра гэта афіцыйна абвяшчу.

 

Менскі палітоляг, бацька аднаго з палітвязьняў Аляксандар Класкоўскі сумняецца ў тым, што Эўразьвяз пойдзе на поўнамаштабныя эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму:

 

— Я думаю, што гэта тая сытуацыя, калі пагроза мацнейшая за выкананьне. Таму што мы бачылі, як у апошнія тыдні вельмі нэрвавалася беларуская ўлада. Яна апынулася ў такіх абцугах, бо з другога боку Расея націснула, бо міністар Лаўроў сказаў, што Масква не ўхваляе гэтыя палітычныя прысуды… Так што беларуская ўлада зараз мусіць чухаць рэпу.

 

Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што ў гэтай сытуацыі гульня афіцыйнага Менску з Эўропай будзе працягвацца, і яна дае шанец на аблягчэньне лёсу палітвязьняў.

 

Валер Каліноўскі

 

 

Прысуды ўмоўныя і з адтэрміноўкай: мякка сьцеле, ды мулка спаць

 

20 траўня экс-кандыдаты ў прэзыдэнты: Уладзімер Някляеў і Віталь Рымашэўскі, а таксама Аляксандар Фядута, Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Вазьняк — атрымалі даволі мяккія прысуды ў параўнаньні зь іншымі фігурантамі справы за 19 сьнежня. Някляеў і Дзьмітрыеў — па 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады, Рымашэўскі, Фядута, Вазьняк — па 2 гады ўмоўна, а Наста Палажанка — 1 год умоўна. Зь якімі абмежаваньнямі пасьля мяккіх прысудаў сутыкнуцца фігуранты працэсаў?

 

Адразу ж пасьля агалошваньня прысуду судзьдзя Жана Жукоўская папярэдзіла усіх асуджаных:

 

— У выпадку невыкананьня вамі ўскладзеных на вас судом абавязаньняў можа паўстаць пытаньне аб зьмяненьні гэтага пакараньня, у прыватнасьці, аб адмене адтэрміноўкі альбо аб адмене ўмоўнага непрымяненьня пакараньня, і вы будзеце накіраваныя ў месцы пазбаўленьня волі. Разумееце, так?

 

Падчас і адтэрміноўкі, і ўмоўнага выкананьня пакараньня за асуджаным ажыцьцяўляецца прафіляктычнае назіраньне, і на яго накладаюцца пэўныя абавязкі. У канкрэтным выпадку, больш жорсткі рэжым у Някляева і Дзьмітрыева, якія атрымалі па 2 гады з адтэрміноўкай, тлумачыць судзьдзя:

 

— Не мяняць месца жыхарства бяз згоды органа, што ажыцьцяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, не выяжджаць па асабістых справах на тэрмін больш за 1 месяц за межы раёну, гораду, пэрыядычна зьяўляцца ў гэты орган для рэгістрацыі, знаходзіцца з 22 гадзін вечара да 6-й раніцы па месцы жыхарства, не наведваць пэўныя месцы.

 

Асуджаныя ўмоўна таксама знаходзяцца пад наглядам міліцыі, але на іх распаўсюджваецца паведамляльны прынцып. Яны абавязаныя, паводле тлумачэньня судзьдзі:

 

— Папярэдне паведамляць у орган унутраных спраў пра зьмену месца жыхарства; пра выезд па асабістых справах у іншую мясцовасьць на тэрмін больш за месяц; зьяўляцца ў дадзены орган па ягоным выкліку і пры неабходнасьці даваць тлумачэньні адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцьця. Усё. Больш ускласьці на яго нельга.

 

Што тычыцца выезду за межы краіны, гэта забаронена і пры ўмоўным пакараньні, і з адтэрміноўкай, тлумачыць намесьнік старшыні праваабарончай арганізацыі Беларускі хэльсынскі камітэт Гары Паганяйла:

 

— Асобы, што адбываюць пакараньні па крымінальных справах, ня могуць выяжджаць за мяжу. Толькі калі неабходна тэрміновае лячэньне, з дазволу органаў можна выехаць за мяжу, але гэта выключны выпадак, і вельмі рэдка бывае.

 

Такім чынам, больш строгае пакараньне — з адтэрміноўкай выкананьня прысуду, тлумачыць сядзьдзя:

 

— Можна працягнуць яшчэ адтэрміноўку ад 6 месяцаў да 1 году. Больш жорсткія кантрольныя меры. Па прадстаўленьні органа ўнутраных спраў асуджаны судом вызваляецца па сканчэньні гэтых двух гадоў. А калі ўмоўна — то два гады прайшло, і ў суд ужо ня трэба пісаць прадстаўленьне, аўтаматычна чалавек вызваляецца.

 

На думку юрыста Гары Паганяйлы, у абодвух выпадках ёсьць свае, так бы мовіць, падводныя камяні:

 

— Любыя паводзіны той ці іншай асобы могуць быць паднесеныя як невыкананьне ўмоваў, і па прадстаўленьні органа, што адказвае за выкананьне прысуду, умоўна асуджаныя, асуджаныя з адтэрміноўкай — могуць ператварыцца ў рэальна адбываючых пакараньне. Вось у чым небясьпека такіх прысудаў.

 

Але гэта не азначае, што пры мінімальным непадпарадкаваньні ці адміністрацыйным парушэньні (кшталту пераходу вуліцы на "чырвонае сьвятло"), асуджаных адразу ж пасадзяць за краты:

 

— Калі пасьля афіцыйнага папярэджаньня двойчы былі накладзеныя адміністратыўныя спагнаньні, то тады пры прадстаўленьні органа міліцыі суд можа адмяніць адтэрміноўку выкананьня пакараньня. І накіраваць асуджанага для адбываньня пакараньня, прызначанага прысудам.

 

Дарэчы, Уладзімер Някляеў наконт парушэньня правілаў дарожнага руху пажартаваў:

 

— Я ня буду на "чырвонае сьвятло" хадзіць. Адразу ж папярэджваю: калі мяне затрымаюць за пераход на "чырвонае сьвятло", ведайце, што гэта няпраўда.

 

А вось што тычыцца, так бы мовіць, заліку таму ж Някляеву пяці месяцаў, якія фактычна ён ужо адседзеў у ізалятары КДБ альбо пад хатнім арыштам, ніхто ня будзе нічога залічваць і скасоўваць. Толькі калі па прадстаўленьні органа ўнутраных спраў суд накіруе яго ў месцы пазбаўленьні волі, вось тады яму залічаць тэрмін знаходжаньня пад вартай.

 

Іна Студзінская

 

 

13 новых неўязных у Эўропу

(поўны сьпіс)

 

23 траўня Эўразьвяз увёў санкцыі супраць яшчэ 13 беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Сёньня ў афіцыйным выданьні Эўразьвязу апублікаваны іх сьпіс.

 

Сярод тых, каму забаронена зьяўляцца ў Эўразьвязе, і чые рахункі і маёмасьць на тэрыторыі Зьвязу маюць быць замарожанымі, пераважаюць судзьдзі і пракуроры, якія судзілі ўдзельнікаў Плошчы.

 

У сьпіс трапілі:

 

Валерый Вакульчык — кіраўнік аналітычнага цэнтра  адміністрацыі прэзыдэнта, адказны за ціск на незалежныя СМІ і інтэрнэт, судзьдзі Уладзілаў Шыкараў (Віцебск), Сьвятлана Акуліч (Пухавіцкі раён), Натальля Пыкіна (судзіла Ліхавіда),  Наталья Чацьвярткова (судзіла Саньнікава і іншых), Ала Булаш (судзіла Дразда і іншых), Жана Брысіна (судзіла Халіп і іншых), судзьдзя ВГС Аляксандар Дзьмітрыеў, адказны за закрыцьцё "Аўтарадыё" пракуроры Аляксандар Бароўскі, Дзьмітрый Сіманоўскі, Сяргей Жукоўскі, Сяргей Мазоўка, (адказны за прысуд Дашкевічу і Лобаву), дырэктар Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Натальля Меркуль, адказная за звальненьне з працы па палітычных матывах настаўніцы Натальлі Ільініч.

 

“Радыё Свабода”

 

 

25 траўня 2011 г.

 

Лука-ка ўпершыню заявіў пра вызваленне палітвязняў

 

Лука-ка не выключыў магчымасці вызвалення вязняў, якія мелі дачыненне да падзеяў 19 снежня.

 

— Завадатараў заклікалі да адказу па законе. Да гэтага часу крычаць: "Палітвязні! Вызваліце!". Хоць, нібыта, усіх адпусцілі, акрамя дваіх, якія ў авангардзе ішлі. Вызвалім і тых, мабыць. Няма чаго дзяржаўныя грошы марнаваць у турме, праядаць хлеб, — заявіў Лука-ка ў Астане, выступаючы ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Гумілёва.

 

Пра гэта перадае "Інтэрфакс". Былы кандыдат ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў пакараны двума гадамі з адтэрміноўкай за арганізацыю дзеянняў груба парушаючых грамадскі парадак, — кажа, — па такой заяве можна меркаваць, што Лука-ка са сваёй палітыкай трапіў на сценку:

 

— Я казаў, што нядоўга прабудуць зняволеныя ў турме. Сітуацыя цяпер не дазваляе гуляцца імі як кацянятамі, як было мінулым разам у 2006 годзе. Калі заўтра адменяць прысуд Статкевічу, будзем лічыць, што гэта наступіла. А дакладней не дадуць той тэрмін, які планаваўся. Заўтра а 14-й гадзіне будзе момант ісціны. Праз гэты жэст будзе спроба наладзіць кантакт з Еўропай.

 

19 снежня быў збіты да непрытомнасці ў цэнтры Менска па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "масавыя беспарадкі".

 

Зміцер Косьцін

 

“Радыё Рацыя”

 

 

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця адмовіўся ад падтрымкі ўраду Беларусі

 

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) скарэктаваў прынятую ў сьнежні 2009 году стратэгію па Беларусі і адмовіўся ад раней заплянаваных праектаў у дзяржаўным сэктары.

 

У адпаведнасьці з заявай ЭБРР, разьмешчанай на яго сайце, банк падкрэсьлівае сваю адмову ад падтрымкі беларускіх цэнтральных уладаў. "Няма падтрымкі беларускай цэнтральнай улады: няма падтрымкі, як фінансавай, так і тэхнічнай ў любым выглядзе", — сказана ў паведамленьні аб карэкціроўцы стратэгіі.

 

У сувязі з гэтым ЭБРР адмовіўся ад раней заплянаваных інвэстыцый у праекты ў дзяржаўным энэргетычным сэктары, у тым ліку ў справе аднаўляльных крыніц энэргіі, і ў сфэры транспартнай інфраструктуры. Умовы раней плянаваных іншых варыянтаў супрацоўніцтва з дзяржсэктарам, у прыватнасьці, крэдытаваньне дзяржбанкаў і папярэдняя прыватыцзацыйная падтрымка, таксама сталі больш жорсткімі і будуць разглядацца на падставе вышэйпаказаных крытэрыяў.

 

У выніку чарговай карэкціроўкі стратэгіі, ЭБРР зноў сфакусуецца выключна на падтрымцы прыватнага сэктару ў Беларусі, у тым ліку прадугледжваецца пашырэньне праграм фінансаваньня прыватнага бізнэсу. ЭБРР пацьвердзіў гатоўнасьць да партнэрства зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі ўдзельнічаць ў праектах па паляпшэньні экалягічных стандартаў.

 

Акрамя таго, ЭБРР заяўляе аб "падтрымцы беларускага народу". Так, апэрацыі банку будуць накіраваны на праекты, якія дазваляюць "палепшыць умовы жыцьця беларускага народу".

 

"ЭБРР надалей заклікае беларускія ўлады да прагрэсу на шляху дэмакратычных і рынкавых рэформаў, у адпаведнасьці са сваімі абавязаньнямі ў адпаведнасьці з артыкулам 1 Пагадненьня аб заснаваньні ЭБРР. Палітычнаму дыялёгу з уладамі будзе нададзена асноўная ўвага. У наступным аглядзе, у 2012 годзе, Рада ЭБРР падвядзе вынікі палітычнага і эканамічнага разьвіцьця, і будзе мець магчымасьць зноў разгледзець адпаведную карэкціроўку сваёй стратэгіі", — сказана ў паведамленьні ЭБРР.

 

“Радыё Свабода”

 

 

26 траўня 2011 г.

 

Прысуды Статкевічу, Вусу, Пазьняку, Класкоўскаму, Квяткевічу, Грыбкову, Буланаву

 

13:55 Журналістам дазволілі правесьці відэа і фотаздыкі ў залі суду. На абвяшчэньне прысуду экс-кандыдатам у прэзыдэнты і іншым удзельнікам Плошчы прыйшлі паслы Нямеччыны, ЗША, Швэцыі, іншыя дыпляматы, з палітыкаў — Уладзімер Някляеў, а таксама сваякі асуджаных.

 

Уладзімер Някляеў, які зайшоў у залю, прывітаў Міколу Статкевіча і іншых абвінавачаных:

 

— Мікола, малайцы хлопцы! Усё будзе добра, ня сёньня, дык заўтра.


14:14 На просьбу Статкевіча вырак зачытваецца цалкам, каб яшчэ раз пачуць пра кактэйль Молатава — сказаў Мікола Статкевіч. Судзьдзя Грачова чытае прысуд вельмі ціха.

 

14:38 Прысутныя ў залі абураюцца, што нічога не чуваць і патрабуюць уключыць мікрафон. Судзьдзя Грачова прыгразіла, што загадае вызваліць залю, але людзі працягвалі абурацца. Судзьдзя стала чытаць гучней.

 

15:32 Судзьдзя працягвае чытаць вырак.

 

15:40 Сярод тых, хто ня трапіў у залю, а гэта каля 50 чалавек, жонка Алеся Міхалевіча Мілана, маці Мікіты Ліхавіда, маці Фёдара Мірзаянава, жонка Ўладзімера Някляева. Таксама там стаіць намесьнік кіраўніка ГУУС Менгарвыканкаму Яўсееў.

 

16:20 Прысуды:

 

Міколу Статкевічу — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Дзьмітрыю Вусу — 5 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Арцёму Грыбкову — 4 гады пазбаўленьня волі з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму.
Аляксандру Квяткевічу — 3 з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Дзьмітрыю Буланаву —  3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Андрэю Пазьняку — 2 гады абмежаваньня волі, яго вызвалілі ў залі суду.

Дзьмітрыя Вуса ўзялі пад варту ў залі суду.

 

Уладзімер Някляеў пра прысуды:

 

— Каля 30 закладнікаў. Але Лука-ка дарма мяркуе, што за гэта яму будуць плаціць. Мне пра гэта ніякавата казаць. Я ўсё ж не за кратамі, і я не магу патрабаваць ад Захаду, каб ён ніякіх грошай ні за кога не даваў. Калі б я быў там, я сказаў бы тое ж, што сказаў Мікола. І мы найперш будзем рабіць усё, каб выцягнуць людзей з-за кратаў, а потым глядзець, што рабіць далей. Я думаю, мы гэтага даможамся.

 

Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, пра прысуды:

 

— Яны столькі не пасядзяць — гэта адзінае, у чым я ўпэўненая. Улада столькі рэсурсу ня мае. А пра суд мы ня кажам, бо суду няма, калі судзяць самых годных людзей у краіне. Судзяць тыя, хто павінен сядзець на іх месцах.

 

Маці Дзьмітрыя Буланава Клаўдзія Буланава пра прысуд:

 

— Яму далі тры гады за тое, што ён ударыў па дзеравяшцы, падышоў, калі ўсё было разьбіта. Гэта чыста хлапечы ўчынак. У яго разьвілося захворваньне, выклікала рэўматычную атаку, эндакардыт міякарда, ад якога сьмяротнасьць складае 51%. І цяпер яны мне кажуць, што ў яго няма зьмякчаючых акалічнасьцяў. То бок магчымасьць паўтору такога стану вельмі вялікая. Нават у нармальных умовах праз 4–6 месяцаў гэта можа паўтарыцца.

 

Мілана Міхалевіч, жонка Алеся Міхалевіча — пра лёс свайго мужа і сёньняшнія прысуды:

 

— Справа адносна Алеся яшчэ ня скончаная. Але я, безумоўна, цешуся, што ня мушу зараз зьбіраць мужу перадачы на Валадарку, у "амэрыканку" ці ў калёнію. Гэта страшна — тое, што ў нас адбываецца. І страшна, што гэта працягваецца дагэтуль.

 

Праваабаронца Людміла Гразнова:

 

— Гэта адназначна палітычныя, груба сфальшаваныя працэсы. Яны накіраваныя на запужваньне грамадзянскай супольнасьці і цалкам усяго насельніцтва. Сёньняшні прысуд — поўная кульмінацыя. Асабліва пасьля тых словаў Лука-кі, што некаторыя арганізатары будуць вызваленыя, былі спадзяваньні, што сёньня суды будуць зь іншымі выракамі. Але прысуды шакавалі і дадалі Лука-ку яшчэ больш ворагаў. Ён адразае сабе шлях для дыялёгу з апазыцыяй. Для краіны — гэта катастрофа.

 

Вольга Бандарэнка, жонка асуджанага раней Зьмітра Бандарэнкі — пра сёньняшні прысуд:

 

— Магчыма, Лука-ка набірае закладнікаў. Ён ведае, што так было і ён таргаваўся. Раней гэта працавала. Зараз пакуль, на шчасьце, гэтая праграма гандлю закладнікамі не працуе. Але ён спадзяецца, і гэта вызначае яго паводзіны. Ён набірае закладнікаў для гандлю.

 

Маці Дзьмітрыя Вуса Сафія пра сёньняшні прысуд сыну:

 

— За што? Яны нічога дрэннага не патрабавалі: зьмяніць Выбарчы кодэкс. Яны патрабавалі мірна. А яны што ўтварылі? Акружылі ўвесь горад міліцыяй. Людзі былі зьдзіўленыя, што за выбары? Навошта сына пасадзілі? За што?

 

Аляксандар Класкоўскі, бацька асуджанага Аляксандра Класкоўскага:

 

— Улада вытрымлівае марку так, як яна разумее. Мы чулі ўчора ў Астане — скрозь зубы нешта прагучала, што, магчыма, мы іх яшчэ і выпусьцім. Гэта цынічная, прадуманая гульня. Першы этап — гэта паказальна засудзіць, каб усе баяліся, каб ведалі, што нельга рыпацца. А потым пачаць торг з Захадам. Гэты торг насьпявае, бо Масква прэсінгуе, магільнае маўчаньне па выніках перамоваў з Пуціным. Проста так цяпер Масква і капейкі ня дасьць, усё выцісьне. І таму паратунак — трэба прасіць грошы на Захадзе. А пасьля таго як столькі наплявалі ў гэты калодзеж, гэта вельмі цяжка. Я думаю, што разьлікі беларускай улады, што яны галовамі будуць гандляваць ураздроб, — гэта наўрад ці атрымаецца, ведаючы рашучы настрой ЗША і Эўропы.

 

Праваабаронца Алена Танкачова:

 

— З прававога гледзішча гэтаму няма ніякага тлумачэньня. Гэта прававы нонсэнс. Гэта выключна палітычны расклад. Магчыма, і каляпалітычны, зьвязаны са спробай перафарматаваньня палітычнай прасторы і лідэраў грамадзкай думкі на гэтай прасторы. Масавых беспарадкаў 19 сьнежня не было, і гэты крымінальны склад павінен быць перагледжаны.

 


Новыя прысуды — працяг гандлю людзьмі

 

Сёньня судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова абвясьціла прысуды чарговай групе ўдзельнікаў падзей на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня: Міколу Статкевічу, Дзьмітрыю Вусу, Аляксандру Класкоўскаму, Арцёму Грыбкову, Аляксандру Квяткевічу, Дзьмітрыю Буланаву, Андрэю Пазьняку.

 

Новыя прысуды былі вынесеныя пасьля заявы Лука-кі пра магчымае вызваленьне ўсіх палітвязьняў, каб яны "не транжырылі дзяржаўныя грошы ў турме" і не "праядалі хлеб".

 

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі і былы палітзьняволены ў справе падзеяў 19 сьнежня Анатоль Лябедзька новыя прысуды да розных тэрмінаў зьняволеньня назваў працягам палітычнага гандлю людзьмі:

 

— Зараз ідзе слаба прыкрыты гандаль людзьмі. Зразумела, калі б не "хвароба" судзьдзі і калі б рашэньне выносілася, як і плянавалася напачатку, то Статкевіч, Вус і Класкоўскі атрымалі б блізка да максымальнай плянкі, якую прасіў пракурор. Зараз, пасьля гэтай заявы, палітычнае рашэньне пайшло на зьмякчэньне і крыху адрозьніваецца ад таго, што прасіў пракурор — гэта ідзе гульня. У кожным разе трэба падкрэсьліваць, што прысуды маюць выключна палітычны зьмест. І дзе гэтыя людзі будуць празь месяц, праз паўгода — зараз залежыць ад эканамічнай сытуацыі, ад салідарнасьці ўнутры краіны і ад цьвёрдасьці Брусэлю і Вашынгтону.

 

Той жа думкі — што працягваецца гандаль палітвязьнямі — трымаецца і асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня, адзін заснавальнікаў партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Павал Севярынец:

 

— Самі па сабе гэтыя прысуды — суцэльнае беззаконьне. Калі іх разглядаць у кантэксьце заяваў Лука-кі пра тое, што пара адпускаць усіх палітвязьняў, то гэта вельмі нагадвае гандаль. Учора паведамілі, што гандаль пачынаецца, сёньня — выставілі цэтлікі на людзей, якімі гандлююць: гэтаму — 5,5 гадоў, гэтаму 6 і гэтак далей.

 

Юрыст і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч называе новыя прысуды працягам палітычнай расправы над апанэнтамі цяперашняй улады:

 

— Мы атрымалі абсалютна стандартны прысуд палітычным вязьням у агульным кантэксьце палітычнай расправы, якую праводзіць сёньняшні рэжым.

 

Асабліва — увогуле не паддаецца аніякаму аналізу тое, што адбылося са спадаром Вусам, бо прысуд яму проста абсалютна беспрынцыпны і не грунтуецца ні на чым, хоць тое ж можна сказаць і пра ўсе прысуды. Таму пакуль што бачна, што дзяржаўная машына працягвае палітычныя рэпрэсіі, а далей будзе адбывацца палітычны гандаль, лінію на які вымушаны быў абвясьціць учора Аляксандар Лука-ка.

 

Старшыня партыі Беларускага народнага фронту Аляксей Янукевіч заяўляе, што новыя прысуды не адмяняюць заявы Лука-кі аб вызваленьні палітвязьняў:

 

— Сёньняшнія прысуды, якія, безумоўна, абуральныя і працягваюць лінію вельмі жорсткіх палітычных рэпрэсій супраць апазыцыі і кандыдатаў на прэзыдэнта, — на маю думку, гэтыя прысуды не абавязкова сьведчаць пра тое, што ўчорашнія заявы былі пустымі словамі. Відавочна, што калі давядзецца выпускаць палітычных вязьняў, то імідж — тое, як будзе выглядаць сёньняшняя ўлада — вельмі турбуе Лука-ку, і ён не хацеў бы, каб выглядала, што ён ідзе на саступкі і выяўляе слабасьць. І ў гэтым кантэксьце я лічу, што сёньня варта было чакаць таго, што прысуды застануцца высокімі і жорсткімі. Ну, а пазьней будуць вызваляць гэтых людзей, але яны ўжо будуць асуджанымі. Тут відавочная розьніца — адна справа, калі чалавек не пакараны і не прызнаны судом вінаватым, а іншая — калі ў дачыненьні да яго ўжываецца нейкая асаблівая ласка і ён вызваляецца.

 

Чарговыя прысуды палітычным лідэрам і ўдзельнікам Плошчы на тле заяваў Лука-кі камэнтуе яшчэ адзін удзельнік прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, былы палітвязень, асуджаны за ўдзел у падзеях 19 сьнежня, Сяргей Вазьняк:

 

— Зразумела, што гэтыя судовыя рашэньні ня маюць ніякага дачыненьня да правасудзьдзя.

 

У прававой дзяржаве такога ня можа быць. Бо ўсе кандыдаты на прэзыдэнта і ўсе давераныя асобы — мы ўсе аднолькава рабілі адну і тую ж справу: мы клікалі людзей на Кастрычніцкую плошчу. Але нехта вырашыў, што групу Саньнікава-Статкевіча трэба вельмі жорстка пакараць па артыкуле "масавыя беспарадкі", паводле якога прысуджаецца пяць і больш гадоў. Групу Рымашэўскага і Някляева — больш мякка, і нам далі артыкул № 342 — "грубае парушэньне грамадзкага парадку". А групу Кастусёва і Раманчука — не караць ніяк, хоць яны таксама клікалі людзей на плошчу. У прававой дзяржаве такога быць ня можа — альбо ніхто не вінаваты, альбо вінаватыя ўсе. Зразумела, што гэта палітычныя рашэньні. Калі ўсё гэта ўвязаць з заявамі Лука-кі ў Астане, што, маўляў, выпусьці і гэтак далей, то, канечне, выпусьцяць. Выпусьцяць незалежна ад таго, хто якія тэрміны атрымаў, і бліжэйшым часам усе будуць на свабодзе. Пра гэта кажа палітычная сытуацыя, а таксама акцыі салідарнасьці ў Беларусі і за яе межамі. Нікуды ён ня дзенецца — будуць людзі памілаваныя, вызваленыя. А ў будучыні — рэабілітаваныя, незалежна ад артыкулу і тэрміну.

 

Галіна Абакунчык

 

“Радыё Свабода”

 

 

31 траўня 2011 г.

 

Дэпутат Бундэстагу Мануэль Cарацын ўзяў шэфства над Мікітам Ліхавідам

 

Сябра нямецкага Бундэстагу і ПАРЭ ад фракцыі зялёных і Мануэль Cарацын заявіў пра шэфства над беларускім палітвязьнем, 21-гадовым актывістам руху "За Свабоду" Мікітам Ліхавідам, які быў пакараны 3,5 гадамі калёніі за ўдзел у падзеях 19 сьнежня.

 

Кампанію "Шэфства над палітвязьнямі" ініцыявала праваабарончая арганізацыя "Libereco — Partnership for Human Rights" са штаб-кватэрай у Боне. Яе мэта — каб кожны палітзьняволены ў Беларусі і яго сям’я атрымалі маральную ды палітычную падтрымку з боку нямецкіх парлямэнтарыяў. Сутнасьць такога падыходу ў тым, каб сачыць за праблемамі “падшэфнага” палітвязьня, падтрымліваць, у тым ліку і матэрыяльна, ягоную сям’ю, распаўсюджваць інфармацыю пра гэтага ды іншых палітзьняволеных у Беларусі з мэтай іх вызваленьня.

 

Камэнтуючы сваё рашэньне  аб шэфстве над Мікітам Ліхавідам, Мануэль Сарацын адзначыў, што ён вельмі заклапочаны рэпрэсіямі рэжыму Лука-кі ў дачыненьні да ўдзельнікаў мірных дэманстрацыяў, нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў:

 

— Яго не магу пагадзіцца з прысудам 3,5 гады ў дачыненьні да гэтага чалавека. Падобнымі палітычнымі працэсамі Лука-ка літаральна топча нагамі ўсе дэмакратычныя прынцыпы. Гэтаксама я не магу прыняць рэпрэсіўнае абыходжаньне ў Наваполацкай калёніі, пра якое паведамляе сям’я Мікіты.

 

“Радыё Свабода”

 

 

22 чэрвеня 2011 г.

 

Справы за Плошчу працягваюцца: новы абвінавачаны

 

Абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках выстаўлена Сьвятаславу Барановічу. Гэта новы, ужо 46-ы фігурант справы па падзеях вечара пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Як паведамляюць праваабаронцы, да канца сьледзтва хлопец будзе утрымлівацца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Як паведаміла "Радыё Рацыя" праваабаронца Настасься Лойка, учора са Сьвятаславам Барановічам здолеў сустрэцца адвакат, аднак пакуль невядома, ці належыць хлопец да штабу кагосьці з кандыдатаў у прэзыдэнты альбо нейкай палітычнай арганізацыі:

— Маладому чалавеку прад’явілі абвінавачваньне па частцы 2 артыкулу 293 “удзел у масавых беспарадках”. На дадзены момант ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА па вуліцы Валадарскага, і там ён будзе знаходзіцца да суду. Паколькі прад’явілі абвінавачваньне, сам тэрмін следзтва працягнулі да верасьня. То бок у іх ёсьць тры месяцы, каб нешта расьсьледаваць.

Пасьля падзеяў Плошчы, па інфармацыі праваабаронцаў, актывіст ужо адсядзеў 10-сутачны арышт, пасьля чаго быў вызвалены.

Усяго абвінавачаньні па справе аб падзеях 19 сьнежня былі выстаўленыя 46 чалавекам, пасьля чаго сілавыя ведамствы Беларусі заявілі пра заканчэньне расьсьледаваньня. Разам з тым многія фігуранты справы, уключна з новым — Станіславам Барановічам, які паходзіць зь Вялейкі — працягваюць чакаць працэсаў, якія, праўдападобна, пройдуць увосень.

 

“Радыё Свабода”

 

 

28 верасьня 2011 г.


Сьвятаслава Барановіча судзяць за Плошчу
(Онлайн-рэпартаж)


28 верасьня ў судзе Маскоўскага раёну Менску праходзіў разгляд справы супраць Сьвятаслава Барановіча па падзеях 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці. Барановіча вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу "Ўдзел у масавых непарадках". 

10:05 Працэс пачынаецца. У залю запускаюць удзельнікаў. Прыйшлі: абвінавачаны, адвакат Рыгор Мароз, пацярпелыя.

Справу разглядае судзьдзя Алена Рудніцкая. Бок абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Серакоў.

Барановіча вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу “ўдзел у масавых непарадках”. Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі.

Па справе праходзяць 30 пацярпелых супрацоўнікаў праваахоўчых органаў. На першае паседжаньне, якое адбылося 29 жніўня, прыйшлі толькі 12. У выніку судзьдзя перанесьла працэс на 28 верасьня.

29 жніўня Барановіча вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яго ўтрымлівалі ў турме на вуліцы Валадарскага ад 15 чэрвеня.

— На мітынг я прыйшоў, каб падтрымаць свайго кандыдата Андрэя Саньнікава. Мітынг спачатку быў мірным, і я нікога не зьбіраўся біць ці нешта такое. Але потым атрымаў дручком па галаве ад амапаўцаў і не стрымаўся, пачаў адказваць, біў па шчытах. Гэта зафіксавана на відэа, таму адмаўляць гэта мне не выпадае. Сядзеў на "Валадарцы", ставіліся там да мяне нармальна. І вязьні, і ахоўнікі, — кажа Сьвятаслаў Барановіч.

Сьвятаславу 25 гадоў, ён працуе ў Менску будаўніком, сам зь Вялейскага раёну Менскай вобласьці.

10:10 З 29 заяўленых пацярпелых на працэс прыйшло толькі 10.

10:15 Пракурор зачытвае абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых непарадках. Абвінавачаньне стандартнае — тое, што было зачытана і ў папярэдніх працэсах над іншымі абвінавачанымі.

10:18 Барановіч часткова прызнае віну. Пачаўся допыт абвінавачанага.

Пракурор пытаецца: чаму апынуўся на Плошчы?

Барановіч кажа, што паводле свайго права грамадзяніна пайшоў паслухаць, што кажуць пра вынікі выбараў альтэрнатыўныя кандыдаты.

Кажа, што разам зь іншымі людзьмі дайшоў ад Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасьці і апынуўся на прыступках Дому ўраду.

Там атрымаў дручком па галаве і ў адказ некалькі разоў ударыў рукой па шчытох, каб даць зразумець, што за неправамерныя дзеяньні сілавікі могуць атрымаць адпор.

10 спэцназаўцаў міліцыі, якія сядзяць у залі, з гэтых паказаньняў сьмяюцца.

Спэцназаўцы на пытаньні судзьдзі адказваюць хорам.

Да мэдыкаў, тлумачыць Барановіч, ён не зьвяртаўся з тае прычыны, што ведаў пра перасьлед удзельнікаў акцыі.

Сьвятаслаў Барановіч кажа, што толькі дома адчуў, што моцна зьбіты і ня можа нават рухацца.

Кажа, што ніводнага з спэцназаўцаў, якія прысутнічаюць у судзе як пацярпелыя, ня ўдарыў.

Таксама кажа, што ня меў і ня бачыў ніякіх сродкаў супраціву ў мітынгоўцаў, як пра тое кажа пракурор — ні дручкоў, ні ледасекаў, ні пляшак з гаручай сумесьсю.

Прызнаў віну за ўдзел акцыі — пра яе несанкцыянаванасьць даведаўся пазьней.

Кажа, што ня быў узброены і прыйшоў зь мірнымі мэтамі, а людзям супрацьстаялі ўзброеныя супрацоўнікі спэцназу міліцыі.

Судзьдзя кажа пра супярэчнасьці паказаньняў у судзе і на папярэднім сьледзтве 2 жніўня – зачытвае яго.

У папярэдніх паказаньнях абвінавачаны нібыта сьведчыў, што быў каля дзьвярэй Дому ўраду і нават ударыў па шчытох, якія там былі за дзьвярыма.

Таксама, паводле папярэдняга сьледзтва, яму было вядома пра несанкцыянаванасьць акцыі.

Абвінавачаны кажа, што яго дапытвалі некалькі чалавек, якія пагражалі яму доўгім тэрмінам, калі ён ня дасьць патрэбных паказаньняў.

Пракурор дамагаецца пацьверджаньня таго, што на Барановіча чынілі ціск падчас папярэдняга допыту.

Судзьдзя перапыніла пракурора і пытаецца, якія паказаньні абвінавачаны просіць прызнаць сапраўднымі.

Абвінавачаны ўдакладняе і пацьвярджае, што прыйшоў па плошчу Незалежнасьці зь мірнымі мэтамі і біў па шчытох толькі ў адказ на тое, што яго зьбілі, у тым ліку дубінкай па галаве, супрацоўнікі спэцназу міліцыі.

На пытаньні судзьдзі пра супярэчнасьці ў паказаньнях абвінавачаны кажа, што быў зьбіты некалькімі спэцназаўцамі, у тым ліку дубінкамі па галаве – дрэнна арыентаваўся ў тыя хвіліны і тым больш празь нейкі час.

Чаму біў па шчытох? Адказвае, што гэта слабыя адказы на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго, удары па шчытох значна менш балючыя, чым дубінкай па галаве. Хто ня верыць — можа паспрабаваць.

11:02 Пачынаецца допыт пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі.

Сьведкі тыя ж самыя, што і на папярэдніх судах над удзельнікамі акцыі пратэсту.

Судзьдзя вырашыла, што ад тых пацярпелых, якіх няма ў залі суду, будуць зачытаныя пісьмовыя сьведчаньні.

Пацярпелы Скараходаў сьведчыць, што зь яго сарвалі шлем і выцялі па галаве.

Сьведчыць, што абвінавачанага ня бачыў і тым больш не пазнае.

Да сьведкаў-спэцназаўцаў пракурор ставіцца спакойна і нават лагодна – у адрозьненьне ад абвінавачанага, якому ён задаваў пытаньні настойліва і эмацыйна.

Допыт Скараходава завершаны.

11:10 Распачаўся допыт спэцназаўца міліцыі Зянкевіча.

Зянкевіч сьведчыць, што яго аблілі з вогнегасьніка і ён атрымаў апёкі.

На пытаньне адваката, якія масавыя непарадкі бачыў, адказаў, што калі б іх, спэцназаўцаў, не было на плошчы, то былі б масавыя непарадкі.

Зброі ня бачыў, але бачыў дручкі. Ня бачыў ні пажару, ні падпалаў.

Спэцназаўцы хадайнічаюць, каб пасьля допыту іх адпускалі з залі паседжаньня, бо яны павінны працаваць сёньня на футбольным матчы.

Допыт Зянкевіча скончаны.

11:18 Распачаўся допыт наступнага пацярпелага. Прозьвішча ў залі не дачулі, бо спэцназаўцы з грукатам выходзілі з залі суду.

11:24 Распачаўся допыт пацярпелага Піліпейкі. Ён сьведчыць, што, выконваючы каманды кіраўніцтва па абароне будынку Дому ўраду, быў пабіты. Хто пабіў – ня ведае. Абвінавачанага не пазнае.

Кажа пра кавалкі арматуры, што кідалі ў іхні бок.

11:28 Распачаўся допыт пацярпелага Лушчыка.

Сьведчыць, што амапаўцы падалі на прыступках, ён спрабаваў іх падымаць і на яго замахнуліся ледасекам, але ён здолеў вывернуцца. Яму трапіла толькі калодачкай ад ледасека. Натоўп, як ён цьвердзіць, бясчынстваваў. Абвінавачанага ня бачыў і ня памятае.

11:34 Допыт пацярпелага Майсеенкі. Кажа, што расьсеклі натоўп, каб ён ня зьліўся ў адзінае цэлае і людзі з плошчы не дапамагалі тым, хто апынуўся ў ачапленьні каля Дому ўраду. З-за гэтага ў спэцназаўцаў ляцела каменьне, іх абражалі. Яго самога ўдарылі жалезным прадметам. Абвінавачанага ня бачыў, прэтэнзіяў да яго ня мае.

11:44 Працягваецца допыт сьведкаў, якія даюць аднатыпныя паказаньні: натоўп буяніў, зрываў зь іх шлемы, адбіраў шчыты і спрабаваў прарвацца ў Дом ураду. Усе яны пацярпелага ня ведаюць, ня бачылі, прэтэнзіяў да яго ня маюць.

11:55 Аб'яўлены перапынак на 20 хвілінаў.

12:45 На паседжаньні 28-га верасьня суд заслухаў паказаньні 10 з 23 заяўленых абвінавачаньнем сьведкаў — гэта спэцназаўцы міліцыі, якія ўдзельнічалі ў разгоне акцыі 19 сьнежня. Судзьдзя Алена Рудніцкая вырашыла выклікаць у залю ўсіх сьведкаў. Таму яна аб'явіла перапынак да 12-га кастрычніка.


“Радыё Свабода”

 

 

12 кастрычніка 2011 г.


Прысуд Барановічу: 3 гады абмежаваньня волі
без накіраваньня ў месцы адбываньня пакараньня


12 кастрычніка суд Маскоўскага раёну Менску скончыў разглядаць крымінальную справу супраць Сьвятаслава Барановіча. Барановіч быў на Плошчы 19 сьнежня 2010 году. Яго вінавацяць ва "ўдзеле ў масавых непарадках".

10:15 У судовую залю прыйшла судзьдзя. Працэс аднавіўся. На паседжаньне зьявілася 9 пацярпелых зь ліку супрацоўнікаў спэцназу міліцыі.

Мінулае паседжаньне адбылося 28 верасьня. Тады суд заслухаў паказаньні 10 з 23 заяўленых абвінавачаньнем сьведкаў — гэта спэцназаўцы міліцыі, якія ўдзельнічалі ў разгоне акцыі 19 сьнежня. Судзьдзя Алена Рудніцкая вырашыла выклікаць у залю ўсіх сьведкаў.

Бок абвінавачаньня на працэсе прадстаўляе пракурор Серакоў.

29 жніўня Барановіча вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яго ўтрымлівалі ў турме на вуліцы Валадарскага ад 15 чэрвеня.

— На мітынг я прыйшоў, каб падтрымаць свайго кандыдата Андрэя Саньнікава. Мітынг спачатку быў мірным, і я нікога не зьбіраўся біць ці нешта такое. Але потым атрымаў дручком па галаве ад амапаўцаў і не стрымаўся, пачаў адказваць, біў па шчытах. Гэта зафіксавана на відэа, таму адмаўляць гэта мне не выпадае. Сядзеў на "Валадарцы", ставіліся там да мяне нармальна. І вязьні, і ахоўнікі, — кажа Сьвятаслаў Барановіч.

10:20 Распачаўся допыт спэцназаўца Сьмірнова. Сьмірноў адказвае на пытаньні пракурора. Заяўляе, што яго стукнулі па галаве невядома хто і невядома чым. Падсуднага ня ведае. Допыт скончаны.

10:21 Дапытваюць наступнага сьведку. Заяўляе, што бачыў прыкладна паўтары тысячы чалавек, якія былі з палкамі і пляшкамі з запальвальнвай сумясьсью. Кажа, што яго ўдарылі, але не ўдакладняе куды. На пытаньне судзьдзі адказаў, што пагромаў ня бачыў. На пытаньне адваката — што прэтэнзіяў да падсуднага ня мае.

10:23 Сьведкі гавораць вельмі ціха. Іхныя прозьвішчы немагчыма разабраць. Наступны сьведка. Не здолеў адказаць на пытаньне пракурора, дзе знаходзіўся ў часе падзеяў ля Дому ўраду. Атрымаў пашкоджаньні, калі падаў. Кажа, што ня бачыў масавага пагрому, бо раней пакінуў плошчу. Прэтэнзіяў ня мае.

10:26 Дапытваюць наступнага спэцназаўца. Распавядае, што яго выцягнулі з шэрагу ў якім стаяў, хто – ня ведае. Абвінавачанага ня бачыў, прэтэнзіяў ня мае. На пытаньне пракурора, якое пакараньне хацеў бы абвінавачанаму, сказаў "на погляд суду".

10:29 Журналістаў і праваабаронцаў пасадзілі на апошнія шэрагі ў залі суду. Пацярпелыя прамаўляюць гэтак ціха і ня выразна, што палову іх прамовы, практычна, нельга пачуць.

Наступны пацярпелы кажа, што ня бачыў, каб мітынгоўцы зьбівалі міліцыянтаў, але нібыта такое было. Допыт скончаны.

10:33 Распачаўся допыт наступнага пацярпелага-міліцыянта. Пацярпелы адказваюць на пытаньні

10:37 Наступны спэцназавец заяўляе, што атрымаў удар па калене чымсьці цяжкім. Чым, ня бачыў. Пракурор перапытвае, ці бачыў супрацьпраўныя дзеяньні супраць ягоных таварышаў. Кажа, што ня бачыў.

10:38 Кожнага з пацярпелых пракурор перапытвае, якое пакараньне хоча для падсуднага. Тыя адказваюць — на рашэньне суда.

10:40 Допыт скончаны і распачаўся новага пацярпелага спэцназаўца. Ён таксама ня бачыў палак, але кідаліся сьнегам.

Калі ўзялі людзей ў кола і пачыналі затрымліваць і зьмяшчаць у спэцтранспарт – тады яго з натоўпу хтосьці ўдарыў. Прэтэнзіяў да абвінавачанага ня мае, яго ня бачыў. На пытаньне адваката адказвае, што пагромаў і падпалаў ня бачыў. На пытаньне судзьдзі пра ўдары па шчытах кажа, што ня бачыў. Судзьдзя перапытвае: чаму пра ўдары па шчытах гаворыцца ў пратаколе ягонага папярэдняга допыту? Адказаў, што гэта было ў іншым ад яго баку.

10:46 Наступны сьведка кажа, што людзі на плошчы кідаліся сьнегам. Ня бачыў, як білі ў дзьверы. Але яго ўдарылі самога. Кажа, што балела галава. Зьвярнуўся да лекара, але назаўтра ўжо быў працы. На пытаньне адваката адказвае, што бачыў, як з боку натоўпу на іх ляцелі нейкія прадметы. Заклікаў да пагромаў ня чуў.

Наступны пацярпелы распавядае, што ён бачыў на плошчы 19 сьнежня: калі наблізіўся да натоўпу, то атрымаў удар па твары. На некаторы час страціў прытомнасьць, цягам трох дзён быў непрацаздольным. Ён жа часткова вёў відэаздымку. Кажа, што асаблівых парушэньняў з боку мітынгоўцаў ня бачыў, акрамя парушэньня правілаў дарожнага руху. Кажа, што мала бачыў, а толькі чуў глухія ўдары і звон шкла. Бачыў мужчыну з вогнетушыльнікам, а падсуднага — не.

10:55 Прысутныя ў залі суду 9 спэцназаўцаў і міліцыянтаў дапытаныя. Судзьдзя зачытвае паказаньні яшчэ аднаго пацярпелага Давідовіча. У паказаньнях гаворыцца пра тое, што мітынгоўцы штурхалі і абражалі спэцназаўцаў. Ён сьведчыць, як хтосьці з прамоўцаў заклікаў ісьці на штурм і захапіць Дом ураду. Як гучалі гэтыя заклікі і хто прамаўляў, ведае. Кажа, што яны пачалі абараняць будынак, але натоўп працягваў наступаць. Таксама заяўляе, шіто ўласнаручна затрымліваў людзей і пагружаў у спэцтранспарт. А пасьля затрыманьня зьвярнуўся ў шпіталь, бо была пабітая ніжняя вусна.

11:00 Судзьдзя зачытвае пратакол допыту спэцназаўца Караваева, які таксама не адсутнічае з залі суду. Заяўляе, што невядомы ўдарыў па галаве чымсьці. Паколькі на галаве быў шлем, то атрымаў гематому, якая была ня значнай. Пракурор дадаў да матэрыялаў справы вынікі судмедэкспэртызы яшчэ аднаго пацярпелага Скарахода.

11:06 Судзьдзя зачытвае пратаколы агляду месца здарэньня — што заставалася на плошчы пасьля разгону мітынгу.

Таксама зачытвае іншыя паказаньні пацярпелых. Пацярпелыя бачылі на плошчы каністры з запальвальнай сумесьсю, ледарубы, шкляныя і плястыкавыя пляшкі з вадкасьцю.

Судзьдзя зачытвае вынікі экспэртыз пацярпелых, дзе гаворыцца пра апёкі, гематомы розных частак цела.

11:31 Пачалі глядзець відэаматэрыялы.

Відэа глядзяць на кампутары, які стаіць на стале судзьзі. Судзьдзя папрасіла падыйсьці пацярпелага, пракурора і адваката. Прысутныя ў залі відэа ня бачаць. На відэа няма гуку. Таму з залі поўная цішыня. Толькі спэцназаўцы час ад часу перашэптваюцца і сьмяюцца.

Судзьдзя ў праглядзе таксама ня ўдзельнічае. На манітор кампутара глядзіць толькі абвінавачаны, ягоны адвакат і пракурор.

Відэапрагляд закончаны.

Судзьдзя перапытвае, ці пазнаў сябе абвінавачаны. Той кажа, што так. Пацьвярджае, што знаходзіўся на прыступках Дому ўраду. Барановіч таксама падцьвярджае, што ўдарыў па шчытах, у адказ на тое, што яго ўдарылі.

11:35 Пракурор дамагаецца ад Барановіча адказу, чаму быў каля дзьвярэй Дому ўраду. Сьвятаслаў кажа, што ў той сытуацыі ўвогуле цяжка было арыентавацца, дзе хто і чаму знаходзіўся.

Барановіч адзначае, што спэцназаўцы на судзе сьведчылі, што ад нязначных удараў яны гублялі прытомнасьць, а ў яго была моцна расьсечаная галава, і па сёньня застаўся шрам.

Сьвятаслаў кажа, што ня меў на мэце патрапіць у будынак Дому ўраду, бо зь ягонымі фізычнымі магчымасьцямі супраць узброеных спэцназаўцаў можна было застацца там у выглядзе трупа.

Удары па шчытах абвінавачаны тлумачыць: каб даць зразумець, што сілавікі павінныя атрымліваць адпор, што нельга зьбіваць бяззбройных людзей, якія выйшлі на мірную акцыю.

Судзьдзя зачытвае судмэдэкспэртызу псыхіятра.

11:54 Судзьдзя зачытвае заключэньне псыхіятра, што парушэньняў Барановіч ня мае, зачытвае характарыстыку з вучобы і працы.

Характарыстыка ў "Белстройэкалёгія" нэўтральная.

11:59 У судзе перапынак на 20 хвілін.

12:33 Паседжаньне аднавілася. Пачаліся судовыя спрэчкі.

Выступае пракурор:

— Масавыя непарадкі — цяжкае злачынства.

Называе факты матэрыяльнай шкоды і гвалту адносна супрацоўнікаў міліцыі, што і зьяўляецца сьведчаньнем пра масавыя непарадкі.

Удзел у іх Барановіча падцьверджаныя відэаматэрыяламі: удараў па шчытах, падымаў чалавека на рукі, які ўдараў нагамі па шчытах.

Паводле пракурора, дзеяньні Барановіча цягнуць на пакараньне турмой ад 3 да 7 гадоў.

Але, кажа пракурор, па людзях ён ня біў, наўмыснай шкоды не рабіў, у тым ліку матэрыяльнай.

Ён мае малады узрост, не прыцягваўся да адказнасьці, акрамя парушэньня правілаў дарожнага руху. Яго станоўча характарызуюць на працы.

Просіць тры гады абмежаваньян волі без накіраваньня ў месцы адбываньня пакараньня.

12:42 Выступае адвакат. Кажа, што справа Барановіча падобная на дзесяткі тых, што ўжо прайшлі праз суды ў выніку падзей 19 сьнежня.

Удзел Барановіча ў падзеях на плошчы не адпавядае артыкулу Крымінальнага кодэксу пра масавых непарадкі: ні пагромаў, ні падпалаў, ні зьнішчэньня маёмасьці не было на плошчы Незалежнасьці.

Ніхто з удзельнікаў не выяўляў актыўных дзеяньняў да тае пары, пакуль не пачалі наступаць супрацоўнікі спэцназу і зьбіваць людзей.

Барановіч прыйшоў зь мірнай мэтай, каб падтрымаць свайго кандыдата на прэзыдэнта. Ніякія палітычныя сілы не падтрымліваў.

Толькі, калі яго ўдарылі па галаве, тады пачаў больш актыўна дзейнічаць. Гэта падцьверджана відэаздымкамі.

Ён не зьдзяйсьняў гвалту над асобай, а біў па шчытах, якія не былі пашкоджаныя.

Але калі падцьверджана, што на Плошчы ўсё ж былі масавыя непарадкі, то няма падцьверджаньняў таго, што Берановіч непасрэдна ў іх удзельнічаў. Ён не падпальваў, не разбураў, ня гвалціў.

Адвакат таксама нагадвае, што Барановіч — асоба, якую станоўча характарызуюць, ніякіх правапарушэньняў раней не зьдзясьняў і ніякіх злачынных мэтаў ня меў.

Просіць прызнаць, што ў дзеяньнях Барановіча адсутнічаў склад злачынства.

12:53 Апошняе слова Барановіча.

— Я нікога ня біў па галаве і са сьпіны — як гэта робяць супрацоўнікі спэцназу.

Просіць вызваліць ад пакараньня, бо ня меў на мэце злачынных дзеяньняў.

Пракурор адказвае адвакату, што Барановіч удзельнічаў у непарадках, але ступень удзелу малая.

12:57 У судзе перапынак. Прысуд абвесьцяць у 16:00.

16:05 Прысуд: 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбываньня пакараньня.

Паводле закону, Барановіч павінен зьявіцца на выклік у крымінальна-выканаўчую інспэкцыю, каб стаць на ўлік. Ён таксама павінен паведамляць у інспэкцыю, калі будзе ўладкоўвацца на новую працу ці навучаньне. Асуджаны ня мае права мяняць месца жыхарства, а таксама выяжджаць за межы населенага пункту без дазволу крымінальна-выканаўчай інспэкцыі. У вольны ад працы (вучобы) час асуджаны павінен пастаянна знаходзіцца ў сваёй кватэры або на прысядзібнай тэрыторыі, не адыходзячы ад жытла далей за адлегласьць, вызначаную крымінальна-выканаўчай інспэкцыяй. З 19:00 да 6:00 Барановіч павінен знаходзіцца ў сябе дома.


“Радыё Свабода”



Создан 12 окт 2011



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter