Гісторыя й дойлідства Горадні




Горадня


Г`орадня — горад у Беларусі, на рацэ Нёман. Адміністрацыйны цэнтар Гарадзенскай вобласьці і Гарадзенскага раёну. Насельніцтва 356 571 чал.[2] (2014). Знаходзіцца за 300 км ад Менску. Вузел чыгунак на Вільню, Масты і Беласток, аўтамабільных дарог на Вільню, Ліду і Ваўкавыск. Рачны порт, аэрапорт.

Горадня, што мела неафіцыйны статус другой (пасьля Вільні) сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і трэцяй сталіцы Рэчы Паспалітай, — найбагацейшае на гістарычна-дойлідскія каштоўнасьці места Беларусі[4]. Да нашага часу тут захавалася больш за 400 помнікаў гісторыі і культуры, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы[5].


Назва


Паводле распаўсюджанага меркаваньня ў аснове тапоніму "Г`орадня"[6][7][8] славянскі тэрмін "горад", "гарадзьба"[9]. Невядомасьць пазыцыі націску ў старабеларускім вымаўленьні абумовіла пэўную варыятыўнасьць назвы ў сучаснай беларускай мове.


Назвы места на розных мовах у розны час:


• Городен, Городень, таксама Городно, Городня[9] — руска-літоўская летапісная назва
• Гр`одно — палянізаваная назва, зьявілася каля 1560-х гадоў (напрыклад, у грамаце Жыгімонта Аўгуста, 23 лістапада 1562 р.)[10]
• Г`орадна, Г`орадня — мясцовыя варыянты назвы ў XX ст.
• Гар`одня — паэтычна-літаратурная назва (М. Багдановіч, У. Караткевіч)
• Гр`одна — назва ў афіцыйным правапісе беларускай мовы, утварылася ад расейскай трансьлітарацыі польскай назвы места
• Grodno — польская назва
• Grodna — сярэднявечная лацінская назва (атляс Браўна, 1575 р.)
• Garthen, Garten — нямецкая назва ў сярэднявечных лаціна- і нямецкамоўных хроніках (таксама Garto), якая ўжывалася як афіцыйная ў XX ст., у час нямецкіх акупацыяў. Гэтыя варыянты часта блыталіся ў сярэднявечных дакумэнтах з Garthe (на правым беразе р. Нарва каля ўпадзеньня рр. Піса і Вінцэнта), Garden (колішняе ўмацаваньне на дарозе з Мэмэля ў Юрбарк), Garsden (колішняе ўмацаваньне на правым беразе р. Мінга, недалёка да Мэмэля)[11]


Гісторыя

Старажытнасьць


Да ўзьнікненьня дзяржаваў тэрыторыю Гарадзеншчыны засялялі плямёны крывічоў, яцьвягаў, літвы. Археалягічныя раскопкі паказваюць, што першыя славянскія паселішчы на высокім беразе Нёмана зьявіліся яшчэ ў X стагодзьдзі. У XII стагодзьдзі на месцы гэтых паселішчаў узьнікла места, які разьмяшчаўся на скрыжаваньні гандлёвых шляхоў і першапачаткова ўяўляў сабою невялікую фартэцыю з умацаваным гандлёвым местам.

Першыя зьвесткі пра Горадню зьмяшчаюцца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім і датуюцца 1127 рокам (у савецкай гістарыяграфіі з прычыны няправільнага пераводу летазьлічэньня памылкова замацавалася дата 1128 р.[12]; менавіта ад яе паводле інэрцыі лічацца і адзначаюцца юбілеі гораду[13]), калі яна была сталіцай Гарадзенскага княства. У другой палове ХІІ стагодзьдзя князі Барыс і Глеб збудавалі царкву, вядомую цяпер як Калоская. У 1241 року, пры княжаньні Юрыя Глебавіча, горад спустошылі татары, а ў 1284 року — нямецкія рыцары.

У XIII стагодзьдзі мясцовыя княствы пачалі кансалідавацца вакол Наваградку, беручы ўдзел у стварэньні новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. З 1270 року Гарадзенскае княства канчаткова ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага.


Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая


Па далучэньні да Вялікае Княства Літоўскае Горадня была ў валоданьні вялікага князя Трайдзеня, які ў 1276 року пасяліў тут прусаў, што ўцяклі ад крыжакоў[14].

У XIII—XIV стагодзьдзях Горадня вяла ўпартую барацьбу з Тэўтонскім Ордэнам. Прыкладна ў 1300 року кашталянам Гарадзенскага замка зрабіўся знакаміты Давыд Гарадзенскі, сын Даўмонта і найбліжэйшы паплечнік Гедыміна. У 1305 року ён разам з Гедымінам каля Горадні разьбіў ушчэнт войска крыжацкага комтура Конрада Ліхтэнхагена. На працягу наступных рокаў ён ня толькі пасьпяхова адбіваў варожыя напады, але і сам наносіў папярэднія ўдары. У 1326 року Давыда Гарадзенскага па-здрадніцку забіў мазавецкі шляхціч А. Гост.

У 1376 року Горадня перайшла ў валоданьне князя Вітаўта, які зрабіў места ў 1392 року другой сваёй сталіцай (агулам у 1386—1430 роках вялікі князь наведаў Горадню 31 раз[15]). У канцы XIV стагодзьдзя Вітаўт заснаваў у месьце Фарны касьцёл. Неўзабаве Горадня зрабілася найслаўнейшым, пасьля Вільні, местам краіны. Гарадзенская харугва ў складзе войска Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічала пад камандай Вітаўта ў Грунвальдзкай бітве.

Са скасаваньнем у 1413 року годзе княстваў, Горадня зрабілася павятовым местам Троцкага ваяводзтва. У 1391 року яна атрымала няпоўнае, а ў 1496 року — поўнае Магдэбурскае права. У Горадні ўтварылася магістратура, а ў 1540 року места атрымала ўласны герб "у блакітным полі алень сьвятога Губэрта з залатым крыжам паміж рагамі"[16]. У 1543—1601 роках у Горадні дзейнічала "Літоўская капэла" — адзін з найбольш раньніх музычных калектываў на Беларусі.

У 1560—1561 роках Горадня займала вялікую тэрыторыю, складалася з права- і левабярэжнай частак, трох пляцаў (старадаўніх "Нямецкага" і "Занёманскага" рынкаў), 32 вуліцаў і 5 трактаў[15]. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторы ў 1576 року перабудаваў палац, вядомы як Стары Замак, у якім да 1586 року разьмяшчалася ягоная рэзыдэнцыя. Па сьмерці Стэфана Баторыя ў зьвязку з тым, што паміж прыдворнымі мэдыкамі ўзьнікла спрэчка 14 сьнежня 1586 року ў Горадні правялі першае на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы анатамаваньне ягоных парэшткаў. Станам на 1588 рок у месьце было больш за 700 будынкаў, 31 вуліца, цэхі рамесьнікаў-мэталістаў, цагельнікаў, ганчароў, цельляроў і інш. У 1589—1795 роках Горадня — цэнтар эканоміі. У 1633 року ў Горадні прымалі Вэнэцыянскае пасольства.

У гэтыя часы ў Горадні распачалі сваю дзейнасьць манаскія ордэны езуітаў, дамініканаў, францішканаў, бэрнардынак, брыгітак, кармэлітаў і баніфратаў (першы каталіцкі аўгустынскі кляштар зьявіўся ў месьце яшчэ ў XV стагодзьдзі). Пасьля Берасьцейскай уніі ў Горадні імкліва распаўсюджваецца вуніяцтва. Да канца XVIII стагодзьдзя ў месьце было 9 касьцёлаў і 2 вуніяцкія кляштары.

З 2-й паловы XVII стагодзьдзя пачаўся час эканамічнага заняпаду ў разьвіцьці Горадні, што было наступствам шляхецкай анархіі і шматлікіх спусташальных войнаў.

У вайну паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай (1654—1667 рр.) Горадню ў 1655—1657 роках захапілі і спустошылі маскалёўскія войскі. У 1673 року прынятая соймавая канстытуцыя, паводле якой у месьце мусіў праводзіцца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. У 1678 року тут адбыўся першы генэральны сойм, на якім зацьвердзілі Андрусаўскую дамову пра замірэньне паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай і склалі хаўрус паміж дзьвюмі дзяржавамі супраць Турэччыны.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721 рр.) у 1702—1708 роках Горадня некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі, была разбураная і разрабаваная маскалёўскімі ды швэдзкімі войскамі, а ў 1709—1710 роках места перажыла эпідэмію чумы, у выніку якой загінула значная частка насельніцтва.

У 1705 року ў Горадні, у Фарным Касьцёле, адбылася сустрэча паміж каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аўгустам Моцным і маскалёўскім імпэратарам Пятром I, якія выпрацоўвалі супольную палітыку супраць швэдзкага караля Карла ХІІ. Вялікую шкоду нанесьлі гораду пажары 1675, 1720, 1750 і 1782 рокаў.

У другой палове XVIII стагодзьдзя у Горадні працавалі дзяржаўныя ўстановы Вялікага Княства Літоўскага — Скарбовая камісія, Вайсковая камісія, асэсарскі суд. У 1775 року ў Горадню зь Менску і Наваградку перанесьлі пасяджэньні вярхоўнага суду Вялікага Княства Літоўскага — Галоўнага трыбуналу. У 1793 року места атрымала статус сталіцы Гарадзенскага ваяводзтва.

У 1760-я—1770-я[17] рокі гарадзенскі староста, падскарбі надворны літоўскі Антоні Тызэнгаўз заснаваў у месьце і ягоных ваколіцах шэраг мануфактураў: суконную, збройную, панчошную, карэтную і г.д. Ён жа адкрыў першы ў Горадні тэатар. З 1775 па 1781 рок у месьце існавала мэдычная акадэмія, якую ў 1781 року перанесьлі ў Вільню на правах мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. Створаная на сродкі Антонія Тызэнгаўза Гарадзенская музычная трупа пасьля пераводу ў Варшаву запачаткавала Варшаўскую опэру.

19 красавіка 1776 року ў Горадні заснавалі камісію добрага парадку, якая займалася ўпарадкаваньнем места, паляпшэньнем ягонага гаспадарча-фінансавага становішча. У кампэтэнцыю камісіі таксама ўваходзілі пытаньні ўпарадкаваньня мескага архіву, складаньня інвэнтароў і плянаў, супрацьпажарная бясьпека, будаўніцтва, санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы, рэвізія шпіталяў і інш. Адным з вынікаў дзейнасьці камісіі была адбудова ў 1784 року Гарадзенскай мескай ратушы[17].

27 траўня 1793 року ў Горадні ў будынку Новага Замка адбыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай (г.зв. "нямы сойм"), які зацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай. Горадня была адным з цэнтраў паўстаньня 1794 року пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі (гэтак, сюды перавялі зь Вільні Цэнтральную дэпутацыю Вялікага Княства Літоўскага). У 1795 року ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай места апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. 25 лістапада таго ж року ў Горадні адбылося адрачэньне ад стальцу апошняга караля польскга і вялікага князя літоўскага — Станіслава Аўгуста Панятоўскага.


У складзе Расейскай імпэрыі


З 1801 року Горадня зрабілася цэнтрам губэрні. У гэты час усе мескія прывілеі вывезьлі ў Санкт-Пецярбург і Вільню. Далучэньне да Расеі пазбавіла Горадню ранейшых правоў, замарудзіла разьвіцьцё эканомікі і культуры.

У вайну 1812 року ў места 2 ліпеня ўвайшлі войскі Напалеона. Горадня зрабілася цэнтрам аднайменнага дэпартамэнту Вялікага Княства Літоўскага, адноўленага Напалеонам. У месьце сфармаваўся аддзел Нацыянальнай гвардыі Вялікага Княства з 290 чалавек, жандармэрыя з 856 чалавек. Таксама ў Горадні ішоў набор рэкрутаў у літоўскія пяхотныя і кавалерыйскія часткі. З губэрні ў войска Вялікага Княства сыйшло каля 6400 чалавек, зь іх паводле загадаў аб мабілізацыі 2495 пяхотнікаў і 1103 кавалерысты. Літоўскія часткі ўдзельнічалі ў баях супраць маскалёўскага войска на канцавым этапе вайны 1812 року, а таксама ў кампаніях 1813 і 1814 рокаў. Маскалёўскія войскі ізноў занялі горад 8 сьнежня.

Горадня была адным з цэнтраў нацыянальна-вызвольнага руху Польшчы, Беларусі й Летувы ў 1830 року. У 1862 року праз рок прайшла Пецярбурска-Варшаўская чыгунка, якая паспрыяла разьвіцьцю рамесных майстэрняў, дрэваапрацоўчай і тытунёвай прамысловасьці.

У 1863 року Гарадзенская губэрня зрабілася эпіцэнтрам нацыянальна-вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Перад паўстаньнем К. Каліноўскі і В. Урублеўскі ўтварылі ў месьце рэвалюцыйную арганізацыю.

У 1885 року адбыўся вялікі пажар, які значна пашкодзіў гістарычны цэнтар Горадні. У канцы XIX ст. у месьце працавалі 73 прамысловыя прадпрыемствы.

У Першую сусьветную вайну 21 жніўня 1915 року Горадню занялі войскі кайзэраўскай Нямеччыны і ўлучылі яе ў склад нямецкай адміністрацыйнай адзінкі "Ober-Ost".

На думку польскіх гісторыкаў, у канцы вайны нямецкія ўлады праводзілі ў Горадні палітыку аслабленьня польскіх уплываў: места аддзялілі ад Царства Польскага демаркацыйнай мяжой, што перашкаджала кантактам паміж мясцовымі палякамі і ўладамі ў Варшаве. Паводле гэтага ж меркаваньня, немцы падтрымлівалі беларускія і летувіскія арганізацыі, якія ў той час фармаваліся ў Горадні, і адначасна зьнішчалі польскія[18]. Апроч таго, яны не дазвалялі фармавацца польскай адміністрацыі[18].


Беларуская Народная Рэспубліка


25 сакавіка 1918 року Рада БНР абвясьціла Гарадзеншчыну (разам зь местам Беласток) тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. Нямецкія войскі не перашкаджалі ўтварэньню ўстановаў БНР[18]. У лістападзе ў Горадні пачаў дзейнічаць беларускі камітэт культурна-нацыянальнай сувязі[19]. 19 лістапада таго ж року ў Горадні ўтварылася Беларуская Рада, у сьнежні сюды пераехаў урад БНР на чале з Антонам Луцкевічам, пачалося фармаваньне беларускага войска: арганізаваны 1-ы Беларускі полк пяхоты, асобны батальён Гарадзенскай камэндатуры і Беларускі гусарскі эскадрон.

У 1919—1921 роках беларускую культурна-асьветніцкую працу ў Горадні праводзіла Грамада беларускай моладзі: утварылася 1-я Гарадзенская агульная беларуская школа, Фарштацкая (Занёманская) школа, Гарадзенская беларуская прытулкавая школа; дзейнічалі Беларуская школьная рада і Гарадзенская цэнтральная Беларуская вучыцельская рада, выдавалася газэта "Беларускае слова".


За польскім часам


10 красавіка 1919 року Горадню занялі польскія войскі. Горад улучылі ў склад часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі — Грамадзкага кіраваньня ўсходніх земляў (ГКУЗ). З 7 чэрвеня 1919 року Горадня — цэнтар павету Віленскай акругі ГКУЗ.

У польска-савецкую вайну ў 1920 року бальшавікі захапілі Горадню і ўтрымлівалі яе дзесяць тыдняў. У выніку савецка-летувіскіх перамоваў, у часе якіх тэрыторыя Беларусі разглядалася як маскалёўская, яны далі згоду на максымальнае задавальненьне тэрытарыяльных патрабаваньняў летувісаў (у тым ліку фармальна перадалі ім Горадню). Летувіскі бок забавязваўся спыніць на сваёй тэрыторыі дзейнасьць "антысавецкіх арганізацыяў і груп", у тым ліку органаў БНР i польскіх арганізацыяў. Па адбіцьці Горадні польскімі войскамі, структураў ГКУЗ ужо не аднаўлялі. 20 сьнежня места улучылі ў Наваградзкую акругу Польскай Рэспублікі.

Згодна з умовамі Рыскай мірнай дамовы 1921 року Горадня афіцыйна зрабілася часткай Польскай дзяржавы, дзе 19 лютага 1921 року ўвайшла ў склад Беластоцкага ваяводзтва, цэнтар павету. За польскім часам насельніцтва места павялічылася з 40 тыс. чал. (1926 р.) да 49 тыс. (1931 р.). У Горадні дзейнічалі меская рада, акруговы камітэт і мескія аддзяленьні Таварыства беларускай школы, беларускія палітычныя арганізацыі, працавала Гарадзенская беларуская гімназія. Аднак у 1930-я рокі польскія ўлады зачынілі ўсе беларускія школы Горадні[20].

У 1927 року годзе Ян Каханоўскі заснаваў Гарадзенскі заапарк, у 1920 року з ініцыятывы Юзэфа Ядкоўскага ўтварыўся Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй. Польскія ўлады праводзілі археалягічныя дасьледаваньні Старога Замку, пачалі яго рэстаўрацыю.


У Другую сусьветную вайну


З 20 да 22 верасьня працягвалася абарона Горадні перад Чырвонай Арміяй [21].

У верасьні 1939 року, па падзеле Польскай Рэспублікі Нямеччынай і СССР, Горадня ў складзе Заходняй Беларусі апынулася пад кантролем СССР і ў лістападзе 1939 року зрабілася часткай Беларускай ССР.

На другі дзень пасьля пачатку Вялікай Айчыннай вайны Горадня была захопленая войскамі гітлераўскай Нямеччыны (23 чэрвеня 1941 року). Гітлераўцы ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Было забіта і закатавана ў лягеры сьмерці пад Фолюшам каля 33 тысячаў чалавек. У канцэнтрацыйных лягерах была зьнішчаная большая частка габрэйскага насельніцтва места. Горадня была цэнтрам партызанскага руху і падпольнага антыфашысцкага руху, у вобласьці дзейнічала каля 17 тыс. партызан. Паводле няпоўных зьвестак за 3 гады партызаны і дывэрсійныя групы зьнішчылі больш за 62 тысячы гітлераўскіх салдат і афіцэраў, 139 танкаў, падарвалі больш за тысячу эшалёнаў з грузамі і жывой сілай фашыстаў.

Падчас Віленскай і Беластоцкай апэрацыі 1944 року горад быў вызвалены войскамі 3-га Беларускага фронту (16 ліпеня).


БССР


Зь верасьня 1944 року Горадня — абласны цэнтар Беларускай ССР.

У выніку вайны Горадня значна пацярпела. Хоць большую частку помнікаў дойлідства і атрымалася захаваць, аднак савецкія ўлады зьнішчылі шэраг значных гарадзенскіх славутасьцяў: Фару Вітаўта, ратушу, некаторыя кляштары, у тым ліку базылянаў, кварталы старой забудовы ўздоўж вуліцы Падольнай.

Даваеннага ўзроўню насельніцтва Горадні дасягнула толькі ў сярэдзіне 1950-х рокаў. У гэты пэрыяд горад пачаў ператварацца ў буйны цэнтар прамысловасьці на захадзе Беларусі, колькасьць жыхароў да 1988 року павялічыўся ў 5 разоў у параўнаньні з 1939 рокам.
Рэспубліка Беларусь

З 1991 году Горадня — у складзе Рэспублікі Беларусь.

У 2005 року пачалася перабудова гістарычнага цэнтру места. У 2008 року Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заявіла пра парушэньні Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры яе правядзеньні[22]: праводзіцца руйнаваньне культурнага пласту на Савецкай плошчы, плянуецца знос 28 будынкаў у стылі канструктывізму па вуліцах Міцкевіча, Горкага і 17-га верасьня і пабудова там сучаснага гатэльнага комплексу, асноўная транспартная плынь накіроўваецца ў небясьпечнай блізкасьці ад Новага і Старога Гарадзенскіх замкаў; пляны аднаўленьня ратушы і Фары Вітаўта не рэалізоўваюцца.


Геаграфія


Горадня разьмяшчаецца на Гарадзенскім узвышшы, паверхня палогахвалістая. Вышыня над узроўнем мора вагаецца ў межах 90—147 м.

Пераважны кірунак вятроў — заходні.

Рака Нёман цячэ праз цэнтар места з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і, прыняўшы ў сябе Ласасянку, строма паварочвае на поўнач. Даліна Нёмана вузкая. У цэнтры места і ніжэй вышыні правага берагу пераважаюць над левымі. Берагі складаюцца з асобных ўзвышшаў, парэзаных стромкімі ярамі і пакрытых пералескамі (Румлёва вышэй па плыні, лесапарк Пышкі — ніжэй). Нёман суднаходны ўніз па плыні. Прытокі Нёмана ў гістарычным цэнтры — рэчкі Гараднічанка і Юрысдыка, на ўскраіне — рака Ласосна i рэчка Зарніца.

Азёры: Юбілейнае вадасховішча, кар’ер "Зялёнка".


Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел


Горадня падзяляецца на 2 раёны — Ленінскі і Кастрычніцкі.


Насельніцтва


Дынаміка колькасьці насельніцтва Горадні

1588 р. — ~4 (тыс. чал.); 1789 р. — 5653 (тыс. чал.)[17]; 1794 р. — 6431 (тыс. чал.)[17]; 1817 р. — 5,1 (тыс. чал.)[23]; 1860 р. — 20,1 (тыс. чал.)[23]; 1887 р. — 46,9 (тыс. чал.); 1891 р. — 50 (тыс. чал.); 1910 р. — 63 (тыс. чал.); 1913 р. — 65,5 (тыс. чал.)[24]; 1939 р. — 49 (тыс. чал.)[25]; 1956 р. — 65 (тыс. чал.); 1959 р. — 73 (тыс. чал.)[24]; 1965 р. — 98 (тыс. чал.); 1971 р. — 139 (тыс. чал.)[25]; 1980 р. — 202 (тыс. чал.); 1988 р. — 272 (тыс. чал.); 1991 р. — 284 (тыс. чал.)[26]; 2005 р. — 317,3 (тыс. чал.); 2008 р. — 337,4 (тыс. чал.); 2009 р. — 327,5 (тыс. чал.); 2014 р. — 356,6 (тыс. чал.)

Станам на 1891 рок у Горадні было 49952 жыхароў (25 885 мужчынаў і 24067 жанчын), у тым ліку: шляхты нашчадкавай 1353, асабістай 676; духавенства праваслаўнага белага 36, манахаў 39, рымска-каталіцкага 21, эвангелісцка-лютэранскага 1, юдаісцкага 2; грамадзянаў нашчадкавых і асабістых 166, купцоў 335, мяшчанаў 37328, цэхавых 316, сялянаў 189, рэгулярнага войска 6737, бестэрміноваадпускных 1843, адстаўных ніжніх чыноў 520, салдацкіх дзяцей 133, замежных падданак 307. Праваслаўных было 11497, каталікоў 8243, пратэстантаў 281, юдэяў 29 779, магамэтанаў 152. Колькасьць шлюбаў 243; нарадзілася 1057, памерла 786[27].

Паводле перапісу 2009 року ў Горадні пражывала 327540 чалавек[28]. Па стане на 1 студзеня 2014 року насельніцтва гораду складае 356571 чал.[2] Большую частку насельніцтва складаюць беларусы. У месьце таксама жывуць маскалі, палякі ды габрэі.


Жыдоўская грамада Горадні


Будучы ў межах мяжы аселасьці Горадня налічвала вялікую жыдоўскую грамаду. У Горадні нарадзіліся Лявон Бакст, Сара Розэнбэрг и Эйтан Ліўні — бацькі Цыпі Ліўні, Мэер Ланскі — вядомы амэрыканскі гангстэр ("хросны бацька" габрэйскай мафіі, "заснавальнік" Лас-Вэгаса) і канкурэнт Аль Капонэ.


Адукацыя


У Горадні функцыянуюць тры дзяржаўныя ўнівэрсытэты і 5 філіялаў недзяржаўных вышэйшых навучальных установаў:

Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы заснаваны 22 лютага 1940 року — галоўны цэнтар навукі, культуры і адукацыі Гарадзеншчыны. У складзе ўнівэрсытэту 11 клясычных факультэтаў, дзе па 59 спэцыяльнасьцях навучаюцца больш за 10000 студэнтаў. Ва ўнівэрсытэце працуюць больш за 2000 штатных выкладчыкаў і супрацоўнікаў (50 прафэсараў і дактароў навук, больш 250 дацэнтаў і кандыдатаў навук).

Гарадзенскі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт. Структура мэдыцынскага ўнівэрсытэту ўключае 42 кафэдры, 6 факультэтаў. За гэтыя гады падрыхтаваныя 12 тысячаў спэцыялістаў. У ВНУ навучаецца каля 2000 студэнтаў. У мэдыцынскім унівэрсытэце працуюць 306 чалавек прафэсарска-выкладчыцкага складу, у тым ліку 44 дактары навук і 159 кандыдатаў навук.

Гарадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт заснаваны ў 1951 року як сельскагаспадарчы інстытут. З моманту арганізацыі ВНУ падрыхтаваныя больш за 20000 адмыслоўцаў. Сёньня ў складзе ўнівэрсытэту 8 факультэтаў, 24 кафэдры з навучальнымі і навуковымі лябараторыямі. Пэдагагічнай працай занятыя 247 выкладчыкаў, у тым ліку 6 прафэсараў і 11 дактароў навук.


Ахова здароўя


Гарадзенскі абласны клінічны пэрынатальны цэнтар адкрыў першы ў Беларусі музэй разьвіцьця акушэрства.


Культура


У месьце два тэатры: Гарадзенскі абласны драматычны тэатар[29] і Гарадзенскі тэатар лялек. Маецца Гарадзенская абласная філярмонія. Дзейнічаюць 8 музэў, галоўнымі зь якіх зьяўляюцца Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй і Гарадзенскі дзяржаўны музэй гісторыі рэлігіі. Выяўленчае мастацтва прадстаўлена мастацкімі галерэямі "Тызэнгаўз"[30], "У Майстра", "Раскоша", а таксама найстарэйшым у месьце выстаўной заляй па вуліцы Ажэшка.


Сродкі масавай інфармацыі


У месьце выдаецца некалькі газэт, у іх ліку: "Гродзенская праўда"[31], "Вечерний Гродно"[32], "Милицейский весник" і інш., працуе тэлерадыёкампанія "Гродна"[33], абласное радыё[34], тэлеканал "Гродна Плюс", тэлеканал "Наш ГОРАД+", вузел тэлеграфный сувязі, станцыя міжгароднай тэлефонный сувязі. Маецца сетка кабэльнага тэлебачаньня "Гарант"[35].


Транспарт


Горадня зьяўляецца буйным транспартным вузлом. У горадзе дзейнічае аэрапорт "Гродна", чыгуначны вакзал і аўтавакзал. З аўтавакзалу штодня выпраўляюцца 88 міжгародных аўтобусаў. Чыгуначны вакзал штодзень прымае і адпраўляе да 60 цягнікоў. Ад места адыходзяць чыгуначныя лініі на Вільню, Масты і Беласток. Зь іх электрыфікаваная толькі лінія ў бок Польшчы, на якой маецца сумешчаная каляіна (1435 мм і 1520 мм). Дзейнічае чыгуначны мост празь Нёман.

Маецца разьвітая сетка грамадзкага транспарту. Аўтобусныя маршруты запушчаныя ў 1940 року, Аснову парку складаюць аўтобусы маркі "Ікарус", "МАЗ" і "Нёман". Тралейбусныя маршруты адкрытыя 10 лістапада 1974 году, яны праляшаюць да вынесенага за межы места завода "АЗОТ". Усяго ў месьце дзейнічае 34 аўтобусныя і 12 тралейбусных маршрутаў агульнай даўжынёй 596,9 км, штодзённа працуюць 131 аўтобус і 137 тралейбусаў. У сярэднім за дзень транспартуецца да 428700 пасажыраў. На 39 экспрэсных маршрутах курсуюць 212 мікрааўтобусаў. У індывідуальным карыстаньні гарадзенцаў знаходзіцца 66848 аўтамабіляў і 6901 ровар.


Прамысловасьць


У Горадні 70 прамысловых прадпрыемстваў. Прадукцыя экспартуецца ў 47 краінаў сьвету, імпарт зьдзяйсьняецца з 42. У месьце выпускаюцца мінэральныя ўгнаеньні, сынтэтычныя валокны, абутак, вопратка, запчасткі да аўтамабіляў, ніткі, вырабы са скуры і поўсьці, будматэрыялы, мэдтэхніка, мэбля, шкло, прадукты харчаваньня, цыгарэты, алькагольныя і безалькагольныя напоі і іншыя віды прадукцыі. Вядучае становішча ў эканоміцы Горадні займаюць такія галіны, як: хімічная — найбуйнейшымі прадпрыемствамі гэтай галіны зьяўляюцца ААТ "АЗОТ", ААТ "Горадня Хімвалакно", харчовая — адкрытыя акцыянэрныя таварыствы "Гарадзенскі мясакамбінат" і "Горадня Малакокамбінат", Гарадзенскі піваварны завод, машынабудаваньне і мэталаапрацоўка — ААТ "Белкард", ГРУП "Радыёхваля", Гарадзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў.


Турыстычная інфармацыя


Горадня — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня. Старую частку места ў 1988 року абвясьцілі помнікам дойлідства і культуры. Аднак у наш час пад выглядам узнаўленьня гістарычнага цэнтру Горадні ўлады праводзяць працы, якія часам руйнуюць ягонае гістарычнае аблічча[36].


Гістарычныя мясьціны Горадні


• Цэнтар места
• Замкавая гара
• Барысаглебская царква (Калоская царква, "Каложа") 
• Новы Сьвет
• Нямецкі рынак
• Стары горад


Прадмесьці 

 
• Гарадніца
• Занёманскае прадмесьце (Фарштат)
• Падол


Цікавыя аб’екты


Найбуйнейшы ў Беларусі комплекс гітарычнай забудовы места.


Рэлігійныя збудаваньні:


• Барысаглебская (Калоская) царква (XII стагодзьдзе) — выдатны ўзор старажытнарускага мураванага дойлідзтва. Разьмешчаная на высокім абрывістым беразе Нёмана, захавалася ня цалкам: яе скляпеньні і завяршэньне зьніклі даўно, паўднёвая і частка заходняй сьцяны абрынуліся ў раку праз апоўзень у 1853 р. Пры савецкай уладзе была адноўленая і дзейнічае. Усярэдзіне захаваліся фрэскавыя размалёўкі XII стагодзьдзя.
• Катэдральны касьцёл Сьв. Францішка Ксаверыя (1678 р.) — выдатны помнік дойлидства Беларусі XVII—XVIII стагодзьдзяў. У мінулым Фарны касьцёл і кляштар былі найбагацейшымі ў Рэчы Паспалітай. Яны займалі цэлы квартал у цэнтральнай частцы места. У строі касьцёла шырока выкарыстоўваліся сродкі дойлидскай плястыкі, скульптура і жывапіс. Адмысловую прыгажосьць інтэр’еру надаюць разьвітая шматфігурная кампазыцыя ў алтары і апорныя слупы, упрыгожаныя дэкаратыўнымі калёнкамі іканастасаў, выкананымі цалкам з дрэва. Гэтыя дэкаратыўныя элемэнты маюць высокую мастацкую каштоўнасьць. Фрэскавая размалёўка (1752 р.) складаецца з мноства сюжэтных кампазыцыяў, разьмешчаных у аркавых нішах, скляпеньнях і інш.
• Калегіюм езуітаў (у цяперашні час турма) і аптэка
• Касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа і кляштар бэрнардынаў
• Касьцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў
• Касьцёл Зьвеставаньня Паньне Марыі і кляштар брыгітак
• Кляштар дамініканаў
• Царква Раства Прасьвятой Багародзіцы і базылянскі манастыр
• Лютэранская кірха
• Харальная сынагога
• Царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы
• Царква Сьвятога Ўладзіміра


Замкі, палацы, сядзібы:


• Стары замак (XII—XIX стагодзьдзі)
• Новы замак (1751)
• Палац С. Баторыя
• Палац Храптовічаў
• Сядзіба Станіславова


Дамы-музэі:


• Дом-музэй Элізы Ажэшкі
• Дом-музэй Максіма Багдановіча


Старыя гарадзенскія нэкропалі:


• Каталіцкі фарны
• Юдэйскі занёманскі
• Праваслаўны
• Вайсковы


Іншыя цікавыя аб’екты:


• Гарадніца Тызэнгаўза
• Мескі парк імя Жылібера
• Першая аптэка на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы (адкрытая ў 1687 року)
• Стары дзейсны вежавы гадзіньнік, мэханізм якога выраблены ў канцы XV стагодзьдзя.

Першапачаткова гадзіньнік былі ўсталяваныя на вежы гарадзкой ратушы, дзе праводзіліся паседжаньні магістрата, захоўваўся архіў, разьмяшчалася канцылярыя і гарадзкая казна.

Гарадзенская ратуша была разбураная падчас ваенных дзеяньняў і ў XVIII стагодзьдзі гадзіньнік быў перанесеныя на вежу касьцёла Сьвятога Францішка Ксаверыя (Савецкая пл.)

• Першы і калісьці адзіны ў Беларусі заапарк. Заснаваны ў 1927 року прафэсарам біялёгіі Янам Каханоўскім у якасьці жывога кутка. У 1941 року афіцыйна атрымаў статус заапарка. Сёньня ў заапарку жыве больш за 320 відаў жывёл
• Будынак драмтэатра (1980-я рокі)
• Прадмесьце Новы Сьвет

 

Страчаная спадчына


Рэлігійныя збудаваньні:


• Касьцёл Маці Божай Ружанцовай (зруйнаваны маскалёўскімі ўладамі)
• Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі або Фара Вітаўта (зруйнаваны савецкімі ўладамі)
• Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа й кляштар кармэлітаў (зруйнаваны маскалёўскімі ўладамі)
• Кляштар аўгустынаў
• Кляштар баніфратаў
• Кляштар бэрнардынак (зруйнаваны савецкімі ўладамі)
• Манастыр базыльянаў
• Сынагога
• Царква Верхняя
• Царква Сьвятога Аляксандра Неўскага


Палацы:


• Палац Радзівілаў
• Палац Тызэнгаўзаў
• Палац Чацьвярцінскіх


Іншыя цікавыя аб’екты:


• Ратуша

 

Вядомыя асобы

Ураджэнцы:


• Цыпрыян Адынец (1749—1811 рр.) — рымска-каталіцкі дзяяч, біскуп
• Аляксей Антонаў (1896—1962 рр.) — начальнік штабу аб’яднаных вайсковых сілаў краін АВД (1955—1962 рр.)
• Браніслаў Багатырэвіч (1870—1940 рр.) — маскалёўскі і польскі вайсковы дзяяч
• Лявон Бакст (1866—1924 рр.) — тэатральны мастак і графік
• Павал Баран (1926—2011 рр.) — амэрыканскі інжынэр і вынаходнік, адзін са стваральнікаў Інтэрнэту
• Максім Бардачоў (нар. 1986 р.) — беларускі футбаліст
• Уладзімер Блюднік (нар. 1975 р.) — беларускі мастак, паэт, празаік
• Уладзімер Вільнэр (1885—1952 рр.) — вядомы рэжысэр тэатра і кіно, прафэсар (1947 р.), рэжысэр габрэйскага тэатру на ідышы
• Генрых Глябовіч (1904—1941 рр.) — беларускі ксёндз
• Аляксандар Груша (нар. 1973 р.) — беларускі гісторык
• Валеры Дзідзюля (нар. 1969 р.) — гітарыст і кампазытар, знакаміты выканавец флямэнка
• Уладзімер Дуброўшчык (нар. 1972 р.) — беларускі лёгкаатлет (дыскабол)
• Валер Калесьнік (нар. 1965 р.) — беларускі дыплямат
• Зьміцер Кісель (1962—2005 рр.) — беларускі публіцыст, журналіст, гісторык
• Вольга Корбут (нар. 1955 р.) — чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў (1972 р., 1976 р.), сьвету (1974 р.), СССР (1970 р., 1974 р., 1976 р.) па спартовай гімнастыцы
• Аляксандар Курловіч (нар. 1961 р.) — беларускі атлет, Алімпійскі чэмпіён
• Мэер Ланскі (Марк Сухамлянскі) (1902—1983 рр.) — "хросны бацька" габрэйскай мафіі, "заснавальнік" Лас-Вэгаса
• Валер Леванеўскі (нар. 1963 рр.) — беларускі прадпрымальнік, палітычны і грамадзкі дзеяч, былы палітычны зьняволены. Прызнаны "Міжнароднай Амністыяй" вязьнем сумленьня.
• Эйтан Ліўні (1919—1991 рр.) — ізраільскі палітык, бацька Цыпі Ліўні
• Павел Люблінскі (1882—1938 рр.) — маскалёўскі юрыст
• Павал Мажэйка (нар. 1978 р.) — беларускі журналіст
• Антон Маркевіч (1925—2009 рр.) — беларускі грамадскі дзяяч у Канадзе
• Аляксандар Мілінкевіч (нар. 1947 р.) — палітык, грамадзкі дзяяч, кіраўнік праграм Фонду садзейнічаньня лякальнаму разьвіцьцю. Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі ў 2006 р.
• Лейб Найдус (1890—1918 рр.) — габрэйскі паэт
• Карл Румель (1888—1967 рр.) — падпалкоўнік кавалерыі, маскалёўскі й польскі спартовец, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў (1928 р.)
• Юліюш Румель (1881—1967 рр.) — маскалёўскі і польскі вайсковы дзяяч
• Ігар Рынкевіч (нар. 1968 р.) — беларускі юрыст, адвакат, палітык
• Януар Сухадольскі (1797—1875 рр.) — мастак-баталіст
• Уладзіслаў Талочка (1887—1942 рр.) — рымска-каталіцкі сьвятар, гісторык, літаратурны крытык
• Валер Цапкала (нар. 1965 р.) — беларускі палітык і дыплямат
• Вячаслаў Швед (нар. 1956 р.) — беларускі гісторык
• Юзэф Ядкоўскі (1890—1950 рр.) — археоляг, нумізмат-калекцыянэр, дасьледнік гісторыі Гарадзеншчыны
• Уладзімер Якаўлеў (нар. 1949 р.) — палітык, журналіст, рэдактар газэты "Новая Расея"


Жыхары:


• Эліза Ажэшка (1841—1910 рр.) — беларуска-польская пісьменьніца XIX ст.
• Максім Багдановіч (1891—1917 рр.) — беларускі паэт пачатку XX ст.
• Стэфан Баторы (1533—1586 рр.) — кароль і вялікі князь
• Васіль Быкаў (1924—2003 рр.) — Народны пісьменьнік Беларусі; жыў і працаваў у Горадні ў 1947—1978, быў літаратурным супрацоўнікам і кансультантам абласной газэты "Гарадзенская праўда", займаў пасаду сакратара Гарадзенскага аддзяленьня Саюза пісьменьнікаў БССР
• Геранім Валовіч (? — 1636 рр.) — падканцлер вялікі, у XVII ст. збудаваў мост празь Нёман
• Вільфрыд Войніч (1865—1930 рр.) — бібліяфіл і антыквар; першаадкрывальнік так званага "Рукапісу Войніча"
• Ільля Гінцбург (1859—1939 рр.) — беларускі скульптар, прафэсар
• Жан Жылібэр (1741—1814 рр.) — францускі біёлаг, заснавальнік батанічнага парку
• Людвік Замэнгоф (1859—1917 рр.) — стваральнік мовы эспэранта[37]
• Казімер (1427—1492) — вялікі князь (з 1440 р.) і кароль (з 1447 р.)
• Аляксей Карпюк (1920—1992 рр.) — беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзяяч
• Кастусь Каліноўскі (1838—1864 рр.) — нацыянальны герой Беларусі; адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1863—1864 рокаў, публіцыст, паэт
• Зоф’я Налкоўская (1884—1954 рр.) — пісьменьніца, публіцыстка, драматург
• Чэслаў Немэн (1939—2004 рр.) — музыка
• Антоні Тызэнгаўз (1733—1785 рр.) — гарадзенскі староста пры Станіславе Панятоўскім, выбітны мэцэнат
• Сьвяты Казімір (1458—1484 рр.) — княжыч і каралевіч, сьвяты заступнік Літвы (Беларусі)


Дзень места


Імпрэза, прысьвечаная 880-годзьдзю гораду, прайшла 13 верасьня 2008 року.[40][41]


Цікавыя факты


• 16 верасьня 1705 року цар маскоўскі Пётар I прыбыў у Горадню, дзе засяродзілася вялікая частка яго войска для вядзеньня баявых дзеяньняў супраць Карла XII (Паўночная вайна 1700—1721 рр.). У тым жа годзе Пётар I разам з каралём і вялікім князем Аўгустам Моцным прысутнічалі на асьвячэньні касьцёла Сьвятога Францішка Ксаверыя
• 9 сьнежня 1812 року, без адзінага стрэлу, Горадню захапіў невялікі маскалёўскі атрад гусара Дзяніса Давыдава
• У мікрараёне Дзевятоўка здымаўся фільм "Белыя росы" (1983 р.)
• У Горадні таксама здымаліся: 4-сэрыйны мастацкі фільм "Смерш" (2007 р.); сэрыялы "Застава Жыліна" (2009 р.) і "Покушение" (2009 р.)


Крыніцы:


1). Государственный земельный кадастр Республики Беларусь(рас.) (па стане на 1 студзеня 2012 г.)
2). а б в Афіцыйная ацэнка Белстату
3). Белпочта: Почтовые индексы по Гродно
4). Страчаная спадчына / Т.В. Габрусь, А.М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М.А. Ткачоў: Уклад. Т.В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. С. 314.
5). Гродно // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г.П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И.И. Пирожника. — Мн., 2007.
6). Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 24.
7). Горадня // Беларуска-расійскі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5
8). Горадня // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва "Наша Ніва". — Наша Ніва, 2001.
9). а б Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 87.
10). Госцеў А., Швед В. Летапіс горада на Нёмане (1116—1990). — Гродна: НВК "Пергамент", 1993. С. 23.
11). Teodor Narbutt. Dzieje starozytne narodu Litewskiego. Tom siodmy. — Wilno: Nakladem i drukiem A. Marcinowskiego. 1840.
12). Госцеў А., Швед В. Летапіс горада на Нёмане (1116—1990). — Гродна: НВК "Пергамент", 1993. С. 11.
13). Гродна // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У.А. Малішэўскі, П.М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
14). Алесь Госцеў. Гродна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 148.
15). а б Юрый Гардзееў. Гародня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 514.
16). Горадня // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
17). а б в г Юрый Гардзееў. Гародня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 515.
18). а б в Joanna Gierowska-Kallaur: Rozdzial I. Sytuacja ogolna na swiecie, w Polsce i na Litwie w chwili odzyskiwania przez Polske niepodleglosci. // Joanna Gierowska-Kallaur: Zarzad Cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 wrzesnia 1920). Wyd. 1. — Warszawa: Wydawnictwo Neriton, Instytut Historii PAN, 2003. ISBN 83-88973-60-6. — S. 31—32.
19). Алесь Госцеў. Гродна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 151.
20). Алесь Госцеў. Гродна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 152.
21). Алег Гардзіенка. Невядомыя старонкі беларускага паходу // "Наша Ніва" № 38 (195), 18—25 верасьня 2000.
22). Антон Астаповіч (14 красавіка 2008) Прэс-рэліз Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Беларуская асацыяцыя журналістаў. Праверана 26 жніўня 2010 г.
23). а б Grodno // Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich(пол.). Tom II: Derenek — Gzack. — Warszawa, 1881. S. 831.
24). а б Гродно // Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство "Советская энциклопедия", 1973—1982.
25). а б Гродно // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
26). Гродно // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В.П. Шишков. — М.: НИ "Большая Российская энциклопедия", 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
27). Гродно // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
28). Перепись населения — 2009. Гродненская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
29). сайт
30). http://www.t-gallery.grodno.by
31). http://www.grpr.by
32). http://vgr.by
33). http://tvr.grodno.by
34). http://tvr.grodno.by/radio/
35). www.garant.by
36). Горадня заўтра Праверана 6 сакавіка 2011 г.
37). Катерина Чаровская. Возвращение доктора Заменгофа // "Советская Белоруссия", 15 траўня 2007.
38). Горадня сьвяткуе Дзень горада
39). Горадні спаўняецца 879 год
40). Новыя скульптуры будуць усталяваныя ў Горадні да імпрэзы 880-годзьдзя горада
41). Праграма VII Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культур у Горадні


Літаратура:


• Госцеў А., Швед В. Летапіс горада на Нёмане (1116—1990). — Гродна: НВК "Пергамент", 1993. — 320 с.
• Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
• Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
• Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
• Horadnia // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
• Grodno // Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich(пол.). Tom II: Derenek — Gzack. — Warszawa, 1881. S. 831—835.

 


Стары замак


Стары замак — першы абарончы аб’ект быў збудаваны ў Горадні у XI стагодзьдзі. У XIII стагодзьдзі Горадня разам з замкам увайшла ў ВКЛ, з пачатку наступнага стагодзьдзя стала аб’ектам частых нападаў крыжакоў. У 1391 року замак стаў адной з галоўных сядзібаў Вітаўта, які ў 1398 годзе збудаваў мураваны гатычны замак зь пяцьцю вежамі. У 1445 року вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык прыняў тут польскіх паслоў, якія прапаноўвалі яму польскую карону, а ў 1492 року памёр у замку. Вельмі часта тут бываў Стэфан Баторы, які ператварыў Горадню ў фактычную сталіцу Рэчы Паспалітай. Па ініцыятыве караля ў 1570-х — канцы 1580-х замак быў перабудаваны ў стылі Рэнэсансу дойлідам Скота (Scotto) з Пармы. Паводле іншай вэрсыі замак быў перабудаваны архітэктарам Санці Гучы[1].

У 1655 року замак быў дашчэнту зьнішчаны маскалёўскімі войскамі. Яго адбудаваў вялікі канцлер літоўскі і староста гарадзенскі Крыштаф Жыгімонт Пац. З 1678 року адбываўся ў замку трэці сейм звычайны Рэчы Паспалітай. На пачатку XVIII стагодзьдзя быў зьнішчаны швэдамі пад час Паўночнай вайны. Ад XVIII стагодзьдзя замак знаходзіўся ў руінах. У сярэдзіне стагодзьдзя быў пабудаваны новы замак, а стары перастаў выконваць свае функцыі.


Крыніцы:


1). Трусаў, А.А.; Собаль, В.Е.; Здановіч Н. І. Стары замак у Гродне ХІ-XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1993. ISBN 5-343-01429-1 — С.26.

 


Новы замак


Новы замак у Гародні — новы каралеўскі палац збудаваны ў Горадні ў 1737—1742 роках у часы Аўгуста III як летняя рэзыдэнцыя каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх паводле праекту Караля Пёпэльмана (Carl Friedrich Poppelmann). Адбываліся тут і асноўныя сэймы Рэчы Паспалітай. У 1793 року тут адбыўся апошні сойм Рэчы Паспалітай, дзе быў ратыфікаваны другі падзел краіны. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай быў ператвораны у вайсковы шпіталь. Зараз у палацы знаходзіцца гістарычна-археалягічны музэй. У 1994 року на ганку палаца замацавана памятная шыльда ў гонар Андрэя Тадэвуша Касьцюшкі.

 

Новы замак у Горадне — адзін з буйнейшых помнікаў палацава-сядзібнай дойлідста сярэдзіны XVIII ст. Размешчаны ў цэнтры Горадні, на правым беразе Нёмана. Пабудаваны як рэзiдэнцыя караля i месца правядзення соймаў. З’яўляецца па свайму дойлідству прататыпам цэлай тыпалагічнай групы палацаў і сядзіб у Беларусі 2-й паловы XVII ст.


Гісторыя


Будаўнiцтва пачалося ў 1737 р. па праекце дрэздэнскага архiтэктара Матэвуша Даніэля Пёпельмана. Скончана будаўнiцтва ў 1751 р. Iаганам Фрэдэрыкам Кнобелем. Узводзілі палац мясцовыя муляры. Пазней у рэканструкцыях палаца прымалi ўдзел I.Х. Яўх, Рыбенька, А. Рашкевiч. У 1780-я рр. рэканструкцыю праводзiў Дж. Сака.

Разбураны нямецка-фашысцкiмi акупантамi ў 1941–1944 рр., адбудаваны ў 1952 р. па праекце архiтэктара У. Вараксiна ў стылі савецкага неакласіцызму. У ім размяшчаўся абласны камітэт КПСС. Цяпер у замку размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. У 2009 року двор замка ўпрыгожвалі некалькі 50-гадовых акацый, а ля ўваходу стаялі блакітныя елкі. Але ў 2010 року па ініцыятыве дырэктара гісторыка-археалагічнага музея Юрыя Кетурка, была праведзена высечка 9 акацый і блакітных елак ля ўваходу. Кетурка матываваў сваё рашэнне тым, што "У месьце павінна быць дойлідства, а не дрэвы". Тым самым гродзенцы былі пазбаўленыя яшчэ аднаго месца адпачынку.


Дойлідства


Будаўнічае вырашэнне палацавага ансамбля было звязана з прынцыпамі палацава-замкавага феадальнага будаўніцтва тагачаснай эпохі. У структуры гарадской забудовы палац займаў адасобленае становішча. Аднак выключна ўдалы рэльеф мясцовасці надаў яму значэнне адной з апорных кампазіцыйных кропак сілуэтнай лініі правабярэжнай часткі места. Умовы берагавога рэльефу вызначылі кампактнасць палацавага ансамбля, згрупаванага на невялікім плато. У ансамбль уключаны і службовыя мураваныя пабудовы, якія ствараюць за левым крылом палаца гаспадарчае карэ. Палацавы ансамбль быў створаны паводле барочнай планіровачнай схемы, з самастойнымі службовым і парадным дварамі.

Буйнамаштабны двухпавярховы аб’ём палаца мае П-падобную ў плане кампазіцыю. Тыповы для палацавых ансамбляў сярэдзіны XVII ст. парадны двор стваралі бакавыя флігелі і ажурная агароджа з цэнтральнай брамай. Да цэнтральнага корпуса прымыкала палацавая капліца, вылучаная ў самастойны аб’ём. Да нашага часу капліца не захавалася. Палац меў мансардавы дах з фігурнымі слыхавымі вокнамі. Цёмна-карычневая чарапіца ў спалучэнні з зялёнай афарбоўкай будынка стварала маляўнічую, каларытную кампазіцыю. Рытм праёмаў фасада ўскладняўся міжпаверхавым пасам квадратных філёнгаў. Павышаная пластыка і дэкаратыўная насычанасць характэрныя толькі для цэнтральнага і бакавых уваходаў. Тут вылучаюцца раскрапоўка спаранымі пілястрамі, тонка прарысаваная арнаментальная ляпніна з гірляндамі, фамільнымі гербамі. Цэнтральны рызаліт галоўнага фасада раскрапаваны спаранымі пілястрамі з капітэлямі, што дэкарыраваны ляпнымі арнаментальнымі гірляндамі ў стылі ракако. Шырокае выкарыстанне асіметрыі, адсутнасць ордэрных элементаў характарызуюць будынак як цікавы помнік дойлідства.

 

Планіроўка


Для ўнутранай планіроўкі палаца характэрнае падоўжна-восевае прасторавае вырашэнне цэнтральнай параднай групы памяшканняў, асноўныя з якіх паслядоўна размешчаны на падоўжнай восі плана: вялікі вестыбюль, зала і палацавая капліца. Такім чынам, ужо з вестыбюля раскрываецца планіровачны абрыс залы, а потым працяглая перспектыва капліцы. У бакі ад авальнай залы разыходзяцца анфілады іншых памяшканняў.

Планіроўка вылучаецца і першай у гісторыі дойлідства Беларусі авальнай залай, якая з боку дваровага фасада выступае акруглым аб’ёмам — характэрнай формай дойлідства ракако.


Інтэр’ер


Стрымана-строгае вырашэнне экстэр’ера палаца супрацьпастаўлена пышнаму і насычанаму дэкаратыўнай аздобай інтэр’еру. Асабліва вылучаліся Сенатарская і Круглая залы, упрыгожаныя разьбою ў стылі ракако. У 80-я рокі XVII ст. інтэр’еры былі распісаны дэкаратарам Манькоўскім. Акруглыя і зрэзаныя куты памяшканняў прыстасоўваліся пад каміны і дэкаратыўную скульптуру.


Капліца


Прастакутную ў плане капліцу аб’ядноўваў з палацам невялікі пераход. Да тарца капліцы прымыкала двух’ярусная вежа-званіца з гранёным шпілем. Выкарыстанне ў дэкоры капліцы дэкаратыўных ваз, ракавін, апор у форме пальмы, драпіроўкі, гратэскнага арнаменту, скульптурных кампазіцый таксама характэрна для дойлідства ракако.


Брама


Да нашага часу добра захавалася толькі палацавая брама ў выглядзе праезду, фланкіраванага манументальнымі пілонамі са скульптурнымі групамі сфінксаў і амураў.


Літаратура:


• Ф.Д. Гуревич. "Древности Белорусского Понеманья". Ленинград, Изд-во Академии наук СССР, 1962.
• Walter Hentschel: Die sachsische Baukunst des 18. Jahrhunderts in Polen, Berlin (Ost) 1967, Bd. 1, S. 189 f., S. 285—297, Abb. 58; Bd. 2, Abb. 217-220b, 369—399.
• Walter May: Das sachsische Bauwesen unter August II. und August III. von Polen, in: Polen und Sachsen — zwischen Nahe und Distanz, Dresden 1997 (Dresdner Hefte; 50), S. 17-26.

 


Гарадзенская ратуша (страчаная)


Гарадзенская ратуша — помнік дойлідства эпохі рэнэсансу (а потым клясыцызму). Пачаткам яе будаўніцтва лічыцца канец XV ст., калі месту было нададзена магдэбургскае права. Адзінымі графічнымі крыніцамі, якія дазваляюць уявіць яе аўтэнтычны від, з’яўляюцца гравюры Матэуша Цюндта 1568 р. і Тамаша Макоўскага 1600 р.


Гісторыя


Канец XV — пачатак XVI стст. у гарадской гісторыі Вялікага княства Літоўскага адзначыўся як час шырокага распаўсюджвання магдэбурскага права. Гэты працэс можна патлумачыць як фіскальнымі інтарэсамі дзяржавы, так і ростам гаспадарчага значэння гарадоў. У канцы XV — пачатак XVI стст. магдэбургскае права атрымалі: Горадня, Полацк, Менск, Кіеў, Высокае, Навагрудак, некаторыя паўторна (Луцк), іншыя былі пераведзены з хэлмінскага права на магдэбурскае — Бранск, Бельск, Драгічын, Мельнік.

Горадня набыла магдэбурскае права ў 1496 р., як можна меркаваць, у сакавіцкі дзень Св. Бенэдыкта. Згодна з прывілеем у горадзе ўводзілася пасада войта. Гараджане выводзіліся з-пад юрысдыкцыі земскіх і іншых судовых устаноў. Штогод ім дазвалялася праводзіць тры кірмашы і пабудаваць млын на Нёмана, важніцу, васкабойню, а таксама ратушу.

Час пабудовы і месца знаходжання першай ратушы ў Горадні пакуль што канчаткова не высветлена. З прывілея 1496 р. вынікае, што горад атрымаў дазвол на пабудову ратушы: "узвядуць нават ратушу на годным месцы, на каторым які пакой або камору для пастыгання сукна выгатаваць і мець ім не забараняем. Будуць таксама мець на ратушы меру збож, г.зн.: бочку ратушную і мёду г.зн. медніцу".

Першая і пакуль што адзіная звестка аб наяўнасці ратушы ў Горадні адносіцца да 1539-1540 рр. Можна меркаваць, што збудавалі яе адразу пасля атрымання горадам магдэбургскага права, як было, напрыклад, у Менску (дараваньне права на самакіраванне ў 1499 р. — першае ўпамінаньне аб ратушы 1503 р.).

Гравюра на медзі Адэльгаўзэра-Цюндта 1568 р. — першая іканаграфічная выява Горадні прадстаўляе ратушу як дойлідскую дамінанту не толькі рынку, але і ўсяго места. Гэта быў двухпавярховы будынак, увенчаны вежай з назіральнай пляцоўкай. У ёй размяшчаўся гарадскі гадзіньнік. Аб ім ўпершыню ўпамінаецца ў прывілеі каралевы Боны 1541 р., якая паказвала на неабходнасьць дагляду за гадзіннікам спецыяліста-рамесніка. Пасля аднаго з пажараў Горадні ў 1753 р. гадзіннік быў перанесены на вежы езуіцкага касьцёла. Уздоўж другога паверха будынка ратушы ішла галерэя, якая мала выконваць функцыю назіральнай пляцоўкі для пажарнай варты. Другі паверх традыцыйна адыгрываў ролю рэпрэзентатыўнага цэнтра, дзе адбываліся пасяджэнні гарадской рады і войта з лавай. Да галоўнага аб’ёма гэтага паверха прымыкала невялікая прыбудоўка, дзе, магчыма, размяшчалася капліца. На першым паверсе згодна з прывілеем 1496 р. мелі знаходзіцца крамы, медніца, ратушная бочка і камора для пастрыгання сукна. З-пад падмуркаў ратушы ў бок вул. Маставой ішло падзямелле, якое магло выконваць функцыю гарадской турмы.

У час вайны з Масквой 1654—1667 рр. Горадня разам з іншымі гарадамі Рэчы Паспалітай была моцна разбураная.

"Таму як места Гарадзенскае з фальваркамі і прадмесцямі ад войск маскалёўскіх ушчэнт зруйнаванае і спустошанае, каб да дасканалага дабрабыту дайсці мог, ад падаткаў на тым сейме і на потым звальняем" — гаварыцца ў канстытуцыі сейма 1661 г. "Непрыяцелем" была знішчана гарадская ратуша. Згодна з сеймавай канстытуцыяй 1678 р. "мяшчане гарадзенскія ратушу паводле мінулых камісій узводзяць, таксама мураваць, будаваць, і ранейшыя будынкі маюць выстаўляць".

Па даручэнню каралеўскіх камісараў магістрат Горадні меў распачаць пабудову ратушы. На гэта была вызначана сума 4800 злотых, у тым ліку габрэяў павінны былі даць 300 злотых, а таксама 20000 штук цэглы, 100 мерак вапны. Аднак справа замаруджвалася з-за недахопу сродкаў. За невыкананне распараджэння з места меркавалася спагнаць 2000 коп літоўскіх грошаў. Галоўнай прычынай недахопу грошаў на будаўніцтва былі цяжкасці з іх зборам, аб чым і паведамляе канстытуцыя сейма 1690 г. Сродкі павінны былі зьбірацца прымусова, "абы ратуша была пабудавана коштам места". Нягледзячы на згадагыя намаганні, справа адбудовы ратушы расьцягнулася амаль што на цэлае стагодьдзе.

Першая выява ратушы на планах места датуецца 1706 р. На плане, выкананым у гэтым року, на Рынку паказаны будынак з надпісам "базар" (былая ратуша), а на скрыжаванні рынку з вул. Замкавай разьмешчаны будынак з надпісам "ратуша". З чаго вынікае, што на руінах першай ратушы былі заснаваны гандлёвыя крамы, а магістрат пераехаў у дом лентвойта.

Занядбанне справы адбудовы ратушы скарысталі гарадзенскія габрэі, якія занялі яе пашкоджаны будынак крамамі і не хацелі фінансаваць на адбудову. Аб гэтым ускосна паведамляла канстытуцыя сейма 1690 р.

У 1713 р. габрэі атрымалі загад "гандаль свой у рынку тым жа ў Гродне каб не вялі", акрамя таго, каб "на ратушу 50 тысяч цэгел і іншых матэрыялаў да рэстаўрацыі прысуджаных абы адразу далі".

Праблема адбудовы ратушы была закранута ў каралеўскім прывілеі 1718 р. кароль Аўгуст II некалькі разоў наказваў пачаць направу і патраціць на гэта горшы, якія засталіся ад выплачаных скарбу падаткаў.

Пасля разбурэнняў Паўночнай вайны Горадня была вызваленая на дзесяць гадоў ад выплочваньня да скарбу "чыншаў ... капшчызны ад напояў". Гэтыя сродкі таксама мелі пайсці "на рэпарацыю ратушы і аздобу места". Як сьведчыць універсал надворнага каралеўскага падскарбія Асалінскага 1720 р. "ратуша ў месце тутэйшым Гродне, так даўно пустуючая да як найхутчэйшай ма прыйсьці пэрфекцыі", у чым павінны былі дапамагаць таксама і ўладальнікі крамаў ў рынку.

Але ратуша стаяла надалей без усялякага рамонту і паціху разбуралася гандлярамі.

Так габрэй Зэльман Беркавіч "капаючы падмуркі на свае крамніцы ў шкоду места асмеліўся і выразаць казаў трубы, якія з даўніх часоў сядзяць і ўфундаваныя для бясьпекі места ад агню выпадковага".

Фрагмэнты згаданага ўніверсала сьведчыць аб заняцьці габэйскім гандлярамі будынку ратушы, якая ж да таго знаходзілася ў зруйнаваным стане.

У актах места 1730 р. упамінаецца: "старая ратуша ... неадрамантаваная і цяпер пустуе і да рэшты руйнуецца".

Таму магістрат места распачаў выдаляць крамы з будынку ратушы. Габрэі, уладальнікі крамаў, што не згаджаліся з рашэннем уладаў, падчас спробы рамонтных работ закідалі муляроў і нават бурмістра Войцеха Цяхлевіча камянямі і цэгламі. Вывесці гандляроў з руін ратушы так і не ўдалося. Падарожнік Вільгельм Шлемюлер, які наведаў Горадню ў час сейма 1752 р., у сваім дзённіку звяртае ўвагу на ратушу толькі ў канцы апісання гарадской забудовы, лаканічна натуючы: "некалькі яшчэ значнейшых дамоў мураваных у рынку. У сярэдзіне бачны руіны велізарнага гмаху, дзе купцы раскладваюць свой тавар".

Згодна з планам места Горадні 1753 р. на Рынку размяшчалася "ратуша, цэхгауз, крамы жыдоўскія і плацы гарадскія". Як на гэтым, так і на плане Горадні 1758 р., добра бачны прыбудоўкі да паўднёвага фасада ратушы. Не выключана, што ўлады места дамовіліся з габрэямі.

І ідучы на саступкі, дазволілі ім пабудаваць крамы, "а іншыя крамы коштам места мураваныя магістрат як усеагульную гарадскую ўласнасць ... жыдам арандуючы, даход ратушы справіў".

Такім чынам, места, аддаючы ў арэнду габрэям свае крамы, знайшоў сродкі на адбудову ратушы.

На плане Горадні 1780 р. ратушны будынак ў Рынку адсутнічае, хаця рынак і названы "ратышным", а "ратушны дворык" у той час размяшчаўся на вул. Калюцінскай, якая выбягала з Рынка. Магчыма, у гэты час на месцы руінаў старой ратушы расчышчалася пляцоўка для будовы новай. Пытанне гэта пакуль што застаецца адкрытым. Але дакладна вядома, што пяць рокаў раней ратушны будынак яшчэ займаў сваё месца.

У 1784 р. мураваная ратуша з крамамі і гауптвахтай нарэшце была ўзведзеная. Пацвярджэнне існавання новай ратушы сустракаецца ў 1791 р. вядома, што яна мела дзве брамы "з фацыятамі". Верагодна, гэта і была класіцыстычная ратуша, якая праіснавала да сярэдзіны XX ст. будынак ратушы адзначаны таксама на планах Горадні 1793, 1795, 1798 рр. Як "ратуша" ці "ратуша з лаўкамі".

Іканаграфічны матэрыял XVI ст. (гравюры Матэуса Цюндта, зробленая на падставе малюнка Іагана Адэльгаўзэра ў 1568 р., а таксама яе копій XVI-XVIII стст.) не дазваляе вызначыць дакладнае месца пабудовы ратушы канца XV — пачатку XVI стст. Гарадзенскі гісторык Юзаф Ядкоўскі і гісторык дойлідства Юрый Якімовіч асвятлілі гісторыю ратушы і прааналізавалі яе дойлідскі воблік, але нічога не пішуць аб яе месцазнаходжанні. Алена Квітніцкая размясціла будынак ратушы на скрыжаванні Рынку і вуліцы Замкавай. Больш верагодным нам здаецца меркаванне Алеся Краўцэвіча, які размясціў яго ў сярэдзіне Рынку. Гэтую думку можна пацвердзіць наступнымі аргументамі. Згодна з люстрацыяй м. Горадні 1675 р. мясцовыя ўлады былі абавязаныя пабудаваць ратушу на тым самым месцы, дзе размяшчаўся яе стары будынак, разбураны ў часы вайны 1654-1667 рр. Менавіта ў цэнтры Рынку і была ўзведзеная новая ратуша ў XVIII ст., што знайшло адлюстраванне на планах места XVIII — першай паловы XX стст. У 1660-я рокі будынак ратушы быў моцна пашкоджаны падчас нашэсця маскоўскага войска. У паўразбураным стане ратуша прастаяла амаль паўтара стагоддзя. У канцы ХVIII ст. была перабудавана ў клясычным стылі.

У 1946 р. бальшавіцкая ўлада яе знішчыла.

Напэўна, адзінаю крыніцаю, акая б магла даць уяўленне аб выглядзе ратушы, з’яўляецца гравюра Макоўскага 1600 р. Гравюра выяўляе ратушу як дойлідскую дамінанту не толькі рынку, але і ўсяго места. Гэта быў двухпавярховы будынак, увенчаны вежаю з высокім шпілем. Завяршэнне сценаў упрыгожвалі атыкі. У 1660-я рокі будынак моцна быў пашкоджаны падчас нашэсця маскалёўскага войска, улады збіралі грошы на адбудову галоўнага будынку места, але ваенныя пастоі, падаткавы цяжар замаруджвалі аднаўленчыя працы. На адбудову будынку яшчэ горш паўплывалі разбурэнні Паўночнай вайны. На пляне 1706 р. руіны будынку ратушы пазначаны як "базар", а на скрыжаваньні Замкавай вуліцы ды паўднёва-заходняга боку Рынку камяніца, пазначаная як "ратуша". У будынку закінутай ратушы размяшчаліся гандляры. Гісторык Юры Гардзееў лічыць, што будынак быў разабраны. На яго месцы у 1784 р. узнік будынак новай ратушы, пабудаванай у класіцыстычным стылі. Яна была аднапавярховаю, мела форму карэ. Паўночны і паўднёвы фасады ўпрыгожвалі рызаліты з шасцюкалоннымі дарыцкімі портыкамі. Згодна плану 1795 р., ратуша была пабудаваная на тым самым месцы, дзе стаяла старая.

 


Палац Храптовічаў


Будынак былога палаца Храптовічаў па вул. Замкавая, 16.Палац Храптовічаў у Горадні — знаходзіцца ў цэнтральнай частцы гораду, па вуліцы Замкавай.

Палац пабудаваны на загад Яўхіма Храптовіч — апошняга вялікага канцлера літоўскага. Пабудаваны ў стылі клясыцызм у канцы XVIII ст. У XIX ст. палац перайшоў да Мушніцкіх, затым да Лехніцкіх.

З 1990 року у быдынку палаца знаходзіцца музей рэлігіі й атэізму.

 


Царква Сьвятых Барыса і Глеба (Каложская)


Царква Сьвятых Барыса й Глеба, Барысаглебская, Калоская, Каложская, Калажанская царква, Каложа — праваслаўны храм у цэнтральнай частцы Горадні.

Выбітны ўзор старажытнарускага мураванага дойлідзтва другой паловы XII стагодзьдзя. Разьмешчаная на высокім стромкім беразе Нёмана, захавалася ня цалкам: яе скляпеньні і глава зьніклі даўно, паўднёвая і частка заходняй сьцяны абрынуліся ў раку праз апоўзень у 1853 р.

Другая назва храму Каложа паходзіць ад назвы перадмесьця Ноўгараду, адкуль у 1406 року Вітаўт перасяліў мяшканцаў у Горадню[1].


Мінуўшчына


"Того ж року Городен погорів увесь і церква кам’яна од мигання блискавки і ударів грому"[2] — апавядаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1184 рокам. Аднак пэўна невядома, ці вядзецца пра Горадню і канкрэтна пра Калоскую царкву. Высьвечаная верагодна ў гонар духоўных заступнікаў Барыса і Глеба Ўсевалодавічаў, у часы кіраваньня якіх, як лічаць, царква была заснаваная.

Пасьля руйнаваньня крыжакамі на пачатку XVI стагодзьдзя была рэканструяваная коштам Богуша Багавіцінавіча пад кіраўніцтвам гарадзенскага кашталяна Давыда Гарадзенскага. У той час пры царкве існаваў манастыр, якому, з павагі да яго даўнасьці, вялікі князь літоўскі Аляксандар Ягелончык падараваў маёнтак Чашчаўляны ў 1500 року. Пазьней і кароль Жыгімонт I Стары адорваў манастыр у 1508 і 1538 роках.

У 1569 року пры царкве заснаваны Калоскі манастыр(pl) айцоў-базылянаў.

Разьліў Нёмана ў 1720 року прывёў да падмываньня ўзгорку, на якім разьмешчаны храм, ад чаго той пахіліўся.

У 1839 року манастыр быў зачынены маскалёўскаю ўладаю. Храм перададзены Расейскай праваслаўнай царкве.

У 1853—1859 роках царква была часткова зруйнаваная з прычыны зруху, абвалілася частка заходняй сьцяны і скляпеньняў.

Цягам 1872—1873 рокаў рэканструяваная. У апсыдзе створаная капліца Сьвятых Барыса і Глеба.

Зноў часткова абвалілася ў 1889 року.

У 1897 року бераг умацаваны. Цягам 1889—1911 рокаў адсутныя мураваныя сьцены адноўленыя ў дрэве.

Паўторна рэстаўрацыйныя працы праведзеныя ў 1934—1939 роках.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР храм быў закінуты, пакуль пасьля Другой сусьветнай вайны ня быў перададзены Гарадзенскаму абласному гістарычнаму музэю. У царкве была створаная экспазыцыя, прысьвечаная навуковаму атэізму і антырэлігійнай прапаґандзе.

У 1979 року памяшканьне храму перададзена Рэспубліканскаму музэю атэізму й гісторыі рэлігіі.

Набажэнствы ў царкве адноўленыя з 1991 року[3]. У 1999 годзе Нацыянальны банк РБ адбіў манэту, прысьвечаную Барысаглебскай царкве.

Работы па кансэрвацыі і рэстаўрацыі храму трываюць да цяперашняга часу.

У 2004 року царква Сьвятых Барыса і Глеба ўнесеная ў папярэдні сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў катэгорыі "Культура"[4].


Дойлідства


Калоская царква ўяўляе сабой крыжова-купальны храм, трохапсыдны і шасьціслупавы. Кладка сьценаў выкананая з плінфы, выкарыстаная таксама цэгла ў дэкаратыўных мэтах. Царква звонку неатынкаваная, што дазваляе бачыць дэкаратыўныя вартасьці яе поліхромнай кладкі. Да нашага часу не не дайшлі першапачатковая галоўка і скляпеньні, а таксама частка сьцяны, абрушанай у выніку апоўзьню. Пры рэстаўрацыі ў 1870 року былі адкрытыя дамангольскія фрэскі ў конхах.

Дойлідства царквы ня мае аналягаў сярод захаваўшыхся пабудоваў і нагадвае кампазыцыю больш раньнягя гарадзенскага сабору — Ніжняй царквы, вядомай з археалягічных дасьледаваньняў. Гэты факт дае магчымасьць выказаць здагадку пра існаваньне ў канцы XII стагодзьдзя ў Гародні адасобленай дойлідскай школы(ru), на якую часткова ўплываў раманскі стыль.


Крыніцы і заўвагі:


1). Паводле іншае вэрсіі, царква атрымала сваю назву ад урочышча Каложань, у якім была збудаваная царква. Урочышча нібыта была ў пашане паганцаў, а ягоная назва паказвала на тое, што ў гэтым месцы б’е шмат крыніцаў.
2). Літопис руський за Іпатським списком. Пер. Л. Махновця
3). О храмах гродненского городского благочиния(рас.)
4). SS. Boris and Gleb (Kalozha) Church in the city of Hrodna(анг.)

 


Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя


Касьцёл Сьвятога Францішка Ксавэрыя — рыма-каталіцкі храм у цэнтральнай частцы Горадні. Ад пачатку існаваньня і да 1773 року належаў да гарадзенскага езуіцкага калегіюму, з 1797 году стаў фарным касьцёлам, з 13 красавіка 1991 року — катэдрай новаўтворанай Гарадзенскай дыяцэзіі. 15 сьнежня 1990 року Ян Павал II надаў храму тытул меншае базылікі[3].

Фактычна касьцёл будаваўся з 1678 року па 1772 рок, але ўжо 30 траўня 1700 року ў касьцёле была праведзеная першая імша[1]. Ганаровае прысьвячэньне (кансэкраваньне) Сьвятому Францішку Ксавэрыю адбылося 6 сьнежня 1705 року біскупам хэлмінскім Тэадорам Патоцкім[4] у прысутнасьці саюзьнікаў у вайне супраць Швэцыі — караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II і маскалёўскага імпэратара Пятра I[5].


Гісторыя

Езуіцкі калегіюм


Ініцыятыва заснаваньня калегіюму езуітаў у Горадні належала каралю Стэфану Баторыю, які завяшчаў у 1585 року для гэтага 10 тыс. польскіх злотых[3]. Касьцёл быў закладзены па пляну італьянскага архітэктара Яна Марыі Бэрнардоні на заходнім канцы рынку, побач з драўляным, пазьней вымураваным, Найсьвяцейшым Касьцёлам Панны Марыі, які пазьней доўгі час быў вядомы пад назвай "фара Вітаўта"[3]. Сьмерць караля Стэфана Баторыя адклала зьяўляеньне езуітаў у Горадні амаль на 40 год, функцыю фарнай царквы тады выконвала "фара Вітаўта". Езуіцкая місія зьявілася ў Горадні толькі ў 1623 року. У 1635 року місія была павышаная да рэзыдэнцыі. Соймавая пастанова 1647 року зацьвердзіла "пляцы ў месьце Гарадзенскім, на якіх касьцёл і калегіюм павінен быць разьмешчаны"[6]. У 1654 року кароль Ян Казімер ужо маліўся ў касьцёле езуітаў[7]. У 1656 року падчас вайны 1654—1667 рокаў Горадню занялі маскалёўскія войскі, езуіты схаваліся ў блізкіх лясах, а іх будынкі былі спаленыя[7]. Толькі ў 1656 року Горадня была вызваленая войскам гетмана Паўла Сапегі. Праз год езуіты вярнуліся ў рэзыдэнцыю і ў 1662 року аднавілася дзейнасьць сваіх школаў[7]. Калі з 1673 року ў Горадні пачаў зьбірацца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай, роля калегіюма значна ўзрасла. У час соймаў езуіты праводзілі адмысловыя набажэнствы ў касьцёле, гаварылі казаньні, паказвалі спэктаклі школнага тэатру, а таксама здавалі памяшканьні для паслоў, прымаса і сэнатараў[8]. У час Паўночнай вайны ў калегіюме гасьцілі Аўгуст II, Станіслаў Ляшчынскі, Пётар I і Карл XII[9]. Пасьля скасаваньня ў 1773 року ордэну езуітаў будынкі калегіюму перайшлі да Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая разьмясьціла тут ваяводзкія школы[9]. У часы Расейскай імпэрыі пераважная большасьць будынкаў калегіюму езуітаў была занятая пад казённыя ўстановы[9].


Цікавыя факты


Адзін з мастакоў, што аздаблялі касьцёл — Антоні Грушэцкі, сябра гарадзенскага старасты Антона Тызенгаўза. Адна зь яго работ — абраз "Маці Божай Шкаплернай"[10] (XVIII ст.). Таксама ў 1780-х гадах Грушэцкі выканаў жывапіснае афармленьне інтэр’ера касьцёла, што ўключае размалёўку скляпеньняў і аркаў у тэхніцы грызайль[11].


Крыніцы:


1). а б А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 6. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
2). Санктуарый Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гродне Catholic.By Праверана 1 верасьня 2010 г.
3). а б в А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 1. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
4). Т. Габрусь. (24 лістапада 2007) Наша "езуіцкае" барока Праверана 1 верасьня 2010 г.
5). Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня-Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 102. — 228 с.
6). А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 2. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
7). а б в А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 3. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
8). А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 3—4. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
9). а б в А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 5. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
10). Данута Бічэль. Уладзімір Кіслы — Лекар сакральнага мастацтва Праверана 31 жніўня 2010 г.
11). Тамара Грабусь. Касьцёлы, фундаваныя каралямі Праверана 31 жніўня 2010 г.

 


Гарадзенскі езуіцкі калегіюм


Гарадзенскі езуіцкі калегіюм — адукацыйная ўстанова ордэну езуітаў у Горадні, заснаваная з ініцыятывы караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя ў 1584 року. Адзін з трох самых вялікіх касьцёлаў эпохі барока ў Рэчы Паспалітай[1], Касьцёл Сьвятога Францішка Ксаверыя, быў узьведзены ў 1675-1700 рокі.


Гісторыя


Даваенны пэрыяд існаваньня калегіюму


Заснаваньне калегіюму пры Стэфаны Баторыі


У лютым-пачатку траўня 1584 року Стэфан Баторы выклікаў у Горадню правінцыяла Польскай правінцыі ордэну Джавані Паола Кампана[2] і прапанаваў яму праект заснаваньня двух калегіюмаў — у Горадні і Берасьці. Кампана доўгі часаў адкладваў мамэнт прыняцьця фундацыі, апраўдаваючыся недахопам людзкіх сродкаў[3]. Аднак кароль, ужо адмовіўшыся ад ідэі заснаваньня двух калегіюмаў, усё ж запісаў 10000 польскіх злотых у якасьці фундацыі Гарадзенскага калегіюму і прыступіў да будаўніцтва касьцёла. Стэфан Баторы зьвярнуўся наўпрост да папы Грыгорыя XIII, а той ужо настойліва рэкамэндаваў генэралу Клаўдыё Аквавіву прыняць фундацыю ў якасьці выключэньня з правілаў[4].

Фундаваны касьцёл будаваўся вельмі хутка, але заўчасная сьмерць Стэфана Баторыя ізноў перанесла цэнтар палітычнага жыцьця Рэчы Паспалітай з Горадні ў Кракаў і Вільню[5]. Праз два рока пасьля сьмерці караля яго цела было перанесеная ў Вавэльскі катэдральны сабор у Кракаве. Недабудаваны касьцёл быў перададзены прыходу, а пажалаваныя каралём угодзьдзі былі зданы ў арэдну з накіраваньнем плацяжоў на забясьпячэньне Віленскай акадэміі[6].


Пэрыяд прыватнага фундаваньня калегіюму


У другі раз езуіцкая місія зьявілася ў Горадні толькі ў 1623 року[7] (па іншых дадзеных у 1622 року)[5], дзякуючы старосьце гарадзенскаму Станіславу Касабуцкаму, які, выпраўляючыся на вайну з туркамі, запісаў у завяшчаньні на выпадак яго сьмерці вёску Сухая Баля езуітам, але даходаў ад гэтае фундацыі хапала толькі для адкрыцьця ў горадзе місіянэрскай станцыі[5].

Ужо ў 1558 року быў ўстаноўлены мінімум матэрыяльнай базы для адкрыцьця калегіюму[8]. Ён уключаў наяўнасьць жылога памяшканьня для саміх езуітаў, памяшканьне для заняткаў, касьцёла і набажэнстваў. Фундацыя павінна была забясьпечваць утрыманьне 14 чалавек (гэткі мінімум патрабаваўся для г.зв. граматыкальнай школы). У 1565 року мінімальны склад пэрсанала для калегіюмe павялічылі да 20 чалавек[8]. З-за магдэбурскага права Горадні і разьмяшчэньня яго сярод "каралеўскіх сталовых маёнткаў" такога буйнога патрона, як Радзівілы ў Нясьвіжы, гарадзенскаму дому ордэну езуітаў знайсьці не ўдалося. Пагэтаму далейшае яго разьвіцьцё зьвязвалася з паступовым назапашваньнем невялікіх фундацый[9]. Першымі буйнымі фундацыямі зьяўляліся:[10]

• Фундатар Францішак Ісайкоўскі (Franciszek Dolmat Isajkowski) — мінулы настаяцель гарадзенскага прыходу, затым — смаленскі біскуп. Фундацыя: угодзьдзі Сьвіслач.
• Кшыштаф Халецкі (Krzysztof Chalecki)Фундацыя. Фундацыя: запісаныя на імя езуітаў угодзьдзі Харастоў (Horostow), Калбасіна (Kielbasin) і Малахавічы (Malachowie).
• Гіеронім Дзевалтоўскі (Hieronim Dziewaltowski) — яалец езуіцкага ордэну. Фундацыя: запісаная Таварыству свая радавая вёска Шупене (Szupienie).

У 1630 року ў школе была заснаваная Марыянская Кангрэгацыя студэнтаў — самакіравальная грамадзкая арганізацыя навучэнцаў і бурса музыкантаў, якія ўпрыгожвалі ігрой прадстаўленьні школьнага тэатру. Праз тры рока, у 1633 року былі створаныя ўмовы, каб дадаць у адукацыйную праграму школы кляс паэтыкі. У 1645 року дадаўся кляс рыторыкі, пасьля чаго плянавалася цягам некалькіх год узьняць школу да ўзроўню поўнага калегіюму[11], але ў выніку войнаў, якія пачаліся ў 1648 року з паўстаньня Багдана Хмяльніцкага і, у прыватнасьці, нашэсьцяў маскалёўскіх войскаў 1655—1662 рокаў места было спустошанае дашчэнту, а рэзыдэнцыя езуітаў прыпыніла сваю дзейнасьць.


Пасьляваенны пэрыяд існаваньня калегіюму

Другая палова XVII стагодзьдзя


Новы этап разьвіцьця гарадзенскай школы езуітаў азнаменаваўся карэннымі зьменамі ў зьнешнім асяродзьдзі. Па заканчэньні паласы войнаў скончылася эпоха рэлігійнай талерантнасьці і наступіў час супрэмацыі каталіцызму. У адукацыйнай прасторы гэта садзейнічала суцэльнаму дамінаваньню езуіцкай школьнай сыстэмы[12].

Паводле форуму 1673 року Горадня была прызначаная месцам для кожнага трэцяга сойма Рэчы Паспалітай за выключэньнем элекцыйных, канвакацыйных і каронных[12]. Ведама, што ў час соймаў гарадзенскія езуіты прамаўлялі казані на польскай і нямецкай мовах[13].

Апошняя чвэрць XVII стагодзьдзя у гісторыі гарадзенскага калегіюму характарызуецца буйным ростам[13]. Яго гадавы даход складаў у 1639 р. — 300 злотых, у 1665 р. — 1000 злотых, 1705 р. — 3000 злотых, 1764 р. — 8062 злотых[13]. Для патрэбнасьцяў чальцоў калегіюму ў 1684 року было заснаванае новае структурнае падразьдзяленьне — аптэка. Чарговым сьведчаньнем росквіту гарадзенскага калегіюму езуітаў служыць ініцыяцыя місыянэрскіх станцыяў у Гольне, Котры, Дэмбрава, Мерачы, Ротніцы, Урдоміне і Ваўкавыску[14], даходы зь якіх былі пазьней выкарыстаныя на будаўніцтва Касьцёла Сьвятога Францішка Ксаверыя.

Пасьля заканчэньня Паўночнай вайны ў 1709 року ў мурах гарадзенскага калегіюму стаў выкладацца курс філязофіі для клірыкаў[15] і быў пабудаваны асобны каменны будынак аптэкі. Курс філязофіі адносіў калегіюм да статусу вышэйшае школы, у выніку чаго ў 1713 року было арганізаванае абсталяваньне новага памяшканьня бібліятэкі і павялічэньня сабраных кнігаў[16]. Напярэдадні свайго закрыцьця ў 1773 року бібліятэка калегіюму налічвала 2311 тамоў[17].


Трыццатыя гады XVIII стагодзьдзя


Наступная фаза актыўнага росквіту гарадзенскага езуіцкага калегіюму пачалася ў трыццатыя рокі XVIII ст., чыім пачаткам стала аздабленьне касьцёла Францішка Ксаверыя ў 1736—1737 рр. галоўным алтаром работы Яна Хрысьціяна Шміта з Рэшля[18]. Трохузроўневы скульптурны алтар паводле дагавору ня мог мець сабе падобных[19].
У 1737—1738 роках у адукацыйную праграму калегіюму была ўведзеная маральная тэалёгія, што ў навуковым пляне набліжала калегіюм усутыч да акадэміі або ўнівэрсытэта[16]. У 1744 року было скончана будаўніцтва ўсяго комплексу калегіюмных будынкаў. У 1752 року былі канчаткова надбудаваныя вежы і купала касьцёла. У 1763 року надбудаваны паверх над аптэкай, а ў 1765 року — ліхтар па-над галоўным купалам касьцёла[20].


Эпоха Антонія Тызенгаўза і роспуск ордэну езуітаў


У 1765 року Гарадзенскае староства ўзначаліў надворны падскарбі літоўскі Антоні Тызенгаўз. Адначасова з навінкамі, якія ініцыяваліся Тызенгаўзам, навацыі зьявіліся і ў езуіцкім калегіюме. У 1770—1773 роках тут пачалі выкладаць матэматыку і сучасныя мовы: нямецкую і францускую[21]. У 1772 року быў адчынены шляхецкі канвікт (студэнцкі інтэрнат) і яго прэфэктарам быў прызначаны Францішак Ксаверы Богуш[22], які адыграў значную ролю ў пазьнейшым разьвіцьці сыстэмы адукацыі ў Рэчы Паспалітай[21].

Інавацыі, якія ўводзіліся новым гарадзенскім старостай былі апошнімі. У 1773 року ў Рыме папа выдаю булу аб роспуску Таварыства Ісуса. Пасьля гэтага гарадзенскі калегіюм езуітаў быў перададзены Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая на яго базе ў Горадні стварыла акруговую школу, адну зь дзевяці ў Рэчы Паспалітай[21]. Гэта моцна адлюстравалася на кадравым складзе калегіюму. У 1772 року ён налічваў 42 чалавека[21]. Месца для работы і пражываньня ў новай школе было дазволена толькі васьмі прафэсарам[21]. У часы Расейскай імпэрыі пераважная большасьць будынкаў калегіюму езуітаў была занятая пад казённыя ўстановы[17].


Выбітныя выпускнікі


Марцін Пачобут-Адляніцкі — каралеўскі астраном Рэчы Паспалітай, матэматык і езуіт. Чалец Лёндансага, Варшаўскага і іншых навуковых таварыстваў.


Цікавыя факты:


У час Паўночнай вайны ў калегіюме гасьцілі каралі Рэчы Паспалітай Аўгуст II Моцны і Станіслаў Ляшчынскі, маскалёўскі імпэратар Пётар I і швэдзкі кароль і палкаводзец Карл XII, які ледзь ня быў тут схоплены маскалёўўскім войскам падчас сну[17].


Крыніцы:


1). А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 14. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
2). Kuzmina D Jakub Wujek Sj (1541-1597) - pisarz. tlumacz i misjonarz. — Warszawa: SBP, 2004. — С. 160.
3). Zaleski S Jezuici w Polsce. — Krakow: 1905. — С. 370.
4). Sacchini Francesco Historiae Societatis Iesv Pars Qvinta Sive Clavdivs Tomvs Prior. Res extra Europam gestas, & alia quaedam supplevit Petrus Possinus [Poussines, Pierre; 1609-1686]. — Romae: Ex Typographia Varesij, 1661. — P. 184-185.
5). а б в Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня-Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 98. — 228 с.
6). Paszenda J. Budowie jezuickie w Polsce XV-XVII. — Krakow: WAM, 200. — Т. 2. — P. 39—41.
7). А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 2. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
8). а б Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня-Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 99. — 228 с.
9). Borowik P. Jurydyki miasta Grodno w XV-XVIII wieku. Stanowy podzial nieruchomosci.. — Suprasl: Collegium Suprasliense, 2005. — P. 171—180.
10). Grzebien Ludwik SJ. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564-1995. — WAM. — P. 197. — 888 p..
11). Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. — Гродно: ГрГУ: 2002. — С. 292.
12). а б Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня-Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 100. — 228 с.
13). а б в Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня-Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 101. — 228 с.
14). Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня-Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 102. — 228 с.
15). Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. — Гродно: ГрГУ: 2002. — С. 298.
16). а б Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня-Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 103. — 228 с.
17). а б в А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 5. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
18). Paszenda J. Kosciol pojezuicki (farny) w Grodnie // Kultura artystyczna Wielkiego Ksiestwa Litewskego w epoce Baroku / pod red. J. Kowelczyka. — Warszawa: 1995. — P. 192—194.
19). А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 32. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
20)Paszenda J. Kosciol pojezuicki (farny) w Grodnie // Kultura artystyczna Wielkiego Ksiestwa Litewskego w epoce Baroku / pod red. J. Kowelczyka. — Warszawa: 1995. — P. 193.
21). а б в г д Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня-Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 104. — 228 с.
22). Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. — Гродно: ГрГУ: 2002. — С. 350.

 


Аптэка езуітаў


Гарадзенская аптэка езуітаў — двухпавярховы будынак, які належаць да найбольш ранніх мураваных пабудоў комплексу калегіума езуітаў ў Горадні.

Аптэка выходзіла на вуліцу тарцовымі фасадамі. Галоўным фасадам аптэка выходзіць на Савецкі пляц (Рынкавы пляц).


Гісторыя


На плане Горадні 1655 р. на месцы аптэкі ўжо паказаны будынак.

У 70-я гады XVIII ст. аптэка належала заснаванай у Горадні Медыцынскай акадэміі — першай вышэйшай навучальнай установе на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У яе сценах працаваў са сваімі вучнямі вядомы французскі вучоны-батанік, доктар медыцыны, прафесар Жан-Эмануэль Жылібер, які па праву лічыцца заснавальнікам фармацэўтычных навук у Беларусі і Літве.

Верагодна у 1760-я рр. надбудаваны другі паверх, таму што ў архіўных дакументах 1772 р. сказана, што другі паверх узведзены нядаўна. Выгляд аптэкі пасля перабудовы паказаны на акварэлі Н. Орды (сярэдзіна XIX ст.). У выніку перабудоў 2-й паловы XIX ст. фасады і інтэр’еры значна зменены.

У XIX ст. аптэкай валодалі такія грамадскія дзеячы як Ян Адамовіч, Казімір Стафаноўскі, які адкрыў на базе аптэкі першую філію Чырвонага Крыжа. А таксама Эдуард Стампеўскі — мэр Горадні ў 1922—1927 роках.

У гэтым будынку аптэка існавала, нягледзячы на змену уладальнікаў, ўвесь час да 1950 р. Пазней аптэку тут замяніў склад, салон мэблі, Дом настаўніка.


Сучаснасць


Аднавіла сваю дзейнасць езуіцкая аптэка ў 1996 р., калі частку яе памяшканняў узяў у арэнду і аднавіў навукова-вытворчы кааператыў "Биотест". У старадаўніх залах са скляпеністай столямі, упрыгожаных мастацкай каваннем, размяшчаюцца гандлёвыя аддзелы, музейная экспазіцыя і дапаможныя памяшканні. Першая часовая музейная экспазіцыя аптэкі паўстала дзякуючы дапамозе гараджан і праіснавала да 2004 року.

Пасля кардынальнай рэканструкцыі экспазіцыя ўяўляе сабой залу плошчай 50 кв. м, падзелены на 3 зоны: два ансамблевых комплексу і адзін тэматычны. У першым ансамблевым комплексе ўзноўлены куток старадаўняй травяной лабараторыі, т.з. "куток алхіміка", у другім — фрагмент рэцэптурнай залы мяжы XIX—XX стагоддзях. У вітрынах тэматычнай зоны ў разнастайным ілюстрацыйныя матэрыялы знайшла сваё адлюстраванне багатая гісторыя аптэкі, якая апавядае аб асноўных этапах дзейнасці, якія непарыўна звязаны з развіццём медыцынскіх і фармацэўтычных ведаў у Беларусі.


Фара Вітаўта
(страчаная)


Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, таксама вядомы як Фара Вітаўта — каталіцкі храм у Горадні, збудаваны ў канцы XIV стагоддзя у гатычным стылі. Пазней неаднаразова перабудоўваўся. Быў узарваны ў 1961 р.


Гісторыя


1389 р. — згадваецца закладзены Вітаўтам першы драўляны фарны касцёл у цалкам праваслаўным месьце.
1494 р. — рэканструяваны па загадзе вялікага князя Аляксандра.
1551 р. — паўторна рэканструяваны па фундацыі каралевы Боны.
1584—1587 рр. — замест па загадзе Стэфана Баторыя ўзведзены новы мураваны храм італьянскім дойлідам Антоніем Дзікрапам.
1751 р., 1782 р. — гарэў.
1804 р. — касцёл перададзены пад праваслаўную царкву.
1807 р. — адрамантаваны ў стылі класіцызму храм пераасвячоны ў сабор Святой Сафіі.
1870 р. — перабудаваны дойлідам Гур’евым.
9 траўня 1892 р. — моцна пашкоджаны пажарам, у выніку чаго абваліліся скляпенні.
1896—1899 рр. — рэканструяваны дойлідам М.М. Чагіным ў псеўдарускім стылі.
1919 р. — вернуты каталікам, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл.
1923 р. — перабудаваны пасля пажару дойлідам В. Генбергам.
1935 р. — ізноў здарыўся пажар, што прывяло да новай рэканструкцыі (дойлід А. Сасноўскі).
29 лістапада 1961 р. — ўзарваны савецкімі ўладамі.


Дойлідства

Драўляны храм


Збудаваны Вітаўтам драўляны фарны касцёл размяшчаўся на заходнім баку Старога рынка ля вуліцы Замкавай. Выгляд невядомы.


Мураваны храм


Цяжка сказаць, калі фарны касцёл быў змураваны з цэглы. Дакладна вядома, што мураваны касцёл быў фундаваны Стэфанам Баторыям. Аднак аб тым якім чынам перабудоўваўся касцёл Вялікім князем Аляксандрам і каралевай Бонай няма дакладных сведчанняў.

На гравюры Тамаша Макоўскага 1600 року паказаны выгляд храма, збудаванага італьянскім дойлідам Антоніем Дзікрыпам па замове Стэфана Баторыя. Рэнесансны храм з моцнымі гатычнымі рысамі стаяў на пагорку ля рыначнай плошчы, да якой быў звернуты апсідай. Трохнефны васьміслуповы храм з гранёнай апсідай прасвітэрыя і сакрыстыяй з паўночнага боку быў накрыты высокім спічастым дахам, што ўласціва готыцы. Нефы храма былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі, пры чым цэнтральны быў крыху вышэй за бакавыя. Вышынную дынаміку храма падкрэслівала шматярусная вежа на галоўным фасадзе з фігурным завяршэннем. Вонкавыя сцены кафалікона ўмацаваны контрфорсамі ў выглядзе пілястраў між якімі перакінуты лучковыя аркі, якія разам з контрфорсамі ўтварылі сваеасаблівую рэнесансную аркаду. Вокны храма мелі стральчатую форму, што ўласціва дойлідства готыкі.

Першапачаткова мастацкае вырашэнне знешніх сценаў храма грунтавалася на кантрастным спалучэнні чырвонага колеру адкрытай муроўкі і белага колеру атынкаваных пілястраў. Гэта вельмі характэрны дэкаратыўны прыём для готыкі Вялікага княства (падобная апрацоўка захавалася, прыкладам, у Мірскім замку ці Мураванкаўскай царкве). Пазней сцены былі атынкаваны цалкам.

Некаторыя паверхі вежы мелі баявыя байніцы, што, верагодна, з’яўляецца ўплывам моцнай традыцыі абарончага храмабудаўніцтва ў ВКЛ.


Перабудова ў царкву


Першая перабудова ў пачатку ХIХ стагоддзя кардынальна не закранула структуры храма. Касцёл набыў рысы класіцызму: завяршэнне вежы атрымала форму высокага шатра з гранёнай вежачкай, па баках храма былі прыбудаваны нізкія прыдзелы.
Другая рэканструкцыя пасля моцнага пажару 1892 року амаль да непазнавальнасці змяніла храм. Храм быў адбудаваны ў псеўдарускім стылі па праекце М.М. Чагіна. Над дахам паўстала кампазіцыя з пяці вежачак з цыбулепадобным завяршэннем, вежа пераўтворана ў званіцу з шатровым дахам, фасады былі апрацаваны элементамі псеўдарускага стылю: какошнікамі, броўкамі, парэбрыкам і г.д.


Неагатычная рэканструкцыя


З пераходам улады ў Заходняй Беларусі і Горрдні да палякаў, касцёл быў вернуты каталікам і перададзены пад гарнізонны храм. Даволі хутка адбылася рэканструкцыя, ў выніку якой быў адноўлены высокі спічасты дах, вежа была завершана сціплым шатровым завяршэннем.


Знішчэнне


Пасля Другой сусветнай вайны пашкоджаны і занядбаны касцёл прастаяў да 29 лістапада 1961 року, калі ноччу быў узарваны спецыяльным атрадам сапёраў.


Літаратура:


• Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т.В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
• Страчаная спадчына / Т.В. Габрусь, А.М. Кулагін, Ю.У. Чантурыя, М.А. Ткачоў: Уклад. Т.В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003.— 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
• Кулагін А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А.М. Кулагін; маст. І.І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
• Краязнаўчы альманах "Горад святога Губерта". Выпуск першы. Гісторыя Гародні ХХ ст. у вусных успамінах / Пад рэд. А. Смаленчука — Сейны: Fundacja "Pogranicze", 2002. — 96 с.

 


Касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа


Касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа — рыма-каталіцкі храм у цэнтральнай частцы Горадні.


Гісторыя


Аздобленьне інтэр’еру ў большасьці выканана мастаком Антоніем Грушэцкім[1]. У 1788 року мастакі А. Грушэцкі і Ф. Міхалкевіч дапоўнілі аздобу інтэр’еру касьцёлу манумэнтальным жывапісам: пляфоны з фрэскавай размалёўкай, выявы 12 апосталаў (на паўднёвай сьцяне) і 12 дзеячаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (на паўночнай сьцяне) у аркатурных фрызах цэнтральнага нэфа. Руцэ А. Грушэцкага належаць фрэскавыя выявы Ўзьнясеньня Дзевы Марыі над аркаю празьбітэрыя (алтарная частка), а таксама арнамэнты на скляпеньнях алтару, бальконе хору, аркадах між нэфамі касьцёлу. Разам са сваім памочнікам Міхалкевічам, абнавілі герб ахвярнікаў і фігуры бэрнардынскіх сьвятых у "сьляпых" аркадах. Праўда большая частка работ Грушэцкага і Міхалкевіча трапіла пад "савецкую рэстаўрацыю", і сёньня яны выглядаюць ня так, як першапачаткова.


Крыніцы:


1). http://www.radzima.org/ru/pub/1490_p


Касцёл Адшукання Святога Крыжа і кляштар бернардынаў


Касцёл Адшукання Святога Крыжа — рымска-каталіцкі храм у цэнтральнай частцы Горадні. Пасля разбурэння савецкімі ўладамі Фары Вітаўта, Пабернардзінскі касцёл з’яўляецца самым старэйшым каталіцкім храмам у Горадні.


Гісторыя


У першапачатковым выглядзе касцёл бернардынаў узнік у 1595–1600 рр. Ён, хутчэй за ўсё, быў трохарачны з калонамі. Да 1618 року касцёл пашыраўся. Замест аднанефнага, была ўзведзенна трохнефавая чатырохарачная базіліка, ад старога будынка захаваўся толькі гатычны прэзбітэрый. Касцёл быў кансекраваны віленскім біскупам Яўстахіям Валовічам 13 траўня 1618 року, аб гэтым сведчыць умураваная ў другую паўночную калону мармуровая шыльда.

У 1660-х роках пры касцёле існавала Ларэтанскае брацтва. Гэта пацвярджае "Індульгенцыя Папы Аляксандра VII для членаў брацтва Ларэтанскага дома Божай Маці пры гродзенскім бернардынскім кляштары", што была выдана ў 1666 р. Брацтва павінна было мець сваё месца ў касцёле, дзе стаяў алтар з фігурай Ларэтанскай Божай Маці. Гэта была невялічкая капліца, дабудаваная з боку паўночнага нефа. Да нашых часоў захаваліся дзверы, што вядуць да яе.

У 1679 року віленскі ваявода Міхал Пац атрымаў згоду на пабудову драўлянага палаца на манастрыскіх землях, але ўзамен быў абавязаны пабудаваць перад фасадам касцёла Ларэтанскі домік. У 1682 року Пац Міхал памер і будаўнічыя работы спыніліся. Цагельню і землі бернардынам перадаў брат Міхала Казімір, у той час біскуп віленскі. У 1682 г. пачалася чарговая перабудова касцёла: касцел быў пашыраны да пяці арак за кошт новы фасаду па лініі заходняга муру, але ж Ларэт пакінулі недабудаваным. У 1683 годзе да новай аркі касцёла прысунулі музычныя хоры і дзве вяршынныя капліцы. Будаўніцтва новага фасада скончылася ў 1686 годзе, магчыма ў той жа час пабудавана і вежа. У нішах новага фасада размяшчаліся скульптуры Св. Алены, Св. Антонія і Св. Бернардзіна.

У 1683 року была створана капліца святой Барбары, а ў 1686 року Папай Інакенціям XI было створана брацтва ў гонар святой пры касцёле бернардзінцаў. Капліца, што размяшчалася насупраць, насіла імя Св. Казіміра. Абедзве яны знаходзяцца ў апошняй арцы касцёла.

У 1680 року створаны новы вялікі алтар, дзе абраз Божай Маці быў заменены на распяцце, што больш адпавядала назве касцёла.

На сродкі Марыны Длускай быў зроблены бакавы алтар, прысвечаны Св. Антонію, у 1680-1683 рр. былі выкананы стэлы, аздобленыя скульптурнымі сцэнамі з жыцця святога. На другі бакавы алтар, прысвечаны Чанстахоўскай Божай Маці, ахвяраваў Вількоўскі. У 1687 року на пазалоту вялікага алтара і стэлы выдаткаваў гвардыян Гладавіцкі. А ў 1694 року ў касцёл прыбылі абразы з Вільні і алтары Святых Францішка і Ганны.

У 1730-я гады была адрэстаўравана вежа, а ў 1760 року узнік на ахвяраванні Адама Ленкевіча алтар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Найкаштоўнейшыя элементы інтэр’ера з’явіліся як раз у XVIII ст.

Пасля вялікіх пажараў у 1753 року ў Горадні была знішчана частка кляштара і вежы, канструкцыя якой была парушана агнём. Пасля адбудовы, вежа вырасла на два яруса, а знішчаныя агнем званы былі заменены на новыя. Ад чарговага пажара ў 1782 року пацярпеў інтэр’ер. Пасля заканчэння рамонту ў 1788 року ў касцёле з’явіліся 12 новых алтароў у стылі класіцызм, скродкі на якія ахвяраваў Чэрэнькевіч. Уверсе алтароў знаходзяцца стацыі Крыжовага шляху, а дзве — вісяць асобна на сценах касцёла. Пасля 1788 року капліцу Св. Барбары замянілі на Ларэтанскую. Касцёл атрымаў новыя фрэскі.

14 снежня 1795 року Горадня была захопленая маскалёўскімі войскамі. 14 красавіка 1853 року быў ліквідаваны канвент бернардзінаў у Горадні. На той момант у кляштары жыло ўсяго 8 манахаў. У 1858 г. кляштар быў перададзены мескім уладам і там была размешчаная сядзіба царскага войска. Касцёл атрымаў статус парафіяльнай святыні. У пачатку ХХ ст. касцёл быў грунтоўна рэстаўраваны. Падчас Другой сусветнай вайны пабернардзінскі комплекс часткова згарэў. 22 чэрвеня 1941 року бомба з нямецкага самалёта ўпала на габрэйскія нафтасховішчы ля касцёла. З-за выбуху былі выбіты вокны, згарэў дах касцёла, кляштара і вежы. Пад грузамі зніклі цудоўныя XVIII стагоддзя арганы і тры старыя алтары з капліцы Св. Казіміра. Аднаўленчыя працы пачаліся хутка і ўжо ў 1946 року святыня атрымала свой першапачатковы выгляд. У капліцы Св. Казіміра быў пабудаваны алтар Сэрца Ісуса.

З 1 верасня 1990 року кляштар займае Вышэйшая духоўная семінарыя. У 1995 року быў распачаты рамонт касцёла, арганізаваны ксяндзом-пралатам Антоніем Ханько. У 2009 року была адноўленая і пафарбаваная вежа.


Дойлідства


Касцёл уяўляе сабой трохнефную шасціслуповую базіліку з вялікай паўцыркульнай апсідай і дзвюма сакрысціямі. У аснову пабудовы храма пакладзена кампазіцыя рымскага езуіцкага касцёла Іль Джэзу. Цэнтральны неф накрыты двухсхільным, бакавыя — аднасхільнымі дахамі. У дойлідстве касцёла спалучаюцца стылявыя элементы готыкі, рэнесансу і барока. Галоўны фасад дэкарыраваны развітым антаблементам, пілястрамі карынфскага ордара, арачнымі нішамі і завершаны трохкутным франтонам. Сцены бакавых фасадаў члянёны пілястрамі і спаранымі арачнымі вокнамі.


Інтэр’ер


Цэнтральны неф аддзелены ад бакавых шасцю апорнымі слупамі. Нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У 1788 року аздоба інтэр’ера дапоўнена жывапісам, разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на папружных арках, распісаных у тэхніцы грызайль. Плафон з фрэскавымі кампазіцыямі. У нішах аркатурнага пояса на паўднёвай сцяне цэнтральнага нефа выявы 12 апосталаў, на паўночнай — 12 дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Кампазіцыя "Ушэсце Хрыста" размешчана на тымпане арачнага перакрыцця цэнтральнага нефа. Каля паўночнага нефа амбон у стылі класіцызму, дэкарыраваны лісцем аканта і чатырма авальнымі медальёнамі з выявамі евангелістаў. Дзверы і сцены прытвора выкананы з ажурнага каванага металу. Над прытворам хоры з арганам, дэкарыраваным разбой па дрэве. У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў выкарыстаныя элементы карынфскага ордара, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую мастацкую каштоўнасць маюць скульптурныя і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы, выкананыя ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны галоўны алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам.

Аздабленне ў большасці выканана мастакамі Антоніем Грушэцкім і П. Міхалкевіч.[1].


Кляштарны корпус


Жылы корпус далучаны да паўднёвай сцяны касцёла. Двухпавярховы аб’ём у плане складанай канфігурацыі. Сцены члянёны прастакутнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Усходняе і паўднёвае крылы вылучаны буйнымі рызалітамі з трохкутнымі шчытамі. Завершаны двухсхільным чарапічным дахам. Планіроўка галерэйная.


Званіца


Вежа-званіца прымыкае да галоўнага фасада касцёла з паўднёвага боку. Мае самастойны ўваход і звязаная з касцёлам і жылым корпусам. Два верхнія ярусы званіцы перабудаваныя ў 1788 р. у стылі позняга барока. Маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт. У іх пластычным афармленні выкарыстаныя выгнутыя паверхні сцен, рэльефныя чляненні, кутыя калонкі і валюты. Вежа завершаная фігурнай галоўкай са шпілем.

 


Касьцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў

 

Касьцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у занёманскай частцы Горадні.

Фундатары кляштару — Яўстах Курч і ягоная жонка Сузанна з Тышкевічаў.


Дойлідства — віленскае барока.

 

 

Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак

 

Касьцёл Зьвестав`аньня Найсьвяц`ейшай П`анны Мар`ыі і кл`яштар брыг`ітак[1] ці Касьцёл Дабрав`ешчаньня Найсьвяц`ейшай Дз`евы Мар`ыі і кл`яштар брыг`ітак[2] — помнік дойлідства раньняга барока, (так званага любельскага тыпу рэнэсанснага касьцёла[3]) з элемэнтамі готыкі і рэнэсансу[4] быў пабудаваны ў 1634—1642 роках на вуліцы Язерскай[a] (пазьней вул. Скідзельская, Купецкая, Брыгіцкая), забудова якой на той час была драўлянай[5].

Ансамбль зьяўляецца адной з дамінантаў гораду. Разьмешчаны ў гістарычным цэнтры Горадні па адрасе: Вуліца Карла Маркса, 27. Ансамбль былога кляштару брыгітак уключае ў сябе касьцёл, жылы корпус, драўляны лямус і каменную агароджу з брамай. Ансамбль зьяўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі.

У дойлідскіх дэталях брыгіцкага касьцёла і кляштару бачнае прыметнае адхіленьне ад клясычных барочных формаў. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэляў пілястраў карынцкага ордэну, у дэкаратыўным аздабленьні парталаў і асабліва — у дойлідскіх матывах брамаў, якія ўжо толькі аддалена нагадваюць формы заходнеэўрапейскага дойлідства[6].

На думку дасьледчыкаў, касьцёл брыгітак зьяўляецца адным з найбольш раньніх аўтэнтычных узораў барочнага двухвежавага фасаду ў сакральным дойлідзтве Беларусі, а спалучэньне ў ім рэнэсансных і барочных рысаў надае яму адметнасьць[7].

У двары комплексу захаваўся ўнікальны і самы старажытны драўляны будынак Беларусі — лямус, у дойлідстве і канструкцыях гэтай пабудовы нашлі сваё адлюстраваньне традыцыі беларускага народнага дойлідзтва[8].

Ансамбль прадстаўляе вялікую дойлідскую цікавасьць, таму што захаваўся да нашых дзён амаль безь перабудоваў.


Сьвятая Брыгіта і ордэн брыгітак


Назва "брыгіткі" паходзіць ад імя дачкі швэдзкага князя Біргера Пэрсана — Брыгіты (у швэдзкай транскрыпцыі Біргіта). Нарадзілася Брыгіта каля 1303 року. Ва ўзросьце 13 гадоў супраць волі была выдадзена замуж за рыцара Ульфа Гудмарсана, ад якога мела 8 дзяцей. Паводле паданьняў была набожнай і на працягу жыцьця надыктоўвала духоўнікам думкі, якія пасьля сьмерці былі складзеныя ў асобны твор, які ў 1492 року быў выдадзены пад назвай "Адкрыцьцё Сьвятой Брыгіты".

Твор "Адкрыцьцё Сьвятой Брыгіты" можна характарызаваць ня толькі як апавяданьне пра трансцэндныя перажываньні, але прыпавесьць. Мроі Брыгіты зьяўляюцца па сутнасьці алегорыямі, паэтычнымі фігурамі, уласьцівымі жанру Адкрыцьця. Каталіцкая царква хоць і прызнала "Адкрыцьцё" карысным для навучаньня вернікаў, але не прызнала яго праўдзіва дагматычным[3].

У 1346 року пасьля сьмерці мужа Брыгіта заснавала ордэн Збаўцы ў мястэчку Вадстэна ў Паўднёвай Швэцыі, які пасьля стаў называцца брыгіцкім. У 1349 року ордэн зацьверджаны Папам Рымскім. Паводле статуту ордэну, які напісала сама Брыгіта, асноўнаю мэтаю ордэну было пашырэньне культу пакутаў Хрыста і культу Маці Боскай. Статут новага ордэну ня быў вельмі суровым і набліжаўся да статута Сьвятога Аўгустына. Наадварот, суровым было стаўленьне да разьвітаньня са сьветам праз сталы напамін пра сьмерць. Таму перад уваходам на хоры ў касьцёлах брыгітак стаялі катафалкі, а абатысы штодзённа праводзілі манашак на мясцовыя могілкі. Само заснаваньне ордэну лічылася праявай культу Панны Марыі. У статуце было закладзенае імкненьне адпавядаць дуалізму чалавецтва — пажадана было ў кожным горадзе засноўваць парныя кляштары — жаночы і мужчынскі. Але найчасьцей кляштары ўзьнікалі толькі жаночыя, так сталася й на Беларусі[3].

Ордэн атрымаў пашырэньне ў паўночнай Эўропе. Нягледзячы на тое, што некалькі кляштараў брыгітак мелася ў Францыі і Італіі, у асноўным ордэн пашырыўся ў Швэцыі, Ангельшчыне і Паўночнай Нямеччыне. Але зь перамогай Рэфармацыі ў вышэйазначаных краінах, маёмасьць ордэну была канфіскаваная, а кляштары распушчаныя. Ордэну быў нанесены моцны ўдар, ад якога ён так і не аправіўся, таму брыгіцкія кляштары былі даволі рэдкімі і малавядомымі.

На Беларусі існавалі толькі два кляштары брыгітак: у Горадні і ў Берасьці. Аднак кляштар зь Берасьця быў перанесены ў Луцак і зьвестак пра яго амаль не захавалася. Таму адзіны кляштар брыгітак на Беларусі захаваўся толькі ў Горадні[9].


Гісторыя касьцёла і кляштару брыгітак

У часы Рэчы Паспалітай


Заснавальнікамі кляштара брыгітак лічыцца надворны маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштап Весялоўскі і ягоная жонка Аляксандра Марыяна з роду Сабескіх, якія ў 1634 року запрасілі ў Горадню ордэн брыгітак і падаравалі яму некалькі зямельных участкаў у самім горадзе і фальваркі ў Гарадзенскім і Ваўкавыскім паветах[5]. Магчымым вынікам такога рашэньня магла быць сьмерць жонкі і прыёмнае дачкі Грызэльды. Дзякуючы фундацыі Весялоўскага ў 1636 року быў пастаўлены спачатку драўляны, а потым у 1642 року і мураваны будынак касьцёла паводле праекту італьянскага архітэктара Бэнэдэта Молі ў стылі раньняга барока[5][10]. Зь Любліну ў 1634 року прыбылі ў Горадню і пасяліліся напачатку ў драўляным лямусе, які быў пабудаваны ў тым жа годзе[5], першыя 8 сясьцёр-брыгітак на чале з Даротай Фірлей[10]. Ужо 6 сьнежня 1636 року адбылася сьвяточная інтрадыкцыя васьмі сясьцёр-брыгітак. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Горадні захоўваецца "Рэестар маёмасьці кляштару брыгітак" 1636 року, у якім пералічаныя званы, літургічныя шаты, палатно, посуд, скрыні і зялёная шафа[11]. У студзені 1637 року ў касьцёл быў перавезены зь Вільні прах Грызэльды, а ў красавіку тут пахавалі Крыштапа Весялоўскага. Кароль Уладзіслаў Ваза выдаў кляштару прывілеі ў 1638 і 1643 роках[12].

У 1646 року мастак Яган Шрэтэр стварыў для касьцёла алтарныя карціны: "Дабравешчаньне", "Сьвятая Брыгіта", "Сьвятая Ганна", "Беззаганнае зачацьце Панны Марыі" і іншыя[13].

19 кастрычніка 1651 року храм быў асьвечаны віленскім біскупам Юрыем Тышкевічам і атрымаў назву Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[10]. Касьцёл меў сем алтароў, галоўны называўся — Зьвеставаньня[14], назвы іншых былі: Сьвятога Аўгустына, Сьвятога Язэпа, Сьвятой Брыгіты, Сьвятой Ганны, Сьвятога Казімера, Сьвятой Катарыны Швэдзкай. А таксама ў касьцёле захоўваліся рэліквіі Сьвятога Клімэнта, які лічыўся заступнікам Горадні, сапраўднасьць рэліквіі пацьвярджалі дакумэнты Рымскай курыі (1768 р.) і віленскага біскупа (1780 р.)[15].

Першай ігуменьняй у 1640 року была люблінская ваяводзіна Ганна Сабеская, родная сястра Аляксандры Весялоўскай. Пры ёй кляштару былі адпісаныя мястэчка Крамяніца, фальваркі Князева, Мартынаўшчына, Вузлаўцы, Шылавічы, Задвор’е, Рагозьніца, вылучаныя грошы на шпіталь[10].

Кляштар значна пацярпеў падчас швэдзкай акупацыі Горадні ў час вайна Расеі з Рэччу Паспалітай, калі манахіні былі вымушаныя пакінуць Горадню і тры гады жыць у Гданьску, пакуль кляштар ня быў адноўлены[16].

Паводле Статуту і практыкі брыгіцкага ордэну, у кляштар прымалі дзяўчат са шляхецкіх і магнацкіх сем’яў, звычайна іх колькасьць была каля 20—30 чалавек, а максымальная іх колькасьць была 40. Так, у 1745 року іх колькасьць была 31. Духоўнікамі гарадзенскіх брыгітак былі ксяндзы-бэрнардыны. Аднак у 1752 року брыгіткі адмовіліся ад паслуг бэрнардынаў праз тое, што іх правінцыял Мадэст Унароўскі зьмяніў духоўніка бяз згоды манашак. Некаторы час духоўнікамі брыгітак былі дамініканцы, кармэліты, езуіты. З 1759 року брыгіткі зноў вярнуліся да паслуг бэрнардынаў. З канца XVIII стагодзьдзя ў кляштары выхоўваліся дзяўчынкі-сіраты са шляхецкіх сем’яў[17].

Галоўнымі храмавымі сьвятамі былі Зьвеставаньне Панны Марыі, сьвятых Катарыны, Клімэнта, Аўгустына і Брыгіты, апостала Пятра.

У 1684 року ў Вільні для манашак спэцыяльна быў выпушчаны малітоўнік "Breviarium monialum" (спэцыяльны дапаможнік з малітвамі і апісаньнем правядзеньня багаслужэньня). Займаліся манашкі і гаспадарчай працай, выраблялі прадукты для жыхароў Горадні і навакольля. Кожны год у Караляўцы з маёнткаў, якія належалі кляштару, водным шляхам адпраўлялася збожжа, назад везлася соль, жалеза, посуд, духмяныя карані. Таксама кляштар брыгітак быў вядомы для жыхароў Горадні і навакольля вытворчасьцю воску[18].


У складзе Расейскай імпэрыі


Пасьля пажару 1827 року ў комплексе праводзіліся рамонтныя работы, дабудоўваецца яшчэ адна частка кляштару з боку касьцёла, якая замкнула кляштарны будынак і касьцёл, утварыўшы прамавугольны ўнутраны падворак[11].

У 1842 року маскалёўскія ўлады выдалі загад аб касацыі кляштару ордэну Сьвятой Брыгіты ў Горадні. Самім сёстрам аднак дазволілі заставацца ў старых мурах да канца іх жыцьця. Акрамя таго, у кляштары пасялілі манашак з зачыненых кляштараў: бэнэдыктынак зь Нясьвіжу, брыгітак з Луцку і дамініканак з Наваградку[10][19].

У XIX стагодзьдзі царскія ўлады выкарыстоўвалі брыгіцкі кляштар як турму (гэтак жа як і езуіцкі). Сюды ў 1827 року зьмясьцілі паводле рашэньня суда Карнэлію і Ксавэрыю Рукевіч, удзельніц руху дзекабрыстаў і сясьцёр вядомага філямата і сябра таварыства "Ваенныя сябры" Міхала Рукевіча (1794—1841 рр.). Паводле царскага прысуду "сясьцёр шляхціца Рукевіча Ксавэрыю і Карнэлію замест вызначанай ім Яго Высокасьцю кары трымаць у кляштары: Ксавэрыю — адзін год, Карнэлію — шэсьць месяцаў". Сёстры правялі ў кляштары брыгітак тэрміны: Ксавэрыя — з 22 траўня 1827 па 3 чэрвеня 1828 року, Карнэлія — з 22 траўня па пачатак сьнежня 1827 року[20].

За ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага 1863 року маскалёўскія ўлады наклалі кантрыбуцыю на рымска-каталіцкае сьвятарства. Гарадзенскі брыгіцкі кляштар, як кляштар першай катэгорыі, павінен быў унесьці ў казну 553 рублі, што зьяўлялася вялікай сумай[11]. Касьцёл і кляштар ацалелі падчас пажару 1885 году, хоць была пашкоджаная пажарам званіца, аплавіліся званы і нават згарэлі знадворныя дзьверы касьцёла. У 1891 року ў кляштары засталося 5 манашак, а ў 1907 року ўсяго 2 састарэлыя сястры (і яшчэ дзьве так званыя "асьпіранткі"), для апекі над якімі архібіскуп віленскі Эдуард Роп дамогся ад уладаў прыняцьця кандыдатак. Апошняй зь сясьцёр-брыгітак была Элеанора Скжэндзеўская[21].

У 1908 року кляштар перададзены пад апеку ордэну Сьвятой сям’і з Назарэту. Першай абатысай кляштара назарэтанак у Горадні стала маці Паўла. У верасьні 1908 року маці Паўла (да гэтага даволі вядомая мастачка Марыя Гажыч, якая прадала свой маёнтак Тапаляны і ўсе атрыманыя грошы прызначыла на рэканструкцыю касьцёла і кляштару брыгітак; пасьля сьмерці пахаваная на старых каталіцкіх могілках на вуліцы Антонава)[22], атрымала ад уладаў пацьвярджэньне становішча ігуменьні брыгітак. Разам зь ёй прыехалі ў Горадню яшчэ дзьве сястры, а пазьней яшчэ тры[23]. З 1909 року пробашчам пры кляштары быў Францішак Грынкевіч (1884—1933 рр.) — беларускі рэлігійны і культурны дзяяч. У той жа год у касьцёле адбываецца першая так званая "чэрвеньская служба".


XX стагодзьдзе і наш час


Падчас нямецкай акупацыі сёстры адкрылі першую ў Горадні польскую гімназію, і да пачатку другой Сусьветнай вайны ў будынках кляштару знаходзілася школа назарэтанак[10], у якой вучылася 200 дзяцей. У 1935 року ўлады места разглядалі пытаньне аб выдзяленьні сродкаў на рэстаўрацыю будынка кляштару[24].

Падчас Другой Сусьветнай вайны сёстры-назарэтанкі былі дэпартаваныя ў Старабельск (Варашылаўградзкая вобласьць)[25].

25 сакавіка 1950 року рашэньнем гарвыканкаму касьцёл быў зачынены, а кляштар выкарыстоўваўся спачатку як дзіцячы садок, а пасьля як псыхіятрычная лячэбніца і іншыя мэдычныя ўстановы. У 1961 року дасьледніцай дойлідства Аленай Квітніцкай у падвалах касьцёла быў знойдзены архіў кляштара, мастацтвазнаўцай Аленай Аладавай — партрэты Крыштапа і Аляксандры Весялоўскіх, Грызэльды Вадынскай. Яны былі адрэстаўраваныя ў Дзяржаўным Расейскім музэі і дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь ў Менску. У 1970—1980 роках у касьцёле вяліся рэстаўрацыйныя працы, з прычыны добрай акустыкі памяшканьня плянавалася выкарыстоўваць касьцёл пад канцэртную залю[10].

У 1990 року храм перададзены каталіцкаму касьцёлу і 2 чэрвеня 1992 году асьвечаны архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам як касьцёл Зьвеставаньня Панны Марыі, а пасьля пабудовы новага будынка псыхіятрычнай лячэбніцы ў Горадні, будынак кляштару таксама перададзены вернікам.


Роля комплексу ў горадабудаўнічай забудове Горадні


XVII стагодзьдзе было для Горадні часам інтэнсіўнага будаўніцтва касьцёлаў і кляштараў. Да ўжо існаваўшых Фарнага касьцёла (не захаваўся), касьцёла Сьвятога Духа (не захаваўся) і Бэрнандынскага мужчынскага кляштару з касьцёлам дадаліся Бэрнандынскі жаночы (не захаваўся), Брыгіцкі, Езуіцкі, Дамініканскі (не захаваўся), Францішканскі, Кармэліцкі (не захаваўся), Баніфатэрскі (не захаваўся) кляштары і касьцёлы. Яны зьяўляліся апорнымі кропкамі ўсёй пляніроўкі гораду і адыгрывалі вырашальную ролю ў будове ягонай пляніровачнай структуры і ўсяго архітэктурнага вобліку гораду.

Сыстэма разьмяшчэньня кляштараў была такой, што яны займалі ўсе важныя стратэгічныя кропкі на подступах да гарадзкога цэнтру і стаялі на галоўных магістралях. Апроч абарончай ролі, будаўнікі кляштараў улічвалі і ансамбль вулічнага дойлідства, плошчаў і гораду ў цэлым. Касьцёлы разьмяшчаліся так, што пры руху ў цэнтар места іх памеры павялічваліся, дзякуючы чаму стваралася паступовае нарошчваньне моцы дойлідскага ўзьдзеяньня[26].

Для пабудовы комплексу касьцёла і кляштару брыгітак спатрэбіўся даволі вялікі кавалак зямлі. Патрэбная тэрыторыя знайшлася ў самым канцы вуліцы Язерскай (сучасная Карла Маркса), на рагу вуліцы Наваікаўскай (сучасная вуліца Моладзевая). Нягледзячы на тое, што плошча кавалку была даволі вялікай, знайшліся акалічнасьці, якія вымусілі праектоўніка адступіць ад канонаў будаўніцтва.

Замест кананічнага трохнэфавага храму невядомы дойлід паставіў аднанэфавы касьцёл алтаром на ўсход, а бакавым фасадам да вуліцы Язерскай. Галоўны заходні фасад быў выкананы як манумэнтальная трохчасткавая кампазыцыя, акцэнтаваная па вэртыкалі. Пры гэтым касьцёл замыкаў пэрспэктыву вуліцы Наваікаўскай, якая ў тым месцы рабіла выгіб. Замест двух будынкаў для манахаў і манашак, якія па статуту ордэну павінны прымыкаць да храму з поўдня і поўначы, тут быў арганізаваны адзін разьвіты двухпавярховы кляштар з замкнутым нутраным дворыкам. Паколькі кляштар разьмяшчаўся з паўднёвага боку касьцёла, зьявілася магчымасьць прысунуць касьцёл бліжэй да вуліцы Язерскай, каб храм лепш успрымаўся ў пэрспэктыве. Аднак ён усё ж не выходзіў на лінію забудовы вуліцы, таму што тэрыторыя комплексу была абнесена мурам з каменнымі вежамі па кутах. Высокі мур закрываў ніжні ярус касьцёла, і пры гэтым выглядаў як яго моцны п’едэстал. З-за агароджы да неба рытмічна цягнуўся шэраг вузкіх аконных праёмаў і тонкіх пілястраў. Высокая і гладкая абарончая сьцяна з плястычнымі акцэнтамі надавала касьцёлу яшчэ больш велічнасьці[4].

Як і іншыя дойлідскія дамінанты, комплекс кляштару брыгітак добра суадносіўся ня толькі з прылеглай забудовай, але і з усім местам. На былой вуліцы Язерскай стаялі два кляштары — Езуіцкі і Брыгіцкі. На плошчы гэты напрамак замыкаўся Фарным касьцёлам. Усе касьцёлы былі арыентаваныя ўздоўж вуліцы і былі нібы выцягнутыя ў кільватэрную лінію ў напрамку да замкаў[27]. Дзьве дойлідскія дамінанты на адной вуліцы фармавалі комплекс зь лякальнай восьсю, які падкрэсьліваў напрамак да гарадзкога цэнтру[28].


Дойлідства касьцёла


Касьцёл — помнік дойлідства раньняга барока. Разьмешчаны ў паўночнай частцы комплексу. Зрух усяго манастырскага комплексу да паўночна-заходняга кута плошчы быў прадыктаваны як абарончымі разьлікамі (такім чынам ажыцьцяўляўся кантроль важнага раздарожжа на подступах да гарадзкога цэнтру), таксама ўлічвалася і ансамблевая пабудова вуліцы. У пляне комплексу касьцёл арганічна зьвязаны з кляштарам і ўтварае зь ім адзінае цэлае[29].


Экстэр’ер


Касьцёл уяўляе сабой аднанэфавы дзьвюхвежавы храм з паўцыркульнай апсыдай накрыты агульным высокім чарапічным дахам. Фасады разьдзеленыя паўцыркульнымі высокімі аконнымі праёмамі і крапаваныя ў прасьценках карынцкімі пілястрамі, аб’яднаныя агульным антаблемэнтам. Асаблівую цікавасьць уяўляе сьцяна галоўнага фасаду, вырашаная па-барочнаму пышна, яна больш шырокая за нэф, таму што арганічна ўключае ў сабе бакавыя вежачкі, дэкаратыўна аздобленыя куты збудаваньня[30]. Франтальны фасад храму вырашаны плазаватасьцю, якая ў складаным рытме крапуецца карынцкімі пілястрамі, трыма ярусамі, прафіляванымі антаблемэнтамі, арачнымі праёмамі і нішамі для скульптуры. На ўзроўні карнізу нэфа галоўны фасад падзелены магутным двух’ярусным антаблемэнтам, ніжні фрыз якога аздоблены расьлінным арнамэнтам у тэхніцы зграфіта (рэнэсансны элемэнт), верхні фрыз у цэнтры ўпрыгожаны сэгмэнтным франтонам з дынамічным скульптурным рэльефам (барочны элемэнт). Фасад завяршае тарча з трохкутным франтонам, які бакавымі вітымі валютамі аб’ядноўваецца з чатырохграннымі ярусамі бакавых вежаў з партатыўнымі сыгнатуркамі. Роўная вышыня вежаў і франтонаў надае фасаду тэктанічную цэласнасьць і завершанасьць[31]. На асноўным заходнім фасадзе можна вылучыць кампазыцыйныя прыёмы, якія адрозьніваюць яго ад іншых гарадзенскіх касьцёлаў, у першую чаргу Бэрнандынскага і Езуіцкага. Так, трохкутнае разьмяшчэньне нішаў атрымала ў брыгіцкім касьцёле адваротную пабудову. Аснова трохкутніка зьмясьцілася ўгору, а вяршыня данізу. Такім парадкам, уся кампазыцыя атрымала большую дынамічнасьць і вастрыню[32].

Дэкор фасаднага фрызу выкананы ў тэхніцы зграфіты (расьлінны арнамэнт у спалучэньні з выявамі міталягічных істотаў). Ужываньне фантастычных алегорыяў, гратэску, наданьне натуральным формам штучных дэфармацыяў гавораць пра значны ўплыў маньерызму — вапняковыя парталы брыгіцкага касьцёла маюць элемэнты арнамэнтаў у форме акантоўкі, фантастычных грыфонаў і расьлінаў. Бадай самай адметнай рысаю касьцёла зьяўляецца зграфітавы фрыз: на ўсім фасадзе цягнецца арнамэнты пас, утвораны выскрэбваньнем верхняй белай тынкоўкі, пад якой знаходзіцца амаль чорная (у вапну дадаваўся драўнінны вугаль). Такім чынам атрымліваліся даволі яскравыя і рэльефныя выявы анёлаў, цмокаў, расьлінаў — на чорным тле. Зграфітавы фрыз касьцёла быў створаны на завяршальным этапе аздабленьня касьцёла (1643—1645 рр.). Паколькі зграфіта зьяўляецца тыповай рэнэсанснай тэхнікай, то з разьвіцьцём барока зграфіту затынкавалі. У 1980-я рокі пад час дасьледаваньняў дойлідства касьцёла былі знойдзеныя парэшткі зграфіты. Фрыз цалкам рэстаўравалі[33].

На бакавых фасадах паўцыркулярныя вокны[34]. Цэнтральны і бакавы ўваходы ў касьцёл абрамленыя парталамі. Усе элемэнты добра зьвязаныя паміж сабой і складаюць адзінае цэлае[35].


Інтэр’ер


Ва ўнутраным аздабленьні брыгіцкага касьцёла вылучаецца з аднаго боку большая прастата і стрыманасьць у адрозьненьне ад іншых гарадзенскіх касьцёлаў, з другога боку — тонкае хараство дэкаратыўнага ўбраньня[36].

Будынак мае аднанэфавую структуру з паўкруглым алтарным завяршэньнем, якое ўпісваецца ў агульны прастакутны плян. Унутры нэф перакрыты цыліндрычным скляпеньнем даволі значнага пралёту з распарубкамі без падпружных арак. Адзіная падпружная арка на моцна высунутых пілёнах аддзяляе алтарную частку, перакрытую конхавым скляпеньнем з чатырма радыяльнымі распарубкамі. Ва ўваходнай частцы (адпаведна кроку капітальнай сьцяны кляштару) вылучаны ніжні неканструкцыйны нартэкс.[37]

Заля храма перакрытая цыліндрычным скляпеньнем, умацаваным падпружнымі аркамі і прарэзаным над вокнамі распалубкамі. Паўцыркулярная апсыда аддзеленая ад залі бакавымі пілёнамі і перакінутай паміж імі аркай, мае аднолькавую з нэфам вышыню. Над уваходам — узьнятая на два гранёныя слупы і патроеную аркаду шырокая галерэя хораў, якая злучаная з кансольным бакавым бальконам зь вітой лесьвіцай. Дойлідская плястыка інтэр’еру, як і фасаду храма, заснаваная на крапоўцы сьценаў пілястрамі стылізаванага карынцкага ордару. Такім чынам, тут готыка-рэнэсансны элемэнт падаецца ў новай барочнай трактоўцы[38]. Па бакавых нэфах і пад хорамі разьмешчана 14 барэльефных сюжэтна-скульптурных пано на тэму Крыжовага шляху Хрыста. У глыбокай арачнай нішы бакавой сьцяны разьмешчаная скульптурная кампазыцыя "Хрыстос, які пакутуе і Марыя". Цікавай асаблівасьцю інтэр’еру брыгіцкага касьцёла зьяўляецца тое, што ў ім арган разьмяшчаецца не на хорах, а на гаўбцы з правага боку сьцяны[39].

У касьцёле захоўваліся рэліквіі Сьвятога Клімэнта — заступніка места[40]. Багаты ўнутраны строй касьцёла складаўся зь велізарных скульптурных кампазыцыяў і больш чым за 40 абразоў. Алтарныя выявы для яго пісаў вядомы віленскі мастак Яган Шрэтэр, а таксама мясцовыя мастакі: Гіляры Хаецкі, Францішак Лякшынскі, Якуб з Тыкоціну. Мастак-дамініканец Гіляры Хаецкі, які жыў у XVII стагодзьдзі, вядомы сваёй працай "Сьвятога сямейства", на якім, як лічыцца, намаляваная сям’я Весялоўскіх — фундатараў касьцёла. Зараз твор захоўваецца ў Гарадзенскім дзяржаўным музэі гісторыі рэлігіі.

Галоўны алтар касьцёла — драўляны, гэтак жа як і чатыры бакавых. Амвон выраблены накшталт тых, што ў віленскай капліцы Сьвятога Казімера. Арган быў выраблены вядомымі гданьскімі майстрамі. У 1964 року ў скрыптах касьцёла была знойдзеная вялікая колькасьць абразоў і малюнкаў (у тым ліку і заснавальнікаў кляштару) якія пасьля рэстаўрацыі ў Эрмітажы ўпрыгожылі экспазыцыю Нацыянальнага мастацкага музэю ў Менску[41].


Дойлідства кляштару


У пляне комплексу кляштар арганічна зьвязаны з касьцёлам і ўтварае зь ім адзінае цэлае.

Дойлідства кляштарнага будынка, які знаходзіцца за сьцяной, простая і ляканічная. Двухпавярховы жылы корпус — помнік дойлідства барока, прастакутны ў пляне будынак з унутраным дворыкам, злучаны з паўночна-заходняй сьцяной касьцёла. Невялікія скляпеністыя памяшканьні традыцыйна аб’яднаныя нутранымі калідорамі-галерэямі па пэрымэтры замкнёнага прастакутнага двара. Фасады рытмічна падзелены маленькімі прастакутнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, аб’яднанымі шырокім карнізам. На паўночным фасадзе захаваўся партал, аздоблены мастацкай тынкоўкай. Па пэрымэтры будынка з боку двара праходзіць калідор з кельлямі. У паўднёва-ўсходнім вуглу кляштарнага комплексу стаіць асобная прыбудова, на першым паверсе якой была трапэзная, на другім — бібліятэка[40].

Забудова кляштару мае даволі добрую захаванасьць і да нашых дзён.


Драўляны лямус


Ва двары кляштару захавалася ўнікальная драўляная двухпавярховая пабудова гаспадарчага прызначэньня XVII стагодзьдзя  — лямус. Лямус уяўляе сабой двухпавярховы прастакутны ў пляне будынак з высокім вальмавым дахам (магчыма першапачаткова дах быў чарапічны). Лямус пабудаваны ў 1630-я рокі[b] на бутавым падмурку з масіўных драўляных брусаў без адзінага цьвіка. Усе канструктыўныя элемэнты зьвязаныя ўрубкамі і/ці драўлянымі клінамі. Галоўны паўночны фасад аформлены двух’яруснай арачнай галерэяй (падсенцамі) з балюстрадай на другім паверсе. Ніжнюю плоскасьць падкосаў і балак над імі складаюць суцэльныя паўцыркулярныя праёмы. Лямус спалучаў у сабе гаспадарчыя і жылыя якасьці. Першы паверх выкарыстоўваўся як складзкое памяшканьне, другі быў жылым. Пазьней пляніроўка была зьмененая[42].

Паводле дасьледваньняў В.І. Кудрашова, двухпавярховы лямус будаваўся спачатку як манаскі жылы дом, паводле дасьледваньняў гісторыка дойлідства У.А. Чантурыя, у якасьці жылога быў толькі другі паверх, першы выкарыстоўвалі як сховішча. Пасьля збудаваньня мураванага корпусу кляштару, другі паверх лямуса заняла абслуга[5]. На сёньняшні час лямус зьяўляецца адным з самых старых драўляных збудаваньняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі[43].

Да нашых дзён у Горадні захаваўся яшчэ адзін лямус XVIII стагодзьдзя (у адрозьненьне ад кляштару брыгітак — каменны), які разьмяшчаецца паміж тэатрам лялек і гарадзкім домам культуры Горадні[44].


Агароджа кляштару


Увесь кляштар быў абнесены вялізнымі каменнымі сьценамі, знутры быў разьбіты сад. У 1950-я рокі была разабраная ўся агароджа з паўднёвага боку разам зь дзьвюма зьнешнімі вежамі, брамай і часткай усходняй сьцяны.[45]

Будынкі кляштару адгароджаныя ад вуліцы глухімі каменнымі сьценамі вышынёй каля пяці мэтраў з квадратнымі ў пляне вежамі па вуглах. Агароджа ўяўляе сабой глухую цагляную тынкаваную сьцяну, па кутах якой стаялі невялікія шасьціграневыя вежы. Сьцяну праразалі чатыры брамы, аформленыя ў стылі барока (захавалася тры зь іх). У глухой сьцяне, якая ідзе ўздоўж Моладзевай вуліцы, на якую выходзяць галоўныя фасады касьцёла і кляштару, разьмяшчаюцца дзьве брамы, яшчэ адна брама разьмешчана ў бок вуліцы Язерскай (Карла Маркса). Брамы кляштару — адна з самых эфэктных частак комплексу. Найбольш манумэнтальная з брамаў разьмешчана перад цэнтральным уваходам у касьцёл і арганічна суадносіцца зь ім сваім ідэнтычным барочным дойлідскім рашэньнем.

На другім баку вуліцы Язерскай раней існавала званіца касьцёла брыгітак. За савецкім часам, у 1950-я яна была зьнесеная савецкімі ўладамі ў рамках праграмы барацьбы з рэлігіяй. Хутчэй за ўсё час пабудовы званіцы ў стылі клясыцызму прыходзіўся на канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзя і агульных рысаў з дойлідствам асноўнага комплексу будынкаў не існавала. Падмурак званіцы захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца ля дому №26 па вуліцы Маркса.


Комплекс на старых фотакартках


Фатаграфія зьявілася ў Горадні на пачатку 1870-х рокаў. Аднак аж да 20-х рокаў XX стагодзьдзя комплекс кляштару брыгітак не сустракаўся на старых фота, што было зьвязана зь пераважна варожымі адносінамі да каталіцкай царквы з боку ўладаў. Сытуацыя зьмянілася пасьля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. З гэтага часу былы касьцёл брыгітак, гэтаксама як і вуліца Купецкая-Брыгіцкая, стае папулярным аб’ектам для гарадзенскіх фатографаў.

Кампазыцыйным цэнтрам Купецкай вуліцы на старых фота часта служыў касьцёл Сьвятой Брыгіты. Ён быў адзіным буйным будынкам і зьмяшчаўся якраз пасярэдзіне кадра. Для выразных дзяленьняў вуліцы па глыбіні выкарыстоўваліся гаўбцы дамоў справа і вежы агароджы зьлева. Лёгкі прадольны выгіб вуліцы таксама садзейнічаў таму, што брыгіцкі касьцёл аказваўся кульмінацыйным цэнтрам выявы.

Калі чалавек праходзіў пару дзясяткаў мэтраў у бок цэнтру, на грэбні невялікага ўзвышша і ізноў у цэнтры кадра стаяў касьцёл Сьвятой Брыгіты. На другім баку з-за невысокіх збудаваньняў высунулася да восі вуліцы другая дойлідская вэртыкаль — званіца кляштару. Цікавая і роля гладкай агароджы кляштара, па кантрасьце супрацьпастаўленай плястычнай насычанасьці будынкаў другога боку вуліцы. У выніку вуліца як бы працісквалася паміж двума акцэнтамі.

Вядомы фатограф Ян Булгак зрабіў фота, прайшоўшы яшчэ далей у цэнтар. Галоўным зьвяном у відавай пэрспэктыве стала званіца брыгіцкага кляштару, якая як бы праходзіць праз вуліцу, падзяляючы яе па глыбіні[46].


Дзейнасьць суполкі. Набажэнствы

 

• Сьвятая Імша ў нядзелю і сьвяты — 12:00, 17:00 (кожную другую нядзелю на ангельскай мове) 19:00
• Сьвятая Імша ў будні — 7:30, 19:00 (травень, чэрвень, кастрычнік)
• Адпуст: 25 сакавіка, 23 ліпеня, першы панядзелак пасьля ўрачыстасьці Спасланьня Сьвятога Духу[47].


Комплекс касьцёла і кляштару брыгітак у мастацкай літаратуры


"У XVII—XVIII стст. магутна раскінула каменныя хвалі франтонаў і мачты сваіх званіц барока. Той, хто ня бачыў гродзенскага Фарнага, комплексу манастыра Брыгітак або Францісканскага касьцёла над Нёманам — уяўленьне таго ад нашага захаду заўсёды будзе ня поўным". — Уладзімер Караткевіч. "Зямля пад белымі крыламі"[48]


Заўвагі:


• Яна ж Азёрная, у крыніцах падаецца і як Язерская, і як Азёрная. Для папярэджаньня блытаніны тут і надалей выкарыстоўваецца Язерская.
• Паводле меркаваньня дасьледнікаў, лямус, як і большая частка драўляных збудаваньняў Горадні, быў моцна пашкоджаны пажарам у 1753 року.


Крыніцы:


1). catholic.by Гродна — рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскі касцёл)
2). А.М. Кулагін Каталіцкія храмы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2000. — С. 45.
3). а б в Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 96. — ISBN 985-11-0147-8.
4). а б Кишик Ю.Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 130. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1.
5). а б в г д Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
6). Чантурия В.А., Чантурия Ю.В. Памятники и памятные места Беларуси. — Смоленск: Русич, 2007. — С. 231. — 416 с. — ISBN 978-5-8138-0792-3.
7). Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 100. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X.
8). Чантурия В.А. Архитектурные памятники Гродно. — "Полымя". — Мн.: БелСЭ, 1983. — С. 11. — 31 с..
9). А. Марціновіч Горадна, Горадзен, Гродна. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 44. — 112 с. — ISBN 978-985-02-0921-4.
10). а б в г д е ё Кляштар на важнай магістралі
11). а б в Т.Р. Маліноўская, Н.А. Маліноўская-Франке Гродзенскі брыгіцкі кляштар і назарэтанкі (1790-я — 1930-я гг.)..
12). Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
13). Лугаваене А. Шрэтэр // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003. С. 466—467.
14). А. Марціновіч Горадна, Горадзен, Гродна. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 45. — 112 с. — ISBN 978-985-02-0921-4.
15). Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8.
16). Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
17). Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8
18). Гардзееў Ю. Рамантык эпохі Асьветніцтва: Антон Тызенгаўз. — Мн.: Тэхналёгія, 2008. — С. 36. — 67 с. — ISBN 978-985-458-171-2.
19). Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
20). Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швэд В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя эўрапейскага горада... — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 167...
21). Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
22). Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 225. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
23). Дом Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Паньне Марыі ў Горадні (са знойдзеных запісаў сястры назарэтанкі)
24). Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 225. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
25). Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8.
26). Кудряшов В.И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 44. — 127 с.
27). Кудряшов В.И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 45. — 127 с.
28). Кишик Ю.Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 131. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1
29). Кудряшов В.И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 55. — 127 с..
30). Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
31). Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 100. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
32). Кудряшов В.И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
33). Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 97. — ISBN 985-11-0147-8
34). Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И.П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с.
35). Кудряшов В.И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
36). Кудряшов В.И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
37). Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
38). Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
39). Кудряшов В.И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 58. — 127 с.
40). а б Архітэктура Гродна
41). Семенчук А.А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 34. — 70 с. — ISBN 9-78956-91923042). Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И.П. Шамякин (гл. ред.) и др... — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с.
43). Монастырю бригиток в Гродно 377 лет
44). Семенчук А.А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 35. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
45). Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 223. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
46). Кишик Ю.Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 208. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1.
47). Рымакаталіцкі касьцёл на Беларусі
48). Уладзімер Караткевіч, "Зямля пад белымі крыламі".


Літаратура


• Семенчук А.А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230
• Горадна, Горадзен, Гродна. А. Марціновіч. Мінск, Мастацкая літаратура, 2008 г. 112 с ISBN 978-985-02-0921-4

 


Кляштар бэрнардынак
(зруйнаваны савецкімі ўладамі)


Кляштар бэрнардынак — страчаны рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Горадні, які існаваў з 1621 року. 3 траўня 1854 року быў перададзены Барыса-Глебскаму праваслаўнаму манастыру. На месцы кляштара знаходзіцца Гарадзенскі абласны драматычны тэатар.


Гісторыя


У 1621 року жмудзкі стараста Геранім Валовіч заснаваў кляштар бэрнардынак на пляцы, выкупленым бэрнардынкамі і падканцлерам літоўскім Казімерам Сапегам ад пісара літоўскага Януша Скуміна Тышкевіча ў 1619 року ды Ежы дэ Кампа Сцыпіа з 1621 року. Да сярэдзіны ХІХ ст. кляштар быў выведзены за штат, там заставалася толькі некалькі старых манашак. Зачынены ў 1853 року.

У траўні 1854 року перададзены мужчынскаму Барысаглебскаму праваслаўнаму манастыру. У 1893 року. тут быў асьвечаны храм у імя прападобнага Афанасія Берасьцейскага. У храме быў створаны іканастас, дзе знаходзілася ікона Маці Божай Адзігітрыі з Каложы.[1]

З 1918 року Барыса-Глебскі манастыр стаўся цэнтрам беларускага жыцьця, калі сюды пад час Першай Сусьветнай вайны з Краснастоцкага манастыра з-пад Беластоку быў пераведзены дзіцячы прытулак для дзяўчынак. У 1916-1930 рр. у ім знаходзіліся беларускія школа і канцылярыя Беларускай вучыцельскай рады, сакратарыят Беларускага пасольскага клюбу і Беларуская школьна-прытулкавая рада, Беларускі камітэт помачы пацярпелым ад вайны і рэдакцыя газэты "Селянская гутарка", беларуская кнігарня і Гарадзенскае адьдзяленьне Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У манастарскіх кельлях жылі А. Грыкоўскі, Л. Дзекуць-Малей, А. Кухарчук, А. Шах, С. Кішко, Станіслава Буйло, Д. Лічыцкі, М. Амельянчык, Е. Буднік, Л. Лукашык і іншыя беларусы.[2]

У 1930-я рр. — у кляштары арганізаваны кравецкая гімназія.

Рашэньнем Гарвыканкама ў чэрвені 1951 року былы касьцёл, які займала Будаўніча-мантажнае ўпраўленьне №3, быў перададзены на балянс гарадзенскаму "Горпищеторгу" пад склад. У 1959 року пазначаны як інтэрнат тонкасуконнага камбіната.

У 1977-1984 рр. на месцы кляштара пабудаваны Гарадзенскі абласны драматычны тэатар.


Крыніцы:


1). Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Гародня-Wroclaw, 2012. С. 231.
2). Андрэй Чарнякевіч. Старонкі гісторыі Беларускай Гародні - Прытулак для беларускіх дзетак


Літаратура:


• Біяграфія гарадзенскіх вуліцаў. Ад Фартоў да Каложы. Гародня-Wroclaw, 2012.

 


Лютэранская кірха


Лютэранская кірха Сьвятога Яна — дзейны лютэранскі храм у цэнтральнай частцы Горадні (даўняе прадмесьце Гарадніца). Заснаваны 20 верасьня 1793 року.


Гісторыя


Афіцыйнай датай заснаваньня кірхі ў Горадне лічыцца 20 версьня 1793 року, калі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі перадаў трохпавярховы будынак нямецкай абшчыне[1]. Пад кірху быў прыстасаваны будынак карчмы для галяндзкіх і нямецкіх рамесьнікаў, якіх у 1779 року запрасіў у Горадню гарадзенскі староста Антоні Тызэнгаўз[1]. З-за прычыны таго, што прыхажане кірхы былі ў сваёй большасьці ўраджэнцамі Нямеччыны служба спачатку вялася на нямецкай мове. Вуліца вакол кірхы атрымала назву "Кірхавая", у 1843 року кірха была дабудавана. Канчаткова выгляд кірхі склаўся ў 1873 року. На вежы быў усталяваны гадзіньнік. У 1912 року храм значна перабудавалі.

Кірха дзейнічала ў Горадне да 1944 року Пасьля Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіўся архіў. У 1-й палове 1990-х рр. кірха вернута вернікам і дзейнічае як эвангелісцка-лютэранскі храм.

У 2012 року плянуецца пачаць рэканструкцыю кірхі: збудаваць ліўневую каналізацыю, умацаваць сьцены, абліцаваць і пафарбаваць фасады, а таксама важны элемэнт будынка — разбураны шпіль з крыжам.[2]


Дойлідства


Аднанэфавая аднавежавая пабудова зь пяціграннай апсыдай і сакрысьціямі. Галоўны фасад мае сімэтрычную, выцягнутую па вертыкалі дынамічную кампазыцыю. Квадратная ў пляне высокая манумэнтальная вежа-званіца выступае з асноўнага аб’ёму. Галоўны ўваход (праз вежу) аформлены вялікім стральчатым парталам, над ім — акно-"ружа". Інтэр’ер храма мае выцягнутую па падоўжнай восі сімэтрычную кампазыцыю. Асноўны прастакутны ў пляне аб’ём перакрыты арыгінальным па форме фігурным скляпеньнем. Захавалася два аўтэнтычных вітража за алтаром, арнамэнт якіх выкладзены ў форме лютэранскага сымбаля: ружы, унутры якой знаходзіцца сэрца з крыжам. Таксама захаваліся кованая купель, звон і гадзіньнік на галоўнай вежы. Арган і іншыя рэчы канфіскаваныя, за савецкім часам, з кірхі для філармоніі і ўладкаваньня парткабінэтаў[2].

Побач з кірхай знаходзілася і эвангелічныя могілкі з капліцай (1793-1936 рр.). У доме №3а ў 1912 р. знаходзіўся дом пастара й лютэранская школа на другім паверсе.


Крыніцы:


1). а б Лютеранская кирха в Гродно
2). а б Татьяна Черкес У гродненской кирхи появилась надежда на реконструкцию. — Вечерний Гродно.

 


Гарадзенская Раства-Багародзіцкая царква і кляштар

 

Гарадзенская Раства-Багародзіцкая царква і кляштар, Гродзенская Царква і кляштар базыльянак — помнік дойлідства эпохі барока і класіцызма. Размешчаны па адрасе: м. Горадня, вуліца Д. Гарадзенскага, 3. Комплекс уключае царкву Раства Багародзіцы, жылы і гаспадарчы корпус, капліцу. У дойлідстве комплекса адбіліся асаблівасці пераходу ад барока да класіцызма.

 

Гісторыя

 

Кляштар базыльянак быў заснаваны ў 1633 року (па іншым дадзеным у 1632 року паводле загада ўніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы) з дазвалення ўніяцкага мітрапаліта Іосіфа-Вельяміна Руцкага на месцы Прачысценскай царквы XII стагоддзя. Першай ігуменняй была Базілія Сапега, якая прыехала з Вільні. У 1641 року ў кляштары было ўсяго 5 манашак. У 1642 року А. Сялява загадаў аддаць гродзенскаму манастыру базыльянак, якія прыбылі сюды з Вільні, "на вечныя часы" тэрыторыю на захад праваслаўнай Прачысценскай царквы і да Каралеўскага замка.[1] Пасля спусташальнага пажару 1647 року, які знішчыў старадаўнюю царкву, быў пабудаваны драўляны храм Раства Багародзіцы, які таксама быў знішчаны пажарам 1720 року. У 1720 року пачалося будаўніцтва каменнай царквы і кляштара пад кіраўніцтвам дойліда І. Фантана. Фінансаваў будоўлю ўніяцкі мітрапаліт Леў Кішка. Кляштар быў асвечаны ў 1756 року (па іншым дадзеным у 1751 року[2]).

Пасля роспуску ўніяцкай царквы на Беларусі, кляштар у 1843 року быў перададзены праваслаўным. У 1848 року царква была перароблена, у выніку чаго іканастас быў перанесены з заходняй часткі, дзе раней быў алтар, ва ўсходнюю. У 1866 року на тэрыторыі кляштара з’явілася так званая "цёплая" царква Св. Сергія Раданежскага, якая была пабудавана на грошы, накладзеныя на мясцовую шляхту за ўдзел у паўстанні 1863 року. У 189 року ў заходняй частцы комплекса быў пабудаваны гаспадарчы корпус. У 1901 року кляштар быў перанесены ва ўрочышча Чырвонасток, а пасля 1914 року ў сувязі з нямецкай акупацыяй Гродна ў Маскву, але падчас Грамадзянскай вайны манахіні вярнуліся назад у Горадню. Кляштар дзейнічаў і пасля Вялікай Айчынай вайны. Так, тут у 1953 року працаваў прытулак для дзяцей-сірат, золаташвейная майстэрня, цэх па вырабу свечак. Аднак у 1960 року манахіні былі вымушаныя пераехаць у Жыровічы, а кляштар зачыніўся на рэстаўрацыю. У 1977–1992  роках у будынку размяшчаўся Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі, а пасля 1992 року ўзнавіў сваю дзейнасць кляштар Раства Багародзіцы.


Дойлідства храма


Царква ўзведзена ў 1726 року дойлідам І. Фантана, прадстаўніком шматлікай дынастыі італьянскіх дойлідаў Фантана, якія працавалі, як у Кароне Польскай, дык і ў Вялікім княтве. І. Фантана, як дойлід-каталік, пры ўзвядзенні грэка-каталіцкага храма мусіў адчуць яго сінтычную ідэйную сутнасць і выявіць яе сродкамі дойлідства. Асаблівай адметнасцю царквы з’яўляецца то, што яна ўяўляе сабой не руска-візантыйскі крыжова-купальны храм і не лацінскую крыжова-купальную трохнефную базіліку, а адметны цэнтрычна-крыжовы тып храма, падкрэсліваючы памкненні ўніяцкай царквы да раннехрысціянскіх вытокаў, каб пераадолець увазнікшы раней канфесійны раскол.

Да васьміграннага ядра кампазіцыі, увенчанага светлавым барабанам з купалам, з чатырох бакоў свету прылягаюць аднолькавыя прастакутныя аб’ёмы, утвараючы ў плане роўнаканцовы грэчаскі крыж. Першапачаткова да заходняй часткі, якая з’яўлялася алтарнай, далучаны роўнавысокі і роўнашырокі аб’ём, што рабіла прэсбітэрый моцна выцягнутым, а царкве ў плане надавала форму лацінскага крыжа. Унутры алтарная частка мела закруглёны абрыс. Пасля рэканструкцыі 1843 року тут быў зроблены ўваход, а ва ўсходняй частцы пастаўлены іканастас.[1]

Асаблівасцю кампазіцыі з’яўляецца размяшчэнне дзвюх чатверыковых вежаў з фігурнымі глаўкамі над крыламі трансепта, а не традыцыйна па баках галоўнага фасаду. Такое размяшчэнне вежаў больш характэрна раннехрысціянскаму культаваму дойлідству, чым артадаксальнаму праваслаўю з яго традыцыйным пяцігалоўем па дыяганалях крыжова-купальнага храма. Купал змешчаны на высокім барабане, завершаны цыбульнай глаўкай. Да купал прастакутнай алтарнай часткі прымыкаюць нізкія аб’ёмы рызніц. Галоўны ўваход завершаны трохкутным франтонам. Першапачаткова храм меў унікальную кампазіцыю вярхоў, якая нідзе больш у беларускім дойлідстве не сустракаецца. Пасля перабудовы 1843 року купал набыў рысы класіцызму.[2]

Сцены ўпрыгожаны пілястрамі, а ў месцы з’яднання аб’ёмаў – сдвойнымі, завершаны шырокім прыфіляваным карнізам. У інтэр’еры крылы трансепта перакрыты цыліндрычнымі зводамі на папружных арках. Сцены завяршае прафіляваны антаблемент с вялікім вынасам карніза. Пры ўваходзе па бакам асноўнага нефа змешчаны вінтавыя лесвіцы. У паўночнай частцы трансепта знаходзяцца хары, з’яднаныя з калідорам другога паверха корпуса кляштара, што таксама з’яўляецца адметнасцю комплекса. Перад галоўным фасадам царквы ў 1980 року выяўлены рэшткі Прачысценскай царквы.


Дойлідства кляштара, капліцы і гаспадарчага комплексу


Кляштар пабудаваны таксама дойлідам І. Фантана. Кляштар прадстаўляе двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак з высокім двухскатным дахам. Прадольнае крыло кляштара прыбудавана к царкве і ўтварае перад апсідай невялікі напалову адкрыты дворык. Прастакутныя вокны кляштара размешчаны нерэгулярна. Планіроўка будынка галерэйная, памяшканні перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі зводамі.

Да ўсходняга тарца кляштара ў ХІХ стагоддзі прыбудаваная капліца. Сцены капліцы рассечаныя лапаткамі. Усходні тарцовы фасад завершаны франтонам.

У 1891 року да ўсходняй частцы комплекса прыбудаваны гаспадарчы корпус, які прадстаўляе сабой двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з прастакутнымі вокнамі.


Зноскі:


1). 1,0 1,1 Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. Мн.: Ураджай, 2001. – 287 с. ISBN 985-04-0499-X с. 190
2). 2,0 2,1 Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. Мн.: Ураджай, 2001. – 287 с. ISBN 985-04-0499-X с. 191


Літаратура:


• Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. Мн.: Ураджай, 2001. – 287 с. ISBN 985-04-0499-X
• Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.
• Королевский город Гродно. Семенчук А.А., Гостев и др., Рифтур, 2010, 70с.,ISBN 9-78956-919230

 


Пакроўскі кафедральны сабор


Пакроўскі кафедральны сабор — помнік дойлідства пачатку ХХ стагоддзя. Знаходзіцца па адрасе: Горадня, вуліца Э. Ажэшкі, 23[2][4][5]. З мастацкага пункту гледжання, храм адрозніваецца афармленнем уваходных парталаў і вокнаў і некаторымі элементамі знешняга аздаблення, якімі і была дасягнута пэўная адпаведнасць стылю[6].


Гісторыя


Пабудаваны ў псеўдарускім стылі ў памяць аб салдатах і афіцэрах 26 артылерыйскай брыгады, загінуўшых падчас руска-японскай вайны 1904—1905 рр.[7][2][3][4].

За аснову ўзята царква Каспійскага пяхотнага палка(руск.) бел. ў Новым Пецяргофе. Яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя царскім урадам было прынята рашэнне аб будаўніцтве гарнізонных і палкавых цэркваў. У канцы 1901 року з’явіўся загад самога імператара[8]:

"Установить на будущее время к исполнению правило, чтобы... православная церковь в виде отдельного здания была непременной принадлежностью казарм тех частей войск, по штатам коих положены церковные причты".

Пры царкве вырашылі адкрыць музей і невялікі мемарыял. Узведзеная царква пачала называцца Свята-Пакроўскім саборам. 30 верасня (па старому стылю) 1907 року храм быў асвечаны. Праз некаторы час быў устаноўлены хрэсны ход на свята Уваходу Хрыста ва Ерусалім. Для падняцця патрыятычных пачуццяў Гродзенскі царкоўна-археалагічны камітэт сабраў палкавыя іканастасы і абразы, якія натхнялі войнаў на барацьбу з ворагам. Таксама былі зроблены мемарыяльныя дошкі з прозвішчамі салдат і афіцэраў 26 артылерыйскай брыгады, загінуўшых падчас Руска-японскай вайны[9].

Кіраўніцтва будаўніцтвам было ўскладзена на капітана-інжынера І. Я. Савельева. Асвячэнне храма адбылося 30 верасня 1907 року[10].

24 ліпеня 1995 року, на свята святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі, сабор наведаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II[1].


Дойлідства


Дзякуючы гродзенскаму ваеннаму інжынеру І.Я. Савельеву (1866—1951 рр.) (які, дарэчы, жыў і памёр у Горадне) сабор атрымаў непаўторныя рысы[11].

У плане храм, збудаваны ў рэтраспектыўна-рускім стылі, уяўляе сабой працяглую 12-калонную трохнефную базіліку з пяціграннай апсідай[12] і бакавымі рызніцамі. Вертыкальны акцэнт характэрны для паўночна-заходняга галоўнага фасада сабора, які адметны 10-метровай васьміграннай шатровай званіцай з макаўкай на барабане і невялікімі шатрамі з макаўкай, якія фланкіруюць званіцу і ствараюць сіметрычную кампазіцыю фасада[6], а таксама паўцыркульнымі вокнамі з какошнікамі. Два намёты з макаўкамі таксама завяршаюць рызніцу[1][2][3][4]. Алтарную частку адрознівае збудаваны над ёю невысокі чацвярык з пяцікупаллем[1]. Гэтыя купалы (адзін вялікі размешчаны па цэнтры, а чатыры меншага памеру — па кутах вальмавага даху) пастаўленыя на васьмігранныя барабаны, несапраўдныя вокны (бленды) якія завяршаюць какошнікі[2][3][4]. Для трох уваходаў франтальнага фасада было знойдзена рашэнне ў выглядзе двухкалонных рундукоў(руск.) бел. з трохкутнымі разьбянымі навесамі (акантоўкай)[2] і высокіх ганкаў[3][4]. Прастакутныя аконныя праёмы, якія падзяляюць на абодвух узроўнях працяглыя бакавыя фасады, адрозніваюцца багатымі "церамнымі(руск.) бел." ліштвамі, міжаконні — раскрапоўкай шырокімі лапаткамі з шырынкамі(руск.) бел. Дэкаратыўнае ўбранне сабора, як тое какошнікі, шырынкі, вітыя калонкі, буйныя сандрыкі, кілепадобныя броўкі(руск.) бел. арачных аконных праёмаў, было шмат у чым узята са старажытнарускага царкоўнага дойлідства(руск.) бел.. У дэкоры сабора, разам з дынькамі(руск.) бел., выкарыстаная паліхрамія(руск.) бел.: на фоне цагляных карычнева-чырвоных сцен сабора ярка вылучаецца беладывановае дэкаратыўнае пакрыццё фасадаў; для дахаў і намётаў выкарыстаны зялёны колер, а для купалоў — вохрыстая афарбоўка[1].


Інтэр’ер


Трохнефнае дзяленне ўнутранай двухсветавой прасторы сабора забяспечваюць 12 магутных калон і перакінутыя праз іх аркады. Прытвор перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Перакрыццем служыць плоская столь з трыма плафонамі(руск.) бел., якія ўпрыгожвае распісны арнамент у выглядзе старажытнарускай тэкставай вязі, пакрыццём падлогі — кафля з арнаментальным малюнкам (у прытворы — мазаіка[2][3][4]). Унутраную прастору, сцены якой пакрытыя роспісамі, апярэзвае па перыметры пад вокнамі магутны прафіляваны карніз з сухарыкамі. Перакрыццем прытворам служаць высокія крыжовыя скляпенні. Галоўныя і бакавыя іканастасы, якія вылучаюць апсіды, з’яўляюцца драўлянымі і разнымі, маючы карычневую таніроўку і пакрыццё пазалотай(руск.) бел.. Форма іх сілуэту абумоўлена трохлопасцевымі кілепадобнымі франтонамі і цыбульнымі купаламі. Галерэя хораў, якая выступае над уваходам, з’яўляецца кансольнай[1][2][3][4]. Паміж асноўным аб’ёмам і прытворам знаходзяцца масіўныя разьбяныя дзверы[3].

Таксама вылучаецца разны драўляны алтар з роспісам[2][4][13].


Іконы


Злева ад алтара знаходзяцца два ківоты(руск.) бел. з іконамі Багародзіцы і Ісуса Хрыста, перанесеныя сюды з Фары Вітаўта.

Асабліва шануюцца абразы "Маці Божая Казанская(руск.) бел." і мошчы мучаніка(руск.) бел.-дзіцяці Гаўрыіла Заблудаўскага(руск.) бел. Да ліку абразоў XIX стагоддзя адносяцца "Аляксандр Неўскі і святая мучаніца", "Маці Божая Адзігітрыя", "Бог Саваоф", "Бог Саваоф і анёлы", "Спасланне Святога Духа", "Святая прамудрасць, ствары сабе дом" і "Уваскрасенне"[1].


Зноскі:


1). 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 Кулагін А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік — Мн.: БелЭн, 2007. — С. 128. — ISBN 978-985-11-0389-4.
2). 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 2,8 Пятросава А.Ю. Гродзенская Пакроўская царква // Архітэктура Беларусі — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 169—170. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
3). 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 3,7 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць — Мн.: БелСЭ, 1986. — С. 56. — 371 с. — 7500 экз.
4). 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 4,7 4,8 Гродно: энциклопедический справочник / Редкол. И.П. Шамякин (гл. ред.) и др — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 323. — 438 с. — ISBN 5-85700-015-7.
5). Кулагін А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік — Мн.: БелЭн, 2007. — С. 127. — ISBN 978-985-11-0389-4.
6). 6,0 6,1 Гісторыя беларускага мастацтва / Рэдкал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.; Рэд. тома Л.М. Дробаў, П.А. Карнач — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — Т. 3: Канец XVIII — пач. XX ст.. — С. 287—288. — 448 с. — ISBN 5-343-00319-2.
7). Мемарыяльныя дошкі, у якіх пералічаныя палкі і колькасць загінуўшых воінаў, размешчаныя на сценах ля ўваходу. Гл.: Кулагін А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік — Мн.: БелЭн, 2007. — С. 128. — ISBN 978-985-11-0389-4..
8). Горадна, Горадзен, Гродна. А. Марціновіч. Мінск, Мастацкая літаратура, 2008 г. 112 с. ISBN 978-985-02-0921-4, с. 56
9). Горадна, Горадзен, Гродна. А. Марціновіч. Мінск, Мастацкая літаратура, 2008 г. 112 с. ISBN 978-985-02-0921-4, с. 57
10). Кулагін А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік — Мн.: БелЭн, 2007. — С. 127—128. — ISBN 978-985-11-0389-4.
11). Королевский город Гродно. Семенчук А.А., Гостев и др., Рифтур, 2010, 70с.,ISBN 9-78956-919230, с. 48
12). Часам згадваецца як трохгранная. Гл.: Гісторыя беларускага мастацтва / Рэдкал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.; Рэд. тома Л.М. Дробаў, П.А. Карнач — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — Т.3: Канец XVIII — пач. XX ст.. — 448 с. — ISBN 5-343-00319-2..
13). Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.


Літаратура:


• Королевский город Гродно. Семенчук А.А., Гостев и др., Рифтур, 2010, 70с.,ISBN 978-956-91-923-0
• Горадна, Горадзен, Гродна. А. Марціновіч. Мінск, Мастацкая літаратура, 2008 г. 112 с. ISBN 978-985-02-0921-4
• Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.

 


Свята-Уладзімірская царква


Уладзімірская царква — помнік дойлідства канца ХІХ ст. Знаходзіцца па адрасе: м. Горадня, вул. Перамогі, 5. Пабудавана ў 1896 року з цэглы ў псеўдарускім стылі (дойлід І. Плотнікаў).

Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з 2-яруснай званіцы і асноўнага аб’ёму з пятігранной апсідай. Асноўны аб’ём накрыты чатырохскатным дахам, званіца завершана шатром з верхавінай. Аконныя праёмы аркавыя і лучковыя. Сцены па перыметры завершаны зубчастым поясам, філянгавым фрызам і прафіляваным карнізам. На бакавых фасадах кіляпадобныя франтончыкі. Цокаль раскрапаваны філёнгамі і прафіляваны цягамі. Дойлідстваа царквы насычана стылізаванымі элементамі дэкору старажытнарускага дойлідства (закамары, кіляпадобныя аркі, крыжовыя і аркавыя нішы, кутнія калонкі, ліштвы вокнаў і інш.). Унутраная прастора перакрыта плоскай столлю. Дэкаратыўны акцэнт інтэр’еру — драўляны іканастас.


Літаратура:


• Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.

 


Харальная сынагога


Вялікая харальная сынагога ў Горадні — дзейная сынагога ў цэнтры гораду Горадні, Беларусь. Вядзе сваю гісторыю з XVI стагодзьдзя.


Гісторыя


Першая каменная сынагога ў Горадні была пабудаваная ў 1575—1580 рр. паводле праекту італьянскага дойліда Санці Гучы, запрошанага равінам Мардзехай Яфе, ураджэнцам Прагі, незадоўга да гэтага — у 1572 року — прыехаў у Горадню. У выніку пажару ў 1617 року гэтая сынагога была цалкам зьнішчаная, але неўзабаве пасьля пажару польскі кароль Жыгімонт III дазволіў жыдам пабудаваць новую сынагогу на месцы старой. Другая сынагога праіснавала даўжэй, але паўтарыла лёс папярэдніцы й згарэла ў 1899 року. Цяперашні будынак Вялікай харальнай сынагогі быў пабудаваны Ільлём Фрункіным у 1902—1905 роках у адной з разнавіднасьцяў эклектыкі — маўрытанскім стылі.

У пэрыяд нямецкай акупацыі Горадні сынагога, якая знаходзілася ў цэнтры жыдоўскага гета, служыла нацыстам для збору жыдоў перад адпраўкай у канцлягеры. Багатаму ўнутранаму дэкору будынка ў гэты пэрыяд быў нанесены сур’ёзны ўрон. У савецкі пэрыяд (1944—1991 рр.) Будынак выкарыстоўвалася пад склад.

З 1991 року будынак вернуты жыдоўскай рэлігійнай абшчыне. У цяперашні час вядзецца падрыхтоўка да аднаўленьня фасадаў і ўнутранага ўбраньня сынагогі.

 


Дом-музэй Элізы Ажэшкі


Дом-музэй Элізы Ажэшкі — дом у Горадні, дзе некаторы час жыла і памерла пісьменьніца Эліза Ажэшка.

Сучасны адрас: вуліца Ажэшкі, 17.

Дом належаў адвакату Станіславу Нагорскаму — другому мужу Э. Ажэшкі. У гэтым доме пісьменьніца пражыла шаснаццаць гадоў і памерла ў 1910 року.

Доўгі час у доме было абласное аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. У былой гасьцёўні Элізы Ажэшкі быў кабінэт, дзе працавалі вядомыя празаікі — Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк. Саюз палякаў Беларусі дамогся высяленьня пісьменьніцкай філіі з памяшканьня, і тады пачаўся збор экспанатаў.

11 красавіка 2009 року помнік гісторыі і культуры, вядомы гараджанам як домік Элізы Ажэшкі, адкрыў дзьверы для наведвальнікаў пасьля завяршэньня рэканструкцыі.

Пачынаецца знаёмства наведвальнікаў з домам-музэем з працоўнага кабінэту знакамітай пісьменьніцы, дзе яна напісала лепшыя аповесьці і раманы і правяла свае апошнія дні ў 1910-м. Гасьцям паказваюць сапраўдныя прыжыцьцёвыя выданьні Ажэшкі і іншых аўтараў яе часу — Балеслава Пруса, Тадэвуша Сянкевіча, Чарльза Дыкенза, Аляксандра Дзюма, Джорджа Эліёта.

У астатніх памяшканьнях дому, які знаходзіцца зусім побач з Гарадзенскім дзяржаўным Купалаўскім унівэрсытэтам, разьмясьціўся юнацкі філіял абласной навуковай бібліятэкі імя Е.Ф. Карскага і аддзел літаратуры на замежных мовах. Бібліятэкары імкнуцца захоўваць ня толькі музэйныя экспанаты, але і традыцыі, закладзеныя Элізай Ажэшкай, якая, як сьведчаць гістарычныя факты, была вядомай дабрачынцай. Тут ужо шмат гадоў зьбірае творчых людзей салён "У пані Элізы", з року ў рок для дзяцей-сірот праводзяцца калядныя сьвяты ў елкі, у цесным супрацоўніцтве з Гарадзенскай епархіяй, мэдыцынскімі, адукацыйнымі і праваахоўнымі службамі арганізуюцца дабрачынныя акцыі.

 


Дом-музэй Максіма Багдановіча


Дом-музэй Максіма Багдановіча — музэй у Горадні, адчынены ў 1986 року ў доме[1]. З 1 студзеня 1995 року музэй працуе як самастойная ўстанова культуры.[2] Літаратурны аддзел быў разьмешчаны ў 4-х пакоях дома (плошча экспазыцыі 56 м2). Паводле іншых зьвестак сям’я Максіма Багдановіча жыла з 1892 па 1896 рр. ў адным з суседніх дамоў[3] (у 1965 року на доме была ўсталявана мэмарыяльная шыльда).

Да стварэньня музэйнае калекцыі ў Горадні прыклала руку й вядомая беларуская паэтка Ларыса Геніюш. Былі перададзеныя нават яе вышыванкі, на якіх валошкі — кветкі, што так падабаліся Максіму. Але рарытэтны зборнік вершаў Багдановіча "Вянок" 1913 року выданьня Ларыса вырашыла пакінуць у спадчыну свайму сыну Юрку, што жыў за мяжой. Пасьля сьмерці паэткі яе сын зьбіраўся перавезьці "Вянок" у Польшчу, але пад пагрозай канфіскацыі зборніка на польскае мяжы, вырашыў пакінуць у спадчыну музэя й яго.

Экспазыцыя мае залі: партрэтная галерэя знакамітых людзей; літаратурна-грамадзкі рух канца ХIХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў; гарадзенскі пэрыяд жыцьця сям’і Багдановічаў. Ёсьць чатыры мэмарыяльныя пакоі: кабінэт бацькі, пакой маці, дзіцячы пакой, гасьцёўня, а таксама аддзел "Гарадзеншчына літаратурная: мінулае і сучаснае".


Крыніцы:


1). Афіцыйны сайт музея ў Горадне
2). "100 адрасоў Свабоды". Музэй Багдановіча, Гародня // "Радыё Свабода", 18 лістапада 2009
3). "100 адрасоў Свабоды". Музэй Багдановіча, Гародня // "Радыё Свабода", 18 лістапада 2009

 


Пляцы й вуліццы места


Савецкі пляц


Савецкі пляц — адна з галоўных плошчаў у цэнтральнай частцы Горадні. Назва з 1940 р.

Разьмешчаная на сутыку вуліц Савецкай, Кірава, Карла Маркса, Стэфана Баторыя, Маставой, Замкавай і Кастрычніцкай.

Старыя назвы — (Стары) Рынак, Ратушная, Парадная, Саборная, Стэфана Баторыя.


Цікавыя аб’екты:


• Касьцёл Сьвятога Францішка Ксаверыя і даўні кляштар езуітаў;
• даўні мескі гадзіньнік
• даўні палац Сангушкаў
• дом купца Мураўёва
• месца зруйнаванай камуністамі ратушы;
• месца зруйнаванага камуністамі палацу Радзівілаў;
• месца зруйнаванага камуністамі гандлёвых радоў;
• месца ўзарванай камуністамі Фары Вітаўта (цяпер сквэрык).

 


Вуліца Элізы Ажэшкі


Вуліца Элізы Ажэшкі (былыя назвы — Раскоша, Мураўёўская, Садовая) — вуліца ў цэнтральнай частцы горада Горадні, названая ў гонар польскай пісьменьніцы Э. Ажэшкі. Працягласьць складае каля 1000 м, ад вуліцы Савецкай да Прывакзальнай плошчы. Буйны цэнтар грамадзкага жыцьця гораду.

Пачала фармавацца ў 1760—1780 рр. як вуліца Гарадніцы. Тут былі пабудаваныя першыя на Беларусі тыпавыя дамы для наёмных рабочых Гарадзенскіх каралеўскіх мануфактураў (захаваўся толькі адзін дом), будынак мэдыцынскай школы (зараз адміністрацыйная ўстанова), корчмы, прымыкалі палац Тызэнгаўза й батанічны сад. Асабліва інтэнсіўна вуліца пачала разьвівацца пасьля атрыманьня Горадняй статусу сталіцы губэрні. Пасьля пракладкі ў 1862 р. чыгункі Пецярбург — Варшава вуліца зьвязала вакзал з цэнтрам і стала адной з галоўных вуліцаў гораду.

Былая жаночая Марыінская гімназія, цяпер корпус унівэрсытэту імя Янкі КупалыСярод ХІХ-ХХ стст., якія захаваліся — былы дом віцэ-губэрнатара, былая жаночая гімназія (зараз корпус ГрДУ), былы шпіталь, сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы, жылая забудова.

У 1930-я рр. будаваліся 2-3 паверхавыя каменныя дамы й аднапаверхавыя драўляныя, падчас Другой сусьветнай вайны моцна разбураная. У 1960—70 рр. гістарычная забудова часткова рэканструяваная, пабудаваныя сучасныя будынкі. Адноўлены дом Элізы Ажэшкі, усталяваны помнік Янку Купалу.


Цікавыя аб’екты:


• Дом-музэй Элізы Ажэшкі;
• Парк імя Жылібера;
• Галоўны корпус Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту;
• Гарадзенскі сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы.

 


Вуліца Стэфана Баторыя


Вуліца Стэфана Баторыя — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні.

Назва нададзеная ў пачатку 1990-х. Названа ў гонар караля Рэчы Паспалітай, вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя.

Даўжыня — 300 м. Праходзіць ад вуліцы Парыскай камуны да вуліцы Карла Маркса. Прымыкае да Савецкай плошчы.

Старыя назвы — Мяшчанская, Н. Крупскай (—пачатак 1990-х рр.).


Цікавыя аб’екты:


• "Батораўка" — частка палацу Стэфана Баторыя

 


Вуліца Максіма Багдановіча


Вуліца Максіма Багдановіча — вуліца ў Горадні ў цэнтральнай частцы гораду (Новы Сьвет).

Названая ў гонар Максіма Багдановіча (1891—1917 рр.) — беларускага паэта, публіцыста, літаратурнага крытыка.


Цікавыя аб’екты:


• Дом-музэй Максіма Багдановіча.

 


Вуліца Міхася Васілька


Вуліца Міхася Васілька — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні. Названая ў гонар беларускага паэта Міхася Васілька.

Праходзіць ад вуліцы Кірава да Тэлеграфнай. Даўжыня — 500 м. Перасякаецца з вуліцамі Паўлоўскага, Карбышава.

Старыя назвы — Пясчаная, Чапаева.


Цікавыя аб’екты:


• Помнік Чапаеву

 


Вуліца Вялікая Траецкая


Вуліца Вялікая Траецкая — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні. Праходзіць праз даўні габрэйскі квартал.

Старая назва вернутая ў пачатку 1990-х.

Даўжыня — 700 м. Праходзіць ад вуліцы Давыда Гарадзенскага да вуліцы Віленскай. Перасякаецца з вуліцамі Кастрычніцкая, Дамініканская, Найдуса.

Старыя назвы — Пярэца, Вялікая Траецкая (—1951 р.), Алега Кашавога (1951 р. — пачатак 1990-х рр.)


Цікавыя аб’екты:


• Сынагога (цяпер спартовая заля);
• Харальная сынагога (дзеючая);
• Пляцоўка даўняга "нямецкага рынку";
• Будынак дамініканскага кляштару.

 


Вуліца Гараднічанская


Вуліца Гараднічанская — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні. Назва з пачатку 1990-х рокаў. Даўжыня — 500 м. ад вуліцы Карбышава да вуліцы Маркса.

Перасякаецца з вуліцамі Кастрычніцкая, Тэльмана, Кірава.

Ранейшыя назвы — Містшоўская, Гараднічанская (—1939 р.), Энгельса (1939 р. — пачатак 1990-х рр.).

Пачала фармавацца ў пачатку XVII стагодзьдзя.


Цікавыя аб’екты:


• Езуіцкі кляштарны комплекс (цяпер гарадзенская турма і рыма-каталіцкая курыя).

 


Вуліца Давыда Гарадзенскага


Вуліца Давыда Гарадзенскага — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні.

Назва з пачатку 1990-х. Названа ў гонар гарадзенскага кашталяна і старасты Давыда Гарадзенскага.

Даўжыня — 350 м. Сфармавалася ў сярэдзіны XVIII ст. Праходзіць ад вуліцы Вялікая Траецкая да вуліцы Маставая. Перасякаецца з вуліцай Замкавая.

Старыя назвы — Пральны завулак (—1939 р.), Навазамкавая (1939 р. — пачатак 1990-х рр.)


Цікавыя аб’екты:


• Былая пажарная частка з пажарнай вежай (Гарадзенскі музэй гісторыі пажарнай службы);
• Былы палац Храптовічаў (Гарадзенскі музэй гісторыі рэлігіі);
• Новы замак (гісторыка-архeалягічны музэй, абласная бібліятэка імя Я. Карскага);
• Комплекс былога жаночага базыльянскага манастыра (цяпер праваслаўны);
• Абласны драматычны тэатр.

 


Вуліца Дамініканская


Вуліца Дамініканская — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні.

Пачынаецца ад вуліцы Савецкай, перасякаецца з вуліцамі Вялікая Траецкая, Малая Траецкая і сканчаецца над ярам Гараднічанкі.

Назва савецкага часу — Клары Цэткін.

Сучасная назва — з пачатку 1990-х рокаў. Даўней назва Дамініканская належала сёньняшняй Савецкай вуліцы. Назва мае нагадваць пра колішняе існаваньне тут кляштару і касьцёлу дамініканцаў.


Цікавыя аб’екты:


• Помнік генэралу Сакалоўскаму (на месцы касьцёла);
• Будынкі былога дамініканскага кляштару;
• Месца зруйнаванага ў ХІХ ст. касьцёлу дамініканцаў

 


Вуліца Замкавая


Вуліца Замкавая — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні. Назва гістарычная.

Даўжыня — 360 м. Праходзіць ад Савецкай плошчы да Старога і Новага замкаў. Перасякаецца з вуліцай вуліцы Давыда Гарадзенскага.

Адна з найбольш старажытных вуліц Горадні. Праўдападобна, існавала яшчэ ў XII ст., як дарога ад дзядзінца да гандлёва-рамеснага пасаду.

Дакумэнтальна ўзгадваецца упершыню 1530-х-1540-х роках у актавых кнігах гарадзенскага гродзкага суду.

У пэрыяд Новага часу Замкавую вуліцу галоўным чынам насялялі жыды. У сярэдзіне XVI ст. яны валодалі 14 з 16 існуючых пляцаў. Выключэньнем былі пляцы, што ляжалі бліжэй Рынку.

У рэвізіі 1680 року было зафіксавана 17 пляцаў Замкавай вуліцы.

Паралельна з назвай Замкавая вуліца насіла другую назву — вуліца Жыдоўская з рынку да замку. Раней побач з вуліцай праходзілі дзьве вуліцы з падобнымі назвамі — вуліца Цесная Жыдоўская і вуліца Школьная Жыдоўская, якія не захаваліся.


Цікавыя аб’екты:


• Стары замак (Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй);
• Новы замак (Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй, Гарадзенская абласная бібліятэка імя Я. Карскага);
• Былы палац Храптовічаў (Гарадзенскі музэй гісторыі рэлігіі);
• Былая пажарная частка з пажарнай вежай (Гарадзенскі музэй гісторыі пажарнай службы);
• Помнік Вітаўту Вялікаму;
• Помнік ахвярам Гарадзенскага ґета;
• Пры сутыку з Савецкай плошчай — месца ўзарванай камуністамі Фары Вітаўта (цяпер сквэрык).

 


Вуліца Карбышава


Вуліца Карбышава — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні.

Названая ў гонар генэрал-лейтэнанта інжынэрных войскаў, Героя Савецкага Саюзу Дзьмітрыя Карбышава.

Даўжыня — 500 м. ад вуліцы Гараднічанскай да вуліцы Будзёнага. Перасякаецца з вуліцамі Сацыялістычная, Тэлеграфная, Васілька, Леніна.

Старыя назвы — Банкавая, Напалеона.

Пачала забудоўвацца ў першай палове ХІХ стагодзьдзя. Цяпер асноўную забудову складаюць дамы пачатку ХХ ст.


Цікавыя аб’екты:


• Дом доктара Тальгейма
• Будынак пазямельна-сялянскага банку
• Помнік Чапаеву
• Рэстарацыя "Беласток"
• Будынак філіі Нацбанку Беларусі

 


Вуліца Кастрычніцкая


Вуліца Кастрычніцкая — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні.

Праходзіць ад Савецкай плошчы і Савецкай вуліцы да вуліцы Вялікая Траецкая.

Вуліца ўпершыню згадваецца ў крыніцах канца XV ст.

Гістарычныя назвы — Плябанская, Вуліца з Рынку побач з касьцёлам (1680 р.), Плябанская з Рынку (1775 р.), Партыкулярная плябанская з вуліцы Віленскай (1790 р.), таксама ў дакумэнтах сустракаюцца назвы Плябанская ад Рынку да жыдоўскіх могілак і Плябанская праз Нямецкі рынак да Траецкай.


Цікавыя аб’екты:


• Пры сутыку з Савецкай плошчай — месца ўзарванай камуністамі Фары Вітаўта (цяпер сквэрык).

 


Вуліца Леніна


Вуліца Леніна — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні.

Названая ў гонар маскалёўскага тэарэтыка камунізму Уладзімера Леніна.

Даўжыня — 750 м. ад вуліцы Ажэшкі да вуліцы Будзёнага. Перасякаецца з вуліцай Карбышава.

Старыя назвы — Сафійская, Пілсудзкага.

Пачала забудоўвацца ў першай палове ХІХ стагодзьдзя. Цяпер асноўную забудову складаюць дамы пачатку ХХ стагодзьдзя.


Цікавыя аб’екты:


• Дом доктара Тальгейма
• Будынак пазямельна-сялянскага банку
• Гарадзенскі сабор Покрыва Прасьвятой Багародзіцы
• На вуліцы знаходзіцца будынак філалагічнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

 


Вуліца Маставая


Вуліца Маставая — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні. Назва гістарычная. Вуліца вядома з XIV стагодзьдзя.

Даўжыня — 700 м. Праходзіць ад Савецкай плошчы да ракі Нёман. Перасякаецца з вуліцамі вуліцы Давыда Гарадзенскага, Парыскай камуны, Падольная.


Цікавыя аб’екты:


• Карпусы даўняй тытунёвай фабрыкі Шарашэўскага;
• Касьцёл і кляштар бэрнардзінцаў;
• Будынак "ПріорБанку" (фасад стылізаваны пад касьцёл кармэлітаў, што стаяў на тым жа месцы);
• Будынак абласнога драматычнага тэатру.

 


Вуліца Лейба Найдуса


Вуліца Лейба Найдуса — невялікая вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні. Паміж вуліцамі Вялікая Траецкая і Савецкая.

Названа ў гонар габрэйскага паэта, ураджэнца Горадні Лейба Найдуса

Старыя назвы — Пясчаная.

У 1920-я рокі ў Варшаве быў створаны Камітэт і Фонд Лейба Найдуса. Іх намаганьнямі ў Горадні імем паэта была названа вуліца.

 


Вуліца Савецкая


Вуліца Савецкая — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні. Назва з 1940 р.

Даўжыня — 500 м. Праходзіць ад вуліцы Ажэшкі да Савецкай плошчы. Перасякаецца з вуліцамі Віленская, Тэльмана, Найдуса, Дамініканская і Кастрычніцкая.

Старыя назвы — Віленская, Гімназіяльная, Саборная, Дамініканская (па-польску: Dominikanska), Hinderburg str.

 


Вуліца Эрнста Тэльмана


Вуліца Эрнста Тэльмана — вуліца ў цэнтральнай частцы Горадні. Названая ў гонар лідара нямецкага камуністычнага руху Эрнста Тэльмана. Назва з 1940 р.

Даўжыня — 200 м. ад вуліцы Гараднічанскай да вуліцы Савецкай.

Старыя назвы — Гувэра (у гонар прэзыдэнта ЗША Гэрбэрта Гувэра. Гувэр у 1920-х роках аказаў дабрачынную дапамогу жыхарам Горадні).

 

Цікавосткі:


На вуліцы здымалася сцэна фільму "Белыя Росы" (галоўны герой перахоплівае каляску з бутэлькамі).
                       Літаратура:

• Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.
• Вячаслаў Кот. Вуліца Васілька ў Гродна раней называлася Пясочная// "Гродзенская праўда", 16.04.09
• Ю. Гардзееў. Магдэбургская Гародня. Гародня-Wroclaw, 2008, с 125-132

 


Каталіцкія фарныя могілкі


Каталіцкія фарныя могілкі — даўнія могілкі каталіцкай грамады Горадні.


Гісторыя


Уладкаваньне могілак "ex urbem" было часткай пляну гарадзкіх пераўтварэньняў, запачаткаваных у Рэчы Паспалітай яшчэ ў часы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Паводле рашэньня Камісіі Паліцыі Абодвух Народаў Рэчы Паспалітай у 1791 року могілкі ва ўсіх буйных гарадзкіх асяродках краіны пераносіліся па-за горад. У выніку гэтага рашэньня ў 1792 року ўсходняга ўскрайку Горадні былі заснаваныя новыя фарныя каталіцкія могілкі.

У 1822 року на могілках пабудавана капліца па праекце дойліда К. Багеміла. Асаблівую ўвагу заслугоўваюць надмагільныя помнікі працы Б. Шушкевіча, Г. Забароўскага і інш.

Зачынены ў сярэдзіне 1970-х рокаў.

У 1986 року паводле рашэньня Гарадзенскага аблвыканкаму старыя гарадзенскія каталіцкія могілкі атрымалі статус помніка абласнога значэньня.


Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках


• Эліза Ажэшка (1841—1910 рр.) — польская і беларуская пісьменьніца, грамадзкая дзяячка, пэдагог
• Станіслаў Нагорскі (1826—1896 рр.) — гарадзенскі юрыст, муж Элізы Ажэшкі
• Джузэпэ Сака (1735—1798 рр.) — дойлід ВКЛ, прадстаўнік стылю барока і клясыцызму
• Януш Будзаноўскі (1923—1939 рр.) — удзельнік абароны Горадні ў 1939 року
• Эдвард Лістоўскі (1861—1922 рр.) — мэр Горадні ў 1907—1922 роках
• айцы М. Фардон, Ф. Грынкевіч і М. Арановіч
• З.І. Касьцялкоўская
• Я. Каханоўскі
• генэрал Ф. Баркоўскі
• гродзенскія віцэ-губэрнатары Т. Янеўскі і К. Максімовіч
• барон З. Дангел
• урач А. Тальгейм
На могілках таксама пахаваны жаўнеры Польскай рэспублікі, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны 1919—1920 рокаў.

 


Габрэйскія занёманскія могілкі


Габрэйскія занёманскія могілкі — даўнія могілкі габрэйскай абшчыны Горадні. Знаходзяцца ў занёманскай частцы места.

Адныя з самых старых габрэйскіх могілак Беларусі. Тут знаходзяцца магілы цадзікаў і вядомых у сьвеце равінаў. Самы стары надмагільны помнік датаваны 1312 рокам.

У савецкія часы існаваў план зносу могілак і разьмяшчэньня на іх месцы Гарадзенскага заапарку.

 


Праваслаўныя могілкі


Праваслаўныя могілкі (Старыя, Рускія, Сафійскія, Ерусалімскія, могілкі па Антонова) — даўнія могілкі праваслаўнай грамады Горадні.


Гісторыя


Былі закладзены на пачатку XIX стагодзьдзя Могілкі моцна пацярпелі падчас баёў у 1915 року, 1939 року, 1944 року. Зачынены ў 1973 року.
У другой палове XIX стагодзьдзя тут была пабудавана Царква прападобнай Марфы — помнік дойлідства позьняга класіцызму. У 1890 року пры браме на грошы мешчаніна С. Талочкі была пабудавана капліца ў гонар Уваскрасення Хрыстова.
У 1957 року на магіле ста дваццаці савецкіх ваеннапалонных пастаўлены помнік. У 1958 року помнік зьявіўся на магіле пяцісот сямідзесяці воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1959 року скульптура воіна пастаўлена на магіле, дзе пахаваны астанкі чатырыста дзевяноста савецкіх салдатаў, якія загінулі ў баях у ліпені 1944 року.


Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках


• Марыя Багдановіч (Мякота) — маці Максіма Багдановіча,
• Е. Арлоўскі — гісторык;
• М. Дзмітрыеў — этнограф;
• П. Кавалеўскі — філёляг;
• Небальсін — дойлід;
• Раманаў — дойлід;
• К. Кемарскі — мэдык;
• А. Райпольскі — мэдык;
• Ігнацій (Жалязоўскі) — епіскап;
• Міхась Васілёк (сапр. Міхаіл Восіпавіч Касьцевіч) (1905—1960 рр.) — беларускі паэт.

 


Гарадзенская фартэцыя


Гарадзенская фартэцыя — комплекс фартыфікацыйных умацаванняў, якія былі збудаваныя навокал м. Горадні ў канцы ХІХ ст. (7 фартоў) і ў пачатку ХХ ст. (13 фартоў, недабудаваныя).

Каменная фартыфікацыя ў Горадне існавала з ХІІ ст. (сцены дзядзінца), што было рэдкай з’явай на тагачаснай Русі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, неадпаведнасць старых умацаванняў новым патрабаванням, разам са стратэгічнай важнасцю места, прывялі да распрацоўкі шэрагу планаў будовы сучаснай фартэцыі (канцы ХІХ — пачатку ХХ ст., 1807 р., 1831 р.). Палітычныя падзеі і недахоп сродкаў не далі гэтым планам ажыццявіцца.

Адзначаецца, што няўдача гэтых планаў выратавала ад разбурэння гарадзенскае старое места — на месцы Новага і Старога замкаў планавалася будова артылерыйскіх батарэй, на месцы Францішканскага кляштара — перадмастовага ўмацавання "тэт-дэ-пон", на Гарадніцы — чатырох плацін з магчымасцю затаплення мясцовасці.

Нарастанне канфлікту інтарэсаў Расіі і Германіі ажывіла планы далейшага ўмацавання Горадні. Была прынятая пастанова (1873 р.) і праведзены палявыя працы; у 1879 р. Аляксандр II зацвердзіў даклад Д. Мілюціна аб умацаванні Коўна, Горадні, Асаўца. Але тады гэты план не ажыццяўлялі, а вярнуліся да яго пасля дакладу М. Обручава аб планах вядзення вайны (1880 р.).

У 1887—1889 рр. былі збудаваныя пяць фартоў (форт №1 на правым беразе Нёмана, ва ўрочышчы Пышкі, фарты №2-5 складалі занёманскую пазіцыю ўздоўж занёманскага фарштата). Адразу ж іх колькасць была прызнаная недастатковай, і ў 1890-х рр. былі збудаваныя яшчэ два, №6, 7, на правым беразе Нёмана, каля вёсак Дзевятоўка і Грандзічы. Фарты мелі драўляна-земляную канструкцыю, з мінімальным выкарыстаннем бетону, кожны з іх быў разлічаны на тры роты пяхоты і чатыры гарматы. Агульная працягласць пазіцыі склала 14 км. Гэтыя фарты ўвайшлі ў гарадскую тапаніміку Горадні.

Войска практычна не карысталася гэтымі фартамі, і яны мелі характар перадмастовай пазіцыі часовага характару, а на пачатку 1900-х рр. страцілі баявое значэнне. Пасля руска-японскай вайны і ўвядзення новых мабілізацыйных планаў, былі распрацаваныя планы мадэрнізацыі шэрагу крэпасцяў (зацверджаны 4(17).8.1912 р.). У выпадку Гарадзенскай, гэта фактычна былі планы перабудовы крэпасці. Меркавалася збудаваць 13 тыповых фартоў, 23 нумарных апорных пунктаў, 19 літарных апорных пунктаў, а таксама пляцоўкі для буйнакалібернай артылерыі, аэрадром, плаціны, дарогі і інш. Меркаваная працягласць эліпсавіднай у плане пазіцыі складала каля 60 км. Будаўніком[1] крэпасці быў прызначаны Дз. Каласоўскі (1912 р.). Гл. таксама: Вялічка, Буйніцкі, Малкоў-Панін.

Да пачатку Першай сусветнай вайны аніводзін з фартоў не быў дабудаваны, хоць працы працягваліся амаль да эвакуацыі 20.8.1915 р. Працы па збудаванні бетонных бруствераў былі праведзены на фартах № 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10 і 13.[2] Таксама было пачатае будаўніцтва бетонных бруствераў на літарных пунктах: А, Б, В, Д, Е, К.

У час германскага наступлення ў 1915 року маскалёўскія гарнізоны бараніліся ў недабудаваных умацаваннях, пасля ўзарвалі іх. Непашкоджанымі засталіся яшчэ раней занятыя немцамі фарты №4 (каля в. Стрэльчакі), а таксама так званы "малы" форт, што недалёка ад фарта №4. Ёсць інфармацыя што неўзарваным застаўся і форт №12 (каля в. Чашчаўляны). Але будаўніцтва гэтага фарта было на стадыі толькі земляных работ.

У 1916—1917 рр. немцы спрабавалі ўмацаваць усходнюю частку фартовай пазіцыі, у 1919—1920 рр. тое самае спрабавалі палякі. У час будаўніцтва Гарадзенскага УР Карбышавым было загадана (1941 р.) ўключыць рэшткі фартэцыі ў структуру УРа.

У гады Другой сусветнай вайны форт №2 быў месцам масавага знішчэння гітлераўцамі мірных жыхароў, раён форту №1 быў месцам спробы савецкіх войскаў утрымаць плацдарм на левым беразе Нёмана ў час наступу 1944 року.


Зноскі:


1). Тагачасная назва пасады кіраўніка ўсіх будаўнічых работ.
2). Бруствер фарта № 10 не захаваўся. Ёсць звесткі, што ён быў знішчаны пры будаўніцтве дарогі ўздоўж ВА АЗОТ.


Літаратура:


• Нарэль Дз., Піваварчык С. Невядомая крэпасць. — Гродна, 2004.
• Сяргей Піваварчык. Беларусь у фартыфікацыйным ўмацаванні Расійскай Імперыі. Гродна, 2004.
• Лютик Дмитрий. Гродненская крепость и её роль в Первой мировой войне. Артыкул з некалькіх частак на сайце http://harodnia.com/be/uczora/rasijskaja-impieryja/463-grodnenskaya-krepost-1


__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сабрана й апрацавана "J.K." 2015 р.



Обновлен 24 июл 2015. Создан 21 июл 2015



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter