Гісторыя й дойлідства Ракава




Ракаў


Р`акаў[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Іслач. Цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва 2626 чалавек (2010 р.). Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы усход ад Валожына, за 39 км ад Менску; за 16 км ад чыгуначнай станцыі Беларусь, каля аўтамабільнай дарогі Менск — Горадня.


Ракаў — даўняе магдэбурскае[2] места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваліся касьцёлы Сьвятога Духа (1730—1793 рр., былы), Сьвятой Ганны (1830 р.) і Найсьвяцейшай Панны Марыі (1906 р.).


Гісторыя


Вялікае Княства Літоўскае


Упершыню Ракаў ўпамінаецца ў XIV стагодзьдзі як вялікакняскае ўладаньне. У 1465 року вялікі князь Казімер перадаў паселішча Кезгайлам, з 1550 року — у валоданьні Завішаў. У 2-й палове ХVІ ст. тут заснавалі кальвінскі збор (дзейнічаў да пачатку XVIII ст.). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566 рр.) мясьціна ўвайшла ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1568 року Ракаў атрымаў статус мястэчка. У 1-й палове ХVІІ ст. паселішча перайшло да Сангушкаў, за якімі яно стала значным гадлёвым местам, цэнтрам графства. У гэты час тут працавала вядомая друкарня. У 1686 року Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў мястэчку дамініканскі кляштар Сьвятога Духа.

У 1701 року кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы што рок. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Празь места праходзілі 2 гасьцінцы: Менск — Пяршаі — Валожын — Ашмяны і Ракаў — Вялейка. У 1702 року Казімер Сангушка заснаваў тут базылянскі манастыр. У 1742 року адбыўся пажар, які зьнішчыў кляштар Сьвятога Духа (неўзабаве адбудаваны). На 1779 рок у месьце было 297 двароў, 24 крамы, 91 рамесьнік.


Пад уладай Расейскай імпэрыі


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 р.) Ракаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1794 року за ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Сангушкаў і перадалі царскаму фэльдмаршалу Салтыкову. На 1800 р. — 276 двароў, дзейнічалі касьцёл і царква, працавалі школа, 20 мураваных крамаў, 2 вадзяныя плыны. На Рынку стаяла ратуша. У 1804 року Салтыкоў прадаў Ракаў Зьдзяхоўскім. У 1824 року мясцовыя вернікі збудавалі драўляны касьцёл і капліцу, у 1830 року — змуравалі прымогілкавую капліцу Сьвятой Ганны. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831 рр.) у 1835 року маскалёўскія ўлады ліквідавалі кляштар Сьвятога Духа, а касьцёл гвалтоўна перарабілі ў царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1839 року царскія ўлады скасавалі базылянскі манастыр, царкву перадалі МП, багатую бібліятэку і архіў, што знаходзіліся пры манастыры — разрабалі, манастырскі шпіталь — зачынілі.

У 1843 року у Ракаве збудавалі майстэрні сельскагаспадарчых машынаў (веялкі, малатарні, сячкарні), якія добра разыходзіліся ў Менскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбурскім паветах; апроч таго, у мястэчку працавалі 2 млыны, цагельня, бровар. Мясцовыя майстры выраблялі драўляныя малатарні, арфы й сячкарні для навакольных сельскіх гаспадарак. На 1886 рок — дзейнічалі 2 царквы, касьцёл і сынагога, працавалі народная вучэльня, бровар, землеапрацоўчых прылад, ганчарны і цагельны заводы, 2 вадзяны млыны, 29 крамаў. Паводле М. Улашчыка[3], у 1901 року тут вырабілі 80 малатарняў. На 1859 рок у мястэчку было 140 двароў[4].

У канцы XIX — пачатку ХХ стст. Ракаў знаходзіўся ў валоданьні Мар’яна Зьдзяхоўскага, прафэсара Кракаўскага і Віленскага ўнівэрсітэтаў. У гэты час у сядзібе Зьдзяхоўскага зьбіраліся вядомыя літаратары й музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў "Паўночнымі Атэнамі". На 1905 рок у мястэчку было 740 будынкаў, у 1906 року тут збудавалі нэагатычны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі. У пачатку XX ст. існавалі некалькі млыноў, касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, капліца Сьвятой Ганны, царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэлеграф, аптэка; найбліжэйшы доктар — у Заслаўі.


Найноўшы час


25 сакавіка 1918 року згодна з Трэцяй Ўстаўной граматай Ракаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 року у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет ("падраён") Менскага раёну[5]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921 р.) Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Віленскага ваяводзтва. У гэты час тут было 552 двары. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным месцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут адкрываліся рэстарацыі, публічныя дамы.

У 1939 року Ракаў увайшоў у БССР. 15 студзеня 1940 року паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 року да ліпеня 1944 року мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1954 року статус паселішча панізілі да вёскі.

На 1994 рок ў Ракаве было 805 двароў, на 2001 рок — 765 двароў, на 2008 рок — 746 гаспадарак. У 2007 року паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.


Насельніцтва

Дэмаграфія


XVIII стагодзьдзе: 1773 р. — 798 чал. (425 муж. і 273 жан.); 1795 р. — 926 чал. (466 муж. і 460 жан.); 1800 р. — 932 чал.[6]

XIX стагодзьдзе: 1857 р. — 3013 чал. (1558 муж. і 1455 жан.), зь іх 1120 сялянаў і 1893 іншых станаў, 715 каталікоў, 144 праваслаўных і 306 юдэяў; 1859 р. — 1501 чал.; 1886 р. — 1006 чал.[7]; 1888 р. — каля 3 тыс. чал.[8]; 1897 р. — 3641 чал. (1751 муж. і 1890 жан.), зь іх 2168 юдэяў (59,5%), 1018 каталікоў (27,9%) і 444 праваслаўныя (12%).

XX стагодзьдзе: 1908 р. — 4950 чал.[9] (470 муж. і 404 жан.); 1917 р. — 3000 чал. (1458 муж. і 1542 жан.), зь іх 1418 беларусаў, 1215 жыдоў, 301 паляк; 1919 р. — 3332 чал., зь іх 47,3% юдэяў, 45,4% каталікоў, 7,3% праваслаўных; 1921 р. — 3323 чал.; 1929 р. — 3329 чел.; 1931 р. — 3481 чел.; 1959 р. — 1627 чал.[10]; 1994 р. — 2156 чал.; 1999 р. — 2162 чал.

XXI стагодзьдзе: 2001 р. — 2106 чал.[11]; 2006 р. — 2,1 тыс. чал.; 2008 р. — 2155 чал.[12]; 2010 р. — 2626 чал.


Інфрастуруктура


У Ракаве працуюць сярэдняя школа, лякарня і пошта.


Вуліцы і пляцы


Афіцыйная назва — Гістарычная назва

Менская вуліца — Менская вуліца
Радашкавіцкая вуліца — Радашкавіцкая вуліца
Савецкая вуліца — ?
? — Рынак пляц

 

Эканоміка

 

Ракаў — вядомы ў Беларусі ганчарны цэнтар (гэтак званая "Ракаўская кераміка"). Апроч таго, у вёсцы працуюць лясьніцтва і прамысловы камбінат.


Турыстычная інфармацыя


Ракаў уваходзіць у турыстычныя маршруты "Сьвет беларускіх мястэчак", "Дойлідзтва Налібоцкага краю", Ракаў — Тупальшчына — Івянец і інш.[13]

У навакольлі вёскі дом адпачынку НАН Беларусі "Іслач", аздараўленчы комплекс "Сьвітанак", 9 дзіцячых арганізацяў адпачынку і аздараўленьня.

Запрашае наведвальнікаў музэй-галерэя "Янушкевічы". Краязнаўчая экспазыцыя музэю прысьвячаецца жыцьцю старасьвецкай шляхты і дробнай местачковай буржуазіі, найстарэйшы яе экспанат датуецца XVII стагодзьдзем.


Выдатныя мясьціны


Ракаўскі канглямэрат — помнік прыроды дзяржаўнага значэньня.


• Ганчарня (XIX ст.)
• Гарадзішча
• Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (1906 р.)
• Касьцёл Сьвятога Духа ордэна дамініканаў (1730—1793 рр.; цяпер царква Праабражэньня Гасподняга)
• Касьцёл Сьвятой Ганны (1830 р.)
• Манастыр базылянаў (падмуркі), ля якіх знаходзіцца гаючая крыніца з каплічкай
• Могілкі: каталіцкія; старыя праваслаўныя, брама (XIX ст.); юдэйскія (XVIII—XX стст.)
• Паштовая станцыя (XIX ст.; руіны)
• Сядзіба Зьдзяхоўскіх (XIX ст.; руіны)

У вёсцы месьціцца магіла беларускага кампазытара М. Грушвіцкага, на якой пастаўлены помнік.


Страчаная спадчына

 

• Касьцёл (1824 р.)
• Кляштар дамініканаў (1686 р.)
• Сядзібна-паркавы комплекс Зьдзяхоўскіх (XIX ст.)
• Сынагога


Вядомыя асобы


• Вячаслаў Рагойша (нар. у 1942 р.) — літаратуразнавец, перакладнік, аўтар шэрагу манаграфіяў з тэорыі, практыцы і гісторыі беларускай літаратуры
• Іда Разэнталь (1886—1973 рр.) — амэрыканская мадэльерка, вынаходніца станіка


Крыніцы:


1). Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І.А. Гапоненка, І.Л. Капылоў, В.П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В.П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (pdf) С. 132
2). Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 312.
3). Улашчык М. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Менск: "Беларускі кнігазбор", 2001. С. 88.
4). Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 379.
5). 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
6). Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т.У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. С. 496.
7). Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2001. С. 279.
8). Jelski A. Rakow // Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich(пол.). Tom IX: Pozajscie — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 508—510.
9). Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т.У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. С. 497.
10). Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т.У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. С. 498.
11). Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2001. С. 278.
12). Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т.У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. С. 495.
13). Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г.П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И.И. Пирожника. — Мн., 2007.


Літаратура:


• Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
• Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т.У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0302-3.
• Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
• Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich(пол.). Tom IX: Pozajscie — Ruksze. — Warszawa, 1888.

 


Гісторыя Ракава
(асноўны артыкул)


Ракаў — даўняе магдэбурскае[1] места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваліся касьцёлы Сьвятога Духа (1730—1793 рр., былы), Сьвятой Ганны (1830 р.) і Найсьвяцейшай Панны Марыі (1906 р.).


Вялікае Княства Літоўскае


Упершыню Ракаў ўпамінаецца ў XIV стагодзьдзі як вялікакняскае ўладаньне. У 1465 року вялікі князь Казімер перадаў паселішча Кезгайлам, з 1550 року — у валоданьні Завішаў. У 2-й палове ХVІ ст. тут заснавалі кальвінскі збор (дзейнічаў да пачатку XVIII ст.). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566 рр.) мясьціна ўвайшла ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1568 року Ракаў атрымаў статус мястэчка. У 1-й палове ХVІІ ст. паселішча перайшло да Сангушкаў, за якімі яно стала значным гадлёвым местам, цэнтрам графства. У гэты час тут працавала вядомая друкарня. У 1686 року Канстанцыя Сангушка з Сапегаў заснавала ў мястэчку дамініканскі кляштар Сьвятога Духа.

У 1701 року кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Ракаву прывілей на 2 кірмашы што рок. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Празь места праходзілі 2 гасьцінцы: Менск — Пяршаі — Валожын — Ашмяны і Ракаў — Вялейка. У 1702 року Казімер Сангушка заснаваў тут базылянскі манастыр. У 1742 року адбыўся пажар, які зьнішчыў кляштар Сьвятога Духа (неўзабаве адбудаваны). На 1779 рок у месьце было 297 двароў, 24 крамы, 91 рамесьнік.


Пад уладай Расейскай імпэрыі


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 р.) Ракаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1794 року за ўдзел у паўстаньні маскалёўскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Сангушкаў і перадалі царскаму фэльдмаршалу Салтыкову. На 1800 рок — 276 двароў, дзейнічалі касьцёл і царква, працавалі школа, 20 мураваных крамаў, 2 вадзяныя плыны. На Рынку стаяла ратуша. У 1804 р. Салтыкоў прадаў Ракаў Зьдзяхоўскім. У 1824 р. мясцовыя вернікі збудавалі драўляны касьцёл і капліцу, у 1830 року — змуравалі прымогілкавую капліцу Сьвятой Ганны. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831 рр.) у 1835 року маскалёўскія ўлады ліквідавалі кляштар Сьвятога Духа, а касьцёл гвалтоўна перарабілі ў царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1839 року царскія ўлады скасавалі базылянскі манастыр, царкву перадалі МП, багатую бібліятэку і архіў, што знаходзіліся пры манастыры — разрабалі, манастырскі шпіталь — зачынілі.

У 1843 року ў Ракаве збудавалі майстэрні сельскагаспадарчых машынаў (веялкі, малатарні, сячкарні інш.), якія добра разыходзіліся ў Менскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбурскім паветах; апроч таго, у мястэчку працавалі 2 млыны, цагельня, піваварня. Мясцовыя майстры выраблялі драўляныя малатарні, арфы й сячкарні для навакольных сельскіх гаспадарак. На 1886 рок — дзейнічалі 2 царквы, касьцёл і сынагога, працавалі народная вучэльня, бровар, землеапрацоўчых прылад, ганчарны і цагельны заводы, 2 вадзяны млыны, 29 крамаў. Паводле М. Улашчыка[2], у 1901 року тут вырабілі 80 малатарняў. На 1859 рок у мястэчку было 140 двароў[3].

У канцы XIX — пачатку ХХ стст. Ракаў знаходзіўся ў валоданьні Мар’яна Зьдзяхоўскага, прафэсара Кракаўскага і Віленскага ўнівэрсітэтаў. У гэты час у сядзібе Зьдзяхоўскага зьбіраліся вядомыя літаратары й музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў "Паўночнымі Атэнамі". На 1905 рок у мястэчку было 740 будынкаў, у 1906 року тут збудавалі нэагатычны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі. У пачатку XX ст. існавалі некалькі млыноў, касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, капліца Сьвятой Ганны, царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэлеграф, аптэка; найбліжэйшы доктар — у Заслаўі. У 1906—1909 рр. дзейнічала правінцыйнае кола Польскага таварыства "Асьвета" ў Менску, якое займалася падтрымкай адукацыі на польскай мове[4].


Найноўшы час


25 сакавіка 1918 року згодна з Трэцяй Ўстаўной граматай Ракаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 року у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет ("падраён") Менскага раёну[5]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921 р.) Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Віленскага ваяводзтва. У гэты час тут было 552 двары. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным мейсцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут адкрываліся рэстарацыі, публічныя дамы.

У 1939 року Ракаў увайшоў у БССР. 15 студзеня 1940 року паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 року да ліпеня 1944 року мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1954 року статус паселішча панізілі да вёскі.

На 1994 у Ракаве было 805 двароў, на 2001 рок — 765 двароў, на 2008 рок — 746 гаспадарак. У 2007 року паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.


Крыніцы:


1). Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 312.
2). Улашчык М. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Менск: "Беларускі кнігазбор", 2001. С. 88.
3). Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 379.
4). Tarasiuk D. Miedzy nadzieja a niepokojem: Dzialalnosc spoleczno-kulturalna i polityczna Polakow na wschodniej Bialorusi w latach 1905–1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Sklodowskiej, 2007. S. 34-37.
5). 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.


Літаратура:


• Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
• Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 8, кн. 1. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0302-3.
• Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
• Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich(пол.). Tom IX: Pozajscie — Ruksze. — Warszawa, 1888.


__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 

 

Гісторыя Ракава


Ракаў знаходзіцца ў Валожынскім раёне Менскай вобласці, за 36 км на захад ад Менску, па шашы, што вядзе на Горадню й Вільню.

Ракаў вядомы з XIV ст., — уласнасьць вялікіх князёў літоўскіх. У розны час належаў Кежгайлам, Завішам, Сангушкам, Салагубам, Агінскім.

1465 р. — вялікі князь літоўскі й кароль польскі Казімер перадаў Ракаў Кежгайлам.
1550 р. — Ракаў - ўласнасьць Завішаў.
1568-1791 рр. — Ракаў — мястэчка ў Менскім павеце ВКЛ.
2-ая палова XVI ст. — заснаваны кальвінскі збор.
1-ая палова XVII ст. — Ракаў ва ўласнасьці Сангушкаў, гандлёвы цэнтар, працавала друкарня.
1686 р. — заснаваны дамініканскі кляштар Сьв. Духа (фундацыя — Канстанцыя Сангушка з Сапегаў).
1701 р. — Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II дараваў прывілей на 2 кірмашы што рок. Пачаўся хуткі эканамічны ўздым. Праз Ракаў праходзяць 2 гасьцінцы: Менск — Першаі — Валожын — Ашмяны, Ракаў — Вялейка.
1702 р. — Казімер Сангушка заснаваў базыльянскі манастыр.
1742 р. — Кляштар Сьв. Духа зьнішчаны пад час пажару, але адбудаваны ізноў.
з 1793 р. — у складзе Расейскай імпэрыі.
1794 р. — за ўдзел у паўстаньні Ракаў канфіскаваны у Сангушкаў і перададзены расейскаму генерал-фэльдмаршалу Салтыкову.
з 1801 р. — мястэчка, цэнтар воласьці Менскага павету. Вядомы ганчарным промыслам (посуд, цацкі).
1804 р. — Салтыкоў прадаў Ракаў Зьдзяхоўскім.
1824 р. — мясцовымі вернікамі пабудаваныя драўляны касьцёл і капліца.
1830 р. — змуравана прымогілкавая капліца Сьв. Ганны.
1835 р. — кляштар Сьв. Духа зачынены, а касьцёл аддадзены пад праваслаўную царкву.
1839 р. — зьліквідаваны базыльянскі манастыр, царква перададзена праваслаўным. Багатая бібліятэка і архіў, што знаходзіліся пры манастыру разрабаваныя. Манастырскі шпіталь зачынены.
1843 р. — пабудаваныя майстэрні сельскагаспадарчых машынаў (веялкі, малатарні, сячкарні інш.), якія добра разыходзіліся ў Менскім, а таксама ў Пскоўскім, Пецярбурскім паветах. 2 млыны, цагельня, бровар.
1859 р. — 1501 жыхароў.
1873 р. — у Заслаўі (17 км. ад Ракаву) пракладзена чыгунка, што спрыяе эканамічнаму разьвіцьцю мястэчка. Пракладзены гасьцінец да Радашковічаў.
1897 р. — 3641 жыхароў, зь якіх 59,5% іудзеяў, 27,9% каталікоў, 12% праваслаўных.канец ХІХ — пачатку ХХ ст. — Ракаў належыць Марыяну Зьдзяхоўскаму, прафэсару Кракаўскага і Віленскага ўнівэрсітэтаў. У гэты час у сядзібе Зьдзяхоўскага зьбіраліся вядомыя літаратары й музыканты. Эліза Ажэшка называла Ракаў "Паўночнымі Атэнамі". Марыян Зьдзяхоўскі перапісваўся з Лявом Таўстым. Сёньня маляўнічыя руіны былой паштовай станцыі, куды прыходзілі ад Таўстога лісты вельмі шануюцца мясцовымі "абарыгенамі".
1905 р. — 740 дамоў.
1906 р. — змураваны неагатычны касьцёл Найсьв. Дзевы Марыі.
пачатку ХХ ст. — некалькі млыноў, касьцёл Сьв. Духа, капліца Сьв. Ганны (1850 р.), царква, праваслаўная прымогілкавая капліца, каталіцкая і праваслаўная пачатковыя школы, паштовая станцыя і тэляграф, аптэка. Бліжэйшы доктар — у Заслаўі.
1921 р. — 3323 жыхароў.
1921—39 рр. — мястэчка ў складзе Польшчы, цэнтар гміны Маладэчанскага павету Віленскага ваяводзтва, за 1,5 км ад савецкай мяжы, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў зьяўляўся улюблёным мейсцам усіх кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, адчыняліся рэстарацыі, публічныя дамы.
са сьнежня 1939 р. — у складзе БССР.
Пад час 2 сусьветнай вайны зьнішчана больш за 2000 жыхароў. 

Сёньня Ракаў зьяўляецца адміністрацыйным і культурным цэнтрам курортнай зоны, што абьядноўвае некалькі санаторыяў, рэспубліканскі навукова-дасьледчы інстытут радыяцыйнай мэдыцыны, дом адпачынку Саюза пісьменнікаў, а таксама каля дзесяці іншых дамоў адпачынку і дзіцячых лагераў. Ракаў мае добра развітую інфраструктуру: сярэдняя школа, бальніца, пошта, сельскі савет, лясніцтва, аўтастанцыя, прамкамбінат і інш. арганізацыі і ўстановы, якія робяць мястэчка цэнтрам шырокага навакольля. У суботу й нядзелю цэнтрам усёй акругі становіцца Ракаўскі базар, на які зьяжджаюцца з бліжэйшых і дальніх вёсак, а таксама з Менску. Побач з Ракавам, за 3 км, знаходзіцца Навапольскі сельгастэхнікум, што мае некалькі соцень навучэнцаў. Зьберагліся Праабражэнская царква, капліца Сьв. Ганны, касьцёл Найсьв. Дзевы Марыі, гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі.

 


Касьцёл Сьв. Ганны


Пабудаваны ў 1830 р. з цэглы на ўсходняй ускраіне вёскі, на каталіцкіх могілках. Пры ўваходзе на могілкі па восі капліцы размешчана брама-званіца — 3-пралётная арка з цэнтральным лучковым праездам і 2-арачным ярусам-звонам.

Помнік эклектычнага дойлідства з элементамі неаготыкі і класіцызму. Прасастакутнае ў плане збудаванне з паўкруглай апсідай накрыта 2-схільным дахам. Галоўны фасад вылучаны паўцыркульным уваходным парталам, завершаны 3-кутным франтонам з чацверыковай сігнатуркай і кутымі пінаклямі; у тымпане — круглая люкарна-ружа. Карніз расчлянёны стральчатай аркай уваходнага партала. Сцены аздоблены гранёнымі пілонамі (кутыя завершаны пінаклямі), расчлянёны пілястрамі ў прасценках паўцыркульных аконных праёмаў.

У інтэр’еры зала перакрыта плоскай столлю на падугах. У паўкруглую прастору апсіды ўпісана трапецападобная алтарная частка, за якой знаходзіцца паўкруглая сакрысція. Над уваходам хоры на 2 слупах з бакавой вітой лесвіцай. Пад алтаром — крыпта.

Сярод старых шляхецкіх пахаванняў знаходзіцца магіла беларускага кампазітара Грушвіцкага Міхаіла Рудольфавіча. М.Р. Грушвіцкі нарадзіўся 29.11.1828 р. у в. Выганічы (сёння вёска ў Валожынскім раёне) ў сям’і старшыні Менскага межавога суда. Скончыў Дваранскі інстытут у Вільні. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, які з-за хваробы вымушаны быў пакінуць. Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча "Дзяды" і твораў У. Сыракомлі. Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Менску. Апошнія гады пражыў у Ракаве. Міхаіл Грушвіцкі памёр 5.3.1904 р. У пачатку ХХ ст. на магіле быў усталяваны помнік — крыж з пясчаніка на мармуровым пастаменце.


Крыніца:

А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

І.І. Янушкевіч
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1988

 


Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі


На заходняй ускраіне вёскі, на правым беразе р. Іслач. Пабудаваны ў 1906 р. з жоўтай цэглы намаганнямі ксяндза Яўстахія Карповіча замест драўлянага касцёла Маці Божай Ружанцовай. Вялікі ўклад у будаўніцтва храма зрабілі князь Друцкі-Любецкі, памешчыкі Булгакі, Здзіхоўскія, Хелхоўскія і ўсе парафіяне. У 1911 р. пажар знішчыў драўляную плябанію, але не зачапіў храм. Каля касцёла праводзіліся кірмашы. Пасля 2-й сусветнай вайны не выкарыстоўваўся. У 1990-я рр. вернуты парафіянам.

Першы касцёл пабудаваў князь Геранім Сангушка ў 1676 р. Праз 10 гадоў Канстанцыя Тэадора Сангушка (з Сапегаў) фундуе кляштар дамініканцаў, існаванне якога адзначыу сакратар аўстрыйскай амбасады Ёган Корба. У 1712 р. ўвесь кляштарны комплекс згарэў; адбудаваны намаганнямі айца Валадковіча. У 1812 г. ў час вайны маскалёў з французамі касцёл спалены, адноўлены ў 1824 р. У 1835 р. дамініканскі кляштар скасаваны, а касцёл заменены на парафіяльны.

Помнік дойлідства неаготыкі. 3-нефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і круглай апсідай. Аб’ём цэнтральнага нефа накрыты 2-схільным дахам, які на галоўным фасадзе прыкрыты шчытом з зубчастым абрамленнем. Бакавыя больш нізкія нефы накрыты 1-схільнымі дахамі, вылучаны на галоўным фасадзе 2-яруснымі чацверыковымі вежамі з высокімі шпілямі. Крьшы трансепта над 2-схільнымі дахамі надаюць храму крыжовы план. Па фронце будынак расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі на 3 часткі: цэнтральная вылучана ўваходам у выглядзе стральчатай аркі з акном-ружай над ёй; 2 меншымі аналагічнымі парталамі вылучаны бакавыя ўваходы ў вежах. У дойлідскім афармленні шырока выкарыстаныя ступеньчатыя контрфорсы, высокія стральчатыя аконныя праёмы і нішы, зубчатыя фрызы і аркатурныя паясы. У інтэр’еры — стральчатыя скляпенні. У 1990-я рр. ўпрыгожаны сюжэтнымі барэльефамі выкананымі вядомым скульптарам Валяр’янам Янушкевічам, які стала пражывае ў Ракаве.


Крыніца:

А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

 


Царква Праабражэння Гасподняга


На вул. Менскай. Пабудавана ў 1730—93 рр. з цэглы як храм уніяцкага манастыра (заснаваны ў 1702 р., скасаваны ў 1839 р.) на сродкі прыхаджан, а таксама князя Сангушкі і членаў Ракаўскага брацтва Св. Ганны. У 1866 р. храм пераасвячоны ў праваслаўную Спаса-Праабражэнскую царкву. Мела 6 прыпісных храмаў: Свята-Крыжаўзвіжанскі ў Ракаве, у в. Выгонічы і 4 могілкавыя ў навакольных вёсках. У 1877 р. і 1884 р. рамантавалася. 2-прастольная з прыдзелам у імя Св. Міколы, прастольныя святы 19 жніўня і 19 снежня.

Помнік дойлідства барока з прыўнесенымі ў ХІХ ст. рысамі рэтраспектыўнарускага стылю. 1-нефавы прастакутны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай, да якой з паўночнага боку далучана рызніца, з паўднёвага — Мікалаеўская капліца з 3-граннай апсідай. Галоўны фасад эавершаны 3-кутным франтонам і быў фланкіраваны вежамі (захаваліся першыя ярусы). Сцены рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, апяразаны па перыметры прафіляваным карнізам. Па цэнтры 2-схільнага даху ў 1866 р. надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай — макаўка на 8-граннай шыі. Макаўка надбудавана і над франтонам невялікага правага прыдзела.

Унутраная прастора перакрытая цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, якое ў апсідзе завершана конхай. Апсіда вылучана аднесеным у яе глыбіню 1-ярусным пазалочаным іканастасам 2-й палавіны ХІХ ст. Над цэнтральным уваходам у малітоўную залу выступае галерэя хораў, якая апіраецца на 3-пралётную аркаду. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясцовых памешчыкаў (у 1866 р. засыпаная).

У 1886 р. перад царквой пабудаваная мураваная 2-ярусная пірамідальная брама-званіца рэтраспектыўна-рускага стылю. Ніжні ярус уяўляе сабой арку, верхні — 4-гранны аб’ём са скразнымі арачнымі прасветамі. Пакрыццё мае характэрныя для старажытнарускага дойлідства хвалепадобныя схілы.

 

Крыніца:

А.М. Кулагін
Праваслаўныя храмы на Беларусі
Мінск, "Беларуская Энцыклапедыя", 2001

 


Ракаў. Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1906 р. з жоўтай цэглы на заходняй ускраіне в. Ракаў (Валожынскі р-н), на беразе ракі Іслач. Трохнефавая дзвюхвежавая базіліка з трансептам і паўкруглай апсідай на высокім цокалі з вапнавых блокаў. Цэнтральны неф накрыты спічастым двухсхільным, бакавыя нефы — пакатымі аднасхільнымі дахамі. На галоўным фасадзе шчыпец з зубчастым абрамленнем, двух’ярусныя чацверыковыя вежы, завершаныя высокімі шпілямі. Галоўны ўваход вырашаны трыма стральчатымі парталамі з акном-"ружай" над імі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя высокімі стральчатымі вокнамі і контрфорсамі ў прасценках, дэкарыраваныя аркатурнымі фрызамі і паясамі. У інтэр’еры — стральчатыя скляпенні.


Крыніца:

А.М. Кулагін
Даведачнае выданне "Архітэктура Беларусі"
Энцыклапедычны даведнік
Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя", 1993
ISBN 5-85700-078-5

 


Гісторыя касцёла Маці Божай Ружанцовай і Св. Дамініка
(Да 100 угодкаў заснавання ракаўскай святыні)


Ёсць у нашай краіне цудоўнае маляўнічае мястэчка, якое называецца Ракаў. Жывуць тут добрыя, чулыя людзі. У Ракаве ёсць прыгожыя помнікі гісторыі і дойлідства: Ракаўскія валы, пра паходжанне якіх і прызначэнне існуюць толькі легенды, царква айцоў бызыльянаў грэка-каталіцкага абраду, замененая на праваслаўную царкву, капліца святой Ганны на могілках, прыгожыя надмагільныя помнікі і наш касцёл Маці Божай Ружанцовай і Св. Дамініка.

Паводле гістарычных звестак, Ракаў у летапісах успамінаецца з 1440 р. як маёнтак і двор, уласнасць караля і вялікага князя Казіміра. У тыя часы працавала народнае вучылішча, дзе займаліся дзеці з розных саслоўяў, без адрозненняў веравызнанняў. Дзецям католікаў Закон Божы выкладаўся рыма-каталіцкім законанастаўнікам "на мясцовым дыялекце".

Першая драўляная святыня ў Ракаве была пабудавана ў 1676 р. пры кс. Гераніме Сангушку. Праз 10 рокаў Канстанцыя Тэадора Сангушка (з Сапегаў) пачала будаўніцтва кляштара дамініканцаў, пра існаванне якога згадваў сакратар аўстрыйскай амбасады Ёган Корба. У 1712 р. увесь кляштарны комплекс згарэў, але пасля быў адбудаваны намаганнямі айца Валадковіча. У 1812 р. у час вайны з французамі касцёл згарэў, але яго зноў перабудавалі ў 1824 р. У 1835 р. дамініканскі кляштар зачынілі, а касцёл замянілі на парафіяльны. Першы камень мураванай святыні быў закладзены ў 1904 р. Вялікі ўклад у будаўніцтва храма зрабілі князь Друцкі-Любецкі, памешчыкі Булгакі, Здзяхоўскія, Хялхоўскія і ўсе парафіяне. У 1911 р. пажар знішчыў драўляную плябанію, але не зачапіў храм. Каля касцёла праводзіліся кірмашы. У гэты час пробашчам быў Яўстафій Карповіч, які ўстанавіў помнік у памяць 44 польскіх жаўнераў, забітых падчас польска-савецкай вайны ў 1920 р. Праз некаторы час у Ракаў прыехаў працаваць ксёндз Аляксандр Астрамовіч, вядомы і як беларускі паэт Андрэй Зязюля. У 1910 р. ён скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу. Служыў ксяндзом у вёсках Трабы, Ракаў, Смілавічы і інш. Ён прамаўляў да людзей па-беларуску.

Калі Ракаў уваходзіў у склад Польшы, пробашчам працаваў ксёндз Станіслаў Жук. Пры ім было арганізавана таварыства каталіцкай моладзі. За Ракавам, у полі, ксёндз Станіслаў праводзіў маёвыя набажэнствы. Падчас рэкалекцый, на якія прыязджала шмат святароў, на ўвесь дзень выстаўляўся Найсвяцейшы Сакрамэнт. Ксёндз Жук разам з моладдзю хадзіў на сенажаць са спевамі і малітвай. Разам з ксяндзом Станіславам працаваў ксёндз Дабравольскі.

У часы Другой сусветнай вайны наш касцёл не быў зачынены. Пробашчам у той час служыў ксёндз Ганушэвіч, а потым прыехаў ксёндз Смэк.

Калі прыйшлі саветы, яны знішчылі помнік, які ўстанавіў ксёндз Карповіч, і зачынілі святыню, якая доўгі час была Домам Божым для вернікаў. Спачатку бальшавікі зрабілі са святыні майстэрню для рамонту аўтамабіляў, потым там знаходзілася збожжасховішча. Савецкая ўлада вельмі добра "папрацавала" над тым, каб святыня страціла сваё аблічча. Мясцовыя жанчыны нават прыкідваліся цяжарнымі і адважна станавіліся на абарону касцёла, але служачых савецкай улады гэта не стрымлівала — яны адштурхоўвалі жанчын, білі іх і ўрэшце знішчылі касцёл.

Пасля дваццаціпяцігадовай ссылкі ў Сібір у нашу парафію прыехаў працаваць ксёндз Ян Такарскі. Доўгі час ён не мог зарэгістравацца як "служыцель культа". У яго не было дазволу на адпраўленне Святой Імшы і ўдзяленне сакрамэнтаў на працягу трох гадоў. Святая Імша праводзілася ў дамах вернікаў. Пасля звароту да маскоўскага пракурора ксёндз усё ж атрымаў афіцыйны дазвол на душпастырскую працу. Капліца св. Ганны, якая знаходзіцца на мясцовых могілках, была аддадзена вернікам, там ксёндз Такарскі адпраўляў Святую Імшу, абвяшчаў Слова Божае, спавядаў, хрысціў, благаслаўляў маладых і асобна рыхтаваў кожнае дзіця да Першай Святой Камуніі. Да 1959 р. абавязкі міністранта выконвала яго гаспадыня Міхаліна Станкевіч.

У сваіх казаннях ксёндз Ян часта крытыкаваў савецкую ўладу, за што і быў пазбаўлены права на душпастырскую працу на пяць гадоў. Ён застаўся ў Ракаве і тайна адпраўляў Святую Імшу ў сябе дома. На маленькай трохметровай верандзе ўстанавіў алтар. Спачатку ксёндз Такарскі дазваляў прысутнічаць на Імшы толькі сваёй гаспадыні Міхаліне. Аднаго разу, у першую пятніцу месяца, на Імшу сабралася некалькі чалавек. Раптам Міхаліна ўбачыла, што прыехала мясцовая ўлада — на кантроль. За некалькі хвілін усё было зачынена, а людзі схаваліся ў склепе. Нічога не знайшоўшы, чыноўнікі пакінулі дом, а ксёндз скончыў Святую Імшу. На працягу многіх гадоў у яго не раз адбіралася права на працу.

Выходзячы гуляць з сабакамі, адважны ксёндз тайна спавядаў у лесе, а пасля пані Міхаліна разносіла Святую Камунію. Людзі былі ўдзячныя яму за гэта і заўсёды падтрымлівалі ў цяжкія хвіліны.

Пасля пяцігадовага "адпачынку" ксёндз Ян зноў вярнуўся да працы ў капліцы. За такі доўгі час парафіяне адвыклі ад рэгулярнай рэлігійнай практыкі, але ксёндз не пакінуў сваіх вернікаў, а ўсімі сіламі змагаўся за адраджэнне веры ў сэрцах людзей. На жаль, з-за ўсіх гэтых выпрабаванняў у ксяндза Яна Такарскага пачалася хвароба сэрца. Нават не могучы, ён усё роўна адпраўляў Імшу. Хвароба ўсё больш і больш аслабляла яго. Памёр ксёндз Ян 15 снежня 1974 р. і пахаваны на могілках у Ракаве. Вернікі з удзячнасцю ўспамінаюць імя ксяндза Яна Такарскага па сённяшні дзень.

Пасля смерці ксяндза Яна Такарскага ў мястэчку не было свайго святара, але з Рубяжэвічаў прыязджаў ксёндз Пётр Пупін. У 1974–1979 рр. Імша праходзіла раз у два тыдні. Ксёндз Пупін гэтак ахвяраваўся для нашай парафіі, што нават гатовы быў пяшком прыйсці з Рубяжэвічаў, каб прамаўляць Слова Божае. У 1979 р. не стала і ксяндза Пятра...

Пасля яго смерці ў Ракаў пачаў прыязджаць ксёндз Люцыян Хмялёвец, пробашч з Дзераўнога. Ён таксама шмат зрабіў для адраджэння веры ў душах мясцовых людзей. Ксёндз Люцыян вельмі любіў працаваць з моладдзю, але, на жаль, яе не так шмат прыходзіла да касцёла ў тыя часы. Перад святамі праводзіў рэкалекцыі, на якія запрашаў шмат святароў, арганізоўваў пілігрымкі ў Вільню да Маці Божай Вастрабрамскай. Нягледзячы на сваё слабое здароўе, ксёндз Люцыян адпраўляў Святую Імшу два разы на тыдні, за што вернікі былі вельмі ўдзячныя яму.

У 1988 р. у ракаўскай парафіі стаў працаваць ксёндз Генрых Акалатовіч (1988–1990 рр.). Гэта быў наш першы сталы пробашч пасля ксяндза Яна Такарскага. За час працы ксяндза Генрыха аднавілася катэхеза для дзяцей і моладзі. Пры ім дзеці прыступілі да Першай споведзі і Камуніі.

У 1990 р. у нашу парафію быў прызначаны пробашчам ксёндз Міхал Сапель. Напачатку Імша праходзіла ў капліцы, але парафіяне разам з святаром змагаліся за тое, каб святыню аддалі вернікам, і ўжо ў 1992 р., на Вялікдзень, адбылася Імша ў адноўленай святыні. Дзякуючы намаганням ксяндза Міхала ў нашай святыні быў створаны хор, які ўпрыгожваў Святую Імшу сваім спевам. У той час адзін з міністрантаў, Пётр Шарко, паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Горадне, цяпер ён вядзе душпастырскае служэнне ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве. У 1995 р. ксёндз Міхал удзяліў сакрамэнт Першай споведзі дзецям, якіх падрыхтавалі сёстры дамініканкі.

З 1994 р. у нашу парафію пачалі прыязджаць дамініканкі з Менска, якія адчынялі дзіцячыя сэрцы на Божае Слова. Першымі з іх былі сёстры Анатоля і Бернардэта. На працягу многіх гадоў у парафіі працавала шмат сясцёр, якія прыклалі нямала намаганняў для духоўнага развіцця моладзі і дзяцей. Некаторы час у нас працавалі сястра Любаміра і сястра Юлія, а цяпер дзяцей навучае сястра Аляксандра. Мы вельмі любім нашых сясцёр, бо ведаем, што ў любы момант можам звярнуцца да іх па параду, і яны ніколі не адмовяць. Дзякуючы сёстрам шмат дзяцей нашай парафіі прыступіла да сакраманту Першай Святой Камуніі.

У канцы 1995 р. у ракаўскую парафію быў прызначаны пробашчам ксёндз Анатоль Парахневіч. Дзякуючы яго намаганням у касцёле загучалі першыя акорды аргана, а неўзабаве была адрамантавана наша святыня. Ксёндз Анатоль стаў праводзіць Імшы на беларускай мове, каб як мага больш людзей разумела, што кажа святар. У выніку ў касцёл пачало прыходзіць больш дзяцей і моладзі.

Летам 2003 р. у Ракаў прыехаў працаваць новы пробашч – ксёндз Дзмітрый Барыла, які з першых дзён пасябраваў і з моладдзю і са старэйшымі парафіянамі. Вернікі адразу прынялі яго як духоўнага настаўніка, які заўсёды дапаможа парадай і добрым словам. Ксёндз Дзмітрый гаворыць цудоўныя казанні, якія так глыбока западаюць у душы вернікаў, што яны яшчэ доўгі час памятаюць і паўтараюць словы святара. За кароткі перыяд у нашай парафіі шмат сямейных пар узялі сакрамэнт шлюбу дзякуючы таму, што ксёндз Дзмітрый пераканальна і прыгожа тлумачыў, што сапраўдная каталіцкая сям’я павінна паяднацца перад Панам Богам. Пробашч укладае шмат сілы ў тое, каб як мага больш католікаў навярнулася да Бога і вяло сапраўднае хрысціянскае жыццё.

У касцёл стала прыходзіць больш моладзі, якая разам са старэйшымі парафіянамі робіць шмат працы каля святыні, дапамагаючы маладому ксяндзу пробашчу.

У гэтым годзе ў нашай парафіі будзе ўдзелены сакрамэнт бежмавання, а яшчэ мы рыхтуемся адзначыць 100-годдзе заснавання касцёла. Адбудзецца вялікі фэст, на які мы шчыра запрашаем усіх, хто хоча раздзяліць разам з намі гэтую радасць. Асноўныя ўрачыстасці пройдуць 29-30 траўня.


Крыніца:

Ірына Магала.
"catholic.by"

 


Ракаў. Царква Праабражэння Гасподняга


Помнік дойлідства пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. На цэнтральнай плошчы в. Ракаў (Валожынскі р-н). У 1793 р. на месцы старажытнай царквы (упамінаецца пад 1465 р.) пабудаваны з цэглы касцёл на сродкі парафіян і ахвяраванні князя Сангушкі і членаў ракаўскага брацтва Святой Ганны (50 тыс. руб.). Аднанефавы прастакутны ў плане храм з паўкруглай апсідай, да якой з паўночнага боку прымыкае рызніца, з паўднёвага — Нікольская капліца з трохграннай алтарнай часткай. Галоўны заходні фасад плоскасны, крапаваны пілястрамі, расчлянёны лучковымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах, завершаны шырокім трохкутным франтонам; быў фланкіраваны вежамі (захаваліся ніжнія ярусы). Сцены расчлянёныя лучковымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках. У 1866 р. пры пераўтварэнні касцёлу ў праваслаўную царкву быў надбудаваны купал з цыбулепадобнай галоўкай на драўляным васьмігранным барабане. Храм перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі. Над цэнтральным уваходам хоры, якія апіраюцца на трохпралётную аркаду. У 2-й палове ХІХ ст. перад царквой, па яе падоўжнай восі, пабудаваная двух’ярусная пірамідальная брама.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Крыніца:

А.М. Кулагін
Даведачнае выданне "Архітэктура Беларусі"
Энцыклапедычны даведнік
Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя", 1993
ISBN 5-85700-078-5

 


Музей-галерэя "Янушкевічы"


Прыватная галерэя Фэлікса Янушкевіча, ўсяго за якіх 35 км ад Менска, быццам бы пераносіць у іншы сусьвет, або прынамсі ў іншую краіну — у Беларусь без знаку маскалёўска-савецкай уніфікацыі. Зусім непадобнае гэта месца й на традыцыйна-нудныя беларускія савецкія краязнаўчыя музэі, зацыкленыя на прыгонна-калгаснай "этнакультуралёгіі". Жыцьцё старасьвецкай шляхты і дробнай местачковай буржуазіі паўстае ва ўтульных пакоях раздзіннага дому Янушкевічаў як жывое. Стары посуд, мэбля, адзеньне, музычныя інструменты, карціны й абразы, і безліч небанальных апавяданьняў пра мінулае мястэчка, здаўна вядомага як сталіца злодзеяў, канакрадаў ды кантрабандыстаў. 25 хвілін язды ад шумнага і бесталковага мегаполіса — вартыя таго, што вы ўбачыце ды пачуеце! 

Галерэя мае назву “Янушкевічы” — паводле прозьвішча заснавальнікаў скульптара Валяр’яна і жывапісца Фэлікса Янушкевіча, а таксама іхных братоў. Агульная плошча рознаўзраўневага будынку каля пяцісот квадратных мэтраў. Фэлікс Янушкевіч кажа, што спатрэбілася дзесяць рокаў, каб скончыць будоўлю галерэі. Уласна, калекцыя пачала зьбірацца яшчэ ў 1970-х роках. Прычым стваральнікі маюць магчымасьць прадэманстраваць толькі траціну сваёй калекцыі. 

Наведнік праходзіць празь некалькі заляў, дзе бачыць скульптуры і карціны Валяр’яны і Фэлікса Янушкевічаў, а таксама іхных сяброў. І паралельна экспанаты побыту, датычныя Ракава: свайго кшталту краязнаўчую экспазыцыю. Самы стары экспанат зроблены ў XVII стагодзьдзі. Вядома, ёсьць шмат керамікі, якой славіўся Ракаў. Багата кніжак, шкляных вырабаў габрэйскіх рамесьнікаў, польскамоўныя і нямецкамоўныя шыльды ды дакумэнты. У экспазыцыі ёсьць падарожны працоўны столік Адама Міцкевіча. Адзін з продкаў Янушкевічаў працаваў у вялікага паэта сакратаром. 

На экскурсію ў галерэю і музэй можа патрапіць кожны. З асаблівым захапленьнем Фэлікс Янушкевіч распавядае пра жыцьцё Ракава міжваеннага часу 1920-30-х рокаў. Ну хто б з сучасных беларусаў мог западозрыць, што звычайнае з выгляду мястэчка Ракаў перад вайной была мястэчкам з дзьвюма сотнямі крамаў і сотняй кавярняў і рэстарацыяў?


Крыніца:

Алесь Белы, Севярын Квяткоўскі
Радыё "Свабода"

 


Ракаў і ваколіцы: падарожжа ў сталіцу кантрабандыстаў


Ракаў і яго ваколіцы прадстаўляюць вялікую цікавасць для людзей, неабыякавых да беларускай гісторыі.

Многія з нас дзякуючы несмяротным творам Сяргея Пясецкага чулі пра маленькае беларускае мястэчка Ракаў, якое знаходзіцца ў 40 кіламетрах ад беларускай сталіцы.

У гэтага населенага пункта былі ўсе шанцы ператварыцца ў звычайную безаблічную беларускую вёсачку, але тое, што Ракаў знаходзіўся ля самай савецка-польскай мяжы і ў 1920-1930-я рокі быў сапраўднай сталіцай "пшэмытнікаў”, зрабіла яму славу і ператварыла ў прывабнае месца для турыстычных паездак.

Аднак калі пра ракаўскіх кантрабандыстаў напісана досыць шмат, то на іншыя цікавыя старонкі гісторыі гэтых месцаў, на жаль, увагі звяртаецца мала. Таму ў гэтым матэрыяле я раскажу менавіта пра іх.

У "Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін”, выдадзеным у 1888 року, адзначалася, што Ракаў знаходзіўся на гандлёвым тракце з Менска ў Першаі і далей на Ашмяны.

Ужо тады, у канцы XIX ст., аўтары гэтага выдання пісалі пра маляўнічыя краявіды, якія атачаюць гэтую мясцовасць. У мяне асабіста склалася ўражанне, што я знаходжуся не пад Менскам, а ў Швейцарыі, Аўстрыі ці дзесьці ў польскай горнай Сілезіі.На шляху з Заслаўя да Ракава абавязкова варта заехаць у вёску Новае Поле. Тут знаходзіцца тыповы палац беларускай шляхты XIX ст. Польскі даследчык Раман Афтаназі так апісваў гісторыю гэтага паселішча: "Спачатку Новае Поле было ў валоданні Сангушкаў, але ў другой палове XVIII ст. яно перайшло да літоўскага падскарбія, князя Міхала Агінскага, які, у сваю чаргу, прадаў гэты маёнтак полацкаму стольніку Юзафу Селяве". Пазней Новае Поле пераходзіць да князёў Друцкіх-Любецкіх.

Апошнім уладальнікам новапольскага маёнтка быў князь Іеронім Друцкі-Любецкі-малодшы (1861-1919 рр.). Гэты чалавек быў членам Рады Менскага сельскагаспадарчага таварыства і дэпутатам расейскай Дзяржаўнай думы. Дарэчы, яго сын Канстанцін, які нарадзіўся ў 1893 року ў маёнтку Парахонск Пінскага павета, быў дыпламаваным палкоўнікам Войска Польскага, кавалерам Крыжа Віртуці Мілітары.

Падчас Першай сусветнай вайны Канстанцін Друцкі-Любецкі служыў у Рускай імператарскай арміі, быў паранены ў баях. Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы ў складзе Войска Польскага ўдзельнічаў у савецка-польскай вайне (у прыватнасці, камандаваў атрадам, які ў кастрычніку 1920 року занімаў дэмаркацыйную лінію пад Менскам).

У міжваеннае дваццацігоддзе Канстанцін служыў у кавалерыі на кіруючых пасадах, а ў жніўні 1939 року быў прызначаны камандзірам Віленскай брыгады кавалерыі Войска Польскага. На пачатку Другой сусветнай вайны гэтая вайсковая частка ў складзе Арміі "Прусы” ўдзельнічала ў баявых дзеяннях супраць нямецкіх войск пад Пётркавым Трыбунальскім і Мацеёвіцамі.

Падчас спробы прарвацца ў Венгрыю палкоўнік Канстанцін Друцкі-Любецкі апынуўся ў савецкім палоне, быў змешчаны ў лагеры ў Старабельску і ў красавіку 1940 року расстраляны НКУС у Быкоўні пад Кіевам. У 1964 року яму пасмяротна было прысвоена званне брыгаднага генерала.

Цікава, ці думаў Канстанцін пра маёнтак у Новым Полі, калі занімаў у 1920 року дэмаркацыйную лінію ля Менска? Мяркую, што так, тым больш што палац, які знаходзіўся там, быў варты таго, каб пра яго паклапаціцца.

Як адзначае Раман Афтаназі, хутчэй за ўсё першапачатковы будынак збудавалі князі Селявы (у 1820-х  роках), а пазней ужо новыя ўладальнікі дабудовывалі палац. У канцы XIX ст. гэта была шыкоўная шляхецкая рэзідэнцыя, пра веліч якой мы можам судзіць і сёння.

Пасля Другой сусветнай вайны ў маёнтку размяшчаўся тэхнікум, а зараз гэта адзін з карпусоў аграрна-эканамічнага каледжа. Вакол палаца знаходзіцца княжацкі парк.

Далей пераязджаем былую савецка-польскую мяжу і перад самым Ракавам бачым маленькую каплічку з крыніцай, пабудаваную ў 1993 року. Насамрэч каплічка тут існавала з XVI ст., аднак у савецкія часы яе разабралі. Ад той, першай, пабудовы да сённяшняга дня захаваўся толькі фундамент.

Вось мы нарэшце і ў Ракаве. У гэтай публікацыі я не буду падрабязна расказваць пра ўсе турыстычныя аб’екты, якія ёсць у мястэчку, тым больш што пра гэта ўжо багата напісана.

Безумоўна, варта наведаць праваслаўную Спаса-Прэабражэнскую царкву, пабудаваную ў 1793 року, якая не была зачынена нават у часы ваяўнічага камунізму. Дарэчы, на звонніцы, якая стаіць побач з царквой, знаходзяцца аўтэнтычныя званы ХІХ ст. А сама вежа была ўзведзена ў гонар 25-х угодкаў адмены прыгону ў 1887 року.

Наступным вартым увагі аб’ектам з’яўляецца касцёл Маці Божай Ружанцовай пабудовы пачатку ХХ ст. Ля касцёла стаіць пастамент, на якім умацавана дрэва з крыжом. Мясцовыя апавядаюць, што ў міжваеннае дваццацігоддзе тут стаяў нейкі польскі помнік, але савецкія ўлады яго знішчылі.

Недалёка ад касцёла знаходзіцца будынак з калонамі. Аказалася, што гэта лядоўня. Яшчэ адным цікавым месцам з’яўляецца старажытнае гарадзішча ў выглядзе некалькіх пагоркаў.

Далей мы едзем на старую савецка-польскую мяжу, якая праходзіла ў тым ліку і ля вёскі Душкава. У самім населеным пункце знаходзіцца таксама шмат цікавых аб’ектаў.

Напрыклад, старая каплічка пабудовы пачатку ХІХ ст., ля якой знаходзіцца некалькі крыптаў. У адной з іх пахаваны прах генерал-маёра маскалёўскай арміі Караля Мараўскага. Гэты чалавек нарадзіўся ў 1767 року на Віленшчыне. У 1789 року ён быў палкоўнікам Войск Вялікага княства Літоўскага, а ў 1792 року ўдзельнічаў у вайне супраць Расейскай імперыі. За мужнасць падчас бітвы супраць маскалёўскіх войск пад Брэст-Літоўскам быў адзначаны кавалерскім крыжам Ордэну Віртуці Мілітары.

Падчас паўстання ў 1794 року Тадэвуш Касцюшка прызначыў Караля Мараўскага галоўнакамандуючым Войск ВКЛ. Аднак хутка генерал трапіў у рускі палон і быў сасланы ў Сібір.

У 1796 року цар Павел І вызваліў ліцвіна і даў яму магчымасць служыць у маскалёўскай арміі ў званні генерала. У 1812 року Караль Мараўскі перайшоў на службу ў Войска Варшаўскага княства, а пазней аказаўся на службе ў Напалеона. Пасля паразы напалеонаўскай арміі былы генерал Войск ВКЛ адышоў ад вайскова-палітычных спраў, вярнуўся ў Душкава і да самай смерці займаўся гаспадаркай ва ўласным маёнтку.

Вяртаемся ў 1930-я рокі. Зусім блізка ад гэтай вёскі знаходзілася польская памежная стражніца. Зараз ад яе ўжо нічога не засталося.

Цікавы факт: мясцовыя жыхары расказваюць, што ў задачу польскіх памежнікаў уваходзіў кантроль за тым, каб сцены вясковых будынкаў былі памаляваны ці пабелены, а брук вычышчаны ад гною і бруду. Так, дарога ў гэтай вёсцы была выкладзена брукам. Жаўнеры КАПа спецыяльна некалькі разоў на тыдзень праводзілі агляд населенага пункта і штрафавалі тых, хто не выконваў гэтыя патрабаванні.

Знаходзіўся ў Душкава і яшчэ адзін вельмі цікавы памежны аб’ект. Вядома, што ў 1937 року ў БССР актыўна абмяркоўвалася ідэя аб пераносе сталіцы рэспублікі з Менска ў Магілёў. Адной з прычын выказвалася тое, што з польскага боку беларуская сталіца бачна як на далоні і пры неабходнасці артылерыя Войска Польскага магла весці агонь па Менску са сваёй тэрыторыі.

Аказалася, што на адным з пагоркаў ля Душкава ў 1930-я рокі камандаванне КАП усталявала высокую драўляную памежную вышку ("маяк", як яе называлі мясцовыя жыхары), з якой у бінокль былі бачны… Оперны тэатр і, што самае галоўнае, Дом ураду БССР.

З такога назіральнага пункта можна было не толькі сачыць за памежнай дыстанцыяй, але пры неабходнасці паспяхова карэктаваць агонь дальнабойнай артылерыі. Пасля вайны гэтая вышка яшчэ доўга стаяла і на яе лазілі вясковыя хлопцы.

Сёння, калі на святы ў Менску даюць салют, мясцовым жыхарам няма неабходнасці ехаць у сталіцу. Хопіць узабрацца на гэтыя "памежныя” пагоркі і ўсё убачыць без перашкод. 

Вось такія цікавыя месцы знаходзяцца ўсяго ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Менска. Іх варта наведваць і вывучаць, бо наша беларуская гісторыя ўтрымлівае ў сабе шмат нязведанага.

 

Крыніца:

 
http://www.istpravda.ru/bel

 


Пешшу 40 кіламетраў у Ракаў, дарогай шпіёнаў і кантрабандыстаў

 

Калі вы думаеце, што сумесны праект часопіса “Большой”, auto.tut.by і кампаніі “Будзьма беларусамі!” не ўмее хадзіць пешшу, вы памыляецеся: за адну ноч мы прайшлі ад Менска да Ракава, паўтарыўшы дарогу вядомага кантрабандыста і шпіёна Сяргея Пясэцкага.

Цёмная ноч, толькі кулі свішчуць над зямлёй: стаім на выездзе з Менска, нацэленыя на аграгарадок Ракаў, і цяпер я растлумачу, навошта гэта трэба і хто такі Сяргей Пясэцкі.

20-я рокі — вельмі неспакойны час для нашай краіны, зрэшты, як і многія іншыя часы. У 1921-м, згодна з Рыжскай дамовай (ад нашай рэспублікі прадстаўнікоў у Рызе не было), Беларусь была падзеленая на дзве часткі, Усходнюю і Заходнюю. Усходняя адышла СССР, Заходняя — Польшчы. Мінск аказаўся сталіцай БССР, а Ракаў стаў самым блізкім заходнім горадам да сталіцы савецкай рэспублікі. Мяжу правялі на паперы, але па факце, з улікам лясоў, рэк і балот, яна некалькі гадоў была вельмі “празрыстай”.

Так, працавалі патрулі, мяжу ахоўвалі — але суцэльнага плота не было, што дазволіла Ракаву стаць кантрабандысцкай Тартугай.

— 96 рэстаранаў і 4 бардэлі: гэта толькі афіцыйныя лічбы, а колькі было нелегальных устаноў… — каментуе сітуацыю Фелікс Янушкевіч, жыхар Ракава.

Кантрабанда ў беларусаў у крыві: азірніцеся вакол, пачытайце зводкі навін. Беларускія цыгарэты падрываюць рынак Ірландыі, перастрэлка ў Мукачаве здарылася праз беларускія цыгарэты. А нядаўна быў затрыманы ледзь не ўвесь асабісты састаў мытнага паста “Каменны Лог”. Гэта цяпер, а што рабілася ў 20-я? Калі кантроль быў не такім жорсткім. Лас-Вегас быў бездапаможнай пародыяй на Ракаў. Пра гэта і піша Сяргей Пясэцкі ў сваёй кнізе “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”.

“Мы жылi як каралi. Гарэлку пiлi шклянкамi. Кахалi нас ладныя дзяўчыны. Хадзiлi мы па залатым дне. Расплачвалiся золатам, срэбрам i далярамi”, — цытата з кнігі самага вядомага ракаўскага кантрабандыста. У 20-я рокі ён кантраляваў вялікі ўчастак мяжы. 1921—1926 рр. — залаты час для Пясэцкага, Ракава і ўсіх кантрабандыстаў. У 1926-м палякі пасадзілі Пясэцкага за забойства, а СССР у канцы 20-х забетанаваў мяжу велізарнай колькасцю дотаў, той самай “Лініяй Сталіна”. Грашовае шчасце было, як заўсёды, нядоўгім, але было.

“Вабілі нашы таямнічыя начныя падарожжы. Прыцягвала нервовая напружанасць, гульня са смерцю і небяспекай. Я люблю вяртанні з далёкіх цяжкіх вандровак. А пасля — гарэлка, песні, гармонік, вясёлыя твары хлопцаў і дзяўчат… якія кахаюць нас не за нашыя грошы, а за смеласць, адвагу, весялосць, разгульнасць і пагарду да грошай…” — у 1935 року, у турме, Пясэцкі піша раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, які робіцца эўрапейскім бэстсэлерам. Шматлікія крыніцы сцвярджаюць, што ў 1938 року Пясэцкага намінавалі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры! Відавочны поспех беларускай літаратуры: хоць ёсць упэўненасць, што раман падвергнуўся “літаратурнай апрацоўцы” ангельскіх рэдактараў. Пясэцкі супрацоўнічаў з многімі выведкамі, таму яго вырашылі вызваліць з турмы пры дапамозе літаратуры.

Гэта была спецаперацыя: у турме ён напісаў “балванку”, якую апрацавалі ангельскія спецыялісты. Апрацоўка была настолькі добрай, раман пра ракаўскія прыгоды так спадабаўся чытачам, што падняўся вялікі рух па вызваленні літаратара з турмы — і ў 1937 року Сяргея Пясэцкага вызвалілі.

Модны пісьменнік адразу трапіў у варшаўскі бамонд, але…

“Што вы, курва, ведаеце пра жыццё i пiсанне кнiг”, — з гэтай фразай Пясэцкі сышоў на мяжу, пачаў камандаваць пагранатрадам. Сяргей Пясэцкі напэўна ўвойдзе ў падручнікі беларускай літаратуры: якасць і значэнне “Каханка Вялікай Мядзведзіцы” — сусветныя. Пры гэтым апісваецца вобраз не пакорлівага беларуса, а гэткага Джэймса Бонда: жанчыны, прыгоды і перастрэлкі.

Такі вобраз дзецям у школе спадабаецца нашмат больш, чым “пан сахі і касы”.

Цяпер параўноўваць аграгарадок Ракаў і сталіцу Беларусі Менск нельга, а тады Ракаў быў багацей і цікавей: што казаць, у 20-я ў Ракаве было 126 аўтамабіляў, 134 крамы. Багата жылі.

— У 60-я рокі нашага ракаўскага хлопца нават злавілі ў цяперашняй гасцініцы “Эўропа”: выпіў, спрабаваў расплаціцца золатам, якое засталося з “кантрабандных” часоў.

Гэта цяпер, каб хутка азалаціцца, трэба аформіць крэдыт у банку, а тады — мех на плечы і пайшоў! Акрамя мяшкоў часта вадзілі “фігуркі”: выводзілі людзей з Савецкага Саюза. Паток бежанцаў быў сталым, людзі баяліся рэпрэсій, расстрэлаў, сыходзілі з СССР. На “фігурках” удавалася зарабіць больш.

Пасля такой доўгай прэлюдыі пачынаем “кантрабандны” шлях і мы. Мы слабакі, і, каб не “біць ногі” па Менску, стартуем з запраўкі “Беларуснафта” ў пачатку трасы М6. Не кожную ноч даводзіцца ісці 35-40 км, а калі выходзіць з Менска, атрымаюцца ўсе 50. Таму стартуем ад кальцавой.

У 23:30 пакідаем Менск. Сталіца ззяе і пераліваецца сваімі казіно, не падазраючы, што некалі зусім побач быў свой Лас-Вегас. Ведаеце, чаму сталіцу БССР хацелі перанесці ў Магілёў? Таму што з горак недалёка ад Ракава выдатна відаць быў Менск, польская артылерыя магла прыстрэльвацца па сталіцы без праблем.

Прайшоўшы 200 метраў па асфальце, у мэтах канспірацыі мы “ўлезлі” ў кукурузнае поле. Здымкі там атрымліваліся добрыя, але ісці было цяжка. І баяліся кабаноў: сустрэнеш такога ў кукурузе — будзе Стывен Кінг і Эдгар По.

— У 20-я кантрабандысты больш асцерагаліся не кабаноў, а сялян, — кажа Фелікс Янушкевіч. — Ведаеце, што такое чатырохзарадны беларускі карабін? Гэта вілы, яны адразу робяць чатыры дзіркі, на кантрабандыстаў палявалі не толькі памежнікі, але і мясцовае насельніцтва. Забіў, адабраў тавар — і ўсё, неўрадлівы год селяніну не страшны.

Пра гэта ж піша і Пясэцкі: “”Адхiнуўшы заслону змроку на пагранiччы, мы ўбачылi б акул гранiцы: сялян, якiя з абрэзамi, карабiнамi, рэвальверамi, сякерамi, вiламi i каламi ў руках цiкуюць здабычу”.

А што менавіта насілі кантрабандысты? Тое ж самае, што і сёння. З заходняга боку — тавары фабрычнай вытворчасці. Соскі, іголкі, завушніцы, бранзалеты: усю дробязь, якой у Савецкім Саюзе не было або якасць якой была жахлівая. Запіс з архіваў НКУС:

“З вялікімі закупкамі вярнулася з Заходняй Беларусі брыгада артыстаў Белдзяржфілармоніі. Яны дадумаліся да таго, што многія артысты, выязджаючы ў Заходнюю Беларусь, надзелі на сябе самую дрэнную вопратку з тым, каб там, скінуўшы яе, апрануцца ва ўсё новае. 21.09  г.р. гэтая брыгада выступіла ў Ваўкавыску, многія былі апранутыя настолькі дрэнна, што з боку насельніцтва з’явілася здзіўленне таму, што артысты Савецкага Саюза вельмі дрэнна апранаюцца”.

Нічога не нагадвае? У Літву, Украіну, Польшчу, Расію (патрэбнае падкрэсліць) даўно чытач ездзіў?

З СССР насілі золата і выводзілі людзей.

Да гадзіны ночы неба пацямнела, з’явілася тая самая Вялікая Мядзведзіца.

— Наўрад ці яны па ёй ішлі, хутчэй за ўсё па Мядзведзіцы лёгка было знайсці Палярную зорку і па ёй зарыентавацца, — разважае ўслых фатограф-аператар Антон, а Пясэцкі пісаў так.

“Зоркі свецяць імгліста. Верхам пракрадаюцца хмары. Яны патаемна пераходзяць праз невядомыя людзям кардоны. А на паўночным захадзе цудоўна блішчыць каштоўнымі каменьчыкамі прыгожых зорак найпрыгажэйшая Вялікая Мядзведзіца. Яе пяшчотна ахуталі лёгкія снежна-белыя бухматыя аблокі…”

Улетку ніхто праз мяжу не хадзіў: занадта кароткая ноч. Позняя восень, калі ночы доўгія, а месяц хаваецца за аблокамі — найлепшы час для кантрабандыстаў. Паважалі кантрабандысты і завіруху, яна замятае сляды.

Прайшлі Хацежына, крочым у Старое Сяло: ад Менска 10-15 км, а лес добры, якасны. Вялікія дрэвы, вялікі страх: калі кабан затрашчаў у кустах, мы аж прыселі.

На гадзінніку ўжо каля трох ночы, Старое Сяло, з цемры вынырвае група веласіпедыстаў.

— Хлопцы, вы куды?

— Мы на рыбалку едзем…

У лесе паміж Старым Сялом і вёскай Наваселле становіцца зразумела, што паход мы правалілі: бліжэй да чатырох раніцы пачынаецца світанак, да Ракава за ноч мы дакладна не дойдзем. Хоць прагулка сама па сабе клас: бачылі ноч, гулялі да раніцы.

Кантрабандысты, калі не паспявалі дайсці за ноч, “залягалі на дно”.

“Наша меліна вельмі небяспечная. З усіх бакоў мы акружаны ворагамі. Навокал па дарогах, па сцежках, па лясах, па палях, па лугах лазяць зялёнкі, падпольшчыкі, мытнікі, сексоты, чэкісты. А мы сядзім, нібыта ў гняздзе, у дасканала замаскіраванай меліне…”

Нам баяцца няма чаго, таму ідзем далей. Дом на фота, як мне здаецца, сімвалізуе Беларусь і тады, і цяпер — ментальна падзеленую на Захад і Усход.

Мы клыпаем далей: пешая прыгода ўжо не здаецца такой забаўнай, гудуць ногі, пульсуе пасля ночы без сну галава. На гарызонце з’яўляецца дот “Лініі Сталіна”. Усім скептыкам паведамляю інфармацыю: “Лінія Сталіна” сапраўды існавала, падзяляла нашу краіну на дзве часткі. Баявая задача: трымаць абарону 15 дзён да падыходу асноўных сіл. На 15 дзён быў разлічаны сухі паёк і запас снарадаў.

Лінія ўмацаваных раёнаў канчаткова сфармавалася ў пачатку 30-х: усё, з тых часоў заходняя мяжа была на замку з 7000 дотаў. У Менскі умацавальны раён было заліта каля 43000 кубаметраў бетону, разам з ім былі залітыя ўсе дзіркі на мяжы: мыш не праскочыць. З кантрабандай скончана.

Унутры дота ў 2015 року амаль усё гатова да бою, толькі зброі няма. Калі паставіць, трасу М6 прастрэльваць можна, цьфу-цьфу.

Усіх аматараў дыгерства хачу перасцерагчы: часта ў дотах сустракаюцца глыбокія ямы-падвалы, таму глядзіце пад ногі і бярыце з сабой ліхтарык.

“Калi б вечарам, у глухую восеньскую ноч, адкiнуць на даўжэйшым адрэзку гранiцы павалоку змроку, дык мы б убачылi партыi перамытнiкаў, якiя цягнуцца да гранiцы…”, — цытаваць Пясэцкага становіцца ўсё складаней, на гадзінніку каля шасці раніцы, перастаўляць ногі цяжка. Страшна падумаць, як кантрабандысты хадзілі з цяжкімі заплечнікамі па снезе, брудзе. Калі пагоня насядала на пяткі або ісці было неспакойна, кантрабандысты рабілі “закладкі”. Хавалі золата ў дуплах, пад камянямі.

Альбо тапілі ў рацэ Манюньцы, па якой ішла мяжа. Чорныя капальнікі, ваш выхад — хоць я спадзяюся, абыдзецца без вас.

— У мяне сусед быў, дзядок, усё на ногі скардзіўся, балелі… Потым прызнаўся: у рацэ ад памежнікаў хаваўся, прастудзіла. Распавядаў, што шмат “залатых” дрэў у ваколіцах Ракава было, спілавалі, а ў дупле — золата. Засталося ад кантрабандыстаў…

Па дарозе — дачнае таварыства “Ручаі” ад ЦЭЦ-4, мілае мястэчка, дзе ўсюды вісяць знакі пра мяжу, якая праходзіла ў 20-я—30-я. І, як ні дзіўна, мясцовыя ўсю гісторыю пра Пясэцкага і кантрабандыстаў ведаюць!

— У мяне сын капаў, капаў — і знайшоў старую біжутэрыю, хтосьці з кантрабандыстаў тут пакінуў. Цяпер шкадуе, у дзяцінстве памяняў на нешта, цяпер бы захаваў.

“Яны працуюць шалёна. Ім ледзьве хапае часу на прапіванне заробленых грошай. Амаль не бачым дзённага святла, бо ўдзень спім пасля доўгай працоўнай ночы”, — за шэсць-сем гадоў працы кантрабандысты пакінулі моцны след.

Далей не ідзем, паўзём: не ведаю, як з кантрабандай, але з цёплымі рэчамі і такой-сякой апаратурай вельмі цяжка.

Каля васьмі раніцы з Аксакаўшчыны на гарызонце бачым Ракаў. О багі, мы амаль дайшлі! Амаль гадзіну павольна клыпаем ад Аксакаўшчыны ў цэнтр Ракава.

Такім чынам: у канцы выглядалі як кавалерысты, плёхалі па Ракаве, шырока расставіўшы ногі. Атрымалася крыху больш за 40 км з улікам нашых петляў па палях, лясах.

9:30 раніцы. Ракаў. За 10 гадзін мы прайшлі шлях кантрабандыстаў і шпіёнаў. Усяго адна ноч, а уражанняў на тыдзень. Канстатую: чым у Менску ў барах піць, лепш так прайсціся. Ранішнія адчуванні прыкладна тыя ж.

Калі наш пешы паход разбавіць пагоняй, арыштам, вызваленнем з рук савецкіх памежнікаў і наступным узліваннем у ракаўскай карчме з адпачынкам у ракаўскай “маліне”, атрымаецца добры турыстычны прадукт.

Але ўжо быў такі маршрут! Няхай не пешшу, хай на аўтамабілі, але турыстычны маршрут такі быў. Беларусы не паехалі. Беларусам было ляніва. Таму ў гэтым сезоне “кантрабандныя” анімацыі не праводзяцца.

“Вакол не людзі, а чалавекі-чалавечкі — практычныя, баязлівыя, якія зубамі і кіпцюрамі трымаюцца за кавалак нэндзнага існавання, гатовыя за яго горла кожнаму перагрызці… Прыземленыя, мяшчанскія словы, пачуцці, учынкі… Анічога вялікага, узнёслага…” — вось што пісаў Пясэцкі з гэтай нагоды. Буду рады, калі ён памыляўся: мы пешшу схадзілі, гайда, хлопцы і дзяўчаты, хто з вас са мной?


Крыніца:

Дзмітрый Навіцкі
“Будзьма беларусамі!”



Обновлен 05 ноя 2015. Создан 22 июл 2015



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter