Гісторыя й дойлідства Прылукаў

Прылукі, Менскі раён, Менская вобласьць



Прыл`укі [1] — аграгарадок ў Сеніцкім сельсавеце Менскага раёну Менскай вобласьці на шашы H9033. Месьціцца на беразе ракі Пціч.


Назва


Назва паселішча ўтварылася ад тэрміна "лука" — дугападобны паварот ракі[2].

Таксама паходжаньне назвы "прылукі" тлумачыць мясцовая легенда, паводле якой у старадаўнія часы тут адбыўся двубой баярына Яраслава з сваім колішнім паплечнікам за права застацца з маладзіцаю Люблянаю, у выніку якога яны загінулі разам і месца іхнае сьмерці было названае Прылукамі (паводле віду зброі, якой яны біліся)[3].

Гэты сюжэт апрацоўвае ў сваім апавяданьні "Прылукі" (1893 р.) беларускі празаік Карусь Каганец.


Гісторыя


Упершыню згадваецца ў 1567 року як сяло і шляхецкая ўласнасьць Есьманаў і Горскіх. У 1582 року — сяло, цэнтар маёнтку, уласнасьць Багдана Статкевіча, двор. У 1600 року — сяло, уласнасьць жонкі Багдана Статкевіча і яго сына Вільгельма. У 1667 року — маёнтак, шляхецкая ўласнасьць, 19 дымоў. У 1791 року — вёска, цэнтар маёнтка (8 вёсак) Каралішчавіцкай парафіі, уласнасьць Максыміляна Іваноўскага, 3 двары, 3 фальваркі, 83 дымы, 5 корчмаў[2].

У 1800 року — панскі двор, сяло і вёска, уласнасьць старасьціхі Т. Іваноўскай. Двор і сяло месьціліся на левым беразе ракі Птыч. Тут месьцілася драўляная ўніяцкая царква, мураваны панскі дом, сад рэгулярнай пляніроўкі, млын на два паставы і сукнавальня[2]. Сама вёска месьцілася на правым беразе ракі: 19 двароў, 129 жыхароў. З 1815 року — уласнасьць Людвікі Іваноўскай, а па жаночай лініі — менскага губэрнскага маршалка шляхты Леана Ашторпа, па сьмерці якога вёска дасталіся яго зяцю, знакамітаму аграному Атону Гарвату, які ў 1851 року перабудаваў замак у цудоўны палац гатычнага стылю, заклаў вялікі сад з аранжарэяй пры ім і узьвёў вежу з гадзіньнікам. У 1868 року палац згарэў, аднак у 1872 року быў адноўлены[2].

З 1872 року — уладаньне вядомага калекцыянэра і нумізмата Эмэрыка Чапскага, з 1897 року — уладаньне яго сына Юрыя (Ежы).

У 1897 р. Прылукі — вёска Самахвалавіцкай воласьці, 8 двароў, 50 жыхароў, 2 кузьні, народнае вучылішча, царква, хлебазапасная крама, карчма. У маёнтку Прылукі 7 двароў, 206 жыхароў. У 1917 р. ў сяле 4 двары, 23 жыхары; у маёнтку двор, 335 жыхароў.

У часы Другой сусьветнай вайны ў будынку палаца знаходзілася рэзыдэнцыя гаўляйтэра Вільгельма Кубэ. Часткова разбураны ў Другую сусьветную вайну, палац адбудаваны ў пасьляваенны час. Цяпер тут месьціцца Беларускі навукова-дасьледчы інстытут аховы расьлінаў.


Цікавыя факты


• у Прылуках знаходзіўся так званы "Зачараваны замак", легенду пра які выкарыстаў у адной з сваіх баляд вядомы польскі паэт Антоні Эдвард Адынец, сябра таварыства філярэтаў[2].


Крыніцы:


1). Дзяржаўны цэнтар мапаграфа-геадэзічных матэрыялаў і дадзеных Рэспублікі Беларусь
2). а б в г д Урублеўскі В.В. вёска Прылукі. Радзіма майго духу. Праверана 10 жніўня 2011 г.
3). Ненадавец А.М. Легенды і паданні Міншчыны. Мн., 2003.

__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэды

 


Легенда пра веску Прылукі Сеніцкага сельсавета Менскага р-на


Жыў даўным-даўно баярын Яраслаў з жонкай Люблянай. Жылі шчасліва і мірна, але настала вайна. Яраслаў пайшоў у паход і не вярнуўся. Але Любляна ўсё чакала і чакала яго. Аднаму сябру Яраслава яна вельмі спадабалася і ён вырашыў дамагчыся яе кахання падманам. Распавёў, што быццам Яраслаў паміраючы наказаў яму ажаніцца з ёю і замяніць яго дзецям бацьку. Прайшоў час і Любляна дала згоду, але неўзабаве вярнуўся Яраслаў і раскрыў здраду і падман. Абодзьва былыя прыяцелі вырашылі правесці двубой — хто пераможа той і застанецца з Люблянай. Сталі яны на супрацьлеглыя ўзгоркі і пусцілі адзін у аднаго стрэлы. Так і загінулі. Месца, дзе загінуў Яраслаў і другі баярын, яго супернік, назвалі Прылукамі (па віду зброі, якой яны біліся).


Крыніца:


“Легенды і паданні Міншчыны” А.М. Ненадавец

 

 

Прылукі


Не летась, не залетась, а калісь у старыну, як мы самі сабою яшчэ жылі, тое, што казаціму, было.

У адным месцы абапал Птыча-рэкі высяцца дзве горкі дужа красныя, а пасярод ракі востраў ляжыць. На той гарэ, што па правым беразе, стаяў двор знатнага баярына, іменем Яраслаў.

Дый красен жа той двор быў, увесь у садах, будынкі ўсе спраўныя былі, а ўвакруг тынам белым абведзены; ад двара дый да шляху былі прысады ліповыя.

Быў дзень ясны, харошы, ведама, як у пачатку лета бывае, калі яшчэ лукі зіхацяць кветкамі, птушкі заліваюцца рознымі галасамі, рыба ў рэчцы раз у раз плюхае, разганяючы шырока вакорыну, пчолы і ўсякія мошкі ды казяўкі цэлымі раямі завіхаюцца каля кветак. Дзе ні глянь — усюды жыццё кіпіць, а сам пазіраеш па ўсё гэта неяк радасна.

I вот на прысадах тых, у прыятным прахалодзе, любуючыся прыродаю і самі сабою, прахаджваліся малады баярын Яраслаў са сваёю паняю, маладою жаною, краснаю Люблянаю. Ходзяць яны і цешацца, ажно дарога задуднела, і на ўзмыленым кані паявіўся ўвесь запылены княжны ганец і, сукланіўшыся баярству, павяшчае нядобрую навіну, што вораг рубеж перайшоў і дужа наш край пустошыць і што князь прыказаў усім сваім баярам на вайну, чым дужы, паспяшаць.

Баярын рад чыну даказаць, сабе славы прыдбаць; хутка сабраў сваю дружыну і паехаў.

Спачатку баярын слаў часта ганцоў да любай жонкі, а далей — ні ганцоў, ні самога штось не чутно стала. I затужыла вельмі красна пані Любляна — усё выходзіць на шлях ды ўдаль пазірае, ды ўсё дармо.

Прайшло лета, настала зіма, а любага Яраслава як няма, так і няма. Прыйшла ізноў вясна. Выйшла раз красна Любляна ў капец прысад і як толькі на шлях зірнула, так дужа і зрадзела: бачыць, коціць дружына, а наперад любы вараным канём едзе. Ды нядоўга яе радасць была, бо як той пад’ехаў бліжэй, пазнала, што гэта другі.

Той пад’ехаў, сукланіўся, а яна і думае: "Можа, ён што пра майго ведае?.." Просіць яго к сабе ў харомы спачыць трохі. Той рад, прыстае, ідзе за ёю ў святліцу. Яна, яго за стол пасадзіўшы, гукнула на слугі, сказала прынесці піва, мёду і ўсялякай стравы; стала яго частаваці і яго пытаці пра мужа любага. Той, пагадаўшы, так ёй павядае: "Не хочацца мне табе, красна пані, жалю задаваці, ды мушу... Вото ж бачыш, твой муж, а мой друг сардэчны, быў цяжка ў баі ранены і, уміраючы, кажа мне так: "Слухай, дружа! У мяне е жонка, дужа красная пані, а ты яшчэ не жанаты, так успакой мяне перад смерцю, бо мне скора канец,— пакляніся заступіці ёй маё месца!" Што ж я меў рабіць? Мусіў прысягнуць і цяпер ад прысягі адступіціся мне нельга... Так пані няхай мя выбачыць і будзе прыхільна!"

Тая тое як учула, давай плакаць, галасіць і слухаць яго не хоча.

Плакала яна дзень, плакала другі, а на трэці і падумала: "I чаго я гэтак плачу?.. Што я тым памагу?.. Адно лічка сваё красна папсоваю ..." — і на чацвёрты дзень гутарку з ім прыязну павяла, а на пяты — так і жартаваць сталі, а далей і пабраліся.

Прайшло ізноў лета, прайшла зіма, а за зімою — вясна, а за вясною і лета настала. Сядзяць гэта той прыезджы баярын з краснаю Люблянаю, як галубкі ў парачцы, і сабою цешацца ды любуюцца. Ажно разам Любляна як крыкне і, хапіўшыся за сэрца, абамлела. Той — зірк: бачыць — перад ім Яраслаў стаіць...

Хапіліся спярша за шаблі, а далей Яраслаў, адумаўшыся, кажа: "Адзін з нас павінен умерці, дык няхай бог судзіць каму. Вазьмі ты сабе лук і сагайдак з стрэламі і ідзі на гару за рэчку, а я вазьму сабе і стану на гэтай гарэ і будзем страляцца".

Як сказаў, так і ўчынілі: выпусцілі па страле — нічога, выпусцілі па другой — нічога, а па трэцяй як выпусцілі, так абодва аж асунуліся, як два падкошаныя каласочкі.

Тое месца з тых пор "Прылукамі" стала звацца.

I цяпер там стаяць мураваныя харомы і ліповыя прысады, і жыве там пан дужа багаты, толькі той пан цяперашні не наш, а прыйшлы з памор’я, але дабраваты сабе.


Карусь Каганец
1893 г.

 


Прылукі


Першая пісьмовая згадка: 1567 р.
Магчымыя варыянты: Прылукі Прилуки Przyluki Pryluki Priluki Priluki Prilugi Pryluki
Каардынаты: 53° 47’31.19"N, 27° 26’58.63"E

 


Гісторыя Прылукаў


Прылукі — вёска Сеніцкага сельсавета Менскага р-на на р. Пціч. Адно са старажытнах паселішчаў раёна. У сваёй кнізе “Легенды і паданні Міншчыны” А.М. Ненадавец прыводзіць легеду аб паходжанні назвы Прылукі. Паводле яе жыў там даўным-даўно баярын Яраслаў з жонкай Люблянай. Жылі шчасліва і мірна, але настала вайна. Яраслаў пайшоў у паход і не вярнуўся. Але Любляна ўсё чакала і чакала яго. Аднаму сябру Яраслава яна вельмі спадабалася і ён вырашыў дамагчыся яе кахання падманам. Распавёў, што быццам Яраслаў паміраючы наказаў яму ажаніцца з ёю і замяніць яго дзецям бацьку. Прайшоў час і Любляна дала згоду, але неўзабаве вярнуўся Яраслаў і раскрыў здраду і падман. Абодзьва былыя прыяцелі вырашылі правесці двубой — хто пераможа той і застанецца з Люблянай. Сталі яны на супрацьлеглыя ўзгоркі і пусцілі адзін у аднаго стрэлы. Так і загінулі. Месца, дзе загінуў Яраслаў і другі баярын, яго супернік, назвалі Прылукамі (па віду зброі, якой яны біліся), ды зараз там мала што нагадае аб старадаўняй драме. Але месца гэта памятнае, яно недалёка ад ракі Пціч. I гэтым сказана ўсё: край, які авеяны легендамі і паданнямі, зямля мужных людзей — вось што такое Беларусь. Сюжэт дадзенай легенды знайшоў адбітак у апавяданні К. Каганца “Прылукі”. 

Легенда-легендай, але мусім ведаць, што назва паселішча ўтварылася ад тэрміна “лука” — дугападобны паварот ракі. Назва-арыенцір: пасяленне каля ракі. 

Упершыню згадваецца ў 1567 р. як сяло, шляхецкая ўласнасць Есьманаў і Горскіх. У гэтым жа годзе пані Б.Г. Горская выстаўляла на патрэбы войска ВКЛ 1 каня. У 1582 р. Прылукі — сяло, цэнтр маёнтка, уласнасць Багдана Статкевіча, двор. У 1600 р. — сяло, уласнасць жонкі Багдана Статкевіча і яго сына Вільгельма. У 1667 р. Прылукі — маёнтак, шляхецкая ўласнасць, 19 дымоў. У 1791 р. Прылукі — вёска, цэнтр маёнтка (8 вёсак) Каралішчавіцкай парафіі, уласнасць Максіміляна Іваноўскага, 3 двары, 3 фальваркі, 83 дымы, 5 корчмаў. 

У Прылуках была першая паштовая станцыя на шляху ад Менска да Навагрудка. Тут былі 2 праваслаўныя царквы — Траецкая і Успенская, у якіх пахаваныя Агінскія, некаторыя з роду князёў Вішнявецкіх і Статкевічаў. Тут жа Ганна Статкевіч (народжаная Агінская) заснавала праваслаўны манастыр (існаваў да 1740 р.). У маёнтку знаходзіўся т.зв. "Зачараваны замак", легенду пра які выкарыстаў у адной са сваіх балад вядомы польскі паэт Антоні Эдвард Адынец (1804-1885 рр.), сябра таварыства філаматаў. 

У 1800 р. Прылукі — панскі двор, сяло і вёска, уласнасць старасціхі Т. Іваноўскай. Двор і сяло размяшчаліся на левым беразе р. Пціч, пры “вялікай менскай дарозе”. Драўляная уніяцкая царква, мураваны панскі дом “добрай архітэктуры”, сад рэгулярнай планіроўкі, млын на два паставы, сукнавальня. Паабапал дарогі — 2 уязныя корчмы (драўляныя). Вёска размяшчалася на правым беразе р. Пціч; 19 двароў, 129 жыхароў. У 1815 р. — вёска, уласнасць Людвікі Іваноўскай, а па жаночай лініі — менскага губернскага маршалка шляхты Леана Ашторпа (1786-1851 рр.). Апошні быў вельмі гасцінны гаспадар. У другім яго маёнтку ў Дукоры былі тэатр, карцінная галерэя. Здаралася, што госці балявалі тыднямі. Калі Ашторп загінуў (патануў у Свіслачы), беларускі і польскі паэт-гумарыст Ігнат Легатовіч (1796-1867 рр.) адгукнуўся на гэта з’едлівай эпіграмай:


Смерць Ашторпа ў Дукоры
зробіць змену ўрэшце.
Панове кінуць піць,
мужык пачне есці.


Пасля смерці Ашторпа Прылукі дасталіся яго зяцю, знакамітаму на той час аграному Атону Гарвату, якіў 1851 р. перабудаваў замак у цудоўны палац гатычнага стылю, заклаў вялікі сад з аранжарэяй пры ім, узвёў вежу з гадзіннікам. У 1868 р. палац згарэў, адноўлены ў 1872 р. З 1872 р. — уладанне вядомага калекцыянера і нумізмата Эмерыка Карлавіча Чапскага (1828-1896); з 1897 – уладанне яго сына Юрыя. У 1897 р. Прылукі — вёска Самахвалавіцкай воласці, 8 двароў, 50 жыхароў, 2 кузні, народнае вучылішча (адкрыта ў 1869 р.), царква (пабудавана ў 1865 р.), хлебазапасны магазін, карчма. У маёнтку Прылукі 7 двароў, 206 жыхароў. У 1917 р. ў сяле 4 двары, 23 жыхары; у маёнтку двор, 335 жыхароў.

У часы Другой сусветнай вайны ў будынку палаца знаходзілася рэзідэнцыя гаўляйтэра В. Кубэ. Часткова разбураны ў Другую сусветную вайну, палац адбудаваны ў пасляваенны час. Цяпер тут размешчаны Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін. 

Сёння ў вёсцы існуе сярэдняя школа, дзіцячы сад, бібліятэка, цэнтр народнай творчасці, навукова-даследчы інстытут аховы раслін, крама. У Прылуках дзейнічае грамадска-асветніцкая арганізацыя “Прылуцкая спадчына”. Каля паселішча знаходзіцца святое паганскае месца — Лысая гара. Прылукі — радзіма мастака Зянона Станіслававіча Паўлоўскага (27.7.1917-12.8.1977 рр.).


Урублеўскі В.В.

 


Сядзіба Гарватаў — Чапскіх


Сядзіба Чапскіх у Прылуках — адзінаая, якая адносна добра захавалася ў Менскім раёне. Яна размешчана пры старым "кацярынінскім" тракце. Стварэнне сядзібы пачалося, відаць, у другой палавіне XVIII ст. Да 1740 р. на гэтым месцы быў праваслаўны манастыр. Першымі вядомымі ўладальнікамі маёнтка з’яўляліся Стэцкевічы, Агінскія, Іваноўскія. Пасля смерці Максіміляна Іваноўскага маёнткам валодала яго ўдава Магдалена, народжаная Прушынская. У 1805 р. сядзіба перайшла дачцэ Людвікі. Вядома, што першы палац, авеяны легендамі, быў двухпавярховы, мураваны, чатырохкутны ў плане. Паэт А.Э. Адынец у баладзе называў яго "Зачараваным замкам". Магчыма, з замкам XVIII ст., размешчаным на высокім узгорку, належыць звязваць тэрасаванне схілу ўзгорка і фармаванне рэгулярнага парку. 

У першай палове XIX ст. маёнтак у якасці пасагу Людвікі Іваноўскай перайшоў Францішку Ашторпу. У 1851 р. маёнтак атрымала ў спадчыну дачка Леана Ашторпа Людвіка, і ён як пасаг перайшоў ва ўладанне вядомаму аграному Антону Гарвату. З Гарватамі звязана эпоха вялікіх пераўтварэнняў у сядзібе. Былы "Зачараваны замак" перароблены ў цудоўны палац у псеўдагатычным стылі, а вакол быў разбіты парк. Рэканструкцыю старога палаца пачаў Леан Ашторп у 1850 р. Работы пасля яго смерці (1851 р.) прадоўжыла дачка Людвіка. Будынак манастыра у выглядзе вялікага чатырохкутніка быў умацаваны вежамі і ўпрыгожаны крапаснымі зубцамі. Нагляд за вядзеннем работ ажыццяўляў менскі губернскі дойлід К. Хрышчановіч. Сядзіба стваралася ў духу адыходзячага рамантызму. Яго выяўленню спрыялі легенды пра былы "Зачараваны замак", успаміны пра пахаваную жыўцом дзяўчыну-служанку, а таксама руіны і збудаванні мінулых стагоддзяў. Падкрэсленая ўвага да гэтай эпохі выявілася ў авалоданні форм псеўдаготыкі, ідэалізацыі сярэдневякоўя, захапленні гістарычным матэрыялам, экзотыкай, паглыбленнем у сімбалізм і дэкаратыўнасць: упрыгожванне палаца шматлікімі вежамі і вежкамі, будаўціцтва неагатычнай вежы з гадзіннікам, вежы ў стылі кітайскай альтанкі, дэкараванне вежкамі будынкаў афіцыны, стайні, аранжарэі, уключэнне ў паркавы пейзаж млыноў і інш.

Відаць, стары італьянскі парк быў поўнасцю паглынуты новым пейзажным, рамантычным. У 1868 р. палац часткова згарэў. У 1872 р. Прылукі набыў граф Эмерык Гутэн-Чапскі (1828—96 рр.). Палац быў адноўлены па ўзоры старога. Апошнім уладальнікам маёнтка з’яўляўся яго малодшы сын Ежы (1861—1930 рр.), які пасяліўся ў Прылуках з маладой жонкай у 1886 р., а атрымаў яго ў спадчыну ў 1894 р. У 1917 р. маёнтак з фальваркамі Атоліна, Воўчкавічы, Скарынічы, Самуэлева і Караліна займалі 18 тыс. га.

І зараз палац працягвае заставацца галоўнай дойлідскай і гістарычнай дамінантай сядзібы. Пасля разбурэння ў канцы 2-й сусветнай будынак быў адноўлены ў 1950-я рокі. Ён двухпавярховы з нізкім цокальным паверхам. Па кутах размешчаны 4 двух’ярусныя шасцігранныя дэкаратыўныя вежы. Ніжнія ярусы вежаў маюць гарызантальную рустоўку, верхнія — зубчатае завяршэнне. Шматлікія дэкаратыўныя вежкі былі страчаны яшчэ пры Э. Чапскім. Парадны фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам на першым паверсе, лоджыямі на другім і завершаны невысокім атыкам. На паркавым фасадзе — двухпавярховы рызаліт, да якога прыбудавана паўкруглая тэраса з бутавага каменю з дзвюма лесвіцамі, якія звязвалі пакоі палаца з паркам. Пасля 1886 р. да левага тарцовага фасада прыбудаваны аднапавярховы аб’ём са сталовай і аранжарэяй, пазней да яго — двухпавярховы Г-падобны ў плане корпус. Да правага фасада была дабудаваная трохпавярховая вежа са стральчатымі вокнамі і нізкім шатровым дахам. Будынак па перыметры ахоплены карнізным паяском. Аконныя праёмы на першым паверсе лучковыя, на другім — паўцыркульныя. Цокальны паверх атынкаваны пад руставаны камень. Першапачатковая анфіладная планіроўка палаца змененая. Палац быў аформлены сціпла. Мелася няшмат ляпніны на столі і ў парадных пакоях. Усё ўбранне было новае, апрача некаторай мэблі. Паколькі галоўнай рэзідэнцыяй Чапскіх было Станькава, то і твораў мастацтва ў Прылуках захоўвалася мала. Сярод набыццяў Е. Чапскага меўся партрэт Станіслава-Аўгуста Панятоўскага (мастак Лампі), сямейныя партрэты і мініяцюры, эскізы Матэйкі, гадзіннік Буля, срэбра і фарфор XVIII ст. (саксонскі і французскі), фартэпіяна Бехштэйн. На першым паверсе ў шафах захоўвалася бібліятэка ў некалькі тысяч тамоў, у асноўным на французскай, англійскай і нямецкай мовах; у спецыяльных скрынях — архіў. Найбольш каштоўныя рэчы ў 1914 р. былі змешчаныя ў Менскі банк і ў асноўным прапалі, частка трапіла ў Варшаву.

У аснову планіровачнага вырашэння параднай часткі парку пакладзены прынцып светлавога кантрасту, дзякуючы пераходу ад успрымання зацененых пейзажаў да добра асветленых. Ад уязной брамы да палаца вядзе доўгая алея шырынёй 8 м. Яе даўжыня раўнялася 365 крокам, што адпавядала колькасці дзён у року. Дрэвы, пасаджаныя праз 1 м, змыкаліся кронамі, ствараючы высокі калідор з зялёным скляпеннем, якому процістаяў вялікі партэр. Ад старой ліпавай алеі захавалася шэсць ліп. Маладыя ліпы ў новай алеі дасягаюць 16—19 м, але пасаджаны значна радзей, праз 6 м. Уязная брама аформлена шасцю злёгку гранёнымі пілонамі, якія завершаныя шарамі. Шырыня галоўнага пралёта 3 м, бакавых — 1 м. Вышыня пілонаў 2,2 м. Больш высокія бакавыя — змешчаныя да краю.

Партэр (газон) меў традыцыйны круг з высокай клумбай, агавай у цэнтры, дывановымі раслінамі і рабаткамі адналетнікаў. Флангаваўся адзіночнымі дрэвамі (клён вастралісты, лістоўніца эўрапейская) і быў дэкараваны штамбавымі ружамі. Сучасная планіроўка рэгулярная. Па-ранейшаму ў цэнтры клумба, на ёй фантан. Паміж сектарамі малюнкаў асфальтаваныя дарожкі. У афармленні партэра выкарыстаны хвойныя пароды і вярба. Маладыя хвойныя дрэвы некалькі перагружаюць партэр, але ўпрыгожваюць яго, асабліва ў зімовы перыяд.

Каля партэра, падкрэсліваючы яго справа, размяшчалася 4-ярусная неагатычная вежа (квадратная ў падножжы) з гадзіннікам. Ніжні ярус (яе пастамент) быў шырокі і масіўны, меў востраканечныя гатычныя праёмы і плоскі дах, які служыў тэрасай. Чатыры куты тэрасы былі адзначаныя нізкімі квадратнымі вежкамі. Наступны ярус (чацвярык) значна меншай плошчы, меў тры гатычных праёмы. Наступныя два ярусы былі васьмерыковыя. Апошні (чацвёрты) завяршаўся высокім шатром са шпілем і флюгерам. Сярэдні ярус з гадзіннікам абкружала галерэйка. Вежа была афарбаваная ў белы колер, называлася капліцай. Мела дэкаратыўнае значэнне, з’яўляючыся выразнай дамінантай ансамбля, выклікала асацыяцыю з часамі сярэдневякоўя і адначасова выконвала утылітарнае прызначэнне (падвальнае памяшканне выкарыстоўвалася як лядоўня). З процілеглага боку параднай часткі сядзібы размяшчаўся мураваны двухпавярховы флігель з гатычнай вежай. Яго абкружалі дзве стайні і два хлявы для экіпажаў. Стайні зараз выкарыстоўваюцца пад жытло.

Праз невялікую браму, аформленую трыма пілонамі, аналагічнымі па форме пілонам уязной брамы, але меншых памераў, дарога вяла ў паўднёвы дворык, які займаў паўднёва-ўсходнюю частку парку, перад вадаёмам. Тут стаяў двухпавярховы флігель: змяшчалася кухня, пральня, 13 жылых пакояў і 2 скляпы. За флігелем, бліжэй да вадаёма знаходзілася аранжарэя "...даўжынёй у 22 сажні, з вінаградам і іншымі рэдкімі дрэвамі, крытая гонтамі, з дзвюма вежамі, у адной з якіх памяшканне для садоўніка, а ў другой — шкляная альтанка, занятая садаводчймі інструментамі, на версе яе драўляны галубятнік сталярнай работы" (Інвентар, 1871 р.). Фундамент аранжарэі яшчэ захаваўся ў зямлі. Малюнак Н.Орды з выявай сядзібы некалькі абагульнены. Поўнае ўяўленне пра збудаванне дае фатаграфія пачатку XX ст.

Парадны двор і ўязную алею акружаў парк. Ён спускаўся ўніз па схіле аж ад самога тракту. Невялікія групы дрэў спалучаліся з адкрытымі палянамі. У групах з мясцовымі відамі (клён, бяроза, асіна, ліпа) выкарыстоўваліся віды і сарты, якія раней тут не раслі (гардавіна, глог мяккаваты, спірэі, язміны і інш.). З заходняга боку алеі размяшчалася тэнісная цяністая пляцоўка. Склад насаджэнняў змяніўся, асабліва ўздоўж алеі. Зараз атрымалі развіццё таполя белая (атожылкавага паходжання) і бяроза. Яна дамінуе, ствараючы маляўнічыя невялікія, але шчыльныя групы на газоне. Па схіле ад параднага двара працягваюць расці ў выглядзе масіву старыя дрэвы клёна, ліпы, дуба. У аснову кампазіцыі запалацавай часткі парка пакладзены прынцып далёкіх перспектыў на тэрасы, пойму ракі і навакольныя ландшафты. Пейзажныя кампазіцыі наклаліся на стары тэрасны парк. Гэта частка парку, у адрозненне ад іншых тэрасных паркаў Беларусі, асіметрычная, тэрасы рознавялікія і з рознымі перападамі вышынь, чым вызначалася яркасць, выяўленасць успрымання рэльефу. Першая тэраса, злёгку зніжаючыся, находзіць на другую і трэцюю тэрасы, закрываючы іх з заходняга боку. Другая тэраса ахоплівае першую, распасціраючыся каля яе падножжа з усходняга боку. Першую тэрасу каля палаца займаў невялікі паркавы партэр. Яе высокі (да 8 м) вельмі круты схіл пакрываў газон, меў мармуровую лесвіцу і быў дэкараваны па грэбні радавай пасадкай бэзу звычайнага. Край грэбня меў паўкруглы выступ па восі будынка аналагічна паўкруглай тэрасе. Зараз увесь схіл пакрыты маладняком розных парод, што закрываюць будынак палаца. Перапады паміж другой і трэцяй, трэцяй і чацвёртай тэрасамі складаюць 1,5—2 м. Другая і трэцяя тэрасы вузкія (адпаведна 40 і 30 м), з бакоў былі фланкіраваныя лінейнымі пасадкамі елкі і лістоўніцы эўрапейскай, якія падкрэсліваюць вось перспектывы.

Па краі трэцяй тэрасы з усходняга боку размяшчалася вялікая аранжарэя. Побач (з боку палаца) была пабудавана вежа, якая служыла дамінантай у гэтай частцы сядзібы, на манер кітайскіх альтанак. Апошняя, чацвёртая тэраса самая шырокая, займала непасрэдна пойму ракі. Вось перспектывы завяршалася воднай сістэмай, якая ўключала адводны канал і два вадаёмы: паркавы і млынавы. Тут жа размяшчалася купальня, будынак двухпавярховага вадзянога млына з жылымі пакоямі, а з заходняга боку — мост цераз р. Пціч, якія служылі акцэнтамі далёкай перспектывы. Акцэнтам перспектывы служыла і старая капліца, трох’ярусная, вышынёй да 6 м, круглая, з вельмі тоўстымі белымі сценамі. У сярэднім ярусе паміж 4 слупамі стаяла драўляная паліхромная статуя Святога Яна, а ўнізе — Боскай Маці. Дакладнае яе размяшчэнне не выяўленае. Марыя Чапская ў сваіх успамінах пісала, што капліца стаяла на грэбені адхону і была звернута ў бок гасцінца, за якім на Лысай гары стаяла старадаўняя ўніяцкая царква. Паводле падання каля царквы размяшчаліся старыя магілы. Гэта месца вясной пакрывалася квітнеючай сон-травой. І быў тут некалі падвесны мост, які злучаў грэбень тэрасы з Лысай гарой. Аб гэтым сведчылі два вялікія бела-чорныя апрацаваныя камяні.

Сажалкі доўгі час былі спушчаныя, але цяпер аднаўляюцца. Добра выяўлены пачатак адводнага канала, па якім з боку моста паступала вада, дамба, што размяжоўвала вадаёмы, скрозь зарослыя бузіной. Захаваліся старыя вербы, якія пазначаюць берагі вадаёмаў. Прыўзняты карэнны бераг адлучаў вадаёмы ад рэчышча хуткай, паўнаводнай р. Пціч. Уздоўж ракі развіваўся суцэльны алешнік з адзіночнымі дрэвамі ясеня. З поймы добра праглядаюцца тэрасы, якія падкрэсліваюць вышыню ўзгорка ўдалечыні, на вяршыні якога ўзвышаецца вялікі палац. З усходняга боку парку за міжмарэнным паніжэннем на ўзвышшы размяшчаўся арыгінальны комплекс гаспадарчых пабудоў, выцягнуты ўздоўж восі, перпендыкулярнай рэчышчу Пцічы. Ён уключаў свіран, флігель, збудаванні бровара. У апошнія гады пабудовы катастрафічна разбураліся. Бровар згарэў, сцены былі разабраныя да падмурка (зараз вядуцца аднаўленчыя працы). Будынкі былі ўзведзены ў духу палацавага ансамбля ў псеўдагатычных формах. Мелі багаты дэкор у выглядзе рызалітаў, вежак, аркад. Добра захаваўся свіран — мураваны будынак, атынкаваны, аднапавярховы, прастакутны ў плане (16х32 м) на высокім цокалі са скляпеннямі, які служыў сховішчам для віна, лядоўняй і склепам. Свіран быў накрыты драніцай, пазней перакрыты шыферам. Меў люкарну. Галоўны фасад вылучаны аркадай з шасцю арачнымі праёмамі. Па баках будынка сіметрычна выступаюць два рызаліты з прамымі вокнамі, завершаныя невысокімі франтонамі з круглым акном у цэнтры. Да дзвярэй праз аркаду вядуць насцілы-пад’езды. У франтонах бакавых фасадаў нішы на два паўкруглыя і аднаму кругламу вакну. Гаспадарчы двор акужаюць сучасныя дачныя дамы. Вядзецца рэканструкцыя.


Літаратура:

А.Т. Федарук
Памяць. Мінскі раён
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1998

 


Прылукі. Палацава-паркавы ансамбль


Помнік дойлідства і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII — ХІХ ст. Закладзены на месцы былога манастыра XVII ст. ў в. Прылукі (Менскі р-н). Уключае палац і парк. Прылукі з’яўляліся вотчынай Агінскіх, Іваноўскіх, належалі Ашторпу, потым вядомаму аграному Атону Горвату (пабудаваў палац у гатычным стылі, вялікі сад з аранжарэяй і вежавым гадзіннікам), з 1872 р. Г.Э. Чапскаму. Цэнтрам кампазіцыі парку быў палац, размешчаны на высокім узгорку, каля грэбеня параўнальна крутога схілу тэрасы, які спускаецца да поймы р. Пціч.

Мураваны палац пабудаваны ў 1-й палове ХІХ ст., у 185 р. рэканструяваны, у 1872 року быў адноўлены пасля пажару 1868 р. У ІІ Сусветную вайну значна пашкоджаны, адбудаваны ў 1950-я рокі. Першапачаткова палац уяўляў сабой кампактнае прастакутнае ў плане двухпавярховае з нізкім цокальным паверхам збудаванне ў стылі несапраўднай готыкі. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным трохпавярховым рызалітам з гранёным эркерам на паркавым фасадзе і чатырма шматграннымі кутнімі вежачкамі, завершанымі зубцамі. Галоўны фасад вылучаны лоджыяй на двух узроўнях у рызаліце з праёмамі, завершанымі спічастымі і кілепадобнымі аркамі. Рызаліт, завершаны невысокім атыкам, аздоблены складанай па форме нішай у цэнтры. Пасля 1886 г. да паўднёвага тарцовага фасада быў прыбудаваны аднапавярховы аб’ём са сталовай і аранжарэяй, пазней да яго прыбудавалі двухпавярховы Г-падобны ў плане корпус. Да паўночнага тарцовага фасаду далучаны трохпавярховы вежападобны аб’ём з нізкім шатровым дахам. Пасля аднаўлення ў 1950-я гады палац захаваў сваё вонкавае аблічча, анфіладная планіроўка была змененая на калідорную. У 1-й палове ХІХ ст. перад галоўным фасадам палаца ўзведзеная трох’ярусная (першы ярус чацверыковы, другі і трэці васьмерыковыя) вежа з гадзіннікам, завершаная высокім шатром са шпілем і флюгерам. Вежа стаяла на масіўным прастакутным у плане пастаменце з чатырма вежачкамі па кутах. Сярэдні ярус вежы з гадзіннікам быў абкружаны кансольна-бэлечнай галерэйкай. Вертыкальную кампазіцыю вежы падкрэслівалі спічастыя ўваходы і аконныя праёмы. У ІІ Сусветную вайну вежа была разбураная (не адбудоўвалася).

Парк — старэйшы на Беларусі, закладзены ў 2-й палове XVIII ст.; мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу, плошаю 4,5 га. Падзелены на две часткі. Перад паркавым фасадам палаца быў сад у італійскім стылі, засталіся чатыры тэрасы, якія крута спускаюцца да поймы р. Пціч. Перад галоўным фасадам палаца невялікі партэр і пейзажная частка парку, абмежаваная пад’язнымі дарогамі. У парку стаялі мураваная капліца і аформлены аркадай свіран, былі две сажалкі (на адной быў вадзяны млын, не захаваўся).

Палац і парк належаць Беларускаму НДІ аховы раслін. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


Літаратура:

В.Р. Анціпаў, Ю.А. Якімовіч
Дойлідства Беларусі
Энцыклапедычны даведнік
Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя"
Мінск, 1993

 


Царква Нараджэння Божай Маці


Адрас: 223011 Менская вобласць, Менскі раён, в. ПрылукіЕпархія: Менская
Дойлид: невядомы
Тыпалогія храма: прыходская царква (вясковая)
Стан храма: дзейнічае
Горадабудаўнічае рашэнне: асобная пабудова
Будаўнічы матэрыял сцен: мураваны
Год пачатку будаўніцтва: 1863 р.
Год сканчэння будаўніцтва: 1865 р.


Крыница:


Праваслаўная Архітэктура Беларусі
http://hram.by

 

 

Як бальшавік і каларадзкі жук перамаглі графа Чапскага


У рамках рэалізацыі праекту “Культурная спадчына краіны — набытак Сьвету” гісторыка-культурны фонд “Ляліва” (“Ляліва” — герб роду шляхецкага роду Чапскіх з дэвізам “Жыцьцё — Айчыне, гонар — нікому”) сумесна зь Менскім сталічным саюзам прадпрымальнікаў і працадаўцаў выступіў з ініцыятывай стварыць “дэманстрацыйную зону высокай энэргаэфэктыўнасьці і экалягічнасьці” ў вёсцы Прылукі і ў яе навакольлі.

Прылукі месьцяцца за 10 кілямэтраў ад Менску на беразе ракі Пціч. Вядомыя, сярод іншага, тым, што іх апошнімі гаспадарамі былі прадстаўнікі славутага роду графаў Чапскіх. Сеньніцкі сельскі савет, у зону адказнасьці якога ўваходзяць колішнія графскія ўладаньні, ідэю ўжо падтрымаў. Бліжэйшым часам прапанову накіруюць на ўзгадненьне ў Менскі раённы выканаўчы камітэт.

Стрыжнем маштабнага праекту, вакол якога маюць групавацца разнастайныя элемэнты турыстычнай інфраструктуры, мяркуюць зрабіць сядзібу фон Гутэн-Чапскіх. Як расказвае кіраўнік фонду “Ляліва” Іван Гардзіеўскі, за час свайго існаваньня палацавы комплекс зазнаў шмат выпрабаваньняў, але яму пашчасьціла пазьбегнуць лёсу дзясяткаў шляхецкіх куткоў, якія з усталяваньнем бальшавіцкай улады альбо зьніклі з аблічча зямлі, альбо былі разрабаваныя і ляжаць у руінах:

— У графаў Чапскіх былі дзьве буйныя сядзібы: у Станькаве, якое лічыцца радавым, то бок галоўным маёнткам, а таксама ў Прылуках, якая ішла, скажам так, дадаткам да Станькава. Калі галава сям’і Эмэрык Чапскі ад’ехаў у Эўропу, ён пакінуў Станькава старэйшаму сыну Каралю, кіраўніку гарадзкой управы Менску. А Прылукі перайшлі малодшаму сыну Ежы, які быў апошнім маршалкам шляхты (“предводителем дворянства”) Менскай губэрні. Такім чынам, Ежы Чапскі быў апошнім уладальнікам Прылукаў аж да рэвалюцыі.

Само сабой, пасьля 1917-га палац перайшоў ва ўласнасьць дзяржавы, там зрабілі санаторый для партыйнай эліты — лячыліся людзі, якія займалі віднае становішча ў тагачаснай герархіі, дзяржаўныя службоўцы. Так працягвалася да вайны. З пачаткам акупацыі тут разьмясьцілася рэзыдэнцыя гаўляйтэра Кубэ, ён прымаў у палацы высокіх нямецкіх гасьцей. І калі ўжо вайна заканчвалася, будынак згарэў. Што сталася прычынай пажару — дакладна не вядома, але ў мірны час парэшткі перайшлі лябараторыі па барацьбе з каларадзкім жуком. Будынак аднавілі і перадалі на балянс Акадэміі навук. Сёньня ў ім месьціцца Інстытут аховы расьлін НАН Беларусі.

У часе нашай гутаркі са спадаром Гардзіеўскім адзін з інстытуцкіх кіраўнікоў выказаў незадаволенасьць чарговай спробай “прынізіць значэньне дзяржавы” ў справе захаваньня помніка архітэктуры. Да таго ж днямі пачнуць фарбаваць фасад. Займацца крытыканствам ніхто і не плянаваў — каб не нашэсьце ў 1950-х каларадзкага жука, яшчэ невядома, у якім стане згарэлая сядзіба дайшла б да нашых дзён. І ўсё ж цікаўлюся ў суразмоўцы: як павінна распарадзіцца дзяржава гістарычнай спадчынай славутага роду?

— Шчыра кажучы, цяпер ужо толькі дзяржава можа прыняць рашэньне, як надалей абысьціся з гэтым будынкам. Ад імя нашага мясцовага гісторыка-культурнага фонду і Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў мы прапануем ператварыць Прылукі ў гісторыка-культурны турыстычны комплекс. Дзеля гэтага мы распрацавалі цэлую праграму, якая ўжо бліжэйшым часам будзе прадстаўленая на зацьвярджэньне ў Менскі раённы выканкам.

Паколькі ў будынку знаходзіцца дзяржаўная ўстанова, толькі дзяржава можа прыцяць рашэньне — пераносіць яе адсюль ці пакінуць. Спадзяюся, у бліжэйшай пэрспэктыве нейкае рашэньне будзе прынятае. Зрэшты, пакуль структуры Акадэміі навук, якія знаходзяцца тут, нам не перашкаджаюць, у нас дастаткова працы вакол будынка. Шмат гаспадарчых пабудоваў, якія захаваліся ад ХІХ стагодзьдзя, таксама патрабуюць істотных капіталаўкладаньняў. То бок дастаткова працы, якую можна рабіць, не чапаючы пакуль галоўнага будынка.

Па пэрымэтры былых уладаньняў апошняга гаспадара Прылукаў — Ежы фон Гутэн-Чапскага — раскіданы цэлы комплекс будынкаў гаспадарчага прызначэньня. Практычна ўсе ў добрым стане, але прыстасаваны пад хоць якую функцыю толькі адзін — былая карэтная. Сюды і скіроўваемся з Іванам Гардзіеўскім. Цяпер тут невялічкі музэй з інфармацыйнымі стэндамі, “офіс” мясцовага цэнтру народнай творчасьці, а ў імправізаванай актавай залі — выстава габэленаў і карцін, выкананых паводле малюнкаў Напалеона Орды:

— Гэта былая карэтная графаў Чапскіх. То бок будынак яшчэ памятае былых гаспадароў. А сёньня тут цэнтар народнай творчасьці (яго дырэктар — заслужаны работнік культуры Леанід Волчак). Менавіта тут нарадзілася народнае аб’яднаньне “Прылуцкая спадчына”, да якога я далучыўся два гады таму. Яны працуюць ужо 12 гадоў і раскапалі вялізны пласт гісторыі роду графаў Чапскіх, гэтая інфармацыя разьмешчаная на 10 плякатах. Можна пабачыць, як выглядаў маёнтак пры Чапскіх, ёсьць схемы ўладаньняў, якія ўдалося здабыць у архівах. Вось сам граф Эмэрык Гутэн-Чапскі, на той момант важная палітычная фігура: ён быў губэрнатарам Ноўгараду, пасьля — віцэ-губэрнатарам Санкт-Пецярбургу, нарэшце — міністрам сельскай гаспадаркі Расейскай імпэрыі.

Пасьля сыходу ў адстаўку займаўся гаспадарчымі справамі. Эмэрык Чапскі лічыўся вядомым у Эўропе калекцыянэрам. Ён зьбіраў усё: ордэны, мэдалі, грошы ўсіх краінаў, карціны, была калекцыя слуцкіх паясоў, вельмі шмат кніг — тысячы асобнікаў. У Станькаве збудаваў скарбніцу-музэй, дзе калекцыя экспанавалася. Сёньня асноўныя рарытэты знаходзяцца ў Кракаўскім нацыянальным музэі, дзе, у сваю чаргу, ёсьць асобны музэй імя Эмэрыка фон Гутэн-Чапскага. Мы нядаўна наведалі Кракаў, сапраўды шмат каштоўнасьцяў, якія некалі захоўваліся ў станькаўскай скарбніцы, якую, вядома ж, неабходна аднавіць.

Іншыя навакольныя пабудовы — пякарня, вінакурня, бровар, сьвіран-лядоўня, дом для абслугі. У 1990-х два будынкі былі прыватызаваныя, але працэс перапрафіляваньня ідзе дагэтуль. На адным аб’екце перасьцілаюць дах — як мяркуе Іван Гардзіеўскі, магчыма, нарэшце пайшлі нейкія ўкладаньні. Іншым пашчасьціла меней — капітальныя будынкі зеўраюць пустымі шыбамі:

— Ну вось, як бачым, стаяць, не функцыянуюць. Я быў у двух будынках, унутры яны як быццам перапрафіляваныя пад гатэлі. Цяпер назіраецца нейкае шавяленьне, можа, знайшліся спонсары. Кірунак сам па сабе правільны, бо калі па-разумнаму распарадзіцца, то ў адным будынку можна зрабіць гатэль эканом-клясы, у другім — клясы VIP з рэстарацыяй і адпаведным антуражам. Будзе вельмі здорава, бо прыедуць турысты і ёсьць дзе спыніцца, ня трэба вяртацца ў Менск. Тым больш у нас ужо адпрацаваная канцэпцыя зь сельскім саветам.

Мы прапануем зрабіць тут зону адпачынку з правядзеньнем рознага кшталту рамесных выставаў рэспубліканскага маштабу. Мяркуем паставіць альтанкі, вакол возера пракласьці тратуарную сьцежку. На адным востраве хочам пабудаваць кавярню, а на меншым — амфітэатар. Натуральна, альтанкі, лавачкі, якасны ляндшафтны дызайн. Ад гэтай часткі тэрыторыі будзе пачынацца экалягічная дарожка, яна паступова пойдзе да Пцічы і ўздоўж яе працягнецца дзесьці кілямэтры на тры. Ва ўсялякім разе, канцэпцыю мы падрыхтавалі і кіраўнікам міністэрстваў культуры, а таксама і спорту і турызму бліжэйшым часам пакладзём на стол.

Валадарыць у Прылуках Чапскія пачалі ў ХІХ стагодзьдзі. За 200 гадоў да іх тут гаспадарыла Ганна Статкевіч-Агінская, якая заснавала праваслаўны манастыр. Новыя ўладальнікі Іванаўскія ператварылі манастыр у замак. У 1815-м Прылукі перайшлі да маршалка шляхты Францішка Оштарпа, а пасьля — да ягонага зяця Антона Горвата. Той перабудаваў замак у палац, вакол якога быў закладзены парк, узьведзена аранжарэя, вежа з гадзіньнікам і комплекс гаспадарчых пабудоў. Большую частку гэтай тэрыторыі цяпер займаюць гароды.

Рэзыдэнцыяй графа Эмэрыка Чапскага палац стаў у 1872 годзе і быў у фамільнай уласнасьці да самай рэвалюцыі. Пасьля бальшавіцкай нацыяналізацыі тут разьмясьціўся санаторый для партыйцаў, а пасьля вайны сюды пераехаў НДІ аховы расьлін, які падтрымлівае “графскія разваліны” ў добрым стане.

Будынак выкананы ў нэагатычным стылі. Яго асноўная рыса — вежачкі, стылізаваныя пад готыку. Палац, як вядзецца, ахоўвалі скульптуры львоў, справа прыбудаваны флігель, а зьлева за савецкім часам прыткнулі прастакутны двухпавярховік лябараторыі.


Ігар Карней

“Радыё Свабода”, 31 жніўня 2015 р.



Обновлен 01 сен 2015. Создан 24 июл 2015



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter