Беларускі дзяржаўны музэй народнага дойлідства i побыту

Mузэй пад адкрытым небам



Строчыцы


Беларускі Дзяржаўны музэй народнага дойлідства і побыту, навукова-даследчая і культурна-асветніцкая ўстанова, якая вывучае, збірае, даследуе, зберагае, экспануе, прапагандуе і папулярызуе калекцыі рэліквій канца XVII — пачатку XX ст. (помнікі народнага дойлідства, прадметы побыту, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш.), якія характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. 

Заснаваны паводле пастановы СМ БССР ад 9.12.1976 р. Размешчаны за 12 км на ПдЗ ад Менска, каля Воўчкавіцкага вадасховішча, на абалонах вярхоўяў рэк Пціч і Менка, паміж вёскамі Азярцо, Воўчкавічы, Гарадзішча і Строчыца (Менскі раён). Плошча каля 210 га. Зямельны ўчастак музея з’яўляецца ландшафтным помнікам прыроды. На яго тэрыторыі знаходзяцца круганныя могільнікі — старажытныя валатоўкі. Галоўны прынцып стварэння музея — этнічны. З улікам асноўных этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі запланаваны падзел экспазіцыі на 7 сектараў: “Цэнтральная Беларусь”, “Паазер’е”, “Падняпроўе”, “Панямонне”, “Усходняе Палессе”, “Заходняе Палессе” і “Мястэчка” (народнае дойлідства і побыт беларускіх мястэчак XVI—XIX стагоддзяў). Запланаваныя таксама сектары “Унікальныя помнікі” і “Хутар”. 

У асобную запаведную зону вылучаны в. Строчыца, раннеславянскае гарадзішча на р. Менцы і прыродныя помнікі. Ландшафт зямельных участкаў сектараў музея адпавядае прыродна-ландшафтным асаблівасцям адпаведных рэгіёнаў Беларусі. Экскурсійны маршрут працягласцю каля 3 км звяжа сектары ў адзінае цэлае і дазволіць прасачыць адзінства і этнічныя адметнасці кожнага з іх. Структурнай адзінкай экспазіцыйных сектараў і музея ў цэлым з’яўляецца сядзіба селяніна (двор) з поўным наборам пабудоў і адпаведным інтэр’ерам. 5—6 такіх двароў, дапоўненых малымі формамі дойлідства, кампануюцца ў паселішчы (або іх фрагменты), у планіровачную структуру якіх арганічна ўключаюцца культавыя і грамадскія пабудовы. З ліпеня 1987 року дзейнічае сезонная экспазіцыя першай чаргі музея. 

Апрача калекцыі помнікаў народнага дойлідства ў музеі яшчэ 22 калекцыі (знаходзяцца ў экспазіцыі, дэманструюцца на выстаўках, захоўваюцца ў фондах), у т.л. тканіны, адзенне, абутак, галаўныя ўборы, хатняе начынне, сельска-гаспадарчы інвентар і траспартныя сродкі, музычныя інструменты і гадзіннікі, кераміка, дакументы, кнігі. На 1.3.1990 р. сабрана каля 17 тыс. музейных прадметаў, з іх больш за 13 тыс. адзінак асноўнага захавання і звыш 3 тыс. навукова-дапаможнага фонду. На тэрыторыі музея і вакол яго знаходзіцца шмат дробных і буйных ледавіковых валуноў. Буйныя валуны мяркуецца абвясціць помнікамі прыроды.


***

 

У сектары “Цэнтральная Беларусь” грамадскія будынкі (Пакроўская царква XVII—XVIII стагоддзяў з вёскі Логнавічы Клецкага раёна; грамадскі свіран пачатку XIX стагоддзя з вёскі Касарычы Глускага раёна; карчма пачатку XIX стагоддзя з вёскі Хвоева Нясвіжскага раёна; школа пачатку 1930-х рокаў з вёскі Калодчына Вілейскага раёна) размешчаны побач з сядзібнай забудовай, што з’яўляецца этнаграфічнай адметнасцю рэгіёна. 

Сядзібная забудова — тып вясковай вуліцы з аднабаковым размяшчэннем пабудоў. Структура сядзіб ілюструе развіццё лінейнай (пагоннай) планіроўкі двароў. Пагонны двор з двух асобных пабудоў утвараюць хата (хата-сені-клець) пачатку XX стагоддзя з вёскі Ісерна Слуцкага раёна і хлеў з вёскі Солан Старадарожскага раёна; сядзібу завяршае 8-кутнае гумно. Тып пагоннага двара з пабудовамі пад адным дахам (хата-сені-камора-сенечкі-кладоўка-клець-адрына-хлявы-птушнік) ілюструе сядзіба пачатку XX стагоддзя з вёскі Садавічы Капыльскага раёна. 

Дваром з незвязанай забудовай (хата-сені-варыўня, хлявы з птушнікам, насупраць — свіран, алейня, гумно) з’яўляецца сядзіба з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна. У канцы сектара размешчана кузня з вёскі Клачкова Маладзечанскага раёна. 

На пагорку — вятрак-казлоўка з вёскі Даматканавічы Клецкага раёна. 

Сектар дапаўняюць 3 тыпы агароджы: тын з яловага галля, плот з жэрдак, паркан вакол царквы, а таксама канавяз, лаўка каля прызбы і 2 студні — адна з калаўротам пад навесам, другая з жураўлём.


***

 

Забудова сектара “Падняпроўе” — тып вясковай вуліцы з двухбаковым размяшчэннем двароў. 

Пры ўваходзе ў сектар знаходзяцца брама-калаўрот і пограб з вёскі Бракава Слабада Чавускага раёна. Развіццё вянковай планіроўкі сядзіб ілюструе размяшчэнне вянковых двароў з вёскі Волева Дубровенскага раёна і вёскі Бракава Слабада Чавускага раёна. 

Сярод грамадскіх пабудоў — царква з вёскі Барань Аршанскага раёна і вятрак з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна.


***

 

У сектары “Паазер’е” пабудовы размешчаны свабодна, ілюструюць безсістэмную планіроўку вёскі. 

Сядзіба пачатку XIX стагоддзя з вёскі Будзічы Докшыцкага раёна — тып вянковага двара з чыстым дваром і гаспадарчым дваром з загарадай. Сядзіба з вёскі Варашылкі Мядзельскага раёна — тып круглага двара з агульным чыстым і гаспадарчым дварамі. 

Царква са званіцай XVIII стагоддзя з вёскі Вялец Глыбоцкага раёна выканана ў традыцыях народнага дойлідства. 

Сярод гаспадарчых пабудоў: адрына пачатку XX стагоддзя з вёскі Логнавічы Пастаўскага раёна, гумно з алейняй пачатку XX стагоддзя з вёскі Кемянцы Браслаўскага раёна, пуня з вёскі Воўкаўшчына Міёрскага раёна, вятрак з вёскі Янушоўка Мядзельскага раёна. 

Сектар дапаўняюць двор-хутар (хаты на 2 бакі, свіран, хлявы, лазня) і плот з жэрдак. 

Вёска Строчыца мае тыповую аднабаковую вулічную забудову XIX — пачатку XX стагоддзя. Размяшчэнне вуліцы і пабудоў вызначана прыродным ландшафтам — берагамі Пцічы, хаты пастаўлены ўздоўж рэчкі тарцовымі сценамі да вады.


Крыніца:

Г.А. Ткацэвіч
Архітэктура Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1993

 

 

Беларускі дзяржаўны музэй народнага дойлідства і побыту (Строчыцы) — музэй пад адкрытым небам дзе сабраныя помнікі беларускага народнага драўлянага дойлідзтва з розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Знаходзіцца пад Менскам за 4 км ад МКАД, паміж вёскамі Строчыца й Азярцо.


Першыя спробы стварыць музэй-скансэн на Беларусі былі ўчыненыя ў 1908 року мастаком, тэатральным дзеячам і настаўнікам Фэрдынандам Рушчыцам (1870—1936 рр.). Гэтым марам перашкодзіла Першая сусьветная вайна. У 1931 року Рушчыц зноў вяртаецца да думкі аб стварэньні музэя пад адкрытым небам, на гэты раз каля Вільні. Сьмерць мастака ў 1936 року й пачатак другой сусьветнай вайны не дазволілі збыцца й гэтаму праекту.

Прыкладна з пачатку 60-х рокаў на старонках рэспубліканскага друку ўсё часьцей зьяўляюцца артыкулы, у якіх разглядаюцца праблемы захаваньня помнікаў народнага дойлідства. Старыя будынкі пачалі разбураць на падставе шэрагу крытэраў, у тым ліку гістарычных: паляпшэньне ўмоў жыцьця на вёсцы, разгортваньне інтэнсіўнага будаўніцтва, вызначэньне на дзяржаўным узроўні беспэрспэктыўнасьці шэрагу паселішч. Узьнікла рэальная пагроза страты помнікаў драўлянага дойлідзтва.

9 сьнежня 1976 року цэнтральным камітэтам БССР была прынятая Пастанова “Аб стварэньні Беларускага дзяржаўнага музэя народнага дойлідства й побыту”. Для рэалізацыі Пастановы загадам Міністэрства культуры створана Працоўная група па арганізацыі музэя, якая на працягу наступных дзесяці гадоў распрацоўвала й разглядала некалькі варыянтаў дойлідска-пляніровачных рашэньняў і генплянаў стварэньня экспазыцыі музэя. У 1988 року быў прыняты да рэалізацыі праект Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута. Акрамя распрацоўкі праекту вялася вялікая навукова-экспэдыцыйная работа па рэгіёнах рэспублікі з мэтай вывучэньня, пошуку, фіксацыі й перавозкі помнікаў народнага драўлянаага дойлідства, музэйных прадметаў побыту, рамёстваў і промыслаў.

Тэрыторыя для будучага музэя была вызначана ў 4 км ад Менска ў месцы зьліцьця рэк Пціч і Менка ў вярхоўі Волкавіцкага вадасховішча, недалёка ад добраўпарадкаванай шашы Масква-Берасьце, што дазваляла бы ў будучым уключаць экспазыцыю музэя ў асноўныя экскурсійныя маршруты. Наогул гэта месца ўнікальнае, тут перакрыжоўваліся гістарычныя дарогі з Усходу на Захад, ад Балтыйскага да Чорнага мора. Тут, па вэрсіі некаторых дасьледчыкаў, быў заснаваны старажытны Менск.

Раён, дзе разьмешчаны музэй зьяўляецца тэрыторыяй, дзе зафіксаваны шэраг гістарычных помнікаў. Каштоўным археалягічным помнікам зьяўляецца Гарадзішча на рацэ Менка. Яго гісторыя пачынаецца да нашай эры. Раньнімі помнікамі зьяўляюцца курганныя могільнікі, якія сьведчаць аб тым, што гэтая тэрыторыя была заселена са старажытных часоў. Курганы адносяцца да пэрыяду ІХ-ХІ стст. і разьмешчаны невялікімі групамі.

Важным гістарычным аб’ектам зьяўляецца вёска Строчыца, першы ўспамін аб якой сустракаецца ў дакумэнтах ХVІ стагодзьдзя. На узвышаным беразе Пцічы захаваліся рэшткі фальварка з панскім садам, захаваўся шэраг хат пачатку ХХ стагодзьдзя з традыцыйным аздабленьнем і фрагмэнтамі агароджы.

У цэлым тэрыторыя музэя — гэта своеасаблівы прыродны парк круглагадовага функцыянаваньня.

Структурная пабудова музэя — гэта тры асноўныя зоны: экспазыцыйная, вытворча-гаспадарчая й запаведная. Экспазыцыйная зона — тэрыторыя гістарычных мясьцін. Вытворча-гаспадарчая — гэта адміністрацыйна-навуковы комплекс, фондасховішча, рэстаўрацыйныя майстэрні, выставачныя памяшканьні й служба аховы. Запаветная — частка тэрыторыі музэя, якая захоўваецца ў натуральным выглядзе.

Аснова экспазыцыйнай зоны — ўмоўны падзел тэрыторыі Беларусі на шэсьць гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Цэнтральная Беларусь, Падняпроўе, Паазер’е, Усходняе й Заходняе Палесьсе, Панямоньне. На цяперашні час дзейнічаюць тры рэгіёны Беларусі: цэнтральная Беларусь, Падняпроўе й Паазер’е.

Кожны рэгіён павінен быць прадстаўлены ў экспазыцыйнай зоне музэю адпаведным сэктарам — фрагмэнтам характэрнага й тыповага дадзенаму рэгіёну паселішча канца ХІХ — пачатку ХХ стст.: сяло, вёска, хутар з адлюстраваньнем прыродна-геаграфічных умоў рэгіёну. Асобна фарміруецца сэктар “Мястэчка”.

Ляндшафт мясцовасьці музэя ўяўляе сабою як бы нашу краіну ў “мініяцюры”: ёсьць высокія пагоркі, зялёныя лугі, частыя пералескі. На падставе аналізу тэрыторыі музэя па асноўных прыродных фактарах выдзелены зоны, найбольш спрыяльныя для забудовы, азеляненьня й участак ахоўнага ляндшафту (плошчаю 80 га ў пойме р. Пціч). Праведзены комплекс мерапрыемстваў па азеляненьню тэрыторыі згодна рэгіянальных характарыстык: пасадка дрэў, кустоў і кветак. Усяго на тэрыторыі ў 151 га пасаджана звыш 5000 дрэў.


Цэнтральная Беларусь


Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Цэнтральная Беларусь разьмяшчаецца ў цэнтры краіны і займае асноўную частку Менскай і заходнюю частку Магілёўскай абласьцей. Рэгіён Цэнтральная Беларусь прадстаўлены наступнымі аб’ектамі:

Пакроўскай царква XVIII стагодзьдзя зь вёскі Логнавічы Клецкага раёну Менскай вобласьці;
школа першай паловы ХХ стагодзьдзя зь вёскі Калодчына Вялейскага раёну Менскай вобласьці;
грамадзкі сьвіран канца ХІХ стагодзьдзе — пачатку ХХ стагодзьдзя зь вёскі Касарычы Глускага раёну Магілёўскай вобласьці;
карчма канца ХІХ стагодзьдзя зь вёскі Хвоева Нясьвіскага раёну Менскай вобласьці;
шэраг сядзібаў з гаспадарчымі пабудовамі за рознымі тыпамі агароджаў з характэрнай для цэнтральнай Беларусі вулічнай (лінейнай) забудовай паселішчаў і пагонай (лінейнай) забудовай двароў;
кузьня пачатку ХХ стагодзьдзя зь вёскі Клачкова Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці;
ветраны млын казловага тыпу, пабудаваны ў 80-х гадох ХІХ стагодзьдзя зь вёскі Даматкавічы Клецкага раёну Менскай вобласьці;
прыдарожная капліца 1802 року ў стане незавершанай рэстаўрацыі зь вёскі Каралеўцы Вялейскага раёну Менскай вобласьці.


Падняпроўе


Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Падняпроўе разьмешчаны на тэрыторыі басэйна Дняпра і яго прытокаў. У склад рэгіёну ўваходзяць Магілёўская вобласьць, Аршанскі і Дубровенскі раёны Віцебскай вобласьці, а таксама раёны Гомельскай вобласьці ўздоўж рэкаў Дняпро і Сож. Для Падняпроўя характэрная вулічная забудова.

Экспазыцыя Падняпроўя пакуль не зьяўляецца завершанай і прадстаўленая наступнымі аб’ектамі:

Праабражэнская царква 1707 року зь вёскі Барань Аршанскага раёну Віцесбскай вобласьці (знаходзіцца у стане рэстаўрацыі);
ветраны шатровы млын пачатку ХХ стагодзьдзя зь вёскі Зелянец Хоцімскага раёну Магілёўскай вобласьці (знаходзіцца у стане рэстаўрацыі);
вяночныя (замкнутыя) двары з традыцыйным інтэр’ерам зь вёскі Волева Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці і зь вёскі Бракава Слабада Чавускага раёну Магілёўскай вобласьці;

У межах экспазыцыі рэгіёну плянуецца аднавіць групу склепаў.


Паазер’е


Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Паазер’е уключае ў сябе цэнтральную і заходнюю тэрыторыю Віцебскай вобласьці, а таксама часткова паўночныя раёны Менскай вобласьці. Для паселішчаў рэгіёну характэрная малая колькасьць двароў і бессыстэмнасьць забудовы, што выкліканае ў першую чаргу ўзгорыстым рэльефам, які чаргуецца з забалочанымі нізінамі.

У сэктар Паазер’я ўваходзяць наступныя аб’екты:

ветраны млын пачатку ХХ стагодзьдзя зь вёскі Янушоўка Мядзельскага раёну Менскай вобласьці, які мае тып млыну-пальтраку, рэдка распаўсюджанага ў Беларусі, асаблівасьцю якога зьяўляецца прыстасаванасьць канструкцыі да самастойнага павароту ў кірунку ветра, а парныя махі надаюць выразнасьць зьнешняму абліччу млына;
пуня пачатку ХХ стагодзьдзя зь вёскі Ваўкаўшчына Мёрскага раёну Віцебскай вобласьці;
гумно пачатку ХХ стагодзьдзя зь вёскі Кемянцы Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці;
адрына першай паловы ХХ стагодзьдзя зь вёскі Левановічы Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці;
азярод;
вяночныя двары-комплексы пачатку ХХ стагодзьдзя з характэрнымі для рэгіёну дамамі на каменных падмурках зь вёсак Будзічы Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці і Варашылкі Мядзельскага раёну Менскай вобласьці;
царква і званіца XVII стагодзьдзя зь вёскі Вялец Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці (знаходзяцца на стадыі рэстаўрацыі).

У музэі магчымыя як асабістыя экскурсіі, так і экскурсіі пад кіраўніцтвам экскурсаводаў. Апроч аглядавых і тэматычных экскурсіяў, у музэі ладзяцца лекцыі для школьнікаў і дарослых, а таксама праводзяцца музэйныя заняткі на этнаграфічныя тэмы.

На тэрыторыі музэю праводзяцца адзначэньні тэматычных беларускіх народных сьвятаў: Масьленіца, “Гуканьне вясны”. Таксама ладзяцца іншыя праграмы, прысьвечаны беларускім народным традыцыям.

__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 


Экспазіцыйны сектар “Цэнтральная Беларусь”


Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Цэнтральная Беларусь знаходзіцца ў цэнтры тэрыторыі паміж іншымі рэгіёнамі і займае асноўную частку Менскай і заходнюю частку Магілёўскай абласцей.

Найбольш характэрнай для Цэнтральнай Беларусі з’яўляецца вулічная (лінейная) забудова паселішчаў: аднарадная альбо двухрадная. У сёлах рэгіёна — адміністрацыйна-тэрытарыяльных цэнтрах — фармаваўся развіты грамадска-культурны цэнтр з пабудовамі валасной управы, царквой, царкоўна-прыходскай школай або народным вучылішчам, грамадскім свірнам. Карчмой.

Экспазіцыйны сектар музея “Цэнтральная Беларусь” прадстаўлены сялом з характэрнай для гэтага тыпу паселішча планіроўкай: плошча з пабудовамі грамадска-культурнага цэнтра і вуліца з двухбаковай забудовай сядзіб.

На плошчы экспазіцыйнага сяла размешчана Пакроўская царква ХVІІІ стагоддзя з вёскі Логнавічы Клецкага раёна Менскай вобласці. Царкоўны цвінтар агароджаны парканам, з варотамі і веснічкай пад дахам.

Побач з царквою размяшчаецца помнік драўлянага дойлідства першай паловы ХХ стагоддзя — школа з вёскі Калодчына Вілейскага раёна Менскай вобласці. Далей — гаспадарчая пабудова — грамадскі свіран канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Касарычы Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Па другі бок ад царквы, за жэрдкавай агароджай сяла, пры дарозе, экспануецца яшчэ адзін помнік народнага дойлідства канца ХІХ стагоддзя — карчма з вёскі Хвоева Нясвіжскага раёна Менскай вобласці. Сёння тут могуць адпачываць і спрабаваць беларускую кухню наведвальнікі музея.

Па абодва бакі вуліцы сяла, за рознага тыпу агароджамі, — адрэстаўраваныя сядзібы з пагонай (лінейнай) забудовай двароў. (Пагоны двор, калі жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца ўздоўж зямельнага ўчастку ў адну лінію, а калі ў дзве лініі — двухрадны пагон).

У склад першай сядзібы ўваходзяць помнікі народнага дойлідства пачатку ХХ стагоддзя: хата з вёскі Ісерна Слуцкага раёна, хлеў з вёскі Солан Старадарожскага раёна, гумно з вёскі Лучнікі Слуцкага раёна. Комплекс сядзібы абнесены жэрдкавай агароджай. Хата з вёскі Ісерна з традыцыйнай трохкамернай планіроўкай: хата-сені-клець, гэта першы помнік, адрэстаўраваны ў музеі ў 1984 року.

Інтэр’ер хаты традыцыйны: печ па дыяганалі чырвоны кут з абразамі, уздоўж сцен — шырокія лавы, насціл з дошак “на козлах” — пол — месца для адпачынку. Насупраць вусця печы — бабін кут з паліцай для посуду.

Адразу за хатай размешчаны хлеў з вёскі Солан Старадарожскага раёна.

Пры канцы сядзібы — гумно — пабудова для прасушкі, абмалоту ўраджаю і чысткі зерня. Гэты помнік уяўляе сабой рэканструкцыю гумна, даследаванага ў 20-я рокі мінулага стагоддзя ў вёскі Лучнікі Слуцкага раёна падчас экспедыцый этнографаў на чале з Н.І. Лебедзевай.

Яшчэ адзін тып аднараднай (лінейнай) забудовы — сядзіба з вёскі Агароднікі Слуцкага раёна Менскай вобласці — ілюстрыруе працэс далейшага развіцця лінейнай забудовы. Трохкаметнае жыллё (хата-сені-клець) праз паветку злучаецца з пабудовай варыўні з сенечкамі. У склад сядзібы уваходзіць таксама і хлеў з прыбудаваным каля тарцовай сцяны птушнікам.

Экспазіцыя традыцыйнага інтэр’ера хаты прысвечана тэме прадзіва і ткацтва.
Двор, які ўяўляе сабой прыклад пагоннай (лінейнай) забудовы на канчатковым этапе свайго развіцця, перавезены з вёскі Садавічы Капыльскага раёна Менскай вобласці. Ен быў пабудаваны ў 1924 року. Шматлікія жылыя і гаспадарчыя пабудовы ў адным аб’ёме выцягнуліся ўздоўж двара на 36 метраў пад адзінай роўнай двухсхільнай страхой. Гэты класічны пагон ураджае сваёй цэльнасцю, адзінствам аб’ёму і планіровачнай супадпарадкаванасцю памяшканняў. Праз сені і сенічкі можна прайсці ў хату, кладоўку, кладовачку і клець. Гаспадарчыя памяшканні — гэта адрына, хлявы для буйнага і дробнага ската, свінарнік і птушнік.

У хаце створана экспазіцыя інтэр’ера на перыяд народнага зімовага свята Каляды.

На другім баку вуліцы сяла — адрэстаўраваная сядзіба пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці: хата, хлявы, клець і гумно. Гэта — прыклад двухраднага пагона. Другі рад пагоннага двара ўтвараюць клець і маслабойня (будзе рэканструявана).

Планіроўка жылля: хата-сені-варыўня. У інтэр’еры няма традыцыйнага “полу” для сну і лаў уздоўж сцен. У спальнай зоне — драўляныя ложкі. На прыкладзе дадзенага інтэр’ера адлюстраваны перамены ў сялянскім побыце ў 20-30 гады ХХ стагоддзя, а таксама розніца ў аармленні жылля насельніцтва каталіцкага веравызнання ў параўнанні з праваслаўным. Экспазіцыя інтэр’ера хаты прысвечана тэме хрысціянскага свята Вялікдзень.

Невялкі помнік пад дашчатай страхой у канцы сяла, на пэўнай адлегласці ад сядзіб, — гэта кузня з вёскі Клачкова Маладзечненскага раёна Менскай вобласці. Пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя.

А далей, за сялом, бачны крылы ветранога млына, пабудаванага ў 80-я рокі ХІХ стагоддзя з вёскі Даматканавічы Клецкага раёна Менскай вобласці. Млын казловага тыпу.

Ідучы па дарожцы ад млына ўздоўж пералеску, можна ўбачыць прыдарожную капліцу ў стадыі незавершанай рэстаўрацыі — помнік народнага дойлідства 1802 року з вёскі Каралеўцы Вілейскага раёна Менскай вобласці.


Экспазіцыйны сектар “Падняпроўе”


Гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі Падняпроўе займае тэрыторыю басейна Дняпра і яго прытокаў. Акрамя раёнаў Магілёўскай вобласці, у рэгіён уваходзяць Аршанскі і Дубровенскі раёны Віцебскай вобласці і раёны Гомельскай вобласці уздоўж рэк Днепр і Сож. Раўнінны ландшафт абумовіў развіццё паселішчаў з вулічнай забудовай. Са старадаўніх часоў падняпроўцы займаліся будаўніцтвам, земляробствам, жывёлагадоўляй, ткацтвам, ганчарствам, пчалаводствам. У рэгіёне гістарычна сфарміраваліся цэнтры шэрагу традыцыйных рамёстваў і промыслаў: ткацтва і разьба па дрэве на Веткаўшчыне, ганчарства на Мсціслаўшчыне.

Экспазіцыйны сектар “Падняпроўе” размешчаецца на адносна роўным плато тэрыторыі музея, што адпаведае ландшафту гэтага рэгіёна. У будучым можна будзе прайсці па вуліцы музейнай вёскі з двухбаковай забудовай, якую ўтвараюць замкнутыя (вяночныя) двары. Вуліца завяршаецца сілуэтам Прэабражэнскай царквы, помнікам 1707 року.

Экспазіцыя толькі распачата: адрэстаўраваны вяночны двар з вёскі Волева Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці канца ХІХ стагоддзя, вяночны двор з вёскі Бракава Слабада Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. У стадыі рэстаўрацыі — Прэабражэнская царква з вёскі Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці і ветравы шатровы млын пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці.

Вяночныя двары Падняпроўя — цікавыя помнікі народнага дойлідства, у якіх жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца вакол прасторы адкрытага ўнутранага двара. Характэрная асаблівасць — дамініраванне жылога дома.

Вяночны двор з вёскі Волева — гэта хата з сенцамі, кароўнік, хлеў для дробнай жывёлы і паветка. Усе пабудовы размешчаны вакол адкрытага двара, абмежаванага з боку вуліцы бярвенчатай агароджай (парканам) з варотамі і веснічкай.

Інтэр’ер — традыцыйны. Акрамя прадметаў побыту тут прадстаўлена фондавая калекцыя дубровенскай керамікі.

У вяночным двары з вёскі Бракава Слабада жылое звяно (сені-хата-хата) размешчана ўздоўж вуліцы. З вуліцы праз сенцы існуе праход як у хату, так і ва ўнутраны двор.

Акрамя гэтага, праз варота ёсць праезд з вуліцы на двор. Гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца па перыметру двара пад агульнай двухсхільнай страхой: паветка, лазня, стайня, кароўнік, хлеў, сянніца (пуня, адрына), зноў паветка і клець.

Інтэр’ер хаты традыцыйны, прыкладна з лістапада і да сакавіка дапаўняўся прыладамі працы, неабходнымі для прадзення. Таму ў экспазіцыі пярэдняй хаты прадстаўлены ткацкі станок, калаўрот, матавіла, верацёны. У памяшканні задняй хаты можна пазнаёміцца з чавускім народным строем.

Каля ўваходу ў вёску плануецца аднавіць групу склепаў. Зараз тут адрэстаўраваны склеп з вёскі Бракава Слабада Чавускага раёна Магілёўскай вобласці — невялікая зрубная пабудова пад нізкай чаротавай страхой.


Экспазіцыйны сектар “Паазер’е”


Беларускае Паазер’е ахоплівае Віцебшчыну і часткова паўночныя раёны Менскай вобласці. У гэтым гісторыка-этнаграфічным рэгіёне вельмі маляўнічы, узгорысты рэльеф. Узгоркі, паросшыя змешаным лесам, чаргуюцца тут з забалочаннымі нізінамі, якія перасякаюць шматлікія рэчышчы. І старажытнымі катлавінамі, што ўтвараюць гірлянды маляўнічых азёр. Гэта абумовіла асаблівасці сельскіх паселішчаў Паазер’я, для якіх характэрна маладворнасць і бессістэмнасць забудовы.

Менавіта  таму экспазіцыйны сектар “Паазер’е” прадстаўлен невялікай вёсачкай і асобна размешчаным хутарам — дзвума  характэрнымі для рэгіёна тыпамі паселішча. У структуру музейнай паазерскай вёскі з бессістэмнай планіроўкай уваходзяць культавыя пабудовы, паазерскія вяночныя двары-комплексы, пабудовы прыгумення, малыя дойлідскія формы.

На сённяшні дзень на экспазіцыйным сектары адноўлены многія помнікі. Сярод іх ветраны млын з вёскі Янушоўка Мядзельскага р-на Менскай вобласці — помнік народнага дойлідства пачатку ХХ стагоддзя. Гэта  незвычайны млын: асаблівасць помніка ў тым, што канструкцыя яго прыстасавана дя самастойнага паварота па накірунку ветра. Гэты тып называецца млын-пальтрак, рэдка распаўсюджаны ў Беларусі. Асаблівую выразнасць  знешняму дойлідскаму абліччу млына надаюць парныя махі, якія забяспечваюць паварот млына.

Цікавы гаспадарчыя пабудовы — пуня з в. Ваўкаўшчына Міёрскага р-на Віцебскай воюласці і гумно з вёскі Кемянцы Браслаўскага р-на Віцебскай вобласці — помнікі пачатку ХХ стагоддзя.

У памяшканні пуні арганізавана выстаўка “Транспартныя сродкі”.

Гумно з в. Кемянцы служыла для прасушкі ўраджаю ў снапах, абмалоту і захавання саломы. Паазерскія гумны адносяцца да тыпу гумнаў з вогневай сушкай. Унутры гумна будавалася невялікая зрубная пабудова з печкай-каменкай і жэрдкавым насцілам. Гэта так званая асець, у якой  на жэрдкавым насціле сушылі снапы  гарачым паветрам.

З пабудоў прыгумення цікава адрына з вёскі Левановічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобласці — помнік першай паловы ХХ стагоддзя. Прызначана для прасушкі  і захавання сена, саломы. За адрынай усталяваная малая дойлідская форма — азярод.

Вяночныя двары Паазер’я прадстаўлены на экспазіцыі адрэстаўраванымі комплексамі пачатку ХХ стагоддзя з вёскі Будзічы Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці і з вёскі Варашылкі Мядзельскага р-на Менскай вобласці. Усе пабудовы на каменных падмурках, што характэрна для дадзенага рэгіёна.

Вяночны двор з вёскі Будзічы ўяўляе сабой  традыцыйны прыклад замкнёнай забудовы з выразна вызначанай тэрыторыяй чыстага і гаспадарчага двара.  Чысты двор фарміруюць пабудовы жылога звяна (хата-хата-сені-істопка) і размешчаныя насупраць гаспадарчыя: клець, паветка, яшчэ адна клець, вароты і пабудова для  наёмнага рабочага. З боку вуліцы і прыгуменя двор замыкаюць вароты з веснічкай. На чыстым двары — калодзеж-“журавель”. Гаспадарчы двор або “дзяннік” (дзённы адстой жывёл) размешчаны паміж вышэйпералічанымі гаспадарчымі пабудовамі і стайняй, кароўнікам, хлявамі для свіней і авечак. Па тарцах “дзяннік” замыкаецца бярвенчатымі перагародкамі-замётамі.

Цэнтрам комплекса двара з вёскі Варашылкі Мядзельскага р-на з’яўляецца адкрыты ўнутраны двор, акружаны па перыметру жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. Вулічны фронт складаецца з трох асноўных элементаў: жылога дома з варотамі, клеці і замёта. Жылое звяно: хата-сені-варыўня-камора. Цікава афармленне франтона страхі дома: з дошак у “ёлачку” з накладным салярным знакам.

На стадыі рэстаўрацыі помнік культавага дойлідства Паазер’я — царква і званіца XVII стагоддзя з вёскі Вялец Глыбоцкага р-на. Помнік належыць да так званых цэркваў “клецкага” тыпу. Зрубны нэф з пяціграннай апсідай і прытворам ствараюць падоўжана-восеваю кампазіцыю аб’ёма храма. Аб’ём завяршаецца высокай двухсхільнай страхой з маленькай глаўкай.

Побач з царквою — дзвухпавярховая зрубная званіца з шатровай страхой.


Ігар Коўшаль
__________

etna.by



Создан 27 авг 2015



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter