Гісторыя й дойлідства Лагойска

Места на рацэ Гайна. Адміністрацыйны цэнтар Лагойскага раёну Менскай вобласьці



Лагойск


Лагойск — места ў Беларусі, на рацэ Гайна. Адміністрацыйны цэнтар Лагойскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва 10 706[1] чал. (2009 р.). Знаходзіцца за 40 км ад Менску, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Менск — Ворша). Аўтамабільныя дарогі на Менск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладэчна.

Лагойск — даўняя рэзыдэнцыя роду Тышкевічаў, колішняя сталіца графства на гістарычнай Меншчыне, раней — сталіца ўдзельнага княства.

Тапонім "Лагойск" утварыўся паводле традыцыйнай схемы праз суфікс "-ск". У час заснаваньня места такія назвы атрымалі шырокі распаўсюд. Праўда, практычна няма выпадкаў, калі б за аснову бралася нейкая асаблівасьць ляндшафту, таму пашыраная думка пра ўтварэньне тапоніму ад слова "лог"[2] выглядае сумнеўна. Часьцей за ўсё імёны местаў паходзілі ад назваў рэчак. Існуе меркаваньне, што назву "Лагожаск" магло атрымаць паселішча, якое першапачаткова існавала недзе ля сутокаў Лагазіцы і Гайны[3] (за 8 км ад сучаснага места). Пазьней яго маглі перанесьці на новае, больш зручнае месца, захаваўшы пры гэтым старую назву (такая практыка пераносу местаў была даволі звыклай у той час)[4].

У гістарычных крыніцах таксама згадваецца як Лагожск, Лагожаск.

Першы пісьмовы ўспамін пра Лагойск зьмяшчаецца ў "Павучаньні" Ўладзімера Манамаха і датуецца 1078 рокам: "Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя". У канцы XI ст. паселішча далучылася да Полацкага княства. У 1127 р. князь кіеўскі Мсьціслаў Ўладзімеравіч у часе выправы на Полацак разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў яго Ізяславу Мсьціславічу. У 1180 р. места зрабілася сталіцай удзельнага княства.

У 1-й чвэрці XIV ст. Лагойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1387 р. вялікі князь Ягайла надаў яго ў валоданьне свайму брату Скіргайлу, з 1392 р. — уладаньне вялікага князя Вітаўта. У "Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх" (канец XIV ст.) Лагойск значыцца сярод "літоўскіх" замкаў[5]. У 1413 р. мясьціна ўвайшла ў склад Віленскага ваяводзтва. З часоў княжаньня Казімера Лагойскам валодалі Чартарыйскія. У 1505 р. крымскія татары спалілі і разрабавалі мястэчка.

У пачатку XVI ст. дзякуючы шлюбу Лагойск перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзыдэнцыю. З гэтага часу мястэчка зрабілася цэнтрам графства. У 1532 р. тут адбудавалі спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву, пры царкве існаваў манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566 рр.) Лагойск увайшоў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. За часамі войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522 рр., 1534—1537 рр.), і ў Трынаццацігадовую вайну (1654—1667 рр.) мястэчка пэўны час (у 1519 р., 1535 р., 1654 р.[6]) знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй.

У 1609 р. вядомы навуковец Аляксандар Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, у якім праводзілася пахаваньне тутэйшай лініі роду. У 1673 р. кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў мястэчку прывілей на штотыднёвы гандаль і 2 рэгулярныя кірмашы.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721 рр.) 6 траўня 1708 р. швэдзкае войска заняла Лагойск і спаліла замак. У 1752 р.[6] на месцы зруйнавага замка А. Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў кляштар базылянаў. У 1787 р. ён жа распачаў будову мураванага касьцёла, асьвечанага ў 1793 р.[6].

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 р.) Лагойск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні. Станам на 1795 р. тут было 90 хрысьціянскіх і 26 юдэйскіх двароў, каталіцкі касьцёл, грэка-каталіцкая царква ў гонар Сьвятога Міколы і базылянскі кляштар; 9 траўня, 6 жніўня і 6 сьнежня праводзіліся кірмашы. Мястэчка было цэнтрам маёнтку, якім супольна валодалі былы рэфэрэндар і канцлер Вінцэнт Тышкевіч і кашталян жамойцкі Станіслаў Тышкевіч. У 1814—1819 рр. тут збудавалі 2-павярховы палац (будынак падарвалі ў канцы апошняй вайны). У 1837 р. пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама дзейнічала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прыладаў з жалезаплавільнай майстэрняй. К. Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчанаў і сялянаў, але праз пэўны час фабрыку і банк зачынілі. У 1842 р. браты Канстантын і Яўстах Тышкевічы стварылі музэй старажытнасьцяў, на аснове калекцыі якога ў 1855 р. заснавалі Віленскі музэй старажытнасьцяў. Станам на 1861 р. у Лагойску працавалі шкіпінарны і медны заводы. Паводле вынікаў перапісу (1897 р.) — народная вучэльня, гарбарны завод, вадзяны млын, 14 крамаў, рэгулярна адбываліся 3 кірмашы.

У 1919 р. Лагойск увайшоў у БССР, дзе 17 ліпеня 1924 р. зрабіўся цэнтрам раёну. 27 верасьня 1938 р. паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 р. да 2 ліпеня 1944 р. мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1998 р. Лагойск атрымаў статус места.

У Лагойску працуюць гімназія і 2 агульнаадукацыйныя школы, дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячая спартовая школа.

Мэдыяныя паслугі надаюць лякарня і паліклініка. У месьце знаходзяцца раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.

Дзейнічаюць дом культуры й дом рамёстваў, гістарычна-краязнаўчы музэй, 2 бібліятэкі, дом дзіцячай творчасьці. У горадзе ёсьць музычны гурт Абшар.

Фізкультурна-спартовы комплекс у Лагойску зьяўляецца адным з найлепшых у краіне. У ягоным складзе два фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, у якіх маюцца залі для занятку валейболам, баскетболам, міні-футболам, гандболам, боксам, барацьбой, 2 басэйны, трэнажорныя залі, КДЮСШАР. У 2007 р., паводле раённай праграмы разьвіцьця турызму, каля места плянуецца будаўніцтва спартова-аздараўленчага цэнтру "Зялёны луг".

Непадалёк ад места знаходзяцца два горналыжныя комплексы — "Сілічы" ды "Лагойск". Ідэальныя ўмовы для заняткаў зімовымі відамі спорту створаны на лыжна-біятлёнавай трасе "Заячая паляна".

Лагойск двойчы разбуралі іншаземныя захопнікі: сьпярша татары ў 1505 р., пазьней швэды ў 1700—1721 рр. У зьвязку з гэтым цяжка сказаць пра старажытнае плянаваньне места, але можна меркаваць, што сучасная галоўная вуліца, якая зьяўлалася часткай былога тракту зь Менску на Полацак заўсёды была стрыжнем плянавальнай структуры паселішча. Недалёка ад яе разьмяшчаўся дзядзінец, а пазьней — палац Тышкевічаў з паркам, які ўвабраў у сябе ўсе рэшткі старажытнага места.


Выдатныя мясьціны:


Лагойск — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня[11]. У наш час да мясцовых славутасьцяў можна аднесьці рэшткі дзядзінца XI—XIII стагодзьдзяў, 2 гарадзішчы старажытнага пэрыяду, а таксама парк і царкву XIX ст. Маляўнічыя руіны палаца Тышкевічаў Лагойску надаюць паселішчу асаблівы гістарычны калярыт, а сам парк і сажалка на рацэ Гайна неімаверна прыгожыя і непаўторныя сваімі краявідамі і пэрспэктывамі.

Спыніцца можна ў гасьцініцы "Алімп". У месьце працуе гістарычна-краязнаўчы музэй імя К. і Я. Тышкевічаў.

Лагойскі палац Тышкевічаў — помнік дойлідства клясыцызму пачатку XIX ст.

Утвараў разьвітую дойлідскую кампазыцыю, якая разьмяшчалася на ўзвышшы і была скіраваная на раку. Асноўная алея пэйзажнага парку пачыналася ад палаца і вяла да галоўнай вуліцы Лагойску. Зьнішчаны ў час Другой сусьветнай вайны.

Захаваліся руіны сьцяны бакавога крыла палаца і парк.


Страчаная спадчына:


• Капліца (1793—1795 рр.)
• Касьцёл Сьвятога Казімера (1793 р.)
• Царква і кляштар базыльянаў (XVIII ст.)


Вядомыя выхадцы і жыхары:


• Уладзімер Аскерка (нар. 1919 р.) — вайсковы навуковец і пэдагог, кандыдат тэхнічных навук; настаўнік Юрыя Гагарына
• Пётар Багданаў (нар. 1965 р.) — беларускі мастак
• Ізраіль Белкін (1861—1929 рр.) — сыянісцкі дзяяч і пэдагог, адзін з заснавальнікаў таварыства "Білу"
• Вячаслаў Грушоў (нар. 1950 р.) — беларускі актор; Заслужаны артыст Беларусі (2007 р.)
• Вячаслаў Селях-Качанскі (1885—1976 рр.) — сьпявак, тэатральны дзяяч, пэдагог
• Канстантын Тышкевіч (1806—1868 рр.) — беларускі археоляг, гісторык, этнограф, фальклярыст; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі
• Крыштап Тышкевіч (1616—1666 рр.) — дзяржаўны й вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай. Ваявода чарнігаўскі (з 1658 р.);
• Піюс Тышкевіч (1756—1858 рр.) — граф, ганаровы чалец Віленскай археалягічнай камісіі, маршалак шляхты Барысаўскага павету (1814—1820 рр.)
• Яўстах Тышкевіч (1814—1873 рр.) — беларускі археоляг, гісторык, этнограф, краязнаўца, музэязнаўца; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі
• Барыс Хораў (1932—2003 рр.) — эканаміст, дасьледчык эканамічнай геаграфіі, доктар геаграфічных навук (1972 р.), профэсар (1978 р.)


Крыніцы:


1). Перепись населения — 2009. Минская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь.
2). Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 207.
3). Лемцюгова В. Беларуская айканімія: лінгвіст. аналіз назваў насел. пунктаў Мін. вобл. / В.П. Лемцюгова; Акад. навук БССР, Ін-т мовазнаўства. — Мн.: Навука і тэхніка, 1970. С. 92.
4). Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах.Кн. 1-я. — Мн.: 2003.
5). Пазднякоў В. Лагойск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 177.
6). Пазднякоў В. Лагойск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 178.
7). Насевіч В. У складзе Расійскай імперыі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах.Кн. 1-я. — Мн.: 2003.
8). Лагойск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 327.
9). г. Логойск(рас.). Логойский районный исполнительный комитет. Праверана 2 студзеня 2011 г.
10). Боровой Р. Исторический центр Логойска: хронология, планировочная структура и проблемы охраны // "Архитектура и строительство" № 10 (197), 2008.
11). Логойск // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г.П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И.И. Пирожника. — Мн., 2007.


Літаратура:


• Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2:  Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
• Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 1-я. — Мн.: 2003.
• Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 2-я. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 488 с.
• Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
• Lohojsk // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). 

 


Гісторыя Лагойску


Лагойск — старажытны горад, колішняя сталіца княства. Пазьней цэнтар графства Тышкевічаў на гістарычнай Меншчыне.

Першы пісьмовы ўспамін зьмяшчаецца ў "Павучаньні" Ўладзімера Манамаха і датуецца 1078 р.: "Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя". У канцы XI ст. далучыўся да Полацкага княства, у 1-й чвэрці XIV ст. — да Вялікага Княства Літоўскага. У канцы XIV ст. у "Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх" згадваецца сярод "літоўскіх" замкаў[1].


Храналёгія:


• 1127 р.: кіеўскі князь Мсьціслаў Ўладзімеравіч у часе свайго паходу на Полацкае княства разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў горад Ізяславу Мсьціславічу.
• 1180 р.: сталіца Лагойскага княства.
• 1387 р.: вялікі князь Ягайла перадаў Лагойск у валоданьне свайму брату Скіргайлу, ад 1392 р. — уладаньне вялікага князя Вітаўта.
• 1413 р.: у Віленскім ваяводзтве; за вялікім князем Казімерам перайшоў да князёў Чартарыйскіх.
• 1505 р.: крымскія татары спалілі і разрабавалі места.
• 1528 р.: перайшоў у валоданьне Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзыдэнцыю.
• 1532 р.: уладальнік Лагойску адбудаваў спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву; пры царкве быў манастыр.
• 1565—1566 рр.: у Менскім павеце Менскага ваяводзтва.
• 1519 р., 1535 р., 1654 р.[2]: у часы войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522 рр., 1534—1537 рр.), і ў Трынаццацігадовую вайну (1654—1667 рр.) пэўны час знаходзіўся пад маскоўскай акупацыяй.
• 1609: вядомы навуковец Аляксандар Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, у якім праводзілася пахаваньне лагойскай лініі роду Тышкевічаў.
• 1673 р.: атрымаў каралеўскі прывілей на штотыднёвы гандаль і 2 кірмашы на рок.
• 6 траўня 1708 р.: у Вялікую Паўночную вайну (1700—1721 рр.) швэдзкае войска заняла Лайгоск і спаліла замак.
• 1752 р.[2]: на месцы зруйнавага Лагойскага замка А. Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў кляштар базылянаў.
• 1787 р.: А. Тышкевіч распачаў будову мураванага касьцёла[2].
• 1793 р.: у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі; мястэчка, цэнтар воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні.
• 1795 р.: у Лагойску было 90 хрысьціянскіх і 26 юдаісцкіх двароў, каталіцкі касьцёл, вуніяцкая царква ў гонар Сьвятога Міколы і базылянскі кляштар, 9 траўня, 6 жніўня і 6 сьнежня праводзіліся кірмашы; мястэчка было цэнтрам маёнтку, які супольна належаў былому рэферэндару і канцлеру вялікаму літоўскаму Вінцэнту Тышкевічу і кашталяну жамойцкаму Станіславу Тышкевічу.
• 1814—1819 рр.: Тышкевічы збудавалі ў Лагойску 2-павярховы палац (будынак падарвалі ў канцы апошняй вайны).
• 1837 р.: у Лагойску пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама дзейнічала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прыладаў з жалезаплавільнай майстэрняй; К. Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчанаў і сялянаў, але праз пэўны час фабрыку і банк зачынілі.
• 1842 р.: браты Канстантын і Яўстах Тышкевічы стварылі ў Лагойску музэй старажытнасьцяў, на аснове калекцыі якога ў 1855 р. заснавалі Віленскі музэй старажытнасьцяў.
• 1861 р.: у Лагойску працавалі шкіпінарны і медны заводы, а станам на 1897 р. — народная вучэльня, гарбарны завод, вадзяны млын, 14 крамаў, шторок адбываліся 3 кірмашы.
• 17 ліпеня 1924 р.: цэнтар раёну.
• 1938 р.: атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
• ліпень 1941 р. — 2 ліпеня 1944 р.: у Другую сусьветную вайнузнаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
• 1998 р.: атрымаў статус места.


Крыніцы:


1). Валерый Пазднякоў. Лагойск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 177.
2). Валерый Пазднякоў. Лагойск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 178.


Літаратура:


• Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 1-я. — Мн.: 2003.
• Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 2-я. / Рэд. кал. Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 488 с.
• Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
• Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
• Lohojsk // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 682—684.

 


Лагойск


Як было не абраць людзям, якія жылі больш за тысячу год таму, маляўнічае мястэчка на правым беразе ракі Гайны для пабудовы паселішча? На месцы, дзе зараз знаходзіцца парк Тышкевічаў, размяшчаўся земляны вал, увянчаны дзядзінцам з бярвеністай сцяной. З высокіх узгоркаў, на дзесяткі кіламетраў вакол былі бачныя наваколлі — гэта і дапамагала Лагойску (Лагожаску) выконваць ролю умацавання, якое знаходзілася на шляху да Полацка заваёўнікаў, якія рухаліся з поўдня. Першапачатковая назва горада — "Логожьскъ". Паводле самага абгрунтаванага меркавання гэтая назва паходзіць ад ракі Лагаза, якая ўпадае ў Гайну, і суфікса "-ск". А ужо ў сваю чаргу назва Лагаза паходзіць ад слова "лагчына".

З тым часам, калі старажытны Лагойск уваходзіў у склад Полацкага княства, і звязаны першы ўспамін пра места на старонках пісьмовай гісторыі. Пад час паходу, які датуецца 1078 рокам, на Полацкае княства кіеўскі князь Уладзімір Манамах пісаў у сваім вядомым "Павучанні":

"Пожёг землю и повоевав до Лукомля и до Логожьска".

Наступны успамін "Логожьска" — 1127 рок: унук Манамаха здзейсніў вялікі паход на Полацкую зямлю. Аддзел лагажан быў захоплены ў палон, а места пасля двух дзён аблогі "устрашившеся" здалося.

У 1180 року Лагожск стаў центрам Лагожскага княства — адной з доляў Менскага княства. Князямі тут былі Ўсяслаў Мікуліч у тым самым року, а Васілька Валадаравіч — у 1186 року, ён быў сынам менскага князя.

Апошнім успамінам пра горад у XII стагоддзі сталася змена князя ў 1186 року. З таго часу пісьмовыя ўспаміны пра Лагойск на працяглы час знікаюць. Зважаючы па археалагічных раскопах, якія праводзіліся ў 1966–1969 рр., у XIII стагоддзі места актыўна развівалася, але моцна пацярпела ад пажару. Культурны слой канца XIII–XIV прасочваецца вельмі слаба — адбыўся ўпадак у развіцці места. Таму уявіць хоць нешта з тых часоў, калі места не ўспамінаецца ў летапісах, можна толькі па легендах і паданнях. Напрыклад, у адным з такіх народных успамінаў Лагойскі край падаецца як тэрыторыя з вялікай колькасцю ўзгоркаў, на якіх у вярсце адна ад адной стаялі цэрквы. І прамежак ад бліжэйшай да гарадзішча да самай далёкай царквы быў ажно сто вёрст!

Новай вяхой у гісторыі Лагойска стаўся яго ўваход у склад Вялікага Княства Літоўскага ў першай чвэрці XIV стагоддзя. Пачаўся ланцужок пераходаў паселішча ад аднаго гаспадара да іншага. У канцы XIV стагоддзя горад з’яўляўся цэнтрам маленькай воласці ў ВКЛ, панаваў тут у той час літоўскі баярын Войшвіл. У 1387 року ўспамінаецца існаванне ў Лагойску праваслаўнага манастыра Яна Прадцечы. У тым самым годзе Скрыгайла атрымаў ад свайго старэйшага брата, князя Ягайлы Альгердавіча, землі цэнтральнай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі. Сярод гэтых земляў апынуўся і Лагойск. Усяго праз пяць рокаў, у 1392 року места перайшло ў валоданне да вялікага князя ВКЛ Вітаўта. У пачатку XV стагоддзя пачалі з’яўляцца ўспаміны пра паселішчы каля Лагойска: Гайна, Корань, Гасцілавічы, Астрошыцы і г.д. У 1460 року места было перададзенае ў падарунак вялікім князям ВКЛ і каралём польскім Казімірам князю Аляксандру Чартарыйскаму (Чарторыжскому).

Цяжкая доля спасцігла замак і места у 1505 року: крымскія татары Махмет-Гірэя абрабавалі, спалілі Лагойск і забралі ў палон унукаў Аляксандра Чартарыйскага. Завяршальнай рысай, якая ледзь было не сталася апошнім успамінам пра Лагойск у гісторыі, стаў разбуральны паход войскаў Маскоўскага княства, на шляху ў якіх апынуўся шматпакутнае места.

У 1514 року Васіль Тышкевіч ажаніўся з унучкай Аляксандра Чартарыйскага. А ў 1528 року, потым 1531 року дзве часткі Лагойска перайшлі ад сёстраў князя Сямёна Чартарыйскага (сын Аляксандра Чартарыйскага) да пана Васіля Тышкевіча (Цішковіча), які і стаў першым уладальнікам горада з роду Тышкевічаў. У 1531–32 рр. Васіль пабудаваў у Лагойску новы замак, перабудаваў умацаванні і Багаяўленскую царкву. У 1569 року Васіль Тышкевіч атрымаў ад вялікага князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста графскі тытул "на Лагойску і Бярдзічаве".

Пасля смерці першага ўладальніка Тышкевіча ўлада апынулася ў руках яго ўнукаў: Марціна і Фёдара Юр’евічаў, якія падзялілі спадчыну напалам. Аднак і гэты перадзел лагойскага маёнтку ня стаўся апошнім. У 1603 року Лагойск з замкам перайшоў да яшчэ аднаго Юр’евіча — Аляксандра Тышкевіча. Ён прыняў у Італіі каталіцкую веру, а ў 1604 року пабудаваў у Лагойску каталіцкі касцёл, у якім надалей хавалі памерлых прадстаўнікоў лагойскай галіны роду Тышкевічаў. Сыны Марціна Тышкевіча Ёзэф і Філон сталі наступным пакаленнем уладальнікаў Лагойска. Часам іх кіравання Лагойскам прозвішча "Тышкевічі" атрымала канчатковы выгляд пры напісанні. А нашчадкі Ёзэфа і Філона валодалі горадам да 1927 року.

Цяжкі перыяд у гісторыі места — вайна Расеі з Рэччу Паспалітай. У 1655 року места пасля пяці рокаў акупацыі быў знішчанае маскалёўскім войскам. Пасля гэтага і местам Лагойск цяжка было назваць: двары, што засталіся можна было пералічыць на пальцах. І каб хоць неяк адрадзіць места, у 1673 року гараджане атрымалі права на штотыднёвы гандаль і дзве ярмаркі на рок.

XVIII стагоддзе для Лагойска сталася таксама разбуральным. У траўні 1708 року ў час Паўночнай вайны (1700–1721 рр.) шведскае войска Карла XII захапіла Лагойск, спаліла замак, які пасля вайны так і не быў адбудаваны зноў. На месцы замка Станіслаў Тышкевіч збудаваў Базыліянскі кляштар, пры якім адчыніліся невялікія прыхадская і музычная школы. У 1834 року кляштар быў зачынены, а ў 1841 року будынак разабраны.

У 1793 року Расея і Прусія падпісалі канвенцыю пра другі падзел Рэчы Паспалітай і тэрыторыя сучаснага Лагойскага раёна згодна гэтаму дакументу адыйшла да Расеі. Валодалі Лагойскам у той час Жмудскі каштэлян (кіруючы замкам і прылеглымі тэрыторыямі) Станістаў і былы канцлер ВКЛ Вінсэнт Тышкевічы. Дамінік Феліцыянавіч Тышкевіч, наступны ўладар места, передаў права валодання свайму меньшаму брату — Пію Феліцыянавічу. Ён і надаў, магчыма, самы моцны штуршок для ўсебаковага развіцця Лагойска. Пій Тышкевіч — маршалак шляхты Барысаўскага павету, ганаровы чалец Віленскай Археалагічнай камісіі, бацька найвядомейшых беларускіх археолагаў і этнографаў Канстанціна і Яўстаха. Граф пражыў працяглае жыццё 102 рока з 1756 рока да 1858 року. Менавіта яго намаганнямі ў 1815 року быў пабудаваны новы вялізны ампірны палац, муры якога можна ўбачыць зараз у Лагойскім парку Тышкевічаў.

Другая палова XIX стагоддзя для Лагойска характэрная адчыненнем ткацкай і сельскагаспадарчай фабрык; меднага і скуранога заводаў; банка, вадзянога млыну, крамаў і шмат чаго іншага. У 1918 року Лагойск акупавалі нямецкія войскі, у 1920 року — польскія. Прыход савецкай улады на Лагойшчыну быў адзначаны сялянскім вандалізмам. Тышкевічы, якія ўзнялі места на эўрапейскі ўзровень, вымушаны былі пакінуць места.


Крыніца:


• Лагойск. Віртуальны музей (http://museum.logoysk.info)

 


Палац Тышкевічаў у Лагойску


Лагойскі палац Тышкевічаў — палацава-паркавы комплекс графаў Тышкевічаў у Лагойску, збудаваны ў 1819 року. Утвараў разьвітую дойлідскую кампазыцыю, якая разьмяшчалася на ўзвышшы і скіроўвалася да ракі Гайна. Асноўная алея пэйзажнага парку пачыналася ад палаца і вяла да галоўнай вуліцы паселішча.

Лагойскі палац Тышкевічаў — помнік дойлідства позьняга клясыцызму[1] (ампіру) з выкарыстаньнем элемэнтаў дарычнага ордэра. На сядзібным двары знаходзіліся "кухарня", лядоўня, стайня, вазоўня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Большую частку палаца, а таксама гаспадарчыя збудаваньні і капліцу зьнішчылі ў канцы Вялікай Айчыннай вайны. Захаваліся руіны сьцяны бакавога крыла палаца і парк.

Яшчэ ў старажытнасьці ў Лагойску, над ракой Гайнай, пры тракце, які вёў зь Менску ў Дынабург, знаходзілася гарадзішча. Пазьней на ім узьнік фэадальны замак, сьценам якога неаднойчы даводзілася трымаць аблогу.

У канцы XV ст. Лагойск атрымаў статус мястэчка, у цэнтры паселішча збудавалі ратушу з гадзіньнікам на фасадзе. У пачатку XVI ст. Тышкевічы мелі 2 палацы ў прадмесьцях Лагойску — Луцаўшчыне і Заазер’і (на беразе заазерскага возера за 1,5 км на паўднёвы ўсход). У 1814—1819 роках на месцы старажытнага замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (быў зьнішчаны крымскімі татарамі ў 1505 р.), потым мураванага замка Тышкевічаў (разбураны швэдамі ў 1708 року) узьвялі новы Лагойскі палац.

Лагойскі палац — твор дойлідства клясыцызму (ампіру) з выкарыстаньнем элемэнтаў дарычнага ордэра. Манумэнтальны будынак паставілі на высокі цокаль прастакутнай формы (70х20 м). Аб’ёмна-прасторавую франтальна раскрытую кампазыцыю фармавалі 3 злучаныя паміж сабой 1-павярховымі крыламі часткі: сярэдні 2-павярховы пяцівосевы корпус і 2 1-павярховыя аднавосевыя высунутыя рызалітамі бакавыя павільёны.

Сярэдні корпус палаца на галоўным фасадзе вылучаў глыбокі 6-калённы портык; яго патройныя калёны флянкавалі шырокі праезд па цэнтры і бакавыя пандусныя пад’езды. Калёны несьлі гладкі антаблемэнт з карнізам на дантыкулах і 2-ярусны прастакутны атык з 3-кутным франтонам у завяршэньні — тыпова ампірная форма. Прасьценкі прастакутных у сьціплых ліштвах акон рытмічна крапаваліся пілястрамі. Толькі ўваходныя дзьверы былі аформленыя чвэрцьлісьцевымі начолкамі. Бакавыя крылы крапаваліся падвойнымі пілястрамі і завяршаліся трыгліфнымі фрызамі і трыкутнымі франтонамі.

Амаль такі ж выгляд палац меў і з паркавага боку, але вылучаўся больш сьціплай архітэктурна-плястычнай распрацоўкай. Портыку франтальнага фасада тут адпавядаў паўкруглы эркер з 6 прысьценнымі калёнамі і закругленым атыкам у завяршэньні. Вакол эркера, узьнятага на высокі цокальны паўпаверх, праходзіла відавая тэраса са сходамі, зь якой адкрываліся паркавыя краявіды. Палац накрывалі пакатыя 2-схільныя гонтавыя дахі над усімі яго часткамі. Яшчэ і ў наш час пад руінамі палаца праглядаюцца вялікія скляпеністыя сутарэньні.

Парадныя апартамэнты палаца больш нагадвалі музэйную анфіляду. Тут, у 2 найбольшых працяглых залях, экспанаваліся рэчы багатых музэйных збораў. Мастацкае афармленьне інтэр’ераў было вырашана ў стылі ампір. Паводле адзінкавых успамінаў некаторых наведвальнікаў "музэя" можна меркаваць, што працяглыя экспазыцыйныя залі знаходзіліся на 1 паверсе бакавых крылаў палаца. Пад музэйную экспазыцыю адводзіліся і залі-ратонды абодвух паверхаў цэнтральнага акруглага эркера.

"Ангельскі" парк пэйзажнага тыпу плянаваньня быў высаджаны адначасна з будовай палаца Піюсам Тышкевічам ўздоўж правага берага ракі Гайна на плошчы 6,2—10 га. Фармаваньню парку ў духу рамантызму спрыялі гістарычныя асаблівасьці яго тэрыторыі, што зьвязвалася з існаваньнем тут умацаванага мураванага замка.

Праз парк працякаў ручай зь перакінутым церазь яго мураваным аркавым мостам. Перад ім, пры ўезьдзе ў парк, па правы бок ад палаца стаяла невялікая вартоўня.

Перад парадным фасадам палаца ўтвараўся роўны акруглай формы траўнік, абкружаны "жывой сьценкай" нізка стрыжанага кустоўя вечназялёнага самшыта; унутры купамі расьлі кусты, былі разьбітыя кветкавыя клюмбы і рабаткі. Да партэру далучалася вялікая паляна (цяпер стадыён; па яе восі праходзіла адна з пэрспэктываў на раку Гайна), фланкаваная масівамі дрэваў узьлескі, аформленыя з аднаго боку магутнай групай таполі белай, зь іншага — елкі. Каля берага Гайны сымэтрычна разьмешчаныя 2 паўкруглыя шчыльныя групы ліпы, якія падкрэсьлівалі вось пэрспэктывы і адначасова ўмацоўвалі бераг. Адна зь іх служыла відавой "зялёнай" альтанкай.

Ад палаца ўздоўж берага праз атачаючыя паляну масівы праходзіў кальцавы прагулачны маршрут. Ён характарызаваўся разрэджаным дрэвастоем зь мясцовых відаў, празь які добра праглядаліся зарэчныя левабярэжныя далі і люстэрка ракі. У паўднева-ўсходняй частцы сьцежка падводзіла да невялікага вадаёму каля ракі, які сілкаваўся ад несупынна пульсуючай крыніцы. Маршрут часткова праглядаецца і сёньня, але густы падлесак закрыў пэрспэктывы.

Паўднёва-ўсходнюю частку парку прадстаўляюць рэшткі замка. Добра захаваўся крапасны вал з крутымі схіламі, парослымі векавымі дрэвамі. Абкружны канал паўкругам ахопліваў замак на высокай тэрасе Гайны. Былы замкавы двор служыў садам, а з валоў адкрываліся краявіды на марэнныя маляўнічыя ўзгоркі Лагойшчыны. Пярэдні плян пэрспэктывы складала паўнаводная Гайна. У кампазыцыйнае вырашэньне парку ляжыць прынцып раскрыцьця дальніх пэрспэктываў на раку Гайна і выкарыстаньня рэшткаў замкавых умацаваньняў з равамі, у плянавальнае — трохпрамянёвая пэрспэктыва ў бок ракі.

Парк ня мае кампазыцыйна вызначанай плянавальнай восі. Уязная алея праходзіла паміж садам, закладзеным на месцы былых сялянскіх сядзібаў, і паркам, паўтараючы яго канфігурацыю па паўднёва-заходнім пэрымэтры. Па падоўжнай восі палаца, праз паркавы гушчар быў пакінуты шырокі прасьвет, празь які адкрываўся краявід на далёкую частку парку. Яшчэ прыгажэйшы краявід адкрываўся з тэрасы і акон тыльнага боку палаца, дзе тэрыторыя паніжалася пакатым схілам да маляўнічай сажалкі зь цяністай «зялёнай» таполевай альтанкай каля яе (пасаджаныя кругам ліпы). Агляд працягваўся па рацэ, далей да цямнеючага за ёй лесу.

Дэндралягічную аснову парку складалі дрэвы мясцовых ліставых пародаў: акрамя ліпы звычайнай расьлі ліпа грубаліставая, клён серабрысты і татарскі, ясень пэнсыльванскі, явар. Курціны фармавалі таполя белая і дуб, з хваёвых мелася елка. На ўскрайку парку быў высаджаны пладовы сад.

Са зруйнаваньнем палаца паступова гінуў і парк, ад якога ўцалелі толькі адзінкавыя фрагмэнты. Зараз гарадзкі парк культуры і адпачынку. Распрацаваны праект аднаўленьня парку.

 


Касьцёл-пахавальня


Сярод парку стаяў фамільны касьцёл-пахавальня. Храм узьвялі ў 1787—1793 роках практычна адначасна з палацам, пра што сьведчыць агульная зь ім ампірная мастацка-стылёвая трактоўка. Прастакутны 1-нэфавы корпус пад 2-схільным гонтавым дахам завяршаўся над алтаром гранёным шатровым ліхтарыкам. Корпус перакрыжоўваў аб’ём трансэпта, аднавосевыя кароткія крылы якога выступалі на бакавых фасадах і завяршаліся 3-кутнымі тарцовымі франтонамі.

У адрозьненьне ад плоскасных, рытмічна падзеленых высокімі аркавымі вокнамі бакавых фасадаў, галоўны — атрымаў насычаную дойлідска-плястычную распрацоўку. Ягоная роўніца завяршалася прастакутным атыкам, над якім узвышаўся прастакутны вэртыкальна выцягнуты шчыт з гадзіньнікам паміж 2 прысьценных калёнаў. Але асноўным плястычна-дэкаратыўным акцэнтам франтальнага фасаду зьяўляўся ўзьняты на высокія руставаныя ўстоі 4-калённы портык з 3-кутным франтонам. Яго палярна пастаўленыя калёны фланкавалі прастакутны ўваходны партал, над якім разьмяшчалася аркавае акно хораў. Акрамя гэтага, фасадная роўніца па кутох фланкавалася адзіночнымі калёнамі.

Пад будынкам мелася вялізная крыпта-пахавальня, асьветленая паўцыркульнымі люкарнамі цокаля.

Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Казімера (Лагойск)

Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Казімера — рымска-каталіцкае сакральнае збудаваньне ў Лагойску. Знаходзіўся на пагорку ў цэнтры места, на левым беразе ракі Гайна.

У наш час побач з падмуркамі зьнішчанай савецкімі ўладамі бажніцы збудавалі новы касьцёл пад тытулам Сьвятога Казімера.

У 1609 року А. Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, які адначасна зрабіўся пахавальняй лагойскай галіны роду Тышкевічаў. Драўляны храм згарэў у 1655 року ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, пазьней адбудоўваўся і зноў зьнішчаўся.

Пры лагойскім касьцёле дзейнічалі парафіяльная школа, шпіталь, брацтва Сэрца Езуса, заснаванае ў 1747 року[1].

Новы мураваны касьцёл узьвялі ў 1787—1793 роках паводле фундацыі графа Тышкевіча. Станам на 1884 рок парафія налічвала каля 6 тысячаў чалавек, меліся прыпісныя капліцы ў вёсках Тадуліна і Емяльянава (цяпер Смалявіцкі раён)[2].

У 1907 року касьцёльную тэрыторыю абкружылі новай мураванай агароджай з брамай у выглядзе цагляных атынкаваных слупоў. Праваруч ад бажніцы стаяла 2-пралётная мураваная званіца, убудаваная ў агароджу[1].

Касьцёл дзейнічаў да 1950-х рокаў, пазьней бажніцу зруйнавалі савецкія ўлады.

Першы драўляны касьцёл зьяўляўся крыжовым у пляне зрубам з 2 закрысьціямі. Франтальны фасад флянкавалі 2 вежы. Трыкутны франтон паміж імі, сяродкрыжжа гонтавых дахаў і алтарная частка завяршаліся сыгнатуркамі[2].

Інтэр’ер ўпрыгожвалі 2-ярусныя алтары, выкананыя насьценным малярствам. Каля храму стаяла 2-ярусная 4-гранная званіца, накрытая гонтавым шатровым дахам.

Мураваны касьцёл зьяўляўся творам архітэктуры клясыцызму. Прастаўтны ў пляне аб’ём пад 2-схільным гонтавым дахам меў сыгнатурку над алтарнай часткай. На бакавых фасадах выступалі крылы трансэпта пад 2-схільнымі пакрыцьцямі. Франтальны фасад завяршў 4-калённы портык з трыкутным франтонам, над якім узвышалася 2-калённая вежа-званіца з гадзіньнікам (зьявілася ў 1806)[2].

Галоўны алтар вырашаўся ў тэхніцы ілюзіяністычнага малярства, у цэнтральнай аркавай эксэдры з 1817 року зьмяшчалася скульптура Езуса Назарэцяніна[1]. Такое жа вырашэньне мелі алтары ў крылах трансэпта (Сьв. Антонія і Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі). Пад храмам мелася крыпта-пахавальня Тышкевічаў, на алтарнай сьцяне знаходзілася ўкрыжаваньне[2].


Крыніцы:


1). Касцёл Св. Казіміра ў Лагойску. "Віртуальны музей горада Лагойска". Праверана 13 кастрычніка 2010 г.
2). Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 430.


Літаратура:


• Кулагін А.М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008.— 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

 


Царква Сьвятога Мікалая


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная з цэглы ў 1866 року у Лагойску (цяпер на вул. Савецкай) на правым беразе р. Гайна, перабудаваная ў 2-й палове XIX ст. У плане мае традыцыйную 4-часткавую працяглую па восі ўсход-захад кампазіцыю: 4-ярусная звоніца, трапезная, асноўны аб’ём, 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Стрыманы дэкор помніка ўключае ордэрную пластыку, прафіляваныя карнізы. Сцены раскрапаваны кутнымі лапаткамі і арачнымі аконнымі праёмамі. Галоўныя дамінанты — 8-гранная званіца і барабан, якім завершаны асноўны аб’ём, маюць аднолькавую дойлідска-канструкцыйную схему (васьмярык на чацверыку), а таксама шатровыя дахі, што надае суцэльнасць агульнаму дойлідскаму вобразу. У інтэр’еры цэнтральны аб’ём перакрыты ветразевымі скляпеннямі на 4 слупах.


Крыніца:


• Г.А. Лаўрэцкі. З кн.: Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: А.А. Воінаў і інш. – Мінск: БелЭн, 1993. - С. 259



Обновлен 26 сен 2015. Создан 23 сен 2015



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter