Сяргей Каваленка — жыццё пад сьцягам

"...ня цэніць герояў мая Беларусь..."



13 лютага 2012 р.


Чалавек, адданы сьцягу


Першая асацыяцыя зь імем і асобай Сяргея Каваленкі — гэта, безумоўна, бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны віцебскім актывістам на вершаліне гарадзкой навагодняй ёлкі.

Тады, 7 студзеня 2010 року, фотаздымкі вялізнага сьцяга, які побач традыцыйнай зоркай, разьвіваўся над плошчай Перамогі ў Віцебску, цягам некалькі гадзінаў абляцелі ўвесь інтэрнэт. І з тае пары нехта лічыць Сяргея Каваленку сапраўдным героем, "беларускім Бэтманам", які ўзьняў нацыянальны сымбаль на 40-мэтровай вышыні, рызыкуючы ўласным жыцьцём. А хтосьці перакананы, што ўчынак гэты — хуліганскі, а сам Каваленка — амаль што гарадзкі блазан, які ніяк не супакоіцца ды вывешвае сьцягі ў самых цяжка даступных месцах — калі не на ёлцы, дык на дахах віцебскіх шматпавярховікаў або на страле будаўнічага крану...

Сяргей Каваленка — жыхар Віцебску, прыватны прадпрымальнік у галіне рамонту і будаўніцтва, бацька дваіх дзяцей — сямігадовага Валянціна і маленькай Вікторыі, якой усяго толькі паўгода. 16 студзеня Сяргею Каваленку спаўняецца 37 рокаў, але гэтае сьвята ён ня мае магчымасьці адзначыць разам з сям’ёй, бо з 22 сьнежня ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары паводле крымінальнага абвінавачаньня. І яшчэ з 19 сьнежня ён трымае галадоўку пратэсту, бо ня згодны з тым, у чым яго вінавацяць.

Маці актывіста, Лідзія Каваленка, апошні раз бачыла сына ў Кастрычніцкім райсудзе, 12-га студзеня. Пасьля працяглай галадоўкі ён выглядаў ня проста схуднелым, а замучаным — як з палону, іншых словаў маці проста не магла падабраць:

— Я паглядзела ня сына — ён як зь цяжкай няволі! У мяне сэрца як не разарвалася ад болю! Такі схуднелы, скура ды косьці, мова замаруджаная...Ён у цяжкім стане!

Тым разам суд аштрафаваў Сяргея на 140 тысяч рублёў за хуліганства — нібыта ён абразіў супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў, куды мусіць хадзіць адзначацца пасьля прысуду за сьцяг на ёлцы. Пасьля таго ўчынку Сяргей Каваленка атрымаў ня толькі шырокую вядомасьць, але і ўмоўнае пакараньне — тры гады без накіраваньня ў спэцыяльную выпраўленчую ўстанову.

Так званая "хатняя хімія" — гэта строгі распарадак дня з фіксаваным часам знаходжаньня дома і абавязковым працаўладкаваньнем. Цяпер Сяргея Каваленку вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня пакараньня. Да прыкладу, адночы інспэктары зафіксавалі ягонае спазьненьне дахаты на адну хвіліну. У шэрагу парушэньняў — і ягоная акцыя да мінулага Дня Волі, калі ён выйшаў у цэнтар гораду пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Цяпер у крымінальнай справе будзе занатавана яшчэ й хуліганства — абраза супрацоўнікаў інспэкцыі, хоць на працягу ажно чатырох судовых пасяджэньняў актывіст імкнуўся давесьці, што такога не было, а скарга на яго — гэта паклёп і помста за тое, што ён не скарыўся. За тое, што ў горадзе час ад часу зьяўляцца бел-чырвона-белыя сьцягі.


"Радыё Свабода"

 


21 лютага 2012 р.


Суд над Сяргеем Каваленкам
(Дзень першы)


21 лютага суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разглядаць крымінальную справу супраць сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленкі. Палітвязьня накіравалі ў медычную частку СІЗА для дасьледаваньня стану здароўя. Перапынак — да 14:00 22 лютага.

08:20 Віцебск: і зноў сьцяг салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам

Бел-чырвона-белы сьцяг вывесілі моладзевыя апазыцыйныя актывісты. Гэта працяг абвешчанай на мінулым тыдні акцыі салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам ды іншымі палітвязьнямі.

Сьцяг зьявіўся ў самым цэнтры гораду — у раёне плошчы Перамогі. Ён быў вывешаны каля крамы "Веста" на самым пачатку вуліцы Леніна. Яго бачылі дзясяткі ранішніх мінакоў.

Суд над Сяргеем Каваленкам мае распачацца ў 10:30.

Працэс будзе весьці судзьдзя Алена Жук.

Каваленку пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

Сяргей Каваленка знаходзіцца ў СІЗА ад 22 сьнежня.

Галадоўку ён распачаў 19 сьнежня на знак пратэсту супраць зьняволеньня і крымінальнага абвінавачаньня.

Каваленку вінавацяць, што ён парушыў рэжым адбываньня "хатняй хіміі", прысуджанай яму ў 2010 годзе за вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг.

На час сьледзтва Сяргея Каваленку зьмясьцілі пад варту — спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, потым у віцебскі СІЗА-2. На знак пратэсту супраць зьняволеньня і крымінальнага абвінавачаньня, зь якім ён катэгарычна ня згодны, 19 сьнежня мінулага году актывіст абвясьціў галадоўку пратэсту.

Жонка зьняволенага, Алена Каваленка, якая бачыла мужа 17 лютага, лічыць, што Сяргей у крытычным стане і што яму неадкладна патрабуецца дапамога мэдыкаў. Аднак намесьнік начальніка віцебскага СІЗА падпалкоўнік Дубко заявіў учора праваабаронцу Паўлу Левінаву, што стан здароўя Каваленкі дазваляе ўдзельнічаць у судовым працэсе.

09:20 На першым паверсе будынка суду — узмоцненая ахова. Міліцыянты ўсталявалі рамку-мэталашукальнік. Праз такія звычайна прапускаюць наведвальнікаў працэсаў у Менску. Ля будынку суду дзяжураць тры машыны ДПС. Палкоўнік міліцыі з абласной управы ўнутраных спраў перапісвае асабістыя дадзеныя журналістаў, якія прыехалі асьвятляць працэс.

9:25 Да будынку суду прыехала аварыйная мясцовага водаканалу. Кажуць, што недзе побач прарвала трубу.

09:30 У судзе зьбіраюцца грамадзкія актывісты і паплечнікі Каваленкі. Прыйшоў Леанід Аўтухоў з гарадоцкай філіі Партыі БНФ. Менскіх палітыкаў пакуль няма.

09:54 Намесьніца кіраўніка "Маладога фронту" Наста Палажанка ў сваім Facebook’у: На ўсіх уездах у Віцебск машыны ДАІ.

09:57 У судзе людзьмі запоўненыя ўсе калідоры на першым і другім паверхах. Прыйшоў праваабаронца Павал Левінаў. З-за аварыі ў судзе не працуюць прыбіральні.

10:00 Супрацоўнікі ДПС затрымалі Хрыстафора Жаляпава. Ён ехаў на суд да Каваленкі. ДПС спыніла ягоную машыну. Сказалі, што трэба спраўдзіць ягоныя дакумэнты і машыну.

10:05 У судзе зьявіўся намесьнік кіраўніка КХП-БНФ Юрась Беленькі.

10:09 У судзе затапіла каравульнае памяшканьне. Адтуль выпампоўваюць ваду.

Каваленку прывезьлі ў вялікім аўтазаку МАЗ.

У судзе таксама зьявіліся сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал і Аляксандар Мех з Кобрына.

10:16 У Сяргея будзе два адваката: віцебскі — Пётар Каваленка і менскі — Аляксандар Галіеў.

10:22 Каваленку завялі ў будынак суду. Гэта бачыла ягоная маці. Яна плача:

— Што вы зрабілі з маім сынам?! Вы яго скалечылі.

Пачынаюць запускаць у залю суду.

10:25 Па дарозе ў Віцебск спынілі супрацоўнікі ДАІ. У машыне ехалі Міхась Мускі, Зьміцер Крамянецкі, Уладзімер Яроменак, Рман Васільеў. Даішннікі перапісалі пашпартныя дадзеныя, разабралі й абшукалі машыну. Актывістаў МФ пакуль не не адпускаюць. Маладафронаўцы плянавалі падтрымаць палітвязьня Сяргея Каваленку.

10:26 Калі людзі пачалі заходзіць у залю, Каваленка пачаў сьпяваць гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

10:30 Каваленка заявіў прысутным у залі, што ён трымае галадоўку 15 дзён, а апошнія 3 дні — сухую галадоўку.

Ён таксама паведаміў, што напярэдадні яго наведваў псыхіятар.

Каб паказаць, як ён схуднеў, Каваленка проста ў клетцы зняў кашулю.

У залі зьявіліся праваабаронцы зь "Вясны" Ўладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч.

10:35 Суд пачаўся.

• Перакладчыца — Алена Шухто, выкладчыца беларускай мовы адной зь віцебскіх школаў.
• Пракурор — Лутаў.

10:40 Судзьдзя высьвятляе асобу Каваленкі. Той адказвае па-беларуску, перакладчыца перакладае за ім на расейскую мову.

Каваленка паведаміў суду, што ён мае дваіх дзяцей, да арышту быў ІП.

Распавядае, што раней быў судзімы за тое, што павесіў сьцяг — 14 траўня 2010 году. Яго асудзілі на тры гады ўмоўна.

— Гэта была сфабрыкаваная справа. Хлусьня і няпраўда.

Судзьдзя заклікала Каваленку не дапускаць рэплік, якія парушаюць парадак вядзеньня суду.

— Я кажу праўду, — адрэагаваў Каваленка.

10:47 Леанід Аўтухоў заявіў, што пераклад кепскі, з памылкамі. Судзьдзя яго выдаліла з залі за парушэньне парадку.

Каваленка заявіў пра парушэньне правоў, сказаў, што пераклад дрэнны, і выступіў з адводам перакладчыцы.

— Перакладайце на беларускую мову, а не на трасянку, — сказаў Каваленка.

Адвакат Пётар Каваленка просіць адкласьці пытаньне на некалькі хвілін, калі будуць адводы. Адвакат Галіеў падтрымаў яго, што пераклад недакладны. Пракурор супраць адводу перакладчыцы, кажа што яна дастаткова кваліфікаваная.

У працэсе перапынак. Судзьдзя выйшла ў пакой для нарадаў.

10:51 У перапынку Сяргей выказвае свае палітычныя погляды — кажа, што Лука-ку дапамагла прыйсьці да ўлады ФСБ Расеі.

Беленькі працягвае пераконваць Каваленку спыніць галадоўку, кажа, што за яго заступіліся ў Эўразьвязе. Сяргея вывелі з залі.

Уся заля запоўненая, каля 60 чалавек.

Маці працягвае плакаць:

— Яны яго заб’юць! Не аддам сына ў СІЗА, яны яго там заб’юць, яго лячыць трэба!

11:10 У залі пачалася дыскусія наконт адказнасьці за рэпрэсіі міліцыянтаў і Лука-кі, наконт дзяржаўнага статусу беларускай мовы.

11:16 Каваленку вярнулі ў клетку.

Маці пытаецца:

— Ці калолі табе нешта?

Ён кажа, што не.

Сяргей крытыкуе начальніка мэдычнай часткі СІЗА, які прымусіў яго ўжываць ежу.

— Я выходзіць з галадоўкі ня буду, пакуль адсюль ня выйду, гэта прынцыпова, — заявіў Каваленка.

Сяргей кажа, што будзе хадайнічаць, каб яго адвезьлі ў шпіталь.

11:25 Судзьдзя вярнулася і заявіла, што адхіляе адвод перакладчыцы. Працэс адноўлены.

Каваленка патрабуе, каб яму пераклалі пастанову судзьдзі. Перакладчыца Шухто перакладае, але часам зьбіваецца, Сяргей яе папраўляе:

— Не падляжыць, а падлягае, не абаснаваньне, а абгрунтаваньне. Адвод!

Перакладчыца кажа, што яна ня можа выконваць сваю функцыю, што выкладае беларускую мову, але ў такім працэсе ўдзельнічае ўпершыню, не гатовая ўдзельнічаць далей:

— Мне практычна не даводзілася яму перакладаць, я ня думала, што мне будзе патрэбна рабіць поўны пераклад.

Пракурора спыталі пра ягонае стаўленьне да самаадводу перакладчыцы. Але ён пачаў патрабаваць спыніць фатаздымкі. Судзьдзя яго спыніла:

— У вас пацікавіліся стаўленьнем да самаадводу перакладчыцы.

Усе з залі засьмяяліся з пракурора.

Урэшце ён зразумеў, чаго ад яго патрабуюць, і заявіў, што ня супраць самаадводу перакладчыцы.

Судзьдзя зноў выйшла ў пакой для нарадаў.

11:33 Сяргея зноў у кайданках выводзяць з клеткі. Маці падсуднага патрабуе выклікаць хуткую дапамогу.

— Пі ваду, інакш памрэш да раніцы! — крычыць маці сыну наўздагон.

11:42 На працэсе прысутнічае Яніс Рупэйкс, віцэ-консул Латвіі ў Віцебску. Да суду прыехала хуткая дапамога.

11:45 Судзьдзя зачытвае рашэньне па самаадводзе перакладчыцы. Суд спыніў яе працу ў працэсе.

11:48 Судзьдзя забараняе фота- і відэаздымку ў залі. Сяргей Каваленка кажа, што мае хадайніцтва да суду, каб яго агледзелі лекары:

— У мяне дыстрафія, я страціў 25 кіляграмаў.

11:50 Усіх выдалілі з залі. Лекары, якіх выклікала жонка Алена, пачынаюць агляд. Жонку Алену не пусьцілі ў залю ў часе агляду.

Усе, апрача адвакатаў, пракурора і судзьдзі, стаяць у калідоры. Усе абураюцца: як так можна, Каваленку судзяць, яго трэба лячыць, яго трэба ў шпіталь, чалавек на мяжы жыцьця і сьмерці.

Маці нема крычыць, што яго забіваюць. Сваякі таксама галосяць.

Прысутныя кажуць, што ў Каваленкі дыстрафія, што ўнутраныя органы не выконваюць свае функцыі.

Імправізаваны мітынг у калідоры, пакуль лекары аглядаюць Каваленку.

Праваабаронца Павал Левінаў кажа, што такія схуднелыя целы, як у Каваленкі, ён бачыў толькі ў фільмах пра канцлягер.

Маці Сяргея галосіць:

— Як мне цяжка і балюча! Я цяпер адчула, як цяжка іншым палітвязьням і іх родным. Я цяпер іх разумею.

12:10 Каваленку вывелі з залі суду. Ён пасьпеў паведаміць: усё нармальна, сказаў доктар. Маці і родныя абураюцца. Лекар хуткай Дзьмітры Дубакін ад камэнтароў пра стан Сяргея адмовіўся. Лекар не сказаў нічога ні журналістам, ні родным Каваленкі.

Дубакін сказаў аднаму зь віцебскіх апазыцыянэраў Уладзіславу Варанецкаму: паказьнікаў для экстраннай шпіталізацыі няма. Ён жа ў сьвядомасьці, усе паказьнікі ў норме.

12:35 Судзьдзя выдаліла маці Каваленкі з залі.

Судзьдзя таксама выдаліла з залі грамадзкага актывіста Хрыстафора Жаляпава.

Судзьдзя агучыла мэдычнае заключэньне: ціск нармальны, кардыяграма нармальная, падсудны можа ўдзельнічаць у працэсе.

12:40 Перапынак да 14:30.

12:50 На затрыманых у Віцебску маладафронтаўцаў, якія ехалі падтрымаць Каваленку, склалі пратаколы "за лаянку матам". Супрацоўнікі міліцыі таксама апісалі ўсе іх рэчы, паведаміла абласная каардынатарка БХД Тацяна Севярынец.

14:30 Працэс аднавіўся. Суду прадстаўлены новы перакладчык — Сяргей Міхайлаў, які працуе ў Віцебскім унівэрсытэце на катэдры беларускай філялёгіі.

Судзьдзя агучыла зьвесткі з хуткай дапамогі, якія сьведчаць, што ў Каваленкі "зьнясіленьне" і гастрыт страўніка у стадыі абвастрэньня, але што яму не патрэбная шпіталізацыя.

Каваленка патрабуе, каб яму ўсё перакладалі, у тым ліку ягоныя правы. Новы перакладчык робіць гэта больш кваліфікавана, чым папярэдні.

Пасьля абеду судовая заля зноў поўная.

Каваленка заявіў пратэст, што міліцыянты здымалі людзей у залі пасьля забароны відэаздымкі судом.

Міліцыянт сказаў, што ён не здымаў. Судзьдзя яго пакінула ў залі.

У сувязі з гэтым Каваленка заявіў адвод судзьдзі. За тое, што яна журналістаў з відэапаратурай выдаліла, а міліцыянта — не.

Адвакаты Пятро Каваленка і Аляксандар Галіеў падтрымалі адвод судзьдзі. Пракурор — супраць.

Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой. Перапынак. Сяргея зноў вывелі з залі.

14:54 Зноў прыехала хуткая дапамога, той жа лекар, паведаміў праваабаронца Павал Левінаў.

Каваленка кажа, што яму халодна. Лекары не памералі яму тэмпературу.

Бацька Каваленкі абураецца і патрабуе дапусьціць лекараў да сына.

14:59 Працэс адноўлены. Судзьдзя адхіліла адвод Каваленкі самой сябе, як "неабгрунтаваны".

Каваленка выступіў з хадайніцтвам, каб да яго дапусьцілі лекараў. Зноў перапынак. Усіх выводзяць з залі.

15:12 Перакладчык, які працуе ў працэсе, у калідоры размаўляе з бацькамі:

— Трэба, каб адвакаты патрабавалі яго перавесьці пад падпіску аб нявыезьдзе.

Бацька Сяргея Каваленка Аляксандар Васільевіч кажа перакладчыку:

— Вы ведаеце, што ён зрабіў?

Перакладчык Міхайлаў:

— Так, ён вывесіў наш сьвяты бела-чырвона-белы сьцяг. У мяне на палову сьцяны дома такі ж вісіць.

Перакладчык Міхайлаў кажа, што быў на ўсіх пасяджэньнях ранейшага суду над Каваленкам, але цяпер не разумее, за што яго судзяць.

15:20 Родныя Каваленкі выклікалі яшчэ адну брыгаду "хуткай дапамогі", бо ня вераць той брыгадзе лекара Дзьмітрыя Дубакіна, якая прыяжджала раніцай і пасьля абеду. У "хуткай" абяцалі праслаць новую брыгаду.

Лекар Дубакін сышоў, нічога не сказаўшы родным Каваленкі.

15:36 Прыехала новая брыгада хуткай дапамогі. Міліцыя не прапускае лекараў у залю. Міліцыянты кажуць, што трэба дазвол старшыні суду.

Людзі клічуць адвакатаў, каб дапамаглі прапусьціць лекараў другой хуткай дапамогі.

Людзі грукаюць у дзверы, крычаць, але міліцыя не пускае новых лекараў да Сяргея.

Адвакаты выйшлі да лекараў, але не змаглі дапамагчы ім увайсьці у залю. Маці Каваленкі плача, бацька сварыцца на міліцыянтаў, людзі абураюцца.

Маці Сяргея плача:

— У мяне сын памірае!

15:48 Урэшце да Каваленкі дапусьцілі другую брыгаду лекараў.

15:59 Сваякі Каваленкі патэлефанавалі на гарачую лінію абласной управы аховы здароўя, заявілі, што Сяргей на мяжы жыцьця і сьмерці, страціў траціну вагі, знаходзіцца ў крытычным стане, а лекары хуткай не хочуць яго шпіталізаваць. Там запісалі іх заяву.

16:20 Абедзьве брыгады зьехалі. Мэдыкі не паведамілі вынікі агляду Каваленкі.

16:23 Каваленку вывелі пад канвоем. Ён пасьпеў крыкнуць:

— Лекар сказаў, што трэба шпіталізаваць.

16:30 На гарачай лініі абласной управы аховы здароўя паведмілі, што Каваленку павезьлі шпіталізаваць у лязарэт СІЗА. Сваякі абураюцца, што трэба не ў лязарэт, а ў паўнавартасны шпіталь.

16:46 Каваленку нікуды пакуль не адвезьлі. Яго трымаюць у каравульным памяшканьні. Суд чакае афіцыйнага заключэньня мэдыкаў.

17:10 Каваленку вярнулі ў судовую залю. Ён пасьпеў крынуць:

— Слава нацыі! Слава беларускаму народу!

17:14 Людзей запусьцілі ў залю. Працэс адноўлены.

17:15 Судзьдзя зачытвае дзьве карты выкліку "хуткай дапамогі". Лекар Дубакін піша, што стан бязь зменаў, але ёсьць зьмены ў стане крыві. Іншы лекар, Фадзееў, рэкамэнадваў больш глыбока вывучыць стан здароўя.

17:17 Абвешчаны перапынак да 14-й гадзіны 22 лютага. Судзьдзя вырашыла накіраваць Каваленку у шпіталь СІЗА для дасьледаваньня стану здароўя.

17:20 Сяргей Каваленка, калі яго выводзілі з залі суда, крыкнуў у бок судзьдзі:

— Ведаеце, што мне сёньня сьнілася?! Бідон мёду, горкага, з чорным хлебам і малаком!


"Радыё Свабода"

 


22 лютага 2012 р.


Суд над Сяргеем Каваленкам
(Дзень другі)


22 лютага ў судзе Першамайскага раёну Віцебску працягваўся працэс над сябрам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам. Судзьдзя Алена Жук адхіліла ўсе хадайніцы Каваленкі. У тым ліку пра адвод самой судзьдзі, а таксама пра адвод пракурора Лутава. Пачатак паседжаньня быў фактычна сарваны. Міліцыянты справабавалі выдаліць з залі Алену Каваленку, якая прыйшла на суд з плякатам. У выніку паседжаньне перанесьлі ў іншую залю. Пазьней судзьдзя выдаліла з залі сваякоў Каваленкі.

13:20 Ля будынку суду дзяжураць 3 машыны ДПС, аўтобус для перавозкі затрыманых. Суд ахоўваюць людзі ў цывільным. У самім будынку ўжо ўсталявалі рамку мэталашукальніка, празь якую звычайна прапускаюць тых, хто ідзе на працэс.

• Cудзьдзя Алена Жук.
• Адвакаты — Пётар Каваленка, Аляксандар Галіеў.
• Пракурор — Лутаў.

Пасьля таго як 21 лютага ў Першамайскі райсуд выклікалі трэцюю брыгаду хуткай дапамогі, судзьдзя Алена Жук адклала паседжаньне на другую палову дня ў сераду.

13:25 Праваабаронца Павал Левінаў паведаміў, што перадаў судзьдзі трэці зварот. Левінаў просіць прызначыць Каваленку мякчэйшую меру стрыманьня. Адказаў на гэты ды папярэднія звароты няма.

14:00 Запусьцілі ў залю. Але ў клетцы няма Сяргея Каваленкі.

У залі: сваякі Каваленкі, палітык Юрась Беленькі, грамадзкі актывіст Сяргей Парсюкевіч, праваабаронца Павал Левінаў.

14:04 Жонка Сяргея Алена Каваленка прыйшла з 7-месячнай дачкой на руках.

14:05 Алена дастала бела-чырвона белы сцяг. Міліцыянты пачалі выштурхоўваць яе з залі. Яна крычыць. Дзіця плача.

14:06 Людзі адбілі Алену. Яна засталася ў залі. Яна трымае ў руках плякат "Свабоду беларусу Сяргую Каваленку".

Маці Сяргея крычыць:

— Забойцы!

Міліцыянты выводзяць людзей, кажуць што судовае паседжаньне сарванае. Судзьдзя сышла.

Канвой патрабуе пакінуць залю, людзі не выходзяць.

Маці Каваленкі патрабуе новага прэзыдэнта — "сумленнага прэзыдэнта і сумленную ўладу".

— Што яны зрабілі з маімі сынам? Яны забіваюць яго!

— Судзьдзя Жук павінна была пакласьці майго сына ў шпіталь... Мы патрабуем іншую сумленную ўладу!

Людзі спрачаюцца з канвоем. Кажуць, што суд ілжывы, што судзяць паводле палітычных матываў.

Канвой настойвае, каб людзі пакінулі судовую залю. Канваір кажа Алене, што з малалетнім дзіцёнкам судзьдзя забараніла знаходзіцца ў залі.

Людзі не пагаджаюцца сыходзіць.

Кажуць, што судзьдзя не казала пра такую забарону, што яны нічога не парушаюць.

Кіраўнік канвою заявіў, што будзе ўжытая сіла.

Лідзя Каваленка, маці Сяргея, патрабуе пісьмовага рашэньня судзьдзі.

Алена сказала, што ўзяла 7-месячную дзяўчынку, бо няма з кім пакінуць.

Алена Каваленка плача. Тацяна Севярынец яе супакойвае і бароніць ад міліцыянтаў.

Праваабаронца Валеры Місьнікаў заяўляе, што міліцыянты парушаюць закон, што людзі падпарадкуюцца толькі рашэнню судзьдзі, а не міліцыі.

14:20 Маёр міліцыі зноў патрабуе пакінуць залю. Прыйшоў спэцназ міліцыі.

Прысутныя ў залі працягваюць крычаць. Яны не пагаджаюцца сысьці.

У залю прыйшлі 20 міліцыянтаў.

Актыўных дзеяньняў зь іх боку пакуль няма. Яны спрабуюць пераканаць людзей.

14:26 Спэцназ міліцыі сышоў з залі суду. Людзі яму не падпарадкаваліся. Усе міліцыянты сышлі.

14:32 Павал Левінаў паведаміў, што судовае паседжаньне пройдзе ў іншай залі.

14:35 Усе пераходзяць у іншую залю.

14:43 Журналістаў не пускаюць у новую залю. Міліцыянты кажуць, што падстава, каб не пусьціць — гэта наяўнасьць у журналістаў дыктафонаў.

14:48 Журналістаў у залю не пусьцілі. У судзе ім забаранілі карыстацца ноўтбукамі і дыктафонамі.

14:48 Журналістаў у залю не пусьцілі. У судзе ім забаранілі карыстацца ноўтбукамі і дыктафонамі.

Адвакаты кажуць, што будуць хадайнічаць, каб журналістаў пусьцілі ў залю.

14:50 Працэс аднавіўся бяз прэсы. Маці Каваленкі таксама не пусьцілі ў залю.

15:00 Старшыня суду Ўладзімер Бясьсьмертны заявіў карэспандэнту "Свабоды", што за ахову парадку ў судзе адказвае міліцыя. І што ён, старшыня суду, ня можа загадаць ім пусьціць журналістаў на працэс да Каваленкі.

15:05 З залі суду выдалілі бацьку Сяргея Каваленкі Аляксандра. Каваленка-старэйшы абурыўся, калі судзьдзя зачытала заключэньне мэдыкаў, што стан здароўя Сяргея дазваляе яму ўдзельнічаць у працэсе. Аляксандар Каваленка кажа, што сын ледзь гаворыць і адчувае сябе вельмі кепска.

15:10 Судзьдзя выдаліла з залі сваячку Сяргея Каваленкі. Яна кажа, што Каваленка заявіў хадайніцтва пра шпіталізацыю. Каваленка, са словаў сваячкі, заявіў, што хоча лекавацца. Рашэньне судзьдзі пакуль невядомае.

15:14 Лідзія Каваленка грукаецца ў дзьверы залі паседжаньняў са словамі:

— Дайце мне паглядзець на сына! Ён памрэ, а я не пабачу.

З залі ёй адказалі:

— Будзем выводзіць яго, тады і пабачыце.

15:16 Алена Каваленка выклікала хуткую дапамогу для мужа.

15:19 Прыехала "хуткая". Міліцыя не пускае лекараў да Каваленкі.

15:20 Маці лямантуе ў калідоры:

— Ратуйце майго сына! Да яго не пускаюць мэдыкаў!


15:22 Каваленку вывелі з залі і некуды павялі.


15:25 Сваякі тэлефануюць на "гарачую лінію" Міністэрства аховы здароўя. Але міліцыя не дазваляе лекарам "хуткай" падняць слухаўку, каб пачуць загад Мінздраву.

15:30 Каваленка заявіў адвод судзьдзі. У працэсе перапынак.

15:32 Павал Левінаў пра тое, што адбывалася на працэсе пасьля таго, як не пусьцілі туды журналістаў:

— Разглядалася пытаньне пра ўдзел Каваленкі ў судовым паседжаньні. Судзьдзя зачытала заключэньне мэдычнай часткі СІЗА. У тым ліку зачыталі, што Каваленка адмовіўся ад агляду ў СІЗА. Нават з запрашэньнем грамадзкіх лекараў. Аднак Каваленка заявіў, што гатовы абсьледавацца і пачаць выходзіць з галадоўкі, калі яго пакладуць у стацыянар ня ў месцы пазбаўленьня волі. Каваленка патлумачыў, што ён ня верыць і не давярае начальніку мэдычнай часткі СІЗА, які неаднаразова яго падманваў. Судзьдзя пацікавілася думкай адвакатаў. Тыя сказалі, што Каваленка ня можа з прычыны стану здароўя ўдзельнічаць у працэсе. Дзяржаўны абвінаваўца сказаў: стан Каваленкі такі самы, як і ўчора, калі ён учора быў здольны сядзець у клетцы, то зможа і сёньня. Судзьдзя вырашыла працягнуць судовае паседжаньне. Пасьля гэтага Каваленка заявіў адвод.

Павал Левінаў пра закрытае для журналістаў паседжаньне

15:40 Да Каваленкі дапусьцілі лекараў. Яны аглядаюць яго ў асобнай залі. Туды не пускаюць адвакатаў.

15:50 Журналіста "Свабоды" упусьцілі ў залю на ўмовах, што ён ня будзе карыстацца ноўтбукам.

15:59 Мэдычны агляд скончыўся. Каваленку вывелі так хутка, што ён нічога не пасьпеў сказаць.

16:03 Па дарозе з Воршы машыну зь сябрамі БХД, якія накіроўваліся на суд да Каваленкі, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Яны адабралі дакумэнты і пратрымалі актывістаў 3 гадзіны. Пазьней дакумэнты вярнулі, паведаміў Яўген Анішчанка.

16:10 Каваленку прыявялі ў залю. Працэс аднавіўся. Судзьдзя адхіліла адвод сябе.

16:18 Каваленка заявіў хадайніцтва далучыць у якасьці абаронцы брата Віталя. Судзьдзя адклала рашэньне, бо, кажа, час хадайніцтваў не надышоў.

16:20 Каваленка заявіў адвод пракурору, бо той ніколі не падтрымлівае ягоных хадайніцтваў. Адвакаты падтрымалі. Сам пракурор — супраць. Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой. У судзе кароткі перапынак.

16:33 Судзьдзя адхіліла адвод пракурору Лутаву як неабгрунтаваны.

16:39 Каваленка выступіў з чарговым хадайніцтвам: каб брат Віталь быў ягоным абаронцам. Адвакаты падтрымалі. Пракурор сказаў, што ён супраць. Пракурор кажа, што Віталя дапытвалі як сьведку ў часе папярэдняга сьледзтва, і ён ня можа быць абаронцам. Віталь адмовіўся даваць паказаньні, спаслаўшыся на права ня сьведчыць супраць брата. Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой. У працэсе перапынак.

16:58 Працэс адноўлены. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва, каб брат Віталь стаў абаронцам, бо яго дапытвалі як сьведку, і яго выклікалі сьведкам у суд. У залі зьмясьціліся 16 чалавек. Зь іх шасьцёра — пераапранутыя міліцыянты. Сваякоў Каваленкі ў залі няма. Сяргей гаворыць вельмі ціха, блытаецца у словах. Судзьдзя паўтарае яму пытаньні па 2-3 разы. Сяргей кажа, што ён кепска чуе і бачыць, і што яму блага, што перад вачыма бачыць кропкі, што ён далей трымае галадоўку і ня п’е.

17:00 Перапынак да 10:30 23 лютага. Калі Каваленку выводзілі, ён пасьпеў крыкнуць:

— Рабіце акцыі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

17:15 Праваабаронца Валеры Місьнікаў пра другі дзень працэсу:

— Уражаны. Іншага слова ў мяне няма. Гэта было не судовае пасяджэньне. Судзьдзя адхіліла хадайнітвы пра адвод судзьдзі і адвод пракурора. Але той тэкст, які яна зачытала, не адпавядае Працэсуальнаму кодэксу. Яна не пазначыла падставаў сваго рашэньня, а толькі зафіксавала агульную выснову. Зьнешні выгляд і стан здароўя Каваленкі паказвае, што працэс — гэта катаваньне для яго. Ён ледзь стаіць на нагах, ледзь вымаўляе словы.


"Радыё Свабода"

 


23 лютага 2012 р.


Суд над Сяргеем Каваленкам
(Дзень трэці)


23 лютага ў Віцебску працягваецца працэс над сябрам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам.

• Cудзьдзя — Алена Жук.
• Адвакаты — Пётар Каваленка, Аляксандар Галіеў.
• Пракурор — Дзьмітры Лутаў.

22 лютага судзьдзя Алена Жук адхіліла ўсе хадайніцы Каваленкі. У тым ліку пра адвод самой судзьдзі, а таксама пра адвод пракурора Лутава. Пачатак паседжаньня быў фактычна сарваны. Міліцыянты спрабавалі выдаліць з залі Алену Каваленку, якая прыйшла на суд з плякатам. У выніку паседжаньне перанесьлі ў іншую залю. Пазьней судзьдзя выдаліла з залі сваякоў Каваленкі.

У судовай залі забаронена весьці фота-і відэаздымкі. 22 лютага пад працэс, які выклікаў вялікую цікаўнасьць грамадзкасьці, адвялі ўдвая меншую залю, чым у першы дзень суду. І найперш запусьцілі ў яе супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, а журналістам, якія мелі ноўтбукі, к Намесьніца кіраўнbr /іка амэры, фотаапараты і нават дыктафоны, зайсьці не дазволілі ўвогуле.

Сяргей Каваленка з цяжкасьцю пераносіць удзел у працэсе. Ён скардзіцца на галаўны боль, пагаршэньне слыху і зроку, агульную слабасьць.

На самым пачатку працэсу Сяргей Каваленка апавёў, што пасьля 30-ці дзён галадаваньня яго пачалі прымушаць ужываць ежу, пагражаючы фізычнай расправай і пераводам у псыхіятрычную лякарню. З 8 лютага ён адмовіўся ад прымусовага харчаваньня, а апошнія тры дні перад судом увогуле трымаў сухую галадоўку.

Сваякі патрабуюць, каб Сяргея Каваленку зьмясьцілі ў шпіталь, каб ва ўмовах мэдычнага стацыянару ён змог правільна выйсьці з галадоўкі. Яны лічаць, што ён знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці — у яго парушаны абмен рэчываў, ён страціў амаль траціну вагі (цяпер Сяргей важыць каля 60-ці кіляграмаў, а да зьняволеньня — каля 85-ці) .

Жонка і маці Каваленкі штодня выклікаюць у суд хуткую дапамогу. Але апазыцыянэру прапанавана толькі мэдычнае абсьледаваньне ў спэцчастцы віцебскага СІЗА, дзе ён знаходзіцца з 22 сьнежня мінулага году.

09:00 Бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся на шматпавярховіках у розных раёнах гораду: на дахах жылых дамоў па вуліцы Гагарына і ў раёне кірмаша "Паўднёвы".

Паводле віцебскіх моладзевых актывістаў, 23 лютага сьцяг на знак салідарнасьці з Сяргеем Каваленкам, якога судзяць гэтымі днямі ў Першамайскім райсудзе, быў вывешаны на даху жылога дому па вуліцы Чкалава.

22 лютага бел-чырвона-белы сьцяг вывесілі ў мікрараёне "Журжава", на даху ці не самага высокага дому па вуліцы Гагарына.

Фотаздымкі сьцяга даслаў у рэдакцыю сайту "Народныя Навіны Віцебску" адзін з чытачоў. Відавочцы кажуць, што да гэтага сьцяга была прымацавана цыдулка з выслоўем Сяргея Каваленкі, якое ён прадэкламаваў падчас судовага працэсу: "Слава нацыі, браты. Не зламаюць нас менты".

09:30 Ля суду дзяжурыць аўтобус са спэцназам міліцыі. Ахова самаго будынку падвоілася ў параўнаньні з учорашнім днём. Ля суду знаходзіцца абласное міліцэйскае начальства. Сюды таксама прыехала чатыры аварыйныя машыны водаканалу — яны ўсё яшчэ ліквідуюць аварыю, якая здарылася 21 лютага.

09:38 Прывезьлі Сяргея Каваленку.

10:26 Міліцыянты вельмі пільна даглядаюць тых, хто прыйшоў на працэс. Адну жанчыну нават прымусілі распрануцца. У суд прыйшла жонка Каваленкі Алена. Гэтым разам без дзіцяці.

10:37 Паседжаньне будзе праходзіць у тым самым маленькім пакоі, што і ўчора.

10:39 Паседжаньне праходзіць у закрытым рэжыме. Нікога, акрамя адвакатаў, у залю не пусьцілі. У калідоры стаяць: родныя, журналісты, праваабаронцы, грамадзкія дзеячы. Людзі абураюцца. Жонка і маці абураюцца, што міліцыя парушаюць закон.

Два апэратары міліцыі здымаюць мітынг, які адбываецца ў калідоры суду.

З залі выйшла сакратарка, якая сказала:

— Спыніце крыкі, бо вы перашкаджаеце паседжаньню.

Людзі пачалі крычаць яшчэ болей.

10:48 Прыйшоў нейкі міліцэйскі начальнік. Ён сказаў, што паводле рашэньня судзьдзі, людзей павінны пакінуць калідор.

— Калі вы не падпарадкуецеся, будзе ўжытая сіла, — папярэдзіў ён.

10:50 Спэцназ міліцыі пачаў выцягваюць людзей. Людзі лямантуюць. Частку людзей міліцыянты павялі на другі паверх. Калідор блякуюць сталамі.

10:52 Усіх наведвальнікаў гвалтам вывелі з суду на вуліцу. Апэрацыяй кіраваў Ігар Скарыновіч, намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі.

10:55 Лідзія Каваленка скардзіцца, што міліцыянты моцна ўдарылі яе па нырках. Людзі ў цывільным перашкаджаюць рабіць здымкі.

11:00 Падпалкоўнік Ігар Скарыновіч дазволіў журналісту "Свабоды" зазірнуць у залю. Маўляў, каб пераканацца, што суд не закрыты. У залі сядзіць прыкладна 15 жанчынаў сталага веку.

11:15 Лідзія Каваленка пра дзеяньні міліцыі ў судзе:

— Яны зьбівалі майго мужа. Яны пацягнулі яго, разарвалі куртку. Я закрыла яго сабой, бо баялася, што яго моцна паб’юць. Ззаду мяне ўдарылі па нырках, а таксама нагой па маёй наbr /зе.

Калі сына вялі, ён пасьпеў крыкнуць "Слава нацыі! Жыве Беларусь!" Я ня ведаю, як ён гэта вытрымлівае. Ён ужо слабы. Міліцыянты вялі яго нібы пад рукі.

11:20 Большая частка людзей разышлася. Засталіся толькі родныя Каваленкі, а таксама Сябры КХП-БНФ Юрась Беленькі, Валер Буйвал, журналісты і праваабаронцы. На вуліцы ідзе моцны дождж. Усе стаяць на ганку будынку суду.

11:25 Скарыновіч, які кіраваў апэрацыяй у судзе, адмовіўся пракамэнтаваць дзеяньні сваіх падначаленых, якія выцягвалі людзей з суду.

— Усе пытаньні да мяне праз прэсавую службу, — сказаў ён "Свабодзе".

11:28 Камэнтар аднаго з кіраўнікоў КХП-БНФ Юрася Беленькага:

— Я маю даверанасьць прадстаўляць інтарэсы партыі тут, падрыхтаваны тэкст хадайніцтва, распрацаваная схема абароны, якая ўзгодненая з адвакатам. І мяне не пусьцілі на паседжаньне. Інакш кажучы, міліцыя ўскосна ўмяшалася ў хаду працэсу. Я падпалкоўніку Скарыновічу сказаў, што такія дзеяньні можна трактаваць адпаведным чынам. Ідзе расправа над беларускім патрыётам: брутальная, подлая і гнюсная.

11:35 У паседжаньні перапынак. Выклікалі хуткую дапамогу. Каваленка пагадзіўся прайсьці абсьледаваньне.

Адвакат Аляксандар Галіеў паведаміў, што разглядаць справу суд так і не пачаў.

Каваленка хадайнічаў, каб ягоны бацька быў абаронцам на судзе. Хадайніцтва адхілі.

Далей Каваленка заявіў пра адвод судзьдзі і пракурора. Гэта хадайніцтва таксама не задаволенае.

Каваленка таксама хадайнічаў, каб на працэс дапусьцілі прэсу і людзей, якія яго ведаюць, а не тых, каго пасадзілі ў залю. І гэтае хадайніцтва таксама суд адхіліў.

11:43 Прыехала не хуткая дапамога, а рэанімацыя.

11:55 Сваякі і праваабаронцы прамоклі. Яны просяць міліцыянтаў, каб іх пусьцілі ў будынак пагрэцца. Міліцыя адмаўляе.

12:05 Юрась Беленькі зьвярнуўся да міжнародных структураў і амбасадаў дзяржаваў, каб яны паспрыялі мэдычнаму агляду Каваленкі незалежнымі замежнымі лекарамі. Бо, кажа, стан здароўя Каваленкі крытычны.

12:09 Людзі, які раней выгналі з суду, хаваюцца ад холаду ў тамбуры. У памяшканьне суду іх па-ранейшаму не пускаюць.

12:20 Чарговы мэдычны агляд Каваленкі скончаны. Яго вярнулі ў залю. Прыйшла судзьдзя. Аднавілася паседжаньне.

12:26 У часе мэдычнага агляду лекары зрабілі Каваленку нейкую прышчэпку, пасьля якой ён на нейкі час страціў прытомнасьць. Пра гэта сам Каваленка змог сказаць сваёй жонцы Алене. Сяргея Каваленку заводзілі ў залю, трымаючы пад рукі.

Карэспандэнт "Свабоды" пацікавіўся ў падпалкоўніка Скарыновіча станам Каваленкі. Міліцыянт сказаў, што ў каравульным памяшканьні Каваленка "сядзеў спакойна, усьміхаўся, чытаў газэту". Скарыновіч абвяргае, што лекары рабілі Каваленку прышчэпку і што той часова страціў прытомнасьць.

12:36 У судзе перапынак. Каваленку вывялі. Ён хістаецца і ледзь стаіць на нагах.

12:47 Паседжаньне працягваецца. Каваленку вярнулі ў залю суду. Жонка Каваленкі кажа, што ён увесь сіні.

13:15 Паводле інфармацыі, якая паступае з будынку суду, у залю запрасілі сьведку. Праваабаронцы, якія знаходзяцца пад будынкам, ня выключаюць, што разгляд справы прысьпешваецца. Заплянаваны на 13:00 перапынак на абед не абвешчаны.

13:45 У адмысловай машыне ахоўнікам прывезьлі абед. Яны па чарзе ходзяць падсілкавацца. Аднак суд працягваецца без перапынку на абед.

14:15 У будынак суду прапускаюць людзей, якія прыходзяць па розных справах. Сваякоў жа, праваабаронцаў і журналістаў, якія імкнуцца патрапіць на працэс да Каваленкі, не пускаюць. Міліцыянты ўвесь час кажуць, што іх выдалілі на рашэньне судзьдзі.

14:26 Міліцыянты забаранілі журналістам глядзець праз шчыліну ў дзьвярах на калідор. На гэты калідор выходзяць дзьверы залі, дзе слухаецца справа Каваленкі.

Міліцыя выгнала людзей з тамбуру на вуліцу.

14:30 Перапынак на 30 хвілнаў. Адвакат Галіеў паведаміў, што ўвесь гэтым час адбываўся допыт Каваленкі. Допыт працягнецца пасьля перапынку.

Адвакаты і сам Каваленка выступалі з хадайніцтвамі, каб зьмяніць меру стрыманьня. Пракурор выступаў супраць. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтвы.

У судзе выступіла толькі адна сьведка — гэта прадстаўніца крымінальна-выканаўчай інспэкцыі. Яна распавядала, як Каваленка парушаў рэжым.
Адна з прысутных у залі спадарыняў паведаміла, што Каваленка ў часе паседжаньня афіцыйна заявіў, што пасьля ўколу ў рэанімабілі ён на нейкі час страціў прытомнасьць.

У часе паседжаньня ў Каваленкі запыталіся, ці пазнае ён каго-небудзь з прысутных у залі. Ён сказаў, што не пазнае. Праваабаронцы і сваякі лічаць: гэты факт сьведчыць пра тое, што ў залю загадзя правялі людзей, каб туды ня трапілі прыхільнікі Каваленкі.

Сяргей Міхайлаў, якія працуе на працэсе перакладчыкам, таксама паведаміў, што прысутныя ў залі людзі ніякім чынам не рэагуюць на тое, што адбываецца на працэсе. Яны проста сядзяць з абыякавымі тварамі.

Міхайлаў таксама сказаў, што Каваленка прамаўляе вельмі слабым голасам.

14:54 Прадстаўнік управы ўнутраных спраў Віцебску Іваноў адмаўляецца прапусьціць журналістаў у будынак суду. Ён спасылаецца на рашэньне судзьдзі.

15:13 Каваленку зноў завялі ў залю.

Алена Каваленка, якую пусьцілі ў калідор, паведаміла, што працэс пачаўся бяз родных, прэсы і грамадзкіх дзеячоў.

15:25 Афіцыйная абласная газэта "Віцебскі рабочы" таксама вядзе
жывы рэпартаж з суду над Каваленкам.

Каваленка таксама запатрабаваў зьмяніць беларускую сымболіку ў залі — на бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня", піша "Віцебскі кур’ер".

15:58 Лідзія Каваленка заявіла "Свабодзе", што мае спадзеў толькі на замежных лекараў, што тыя прыедуць і аб’ектыўна дасьледуюць стан здароўя яе сына Сяргея.

16:15 Ля суду і ў калідорах будынку засталося толькі 12 чалавек зь ліку тых, хто прыйшоў падтрымаць Каваленку.

16:20 Пачалі дапытваць другога сьведку, Яўгена Якушэвіча. Ён працуе ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Першамайскага раёну Віцебску.

Тыльны бок будынку суду. У гэтым аўтазаку Каваленку трымаюць, калі на працэсе абвяшчаюць перапынкі.

16:30 У судзе дапытаныя сьведкі Шыліна і Пахноцкі — яны працуюць у крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Першамайскага раёну Віцебску. Цяпер у судзе дапытваюць міліцыянта Белавуса.

16:50 Людзей зь ліку прыхільнікаў Каваленкі міліцыянты пускаюць у прыбіральню. Водзяць туды па адным чалавеку, пад канвоем.

17:04 У судзе выступае сьведкам міліцыянт Сыч.

17:17 У суд зноў выклікалі хуткую дапамогу. Алена Каваленка пабачыла, што мэдыкі сьпярша зайшлі у кабінэт намесьніка старшыні суду. Хутка адтуль выйшлі і, нічога ня кажучы журналістам і сваякам Каваленкі, зьехалі.

17:25 Судзьдзя Алена Жук заявіла, што яна не выклікала мэдыкаў, а таму не дапусьціць іх да Каваленкі. Пра гэта паведамілі прыхільнікам Каваленкі на станцыі "хухткай дапамогі".

17:40 Перапынак на 5 хвілінаў. Суду засталося заслухаць трох сьведак. З іх двое — жонка і брат Каваленкі, а таксама нейкі Іваноў, які не зьявіўся.

17:48 Кіраўнік зьмены на станцыі "хуткай дапамогі" Іофіс Пляшкун адмовіўся назваць імёны лекараў, якія зьехалі, не агледзеўшы Каваленку.

18:05 Суд выклікаў сьведкай Алену Каваленку.

18:40 Працаўнікі суду сышлі з працы. Вокны гаварць толькі ў залі паседжаньняў №6. Там працягваецца суд над Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты, якія ахоўваюць будынак, ня могуць адказаць на пытаньне, чаму паседжаньне ніяк не завершыцца.


"Радыё Свабода"

 


24 лютага 2012 р.


Суд над Сяргеем Каваленкам
(Дзень чацьвёрты)


24 лютага ў Віцебску працягваецца працэс над сябрам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам.

09:30 Ля будынку суду зьбіраюцца прыхільнікі Сяргея Каваленкі, праваабаронцы, грамадзкія дзеячы і журналісты. Прыехаў часова павераны у справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш.

У суд людзей пускаюць, але вельмі пільна даглядаюць.

Жанчынаў прымушаюць разувацца.

— Не аказваючы патрэбную мэдычную дапамогу майму мужу, улады ідуць на сьвядомае забойства, — заявіла Алена Каваленка журналістам.

Пачатак — а 10-й раніцы

23 лютага пасяджэньне скончылася ўжо на пачатку сёмай вечара.

Да Сяргея Каваленкі не дапусьцілі мэдыкаў.

"Хуткую" дапамогу маці і жонка Каваленки выклікаюць на кожнае пасяджэньне па некалькі разоў — яны лічаць, што Сяргей Каваленка знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці, і што выходзіць з галадоўкі, якую ён абвясьціў 19 сьнежня мінулага году, трэба ва ўмовах стацыянару пад кантролем лекараў.

23 лютага ў судовую залю не пусьцілі ніводнага чалавека з тых, хто хаця б ведаў Сяргея.

Паводле тых, хто хаця б некалькі імгеньняў бачыў Сяргея, якога заводзілі ці выводзілі на суд, ён выглядае кепска, скардзіца на галаўны боль, пагаршэньне слыху і зроку, агульную слабасьць, развамўляе дужа ціха. Канвой водзіць яго пад рукі.

09:45 Праваабаронца Павал Левінаў напісаў скаргі ў Сьведчы камітэт па Віцебскай вобласьці.

Першую — на тое, што да Каваленкі не пусьцілі мэдыкаў. Левінаў кажа, што і такіх дзеяньнях адміністрацыі суду ёсьць прыкметы крымінальнага злачынства.

Другую — на тое, што людзей не пусьцілі ў залю на паседжаньне.

10:03 Працэс пачаўся.

Журналістаў, сваякоў, грамадзкіх дзеячоў міліцыя заблякавала ў адной часцы калідору. А ў іншай — адкрылі дзьверы залі, дзе ўжо сядзелі людзі.

На працэс здолеў патрапіць толькі польскі дыплямат.

10:08 Суд выклікаў сьведку Віталя Каваленку, брата Сяргея.

10:09 Паседжаньне адбываецца ў залі № 3. Гэтая заля знаходзіцца побач з каравульным памяшканьнем. Людзям, якіх міліцыя блякуе ў іншым канцы калідору, не відаць, як заводзілі Кавалеку з залю.

10:23 У суд прыехаў консул Латвіі Яніс Рупэй. Але яго не пусьцілі ў залю, дзе адбываецца паседжаньне.

10:30 З залі суду прыйшла СМС: "Сяргей заявіў, што будзе працягваць галадоўку".

10:35 Маці і брат Каваленкі зьвярнуліся ў прадстаўніцтва Чырвонага крыжа, каб гэтая міжнародная арганізацыя ўмяшалася ў сытуацыю і паспрыяла таму, каб Сяргею аказалі мэдычную дапамогу.

10:38 Сайт незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" паведамляе: "У трэці дзень суду над палітвязьнем у Менску ў гандлёвым цэнтры "Сталіца" зьявіўся беларускі нацыянальны сьцяг. Сьцяг правісеў некалькі гадзінаў".

10:40 Скончыўся допыт Віталя Каваленкі. Пасьля допыту судзьдзя выдаліла яго з залі. Сваё рашэньня яна патлумачыла тым, што, маўляў, раней Віталь атрымліваў заўвагі ад судзьдзі.

Віталь Каваленка заявіў журналістам, што брат выглядае кепска, але паводзіць сябе адэкватна.

Віталь у судзе пацьвердзіў ранейшыя заявы жонкі Каваленкі Алены, што міліцыянты ціснулі на іхную сям’ю. А менавіта — па 6 разоў за ноч прыходзілі да іх у кватэру, каб перакацца, што Сяргей Каваленка дома.

Віталь кажа, што у залі сядзяць людзі, якіх ні ён, ні Сяргей ня ведаюць.

10:45 СМС-паведамленьне з залі:

— Судзьдзя адхіляе хадайніцтвы, каб выклікаць дадатковых сьведкаў.

10:50 Прыхільнікі Каваленкі і журналісты заблякаваныя ў правай частцы, а прыбіральня знаходзіцца ў левай. Па патрэбе міліцыянты водзяць людзей пад канвоем.

11:05 У суд прыйшла маці абвінавачанага Лідзія Каваленка. Яна патрабуе, каб ёй дазволілі прысутнічаць на працэсе.

11:15 Праваабаронца Леанід Сьвецік пра суд над Сяргеем Каваленкам:

— Суд адмовіўся зрабіць працэс адкрытым. Таму
мы можам толькі здагадвацца, у чым Сяргея вінавацяць. Але фармальнае абвінавачваньне зразумелае — ён ухіліўся ад выкананьня прысуду, паводле якога ён павінен адбываць "хатнюю хімію2.

Што дало штуршок, каб пачало працаваць гэтае абвінавачаньне? Я думаю, што ён фактычна не падпарадкоўваўся ўладзе. Якім чынам? Маючы за сьпінай прысуд, ён даволі актыўна працягваў выказваць сваю палітычную і грамадзкую пазыцыю. Ён, як і раней, працягваў вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Я лічу, што гэта адзіная сапраўдная падстава, паводле якой Сяргея судзяць.

Я яго папярэджваў, што за парушэньне ўмоваў "хатняй хіміі" яму фактычна пагражае турма. Але ён мне заўсёды адказваў, што будзе адстойваць свае пазыцыі.

Але галоўнае, што адкрытае паседжаньне суд фактычна зрабіў закрытым. Гэта працэсуальнае парушэньне. Працэс можна назваць умоўна адкрытым.

У сэрыі судоў, якія праходзілі над грамадзкімі актывістамі ў Віцебску, такое адбываецца ўпершыню.

11:40 Алена Каваленка паведаміла, што накіравала тэрміновыя скаргі спэцдакладчыкам ААН у справах катаваньняў, судовай практыкі і свабодзе слова. Алена Каваленка скардзіцца на бесчалавечнае абыходжаньне зь яе мужам, на парушэньне прынцыпаў адкрытасьці судоў і на перашкоду ў атрыманьні інфармацыі.

11:58 Перапынак у судзе. Судзьдзя вырашае, ці зьмяніць Каваленку меру стрыманьня на больш мяккую. З залі суду паведамляюць, што ўсе ранейшыя хадайніцтвы, якія былі сёньня, судзьдзя адхіляла.

Апрача хадайніцтва адвакатаў пра зьмену стрыманьня, да хадайніцтва далучаныя звароты у суд ад партыі КХП-БНФ і БХК.

Адвакаты кажуць, што Каваленка пачынае загаворвацца, паўтарае адно і тое ж. Адвакаты таксама кажуць, што ўчора іхны падабаронны піў ваду, а сёньня нават ня п’е.

12:00 Аб 11 гадзіне пачаўся пікет салідарнасьці з Сяргеем Каваленкам у Брусэлі ля будынку Эўракамісіі. Пра гэта "Свабодзе" паведаміў Зьміцер Піменаў, кіраўнік Беларускага эўрапейскага задзіночаньня.

12:15 Польскі дыплямат Вітальд Юраш заявіў журналістам, што рашэньне па справе Каваленкі прымаецца не ў судзе, а наверсе, што ён ня мае ілюзіяў наконт гэтага суду, таму і пакідае працэс.

— Я хацеў прыехаць сюды, каб паказаць — кажа Вітольд Юраш.
нашую салідарнасьць. Але я ўбачыў, што ўсе рашэньні прымаюцца ня ў залі суду. Знаходзіцца тут для мяне няма сэнсу. Таму я зьяжджаю. Гэта мая пазыцыя. Я бачу такую рэальнасьць, як я сказаў: знаходзіцца тут няма сэнсу. Ня тут прымаюцца рашэньні.

Зьвяртаючыся да Алены Каваленкі:

— У мяне была магчымасьць пакамунікаваць з вашым мужам. Я яго прасіў ад імя калегаў па Эўразьвязе, асабіста ад сябе і нават ад маёй жонкі, каб ён спыніў галадоўку.

Адвакат прасіў зьмяніць меру стрыманьня. Але ў гэтым было адмоўлена.

Сяргей слабы. Яму цяжка засяродзіцца. Але ён паводзіць сябе годна. Я ўпэўнены, што ён вытрымае. Я на гэта спадзяюся. Я ў гэта веру.

Гэта трагедыя, калі адзін чалавек цярпіць праз сваю адвагу, а іншыя ў залі — праз адсутнасьць адвагі.

Я спадзяюся, што ён спыніць галадоўку і будзе годным і шчасьлівым чалавекам. А тыя, хто цярпіць праз адсутнасьць адвагі, будуць з гэтым жыць.

— Я спадзяюся, што яго вызваляць. Гэта было б заўважана ў Эўразьвязе, — сказаў Юраш.

Ён дадаў, што афіцыйную пазыцыю Эўразьвяз выкажа ў панядзелак 27 лютага.

Юраш Пагаварыў з маці Каваленкі. Тая прасіла, каб дыплямат паспрыяў допуску мэдыкаў. Юраш адказаў, што ў гэтай сытуацыі нічым дапамагчы ня можа, бо такое рашэньне прымаюць беларускія ўлады.

12:50 Прыехала здымачная група мясцовага дзяржаўнага тэлеканалу "Скіф".

Яны падышлі да польскага дыплямата і задалі пытаньне:

— Як паўплывае ваш візыт на беларуска-польскія дачыненьні?

Дыплямат адказаў:

— Прабачце, я ўжо адказаў на ўсё пытаньні.

Пасьля гэтага ён завярнуўся і зьехаў.

13:06 Паводле зьвестак Алены Каваленкі, Сяргей пачаў піць ваду.

13:08 Абвешчаны перапынак.

13:10 З залі суду выйшаў латыскі дыплямат Яніс Рупэй. Алене Каваленцы ён аддаў бутэльку з вадой . Дыплямат сказаў, што судзьдзя не дазволіла перадаць ваду Каваленку.

13:16 Абвешчаны на 5 хвілінаў перапынак падоўжаны на 20 хвілінаў.

13:26 Сяргей Міхайлаў, які працуе перакладчыкам на працэсе, паведаміў, што перапынак абвясьцілі на просьбу Каваленкі.

Сяргей заявіў, што кепска сябе адчувае, сказаў, што ў яго баліць галава і жывот і што ён не разумее, што адбываецца ў судзе.

Міхайлаў таксама паведаміў, што сёньня на працэсе дапыталі самаго Каваленку — хутка і фармальна.

Паводле Сяргея Міхайлава разглядаецца трэці том справы.

14:00 Працэс аднавіўся.

14:11 Сваякі Каваленкі разам з праваабаронцамі напісалі 24 скаргі старшыні суду, што іх не пусьцілі ў залю, а таксама 10 скарга кіраўніцтву віцебскай міліцыі, на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў МУС у судзе.

14:39 У судзе — перапынак. Каваленку вывелі з залі. Ён пасьпеў крыкнуць:

— Жыве Беларусь!

Перапынак на 30-40 хвілінаў. Пасьля перапынку пачнуцца судовыя спрэчкі.

14:46 Перакладчык Сяргей Міхайлаў паведаміў, што Каваленка ў клетцы п’е ваду. Ён выглядае вельмі стомленым. Болей ніякіх хадайніцтваў не вылучае.

Скончваючы дасьледаваньне матэрыялаў справы, судзьдзя запыталася "Ці маеце вы што дадаць?" Каваленка на гэта нічога не адказаў.

15:07 Праваабаронца Павал Левінаў паведаміў, што ўжо тры гадзіны ў Віцебску на праспэкце Перамогі 25 вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. Сьцяг вынесілі на знак салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам.

15:26 У судовай кнізе скаргаў скончыліся чыстыя аркушы. Усяго ад пачатку працэсу над Каваленкам грамадзяне напісалі 30 скаргаў.

15:27 Працэс пачаўся. Калі Каваленку заводзілі ў залю, паміж ім і людзьмі сшыхтаваліся тры кардоны міліцыі і спэцназу. Яны стаялі так, каб людзі не пабачылі Каваленку. Алена Каваленка спрабавала выклікаць "хуткую". Ёй адказалі:

— Мы ня можам прыехаць, бо зьверху прыйшоў загад рэагаваць толькі калі "хуткую" выкліча судзьдзя.

15:55 Пракурор запатрабаваў 2 рока 8 месяцаў калёніі.

16:49 Паводле інфармацыі з залі суду, на працэсе выступаюць адвакаты Сяргея Каваленкі.

17:05 У судзе перапынак да 18:00. Каваленку вывелі з залі. Пасьля перапынку будзе абвешчаны вырак.

Людзі, якія прысутнічалі на працэсе, паведамілі, што патрабаваньні пракурора Каваленка ўспрыняў спакойна.

Адвакаты ў сваіх прамовах адзначалі, што Каваленка не рабіў наўмысных хуліганскіх дзеяньняў.

У сваім апошнім слове Сяргей Каваленка не абараняў сябе, а казаў пра бел-чырвона-белы сьцяг, пра яго гісторыю і статус. Ён таксама сказаў, што ягоныя акцыі ня мелі хуліганскі характар, а насілі выключна палітычны зьмест.

17:55 Адвакаты зайшлі ў залю. Каваленку пакуль не завялі.

18:00 Каб паслухаць вырак, сабралося 30 чалавек. Ад залі суду іх аддзяляюць 30 мэтраў і 4 кардоны міліцыі.

18:38 Каваленку завялі ў залю. Прысутныя ў калідоры скандуюць:

— Свабоду! Свабоду!


"Радыё Свабода"

 


27 лютага 2012 р.


15 адмоваў на пікеты пра суд над Сяргеем Каваленкам


Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў атрымаў па 5 адмоваў з трох раённых адміністрацыяў Віцебску, куды ён зьвяртаўся па дазвол на інфармацыйныя пікеты.

— Маёй мэтай было інфармаваць жыхароў гораду пра вынікі суду над Сяргеем Каваленкам, якога абвінавацілі ў парушэньні рэжыму "хатняй хіміі" ды асудзілі на 2 гады 1 месяц калёніі агульнага рэжыму. Адмовілі мне з той прычыны, што я не прадставіў дамовы з ЖКГ, міліцыяй і хуткай дапамогай на абслугоўваньне — гэта стандартная адпіска чыноўнікаў, якія адмаўляюць апазыцыянэрам. За апошнія гады ў Віцебску ніводнага пікету, які замаўлялі апазыцыйныя актывісты, дазволена не было. Да ўсяго, адказы мне прыйшлі па-расейску, хаця я зьвяртаўся да чыноўнікаў на беларускай мове, — апавёў Ян Дзяржаўцаў.

Апазыцыянэр лічыць, што Сяргея Каваленку асудзілі з палітычных матываў — каб ён не працягваў акцыяў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. І што ўлады ўсё робяць для таго, каб землякі не даведаліся праўды пра палітычны судовы працэс.

Так, у газэце "Віцебскі рабочы" ўжо надрукаваны артыкул "Калідор судзьдзі", дзе пра Сяргея Каваленку гаворыцца ў зьневажальнай манеры, а тыя, хто прыйшоў яго падтрымаць, названыя "агрэсіўна настроеным натоўпам", які не дапусьцілі ў залю суду нібыта за хуліганскія паводзіны.

Да гэтага натоўпу аднесьлі і журналістаў незалежных СМІ, якіх на другі дзень працэсу выдалілі з залі за фота- і відэаздымкі, а на трэці і чацьвёрты — не дапусьцілі на суд увогуле. Затое ў залю былі адмыслова запрошаныя супрацоўнікі мясцовых дзяржаўных выданьняў, якім было дазволена фатаграфаваць нават падчас працэсу.


"Радыё Свабода"

 


29 лютага 2012 р.


Сяргея Каваленку перавезьлі ў турэмны шпіталь на "Валадарцы"


Алена Каваленка заявіла, што яе мужа, віцебскага актывіста Сяргея Каваленку ўвечары 28 лютага перавезьлі зь Віцебскага СІЗА ў турэмны шпіталь пры СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Пра гэта стала вядома 29 лютага, калі Сяргея Каваленку паспрабаваў наведаць у СІЗА бацька, Аляксандар Каваленка.

— Сказалі, што яго адвезьлі ў Менск, у рэспубліканскі турэмны шпіталь, а прычыну не назвалі. Ці ў сувязі са станам здароўя, ці зь іншых прычын — невядома, — сказала "Свабодзе" Алена Каваленка.

Пазьней у турэмным шпіталі гэтую інфармацыю пацьвердзілі карэспандэнту Свабоды.

28 лютага спадарыня Каваленка бачылася з мужам у Віцебскім СІЗА, пасьля чаго перадала ягоныя словы, што ён мае намер працягваць галадоўку, хаця ўжо страціў каля 30 кіляграмаў вагі.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 


1 сакавіка 2012 р.


Я не протяну больше недели


Сегодня в тюремной больнице на Володарке Сергея Коваленко посетил его адвокат.

Мать политзаключенного Лидия Коваленко переживает за состояние здоровья сына, поскольку он полон решимости продолжать голодовку:

— Он продолжает голодовку. У него был адвокат, который сказал, что он выглядит еще хуже, чем на суде. Во время вчерашнего свидания Сергея с Леной, он сказал, что ему очень больно спать, никакого жира в его теле не осталось, он потерял 30 килограммов, ему больно сидеть и лежать. Он чувствует, что ему осталась неделя жизни, он чувствует, что скоро умрет.

Лидия Коваленко завтра обратится в суд с просьбой, чтобы ей разрешили встретиться с сыном, передает "Радые Рацыя".


"Хартыя’97"

 


5 сакавіка 2012 р.


Сяргей Каваленка будзе галадаваць да канца


Маці, брат і сын Сяргея Каваленкі сустрэліся зь ім у менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Там знаходзіцца рэспубліканскі турэмны шпіталь, куды актывіста КХП БНФ паклалі ў сувязі з рэзкім пагаршэньнем здароўя ў выніку працяглай галадоўкі.

Спатканьне доўжылася гадзіну. Маці вязьня Лідзія Каваленка выйшла з пакою для спатканьняў, стрымліваючы сьлёзы:

— Толькі бачу яго, у якім ён стане, і мне баліць. Ён прыйшоў сам, але ён ледзь ходзіць. Вельмі худы і слабы. Яго трэба як мага хутчэй вызваліць. Яму трэба неадкладная мэдычная дапамога ва ўмовах добрай цывільнай лякарні, турэмным лекарам ён не давярае. А пра галадоўку кажа, што будзе ісьці да канца.

— Казаў, што хоча быць зь сям’ёй, але яго засудзілі. Засудзілі, як ён лічыць, несправядліва. І паўтарае, што ня будзе зноў ламацца і пойдзе да канца, — дадаў брат вязьня Віталь Каваленка.

Паводле Віталя Каваленкі, Сяргей заклікаў беларусаў змагацца за незалежнасьць сваёй радзімы і яе нацыянальныя сымбалі. Таксама ён спадзяецца на падтрымку праз прапаганду бел-чырвона-белага сьцяга. Асобна Сяргей падзякаваў усім, хто яго падтрымлівае:

— Перадаў вялізарны дзякуй Уладзімеру Някляеву за перададзеную яму кнігу вершаў, казаў, што як чытаў, дык душа радавалася. І падзякаваў Зянону Пазьняку ды ўсім іншым за падтрымку і дапамогу. Сказаў, што ён разам з народам і заўсёды будзе за яго змагацца.

Сяргей Каваленка галадуе на знак пратэсту супраць прысуду, які ён лічыць незаконным. Вязень пачаў галадоўку яшчэ ў віцебскім СІЗА ў сярэдзіне сьнежня, пазьней быў пэрыяд, калі Каваленка пагадзіўся з турэмшчыкамі і нейкі час прымаў ежу. У лютым актывіст КХП БНФ зноў пачаў бестэрміновую галадоўку.

Днямі жонка вязьня зьвярнулася ў Міжнародны чырвоны крыж па мэдычную дапамогу для мужа. Таксама Алена Каваленка накіравала скаргу ў пракуратуру Беларусі. Яна просіць перавезьці мужа з турэмнага ў цывільны шпіталь, пад нагляд незалежных дактароў.

На "Валадарцы" Сяргеbr /я Каваленку трымаюць у камэры з іншымі вязьнямі, у не адпаведных для галадоўніка ўмовах, мяркуе брат актывіста Віталь Каваленка:

— Спытаў яго, якія ў яго ўмовы? Кажа, што ня вельмі. Па-першае, там усе паляць, а ён ня паліць, а па-другое, усе прымаюць ежу, а яму гэта таксама цяжка пераносіць. Трымаюць яго ў агульнай камэры, там іх яшчэ 3–4 вязьні.

Таксама Сяргей Каваленка паведаміў пра падазроныя паводзіны аднаго з сукамэрнікаў.

— Не выключаю, што гэтак брата спрабавалі справакаваць на парушэньне турэмных парадкаў, — мяркуе Віталь Каваленка.

Зь перапынкамі Сяргей Каваленка галадуе зь сярэдзіны сьнежня, у лютым цалкам адмовіўся ад ежы. За час галадоўкі вязень схуднеў болей як на 30 кіляграмаў.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 


6 сакавіка 2012 р.


Сяргею Каваленку адмовілі ў сустрэчы са святаром


Лідзія Каваленка 6 сакавіка была на "Валадарцы" на прыёме ў намесніка начальніка турмы.

Яна дамовілася аб тым, што да сына пусцяць святара, перадае "Радыё Свабода".

Пасля гэтага Юрась Беленькі, намеснік старшыні КХП-БНФ, дамовіўся з пастарам Эрнэстам Сабіла аб тым, што той прыедзе на наступны дзень, каб сустрэцца з Сяргеем Каваленкам.

Сабіла спадзяваўся ўгаварыць Каваленку спыніць галадоўку.

Алена Каваленка і маці палітвязня аднеслі заяву аб сустрэчы Сабіла і Каваленкі ў адміністрацыю турмы. Але там ім сказалі, што не дазволяць сустрэчы, бо на гэта яшчэ патрэбны дазвол Віцебскага суда.

Сустрэча Алены Каваленка з мужам павінная пачацца ў 4 гадзіны.


"Хартыя’97"

 


7 сакавіка 2012 р.


У 9-м шпіталі Каваленку агледзеў прафэсар Валянцін Кураш


7 сакавіка галадоўніка Сяргея Каваленку з "Валадаркі" прывозілі на агляд у 9-ты клінічны шпіталь.

Пра гэта "Свабодзе" паведаміў намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, які апякуецца Каваленкам. Паводле яго, Каваленку, які галадуе з перапынкамі зь сярэдзіны сьнежня, агледзеў прафэсар Валянцін Кураш.

— Некалькі дзён таму ў Каваленкі былі зафіксаваныя наступныя фізычныя парамэтры: вага — 55 кіляграмаў, тэмпэратура — 37,5 градусаў, ціск 90 на 60.

Паводле спадара Беленькага, міліцыянты прапанавалі Сяргею спыніць галадоўку і паабяцалі, што пасьля гэтага яго пакінуць у шпіталі для выхаду з галадоўкі пад мэдычным наглядам. Але Каваленка адмовіўся спыняць галадоўку, бо не давярае мэдыкам і міліцыянтам. У выніку яго зноў вярнулі на Валадарку.

Сёньня ж, 7 сакавіка, Сяргея Каваленку наведаў на "Валадарцы" адвакат. Сустрэча адбылася ў межах падрыхтоўкі да разгляду касацыйнай скаргі на прысуд Каваленку.


"Радыё Свабода"

 


9 сакавіка 2012 р.


Пастар Сабіла не ўгаварыў Каваленку спыніць галадоўку


Галадоўніка Сяргея Каваленку на "Валадарцы" наведаў пастар Эрнст Сабіла, які спрабаваў угаварыць актывіста спыніць галадоўку.

У 1989 годзе на першым зьезьдзе БНФ Эрнст Сабіла зачытваў Біблію, асьвячаў палітычнае мерапрыемства. Пры ўчорашняй сустрэчы зь Сяргеем Каваленкам, сябрам партыі КХП БНФ, пастар Сабіла адмыслова нагадаў пра гэтую падзею. Паводле пастара, ён працытаваў галадоўніку тое месца зь Бібліі, дзе патлумачана, дзеля чаго можна ахвяраваць целам:

— "У ахвяру, якая ўгодна Богу", — вось для якой ахвяры. І для "разумнага служэньня вашага". Значыць, гэта ахвяра не сьмяротная, гэта такая ахвяра, калі даводзіцца табе недзе недаесьці — недаеж на справе сваёй, недаспаць — недасьпі на справе сваёй, ахвяруй. Але гэтая мая размова яму не спадабалася, ён мяне перапыніў і сказаў, што спыніць галадоўку, толькі калі адменяць прысуд і ён вернецца ў сям’ю.

Айцец Эрнст Сабіла за савецкім часам больш як 10 гадоў адбыў у лягерах за свае рэлігійныя погляды. Ён кажа, што шмат бачыў галадоўнікаў, у тым ліку і такіх, якія ішлі да канца. Пастар паабяцаў маліцца за маральны стан Сяргея Каваленкі. Фізычны стан галадоўніка айцец Сабіла ацэньвае гэтак:

— Што тычыцца ягонага здароўя, відаць, што чалавек змардаваны. Мэдычных дадзеных у яго я не пытаўся, але відаць, што чалавек зьнясілены. Хоць ён і прыйшоў сам і сышоў сам, але ён вельмі схуднелы, бачна ягоная цялесная слабасьць. Гэта вынік дзеяньняў уладаў.

7 сакавіка Сяргея Каваленку аглядалі ў 9-й клінічнай бальніцы. Там Каваленку прапанавалі стацыянарнае лячэньне, але з умовай, што ён адмовіцца ад галадоўкі. Вядома, што Сяргей Каваленка не прыняў гэтага ўльтыматуму і яго вярнулі на "Валадарку". 9 сакавіка намесьнік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай абавязаць адміністрацыю "Валадаркі" пакласьці Сяргея Каваленку ў цывільны шпіталь без умоваў:

— Такога чалавека абавязкова трэба класьці ў шпіталь. Якія яшчэ ўмовы да чалавека ў такім фізычным стане? Толькі шпіталь.

Паводле апошніх зьвестак, Сяргей Каваленка важыў 55 кіляграмаў, у яго пачаліся праблемы з ныркамі, ён горш бачыць і чуе. Жонка Сяргея Алена Каваленка спрабавала перадаць мужу ў турму адмысловую мэдычную прыладу для прамываньня страўніка, але ёй не дазволілі.

— Сказалі, што такія прылады ёсьць у турэмным шпіталі і там могуць зрабіць прамываньне страўніка ў любы момант, — паведаміла Алена.

— Ці прапанавалі гэтую працэдуру Сяргею Каваленку цяпер?

— Пра гэта мне невядома, прапанавалі ці не. Буду прасіць адваката наведаць яго ў нядзелю, а сама буду прасіць дазволу на будучым тыдні.

Сяргей Каваленка галадуе зь перапынкам ад сярэдзіны сьнежня.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 

 

12 сакавіка 2012 р.


Каваленка важыць 51 кг, а турэмны лекар кажа, што ў яго стан сярэдняй цяжкасьці


12 сакавіка Алена Каваленка, жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі, прыехала ў Менск на спатканьне з мужам.

Напярэдадні спатканьня яна сустрэлася з начальнікам Рэспубліканскага турэмнага шпіталя.

Спачатку лекар сказаў, што стан здароўя Сяргея Каваленкі можна вызначыць як сярэдняй цяжкасьці або цяжкі. Калі Алена Каваленка папрасіла ўдакладніць, лекар сказаў, што сярэдняй цяжкасьці.

Ён паведаміў, што тэмпэратура ў Сяргея нармальная, хоць са слоў адваката, які бачыўся зь Сяргеем 11 сакавіка, тэмпэратура ў Каваленкі паніжаная — 35,7. Ціск — 60/90, вага, паводле словаў доктара, — 52 кіляграмы.

Але сам Каваленка на ўчорашняй сустрэчы з адвакатам сказаў, што ён важыць 51 кіляграм.

Начальнік рэспубліканскага турэмнага шпіталя сказаў, што пры нейкіх надзвычайных абставінах яны акажуць Сяргею Каваленку ўсю неабходную дапамогу. Жонка Сяргея, Алена Каваленка, мяркуе, што яны чакаюць, пакуль ён страціць прытомнасьць — тады яны змогуць аказаць яму гэтую дапамогу. А палове на чацьвертую пачнецца спатканьне Сяргея Каваленкі з жонкай.


Алег Грузьдзіловіч

 


Сяргей слабее на вачах


12 сакавіка з галадоўнікам Сяргеем Каваленкам сустрэлася ў ізалятары на Валадарскага ягоная жонка Алена. Чарговая спроба ўгаварыць мужа скончыць галадоўку не ўдалася.

Алена Каваленка выйшла з пакоя для спатканьняў "Валадаркі" ў сьлязах. Яна кажа, што Сяргей выглядае яшчэ больш слабым, і гэта ня дзіва, бо, паводле яе падлікаў, усяго муж галадуе ўжо больш за 60 дзён і пакуль спыняць галадоўку ня мае намеру:

Не зьбіраецца кідаць галадоўку, хоць ужо выглядае проста жахліва. Вельмі балюча на яго глядзець, бо яму ўжо цяжка і рухацца, і словы вымаўляць. Нават кожны крок даецца яму зь цяжкасьцю. Сказаў, што важыць 51 кіляграм, учора яго ўзважвалі. Тэмпэратура цела 35,2 градусы, гэта вельмі нізкая тэмпэратура. Ціск 60 на 90. Нешта яны там круцяць наконт шпіталізацыі — дакладна яму так і не прапаноўвалі шпіталізацыі. Адзін лекар сказаў, што ў яго ўсё нармальна, а другі выбег за ім, як яго павезьлі, што трэба шпіталізацыя. Што яшчэ сказаць? Мне балюча бачыць, як ён памірае, і сорамна за ўсіх нас, што мы нічога ня робім. Мне проста сорамна за нашу нацыю. А ягоныя патрабаваньні застаюцца тыя самыя — ён патрабуе вызваленьня, бо лічыць сябе невінаватым.

Паводле Алены Каваленкі, яе муж яшчэ цікавіцца навінамі ў сям’і і ў палітычным жыцьці краіны. Найбольш Алену непакоіць тое, што ў мужа падае тэмпэратура цела — яшчэ ўчора было 35,7 градусаў, цяпер — 35,2 градусы. Турэмныя лекары кажуць, што сочаць за станам галадоўніка, але Алена адзначае, што яму так і ня робяць прамываньне страўніка, ня ставяць кропельніцы.

— Магчыма, чакаюць, пакуль страціць прытомнасьць, тады пачнуць дзейнічаць, — мяркуе Алена Каваленка.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі паведаміў, што падаваў у рэспубліканскую пракуратуру заяву з просьбай арганізаваць тэрміновую шпіталізацыю Сяргея Каваленкі:

— Яны ў курсе сытуацыі. Дзяжурны пракурор абяцаў пакласьці на стол генпракурору заяву. Наша просьба простая: каб яго паклалі ў палату пад нагляд доктара. Бо, ня дай бог, здарыцца нейкі збой, то ці пасьпеюць зрабіць нейкія рэабілітацыйныя дзеяньні ў дачыненьні да Сяргея?

Адказу ад пракуратуры Юрась Беленькі ня мае. Таксама актывіст зьвяртаўся ў Беларускі Чырвоны крыж па тэрміновую дапамогу для Сяргея Каваленкі.

— Мне адказалі, што прышлюць пісьмовы адказ, — кажа Юрась Беленькі.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 

 

14 сакавіка 2012 р.


Як уратаваць Сяргея Каваленку?


Стан Сяргея Каваленкі, які бесьперапынна трымае галадоўку ад 8 лютага, крытычны. Палітыкі і грамадзкія дзеячы выказваюць прапановы, як уратаваць вязьня.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да апостальскага нунцыя ў Беларусі Клаўдзіа Гуджэроці.

"Невінаваты чалавек памірае ў турме", — піша Івонка Сурвіла. Старшыня Рады БНР просіць Сьвяты пасад хадайнічаць за Сяргея Каваленку перад уладамі і, у прыватнасьці, перад кіраўніком Беларусі.

Зянон Пазьняк кажа, што вакол Каваленкі ідзе рызыкоўная, подлая гульня:

— Думаю, што ціск павінен быць не на Каваленку, а на рэжым, на Лука-ку. І грамадзтва перш за ўсё павінна быць інфармавана. На жаль, яно не інфармавана, ці вельмі мала інфармавана аб тым, што адбываецца з Каваленкам.

— Адзінае, на што ў мяне ёсьць нейкая слабая надзея, — што, можа, удасца нашых высокіх кіраўнікоў, генэралаў і чыноўнікаў, якія вельмі любяць сваіх грамадзян садзіць за краты, прымусіць воляю высокіх людзей, міжнародных аўтарытэтаў, воляю аўтарытэтаў Расеі, якіх вельмі баяцца нашыя гаспадары жыцьця, — кажа Бураўкін.

Юрась Беленькі, адзін зь лідэраў КХП БНФ, да якой належыць Сяргей Каваленка, сёньня аднёс заяву ў Генэральную пракуратуру:

— У заяве мы ад імя партыі падкрэсьліваем, што робяцца сьвядомыя дзеяньні службовых асобаў для таго, каб проста забіць Сяргея Каваленку. Мы папярэджваем усіх службовых асобаў, што непрыняцьце мер па захаваньні жыцьця зьяўляецца злачынствам. Мы зноў патрабуем, каб яго зараз жа паклалі ў цывільны шпіталь, пад нагляд мэдыкаў, у палату.

Юрась Беленькі падтрымаў ідэю зьвярнуцца па падтрымку да Папы рымскага, які гіпатэтычна можа паўплываць на беларускія ўлады ў пытаньні выратаваньня Сяргея Каваленкі.

Улады павінны перавесьці Сяргея Каваленку ў шпіталь, перакананы прадстаўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

— Сытуацыя небясьпечная для жыцьця Сяргея, і ўлады не павінны быць зацікаўленыя ў трагічным выніку, — зазначыў ён.

Паводле Стэфановіча, праваабарончы цэнтар "Вясна" і Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека рыхтуюць заяву з патрабаваньнем да беларускіх уладаў аб тэрміновай шпіталізацыі Каваленкі. Апрача таго, трэба прасіць самога Сяргея, каб ён пачаў выходзіць з галадоўкі:

— У любым выпадку Сяргею Каваленку павінна быць аказаная мэдычная дапамога належным чынам.

Былы кандыдат у прэзыдэнты і былы палітвязень Аляксандар Казулін, які ў свой час за кратамі трымаў працяглую галадоўку, мяркуе, што беларускія ўлады могуць дапусьціць, каб Каваленка памёр.

Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Марцін Шульц заявіў:

— Жыцьцё Каваленкі пад пагрозай у сувязі з галадоўкай супраць яго несправядлівага зьняволеньня. Я заклікаю беларускія ўлады вызваліць яго неадкладна і безумоўна, і забясьпечыць яму неабходную мэдычную дапамогу. Рукі беларускіх уладаў будуць у крыві, калі ён памрэ.

Апазыцыйны палітык Юры Хадыка, які ў 1996 годзе амаль месяц трымаў галадоўку пратэсту, і ягоная жонка Валянціна Зімніцкая лічаць, што на Лука-ку ў справе Каваленкі можа паўплываць кіраўніцтва Расеі.

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў зьвернецца ў справе Сяргея Каваленкі да Ўладзімера Лукіна, ўпаўнаважанага ў правах чалавека Расеі і да Міхаіла Фядотава, старшыні Рады пры прэзыдэнце Расеі.

— Прымусіць Лука-ку выпусьціць з турмы ўсіх палітвязьняў, а ў першую чаргу Сяргея Каваленку, могуць толькі рэальныя эканамічныя санкцыі, такія як забарона ўрадамі краінаў Эўрапейскага зьвязу купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты па іх тэрыторыях, — лічыць палітык Віктар Івашкевіч.

 


Затрымалі Алену Каваленку разам зь сямімесячнай дачкой


Разам з Аленай у міліцыю Першамайскага раёну Віцебску забралі грамадзкага Сяргея Парсюкевіча і яшчэ некалькіх ягоных паплечнікаў.

Пра затрыманьне Сяргей Парсюкевіч пасьпеў паведаміць праз тэлефон.

Іх затрымалі супрацоўнікі ДАІ.

Некалькі дзён таму Алена Каваленка разам з дзецьмі зладзіла акцыі на падтрымку свайго мужа, Сяргея Каваленкі, які трымае доўгатэрміновую галадоўку пратэсту. У гэтай акцыі браў удзел таксама і Сяргей Парсюкевіч, і іншыя актывісты.


"Радыё Свабода"

 

 

16 сакавіка 2012 р.


Аніякай мэдычнай дапамогі Сяргею пакуль не аказвалі


Лідзія Каваленка, маці Сяргея Каваленкі, наведала ізалятар на Валадарскага. Сустрэчы з сынам ёй не дазволілі. Яна бачылася з прадстаўнікамі адміністрацыі і зь лекарам Рэспубліканскага турэмнага шпіталя.

Лекары не назваліся, але сказалі, што ў шпіталь яго не пакладуць. Лідзія Каваленка зьвярталася да іх як маці, прасіла пакласьці Сяргея ў шпіталь і спасылалася на закон, што яна як маці мае права настойваць на тэрміновай шпіталізацыі ў сувязі з мэдычнымі паказчыкамі, але ёй адмовілі. Сказалі, што ягоным лекаваньнем зоймуцца сёньня ж на Валадарцы. У сувязі з гэтым Лідзія Каваленка мяркуе, што да яго будзе прыменена прымусовае харчаваньне.

Аніякай іншай мэдычнай дапамогі яму пакуль не аказвалі. Дакладнай інфармацыі пра стан Сяргея Каваленкі маці ня мае. Лідзія Каваленка лічыць, што Сяргею патрэбная менавіта шпіталізацыя ў цывільным шпіталі, сталы нагляд дактароў і кваліфікаваны выхад з галадоўкі.

Лідзія Каваленка едзе ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, каб там паўтарыць гэтыя хадайніцтвы і дамагацца шпіталізацыі Сяргея Каваленкі і нагляду дактароў.


Алег Грузьдзіловіч

 

 

Выратаваць Сяргея Каваленку


Ці ведаюць людзі ў Беларусі пра галадоўку ў турме віцебскага актывіста КХП — БНФ Сяргея Каваленкі, якога пакаралі за бел-чырвона-белы сьцяг? Ці выказваюць салідарнасьць зь ім? Як дэмакратычныя актывісты патрабуюць вызваленьня Каваленкі ды іншых палітвязьняў?


Віцебшчына


У Віцебску дзейнічае аргкамітэт падтрымкі Сяргея Каваленкі і ягонай сям’і, які быў створаны 30 сьнежня мінулага году. У той дзень у адпачынку на радзіме быў яшчэ адзін віцебскі палітвязень, Павал Севярынец, які й стаў заснавальнікам гэтага грамадзкага ўтварэньня. Цяпер распачатую справу працягвае яго маці, Тацяна Севярынец:

— Гэта дэмакратычныя актывісты і проста людзі, неабыякавыя да таго, што здарылася зь Сяргеем Каваленкам, да яго лёсу, да лёсу яго сям’і. Зьбіраемся раз на тыдзень, вырашаем, што і як рабіць. Гэта і нейкія акцыі па горадзе, і прысутнасьць і падтрымка ў судзе, і інфармаваньне — улёткі, да прыкладу. Гэта і збор матэрыяльнай дапамогі, прычым далучаюцца да нас і рэгіёны — вось учора тэлефанавалі з Воршы, што сабралі сродкі… Ну, і — тут я ўжо ня ведаю, хто гэта робіць — але па горадзе зьяўляюцца і сьцягі, і расьцяжкі ў падтрымку Сяргея Каваленкі, і ня толькі яго, а і ўсіх палітвязьняў.

Матэрыяльна падтрымаць сям’ю Каваленкаў палічылі неабходным аднапартыйцы з КХП БНФ, прадстаўнікі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, сябры іншых партый. Сродкі для сям’і палітвязьня зьбіралі ў Полацку, цяпер якраз зьбіраюць у Шаркоўшчынскім раёне, апавяла мясцовая актывістка Ада Райчонак:

— Я тут, у Германавічах, сабрала крыху, сама сотню дала. Тэлефаную сваім знаёмым. Я разумею, што жыцьцё ў людзей цяжкае і ні ў кога грошай лішніх няма, таму адразу кажу: "Хто колькі можа". І ніводзін чалавек не адмовіўся, ніхто не сказаў "не".

На знак салідарнасьці актывісты разам з жонкай палітвязьня Аленай і ягонымі дзецьмі зладзілі 10 сакавіка акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам, якую хоць непрацяглы час, але назіралі віцебскія мінакі. Не пакідаюць сям’ю палітвязьня і праваабаронцы. Патрабуючы зьмены меры стрыманьня для зьняволенага, праваабаронца Павал Левінаў накіраваў ужо дзявяты зварот да судзьдзі Першамайскага райсуду Алены Жук, якая 24 лютага асудзіла Сяргея Каваленку на 2 рока і 1 месяц турмы. А з тае прычыны, што дагэтуль ён атрымліваў толькі адмовы, спадар Левінаў падаў заяву ў Сьледчы камітэт, каб там пачалі разбор, чаму судзьдзя адмаўляецца зьмяніць меру стрыманьня для Сяргея Каваленкі, жыцьцё і здароўе якога пад пагрозай.


Берасьцейшчына


На Берасьцейшчыне дэмакратычныя актывісты арганізавалі супольную малітву за Сяргея Каваленку. Сустаршыня БХД Павал Севярынец, які адбывае "хімію" ў Пружанскім раёне, заклікаў вывешваць нацыянальныя сьцягі на знак салідарнасьці з Каваленкам. Пасьля гэтай заявы нехта парэзаў колы ў аўто берасьцейскага каардынатара БХД.

З ініцыятывы доктара ўрбаністыкі і архітэктуры Ірыны Лаўроўскай берасьцейскія вернікі на працягу сакавіка супольна моляцца за Сяргея Каваленку. Цяпер, кажа спадарыня Ірына, гэтая акцыя будзе праходзіць кругласутачна:

— Зараз плянуем зрабіць такую няспынную малітву на працягу 24 гадзінаў за яго здароўе, за ягоны лёс, за душы ягоных катаў. Зараз у гэтым коле ўжо каля 30 чалавек.

Ірына Лаўроўская кажа, што да гэтай малітвы далучаюцца і іншыя рэгіёны краіны. Ініцыятыву падтрымалі многія дэмакратычныя арганізацыі. У прыватнасьці, далучыліся да малітвы за Сяргея Каваленку берасьцейскія актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.

Палітвязень, сустаршыня БХД Павал Севярынец, які адбывае пакараньне ў Пружанскім раёне, заклікаў нацыянальныя сілы ўздымаць 16 сакавіка па ўсёй краіне бел-чырвона-белыя сьцягі:

— Звычайна 16-га дня кожнага месяца адбываюцца акцыі салідарнасьці. Сёньня самае вострае пытаньне, якое ёсьць, — гэта пытаньне вызваленьня і ўвогуле жыцьця Сяргея Каваленкі. Чалавека, які ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг і за гэта атрымаў турму, а зараз галадае, прычым на сьмерць.


Гомельшчына


Гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны й Леанід Судаленка замовілі ў гарвыканкаме адмысловы пікет у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Ставілася мэта зьвярнуць увагу гараджанаў і ўладаў і на лёс Сяргея Каваленкі, які, па сутнасьці, памірае з-за галадоўкі пратэсту ў менскай турме. Аднак гарвыканкам забараніў пікет.

— Гарвыканкам адмовіў нам. Прычым адмову гарвыканкаму мы атрымалі ўчора, менавіта ў Дзень беларускай Канстытуцыі. Гомельскія ўлады працягваюць ігнараваць наша права на мірныя сходы. Пікет мы плянавалі правесьці, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці на ўтрыманьне ў беларускіх турмах палітычных зьняволеных, у тым ліку й Сяргея Каваленкі, які знаходзіцца ў крытычным стане.

Рэгіянальны рух "За свабоду" на праблему палітычных нявольнікаў адклікаецца інфармацыйнымі захадамі — распаўсюдам друкаваных матэрыялаў, якія актывісты вырабляюць самі, разьмяшчэньнем матэрыялаў пра палітарыштантаў на мясцовых партнэрскіх сайтах. Але, як лічыць кіраўнік руху "За свабоду" ў рэгіёне Пятро Кузьняцоў, палітвязьні надзвычай патрэбныя цяперашняму беларускаму рэжыму:

— Для нашых уладаў зараз Сяргей Каваленка — гэта адзін з закладнікаў. У нашых уладаў не засталося рычагоў уплыву на зьнешнюю палітыку, у прыватнасьці, у дачыненьнях з Эўразьвязам, і ўлада перайшла да тэрарыстычнай стратэгіі. Яна разважае прыкладна так: вось вы, спадарства з Эўропы, вельмі заклапочаныя гэтымі нашымі людзьмі, гэтай "пятай калёнай", дык пабачым, наколькі яны для вас важныя, наколькі вы шчырыя ў сваіх клопатах. Каваленка няхай памірае ад галадоўкі, Саньнікаў няхай зь іншымі катаваньнямі сутыкаецца. Зараз мы зробім яшчэ невыязных. І нават Кавалёва з Канавалавым адмовіліся памілаваць, я лічу, з гэтай жа прычыны.

Некаторыя гомельскія палітыкі й самі галадавалі ў ізалятары, калі іх арыштоўвалі за палітычныя акцыі. Уладзімер Кацора двойчы трымаў у ізалятары сухую галадоўку. Адмаўляліся ад ежы Васіль Палякоў, Кастусь Жукоўскі, Уладзімер Няпомняшчых. Але іхняя галадоўка не была такая працяглая, як у Сяргея Каваленкі, які схуднеў за кратамі больш чым на 30 кіляграмаў.

Актывісты наагул ня ведаюць, якія захады, апрача інфармацыйных, могуць паўплываць на вызваленьне палітычных нявольнікаў.

Васіль Палякоў, старшыня рэгіянальнай арганізацыі АГП:

— Нельга сьцьвярджаць, якія захады могуць даць нейкі плён. Калі пачынаецца нейкая кампанія і да гэтай кампаніі далучаецца грамадзкасьць, то ўлады нэрвова рэагуюць на такую актыўнасьць і робяць усё наадварот.


Гарадзеншчына


На Гарадзеншчыне час ад часу ў гарадах і мястэчках зьяўляюцца ўлёткі з партрэтамі палітвязьняў, асобныя людзі пералічваюць грошы на рахунак жонкі Сяргея Каваленкі, шмат хто папросту спачувае і ня ведае, што рабіць, а пераважная большасьць людзей нават ня чулі пра галадоўку і стан Каваленкі.

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў распавядае, што апошнімі днямі на сайце гарадзенскай "Вясны" разьмешчаны зварот да жыхароў Горадні з заклікам віншаваць палітвязьняў з Днём Волі. На сайце пададзеныя адрасы ўсіх палітзьняволеных.

У дзень Канстытуцыі ў двух раёнах Горадні на высотных будынках невядомыя вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі. Праваабаронца мяркуе, што гэта магло быць зроблена ў гонар Сяргея Каваленкі.

У Мастах, распавядае актывіст Зьміцер Кухлей, шмат хто з актывістаў і ня толькі іх дасылае грошы на рахунак жонкі Сяргея Каваленкі. Часта яны ня пішуць свайго адрасу, каб потым ня мець праблемаў.

Паводле Кухлея, многія людзі ведаюць пра лёс Каваленкі і іншых палітвязьняў, спачуваюць, але нічога ня робяць:

— Яны папросту ня ведаюць, што рабіць у гэтай сытуацыі, калі захопленыя закладнікі. Выходзіць на вуліцу ў гэтай сытуацыі не атрымліваецца, бо палітвязьняў стане болей, рэпрэсіі вельмі сур’ёзныя.

У Слоніме актывісты дэмакратычнага згуртаваньня неаднойчы вывешвалі ўлёткі з партрэтамі палітвязьняў, шмат дзе яны вісяць дагэтуль, а некаторыя ўлёткі пазрывалі адразу, як іх вывесілі. Паводле актывіста Івана Бедкі, большасьць ягоных сяброў за тое, каб Каваленка спыніў галадоўку:

— Думаю, што больш карысьці ён прынёс бы для грамадзтва, калі б быў здаровы. Хоць, канечне, кожны сам вырашае, як дзейнічаць.

Былы палітвязень Алесь Кіркевіч кажа, што ўвесь час дасылаў лісты Каваленку, але цяпер адказаў няма, бо, відаць, Сяргею гэта вельмі цяжка. Са свайго досьведу Кіркевіч лічыць лісты з волі значнай падтрымкай для любога палітвязьня:

— Таму што гэта прыкмета таго, што людзі цябе не забываюць. І для зэкаў, якім пераважна альбо ніхто ня піша, альбо адзін ці два чалавекі — для іх гэта шок. Гэта і падвышае аўтарытэт, і для самога чалавека вельмі важна.


Меншчына


У пятніцу раніцай некаторыя незалежныя сродкі масавай інфармацыі надрукавалі зварот Алеся Яжэвіча з Чэрвеньскага раёну, які прапануе памяняцца месцамі з палітвязьнем Сяргеем Каваленкам. Карэспандэнту "Свабоды" ўдалося пагутарыць з Алесем Яжэвічам і спраўдзіць яго намеры.

Алесь Яжэвіч — беспрацоўны цяпер жыхар вёскі Запольле. Яму 48 гадоў, ён мае вышэйшую адукацыю, працаваў раней перакладчыкам. Сяргея Каваленку называе сваім пасьлядоўнікам і заяўляе:

— Я сур’ёзна гатовы ісьці ў турму дзеля таго, каб такія людзі, як Сяргей Каваленка, былі на свабодзе.

Суразмоўца лічыць, што Сяргей Каваленка — яго пасьлядоўнік, бо сам Алесь Яжэвіч яшчэ ў 1990-я гады вывешваў бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам Валожынскага райвыканкаму:

— У той час мой бацька быў настаўнікам, выкладаў гісторыю. Ён нават таксама ня ведаў, што гэты сьцяг вывесіў я. Прыяжджалі тады зь Менску міліцыянты і супрацоўнікі КДБ. Шукалі, хто сьцяг павесіў. Праводзілі розныя гутаркі…

Алесь Яжэвіч, які размаўляе выключна па-беларуску, ужо некалькі гадоў беспрацоўны. Ён перакананы, як і Каваленка, што сапраўдны дзяржаўны сымбаль — толькі бел-чырвона-белы сьцяг:

— Гэтыя сьвятыя, чыстыя колеры — бел-чырвона-белыя — наша будучыня. Гэта колеры нашай самабытнасьці.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, які таксама жыве на Меншчыне, ухваляе ўчынак Сяргея Каваленкі і кажа, што людзі ў рэгіёне хвалююцца за лёс патрыёта:

— Ці ведаюць людзі пра Сяргея Каваленку? Я перакананы, што ведаюць. Прынамсі, усе актывісты АГП. Сочаць за яго здароўем і ўсім, што адбываецца. Упэўнены, што мы маглі б далучыцца да масавых акцыяў у абарону Сяргея Каваленкі.


"Радыё Свабода"

 

 

17 сакавіка 2012 р.


Сяргею Каваленку на Валадарцы прымусова паставілі кропельніцу


Пра гэта "Свабодзе" паведаміў намесьнік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі, які апякуецца сябрам партыі Сяргеем Каваленкам.

— Нам стала дакладна вядома ад крыніцы ўнутры ізалятару, што 16 сакавіка Сяргея Каваленку прывязалі да ложка і прымусова паставілі яму кропельніцу. Пры гэтым, відаць, нешта не ўлічылі, бо падчас працэдуры прымусовага падсілкаваньня у яго пашкодзіліся крывяныя сасуды, утварылася гематома. Перадалі, што быццам бы ён зараз у асобнай камэры, — паведаміў Юрась Беленькі.

Дзяжурны Валадаркі адмовіўся камэнтаваць зьвесткі пра Сяргея Каваленку праз тэлефон.

16 сакавіка супрацоўнік адміністрацыі ізалятару на Валадарскага сказаў маці вязьня Лідзіі Каваленцы: "Сёньня зоймемся вашым сынам". Лідзія Каваленка тады выказала меркаваньне, што сына пачнуць прымусова харчаваць, не забясьпечыўшы яму неабходнага мэдычнага нагляду. Жанчына патрабавала зьмяшчэньня сына ў цывільны шпіталь для кваліфікаванага лячэньня для выхаду з галадоўкі.


Алег Грузьдзіловіч

 


Сяргея Каваленку зьбіраюцца пакласьці ў "Навінкі" на абсьледаваньне


17 сакавіка жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі Алена атрымала ліст з Дэпартамэнту пакараньняў МУС. Паводле гэтага лісту, 14 сакавіка Сяргей Каваленка быў абсьледаваны лекарам-псыхіятарам і ў яго нібыта вызначана страта адэкватнага псыхічнага стану.

На гэтай падставе, паведамляюць з Дэпартамэнту жонцы Сяргея Каваленкі, ён будзе пераведзены ў псыхіятрычную бальніцу для аказаньня адпаведнай дапамогі. Калі гэта адбудзецца, не паведамляецца.

Алена Каваленка гэтак пракамэнтавана ліст з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў:

— Атрымліваецца, што спачатку яму пачалі нешта калоць, магчыма і псыхатропныя сродкі, а зараз адпраўляюць ў "Навінкі" нібыта на лячэньне, а насамрэч ад іх можна чакаць чаго заўгодна. Лічу гэта працягам зьдзеку і катаваньня майго мужа.

Таксама Алена Каваленка паведаміла, што паводле адваката, які бачыўся з Сяргеем Каваленкам 16 сакавіка на Валадарцы, ў таго быў ясны розум.

— Адвакат казаў, што ён быў сапраўды слабы фізычна, але паводзіў сябе адэкватна, розум ў яго ясны, — кажа Алена Каваленка.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 

 

19 сакавіка 2012 р.


Улёткі пра Кавалёва і Каваленку на "прэзыдэнцкай магістралі"


Гэтыя ўлёткі (фота 04, 05) былі сфатаграфаваныя ўначы на 19 сакавіка ў Менску на прыпынку грамадзкага транспарту "Гвардзейская", што на праспэкце Пераможцаў. 

Міма пралягае маршрут прэзыдэнцкага картэжу з Карла Маркса ў Дразды.


"Радыё Свабода"

 

 

20 сакавіка 2012р.


Каваленку робяць прымусовыя ін'екцыі


З палітвязьнем Сяргеем Каваленкам у турме на вуліцы Валадарскага сустрэўся ягоны брат Віталь Каваленка і сямірочны сын Валянцін.

12:00 Алена Каваленка, жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі, сустрэлася з начальнікам турмы на Валадарскага і з начальнікам мэдычнай часткі.

Яны паведамілі ёй, што стан Сяргея можна ахарактарызаваць як "сярэдняй цяжкасьці". Але сказалі, што некаторыя працэсы, якія парушаюць здароўе, ужо адбыліся: Сяргею цяпер цяжка рухацца.

Алbr /ене Каваленцы паведамілі, што шпіталізаваць Сяргея ў цывільны шпіталь ня будуць, бо ўсю неабходную дапамогу галадоўніку Каваленку яны могуць аказаць і ў межах турмы.

Стала вядома таксама, што Сяргея Каваленку не адправілі на мэдычнае абсьледаваньне ў Навінкі, як плянавалася раней.

16:30 Пасьля спатканьня Віталь Каваленка паведаміў, што Сяргей амаль цалкам ляжачы і зь цяжкасьцю прыйшоў у пакой для спатканьня.

Віталь Каваленка распавёў, што Сяргей цалкам ляжачы і ледзьве здолеў прыйсьці на спатканьне. Сяргей паведаміў, што ад суботы яго прымусова пачалі выводзіць з галадоўкі:

— Яго пакуль гвалтоўна ня кормяць, а проста абколваюць лекамі. Гэта робяць у камэры ў прысутнасьці васьмі міліцыянэраў. Гэта супраць ягонай волі, ён увогуле адмаўляецца, каб яму штосьці калолі, ці што. Я запытаўся, чым абколваюць, а ён кажа — мне зусім невядома, што мне колюць. Ён стаў пачувацца яшчэ горш, пасьля таго як яго пачалі выводзіць з галадоўкі. Каля ягонай камэры дзяжураць двое, а ў камэры — яшчэ адзін, як лічыць Сяргей, адмыслова падсаджаны зьняволены. Як паведаміў Сяргей, сёньня ранкам была такая сытуацыя, што ён праз сон пачуў, як да іх у камэру зайшоў міліцыянт і сказаў гэтаму зэку, што, маўляў, на судзе скажы, што Каваленка з табой еў.

Паводле Віталя Каваленкі, тэмпэратура цела ў Сяргея ранкам была 35,1 градус, а ціск — 80 на 50. Разам зь ім на спатканьне да таты хадзіў і старэйшы сын Сяргея Каваленкі, 7-гадовы Валянцін:

— Ты тату бачыў свайго?

— Так.

— Пазнаў яго.

— Так.

— Што ты яму сказаў?

— Сказаў, каб ён лёг у шпіталь, але ён сказаў, што пасьля яго перавядуць назад у турму і ён будзе сядзець два гады і не пабачыць мяне два гады. А я хачу яго бачыць дома, каб ён быў са мной.

Як паведаміў Віталь Каваленка, Сяргей таксама сказаў яму, што кожны дзень атрымлівае каля дзясятка паштовак з просьбамі спыніць галадоўку, якія адпраўленыя з аднаго і таго ж адрасу. Палітвязень мяркуе, што гэта робяць спэцслужбы, і просіць людзей не дасылаць аналягічныя допісы, таму што без выкананьня сваіх патрабаваньняў спыняць галадоўку ён ня будзе.


Галіна Абакунчык


"Радыё Свабода"

 

 

20 сакавіка 2012 р.


У Віцебску затрыманьне за плякат "Свабоду Сяргею Каваленку"


Дзяўчына выйшла з плякатам "Свабоду Сяргею Каваленку!" на вуліцу Леніна. У цэнтры гораду, на вачах у дзясяткаў мінакоў, ёй удалося прастаяць 25 хвілін.

Алену Семенчукову завезьлі ў Чыгуначны РАУС.

 

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова прызнала актывістку "Эўрапейскай Беларусі" парушальніцай заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

— Дзяўчына не адмаўляла, што выйшла з плякатам "Свабоду Сяргею Каваленку" на самую шматлюдную вуліцу гораду. Але яна не пагадзілася, што парушыла гэтым заканадаўства: цьвердзіла, што проста скарыстала сваё права на свабоду выказваньня ўласных перакананьняў, — паведаміў праваабаронца Павал Левінаў, які прысутнічаў на судовым працэсе.

Штраф памерам 175 тысяч (5 базавых велічыняў) Алена Семенчукова зьбіраецца абскарджваць у абласным судзе.


"Радыё Свабода"

 

 

21 сакавіка 2012 р.


Да Каваленкі выклікаюць рэаніматоляга


З палітвязьнем Сяргеем Каваленкам у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску сустрэлася ягоная жонка Алена Каваленка.

Разам з сабой на спатканьне з мужам яна ўзяла 9-месячную дачку. Алена Каваленка паведаміла, што Сяргей зь цяжкасьцю прыйшоў на спатканьне — празь некалькі хвілін пасьля таго як яно распачалося паміж іншымі вязьнямі і іх сваякамі.

Яна таксама паведаміла, што тэмпэратура цела Сяргея трымаецца ў межах 35 градусаў, вага — 50 кіляграмаў. Яму па-ранейшаму прымусова ставяць кропельніцы і, як паведаміла кіраўніца мэдсанчасткі турмы, заўтра да Сяргея будзе выкліканы ўрач-рэаніматоляг, зь якім яны будуць раіцца пра новыя захады ў справе вывядзеньня палітвязьня з галадоўкі. Ня выключана, што яго пачнуць прымусова карміць.

Як паведаміла Алена Каваленка, падчас гадзіны спатканьня з Сяргеем побач зь імі знаходзіліся трое супрацоўнікаў міліцыі, якія забаранялі размаўляць на тэму палітыкі.


Алег Грузьдзіловіч

 

"Радыё Свабода"

 

 

22 сакавіка 2012 р.


Алена Каваленка зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру


Жонка палітвязьня Сяргея Каваленкі сустрэлася з кіраўніком турэмнага шпіталя на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе знаходзіцца яе муж, палітвязень Сяргей Каваленка.

Напярэдадні ёй паведамілі, што да Сяргея маюць намер выклікаць рэаніматоляга. Гаворыць Алена Каваленка:

— Я размаўляла з начальнікам гэтага турэмнага шпіталя, і ён паведаміў, што Сяргей амаль нерухомы, што ў яго праблемы з ныркамі. Але падаецца, што ён не зусім быў падрыхтаваны да размовы са мной. Сказаў толькі, што яны будуць зьбіраць кансыліюм дактароў, што гэтым займаецца начальнік мэдчасткі, зь якой я ўчора размаўляла. А ён сам ня ведае, калі гэта будзе, сказаў прыйсьці заўтра і ўдакладніць. Яны нешта цягнуць і нешта круцяць — думаю, што яны самі нічога не вырашаюць і чакаюць загаду, пэўна. Зараз я адвязу скаргі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і ў Генэральную пракуратуру адносна суду, усёй гэтай сытуацыі, што чалавеку не аказваюць належнай мэдычнай дапамогі.


Галіна Абакунчык

 

"Радыё Свабода"

 

 

23 сакавіка 2012 р.


Каваленку пераводзяць у турэмную вар’ятню пад Віцебскам


Жонка палітвязьня Сяргея Каваленкі сустрэлася з начальнікам Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Сяргеем Працэнкам у справе ратаваньня жыцьця і здароўя свайго мужа, які ад 19 сьнежня трымае ў турме галадоўку. Сяргей Працэнка паведаміў, што на наступным тыдні Сяргея Каваленку перавядуць з ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску ў псыхіятрычнае аддзяленьне пры калёніі "Віцьба-3".

Цягам некалькіх дзён кіраўнікі мэдчасткі ў СІЗА на Валадарскага, дзе знаходзіцца Сяргей Каваленка, абяцалі сабраць камісію лекараў, каб вырашыць пытаньне вываду палітвязьня з галадоўкі і шпіталізацыі яго ў цывільны шпіталь. Аднак сёньня начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Сяргей Працэнка паведаміў іншую інфармацыю, кажа Алена Каваленка:

— Сказаў, што Сяргея перавядуць у псыхіятрычнае аддзяленьне, якое знаходзіцца пры калёніі "Віцьба-3", што гэта адбудзецца на наступным тыдні, але невядома, у які дзень. Цікава таксама тое, што гэтае рашэньне прымалася не камісійна, а што гэтае рашэньне, нібыта, прымаў цывільны лекар-псыхіятар, але начальнік адмовіўся назваць ягонае прозьвішча. Сказаў, што Сяргея адпраўляюць, нібыта, на абсьледаваньне і там камісія ўжо будзе вырашаць, што рабіць далей. Атрымліваецца, што яны мне абяцалі, што Сяргея пакажуць рэаніматолягу, што яны працуюць і шукаюць магчымасьці шпіталізацыі, але, нібыта, цывільныя шпіталі адмаўляюцца браць апазыцыянэра, які галадуе. Што яны яго лечаць, што такія яны добрыя, а аказваецца, што ў іх усё было расплянавана.

Зь Сяргеем Каваленкам, якога прымусова выводзяць лекамі з галадоўкі, сёньня плянаваў сустрэцца брат, Віталь Каваленка. Аднак сустрэчу адмянілі з прычыны, нібыта, няправільна выдадзенага дазволу. Віталь Каваленка мяркуе, што прычына надуманая:

— Пераконваюся ў тым, што ўлады ўсё гэта арганізавалі і расплянавалі. Яны толькі ўсё нешта прыдумляюць, каб адцягнуць час, і ўсё робіцца наўмысна. Яны гуляюць у подлую гульню са здароўем і жыцьцём Сяргея. Каб яны хацелі пакласьці Сяргея ў цывільны шпіталь, то даўно б гэта зрабілі. Яны нешта прыдумляюць, што Сяргей там ад чагосьці адмаўляецца — усё хлусьня. Думаю, што гэта помста яму за ёлку, што ён сьцяг вывесіў.

Падзеі вакол Сяргея Каваленкі камэнтуе праваабаронца і юрыст Уладзімер Лабковіч:

— Вельмі складаная сытуацыя, бо яна неправавая ўжо ў тым, што Сяргей Каваленка незаконна асуджаны. Таксама ён ахвяра тае расправы, якую над ім чыняць улады. Яны не саступаюць нават у такой цяжкай сытуацыі, паказваючы, што ім абсалютна напляваць на ягонае здароўе і жыцьцё. Мы па-ранейшаму заклікаем Сяргея спыніць галадоўку дзеля захаваньня свайго здароўя і жыцьця дзеля сваёй сям’і і дзеля Беларусі. І мы патрабуем ад уладаў зрабіць усё неабходнае, каб забясьпечыць ягоныя правы і прыняць усе неабходныя меры для ягонага выхаду з галадоўкі, а таксама спыніць маральны і фізычны гвалт над Сяргеем Каваленкам.


Галіна Абакунчык


"Радыё Свабода"

 

 

26 сакавіка 2012 р.


Сяргея Каваленку этапавалі ў вар’ятню на "Віцьбу-3"


У ноч на 26 сакавіка галадоўніка Сяргея Каваленку адправілі этапам ў псыхіятрычную турэмную лякарню пры віцебскай калёніі "Віцьба-3".


Пра гэта 26 сакавіка ў адміністрацыі "Валадаркі" паведамілі маці галадоўніка Лідзіі Каваленка і намесьніку старшыні партыі КХП-БНФ Юрасю Беленькаму.


— Нам сказалі, што ў іх няма іншага выйсьця, каб вывесьці яго з галадоўкі, акрамя накіраваньня ў такі шпіталь, каб пасьля на падставе пэўнага дыягназу ўжыць мэтады прымусовага харчаваньня. Класьці Сяргея ў цывільны шпіталь міліцыянты адмовіліся, хаця мы настойвалі менавіта на такім варыянце, — сказаў "Свабодзе" Юрась Беленькі.


"Радыё Свабода"

 

 

28 сакавіка 2012 р.


Суд вырашыць, ці карміць Каваленку прымусова


Маці галадоўніка Сяргея Каваленкі абвергла зьвесткі, што сына пачалі прымусова карміць у псыхіятрычным шпіталі пры калёніі "Віцьба-3".

28 сакавіка Лідзія Каваленка сустрэлася зь лекарам псыхіятрычнага шпіталя пры калёніі "Віцьба-3", куды напярэдадні паклалі яе сына, Сяргея Каваленку, які ад сярэдзіны сьнежня, зь перапынкам, працягвае галадаваць на знак пратэсту супраць крымінальнага перасьледу. Лідзія Каваленка кажа, што лекар назваў сваё імя, але прасіў яго не называць у мэдыях. Паводле зьвестак ад гэтага лекара, прымусова карміць Сяргея Каваленку яшчэ не пачыналі. Адміністрацыя шпіталя зьвярнулася па дазвол прымусова карміць Каваленку ў суд, адказ разьлічваюць атрымаць сёньня ўвечары ці на наступны дзень.

Кажа Лідзія Каваленка:

— Яны чакаюць, каб ён памёр. І кропельніцу яму ня ставяць, як было на "Валадарцы". Нічога, ніяк ня лечаць. Я спытала, чаму, дык лекар адказаў, што Сяргей адмовіўся.

Лідзія Каваленка сказала, што лекар адмовіўся паведаміць ёй дыягназ, які паставілі Сяргею Каваленку ў шпіталі:

— Сяргей не прызнае ніякага захворваньня па лініі іх псыхіятрычнага шпіталя. Але калі б яны не выконвалі загады зьверху, яны б маглі пакласьці яго ў цывільны шпіталь і пралячыць як трэба. Бо ён ужо важыў 48 кіляграмаў 5 дзён таму і можа памерці ў любы момант, але пакуль ніякай пэўнай мэдычнай дапамогі яму не аказваюць.

Дзяжурны калёніі "Віцьба-3" адмовіўся даваць камэнтар адносна стану Сяргея Каваленкі.

Менавіта ў гэтай калёніі ў 2006 годзе трымаў галадоўку былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Як варта выходзіць з галадоўкі ў турэмных умовах? — спытаўся я ў былога палітвязьня. Аляксандар Казулін кажа, што спачатку трэба спажываць моцна разбаўленыя сокі, найперш маркоўны, потым дадаваць у рацыён пюрэ з гародніны, асабліва сельдэрэй. Праз тры тыдні можна пачынаць есьці вадкія кашы, найперш манную. Толькі праз тры месяцы пасьля галадоўкі можна пачынаць ужываць рыбу ці мяса. Але наколькі магчыма захоўваць такі рацыён у турэмных умовах? Што можна параіць Сяргею Каваленку, калі ён пачне выходзіць з галадоўкі?

— Сокавыціскалку яму дазволяць перадаць у турму. А моркву, буракі, яблыкі перадаць чалавеку, які выходзіць з галадоўкі, таксама дазваляюць, бо там разумеюць, што да чаго. Трэба на дзень вырабляць да двух літраў соку. А потым можна будзе перадаваць апэльсіны. Гэта сваякі змогуць таксама перадаць. Што да мэдпэрсаналу шпіталя, трэба разумець, што людзі ўсё ж заўсёды застаюцца людзьмі. Нават у тых умовах. Калі людзі бачаць, што адбываецца насамрэч, то ў іх і сэрцы адкрываюцца, і сьлёзы цякуць шчырыя. А ў выпадку Сяргея, мяркую, сапраўды можна разьлічваць на добрыя адносіны.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 

 

29 сакавіка 2012 р.

Ад Каваленкі патрабуюць напісаць заяву аб выхадзе з галадоўкі



29 сакавіка ў калоніі "Віцьба-3" галадоўніка Сяргея Каваленку наведаў адвакат.


— Звестак аб выніках яшчэ няма. Вядома, што ў калоніі чакаюць з суда дазволу на прымусовае кармленне Сяргея. Ці прыйшоў дазвол, невядома, — паведаміла "Радыё Свабода" жонка вязня Алена Каваленка.

Днём раней з лекарам псіхіятрычнай лякарні пры калоніі сустракалася маці Каваленкі Лідзія Уладзіміраўна. Па ейных дадзеных, на той момант яе сын важыў каля 49 кілаграмаў, але галадоўку спыніць адмаўляўся.

— Ад майго сына патрабуюць напісаць заяву аб прыпыненні галадоўкі, а да гэтага не аказваюць яму неабходнага лекавання, — паведаміла Лідзія Каваленка.

 


Адвакат сказаў, што Сяргей памірае


29 сакавіка з галадаючым палітвязнем сустрэўся адвакат.

Аб выніках сустрэчы распавяла жонка зняволенага Алена Каваленка, перадае "Радыё Свабода".

— Ён сказаў, што Сяргей памірае. Ён важыць ужо 45 кілаграмаў, незваротныя працэсы пачаліся з печанню і страўнікам, але яму нічым не дапамагаюць, чакаюць, мабыць, пакуль памрэ. Пра тое, што ў калоніі нібыта чакаюць дазволу суда на прымусовае кармленне, адвакату нічога не вядома. Не выключаю, што яны хлусяць. Цяпер еду ў калонію, каб выклікаць Сяргею хуткую дапамогу, — паведаміла Алена Каваленка.

Жонка палітвязня таксама накіравала скаргу на імя пракурора Віцебскай вобласці і іншых службовых асоб з заклікам тэрмінова аказаць СяргеКаваленку неабходную медыцынскую дапамогу і папярэджаннем аб адказнасці за неаказанне такой дапамогі.


"Хартыя’97"

 

 

Каваленку ўводзяць раствор для падтрыманьня бялковай масы


Да галадоўніка Сяргея Каваленкі ў віцебскую калёнію "Віцьба-3" выклікалі рэаніматоляга. Галадоўніку зноў паставілі кропельніцу, між тым сам Каваленка па-ранейшаму спыняць галадоўку адмаўляецца.

29 сакавіка, блізу вечара, маці і жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі дачакаліся выхаду з калёніі лекара-рэаніматоляга, які аглядаў Сяргея Каваленку. Алена Каваленка кажа, што вынікам агляду стануць пэўныя мэдычныя дзеяньні па падтрыманьні стану яе мужа, які, аднак, працягвае галадоўку:

— Яго не шпіталізавалі, але нам паабяцаў лекар з калёніі, што на падставе нарадаў з рэаніматолягам яны распрацавалі схему артэрыяльнага харчаваньня. Яму ўжо нібыта паставілі кропельніцу, катэтэр паставілі на локцевую вену, і зараз будуць капаць. Дактары былі ў яго недзе больш за паўтары гадзіны, але нам зь ім пабачыцца не далі, адгарадзілі яго ад нас кардонам. Дактароў хутка вывелі і загарадзілі нам шлях, каб не пабачылі яго.

Паводле Алены Каваленкі, яе мужу будуць зараз уводзіць ня проста глюкозу, а іншы раствор для падтрыманьня бялковай масы. Пазьней могуць ужыць і зонд, сказала жонка галадоўніка.

На пачатку дня 29 сакавіка з галадоўнікам Сяргеем Каваленкам сустракаўся адвакат. Вось што пра вынікі той сустрэчы распавяла Алена Каваленка.

— Ён сказаў, што Сяргей памірае. Ён важыць ужо 45 кіляграм, незваротныя працэсы пачаліся зь пячонкай і страўнікам, але яму ніяк не дапамагаюць, чакаюць, відаць, пакуль ён памрэ. Пра тое, што ў калёніі нібыта чакаюць дазволу з суду на прымусовае кармленьне, адвакату нічога не вядома. Не выключаю, што гэта яны хлусяць. Зараз паімчуся ў калёнію, каб выклікаць Сяргею хуткую дапамогу, — паведаміла Алена Каваленка.

Сёньня ж Алена Каваленка накіравала скаргу на імя пракурора Віцебскай вобласьці ды іншых службовых асобаў з заклікам тэрмінова аказаць Сяргею Каваленку неабходную мэдычную дапамогу і папярэджаньнем аб адказнасьці за неаказаньне дапамогі.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 

 

30 сакавіка 2012 р.

Сяргею Каваленку "капаюць" цягам 8–9 гадзінаў


Жонка Сяргея Каваленкі Алена паведаміла "Свабодзе" апошнія навіны пра свайго мужа.

— Паводле лекара шпіталя, стан Сяргея здавальняючы. Адносна яго працягваюць учорашнюю схему лячэньня — парэнтэральнае кармленьне. Гэта калі праз катэтэр уводзяць фізраствор, глюкозу, амінакіслоты, іншыя прэпараты, каб падтрымаць арганізм. Лекар кажа, што лячэньне ідзе нармальна, капаюць яму па 8–9 гадзінаў запар. Але сам Сяргей па-ранейшаму ад галадоўкі не адмовіўся. Кропельніцу яму ставяць, прывязаўшы да ложка, як і раней. Больш падрабязнасьцяў лекар не паведаміў, размова была праз тэлефон.


Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 


Лидии Коваленко не разрешили встретиться с сыном


Лидии Коваленко, матери голодающего активиста оппозиции Сергея Коваленко, не разрешили встречу с сыном.

Он сейчас находится в психиатрическом отделении республиканской тюремной больницы при колонии "Витьба-3", передает "Радыё Рацыя".

В результате длительной голодовки жизнь Коваленко под угрозой. После визита реаниматологов ему начали внутривенно через катетер вводить физраствор с различными силовыми и поддерживающими организм веществами. Но от голодовки он по-прежнему не отказывается.

— Они мне сказали, что делают капельницу внутривенно, поэтому в ближайшее время на свидание мы не попадем. Состояние, говорят, удовлетворительное. Врач ко мне не вышел, а разговаривал со мной по телефону.

По словам Лидии Коваленко, на её вопросы, вылечится ли её сын, тюремный врач ответил, что не будет забегать вперед, потому что лечение только началось. "Но будем надеяться на лучшее", — сказал он. Реабилитация Сергея Коваленко будет очень длительной и займёт даже не месяцы, а где-то около года.


"Хартыя’97"

 

 

31 сакавіка 2012 р.

Стан здароўя Каваленкі пагоршыўся


Алена Каваленка, жонка палітвязьня Сяргея Каваленкі, у другой палове дня ў суботу датэлефанавалася да лекара псыхіятрычнага шпіталю пры калёні "Віцьба-3", дзе знаходзіцца Сяргей.

Лекар паведаміў, што стан здароўя Сяргея пагоршыўся ў параўнаньні з апошнімі днямі і стаў бліжэй да цяжкага.

Ён таксама паведаміў, што не выключае магчымасьці, што, калі стан здароўя вязьня будзе пагаршацца, то ён будзе пераведзены ў цывільны шпіталь.

Алену Каваленку і маці палітвязьня Лідзію Каваленку сёньня на спатканьне з Сяргеем Каваленкам не пусьцілі.


Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

2 красавіка 2012 р.

Сяргея Каваленку праз зонд кормяць "Беллактам"


— Шэсьць разоў на дзень яму ўліваюць сумесь "Беллакт", паведаміў лекар. Пачалі гэтак карміць яшчэ ўчора, у нядзелю. Таксама працягваюць ставіць кропельніцы. Паводле лекара, ягоны стан "больш-менш". Тэмпэратура і ціск паніжаныя. Але сам Сяргей есьці па-ранейшаму адмаўляецца. Мяркую, калі б яго паклалі ў цывільны шпіталь, ён бы і сам пагадзіўся выходзіць з галадоўкі, а турэмным лекарам ён не давярае. Нас да Сяргея нікога не дапускаюць, — паведаміла "Свабодзе" Алена Каваленка.

"Беллакт" — малочная сумесь для кармленьня немаўлят.

31 сакавіка жонка Сяргея Каваленкі паведаміла мэдыям, што стан мужа мэдыкі вызначылі як цяжкі. Тады Алена Каваленка ня выключыла, што мужа ў калёніі могуць пачаць карміць прымусова, але без нагляду цывільных дактароў.


Алег Грузьдзіловіч

 

 

Без грамадзкай падтрымкі Каваленка ня выжыве


Якія шанцы ў Сяргея Каваленкі ў супрацьстаяньні з цэлай сыстэмай? Госьць "Свабоды" — Уладзімер Букоўскі, вядомы дысыдэнт савецкіх часоў, які цяпер жыве ў Вялікабрытаніі. У СССР ён правёў у зьняволеньні і на прымусовым лячэньні 12 гадоў.

— У віцебскай турэмнай вар’ятні пачалі прымусова карміць праз зонд галадоўніка, палітвязьня Сяргея Каваленку, асуджанага на 2 гады і адзін месяц турмы за парушэньне адбыцьця так званай "хатняй хіміі", якую ён атрымаў за вывешваньне нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцягу на навагодняй ёлцы ў Віцебску у 2010 годзе. Пратэстуючы супраць незаконнага прысуду, Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку, якую ён з перапынкам 20 дзён трымае з сярэдзіны сьнежня.

Вы самі прайшлі ў савецкі час праз карную псыхіятрыю, праз прымусовае кармленьне. Параўноўваючы тыя часы ў СССР, і галадоўку Сяргея Каваленкі ў Беларусі, якія шанцы ў беларускага палітвязьня ў супрацьстаяньні з цэлай сыстэмай?

— Шанцы супрацьстаяньня ў яго ёсьць, і ён іх ужо зьдзяйсьняе, калі ён гадае ад лютага — гэта вельмі сур’ёзны тэрмін, і гэтага цалкам дастаткова для супрацьстаяньня. Іншая справа, што мэтады ўлады цяпер іншыя, таму што ў наш час кропельніцамі не кармілі, а штучным харчаваньнем, зондам, і пачыналі карміць на 18-20-ы дзень галадоўкі. Гэта таксама дастаткова зношвае чалавека, але я ведаю людзей, якія галадалі па шмат месяцаў і засталіся жывымі. Пры кармленьні кропельніцай столькі галадаць немагчыма: бялковае галаданьне, магчымыя наступствы. Я сам галадаў некалькі разоў, адзін раз больш за месяц — пры тым, што карміць нас пачалі вельмі позна, гэта была калектыўная галадоўка. Гэта зьнясільвае, але да гэтага прызвычайваесься. Наогул бязь ежы чалавек ня можа жыць больш як 50-55 дзён.

Пад канец наступаюць незваротныя зьмены ў арганізьме, якія з пачаткам кармленьня ня выправяцца. Так што ёсьць мяжа таго, што чалавек можа вынесьці. Але пры вядомай упартасьці ён можа працягваць і дамагацца свайго. Кепска, што пра гэтую справу мала хто ведае — я, напрыклад, упершыню ад вас пачуў, а ў такіх выпадках абавязак ягоных калег максымальна надаць галоснасьці гэтаму выпадку, весьці кампанію, бо гэта пытаньне жыцьця і сьмерці для чалавека. Так што тут патрэбная вялікая грамадзкая кампанія, грамадзкая дапамога. І калі пра гэта ніхто ня ведае то эфэкт будзе мінімальным.

— Сяргея Каваленку кормяць праз зонд дзіцячай малочнай сумесьсю "Беллакт". Я разумею, што гэта не прыемныя ўспаміны, але распавядзіце, калі ласка, як прымусова кармілі вас.

— Кармленьне праз зонд можа быць розным. Аднойчы, напрыклад, мяне кармілі праз ноздру — у 1971 годзе, перад маім судом, калі мне не далі адваката па майму выбару, і я абвясьціў галадоўку. Улады мелі мала часу, справу трэба было перадаваць у суд, таму яны прыдумалі найбольш балючы спосаб — праз ноздру, прычым у зонда быў мэталёвы наканечнік, які ў дыямэтры быў нашмат шырэйшы за маю ноздру. Карацей, яны кожны дзень рвалі мне ноздры, за ноч гэта крыху гаілася, а раніцай зноў рвалі, і гэта працягвалася 12 дзён. Але яны ўрэшце здаліся, бо ім трэба было везьці мяне на суд.

Вельмі важна разьлічыць стратэгію галадоўкі, гэта ж апошняя зброя, якая ёсьць у зьняволенага, і гэтую зброю здаць нельга. Калі ты на гэта пайшоў — ты, тэарэтычна, пайшоў на сьмерць. І ты альбо перамог, альбо памёр. Таму што нельга ствараць інфляцыю гэтай зброі. Таму гэта рэч адказная, і калі пайшоў — то пайшоў. Да самога голаду прывыкаеш вельмі хутка, у нейкі момант есьці ўжо ня хочаш, і ежа нават ня сьніцца. Упадаеш у нейкі эўфарычны стан, пры якім вельмі добра думаецца: вельмі ясная галава. Але гэта сьведчыць, што йдзе вычарпаньне арганізму, наступае так званы нэаглікагэнэзіс: гэта калі бялок вашых цягліцаў пячонка перапрацоўвае ў глюкозу. То бок, вы самі сябе ясьцё, зьядаеце сваю мускулатуру, яна выкарыстоўваецца як харчовы запас. У выніку пабочным прадуктам зьяўляецца ацэтон, ад вас пачынае пахнуць ацэтонам. Гэта сур’ёзная рэч, як палёт у космас: вернесься, ня вернесься — ня ведаеш.

— Сяргей Каваленка не давярае турэмным лекарам. Ці былі ў вашым выпадку лекары, пра якіх вы б маглі сказаць, што яны трымалі клятву Гіпакрата?

— У наш час большасьць лекараў працавалі на ўладу, а не на Гіпакрата. І якія б клятвы яны ні давалі, яны пра гэта ня ўзгадвалі. Турэмная мэдыцына была ваенізаваная, то бок гэта былі ня проста лекары, а афіцэры МУС, і для іх загад начальніка быў вышэй за ўсялякую мараль і этыку. Вядома, давяраць ім нельга. Але тут варта паглядзець рацыянальна: у іх, напэўна, няма жаданьня яго забіць, бо навошта? Ён ад галадоўкі сам памрэ, калі нічога не рабіць. Але псыхатропныя прэпараты яны даваць могуць. На сумленьне савецкіх людзей наогул разьлічваць нельга, гэта трэба ведаць як аксіёму.

— Лекары ў турэмнай вар’ятні могуць кіравацца прынцыпам — любым спосабам выратаваць чалавека, які ідзе на сьмерць на знак пратэсту супраць несправядлівага прысуду. Зь іншага боку, шанцы, што беларускія ўлады вызваляць Каваленку, мінімальныя. Ці ёсьць у гэтай драматычнай, трагічнай сытуацыі выйсьце?

— Вядома, ёсьць: для гэтага патрэбен шырокі грамадзкі пратэст, нельга пакідаць такую падзею незаўважанай. Гэта абавязак ягоных калег па дэмакратычнаму руху, яны павінна пра гэта крычаць, ладзіць пікеты, дэманстрацыі. Ды што я іх вучу — яны павінны самі гэта ўсё цудоўна ведаць. Іначай чалавек ня выжыве. І гэта пытаньне агульнае для ўсіх: наступным можа быць любы зь іх. Пры шырокай грамадзкай кампаніі ў абарону Каваленкі цалкам можа адбыцца, што ўлады пойдуць на нейкі кампраміс, які дазволіць яму зьняць галадоўку.

— У калёніі "Віцьба-3", дзе знаходзіцца турэмная вар’ятня, калісьці сядзеў экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандра Казулін, які галадаў 55 дзён, патрабуючы, каб беларускае пытаньне было вынесенае на разгляд Рады ААН па правах чалавека. У выніку ЗША прапанавалі вынесьці гэтае пытаньне на разгляд, а Расея заблякавала. Тым ня менш, вязень спыніў галадоўку. Аляксандар Казулін расказваў па выхадзе з турмы, што слухаў у калёніі "Радыё Свабода". Магчыма, нашу гутарку можа пачуць Сяргей Каваленка. Што бы вы яму сказалі?

— Я толькі магу пажадаць яму дастаткова здароўя, каб вытрымаць гэтую канфрантацыю: гэта вельмі няпроста, Галоўнае, не здавацца: чалавечы арганізм нашмат мацнейшы, чым людзі думаюць. Я бачыў людзей, якія вытрымлівалі такое, чаго з пункту погляду мэдыцыны вынесьці нельга, і аднак выжывалі. Галоўнае не журыцца, працягваць рабіць тое, што робіш, але я спадзяюся, што сябры не пакінуць яго адзін на адзін з уладай. Таму што тады ягоныя шанцы малыя.

Што да ААН, то гэта безнадзейная арганізацыя, і празь яе нічога нельга зрабіць. Хутчэй, яны дамогуцца нечага праз Раду Эўропы, і тым больш праз Страсбурскі суд правоў чалавека — гэтыя арганізацыі яшчэ неяк рэагуюць. А камісія правоў чалавека ААН — гэта абсалютна бессэнсоўная арганізацыя. Там усе прадстаўнікі дыктатур вырашаюць, у каго правы чалавека выконваюцца лепш.


Ганна Соўсь

 

"Радыё Свабода"

 

 

3 красавіка 2012 р.

Жыхары Віцебску просяць за Сяргея Каваленку


Калектыўная заява з прозьбай вызваліць сябра КХП БНФ з-пад варты і перавесьці ў цывільны шпіталь накіравана старшыні Віцебскага абласнога суду.

— Заяву падпісвалі на чарговым пасяджэньні аргкамітэту падтрымкі Сяргея Каваленкі. Мы вырашылі, што гэта будзе ліст ад прыватных асобаў — віцебскія актывісты не ўказвалі сваю партыйную прыналежнасьць або сфэру грамадзкай дзейнасьці. Бо гаворка вядзецца пра выратаваньне жыцьця Сяргея — гэта наш агульначалавечы клопат. І старшыню абласнога суду мы таксама заклікаем да праяваў спачуваньня і чалавечнасьці. Допіс на імя Мікалая Хамічонка я асабіста занесла ў абласны суд і яго зарэгістравалі пад нумарам 3760, — завіла грамадзкая актывістка Тацяна Севярынец — адна з тых, хто падпісаўся пад заявай.

У заяве на імя старшыні Віцебскага абласнога суду напісана: "Мы, грамадзяне Віцебску, вельмі занепакоеныя станам здароўя Сяргея Каваленкі, які галадуе больш за тры месяцы. Зараз ён знаходзіцца ў псыхіятрычным адзьдзяленьні папраўчай калёніі № 3. Дзеяньні мэдычнага пэрсаналу не прыводзяць да паляпшэньня яго стану і могуць выклікаць сьмерць. Зьмена рэжыму ўтрыманьня і перавод Сяргея Каваленкі ў грамадзянскі шпіталь могуць уратаваць ягонае здароўе і жыцьцё".

 

 

Па двух месяцах галадоўкі даваць малако нелягічна


У сваіх шматлікіх нататках пра прымусовае энтэральнае кармленьне (праз зонд) савецкіх вязьняў сумленьня расейскі і савецкі дысыдэнт Сяргей Кавалёў адзначаў, што "раней тэрмін кармленьня вызначаўся ў адпаведнасьці з канкрэтным днём галадоўкі. Цяпер жа вязьня "сілкуюць" паводле мэдычных паказчыкаў — як толькі чуваць пах ацэтону".

Паводле Кавалёва, "прымусовае кармленьне ў Расеі, Беларусі, іншых постсавецкіх рэспубліках не адмянялася і пасьля распаду СССР". Найчасьцей праз зонд уводзіцца бялковая сумесь. Раней яе называлі сумесьсю касманаўтаў. Галоўныя яе інгрэдыенты: масла, яйкі, алей. Такое кармленьне нярэдка мела адмоўныя вынікі. З гледзішча адмыслоўцаў, пасьля працяглай галадоўкі любая бялковая ежа супрацьпаказаная для арганізму: без прамываньня страўніка і кішэчніка яна, трапляючы ў страўнікавы тракт, ператвараецца літаральна ў камяні.

У выпадку з Каваленкам, як сьведчаць ягоныя блізкія, прызначанае энтэральнае кармленьне малочнымі сумесямі.

Кандыдат мэдычных навук, лекар-рэаніматоляг Аляксандар Я. стала ў сваёй працы сутыкаецца з выпадкамі, калі трэба ратаваць людзей, якія працяглы час ня могуць есьці ў выніку татальнай паразы страўніка ці кішэчніка, трамбозаў мэзэнтэральных венаў як наступства гнойных працэсаў у страўнікава-кішэчным тракце, іншых праблемаў. Пачынаць ратаваньне з таго, каб карміць такіх пацыентаў праз зонд, тым больш малочнымі сумесямі, Аляксандар лічыць нелягічным і небясьпечным. Гэта тычыцца і энтэральнага кармленьня Сяргея Каваленкі.

— Калі чалавек галадаў два месяцы запар, то гэта цалкам нелягічна. Бо малако патрабуе пэўнай фэрмэнтатыўнай актыўнасьці. А ў Каваленкі, хутчэй за ўсё, вялікі недахоп фэрмэнтаў для страваваньня, — кажа лекар-рэаніматоляг. — Запускаць зонд у кішэчнік, пры ўмове, што чалавек пагадзіўся есьці, — гэта патрабуе асьцярожнасьці. У хворага маглі адбыцца зьмены што да фэрмэнтаў, якія выконваюць ролю каталізатараў усіх біяхімічных рэакцыяў у арганізьме. Ужываньне ж малочных прадуктаў — вялікая нагрузка на органы страваваньня, яно патрабуе ад арганізму высокай фэрмэнтнай актыўнасьці.

Паводле мэдыка, "нават калі ставяць зонд, то трэба пачынаць зь вельмі вадкіх адвараў гародніны, рысу, булёнаў... Пакрысе-пакрысе павялічваючы, потым ужо пюрэ. Трэба рабіць гэта вельмі паступова. Ёсьць адпаведныя пратаколы такога выхаду, але гэта кампэтэнцыя ўжо не рэаніматолягаў, а іншых спэцыялістаў — дыетолягаў, гастраэнтэролягаў..."

Як цьвердзіць кандыдат мэдычных навук, пры цяперашнім узроўні мэдыцыны ўратаваць чалавека, забясьпечыць яму і жыцьцё, і нармальную жыцьцядзейнасьць — каб ён хадзіў, рухаўся, — цалкам магчыма. Але пры дапамозе парэнтэральнага, або ўнутрывеннага, харчаваньня.

— У нас нядаўна ляжала хворая, у якой была татальная параза кішэчніка, — кажа лекар. — Жанчына з натуральных прычын доўгі час нічога не магла есьці. Аднак мы яе вывелі з крытычнага стану. Бо цяпер на нашым мэдычным беларускім рынку багата ўнутрывенных прэпаратаў, у якіх ёсьць усё, што трэба, каб чалавек атрымліваў зь ежай. У шмат якіх рэанімацыйных аддзяленьнях беларускіх шпіталяў такое ўнутрывеннае, парэнтэральнае харчаваньне ідзе як рутына.

Гатовы фабрычны прэпарат, які хворы атрымлівае праз кропельніцу, трымаюць у плястыкавым мяшку, які разьлічаны на адны суткі на аднаго хворага. У вадкасьці — усё, што трэба: бялкі, тлушчы, вугляводы, вада. Тут жа ўсе эмульсіі неабходных тлушчаў, плюс усе неабходныя амінакіслоты, плюс раствор глюкозы, плюс неабходныя электраліты, такія, як натрый, кальцый, магній. Да таго ж у раствор дадаюць усе неабходныя вітаміны.

Як сьведчыць рэаніматоляг, дзеля таго каб парэнтэральнае лячэньне было пасьпяховым, пацыента трэба штодня ўзважваць, глядзець, колькі разоў ён ходзіць у прыбіральню, вымяраць колькасьць мачы. Усё гэта дае магчымасьць належным чынам скласьці праграму ўнутрывеннага (парэнтэральнага) кармленьня. Нават у выпадку, калі ў чалавека ўвогуле няма аніякага страваваньня, яго можна вывесьці на ўзровень нармальнага мэтабалізму, ён пачне папраўляцца, пачне пакрысе набіраць вагу.


***


У аўторак лекар Сяргея Каваленкі паведаміў ягонай жонцы, што стан здароўя яе мужа не зьмяніўся да лепшага. У выніку прымусовага кармленьня ён мае набіраць па сто грамаў вагі штодня, але якая ягоная сапраўдная вага, тэмпэратура цела і ціск, невядома, кажа Алена Каваленка:

— Ягоны стан застаецца больш-менш стабільны, але ўсё роўна цяжкі. Сяргей мерзьне, увесь час у шапцы. Пра вагу яны сказалі, што вагі ў іх не электронныя, а звычайныя, таму могуць быць пагрэшнасьці. Тэмпэратура і ціск застаюцца паніжанымі, але на якім узроўні, дакладна не вядома. Я думаю, што гэта сьведчыць пра тое, што яму неабходная шпіталізацыя ў звычайную лякарню, дзе ёсьць рэанімацыя і адпаведнае абсталяваньне.


Алег Грузьдзіловіч


У справе Каваленкі ўлада і грамадзтва праходзяць тэст


Днямі ва Ўкраіне вязьню, былому прэм’еру Юліі Цімашэнцы ўлады дазволілі для лячэньня перавесьціся з турэмнага ў цывільны шпіталь. Як дамагчыся такога ж для Сяргея Каваленкі?

Карэспандэнт "Свабоды" задаў гэтае пытаньне намесьніку старшыні партыі КХП БНФ Юрасю Беленькаму, які апякуецца лёсам свайго сябра па партыі:

— Нельга гэтак адназначна праводзіць паралелі зь Юліяй Цімашэнкай. Бо там чалавек, які быў вядомы ўсяму сьвету. А тут звычайны беларус Сяргей Каваленка, які зьдзейсьніў гэты подзьвіг, але збольшага быў не вядомы ня толькі сусьветнай супольнасьці, але і ўнутры нашай краіны. Таму я б найперш заклікаў сродкі масавай інфармацыі, журналістаў інфармаваць пра яго ўсіх, каго магчыма, у тым ліку і знаёмых за межамі краіны. Па любых накірунках, прафэсійных, сваяцкіх трэба інфармаваць людзей. Каб людзі ў сьвеце зьвярталіся да сваіх дэпутатаў, каб тыя рабілі запыты і звароты. Трэба ўжыць усе мэханізмы, каб выратаваць чалавека і не дапусьціць самага горшага. Бо я паўтаруся, што зараз улада і грамадзтва праходзяць тэст, і калі грамадзтва прамаўчыць, то потым жыцьцё любога чалавека можа быць лёгка забранае.


Алег Грузьдзіловіч

 

 

Вынікі прымусовага лячэньня Сяргея Каваленкі невядомыя


Алена Каваленка перадала ў калёнію "Віцьба-3" сродкі гігіены для свайго мужа, палітвязьня Сяргея Каваленкі, і пагутарыла з турэмнымі лекарамі. Яны паведамілі, што Сяргей Каваленка па-ранейшаму ў цяжкім стане, а вынікі прымусовага кармленьня невядомыя.

Лекар Сяргея Каваленкі паведаміў Алене, што стан здароўя яе мужа не зьмяніўся да лепшага. У выніку прымусовага кармленьня ён мае набіраць па сто грамаў вагі штодня, але якая ягоная сапраўдная вага, тэмпэратура цела і ціск, невядома, кажа Алена:

— Ягоны стан застаецца больш-менш стабільны, але ўсё роўна цяжкі. Сяргей мерзьне, увесь час у шапцы. Пра вагу яны сказалі, што вагі ў іх не электронныя, а звычайныя, таму могуць быць пагрэшнасьці. Тэмпэратура і ціск застаюцца паніжанымі, але на якім узроўні, дакладна не вядома. Я думаю, што гэта сьведчыць пра тое, што яму неабходная шпіталізацыя ў звычайную лякарню, дзе ёсьць рэанімацыя і адпаведнае абсталяваньне.

— Як паведаміла Алена Каваленка, яшчэ ў СІЗА на Валадарскага ў Менску лекар-псыхіятар выставіў Сяргею дыягназ — расстройства адаптацыі. Пра іншыя абсьледаваньні ягонага псыхічнага здароўя ёй не паведамлялі. Тым часам у псыхалягічным напружаньні застаецца 7-гадовы сын Сяргея Каваленкі Валянцін, якога разам з 9-месячнай дачкой Сяргея цяпер дапамагае даглядаць брат Віталь Каваленка:

— Дапамагаю, зараз вось з пляменьніцай сяджу, з Валікам на хакей ходзім. Яму зараз вельмі цяжка, па ім гэта вельмі бачна: нэрвовы, капрызны стаў, нейкі няўважлівы, разгублены. Пры Сяргею ён заўсёды быў арганізаваны, упэўнена трымаўся заўсёды. Бацька яму зараз вельмі патрэбны, і ўвогуле дзецям. Асабліва для хлопчыка мужчынскае выхаваньне вельмі важнае.

— У вас дружная сям’я, калі вы адзін аднаму дапамагаеце?

— Ну канечне, так. Так нас выхоўвалі — мы заўсёды зь Сяргеем побач былі і адзін аднаму дапамагалі. Да гэтага нас бацькі ў свой час прывучылі.

Як паведаміла Алена Каваленка, касацыйная скарга Сяргея Каваленкі на рашэньне суду Першамайскага раёну Віцебску будзе разгледжаная ў Віцебскім абласным судзе 10 красавіка.


Галіна Абакунчык

 

 

Чаму ахвярнасьць Каваленкі не мабілізавала грамадзтва?


Палітвязень Сяргей Каваленка, які шмат дзён трымае галадоўку за кратамі, — у цяжкім стане. У чым незвычайнасьць сытуацыі зь Сяргеем? Ці лічыць грамадзтва яго героем? Чаму галава каталіцкай царквы на Беларусі асудзіў паводзіны Сяргея Каваленкі?

Удзельнікі: філёзаф, культуроляг Валянцін Акудовіч і галоўны рэдактар часопісу "Архэ" Валерка Булгакаў.

Валер Карбалевіч: У Беларусі галадоўкі — справа звыклая. Хто толькі не галадаваў, выстаўляючы нейкія патрабаваньні: і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і прадпрымальнікі, і вернікі, і іншыя. Але сытуацыя з галадоўкай Сяргея Каваленкі мае свае асаблівасьці. Каваленка галадае за кратамі. У чымсьці гэта можна параўнаць з галадоўкай былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. У чым незвычайнасьць сытуацыі зь Сяргеем?

Валянцін Акудовіч: Сапраўды, гісторыя нашага супраціву ведае шмат галадовак. Але ўсе яны былі супраць несправядлівасьці як такой. У чым адрозьненьне галадоўкі Каваленкі?

Галадаць да канца, да сьмерці дзеля справядлівасьці ў краіне, дзе несправядлівасьці так поўна, што аж пераліваецца, трохі нонсэнс. А калі наш сёньняшні герой сказаў, што будзе галадаваць да канца, то яму далі веры. Бо гэта пацьвярджаў ранейшы чын яго змаганьня. Цяпер ён галадае ня дзеля справядлівасьці. У аснове ягонай галадоўкі ляжыць высокі сымбаль. І ён аддаецца яму з усёй сілай духа і шчырасьцю сумленьня. Вось такое ў Беларусі ўпершыню. Таму галадоўка задае такую высокую плянку, вышэй за якую ўжо не бывае.

Валерка Булгакаў: Ніхто з галадоўшчыкаў найноўшай пары не праявіў такой самаахвярнасьці, паставіўшы сябе на мяжу жыцьця і сьмерці (а дактары ня могуць сказаць, ці ня пройдзены пункт невяртаньня), дзеля нацыянальнай ідэі, а не абстрактнай справядлівасьці. Ён пацярпеў за бяскрыўдны жарт — вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы. Выпадак з Каваленкам паказвае, што на 18-ты год лукашэнкаўскага кіраваньня беларусы, адданыя нацыянальным каштоўнасьцям, ідуць на самыя адчайныя, згубныя з гледзішча абывацельскай рацыянальнасьці акцыі, каб адстаяць ня ўласнае жыцьцё, а каб падкрэсьліць, у якой нацыянальнай катастрофе жыве Беларусь.

Валер Карбалевіч: Сп. Акудовіч, вы назвалі Сяргея Каваленку героем. Але ці лічыць яго героем грамадзтва? Няхай нават незалежнае грамадзтва? Чаму грамадзкі рэзананс не адпавядае маштабу падзеі?

Валянцін Акудовіч: Ідэя гераізму ў сучасным сьвеце згубіла сваю актуальнасьць. Былі доўгія эпохі, калі паміраць за князя, імпэратара было нармальнай і нават сьвятой справай. Сёньня палітыкі нават у рытарычным дыскурсе не клянуцца, напрыклад, памерці за Францыю ці за брытанскі сьцяг.

Таму цяперашняя сытуацыя ў Беларусі выглядае фантастычнай. З аднаго, цёмнага боку — у нас апошні дыктатар Эўропы. З другога, сьветлага боку — у нас апошні герой Эўропы, які гатовы загінуць за сымбалічную каштоўнасьць, за нацыянальны сьцяг.

Увогуле ў беларусаў сымбалічныя каштоўнасьці ніколі не былі каштоўнасьцямі. Мэнтальнасьць беларусаў сфармаваная на сацыяльных, а не сымбалічных каштоўнасьцях. Таму, думаю, простыя беларусы, калі яны і абмяркоўваюць сытуацыю зь Сяргеем Каваленкам, то ацэньваюць скептычна. Іншая рэч, чаму нашы палітычныя партыі, грамадзкія рухі не арганізоўваюць масавых акцыяў у падтрымку Сяргея.

Валерка Булгакаў: Не пагаджуся з сп. Акудовічам, што беларусы ня здольныя паміраць за сымбалічныя каштоўнасьці. Досьвед толькі ХХ стагодзьдзя сьведчыць, што паміралі, і масава. Узяць хаця б апошнюю ўсясьветную вайну.

Чаму слабы грамадзкі рэзананс? Ёсьць некалькі фактараў. Па-першае, моц дзяржаўнай прапаганды. Людзі, якія дамагаюцца нейкіх палітычных ці нацыянальных правоў, падаюцца як "адмарозкі", "ворагі народу", дробныя гарадзкія вар’яты.

Валер Карбалевіч: Апошнія сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што колькасьць тых, хто давярае ўладам і іхнай прапагандзе, меншая, чым тых, хто не давярае.

Валерка Булгакаў: Але апазыцыі давярае яшчэ менш людзей, чым уладзе. І гэта сьведчыць пра сілу і эфэктыўнасьць лукашэнкаўскай прапаганды.

Па-другое, мы маем пасіўнасьць асноўнага ядра беларускага грамадзтва, якое жвавей рэагуе на сацыяльныя лёзунгі, чым на палітычныя. Галадоўка Каваленкі — гэта самая рэзанансная і велічная падзея ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны гэтым годам. І слабая рэакцыя на яе паказвае, што той крытычнай масы, крытычнай тэмпэратуры, за якой пачынаецца запаленьне грамадзкага цела, Беларусь яшчэ не дасягнула.

Па-трэцяе, любая кампанія — гэта вынік арганізацыйных высілкаў. Трэба, каб хтосьці прыклаў намаганьні, каб тая ці іншая грамадзкая падзея трапіла ў фокус увагі. Апазыцыйныя сілы Беларусі дагэтуль залізваюць раны, яны напалову ў летаргічным стане.

Валер Карбалевіч: Шмат хто чакаў і працягвае чакаць нейкай рэакцыі з боку царквы, канфэсіяў на сытуацыю з палітвязьнямі, Сяргеем Каваленкам. І вось галава каталіцкай царквы на Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не падтрымаў, а фактычна асудзіў паводзіны Сяргея Каваленкі. Як вы гэта пракамэнтуеце?

Валянцін Акудовіч: На жаль, царква сталася найперш палітычным інстытутам. І таму на першым месцы ў яе не дабро і мілажаль, а "Realpolitik", прагматыка. Калі б на першым месцы было дабро і мілажаль, то вышэйшыя герархі і праваслаўнай, і каталіцкай царквы зьвярнуліся б да палітычнай улады з просьбай выратаваць Сяргея Каваленку. Тым больш што гэта не забойца, не рабаўнік, а чалавек, які пакутуе за высокую нацыянальную каштоўнасьць. Але яны ня хочуць сварыцца з уладай. Таму яны і паводзяць сябе так, што не хапае абурэньня.

Хачу зьвярнуцца да Сяргея Каваленкі. У мяне няма аргумэнтаў, каб угаварыць вас спыніць галадоўку. Але ўсё ж прашу, калі ласка, не рабіце гэтага самагубства.

Валерка Булгакаў: Просты камэнтар палягае ў тым, што і арцыбіскуп Кандрусевіч, і сп. Акудовіч, і я, і ўсе нармальныя людзі не зацікаўленыя ў тым, каб Сяргей Каваленка памёр. Калі б Кандрусевіч падтрымаў галадоўку, то ён мог бы быць ускосна датычны да магчымай сьмерці чалавека. Гэта цяжка сабе ўявіць. У гэтым праяўляецца хрысьціянская этыка.

Калі паглядзець шырэй, то ў якасьці філязофскай базы такой пазыцыі можа быць асьцярога, што для часткі беларусаў нацыя робіцца большай каштоўнасьцю, чым Бог. У хрысьціянскай дактрыне чалавек ня мае права распараджацца ўласным жыцьцём. Бо ён жыве згодна з промыслам Божым. А выпадак Каваленкі будзіць дыскусіі на тэму, ці ёсьць нацыя той каштоўнасьцю, у імя якой можна паміраць.

Сама пастаноўка пытаньня — досыць новая для чалавека. Толькі апошнія два стагодзьдзі нацыя стала той сьвятыняй, у імя якой можна скласьці сваё жыцьцё.

Пра палітычнае прыстасаванства царквы не хачу гаварыць. Бо гэтая тэма, з аднаго боку, досыць заежджаная. А зь іншага боку, яна мае свае вузкія месцы.


Валер Карбалевіч


"Радыё Свабода"

 

 

4 красавіка 2012 р.

Сустрэцца з Каваленкам без узгадненьня з турэмным начальствам не далі


Сяргею Каваленку працягваюць шэсьць разоў на дзень уліваць праз зонд харчовыя сумесі. Жонку да палітвязьня не пусьцілі.

Стан здароўя віцебскага галадоўніка Сяргея Каваленкі застаецца "складаным" — пра гэта лекар турэмнага псыхіятрычнага шпіталя пры калёніі "Віцьба-3" паведаміў жонцы вязьня Алене.

Сяргею працягваюць ставіць кропельніцы і шэсьць разоў на дзень праз зонд уліваюць адмысловыя харчовыя сумесі. 4 красавіка Алена Каваленка прасіла хаця б кароткага спатканьня з мужам, але ёй адмовілі:

— Прасіла спатканьня ў лекара хаця б на 10–15 хвілін, але ён пачаў круціцца, казаў, што Сяргей зараз з кропельніцамі, а наконт спатканьня яму трэба атрымаць дазвол у начальства. Між тым, калі мне дазваляе суд спатканьне, то яшчэ патрэбны толькі дазвол лекара. Пры чым тут турэмнае начальства, мне не зусім зразумела.

Пра вынікі аналізаў, якія раней рабілі Сяргею Каваленку, лекар турэмнага шпіталя нічога не сказаў.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 

 

Сяргея Каваленку пачалі прымусова карміць кашай


Праз зонд яму ўводзяць і дзіцячае харчаванне.


Лекар калоніі "Віцьба-3" паведаміў жонцы палітвязня Алене Каваленка, што стан мужа цяжкі, але стабілізаваўся. У яго па-ранейшаму паніжаная тэмпература цела, піша "Наша Ніва".

Патроху яму пачалі ўводзіць кашу. Яшчэ 31 сакавіка Каваленку праз зонд пачалі карміць дзіцячымі сумесямі "Беллакт". Да яго ўжываюць таксама парэнтэральнае кармленне: праз катэтар у вену ўводзяць фізраствор, глюкозу, амінакіслоты. Кропельніцы ставяць з раніцы да вечара.

Сяргея пры гэтым прывязваюць да ложка: актывіст КХП-БНФ адмаўляецца сам спыніць галадоўку.

Па словах Алены, муж гатовы есці на волі — у цывільным шпіталі, але не за кратамі.


"Хартыя’97"

 

 

5 красавіка 2012 р.

 

Каваленку пачалі карміць разьведзеным бульбяным пюрэ


Жонцы палітвязьня Сяргея Каваленкі Алене сёньня а другой гадзіне дазволілі спатканьне з мужам, якога працягваюць прымусова выводзіць з галадоўкі ў турэмным шпіталі калёніі "Віцьба-3".

Сяргея прымусова кормяць праз зонд. Раней давалі дзіцячую малочную сумесь. А цяпер, як паведамілі Алене, яго пачалі карміць разьведзеным бульбяным пюрэ і адварамі.

Алена патрабуе, каб Сяргея перавялі ў цывільны шпіталь, бо ў такім выпадку Сяргей сам выходзіў бы з галадоўкі, якая доўжылася больш за два месяцы.

Пасьля галадоўкі Сяргей пры росьце 182 см важыць каля 45 кіляграм, ціск — 90 на 60.


Валер Каліноўскі


Выкладчык унівэрсытэту: "Каваленка — пакутнік і герой"


Гэтак учынак палітвязьня ацэньвае выкладчык Віцебскага ўнівэрсытэту Сяргей Міхайлаў, які быў перакладчыкам на працэсе Каваленкі.

— Гэта адназначна, чалавек адстойвае свае ідэалы, якія падтрымлівае і значная частка насельніцтва. Але ў такой форме адстойваць свае правы можа ня кожны. Я, можа, і не лічу, што кожны так павінен адстойваць, але для мяне гэта гераічны ўчынак. Тое самае, як было на вайне: ня кожны павінен ісьці на таран, закрываць дзот сваім целам. Гэта выбар лепшых людзей Айчыны. Таму для мяне гэта адназначна гераічны ўчынак, нейкая спроба разбудзіць масу, адстаяць сьвятыя нацыянальныя сымбалі.

Тое, што ўлады пачалі прымусова ў псыхіятрычным аддзяленьні выводзіць Сяргея Каваленку з галадоўкі, Сяргей Міхайлаў параўнаў з аналягічнымі паводзінамі савецкага рэжыму:

— Калі немагчыма зламіць дух чалавека, немагчыма засудзіць — значыць, робяць вар’ятам, быццам ён робіць нешта несур’ёзнае. Магчыма, напачатку яны не ўспрымалі гэта сур’ёзна, думалі, што ўсё пройдзе, але калі выявілася, што ён ідзе да канца, быў пэрыяд, што яны ў прынцыпе ня ведалі, што рабіць. А каб ён не ўспрымаўся як пакутнік за нацыянальныя ідэалы, была зробленая спроба паказаць ягоныя нібыта неадэкватныя паводзіны, таму і зьмясьцілі яго ў гэтае аддзяленьне.

Спадар Міхайлаў кажа, што стаўленьне да Сяргея Каваленкі ў Віцебску неадназначнае. На беларускай катэдры ўнівэрсытэту, дзе працуе Сяргей Міхайлаў, добра разумеюць сытуацыю, кажа ён, на іншых катэдрах шмат хто ня ведае, іншыя ставяцца абыякава:

— Пытаюцца, а дзеля чаго ён галадае, а навошта ён сам сябе даводзіць да такой сытуацыі. Тады неяк тлумачыш, што справа ня ў ежы, а ў тым, што ён адстойвае свае правы. Тады некаторыя разумеюць, некаторыя ня хочуць разумець. Але салідарнасьці з Каваленкам у Віцебску сапраўды не хапае.


Валер Каліноўскі

 


Сяргею ў калёніі горш, чым было ўсюды

 

У псыхіятрычным шпіталі пры калёніі "Віцьба-3" дазволілі сустрэчу з жонкай Аленай.

Апошні раз муж і жонка Каваленкі бачыліся на мінулым тыдні. Сяргей важыць 45–46 кіляграмаў і выглядае дагэтуль жахліва, паведаміла Алена Каваленка.

Раніцай 5 красавіка Алена Каваленка распавяла карэспандэнту "Свабоды", што Сяргея пачалі прымусова карміць бульбяным пюрэ і кашамі, а пра ягоны стан лекары кажуць, што ён "па-ранейшаму сур’ёзны". Бліжэй да абеду стала вядома, што Алене дазволілі спатканьне з мужам, якое павінна было пачацца а 14-й гадзіне. Спатканьне доўжылася больш за гадзіну.

Алена Каваленка распавяла адразу пасьля сустрэчы:

— Нарэшце нам удалося ўбачыцца. Выглядае ён жахліва, і зь ягоных слоў я зразумела, што яму тут горш, чым было ўсюды.

У чацьвер, тыдзень таму, да пачатку гэтага лячэньня, ён ужо быў у стане амаль страты прытомнасьці. Потым цягам 3 дзён, калі яму пачалі ставіць кропельніцы, ён быў прывязаны, нават ноччу. Ня мог спаць. І, больш за тое, ахоўнік з мэдсястрой не пускалі яго ў прыбіральню, гэтак і мучыўся.

Усе гэтыя дні ён харкае бурай крывёй. У яго баліць страўнік унізе і зьверху, як пры язьве. Баляць ныркі, пячонка, не працуе страўнік. Акрамя таго, ён прастыў, баляць вушы, і кашляе.

Вельмі слабы, увесь час ляжыць, нават ня можа прыняць душ. У яго ў носе стаіць трубка, празь якую яго прымусова кормяць зондам. Зараз кормяць сумесьсю з бульбяным пюрэ.

Канечне, калі б мужа паклалі ў цывільны шпіталь, ён бы еў сам, што было б нашмат лепш для ягонага стану і для жыцьця, бо ў гэтых умовах шанцаў на выратаваньне ў яго вельмі мала.

Хоць ягоны лекар, на мой погляд, неблагі чалавек і кажа, што робіць усё, каб Сяргея вывесьці з гэтага цяжкага стану. Мне хочацца яму верыць і спадзявацца, што Сяргей будзе жыць. Мы зь дзецьмі яго вельмі чакаем дамоў жывым і здаровым, і ён таксама гэтага вельмі хоча.

Сёньня ж, 5 красавіка, актывісты партыі КХП БНФ, сябрам якой ёсьць Сяргей Каваленка, зьвярнуліся зь лістом да кіраўніцтва 9-га клінічнага шпіталя з заклікам прапанаваць МУС пакласьці Сяргея Каваленку ў шпіталь, каб дапамагчы яму выйсьці з галадоўкі з найменшымі стратамі для здароўя. Намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі, які даўно апякуецца Сяргеем Каваленкам, тлумачыць, чаму працягвае непакоіцца за ягонае здароўе:

— Пра гэта ўсе ведаюць, усе пішуць, у тым ліку адмыслоўцы. Што Сяргея робяць калекам, калі выводзяць з галадоўкі гэтак, прымусова. Таму мы зьвярнулася ў 9-ю клініку, тую клініку, якая валодае і адмыслоўцамі, і абсталяваньнем, з дапамогай якіх можна вывесьці чалавека з такога стану бяз шкоды для здароўя. Каб лекары, зыходзячы з паняцьцяў мэдычнай этыкі, зьвярнуліся да Міністэрства ўнутраных спраў і папрасілі, каб Сяргея, якога трэба лячыць менавіта ў такім стацыянары, туды перавялі.

Паводле Юрася Беленькага, які размаўляў з кіраўніцтвам шпіталя, там ведаюць пра сытуацыю Сяргея Каваленкі. Юрась Беленькі адзначыў, што пакуль у яго ня склалася ўражаньня, што кіраўніцтва шпіталя пагаджаецца з прапановай.

— Пачакаем да заўтра, мне сказалі, што звычайна заявы ў шпіталі разглядаюць хутка і заўтра ўжо можа быць рэзалюцыя, — кажа Юрась Беленькі.


Алег Грузьдзіловіч

 

 

Нядобра дыстанцыявацца ад мучаніцкай галадоўкі


Заявы кіраўніка Рыма-каталіцкай царквы Беларусі, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусэвіча наконт палітвязьняў і, у прыватнасьці, галадоўніка Сяргея Каваленкі, камэнтуе філёзаф, манах-дамініканец Пётра Рудкоўскі.

Юры Дракахруст: На гэтым тыдні адбылася прэсавая канфэрэнцыя мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Апроч іншых, яму былі зададзеныя пытаньні пра палітвязьняў у Беларусі і пра галадоўку аднаго зь іх — Сяргея Каваленкі.

Мітрапаліт адказаў: "Аднаму майму сябру — канцлеру курыі ў Маскве — пасьля выбараў у Думу задалі пытаньне, як касьцёл ставіцца, бо там таксама было шмат спрэчак. Ён адказаў журналістам, што, мажліва, ня вельмі этычна задаваць духоўнай асобе такое пытаньне. Мы служым усім людзям і молімся за ўсіх людзей. Справы палітычныя — гэта справы палітычныя. Мы займаемся духоўным акармленьнем людзей. З пункту гледжаньня сацыяльнага навучаньня касьцёлу кожны чалавек павінны клапаціцца аб сваім здароўі. І касьцёл не падтрымлівае такой акцыі, як галадоўка. Чалавек выбірае — што мы можам сказаць?"

Гэтыя выказваньні біскупа выклікалі крытыку з боку многіх людзей, у тым ліку і каталікоў, маўляў, мітрапаліт мог бы і ўзвысіць свой аўтарытэтны голас у абарону людзей, якія церпяць за свае перакананьні, мог бы неяк інакш выказацца пра галадоўніка Каваленку.

А як мяркуеце Вы? Пазыцыя мітрапаліта Кандрусевіча — гэта стандартная пазыцыя касьцёлу адносна праблемаў такога кшталту?

Пётра Рудкоўскі: Тут дзьве тэмы. Адна даволі шырокая: пазыцыя герархаў адносна грамадзка-этычных справаў, другая вельмі канкрэтная: рэакцыя мітрапаліта на галадоўку Каваленкі.

У грамадзка-палітычнай сфэры ёсьць розныя маральныя праблемы: з правамі чалавека, свабодай слова, катаваньнем і прыніжэньнем чалавечай годнасьці ў вязьніцах, але ёсьць таксама вялікая праблема як, напрыклад, забіваньне дзіцяці ва ўлоньні маці альбо пазаўлоньневае забіваньне ў выніку стасаваньня рэпрадуктыўных тэхналёгіяў. І ў гэтай фундамэнтальнай справе, якая ігнаруецца многімі праваабарончымі арганізацыямі, касьцельныя герархі не зважаюць на ніякую паліткарэктнасьць і крытыкуюць бескампрамісна беларускае заканадаўства. Вядома, было б добра, каб і ў справе іншых маральных праблемаў касьцёл выказваўся. Таму можна казаць пра недасканаласьць грамадзка-этычнай місіі, якую выконвае касьцёл, але няма падставаў, каб закідаць канфармізм ці ігнараваньне.

Што да адсутнасьці пазыцыі мітрапаліта ў справе мучаніцкай галадоўкі. На жаль, гэта той выпадак, калі гэтая згаданая недасканаласьць асабліва балючая. Арцыбіскуп сказаў нешта накшталт таго, што чалавек павінен клапаціцца пра сваё здароўе, касьцёл не падтрымлівае галадоўкі. Але нядаўна ў Польшчы ў касьцёле праводзілася галадоўка на знак пратэсту супраць скасаваньня ўрокаў гісторыі ў ліцэях прыродазнаўчага тыпу. Летась у Кітаі кардынал праводзіў галадоўку на знак пратэсту супраць камунізацыі каталіцкай школы. У абодвух выпадках герархі заклікалі прыпыніць галадоўку, але ніхто не прыводзіў маралізатарскіх аргумэнтаў. Зрэшты, сам арцыбіскуп Кандрусэвіч падчас пропаведзі з нагоды стагодзьдзя касьцёла Сьвятых Сымона і Алены станоўча згадаў пра галадоўку людзей у 90-х гадах, якія хацелі прыцягнуць увагу да праблемы Чырвонага касьцёлу, каб яго аддалі вернікам.

Юры Дракахруст: У якой ступені на пазыцыю мітрапаліта магло паўплываць нежаданьне сварыцца зь беларускімі ўладамі, выпрабоўваць іх магчымасьці пагоршыць жыцьцё касьцёлу ў Беларусі? Вось паведамляецца, што пасьля выступу Кандрусевіча хутка вырашылася пытаньне з візамі для беларускіх каталіцкіх сьвятараў — грамадзянаў Польшчы. Можа, у гэтым справа?

Пётра Рудкоўскі: У якасьці другаснага матыву — напэўна. Але я хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць, што нежаданьне сварыцца з уладамі ня ёсьць першасным і асноўным матывам: існуе герархія каштоўнасьцяў, якія касьцёл схільны абараняць. На жаль, нядобра, што ў такой сытуацыі, калі чалавек ахвярна адстойвае даволі канкрэтныя каштоўнасьці, знаходзіцца пры гэтым у вязьніцы, касьцёл дыстанцуецца. Тым ня менш, не лічу апраўданым ігнараваць шырэйшы кантэкст, а менавіта: што ў шэрагу іншых выпадкаў касьцёл бескампрамісна абараняе правы чалавека.

Што да візаў, то я ўпэўнены, што сьвятары атрымалі б кароткачасовыя візы, як і раней, незалежна ад выказваньняў Кандрусевіча. Хоць, можа, улады, і невыпадкова спалучылі гэта ў часе, каб выставіць у нядобрым сьвятле арцыбіскупа перад дэмакратычнай грамадзкасьцю.

 

"Радыё Свабода"

 

 

Сергея Коваленко привязывают к больничной койке


Жена Сергея Коваленко Елена сообщает о том, что состояние ее голодающего мужа "очень тяжелое".

5 апреля она смогла встретиться с мужем в колонии "Витьба-3", передает "БелаПАН".

— Сергей выглядит очень плохо. Его принудительно выводят из голодовки, и состояние у него очень тяжелое. Ему по-прежнему ставят капельницы с витаминами, аминокислотами и физраствором. Даже на встречу он пришел с какими-то капельницами в носу, — отметила Елена Коваленко.

Как сообщил жене Коваленко, ему через зонд вводят каши и картофельное пюре.

— В первое время при принудительном кормлении он находился в полуобморочном состоянии. Один раз потерял сознание и очнулся привязанным к койке. Потом он был привязан три дня и три ночи. Его даже не выпускали в туалет. Кроме того, Сергей простудился, у него постоянный кашель с кровью, что свидетельствует об открывшейся язве желудка, — сказала Елена Коваленко.

Она также заявила, что у Сергея практически не работают почки, печень и поджелудочная железа.

— В таком состоянии не пускать его в туалет, чтобы вывести продукты разложения из организма, — это сознательное убийство, — считает Елена Коваленко.

При этом она сказала, что активиста по-прежнему отказываются переводить в гражданскую больницу.

— Шансов на спасение Сергея сейчас мало как никогда, — отметила Елена Коваленко.


"Хартыя’97"

 

 

6 красавіка 2012 р.

Судмэдэкспэртыза сьведчыць, што Каваленку зьбівалі


Паводле лекара псыхіятрычнага шпіталя пры калёніі "Віцьба-3", дзе трымаюць Сяргея Каваленку, стан ягонага здароўя на 6 красавіка "бязь зьменаў".

— Гэта азначае, што стан па-ранейшаму цяжкі. Бо ўчора лекар казаў, што ў яго цяжкі стан. Якая тэмпэратура, ціск — лекар не паведаміў. Яго працягваюць прымусова карміць, — распавяла "Свабодзе" жонка вязьня Алена Каваленка.

10 красавіка ў Віцебскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на леташні прысуд Сяргею Каваленку — 3 рока "хатняй хіміі". Гэтак вязьня пакаралі пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Днямі Алена Каваленка атрымала паперы пра агляд мужа пасьля таго інцыдэнту. З дапамогай гэтых папер яна будзе дамагацца адмены таго прысуду.

— Паводле абвінавачаньня, ён нібыта аказаў супраціў міліцыянтам, а зь ёлкі нібыта ўпаў і атрымаў траўмы. Вось мне перадалі дакумэнт, у якім засьведчана, што гэтыя траўмы нельга было атрымаць ад падзеньня. І ёсьць ягоныя паказаньні, што яго зьбівалі, прычым папярэдне скавалі рукі кайданкамі. Вось цытую:

"Драпіны ў вобласьці прамянёвазапясьцевых суставаў, верагодней за ўсё, узьніклі ад ужываньня адмысловых сродкаў — кайданкоў. Астатнія цялесныя пашкоджаньні ўзьніклі ня менш як ад дзевяці траўмуючых узьдзеяньняў рэчамі, індывідуальныя асаблівасьці якіх ва ўласьцівасьцях пашкоджаньняў не адлюстраваліся. Дадзеныя пашкоджаньні не характэрныя для ўтварэньня ў выніку падзеньня з вышыні свайго росту і саўдарэньня з тупымі прадметамі. Ня выключана, што яны маглі ўтварыцца пры абставінах, выкладзеных агляданай асобай".

Такім чынам, гэта ня ён зьбіваў, а яго зьбівалі, і мы гэта дакажам, — кажа Алена Каваленка.

Разгляд касацыйнай скаргі пачнецца а 9:30 10 красавіка.


Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

9 красавіка 2012 р.


У Віцебску чарговыя акцыі ў падтрымку Сяргея Каваленкі


8 красавіка віцебскія мінакі маглі бачыць тры пікеты — каля гандлёвага цэнтру "Беларусь", на Прывакзальнай плошчы і перад брамай Пакроўскай царквы.


У акцыі ўзялі ўдзел жонка вязьня Алена Каваленка, якая трымала плякат "Свабоду Сяргею Каваленку!", і яшчэ адна дзяўчына, імя якой незалежны сайт "Віцебская вясна" не называе. Удзельніцы пікету раздалі мінакам каля 300 улётак.

 

 

Да Сяргея Каваленкі не пусьцілі адваката


Сяргея Каваленку спрабаваў наведаць адвакат, але яму не далі дазвол на сустрэчу.


9 красавіка адміністрацыя калёніі "Віцьба-3" не пусьціла адваката наведаць Сяргея Каваленку.


— Сказалі, што ў яго цягам дзьвюх гадзін працэдуры і таму да яго нельга, — паведаміла жонка вязьня Алена Каваленка. Жанчыне ўдалося пагутарыць зь лекарам з псыхіятрычнага шпіталя пры калёніі, дзе трымаюць Сяргея Каваленку:


— Доктар сказаў, што ягоны стан стабільны, але адразу агаваруся, што ня веру ніводнаму слову. Бо страўнік у яго не працуе, бо стулу самастойнага няма. У нядзелю яго зноў прывязвалі да ложка, калі кармілі праз зонд. Ён так жа апрануты, бо ўсё роўна яму холадна. Калі заўтра на разглядзе касацыйнай скаргі нічога ня вырашыцца, гэта будзе азначаць, што яго проста павольна забіваюць.


Алег Грузьдзіловіч

 

"Радыё Свабода"

 

 

10 красавіка 2012 р.


Каваленку накіроўваюць у "Навінкі"
(Жывы рэпартаж)


Разгляд касацыйнай скаргі ў абласным судзе ў Віцебску прыпынены.

09:15 Будынак суду ачэплены, усярэдзіну не пускаюць.


На дадзены момант сябра КХП-БНФ Сяргей Каваленка знаходзіцца ў псыхіятрычным аддзяленьні віцебскай калёніі "Віцьба-3".


Алена Каваленка кажа, што 1 красавіка мужа пачалі прымусова карміць. Прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах апазыцыянэр адмаўляецца. Пры гэтым Каваленка заяўляе, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайны цывільны шпіталь.


— Сяргей выглядае вельмі дрэнна, — сказала Алена Каваленка пасьля сустрэчы зь ім 5 красавіка. — У першы час пры прымусовым кармленьні ён знаходзіўся ў паўнепрытомным стане. Адзін раз страціў прытомнасьць і адчуняў прывязаным да ложку. Потым ён быў прывязаны тры дні і тры ночы, яго нават не выпускалі ў прыбіральню. Акрамя таго, Сяргей прастудзіўся, у яго пастаянны кашаль з крывёю, што сьведчыць пра язву страўніка, якая адкрылася. У яго практычна не працуюць ныркі, печань і падстраўнікавая залоза.


Вызваленьня Сяргей Каваленкі патрабуюць праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі.


Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Марцін Шульц яшчэ перад пачаткам суду над Каваленкам заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць яго і аказаць усю неабходную мэддапамогу.


— Рукі ўладаў Беларусі будуць у крыві, калі ён памрэ, — папярэдзіў Шульц.


З аналягічным заклікам да афіцыйнага Менску выступіла Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека:


— Стан здароўя Каваленкі крытычны. Фэдэрацыя выказвае асьцярогу за яго жыцьцё, а таксама сур’ёзную занепакоенасьць магчымым ужываньнем да яго прымусовага псыхіятрычнага лячэньня.

09:20 Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч паведамляе, што за гадзіну да пачатку суду вольных месцаў у судовай залі не было. На суд трапілі толькі сваякі Сяргея Каваленкі. Работнік суду тлумачыць гэта тым, што памяшканьне, прызначанае для разгляду касацыйнай скаргі, невялікае.

10:15 Ля будынку Віцебскага абласнога суду знаходзяцца намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі і актывіст партыі Алесь Чахольскі, якія прыехалі падтрымаць Сяргея Каваленку. Беленькі кажа, што іх абшукалі яшчэ на вуліцы непадалёк ад будынку суду, а ў сам суд не пусьцілі. Таксама міліцыянты забаранілі відэаздымкі праваабронцам каля суду, паведамляе Юрась Беленькі. Паводле яго, дзеяньнямі міліцыі кіруе капітан канвойнай службы, якому падпарадкоўваюцца нават афіцэры больш высокага званьня.

10:40 Судовая калегія вырашыла прызначыць Сяргею Каваленку комплексную псыхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару (Навінкі). Разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Першамайскага суду Віцебску прыпынены да заключэньня псыхіятраў.


У судзе было прадстаўленае папярэдняе заключэньне псыхіятраў пра тое, што ў Каваленкі маецца псыхічнае расстройства, якое выяўляецца ў тым ліку і ў адмове ад ежы, паведамляе сайт "Вясна-96".


Экспэртыза мусіць высьветліць наступныя пытаньні:


• ці пакутаваў Каваленка на псыхічнае захворваньне 7 студзеня 2010 году?

• ці мог асэнсоўваць на той час свае дзеяньні?

• ці пакутуе на псыхічнае захворваньне цяпер?

• ці патрабуюцца да яго меры прымусовага лячэньня?

• ці мае індывідуальныя асаблівасьці псыхічнага стану?

11:20 Алена Каваленка паведаміла:


— Суд фактычна зноў быў закрыты, бо амаль нікога не пусьцілі, а ўсе месцы ў залі запоўнілі міліцыянтамі ў цывільным. Старшынёй калегіі быў судзьдзя Даўлюда, сябрамі — судзьдзі Сініцына і Башын. Пракурор той жа, які абвінавачваў Сяргея ў Першамайскім судзе Віцебску — Лутаў. Судзьдзя Даўлюда вельмі ціха прамаўляў, амаль нічога не было чуваць, а калі да яго зьвярнуліся, каб гаварыў гучней, ён ніяк не адрэагаваў. Адразу суд адхіліў усе хадайніцтвы майго мужа. Ён прасіў дапусьціць мяне да абароны ў якасьці грамадзкага абаронцы, прасіў зьмяніць яму меру стрыманьня і выклікаць сьведак інцыдэнту 7 студзеня 2010 году, калі яго зьбілі міліцыянты пасьля таго, як ён вывесіў на ёлцы сьцяг. Але хадайніцтвы не задаволілі. А потым судзьдзя спаслаўся на нядаўняе заключэньне лекараў, што ў Сяргея нібыта адхіленьні ў паводзінах, і суд вырашыў накіраваць яго на комплексную псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Пры гэтым сказалі, што фізычны стан яго нібыта нармальны, каб яго адправіць на гэтую экспэртызу.


Алена Каваленка мяркуе, што ўлады зьбіраюцца дыскрэдытаваць яе мужа, ягоную барацьбу і ідэалы.


— Яго амаль зьнішчылі фізычна, а зараз хочуць зьнішчыць і маральна.


У другой палове 10 красавіка зь Сяргеем Каваленкам зьбіраецца сустрэцца ягоная маці Лідзія Каваленка.

11:45 Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч:


— У прынцыпе, можна зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, Каваленку вызваляць ад адбыцьця пакараньня ў зьвязку з тым, што ён нібыта цярпіць на псыхічныя хваробы, і вынесуць меры прымусовага мэдычнага лячэньня. І я гэта расцэньваю як досыць трывожныя тэндэнцыі, якіх раней мы не назіралі. Відаць, такім чынам улады вырашылі яго вызваліць. Я бачу небясьпеку ў выкарыстаньні такіх новых, псыхіятрычных падыходаў. Улады, відаць, хочуць прадэманстраваць, чаму ён вывешваў сьцягі, бо, маўляў. чалавек хворы. Такі бачыцца сэнс у гэтых дзеяньнях уладаў. Там зачытвалі экспэртызу першую, калі была першая справа. То там сказалі, што Каваленка не цярпіць ні на якія псыхічныя захворваньні.

12:40 Намесьнік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі мяркуе, што такі паварот у справе Каваленкі быў вызначаны яшчэ да судовага пасяджэньня, бо да разгляду самой касацыйнай скаргі не дайшло.


— Рэжыму не ўдалося зламаць Сяргея Каваленку, яго моцны дух. Рэжым атрымаў паразу перад гэтым адзіным чалавекам. Прызнаць сваю паразу яны ня могуць. Таму яны вярнуліся да практыкі рэпрэсіўнай савецкай псыхіятрыі: калі нельга чалавека зламіць, значыць, трэба абвясьціць яго псыхічна нездаровым і прымяняць да яго дзеяньні, якія маглі б яго зьнішчыць мэтадамі карнай псыхіятрыі.


Гэта адбылася сёньня вельмі сур’ёзная падзея. Ня толькі для Сяргея Каваленкі, але і для нашага грамадзтва. Грамадзтва мусіць вельмі сур’ёзна адрэагаваць на гэта. Было прадэманстравана, што любы чалавек можа быць падвергнуты расправе па-за законам. Вось так брутальна, цынічна, на вачах усяго грамадзтва.


Дэманстрацыя таго, што гэта можа быць, адбылася яшчэ ў фае суду, калі нам не дазволілі прысутнічаць ня толькі ў залі судовага пасяджэньня, але нават у фае. Пад пагрозай прымяненьня сілы нас выштурхнулі на вуліцу.


Тое, што адбывалася ў будынку і на працэсе — гэта трывожныя прыкметы для нашага грамадзтва. Грамадзтва мусіць яднацца, каб ратаваць Сяргея Каваленку. Каб яму не ўчынілі расправу ў псыхіятрычнай лякарні з выкарыстаньнем страшных псыхатропных сродкаў, брутальнае фізычнае катаваньне гэтага чалавека. Трэба, каб грамадзтва ўжыло ўсе свае высілкі дзеля выратаваньня жыцьця і здароўя гэтага чалавека.


13:00 Актывіст БСДП (Грамада), гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч адзначае, што спазнаў на сабе карныя мэтады псыхіятрыі. Але кажа, што яму пашанцавала, бо яго не накіравалі ў "Навінкі". Новы паварот у справе Каваленкі Сідарэвіч называе чаканай рэакцыяй уладаў на мужныя паводзіны:


— Ня ўпісваюцца ў іх разуменьне такія паводзіны. Адмова ад ежы не азначае, што гэта ненармальныя паводзіны. Паўночна-ірляндзкія змагары галадавалі да самай сьмерці. І нікому ў Брытаніі не прыйшло ў галаву падвергнуць іх псыхіятрычнай экспэртызе. Раней пра парадкі ў "Навінках" хадзілі страшныя гісторыі. Там было славутае 17-е аддзяленьне. Калі нармальнага чалавека туды зьмяшчаюць, то ён вельмі хутка просіцца адтуль і гатовы ісьці на ўсялякія зьдзелкі са сьледзтвам і з чым хочаце. Чалавек трымае да канца галадоўку, і вельмі карціць аб’явіць чалавека хворым і прыняць да яго прымусовыя меры. І тады яго можна, як кажуць, адзець у гэтую супакаяльную кашулю, прывязаць да ложка за ногі, за рукі, карміць зондам. Дужыя санітары знойдуцца, асабліва пераапранутыя хлопцы ў пагонах. Я ня думаю, што ад савецкага часу мэтады працы беларускіх псыхіятраў памяняліся.


13:40 Экс-кандыдат у прэзыдэнты і былы палітвязень Аляксандар Казулін, які таксама трымаў галадоўку ў зьняволеньні, рашэньне суду ў справе Сяргея Каваленкі назваў вяртаньнем у самае дрэннае мінулае.


— Калі мы будзем глядзець не на фізычныя моманты прыняцьця гэтага рашэньня, а на маральныя, то гэта вельмі сур’ёзна. І думаю, што Каваленка змог дамагчыся вельмі сур’ёзных вынікаў. Бо калі ўлада прызнае, што нацыянальны сьцяг, гістарычны сымбаль і барацьба за яго — гэта "псыхіятрычная клініка", то трэба разумець, што большая палова краіны павінна быць там. Улады вельмі баяцца. Калі паглядзець у глыбіню, то гэта паказвае вельмі многае. Трэба разумець, які цяпер час. Гэта вяртаньне ў самае дрэннае мінулае.

 

Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч

 

"Радыё Свабода"

 

 

Сяргей Каваленка не перанясе этапавання ў "Навінкі"

 

У Навінкі палітвязень Сяргей Каваленка павінен быць накіраваны ў бліжэйшы час.

Жонка віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі Алена асцерагаецца, што ейны муж можа не перанесці этапавання ў рэспубліканскую псіхіятрычную лякарню ў Навінках (Менск).

10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суда прызначыла Сяргею Каваленку комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянара.

— Я не ведаю, як у ягоным стане, у стане галадоўкі, ён перанясе этап, — сказала Алена Каваленка у каментары "БелаПАН". — У мяне ёсць толькі дзве думкі з гэтай нагоды. Першая — ён памрэ па дарозе, і тады здымаюцца ўсе пытанні. Другая — яго прызнаюць шалёным, дыскрэдытуючы тым самым ўсе ідэі, за якія ён змагаецца, і прызначаюць прымусовае лекаванне ў духу савецкіх часоў і карнай псіхіятрыі, — лічыць жонка апазіцыянера.

Алена таксама непакоіцца з нагоды таго, што ўжо прыкладна трое сутак ніхто з родных і блізкага атачэння Сяргея яго не бачыў.

— Учора, 9 красавіка, да яго не дапусцілі адваката. Сёння яго не прывезлі ў суд. Сёння ж у калоніі "Віцьба-3" яго паспрабавала наведаць маці, аднак лекар калоніі заявіў, што Сяргею ўкалолі нейкі седатыўны сродак, ён спіць і праспіць да вечара, — сказала Алена Каваленка.

 

"Хартыя’97"

 

 

11 красавіка 2012 р.


У Калёніі "Віцьба-3" Каваленкі няма

 

11 красавіка бацька палітвязьня Сяргея Каваленкі наведаў калёнію "Віцьба-3", дзе ў псыхіятрычным аддзяленьні турэмнага шпіталя знаходзіўся ягоны сын.

Адміністрацыя калёніі не дала Аляксандру Каваленку магчымасьці сустрэцца з сынам. Пры гэтым сказалі, што Сяргея Каваленкі ў шпіталі ўжо няма. Дзе знаходзіцца Сяргей, бацьку не патлумачылі.

10 красавіка Віцебскі абласны суд пастанавіў накіраваць Сяргея Каваленку ў Рэспубліканскі псыхіятрычны шпіталь у Навінках для комплекснага абсьледаваньня. Сваякі Сяргея Каваленкі не выключаюць, што яго ўжо накіравалі ў шпіталь, але пэўнасьці ня маюць.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Каваленку зьмясьцілі ў аддзяленьне для самых небясьпечных злачынцаў

 

Вязьня Сяргея Каваленку паклалі ў 30-е аддзяленьне пры псыхіятрычным шпіталі ў Навінках, дзе трымаюць самых небясьпечных злачынцаў. Стан здароўя Сяргея Каваленкі невядомы.

11 красавіка Сяргея Каваленку даставілі ў "Навінкі". Пра гэта паведаміла жонка вязьня Алена са спасылкай на лекараў псыхіятрычнай установы. Калі дакладна прывезьлі Сяргея і ў якім ён стане, ёй не сказалі. З карэспандэнтам "Радыё Свабода" лекары размаўляць пра Сяргея Каваленку адмовіліся:

— Я вам не магу сказаць, каго да нас прывезьлі. Званіце, калі ласка, загадчыку аддзяленьня.

На тэрыторыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя, як цяпер называецца былы Рэспубліканскі псыхіятрычны шпіталь у Навінках, знаходзіцца Дзяржаўная служба судова-мэдычнай экспэртызы, куды паводле пастановы Віцебскага абласнога суду прывезьлі для комплекснай экспэртызы Сяргея Каваленку. Зьмясьцілі вязьня ў 30-м аддзяленьні. Што вядома пра гэтае аддзяленьне?

Праваабаронцу Кацярыну Садоўскую ў 2006 годзе асудзілі на 2 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў зьнявазе Лука-кі. Да суду ёй давялося месяц прабыць на абсьледаваньні ў псыхіятрычным шпіталі ў Навінках. Згадвае, што знаходзілася ў 25-м аддзяленьні, дзе рэжым больш-менш прымальны. Што да 30-га аддзяленьня, то, паводле Кацярыны Садоўскай, там рэжым досыць жорсткі, бо трымаюць самых небясьпечных вязьняў:

— На прагулкі, да прыкладу, не выводзяць. Нават у сьледчым ізалятары лягчэй, бо там ёсьць прагулкі. Ляжаць па 7–8 чалавек у палаце, іх ахоўваюць міліцыянты. Зараз для яго ўсё будзе залежаць ад сумленьня лекараў. Ад таго, што для іх важней — сумленьне ці доля прыслужніка. Калі будзе пэўны загад і яго паслухаюцца, то паставяць дыягназ, што хворы, і потым будуць зьдзекавацца ўсё жыцьцё. Могуць і ўколы даваць такія, каб зрабіць вар’ятам. Зараз псыхатропных сродкаў хапае.

Раніцай 11 красавіка ў віцебскую калёнію "Віцьба-3", дзе раней трымалі Сяргея Каваленку, прыяжджаў ягоны бацька Аляксандар Каваленка. Спатканьне не адбылося, бо Сяргея ўжо адвезьлі ў Навінкі. Аляксандар Васільевіч разьлічвае, што яму ўсё ж дазволяць спаткацца з сынам:

— Вы ж бачыце што адбываецца. Беззаконьне робяць, і ўсё. Мяркую ўсё ж на тыдні зьезьдзіць да яго, пагаварыць.

Паводле жонкі Каваленкі Алены, яго суправаджаў у Навінкі лекар, які назіраў за ім падчас прымусовага кармленьня ў віцебскай калёніі. Але зьвязацца з гэтым чалавекам, каб даведацца пра стан мужа, Алене пакуль не ўдаецца. Яна мяркуе, што Сяргею не палепшала:

— Калі мне сказалі, што паехаў з доктарам і стан нармальны, то адразу зразумела, што не нармальны стан, бо навошта тады адправілі з доктарам?

 

Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

12 красавіка 2012 р.


Раней мужа прызнавалі псыхічна здаровым


Жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі спрабуе даведацца пра стан ягонага здароўя ў псыхіятрычнай бальніцы "Навінкі". Алена Каваленка згадала, што ў 2010 годзе муж ужо праходзіў комплексную псыхіятрычную экспэртызу.


12 красавіка Алена Каваленка спрабавала даведацца пра стан здароўя свайго мужа Сяргея, якога напярэдадні зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках дзеля комплекснай псыхіятрычнай экспэртызы. Аднак у 30-м аддзяленьні, дзе знаходзіцца Сяргей, пра стан ягонага здароўя нічога ня кажуць. У тым ліку і пра тое, ці пачаў ён есьці сам альбо яго па-ранейшаму кормяць прымусова.


У зьвязку зь якім учынкам Каваленкі будуць правяраць ягоны псыхічны стан згодна з рашэньнем Віцебскага суду ад 10 красавіка? Як паведаміла Алена Каваленка, у 2010-м годзе Сяргей Каваленка ўжо праходзіў псыхіятрычную экспэртызу. Тады экспэртыза вывучала ягоны стан у сувязі з падзеямі студзеня 2010 году, калі актывіст КХП БНФ павесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску:


— Толькі не стацыянарная была экспэртыза, а амбуляторная. І яму такую далі характарыстыку асобы, што можна было з той характарыстыкай ісьці ў прэзыдэнты. Вельмі са станоўчага боку ён быў ахарактарызаваны той камісіяй.


Другі прысуд — 2 гады і месяц зьняволеньня — Сяргей Каваленка атрымаў за парушэньні парадку адбыцьця "хатняй хіміі". Жонка вязьня згадвае, што гэта былі зусім нязначныя парушэньні: аднаго разу Сяргей проста забыў адзначыцца ў міліцыі, другога разу спазьніўся на гадзіну дамоў, бо вадзіў сына на хакей:


— Яны ж расьцягнутыя ў часе, гэтыя гэтак званыя парушэньні. Я не разумею, як будуць вывучаць ягоны стан у той момант, калі ён гэтак расьцягнуты ў часе.


Цягам месяца Сяргея Каваленку павінны дасьледаваць адмыслоўцы Дзяржаўнай службы судова-мэдычных экспэртыз. Якім будзе гэтае дасьледаваньне?


Інэса Крутая ведае некаторыя падрабязнасьці ад свайго бацькі Аляксандра Крутога, якога зьмясьцілі для лячэньня ў "Навінкі":


— Тата казаў, што задаюць некалькі пытаньняў таму, каго абсьледуюць, пасьля чаго цікавасьць да яго губляецца, і наступным разам лекары размаўляюць з чалавекам, калі ўжо прыходзіш на саму экспэртызу. Ставяць канчатковы дыягназ, невядома на падставе чаго.


У чалавека, якога абсьледуюць, пытаюцца ягонае імя, прозьвішча, імя па бацьку, а таксама — ці вучыўся ён у школе. Пасьля гэтага абсьледаваньне зводзіцца да назіраньня за паводзінамі чалавека ў ізаляваным пакоі. Паводле Аляксандра Крутога, у 30-м аддзяленьні, дзе трымаюць Сяргея Каваленку, палаты разьлічаныя на 4 чалавек. Там лепшыя бытавыя ўмовы ў параўнаньні са сьледчым ізалятарам, лепшае харчаваньне, але зь ліставаньнем праблемы:


— Месяц, як быў там, не было лістоў. А потым яго накіравалі яшчэ на паўмесяца ў Жодзіна, дык агулам не было лістоў паўтара месяца.


Вынікі судова-псыхіятрычнай экспэртызы можна абскардзіць у агульным парадку паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Але практыка паказвае, што дыягназ, вынесены ў "Навінках", зьмяніць амаль немагчыма.


"Радыё Свабода"

 

 

13 красавіка 2012 р.


Кавалена спыніў галадоўку


Сяргей Каваленка пачаў самастойны выхад з галадоўкі. Пра гэта "Свабодзе" паведаміў бацька вязьня Аляксандар Каваленка, які 13 красавіка бачыў сына ў псыхіятрычным шпіталі ў Навінках.


Спатканьне Каваленкі-старэйшага з сынам доўжылася каля паўгадзіны. Галоўнае, пра што даведаўся Аляксандар Каваленка, — што ягоны сын Сяргей спыніў галадоўку і самастойна зь яе выходзіць:

— Ён пачаў выходзіць з галадоўкі, але збольшага выглядае яшчэ вельмі дрэнна. Скура ды косьці. А ў параўнаньні з тым, які ён быў на судзе, то зусім ніякі. 45 кіляграмаў важыць. Раней яго прымусова кармілі праз зонд, а цяпер ён пачаў сам есьці. Сокі адвёз яму, садавіну, сухары, печыва і гэтак далей. Стаўленьне там да яго быццам нядрэннае. Іх там ахоўваюць, там камэры ўсталяваныя. Трымаць там яго будуць, сказаў, каля месяца. Кропельніцы яму ўжо ня ставяць. Скардзіўся, што ў "Віцьбе-3", калі ён хацеў ехаць на касацыю, яго прывязалі да ложка і трымалі гэтак тры дні. Калолі розныя прэпараты. У прыбіральню не выпускалі, уводзілі катэтэр у мачавы пухір. Нават хацеў сабе вены рэзаць на руцэ, паказваў мне сьляды ад катэтара. Тады яго сабраліся і сюды, у Менск, адправілі.

Паводле Аляксандра Каваленкі, абсьледаваньне ягонага сына экспэртамі-псыхіятрамі заключаецца ў назіраньні за ім. Ніякіх прэпаратаў Каваленку ў Навінках пакуль ня ўводзілі.

Аляксандар Каваленка мяркуе, што на наступным тыдні да сына на спатканьне выберуцца іншыя сваякі. Сам Сяргей, паводле ягонага бацькі, вельмі цікавіўся сям’ёй і справамі ў палітыцы.

Сяргей Каваленка трымаў галадоўку пратэсту зь сярэдзіны сьнежня зь перапынкам на 20 дзён у студзені-лютым. Спыніў галадоўку Сяргей два дні таму, мяркуе ягоны бацька.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 

 

16 красавіка 2012 р.


Каваленку ў "Навінках" не прынялі блендар

 

Жонцы Сяргея Каваленкі не даюць падрабязнай інфармацыі пра стан ягонага здароўя і пра тое, як ён выходзіць з галадоўкі.

16 красавіка Алена Каваленка размаўляла праз тэлефон зь лекарам з псыхіятрычнай лякарні ў Навінках, дзе трымаюць яе мужа Сяргея Каваленку. Аднак інфармацыі пра стан ягонага здароўя вельмі мала, кажа Алена Каваленка:

— Сёньня размаўляла, але нічога падрабязна не распавядае. Кажа, што есьць, і ўсё. Наконт лячэньня таксама мала зьвестак. У мінулую пятніцу яго аглядаў тэрапэўт і нэўроляг. Але я не перакананая, што ён нармальна там выходзіць з галадоўкі. Стала вядома, што яму быццам нешта і мясное ўжо давалі, але, як я ведаю, гэта зарана. Лекар падрабязнасьцяў не распавядае, сказаў, што нельга. Ацэнкі такія дае асьцярожныя, акуратныя.

Паводле Алены Каваленкі, лекар не назваў вагу Сяргея — нібыта таму, што яго яшчэ ня ўзважвалі. Калі Алена прапанавала перадаць мужу ў лякарню блэндэр, каб драбніць ежу, ёй адмовілі.

Алена Каваленка не чакае, што неўзабаве пасьля вызваленьня Саньнікава і Бандарэнкі да лепшага зьменіцца і лёс яе мужа. "Яго справа — асаблівая", — мяркуе жонка актывіста КХП-БНФ.

 

Алег Груздзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

17 красавіка 2012 р.


Каваленку ніяк ня лечаць


17 красавіка зь Сяргеем Каваленкам у псыхіятрычнай лякарні ў Навінках сустрэўся ягоны адвакат. Жонка актывіста Алена Каваленка распавяла пра тое, што зараз адбываецца зь яе мужам.


— Што ён сказаў? Што Сяргей яшчэ выглядае дрэнна, застаецца вельмі схуднелым. Настрой у яго, канечне, палепшыўся, але ніякага лячэньня яму не аказваецца. Фактычна ён туды кінуты проста на выжываньне. Ніякага лекаваньня і кантролю над станам унутраных органаў яму не аказваюць. Аналізы яшчэ ня зробленыя — ва ўсякім разе, пра гэта яшчэ не сказалі. Таму я б хацела, каб яго хутчэй адправілі ў цывільны шпіталь, бо ягонае жыцьцё яшчэ застаецца пад пагрозай. Бо кантролю ад мэдыкаў за ягоным станам няма. Наколькі я ведаю, яго там нават ня ўзважылі. Выжыве — добра, ня выжыве… Там толькі за ім назіраньне.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 

 

21 красавіка 2012 р.

Сяргею Каваленку перадалі лекі

 

Алена Каваленка паведаміла, што яе мужу перадалі ў шпіталь лекі для падтрыманьня пячонкі ды іншых унутраных органаў пасьля працяглай галадоўкі.

Сяргей Каваленка болей за тыдзень знаходзіцца на абсьледаваньні ў псыхіятрычным шпіталі ў Навінках. Жонка вязьня мяркуе, што яго могуць абсьледаваць раней чым за 24 дні, як казалі спачатку:

— Мяне гэта вельмі непакоіць. Калі ён пасьля "Навінак" зноў трапіць у "Віцьбу-3", маючы на ўвазе той нэгатыўны досьвед, які ў яго там быў, ён можа зноў пачаць галадоўку. Гэта мяне непакоіць.

Сяргей Каваленка пры нядаўняй сустрэчы з жонкай апавёў пра спробы з боку адміністрацыі калёніі "Віцьба-3" аказаць на яго ціск празь зьнявагу ягонай годнасьці.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

"Радыё Свабода"

 

 

23 красавіка 2012 р.


Міліцыянты паведамілі пра дыягназ Каваленкі


Міліцыянты паведамілі жонцы Сяргея Каваленкі, які дыягназ паставілі яе мужу.


23 красавіка лекар з псыхіятрычнага шпіталя ў Навінках паведаміў Алене Каваленцы пра стан здароўя яе мужа Сяргея, якога трымаюць на абсьледаваньні пасьля галадоўкі.


— Сказаў, што важыць Сяргей крыху больш за 50 кіляграмаў, — кажа Алена. — Паказчыкі быццам аднаўляюцца. Ціск нібыта стабілізуецца. Але ён па-ранейшаму мерзьне, холадна яму. Зь пячонкай праблемы — фэрмэнтаў не хапае. Страўнік да канца таксама не запрацаваў.


Алена Каваленка атрымала адказ зь міліцыі на скаргу на адміністрацыю калёніі "Віцьба-3", дзе да 10 красавіка трымалі яе мужа. Паводле гэтага дакумэнту, Сяргею Каваленку быў пастаўлены мэдычны дыягназ "кахэксія", што азначае крайнюю ступень зьнясіленьня.


Алег Грузьдзіловіч


"Радыё Свабода"

 

 

27 красавіка 2012 р.

У Навінках не прымаюць прадукты для Каваленкі

 

З віцебскім апазіцыянерам Сяргеем Каваленкам у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў "Навінках" сустрэліся ягоныя сваякі.

Пра гэта "БелаПАН" паведаміла ягоная жонка Алена Каваленка:

— Як мне распавяла цётка Сяргея, толкам яго не лекуюць. Некаторыя лекі, якія мы яму перадавалі, да яго не даходзяць. Кругласутачна, праз шкло, за ім назіраюць дактары. Страўнік ў яго пакуль цалкам працу не аднавіў, ёсць праблемы з падстраўнікавай залозай і ныркамі.

Акрамя таго, па ейных словах, у РНПЦ псіхічнага здароўя па-ранейшаму адмаўляюцца перадаць некаторыя прадукты, неабходныя для выхаду з галадоўкі.

— У прыватнасці, не дазваляюць перадаваць неабходныя Сяргею агароднінныя сокі. Таму ён цяжка выходзіць з галадоўкі, — сказала Алена Каваленка.

Яна адзначыла, што лекары РНПЦ псіхічнага здароўя ў прыватных размовах адзначаюць, што Сяргей Каваленка павінен пабыць у іх месяц, і затрымаецца там максімум да 10 мая.

Пры гэтым пакуль ніякіх абследаванняў псіхічнага здароўя, акрамя кругласутачнага назірання, не робіцца, — заявіла Алена Каваленка.

 

"Хартыя’97"

 

 

28 красавіка 2012 р.

 

Сяргей Каваленка ня можа ліставацца са сваякамі — у "Навінках" няма цэнзару

 

Чаму Сяргей Каваленка ня можа ліставацца са сваякамі?

Сяргея Каваленку ў лякарні "Навінкі" наведаў адвакат. Паводле жонкі вязьня Алены Каваленкі, стан здароўя мужа пасьля працяглай галадоўкі застаецца цяжкім. Алена скардзіцца на тое, што лекары шпіталя не абсьледуюць Каваленку і не дапамагаюць яму выходзіць з галадоўкі. Больш за тое, ахоўнікі забаранілі перадаваць Каваленку пэўныя прадукты і лекі.

Зьвестак пра стан мужа ў Алены недастаткова таксама таму, што ў яго няма магчымасьці ліставацца са сваякамі. Вось чым гэта патлумачана.

— У іх там няма цэнзару. Увогуле няма такой адзінкі. Лісты людзі пішуць, яны зьбіраюцца і потым адпраўляюцца туды, куды накіруюць чалавека. Так мне патлумачыў лекар.

Сяргей Каваленка накіраваны на прымусовую псыхіятрычную экспэртызу, якая мусіць цягнуцца 24 дні. Ва ўмовах "Навінак" гэта азначае, што чалавек амаль на месяц фактычна пазбаўлены права на перапіску, заўважае Алена Каваленка.

 

Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

30 красавіка 2012 р.


Сяргей Каваленка не выключае, што зноў пачне галадоўку


30 красавіка зь вязьнем Сяргеем Каваленкам у псыхіятрычным шпіталі ў Навінках сустрэлася ягоная жонка Алена:


— Выглядае ён з твару крыху лепей, але цела па-ранейшаму — косьці, абцягнутыя скурай. Днямі Сяргею зрабілі ультрагукавое абсьледаваньне органаў брушной поласьці, пра гэта распавёў лекар. Высьветлілі, што ў яго дыфузныя зьмены ў падстраўнікавай залозе і адна нырка панізілася. Колькі важыць, не сказаў, але сказаў, што набраў каля 7 кіляграмаў. Есьць ён там у асноўным гародніну ды садавіну, але і тое, што там даюць, паціху есьць. У тым ліку, як я разумею, пачаў есьці і мясныя стравы.


Заключэньне лекараў будзе вынесенае 7–8 траўня. Напярэдадні ён адказаў на 512 пытаньняў — нейкія тэсты праходзіў. Але галоўная навіна, што ўжо ў сераду, 2 траўня, Сяргея могуць этапаваць з "Навінак", і ў сувязі з гэтым ён не выключае, што пачне зноў галадоўку. Пра тое, што яго могуць этапаваць ужо праз два дні, Сяргей даведаўся ад мяне. Невядома, куды яго могуць адвезьці.

 

"Радыё Свабода"

 

 

2 траўня 2012 р.

Сяргея Каваленку этапавалі з Навінак на Валадарку

 

2 траўня палітвязьня Сяргея Каваленку этапавалі з Рэспубліканскага псыхіятрычнага шпіталю ў Навінках у менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Алена з спасылкай на лекара шпіталю.

Пра вынікі псыхіятрычнай экспэртызы, якую Сяргей Каваленка праходзіў у Навінках, лекар не паведаміў, але жанчына мяркуе, што яны будуць станоўчыя і яе мужа неўзабаве могуць накіраваць для адбыцьця пакараньня ў адну з калёній:

— Спачатку, натуральна, яны мусяць скончыць разгляд ягонай касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе, але не сумняюся, што пасьля гэтага Сяргея адправяць у калёнію, — сказала Алена Каваленка.

Яна таксама паведаміла, што Сяргей паабяцаў распачаць новую галадоўку, калі яго ня вызваляць, а этапуюць у калёнію. Алена Каваленка нагадала, што за два апошнія месяцы для яе мужа гэта ўжо чацьвёртае этапаваньне. Спачатку яго перавезьлі зь Віцебскага сьледчага ізалятару ў менскі сьледчы ізалятар на Валадарскага, адтуль — у калёнію "Віцьба-3", а потым завезьлі на абсьледаваньне ў Навінкі. 2 траўня Каваленку зноў вярнулі на Валадарку.

 

"Радыё Свабода"

 

 

3 траўня 2012 р.

На "Валадарцы" Сяргея Каваленку ўжо ледзь не забілі

 

Актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку перавялі з псыхіятрычнага шпіталя ў Навінках у сьледчы ізалятар на Валадарскага, дзе вязьня ўжо трымалі амаль месяц. У якіх умовах там будзе Сяргей Каваленка і ці не пачне ён зноў галадоўку пратэсту?

У ноч на 26 сакавіка Сяргея Каваленку этапавалі з "Валадаркі" ў калёнію "Віцьба-3", і вось кола замкнулася — пасьля "Віцьбы" і "Навінак" Сяргей Каваленка зноў на "Валадарцы". Што вязень у гэтым сьледчым ізалятары, 3 траўня раніцай карэспандэнту "Свабоды" пацьвердзіла дзяжурная ізалятара, якая выпісвае дазволы на спатканьне. Пра стан здароўя былога галадоўніка, а таксама ў якой ён камэры, дзяжурная не паведаміла. Але калі б што і было сказана, жонка Сяргея Алена мела б усе падставы, каб ня даць веры.

— Мінулым разам у ізалятары на вуліцы Валадарскага казалі, што ён у добрых умовах, не хвалюйцеся. А калі мы сустрэліся ў "Навінках", Сяргей распавёў, як яго ледзь не забілі на "Валадарцы", — кажа Алена Каваленка:

— Там былі суцэльныя правакацыі. Адразу, як яго прывезьлі зь Віцебску, яго пасадзілі к здаровым вязьням, адзін зь іх важыў пад 130 кіляграмаў. Той стаў яго абражаць, і Сяргей яго ўдарыў у твар за абразу. Тады той вязень сеў на Сяргея і пачаў душыць. Уявіце: Сяргей — 55 кіляграмаў, а той — 130. Потым Сяргея перасадзілі, і ён даведаўся, што тыя вязьні атрымлівалі адмысловыя пасылкі і што яны раней падпісалі паперы аб супрацоўніцтве.

Сяргей Каваленка трымаў на "Валадарцы" ў сакавіку галадоўку, якую пачаў яшчэ ў Віцебску ў мясцовым сьледчым ізалятары. Там палітвязьню пачалі ўводзіць фізраствор праз кропельніцу і пры гэтым пашкодзілі вены на руцэ, бо рабілі гэта прымусова, прывязаўшы да ложка. Алена Каваленка пазьней распавядала пра вялікія гематомы на руках мужа.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, які шмат апекаваўся Каваленкам падчас ягонага знаходжаньня на "Валадарцы", таксама мяркуе, што сутычкі з сукамэрнікамі былі невыпадковымі:

— Яны нават не хавалі таго, што гэта было зроблена з адной мэтай — каб прымусіць яго спыніць галадоўку.


Жонка вязьня Алена Каваленка не выключае, што той можа зноў абвясьціць галадоўку, бо ня бачыць у турэмных умовах іншага спосабу абараніць сябе. Алена спасылаецца на апошні ліст ад Сяргея:

— Ён піша, што адтуль з дазволу выпускаюць толькі тады, калі зробяць з чалавека тое, што ім патрэбна, а гэты шлях не для яго. Праз прызнаньне сваёй віны ён выходзіць адтуль не зьбіраецца.

У Віцебскім абласным судзе так і не адбылося паседжаньне па разглядзе касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі. Паводле сваякоў вязьня, на сустрэчу зь ім для ўзгадненьня юрыдычных пытаньняў выехаў адвакат.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

 

Сям’я Сяргея Каваленкі зладзіла пікет у Віцебску

 

Алена Каваленка зь дзецьмі вырашылі пратэставаць на вуліцы.

Сёньня жонка палітвязьня Алена з дачкой Вікай і сынам Валянцінам зладзілі 3 мая акцыю на пляцоўцы ля піраміды "Марка-сіці" побач з аўтобусным прыпынкам "Плошча Свабоды". Як паведамляе "Віцебскі кур’ер", Алена з сынам разгарнулі плякат, на якім вялікімі чырвонымі літарамі было напісана "Дзецям патрэбны бацька!". На плякаце таксама былі разьмешчаныя фотаздымкі Сяргея Каваленкі зь дзецьмі, а насупраць — дзетак бяз бацькі. Пад фота надпіс: "Сыну 7 год патрэбна бацькоўскае выхаваньне! Дачцэ 10 месяцаў неабходна бацькоўская любоў".

Пікет доўжыўся 20 хвілінаў.

 

"Радыё Свабода"

 

 

4 траўня 2012 р.

Сяргея Каваленку ўгаворваюць напісаць прашэньне аб памілаваньні

 

Сяргея Каваленку наведала на "Валадарцы" маці. Лідзіі Каваленцы стала вядома, што сына ў ізалятары ўгаворваюць напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмаўляецца.

Лідзія Каваленка бачылася з сынам на працягу гадзіны. Кажа, што Сяргей бледны — "як сьнег" — і яшчэ вельмі слабы, бо не ачуняў ад галадоўкі, якую трымаў больш за два месяцы і скончыў у канцы сакавіка. Маці вязьня стала вядома, куды яго неўзабаве накіруюць:

— Даведалася, што 7 чысла яго павязуць на Гагарына, 2 — гэта СІЗА ў Віцебску, дзе зь яго зьдзекаваліся падчас галадоўкі. Адкуль пачынаў галадоўку, туды і прывезьлі.

Каля 20 дзён Сяргея Каваленку трымалі на абсьледаваньні ў псыхіятрычным шпіталі ў Навінках, адкуль перавялі ў ізалятар на Валадарскага 2-га траўня. Вынікі абсьледаваньня Сяргея Каваленкі невядомыя. Жонка Сяргея Алена не выключае, што яго пасьля разгляду касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе адправяць у адну з калёній адбываць пакараньне. Але пакуль, паводле Алены Каваленкі, мужа ўгаворваюць напісаць прашэньне аб памілаваньні.


— Для яго гэта, канечне, непрымальна, бо якое можа быць памілаваньне, калі чалавек сядзіць ні за што?

Паводле зьвестак Алены Каваленкі, 4 траўня ў Віцебску каля будынка Мэдычнага ўнівэрсытэту быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. У цыдулцы, прымацаванай да сьцяга, было напісана пра салідарнасьць беларускіх патрыётаў зь Сяргеем Каваленкам.

 

Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

7 траўня 2012 р.

Сяргея Каваленку этапавалі ў Віцебск

 

7 траўня актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку этапавалі зь Менскага сьледчага ізалятара ў Віцебскі сьледчы ізалятар.

Пра гэта намесьніку старшыні КХП БНФ Юрасю Беленькаму, які рэгулярна апякуецца вязьнем, паведаміў дзяжурны менскага ізалятара.

Паводле Лідзіі Каваленкі, якая бачылася з сынам на мінулым тыдні, ён выглядае яшчэ вельмі схуднелым:

— Лекары кажуць, што ад спыненьня галадоўкі Сяргей набраў 10 кіляграмаў вагі, але ён па-ранейшаму вельмі слабы. Зь яго працягваюць зьдзек, зараз дамагаюцца ад яго, каб напісаў прашэньне аб памілаваньні, хоць ён не вінаваты.

 

Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

8 траўня 2012 р.

Сяргея Каваленку зьмясьцілі ў віцебскі сьледчы ізалятар

 

Паводле зьвестак жонкі палітвязьня Алены Каваленкі, 8 траўня Сяргея Каваленку этапам прывезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар.

— Яго ўжо наведаў адвакат. Сяргей яшчэ вельмі слабы, казаў, што ня можа нават аднаго разу ад падлогі адціснуцца, — паведаміла Алена Каваленка.


Алена Каваленка распавяла, што заключэньне псыхіятраў са шпіталя ў Навінках, дзе трымалі падчас экспэртызы Сяргея Каваленку, яшчэ не атрымана.


— Калі будзе разглядацца касацыйная скарга Сяргея, невядома, — кажа жонка палітвязьня.

 

Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

9 траўня 2012 г.

Сергея Коваленко посадили в одиночную камеру

 

Сергей Коваленко находится в одиночной камере витебского следственного изолятора № 2.

Об этом сообщила "БелаПАН" его супруга Елена Коваленко.

— Сергея доставили из Менска ночью с 7 на 8 травня. Сегодня с ним встречался адвокат. Самочувствие мужа не лучшее. Для него это был уже четвертый этап — фактически издевательство для ослабленного голодовкой человека. 10 мая попытаюсь пробиться к нему сама, — сказала Елена Коваленко.

В этом СИЗО активист находился первые два месяца заключения, и тоже практически все время в одиночной камере, отметила супруга.

— Меня беспокоит, что его этапировали туда, где он голодал первые два месяца заключения и где в его отношении осуществлялись провокации, в том числе снимался видеоролик, затрагивающий не только Сергея, но и его детей. По этому поводу было передано заявление в прокуратуру, — сообщила Коваленко.

 

"Хартыя’97"

 

 

11 траўня 2012 р.

Алена Каваленка пратэставала з сынам каля сьцен віцебскага СІЗА

 

11 траўня насупраць Віцебскага СІЗА прайшоў пікет ў падтрымку Сяргея Каваленкі, якога зноў зьмясьцілі ў гэтую ўстанову.

У акцыі бралі ўдзел грамадзкія актывісты, а таксама жонка вязьня Алена і яго сын Валянцін. Пікетоўцы разгарнулі плякат са словамі "120 дзён галадоўкі пратэсту! Свабоду невінаватаму Сяргею Каваленку!"

 

Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

12 траўня 2012 р.

Сяргей Каваленка аднавіў галадоўку

 

Паводле жонкі Сяргея Каваленкі Алены Каваленкі яе муж 8 траўня аднавіў галадоўку пратэсту супраць незаконнага, як ён лічыць, прысуду.

— Да гэтага патрабаваньня ён дадаў патрабаваньні вызваліць усіх палітвязьняў і прадаставіць свабоду нацыянальнай сымболіцы.

Сяргея зьмясьцілі ў той жа ізалятар ў Віцебску, дзе ў сьнежні адносна яго чынілі правакацыі. Ён у вельмі дрэнным фізычным стане, але яму адмаўляюць у кваліфікаванай мэдычнай дапамозе.

Згодна з канвэнцыяй правоў чалавека, якую падпісала Беларусь і з Канстытуцыяй нашай краіны кожны чалавек мае права на медычную дапамогу, дзе б ён не знаходзіўся, калі ёсць дзеля гэтага медычныя паказнікі, а у Сяргея яны вельмі сур’ёзныя.

Толькі чамусьці такога права ён пазбаўлены. За што яго зьнішчаюць? За любоў да Радзімы, роднай мовы і павагу да нацыянальных сымбаляў, — заявіла Алена Каваленка.

Зь сярэдзіны сьнежня да канча сакавіка зь перапынкам на 20 дзён Каваленка трымаў галадоўку, за час якой схуднеў да менш як 50 кіляграмаў вагі. Падчас знаходжаньня ў Навінках на псыхіятрычнай экспэртызе Каваленка набраў каля 10 кілаграмаў вагі. Колькі ён важыць цяпер, невядома.

 

Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

14 траўня 2012 р.

Паўторная галадоўка Сяргея Каваленкі: небясьпечныя наступствы

 

Сяргей Каваленка зь сярэдзіны сьнежня да канца сакавіка зь перапынкам на 20 дзён ужо трымаў галадоўку. Тады вага яго тады дасягнула крытычнай адзнакі — 50 кіляграмаў. У сакавіку ў Віцебскай калёніі № 3 Каваленку пачалі прымусова карміць. У турэмных умовах выходзіць з галадоўкі правільна, паэтапна магчымасьці не было, і Каваленку проста пачалі карміць дзіцячымі малочнымі сумесямі. У красавіку, знаходзячыся ў Навінках на псыхіятрычнай экспэртызе, Сяргей набраў амаль 10 кіляграмаў. І вось зноў галадоўка. Лекар Аляксандар, які ў сваёй практыцы ня раз сустракаўся з галадоўнікамі і ведае пра наступствы, выказаў такое меркаваньне:


— Калі ён яшчэ не зусім з той выйшаў, у прынцыпе, небясьпечна наступнае: на фоне голаду, калі чалавек недаатрымлівае неабходную колькасьць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў, ён робіцца вельмі моцна паддатны на інфэкцыі. Бо часьцей за ўсё на фоне голаду, калі арганізм зьнясілены, узьнікаюць інфэкцыі. Пры нармальным ладзе жыцьця ўсялякія мікробы, якіх у арганізьме шмат, захворваньняў не выклікаюць. А ва ўмовах турмы, напрыклад, могуць разьвіцца сухоты.

Колькі важыць Сяргей пасьля пяці дзён галадоўкі, невядома. Жонка Сяргея Каваленкі спадарыня Алена кажа, што спатканьня з мужам яна ня мела. Ніякай інфармацыі пра яго стан не даюць:

— Сёньня нічога няма новага, нічога мы не даведаліся. Адвакат яго наведае толькі ў сераду. Праз тэлефон нічога ня кажуць, не даюць ніякіх зьвестак ні ў Менску на Валадарскага, ні тут у нас у Віцебску.

На думку мэдыка Аляксандра, калі Каваленка выйдзе з галадоўкі, ягоны арганізм мае шанцы вярнуцца да звычайнага стану. Лекар прывёў прыклад блякаднага Ленінграда, паўночных экспэдыцыяў, калі людзі вымушана падоўгу галадалі, і то па некалькі разоў:

— Калі чалавек вяртаецца да нармальнага жыцьця, калі ён застаўся жывы, то ўсё можа аднавіцца нават без сур’ёзных наступстваў. А можа — і наадварот. Ён можа нашкодзіць унутраным органам гэтай галадоўкай. Печань моцна цярпіць, ныркі, сэрца з-за таго, што арганізму не хапае пажыўных рэчываў, бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў. Тады пачынаюцца збоі ў працы органаў, таму тут цяжка прагназаваць наступствы.

Лекар Аляксандар кажа, што працяглая галадоўка небясьпечная і для псыхікі чалавека:

— Галадоўка часам парушае псыхіку. Я не кажу ў тым сэнсе, што так будзе. Але такое таксама здараецца.

Лекар Аляксандар і як мэдык, і проста па-чалавечы раіць неяк пераканаць Сяргея Каваленку спыніць галадоўку, бо той мае сям’ю, дзяцей, і дзеля гэтага трэба жыць.

 

Іна Студзінская

"Радыё Свабода"

 

 

15 траўня 2012 р.

Улёткі ў падтрымку Каваленкі ў Менску

 

Улётка ў падтрымку палітвязьня Сяргея Каваленкі зьявілася на слупе на прыпынку грамадзкага транспарту на Ігуменскім тракце ў Менску.

Побач з фатаздымкам Сяргея Каваленкі зьмешчаная выява бел-чырвона-белага сьцяга са словамі Францішка Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі".

"Сяргей Каваленка — рабочы-будаўнік, 37 рокаў. Гадуе двух сыноў: сямі месяцаў і сямі гадоў. Яго незаконна асудзілі на два рока турмы за тое, што вывесіў нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг на 40-мэтровай гарадзкой навагодняй ёлцы ў Віцебску. У знак пратэсту Сяргей абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем адмяніць фальшывы палітычны прысуд. Беларусы, патрабуйма вызваленьня нашага героя-земляка!" — напісана ва ўлётцы.

 

Галіна Абакунчык

 

 

У суседняй камэры з Каваленкам — пост турэмшчыкаў

 

Алена Каваленка атрымала ліст ад свайго мужа Сяргея Каваленкі — першы ліст зь віцебскага ізалятара, куды палітвязьня зьмясьцілі ў траўні пасьля псыхіятрычнай экспэртызы ў Навінках.

— Ліст датаваны 9-м траўня. Гэта другі дзень, як Сяргей аднавіў галадоўку. Напісаў, што зноў пачаў галадаваць, але падрабязнасьцяў у лісьце няма, у тым ліку нічога пра стан здароўя. Шмат цікавіцца нашымі справамі: ці пачала хадзіць дачка, як ідуць заняткі сына ў музычнай школе? Крыху напісаў пра сваю камэру-адзіночку. Вось цытую: "Пішу зь СІЗА №2 места Віцебску, з камэры №98. Гэта сапраўдная канура, у якой нават нельга павярнуцца. Каб прайсьці наперад, даводзіцца праціскацца паміж ложкам і сьцяной. А за сьцяной — пост турэмшчыкаў, там заўсёды дзяжураць міліцыянты".

15 траўня ў Віцебскім абласным судзе Алене Каваленцы адмовілі ў спатканьні з мужам.

— Сказалі, што Сяргея і так часта наведваюць, — сказала Алена Каваленка.

З 8 траўня Сяргей Каваленка аднавіў галадоўку пратэсту. Як ён цяпер пачуваецца, Алене невядома.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

"Радыё Свабода"

 

 

16 траўня 2012 р.

Акцыя салідарнасьці з Каваленкам у Віцебску

 

Сёньня сям’я Сяргея Каваленкі зь яго сябрам правялі акцыю салідарнасьці каля гарадзкой ратушы ў Віцебску.

Алена Каваленка трымала плякат “Міліцыя хлусіць! Свабоду Сяргею Каваленку ад перасьледу!”, сын Валік раздаваў улёткі з тэкстам: “Свабоду Сяргею Каваленку!”.

Сяргей Каваленка, асуджаны на 2 рока і месяц зьняволеньня за парушэньне хятняй “хіміі”, якую атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску, нядаўна ізноў аднавіў галадоўку. Ён пратэстуе супраць прысуду, а таксама патрабуе вызваліць ўсіх палітвязняў і даць свабоду нацыянальнай сімволіцы. Разгляд касацыйнай скаргі адбудзецца 18 траўня ў 9:30 у Віцебскім абласным судзе”.

 

"Радыё Свабода"

 

 

16 траўня 2012 р.

Amnesty International не прызнала Каваленку вязьнем сумленьня

 

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International адказала адмовай на афіцыйную просьбу дэпутата Эўрапарлямэнту Марэка Мігальскага прызнаць Сяргея Каваленку вязьнем сумленьня.

Пры гэтым дырэктар праграмы Amnesty International у Эўропе і Цэнтральнай Азіі Джон Дальхузен, заявіў у сваім лісьце Мігальскаму, што арганізацыя будзе працягваць сачыць за справай Каваленкі і пры неабходнасьці ўмешвацца, паведамляе UDF.BY.


Прымаючы рашэньне, у арганізацыі кіраваліся паказаньнямі супрацоўнікаў міліцыі, якія заявілі, што Каваленка аказваў ім супраціў, піша на сваім сайце Марэк Мігальскі, які шэфствуе над Сяргеем Каваленкам у межах кампаніі Libereco-Partnership for Human Rights.


У сувязі з тым, што Amnesty International "паверыла словам органаў, якія сьлепа выконваюць каманды беларускага рэжыму", Марэк Мігальскі даслаў у арганізацыю яшчэ адзін ліст з просьбай перагледзець справу і прызнаць Каваленку палітвязьнем.


 Тацяна Равяка з Праваабарончага цэнтру "Вясна" зазначыла, што беларускія праваабаронцы прызнаюць Сяргея Каваленку "палітычным вязьнем".

— Гэта тлумачыцца тым, што ягоныя дзеяньні былі матываваныя выказваньнем грамадзянскай пазыцыі, ягонага сьветапогляду. Што датычыць Amnesty International, то яны "вязьнямі сумленьня" прызнаюць людзей, якія не зьдзяйсьнялі ніякіх гвалтоўных дзеяньняў. Калі зьвярнуцца да справы Каваленкі, то пад час затрыманьня, пасьля таго, як ён на елцы вывесіў сьцяг, была інфармацыя, у тым ліку ў прэсе, што ён аказваў супраціў міліцыянтам. А па крытэрах Amnesty International гэта непрымальна, каб прызнаць яго вязьнем сумленьня. Гэта рашэньне Amnesty International. Мы ж гэта разумеем, што гэта былі натуральныя паводзіны чалавека, якога арыштоўваюць і б’юць, гэта была абарончая рэакцыя.

Паводле спадарыні Равяка, калі вядзецца размова пра вызваленьне палітвязьняў у Беларусі, то Сяргей Каваленка безумоўна разглядаецца як палітычны зьняволены, вызваленьня якога праваабаронцы патрабуюць безумоўна і неадкладна.

 

 

У Сяргея Каваленкі псыхічных хваробаў ня мае

 

Сяргея Каваленку ў віцебскім сьледчым ізалятары наведаў адвакат. Жонка вязьня Алена Каваленка паведаміла зьвесткі, якія ёй сталі вядомыя пасьля размовы з адвакатам.

— Працягвае трымаць галадоўку, важыць зноў менш за 60 кіляграмаў. Але кажа, што арганізм да галадоўкі прызвычаіўся і пачынаць усё зноў было нескладана. Паведаміў, што ў яго, магчыма, разьвіваецца цукровы дыябэт — падобныя прыкметы. Напісаў заяву на тое, каб яго адвезьлі заўтра ў суд на разгляд касацыйнай скаргі, але адказу пакуль ня мае. Мяркуе, што, хутчэй за ўсё, не павязуць.


18 траўня ў Віцебскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі на прысуд. Амаль два месяцы таму падобны разгляд спынілі, каб правесьці псыхіятрычную экспэртызу Сяргея Каваленкі.

— Мне ўжо вядомае заключэньне дактароў. Адносна псыхічнага стану там напісана, што "псыхічных хвароб ня мае". У характары адзначаны залішняя самаўпэўненасьць і імпульсіўнасьць. Таксама напісана пра "нізкую падпарадкавальнасьць", — паведаміла Алена Каваленка.

 

Алег Грузьдзіловіч

 

"Радыё Свабода"

 

 

Сергей Коваленко продолжает голодовку в витебском СИЗО 

 

Витебский активист Консервативно-христианской партии — БНФ Сергей Коваленко продолжает голодовку, которую возобновил 8 травня.

Как сообщила БелаПАН  жена оппозиционера Елена Коваленко, 16 травня с Сергеем встречался адвокат.

— Сергей ощущает слабость. Он вновь начал терять вес, сейчас весит около 60 килограммов. Кроме того, он замечает у себя признаки сахарного диабета, который мог быть вызван принудительным вводом глюкозы во время голодовки, — рассказала Елена Коваленко.

Она получила психологическую характеристику Сергея, сделанную во время обследования в Республиканском научно-практическом центре психического здоровья в Новинках. Как следует из характеристики, нарушений у ее мужа не выявлено.

Как сообщалось ранее, 18 травня в Витебском областном суде возобновится рассмотрение кассационной жалобы Сергея Коваленко.

— Я постараюсь попасть на заседание, но подозреваю, что в суд приведут посторонних людей и процесс сделают фактически закрытым. Особой надежды на справедливое решение суда я не питаю, — заявила жена оппозиционера.

 

"Харыя’97"

 

 

18 траўня 2012 р.

Касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі не задаволілі

 

18 траўня Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу на рашэньне Першамайскага райсуду, які прысудзіў Сяргею Каваленку 2 рокі зьняволеньня. Каля суда была затрыманая жонка Сяргея Алена Каваленка.

05:40 Алена Каваленка разам з актывісткай "Эўрапейскай Беларусі" Аленай Семенчуковай і стрыечным братам Сяргея рабілі на асфальце надпіс "Свабоду Сяргею Каваленку!" Такім чынам яны хацелі выказаць салідарнасьць зь вязьнем, які другі раз распачаў галадоўку пратэсту. Аднак іх затрымалі.

— Нас затрымалі міліцыянты, якія ўжо ад самага ранку пільна ахоўвалі судовы будынак. У Алены Каваленкі забралі фотаапарат, нас павезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, — пасьпела паведаміць актывістка Алена Семенчукова. Праз 15 хвілін пасьля затрыманьня ейны тэлефон ужо не адказваў.

Праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што з самай раніцы ў будынку абласнога суду сабраліся міліцыянты, якія мусяць стварыць "масоўку" — запоўніць судовую залю, каб была нагода сказаць усім астатнім, што вольных месцаў няма. Такая практыка пачала шырока прымяняцца ў Віцебску, а "выпрабавалі" яе менавіта падчас судовага працэсу над Сяргеем Каваленкам у Першамайскім райсудзе.

— Ужо ўчора, 17 траўня, у абласным судзе была ўзмоцненая ахова. Мне ледзьве давялося прабіцца, каб трапіць у будынак. Я заносіў патрабаваньне да судовай калегіі па крымінальных справах, каб спынілі судовы перасьлед Сяргея Каваленкі. Да патрабаваньня прыладзены маніторынг судовага працэсу над Сяргеем Каваленкам Першамайскім райсудзе, зроблены віцебскімі праваабаронцымі, і там зафіксавана некалькі дзесяткаў парушэньняў, — апавёў Павал Левінаў.

09:45 У залю суда пусьцілі ня ўсіх жадаючых. Вядома, што туды патрапіў намесьнік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі.

10:25 Алена Семенчукова паведаміла паплечнікам па тэлефоне, што іх зьбіраюцца павесьці ў суд Кастрычніцкага раёна. На Алену Каваленку складаецца пратакол.

11:05 Юрась Беленькі распавёў, што ў залю суду не пусьцілі маці Сяргея Каваленкі. Заля была запоўненая міліцыянтамі ў цывільным. Апроч іх былі бацька Каваленкі, а таксама Юрась Беленьні і Алесь Чахольскі. Суд адхіліў хадайніцтва аб дастаўцы на працэс Сяргея Каваленкі.


— Адвакаты падтрымалі хадайніцтва. Аднак пракурор сказаў, што раней усё было дасьледавана, таму, маўляў, наўрад ці што новага мы пачуем ад Сяргея Каваленкі. Пасьля перапынку суд падтрымаў пракурора.


Таксама пракурор заявіў, што стан здароўя Каваленкі не пагоршыўся.


У перапынку бацька Сяргея Каваленкі заявіў пракурору, што Сяргей важыць 45 кіляграмаў, паказаў фатаздымак і сказаў: "Паглядзіце, у яго рукі як запалкі. Ці ёсьць у вас сумленьне?" Пракурор і прысутныя ў залі маўчалі.


Адвакаты аргумэнтавана паказалі незаконнасьць прысуду. Пракурор заявіў, што нібыта "быў намер". Пасьля нарады суд абвясьціў сваё рашэньне. Юрась Беленькі паведаміў, што рашэньне суду будзе абскарджвацца далей.


— Я ім гучна сказаў, што вы чакаеце суду Божага. Бо за такое будзе суд. Апусьціўшы галовы, калегія разам з пракурорам сышлі з залі.

 

 

Amnesty International ня ўпэўненыя ў справе Каваленкі

 

Арганізацыя Amnesty International агучыла заяву, у якой тлумачыць, чаму не змагла прызнаць Сяргея Каваленку вязьнем сумленьня.

"Прычына таго, што Amnesty International не змагла прызнаць Сяргея Каваленку вязьнем сумленьня, у тым, што арганізацыя не была ў стане, праз адсутнасьць сьведкаў, устанавіць з упэўненасьцю, ці Сяргей Каваленка гвалтоўна не супраціўляўся падчас арышту 7 студзеня 2010 году", — гаворыцца ў заяве, якую мы атрымалі ад прэсавай прадстаўніцы Amnesty International Лідыі Ароя.

Заява тлумачыць, што Amnesty International прызнае вязьнямі сумленьня толькі такіх асоб, у дачыненьні да якіх устаноўлена з упэўненасьцю, што іх зьняволілі за мірнае ажыцьцяўленьне права на свабоду выказваньня.

Amnesty International прызнае, што ў выпадку Сяргея Каваленкі існуюць падставы, каб меркаваць, што ён можа кваліфікавацца як вязень сумленьня. Тым ня менш, сёньняшняя заява адзначае:

"Але калі б Amnesty International грунтавалася б у сваіх высновах адносна таго, ці дадзеная асоба зьяўляецца вязьнем сумленьня, выключна на дапушчэньні, што дзяржаўныя службовыя асобы рэпрэсіўных рэжымаў заўсёды не гавораць праўды, гэта падарвала б давер да сьцьверджаньняў арганізацыі".

У заяве таксама даецца рэакцыя на галасы расчараваньня, якія прагучалі на адрас Amnesty International з нагоды справы Каваленкі:

"Былі зробленыя дапушчэньні, што няздольнасьць Amnesty International прызнаць Сяргея Каваленку вязьнем сумленьня сьведчыць, што арганізацыя прымае на веру сказанае беларускімі ўладамі, а больш канкрэтна, міліцыянтамі, датычнымі да справы. Аднак Amnesty International зусім ня кажа, што Сяргей Каваленка не зьяўляецца вязьнем сумленьня. Amnesty International кажа толькі, што ня можа з упэўненасьцю заявіць, што ён ім дакладна зьяўляецца".

 

 

Каваленка — палітычны вязень

 

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International адказала адмовай на афіцыйную просьбу дэпутата Эўрапарлямэнту Марэка Мігальскага прызнаць Сяргея Каваленку вязьнем сумленьня. Пры гэтым дырэктар праграмы Amnesty International у Эўропе і Цэнтральнай Азіі Джон Дальхузен, заявіў у сваім лісьце Мігальскаму, што яго арганізацыя будзе працягваць сачыць за справай Каваленкі і пры неабходнасьці ўмешвацца.

У размове бярэ ўдзел сябра Рады праваабарончага цэнтру "Вясна" Тацяна Равяка.

— Тацяна, як вы мяркуеце, паводле якіх крытэраў "Міжнародная амністыя" адмовілася прызнаць Каваленку вязьнем сумленьня?

— У Amnesty International распрацаваныя вельмі дакладныя крытэрыі. Арганізацыя падзяляе ў шырокім сэнсе палітвязьняў на дзьве вялікія групы. Вязьні сумленьня — людзі, свабода якіх абмежаваная турэмным ці іншым спосабам, выключна з-за палітычных, рэлігійных і іншых перакананьняў, полу, расы, мовы, сэксуальнай арыентацыі і г.д., і такімі вязьнямі ня могуць быць прызнаныя людзі, якія зьвяртаюцца да гвалту, прапагандуюць гвалт ці варожасьць. Вось гэтае вызначэньне вязьняў сумленьня Amnesty International. І — палітычныя вязьні. Гэта ці матывы дзеяньня самога зьняволенага былі палітычныя, ці палітычнымі дзеяньнямі былі ўладаў у дачыненьні да гэтага чалавека. Так што гэта крыху розныя азначэньні. Я думаю, што ў адносінах да справы Сяргея Каваленкі асноўнае значэньне адыграла тое, што акрамя таго, што ён абвінавачваўся ў хуліганстве, як быў расцэнены крок па вывешваньні бел-чырвона-белага сьцягу на навагодняй ёлцы, другое — абвінавачваньне было зьвязанае з супраціву работнікам міліцыі, гэта артыкул 163 КК. І тое, што трое супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі Сяргея, нават патрабавалі кампэнсацыі нанесенай шкоды, што Сяргей наносіў ім адзінкавыыя ўдары. Я думаю, што азначямленьне з гэтымі асьпэктамі справы Сяргея Каваленкі і адыграла для У Amnesty International асноўную ролю ў прызнаньні альбо непрызнаньні яго вязьнем сумленьня.

— Гэта канчатковае рашэньне?

— Мне цяжка казаць пра Amnesty International , гэта паважаная арганізацыя, якая шмат гадоў працуе ў гэтым накірунку. Мне з беларускіх прыкладаў невядомыя такія выпадкі, калі яны мянялі сваё рашэньне. У прынцыпе, для Беларусі не характэрна, калі да палітычных абвінавачваньняў інкрымінуюцца яшчэ і гвалтоўныя дзеяньні, такія выпадкі можна пералічыць па пальцах адной рукі. Гэта справа Сяргея Парсюкевіча, справа Андрэя Кіма, якіх абвінавацілі, што нібыта выкарыстоўвалі гвалт да міліцыянтаў, але гэтыя сытуацыі нават у судзе не былі даказаныя, грунтаваліся толькі на паказаньнях саміх супрацоўнікаў міліцыі. І мы заўсёды ў размовах з калегамі на гэта зьвяртаем увагу - што сьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі не заўсёды ёсьць праўда, на якую можна абапірацца. Вельмі часта гэта можа быць наадварот, як у гісторыі з Каваленкам. На судзе супрацоўнікі міліцыі цалкам адвяргалі, што Каваленка зьбіваўся пад час затрыманьня. Але разам з тым судова-мэдычная экспэртыза пацьвердзіла, што ён быў зьбіты у часе  затрыманьня. Фактычных доказаў, што ён аказваў супраціў работнікам міліцыі, няма, акрамя толькі паказаньняў саміх супрацоўнікаў. У такой сытуацыі, мне здаецца, варта больш дакладна падыходзіць да канкрэтнай справы, вывучаць сытуацыю ў краіне, у якой выносіцца падобнае судовае рашэньне.

— Міжнародная амністыя таксама адмовілася прызнаваць Мікалая Аўтуховіча вязьнем сумленьня падчас ягонай другой адседкі. Падчас першага яго зьняволеньня разам з Аляксандрам Васільевым таксама напачатку "Міжнародная амністыя"  не прызнавала іх вязьнямі сумленьня, але праз некалькі гадоў зьняволеньня ўсё ж прызнала. Што паўплывала на рашэньне міжнароднай праваабарончай арганізацыі ў гэтым выпадку?

— Думаю, адсутнасьць самога абвінавачваньня, у сувязі з чым было вынесенае гэтае рашэньне — зброя, патроны, якія захоўваліся ў Аўтуховіча. І Amnesty International  не рашылася такую спрэчную справу, дзе відавочна было захоўваньне зброі — лічыць чалавека вязьнем сумленьня. Магчыма, тут выявіўся абмежаваны падыход, але Amnesty International мае свае крытэрыі, мае права іх выкарыстоўваць. Мы можам пагаджацца ці не, але яны маюць права выказваць сваё меркаваньне.

— Давайце вернемся да Плошчы-2010. Амаль праз тыдзень пасьля 19 сьнежня Міжнародная амністыя прызнала вязьнямі сумленьня шэраг палітыкаў, у тым ліку Рыгора Кастусёва, Аляксандра Арастовіча,а многіх іншых удзельнікаў Плошчы, якія атрымалі па некалькі гадоў турмы, як напрыклад Аляксандра Квяткевіча, Уладзімера Лобана, Аляксандра Класкоўскага так і не прызнала. Чаму?

— Думаю, зноў жа аналізавалася сама сутнасьць справы і прад'яўленых абвінавачваньняў. Мы, калі гаворым пра справу 19 сьнежня, не адмаўляем, што ў дзеяньнях некаторых людзей, якія ў тым ліку былі асуджаныя, былі прыкметы правапарушэньняў. Але мы кажам, што справа абсалютна матываваная, што дзеяньні ўлады былі матываваныя, і непрапарцыйнымі. Няправільна было выстаўлена абвінавачваньне — гэта не былі "масавыя беспарадкі". А тое, што ў дзеяньнях некаторых людзей былі прыкметы правапарушэньняў, дык гэта і нам відавочна.

— А наколькі важна, каб менавіта Міжнародная амністыя прызнавала зьняволенага вязьнем сумленьня? Чым яна рэальна можа дапамагчы беларускім вязьнямі?

— Калі вядзецца размова пра тое, прызналі вязьнем сумленьня ці не — гэта меркаваньне ўсяго толькі адной праваабарончай, вельмі ўплывовай — але толькі адной арганізацыі, якая кіруецца сваімі крытэрыямі. Ёсьць яшчэ крытэрыі, выпрацаваныя рознымі інстытутамі Рады Эўропы, Human Rights Watch, і мы , калі разглядаем справы, карыстаемся ўсімі гэтымі крытэрыямі. Amnesty International. Канешне, Amnesty International аказвае дапамогу ў пляне ціску на міжнародныя інстытуцыі, якія прымаюць рашэньні ў дачыненьні да Беларусі. Гэта вельмі важнае меркаваньне, але разам з тым, гэта толькі меркаваньне адной праваабарончай арганізацыі. У сваю чаргу, беларускія праваабаронцы адназначна сьцьвярджаюць, што Сяргей Каваленка — гэта палітычны вязень. І ягоныя дзеяньні дыктаваліся ягонымі перакананьням. А аказваў ці не аказваў ён супраціў пры затрыманьні — гэта мы лічым недаказаным.  І мы патрабуем безумоўнага і неадкладнага вызваленьня. Гэта пазыцыя і іншых ня толькі беларускіх, але і міжнародных арганізацый, якія патрабуюць вызваленьня беларускіх палітвязьняў.

 

Ганна Соўсь

"Радыё Свабода"

 

 

20 траўня 2012 р.

Каваленку вывезьлі ў невядомым накірунку

 

Сяргей Каваленка этапаваны зь віцебскага сьледчага ізалятара № 2 невядома куды, паведаміла "БелаПАН" ягоная жонка.

— Спрабавала дамагчыся спатканьня.  Спатканьня не далі, сказаўшы, што нібыта не прыйшлі нейкія дакумэнты Хоць па законе нам спатканьне павінны даць.  Сёньня (на  вечар 19 траўня — "Свабода") я прыйшла, а мне кажуць: яго тут ужо няма ... — распавяла Алена Каваленка.

У якую калёнію этапаваны муж, ёй не паведамілі. Алена Каваленка адзначыла, што, калі падыходзіла да СІЗА, адтуль выяжджалі чатыры машыны, якімі звычайна адпраўляюць зьняволеных на этап.

— Магчыма, Сяргей быў у адной зь іх, — выказала здагадку яна. — У панядзелак адвакат будзе высьвятляць, куды яго павезьлі.

 

"Радыё Свабода", паводле "БелаПАН"

 

 

Стоять, с...ки, будем стрелять!

 

Как витебские милиционеры арестовывали жену политзаключенного.

Утром 18 мая возле здания областного суда в Витебске, где должно было возобновиться рассмотрение кассационной жалобы Сергея Коваленко, задержали его жену Елену Коваленко и двоюродного брата, а также активистку гражданской кампании "Европейская Беларусь" Елену Семенчукову.

— Подъехала машина с милиционерами, они выскочили из автомобиля, начали кричать: "Стоять, с...ки! Будем стрелять!", Что меня очень удивило и поразило. — рассказывает "Белсату" Елена Коваленко. — Нас держали более семи часов, сначала в Октябрьском РОВД, потом завезли в какой-то опорный пункт, там с нами разговаривали два гэбэшника. Кстати, одного из них я узнала: он был во время нашей последней акции, стоял на остановке и отзванивался кому-то.

 

"Хартыя’97"

 

 

21 траўня 2012 р.

Каваленку этапавалі ў магілёўскую калёнію № 19

 

Якія парадкі чакаюць Сяргея Каваленку ў "Белым лебедзі"?

Для адбыцьця пакараньня актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку зьмясьцілі ў магілёўскую калёнію № 19, вядомую ў народзе як былы ЛТП "Белы лебедзь".

21 траўня маці вязьня Лідзія Каваленка атрымала ў віцебскай управе Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў зьвесткі пра тое, куды накіравалі яе сына Сяргея для адбыцьця пакараньня:

— Я была там у СІЗА і паўсюль. Мне сказалі, што яго накіравалі ў Магілёўскую калёнію № 19. Гэта пакуль усе зьвесткі.

19 траўня Сяргея Каваленку накіравалі па этапе зь Віцебскага СІЗА, але куды дакладна — не паведамлялі. Сёньня апоўдні жонка Сяргея Каваленкі Алена ўжо званіла ў Магілёўскую 19-ю калёнію, дзе ёй пацьвердзілі, што яе муж там:

— Я ўжо туды тэлефанавала сама. Там ён. Але падрабязна яны нічога не распавялі. Ані пра стан здароўя, ані пра галадоўку. Толькі сказалі, што ў іх, у карантыне.

Больш пэўныя зьвесткі пра стан здароўя мужа і тое, ці працягвае ён галадоўку, Алена Каваленка спадзяецца атрымаць ад адваката.

Які ўмовы ўтрыманьня чакаюць Сяргея Каваленку ў 19-й Магілёўскай калёніі? У гэтай калёніі летась цягам некалькіх месяцаў адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітрый Вус. Паводле яго, да палітычных вязьняў там стаўленьне нармальнае як з боку вязьняў, гэтак і адміністрацыі. Усяго ў калёніі ад 900 да 1000 вязьняў, сярод якіх ёсьць і рабаўнікі, і забойцы. Штомесяц праходзяць камісіі па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні і колькасьць вязьняў зьмяншаецца, але хутка калёнія папаўняецца новымі асуджанымі, і ўсё паўтараецца зноў, успамінае Дзьмітрый Вус:

— Раней там быў лячэбна-працоўны прафілякторый. "Белы лебедзь" клічуць гэтую калёнію, як раней называлі ЛПП. Там нават ёсьць скульптура лебедзя, яшчэ захавалася на тэрыторыі. Начальнікам калёніі там Чарноў, калі не замянілі. Вязьні працуюць на дрэваапрацоўцы, зьбіваюць паддоны. Ёсьць швачны цэх, ёсьць цэх, дзе плятуць гамакі. Мне там давялося працаваць. Але заробкі там вельмі малыя. Па 10 тысяч. Толькі на швачнай вытворчасьці, калі добра працаваць, можна зарабіць тысяч 100 — гэта максымум.

Паводле Дзьмітрыя Вуса, харчаваньне ў Магілёўскай 19-й калёніі не адзначаецца асаблівай разнастайнасьцю:

— Звычайна харчаваньне — бульба. Давалі яшчэ перамолатыя рыбныя косткі, як даюць собалям ды норкам. Затое варанае яйка — кожнай раніцай. Карацей, сярэдняе харчаваньне. Тлушчу не набярэш, але і з голаду не памрэш.

— А як там ставяцца да тых, хто галадуе на знак пратэсту, вось як Сяргей Каваленка? Пагражае яму прымусовае вывядзеньне з галадоўкі ці неяк інакш да яго паставяцца?

— Там усім кіруе адміністрацыя, таму калёнію і называюць "чырвонай". Там ёсьць такія вязьні, які актыўна дапамагаюць адміністрацыі. Бо ёсьць жа сыстэма паблажак — званкі дамоў, "атаварка", дадатковыя спатканьні. Калі адміністрацыя атрымае загад "прэсаваць" Каваленку, яны дадуць каманду "фас" гэтым вязьням, якія супрацоўнічаюць, і тыя могуць рабіць нешта дрэннае. Ня ўсе вязьні, але некаторыя гэтым будуць займацца.

 

"Радыё Свабода"

 

 

22 траўня 2012 р.

Каваленка спыніў галадоўку пратэсту

 

Сяргея Каваленку ў Магілёўскай калёніі № 19 упершыню наведаў адвакат.


Жонка вязьня Алена Каваленка распавяла "Свабодзе":

— Стала вядома, што як толькі Сяргея прывезьлі ў калёнію, ён галадоўку спыніў. Зараз знаходзіцца ў карантыне, чакае разьмеркаваньня ў атрад. Яму выдалі турэмную вопратку. Ніякіх дасьледаваньняў ягонага стану здароўя не праводзілася, таму нічога сказаць на гэты конт не магу, — сказала Алена Каваленка.

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка пакараны 2 рокамі і месяцам зьняволеньня за парушэньне парадку адбыцьця хатняй "хіміі", якую ён атрымаў пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. У траўні Віцебскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі, але пакінуў прысуд бязь зьменаў. 20 траўня Сяргея Каваленку для адбыцьця пакараньня прывезьлі ў магілёўскую калёнію № 19.

У зьняволеньні Сяргей Каваленка знаходзіцца з 19 сьнежня 2011 року, тады ж ён пачаў галадоўку пратэсту супроць перасьледу. Актывіст галадаваў зь перапынкам на 20 дзён да канца сакавіка, а потым зноў галадаваў з 8 траўня.

 

Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

2 чэрвеня 2012 р.

У политзаключенного Сергея Коваленко в тюрьме отекли ноги


Об этом сообщил адвокат после встречи с заключенным.

С Сергеем Коваленко в Могилевской колонии встретилась адвокат. Среди неприятных новостей — жалоба заключенного на ухудшение здоровья, передает "Радыё Свабода".

— Со здоровьем продолжаются у него проблемы. Жаловался, что начали отекли ноги. Будет советоваться со специалистами, из-за чего это может быть. Скорее всего, это проблемы сердечно-сосудистой системы. Получил мое письмо, но не получил телефонную карточку, которую я передавала. Поэтому пока никаких телефонных звонков от него не будет, хотя сказал, что написал заявление. Еще неделю он будет находиться в карантине, потом его переведут в отряд. И сказал, что на следующей неделе сообщит мне, когда я смогу к нему приехать на свидание. Просил, чтобы я обязательно приехала с детьми, — говорит жена политзаключенного Елена Коваленко.


"Хартыя’97"

 


2 ліпеня 2012 р.

Міліцыя пра здымку Сяргея Каваленкі ў турме: "Гэта была правакацыя супраць нас"


Пракуратура адмовілася распачынаць крымінальную справу адносна абыходжаньня з Сяргеем Каваленкам ў віцебскім СІЗА № 2.

Віцебская пракуратура адмовіла ў завядзеньні крымінальнай справы паводле скаргі на турэмшчыкаў Сяргея Каваленкі зь віцебскага СІЗА № 2. Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка вязьня Алена Каваленка, якая атрымала адказы з пракуратуры.

Там палічылі, што супрацоўнікі сьледчага ізалятару не парушылі закон, калі выводзілі Сяргея Каваленку з працяглай галадоўкі, даючы яму, не дыетычную, а звычайную ежу. Таксама правяраючыя не знайшлі падставаў для завядзеньня крымінальнай справы ў тым, што ў сьледчым ізалятары Сяргей Каваленка быў тайна зьняты на відэа, а потым гэтыя кадры аказаліся ў інтэрнэце. Сяргей Каваленка палічыў, што відэа яго скампрамэтавала і распачаў яшчэ адну працяглую галадоўку, з якой яго выводзілі прымусова. Алена Каваленка таксама мяркуе, што мужа справакавалі на галадоўку і гэта ёсьць службовым злачынствам супрацоўнікаў СІЗА. Правяраючыя з пракуратуры палічылі інакш.

— Паведамілі, што відэазапіс на тэрыторыі рэжымнага аб’екта строга забаронены. Пра гэта ўсім супрацоўнікам паведамілі пад росьпіс, але яны лічаць, што той відэазапіс быў правакацыяй супраць іх, супрацоўнікаў СІЗА№ 2. А хто зрабіў відэазапіс, правяраючыя нават ня высьветлілі.


Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

25 ліпеня 2012 р.

Каваленку прымусілі напісаць прашэнне аб памілаванні


З палітвязнем Сяргеем Каваленкай у турме сустрэліся бацька Аляксандр і брат Віталь. Бачыліся яны са зняволеным адны суткі, перадае "Радыё Свабода".

Як паведаміў Аляксандр Каваленка, статус злоснага парушальніка рэжыму яго сын атрымаў за тое, што не своечасова лёг на ложак і адмовіўся мыць туалет. Сярод асуджаных прыбіраць туалет лічыцца зневажальнай працай, таму ён адмовіўся яе выконваць.

На пытанне аб прашэнні аб памілаванні Аляксандр Каваленка адказаў, што сын напісаў толькі адзін радок: "Прашу вызваліць мяне".

Паводле слоў Аляксандра, сын не прызнаў сваёй віны. Адміністрацыя прапаноўвала напісаць прашэнне аб памілаванні прыкладна месяц таму. Палітвязень не спадзяецца на хуткае вызваленне, бо для гэтага трэба замова адміністрацыі калоніі.

— А яе Сяргей не чакае, так як яго зрабілі злосным парушальнікам, — адзначыў Аляксандр Каваленка.

У калоніі не прынялі лекі для Сяргея Каваленкі, якія прывезлі сваякі. Сказалі адпраўляць пасылкай. Супраць гэтага, па словах сваякоў, выступіў начальнік медыцынскай часткі калоніі.

У калоніі працягваецца спатканне палітвязня з жонкай Аленай і сынам Валянцінам. Яно завершыцца 27 ліпеня. Малодшую дачку Сяргея Каваленкі Вікторыю са спаткання забралі з сабой брат і бацька. Па іх словах, ёй цяжка знаходзіцца з бацькам ва ўмовах калоніі. Пакуль сваякі размаўлялі з журналістамі, малышка капрызнічала.


"Хартыя’97"

 

 

31 жніўня 2012 р.

Сяргей Каваленка адмовіўся прызнаваць сябе вінаватым


Сяргей Каваленка паведаміў у лісьце да жонкі, што пасьля таго, як ён напісаў прашэньне аб памілаваньні, да яго зноў прыяжджалі з пракуратуры і дамагаліся, каб ён прызнаў сябе вінаватым і ў нападзе на міліцыянта.

— Сяргей адмовіўся. Ён працягвае настойваць на тым, што гэта яго зьбілі міліцыянты, калі ён зьлез з навагодняй ёлкі пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга. А тое, што нібыта ад Сяргея пацярпеў міліцыянт, — хлусьня, — распавяла жонка палітвязьня Алена Каваленка.

У ліпені стала вядома, што месяцам раней Сяргей Каваленка падпісаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лука-кі. Паводле вязьня, гэта адбылося пасьля шматлікіх размоваў з супрацоўнікамі адміністрацыі і ціску, які выявіўся ў прычэпках і спагнаньнях, у тым ліку ў пакараньні карцэрам.

— У прашэньні Сяргей выклаў толькі просьбу яго памілаваць, больш нічога. Відаць, такі тэкст некага наверсе не задаволіў, і ад яго сталі патрабаваць прызнаньня віны. А калі Сяргей адмовіўся, зноў кінулі ў карцэр, — кажа Алена Каваленка.


Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

12 верасьня 2012 р.

Сяргея Каваленку вызвалілі ад працы па стане здароўя


Сяргея Каваленку ў Магілёўскай калёніі наведаў адвакат. Жонка палітвязьня Алена Каваленка кажа, што торбу з асабістымі рэчамі Сяргея, якую ён не знайшоў, калі на мінулым тыдні выйшаў з мэдычнай частцы, так і не змаглі адшукаць.

— Яму са складу выдалі цёплыя рэчы, але тая торба канчаткова нібыта зьнікла, — кажа Алена Каваленка. — Што гэта яшчэ, як не правакацыя? Усе кажуць, што нічога ня ведаюць, але ж гэта закрытая ўстанова — як такое можа быць? Лічу, што гэта такая яму помста, ствараюць дадатковыя праблемы. На волі непрыемна, калі зьнікаюць рэчы, у турме — утрая.

Таксама Алене Каваленцы стала вядома, што з-за пагаршэньня здароўя Сяргея вызвалілі ад працы.

За час зьняволеньня Сяргей Каваленка тройчы трымаў працяглыя галадоўкі пратэсту, падчас якіх страчваў шмат вагі. Два тыдні таму Каваленка адбыў чарговы тэрмін у карцэры. Актывіст КХП БНФ асуджаны на год і месяц зьняволеньня за парушэньні парадку адбыцьця "хатняй хіміі", прысуджанай яму пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.


Алег Грузьдзіловіч

"Радыё Свабода"

 

 

27 верасня 2012 р.

Сяргей Каваленка — вызвалены!


Вызваленьне Сяргея пацьвердзіла ягоная маці, спадарыня Лідзія, якой мы датэлефанаваліся а 6-ай раніцы. Паводле словаў маці, пасьля вызваленьня Сяргей і ягоная жонка Алена прыехалі да яе. Паўночы Сяргей распавядаў, быў стомлены.

Як мы раней паведамлялі, у  чэрвені Сяргей Каваленка падпісаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лука-кі. Паводле вязьня, гэта адбылося пасьля шматлікіх размоваў з супрацоўнікамі адміністрацыі і ціску, які выявіўся ў прычэпках і спагнаньнях, у тым ліку ў пакараньні карцэрам.

— У прашэньні Сяргей выклаў толькі просьбу яго памілаваць, больш нічога. Відаць, такі тэкст некага наверсе не задаволіў, і ад яго сталі патрабаваць прызнаньня віны. А калі Сяргей адмовіўся, зноў кінулі ў карцэр, — патлумачыла Радыё Свабода  Алена Каваленка.

Актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка адбываў рок і месяц зьняволеньня за парушэньне правілаў адбыцьця "хатняй хіміі", якую атрымаў пасьля вывешваньня нацыянальнага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 роке. Трымалі яго ў ў Магілёўскай калёніі.


Сяргей Навумчык

 

 

Сяргей Каваленка: Турма мяне не зламала і не зьмяніла


Пасьля памілаваньня палітвязень Сяргей Каваленка вярнуўся ў сям’ю. Сёньня апоўначы ў Віцебску яго сустрэлі родныя, жонка Алена, дачка і сын. Бяссонная ноч прайшла ў размовах.

Пасьля кароткага адпачынку Сяргей Каваленка даў інтэрвію "Радыё Свабода". Перад гэтым ён дастаў і павесіў на сьцяне бел-чырвона-белы сьцяг.

Сяргей Каваленка аднавіў вагу пасьля сваіх галадовак. Цяпер ён зноў важыць 90 кіляграмаў. Падчас суду яго вага складала 60 кіляграмаў, а пасьля прысуду на лячэньні ў турэмным шпіталі — 45. Цяпер трэба аднавіць здароўе, хоць ніякіх скаргаў Сяргей ня мае:

— Я сябе добра адчуваю, нават кросы бегаў па лякалцы на ПК-19. Але я дасьледаваньняў не праходзіў. У мяне быў гепатоз печані ад галадоўкі. Калі мы там у футбол гулялі, я адчуваў, што ня так атрымліваецца, як раней, у мяне. Па фізычных рухах здароўе ў мяне яшчэ ня так аднавілася, але з кожным днём аднаўляецца.

Сяргей Каваленка пасьля затрыманьня ў сьнежні 2011 року галадаў агулам каля трох месяцаў, скінуў вагу да той, якую меў у 5-й клясе:

— Я дайшоў да 45 кіляграм. У мяне быў жывот сіне-фіялетавы і ногі сіне-фіялетавыя, адмірала ўсё. Лекары не маглі ў мяне вену знайсьці. І пры гэтым сябе добра, нармальна адчуваў псыхалягічна.

У турме ягоную галадоўку імкнуліся падаць як псыхічныя праблемы, што ён нібыта хацеў пахудзець:

— Я кажу: гэта палітычная галадоўка, супраць вашага "бязьмежжа"... А ў Навінках сказалі: калі не перастанеш галадаць — мы цябе тут пакінем.

Калі Сяргей пачаў есьці — вага набралася па кіляграму ў дзень.

Сяргей кажа, што напісаў заяву на імя Лука-кі аб памілаваньні 25 чэрвеня гэтага году. У звароце не было прызнаньня віны, толькі некалькі словаў: "Прашу вас мяне памілаваць". Сяргей кажа, што яго схілялі напісаць такі зварот, угаворвалі, кідалі ў штрафны ізалятар агулам на 34 дні:

— Ішлі правакацыі, адна за адной. Першы раз 10 сутак быў. Другі раз 9 сутак далі, потым 7 сутак дадалі, і яшчэ.

Як кажа Сяргей, сукамэрнікі ставіліся да яго ў асноўным пазытыўна, віталі, калі выгукваў "Жыве Беларусь!". За час зьняволеньня са сьнежня 2011 року яго ніхто ня ўдарыў, кажа Сяргей, але псыхалягічна ціснулі. Затое ён адчуваў падтрымку з волі.

Сяргей кажа, што турма і калёнія яго не зьмянілі і не зламалі. Ён зьбіраецца заставацца ў палітыцы, у Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, зноў зьбіраецца выходзіць зь бел-чырвона-белым сьцягам.

— Я палітыкай займаюся, бо я нясу ідэі. Сымбаляў, годнасьці, што нашая дзяржава — гэта вялікая Беларусь.

Сяргей Каваленка зазначыў, што пасьля вяртаньня на волю зьбіраецца займацца будаўнічым бізнэсам і больш часу прысьвяціць выхаваньню дзяцей: сямігадовага Валіка і аднагадовай Вікі.


Валер Каліноўскі

 

 

Каваленка — мужны чалавек, які ўжо ўвайшоў у гісторыю


"Хімік" Павал Севярынец павіншаваў Сяргея Каваленку з вызваленьнем і пракамэнтаваў магчымасьць хуткага выхаду на волю іншых палітвязьняў.

— Вельмі добра, што Сяргей выйшаў. Гэта добра для яго, для ягонай сям’і. Гэта вельмі мужны чалавек, а ягоны ўчынак ужо стаіць у гісторыі Беларусі.

Што да вызваленьня іншых, мяркую, там сапраўды ідуць нейкія зрухі. А вось як будуць адпускаць? На мой погляд, зыходзячы з таго, што было год раней, будзе ён адпускаць па адным палітвязьні праз тыдні два, каб за гэты час правесьці нейкія перамовы, чарговы торг. Калі торг удаецца, тады выпускаць яшчэ аднаго. Гэта як гурман, які атрымлівае асалоду ад кожнага кавалачка. Вось так, па кавалачку палітвязьняў будзе прадаваць.

Асабіста ў мяне зрухаў я не назіраю, але гэтак ужо паўтара рока — у падвешаным стане. Ад супрацоўнікаў камэндатуры маё вызваленьне не залежыць, іх саміх інфармуюць у апошнюю чаргу.


Алег Грузьдзіловіч

 

 

ПА АБСЭ вітае вызваленьне Каваленкі


Парлямэнцкая асамблея Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе прывітала вызваленьне Сяргея Каваленкі, выказваючы адначасова заклапочанасьць лёсам іншых палітзьняволеных.

— Мы вітаем навіну аб вызваленьні Каваленкі, але застаемся моцна занепакоеныя лёсам іншых вязьняў, якія адбываюць жорсткія прысуды, як Алесь Бяляцкі і Зьміцер Дашкевіч — чые штораз цяжэйшыя ўмовы ўтрыманьня выклікаюць сур’ёзную заклапочанасьць, — заявіў Матэа Мэкачы, старшыня камісіі ПА АБСЭ ў справе дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях, які нядаўна кіраваў кароткатэрміновай місіяй назіральнікаў АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі.

— Мы спадзяемся, што гэта сьведчыць аб некаторым прагрэсе. Мы спадзяемся, што вызваленьне гэтых зьняволеных і дазвол іншым палітычным зьняволеным сустракацца з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасьці будзе распаўсюджвацца на тых, хто застаецца за кратамі, асуджаны паводле палітычна матываваных абвінавачваньняў, — дадаў Мэкачы, маючы на ўвазе наведваньне папскім нунцыем шасьцёх палітвязьняў у Беларусі, адным зь якіх быў вызвалены Сяргей Каваленка.

— Мы паўтараем наш зварот да ўладаў вызваліць і рэабілітаваць усіх асобаў, затрыманых і асуджаных за палітычную дзейнасьць у Беларусі з 2010 року, — сказаў старшыня ПА АБСЭ Рыкарда Мільёры.

 

 

Зянон Пазьняк: Прыйдзецца выпускаць усіх


Вызваленьне палітвязьня Сяргея Каваленкі камэнтуе старшыня партыі КХП-БНФ, лідэр фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня Зянон Пазьняк:

— Сяргей Каваленка напісаў літаральна чатыры словы: "Прашу вызваліць з турмы". І ўсё. Яны яго катавалі, саджалі ў карцэр, каб ён прызнаў сябе вінаватым. Ён не прызнаў. Таму што ён вінаватым ня ёсьць. Вінаватым ёсьць Лука-ка і гэты рэжым, зь якім ён змагаўся.

І тое, што яны вымушаныя былі выпусьціць Каваленку, гэта сьведчаньне аб тым, што яны ня маюць той сілы, якую яны хацелі прадэманстраваць.

Прыйдзецца выпускаць усіх. Таму што 23 верасьня празьвінеў званочак, што народ, людзі адвярнуліся ад гэтага рэжыму. І працэс гэты ўжо незваротны. Яго ўжо не падтрымліваюць. Яму ніхто ня верыць. На галасаваньне хадзілі толькі старыя людзі і тыя, каго прымусілі пад страхам звальненьня з працы альбо з вучобы. Таму гэта ніякае не праяўленьне псэўдасправядлівасьці, гэта не праяўленьне міласьці ўзурпатара, а гэта праяўленьне таго, што ён вымушаны будзе гэта рабіць. Яго час канчаецца і расплата набліжаецца.

 

"Радыё Свабода"

 

 

Лука-ка памілаваў Сяргея Каваленку


Вязня выпусцілі з магілёўскай калоніі 26 верасня каля 20:00 і пасадзілі на цягнік да Віцебска. А на вакзале ў родным горадзе яго сустрэлі жонка, сын і сваякі

Больш за год зняволення Сяргей Каваленка адбыў за парушэнне ўмоваў "хатняй хіміі". У чэрвені актывіст КХП-БНФ напісаў прашэнне аб памілаванні, якое задаволіў Лука-ка.

Па звестках Сяргея Каваленкі, 26 верасня на волі мусіць апынуцца і Павел Сырамалотаў, асуджаны па "справе анархістаў". Павел быў арыштаваны ў студзені 2011 рока за спробу падпаліць бабруйскі КДБ, а ў ліпені таксама напісаў прашэнне аб памілаванні.


"Еўрарадыё"

 

 

Сергей Коваленко освобождён


Политзаключенный Сергей Коваленко был освобождён из колонии в Могилёве вечером 26 сентября.

Об освобождении политзаключенного стало известно утром 27 сентября. Сергея Коваленко освободили на основании написанного им прошения о помиловании в адрес Лука-ки.

Напомним, активист КХП БНФ Сергей Коваленко был осуждён на 2 года и месяц лишения свободы за нарушение домашней "химии", которую получил за вывешивание бело-красно-белого флага на новогодней ёлке в Витебске. С середины декабря до конца марта с перерывом на 20 дней Коваленко держал голодовку, за время которой похудел на 50 килограммов. Вторую голодовку он проводил с 8 до 25 травня.

Под давлением администрации тюрьмы политзаключенный был вынужден написать прошение о помиловании.

Освобождение политзаключенного может быть связано с тем, что 31 октября Совет Евросоюза должен рассмотреть вопрос о расширении санкций в отношении режима Лука-ки. Очевидно, что диктатор намерен снова выставлять на торг узников совести, освобождая их по одному в выгодные ему моменты и отказываясь освободить всех политзаключенных немедленно и безусловно.

 

 

Сяргей Каваленка: У беларускіх турмах можа быць усё


Апазіцыянер пацвярджае, што на палітвязняў у турмах ціснуць самым жорсткім чынам.

Сяргей Каваленка сёння ўвесь дзень раздае інтэрв'ю. Ён шчаслівы, што апынуўся, нарэшце, з жонкай, сынам і дачкой. Але не ўпэўнены, што вызвалены надоўга.

У інтэрв'ю charter97.org былы палітвязень сказаў, што разумее, што яго вызваленне — гульня ўлад.

— Яны вырашылі, што папалохалі мяне дастаткова, і цяпер я супакоюся. Але я, вядома, не супакоюся. Буду прапагандаваць нашы нацыянальныя сімвалы і далей, — кажа Каваленка.

Самым цяжкім часам у зняволенні, паводле яго слоў, быў час галадоўкі.

— Яшчэ ў віцебскім СІЗА спецыяльна навучаныя псіхіятры спрабавалі запэўніць мяне, што я вар'ят і галадаю, таму што хачу схуднець. Я казаў, што гэта палітычная галадоўка, выкліканая бязмежжам і подласцю ўлад. Мяне вазілі ў Менск у СІЗА на Валадарскага, у шпіталь ў Навінках і ўсюды такім чынам "апрацоўвалі", — кажа Каваленка.

У Магілёўскай калоніі ў дачыненні да Каваленкі пастаянна ажыццяўляліся правакацыі.

— Спрабавалі панізіць мой аўтарытэт сярод іншых зняволеных. Мне давялося абараняцца. У выніку я трапіў у ШЫЗА. Умовы там былі цяжкія. Там да мяне ўвесь час прыходзілі, прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні. Ціснулі, у асноўным, на любоў да дзяцей. Казалі, ну вось, зможаш іх убачыць хутка... Яны ўмеюць гэта рабіць, — кажа Каваленка.

Кіраўніцтва калоніі, па словах былога палітвязня, робіць усё, каб палітычныя вязні трапілі ў лік "злосных парушальнікаў" для таго, каб былі падставы зрабіць больш жорсткім у дачыненні да іх рэжым або падоўжыць тэрмін зняволення.

— То гузік не зашпіліў, то не там лёг, то не там сеў, то на тры хвіліны пазней прачнуўся. Прыдзіраюцца, каб павесіць "злоснага парушальніка" і зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўтрымання, — кажа Сяргей.

Апазіцыянер пракаментаваў таксама інфармацыю пра тое, што лідэру "Маладога Фронту" Зміцеру Дашкевічу пагражаюць у турме згвалтаваннем.

— Я веру ў тое, што гэта праўда. У беларускіх турмах можа быць усё. Але Дашкевіч моцны. Упэўнены, што ён вытрымае, — сказаў Каваленка.

 

"Хартыя’97"

 

 

Палітвязні Сяргей Каваленка і Павел Сырамалотаў на волі

 

Палітвязні Cяргей Каваленка і Павел Сырамалотаў памілаваны, паведаміла Алена Каваленка. Пра вызваленне Сяргея Алена Каваленка даведалася ноччу. Муж пазваніў з чыгуначнага вакзала, што едзе дамоў. Кажа Алена Каваленка:

— Каля 12 ночы ён быў у Віцебску, мы яго сустракалі. Сказаў, што яны чакалі вызвалення з Паўлам Сырамалотавым з пазаўчора. Іх дваіх перавялі ў іншае памяшканне і там яны чакалі. Павел Сырамалотаў таксама павінен быў быць вызвалены ўчора. Спачатку на цягнік завезлі Сяргея, а потым яго.

Палітвязні Павел Сырамалотаў і Сяргей Каваленка напісалі прашэнні аб памілаванні. Сяргей Каваленка адбываў год і месяц зняволення за парушэнне правілаў адбыцця "хатняй хіміі", якую атрымаў пасля вывешвання нацыянальнага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 роке.

Павел Сырамалотаў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Арцёмам Пракапенкам да 7 рокаў зняволення за спробу падпалу дзвярэй бабруйскага аддзела КДБ.

 

Валянціна Лаеўская

 

 

Сяргей Каваленка: Буду далей узнімаць бел-чырвона-белы сцяг

 

— Буду далей узнімаць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і не адчуваю сябе вінаватым, — сказаў Сяргей Каваленка ў першы дзень свайго вызвалення. У сераду позна вечарам Сяргей Каваленка быў вызвалены з магілёўскай калоніі і апоўначы даехаў да дому ў Віцебск, дзе яго сустрэлі родныя.

— Як вашая сям’я ўспрыняла вашае вызваленне?

— Сына я ўбачыў яшчэ з цягніка, ён мяне сустракаў на платформе. Дачку ўбачыў ужо дома. Зараз яны побач са мной. Мы збіраемся ісці гуляць у горад, хачу паглядзець на наш горад Віцебск, на горад ВКЛ, горад князя Альгерда. У Віцебску некалі было тры замка вакол горада, усе іх разбурыла Масква, нават гару зрэзалі, дзе зараз знаходзіцца тэатр імя Янкі Купалы. Зараз нашчадкі камуністаў там усё заклалі пліткай. 

— Цяпер вы маеце магчымасць быць разам з сям’ёй, што вы адчуваеце?

— Самае цяжкае знаходзячыся за кратамі, гэта не бачыць дзяцей і разумець, што ты не можаш іх выхоўваць.

— Вы напісалі прашэнне аб памілаванні?

— Напісаў прашэнне без раскаяння і прызнання віны, проста: “Прашу вас мяне вызваліць”. Яны прасілі, каб я яго напісаў, восем дзён хадзілі і прасілі, каб напісаў. Я сказаў, што не збіраюся падпісваць паперу аб раскаянні, бо я не раскайваюся. Увогуле, як я магу раскайвацца, калі я ўзняў сцяг Ісуса Хрыста за вызваленне Беларусі ад маскоўскай акупацыі. Калі я не адчуваю пачуцця віны, дык чаму ж я павінен хлусіць. Пасля яны прыйшлі і сказалі, вось такое можаш напісаць. 

— Ці ведаеце на якіх ўмовах вас вызвалілі?

— Не паведамілі, але 415 артыкул не цяжкі, хоць і “званковы”, гэта значыць, што адпускаюць напрыканцы тэрміну. Паглядзім, што будзе, павінна быць поўнае вызваленне. За што мне адбываць пакаранне, чаму я павінен адбываць пакаранне за прапаганду беларускіх нацыянальных сімвалаў, і за тое, што я казаў, што беларусы вялікі народ. Такое пытанне, хто там ва ўладзе наогул сядзіць, што за людзі, каму яны служаць, беларускаму народу, беларускай дзяржаве? Можа яны перадусім служаць сабе, ненавідзячы беларускі народ? За што я павінен быў адбываць усе гэтыя пакаранні, у тым ліку мая сям’я? Можа яны хочуць зрабіць пасыл, што народ не мае права займацца палітыкай? Народ павінен ведаць, каб было цікава жыць. 

— Як з вамі абыходзіліся ў калоніі?

— Я быў у ШІЗА, на мяне “павесілі” злоснае парушэнне, потым напрыканцы ўжо адчапіліся.

— Пасля таго, як вы напісалі прашэнне аб памілаванні, з вамі сталі лепш абыходзіцца?

— Не. Пасля напісання, я атрымаў чарговае злоснае парушэнне, яны да мяне восем дзён хадзілі, прасілі, каб напісаў. Калі я сказаў, што не буду падпісваць з пачуццём віны, тады яны проста “пустое” памілаванне прынеслі. Я падумаў, што суды прашу мяне вызваліць, папрашу першага чыноўніка Беларусі, розніцы няма. 

— Вяртаючыся да вашай працяглай галадоўкі, як вы сябе цяпер адчуваеце?

— Падчас галадоўкі былі вельмі цяжкія наступствы, я важыў 45 кілаграмаў, шмат людзей не верыць. Там быў адзін чалавек, рост якога складаў 1 м. 70 см., і таксама важыў 45 кілаграмаў, але ўжо не мог хадзіць, сядзеў у крэсле. Мне не верылі, што я маючы 1 м. 80 см. меў вагу 45 кілаграмаў. Паверылі толькі на другі дзень, калі пацвердзілі тыя, хто быў са мной на Валадарцы. Там шмат што было, жывот у мяне быў сіне-фіялетавы, такія ж ногі да калена. Было балюча сядзець на драўляных крэслах, бо косці праразаліся праз скуру таза. Зараз я цалкам адыйшоў, набраў вагу 91 кілаграм. Яшчэ былі праблемы з печанню, бо я ўвесь час прымаў таблеткі, якія мне дасылала жонка. У гэтай калоніі харчаванне адно з найлепшых у Беларусі. Цяпер буду трэніравацца, папраўляць здароўе далей. Адчуваю, што ўсё добра, нібыта не было калоніі, ШІЗА і “дуркі”. Што пройдзена, тое пройдзена, нават цікава, такое свайго кшталту самапазнанне сябе, людзей. Я не шкадую, што туды патрапіў, адзінае гэта тое, што мае дзеці дзесяць месяцаў не атрымлівалі мужчынскага выхавання. Ад жонкі жаночае выхаванне, ад мяне мужчынскае, дзеці павінныя атрымліваць выхаванне ад абодвух бацькоў. За гэты момант я сябе вельмі вінавачу.

— Ці будзеце яшчэ ўздымаць бел-чырвона-белы сцяг?

— Канешне, ён павінен быць на ўсіх нашых дахах, паўсюдна. Трэба, каб усе ведалі, хто тут жыве. Тут жыве вялікі беларуска-ліцвінскі народ.

— А што з Паўлам Сырамалотавым?

— Думаю яго адпусцяць і давязуць да цягніка. Мы з Паўлам чакалі ў асобным памяшканні, пакуль нас вызваляць. Нам сказалі, што прыйшлі ксеракопіі на мяне і на яго, мы чакалі арыгінал, ліст з подпісамі. Калі везлі, сказалі, што Сырамалотава вызваляць пасля мяне.


Сяргей Каваленка за кратамі правёў 280 дзён. Трымаў працяглыя галадоўкі пратэсту, пасля якіх згубіў 40 кілаграмаў вагі. Зараз адчувае сябе добра, плануе трэніравацца, папраўляць здароўе, а перадусім — быць з сваей сямёй.

* * * 


Палітвязень Cяргей Каваленка памілаваны, паведаміла Алена Каваленка. Пра вызваленне Сяргея Алена Каваленка даведалася ноччу. Муж пазваніў з чыгуначнага вакзала, што едзе дамоў. Сяргея каля 20 гадзіны вечара пасадзілі на цягік у Магілёве.

Кажа Алена Каваленка:

— Калі даведаліся, то мы з сынам плакалі ад шчасця. Доўга гэтага чакалі і шмат выпрабаванняў за гэты час прайшлі, таму, канешне, вельмі радыя. Каля 12 ночы ён быў у Віцебску, мы яго сустракалі. Сказаў, што яны чакалі вызвалення з Паўлам Сырамалотавым з пазаўчора. Іх дваіх перавялі ў іншае памяшканне і там яны чакалі. Павел Сырамалотаў таксама павінен быў быць вызвалены ўчора. Спачатку на цягнік завезлі Сяргея, а потым яго.

Сяргей Каваленка ў чэрвені напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лука-кі. Ён адбываў год і месяц зняволення за парушэнне правілаў адбыцця "хатняй хіміі", якую атрымаў пасля вывешвання нацыянальнага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 роке. Пасля арышту трымаў працяглую галадоўку пратэсту, цягам якой згубіў 40 кілаграмаў вагі.

Па звестках Сяргея, 26 верасня на волі апынуўся і Павел Сырамалотаў, асуджаны па "справе анархістаў" за спробу падпаліць бабруйскі КДБ, Сырамалотаў у ліпені таксама напісаў прашэнне аб памілаванні.


Валянціна Лаеўская

 

"Радыё Рацыя"

 

 

Сяргей Каваленка: Усе балячкі загаіліся — гутарка


— Сяргей, як сябе адчуваеце?

— Добра. Усе балячкі пазажывалі, жоначка мая перадавала лекі ў калонію. У мяне арганізм вельмі моцны, хутка аднаўляецца.

— На судзе вы выглядалі вельмі кепска.

— Пасля суда яшчэ горш. Важыў усяго 45 кілаграмаў, дык я ў пятым класе больш важыў — 47 кг. Жывот, ногі — усё было фіялетавым. Цяпер у мяне вага 91 кілаграм.

— Падчас галадоўкі сапраўды былі гатовыя памерці?

— Так, памерці. Я нават радаваўся, калі ў мяне пачаўся гепатоз. Зэкі на Валадарцы думалі, што я ўжо памёр, але памёр нехта іншы. Калі мяне адвезлі ў дурку, то вырашыў, што яшчэ ўколяць нешта, буду «овашчам» на ўсё жыццё, праз катэтар будуць карміць. Таму і спыніў галадоўку. Роўна месяц у мяне вага складала 45 кілаграмаў.

— Чаму падпісалі зварот на імя Лука-кі?

— У мяне сям’я. Мне ўсё казалі, вось напішаш, будзеш з імі радавацца жыццю. Восем дзён у ШІЗА прасілі, каб раскаяўся, прызнаў віну. А потым сказалі, каб напісаў проста: прашу мяне вызваліць. Ноч думаў, вырашыў, калі я прасіў суддзяў, пракурораў мяне вызваліць, то чаму не магу ў Лука-кі. Ён жа такі самы чыноўнік. Трэба вам паперка — бярыце паперку. Ні ў чым я не раскайваўся.

— Па-беларуску пісалі Лука-ку?

— Напісаў на іхняй мове.

— Пасля таго, як зварот быў напісаны ціск спыніўся?

— Быў выпадак, калі мяне справакавалі. Знаходзіўся 16 сутак у ШІЗА за напад на "заўхоза". Там качок такі, 190 рост. Мне не спадабалася, што ён пра мяне казаў іншым вязням. Пасля ШІЗА яшчэ 10 сутак правёў у бальнічцы. Калі выйшаў, то ніхто мяне не чапаў.

— Як вязні да вас ставіліся?

— Па-рознаму. Газеты яны чытаюць — "Народную волю", "Нашу Ніву", "Свабодныя навіны", "Камсамолку". Людзі ўсё разумеюць, але баяцца. 23 верасня глядзелі па тэлебачанню пра выбары, дык паказалі скрыню для галасавання і пячатку. Адзін кажа: "Што вы нам паказваеце гэтую пячатку, нібыта мы не ведаем, як усё робіцца". Проста час Х яшчэ не прыйшоў. Але ўсе разумеюць, што спадзявацца трэба толькі на сябе, а не на Масковію.

— Не было ўмовай вызвалення, каб спынілі грамадскую дзейнасць?

— Не. Хаця адразу прасілі, але зразумелі, што бессэнсоўна. Калі вызвалялі, то папрасілі проста без прыгод даехаць дадому.

— Вы ў турме часта сустракаліся Паўлам Сырамалотавым?

— Ён быў у суседнім сектары. Размаўлялі амаль штодня, у тым ліку пра палітыку. Ён анархіст, я — нацыяналіст. Погляды ў нас троху розныя, але мы палітычныя вязні. Малайчына ён, у свй век пайсці на такі крок. Вельмі мужны чалавек.

— Цяпер Вам трэба будзе адзначацца ў міліцыі?

— Не думаю пра гэта. Артыкул у мяне не такі ўжо цяжкі. Я і так ад іх нацярпеўся.

— Пра працу ўжо думалі?

— Мая заказчыца ў Віцебску чакае мяне ўжо дзесяць месяцаў. Я ёй раблю рамонт, падказваю з дызайнам. Трэба дарабіць пачатае.


Гутарыў Зміцер Панкавец

"Наша Ніва"

 

 

18 кастрычніка 2012 г.

Каваленка распавёў пра жахі зняволення


На прэсавай канферэнцыі, зарганізаванай "Белсатам", Сяргей Каваленка падзяліўся сваймі планамі на будучыню і распавёў пра ўмовы ўтрымання ў турме і галадоўку пратэсту, падчас якой страціў каля паловы вагі.


Лячылі так, што спрабаваў сябе забіць


Былы палітвязень распавёў, што падчас прымусовага выхаду з галадоўкі яго цэлымі днямі трымалі прывязаным да ложка. Невядома, што было ў кропельніцах, якія яму ставілі, што за ўколы давалі, але паводле Каваленкі, пасля гэтых працэдураў у яго з рота ішла кроў.

Праз бясконцыя прыніжэнні ды варожае стаўленне працаўнікоў калоніі зняволены нават спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

— Калі мяне першы раз адвязалі, я выкруціў лямпачку са столі ды закруціў у швэдар, каб не пачулі, як я яе б’ю. Спрабаваў парэзаць вены, але схуднеў настолькі, што венаў на руцэ не было — адныя жылы, — распавядаў Каваленка. 

Пасля гэтага выпадку яго перавялі ў Навінкі, дзе лекар параіў спыніць галадоўку, бо інакш застанецца ў лякарні надоўга. Каваленка прызнаецца: толькі страх, што будуць лічыць шалёным, змусіў яго пачаць есці самастойна.

Сяргей Каваленка выказаў падзяку медыям, намаганнямі якіх пра ягоны лёс ведалі за кратамі, а таксама ўсім людзям добрае волі. Палітвязень атрымліваў з усяго свету сотні лістоў, напісаных па-беларуску. Толькі гэткае падтрыманне і думкі пра сям’ю дапамаглі перажыць месяцы зняволення.


За што Нобель?


Анёлам-ахоўнікам назваў Сяргей Каваленка польскага дэпутата Эўрапарламенту Марэка Міґальскага. Палітык узяў шэфства над зняволеным беларусам, стварыў інтэрнэт-старонку дзеля яго падтрымання і сабраў дзве з паловаю тысячы подпісаў за ягонае вызваленне. 

Тым часам Міґальскі зазначае, што толькі выконваў сваю працу. Эўрадэпутат уваходзіць у адмысловую камісію ў справе Беларусі ды лічыць, што казаць трэба не пра ягоныя дзеянні, а пра бяздзеянне іншых.

— Я вельмі ўсцешыўся, калі даведаўся пра вызваленне Сяргея. Але не трэба называць мяне анёлам — я рабіў тое, за што мне плоцяць. Рэч не ў тым, што я раблю, а ў тым, чаго не робяць іншыя еўрапейскія чыноўнікі. Як ЭЗ можа атрымліваць Нобеля, калі побач з намі — класічная дыктатура?! — абураецца палітык.

Міґальскі нагадаў, што арганізацыя “Amnesty International” так і не прызнала Сяргея Каваленку вязнем сумлення. Прычынаю сталі сведчанні міліцыянтаў, што той нібыта супраціўляўся пры затрыманні.

Паводле эўрадэпутата, толькі скансалідаваная палітыка ўсіх краінаў Эўразвязу можа запабегчы паўтарэнню гісторыі Каваленкі ды паспрыяць вызваленню астатніх палітвязняў. Пакуль жа, паводле ягоных словаў, стаўленне да Беларусі — “то бізун, то пернік”.


"Belsat"



Обновлен 23 дек 2016. Создан 09 мар 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter