Дойдідства і гісторыя Полацку




Гісторыя Полацка

 

Найстаражытнейшы горад Беларусі. Дакладных звестак аб заснаванні яго пакуль што няма. Летапісец Нестар, пішучы аб запрашэнні Рурыка, Сіневуса і Трувара на княжанне на Русь наўгародцамі, крывічамі, "весью і чудью", не гаворыць аб Полацку. Гэта тлумачыцца тым, што места не падтрымала іх і зберагло сваю непадлегласць. Толькі праз некалькі гадоў Полацак, хутчэй за ўсё пад уціскам збройнай сілы, падпарадкаваўся Рурыку, які назначыў у горад асобнага дзяржаўцу.


Першы датаваны летапісны ўспамін аб Полацку адносіцца да 862 г. У 865 г. кіеўскія князі Аскольд і Дзір ізноў ваявалі з Полацкам. У 906 г. пасля ўдалага пахода на Візантыю яна вымушана была плаціць даніну Кіеву, Чарнігаву, Полацку і некаторым іншым гарадам. У 70—80-ых гг. X ст. у горадзе княжыў Рагвалод.


З другой паловы XIII ст. Полацкае княства ў руках нашчадкаў князёўны Рагнеды, якія кіравалі горадам да канца XIV ст. У канцы XIV ст. Полацкае княства некаторы час знаходзіцца ў пэўнай залежнасці ад крыжацкага Ордэна, але ўмацаванне на княжацкім прастоле князя Вітаўта прыпыняе гэтае становішча. З XV ст. Полацак лічыцца адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага і атрымлівае майдэборскія правы (1498 г.). У прывілеі караля Аляксандра сказана: "Дозволяем теж тому месту первореченому трожды в году ярморок держати, к пожитку их подлуг иншых мест обычаю: первый ярморок на святого Якуба день, а другий на Крещенье, а третий по Велице дни у тыждень; а каждый ярморок мает стояти две недели..." падаткі з места ў дзяржаўную скарбонку былі вызначаны ў памеры 400 коп грошей "...в кождый год на день святого Михайла".


У 80-ыя гады XIV ст. у Полацку нарадзіўся беларускі першадрукар Ф. Скарына. У 1518 г. войскі вялікага князя маскоўскага Васілія Іаанавіча пад кіраўніцтвам Шуйскага спрабуюць узяць горад, але полацкі ваявода Альбрэхт Гаштаўт прымусіў іх адысці. С пачаткам Лівонскай вайны ад 1563 г. знаходзіўся пад уладай цара Івана Жахлівага, якога ў нас яшчэ называлі Іван-сабака, і быў адваяваны Стэфанам Баторыем у 1579 г. Паводле некаторых аўтараў, маскоўскія войскі здабылі найкаштоўнейшую бібліятэку, якая захоўвалася ў Сафійскім саборы і мела акрамя старажытных перакладных выданняў шмат беларускіх рукапісаў.


У 1580 г. у Полацку заснаваны езуіцкі калегіум, першым кіраўніком якога стаў будучы рэктар віленскай акадэміі — Пётр Скарга. Як сведчаць сучаснікі, у XVI ст. Полацак — адзін з буйных гарадоў Эўропы, насельніцтва якога дасягала 100 000 жыхароў, але войны наступных стагоддзяў, а таксама чума (1566), голад (1600 і 1741—1746), пажары (1607, 1642, 1796, 1837, 1848) звялі яго ў ранг дробных мястэчкаў. Нягледзячы на гэта, ён застаецца да 1772 г. цэнтрам ваяводства. 
У час вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1632—1634 гг. полацкія мяшчане аказалі падтрымку рускім войскам і паднялі паўстанне супраць уласнага магістрата (1633 г.). У вайну 1654—1667 гг. заняты рускімі войскамі. Адпаведна з пастановай сойма 1667 г., горад быў звольнены на чатыры гады ад падаткаў на карысць дзяржаўнай скарбніцы.


Падзеі Паўночнай вайны таксама адлюстраваліся ў гісторыі Полацка. У 1705 г. тут быў Пётр I. Адсюль яго войскі сачылі за рухам калон шведскага генерала Левенгаўпта. Не жадаючы пакідаць у непасрэднай блізкасці ад ворага добра ўмацаваны стратэгічны вузел — полацкі замак, Пётр I загадаў свайму генералу фон Вендэну знішчыць яго. Тады ж быў узарваны і славуты Сафійскі сабор.


У першай палове XVIII ст. у горадзе налічвалася пяць частак: Пераддзвінне, Задзвінне, Запалоцце, Замак горны і Замак дольны. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Полацак апынуўся ў складзе Расіі. Да 1796 г. — цэнтр Полацкай губерні, да 1802 г. — павятовы цэнтр Беларускай, а затым — Віцебскай. У часы вайны 1812 г. Полацак быў моцна пашкоджаны французскімі войскамі. У 1812 г. налічвалася 12 вуліц, 8 вулачак, 29 завулкаў, 1300 дамоў. Насельніцтва — больш за 9000 чалавек.


15 чэрвеня 1812 г., паводле царскага указа, Полацкай езуіцкай калегіі былі нададзены правы акадэміі. Яна праіснавала да 15 сакавіка 1820 г. Пасля забароны дзейнасці ордэна езуітаў у Расеі акадэмія была рэарганізавана і разам з бібліятэкай, у якой налічвалася больш за 40 000 тамоў, перададзена ордэну піяраў. У 1833 г. бібліятэку перавезлі ў Маскву і Санкт-Пецярбург, рэшткі — найменш каштоўныя кнігі — перадалі Віцебскай гімназіі, друкарню, што існавала пры акадэміі, — адправілі ў Кіеў.


У 1839 г. у Полацку адбыўся царкоўны сабор, які скасаваў Брэсцкую царкоўную унію 1596 г. Гэта быў гвалтоўны акт царызму над значнай часткай беларускага народа. Насельніцтва горада ў 1861 г. дасягае 15 000, а ў 1887 г. — 19 464 жыхара. Прамысловасць горада складалася з торх шавецкіх фабрык, мылаварнага завода, гарбарні, спіртзавода, двух бровараў, двух тытунёвых фабрык, двух фабрык прасаваных дражджэй, пяці ганчарных майстэрань, запалкавай, содавай вады, сельтэрскай вады і фарбавальні. На ўсіх гэтых "прадпрыемствах" працавала 98 рабочых. 
У 1919 г. у выніку другога падзелу Беларусі далучаны да Расеі. Вернуты ў 1924 г., ад гэтага часу Полацак становіцца раённым цэнтрам, а ў 1924—1930 гг. і 1935—1938 гг. акруговым. З студзеня 1939 г. Полацак лічыцца ў Віцебскай вобласці. Насельніцтва ў 1939 г. складае каля 30 000 чалавек. Сёння Полацак — раённы цэнтр Віцебскай вобласці. 


Анатоль Цітоў

Геральдыка беларускіх местаў

Менск, Полымя, 1998

 

 

Герб горада


Тыповы шлях набыцьця шараговым эўрапейскім горадам уласнага гербу шчыльна павязаны з разьвіцьцём мясцовага самакіраваньня. Гарадок, закладзены на зямлі, што належыла нейкаму фэадалу, узрастаючы, паступова пачынаў выламвацца з агульнага фэода. Фэадал, спрабуючы трымаць сітуацыю пад кантролем, вырашаў даць паселішчу пэўныя правы, а разам зь імі свой уласны герб дзеля запэўненьня розных юрыдычных дакумэнтаў. Зь цягам часу горад вырастаў і з гэтае вопраткі ды, умацаваўшыся эканамічна, заяўляў пра свае інтарэсы і правы больш цьвёрда. У выніку чарады размаітых канфліктаў фэадал быў змушаны дзеля агульнага спакою і ўласных прыбыткаў пагадзіцца на шырэйшую самастойнасьць горада. Непасрэдна адгэтуль, з атрыманьня прывілея на ўласнае гарадзкое права і ўласны герб, бярэ пачатак гэральдычная гісторыя вольнага гораду.


Гандлёвыя і культурныя кантакты Полацка з гарадамі Паўночнае й Заходняе Эўропы пачынаюцца яшчэ ў княскі пэрыяд. Ад пачатку ХІІІ ст. пасярэднікам у гэтай справе выступае закладзеная ў 1201 г. ля ўтоку Дзьвіны Рыга. Свой першы статут Рыга атрымала ў 1225 г. ад готляндзкага горада Візбу, які ў той час быў цэнтрам гандлю на Балтыцы і ў Паўночна-ўсходняй Эўропе. У 1280 г. Візбу заключае дамову з эканамічным тандэмам Любэк-Гамбург. Гэтае пагадненьне становіцца пачаткам Ганзэйскае Лігі. Рыга далучаецца да згаданае дамовы ў 1282 г. і атрымлівае новыя юрыдычныя нормы, то бок Гамбурскае права. Полацак, ведучы актыўны гандаль з Рыгай і Готляндам, меў магчымасьць пазнаёміцца зь існуючай там праўнаю сыстэмай. Але да ўвядзеньня ў 1393 г. у Полацку інстытуту вялікакняскіх намесьнікаў гандлёвыя дамовы ад імя Полацка і ўсёй зямлі, падпісвалі і запячатвалі сваімі пячаткамі або князь, або полацкі япіскап. Гэтак захаваліся дамовы 1263 і 1265 гг., падпісаныя князьмі Гердзенем і Ізаславам, ды дамовы 1300 г. і 1338 г., падпісаныя япіскапамі Якубам і Рыгорам адпаведна.


Пры канцы XIV ст. у Вялікае Княства Літоўскае паўднёвым шляхам праз Кракаў прыходзіць Майдборскае (Магдэбурскае) гарадзкое права. Яго паводле прывілеяў Вялікага князя Вітаўта атрымалі сталічная Вільня (1387) і вялікакняскія гарады Берасьце (1390) ды Горадня (1391). Погляды ж тагачаснага Полацка традыцыйна былі скіраваныя да Балтыкі. Ён з папярэдняга княскага пэрыяду пачуваецца вольным прыймаць рашэньні, што да балтыйскага гандлю. Ужо першы полацкі намесьнік Мантыгірд у 1396 г. з парады палачанаў аднаўляе гандлёвую дамову з Рыгай, якую ўклаў у 1392 г. полацкі князь Сямён (Лугвен). На дакумэнце 1396 г. упершыню замест княскай пячаткі зьяўляецца пячатка ўласна горада зь лінейным надпісам "Пячаць Полацкая і сьвятое Софьі". Але гэты дакумэнт дэзавуяваў князь Вітаўт, які сваім лістом ад 23.01.1397 г. паведамляе ў Рыгу, што заключэньне міждзяржаўных дамоваў належыць да кампэтэнцыі Вялікага князя. Цягам 1396–1498 гг. дакумэнты пісаныя ад імя горада запэўняюцца згаданай полацкай пячаткай, але ўласнага гербу на іх не сустракаецца.


Эканамічны і палітычны стан Полацку ад канца XIV ст. вымагаў новых сродкаў у вырашэньні паўставаўшых праблемаў. Верагодна, што з увагі на Рыгу і Візбу, пачала фармавацца свая сыстэма гарадзкога самакіраваньня. Пацьверджаньнем таго, акрамя ўласнае пячаткі, ёсьць ужываная ад 1440-х гадоў форма звароту да рыжанаў: "бурмістру, войту, радцам і усім ратманам... ад баяраў, месьцічаў і ўсяго паспольства". Як відаць формы азначэньня рыжанаў, кіраваных гамбурскім правам, і сябе нечым падобныя, але і адрозныя. Выраз гэты выпрацоўваўся цягам папярэдняга часу, як форма звароту ад ўсёй гарадзкой супольнасьці.


4 кастрычніка 1498 г. Вялікі князь Аляксандар, жадаючы палепшыць стан Полацка, абвесьціў, што "гэтае места нашае з права літоўскага і рускага і якое там яшчэ будзе трымана, на права нямецкае майдборскае зьмяняем на вечныя часы". Звычайным было наданьне гораду разам з прывілеем на Майдборскае права ўласнае пячаткі і гербу, але згадкі пра гэта ў тэксьце самога прывілею няма. Можна толькі меркаваць, што ўласную пячатку зь гербам горад займеў у той самы час, бо першы пасьля выхаду прывілея ліст у Рыгу ад 27.08.1499 г. зацьверджаны новай пячаткай.


Выгляд пячаткі цалкам адпавядае эўрапэйскім узорам. Надпіс выкананы па колу ў лацінскай мове зь нямецкім акцэнтам "Sigillum civitatis Plosceke" (Пячатка места полацкага). Адразу зьмяняецца і форма звароту ў самім лісьце: "бурмістру, войту, радцам і усім ратманам... мы войт, бурмістр і ратманы" (роўныя — роўным, вольныя — вольным). Адгэтуль месца афіцыйнай беларускай мовы ў дакумэнтах, пісаных Полацкам да ўрадаў ганзэйскіх гарадоў, заступае нямецкая.


У цэнтры пячатка мае выяву выяву карабля. Дасьледнікі не акцэнтуюць увагі на тым, што гэта за плавальны сродак і мянуюць яго проста "карабель". Але зважаючы на панаваньне ў XІІI-XV стст. у Балтыйскім рэгіёне Ганзы можна ўпэўнена казаць пра яго ганзэйскае паходжаньне. Поўны кантроль на Балтыцы Ганзэйскай Лізе забясьпечылі ня толькі ўдалыя гандлёвыя дамовы і пазьнейшая манаполія, але і новая канструкцыя гандлёвага карабля. Напачатку гэта быў ког, які мог перавозіць тавар вагой да 20-100 лаштаў (40-200 тон). Пазьней у пачатку XV ст. ён быў выціснуты новым тыпам карабля празваным голькам. Розьніўся ён ад кога наяўнасьцю на трэцяй сьлімзе касога лацінскага ветразя, што шмат дадавала ў манэўры. Апроч таго вежы на носе і карме былі зынтэграваныя з корпусам. Паглядзеўшы на полацкую пячатку, можам упэўніцца, што гэта тыповы ганзэйскі гольк. У цыркумбалтыйскім рэгіёне не адзін Полацак меў на сваім гербе карабель. Гербамі з выявамі карабля карысталіся нямецкія гарады Кіль, Стральзунд, Вісмар; дацкія – Хэльсінгёр, Кэртэміндэ, Багэнзэ; польскі — Гданьск (Данцыг).


Паводле заўвагі Ганны Харашкевіч, якая спасылаецца на кнігу Ліфляндзкіх, Эстляндзкіх і Курляндзкіх актаў (Liv-, Est- und Curladisches Urkundenbuch, abt.II, bd.1, hrsg. von L.Arbusow, Riga, 1905), на пячатцы маецца "выява япіскапа на караблі" [3, ст.167]. Анатоль Цітоў, апісваючы пячатку, да словаў Харашкевіч дадае: "… выява трохмачтавага карабля з надзьмутымі ветразямі, на борце якога стаіць япіскап у мітры з пастаралем у левай руцэ, правая выцягнутая ў накірунку карабля…" [5, ст.225]. Хто ж той япіскап, што стаіць на караблі? Рассадзін С.Я. зь Міхальчанкам А.М. ідуць далей і мянуюць яго апосталам Пятром у часе плаваньня з Сынопу ў Рым [1, ст.95]. Трэба зьвярнуць увагу на адсутнасьць тагачаснага апісаньня герба, што заўсёды было найважнейшым у гэральдыцы. З азначанае прычыны ўсе тлумачэньні зьяўляюцца адно толькі меркаваньнямі. Да прыкладу, узяўшы да ўвагі, што сьвяты Мікола надта шанаваўся гандлярамі, а ў Полацку мелася аж тры Мікольскіх царквы і адна купецкая полацкая ў Рызе, можна прыняць што гэта выява апекуна ўсіх вандроўнікаў. Але можна, узяўшы за аснову надпіс на старой полацкай пячатцы "пячаць Полацкая і сьвятое Софьі", палічыць новую пячатку працягам традыцыі і прачытаць выяву гэткім чынам: карабель скарыстаны як адзнака ўласна гораду, а істота на ім гаспадар катэдры Сьвятой Сафіі — япіскап полацкі, без пэрсаналіяў. І гэта таксама мае сэнс.


Але ёсьць і іншы варыянт. Тут трэба шырэй паглядзець на гандлёвыя сувязі Полацка і магчымыя крыніцы пазычаньняў. Гандаль Полацка з Рыгай адпачатку ня быў простым. Не зважаючы на дамову, заключаную ў 1265 г. князем Ізаславам, паводле якой вольны гандаль дазваляўся "у Рызе, Гоцкім беразе, Любцэ", пускаць далей за Рыгу полацкія тавары рыскі магістрат не хацеў. Лівонска-готляндзкая галіна Ганзы не жадала выпускаць з рук прыбытак. Пасьля таго як Рыга атрымала ў 1346 г. ад Ганзы статус гандлёвага цэнтру, яна займела права патрабаваць, каб усе тавары, што рухаліся праз горад, былі выгружаныя, узважаныя і потым пагружаныя зноўку. Пры такіх умовах большая частка тавару (80%) трапляла да лівонскіх купцоў. Калі гандлёвы ганзэйскі пост (Kontore) у Полацку кантраляваўся Рыгай, дык падобны пост у іншым горадзе Вялікага Княства Літоўскага Коўне быў пад кантролем Гданьску. У межах самае Ганзы існавала канкурэнцыя між рознымі галінамі. Прадстаўнікі вэндыйска-саксонскае і вэстфалійска-прускае галінаў былі не задаволеныя тым, што лівонскія гарады адмовілі іншаземных гандлярам наўпроставы гандаль у межах іхных муроў. Полацак гэтак сама ня быў задаволены прапанаванымі Рыгай умовамі гандлю, ён шукаў іншых шляхоў. Пашырэньне кантактаў полацкіх купцоў з гданьскімі было ў інтарэсах абодвух бакоў. Аднак ад гэтага губляла Рыга, таму ў студзені 1430 г. на ганзэйскім зьезьдзе ў Любэку яна склала скаргу аб тым, што полацкія гандляры не абмяжоўваюцца гандлем у лівонскіх гарадах, а езьдзяць у Гданьск.


Ня дзіва, у сярэдзіне XV ст. Гданьск стаў найбуйнейшым ганзэйскім местам (26000 жыхароў). Дзеля параўнаньня ў Любэку жыло 25000, а ў Гамбургу – 16000 жыхароў. Гандлёвы абарот гораду перавышаў рыскі ў пять разоў. Дбаў пра полацкі гандаль і Вялікі князь Казімір. Гэтак 29.07.1440 г. ён піша ліст да гданьскага магістрату, каб паспрыялі ў вырашэньні праблемаў полацкага купца Івана Булавіна. Пасьля пераходу ў 1457 г. Гданьска пад апеку князя Казіміра ўлада яшчэ больш была зацікаўленая ў пашырэньні кантактаў Полацак — Гданьск. Зважалі на гэта і самі палачаны. У часе канфлікту, паўсталага ў 1463 г. з-за патрабаваньняў Рыгі кантраляваць якасьць воску і ставіць на полацкі тавар сваю пячатку, полацкі намесьнік Алехна Судзімонтавіч ад імя гораду ў 1464 г. заявіў пратэст, пішучы, што "А Полцеск тэж хвалячы бога места славутнае, як і іншае, а ня ёсьць ніжшае ў чэсьці і ва ўсім ані Вільні, ані Марыборку, ані Кданьску. І вы ад іх воск бярэце, але пячаткі сваёй да іх воску ня ставіце і яго не калупаеце". Ліст ёсьць спробаю ціску полацкага намесьніка на рыскі магістрат. Усе згаданыя ў лісьце гарады ўваходзяць у агульную дзяржаву, палучаную Крэўскай уніяй, і Алехна Судзімонтавіч хоча давесьці рыжанам, што ў полацкіх гандляроў ёсьць магчымасьць несымэтрычнага адказу. Прымем таксама да ўвагі, што Гданьск разам зь Любэкам, Кёльнам і Брауншвэйгам быў найважнейшым ганзэйскім асяродкам, які падпісваў ад імя ўсяе Ганзэйскае Лігі падставовыя дакумэнты. Таму цалкам лягічна, што дзяржаўная ўлада, надаючы герб гораду, павязанаму трывалымі сувязямі з Ганзэйскаю Лігай магла ўзяць за аснову герб іншага буйнога ганзэйскага цэнтру тае самае дзяржавы, бо бок Гданьску. Паглядзеўшы на адну з гданьскіх гандлёвых пячатак мусім прызнаць значнае падабенства.


Гданьская пячатка як відаць больш штукарская і на гольку мы бачым не адну асобу, але цэлую каманду марынэраў. Тады магчыма і на полацкай пячатцы зьмешчаная выява зусім не япіскапа, але капітана гандлёвага карабля, або купца. Падобная выява, але са стырнавым, маецца і на пячатцы Стральзунда XІV ст.


У 80-х гадах XVІ ст. Полацак атрымаў зьмененую гарадзкую пячатку. Прычынай таму працяглая вайна з Масковіяй. Горад пасьля захопу яго 15.02.1563 г. маскоўскім войскам цягам шаснаццаці гадоў да 30.08.1579 г. знаходзіўся пад акупацыяй, у часе якой усе органы самакіраваньня былі зьнішчаныя, а колькасьць гарадзкога насельніцва з прычыны рэпрэсыяў і мораў 1563, 1565, 1566 і 1567 гг. скарацілася ў чатыры разы. Прыйшлося аднаўляць структуры самаарганізацыі ад асноваў. У прывілеі выдадзеным гораду каралём Сьцяпанам Батурам 15.06.1580 г. адзначаецца: "А к справованьню патрэб местскіх, надаем ім да пячаці местскай герб, карабель акрэнтовы, каторага і перад тым места Полацкае ўжывала...". Але новая выява больш стылізаваная, а значыць менш рэалістычная. Надпіс па колу пячаткі пісаны па-польску "Pieczac migsta Polockiego". На афіцыйных дакумэнтах Полацка мадэрнізаваны герб зафіксаваны ад 1587 г. Падобным гербам Полацак карытаўся да 70-х гадоў XVІІІ ст.


У 1776 г., то бок праз чатыры гады пасьля ўключэньня часткі Падзьвіньня і Падняпроўя ў склад Расейскае імпэрыі, Майдборскае права ў далучаных гарадоў было адабранае, а разам зь ім зьніклі і адзнакі вольнасьці – магістрат, пячатка, герб. Аднак левабярэжная частка гораду (Задзьвіньне) і павету, што засталіся ў Рэчы Паспалітай, працягвалі да другога падзелу (1793 г.) карыстацца гербам з выяваю карабля. Захаваўся адбітак павятовае пячаткі 1791 г., выява гольку на якой яшчэ больш стылізаваная, а па колу зьмешчаны надпіс пра вольны Полацак, хаця той ужо амаль 20 гадоў быў пад расейскім панаваньнем.


Паводле апісаньня прынятага 21.09.1781 г. расейскім Сэнатам на падставе загаду ад 16.08.1781 г. імпэратрыцы Кацярыны ІІ гарады ды мястэчкі, што раней уваходзілі ў склад ВКЛ, а пасьля першага падзелу далучаныя да Расеі: Віцебск, Гарадок, Дрыса, Лепель, Магілеў, Полацак, Сураж, Чэрыкаў атрымалі аднолькавы герб "Пагоня". У верхняй палове тарчы зьмешчаны расейскі арол, як адзнака дзяржаўнае прыналежнасьці. Розьніліся гербы адно толькі колерам поля: у Полацка — срэбраны, у Дрысы — залаты і г.д. Ніводны з гарадоў, што да таго мелі ўласныя гербы ані Віцебск зь ягоным Спасам, ані Полацак зь ягоным ганзэйскім голькам, ані Магілеў зь ягоным збройным рыцарам, старажытнае адзнакі майдборскіх вольнасьцяў не захавалі. Наданьне новых гербоў было фармальнасьцю, бо практычнага прымяненьня, як у папярэднія часы, яны ня мелі, а цэнтралізацыя ўлады была надзвычайная.


Пасьля 1917 г. стала зусім не да гэральдыкі, гінулі людзі, гінулі традыцыі, гінулі храмы й культурныя каштоўнасьці. Да 60-х гадоў XХ ст. праблемы з гэральдыкай не існавала. Сьвяткаваньне 1100-годзьдзя старажытнага гораду прайшло ў 1962 г., як мае быць, пад сьвятой камуністычнаю тройкай Марксам, Энгельсам і Ленінам. Гарвыканкам на той час ачольвала Натальля Кляпацкая, вядомая прыняцьцём у 1964 г. пачварнага рашэньня аб разбурэньні касьцёла сьвятога Сьцяпана (Мікалаеўскага сабору) і часткі будынкаў былой езуіцкай акадэміі, збудаваных пры канцы XVІІІ ст. паводле праекту генэрала езуітаў Габрыэля Грубэра. Кляпацкая ўсім сэрцам імкнулася будаваць камунізм, зьнішчаючы на гэтым шляху старое і насаджаючы новае. За што сталася годнай атрымаць званьне ганаровае грамадзянкі разбуранага ёй Полацка. Хаця варта адзначыць, што лёса-вызначальныя рашэньні прыймаліся не мясцовымі органамі ўлады, але партыйным камуністычным кіраўніцтвам.


Аднак зь незразумелых прычынаў нешта ў кіраўнічых колах у стаўленьні да гісторыі зьмянілася, хаця гэта магло быць працягам будаваньня новага. Так ці інакш, але 13 верасьня 1967 г. полацкі гарвыканкам на чале са згаданай старшынёй Кляпацкай, бадзёра шпацыруючы насустрач 50-й рэвалюцыйнай гадавіне, прыняў рашеньне № 221 аб ладжаньні конкурсу на гарадзкі герб, які “павінен сымбалічна адлюстроўваць гісторыю горада і ягоную героіку, характэрныя асаблівасьці прыроды, сучаснасьць і будучыню Полацка”. Такім чынам ідэя была закладзеная. "Творчы" калектыў у складзе Пэўзнэра Г.І., Стральцова В.П., Любавіцкага В.К. і Філіпава В.П. дабрасумленна выканаў загад партыі і гарадзкога кіраўніцтва. Так паўстаў герб, выкананы ў колерах БССРаўскага сьцяга (левая верхняя частка — чырвоная, правая ніжняя – зялёная). У ніжняй частцы новага герба быў зьмешчаны ваяр з расейскіх казак, бо паводле аўтараў: "Полацак фарпост на заходніх межах расейскай зямлі, сымбаль вызваленчае барацьбы зь іншаземнымі захопнікамі. Выява ваяра-вершніка характэрная для полацкіх гербаў XIV i XVIII ст. Рэторта, як сымбаль хіміі, зубатае кола — адзнака прамысловасьці".


Як відаць у аўтараў адсутнічала разуменьне таго, якім мае быць гарадзкі герб. 7 жніўня 1968 г. сваім рашэньнем № 145 гарвыканкам афіцыйна зацьвердзіў новы герб. Надрукавалі плякатаў, вымпелаў, буклетаў з выявамі чырвона-зялёнага гербу, але, не зважаючы на намаганьні партыйнага кіраўніцтва, той з прычыны сваёй непрывабнасьці не прыжыўся. Пры канцы 1970-х гадоў між палачанаў за ім трывала замацавалася мянушка "сьмерць з касой". Апошні раз герб сустракаецца на тытуловым лісьце кніжкі "Почётные граждане Полоцка" (1979). Падобна на тое, што сканаў ён не дажыўшы да 1980 году – векапомнае даты, абвешчанай генэральным сакратаром ЦК КПСС Мікітам Хрушчовым, годам канчатковае пабудовы камунізму. Турыстычны плян Полацку ў гэтым годзе выйшаў без гэтага савецкага гербу.


І гэткае "бязладзьдзе" доўжылася да 1987 г., калі надыйшоў час сьвяткаваць 1125-годзьдзе першае летапіснае згадкі пра Полацак. Перад кіраўніцтвам паўстала праблема, якім сымбалем карыстацца ў часе ўрачыстасьцяў. Вырашылі правесьці сьвяткаваньні пад знакам, што спалучаў у сабе рысы традыцыйнага гербу "Пагоня", які за імпэрскім часам быў афіцыйным гербам гораду. Але даць вершніку ў руку меч камуністычныя ўлады збаяліся, таму ўторкнулі прапар, які пазычылі зь герба брэжнеўскіх часоў. Функцыянаваньне гэтага знаку абмежавалася сьвятам і выпушчанымі да яго сувэнірамі: праграмкамі, вымпеламі, кубкамі, талеркамі і г.д. Быў гэта сымбаль сьвята, але ня герб горада. Далей зноўку пацягнуўся час безьгербоўя.


04.02.1992 ў выніку ліставаньня між камісіяй па культуры полацкага гарсавету і Інстытутам Гісторыі АН Беларусі была атрыманая гістарычная даведка аб гарадзкім гербе. За аснову скарыстаны герб зь пячаткі 80-х гадоў XVІ ст. Даведка сталася тым дакумэнтам на падставе якога 28.05.1992 г. гарсавет прыняў рашэньне № 14-16 аб наданьні Полацку ягонага гістарычнага гербу. Герб часоў Расейскае імпэрыі не разглядаўся з прычыны пашыранасьці яго выкарыстаньня і таму, што аналягічны герб "Пагоня" быў тагачасным гербам Рэспублікі Беларусь. Ад таго часу горад жыве пад гербам, якім адзначанае самакіраваньне паводле Майдборскага права.


Хацелася б зьвярнуць увагу на некалькіх праблемаў, павязаных з гэральдычнаю тэмай. Не зважаючы на наяўнасьць Дзяржаўнае гэральдычнае камісіі, трывалае канцэпцыі ў гэральдычнай справе ня выпрацавана. У традыцыйнай гэральдыцы тарча галоўным элемэнтам не была і адпаведна не апісвалася. З гэтае прычыны ў розныя часы адзін і той самы герб можна бачыць на розных тарчах. Аднак сёньня паводле дзейнага заканадаўства зацьвярджэньню падлягае не апісаньне, але графічная выява, і таму да выбару тарчы трэба падыходзіць абярэжна. На дадзены момант склалася парадаксальная сітуацыя калі гербы старажытных гарадоў, такіх як Полацак, Віцебск, Берасьце, маюць барокавую тарчу XVІІ ст., што не адпавядае часу наданьня гербу. Зь іншага боку новапаўсталыя гарады і мястэчкі набываюць гербы з больш старажытнымі тарчамі: гішпанскай або вараскай, якой на нашых землях не карысталіся. Сталася так таму, што ў пачатку 1990-х гадоў гарадзкія саветы старых гарадоў прымалі гербы на падставе працы Анатоля Цітова [4], які выпрацаваў адметную форму тарчы на падставе польскай, апрацаванай у стылі барока. Аднак падобнаю тарчай гарады, кіраваныя паводле Майдборскага права, карысталіся няшмат, цягам усяго часу пераважала гішпанская форма.


У другой палове 1990-х гадоў пачалося поўнае геральдычнае бязладзьдзе: тарчы вараскія, маскоўскія, вугорскія. Варта было б трымацца гістарычнасьці: гербы XV-XVІ стст. мусілі зьмяшчацца на гішпанскіх тарчах, тады гербы XVІІ-XVІІІ стст. маглі б займець тарчу, прапанаваную Цітовым. Хаця, зважыўшы на Эўропу, убачым, што там абраная стандартная форма тарчы, і ўсе гербы скарыстоўваюць гішпанскую, як традыцыйна больш пашыраную і зручную, што дазваляе зьмясьціць у полі большую выяву. Можа эўрапейскі прыклад будзе прыдатнейшым. Вяртаючыся да сучаснага полацкага гербу, трэба адзначыць, што карабель на ім выглядае трохі казачным, і вызначыць паводле выявы ягоны тып немагчыма. Было б добра дзеля падкрэсьленьня ганзэйскага мінулага Полацка зьмясьціць гістарычную выяву голька (як напрыклад на гербах Багэнзэ або Кэртэміндэ) з лацінскім ветразем, з аглядальнай пляцоўкай (буцяновым гняздом) на галоўнай мачце, а не на ўсіх трох.


Апрача формы тарчы, якая мусіць быць гістарычнай, гішпанскай, могуць быць варыянты колераў самога поля. (як адзначана вышэй апісаньня гербу адсутнічае). Адсюль вынікае, што поле тарчы не абавязкова мусіць быць сінім. Мора можа быць морам, а паветра — паветрам. З прапанаванымі зьменамі герб болей будзе адпавядаць гістарычнай праўдзе і эўрапейскім стандартам.


Міхась Баўтовіч


Літаратура:

 

[1] Рассадзін С.Я. і Міхальчанка А.М. Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі, Мн, 2005

[2] Хорошкевич А.Л. Полоцкие грамоты ХІІІ — начала ХVІ вв., ч.1, М, 1977

[3] Хорошкевич А.Л. Полоцкие грамоты ХІІІ — начала ХVІ вв., ч.2, М, 1978

[4] Цітоў А.К. Гарадская геральдыка Беларусі, Мн, 1989[5] Цітоў А.К. Пячаткі старажытнай Беларусі, Мн, 1993

 

 

Майдборскае права


Эканамічнае і сацыяльнае разьвіцьцё, імклівы рост колькасьці і памераў гарадоў, прывялі у ХII-XIII стст. у шзрагу краінаў Эўропы да калізіяў паміж існаваўшымі да таго часу нормамі права і патрэбамі грамадзкага жыцьця. Дзеля забесьпячэньня інтэнсыўнага разьвіцьця дзяржавы і ейнага росквіту неабходна было заканадаўча вылучыць з абшару гарады са складаным эканамічным і сацыяльным жыцьцём і даць ім мажлівасьць вольнага разьвіцьця. Упершыню паўсталыя перад грамадзтвам праблемы былі разьвязаныя на пачатку XIII ст. у Нямеччыне, прыняцьцём збору юрыдычных нормаў для Майдборку (Магдэбургу) пад назваю "Вайхбільд" [1]. Гэтыя нормы Майдборскага права, укладзеныя на падмурку права нямецка-раманскага, сталіся ўзорам для перайманьня іншымі гарадамі Эўропы.


Паводле "Вайхбільду" месьцічы вызваляліся ад фэадальных абавязкаў, ім гарантавалася свабода займацца рамяством, гандлем або земляробствам. Месьцічы атрымалі магчымасьць абіраць гарадзкую раду (магістрат), суд, ствараць цэхі. Магістрат валодаў правам вызначаць віды падаткаў і іхную велічыню, а таксама вызначаць выдаткі на агульнагарадзкія патрэбы. Паводле закону гарадзкога галаву (бурграфа) [2] прызначаў архібіскуп Майдборку. Намесьнік (фогт) [3] абіраўся месьцічамі і пасьля абраньня складаў прысягу на вернасьць гораду. "Вайхбільд" раіў абіраць у мясцовае самакіраваньне найбольш працаздольных людзей ва ўзросьце 25-50 гадоў. Вартымі месца ў магістраце могуць быць асобы паважныя, пабожныя, справядлівыя, непрыхільныя да хлусьні і злосьці. Лепш калі гэта будзе чалавек сярэдняга дастатку, бо "багатыя прызвычаіліся прыгнятаць, а ад бедных аніякае карысьці няма".


Як відаць з напісанага "Вайхбільд" бачыў падмурак стабільнасьці грамадзтва ў сярэдняй клясе. Паводле Майдборскага права рада мусіла зьбірацца ў ратушы [4] "не радзей чым раз на тыдзень, альбо столькі, колькі патрэбна" дзеля "памнажэньня агульнага дабра", прадухіленьня шкоды, разьвязаньня ўзьніклых судовых справаў, прыняцьця захадаў супраць дарагоўлі на харчовыя тавары і папярэджаньня спрэчак, абароны ўдоваў і сірацінаў, выкараненьня азартных гульняў. З цягам часу правы на самакіраваньне набываюць іншыя гарады Эўропы: Рыга (1225 г.), Кракаў (1253 г.), Каралявец-Кёнігсбэрг (1286 г.), Львоў (1356 г.).


Неабходнасьць наданьня буйным гарадам вольнасьцяў пачала ўсьведамляцца кіроўнымі коламі Вялікага Княства Літоўскага яшчэ на пачатку XIV ст. Сьведчаньнем таму пасланьне ад 25 студзеня 1323 г. Вялікага Князя Гедыміна да жыхароў Любэка, Стральзунда, Брэмэна, Майдборка, Кёльна. У ім князь, заклікаючы нямецкіх майстроў да пераезду ў ВКЛ, абяцаў надзяліць усіх зямлёй, даць гарадам, дзе яны паселяцца, майдборскае права, выслабаніць купцоў ад мыта, а сьвятарам даць цэрквы і свабоду казаняў. Але толькі ягоны ўнук Вялікі Князь Ягайла, калі стаў каралём польскім, надаў у 1387 г. майдборскае права Вільні на ўзор Кракава. Трохі пазьней майдборскае права набылі Берасьце (1390 г.) і Горадня (1391 г.). Надаючы майдборскае права Вільні, Ягайла хацеў падвысіць прэстыж сталіцы ВКЛ. Берасьце ж і Горадня былі ўласнасьцю Вялікага Князя і ён, як спраўны гаспадар, дбаў аб прыбытку ад сваёй маёмасьці.


Другая хваля рэформы мясцовага самакіраваньня надыйшла толькі праз сто гадоў, у часе княжаньня Вялікага Князя Аляксандра. Тады майдборскае права набылі Полацак (1498 г.), Драгічын (1498 г.), Менск (1499 г.), Ваўкавыск (1503 г.). Полацак атрымаў майдборскае права адносна позна пэўна таму, што адпачатку знаходзіўся ў больш спрыяльным становішчы, якое вызначалася ня толькі традыцыяй веча, якую Вялікія Князі абавязаліся "ня рухаць", але і міждзяржаўнымі дамовамі з Рыгай і Гоцкім берагам 1229, 1264, 1267, 1300, 1330, 1338, 1399 і 1407 гадоў, што часткова згладжвала паўстаючыя супярэчнасьці. Апрача таго ёсьць верагоднасьць, што горад і раней кіраваўся паводле таго самага права, бо ў прывілеі 1498 году маецца згадка: "паводле таго ж права майдборскага… войтаўства зноўку ўсталёўваем". Магчыма права горад атрымаў, але з-за супраціву княскае адміністрацыі ня здолеў яго ўтрымаць. Такія прэцэдэнты засьведчаны ў дакумантах тых часоў. Гэтак Слуцак, атрымаўшы ў 1441 годзе прывілей на майдборскае права ад князя Алелькі, ня здолеў правесьці яго ў жыцьцё і ўжо паўторнае наданьне гэтага права адбылося толькі ў 1652 г.


Дык вось 4 кастрычніка 1498 году паводле старога стылю ў Троках (цяпер Тракай, Літва) у дзень Сьвятога Францішка Вялікі Князь Аляксандар, як пісана ў прывілеі, жадаючы "стан места Полацкага палепшыць, каб людзі нашыя, што там жывуць, праз кіраваньне добрае і справядлівае былі размножаныя, тое места нашае з права літоўскага і рускага… на права нямецкае майдборскае перамяняем на вечныя часы". Паводле гэтага княскага прывілею на патрэбы войта вылучалася траціна прыбытку ад судовых справаў, прыбытак ад гандлю гарэлкай і палова прыбытку ад гандлю мясам (другая палова выдаткоўвалася на ратушу). Дазвалялася ладзіць штогод тры кірмашы па два тыдні кожны: на дзень Сьвятога Якуба (23 кастрычніка), Вадохрышча (6 студзеня) і пасьля Велікоднага тыдню. На час працы кірмашоў замежным купцам забараняўся праезд дзеля гандлю да Віцебску і Смаленску, гандаль дазваляўся толькі ў Полацку. Полацак, як горад зьвязаны з далёкасяжным гандлем, абавязаны быў збудаваць для замежных купцоў чатыры гасьцінныя двары. Княскім прывілеем месьцічы вызваляліся з-пад улады намесьніка ці ваяводы. Яны мусілі збудаваць ратушу, грамадзкую лазьню, хлебныя крамы. У гарадзкой радзе мусіла быць 20 радцаў, якіх абярэ войт: палову закону рымскага, палову – грэцкага. Тыя ж радцы між сябе разам з войтам павінны штогод абіраць двух бурмістраў [5], якія супольна з войтам раду чынілі. Падатак за карыстаньне майдборскім правам, які быў прызначаны ў колькасьці 400 копаў [6] грошай, трэба было штогод здаваць у дзяржаўны скарб на дзень Сьвятога Міхайлы (8 лістапада). Дзеля параўнаньня падатак за карыстаньне майдборскім правам Вільня плаціла ў колькасьці 1500 копаў грошай, Берасьце — 150, Наваградак — 25.


Напачатку фармаваньня сыстэмы самакіраваньня ў Полацку адбылася спрэчка між войтам і месьцічамі з аднаго боку і баярамі — з другога. Войт і месьцічы, зыходзячы з прынцыпу "паветра места робіць чалавека вольным", хацелі ўсіх, хто жыве ў горадзе, судзіць паводле майдборскага права. Вялікі ж князь патлумачыў, што паводле таго права судзяць вольных людзей, але не нявольнікаў. Залежных жа людзей мае права судзіць намесьнік полацкі замкавым правам. У 1499 г. быў выдадзены прывілей аб войтаўскім і намесьніцкім судах, якім судовыя паўнамоцтвы намесьніка, які ад імя князя кіраваў усёй Полацкай зямлёй, і полацкага войта былі падзеленыя. У 1503 г. Полацку быў выдадзены прывілей аб царкоўным судзе полацкага архібіскупа, якім вызначалася кампэтэнцыя царкоўнага суду і ягоныя дачыненні з гарадзкім. Гэткім чынам цягам некалькіх гадоў у Полацку была сфармаваная сыстэмы гарадской улады.


Калі распавядаць падрабязьней структура гарадзкога самакіраваньня ў ВКЛ выглядала гэткім чынам. На вяршыні гарадзкое ўлады знаходзіўся войт, які напачатку прызначаўся Вялікім Князем на гэтую пасаду пажыцьцёва. Каб пазьбегнуць супраціву ўвядзеньню майдборскага права з боку мясцовае адміністрацыі часта пасада войта зь ягонымі прыбыткамі аддавалася гарадзкому дзяржаўцу або ваяводзе. Прыкладам у Полацку пасаду войта атрымаў полацкі ваявода. Пад ягоным кантролем знаходзіліся калектыўныя ворганы рада і лава. Рада вызначала напрамкі гарадзкога разьвіцьця, і сродкі дзеля дасягненьня мэты. У залежнасьці ад памераў гораду колькасьць асобаў, што стала засядалі ў радзе (радцаў), вагалася ад 6 да 24.

 


Структура мясцовых ворганаў кіраваньня


Тэрмін паўнамоцтваў рады сканчаўся праз год і пасьля грунтоўнае справаздачы фармавалася новая рада, куды звычайна зноўку ўваходзілі тыя самыя асобы, што былі ў папярэднім складзе. У прынцыпе пасада радцы была пажыцьцёвай і рада фармавалася шляхам кааптацыі. Часта рада выконвала функцыі судовага воргана па маёмасных і грамадзянскіх справах. Паседжаньні рады адбываліся раз на тыдзень. Кіраваў паседжаньнямі рады і быў ейным старшынём бурмістар, які прызначаўся зь ліку радцаў. Ён вырашаў бягучыя гарадзкія праблемы, разьбіраў дробныя спрэчкі і загадваў гарадзкім скарбам. Звычайна ў гарадах ВКЛ абіраліся два бурмістры, адзін – рымскае, другі — грэцкае веры. Але колькасьць бурмістраў магла быць і большай. Гэтак у сярэдзіне XVI ст. у Полацку было чатыры бурмістры.


Рада выдавала разнастайныя нарматыўныя дакумэнты, што рэгулявалі гарадзкое жыцьцё. Прыкладам 7 верасьня 1643 г. дзеля напаўненьня гарадзкога скарбу полацкая рада прыймае рашэньне, каб гандлявалі і важылі тавары толькі на рынку, а не ў дамах ці іншых месцах. Ейным жа рашэньнем "дзеля хрысьціянскага ўзгадаваньня люду паспалітага" забараняўся продаж гарэлкі ў нядзелі і святочныя дні зранку да канца службы Божае. Рада зацьвярджала статуты мясцовых прафэсійных хаўрусаў: брацтваў, цэхаў, гільдыяў. Вядомыя полацкія статуты: кушняроў і шапачнікаў (1619 г.), цырульнікаў (1642 г.), ганчароў, печнікоў, муляроў і цагляроў (1643 г.). Рашэньні адміністрацыйных і судовых ворганаў саміх брацтваў падлягалі зацьверджаньню радай. Радцы ў якасьці аплаты сваёй працы ў радзе вызваляліся ад усіх гарадзкіх падаткаў, а з 1588 г. паводле прывілея Вялікага Князя Жыгімонта Аўгуста дзеля падвышэньня аўтарытэту рады ў буйных гарадах усім радцам надавалася шляхецтва. З сяброў рады апрача таго абіраўся будаўнічы — асоба, што зьдзяйсьняла нагляд за грамадзкімі будынкамі і была адказная за збор падаткаў зь іх. У падпарадкаваньні бурмістра знаходзіліся зьбіральнікі падаткаў, якіх у 1650 г. у Полацку было сем чалавек. Яны абыходзілі падаткаплацельшчыкаў і зьбіралі зь іх грошы, а пры канцы дня здавалі іх у гарадзкі скарб.


Судовым ворганам па ўсіх пытаньнях зьяўлялася лава. Па-за кампэтэнцыяй войта і лавы заставаліся зямельныя пытаньні, якія прыкладам у Полацку, мусіў вырашаць княскі намесьнік з "старэйшымі полацкімі баярамі паводле старога звычаю". Лаўнікаў у складзе лавы звычаем было 4-12 асобаў. Папярэджваў лаўнікаў аб дні і часе паседжаньня слуга месцкі. Паседжаньне лавы лічылася правамоцным, калі ў ім прымала ўдзел больш за палову лаўнікаў. Падмуркам для прыняцьця рашэньняў лавай былі майдборскае права, звычаёвае права, судзебнік Казіміра (1468 г.), Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588 гг.). Войт з лаваю ў адносінах да суда радзецкага зьяўляліся судом другой інстанцыі. Апэляцыя ж на прысуд лавы напачатку падавалася да Вялікага Князя, а з 1581 г. — у Галоўны Трыбунал ВКЛ. Старшыняваў на пасяджэньнях лавы звычайна сам войт, які на падставе рашэньняў кожнага з лаўнікаў выносіў агульны прысуд. Даволі часта паседжаньні лавы ўзначальваў намеснік войта лентвойт, які войтам прызначаўся і яму падпарадкоўваўся.


Тутака неабходна адзначыць, што сапраўным нямецкім правам гарады ВКЛ не карысталіся. Нарматыўная база самакіраваньня, як адзначалася раней, уяўляла сабой сумесь майдборскага права, мясцовага права і пазьней нормаў Статутаў ВКЛ. Часам паўнамоцтвы магістрату былі абмежаваныя. Гэтак паводле прывілея для Полацка магістрат ня меў юрысдыкцыйнае самастойнасьці, бо "войт правамоцны вынесьці прысуд без бурмістраў і радцаў, але бурмістар і радцы бяз войта альбо лентвойта ніводнага прысуду вынесьці ня могуць". Неадпаведнасьць клясычнаму майдборскаму праву была ўжо ад вяршыні піраміды ўлады, бо як пісалася раней на чале мясцовае ўлады стаяў бурграф, які прызначаўся. Фогт абіраўся месьцічамі і ўзначальваў суд. Пасада лаўніка перадавалася ў спадчыну. Прысуд бурграфа быў канчатковым. У ВКЛ жа войт прызначаўся Вялікім Князем і спалучаў у сабе функцыі як бурграфа, гэтак і фогта. Апрача таго на прысуд войта была дазволеная апэляцыя да Вялікага Князя, што пазбаўляла самакіраваньне завершанасьці. Лаўнікі ў адрозьненьне ад клясычнага майдборскага права абіраліся радай з адабрэньня сходу грамадзянаў.


Разьвіцьцё сістэмы кіраваньня ў гарадах Беларусі ад непасрэднага княскага кіраваньня праз давераных асобаў да самакіраваньня адбывалася цягам XVI-XVII стст. Напачатку войт, прызначаны Вялікім Князем, як вынікае з прывілею Полацку, абіраў сабе радцаў і лаўнікаў, а потым разам зь імі бурмістраў. У канцы XVI ст., як відаць з прывілеяў Дзісьне і Полацку, ужо замацавалася сістэма абраньня сходам кандыдатаў, зь якіх войт абіраў тых, хто яму да спадобы. Так у Дзісьне з чатырох кандыдатаў войт абіраў сабе лентвойта на год, у Полацку з чатырох кандыдатаў на бурмістраў войт абіраў двух.


Паступова ў практыку пачала ўваходзіць працэдура непасрэднага абраньня сходам (соймам), як сяброў магістрату, гэтак нават і самога войта. Магчымасьць абраньня войта давалася найбольш разьвітым гарадам і пасада гэтая месьцічамі павінна была выкупляцца, то бок за права абіраць войта горад мусіў плаціць адмысловы падатак у дзяржаўны скарб. Гэтак у 1526 г. Вялікі Князь на зварот месьцічаў Бельска Падляскага дазволіў ім за 300 копаў грошай абіраць сабе войта. Калі на пачатку бурмістры пасля сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў рабілі справаздачу перад радай, дык пазней ужо на гарадзкім сойме. Як вышэй пісана, рада, як і лава, мела права судовага разгляду справаў. Гэта часам выклікала злоўжываньні, бо зацікаўленыя асобы накіроўвалі справу туды, дзе чакалі болыпага спрыяньня. Да таго ж часьцяком справы пасьля разгляду іх радаю переходзілі да лавы, што выклікала перагружанасьць ворганаў і марнаваньне гарадзкіх грошай. Таму буйныя гарады часта патрабавалі аб’яднання судовых функцыяў рады і лавы. Так, Магілеў у 1636 г., а Полацак у 1650 г. дамагліся аб’яднаньня радзецкага і лаўніцкага судоў, у выніку чаго судовыя паседжаньні пачалі праходзіць супольна. Пасля абраньня ўсе кіраўнічыя асобы, апрача войта, прысягалі на вернасьць гораду, а бурмістры апрача таго прысягалі і ВялікамуКнязю. Войт складаў прысягу толькі Вялікаму Князю. Але з 1527 г. у Полацку фіксуецца ўнікальная працэдура прысягі войта гораду, пэўна, як адзнака адметнага стану горада ў Вялікім Княстве Літоўскім.


Паступова, з набыцьцём гарадамі большае самастойнасьці ўзрастала барацьба месьцічаў у самім горадзе за кантроль над магістратам у справе збора падаткаў і размеркаваньня бюджэтных сродкаў. 3 запісаў магістрацкіх кніг Берасьця, Полацка, Магілева відаць, што агульны сход месьцічаў абіраў дэпутатаў, якія прымалі справаздачу рады, тэрмін паўнамоцтваў якой скончыўся. Пазней, пры канцы XVI ст., пачалі паўставаць сталыя ворганы гарадскога самакіраваньня, прызначаныя кантраляваць стан бюджэту (скарбу) — гэтак званыя "прысяглыя паспалітыя", а з XVII ст. у вялікіх гарадах — "мужы гмінныя", якія наглядалі за зборам падаткаў і заслухоўвалі справаздачу магістрату. Вядомыя выпадкі даволі бурлівых паседжаньняў. Прыкладам, 17 сакавіка 1650 г. у Полацку у часе прыняцьця справаздачы магістрата лаўнік Згурскі абвінаваціў бурмістра Яна Скабіча, радцаў Хведара Размысловіча і Сяргея Каменку ў прысабечваньні 600 копаў грошай з гарадзкога скарбу. Не апошнюю ролю ў вырашэньні агульнагарадзкіх праблемаў працягвалі граць агульныя сходы месьцічаў: соймы, копы, вечы. На іх заслухоўваліся справаздачы бурмістраў, скаргі і звароты да дзяржаўнага ўраду, пастановы аб зборы дадатковых сродкаў, патрабаваньні аб зьняцьці з пасадаў пэўных службовых асобаў. На конадні падзелаў Рэчы Паспалітае ступень самакіраваньня і нутраная структура мясцовых ворганаў былі разнастайнымі, што тлумачылася рознымі гістарычнымі варункамі.


Пасьля анэксіі ў 1772 г. усходніх земляў Беларусі Расейскай імпэрыяй, сюды былі ўведзены акупацыйныя войскі і ўсялякія праявы самаарганізацыі месьцічаў спынілі існаваньне. У 1776 г. на далучаных беларускіх землях расейскім урадам было адмененае майдборскае права, а цывільнае жыцьцё пачало падпарадкоўвацца вайсковым інстытуцыям.


У ацалелай частцы Рэчы Паспалітае чатырохгадовы сойм пастановаю ад 18 красавіка 1791 г. зрабіў спробу ўнармаваньня законаў, што да мясцовага самакіраваньня, але другі і трэці падзелы спынілі распачатую рэформу. На ўсёй тэрыторыі Беларусі запанаваў паліцэйскі ўціск, бо паводле закона 1782 году "Устав благочиния" кіраваньне гарадамі рэалізавалася праз ворганы паліцыі. Толькі праз сто гадоў, а дакладней у 1875 годзе, на падставе "Городового положения" ад 1870 года ў беларускіх гарадах пачалі стварацца ворганы частковага самакіраваньня — гарадзкія думы. Але ўжо ў 1893 годзе пасьля прыняцьця новага закону з прычыны вялікага выбарчага цэнзу і забароны габрэям, якія у беларускіх гарадах складалі блізу 60% насельніцтва, удзельнічаць у выбарах, колькасьць выбаршчыкаў склала цэлы 1%! Мясцовыя выбары ў Полацку адбыліся толькі ў 1911 годзе. Першым і адзіным гарадзкім галавой быў абраны Ласковіч. У выніку Лютаўскае рэвалюцыі 1917 г. былі ўтвораныя саветы дэпутатаў працоўных, аднак ужо ўвосень яны трапілі пад кантроль камуністаў. Далей пра самакіраваньне пры саветах казаць не выпадае, бо зьяўляліся яны дэкарацыяй, прызначанай прыхаваць татальны кантроль за грамадзтвам з боку камуністычнае партыі.


У 90-х гадах ХХ ст. з пачаткам працэсу дэмакратызацыі паўстала неабходнасьць развіцьця самакіраваньня, як сродку наблізіць уладу да грамадзянаў (праз магчымасьць выбару кіраўніцтва) і зрабіць яе падкантрольнаю (праз магчымасьць цывілізавана выказаць недавер). Цягам 1993-1995 гг. былі падрыхтаваныя праекты законаў: "Аб мясцовым самакіраваньні", "Аб выбарах мясцовых Саветаў", "Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле", "Аб адміністрацыйным судзе і наглядзе" ды іншыя. Мэтаю была рэалізацыя самакіраваньня і рэформа дзяржаўнага кіраваньня на месцах. Але стрэлка палітычнага баромэтру хіснулася ў супрацьлеглы бок. Ня быў зьдзейсьнены падзел улады на ворганы мясцовага самакіраваньня і ворганы дзяржаўнага кантролю на месцах. Лістападаўскі ж рэфэрэндум 1996 г. засьведчыў, што з пункту гледжаньня дэмакратычнасьці кіраваньня нашыя грамадзяны пазбыліся нават таго, што іхныя продкі дамагаліся і дамагліся яшчэ ў XVII ст., а менавіта магчымасьці абіраць кіраўнікоў мясцовых ворганаў улады і кантраляваць гарадзкі бюджэт. Замест гэтага сталася нормаю прызначэньне кіраўнікоў выканаўчых ворганаў на месцах першай асобай дзяржавы. Што гэта вядзе да адміністрацыйнае сваволі і нерацыянальнага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў цудоўна разумелі кіроўныя колы ВКЛ. Аднак сёньняшняе беларускае кіраўніцтва гэта не абыходзіць, бо тое ня ў іхных прыватных інтарэсах. Шкада, бо ж існуючая вэртыкаль улады не дазваляе вырашаць паўсталыя перад мясцовай грамадзянскай супольнасьцю праблемы ў інтарэсах самой гэтай супольнасьці.


Тлумачэньні:


[1] Weichbild (ням.) — тэрыторыя, мяжа гораду

[2] Burggraf (ням.) — кашталян, начальнік замку

[3] Vogt (ням.) — войт ад vocatus (лац.) — памочнік

[4] Ад ням. Rathaus — дом рады

[5] Адзінка вымярэньня роўная 60

[6] Ад ням. Burgermaister — кіраўнік гораду
М. Баўтовіч

 

 

Прывілей месту Полацкаму на майдборскае права ды іншыя вольнасьці


[4 кастрычніка 1498 году]


У імя Божае. Амін.


Зьнішчыла б з часам усе справы старасьць, калі б учынкі людзкія, якія ад нараджэньня свайго канец маюць, празь лісты не былі ўвечненыя і годным сьведчаньнем дзеля будучай вядомасьці не былі прыведзеныя.


Таму дзеля вечнае памяці аб гэтай справе мы, Аляксандар, Божай міласьцю Вялікі Князь літоўскі, рускі, жамойцкі і іншых, пан і ўладальнік, абвяшчаем гэтым нашым лістом кожнаму, каму будзе патрэба яго ведаць, цяперашнім і пасьля будучым, што маючы на мэце памнажэньне агульнага дабра і жадаючы стан места нашага Полацкага палепшыць, каб людзі нашыя, што там жывуць, праз добрае і справядлівае кіраваньне былі размножаныя, гэтае места нашае з права літоўскага і рускага і якое там яшчэ будзе трымана, на права нямецкае майдборскае зьмяняем на вечныя часы. Паводле таго самага права майдборскага агульнага ўсе законы і звычаі, раней існаваўшыя, якія тое самае права майдборскае прыціскаюць або перакручваюць адмяняем.


Дык вось паводле таго самага права майдборскага ў вышэй згаданым месьце войтаўства зноўку закладаем і праз гэты ліст войтаўства полацкае надаем, запісваючы цяперашнему войту і ўсім, якія на месцы ягоным пасьля будуць, трэці грош ад усіх судовых справаў і прыбыткаў, усіх судовых штрафаў і іншых рэчаў, якія калі-небудзь будуць, як продкамі нашымі тое самае ў Вільні і ў іншых гарадах, што тое права захоўваюць, усталявана. Гэтаксама дадаем гэтаму войтаўству палову мясных крамаў і выплаты іх, а другую палову – на ратушу, і загадваем, каб ад гэтага часу ніхто ў Полацку, як баярын, гэтак і мяшчанін, крамаў мясных дзеля свайго прыбытку ня меў. Гэтаксама аддаем пад уладу войта ўсіх вытворцаў гарэлкі, а таксама прадаўцоў яе.


Жадаем гэтаксама, каб усе, хто ў напачатку згаданым месьце на якім-колечы месцы жывуць, з гэтага права майдборскага карысталі і яму ва ўсіх справах былі паслухмянымі. Як тыя людзі, што жывуць за Дзьвіной, гэтак і тыя, што з другога боку ракі Дзьвіны і на востраве месьцяцца. Гэтаксама ўсе людзі ўладыкі і ігуменьні, а таксама манаскія і папоўскія, і баярскія, і мяшчанскія, і ўсіх іншых, якія тамсама жывуць і вакол места ў мяшчанскіх сёлах, а таксама пасельскія і слугі путныя, якія заўсёды на выправу вайсковую разам зь мяшчанамі звыкліся хадзіць і ўсе падаткі нашыя разам зь імі нам аддаваць. Тыя ўсе пералічаныя вышэй людзі мусяць таму праву майдборскаму ва ўсіх справах быць паслухмянымі, і ўсіх тых людзей выймаем з права замкавага і баярскага, перад якімі ў судзе ня будуць абавязаныя стаяць. А калі каму нешта павінныя тады ім справядлівасьць мусіць быць учыненая войтам іх і бурмістрамі. У выпадку неспакою або нейкай іншай земскае патрэбы, а асабліва з прыказаньня нашага, будуць абавязаныя на загад намесьніка, які на той час у замку нашым будзе, быць паслухмянымі дзеля абароны, гэтак доўга, пакуль будзе патрэба. Гэтаксама вызваляем іх ад падводаў, якіх раней звычайна давалі. Пасьля ўжо абавязаныя будуць даваць падводы на патрэбу нашу земскую, калі ўбачаць падводны ліст сыгнэтам нашым запячатаны. Гэтаксама вызваляем іх ад варты, якую толькі дзеля нашае патрэбы мусяць даваць.


Дазваляем гэтаксама гэтаму згаданаму напачатку месту дзеля іхнае карысьці тройчы на год кірмашы ладзіць паводле звычаю іншых местаў: першы кірмаш — на дзень Сьятога Якуба, другі — на Вадохрышча, трэці — пасьля Велікоднага тыдню. Кожны кірмаш мае стаяць два тыдні. Апрача тых кірмашоў ніводны рыжскі купец, або нейкі іншы чужы, ня будзе мець права прадаваць і купляць больш за тую меру, што ніжэй напісана. Да таго ж тыя чужыя купцы апрача кірмашоў маюць права купляць за адзін раз воску па палове беркаўца [1]; собаля, куніцу і шашка — па сорак; ваверку, гарнастая, ласіцу і норыцу — па стопяцьдзесят; попел і смалу — лашт [2]. І гэта ня маюць права купляць ані ў лесе, ані ў барах, ані ў вёсках, але толькі ў месьце. Тыя самыя чужыя купцы апрача кірмашу маюць права прадаваць ня болей як: сукна — пастаў [3]; солі – лашт; перцу, імбіру, міндалю і іншых простых зельляў — камень [4]; шафрану, мушкатаў, квету мушкатовага, галгану, цытвару і іншых даражэйшых зельляў — фунт [5]; сякеры, нажы і іншыя падобныя рэчы — тахор, або тузін; жалеза, волава, медзь, цыну, мосяж і іншых падобных рэчаў — цэнтнэр; фігаў, разынкаў — кош; віна якога-колечы і піва нямецкага ды іншага пітва чужога — цэлую бочку [6]. Толькі тыя купцы чужыя ня будуць мець права менш ані прадаваць, ані купляць, толькі столькі колькі вышэй напісана. А калі хто з уласнае сьмеласьці іншае зробіць, тады тую куплю да нашае мытні на нас войт забярэ. Гэтаксама тыя купцы рыжскія ня маюць права езьдзіць да Віцебску і Смаленску пад пагрозай страты ўсяго, а калі б чужыя купцы мелі б даўжніка ў Віцебску або ў Смаленску, тады могуць туды ехаць і даўгі свае спагнаць, апрача куплі.


Таксама дазваляем мець у гэтым нашым месьце важніцу, прыбытак зь якой да нашага скарбу пойдзе, і будуць таксама мець капніцу, і ўвесь воск, тамака стоплены, пячаткаю іхнаю маюць права пазначыць і прыбыткі з таго дзеля агульнага дабра скарыстоўваць.


Даручаем таксама войту і бурмістрам, што на той час будуць, пусткі ўсе ўмесьце і вакол места засяліць і людзей размножыць. Таксама баяры, якія маюць дамы, што ў мяшчанаў да гэтага часу няпраўна набылі. Тады абавязаныя тыя дамы мяшчанам вярнуць, забраўшы свае грошы.


Гэтаксама маюць усе мяшчаны права дзеля будаваньня і на кухню браць паўсюдна дровы як вялікія гэтак і малыя ў лясах і барах за тры мілі вакол места, і гэтага ім забараніць ніхто ня можа, акрамя борцяў, якіх браць ня могуць. Таксама, дзе раней пасьвілі сваю скаціну, гэтак і цяпер з сваёй волі бяз усялякага ўціску тамсама будуць пасьвіць. І таксама ля ракі Ўшачы паводле паводле свайго жаданьня дазваляем ім скаціну сваю пасьвіць, што і перад тым яны мелі.


Таксама ніводны баярын свайго чалавека, падданага сабе, у месьце трымаць ня можа, але ўсе нашы маюць права тут быць і гэтаму пісанаму вышэй праву абавязаныя быць паслухмянымі. Тое ж самае разумеем аб намесьніку і аб уладыку, і аб усіх панах рускіх, і аб манахах.


Вызваляюцца таксама ўсе полацкія мяшчаны ад мыта ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім, як віленцы і трачаны, што вызваленыя з асаблівага дазволу нашых папярэднікаў.


Дзеля ўжытку гарадзкога абавязаныя таксама збудаваць грамадзкую лазьню, дзе месца падбяруць зручнае, паставіць таксама ратушу на годным месцы, ля якога неабходна мець крамніцу і яткі, то бок крамкі хлебныя, і пакой пастрыгальны. І там жа на ратушы мусяць быць бочка мерная і медніца з знакам гарадзкім, усе прыбыткі зь якіх войт з бурмістрамі абавязаныя захоўваць дзеля гарадзкой патрэбы.


У памянёным вышэй месьце заўсёды мусяць быць дваццаць радцаў, якіх будзе абіраць войт, палову закону рымскага, а палову — грэцкага. Тыя радцы разам з войтам павінны абіраць між сябе кожны год двух бурмістраў, аднаго закону рымскага, а другога — грэцкага, якія супольна з войтам грамадой кіраваць будуць. Кожную апэляцыю бурмістры і радцы абавязаныя дапусьціць да войта, а ад войта апэляцыя можа быць толькі да нас. Гэтаксама войт справядлівы прысуд можа ўчыніць без бурмістраў і радцаў, але бурмістры і радцы без войта, або лентвойта ніводнага прысуду ўчыніць ня могуць.


Загадваем гэтаксама на вечныя часы, каб вышэй памянёнае места штогод 400 копаў грошай да скарбу нашага на дзень Сьвятога Міхаіла здавала без усякіх адгаворак.


Выдаляем таксама і навечна вызваляем гэтым нашым лістом усіх людзей гэтага места ад судоў і ўлады усіх ваяводаў і паноў, і старастаў, судзяў і падсудкаў, і іншых намесьнікаў і ўрадоўцаў нашага княства так, што калі ў нейкай справе да іх будуць пакліканыя, ня будуць абавязаныя адказваць.


А калі войт або бурмістры будуць паводзіць сябе несправядліва, тады пакліканыя да нас маюць за тое адказаць, якіх гэтым самым правам судзіць будзем. А вышэйшым за ўсе правы сваё права пакідаем.


І дзеля пацьверджаньня ўсіх гэтых рэчаў і большай моцы нашая пячатка да гэтага ліста прывешаная.


Зроблена і выдадзена ў Троках у чацьвёрты дзень Сьвятога Францішка ў лета ўцелаўленьня Хрыстовага тысяча чатыраста дзевяноста восьмага.


І былі пры гэтым вялебныя, вяльможныя, высакародныя і шляхетныя:


князь Войцэх — біскуп віленскі,

Ян Забярэза — ваявода і пан троцкі і маршалак найвышэйшы Вялікага княства,

Рыгор Осьцікавіч — наш дворны маршалак і мерацкі намесьнік,

Ян Пятровіч — наш маршалак.


пераклад на сучасную мову Міхася Баўтовіча


Тлумачэньні:


[1] Беркавец — мера вагі роўная пяці камяням (75 кг)

[2] Лашт — мера вагі роўная 120 пудам (Пуд — мера вагі роўная 40-50 фунтам)

[3] Пастаў — мера даўжыні роўная 50-ці лакцям (32,48 м)

[4] Камень — мера вагі роўная 36 фунтам

[5] Фунт — мера вагі роўная 360 — 450 г

[6] Бочка — аб’ёмная мера роўная 144-м гарнцам (406,6 літра)

 

 

Абарончыя ўмацаванні часоў ІІ Сусветнай вайны


Падзеі на Ўсходнім фронце (паразы пад Масквой і Сталінградам) прымусілі на пачатку 1943 г. нямецкае камандаваньне сур’ёзна задумацца над далейшай тактыкай баявых дзеяньняў. Стала зразумелым, што аднымі наступальнымі апэрацыямі не абыдзецца і трэба рыхтавацца да абароны занятых тэрыторыяў. У адпаведнасьці з загадам камандаваньня для вузлавых цэнтраў пачалі рэалізоўвацца праекты стварэньня ўмацаваньняў, зьнітаваных у некалькі лініяў абароны. Гэтак для абароны Полацкага вузла былі збудаваныя лініі "Мядзьведзь", "Пантэра" і "Тыгр". Першая лінія пралягала за вёскай Гараны, другая, як вядома з паведамленьняў камандзіраў савецкіх частак, праходзіла ў 5-7 км на ўсход ад Полацка. Трэцяя, найбольш трывалая, ішла ад Дзьвіны на поўнач і адцінала ад цэнтру ўсходнюю частку горада.


Сёньня праз больш як 60 гадоў цяжка адшукаць дзе пралягалі траншэі ў поўны рост, дзе знаходзіліся ўмацаваньні зь бярвёнаў, дзе стаялі ўкапаныя ў зямлю танкі, бо гарадзкі краявід значна зьмяніўся. Аднак захаваліся цалкам або часткова каля дзясятка даўгатэрміновых агнявых пунктаў — ДОТаў, якія дазваляюць прасачыць апошнюю лінію нямецкай абароны Полацка. Яны зьяўляюцца помнікамі часоў Другой Сусьветнай вайны, дзе загінула шмат вядомых і невядомых жаўнераў. Пачыналася лінія ад чыгуначнага моста празь Дзьвіну і йшла на паўночны ўсход ўздоўж чыгуначнага насыпу. Дарогу на Віцебск перакрываў агнявы пункт, разьмешчаны насупраць Чырвоных могілак. Далей лінія пралягала па сучаснай вуліцы Суворава, уключаючы збудаваныя пэўна трохі раней 6 бункероў з абодвух бакоў чыгункі вакол вакзалу ў Грамах, што называўся тады Полацк-2. Агінуўшы вакзал, яна перасякала чыгуначную лінію ў бок Нэвеля, і даходзіла да рэчкі Палаты. Далей у лінію абароны была ўлучаная сама Палата аж да былое вёскі Гамэрня, дзе на стромкім беразе стаялі два бункеры, якія кантралявалі рух па чыгунцы ад станцыі Полацк-2 у бок Ідрыцы. Па чыгунцы лінія выходзіла да даваеннага месца разьмяшчэньня савецкіх частак Зялёны гарадок, які захінаў Полацк ад поўначы, і далей гублялася недзе ў непраходных балотах.


Паспрабуйма разабрацца ці спраўдзілі сябе гэтыя ўмацаваньні ў часе баявых дзеяньняў. Акружэньне Полацкага вузла было ўскладзенае на 9 дывізіяў 1-га Прыбалтыйскага фронту: 332-ю, 119-ю і 360-ю стралковыя дывізіі 83-га стралковага корпусу 4-й ударнай арміі, 51-ю, 90-ю і 47-ю стралковыя дывізіі 22-га стралковага корпусу 6-й гвардэйскай арміі ды 51-ю, 71-ю і 67-ю гвардэйскія дывізіі 23-га стралковага корпусу 6-й гвардэйскай арміі. Ім, паводле савецкіх зьвестак, супрацьстаялі 6 нямецкіх пяхотных дывізіяў 16-й арміі групоўкі “Nord” (205, 290, 24, 197, 216, 81). Камандаваньне фронту паставіла задачу ахапіць Полацк кальцом і не дазволіць нямецкім часткам адыйсьці на паўночны захад у бок Дрысы. Савецкія гісторыкі пішуць пра разгром 6-ці нямецкіх дывізіяў ( Полоцк: Ист.очерк, Мн, 1987, с. 219-220), аднак гэтыя вайсковыя часткі 17.07.1944 прымалі ўдзел у баях ля Росіцы і Бігосава, а пазьней былі ў складзе вайсковай групоўкі ў Курляндыі (Латвія), якая здалася ў палон толькі пасьля падпісаньня акта капітуляцыі Нямеччыны 08.05.1945 г. Значыць задача ўсё ж такі не была выкананая, нямецкія войскі здолелі адыйсьці і неапошнюю ролю ў стрыманьні савецкіх дывізіяў адыграў менавіта гэты ўсходні абарончы пас.


Першымі зь ім сутыкнуліся часткі 47-й дывізіі, якія 02.07.1944 г., пераадолеўшы дзьве абарончыя лініі, увайшлі ў Полацк з боку Віцебска (на дывізію ў гэты дзень прыпадае найбольшая колькасьць палеглых з 9-ці савецкіх дывізіяў). 03.07.1944 г. у адпаведнасьці з плянам камандаваньня пачаўся сынхранізаваны штурм Полацка з паўночнага ўсходу, усходу і поўдня. Найбольшы цяжар выпаў на долю вайскоўцаў, што спрабавалі пераадолець нямецкую абарончую лінію: 119-я дывізія – 40 пахаваных на полацкіх могілках; 51-я стралковая дывізія – 60 пахаваных. Хаця гэтыя лічбы толькі ўскосна сьведчаць пра колькасьць палеглых. Сапрадныя страты несумненна большыя, бо за той самы дзень 03.07.1944 у 47-й дывізіі, як вядома з рапарта камандаваньню, загінула 22 чалавекі, а на полацкіх могілках вядомыя пахаваньні толькі 4-х зь іх. Падобна, што абарончая лінія ва ўсходняй частцы ў зоне дзеяньня 51-й стралковай дывізіі была пераадоленая толькі з адыходам нямецкіх частак. Прычынай жа адступленьня сталася няздольнасьць нямецкіх войскаў ліквідаваць пляцдарм, утвораны часткамі 51-й гвардэйскай дывізіі на паўночным беразе Дзьвіны ў межах горада.


Паўночны ж адцінак абарончае лініі ў Зялёным гарадку нямецкія войскі трымалі даўжэй, даючы магчымасьць эвакуявацца з гораду іншым сваім часткам. Таму 04.07.1944 г. найбольшая колькасьць палеглых прыпадае на 119-ю стралковую дывізію (26 пахаваных), якая намагалася замкнуць кола вакол Полацка з поўначы. Аднак ёй гэта не ўдалося, і Зялёны гарадок яна заняла толькі пасьля адыходу 205-й пяхотнай дывізіі. За стойкасьць пры абароне Полацкага вузла 205-я пяхотная дывізія атрымала падзяку нямецкага камандаваньня. Як відаць баі за Полацк на абарончай лініі былі цяжкімі і для абодвух танкоў стратнымі. Пастаўленыя задачы цалкам ня здолелі выканаць ані савецкія, ані нямецкія войскі.


Міхась Баўтовіч

 

 

Барысаў камень


Мясцовыя назвы Барыс-Хлебнік, Барыс, Барыс-Глеб. Камень ляжыць каля Сафійскага сабора, на правым беразе Заходняй Дзвіны. Раней знаходзіўся каля в. Падкасцельцы, за 5 км ад Полацка, на правым беразе Заходняй Дзвіны. Камень-валун (палявы шпат чырванаватага колеру) каля 8 м у акружнасці, паверхня няроўная. На камені высечаны шасціканцовы крыж (даўжыня больш за 1,5 м) і надпісы "ХС НИКА" і "Господи помози рабу своему Борису".


Раней у рэчышчы Заходняй Дзвіны было больш за дзесяць валуноў з аднолькавымі крыжамі і надпісамі. Вядомы сем вялікіх валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі "Господи помози", з якіх пяць камянёў у рэчышчы Заходняй Дзвіны — па аднаму каля в. Падкасцельцы за 5 км ад Полацка і каля мястэчка Друя, тры каля г. Дзісна (два каля былой в. Балоткі, адзін каля былой в. Накоўнікі); два на сушы — каля в. Дзятлаўка Аршанскага раёна (т.зв. Рагвалодаў камень) і каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна. Захаваліся тры камяні: адзін з дзісенскіх камянёў (з надпісам "Сулиборь хрьст"), што ў 1887—88 гг. падняты з дна ракі і вывезены ў Маскву (знаходзіцца ў музеі-запаведніку "Каломенскае"); камень з в. Падкасцельцы, што ў 1981 г. падняты і ўстаноўлены каля Сафійскага сабора ў Полацку; камень, што ў Друі. Астатнія помнікі разбураны. Да прыняцця хрысціянства (Х ст.) камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага князя Барыса Усяславіча ў 1-й трэці ХІІ ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя. У народзе камяні былі вядомы пад назвамі Барыс, Барыс-Хлебнік, Барыс-Глеб, Барысаглебскі, Пісар, Пісанік і інш. Захавалася шмат паданняў пра камяні.


Барысау камень — помнік эпіграфікі ХІІ ст.


Л.У. Дучыц

Барысавы камяні

Полацк. Памяць

Менск. Беларуская Энцыклапедыя. 2002


Г.В. ШтыхаўЗбор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 1986

 

 

Валова азярцо


Гэтае невялікае возера на поўначы Полацку. Ляжыць паміж Спаскім манастыром і чыгуначнай станцыяй Грамы. З усіх бакоў яно абмежаванае вуліцамі Кандраценкі (былая Грамоўская), Стаханаўскай (былая Шпакоўская), завулкамі Фабрыцыюса (былая Інтэнданцкая шаша) і 3-м Стаханаўскім. Тутэйшыя жыхары найчасьцей мянуюць яго Валовым азярцом з прычыны невялікага памеру. Мае даўжыню 250 м, а найбольшая шырыня сягае 200 м. Упадае ў яго некалькі ручаёў. Маецца сьцёк у раку Палату. Раней возера было большым і глыбейшым.


У 1563 г. каля гэтага возера знаходзіўся стан Івана Жахлівага, калі ён 31 студзеня прыйшоў з войскам і аблажыў Полацак. У гэтым жа вакольлі ў жніўні 1579 г. месьціўся стан Сьцяпана Батуры, калі ён, падыйшоўшы да Полацку, вёў аблогу ды штурмаваў ягоныя замкі. Тут у кастрычніку 1812 г. праходзіла разьмежаваньне расейскіх войскаў пад началам графа Вітгенштайна і французкіх на чале з маршалам Сэн-Сырам.


Знакаміты аўтар "Шляхціча Завальні" Ян Баршчэўскі ў 1844 годзе ў сваім нарысе "Полацак" згадвае, што "за Палатою, на шырокай раўніне, як люстэрка, адбівае сонечнае сьвятло невялікая плямка вады, якая завецца Валоваю азярынаю. Кажуць, што калісьці яна была ў самім горадзе і да хрышчэньня стаялі ля гэтае азярыны сьвятыні Перуна і Бабы Ягі, але цяпер не засталося ані сьлядоў ад той старажытнасьці", і дадае "У народзе дасюль яшчэ паўтараецца страфа пра Бабу Ягу:


Баба Яга,

Касьцяная нага,

На ступе едзе,

Таўкачом памагае,

Мятлой сьляды замятае.


Застаецца незразумелым, чаму капішча было аддаленае ад замку і пасадаў амаль на 3 км. Магчыма яно было перамешчанае сюды з пачаткам хрыстыянізацыі.


Недалёка на поўнач ад возера ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. месьцілася цагельня Корсака, аднаго з нашчадкаў знакамітага шляхецкага полацкага роду, што некалі будавалі ў горадзе манастыры й цэрквы. Пэўны час ім належалі манастыры Барысаглебскі і Іванаўскі на Востраве, яны збудавалі на Верхнім замку цэрквы Стрэчаньня і Зьмітраўскую, на Запалоцьці — Раства Хрыстовага. Пасьля ІІ-й сусьветнае вайны недалёка ад возера знаходзілася цагельня "Гвардзеец", філія полацкага камбінату будаўнічых матэрыялаў.


Цяпер возера паступова зарастае. Прычынай таму шчыльная гарадзкая забудова і інтэнсіўнае забруджаньне ручаёў бытавымі адкідамі. За апошнія 30 гадоў плошча возера скарацілася больш чым удвая. Берагі багністыя, парослыя чаротам і асокай (асабліва з захаду і поўначы). Вольны падыход да вады маецца адно толькі з усходу.


Азярцо не ахоўваецца дзейным заканадаўствам, таму часта на ім у выніку атручаньняў усплывае рыба, якой жыхары потым кормяць сьвіней. Не зважаючы на штогадовыя экалягічныя фэсты ў Полацку, гарадзкая адміністрацыя абыякавая да стану гэтага прыроднага аб’екта. Каб жа захаваць яго патрабуецца рэалізацыя комплекснае праграмы меліярацыі ўсяго водазбору. Пасьля гэтага азярцо магло б стаць месцам ня толькі адпачынку палачанаў, але і аб’ектам турыстычным. 

 

Міхась Баўтовіч

 

 
Калегіум езуітаў


Будынкі былога езуіцкага калегіума знаходзяцца на скрыжаванні пр. К. Маркса з вул. Замкавай, на былым Вялікім пасадзе. Пабудаваны ў 1-й палове XVIII ст. з цэглы.


У жніўні 1574 г. кароль Стафан Баторый звярнуўся да рэлігійнага дзеяча Пятра Скаргі ў Вільню з прапановай заснаваць у Полацку кляштар езуітаў. У 1579 г. былі пабудаваны драўляныя корпус калегіума i касцёл. Полацкі езуіцкі калегіум — першая сярэдняя навучальная ўстанова ордэна езуітаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі (дзейнічаў да 1812). Першая езуіцкая школа ў Полацку налічвала gzwm вучняў. У ліку вучняў-хлопчыкаў знаходзіліся сын полацкага ваяводы Мікалая Дарагастайскага i пляменнік архіепіскапа Т. Рыпінскага. У далейшым колькасць дзяцей, якія навучаліся ў езуітаў, значна павялічылася. Першапачаткова навучальная ўстанова размяшчалася ў Полацкім замку. Калегіуму былі дадзены не менш як 72 вескі (з 730 дымамі) i 423 дамы ў Полацку. У 1588 г. пры калегіуме быў пабудаваны касцёл св.Стафана. У 1598 г. калегіум перавялі ў спецыяльна ўзведзены будынак непадалёку ад замка (драўляныя будынкі згарэлі пры пажарах). 
Вялікую значнасць полацкі прыстанак езуітаў набыў пасля пераходу віленскага езуіцкага навацыяту з Рыгі, які быў выгнаны шведамі з горада ў 1600 г. У выніку Полацк ператварыўся ў цэнтр езуіцкага ордэна ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1617/18 гг. навучальным годзе школа налічвала 81 вучня.


Навучанне i выхаванне ў гэтай навучальнай установе вялося па праграмах для езуіцкіх калегіумаў, вылучалася высокім узроўнем. Першым рэктарам калегіума быў вядомы ідэолаг контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай Пётра Скарга. Выкладаліся лацінская i грэчаская мовы, антычная літаратура, красамоўства, стылістыка, паэтыка i свяшчэннае пісанне. Каб павялічыць колькасць навучэнцаў, было ўведзена выкладанне на польскай. Малодшае аддзяленне калегіума (гімназія) мела пяць класаў (у пятым класе навучанне доўжылася два гады), якія называліся: "інфіма", "граматыка", "сінтаксіс", "паэціка" i "рыторыка". Галоўнай дысцыплінай выкладання ў трох нізшых класах была лацінская мова, потым грэчаская. Два вышэйшыя класы называліся "гуманіора". Гэта была школа свецкая. Асобная духоўная школа прызначалася асабіста для тых, хто жадаў уступіць у ордэн езуітаў. Школа мела сямігадовы курс: трохгадовы філасофіі i чатырохгадовы багаслоўя.


Пасля захопу Полацка маскоўскімі войскамі цар Аляксей Міхайлавіч выдаў пастанову аб вяртанні маёнткаў езуітаў праваслаўнаму духавенству. Касцёл быў разабраны. Пасля Андросаўскага перамір’я 1667 г., калі Полацак быў вернуты ВКЛ, езуіты зноў умацавалі свае пазіцыі, пабудавалі касцёл Святога Францішка Ксаверыя, які быў знішчаны пажарам 1682 г. Пасля пажару былі пабудаваны драўляны касцёл Святога Стафана, будынкі келляў i вучылішча.


Пры калегіуме існавалі канвікт (інтэрнат), бібліятэка, друкарня, тэатр, карцінная галерэя, музей (з 1780-х гадоў), аптэка (зафіксавана з 1641), шпіталь для бедных, сукнавальня (каля 1797). Тэатр калегіума ставіў п’есы з удзелам хору i балета на гістарычную i біблейскую тэматыку ў духу эстэтыкі барока i класіцызму. У некаторыя пастаноўкі (напрыклад, "Духоўнае прычасце святых Барыса i Глеба") уключаліся інтэрмедыі на беларускай мове.


Бібліятэка існавала з канца XVI ст. У 1811 — г. налічвала каля 40 тыс. тамоў. Складалася з галоўнай, навуковай i польскай бібліятэк. У XIX ст. была найбагацейшым кнігазборам на Беларусі. У ёй зберагаліся каралеўскія граматы, старажытныя рукапісы, іншыя дакументы, каля 90 біблій, выдадзеных у XVI—XVII ст. Аснову кніжнага фонду складалі выданні XVI—XVIII ст. на польскай, лацінскай, французскай, нямецкай мовах, сярод ix працы Арыстоцеля (Гейдэльберг, 1562), Эразма Ратэрдамскага (Амстэрдам, 1682). Значная колькасць літаратуры была выдадзена на Беларусі.


У 1734 г. расейскім войскам знішчаны касцёл i забрана казна кляштара, якую, аднак, ксяндзы вярнулі пасля скаргі да царыцы ў Санкт-Пецярбург. У 1738 г. італьянскім дойлідам пабудаваны новы мураваны храм, асвячоны 15.8.1745 г. у гонар святога Стафана; работы па афармленні інтэр’ера завершаны ў 1765 г. У капліцы пры храме захоўваліся мошчы прапаведніка, "пінскага апостала" Андрэя Баболі (перанесены з Пінска), таму касцёл быў месцам паломніцтва вернікаў. Касцёл — трохнефавая крыжова-купальная базіліка з двухвежавым фасадам. Перад касцёлам сфарміравана вялікая прамавугольная Парадная плошча.


У 1772 г. калегіуму належала каля 5 тыс. валок зямлі, 16 620 прыгонных у вёсках i 289 мяшчан. Да ліку найбуйнейшых належалі дзевяць фальваркаў: Вяжышчы, Іванск, Імгумнаў, Загацце, Казімірова, Мосар, Медзічы, Туроўля, Экіманія, якія давалі 63 882 злотых прыбытку. У 1796—1811 гг. у калегіуме вучыліся ад 244 да 441 чалавека. У Полацку езуіты мелі 6 касцёлаў.


У канцы XVIII ст. у калегіуме выкладаў аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, дойлід Габрыэль Грубер (1740—1805), які стаў ініцыятарам стварэння i арганізатарам музея пры Полацкім езуіцкім калегіуме. У 1788 г. апантаны ідэяй музея Грубер спраектаваў i пабудаваў для яго будынак. Будаўніцтва спецыяльнага трохпавярховага корпуса для музея стала выключнай з’явай у дзейнасці полацкіх езуітаў. Грубер асабіста зрабіў шэраг механізмаў i інструментаў, распісаў сцены музея фрэскамі. У стварэнні музея яму дапамагалі Францыск Ксаверый Шопфер (Схопфер), Кшыштаф Шміт i Ян Сомерэр. Пасля ад’езду Г. Грубера ў Санкт-Пецярбург з 1800 г. музеем займаліся Францыск Рыка, Юзаф Цытовіч, якія многа зрабілі, каб узбагаціць збор музея.


Сярод музейных рэчаў былі рукапісныя i старадрукаваныя кнігі, культавыя і свецкія рэчы, што раней знаходзіліся ў цэрквах i манастырах Полацка; калекцыі і прадметы агульнагістарычнага характеру, электрычныя i механічны прылады і інструменты, прывезеныя з-за мяжы; прадметы, якія вырабляліся на месцы, калекцыі натуральнай гісторыі, сабраныя ў ваколіцах Полацка. Музейныя калекцыі выкарыстоўваліся для дэманстрацыі пры выкладанні той ці іншай дысцыпліны у езуіцкім калегіуме. Езуіты таксма дазвалялі палачанам i гасцям горада наведваць музейныя кабінеты. Адметнай рысай музея у Полацку была наяўнасць залы архітэктонікі, у якой былі прадстаўлены мадэлі ўсіх архітэктурных стыляў эпохі антычнасці i сярэднявечча, а таксама выкананыя з алебастры дэталі асобных ордэраў. Тут знаходзіліся макеты двухпавярховага дома, печы для абпальвання цэглы, падкрышша для сушкі дрэва і, нават, "модель постройки корабля на 1,5 аршина длиною и в 1 аршин шириною, с парусами и протчим". Гэтая зала была прызначана таксама для заняткаў па маляванню.


Акрамя названых, у склад музея ўваходзілі тры памяшканні фізічнага кабінета, хімічная лабараторыя, кабінет натуральнай гісторыі, бібліятэка, карцінная галерэя, залы для экзаменаў i дыспутаў. У музеі налічвалася каля 140 фізічных прыбораў, што размяшчаліся ў 10 шафах. Адны з ix былі зроблены за мяжой, іншыя — у майстэрнях езуіцкага калегіума. У 12 фізіка-механічных кабінетах музея экспанаваліся электрычныя машыны, электрафор, лейдзенная батарэя; размаўляючая галава; купідон, які раз’язджаў у калясцы; стары, ківаючы галавой; гандляр, які прадаваў тавар у лаўцы; металічнае люстэрка, у якім чалавек бачыў сябе стаячым на званіцы базыльянскага кляштара; паліспат; макеты машын для забівання паляў; узоры муроўкі цагляных сцен i г.д. Там жа экспанаваліся: тэлескоп (2,5 м вышыні), 3 рэфлекторныя тэлескопы, барометры, глобусы неба i зямлі, астранамічныя компасы i г.д.


У мінералагічным кабінеце знаходзіліся ўзоры каштоўных камянёў: 2 алмазы, 6 рубінаў, 20 ізумрудаў, 5 сапфіраў, больш за 100 штук цыркона, 40 кускоў граната, 24 тапазы, 20 аметыстаў, а таксама кавалкі горных парод, металаў, мамантавай косці, акамянелых рыб, рэшты раслін. У экспазіцыі музея знаходзіліся вырабы з агатаў, рубінаў, халцэдону (ручкі, кубкі, табакеркі, сподкі, пячаткі), каралаў, бурштыну (статуэткі, табакеркі), перламутру, слановай косці (партрэт імператрыцы Кацярына II у сярэбранай аправе, яйка, у якім месціліся мініяцюрныя шашкі, шахматы i кеглі). У 7 шуфлядках захоўвалася вялікая калекцыя старажытных манет, каменная сякера, кітайскія бронзавыя драконы, турэцкае меднае ружжо з перламутрам i г.д.


Раслінны свет (ці флора) быў прадстаўлены ўзорамі дошак розных парод дрэў (387 узораў), выкапнёвых масел (57 шклянак), гербарыяў розных раслін (518 узораў). Хімічная лабараторыя музея была абсталявана ўсім неабходным для правядзення розных вопытаў, расплаўлення i ачышчэння рэчываў.


У карціннай галерэі музея знаходзіліся партрэты, намаляваныя алеем, тушшу, алоўкам, у т.л. каралеўскія, Марціна Лютэра, Жана Кальвіна, Аляксандра I i інш. Некаторыя з ix мелі вялізныя памеры, былі старадаўняга паходжання, намаляваны на дрэве (у асноўным пейзажы). Сярод палотнаў сустракаліся копіі з Рафаэля, Тыцыяна, Рубенса, якія пісалі мастакі Нядзвецкі i Малахоўскі.


У музеі таксама захоўваўся архіў езуітаў, які, у асноўным, складаўся ca штогадовых справаздач i прац выкладчыкаў акадэміі. Акрамя таго, тут знаходзіліся дакументы па гісторыі Балтыйскага краю, якія езуіты перавезлі з Рыгі ў 1802 г.


Дзейнасць езуітаў з моманту ix з’яўлення на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага была звязана са школай, a значыць, з канвіктамі (інтэрнатамі) i пансіёнамі. Усе езуіцкія калегіумы, якія знаходзіліся на тэрыторыі Усходняй Беларусі, пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (Полацкі, Віцебскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі i Аршанскі) мелі свае пансіёны. Найбольшай папулярнасцю сярод ix карыстаўся Полацкі, прызначаны для дзяцей шляхты. Адкрыты ў 1802 г., размяшчаўся ў 2-павярховым цагляным будынку. Некаторы час адначасова з пансіёнам для сыноў збяднелай шляхты дзейнічаў канвікт "Хільзенаў—Шадурскіх".


Абодва пансіёны не адчувалі недахопу ў хлапчуках, якіх аддалі на выхаванне езуітам. Нават пасля вайны 1812 r. i выкліканых ёю страт колькасць канвіктаў узрасла.


У Полацкі шляхецкі канвікт прымалі дзяцей ад 8 да 14 год. Яны бясплатна вывучалі ўсе курсы навук у школах, але за знаходжанне ў пансіёне бацькі плацілі 100 руб. серабром, а з 1818 г. — 150 руб. у год.


Кіраўніцтва калегіума (з 1812 акадэміі) вельмі ўважліва падыходзіла да падбору членаў ордэна езуітаў для работы ў канвіктах. Штодзённыя кантакты з такімі адукаванымі людзьмі павінны былі аказаць пэўны станоўчы ўплыў на дзяцей. Езуіты ўмелі своечасова выявіць у выхаванцаў здольнасці да той ці іншай сферы інтэлектуальнай дзейнасці i мэтанакіравана працаваць над ix развіццём. Таму не выпадкова, што з Полацкага канвікта выйшла нямала мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў i рэлігійных дзеячаў.


Полацкія езуіты ў час працы ў пансіёне вялікую ўвагу надавалі развіццю ў вучняў навыкаў гутаркі на замежнай мове, якую тыя ў гэты момант вывучалі ў школе. Калі ж хто-небудзь з хлапчукоў выказваў жаданне практыкавацца ў музыцы, жывапісу, танцах i т.д., то ім давалася такая магчымасць.


Вялікая ўвага надавалася фізічнаму выхаванню дзяцей. У будынку Полацкага пансіёна мелася вялікая зала, дзе яны маглі нават бегаць. Для старэйшых хлопчыкаў праводзіліся заняткі па фехтаванню.


29.5.(10.6).1812 г. ў Полацку на базе Полацкага езуіцкага калегіума была адкрыта першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Полацкая езуіцкая акадэмія. Акадэміі былі нададзены правы універсітэта, мела тры факультэты: тэалагічны, філасофскі, вольных навук i старажытных i сучасных моў. Сярод 39 выкадчыкаў побач з вучонымі з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы былі ўраджэнцы Беларусі: прафесар фізікі Ю. Цытовіч, прафесар філасофіі В. Бучынскі, прафесар грэчаскай мовы Н. Гаўрылевіч, прафесар рускай мовы i літаратуры І. Залескі i іншыя.


Колькасць студэнтаў дасягала 700 чалавек. Фармальна навучанне было пазаканфесійным, пазасаслоўным i бясплатным, але за ўтрыманне студэнта ў канвікце (інтэрнаце) бралася 600 руб. за год.


На факультэце вольных навук i старажытных і сучасных моў вывучалі рускую, французскую, нямецкую, італьянскую, польскую, лацінскую, грэчаскую, сірыйскую i старажытна-яўрэйскую мовы, а таксама літаратуру на гэтых мовах. На філасофскім факультэце вывучалі логіку, метафізіку, дыялектыку, этыку, палітычную эканомію, геаметрыю, трыганаметрыю, фізіку, хімію, матэматыку, астраномію, архітэктуру, батаніку, заалогію.


У акадэміі былі две бібліятэкі — адна з кнігамі на польскай мове, другая — больш за 40 тыс. тамоў — з кнігамі на рускай i іншых мовах. Працавалі кабінеты натуральнай гісторыі, хімічны, фізічны (найлепшы), мінералагічны, заалагічны; меліся карцінная галерэя i збор архітэктурных мадэлей. Усяго на вывучэнне прыродазнаўчых дысцыплін на факультэце вольных навук у 2-м i 3-м класах адводзілася 20 гадзін у тыдзень, столькі ж адводзілася на мовы. Выкладанне вялося па падручніках еўрапейскіх універсітэтаў, а таксама па ўласных, якія выдаваліся ў акадэмічнай друкарні, якая дзейнічала ў 1787—1820 гг. і выпусціла больш за 500 выданняў пераважна на польскай i лацінскай, часткова на рускай, італьянскай, нямецкай i французскай мовах. У старшых класах выкарыстоўвалася семінарская форма навучання, справаздачы аб семінарах змяшчаліся ў друкаваным органе акадэміі — "Месенчніку полоцкім" ("Miesiecznik Polocki2). Часопіс меў 6 раздзелаў: літаратуры i свабодных навук, маральна-філасофскі, фізіка-матэматычны, гістарычны, крытычны, літаратурных навін. Выданне часопіса спынена пасля выгнання ў 1820 г. ордэна езуітаў з Расейскай імперыі.


Сярод выпускнікоў акадэміі быў шэраг выдатных дзеячаў навукі i культуры: А. Доўгірд, астраном Я. Накцыяновіч i іншыя.


Пасля забароны дзейнасці ордэна кляштар трапіў да піяраў. Адначасова была падзелена маёмасць былой езуіцкай акадэміі: частку фізічнага i іншых кабінетаў адправілі ў Пецярбург, да 20 тыс. тамоў з фондаў бібліятэкі трапіла ў Віленскі універсітэт, а пазней перададзена Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Другую частку Полацкай езуіцкай бібліятэкі падзялілі паміж Полацкай духоўнай семінарыяй i Віцебскай гімназіяй; друкарню перавезлі Ў Кіеў.


У 1822 г. на базе пераведзенага ў Полацк Віцебскага піярскага вучылішча было створана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Размяшчалася ў будынках скасаванай езуіцкай акадэміі і згодна са статутам падзялялася на прыходскае, 4-класнае павятовае i 3-гадовыя "курсы вышэйшых навук". Штогод піяры на ўтрыманне вучылішча атрымлівалі 28 тыс. руб. з былых езуіцкіх фундушаў. Ад езуітаў вучылішчу перайшлі бібліятэка (больш за 24 тыс. тамоў), фізічны i мінералагічны кабінеты, музей, друкарня. Выкладанне вялося на польскай мове. У 1823 г. вучылішчам, якое налічвала 13 выкладчыкаў (у большасці выпускнікі Віленскага універсітэта), кіравалі рэктар, прэфект. Каб стварыць асветніцкі цэнтр, падобны да універсітэцкага, была значна пашырана праграма навучання i ўведзены лекцыі замест звычайных урокаў. Выкладаліся: Закон Божы, польская, лацінская, французская i нямецкая мовы, геаграфія, арыфметыка, асновы геаметрыі, прыродазнаўства, фізіка, маляванне. "Курсы вышэйшых навук" падзяляліся на літаратурнае i матэматычнае аддзяленні, дзе выкладаліся матэматыка, доследная фізіка, цывільнае права, лацінская, грэчаская i польская мовы, гісторыя, маляванне, музыка, фехтаванне, танцы. Пры вучылішчы дзейнічаў канвікт (інтэрнат) на 40 юнакоў, якія плацілі за свае утрыманне па 500—600 руб.


Вучылішча мела трывалыя сувязі з Віленскім універсітэтам. Так, у 1822 г. лекцыі па сусветнай гісторыі тут чытаў прафесар гэтага універсітэта І. Лялевель. У вучылішчы дзейнічаў філіял таварыства філаматаў (тыя, хто імкнуліся да ведаў). У 1823 г. тайная арганізацыя філаматаў Полацкага вышэйшага піярскага вучылішча была раскрыта паліцыяй. Прэфект вучылішча Я. Лашкевіч быў вызвалены ад займаемай пасады, выкладчыкі К. Львовіч i І. Брадовіч арыштаваны. 
Папячыцель Віленскай навучальнай акругі князь Адам Чартарыйскі меркаваў надаць вучылішчу афіцыйны статус ліцэя, але ў 1824 г. Усходняя Беларусь адышла да Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1825—36 гг. па ініцыятыве візітатара, прафесара Санкт-Пецярбургскага універсітэта В. Сянькоўскага, была праведзена рэформа вучылішча: лекцыйная сістэма выкладання забаронена, у пачатковых класах выкладанне праводзілася на рускай мове, узмацніўся нагляд паліцыі за выхаванцамі i выкладчыкамі. Прэфектам вучылішча стаў прафесар Шумброўскі. Пасля рэпрэсій 1828—25 гг. выкладчыцкі корпус не далічыўся найбольш адукаваных прадстаўнікоў. Пасля стварэння ў 1829 г. Беларускай навучальнай акругі ўлады пачалі працэс скасавання вучылішча, якое лічылася (разам з Крамянецкім ліцэем) "культурным цэнтрам польскай цывілізацыі" ў краі і мела "прапольскую" накіраванасць.


26.4.1830 г. з мэтаю "проведения на Западном крае идеи русского просвещения, русского патриотизма и русского дела" царскім урадам было прынята рашэнне на месцы піярскага вучылішча (былых езуіцкага калегіума і акадэміі) заснаваць Полацкі кадэцкі корпус. Вучылішча было зачынена, піяры пераведзены ў Вільню, дзе ў верасні адкрылі сваю гімназію. Большая частка абсталявання была вывезена ў Маскву, Кіеў і Пецярбург.


Пасля таго, як зачынілі піярскае вучылішча, а ў вучэбных будынках вырашылі размясціць кадэцкі корпус, пачалося сапраўднае рабаванне і спусташэнне музея і бібліятэкі. Гаспадаром маёмасці на час перабудовы памяшканняў стала будаўнічая камісія, якой музейныя рэчы заміналі прыстасаванне памяшканняў для новых класаў i спальных пакояў. Для разборкі музея i бібліятэкі ў Полацк 8.5.1830 г. былі камандзіраваны прафесар Пецярбургскага універсітэта Папоў i чыноўнік Галоўнага ўпраўлення Духоўных спраў Шэкалевіч.


Беларускі гісторык Г.А. Каханоўскі, які даследаваў гісторыю беларускіх музеяў, адзначаў: "Папячыцель беларускай навучальнай акругі Р.І. Карташэўскі пераконваў, што бібліятэку i музей у Полацку трэба пакінуць, аднак паводле ўказанняў пецярбургскага прафесара Папова i бібліятэка i музей былі разрабаваны. Лепшыя творы накіравалі ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. У паштовым рэестры зафіксаваны 2 скрыні па 160 перагародак кожная, з унікальнымі калекцыямі. I яшчэ 2 скрыні з карцінамі, ды 3 з унікальным сонечным гадзіннікам, мазаічнымі работамі; антыкварыятам прадметаў культу. У гэтым абозе пакідалі Беларусь i 256 пудоў кніг".


У выніку ўсіх размеркаванняў Публічная бібліятэка Санкт-Пецярбурга атрымала 389 старадрукаў, Санкт-Пецярбургскі універсітэт — 6260 тамоў, Галоўнае Упраўленне Духоўных спраў - 3056 тамоў, Рымска-каталіцкая калегія — 8694, Маскоўскі універсітэт — 454 тамы, 2 беларускія гімназіі — 2619 тамоў, Полацкі кадэцкі корпус — 1149 тамоў кніг (ў 1915 г. вывезены у Сімбірск (Расея)). Значную частку фондаў атрымала бібліятэка Віцебскай духоўнай семінарыі, якая у 1900 г. перадала яе бібліятэцы Кіеўскай духоўнай акадэміі.


У вучэбных будынках размясціліся кадэцкі корпус i свецкае павятовае вучылішча. Касцёл перададзены праваслаўнай царкве i перайменаваны ў Свята-Мікалаеўскі сабор; перабудаваны, касцельнае начынне звезена ў Варшаву i Асвею, арган з 1838 г. знаходзіцца ў віленскім касцёле св. Яна, што на тэрыторыі універсітэта.


Нягледзячы на тое, што ўсе самыя каштоўныя экспанаты і кнігазборы былі вывезены ў Расею, пры кадэцкім корпусе засталіся рэшты некалі найбагацейшай калекцыі. Музей i бібліятэка на базе гэтых пакінутых матэрыялаў працавалі з першых гадоў існавання кадэцкага корпуса i знаходзіліся ў адным з пакояў на першым паверсе ў будынку былой езуіцкай акадэміі.


Афіцыйнае адкрыццё кадэцкага корпуса адбылося 25 чэрвеня 1835 г. Ён быў заснаваны для дзяцей дваран Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Смаленскай губерняў i Беластокскай вобласці, а таксама дзяцей афіцэраў i чыноўнікаў ваенных пасяленняў Віцебскай i Магілёўскай губерняў.


Згодна з правіламі прыёму навучэнцы кадэцкага корпуса падзяляліся на две катэгорыі: інтэрнаў (штатныя i звышштатныя) i экстэрнаў (прыходзячыя вучні). У сваю чаргу інтэрны падзяляліся на казённакоштных (утрымліваліся на дзяржаўныя сродкі), тых, хто ўтрымліваўся за кошт бацькоў, стыпендыятаў, якія вучыліся на стыпендыі дваранства, арганізацый, прыватных асоб.


Акрамя агульных правіл прыёму для дваранства беларускіх губерняў існавалі некаторыя абмежаванні: у адпаведнасці з загадам Мікалая I y Полацкі кадэцкі корпус было забаронена прымаць дваранскіх дзяцей, бацькі якіх удзельнічалі ў паўстанні 1830—31 гг., але былі памілаваны. Такіх падлеткаў было рэкамендавана накіроўваць у навучальныя ўстановы, якія знаходзіліся ўнутры імперыі.


Паводле праекта Полацкі кадэцкі корпус быў разлічаны на 400 выхаванцаў. Усяго за перыяд з 1835 па 25.6.1910 г. з 5216 полацкіх кадэтаў скончылі курс навучання. Асноўную частку афіцэрскага i выкладчыцкага складу Полацкага корпуса i ваеннай гімназіі на працягу ўсяго перыяду ix дзейнасці складалі выхадцы з цэнтральных губерняў Расеі. Па веравызнанню з 33 афіцэраў — выкладчыкаў і выхавацеляў — 28 былі праваслаўныя, тры — пратэстанты, два — католікі.


Навучальны год доўжыўся з 15 жніўня да 5 чэрвеня. У корпусе выкладаліся наступныя дысцыпліны: Закон Божы, руская, нямецкая i французская мовы, руская i агульная гісторыя, геаграфія, матэматыка (арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, аналітычная геаметрыя), фізіка, хімія, законазнаўства, чарчэнне, мінералогія, фізіялогія, батаніка, касмаграфія, маляванне, музыка, спeвы, танцы. Шмат увагі надавалася страявым заняткам, плаванию, гімнастычным практыкаванням, фехтаванню. Сярод ваенных навук выкладаліся тактыка, артылерыя, ваенная гісторыя і фартыфікацыя.


Апошні выпуск у Полацкім кадэцкім корпусе адбыўся ў маі 1917 г. Новая ўлада адмовілася ад утрымання гімназій ваеннага ведамства, i яны падлягалі скасаванню. 1918 год стаў апошнім годам ix існавання. У 1919—20 гг. рэшткі кадэцкіх карпусоў (у т.л. i Полацкага), якія здолелі прабіцца на поўдзень да Дзянікіна і Урангеля, былі аб’яднаны ў Крымскі i Феадасійскі кадэцкія карпусы. У 1920 г. яны былі вывезены за мяжу. Цяпер сцяг Полацкага кадэцкага корпуса захоўваецца ў Саборным храме Замежнай сінадальнай царквы ў Нью-Йорку.


На працягу XVIII—XIX ст. калегіум езуітаў сфарміраваўся ў рэпрэзентатыўны горадабудаўнічы ансамбль. Касцёл стаяў па восі сіметрыі плошчы ў завяршэнні перспектывы Віцебскай вуліцы. Сярод будынкаў езуіцкага калегіума не захаваліся карпусы канвікта, вучылішча, музея i тэатра, а таксама службовыя карпусы ў паўночнай частцы комплексу i будынка аптэкі з заходняга боку. Перад касцёлам сфарміравалася галоўная Парадная плошча горада. На берагавым схіле перад галоўным фасадам будынка калегіума быў разбіты рэгулярны парк.


У 1750 г. побач з касцёлам пачалі ўзводзіць мураваны 3-павярховы галоўны будынак калегіума, які злучаўся з касцёлам. Е-падобны ў плане пад чарапічным дахам будынак галоўным падоўжным фасадам быў арыентаваны на поўдзень, на Заходнюю Дзвіну. У 2-павярховым сярэднім левым крыле на 1-м паверсе размяшчалася трапезная, на 2-м — бібліятэка і музей, да трапезнай прылягаў 1-павярховы будынак кухні. Астатняя частка будынка мела калідорную планіроўку, капітальнымі сценамі была падзелена на 105 памяшканняў ca скляпеністымі перакрыццямі. Будынак абаграваўся "цеплай" (з хадамі для цяпла) падлогай. У сценах былі вентыляцыйныя хады, у падвалах — развітая сістэма падземных вадасцёкаў. Захавалася паўднёвая частка корпуса i заходняе крыло. Барочная архітэктура манументальнага i буйнамаштабнага будынка мае буйныя прапорцыі i чляненні, рытм фасадам надаюць вялікія прамавугольныя i эліпсападобныя аконныя праёмы ў простых ліштвах з замкавым каменем, кутнія i прысценачныя лапаткі, на вышыню ўсіх паверхаў, тонкапрафіляваны завяршальны карніз.


У 1778 г. паралельна будынку касцёла ўзведзены 3-павярховы корпус, у якім на 1-м паверсе размяшчалася кнігарня, на 2-м — спачатку вучылішча, потым друкарня, на 3-м — тэатр. З паўночнага боку да касцёла прыбудаваны 2-павярховы Г-падобны ў плане флігель (канвікт), які аб’яднаў касцёл з галоўным корпусам. У 1780 г. пабудаваны 1- i 2-павярховыя карпусы гаспадарчага прызначэння (бровар, медаварня, піваварня, пякарня, кузня, майстэрні і інш.; не захаваліся); яны абмяжоўвалі тэрыторыю калегіума з поўначы i захаду i замыкаліся 2-павярховым будынкам з брамай. Побач размяшчалася аптэка з лабараторыяй i сушыльняй для траў. Пасля прыезду ў Полацк Г. Грубера пабудаваны корпус, які злучыў 3-павярховы i галоўны карпусы. У новым корпусе знаходзіліся карцінная галерэя, музей, абсерваторыя, хімічная лабараторыя, вучэбныя кабінеты (не захаваліся). На поўдзень ад аптэкі пабудаваны два флігелі — памяшканні для семінарыстаў i багадзельні. Паўднёвы схіл узгорка, на якім стаяў галоўны корпус, быў умацаваны падпорнай сцяной (захавалася), на створанай тэрасе разбіты пладовы сад. Касцёл аднаўляўся пасля пажараў 1871 г. i 1912 г., у 1964 г. ўзарваны, у 1976—79 гг. на яго месцы ўзведзены 9-павярховы жылы дом. Рэшткі калегіума ў стане рэстаўрацыі, пасля якой тут размесцяцца вучэбныя карпусы Полацкага універсітэта.


У полацкім езуіцкім калегіуме навучаліся: жывапісец Валенцій Ваньковіч (1800-1842 гг.), паэт Міхал Дудзінскі (1747 г. — пасля 1782 г.), паэт і драматург Францішак Князьнін (1749-1807 гг.), выдавец, перакладчык і гісторык Францішак Папроцкі (1723 г. — пасля 1805 г.), мемуарыст і гісторык рэлігіі Станіслаў Шантыр (1763 г. — пасля 1846 г.), адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі (1794-1851 гг.).


В.Ф. Шалькевіч Полацкі езуіцкі калегіум;

Т.Б. Блінова Езуіцкія канвікты ў Полацку;

В.А. Цыбуля Бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі;

Т.А. Джумантаева Музей езуіцкага калегіума i кадэцкага корпуса;

А.Ф. Самусік Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча;

В.І. Шайкоў, А.М. Лукашэвіч Полацкі кадэцкі корпус;А.М. Кулагін Касцёл святога Стафана і кляштар езуітаў
Полацк. ПамяцьМенск, Беларуская Энцыклапедыя, 2002

 

 

Касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай


У 1696 г. ваявода Д. Слушка запрасіў бернардзінцаў у Полацк i размясціў ix у слабадзе Кабак. Пасля яго смерці ахвяраванні на будаўніцтва кляштара рабілі Буйніцкія — падчашыя Полацкага ваяводства. Пасля пажару 1758 г. быў пабудаваны касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай (асвячоны ў 1769 r.) i жылы корпус. Касцёл — аднанефавы, з трансептам i двухвежавым фасадам, памерамі 42х25 локцяў. У 1772 г. ў кляштары 10 манахаў і іншы персанал; працавала школа філасофіі. У 1832 г. кляштар зачынены, касцёл ператвораны ў праваслаўную царкву (Іаана Багаслова, пашкоджана ў 1930-я гады).


Касцёл — помнік дойлідства барока (захаваўся часткова). 1-нефавы з трансептам 2-вежавы храм пад 2-схільным дахам. Галоўны фасад фланкіравалі 4-ярусныя вежы зграбных прапорцый, паміж якімі, як і над крыламі трансепта, узвышаўся фігурны франтон. У пластыцы фасадаў быў выкарыстаны класічны ордэр. Унутры неф храма перакрывала цыліндрычнае скляпенне, над уваходам на двух слупах-пілонах выступалі хоры, на іх і вышэй на званіцу вялі вітыя лесвіцы. Захаваўся у руінах.


Глядзі таксама: "Кляштар бэрнардынаў"

 

 

Касцёл і кляштар дамініканаў


Полацкі касцёл і кляштар дамініканаў заснаваны ў 1672 г. па фундацыі Віленскага каноніка Казіміра Горскага з дазволу Віленскага епіскапа А. Сапегі. Касцёл быў асвечаны пад тытулам святога Дамініка. У 1774 г. быў закладзены мураваны касцёл. Аднак з-за недахопу сродкаў, яго будаўніцтва было адкладзена да 1801 г. і завершана ў 1804 г. У той жа год ён быў асвечаны пад тытулам Маці Божай Ружанцовай. Касцёл уваходзіў у ансамбль полацкай Параднай плошчы. У 1837 г. і 1843 г. кляштарныя будынкі гарэлі.


Касцёл — 3-нефавая 6-стаўповая базіліка памерамі 30х18,9 м, цэнтральны неф якой завяршаўся паўкруглай апсідай . У інтэр’еры касцёла былі ўбудаваны пяць алтароў, упрыгожаныя разьбой і размалёўкай, на хорах быў 12-галосы арган. Касцёл меў дзва уваходы: першы з боку плошчы быў аформлены порцікам з шасцю іанічнымі калонамі і балконам, на якім быў уваход на хоры, другі — з боку кляштара. Кляштар пабудаваны ў 1781—1804, уяўляў сабой 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус з калідорнай нланіроўкай. Першы паверх меў скляпеністыя перакрыцці, другі — драўляныя. Будынкі кляштара былі пакрыты чарапіцай. У комплекс уваходзілі таксама гаспадарчыя пабудовы, сад, палісаднік і каменная агароджа з уязной брамай. Кляштарны двор быў выбрукаваны. У 1864 г. пасля закрыцця кляштара касцёл стаў прыходскім. Комплекс пацярпеў у час ІІ Сусветнай вайны. Цалкам знішчаны ў 1949 г.


Паводле:

Энцыклапедычны даведнік АРХІТЭКТУРА БЕЛАРУСІ

Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя", 1993 г.

 

 

Кляштар бэрнардынаў


Распаўсюджванне каталіцтва ў Полацку пачалося з 1-й паловы XV ст., калі ў 1406 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт надаў нямецкім купцам "плац" у горадзе i дазволіў пабудаваць касцёл (Рыжскі касцёл).


Першымі каталіцкімі манахамі, якія пачалі сваю місіянерскую i пастырскую дзейнасць сярод праваслаўнага насельніцтва Полацка, сталі бернардзінцы. Назва гэтага манаскага ордэна, які ў XII ст. адгалінаваўся ад францысканцаў, паходзіла ад імя рэфарматара Бярнарда Сіенскага. На Беларусь манахі-бернардзіны прыйшлі з Польшчы ў 2-й палове XV ст., а у Полацку з’явіліся ў 1498 г. па запрашэнню вялікага князя Аляксандра, які даў ім свой прывілей і частку горада над ракой Палатой. Як паведамляў бернардзінскі храніст Ян з Камарова, Вялікі князь Аляксандр папярэдне выкупіў нададзеныя манахам землі, "бо там былі пляцы і дамы розных людзей". Аднак некаторыя дакументы сведчаць, што ў гэтай частцы горада знаходзілася маёмасць не толькі прыватных асоб, але i праваслаўных цэркваў, прычым, мяркуючы па адным з дакументаў, святары гэтых цэркваў не эаўсёды былі задаволены памерам атрыманай кампенсацыі.


Бернардзінцы павінны былі пабудаваць свой касцёл i кляштар, а таксама ўсё, што патрэбна для ix жыццядзейнасці. У згаданым прывілеі Аляксандра бернардзінцам сцвярджаецца, што ў Полацку жыве народ "нам верны, але ў веры схізматык i выказваецца жаданне вярнуць яго да адзінства веры i Царквы Рымскай". Апошнія словы недвухсэнсоўна сведчаць, што пасяленне ў горадзе каталіцкіх манахаў невыпадкова супала па часе са зноў распачатымі спробамі уніі i што размова ідзе менавіта пра унію, а не пра перавод палачан у каталіцтва.


З’яўленне бернардзінцаў у Полацку таксама непарыўна звязана з наданнем Полацку магдэбургскага права 7 кастрычніка 1498 г. У тым жа прывілеі Полацкім бернардзінцам вялікі князь адзначаў, што пасяляе ix тут не толькі ca згоды віленскага біскупа i яго капітулы, не толькі паводле парады прэлатаў Вялікага княства Літоўскага, але, "асабліва ж звыш таго, — са згоды ўсіх рускіх, падданых нашых, шляхты i паспольства Полацкай воласці". Можна меркаваць, што пасяленне у Полацку бернардзінцаў было ўмовай (і, магчыма, не адзінай), на якой Аляксандр пагаджаўся надаць гораду права на самакіраванне.


Запрашэнне ў Полацк менавіта бернардзінаў мела свае прычыны. Па-першае, манахаў гэтага ордэна добра ведалі ў княстве. У 1468 г. ix кляштары з’явіліся ў Вільні i ў Коўне. У 1494 г. Аляксандр надаў бернардзінам пляц i месца ў Гродне. Па-другое, насельніцтва з вялікай павагай ставілася да братоў-бернардзінаў. Пра гэта ў 1468 г. пісаў да папы рымскага Паўла II кароль польскі i вялікі князь літоўскі Казімір, які "быў дужа прыхільны бернардзінам". Але, бадай, самым галоўным з’яўлялася тое, што, у адрозненне ад царкоўнай каталіцкай іерархіі ВКЛ, якая выступала за перахрышчванне тых праваслаўных, што пагаджаліся прыняць вяршынства папы i ўступіць у унію з Рымам, бернардзінцы, спасылаючыся на адпаведныя рашэнні Ферара-Фларэнційскага сабора i пазнейшыя папскія пасланні, сцвярджалі, што ахрышчваць нанова неабавязкова. Такая пазіцыя бернардзінцаў была больш прымальнай для праваслаўных, некаторыя з якіх, як паведамляла була папы Аляксандра IV ад 23 жніўня 1501 г., "хочуць прыняць унію, але катэгарычна адмаўляюцца перахрышчвацца. I гэта поўнасцю зразумела: прыняць хрышчэнне у другі раз — значыла прызнаць, што дасюль ты быў неахрышчаным, г.зн., паганцам, а такога не захоча зрабіць ніводны хрысціянін".


Полацкі кляштар бернардзінцаў існаваў у 1498—1832 гг. Верагодна, у гэтым кляштары атрымаў пачатковую адукацыю Францыск Скарына. Касцёл кляштара, пабудаваны з дрэва ў 1502 г. быў спалены ў 1563 г. у час Інфлянцкай вайны (1558-82 гг.) i захопу Полацка маскоўскімі войскамі Івана Жахлівага. Пяць манахаў-бернардзінцаў былі забіты, а маёмасць кляштара перададзена да праваслаўных.


У 1696 г. ваявода Д. Слушка зноў запрасіў бернардзінцаў у Полацк i размясціў ix у слабадзе Кабак. Пасля яго смерці ахвяраванні на будаўніцтва кляштара рабілі Буйніцкія — падчашыя Полацкага ваяводства. Пасля пажару 1758 г. быў пабудаваны касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай (асвячоны ў 1769 r.) i жылы корпус. Касцёл — аднанефавы, з трансептам i двухвежавым фасадам, памерамі 42х25 локцяў. У 1772 г. ў кляштары дзесяць манахаў і іншы персанал; працавала школа філасофіі. У 1832 г. кляштар зачынены, касцёл ператвораны ў праваслаўную царкву (Іаана Багаслова, пашкоджана ў 1930-я гады).


Касцёл — помнік дойлідства барока (захаваўся часткова). Аднанефавы з трансептам 2-вежавы храм пад 2-схільным дахам. Галоўны фасад фланкіравалі 4-ярусныя вежы зграбных прапорцый, паміж якімі, як і над крыламі трансепта, узвышаўся фігурны франтон. У пластыцы фасадаў быў выкарыстаны класічны ордэр. Унутры неф храма перакрывала цыліндрычнае скляпенне, над уваходам на двух слупах-пілонах выступалі хоры, на іх і вышэй на званіцу вялі вітыя лесвіцы. Захаваўся у руінах.


Жылы корпус — помнік дойлідства барока. Вырашаны ў плане "глаголем" — да выцягнутага прамавугольнага ў плане 2-павярховага будынка з захаду перпендыкулярна далучана карацейшае крыло з трапезнай на 1-м паверсе. Плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны прастакутнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах і буйнымі пілястрамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным карнізам. Унутраная планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем перакрытых скляпеннямі келляў. З усходу вузкім пераходам злучаўся з касцёлам. У будынку былога жылога корпуса цяпер размешчана псіхіятрычная лячэбніца.


Комплекс уключаў таксама гаспадарчыя пабудовы (кузню, стайню, свіран і інш.), пладовы сад з агародам.


Крыніца:

В.А. ВаронінБернардыны // Беларуская мінуўшчына. № 4, 1996.
Аляксандр Ярашэвіч

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 1999
Т. I. Чарняўская

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 1986
А.М. КулагінКаталіцкія храмы на Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

 

 

Кляштар францысканаў


Полацкі кляштар францысканцаў (створаны ў 1209 г. у Італіі Францыскам з Асізы) існаваў у XVII ст. — 1832 г. Стаяў на правым беразе Заходняй Дзвіны. Кляштар пабудаваны паміж 1628 г. і 1648 г. (найбольш верагодна ў 1640 г.) з дрэва па фундацыі Тэафіла і Крысціны Храпавіцкіх (па іншых крыніцах — полацкім войскім К. Храпавіцкім з жонкай Тэафіляй з Сакалінскіх — А. Ярашэвіч (ці Тэафіляй з Друцкіх-Любецкіх — А. Кулагін).


Першыя два францысканскія касцёлы былі пабудаваны з дрэва. У 1763—75 гг. узведзены мураваны касцёл Святога Антонія з Падуі. Касцёл з’яўляўся творам дойлідства барока. Трохнефавы 2-вежавы з вежачкай над галоўным алтаром храм (даўжыня 23 м, шырыня 15 м) быў накрыты 2-схільным дахам з чарапічным пакрыццём. Паміж 3-яруснымі вежачкамі знаходзіўся 3-кутны франтон. Па баках асноўнага аб’ёму былі две сакрысціі, над бабінцам — хоры, дзе размяшчаўся арган на 10 галасоў. Галоўны і чатыры кулісныя алтары былі выкананы з алебастру. Касьцёл забраны пасьля паўстаньня 1831 г. і перададзены РПЦ (ператвораны ў царкву). Пазьней прададзены прыватнай асобе на цэглу і разабраны ў 1862 г.


У 1778 г. пабудаваны мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане жылы корпус, які шчыльна прылягаў да касцёла. У 1825 г. ў кляштары жылі чатыры францысканцы, якімі кіраваў Е. Карчынскі. У 1832 г. кляштар быў зачынены (узначальваў В. Кутоўскі). Захаваўся двухпавярховы жылы корпус, у якім зараз размешчана адміністрацыйная ўстанова.


А.М. Кулагін

Полацк. Памяць

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2002
Аляксандр Ярашэвіч

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 1999
А.М. Кулагін

Каталіцкія храмы на БеларусіМенск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

 

 

Манастыр Святых Барыса й Глеба


Закладаючы на пачатку 1990-х гг. новы грэка-каталіцкі асяродак у Полацку ініцыятары мелі на ўвазе два завадовых моманты:


1 — існаваньне недалёка ў Бельчыцы цягам некалькіх стагодзьдзяў Барысаглебскага манастыру;
2 — духоўная дзейнасьць Сьвятой Параскевы Полацкай, ігумені Спаскага манастыру, якая спачыла ў Рыме. Таму напачатку трэба трохі пра іх распавесьці.


Перадгісторыя


Бельчыца ўпершыню згадваецца ў Іпацеўскім летапісу каля 1159 году, калі палачаны захацелі пазбавіцца тагачаснага князя Расьціслава Глебавіча "...и начаша Ростислава звати (Палачаны) льстью оу братьщину къ святеи Богородици къ Стареи на Петровъ день да ту имуть и он же еха к ним изволочивъся въ броне подъ портъ? и не смеша на нь дьрьзнути начаша и вабити к собе рекуче княже поеди к намъ суть нъ? с тобою речи поеди же к намъ в городъ на оутрии же день бяшеть бо князь в то веремя на Белцици". Знаходжаньне князя ў Бельчыцы дало падставы некаторым гісторыкам казаць пра наяўнасьць тут княскага двара, аднак іншыя дасьледнікі аспрэчвалі гэтую гіпотэзу. Хаця ўсё ж такі Бельчыца неяк павязана з полацкай краёвай адміністрацыяй, бо нават у значна пазьнейшы час, а менавіта 17 лістапада 1465 году вялікакняскі намесьнік Алехна Судзімонтавіч месцам аднаго са сваіх лістоў да Рыскага магістрату пазначыў Бельчыцу. Паводле меркаваньня гісторыкаў ужо напачатку ХІІІ ст. у Бельчыцы пачалі ўзносіцца храмы. Першы,.. другі,.. трэці... Архэолягамі зафіксаваныя месцы знаходжаньня чатырох цэркваў. Назвы двух, што "дажылі" да ХХ ст. захаваліся: Сьятой Параскевы ды Сьвятых Барыса й Глеба.


Час паўстаньня Барысаглебскага манастыра ў Бельчыцы невядомы, аднак пэўна не пазьней за ХIV ст. Як сьведчыць Полацкая рэвізія 1552 году закладзены ён з фундацыі полацкіх зямянаў Корсакаў. Павязаны манастыр і з асобаю Сьвятога Язафата (Кунцэвіча), які ў 1619 годзе здолеў праз суд вярнуць царкве гэтую былую маёмасьць, няпраўна прысабечаную нашчадкамі былых фундатараў. Між першым і другім падзеламі Рэчы Паспалітай (1772-1793 гг.) архімандрыт Барысаглебскага манастыру (ён жа сакратар і аканом базыльянскай правінцыі Сьвятой Тройцы) Цэзар Чудоўскі здолеў сабраць сродкі і адрамантаваць старыя храмы.


Пасьля скасаваньня Вуніі ў 1839 годзе мужчынскі манастыр быў зачынены, маёмасьць канфіскаваная дзяржавай. Пазьней будынкі прыпісалі да жаночага Спаскага манастыру. У часе савецка-польскае вайны (верасень 1919 — травень 1920 гг.) мяжа пралягала па Дзьвіне. У выніку абстрэлаў, рэгулярна чынімых бальшавіцкай артылерыяй, былі разбураныя абедзьве царквы. У 1930-х гадах храмы разабраныя вязьнямі турмы НКВД на цэглу для пабудовы жыльля тым жа вартавым рэвалюцыі з НКВД.


Цяпер зьвернемся да асобы Сьвятой Параскевы. За час існаваньня Спаскага манастыра ў Полацку гісторыя захавала імёны дзьвюх ягоных ігуменяў-заснавальніцаў: Эўфрасіньні і Эўдакіі. Аднак "Летапісец Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага", апавядаючы генеалёгію князёў, паведамляе яшчэ пра адну: "И тот князь Борис c тою жоною мел двое детеи, сына Глеба a дочку Парасковию. И сам умре, а по собе на Полоцку зоставит сына своего Глеба. A дочка Парасковия обецала девитство свое заховати в целости до живота своего и пострыглася в черници y святого Спаса в монастыри над Полотою, и мешкала там сем лет, богу служечи и книги пишучи на церков. A потом забралася до Рима, и в Риме служила богу пилне, и мешькала колко годов, и окрестилася, которую называють святаа Пракседыс, a по-рускии Парасковия, которои же в Риме и костел збудовали на имя ее святое, там же ее положили. A брат ее, князь Глеб полоцкии, в молодых летех своих, княживши немного лет в Полоцку, и умре, и положен бысть y святое Софии в Полоцьку со отцом своим во одном гробе. A полочане потом почали за ся вечом справоватися, как y Великом Новегороде и Пъскове, a пана над собою не мели". Іншыя летапісы дадаюць, што была яна старэйшай манастыру і, распусьціўшы манашак, пакінула яго недзе каля 1230 году з-за пагрозы ад манголаў. Днём памяці Сьвятой лічыцца 28 кастрычніка.


Падрабязна дасьледваў лёс Сьвятых Эўфрасіньні і Параскевы базыльянін Ігнат Сьцябельскі, які знаходзячыся ў Полацкім Сафійскім манастыры, напісаў кнігу "Dwa wielkie Swiatla na horyzoncie Polockim z cieniow zakonnych powstaiace, czyli Zywoty SS. Panien y Matek Ewfrozyny y Parascewii Zakonnic y Hegumeniy pod ustawa S. O. Bazylego W. w Monastyrze S. Spasa za Polockiem zyiacych..." (Два вялікіх сьвятла на даляглядзе полацкім, што паўстаюць з манаскіх ценяў, або жыцьці Сьв. Дзеваў і Маці Эўфрасіньні і Параскевы, манашак і ігуменяў закону Сьв. Айца Базыля Вялікага, жыўшых у манастыры Сьв. Спаса за Полацкам...).  Выйшла яна з друку ў Вільні ў  1781 годзе. Той самы Сьцябельскі падрабязна паведаміў пра рэліквію — маленькі крыжык, які традыцыя прыпісвала Сьв. Параскеве, і які манашкам давалі цалаваць у часе апошняга прычасьця. Гэты крыж павандраваў у часе эвакуацыі 1914 году з манашкамі ў Расею і там застаўся. Цяпер захоўваецца ў музэі Растова Суздальскага.


Барысаглебскі манастыр айцоў студытаўі царква Параскевы Полацкай


Менавіта з вышэйпададзенага ўлетку 1995 году ў раёне Кароўнікі, што ў двух кілямэтрах на ўсход ад Бельчыцы, новы паўсталы духоўны асяродак атрымаў назву “манастыр Барыса і Глеба”, а закладзеная царква – імя Сьвятой Параскевы Полацкай.  Ініцыятарам закладаньня быў айцец Бэнэдыкт, які сёньня зьяўляецца ігуменам (кіраўніком) закону манахаў-студытаў (пасьлядоўнікаў Сьв. Тодара Студыта). Царква адпачатку будавалася ў традыцыях беларускага драўлянага дойлідзтва намаганьнямі вернікаў парафіі Сьвятога Язафата. Будавалася нясьпешна і збольшага была скончаная да восені 1998 году.


Штогод царква становіцца месцам урачыстасьцяў, прысьвечаных Сьвятому Язафату, і мэтаю традыцыйнае пілігрымкі Віцебск – Полацак, што ладзіцца на ўшанаваньне манахаў-базыльянаў, закатаваных 11 ліпеня 1705 году ў Сафійскім саборы.


У розныя часы пробашчамі полацкай парафіі Сьвятога Язафата былі сьвятары:

 

Бэнэдыкт (Валеры Алексяйчук) (3 красавіка 1994 – 3 сьнежня 1996 гг.)

Пахом (Павал Кавалёў) (3 сьнежня 1996 — 2000 гг.)

Клемент (Мікітчак) (28 студзеня 2000 — 10 лютага 2003 гг.)

Лявоньці (Аляксандар Тумоўскі) (26.06.2003 — 10 жніўня 2008 гг.)

Аляксандар (Шаўцоў) ( з 10 жніўня 2008 г.)


Міхась Баўтовіч

 

 
Манастыр Спаса-Эўфрасіньнеўскі


Манастыр заснаваны на правым беразе р. Палата ў 1120-я гады прыняўшай манаства полацкай князёўнай Ефрасінняй, якая была ў ім ігуменняй на працягу 45 гадоў.


Захавалася паданне, што Ефрасіння заснавала манастыр па волі Бога. Быццам епіскап полацкі Ілья ўбачыў у сне анёла, які загадаў прападобнай Ефрасінні заснаваць абіцель пры Спасавай царкве, дзе ў той час знаходзіўся загарадны дом архіепіскапа. Такі ж сон убачыла тры разы сама першаасветніца, і на беразе р. Палата, у дзвюх вярстах ад Полацка, заснавала манастыр.


У "Жыціі Ефрасінні Полацкай" (ХІІ—ХІІІ ст.) пра гэта гаварылася так: "...даю Ефросинии место св. Спаса на Сельце, яко да будет тамо монастырь девический, и никто же от последних иметь судити даянию сему, еже дах ей, и вси соизволиша епископу". Раскопкі 1950-х гадоў выявілі храм-пахавальню ў Сяльцы i склеп з мужчынскімі пахаваннямі, якія, магчыма, з’яўляюцца астанкамі першых полацкіх епіскапаў. У гэтым жалаваным маёнтку Ефрасіння заснавала Спаскі манастыр: "иде же метохия (падвор’е — А.К.) святой Софии". Першапачаткова тут мелася драўляная царква Спаса. Першымі манашкамі былі родныя i стрыечныя сёстры Ефрасінні. Хутка, пачуўшы пра яе благачэсце, у манастыр пачалі прыходзіць жанчыны з розных мясцін. Верагодна, паміж 1133 г. i 1143 г., калі полацкі прастол займаў Васілька Усяславіч (родны брат Ефрасінні), было разгорнута будаўніцтва. У 1579 г. кароль Стафан Баторый заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, а потым перадаў яе езуітам.


Як сведчыць У. Альбіцкі, езуіты значна перабудавалі манастырскія будынкі. У 1656 г. пасля захопу Полацка паводле загаду маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны i вернуты праваслаўным. Пасля вызвалення горада ад маскоўскіх захопнікаў у 1667 г. комплекс зноў належаў езуітам. У пачатку XVIII ст. быў змураваны жылы корпус, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна, які захаваўся да нашага часу. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з паўднёвага боку. Сцены прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, пазбаўлены дэкору; з паўночнага боку, які арыентаваны на р. Палата, умацаваны двума масіўнымі вуглавымі контрфорсамі. У 1832 г. манастыр перададзены праваслаўнаму духавенству. З 1841 г. ён дзейнічае як жаночы. У 1844 г. пры манастыры адкрыта 3-класнае жаночае вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня.


У 1847 г. 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад "цёплую" трапезную царкву, у 1886 г. перабудаваны. У 1882 г. пабудавана брама-званіца. Вырашана цэнтрычным, вежападобным аб’ёмам — 2 чацверыкі, верхні з якіх завершаны звонападобным купалам з цыбулепадобнай галоўкай на высокім 8-гранным барабане ў завяршэнні. Першы ярус мае арачны праезд пад цыліндрычным скляпеннем, верхні прарэзаны высокімі арачнымі прасветамі. Ярусы вылучаны тонкапрафіляванымі карнізамі з зубчастымі фрызамі. У падножжы верхняга яруса па чатырох гранях створаны прафіляваныя арачныя нішы з абразамі. Да брамы далучаны 2-павярховы мураваны жылы корпус пад вальмавым дахам — помнік архітэктуры пачатку ХХ ст. Васмівосевы сіметрычны галоўны фасад, расчлянёны прамавугольнымі на 1-м i лучковымі на 2-м паверхах аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі фігурнымі ліштвамі, паверхі расчлянёны філёнгавым поясам, цокаль крапаваны прастакутнымі нішамі, куты — лапаткамі.


У 1899 г. архітэктар Коршыкаў пабудаваў у манастыры велічны Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор у неавізантыйскім стылі. Найбольшага росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У снежні 1905 г. полацкі і віцебскі епіскап хадайнічае перад Святым Сінодам аб вылучэнні сродкаў на будаўніцтва новага будынка Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага вучылішча, праект якога быў зацверджаны 5.12.1905 г. У 1910 г. з Кіева ў манастыр былі ўрачыста перавезены мошчы Святой Ефрасінні Полацкай. У пачатку ХХ ст. архітэктурны комплекс манастыра ўтваралі размешчаныя курданёрам вакол невялікай плошчы тры мураваныя храмы, брама-званіца, 2-павярховы, збудаваны яшчэ езуітамі келейны корпус (пачатак XVIII ст.), каля 20 драўляных i мураваных жылых i гаспадарчых будынкаў, сад i агарод.


У 1915 г. ў час першай сусветнай вайны манастыр эвакуіраваўся ў Растоў-Яраслаўскі i размясціўся ў Богаяўленскім манастыры. У 1921 г. пры пераездзе былі згублены архіў i бібліятэка. Пасля кастрычніка 1917 г. палітыка дзяржавы ў адносінах да царквы змянілася. Пашырылася барацьба супраць царквы, пачалася рэквізіцыя царкоўных каштоўнасцей, якая праводзілася, па афіцыйнай версіі, у мэтах арганізацыі дапамогі галадаючым Паволжа. Паводле звестак Віцебскай губернскай камісіі па рэквізіцыі царкоўных каштоўнасцей, у 1-й палове 1922 г. па губерні было рэквізавана больш за 100 пудоў серабра i невялікая колькасць іншых каштоўных металаў. Аб рэквізіцыі маёмасці манастыра сведчыць тое, што ў фондах дзяржаўных улад захаваліся вопісы маёмасці манастыра, яго цэркваў, складзеныя ў 1922 r. A гэта рабілася ў той час толькі ў выпадку ўліку каштоўнасцей i наступнай ix рэквізіцыі. У 1928 г. манастыр быў закрыты.


У 2-ю сусветную вайну на тэрыторыі манастырскага комплексу быў лагер савецкіх ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 г. манастыр пачаў дзейнічаць. У 1945 г. ў ім пражывала 50 манашак. У першыя пасляваенныя гады мясцовыя ўлады падтрымлівалі дзейнасць манастыра. Так, манашкі атрымлівалі ад улад харчаванне, як i служачыя, манастырскай царкве быў перададзены чатырохпакаёвы дом. Аблвыканком, па скарзе ігуменні, адмяніў рашэнне гарсавета аб перадачы педвучылішчу паўгектара манастырскіх зямель. У 1946 г. гарвыканком перадаў манашкам у бясплатнае карыстанне 2-павярховы дом. Большасць манашак знаходзіліся ў сталым узросце. Напрыклад, у 1950 г. 48 жанчын з 54-х былі старэй за 55 гадоў. Усе яны былі ўзяты на ўлік. Захаваліся запісы, у якіх жанчыны тлумачаць прычыны наступления у манастыр.


Сярод манашак было шмат інвалідаў, якія не маглі працаваць. У 1954 г. такіх жанчын у манастыры было 13. Гаспадарка манастыра мела 2-павярховы дом, дзе жылі манашкі, царкву — адну з трох, што раней належалі манастыру, i 3 га зямлі, якая была падзелена на надзелы. Унутранае жыццё рэгламентавала сама ігумення. Манашкі працавалі на зямлі, займаліся рукадзеллем, шылі коўдры для гараджан. Харчаваліся яны самастойна, атрымліваючы на гэта 100—150 руб. у месяц. Два разы ў дзень маліліся. Многія з ix спявалі ў царкоуным хоры, за што дадаткова атрымлівалі па 150 руб. у месяц.


Даходы манастыра складаліся з грошай, атрыманых ад продажы царкоўных прадметаў (крыжыкаў, абразоў, свечак) i выканання царкоўных трэб у манастырскай царкве. Яе наведвалі ўсе вернікі Полацка, бо гэта была адзіная дзеючая царква ў горадзе. Сродкаў ад вернікаў паступала няшмат. Але, нягледзячы на слабую, на першы погляд, гаспадарку, манастыр здолеў адрамантаваць на свае грошы Спаса-Ефрасіннеўскую царкву. У 1954—60 гг. даходы манастыра павялічыліся ў два разы — з 70 тыс. да 130 тыс. рублёў. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы ў 1950-я гады, паступова вядомасць манастыра расла. Асабліва прыцягвалі ўвагу вернікаў мошчы Ефрасінні Полацкай. Аб гэтым сведчыць павелічэнне колькасці наведвальнікаў, асабліва 5 чэрвеня, у дзень памяці святой Ефрасінні. За тры гады, з 1954 па 1957 гг., колькасць прыхаджан павялічылася ў два разы, i на гэта набажэнства ix збіралася каля 7 тыс. чалавек. У гэты дзень у Полацк прыязджалі архіепіскап Піцірым, святары з іншых гарадоў. У 1960 г. манастыр зноў быў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). У 1990 г. аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская, "цёплая" трапезная, Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор, брама-званіца, падмуркі храма-пахавальні, жылыя корпусы, гаспадарчыя пабудовы.


Царква-пахавальня знаходзілася за 100 м на ўсход ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Выяўлена М.К. Каргерам пры раскопах 1961—65 гг. (выяўлены плінфавы падмурак, ніжнія часткі сцен). Рэканструкцыю храма дапоўніў у 1976 г. П.А. Рапапорт. Датуецца XI—XII ст. З’яўлялася пахавальняй полацкіх епіскапаў, упамінаецца ў "Жыціі Ефрасінні Полацкай": "Идиже братия наша лежат, преже нас бывший епископы". Магчыма, гэты храм адзначаны ў Жалаванай Грамаце караля Стафана Баторыя ў канцы XVI ст.: "Храм, блізкі да разбурэння, яшчэ бачыцца над ракою Палотаю" (А.П. Сапунов. Витебская старина, с. 73). Магчыма, што гэта царква мелася на ўвазе пры пераліку храмаў, якія належалі полацкай архіепіскапіі: "Церковь Святого Спаса у места Полоцком на посаде Великом. Церковь на посаде Великом. Церковь на том же посаде Рождества Христова" . Царква моцна пашкоджана пажарам, пасля чаго яе ўсходняя частка была разабрана, a астатнія абкладзены брусковай цэглай. Вялікай разнастайнасцю вылучалася ўпрыгожанне падлогі, былі выяўлены маёлікавыя пліткі разнастайных колераў, форм i памераў, знойдзены фрагменты мазаікі i фрэсак.


А.М.Кулагін

Полацк. Памяць

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2002

 


Могілкі


Звычайна могілкі закладаліся па-за гарадзкой мяжой. Аднак ішоў час, горад разрастаўся і ўрэшце паглынаў старыя могілкі. Тады закладаліся новыя, а старыя паступова занепадалі і з цягам часу забудоўваліся. З XVII ст. маюцца зьвесткі пра існаваньне ў Полацку могілак у раёне цяперашняга цэнтральнага пляцу. Пазьней у XVIII ст. на ўсход ад гарадзкога валу (цяпер тут скрыжоўваецца вуліца Юбілейная з праспэктам Маркса) закладаюцца двое могілак: праваслаўныя ды ўніяцкія. На праваслаўных ставіцца царква Покрыва Багародзіцы, а побач на ўніяцкіх – царква Пятра ды Паўла. Абедзьве цэрквы былі драўлянымі. Пасьля ліквідацыі Вуніі ў 1839 г. царква Пятра ды Паўла была зруйнаваная, а праваслаўная Пакроўская дастаяла да 1900 г., калі яе паглынуў агонь. Пасьля пажару распачалася дыскусія: аднаўляць царкву або не. З прычыны будаўніцтва новае чыгункі Санкт-Петэрбург – Сядлец і зьяўленьня вялікай колькасьці расейскіх працаўнікоў і службоўцаў, было вырашана царкву адбудаваць. У 1910 г. паўстала новая Пакроўская царква з цэглы, аднак могілак пры ёй ужо не было. На Задзьвіньні ў XVIII ст. на поўдзень ад бэрнардынскага манастыра стаяла ўніяцкая царква Ўсьпеньня Багародзіцы, вакол якой былі могілкі. Царква і могілкі зьніклі ў XIX ст.


Апрача агульнагарадзкіх былі невялікія могілкі каля цэркваў і манастыроў, але з разбурэньнем храмаў могілкі занепадалі і таксама зьнішчаліся. Такі лёс ужо ў XX ст. напаткаў могілкі пры Барысаглебскім і Багаяўленскім манастырах.


Міхайлаўскія могілкі


На паўночным захадзе горада між Запалоцьцем і Пагіршчынай знаходзіліся вялікія могілкі. Сваю назву яны атрымалі ад могілкавай царквы ў гонар арханёла Міхаіла. Могілкі былі ўніяцкімі. Вядома, што драўляная царква стаяла тут ужо ў XVII ст. У 1811 г. была збудаваная каменная царква ў стылі барока. На пачатку XX ст. гэта былі найбольшыя хрысьціянскія могілкі горада. У часе савецка-польскага супрацьстаяньня (верасень 1919 — травень 1920), калі горадам валодала Чырвоная Армія, а на Задзьвіньні стаялі польскія войскі, царква пацярпела ў выніку артылерыйскага абстрэлу. Акт № 10 павятовай камісіі па ахове помнікаў 04.08.1920 г. засьведчыў наяўнасьць у царкве абразоў часоў пабудовы. Пад царквой было сутарэньне, у якое ўвайсьці можна было з царкоўнае залі. У ім меліся дзьве нішы з разламанай замуроўкай. На правай нішы была драўляная дошка з надпісам, што тут пахаваны купец Ян Камковіч. Побач пахаваньне маці Піліпа Кунцэвіча — Юліяны, памерлай у 1815 годзе. У левай нішы знойдзеныя рэшткі нейкага ўніяцкага сьвятара, з прыкметамі бальзамаваньня. Абедзьве магілы разрабаваныя, бо ў трунах назіралася парушэньне костак. Апрача таго ў царкве захоўваўся звон з Сафійскага сабору з надпісамі "roku 1715" i "Sw. Sophia".


Могілкі былі акружаныя ровам і валам, мелі шмат дрэваў, што надавала ім выгляд гаю. На гэтых могілках быў пахаваны эсэр Пётар Шалкоўскі, забіты 19.10.1905 г. паліцыяй у часе дэманстрацыі на вул. Віцебскай, калі чытаў цароў маніфэст аб палітычных свабодах і ўтварэньні Дзяржаўнае Думы. Магіла мела гранітны помнік і жалезную агароджу. Да паўночнае часткі могілак шчыльна падыходзілі вялікія вайсковыя могілкі, што ўтварыліся ў часе 1-ае сьвятовае вайны ў выніку пахаваньня жаўнераў, памерлых у полацкіх вайсковых шпіталях. Большасьць магілаў былі індывідуальныя і разьмешчаныя радамі. На крыжах былі шыльды з пазначэньнем прозьвішча, годнасьці і вайсковай часткі. Тут знайшлі спачын некалькі тысячаў вайскоўцаў.


Падчас пашырэньня ў 30-х гадах ХХ ст. полацкага аэрадрому, што межаваў з могілкамі, улады вырашылі іх ліквідаваць, гай высекчы, тэрыторыю выраўняць. Што захацелі тое і зрабілі. Папярэдне было абвешчана, што сваякі могуць перазахаваць рэшткі сваіх родных на іншых могілках, але такіх было мала. Царква была зруйнаваная разам з могілкамі і зраўнаваная зь зямлёй. Да сёньня ў часе будаўнічых працаў у гэтым раёне будаўнікі адкопваюць старыя пахаваньні.


Чырвоныя могілкі


Паводле новага гарадзкога плянаваньня, зацьверджанага пры канцы XVIII ст., пасьля далучэньня Полацка да Расейскай імпэрыі, новыя могілкі былі закладзеныя па-за гарадзкой мяжой. Для іх была выкарыстаная зямля, што належала Багаяўленскаму манастыру. Могілкі атрымалі назву "Чырвоных". Яны былі абкапаныя ровам і абнесеныя валам, што зьяўлялася абавязковым паводле закону аб могілках, каб скаціна не магла сюды забрацца. Былі высаджаныя розныя дрэвы. Чырвоныя могілкі лічыліся праваслаўнымі. Старэйшае з захаваных пахаваньняў тут належыць купцу Сьцяпану Радыёнаву Палякову, які памёр 05.07.1848 г. Надмагільле ўяўлее сабой каменны саркафаг, з вырытымі на ім арнамэнтамі і надпісамі.


Цікавымі ёсьць надмагільныя крыжы-помнікі Вользе Якубаўне Зыльбэрдорф, народжанай Рагачэўскай (1852-1888), барону Андрэю Андрэевічу Вітэ (+13.11.1865), сьвятару Фаўсту Лявоньцевічу Пігулеўскаму (+21.12.1894) і жонцы ягонай Марыі Данілаўне (+09.03.1895). У пахаваньнях ня надта праглядаецца чысьціня праваслаўя і яшчэ больш разбурае яе надмагільле пэўна сужонкаў Мікалая Ярдана і Адэляіды з Рульковіюсаў з надпісам “Nicolai Jordan geb. 22 April 1830 gest. 1 November 1908 und Adelaide geb. Rulcovius geb. 25 Mai 1840 gest. 9 December 1881”.


Лютэранскія могілкі


На захад ад праваслаўных, амаль ушчыльную, былі закладзеныя лютэранскія могілкі, на якіх была збудаваная капліца. Яны розьніліся рэгулярным плянаваньнем: былі зробленыя роўныя сьцежкі, што падзялялі могілкі на часткі, пахаваньні рабіліся ў пэўным парадку, магілы былі дагледжаныя, шмат помнікаў і кветак. Самы стары з захаваных помнікаў у гэтай частцы помнік Штэрнгросу памерламу 3-га сакавіка 1796 году з надпісам па-расейску. Гэта калёна з чырвонага граніту была другі раз скарастана ў якасьці надмагільля Нікулінасу (1919-1951).


Найбольш значнымі надмагільнымі помнікамі ў гэтай частцы зьяўляюцца мармуровыя крыжы прадстаўнікам вядомага роду Рульковіюс Вальтару (+05.09.1895) і Люізе ў сужэнстве Люндбэрг (+1900), дзеткам барона Пфайліцэр-Франка Элізабэце і Міхаэлю, памерлым у 1893 г., Эвэліне Зыльбэрдорф з Сэнгераў (06.06.1914) ды Вільгэльму Мічэрліху (+18.11.1894). Усе помнікі маюць надпісы ў нямецкай мове.


Былі тут і пахаваньні латышоў братоў Яніса, Вальдэмара й Карліса Баладзітсаў, спачылых на мяжы ХІХ-ХХ стст., але цяпер яны зьніклі. Захаваўся толькі прыгожы абэліск Янісу Кілблаксу (+24.04.1914) з надпісам ў латгальскім дыялекце латыскае мовы. Аднак і тут лютаранскую аднастайнасьць разбураюць пахаваньні доктара Сьцяпана Яфімавіча Паўлоўскага (+27.05.1904) і ягонай маці Дар’і Антонаўны (+18.01.1893). З гэтае прычыны можна казаць пра праваслаўна-лютаранскую лучнасьць.


Пасьля разбурэньня ў 1930-х гадах Міхайлаўскіх могілак Чырвоныя становяцца галоўнымі гарадзкімі могілкамі. На могілках маецца агульнае пахаваньне вайскоўцаў, параненых ў ліпені-верасьні 1944 г. у часе баявых дзеяньняў у Літве і Латвіі і памерлых ў шпіталях № 1822, 1969, 2479.


Пасьля канчаткога разбурэньня ў 1960-х гадах габрэйскіх могілак, што знаходзіліся на вуліцы Леніградзкай і беразе рэчкі Бяльчанкі, у паўднёвай частцы пачынаюць хаваць сваіх сваякоў полацкія габрэі.


З цягам часу лютаранская і праваслаўная частка злучыліся, бо прагал шырынёй у 20 мэтраў між імі занялі пахаваньні савецкага часу (1930-х — 1970-х гадоў).


Ксавэраўскія могілкі


Ксавэраўскія могілкі адны са старадаўніх гарадзкіх могілак. Закладзеныя верагодна ў XVII ст. з разбудовай езуіцкай калегіі ў Полацку і пашырэньнем каталіцтва. Служылі для пахаваньня рыма-каталікоў і заставаліся каталіцкімі да 20-х гадоў ХХ ст. Сваю назву яны атрымалі ад касьцёла Магілы Гасподняй і Францішка Ксавэрыя, збудаванага езуітамі ў 1786 г. Францішак Ксавэры (Francois Xavier) (1506-1552) быў паплечнікам закладальніка Таварыства Ісуса Ігната Ляёлы. З блаславеньня папы Паўла ІІІ займаўся місійнай дзейнасьцю ў Паўднёвай і Ўсходняй Азіі, дзе загінуў. Мошчы захоўваюцца ў Гоа (Індыя), абвешчаны апосталам гэтае краіны. Можна дапусьціць, што спачатку езуіты збудавалі тут драўляны касьцёл, які пры канцы XVIII ст. быў заменены на цагляны з сутарэньнем, дзе былі нішы дзеля пахаваньня нябожчыкаў.


Ян Баршчэўскі ў сваіх успамінах пра Полацак пісаў у 1844 годзе: "Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касьцёл Сьв. Ксавэрыя; тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў-езуітаў, сьвецкае моладзі і старых, зь якімі я быў калісьці знаёмы і сябраваў; невыразнае пачуцьцё навеяў на мяне гэты малюнак; душа пазірала на іх, як на анёлаў, што ляцяць да неба...".


Акт Полацкай павятовай камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва зафіксаваў 4 ліпеня 1920 году наяўнасьць у касьцёле італьянскіх абразоў XVIIІ-XIХ стст.


Нямецкія гісторыкі ў часе знаходжаньня ад 25 лютага да 21 лістапада 1918 г. у Полацку нямецкіх войскаў шукалі тут пахаваньні баварскіх афіцэраў, што загінулі ў баях за горад у 1812 г. Баварская 20-я дывізія на чале з фэльдмаршалам Врэдэ брала удзел у напалеонаўскай кампаніі ў складзе вайсковае групоўкі ў 30000 чалавек пад началам маршала Шарля Ўдзіно, а пасьля генэрала Гувьёна Сэн-Сыра. У 1918 г. немцы аддзялілі паўднёва-ўсходнюю частку могілак, што выходзіла на 4-ы зав. Фрунзэ, зрабілі жалезную агароджу на цагляных слупах і хавалі тут сваіх жаўнераў і афіцэраў, якія загінулі пад Полацкам. Пасярод могілак быў пастаўлены гранітны помнік з надпісам па-нямецку "Палеглым за радзіму". Гэтыя нямецкія вайсковыя могілкі захоўваліся ў парадку да 1941 г. на падставе дамовы паміж савецкім і нямецкім урадамі.


Ад пачатку акупацыі Полацку 16 ліпеня 1941 году немцы ператварылі Ксавэраўскія могілкі ў свае вайсковыя. У 1942 г. яны прывялі да ладу вул. Азіна і 4-ы зав. Фрунзэ, выраўнаўшы іх і пасыпаўшы жвірам і друзам. Зьнішчылі частку пахаваньняў і пашырылі могілкі на ўсход у бок Палаты ды зрабілі новае плянаваньне. Сьцежкамі падзялілі могілкі на кварталы і зрабілі ў іх агульныя магілы. У кожным квартале ставілі адно вялікае надмагільле, а зьвесткі пра пахаваных занатоўваў у адмысловым дзённіку даглядальнік могілак. Ставіліся і крыжы, але колькасьць іх не адпавядала колькасьці пахаваных. Могілкі хутка запаўняліся, і ў канцы акупацыі засталося мала вольнага месца.


Пасьля адыходу 4 ліпеня 1944 году нямецкіх вайсковых частак іхныя гарнізонныя могілкі былі ліквідаваныя. Агароджа зьнятая і перавезеная ў горад, каб абгарадзіць пляц імя Леніна, помнік зьнішчаны. Усё нямецкае плянаваньне было зраўнаванае бульдозэрам, і могілкі сталіся агульнагарадзкімі. У паўночнай частцы былі пахаваныя вайскоўцы, параненыя ў ліпені-верасьні 1944 г. у часе баявых дзеяньняў у Літве і Латвіі і памерлыя ў разгорнутым у Полацку шпіталі № 1105, на брацкай магіле ў 1951 г. пастаўлены помнік. Ў паўднёва-заходняй частцы могілак захаваліся каталіцкія пахаваньні пачатку ХХ ст. з надпісамі па-польску, старэйшае зь якіх належыць Юзэфу Казэлле, памерламу 14.02.1904 г. Цікавым ёсьць помнік Вікторыі Макаравай, спачылай 6 траўня 1913 году.


У 1964 годзе на гэтых могілках быў пахаваны паэт нашаніўскае пары Янка Журба (1881-1964). Пахаваньні ў цэнтральнай частцы могілак цяжка рабіць з прычыны вялікага пласту друзу ад разбурана касьцёлу, таўшчыня якога сягае 2 м.


Габрэйскія могілкі


Было іх двое. Адны за чыгункай і Ленінградзкім пераездам. Тут цяпер на былой тэрыторыі могілак стадыён спартовага таварыства "Лякаматыў". На пачатку ХХ ст. гэта былі найбольшыя гарадзкія могілкі. Гэта ня дзіва, калі ўзяць пад увагу тое, што колькасьць габрэяў сярод палачанаў сягала 62%. На могілках быў гай і мяркуючы па дрэвах, гэта адны з старадаўніх габрэйскіх могілак. На іх было шмат пахаваньняў заможных габрэяў, што было бачна па багатых каменных надмагільлях. Тут былі пахаваныя габрэі-рэвалюцыянэры, якія загінулі ў кастрычніку 1905 г. У часе акупацыі немцы высеклі гай ды разбурылі помнікі і надмагільлі. І калі ў 1950-х гадах паўстала пытаньне аб будаўніцтве новага гарадзкога стадыёну, улады вырашылі выкарыстаць тэрыторыю могілак і суседнія незанятыя землі для будаўніцтва стадыёну. Будавалі яго з дапамогай шэрагу гарадзкіх прадпрыемстваў, асабліва чыгуначных, таму стадыён быў перададзены спартоваму таварыству "Лякаматыў". Аднак цалкам пахаваньні не былі разбураныя, і ў паўднёва-усходняй частцы захоўваліся надмагільныя камяні з надпісамі габрэйскімі літарамі на ідыш. Толькі ў другой палове 1970-х гадоў надмагільлі былі зьнішчаныя канчаткова ў часе пракладаньня цеплатрасы па вуліцы Леніградзкай.


Другія меншыя габрэйскія могілкі былі на Задзьвіньні, цяпер празь іх праходзіць насып аўтамабільнага мосту праз Дзьвіну на вул. Юбілейнай. Частка могілак на пачатку 30-х гадоў пайшла пад насып, а заходняя частка заставалася некранутай. Пахаваньні рабілі тут да 1960-х гадоў, і цяпер яшчэ захавалася адна магіла з агароджай. Астатняе занята прыватнай аўтастаянкай. На гэтых могілках хавалі сваіх памерлых бяднейшыя габрэі. Тут была пахаваная большасьць ахвяраў пагрому 23 кастрычніка 1905 г., бо імі былі пераважна небагатыя і бедныя габрэі. Дакладнае колькасьці забітых і пахаваных ахвяраў няма, але паводле расповядаў яна сягала 300 чалавек.


Фатынаўскія могілкі


Пад назвай Фатынаўка вядомая частка Задзьвіньня, дзе месьцяцца гарадзкія могілкі, і тэрыторыя ад Кургана Несьмяротнасьці да вёскі Экімань. На пачатку ХХ ст. тут быў фальварак Фатынаўка, які належыў Спажынскаму. На высокім беразе Чорнае рэчкі, што агінала Востраў з поўдня стаяў ягоны дом, гаспадарчыя пабудовы, а таксама сад. Спажынскі ўпершыню на Полаччыне ўжыў дзеля пабудовы хлява нявыпаленую цэглу. Уладальнік маёнтку быў чальцом полацкай земскай управы.


Сфармаваліся могілкі пэўна ў XVIII ст., пра што сьведчаць захаваныя да сёньня каменныя крыжы. Калі зважаць на прозьвішчы і імёны пахаваных былі яны ўніяцкімі. Сёньня могілкі маюць заходнюю і ўсходнюю часткі, падзеленыя невялічкай лашчынкай. Усходняя частка выглядае за больш старую, аднак і ў заходняй маюцца пахаваньні пачатку ХХ ст. Пэўнай канфэсійнай розьніцы не выяўлена, таму магчыма падзел тлумачыцца пахаваньнямі жыхароў розных прыгарадных вёсак, бо паводле мапы 1937 г. на поўдзень ад могілак была вёска Фатынаўка, а з захаду — Барзунова. 
На могілках ў агульнай магіле пахаваныя вайскоўцы 51 і 71 гвардэйскіх дывізіяў 6-й гвардэйскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту, што загінулі 1-3 ліпеня 1944 году пры штурме Задзьвіньня. На магіле ў 1951 г. пастаўлены помнік. Старых помнікаў тут амаль не захавалася і найбольшую хівавасьць можа выклікаць мэмарыял у стылі прымітывізму, прысьвечаны курсанту Пятру Якаўлевічу Ясіпёнку, які загінуў у 1939 г. на фінскай абарончай лініі Манэргайма, а збудаваны помнік у 1953 г. ягоным братам Ясіпёнкам І.Я.


Стараверскія могілкі


Разьмешчаныя ў Грамах, на вуліцы Суворава, недалёка ад чыгуначнага вакзалу. Ад пачатку Грамы былі вёскай старавераў, што зьбеглі ад гвалту ў Расеі ў ХVIІ-XVIII стст. Таму і да сёньня могілкі захавалі стараверскі выгляд з характэрнымі васьміканцовымі крыжамі, стрэшкамі над імі.


Найбольшую цікаўнасьць можа выклікаць надмагільны помнік у выглядзе царквы Даніле Парфенавічу (+09.07.1909) і Ірыне Мяленьцеўне (+27.10.1901) Сіманавым. Падобныя помнікі стаялі раней на Чырвоных і Ксавэраўскіх могілках, але цалкам захаваўся толькі гэты. Старэйшае з захаваных пахаваньняў належыць Міхаілу Данілавічу Чарнышову, які памёр 28.03.1879 г.


На могілках пахаваныя вайскоўцы 51, 47, 90 дывізіяў 22-га стралковага корпусу і 51 гвардэйскай дывізіі 23-га стралковага корпусу 6-й гвардэйскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту, што загінулі пры штурме цэнтра Полацка 2-4 ліпеня 1944 г. На магіле ў 1952 г. усталяваны помнік.


Міхась Баўтовіч


 
Царква Божага аб’яўлення і манастыр


Будынкі Свята-Богаяўленскага мужчынскага манастыра знаходзяцца ў цэнтры горада, на правым беразе Заходняй Дзвіны. Складаецца з мураваных Свята-Богаяўленскага сабора і жылога корпуса. Для пабудовы манастыра 8.5.1582 г. кароль Стафан Баторый даў два пляцы і вызваліў яго ад гарадскіх павіннасцей. У XVI-XVIII ст. складаўся з драўлянай царквы і будынка брацкай школы. Падпарадкоўваўся непасрэдна Кіеўскай мітраполіі і канстанцінопальскаму патрыярху. Упамінаецца ў 1633-36 гг., калі князь Леў Самуіл Агінскі і міравы земскі суддзя Севасцьян Мірскі аднавілі прыстанак пасля пажару і пасадзейнічалі заснаванню праваслаўнага брацтва; манастыр як праваслаўны зацверджаны граматай Уладзіслава IV у 1633 г. С. Мірскі ахвяраваў участак зямлі па вуліцы Вялікай для пабудовы тэатра і школы (у 1656-59 гг. у ёй выкладаў беларускі пісьменнік і філосаф Сімяон Полацкі). У 1650-я гады расейскі цар Аляксей Міхайлавіч перадаў манастыру апусцелы Запалоцкі Праабражэнскі манастыр з яго вёскамі і двума млынамі на р. Палата. У манастырскім архіве захоўваліся старажытныя акты і прывілеі на польскай і рускай мовах, сярод якіх былі граматы цара Аляксея Міхайлавіча 1655-60 гг. У брацтва манастыр быў адабраны ў 1668 г. паводле загаду караля Яна Казіміра. Асноўнай уласнасцю манастыра была в. Ропна (у пачатку ХІХ ст. 1289 дзесяцін зямлі, 42 падданыя).


У чэрвені 1683 г. ў выніку гарадскога пажару пацярпеў і манастыр, таму манахі былі вымушаны закласці на правабярэжным баку Полацка капліцу і новую царкву. Пасля пажару 1757 г. ў 1761-79 гг. пабудаваны мураваны Свята-Богаяўленскі сабор. Пасля наведвання ў 1780 г. Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 г. дойлід Дж. Кварэнгі распрацаваў праект расшырэння манастыра. Прадугледжвалася раскрыццё архітэктурнага ансамбля ўздоўж вул. Ніжне-Пакроўскай (сучасная вул. Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі, размешчаныя па чырвонай лініі вуліцы: з захаду жылы корпус, з усходу — школа (з 1835 г. мужчынскае духоўнае вучылішча; не збераглося). У выніку архітэктура комплексу набыла барочна-класіцыстычны характар. У 1798 г. манастыр пакінуты за штатам, а ў 1842 г. ўзведзены ў 2-і клас. У пачатку ХІХ ст. з усходу ад царквы пабудаваны "эканамічны дом" (не захаваўся). У пачатку ХХ ст. пры манастыры налічвалася 28 чалавек браціі пад кіраўніцтвам архімандрыта Яўфімія.


Свята-Богаяўленскі сабор — помнік дойлідства барока. Крыжова-купальны 1-апсідны храм з дзвюма 1-яруснымі вежамі на галоўным (заходнім) фасадзе. Над перакрыжаваннем асноўнага аб’ёму і трансепта — высокі светлавы барабан са сферычным купалам, завершаным гранёным ліхтаром. Такімі ж купалкамі завершаны і фасадныя вежы, паўночная з якіх з’яўлялася званіцай (7 званоў). Сцены, вежы, грані барабана прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі ў прасценках. Галоўны фасад крапаваны магутнымі слаістымі пілястрамі на высокіх цокалях, па восі сіметрыі арачны ўваходны партал і аконны праём хораў над ім. Вось сіметрыіі бакавых фасадаў падкрэслена рызалітам з лучковым уваходным праёмам з глыбокімі адхіламі. Па перыметры будынка праходзіць карніз простай прафіліроўкі. Барочныя франтонныя завяршэнні фасадаў былі зняты ці паменшаны ў 1839 г.


Інтэр’ер 2-светлавы, у цэнтры чатыры масіўныя слупы квадратнага сячэння, перакінутыя цераз іх аркі і ветразі нясуць сферычны купал з ліхтаром. Цыліндрычны барабан пад купалам вырашаны як ратонда. Перакрыцці — цыліндрычныя скляпенні на распалубках. Над нартэксам на трайной аркадзе размешчаны хоры з каванай агароджай. На левым перадалтарным слупе фестонная ракайльная арка — выхад на колішні амбон. Фрагментарна захаваўся фрэскавы жывапіс на ўнутранай паверхні барабана, у яго прасценках — тэмперная размалёўка (3-метровыя фігуры трох свяціцеляў; 2-я палова XVIII ст., часткова адноўлена ў ХІХ ст.).


Тут знаходзіўся славуты абраз "Маці Божая Іверская" ў сярэбраным пазалочаным абкладзе і сярэбранай пазалочанай раме (лічыўся цудатворным), які пасля пажару быў перанссены ў Сафійскі сабор. На абразе было 18 каштоўных камянёў і сярэбраныя вызалачаныя вянцы, адзін з якіх старажытны. Існуе 2-ярусны іканастас сучаснай работы на 6 абразоў. Пасля рэстаўрацыі ў 1981 г. ў саборы размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 г. сабор перададзены вернікам.


Жылы корпус — помнік дойлідства барока і класіцызму. Пабудаваны на месцы драўлянай брацкай школы. Г-падобны ў плане мураваны будынак, у якім знаходзіліся келлі манахаў і пакоі ігумена (ва ўсходнім крыле), две "цёплыя" царквы — Свята-Ефрасіннеўская і Свята-Кацярынінская (у кутняй частцы). У кампазіцыі галоўнага фасада будынка выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып — 1-ы паверх трактаваўся як аснова больш рэпрэзентатыўнага 2-га паверха, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невялікімі лучковымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах з замкавым каменем. На гладкай паверхні сцен 2-га паверха — шырокі паясок, рытм прастакутных аконных праёмаў у ліштвах. Будынак апяразаны развітым прафіляваным карнізам. Кутняя частка вылучана чатырма іанічнымі паўкалонамі і завершана франтонам з невялікай вежачкай (у 1830-я гады ўзведзены купал на цыліндрычным барабане, зараз адноўлены). У 1784-91 гг. і 1812-19 гг. у корпусе размяшчалася народнае вучылішча, у 1792-1812 гг. — багадзельня. У 1970-я гг. рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. Цяпер прыстасаваны пад музей-бібліятэку Сімяона Полацкага і музей беларускага кнігадрукавання. У 1959 г. на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка Сімяону Полацкаму.


Крыніца:

А.М. Кулагін

Праваслаўныя храмы на Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001

 


Царква Святой Сафіі


Самая старажытная хрысціянская святыня на Беларусі — праваслаўны Сафійскі сабор у Полацку стаіць на высокім стромкім правым беразе Заходняй Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Палата. Адзін з першых манументальных праваслаўных храмаў у Прыдзвінні. Першапачаткова, пры Ізяславе Уладзіміравічу, быў драўляным. Замест яго князь Усяслаў Брачыславіч паміж 1044-66 гг. пабудаваў "звычаям грэцкім" адзін з першых на землях усходніх славян і чацвёрты ў свеце новы мураваны храм святой Сафіі. Першы ўскосны ўспамін пра полацкую Сафію ўтрымліваецца ў Наўгародскім летапісе пад 1066 г. У Васкрасенскім летапісе 1156 г. адзначаны "Палтэск на Дзвіне і на Палаце драўляны, святая Сафія аб сямі версях". Як мяркуюць даследчыкі, у яго будаўніцтве ўдзельнічалі візантыйскія майстры. На вялікім камені ў падмурку храма прадрапаны імёны будаўнікоў сабора: Давід, Тома, Мікула, Копес, Пётр, Воріш. Храм уваходзіў у ансамбль Верхняга замка — драўлянага крамля з княжацкімі палатамі, манастыром і вечавай плошчай, займаў яе паўднёвы бок і надзейна ахоўваўся крапаснымі сценамі. Гэты буйнейшы для свайго часу будынак упамінаецца ў "Слове пра паход Ігаравы", аўтар якога адзначае: "Тому в Полотьске позвониша заутренюю у святыя Софеи в колоколы, а оне в Киеве звон слышаше".


Выкананы ў моцных канструкцыях (таўшчыня сцен 1,45 м), храм быў і крапасной цытадэллю, якая ў часы небяспекі хавала князя з дружынай. Як увасабленне дзяржаўнасці, палітычнай і эканамічнай магутнасці Полацкага княства, Сафія пастаянна ўпрыгожвалася і часта перабудоўвалася. Ёсць меркаванне, што Усяслаў Брачыславіч хадзіў з войскам на Ноўгарад у 1066 г., каб авалодаць багаццямі яго Сафійскага сабора для ўпрыгожвання сваёй Святыні. З горыччу адзначаў наўгародскі летапісец: "Великая была беда, Всеслав Полоцкий взял город и обобрал Софию, и колокола и паникадила снял". Пазней палачане шанавалі тры непахісныя святыні-іпастасі: "Надеючесь на Бог святого, Софея милость и князя великого Витовта здоровье". Уразіў храм сваім хараством самога цара Івана Жахлівага, калі той у 1563 г. ўвайшоў з войскам у межы Вялікага княства Літоўскага. Гарадская старажытная пячатка мела выяву Сафіі і надпіс: "Печать Полочькая и стои Софьи". З сярэдзіны XI ст. да 1579 г. існавала багацейшая па тым часе бібліятэка, архіў дзяржаўных актаў і тэалагічных рукапісаў, папаўненню якіх вельмі садзейнічала Ефрасіння Полацкая. Бібліятэка разрабавана ў час Лівонскай вайны 1558—83 гг. Храм з’яўляўся не толькі заглаўным храмам заходнеславянскага праваслаўя, але і буйным культурна-асветніцкім цэнтрам, пахавальняй полацкіх князёў (раскапана 16 саркафагаў). Тут прымалі паслоў, абвяшчалі вайну і мір, захоўвалі дзяржаўную казну і рэлігійныя святыні.


Храм перайшоў да вуніятаў у канцы XVI ст. У 1607 г. будынак пацярпеў ад пажару, але быў адноўлены да 1618 г. Вядома, што пры перабудове па загаду вуніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча былі зняты вярхі вуглавых баявых вежаў храма-крэпасці "як непатрэбныя і царкве ніякай красы не прыдаваўшыя". Якім стаў адноўлены пасля наступнага пажару (у 1643 г.) сабор, сказаць немагчыма. Не захавалася ніякіх апісанняў ці выяў святынь канца XVII ст. На плане Полацка 1707 г. Сафійскі сабор зноў прадстаўлены як абарончы храма з чатырма двух’яруснымі круглымі вежамі па вуглах і купалам у цэнтры высокага клінаватага даху. Аналагічнымі малюнкамі на плане пазначаны і некаторыя іншыя храмы. Верагодна, рускія ваенныя картографы, якія выконвалі план, выкарыстоўвалі ўмоўныя, а не рэальныя выявы будынкаў.


У час Паўночнай вайны 1700—21 гг. 11 ліпеня 1705 г. у Сафійскай царкве адбылося забойства расейскім царом Пятром I, Меншыкавым і афіцэрамі яго світы ў дзень царскага нараджэння 6 вуніяцкіх святароў і манахаў. Вікарыя Канстанціна Зайкоўскага цар забіў кінжалам асабіста. Меншыкаў забіў айца Якуба Кнышэвіча. Пасеклі шаблямі закрысціяна Мялецьця Кандратовіча, казанніка Тэафана Калбечынскага, айца Якуба Кізікоўскага і брата-прыслужніка Язэпа Анкудовіча. Недасечаных насмерць Зайкоўскага і Кізікоўскага забралі ў лагер на востраў на Дзвіне і там пасля катаванняў павесілі. Назаўтра Сафія і вуніяцкія манастыры былі разрабаваныя расейскімі салдатамі і зачыненыя. Старажытную святыню Полацка, першы храм Беларусі — Сафійскі сабор — на загад Пятра I аддалі пад сховішча амуніцыі і пораху. 1 мая 1710 г. у сутарэннях сабора наўмысна быў узарваны порах, і храм быў амаль цалкам разбураны выбухам. Сабор быў адноўлены праз паўстагоддзя, але ў барочных формах. Рэшткі алтара Сафіі часоў Усяслава Чарадзея сталі бакавой апсідай новага храма. У саборы адбыўся Полацкі царкоўны сабор 1839 г., скасаваўшы вунію.


Першая іканаграфічная выява полацкай Сафіі адносіцца да 1579 г. Жамчужына старажытнага дойлідства адлюстравана на плане аблогі Полацка Стафанам Баторыем, графічна выкананая яго сакратаром С. Пахалавіцкім. На карце адлюстраваны Верхні замак, унутры крапасных сцен якога знаходзіцца Сафійскі сабор. Пазней храм быў намаляваны ў XVI-XVII ст. на абразе Ефрасінні Полацкай.


Першапачатковы сабор XII ст. — помнік манументальнага старажытнарускага царкоўнага дойлідства з рысамі раманскага дойлідства. Уяўляў сабой 5-нефавую крыжовакупальную 16-слуповую 3-апсідную базіліку, завершаную семю купаламі (паводле іншых даследаванняў — пяццю); меў даўжыню 31,5 м, шырыню 26,4 м, таўшчыню сцен 1,45 м. Фасады чляніліся 6 лапаткамі адпаведна ўнутранаму падзелу 16 апорнымі слупамі на пяць нефаў, тры сярэднія з якіх заканчваліся апсідамі. Мае тры ярусы аконных праёмаў. Над сяродкрыжжам узвышаўся барабан цэнтральнага купала. Сцены складзены з бутавага каменю, які чаргаваўся з радамі цэглы-плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (са "схаваным радам"), што стварала двухколерную гаму паверхні, характэрную для старажытнарускай школы дойлідства. Ад старажытных славянскіх храмаў адрозніваўся тым, што перад апсідамі меў дадатковае чляненне, з-за чаго яго паўночны і паўднёвы фасады падзелены не на чатыры, а на пяць праслаў. На апсідах захаваліся некалькі ярусаў 2-ступеньчатых ніш і аконных праёмаў, сляды тонкіх паўкалонак. З паўночнага боку да паўночна-заходняга кута храма далучалася квадратная ў сячэнні вежа (адлюстравана на гравюрах XV-XVIII ст.). Вонкавыя і ўнутраныя лапаткі адпавядалі васьмі крыжападобным у сячэнні міжнефавым слупам. У інтэр’еры храм меў П-падобныя хоры, заходняя і паўднёвая галерэі якіх абапіраліся на двайныя аркады з цэнтральнай 8-граннай апорай. У канцы XV — пачатку XVI ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Значна перабудаваны ў 1618 г. пры архібіскупе Язафаце Кунцэвічу, мошчы якога потым захоўваліся ў Сафійскім саборы. У 1705 г., пасля пагрозы Пятра І спаліць мошчы Я.Кунцэвіча вуніяцкія святары вывезлі іх з Полацка пад апеку канцлера ВКЛ князя Караля Радзівіла. У 1710 г. храм узарваны.


Па ініцыятыве і на ўласныя сродкі полацкага архібіскупа Ф. Грабніцкага на месцы зруйнаванага храма ў 1738—1750 гг. (афармленне інтэр’ера працягвалася да 1765 г.) змураваны новы велічны Сафійскі сабор, дзе, дарэчы, быў пахаваны і яго фундатар. У 1750 г. сабор асвячоны. Храм як вуніяцкі быў пераарыентаваны алтаром на поўнач (даўжыня старажытнай Сафіі вызначыла шырыню новай). Вонкава аб’ёмна-прасторавая структура будынка набыла формы трохнефавай аднаапсіднай базілікі з двухвежавым фасадам-нартэксам. Ад сабора ХІ ст. захавалася 3-часткавая апсіда (на ўсходнім бакавым фасадзе, вышыня каля 9 м). Сіметрычна ёй была ўзведзена аналагічная заходняя група апсід. Разам яны трактаваны ў кампазіцыі збудавання як рамёны невысокага трансепта, больш нізкага за асноўны неф. У выніку ядро кампазіцыі (без фасада-нартэкса і больш нізкай алтарнай апсіды) мае план у сячэнні вышэй бакавых нефаў у выглядзе роўнаканцовага грэчаскага крыжа, а на ўзроўні вянчаючага карніза крыж у плане збудавання ўвогуле знікае, не акцэнтуючы ніякай сімволікі. Сярэднія апсіды (вышынёй каля 9 м), у якіх размяшчаліся алтары святых Язафата і Ануфрыя, атрымалі барочнае завяршэнне ў выглядзе самкнутых купалаў са светлавымі ліхтарыкамі. Шматгранныя формы старажытных і новых апсід узбагацілі дынаміку агульнай кампазіцыі, што нарастае ад больш нізкай выцягнутай (з вімай) алтарнай апсіды да ажурных вежаў галоўнага фасада.


У старажытнай частцы храма (усходняя апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак ХІ ст. (зроблена пробнае раскрыццё). У бакавых частках апсіды размешчаны арнаментальныя матывы, у цэнтральнай — фрагмент "Еўхарысціі". У консе традыцыйная выява Маці Божай Аранты. На паўднёвай сцяне захаваліся рэшткі фрэскавай размалёўкі "Святое прычасце". На ўзроўні аконных праёмаў праходзіць арнаментальная паласа вышынёй каля 100-120 см, якая захавалася прыкладна на 80 см злева і справа па баках апсіды. Арыгінальны, незвычайна буйны арнаментальны матыў складаецца з трохлісніка, акаймаванага трохкутнікам — сімвал адзінства Святой Тройцы. Над арнаментальным поясам, відаць, размяшчаўся свяціцельскі чын. Па самым нізе ішоў дэкаратыўны фрыз (захавалася мноства фрагментаў па перыметры апсіды).


Акрамя тэмы "Аранта" і "Святое прычасце" раскрывалася тэма "Услаўленне Маці Божай", а адзін з ярусаў свяціцельскага чыну меў від "Літургіі Божай", дзе ў цэнтры знаходзіўся Хрыстос у вобразе біблейскага отрака Эмануіла (Азінароднага Сына). Добра збярогся фрагмент арнаменту, які выяўлены падчас рамонту 1910-14 гг. у падмурку 1-га паўночна-ўсходняга слупа. Гэта варыяцыі тыповага візантыйскага арнаменту, які называюць "бягунком" — стылізаваны малюнак вінаграднага сцябла, вядомы яшчэ ў пару ранняга хрысціянства.


Асаблівая ўвага нададзена новай дойлідскай гармоніі галоўнага паўднёвага фасада. Ён мае не плоскасную, а прасторавую структуру з дзвюма магутнымі пяціяруснымі вежамі па баках і заглыбленымі паміж звязкамі слаістых пілястраў прасценкамі. Тры верхнія скразныя ярусы вежаў рэзка скарачаюцца ўгору па памерах, што стварае моцную аптычную перспектыву і ілюзію амаль касмічнай узнёсласці. Гэты аптычны эфект дапаўняецца пастаноўкай храма на крутым беразе Заходняй Дзвіны, у выніку чаго галоўны фасад можа ўспрымацца толькі з блізкай адлегласці ў моцным ракурсе; яруснай будовай франтона, абодва ярусы якога (атык і завяршэнне) аздоблены своеасаблівымі пілястрамі-валютамі з хвалепадобным абрысам. На грабянях валют пастаўлены дэкаратыўныя вазы-пінаклі. Усё гэта надае атыкаваму франтону надзвычай маляўнічы карункавы абрыс (нагадвае карону-дыядэму). Упершыню ў полацкай Сафіі падобныя франтоны-"дыядэмы" ўзведзены на абодвух тарцах двухсхільнага даху цэнтральнага нефа (надае яшчэ большую выразнасць і экспрэсію сілуэту пабудовы). У прапарцыянальным ладзе будынка перавага аддадзена вертыкалям, нягледзячы на тое што першае гарызантальнае чляненне праходзіць на ўзроўні карніза бакавых нефаў. Архітэктурным чляненням (як вертыкальным, так і гарызантальным) уласціва неакрэсленасць, яны шмат разоў дубліруюцца, разрываюцца, ствараючы тонкую гульню святла і ценю. Звязкі пілястраў пры захаванні плоскаснай ордэрнай асновы кожнага элемента набываюць аб’ёмны характар, актыўна ўзаемадзейнічаюць з прасторай. Лініі карнізаў плаўна выгінаюцца, нібыта марскія хвалі. Важкасць матэрыі пераадольваецца адухоўленай ідэяй. Пластыку фасада з пульсуючым рытмам ордэрных элементаў узмацняюць фігурныя філянговыя нішы і манахромны ляпны дэкор. Верхнія ярусы вежаў, як і франтона, аздоблены пілястрамі-валютамі, пастаўленымі па дыяганалях чацверыкоў, што надае ім прасторавую разгорнутасць. Вялікія скразныя праёмы званіц, вытанчаныя вазы-пінаклі дазваляюць прасторы свабодна абцякаць архітэктурную форму. Вянчаючыя масы збудавання ствараюць на фоне неба ажурны малюнак. Знікае адчуванне канструкцыйнай асновы архітэктурнай формы — яна здаецца вылепленай з мяккага паслухмянага матэрыялу.


Усе гэтыя архітэктурна-мастацкія сродкі характарызуюць стылістыку віленскага барока. Вуніяцкі Сафійскі сабор у Полацку храналагічна з’явіўся першым збудаваннем, у якім цалкам і паслядоўна былі ўвасоблены эстэтычныя характарыстыкі архітэктуры віленскага барока. Такім чынам, полацкая Сафія ў трэці раз стала пачынальніцай новага значнага этапа ў гісторыі беларускага дойлідства.


Імя аўтара праекта новага Сафійскага сабора ў Полацку дакладна невядома. Э. Лапацінскі, які ў 1930-я гг. узняў у віленскіх архівах усе дакументы па дадзеным пытанні, адпаведных звестак не знайшоў. Як сцвярджаў М. Маралёўскі, "пад апекай мітрапаліта Фларыяна Грабніцкага і віленскіх базыльянаў" у адбудове полацкага Сафійскага сабору браў удзел архітэктар Аляксандр Асікевіч. Захаваліся таксама будаўнічыя кантракты Ф. Грабніцкага: ад 1733 г. — з мулярам з Варшавы Блажэем Касінскім (на два сезоны) і ад 1748 г. — з мулярам Антоніем Дабрагоўскім (на работы па рамонце полацкай кафедральнай царквы і архірэйскага двара). Аднак усё больш даследчыкаў з усё большай ступенню ўпэўненасці падзяляюць думку С. Лёранца, што архітэктарам сабора быў Іаган Крыштоф Глаўбіц, вядомы майстар віленскага барока. Падставай для гэтага з’яўляюцца і стылістычныя адзнакі помніка, і яго надзвычай высокі мастацкі ўзровень, і тое, што ў 1744 г. Глаўбіц па заказу таго ж Ф. Грабніцкага выканаў праект палаца мітрапаліта ў Струні (каля Полацка).


Самабытныя рысы віленскага барока знайшлі паслядоўнае ўвасабленне і ў інтэр’еры сабора — у арганізацыі яго ўнутранай прасторы і дэкаратыўным аздабленні. У аснове застаецца спакойная і ўраўнаважаная структура базілікі. Прасторавыя ячэйкі перакрыты крыжастымі скляпеннямі і падзелены ў цэнтральным нефе адзінкавымі магутнымі падпружнымі аркамі, а ў астатніх частках — падвойнымі. Складаная прафіліроўка слупоў і адпаведны ім ордэрны дэкор ствараюць зрокава неакрэсленую цякучую прастору, якую яшчэ больш ускладняюць бакавыя капліцы, раскрытыя шырокімі арачнымі праёмамі. Найбольшай своеасаблівасцю інтэр’ера з’яўляецца мураваная алтарная перагародка, архітэктурнае вырашэнне якой зноў жа адлюстроўвае кампрамісную сутнасць вуніяцкай царквы. Па функцыянальнаму прызначэнню перагародка, як і іканастас праваслаўнага храма, аддзяляе алтарнае памяшканне ад малітоўнай залы, а па сваёй кампазіцыі і формах нагадвае прысценныя алтары каталіцкіх касцёлаў. Яна мае шматпланавую прасторава разгорнутую структуру, трох’ярусную будову, барочную групоўку ордэрных элементаў. Калоны, анты, пілястры ціснуць і паўтараюць адзін аднаго, шматразова разрываюць складанапрафіляваныя антаблементы, выклікаючы пачуццё няпэўнасці, усхваляванасці, экстатычнасці быцця. Перагародка аздоблена ляпнымі пазалочанымі гірляндамі, картушамі, капітэлямі і завершана барэльефнай кампазіцыяй "Тройца новазапаветная", выкананай у стылі ракако (XVIII ст., тэхніка стука). На бакавых дзвярах алтарнай перагародкі маляўнічыя абразы "Святая Алена" і "Святы Макарый" (XVIII ст., алей, метал). У цэнтры над 3-м ярусам нанесена тэмперная размалёўка XVIII ст. "Тайная вячэра", над якой у барочным ляпным картушы - "Спас нерукатворны". Каларыстычная гама размалёвак складаецца з карычнева-чырвоных, вохрыстых, сіне-блакітных і зялёных тонаў. У цэнтральнай частцы кампазіцыі фігуры Бога Саваофа і Ісуса, галоўкі херувімаў і анёлаў у аблоках. У левай частцы трансепта збераглася размалёўка "Укрыжаванне" (XIX ст.). У 1913 г. зроблена рэстаўрацыя абразоў сабора, якая праводзілася мастачкай з Віцебска і мясцовым жывапісцам П.А. Зыкавым.


Пасля скасавання вуніі ў 1839 г., нягледзячы на чароўную прыгажосць, храм чакаў незайздросны лёс, калі б не яго выключная гісторыя і надзвычайная творчая далікатнасць, праяўленая дойлідам пры перабудове яго ў XVIII ст. У 1860-я гг. мастак Д. Струкаў, накіраваны Сінодам для вывучэння і фіксацыі праваслаўных старажытнасцей "Северо-западного края", адным з першых адзначыў наяўнасць у сутарэннях уніяцкага сабора рэшткаў першапачатковай пабудовы. У канцы XIX ст. існуючы будынак да такой ступені прыйшоў у заняпад, што праз абрушэнні тынкоўкі сталі бачны фрагменты старажытнай муроўкі з плінфы і каменю. Гэта ўзмацніла цікавасць да помніка з боку археолагаў і гісторыкаў дойлідства (А. Паўлінаў, П. Пакрышкін, К. Шароцкі). У 1909—1913 гг. былі выяўлены зандажамі амаль усе ацалелыя старажытныя часткі і зроблены капітальны рамонт сабора. У 1918 г. ў саборы знаходзіўся нямецкі гарнізонны касцёл.


Вывучэнне і аналіз дойлідства помніка працягваліся і ў першыя гады савецкай улады (І. Хозераў, М. Брунаў, М. Шчакаціхін, А. Някрасаў). Цяжкасць археалагічных даследаванняў выклікала шэраг спрэчных гіпотэз адносна аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі першай полацкай Сафіі (прыводзіліся вынікі абмераў пабудовы, якія значна адрозніваліся). У 1945—69 гг. тут размяшчаліся архіў і база кнігагандлю. Археалагічныя раскопкі працягваліся ў 1947 г. (Я. Ашчэпкаў) і пазней у 1967 г. (М. Каргер), калі адбылося раскрыццё значных фрагментаў фрэскавага роспісу. Найбольш грунтоўныя даследаванні праведзены археолагамі пад кіраўніцтвам В. Булкіна ў 1975—1980 гг., на падставе якіх канчаткова высветлены спрэчныя моманты, дакладна пацверджаны час узвядзення заходніх апсід — XVIII ст., выяўлены таксама прыбудовы да храма, зробленыя ў XII ст. Вынікі шматгадовых архітэктурна-археалагічных даследаванняў прадстаўлены ў экспазіцыі музея, які працуе ў сутарэннях сабора. У 1980-я гг. сабор адноўлены беларускімі дойлідамі-рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам В. Слюнчака. У будынку сабора пасля рэстаўрацыі размешчана канцэртная зала з арганам і Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. Уваходзіць у Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.


А.М. Кулагін

Каталіцкія храмы на Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000
Т.В. ГабрусьМураваныя харалыМенск, "Ураджай", 2001
Кастусь ТарасаўКрыж памяці, меч лёсу

 


Царква Святого Спаса


Епіскап полацкі па просьбе Еўфрасінні для будаўніцтва царквы вылучыў ей вёску Сяльцо за межамі горада, каля епіскапскай пахавальні, "идеже братия наша лежа, преже нас бывши епископи". "Жыціе Еўфрасінні Полацкай" дае падставу меркаваць, што Еўфрасіння магла пачаць будаўніцтва мураванага храма пасля 1128—29 гг. з блаславення епіскапа Міны. Верагодна, храм закладзены пасля смерці яе бацькі, князя Усяслава Брачыславіча, пасля 1128 г.: "И тако начаста пребывати в монастыри. И по сему блаженная Ефросиния заложи церковь каменну св. Спаса". Асвячэнне храма магло адбыцца паміж 1133 г. i пачаткам 1140-х гадоў епіскапам Іліяй, які ў гэты час (да 1145) кіраваў полацкай епіскапіяй. Паводле іншых меркаванняў, храм мог быць асвячоны пераемнікам епіскапа Іліі — Казьмой, які быў епіскапам полацкім з 1143 г. па 1166 г. Аўтар "Жыція..." так апісвае гэту падзею: "Преподобная Ефросиния видевше совершенну церковь, возрадовася, и бысть священие ей — велия радость всем христьяном; и собравшися князи и сильнии мужие, иноки и инокиня и простии людие и бысть торжество велие и праздноваша многия дни". Як саборны храм Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, царква пабудавана за 30 тыдняў полацкім дойлідам Іаанам ("муж нарочит именем Иоан, приставник над делатели церковными", т.зв. кіраўнік арцелі па будаўніцтве цэркваў) паводле загаду прападобнай ігуменні Еўфрасінні Полацкай. З пераходам манастыра да езуітаў храм быў пераўтвораны ў касцёл. Часткова перабудаваны ў 1833 г. (архітэктар А. Порта). Асвячэнне "благолепно отремонтированного Спасова храма" адбылося 30.7.1839 г.


На схіле жыцця Еўфрасіння здзейсніла паломніцтва ў Святую зямлю. Там у 1167 г. і завяршыўся яе зямны шлях. Асветніца была пахаваная ў Ерусаліме ў Феадосіевым манастыры Святой Багародзіцы. Праз дваццаць гадоў яе мошчы перанеслі ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 г. яны былі ўрачаста вернутыя ў заснаваны асветніцай Полацкі Спасаўскі манастыр, дзе і захоўваюцца цяпер. Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай адзначаецца штогод 5 чэрвеня.


Спасаўская царква — помнік дойлідства полацкай школы дойлідства 12 ст. Храм атрымаў вельмі выразнае кампазіцыйнае вырашэнне. Выцягнуты ў плане крыжова-купальны 3-нефавы 6-стоўпны аб'ём (даўжыня без апсіды 14,4 м, з апсідай 18,2 м, шырыня 9,8 м, таўшчыня выкладзеных плінфай сцен 1,24—1,8 м). Заходні франтальны фасад аформлены 3 закамарамі, сярэдняя з якіх адпавядае канструкцыі скляпення, бакавыя — дэкаратыўныя. Цэнтральны неф з усходу завершаны паўкруглай апсідай, крапаванай тонкімі паўкалонкамі. Бакавыя апсіды малых памераў паўцыркульныя, звонку нябачныя. Храм мае 2 уваходныя парталы — заходні галоўны i паўднёвы дадатковы.


Храм захаваўся амаль цалкам i перабудаваны пераважна ў верхняй частцы. Вынікам пераробак 1830-х гг. з’яўлялася замена закамарнага пакрыцця насценным, увядзенне ў афармленне атынкаваных фасадаў гафрыраванага фрызавага пояса, які быў накладзены на старажытны раманскі; салярнага арнаменту ў пазухі вялікіх закамар, капітэляў пілястраў з вертыкальнай гафрыроўкай, збіўка паўкалонак на вуглавых лапатках. З аконных праёмаў былі зрублены броўкі паўцыркульнага абрысу з бакавымі гарызантальнымі ўсёкамі (так званага сірыйскага тыпу).


Унутраная прастора з шасцю масіўнымі апорнымі слупамі (унізе 8-гранныя, вышэй — 4-гранныя) падзелена на тры нефы, бакавыя з якіх вузейшыя і завершаны паўкруглымі экседрамі ў тоўшчы ўсходняй сцяны. Кампазіцыя плана характарызуецца рытмічным чляненнем унутранай прасторы: шырокі прытвор, потым вузкі нартэкс, далей зноў шырокая малітоўная зала і, нарэшце, вузкая апсіда. Прытвор адмежаваны ад малітоўнай залы трыма невысокімі аркамі, над якімі размешчаны хоры, на якія вядзе лесвічны ход у тоўшчы заходняй сцяны. Па ix баках две маленькія крыжападобныя ў плане перакрытыя купальнымі скляпеннямі на ветразях келлі, адна з якіх (справа ад увахода), паводле падання, прызначалася для Еўфрасінні Полацкай, другая — для яе сястры Еўпраксіі. Перакрыцці нефаў — цыліндрычныя скляпенні. Пад царквой — скляпеністая крыпта.


Выключнае гісторыка-мастацкае значэнне маюць фрэскавыя размалёўкі ХІІ ст. — унікальны твор старажытнарускага манументальнага мастацтва сусветнага значэння. Старажытны жывапіс быў схаваны пад больш познімі напластаваннямі тынкоўкі i пабелкі, алейнай размалёўкі 1832—35 гг. i 1840 г. Фрэскі былі адкрыты ў 1835 г. Ix пробнае раскрыццё праводзілася ў 1929 г. рэстаўратарам Г.А. Чырыкавым з Цэнтральных рэстаўрацыйных майстэрань (Масква) пад кіраўніцтвам І.Э. Грабара. Далейшая расчыстка праводзілася ў 1937—38 гг., 1940 г. У 1950 г. раскрыццё праводзілася брыгадай Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў (Масква), у 1972 г. — Усесаюзнай цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыяй (Масква). Цяпер у стадыі рэстаўрацыі (рэстаўратар Уладзімер Ракіцкі).


Усяго адкрыта восем фрагментаў фрэсак ХІІ ст.: тры знаходзяцца ў алтарнай частцы; на лапатках паўночнай i паўднёвай сцен выявы невядомых святых на ўвесь рост з кнігамі ў руках; на паўднёвай сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. Пяць фрагментаў у цэнтральнай частцы: на паўднёвай сцяне два фрагменты з выявамі манашак; на паўночна-ўсходнім і паўднёва-ўсходнім слупах франтальныя выявы святых на увесь рост са скруткамі ў руках; на паўночна-заходнім слупе, што падтрымлівае хоры, пададзеная ў строгі фас наплечная выява невядомай маладой святой з мяккім авалам твару, вялікімі вачыма, прыгожымі жывымі вуснамі з чырвонай падмалёўкай. Жаночыя выявы вызначаюцца высокай адухоўленасцю і ўзнёсласцю, вялікай інтэлектуальнай напоўненасцю i стрыманым пачуццём. Індывідуальнасць вобразаў настолькі яркая, што фрэскавае адлюстраванне падобна на партрэтнае. На фрэсках i вакол ix — шматлікія графіці пераважна XIV—ХІХ ст. Раскрытыя фрагменты даюць падставу сцвярджаць, што храм цалкам дэкарыраваны жывапісам ХІІ ст., які адметны высокім мастацкім узроўнем i ўплывам візантыйскіх жывапісных традыцый. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі інтэнсіўна ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў i сюжэтных кампазіцый у цэнтральнай (яшчэ 10 выяў) i бакавых апсідах, у цэнтральнай частцы, у келлі Еўфрасінні Полацкай.


Згодна візантыйскай сістэме размалёўкі, у купале знаходзіцца выява бласлаўляючага Спаса. У цэнтральнай апсідзе чытаюцца тры рэгістры. Першы (ад падлогі) — свяціцельскі чын з 12 фігур айцоў царквы — размешчаны па авалу; на выступах перадалтарных лапатак у гэтым ярусе па две фігуры святых на ўвесь рост (магчыма, выявы архідыяканаў); на паўночнай і паўднёвай сценах, побач з арачным праёмам паміж свяціцельскім чынам і выявамі архідыяканаў, выявы невядомых святых, якія моляцца. Другі рэгістр, размешчаны над свяціцельскім чынам, складаецца з 1-фігурных i шматфігурных (сюжэтных) кампазіцый. На падкупальных пілонах — две фігуры святых на ўвесь рост, у доўгім белым адзенні, адна з крыжам, другая з чашай у руках, арыентаваныя да цэнтра алтара; на прасценках — сюжэтныя кампазіцыі ca сцэнамі пакут, ахвярапрынашэнняў. На паўночным баку апсіды праступае выява 6-крылага серафіма з шыракаскулым тварам, вялікімі міндалепадобнымі вачыма, павернутымі да цэнтра апсіды, у бліках яркага святла. Такая ж выява на паўднёвым баку. Трэці рэгістр займае вялікая шматфігурная кампазіцыя "Еўхарысція". Постаці апосталаў з кнігамі ў руках пададзены ў дынамічных позах у чвэрць павароту да цэнтра апсіды. 
Фігуры апосталаў па краях фланкіруюцца на прасценках франтальна пастаўленымі роўнавялікімі фігурамі святых на увесь рост на перадалтарных лапатках. На пауночнай сцяне правага бакавога алтара над арачным праёмам — вялікая кампазіцыя "Укрыжаванне". У конусе апсіды размешчана постаць Маці Божай Аранты, якая моліцца, над ей выява "Святое прычасце", пад якой размешчаны рэгістр з "Аплакваннем ахвяры" i сцэны пакут (ёсць i над дзвярамі). У левым бакавым алтары у цэнтры — выява Маці Божай Халкапраційскай, на тры чвэрці павернутай да алтара; на пауднёвай сцяне — кампазіцыя "Аплакванне", на пауночнай — "Ахвяраванне Аўраама", на скляпеннях, аконных адхілах — фрагменты арнаментальнай расліннай размалёўкі. У цэнтральнай частцы храма, на пауднёвай сцяне, дзе раней былі раскрыты выявы манашак, — галерэя жаночых вобразау у строгіх франтальных позах на увесь рост, апранутых у схімы, туга сцягнутыя на грудзях фібулай. Твары прадаўгаватыя з вялікімі міндалепадобнымі вачыма. На пауночнай сцяне прасочваюцца выявы мужчынскіх постацей. На падкупальных пілонах па асобных фрагментах з-пад алейнага роспісу можна прасачыць абрысы выяў маладых архідыяканау, што ідуць да цэнтра, у профіль, з крыжамі альбо чашамі у руках.


Цікавыя размалёўкі ў келлі Еўфрасінні Полацкай — невялікім крыжападобным у плане памяшканні, перакрытым купалам, размешчаным з пауднёвага боку хорау. На сценах усходняга крыла цэнтральны ярус займае 7-фігурны "Дэісус": у цэнтры у фас паясная выява бласлаўляючага Спаса, злева — выява Маці Божай, справа — Іаана Прадцечы, павернутых да Хрыста. На бакавых сценах па две фігуры архангелаў і апосталаў. Добра захавалася дэтальна распрацаваная выява з крыжападобным німбам Спаса. На правай i левай сценах — па две франтальныя фігуры на увесь рост свяціцельскага чыну, сярод якіх выява Васіля Вялікага. Вышэй "Дэісуса" ў цэнтры — "Укрыжаванне", злева — фрагменты кампазіцыі "Грамніцы", вакол невялікага акна — кампазіцыя "Дабравешчанне".


Сцены паўднёвага аб’ёму, мяркуючы па разгранцы, размаляваны ў пяць ярусаў. У 2-м ярусе зверху — две фігуры (старац i юнак), якія сядзяць насупраць; вышэй, на фоне архітэктурнага збудавання, — две выявы на увесь рост; на левай сцяне — фрагмент аблічча воіна; ніжэй — две жаночыя фігуры на увесь рост; пад імі — 3-фігурная кампазіцыя на фоне круглых арак. Размалёўка прасочваецца на сценах паўночнага аб’ёму i на плоскасцях дзвярнога праёма.


У царкве быў пастаўлены напрастольны крыж, зроблены ў 1161 г. ювелірам Лазарам Богшай. Еўфрасіння замовіла славутаму полацкаму майстру крыж-каўчэг дзеля прысланых ёй з Царгорада і Ерусаліма хрысціянскіх рэліквій. Пры канцы ХІІ стагоддзя рэліквію вывезлі з Полацка смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 годзе Смаленск, вялікі князь маскоўскі Васіль ІІІ забраў крыж з кафедральнага Ўспенскага сабора ў Маскву. У час Полацкай (Лівонскай) вайны Іван Жахлівы, просячы ў неба перамогі або замольваючы грахі пасля ўчыненай у Полацку на ягоны загад разні, загадаў вярнуць святыню на ранейшае месца.


Пасля таго як вялікі князь Сцяпан Батура аддаў храм Спаса ордэну езуітаў, палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы, што ад канца ХVІ стагоддзя быў вуніяцкім. У 1812 годзе, калі Полацак на колькі месяцаў трапіў у рукі да французаў, манахі-базыляне замуравалі рэліквію ў нішы сабора. У дзень святой Еўфрасінні ў 1841-м хросны ход перанёс крыж з Сафіі ў Спасаўскую царкву.


За савецкім часам рэліквію рэквізавалі бальшавікі. Адмысловая экспедыцыя, наладжаная дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея Вацлавам Ластоўскім, знайшла крыж у полацкім фінаддзеле і перавезла ў Менск. У 1929 годзе ён трапіў у Магілеў, дзе спачатку знаходзіўся ў музейнай экспазіцыі, а потым у пакоі-сейфе ў будынку абкама партыі, адкуль знік у 1941 годзе. У складзеным пасля вызвалення горада акце кошт крыжа ацэньваўся ў 6 мільёнаў рублёў.


Версія, паводле якой крыж выкралі нямецкія захопнікі, гучыць непераканаўча: Магілеў знаходзіўся далёка ад дзяржаўнай мяжы, і час дазваляў правесці эвакуацыю скарбаў. Найверагодней, што рэліквія паехала на ўсход. На запыт магілеўскага абласнога музея з Эрмітажа паведамілі, што адразу па вайне крыж Еўфрасінні Полацкай быў прададзены на аўкцыёне ў Нью-Ёркскую калекцыю (фундацыю) мільянераў Морганаў. Пошукамі святыні ў розны час займаліся вучоныя Адам Мальдзіс і Георгій Штыхаў, журналіст Алесь Лукашук, прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў ЗША Вітаўт Тумаш, Вітаўт Кіпель, Антон Шукелойц, а таксама некаторыя авантурысты. У 1990 годзе на афіцыйны запыт Міністэрства замежных спраў Беларусі з фундацыі Морганаў прыйшоў адказ, што там крыжа няма. Найбольш верагодным выглядае, што наша нацыянальная святыня знаходзіцца ў адным з музэйных сховішчах Расеі.


У 1997 г. беларускі мастак-ювелір Мікола Кузьміч завяршыў пяцігадовую працу над стварэннем вобразу Крыжа святой Эўфрасінні, узноўленага на замову Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".


А.М. Кулагін

Праваслаўныя храмы на Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001
Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч

Дзесяць вякоў беларускай гісторыі

Вільня, "Наша Будучыня", 2000

 


Царква Ўзвышэння Святога Крыжа

 

Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор стаіць у цэнтры манастырскага комплексу, злева перад Спаса-Праабражэнскай царквой. Пабудаваны ў 1893—97 гг. паводле праекта віцебскага губернскага архітэктара У.Ф. Коршыкава. Закладка храма здзейснена 23.5.1893 г. праасвяшчэнным Антанінам.


Помнік манументальнага дойлідства руска-візантыйскага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Белакаменны амаль цэнтрычны крыжовы ў плане храм завершаны пяццю паўсферычнымі купаламі з пазалочанымі крыжамі. Цэнтральны шлемападобны купал на высокім 12-гранным светлавым барабане, падтрыманы вуглавымі "апостальскімі" 8-граннымі вежамі з такімі ж купальнымі пакрыццямі. Тры ўваходы аформлены асобнымі прытворамі-рундукамі. Паўкруглая апсіда вырашана ў два ярусы, верхні з якіх звершаны конхавым купалам; па баках две нізкія рызніцы. На фоне "дашчатай" рустоўкі фасадаў вылучаюцца вузкія высокія арачныя аконныя праёмы, строения па цэнтры i здвоеныя па баках. У дэкаратыўнай аздобе фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. Па верху фасады акаймоўваюць прафіляваныя карнізы i зубчастыя фрызы. Гмах храма ўзняты на высокі філёнгавы цокаль, што надае будынку ўражлівую манументальнасць.


Дойлідства інтэр’ера спрошчанае. Яго эстэтыка вырашана дойлідскімі сродкамі — унутраная прастора развітая ў сферычнае падкупалле, светлавы барабан якога падтрыманы праз ветразі чатырма магутнымі крыжовымі ў сячэнні пілонамі; на магутнай арцы прытвора трымаецца галерэя хораў. Такімі ж аркамі адкрываюцца ў прастору сяродкрыжжа бакавыя прыдзелы i апсіда, якая асветлена круглым акном-люкарнай, вылучана драўляным 1-ярусным іканастасам спрошчанай мастацкай трактоўкі. Падлога выкладзена мармуровымі плітамі. У 1990 г. праведзена рэстаўрацыя сабора.


А.М.Кулагін

Полацк. Памяць

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2002

 


Царква эвангеліцкая


Развіццё рэфармацыйнага руху ў Вялікім княстве Літоўскім прывяло да стварэння ў многіх гарадах i мястэчках рэфармацыйных збораў (абшчын) пад апякунствам мясцовых магнатаў i шляхты, якія прынялі Рэфармацыю. Полацкі збор з’яўляўся адным з нямногіх гарадскіх ("мяшчанскіх") збораў. Дакладная дата заснавання Полацкага збора i імя яго фундатара невядомы. Магчыма ён узнік у канцы 1550-х — пачатку 1560-х гг. Быў пабудаваны з дрэва, згарэў у 1563 г. Дакладнае месцазнаходжанне невядома.


Польскі храніст А. Вянгерскі паведамляў, што ў Літву збеглі тры праваслаўныя манахі з Маскоўскага княства: Феадосій Касы, Арцемій i Фама. У сярэдзіне 1550-х гадоў з’явіліся яны ў Віцебску. Храніст адзначаў, што Фама "быў найбольш красамоўны i дасведчаны ў Святом Пісанні". Прапаведніцкая дзейнасць беглых манахаў, якія заклікалі выкідваць з дамоў i храмаў абразы, пакланяцца адзінаму Богу (Ісусу Хрысту), выклікала бурнае непрыманне ў духавенства і значнай часткі гараджан. У хуткім часе Фама аб’явіўся ў Полацку, дзе ён, відаць, быў прапаведнікам мясцовага збора; ажаніўся (ёсць звесткі "про Фомину жену Люторова, про полочанку"). Пасля захопу Полацка ў лютым 1563 г. маскоўскімі войскамі, Фаму, як ерэтыка, па указанию Івана Жахлівага ўтапілі ў палонцы. У пісьме прыхаджан полацкага збора Віленскаму Сіноду (1634 г.) паведамлялася, што збор разам з горадам быў разбураны маскоўскімі акупантамі і яшчэ пры жыцці полацкага кашталяна Юрыя Зяновіча (г.зн., да 1583 г.) богаслужэнне здзяйснялася ў Дзісненскім замку.


Пасля разбурэння збора рэфармацыйны рух працягваў карыстацца пэўнай падтрымкай у Полацку. Пры падтрымцы Стафана Баторыя з 1580 г. ў горадзе пасяліліся езуіты — асноўныя апаненты пратэстантаў. Ідэолаг контррэфармацыі Пётра Скарга скардзіўся на цяжкасці ў місіянерскай дзейнасці езуітаў у Полацку, называў яго "другой Індыяй". У 1589 г. Полацк наведаў пісьменнік, гуманіст, прадстаўнік радыкальнай Рэфармацыі ў Вялікім княстве Літоўскім Сымон Будны. Разам з Фабіянам Даманеўскім ён удзельнічаў у публічным дыспуце з езуітамі.


У матэрыялах XVII ст., якія зберагаюцца ў архіве Евангеліка-рэфармацыйнага Сінода ў Вільні, сустракаюцца надзвычай каштоўныя звесткі па гісторыі Полацкага збора: пра матэрыяльнае становішча збора, апісанне яго пабудоў, імёны прыхаджан i пратэстанцкіх прапаведнікаў (казнадзееў). У апісанні збора 1636 г. называюцца вялікія вароты, новы дом з двума пакоямі (адзін з ix сталовая), сенямі, каморай, гаспадарчымі пабудовамі. У пакоях былі лаўкі, пастаўленыя па кругу, две белыя печы, пакрытыя зялёнай кафляй i адна чорная, "для печения хлеба".


У Полацкага збора не было пастаяннага багатага патрона, ён існаваў за лік фундацый мясцовых "обывателей" (шляхты i гараджан) i становішча яго было бядотным. У 1622 г. ў пісьме Віленскаму Сіноду паведамляецца, што казнадзей Рыгор Страноўскі з-за голаду i пакут хоча пакінуць збор, а прыхаджане не могуць падтрымаць яго матэрыяльна. Як сцвярджаў адзін з казнадзеяў збора, "Полоцкий сбор опустел частично из-за неприятеля Москвитина, частично — из-за заброшенности панами-патронами".


У 1653 г. збор аддалі пад спецыяльную апеку гетману Вялікага княства Літоўскага Янушу Радзівілу. У час войнаў сярэдзіны XVII ст. збор быў канчаткова разбураны.


Паводле матэрыялаў візітацыі збораў 1669 г. відаць, што рэфармацыйнае рэлігійнае таварыства ў Полацку працягвала існаваць, нягледзячы на тое, што зямельны ўчастак (пляц) збора быў прысвоены полацкімі езуітамі, якія пабудавалі там касцёл.


У ХІХ ст. у Полацкім павеце вядучай пратэстанскай плынёй было лютэранства, якое спавядала ў асноўным нямецкае і латышскае насельніцтва. У 1815 г. полацкі лютэранскі пастар Венцэль скардзіўся у Санкт-Пецярбург (Расея) на ўніяцкіх святароў, якія самавольна ўмешваліся ў справы лютэранскіх прыхаджан і займаліся іх хрышчэннем, вянчаннем, пахаваннем. Справу па скарзе пастара разглядалі ў 2-м дэпартаменце рымска-каталіцкай духоўнай калегіі, адкуль пісалі 11.10.1815 г. полацкаму ўніяцкаму архіепіскапу І. Красоўскаму, каб "белае і манаскае ўніяцкае духавенства не ўмешвалася ў справы іншых веравызнанняў". На працягу 2-й паловы ХІХ ст. лютэран у Полацкім павеце было 1623 чалавек (1,1%). У 1848 г. ў Полацку існавала лютэранская кірха.


Імператарскі ўказ 17.04.1905 г. аб верацярпімасці выклікаў ажыўленне канфесіянальнага жыцця. Пачаўся актыўны пераход вернікаў з праваслаўнай царквы ў каталіцкую і лютэранскую. Паводле звестак за 1912 г., у Полацку існаваў евангеліка-лютэранскі прыход (раней кірха была прыпісана да Віцебскага прыхода). Службы вяліся на нямецкай і латышскай мовах. Кірха, якая збераглася да нашага часу, была змуравана пасля 1905 г. (да 1912 г.) у стылі несапраўднай готыкі. Цяпер тут размяшчаецца краязнаўчы музей.


Л.С. ІвановаЗ гісторыі рэфармацыйнай царквы ў Полацку
В.В. Яноўская, А.М. Філатава

Канфесійнае жыццё Полацка

Полацк. Памяць

Менск. Беларуская Энцыклапедыя. 2002

 

 

У Сафійскага сабору знойдзены падземны ход

 

Мясцовым краязнаўцам — Андрэю і Аляксею Бухавецкім — пашчасціла выявіць новы, пакуль яшчэ не даследаваны ўчастак полацкіх падзямелляў (глядзі фота).

Паўразбураны збор уваходу браты ўбачылі пры абыходзе берага ракі Палоты недалёка ад Сафійскага сабору. "Дзверы" ў падзямелле з'явілася дзякуючы апоўзню.

Па словах краязнаўцаў, унікальнасць знаходкі ў тым, што на тэрыторыі Верхняга замка падземны ход выяўлены ўпершыню. Да гэтага геаграфія полацкіх падзямелляў абмяжоўвалася раёнам кадэцкага корпуса і Нікалаеўскага сабору.

— Мы трохі расчысцілі ўваход і спусціліся ўніз, — распавёў Андрэй Бухавецкі. — Ход апынуўся вялікі, у рост чалавека. Ад "падлогі" да збору 1,8 м., шырыня ходу — 1,3 м. Сцены і збор выкладзеныя з вялікай чырвонай цэглы, меркавана XVIII ст. Над галавой і на сценах плямы чорнай сажы, напэўна, ад паходняў. У сцены ўбітыя малыя металічныя мыліцы. Атрымалася прайсці каля 80 метраў, потым стала душна. Увесь пройдзены ўчастак сухой, воды і завал не выяўлена. Ход ідзе ў бок Сафійскага сабору, дзе калісьці стаяў Базыльянскі манастыр.

Полацкія краязнаўцы захоўваюць у таямніцы дакладнае месца размяшчэння ўваходу і плануюць хуткім часам правесці больш дэталёвае даследаванне сутарэньняў з ужываннем спецсродкаў.

Зміцер Дежыц

"Салідарнасць", 15 чэрвеня 2012 г.



Обновлен 23 июн 2012. Создан 22 июн 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter