Дойдідства і гісторыя Слуцка




Слуцак (Слуцк, Sluck, Slutsk Slucak) — горад у Менскай вобласьці Беларусі, на рацэ Случ. Адміністрацыйны цэнтар Слуцкага раёну. Насельніцтва 61 444[1] чал. (2009). Знаходзіцца за 105 км на поўдзень ад Менску. Вузел чыгунак на Асіповічы, Баранавічы, Салігорск. Аўтамабільныя дарогі на Менск, Бабруйск, Салігорск.


Упершыню згадваецца ў "Аповесьці мінулых гадоў" пад 1116 годам як адзін з гарадоў Тураўскага княства. Магдэбурскае права атрымаў у 1441 годзе трэцім на Беларусі.[2] Колішні цэнтар Слуцкага княства, Случарэцкага павету ВКЛ, Слуцкага павету Расейскай імпэрыіі і Слуцкай акругі БССР.

Назва места паходзіць ад ракі Случ. У сваю чаргу, найменьне рэчкі зьяўляецца вытворным ад слова "лука" — выгін ракі, лукавіна (злуч, злучына).[3]

У летапісах згадваецца як Случеск, Слуцек.

Першай пісьмовай згадкай традыцыйна лічыцца запіс у "Аповесьці мінулых гадоў": "В лъто 6624. Приходи Володимеръ на Глъба; Глъбъ бо бъше воевалъ Дръговичи и Случескъ пожегъ..."[4] Між тым, у розных гістарычных крыніцах існуюць згадваньні Слуцку раней за 1116 год, якія ня маюць спасылак на дакумэнты: паводле зьвестак кіева-пячэрскага архімандрыта Іосіфа Трызны (XVII стагодзьдзе), Уладзімер Сьвятаславіч надаў Тураўскай япархіі у 1005 годзе разам зь іншымі гарадамі і Слуцак.[5]

У 1160 годзе Слуцак зрабіўся сталіцай удзельнага Слуцкага княства, першым князем якога быў Уладзімер Мсьціславіч, унук Уладзімера Манамаха. Княжаньне яго доўжылася два гады, пасьля чаго яго зрынула група князёў, ачоленых Расьціславамі Мсьціславічам, ягоным братам і кіеўскім князем. На кароткі час Слуцкае княства ўвайшло ў склад Тураўскага, але ў 1190-х гадах канчаткова адасобілася ад іншых.[5]

У першай палове XIV стагодзьдзя разам зь іншымі беларускімі землямі ў склад ВКЛ увайшло і Слуцкае княства. Уладзімеру Альгердавічу, брату караля польскага Ягайлы, замест Кіеўскага княства было нададзенае меней магутнае Слуцкае. Алелькавічы, нашчадкі Ўладзімера Альгердавіча, валодалі княствам з 1395 да 1612 году.[5]

У XV стагодзьдзі Слуцак зрабіўся адным з буйных фэадальных гарадоў. Ён меў Верхні, Ніжні і Новы замкі. Узрасла ягоная роля і ў палітычным жыцьці ВКЛ. Гэтак, у 1433 годзе горад быў цэнтрам выступленьня незадаволеных беларускіх фэадалаў супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча.[6] У 1481 годзе было сплянаванае і распачатае выступленьне ўжо супраць Казімера Ягелончыка.[6]

У грамаце 1441 году Казімер Ягелончык пералічыў 15 найбольш буйных гарадоў ВКЛ. Слуцак быў у іх шэрагу. У тым жа годзе трэцім зь беларускіх гарадоў Слуцку было нададзенае права на самакіраваньне. Слуцак таксама стаўся першым прыватнаўласьніцкім горадам, які атрымаў Магдэбурскае права, бо папярэднія гарады ўсе належалі дзяржаве. Органам самакіраваньня зьяўляўся магістрат, ачолены войтам і бурмістрамі.[6] Праз 60 гадоў, на пачатку XVI стагодзьдзя права на самакіраваньне было адкліканае Сямёнам Міхайлавічам Алелькавічам, тагачасным князем Слуцку: пазбаўленьне права было выкліканае разбурэньнем гораду ў час татарскіх нападаў.[7]

У 1502 годзе абыўся першы набег татараў на Слуцак. Князь Сямён Міхайлавіч Алелькавіч з ваяводам падольскім Янам Бучацкім разьбілі атрад татараў колькасьцю 150 чалавек (паводле зьвестак Хронікі Літоўскай і Жамойцкай — 1500)[8] на рацэ Вуша пад Бабруйскам.[9] У Хроніцы Быхаўца ёсьць зьвесткі на гэты конт:

"Тою ж восеньню прыйшла вестка каралю Аляксандру, што татары, перайшоўшы раку Прыпяць, ваююць па воласьцях. І кароль напісаў да князя Сямёна Міхайлавіча Слуцкага і паслаў яму на дапамогу ваяводзіча падольскага Яна Бучацкага, а з ім дваран сваіх літоўскіх ды рускіх і радцаў нямала. Князь жа Сямён Слуцкі з панам ваяводзічам і з усімі вышэйназванымі дваранамі гналіся за татарамі і дагналі некаторых за Бабруйскам, за шэсьць міляў ад гораду, на рацэ Ўшы. Было іх усяго паўтары сотні. І, дагнаўшы, пабілі іх і назад вярнуліся."

 


Хроніка Быхаўца, частка трэцяя

 

5 жніўня 1506 году, падчас аднаго з наступных набегаў татараў, крымскае войска было ўшчэнт разьбітае войскам ВКЛ на чале зь Міхалам Глінскім пад Клецкам.

З 1507 году Слуцак увайшоў у склад Наваградзкага ваяводзтва, меў замкавы суд, апалчэньне.[10] У 1508 годзе князь Міхал Львовіч Глінскі ўчыніў фэадальны мяцеж, падчас якога Слуцак быў спалены, акрамя замка. З прычыны разбурэньня гораду і зьнішчэньня большай часткі ягонага насельніцтва татарамі, а таксама паўстаньня, самакіраваньне ў Слуцку было скасаванае.

Пасьля сьмерці ў 1578 годзе Юрыя Юр’евіча Алелькавіча ў 1582-м Слуцак быў падзелены паміж яго трыма сынамі на тры часткі: Старое места, Новае места і Востраў (прадмесьце па-за гарадзкімі ўмацаваньнямі) — у кожнай зь якіх быў свой князь і войт.[11] Такім чынам, места кіравалася трыма князямі і трыма войтамі. Слуцак быў зноў аб’яднаны ў 1592 годзе: пасьля сьмерці Юрыя ў траўні 1586 году, Аляксандра — у чэрвені 1591-га і Яна-Сямёна — у сакавіку 1592-га ўся спадчына дасталася маленькай дачцы Юрыя Соф’і, якую апякаў спачатку Юры, а потым яго брат Еранім Хадкевіч.

Соф’я Алелькавіч, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў,[12] памерла 19 сакавіка 1612 году падчас родаў, нарадзіўшы нежывое дзіця,[13] пасьля чаго ўся маёмасьць перайшла да яе мужа Януша VI Радзівіла.[14]

У траўні 1617 году адбылася закладка кальвінісцкай гімназіі, адчыненай у 1624 годзе.[15] У 1624 годзе таксама была адчыненая школа для гараджан.[15] У 1630—1640-х гадах Багуслаў Радзівіл ператварыў Слуцак у места-фартэцыю; пры княскім двары вёўся Слуцкі летапіс, была бібліятэка, на падставе кніжак і летапісу якой напісаў сваю "Хроніку" Мацей Стрыйкоўскі.[16]

Паводле просьбы жыхароў Слуцку, перададзенай Багуславам Радзівілам каралю 27 жніўня 1652 году, места паўторна атрымала Магдэбурскае права, пацьверджанае 24 сакавіка 1653 году соймам Рэчы Паспалітай.[17] Згодна з прывілеем, Слуцку таксама быў нададзены герб. Паводле адных зьвестак, гэта быў герб "Пагоня" ("у чырвоным полі на белым кані збройны рыцар імчыцца ўлева").[17] Згодна зь іншымі крыніцамі, места атрымала герб "Пагоньчык" ("у блакітным полі срэбны конь з крыламі; на чырвонай гуньцы пад княжацкай каронай манаграма Radzivil Dux";[18] таксама разглядаецца вэрсія, што манаграма расшыфроўваецца як Boguslaus Radzivil Dux[19]), што таксама пацьвярджаецца знаходжаньнем гэтага гербу на гарадзкой пячатцы ў XVII—XVIII стагодзьдзях.[17]

У Трынаццацігадовую вайну маскоўскія войскі некалькі разоў спрабавалі захапіць места, але здабыць яго так і ня здолелі. Хоць сам Слуцак ня быў разбураны, аднак захопнікі спалілі і разбурылі ягоныя прадмесьці.[17] У той час грамадзка-палітычная сытуацыя ў Слуцку была нестабільная, што прыводзіла да выступленьняў супраць уладаў места. Гэтак, у 1661 годзе мяшчане былі незадаволеныя ўвядзеньнем новага гандлёвага падатку.[20] У 1684, 1685, 1695 і 1699 гадах адбыліся паўстаньні жыхароў.[20]

З 1672 году ў Слуцку працавала друкарня, перавезеная сюды зь Мітавы. На ёй друкаваліся як кнігі рэлігійнага зьместу, гэтак і сьвецкая літаратура, календары, геаграфічныя даведнікі. З 1673 па 1687 год з друкарні выйшла 23 кнігі агульным накладам 24 200 асобнікаў.[21] Аднак у 1705 годзе яе перавезьлі ў Кёнігсбэрг.

Станам на 1683 год у Слуцку працавала 16 рамесных цэхаў (у 1777 — 18).[22] У 1730—1740-я ў месьце ўзьніклі суконная, палатняная мануфактуры, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў. У XVII стагодзьдзі ў Слуцку зьявілася першая на Беларусі аптэка.[23]

20 сакавіка 1767 году ўтварылася Слуцкая канфэдэрацыя, мэтай якой было прымусіць Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўраўнаць у правах канфэдэратаў і каталіцкую шляхту.[24] Па сутнасьці, мэтай гэтай канфэдэрацыі, як і Торунскай пратэстанцкай і Радамскай каталіцкай канфэдэрацыяў, была дэстабілізацыя ўнутранага становішча Рэчы Паспалітай.[24] Канфэдэрацыю прыняла пад "найвышэйшую пратэкцыю" Кацярына II, расейская імпэратарка.

У лістападзе 1791 на базе Слуцкаага княства ўтварыўся Случарэцкі павет у складзе Наваградзкага ваяводзтва. Пасьля падпісаньня канвэнцыі аб другім падзеле Рэчы Паспалітай 23 студзеня [ст. ст. 12 студзеня] 1973 году Слуцак разам зь іншымі беларускімі местамі захоплены Расейскай імпэрыяй, дзе ў якасьці павятовага цэнтру ўвайшоў у склад Менскай губэрні.[24]

У 1823 годзе быў складзены плян забудовы места, які прадугледжваў упарадкаваньне вулічнай сеткі, будаўніцтва новых будынкаў, зьліцьцё цэнтру з ускраінамі. У 1831 годзе завершылася будаўніцтва дзялянкі Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцак і павет (будаўніцтва шашы скончылася ў 1846 годзе).[25]

Працэс перадачы Слуцку ў дзяржаўную ўласнасьць цягнуўся каля двух дзесяцігодзьдзяў. Пасьля сьмерці Стэфаніі Радзівіл у 1832 годзе ўся маёмасьць, у тым ліку і Слуцак, перайшла да яе мужа — Людвіга Вітгенштэйна. Пасьля некалькіх гадоў перапіскі 10 сьнежня 1846 году горад быў набыты ўладамі за 342 821 рубель срэбрам.[25]

У 1896 годзе распачалося будаўніцтва чыгуначнай лініі Асіповічы — Слуцак, але станам на 1904 год лінія была даведзеная толькі ад Асіповічаў да Ўрэчча. Будаўніцтва чыгункі скончылася толькі ў 1915 годзе. Таксама існавала вузкакалейная чыгунка да Ляхавічаў.[26] Да гэтага пасажыры перавозіліся ў адных зь першых на Беларусі аўтобусах.

У часе выбараў да самакіраваньня ў 1909 годзе да гарадзкай рады была абраных 10 маскалёў, 4 палякаў і 1 жыд.[27]

 


Ад Першай сусьветнай вайны да сучаснасьці

 

люты 1918: у ходзе Першай сусьветнай вайны нямецкія войскі занялі горад. У тым жа годзе дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт, адкрылася Слуцкая беларуская гімназія.
1919: пачала дзейнічаць культурна-асьветніцкая арганізацыя "Папараць-кветка".
1 студзеня 1919: у складзе БССР, з 27 лютага — у ЛітБелССР.
10 жніўня 1919: Слуцак занялі польскія войскі.
15 верасьня 1919: Слуцак уключаны ў склад Грамадзкай управы Ўсходніх земляў (ГУУЗ), часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі; цэнтар павету Мінскай акругі ГУУЗ.
15 ліпеня 1920: Слуцак занялі бальшавікі.
лістапад—сьнежань 1920: на Случчыне адбылося ўзброенае антыбальшавіцкае паўстаньне, мэтай якога зьяўлялася абарона незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі; Слуцкі збройны чын быў жорстка задушаны Чырвонай Арміяй.
1924: цэнтар Слуцкай акругі і Слуцкага раёну.
27 верасьня 1938: атрымаў статус места абласнога падпарадкаваньня.
1941 — 30 чэрвеня 1944: знаходзіўся пад нямецкай акупацыі, у час якой у Слуцку дзейнічалі 3 лягеры сьмерці, агулам было зьнішчана звыш 25 тысяч чалавек.
2003: вяртаньне страчанага ў апошнюю вайну Слуцкага Эвангельля, якое ўпершыню трапіла ў Слуцак 22—24 траўня 2009 году.


Захаваліся помнікі:


Кляштар бэрнардынаў
Будынак духоўнай вучэльні (1767 г.)
Будынак былога дваранскага сходу (ХІХ ст.)
Будынак былой мужчынскай гімназіі (1852—1854 гг.)
Гістарычна забудова места (канец ХІХ — пачатак ХХ стст.)
Замчышча
Кляштар бэрнардынаў (1793—1820 гг.)
Манастыр Прасьвятой Тройцы (жаночы) (XVII ст.)
Могілкі габрэйскія
Паштовая станцыя (XIX ст.)
Царква Сьвятога Міхала Арханёла (XVIII ст.)


Страчаная спадчына:


Кальвінскі збор (1851 г.)
Капліца (пачатак ХХ ст.)
Касьцёл і кляштар марыявітак (XVIII ст.)
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар езуітаў (XVIII ст.)
Касьцёл Сьвятога Антонія (1793—1820 гг.)
Касьцёл Сьвятога Духа і кляштар езуітаў (1720 г.)
Касьцёл Фарны (1419—1439 гг.)
Манастыр Прасьвятой Тройцы (Трайчанскі) (XII ст.)
Манастыр Сьвятога Ільлі (1515 г.)
Ратуша (XV ст.)
Сабор Усьпеньня Прасьвятой Багародзіцы (XIХ ст.)Царква Божага Яўленьня (1861 г.)
Царква Нараджэньня Божай Маці (1762 г.)
Царква Сьвятой Барбары (1868 г.)
Царква Сьвятога Георгія (1587 г.)
Царква Сьвятога Іаана Прадцечы (XVI ст.)
Царква Сьвятых Космы і Даміяна (XVI ст.)
Царква Сьвятога Мікалая (XVI ст.)
Царква Сьвятога Стафана (XVІI ст.)
Царква Сьвятой Тройцы (XVII ст.)
Царква Ўваскрэшаньня Хрыстова (1785—1787 гг.)
Сынагога харальная (XIХ ст.)


Крыніцы:

 

[1] a b c Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
[2] Малеч. Магдэбурскае права // Гістарычная брама №6(10) 1998. — Архіўная копія: 1, 2.
[3] Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — С. 352
[4] Повъсть временныхъ лът черноризца Федосьева манастыря Пачерьскаго
[5] a b c Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 3—6
[6] a b c Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 7—9
[7] a b Ігар Ціткоўскі Загадкі слуцкага герба // Інфа-Кур’ер.
[8] Канановіч У., Набегі крымскіх татар на Случчыну
[9] Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 10—11
[10] a b Анатоль Грыцкевіч. Слуцк // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 589
[11] Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 12 (рас.)
[12] 890 год з часу першага летапіснага ўпамінання (1116) г. Слуцка[13] Святло далёкай зоркі
[14] Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 14 (рас.)
[15] a b Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 129—130 (рас.)
[16] Мацей Стрыйкоўскі // Семянчук, А.А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. — Гродна: ГрДУ, 2000. — 161 с. ISBN 985-417-206-6.
[17] a b c d Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 17—20 (рас.)
[18] Слуцак // Анатоль Цітоў. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. С. 234.
[19] Кірыла Карлюк Манаграма князя Багуслава або загадка герба Слуцка // Наша Ніва. — 2011. — № 23.
[20] a b Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 22—23 (рас.)
[21] Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 114—115 (рас.)
[22] a b Анатоль Грыцкевіч. Слуцк // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 590
[23] Упершыню Слуцкі краязнаўчы музей за 50-гадовую гісторыю паказвае сваю археалагічную калекцыю. Тэлеканал "ЛАД".
[24] a b c Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 28—29 (рас.)
[25] a b Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 33—37 (рас.)
[26] Грицкевич А.П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985. С. 41 (рас.)
[27] Dariusz Tarasiuk. Miedzy nadzieja a niepokojem. Dzialalnosc spoleczno-kulturalna i polityczna Polakow na wschodniej Bialorusi w latach 1905–1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Sklodowskiej, 2007. ISBN 978-83-227-2629-7. — S. 169.
[28] Слуцк // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1890—1907.
[29] a b Sluck // Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 838
[30] Sluck // Napoleon Rouba. Przewodnik po Litwe i Bialejrusi. — Wilno, 1909; — Gdansk, 1995.
[31] Слуцк // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
[32] Слуцк // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В.П. Шишков. — М.: НИ "Большая Российская энциклопедия", 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
[33] Алесь Достанко. В Слуцке появится вторая гимназия: СОШ № 7 станет гимназией № 2 // Газэта Інфа-Кур’ер, 09/04/2009
[34] 20-й чемпионат Беларуси, Вторая лига (рас.)
[35] Спорт и физическая культура, Слуцкий районный исполнительный комитет (рас.)
[36] Архив журнала — 2009 — № 10, МАСТЕРСКАЯ. Современное строительство (рас.)
[37] Календарь игр 20-го чемпионата Беларуси по футболу 2010 года — Вторая лига (рас.)
[38] Календарь игр первого круга для слуцкого "Агросервиса", Інфа-Кур’ер (рас.)
[39] a b Транспорт — Слуцкий районный исполнительный комитет. Официальный сайт (рас.)
[40] Нёман-5201 Грамадзкі транспарт у горадзе Баранавічы
[41] Грицкевич А.П., "Древний город на Случи". — Мн.: Полымя, 1985, ст. 41 (рас.)
[42] Карта города, Слуцкі раённы выканаўчы камітэт (рас.)
[43] Шеки и Слуцк стали городами-побратимами, 1news.az (рас.)


Літаратура:


Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слуцкага р-на і г. Слуцка: у 2 кн. / уклад. В.С. Відлога; рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.; маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелТА, 2000—2001.
Слуцк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8. — С. 345—347.
Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г.П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
Слуцк // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2002. — 552 с.: іл. ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8. — С. 25—27.
Слуцк // Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны. Энцыкл. даведнік / аўт.-склад. Л.В. Календа. — Мн.: БелЭн, 2004. — 568 с. ISBN 985-11-0301-2. — С. 518—521.
Слуцак // Анатоль Цітоў. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
Слуцк // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У.А. Малішэўскі, П.М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
Ціткоўскі І.А. Помнікі архітэктуры Слуцка / І. Ціткоўскі. — Слуцк : [б.в.], 1997. — 111 с : іл.
Sluck // Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 837—847
Sluck // Napoleon Rouba. Przewodnik po Litwe i Bialejrusi. — Wilno, 1909; — Gdansk, 1995.
Грицкевич А.П. Древний город на Случи. — Мн.: Полымя, 1985. — 158 с., ил. — (По родному краю).
Ткачев М.А. Укрепления средневекового Слуцка // Ткачев М.А. Замки Беларуси / М.А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002.— 200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7. — С. 156—162.
Слуцк // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г.П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И.И. Пирожника. — Мн., 2007.— 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
Dariusz Tarasiuk: Miedzy nadzieja a niepokojem. Dzialalnosc spoleczno-kulturalna i polityczna Polakow na wschodniej Bialorusi w latach 1905–1918. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Sklodowskiej, 2007, s. 211. ISBN 978-83-227-2629-7.

 


Брама-капліца


Пабудаваная з цэглы на хрысціянскіх могілках у XIX стагоддзі, накрытая шатровым дахам. Захавалася.


http://www.globus.tut.by/sluck

 


Будынак былога дваранскага сходу (XIX ст.)


Слуцкі краязнаўчы музэй — дзяржаўны музэй у Слуцку. Маючы ў фондзе больш за 27 тысяч экспанатаў, колькасьць якіх штогод узрастае, музэй ладзіць каля 40 стацыянарных і перасоўных выставаў і больш за 700 экскурсіяў.[3]

Слуцкі краязнаўчы музэй разьмешчаны ў будынку былога дваранскага сходу, які знаходзіцца амаль у цэнтры гораду. Музэй мае дзьве філіі: музэй этнаграфіі і галерэя мастацтва. Асноўнай тэматыкай музэю этнаграфіі зьяўляюцца быт і заняткі сялянаў Слуцкага павету у XIX — пачатку XX стагодзьдзя.

Будынак краязнаўчага музэю быў пабудаваны ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў (імаверна, у 1789[4] ці 1798 годзе[5] ў стылі клясыцызму і меў прызначэньне панскай сядзібы.[4] Да пачатку XX стагодзьдзя будынак выкарыстоўваўся ў якасьці дому дваранскага сходу, а потым стаў гарадзкім клюбам. У часы паміж Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыямі бальшавікі Слуцку ладзілі ў ім мітынгі і празвалі будынак "камуністычным клюбам імя Крэйнэса" ў гонар І. Крэйнэса, аднаго з чальцоў Слуцкай арганізацыі бальшавікоў.[6]

Ад 1952 году будынак клюбу перададзены ў валоданьне Слуцкага краязначага музэю, дзе музэй працуе па сёньняшні дзень.[7]


Крыніцы:

 

[1] Государственное учреждение "Слуцкий краеведческий музэй"(рас.). Слуцкі раённы выканаўчы камітэт.
[2] Слуцкий краеведческий музэй ГУ
[3] Слуцкі краязнаўчы музэй адкрыты да супрацоўніцтва // Слуцкі край.
[4] a b Слуцкие пояса (рас.)
[5] Ігар Ціткоўскі Дом, які пабудаваў B.S // ARCHE Пачатак.
[6] Грицкевич А. П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985.  — 158 с., іл. — (По родному краю). С. 143
[7] Грицкевич А. П. Древний город на Случи: Ист. очерк. — Мн.: Полымя, 1985.  — 158 с., іл. — (По родному краю). С. 124


Літаратура:


Ігар Ціткоўскі (7 верасьня 2009) Дом, які пабудаваў B.S. Інфа-Кур’ер

 


Будынак былой мужчынскай гімназіі (1852—1854 гг.)


Слуцкая гімназія (цяпер ДУА "Гімназія №1 г. Слуцка"[1]) — найстарэйшая адукацыйная ўстанова сучаснай Беларусі, другая пасьля Віленскага ўнівэрсытэту, заснаваная ў 1617 годзе Янушам Радзівілам у Слуцку.

20 траўня 1617 году Януш VI Радзівіл падпісаў грамату аб заснаваньні кальвінісцкая школы,[2] якая ў 1630-х гадох была пераўтвораная ў кальвінісцкую гімназію. Будынак гімназіі быў драўляным.[2] Паводле дасьледваньняў Рыгора Родчанкі, гімназія працавала на працягу трох стагодзьдзяў бесьперапынна. Адукацыя ў гімназіі была платнай. У гімназіі адбывалася разьдзяленьне вучняў па клясах, а не прадметах. Вывучаліся польская, лацінская, грэцкая і нямецкая мовы, а таксама этыка, рыторыка, гісторыя, матэматыка і заканадаўства.[2]

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі гімназія была пераўтворана ў сярэднюю школу. У час Вялікай айчыннай вайны ў будынку школы месьціўся нямецкі шпіталь. У час вызваленьня Беларусі з-пад акупацыі ў 1944 годзе будынак быў пашкоджаны бомбай — аднаўленьне будынку цягнулася пяць гадоў і было скончанае толькі ў 1949-м годзе. У гонар вучняў гімназіі, якія загінулі ў часе вайны, на тэрыторыі школы быў усталяваны помнік.[2]

Статус гімназіі быў нададзены навучальнай установе зноў толькі ў 1998 годзе, калі школа была ператвораная ў гімназію № 1 з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы. У 2003 і 2009 гадох гімназія пасьпяхова прайшла дзяржаўную атэстацыю.

Найстарэйшай школай слуцкая гімназія зьяўляецца ўскосна. Драўляны будынак, існаваўшы раней, быў заменены каменнай будовай у стылі клясыцызму ў 1829—1838 гг. па праекце Караля Падчашынскага. Гэты будынак выкарыстоўваецца цяпер як адзін з корпусаў гімназіі. Новы, цагляны, корпус быў пабудаваны ў 1980 годзе, паміж будынкамі існуе пераход. Стары будынак зьяўляецца помнікам клясыцызму.[3]


Крыніцы:

 

[1] Подведены итоги соревнования среди учреждений образования Слуцкого района Слуцкий районный исполнительный комитет (рас.)
[2] a b c d Мікалай Літвінаў Таямнiцы Слуцкiх Афiнаў // Звязда.
[3] Слуцк, Глобус Беларуси (рас.)


Літаратура:

 
Нарысы гiсторыi народнай асветы i педагагiчнай думкi у Беларусi. — Мн., 1968.

 


Будынак духоўнай вучэльні

 


Двухпавярховы П-падобны ў плане мураваны будынак узведзены ў 1767 г. Накрыты 2-схільнымі дахамі, фасады атынкаваныя. Знаходзіцца на сучаснай ул. К. Лібкнехта, 45.

 


Будынак камерцыйнай вучэльні

 

Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак камерцыйнай вучэльні пабудаваны з чырвонай цэглы ў конеце XIX — пачатку XX стст. Накрыты 2-схільнымі дахамі, фасады неатынкаваныя. Знаходзіцца на сучаснай вул. Леніна.

 


Кальвінскі збор


У Заходняй Эўропе ў ХVI ст. узнiкае рэфармацыйны рух, якi закончыўся стварэннем шэрагу пратэстантскiх накiрункаў. У аснову iх былi пакладзены рэфармаваныя погляды на веру i царкоўную арганiзацыю. Прыхiльнiкамi Рэфармацыi становяцца многiя магнаты i шляхта ў Вялiкiм княстве Лiтоyскiм. Aднак у пачатку ХVII ст. рэфармацыйная хваля ў Рэчы Паспалiтай ужо iшла на спад. Радзiвiлы, што сталi гаспадарамi Случчыны ў 1612 годзе, ператвараюць Слуцк у адзiн з галоўных рэфармацкiх цэнтраў Лiтвы. Сюды сцякаюцца шматлiкiя прадстаўнiкi розных яго накiрункаў. 

Кальвiнскi храм, якi лiчыўся кафедральным у Лiтоўскай правiнцыi, быў заснаваны князем Янушам Радзiвiлам у 1617 годзе. Пабудавалi яго з дрэва. Стаяў ён у Новым горадзе на беразе ракi Случ. Неаднойчы аднаўляўся пасля пажараў. Верагодна некалькi разоў стары будынак замяняўся новым. Як паведамляюць крынiцы, кальвiнiсты часам мелi два зборы: "...iдучы ад замкў, праз мост малы да Новага гораду... на левым баку... над ставамi ракi Случы стаяць два зборы, вялiкi i малы". 

У 1851 годзе замест драўлянага па праекту дойліда К. Хршчановiча ўзводзiцца мураваны будынак збора. Ён быў пастаўлены побач з гiмназiяй, уваходам арыентыраваны на вулiцу Шырокую. Уяўляў сабою прамавугольны ў плане аб’ём, пакрыты вальмавым дахам, з алтарнай апсiдай i шатровай трохяруснай вежай-званiцай на галоўным фасадзе. Чацвярыковыя ярусы вежы аддзялялiся адзiн ад аднаго прафiляванымi карнiзамi. Нiжнi, роўны вышынi асноўнага аб’ёма, меў уваходны праём i выконваў ролю бабiнца. Невысокi сярэднi — yпрыгожваўся паўкруглым сандрыкам. Сцены чацвярыка трэцяга яруса праразалiся парнымi аконнымi праёмамi. Завяршалася вежа высокiм васьмiгранным шатром, i развёрнутымi па дыяганалi чацвярыковымi шатровымi вежачкамi-пiнаклямi, якiя стаялi па вуглах i па перыметру злучалiся мiж сабою фiгурнай металiчнай рашоткай. Вуглы вежы i асноўнага аб’ёма былi апрацаваны пiлястрамi. Пiлястры члянiлi i бакавыя сцены будынка. Парныя, выцягнутыя ўгару, з паўкруглымi завяршэннямi, трохлапасцёвыя аконныя праёмы аб’ядноўвалiся стрэлападобнымi лiштвамi. Прысутнасць элементаў раманскага, гатычнага i класiцыстычнага стыляў, гаворыць аб эклектычным характары будынка. Дамiнаванне сярод iх выцягнутых уверх, стрэлападобных формаў, надае яму характэрны гатычны выгляд. У час ІІ Сусветнай вайны збор быў пашкоджаны. Званiца, якая захавалася, была разабрана ў пасляваенны час. 


I. Цiткоускi
Помнікі архітэктуры Слуцка
Слуцк, 1997

 


Касцёл Святога Антонія і кляштар бэрнардынаў


У Слуцку бернардзiнскi кляштар заснаваны мазырскiм старастам Людвiкам Самуэлем Aскеркам у 1639 годзе. Хронiка бернардзiнцаў вiленскiх згадвае князя Багуслава Радзiвiла як фундатара кляштара ў 1661 годзе. Па Кулагіну слуцкі кляштар бернардзінцаў фундаваны земскім мазырскім суддзёй, палкоўнікам каралеўскіх войск Самуэлем Аскеркам у 1671 г. Неўзабаве, у 1672 г. Людовіка Караліна, народжаная Радзівіл, прывезла з Кайданоў у Слуцак друкарню для выдання лацінскай літаратуры. 

Кляштар размяшчаўся поруч слуцкага замка, на ўсход ад яго, за лініяй умацаванняў, на беразе ракі Случ. Першыя драўляныя пабудовы ў 1734 г. змянілі на новыя, зноў драўляныя. Касцёл уяўляў сабою трохнефную базіліку, галоўны фасад фланкаваны двума трох’яруснымі вежамі. Алтарнай часткай храм быў звернуты на ўсход, а галоўным фасадам — у бок замка.

Мураваныя будынкi, поруч з ранейшымi драўлянымi, пачынаюць узводзiцца ў 1793 годзе (па Кулагіну — у 1739). Новы каменны двухпавярховы кляштар, адным кутом прыбудаваны да касцёла, з’явіўся каля 1789 г., у абодвух яго паверхах змяшчаліся калідоры (па Слюньковай). Будынак кляштара "П"-падобны ў плане, аднапавярховы, са склепам, накрыты вальмавым дахам. Сцены прарэзаны прастакутнымi аконнымi праёмамi, куты апрацаваны лапаткамi. У бакавым крыле з боку Падзамчышча меўся арачны ўваходны праём. Комплекс — помнiк позняга барока. Спакойныя i ўраўнаважаныя суадносiны асобных частак i элементаў дазваляюць прасачыць уплыў на характар будынкаў i стылю класiцызм.

Касцёл Святога Антонія — бязвежавая васьмiслуповая базiлiка, накрытая, двухсхiльным дахам з купальнай сiгнатуркай i вальмай над алтарнай часткай, — скончаны ў 1819-20 гг. Галоўны фасад яго завяршаў двух'ярусны фiгурны франтон з слупкамi-пiнаклямi па баках i акном пасярэдзiне. Сцены дэкаравалiся пiлястрамi (на галоўным фасадзе — спаранымi), а памiж iмi былi прарэзаны высокiмi лучковымi вокнамi.

У кляштарны комплекс уваходзілі жылы аднапавярховы драўляны флігель (1790 г., пяць жылых і адно нежылое памяшканняў), а таксама мноства гаспадарчых пабудоў: бровар; свіран; лазня (усе пабудовы 1800 г.); драўляная адрына з стайнямі (1818 г.); драўляная адрына на слупах (1820 г.); драўляны павет на слупах з хлявом; драўляная кузня (1820 г.); адходнае месца з хваёвых брусаў. Пад будынкі, сад і гарод былі занятыя 23566,9 кв.м зямлі.

У 1832 годзе кляштар скасаваны, а манахі пераведзены ў Нясвіж. Храм асвечаны пад праваслаўны i ў 1833—45 гг. выкарыстоўваўся як палкавая царква, кляштар прыстасаваны пад казармы. Калi ў 1852 г. расейскія войскi пакiнулi горад, а драўлянага фарнага касцёла не стала, спустошаны храм вяртаецца каталiкам. Пры iм — парафiя дэкана слуцкага. Пасля рэвалюцыi 1917 г. зачынены, да 1925 года ў кляштарным будынку размяшчаўся ўездны ваенкамат, пазней тут - вайсковы шпiталь. Храм разбураны пасля ІІ Сусветнай вайны. У кляштарным будынку цяпер размяшчаецца маслабаза.
 

 

I.Цiткоускi
Помнікі архітэктуры Слуцка
Слуцк, 1997

И.Н. Слюнькова
Наследие архитектуры Беларуси. Монастыри восточной и западной традиций
Москва, Прогресс-Традиция, 2002

А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

 


Манастыр Святой Тройцы (Трайчанскі)


Калi заснаваны манастыр — дакладна не вядома. Верагодна, што гэта адзiн са старэйшых манастыроў на тэрыторыi Беларусi. Ёсць звесткi, што падчас вайны з палякамi, у 1205 г., быў абрабаваны захопнiкамi разам з iншымi святынямi i Слуцкi Траецкi манастыр. Меркаваннi, што ён мог iснаваць ужо ў ХII або нават у ХI стст., на дакументальныя крынiцы пакуль не абапiраюцца. У сучаснай гiстарычнай лiтаратуры першае ўпамiнанне аб iм прыводзiцца пад 1445 г. Знаходзiўся непадалёку ад гораду, нiжэй па цячэнню ракi Случ, на правым яе беразе. Вакол пачалi сялiцца людзi, утварылася прадмесце — Трайчаны. Адрэзак дарогi да горада назваўся вулiцай Трайчанскай. 

Манастыр становiцца адным з галоўных цэнтраў духоўнага i культурнага жыцця рэгiёна. Яму падпарадкоўваюцца пазней узводзiмыя i больш дробныя манастыры. З 1659 г. архiмандрыты Слуцкага Троiцкага манастыра становяцца намеснiкамi Кiеўскага праваслаyнага мiтрапалiта на значнай тэрыторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага. З 1793 г. па 1840 г. пры манастыры дзейнiчае Мiнская праваслаўная духоўная семiнарыя. Апекунамi (патронамi) абiцелi да канца ХVIII ст. былi князi слуцкiя. Галоўнай асаблівасцю шматвяковай гісторыі прыстанку з’яўляецца той факт, што ўвесь час свайго існавання манастыр заставаўся праваслаўным, і знаходзіўся пад апёкай і аховай спачатку князёў слуцкіх Алелькавічаў, а потым Радзівілаў. 

Манастырскi комплекс, будаваны з дрэва, неаднойчы мяняў свой выгляд. Як гаворыць апiсанне, зробленае y 1678 г., яго тэрыторыю баранiла драўляная агароджа: — высокi замёт. Галоўны ўваход быў з боку вулiцы Трайчанскай праз драўляную браму з двума ўваходнымi праёмамi, якiя пры неабходнасцi маглi зачыняцца. Брама была з двума драўлянымi вежамi па баках, памiж iмi мясцiлася надбрамная царква Сятога Мiкiты. Непадалёку ад увахода стаяла Благавешчанская царква — прыгожай архiтэктуры, пафарбаваная. Далей узвышалася званiца з двума малымi, сярэднiм i вялiкiм званамi. Самы большы звон, адлiты, верагодна, яшчэ ў часы князёў Алелькавiчаў, скiнуты y гады разбурэнняў сярэдзiны ХVII ст., ляжаў разбiтым на зямлi. Лявей ад уваходу можна было бачыць мураваны скарбец са склепам, пяць драўляных келляў (адна трапезная), дом для гасцей. Побач стаяў дом архiмандрыта - драўляны, па перыметру абкружаны верандай, з мезанiнам, куды вяла вiнтавая лесвiца. У глыбiнi тэрыторыi былi хлявы (адзiн — "па пруску"), стайнi, бровар, лазнi, жылыя дамы. За iмi да ракi цягнулiся сады, кветнiкi, агароды, меўся ставок. На манастырскiм двары быy компас на слупу i калодзеж з узведзеным над iм дахам, якi закрываўся накрыўкай. 

Галоўнай святыняй быў Троiцкi сабор. У гістарычнай літаратуры прынята лічыць, што галоўны храм манастыра пабудавана ў 1505 г., але дакументальнага пацвярджэння гэтаму не выяўлена. Пабудаваны ён па фундацыi слуцкай княгiнi Настассi Алелькi. Але хутчэй за ўсё, гэта толькi дата закладкi. Узводзiyся ён у памяць аб удалай абароне горада i перамогi над перакопскiмi татарамi. Дакладна вядома, што ў 1654 г. царква была мураваная, узвышалася ў цэнтры манастырскага двара, усе астатнія пабудовы былі драўляныя. Пазней храм неаднойчы гарэў i рабаваўся маскоўцамі і казакамі, асаблiва y 1655 г. i 1660 г., калi ён быў зруйнаваны да шчэнту. Аднак гэта, як пiша даследчык А. Снiтка, здаецца не трэба разумець лiтаральна. Тагачасны ўладальнік Слуцка князь Багуслаў Радзівіл у 1667 г. даў архімандрыту Феадасію Васілевічу на адбудову "спустошанага і зруйнаванага непрыяцелем" манастыра неабходную драўніну "з мясцовых пушчаў", а жыхары Слуцка (пераважна купцы і шляхта) у 1668-69 гг. рабілі ўзносы на мураванне царквы. Ужо апiсанне 1678 г. гаворыць аб тым, што храм амаль адноўлены, бо вялася толькi рэстаўрацыя алтара. Падзеi канца ХVII — пачатку ХVIII стст. перапыняюць канчатковае завяршэнне храма i, верагодна, прыносяць новыя разбурэннi. У 1720 г. па просьбе слуцкага духавенства ад гаспадара Случчыны палацiна Рэйнскага атрыманы новы дазвол на аднаўленне сабора. У 1732 г. атрыманы прывiлей з дазволам на аднаўленне i збор для гэтай справы ахвераванняў ад караля Аyгуста II. У маi 1732 г. да работы, па дамоўленасцi з манастыром, прыступае арцель муляраў. У 1785-88 гг. царква адбудавана па праекце і пад кіраўніцтвам "Шаі Вольфавіча Турава, мешчаніна слуцкага" па заказу тагачаснага слуцкага архімандрыта Віктара Садкоўскага. Некаторыя другарадныя работы вялiся да 1795 г., а iканастас закончаны y 1804 г. 

У 1773 г. епіскап (у той час адзінай на Беларусі праваслаўнай Магілёўскай дыяцэзіі) свяціцель Георгі (Каніскі) пісаў у Святы Сінод наступнае: "Сей монастырь вотчины имеет и угодия не худыя, и если б довелось за рубежом в Польше быть особливому православному епископу для всех тамо остающихся церквей и монастырей, то сей Слуцкий монастырь, в разсуждении протчих, как центральный, для жития такому епископу был бы найспособнейший". 

Аб першапачатковым выглядзе храма можна толькi меркаваць. У другой палове ХVIII ст. ён меў у плане форму крыжа, адну алтарную апсiду, бабiнец фланкiравалi дзве чацвярыковыя трохярусныя вежы. На левай меўся гадзiннiк з курантамi, правая была званiцай. Масiўны чацвярык, узведзены над сяродкрыжжам, пакрываў трохярусны купал з бельведэрам i лiхтаром. Да бабiнца далучаўся невысокi выцягнуты ў даyжыню накрыты двухсхiльным дахам прытвор з прыступкамi. Сцены, прарэзаныя вузкiмi арачнымi аконнымi праёмамi, i вуглы будынка дэкарыравалiся пiлястрамi. Акрамя галоўнага ўвахода, мелiся яшчэ два бакавыя. Характэрным для выгляду храму было спалучэнне даволi масiўных i выразных асноўных частак аб’ёмаy, узыходзячых, верагодна да ХVI-ХVII стст., з барочнымi завяршэннямi вежаў i купала, крывалiнейнымi франтонамi галоўнага i бакавых фасадаў, а таксама элементамi дэкаратыўнай аздобы: — пiнаклямi па кутах купальнага барабану i iншымi. Сцены былi светла-аранжавага колеру, дах — блакiтнага, а вярхi купала i вежаy — пазалочанымi. Правы прыдзел сабора прысвячаўся Святой пакутнiцы Варвары, левы — Аляксандру Неўскаму. Сямiярусны iканастас, у адпаведнсцi з колькасцю прастолаў, складаyся з трох частак. Ён меў цёмна-зялёную афарбоўку, а разныя арнаменты i дэталi былi пазалочаныя. Царскiя вароты галоўнага i бакавых прастолаў былi разнымi, абразы — пiсаны y "венецыянскай манеры". 

Пакуль мураваны сабор не быy адноўлены, набажэнствы ў iм не вялiся. Верагодна, у гэты перыяд з’яyляецца аднайменная драўляная царква. У 1800 яна была "ещё тверда... однопрестольная, с иконостасом древней работы, имеющая на образах местных серебряные шаты". 

Стаяла яшчэ i старая драўляная двухярусная званiца, на якой у пачатку ХIХ ст. ужо вiсела восем званоў. Большы з iх, адлiты мясцовымi майстрамi y 1799 годзе, меў 207 пудоў i 10 фунтаў вагi. 

У канцы XVIII ст. манастыр валодаў некалькімі сёламі і землямі (Трайчаны, Ямінск, Пухавічы, Шыпіловічы, Рэдзькавічы, Сіняюж). 

У некаторых дакументах ХIХ ст. толькi згадваецца аб раней iснаваўшых двух драўляных манастырскiх царквах. Благавешчанскай не стала, верагодна, раней. У 1800 г. яе ўжо тут не было, а мелася ў той час царква Увядзення y храм Св. Багародзiцы. Размяшчалася яна на другой палове новага архiмандрытавага дома. Гэты драўляны будынак быў на каменным падмурку, складаўся з дзесяцi пакояy. Меў прыбудовы — памяшканнi для жылля людзей, поварню, леднiк. У старых настаяцельскiх келлях, у якiх налiчвалася дзесяць пакояў, была трапезная i памяшканнi для паслушнiкаў. Побач — шэсць пад адным дахам — стаялi манаскiя келлi. Далей тэрыторыю займалi гаспадарчыя пабудовы: тры драўляныя двухпавярховыя амбары, мураваны склеп, калодзеж з "пакрышкай", распiсанай фарбамi, стайнi, хлявы для сена i драбiнаў, хата для конюха. 

На працягу ХIХ ст. большчасць старых драўляных пабудоy знiкае. У 1865-67 гг. у стылi позняга класiцызму ўзводзiцца мураваны корпус, дзе размяшчаюцца пакоi архiмандрыта, адмiнiстрацыя, манаскiя келлi, цёплая царква Благавешчання Святой Дзевы. Будынак быў "Г"-падобны ў плане, двухпавярховы, пакрыты вальмавым дахам. Галоўным фасадам быў звернуты да ракi, а меншым, бакавым крылом, — да Сабора. Звонку iх сцены пасярэдзiне завяршалi трохступенчатыя атыкi, па yсяму перыметру праходзiў мiжпавярховы паясок. Сярэдзiны фасадаў вылучалiся таксама пiлястрамi, а вокны памiж iмi былi аздоблены прамымi — на першым паверсе, i паўкруглымi — на другiм паверсе — сандрыкамi. Пасярэдзiне бакавога крыла меўся ўваход, ад якога да сабора вяла дарога, абсаджаная бэзам. Драўляная агароджа замяняецца мураванай. Некаторыя крынiцы прыводзяць дату яе з’яўлення 1659 г. Аднак гэта выклiкае сумненнi, бо на сярэдзiну ХVII ст. прыходзяцца значныя разбурэннi манастыра, а апiсанне 1678 г. яшчэ гаворыць аб драўляным замёце. Мураваная сцяна, верагодна, з’яўляецца ў ХVIII ст. Галоўны ўваход застаецца з вулiцы Трайчанскай цераз "Святыя вароты", якiя ўяўлялi сабою невялiкую, але моцна збудаваную браму. На ёй у 1870 годзе ўзводзiцца мураваная царква СвятогаIаана Багаслова. Тут часам адбывалiся набажэнствы — яна была дамавой царквой навучэнцаў духоўнага вучылiшча, а на Тройцу была адкрыта для ўсiх наведвальнiкаў. Ад брамы ўглыб вяла дарога, на баку якой, прыкладна пасярэдзiне, стаяў драўляны будынак манастырскай прыходскай школы. На левым баку, пры дарозе, побач з брамай, у пачатку ХХ ст. будуецца каплiца, у якой на працягу цёплай пары года знаходзiлiся мошчы Святога Гаўрыiла. Цэнтрам ансамбля заставаўся Троiцкi сабор. Стаяў ён у канцы плошчы, абсаджанай векавымi лiпамi. Правей, у адну з iм лiнiю, узвышаўся мураваны адмiнiстрацыйны будынак, далей iшлi драўляныя гаспадарчыя пабудовы. Блiжэй да ракi, за храмам, знаходзiлiся могiлкi. 

У 1870 г. манастыр пераведзены ў Менск пад новым назовам (Свята-Духавскі), на яе месцы пасялілася брація трэцякласнага Грозаўскага Іаана-Багаслоўскага манастыра. 

У храме зберагаліся старажытныя каштоўнасці: цудатворны абраз Маці Божай візантыйскага пісьма, абраз Казанскай Маці Божай, таксама візантыйскага пісьма, Евангелле 1582 г., пісанае слуцкім князем Юрыем Юр’евічам Алелькавічам, старажытныя партрэты слуцкіх князеў Алелькавічаў — заснавальніка роду Аляксандра і трох яго сыноў — Юрыя, Сямена і Аляксандра, вырабы з серабра і інш. У левым прыдзелу саборнага Свята-Траецкага храма ў XIX ст. перахоўваліся мошчы Гаўрыіла Беластоцкага (1684-1690 гг.), перавезеныя сюды з згарэлай у Зверках Заблудаўскай прыхадской царквы (зараз мошчы знаходзяцца ў кафедральным Свята-Мікалаеўскім саборы Беластока). Гэтая святыня вельмі ўшанаваная праваслаўнымі, таму што, паводле народнаму паданню, святы Гаўрыіл з’яўляецца абаронцам хворых і няшчасных дзяцей. Дзень яго памяці — 20 красавіка (3 траўня). У сцяне правага прыдзела ў свінцовай раке было пахаванае цела апошняй слуцкай князёўны Соф’і Юр’еўны Алелька, якая сканала 19 сакавіка 1612 г. 

У рэвалюцыю 1917 г. манастыр падвергнуўся рабаванню, а архімандрыт Апанас (Вячорка) быў высланы. У траўні 1926 г. манахі падтрымалі архібіскупа-абнаўленца Данііла Грамавенка, які 5 верасня прыбыў у Слуцк. А 21 лютага 1930 г. улады зачынілі манастыр. 

Найбольш каштоўныя рэчы з яго забiраюцца ў музеi, астатняе рабуецца. Канчатковае разбурэнне манастырскага комплексу завяршылася ў 1950-я гады. Цяпер на яго тэрыторыi размяшчаецца ваенны гарадок. У 1994 г. паломнiкамi з Менску i слуцкiмi вернiкамi тут устаноўлены памятны крыж. 


I.Цiткоускi
Помнікі архітэктуры Слуцка
Слуцк, 1997

Наталля Пятровіч
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі
Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2002

 


Могілкі габрэйскае


Ад старых габрэйскіх могілак захавалася не больш за 30 надмагілляў, некаторыя з іх ляжаць на дне ракі. У Слуцку ёсць яшчэ адны, навейшыя габрэйскія могілкі. Там пачалі хаваць у 1930-х гг.

 

http://www.globus.tut.by/sluck

 


Паштовая станцыя


Комплекс аднапавярховых мураваных будынкаў накрытых вальмавыми дахами пабудаваны ў стылі позняга класіцызму ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Знаходзіцца на сучаснай вул. Леніна, 155.

 


Сабор Святога Міхала Арханёла


Царква святога Міхаіла Арханёла ў Слуцку пабудавана ў традыцыях народнага дойлідства з элементамі стыляў барока і позняга класіцызму. Напачатку існавала як Канстанцінаўская царква ў Старым горадзе, у канцы XVIII ст. перанесена ў прадмесце Востраў і пабудавана на месцы разабранай у 1795 г. Міхайлаўскай царквы. 

Спачатку была 2-зрубная, складалася з асноўнага аб’ёму і алтарнай апсіды, у канцы XIX ст. з захаду да асноўнага аб’ёму прыбудавана вежа-званіца. Царква яруснай кампазіцыі, складаецца з прастакутнага ў плане 3-светлавога асноўнага аб’ёму, алтарнай апсіды і званіцы. Асноўны аб’ём і апсіда апяразаны па перыметры двума глухімі прастакутымі ў плане галерэямі. Асноўны аб’ём завершаны васьмерыком на чацверыку на заломах і ветразях, над апсідай чацверыковы верх. Над вярхамі складанай формы купалы, над якімі ўзвышаюцца цыбулепадобныя купалкі на глухіх васьмерыках. 

Трохярусная вежа-званіца (два ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні — чацвярык са зрэзанымі кутамі) завершана шлемападобным купалам і шпілем на нізкім чацверыку са зрэзанымі вугламі. Царква звонку гарызантальна ашалявана, вокны арачныя, прастакутныя і круглыя (у званіцы). Ярусы падзелены прычолкамі, ніжні ярус званіцы на трох фасадах завяршаюць трохкутныя франтоны, куты аздоблены лапаткамі. Асноўны аб’ём раскрыты ў галерэю трыма шырокімі праёмамі і аддзелены ад апсіды разным іканастасам. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння. 


Ю.А. Якімовіч
З кн.: Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: А.А. Воінаў і інш. – Мінск: БелЭн, 1993. - С. 449



Обновлен 25 окт 2015. Создан 22 июн 2012



  Комментарии       
Всего 2, последний 4 года назад
Літвін Случак 30 июн 2012 ответить
Выдатна. Толькі напэўна не Слуцака, а Слуцку. Гэта як Полацак, але Полацку. Гл. http://slounik.org/search?dict=&search=%D1%81
%D0%BB%D1%83%D1%86%D0%B0%D0%BA&x=0&y=0
   
szlachta 30 ноя 2012 ответить
Толькі зараз пабачыў ваш камэнт. Так, усё дакладна. Але быў бы вельмі ўдзячны, калі б дакладна вызначылі ў якім абзацы памылка - глядзеў, і не знайшоў.
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter