Дойлідства Беларусі. Частка 1 (А-БЯРОЗА)

Энцыклапедычны даведнік



ББК 85.113(2Б)я2
A 87

Навуковыя кансультанты:

В.I. AHIKIH,
I.I. БОЎТ,
Т.В. ГАБРУСЬ,
A.M. КУЛАГІН,
B.Ф. МАРОЗАЎ,
C.А. СЕРГАЧОЎ,
М.А. ТКАЧОЎ,
В.М. ЧАРНАТАЎ,
Т.I. ЧАРНЯЎСКАЯ,
Ю.А. ЯКІМОВІЧ.


  4902010000—02
A-----------------------1-92
  М 318(03)—93

© Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя"
 ISBN 5-85700-078-5

 


АД РЭДАКЦЫЙНАЙ КАЛЕГІІ


На працягу сваёй гісторыі беларускі народ стварыў высокаразвітае і арыгінальнае дойлідства. Яе лепшыя помнікі адлюстроўваюць асаблівасці і найважнейшыя дойлідска-мастацкія плыні і дасягненні сваёй эпохі, сведчаць аб практычнай мудрасці і мастацкім майстэрстве дойлідаў Беларусі.

Выпуск спецыяльнай энцыклапедыі пра дойлідства Беларусі адпавядае пажаданням чытачоў мець грунтоўны даведнік, у якім была б сабрана інфармацыя пра найбольш вядомыя помнікі беларускага дойлідства.

У энцыклапедыі "Дойлідства Беларусі" змешчана больш за 1200 артыкулаў, прысвечаных лепшым творам беларускага дойлідства з часоў старажытнасці да нашых дзён. У ёй чытач зможа знайсці інфармацыю пра такія выдатныя помнікі старажытнага дойлідства, як Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Барысаглебская царква ў Гародне, касцёлы ў Пінску і Слоніме, замкі ў Лідзе і Міры, палацава-паркавыя ансамблі ў Нясвіжы і Гомелі і многія іншыя, што ўвайшлі ў скарбніцу сусветнага дойлідства. Прадстаўленыя ў гэтым выданні і лепшыя творы дойлідства, якія не дайшлі да нас з-за ваенных ліхалеццяў, не ўцалелі з-за чыноўніцкага раўнадушша, непавагі і абыякавасці да культурнай спадчыны. Змешчаныя ў ёй даведкі і пра лепшыя ансамблі і асобныя будынкі савецкага часу, якія адлюстравалі і вызначылі найважнейшыя кірункі развіцця сучаснага беларускага дойлідства. Асобныя артыкулы прысвячаюцца лепшым мемарыяльным збудаванням. У томе падаюцца таксама звесткі пра населеныя пункты, адметныя дасягненнямі горадабудаўнічага мастацтва, дойлідскім абліччам, багаццем старажытных і сучасных твораў дойлідства.

У пачатку змешчаны аглядны нарыс, у якім паказаная гісторыя развіцця дойлідства рэспублікі. Уключаныя артыкулы пра канкрэтныя творы культавага і грамадзянскага дойлідства, помнікі сядзібна-паркавага, палацавага і замкавага дойлідства, горадабудаўнічыя ансамблі, мемарыяльныя збудаванні, гарады, гарадскія пасёлкі і сучасныя вёскі Беларусі.

Энцыклапедычны даведнік "Дойлідства Беларусі" з’яўляецца калектыўнай працай. У яе стварэнні прымаліўдзел многія беларускія даследчыкі дойлідства і мастацтвазнаўцы. Аснову кнігі складаюць матэрыялы, што ўвайшлі ў шматтомныя выданні "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі", "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі". Энцыклапедыя "Дойлідства Беларусі" разлічаная на прафесійных дойлідаў, дзеячаў мастацтва, педагогаў, студэнтаў гуманітарных ВНУ, вучняў сярэдніх навучальных устаноў і ўсіх тых чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй, мастацтвам і дойлідствам нашай краіны. Свае заўвагі і пажаданні просім дасылаць на адрас: 220600, Менск, ГСП, вул. Ф. Скарыны, 15-а, выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя" імя Пегруся Броўкі.

 

* * *


У электронным варыянце выдання ўсе артыкулы знаходзяцца ў альфабэтным парадку. Выпраўленыя хібы выданьня, калі некаторыя артыкулы, што да прыкладу былі датычныя Менску, трэба было шукаць пад літарамі "Г" (Гадзіннікавы завод), "К" ("Кастрычнік, кінатэатр", "Кастрычніцкая плошча"), "У" ("Усход, мікрараён") і г.д.

Месцамі выпраўленыя моўныя звароты, замененыя некаторыя словы ("русізмы"). Пры захаванні "наркамаўкі", былі зробленыя некаторыя захады ў бок "тарашкевіцы", што надало, на мой погляд, тэкстам больш "беларускае" гучанне.

У некаторых артыкулах даданая больш сучасная інфармацыя аб стане аб’ектаў, удакладнена ў чый гонар асвячоны той ці іншы храм. Дададзена некалькі новых артыкулаў са спасылкамі на крыніцы.

У астатнім, інфармацыя цалкам адпавядае арыгінальнаму выданню.


"Jurkau kutoczak • Юркаў куточак • Yury’s Corner"

 


АГЛЯДНЫ НАРЫС


Дойлідства ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу


Спецыфічным відам пластычных мастацтваў дойлідства становіцца толькі ў класавым грамадстве. Але яе станаўленню папярэднічаў вялікі гістарычны перыяд (каменны, бронзавы, жалезны вякі), у які адбываўся паступовы пераход ад чыста утылітарнага будаўніцтва да мэтанакіраванай дойлідска-мастацкай творчасці, калі вырашаліся не толькі функцыянальна-канструкцыйныя, але сацыяльна-эстэтычныя і палітычныя задачы.

Паводле знойдзеных археолагамі прылад працы першабытны чалавек паявіўся на тэрыторыі Беларусі 100—40 тыс. гадоў таму назад. Але стаянкі чалавека той эпохі не выяўленыя. У канцы ледавіковай эпохі, калі тэрыторыя Беларусі пераўтварылася ў зону лесастэпу і лесатундры, яе пачалі стала засяляць людзі, якія аб’ядноўваліся ў роды. Іх стаянкі размяшчаліся пераважна на прырэчных берагавых мысах. Рэшткі найбольш ранніх на тэрыторыі Беларусі верхнепалеалітычных паселішчаў выяўленыя ў Падняпроўі (Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў; 24—20 тыс. гадоў да н.э.). Жытлы мелі круглую або авальную ў плане форму, ніжняя частка сцен выкладалася з буйных вялікіх камянёў, чарапоў і буйных касцей маманта, а верх сцяны і дах утваралі канструкцыі з жэрдак і мамантавых рэбраў, накрытыя скурамі. Унутры жытлаў размяшчаліся адкрытыя вогнішчы. Такія і падобныя ім збудаванні ў той час былі характэрныя амаль для ўсіх жыхароў Эўропы. У сярэднім каменным веку — мезаліце (IX—VI  тысячагоддзі да н.э.) — з поўным адступленнем ледавіка і фармаваннем сучаснага ландшафту з рэкамі і азёрамі, буйнымі ляснымі масівамі пачалося масавае засяленне тэрыторыі Беларусі паляўнічымі плямёнамі, якія паступова пераходзілі да аселага жыцця. Іх паселішчы размяшчаліся паблізу вадаёмаў, звычайна на надпоймавай тэрасе ракі ці на прыбярэжных дзюнах, былі невялікімі і існавалі непрацяглы час. Гэтыя плямёны будавалі каркасныя драўляныя жытлы-буданы конусападобнай формы з адкрытым вогнішчам. Таму можна сцвярджаць, што пачаткі драўлянага дойлідства нарадзіліся менавіта ў мезаліце. У V—IV тысячагоддзях да н.э. пачаўся новы каменны век — неаліт, у якім паявіўся гліняны посуд, зараджаліся земляробства і жывёлагадоўля, значна ўзрасла колькасць насельніцтва. Паселішчы гэтай эпохі былі доўгатэрміновыя і сезонныя. Размяшчаліся яны па берагах вадаёмаў, часцей на першай надпоймавай тэрасе, мелі выцягнутую форму, забудоўваліся лёгкімі каркаснымі дамамі. Жытлы мелі круглую, авальную ці прастакутную ў плане форму, плошчай каля 10—16 м2. Яны былі наземнымі і паўзямлянкавымі (заглыбляліся ў зямлю да 1 м), нярэдка з конусападобным дахам. У цэнтры або ў куце дому размяшчалася адкрытае вогнішча. Наяўнасць каменных сякер давала магчымасць выкарыстоўваць канструкцыі з тоўстых слупоў, плашак, дошак і інш., у выніку чаго дамы ў сваёй канструкцыі і аздобе ўдасканальваліся. На некаторых паселішчах, што ў мэтах абароны размяшчаліся сярод балот, будавалі складаныя паводле канструкцыі дамы на палях.

У пачатку ІІ тысячагоддзя да н.э. на тэрыторыі Беларусі пачаўся новы гістарычны перыяд — бронзавы век, у якім сталі ўжывацца медныя і бронзавыя вырабы, на першае месца ў гаспадарчай дзейнасці плямён пачалі выходзіць земляробства і жывёлагадоўля. У выніку колькаснага росту насельніцтва асвойваліся новыя тэрыторыі, зараджалася маёмасная няроўнасць, умацоўваўся патрыярхат. Асваенне новых зямель, павышэнне прадукцыйнасці земляробства і жывёлагадоўлі выклікалі працэс развіцця новых паселішчаў, якія будаваліся для доўгатэрміновага пражывання вялікімі патрыярхальнымі сем’ямі. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы звязваліся ў адзіную сістэму планіроўкі і нярэдка мелі лінейна-радавае або кругавое размяшчэнне на паселішчы. У плямён сосніцкай і тшцінецкай культур (Падняпроўе, басейн Прыпяці) адзначанае размяшчэнне будынкаў у два рады, з фармаваннем элементаў вулічнай планіроўкі. Бытавала наземнае і паўзямлянкавае жыллё слупавой канструкцыі, авальнае або прастакутнае ў плане. На поўдне сустракалася двухкамернае жыллё. Асновай сцен і перакрыцця былі вертыкальныя слупы. Прасценкі паміж слупамі запаўняліся тонкімі бярвёнамі або плятнём, які нярэдка абмазвалі глінай. Пераважалі падоўжна-восевыя будынкі з двухсхільнымі перакрыццямі, сустракаліся і пірамідальна-цэнтрычныя, унутры жылля размяшчаліся вогнішчы з каменнай вымасткай, гаспадарчыя ямы.

У VII—VII стст. да н.э. ў эканоміцы і культуры плямён, што жылі на тэрыторыі Беларусі, пачалі складвацца новыя рысы, звязаныя са з’яўленнем жалезных прылад працы. Асноўнай формай гаспадаркі стала земляробства. З дапамогай жалезных сякер і цёслаў удасканальвалася будаўнічая тэхніка. У раннім жалезным веку тэрыторыя Беларусі падзялялася на пяць этнакультурных зон: на поўначы жылі плямёны штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культур, на поўдні — мілаградскай, зарубінецкай і паморскай культур. У сувязі з паглыбленнем міжплемянных і міжрадавых канфліктаў, частымі ваеннымі сутыкненнямі ў раннім жалезным веку з’явіліся новыя формы паселішчаў — гарадзішчы. На поўдне Беларусі яны пераважна выконвалі ролю сховішчаў і размяшчаліся каля неўмацаваных селішчаў, па поўначы яны з’яўляліся жылымі (на кожным пражывала вялікая патрыярхальная сям’я). У больш позні час развіццё земляробства прывяло да распаўсюджвання неўмацаваных селішчаў і на поўначы. Гарадзішчы будавалі на ўзвышаных рачных або азёрных мысах, высокіх узгорках, на выспах сярод балот. Іх форма была разнастайная: трохкутная, прастакутная, у выглядзе трапецыі, круга, авала і інш. Напачатку выкарыстоўвалі толькі натуральныя перашкоды, потым гарадзішчы ўмацоўвалі валамі, равамі і драўлянымі сценамі. На поўначы пераважалі невялікія гарадзішчы, на поўдні — больш буйных памераў часам з некалькімі пляцоўкамі. Яны выконвалі адначасова абарончыя, жылыя, грамадскія і культавыя функцыі. Напачатку забудова на гарадзішчах групавалася па знешнім кальцы, цэнтр пляцоўкі займалі гаспадарчыя будынкі і загоны для жывёлы (гарадзішча каля в. Збаровічы Менскага р-ну). Пазней жыллё раўнамерна займала ўсю пляцоўку (гарадзішчы в. Малышкі Вілейскага і в. Вязынка Маладзечанскага р-наў), што было звязана з працэсам распаду вялікіх патрыярхальных сямей. У планіроўцы, кампазіцыі і будаўнічай тэхніцы жылля заўважаецца падзел на паўночную і ўсходнюю зоны. На поўначы разам з аднакамернымі будынкамі існавалі вялікія шматкамерныя абшчынныя дамы. У ІІІ ст. н.э. тут паявіліся наземныя збудаванні зрубнай канструкцыі. На поўдні пераважалі аднакамерныя дамы слупавой канструкцыі, шмат будавалася паўзямлянак. Паступова круглыя або авальныя ў плане дамы былі выцесненыя прастакутнымі ці квадратнымі, завершанымі двухсхільнымі, шатровымі ці вальмавымі дахамі. Другая палова І тысячагоддзя н.э. адметная далейшым развіццём земляробства, жывёлагадоўлі і рамёстваў. Ранейшыя ўмацаваныя радавыя паселішчы стрымлівалі прагрэс развіцця вытворчых сіл. Таму замест іх сталі ўзнікаць неўмацаваныя селішчы; гарадзішчы паўсюдна ператварыліся ў сховішчы на час небяспекі. Гэты працэс раней пачаўся ў зарубінецкіх плямёнаў Падняпроўя (ІІ ст.), пазней (V ст.) захапіў насельніцтва паўночнай Беларусі — носьбітаў культуры тыпу Адаменкаўскага паселішча (у в. Адаменка Быхаўскага р-ну). Раннеславянскім паселішчам была ўласцівая планіровачная структура, якая ўключала гарадзішча-сховішча і неўмацаванае селішча каля яго (каля в. Хатомель Столінскага р-ну і інш.). З’яўленне жалезных прылад для апрацоўкі дрэва адкрыла новую старонку ў гісторыі драўлянага дойлідства. Ранняй тэхнікай драўлянага будаўніцтва была слупавая канструкцыя, у VIII—IX стст. пашырылася і стала пануючай зрубная канструкцыя.


Дойлідства заходнерускіх зямель IX—XIII стст.


Гарадскія і сельскія паселішчы старажытнай Русі фармаваліся на базе гарадзішчаў і селішчаў жалезнага веку. Аднак новыя ўмовы іх функцыяніравання ў структуры раннефеадальнай дзяржавы Кіеўскай Русі выклікалі і новыя іх рысы. Паселішчы звычайна размяшчаліся па берагах рэк і азёр. Селішчы яшчэ маглі ўтвараць з гарадзішчамі адзіны планіровачны ансамбль (яны прылягалі да гарадзішчаў або абкружалі іх па перыметры), але ўсё часцей яны размяшчаліся асобна ад гарадзішчаў (гэта было асабліва характэрна для Панямоння). Пра структуру, размяшчэнне і характар сельскіх паселішчаў можна меркаваць па звестках некаторых старажытна-рускіх дакументаў, у якіх называюцца "весі", "селішчы", "пагосты" і "сёлы". Аднак гэтыя тэрміны не набылі ў той час яшчэ канкрэтна акрэсленага сэнсу. Напрыклад, пагостамі называлі сельскія абшчыны, іх цэнтры, спецыяльны падатак і месцы яго збору. Гэта былі і абласныя цэнтры, якія аб’ядноўвалі некалькі паселішчаў у адзіны адміністрацыйна-гаспадарчы комплекс. У іх размяшчаліся цэрквы і абшчынныя могілкі. Сёламі часцей называлі ўладальніцкія паселішчы — цэнтры феадальных вотчын. Яны таксама, як і пагосты, аб’ядноўвалі некалькі больш дробных вёсак. Асноўнымі тыпамі жылля былі невялікія паўзямлянкі ці наземныя збудаванні каркаснай і вянковай канструкцыі, прызначаныя для пражывання асобнай сям’і. Прамежкавы характар паміж гарадскімі і сельскімі паселішчамі мелі гарады-крэпасці; якія будаваліся дзяржавай для аховы яе межаў, а таксама феадальныя замкі, што не мелі развітой рамеснай вытворчасці.

Адной з найбольш важных рыс раннефеадальнага грамадства было зараджэнне і развіццё гарадоў — новага для таго часу тыпу паселішчаў. Іх з’яўленне выкліканае працэсам распаду першабытнаабшчынных і фармавання феадальных адносін. Непасрэднай прычынай узнікнення гарадоў было аддзяленне рамёстваў і гандлю ад земляробства. Хуткаму росту гарадоў спрыялі шляхі зносін, якія вызначалі структуру размяшчэння паселішчаў. Некаторыя гарады развіліся з былых племянных цэнтраў (Полацак, Тураў); шэраг гарадоў (асабліва на поўначы і захадзе) першапачаткова меў ваенныя функцыі, толькі пазней набыў рысы гандлёва-рамесніцкіх паселішчаў. У старажытнасці "градамі" называлі фартэцыі, незалежна ад заняткаў іх насельніцтва, а гарадское паселішча мела назву "месца" або "места".

У ІХ—Х стст. лік гарадоў быў нязначны, узнікалі яны пераважна на поўначы і паўночным захадзе Беларусі як цэнтры каланізацыі славян: Полацак, Віцебск, Лукомль, Менск, Воpшa, Друцк, Заслаўе, Лагойск, Браслаў, Шклоў, Наваградак, Ваўкавыск. На поўдні, акрамя Турава, іншых гарадоў не існавала. Колькасць гарадоў рэзка ўзрасла ў ХІ—ХІІ стст., што было звязана з развіццём сельска-гаспадарчай і рамеснай вытворчасці. Усяго ў ІХ—ХІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі існавала больш за 40 гарадоў. Паступова ўмацаваныя "грады" паўночнай і паўночна-заходняй Беларусі абрасталі пасадамі і ператвараліся ў гарадскія паселішчы. Іншым шляхам развіваліся гарады на поўдні Беларусі. Амаль усе яны (за выключэннем Турава і Берасця) узніклі як цэнтры рамяства і гандлю і абслугоўвалі земляробчыя акругі. Гарады Пасожжа (на думку гісторыка Б.А. Рыбакова) з’яўляліся невялікімі крэпасцямі, дзе мясцовае насельніцтва хавалася ў часы міжусобіц і княскіх "палюддзяў". Толькі ў ХІІ—ХІІІ стст. яны паступова развіліся ў гарадскія паселішчы (Гомель, Чачэрск і інш.).

Найважнейшае значэнне ў размяшчэнні гарадоў мелі водныя гандлёвыя шляхі, што звязвалі старажытную Русь з поўднем і захадам. Менавіта на буйных водных шляхах узніклі найбольш значныя гарады: Полацак, Віцебск, Тураў, Пінск, Берасце, Гародня і інш. Рэкі забяспечвалі насельніцтва вадой, з’яўляліся значнымі натуральнымі перашкодамі для ворага. Таму амаль усе гарады ўзніклі на рэках, звычайна на ўзвышшы пры злучэнні дзвюх рэк. Гэтыя ўзвышшы былі месцамі фармавання старажытнейшых частак гарадоў — дзядзінцаў. Іх абносілі штучнымі абарончымі ўмацаваннямі — равамі і высокімі землянымі валамі з драўлянымі сценамі і вежамі. Разрастаючыся, гарады паступова набывалі характар гандлёва-рамесніцкіх паселішчаў, вакол дзядзінца складваліся пасады, таксама ў большасці выпадкаў абнесеныя абарончай сістэмай. У вялікіх гарадах за пасадамі ўзніклі неўмацаваныя прадмесці — вакольныя грады. Адбывалася і "адваротная" эвалюцыя, калі ў часы ваенных ліхалеццяў насельніцтва гораду перасялялася з пасадаў у дзядзінец (Наваградак у сярэдзіне ХІІІ ст.).

Цікавай асаблівасцю развіцця некаторых гарадоў з’яўляўся іх перанос на іншае, больш зручнае месца. Ён мог быць частковым, з захаваннем першапачатковага размяшчэння асобных раёнаў, або поўным, калі на новае месца пераносіўся ўвесь горад (Полацак, Менск).

Планіроўка гарадоў была надзвычай устойлівай. Выключэнне — Віцебск, дзе выразныя рэгулярныя рысы планіроўкі склаліся толькі да XVI ст. У шэрагу выпадкаў будынкі гарадоў мелі амаль аднолькавую арыентацыю сцен па баках свету, што можа сведчыць пра дасканала распрацаваную сістэму рэгулярнай вулічнай забудовы. Мяркуючы па формах планаў гарадзішчаў і выгляду ўездаў, у гарадах звычайна вылучаліся адна або некалькі галоўных вуліц, якія вялі ад замку да знешняга гандлёвага сухапутнага шляху. Такія вуліцы ў сваім пачатку, за брамай, разгаліноўваліся на шэраг больш дробных, якія ўтваралі аснову вулічнай планіроўкі. Радыяльныя вуліцы перасякаліся паўкальцавымі або кальцавымі. Аднак апошнія існавалі толькі ў буйных гарадах.

У гандлёва-рамесніцкіх гарадах рана склаўся другі цэнтр, які разам з замкам вызначыў асаблівасці гарадской структуры. Гэта — гандлёвая плошча, цэнтр дзелавога жыцця гораду. Яна звычайна размяшчалася каля ракі, дзе была прыстань. Тут жа стаялі крамы, рамесніцкія майстэрні, купецкія свірны і каморы. Аснову планіроўкі складалі вуліцы (шырыня 3—4 м і болей). Яны пакрываліся насціламі з бярвення ці плашак на спецыяльных лагах. У Полацку знойдзеныя рэшткі дрэнажных сістэм, што сведчыць пра добраўпарадкаванасць гэтага гораду.

Паколькі гарадскую тэрыторыю абмяжоўвалі знешнія ўмацаванні, забудова гораду па меры яго росту паступова ўшчыльнялася. Гэта прыводзіла да значнай шчыльнасці ў размяшчэнні будынкаў. Напрыклад, у Менску было звычайным размяшчэнне на адной сядзібе дзвюх хат і да пяці гаспадарчых збудаванняў. Тэрыторыю панадворку звычайна абносілі трывалай агароджай — найчасцей частаколам, радзей замётам у шулах. З вуліцы ў двор вяла манументальная брама, накрытая двухсхільным дахам. Ёсць падставы меркаваць, што ў ХІІ—ХІІІ стст. у гарадах склаліся элементы традыцыйных вянковых і пагонных двароў. Апошнія былі найбольш зручнымі пры шчыльнай вулічнай забудове. Двары высцілалі дрэвам, у некаторых выпадках іх накрывалі паветкамі. У некаторых гарадах (напрыклад, у Наваградку) у дварах амаль не будавалі асобных гаспадарчых пабудоў, іх узводзілі кампактна на спецыяльна адведзеных для гэтай мэты тэрыторыях.

Традыцыйнае масавае будаўніцтва ў ХІ—ХІІ стст. вялося амаль выключна з дрэва. Пераважалі аднакамерныя курныя жытлы наземнага тыпу (паўночны варыянт), зрубленыя з бярвення ў верхняе "абло з астаткам", плошчай 12—16 м2. Зрэдку сцены будавалі з брусоў (Менск, Давыд-Гарадок). Сустракаюцца каркасныя наземныя дамы і паўзямлянкі (паўднёвы варыянт). Зрубы звычайна ставілі падрубай на зямлю, на штандары, на плашкі ці ніжнія вянкі старых папярэдніх пабудоў. Значная колькасць хат мела драўляныя падлогі з колатых дошак, якія насцілалі па лагах. Невялікія дзвярныя праёмы размяшчаліся высока. Для асвятлення і выхаду дыму выкарыстоўвалі валаковыя акенцы, размешчаныя ў двух верхніх сумежных вянках. У некаторых выпадках яны мелі слюдзяныя ці шкляныя абалонкі. Асноўным тыпам перакрыцця была двухсхільная страха з драніц. З ХІІ ст. вядомыя і лёгкія каркасныя дахі на кроквах. Выкарыстоўваліся архаічныя канструкцыі перакрыцця на "сохах" і "дзядках". Спалучэннем розных тэхнік будаўніцтва стваралася багатая разнастайнасць дойлідска-мастацкага вырашэння народнага жылля. Асабліва гэта прыкметна ў Наваградку, дзе кожны дом меў свае адметныя рысы. Тут існавалі вялікія (70—75 м2) дамы двухкамернай планіроўкі, адна- і двухпавярховыя, з "белымі" печамі. Адзін з дамоў унутры быў аздоблены фрэскавым жывапісам па тынкоўцы, нанесенай на абчасаныя сцены. Многія дамы Наваградку ў ХІІ—ХІІІ стст. асвятляліся вялікімі вокнамі ў тры—чатыры круглыя шкляныя дыскі, устаўленыя ў спецыяльныя рамы, што было унікальнай з’явай у старажытна-рускім дойлідстве. Рэшткі хат складанай планіроўкі знойдзеныя таксама пры раскопках Слоніму і Берасця. Прыкладна з Х—ХІ стст. фармуецца і планіроўка жылога памяшкання, характэрная ў далейшым (да ХХ ст.) для беларускага, украінскага і заходнерускага жытла, у якім глінабітная або мураваная печ размяшчалася ў куце каля ўваходу. Такім чынам, фармаванне традыцыйных форм беларускага народнага жылля адбывалася ўжо ў старажытнарускую эпоху.

Развіццё гарадоў як цэнтраў феадальнай дзяржаўнасці і прыняцце хрысціянства з’явіліся першапрычы-ай фармавання новых кірункаў у манументальным, найперш культавым дойлідстве. У дахрысціянскім дойлідстве былі пашыраныя капішчы — спецыяльныя пляцоўкі з "кумірамі" — ідаламі, якія абносіліся агароджамі і серпападобнымі равамі для палення агню. Відаць, існавалі і драўляныя збудаванні для выканання язычніцкіх абрадаў. З хрысціянствам паявіўся новы тып збудавання — мураваны крыжова-купальны храм, збудаваны з тонкай квадратнай цэглы — плінфы. У Х—ХІ стст. храмы будавалі пераважна майстры, запрошаныя з Візантыі. Яны прынеслі на старажытна-рускія землі традыцыі канстанцінопальскага ці правінцыяльнага будаўніцтва Візантыйскай імперыі. Адным з першых храмаў Кіеўскай Русі, узведзеных з дапамогай замежных майстроў, быў Полацкі Сафійскі сабор (сярэдзіна ХІ ст.). Збудаваны з плінфы ў тэхніцы "са схаваным радам", з выкарыстаннем каменю, сабор быў задуманы як "скарочаны варыянт" Сафіі Кіеўскай і Сафіі Наўгародскай. Аднак ужо ў ім былі закладзеныя вызначальныя прынцыпы мясцовай дойлідскай школы, якія выявіліся ў цэнтрычна-пірамідальнай кампазіцыі дойлідскіх форм. Верагодна, такія прынцыпы склаліся пад уплывам мясцовага драўлянага дойлідства.

Пасля ўзвядзення ў Полацку Сафійскага сабору манументальнае будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі спынілася да пачатку ХІІ ст., калі наспелі новыя палітычныя ўмовы жыцця, звязаныя з распадам Кіеўскай Русі. У той час найбольш моцным і самастойным было Полацкае княства, таму менавіта тут у ХІІ ст. ўзнікла надзвычай яркая і своеасаблівая Полацкая школа дойлідства. Развіццё гэтай школы не было адназначным. На раннім этапе выступала тэндэнцыя наследавання Кіеўскім узорам (Вялікі сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра шмат у чым нагадваў царкву Спаса ў Бераставе пад Кіевам). Толькі ў сярэдзіне ХІІ ст. склалася традыцыя, якая найбольш яскрава ўвасобілася ў творчасці майстра Іаана. Ён першым са старажытнарускіх майстроў рашуча парывае з канонамі візантыйска-кіеўскага дойлідства і стварае свой адметны тып храму вежападобнай кампазіцыі (Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Барысаглебская царква ў Бельчыцах), арыентуючыся ў гэтым на славуты прататып — Сафію.

Іншым шляхам, чым у Полацку, пачало развівацца ў сярэдзіне ХІІ ст. манументальнае будаўніцтва ў Віцебску. У адзіным вядомым помніку гэтага часу — Благавешчанскай царкве — выкарыстаная сістэма муроўкі з чаргаваннем радоў плінфы і каменных блокаў. Такая тэхніка будаўніцтва сустракалася ў Балгарыі і Грэцыі, адкуль, відаць, і былі запрошаныя майстры ў Віцебск. На жаль, разбурэнне помніку ў 1961 г. ускладніла яго далейшае даследаванне.

Ha рубяжы ХІ і ХІІ стст. у нязвыклай для Полацку тэхніцы распачатае будаўніцтва Менскай замкавай царквы (з каменю, на бутавых падмурках, з абмуроўкай сцен пліткамі з абчасанага выпняку). Мяркуючы па характары плану, можна ўявіць, што дойліды хацелі ўзвесці кампактны цэнтрычны храм вежападобнай кампазіцыі, дзе выразна выявіліся полацкія традыцыі.

Полацкія майстры будавалі таксама і далёка за межамі свайго княства: у Смаленску, Ноўгарадзе. У канцы ХІІ ст. на аснове полацкіх дойлідскіх форм развіваецца Смаленская школа дойлідства, якая пашырае свой уплыў на Ноўгарад, Пскоў, Уладзіміра-Суздальскія землі, верагодна, на Чарнігаў. У пачатку ХІІІ ст. многія старажыт-нарускія землі прымаюць тую новую схему крыжова-купальнага храма, якая ўпершыню была распрацаваная полацкім дойлідам Іаанам. Арыгінальнае спалучэнне полацкіх і віцебскіх традыцый адбылося пры будаўніцтве Наваградскай Барысаглебскай царквы: віцебскія майстры ўзвялі храм, полацкія прыбудавалі да яго вонкавую галерэю.

Другая вядомая школа дойлідства на Беларусі — Гарадзенская — склалася ў ХІІ ст. ў Гародні. Яна была больш лакальнай, чым Полацкая, ахоплівала толькі Гародню і Ваўкавыск. Збярогся адзіны помнік гэтай школы — Барысаглебская царква на Каложы. Іншыя чатыры помнікі (Ніжняя і Прачысценская цэрквы, княжыя палаты ў Гародне, царква ў Ваўкавыску) вядомыя паводле археалагічных раскопак.

На аснове археалагічных даследаванняў можна сцвярджаць, што ў ХІІ ст. пачало развівацца манументальнае мураванае будаўніцтва і на поўдні Беларусі, у Турава-Пінскіх землях. Раскапаныя рэшткі замкавай царквы ў Тураве сведчаць, што яе будаўнічая тэхніка была звязаная з кіеўскімі і гарадзенскімі традыцыямі, аднак такога выключнага дэкору, як у Гародне, гэтая царква не мела. У Пінску зафіксаваныя муроўкі з плінфы; знойдзеная унікальная калекцыя фігурных паліваных керамічных плітак, надзвычай разнастайных па форме. Аднак для якога будынку яны прызначаліся — невядома.

У канцы ХІІ ст. манументальнае мураванае будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі практычна спыняецца. Гэта было звязана з драбленнем княстваў на невялікія ўдзелы, з неспрыяльнымі палітычнымі ўмовамі, у якіх развіваліся гарады ў канцы ХІІ—ХІІІ стст. Пагроза нападу з боку татар і крыжакоў паставіла ў горадабудаўніцтве на першы план абарончыя задачы. Таму ў ХІІІ ст. на землях, якія часова залежалі ад Валынскага княства (Берасце, Гародня), збудаваныя магутныя вежы-данжоны (захавалася адна такая вежа ў Камянцы, глядзі артыкул "Камянец. Вежа"), якія адносяцца да так званых валынскіх вежаў. Такія ж вежы ў 2-й палове ХІІІ ст. ўзніклі ў Тураве і Наваградку; у Полацку існавалі драўляныя данжоны. Гэтыя збудаванні адлюстроўвалі ўжо новы этап манументальнага дойлідства, звязаны з уплывам традыцый ранняй готыкі (будаўніцтва з брусковай цэглы, выкарыстанне ў дэкоры стральчатых акон і нішаў, парэбрыкаў і інш.). Далейшае развіццё новых дойлідскіх традыцый адбываецца ў часы, калі на аснове беларускіх, літоўскіх і часткова ўкраінскіх земляў утвараецца магутная дзяржава — Вялікае княства Літоўскае.


Горадабудаўніцтва і дойлідства XIV — сярэдзіны XVIII ст.


У ХІІІ — 1-й палове XIV ст. сфармавалася Вялікае княства Літоўскае. Перамога над крыжакамі пад Грунвальдам у 1410 г. спыніла агрэсію нямецкіх феадалаў на ўсход, што значна стабілізавала палітычнае становішча княства. З гэтага часу паявіліся больш шырокія магчымасці для культурных кантактаў з краінамі Заходняй Эўропы. Аднак паступальнаму развіццю эканомікі і культуры Беларусі перашкаджалі шматлікія войны, якія вяліся на яе тэрыторыі. Асабліва спусташальнымі былі набегі крымскіх татар з 2-й паловы XIV ст. да 1530-х гадоў. З пачатку XVI ст. пачасціліся напады рускіх войск. З 1558 г. да 1583 г. працягвалася крывавая Лівонская вайна. У 1654 г. пачалася спусташальная для Беларусі руска-польская вайна. Вялікія страты нанесла Паўночная вайна (1700—21 гг.). У выніку гэтага горадабудаўніцтва і дойлідства развіваліся нераўнамерна, перыяды эканамічнага заняпаду адлюстроўваліся ў рэгрэсе форм дойлідства, звароту да больш простых архаічных кампазіцый. Вялікае значэнне мела абарончае будаўніцтва.

XVI — 1-я палова XVII ст. — перыяд інтэнсіўнага развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў. Патрэба павелічэння вытворчасці прадуктаў земляробства стала прычынай рэарганізацыі ўсёй сістэмы сялянскага землекарыстання. У сувязі з гэтым у 1540-я гг. пачалася карэнная рэканструкцыя сельскіх паселішчаў на аснове аднастайных стандартных надзелаў-валок, так званая валочая памера. Пры гэтым стваралася разгалінаваная сетка феадальных маёнткаў, у склад якіх уваходзілі гарады і мястэчкі, замкі, двары і фальваркі. Такая сістэма рассялення паскорыла распад сялянскай абшчыны, адміранне архаічных форм сямейнай вытворчасці, вылучэнне з сялянскага асяроддзя значнай колькасці будаўнічых майстроў (муляраў, цесляроў, дойлідаў) і дрэваапрацоўшчыкаў (сталяроў, сніцараў). Частка з іх займалася свабодным промыслам, утвараючы карпарацыі тыпу арцеляў, частка асядала ў гарадах, мястэчках і фальварках. У буйных староствах (Гарадзенскім, Іўеўскім і інш.) існавалі і асобныя дойлідскія паселішчы, феадальна залежныя жыхары якіх абслугоўвалі замкі, двары і фальваркі.

У пачатку XVII ст. гарадскіх паселішчаў на Беларусі было больш за 300 (на карце Т. Макоўскага 1613 г. пазначана 312 буйных паселішчаў гарадскога тыпу). Значна пашырылася тэрыторыя буйных гарадоў. Аднак канцэнтрацыя гарадскога насельніцтва на Беларусі значна ўступала Заходняй Эўропе. Большасць паселішчаў складалі мястэчкі з насельніцтвам да 1,5 тыс. жыхароў. Каля 60% гарадоў размяшчалася ў заходняй, 40% — ва ўсходняй Беларусі. Большасць гарадоў і мястэчак мела аграрны характар. Жыхары карысталіся зямельнымі надзеламі, рознымі ўгоддзямі тыпу выганаў, гуменных пляцаў, агародаў, "астраўкоў", засценкаў і інш. Толькі ў цэнтры, у раёне гандлёвай плошчы і на галоўных вуліцах сяліліся гандляры і рамеснікі. Перыферыйныя гарадскія тэрыторыі займалі тыповыя сялянскія гаспадаркі.

Імкненне гараджан пазбавіцца з-пад улады не толькі магнатаў, але велікакняжацкай і каралеўскай выявілася ў стварэнні самакіравання паводле магдэбургскага праву. Яно пачало ўводзіцца з канца XIV ст., аднак да XVI ст. ім карысталіся толькі вялікія гарады — Берасце, Гародня, Слуцак, Полацак, Менск. У XVI — 1-й палове XVII ст. магдэбургскае права атрымала вялікая колькасць гарадоў і мястэчак. У "магдэбургскіх" гарадах асноўным цэнтрам становіцца гандлёвая плошча, горадабудаўнічая роля замку адыходзіць на другі план. Гэта рабіла гарадскія кампазіцыі больш адкрытымі, надавала ім свецкі, грамадскі характар.

Паводле прывілеяў на самакіраванне, гараджанам прадпісвалася будаваць ратушу з крамамі і складскімі памяшканнямі, важніцу і васкабойню, гасціны дом ці двор, грамадскую лазню, корчмы і іншыя збудаванні, якія вызначалі дойлідства гарадскога цэнтру. Пераважную масу гарадской забудовы складалі драўляныя жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Мураваныя камяніцы сустракаліся рэдка. Забудова гарадскіх двароў, асабліва ў цэнтры, была шчыльнай, верагодна, пераважалі двары пагоннага тыпу. У дварах рамеснікаў і гандляроў існавалі майстэрні, крамы, шынкі, бровары і іншыя збудаванні. Нярэдка яны сумяшчаліся з жыллём. Наяўнасць пэўнай колькасці складаных сямей ці "падсуседкаў" выклікала існаванне ў асобных гарадскіх дварах некалькі жылых дамоў або аднаго дома складанай планіроўкі.

Характэрныя тыпы жылля прадстаўленыя на "Чарцяжы" Віцебску 1664 г., на гравюрах XVI—XVII ст. Гародні, Нясвіжу, Клецаку, Берасця і інш. Па гэтых выявах можна меркаваць пра надзвычайную разнастайнасць прыёмаў стварэння кампазіцыі жылых дамоў, тэхнікі іх будаўніцтва. Многія дамы набліжаліся па сваім характары да сялянскага жылля. У іншых выпадках высокія прастакутныя ў плане дамы ставілі шчыльна адзін да аднаго. Іх тарцовыя фасады ўтваралі нібы суцэльны фронт забудовы рынку і галоўных вуліц. У такіх дамах уваходы размяшчаліся ў вулічных тарцах, у другім ярусе былі жылыя мансарды (Клецак, Нясвіж). У Гародне зафіксаваныя пабудовы, выкананыя ў тэхніцы "прускага муру". Яны вырашаліся ў 1—3 паверхі, нярэдка мелі зрубныя падклецці. Формы пакрыцця разнастайныя: двухсхільныя, вальмавыя, паўвальмавыя з залобкамі. Распаўсюджанымі элементамі жылля былі верхнія кансольныя галерэйкі ці мезаніны, узнятыя на слупах. Некаторыя дамы мелі вонкавую шалёўку.

Асноўнай сістэмай планіроўкі, асабліва ў малых гарадах і мястэчках, была так званая веерная, утвораная шэрагам вуліц, якія разыходзіліся ад гандлёвай плошчы па розных напрамках. Гэтыя вуліцы нярэдка не злучаліся паміж сабой. Часам вуліца разгаліноўвалася ў двух і больш напрамках і зноў змыкалася каля гарадской брамы. З часам галоўныя вуліцы злучаліся паміж сабой папярочнымі вуліцамі ці завулкамі, што стварала сетку кварталаў. Да XVIII ст. квартальная планіроўка не была характэрнай у цэлым для большасці гарадоў і асабліва мястэчак.

Пад уплывам рэнесанснай горадабудаўнічай культуры ў XVI — пачатку XVII ст. ў шэрагу гарадоў (пераважна ўласніцкіх) праведзеная карэнная рэканструкцыя, пры якой гарадская тэрыторыя набыла геаметрычнае акрэсленне (круг, паўкруг, квадрат, прастакутнік), развілася стройная сістэма рэгулярнай квартальнай планіроўкі. Пры гэтым вызначаліся две асноўныя лініі развіцця. У першым выпадку з утварэннем магутнага знешняга абарончага пояса (Слуцак, Стары Быхаў, Рэчыца) асноўны акцэнт абароны гораду пераносіўся на перыферыю, у другім — замак магната займаў адасобленае ад гораду становішча (Нясвіж, Мір, Любча).

Развіццё мястэчак адбывалася двума шляхамі. Многія з іх развіваліся са старых паселішчаў тыпу пасадаў, якія існавалі пры феадальных рэзідэнцыях (Беліца Лідскага р-ну, Койданава, Круглае). Іх забудова ў цэлым захоўвала нерэгулярныя рысы. Толькі новыя тэрыторыі ствараліся паводле адзінага распрацаванага плана. Звычайна мястэчкі абарончых збудаванняў не мелі, планіроўка падпарадкоўвалася сістэме дарожных камунікацый. Некаторыя мястэчкі такога тыпу набліжаліся да невялікіх гарадоў. Пераважалі ўсё ж мястэчкі, нанава створаныя на свабодных тэрыторыях, звычайна на буйных гандлёвых гасцінцах. Як правіла, такія паселішчы мелі дакладную рэгулярную планіроўку з уніфікаванымі стандартнымі ўчасткамі двароў і агародаў, з вылучэннем вытворчых і гаспадарчых зон у перыферыйных частках. Паводле сваіх планіровачных асаблівасцей, мястэчкі адрозніваліся адно ад аднаго. Найпрасцейшы тып яго планіроўкі — мястэчка з адной вуліцай-дарогай. Больш характэрна для мястэчка наяўнасць 2—3-х вуліц, адна з якіх была галоўнай планіровачнай воссю. На перакрыжаванні вуліц фармавалася гандлёвая плошча з крамамі, рамеснымі майстэрнямі, карчмой, шынкамі, культавымі збудаваннямі. Буйныя мястэчкі мелі радыяльна-веерную планіроўку, з элементамі квартальнай сістэмы.

У 2-й палове XVII — 1-й палове XVIII стст. з прычыны эканамічнага заняпаду большасць гарадоў Беларусі практычна не развівалася, многія рэгрэсіравалі і ператварыліся ў мястэчкі (Бабруйск, Тураў, Клецак, Давыд-Гарадок і інш.). Толькі на пачатку 1760-х гг. склаліся перадумовы для далейшага дойлідска-планіровачнага развіцця гарадскіх паселішчаў. У XVIII ст. ў асноўным ішоў працэс завяршэння кампазіцыі асноўных гарадскіх раёнаў, асабліва цэнтраў за кошт будаўнійтва палацавых рэзідэнцый, каталіцкіх кляштараў і касцёлаў у стылі барока. У гэты час набылі выразныя барочныя рысы цэнтральная частка Гародні, ансамблі Менскага Верхняга гораду, Ратушнай плошчы ў Віцебску, Полацкай Параднай плошчы.

З 2-й паловы ХІІ ст. прынцыпова змянілася тэхніка муроўкі, што выклікала пэўныя змены ў дойлідскім вырашэнні будынкаў. У мураваным манументальным дойлідстве XIV—XVIII стст. паступова зжываліся рысы папярэдняга старажытнарускага этапу будаўнійтва, творча засвойваліся прыёмы заходнеэўрапейскага дойлідства, стыляў готыкі, рэнесансу і барока.

У гатычна-рэнесансным дойлідстве Беларусі склалася своеасаблівая сістэма дэкору фасадаў, заснаванага на дыхроміі. Выступаючыя часткі сцен былі адкрытыя, мелі натуральны колер чырвонай цэглы. Паглыбленыя часткі, нішы, паяскі, аблямоўкі і іншыя элементы аздобы заціраліся шчыльным слоем белай вапны. Гэта стварала бела-чырвоную колеравую гаму, надавала фасадам урачыстаць. З канца XVI ст., асабліва ў барочных пабудовах, стала пераважаць пластыка атынкаваных паверхняў сцен.

Замкавае будаўнійтва на працягу XIV—XVIII стст. прайшло шэраг якасных этапаў развіцця, зазнала перыяды ўзлёту і заняпаду. У XIV ст. паявіліся замкі тыпу "кастэль", якія прынцыпова адрозніваліся ад "данжонаў" ХІІІ ст. Яны ўяўлялі сабой замкнёныя прастакутныя збудаванні з магутнымі сценамі і адной ці дзвюма мураванымі вежамі ў процілеглых кутах (Крэва, Ліда). На дзядзінцах узводзілі разнастайныя драўляныя збудаванні жылога, гаспадарчага, ваеннага прызначэння. Такія замкі будаваліся на раўніннай мясцовасці, абводзіліся вадзянымі равамі. Больш складаны комплекс — замак у Наваградку, пабудаваны на месцы старажытнага драўлянага з каменю і цэглы, на высокай Замкавай гары. Будаваўся ён паступова і ў XVI ст. меў сем баявых вежаў, унутры знаходзіліся палац і замкавая царква (глядзі артыкул "Наваградак. Замкі"). Яшчэ больш умацаваных рэзідэнцый меў замак Вітаўта ў Гародне (глядзі артыкул "Гародня. Стары замак").

Значныя працы па ўзвядзенню мураваных замкавых умацаванняў вяліся ў XIV—XV ст. У пачатку XIV ст. змураваныя ўмацаванні воршанскага дзядзінца (глядзі артыкул "Ворша. Замак"). У XIV ст. князь Альгерд і яго жонка Марыя абнеслі мураванымі сценамі і вежамі Верхні і Ніжні замкі Віцебску (глядзі артыкул "Віцебск. Замкі").

Раннія беларускія замкі мелі суровы непрыступны выгляд — тоўстыя моцныя сцены, магутныя валы і равы. Фасады амаль пазбаўленыя аздобы, за выключэннем асобных элементаў раманскага (аркатура ў Лідскім замку) або гатычнага паходжання. Змрочнымі былі і інтэр’еры гэтых збудаванняў — масіўныя скляпенні, маленькія акенцы-байніцы, вузкія лесвіцы ў тоўшчы сцен.

У XVI ст. замкавае будаўніцтва набыло якасна новыя рысы, што было звязанае з непасрэдным уздзеяннем дойлідства рэнесансу. Найбольш гэтая плынь захапіла прыватнаўласніцкія замкі, у якіх асноўны акцэнт абароны паступова пераносіўся на знешнія ўмацаванні (валы і бастыёны). Самі замкі набылі характар палацавых рэзідэнцый з багатым аздабленнем фасадаў і інтэр’ераў. На прамежкавай стадыі развіцця знаходзіцца гатычна-рэнесансны Мірскі замак (глядзі артыкул "Мір. Замкава-паркавы комплекс"), у якім абарончыя рысы прасочваюцца досыць выразна. Нясвіжскі замак (глядзі артыкул "Нясвіж. Палацава-паркавы комплекс"), збудаваны ў канцы XVI ст. ў рэнесансных традыцыях, меў свабодную адкрытую дынамічную кампазіцыю. Гэты працэс працягваўся і ў XVII ст. (Гальшанскі палац, Смалянскі замак, Любчанскі замак).

Пераважнае месца ў абарончым дойлідстве займалі драўляныя замкі. Іх пашырэнне было звязанае з адноснай хуткасцю іх будаўніцтва і аднаўлення, наяўнасцю высокакваліфікаваных дойлідаў і цесляроў. У 1-й палове XVI ст. драўлянае замкавае будаўніцтва дасягнула высокай ступені развіцця. Лёгкія канструкцыі тыпу астрога і замёта ў іх былі замененыя на больш магутныя зрубныя гародні. Драўляныя сцены і вежы ўзводзілі таксама пры рэканструкцыі некаторых мураваных замкаў (Воpшa, Віцебск, Полацак). Вежы будавалі ў найбольш слабых месцах абароны, таму іх размяшчалі нераўнамерна адносна даўжыні ўмацаванняў. Дойлідска-мастацкае аблічча замкаў стваралі вежы двух тыпаў: клецкія, рубленыя чацверыкамі і завершаныя двухсхільнымі ці шатровымі пакрыццямі, і шатровыя, ці "круглікі",— васьмерыковыя або тыпу "васьмярык на чацверыку", накрытыя шатрамі. Больш прымітыўныя тыпы вежаў — раскаты і бычкі. Некаторыя вежы мелі наверсе "веставыя" званы і "трапіла" — крытыя дазорныя пляцоўкі.

Новы ўздым замкавага будаўніцтва прыпадае на час руска-польскай вайны сярэдзіны XVII ст. Найбольш моцныя ўмацаванні меў у гэты час Віцебск (тры замкі са сценамі-гароднямі і астрогам, тэрасамі, гароднямі і астрогам, з трыма вежамі). У некаторых замках будавалі баявыя высокія вежы, не звязаныя са сценамі (Полацак, Берасце і інш.). Паяўленне ў XVI ст. новых сістэм бастыённых фартыфікацый стварала перадумовы пачатку новага этапу, які найбольш ярка выявіўся ў прыватнаўласніцкіх рэзідэнцыях. Характэрна, што ў большасці замкаў не выкарыстоўвалі магутныя канструкцыі тыпу тарас, а вярнуліся да лёгкіх астрогаў (Астрашыцкі Гарадок, Бабруйск, Дуброўна, Свіслач Асіповіцкага р-ну). У дзядзінцах будавалі палацы, гаспадарчыя збудаванні.

Адной з найважнейшых галін драўлянага будаўніцтва гэтага часу стала сядзібна-палацавае дойлідства. Пашырэнне сядзіб вызначалася панаваннем фальваркова-прыгоннай сістэмы гаспадаркі. У XVI—XVIII стст. існавалі разнастайныя тыпы сядзіб. Найбольш простыя з іх — шляхецкія двары, якія нагадвалі хутары і ўключалі ў свой склад гасподу, некалькі гаспадарчых пабудоў, гумно, абору. Больш буйныя сядзібы складаліся з трох комплексаў: панскага панадворку, гуменнага і абароннага. Пры некаторых дварах існавалі фальваркі, комплексы млыноў, бровараў і іншых пабудоў. Звычайна забудова вялася па перыметры панадворку, цэнтральная частка падвор’я заставалася свабоднай. З XVI ст. вядомы сядзібы, у якіх гаспода і брама складалі галоўную планіровачную вось ансамбля. Такі стыль забудовы прывёў да стварэння ў XVIII ст. барочных П-падобных кампазіцый, утвораных жылым домам або палацам і двума бакавымі флігелямі, якія часам развіваліся ў бакавыя крылы дому. У планіроўцы сядзіб вялікую ролю адыгрывалі натуральныя і штучныя вадаёмы. Аднак у XVII ст. садова-паркавае мастацтва, за выключэннем пэўнай колькасці "італійскіх садоў", не было шырока распаўсюджанае. Большасць садоў і паркаў рэгулярнага, потым пейзажнага тыпу ўзнікла ў XVIII—XIX ст.

Для гасподы выкарыстоўвалі розныя тыпы планіровак: ад традыцыйных дзвюх- і трохкамерных да складаных шматпакаёвых з анфіладным або калідорным размяшчэннем парадных, жылых і гаспадарчых пабудоў. Ствараліся сіметрычныя і асіметрычныя кампазіцыі. Асабліва маляўнічы выгляд мелі гасподы на падклеццях, з разнастайнымі надбудовамі тыпу мезанінаў, дамы з вежамі ў цэнтры або бакавымі вежападобнымі алькежамі (Сёмкаўскія сядзібы), дахамі складанай формы (ламанымі, яруснымі). Вялікую мастацкую ролю адыгрывалі ганкі (некаторыя ў выглядзе ярусных вежаў), галерэі рэнесанснага тыпу, купалы, каваныя флюгеры і інш. (Беліцкая сядзіба ў Лідскім р-не). З XVII ст. вядомыя таксама і крыжападобныя кампазіцыі дамоў. У замках паявіліся манументальныя драўляныя палацы з высокімі гадзіннікавымі вежамі пасярэдзіне корпусу (Лоскі замак).

У інтэр’еры жылых драўляных дамоў XVI—XVII ст. пераважалі ў асноўным традыцыйныя формы. Інвентары таго часу сярод мэблі называюць лавы, зэдлікі, крэслы, сталы, паліцы, шафы, якія характарызаваліся як цяслярскія, сталярскія або сніцарскія вырабы. Сцены часам аздаблялі чорным, зялёным, чырвоным сукном або палатном, нярэдка размаляваным, узятым у ліштвы. Выкарыстоўваліся таксама папяровыя ці скураныя шпалеры, разныя панелі і столі, зрэдку і лепка з гіпсу ў тэхніцы стука. Дзверы аздаблялі разьбой, размалёўкай або інкрустацыяй з каштоўных парод дрэва. Дэкаратыўны характар мелі печы з паліванай кафлі або каляровага фаянсу. У вялікіх парадных памяшканнях да бэлек перакрыцця прымацоўваліся ланцугамі ліхтары і люстры ў выглядзе галоў дзікіх звяроў. Дэкаратыўны лад інтэр’ераў дапаўнялі абразы, партрэты, жанравыя карціны, карты, гравюры, лубачныя выявы. У XVIII ст. мастацкае аздабленне інтэр’ераў узбагачаецца барочнымі формамі (размалёўка, скульптурная пластыка, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш.).

Падобным жа кірункам развівалася і мураванае сядзібна-палацавае дойлідства. У пачатку XVII ст. для яго яшчэ характэрна захаванне абарончых рыс, лаканізм у аздабленні фасадаў і інтэр’ераў (дом-фартэцыя у Гайцюнішках). У барочных палацах XVIII ст. ўжывалася П-падобная схема планіроўкі, якая стваралася галоўным палацавым корпусам і флігелямі або бакавымі крыламі (палацы ў Пінску, Ружанах, Магілёве і інш). У цэнтры палацу размяшчалася парадная зала, часам авальнай або круглай у плане формы. Пераважала анфіладная планіроўка. Фасады аздабляліся пілястрамі, нішамі, рустыкай, раскрапаванымі антамблементамі, складанымі аблямоўкамі акон і дзвярэй. Пэўную эстэтычную ролю выконвалі высокія ламаныя дахі.

Для сядзіб характэрны разнастайны комплекс гаспадарчых і вытворчых збудаванняў. Сярод іх вылучаліся пабудовы для захавання харчовых запасаў і маёмасці — клеці, свіраны, спіхлеры і інш. У выніку сінтэзавання рыс жылога і гаспадарчага збудаванняў у XVI ст. склаўся такі тып пабудовы, як лямус. Ад свірнаў паходзяць сядзібныя і замкавыя арсеналы, прызначаныя для захавання зброі і іншай ваеннай амуніцыі. Зрэдку яны надбудоўваліся над сядзібнымі дамамі ці палацамі. У некаторых сядзібах існавалі майстэрні, напрыклад па адбельванні і валкаванні палатна (бялільні і валкоўні). Для захоўвання садавіны і гародніны будавалі варыўні — невялікія курнія хаткі з сенцамі і каморамі. Існавалі разнастайныя падземныя ці наземныя збудаванні для захоўвання прадуктаў — піўніцы, паграбы, скляпы і інш. Іх звычайна будавалі побач з жылым домам або пад ім, зрэдку — пад свіранам ці клеццю. Сярод сядзібных пабудоў важнае месца займаў бровар, які звычайна стаяў каля вадаёму ці студні. Каля яго размяшчаліся лазня, саладзільня, жыллё броварных работнікаў і інш. У кожнай сядзібе абавязкова былі стайні — доўгія збудаванні з кармушкамі-яслямі, сховішчамі для сена для трымання коней. Пры некаторых стайнях існавалі вазоўні і маштарні (майстэрні па рамонце экіпажаў). Традыцыйнымі пабудовамі фальварку былі сырніца, лазні, пуні і адрыны.

Характэрнымі вытворчымі пабудовамі з’яўляліся вадзяныя млыны (колавыя, наплаўныя). Ветракі да сярэдзіны XVII ст. на Беларусі не мелі значнага пашырэння, у XVIII ст. вядомыя ветракі прымітыўнага стрыжнёвага або козлавага тыпаў і больш складаныя шатровыя.

Буйныя грамадскія будынкі гарадоў і мястэчак былі прадстаўлены ратушамі, гандлёвымі радамі, гасцінымі дварамі, корчмамі. Найбольш масавымі збудаваннямі грамадскага прызначэння былі шынкі, корчмы і аўстэрыі. Іх простыя формы нагадвалі традыцыйнае народнае жыллё. Вялікія гарадскія аўстэрыі вылучаліся больш развітым складам памяшканняў, іх сацыяльнай дыферэнцыяцыяй (святліцы для заможных пастаяльцаў і курныя — для простага люду). Корчмы звычайна размяшчаліся на рынку, галоўных вуліцах гарадоў і мястэчак, пры рачных пераправах, каля млыноў і інш. Іх будаўніцтва рэгламентавалася заканадаўствам. У XVIII ст. на аснове корчмаў і аўстэрый развіваліся гаэлі, харчэўні і інш. Асобным відам карчмы для іншаземных купцоў быў гасціны двор.

На гандлёвых плошчах гарадоў будавалі ратушы. Выявы ратуш у Гародне, Віцебску, Нясвіжы, Клецаку захаваліся на гравюрах XVI—XVII стст. Гэта былі высокія вежападобныя рэнесансныя збудаванні, якія сваім ярусным сілуэтам вызначалі грамадскі цэнтр гораду, падкрэслівалі значэнне гандлёвай плошчы ва ўсёй яго дойлідска-прасторавай структуры. Ратушы ў XVIII ст. набылі больш выразныя дынамічныя вертыкальныя кампазіцыі (ратушы ў Магілёве і Віцебску). Пры ратушах і каля іх у XVI—XVII стст. узнікалі гандлёывя рады, якія фармавалі забудову гандлёвай плошчы. Асноўным матывам іх дойлідства з’яўлялася рэнесансная аркадная галерэя. Галерэі і ганкі ўласцівы і іншым тыпам збудаванняў.

Паводле архіўных звестак, у XVI—XVII стст. буйных спецыяльных школьных (за выключэннем каталіцкіх калегіюмаў) і лячэбных збудаванняў не існавала. Школы звычайна будавалі на аснове трохкамернага плану, з сенцамі ў цэнтры і дзвюма класамі па баках. Традыцыйную двух- і трохкамерную планіроўку мелі шпіталі (багадзельні пры цэрквах і касцёлах). Дакументы XVIII ст. змяшчаюць звесткі пра тэатральныя будынкі ў Нясвіжы, Слуцаку, Слоніме, Гародне, Паставах і інш. Яны мелі ўмяшчальныя залы з развітай сцэнічнай часткай, артыстычнымі пакоямі. У слонімскім тэатры была вялікая сцэна, прызначаная для паказу тэатралізаваных баталій шматлікіх коннікаў, водных феерый, фантанаў, асветленых бенгальскімі агнямі.

У сярэдзіне XVIII ст. ў рэчышчы дойлідства барока фармаваўся стыль ракако, адметны выключнай арыгінальнасцю прыёмаў і прывабнасцю форм дойлідства экспрэсіі. Яго прадстаўнікамі на Беларусі былі высока-прафесійныя дойліды А.А. Гену, I.K. Глаўбіц, Л. Грынцэвіч, А. Чаховіч, дойлідства нямецкага барока і ракако Я.Ф. Кнобель, М.Д. Пёпельман, I.X. Яўх, выхадцы з Польшчы Б. Касінскі, Лаўбе. У сваёй творчасці дойліды паўстаюць таленавітымі мастакамі, скульптарамі і рысавальшчыкамі. Ім уласцівы імкненне да вытанчанасці дойлідскіх форм і ліній, пышнасць дэкору, неабмежаваная фантазія. Майстры ракако ў сваіх творах адмаўляліся ад тэктанічнага сэнсу стоечна-бэлечнай сістэмы — канструкцыйнай асновы будынку. Класічная ордэрная сістэма з яе архітэктонікай зводзілася да дэкаратыўнасці: геаметрычнасць антаблементаў і прамалінейнасць карнізаў парушалася іх інтэнсіўнай крапоўкай, выгнутасцю, разрывамі; трохкутныя франтоны разрываліся ці змяняліся шчытамі плаўнага малюнку; капітэлі і кансолі набывалі арнаментальна-ракайльны выгляд; калоны скручваліся ў спіралі ці камуфліраваліся пад расліну. Стыль ракако развіваўся ў дойлідстве шматлікіх магнацка-шляхецкіх палацаў і сядзіб, паляўнічых домікаў, паркавых павільёнаў. Скульптурна-пластычную аб’ёмную кампазіцыю ім надавалі мансардавыя дахі (Гарадзенскі Каралеўскі палац), кутнія алькежы з фігурным купалам (палац Дзятлаўскай сядзібы), шматпланавасць фасаду. Для вылучэння цэнтру палацавага фасаду дойліды выкарыстоўвалі пластычны гранёны ці акруглы рызаліт, які звычайна быў пануючым у сілуэце будынку (Станіславаўская сядзіба, Гарадзенская Аўгустоўская сядзіба). Балкон ці тэраса, якія выступалі на фасадзе, агароджваліся ажурнымі ўвагнута-пукатымі каванымі агарожамі (Лявонпальская сядзіба). У арсенале дэкаратыўных форм палацавага інтэр’еру вылучаліся тонкапрафіляваныя хваліста-пукатыя карнізы і сандрыкі, ляпныя гірлянды, ракавіны, картушы, завіткі, геральдычныя знакі і манаграмы, "люстэркавая" аправа разнастайных па канфігурацыі акон. У вонкавае дойлідства палацу ўводзіўся інтэр’ерны дэкаратыўны атрыбут — вазы (Чарнаўчыцкі палац). Новае, што ўнёс стыль у палацава-сядзібнае будаўніцтва, — пашырэнне набору апартаментаў: разам з параднымі заламі ўзнікалі невялікія ўтульныя пакоі, гасціныя, альковы. Канфігурацыя параднай залы набыла складаную форму. Дынаміка авалу, паліганальнасць шматкутніка стварала ўражанне нерасчляняльнасці, прасторавай неабмежаванасці інтэр’еру. Для стварэння глыбіннай кампазіцыі інтэр’еру шырока выкарыстоўваліся шматлікія люстэркі, якія ўтваралі эфект перспектывы ілюзорнай анфілады, узмацнялі ўражанне раскошы і візуальна-аптычнай шматпланавасці. Інтэр’ер узбагачалі новыя дэкаратыўныя элементы — ракайлі, напышлівыя панелі, залачэнне і пастэльная колеравая палітра. Гэтаму спрыяла і размалёўка сцен пад паркавую расліннасць ці трэльяжную сетку, манументальны жывапіс плафонаў. У ракайльным інтэр’еры палацаў і сядзібных дамоў шырока ўжываўся сінтэз мастацтваў: дойлідства, жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (разьба па дрэве, мэбля і інш.).

Дойлідства ракако ўзбагаціла творчы арсенал прафесіі дойліда новымі выразнымі сродкамі і прыёмамі. Як і ў папярэднія эпохі, гэта было гістарычным увасабленнем у дойлідстве навізны і сучаснасці, імкненне да ўзнаўлення сродкаў мастацкай выразнасці. Лёгкае і вытанчанае дойлідства ракако не дайшло да нашага часу ва ўсёй сваёй пышнай раскошы і вечнай прывабнасці і захавалася ў нешматлікіх, звычайна значна змененых помніках.


Культавае дойлідства XV—XVIII стст.


У манументальным культавым дойлідстве XV—XVIII стст. найбольш яскрава і паслядоўна выявіліся самабытныя дойлідска-мастацкія характарыстыкі беларускай готыкі, рэнесансу і барока, абумоўленыя спалучэннем традыцый мясцовага будаўніцтва з заходнеэўрапейскімі сацыяльна-палітычнымі і культурнымі ўплывамі.

Самабытнае дойлідства культавых пабудоў беларускай готыкі склалася на аснове зліцця структуры руска-візантыйскага крыжова-купальнага храму дамангольскага перыяду і кампазіцыйна-канструкцыйных прыёмаў мясцовага замкавага дойлідства. Шырокую вядомасць набылі цэрквы абарончага тыпу канца XV — пачатку XVI стст.: Супрасльская царква-фартэцыя, Сынковіцкая царква-фартэцыя, Мураванкаўская царква-фартэцыя. Яны ўяўляюць сабой кампактныя ў плане блізкія да прастакутніка аб’ёмы, фланкіраваныя па кутах круглымі баявымі вежамі з байніцамі. Верх сцен апяразваў шэраг машыкуляў. У час небяспекі абаронцы храму хаваліся на гарышчы пад высокімі клінападобнымі дахамі. У скляпеністых сутарэннях пад будынкам размяшчаліся сховішчы правіянту. Асноўнае памяшканне культавага назначэння (кафалікон) падзяляецца чатырма слупамі невялікага сячэння на роўныя па вышыні прасторавыя ячэйкі-травеі, перакрытыя гатычнымі нервюрнымі скляпеннямі розных тыпаў (крыжовымі, зорчатымі, сотавымі). Пры агульным падабенстве гэтых помнікаў у іх ёсць пэўныя адрозненні, якія адлюстроўваюць паступовую эвалюцыю форм і канструкцый.

Узорам для будаўніцтвава храмаў гэтага тыпу, верагодна, стаў Сафійскі сабор у Полацку, які на мяжы XV—XVI стст. быў перабудаваны і набыў чатырохвежавае завяршэнне з купалам у цэнтры. У Супрасльскай царкве-фартэцыі захаваныя трохапсіднасць і дзвюхвосевая сіметрыя, уласцівыя старажытнарускаму крыжова-купальнаму храму.

У Сынкавіцкай царкве-фартэцыі тры аднолькавыя паўкруглыя апсіды ўверсе аб’яднаныя ў адну пры дапамозе ступеньчатых тромпаў. Мураванкаўская царква, пабудаваная пазней за іх (паміж 1516 г. і 1542 г.), мае толькі адну значную па памерах алтарную аспіду. Адзначаная эвалюцыя адлюстроўвае тэндэнцыю да аднаапсіднасці, абумоўленую заходнеэўрапейскімі ўплывамі.

Дэкаратыўнае вырашэнне абарончых цэркваў, як і замку ў Міры, заснаванае на кантрасце чырвонага колеру адкрытай муроўкі з выбеленымі плоскімі нішамі, якія мелі завяршэнні ў выглядзе арак розных тыпаў: паўцыркульных, каробчатых, падвесных з адной альбо дзвюма гіркамі. Асноўны дэкаратыўны акцэнт рабіўся на шчыце галоўнага фасаду, дзе нішы разнастайных форм утваралі маляўнічую ярусную кампазіцыю.

Акрамя чатырохвежавых цэркваў-фартэцый да беларускай готыкі належаць некалькі бязвежавых культавых пабудоў канца XV — пачатку XVI стст.: Усялюбскі касцёл, Ішкалдскі Траецкі касцёл, Наваградская Барысаглебская царква. Усе гэтыя храмы маюць кампактны прастакутны асноўны аб’ём і адну значную па памерах шматгранную алтарную апсіду з вімай. Абедзве часткі накрытыя самастойнымі высокімі клінападобнымі дахамі з вальмамі над алтаром. Інтэр’еры будынкаў падзяляюцца слупамі на роўныя па вышыні травеі (ва Усялюбскім касцёле адзін слуп у цэнтры). Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі перакрытыя гатычнымі нервюрнымі скляпеннямі. Распор скляпенняў часткова перададзены на контрфорсы пераменнага сячэння, якія звонку ўмацоўваюць даволі вузкія сцены будынкаў. Фартыфікацыйныя элементы (баявыя вежы, байніцы, машыкулі) у збудаванняў гэтага тыпу адсутнічаюць. Традыцыйнае двухколернае вырашэнне ў іх узбагачалася ўключэннем у муроўку перапаленай цэглы-жалезняку ў выглядзе арнаментальных паясоў па нізе сцен. У дэкоры Барысаглебскай царквы ў Наваградку выкарыстаныя своеасаблівы матыў сеткаватых арачак з прафіляванай цэглы, які паўтарае на фасадах структуру нервюрных скляпенняў у інтэр’еры.

Зліццё традыцый мясцовага абарончага дойлідства з візантыйскімі і заходнеэўрапейскімі ўплывамі спрыяла фармаванню яскрава выяўленага самабытнага характару культавага дойлідства беларускай готыкі. З будаўніцтвам першых каталіцкіх храмаў у беларускае дойлідства прыўнесены яшчэ адзін тып культавай пабудовы, які ўвабраў у сябе рысы цэнтральнаэўрапейскай готыкі. Гэты тып храму ўяўляе сабой трохчастковую падоўжна-восевую структуру і складаецца з адной алтарнай апсіды, асноўнага зальнага аб’ёму і ўваходнага аб’ёму — бабінца. Усе аб’ёмы звычайна маюць аднолькавую вышыню, аб’яднаныя агульнай цягай карнізу і накрытыя асобнымі дахамі. Паколькі шырыня аб’ёмаў розная, а схіл крокваў дахаў аднолькавы, ствараецца дынамічная кампазіцыя, якая нарастае ад алтару да ўваходу. Над бабінцам звычайна ўзвышаецца масіўная вежа, якая складаецца з некалькіх ярусаў чацверыкоў і васьмерыкоў, завершаных шатровым дахам, па дойлідству блізкія да вежаў беларускіх замкаў. Першапачаткова гэты храм меў выключна гатычную канструкцыю і дэкор (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла Арханёла).

У сярэдзіне XVI ст. з пашырэннем рэфармацыйнага руху пачалося актыўнае будаўніцтва пратэстанцкіх храмаў. Кальвінскія зборы ў Асташыне, Койданаве набылі падобную трохчасткавую аднавежавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, але вызначаюцца іншымі канструкцыйнымі прыёмамі і характарам дэкору. Замест гатычных нервюрных скляпенняў з’явіліся цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, якія перакрывалі ўсю прастору храму. Знікалі контрфорсы. Стральчатыя абрысы праёмаў замяніліся паўцыркульнымі. Фасады атынкоўваліся і атрымлівалі стрыманы ордэрны дэкор. Скляпенні часта ўпрыгожвалі ляпным дэкорам у выглядзе плоскіх кесонаў геаметрычнага малюнку. Відавочна, што адначасова з станаўленнем рэнесанснага светапогляду ў грамадскім жьцці Вялікага княства Літоўскага манументальнае культавае дойлідства набывала рысы рэнесансу. Аднак для помнікаў мясцовага рэнесансу характэрнае захаванне абарончых элементаў.

Рысы рэнесансу набывалі і каталіцкія храмы 2-й паловы XVI ст. Так, Чарнаўчыцкі Траецкі касцёл спалучае ляпны дэкор скляпенняў, рэнесансны бязвежавы фасад і абарончую круглую вежу каля апсіды прэсбітэрыя. Незвычайную для каталіцкага храму аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю з планам у выглядзе роўнаканцовага грэчаскага крыжа і дзвюма круглымі вежачкамі па баках уваходнага аб’ёму меў першы мураваны касцёл у Нясвіжы, які пазней быў разбураны для ўзвядзення на яго месцы новага касцёлу езуітаў. Рэфармацыйны рух выклікаў адваротную рэакцыю каталіцызму — контррэфармацыю, якую ўзначальваў галоўным чынам ордэн езуітаў. Важным сродкам укаранення ў сацыяльнае жыццё ідэалагічнай праграмы контррэфармацыі стаў дойлідска-мастацкі стыль барока. Першым збудаваннем у стылі барока на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай з’явіўся Нясвіжскі касцёл Божага Цела, пабудаваны ў 1587—93 гг. паводле праекту Дж.М. Бернардоні. Будынак у агульных рысах паўтарае галоўны ордэнскі храм езуітаў Іль Джэзу ў Рыме і ўяўляе сабой першую ў беларускім дойлідстве трохнефавую крыжова-купальную базіліку з планам на ўзроўні карнізу ў выглядзе лацінскага крыжа і бязвежавым фасадам, насычаным узбуйненай барочнай ордэрнай пластыкай. Пры пэўнай блізкасці да італійскага прататыпу Нясвіжскі касцёл мае адметныя рысы: аднолькавая пластычная апрацоўка ўсіх фасадаў, спрошчаная інтэрпрэтацыя ордэру, наяўнасць бакавых гранёных капліц за межамі базілікі. Як сведчаць праектныя чарцяжы помніку, першапачаткова па баках галоўнага фасаду былі зробленыя круглыя вежачкі, традыцыйныя для беларускай готыкі, з вітымі хадамі на эмпоры (галерэі) у бакавых нефах. Каля 1705 г. эмпоры і вежы былі ліквідаваныя.

Запазычаныя з Італіі формы барока яшчэ доўга спалучаліся ў мясцовым дойлідстве з элементамі готыкі і рэнесансу. Ёсць падставы меркаваць, што фарныя касцёлы ў Клецаку і Гародне пабудаваныя адначасова з Нясвіжскім касцёлам Божага Цела. Клецкі Траецкі касцёл захаваў готыка-рэнесансную трохчасткавую структуру з асноўным зальным аб’ёмам і масіўнай вежай над бабінцам, шматгранную апсіду і контрфорсы. Касцёл у Гародне меў базілікальную структуру, схаваную ў суцэльным аб’ёме, шматгранную апсіду і вежу пры ўваходзе, а таксама яшчэ две вежачкі з усходамі каля бабінца і алтару. Мікалаеўскі касцёл у Міры, пабудаваны ў 1599—1605 гг., — трохнефавая базіліка (бяскупальная), мае трохапсіднае вырашэнне алтарнай часткі, характэрнае беларускім праваслаўным храмам, і тры вежы на галоўным фасадзе: шмат’ярусную чацверыковую ў цэнтры і две невялікія круглыя з вітымі ўсходамі абапал бабінца.

Самабытныя кампазіцыі з шматграннымі няроўна-баковымі планамі мелі касцёл Рафала на гары Анёльскай пад Нясвіжам (1584—92 гг.) і кальвінскі збор у Смаргоні (1606—12 гг.), фасады якога завершаныя дэкаратыўна-абарончым атыкам, найбольш характэрным элементам дойлідства мясцовага рэнесансу. Падобны атык мелі таксама мураваныя сінагогі ў Старым Быхаве і Пінску.

На мяжы XVI—XVII стст. культавыя пабудовы мелі рознастылявы характар. Працягвалі выкарыстоўвацца рэнесансныя формы дойлідства, пераважна ў будаўніцтве рэфармацкіх храмаў, якія пазней былі пераробленыя пад касцёлы, напрыклад, у в. Дзераўная (1590 г.), у Заслаўі (пачатак XVII ст.), Замосці (1620 г.), Крамяніцы Дольнай (1617 г.). Касцёлы бенедыкцінак у Нясвіжы (1590—96 гг.) і кармелітаў у Ружанах (1617 г.) таксама захоўвалі трохчасткавую аднавежавую готыка-рэнесансную структуру. Касцёлы бернардынаў у Гародне (1595—1618 гг.) і Іўе (каля 1600 г.) маюць гатычныя шматгранныя апсіды, умацаваныя контрфорсамі, але іх барочныя фасады плоскія, што сведчыць пра паступовае пранікненне ў манументальнае дойлідства эстэтычнай канцэпцыі барока.

Заключэнне ў 1596 г. царкоўнай Берасцейскай уніі стала прычынай абвастрэння ў 1-й палове XVII ст. рэлігійна-палітычнай барацьбы. Саперніцтва паміж уніятамі, католікамі і праваслаўнымі ў сферы культавага будаўніцтва вяло да выкарыстання найбольш выразных дойлідскіх сродкаў барока і сінтэзу іх з мясцовымі будаўнічымі прыёмамі папярэдняга часу. У выніку на працягу XVII—XVIII стст. сфармавалася своеасаблівая дойлідска-мастацкая сістэма беларускага барока. Ранні этап яго станаўлення завяршыўся фармраваннем характэрнага базілікальнага аднаапсіднага тыпу храму з дзвюхвежавым фасадам: касцёлы ў Дзятлаве (1624 г.), брыгітак у Гародне (1642—51 гг.), Вішневе (1637—41 гг.) і інш.

У адрозненне ад абарончых храмаў беларускай готыкі, у дойлідстве барока вежы страцілі сваё функцыянальнае прызначэнне і сталі важнымі кампазіцыйнымі элементамі. Галоўны дзвюхвежавы фасад трактаваўся як куліса для ўсёй кампазіцыі збудавання і завяршаў агульную дынаміку. Манументальныя культавыя пабудовы звычайна размяшчаліся сярод нізкай драўлянай забудовы і фармавалі панарамы гарадоў і мястэчак. Таму стварэнне маляўнічага сілуэту, дэталёвая распрацоўка ўсіх фасадаў стала спецыфічнымі рысамі дойлідства беларускага барока. Яго асноўныя характарыстыкі — манументальнасць, тэктанічнае адзінства аб’ёмаў, адпаведнасць гарызантальных і вертыкальных чляненняў: касцёлы аўгусцінцаў у Міхалішках, кармелітаў у Засвіры, бернардынаў у Менску, цыстэрцыянцаў у Вістычах, бернардзінак у Слоніме і інш.

Пры будаўніцтве найбольш значных культавых збудаванняў выкарыстоўваўся тып трохнефавай крыжова-купальнай базілікі з дзвюхвежавым галоўным фасадам: уніяцкі Успенскі сабор у Жыровічах, праваслаўны Богаяўленскі сабор у Магілёве, касцёл езуітаў у Гародне. Праваслаўнае культавае дойлідства трывала захоўвала тып крыжова-купальнага трохапсіднага храму з планам у выглядзе роўнаканцовага грэчаскага крыжа: Успенскі сабор жаночага Куцеінскага манастыра пад Воршай (1631—35 гг.), Успенская і Пакроўская цэрквы ў Магілёве (канец XVII ст.), Мікалаёўская царква ў Магілёве (1669—72 гг.).

Роля вежаў у кампазіцыі храмаў паступова ўзрастала (касцёлы францысканцаў у Івянцы, бернардынаў у Беніцы, кармелітаў у Глыбокім). Позняму беларускаму барока ўласцівы іх надзвычайная маляўнічасць і пластычнасць, шматпланавая прасторавая структура фасадаў, багацце святлацені, стромкасць і лёгкасць, якія надавалі збудаванням вытанчаныя прапорцыі, фігурныя скразныя праёмы, хвалістыя абрысы вежаў і франтонаў.

Дойлідска-мастацкая сістэма позняга барока ў манументальным дойлідстве Вялікага княства Літоўскага атрымала ў мастацтвазнаўстве назву "віленскага барока". Яго рысы найбольш яскрава выявіліся ў культавых пабудовах уніятаў, напрыклад, Сафійскі сабор у Полацку (1738—60 гг.), цэрквы і манастыры базыльян у Беразвеччы (1756—79 гг.), Барунах (1747—57 гг.), Вольна (1768 г.), Талачыне (1769—79 гг.), Богаяўленская і Крыжаўзвіжанская цэрквы ў Жыровічах (1769 гг.), Уваскрасенская царква ў Віцебску (1772 г.) і інш. Для праваслаўных і уніяцкіх манастыроў уласцівая большая сувязь з навакольным асяроддзем, іх будавалі звычайна з улікам рэльефу мясцовасці: базыльянскія манастыры ў Жыровічах, Віцебску, праваслаўныя Куцеінскія манастыры пад Воршай. У комплексах праваслаўных манастыроў мураваныя храмы часта спалучаліся з драўлянымі пабудовамі.

Дрэва было асноўным будаўнічым матэрыялам у забудове гарадоў і мястэчак Беларусі да канца ХІХ ст. У адрозненне ад сялянскага будаўніцтва, якое мянялася і ўдасканальвалася вельмі павольна, на развіццё манументальнага культавага драўлянага дойлідства (пачынаючы з XVII ст.) аказвалі значны ўплыў мастацкія стылі, што панавалі ў мураваным дойлідстве. У драўляным культавым дойлідстве выявіліся две асноўныя тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з устойлівым утрыманнем мясцовых традыцый, і наватарская, якая адлюстравала працэс укаранення эстэтычных канцэпцый афіцыйных стыляў. Таму працэс развіцця форм у драўляным дойлідстве быў больш складаным, чым у мураваным, бо ён прадугледжваў не толькі абнаўленне, але і зварот да спадчыны. З гэтым звязанае таксама асінхроннасць развіцця мураванага і драўлянага дойлідства, спазненне ў апошнім тых тэндэнцый, якія вызначалі афіцыйнае культавае мастацтва свайго часу.

Вядомыя чатыры асноўныя кампазіцыйныя тыпы драўляных хрысціянскіх храмаў: падоўжна-восевы, глыбінна-прасторавы, цэнтрычны і крыжовы. Падоўжна-восевыя збудаванні мелі адзіе, два або тры зрубы (адпаведна асноўны, алтарны і бабінец), паслядоўна злучаныя адзін з адным па падоўжнай восі і завершаныя двусхільнымі або вальмавымі дахамі (в. Здзітава Жабінкаўскага р-ну). Збудаванні падоўжна-восевай кампазіцыі адлюстроўваюць прыёмы народнага дойлідства. Пад уплывам барока ў XVIII ст. некаторыя храмы набылі пластычныя дахі, складаныя па форме купалкі ў завяршэнні (в. Вялікія Жухавічы Карэліцкага р-ну). У XVII—XIX стст. развіваўся готыка-рэнесансны тып падоўжна-восевага храму з вежай-званіцай на галоўным фасадзе (в. Дарапеевічы Маларыцкага р-ну).

Цэнтрычныя збудаванні (чатырох-, шасьці- або васьмігранныя ў плане, пад шатровымі або купальнымі дахамі) у большасці выпадкаў уяўлялі сабой капліцы або цэрквы-ратонды. Іх дойлідства склалася пад уплывам адпаведных рэнесансных будынкаў. У барочных помніках XVIII ст. ўскладняецца форма даху, ён набывае ярусныя формы (в. Дунайчыцы Нясвіжскага р-ну).

Паводле вырашэння глыбінна-прасторавай і крыжовай кампазіцыі храмаў XVII—XVIII стст. выразна вылучаліся два рэгіёны: паўночна-ўсходні і паўднёвы (Прыпяцкае Палессе), у якіх адпаведна склаліся Віцебская і Цэнтральнапалеская школы дойлідства. Храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі маюць старажытнае паходжанне, звязаныя з традыцыяй будаваць над кожным зрубам самастойны верх вянковай або каркаснай канструкцыі. Для Віцебскай школы ў XVII ст. было характэрнае вырашэнне кожнага зрубу асобным высокім ярусным аб’ёмам з купальным завяршэннем, у выніку чаго стваралася маляўнічая свабодная кампазіцыя з вертыкальнымі дамінантамі (Увядзенская і Васкрасенская цэрквы). Такая ж тэндэнцыя захоўвалася ў канцы XVII—XVIII стст. ў крыжова-цэнтральных храмах Віцебску (Ільінская царква, Траецкая царква Маркава манастыра). Падобныя ім былі цэрквы крыжовай кампазіцыі XVII ст. ў Аршанскім Богаяўленскім Куцеінскім манастыры, Тупічэўскім манастыры ў Мсціславе і інш. Гэта былі храмы з адным або пяццю высокімі вярхамі, яны мелі вакол сябе галерэі, што падкрэслівала іх дынамічную ярусную кампазіцыю. Стыль барока не ўнёс асаблівых карэктываў у вонкавае вырашэнне гэтых будынкаў, за выключэннем асобных дэталяў, галоўным чынам у завяршэнні.

Палескія храмы былі кампактныя і нізкія, у іх дойлідстве захавалася больш архаічных рыс. Прысадзістыя зрубы і іх завяршэнні кампазіцыйна былі аб’яднаныя ў адзінае цэлае; вылучаўся толькі цэнтральны аб’ём, якому падпарадкоўваліся ўсе астатнія (цэрквы ў в. Сінкевічы Лунінецкага, у Давыд-Гарадку Столінскага р-наў). Толькі на рубяжы XVIII—XIX стст. пад уплывам барока ў цэнтральнапалескай школе адбыўся рэзкі скачок наперад: храмы набылі выразныя ярусныя формы, чацверыкі замененыя васьмерыкамі і інш. (цэрквы ў вёсках Рубель Столінскага і Кажан-Гарадок Лунінецкага р-наў).

Адпаведна развіццю барочных форм у мураванага дойлідства XVIII ст. ў драўляным дойлідстве ўзнік шэраг збудаванняў падоўжна-восевай і глыбінна-прасторавай кампазіцыі з дзвюма вежамі на галоўным фасадзе або ў выглядзе бязвежавай базілікі (цэрквы ў вёсках Валовель Драгічынскага, Опаль Іванаўскага, Дуды Іўеўскага р-наў). Побач з культавымі будынкамі ўзводзілі шмат’ярусныя званіцы, якія ўзбагачалі сілуэт ансамбля. Званіцы будавалі чатырох тыпаў: слуповыя, каркасныя, зрубныя і зрубна-каркасныя. Найбольш выразныя зрубна-каркасныя збудаванні. Традыцыйныя будынкі такога тыпу — двухярусныя са зрубным ніжнім і каркасным верхнім ярусамі, пад шатровым дахам. У XVIII ст. з’явіліся барочныя варыянты такіх званіц з 3—4-ма ярусамі, аркаднымі галерэямі на фасадах (Клецак, в. Мядзведзічы Ляхавіцкага р-ну).


Дойлідства канца XVIII — 1-й паловы XIX ст.


Станаўленне класіцызму ў дойлідстве Беларусі адносіцца да 1770—90 гг. і супадае з захопам яе Расейскай імперыяй ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай 1772 г., 1793 г. і 1795 г. Асновай для пранікнення рысаў класіцызму ў дойлідства Беларусі стала дзейнасць па перапланіроўцы яе гарадоў, якая пачалася пасля захопу ўсходнебеларускіх зямель Расеяй ў 1772 г. У 1778 г. зацверджаныя складзеныя рейскімі дойлідамі ў Санкт-Пецярбургу планы гарадоў для Магілеўскай і Полацкай губерняў: Бабінавіч, Беліцы, Быхава, Віцебску, Гарадку, Клімавіч, Копысі, Магілёва, Мсціслава, Воршы, Полацку, Рагачова, Суражу і інш. Планы гарадоў і іх кварталы набылі геаметрычныя абрысы, у якасці кампазіцыйных восей вылучаліся галоўныя вуліцы і гарадскія плошчы. Прынцып рэгулярнасці найбольш праявіўся пры стварэнні планаў невялікіх гарадоў, якія забудоўваліся на новым месцы па суседству з ранейшымі паселішчамі (Бабінавічы, Клімавічы, Гарадок і інш.). Для іх ствараліся "ідэальныя" сіметрычныя планіровачныя схемы прастакутнага або квадратнага абрысу. У цэнтральнай частцы гораду звычайна размяшчалі галоўную квадратную ў плане плошчу, дзе будавалі дзяржаўныя ўстановы і гасціны двор, а па кутах — цэрквы. Абапал часта былі меншыя прастакутныя плошчы з гандлёвымі будынкамі і гаўптвахтай. Горад абкружалі валам і ровам. Пасярэдзіне кожнага боку ўмацаванняў ствараліся ўезды ў горад, якія вуліцамі злучаліся з галоўнай плошчай.

У некаторых гарадах традыцыйныя сіметрыі і цэнтрычнасць планаў парушаліся ўключэннем у ансамбль існуючых пабудоў, абрысамі берагоў рэк і яроў, старажытнымі ўмацаваннямі (Сураж, Копысь, Стары Быхаў). У планіроўцы буйных гарадоў (Полацак, Віцебск, Магілёў) назіралася толькі спрамленне вуліц і павелічэнне кварталаў.

Першыя класіцыстычныя пабудовы з’явіліся ў вялікіх гарадах Беларусі і ў маёнтках дваран, якія атрымалі тут землі ад царскага ўраду. У праектаванні будынкаў удзельнічалі вядомыя расейскія дойліды — М. Львоў, I. Староў, Дж. Кварэнгі. Сярод значных пабудоў вылучаюцца паштовы дом у Полацку (1774 г., дойлід I. Староў, не захаваўся), Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, вучэбны корпус Магілёўскай семінарыі (глядзі артыкуд "Магілёў. Будынкі духоўнай семінарыі"), жылы корпус і царква Полацкага Богаяўленскага манастыра, галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, сядзібны дом і гасціны двор у Дуброўна (1787 г., дойлід I. Староў, не захаваліся), Крычаўскі палац. Праекты гэтых пабудоў ствараліся ў асноўным у Санкт-Пецярбургу.

У цэнтральнай і заходняй Беларусі класіцызм набыў нязначнае развіццё. Асобныя пабудовы ў стылі класіцызму ствараліся ў маёнтках арыстакратыі: палацы Гарадзенскай сядзібы, Беніцкай сядзібы, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы ансамбль.

У работах дойлідаў мясцовай школы I. Зігфрыдана і I. Зэйдэля, творчасць якіх сфармавалася ў час іх працы на Беларусі, рысы класіцызму спалучаліся з рысамі барока. Гэта праявілася ў праектах будынкаў павятовых дзяржаўных устаноў для гарадоў Полацкай губерніі: Дрысы, Невеля, Гарадку, Веліжу, Суражу (1780—85 гг., дойлід I. Зігфрыдан), забудове адміністрацыйна-грамадскімі будынкамі галоўных плошчаў Полацку, Магілёва.

У работах дойлідаў мясцовай школы, якія стваралі ў беларускіх гарадах у асноўным адміністрацыйна-грамадскія пабудовы, выявіліся рэгіянальныя рысы: у забудове гарадскіх плошчаў спалучаліся рэгулярнасць і маляўнічасць (Полацак, Магілеў, Менск); выкарыстанне традыцыйных аб’ёмна-прасторавых схем (будынкі ратуш з вяліеай вежай у, Шклове і Менску). У дэкоры фасадаў у якасці асноўнай тэмы выкарыстоўвалася чляненне плоскасці сцен лапаткамі, што было раней пашырана ў эпоху барока ў манастырскіх пабудовах.

У 1780-я гг. ў маёнтках расейскіх вяльможаў З. Чарнышова і П. Пасека паявіліся першыя пабудовы з элементамі псеўдаготыкі (Магілеўская сядзіба "Піпенберг", Чачэрская ратуша). Ім уласцівыя характэрнае для псеўдагатычных пабудоў расейскай школы дойлідства спалучэнне рыс класіцызму (аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя) і псеўдаготыкі (дэкарыраванне фасадаў). Своеасаблівасць дойлідства канца XVIII ст. характарызуецца суседствам пабудоў розных школ дойлідства, спалучэннем матываў барока і строгага класіцызму.

У 1800—30-я гг. класіцызм на Беларусі дасягнуў найвышэйшага развіцця і ўступіў у перыяд т. зв. высокага класіцызму. Развіццё дойлідства характарызавалася значным ростам гарадскога і сядзібнага будвўніцтва, пашырэннем тыпалогіі будынкаў, развіццём новых аб’ёмна-прасторавых і планіровачных схем, высокай якасцю дойлідскіх рашэнняў.

У гэты перыяд узведзена шмат манументальных будынкаў — узораў сталага класіцызму грамадзянскага, культавага і жыллёвага дойлідства. У дойлідска-будаўнічай дзейнасці цэнтральнае месца займаў дойлід-прафесіянал з мастацкай і інжынернай падрыхтоўкай, выпускнік вышэйшай навучальнай установы. На Беларусі ў гэты час працавалі выпускнікі Віленскага і Варшаўскага універітэтаў, Санкт-Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Значны ўклад у развіццё беларускай школы дойлідства зрабілі дойліды К.В. Багеміле, О.I. Бетыні, Дж. Кларк, Л. Грэйпель, Ю.К. Лянчоўскі, В. Міхаэліс, Ф. Санкоўскі, Л. Саленік, М.В. Чахоўскі і інш. Дойліды, якія працавалі на Беларусі, перадавалі свае веды і ўменне вучням. Так вучнямі Кларка ў Гомелі былі I. Аднасумаў і I. Дзячкоў, вучнем гарадзенскага губернскага дойліда Багеміле — Міхаэліс, які пазней заняў месца свайго настаўніка.

Істотныя змены адбыліся ў арганізацыі праектнай справы. З пачатку ХІХ ст. ў беларускіх губернях уведзеныя пасады губернскіх дойлідаў, якія стваралі праекты асобных будынкаў, невялікія серыі ўзорных праектаў, наглядалі за будаўніцтвам. У 1-й палове ХІХ ст. на пасадах губернскіх дойлідаў працавалі: у Віленскай губерні К. Шыльтгауз (1803—07 гг.), Ж. Пусье (1810—21 гг.), Я. Гаўрылаў (1822—28 гг.), К. Грэгатовіч (1831—38 гг.); у Віцебскай Санкоўскі (з 1803 г. да 1818 г.), Саленік (1818—20 гг.), Бетыні (1827—42 гг.); у Гарадзенскай П.П. Лукін (1803—05 гг.), Лянчоўскі (1805—08 гг.), Багеміле (1811—26 гг.), Міхаэліс (1826—35 гг.); у Менскай Ф. Крамер (1796—1805 гг.), М. Чахоўскі (1805—25 гг.), К. Хршчановіч (1825—63 гг.); у Магілёўскай В. Зражэўскі (1805—12 гг.), Раеўскі (1818—23 гг.), А. Страхаў (1825—27 гг.), Цістраў (1829—1830 гг.), П. Пастухоў (1831 г.), А. Бусырскі (1833—37 гг.). Пасады дойлідаў былі ўведзеныя і ў навучальных акругах, кампетэнцыяй якіх з 1800-х стала ўзвядзенне навучальных будынкаў. На Беларусі, тэрыторыя якой уваходзіла ў 1803—32 гг. у Віленскую навучальную акругу, працаваў дойлід К.I. Падчашынскі (з 1819 г. да 1832 г.). У пачатку ХІХ ст. ў сувязі з ростам сядзібнага будаўніцтва склалася група дойлідаў, якія працавалі пераважна па прыватных заказах (Б. Тычэцкі, А. Градзецкі, Ф. Яшчалд і інш.). Істотны ўплыў на дойлідска-будаўнічую дзейнасць у 1-й палове ХІХ ст. зрабілі пецярбургскія ўстановы — Будаўнічы камітэт і Камісія праектаў і каштарысаў, якія займаліся праектаваннем і кантролем за будаўніцтвам на ўсёй тэрыторыі Расейскай імперыі. Яны былі праваднікамі расейскага класіцызму і пецярбургскіх традыцый. З 1830-х гг. усе праекты для дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі разглядаліся гэтым Камітэтам і Камісіяй і ў многіх выпадках перапрацоўваліся.

У 1-й палове ХІХ ст. працягваліся работы па перапланіроўцы гарадоў Беларусі адпаведна горадабудаўнічым прынцыпам расейскага класіцызму. Гарадскія планы прыводзілі да дакладнай рэгулярнай схемы, звычайна надавалі ім форму прастакутнікаў ці шматкутнікаў. У 1800 г. складзеная серыя планаў гарадоў Менскай губерніі (Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Дзісна, Ігумен, Мазыр, Менск і інш.). Некаторыя гарады пераносілі на новае месца (Клімавічы). Рэгулярныя планы часта праектаваліся без уліку рэльефу і мясцовых традыцый. Такія праекты не маглі быць ажыццёўленыя цалкам і патрабавалі частковай карэкцыі. Перапланіроўка гарадоў была падпарадкаваная інтарэсам імперскай адміністрацыі. Лепшыя землі адводзілі пад адміністрацыйныя ўстановы, гарадское насельніцтва адцяснялі на ўскраіны і ў прадмесці (Менск, Гародня, Магілёў). Гарады разбівалі на раёны і кварталы з абавязковымі правіламі забудовы. На ўскраінах ставілі драўляныя дамы, у цэнтры — мураваныя. Кампазіцыйнымі восямі служылі галоўныя вуліцы. Цэнтральныя плошчы размяшчалі на месцы перасячэння галоўных магістралей. У вялікіх гарадах прадугледжаны праектам цэнтр звычайна сумяшчаўся з існуючым галоўным дойлідскім ансамблем. Дойлідства цэнтру вызначалася новай забудовай і манументальнымі будынкамі мінулых стагоддзяў. Праекты канца XVIII — пачатку ХІХ ст. ў галоўных рысах былі ажыццёўленыя да сярэдзіны ХІХ ст. Пазнейшыя планы распрацоўваліся па меры неабходнасці, да іх выканання прыцягваліся губернскія дойліды і каморнікі. Для гэтых работ характэрныя тыя ж прынцыпы, што і для праектаў канца XVIII ст., аднак заўважаецца больш удумлівы падыход да выкарыстання старой структуры гораду і існага рэльефу. Капітальная забудова (кляштары, манастыры, ратушы, мураваныя жылыя дамы, гістарычныя вуліцы і плошчы) улічвалася пры перапланіроўцы. Буйных ансамбляў класіцызму, нягледзячы на шырокія маштабы будаўніцтва, на Беларусі амаль не было створана, што тлумачыцца разгрупаваным узвядзеннем новых будынкаў і ўключэннем многіх класіцыстычных збудаванняў у старую структуру цэнтраў гарадоў. Выключэннем з’яўляецца забудова Гомеля паводле плану 1800 г. (дойлід Кларк), Бабруйскай і Берасцейскай фартэцыяй.

Ажыццяўленне праектаў рэгулярнай планіроўкі гарадоў пачыналася з будаўніцтва адміністрацыйных будынкаў — губернскіх і павятовых урадавых устаноў, судоў, архіваў, гарадской управы. Іх дойлідства з пачатку ХІХ ст. ў вялікай ступені збліжаецца з расейскай практыкай. Пры стварэнні ўрадавых будынкаў шырока выкарыстоўваліся праекты з Расеі. Выкананыя ў 1806 г. праекты ўрадавых будынкаў у Вілейцы, Дзісне і Бабруйску ідэнтычныя праектам для Кіеўскай губерніі. З пачатку 1820-х гг. адміністрацыйныя будынкі ўзводзіліся выключна паводле складзеных у Санкт-Пецярбургу ўзорных праектаў. Паводле праекту 1822 г. пастаўленыя будынкі ў Бабінавічах, Магілёве, Сянне, Бабруйску. Найбольш значныя пабудовы — Гарадзенскі дом віцэ-губернатара і Віцебскі палац губернатара былі выкананыя мясцовымі дойлідамі з выкарыстаннем фасадаў пецярбургскіх узорных праектаў. Будаўніцтва па ўзорных праектах атрымала шырокае развіццё пры ўзвядзенні паштовых станцый (Мілавідская паштовая станцыя, Няхачаўская паштовая станцыя і інш.).

У будаўніцтве гандлёвых будынкаў і гасціных двароў, корчмаў і шынкоў засталіся моцныя мясцовыя традыцыі. Аднак і гэтыя пабудовы пачалі набываць формы класічнага дойлідства, не трацячы адначасова традыцыйнай планіроўкі. Праекты ў асноўным выконваліся губернскімі дойлідамі (Пінскія гандлёвыя рады, Наваградскія гандлёвыя рады і інш.). Да стварэння некаторых буйных мураваных будынкаў прыцягваліся пецярбургскія дойлідыы (гасціны двор у Берасці). Новым тыпам гандлёвых збудаванняў сталі адна- двухпавярховыя крамы. З канца XVIII ст. дойлідства гарадскога жылога дому набывала рысы, уласцівыя тыпавому будаўніцтву (тыпавыя праекты былі рэалізованыя пераважна ў губернскіх гарадах). У іншых населеных пунктах дамы спалучалі традыцыйныя для народнага жылля планы і ўзорныя класіцыстычныя фасады, аздобленыя франтонамі, пілястрамі, ліштвамі, рустам. Мураваныя дамы з майстэрнямі рамеснікаў і крамамі гандляроў, з мансардамі пад дахам паўтаралі ўзоры XVIII ст. Пры агульнай планіровачнай структуры і падобнай кампазіцыі фасадаў дамы адрозніваліся дэкорам франтонных сцен. Матывы барока і класіцызму, спалучэнне гэтых форм пры вольнай трактоўцы дэталей былі звычайнай з’явай у забудове невялікіх гарадоў і мястэчак (Іўе, Ружаны, Слонім, Клецак і інш.). Тып такога дому, які склаўся за многія дзесяцігоддзі, задавальняў патрэбы ўладальніка і адпавядаў патрабаванням горадабудаўніцтва. З канца XVIII ст. паявіліся гарадскія дамы новага тыпу — 2—3-павярховыя, шматкватэрныя, з крамамі, прызначаныя для здачы ў наём. У сувязі з пераходам адукацыі ад духавенства ў кампетэнцыю дзяржавы на Беларусі з пачатку ХІХ ст. пашыраецца ўзвядзенне спецыяльных будынкаў для гімназій, павятовых вучылішчаў і прыходскіх школ. Дзякуючы творчасці дойліда Віленскай навучальнай акругі Падчашынскага стварэнне навучальных будынкаў на Беларусі набыло адметныя ад расейскай практыкі рысы. Яны выявіліся ў шырокай разнастайнасці аб’ёмна-планіровачных рашэнняў — ад развітых комплексаў, якія займалі цэлыя кварталы (будынак Свіслацкай гімназіі, павятовае вучылішча ў Бабруйску), да невялікіх кампактных у плане будынкаў (будынак Слуцкай мужчынскай гімназіі, павятовае вучылішча ў Берасці), а таксама ў рознай трактоўцы відарысу будынку, дзе выцягнутыя з шырокім выкарыстаннем ордэру кампазіцыі суседнічалі з рацыянальнымі прыёмамі бязордэрнай пабудовы фасадаў. У функцыянальнай арганізацыі будынкаў паявіўся шэраг новаўвядзенняў, напрыклад, блакіраваныя класныя пакоі вакол памяшкання сенцаў, што спрыяла ізаляцыі навучэнцаў розных узроставых груп.

1-я палова ХІХ ст. — час інтэнсіўнага будаўніцтва грамадскіх і ваенных шпіталяў, якія як самастойныя ўстановы ўзніклі на Беларусі пасля захопу яе Расейскай імперыяй. Яны сталі прыкметнай з’явай у гарадской забудове. Лячэбныя ўстановы, утвараючы комплексы з падкрэсленым галоўным будынкам і вялікім правільна спланаваным садам, часта паўтаралі ўзоры, выпрацаваныя ў расейскім дойлідстве, але набывалі большую спрошчанасць планіровачнага рашэння і апрацоўкі фасадаў. Галоўны 1—2-павярховы будынак уяўляў сабой выцягнуты сіметрычны корпус, часам П-падобны ў плане. Палаты, размешчаныя ўздоўж ці ўпоперак корпусу, злучаліся з калідорам, які праходзіў па падоўжанай восі будынку альбо прымыкаў да яго вонкавай сцяны. Ваенныя шпіталі значна пераўзыходзілі памерамі грамадзянскія. Лячэбныя будынкі, асабліва шпіталі, праектаваліся пецярбургскімі дойлідамі В.П. Стасавым, Штаўбертам і іншыми, а таксама губернскімі дойлідамі Чахоўскім, К. Хршчановічам, Міхаэлісам. Найбольшымі грамадзянскімі шпіталямі на Беларусі былі т. зв. Марыінскі шпіталь у Менску, шпіталь у Віцебску (глядзі артыкул "Віцебск. Будынк лякарні"), комплексы багадзельняў у Менску (1840-я гг., дойлід Хршчановіч) і Магілеве. Найбольш значныя ваенныя шпіталі — у Менску (глядзі артыкул "Менск. Будынкі вайсковага шпіталя"), Магілёве (1849—54 гг.), Бабруйскай фартэцыі.

1800—40-я гг.— перыяд найбольшага развіцця палацава-сядзібнага будаўніцтва на Беларусі, абумоўлены эканамічным уздымам і пэўнай палітычнай стабілізацыяй. Узведзеныя ў гэты час комплексы характарызуюцца разнастайнасцю прыёмаў пабудовы і дойлідска-кампазіцыйных сродкаў. Класіцыстычныя палацы канца XVIII — 1-й паловы ХІХ ст. мелі шырокую тыпалогію: ад невялікіх палаца-сядзібы да гарадскога палацавага комплексу, які займаў важнае месца ў планіровачнай структуры гораду. Яны вызначаюцца прастатой планавай пабудовы, рацыянальнасцю распрацоўкі, выкарыстаннем у дойлідска-мастацкай кампазіцыі перапрацаваных форм антычных ордэраў. Тыповымі для палацаў былі выцягнутыя, плоскасна распрацаваныя фасады і пластычна багатыя порцікі. У стварэнні палацава-сядзібных комплексаў вялікая роля ўладальнікаў маёнткаў, буйных памешчыкаў, густы якіх, абумоўленыя традыцыяй і палітычнымі сімпатыямі, арыентаваліся або на мясцовую віленскую школу, або на варшаўскія ўзоры, або на дойлідства Санкт-Пецярбургу і Масквы. Тэрытарыяльны ўплыў буйных культурных цэнтраў у асноўным адпавядаў рассяленню памешчыкаў розных нацыянальнасцей. У цэнтральных і заходніх раёнах Беларусі вырашальны быў уплыў віленскай і варшаўскай школ, ва ўсходніх — расейскага дойлідства.

Больш за ўсё было створана палацава-сядзібных комплексаў, арыентаваных на віленскую і варшаўскую школы. Ствараліся буйныя палацы з развітымі флігелямі і невялікія пабудовы (сядзібны дом у Вістычы Берасцейскага р-ну; 1830-я гг., дойлід Яшчалд). Шырока распаўсюдзіліся прастакутныя ў плане пабудовы з флігелямі, якія абкружалі вялікі парадны двор. Флігелі атрымлівалі трактоўку, блізкую да галоўнага будынку, у іх аздабленні выкарыстоўваўся ордэр. У будынках, якія ўзводзіліся пад уплывам варшаўскай школы, паявілася тэндэнцыя да стварэння дынамічнай, сугучнай эпосе барока прасторы (Гнезнаўская сядзіба, Валожынскі палац, Высокаўская сядзіба). Павялічылася колькасць палацаў са складанымі планам і аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Паланэчаўскі палацава-паркавы ансамбль), а таксама будынкаў з больш развітай прасторавай арганізацыяй (Залескі палацава-паркавы комплекс, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Іх паяўленне ў значнай ступені было абумоўленая ўплывам рамантызму. Гэтыя пабудовы вызначаліся агульнай рэгулярнай арганізацыяй з уключэннем у кампазіцыю асноўнага сіметрычнага элементу.

Мясцовыя дойліды стваралі і невялікія будынкі з выкарыстаннем, як правіла, прастакутнай формы плану і агульным вырашэннем, набліжаным да звычайных сядзібных дамоў (Нацкі сядзібны дом, Дзедзінская сядзіба, Янавіцкая сядзіба). Будынкі вызначаліся простым дэкорам фасадаў, лаканізмам і абагуленай трактоўкай дойлідскіх форм, свабоднай інтэрпрэтацыяй кананічнага ордэру. Сядзібныя дамы (гасподы) былі падобныя да сядзібных палацаў. Звычайна да дому прылягаў парадны двор і парк, часам рэгулярны — каля дому. На першым паверсе звычайна размяшчаліся парадныя пакоі, на другім ці на антрэсолях — жылыя памяшканні. Дойлідства класіцызму паўплывала і на формы драўлянага дойлідства. Пашыраныя былі калоны, антаблементы і інш., у сувязі з чым змяніліся і прапорцыі ордэру: павялічыўся пралёт паміж калонамі, сталі больш тонкія ствалы калон, паменшала вышыня антаблементу, спрасціліся профілі. Шалёўка сцен стала імітаваць мураваны руст. У канцы XVIII — ХІХ ст. ў маёнтках будавалі таксама дамы з ускладненай планіровачнай схемай, сваёй кампазіцыяй падобныя да абарончых збудаванняў мінулага. У іх былі квадратныя ў плане вежавыя пабудовы (алькежы) у кутах ці тарцовых частках (Поразаўская сядзіба). Сядзібныя дамы з высокім, часта ламаным дахам будавалі з дрэва, каменю ці ў іх спалучэнні. Большасць збудаванняў — драўляныя аднапавярховыя ці з антрэсоллю або двухпавярховыя, пераважна мураваныя. У сядзібным будаўніцтве класіцызм усталяваўся толькі ў 1-й трэці ХІХ ст. У сядзібных дамах паявіліся гладкія сцены з драўляным дарычным порцікам у цэнтры (Радзівілімонтаўскія сядзібы, Запольскі сядзібны дом). Сядзібныя дамы характарызаваліся дакладнасцю і рацыянальнай распрацоўкай плану, фасады — сіметрычнасцю пабудовы. У дойлідстве многіх драўляных гаспод выкарыстаныя мясцовыя прыёмы дэкору, заснаваныя на прыёмах народнага дойлідства.

Група пабудоў 1800—40-х гг. у маёнтках расейскіх памешчыкаў нязначная, бо ўладальнікі, якія атрымалі землі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і секвестрацый, пабудаваліся, а новых масавых наданняў у пачатку ХІХ ст. не рабілася. Уплывам рускага класіцызму пазначаны Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль, Хальчанскі палац, "паляўнічы домік" і палацава-паркавы ансамбль у Гомелі.

Побач з увядзеннем палацаў-сядзіб развівалася будаўніцтва палацаў гарадскога тыпу на галоўных вуліцах і плошчах. Яны не мелі вялікіх паркавых масіваў і ўключаліся ў агульны ансамбль гарадской забудовы, што ў практыцы горадабудаўніцтва было новай з’явай. Колькасць такіх палацаў невялікая, іх звычайна будавалі ўладальнікі гарадоў (Крычаўскі палац князя Р. Пацёмкіна).

З канца XVIII ст. будаўніцтва касцёлаў і уніяцкіх цэркваў на Беларусі рэзка скарацілася. У гэты перыяд узводзіліся пераважна праваслаўныя храмы, што тлумачылася русіфікатарскай палітыкай расейскага ўраду. Значны ўклад у праваслаўнае культавае будаўніцтва на Беларусі зрабілі расейскія дойліды Штаўберт і А.I. Мельнікаў. У іх творчасці найбольшае распаўсюджанне атрымалі кубічныя пабудовы з трапезнай і званіцай над галоўным уваходам, якія развівалі традыцыі старажытнарускага дойлідства (цэрквы ў Рэчыцы і Бабруйскай крэпасці, Мазалаўская царква Ушэсця). Значным помнікам класіцызму ў галіне культавага будаўніцтва з’яўляецца Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, у якім набыло далейшае развіццё спалучэнне класічнага порціка і купальнага аб’ёму. У пачатку ХІХ ст. пашырыліся храмы-ратонды (Чачзрская Спaca-Праабражэнская царква). У цэрквах гэтага тыпу (Стрэшынская Пакроўская царква, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы) адсутнічаюць традыцыйныя апсіды, раўнацэнна вырашаныя ўсе фасады, форма акон і ўваходаў тыповая для грамадзянскага дойлідства. Дойлідамі віленскай і варшаўскай школ ствараліся ў асноўным прастакутныя ў плане храмы з порцікам над галоўным уваходам (касцёл у Барысаве, Валожынскі касцёл Святога Юзафа). У творчасці беларускіх дойлідаў выкарыстоўвалася таксама традыцыйная для дойлідства барока схема плану ў выглядзе лацінскага крыжа (Спаская царква ў Віцебску, Валатоўская царква ў Гомелі). Сярод нешматлікіх каталіцкіх храмаў-ратондаў — Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў, Шчучынскі касцёл Тэрэзы, якім характэрная прысадзістая цэнтральная кампазіцыя.

У 1830-я гг. ў беларускім дойлідстве пачынае назірацца адыход ад класічнай школы і распад стылявога адзінства ў дойлідстве. Пабудовы пачалі траціць вядучую ролю ордэру, іерархічнасць у чляненнях фасадаў. Шырока выкарыстоўвалася раўнамерная рытмічная разбіўка плоскасцей фасадаў, у дэталізацыі якіх пераважала сухасць і здробленасць форм, перанасычанасць дэкаратыўнымі элементамі. На Беларусі гэтая рыса раней за ўсё выявілася ў грамадскіх будынках.

У 1830-я гг. ў дойлідстве Беларусі пачынаецца новы этап неаготыкі, які дасягнуў росквіту ў сярэдзіне ХІХ ст. ў рэчышчы эклектыкі. Найбольш поўна ён выявіўся ў палацава-сядзібных пабудовах і звязаны з вырашальным уплывам варшаўскай школы дойлідства (Косаўскі палац, Масалянскі палац, перабудова Ражанкаўскага Петрапаўлаўскага касцёлу). На Беларусі працавалі буйнейшыя варшаўскія дойліды А. Ідзкоўскі, Яшчалд, Г. Марконі. У параўнанні з канцом XVIII ст. аблічча неагатычных будынкаў зазнала істотныя змены. Элементы неаготыкі больш поўна ўкараняліся ў дойлідства. Структура будынку стала больш расчлянёнай, пашырыліся больш развітая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя і шматстайнасць форм. У 1830-я гады ў дойлідстве Беларусі адбывалася палярызацыя і нават ідэйнае процістаянне двух стыляў: у прыватным будаўніцтве ў маёнтках мясцовых магнатаў развівалася неаготыка, a ў дзяржаўным будаўніцтве і творчасці расейскіх дойлідаў — класіцызм.

 

Горадабудаўніцтва і дойлідства 2-й паловы ХІХ — пачатку ХХ ст.


За гэты перыяд беларускія гарады ў два разы і болей павялічылі свае тэрыторыі, відазмяніліся ці зусім зніклі асобныя тыпы будынкаў, у цэнтральных раёнах з’явіліся шматпавярховыя будынкі фінансавых і гандлёва-прамысловых устаноў, гарадскія асабнякі. Дамы гандлёва-рамеснай часткі насельніцтва і заможных гараджан станавіліся больш складанымі паводле планіроўкі. У гарадскім будаўніцтве больш шырока выкарыстоўваліся цэгла, новыя матэрыялы — чыгун, пракатнае жалеза, пазней — жалезабетон. Асноўным матэрыялам ускраіннай гарадской і вясковай забудовы заставалася дрэва.

Большасць будынкаў, узведзеных у гэты перыяд, вызначалася стрыманасцю і лаканічнасцю дэкаратыўных матываў. Гэтым беларускае дойлідства адрознівалася ад раскага, у першую чаргу пецярбургскага і маскоўскага. Найбольшай прыхільнасцю да традыцый, заснаваных на прынцыпах расейскага класіцызму, вызначалася дойлідства гарадоў Віцебскай губерніі. У сярэдзіне ХІХ ст. ў дойлідстве заходняй і цэнтральнай частак Беларусі выразна выявіліся тэндэнцыі паступовага адыходу ад класіцызму ў бок эклектыкі і стылізатарства.

Гэты працэс адбываўся не столькі з-за "выраджэння" класіцызму, колькі ў выніку афармлення новага, дыяметральна процілеглага ідэйна-эстэтычнага светапогляду. На розных узроўнях сацыяльна-палітычнага і нацыянальнага жыцця выспявала незадаволенасць афіцыйнай палітыкай імперыі.

Горадабудаўнічыя і дойлідска-мастацкія пераўтварэнні ў беларускім дойлідстве адбываліся ў агульным эўрапейскім кантэксце. У той жа час яны мелі характэрныя нацыянальныя і рэгіянальныя рысы, звязаныя з канкрэтнымі гістарычнымі і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі, багатымі культурнымі і мастацкімі традыцыямі, творчым узаемадзеяннем з нацыянальнымі культурамі суседніх народаў. Геаграфічнае становішча Беларусі спрыяла фармаванню на яе тэрыторыі ў 2-й палове ХІХ — пачатку ХХ ст. густой сеткі чыгунак. Новыя транспартныя шляхі спрыялі пашырэнню эканамічных сувязей, садзейнічалі урбанізацыі. Прамысловасць развівалася хуткімі тэмпамі. Інтэнсіўнае будаўніцтва чыгунак і развіццё прамысловасці сталі асноўнымі горадатворчымі фактарамі, якія істотна змянілі планіровачную арганізацыю паселішчаў, характар і маштаб горадабудаўніцтва. На Беларусі сфармаваліся чатыры асноўныя рэгіёны са сваімі дойлідскімі асаблівасцямі і цэнтрамі: заходні (Гарадзенская і частка Віленскай губерніі)— Вільня, Гародня, Берасце, Беласток; паўднёва-ўсходні (Палессе, поўдзень Менскай і Магілёўскай губерній) — Гомель, Пінск; цэнтральны (Менская губернія) — Менск; паўночна-ўсходні (Віцебская і Магілёўская губерніі) — Віцебск, Магілёў.

У горадабудаўніцтве Беларусі 2-й паловы ХІХ — пачатку ХХ ст. можна прасачыць два этапы: сярэдзіна ХІХ ст. — 1890-я гг., калі адбываліся істотныя планіровачна-структурныя змены (беларускі горад з параўнальна кампактнага ў XVIII — пачатку ХІХ ст. ператварыўся ў складаны арганізм, дзе важную ролю выконвалі функцыянальныя зоны — прамысловая, транспартная і жылая); 1890— 1917 гг., калі адбываліся якасныя змены дойлідскага напаўнення, звязаныя з новымі прагрэсіўнымі ідэямі ў грамадскім і культурным жыцці.

Для гарадоў сталі характэрнымі прыёмы рэгулярнай забудовы, якія спрыялі арганізацыі прастакутнай сістэмы кварталаў, стварэнню новых вуліц, плошчаў, сквераў і паркаў. Прыкметнай з’явай горадабудаўнічай практыкі стала тэндэнцыя лінейнага развіцця цэнтру. У выніку дынамічнага росту гарадоў кампазіцыйнай дамінантай у іх планіровачнай структуры становіцца не галоўная гарадская плошча, а магістральная вуліца, якая злучала чыгуначны вакзал з гістарычным цэнтрам. У 2-й палове ХІХ ст. на гэтай галоўнай транспартнай артэрыі гораду канцэнтраваліся дзяржаўныя гандлёва-фінансавыя, камерцыйныя і культурныя ўстановы, паступова трансфармуючы яе ў грамадскі цэнтр гораду. Галоўная магістраль пачынае ўплываць на функцыі вулічнай сеткі, на арганізацыю аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі гораду. Гэта спрыяла пашырэнню самога паняцця гарадскога цэнтру, якое стала больш умоўнае і пачало распаўсюджвацца на значны раён. Падобнае развіццё цэнтру назіраецца пры аналізе планіровачнай структуры Віцебску, Гомеля, Гародні, Менску, Магілёва.

У 2-й палове ХІХ ст. ў планіровачнай структуры некаторых гарадоў цэнтральнай і паўночна-ўсходняй Беларусі (Барысаў, Менск, Магілёў) адбылася пераарыентацыя ў маскоўскім кірунку галоўных кампазіцыйна-прасторавых восей і асноўнага напрамку тэрытарыяльнага росту, што было выклікана пашырэннем функцыянальна-транспартных сувязяў з Расеяй. Напрпыклад, у Менску асноўная кампазіцыйная вось з паўночнага напрамку (вул. Аляксандраўскай, сучаснай вул. Горкага) паступова пераарыентавалася на ўсходні напрамак (вул. Захар’еўскую, сучасны пр-т Ф. Скарыны). Забудова гэтай магістралі вызначалася інтэнсіўнасцю, капітальнасцю і высокім узроўнем мастацкай выразнасці, што падкрэслівала кампазіцыйную ролю вуліцы ў планіровачнай структуры гораду. Аналіз планаў губернскіх і буйных павятовых гарадоў Беларусі сведчыць, што развіццё цэнтр. кварталаў у гэты перыяд грунтавалася на сумяшчэнні прыёмаў рэгулярнасці і пейзажнасці (натуральнасці), што адлюстроўвала дух часу і адпавядала мастацкай сістэме эклектыкі. Прыкладамі пейзажнай арганізацыі гарадскога асяроддзя, калі буйныя грамадскія будынкі ўзводзілі з улікам гарадскога рэльефу, з’яўляюцца епархіяльнае вучылішча ў Менску (1864 г., дойлід А. Жукоўскі), Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Віцебскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, радзільны дом у Гомелі (1914 г., дойлід С. Шабунеўскі). Вялікае значэнне для фармавання новага аблічча беларускіх гарадоў мелі характэрныя ў гэты перыяд для Эўропы горадабудаўнічыя пераўтварэнні, звязаныя з ліквідацыяй сярэдневяковай фартыфікацыйнай сістэмы і правядзеннем работ па добраўпарадкаванні гэтых тэрыторый. У 1870-я гг. ў Віцебску на месцы знівеліраваных земляных валоў на Замкавай гары ўзведзены буйныя грамадскія будынкі (Віцебскага акруговага суда будынак, Віцебскай мужчынскай гімназіі будынак. Актыўна перабудоўваліся цэнтральныя кварталы, рэзка вырасла шчыльнасць іх забудовы, выпростваліся і расшыраліся вуліцы, ішла капітальная рэканструкцыя асобных будынкаў, якім часта дабудоўвалі дадатковыя паверхі. Гэтыя раёны мелі водаправод (Менск, 1874 г.; Гародня, 1876 г.; Магілёў, 1897 г.; Мазыр, 1900 г.), каналізацыю, электрычнае асвятленне, тэлефон. Тут ствараліся скверы, гарадскія сады і паркі (у 1872 г. пасаджаны гарадскі сад у Магілеве і Аляксандраўскі сквер у Менску, у 1873 г. — парк у Воршы, у 1876 г. — сад у Гомелі). У гарадах фармаваліся новыя плошчы (прывакзальная, тэатральная, адміністрацыйная). Напрыклад, у канцы 1880-х гг. акрэсліліся памеры прывакзальных плошчаў у Віцебску, Гомелі, Гародне, Полацку, Менску. У пачатку ХХ ст. з’явіліся новыя тыпы гарадскіх будынкаў ("народныя дамы", "дамы працавітасці", начлежныя дамы).

Вытворчыя тэрыторыі найчасцей размяшчалі ўздоўж транспартных восей або на іх скрыжаванні. За кароткі прамежак часу на гэтых месцах выраслі адносна буйныя прамысловыя зоны. Напрыклад, па некалькі прамысловых прадпрыемстваў канцэнтравалася ў раёне Ляхаўкі ў Менску і Занёманскім прадмесці (фарштаце) у Гародне. Буйныя вытворчыя аб’екты ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Пінску канцэнтраваліся ў месцах, дзе чыгунка праходзіла побач з буйной воднай артэрыяй. У гэты час пабудаваны: дрожджа-патачны, Кашарскі чыгуналіцейны і машынабудаўнічы заводы ў Менску; Добрушская папяровая фабрыка; чыгуна-медналіцейны і механічны заводы ў Магілеве; фабрыка запалак у Пінску; ільнопрадзільная фабрыка "Дзвіна" і чыгуналіцейны завод Грынберга ў Віцебску; тытунёвая фабрыка, Шарашоўскага ў Гародне і інш. Аб’ёмна-планіровачная структура прадпрыемстваў фармавалася з 1—2-павярховых карпусоў вытворчага прызначэння і будынку заводакіраўніцтва. Дойлідска-мастацкае вырашэнне фасадаў вызначалася стрыманай трактоўкай стылявых рыс, уласцівых тагачасным грамадзянскім пабудовам. Будаўніцтва вытворчых аб’ектаў ніяк не рэгламентавалася генпланам развіцця гарадоў, заводы і фабрыкі часта ўзводзіліся хаатычна, без уліку санітарна-гігіенічных аспектаў аховы асяроддзя, займалі лепшыя гарадскія пляцоўкі па берагах рэк, вытворчымі сцёкамі і выкідамі атручвалі прылеглыя раёны. У гэтым выявілася адна з адметных рыс горадабудаўніцтва 1890-х гг. — пачатку ХХ ст. — вострая супярэчнасць паміж ростам гарадоў і магчымасцю планамернай забудовы ў адпаведнасці з рассяленнем, функцыянальнымі зонамі, новымі законамі горадабудаўнічай кампазіцыйнай і дойлідска-мастацкай арганізацыі паселішчаў. Гарады, асабліва губернскія, тэрытарыяльна раслі за кошт прадмесцяў, унутраная планіровачная структура якіх фармавалася вакол невялікай плошчы — функцыянальнага цэнтра прадмесця (Занёманскае прадмесце ў Гародне, Траецкае і Ракаўскае прадмесці і Старажоўка ў Менску, Лупалава ў Магілёве). Тэрытарыяльны рост гарадоў фармаваў новыя прасторавыя сувязі. Асаблівае месца па-ранейшаму належала культавым пабудовам, якія з’яўляліся кампазіцыйнымі акцэнтамі і дамінавалі сярод 1—2-павярховай забудовы. Далейшае развіццё атрымаў традыцыйны прыём беларускай горадабудаўнічай практыкі — спалучэнне нізкага масіву жылой забудовы і акцэнтаваных па вертыкалі аб’ёмаў культавых будынкаў. Гэта забяспечвала кампазіцыйнае і мастацкае адзінства гарадскога асяроддзя. Культавыя будынкі ўзводзіліся ў гэты перыяд так, каб іх вертыкальная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя знаходзілася ва ўзаемным падпарадкаванні з існуючымі кульмінацыйнымі вузламі гістарычнага цэнтру. У выніку працягвала фармавацца не толькі сістэма горадатворчых вузлоў, але і развілася сістэма візуальнай сувязі паміж апорнымі будынкамі. Сілуэтныя і панарамныя вобразы якасна насычаліся, узбагачалі эстэтычны патэнцыял гораду. Дынамічнасць сілуэтаў Віцебску, Гародні, Менску, Магілёва, Полацку дасягалася за кошт паступовага нарастання рытму вертыкальных акцэнтаў па меры набліжэння да цэнтра. Ідэя актыўнага пераўтварэння планіроўкі і забудовы Менска належала дойліду К. Хршчановічу (працаваў менскім губернскім дойлідам з 1825 г. да 1863 г.), які адным з першых усвядоміў будучыя памеры гарадскога будаўніцтва. Прасторавая кампазіцыя гораду была раскрыта ім праз сістэму вертыкальных дамінантаў, прадумана размешчаных на мясцовасці, гарманічна дапасаваных да прыроднага ландшафту і структуры гарадскога плану.

З ростам гарадоў у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. абвастрылася праблема гарадскога транспарту. Калі першыя лініі конкі і трамвая пракладаліся ў найбольш людных месцах, дзе размяшчаліся буйныя будынкі адміністрацыйнага, вытворчага і транспартнага прызначэння (гістарычны цэнтр, вакзал, прамысловая зона), то ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. ўзвядзенне буйных грамадскіх будынкаў у сваю чаргу залежала ад трасіроўкі гарадскога транспарту. Уздоўж або паблізу транспартных ліній канцэнтравалася найбольш камфартабельнае жыллё, значна паляпшалася якасць забудовы. Горадабудаўнічая практыка пачатку ХХ ст. выявіла тэндэнцыі да дэмакратызацыі, што адлюстравалася ў пэўнай нівеліроўцы адрозненняў паміж цэнтрам і ўскраінамі. У перыферыйных раёнах гораду пачалі ўзводзіцца шпіталі, школы, тэхнічныя і рамесніцкія вучылішчы, іншыя будынкі грамадскага прызначэння.

У дойлідстве Беларусі 2-й паловы ХІХ — пачатку ХХ ст. пашырыўся рэтраспектыўны (эклектычны) кірунак, развіццё якога можна падзяліць на тры этапы: 1) сярэдзіна ХІХ ст. — 1860-я гг. — пераход пад уплывам рамантызму ад класіцыстычнай стылістыкі да форм дойлідскай спадчыны, у прыватнасці готыкі (засваенне гістарычных стыляў адбывалася яшчэ ва ўмовах тэктанічнай сістэмы класіцызму); 2) 1860—90-я гг. — шырокае выкарыстанне метаду гістарызму, асновай якога з’яўлялася паслядоўная арыентацыя на дойлідскія стылі мінулага; гістарызм на Беларусі развіваўся ва ўмовах узмацнення ўрадавага кантролю за культурным жыццём і сфармаваўся ў двух напрамкі — афіцыйны (т.зв. псеўдарускі), з арыентацыяй на візантыйскія і старажытна-рускі ўзоры і дыяметральна процілеглы, звязаны з нацыянальна-вызваленчымі і дэмакратычнымі ідэямі, арыентаваны на дойлідскую спадчыну Заходняй Эўропы; З) 1890—1917 гг. — узнікненне на рэтраспектыўна-эклектычным фоне новых дойлідскіх кірункаў: мадэрну і неакласіцызму.

Сферай пашырэння эклектыкі найперш былі будынкі масавага прызначэння: гарадское жыллё, даходныя дамы, навучальныя і адміністацыйныя пабудовы, гандлёва-фінансавыя ўстановы, шпіталі і інш. З сярэдзіны ХІХ ст. яны шмат у чым пачынаюць фармаваць новае мастацкае аблічча гарадоў. Асноўны ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў. Дойліды адвольна спалучалі ў будынках формы готыкі, рэнесансу і барока, стваралі кангламераты дойлідскіх форм, стыль якіх цяжка вызначыць. Навучальныя ўстановы і банкі звычайна афармляліся пад рэнесанс (будынак Гомельскай мужчынскай гімназіі), тэатры — пад барока (будынак Менскага гарадскога тэатру), касцёлы — пад готыку (Віцебскі Варварынскі касцёл). З канца 1870-х гг. у гарадах Беларусі пачаў пашырацца псеўдарускі стыль, асабліва яго цагляны, найбольш эканамічны варыянт (Бешанковіцкая Ільінская царква, Барысаўскі Васкрасенскі сабор). Напачатку гэты стыль з’яўляўся манаполіяй праваслаўнага культавага дойлідства (пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—64 гг. на Беларусі з мэтаю русіфікацыі насельніцтва ўзводзілася шмат праваслаўных храмаў), але паступова ён знайшоў прыхільнікаў і ў грамадзянскім будаўніцтве (будынкі Магілёўскай жаночай гімназіі і Магілёўскага рэальнага вучылішча, Клімавіцкі жылы дом і інш.). Стылізатарства ў духу традыцый старажытна-рускага дойлідства з багатай арнаментацыяй і ўзорыстасцю цаглянай муроўкі найбольш распаўсюдзілася ў дойлідстве Магілева (будынкі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру і Магілёўскай гарадской управы). Тут працавалі дойліды М. Вошчын, П. Камбураў, У. Мільяноўскі, П. Кальнін, якія арыентаваліся на маскоўскую школу. Характэрна, што ў беларускам прамысловам дойлідсте з найбольшай устойлівасцю вызначылася тэндэнцыя вырашэння фабрычна-заводскіх будынкаў не ў псеўдарускіх, а ў псеўдагатычных формах, якія ў пачатку ХХ ст. ўзбагаціліся элементамі стылю мадэрн.

Большасць беларускіх і запрошаных дойлідаў праблему нацыянальнай самабытнасці беларускага дойлідства вырашалі шляхам насычэння сваіх твораў шматлікімі этнаграфічнымі і археалагічічнымі дэталямі: Чырвонабярэжская сядзіба, даходны дом па сучаснай вул. Савецкай у Гомелі, будынак Менскай жаночай гімназіі, Гарадзенскія водапомпавыя вежы, вытворчы корпус дрожджа-вінакурнага заводу ў Менску (цяпер завод "Крышталь"), Холмская брама Берасцейскай фартэцыі і інш. Некаторыя дойліды спрабавалі рабіць толькі інтэрпрэтацыі асобных элементаў сярэдневечных замкавых форм, кіруючыся кампазіцыйнымі метадамі іх пабудовы (будынак Менскага царкоўна-археалагічнага музея, Краскаўская сядзіба, Ляснянскі мемарыяльны комплекс і інш.).

У галіне форматворчасці беларускія дойліды таксама звярталіся да традыцый нацыянальнай культуры. Для вонкавага аздаблення будынкаў многія з іх шырока выкарыстоўвалі элементы мастацкага кавальства (кранштэйны, краты, агароджы). Па эскізах і малюнках дойлідаў лепшыя мясцовыя майстры стваралі непаўторныя пластычныя кампазіцыі, якія значна ўзбагачалі дойлідскую тканіну твору (Гомельская капліца, Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса, дом купца Мураўёва ў Гародне і інш.). Для аздаблення будынкаў традыцыйна шырока выкарыстоўвалася дэкаратыўная кераміка. Цікаўнасць да гэтага матэрыялу значна павялічылася ў перыяд засваення беларускім дойлідствам стылю мадэрн. Вытворчасць буйных маёлікавых дэталей (пілястраў, карнізаў, кранштэйнаў, ліштваў) была разгорнута на керамічных заводах у Копысі, Барысаве, Віцебску, Магілёве. Прыкладамі ўмелага выкарыстання паліхромнай керамікі ў беларускім дойлідстве з’яўляюцца Мірская капліца, Успенская царква ў в. Пірэвічы Жлобінскага р-ну, будынкі Віцебскага і Магілеўскага пазямельна-сялянскага банку, будынак гатэля "Эўропа" ў Менску і інш. У дэкоры актыўна выкарыстоўвалася разьба па дрэве.

У канструкцыйным сэнсе мадэрн на Беларусі развіваўся двума шляхамі: 1) з арыентацыяй на готыку, на асэнсаванне яе канструкцыйных і фарматворчых прынцыпаў; быў адносна раўнамерна распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі (Галавічпольская сядзіба); 2) з рамантычнай арыентацыяй на нацыянальныя традыцыі ранняга сярэднявечча; быў пашыраны пераважна ў паўночна-ўсходнім рэгіёне (будынак Лужаснянскай земляробчай школы). Адметнай рысай ранняга беларускага мадэрну 1890—1907 гг. з’яўлялася дэманстратыўнае адмаўленне ад механічных копій гістарычных форм дойлідства. На гэтым этапе асаблівая ўвага аддавалася не столькі аб’ёмна-прасторавай арганізацыі будынку, колькі яго дэкаратыўна-пластычнаму афармленню (будынак крэдытнай канторы на сучаснай вул. Савецкай, 46; дом купца Касоўскага на сучаснай вул. Кірава, 32, у Гародне; дом камерсанта Грошыкава на сучаснай вул. Бялецкага 5, у Гомелі; Менскі гасціны двор).

У 1907—17 гг., у перыяд сталага мадэрна, усталявалася больш трывалая сувязь паміж дойлідствам і функцыяй будынку (даходны дом К. Кастравецкай на сучаснай вул. Кірава, 11, у Менску; глядзі артыкул "Менск. Жылыя дамы"). Інтуітыўна адчуваючы крызіс эклектыкі, некаторыя беларускія дойліды пераасэнсоўвалі сваё стаўленне да дойлідскай спадчыны і будучыні дойлідства. Паслядоўным прадстаўніком стылізатарства на Беларусі быў гомельскі дойлід С. Шабунеўскі, творчы метад якога быў заснаваны на рацыянальным сналучэнні функцыі і мастацка-эстэтычных якасцей будынка (будынак Гомельскай мужчынскай гімназіі, Гомельскі дом урача, будынак радзільнага дому ў Гомелі, 1916 г.). З 1890-х гадоў многія дойліды, імкнучыся надаць сваім творам самабытны нацыянальны характар, працавалі ў кірунку творчага пераасэнсавання дойлідскай спадчыны беларускага сярэднявечча (Берасцейскі чыгуначны вакзал, будынак Мікалаеўскага чыгуначнага вакзалу ў Полацку, Расонская сядзіба). Але нацыянальная самабытнасць выяўлялася пры гэтым не заўсёды адназначна. He валодаючы належным запасам гістарычна-мастацкіх ведаў нацыянальнай культуры, некаторыя інтэрпрэтатары дойлідска-гістарычнай спадчыны не праводзілі выразных межаў паміж беларускай, польскай і рускай культурамі.

Адной з яркіх нацыянальных асаблівасцей беларускага дойлідства з’яўлялася выкарыстанне дзікага каменю дзеля дасягнення мастацкай выразнасці будынку. Найбольшай папулярнасцю гэты мясцовы будаўнічы матэрыял карыстаўся ў заходніх, цэнтральных і часткова паўночна-ўсходніх рэгіёнах (Ліпнішскі Казіміраўскі касцёл; Зарачаўскі вадзяны млын; рэканструкцыя Браслаўскага касцёла; Пакроўская царква ў в. Краснае Маладзечанскага р-ну, 1889 г.; касцёл ў в. Стайкі Менскага р-ну, 1903 г.; Пакроўская царква ў в. Тударава Карэліцкага р-ну). На рубяжы стагоддзяў дзікі камень і валуны ў будаўнічай практыцы пачалі замяняць колатым каменем. Вялікія шчыліны-швы запаўняліся жвірам або галькай. Гэтую тэхніку спалучалі з цаглянай муроўкай, атынкаванай гладкай або фактурнай паверхняй, што давала магчымасць ствараць яркія каларыстычныя кампазіцыі.

З шматлікіх кірункаў мастацка-стылявога развіцця дойлідства ў рэчышчы мадэрна найбольш пашыраным на Беларусі быў неакласіцызм. Прыкметны ўплыў на фармаванне эстэтычнай канцэпцыі беларускага неакласіцызму зрабіла творчасць менскіх дойлідаў Г. Гая і С. Гайдукевіча (будынак сельскагаспадарчай страхавой кампаніі, глядзі артыкул "Менск. Адміністрацыйны будынак"; даходныя дамы на сучасных вуліцах К. Маркса, 30, Савецкай, 17 і 19, у Менску). У стылі неакласіцызму выканана забудова сучаснай вул. Леніна ў Пінску, пабудаваны даходныя дамы на сучасных вуліцах Савецкай, 10, і Тэльмана, 9, у Гародне і інш. Уздзеянне эстэтыкі мадэрна выявілася таксама ў неараманскім і неагатычным стылях. Стылізацыяй на тэму раманскага стылю з’яўляецца Менскі касцёл Сімяона і Алены. Абсалютная большасць касцёлаў, узведзеных у 1890—1917 гг. на Беларусі, выканана ў неаготыцы (Вілейскі крыжаўзвіжанскі касцёл, Івянецкі Аляксееўскі касцёл, Міёрскі Успенскі касцёл, Ракаўскі касцёл і інш.).

На дойлідскае аблічча і агульны ўзровень добраўпарадкавання вялікіх гарадоў значны ўплыў зрабіла творчасць дойлідаў і грамадзянскіх інжынераў, якія звязалі сваю творчасць з асобнымі гарадамі: Віцебскам (Ц. Кібардзін, У. Коршыкаў, В. Вулканаў), Гомелем (К. Торлін, Шабунеўскі), Гародней (С. Гур’еў, П. Залатароў), Магілёвам (Камбураў, Мільяноўскі, Кальнін), Менскам (В. Струеў, К. Увядзенскі, Гай, Гайдукевіч, К. Хршчановіч, О. Краснапольскі). Уклад у развіццё беларускага дойлідства зрабілі польскія (С. Шылер, Ю. Дзянькоўскі, К. Казлоўскі і інш.) і расейскія дойліды (Д. Грым, А. Гаген, В. Касякоў, В. Кенель, Р. Марфельд, А. Муніц, К. Тон, К. Тарасаў, I. Фамін, Ф. Шэхтэль і інш.). У гэтым выявілася традыцыйнае ўзаемадзеянне на Беларусі заходняй і ўсходняй культур.


Дойлідства савецкага перыяду

 

Пасля Кастрычніцкага перавароту новыя сацыяльныя ўмовы стварылі магчымасць развіцця і ўдасканалення горадабудаўніцтва, стварэння новых тыпаў будынкаў і збудаванняў, якія забяспечылі б найлепшыя ўмовы для жыцця, працы і грамадскай дзейнасці людзей. Гісторыя беларускага дойлідства звязаная з гісторыяй усяго савецкага дойлідства. Асновай развіцця дойлідства Беларусі стала індустрыялізацыя народнай гаспадаркі і звязаны з ёй рост аб’ёму будаўніцтва. Рэканструкцыя гарадоў праводзілася па навукова абгрунтаваных генеральных планах з улікам эканамічнага і культурнага прагрэсу, наяўнай планіроўкі і перспектывы росту. На працягу 1930-х гадоў складзеныя генпланы Менску, Віцебску, Гомеля, Магілёва, Воршы, Мазыру, Полацку і інш. У 1935 г. створаны Саюз дойлідаў БССР, у 1933 г. — інстытут "Белдзяржпраект", у 1936 г. — "Белпрампраект".

У І Сусветную і грамадзянскую войны гарады і вёскі Беларусі былі значна разбураныя. Да сярэдзіны 1920-х гадоў вялося ўпарадкаванне народнай гаспадаркі, аднаўляліся разбураныя, рэканструяваліся старыя дамы і збудаванні. У першую чаргу аднаўляліся вытворчыя памяшканні, на базе аб’яднання саматужных і паўсаматужных узнікалі дзяржаўныя прамысловыя прадпрыемствы. Канфіскаваныя ў прыватных асоб будынкі прыстасоўваліся для грамадскіх патрэб, а былыя даходныя дамы ператвараліся ў Дамы Саветаў і засяляліся сем’ямі рабочых. Жыллёвая праблема ў той час вырашалася галоўным чынам за кошт індывідуальнага будаўніцтва, а з 1924 г. і за кошт арганізацыі жыллёвых кааператываў. Пасля заканчэння аднаўленчага перыяду (1921—25 гг.) разам з рэканструкцыяй старых прадпрыемстваў (заводы "Пралетарый" і "Чырвоная зара" ў Менску, "Чырвоны металіст" і фабрыка "Дзвіна" ў Віцебску, "Чырвоная Бярэзіна" ў Барысаве і інш.) пачалося будаўніцтва новых прадпрыемстваў. На працягу 1928—32 гг. у БССР уведзеныя ў эксплуатацыю больш за 300 прамысловых прадпрыемстваў, у т.л. БелДРЭС, завод "Гомсельмаш", Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, шэраг станкабудаўнічых заводаў у Менску, Магілёве, Віцебску. Побач з прадпрыемствамі ўзнікалі рабочыя пасёлкі з 1—2-павярховых дамоў на 2—16 кватэр. У гэтыя гады пачалося будаўніцтва буйных грамадскіх будынкаў, у т.л. канторы Дзяржаўнага банку СССР па вул. Савецкай (1927—29 гг., дойліды Г. Гольц, М. Паруснікаў), Універсітэцкага гарадку, комплексу І Усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы ў раёне сучаснага парку Чэлюскінцаў (1930—31 гг., дойліды А.П. Воінаў, I. Валадзько, М. Гіляроў, А. Крылоў, Г. Лаўроў) у Менску. Народны дом (1927—29 гг., дойлід Г. Оль) у Бабруйску, клубы металістаў (1927—30 гг., дойлід А. Васільеў) у Менску і Віцебску, клуб чыгуначнікаў (1928—30 гг., дойлід К. Кірылаў) у Гомелі, а таксама шэраг шматпавярховых жылых дамоў у цэнтрах буйных гарадоў. Для знешняга выгляду гэтых будынкаў характэрныя лаканічнасць і прастата дойлідска-мастацкага вырашэння фасадаў. Праектаванне і будаўніцтва Дому ўраду БССР супала з развіцццём новых тэндэнцый у дойлідстве Беларусі. Яго аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснаваная на сіметрычным нарастанні да цэнтру аб’ёмаў і вышыні, аднаматыўнай (без дадатковых дойлідскіх дэталей) трактоўцы вертыкальных чляненняў па ўсім перыметры будынку; кампазіцыйным і сэнсавым цэнтрам ансамбля стаў помнік Леніну (скульптар М. Манізер, дойлід I. Лангбард). У гады 2-й пяцігодкі (1932—37 гг.) далейшае развіццё атрымала жыллёвае будаўніцтва. Разам з малапавярховым, індывідуальным і пасялковым будаўніцтвам павялічваліся аб’ёмы будаўніцтва жылых дамоў вышэй за чатыры паверхі (звычайна размяшчаліся на галоўных вуліцах у цэнтрах гарадоў). Вялікая ўвага надавалася аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і пластыцы фасадаў, планіроўцы і добраўпарадкаванню кватэр. Характэрнымі прыкладамі ў гэтых адносінах могуць служыць пабудаваныя ў 1932—36 гг. дамы спецыялістаў, у т.л. Менскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, дом інжынерна-тэхнічных работнікаў (дойлід А.П. Воінаў) і 3-і Дом Саветаў (дойліды А. Дзянісаў, У. Вараксін) у Менску, жылыя дамы Саветаў (дойліды А.П. Воінаў, А. Брэгман) у Магілёве, гарсавету (дойлід Н. Макляцова) у Гомелі. З 1936 г. пачаўся інтэнсіўны пошук рацыянальных тыпаў жылых дамоў, секцый і кватэр, укараняліся прагрэсіўныя метады будаўніцтва. Дойліды А.П. Воінаў, Макляцова, В. Батоева распрацавалі тыпавыя праекты жылых дамоў на 8, 12, 24, 36 кватэр для масавага будаўніцтва. Выкарыстоўваліся ў жыллёвым будаўніцтве і тыпавыя секцыі, распрацаваныя Акадэміяй дойлідства СССР (напрыклад, у жылых дамах на 115 і 127 кватэр, дойлід Р. Столяр, на пл. Перамогі і на 130 кватэр, дойлід А. Брэгман, на пр-це Ф. Скарыны ў Менску). У першых паверхах многіх шматпавярховых жылых дамоў прадугледжваліся памяшканні для прадпрыемстваў побытавага абслугоўвання, гандлю, дзіцячых дашкольных устаноў і інш. Шырока выкарыстоўваліся тыпавыя праекты школ на 880, 400 і 280 вучняў. У 1930-я гг. ў цэнтрах гарадоў узведзеныя буйныя грамадскія будынкі: Акруговы Дом афіцэраў, будынак Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету БССР, Акадэмічны гарадок, гатэль "Беларусь" (з 1985 г. "Свіслач", з 2008 г. "Crowne Plaza Minsk"), будынак ЦК КПБ (1939—41 гг., завершаны ў 1947, дойліды Воінаў, Вараксін), інстытут фізкультуры (1936—39 гг., дойліды А. Воінаў, Брэгман), Дзяржаўная бібліятэка (1932 г., дойлід Г. Лаўроў), будынкі Беларускага політэхнічнага інстытуту ў Менску, Магілёўскі Дом Саветаў, Магілёўскі адміністрацыйны будынак, кінатэатр "Радзіма" (1938—40 гг., дойлід Вараксін) у Магілеве і інш. Разам з удалай функцыянальнай арганізацыяй гэтыя будынкі вызначаюцца высокімі дойлідска-мастацкімі якасцямі і адыгралі значную ролю ў змяненні аблічча нашых гарадоў. Для беларускага дойлідства 1930-х гг. адметнай была плённая творчая дзейнасць I. Лангбарда і А.П. Воінава. Іх пабудовы садзейнічалі фармаванню пэўнай стылістычнай накіраванасці дойлідства ў рэспубліцы, якая не супярэчыла агульным прынцыпам савецкага дойлідства, але адрознівалася ад прынцыпаў іншых нацыянальных рэгіёнаў краіны, для якіх у той час быў характэрны зварот да форм класічнага дойлідства. Наватарства беларускіх дойлідаў было цесна звязанае з развіццём традыцый беларускага дойлідства: стрыманасць мастацкіх сродкаў, выразнасць прасторавай кампазіцыі, чысціня прыёмаў, умелае выкарыстанне будаўнічых матэрыялаў.

У гады II Сусветнай вайны было разбурана і спустошана 209 гарадоў і раённых цэнтраў, спалена 9200 вёсак, знішчана больш за 8 млн. м2 (74% жылога фонду, 1,2 млн. дамоў, разбурана ці звезена ў Нямеччыну больш за 10 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, большасць грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Цэлыя раёны Беларусі, у т.л. Асвейскі, Бягомльскі, Дубровенскі, Лельчыцкі, Мехаўскі, Плешчаніцкі, Расонскі, Суражскі, былі поўнасцю спустошаныя.

Пасля вызвалення Беларусі за кароткі час былі адноўленыя і створаныя тысячы фабрычна-заводскіх, жылых і грамадскіх збудаванняў. У 1946—49 гг. інстытутам "Белдзяржпраект" і іншымі праектнымі аргцыямі распрацаваныя праекты генпланаў для ўсіх абласных і большасці раённых цэнтраў БССР, у т.л. Менску (1946 г., дойліды М. Андросаў, М. Трахтэнберг, пры ўдзеле Ю. Ягорава), Берасця (1948 г., дойліды А. Хегай, Л. Федчанка), Віцебску (1947 г., дойліды А. Касьянаў і інш.), Гомеля (1947 г., дойліды I. Сяргееў і інш.), Гародні (1949 г., дойлід А. Кліменка), Магілёва (1947 г., дойліды Андросаў, М. Парсаданаў), Воршы (1948 г., дойлід Л. Мацкевіч), Полацку (1949 г., дойліды Г. Заборскі, Мацкевіч, Хегай), Рагачова (1949 г., дойлід Г. Мішчанка), Слуцаку (1947 г., дойлід Парсаданаў) і інш. У пераважнай большасці праекты былі створаныя з улікам планіроўкі гарадоў, што склалася гістарычна, прадугледжвалі ўдасканаленне планіровачнай структуры, закладвалі прынцыпы функцыянальнага заніравання, добраўпарадкавання і азелянення, што садзейнічала комплекснаму вырашэнню сацыяльных, эканамічных, тэхнічных, гігіенічных і дойлідска-мастацкіх задач. Але многія з гэтых праектаў прадугледжвалі карэнную рэканструкцыю ці нават поўнае знішчэнне гістарычнай спадчыны, не ашчадна ставіліся да помнікаў дойлідства. Да пачатку 1950-х гг. была поўнасцю адноўленая асноўная вытворчая база рэспублікі, пабудаваныя новыя буйныя прадпрыемствы, у т.л. аўтамабільны і трактарны заводы ў Менску, лакамабільны ў Гомелі, дарожных машын і механізмаў у Магілёве, шоўкаткацкая фабрыка ў Віцебску, завод швейных машын у Воршы і інш. Індустрыяльнае развіццё гарадоў Беларусі суправаджалася павелічэннем аб’ёмаў масавага жыллёвага будаўніцтва. Паралельна з аднаўленнем разбураных будынкаў і ўзвядзеннем індывідуальных жылых дамоў, вялося і дзяржаўнае жыллёвае будаўніцтва паводле тыпавых праектаў 1—3-павярховых жылых дамоў на 4—24 кватэры. Імі забудоўваліся вуліцы, кварталы і цэлыя пасёлкі (напрыклад, трактарнага і аўтазаводу ў Менску, заводу "Гомсельмаш" у Гомелі, ільнокамбіната ў Воршы і інш.). У шырокіх маштабах вялося аднаўленне старых і будаўніцтва новых грамадскіх будынкаў. Была адноўленая сетка школ, пабудавана значная колькасць дашкольных, лячзбна-прафілактычных і культурна-асветніцкіх устаноў. Яскравай старонкай савецкага горадабудаўніцтва стала рэалізацыя генплану Менску, які прадвызначыў выраўноўванне і расшырэнне галоўных магістралей, стварэнне новых ансамбляў. Выдатным дасягненнем савецкага горадабудаўніцтва першага пасляваеннага дзесяцігоддзя стала забудова Ленінскага праспекту (цяпер праспект Ф. Скарыны) ў Менску (дойліды М. Паруснікаў, Г. Баданаў, М. Баршч і інш.). Вопыт, набыты ў працэсе стварэння галоўнай магістралі Менску, шырока выкарыстаны пры рэканструкцыі і забудове цэнтраў іншых буйных гарадоў Беларусі — вул. Кірава ў Віцебску (1950—57 гг., дойліды В. Гусеў, В. Данілаў і інш.), вул. Першамайскай (1950—56 гг., дойліды Л. Рымінскі, М. Семяненка) у Магілёве, пр-ту Леніна ў Гомелі і інш. У 1-е пасляваеннае дзесяцігоддзе гарады і вёскі рэспублікі былі не толькі адроджаныя, але і закладзеныя асновы іх далейшага развіцця. У працэсе аднаўлення выпраўляліся недахопы іх функцыянальнай і прасторавай арганізацыі, вырашаліся задачы транспартных сувязей, узніклі першыя ўзбуйненыя масівы з развітой сістэмай культурна-побытавага абслугоўвання, праводзіліся працы па добраўпарадкаванні і азеляненні, ствараліся новыя магістралі і грамадскія цэнтры — сістэмы развітых прасторавых кампазіцый, якія вызначаюць асноўныя рысы гарадской структуры. Удасканальваліся ўсе віды і тыпы будынкаў і збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання, развіваліся новыя формы будаўніцтва. Для вырашэння фасадаў было характэрным выкарыстанне класічных матываў. Аднак празмернае аздабленне фасадаў і інтэр’ераў адмоўна адбілася на вырашэнні функцыянальных, тэхнічных і эканамічных пытанняў і тэмпах росту будаўніцтва. У той час створаная значная колькасць грамадскіх будынкаў: адміністрацыйны будынак, гарадская універальная крама, цырк, галоўны паштамт, Дзяржбанк (1953 г., дойлід М. Паруснікаў) у Менску, Палацы культуры на пл. Леніна ў Віцебску і на вул. Першамайскай у Магілёве, Палац культуры энергетыкаў у Светлагорску і інш.

З сярэдзіны 1950-х гг. пачаўся новы этап развіцця горадабудаўніцтва і дойлідства Беларусі, які характарызаваўся масавым укараненнем індустрыяльных метадаў будаўніцтва. Асаблівая ўвага надавалася эканоміцы будаўніцтва, выкарыстанню зборнага жалезабетону, максімальнай уніфікацыі і тыпізацыі. Адначасова рэзка крытыкавалася творчасць у галіне дойлідства папярэдніх гадоў. Дойлідства перасталі разглядаць як галіну духоўнай культуры, над ёй устанавіўся жорсткі дыктат будаўнічай вытворчасці. Забудова гарадоў, у першую чаргу будаўніцтва жылых дамоў і грамадскіх збудаванняў, паступова ператваралася ў зборку гатовых элементаў і дэталей заводскага вырабу, што патрабавала перагляду і шырокага развіцця методыкі тыпавога праектавання. Па тыпавых праектах узводзілася 60% усіх аб’ектаў вытворчага прызначэння, 90—95% жылых дамоў і 90% збудаванняў культурна-побытавага прызначэння. Рэалізацыя новых прынцыпаў з’явілася даволі складаным працэсам, патрабавала часу для перабудовы дойлідскай дзейнасці і набыцця вопыту. Асноўным кірункам стала забудова вялікіх жылых масіваў пераважна на вольных тэрыторыях. Шырокая сетка домабудаўнічых камбінатаў і іншых прадпрыемстваў будаўнічай індустрыі дала магчымасць на аснове тыпавых праектаў разгарнуць буйнаблочнае і буйнапанельнае домабудаванне. Створаныя ўзбуйненыя кварталы па вуліцах К. Лібкнехта, Чырваназорнай, Арлоўскай у Менску. З канца 1950-х гг. пачалася рэалізацыя шырокай праграмы паляпшэння жыллёвых умоў. Укараняліся новыя прынцыпы планіроўкі і забудовы — жылыя раёны і мікрараёны, якія сталі асноўнымі структурнымі элементамі жылых зон гарадоў. Упершыню новыя прынцыпы арганізацыі сялібных тэрыторый ажыццёўленыя ў мікрараёнах па вул. Валгаградскай (1958—61 гг., дойліды Г. Парсаданаў, Г. Булдаў, П. Громаў і інш.), дзе разам з прасторава-планіровачнымі прыёмамі забудовы жылых масіваў эксперыментальную праверку атрымала і сістэма прадпрыемстваў культурна-побытавага абслугоўвання і функцыянальнае, канструкцыйна-тэхнічнае вырашэнне комплексаў жылых дамоў і грамадскіх будынкаў. У пачатку 1960-х гадоў забудаваныя мікрараёны Зялёны Луг-1 і Зялёны Луг-2 (дойліды А. Шалякін, Э. Левіна, Л. Сакалова), па вул. Харкаўскай (дойліды В. Варской, М. Мызнікаў, Л. Есьман, I. Люблінскі) у Менску, Мір-1 і -2 (дойліды I. Фралоў і інш.) у Магілёве, па вул. Фрунзе і Смаленскай шашы (дойліды Я. Ліневіч, А. і В. Данілавы, А. Бельскі) у Віцебску, па Рэчыцкай шашы (дойлід I. Бурлака) у Гомелі, па вул. Горкага (дойліды В. Бажко, I. Мазнічка) у Гародне, a таксама ў новых гарадах — Салігорску (дойліды Г. Парсаданаў, А. Сідзельнікаў), Наваполацку (дойліды Я. Ліневіч і інш.), Светлагорску (дойліды В. Анікін, Г. Булдаў, Г. Трушнікава) і інш. Мікрараёны звычайна размяшчаліся на свабодных тэрыторыях і забудоўваліся па тыпавых праектах жылымі дамамі з эканамічнымі кватэрамі ("хрушчоўкамі") з традыцыйных матэрыялаў (дойліды I. Елісееў, В. Аладаў, Г. Бенядзіктаў, А. Духан і інш.) і буйнапанельнымі дамамі (дойліды М. Розанаў, Ю. Шпіт, Н. Шпігельман і інш.). Вялікія змены адбыліся ў праектаванні і будаўніцтве масавых тыпаў грамадскіх будынкаў, у першую чаргу устаноў культурна-побытавага абслугоўвання насельніцтва. У фармаванні сялібных тэрыторый пануючай стала тэндэнцыя ўзбуйнення структурных элементаў гораду — мікрараёнаў і жылых раёнаў з укараненнем ступеньчатай сістэмы культурна-побытавага абслугоўвання. Створаныя буйныя жылыя раёны Чыжоўка, Серабранка, Курасоўшчына, Захад, Паўднёвы Захад у Менску, Усходні ў Берасці, па вул. Савецкай і Валатава ў Гомелі, па вул. Савецкіх пагранічнікаў у Гародне, па праспектах Пушкіна і Міру ў Магілёве, буйныя жылыя масівы ў Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Маладзечне, Воршы і інш. З сярэдзіны 1960-х гг. удасканальваліся дойлідска-планіровачная арганізацыя і кампазіцыйныя прыёмы забудовы. Створаны комплекс жылых і грамадскіх будынкаў на вул. Талбухіна ў Менску (1966 г., дойліды Ю. Шпіт, Я. Саманчук), дзевяціпавярховы жылы дом на пл. Перамогі ў Віцебску (1967 г., дойлід А. Расейкін). Расшыраецца наменклатура тыпавых праектаў жылых дамоў з павелічэннем колькасці тыпаў кватэр (дойліды I. Жураўлёў, Э. Левіна, I. Папова, У. Пушкін, Г. Сысоеў, Ю. Шпіт, Н. Шпігельман і інш.). Разам з тым засяроджванне ўвагі на утылітарна-тэхнічных і эканамічных пытаннях прывяло да аднастайнасці жылой забудовы, гарады рэспублікі пачалі страчваць своеасаблівасць. З пачатку 1970-х гадоў у дойлідстве Беларусі пачалося паступовае пераадоленне жорсткага рацыяналізму, распрацоўваюцца і ўкараняюцца новыя серыі тыпавых праектаў, ускладняецца комплекс горадабудаўнічых прац. Паслядоўна ўся тэрыторыя БССР была забяспечаная схемамі раённай планіроўкі, удасканальваўся комплекс прац, звязаных з тэрытарыяльнай арганізацыяй, размяшчэннем вытворчасці і рассяленнем (дойліды I. Сянкевіч, Н. Ідальчык, Л. Мызнікава, Д. Юдзіна, В. Кудраўцава, I. Іода, Ю. Шпіт і інш.). Гэта прадвызначыла пераход ад будаўніцтва адасобленых прадпрыемстваў да стварэння буйных комплексаў — прамысловых вузлоў — спачатку ў Віцебску і Берасці, потым у Менску, Асіповічах, Бабруйску, Жодзіне, Магілёве, Наваполацку і інш. У апошнія 10—15 гадоў для горадабудаўнічай практыкі характэрнае хуткае прамысловае развіццё сярэдніх і малых гарадоў, у т.л. Асіповіч, Барысава, Вілейкі, Глыбокага, Жлобіна, Крычава, Ліды, Мазыра, Маладзечна, Рагачова, Слуцака і інш. Аднак недасканальнасць тэхналогіі вытворчасці і недастатковасць прыродаахоўных мерапрыемствах прывялі да ўскладнення экалагічнага становішча амаль ва ўсіх буйных гарадах. Побач з праблемай далейшага развіцця вытворчай базы ў горадабудаўніцтве рэспублікі востра паўстала пытанне жыллёвага будаўніцтва, што патрабавала карэкціроўкі, а ў многіх выпадках і складання новых генпланаў, распрацоўкі праектаў планіроўкі асобных раёнаў і грамадскіх цэнтраў, праектаў рэканструкцыі гістарычных зон гарадоў. У 1970—80-я гады на аснове індустрыяльнай базы буйнапанельнага домабудавання створаныя новыя жылыя раёны з высокімі дойлідска-планіровачнымі і кампазіцыйна-мастацкімі якасцямі, у т. л. Усход, Зялёны Луг-5 (дойліды Э. Левіна, I. Сітнікава, С. Богін, А. Воўк), па пр-це Машэрава ў Менску, Фарты-1 (дойліды В. Давыдзёнак, В. Бажко, А. Ягошын) і Фарты-2 (дойліды I. Мазнічка, Г. Фядосенка) у Гародне, мікрараёны № 3 (дойліды В. Гапіенка, Л. Валахановіч, Г. Будзько, О. Ляшук, В. Арсеньеў, Р. Шылай) і № 4 (дойліды В. Арсеньеў, I. Карват, Л. Валахановіч) у Берасці, па Савецкай вуліцы і Валатава (дойліды Я. Казлоў, А. Лебедзеў) у Гомелі, жылы раён Поўдзень (адойліды А. Бельскі, А. і В. Данілавы, Р. Махмутаў і інш.), мікрараёны ў Наваполацку (дойліды Шпіт, В. Караткоў, М. Шляймовіч) і інш. Важную ролю ў паляпшэнні якасці забудовы жылых масіваў 1970—80-х гадоў адыгралі новыя серыі тыпавых праектаў, распрацаваных на аснове блок-секцыйнага метаду (дойліды I. Жураўлёў, Э. Левіна, А. Навумаў, У. Пушкін, Г. Сысоеў, I. Папова, Н. Шпігельман, Ю. Шпіт і інш.), што дазволіла ўзводзіць будынкі рознай паверхавасці, працягласці і канфігурацыі ў залежнасці ад горадабудаўнічай сітуацыі і рэльефу мясцовасці, адмовіцца ад паўтарэння аднатыпных дамоў і шаблонных прыёмаў забудовы папярэдніх гадоў. У жылых раёнах ствараюцца сувязі сялібных зон з вытворчымі, павышаецца ўзровень добраўпарадкавання і азелянення. Вялікая ўвага надаецца развіццю сеткі прадпрыемстваў культурна-побытавага абслугоўвання, удасканаленню грамадскіх будынкаў, дзіцячых дашкольных устаноў, школ, устаноў аховы здароўя, грамадскага харчавання і інш. Будуюцца гандлёвыя і грамадска-гандлёвыя цэнтры, у т. л. "Зялёны Луг" (дойліды Э. Левіна і інш.) у Менску, "Вясёлка" (дойліды Н. Асадаў, В. Давыдзёнак) у мікрараёне Фарты-1 у Гародне, па вул. Маскоўскай (дойліды С. Неумывкін, Г. Кісялёва, А. Фядорчанка) у Берасці і інш. Вялікі ўплыў на дойлідска-мастацкае аблічча гарадоў робяць буйныя грамадскія будынкі, сярод якіх кінатэатры "Кастрычнік" і "Масква" ў Менску, "Беларусь" (1977 г., дойлід Р. Шылай) у Берасці, "Кастрычнік" (1977 г., дойлід Р. Грынкевіч) у Баранавічах, "Зорка Венера" (1984 г., дойлід Ф. Іванчанка) у Салігорску, Палац культуры Белсаўпрофу (1981 г., дойлід Г. Чысцякоў) у Берасці, Палац культуры (1976 г., дойлід Г. Чысцякоў) у Пінску, Палац мастацтваў (1974 г., дойліды С. Мусінскі, Н. Краўкова) і Дом літаратара (1976 г., дойліды Ю. Грыгор’еў, В. Шубіна) у Менску, цырк ў Гомелі, будынак Дзяржаўнага тэатру музычнай камедыі БССР, будынак Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру, комплексы ВНУ, у т.л. вучэбныя карпусы універсітэту (1972 г., дойлід С. Пеўны) у Гомелі, інстытут культуры (1973 г., дойліды Ю. Грыгор’еў, Г. Ласкавая, Л. Маскалевіч), карпусы медыцынскага інстытуту (1979 г., дойліды Ю. Бічан, Л. Гальдштэйн), комплекс будынкаў дойлідскага і будаўнічага факультэтаў БПІ (1982 г., дойліды I. Есьман, В. Анікін), новыя карпусы інстытуту фізкультуры (1986 г., дойліды У. Афанасьеў і інш.) у Менску, спартовыя збудаванні — крыты каток (1976 г., дойліды Ю. Грыгор’еў, В. Бабашкін), крытыя тэнісныя корты (1978 г., дойліды С. Баткоўскі, Л. Гельфанд), рэканструкцыя стадыёну "Дынама" ў Менску, Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, спартовыя комплексы "Стайкі" і "Раўбічы", гатэлі "Планета", "Кастрычніцкая", "Беларусь" у Менску, "Віцебск" у Віцебску, "Інтурыст" у Берасці, "Магілёў" у Магілёве. Высокімі дойлідска-планіровачнымі і кампазіцыйнымі якасцямі вылучаюцца Берасцейскі аэравакзал, Менскі Палац піянераў і школьнікаў, будынак Беларускага рэспубліканскага знешнеэканамічнага банку СССР у Менску. Прыкладам фармавання буйнога горадабудаўнічага комплексу адміністрацыйных будынкаў можа служыць забудова галаўной часткі пр-ту Машэрава (былой Паркавай магістралі): Дом прафесіянальных саюзаў, Дом праектных арганізацый Дзяржбуда Беларусі ў Менску. Новай цікавай тэмай для беларускіх дойлідаў стала праца над Менскім метрапалітэнам. У апошняе дзесяцігоддзе дойлідства грамадскіх будынкаў вызначаюць функцыянальная і канструкцыйная логіка, прапарцыянальнасць аб’ёмаў і чляненняў, пластыка фасадаў, выкарыстанне разнастайных матэрыялаў і колеру, прыроднага асяроддзя, узбуйненне маштабаў, удасканаленне прыёмаў аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Вялікае значэнне для іх вобразнай характарыстыкі мае ўзаемадзеянне дойлідства з выяўленчым мастацтвам. Важную ролю ў фармаванні горадабудаўнічых структур адыгрывае манументальнае мастацтва. Найбольш удалымі прыкладамі кампазіцыйнай сувязі з прасторавым асяроддзем могуць служыць помнікі Я. Купалу (1972 г., скульптары А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі, дойліды Ю. Градаў, Л. Левін), комплекс "Менск — горад-герой" у Менску, Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, помнікі Я. Коласу ў Менску (1972 г., скульптар З. Азгур, дойліды Ю. Градаў, Г. Заборскі, Л. Левін), Ф. Скарыне ў Полацку (1974 г., скульптары А. і I. Глебавы), мемарыяльныя комплексы "Хатынь", "Берасцейская фартэцыя-герой", Манумент у гонар маці-патрыёткі (у Жодзіне). Значныя поспехі дасягнутыя беларускімі майстрамі ў галіне сельскага дойлідства.

Вялікая ўвага надаецца рэканструкцыі цэнтраў, рэгенерацыі гістарычнай забудовы, рэстаўрацыі помнікаў дойлідства. Праводзяцца работы па ахове прыроднага асяроддзя і паляпшэнні экалагічнага становішча гарадоў, па стварэнні водна-паркавых дыяметраў, азеляненні гарадоў і прыгарадных зон. Буйным дасягненнем у гэтай галіне з’явілася стварэнне Вілейска-Менскай воднай сістэмы і Сляпянскага водна-паркавага паўкола. Інтэнсіўна развіваюцца гарады сярэдняй велічыні і малыя, у т.л. Рэчыца, Слуцак, Жлобін, Ліда, Крычаў, Вілейка, Любань, Браслаў і інш. Перад сучасным горадабудаўніцтвам стаіць шэраг складаных і актуальных праблем: рэгуляванне росту буйных гарадоў рэспублікі, удакладненне іх планіроўкі з адначасовым захаваннем гістарычнай структуры, выкарыстанне прыродных умоў, пераадоленне аднастайнасці забудовы і павышэнне мастацкіх якасцей аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, рацыянальнае заніраванне тэрыторый, інженернае абсталяванне і добраўпарадкаванне, транспартнае абслугоўванне і інш., якія вырашаюцца горадабудаўнікамі пры вызначэнні будучыні вялікіх і малых гарадоў. Галаўная арганізацыя, якая займаецца праблемамі горадабудаўніцтва, — Беларускі дзяржаўны навукова-даследчы і праектны інстытут (БелНДІПгорадабудаўніцтва).

 

Дойлідства прамысловых будынкаў і комплексаў

 

У першыя гады Савецкай улады разгарнулася вялікая праца па рэканструкцыі і расшырэнню існаваўшых прамысловых аб’ектаў. Да 1925 у БССР пераабсталявана 97 прадпрыемстваў. Сярод іх металаапрацоўчыя заводы "Энергія" (былы "Гігант"), "Метал" (былы Кашарскі) у Менску, імя Камінтэрна (былы Грынберга), "Чырвоны металіст" (былыя артылерыйскія майстэрні) у Віцебску і інш. З-за адсутнасці ў БССР праектных арганізацый і кваліфікаваных кадраў працы па рэканструкцыі вяліся без тэхнічнай дакументацыі, забудова пляцоўкі не была падпарадкаваная адзінаму плану, дойлідскія пошукі галоўным чынам зводзіліся да вырашэння асобных будынкаў. У 1930-я гады пачалося інтэнсіўнае будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў. Да 1941 г. узведзена каля 500 аб’ектаў, у т.л. фабрыка штучнага шоўку ў Магілёве, панчошна-трыкатажная фабрыка імя КІМ у Віцебску, фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат у Бабруйску, ільнокамбінат у Воршы і інш. Закладваўся фундамент для машынабудавання, якое пазней стала вядучай галіной народнай гаспадаркі Беларусі. Пабудаваныя заводы сельскагаспадарчых машын і падшыпнікаў у Гомелі, вагавы ў Менску, аўтарамонтны ў Магілёве і інш. Змяняўся падыход да размяшчэння прадпрыемстваў у горадзе, якія пачалі ставіць у спецыяльных прамысловых зонах, аддзеленых ад жылых тэрыторый ахоўнымі зялёнымі палосамі. Звычайна прамысловыя зоны фармаваліся вакол аднаго буйнога аб’екту (напрыклад, паўднёва-заходняя зона ў Магілёве вакол заводу штучнага шоўку, паўночна-заходняя зона ў Гомелі вакол заводу сельскагаспадарчых машын). Будаўніцтва новых прадпрыемстваў вялося пераважна па індывідуальных праектах (дойліды А. Дрозд, А. Дзянісаў, П. Кірык, А. Мазгалеўскі і інш.). У планіровачнай арганізацыі прадпрыемстваў найбольш пашыраныя былі прыёмы перыметральнай забудовы (для прадпрыемстваў лёгкай, харчовай, мясцовай прамысловасці) і забудовы ўздоўж унутранай магістралі (машынабудаванне). На тэрыторыі прадпрыемстваў пачалі прадугледжваць спецыяльныя участкі для зялёных насаджэнняў. Асноўныя вытворчыя карпусы рабіліся шматпралётныя, больш увагі аддавалася арганізацыі харчавання, медычнага абслугоўвання, адпачынку работнікаў (прадугледжваліся памяшканні для сталовак, амбулаторый, побытавых і клубных пакояў). Будынкі ўзводзіліся ў жалезабетонным каркасе з цаглянымі сценамі, пілястры якіх выяўлялі каркасную будову аб’ёму і звычайна з’яўляліся адзіным дэкаратыўным элементам фасаду. Дойлідскіе задачы вызначаліся функцыянальным прызначэннем аб’ектаў, таму знешняе аблічча фабрычна-заводскіх збудаванняў часта мела рысы падкрэсленага тэхніцызму з выкарыстаннем простых геаметрычных форм. У час II Сусветнай вайны большасць прамысловых прадпрыемстваў была разбураная. Таму адразу пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося аднаўленне разбураных і эвакуіраваных на час вайны на ўсход прадпрыемстваў. За кароткі час амаль усе даваенныя прадпрыемствы былі адноўленыя. Будаваліся буйныя заводы-гіганты саюзнага значэння (аўтамабільны, трактарны, веласіпедны), а таксама рэспубліканскага значэння: дарожных машын, рысорны, падшыпнікаў, шасцерняў і маторны ў Менску, трактарных запчастак у Віцебску, пускавых рухавікоў і тарфяных машын у Гомелі, сельскагаспадарчых машын, электрарухавікоў і аўтамабільны ў Магілёве, карданных валоў, аўтамабільных агрэгатаў у Гародне, сельскагаспадарчых машын у Берасці. Пазней пабудаваныя заводы аўтаматычных ліній, інструментальны, тэхналагічнай аснасткі ў Менску, заточных станкоў імя XXII з’езду КПСС у Віцебску і інш. Інтэнсіўна вялося будаўніцтва прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці (камвольнага камбінату у Менску, панчошна-трыкатажнай фабрыкі ў Гомелі, дывановага вытворчага аб’яднання ў Берасці і інш.). Прамысловыя аб’екты па-ранейшаму канцэнтраваліся ў буйных і сярэдніх гарадах, іх будаўніцтва вялося адпаведна зацверджанымі да 1950 г. генпланамі гарадоў. Акрамя існаваўшых, ствараліся і новыя прамысловыя зоны, якія размяшчаліся на перыферыі гарадоў з улікам прыродаахоўных аспектаў, каштоўнасці кампанентаў ландшафту, перспектыў расшырэння, строгай дыферэнцыяцыі транспартных магістралей. Вялікія заводы станавіліся фармуючым ядром для прылеглых тэрыторый гораду. Нярэдка яны ўзводзіліся разам з будаўніцтвам жылых кварталаў для рабочых (напрыклад, Менскі трактарны завод). Прамысловыя аб’екты, фасады якіх выходзілі на галоўныя вуліцы, ігралі важную ролю ў агульнай кампазіцыі забудовы, дзякуючы памерам і маштабу чляненняў (глядзі артыкул "Менск. Будынкі паліграфічнага камбінату і заводу электронных вылічальных машын"). Нягледзячы на тое, што праектаванне ажыццяўлялася індывідуальна для кожнага аб’ёму, закладваліся асновы для уніфікацыі і тыпізацыі планіровачных і канструкцыйных параметраў, вяліся работы па ўкараненні зборнага будаўніцтва. Першым на Беларусі вытворчым шматпавярховым будынкам, узведзеным такім метадам, стаў галоўны корпус гадзіннікавага заводу ў Менску (глядзі артыкул "Менск. Будынкі гадзіннікавага заводу"). У аб’ёмна-планіровачным вырашэнні прадпрыемстваў распрацоўваліся новыя тыпы прамысловых будынкаў, якія дазвалялі б варыянтна выкарыстоўваць унутраную прастору, злучаць у адзіным аб’ёме рознахарактарныя тэхналагічныя працэсы, ствараць лепшыя ўмовы працы. У якасці будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўвалі цэглу, сілікатныя і шлакабетонныя блокі для вонкавых сцен, жалезабетон і метал для ўнутранага каркаса. Знешняе аблічча прамысловых пабудоў адлюстроўвала агульныя стылістычныя тэндэнцыі тагачаснага дойлідства: засваенне класічнай спадчыны ў спрошчаных, лаканічных формах. З 1-й паловы 1960-х гадоў пачаўся найбольш значны перыяд у развіцці дойлідства прамысловых будынкаў і комплексаў. Уведзеныя ў эксплуатацыю будынкі Менскага заводу халадзільнікаў, заводу газавай апаратуры і тэхналагічнага абсталявання ў Берасці, будынкі Беларускага аўтамабільнага завода ў Жодзіне, a таксама будынкі прадпрыемстваў новых галін прамысловасці, у т.л. хімічнай, здабыўной, прыладабудаўнічай, электроннай: буйныя аб’екты вытворчых аб’яднанняў "Палімір" імя 50-годдзя БССР у Наваполацку, "Хімвалакно" імя Леніна ў Магілёве, "Азот" імя Прытыцкага ў Гародне, "Беларуськалій" імя 50-годдзя СССР у Салігорску, "Бабруйскшына" ў Бабруйску, "Воршанскі льнокамбінат" у Воршы, "Гідрааўтаматыка" у Гомелі, радыё- і электрамеханічны заводы ў Менску і інш. Для сучаснага прамысловага дойлідства характэрнае стварэнне прамысловых вузлоў, якія ўяўляюць сабой некалькі прадпрыемстваў, скаапераваных на аснове сумеснага выкарыстання чыгуначных ветак, складской і санітарна-тэхнічнай гаспадаркі, будынкаў адміністрацыйных і культурна-побытавага абслугоўвання. Такі прынцып размяшчэння прамысловых прадпрыемстваў дазволіў знізіць патрэбы ў тэрыторыях пад прамысловую забудову, зменшыць эканамічныя выдаткі, комплексна вырашаць дойлідска-мастацкія задачы. Сярод буйных прамысловых вузлоў — Берасцейскі ўсходні прамысловы вузел, Гарадзенскі паўночны прамысловы вузел, Берасцейскі паўдёвы прамысловы вузел, комплекс харчовых прадпрыемстваў у раёне Дражні ў Менску, а таксама Віцебскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Пінскі і інш. Будаўніцтва прадпрыемстваў у складзе прамвузлоў зрабіла эканамічна мэтазгодным іх размяшчэнне ў малых гарадах, што садзейнічае інтэнсіўнаму развіццю такіх гарадоў (Барысаў, Пінск, Стоўбцы). Захоўваецца і адзінкавае размяшчэнне прамысловых аб’ектаў у горадзе, як правіла, бясшкодных прадпрыемстваў, якія размяшчаюцца непасрэдна сярод жылых кварталаў, актыўна ўключаюцца ў агульную дойлідска-кампазіцыйную структуру гарадской забудовы (напрыклад, фабрыка каляровага друку ў Менску, комплекс Менскага аўтатранспартнага прадпрыемства). Планіровачная арганізацыя пляцоўкі сучаснага прадпрыемства заснаваная на дакладным функцыянальным заніраванні, аб’яднанні асобных карпусоў у адзін будынак і стварэнні так званых карпусоў-заводаў, арыентацыі вытворчых і адміністрацыйна-побытавых будынкаў на галоўныя магістралі, максімальным набліжэнні да іх, фармаванні развітай перадзаводскай пляцоўкі. Аб’ёмна-планіровачная структура вытворчага будынку характарызуецца высокай ступенню блакіроўкі асобных цэхаў, узбуйненнем планіровачных параметраў, поўнай зборнасцю будаўніцтва. Шырока распаўсюджаныя адно- і шматпавярховыя універсальныя прамысловыя будынкі, унутраную прастору якіх можна выкарыстоўваць для розных вытворчасцей, хутка мадэрнізаваць і поўнасцю замяняць тэхналагічнае абсталяванне. Каркас вытворчых карпусоў робіцца звычайна са зборнага жалезабетону, засцерагальныя канструкцыі — з жалезабетонных і металічных сценавых панелей рознай фактуры і колеру. Дойлідска-мастацкая выразнасць дасягаецца за кошт выкарыстання разнастайных кампазіцыйных прыёмаў, сярод якіх найбольш пашыраны прыём кантрастнага супастаўлення нізкіх шматпралётных аб’ёмаў вытворчых карпусоў з вертыкалямі адміністрацыйных, інжынерна-гаспадарчых будынкаў і тэхнічных збудаванняў (трубы, градзірні і інш.). Большасць прамысловых прадпрыемстваў арганічна ўключаецца ў гарадское асяроддзе, не парушае прыродны ландшафт. Многія з іх узведзеныя на складаным рэльефе, пойменных, лагчынных тэрыторыях (напрыклад, Менскі механічны завод, будынкі Менскага навукова-вытворчага аб’яднання "Цэнтр", завод карданных валоў у Гародне і інш.). Галоўныя арганізацыі па праектаванні прамысловых будынкаў — Беларускі дзяржаўны інстытут прамысловага праектавання, інстытут "Белмясцпрампраект" і інш. Сярод вядучых дойлідаў, якія працуюць у галіне прамысловага праектавання — Л. Афанасьева, Э. Бацян, I. Боўт, Н. Буйлава, I. Бярозкіна, Я. Гляцэвіч, А. Ганчароў, М. Гроднікаў, Л. Кітаева, С. Корчык, А. Малашка, Л. Сагалаў, Н. Шыдлоўская, М. Шуміхін і інш.


Сельскае дойлідства


Пасля Кастрычніцкага перавароту ў сельскім будаўніцтве адбыліся значныя змены. Пачалося будаўніцтва культурна-побытавых і вытворчых будынкаў (клубы, жывёлагадоўчыя фермы, збожжасховішчы і інш.), жылых дамоў з 2—3 пакоямі і кухняй-сталоўкай. Для сельскага будаўніцтва часцей сталі выкарыстоўваць цэглу, аднак асноўным будаўнічым матэрыялам заставалася дрэва. У II Сусветную вайну сельская гаспадарка Беларусі панесла вялікія страты — было знішчана і разбурана 9200 вёсак. У першыя пасляваенныя гады разгарнулася вялікая праца па іх аднаўленні. За 1946—50 гг. у вёсках Беларусі пабудавана каля 300 тыс. жылых дамоў, шмат школ, устаноў аховы здароўя, клубаў і інш. Развіццё грамадскай вытворчасці і добраўпарадкаванасці стрымлівала тое, што ў большасці сельскія населеныя пункты былі вельмі малыя (у 1959 г. 76% з іх мелі не больш як па 200 жыхароў). З ростам эканомікі калгасаў-саўгасаў, узбуйненнем гаспадарак важнай задачай стала распрацоўка аптымальнай сістэмы рассялення, комплекснага вырашэння многіх эканамічных, сацыяльна-палітычных і інжынерна-тэхнічных задач. Важную ролю ў развіцці сельскага дойлідства адыграла пастанова ЦК КПБ і CM БССР "Аб мерах па далейшаму паляпшэнню жыллёвага і культурна-побытавага будаўніцтва на вёсцы" (1967 г.) і інш., у якіх падкрэслівалася неабходнасць пераадолення сацыяльна-эканамічных і культурна-побытавых адрозненняў паміж горадам і вёскай, паляпшэння дойлідскай выразнасці будынкаў, арганізацыі комплекснага эксперыментальнага будаўніцтва. У асобных гаспадарках эксперыментаваліся розныя варыянты і прыёмы дойлідска-планіровачнай арганізацыі жылых пасёлкаў, вытворчых комплексаў, інжынернага абсталявання, тыпаў жылых дамоў, кватэр і аб’ектаў культурна-побытавага прызначэння. Паводле эксперыментальных праектаў забудаваныя цэнтральныя сядзібы калгасаў "Прагрэс" (в. Верцяяішкі) Гарадзенскага р-ну (дойліды В. Емяльянаў, Г. Заборскі і інш.; Дзяржаўная прэмія СССР 1971 г.), "Аснежыцкі" (в. Аснежыцы) Пінскага р-ну (дойліды Н. Нядзелька, В. Хандогін і інш.), "Чырвоная змена" (в. Сарачы) Любанскага р-ну (дойліды Заборскі і інш.), імя Калініна (в. Сноў) Нясвіжскага р-ну (дойлід З. Озерава), саўгасаў імя 60-годдзя КПБ (в. Малеч) Бярозаўскага р-ну (дойліды Нядзелька, У. Сакалоўскі і інш.), "Камуніст" (в. Зашыр’е) Ельскага р-ну (дойліды Емяльянаў, П. Рудзік і інш.), "Леніна" (в. Леніна) Горацкага р-ну (дойліды Г. Бяганская, А. Калніньш і інш.), "Сялюты" (в. Акцябрская) Віцебскага р-ну (дойлід А. Бельскі, інжынеры М. Іваноў, Т. Піпкіна) і інш. Сельскія пасёлкі маюць дойлідска-планіровачнае вырашэнне, выгоды і добраўпарадкаванне як пасёлкі гарадскога тыпу. Жылую забудову складаюць 2—4-павярховыя шматкватэрныя дамы і дамы аднакватэрныя сядзібнага тыпу ў двух узроўнях (пас. Жамчужны Баранавіцкага, в. Мышкавічы Кіраўскага р-наў і інш.). Характэрным для ўсіх тыпаў жылых дамоў з’яўляецца наяўнасць агульнага жылога пакоя (не менш за 18 м2, кухні павялічанай плошчы (10—12 м2), пярэдняй з шафамі для адзення (6—8 м2), сутарэнняў для хавання садавіны і гародніны. У працэсе эксперыментальна-паказальнага будаўніцтва значна павысіўся дойлідска-мастацкі ўзровень жылых дамоў усіх тыпаў за кошт стварэння лоджый, карнізаў, уваходаў, выкарыстання новых будаўнічых матэрыялаў (абліцовачнай керамічнай пліткі, прыроднага каменю, дрэва, актыўнага ўвядзення колеру). У 1960—70-я гады значна палепшаныя тыпавыя праекты сельскіх жылых дамоў і грамадскіх будынкаў. Па індывідуальных праектах пабудаваныя многія клубныя будынкі (Палац культуры ў в. Мышкавічы, Палац культуры і спорту ў в. Сарачы, Дом культуры ў пас. Малеч і інш.), прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання (гандл. цэнтры ў вёсках Расна Камянецкага і Сарачы Любанскага р-наў і інш.), дзіцячых дашкольных устаноў (дзіцячыя яслі-сады ў вёсках Сарачы, Верцялішкі, Малеч і Замасточча Бярэзінскага р-ну і інш.), школьных будынкаў, камбінатаў побытавага абслугоўвання і інш. Да 1971 г. была завершаная праца па складанню сельскагаспадарчых схем раённай планіроўкі. На іх аснове распрацоўваліся генеральныя планы альбо схемы планіроўкі і забудовы многіх пасёлкаў. Паводле генпланаў тэрыторыі пасёлкаў падзялялася на жылую і вытворчую зоны, звязаныя паміж сабой транспартнымі і пешаходнымі камунікацыямі. У жылой зоне размяшчаліся жылыя дамы, грамадскія будынкі, спартовыя і культурна-побытавыя збудаванні, плошчы, паркі; у вытворчай — сельскагаспадарчыя комплексы, прадпрыемствы для перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі і інш. Жылыя зоны аддзелены ад вытворчых санітарна-ахоўнай зялёнай палосай. Пры забудове пасёлкаў выпрацаваная значная колькасць прыёмаў добраўпарадкавання і азелянення вуліц, плошчаў, участкаў, прылеглых да грамадскіх будынкаў, сквераў і паркаў, унутрыдваровай прасторы, а таксама вытворчых зон. Многія пасёлкі пераўтварыліся ў своеасаблівыя цэнтры мясцовых сістэм, дзе жыхары прылеглых вёсак могуць карыстацца паслугамі спецыялізаваных крамаў, камбінатаў побытавыя абслугоўвання, медычнымі ўстановамі і інш. З ліку такіх пасёлкаў у якасці апорных вылучаныя 433, з іх 240 вёсак і 193 малыя і сярэднія гарады. У іх прадугледжваецца будаўніцтва ўстаноў абслугоўвання эпізадычнага характару, буйных сельскагаспадарчых вытворчых комплексаў па перапрацоўцы сыравіны і прадуктаў, арганізацый сельгастэхнікі, будаўнічых баз. Радыус абслугоўвання такога пасёлку 15—16 км, колькасць насельніцтва — 6—9 тыс. чалавек. Такія населеныя пункты маюць транспартную сувязь з усімі прылеглымі вёскамі. У 1980-я гады асаблівая ўвага была засяроджаная на распрацоўцы праектаў для індывідуальнай забудовы. Усё шырэй укараняецца ў сельскім будаўніцтве серыя 210 буйнаэлементных жылых дамоў з керамзітабетонных панелей, развіваецца і маналітнае домабудаванне. Усе масавыя грамадскія будынкі (школы, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, бані і інш.) будуюцца толькі пaводле тыпавых праектаў БелНДІдзіпрасельбуда. Распрацаваныя эксперыментальныя праекты школы мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, Дома тэхнічнай творчасці. Грамадскія цэнтры населеных пунктаў забудоўваюцца пераважна па індывідуальных і эксперыментальных праектах, што разам з удалым выкарыстаннем прыроднага мясцовага асяроддзя дае магчымасць надаваць кожнай вёсцы сваё дойлідска-мастацкае аблічча. З сярэдзіны 1960-х гг. у выніку ўзбуйнення гаспадарак, выкарыстання разнастайных будаўнічых матэрыялаў, канструкцый, прагрэсіўных тэхналагічных працэсаў, паляпшэння ўмоў працы вядзецца будаўніцтва аб’ектаў вытворчага сельскагаспадарчага прызначэння (жывёлагадоўчыя і птушкагадоўчыя фермы, карпусы кармацэхаў, майстэрні, склады, збожжасховішчы, сянажныя і воданапорныя вежы і інш.). Узаемасувязь вытворчай і сялібнай зон ажыццяўляецца на аснове адзінага маштабу, суразмернага з ландшафтнымі элементамі тэрыторыі. Кантраст вертыкальных вышынных аб’ёмаў (сянажныя і воданапорныя вежы) і гарызантальных падоўжаных будынкаў для ўтрымання жывёлы стварае выразнае дойлідскае аблічча забудовы вытворчай зоны (жывёлагадоўчы комплекс саўгаса-камбінату "Мір" Баранавіцкага р-ну). Буйное чляненне фасадаў сценавымі панелямі, выкарыстанне стужачнага зашклення надаюць будынкам выгляд прамысловых збудаванняў. З 1970-х гг. распрацоўваюцца і будуюцца буйныя жывёлагадоўчыя комплексы з адміністрацыйна-побытавымі карпусамі і добраўпарадкаванай тэрыторыяй, ствараюцца буйнагабарытныя блакіраваныя памяшканні (жывёлагадоўчы комплекс у саўгасе "Парахонскі" Пінскага р-ну, свінагадоўчы комплекс саўгаса "Новы" Менскага р-ну). У аснове планіроўкі комплексаў — прынцып функцыянальнага заніравання. Цэнтральнае месца адводзіцца жывёлагадоўчым будынкам, на перыферыі ўчастка размяшчаюцца дапаможныя службы. Дойлідскім акцэнтам з’яўляецца адміністрацыйна-побытавы корпус, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне якога актыўна арганізуе кампазіцыю вытворчай зоны (адміністрацыйна-побытавы блок Смалявіцкай птушкафабрыкі Менскай вобл.). Для сучаснай сельскага дойлідства характэрнае будаўніцтва аграпрамысловых комплексаў і аб’яднанняў. Ствараюцца буйныя шматфункцыянальныя зоны вытворчага прызначэння, аналагічныя прамысловым вузлам у гарадах (свінаводчы саўгас-камбінат "Барысаўскі", аб’яднаны інжынернымі і транспартнымі камунікацыямі з Лошніцкім камбікормавым і рамонтным заводамі ў Барысаўскім р-не). У практыцы сучаснага сельскага будаўніцтва шырока ўжываюцца разнастайныя будаўнічыя матэрыялы (прыродны камень, керамічная плітка, шкло, пластмасы), пашыранае выкарыстанне індустрыяльных канструкцый. Працаёмкія працэсы механізаваныя. Вядучая арганізацыя па праектаванні сельскага будаўніцтва — Беларускі навукова-даследчы і праектны інстытут па будаўніцтву ў вёсцы.


Ю.А. Якімовіч (дойлідства да IX ст.; IX—XIII ст.; 14 — сярэдзіна XVIII ст.), А.М. Кулагін (сярэдзіна XVIII — 2-я палова XVIII ст.), Т.В. Габрусь (культавае дойлідства XV—XVIII ст.), В.Ф. Марозаў (канец XVIII ст. — 1-я палова XIX ст.), В.М. Чарнатаў (2-я палова XIX — пачатак XX ст.), В.I. Анікін, А.А. Воінаў, Ю.В. Шпіт (1917—41 гг.; 1944— 55 гг.; 1955—90 гг.), А.Б. Марозава (прамысловыя будынкі і комплексы 1917—90 гг.), Р.I. Белагорцаў, У.Э. Сакалоўскі (сельскае дойлідства 1917—90 гг.).

 


-А-


АДАМАВІЧЫ. КАСЦЕЛ СВЯТОЙ ТЭКЛІ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны з цэглы ў 1854 г. у в. Адамавічы (Гарадзенскі р-н). Будынак прастакутны ў плане, накрыты вальмавым дахам. Над асноўным аб’ёмам квадратная ў плане двух’ярусная званіца, завершаная чатырохгранным шатром. Над цэнтральным уваходам скульптурная выява Святой Тэклі. Сцены храма атынкаваны, дэкарыраваны пілястрамі, аконныя праёмы арачныя ў ліштвах. Інтэр’ер зальны, столь плоская. Прэсбітэрый і хоры аддзеленыя ад асноўнай прасторы сценамі з арачнымі праёмамі. У храме тры алтары.

Касцёл дзейнічае.


І.С. Мельнік

 


АДЭЛЬСК. КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. ў в. Адэльск (Гарадзенскі р-н), мае рысы стылю барока. У 1898 г. адноўлены. Схема трохнефавая базілікальная з трансептам, пяціграннай апсідай з дзвюма бакавымі сакрысціямі. У кампазіцыі дамінуе аб’ём цэнтральнага нефу, перакрыты высокім вальмавым дахам, вільчык якога з боку галоўнага фасаду завершаны ярусным фігурным купалам на васьмігранным барабане. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны падвойнымі арачнымі вокнамі з брусамі-сцяжкамі па баках і аперазаны шырокім карнізам. Ва ўнутранай прасторы дамінуе высокі цэнтральны неф, адмежаваны ад бакавых высокімі аркадамі на пяці парах слупоў і расчынены ў апсіду і крылы трансепту шырокімі арачнымі прасветамі. Над вузкім нартэксам на двух слупах галерэя хораў з арганам. Нефы і тарцы трансепту завершаныя высокамастацкімі драўлянымі алтарамі, выкананымі ў XVIII ст. ў стылі ракако: пілястры і каланады нясуць моцна крапаваныя антаблементы, на якіх узвышаюцца фігурныя шчыты з бакавымі валютамі, фігуркамі пуцці і дэкаратыўнымі вазамі. У алтарах творы жывапісу XVIII ст. Перад касцёлам трохарачная стральчатая брама і дзвюхярусная чацверыковая шатровая званіца з бутавага каменю.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


"АКСАКАУШЧЫНА"


Клініка навукова-даследчага інстытуту радыяцыйнай медыцыны (з 1 студзеня 1989 г., да 1988 г. — кліматычна-бальнеалагічны санаторый). Знаходзіцца паблізу пас. Аксакаўшчына (Валожынскі р-н), за 30 км на захад ад Менску. Створаны для аказання дапамогі пацярпеўшым у выніку Чарнобыльскай аварыі. Размешчаная на добраўпарадкаванай лесапаркавай тэрыторыі плошчаю каля 100 га у сутоках рэк Іслач і Чарнаруч. Корпус санаторыя пабудаваны ў 1972 г. (дойлід С. Ульянава) з цэглы і маналітнага жалезабетону. Комплекс складаецца з чатырох корпусаў, звязаных паміж сабой крытымі пераходамі. Да асноўнага шасціпавярховага выцягнутага ў плане прастакутнага аб’ёму галоўнага жылога корпусу з паўднёвага ўсходу прымыкае двухпавярховы аб’ём клубу-сталоўкі, з паўднёвага захаду — чатырохпавярховы лячэбны корпус. Кампазіцыя комплексу асіметрычная. Лячэбны корпус і клуб-сталоўка зрокава ўраўнаважваюць кампазіцыю галоўнага корпусу. У вырашэнні інтэр’ераў клубу-сталоўкі, басейну, гасцінай галоўнага корпусу выкарыстаны прынцып раскрыцця прасторы ў знешняе прыроднае асяроддзе. Інтэр’ер пакоя адпачынку ўпрыгожвае размалёўка "Юнацтва" (1975—76 гг.; мастак Я. Кузняцоў), выкананая падглазурнымі фарбамі па плітцы з шамоту.


В.Ф. Валошын

 


АКЦЯБРСКАЯ


Вёска ў Віцебскім р-не, цэнтр Акцябрскага сельсавету і саўгасу "Сялюты", за 4 км ад Віцебску, на аўтамагістралі Адэса — Санкт-Пецярбург. У выніку эксперыментальна-паказальнага будаўніцтвава, якое вялося ў вёсцы з 1968 г., створаны новы пасёлак — цэнтральная сядзіба саўгасу. Праект планіроўкі і забудовы распрацаваны ў інстытуце "Віцебскграмадзянпраект" (дойліды А. Бельскі, М. Іваноў, Т. Піпкіна). У аснове планіроўкі — падзел тэрыторыі на жылую і вытворчую зоны, стварэнне кампазіцыйнага адзінства забудовы з улікам асаблівасцей рэльефу. Дамінуючым у забудове пасёлку стаў грамадска-гандлёвы цэнтр (кампазіцыйна раскрыты на аўтамагістраль), дзе ў адзіным аб’ёме зблакіраваныя будынкі культурна-побытавых і адміністрацыйных устаноў: Дом культуры на 400 месцаў, бібліятэка, музычная школа, крама, кантора саўгасу, выканкам сельскага Савету, паштовае аддзяленне, АТС, камбінат побытавага абслугоўвання і інш. Цэнтр пасёлку аб’ядноўвае две жылыя зоны. Першая жылая зона забудаваная блакіраванымі дамамі з кватэрамі ў двух узроўнях і з прысядзібнымі ўчасткамі, другая — 2—3-павярховымі секцыйнымі дамамі без сядзібных участкаў, дамамі для маласямейных і інш. З усходняга боку да жылога масіву прымыкае лесапарк, дзе размешчаныя сярэдняя школа з інтэрнатам і спартовы комплекс з плавальным басейнам.

Распрацоўка праекту і забудова цэнтральнай сядзібы адзначаныя прэміяй СМ СССР (1976 г.), двума дыпломамі ВДНГ СССР.


М.С. Іванвў

 


АКЦЯБРСКІ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Акцябрскага р-ну, на р. Нератоўка. Створаны ў 1954 г. у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка, Рудня. Галоўная дойлідска-планіровачная вось — вул. Савецкая, якая праходзіць з поўначы на поўдзень паралельна чыгунцы. На ёй две плошчы: Цэнтральная (адмміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр) на перакрыжаванні з вул. Бумажкова і Партызанская (у паўднёвай частцы) з адміністрацыйнымі і культурна-побытавымі аб’ектамі, гандлёвымі прадпрыемствамі. У 1985 г. Цэнтральная плошча рэканструяваная, на ёй устаноўленыя помнікі: "Змагарам за Савецкую ўладу" (дойлід В. Кузьменка, скульптар А. Палякоў) і Герою Савецкага Саюза Ц.П. Бумажкову. Жылая забудова квартальная (у цэнтральнай частцы жылы квартал № 1 забудаваны 2—5-павярховымі жылымі дамамі). На поўнач ад вул. Бумажкова забудоўваецца жылы квартал чацвёртага мікрараёну.

Паводле генплану 1975 г. (інстытут "Гомельграмадзянпраект") прадугледжанае асноўнае тэрытарыяльнае развіццё на поўнач і паўночны ўсход, упарадкаванне дойлідна-планіровачнай структуры.


М.А. Найшулер

 


АЛЬБА. ЦАРКВА СВЯТОГА ГЕОРГІЯ

 

Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1790 г. у в. Альба (Івацэвіцкі р-н) з брусоў на цагляным падмурку. У 1904 г. перабудаваная. Царква трохзрубная, асіметрычнай падоўжна-восевай кампазіцыі. Да галоўнага выцягнутага па падоўжнай восі прастакутнага аб’ёму з поўначы прылягае пяцігранная алтарная апсіда, з поўдня — двух’ярусная чацверыковая званіца, завершаная высокім шатровым васьмерыковым дахам. Галоўны аб’ём і алтарная апсіда, да якой з усходу прылягае рызніца, накрыты агульным шматсхільным гонтавым дахам з застрэшкамі і хвалямі ў месцы злучэння галоўнага і алтарнага зрубаў. Будынак звонку ашаляваны, куты аздобленыя руставанымі нашчыльнікамі. Аконныя праёмы арачныя. Галоўны ўваход вылучаны крытым слупавым ганкам. Алтарная апсіда і шацёр званіцы ўвянчаныя галоўкамі з крыжамі. У ніжнім ярусе званіцы — хоры, злучаныя з нефам арачным праёмам. Алтар аддзелены іканастасам з разнымі пазалочанымі царскімі варотамі. На дойлідства помніку паўплывала мураванае дойлідства Беларусі XVI—XVII стст. (прасочваюцца аналагі з готыка-рэнесансавымі абарончымі храмамі).

Царква не дзейнічае.

 


АЛЬКОВЧЫ. КАСЦЁЛ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1897—1902 г. у цэнтры в. Альковічы (Вілейскі р-н). Трохнефавы аднавежавы храм сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з трохграннай высокай апсідай, да якой прымыкаюць невысокія сакрысціі. Апсіда і бакавыя фасады па кутах умацаваныя ступеньчатымі контрфорсамі. Вежа шмат’ярусная (завяршэнне не захавалася). Ніжні ярус вылучаны стральчатым парталам галоўнага ўваходу з вімпергам, над якім вялікае акно-"ружа". Другі ярус аддзелены ад ніжняга цагляным накладным арнаментам паміж двума карнізамі. Тарэц алтарнай часткі завершаны трохкутным шчытом з невялікай вежачкай. Вокны касцёлу стральчатыя, розныя па шырыні і вышыні. Сцены дэкарыраваныя аркатурнымі паясамі сухарыкаў, нішамі. Унутраная прастора перакрытая стральчатым скляпеннем (захавалася часткова), якое падтрымліваюць шматслойныя калоны і пілястры. Калоны завершаныя керамічнымі плітамі з выявамі лісця і пладоў вінаграду. На хорах — арган, упрыгожаны драўлянай разьбой з гатычнымі матывамі ў кампазіцыі і дэкоры. Дах касцёлу адрамантаваны пасля пажару 1969 г.

Вернуты вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.Ю. Пятросава

 


АЛЯКСАНДРАЎШЧЫНА. СЯДЗІБНЫ ДОМ

 

Помнік дойлідства неакласіцызму. Пабудаваны ў канцы XIX ст. на паўночна-заходняй ускраіне в. Аляксандраўшчына (Зэльвенскі р-н) у эклектычных формах. аднапавярховы мураваны прастакутны ў плане будынак складанай аб’ёмнапрасторавай кампазіцыі, накрыты двухсхільным дахам. Да ўваходнага фасаду прыбудаваны ўваходны службовы эркер. Цэнтральная частка галоўнага фасаду вылучаная высокім ганкам з верандай і мансардай. Галоўны ўваходны праём і бакавыя вокны ствараюць аркаду, размежаваную паўкалонамі. Сіметрыя фасаду падкрэсленая бакавымі трохграннымі эркерамі з лучковымі аконнымі праёмамі, якія дэкарыраваныя прафіляванымі ліштвамі, паўкалонамі. Фасады раскрапаваныя плоскімі кутнімі пілястрамі, рустам, прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Цэнтральная частка дваровага фасаду вылучаная неглыбокім рызалітам.

Першапачатковая анфіладная планіроўка змененая пры рэканструкцыі будынку пад школу.


А.М. Кулагін

 


АНТОПАЛЬ

 

Гарадскі пасёлак у Драгічынскім р-не. Цэнтр калгасу "1 Мая". За 27 км ад Драгічына. Вядомы з 1718 г. як мястэчка Кобрынскага павету. У 1897 г. у Антопалі 3867 жыхароў, 1262 будынкі, у т.л. народнага вучылішча (пабудаванае ў 1863 г., пры ім з 1884 г. працавала бібліятэкака). У 1921—39 гг. у складзе Польшчы. З канца 1939 г. у БССР. З 1940 г. гарадскі пасёлак, у 1940—59 гг. цэнтр раёну.

Планіровачную структуру вызначаюць две узаемна-перпендыкулярныя вуліцы Савецкая (магістраль Берасце — Гомель) і Шыша, на скрыжаванні якіх фармуецца грамадска-культурны і гандлёвы цэнтр. Сетка вуліц рэгулярная. Пераважае драўляная аднапавярховая жылая забудова сядзібнага тыпу, якая размешчаная ў асноўным уздоўж галоўных вуліц. Лесапаркавая зона займае паўночна-заходнюю і паўночна-ўсходнюю часткі. Зберагліся помнікі дойлідства XIX ст.: Васкрасенская царква (драўляная, мае рысы стылю класіцызму) і гандлёвыя рады.

Пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1975 г. (Менская філія Цэнтральнага НДІ горадабудаўніцтва).


Г.Я. Булдаў

 


АНУФРЫЕВА. ЦАРКВА


Помнік дойлідства барока. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. ў в. Ануфрыева (Мсціслаўскі р-н) як уніяцкая на месцы, дзе раней быў праваслаўны манастыр (заснаваны ў XIV ст. князем Юрыем Смаленскім). Мураваны аднанефавы храм з паўцыркульнай алтарнай апсідай і высокай пяціяруснай вежай-званіцай. Неф і апсіда накрытыя высокім двухсхільным дахам. Квадратная ў плане вежа завершаная невялікім шатром. Усе ярусы (чацверыкі) падзеленыя развітымі прафіляванымі карнізамі, па кутах аздобленыя пілястрамі. Будынак пастаўлены на высокі цокаль. Сцены расчлянёныя падвойнымі пілястрамі і завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Аконныя праёмы з лучковымі, на вежы з паўцыркульнымі завяршэннямі. У інтэр’еры скляпенне цыліндрычнае з распалубкамі.

Царква не дзейнічае, у аварыйным стане. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь

 


АРЭХАЎНА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваная ў 1840 г. на паўночнай ускраіне в. Арэхаўна (Ушацкі р-н). Належала Грамніцкім, пазней В. Забелу. Уключае парк рэгулярнай планіроўкі (растуць кедр, лістоўніца, таполя і інш.) з возерам, гасподу, афіцыну, гаспадарчыя пабудовы. Галоўная вось — цэнтральная алея ад уязной брамы да параднага двара-курданёра. Мураваная гаспода — П-падобны ў плане аднапавярховы будынак з двухпавярховай цэнтральнай часткай, вылучанай балконам і завершанай трохкутным франтонам. Сіметрычная кампазіцыя галоўнага фасаду парушаная бакавым размяшчэннем уваходу, аформленага чатырохкалонным атыкавым порцікам. Дваровы фасад вырашаны сіметрычна: у цэнтры выступае двухпавярховы круглаваты эркер і кароткія бакавыя крылы. У аздобленні фасадаў выкарыстаныя рустыка, дэнтыкулы, прафіляваныя карнізы, ліштвы і сандрыкі ў абрамленні акон. Планіроўка анфіладная. У цэнтры вылучаецца вялікая авальная зала з вітымі ўсходамі.

Выкарыстоўваецца навучальнай установай. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


АРЭХАЎСК


Гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не, на беразе Вялікага Арэхаўскага возера пры вытоку з яго р. Аршыцы. За 27 км ад Воршы. Узнік у пачатку XX ст. як заводскі пасёлак Выдрыца Воршанскага павету ў сувязі з будаўніцтвам заводу сухой перагонкі драўніны. У склад пасёлку ўвайшла в. Арэхі. Пасля закрыцця заводу (1917 г.) пасёлак сельскага тыпу. З пачаткам будаўніцтва (1927 г.) БелДРЭС пасёлак вырас, зліўся з в. Арэхі і ў 1938 г. пераўтвораны ў рабочы пасёлак Арэхі-Выдрыца. У 1939 г. было 3,7 тыс. жыхароў. З 1924 г. у Воршанскім р-не. У 1946 г. пераўтвораны ў г.п. Арэхаўск. У 1946—56 гг. цэнтр Арэхаўскага р-ну.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Ленінская і БелДРЭС. У месцы іх перасячэння — плошча — грамадскі цэнтр. З усходу да цэнтру прымыкае паркавая зона. Пасёлак развіваецца паводле генплану 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


В.М. Дутлава

 


АРЭХАЎСК. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў пачатку XIX ст. ў в. Арэхі (цяпер г.п. Арэхаўск Воршанскага р-на) у стылі класіцызму. Паводле царкоўнага падання, аднаўленне храма звязанае з перамогай расейскай арміі над французамі ў бітве пры Вялікім Арэхаўскім возеры ў 1812 г. Адназальны прастакутны ў плане храм з паўкруглай апсідай (выкананая з вертыкальна пастаўленых брусоў). Вузкі прытвор каркаснай канструкцыі з двухсхільным дахам. На плоскім перакрыцці асноўнага аб’ёму надбудаваны нізкі і шырокі круглы барабан з паўсферычным купалам. Больш нізкая апсіда накрытая бляшаным дахам конхавай формы. Вертыкальна ашаляваныя сцены цэнтральнага аб’ёму аперазаныя простым карнізам на дэнтыкулах і прарэзаныя паўкруглымі люкарнамі. У інтэр’еры барабан купала падтрымліваецца чатырма шырокімі аркамі і буйнымі кутнімі апорамі. Конхавая апсіда аддзеленая аркай на дзвюх іанічных калонах і драўляным аднаярусным іканастасам. Над уваходам вузкі балкон хораў на двух каваных кранштэйнах, на які вядуць бакавыя вітыя ўсходы. У баку перад царквой стаіць драўляная двух’ярусная шатровая званіца каркаснай канструкцыі з вертыкальнай шалёўкай.

Царква дзейнічае.


А.М. Кулагін

 


АСВЕЯ


Гарадскі пасёлак у Верхнядзвінскім р-не, на паўднёвым беразе Асвейскага возера. Цэнтр сельсавету саўгаса "Асвейскі". За 40 км ад Верхнядзвінска. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1503 г. як прыватнаўласніцкае мястэчка ў Вялікім княстве Літоўскім. З 1695 г. горад Полацкага ваяводства. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Дрысенскага павету (да пачатку XIX ст. называлася Асвей). У 1897 г. — 2,8 тыс. жыхароў, народнае вучылішча. З 1938 г. гарадскі пасёлак. У 1924—59 гг. цэнтр раёну, з 1959 г. у Верхнядзвінскім р-не.

Асноўная планіровачная вось — вул. Савецкая, забудаваная двухпавярховымі жылымі дамамі, уздоўж яе сфармаваўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Сетка вуліц прастакутная з уключэннем радыяльных напрамкаў дарог. Жылая забудова пераважна аднапавярховая сядзібнага тыпу. У паўднёва-ўсходняй частцы сядзібны, парк. Збярогся помнік дойлідства XVIII ст. — манастырскі шпіталь.

Пасёлак развіваецца паводле генплану 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Д.С. Паташнікаў

 


АСВЕЯ. СЯДЗІБА


Помнік палацава-паркавага дойлідства класіцызму. Створаная на паўднёвым беразе воз. Асвейскае. Пабудаваная ў 1782 г. у маёнтку менскага ваяводы А. Гільзена. З 1786 г. належала Шадурскім. У сядзібе размяшчалася семінарыя езуітаў-месіянераў. Ансамбль уключаў палац (зруйнаваны ў I Сусветную вайну), капліцу, пейзажны парк (плошча 15 га) з аранжарэямі, ставамі, брамай. Цэнтральная частка кампазіцыі — двухпавярховы мураваны палац з паўкруглымі бакавымі крыламі, злучанымі з галоўным аб’ёмам аркадамі, якія ўтваралі авальны партэр перед галоўным заходнім фасадам (вядомы па акварэлі Н. Орды 1875—76 гг.). Манументальнасць будынку ўзмацнялася буйным маштабам чляненняў і канструкцый. Рытм фасадаў ствараўся чаргаваннем высокіх арачных і прастакутных праёмаў і здвоеных калон тасканскага ордэру ў прасценках; пластыку сцен узбагачалі антаблементы, рустоўка, філёнгі. У адным з крылаў два паверхі займаў зімовы сад.

Палац абкружаў пейзажны парк з сістэмай аб’яднаных з возерам ставоў і каналаў з дэкаратыўнымі масткамі і штучнымі выспамі. Аснову кампазіцыі парку складалі курціны на адкрытых палянах, якія пераходзілі ў натуральны лясны масіў. Пераважаюць мясцовыя пароды дрэў.


А.М. Кулагін

 


АСВЕЯ. МАНАСТЫРСКІ ШПІТАЛЬ


Помнік дойлідства XVIII ст. Пабудаваны ў 1759 г. пры манастыры міласэрных сясцёр. П-падобны ў плане аднапавярховы мураваны будынак накрыты двухсхільным дахам. Планіроўка ў сярэдняй частцы калідорная, у крылах галерэйная. Першапачатковая планіроўка змененая ў 1928—29 гг., часткова збераглася ў левым крыле, над якім знаходзіцца паўпадвальны паверх. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках, паўпадвал — цыліндрычнымі скляпеннямі, у астатніх памяшканнях столь плоская.

У будынку знаходзіцца лякарня.


У.В. Алісейчык

 


АСІПОВІЧЫ


Горад, цэнтр Асіповіцкага р-ну Магілёўскай вобл., на р. Сіняя. За 136 км ад Магілеву. З 1872 г. — чыгуначная станцыя (назва ад суседняй вёскі Бабруйскага павету) на Лібава-Роменскай чыгунцы. У 1897 г. было 0,5 тыс. жыхароў. З 1924 г. — мястэчка, цэнтр раёну. З 1935 г. — горад (з 1938 г. раённага падпарадкавання). 13,7 тыс. жыхароў у 1939 г. У 1962—65 гг. Асіповічы ў складзе Бабруйскага р-ну. З 1963 г. — горад абласнога падпарадкавання.

Горад мае прастакутную квартальную планіроўку, падзелены чыгункай на две часткі. Асноўная частка — паўночная. Яе галоўная вось — вул. Сумчанкі — звязана з аўтадарогай Менск — Бабруйск, забудаваная 4—5-павярховымі жылымі дамамі. На перакрыжаванні вуліц Сумчанкі і Каралёва створаны грамадска-адміністрацыйны цэнтр — пл. Леніна. Вуліцы Інтэрнацыянальная і Юбілейная забудаваныя 2—5-павярховымі жылымі дамамі. У паўночнай частцы гораду — мікрараён, прамысловы раён з заводамі кардонна-руберойдавым, жалезабетонных канструкцый, "Аўтаагрэгат" і інш. Асноўныя планіровачныя восі паўднёвай часткі — вуліцы Сацыялістычная, Рабоча-Сялянская, Камуністычная, на якіх сканцэнтраваныя культурна-побытавыя аб’екты, пабудаваныя 2—5-павярховыя жылыя дамы. Большасць тэрыторыі гораду забудаваная аднапавярховымі жылымі дамамі сядзібнага тыпу.

Забудоўваецда паводле генпланаў 1964 г. (інстытут "Белдзяржпраект"), 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Р.Дз. Шэліхава

 


АСНЕЖЫЦЫ


Вёска ў Пінскім р-не, цэнтр Аснежыцкага сельсавету, калгасу "Аснежыцкі". За 18 км на поўнач ад Пінску. Вядомы з XVI ст. З 1880-х г. пад назвай Аснежыцы. ў Пінскім павеце былі две вёскі (36 і 16 двароў). У савецкі час абедзве вёскі аб’яднаныя і ператвораныя ў буйны добраўпарадкаваны аграпрамысловы пасёлак.

Забудоўваецца паводле праекту планіроўкі 1968 г. (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980 г., аўтар забудовы дойлід Н. Нядзелька, інжынер В. Хандогін). Галоўная вось кампазіцыі — шырокі бульвар, які звязвае асноўны ўезд у вёску з боку Пінску з грамадскім і культурным цэнтрам (фармуецца паводле праекту дэталёвай планіроўкі 1980 г.) — плошчай, дзе знаходзяцца адміністрацыйны будынак і гандлёвы цэнтр, будуецца (1990 г.) Дом культуры з залай на 600 месцаў. На ўсход ад плошчы створаны парк з зонамі адпачынку і спорту. Побач — школа і дзіцячы камбінат на 90 месцаў (у перспектыве — 230). Цэнтр вёскі забудоўваецца 2—3-павярховымі 8—12-кватэрнымі секцыйнымі і 2—4-кватэрнымі жылымі дамамі ў двух узроўнях. Іх фасады апрацаваныя светлай керамічнай пліткай з устаўкамі з залацістай глазураванай пліткі ў выглядзе стылізаваных каласоў. Унутрыквартальная прастора азялененая і добраўпарадкаваная, мае малыя формы дойлідства — пляцоўкі для адпачынку і інш. У паўночнай частцы вёскі сканцэнтравана індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, на паўночным захадзе — вытворчая зона.

Прадугледжанае будўніцтва 2—3-павярховых жылых дамоў на ўсходзе і поўдні, стварэнне штучнага вадаёма на поўдні, арганізацыя ўезда (з боку Берасця), які злучыцца з бульварам.


Н.М. Нядзелька

 


АСТАШЫНА. КАЛЬВІНСКІ ЗБОР


Існаваў у XVI — 1-й палове XX ст. у в. Асташына (Наваградскі р-н). Узведзены на сродкі Яна Швыкоўскага ў гатычна-рэнесансным стылі. Гэта было мураванае аднанефавае збудаванне, прастакутнае ў плане, заканчвалася гранёнай апсідай, сцены былі прарэзаныя сямю вокнамі. Да галоўнага фасаду прымыкала шмат’ярусная вежа, завершаная чатырохсхільным шатром. Першы ярус у шырыню адпавядаў памерам асноўнага аб’ёму. З кожным ярусам памеры вежы памяншаліся, што надало знешняму вобліку дынамічную кампазіцыю. Унутраную прастору перакрывала паўцыркульнае скляпенне з распалубкамі.

Знішчаны ў 1940-я гады.


А.М. Кушнярэвіч

 


АСТРАВЕЦ

 

Гарадскі пасёлак, цэнтр Астравецкага р-ну, на р. Лоша. За 250 км ад Гародні. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1468 г., з 1546 г. мястэчка ў Віленскім ваяводстве. У 1474 г. заснаваны касцёл і кляштар дамініканцаў (у 1886 г. кляштар зруйнаваны), у 1787 г. пабудаваны Астравецкі Казьмадзям’янаўскі касцёл. У 1880-я гг. 22 двары, 176 жыхароў. Конная чыгуначная ветка злучала Астравец з чыгуначнай станцыяй Слабодка. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, у Ашмянскім павету. З канца 1939 г. у БССР, з 1940 г. вёска, цэнтр раёну. З 1958 г. гарадскі пасёлак. У 1962—65 гг. у Ашмянскім р-не.

Размешчаны на плоскай раўніне абапал р. Лоша. Цэнтр сфармаваны ў левабярэжнай частцы. Галоўная вось — вул. Ленінская — перасякае Астравец з захаду на паўночны ўсход. На перасячэнні вуліц Ленінскай, Валадарскага, Кастрычніцкай, К. Маркса ўтвораная прастакутная ў плане цэнтральная плошча. Сетка вуліц прастакутная, квартальная, у цэнтры дамы 2—3-павярховыя, на ўскраінах аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу.

Пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1970 г. (Гарадзенская філія інстытуту "Белдзяржпраект").

 


АСТРАВЕЦ. КАСЦЁЛ СВЯТЫХ КОСМЫ і ДАМІЯНА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны з цэглы ў 1785—87 гг. (вул. Камсамольская, 1) на месцы старажытнага касцёлу і кляштару дамініканцаў, узведзенага магнатамі Корсакамі ў 1616—18 гг. Вырашаны адзіным прастакутным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Дойлідска-дэкаратыўны акцэнт створаны на галоўным фасадзе. Яго двух’ярусная сіметрычна-восевая кампазіцыя вылучаная па цэнтры чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам. Другі ярус — высокі парапет з дзвюхгранным шчытом па цэнтры і крапоўкай арачнымі нішамі па баках (надбудаваны ў 2-й палове XIX ст.). Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі, шырокімі лапаткамі ў прасценках і завершаныя развітым карнізам. Унутраная прастора храму падзеленая чатырма слупамі на тры нефы і две сакрысціі, якія ў цэнтральным нефе вылучаюць алтарнае памяшканне, асветленае двума высокімі арачнымі вокнамі на тарцовай сцяне. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, больш вузкія бакавыя нефы — крыжовымі. Над нартэксам хоры.

Касцёл дзейнічае.


А.М. Кулагін

 


АСТРАМЕЧАВА


Вёска ў Лышчыцкім сельсавет Берасцейскага р-ну, цэнтр калгаса-камбінату "Памяць Ільіча". За 22 км на паўночным захадзе ад Берасця. У 1905 г. у ёй на сродкі кнігавыдаўца Ф.Ф. Паўленкава заснаваная адна з першых на Беларусі бясплатных народных бібліятэк. З 1982 г. паводле праекту інстытуту "Брэстсельбудпраект" (дойліды Р. Будзько, М. Алексяюк) вядзецца рэканструкцыя вёскі, у выніку якой створаны новы пасёлак для працаўнікоў жывёлагадоўчага комплексу. Новая забудова пасёлку арганічна ўпісваецца ў існуючую, не парушае прыроднай гармоніі зялёных насаджэнняў і рэльефу мясцовасці. Ядро планіроўкі пасёлку — грамадскі цэнтр, які фармуюць Дом культуры, адміністрацыйны будынак, гандлёвы цэнтр, школа, дзіцячы сад-яслі з плавальным басейнам і зімовым садам, фельчарска-акушэрскі пункт. Тыпавыя праекты грамадскіх будынкаў для забудовы цэнтру значна перапрацаваныя (Дом культуры ў блакіроўцы з адміністрацыйным будынкам). Для жылой забудовы выкарыстаныя дванаццаць тыпаў жылых дамоў: адна- і двухкватэрныя буйнапанельныя, каркасна-шчытавыя, з маналітнага керамзітабетону, цагляныя. У афармленні фасадаў выкарыстаныя абліцовачная цэгла, керамічная плітка, у аддзелцы франтонаў, ліштваў акон і дзвярэй — разьба па дрэве. Усё гэта дазволіла пазбегнуць манатоннасці і аднастайнасці ў забудове, надаць кожнай вуліцы індывідуальнасць і дойлідную выразнасць. Шматкватэрныя дамы секцыйнага тыпу прызначаныя для маласямейных і пад інтэрнаты. Сілуэт гэтых будынкаў фарміруе ўезд у пасёлак. Для кожнай сям’і прадугледжаны прысядзібны ўчастак (800—1000 м2) з жылым домам і гаспадарчымі пабудовамі. У планіроўцы жылых кварталаў дакладна вылучана гаспоўная зона, якая мае ізаляваныя праезды. Для асвятлення вуліц выкарыстаныя індывідуальныя распрацаваныя свяцільнікі. Забудову пасёлку дапаўняе зона адпачынку са штучным вадасховішчам, спартовая і паркавая зоны.


Р.Р. Будзько

 


АСТРАШЫЦКІ ГАРАДОК. ЗАМКАВА-ПАЛАЦАВЫЯ КОМПЛЕКСЫ


Існавалі ў XVII—XIX стст. у в. Астрашыцкі Гарадок (Менскі р-н).

1) У інвентары 1650 г. апісаны драўляны замак. Меў абарончыя сцены і чатыры кутнія вежы, быў абкружаны штучным ровам і сажалкамі. Да замка вёў мост, уваход праз трох’ярусную фланкіраваную з двух бакоў вежамі і завершаную высокім шатровым дахам браму-вежу "прускага муру", унутры якой былі жылыя, гаспадарчыя і абарончыя памяшканні. Злева ад брамы стаяў аднапавярховы драўляны палац. Жылыя памяшканні палаца мелі размаляваныя дзверы і столь, печы і каміны з каляровай кафлі. За палацам уздоўж абарончай сцяны размяшчаліся варыўня, кузня, пякарня, лазня, бровар. Справа ад брамы стаялі дом "прускага муру" з жылымі пакоямі, каморай, вазоўняй, стайняй і свіран. Перад замкам знаходзіліся стайня, вадзяны млын і тартак.

2) У інвентары 1745 г. апісаная сядзіба, у якую ўваходзілі драўляны палац (меў шэраг жылых, гаспадарчых, парадных пакояў з выхадам у бок звярынца), некалькі гаспадарчых пабудоў побач з палацам, фальварак з двума жылымі будынкамі, пякарняй, стайняй, аборай, броварамі і інш. За сядзібай былі ставы з млынамі і рыбныя сажалкі.

3) У 1-й палове XIX ст. за 1 км ад вёскі пабудаваны мураваны двухпавярховы палац у стылі несапраўднай готыкі з чатырохяруснай квадратнай у плане вежай, завершанай чатырма шчытамі і чатырма кутнімі дэкаратыўнымі вежачкамі. У ім знаходзілася каштоўная калекцыя твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сабраная М. Тышкевічам. Згарэў у 1860 г. Да 1876 г. каля яго пастаўлены новы мураваны атынкаваны знадворку палац, які складаўся з двухпавярховых прастакутных у плане цэнтральных і двух бакавых аб’ёмаў, злучаных паміж сабой аднапавярховымі часткамі. На галоўным фасадзе аб’ёмы ўтваралі рызаліты, да цэнтральнага рызаліту прыбудаваны прастакутны ў плане тамбур з вялікай тэрасай наверсе, што злучаўся з параднай залай другога паверху. Палацы абкружаў вялікі парк, у якім быў звярынец.


Ю.А. Якімовіч

 


АСТРЫНА


Гарадскі пасёлак у Шчучынскім р-не на р. Астрынка. За 22 км ад Шчучына. Вядомае з пачатку XVI ст. як дзяржаўнае ўладанне, цэнтр староства Лідскага павету Вялікага княства Літоўскага. У 1666 г. пабудаваны касцёл (не збярогся). З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Лідскага павету. У 1859 г. у Астрына 170 дамоў, 970 жыхароў, у 1882 г. было 1984 жыхары. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы. З канца 1939 г. у БССР. У 1960—62 гг. у Скідзельскім, з 1962 г. у Шчучынскім р-нах.

Планіровачную структуру вызначае шаша Гародня — Вільня (вуліцы Станкевіча і Гарадзенская) — асноўная вось пасёлку, яе перасякае рака і вул. Шчучынская (дарога на Шчучын — другая вось пасёлка). У месцы злучэння вуліц Станкевіча і Гарадзенскай — стары цэнтр з былой гандлёвай плошчай (на яе месцы сквер) і радыяльнай сістэмай вуліц. Тут засталіся мураваныя і драўляныя дамы XIX — пачатку XX ст., царква, пабудаваная ў 2-й палове XIX ст. з каменю і цэглы (крыжовая ў плане пабудова з яруснай шатровай званіцай, мае рысы псеўдарускага стылю). На паўднёвым захадзе ад старога цэнтру фармуецца новы грамадскі цэнтр.

Пасёлак забудоўваецда паводле праекту планіроўкі 1979 г. (БелНДІдзіпрасельбуд).

 


АШМЯНЫ


Горад, цэнтр Ашмянскага р-ну, на р. Ашмянка. За 220 км на паўночны ўсход ад Гарадні. Вядомы з 1340-х гадоў як горад у складзе Вялікага княства Літоўскага. Узніклі як княжацкі замак, вакол якога развіўся гандлёва-рамесніцкі пасад. У XIV ст. пабудаваны касцёл, у 1484 г. — калегіята (касцёл, пры якім быў збор канонікаў). У пачатку XVI ст. горад перанесены на новае месца (утварылася паселішча Новыя Ашмяны), старажытная частка (Старыя Ашмяны) у 1505 г. аддадзеная францысканцам (пабудаваны касцёл і драўляны кляштар). У 2-й палове XVI ст. пабудаваны кальвінскі збор (не збярогся), у 1667 г. — Траецкі касцёл (згарэў, адноўлены ў 1797 г.) і драўляны кляштар дамініканцаў (знесены ў 1850 г.). Паводле плану 1798 г. горад размяшчаўся на левым беразе р. Ашмянка. На тэрыторыі былога замку стаяў двор старосты, злучаны вул. Замкавай з галоўнай плошчай, дзе знаходзіліся невялікая драўляная ратуша, крамы, карчма, паштовы двор. Ад галоўнай плошчы разыходзіліся вуліцы-дарогі на Жупраны (усход), Вільню (паўночны захад), Галынаны (паўднёвы захад), Баруны (паўднёвы усход). У заходняй частцы гораду (на вул. Віленскай) існавала другая гандлёвая плошча. У XIX ст. забудаваўся правы берег Ашмянкі. У 1822 г. тут пабудаваныя мураваны францысканскі кляштар у стылі класіцізму (захаваліся сцены касцёлу). У пачатку XX ст. ў цэнтры пастаўленыя прыватнаўласніцкія мураваныя жылыя дамы (вул. Барунская). У 1811 г. было 1830, у 1914 г. — 8200 жыхароў. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр павету. З канца 1939 г. у складзе БССР. З 1940 г. раённы цэнтр Віленскай, з 1944 г. — Маладзечанскай, з 1960 г. — Гарадзенскай абласцей.

Тэрыторыя сучаснага гораду падзеленая р. Ашмянкай на две часткі: галоўную левабярэжную (з гістарычным цэнтрам) і правабярэжную (раён малапавярховай індывідуальнай забудовы). У адпаведнасці з генпланам 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды С. Смірнова, Г. Паўлоўская, інжынеры Л. Ушакова, Н. Галавацкая) горад развіваецца ўздоўж ракі з паслядоўным асваеннем тэрыторыі ў межах аўтамагістралі Менск — Вільня і ў межах гораду. Цэнтральнае месца ў планіровачнай структуры займае агульнагарадскі цэнтр (на перасячэнні галоўнай кампазіцыйнай восі — вул. Савецкай з вул. Барунскай і Чырвонаармейскай). У аснове праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру (1977 г., дойлід Паўлоўская, інжынер В. Зуева) — стварэнне прасторава развітога комплексу з вылучэннем галоўнай плошчы. Лінейная кампазіцыя цэнтру развіваецца ўздоўж вул. Савецкай, уключае сістэму плошчаў і групу жылых комплексаў, арыентаваных на прыроднае асяроддзе — паркавую зону ўздоўж ракі.

Зберагліся помнікі дойлідства 2-й паловы XIX ст. — царква і карчма, жылыя будынкі канца XIX — пачатку XX стст.


Ю.А. Якімовіч, С.Ф. Самбук

 


-Б-


БАБРУЙСК


Горад, цэнтр Бабруйскага р-ну, порт на р. Бярэзіна. За 110 км ад Магілёву. Узнік у часы Кіеўскай Русі ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка як вёска (летапісны Бобровск, Бобруеск, Бобрусек), жыхары якой займаліся рыбалоўствам і бабровым промыслам. Паводле інвентару 1638 г., меў плошчу 6,75 га, быў абнесены валам і драўляным астрогам, займаў правабярэжную частку р. Бярэзіны, на ўзвышшы размяшчаўся Бабруйскі замак. Аснову кампактнай планіроўкі складалі гандлоўная плошча (з 75-ю крамамі), пятнаццаць вуліц і два завулкі. Магістральнымі з’яўляліся вуліцы Падольная, Слуцкая, Свіслацкая, Прудовая. Яны пачыналіся ад плошчы, разыходзіліся радыяльна і заканчваліся брамамі ў знешніх гарадскіх умацаваннях. Рынак размяшчаўся над р. Бярэзінай, меў падоўжаную форму плану (плошча каля 0,18 га). Каля ракі стаялі касцёл Пятра і Паўла і царква Мікалая, на вул. Падольнай размяшчаўся Бабруйскі "каралеўскі двор", на вул. Свіслацкай — дом езуітаў, каралеўскі сад, паміж вуліцамі Прудовай і Кісялёўскай — царква Прачыстай Багародзіцы, на вул. Ільінскай — царква Ільі Прарока, на вул. Капыльнічэвай — замкавы гасціны дом. Забудова была пераважна драўляная, вельмі шчыльная.

У 1793 г. уключаны ў склад Расейскай імперыі. З 1796 г. горад, цэнтр павету (было каля 200 дамоў). Першы праектны план складзены ў 1800 г., паводле яго горад забудоўваўся да 1810 г. Ён прадугледжваў рэгулярнасць квартальнай забудовы, спрамленне вулічнай сеткі, стварэнне новых прастакутных кварталаў з захаваннем асноўных планіровачных восяў — Слуцкай і Менскай дарог, якія сыходзіліся ў цэнтры пад прастым кутом. Далейшае развіццё планіровачнай структуры звязанае з будаўніцтвамвам (1807—36 гг.) на месцы гістарычнага цэнтру адной з самых моцных у Расейскай імперыі Бабруйскай фартэцыі (глядзі артыкул "Бабруйск. Фартэцыя"). Паводле плану 1810 г. у фартэцыі аставаліся мураваныя дамы, адміністрцыйныя будынкі гораду. Драўляная забудова выносілася на чатыры запланаваныя фарштаты: Менскі, Слуцкі, Бярэзінскі, Парыцкі (існаваў да 1829 г.), якія абкружалі фартэцыю з паўночнага захаду, захаду, паўднёвага захаду, забудоўваліся да сярэдзіны XIX ст. У канцы XIX — пачатку XX стст. цэнтральная частка гораду забудаваная мураванымі жылымі і грамадскімі будынкамі (Аляксандраўская жаночая гімназія, будынкі банкаў, асабнякі, жылыя дамы), у якіх выявіліся рысы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага, неабарока, неакласіцызму, мадэрн.

Да ІІ Сусветнай вайны горад развіваўся па традыцыйнай радыяльнапаўкальцавой схеме на тэрыторыях былых фарштатаў вакол крэпасці і ўздоўж асноўных магістралей — вуліц Менскай, Бахарава, Рагачоўскай. Грамадскі цэнтр сфармаваўся ў старой частцы гораду, на перакрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і М. Горкага. У 1930-я гады пабудаваныя дом-камуна, "Дом калектыву", адміністрацыйны будынак па вул. Савецкай і інш., у якіх выявіліся рысы стылю канструктывізму, выкарыстаны элементы класічнай спадчыны.

У 1960—70-я гады Бабруйск забудоўваўся паводле генплану 1966 г. (інстытут "Белдзяржпраект"). Кампазіцыйным ядром застаецца фартэцыя, вакол якой размешчаны цэнтр гораду — паўкальцавыя вуліцы Сацыялістычная, Урыцкага, Пушкіна, Савецкая, Кастрычніцкая і радыяльныя Горкага, Інтэрнацыянальная, Менская, Гогаля, Маркса, якія ўтвараюць дробныя кварталы, забудоўваюцца шматпавярховымі жылымі дамамі. На перакрыжаванні вуліц Савецкай і Горкага створаная пл. Леніна — адміністрацыйны цэнтр гораду з Домам Саветаў. На вул. Менскай (поўнач) і Інтэрнацыянальнай (звязвае Прывакзальную плошчу з цэнтрам) вядзецца комплекснае будаўніцтва мікрараёнаў з 5—9-павярховымі жылымі дамамі. У паўночнай частцы гораду, дзе на дзвюх узаемна перпендыкулярных вуліцах Ульянаўскай і 50 гадоў ВЛКСМ фармуецца буйны жылы раён з чатырох мікрараёнаў з 5—9-павярховымі жылымі дамамі, размешчаны студэнцкі гарадок, бальнічны комплекс, спартовыя збудаванні.

Паводле генплану 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) кампазіцыйнай воссю гораду стане р. Бярэзіна, галоўнай — вул. Горкага з новым грамадскім цэнтрам, якая злучыцца на поўначы з Менскай шашой. Вызначаныя планіровачныя раёны: цэнтральны, паўночны, паўднёвы і новы ўсходні (Цітаўка на левым беразе р. Бярэзіна); прадугледжанае інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва, стварэнне паркаў і сквераў уздоўж р. Бярэзіна, у паўночным планіровачным раёне.


Р.Дз. Шэліхава, Ю.А. Якімовіч

 


БАБРУЙСК. АСАБНЯКІ


Асабняк (вул. Пушкіна, 211) пабудаваны ў 1912 г., мае элементы стыляў класіцызму, ампіру і мадэрн. Аднапавярховы прастакутны ў плане цагляны будынак на высокім цокалі, накрыты вальмавым металічным дахам. На атынкаваным галоўным фасадзе засяроджаная галоўная дойлідная аздоба. Кампазіцыя фасаду сіметрычная: у цэнтры ганак з порцікам на дзвюх канеліраваных калонах кампазітнага ордэру, завершаны складаным па форме франтонам. Абодва бакі фланкіраваны несапраўднымі рызалітамі, утворанымі дзвюма пілястрамі з антаблементам і прастакутным атыкам над імі. У дэкаратыўным аздабленні інтэр’еру галоўная роля належыць шасці маёлікавым з раслінным арнаментам камінам, завершаным складанымі карнізамі і франтонамі. Тры каміны светла-зялёныя, два — белыя з размалёўкай золатам; дэкаратыўнай насычанасцю мастацкай формы вылучаецца камін з кафлі цёмна-кававага колеру, упрыгожаны расліннымі трохкветкавымі сюжэтамі. Ён мае завяршэнне ў выглядзе цэнтральных і бакавых акратэрыяў, антаблемент з раслінным фрызам. Камінны праём фланкіруюць два карыятыды, над імі — развіты пояс фрызу з нішамі і прастакутнымі ўстаўкамі з выявамі матылькоў, расліннымі матывамі і інш. Дом — адзін з лепшых узораў беларускага жыллёвага дойлідства і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачатку XX ст.

Асабняк (вул. Савецкая, 45) пабудаваны ў 1914 г. з элементамі стылю позняга класіцызму і мадэрну. Двухпавярховы мураваны Г-падобны ў плане будынак. Планіроўка калідорная, з параднай лесвіцай у цэнтры крыла, арыентаванага на вул. Савецкую. У кампазіцыі галоўнага атынкаванага знадворку фасаду спалучаюцца прыёмы сіметрыі і асіметрыі. Сіметрыю галоўнага фасаду падкрэсліваюць партал цэнтральнага ўваходу і два паўкруглыя эркеры з калонамі іанічнага ордэру на балконах, якія фланкіруюць цэнтральную частку. Асіметрыю будынку падкрэслівае рызаліт у месцы злучэння крылаў. Сцены галоўнага фасаду расчлянёныя высокімі прастакутнымі вокнамі (другі паверх рызаліта мае спаранае арачнае акно). Ніжні паверх, аддзелены ад верхняга антаблементам з плоскім фрызам і карнізам, аздоблены рустоўкай, міжкалонныя прасценкі вырашаны ў выглядзе пілястраў. Цэнтральная частка пабудовы і рызаліт завершаныя глухімі трохкутнымі, а эркеры — сферычнымі складанай формы шчытамі з вокнамі.


Ю.А. Якімовіч

 


БАБРУЙСК. БУДЫНАК АБЛАСНОГА ТЭАТРУ ДРАМЫ I КАМЕДЫІ


Узведзены ў 1978 г. (дойлід В. Крамарэнка, у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі дойліды Б. Папоў і М. Пірагоў, мастакі В. Ананьеў і М. Макашвілі) у цэнтры гораду. Пабудаваны на аснове конкурснага праекту, які прадугледжваў рэканструкцыю Дома культуры (1927—30 гг., дойлід А. Оль). Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вяликай паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рельефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва. Па восі будынку размешчаныя вестыбюль, фае, глядзельная зала з балконам (на 700 месцаў) і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавыў аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунутыя на паўпаверху адзін адносна аднаго і злучаныя адкрытымі лесвіцамі. У аздобе фасадаў выкарыстаныя вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, мастацкае шкло.


А.А. Воінаў

 


БАБРУЙСК. БУДЫНКІ БАНКАЎ


Помнікі грамадзянскага дойлідства пачатку XX ст.

Будынак на рагу вуліц Маскоўскай і Савецкай пабудаваны з элементамі стылю мадэрн. Мураваны, двухпавярховы, Г-падобны ў плане. Кожнае крыло ў цэнтры мае неглыбокі рызаліт, сцены расчлянёны прастакутнымі аконнымі праёмамі. Рызаліт з боку вул. Савецкай з вялікім прастакутным акном, якое аб’ядноўвае верхні і палавіну ніжняга паверхаў; рызаліт з боку вул. Маскоўскай вылучаны прастакутнымі вокнамі ў верхнім і ніжнім спараным паверхах. Месца злучэння крылаў падкрэсленае ўваходным арачным парталам і эркерам над ім, умацаваным на дзвюх кансолях і завершаным невялікай усечанай вежай. Планіроўка калідорная. У цэнтральнай частцы вестыбюль з двухмаршавай лесвіцай. У будынку размешчаная адміністрацыйная ўстанова.

Будынак на вул. Камсамольскай, 41, пабудаваны ў 1902 г. у стылі неакласіцызму. Кампактны прастакутны ў плане мураваны аднапавярховы будынак пад пакатым двусхільным дахам. Галоўны фасад сіметрычна-восевы з бакавымі рызалітамі, завершанымі прастакутнымі атыкамі. У дэкоры будынку выкарыстаныя паўкалоны, франтоны, разеткі, атыкі. Планіроўка будынку анфіладная. У цэнтры вялікая аперацыйная зала са склепам пад ёй. У інтэр’еры захаваліся две прастакутныя кафляныя печы, складзеныя на цокалях і завершаныя фігурнымі франтонамі. Плітка ўпрыгожаная арнаментальным малюнкам з кветак і пялёсткаў светла-зялёных і светла-блакітных колераў. У будынку размешчаная адміністрацыйная ўстанова.


Ю.А. Якімовіч, А.М. Кулагін

 


БАБРУЙСК. ЖЫЛЫЯ ДАМЫ

 


Помнікі грамадзянскага дойлідства пачатку XX ст.

Дом (вул. Інтэрнацыянальная, 25) пабудаваны ў 1912 г. у стылі мадэрн. Драўляны аднапавярховы Г-падобны ў плане будынак з мезанінам. Планіроўка асноўнага паверху калідорная. Галоўны фасад з двума бакавымі рызалітамі, вырашанымі ў выглядзе двух’ярусных вежаў з шатровымі пакрыццямі складанай формы і эавершанымі нізкімі чацверыкамі, дзеліцца на тры часткі. Над цэнтральнай часткай паўавальны аб’ём з круглым акном у цэнтры шчыта. Рызаліты і цэнтр галоўнага фасаду вылучаныя арачнымі вокнамі, аформленымі ліштвамі з сандрыкамі, астатнія вокны прастакутныя з трохкутнымі шчытамі ў завяршэнні. Сцены знадворку ашаляваныя гарызантальна і вертыкальна, аформлены панелямі і ўстаўкамі з геаметрычным дэкорам (крыжавіны, прастакутнікі, квадраты). Дэкаратыўны характар маюць металічныя каваныя краты балкону мезаніну (на галоўным фасадзе) і завяршэння ў рызалітаў. У будынку размешчаная раённая бібліятэка і іншыя грамадскія ўстановы.

Дом (вул. Савецкая, 79) пабудаваны ў пачатку XX ст. ў стылі неакласіцызму. Цагляны аднапавярховы П-падобны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Сіметрычна-восевая кампазіцыя галоўнага атынкаванага фасаду падкрэслена трыма рызалітамі. Цэнтральны рызаліт, уваходны праём якога вылучаныя лучковай навіссю на вітых жалезных кранштэйнах, завершаны фігурным атыкам, дэкарыраваны ляпным картушам, бакавыя — камбінаваным (трохкутны франтон і прастакутны атык). Строеныя прастакутныя вокны галоўнага фасаду дэкарыраваны пластычнымі ліштвамі з ляпнымі гірляндамі і валютамі. Вулічны фасад апрацаваны рустыкай, аконтураны філёнгавым цокалем і карнізам на дэнтыкулах. У будынку размешчаная дзіцячая стаматалагічная паліклініка.


А.М. Кулагін

 


БАБРУЙСК. ЗАМАК

 

Узнік у XVI ст. на высокім правым беразе р. Бярэзіны непадалёку ад зліцця з р. Бабруйкай. Займаў частку берагавога плато ў выглядзе пагорку з круглай вяршыняй (памеры 53х66 м), якому пазней надалі чатырохкутную форму. З боку р. Бярэзіны замак ахоўваўся высокім і стромкім схілам, з астатніх бакоў быў умацаваны абарончым ровам шырынёю да 15 м. Паводле "Уставы" за 1626 г. замак быў абкружаны земляным валам, на якім стаялі абарончыя драўляныя вежы і сцены (дубовы штыкетнік). Згадваюцца две вежы з абламамі (невысокімі пагруднымі брустверамі ў завяршэнні), існавала ўязная вежа-брама. Не выключана, што з боку р. Бярэзіны таксама былі вежы, колькасць якіх невядомая. Інвентар 1671 г. паведамляе пра драўляны мост, што быў перакінуты цераз абарончы роў і падводзіў да двух’яруснай уязной брамы, ніжні ярус якой меў выгляд прастакутнага збудавання з падвойнымі варотамі, спецыяльнаю форткаю для праходу і сістэмай жалезных запораў. Верхні ярус у выглядзе вежы на дзесяцерыку меў байніцы для стральбы з гакаўніц (ручная агнястрэльная зброя). Две астатнія, амаль аднолькавыя двухярусныя вежы з "дольным схованьем" (глухім першым ярусам-сховішчам) былі накрытыя драніцамі і абмазаныя глінаю па самае бланкаванне (галерэю насценнага бою), што рабілася з проціпажарнымі мэтамі і прадухіляла ад гніення. З боку р. Бярэзіны замак ахоўваўся двума рэдутамі — (драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, перакрытымі гонтавымі стрэшкамі). Рэдуты абаранялі подступы да гарадской брамы Падольнай, якая ўваходзіла ў склад Бабруйскіх гарадскіх умацаванняў. Паміж вежамі і рэдутамі размяшчаліся рубленыя з тоўстых дубовых бярвён сцены-гародні, якія мелі бланкаванне. На замкавым дзядзінцы размяшчаўся цэйхгауз для зброі. Замак даглядаўся і рамантаваўся насельніцтвам гораду і воласці. Мяшчане былі абавязаныя будаваць две замкавыя вежы "з кгрунту аж до обламку" і рэгулярна абмазваць глінай, сяляне воласці "водлуг старой уставы і давнего звычаю свойго" хадзілі ў замак "на замковую патрэбу" для рамонту ўмацаванняў. Паводле інвентару 1684 г., планіровачная структура замку не змянілася. За час свайго існавання ён перажыў шмат аблог і разбурэнняў. Ў 1502 г. і 1503 г. замак спустошылі крымскія татары, у 1506 г. "перад Тройцыным днём" яго неаднаразова асаджаў мяцежны князь М. Глінскі. У студзені 1649 г. замак згарэў у час аблогі Бабруйска войскам гетмана Ю. Радзівіла, які выбіваў паўстанцаў-казакоў на чале з Паддубным і гараджан, што далучыліся да паўстанцаў. У сакавіку 1655 г. казакі гетмана I. Залатарэнкі спалілі замак, акцыя паўтарылася ў 1665 г. пасля чарговай казацкай аблогі. Інвентар 1692 г. сведчыць аб паступовым заняпадзе і разбурэнні ўмацаванняў. Замак перастаў існаваць у канцы XVIII ст., аднак на плане Бабруйска 1794 г. яго сляды яшчэ выразна захаваліся.


М.А. Ткачоў

 


БАБРУЙСК. "КАРАЛЕУСКІ ДВОР"


Існаваў з 2-й паловы XVI ст. да 1649 г. як адміністрацыйны цэнтр Бабруйскага староства. Размяшчаўся непадалёк ад замку, на беразе р. Бярэзіна. Цэнтр кампазіцыі — вялікі драўляны дом на сямі падклеццях (у іх размяшчаліся службовыя памяшканні). На галерэю жылой часткі вяла двухмаршавая вонкавая лесвіца, накрытая двухсхільным дахам. Двор быў абнесены астрогам. За дваром над р. Бярэзінай знаходзіліся стайня з вазоўняй і бровар, на р. Бабруйка стаяў млын.


Ю.Л. Якімовіч

 


БАБРУЙСК. КЛЯШТАР ЕЗУІТАЎ


Пабудаваны ў 1-й палове XVIII ст. Уключаў касцёл, калегіюм, школу, гаспадарчыя пабудовы.

Касцёл пабудаваны пад кіраўніцтвам дойліда Т. Жаброўскага ў 1747 г. у стылі барока. Храм — трохнефавая базіліка, прастакутны ў плане, з плоскім галоўным фасадам, паўкруглай алтарнай апсідай, да якой прылягаюць две сакрысціі, накрыты двусхільным гонтавым дахам. На галоўным фасадзе цэнтральны неф завяршаўся фігурным франтонам з валютамі, бакавыя — дзвюма сіметрычнымі трохяруснымі вежамі, на адной з якіх былі званы, на другой — гадзіннік. Вежы накрытыя бляхай, завяршаліся шатрамі з пазалочанымі крыжамі. Сцены касцёлу былі аздобленыя падвойнымі пілястрамі, расчлянёны аконнымі праёмамі з паўцыркульнымі завяршэннямі, нішамі. У нішах, што былі ў вежах, стаялі драўляныя статуі святых. У касцёле было сем алтароў, галоўны драўляны, разны, з васьмю скульптурамі (таксама драўляныя).

Калегіюм — мураваны двухпавярховы будынак, Г-падобны ў плане, накрыты гонтам, з калідорнай сістэмай планіроўкі, скляпенні і сцены з манументальнай размалёўкай. Будынак школы — драўляны, пры школе дзейнічаў тэатр (вядома пра яго існаванне ў 1760—68 гг.). Гаспадарчыя пабудовы ўключалі піўніцу, свіран, стайню з вазоўняй, сталярныя майстэрні, бровар. На тэрыторыі кляштару быў таксама агарод з фруктовымі дрэвамі. У 1773 г. кляштар закрыты. Пасля буры ў 1798 г. будынкі моцна пашкоджаныя. Пры ўзвядзенні фартэцыі былі выкарыстаныя пабудовы кляштару. У адноўленым будынку калегіюму знаходзіліся дзяржаўныя ўстановы. Касцёл быў перабудаваны пад цэйхгауз, цяпер у ім знаходзіцца гаўптвахта.


В.Р. Кукуня

 


БАБРУЙСК. ФАРТЭЦЫЯ


Помнік абарончага дойлідства 1-й паловы XIX ст. Пабудаваная ў 1807—36 гг. у гістарыяным цэнтры Бабруйску, на месцы старажытнага гораду ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. У 1807—10 гг. былі насыпаныя валы і зробленыя шэраг земляных умацаванняў. Далейшае будаўніцтва вялося ў два этапы. Першы звязаны з падрыхтоўкай да вайны 1812 г. У 1807—10 гг. насыпаныя валы і зробленыя шэраг земляных умацаванняў. У 1810—12 гг. паводле праекту інжынера генерала К. Опермана (склаў планы ўсіх крапасных умацаванняў і абарончых збудаванняў) пабудаваныя пяць бастыёнаў, валы дадаткова ўмацаваныя глыбокімі равамі. Забудова крэпасці вялася на аснове рэканструкцыі наяўных (Кляштар езуітаў) і стварэння новых (казармы, шпіталь, склады) будынкаў. Уваход у фартэцыю быў праз Менскую, Слуцкую і Вадзяную брамы. Другі этап (1812—36 гг.) характарызуецца шырокім размахам будаўніцтва: павялічаная тэрыторыя фартэцыі, узведзеныя сямнаццаць дадатковых бастыёнаў (да 1820 г.), вежы, форт "Фрыдрых Вільгельм" (1822 г.). Паводле плану 1818 г. (дойлід А. Штаўберт) планіроўку комплексу вызначыла сетка ўзаемна перпендыкулярных вуліц, забудаваных мураванымі 2—3-павярховымі дамамі. На рагу дзвюх галоўных вуліц (адна з іх вяла ад Менскай да Вадзяной брамы, другая — да Слуцкай брамы) знаходзілася парадная Саборная плошча з домам каменданта (1818 г.), будынкамі шпіталя (1822 г.) і штабу (1824 г.), саборам А. Неўскага (1827 г., дойлід А. Штраўберт, размалёўка інтэр’ераў мастак П. Урандзіна). У заходняй частцы фартэцыі размяшчаліся казармы, ва ўсходняй — склады, артылерыйскі і інжынерны паркі. У аздабленні будынкаў фартэцыі выкарыстаны элементы дойлідства класіцызму — рызаліты, рустоўка, абрамленне аконных праёмаў.

Помнік рэспубліканскага значэння.


В.Ф. Марозаў

 


БАРАНАВЧЫ


Горад, цэнтр Баранавіцкага р-ну. За 206 км ад Берасця. Узнікненне звязанае з будаўніцтвам чыгунак у 2-й палове XIX ст. З адкрыццём у 1871 г. руху на ўчастку Берасце — Менск Берасцейска-Маскоўскай чыгункі пачаўся хуткі рост пасёлку пры станцыі. У сярэдзіне 1880-х гадоў было каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. Уладальнікі маёнтку Развадоўскія дамагліся ў 1884 г. надання пасёлку статусу мястэчка (назва Развадова) з увядзеннем у 1888 г. мяшчанскага кіравання. Пасля здачы ў эксплуатацыю ў снежні 1884 г. участку Вільня — Лунінец — Пінск Палескіх чыгунак пачаў расці другі пасёлак на землях дзяржаўнага маёнтку Каўпеніца і вёсак Свяцілавічы, Дубава і Каўпеніца. У 1890-я гады пасёлкі зліліся і ўтварылі г. Баранавічы. У 1889 г. — 8718 жыхароў, 834 будынкі. У 1931—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр павету. З 1954 г. у Берасцейскай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 г. Баранавіцкага р-наў.

Чыгуначныя лініі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад Менск — Берасце, з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход Ліда — Лунінец падзяляюць горад на чатыры адасобленыя раёны: паўднёвы (Цэнтральны), усходні (Палескі), паўночны і паўночна-ўсходні (прамысловыя). У паўднёвай частцы на перакрыжаванні асноўных магістралей гораду вуліц Савецкай, Камсамольскай (яны з вуліцамі Берасцейскай і Куйбышава ўтвараюць старую частку гораду), Леніна сфармавалася пл. Леніна — адміністрацыйна-грамадскі цэнтр гораду. Сетка вуліц прастакутная з высокай шчыльнасцю 3—5-павярховай забудовы. Усходні раён фармуюць асноўныя яго вуліцы Тэльмана (будуецца мікрараён Усходні), Кірава, бульвар Касманаўтаў (забудаваны 5—9-павярховымі жылымі дамамі). У раёне вуліц Крошынскай, Фабрычнай сфармаваўся мікрараён Тэкстыльшчыкаў з 5—9-павярховымі жылымі дамамі). У паўночным раёне асноўныя вуліцы — Вільчкоўскага, Пралетарская з 2—3-павярховымі грамадскімі і жылымі будынкамі. Жылая забудова пераважна аднапавярховая сядзібнага тыпу. Побач з будынкамі заводу аўтаматычных ліній ствараецца мікрараён Паўночны-1 з 5—9-павярховымі дамамі. Жылыя раёны гораду звязваюцца з прамысловымі зонамі, цэнтрам, вакзаламі сістэмай пешаходных экспланад, добраўпарадкаваны зялёнымі насаджэннямі.

Паводле генплану ў 1967 г., 1975 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё гораду ў паўночным (да аўтамагістралі Менск — Берасце) і ўсходнім (уздоўж чыгункі Менск — Берасце да ўрочышча Гай), цэнтру — у заходнім (уздоўж вул. Чарнышэўскага) і ўсходнім (па вуліцах Тэльмана і Гаевай) напрамках, стварэнне гарадскога парку ва ўсходняй частцы.

Помнік дойлідства — Пакроўскі сабор.


С.Ф. Самбук

 


БАРАНАВЧЫ. ПАКРОЎСКІ САБОР


Помнік дойлідства неакласіцызму. Пабудаваны ў 1924—31 гг. на вул. Куйбышава. Мураваны крыжова-купальны храм з трыма паўкруглымі апсідамі. Асноўны квадратны ў плане аб’ём перакрыты вялікім купалам, які мае две абалонкі і асвятляецца люкарнамі. Да асноўнага аб’ёму прымыкае трох'ярусная вежа-званіца, завершаная шлемам са шпілем. Бакавыя фасады вылучаныя ўваходамі, з трохкалоннымі порцікамі, увянчаныя трохкутнымі франтонамі. Вокны і нішы разнастайнай формы з прафіляванымі абрамленнямі. У саборы знаходзяцца 7 з 16 мазаічных кампазіцый, якія да 1923 г. упрыгожвалі сабор Аляксандра Неўскага ў Варшаве. Былі выкананыя ў 1902—11 гг. у прыватнай майстэрні У. Фралова ў Санкт-Пецярбургу на кардонах мастакоў В. Васняцова, М. Бруні, М. Кошалева, В. Думітрашкі шляхам простага і адваротнага набору шліфаванай смальты. Мазаіка "Маці Боская з дзіцем" (мастак Васняцоў) размешчаная ў консе апсіды і з’яўляецца фрагментам кампазіцыі "Аб табе радуецца". Паплечныя выявы Маці Боскай у цёмна-вішнёвым і блакітным і дзіцяці ў светла-вохрыстым адзенні сілуэтна вылучаюцца на фоне залатых німбаў. Кампазіцыі "Сабор архістратыга Міхаіла" размешчаны ў тымпане франтонна на паўночным фасадзе, "Маці Боская з анёламі" (мастак Бруні) — у інтэр’еры над паўднёвым уваходам. Вялікая частка смальты тут страчаная. Каларыстычная гама будуецца на спалучэнні разнастайных адценняў светлых блакітных, зялёных, ружовых і глухіх сініх, чырвоных колераў з золатам смальты. Німбы запоўнены стылізаваным раслінным арнаментам. Кампазіцыі "Спас з данатарам" і "Дэісус" (мастак Кошалеў) размешчаныя ў тымпане на паўднёвым фасадзе і над паўночным уваходам у інтэр’еры. У вобразе данатара — дойлід Л. Бенуа з мадэллю Варшаўскага сабору ў руках, які атрымлівае благаславенне на будаўніцтва храму ад Спаса і Аляксандра Неўскага ў вобразе арханёла. У колернай гаме пераважаюць насычаныя таны. На апорных слупах у інтэр’еры знаходзяцца партрэтныя выявы Іосіфа Волацкага і мітрапаліта Алексія (мастак Думітрашка).

Сабор дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Г.М. Ярмоленка

 


БАРАНАВЧЫ. УРОЧЫШЧА ГАЙ


Мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці 3 тыс. чэхаславацкіх грамадзян — ахвяр фашысцкага тэрору ў ІІ Сусветную вайну. Створаны на заходняй ускраіне г. Баранавічы ў 1972 г. (скульптар М. Альтшулер, дойліды М. Мілавідаў, А. Марэніч, А. Макараў). На месцы, дзе стаяў кулямёт, з якога расстрэльвалі ахвяр у чэрвені 1942 г., устаноўлены цэнтральны манумент: две бетонныя пліты (вышіня 13 і 14 м), злучаныя аркай у цэнтры. Яны нагадваюць слупы агароджы канцлагеру. Уверсе да іх прымацаваны бронзавы звон, унізе — медны рэльеф з выявай мноства рук, узнятых і сціснутых у пратэсце, болі і адчаі. У комплекс уваходзяць две брацкія магілы, аб’яднаныя бетоннай плітой з надпісам-прысвячэннем, сімвалічны "Парог жыцця і смерці" (бетонны брус, пакладзены ўпоперак палявой дарогі), "Сцяна загінуўшых" з трох тысяч камянёў, на якой прымацаваная мемарыяльная мармуровая дошка з выявамі цярновай галінкі і надпісам на рускай і чэшскай мовах: "Светлай памяці чэхаславацкіх братоў". Лаканічнае вырашэнне тэмы, выразнасць помніка, журботныя гукі звона ствараюць вялікае эмацыянальнае ўражанне.


Л.Г. Лапцэвіч

 


БАГУШЭВІЧЫ. КАПЛІЦА-ПАХАВАЛЬНЯ


Помнік дойлідства несапраўднай готыкі. Пабудаваная ў сярэдзіне XIX ст. да 1863 г. з цэглы як фамільная пахавальня ўладальнікаў сядзібы Свентаржэцкіх у цэнтры в. Багушэвічы Бярэзінскага р-ну, на левым беразе р. Уса (тэрыторыя старажытнага гарадзішча). Уваходзіла ў склад сядзібна-паркавага ансамбля. Шасцігранны ў плане будынак мае цэнтрычную кампазіцьію. З заходняга боку да яго прымыкае прастакутная ў плане апсіда, з усходняга — прытвор (бабінец) з стральчатым уваходным парталам. Па кутах будынку масіўныя контрфорсы, якія завяршаюцца фіяламі. У цэнтры ўзвышаецца шасцігранная шатровая вежа, увянчаная шпілем. Сцены і грані вежы прарэзаныя стральчатымі аконнымі праёмамі і нішамі, апяразаныя аркатурнымі фрызамі. Унутраная прастора капліцы перакрытая зорчатым скляпеннем з ляпнымі нервюрамі. Вузкая лесвіца вядзе на хоры (ва ўсходняй частцы асноўнага аб’ёму) з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Філёнгавыя ўваходныя дзверы стральчатага абрысу дэкарыраваныя арнаментальнай разьбой з выявамі мудрагеліста сплеценых паміж сабой вензеляў, віньетак, лістоў і галінак. У капліцы быў склеп (крыпта) — пахавальня.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


БАГУШЭЎСК


Гарадскі пасёлак у Сенненскім р-не. За 38 км ад г. Сянно. У XIX ст. вядомы як фальварак Багушэўка, дзе ў 1854—84 гг. працаваў бровар. З пабудовай чыгункі Віцебск — Жлобін (1903 г.) вакол чыгуначнай станцыі Багушэўская вырасла мястэчка Багушэўск Аршанскага павету. З 1938 г. гарадскі пасёлак, у 1939 г. было 3,3 тыс. жыхароў. У 1924—31 гг. і 1935—60 гг. цэнтр Багушэўскага р-ну; з 1960 г. у Сенненскім р-не.

Чыгунка падзяляе пасёлак на ўсходнюю і заходнюю часткі. Ва ўсходняй частцы асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна, Гарбунова, Паркавая. Паводле генплану 1975 г. (Менская філія Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытуту горадабудаўніцтва) пакінутая існуючая кампактная планіровачная структура.


В.С. Жаўняк

 


БАРАНЬ


Горад у Аршанскім р-не, на р. Адроў. За 9 км ад Воршы. Вядома з 1598 г. як мястэчка Воршанскага павету ў Вялікім. княстве Літоўскім. У сярэдзіне XVII ст. ў мястэчку 6 вуліц, 135 пляцаў, 37 "дымоў", была гандлёвая плошча, на якой размяшчалася царква і крамы. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, сяло, цэнтр воласці Аршанскага павету. З ліпеня 1924 г. — цэнтр сельсавету (да 1960 г.) у Аршанскім р-не. З ліпеня 1935 г. — рабочы пасёлак. З 1972 г. — горад. Падпарадкоўваецца Аршанскаму гарвыканкаму Савета народных дэпутатаў.


Планіровачную структуру фармуюць вуліцы Воршанская, Першамайская, Паркавая, забудаваныя 3—4-павярховымі жылымі дамамі. Грамадскі цэнтр размешчаны на вул. Воршанскай, да якой з поўдня прымыкае парк, на вуліцах Паркавая і Народная (паўднёвы ўсход) — скверы.

Горад забудоўваецца паводле генплану 1975 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Л.М. Смірнова

 


БАРАНЬ. СПАСА-ПРААБРАЖЭНСКАЯ ЦАРКВА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1704 г. у в. Барань (Воршанскі р-н), перабудаваная ў 2-й палове XIX ст. У помніку адлюстраваліся кампазіцыйныя прыёмы, характэрныя для ярусных драўляных культавых пабудоў Беларусі. Царква двухзрубная. Высокі, амаль квадратны ў плане асноўны зруб накрыты чатырохсхільным дахам, завершаным васьміграннай вежачкай з купалком. Ніжэйшая пяцігранная апсіда накрыта шматсхільным дахам. Зрубы з трох бакоў абкружаны невысокай закрытай абходнай галерэяй. Галоўны ўваход вылучаны ганкам у выглядзе чатырохкалоннага порціку. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя, на бакавых фасадах асноўнага аб’ёму патройныя, арачныя. Унутры асноўны аб’ём перакрыты самкнутым скляпеннем, астатнія памяшканні маюць плоскія столі.

Помнік рэспубліканскага значэння. У 1989 г. царква перавезеная ў Беларускі дзяржаўны музей народнага дойлідства і побыту.


Т.В. Габрусь

 


БАРАЎЛЯНЫ. ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ


Помнік дойлідства 1-й паловы XIX ст. Мураваны станцыйны дом 3-га разраду пабудаваны паводле "ўзорнага" праекту 1843 г. непадалёку ад в. Бараўляны (Віцебскі р-н), на 1067-м км аўтамагістралі Кіеў — Санкт-Пецярбург. Знаходзіцца за 35 м ад дарогі і павернутая да яе галоўным фасадам. Будынак прастакутны ў плане, з боку панадворку невялікая прыбудова. На галоўным фасадзе чатыры вакна з ліштвамі. Над уваходам невялікі франтончык. Абапал сенцаў, выцягнутых уздоўж папярочнай восі будынку, размяшчаліся на левым баку тры пакоі для прыезджых і ямшчыкоў, на правым — пакоі даглядчыка. Гаспадарчыя пабудовы на станцыйным двары (хлявы, стайні, флігель для ямшчыкоў) часткова перабудаваныя. Будынак станцыі выкарыстоўваецца як дом дарожнага майстра.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.С. Сардараў

 


БАРБАРОЎ. СЯДЗІБА


Існавала ў XIX — 1-й палове XX стст. ў в. Барбароў (Мазырскі р-н). Была заснаваная ў пачатку XIX ст. ў маёнтку I. Горвата на месцы старажытнага замку на высокім правым беразе р. Прыпяць. З 1875 г. належала рускаму купцу Бакуненку. Сядзібны ансамбль уключаў палац, флігелі (не зберагліся), дом аканома і пейзажны парк.

Палац быў узведзены ў стылі класіцызму паводле праекту рыжскага дойліда Лунэбурга. Уяўляў сабой прастакутны ў плане двухпавярховы аб’ём з чатырохкалонным порцікам у цэнтры фасаду. Быў накрыты вальмавым дахам. З тарцовага боку да будынку далучалася аднапавярховая аранжарэя. Да месца, дзе знаходзіўся палац, вядзе ліпавая алея, якая пачынаецца мураванай брамай у стылі ампір у выглядзе двух пілонаў, аб’яднаных каванымі весніцамі і завершаных дэкаратыўнымі вазамі. Алея праходзіць праз арачны мост і завяршаецца авальным партэрам.

Дом аканома — аднапавярховы мураваны прастакутны ў плане будынак з чатырохкалонным порцікам.

Парк (плошча каля 5 га) складаецца з дзвюх частак. На больш нізкім паўднёвым участку, дзе стаяў палац, які трыма бакавымі флігелямі абмяжоўваў парадны двор, пасадкі мелі рэгулярную планіроўку. Больш высокі заходні ўчастак аддзяляецца ад яго лагчынай, па якой праходзіла алея, абсаджаная конскім каштанам звычайным. На берагавым адхоне знаходзіліся мураваная альтанка і капліца-пахавальня (1833 г., не захавалася).

У доме аканома размешчаная Барбароўская  васьмігадовая  школа.


А.М. Кулагін

 


БАРУНЫ. МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН

 

Помнік дойлідства 2-й паловы XVIII ст. Комплекс створаны ў в. Баруны (Ашмянскі р-н). Складаецца з царквы і манастырскага корпусу, які разам з мураванай агароджай і вежай-званіцай стварае ўнутраны квадратны ў плане двор. У 1692 г. пабудаваная уніяцкая драўляная царква па фундацыі Мікалая Песьлака, у 1700—07 гг. на яе месцы ўзведзеная мураваная (знішчаная пажарам), у 1715 г. адбудаваная Львом Кішкай. Новая мураваная царква пабудаваная ў 1747—57 гг. паводле праекту дойліда А. Асікевіча ў стылі віленскага барока, дабудаваная ў 1760—70 гг. Трохнефавая дзвюхвежавая базіліка з паўкруглай апсідай накрыта двухсхільным дахам. На бакавых фасадах аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі. Дэкаратыўнае аздабленне сканцэнтраванае на пластычна вырашаным галоўным фасадзе. Сярэдняя частка фасаду мае паўкруглы выгін з вялікім акном у цэнтры і завершаная атыкавым франтонам з валютамі. Уваход падкрэслены масіўным парталам з фігурным франтонам. У інтэр’еры цэнтральны неф, алтарная апсіда і сакрысціі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі. Галоўны мураваны алтар вырашаны ў выглядзе складанага па малюнку порціку з калонамі карынфскага ордэру, разарваным антаблементам і скульптурным навершам у тэхніцы стука. Бакавыя стукавыя алтары выкананыя па-рознаму. Скульптурнае стукавае аздабленне амбону мае рысы стылю ракако. Вежы пастаўленыя пад кутом да бакавых нефаў. Паўднёвая трох’ярусная квадратная ў плане вежа завершаная гранёным купалам. Ад другой вежы застаўся ніжні ярус, накрыты чатырохсхільным купалам. З абодвух бакоў да вежаў прылягаюць брамы з пластычнымі абрысамі. Паўночная брама злучае царкву з двух’яруснай вежай-званіцай. Манастырскі корпус пабудаваны ў 1778—93 гг. з цэглы. У выніку аднаўленчых прац у канцы XIX ст. корпус набыў рысы класіцызму. Будынак Т-падобны ў плане, двухпавярховы. Падоўжныя плоскасці сцен раўнамерна расчлянёныя лапаткамі і прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Планіроўка галерэйная. Памяшканні перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, калідор — крыжовымі.

У пачатку XIX ст. тут працавала публічная шасцікласная школа базыльян. На плошчы перад царквой у 2-й палове XVIII ст. была пабудаваная капліца — цэнтрычны двух’ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку). Другі ярус — скразная вежачка з чатырма лучковымі праёмамі. Збудаванне завершанае невялікай цыліндрычнай галоўкай. Вакол капліцы — мураваная агароджа з брамай.

Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.

 


БАРЫСАЎ


Горад, цэнтр Барысаўскага р-ну, прыстань на р. Бярэзіна (басейн Дняпра). За 71 км ад Менску. Упершыню ўпамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1127 г. (у Іпацьеўскім пад 1128 г.) як умацаваны горад Полацкага княства. Археалагічныя даследаванні паказалі, што Барысаў быў заснаваны ў пачатку XII ст. на месцы паселішча Стара-Барысаў (за 4 км ад сучаснага гораду) і складаўся з дзядзінца, рамешчанага на левым беразе Бярэзіны, навакольнага гораду і курганнага могільніку. Пазней перанесены на новае месца — у сутокі рэк Бярэзіны і Схі. На беразе каля зліцця р. Бярэзіна з былой р. Пралля пабудаваны драўляны замак (глядзі артыкул "Барысаў. Замак"). Горад размяшчаўся на левабярэжжы Бярэзіны і злучаўся з замкам драўляным мостам. У 1680 г. акрамя замку горад меў гандлёвую плошчу, у цэнтры якой знаходзіліся царква Спаса (вядома з XVI ст.). У паўднёвай частцы на Менскай вуліцы ў 1642 г. пабудаваны касцёл Дзевы Марыі (драўляны, крыжова-купальны, з вежай-званіцай над уваходам, у 1806—23 гг. на яго месцы пастаўлены мураваны трохнефавы касцёл з порцікам на галоўным фасадзе). У 2-й палове XVII — XVIII стст. горад тэрытарыяльна не развіваўся. Замак, у якім размяшчалася адміністрацыя староства, заняпаў (у пачатку XIX ст. разбураны, на яго месцы ў 1861 г. пабудаваная мураваная турма). Паводле плану канца XVIII ст. горад меў памеры каля 1,5 км з захаду на ўсход і каля 1 км з поўначы на поўдзень, займаў левабярэжжа Бярэзіны, быў падзелены на дробныя прамавугольныя кварталы. У цэнтры — гандлёвая плошча з трыма уніяцкімі цэрквамі і крамамі. У 1807 г. на плошчы пабудавалі мураваны дом дваранскага сходу (зруйнаваны ў 1812 г.). Напярэдадні вайны 1812 г. на правым беразе Бярэзіны пабудаваныя так званыя "батарэі" — земляныя фартыфікацыйныя збудаванні для абароны гораду. У 1834 г. на гандлёвай плошчы паставілі драўляную праваслаўную царкву, на падмурках будынку дваранскага сходу — павятовае казначэйства. Пасля будаўніцтва чыгункі Берасце — Масква (1871 г.) на правабярэжжы Бярэзіны каля чыгуначнага вакзалу ўзнік пасёлак Нова-Барысаў, які ў 1900 г. злучыўся з горадам доўгім (больш за 1 км) драўляным мостам на палях. У 1910 г. у Бабруйску было 19 вуліц, две плошчы, чатыры завулкі, 1105 двароў. На цэнтральнай плошчы ў 1908 г. пабудаваны чатыры карпусы гандлёвых радоў (112 крам), на месцы драўлянай царквы ў 1874 г. — мураваны Васкрасенскі сабор. У Нова-Барысаве 20 вуліц, два завулкі, тры праспекты, 418 двароў, каля вакзала — Юльеўская царква (1893 г., не збераглася). З усіх дамоў у Барысаве і Нова-Барысаве 72 былі мураваныя. У далейшым большае развіццё атрымаў Нова-Барысаў.

Сучасны горад развіваецца паводле генплану 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва), падзелены ракой на две часткі: Нова-Барысаў (на поўдні, кампазіцыйнае ядро гораду) і Стара-Барысаў (на поўначы), звязаныя паміж сабой аўтамабільным мостам. Дойлідна-планіровачную структуру гораду фарміруюць вуліцы Гагарына (галоўная вось, шаша Менск — Смаленск у межах гораду, забудаваная 913-павярховымі жылымі дамамі), Чапаева, пр-т Рэвалюцыі. На перасячэнні вул. Чапаева і пра-ту Рэвалюцыі ўтварылася цэнтральная плошча — грамадска-адміністрацыйны і культурна-гандлёвы цэнтр. Цэнтр гораду, а таксама вуліцы М. Горкага, Будаўнікоў у Нова-Барысаве, вуліцы Нармандыя — Нёман, 3-га Інтэрнацыяналу, Лапаціна (асноўныя восі Стара-Барысава) забудоўваюцца дзевяціпавярховымі жылымі дамамі. На паўднёвым захадзе (пры ўездзе ў горад з боку Менску) створаныя мікрараёны № 1 і 2, забудоўваюцца мікрараёны № 3 і 6. Сетка вуліц мяшаная. Вытворчая зона на паўднёвым захадзе. У паўночнай частцы Стара-Барысава фармуецца паўночны прамысловы вузел.

Паводле генплану прадугледжанае фармаванне і аб’яднанне двух планіровачных раёнаў — правабярэжнай і левабярэжнай частак з развіццём апошняй у паўднёва-ўсходнім напрамку, будаўніцтва цераз р. Бярэзіна аўтамабільнага мосту, аб’язной дарогі на паўднёвым усходзе гораду з арганізацыяй новага ўезду ў горад па вул. Горкага.


Ю.А. Якімовіч, В.П. Мусіенка

 


БАРЫСАЎ. ВАСКРАСЕНСКІ САБОР


Помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Пабудаваны ў 1874 г. з чырвонай цэглы (дойлід П. Меркулаў) у Барысаве на месцы сабору, узведзенага ў 1620—48 гг. з дрэва і знішчанага пажарам у 1865 г. Крыжовы ў плане дзевяцікупальны трохапсідны храм (даўжыня 27 м, шырыня 23 м, вышыня 12 м). Цэнтральны, квадратны ў плане, аб’ём завершаны чатырохсхільным дахам з цыліндрычным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам. Па кутах даху дэкаратыўныя вежачкі з макаўкамі. Над апсідай і бакавымі прыбудовамі цыбулепадобныя галоўкі. Фасады багата аздобленыя дэкаратыўнымі элементамі: какошнікамі, ліштвамі арачных аконных праёмаў з трохкутнымі і паўкруглымі франтонамі, кутнімі круглымі руставанымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, філёнгамі, якія кантрастна вылучаюцца на чырвоным фоне муроўкі. Галоўны арачны ўваход падкрэслены вялікім парталам у выглядзе прафіляванай аркі на чатырох бочкападобных слупах. У інтэр’еры цэнтральная, найбольш высокая частка расшыраная светлавым барабанам са сферычным купалам, што падтрымліваецца пры дапамозе ветразяў чатырма магутнымі слупамі. Сцены апрацаваныя лапаткамі. Перакрыцці з рытмам крыжовых скляпенняў чаргуюцца з падпружнымі аркамі, аздобленымі арнаментальнай размалёўкай. У апсідзе конха з фрэскавай выявай Хрыста. Над уваходам адкрытыя арачным праёмам хоры, на якія вядзе лесвіца з тамбура. Перад саборам размешчаная ярусная шатровая званіца (1907 г.; дойлід В. Струеў). У першым ярусе званіцы ўваходная брама.

З 1945 г. царква перададзеная веруючым. Помнік рэспубліканскага значэння.


В.М. Чарнатаў

 


БАРЫСАЎ. ЗАМАК


Узнік у XIII — пачатку XIV стст. пасля пераносу паселішча з першапачатковага месца на 4 км ніжэй па р. Бярэзіна. Размяшчаўся на левым беразе, каля зліцця з былой р. Пралля, займаў пляцоўку плошчай каля 2 га, абкружаную ровам і высокім земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі. Меў асаблівае стратэгічнае значэнне, бо кантраляваў суднаходны шлях з басейна Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. Паводле звестак польскага гісторыка А. Гваньіні, у XVI ст. замак быў умацаваны вежамі і парканам з гародняў, запоўненых зямлёй і каменнем. Меў высокія сцены з абламамі (невысокімі пагруднымі брустверамі ў завяршэнні). Існавала сістэма забеспячэння вадой на час аблогі. У 1514 г. Барысаў асаджалі войскі маскоўскіх ваявод, аднак узяць яго не змаглі. У 1519 г. замак згадваецца ў ліку гарадоў, "повоеванных" маскоўскімі войскамі. Спробы рускіх ваяводаў захапіць замак паўтараліся ў 1535 г., а таксама ў час Лівонскай вайны 1558—83 гг., кварталы гораду, якія не мелі аўтаномных умацаванняў, палілі і знішчалі. У 1-й палове XVII ст. замак перабудаваны ў пяцібастыённую фартэцыю, умацаваную вялікім ровам з вадою. З усходняга боку да яго прымыкала падзамча (умацаваныя подступы), якое таксама мела лінію абароны. Паблізу ўмацаванняў знаходзіўся драўляны мост на палях цераз Бярэзіну. У час руска-польскай вайны 1654—67 гг. пад сценамі замка 10.6.1655 г. войскамі ваяводы Ю. Барацінскага быў разбіты рускі аддзел пад камандаваннем К. Паклонскага, але 19.6.1655 г. гэты ж аддзел, значна ўмацаваны сіламі рускага ваяводы Б. Хітраво, захапіў і спаліў замак. Рэшткі гарнізону адступілі на правы бераг Бярэзіны, спаліўшы за сабой мост. Паводле загаду рускага цара праз некалькі месяцаў "острог на Берёзе реке" і мост былі адноўленыя, на левым беразе для аховы мосту быў зроблены "земляной город" (бастыённы шанец). У 1658 г. замак двойчы пераходзіў з рук у рукі і моцна пацярпеў. У 1659 г. маскалі зноў адбудавалі замак. На вале былі пастаўлены сасновыя зрубы — тарасы з падвойнымі сценкамі вышынёй 3,5 аршына і байніцамі з шырокім сектарам абстрэлу, адноўлены і дадаткова ўмацаваны тайнік для вады, на тэрыторыі падзамча насыпаныя "выводы" (бастыёны). Каб злучыць вал замку і падзамча, раздзеленых ровам з вадой, у яго дно былі ўбітыя палі, на якія з брускоў і жалезных "связей" пастаўлены каркас, што ўтрымліваў астрожную сцяну. У замку і на падзамчы стаяла 145 дамоў і жытніц, існавалі зброевыя майстэрні, якія рамантавалі ў т.л. гарматы. У канцы 1660 — пачатку 1661 гг. вайскова-абарончыя работы былі працягнутыя рускім ваяводам К. Хлопавым. З чэрвеня 1661 г. замак пастаянна знаходзіўся ў аблозе, нешматлікі рускі гарнізон, які не мог трымаць абарону па ўсім перыметры ўмацаванняў, на 2/3 спаліў падзамча і знішчыў гарадскі пасад. Дзякуючы запасам хлеба і зброі замак год вытрымліваў аблогу аддзелаў С. Чарнецкага, В. Валовіча, А. Русецкага і пяхотнага палку П. Сапегі. 9.7.1662 г. знясілены гарнізон пакінуў замак і адступіў. У канцы XVII ст. замак і падзамча былі адноўленыя, іх бастыённыя ўмацаванні захоўваліся ў добрым стане да канца XVIII ст.

Засталіся сляды рова.


М.А. Ткачоў

 


БАРЫСАЎ. ЧЫГУНАЧНЫ ВАКЗАЛ


Помнік дойлідства пачатку XX ст. Пабудаваны на Прывакзальнай плошчы, завяршае перспектыву пр-ту Рэвалюцыі. Мае элементы стылю мадэрн. Прастакутны ў плане двухпавярховы будынак з сіметрычнавосевымі франтальнымі фасадамі. Галоўны фасад расчлянёны глыбокімі ўваходнымі рызалітамі з фігурнымі прафіляванымі шчытамі ў завяршэнні. Перонны фасад мае ідэнтычную кампазіцыю з неглыбокімі рызылітамі, паміж якімі выхад з будынку. Аконныя праёмы лучковыя, з клінападобнымі аркамі і замковым каменем. На зялёным фоне сцен будынку вылучаюцца пабеленыя элементы дэкору: ліштвы праёмаў, міжпаверхавыя цягі, карніз з крэмальерамі. Тарцовыя фасады глухія.


А.М. Кулагін

 


БАРЫСАЎ. ГАНДЛЕВЫЯ РАДЫ


Помнік грамадзянскага дойлідства неакласіцызму. Пабудаваныя ў 1908 г. у цэнтры Стара-Барысава (вул. Лапаціна, 38). Мастацкая выразнасць будынку дасягаецца сродкамі майстэрскай цаглянай муроўкі. Складаліся з чатырох корпусаў з 112 крамамі. Захаваўся адзін корпус. Аднапавярховы прастакутны ў плане будынак накрыты двусхільным дахам. Франтальныя фасады (часткова атынкаваныя) былі расчлянёныя рызалітамі, трохкутнымі франтонамі, арачнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі, адпаведна ўнутранай секцыйнай планіроўцы. Над прафіляваным карнізам рытмічна размешчаныя пінаклі (захаваліся два). У дэкоры выкарыстаныя руставаныя лапаткі, падкарнізныя кранштэйны, цягі. Унутраная прастора будынку падзеленая на две падоўжаныя паловы з асобнымі выхадамі. У памяшканнях плоская столь.


Выкарыстоўваюцца сучаснымі гандлёвымі прадпрыемствамі.


А.М. Кулагін

 


БЕЗДЗЕЖ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1784 г. у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н) на фундаменце царквы 1-й паловы XVII ст. Мае рысы стылю барока. Прастакутны ў плане асноўны і алтарны зрубы аб’яднаны двусхільным дахам з вальмай над алтаром і трохкутнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Галоўны фасад завершаны трохкутным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і дзвюма чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Прастакутныя аконныя праёмы аздобленыя разнымі ліштвамі. Інтэр’ер зальны, з чатырма слупамі ў сярэдзіне, над уваходам хоры; захаваліся абразы XVII—XVIII стст. Перад царквой — прастакутная ў плане званіца-брама, накрытая двухсхільным дахам.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь

 


БЕЛААЗЕРСК


Горад у Бярозаўскім р-не. За 27 км ад Бярозы. Узнік у 1958 г. як пасёлак у сувязі з будаўніцтвам Бярозаўскай ДРЭС. З 1960 г. рабочы пасёлак Бярозаўскі. 25.6.1960 г. перайменаваны ў Белаазерск. З 1970 г. горад раённага падпарадкавання.

Планіровачную структуру гораду вызначаюць узаемна перпендыкулярныя вул. Леніна (з поўначы) і пр-т Міру (з захаду), на якіх размешчаны грамадскія і культурна-побытавыя установы. Цэнтральная частка гораду забудаваная 5—9-павярховымі, астатняя тэрыторыя — 25-павярховымі жылымі дамамі. Горад забудоўваецца паводле генплану 1975 г. (БелНДНІПгорадабудаўніцтва).


Т.П. Станішэўская

 


БЕЛАГРУДКА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1900—05 гг. ў паўночна-заходняй частцы в. Белагрудка (Лідскі р-н), на берагавым узвышшы р. Дзітва. Трохнефавая дзвюхвежавая базіліка з трансептам і пяціграннай апсідай з бакавымі сакрысціямі. Сіметрыя галоўнага фасаду вылучаная высокім арачным парталам уваходу, галерэяй і акном-"ружай" над ім. Яго вертыкальнымі дамінантамі з’яўляюцца шмат’ярусныя вежы з шатровымі завяршэннямі. Цаглянай муроўкай выкананыя элементы дэкору: лапаткі, аркатурныя фрызы, ліштвы адзіночных і здвоеных аконных праёмаў, профілі і раскрапоўкі. Унутраная прастора перакрытая цыліндрычнымі скляпеннямі з падпружнымі аркамі і люнетамі, упрыгожанымі фрэскавай арнаментальнай размалёўкай. У завяршэнні нефу — манументальны на высокім цокалі двух'ярусны шматкалонны алтар у стылі неакласіцызму, над уваходам — арганныя хоры.

Касцёл дзейнічае.


А.М. Кулагін

 


БЕЛАЯ ЦАРКВА. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства ранняга барока. Пабудаваная ў пачатку XVII ст. ў в. Белая Царква (Чашніцкі р-н) на месцы драўлянай царквы XVI ст. пры базыльянскім манастыры. Мураваны аднанефавы храм з масіўнай вежай (таўшчыня сцен 1,75—2 м) і паўкруглай алтарнай апсідай (не збераглася). Асноўны аб’ём перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Сцены ўмацаваныя контрфорсамі, две сярэднія злучаныя перспектыўнай аркай і ўтвараюць вялікі партал. Аконныя праёмы вузкія, з паўцыркульным завяршэннем. Квадратная ў плане трох'ярусная вежа-званіца завершаная шматгранным купалам з чатырма люкарнамі, сцены апрацаваныя пілястрамі і прафіляванымі карнізамі.

Царква збераглася часткова (разбураная ў 1930-я гг.). Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін

 


БЕЛІЦА. СЯДЗІБА


Існавала ў 1-й палове XVII ст. ў в. Беліца (Лідскі р-н) на месцы старажытнага замку. Комплекс складаўся з вялікага падвор’я і гаспадарчай часткі, размяшчаўся на беразе р. Нёману, быў абнесены частаколам і звязваўся з мястэчкам пад’ёмным мостам. У двор вяла двух’ярусная брама з праездам у ніжнім і залай у верхнім ярусе, завершаная металічным купальным дахам з флюгерам над ім. Каля яе размяшчаліся чатыры флігелі з жылымі і гаспадарчымі памяшканнямі. Цэнтр падвор’я займаў вялікі драўляны палац на каменным падмурку, пабудаваны ў пачатку XVII ст. ў стылі рэнесансу. Кампазіцыя палацу была пабудаваная на кантрасным спалучэнні аднапавярховай жылой і двухпавярховай параднай (аформленай ганкам у ніжнім і галерэяй у верхнім паверсе) частак. Сілуэт будынку ўзбагачаўся трыма дэкаратыўнымі вежачкамі, якія завяршалі гонтавы дах. За палацам размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя будынкі (лазня, скляпы, дамы чэлядзі, стайня і інш.). Сярод іх манументальным выглядам вылучаўся дом з пяццю жылымі пакоямі, фланкіраваны па баках двума вежападобнымі шатровымі алькежамі, і двухпавярховы крыжовы ў плане жылы будынак (пры рэканструкцыі 1649 г. да яго прыбудаваны двухпавярховы алькеж, аформлены балюстраднай галерэяй на другім паверсе і завершаны шатровым дахам з куппалам і флюгерам).


Комплекс адлюстраваў тэндэнцыі развіцця сядзібна-палацавага дойлідства Беларусі XVII ст.


Ю.А. Якімовіч

 


"БЕЛЫ КОВЕЛЬ"


(глядзі артыкул "Смаляны. Замак")

 


БЕЛЬЧЫЦЫ. БАРЫСАГЛЕБСКІ МАНАСТЫР


Існаваў у XII — 1-й палове XX ст. Заснаваны на месцы былой рэзідэнцыі полацкіх князеў у прадмесці Полацку Бельчыцы, на левым беразе р. Заходняй Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бяльчанка, за 2 км ад полацкага Верхняга замку (сучасны раён вул. Юбілейнай і Юбілейнага завулка ў Полацку). Уключаў чатыры мураваныя храмы (зберагліся фундаменты трох цэркваў), пабудаваныя ў XII ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.

Манастыр — унікальны культурны комплекс XII ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манументальным жывапісе Старажытнай Русі (не збярогся).

Самы вялікі — крыжова-купальны трохапсідны храм (1120—30-я гады, назва невядомая) быў падзелены шасцю стаўпамі на тры нефы, меў тры прытворы. Фасады дэкарыраваныя плоскімі лапаткамі. Фундамент храму закладзены ў пясчаным грунце на глыбіні 1,63 м. Падлога была выкладзеная паліванымі пліткамі, сцены аздоблены фрэскамі.

Другі храм — аднанефавая Пятніцкая царква памерамі каля 5,1x8 м (верагодны дойлід Іаан) мела прастакутную апсіду, прытвор, падземную камеру (крыпту; магчыма, пахавальня князя Барыса Усяславіча). Унутры была размаляваная фрэскамі на сюжэты евангельскага цыкла. На паўночнай сцяне кампазіцыі "Таямніцы" і "Распяцце", на паўднёвай — "Аплакванне". Ніжні ярус — фігуры святых. На заходням баку перадалтарных слупоў — выявы князёў Барыса і Глеба.

Трэці храм — крыжова-купальная шасцістаўповая Барысаглебская царква мела вузкія бакавыя нефы, прытвор, своеасаблівы падкупальны пастамент і тры апсіды (две бакавыя ў тоўшчы ўсходняй сцяны). У 1911 г. абследаваў І.I. Далгоў. Унутры сцены былі размаляваныя фрэскамі з выявамі святых, арнаментам.

Чацвёрты храм крыжападобны ў плане, з трыма паўкруглымі апсідамі (трыконх) сведчыць аб культурных сувязях з балканскімі краінамі, дзе выкарыстоўваўся такі тып пабудовы.


Г.В. Штыхаў

 


БЕРАСЦЕ


Берасце (у XVII — пачатак XX стст. — Брэст-Літоўск, у 1921—39 гг. — Брэст-над-Бугам), цэнтр Берасцейскай вобл., на р. Мухавец пры ўпадзенні яе ў р. Буг, за 349 км ад Менску. Упершыню ўпамінаецца ў "Аповесці мінулых часоў" пад 1019 г. Узнік у пачатку XI ст. як гандлёвы цэнтр і фартэцыя. Гарадзішча старажытнага Берасця (выяўленае ў 1964 г., даследуецца археолагамі з 1968 г.) размяшчалася на мысе, утвораным р. Буг і левым рукавом р. Мухавец (цяпер на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Берасцейскай фартэцыі). Складалася з дзядзінца трохкутнай у плане формы, умацаванага з боку поля ровам, земляным валам і частаколам, і вакольнага гораду, які размяшчаўся на востраве супраць дзядзінца. У XII ст. пабудаваны драўляны замак (адноўлены ў 2-й палове XIII ст.), у XIII ст. — мураваная царква Святога Пятра. У 1276—88 гг. на тэрыторыі замку пастаўленая мураваная вежа-данжон (глядзі артыкул "Берасце. Вежа"). У XIV ст. былі гасціны двор, кафедральная праваслаўная Мікалаеўская царква (мураваная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, с купалам над сяродкрыжжам); у XV ст. пабудаваныя драўляныя Міхайлаўская (ва ўрочышчы Пескі) і Крыжаўзвіжанская (за Мухаўцом) цэрквы. У 1411 г. за межамі гораду (паміж рэкамі Угрынка і Мухавец) пабудаваны драўляны кляштар аўгусцінцаў з Траецкім касцёлам. У XVI — 1-й палове XVII стст. у Берасці каля 8 тыс. жыхароў. Паводле інвентару 1566 г., Берасце складалася з трох асноўных частак: замку, "места" (асноўная гарадская тэрыторыя) і "Замухавечча". Берасцейскі замак размяшчаўся на трохкутнай у плане выспе, утворанай Бугам і Мухаўцом, на месцы старажажытнага дзядзінца. "Места" авальнай у плане канфігурацыі размяшчалася на беразе Мухаўца і злучалася з замкам мостам. "Замухавечча" знаходзілася па другі бок Мухаўца, мела две вуліцы (адна з іх вяла на Луцкі гасцінец), на якіх пабудаваныя касцёл Дароты, Спаса-Праабражэнская царква, Сімяонаўскі манастыр і манастыр Нараджэння Багародзіцы з дзвюма царквамі, каля 240 сядзіб. У 2-й палове XVI ст. — 1-й палове XVII стст. горад абнесены землянымі быстыёнамі, частка вуліц забрукаваная. У XVII—XVIII стст. пабудаваныя манетны двор (1659 г.), касцёлы і кляштары бернардынаў і бернардзінак, аўгусцінцаў, дамініканцаў, трынітарыяў, брыгітак, касцёл і калегіюм езуітаў, царква і манастыр базыльян (глядзі адпаведныя артыкулы) і інш.; у XVI—XVII стст. існаваў кальвінскі збор. У 2-й палове XVII — XVIII стст. горад перажываў эканамічны заняпад, тэрытарыяльна амаль не развіваўся, захоўваючы традыцыйную планіровачную структуру.

Наступны этап горадабудаўнічага развіцця звязаны з будаўніцтвам на тэрыторыі старога гораду ў 1830—42 гг. Берасцейскай фартэцыі. Жылая забудова перамясцілася на 2 км ад фартэцыі, на тры фарштаты: Кобрынскі (самы вялікі), Валынскі, Забугскі. У 1860 г. займаў каля 640 га, меў 6 плошчаў, 225 вуліц і завулкаў (з іх 5 брукаваных). Горад развіваўся пераважна на усход ад фартэцыі, на месцы былога Кобрынскага фарштата. Рэгулярная планіровачная сетка вуліц утварала дробныя прастакутныя або трапецападобныя кварталы. У цэнтры гораду забудова была мураваная, 1—3-павярховыя дамы ставіліся шчыльна адзін да аднаго, утвараючы суцэльны фронт вулічных фасадаў, якія мелі разнастайны дэкор з выкарыстаннем класіцыстычнай ордэрнай пластыкі (атыкі, канеліраваныя слупы, пілястры, лапаткі, нішы, філёнгі, рустыка, імпасты з замковымі камянямі, сандрыкі, антаблементы), элементаў дойлідства несапраўднай готыкі, мадэрну і інш. стыляў. Спалучэнне розных прыёмаў пластычнага вырашэння фасадаў дамоў надавала вуліцам маляўнічасць і дэкаратыўнасць. Шчыльнасць забудовы вызначыла развіццё будынкаў у глыбіню двароў, у выніку чаго яны нярэдка мелі складаную ў плане канфігурацыю. Дваровыя фасады, як правіла, не аздабляліся, а вырашаліся канструкцыйнымі сродкамі (захаваліся асобныя будынкі на вул. Савецкіх пагранічнікаў, К. Маркса, 17 Верасня, Пушкінскай, Леніна і інш.). Будаваліся і асабнякі, мураваныя, драўляныя, звычайна аднапавярховыя, з мансардамі і порцікамі на галоўных фасадах (вул. Міцкевіча). У 1846 г. на гарадской плошчы (цяпер вул. Маскоўская) пабудаваныя гандлёвыя рады, у 1856 г. — кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (разбураны ў II Сусветную вайну, у 1950—57 гг. адноўлены і прыстасаваны пад абласны краязнаўчы музей), у 1862 г. — Сімяонаўская царква, у пачатку XX ст. — будынак мужчынскай гімназіі, Брацкая царква, Мікалаеўская царква і інш. У 1866 г. пабудаваны чыгуначны вакзал. Пабудовам 1-й паловы XX ст. уласцівыя рысы стыляў мадэрн, неакласіцызму (будынак банку), канстрўктывізму (будынак ваяводскага ўпраўлення).

Адраджэнне гораду з руін пасля II Сусветнай вайны ажыццяўлялася ў два пасляваенныя дзесяцігоддзі адпаведна генплану 1951 г. ("Белдзяржпраект", дойліды А. Хегай, Л. Федчанка), які прадугледжваў захаванне рэгулярнай сістэмы планіроўкі. Горад развіваўся ва ўсходнім (раёны Кіеўка і Усходні), паўночным (Адамкава — Рэчыца — Граеўка) і часткова паўднёывм напрамках. У цэнтры будаваліся 4—5-павярховыя дамы (дойліды А. Сувораў, З. Леўчанка), рэканструяваны чыгуначны вакзал, пабудаваны гатэль "Буг" (1958 г.). Паводле генплану 1965 г. ("Беддзяржпраект", дойліды Ю. Глінка, Я. Ліневіч, А. Гарбачоў) і скарэкціраванага ў 1976 г. да 2000 г. (Менская Філія Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытуту горадабудаўніцтва; дойліды Г. Булдаў, Р. Арцёмчык) Берасце стане буйным горадам з насельніцтвам 300 тыс. жыхароў. Паводле праекту планіроўкі цэнтру 1968 г. (дойліды В. Анікір, Г. Трушнікава) фармуецца ансамбль грамадскіх будынкаў у раёне пл. Леніна, рэканструюцца вул. Леніна і Савецкая, забудоўваецца вул. Маскоўская. У 1970-я гады ў цэнтральнай частцы гораду пабудаваныя гандлёвы цэнтр (дойліды С. Неўмывакін, Г. Кісялёва, А. Фядорчанка), тэлецэнтр, кінатэатр "Беларусь" (дойлід Р. Шылай), Палац культуры прафсаюзаў (дойлід Г. Чысцякоў), гатэлі "Інтурыст" (дойлід Г. Бенядзіктаў) і "Беларусь" (дойлід З. Леўчанка), створаныя ансамблі жылых дамоў на бульвары Касманаўтаў (дойліды Шылай, А. Казюкоў, I. Карват, Р. Будзько) і вул. Набярэжнай (дойлід Шылай). Будаўніцтва буйнога комплексу прамысловых прадпрыемстваў ва ўсходняй частцы горадў ў 1967 г. (глядзі артыкул "Берасце. Усходні прамысловы вузел") выклікала неабходнасць забудовы прылеглага да яго жылога раёну (дойліды Анікін, А. Кудзіенка, П. Лагуноўская). У заходняй частцы гораду на тэрыторыі ыартэцыі створаны мемарыяльны комплекс Берасцейская фартэцыя-герой. Паводле праекту рэканструкцыі цэнтральнага раёну 1977 г. уздоўж вул. Савецкай створаная пешаходная зона, у забудову ўключаецца рад шматпавярховых будынкаў (дойліды А. Акенцьеў, Г. Булдаў). У 1985 г. праект скарэкціраваны з улікам задач рэгенерацыі гістарычнага ядра гораду. У сувязі з будаўніцтвам прадпрыемстваў паўднёвага прамысловага вузлу ў 1980-я гады асвойваецца новы раён гораду — паўднёва-ўсходні (з 1983 г. забудоўваецда мікрараён Паўднёвы Усход-3; дойліды Карват, М. Козік). У паўдёвым прамысловым вузле размешчанае машынабудаўнічае аб’яднанне. У 1987 г. пабудаваны аэравакзал (Дзяржаўная прэмія БССР 1988 г.). У прасторавай кампазіцыі гораду важнае значэнне мае водна-зялёны дыяметр, яго фармаванне звязанае з рэканструкцыяй Мухаўца як часткі Дняпроўска-Бугскага каналу.

Паводле праекту дэталёвай планіроўкі водна-зялёнага дыяметру 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды I. Шпіт, Э. Басава) на тэрыторыі больш за 1000 га прадугледжваецда стварэнне сістэмы паркаў, штучных вадаёмаў, каналаў.


В.I. Анікін, Ю.А. Якімовіч

 


БЕРАСЦЕ. АЭРАВАКЗАЛ


Пабудаваны ў 1986 г. (дойліды В. Арсеньеў, А. Ляшук, В. Кескевіч, Р. Шылай, В. Гапіенка) за 18 км на ўсход ад Берасця з боку Маскоўскай шашы. Складаецца з трох квадратных у плане аб’ёмаў, злучаных паміж сабой. У цэнтральным аб’ёме аперацыйная зала, перакрытая металічнай канструкцыяй (структурай), што надае своеасаблівасць інтэр’еру, у другім — рэстаран, сталоўка, у трэцім — адміністрацыйныя памяшканні, багажнае аддзяленне, пошта і інш. Фасады вылучаюцца выразнай пластыкай, своеасаблівай дойлідска-мастацкай кампазіцыяй, у якой дамінуюць цэнтральна размешчаная дыспетчарская вежа і кутнія лесвіцы. У аддзелцы выкарыстаныя мармур і граніт (абліцоўка падлогі і лесвічных маршаў), пліткі "акмігран" і гіпсавыя для столі, шклопакеты для вітражоў, высакаякасная тынкоўка.

Аўтарам праекту прысуджаная Дзяржаўная прэмія БССР 1988 г.


В.І. Анікін

 


БЕРАСЦЕ. БУДЫНАК БАНКУ


Помнік грамадзянскага дойлідства. Пабудаваны ў 1926 г. (дойлід С. Філасевіч) з выкарыстаннем элементаў позняга класіцызму і эклектычных элементаў дойлідства стылістыкі пачатку XX ст. трохпавярховы будынак з высокім цокальным паверхам складаецца з двух узаемна перпендыкулярных крылаў, злучаных аб’ёмам у выглядзе дамінуючай над усёй пабудовай ратонды са сферычным купалам. Цэнтральная частка крыла, што выходзіць на вул. Леніна, крыху выступае наперад і мае двухпавярховы аб’ём з высокімі вокнамі на другім паверсе. Акцэнт зроблены на арыентаваных на плошчу і вул. Леніна аб’ёмах, сцены якіх расчлянёны пілястрамі з іанічнымі капітэлямі і трохчвэртнымі калонамі. У дэкаратыўнай апрацоўцы фасадаў выкарыстаныя сферычныя нішы, сандрыкі на фігурных кранштэйнах, ляпныя элементы. Будынак завершаны развітым карнізам, над якім — парапет-балюстрада. Спалучэнне ордэрных элементаў з багатай прафіліроўкай дэталей надае будынку асаблівую ўрачыстасць. Планіроўка калідорная. Па перыметры круглага ў плане вестыбюля размешчаныя гранёныя слупы. Сцены вестыбюля і яго парадныя вітыя ўсходы дэкарыраваныя рустам. Сцены фае на другім паверсе ратонды і аперацыйная зала расчлянёныя пілястрамі і ўпрыгожаныя ляпнымі элементамі.


Цяпер у будынку размешчаная абласная кантора банку.


В.М. Чарнатаў

 


БЕРАСЦЕ. БУДЫНАК ДЫВАНОВАГА ВЫТВОРЧАГА АБЯДНАННЯ


Узведзены ў 1965 г. (дойліды I. Боўт, Н. Шпігельман) на тэрыторыі Берасцецскага ўсходняга прамысловага вузлу. У аснове праектнага вырашэння — ідэя стварэння максімальна кампактнага тэхналагічнага працэсу. Фармуе дойлідскае аблічча забудовы вул. Я. Купалы. Планіровачная структура прастакутнага ў плане будынку, у якім размешчаныя вытворчыя, адміністрацыйна-побытавыя і лабараторныя памяшканні, грунтуецца на функцыянальным заніраванні: вылучаныя тэхналагічная, транспартная зона і месцы адпачынку. Каб прадухіліць перагрэў цэхаў сонечнымі прамянямі, у летні час плоскае дахавае пакрыццё заліваецца вадой. Своеасаблівасць кампазіцыі галоўнага фасаду заснаваная на кантрасце гарызантальных чляненняў, утвораных міжпаверхавымі керамзіта-бетоннымі панелямі, і вынесеных наперад з асноўнага аб’ёму зашклёных лесвічных клетак. Вялікая ўнутраная прастора цэхаў, падзеленая шклянымі перагародкамі, у спалучэнні з гладкімі сценамі, падвеснай асветленай столлю і каляровай бясшвовай падлогай стварае выразны інтэр’ер і камфортныя ўмовы для працы. Будынак камбінату — адно з першых у краіне прадпрыемстваў, дзе пакладзеныя прынцыпы максімальнай блакіроўкі, выкарыстаныя новыя на той час аб’ёмна-планіровачныя, дойлідска-мастацкія і інжынерныя вырашэнні.


І.І. Боўт

 


БЕРАСЦЕ. БУДЫНАК МУЖЧЫНСКАЙ ГІМНАЗІІ


Помнік грамадзянскага дойлідства. Пабудаваны ў 1905 г. па праекту ваеннага інжынера А.А. Траццякова (сучасная вул. Міцкевіча, 28) з выкарыстаннем элементаў цаглянага дойлідства, характэрнага для канца XIX — пачатку XX ст. Першапачаткова — П-падобны ў плане двухпавярховы аб’ём. Пазней надбудаваны трэці паверх. Галоўны фасад на чырвонай лініі вуліцы мае трохчасткавую кампазіцыю, завяршаецца ў цэнтры і па краях трохкутнымі франтонамі над рызалітамі. Рознавялікія бакавыя фасады ўтвараюць унутраны двор. Фасады дэкарыраваныя цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завяршае магутны карніз на кранштэйнах. Планіроўка калідорная, вызначаецца функцыянальнай дакладнасцю, класныя пакоі маюць паўднёвую арыентацыю. Лесвічныя вестыбюлі — у цэнтры бакавых крылаў. Галоўная лесвіца вынесеная ў самастойны дваровы рызаліт.

Цяпер у будынку размешчаны вучэбны корпус педагагічнага інстытуту.


В.М. Чарнатаў

 


БЕРАСЦЕ. БРАЦКАЯ ЦАРКВА


Пабудаваная ў 1906 г. на вул. Савецкай. Буйнамаштабны, узняты на высокі цокаль храм традыцыйнай чатырохчасткавай падоўжана-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, пяцігранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Для царквы характэрная розная па дойлідна-дэкаратыўнай насычанасці трактоўка двухяруснага асноўнага аб’ёму: плоскія сцены, расчлянёныя філёнгавымі лапаткамі з кілепадобнымі завяршэннямі, арачныя вокны на першым ярусе, у другім — званіца і пяцікупалле. Стыль вытрыманы ў формах маскоўскага дойлідства сярэдзіны XVII ст., якія атрымалі ўвасабленне ў дамінуючай шатровай званіцы з цыбулепадобнай галоўкай. Яе васьмігранны ярус-звон адкрыты арачнымі праёмамі з кілепадобнымі абрамленнямі. Над асноўным кубічным аб’ёмам пануе пяцікупалле. Галоўны ўваход вылучаны аркадай.

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі

 


БЕРАСЦЕ. ВЕЖА


Вежа існавала ў 2-й палове XII — 1-й палове XIX ст. Размяшчалася на дзядзінцы старажытнага Берасця. Пабудаваная з брусковай цэглы-пальчаткі на вапным растворы. Паводле планаў XVIII—XIX стст. прастакутная (5,9x6,3 м), таўшчыня сцен каля 1,3 м. Адносіцца да тыпу валынскіх вежаў. Іпацьеўскі летапіс паведамляе, што быў Берасцейскі "столп высотою яко Каменецкий", гэта значыць каля 30 м. Аднак аснова Камянецкай вежы намнога большая, чым у берасцейскай, і таму малаверагодна, каб яна мела такую вышыню.


Разабраная ў 1831 г. Застаўся падмурак.


М.А. Ткачоў

 


БЕРАСЦЕ. ВУЛІЦА МАСКОЎСКАЯ


Галоўны гарадскі дыяметр і асноўная транспартная магістраль гораду, перасякаеяго з паўднёвага захаду на ўсход, паралельна р. Мухавец. Даўжыня 8,5 км, на ўсходзе пераходзіць у шашу Берасце — Масква. У сучасных межах сфармавалася да 1965 г. Звязвае Маскоўскі і Ленінскі раёны. Прасторава звязвае мемарыяльны комплекс "Берасцейская фартэцыя-герой", зону гарадскога цэнтру ў раёне вуліц Леніна і Савецкай з прамысловым раёнам на рагу з вул. Піянерскай, жылым раёнам Усход і выходзіць на Менскую шашу. Своеасаблівае дойлідска-мастацкае аблічча вуліцы ствараюць маштабныя суадносіны шырыні і профілю магістралі, вышыні забудовы і рытмічнае чаргаванне будынкаў адміністрацыйных, культьтурна-побытавых, жылых, навучальных устаноў і прамысловых прадпрыемстваў. Складаецца з чатырох участкаў, якія вылучаюцца гісторыяй узнікнення і дойлідскім абліччам: заходняга (ад крэпасці да вул. Леніна; рэгулярнай забудовы не мае), цэнтральнага (ад вул. Леніна да Кобрынскага мосту; гістарычны цэнтр вуліцы), участка ад Кобрынскага мосту да вул. Піянерскай (забудова пачатку XX ст., аднапавярховая сядзібнага тыпу) і ўсходняга (ад вул. Піянерскай да пераходу ў шашу Берасце — Масква). Кампазіцыя забудовы заходняй часткі, якую ўтвараюць пяціпавярховыя жылыя дамы, завяршаецца на рагу з вул. Леніна скверам з помнікам савецкім пагранічнікам (1972 г., скульптар М. Альтшулер, дойліды А. Гарбачоў, М. Мілавідаў). Дойлідскій ансамбль склаўся на рагу з вуліцамі 17 Верасня і Савецкай, дзе пабудаваныя гатэль "Інтурыст", гандлёвы цэнтр, васьміпавярховы будынак вытворча-тэхнічнага ўпраўлення сувязі. На рагу з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі створаны другі кампазіцыйны вузел з дзевяціпавярховым жылым домам з крамаю "Адзенне", бюстам двойчы Героя Савецкага Саюзу П.I. Клімука (1978 г., скульптар I. Міско, дойлід С. Баткоўскі). У 1960—70-я гады на тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Маскоўскай, Я. Купалы і Піянерскай, пастаўленыя будынкі ўсходняга прамысловага вузлу. З 1967 г. забудоўваецца новы жылы раён Усход (дойліды В. Анікін, А. Кудзіненка, П. Лагуноўская), які ўключае сем мікрараёнаў і грамадскі цэнтр. Забудову мікрараёнаў з паўночнага боку вуліцы фармуюць вышынныя акцэнты дваццаціпавярховых жылых дамоў з маналітнага жалезабетону ў пачатку, сярэдзіне і канцы магістралі, дзевяціпавярховыя жылыя дамы, пластыку фасадаў якіх узбагачаюць вынесеныя наперад двухпавярховыя аб’ёмы прадпрыемстваў культурна-побытавага прызначэння (дойліды Р. Шылай, Анікін, А. Ляшук). Важным кампазіцыйна-планіровачным элементам жылога раёна Усход з’яўляецца комплекс політэхнічнага інстытуту, да якога з боку ракі прымыкае студэнцкі гарадок з водна-спартовым комплексам. На рагу з Партызанскім праспектам пабудаваны трохпавярховы Палац культуры аблсаўпрофа з заламі на 653 і 400 месцаў (1980 г., дойлід Г. Чысцякоў)


Г.С. Ларкін

 


БЕРАСЦЕ. ВУЛІЦА САВЕЦКАЯ


Адна з галоўных магістралей цэнтральнай часткі гораду. Займае важнае месца ў яго планіровачнай структуры. Бярэ пачатак з вул. Арджанікідзе, перасякае вул. Маскоўскую і выходзіць на набярэжную р. Мухавец. Даўжыня 1740 м. Пачала фармавацца ў сярэдзіне XIX ст. (называлася Мільённая, Паліцэйская, Дамброўскага). У 1915 г. значная частка вуліцы была спаленая. Да II Сусветнай вайны на вуліцы размяшчаліся гарадскі магістрат, крамы, аптэкі, цырульні, 1—2-павярховыя жылыя дамы, кінатэатр "Адрыя" (цяпер "1 Мая"). У 1951—57 гг. вуліца рэканструяваная, пабудаваныя 2—3-павярховыя жылыя дамы, дойлідства якіх узбагачаюць элементы класічнай спадчыны. У 1970-я гады пабудаваны кінатэатр "Беларусь", ансамбль дзевяціпавярховых жылых дамоў з прадпрыемствамі гандлю, культурна-побытавага абслугоўвання ў першых паверхах. Тарцовай часткай на вул. Савецкую выходзіць гандлёвы цэнтр. Своеасаблівае дойлідска-мастацкае аблічча вуліцы ствараюць суадносіны шырыні і профілю магістралі, вышыні забудовы і рытмічнае чаргаванне адміністрацыйных, культурна-побытавых, гандлёвых і жылых будынкаў. Захаваліся помнікі дойлідства канца XIX — пачатку XX стст.: былы гарадскі асабняк (глядзі артыкул "Берасце. Гарадскія асабнякі"), былая мужчынская гімназія (цяпер навучальны корпус педінстытуту), Брацкая царква.

Паводле генплану 1976 г. вядзецца (1990 г.) будаўніцтвава 15-павярховага гатэля (на рагу з вул. Маякоўскага), прадугледжанае ператварэнне вуліцы ў пешаходную.


А.М. Краўчук

 


БЕРАСЦЕ. ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ


Існавалі ў XIX — 2-й палове XX ст. Былі пабудаваныя ў 1842 г. у стылі класіцызму на Гандлёвай плошчы (сучасная вул. Маскоўская). Аднапавярховы, прастакутны ў плане, накрыты паўвальмавым дахам будынак з вялікім унутраным дваром. Пасярэдзіне ўсіх чатырох фасадаў — праезныя брамы, завершаныя атыкамі. Сцены рытмічна чляніліся прастакутнымі вокнамі і пілястрамі, якія па кутах і баках арачных праездаў былі аздоблены рустоўкай. Па перыметры будынак падзяляўся на шэраг гандлёвых секцый — крам, якія мелі ўваходы з галоўнага фасаду і на ўнутраны двор.

Будынак знесены ў 1970-я гады ў сувязі з будаўніцтвам новага гандлёвага цэнтру.


Г.І. Чарняўская

 


БЕРАСЦЕ. ГАРАДСКІЯ АСАБНЯКІ


Помнікі дойлідства класіцызму. Пабудаваныя ў 1-й палове XIX ст. па адным праекце. Асабняк на рагу сучасных вуліц А. Міцкевіча і Камсамольскай, 22/20, мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю; да цэнтральнай двухпавярховай часткі з двухсхільным дахам далучаныя два аднапавярховыя кароткія бакавыя крылы з вальмавымі дахамі. Галоўны фасад, арыентаваны на вул. Міцкевіча, вылучаны чатырохкалонным дарычным порцікам, які завершаны трохкутным франтонам над уваходам. На другім паверсе на ўсю шырыню порціка балкон з драўлянай балюстрадай. Дваровы фасад аформлены чатырма паўкалонамі, якія адпавядаюць кампазіцыі порціка галоўнага фасаду. Вонкавы дэкор: руставаны цокаль, прафіляваны карніз і сандрыкі над прастакутнымі аконнымі праёмамі. Унутраная планіроўка часткова змененая. Пад усім будынкам — цокальны паверх. Першапачатковая планіроўка змененая. Асабняк на рагу сучасных вуліц Камсамольскай  і Савецкай, 2 6/13, мае аналагічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і аналагічную планіроўку. Уваход у будынак з тарцовага фасаду.

У асабняках размешчаныя адміністрацыйныя ўстановы.


Т.I. Чарняўская

 


БЕРАСЦЕ. ГІСТАРЫЧНЫ ЦЭНТР


Помнік горадабудаўніцтва XIX—XX стст. Уключае фрагменты мураванай забудовы — помнікі гісторыі і дойлідства. Займае тэрыторыю, абмежаваную вуліцамі Арджанікідзе (былая вул. Садовая), Герояў абароны Берасцейскай фартэцыі (былая Каштанавая алея, вул. Каштанавая), Наганава (былая Станевіча, Стаханава), Маскоўскай (былая вул. Цярэспальская, вул. Фаміна) і Куйбышава (былая Мікалаеўская, Доўгая). Як горадабудаўнічая структура закладзена ў 1830-я гады з узвядзеннем на тэрыторыі старажытнага гораду крэпасці, фармавалася за 2 км на усход ад яе. Складалася з трох фарштатаў. Найбольшае развіццё атрымаў Кобрынскі фарштат, які меў амаль прастакутную планіровачную структуру. Прадугледжаны асаблівы рэжым яго рэканструкцыі, захавання і строгай забудовы, стварэнне ахоўных тэрыторый.

Кобрынскі фарштат займае групу кварталаў, абмежаваны вуліцамі Гогаля (былая вул. Сярэдняя, вул. Касцюшкі) і Маскоўскай. Першапачаткова быў забудаваны 1—3-павярховымі жылымі дамамі, большасць якіх разбураная  ў 1915—18 гг., адноўлены ў 1921—39 гг. У 1950—80 гг. сярод ранейшай гістарычнай забудовы ўзводзіліся асобныя шматпавярховыя будынкі. Галоўная вуліца — Савецкая (былая вул. Мільённая, вул. Паліцэйская, вул. Дамброўскага). Паралельныя ёй вуліцы 17 Верасня (былая вул. Тапалёўская, вул. Перэца) і Савецкіх пагранічнікаў (былая вул. Беластоцкая) зыходзяцца на пл. Свабоды (былая пл. Думская, пл. Ратушная, пл. Пілсудскага) і ўтвараюць аснову веернай планіроўкі. Паралельна ім праходзяць таксама вуліцы Карла Маркса (былая вул. Мядовая, вул. Славянская, вул. Зыгмунтоўская) і частка вул. Леніна (былы Бульварны праспект, вул. Люблінскай уніі, пр. 17 Верасня). Папярочна размешчаныя вуліцы Будзённага (былая вул. Збірагоўская, вул. Лістоўскага), Дзяржынскага (былая вул. Крывая) і Астроўскага (былая вул. Кароткая). Найбольш дэталёва захавалася першапачатковая планіроўка па вуліцах Гогаля і Маскоўскай.

У 1985 г. распрацаваны праект "Складанне гісторыка-дойлідскіх і інжынерных абгрунтаванняў рэгенерацыі гістарычнай забудовы г. Берасця" БелНДІПгорадабудаўніцтва (дойліды А. Акенцьеў, А. Дубініна) разам са Спецыяльнымі навукова-рэстаўрацыйнымі і вытворчымі майстэрнямі Міністэрства культуры Беларусі (дойліды А. Курто, У. Дзянісаў і інш.), інстытутам "Белжылпраект" (інжынеры Л. Галкін, У. Скакун), галоўны дойлід Бяресця.


В. Гапіенкам. Т.І. Чарняўская

 


БЯРЭСЦЕ. ЖЫЛЫ РАЁН "УСХОД"


Жылы раён ва ўсходняй частцы гораду. Праект планіроўкі распрацаваны ў 1966 г. інстытутам "Белдзяржпраект" (дойліды В. Анікін, П. Лагуноўская), карэкціроўка — у 1977 г. у інстытуце "Брэстграмадзянпраект" (дойлід А. Кудзіненка). Забудоўваецца з 1967 г. Уключае (1990 г.) чатыры мікрараёны. Разлічаны на 80—90 тыс. жыхароў. Галоўныя магістралі — вуліцы Маскоўская, Янкі Купалы, Партызанскі праспект.

Мікрараёны Усход-1 і Усход-2 аб’ядноўвае гандлёвы цэнтр "Юбілейны", размешчаны ўздоўж вул. Маскоўскай. Яе паўночны бок фармуюць чатыры дзевяціпавярховыя будынкі з убудавана-прыбудаванымі дванаццаццю крамамі, а таксама тры спараныя дваццаціпавярховыя будынкі з маналітнага аглапарытабетону, паўднёвы — будынкі інжынерна-будаўнічага інстытуту, Палацу культуры прафсаюзаў і Маскоўскага райвыканкому, якія ўваходзяць у грамадскі цэнтр раёну. У 1970-я гады гэта быў галоўны раён масавага індустрыяльнага будаўніцтва (у асноўным буйнапанельнага).

Новыя жылыя масівы будуюцца на поўнач ад вул. Маскоўскай. Мікрараён Усход 3 (дойліды Р. Шылай, В. Гапіенка, Л. Валахановіч, В. Арсеньеў, інжынер I. Дунайка) на 15 тыс. жыхароў з’яўляецца эксперыментальным; забудоўваецца крыжападобнымі ў плане жылымі дамамі-комплексамі, зблакіраванымі з секцый рознай паверхавасці (ад пяці да дванаццаці паверхаў) і размешчанымі на плоскім рэльефе. З 1984 г. вядзецца будаўніцтва мікрараёна Усход-4. У стадыі праектавання Усход-5 і Усход-6, якія закончаць пераўтварэнне ўсходняй часткі Берасця. У паўднёвай яго частцы, прылеглай да грамадскага цэнтру, у 1975 г. закладзены парк, які ўвойдзе у паркавую зону р. Мухавец. Да жылога раёну прымыкаюць прадпрыемствы ўсходняга прамысловага вузлу.

 


БЕРАСЦЕ. ЖЫЛЫЯ ДАМЫ


Помнікі дойлідства канца XIX — сярэдзіны XX стст. Уваходзяць у Берасцейскі гістарычны цэнтр. Вылучаюцца жыллёвая забудова вуліц Савецкай, 17 Верасня і Савецкіх пагранічнікаў.

У забудову вул. Савецкай уваходзяць дамы № 72, 74, 76, 80, 82, 90, 98, 100, 102, 104, 108, 110, 112, 114, 116 (цотны бок) і 53, 55, 85, 87, 89, 91, 93, 95, 97, 99, 101, 103, 105 (няцотны бок). Дамы № 72, 74, 76 мураваныя, двухпавярховыя, складанай у плане формы. Узведзеныя ў 1920 г. і 1930 г. Галоўнымі фасадамі выходзяць на вуліцу, утвараюць адзіны комплекс. На першых паверхах дамоў № 72, 74 размешчаныя гандлёвыя ўстановы. Сцены дэкарыраваныя лапаткамі, вокны прастакутныя, на другіх паверхах балконы. У доме № 74 асіметрычна размешчаная прастакутная арка, у цэнтры дома № 76 лучковая арка. Дамы № 80, 82 мураваныя, аднапавярховыя, з мансардай. Узведзеныя ў 1890 г. Дом № 90 мураваны, аднапавярховы, Г-падобны ў плане. Узведзены ў 1-й чвэрці XX ст. Галоўны фасад расчлянёны руставанымі пілястрамі, прастакутныя вокны дэкарыраваныя сандрыкамі і падаконнымі плітамі, карніз складанага профілю, на другім паверсе балкон з ажурнай металічнай агароджай. Дом № 98 мураваны, аднапавярховы; дамы № 100, 102, 104 мураваныя, двухпавярховыя. Узведзеныя ў 1923 г. і 1925 г. Маюць складаную ў плане форму і дваровыя прыбудовы. У дэкаратыўнай аздобе выкарыстаныя міжпаверхавыя паясы, сандрыкі, аконныя нішы, ажурныя балконы. У доме № 104 лучковая праезная арка. Дамы № 108, 110, 112, 114 мураваныя, двухпавярховыя; дом № 116 мураваны, аднапавярховы. Узведзены ў 1929 г. і 1930 г. Утвараюць адзіны складаны ў плане комплекс з дваровымі прыбудовамі. У дэкаратыўнай аздобе выкарыстаныя міжпаверхавыя паясы, сандрыкі, аконныя нішы. Аналагічнае дойлідства дамоў і на няцотным баку вуліцы. Дом № 53 мураваны, трохпавярховы; дом № 55 мураваны, аднапавярховы. Узведзеныя ў пачатку XX ст. Утвараюць адзіны комплекс. Фасады дэкарыраваныя рустам, кутнімі лапаткамі, пілястрамі, балконамі. Дамы № 85, 87, 89, 93, 95 мураваныя, двухпавярховыя; дом № 91 мураваны, аднапавярховы. Узведзены ў 1-й чвэрці ХХ ст. Маюць у плане складаную форму. Дамы № 97, 99, 103, 105 мураваныя, двухпавярховыя; дамы № 101 мураваны, чатырохпавярховы. Узведзеныя ў 1923 г. і 1925 г. Утвараюць адзіны складаны ў плане комплекс з дваровымі прыбудовамі. Дойлідным акцэнтам з’яўляецца дом № 101, арыентаваны на вуліцу галоўны фасад якога вылучаны эркерам на вышыню 2—3-га паверхаў і завершаны трохкутным франтонам.

У забудову вул. 17 Верасня ўваходзяць дамы № 2, 8, 10, 12, 18, 20, 22, 24 (цотны бок) і 9, 31, 33, 35, 37 (няцотны бок). Дамы № 8, 10, 12 мураваныя, двухпавярховыя, Т-падобныя ў плане. Узведзеныя ў 1-й чвэрці XX ст. З боку панадворку маюць драўляныя прыбудовы. У дэкоры ляпныя абрамленні аконных праёмаў і балконы з ажурнай агароджай (№ 8), лучковая праезная арка (№ 10). Дамы № 18, 20, 22, 24 мураваныя, двухпавярховыя, Г-падобнай формы ў плане, з дваровымі прыбудовамі. Узведзеныя ў 1925 г. Утвараюць адзіны комплекс. Дом № 20 з’яўляецца цэнтрам кампазіцыі. Яго фасад вылучаныя цэнтральным рызалітам з атыкам, аконныя праёмы над карнізам дэкарыраваны сандрыкамі, на другім паверсе балкон з ажурнай агароджай, прафіляваны карніз і фрыз з вокнамі-прадухамі. Аналагічнае дойлідства дамоў № 2, 9, 31, 33 (адзіны комплекс) і 35, 37 (адзіны комплекс), узведзеных у 1-й чвэрці XX ст.

Забудова вул. Савецкіх пагранічнікаў уключае дамы № 24, 26, 30, 32, 34. Дом № 24 мураваны, аднапавярховы; дом № 26 мураваны, двухпавярховы. Узведзены ў 1925 г. Утвараюць адзіны складаны ў плане комплекс з дваровымі прыбудовамі. Фасад дома № 24 дэкарыраваны руставанымі пілястрамі, галоўны ўваход размешчаны асіметрычна. У цэнтры фасаду дома № 26 две злучаныя прастакутныя аркі, пад прафіляваным карнізам пояс з вокнамі-прадухамі. Дамы № 30, 32, 34 мураваныя, двухпавярховыя. Узведзеныя ў 1-й чвэрці XX ст. Галоўнымі фасадамі арыентаваныя на чырвоную лінію вуліцы. У цэнтры фасаду дома № 32 рызаліт з лучковай аркай, завершаны карнізам з трохкутным франтонам. Дом № 34 мае ў цэнтры лучковую арку, якая замыкаецца масіўнымі чыгуннымі дзвярамі, дэкарыраванымі літымі арнаментальнымі дэталямі. У будынку размешчаны Цэнтральны архіў Берасцецскай вобл.


Г.І. Чарняўская

 


БЕРАСЦЕ. ЗАМАК


Існаваў у XV — 1-й палове XIX ст. Пабудаваны з каменю і дрэва на востраве ў сутоку рэк Мухавец і Заходні Буг, на месцы дзядзінца старажжытнага Берасця. Быў умацаваны ровам і валам, на якім стаялі абарончыя сцены — гародні і пяць вежаў. Адна з іх, мураваная, узведзеная ў XIII ст. (глядзі "Берасце. Вежа"), пры будаўніцтвеве замку ўключаная ў яго абарончую сістэму. Вежа-брама, якая злучала замак з гандлёвай плошчай гораду, мела гадзіннік, на адной з вежаў быў звон. На тэрыторыі замку стаялі пяць жылых будынкаў, две кухні, тры скляпы. У ніжнім ярусе абарончых сцен размяшчаліся склады. Асобна ад замка на беразе Мухаўца стаялі лазня, стайня, млын і іншыя пабудовы. У 1500 г. замак вытрымаў асаду татар. У 1-й палове XVII ст. дадаткова быў умацаваны бастыёнамі. У 1657 г. захоплены шведамі. У 1661 г. адноўлены, у 1706 г. зноў захоплены шведамі. У 1830—42 гг. на на месцы замку пабудаваная фартэцыя. Вядома паводле інвентару 1566 г. і малюнку 1657 г.


М.А. Ткачоў

 


БЕРАСЦЕ. КАСЦЁЛ I КАЛЕГІЮМ ЕЗУІТАЎ


Пабудаваны ў стылі барока ў 2-й палове XVII — сярэдзіне XVIII стст. Касцёл (змураваны ў 1656—1713 гг., не збярогся) — трохнефавая базіліка з трансептам і дзвюхвежавым галоўным фасадам, цэнтральная частка якога завяршалася масіўным франтонам з валютамі, бакавыя часткі — невялікімі вежачкамі. З паўночнага захаду да галоўнага фасаду прылягала квадратная ў плане вежа-званіца. Пластыка фасаду ўзбагачалася шматлікімі ордэрнымі элементамі, абрамленнямі праёмаў, лепкай і інш. З поўначы да касцёлу прылягаў двухпавярховы мураваны будынак калегіюму, пабудаваны да 1750 г. Складаўся з двух корпусаў, злучаных светлым калідорам. Корпус, дзе размяшчаліся аптэка і школа, паўтараў у плане паварот вуліцы і закончваўся будынкам тэатру. Уваход у калегіюм вылучаўся рызалітам, які меў багатую дэкаратыўную пластыку ў стылі позняга барока і завяршаўся фігурным франтонам.

Пры будаўніцтве фартэцыі прыстасаваны пад дом каменданта.


Т.В. Габрусь

 


БЕРАСЦЕ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР АУГУСЦІНЦАЎ


Комплекс існаваў у XVII—XIX стст. Першы драўляны кляштар аўгусцінцаў пабудаваны пасля 1380 г. за межамі Берасця, паміж рэкамі Угрынка і Мухавец. Быў спалены татарамі ў 1666 г. У 1672 г. перанесены ў цэнтр гораду, на гандлёвую плошчу. Касцёл (1683—86 гг.), перабудаваўся пасля пажару 1801 г. і 1808 г.) у стылі барока — аднанефавы храм з вежай-званіцай на галоўным фасадзе, завершанай высокім шатром. Прылеглыя да вежы часткі галоўнага фасаду касцёлу былі завершаныя валютамі і пінаклямі. У інтэр’еры, перакрытым драўлянымі скляпеннямі, на алтарнай і бакавых сценах намаляваныя алтары. У 1856—79 гг. касцёл быў перабудаваны пад Мікалаеўскую царкву (дойлід Д. Грыса). У 1920—30-я гады рэстаўрыраваны. Захаваўся часткова. Будынак кляштару адна- і двухпавярховы, калідорнай планіроўкі, прылягаў да касцёлу, уключаў трапезную, кухню, пякарню, келлі. Да яго былі прыбудаваныя тры крамы. Пры кляштары быў вялікі сад з агародамі. Уся тэрыторыя была абнесеная мурамі.

 


БЕРАСЦЕ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНАК

 

Комплекс існаваў у XVIII—XIX стст. Мураваны касцёл пабудаваны ў 1750 г. у стылі позняга барока на месцы драўлянага, пастаўленага ў 1624 г. Будынак аднанефавы, з унутранымі контрфорсамі і больш вузкай прастакутнай алтарнай апсідай. Галоўны фасад падзелены на два ярусы раскрапаваным антаблементам, быў фланкіраваны дзвюмя нізкімі чацверыковымі вежамі з купальнымі завяршэннямі. Паміж імі размяшчаўся складанай формы франтон. Сцены расчлянялі арачныя аконныя праёмы, аздобленыя ліштвамі. У інтэр’еры паўцыркульныя скляпенні на падпружных арках. Галоўны двух'ярусны драўляны пазалочаны алтар замыкаў прастору нефа ў прэсбітэрыі, бакавыя размяшчаліся каля ўнутраных контрфорсаў, апрацаваных вязкамі пілястраў. У 1781 г. да касцёлу прыбудаваны П-падобны двухпавярховы кляштар, які ўтвараў квадратны ў плане ўнутраны дворык. Планіроўка галерэйная. У XIX ст. перабудаваны пад вайсковы шпіталь.

Пашкоджаны ў II Сусветную вайну.


Ю.А. Якімовіч

 


БЕРАСЦЕ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Комплекс існаваў у XVII—XIX стст. Мураваныя будынкі створаны ў 1623 г. у стылі барока на тэрыторыі Валынскага прадмесця Берасця на месцы драўляных, пастаўленых у 1605 г. Касцёл Іаана Хрысціцеля — трохнефавая базіліка з павышаным цэнтральным нефам (быў перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках) і больш нізкімі бакавымі (завяршаліся купальнымі скляпеннямі). Цэнтральны неф пераходзіў у выцягнуты прэсбітэрый, завершаны паўцыркульнай алтарнай апсідай. З поўдня да бакавога нефу была прыбудаваная квадратная ў плане капліца. Бязвежавы галоўны фасад, падзелены карнізамі на чатыры ярусы, вертыкальна быў расчлянёны вязкамі пілястраў на тры часткі: сярэдняя завяршалася трохкутным франтонам, бакавыя мелі стылізаваныя валюты. Над франтонамі і вязкамі пілястраў узвышаліся скульптуры. Сцены касцёлу расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі. Галоўны алтар у апсідзе і восем у бакавых нефах былі вырашаныя ў стылі барока. Да паўночнай сцяны касцёлу прымыкала закрытая галерэя. двухпавярховы прастакутны ў плане будынак кляштару з рызалітам у паўночнай частцы прылягаў да прэсбітэрыя. Рызаліт і тарэц кляштару, умацаваныя контрфорсамі, завяршаліся барочнымі атыкавымі франтонамі з валютамі.

 


БЕРАСЦЕ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БРЫГІТАК


Комплекс існаваў у XVIII—XIX стст. у прадмесці Пескі. Мураваны касцёл пабудаваны ў стылі барока ў 1751 г. на месцы драўлянага храму, узведзенага ў 1623 г. Да авальнага ў плане галоўнага аб’ёму, завершанага купалам на васьмерыку, прылягалі прастакутныя ў плане алтарная апсіда з дзвюма сакрысціямі па баках і бабінец з дзвюма вежамі. Галоўны фасад меў багатую пластычную апрацоўку ў стылі позняга барока: вязкі пілястраў і раскрапаваны антаблемент, над якім разарваны франтон з фігурным шчытом, завершаным драўлянымі вазамі і статуямі. Інтэр’ер храму быў упрыгожаны стукавай лепкай. Каля кожнага з васьмі слупоў стаялі драўляныя пазалочаныя скульптуры святых. Акрамя галоўнага было яшчэ дзесяць бакавых драўляных разных алтароў. Праз сакрысцію і капліцу касцёл злучаўся з двухпавярховым П-падобным у плане кляштарным корпусам.

 


БЕРАСЦЕ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ


Комплекс існаваў у XVII—XIX стст. Касцёл заснаваны ў 1635 г., пабудаваны ў 1696 г. у стылі барока. Прастакутны ў плане аб’ём з дзвюма капліцамі па баках, якія мелі купальныя завяршэнні. Неф пераходзіў у крыху вузейшы за яго прэсбітэрый з прастакутнай алтарнай апсідай: з поўначы да яго прыбудаваныя сакрысція і скарбніца. Галоўны фасад, расчлянёны пілястрамі, развітым антаблементам, падзяляўся на два ярусы. Верхні ярус — складанай канфігурацыі шчыт з валютамі па баках. Інтэр’ер упрыгожвалі сем драўляных пазалочаных алтароў. Перакрыцці былі цыліндрычныя з распалубкамі. Двухпавярховы прастакутны ў плане кляштар пабудаваны ў канцы XVIII ст. Ён быў накрыты вальмавым дахам, меў калідорную планіроўку, злучаўся з касцёлам пераходам. Памяшканні былі перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Фасады расчляняліся прастакутнымі аконнымі праёмамі.

Пры кляштары быў сад.

 

 

БЕРАСЦЕ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ТРЫНІТАРЫЯЎ

 

Комплекс існаваў у Кобрынскім прадмесці ў XVII—XIX стст. Пабудаваны з цэглы ў 1730—60-я гады ў стылі позняга барока. Мураваны двухпавярховы П-падобны ў плане кляштар з убудаваным у яго цэнтр касцёлам Святой Барбары быў агароджаны мураванай сцяной з нішамі з боку панадворку. Касцёл — прастакутны ў плане будынак з амаль квадратнай алтарнай апсідай. У яго інтэр’еры ўнутранымі контрфорсамі вылучана васьміграннае выцягнутае па даўжыні восі асноўнае памяшканне з капліцамі па баках. Галоўны фасад падзяляўся антаблементамі на тры ярусы: ніжні з уваходным парталам і акном, што асвятляла хоры, быў рытмічна расчлянёны пілястрамі, меў масіўны цокаль, сярэдні — у выглядзе прастакутнага атыка з разарваным франтонам і круглым акном у цэнтры, верхні — складаны па форме атыкавы франтон з паўцыркульным завяршэннем (у яго цэнтры была фрэска з сімвалічнай выявай эмблемы ордэну трынітарыяў, пазней замененая выявай крыжа). У інтэр’еры было сем разных алтароў, упрыгожаных скульптурай.

 


БЕРАСЦЕ. УСХОДНІ ПРАМЫСЛОВЫ ВУЗЕЛ

 

Створаны ў сярэдзіне 1960-х гадоў (дойліды I. Боўт, Э. Бацян, інжынеры Л. Кацько, Ю. Нікольскі, В. Сачкоў). Размешчаны ва ўсходняй частцы гораду. Комплекс аб’ядноўвае дывановы і панчошны камбінаты, заводы электралямпавы, электрамеханічны, прадпрыемствы агульнага гаспадарчага комплексу (аб’екты энергічнага, складскога і іншага забеспячэння), звязаных адзінай дойліднай задумай з улікам перспектыўнага развіцця. Пры будаўніцтве прадпрыемстваў прамвузлу выкарыстаныя прагрэсіўныя аб’ёмна-планіровачныя і інжынерныя прынцыпы. Будынкі маюць дакладную форму плану і лаканічнае дойлідства. Рацыянальная арганізацыя прасторы інтэр’ераў забяспечвае камфортныя ўмовы для працы. Дойлідства прамысловых прадпрыемстваў гарманічна спалучаецца з агульным ансамблем забудовы раёну. Буйныя аб’екты адміністрацыйна-побытавых, лабараторных карпусоў фармуюць дойліднае аблічча вуліц Маскоўскай, Піянерскай, Я. Купалы. Адзін з першых у СССР комплексаў, дзе выкарыстанае тэрытарыяльнае аб’яднанне некалькіх прадпрыемстваў пры максімальным каапераванні іх асноўных і дапаможных вытворчасцей. Прэмія СМ СССР 1977.

 


БЕРАСЦЕ. ФАРТЭЦЫЯ


Помнік абарончага дойлідства XIX ст. Пабудаваная ў 1830—42 гг. на месцы былога замку як частка сістэмы ўмацаванняў, створаных на захадзе Расейскай імперыі. Будавалася паводле праекту (зацверджаны ў 1830 г.) генералаў Малецкага, К. Опермана і палкоўніка Фельдмана. Былі пакінутыя некаторыя пабудовы старога гораду. У будынку кляштару езуітаў (узведзены ў 1623 г., адноўлены ў 1679 г.) размяшчалася канцылярыя каменданта фартэцыі. Будынак кляштару базыльян (1629 г., пазней вядомы пад назвай "Белы палац") быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно. У былым кляштары бернардынаў (1781 г.) у 1841—60 гг. размяшчаўся Аляксандраўскі кадэцкі корпус, пазней — вайсковы шпіталь. Першапачаткова былі зробленыя часовыя ўмацаванні, якія ў 1833—42 гг. ператвораны ў доўгатэрміновыя. Размешчаная на чатырох выспах, утвораных рукавамі рэк Мухавец і Заходні Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтральнага ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў. Цытадэль — крывалінейная ў плане замкнёная двухпавярховая абарончая жаўнерня (даўжыня 1,8 км) з чатырма брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Берасцейскай, якія праз масты злучалі цэнтральны востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены жаўнерні двухметровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралковай зброі і гармат; у 500 казематах маглі размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Дойлідскі цэнтр Цытадэлі — пабудаваная на самым высокім месцы гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79 гг., дойлід Д. Грым). Перадмаставыя ўмацаванні прыкрываліся землянымі валамі (вышыня 10 м) з каменнымі казематамі ўнутры. Фартэцыя неаднаразова ўдасканальвалася, за 3,5—4 і 6—7 км ад галоўных умацаванняў будаваліся два паясы фартоў. У 1911—14 гг. рэканструкцыяй 7-га форту кіраваў ваенны інжынер капітан Дз.М. Карбышаў (буйны вучоны, генерал-лейтэнант інжынерных войскаў, доктар ваенных навук, прафесар, Герой Савецкага Саюзу). У I Сусветную вайну фартэцыя сваёй ролі не адыграла. Расейскае камандаванне, каб пазбегнуць акружэння, эвакуіравала гарнізон і ўзарвала (жнівень 1915 г.) некаторыя яе ўмацаванні. У 1918 г. на тэрыторыі Цытадэлі ў Белым палацы падпісаны Берасцейскі мір. 22.6.1941 г. гарнізон фартэцыі першым прыняў удар нямецка-фашысцкай арміі, больш месяца гераічна трымаў абарону. У час вайны фартэцыя моцна разбураная. Знішчаныя або пашкоджаныя амаль усе будынкі, якія мелі гістарычную і мастацкую каштоўнасць. Указам Прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР ад 8.5.1965 г. фартэцыі прысвоена ганаровае званне "Фартэцыя-герой". 25.9.1971 г. адкрыты мемарыяльны комплекс "Берасцейская фартэцыя-герой".

На тэрыторыі Валынскага ўмацавання размяшчаюцца рэшткі гарадзішча  старажытнага Берасця XI—XIII стст. Яны закансерваваныя, з’яўляюцца філіялам Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея.

Мемарыяльны комплекс створаны ў 1969—71 гг. на тэрыторыі фартэцыі на ўвекавечанне подзвігу яе абаронцаў. Мемарыял аб’ядноўвае скульптурна-дойлідскі ансамбль, уцалелыя збудаванні і руіны былой фартэцыі. Урачыста адкрыты 25.9.1971 г. Аўтарскі калектыў: скульптары А. Кібальнікаў (галоўны мастацкі кіраўнік), А. Бембель, У. Бабыль, дойліды У. Кароль, В. Волчак, В. Занковіч, Ю. Казакоў, А. Стаховіч, Г. Сысоеў. Комплекс размешчаны ва ўсходняй частцы Цэнтральнага востраву. Уключае манументальны цэнтральны ўваход, галоўны манумент — абагульнены вобраз ваяра-пераможцы, скульптурную кампазіцыю "Смага", штык-абеліск, пл. Цырыманіялаў, тэрасы-трыбуны, некропаль-калумбарый, пад’езды і плошчы. Цэнтральны ўваход — урэзаны ў вал маналітны жалезабетонны масіў з праёмам у цэнтры, які мае выгляд своеасаблівай пяціканцовай зоркі. Яе сколы перакрыжоўваюцца ў складанай дынамічнай форме, што стварае светлавыя кантрасты, уражанне напружанасці і імклівасці. Бетонны масіў галоўнага ўваходу падтрымліваецца адхонамі валу і абапіраецца на цагляныя сцены казематаў. На паўночнай сцяне прымацаваная металічная дошка з тэкстам Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні фартэцыі ганаровага звання "Фартэцыя-герой". Ад цэнтральнага ўваходу ўрачыстая алея, акаймаваная хмызняком руж, вядзе да моста і на пл. Цырыманіялаў. Паступова раскрываюцца элементы ансамбля, у якіх атрымлівае развіццё ідэя мужнасці і стойкасці людзей, што сталі на абарону Радзімы. Злева ад моста — скульптурная кампазіцыя "Смага". фігура савецкага жаўнера, які, апіраючыся на аўтамат, цягнецца да вады, прасякнутая драматызмам і напружанасцю. Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляюцца Галоўны манумент — пагрудная скульптура савецкага жаўнера, нібыта высечаная са скалы (бетон, вышыня 33,5 м) і штык-абеліск (абліцаваны тытанам, вышыня 100 м). На адваротным баку галоўнага манументу — рэльефныя кампазіцыі, якія адлюстроўваюць эпізоды абароны фартэцыі: "Атака", "Партыйны сход", "Апошняя грамата", "Подзвіг артылерыстаў", "Кулямётчыкі". З манументам арганічна звязаныя трыбуна і некропаль — тры галерэі-калумбарыі, дзе пахаваныя ўрны з прахам загінулых абаронцаў. Некропаль, абліцаваны плітамі лабрадарыту, з уступамі ўзнімаецца да пляцоўкі каля Галоўнага манументу. У планіровачным  і  вобразным  вырашэнні ансамбля важная роля належыць пл. Цырыманіялаў, на якой адбываюцца ўрачыстасці. Плошчу з боку р. Мухавец замыкаюць уцалелыя будынкі жаўнерняў з казематамі, з процілеглага — будынак музея і руіны Белага палацу. Перад руінамі будынку былога інжынернага ўпраўлення гарыць Вечны агонь. Перад плітой — адлітыя з бронзы словы: "Стаялі насмерць, слава героям!". "Мемарыяльны каляндар" — памятныя дошкі, устаноўленыя на месцах канкрэтных падзей, — расказвае пра асноўныя этапы абароны фартэцыі. На месцы будынку 9-й пагранзаставы — каменная глыба з уманціраванай у ёй бронзавай зоркай і мемарыяльнай дошкай. Дэкаратыўнае асвятленне ўвечары (чырвонае зарыва за Галоўным манументам, барвовая падсветка руін, светлыя пункціры нізкіх паўкруглых свяцільняў, зеленаватае свячэнне манумента "Смага"), разам з гукавым афармленнем (прыглушанае гучанне мелодый "Летуценняў" Р. Шумана і "Свяшчэннай вайны" А.В. Аляксандрава) надаюць асаблівую вастрыню ўспрыманню комплексу.

 

В.I. Анікін, Я.К. Габец, Л.Г. Лапцэвіч

 


БЕРАСЦЕ. ЦАРКВА I МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН


Існавалі ў XVIII ст. на правым беразе р. Мухавец, на месцы драўлянага манастыра 1-й паловы XVII ст. Комплекс уключаў мураваныя Петрапаўлаўскую царкву і вучылішча, драўляны манастыр.

Царква пабудаваная ў канцы XVIII ст. ў стылі позняга барока. Трохнефавая шасціслуповая базіліка з авальнай алтарнай апсідай. Бязвежавы галоўны фасад меў пластычную хвалістую паверхню, аздобленую вязкамі пілястраў з вокнамі і нішамі паміж імі. Руставаная ніжняя частка была вырашаная ў выглядзе цокаля, тарэц цэнтральнага павышанага нефу завяршаў трохкутны франтон з лучковым акном у цэнтры, расчлянёны вертыкальнымі цягамі на пяць плоскасцей. Унутры галоўны неф і апсіда былі перакрытыя цыліндрычнымі, бакавыя нефы крыжовымі на падпружных арках скляпеннямі. Слупы мелі ў сячэнні складаную форму, кожны з іх быў аформлены васьмю пілястрамі.

Драўляны на каменным падмурку будынак манастыру пабудаваны ў XVIII ст. — аднапавярховы, П-падобны ў плане, галерэйнай планіроўкі, накрыты высокім паўвальмавым дахам, аздобленым у тарцах трохкутнымі дэкаратыўна ашаляванымі невялікімі шчытамі.

Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак вучылішча (2-я палова XVIII ст.) анфіладнай планіроўкі, з лесвіцай у цэнтры быў накрыты высокім вальмавым дахам з нізкай дэкаратыўнай вежачкай у цэнтры, завершанай шпілем з флюгерам.

 


БЕРАСЦЕ. ЦАРКВА СВЯТОГА СІМЕОНА


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1865 г. (вул. К. Маркса). Храм цэнтрычнай пяцікупальнай кампазіцыі: да кубападобнага асноўнага аб’ёму па восі захад — усход прымыкаюць прытвор з лесвіцай на хоры і званіцу і паўкруглая апсіда. У кампазіцыйнай структуры і дэкаратыўнай пластыцы асноўнага аб’ёму выкарыстаныя прыёмы класіцызму (ордэрная сістэма, трохкутныя франтоны, высокі прафіляваны карніз і філёнгавы фрыз, гранітны цокаль), у завяршэнні — формы маскоўскага дойлідства сярэдзіны XVII ст. (кілепадобныя какошнікі ў аздабленні праёмаў, цэнтральны і кутнія васьмігранныя барабаны, цыбулепадобныя галоўкі, шатры). Дробныя формы завяршэння кантрастуюць з буйнымі прапорцыямі асноўнага аб’ёму, прастора інтэр’еру падзелена слупамі на тры нефы з цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі, размаляванымі паліхромным арнаментам. Галерэя хораў злучаная з нефам шырокім арачным праёмам.

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі

 


БЕРАСЦЕ. ЧЫГУНАЧНЫ ВАКЗАЛ


Пабудаваны ў 1886 г. у псеўдарускім стылі (дойліды Я. Гарбуноў, В. Лорберг, Л. Нікалаі). Быў адным з буйнейшых вакзалаў у Расейскай імперыі. У II Сусветную вайну разбураны. У 1956 г. адноўлены ў старых параметрах са зменай планіроўкі (набліжаная да новых патрабаванняў) і кампазіцыі. Цэнтральны аб’ём з двухсветлавым вестыбюлем, заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі вылучаныя вежай са спічаком. Бакавыя флігелі аб’яднаныя з асноўным будынкам агульным верхнім поясам і радам квадратных у плане пілонаў. Зала чакання ўпрыгожаная смальтавай мазаікай, прысвечанай мужнасці абаронцаў Берасцейскай фартэцыі (1973 г.). Абапал вакзалу праходзяць чыгуначныя пуці, пад якімі для сувязі з горадам пабудаваныя віядукі.

Помнік рэспубліканскага значэння.

 


"БЕРАСЦЕ" САНАТОРЫЙ


Клімата-бальнеалагічны санаторый у Берасцейскім р-не. Размешчаны ў хваёвым лесе на беразе воз. Рагазнянскае, паблізу воз. Белае, за 45 км ад Берасця. Комплекс пабудаваны ў 1976 г. (дойліды Г. Чысцякоў, В. Андрэеў, Т. Андрэева). Уключае спальныя карпусы, лячэбна-дыягнастычны і культурна-масавы блокі, зону адкрытых пляцовак для спартовых гульняў і прагулак. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя комплексу ўлічвае цэласнасць ансамбля, каапераванне асобных памяшканняў і аб’ектаў, максімальнае выкарыстанне ландшафту для раскрыцця комплексу. Дамінантай з’яўляецца дванаццаціпавярховы галоўны корпус, які надае ўсяму комплексу запамінальны сілуэт. У галоўным корпусе 1—2-месныя пакоі з лоджыямі; пераходнай галерэяй з алюмінію і шкла спальныя карпусы звязаныя з плавальным басейнам. Спалучэнне светлых аддзелачных матэрыялаў, белай тынкоўкі з глазураванай пліткай надае выразнасць усяму ансамблю. Для агароджы лоджый выкарыстанае арміраванае шкло. У аддзелцы інтэр’ераў выкарыстаныя глазураваная плітка, шклопакеты ў алюмініевых пераплётах, рэльефная гіпсавая плітка і інш.

 


БЕНІЦА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Пабудаваны ў пачатку XVIII ст. ў в. Беніца (Маладзечанскі р-н) у стылі барока. Комплекс складаўся з касцёлу, кляштарнага корпусу (не захаваўся) і мураванай агароджы (захавалася часткова) з брамай. Фармаванне комплексу пачалося ў 1701 г. з фундацыі Траецкага касцёлу троіцкім кашталянам Міхалам Казімірам Коцелам. Пасля збудавання ён быў перададзены бернардынам, якія па фундацыі таго ж Коцела змуравалі побач двухпавярховы кляштарны корпус. Будаўніцтва комплексу было скончанае да 1704 г. На працягу XVIII — 1-й паловы XIX стст. пры кляштары існавала школка. У 1851 г. кляштар быў скасаваны, а ў канцы XIX ст. разабраны.

Траецкі касцёл пабудаваны ў 1701—04 гг. З канца XVIII ст. — парафіяльны. У 1866 г. перароблены на царкву. З 1919 г. — касцёл. Аднанефавы крыжова-купальны храм з дзвювежавым галоўным фасадам. Неф касцёлу завершаны пяціграннай апсідай і перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Аналагічнае перакрыцце маюць апсіда і крылы трансепту. Сяродкрыжжа перакрытае купалам на васьмігранным барабане. Купал завершаны гранёным ліхтаром. У выніку грунтоўных рэканструкцый і рамонтаў XIX—XX стст. пачатковы выгляд галоўнага фасаду помніку значна скажоны (змененая форма франтону, надбудаваныя вежы). У інтер’еры касцёлу знаходзіліся алтары ў стылі ракако (знішчаныя ў час рэканструкцыі 1866 г.), партрэт фундатара (у 2-й палове XIX ст. перанесены ў палац Беніцкай сядзібы) і тры стукавыя надмагіллі рода Коцелаў (захаваліся часткова). У сутарэннях былі сямейныя склепы Коцелаў і Швыкоўскіх.

Помнік рэспубліканскага значэння.


В.В. Гліннік, У.М. Пярвышын

 


БЕНІЦА. СЯДЗІБА


Існавала ў 2-й палове XVIII — XIX стст. ў в. Беніца (Маладзечанскі р-н). Належала Коцелам, Абрамовічам, Швыкоўскім. У комплекс уваходзілі гаспода, гаспадарчыя пабудовы, парк, сад, ставы. Гаспода пабудаваная ў 1779—81 гг. паводле праекту італійскага дойліда К. Слампані. Драўляны аднапавярховы Н-падобны будынак на высокім падмурку. Вертыкальна ашаляваныя сцеяы былі прарэзаныя высокімі прастакутнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі. Галоўны і дваравыя фасады вылучаліся порцікамі з трохкутнымі франтонамі. Высокі вальмавы дах быў крыты гонтай. Бакавыя крылы вылучаліся асобнымі ўваходамі з ганкамі, мураванымі з камянёў. Планіроўка сярэдняй часткі будынку мела анфіладны характар (зала баляў, гасцёўня, сталоўка і інш.). Інтэр’еры пакояў былі багата аздобленыя (фігурны паркет, філёнгавыя сцены, лепка). Сцены ўпрыгожвалі шматлікія карціны, абразы, гравюры. У бакавых крылах знаходзіліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні, інтэр’еры якіх былі больш сціплыя. З ліку гаспадарчых пабудоў вызначаўся драўляны лямус, у стылі якога спалучаліся рысы класіцызму і народнага дойлідства (дойлід Спампані). Гаспода размяшчалася ў невялікім парку.


В.В. Гліннік, У.М. Пярвышын

 


БЕРАЖНОЕ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ

 

Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў XIX ст. ў в. Беражное (Столінскі р-н). Спачатку была трохзрубная. Да квадратнага ў плане асноўнага аб’ёму, завершанага вялікім светлавым чацверыком, прылягаюць прастакутны ў плане бабінец і пяцігранная алтарная апсіда. Зрубы аб’яднаныя шматсхільным дахам. У канцы XIX — пачатку XX стст. да царквы прыбудаваныя з захаду двух’ярусная званіца, з поўдня прастакутны ў плане аб’ём, завершаны светлавым васьмерыком. Аб’ём накрыты шатровымі дахамі. Сцены гарызантальна ашаляваныя, вокны прастакутныя. Унутры ўсе памяшканні злучаныя шырокімі праёмамі.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

 


БЕРАЗВЕЧЧА. КЛЯШТАР БАЗЫЛЬЯН


Комплекс позняга барока. У 1643 г. на паўночным беразе воз. Глыбокае каля в. Беразвечча (Глыбоцкі р-н) паводле фундацыі ваяводы і старосты мсціслаўскага Язэпа Корсака быў збудаваны драўляны кляштар. У XVII ст. пры ім дзейнічала школка, у якой выкладаліся фізіка, матэматыка, малюнак, французская і нямецкая мовы. Паміж 1756 г. і 1763(64—?) г. на месцы ранейшых драўляных пабудоў былі змураваныя новы кляштар з царквой. Царква, пабудаваная ў стылістыцы віленскага барока, была трохнефавая базіліка з трансептам і двухвежавым галоўным фасадам, знакамітым сваёй дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Храм меў нетрадыцыйную арыентацыю на поўнач, быў нібы звернуты тварам да сонца, якое, высвятляючы хвалістую паверхню галалоўнага фасаду, раскрывала якасці яго пластычнай формы. У галоўным фасадзе царквы рэалізаваныя формаўтваральныя прынцыпы ракако. Гэта дасягалася ўжываннем пераважна дойлідскага, а не ляпнога дэкору, што стылістычна не характэрна. Існуюць меркаванні, заснаваныя на фармальна-стылістычным аналізе будынку, што аўтарам праекту царквы быў віленскі дойлід Ян Крыштаф Глаўбіц (дакументальна не пацверджана). Вядома, што з 1753 г. у рабоце над дэкорам прымаў удзел дойлід і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы XVIII ст. комплекс складаўся з царквы з араторыўмам (зімовая капліца, прыбудаваная да царквы ў 1766—76 гг.), жылых і гаспадарчых корпусаў і саду, абнесеных мураванай агароджай з брамай, а таксама школкі, размешчанай непадалёку ад асноўных пабудоў. Пасля скасавання Берасцейскай царкоўнай уніі (1839 г.) кляштар быў перададзены праваслаўнаму мужчынскаму манастыру, якому належаў і ў 1930 г. (у ім размяшчаўся польскі Корпус аховы пмежжа) будынкі рэстаўрыравалі.

Каля 1970 г. царква разбураная, у астатніх пабудовах кляштару — турма.


В.В. Гліннік

 


БЕРАЗІНО


Горад, цэнтр Бярэзінскага р-ну, прыстань на р. Бярэзіна. За 101 км ад Менску. Вядома з сярэдзіны XVI ст. як мястэчка Менскага павету Вялікага княства Літоўскага. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Ігуменскага павету. У 2-й палове XIX ст. працавалі бровар, млын, канатная фабрыка, прыстань на р. Бярэзіна, школа, 4,9 тыс. жыхароў (1897 г.). З 1924 г. цэнтр раёна. З 1938 г. гарадскі пасёлак, 4,8 тыс. жыхароў (1939 г.). У 1965 г. у Чэрвеньскім р-не. З 1968 г. — горад. Сетка вуліц прастакутная.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Кастрычніцкая (галоўная вось, праходзіць паралельна рацэ), Мультана, Горкага, Перамогі (мікрараён з 2—5-павярховымі жылымі дамамі), Менская. На вул. Кастрычніцкай сфармавалася цэнтральная плошча — грамадскі цэнтр гораду. Мостам звязана з левым берагам ракі. Помнік дойлідства XIX ст. — сядзібны дом (глядзі артыкул "Беразіно. Сядзібны дом").

Паводле генпланаў 1969 і 1981 гг. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае фармаванне Цэнтральнага (капітальнае будаўніцтва), Паўночнага, Паўднёвага (мяшаная забудова) планіровачных раёнаў, запраектаваны парк, які ў пойме ракі злучыцца з цэнтрам гораду.


Л.I. Комава

 


БЕРАЗІНО. СЯДЗІБНЫ ДОМ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1-й палове XIX ст. ў Беразіне на ўмацаваным бутавай падпорнай сценкай правым крутым беразе р. Бярэзіне (сучасная вул. Набярэжная, 1). Належаў Патоцкім. Мураваны, прастакутны ў плане двухпавярховы будынак накрыты вальмавым дахам. У цэнтры галоўнага фасаду на чатырох пілонах мезанін, завершаны трохкутным франтонам. Дом аперазаны прафіляваным карнізам з дэнтыкуламі. Цэнтральным акцэнтам дваровага фасаду з’яўляецда паўкруглы эркер, які накрыты сферычным купалам і члянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Міжпаверхавы плоскі пояс падзяляе фасады на два ярусы. Прастакутныя аконныя праёмы аздобленыя руставанымі лучковымі броўкамі. Сіметрыя будынку парушаная двухпавярховай прыбудовай да паўднёвай тарцовай часткі. У калідорнай планіроўцы дому вылучаныя цэнтральны вестыбюль і круглая парадная зала. Міжпаверхавая лесвіца размешчаная асіметрычна ў паўночным канцы калідору.

У будынку — школа. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


БЕШАНКОВІЧЫ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Бешанковіцкага р-ну, прыстань на левым беразе Заходняй Дзвіны. За 51 км ад Віцебску, Упершыню ўпамінаецца пад 1447 г. як невялікае паселішча, дзе была пабудаваная царква Ільі-Прарока. У 1650 г. пабудаваны касцёл Казіміра і Рафаіла (перабудаваны ў 1785 г., адноўлены ў 1876 г., не збярогся). З XVIII ст. — горад. У канцы XVII — пачатку XVIII ст. Бешанковічы належалі Агінскім (у памяць аб знаходжанні ў 1708 г. у Бешанковічах Пятра I Казімір Агінскі паставіў драўляную царкву). У 2-й палове XVIII — XIX стст. створаны палацава-паркавы ансамбль. У цэнтры гандлёвай плошчы пастаўлены мураваны гасціны двор з 60 крамамі, да сярэдзіны XIX ст. галоўныя вуліцы былі забрукаваныя, дзейнічалі прыстань, паром. У 2-й палове XIX ст. пабудаваныя паштовая станцыя, народнае вучылішча, Ільінская царква; больш за 2 тыс. жыхароў. З 1924 г. цэнтр раёну, з 1938 г. гарадскі пасёлак.

Планіровачную структуру сучаснага пасёлку вызначаюць Віцебская шаша, вуліцы Камуністычная, Свабоды, Чарняхоўскага, Раманава, Урыцкага, Валадарскага, Ткачэнкі, Савецкая, якія разам з іншымі вуліцамі ўтвараюць прастакутную рэгулярную сетку з дробнымі кварталамі, забудаванымі пераважна аднапавярховымі драўлянымі жылымі дамамі сядзібнага тыпу. Грамадскі цэнтр — пл. Леніна (на вул. Камуністычнай). Цэнтральная частка забудаваная 2—3-павярховымі жылымі дамамі. Прамысловыя прадпрыемствы на паўночным захадзе, паўднёвым усходзе, а таксама сярод жылой забудовы.

Пасёлак развіваецца паводле генпланаў забудовы 1968 г. ("Віцебскграмадзянпраект") і 1979 г. (БелНДIПгорадабудаўніцтва).


Ю.А. Якімовгч, Л.I. Комава

 


БЕШАНКОВІЧЫ. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік палацава-паркавага дойлідства класіцызму. Створаны ў 1770-я гады ў г.п. Бешанковічы. Належаў Агінскім, з 1786 г. Храптовічам. У ансамбль уваходзяць палац, парк з вадаёмамі, гаспадарчыя пабудовы.

Палац — мураваны П-падобны ў плане будынак. Складаецца з двухпавярховага цэнтральнага корпусу (тут былі залы і жылыя пакоі) і аднапавярховых бакавых крылаў. Галоўны фасад мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, вырашаны плоскасна з невялікім рызалітам у цэнтры, завершаным трохкутным франтонам. Рытміку франтальных фасадаў ствараюць прастакутныя аконныя праёмы, дэкарыраваныя сандрыкамі і падаконнымі плітамі. Асновай нізкага двухсхільнага даху служыць філёнгавы фрыз па перыметры будынку. Дэкор сціплы: ажурны балкон у стылі ампір (чыгуннае ліццё), простыя карнізы, неглыбокія нішы. Унутраная планіроўка сіметрычна-восевая, анфіладная з двухмаршавай міжпаверхавай лесвіцай у цэнтры.

Парк — першапачаткова рэгулярнага тыпу. Перад палацам пасадкі тэрасамі спускаліся да р. Заходняя Дзвіна. За палацам парк абмяжоўваўся геаметрычнай сеткай алей. Пейзажныя куткі арганізаваны вакол двух ставоў, адзін з якіх круглы ў плане (дыяметр 40 м) з выспай пасярэдзіне, другі — у канцы цэнтральнай алеі, з невялікай паўвыспай, на якой стаяла альтанка. У канцы XVIII — пачатку XIX ст. за палацам пабудаваная аранжарэя, пасаджаны сад, разбіты кветнікі. У 1820 г. узведзены помнік рускаму імператару Аляксандру I. У парку мясцовыя пароды дрэў (дуб, ліпа, клён) і шэраг экзотаў. Пасадкі пашкоджаныя ў ІІ Сусветную вайну.

У палацы размешчаная навучальная ўстанова. Ансамбль — помнік дойлідства рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


БЕШАНКОВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА ПРАРОКА ІЛЛІ


Помнік дойлідства візантыйскага кірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1870 г. з цэглы ў цэнтры г.п. Бешанковічы (вул. Інтэрнацыянальная, 1). Цэнтрычны крыжова-купальны пяцігаловы храм. Сяродкрыжжа ў прасторавай кампазіцыі вылучанае буйным васьмігранным светлавым барабанам з шатровым пакрыццём і макаўкай у завяршэнні. Ідэнтычныя, меншых маштабаў барабаны ўздымаюцца над кутнімі квадратнымі ў сячэнні аб’ёмамі. Вертыкальная накіраванасць кампазіцыі ўзмацняецца адсутнасцю гарызантальных чляненняў, вертыкальнай выцягнутасцю фасадных плоскацяў, выкарыстаннем лапатак на ўсю вышыню фасадаў, высока ўзнятых вузкіх арачных аконных праёмаў і ніш., буйнога цокальнага аснавання. Тарцы крылаў царквы завершаныя кілепадобнымі шчытамі, форма якіх абумоўлівае малюнак бочкавых дахаў. У дэкоры выкарыстаныя элементы старажытна-рускага дойлідства: кілепадобныя завяршэнні плоскасцей, "вісячыя" аркі, слаёныя філёнгі, перспектыўныя нішы. Унутраная прастора дынамічна расчыненая ў светлавы барабан, моцная канструкцыя якога трымаецца на ветразях і чатырох масіўных слупах. Бакавыя крылы перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі.

Царква дзейнічае.


А.М. Кулагін

 


БІГОСАВА. ЧЫГУНАЧНЫ ВАКЗАЛ


Помнік дойлідства мадэрну. Пабудаваны ў 1926 на ст. Бігосава (Верхнядзвінскі р-н) на чыгачнай лініі Полацак — Даўгаўпілс. Мураваны будынак падоўжанай сіметрычнай кампазіцыі. Куты цэнтральнага аб’ёму (зала чакання) вырашаныя ў выглядзе вежаў, якія накрытыя высокімі чатырохсхільнымі шатровымі дахамі. Выкарыстанне элементаў абарончага дойлідства (байніцы, зубчастыя завяршэнні вежаў) абумоўленае месцазнаходжаннем вакзалу ў некалі прыгранічным раёне. Бакавыя крылы (рэстаран, службовыя памяшканні) створаныя адна- і двухпавярховымі аб’ёмамі з маляўнічымі ламанымі дахамі, маюць вялікія прастакутныя вокны з драўлянымі ліштвамі.

Помнік рэспубліканскага значэння.


У.В. Алісейчык

 


БЛОНЬ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудавана ў в. Блонь (Пухавіцкі р-н). Сіметрычны прастакутны ў плане з пяціграннай апсідай будынак. Кампазіцыя заснаваная на чаргаванні рознавысокіх аб’ёмаў: над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) з высокім шпілем, над сяродкрыжжам васьмігранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Галоўны і бакавыя фасады з высокай цэнтральнай часткай і фланкіруючымі нізкімі аб’ёмамі. На галоўным фасадзе трохкутны франтон падтрымліваюць чатыры мураваныя калонкі, якія ўтвараюць манументальны ўваходны порцік. Сцены гарызантальна ашаляваныя, завершаныя карнізам з поясам сухарыкаў, разным фрызам геаметрычнага арнаменту, прарэзаны прастакутнымі і васьміграннымі аконнымі праёмамі, у барабане праёмы паўцыркульныя. У інтэр’еры асноўная частка падзеленая двума радамі невысокіх цагляных калон на тры нефы. Бакавыя нефы значна ніжэйшыя за астатнія часткі царквы. Над бабінцам на такіх жа калонах хоры. Столь плоская, падшыўная, у барабане пірамідальная, гранёная.

Царква дзейнічае.


А.А. Міцянін

 


БРАГІН


Гарадскі пасёлак, цэнтр Брагінскага раёну, на р. Брагінка. За 130 км ад Гомеля. У пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1147 г. як горад Кіеўскага княства. Меў умацаваны замак і пасад, на месцы якога ў XIV—XVII стст. існаваў замак. З 1360-х гг. у складзе Вялікага княства Літоўскага, уласнасць князёў Вішнявецкіх, Канецпольскіх. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Рэчыцкага павету. У 1897 г. было 4,3 тыс. жыхароў. З 1926 г. цэнтр раёну. З 1938 г. гарадскі пасёлак.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Савецкая (галоўная вось), Кастрычніцкая, Кірава, Чэлідзе. На перакрыжаванні вуліц Савецкай і Кастрычніцкай сфармаваны грамадскі цэнтр. Паблізу пабудаваныя два мікрараёны з 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. У паўночна-заходняй частцы будуюцца 3—5-павярховыя жылыя дамы. Пасёлак развіваецца паводле генплану 1973 г. і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Р.Дз. Шэліхава

 


БРАГІН. ЗАМАК


Існаваў у XIV — сярэдзіне XVII стст. Належаў князям Вішнявецкім. Пабудаваны на месцы дзядзінца XI—XIII стст. Займаў пясчаны пагорак сярод балот на правым беразе р. Брагінка пры ўпадзенні ў яе ручая. Быў абнесены ровам і земляным валам з драўлянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентару 1574 г. на вале стаялі двух'ярусныя сцены-гародні са сходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінка, двух'ярусная вежа-брама з вялікай святліцай наверсе. Злева ад уваходу ў лініі гародняў стаяла царква Святой Тройцы "зо всим нарядом, разным церковным золотом и серебром и книгами и зо всим тым, што в той церкви". Апрача таго на дзядзінцы знаходзіліся падклецці, склеп, спіжарні і "светлицы в стене". Замак з уязной брамай аддзяляўся ад гарадскога пасаду ровам, праз які быў перакінуты пад’ёмны мост-узвод. У 1648 г. жыхары Брагіна адчынілі браму замку перад войскам Багдана Хмяльніцкага, якое ўзначальвалі палкоўнікі Нябаба і Хвясько. Пазней за гэта горад быў разбураны войскамі Рэчы Паспалітай, а жыхары пакараныя. Замак больш не аднаўляўся і ператварыўся ў гасподскі двор князёў Вішнявецкіх.


М.А. Ткачоў

 


БРАСЛАЎ

 

Горад, цэнтр Браслаўскага р-ну, на паўночным беразе воз. Дрывяты. За 220 км ад Віцебску. Браслаў (летапісны Брячнславль, Брятнслав) упершыню ўзгадваецца ў хроніцы М. Стрыйкоўскага пад 1065 г. На падставе археалагічных даследаванняў можна меркаваць, што Браслаў узнік у пачатку XI ст. на месцы спаленага паселішча латгалаў і крывічоў, якое існавала з IX ст. На горадабудаўнічую сітуацыю наклала адбітак своеасаблівасць і унікальнасць становішча Браславу — ён развіваўся на выцягнутым з цсходу на захад вузкім перашыйку паміж азёр, якія прыкрывалі яго з усіх бакоў. Першыя жылыя будынкі групаваліся вакол высокай (14 м) стромкай гары, дзе знаходзіўся замак. Паводле інвентару 1554 г., у горадзе было пяць вуліц (сярод іх — вул. Вялікая, на якой была больш палавіны са 120 дамоў), казармы, царква, касцёл, кляштар, рынак, бальніца, 40 корчмаў, сядзіба князёў Масальскіх. Інвентар 1649 г. змяшчае назвы дзвюх вуліц — Іказньскай і Радскай, апісвае замак (меў сем вежаў, вялікую браму з падвойнымі варотамі і вежай з дзвюма машыкулямі), дзядзінец, дзе знаходзіліся тры вялікія дамы, пякарня, стайня, турма, кухня, свіраны і іншыя гаспадарчыя пабудовы. У XIX ст. цэнтр перамясціўся на рыначную плошчу (каля Замкавай гары на вул. Вялікай), дзе былі пабудаваныя касцёл, Мікалаеўская царква, шэраг грамадскіх будынкаў. У 1920-я гады, калі Браслаў стаў цэнтрам павету, быў ажыццёўлены планамерны перанос грамадскага цэнтру на заходнюю ўскраіну гораду. Паводле праекту віленскага дойліда Ю. Клоса тут былі пабудаваныя комплекс грамадскіх і гаспадарчых будынкаў, двухпавярховыя мураваныя жылыя дамы для чыноўнікаў, павятовай адміністрацыі.

Пасля ІІ Сусветнай вайны пачалася рэканструкцыя. Яго планіровачную структуру вызначаюць Замкавая гара і ўзгоркавы рэльеф мясцовасці вакол яе. Найбольш шчыльна забудавана старая частка гораду, што прымыкае да Замкавай гары, тут фрагментарна захавалася забудова XIX — пачатку XX ст. Дамы стаяць на высокіх падмурках з буйных бутавых камянёў, якія ў спалучэнні з украпаваннямі маленькіх рознакаляровых каменьчыкаў ствараюць маляўнічую паверхню муроў (т.зв. "разынкавая" муроўка), характэрную для мураваных будынкаў Віцебшчыны XIX — пачатку XX ст. Асноўныя вуліцы — Ленінская і Савецкая, якія ідуць уздоўж берагу воз. Дрывяты і з розных бакоў абмінаюць Замкавую гару. Грамадскі цэнтр сфармаваўся на захадзе ў раёне цэнтральнай плошчы, шматпавярховая забудова вядзецца ў раёне вуліц Садовай і Кастрычніка. Браслаў — адзін з самых азялененых гарадоў Беларусі. Аркамя царквы і касцёлу захаваліся калодзежны шацёр — помнік драўлянага дойлідства (1920-я гады), будынак лячэбніцы (1907 г.), старажытная планіроўка каля Замкавай гары.

Паводле генплану 1972 г. і яго карэкціроўкі 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) развіццё гораду плануецца ў паўночна-ўсходнім напрамку, паміж азёрамі Бярэжа і Навята. Грамадскі цэнтр гораду атрымае шырокі выхад на набярэжную воз. Дрывяты.


С.Г. Багласаў, Т.П. Станішэўская

 


БРАСЛАЎ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1897 г. у Браславе каля старажытнага замчышча (сучасная вул. Ленінская, 72). У пабудове выкарыстаная кананічная чатырохчасткавая схема праваслаўнага храму сіметрычнай падоўжна-восевай кампазіцыі — званіца, кароткі бабінец, кубападобны асноўны аб’ём, пяцігранная апсіда з рызніцай. Стракаты сілуэт будынку надаюць цыбулепадобныя купалкі над шатром двух’яруснай званіцы (васьмярык на чацверыку) і пяць васьмігранных барабанаў на чатырохсхільным даху асноўнага аб’ёму. Галоўны ўваход вылучаны перспектыўным аб’ёмным парталам у выглядзе кілепадобнай аркі на дзвюх кароткіх калонах, бакавыя — у выглядзе цыркульнай аркі. Сіметрыю падкрэсліваюць высокія арачныя вокны ў пластычных ліштвах з калонамібочкамі. Фасады насычаныя дэкаратыўнай пластыкай — арачныя нішы, кілепадобныя ліштвы, кутні руст, карнізы з сухарыкамі. У інтэр’еры плоская столь залы адчыненая ў цэнтры шатровым драўляным скляпеннем са светлавым барабанам, якое падтрымліваецца чатырма слупамі. Прастора апсіды адкрытая ў залу шырокім арачным прасветам, на фоне якога эфект контражуру вылучае драўляны разны трох’ярусны іканастас. Сцены пакрытыя арнаментальнай размалёўкай.

Побач з царквой захаваўся аднапавярховы будынак царкоўнапрыходскай школы, пабудаваны ў той жа час, што і царква (зараз тут народны суд). Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


БРАСЛАЎ. КАСЦЁЛ НАРАДЖЕННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1824 г. каля старажытнага замчышча, перабудаваны ў 1897 г. Пры перабудове старога касцёлу выкарыстаны ўчасткі паўночнай і ўсходняй сцен, якія захавалі ўзорыстую каменную муроўку — т.з. "разынкавую". Выкананы з бутавага каменю і чырвонай цэглы касцёл уяўляе трохнефавы аднавежавы прастакутны ў плане храм, накрыты двусхільным дахам. Трох'ярусная вежа завершаная шатром. Элементы дэкору: пінаклі, стральчаты партал уваходу з вімпергам (над ім — трыфорыум), аркатура.

Касцёл дзейнічае.

 


БУДА-КАШАЛЁВА


Горад, цэнтр Буда-Кашалёўскага р-ну. За 48 км ад Гомеля. Да 1861 г. вёска дзяржаўных сялян Кашалёўскай воласці Рагачоўскага павету. Пачала расці пасля пабудовы Лібава-Роменскай чыгункі, з 1877 г. чыгуначная станцыя, з 1938 г. гарадскі пасёлак, з 1971 г. горад.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Савецкая, Леніна, 50 гадоў Кастрычніка, Галавачова. На рагу вуліц Леніна і Горкага ўтварылася цэнтральная плошча — грамадскі цэнтр гораду. Побач знаходзіцца Прывакзальная плошча. На поўначы (вул. Лугавая) будуюцца 3—5-павярховыя жылыя дамы. Горад развіваецца паводле генплану 1973 г., праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


С.Л. Смірнова

 


БУДСЛАЎ. КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ (БЕРНАРДЫНАЎ)


Касцёл — помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1767—83 гг. у в. Будслаў (Мядзельскі р-н). Пры будаўніцтве выкарыстаны муры бакавой капліцы касцёлу XVII ст. Мураваная трохнефавая базіліка з прастакутным прэсбітэрыям і трансептам каля ўвахода. Сяродкрыжжа ўнутры перакрытая сферычным купалам, схаваным пад двусхільным дахам. Тарцы нефу і трансепту завершаны фігурнымі франтонамі. Галоўны фасад з дзвюма шмат’яруснымі вежамі па баках аздоблены багатай дэкаратыўнай пластыкай: пілястрамі, паўкалонамі, складанымі раскрапоўкамі. Інтэр’ер перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Сцены падзеленыя шматслойнымі пілястрамі і размаляваныя. На высокіх хорах знаходзіцца арган, упрыгожаны драўлянай пазалочанай разьбой. Акцэнт кампазіцыі мастацкага ансамбля інтэр’еру — галоўны драўляны алтар (1784—90 гг.). У бакавой капліцы захаваўся ўнікальны драўляны алтар (каля 1643 г.). Цэнтральная яго частка — двух'ярусная, плоская; бакавыя, размешчаныя пад кутом да цэнтральнай, вырашаны ў выглядзе каланад з развітымі антаблементамі. У алтары дваццаць скульптур (восем у нішах паміж калонамі бакавых крылаў, астатнія на карнізах), адметных вытанчанай мадэліроўкай і багатымі святлоценявымі эфектамі. Пазалочаная накладная разьба (гарызантальныя дэкаратыўныя паясы) і скульптура кантрастна вылучаецца на чорным фоне алтарных плоскасцей. Рэнесансавая строгасць кампазіцыі алтару спалучаецца з выразнымі барочнымі рысамі (распрацоўка антаблемента, кантрастаая паліхромія, тэатральнасць скульптурнага ансамбля). Сярод твораў жывапісу вылучаюцца парадныя пагрудныя партрэты рымскіх пап Сікста IV, Сікста V, Мікалая IV, Аляксандра V, выкананыя ў XVII ст. і абраз Маці Боскай (канец XVI ст.). Партрэты вызначаюцца багатым вытанчаным каларытам, выразнай кампазіцыйнай будовай, яркім псіхалагізмам характарыстык.

Побач з касцёлам знаходзіцца плябанія. Пабудаваная ў XIX ст. з цэглы з рысамі эклектыкі. Аднапавярховы атынкаваны і пабелены будынак прастакутнай у плане формы, накрыты двусхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасаду сіметрычная. Над цэнтральным уваходам мансардавы паверх, упрыгожаны ступенчатым атыкам.

Да касцёлу прымыкаў двухпавярховы кляштар (1750—54 гг.), у ансамбль уваходзілі таксама мураваныя і драўляныя гаспадарчыя пабудовы 2-й паловы XVIII ст.

Касцёл — помнік рэспубліканскага значэння.


Э.I. Вецер, А.А. Ярашэвіч

 


БУСЯЖ. ЦАРКВА УСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудавана ў 1779 г. з цэглы ў в. Бусяж (Івацэвіцкі р-н); у XIX ст. пераўтворана ў праваслаўную царкву Ўспення Прасвятой Багародзіцы. Вырашана кампактным прастакутным у плане аб’ёмам, накрытым высокім двухсхільным дахам. У XIX ст. да алтарнай сцяны прыбудаваная нізкая прастакутная рызніца. Барочнай пластыкай насычаны галоўны трох’ярусны фасад, завершаны фігурным шчытом з бакавымі валютамі і чатырохграннай вежай-званіцай з купальным пакрыццём (аднолькавым шчытом завершана і алтарная сцяна). Плоскасць фасаду расчлянёная слаістымі пілястрамі і завершаная шырокім прафіляваным і крапаваным карнізным поясам. Вось сіметрыі падкрэсленая арачным парталам галоўнага ўваходу, лучковым акном хораў над ім, фланкіраваным арачнымі нішамі са скульптурамі евангелістаў (не захаваліся). Плоскасна вырашаныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя лучковымі аконнымі праёмамі і слаістымі пілястрамі ў прасценках. У зальную прастору храму, перакрытую цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, выступае галерэя хораў, расчыненая шырокай трохлопасцевай аркай.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


БУХАВІЧЫ. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваная ў 1676 г. як касцёл дамініканцаў у в. Бухавічы (Кобрынскі р-н), у 1832 г. пераўтвораны ў Пакроўскую царкву, у 1881 г. абнаўлялася. Першапачаткова прастакутны ў плане выцягнуты па падоўжанай восі аб’ём, да якога з усходняга боку далучалася прастакутная апсіда, з заходняга — вежа-званіца. Храм вырашаны ў буйных формах, масіўнай пластыцы. Куты аб’ёмаў умацаваныя магутнымі контрфорсамі. Фасады вырашаныя плоскасна, расчлянёныя высока ўзнятымі лучковымі вокнамі, апяразаны карнізам простага профілю. У час рэканструкцыі (1889 г.) надбудаваны трэці ярус званіцы — драўляны васьмярык з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай; над двусхільным дахам узведзены васьмігранны драўляны барабан з цыбулепадобным купалам. З паўднёвага бакавога фасаду створаны дадатковы ўваход, аформлены драўляным прытворам. Унутраная прастора падзеленая драўляным іканастасам (2-я палова XIX ст.) на алтарную частку і залу. Па перыметры сцен пад плоскай драўлянай столлю праходзіць арнаментальны фрыз.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


БЫСТРЫЦА. КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА


Помнік дойлідства ранняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне XVI ст. па загаду польскага караля Жыгімонта I у в. Быстрыца (Астравецкага р-ну). У 1760 г. перабудаваны ў стылі ракако. Аднанефавы дзвюхвежавы з пяціграннай апсідай (да яе з поўначы прыбудавана сакрысція) мураваны храм мае сіметрычна-восевую падоўжаную кампазіцыю. У сілуэце будынку дамінуюць две чатырох’ярусныя вежы галоўнага фасаду, лёгкія і струменістыя па дойліднай трактоўцы (вязкі пілястраў, скразная аркатура вежаў, высокія нішы). Вежы аб’яднаны трохкутным шчытом, за якім схаваны двухсхільны (вальмавы над апсідай) дах. Вертыкальнасць фасаду з увагнута-пукатымі хвалістымі плоскасцямі сцен і карнізнымі паясамі падкрэслівае гарызантальная рустоўка цокаля. Бакавыя фасады і апсіда вырашаныя плоскасна, сіметрычна расчлянёны парамі арачных акон і тонкімі падвойнымі лапаткамі ў прасценках, апяразаны прафіляваным антаблементам. Зала касцёлу перакрытая цыліндрычным на падпружных арках скляпеннем, якое пераходзіць у конху апсіды, сакрысція — цыліндрычным з распалубкамі. Скляпенні дэкарыраваны арнаментальнай размалёукай XIX ст. Сцены крапаваны падвойнымі канеліраванымі пілястрамі, завершаны моцным прафіляваным антаблементам. Пластыка-дэкаратыўны акцэнт інтэр’еру — галоўны алтар, разгорнуты па гранях апсіды і падзелены крапаваным антаблементам на два ярусы. Складаная калонна-пілястравая кампазіцыя першага ярусу, выкананая з карычневага стука і з пазалотай на капітэлях, фланкіраваная дзвюма драўлянымі скульптурамі апосталаў. У адным барочна-ракайльным стылі зробленыя і два меншыя па маштабе кулісныя алтары. Над уваходам хоры абмежаваныя крывалінейным філёнгавым парапетам.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


БЫХАЎ


Горад, цэнтр Быхаўскага р-ну, прыстань на правым беразе Дняпра. За 51 км ад Магілёву. Вядомы з XIV ст. як горад пад назвай Стары Быхаў. У 1430 г. упамінаецца як уладанне князя Вялікага княства Літоўскага Свідрыгайлы. У 1556 г. падараваны кіеўскаму ваяводу Рыгору Хадкевічу. У 1628 г. перайшоў да Сапегаў. Першыя абарончыя збудаванні ўзніклі ў XIV ст. У пачатку XVII ст. горад ператвораны ў магутную фатрэцыю, умацаваную землянымі валамі, равамі, бастыёнамі (лічылася ў той час адной з найлепшых фатрэцый Беларусі). У сістэму ўмацаванняў увайшоў Быхаўскі замак на крутым беразе Дняпра, які стаў кампазіцыйным цэнтрам паселішча. Гандлёвая плошча перад замкам падзяляла горад, рэгулярна забудаваны прастакутнымі жылымі кварталамі, на дзве часткі, ад яе пачыналіся дзве галоўныя вуліцы (дарогі на Магілеў і Рагачоў), перспектыва якіх у лініі вонкавых умацаванняў замыкалася дзвумя брамамі. Паводле генплану 1778 г. старажытная ўмацаваная частка гораду з замкам і гандлёвай плошчай захавана як цэнтральнае планіровачнае ядро, вакол якога з поўначы і поўдня створаныя новыя рэгулярныя спланаваныя раёны з сеткай амаль прастакутных кварталаў. У 1796—1802 гг. заштатны горад. У 1897 г. у Быхаве 6381 жыхар, 816 дамоў, у 1913 г. — 8100 жыхароў, з 1924 г. цэнтр раёну.

Галоўная кампазіцыйная вось сучаснага гораду — вул. Леніна, перпендыкулярная Дняпру, разам з вуліцамі Чырвонаармейскай, Аскаленкі, Пралетарскай і іншымі вызначае планіровачную структуру гораду. Пры ўездзе, на перасячэнні вуліц Леніна і Дорахава ўтварылася Кастрычніцкая плошча. Зберагліся помнікі дойлідства — сінагога і Траецкая царква (глядзі адпаведныя артыкулы).

Паводле генплану 1986 г. ("Белдзяржпраект") і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1974 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае фармаванне на перасячэнні вуліц Леніна і Пралетарскай новага грамадскага цэнтру гораду, будаўніцтва шасці жылых раёнаў з 5—9-павярховымі жылымі дамамі з узвядзеннем у іх дванаццаціпавярховых, стварэнне ў пойме ракі гарадскога парку.


Р.П. Стральцоў, У.А. Чантурыя

 


БЫХАЎ. ЗАМАК


Помнік палацава-замкавага дойлідства. Пабудаваны ў канцы XVI — пачатку XVII ст. як цэнтр сістэмы ўмацаванняў гораду. У 1590 г. гетман К. Хадкевіч атрымаў грамату на пабудову замкавых умацаванняў і да 1619 г. амаль скончыў узвядзенне на высокім правым беразе Дняпра замку (77х100 м у плане), які стаў адным з наймагутнейшых на Беларусі. З трох бакоў — поўначы, захаду, поўдня — замак аддзелены ад гораду шырокім (22—27 м) і глыбокім ровам. Будаўніцтва было канчаткова завершанае новым уладальнікам Л. Сапегам (з 1621 г.). Традыцыйныя дрэваземляныя ўмацаванні (вал з гароднямі і вежамі, уязная вежа-брама з пад’ёмным мостам цераз роў) дапаўняліся бастыёнамі, якія фланкіравалі падыход да брамы. Тады ж Сапега ўмацаваў горад бастыённай фартыфікацыяй, якую ў 1648 г. не здолела ўзяць казацкае войска Ф. Гаркушы. У руска-польскую вайну 1654—67 гг. замак вытрамаў доўгатэрміновую (1655 г.) аблогу войск наказнога гетмана I. Залатарэнкі, 30-дзённую аблогу рускіх войск (1659 г.). Мураваны палацава-замкавы ансамбль створаны ў 2-й палове XVII—XVIII ст. ў стылі барока. Складаўся з арыентаванага на Дняпро двухпавярховага палацу, з гадзіннікавай вежай, і групы дапаможных збудаванняў. Планіроўка палацу анфіладная. Па перыметры замкавага панадворку размяшчаліся казармы з васьміграннымі кутнімі вежамі.

Ансамбль збярогся часткова. Помнік рэспубліканскага значэння.


М.А. Ткачоў

 


БЫХАЎ. СІНАГОГА


Помнік дойлідства позняга рэнесансу. Пабудаваная ў г. Быхаў з цэглы ў сярэдзіне XVII ст. Цэнтрычнае мураванае збудаванне (20x21 м у плане) мае элементы абарончага дойлідства: круглую баявую вежу на паўночна-заходням рагу, дэкаратыўна-абарончы атык (байніцы пазней замураваныя). Будынак пад пакатым чатырохсхільным дахам. Дэкор фасадаў стрыманы: простыя карнізы, неглыбокія прастакутныя нішы. Аконныя праёмы аб’яднаны агульнай на ўсю сцяну нішай, якая злучаная падугамі з кутнімі пілястрамі, апрацаванымі рустам. Галоўны заходні фасад з левага боку фланкіраваны круглай абарончай вежай. У інтэр’еры цэнтральнае месца займае двух’ярусная трыбуна-біма, пляцоўка якой абмежаваная чатыры магутнымі васьміграннымі слупамі, злучанымі паміж сабой аркамі, якія з’яўляюцца канструкцыйнай асновай для цыліндрычных скляпенняў з распалубкамі. Кутнія часткі перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Ніжні ярус бімы мае паўсферычнае перакрыццё, апрацаванае стукавым шматкаляровым раслінным арнаментам, верхні прарэзаны паўцыркульнымі праёмамі. Сцены расчлянёныя пілястрамі, прасценкі і кутнія часткі на 2/3 вышыні аконных праёмаў апрацаваныя плоскімі нішамі. У цэнтры ўсходняй сцяны паміж пілястрамі знаходзіцца алтар-ніша, акаймаваны стукавай лепкай. Будынак сінагогі, асабліва яго верхняя частка, неаднаразова перарабляўся. Раней да яго паўночнага, заходняга і паўднёвага фасадаў былі далучаныя аднапавярховыя прыбудовы (не зберагліся) рознага рэлігійнага і грамадскага прызначэння.

Зараз у будынку склад. Помнік рэспубліканскага значэння.

 


БЫХАЎ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў сярэдзіне XIX ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.) на вул. Куйбышава, 2. Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным падмурку. Крылы трансепту і алтарная частка пяцігранныя. У месцы іх перасячэння з усходняга боку зробленыя две невялікія рызніцы з аднасхільнымі дахамі. Над апсідай і бакавымі часткамі дахі вальмавыя. З трох бакоў будынку зробленыя ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над галоўным уваходам — высокая васьмігранная ў плане трох’ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам, завершаным галоўкай на васьміграннай аснове. Сцены другога ярусу званіцы прарэзаныя паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, трэцяга — прастакутнымі. Па перыметры будынку праходзіць карніз. Фасады вертыкальна ашаляваныя. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная двухсветлавая частка перакрытая самкнёным скляпеннем на ветразях. У астатніх частках столь плоская, падшыўная.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін

 


БЫЦЕНЬ. КАПЛІЦА


Помнік рэнесансна-раннебарочнага дойлідства. Пабудавана ў 1654 г. у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н) пры базыльянскім кляштары. У 1845 г. пераўтворана ва Успенскую царкву. Кампактны прастакутны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам з драўляным васьмігранным купальным барабанам у цэнтры (надбудаваны ў 2-й палове XIX ст.). Плоскасныя фасады лаканічна крапаваныя шырокімі лапаткамі, прарэзаны арачнымі вокнамі. Сіметрычна-восевая пабудова галоўнага фасаду падкрэсленая прастакутным уваходным праемам і вялікім арачным акном над ім. Па перыметры будынак апяразаны ўступам нізкага цокаля і прафіляваным карнізам у завяршэнні. Унутраная зальная прастора трыма парамі слупоў падзеленая на тры нефы — цэнтральны (значна шырэйшы за бакавыя) перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.


А.М. Кулагін

 


БЫЦЕНЬ. МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН


Заснаваны як уніяцкі ў 1607 г. Грыгорыем Трызнай у былым мястэчку Быцень Навагрудскага ваяводства (цяпер вёска ў Івацэвіцкім р-не). Мураваны манастыр пабудаваны ў 1640 г. па фундацыі падскарбія Вялікага княства Літоўскага Мікалая Трызны ў стылі ранняга барока. У комплекс манастыра ўваходзіла вялікая мураваная царква Раства Багародзіцы, узведзеная ў 1708—10 г. па фундацыі Іозефа Пяткевіча. Мела рысы сталага барока. Уяўляла сабой трохнефавую дзвюхвежавую крыжова-купальную базіліку. Алтарная апсіда і крылы трансепту мелі паўкруглы абрыс і конхавыя завяршэнні. Сяродкрыжжа перакрывалася васьмігранным самкнёным скляпеннем, якое звонку было закрытае паўсферычным купалам, са светлавым ліхтаром. Будынкі часткова разбураныя ў I Сусветную вайну ў 1915 г., у 1929 г. часткова рэканструяваныя, пазней разабраныя. Ад комплексу захавалася малая Успенская царква, пабудаваная ў 1673 г. як капліца. Невялікі прастакутны ў плане мураваны храм накрыты вальмавым дахам з галоўкай у цэнтры вільчыка на васьмігранным барабане. Фасады рытмічна расчлянёныя шырокімі пілястрамі і прарэзаны вокнамі з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Па баках галоўнага фасаду плоскія прастакутныя нішы. Інтэр’ер падзелены шасцю слупамі на тры нефы. Центральны неф значна шырэйшы за бакавыя і перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.


Т.В. Габрусь

 


БЯГОМЛЬ. ПРАМЫСЛОВЫ КОМПЛЕКС


Помнік вытворчага дойлідства. Пабудаваны ў г.п. Бягомль (Докшыцкі р-н) у 1870—74 гг. Належаў Булгакам. Уключае тры пабудовы, якія галоўнымі фасадамі выходзяць на вул. Савецкую: будынак спіртасарціроўкі (д. № 17; цяпер тут размешчаны Бягомльскі музей народнай славы), складоў-спіртасховішча (д. № 19; цяпер у ім спецкамендатура), жылога дома вартаўніка (д. № 21).

Будынак спіртасарціроўкі двухпавярховы, прастакутны ў плане, з цэглы, неатынкаваны. У цэнтры галоўнага фасаду рызаліт з галоўным уваходам, над якім балкон з металічнай ажурнай агароджай. Рызаліт завершаны прастакутным шчытом з поясам сухарыкаў. Сцены фасадаў рытмічна прарэзаныя прастакутнымі праёмамі з падаконнымі нішамі. Дэкаратыўныя дэталі (карнізы, нішы, сандрыкі) пафарбаваныя ў белы колер.

Будынак спіртасховішча аднапавярховы, Г-падобны ў плане. Сцены выкананыя з буйных валуноў светла-шэрага колеру з устаўкай дробных каменьчыкаў чорнага колеру. Дэкаратыўнае афармленне галоўнага фасаду пабудаванае на кантрасце муроўкі з бутавага каменю і цэглы (кутнія лапаткі, аконныя ліштвы і інш.).

Жылы дом вартаўніка аднапавярховы, прастакутны ў плане, пабудаваны з цэглы, неатынкаваны. Яго галоўны тарцавы фасад завершаны трохкутным шчытом з акном-люнетай у цэнтры (выкарыстоўваецца як жылы дом).


Т.I. Чарняўская

 


БЯЛАВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА ПРАРОКА ІЛЛІ

 


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1772 г. у в. Бялавічы (Івацэвіцкі р-н) на месцы старой уніяцкай царквы, якая вядомая з 1599 г., калі была перададзеная ў трыманне ф. Гурскаму ваяводай берасцейскім Андрэем Ляшчынскім. Выцягнуты прастакутны ў плане зруб з двухграннай алтарнай часткай накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. На галоўным заходнім фасадзе над франтонам чацверыковая вежа з васьмігранным купалам і галоўкай. Пры ўваходзе каркасны тамбур. Сцены вертыкальна ашаляваныя і ўмацаваныя руставанымі лапаткамі. Памяшканне мае плоскую столь, над уваходам — кансольна-бэлечныя хоры, алтарная частка агароджаная нізкім іканастасам. Унутры сцены апрацаваныя вузкімі пілястрамі з капітэлямі. Па восі царквы ў 1885 г. пабудаваная трох’ярусная мураваная чацверыковая званіца-брама, накрытая пакатым шатром. Ніжні ярус з арачным праёмам уваходу выкладзены з буту і ўмацаваны контрфорсамі. Верхнія ярусы цагляныя, атынкаваныя, маюць элементы ордэрнага дэкору. Трэці ярус прарэзаны лучховымі арачнымі праёмамі.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь

 


БЯЛЫНІЧЫ

 

Гарадскі пасёлак, цэнтр Бялыніцкага р-ну. На р. Друць. За 44 км ад Магілёву. Вядомы з XVI ст. як мястэчка Аршанскага павету Вялікага княства Літоўскага, належалі Сапегам, Агінскім, Радзівілам. У 1756—61 гг. пабудаваны касцёл і кляштар кармелітаў (глядзі артыкул "Бялынічы. Касцёл і кляштар кармелітаў"). З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Магілёўскага павету.

Галоўная планіровачная вось сучасных Бялынічаў — вул. Савецкая, забудаваная 2—3-павярховымі жылымі дамамі. На ёй сфармаваліся дзве плошчы: грамадска-адміністрацыйная (на поўначы) і плошча з культурна-асветнымі ўстановамі (на поўдні). Планіровачная структура — радыяльная і прастакутная сетка вуліц. Па вул. Мічурына пабудаваны мікрараён з 3—5-павярховымі жылымі дамамі. Пасёлак развіваецца паводле генплану 1968 г., праектаў дэталёвай планіроўкі цэнтру 1974 г., 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


В.М. Кашырын

 


БЯЛЫНІЧЫ. КАСЦЁЛ МАЦІ БОЖАЙ ШКАПЛЕРНАЙ I КЛЯШТАР КАРМЕЛІТАЎ


Заснаваны ў 1624 г. канцлерам Вялікага княства Літоўскага Львом Іванавічам Сапегам у г.п. Бялынічы. Пазней уладальнікамі Бялыніч і апекунамі кляштару былі Агінскія. Першапачатковыя драўляныя будынкі замененыя каменнымі ў сярэдзіне XVIII ст. Успенскі касцёл пабудаваны ў 1742—63 гг. у стылі позняга барока. Трохнефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам, даўжынёй 43 м, шырынёй 22, вышыня да скляпення 18 м. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі фасад падзяляўся па гарызанталі на тры ярусы раскрапаванымі антаблементамі, па вертыкалі — на пяць частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Над уваходам з вялікім арачным парталам быў балкон з балюстрадай і акно ў ляпным абрамленні. Інтэр’ер касцёлу быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, а таксама сюжэтнымі размалёўкамі. У комплекс уваходзілі мураваны Т-падобны ў плане корпус кляштару (размаляваны фрэскамі), мураваная агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. У 1534 г. невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Боскай (знік у Магілеве ў II Сусветную вайну). Кляштар закрыты ў 1832 г., касцёл стаў парафіяльным, а ў 1876 г. перароблены пад царкву; у 1930-я гады ператвораны ў клуб, пры гэтым разбураны купал і фасад. Пасля вайны выкарыстоўваўся як кінатэатр, потым — склад, узарваны ў 1960-я гады.

У корпусе кляштару некаторы час была школа, узарваны ў 1970-я гады, каб пабудаваць на яго месцы гандлёвы цэнтр.


А.А. Ярашэвіч

 


БЯРОЗА


Горад, цэнтр Бярозаўскага р-ну, на р. Ясельда. За 102 км ад. Берасця. Паводле пісьмовых крыніц Бяроза (да 1940 г. Бяроза-Картузская, Бяроза-Картэзіянская, Картуз-Бяроза) вядомая з 1477 г. як прыватнаўласніцкая вёска Слонімскага, з 1521 г. Кобрынскага павету Вялікага княства Літоўскага. З 1629 г. мястэчка. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Пружанскага павету. Больш хутка развівалася з адкрыццём руху па Берасцейска — Маскоўскай чыгунцы ў 1870-я гады. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка Пружанскага павету. З 1939 г. у БССР. З 1940 г. горад, цэнтр раёну.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна (галоўная вось), 17 Верасня, Савецкая, Свярдлова. Яны разам з іншымі вуліцамі ўтвараюць некалькі дробных кварталаў. У месцы злучэння вуліц Леніна і 17 Верасня ўтварылася пл. Леніна — грамадскі цэнтр гораду. Помнікі дойлідства — касцёл і кляштар картэзіянцаў, Петрапаўлаўская царква (глядзі адпаведныя артыкулы.).

Горад развіваецца паводле генплану 1974 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Р.Л. Арцёмчык

 


БЯРОЗА. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР КАРТЭЗІЯНЦАЎ


Помнік дойлідства сталага барока. Пабудаваны ў 1648—89 гг. У будаўніцтве прымалі ўдзел італійскія дойліды. У час Паўночнай вайны 1700—21 гг. і Барскай канфедэрацыі (1772 г.) часткова разбураны. У 1831 г. закрыты за ўдзел манахаў у паўстанні 1830—31 гг. У 1866 г. часткова разабраны, цэгла выкарыстаная для будаўніцтва казарм.

У комплекс уваходзілі мураваныя будынак касцёлу, аднатыпныл групы жылых карпусоў з маленькімі ўнутранымі дворыкамі, трапезная, бібліятэка, шпіталь, аптэка, гаспадарчыя пабудовы, разам з прылеглым садам з вадаё’мам былі абнесеныя крапаснымі мурамі з вежамі і каплічкай. Галоўным уваходам у кляштар служыла магутная брама з байніцамі. Яна вяла ў двор, прызначаны для гаспадарчых патрэб і абслугоўвання наведвальнікаў, яго ўтваралі карпусы келляў радавых манахаў, дапаможных і гаспадарчых службаў. Другі, замкнёны прастакутны двор, утваралі калідоры-галерэі, што злучалі двухпавярховыя карпусы келляў манахаў-самотнікаў з касцёлам. Келлі вылучаліся ў самастойныя жылыя ячэйкі з маленькімі ўнутранымі дворыкамі. Дэкаратыўнае аздабленне — пілястры, раскрапоўкі, глыбокія нішы, фігурныя франтоны.

Касцёл — трохнефавая базіліка з трыма гранёнымі апсідамі і гранёным тамбурам пры ўваходзе. Да сярэдняй апсіды прылягала васьмігранная шмат’ярусная вежа-званіца з купалам, якая фармавала сілуэт ансамбля. Яна стаяла ўнутры прастакутнага панадворку, прымыкала да сярэдняй апсіды касцёлу і з’яўлялася абарончай вежай з магутнымі сценамі і вузкімі вокнамі-байніцамі. Ярусы, прыстасаваныя для гармат, звязвала вітая лесвіца ў тоўшчы муроў.

Захаваліся рэшткі паўднёвай і заходняй частак кляштару. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя, Т.В. Габрусь

 


БЯРОЗА. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА


Помнік дойлідства 2-й паловы XVIII — 1-й паловы XIX ст. Пабудаваная ў 1772 г. з цэглы ў г. Бяроза. У выніку перабудовы напярэдадні І Сусветнай вайны будынак набыў традыцыйную чатырохчасткавую кампазіцію: трох'ярусная званіца, трапезная, асноўны аб’ём і апсіда з рызніцамі. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі аднанефавага бесслуповага храму дамінуе званіца. Будынак мае рысы класіцызму (трохкутны прафіляваны франтон, падвоеныя пілястры тасканскага ордэру, руставаныя ліштвы паўцыркульных акон) і рэтраспектыўна-рускага стылю (несапраўдныя закамары, шатровы дах званіцы, канструкцыйная схема васьмярык на чацверыку галоўнага барабану і інш.).

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



Обновлен 09 июл 2012. Создан 25 июн 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter