Дойлідства Беларусі. Частка 2 (В-ГНЕЗНА)

Энцыклапедычны даведнік



-В-



ВАВУЛІЧЫ. ЦАРКВА РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1737 г. у в. Вавулічы (Драгічынскі р-н) як уніяцкая. Перабудаваная пасля 1845 г. Будынак складаецца з прастакутнага ў плане асноўнага і пяціграннага алтарнага зрубаў, аб’яднаных агульным двухсхільным дахам, які мае тры вальмы над апсідай і навісі ў месцы злучэння зрубаў. Над цэнтральнай часткай царквы — васьмігранны барабан на пастаменце, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Да апсіды з усходу прыбудаваная нізкая рызніца з аднасхільным дахам. Галоўны паўднёвы фасад завершаны франтонам з гонтавым прычолкам. Уваходны тамбур каркаснай канструкцыі далучаны да галоўнага фасаду пазней. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі і ўмацаваныя сцяжкамі. Інтэр’ер зальны, перакрыцце бэлечнае. Над уваходам — хоры, якія апіраюцца на два слупы. З паўднёва-ўсходняга боку асобна ад царквы пабудаваная двух'ярусная чацверыковая зрубна-каркасная званіца. Аднолькавыя па памерах чацверыкі аддзеленыя прычолкам і накрытыя шатровым гонтавым дахам. Царква разам са званіцай складае выразны ансамбль, у якім адлюстраваныя рысы мясцовага народнага дойлідства.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Т.В. Габрусь

 

 

ВАЛАВЕЛЬ. ЦАРКВА СВЯТОГА ЮР’Я

 

Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1766 г. у в. Валавель (Драгічынскі р-н) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прастакутны асноўны зруб і выцягнутая пяцігранная апсіда накрытыя агульным гонтавым дахам з хвалямі над трохкутнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. На галоўным фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтону з паўвальмай і дзвюма чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі шасціграннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Падобная галоўка прарэзвае вільчык даху над алтаром. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды прыбудаваныя сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя, на галоўным фасадзе ў выглядзе паўцыркульных імпастаў. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. Над уваходам трапецападобныя ў плане хоры. Каля царквы двух'ярусная чацверыковая званіца каркаснай канструкцыі, накрытая нізкім шатровым дахам.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Т.В. Габрусь

 


ВАЛАСАТКА. КАПЛІЦА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1848 г. у в. Валасатка (Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.) пры дарозе Валасатка — Докшыцы. Уяўляе сабой невялікае шасціграннае ў плане збудаванне з драўлянага бруса, каркаснай канструкцыі. Аснова капліцы — невысокі цокаль (зруб), устаноўлены на валунах. Нясучую каструкцыю складаюць шэсць кутніх брусоў, якія абапіраюцца на цокаль, а ўверсе злучаныя гарызантальнымі бэлькамі. Паміж брусамі — сцены з гарызантальных дошак з нашчыльнікамі. Завершаная капліца невысокім гонтавым шатром з макаўкай, у інтэр’еры шацёр абапіраецца на крыжавіну. На адной з граняў капліцы — дзвярны праём, на дзвюх процілеглых — вузкія аконныя праёмы ўверсе на шырыню грані. У інтэр’еры ўстаноўленая драўляная скульптура XVIII ст. "Укрыжаванне з перадстаячымі", выкананая народнымі майстрамі. У цэнтры кампазіцыі ўкрыжаваны Хрыстос, па баках ад яго Дзева Марыя і Іаан Прадцеча.

 

Т.I. Чарняўская

 


ВАЛЕЎКА. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1685 г. у в. Валеўка (Навагрудскі р-н) як Траецкі касцёл кляштару дамініканцаў па фундацыі берасцейскага ваяводы Стэфана Курча. Будынак меў рысы стылю барока. З XIX ст. праваслаўная царква; у 1840-я гады перабудаваны галоўны фасад (зняты вежы), у 1870-я гады над цэнтральнай часткай зробленая галоўка. У 1930-я гады да асноўнага аб’ёму прыбудаваная трох’ярусная чацверыковая званіца каркаснай канструкцыі, што значна змяніла выгляд помніку. Першапачатковую аснову будынку складаюць квадратны ў плане асноўны аб’ём, пяцігранная алтарная апсіда і прастакутны бабінец з двума чацверыковымі аб’ёмамі па баках галоўнага фасаду, якія накрыты агульным шматсхільным гонтавым дахам. Да апсіды прымыкаюць квадратныя ў плане сакрысціі з самастойнымі дахамі. Раней галоўны фасад завяршаўся дзвумя чацверыковымі вежамі з галоўкамі і франтонам з трохпралётнай аркадай званіцы ў тымпане. Пасля перабудоў франтон набыў трохкутны ламаны абрыс і гарызантальную шалёўку. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Аконныя праёмы з лучковымі арачнымі завяршэннямі. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. Над бабінцам хоры.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Т.В. Габрусь

 


ВАЛОЖЫН


Горад, цэнтр Валожынскага р-на, на р. Валожынка. За 75 км ад Менску. Па дакументах вядомы з XIV ст. З XVI ст. ў Навагрудскім ваяводстве. Горадам валодалі Слушкі, якія заснавалі тут бернардынскі кляштар і пры ім школу (1681 г.), потым Радзівілы, Чартарыйскія, Тышкевічы. З 1793 г. у Ашмянскім павеце. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр павету Навагрудскага ваяводства. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 цэнтр раёну. У 1962—65 гг. у Маладзечанскім р-не.

Структура сучаснага гораду сфармавалася ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. ў выніку рэканструкцыі пад уплывам класіцызму, пры якой выкарыстаная рэгулярная геаметрычная схема планіроўкі з сеткай дробных прастакутных кварталаў. Галоўная планіровачная вось — вул. Савецкая (старая дарога з Менска ў Вільню), якая перасякае горад з усходу на захад. У яе сярэдняй частцы, на высокім узгорку, які крута спускаецда да ракі, утвораная галоўная плошча Свабоды — гістарычны і сучасны цэнтр гораду. З поўдня яе замыкае палацава-паркавы комплекс (глядзі артыкул "Валожын. Палац"), з усходу — касцёл з брамай-званіцай (глядзі артыкул "Валожын. Касцёл Святога Юзафа"). У паўночнай частцы ў 1806 г. пабудаваная сінагога. Цэнтральная частка гораду забудоўваецца 3—5-павярховымі жылымі дамамі. У паўночна-заходняй частцы па вул. Савецкай помнік драўлянага дойлідства — царква (1866 г.).

Паводле генплану 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае захаванне існуючай планіровачнай структуры з функцыянальным заніраваннем тэрыторыі, развіццё грамадскага цэнтру ўздоўж вул. Савецкай у бок паўночна-заходняй часткі гораду, будаўніцтва жылых шматпавярховых дамоў на заходняй і ўсходняй яго ўскраінах.

 

В.Я. Токарава, У.А. Чантурыя

 


ВАЛОЖЫН. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЮЗАФА


1) Драўляны касцёл пабудаваны ў 1690 г. у комплексе з кляштарам бернардынаў, заснаваным Слушкамі ў 1681 г. Меў рысы стылю барока. Аднанефавы прастакутны ў плане будынак, завершаны двухсхільным дахам, з прыбудаваным да яго гранёным алтарным зрубам з вальмавым пакрыцдём. Сцены знадворку былі ўмацаваныя лапаткамі, расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі. Цэнтр даху завяршаў барочны цыбулепадобны купал на светлавым васьмерыку, галоўны фасад меў шчыт складанай формы. Перад галоўным уваходам у храм — паўкруглы ў плане цвінтар, агароджаны драўлянай абарончай сцяной з дзвюма вежамі (званіца і брама). Згарэў у 1815 г.

2) У 1816 г. пабудаваны мураваны касцёл у стылі класіцызму. У 1864 г. перабудаваны пад царкву. Манументальны цагляны прастакутны ў плане будынак, завершаны двухсхільным дахам. На галоўным фасадзе — порцік дарычнага ордэру з шестью пастаўленымі на кубічныя цокалі калонамі і трохкутным франтонам, чатыры нішы, завершаныя конхамі (раней у іх стаялі скульптуры евангелістаў). Сцены знадворку падзеленыя на дзве часткі: ніжнюю цокальную, аздобленую рустам, і верхнюю з высокімі прастакутнымі вокнамі, абрамленымі плоскімі ліштвамі і завершанымі трохкутнымі франтонамі. Па ўсім перыметры будынку праходзіць антаблемент, які ўключае фрыз з трыгліфамі і карніз на дэнтыкулах. Першапачатковы інтэр’ер не збярогся. З поўдня ад касцёлу знаходзіцца брама-званіца — трохпралётная арачная канструкцыя на высокім цокалі, аформленая на галоўным фасадзе чатырохкалонным порцікам дарычнага ордэру.

Помнік рэспубліканскага значэння.

 


ВАЛОЖЫН. ПАЛАЦ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1806 г. у Валожыне, на ўзвышаным беразе р. Валожынка. Фундатар і ўладальнік граф Ю. Тышкевіч, дойлід А. Касакоўскі. Уваходзіў у ансамбль колішняй Рыначнай плошчы. Палацавы комплекс арганізаваны па традыцыйнай схеме: аднапавярховы мураваны палац, бакавыя флігелі (афіцына і аранжарэя) утвараюць прастакутны парадны двор.

Палац, накрыты двухсхільным вальмавым дахам са сферычным купалам у цэнтры, мае сіметрычную кампазіцыю. Франтальныя фасады рытмічна расчлянёныя прастакутнымі вокнамі, у цэнтры вылучаныя рызалітамі з трохкутнымі франтонамі і завершаныя развітым антаблементам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя сандрыкі, пілястры. Да ўваходу вядзе вялікая каменная лесвіца. Галоўнае месца ва ўнутранай калідорнай планіроўцы адводзілася двухсветлавой параднай ("паляўнічай") зале другога паверху.

Флігелі — прастакутныя ў плане аднапавярховыя будынкі з калідорнай планіроўкай, іх цэнтральныя часткі з мансардамі вылучаныя чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі Будынкі пастаўленыя на высокім цокальным паверсе, апрацаваным рустам. Перад палацам быў разбіты рэгулярны парк, які спускаўся да ракі.

Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін

 


ВАЛЫНЦЫ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ


Знаходзіўся ў фальварку Забелы (сучасная в. Валынцы Верхнядзвінскага р-ну). Створаны па заказу абата Рэгінальда Ленартовіча. Будаўніцтва распачатае майстрам Лаўбе ў 1749 г. пад кіраўніцтвам аўтара праекту дойліда Я.К. Глаўбіца. У 1756 г. касцёл асвечаны, у 1764—66 гг. надбудаваныя вежы; у 1756—59 гг. узведзены двухпавярховы корпус кляштару пад вальмавым дахам, аб’яднаны з касцёлам галерэяй. Будаўніцтва кляштару пачатае пад кіраўніцтвам дойліда Я. Вішнеўскага, закончанае дойлідам Ядлкоўскім. Тэрыторыя комплексу абнесеная мураванай агароджай з брамай перад касцёлам. Комплекс вядомы па акварэлі мастака Н. Орды 1875—76 гг. Дзвюхвежавы галоўны фасад касцёлу і скруглены нізкі прытвор мелі багатую пластыку: вытанчаныя слаістыя пілястры, выгнутыя тонкапрафіляваныя карнізы, арачныя нішы. У дэкоры шырока выкарыстаныя ракайльныя вазы, прафіляваныя ліштвы арачных акон, філёнгі. Паміж вежамі галоўнага фасаду фігурны шчыт, такія ж шчыты завяршалі алтарны аб’ём касцёлу і цэнтральны рызаліт кляштару. У 1759 г. і 1764—66 гг. віленскімі майстрамі зробленая дэкаратыўная апрацоўка інтэр’еру, пабудаваныя алтары. Дынаміка ўнутранай прасторы дасягалася галоўным алтаром і дзесяццю бакавымі алтарамі. Пры кляштары ў 1786—1811 г. існавала калегія, дзейнічаў школьны тэатр.

Касцёл значна пашкоджаны ў гады II Сусветнай вайны, зруйнаваны ў канцы 1940-х гадоў.

 

А.М. Кулагін

 


ВАРОНЧА. СЯДЗІБА


Створаная ў 2-й палове XVIII ст. ў в. Варонча (Карэліцкі р-н). У комплекс уваходзілі два палацы, касцёл, скарбніца, флігелі, гаспадарчыя пабудовы, невялікі парк.

Першы палац быў пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. Прастакутны ў плане аднапавярховы драўляны будынак на каменным падмурку быў завершаны высокім двух’ярусным вальмавым дахам. Меў рысы стыляў позняга барока і класіцызму. Сцены знадворку былі гарызантальна ашаляваныя. Рытм фасадаў ствараўся прастакутнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Кампазіцыя заснаваная на кантрасце сцен і пластычнага даху, ніжняя частка якога была дэкарыраваная круглымі люкарнамі. Уваходы ў парадную і жылую часткі былі вылучаныя двума чатырохкалоннымі порцікамі з мансардамі над імі, накрытымі двухсхільнымі дахамі. Не збярогся.

Другі палац пабудаваны ў канцы XVIII ст. з цэглы. У 1898 г. перабудаваны пад бровар. Неаднаразова перабудоўваўся ў 1940—70-я гады. Мае асобныя рысы неаготыкі. Асіметрычны ў плане двухпавярховы будынак франтальнай кампазіцыі. Складаецца з некалькіх рознавялікіх квадратных і прастакутных памяшканняў. Асноўны кампазіцыйны акцэнт — цэнтральная больш высокая частка з мезанінам і шчытом на галоўным фасадзе. Прастакутныя і арачныя праёмы аздобленыя цаглянымі аблямоўкамі.

Касцёл — мураваная трохнефавая базіліка. Меў рысы стыляў позняга барока і ампіру. Галоўны фасад з шасцікалонным порцікам, завершаным антаблементам, быў фланкіраваны дзвюма трох’яруснымі вежамі з трохкутным франтонам паміж імі. Збярогся часткова.

Скарбніца — аднапавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак з паўвальмавым гонтавым дахам. Вокны прастакутныя, дэкарыраваны шырокімі руставанымі лапаткамі. Сцены па кутах умацаваныя контрфорсамі. Цэнтральная частка была вылучаная рызалітам, завершаным трохкутным франтонам з паўцыркульным акном у тымпане і квадратнай у плане гадзіннікавай вежай над дахам, увянчанай шпілем на прыступкавым пастаменце.

 

Ю.А. Якімовіч

 


ВАРОНЧА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ГАННЫ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1773 г. у в. Варонча (Карэліцкі р-н). Трохнефавы дзвюхвежавы безапсідны храм. Дамінуюць две трох’ярусныя вежы з паўцыркульнымі праёмамі (завяршэнне не захавалася). Галоўны фасад вылучаны дарычным порцікам з трохчвэртнымі калонамі, аздоблены рустам, прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, бакавыя фасады — стральчатымі, бакавыя паўкруглыя прыбудовы — лучковымі і круглымі. У інтэр’еры часткова зберагліся цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. У алтарнай частцы — насценная размалёўка.

Не дзейнічае.

 

А.Ю. Пятросава

 


ВАРНЯНЫ. АРХІТЭКТУРНЫ АНСАМБЛЬ


Помнік горадабудаўніцтва барока. Сфармаваўся ў 1760—70-я гады ў в. Варняны (Астравецкі р-н). Арганізаваны па рэгулярнай планіровачнай схеме вакол вялікай выцягнутай прастакутнай у плане плошчы. Дамінанта ансамбля — Георгіеўскі касцёл, які замыкае плошчу з усходняга боку. Два фланкіруючыя дамы (дом аптэкара і плябанія) ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысу агароджай. На заходнім баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (не збярогся). Паўднёвы і паўночны бакі плошчы фармуюць два рады тыпавой жылой забудовы, аб’яднанай у адзіны фронт каменнымі прасценкамі з арачнымі праездамі. У забудову ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.

Касцёл Святога Георгія пабудаваны ў 1767—69 гг. у стылі позняга барока (дабудаваны ў 1880 г., 1909 г.). Фундатарка — уладальніца Варнян М. Абрамовіч, дойлід — А. Казакоўскі. Дзвюхвежавы аднанефавы мураваны храм з трансептам. Дойлідская пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтраваная на галоўным фасадзе. Бакавыя фасады расчлянёныя арачнымі вокнамі і падвойнымі пілястрамі ў прасценках. Унутры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках. Над уваходам хоры з крывалінейным парапетам. Касцёл не дзейнічае.

Мураваныя двухпавярховыя плябанія і дом аптэкара (1770 г.) — прастакутныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі дахамі. Фасады рытмічна расчлянёныя шырокімі лапаткамі і прастакутнымі аконнымі праёмамі. Планіроўка анфіладная з вестыбюлем і лесвіцай у цэнтры. Памяшканні першых паверхаў перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.

На двух падоўжаных баках плошчы размяшчаліся па восем аднатыпных драўляных аднапавярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (зберагліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныяя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы.

У палацава-паркавы комплекс, створаны ў 2-й палове XVIII — 1-й палове XIX ст., уваходзілі двухпавярховы мураваны палац, два сіметрычныя драўдяныя флігелі, якія ўтваралі паўадкрыты двор, і парк з вадаёмам. Тэрыторыя парку аддзялялася ад плошчы мураванай агароджай з брамай, ад яе да касцёлу вяла ліпавая алея. У парку засталіся асобныя гаспадарчыя пабудовы (млын, свірны), неагатычная вежа (пачатак XX ст.) на востраве, які звязаны з паркам драўляным мастком.

Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін



ВАРОНА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ГЕОРГІЯ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў в. Варона (Астравецкі р-н) у сярэдзіне XVIII ст. Будынак прастакутны ў плане, накрыты высокім двухсхільным дахам. З паўночна-ўсходняга боку да касцёлу прымыкае квадратная ў плане сакрысція (пабудаваная ў канцы XIX — пачатку XX ст.). Галоўны фасад касцёлу завершаны трохярусным атыкавым франтонам. Ніжні прастакутны ярус з’яўляецца асновай фігурнага шчыта і вежачкі, якія ўзвышаюцца над відьчыкам даху. Пдоскасць галоўнага фасаду прарэзаная лучковым уваходным праёмам і невялікім прастакутным акном у ніжнім ярусе франтону. Бакавыя сцены расчлянёныя пілонамі, вырашанымі накшталт контрфорсаў, куты будынку апрацаваныя шырокімі пілястрамі. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. Сцены расчлянёныя пілястрамі, над імі — фрэскавыя выявы апосталаў. У алтарнай сцяне невялікая ніша і фрэскавая выява перспектыўнага алтару з калонамі іанічнага ордэру, антаблементам і конхай над ім. Размалёўка столі імітуе купал. Пры ўваходзе — хоры. Драўляная агароджа хораў размаляваная (нішы з разеткамі).

Касцёл у дрэнным стане, патрабуе рамонту і рэстаўрацыі. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.А. Міцянін

 


ВАСІЛІШКІ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1769 г. з цэглы па вул. Савецкай у цэнтры в. Васілішкі (Шчучынскі р-н) пры кляштары базыльян. У 1832 г. пераасвечаны пад царкву, з 1919 г. — зноў касцёл. Трохнефавая базіліка з паўкруглай апсідай і сакрысціяй з паўдёвага боку. Дойлідска-пластычны акцэнт — на галоўным заходнім фасадзе, фланкіраваным трохяруснымі вежамі (чацвёрты ярус з фігурным шлемам разабраны ў 1832 г.) з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыка ствараецца ўвагнутасцю і акругласцю граняў вежаў, слаістымі лапаткамі, пілястрамі з валютамі ў аснаванні, плаўна выгнутымі цягамі і карнізамі, прастакутнымі філёнгамі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасаду падкрэсленая лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. Бакавыя фасады маюць лучковыя праёмы і расчлянёныя плоскімі лапаткамі. Касцёл накрыты двухсхільным дахам, скругленым над апсідай. Асноўнае памяшканне шасцістоўпнага храму перакрытае плоскай бэлечнай столлю (замест страчаных скляпеністых перакрыццяў). У цэнтральны неф шырокай аркай адкрываецца галерэя хораў з увагнута-пукатым парапетам. Мастацкі эфект дэкаратыўнага вырашэння інтэр’еру заснаваны на кантрасце яго плоскаснага дойлідства і каларыстычна насычаных і пластычна вырашаных алтароў (галоўны, два бакавыя, чатыры кулісныя). Алтары выкананыя ў стылі ракако ў тэхніцы стука пад ружовы і блакітны мармур, упрыгожаныя пазалочанай лепкай — ракайлі, валюты, пуці, дэкаратыўныя вазы, мудрагелістыя спляценні зоркападобных завіткоў. Перад касцёлам — мураваная трохарачная брама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго галоўнага фасаду.

 

Касцёл дзейнічае.

 

А.М. Кулагін

 


ВАЎКАВЫСК


Горад, цэнтр Ваўкавыскага р-ну, на р. Рось, пры ўпадзенні ў яе р. Ваўкавыя. За 98 км ад Гародні. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 г. Планіровачная першааснова гораду — старажытны дзядзінец круглай формы (Шведская гара; глядзі артыкул "Ваўкавыск. Замкі"). У 1-й палове XII ст. набыў рысы гораду, меў гандлёвыя сувязі з Прыдняпроўем і Валынню. У час раскопак 1956—58 гг. знойдзеныя рэшткі царквы канца XII ст. (адносіцца да Гарадзенскай школы дойлідства). З пачатку XIV ст. ў складзе Вялікага княства Літоускага. З 1507 г. цэнтр павету Навагрудскага ваяводства. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету. У 1-й палове XIX ст. пабудаваны Вацлаваўскі касцёл. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр павету Беластоцкага ваяводства. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. цэнтр раёну. З 1963 г. горад абласнога падпарадкавання.

Гістарычна склаліся две падзеленыя чыгункай часткі — паўночная і паўднёвая. Цэнтр кампазіцыі — пл. Леніна (грамадскі цэнтр гораду на месцы гістарычнага цэнтру). Ад плошчы разыходзяцца вуліцы Леніна (былая Шырокая), Першамайская, Панковай, Савецкая (былая Слонімская). Яны разам з вуліцамі Сацыялістычнай (тут вядзецца асноўнае жыллёвае будаўніцтва гораду — мікрараёны з 5—9-павярховымі жылымі дамамі), Жолудзева, Гарбунова, Баграціёна з Ваўкавыскім сядзібным домам, К. Маркса, Кутузава ўтвараюць планіровачную структуру цэнтральнай часткі гораду.

Паводле генплану 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжваецца развіццё гораду, грамадскага цэнтру ў паўночным і заходнім напрамках з вылучэннем чатырох жылых (цэнтральны, заходні, усходні, паўднёвы) і трох прамысловых. раёнаў, стварэнне зоны адпачынку са штучнымі вадаёмамі на р. Ваўкавыя.

 

С.Л. Смірнова

 


ВАЎКАВЫСК. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ВАЦЛАВА


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1846—48 гг. Тэрыторыя абнесеная агароджай з бутавага каменю і металічнай рашоткі. Галоўны ўваход вылучаны трохпралётнай мураванай брамай. Храм у плане прастакутннай формы. Усходняя частка з прастакутнай апсідай і дзвюма сакрысціямі. У заходняй частцы абапал галоўнага ўваходу — два невялікія памяшканні, над якімі размешчаныя хоры. Галоўны (заходні) фасад дзвюхвежавы. Цэнтральная яго частка  вылучаная чатырма пілястрамі, бакавыя вырашаны як асновы аднаярусных чатырохгранных вежаў, фланкіраваны пілястрамі і завершаны трыгліфным фрызам і карнізам з сухарыкамі. Паміж вежамі атык крывалінейнага абрысу. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя пілястрамі і дэкарыраваныя арачнымі паяскамі, якія абрамляюць паўцыркульныя аконныя праёмы. У інтэр’еры два шэрагу калон (па тры у кожным) утвараюць тры нефы (бакавыя ўдвая вузейшыя за цэнтральны). Перакрыцце бэлечнае, над апсідай — цыліндрычнае скляпенне з распалубкай. Пры ўваходзе две невялікія памяшканні, пад якімі размешчаныя хоры. Цэнтральны алтар вылучаны чатырма калонкамі і дэкарыраваны скульптурай (Святыя Пётр і Павел, XIX ст., дрэва), ляпным арнаментам і размалёўкай. Два бакавыя алтары па канструкцыйным вырашэнні паўтараюць цэнтральны, які аздоблены вітражамі.

 

В.В. Церашчатава, Т.I. Чарняўская

 


ВАЎКАВЫСК. ЗАМКІ


Тры ўмацаваныя паселішчы існавалі на тэрыторыі Ваўкавыску ў X—XIV стст.

Шведская гара — найбольш старажытны абарончы комплекс гораду. Узнік у 2-й палове X ст. на высокім (28—32,5 м), круглым у плане ўзвышшы (дыяметр у аснове каля 350 м, памеры пляцоўкі паселішча 55x50 м). Першапачаткова быў умацавайы драўлянымі сценамі. У канцы X ст. па знешнім перыметры насыпаны кальцавы вал (вышыня больш за 5 м) з праездам у паўднёвай частцы. Вал унутры быў умацаваны драўлянымі канструкцыямі, знешнія схілы — глінай. Сярод жылых будынкаў — паўзямлянкі слупавой і зрубнай канструкцыі і наземныя зрубныя дамы з печамі-каменкамі ўнутры. У пачатку XIV ст. комплекс страціў сваё стратэгічнае значэнне і быў пакінуты.

Замчышча — цэнтр старажытнага Ваўкавыску. Узнікла ў канцы X ст. на захад ад Шведскай гары на трапецыяпадобным у плане ўзвышшы памерам 81х123 м (перыметр у аснове 510 м). У пачатку XII ст. ўмацаванае валам (рэканструяваны ў 2-й палове XIII — пачатку XIV ст., вышыня да 5 м). Было забудаванае паўзямлянкамі і наземнымі дамамі (апошнія з XII ст. пераважалі) зрубнай канструкцыі, прастакутнымі і квадратнымі ў плане (даўжыня да 5—6 м), з печамі-каменкамі ўнутры. Паўзямлянкі заглыбляліся ў зямлю на 0,1—1 м, мелі прыступкі каля ўваходу; некаторыя дамы звонку абмазваліся глінай. У XII ст. закладзены мураваны храм (зробленыя толькі падмуркі, нарыхтавана для будаўніцтва плінфа, некаторыя цагліны мелі рэльефныя знакі, таксама адшліфаваныя па фасаднай паверхні камяні розных колераў і маёлікавыя пліткі для аздаблення сцен. Паводле канструкцыі падмуркаў і формы плану намячалася будаўніцтва шасціслуповага трохнефавага крыжова-купальнага храму з паўкруглай апсідай і квадратнай у плане вежай з паўднёвага захаду. Збудаванне адносіцца да Гарадзенскай школы дойлідства. У 2-й палове XIV ст. паселішча на замчышчы перастала існаваць.

Муравельня — авальнае ў плане ўмацаванне (60х120 м) на забалочанай мясцовасці, за 0,5 км ад Шведскай гары. Паселішча ўзнікла на рубяжы X—XIV стст., было абкружанае па перыметры валам з праездам у паўднёва-заходняй частцы. Забудаваныя перыферыйныя часткі (пераважна каля валоў) паўзямлянкамі зрубнай канструкцыі. Пры раскопках замкаў знойдзеныя мастацкія вырабы: прадметы ювелірнай вытворчасці, арнаментаваныя керамічныя вырабы, фігуркі з рогу і косці, вырабы з каменю.

 

Я.Г. Звяруга

 


ВАЎКАВЫСК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства позняга класіцызму з элементамі псеўдарускага стылю. Пабудаваная ў 1874 г. з цэглы ў цэнтры гораду (вул. Леніна). Васьмігранны асноўны аб’ём з прастакутнай апсідай і прытворам. На галоўным фасадзе — двух'ярусная вежа-званіца, першы яе ярус прастакутны ў плане, другі — васьмігранны, накрыты шатром. Галоўны ўваход вылучаны кілепадобным франтонам. Асноўны аб’ём мае паўцыркульныя вокны з кілепадобнымі сандрыкамі, прытвор і апсіда — прастакутныя з ліштвамі, завершаныя шырокім карнізам і фрызам з арачным поясам. Цэнтральная грань апсіды фланкіраваная пілястрамі, завершаная трохкутным франтонам і дэкарыраваная арачнай нішай у цэнтры. Інтэр’ер зальны, перакрыцце драўлянае, плоскае. У храме драўляны двух’ярусны іканастас, дэкарыраваны накладной разьбой, пакрыты пазалотай.

Царква дзейнічае.

 

Т.I. Чарняўская

 


ВАЎКАВЫСК. СЯДЗІБНЫ ДОМ


Помнік сядзібнага дойлідства пачатку XIX ст. Пабудаваны ў 1805 г. на ўскраіне Ваўкавыску (сучасная вул. Баграціёна). Аднапавярховы прастакутны ў плане драўляны будынак накрыты высокім вальмавым дахам. Цэнтральная частка з мезанінам вылучаная чатырохкалонным мураваным порцікам з выгнутым крывалінейным франтонам. Над уваходам у межах порціка — балкон, на які выходзяць памяшканні мезаніну. Фасады атынкаваныя. Планіроўка анфіладная, у цэнтры — вестыбюль з лесвіцай. У пачатку XIX ст. ў будынку размяшчалася штаб-кватэра 2-й Заходняй арміі пад камандаваннем Баграціёна, у 2-й палове XIX ст. — гарадскі шпіталь, потым прытулак для састарэлых; у пачатку XX ст. належаў прыватным уладальнікам.

Часткова разбураны ў перыяд ІІ Сусветнай вайны. З 1949 г. у будынку размешчаны Ваўкавыскі ваенна-гістарычны. музей імя. П.I. Баграціёна (заснаваны ў 1935 г. як краязнаўчы, у ІІ Сусветную вайну разрабаваны, у 1948 г. адноўлены).

Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Т.I. Чарняўская

 


ВЕЙНА. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваная ў 1-й палове XIX ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, блізкі ў плане да квадрату будынак са скругленымі кутамі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Кутнія часткі галоўнага фасаду завершаныя круглымі ў сячэнні вежамі з купальнымі пакрыццямі. Фасады вырашаныя плоскасна, прарэзаныя ў скругленых кутніх частках аб’яднанымі па вертыкалі прастакутнымі і квадратнымі аконнымі праёмамі. Бакавыя ўваходы вылучаныя рызалітамі, завершанымі трохкутнымі франтонамі. Уваходныя прастакутныя праёмы заглыбленыя ў прастакутныя нішы, аформленыя калонамі, завершаны стральчатымі люкарнамі. Да галоўнага ўваходу прыбудаваны вялікі драўляны прытвор. Інтэр’ер раскрыты ў падкупальную прастору барабану, асветленую чатырма буйнымі круглымі люкарнамі. Складаная скляпеністая канструкцыя перакрыцця трымаецца на чатырох буйных слупах, аб’яднаных са сценавымі пілястрамі падпружнымі аркамі. У дэкоры выкарыстаная фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму. У прасценках светлавога барабану ў медальёнах размешчаныя выявы чатырох евангелістаў, ніжэй — у абрамленнях чатыры шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Малюнак выразны, выкананы колера-ценявой мадэліроўкай. Каларыстычная гама цёплая, мяккая, прыглушаных пастэльных таноў. Размаляваныя таксама скляпенні, сцены апсіды (падноўленыя ў XIX ст.).

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння

 

А.М. Кулагін, В.В. Церашчатава

 


ВЕЛЯМІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА ПРАРОКА ІЛЛІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1881 г. у пас. Велямічы (Столінскі р-н) на месцы царквы 1724 г. Квадратны ў плане асноўны аб’ём, бабінец і пяцігранная алтарная апсіда з дзвюма невялікімі рызніцамі абапал алтару ўтвараюць трохзрубную глыбінна-прасторавую кампазіцыю. Асноўны аб’ём пры дапамозе ветразяў пераходзіць у двух’ярусны верх (васьмярык на чацверыку), апсіда і бабінец увянчаныя васьміграннымі вярхамі з гранёнымі барочнымі купалкамі складанай формы. У 1888 г. да асноўнага аб’ёму далучаныя бакавыя прыбудовы з васьмерыковымі вярхамі. У выніку царква атрымала пяцікупальную крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Сцены вертыкальна ашаляваныя, умацаваныя лапаткамі, вокны прастакутныя (у апсідзе ў форме крыжа). З боку галоўнага фасаду тры тамбуры ўваходаў у бабінец і бакавыя прыбудовы накрытыя двухсхільнымі дахамі з франтонамі. Цэнтральнае месца ў інтэр’еры займае галоўны трох’ярусны аб’ём, злучаны шырокімі праёмамі з двух’ярусным бабінцам, апсідай і бакавымі прыбудовамі. Царква адлюстравала традыцыі мясцовай школы дойлідства абарочнага кірунку канца XVIII ст. — 2-й паловы XIX ст.

Помнік рэспубліканскага значэння. Царква дзейнічае.

 

Ю.А. Якімовіч

 


ВЕРХНЯДЗВІНСК


Горад, (да 25.12.1962 г. Дрыса; летапісныя назвы Дрысь, Дриза, Дриса), цэнтр Верхнядзвінскага р-ну, у сутоку Заходняй Дзвіны і Дрысы. Узнік як ваеннае ўмацаванне полацкіх князёў. У Вялікім княстве Літоўскім уваходзіў у Полацкае ваяводства. У 1386 г. спалены Андрэем Полацкім. З XVI ст. гандлёвы цэнтр на Заходняй Дзвіне. У 1563—82 гг. заняты войскамі Івана Грознага. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету. У 1797 г. было 1310 жыхароў, у 1897 г. — 4238. З 1924 г. цэнтр Дрысенскага, з 1962 г. Верхнядзвінскага р-наў.

Прастакутная сетка вуліц, што склалася ў XVI—XVII стст., пакладзена ў аснову праектаў планіроўкі 1778 г. і 1838 г. Галоўная кампазіцыйная вось сучаснага гораду — вул. Савецкая. У паўднёвай частцы вуліцы забудоўваецца мікрараён з пяціпавярховымі жылымі дамамі, паблізу створаны гарадскі парк. Грамадскі цэнтр сфармаваўся на плошчы Юбілейнай і бліжэйшых да яе ўчастках вул. Савецкай і Ленінградскай. Побач з прамысловымі прадпрыемствамі (поўнач, паўночны ўсход) пабудаваны групы 2—3-павярховых жылых дамоў. Помнікі дойлідства XIX—XX ст. — Мікалаеўская царква, касцёл бернардынаў, 6ылы жылы дом (вул. Савецкая, 43).

Паводле генплану 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё гораду на поўнач і ўсход, стварэнне на поўначы прамыслова-складской зоны. Галоўнай воссю стане р. Дрыса.

 

Г.Ф. Пальчэўская

 


ВЕРХНЯДЗВІНСК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1819 г. з цэглы ў г. Верхнядзвінск. Храм падоўжна-восевай чатырохчасткавай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, апсіда. Квадратны ў плане асноўны аб’ём завершаны высокім буйнамаштабным цыліндрычным барабанам са сферычным купалам і галоўкай у завяршэнні. У сілуэце храму дамінуе трох'ярусная чацверыковая званіца з шатровым пакрыццём. Плоскасныя фасады расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі, крапаваны кутнімі лапаткамі і апяразаны прафіляваным карнізам. Стрыманы дойлідны дэкор абмежаваны простымі ліштвамі акон і сандрыкамі з замковым каменем, поясам сухарыкаў на барабане, балюстраднай нішай званіцы. У інтэр’еры пануе падкупальная прастора светлавога барабану ветразевай опорнай канструкцыі. Скляпеністая трапезная і апсіда з конхай расчыненыя ў залу шырокімі арачнымі прасветамі. Інтэр’ер быў аздоблены арнаментальнай размалёўкай (не захаваўся).

Царква дзейнічае.

 

А.М. Кулагін

 


ВЕРЦЯЛІШКІ


Веска ў Гарадзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса-камбіната "Прагрэс". За 13 км ад Гародні. Вядомы з XIV ст. як фамільны маёнтак гродзенскага каштэляна Давыда Гарадзенскага. Мяркуюць, што маёнтак быў разбураны крыжакамі ў 1324. Верцялішкі ўпамінаюцца ў 1506 г. Паводле пісьма князя Аляксандра, у 1559 г. каралевай Бонай тут быў абсталяваны каралеўскі двор. У 1588 г. у складзе гарадзенскай эканоміі. У 1-й палове XIX ст. Верцялішкі былі валоданнем паноў Свечыных. У канцы 1830-х гадоў меркавалася перабудаваць, а потым і пабудаваць новую драўляную царкву. Да сярэдзіны 1850-х гадоў была пабудаваная асноўная частка новай каменнай царквы. У 2-й палове XIX ст. вёскай валодаў пан Біспінг. У гэты час існавала каталіцкая капліца.

Сучасныя Верцялішкі — адзін з буйных у рэспубліцы добраўпарадкаваных аграрна-прамысловых пасёлкаў. Забудоўваецца паводле генплану 1967 г. (БелНДІПдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980 г., дойліды В. Емяльянаў, Г. Заборскі і інш.). Распрацоўка праекту і забудова вёскі адзначаныя Дзяржаўнай прэміяй СССР 1971 г., дыпломамі ВДНГ СССР (1970 г., 1975 г.).

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Маладзёжная (уздоўж шашы Гародня — Астрына) і Юбілейная (злучае цэнтр вёскі з зонай індывідуальных жылых дамоў), якія з прылеглымі да іх вуліцамі ўтвараюць некалькі дробных кварталаў. Цэнтр кампазіцыі — прастакутная ў плане плошча на ўзгорку, раскрытая на шашу. З’яўляецца грамадска-адміністрацыйным і культурна-гандлёвым цэнтрам вёскі. Яе ўтвараюць двухпавярховы адміністрацыйны будынак, Дом культуры. Бакавая частка плошчы — гандлёвы цэнтр, які складаецца з трох блокаў: двухпавярховага (крамы, сталоўка-рэстаран), аднапавярховага (Дом побыту) і трохпавярховага (гатэль на 15 месцаў). Ансамбль цэнтру завяршае эксперыментальны чатырохпавярховы шаснаццацікватэрны аднасекцыйны жылы дом для маладых спецыялістаў. Упрыгожваюць плошчу дэкаратыўны вадаём з фантанам і танцавальная пляцоўка з эстрадай, кветнікі, газоны. З паўночнага усходу да яе прымыкае парк з азялененымі ўчасткамі, двухпавярховы фельчарскі пункт з кватэрамі для медыцынскага персанала на другім паверсе, дзіцячы камбінат, музычная школа. Вёска забудаваная чатырма тыпамі дамоў: двухпавярховымі чатырох- і васьмікватэрнымі (вул. Маладзёжная, прасторавы эфект вуліцы стварае чаргаванне васьмікватэрных дамоў і размешчаных у азялененых курданёрах чатырохкватэрных), 1—2-кватэрнымі дамамі з кватэрамі ў двух узроўнях з прыкватэрнымі ўчасткамі (вул. Юбілейная), двухпавярховымі чатырох- і васьмікватэрнымі з асобнымі ўваходамі, а таксама секцыйнымі васьмікватэрнымі палепшанай планіроўкі. Сілуэт забудовы, яе рытмічнасць дасягаюцца ўключэннем у кампазіцыю жылых груп 4—5-павярховых жылых дамоў. Пры добраўпарадкаванні шырока выкарыстаныя малыя формы дойлідства, веранды, тэрасы, групы дэкаратыўных дрэваў, адкрытыя лужкі, алеі вербаў, газоны, кветнікі і інш. Усе грамадскія і жылыя будынкі выкананыя па эксперыментальных і палепшаных тыпавых праектах. Вытворчая зона (дапаможныя прадпрыемствы па вытворчасці мэблі, жалезабетонных вырабаў, мастацка-дэкаратыўных элементаў) размешчаная ў паўночна-заходняй частцы.

Паводле генплану 1988 г. (дойліды Емяльянаў, Т. Галіёта) прадугледжанае развіццё вёскі (да 10 тыс. ж.) на новым участку — з процілеглага боку дарогі Гародня — Астрына.

 

Ю.Ю. Гардзееў, В. Н. Емяльянаў

 


ВЕТКА


Горад, цэнтр Веткаўскага р-ну. За 22 км ад Гомеля, на левым беразе р. Сож. Заснаваная ў 1682 г. як слабада ў Вялікім княстве Літоўскім рускімі стараверамі, якія ўцякалі сюды ад праследу царскіх улад. У 1695 г. — цэнтр старавераў. Належала памешчыкам Халецкім. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, з 1784 г. мястэчка Беліцкага, з 1852 г. Гомельскага паветаў Магілеўскай губерніі. У 1880 г. — 6 тыс. жыхароў, 11 мураваных і 994 драўляныя будынкі, у 1897 г. — 7,2 тыс. жыхароў. З 1919 г. у Гомельскай губерніі РСФСР, з 1925 г. горад, з 1926 г. у БССР, цэнтр раёну. У 1926—25 гг. у Гомельскім р-не. Ветка — цэнтр мастацкага рамяства раёну, у 1978 г. створаны Веткаўскі Дзяржаўны музей народнай творчасці.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна, Пралетарская (галоўная вось), Савецкая, Інтэрнацыянальная, Чапаева, Луначарскага, Батракова, якія разам з іншымі вуліцамі ўтвараюць невялікія кварталы. У цэнтры гораду (забудаваны 2—5-павярховымі жылымі дамамі) паміж вуліцамі Леніна і Пралетарскай утварылася Чырвоная плошча са скверам — адміністрацыйна-грамадскі і культурна-гандлёвы цэнтр. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Для знадворнага дэкарыравання жылых дамоў шырока выкарыстоўваецца разьба па дрэве, т.зв. Веткаўская разьба. Яна вядома з XVII—XVIII стст., спалучае рускія і мясцовыя беларускія традыцыі народнага дойліднага дэкору, вызначаецда павышанай дэкаратыўнасцю, шматпланавасцю кампазіцыі, у якой пераважаюць стылізаваныя раслінныя матывы. Зона адпачынку гараджан — парк і берагі р. Сож.

Паводле генплану 1974 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіцдё гораду ў паўночным і паўднёвым напрамках, галоўнай стане вул. Інтэрнацыянальная і яе працяг — вул. Кастрычніцкая.

 

В.М. Кашырын

 


ВІДЗЫ


Гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не. За 40 км ад Браслава. Вядомы з сярэдзіны XV ст. З 1481 г. прыватнае ўладанне, з 1524 г. частка зямель належала віленскаму ваяводу А. Гаштольду, мястэчкам ён валодаў разам з магнатам Нарушэвічам, з 1629 г. Відзы сталі ўладаннем Пацаў, з 1675 г. — віленскага біскупа. У XVI—XIX стст. уваходзілі ў склад Браслаўскага павету Віленскага ваяводства. З 1794 г. — цэнтр Браслаўскага павету, з 1843 г. — заштатны горад Новааляксандраўскага павету Ковенскай губерніі. У 1890 г. у горадзе 6417 жыхароў. У І Сусветную вайну амаль поўнасцю разбураны. У 1921—39 гг. заштатны горад Віленскага ваяводства. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. З 1960 г. у Браслаўскім р-не.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна, Чырвонаармейская, Браслаўская, Кірава. На вул. Леніна размешчаны грамадска-адміністрацыйны і гандлёва-культурны цэнтр. Пераважае аднапавярховая жылая забудова сядзібнага тыпу з дробнымі кварталамі. На былой цэнтральнай плошчы (цяпер ператвораная ў сквер) захаваліся фрагменты гістарычнай забудовы — двухпавярховыя мураваныя жылыя дамы пачатку XX ст., Траецкі касцёл, непадалёку стаяць царква, млын.

Генпланам 1975 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё пасёлку ў існуючых межах за кошт павелічэння шчыльнасці забудовы і ўзвядзення шматпавярховых будынкаў, з захаваннем гістарычнай планіроўкі.

 

В.С. Жаўняк

 


ВІДЗЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1914 г. з чырвонай цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н). У канцы 1915 г. лінія фронту паміж рускімі і нямецкімі войскамі некалькі гадоў была побач з Відзамі. У выніку баявых дзеянняў касцёл быў пашкоджаны, адноўлены ў 1920-я гады. У памяць аб падзеях І Сусветнай вайны ў сцены касцёлу ў некалькіх месцах умураваныя снарады. Мураваны трохнефавы храм з трансептам і гранёнай алтарнай апсідай, абапал якой две сакрысціі. Сцены звонку ўмацаваныя контрфорсамі, вокны спічастыя. дзвюхвежавы галоўны фасад з трохкутным франтонам завершаны высокімі зубцамі. Такія ж франтоны ўпрыгожваюць тарцы трансептаў. Галоўны ўваход вылучае перспектыўны партал з вімпергам і круглым акном-"ружай" над ім. Вежы на галоўным фасадзе (вышыня 59 м) завершаныя вострымі васьміграннымі шатрамі і значна ўзвышаюцца над астатнімі аб’ёмамі. Касцёл адзін з самых высокіх на Беларусі. У інтэр’еры калоны і пілястры складанага профілю пераходзяць у высокія падпружныя спічастыя аркі скляпенняў, што надае яму маналітнасць, узмацняе дынаміку.

У 1940-я гады касцёл закрыты, у 1960—70-я гады тут размяшчалася Відзаўскае СПТВ, у 1989 г. перададзены вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.Ю. Пятросава, К.С. Шыдлоўскі

 


ВІДЗЫ. ЦАРКВА


Помнік дойлідства мадэрну. Пабудаваная ў 1910 г. з цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н). Прастакутны ў плане будынак з пяціграннай апсідай. Вільчык двухсхільнага даху над галоўным фасадам завершаны трох’яруснай (васьмярык на двух чацверыках) званіцай з цыбулепадобным купалам; над алтарнай часткай — драўляны васьмігранны барабан з цыбулепадобнай галоўкай. Галоўны фасад завершаны дзвюхгранным шчытом, вылучаны па цэнтры высокім уваходным парталам, дэкарыраваны бакавымі лучковымі нішамі з выявамі праваслаўных крыжоў. Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя лучковымі вокнамі і лапаткамі ў прасценках. Дэкор выкананы сродкамі фігурнай цаглянай муроўкі — пластычныя ліштвы акон з лучковымі броўкамі, крыжовыя нішы на лапатках, прафіляваныя карнізы, падаконныя філёнгі.

Царква дзейнічае.

 

А.М. Кулагін

 


ВІДЗЫ ЛАЎЧЫНСКІЯ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Ансамбль склаўся ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. ў в. Відзы Лаўчынскія (Браслаўскі р-н) на беразе воз. Дворнае. Належала Ваўжэцкім (1775—1804 гг.), Мінейкам (1804—1930-я гады). Кампазіцыйны цэнтр — аднапавярховы драўляны сядзібны дом, пастаўлены на мураваны цокальны паверх і накрыты вальмавым дахам. Цэнтральная частка з мансардай вылучаная на галоўным атынкаваным фасадзе чатырохкалонным драўляным порцікам з трохкутным франтонам, на дваровым фасадзе — мураванай арачнай галерэяй, раскрапаванай падвойнымі пілястрамі і завершанай атыкам. Прастакутныя вокны аздобленыя ліштвамі. Планіроўка анфіладна-калідорная, у цэнтры размешчаная прастакутная зала з выхадам на галерэю. Пад будынкам знаходзяцца сутарэнні. Перад домам парадны прастакутны партэр, да якога з усходу прымыкае аддзелены агароджай з брамай гаспадарчы двор з мураванымі будынкамі, з захаду — невялікі парк пейзажнага тыпу (плошча каля 5 га).

У сядзібным доме размешчаная школа. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін

 


ВІЛЕЙКА


Горад, цэнтр Вілейскага р-ну на р. Вілія. Вядомая з 1599 г. як мястэчка, цэнтр Вілейскага староства ў Ашмянскім павеце. З 1795 г. цэнтр павету. У 1897 г. — 3560 жыхароў, 2 навучальныя ўстановы, шпіталь. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр павету. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. цэнтр Вілейскай вобласці, з 1944 г. горад абласнога падпарадкавання. У канцы XVIII ст. тэрыторыя Вілейкі ў плане нагадвала трохкутнік, адметных будынкаў і ўмацаванняў не было. У XIX ст. набыла стройнасць забудовы, роўныя вуліцы дзялілі горад на невялікія кварталы, у цэнтры быў разбіты парк. У кампазіцыйным і планіровачным вырашэнні захавала прастакутную планіроўку XIX ст.

Планіровачную структуру сучаснага гораду фармуюць вуліцы 17 Верасня, Першамайская, Вадапьянава, якія ўтвараюць прастакутную сетку дробных кварталаў сядзібнай, пераважна драўлянай забудовы. Якасны ўзровень пабудоў, азеляненне і добраўпарадкаванне вуліц ствараюць своеасаблівы камерны інтэр’ер невялікага гораду, утульнае гарадское асяроддзе. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр — прастакутная ў плане пл. Леніна. Яе асноўнымі вышыннымі дамінантамі з’яўляюцца Крыжаўзвіжанскі касцёл (у ім у 1988—89 гг. быў Дом мастацтваў імя Н.Ю. Сілівановіча) і царква — помнікі дойлідства XIX—XX стст. У заходняй частцы будуюцца шматпавярховыя дамы, на поўначы і захадзе фармуецца індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Зберагліся помнікі дойлідства XIX — пачатку XX стст.: будынкі гімназіі, турмы, бальніцы, жылы дом па вул. Чырвонаармейскай, 28.

Паводле генплану 1979 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё гораду ў паўднёвым напрамку ўздоўж р. Вілія, рэканструкцыя і забудова цэнтральнай часткі 3—6-павярховымі жылымі дамамі з захаваннем існуючай сеткі вуліц, стварэнне на левабярэжжы буйнога шматпавярховага жылога раёну.

 

М.I. Пракалей

 


ВІЛЕЙКА. КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА


Помнік дойлідства пачатку XX ст. Пабудаваны ў г. Вілейка ў 1906—13 гг. паводле праекту дойліда Аўгуста Клейна. Спалучае рысы раманскага і гатычнага дойлідства. Мураваная трохнефавая базіліка з развітым трансептам і пяціграннай апсідай. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Аб’ёмы ўскладненыя ступеньчатымі гатычнымі контрфорсамі (выконваюць дэкаратыўную функцыю), "падрэзкай" невысокім руставаным цокалем з шэрага абчасанага каменю. Дамінантай кампазіцыі з’яўляецца вежа. Яе чатыры бакі завершаныя трохкутнымі шчытамі з круглымі і стральчатымі аконнымі праёмамі, куты фланкіраваныя маленькімі ігольчастымі вежачкамі. Пяцігранная апсіда прарэзаная паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, па баках мае асіметрычныя прыбудовы. Тарцы трансепту завершаныя высокімі трохкутнымі франтонамі са стральчатымі нішамі і здвоенымі аконнымі праёмамі. Усе дэкаратыўныя элементы фасаду — прафіляваныя цягі, карнізы, раскрапоўкі — выкананыя з лякальнай цэглы. Партал вылучаны шматслойнымі арачкамі. У інтэр’еры паверхні сцен, арак, скляпенняў размаляваныя пад мазаічныя арабескі.

У 1988—89 гг. пасля рэстаўрацыі (дойлід Л. Паўлава) выкарыстоўваўся як Дом мастацтваў імя. Н.Ю. Сілівановіча. У 1990 г. перададзены рзлігійнаму таварыству рымска-каталіцкай царквы.

 

Помнік рэспубліканскага значэння.

 


ВІЛЕЙКА. ЦАРКВА ПРАПАДОБНАЙ МАРЫІ ЭГІПЭЦКАЙ


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1916 г. з цэглы ў г. Вілейка. Храм падоўжна-восевай чатырохчасткавай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб’ём з бакавымі прыдзеламі, паўкруглая апсіда, чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму завершаны пяцігалоўем. Цыбулепадобнай галоўкай завершаны і васьмігранны шацёр двухяруснай званіцы (чацвярык на прастакутным прытворы). Галоўны ўваход вырашаны лучковым праёмам з круглым акном над ім. Атынкаваныя сцены расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі (падвоенымі ў прыдзелах) і лапаткамі. У дэкоры выкарыстаныя формы старажытна-рускага дойлідства (бочкападобнае перакрыцце прыдзелаў, кілепадобныя ліштвы акон, аркатура, парэбрык, філёнгі). У залу храму, перакрытую плоскай столлю, арачнымі прасветамі расчыняюцца апсіда з конхай і вузкія памяшканні трапезнай і прыдзелаў. У прытворы авальныя памяшканні прасвірні і дзякоўскай з лесвіцай на званіцу.

Царква дзейнічае.

 

А.М. Кулагін

 


ВІСТЫЧЫ. ЦАРКВА ЎЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА


Помнік дойлідства сталага барока. Пабудаваная ў 1678 г. у в. Вістычы (Берасцейскі р-н) як касцёл цыстэрцыянцаў па фундацыі Тышкевічаў. З 1866 г. праваслаўная Крыжаўзвіжанская царква. Трохнефавая базіліка з паўцыркульным апсідным завяршэннем цэнтральнага нефу. Бакавыя нефы абапал віма алтару завершаныя прастакутнымі сакрысціямі. Нартэкс з бакавымі памяшканнямі вырашаны больш шырокім за базіліку, таму галоўны фасад выступае за межы бакавых нефаў і трактаваны як шырма для ўсёй кампазіцыі храму. Сіметрычны бязвежавы фасад падзелены развітым антаблементам на ніжнюю частку і атыкавы франтон з валютамі. Вось сіметрыі вызначаная ўваходным арачным парталам, акном над ім, нішай і люнетай у тымпане франтону. У дэкаратыўным аздабленні фасаду выкарыстаныя падвойныя паўкалоны, раскрапаваныя прафіляваныя цягі, плоскія нішы разнастайных форм. Сцены бакавых фасадаў апрацаваныя падвойнымі пілястрамі, вокны вырашаныя ў выглядзе паўцыркульных імпастаў. У інтэр’еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Пры ўваходзе — хоры, куды вядуць вітыя ўсходы ў тоўшчы муроў. Перад храмам пастаўленая двух’ярусная драўляная чацверыковая званіца, накрытая пакатым шатром.

Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Т.В. Габрусь

 


ВІЦЕБСК


Горад (летапісны Видбеск, Видебск, Витепеск, Витьбеск), цэнтр Віцебскай вобл., порт на Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ў яе Віцьбы і Лучосы. Атрымаў назоў ад р. Віцьба, на беразе якой узнік. Як паселішча крывічоў існаваў з IX ст. Паводле рукапісу Міхаіла Панцырнага (1760 г.), заснаваны ў 974 г. Першаасновай гораду было гарадзішча (Замкавая гара) на высокім узгорку, вакол якога ў IX — пачатку X ст. ўзніклі тры паселішчы. У X—XIII стст. горад фармаваўся паводле прынцыпаў старажытнага горадабудаўніцтва: уяўляў сабой умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся навакольны горад (пасад). У XII ст. цэнтр Віцебскага княства. Са збудаванняў таго часу вядомы гасціны двор, Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й палове XIII — пачатку XIV стст. планіровачная структура складалася з двух умацаваных замкаў: Верхні (былы дзядзінец) і Ніжні (былы пасад), да якіх далучаліся неўмацаваныя слабоды — Узгорская (поўнач), Заручаўская (поўдзень), Задунаўская (усход), Задзвінская (захад). У пачатку XVI ст. Узгорская слабада была абкружаная драўлянымі сценамі, пераўтварылася ў трэці замак — Узгорскі. Кожны замак меў замкнёную планіровачную структуру са сваім кампазіцыйным цэнтрам, усе тры замкі былі цесна звязаныя паміж сабой (глядзі артыкул "Віцебск. Замкі"). Уяўленне аб планіроўцы і забудове гораду дае унікальны графічны дакумент — "Чарцёж" 1664 г. Сярод будынкаў XVII ст. вядомы гасціны двор, Святадухаўская царква, Міхайлаўская царква, Сімяонаўская царква, Спаса-Праабражэнская царква, Увядзенская царква, палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфармавалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы для Віцебску распрацоўваліся ў канцы XVIII — пачатку XIX ст., да канца XIX ст. былі часткова рэалізаваныя. Планіровачна горад падзяляўся на тры часткі: Узгорскую (паміж Заходняй Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на процілеглым правым беразе Заходняй Дзвіны). Сфармаваўся развіты грамадскі цэнтр гораду, які складаўся з дзвюх плошчаў: Рыначнай і Саборнай (глядзі артыкул "Віцебск. Плошчы"). У ансамбль Саборнай плошчы ўваходзілі касцёл і калегіюм езуітаў, будынак акруговага суду. Рыначную плошчу фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і кляштар бернардынаў. На высокім беразе Заходняй Дзвіны ў стылі класіцызму пабудаваны палац губернатара. У розных частках гораду знаходзіліся Мікалаеўская царква, Траецкая царква, Успенская царква і манастыр базыльян, Казанская царква, Варварынскі касцёл.

З пракладкай лініі чыгункі была створаная Прывакзальная плошча, дзе ўзведзены будынак чыгуначнага вакзалу (1866 г.) і пракладзеная новая вул. Вакзальная (сучасная вул. Кірава), якая падыходзіла да мосту (першапачаткова драўлянага, з 1867 г. — мураванага) цераз Заходнюю Дзвіну і звязала левабярэжную і правабярэжную часткі гораду. У 1897 г. пабудаваная электрастанцыя, у 1898 г. у цэнтры пракладзеныя две лініі трамвая на электрычнай цязе (першы на Беларусі). Новая жылая забудова ўзнікала за лініяй чыгункі, што значна пашырыла Задзвінскую частку. У горадзе былі ўзведзеныя будынкі чыгуналіцейных майстэрняў (1877 г.), фабрык тытунёвай (1878 г.), акулярнай (1892 г.), кардоннай (1898 г.), ільнопрадзільнай "Дзвіна" (1900 г., пабудаваная Бельгійскім акцыянерным таварыствам у слабадзе Маркаўшчына). У 1890 г. быў распрацаваны новы праектны план Віцебску (пад кіраўніцтвам галоўнага дойліда гораду Ц.В. Кібардзіна). Сярод грамадскіх будынкаў вылучаліся: мужчынская гімназія (1880 г., разбураная ў 1975 г.), будынак жаночага епархіяльнага вучылішча, будынак пазямельна-сялянскага банку, будынак духоўнага вучылішча. У цэнтральнай частцы гораду ў 1912 г. пастаўлены помнік героям вайны 1812 г.

Першы генплан рэканструкцыі Віцебску, распрацаваны ў 1938 г. (Дзіпраград УССР пад кіраўніцтвам дойліда А. Касьянава), вызначыў перспектывы далейшага развіцця гораду з улікам яго гістарычных асаблівасцей. З пачатку 1930-х гадоў вядзецца комплекснае мураванае будаўніцтва — ствараюцца жылыя пасёлкі каля буйных прамысловых прадпрыемстваў (пас. Пралетарская слабада — былая Маркаўшчына, каля фабрыкі імя "КІМ", па вул. Горкага). На галоўных магістралях гораду ўзведзеныя чатырохпавярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, дзе ў адным будынку аб’ядноўваліся жылыя і грамадскія памяшканні. Для вядучых спецыялістаў гораду пабудаваны жылы дом спецыялістаў, дом-камуна — пошук новага тыпу жылля. Новым тыпам грамадскіх будынкаў з’явіўся клуб металістаў. У 1-я пасляваенныя дзесяцігоддзі горад аднаўляўся і развіваўся па генпланах 1946 г. (аблпраект, г. Харкаў), яго карэкціроўкі 1956 г. (Віцебская філія інстытуту "Белдзяржпраект"), новым генплане 1966 г. (інстытут "Віцебскграмадзянпраект"). Былі адноўленыя і ўзведзеныя новыя прамысловыя прадпрыемствы (станкабудаўнічы завод імя Кірава, фабрыкі панчошна-трыкатажная імя "КІМ", абутковая "Чырвоны Кастрычнік", швейная "Сцяг індустрыялізацыі", хлебазавод, маслазавод, дывановы камбінат, дрэваапрацоўчы камбінат і інш.). Праводзілася рэканструкцыя гарадскога цэнтру — вул. Кірава з Прывакзальнай плошчай; вул. Леніна з плошчамі Леніна, Свабоды, Перамогі. У гэты перыяд узведзеныя: чыгуначны вакзал, гатэль "Дзвіна" (дойліды В. Ладыгіна, Я. Заслаўскі), Палац культуры на пл. Леніна (дойлід А. Ефрамянак), будынак Беларускага Дзяржаўнага акадэмічнага тэатру, Усходні прамысловы вузел на пр-це Фрунзе і інш. У 1970—80-я гады развіццё гораду ажыццяўлялася па генпланам 1975 г. і 1982 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва).

Планіровачную структуру фармуюць сем планіровачных раёнаў. Асноўным раёнам жылога будаўніцтва з’яўляецца Паўднёва-Усходні (з 1980 г. узводзяцца 5—9—12-павярховыя жылыя дамы і грамадскія будынкі ў мікрараёнах Поўдзень-1, Поўдзень-2, Поўдзень-3 і інш.). У 1974 г. завершаны ансамбль пл. Перамогі, створаная пл. Тысячагоддзя Віцебску (былая пл. Тэатральная). У 1970—80-я гады ўзведзеныя жылыя дамы: шаснаццаціпавярховы (дойліды У. Зубкоў, З. Конаш) з кінатэатрам "Беларусь", дзевяціпавярховы з крамаю "Дзіцячы свет", дзесяціпавярховы з рэстаранам "Аўрора" (дойліды А. Бельскі, А. Расейкін), 8—9-павярховы (дойліды З. Озерава, Г. Махмутаў) і пяціпавярховы пяцісоткватэрны (дойліды Махмутаў, П. Панамароў), чатырнаццаціпавярховы (дойліды В. Данілаў, З. Даўгяла) па Маскоўскім праспекце. Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы інстытутаў — медыцынскага (дойлід Данілаў), педагагічнага (дойліды Зубкоў, Конаш), ветэрынарнага (дойлід А. Грачышнікаў), дванаццаціпавярховы гатэль "Віцебск", корпус праектна-канструктарскага бюро АСУ (дойліды Махмутаў, Л. Ільінаў), будынак філіялу інстытуту "Белдзяржпраек" (дойліды Бельскі, Данілаў), сямнаццаціпавярховы інтэрнат абутковай фабрыкі "Чырвоны Кастрычнік" (дойлід Грачышнікаў), Палац культуры прафсаюзаў (дойліды В. Кірылаў, Бельскі), комплекс вышынных будынкаў інтэрнатаў па пр-це Перамогі (дойліды А. Асяненка, В. Лукомскі), кінатэатр "Брыганціна" і летні амфітэатр (дойлід В. Бабашкін) і інш. У комплекс грамадскага цэнтру ўваходзіць парк імя М.В. Фрунзе на берагах р. Віцьба (дойліды М. Жлабо, Л. Кузняцова, Л. Нардштэйн). Цераз Віцьбу ўзведзеныя новыя пешаходныя масты (Пушкінскі, Баўманскі, Юбілейны), цераз Заходнюю Дзвіну — транспартныя (Блахіна і Новы Мост). У цэнтральнай частцы захавалася гістарычная планіроўка XVI—XVII стст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і дойлідства XVIII — пачатку XX ст. (глядзі артыкул "Віцебск. Гістарычны цэнтр").

 

Т.I. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. БУДЫНАК АКРУГОВАГА СУДУ


Помнік грамадзянскага дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1883 г. (дойлід I. Камінскі) у гістарычным цэнтры гораду (сучасная вул. Леніна, 32). Разам з Віцебскай Мікалаеўскай царквой завяршаў кампазіцыю Саборнай плошчы (сучасная пл. Свабоды). Двухпавярховы П-падобны асіметрычны ў плане будынак вызначаецца манументальнасцю і маштабнасцю формаў. Планіроўка калідорная з двухбаковым размяшчэннем памяшканняў. Пры галоўным уваходзе вестыбюль з параднай лесвіцай. Арыентаваны на плошчу фасад мае сіметрычную капазіцыю, цэнтр якой вылучаны трохпавярховым рызалітам, завершаным атыкавай сценкай з трохкутным франтонам. Пластыка фасадаў ствараецца рытмам пілястраў, дэкарыраваных ліштвамі прастакутных аконных праёмаў 1—3-га, арачных другога паверхаў. Фасады на кутах і ў рызаліце апрацаваны рустам. Інтэр’еры памяшканняў упрыгожаныя багатай дэкаратыўнай аздобай (ляпныя плафоны, разеткі, карнізы, пілястры і інш.).

Помнік рэспубліканскага значэння.

 

В.М. Чарнатаў

 


ВІЦЕБСК. БУДЫНАК БЕЛАРУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА АКАДЭМІЧНАГА ТЭАТРУ


Пабудаваны ў 1958 г. (дойліды А. Максімаў, I. Рыскіна) на левым беразе р. Заходняя Дзвіна (каля Кіраўскага мосту). Галоўным фасадам арыентаваны на пл. Тысячагоддзя Віцебску. Уяўляе сабой чатырохпавярховы (з выступаючым пятым паверхам над цэнтральнай часткай) прастакутны ў плане будынак з шырокім рызалітам на галоўным тарцовым фасадзе, абкружаны васьмікалонным (па тры калоны па баках рызаліта) порцікам, пастаўленым на ступеньчаты стылабат і завершаным трохкутным франтонам. Шырокія бакавыя фасады (арыентаваныя да ракі і на вул. Пушкіна) маюць асіметрычную кампазіцыю, якую стварае частка каланады порціка і плоскасць сцяны, расчлянёная шырокімі і вузкімі прастакутнымі аконнымі праёмамі. Прасценкі паміж вокнамі дэкарыраваныя шырокімі пілястрамі і трыма паясамі ляпных гірляндаў (лаўровы вянок з картушамі і разеткамі). Дваровы фасад вылучаны чатырохкалонным дарычным порцікам. У інтэр’еры — вестыбюль з білетнымі касамі, шырокая лесвіца, якая вядзе ў фае перад глядзельнай трох’яруснай залай на 758 месцаў.

 

Т.I. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. БУДЫНАК ДУХОЎНАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік дойлідства неакласіцызму. Пабудаваны ў 1890 г. (дойлід А. Каляменцьеў) на рагу вуліц Узгорскай і Ветранай (сучасныя вуліцы Суворава і Чэхава, 11/44). Мураваны трохпавярховы на цокальным паверсе Г-падобны ў плане будынак. Галоўны і бакавыя фасады вылучаныяя трыма рызалітамі з трохкутнымі франтонамі ў завяршэнні. Паверхні на фасадах размежаваныя прафіляванымі паяскамі, дэкарыраваны рустыкай, канеліраванымі калонкамі, паўцыркульнымі нішамі, шырокімі лапаткамі, ляпнымі накладнымі элементамі. Планіроўка калідорная з парадным вестыбюлем і цэнтральнай лесвіцай з боку галоўнага фасаду.

У 1918 г. у будынку знаходзіўся мастацкі тэхнікум. Цяпер тут месціца мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытуту і інш. ўстановы.

 

Т.І. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. БУДЫНАК ЖАНОЧАГА ЕПАРХІЯЛЬНАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік грамадзянскага дойлідства пачатку XX ст. Пабудаваны ў 1902 г. на Духаўскай узбярэжнай (сучасная вул. Гогаля, 6) паводле праекту дойлідаў А. Паўлоўскага і П. Вінаградава. Мураваны трохпавярховы Е-падобны ў плане будынак. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным рызалітам з балконам актавай залы на другім паверсе, які падтрымліваюць чатыры слупы. Сцены аздобленыя рустам, ліштвамі і завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Афарбоўка фасадаў двухколерная. Планіроўка галерэйная. У цэнтры былі парадны вестыбюль і трохмаршавая лесвіца, на першым і другім паверхах — класы, на трэцім — спальныя пакоі, у цокальным паверсе — сталоўка і кухня.

У будынку размешчаны Віцебскі аблвыканкам. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

В.М. Чарнатаў

 


ВІЦЕБСК. БУДЫНАК ЛЯКАРНІ


Існаваў у XIX — 1-й палове XX стст. па вул. Смаленскай. Пабудаваны ў 1820 г. (дойлід В. Стасаў) у стылі класіцызму. Мураваны двухпавярховы Т-падобны ў плане будынак, накрыты вальмавым дахам. На першым паверсе размяшчаліся аптэка, пакоі дазорца, сталоўка, лазня, на другім — палаты. Сіметрычны галоўны фасад быў раскрапаваны трыма рызалітамі, цэнтральны рызаліт завершаны трохкутным франтонам з прастакутным атыкам над ім. Бакавыя рызаліты мелі ў цэнтры прастакутныя парталы, завершаныя паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Па баках ад парталаў размяшчаліся праёмы (у левым рызаліце несапраўдныя), якія мелі плоскія трохкуныя франтоны ў завяршэнні і паўкруглыя ў плане прыступкі ў ніжняй частцы. Цэнтральная частка галоўнага фасаду падзелена карнізным поясам на два ярусы: ніжні, трактаваны як цокальны, расчляняўся невялікімі квадратнымі аконнымі праёмамі, завершанымі перамычкамі з клінападобнымі камянямі, друі ярус вылучалі высокія прастакутныя вокны з сандрыкамі.

Будынак не збярогся.

 

В.Ф. Марозаў

 


ВІЦЕБСК. БУДЫНАК ПАЗЯМЕЛЬНА-СЯЛЯНСКАГА БАНКУ

 

Помнік дойлідства мадэрну (рамантычны кірунак). Пабудаваны ў 1917 г. (дойлід К. Тарасаў) на рагу вуліц Нікольскай і Аляксееўскай (сучасныя вуліцы Даватара і Баўмана, 7/11). Мураваны двухпавярховы Е-падобны ў плане будынак на цокальным паверсе з трох бакоў фланкіраваны па кутах вежамі. У дэкаратыўным аздабленні выкарыстаныя элементы псеўдарускага дойлідства (ліштвы акон у выглядзе какошнікаў, "дынькі" і інш.). Вежа на рагу вуліц падзеленая паясамі несапраўдных машыкуляў і завершаная трохярусным шатром з галоўкай. Галоўны ўваход вылучаны кілепадобным франтонам з мазаічным маёлікавым пано, у цэнтры якога — герб Віцебску "Пагоня". Планіроўка калідорная. Па восі галоўнага фасаду — прасторны вестыбюль з параднай лесвіцай. На другім паверсе былі службовыя памяшканні, зала пасяджэнняў, кватэра кіраўніка банку, у цокальным — гаспадарчыя памяшканні і архіў.

У будынку размешчаны Віцебскі ветэрынарны інстытут. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

В.М. Чарнатаў

 


ВІЦЕБСК. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ВАРВАРЫ


Помнік дойлідства эклектыкі. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 г. на каталіцкіх могілках, уздоўж гасцінца Віцебск — Гарадок. Побач былі ўзведзеныя мураваная капліца (у 1800 г. пабудавана новая) і драўляны дом-плябанія. У 1884 г. касцёл значна перабудаваны (інжынер В. Піятроўскі), стаў трохнефавай дзвюхвежавай базілікай. Усе пабудовы былі абкружаныя мураванай агароджай з трохпралётнай уязной брамай, размешчанай каля гасцінцу. У дэкаратыўнай аздобе неатынкаваных фасадаў касцёлу шырока выкарыстаныя дэталі, выкананыя з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У цэнтры галоўнага фасаду размешчаны арачны партал з трохкутным франтонам, над ім тры арачпыя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаныя высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў чатырохгранны, прарэзаны трыма арачнымі праёмамі на кожнай грані, другі — шасцігранны, мае па адным арачным праёме, кожная грань скошаная і завершаная прастакутным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. Бакавыя фасады расчлянёныя двума ярусамі паўцыркульных аконных праёмаў (па тры у кожным радзе). Нефы касцёлу перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках з распалубкамі. У II Сусветную вайну будынкі і агароджа былі часткова разбураныя. У 1990 г. рэстаўрыраваны касцёл, капліца і агароджа.

Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Т.І. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. ВУЛІЦА КІРАВА


Адна з галоўных магістралей гораду. Узнікла ў 2-й палове XIX ст., называлася Вакзальнай (звязвала цэнтр гораду з вакзалам). У час II Сусветнай вайны зруйнаваная. Пасляваеннае будаўніцтва пачалося ў 1951 г., у 1952 г. распрацаваны праект яе забудовы (дойліды В. Гусеў, В. Данілаў, А. Данілава), забудоўвалася да канца 1950-х гадоў. Значная ўвага аддадзеная развіццю ансамблевых прынцыпаў арганізацыі забудовы. У адпаведнасці з генпланам аднаўлення і развіцця Віцебску (1946—47 гг., дойліды А. Касьянаў і інш.) вуліца і яе працяг сталі важным гарадскім дыяметрам, перпендыкулярным галоўным кампазіцыйным восям у структуры гораду — вул. Леніна і р. Заходняя Дзвіна. Вуліца (даўжыня каля 600 м, шырыня 66 м, у т.л. бульвар 24 м, две праезныя часткі па 12 м і два тратуары па 9 м) пачынаецца з Прывакзальнай плошчы, дзе цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца чыгуначны вакзал, які замыкае перспектыву бульвару пасярэдзіне вуліцы. Перад Кіраўскім мостам (1955 г., дойліды В. Ладыгіна, Я. Заслаўскі) вуліцу завяршаюць вежавыя аб’ёмы будынкаў гаэля "Дзвіна" і інтэрнату (абодва 1957 г., дойліды А. і В. Данілавы), якія адыгрываюць важную ролю ў сілуэце гораду. У забудове пераважаюць 4—5-павярховыя жылыя дамы з убудаванымі ў першых паверхах памяшканнямі для крамаў, рэстарану, сталоўкі і іншых прадпрыемстваў культурна-побытавага абслугоўвання. Кампазіцыя вуліцы заснаваная на стылявым адзінстве пластычнага вырашэння фасадаў з выкарыстаннем элементаў класічнай спадчыны. Цэласнаму ўражанню садзейнічаюць прыкладна аднолькавая працягласць і вышыня будынкаў, падабенства гарызантальных і вертыкальных чляненняў (карнізы, цягі, пілястры і інш.). Балконы, эркеры і іншыя элементы ўзбагачаюць фасадныя плоскасці. Ансамбль вуліцы дапаўняе бульвар з пасадак ліпы і каштана.

 


ВІЦЕБСК. ГАРАДСКІ СЯДЗІБНЫ ДОМ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й палове XIX ст. на левым беразе р. Віцьба (вул. Пушкіна, 2), галоўным фасадам арыентаваны да ракі. Уяўляе сабой двухпавярховы Е-падобны ў плане цагляны будынак з паўпадвальным паверхам. Галоўны фасад вылучаюць тры шырокія рызаліты — цэнтральны і бакавыя. У цэнтральным рызаліце размешчаны галоўны ўваход, акцэнтаваны дзвюхкалонным порцікам, які падтрымлівае на другім паверсе балкон з ажурнай металічнай агароджай. Завершаны рызаліт трохкутным франтонам з акном-люкарнай. Бакавыя рызаліты завершаныя трохкутнымі франтонамі з лучковымі нішамі ў цэнтры. Паміж рызалітамі на першымм паверсе па баках вонкавыя лесвіцы з ажурнай металічнай агароджай. У цэнтры дваровага фасаду — лучковы рызаліт з лесвіцай на другіі паверх. Па перыметры  будынак абкружаны тонкапрафіляваным карнізам. Сцены прарэзаны прастакутнымі аконнымі праёмамі. Унутраная планіроўка анфіладна калідорная.

У 1930-я гг. ў будынку размяшчаўся габрэйскі педагагічны тэхнікум.

 

Т.І. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. ГАСЦІНЫ ДВОР


Існаваў у Віцебску ў XVII ст. Вядомы таксама і пад назвай Віцебская ратуша (у 1624 г. ратушу было загадана разбурыць; глядзі артыкул "Віцебск. Ратуша"). Пабудаваны з дрэва на тэрыторыі Узгорскага замку ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прастакутную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Галоўны квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Будынак уключаў два "гасціныя" пакоі, якія ацяпляліся "па-чорнаму", і памяшканне для гарадскога суду. Каля яго размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, сем камор для тавараў, стайня.

Выява двара адлюстраваная на "Чарцяжы" Віцебску 1664 г. Будынкі апісаныя ў інвентары Віцебску сярэдзіны XVII ст.

 


ВІЦЕБСК. ГАТЭЛЬ "ВІЦЕБСК"


Пабудаваны ў 1973 г. (дойліды В. Данілаў, З. Даўгяла), разлічаны на 500 месцаў. Вышынная дамінанта плошчы 1000-годдзя. Дванаццаціпавярховы корпус лаканічнага дойлідства галоўным фасадам арыентаваны ў бок р. Заходняя Дзвіна, вузкім тарцовым выходзіць на вул. Замкавую. Сцены пнршага і другога паверхаў — з бетонных блокаў і цэглы, 3—12-га — з цэглы. На галоўным фасадзе шырокія палосы аконных праёмаў рытмічна чаргуюцца з палосамі прасценкаў, аб’яднаныя вертыкальнымі рэбрамі на вышыню дзесяці паверхаў. Суцэльнае зашкленне першага і другога паверхаў надае будынку лёгкасць. Дзесяць паверхаў маюць аднатыпную планіроўку з цэнтральным ліфтавым холам і двухбаковым калідорам, абапал якога размешчаны жылыя пакоі.

 

В.I. Анікін

 


ВІЦЕБСК. ГІСТАРЫЧНЫ ЦЭНТР


Помнік горадабудаўніцтва XII — пачатку XX ст. Уключае мураваныя грамадскія і жылыя будынкі — помнікі гісторыі і дойлідства. Займае тэрыторыю па берагах р. Заходняя Дзвіна, складаецца з трох частак: Узгорскай, Заручаўскай і Задзвінскай. Першапачаткова фармаваўся як сістэма віцебскіх замкаў (Верхняга, Ніжняга, Узгорскага) і прылеглых да іх слабод (Узгорскай, Заручаўскай, Задунайскай, Задзвінскай). К канцу XIX ст. паводле рэгулярных планаў XVIII ст. сфармаваліся Узгорская, Заручаўская і Задзвінская часткі з рэгулярнай сеткай вуліц, сістэмай плошчаў, капітальнай забудовай.

Узгорска частка (Узгор’е) — у паўночна-ўсходняй частцы Віцебску, паміж левым берагам р. Заходняя Дзвіна і правым берагам р. Віцьба (былыя Узгорскі замак і Узгорская слабада). Тут сфармавалася двухпрамянёвая сістэма планіроўкі з дзвюма галоўнымі вуліцамі — Леніна (былая Пецярбургская, Смаленская) і Суворава (былая Узгорская), якія сыходзіліся на плошчы каля гарадской ратушы. Вул. Леніна на поўначы завяршаецца Смаленскай плошчай (былая Конная, Смаленскі рынак). З іншых гістарычную планіроўку і мураваную забудову захавалі вуліцы: Гараўца (былая Бальнічная), Грыбаедава (былая 2-я Ветраная), 1-я Даватара (былая Мікольская), Крылова (былая Успенская), Маякоўскага (былая Упраўская), Путна (былая Спаская), Савецкая (былая Дварцовая), Талстога (былая Падзвінская), Урыцкага (былая Афіцэрская, Варапаеўская), Чэхава (былая Ветраная) і Янкі Купалы (былы Бібкін завулак, Хайкіна завулак). Зберагліся помнікі дойлідства: ратуша, базыльянскі манастыр (глядзі артыкул "Віцебск. Успенская царква і манастыр базыльян"), палац губернатара, будынак духоўнага вучылішча, будынак пазямельна-сялянскага банку, помнік героям вайны 1812 г.

Заручаўская частка (Заручаўе) — у паўднёва-ўсходняй частцы Віцебску, паміж левымі берагамі рэк Заходняя Дзвіна і Віцьба (былыя Верхні і Ніжні замкі, Заручаўская і Задунаўская слабоды). Асновай планіровачнай структуры яе з’яўляюцца два узаемна перпендыкулярныя дыяметры: вуліцы Леніна (былая Трынітарская, Вялікая Магілеўская, Гогалеўская) і Замкавая (былая Вялікая, Дамініканская) з працягам яе — пр-там Фрунзе (былая Задунаўская, Руская). У месцы іх скрыжавання захавалася пл. Свабоды (былая Гандлёвая, Саборная; глядзі артыкул "Віцебск. Плошчы") — грамадскі цэнтр Віцебску. Вул. Леніна на поўдні завяршаецца пл. Перамогі (былы Магілеўскі рынак). З іншых гістарычную планіроўку і мураваную забудову захавалі вуліцы: Хмяльніцкага (былая Сянная пл., Пралетарскі бульвар), Гогаля (былая Духаўская набярэжная), праезд Гогаля (былая Раждзественская, Гогалеўская), Калініна (былая Заручаўская, Магілеўская) і Пушкіна (былая Пушкінская, Тэатральная). Зберагліся помнікі дойлідства: будынак акруговага суду, будынак жаночага епархіяльнага вучылішча, Благавешчанская царква (рэшткі).

Задзвінская частка (Задзвінне) — у заходняй частцы Віцебску, уздоўж правага берага р. Заходняя Дзвіна (былая Задзвінская слабада). Планіровачная структура сфармавалася ў канцы XIX ст. пасля пракладкі лініі чыгункі, складаецца з невялікіх кварталаў. Галоўная — вул. Кірава (былая Вакзальная) з Прывакзальнай плошчай. З іншых гістарычную планіроўку і мураваную жылую забудову захавалі вуліцы: Будзённага (былая Стараманастырская, Арлоўская), Дзімітрава (былая Канатная), Дзяржынскага (былая Пакроўская, Рыначная), Зяньковай (былая Папярочна-Пятроўская, Металістаў), Ільінскага (былая Верхненабярэжная), Камсамольская (былая Ніжнепятроўская), Кандрацьева (былы Мішунічаў зав.), Касманаўтаў (былая Кавальская, Кальцавая), Кастрычніцкая (былая Верхнепятроўская), Красіна (былая Кантанічная), Рэвалюцыйная (былая Вялікая Ільінская, Ялагская), Савецкай Арміі (былая Шашэйная, Мікольская), Чайкоўскага (былая Ніжненабярэжная) і Энгельса (былая Багаяўленская). Збярогся помнік дойлідства — лабазы.

У 1986 г. распрацаваны праект "Складанне гісторыка-дойлідскіх і інжынерных абгрунтаванняў рэгенерацыі гістарычнай забудовы г. Віцебску" БелНДІПгорадабудаўніцтва (дойліды Л. Смірнова, В. Жаўняк, Ю. Чантурыя) з вытворчым аб’яднаннем "Белрэстаўрацыя" (дойліды А. Шчэрба, I. Фёдарава, Н. Рудак), інстытутамі "Віцебскграмадзянпраект" (дойліды А. Бельскі, В. Бабашкін, В. Лукомскі) і "Белжылпраект" (інжынеры В. Лычкоў, У. Плавінскі).

 

Т.І. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. ДОМ-КАМУНА


Пабудаваны ў 1927—29 гг. (дойлід А. Вышалескі) на вул. Горкага. Задуманы як зручнае эканамічнае жыллё для працоўных. Першая на Беларусі пабудова падобнага тыпу. чатырохпавярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтральны аб’ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу кантрастна вылучаюцца два вынесеныя за план дому і закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. Быў разлічаны на засяленне 280—300 чалавек. Для несямейных прадугледжваліся пакоі плошчаю 24 кв. м (на 4 чал.), для маласямейных — пакоі плошчаю 12—15 кв. м (на 2—3 чал.). Кожная ізаляваная група пакояў на 18—24 чал. была аб’яднана холам для заняткаў і адпачынку, мела кухню, прыбіральні. На першым паверсе цэнтральнай часткі размяшчаліся грамадскія памяшканні (зала, хол, чытальня), у цокальным — камунальна-побытавыя (душ, пральня, сушылка). У тарцах бакавых крылаў знаходзіліся восем двухпакаёвых кватэр (па адной на кожным паверсе).

У час II Сусветнай вайны будынак згарэў. Пасля вайны рэканструяваны ў звычайны секцыйны дом з двух-, трохпакаёвымі кватэрамі.

 

А.А. Воінаў

 


ВІЦЕБСК. ЖЫЛЫ ДОМ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ


Пабудаваны ў 1932—35 гг. (дойліды С. Прэзьма) на вул. Даватара як жылы дом для вядучых спецыялістаў гораду. Дамы спецыялістаў у СССР (усяго 66, з іх 3 у БССР) створаны па спецыяльных праектах у адпаведнасці з правіламі 1932 г., якія прадугледжвалі павелічэнне плошчы пакояў, паляпшэнне абсталявання побытавых памяшканняў. У кампазіцыі будынку выкарыстаны прыём вылучэння кутняй пяціпавярховай часткі, якой проціпастаўляецца прадаўгаваты чатырохпавярховы аб’ём. Выразнасць фасадаў дасягаецца рытмічнай групоўкай акон, балконаў з глухімі агароджамі, лоджый, эркераў. Дом складаецца з секцый, створаных паводле індывідуальнага праекту: на лесвічную пляцоўку выходзяць две кватэры, пакоі маюць убудаванае абсталяванне, скразное або кутняе праветрыванне, натуральнае асвятленне ванных пакояў.

Дом спецыялістаў — помнік дойлідства 1930-х гадоў — перыяду сацыялістычнай рэканструкцыі гарадоў, характэрны прыклад жылых дамоў магістральнага тыпу.

 

А.А. Воінаў

 


ВІЦЕБСК. ЖЫЛЫЯ ДАМЫ


Помнікі грамадзянскага дойлідства XVIII — сярэдзіна XX стст., у якіх увасобіліся мясцовыя асаблівасці стыляў барока, класіцызму, неакласіцызму. Вылучаюцца забудовы вуліц Суворава, Камісара Крылова, Маякоўскага, Талстога. Усе дамы ўваходзяць у Віцебскі гістарычны цэнтр і знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Забудова вул. Суворава ўключае дамы № 2, 4, 6, 8, 10, 12, якія шчыльна прылягаюць адзін да аднаго і з’яўляюцца адзіным ансамблем сярэдзіны — канца XIX ст. з рысамі класіцызму. Дом № 2 — мураваны двухпавярховы будынак. Узведзены ў канцы XVIII ст. як гандлёвыя рады (першапачатковы выгляд адлюстраваны на акварэлі I. Пешкі XIX ст.). У канцы XIX ст. дом рэканструяваны, да яго прыбудаваны невялікі трохпавярховы жылы дом з вузкім (на тры акны) фасадам і скошаным кутом, дзе размешчаны ўваход. Зараз першы паверх будынку выкарыстоўваецца гандлёвай установай (фасад зменены), другі — жылы. На другім паверсе захаваліся арачныя аконныя праёмы і слаістыя пілястры дарычнага ордэру паміж імі. Дом № 4 — двухпавярховы мураваны будынак. Галоўны фасад вырашаны асіметрычна, што падкрэслівае лучковая арка-праезд у двор. Прастакутныя аконныя праёмы аформленыя ліштвамі, на другім паверсе — балкон з ажурнай агароджай. Уваходны партал аформлены паўкалонамі, завершаны карнізам і фрызам з філёнгамі. Дом № 6 — двухпавярховы мураваны будынак. У дэкоры галоўнага фасаду выкарыстаныя прафіляваныя карнізы, ліштвы арачных і лучковых акон. Сіметрыю фасада парушае бакавое размяшчэнне галоўнага ўваходу. Дом № 8 — мураваны трохпавярховы будынак. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры неглыбокім рызалітам і завершаны трохкутным франтонам з сухарыкамі. На першым паверсе (у рызаліце) — уваходны партал з металічнай агароджай (першапачаткова арачны праезд), на другім — тры паўцыркульныя аконныя праёмы з арачнымі сандрыкамі і пілястрамі, на трэцім — прастакутныя вокны. Дом № 10 (на рагу вуліц Суворава і Камісара Крылова) — мураваны двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Кут на рагу вуліц скошаны і вылучаны на другім паверсе балконам з металічнай ажурнай агароджай і казырком на тонкіх калонках. Цэнтральная частка фасаду вылучаная неглыбокім рызалітам і франтонам з сухарыкамі. Першы паверх расчлянёны прастакутнымі, другі — арачнымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі і пілястрамі. З боку вул. Крылова арачны праезд у двор. Дом № 12 — мураваны двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Узведзены ў 1799 г., рэстаўрыраваны ў 1848 г. Кутняя частка дому закругленая і вылучалася балконам з металічнай агароджай (не збераглася). Дойлідства галоўнага фасаду нагадвае дом № 10, размешчаны на процілеглым баку вуліцы. Помнік рэспубліканскага значэння.

Забудова вул. Талстога ўключае дамы № 2, 4, 8, 1, 3, 5, 7, 13, 15, узведзеныя ў 2-й палове XIX — пачатку XX ст. Дом № 2 — мураваны П-падобны ў плане трохпавярховы будынак. Галоўны фасад завершаны трохкутным франтонам, прастакутныя аконныя праёмы аформлены ліштвамі, у дэкоры — руст, філёнгі. Дом №4 — мураваны трохпавярховы прастакутны ў плане будынак. Першы паверх руставаны, друі і трэці — вылучаныя прафіляваным філёнгавым поясам, прастакутныя аконныя праёмы аформлены ліштвамі. Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак. Дом № 8 — мураваны пяцікутны ў плане будынак. Фасады раскрапаваныя арачнымі нішамі з прастакутнымі вокнамі. У цэнтры дому вестыбюль з лесвіцай, вакол якога групуюцца памяшканні. Выкарыстоўваецца навучальнай установай. Дом № 1 — мураваны трохпавярховы прастакутны ў плане будынак. Галоўны фасад фланкіраваны плоскім рызалітам з руставанымі лапаткамі, лучковыя аконныя праёмы аформлены ліштвамі. Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак. Дом № 3 — мураваны двухпавярховы прастакутны будынак. Збудаваны ў традыцыях так званай "цаглянага дойлідства". Дом № 5 — мураваны трохпавярховы блізкі ў плане да трохкутніка будынак. У цэнтры галоўнага і дваровага фасадаў — уваходы, з тарцовага боку — арачны праезд у двор. Дом № 7 — мураваны двухпавярховы будынак. На вуліцу выходзіць невялікім фасадам. Дом № 13 — мураваны аднапавярховы будынак. Галоўны фасад прарэзаны чатырма прастакутнымі аконнымі праёмамі. Дом № 15 — мураваны складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынак. Складаецца з трох рознай вышыні крылаў, якія ўтвараюць унутраны двор.

3абудова вул. Камісара Крылова ўключае дамы № 4, 6, 8, 10, якія ўзведзены ў канцы XIX — пачатку XX стст. і ўтвараюць адзін комплекс. Дом № 4 — мураваны трохпавярховы прастакутны ў плане будынак. Уваход і арачны праезд у двор размешчаны асіметрычна на галоўным фасадзе. У дэкоры фасаду выкарыстаны пілястры, прафіляваныя міжпаверхавыя паясы, атык з люкарнай. Дом № 6 (злучаны з домам № 4 праезнай аркай) — мураваны аднапавярховы будынак з паўпадвальным паверхам. Пабудаваны для галоўнага дойліда гораду Ц. Кібардзіна. У дойлідстве будынку прасочваюцда рысы неакласіцызму і мадэрну. Галоўны ўваход размешчаны асіметрычна на галоўным фасадзе і вылучаны люкарнай. Фасад расчлянёны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі. У дэкоры — руст, прафіляваны карніз, арачныя абрамленні акон. Дом № 8 — мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак. Галоўны фасад вылучаны двума бакавымі рызалітамі і падзелены міжпаверхавым поясам. Першы паверх прарэзаны лучковымі, другі — паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Уваход з лучковым завяршэннем размешчаны асіметрычна. Дом № 10 — мураваны аднапавярховы будынак з цокальным паверхам. Галоўны фасад расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, дэкарыраваны пілястрамі, філёнгавымі нішамі пад вокнамі, завершаны фрызам з нішамі і прафіляваным карнізам.

У забудове вул. Маякоўскага вылучаецца дом № 3, узведзены ў сярэдзіне XIX ст. ў стылі класіцызму. Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак. Працяглы галоўны фасад, які выходзіць на чырвоную лінію вуліцы, мае сіметрычную кампазіцыю. У цэнтры — арачны праезд, над якім размешчаны шырокі балкон на літых металічных кранштэйнах з ажурнай агароджай. Галоўны фасад падзелены міжпаверхавым поясам з філёнгамі і завершаны шырокім прафіляваным карнізам. Кутнія часткі фасаду вылучаныя плоскімі рызалітамі і завершаныя трохкутнымі франтонамі. Аконныя праёмы прастакутныя, на другім паверсе аформленыя ліштвамі.

 

Т.I. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. ЗАМКІ

 

Існавалі ў X—XVIII стст. Верхні (Горны), Ніжні (Дольны) і Узгорскі замкі.

Верхні замак быў пабудаваны на старажытным дзядзінцы гораду на левым беразе Заходняй Дзвіны, у сутоку з р. Віцьба. У XII ст. тэрыторыя замку была абнесена магутным земляным валам (шырыня ў аснове 36 м, вышыня каля 8 м), які меў запоўнены вязкай глінай унутраны каркас з сямі радоў хваёвых бярвёнаў, пакладзеных перпендыкулярна адно да аднаго. З боку Заходняй Дзвіны вал быў укрыты тоўстым пластом гліны, наверсе стаялі драўляныя сцены і вежы, замененыя ў першай паловы XIV ст. мураванымі (шырыня 3 м, вышыня каля 7 м). Сцены былі завершаныя прастакутнымі зубцамі і накрытыя стрэшкай, пад якой на кансольных бэльках размяшчалася галерэя насценнага бою. Мураваныя 3—4-ярусныя вежы мелі ў аснове памеры ад 8,5х8,5 м да 10,5x10,5 м. У XVII ст. ўмацаванні Верхняга замку складаліся з драўляных абарончых сцен, зробленых па тыпу гародняў з двума ярусамі баёў; засталіся рэшткі мураваных сцен, дзе былі Вялікая праезная брама, тры чатырохгранныя ў плане вежы (Веставая, Танкавая, Храпавіцкая), две васьмікутныя ў плане вежы-круглікі (Шарамецьеў, Бабарыкін), раскат (спецыяльны памост для адкрытага размяшчэння гармат) і брамка — выхад да р. Віцьба. Двух і трох'ярусныя вежы мелі байніцы. У розныя часы даўжыня лініі абароны складала ад 753 да 836 м. Ад вялікай праезнай брамы да брамкі вяла галоўная замкавая вуліца, што падзяляла тэрыторыю замку на дзве часткі (усходнюю і заходнюю) з свабоднай планіроўкай, падпарадкаванай рэльефу. Ва ўсходняй частцы знаходзіліся драўляныя прыказ, двор ваяводы, Міхайлаўская царква, т.зв. дом Горскага, у заходняй — вязніца, студня.

Ніжні замак быў выцягнуты па восі захад — усход. Яго агіналі рэкі Заходняя Дзвіна і Ручай. З поўначы прымыкаў да сцен Верхняга замку. У 1-й палове XIV ст. ўмацаваны земляным абарончым валам з унутранай драўлянай канструкцыяй, драўлянымі сценамі і вежамі. У XVII ст. меў тры праезныя брамы, восем вежаў (Сярэдняя, Старасельская, Швыкоўская, Дамініканская, Тарапецкая, Княжая, Напрудная, Падзвінская), два круглікі (Духаўскі, Мяшчанскі), Задунаўскую брамку. Даўжыня лініі абароны 1256 м. Галоўная планіровачная вось — вул. Вялікая (шырыня 4—5 м) — праходзіла праз усю тэрыторыю замку ад Заручаўскай праезнай брамы да Задунаўскай брамкі, мела драўляны мост з круглых бярвёнаў. На тэрыторыі Ніжняга замку знаходзілася Благавешчанская царква, Аляксееўскі манастыр, палац Агінскага, дом Шапкіна, дзве студні.

Узгорскі замак быў блізкі ад чатырохкутніку, з усходняга і паўднёвага бакоў яго агінала р. Віцьба, з заходняга — Заходняя Дзвіна, паўночны бок не меў абарончых сцен (менавіта ў гэтым напрамку ішло далейшае развіццё гораду). Умацаванні замку ўзніклі, відаць, у часы Кіеўскай Русі. У XVII ст. выконваў ролю ўмацаванага пасаду (вядомы як Узгорскі горад або Астрог). Меў драўляныя сцены, тры брамы (Падзвінская, Суражская, Кстоўская), шэсць вежаў (Прачысценская, Рагавая, две Сярэднія, Кутняя, Узгорская), два раскаты (Прачысценскі, Мікольскі), Мяшчанскі круглік. Планіровачная структура развітая. Галоўная вуліца — Вялікая Узгорская, звязала Узгорскі і Ніжні замкі. Другая вуліца пачыналася ад Суражскай брамы, трэцяя — ад Падзвінскай. На іх скрыжаванні (каля мосту цераз Віцьбу) сфармаваўся адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр з гасціным дваром і крамамі, якія ўтваралі гандлёвую плошчу. На тэрыторыі замку былі Увядзенская, Праабражэнская, Васкрасенскія цэрквы, млын. Даўжыня лініі абароны 1111 м. Перад валамі і брамамі ўсіх замкаў былі дадатковыя ўмацаванні, чатыры брамы з пад’ёмнымі мастамі.

Замкі разбураныя ў XVIII ст.

 

М.А. Ткачоў, Т.I. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Існаваў у XVIII — пачатку XX ст. Заснаваны ў 1685 г. Пабудаваны ў 1737—68 гг. на ратушнай плошчы з цэглы ў стылі позняга барока па фундацыі Казіміра і Тэклі Саковічаў. Комплекс складаўся з касцёлу Святога Антонія і трохпавярховага П-падобнага ў плане манастырскага корпусу, якія ўтваралі замкнёны ўнутраны двор.

Касцёл — трохнефавая базіліка з паўкруглым апсідным завяршэннем цэнтральнага нефу і дзвюхвежавым галоўным фасадам, які быў арыентаваны на плошчу. Галоўны фасад касцёлу быў падзелены развітым антаблементам на два ярусы, аздоблены паўкалонамі і пілястрамі. Верхні ярус завершаны франтонам і дзвма вежамі з валютамі і фігурнымі купалкамі. Аконныя праёмы мелі лучковыя і паўцыркульныя арачныя завяршэнні. Інтэр’ер базілікальнага тыпу, двухсветлавы, быў аздоблены ордэрнай пластыкай і лепкай. Па баках прэсбітэрыя размяшчаліся сіметрычныя прастакутныя сакрысціі, у нартэксе — службовыя памяшканні і хоры над уваходам.

Манастырскі корпус меў галерэйную планіроўку і размяшчаўся ніжэй па рэльефу адносна касцёлу на цэлы паверх. З поўдня да яго прылягалі аднапавярховыя гаспадарчыя пабудовы, арганізаваныя вакол адкрытага трапецападобнага панадворку.

Комплекс разбураны ў 1930-я гады.

 

Т.В. Габрусь

 


ВІЦЕБСК. КАСЦЁЛЫ I КАЛЕГІЮМЫ ЕЗУІТАЎ


Назва двух комплексаў, якія існавалі ў XVII — пачатку XX ст. ў Віцебску на тэрыторыі Ніжняга замку.

1) У 1640—44 гг. па фундацыі слонімскага ваяводы Корвін-Гансеўскага пабудаваны драўляныя касцёл і калегіюм, у 1654 г. перабудаваны пад праваслаўны Аляксееўскі манастыр. На "Чарцяжы" Віцебску 1664 г. у цэнтры комплексу паказаны аднанефавы крыжападобны ў плане будынак касцёлу з трохяруснай вежай пры ўваходзе. Неф накрыты двухсхільным, крылы трансепту і вежа — шатровымі дахамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Існаваў яшчэ ў 1704 г., пасля быў разбураны шведамі.

2) У 1716—51 г. на месцы драўлянага храму пабудаваны мураваны касцёл у стылі позняга барока — трохнефавая крыжова-купальная базіліка з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Цэнтральны неф меў паўцыркульнае апсіднае завяршэнне з больш нізкімі прастакутнымі сакрысціямі па баках. Вежы і светлавы барабан на сяродкрыжжы завяршаліся наўсферычнымі купаламі. Дэкор фасадаў вызначаўся насычанай ордэрнай пластыкай і развітымі паясамі антаблементаў, шматлікімі пілястрамі і фігурнымі абрамленнямі праёмаў. У інтэр’еры быў вылучаны нартэкс з крывалінейнымі ў плане хорамі над уваходам. Нефы і трансепт былі перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі. Перабудаваны ў 1843 г. і 1872 г. двухпавярховы П-падобны ў плане мураваны калегіюм (будаўніцтва закончанае ў 1799 г.) разам з касцёлам утвараў прастакутны ўнутраны двор. Заходняе крыло калегіюму, якое не даходзіла да галоўнага фасаду касцёлу, завяршалася трохяруснай вежай з гадзіннікам. Фігурныя завяршэнні вежаў змененыя ў 1843 г.

Комплекс разбураны ў 1930-я гады.

 

Т.В. Габрусь

 


ВІЦЕБСК. КЛУБ МЕТАЛІСТАЎ


Пабудаваны ў 1932 г. (дойлід А. Васільеў) па вул. Энгельса, на набярэжнай Заходняй Дзвіны. Прыклад грамадскіх будынкаў новага тыпу ў савецкага дойлідства 1930-х гадоў. Мае складаную канфігурацыю плану. Вонкавы выгляд і інтэр’еры вызначаюцца строгасцю форм. Складаецца з дзвюх груп памяшканняў, якія маюць самастойныя ўваходы і аб’яднаны вестыбюлем. Першая — відовішчная, уключае вестыбюль, фае, універсальную глядзельную залу (для спектакляў, кінафільмаў, грамадска-палітычных мерапрыемстваў), спартовую залу (прыбудаваная ў 1940-я гады), дапаможныя памяшканні, другая група — клубная, размешчаная ў двухпавярховай частцы, якая пад прастым кутом прылягае да асноўнага аб’ёму.

 

А.А. Воінаў

 


ВІЦЕБСК. ЛАБАЗЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Збудаванне для гандлю і захавання зерня, мукі і інш. Узведзенае з цэглы ў 1774 г. паводле ўзорнага праекту на правым беразе р. Заходняя Дзвіна (цяпер на вул. Чайкоўскага). Цэнтральны і два бакавыя будынкі прастакутныя ў плане, злучаныя праезнымі аркамі, галоўнымі фасадамі арыентаваны на параходную прыстань, адкуль дастаўляліся тавары (захаваліся як асобныя будынкі цэнтральны і правы бакавы). Цэнтральны корпус — двухпавярховы, на галоўных восях сіметрычна вылучаныя два арачныя праёмы, паміж якімі — пілястры на ўсю вышыню будынку. Бакавыя карпусы — аднапавярховыя, кампазіцыя галоўных фасадаў такая ж: сіметрычна размешчаныя тры шырокія аркі, фланкіраваныя пілястрамі, паміж аркамі невялікія квадратныя аконныя праёмы. Дваровыя фасады карпусоў рытмічна расчлянёныя пілястрамі і прастакутнымі аконнымі праёмамі. У XIX ст. ў будынку захоўваліся саляныя запасы для аптовага гандлю.

Зараз у ім знаходзяцца ваенныя медыцынскія склады. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Т.I. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. МАСКОЎСКІ ПРАСПЕКТ


Адна з галоўных магістралей гораду, перасякае яго з захаду на ўсход, ад вул. Будзённага да ўсходняй ускраіны гораду. Створаны на месцы былой Смаленскай шашы (дойліды А. Бельскі, А. Данілава, В. Данілаў, Я. Ліневіч, Ю. Патапаў, В. Чарнышоў, Ю. Шпіт і інш.). Даўжыня каля 4 км, шырыня ад 72 да 100 м. Перасякае р. Заходнюю Дзвіну па мосце Блахіна, водна-зялёны дыяметр уздоўж ракі і транспартныя магістралі, якія звязваюць праспект з паўночнымі і паўднёвымі раёнамі гораду. Па цэнтры праспекту праходзіць адасобленае палатно для трамвайнага руху. Частка яго паміж вул. Будзённага і аднайменнай плошчай забудаваная ў пачатку XIX ст. На перасячэнні яго з вул. Леніна знаходзіцца пл. Перамогі. Своеасаблівае дойлідска-мастацкае аблічча праспекту ствараецца чаргаваннем адміністрацыйных будынкаў, карпусоў навучальных устаноў, прадпрыемстваў гандлю, жылых дамоў. Кампазіцыю забудовы паўночнага боку ўтварае рытм шасціпавярховых жылых дамоў (1963—65 гг., дойліды А. Фрыдман, У. Брэдзіс) з гандлёвымі прадпрыемствамі ў першых паверхах. На рагу Маскоўскага праспекту і пл. Перамогі знаходзяцца будынак Галоўпаштамту (1966 г., дойлід М. Алееў) і дзевяціпавярховы жылы дом з крамаю "Дзіцячы свет" (1968 г., дойлід А. Расейкін). Пры забудове паўднёвага боку праспекту выкарыстаны натуральны перапад рэльефу: жылыя дамы паднятыя на вышыню пешаходнай тэрасы, якая аб’ядноўвае памяшканні першых паверхаў шасціпавярховых жылых дамоў з крамамі "1000 дробязей" (1969 г., дойліды Алееў, З. Озерава) і "Цэнтральны" (1969 г., дойлід Фрыдман). На рагу праспекту і вул. Чкалава пабудаваны блок пяціпавярховых цагляных дамоў серыі 1—434 (1977 г., дойлід Р. Махмутаў), пластыку фасадаў якіх узбагачае рытм выступаў — аб’ёмаў лесвічных клетак. Вышыннай дамінантай праспекта з’яўляецца чатырнаццаціпавярховы жылы дом (1978 г., дойліды Данілаў, З. Даўгяла). У фарміраванні дойлідска-мастацкага аблічча значную ролю адыгрывае комплекс будынкаў педінстытуту імя С.М. Кірава (1973 г., дойліды У. Зубкоў, Э. Конаш). Працягам забудовы паўднёвага боку праспекту з’яўляюцца дзевяціпавярховыя жылыя дамы (дойліды Данілаў, В. Лукомскі, Даўгяла), завяршае забудову дзевяціпавярховы адміністрацыйны корпус "Аблкалгасбуду" (1981 г., дойлід У. Малахаў). Ва ўсходняй частцы, у зоне мікрараёнаў Поўдзень-3 і Поўдзень-4, яго дойлідскае аблічча вызначае спалучэнне 5—9-павярховых буйнапанельных жылых дамоў, дзевяціпавярховы корпус "Віцебсксельбудпраекту".

 

В.П. Андаралаў

 


ВІЦЕБСК. ПАЛАЦ АГІНСКАГА


Існаваў у сярэдзіне XVII — 1-й палове XIX ст. ў Віцебску на тэрыторыі Ніжняга замку (глядзі артыкул "Віцебск. Замкі"). Быў пабудаваны ў стылі рэнесансу. Адзін з найбуйнейшых мураваных манументальных будынкаў Віцебску, як сімвал гораду адлюстраваны ў пачатку XVIII ст. на чарцяжы Заходняй Дзвіны, яго выява змешчаная на "Чарцяжы" Віцебску 1664 г. У XVIII ст. ў доме размяшчалася базыльянская школа. У 1-й палове XIX ст. вядомы як "дом з купалам". Меў складаную асіметрычную кампазіцыю. Асноўны двухпавярховы прастакутны ў плане аб’ём завяршаўся двухсхільным дахам са ступеньчатым шчытом у тарцы. З аднаго боку да яго прылягала высокая гранёная вежа, завершаная складаным па малюнку купалам, з другога — невялікім аб’ём, накрыты двухсхільным дахам і аформлены ў другім ярусе кансольна-бэлечнай галерэяй з разьбянай балюстрадай. Галоўны ўваход вырашаўся ў выглядзе васьміграннага данжона з шатровым пакрыццём і цыбулькай-макаўкай у завяршэнні. На другі ярус вяла парадная вонкавая лесвіца.

Не збярогся.

 

А.М. Кулагін

 


ВІЦЕБСК. ПАЛАЦ ГУБЕРНАТАРА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску да 1772 г. на вул. Дварцовай (сучасная вул. Савецкая, 18). Асноўны трохпавярховы будынак пастаўлены на высокім беразе Заходняй Дзвіны памешчыкамі Кудзіновічамі, у 1806 г. куплены для перабудовы пад палац генерал-губернатара. У 1811 г. да паўночнага боку асноўнага корпусу прыбудаваны двухпавярховы П-падобны ў плане службовы корпус (дойлід Ф. Санкоўскі) з параднай залай і царквой на другім паверсе. Аб’ядноўваў службовыя памяшканні і жылыя пакоі, меў унутраны двор складанай канфігурацыі. Галоўны фасад, арыентаваны на невялікую плошчу з помнікам героям вайны 1812 г., вылучаны рызалітам, завершаным атыкам, і ўпрыгожаны порцікам з чатырма паўкалонамі дарычнага ордэру, якія падтрымліваюць балкон. Такі самы порцік аздабляе бакавы фасад, арыентаваны на Захднюю Дзвіну, і замыкае фасад двухпавярховага корпусу. Фасады апрацаваныя рустам, завершаныя карнізам і атыкамі. Быў рэзідэнцыяй генерал-губернатараў і губернатараў. У 1812 г. палац — штаб-кватэра Напалеона. У 1917 г. у палацы размяшчаўся Віцебскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. У II Сусветную вайну палац спалены. Адноўлены пасля вайны. Першапачатковая планіроўка змененая.

У будынку размешчана адміністрацыйная ўстанова. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

В.Ф. Марозаў

 


ВІЦЕБСК. ПЛОШЧА ПЕРАМОГІ

 

Ансамбль плошчы канчаткова сфармаваўся ў 1970-я гады (аўтары праекту забудовы дойліды А. Бельскі, В. Данілаў, З. Конаш, З. Озерава, А. Расейкін, А. Фрыдман, Ю. Шпіт, праекту планіроўкі і добраўпарадкавання А. Данілава, З. Даўгяла, Р. Княжышча, інжынер-азеляніцель Л. Нячай). Прастора прастакутнай у плане плошчы (380х190 м) абмежаваная Маскоўскім праспектам, вул. Жасткова і набярэжнай Заходняй Дзвіны. Мае вялікае функцыянальнае і дойлідска-мастацкае значэнне для грамадскага цэнтру і гораду ў цэлым. Размешчаная на перакрыжаванні дзвюх агульнагарадскіх магістралей (вул. Леніна і яе працягу пр-ту Чарняхоўскага з Маскоўскім праспектам), яна служыць важным транспартным вузлом. Адначасова гэта цэнтр вялікага новага раёну забудовы, мемарыяльны ансамбль, комплекс абслугоўвання і месца адпачынку. Своеасаблівае аблічча плошчы ствараецца горадабудаўнічымі і ландшафтнымі ўмовамі, цэласнасцю дойлідска-мастацкай задумы, падпарадкаванай тэме гераічнай барацьбы за незалежнасць Радзімы ў гады II Сусветнай вайны. Ад вул. Леніна, якая падзяляе плошчу на две зоны — мемарыяльную і адпачынку, фронт забудовы ўтвараюць пяціпавярховыя жылыя дамы, пастаўленыя ў 1950-я гады. На процілеглым баку — жылыя дамы з гандлёвымі прадпрыемствамі ў першых паверхах. З боку Маскоўскага праспекту плошчу замыкаюць дзевяціпавярховы першы ў рэспубліцы каркасна-панельны жылы дом на 280 кватэр з крамаю "Дзіцячы свет" (дойлід Расейкін, 1966 г.), шаснаццаціпавярховы жылы дом з падоўжным двухпавярховым аб’ёмам, зблакіраваны з кінатэатрам "Беларусь". Процілеглы бок арыентаваны на р. Заходняя Дзвіна і зарэчную частку гораду. Кампазіцыйны цэнтр ансамбля, кульмінацыя ў раскрыцці асноўнай вобразнай ідэі — помнік вызваліцелям на беразе ракі. Аўтары адмовіліся ад традыцыйнага рамяшчэння помніка ў цэнтры плошчы і надалі ўсёй кампазіцыі асіметрычны дынамічны характар. Урачыстая эспланада звязвае помнік з вул. Леніна. У аснове азелянення плошчы ландшафтны прынцып, пераважае зялёны газон з маляўнічымі групамі хмызняку і невысокіх дрэў, які дапаўняецца "альпійскімі горкамі", групамі натуральнага каменю, дэкаратыўнай тэматычнай скульптурай і іншымі малымі формамі дойлідства. Цэнтрам кампазіцыі гэтай часткі з’яўляецца фантан з 200 вертыкальнымі струменямі. Для стварэння малых дойлідскіх форм і машчэння дарожак выкарыстаны бетон, пластабетон, бутавы камень, гранітныя пліты.

Мемарыяльны комплекс у гонар саецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны на пл. Перамогі. Створаны ў 1974 г. (дойлід Ю. Шпіт, скульптары Б. Маркаў, Я. Печкін; бетон з мармуровай крошкай, лабрадарыт, чырвоны і шэры граніт, бронза, чыгун). Плошча мемарыяла знаходзіцца ніжэй за ўзровень пл. Перамогі (да яе вядуць 14 прыступак) і мае форму выцягнутага прастакутніка. Да галоўнага манументу пракладзена дарога паміж двума доўгімі басейнамі, з вонкавых бакоў якіх пастаўлена па пяць прастакутных пілонаў, на кожным з іх лічбы, што абазначаюць адзін з гадоў II Сусветнай вайны. Па цэнтральнай восі мемарыялу на высокім абрыве над ракой узвышаецца галоўны манумент, які сімвалізуе аб’яднаныя намаганні Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў у вызваленні Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Галоўны манумент складаецца з трох трапецападобных пілонаў-абеліскаў (вышыня 56 м), рэзка звужаных уверсе і аб’яднаных на вышыні 5 м трохгранным звонку і круглым знутры маналітным скульптурным рэльефам, на гранях якога сюжэтныя кампазіцыі "Воіны", "Партызаны", "Падпольшчыкі". У сярэдзіне галоўнага манументу сімвалічны пантэон: пілоны-абеліскі злучаныя кальцом-фрызам з надпісам "Слава героям", завершаны паўсферай з адтулінай уверсе ў выглядзе пяціканцовай зоркі з чырвонага граніту — Вечны агонь. Галоўны манумент адметны яснасцю ідэі і выразнасцю пластыкі рэльефаў, гармоніяй усіх элементаў прасторавай кампазіцыі. Да Заходняй Дзвіны ад манумента вядуць тры шматступеньчатыя лесвіцы. Плошча мемарыялу пакрытая чырвоным бетонам, акаймавана зялёнымі газонамі і абмежаваная падпорнымі сценкамі з паліраванага чырвонага граніту.

 

А.А. Воінаў, М.М. Яніцкая

 


ВІЦЕБСК. ПЛОШЧЫ


Рыначная і Саборная плошчы — горадабудаўнічыя ансамблі XVI — пачатку XX ст. у цэнтры сучаснага Віцебску, па берагах р. Віцьба.

Былыя Рыначная (цяпер безыменная плошча перад абласным краязнаўчым музеем, на перакрыжаванні вуліц Леніна і Суворава) перад будынкам ратушы і Саборная (цяпер пл. Свабоды, на скрыжаванні вуліц Леніна і Замкавай) плошчы фарміраваліся ў два этапы. На першым у XVI — сярэдзіне XVII стст. склаліся две ізаляваныя плошчы з драўлянымі забудовамі. Рыначная плошча — на тэрыторыі Узгорскага замка як гандлёвы цэнтр; на ёй знаходзіліся ратуша, гасціны двор і крамы, пастаўленыя па перыметры прастакутнага панадворку.

Саборная плошча — на тэрыторыі Ніжняга замку як культавы цэнтр; знаходзілася перад Аляксееўскім манастыром (пабудаваны ў 1654 г., спачатку тут была царква Параскевы, з 1644 г. касцёл і калегіюм езуітаў, (глядзі артыкул "Віцебск. Касцёлы і калегіюмы езуітаў").

Плошчы аддзяляліся адна ад адной драўлянымі абарончымі ўмацаваннямі, злучаліся праезной брамай Валконскі круглік, што стаяла каля мосту цераз Віцьбу. На другім этапе ў канцы XVIII — пачатку XX стст. ў выніку ажыццяўлення рэгулярных планаў набылі адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю з мураванымі збудаваннямі. У ансамбль Рыначнай плошчы, акрамя будынкаў ратушы ў цэнтры і гандлёвых радоў па баках яе, уваходзілі Васкрасенская царква (заходняя частка, з 1772 г., гладзі артыкул "Віцебск. Васкрасенскія цэрквы") і касцёл і кляштар бернардынаў (усходняя частка, з 1685 г. драўляны, з 1755 г. мураваны). Саборная плошча склалася як адміністрацыйны цэнтр. У ансамбль яе ўваходзілі комплекс езуіцкага касцёлу (пабудаваны ў 1751 г.) і калегіюму (пабудаваны ў 1799 г.; усходняя частка) і будынак акруговага суду (усходняя частка). Плошчы былі раскрытыя да р. Віцьба, цераз якую ў 1811—14 гг. пабудаваны мураваны мост (спачатку быў драўляны), а ў канцы XIX ст. з пракладкай па вул. Пецярбургскай (сучасная вул. Леніна) трамвайнай лініі — і трамвайны (з 1957 г. называецца Кастрычніцкі мост).

 

Т.І. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. ПОМНІК ГЕРОЯМ ВАЙНЫ 1812


Пабудаваны ў 1911—12 г. (дойлід I. Фамін), адкрыты 6.12.1912 г. Пастаўлены на ўшанаванне памяці воінаў, якія ў баях пад Віцебскам 13—15.7 і 26.10.1812 г. праявілі мужнасць і стойкасць у барацьбе з французамі. Будаўнічымі работамі кіраваў віцебскі гарадскі дойлід Ц. Кібардзін. Уяўляе сабой чатырохгранны суцэльны абеліск з чырвонага граніту (вышыня 26 м), пастаўлены на часткова расчлянёны прастакутны п’едэстал і завершаны дзвюхгаловым арлом на шары. Абеліск ад п’едэсталу аддзяляюць чатыры маленькія вуглавыя блокі з прасветамі паміж імі. На вертыкальнай плоскасці п’едэсталу — пліта з надпісам. Па кутах пліты-асновы ўмацаваныя чатыры чыгунныя гарматы. Помнік меў горадабудаўнічае значэнне: яго вертыкаль замыкала перспектыву вул. Дварцовай (сучасная вул. Савецкая).

 

В.М. Чарнатаў

 


ВІЦЕБСК. РАТУША


Помнік дойлідства XVIII ст. з элементамі позняга барока і класіцызму. Пабудаваная ў Віцебску на былой Рыначнй плошчы (сучасная вул. Леніна, 36). Першапачаткова, пасля атрымання горадам магдэбургскага права ў 1597 г., на тэрыторыі Узгорскага замку (глядзі артыкул "Віцебск. Замкі") была ўзведзеная драўляная ратуша з арыентаваным на Заходнюю Дзвіну фасадам. За ўдзел віцебскіх мяшчан у паўстанні і забойства ўніяцкага архіепіскапа I. Кунцэвіча "рашэннем камісарскага суду... ад 22 студзеня 1624 году" ратушу было загадана "зараз жа разбурыць, а замест яе дазваляем мець гасціны двор, як было і раней". Пасля вяртання гораду магдэбургскага права ў 1644 г. ратуша была адноўленая. Верагодна, менавіта яе выява была змешчаная на "Чарцяжы" Віцебску. Прастакутны ў плане будынак завяршаўся чатырохскатным шатровым дахам, на якім знаходзілася дазорная вежа з галоўкай і шпілем. Цокальны і першы паверхі, рэшткі якіх выяўленыя ў падвале ратушы, былі выкананыя з цэглы ў рэнесанснай муроўцы. Характар арыентацыі будынку дазваляе меркаваць, што ўцалеў фрагмент яго галоўнага фасаду з аконнымі і дзвярнымі праёмамі першага паверха і цокаля. Да ратушы далучаліся гасціны двор і крамы, якія размяшчаліся па перыметры невялікай гандлёвай плошчы. Будынак ратушы неаднойчы знішчалі пажары (1708 г., 1733 г., 1752 г.). У 1775 г. была ўзведзеная мураваная ратуша, якая стала кампазіцыйным цэнтрам Рыначнай плошчы (глядзі артыкул "Віцебск. Плошчы"). Пасля далучэння гораду да Расейскай імперыі і скасавання магдэбургскага права ў будынку размяшчаліся паліцэйская ўправа, галоўны суд, 2-і дэпартамент, гаўптвахта, пажарны двор; з 2-й паловы XIX ст. — гарадская дума. Прастакутны ў плане двухпавярховы будынак, у цэнтры якога ўзвышалася чатырохярусная вежа, завершаная шатром са шпілем. Галоўны фасад арыентаваны на р. Віцьбу. Дойлідскае аблічча было вырашанае ў пэўным проціпастаўленні розных частак будынку: вежы з выразнымі рысамі барока і асноўнага корпусу з элементамі дэкору, характэрнага класіцызму. У канцы XVIII — пачатку XIX стст. з боку тарцовых фасадаў да ратушы былі прыбудаваныя два мураваныя двухпавярховыя з крамамі на першым паверсе жылыя дамы, якія ўтварылі ўнутраны дворык. У 1873—75 гг. праведзеная значная ўнутраная перапланіроўка, звязаная з перамяшчэннем гарадской думы на другі паверх і паліцэйскай управы на першы. У 1883 г. на вежы ўстаноўлены гадзіннік, замест шатровага даху была ўзведзеная вежа-ратонда. У 1911 г. над ратушай надбудаваны трэці паверх, у выніку чаго быў закрыты ніжні ярус вежы, парушыліся прапорцыі і будынак набыў пэўную масіўнасць. Да галоўнага ўваходу прыбудаваны тамбур. Будынак неаднойчы перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся (1913 г., 1944 г., 1970-я і 1980-я гады). Пад час перабудоў вокны другога і трэцяга паверхаў набылі паўцыркульныя завяршэнні. Зараз гэта трохпавярховы прастакутны ў плане будынак, над якім у цэнтры галоўнага фасаду ўзвышаецца трох’ярусная вежа. Тарцовыя фасады завершаныя трохкутнымі шчытамі з двума вокнамі-люкарнамі. Сцяна галоўнага фасаду дэкарыравана пілястрамі на вышыню двух паверхаў, паміж другім і трэцім паверхамі — прафіляваны карніз (XVIII ст.). Новыя элементы дэкору, выкарыстаныя ў афармленні корпусу, у пэўнай ступені пераклікаюцца з дэкорам вежы (верагодна, гэта было зроблена з мэтай зрокавага памяншэння масіўнасці шляхам дапасавання дойлідскіх дэталяў абедзвюх частак будынку). Тамбур у цэнтры галоўнага фасаду вылучаны дзвюма паўкалонкамі і завершаны атыкам. На другім паверсе сіметрычна размешчаныя два балконы з ажурнай металічнай агароджай. Ярусы вежы маюць крывалінейныя абрысы, падзелены прафіляванымі карнізамі. У інтэр’еры па ярусах вежы праходзяць вітыя ўсходы, якія вядуць да вежы-ратонды. У будынку размешчаны Віцебскі абласны краязнаўчы музей.

Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Т.I. Чарняўская, I.М. Чарняўскі

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА ДАБРАВЕШЧАННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік старажытна-рускага дойлідства. Пабудаваная на левым беразе Заходняй Дзвіны на месцы былога рамесніцка-гандлёвага пасаду Ніжняга Замка ў сярэдзіне XII ст. Першая дакладная выява помніка — на "Чарцяжы" Віцебску 1664 г. Спосаб разбіўкі плану і першапачатковае канструкцыйнае вырашэнне даюць падставу сцвярджаць, што царква была пабудаваная балканскімі дойлідамі. У 1129 г. пяцёра полацкіх князёў былі сасланы ў Візантыю. Праз дзесяць гадоў яны вярнуліся і прывезлі з сабой балканскіх майстроў у Полацкую зямлю, дзе да таго часу ўжо пачала складвацца самастойная Полацкая школа дойлідства. Царква шмат разоў перабудоўвалася. У 1619 г., калі яна стала уніяцкай, заменены барабан, а да заходняга фасаду была прыбудаваная званіца. У 1759 г. храм быў перабудаваны ў барочных формах: ён стаў дзвюхвежавы з сігнатурай замест барабану. У 1862 г. у час русіфікатарскай палітыкі царызму набыла рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. Царква — шасцістаўповы трохапсідны храм, узведзены з часаных блокаў вапнавага каменю. Гарызантальныя рады блокаў чаргуюцца з 2—4-ма радамі тонкіх плінфаў. Сцены былі замацаваныя двума радамі бярвён. Будынак меў высокі цокаль. У плане — выцягнуты па падоўжнай восі прастакутнік, завершаны на усходзе паўкруглай апсідай, якая мае трапецападобную віму (адзіны прыклад у старажытна-рускім дойлідстве). Меншыя бакавыя апсіды размяшчаюцца ў тоўшчы ўсходняй сцяны і не выяўленыя звонку. Агульныя памеры царквы 28x54 локця (1 локаць=0,40 м). Асаблівасцю планіроўкі з’яўляецца змяшчэнне галоўнага ўваходу адносна падоўжнай восі ў правы бок. Гэта звязана з тым, што ў левай частцы заходняй сцяны была зробленая лесвіца на хоры. Каб пазбегнуць дысанансу ва ўспрыняцці ўнутранай прасторы, цэнтральнае акно апсіды адсунута на такую ж адлегласць. Бакавыя фасады былі падзеленыя лапаткамі на амаль роўныя часткі, пры гэтым унутраныя чляненні не супадалі з вонкавымі. Да паўднёвага і паўночнага фасадаў былі прыбудаваныя невялікія прытворы. Усе сцены царквы звонку былі атынкаваныя і падзеленыя на квадры. Благаешчанская царква аказала значны ўплыў на полацкае дойлідства ў XII ст., асабліва на планіровачную схему і выкарыстанне дадатковых невялікіх алтароў на хорах (Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Аднак прынцыпы, пакладзеныя ў аснову будаўніцтва Благавешчанскай царквы, не знайшлі развіцця ў полацкім дойлідстве. Царква была багата ўпрыгожаная фрэскамі, вытрыманымі ў карычнева-чырвонай, ружова-жоўтай, зялёна-блакітнай каляровай гаме. Зберагліся: выява анёла, геаметрычны ўзор вакол праёмаў і ўздоўж сцен каля падлогі, тры графіці, якія пакрывалі сцены царквы, на партале выявы крыжа з манаграмай Хрыста і выява воіна (захоўваецца ў Віцебскім краязнаўчым музеі).

У 1962 г. царква разбураная, у 1977 г. праведзеная кансервацыя яе рэшткаў паводле праекту спецыялізаваных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры Беларусі. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Г.А. Лаўрэцкі

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА КАЗАНСКАЯ


Помнік дойлідства XVIII ст. Пабудавана ў 1760 г. на правым беразе р. Заходняя Дзвіна як Пакроўская царква праваслаўнага Маркавага манастыру, які існаваў тут з XV ст. Мае рысы стылю ранняга класіцызму, у якім прасочваюцца элементы барока. У 1847 г. да царквы з захаду зробленая прыбудоўка — Мітрафанаўская царква. Спачатку храм быў крыжова-купальны. Да асноўнага прастакутнага ў плане аб’ёму з трыма паўцыліндрычнымі апсідамі прылягае развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя часткі царквы і прытвора маюць трохкутныя франтоны з паўцыркульнымі праёмамі. На цэнтральнай апсідзе размешчаная ляпная дэкаратыўная рама штучнага акна — бленды. Інтэр’ер царквы дзвюма сценамі з арачнымі праёмамі падзелены на тры нефы: цэнтральны завяршаецца апсідай, якая значна выступае наперад, бакавыя — невялікія апсідамі. У цэнтры галоўнага нефу — драўляны светлавы ліхтар. Перакрыцде драўлянае, бэлечнае.

 

Т.I. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Існавала ў Віцебску ў 2-й палове XVIII — пачатку XX ст. Пабудаваная ў 1799 г., перабудавана ў 1853 г. У дойлідстве будынку спалучаліся традыцыйныя рысы культавага драўлянага дойлідства Паўночна-заходняй Беларусі і асобныя элементы класіцызму. Драўляны крыжова-купальны храм з пяціграннай апсідай з дзвюма прыбудоўкамі па баках. Над сяродкрыжжам — купал на шасцігранным барабане з вялікай цыбулепадобнай галоўкай. Пры ўваходзе прастакутны ў плане бабінец, над якім узвышалася двух’ярусная вежа-званіца, завершаная купалам са шпілем. З паўдёвага боку да царквы далучаўся другі аб’ём ("цёплая" царква) з трохграннай апсідай.

 

Згарэла ў 1904 г.

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА

 

Існавала ў XVII ст. на тэрыторыі Верхняга замку. Складалася з двух прастакутных у плане асноўнага і алтарнага зрубаў, накрытых двухсхільнымі дахамі. Асноўны зруб завяршаўся чацверыковай вежачкай з шатровым пакрыццём. Галоўны фасад быў упрыгожаны невялікай адкрытай галерэяй з балясавай агароджай.

Выява змешчаная на "Чарцяжы" Віцебску 1664 г.

 

 

ВІЦЕБСК. ЦАРКВА СВЯТАДУХАЎСКАЯ


Існавала ў XVI—XVII стст. на тэрыторыі Заручаўскай слабады. Складаны па кампазіцыі мураваны будынак, увянчаны пяццю шатровымі вярхамі з галоўкамі на светлавых барабанах. Бабінец унутры чляніўся на два ярусы: у верхнім размяшчаліся хоры, якія з боку галоўнага фасаду асвятляліся вокнамі — трыма высокімі прастакутнымі і адным круглым.

Вядомая паводле "Чарцяжу" Віцебску 1664 г.

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА СВЯТОГА ПРАРОКА ІЛЛІ


Існавала ў XVIII(XVII?) — пачатку XX стст., пабудаваная з дрэва ў 1746 г. (паводле іншых звестак у 1643 г.). Чатырохзрубны храм крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі з трох бакоў быў абкружаны галерэяй. Зрубы (тры пяцігранныя і прастакутны ў плане бабінец) завяршалі высокія шатры з галоўкамі. Сяродкрыжжа было накрытае чатырохсхільным шатром з невялікім прагінам кожнага схілу ўверсе і завершанае двухяруснай вежачкай з васьмерыковым барабанам і барочнымі купалкамі. Уваходы былі аформленыя ганкамі. Сцены былі вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, аздобленыя разным карнізам, вокны прастакутныя, у галерэі — рамбічныя. У інтэр’еры зрубы перакрываліся самкнутымі скляпеннямі, сяродкрыжжа — васьмігранным скляпеннем, павернутым адносна шатровага пакрыцця на 22,5°. Над уваходам вузкія хоры. Побач з царквой размяшчалася трох'ярусная зрубна-каркасная званіца, накрытая пакатым шатром.

Згарэла ў 1904 г.

 

Т.В. Габрусь

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА СВЯТОГА СІМЕОНА


Існавала ў XVII ст. у Задзвінскай слабадзе. Дзвухзрубны драўляны будынак складаўся з прастакутнага ў плане асноўнага аб’ёму і алтарнай часткі, завершаных двухсхільнымі дахамі. Цэнтр асноўнага аб’ёму быў увянчаны высокай складанай па форме купальнай вежачкай з дэкаратыўнымі крыжам.

Вядомая паводле "Чарцяжу" Віцебску 1664 г.

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА СПАСА-ПРААБРАЖЭНСКАЯ


Існавала ў XVII ст. на тэрыторыі Узгорскага замку. Пабудаваная з дрэва ў традыцыі Віцебскай школы дойлідства. Драўляная пабудова складалася з высокіх прастакутных у плане асноўнага аб’ёму і гранёнай апсіды, накрытых двухсхільнымі дахамі, і трохяруснай званіцы (два ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні з высокімі вузкімі вокнамі ўвянчаны васьмерыковым купалам). Асноўны аб’ём завяршаўся галоўкай на высокім барабане. Фасады расчляняліся высока размешчанымі прастакутнымі аконнымі праёмамі.

Вядомая паводле "Чарцяжу" Віцебску 1664 г.

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ МАРКАВА МАНАСТЫРА


Існавала ў XVII — пачатку XX стст. Пабудаваная з дрэва ў 1691 г. на правым беразе Заходняй Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўленая на фундаменце крыжовага драўлянага храму (заснаваны ў 1633 г.), знішчанага пажарам. Царква чатырохзрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы пяцігранныя, заходні прастакутны ў плане, паміж крыламі трансепту і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрытыя самкнутымі купаламі і накрытыя невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак абкружаўся вялікай абходнай галерэяй на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Сцены былі вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны падвойныя, з паўцыркульнымі завяршэннямі. У інтэр’еры вузкія хоры размяшчаліся па перыметры зруба бабінца і пераходзілі ў крылы трансепту.

Знесеная ў 1920-я гады.

 

Т.В. Габрусь

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ НА ПЕСКАВАТЫКУ


Існавала ў XVIII — пачатку XX стст. Пабудавана з дрэва ў 1761 г. па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарам з 1618 г. Належала цэху цаніннікаў. Вырашаная ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. пяцізрубны храм крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны васьмігранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невялікі купалок з галоўкай, чатыры прастакутныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрытыя двухсхільнымі дахамі з трохкутнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вялікая шматгранная ў плане абходная галерэя, двух’ярусная званіца з пакатым шатром пры ўваходзе (з захаду) і невялікія прыбудовы рызніц па баках алтарнага зруба (з усходу). Сцены былі вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі.

Знесеная ў 1920-я гады.

 

Т.В. Габрусь

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА ЎВЯДЗЕНСКАЯ


Існавала ў XVII ст. на тэрыторыі Ўзгорскага замку. У збудаванні адлюстраваныя традыцыі Віцебскай школы дойлідства. Драўляная пабудова складалася з трох аб’ёмаў: двух’яруснага цэнтральнага чацверыковага, завершанага чатырохсхільным дахам, гранёнай апсіды з шатровым дахам, чацверыковай званіцы, завершанай ізбіцай і шатровым дахам з купалам (фланкіравала галоўны фасад з паўночнага захаду і мела самастойны ўваход). Усе дахі ўвянчаныя купальнымі галоўкамі на светлавых барабанах.

Яе выява змешчаная на "Чарцяжы" Віцебску 1664 г.

 


ВІЦЕБСК. ЦАРКВА ЎСПЕНСКАЯ I МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН


Пабудаваны ў Віцебску на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Вядомы з 1682 г., калі па фундацыі падкаморыя віцебскага Я. Кіселя былі заснаваныя драўляныя уніяцкая Успенская царква (існавала да 1708 г.) і манастыр пры ёй.

Мураваная царква (з 1799 г. Успенскі сабор) была пабудаваная ў 1715—43 гг. (дойлід I. Фантана III) у стылі сталага барока па фундацыі Мірона Галузы. Мела надзвычай развітую аб’ёмна-прасторавую структуру пяцінефавай крыжова-купальнай базілікі з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Паўкруглае апсіднае завяршэнне цэнтральнага нефу было абкружанае абходнай галерэяй — працягам сярэдніх нефаў. Крайнія нефы падзяляліся на шэраг капэл, якія разам з крыламі трансепту і сакрысціямі былі ўкампанаваныя ў агульны прастакутны план. Галоўны фасад адпаведна нефам меў пяцічасткавае чляненне, падкрэсленае групоўкай пілястраў. Сярэдняя выгнутая ўперад частка завяршалася трохкутным франтонам, чатырохярусныя вежы па баках — фігурнымі купалкамі. Сяродкрыжжа ўвенчваў магутны светлавы васьмігранны барабан са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаная ордэрная пластыка, філёнгавыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Інтэр’ер меў тры ярусы асвятлення. Цэнтральны неф і трансепт былі перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, сярэднія нефы — крыжовымі, капэлы — сферычнымі купаламі. Храм разбураны ў II Сусветную вайну.

У 1775 г. было завершанае будаўніцтва двух мураваных манастырскіх корпусаў, якія размяшчаліся паабапал Успенскай царквы і разам утваралі ўнутраны двор.

Манастырскі корпус № 1 (вул. Політэхнічная, 2, цяпер тут станка-інструментальны тэхнікум) — трохпавярховы, Т-падобны ў плане, галоўным фасадам арыентаваны на Заходнюю Дзвіну. Мае калідорную сістэму планіроўкі: уздоўж аднабаковага калідора, перакрытага цыліндрычнымі скляпеннямі, першапачаткова размяшчаліся келлі і розныя службовыя памяшканні. З боку дваровага фасаду прыбудаванае двухпавярховае крыло, дзе на першым паверсе знаходзілася трапезная, на другім — бібліятэка. Галоўны фасад аздоблены пілястрамі на ўсю вышыню будынку, паміж якімі размешчаныя прастакутныя аконныя праёмы з простымі ліштвамі і падаконнымі нішамі, будынак завершаны тонкапрафіляваным карнізам.

Манастырскі корпус № 2 (вул. Крылова, 7, цяпер тут філіял Віцебскага краязнаўчага музея) — двухпавярховы, Г-падобны ў плане. У закругленай вуглавой частцы будынку знаходзілася "цёплая" царква. Корпус мае калідорную сістэму планіроўкі з крыжовымі (у памяшканнях) і цыліндрычнымі (у калідоры) скляпеннямі. Плоскасць сцяны галоўнага фасаду падзеленая міжпаверхавым паяском, мае прастакутныя аконныя праёмы і завершаная па цэнтры трохкутным франтонам. У закругленай вуглавой частцы аконныя праёмы лучковыя з ліштвамі і простымі сандрыкамі, цокаль дэкарыраваны філёнгамі з прастакутнымі аконнымі праёмамі.

Манастырскія карпусы — помнікі рэспубліканскага значэння.

 

Т.В. Габрусь, Т.I. Чарняўская

 


ВІЦЕБСК. ЦЭРКВЫ ВАСКРАСЕНСКІЯ


Існавалі ў XVI—XIX стст. Драўляная царква на ратушнай плошчы Віцебска, пабудаваная ў XVI ст. (паказаная на "Чарцяжы" Віцебску 1664 г.). Складалася з трох зрубаў: асноўнага, алтарнага і бабінца з вежай над ім, накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. На яе месцы, побач з крамамі, у 1772 г. па фундацыі Мікалая Смыка пабудаваная ў стылі позняга віленскага барока мураваная ўніяцкая царква (рыначная); арыентацыя алтару змененая з усходу на поўнач. Аднанефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія надавалі будынку прастакутны план, дзыюхвежавы галоўны фасад меў складаную хвалістую паверхню. Тарцы высокага даху на галоўным фасадзе і над апсідай закрываліся фігурнымі атыкавымі франтонамі. Сцены былі аздобленыя плоскімі пілястрамі і завершаныя прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаныя стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі. З 1865 г. праваслаўная царква.

Разбураная ў 1930-я гады.

 

Т.В. Габрусь

 


ВІЦЕБСК. ЧЫГУНАЧНЫ ВАКЗАЛ


Пабудаваны ў 1866 г., калі праз горад была пракладзеная Рыга-Арлоўская чыгунка. У гады II Сусветнай вайны пашкоджаны. У 1954 г. зроблены новы будынак вакзалу (дойлід Б. Мезенцаў). Размешчаны на цэнтральнай восі Прывакзальнай плошчы, замыкае перспектыву вул. Кірава. Дамінуючым у аб’ёмна-прасторавым вырашэнні сіметрычнага прастакутнага ў плане цаглянага будынку з’яўляецца цэнтральны аб’ём з 2—4-павярховымі бакавымі крыламі. Кампазіцыя галоўнага фасаду цэнтральнага аб’ёму заснаваная на рытме трох буйных арачных праёмаў на ўсю вышыню. У дойлідстве фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаныя дэкаратыўныя элементы класічнай спадчыны (пілястры, капітэлі, паўкалоны і інш.). Інтэр’еры апрацаваныя мармурам, тынкам, гіпсам. У цэнтральным аб’ёме размешчаны вестыбюль, які аб’ядноўвае першы і другі паверхі, касавыя залы, у крылах — службовыя і дапаможныя памяшканні, касавыя залы, рэстаран і інш.

 

А.А. Бельскі

 


ВІЦЕБСКАЯ ШКОЛА ДОЙЛІДСТВА


Самабытная школа дойлідства, якая склалася ў драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве Віцебска. Сфармавалася пад уплывам рэнесансу і атрымала новае развіццё ў XVIII ст. пад уплывам стылю барока. Спецыфічныя рысы школы — развіццё ярусных асіметрычных (потым і сіметрычных) кампазіцый, дзе кожны аб’ём трактаваўся як самастойнае дойлідскае цэлае, супадпарадкаванае агульнай кампазіцыі будынку. Такі характар кампазіцый вызначаўся складаным жывапісным рэльефам і шчыльнасцю тэрытарыяльнай забудовы гораду. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым будаўніцтве — вежах Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў (глядзі артыкул "Віцебск. Замкі"), сярод якіх вылучаліся сваёй выразнасцю і манументальнасцю "круглікі": Мяшчанскі, Шарамецеў, Духаўскі, Валконскі. Такая ж кампазіцыя была пакладзена ў аснову ратушы. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й паловы XVII ст.: т.зв. дом Шапкіна, палац Агінскага. У культавым дойлідстве таксама развіваліся пераважна асіметрычныя дынамічныя кампазіцыі, якія складаліся з галоўнага аб’ёму, алтарнай апсіды і званіцы (Увядзенская, Праабражэнская, Васкрасенская цэрквы). У 2-й палове XVII — XVIII стст. будавалі крыжова-цэнтрычныя храмы з чатырох або пяці зрубаў, з адным верхам, размешчаным у цэнтры, і званіцай на галоўным фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку) або з пяціяруснымі вярхамі; абносіліся па перыметры ці з боку бабінцу галерэямі (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыру, Віцебская Ільінская царква). У вырашэнні агульнай кампазіцыі і асобных частак прасочваюцца сувязі Віцебскай школы дойлідства з рускім і ўкраінскім (асабліва гуцульскім) дойлідствам. Помнікі школы не зберагліся, вядомыя паводле абмераў замалёвак і фатаграфій XIX — пачатку XX стст.

 

Ю.А. Якімовіч

 


ВІШНЕВА. КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства ранняга барока з элементамі рэнесансу. Пабудаваны ў 1637—41 гг. у в. Вішнева (Валожынскі р-н). Перабудаваны ў 1771 г. у стылі ракако (да нефу прыбудаваны две прастакутныя ў плане бакавыя капліцы, зменены інтэр’ер) і ў 1906 г. (дабудаваны дзвюхвежавы галоўны фасад). Аднанефавы мураваны храм з больш нізкай паўцыркульнай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Накрыты двухсхільным дахам э франтонам на галоўным фасадзе. Трохярусныя чацверыковыя вежы завершаныя плаўна выгнутымі карнізамі, фігурнымі купалкамі. Бакавыя сцены рытмічна расчлянёныя вузкімі высока ўзнятымі арачнымі вокнамі і ўмацаваныя контрфорсамі ў прасценках. Унутраная прастора перакрытая цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках і люнетамі, паўночная капліца — сферычным купалам на ветразях, паўднёвая — плоскаю столлю. У нартэксе хоры на трохпралётнай аркадзе і двух кранштэйнах, дзе ўстаноўлены арган. Сцены нефу крапаваныя арачнымі нішамі, слаістымі пілястрамі, пілонамі, упрыгожаныя паліхромнай арнаментальнай размалёўкай (мастак Ф. Рушчыц), скляпенні — геаметрычным ляпным арнаментам XVII ст. Галоўны драўляны алтар выкананы ў сярэдзіне XVIII ст. ў барочна-ракайльных формах. Двух’ярусны, на фігурным пастаменце, дэкарыраваны лісцем аканту, накладнымі разнымі ракайлямі. Першы ярус вырашаны дзвюма парамі размешчаных уступам канеліраваных слупоў, што нясуць крывалінейны шматпрафіляваны і крапаваны антаблемент, у завяршэнні яго — гербавы картуш. Другі ярус — шчыт з загнутымі ў валюты гранямі і разной кампазіцыяй "Глорыя" ў цэнтры. Алтар дэкарыраваны драўлянымі скульптурамі евангелістаў, анёлаў, вазамі, С-падобнымі завіткамі. У аналагічнай стылявой трактоўцы выкананыя два бакавыя алтары. Сярод твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва каваныя дзверы XVII ст.

Помнік рэпубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін

 


ВІШНЯВЕЦ. ЦАРКВА СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваная ў 1742 г. у в. Вішнявец (Стаўбцоўскі р-н) як уніяцкая, перабудаваная ў 1852 г. Мураваная трохнефавая базіліка з паўцыркульнымі апсідай і дзвюхвежавым галоўным фасадам, вырашаным як самастойны аб’ём. Цэнтральная кампазіцыйная вось галоўнага фасаду вылучаная какошнікам. Па баках будынак увянчаны цыбулепадобнымі галоўкамі на высокіх цыліндрычных барабанах. Сцены звонку і ўнутры расчлянёныя пілястрамі, завершаныя развітымі прафіляванымі карнізамі. Аконныя праёмы з лучковымі, на галоўным фасадзе з паўцыркульнымі завяршэннямі. У інтэр’еры чатыры масіўныя слупы вылучаюць цэнтральны неф, перакрыты цыліндрычным скляпеннем. Бакавыя нефы, значна ніжэйшыя і вузейшыя за галоўны, разам з нартэксам перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У процілеглай ад алтару частцы будынку вылучаны бабінец, дзе размешчаныя хоры, звязаныя з асношным памяшканнем вітымі лесвіцамі. Пластыка інтэр’еру захавалася ў першапачатковым выглядзе. Пілоны з боку цэнтральнага нефу апрацаваныя пілястрамі і стылізаванымі іанічнымі капітэлямі. Глухая агароджа хораў увязаная ў агульную кампазіцыю з цыліндрычнымі аб’ёмамі лесвіц. Лесвічныя шахты ўзвышаюцца да ўзроўню парапету хораў і абмежаваныя агульным прафіляваным карнізам. Парапет у цэнтральнай частцы мае пукатую паверхню.

Царква дзейнічае. Калісьці тут знаходзіўся цудатворны абраз Маці Боскай (вядомы з канца XVII ст., лёс невядомы). Помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.А. Ярашэвіч

 


ВОЙСКАЯ. ЦАРКВА РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1751—75 у в. Войская (Камянецкі р-н) з элементамі народнага дойлідства і барока. Прастакутны зруб са зрэзанымі ў алтарнай частцы кутамі, да якога з паўночнага усходу прылягае аднолькавы з ім па вышыні бабінец. Галоўны фасад завершаны франтонам, схілы якога адпавядаюць схілам асноўнага даху. Сцены вертыкальна ашаляваныя і ўмацаваныя сцяжкамі. Куты аздобленыя разнымі накладкамі. Дах у сярэдзіне прарэзаны гранёнай вежачкай з галоўкай. Інтэр’ер зальны, перакрыцце бэлечнае. У алтарнай частцы зрубу ўбудаваныя две рызніцы з балконамі. У аб’ёме бабінца — хоры. Захаваліся багата аздобленая царская брама. Перад царквой стаіць двух’ярусная званіца-брама — чацвярык на чацверыку. Першы ярус мураваны, з трыма лучковымі арачнымі праёмамі, другі — драўляны, завершаны шатровым дахам з галоўкай.

Помнік рэспубліканскага значэння.

 

І.К. Філатаў

 


ВОЛЬНА. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства ракако. Пабудаваная ў 1768 г. у в. Вольна (Баранавіцкі р-н) як уніяцкі касцёл базыльян на ўзгорку сярод парку былой сядзібы. У 1895 г. прыстасаваная пад праваслаўную царкву. Мураваная трохнефавая, дзвюхвежавая базіліка з паўкруглай апсідай, бакавымі сакрысціямі і трансептам. Галоўны фасад вырашаны ўвагнута-пукатай хвалістай плоскасцю, завершанай тонкапрафіляваным карнізам, умацаванай па кутах і цэнтры ступеньчатымі контрфорсамі, крапаванай тонкімі пілястрамі, лучковымі нішамі. У цэнтры размешчаны ляпны картуш з лісця аканту, з каронай і воінскай атрыбутыкай. Завяршэнне фасаду стварае маляўнічы сілуэт будынку. Яго фланкіруюць дзве васьмігранныя вежы з круглымі люкарнамі — двух’яруснымі фігурнымі ківорыямі. Па цэнтры пукаты шчыт з плаўна выгнутым "разарваным" прафіляваным карнізам. Крывалінейнай формы шчыты завяршаюць і тарцы крылаў трансепту. У дойлідскім дэкоры — плоскія фігурнага абрысу нішы, валюты, вазы, вытанчаныя капітэлі. Унутраная прастора рознавялікіх нефаў перакрытая цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках з люнетамі над арачнымі бакавымі вокнамі. Цэнтральны неф аддзелены ад апсіды мураванай перагародкай, вырашанай у выглядзе плаўна выгнутага антаблементу, часткі якога выступаюць з бакавых сцен апсіды і абапіраюцца на дзве калоны і прысценныя пілястры. У завяршэнні перагародкі — скульптурная група анёлаў і пуці, упрыгожаная вазамі, ляпнымі гірляндамі. Насценны алтар вырашаны фігурнай нішай, абрамленай здвоенымі калонамі і пілястрамі, крапаванай антаблементам і завершанай у консе кампазіцыяй "Глорыя". Перад алтаром пастаўлены драўляны двух’ярусны іканастас, выкананы ў 1895г. у  "рускім" стылі. На паўночнай сцяне трансепту навісае амбон з балдахінам, завершаным скульптурай евангеліста. Над скляпеністым нартэксам — хоры.

Царква дзейяічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін

 


ВОПЫТНАЯ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства позняга класіцызму. Створаная ў 2-й палове XIX ст. ў в. Вопытная (Верхнядзвінскі р-н). Належала Лапацінскім. Сядзібны ансамбль арганізаваны вакол сажалкі са штучным возерам, уключае гасподу з парадным партэрам перад ёй, капліцу, гаспадарчыя пабудовы і невялікі парк пейзажнага тыпу. Гаспода — мураваная аднапавярховая прастакутная ў плане, з двухпавярховай цэнтральнай часткай. Аб’ёмы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з трохкутнымі франтонамі ў тарцах. Па баках будынку рызаліты з чатырохкалоннымі порцікамі пры ўваходах. Сцены дэкарыраваныя пілястрамі, рустоўкай, філёнгамі і завершаныя развітымі карнізамі. Аконныя праёмы прастакутныя.

У сядзібе размешчаны ветэрынарны тэхнікум. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін

 


ВОРАНАВА


Гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-ну. За 133 км ад Гародні. Да канца XVIII ст. ў Вялікім княстве Літоўскім, належала магнатам Гаштольдам, Сцыпіёнам, Зарэцкім. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Лідскага павету. У 1897 г. — 1574 жыхары. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. цэнтр раёну.

Размешчанае на ўзгорку ўздоўж старажытнага тракту Ліда — Вільня (сучасная галоўная вул. Савецкая). На вяршыні ўзгорку на рагу вуліц Савецкай і Юбілейнай на месцы гістарычнага цэнтру сфармавалася цэнтральная плошча. Цэнтральныя кварталы забудаваныя 4—5-павярховымі жылымі дамамі. У паўднёва-заходняй частцы вырас новы шматпавярховы жылы раён, на астатняй тэрыторыі — мураваныя і драўляныя дамы сядзібнага тыпу. У паўднёвай частцы размешчаны вучэбны гарадок сярэдняга прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі.

Пасёлак развіваецца паводле генплану 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцгва).

 

Л.А. Вільчко

 


ВОРША


Горад, цэнтр Воршанскага р-ну, на Дняпры пры ўпадзенні ў яго р. Воршыца. За 80 км на поўдзень ад Віцебску. Упершыню ўпамінаецца ў "Аповесці мінулых гадоў" — пад 1067 г. як горад Ръша Полацкага княства. У сярэдзіне XII ст. каля 5 тыс. жыхароў. З 1320-х гадоў у складзе Вялікага княства Літоўскага, з 1560-х гадоў дзяржаўнае ўладанне, цэнтр павету. У XIV ст. на месцы старажытнага гарадзішча пабудаваны замак. У XVI ст. ў ходзе шматлікіх войнаў горад неаднаразова разбураны. У XVII ст. каля 5 тыс. жыхароў, існавала 26 відаў рамёстваў, у пачатку XVIII ст. — 49, у 2-й палове XVIII ст. — 52. Горад меў гандлёвыя сувязі з Прыбалтыкай, Украінай, Расеяй. Быў транзітным цэнтрам, пачатковым пунктам вялікага гандлёвага шляху — "гасцінца купецкага", што праходзіў па тэрыторыі Беларусі з усходу на захад. У 1620 г. горад атрымаў магдэбургскае права. Меў герб — на блакітным полі белы крыж з залатым паўмесяцам пад ім. У 1623 г. у сутоках Дняпра і Куцеінкі заснаваны Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 г. пабудаваны Куцеінскі Успенскі манастыр. У руска-польскую вайну 1654—67 гг. горад заняты расейскіміі войскамі (да 1661 г.). Значныя страты прычыненыя гораду ў Паўночную вайну 1700—21 гг. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету і правінцыі (да 1775 г.). У XVI—XVIII стст. у горадзе пабудаваныя драўляная царква Ільі Прарока (1505 г.), мураваныя касцёл і двухпавярховы будынак калегіюму (1690), кляштар бернардынаў (1636 г.), манастыр базыльянак (1642 г.), кляштар дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649— 50 гг., мураваны касцёл — у 1819 г.), францысканцаў (мураваныя будынкі пастаўлены ў 1680 г.), саборная мураваная царква Раства Маці Боскай (1691 г.), касцёлы трынітарыяў (1714 г.), місіянераў (1752 г.), марыявітак (XVIII ст.), цэрквы Ушэсця (1757 г.), Іаана Багаслова (1790 г.; усе не зберагліся), манастыр базыльян (2-я палова XVIII ст.). У 1778 г. распрацаваны план забудовы Воршы, які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўколавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтральнага ядра гораду новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адміністрацыйнай установай, развіццё Задняпроўскага р-ну. У час вайны 1812 г. горад спалены французскімі войскамі. У 1848 г. распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асноўных рысах паўтараў папярэдні план. У XIX — пачатку XX ст. тэрыторыя гораду значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. У 2-й палове XIX ст. Ворша — буйны чыгуначны вузел, воршанская прыстань — значны транзітны пункт, адкуль штогод адпраўлялася каля 100 суднаў. 13 161 жыхар у 1897 г. За 1,5 км ад гораду забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 г. злучыўся з гарадскім цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры закладзены парк. У 1880 г. пабудаваная Ільінская царква, у 1902 г. — вадзяны млын, у 1906 г. — будынак рэальнага вучылішча. На плане 1911 г. горад падзелены на тры часткі Дняпром і Аршыцай, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. У 1911—19 гг. існавала жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1919 г. горад у Гомельскай, з 1920 г. у Віцебскай губерніі РСФСР, з 1924 г. у БССР, цэнтр раёну і акругі (да 1930 г.). З 1938 г. горад абласнога падпарадкавання. 37,6 тыс. жыхароў у 1939 г., 64,6 тыс — у 1959 г., 100,6 тыс — у 1970 г., 117,7 тыс — у 1984 г.

Паводле генпланаў 1940 г., 1948 г. ("Белдзяржпраект") аб’яднаны разрозненыя раёны, у 1957 г. распрацаваная схема размяшчэння новага жыллёвага будаўніцтва (Віцебскі філіял інстытуту "Белдзяржпраект"). Сучасны горад уключае цэнтральны, прывакзальны, паўночны, паўднёвы планіровачныя раёны, раёны льнокамбінату і Задняпроўя. Асноўны жылы масіў з адміністрацыйна-грамадскім і культурным цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гістарычнага ядра з радыяльнай сістэмай вуліц. Асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца XIX — пачатку XX ст.), Астроўскага, Міру (звязвае цэнтр з вакзалам), пр-т Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтвораная цэнтральная плошча, з боку Дняпра да яе прылягае Прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе-1, ствараюцца мікрараёны Задняпроўе-2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфармаваныя паўночная і паўднёвая прамысловыя зоны. Зона адпачынку — уздоўж Дняпра і Воршыцы.

 

Г.К. Гаранскі, Ю.І. Драгун, Ю. А. Якімовіч

 


ВОРША. БУДЫНАК РЭАЛЬНАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік грамадзянскага дойлідства. Пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1906 г. у цэнтры гораду (вул. Леніна, 41). У вучылішчы ў 1907—09 гг. працаваў дзеяч рэвалюцыйнага руху, публіцыст П.М. Лепяшынскі. Двухпавярховы П-падобны ў плане мураваны аб’ём бакавымі крыламі арыентаваны ў двор. Галоўны ўваход у цэнтры будынку мае прыхожую, невялікі вестыбюль, адкуль трохмаршавыя парадныя ўсходы вядуць на другі паверх, дзе цэнтральнае месца займае актавая зала. Дойлідска-мастацкае вырашэнне будынку сціплае, дэкор вырашаны сродкамі цаглянай муроўкі. Галоўны фасад расчлянёны трыма рызалітамі. Сярэдні, які выступае больш за бакавыя, вылучаны высокімі арачнымі вокнамі другога паверху, галоўным уваходам і невялікім арыгінальным балкончыкам. Дойлідскую выразнасць аб’ёму ўзмацняецца яго каларыстычным вырашэннем, вылучэннем на фоне чырвона-карычневай муроўкі ліштваў, карнізных цяг, абрамленняў кутоў і інш.

У будынку размешчана сярэдняя школа № 1.

 

В.М. Чарнатау

 


ВОРША. ВАДЗЯНЫ МЛЫН


Помнік вытворчага дойлідства. Пабудаваны ў 1902 г. з чырвонай цэглы на бутавым падмурку ў цэнтры Воршы на канале, які злучае р. Аршыцу з Дняпром. Дойлідства будынку вырашаная з элементамі несапраўднай готыкі і псеўдарускага стылю. Асноўны прастакутьны ў плане трохпавярховы аб’ём завершаны двухсхільным дахам, да яго прылягала аднапавярховае рабочае памяшканне з вадзяным колам (не збераглося). Сцены асноўнага аб’ёму прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, раскрапаваны лапаткамі, гарызантальнымі паясамі (плоскімі і "парэбрыкам"). Галоўны (паўднёва-ўсходні) фасад завершаны франтонам з круглым акном у тымпане. У комплексе з млыном вырашаны мост праз канал — аднапралётная арачная канструкцыя з чырвонай цэглы на бутавым падмурку — аздоблены парапетам са спічастымі праёмамі, картушавымі шчытамі па баках аркі.

Млын не дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

 


ВОРША. ЗАМАК


Існаваў у XIV—XVI стст. Размяшчаўся ў сутоках Дняпра і Воршыцы на месцы гарадзішча XI ст. Мураваны пяцівежавы замак узводзіўся з 1398 г. па 1407 г. мясцовым насельніцтвам пры ўдзеле майстра-муляра з г. Крулеўца (цяпер г. Калінінград). Па прычынах эканамічнага і палітычнага характару не да канца быў змураваны і ў XV ст. завершаны з дрэва. Падмурак сцен і вежаў замку размяшчаўся на вапнавай падушцы, меў вышыню каля 1 м і быў складзены з валуноў сярэдніх памераў. Сцены ўзведзены ў тэхніцы "паласатай муроўкі", дзе рады падагнаных валуноў выраўнены радамі буйнапамернай цэглы. Сістэма цаглянай муроўкі "балтыйская" — чаргаванне двух лажкоў і аднаго тычка, што дазваляе датаваць замак канцом XIV — пачаткам XV стст. і пацвярджае пісьмовыя сведчанні пра тагачасныя будаўнічыя працы. Паводле пісьмовых крыніц, да замакавага ўваходу, які размяшчаўся з заходняга боку, вёў мост, перакінуты цераз роў, што жывіўся вадою р. Воршыцы. У 1560 г. драўляная замкавая брама на мураваным падмурку мела выгляд двух’яруснага збудавання з сістэмай запорных канструкцый. Унізе брамы стаяла вялікая бронзавая гармата, другая невялікая гармата знаходзілася на другім паверсе. Брамны праём закрываўся "ўзводам" (пад’ёмным мостам). Праслам сцяны брама была звязаная з двух’яруснай, напалову "мурам абмураванай" вежай, што стаяла злева. Далей мур ішоў на усход і ўпіраўся ў трэцюю вежу, мураваную да ўзроўню другога ярусу і вышэй зробленую з дрэва. Ніжнюю частку яе займаў цэйхгауз, дзе было 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невялікія жалезныя гарматы, старасвецкі жалезны "кій ку стрелбе", запас гарматных ядраў, куль, свінец, порах, салетра, сера, кнаты і іншая амуніцыя. На беразе Дняпра размяшчалася чацвёртая двухпавярховая вежа з гарматай. Пад мураванай сцяной знаходзіўся "тайнік деревянный фундованный для воды у Днепр". Па краі высокага правага берагу Дняпра ішла сцяна да пятай вежы. На версе праслаў замкавых сцен на кансольных бэльках была зробленая баявая галерэя — "обланки", дзе знаходзіліся гарматы. Тут жа бліжэй да брамы вісеў "звон великий з клепалом", у які званілі "на трывогу". Унутры замку ўшчыльную да мураваных сцен прымыкала 101 драўляная гародня, дзе ў ваенны час гараджане, шляхта і сяляне замкавай воласці мелі клеці "на своё схованье часу потребы" і захаванне свайго скарбу. Перыметр мураванага замку складаў 354 м. У канцы XVI ст. замак яшчэ не быў дабудаваны. Маскоўскі дзяк Трыфан Карабейнікаў, праязджаючы ў студзені 1593 г. праз Воршу, адзначаў: "Городок Орша каменный, стоит на реке Непре на берегу с Литовской стороны, а верхней бой на стене и на башнях деревяной". У 1594 г. кароль Жыгімонт III абавязаў воршанцаў драўляныя "бланкі на стене замковой оправлять и знову заробити, кгды опадуть". Замак даглядалі сяляне замкавай воласці і гараджане, якія рамантавалі мураваныя і драўляныя сцены, папраўлялі мост і замкавы стаў. Пасля 1620 г. замак быў цалкам дабудаваны з каменю ("камень дич до зубцов"). Зубцы, відаць, таксама былі зробленыя з цэглы. Вышыня замкавых муроў да зубцоў не была аднолькавая: з "прыступнага" (небяспечнага) боку з поўначы і захаду — да 8 м, з бакоў, абароненых рэкамі і высокім берагам — 5,3 м. Шырынёю сцяна замку была "в сажень" (каля 2 м). замак неаднойчы трапляў у варожую аблогу. У 1500 г. яго захапілі і тры гады ўтрымлівалі войскі Маскоўскай дзяржавы. Замак вытрымаў аблогу 1507 г., а ў 1514 г. пад яго сценамі адбылася буйная бітва, у якой рускія войскі былі разбітыя. Доўгую аблогу ён паспяхова вытрымаў у 1562—64 гг. Восенню 1654 г. замак, які незадоўга да гэтага перажыў два пажары, быў узяты рускімі войскамі. У снежні 1654 г. войска Радзівіла вярнула замак і ўтрымлівала яго да 11.5.1655 г. Пазней рускі стольнік З.Ф. Ляонцьеў зноў заняў яго і ўтрымліваў да канца руска-польскай вайны 1654—67 гг. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у поўны заняпад і пазней ужо не выконваў сваіх абарончых функцыяў.

 

М.А. Ткачоў

 


ВОРША. "КАЦЮША"


Мемарыяльны комплекс у гонар першага залпу "кацюш" (неафіцыйная назва бясствольных сістэм палявой рэактыўнай артылерыі), які быў зроблены па нямецка-фашысцкіх захопніках 14.7.1941 г. батарэяй рэактыўных мінамётаў пад камандаваннем капітана I.А. Флёрава. Створаны ў 1966 г. (дойліды Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін). Помнік удала ўпісаны ў навакольную прастору (мост цераз Дняпро і сямнаццаціметровы адхон, на розных узроўнях якога размешчаная галоўная частка комплексу). Справа пры ўваходзе на тэрыторыі комплексу невялікі куб з мемарыяльным надпісам. На ўзвышшы злева на сямі тумбах рытмічна ўстаноўлены васьміметровыя жалезабетонныя элементы, якія сімвалізуюць мінамётны залп з сямі установак. У цэнтры самай высокай пляцоукі на масіўным прастакутным у плане жалезабетонным пастаменце рэактыўная ўстаноўка "БМ-13" на аўтамашыне. Аб’ядноўвае кампазіцыю бетонны стылабат.

 

М.М. Яніцкая

 


ВОРША. КУЦЕІНСКІ БОГАЯЎЛЕНСКІ МАНАСТЫР


Помнік дойлідства барока. Заснаваны ў 1623 г. на р. Куцеінка як праваслаўны мужчынскі манастыр пасля скасавання ў Магілеве шэрагу праваслаўных цэркваў і Спаскага манастыру на сродкі і па хадайніцтву Магілеўскага праваслаўнага брацтва. Размешчаны ў паўночна-заходняй ускраіне гораду ў сутоках Дняпра і Куцеінкі. У 1630 г. беларускі асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры друкарню, у 1632 г. яе ўзначаліў ігумен Іоіль Труцэвіч. Да 1654 г. тут надрукавана каля 20 выданняў, якія былі шырока вядомыя на Беларусі, Украіне, у Расеі. У 1655 г. абсталяванне друкарні вывезенае ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам. Манастыр складаўся з галоўнага Богаяўленскага сабору, Свята-духаўскай царквы, званіцы, манастырскіх і гаспадарчых пабудоў, быў з трох бакоў абнесены мураванай сцяной. Захаваліся Святадухаўская царква, манастырскі будынак, частка сцяны. Драўляны Богаяўленскі сабор (пабудаваны ў 1623—35 гг., гарэў у 1885 г. і 1888 г.) — чатырохзрубны крыжова-купальны храм быў крыты гонтай, з 1880 г. — бляхай. Тры зрубы пяцігранныя, заходні прастакутны ў плане, накрытыя шматсхільнымі дахамі з галоўкамі ў месцы схілаў. Над сяродкрыжжам узвышаўся светлавы васьмярык з гранёным купалам. Пры ўваходзе ў сабор адкрытая галерэя. У інтэр’еры ў 1639 г. зроблена 38 насценных размалёвак. У 1778 г. быў падрыхтаваны і зацверджаны ў кансісторыі праект рэканструкцыі храму. У 1885 г. рамантаваўся. Мураваная Святадухаўская (з 1762 г. Траецкая) царква пабудаваная ў 1-й палове XVII ст. У канцы XVIII ст. было зроблена драўлянае перакрыцце, якое падзяліла храм на два ярусы: унізе быў прастол у імя Раства Багародзіцы, наверсе — святога Апостала Андрэя Першазваннага. У 2-й палове XIX ст. рэканструяваны (перакрыцде дэманціраванае), у 1870 г. спічасты дах заменены на вальмавы (крыты бляхай) з купалам на барабане, у 1885 г. царква ўпрыгожаная перадалтарным плафонам і новым іканастасам. Да асноўнага прастакутнага ў плане аб’ёму па восі усход — захад прылягаюць пяцігранная апсіда і квадратная ў плане двух’ярусная вежа-званіца, з паўднёвага боку — невялікая рызніца. Сцены апрацаваныя пілястрамі, ляпнымі абрамленнямі аконных праёмаў, плоскімі арачнымі нішамі і завершаны развітым прафіляваным карнізам. Не захаваліся першапачатковыя вальмавыя дахі з галоўкамі, якія завяршалі аб’ём царквы, скляпенні, шасціярусны разны іканастас і фрзскі работы майстра Рыгора. Двухпавярховы мураваны манастырскі будынак складаецца з дзвюх частак — былога духоўнага вучылішча з вялікай трапезнай і ўсходняга крыла галерэйнага тыпу з жылымі памяшканнямі (келлі). Цагляны першы паверх рэканструяваны, амаль поўнасцю перабудаваны драўляны другі паверх (захавалася ў першапачатковым выглядзе толькі мураваная тарцовая сцяна з плоскімі паўцыркульнымі нішамі). Першапачатковы дэкор XVII ст. (рэшткі фігурных паліхромных франтонаў) захаваўся на абодвух тарцах корпусу.

Манастырскі комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.

 

Т.В. Габрусь

 


ВОРША. КУЦЕІНСКІ ЎСПЕНСКІ МАНАСТЫР


Заснаваны як жаночы манастыр у 1631 г. на паўднёва-заходняй ускраіне Воршы Багданам Сцянкевічам. У комплекс уваходзіла некалькі драўляных цэркваў, жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Галоўны драўляны сабор згарэў у 1635 г. Да 1655 г. пабудаваны мураваны Успенскі сабор. Меў рысы стылю барока. Крыжова-купальны трохапсідны храм. Асноўны неф і крылы трансепту аднолькавай вышыні былі накрытыя узаемна перпендыкулярнымі высокімі двухсхільнымі дахамі з трохкутнымі франтонамі на тарцах. Сяродкрыжжа было ўвянчанае васьмігранным глухім барабанам і масіўным грушападобным купалам з галоўкай. Паўкруглыя апсіды (алтарная вышэйшая за бакавыя) накрытыя шатровымі дахамі. Сцены апрацаваныя прафіляванымі карнізамі, пілястрамі на кутах. Высокія вокны з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Франтоны мелі пластычны абрыс, завершаныя галоўкамі і аздоблены патройнымі плоскімі арачнымі нішамі.

Комплекс існаваў у XVII—XIX стст., не збярогся.

 

Т.В. Габрусь

 


ВОРША. МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН


Помнік дойлідства позняга барока. Узведзены ў 1758—74 гг. з цэглы ў цэнтры на правым беразе р. Аршыца. У 1842 г. пераўтвораны ў праваслаўны мужчынскі Пакроўскі манастыр і духоўнае вучылішча. Складаўся з аб’яднаных у адзіны асіметрычны комплекс касцёлу Апекі Маткі Боскай (трохнефавая крыжова-купальная дзвюхвежавая базіліка; знішчаныя ў 1967 г.) і жылога корпусу. Жылы корпус — двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак, накрыты вальмавым дахам. Фасады расчлянёныя прастакутнымі вокнамі і плоскімі нішамі, вязкамі пілястраў у прасценках, руставанымі лапаткамі, міжпаверхавымі цягамі. Будынак галерэйнай паэтажнай планіроўкі з цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі памяшканняў падвальнага і першага паверхаў. У паўднёва-ўсходнім крыле размешчаныя міжпаверхавая лесвіца, трапезная і актавая зала.

Жылы корпус выкарыстоўваецца пад жыллё. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін

 


ВОРША. МАНАСТЫР ТРЫНІТАРЫЯЎ


Заснаваны ў 1714 г. Уключаў цагляныя касцёл (не захаваўся) і жылы корпус (вул. Камсамольская, 21). Жылы корпус — помнік дойлідства барока. Г-падобны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты вальмавым дахам. Фасады вырашаныя плоскасна, рытмічна расчлянёны прастакутнымі аконнымі праёмамі (унутры лучковымі), завершаныя буйным карнізам нескладанага профілю з паўкцыркульным валікам унізе. На галоўным фасадзе, дзякуючы нахілу рэльефу, адкрыты моцны цокальны паверх. Галоўны кутні ўваход з шырокай драўлянай унутранай двухмаршавай лесвіцай. Кароткае крыло будынку са знешняга боку фланкіравана невялікімі прыбудовамі лесвічных клетак. Планіроўка галерэйная, калідор і жылыя пакоі на абодвух паверхах перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, склепы — цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі.

Цяпер частку будынку займае філіял Дзяржаўнага архіву Віцебскай вобл., другая частка выкарыстоўваецца як жылы дом.

 

А.М. Кулагін

 


ВОРША. ЦАРКВА СВЯТОГА ПРАРОКА ІЛЛІ


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная з цэглы ў 1880 г. (на месцы царквы 1460 г.), на левым беразе Дняпра. Тэрыторыя царквы абнесена мураванай агароджай, куты якой умацаваныя контрфорсамі, дэкаратыўнымі вежачкамі. З боку вул. 2-й Лагернай манументальная брама. Храм падоўжна-восевай чатырохчастковай кампазіцыі: званіца, кароткая трапезная, кубападобны асноўны аб’ём з бакавымі прыдзеламі, пяцігранная апсіда з нізкімі рызніцамі. Асноўны аб’ём накрыты шатровым дахам з поясам какошнікаў па перыметры і васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам у завяршэнні. Такой жа формы купалкі на стройных шыйках завяршаюць трох’ярусную шатровую званіцу і дах апсіды. Размешчаныя ярусна як і рознавялікія аб’ёмы царквы, яны надаюць кампазіцыі вертыкальную дынамічнасць. Фасады насычаныя актыўнай пластыкай, запазычанай у старажытнарускім дойлідстве: какошнікі, кілепадобныя і арачныя з вытанчанымі калонкамі ліштвы адзінарных прастакутных і строеных арачных праёмаў, філёнгавыя вуглавыя лапаткі і фрызы. Зала перакрытая паўсферычным купалам. Драўляны разны іканастас мае царскія вароты высокамастацкай работы ў стылі ракако.

Царква дзейнічае.

 

А.М. Кулагін

 


ВОЎПА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ


Помнік драўлянага дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1773 у в. Воўпа (Ваўкавыскі р-н) біскупам інфлянцкім Янам Непамукам Касакоўскім на месцы касцёлу XVI ст. Рэстаўрыраваны ў канцы XIX ст. Падоўжаны аднанефавы аб’ём з трансептам у сярэдняй частцы, утвораны дзвюма пяціграннымі больш нізкімі бакавымі прыбудовамі-капліцамі. У канцы алтарнай часткі нефу (з паўночнага захаду) вылучаныя перагародкамі тры сакрысціі. Галоўны фасад трохчасткавы: цэнтральная частка ў выглядзе неглыбокага рызаліту завершаная атыкам і трохкутным франтонам, бакавыя ўтвораныя дзвюма двух’яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Неф накрыты ламаным гонтавым дахам з вежачкай над алтарнай апсідай, бакавыя прыбудовы — вальмавымі. Сцены ашаляваныя гарызантальна, расчлянёныя высокімі прастакутнымі і лучковымі аконнымі праёмамі, умацаваныя вертыкальнымі брусамі-лапаткамі. У інтэр’еры неф — вялікае прастакутнае ў плане памяшканне з падшыўной бэлечнай плоскай столлю, аформленай філёнгамі ў выглядзе несапраўдных кесонаў. З ім арачнымі праёмамі злучаныя бакавыя прыбудовы. У паўднёва-ўсходняй частцы нефу над уваходам хоры з простай шчытавой агароджай. Прастору нефу замыкае драўляны разьбяны галоўны алтар — помнік манументальна-дэкаратыўнага мастацтву 1-й паловы XVII ст., які спалучае рысы маньерызму і ранняга барока (майстар невядомы). Устаноўлены на масіўным высокім цокалі, алтар мае характэрную для XVII ст. структуру трохвосевай аркі з двух’яруснай цэнтральнай часткай. Ніжні ярус падзелены па вертыкалі чатырма калонамі карынфскага ордэру на тры часткі: у цэнтры — абраз "Укрыжаванне". у бакавых — скульптуры Cвятых Казіміра і Іаана Хрысціцеля (вышыня больш за 2 м). Вонкавыя калоны ярусу пазалочаныя, унутраныя ўпрыгожаныя разьбой у выглядзе стылізаванай вінаграднай лазы. У тымпане франтону першага ярусу рэльефная выява Саваофа на воблаку і постаці двух анёлаў па баках. У верхнім ярусе знаходзіцда абраз залочанымі калонамі карынфскага ордэру, і скульптурные выявы Святых Елізаветы і Кацярыны. Алтар багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. Кантраст паміж чорным колерам паверхні алтарных плоскасцей і пазалотай разьбы і скульптуры характэрны для ранняга барока. Фундатарам алтару з’яўляецца падканцлер Казімір Леон Сапега, сын Льва Сапегі. У прыбудове размешчаны алтар Маці Боскай Ружанцовай 1-й паловы XVII ст., упрыгожаны скульптурнымі выявамі і разьоой, аднатыпнай з дэкорам галоўнага алтару.

Помнік рэспубліканскага значэння.

 

Ю.А. Якімовіч, А.А. Ярашэвіч

 


ВОЎЧЫН. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ

 

Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1733 г. па фундацыі падскарбія Вялікага княства Літоўскага Станіслава Панятоўскага ў в. Воўчын (Камянецкі р-н) пры парадным уездзе ў палацава-паркавую рэзідэнцыю князя К. Чартарыйскага. У аснову праекту італійскі дойлід (імя невядома) паклаў вобраз рымскай царквы Санта-Марыя Маджоре. Значна рэстаўрыраваны ў 1780-я гады (дойлід Іахім Хемпл, мастак Пташынскі). Месца пахавання польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1798 г). У 1866 г. касцёл пераасвечаны ў праваслаўную царкву, з 1918 г. — прыходскі касцёл. Цэнтрычны вастмігранны ў плане мураваны будынак накрыты гранёным шатровым дахам. У яго завяршэнні бельведэр, які прызначаўся для гадзінніка-курантаў (знішчаны ў 1939 г.). Уваход вылучаны нізкім прытворам, не парушаючым цэнтрычнасці агульнай кампазіцыі. Шырокія грані фасадаў крапаваныя падвойнымі пілястрамі карынфскага ордэру, завершаныя лучковымі франтонамі, увянчанымі скульптурнымі выявамі евангелістаў, ракайльнымі вазамі (не захаваліся). Аконныя праёмы размешчаныя ў тры ярусы: лучковыя ўнізе і на другім ярусе вузкіх граней; высокія арачныя на шырокіх гранях, круглыя і авальныя люкарны ў верхнім ярусе. Ліштвы акон насычаныя прафіліроўкай, арнаментальнай лепкай, дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі. Зала храму мае форму грэчаскага крыжа, перакрытая плоскай столлю. Куты зрэзаныя чатырма авальнымі ў плане памяшканнямі з лоджыямі на другім ярусе, на якія вядуць вітыя ўсходы. Два ярусы абмежаваны шырокім антаблементам з прафіляваным карнізам і арнаментальным фрызам. Першы ярус сцен раскрапаваны карынфскімі канеліраванымі пілястрамі, другі — тонкімі лапаткамі з гірляндамі ў прасценках. У дэкоры шырока выкарыстаная стукавая лепка: картушы, гірлянды, букеты кветак, акантавы арнамент, гарэльефы пуцці і херувімаў. Асноўнымі пластыка-дэкаратыўнымі акцэнтамі інтэр’еру з’яўляліся тры алтары — галоўны і две бакавыя. Побач з касцёлам (з усходняга боку) захаваўся будынак плябаніі — аднапавярховы прастакутны ў плане аб’ём пад вальмавым дахам з мансардай.


Касцёл не дзейнічае. Значна пашкоджаны. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін

 


ВУЙВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА ПРАРОКА ІЛЛІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1788 у в. Вуйвічы (Пінскі р-н) з рысамі стылю барока. Храм мае шматпланавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якую фармуюць зрубы званіцы, цэнтральнага аб’ёму з пяціграннымі прыдзеламі і апсіда з квадратнай рызніцай. Вертыкальнай дамінантай з’яўляецца чатырох’ярусная чацверыковая званіца з гранёным сферычным купалам і макаўкай у завяршэнні. Квадратны ў плане асноўны аб’ём мае двух’ярусную пабудову з чатырохсхільнымі перакрыццямі і цыбулепадобнай галоўкай на двух’ярусным васьмерыковым барабане ў завяршэнні. Плоскасныя фасады гарызантальна ашаляваныя і прарэзаны прастакутнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах. У інтэр’еры дамінуе прастора цэнтральнага аб’ёму, перакрытая шатровым скляпеннем на ветразях з "верхнім святлом" і расчыненая шырокімі прасветамі ў апсіду; бакавыя прыдзелы і бабінец аб’яднаныя агульным зрубам з прытворам. Пры ўваходзе на шырыню бабінца галерэя хораў з бакавой лесвіцай.

Царква дзейнічае.

 

А.М. Кулагін

 


ВЫДРАНКА. ЦАРКВА СВЯТОГА ДЗМІТРЫЯ РАСТОЎСКАГА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў пачатку XX ст. ў в. Выдранка (Краснапольскі р-н) з матывамі мадэрну. Храм падоўжна-восевай чатырохчасткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асноўны аб’ём і пяцігранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынку дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі галоўкамі васьміграннага барабана асноўнага аб’ёму і двух’яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прастакутным прытворам. Стракатасць агульнай кампазіцыі ўзбагачаюць рознавялікія дзвюхгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах з разнымі падаконнікамі і прафіляванымі сандрыкамі з замковым каменем (імітацыя элементаў мураванага дойлідства). Галоўны і два бакавыя ўваходы вылучаныя бочкападобнымі пакрыццямі на фігурных разных слупах, умацаваныя бэлечнымі перавязкамі, дэкарыраваныя авальнымі медальёнамі з абразамі. У інтэр’еры дамінуе прастора сяродкрыжжа, перакрытая шатровым скляпеннем на ветразях і асветленая верхнімі вокнамі барабану. Две галерэі хораў арыгінальна ўбудаваныя ў бакавых прыдзелах, асветленыя парамі арачных акон у шчытах.

Царква дзейнічае.

 

А.М. Кулагін

 


ВЫСОКАЕ


Горад у Камянецкім р-не на р. Пульва. За 40 км ад г.п. Камянец. Вядомае з XIV ст. пад назвай Высокі горад. З 1647 г. належала Сапегам, якія пабудавалі замак, стварылі парк. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Берасцейскага павету. У 1897 г. — 3434 жыхары, 370 дамоў. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка Берасцейскага павету Падляшскага ваяводству. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 цэнтр Высокаўскага р-ну. З 1962 г. у Камянецкім р-не. Горад падзелены ракой на две часткі.

Планіровачную структуру фармуюць вуліцы Савецкая, Леніна, Сацыялістычная, Савецкіх Пагранічнікаў. У месцы перасячэння вуліц Савецкай і Савецкіх Пагранічнікаў утварыліся две плошчы — грамадскі і культурна-гандлёвы цэнтр гораду. Паблізу размешчаны парк ХІХ ст. (створаны на месцы старога замку Сапегаў; глядзі ў артыкуле "Высокае. Палацава-паркавы комплекс"). Цэнтральная, усходняя і заходняя часткі гораду (прамысловая зона) забудаваныя 2—3-павярховымі жылымі дамамі, астатняя тэрыторыя — індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. Помнікі дойлідства — Варварынская капліца, палацава-паркавы комплекс Патоцкіх.

Паводле генплану 1975 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае будаўніцтва 3—5-павярховых жылых дамоў у паўночна-заходняй і цэнтральнай частках, двухпавярховых катэджаў — у паўдёвай частцы гораду, стварэнне паркавай зоны ўздоўж ракі.

 

А.А. Васільеў

 


ВЫСОКАЕ. КАПЛІЦА СВЯТОЙ ВАРВАРЫ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваная ў г. Высокае (Камянецкі р-н) у 1772 г. на ўзвышаным правым беразе р. Пульва. Невялікі цэнтрычны васьмігранны аб’ём накрыты шатровым дахам, які завершаны скразным фігурным ліхтаром (чыгуннае ліццё). Грані аб’ёмаў раскрапаваныя плоскімі лучковымі вокнамі і нішамі ў прафіляваных ліштвах, кутнімі лапаткамі, гарызантальнымі цягамі цокаля і карнізу. Унутры сцены аздобленыя ляпным раслінным арнаментам, рэльефнымі выявамі воінскіх даспехаў. Над уваходам на двух слупах размешчаныя невялікія хоры з ажурнай агароджай і бакавой лесвіцай.

Выкарыстоўваецца як склад.

 

А.М. Кулагін

 


ВЫСОКАЕ. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС


Помнік дойлідства класіцызму. ПабудаванЫ ў 1-й палове XIX ст. ў в. Высокае (Камянецкі р-н) на заходнім беразе р. Пульва, на месцы старога замку Сапегаў (XVII ст., зруйнаваны ў 1794 г.), ад якога засталіся фрагменты сцен і валоў. Належыў Патоцкім. Размешчаны ў парку пейзажнага тыпу, плошчаю 14,2 га. Парк перапланаваны ў 1895 г. В. Кроненбергам, ставам і каналам падзелены на две часткі. У цэнтры паўночна-заходняй часткі размешчаны палац (1816 г.) — прастакутны ў плане аднапавярховы мураваны будынак сіметрычнай кампазіцыі. Цэнтральная частка вылучаная мансардай з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе, на дваровым — рызалітам і тэрасай. Цэнтральная група памяшканняў уключае вестыбюль з вітымі ўсходамі і прастакутную залу з выхадам у парк. Планіроўка крылаў калідорная. Абапал палацу размешчаныя Г-падобныя ў плане аднапавярховыя флігелі з порцікамі на тарцах, якія ўтвараюць перад палацам курданёр. Галоўны ўезд у сядзібу па восі палацу аформлены ў выглядзе дзвюх пар пілонаў з дэкаратыўнымі вазамі і каванай брамай. Асноўны шпацэрны маршрут парку — прамая каштанавая алея.

У сядзібе размешчаная школа-інтэрнат. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін

 


ВЫСОКАЕ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства неакласіцызму. Комплекс створаны на мяжы XIX—XX стст. у в. Высокае (Аршанскі р-н). Належала Макшыцкім. Мае сіметрычна-восевую схему, падкрэсленую ўязной алеяй. На папярочнай планіровачнай восі (у цэнтры) знаходзіцца двухпавярховы мураваны будынак гасподы, да якога прылягае аднапавярховае драўлянае крыло. У цэнтры паўночнага фасаду гасподы пяцігранны эркер. Будынак аздоблены рустам, кутнімі лапаткамі, прафіляванымі ліштвамі стральчатых акон, карнізамі. Планіроўка анфіладная. Перад домам прастакутны двор, на якім з паўднёвага боку размешчаная мураваная афіцына (пабудаваная ў 1912 г.) з мансардавым паверхам і двухпавярховым пяцігранным эркерам у цэнтры галоўнага фасаду. З паўночнага боку панадворку драўляная афіцына, накрытая вальмавым дахам, уваход на галоўным фасадзе вылучаны ганкам. У паўночнай частцы сядзібы вакол невялікага возера і ручая пейзажны парк.

У сядзібе размешчаная школа-інтэрнат.

 

А.М. Кулагін

 


ВЯЛІКАЕ МАЖЭЙКАВА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Створаная ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. на паўночнай ускраіне в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н). Уключала гасподу (згарэла ў 1914 г.), парк, абкружаны з трох бакоў пладовым садам і мураванай агароджай, афіцыну, гаспадарчыя пабудовы, бровар (1890 г.). Перад галоўным фасадам гасподы быў парадны партэр, абмежаваны мураванай агароджай з брамай, за якой былі зроблены два прастакутныя ставы. Парк закладзены ў 1787 г. на плошчы каля 7 га. Мае сіметрычную рэгулярна-восевую планіроўку. Апроч параднага партэру, мае за домам сістэму баскетаў, падзеленых сеткай грабавых, ліпавых і кляновых алей. Кампазіцыйную вось парку завяршала мураваная капліца, на паўночным усходзе знаходзілася мураваная альтанка-ратонда (не захаваліся). Сярод насаджэнняў маюцца экзоты: лістоўніца еўрапейская, белая акацыя, ліпа амерыканская і інш. Прастакутная ў плане мураваная аднапавярховая афіцына вырашаная ў формах класіцызму. Лямус, які знаходзіцца ў паўночнай частцы сядзібы, выкананы ў традыцыях драўлянага народнага дойлідства — двухпавярховы (першы паверх мураваны, другі — драўляны) квадратны ў плане будынак.

Сядзіба належыць саўгасу "Вялікае Мажэйкава". Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.

 

А.М. Кулагін

 


ВЯЛІКАЯ СВАРОТВА. ЦЭРКВЫ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Пабудаваныя ў XVIII—XIX стст. у в. Вялікая Сваротва (Баранавіцкі р-н).

1) Драўляная царква была пабудаваная ў 1750-я гады. Мела трохкутны план з уваходамі з трох бакоў. Па кутах былі зробленыя сакрысціі, што надавала асноўнаму памяшканню шасцігранную форму плану. Шатровы гонтавы дах завяршаўся невялікай вежай, па кутах даху стаялі тры маленькія вежачкі. Трохкутны, аздоблены разьбой і пазалотай, алтар займаў цэнтр залы. Хоры мелі выгляд круглага ў плане балкону з агароджай з балясін, на сценах абразы дванаццаці апосталаў. Столь мела форму скляпення і была размаляваная.

2) Каменная царква пабудаваная ў 1823 г. на, месцы драўлянай. Трохкутная ў плане з уваходамі з трох бакоў. Сцены царквы складзеныя з бутавага каменю на вапнавым растворы. Дойлідскіе дэталі (абрамленні акон і дзвярэй, руставаныя кутнія пілястры і калоны дарычнага ордэру, карніз) выкладзеныя з цэглы і атынкаваныя. Сцены ўсіх фасадаў маюць уверсе па тры акна з арачнымі праёмамі. На галоўным фасадзе паабапал дзвярэй зробленыя паўцыркульныя арачныя нішы. Царква мела плоскую столь і шатровы дах з трохкутняй вежай пад невялікім шатровым дахам. Інтэр’ер быў атынкаваны і пабелены. Збераглася часткова, не дзейнічае.


С.А. Сергачоў

 


ВЯЛІКІЯ СЯХНОВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная да 1727 г. у в. Вялікія Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н), перабудаваная ў 1860-я гады. Асноўны прастакутны зруб з алтарнай часткай уверсе трохграннай, унізе прастакутнай, з рызніцамі па баках. З захаду да асноўнага зрубу прымыкае квадратны ў плане бабінец, завершаны чацверыковай званіцай, накрытай шатром з галоўкай. Дах двухсхільны, над алтарнай часткай, дзе размешчаная невысокая фігурная галоўка, — трохсхільны. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі і каляровымі вітражамі. Інтэр’ер падзелены чатырма слупамі. Хоры ў заходняй частцы ў выглядзе арачнай галерэі, якую падтрымліваюць чатыры калонкі.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.І. Чарняўская

 


ВЯЛІКІЯ ЧУЧАВІЧЫ. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1846—51 у в. Вялікія Чучавічы (Лунінецкі р-н). У 1908 г. перабудаваная (з захаду прыбудаваная трох'ярусная званіца з  шатровым дахам). Трохзрубны развіты па падоўжнай восі будынак з прастакутным у плане бабінцам, квадратным цэнтральным аб’ёмам, завершаным васьмерыком на ветразях. і пяціграннай апсідай. Апсіда накрытая вальмавым, бабінец — двухсхільным дахамі, над цэнтральным аб’ёмам — дах складанай формы, які ўтварае на чатырох фасадах трохкутныя шчыты і завершаны дэкаратыўным пяцігалоўем. Звонку сцены ашаляваныя, прарэзаныя высокімі арачнымі (у цэнтры васьмерыка спаранымі) праёмамі. Галоўны і два бакавыя фасады акцэнтуюць уваходы з захаду ганкамі на парных разных слупах. У кампазіцыйным вырашэнні царквы адчуваецца ўплыў паўночна-рускага драўлянага дойлідства.

 


ВЯЛІКАЯ БЕРАСТАВІЦА


Гарадскі пасёлак, цэнтр Бераставіцкага р-ну, на р. Бераставічанка. За 63 км ад Гародні. У XVI ст. належала Вялікаму князю Вялікага княства Літоўскага Аляксандру, пазней — магнатам Хадкевічам, Лменішкам, Патоцкім, Касакоўскім. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Гарадзенскага павету Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай губерняў. У XVIII ст. існавала ратуша. У сярэдзіне XIX ст. было 1037 жыхароў, 179 будынкаў, прыходскае вучылішча, 15 крам, у 1900 г. — 1768 жыхароў, 396 будынкаў (229 жылых). У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гарадзенскага павету. З 1939 г. у складзе БССР, вёска ў Крынкаўскім р-не. З 1944 г. цэнтр Бераставіцкага р-ну, з 1947 г. гарадскі пасёлак. У 1962—66 гг. у Свіслацкім р-не.

Галоўнай кампазіцыйнай воссю з’яўляецца вул. Леніна, у паўднёвай частцы завяршаецца цэнтральнай плошчай са скверам — грамадска-адміністацыйным і культурна-гандлёвым цэнтрам гарадскога пасёлку. З захаду да яе прымыкае вул. Савецкая, з усходу — вуліцы Чырвонаармейская і Дзяржынскага, звязаныя з дарогамі на Гародню, Ваўкавыск. Цэнтральная частка забудаванаяя 2—5-павярховымі жылымі дамамі, новы жылы раён будуецца ў паўночна-зарэчнай частцы. Астатнюю тэрыторыю займаюць аднапавярховыя індывідуальныя дамы сядзібнага тыпу. На поўдні, усходзе і захадзе размешчаныя прамысловыя прадпрыемствы, на поўначы (уздоўж ракі) — зона адпачынку з сажалкай і паркам. Збярогся помнік дойлідства XVII ст. — касцёл Візітацыі Дзевы Марыі.

Пасёлак развіваецца паводле генплану 1979 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


І.М. Мазнічка

 


ВЯЛІКАЯ БЕРАСТАВІЦА. КАСЦЁЛ НАВЕДЗІНАЎ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства ранняга барока. Пабудаваны каля 1615 г. у г.п. Вялікая Бераставіца па фундацыі Гераніма Хадкевіча пад уплывам касцёльнага дойлідства Д. Трэвана, з улікам мясцовага будаўніцтва. З дакументаў, якія захаваліся, ні адзін не ўказвае на існаванне кармеліцкага касцёлу ў Бераставіцы, і таму можна меркаваць, што ў час заснавання касцёлу ролю капеланаў у ім выконвала духавенства, якое прадстаўляла ордэн кармелітаў. Але сам касцёл з моманту асвячэння вядомы як касцёл Наведвання Дзевы Марыі. У 1741 г. праведзены рамонт касцёлу (фундатар — кракаўскі каштэлян Юрый Мнішак). У 1794 г. пры касцёле існаваў шпіталь, які быў пабудаваны па фундацыі Ю. Патоцкай, у 2-й палове XVIII — першай палове XIX ст. — дзейнічала школа. У 1855 г. праведзены рамонт. З 1866 г. праваслаўная царква. З 1920—40 гг. мураваная трохнефавая базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і дзвюма нізкімі сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Галоўны заходні фасад бязвежавы, падзелены пілястрамі на тры часткі і завершаны ступеньчатым атыкам. Сярэдняя ўзвышаная частка ўвянчаная франтонам з авальнай нішай у цэнтры. Сцены цэнтральнага нефу расчлянёныя пілястрамі, бакавых нефаў — лапаткамі. Аконныя праёмы з лучковымі арачнымі завяршэннямі. Інтер’ер падзелены чатырма масіўнымі слупамі на тры нефы. Цэнтральны павышаны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, бакавыя — крыжовымі. Пры ўваходзе — хоры. Важнейшай рэліквіяй касцёлу быў абраз ангелаў-захавальнікаў, які напісаў Францішак Смуглевіч (1797—1807 гг.). Пад будынкам крыпта — дзевяць памяшканняў, злучаных пераходамі. Распрацаваны праект рэканструкцыі касцёлу (дойліды А. Бабіцын, С. Шэйко).

У 1990 г. перададзены вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Крук, Т.Т. Маліноўская

 


ВЯЛІКАЯ БЕРАСТАВІЦА. РАТУША


Існавала ў XVIII—XIX стст. у г.п. Вялікая Бераставіца (Бераставіцкі р-н) на гандлёвай плошчы. Прадаўгаваты прастакутны ў плане аднапавярховы будынак. Цэнтральная частка, дзе размяшчаліся зала пасяджэнняў магістрата, архіў, скарб і іншыя памяшканні, была вылучаная самастойным двухсхільным гонтавым дахам з трохкутным франтонам, аформленым авальным акном. У ніжніх мураваных паверхах бакавых частак, аформленых на галоўным фасадзе аркаднымі галерэямі, размяшчаліся крамы, у верхніх драўляных надбудовах з кансольна-бэлечнымі галерэямі і двухсхільнымі дахамі — жылыя памяшканні і склады.

Не збераглася.


Ю.А. Якгмовіч

 


ВЯЛІКІЯ ЭЙСМАНТЫ. КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ

І СВЯТОГА ЯНА НЕПАМУКА


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1850 г. з каменю ў в. Вялікія Эйсманты (Бераставіцкі р-н) пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Сезяноўскага. У 1939 г. адрамантаваны (пераробленая столь). Асноўны прастакутны ў плане аб’ём (вышыня 17, даўжыня 48, шырыня 19 м) і квадратная алтарная апсіда накрытыя агульным двухсхільным дахам. Галоўны фасад аформлены масіўным чатырохкалонным дарычным порцікам, уваходным парталам і глыбокімі нішамі з паўсферычнымі конхамі па баках, завершаны трохкутным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя стральчатымі вокнамі і простымі прафіляванымі карнізамі. Па баках апсіды — нізкія сакрысціі. Унутраная прастора інтэр’еру падзеленая васьмю тонкімі слупамі на тры нефы. Цэнтральны неф з алтарнай апсідай перакрыты агульным цыліндрычным скляпеннем з аркамі, аздобленымі арнаментальнай размалёўкай. Бакавыя нефы маюць плоскую падшыўную столь. Тры разныя алтары дэкарыраваныя паліхромнай размалёўкай дэталей.

Касцёл дзейнічае.


Т.В. Габрусь

 


-Г-

 


ГАДЗІЧАВА. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

 

Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1-й палове ХІХ ст. з цэглы ў в. Гадзічава (Гомельскі р-н). Цэнтрычны квадратны ў плане аб’ём завершаны драўляным чатырохгранным плоскім барабанам. Галоўны і бакавыя фасады вылучаныя чатырохкалоннымі порцікамі дарычнага ордэру, алтарны — рызалітам. Плоскасныя атынкаваныя фасады расчлянёныя двума ярусамі лучковых аконных праемаў з замковым каменем у ліштвах, аперазаныя міжпаверхавай цягай і прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтральную залу з плоскай столлю чатырма шырокімі аркамі расчыняюцца вузкія памяшканні прытвору, прыдзелаў з самастойнымі ўваходамі і апсіды, па баках якой вылучаныя невялікія рызніцы.

Царква не дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


ГАЙЦЮНІШКІ. ДОМ-ФАРТЭЦЫЯ ("ЗАМАЧАК")


Помнік грамадзянскага дойлідства. Пабудаваны ў 1613 г. у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н). "Замачак" змураваў для сябе ўладальнік Гайцюнішак, "каралеўскі будаўнічы", выхадзец з Нідэрландаў П. Нонхарт разам з інжынерам Ван Дадэнам. Пазней будынак належаў Храптовічам, Корфам, Штрэтэрам, Путкамерам, Остэн-Сакенам, Рымшам. Сіметрычны прастакутны ў плане (15х34 м) двухпавярховы будынак накрыты вальмавым дахам, па кутах фланкіраваны чатырма круглымі вежамі, завершанымі шатрамі. Першапачаткова быў абкружаны вадзяным ровам (захаваліся сляды абваднення). Цэнтр галощнага фасаду вылучаны трох’яруснай прастакутнай вежай-брамай. Да яе прылягае мураваны ганак на слупах (пабудаваны ў канцы ХІХ ст.). Фасады амаль не маюць архітэктурнага дэкору. Тоўстыя (каля 1,5 м) сцены фасадаў прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, вежаў — вокнамі-байніцамі. Планіроўка трохчасткавая: вялікія сенцы пасярэдзіне аддзяляюць адну групу пакояў ад другой. Адзін з пакояў першага паверху перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, астатнія — плоскай драўлянай столлю. На першым паверсе знаходзіліся службы і казарма для невялікага гарнізона, наверсе — "панскія" пакоі і сталоўка. У памяшканнях стаялі рознакаляровыя печкі і каміны, сцены мелі маляўнічую размалёўку, былі ўпрыгожаныя ляпнінай, аздобленыя ліхтарамі і інш. Пад будынкам знаходзяцца сутарэнні са студняй, якой карысталіся былыя абаронцы "замачка". Захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы ХІХ — 1-й паловы ХХ ст. У 1970-я гады да ганку зробленая мураваная лесвіца, да дваровага фасаду дабудаваны аднапавярховы цагляны корпус.

Выкарыстоўваецца лячэбнай установай. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Пярвышын

 


ГАЙЦЮНІШКІ. КАПЛІЦА


Помнік дойлідства барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудаваная ў 1614 г. (па іншых звестках у 1633 г.) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н) каля дома-фартэцыі як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П. Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў, а пазней — Стэцкевічаў і іншых уладальнікаў Гайцюнішак кальвінскай веры. Кампактны прастакутны ў плане мураваны будынак з развітай алтарнай часткай быў накрыты вальмавым дахам з дахоўкі, з трох бакоў умацаваны магутнымі крытымі дахоўкай контрфорсамі, якія стваралі своеасаблівую кампазіцыю галоўнага фасаду. Тоўстыя сцены завяршаліся прафіляваным карнізам. Галоўны фасад не меў шчыта, а над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц алтарнай апсіды быў завершаны трохкутным франтонам. Дэкор на фасадах амаль адсутнічаў. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Будынак быў перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У інтэр’еры капліцы вызначаліся алтар і амбон XVII ст. У сутарэннях знаходзіліся труны з муміфікаванымі целамі пахаваных.

Засталіся руіны, часткі паўночнай і заходняй сцен. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Пярвышын

 


ГАЛАВІЧПОЛЛЕ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства мадэрну з элементамі неаготыкі. Створаная ў пачатку ХХ ст. ў в. Галавічполле (Шчучынскі р-н). Гаспода (1909 г.) — мураваны Г-падобны ў плане будынак. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць адна- і двухпавярховыя аб’ёмы, накрытыя дахоўкай высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкаратыўнае вырашэнне фасадаў заснаванае на спалучэнні чырвонага колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай, паліхромнай муроўкай цокаля з вапнавых блокаў. Паўкруглыя тымпаны над вокнамі запоўненыя дэкаратыўнымі арнаментальнымі ўстаўкамі з паліванай керамікі. Элементы архітэктурнага дэкору ствараюць на фасадах геаметрычны малюнак. Планіроўка калідорная з выхадам на тэрасу з каванай агароджай. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні. Дом размешчаны ў пейзажным парку (плошча 18 га), ад якога зберагліся фрагменты. Уязная алея абсаджаная грабам, прастакутныя баскеты абмежаваныя алеямі. На ўскраіне парку шэраг ставоў. У дэндраскладзе больш за 50 відаў дрэў.

У сядзібе размешчаны Васілішкаўскі дом-інтэрнат. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


ГАЛЬШАНЫ. ЗАМАК


Гальшанскі замак, помнік палацава-паркавага дойлідства. Пабудаваны Паўлам Сапегам на мяжы XVI—XVII стст. у в. Гальшаны (Ашмянскі р-н). Асноўную абарончую функцыю выконвалі земляныя валы і бастыёны з сістэмай абваднення, якія знаходзіліся на значнай адлегласці ад палацу. Мураваны прастакутны ў плане (88,6x95,6 м) трохпавярховы будынак з вялікім квадратным унутраным дваром (каля 60x60 м). Меў вялікія сутарэнні, перакрытыя скляпеннямі. Куты палацу былі фланкіраваныя шасціграннымі вежамі. У сярэдзіне прадаўгаватага паўночна-ўсходняга крыла знаходзіцца ўязная брама, якая ў XVII — 1-й палове XVIII стст. завяршалася гранёнай вежай. У тоўшчах заходняй грані рэшткаў яе муроў выяўленыя вітыя ўсходы. Насупраць брамы размяшчалася аднанефавая капліца (18,6x6,3 м), убудаваная ў паўднёва-заходняе крыло палацу, па ўсім перыметры будынку прастакутныя і арачныя вокны. Сцены мелі фігурную муроўку, аздобленую ляпнінай. На ўзроўні другога паверху паўночна-заходняга крыла з боку панадворку праходзіла адкрытая галерэя. На першым паверсе паўночна-заходняга кута палацу была размешчаная вялікая амаль квадратная зала з чатырма слупамі ў цэнтры, перакрытая крыжовымі скляпеннямі. Інтэр’еры палацу былі багата аздобленыя. Значную дэкаратыўную ролю выконвалі кафляныя грубкі, абрамленні камінаў і столі ў тэхніцы стуку, падлога памяшканняў з керамічных тэракотавых і паліваных зялёных крыжа-зоркападобных, квадратных і прастакутных плітак. Палац перабудоўваўся ў XVIII—XX стст., што змяніла яго аблічча і аб’ёмна-планіровачную кампазіцыю (страчаныя галерэі, вежа над брамай, дэкаратыўнае аздабленне сцен, у сярэдзіне паўднёва-ўсходняга і паўночна-заходняга крылаў палацу пабудаваныя два пяцігранныя рызаліты).

Збярогся часткова. Побач з замкам знаходзіцца малочная ферма мясцовага саўгасу "Гальшаны". Гноевыя сцёкі з фермы перыядычна запаўняюць унутраны двор замку, адходамі сельскагаспадарчай вытворчасці засыпаюцца падвалы.


І.М. Чарняўскі, Дз.С. Бубпоўскі

 


ГАЛЬШАНЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ I КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ

 

Помнік дойлідства XVI—XVIII стст. Пабудаваны ў в. Гальшаны (Ашмянскі р-н). Уключае мураваныя касцёл і жылы корпус. Першы будынак касцёлу пабудаваны ў пачатку XVI ст., перабудаваны пад кальвінскі збор у сярэдзіне XVI ст. У 1618 г. на сродкі Паўла Сапегі касцёл зноў перабудаваны, узведзены жылы корпус кляштару.


Касцёл — прастакутны ў плане трохкупальны храм з паўкруглай апсідай і капліцамі па баках (у адной з іх знаходзілася надмагілле Сапегі і яго трох жонак — трох’ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу; цяпер захоўваецца ў Музеі старажытна-беларускай культуры Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). У пачатку 1770-х гадоў (верагодна, у 1774 г.) будынак касцёлу быў разабраны амаль да муроў і на яго месцы з выкарыстаннем падмуркаў і часткі сцен пабудаваны новы, які захаваўся да нашага часу. Сучасны будынак касцёлу прастакутны ў плане. Галоўны фасад і апсідная частка маюць рысы стылю барока — фігурны франтон, раскрапоўка пілястрамі, валюты. Вертыкальнае чляненне галоўнага фасаду пілястрамі на тры часткі адпавядае падзелу ўнутранай прасторы на тры нефы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, бакавыя нефы маюць крыжовыя скляпенні. Эмацыянальны акцэнт інтэр’еру касцёлу — жывапіс на сцяне трох'яруснага галоўнага алтару (выкананы ў 1790-я гады). У першым ярусе паміж дойлідскімі кулісамі размешчаная дзвюхфігурная кампазіцыя "Хрышчэнне". Другі ярус уяўляе сабой надкартушную прастору з выявамі анёлаў. На атыку намаляваная фігура пішучага Іаана Евангеліста з яго сімвалам — арлом. У трэцім ярусе адлюстраваная падкупальная прастора, запоўненая святлом блакітнага неба, у якім два анёлы нясуць у руках герб. Акрамя галоўнага, у касцёле было сем бакавых алтароў.

Жылы корпус кляштару двухпавярховы, прастакутны ў плане, прымыкае да будынку касцёлу з паўночнага захаду. Першапачаткова па перыметры ўнутранага дворыку (клуатра) ішла мураваная галерэя, частка якой (разбурана ў 1832 г.) злучала касцёл з жылым корпусам (рэшткі галерэі ў месцы прымыкання да касцёлу выяўленыя аўтарам праекту рэстаўрацыі касцёлу В.С. Маскалёвым). Да паўночнага кута жылога корпусу прымыкае 6-гранная вежа (у час археалагічных даследванняў на чале з А. Кушнярэвічам выяўлены фундамент другой такой жа вежы з процілеглага боку). У першым паверсе будынку размяшчаліся кухня, кладоўкі, васкоўня, трапезная, у другім — келлі і бібліятэка. У 1832 г. кляштар быў закрыты, жылы будынак перададзены ваеннаму ведамству. Планіроўка захавалася часткова. Цяпер у будынку размешчаны філіял Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі.

Мураваная квадратная ў плане званіца пабудаваная ў 1810-я гады, мела тры званы, завяршалася жалезным крыжам. Тэрыторыя кляштару абнесеная мураванай агароджай.

Вядзецца яго рэстаўрацыя. Помнік рэспубліканскага значэння.


В.Р. Кукуня

 


ГАНЦАВІЧЫ


Горад, цэнтр Ганцавіцкага р-на, на р. Цна. За 250 км ад Берасця. У 2-й палове ХІХ ст. вёска Слуцкага павету, уладанне графа С. Чапскага. У 1897 г. — 633 жыхары. Будаўніцтва палескіх чыгунак садзейнічала ўзнікненню лесаперапрацоўчых прадпрыемстваў, што абумовіла перарастанне невялікай вёскі ў мястэчка. У 1909 г. было 157 двароў і 1026 жыхароў. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка Лунінецкага павету. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. У 1961—66 гг. у Ляхавіцкім р-не, з 1973 горад.

Падзелены чыгункай на два раёны — заходні і ўсходні. Заходні раён — галоўны. Яго фармуюць вуліцы Кастрычніцкая і Гагарына, на перакрыжаванні якіх утварылася прастакутная ў плане Кастрычніцкая плошча — грамадскі і адміністрацыйны цэнтр гораду. Цэнтр забудоўваецца 3—5-павярховымі жылымі дамамі. З захаду ад цэнтру — прамысловы раён, будуецца мікрараён. Усходняя частка мае аднапавярховую забудову сядзібнага тыпу.

Генплан 1975 г. і праект дэталёвай планіроўкі цэнтру 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжваюць развіццё гораду ў паўднёва-заходнім і ўсходнім напрамках, будаўнійтва ў заходняй частцы шматпавярховых жылых дамоў, стварэнне зялёнага дыяметру, які звяжа сістэму сквераў цэнтральнай часткі з зонай адпачынку.


В.Я. Токарава

 


ГАРАДЗЕЦ. "КАРАЛЕЎСКІ ДВОР"


Існаваў у 2-й палове XVI ст. ў в. Гарадзец (Кобрынскі р-н). Належаў каралю Зыгмунту III. У цэнтры размяшчаўся галоўны жылы будынак, які меў тры пакоі абапал сенцаў і шэсць камор, завяршаўся дахам з драніцы, уваход быў вылучаны вялікім ганкам. Паблізу знаходзіліся дом для чэлядзі (курная хата з каморай і сенцамі), две стайні, злучаныя вазоўняй, адрына, хлявы, сыраварня на шасці слупах з галерэяй наверсе, каля ўязных варот — два вялікія свірны, кухня. Да панадворку прымыкала гумно са стадолай і клеццю. Усе будынкі былі драўляныя. Двор абнесены парканам з дыляў у шулах. Комплекс адлюстроўваў традыцыі беларускага сядзібнага дойлідства XVI ст. Вядомы паводле інвентару 1597 г.

Не збярогся.


Ю.А. Якімовіч

 


ГАРАДЗІШЧА

 

Гарадскі пасёлак у Баранавіцкім р-не, на р. Сэрвач. За 25 км на поўнач ад Баранавіч. З сярэдзіны XIII ст. ў Вялікім княстве Літоўскім, у XVI ст. ўваходзіла ў Наваградскі павет. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі. У 1640 г. пабудаваны мураваны касцёл (дзейнічаў да 1864 г.), у XVIII ст. — уніяцкая царква (з 1839 г. праваслаўная). На левым беразе ракі быў пабудаваны палац з вялікім паркам, ставамі, каналамі, млынамі (не захаваліся). У 1893 г. — 747 жыхароў.

Пасёлак перасякае рака, якая дзеліць яго на паўночна-заходнюю і паўднёва-ўсходнюю (асноўная тэрыторыя) часткі. Планіроўка квартальная. У цэнтры на ўзгорку — прастакутная ў плане плошча (былая гандлёвая), ад якой разыходзяцца чатыры магістральныя вуліцы, што ўтвараюць аснову планіровачнага каркасу пасёлку: Навагрудская, Вежнаўца, 17 Верасня, Кастрычніка. На паўночным усходзе ад цэнтру — мураваны будынак царквы (XVIII ст.), на паўднёвым — драўляная царква ў стылі мадэрн са званіцай (пачатак ХХ ст.). Забудова пераважна малапавярховая. На вул. Навагрудскай захаваліся аднапавярховыя дамы ХІХ — пачатку ХХ стст., шчыльна пастаўленыя адзін да аднаго. У паўднёвай частцы пасёлку фармуецца мікрараён.

Пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1982 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Ю.А. Якімовіч

 


ГАРАДОК


Горад, цэнтр Гарадоцкага р-ну, на р. Гараджанка. За 30 км ад Віцебску. Узнік на месцы старажытнага ўмацаванага паселішчу. Першы генплан распрацаваны ў 1778 г., меў характэрныя для горадабудаўніцтва таго часу рысы класіцызму. Планавалася спрамленне вуліц і фармаванне прастакутных і квадратных кварталаў. Уся тэрыторыя ўпісвалася ў прастакутнік, абносілася абарончым валам і ровам. У захадняй, усходняй і паўднёвай частках фармаваліся плошчы. З усходу і поўдня валы прарэзвалі две гарадскія брамы, якія вялі на дарогі на Ўсвяты і Віцебск. Сучасны горад падзяляецца ракой на паўночна-заходнюю і паўднёва-ўсходнюю (цэнтр гораду) часткі. Тут на пл. Леніна і прылеглых да яе вуліцах Савецкай і Краснаармейскай размешчаны цэнтр з адміністрацыйна-грамадскімі і культурна-побытытавымі ўстановамі.

Генплан 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжвае развіццё гораду ў паўднёва-заходнім напрамку, фармаванне на перакрыжаванні асноўных вуліц К. Маркса, Камсамольскай і Чырвонаармейскай новага грамадскага цэнтру.


Л.М. Смірнова

 


ГАРАДОК. ЗАМАК

 

Помнік абарончага дойлідства XIV—XVIII стст. Размешчаны ў паўночнай частцы в. Гарадок (Маладзечанскі р-н). Авальны ў плане дзядзінец (60х40 м), абкружаны з поўдня вадзяным ровам (шырыня 25—30 м), захаду і поўначы — магутным земляным валам (вышыня да 10 м). З усходу ў разрыве валу стаяла вежа (засталася круглая пляцоўка дыяметрам каля 7 м), якая ахоўвала ўезд у замак. Да ўваходу ў замак цераз роў быў перакінуты драўляны мост. На дзядзінцы знаходзіліся мураваныя і драўляныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Падчас раскопак знойдзеная кераміка XIV—XVIII стст., сярод якой вылучаецца паліваная кафля з раслінным арнаментам і выявай арла.

Комплекс збярогся часткова (засталіся валы, роў, падмуркі асобных будынкаў).


М.А. Ткачоў

 


ГАРАДОК. ЦАРКВА СВЯТЫХ КОСЬМЫ І ДАМІЯНА

 

Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1814 г. у в. Гарадок (Глускі р-н) з выкарыстаннем стылізаваных элементаў класіцызму. Будынак (вышыня 22 м) складаецца з прастакутнага асноўнага аб’ёму (32x12 м), пяціграннай апсіды, трох’яруснай званіцы і бабінцу. Накрытая двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай. З боку галоўнага фасаду званіца (васьмярык на чацверыку), завершаная паўсферычным купалам. Над асноўным аб’ёмам — васьмігранны самкнуты купал на гранёным светлавым барабане. Сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, якія абрамленыя ліштвамі з сандрыкамі. Кутнія часткі будынку ўмацаваныя драўлянымі лапаткамі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе стылізаванага порціку. Унутраная прастора царквы развітая па падоўжнай восі. Светлавы барабан з васьмігранным самкнутым скляпеннем падтрымліваецца васьмі слупамі. У дэкоры інтэр’еру шырока выкарыстаная разьба па дрэве.

Царква рамантавалася ў 1970-я гады, зараз дзейнічае.


В.М. Ладзіс

 


ГАРНАСТАЕВІЧЫ. СЯДЗІБА

 

Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. ў в. Гарнастаевічы (Свіслацкі р-н). Уключае гасподу, гаспадарчыя пабудовы, невялікі парк з садам і сажалкай, касцёл.

Гаспода — Т-падобны ў плане будынак. Складаецца з падоўжанага аднапавярховага і кароткага двухпавярховага прастакутных аб’ёмаў. Планіроўка анфіладна-калідорная. Галоўны ўваход аформлены чатырохкалонным порцікам. Фасады дэкарыраваныя лапаткамі, рустам, пластычнымі ліштвамі акон, прафіляванымі цягамі. У інтэр’еры кафляныя грубкі, паркетная падлога, каваная і літая фарнітура, прафіляваныя бэлькі перакрыцця. Выкарыстоўваецца адміністрацыйнай установай.

Касцёл — прастакутны ў плане, з сакрысціямі абапал алтарнай часткі, накрыты двухсхільным дахам з дахоўкі. Сцены з бутавага каменю, антаблемент, ліштвы акон, пілястры, порцік з цэглы. Галоўны фасад вылучаны шасцікалонным порцікам дарычнага ордэру. У інтэр’еры над уваходам хоры.


А.М. Кулагін

 


ГАРОДНА. СЯДЗІБА

 

Помнік сядзібна-паркавага дойлідства 2-й палове XVIII ст. Пабудаваная ў в. Гародна (Воранаўскі р-н) для Л. Тышкевіча (дойлід Ф. Эйсен). Належала Тышкевічам, з 1853 г. — Патоцкім, у канцы ХІХ ст. — Ігнаткевічам, у пачатку ХХ ст. — Кандратовічам. Уключала гасподу, гаспадарчыя пабудовы, парк.

Цэнтр кампазіцыі — драўляная на высокім мураваным цокалі аднапавярхововая прастакутная ў плане гаспода ў стылі класіцызму (1780 г., дойлід Ш. Цуг, разбураная пасля 1939 г.). Цэнтральная частка была вылучаная рызалітам, які на галоўным і паркавым фасадах меў порцікі дарычнага ордэру з картушамі ў тымпанах франтонаў. Да галоўнага ўваходу вялі пандус і шырокая парадная лесвіца. Сцены былі звонку ашаляваныя дошкамі, апрацаванымі рустам. Высокія прастакутныя вокны мелі ліштвы з сандрыкамі ў завяршэнні, у цокалі вокны квадратныя. Планіроўка анфіладная з параднай залай у цэнтры, у бакавых частках — сталоўка, кабінеты, гасціныя, спальні. Сцены памяшканняў былі аздобленыя размаляванымі палатнянымі шпалерамі, падзеленымі на панелі пазалочанымі драўлянымі ліштвамі. Дзвярныя праёмы і каміны ўпрыгожвалі ляпныя пазалочаныя гарэльефы ў выглядзе медальёнаў, гірляндаў, кветак, ваз і інш. У цокалі, куды вялі лесвіцы ў тарцах будынку, размяшчаліся гаспадарчыя памяшканні і жыллё прыслугі.

Парк, закладзены ў канцы XVIII ст., — рэгулярнай планіроўкі, сіметрычны, крыжападобны ў плане. На падоўжнай восі усход-захад размешчаныя ўязная брама ў выглядзе двух мураваных пілонаў, алея і квадратная плошча перад гасподай, за ёй — прастакутны партэр і вузкі выцягнуты штучны вадаём, густа абсаджаны дрэвамі мясцовых парод. Перспектыву алеі завяршала мураваная  капліца — прастакутнае ў плане збудаванне з двухсхільным дахам і вежай-званіцай на галоўным фасадзе (збераглася часткова). Да яе ад партэру вяла кругавая дарожка. Да партэру прымыкаюць чатыры падзеленыя алеямі баскеты, па два з кожнага боку. Парк збярогся часткова.


В.Р. Анціпаў, В.Ф. Марозаў

 


ГАРОДНЯ


Гародня — горад на р. Нёман, цэнтр Гарадзенскай вобл. Паводле археалагічных раскопак старажытная Гародня (летапісны Гарадзень, Гарадня, Гародна) узнік у канцы X — 1-й палове XI ст. на крутым узгорку правага берага Нёмана каля вусця р. Гараднічанка. Тут знаходзіліся ўмацаваныя старажытны дзядзінец, непадалёк на ўзгорку (так званая Замкавая гара) вакольны горад, каля яго гандлёва-рамесніцкі пасад. Умацаваным цэнтрам гораду была крэпасць, пераўтвораная ў XII ст. ў замак — рэзідэнцыю князёў. У XII ст. на беразе Нёману пабудаваны княжацкі палац, у цэнтры замку (глядзі артыкул "Гародня. Стары замак") узведзеная Ніжняя царква, на руінах яе ў XIV ст. — Верхняя царква, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у XII ст. пабудаваныя таксама Барысаглебская (Каложская) царква, Прачысценская царква, у канцы XII ст. — Васкрасенская і так званая Малая цэрквы. У XII ст. склалася самабытная Гарадзенская школа дойлідства. Будынкі Гарадзенскай школы дойлідства вызначаліся арыгінальнымі сродкамі выразнасці — выкарыстаннем у роўнаслаёвай муроўцы з плоскай цэглы (плінфы) дэкаратыўнага прыроднага каменю (абчасаных, паліраваных валуноў), геаметрычных кампазіцый з каляровых паліваных кафляў, наборнай маёлікавай падлогі з плітак разнастайных форм. Для аб’ёмна-прасторавых кампазіцый характэрная адносна невялікая таўшчыня апорных канструкцый, круглая і гранёная форма ўнутраных слупоў. Каб палепшыць акустыку, у верхнія часткі сцен умуроўваліся керамічныя збаны (галаснікі). Узоры Гарадзенскай школы дойлідства — Ніжняя царква, Барысаглебская царква, Прачысценская царква, княжацкі хорам, царква ў Ваўкавыску (сярэдзіна XII ст.; у 1956 г. выяўленыя рэшткі падмурку на замчышчы).

Упершыню Гародня ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1128 г. як цэнтр княства, удзел гарадзенскага князя Усевалада Давыдавіча і яго сыноў Барыса і Глеба, Юрыя Глебавіча (1-я палова XIII ст.). З 1240-х гадоў ў складзе Вялікага княства Літоўскага, з 1376 г. уладанне князя Вітаўта, пры ім Гародня стла 2-й сталіцай княства. З 1413 г. павятовы горад, з сярэдзіны XVI ст. — цэнтр павету Трокскага ваяводства. У 1391 г. горад атрымаў няпоўнае (малое), у 1496 г. — поўнае магдэбургскае права (існавала да 1795 г.), з XVI ст. меў гарадскі герб: на блакітным полі выява бягучага аленя Святога Губерта (з 1802 г. выявы ўзброенага рыцара на кані, так званая "Пагоня", і зубра). У XIV ст. тэрыторыя Гароді пашыраецца: на месцы вакольнага гораду пабудаваны Ніжні замак, злучаны мостам цераз роў з Верхнім. Замак быў умацаваны паўкальцом праваслаўных цэркваў-крэпасцей, Каложскімі Вялікім і Малым манастырамі. У горадзе меліся таксама драўляныя касцёл (1389 г.) і сінагога, гандлёвыя рады, рынак. У XV ст. Гародня развівалася ўздоўж рэк. Цэнтр гораду змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу (былыя назвы: Гандлёвая, Ратушная, Парадная, Саборная, Стэфана Баторыя, з 1940 г. — Савецкая), дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 г. на ёй пабудаваная драўляная ратуша (глядзі артыкул "Гародня. Ратушы"), закладзены фарны касцёл. Да плошчы сыходзіліся сем вуліц. Асноўнымі магістралямі былі ўзаемна перпендыкулярныя вуліцы Вялікая і Віленская (ад Нёманскай пераправы на Вільню) і Замкавая вуліца (злучала замкі з Смаленскім трактам). Сярод збудаванняў таго часу вядомыя цэрквы Васкрасенская, Мікалаеўская, Сімяонаўская, Траецкая, Крыжаўзвіжанская (Чэснага крыжа; не зберагліся), а таксама Прачысценская (у XVIII ст. на яе месцы ўзведзеная царква Раства Багародзіцы), касцёл Святога Духа, капліца на могілках. У 2-й палове XV ст. пачалося забудоўвацца Занёманскае прадмесце (фарштаце; уздоўж дарогі на Варшаву). У 1541 г. пабудаваны водаправод. Ў 2-й палове XVI ст. Гародня складалася з дзвюх частак: Старога гораду на правым беразе Нёмана з двума рынкамі (на тэрыторыі сучасных пл. Савецкай і вул. Алега Кашавога — рыбны), 27 вуліцамі і невялікага Новага гораду на левабярэжжы з чатырма вуліцамі і аптовым рынкам. Пераважалі драўляныя аднапавярховыя жылыя дамы, будавалі таксама дамы фахверкавай канструкцыі; брукаваліся вуліцы. У 1588 г. было больш за 700 дамоў, каля 4 тыс. жыхароў. У 1579—86 гг. Гародня — рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. У 2-й палове XV — XVI стст. цэнтр Гарадзенскага староства, у 1589—1795 гг. — Гарадзенскай эканоміі.

Своеасаблівае аблічча гораду ўтваралі касцёлы, праваслаўныя храмы, замкі, размешчаныя на ўзгорках, плошчах, лепшых месцах галоўных вуліц, якія будаваліся пераважна ў стылі барока. Узведзеная зала сеймаў (XVIII ст.), створаныя комплексы культавых забудоў: у XVII—XVIII стст. касцёл і кляштар бернардынаў, касцёл і кляштар езуітаў з будынкам аптэкі, касцёл і кляштар бернардзінак, касцёл і кляштар брыгітак з драўляным лямусам (глядзі артыкул "Гародня. Лямусы"), касцёл і кляштар францысканцаў, манастыр базыльянак, кляштар дамініканцаў. У 2-й палове XVIII ст. будаваліся загарадныя палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі. На месцы Верхняга замку пабудаваны новы, на тэрыторыі Ніжняга замка — Дом караля, на месцы якога ў 1751 г. узведзены Каралеўскі палац, у прадмесці Аўгустова — Аўгустоўская сядзіба, на ўсходняй ускраіне гораду — сядзіба "Панямонь", на паўночным усходзе — Станіславаўская сядзіба. З заснаваннем у Гародне і яго ваколіцах гродзенскім старастам А. Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы гораду: у яго паўночна-ўсходняй частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца (раён сучаснай пл. Леніна); узведзена больш як 80 будынкаў, збераглося 20, у т.л. палац адміністратара, палац Тызенгаўза, дом віцэ-адміністратара, дом лясной адміністрацыі, корчмы, драўляны кляштар баніфратаў (1729 г.), а таксама будынак медычнай школы (1770-я гады), будынак музычнай школы (1765 г., пры школе батанічны сад), будынак тэатру Тызенгаўза (1780-я гады). У 1793—95 гг. Гародня — цэнтр ваяводства. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, у 801—1921 гг. у Гарадзенскай губерніі. У 2-й палове XVIII — XIX стст. будаваліся жылыя і адміністрацыйныя будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), дом Агінскага, ратуша з гандлёвымі радамі (1807 г., усе не зберагліся), дом віцэ-губернатара, гарадскі асабняк, будынак мужской гімназіі (1735 г.) і інш. У 1-й палове XIX ст. фармуецца шэраг новых вуліц (сучасныя вуліцы Леніна, Паўлоўскага, Сацыялістычная, Карбышава, Чапаева і інш.). Пасля пракладкі чыгункі Варшава — Санкт-Пецярбург (1862 г.), якая перасекла Гародню з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад, горад развіваўся ўздоўж дарогі на г. Ліду і на правабярэжжы Нёмана за чыгункай. Вуліцы, што прылягалі да гэтага квартала (сучасныя вуліцы Ажэшкі, Савецкая і Маставая), сталі важнымі гарадскімі магістралямі; сфармавалася Прывакзальная плошча з будынкам чыгуначнага вакзалу. У 2-й палове XIX ст. горад развіваўся ў паўночно-ўсходнім і паўночна-заходнім напрамках, дзе ўзніклі новыя вуліцы — Паўночная, Загарадная, Гарадніцкая застава і інш. (так званы "Новы свет"). Цэнтр быў забудаваны пераважна трохпавярховымі дамамі з цэглы. Шчыльна пастаўленыя, яны ўтваралі адзіны фронт вулічных фасадаў. Паявіліся новыя тыпы будынкаў: вялікія даходныя дамы, Народны дом (сучасная вул. Дзяржынскага). У 2-й палове XIX — пачатку XX ст. ўзведзеныя будынкі самых розных стыляў дойлідства: эклектыкі — сінагога, жылы дом купца Мураўёва (1914 г., зараз абласная бібліятэка імя Карскага, глядзі артыкул "Гародня. Жылы дом"), тытунёвая фабрыка Шарашэўскага (1862 г.), будынак рэальнага вучылішча і будынак акруговага суду; у стылі мадэрн — будынак пазямельна-сялянскага банку, дамы ўрачоў і жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай, Савецкай, Энгельса і Кірава; у псеўдарускім стылі — Уладзімірская царква, Пакроўская царква; з элементамі псеўдаготыкі і псеўдарускага стылю — лютэранская кірха. Існавалі таксама збудаванні прамысловага дойлідства — вежа пажарнага дэпо (на вул. Замкавай), воданапорныя вежы і бровар (1877 г.). У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр павету Беластоцкага ваяводства. Узведзены шэраг жылых (па вуліцах Цаглянай і Славацкага) і адміністртыўныя (Дзяржбанк) будынкаў у стылі канструктывізму. З 1939 г. у складзе БССР. З 15.1.1940 г. цэнтр раёна ў Беластоцкай вобл., з 20.9.1944 г. цэнтр Гарадзенскай вобл. У 1939 г. горад складаўся з Цэнтральнага (паміж Нёманам, Гараднічанкай і чыгункай) і Занёманскага раёнаў, злучаных паміж сабой мостам. Асноўнымі восямі Цэнтральнага р-ну былі сучасныя вул. Ажэшкі, вул. Савецкая і вул. Замкавая, шчыльна забудаваныя 2—3-павярховымі дамамі, Занёманскага р-ну — сучасная вул. Савецкіх пагранічнікаў і перпендыкулярныя ёй вул. Гарнавых і вул. Суворава з аднапавярховымі жылымі дамамі сядзібнага тыпу.

Пасля II Сусветнай вайны горад развіваўся паводле генплану 1949 г. (Гарадзенская філія інстытуту "Белдзяржпраект") ва ўсходнім, часткова паўночна-заходнім і паўднёвым напрамках з захаваннем радыяльнай сістэмы планіроўкі, якая склалася гістарычна. Цэнтр прадаўжаў фармавацца вакол гістарычнага ядра і па берагах р. Нёман. На перакрыжаванні асноўных дыяметраў гораду: вуліц Гарнавых, Маставой, Савецкай, М. Горкага (з поўдня на поўнач), К. Маркса, пр-ту Касманаўтаў (з захаду на ўсход), — фарміраваўся грамадскі цэнтр гораду — пл. Савецкая. Цэнтральная частка гораду забудоўвалася 3—4-павярховымі, ускраінная (правабярэжная) — 1—2-павярховымі жылымі дамамі сядзібнага тыпу. Прамысловыя зоны фармаваліся ў паўночных, паўночна-ўсходнх і паўднёва-заходніх частках гораду. Паводле генплану 1963 г. (інстытут "Белдзяржпраект") і карэкціроўкі 1963 г. (Гарадзенскі філіял інстытуту "Белдзяржпраект", дойліды К. Басаў, Ю. Глінка, I. Мазнічка і інш.) шырокае распаўсюджанне атрымала будаўніцтва мікрараёнаў. Першыя створаныя ў канцы 1950 — пачатку 1960-х гадоў па вул. Горкага і вул. Савецкіх пагранічнікаў; забудоўваліся буйнапанельнымі пяціі і дзевяціпавярховымі дамамі. Пры ўзвядзенні мікрараёнаў Фарты-1 (1965) і Фарты-2 (1968—78 гг.), Пярэселка-3 і Пярэселка-4, Прынёманскі-2, Прынёманскі-3 і інш. разам з тыпавымі выкарыстоўваліся індывідуальныя праекты жылых і грамадскіх будынкаў. Узніклі жылыя кварталы па пр-це Касманаўтаў, вуліцах Дзяржынскага, Каліноўскага, Ажэшкі, Крупскай, Парыжскай камуны, Сацыялістычнай. У 1870—80-я гады працягваецца інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва ў Занёманскай частцы гораду — па вул. Гая, бульвары 60-годдзя Кастрычніку. Прамысловая зона сфармавалася на поўначы, поўдні і ўсходзе гораду. Зона адпачынку знаходзіцца ў лесапарках "Пышкі" і "Румлёва" на беразе Нёману і воз. Юбілейнае. Паводле генплану 1973 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўнштва, дойліды Глінка, С. Смірнова і інш.) прадугледжанае развіццё гораду ў паўночна-ўсходнім і паўдёва-ўсходнім напрамках, масавае будаўніцтва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі жылы раён, Усходні). У 1970—80-я гады ўзведзеныя новыя адміністрацыйныя і грамадскія будынкі: Палац піянераў і школьнікаў, Дом тэхнікі, гатэлі "Беларусь" (дойлід Л. Вільчко), "Гродна" і "Турыст" (дойліды У. Лытаў, I. Абухаў), кінатэатр "Кастрычнік", будынак абласнога драматычнага тэатру, галоўны корпус медінстытуту (дойліды Вільчко, У. Давыдзёнак), Інстытут біяхіміі АН БССР (I. Мазнічка), будынак абласнога аграпрамысловага камітэту (дойліды М. Жучко, Н. Скачкова, Л. Баланюк) і аблвыканкаму (дойліды У. Еўдакімаў, У. Праабражэнскі, М. Бярэзін), будуецца аэравакзал (дойліды Еўдакімаў, Л. Маскалевіч, М. Куняўскі, У. Васілюк, Бярэзін, В. Чубіч.).


А.К. Краўцэвіч, С.Ф. Самбук

 


ГАРОДНЯ. АБЛАСНЫ ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР

 

Узведзены ў 1977—84 гг. (дойлід Г. Мачульскі) з цэглы і зборнага жалезабетону. Складаецца з асноўнага аб’ёму (з галоўнай глядзельнай залай, вестыбюлем і фае) і П-падобнага ў плане трохпавярховага адміністрацыйна-службовага корпуса. У агульнай кампазіцыі дамінуе шасцігранны асноўны аб’ём, куты якога вылучаныя ўвагнутымі вертыкальнымі пілонамі, што выступаюць над дахам. Рытм вузкіх вертыкальных рэбраў паміж пілонамі кантрастуе з паўкруглымі лініямі буйных зашклёных канструкцый фасадаў на ўзроўні першага і другога паверхаў, што надае дынамічнасць будынку. У завяршэнні па перыметры будынку праходзіць хвалістая стужка парапета. Цэнтральны ўваход вылучаны нластычна выгнутымі сценкамі і каскадам лесвіц; над ім размешчаная трохфігурная кампазіцыя "Пегас" (скульптар Л. Зільбер; медзь, выбіванне, вышіня 8 м). Спрошчаны аб’ём службовага корпусу ўзбагачаны кутнімі лесвічнымі клеткамі. Фасады абліцаваныя светлай пліткай, цагляная муроўка нішаў і баразён ствараюць уражанне лёгкасці. Дойлідства будынку дапаўняюць басейн з фантанам, дэкаратыўныя ліхтары, падпорныя сценкі, каскады лесвіц.

Галоўная глядзельная зала (на 700 месцаў) вырашаная амфітэатрам з балконам, аздобленая драўлянымі панелямі, кесаніраванай акустычнай падвеснай столлю, дэкаратыўнай тынкоўкай. Беламармуровыя бакавыя лесвіцы злучаюць вестыбюль з двухсветлавым фае і бакавымі кулуарамі. Сцены вестыбюля абліцаваны светла-шэрым мармурам. Сцены фае апрацаваны светлай рыфлёнай тынкоўкай, са столі звісае вялікая люстра з рыфлёнага белага нёманскага шкла. На франтальнай сцяне аб’ёмнае скульптурнае пано (мастакі I. Пчэльнікаў, I. Лаўрова), прысвечанае тэатральнаму мастацтву. У яго верхняй частцы кампазіцыі з гісторыі развіцця тэатра: "Народны тэатр", "Класіка", "Тэатр рэвалюцыі", "Новы тэатр" і "Тэатр, які аб’ядноўвае ўсе мастацтвы". Ніжэй на пастаментах устаноўлены бюсты А. Пушкіна, У. Шэкспіра і Мальера, паміж імі — плакеткі з выявамі дзеячаў беларускай культуры — М. Гусоўскага, Ф. Скарыны, Я. Купалы і Я. Коласа. На сценах кулуараў і над уваходамі ў партэр — скульптурна-жывапісныя кампазіцыі "Антычная трагедыя", "Дыянісава шэсце", "Батлейка", "Скамарохі". Малая глядзельная зала (на 200 месцаў) размешчаная на першым паверсе адміністрацыйна-службовага корпусу, мае кулуары з буфетам, вестыбюль і фае. У цокальным паверсе — рэпетыцыйная зала, артыстычныя пакоі, апаратная, склады аб’ёмных дэкарацый.

Будынак — узор арганічнага сінтэзу дойлідства з манументальна-выяўленчым мастацтвам.


А.М. Кулагін

 


ГАРОДНЯ. АКРУГОВЫ ШПІТАЛЬ


Помнік грамадзянскага дойлідства XIX ст. Узнікненне шпіталя ў Гародне звязанае з дзейнасцю ордэну ксяндзоў Баніфратараў, які ў канцы XVIII ст. меў драўляны будынак шпіталю на вул. Баніфратарскай (сучасная вул. Свярдлова). У пачатку 1840-х г. шпіталь размяшчаўся ў мураваным двухпавярховым будынку бровару Баніфратараў па вул. Верцялішскай (сучасная вул. Ажэшкі, 9). Пасля скасавання ордэну гэты будынак перададзены Прыказу грамадскага апекавання для размяшчэння акруговага шпіталя (лячэбніцы). У 1857 г. пад наглядам губернскага дойліда В. Міхаэліса будынак адрамантаваў і перабудаваў купец Я. Фрумкін, стаў яго ўладальнікам і заключыў кантракт на 30 гадоў пра здачу будынка ў арэнду пад акруговы шпіталь. У 1891 г. гадская ўправа зацвердзіла план перабудовы будынку. У такім выглядзе ён захаваўся да нашага часу. Прастакутны ў плане двухпавярховы будынак з цокальным паверхам. Сімітрычна-восевая кампазіцыя галоўнага фасада падкрэсленая трыма рызалітамі, завершанымі фігурнымі атыкамі. Дзвухярусная арганізацыя фасаду падкрэсленая міжпаверхавым і завяршальным карнізамі з фігурнымі арнаментаванымі кранштэйнамі. Прастакутнныя і паўцыркульныя аконныя праёмы ўпрыгожаныя ліштвамі з сандрыкамі, франтончыкамі і філёнгамі. Цокаль і першы паверх апрацаваныя рустам. Галоўны фасад меў на другімм паверсе тры літыя балконы. У аперацыйнай зале ў сярэдзіне асноўнага аб’ёму быў купал. Да будынку дабудаваныя два аднапавярховыя флігелі. Са снежня 1902 г. у будынку былога акруговага шпіталя размяшчаліся акруговая ўправа і паштова-тэлеграфная кантора з кватэрамі для службоўцаў. У 2-й палове XX ст. з галоўнага фасаду знятыя балконы, ліквідаваны купал, змененая ўнутраная планіроўка, люкарна на цэнтральным атыку закрытая абстрактнай выявай.


Р.М. Акінчыц

 


ГАРОДНЯ. АПТЭКА ЕЗУІТАЎ


Помнік дойлідства барока. Узведзены на Рынкавай плошчы (цяпер пл. Савецкая), уваходзіць у комплекс касцёлу і кляштару езуітаў, У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 1687 г. (верагодна, знаходзілася ў адным з пакояў старога калегіюма езуітаў). У 1709 г. на набытым у магістрата пляцы езуіты збудавалі асобны аднапавярховы аптэкарскі дом. У 1763 г. на сродкі езуіта Эдэра да яго надбудаваны другі паверх. Калідоры на ўзроўні першага і другога паверхаў звязвалі аптэку з комплексам калегіюму. Унутраны дворык і вузкі праезд аддзялялі яе ад касцёлу. З боку плошчы праезд паміж касцёлам і аптэкай быў аформлены брамай з дубовымі весніцамі. Прастакутны ў плане двухпавярховы будынак з мансардай накрыты вальмавым двух’ярусным дахам (ніжні ярус — "гнуты") з хвалістай дахоўкі. Галоўны фасад завяршаўся пяцікутным франтонам. Карніз другога паверха меў упрыгожанне накшталт паўцыркульнай аркі (верагодна, рэшткі франтону або шчыта аднапавярховай аптэкі 1709 г.). Аконныя праёмы першага паверху былі ўпрыгожаныя сандрыкамі. Куты другога паверху аздоблены лапаткамі. З левага боку галоўнага фасаду быў ганак з чатырма гранітнымі прыступкамі і параднымі дзвюхстворкавымі дзвярамі на шасці завесах. Франтон меў тры прастакутныя аконныя праёмы і люкарну ў верхняй частцы. На першым паверсе размяшчаліся чатыры пакоі, кухня і калідор, перакрытыя цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі. Падлога галоўнай залы была выкладзеная мармуровай пліткай, у астатніх — паркетам або дошкамі. У сценах былі нішы, якія выкарыстоўваліся як шафы (т.зв. "гачкі"). Сходы з першага паверху вялі ў склеп. На другім паверсе былі: сем пакояў, сені, малая кухня, пакой для захавання "заморскіх лекаў". Столі другога паверху плоскія, атынкаваныя, аздобленыя лепкай і фрэскавай размалёўкай. Печы былі выкананы ў т.зв. "гарадзенскім стылі", распрацаваным майстрам Якубам Роўфам. З боку панадворку на ўзроўні другога паверху будынак меў драўляную галерэю, тыповую для дойлідства Гародні XVIII—XIX стст. У 1773 г. будынак перададзены пад нагляд прабошча касцёлу. У 1796 г., пасля далучэння гораду да Расейскай імперыі, адабраны ў казну. У пачатку XIX ст. аптэкай валодаў правізар Адамовіч. З 1870 г. прыбытак ад яе належаў лютэранскай абшчыне. У 1885 г. будынак пашкоджаны пажарам і перабудаваны: з левага боку ўзведзены новы аб’ём з уваходам і лесвічным маршам на другі паверх, ліквідаваны франтон (замест яго зроблены складаны нізкі атыкавы дах, накрыты бляхай), змененая планіроўка. У выніку будынак набыў асіметрычную кампазіцыю і стаў тыповым прыкладам дойлідства эклектыкі канца XIX ст. Галоўны фасад сучаснага будынку падзелены карнізнай цягай на два ярусы: ніжні з руставанымі лапаткамі і сандрыкавымі завяршэннямі акон, верхні з ажурным балконам і складаным атыкам у цэнтры, фігурнымі ліштвамі, фрызам і карнізам. З пункту гледжання рэгенерацыі гістарычнага цэнтра гораду, з’яўляецца адным з найбольш каштоўных аб’ектаў для правядзення рэстаўрацыі.

Помнік рэспубліканскага значэння.


І.Г. Трусаў

 


ГАРОДНЯ. АЎГУСТОЎСКАЯ СЯДЗІБА


Існавала ў 2-й палове XVIII — пачатку XX ст. Была пабудаваная (дойлід Дж. Сака) у 1770-я г. У паўднеёвым занёманскім прыгарадзе Гародні як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У канцы XIX ст. належала роду О’Браен дэ Ласэй. Мела традыцыйную планіровачную арганізацыю параднага двара, абмежаванага галоўным корпусам, бакавымі флігелямі і брамай. З усходняга боку існавала службова-гаспадарчае карэ. У дойлідстве палацу спалучаліся рысы барока і класіцызму. Аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з бакавымі алькежамі быў накрыты высокім вальмавым дахам з люкарнамі. Дзвухпавярховая цэнтральная частка выступала на галоўным фасадзе рызалітам, завершаным лучковым франтонам, з боку панадворку — трохгранным эркерам. У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаны руст, паўкалоны, ляпныя гірлянды, нішыя элементы. Аконныя праёмы прастакутныя, у цэнтральнай частцы — арачныя. Будынак стаяў у парку, што меў перад галоўным фасадам палаца рэгулярную, а па-за палацам пейзажную планіроўку. У парку знаходзілася квадратная ў плане купальная капліца з каланадай дарычнага ордэру (узведзеная ў 1802 г.).


А.М. Кулагін

 


ГАРОДНЯ. БАРЫСАГЛЕБСКАЯ (КАЛОЖСКАЯ) ЦАРКВА


Помнік мураванага старажытна-беларускага дойлідства. Адзін з помнікаў Гарадзенскай школы дойлідства. Пабудаваная ў 2-й палове XII ст. на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэрыторыі былога Каложскага пасаду. У пачатку XVI ст. аднаўлялася Богушам Багутовічам і ў XVII ст., часткова разбураная ў 1853 г. у выніку апоўзня, абвалілася ў 1889 г. (паўдёвая апсіда). Працы па кансервацыі праведзеныя ў 1910 г. і 1935 г., кансервацыйна-рамонтныя — у 1970 г., 1985—87 гг. Захаваліся паўночная і частка заходняй сцяны, тры апсіды і два заходнія падкупальныя слупы. Цагляны шасціслуповы трохапсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шырыня 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Слупы круглыя (дыяметр каля 1,2 м), на прастакутных цокалях, уверсе паступова набываюць крыжападобную форму. Знешнія пілястры трохступеньчатыя, сярэднія выемкі скругленыя. Кутнія пілястры заходняга боку скошаныя. Сцены кладзеныя з плінфы памерам 3,5-4х16 — 16,5х26-28 см у тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Выкарыстаная лякальная цэгла са скругленым кутом, з паўкруглым шырокім бокам, падобная да трапецыі. На тарцах некрых цаглін ёсць знакі. У верхняй частцы сцен і ў скляпенні ўмурованыя галаснікі. Фасады ўпрыгожаныя лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай знешняй паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй частцы сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных прац 1985—86 гг. знойдзеныя фрагменты фрэсак на ўнутранай сцяне, якія былі выяўленыя яшчэ ў 1870 г. пры пабудове алтарнай перагародкі. Пад слоем грунту былі раскрытыя выявы двух анёлаў. Пры рэканструкцыі размалёўка часткова знішчаная, часткова атынкаваная. У 1894 г. У. Гразноў знайшоў у правай частцы алтару сілуэты кампазіцыі "Святая тройца", у сярэдняй частцы — крыж карсунскай формы, уверсе паміж алтарнымі аркамі — выявы сонца і месяца, а таксама звярнуў увагу на наяўнасць галаснікоў у муроўцы царквы і выявіў знакі на цэгле. У 1985—87 гг. рэстаўратарам В.Р. Слюнчанкам на паўночнай сцяне раскрыта шмат арачных праёмаў, выяўлена фрэскавая размалёўка: на праёмах — геаметрычны арнамент (карычнева-чырвоны, фон светла-шэра-ружаваты). Падлога храму першапачаткова была выкладзеная з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у XIII ст.(?) — з паліваных рэльефных плітак, у XVIII ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі XII ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храму складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўленыя сляды манастыра XV—XVIII стст. Царкву даследавалі ў XIX ст. У. Гразноў, у пачатку XX ст. П. Пакрышкін (прапанаваў рэканструкцыю храму), у 1935 г. Ю. Ядкоўскі, у 1946 г. I. Хозераў, у 1983—84 гг. А. Трусаў, П. Рапапорт.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Трусаў

 


ГАРОДНЯ. БУДЫНАК АКРУГОВАГА СУДУ


Помнік эклектычнага дойлідства. Пабудаваны ў 1884 г. з цэглы (сучасная вул. Савецкая, 31). Выцягнуты ўздоўж чырвонай лініі вуліцы трохпавярховы будынак на высокім цокалі, да якога з паўднёвага боку прымыкае двухпавярховае крыло. Першапачатковую сіметрычную кампазіцыю будынку парушыла надбудова трэцяга паверху ў 1910 г. Паўночная частка будынку ўяўляе сабой перабудаванае крыло былога палаца Масальскіх (глядзі артыкул "Гародня. Будынак паштовага ведамства"). Фасад рытмічна расчлянёны прастакутнымі аконнымі праёмамі ў разнастайных ліштвах з замковым каменем на першым, лучковымі франтонамі на другім і сандрыкамі на трэцім паверхах. Насычаны дойлідска-пластычны дэкор уключае руст, прафіляваныя філёнгі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнаментальныя паясы меандру і дубовых галінак. Па баках фасаду над прафіляваным карнізам з сухарыкамі пастаўлены лучковы і прастакутны атыкі. Бакавы ўваход вылучаны неглыбокім рызалітам з балконам. На дваровым фасадзе выступаюць глыбокія рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў, аб’яднаных з памяшканнямі калідорнай планіроўкай. Пад значнай часткай будынку выяўлены крыжовыя скляпенні XVIII ст.

У будынку размешчаная адміністрацыйная ўстанова. У 1987 г. Гарадзенская абласная комплексная праектная майстэрня інстытуту "Белспецпраектрэстаўрацыя" распрацавала праект рэстаўрацыі фасадаў будынку (дойліды С. Шэйко, I. Трусаў).


А.М. Кулагін, I.Г. Трусаў

 


ГАРОДНЯ. "БУДЫНАК МАЙСТРА"


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1768—73 гг. на тэрыторыі Гарадніцы (сучасная вул. Ажэшкі, 37). З’яўляецца адзіным уцалелым будынкам з 20 т. зв. "басняцкіх дамоў" ("баснякі" — вайсковая варта Гарадзенскай каралеўскай эканоміі), узведзеных па двух тыпавых праектах дойліда I.Г. Мёзера сіметрычна абапал вул. Раскоша (сучасная вул. Ажэшкі) для жылля запрошаных на мануфактуры А. Тызенгаўза замежных майстроў і "баснякоў". Будынак — прыклад першай на Беларусі тыпавой жылой забудовы. Мае мураваную фасадную сцяну з сіметрычна размешчанымі невялікімі вокнамі першага паверху і акном мансарды. Франтон складанай канфігурацыі накрыты дахоўкай. Фасад падзелены накрытым дахоўкай карнізам. Да фасаднай сцяны прыбудаваны асноўны драўляны аб’ём. Двухсхільны дах з мансардай накрыты дахоўкай. На першым паверсе будынку жылы пакой, кухня і сені, з якіх лесвіца вядзе на мансарду. "Басняцкія дамы" паводле праектнага вырашэння блізкія да пастаўскіх і шаўляйскіх, але некалькі меншыя і прасцейшыя па дэкоры і планіроўцы.

У 1987 г. распрацаваны праект рэстаўрацыі будынку (дойлід У. Барсукоў, аўтар гістарычных даследаванняў В. Калнін). Праект рэалізаваны ў 1990 г. Помнік рэспубліканскага значэння. 


З.П. Раманава

 


ГАРОДНЯ. БУДЫНАК ПАЗЯМЕЛЬНА-СЯЛЯНСКАГА БАНКУ

 

Помнік грамадзянскага дойлідства пачатку XX ст. Пабудаваны ў 1913 г. у цэнтральнай частцы Гарадні (на рагу сучасных вул. Леніна і вул. Карбышава) паводле праекту дойліда Б. Астравумава. Мае рысы стылю мадэрн. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты высокім двухсхільным чарапічным дахам з купалам у месцы злучэння аб’ёмаў. У дэкаратыўныя вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытага муру з жоўтай цэглы і белых ляпных дэталей. Будынак аздабляюць каваныя агароджы балконаў, унутранай лесвіцы, навес над уваходам. Першапачатковая калідорная планіроўка змененая. У цокальным паверсе размяшчаліся архіў і службовыя памяшканні, на першым — вестыбюль і службовыя пакоі, на другім — аперацыйная зала і кватэры адміністрацыі.

Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.


В.М. Чарнатаў

 


ГАРОДНЯ. БУДЫНАК ПАШТОВАГА ВЕДАМСТВА

 

Помнік дойлідства XVIII—XIX стст. Пабудаваны (сучасная вул. Ажэшкі, 1) як палац князёў Масальскіх. Моцна пашкоджаны пажарамі ў 1753 г. і 1782 г. Каля 1795 г. перабудаваны ў стылі класіцызму. Паміж 1831—43 гг. выкуплены купцом Фрумкіным, сям’і якога належаў да 1939 г. У 1843—1903 гг. арэндатарам будынку было паштовае ведамства (адсюль назва). Спачатку двухпавярховы П-падобны будынак з сутарэннямі, накрыты двухсхільным дахам з марсэльскай дахоўкі. Сіметрычная кампазіцыя галоўнага фасаду члянілася на тры ярусы, аддзеленыя карнізамі. Вокны верхняга ярусу, які завяршаўся прафіляваным карнізам, былі багата дэкарыраваныя сандрыкамі, ліштвамі і франтонамі. У цэнтральнай частцы будынку знаходзіўся арачны праезд, вылучаны трохкутным франтонам і чатырма пілястрамі. У XIX ст. будынак неаднаразова рамантаваўся, у 1860-х гадах марсельская дахоўка была змененая на бляху, на фасадзе зробленыя два балконы — адзін над праездам, другі ў куце будынку (не захаваўся). У 1884 г. да крыла пошты з боку вул. Саборнай (сучасная вул. Савецкая) быў дабудаваны будынак акруговага суду, пры гэтым частка будынку ўвайшла ў агульную кампазіцыю і атрымала эклектычны дэкор.

У 1987 г. распрацаваны праект рэстаўрацыі будынку (дойлід С. Шэйко).


І.Г. Трусаў

 


ГАРОДНЯ. БУДЫНАК РЭАЛЬНАГА ВУЧЫЛШІЧА

 

Помнік грамадзянскага дойлідства пачатку XX ст. Пабудаваны (сучасная вул. 1 Мая, 3) у 1907 г. у стылі неакласіцызму. У 1920—30-я гады ў будынку размяшчалася гімназія імя А. Міцкевіча. Мураваны двухпавярховы атынкаваны будынак мае ў плане складаную, блізкую да Г-падобнай форму. Падзелены на блокі: вучэбны і грамадскага прызначэння. Вучэбны блок — выцягнуты ўздоўж вул. 1 Мая аб’ём. Выразнасць галоўнага фасаду дасягаецда строгім рытмам аконных праёмаў. Размяшчэнне класных пакояў аднабаковае. Шырокі светлы калідор, у тарцах якога знаходзяцца дзвюхлесвічныя клеткі, выконвае ролю аб’яднальнага звяна. Перпендыкулярна да вучэбнага пастаўлены блок грамадскага прызначэння. На яго першым паверсе размешчаныя прасторны вестыбюль, гардэроб, адміністрацыйна-гаспадарчыя памяшканні, на другім — актавая зала, бібліятэка, сталоўка, настаўніцкія пакоі. Пры агульнай з вучэбным блокам сіметрычнай кампазіцыі дойлідская выразнасць тут дасягаецца выкарыстаннем розных па прапорцыі і маштабу арачных акон. Да тарца блока грамадскага прызначэння прымыкае аб’ём, вырашаны ў адным з ім стылявым ключы, дзе размяшчалася гімнастычная зала.

Будынак выкарыстоўваецца як корпус сельска-гаспадарчага інстытуту.


В.М. Чарнатаў

 


ГАРОДНЯ. БУДЫНАК ЖАНОЧАЙ ГІМНАЗІІ


Помнік дойлідства неакласіцызму. Узведзены ў 1893 г. Уваходзіць у комплекс гістарычнай забудовы Гарадніцы (сучасная вул. Ажэшкі, 22; да 1940-х гадоў побач з ім знаходзіўся будынак канторы А. Тызенгаўза). Пляц пад гімназію быў выкуплены ў князя Святаполк-Чацвярцінскага. У 1894 г. у будынку была ўладкавана гімназійная царква: трохпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным і двума бакавымі рызалітамі. У цэнтры размешчаны чыгунны партал, адліты паводле ўзору з тагачаснага будаўнічага каталогу. Сцены змураваныя з дэкаратыўнай жоўтай цэглы. Выразны рытм аконных праёмаў надае будынку строгі характар. Планіроўка галерэйная, з аднабаковым размяшчэннем класных пакояў. Паверхні злучаныя параднай і службовай лесвіцамі. Вакол дзвюх лесвічных клетак — лабараторныя і тэхнічныя памяшканні. У будынку захаваліся разныя дзверы і вокны з масянжовымі прыладамі. У 1969 г. да трохпавярховага корпусу прыбудаваны чатырохпавярховы.

У 6удынку размешчаны Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.М. Гардзееў

 


ГАРОДНЯ. БУДЫНАК МЕДЫЧНАЙ ШКОЛЫ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1770-я гады на тэрыторыі Гарадніцы (сучасная вул. Ажэшкі, 20). Мураваны будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтральная трохпавярховая частка накрытая вальмавым дахам. Галоўны фасад, арыентаваны на Гарадніцу, раскрапаваны па кутах двума вялікімі гранёнымі эркерамі, якія раней былі накрытыя самкнутымі ўвагнутымі купаламі. Фасады аздобленыя ордэрнай пластыкай, два ніжнія паверхі аб’яднаныя пілястрамі. Па баках да асноўнага аб’ёму прылягаюць аднапавярховыя прыбудовы з трохсхільнымі дахамі. Планіроўка калідорная, у цэнтральнай частцы з аднабаковым, у прыбудовах з двухбаковым размяшчэннем памяшканняў. Часткова перабудаваны ў канцы XIX ст.

Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.Ю. Пятросава

 


ГАРОДНЯ. БУДЫНАК МУЗЫЧНАЙ ШКОЛЫ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1760-я гады на Гарадніцы [у 1774—80 гг. (па іншых крыніцах да 1769 г.) тут працавала музычная школа, створаная А. Тызенгаўзам]. Кампазіцыйна завяршыў былую Палацавую плошчу (сучасная пл. Леніна). Мураваны, крывалінейны ў плане, што было абумоўлена своеасаблівасцю ансамбля плошчы (адсюль назва "крывая афіцына"), накрыты складаным двух’ярусным дахам. Спачатку двухпавярховы з мансардай; Першы паверх на галоўным фасадзе з увагнутага боку меў адкрытую галерэю з аркадай, з якой тры уваходы вялі ў класы на першым і другім паверхах. У мансардзе аналагічнай планіроўкі жылі навучэнцы і настаўнікі. Сцены будынку былі падзелены шырокімі лапаткамі, філёнгамі над вокнамі і завершаны карнізамі. Захаваўся ў перабудаваным (2-я палова XIX — часткова 1-я палова XX ст.) варыянце: змененая планіроўка, мансардавы паверх перароблены ў звычайны, замураваная галерэя першага паверху, зробленыя балконы. Пры перабудове мансарды ў трэці паверх у пластычным афармленні былі выкарыстаныя элементы першых двух паверхаў, што дало магчымасть стварыць адзіную кампазіцыю фасаду. Будынак прызначаўся таксама для адкрытых канцэртаў, называўся "музычны флігель".

Выкарыстоўваецца як жылы будынак. Помнік рэспубліканскага значэння.

 


ГАРОДНЯ. ВЕРХНЯЯ ЦАРКВА


Помнік мураванага дойлідства XIV — пачатак XV ст. Пабудаваная на месцы Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўленыя Ю. Ядкоўскім у 1931—37 гг. у час археалагічных раскопак на тэрыторыі Старога замку, у 1939 г. перанесеныя ў асобны павільён. Захаваліся: усходняя частка сцен (вышыня 1—1,5 м), частка паўдёвай сцяны з паўночна-заходнім кутом, унутраны слуп. Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане (8,8х8,8 м) са зрэзанымі кутамі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. У муроўцы сцен выкарыстоўваліся тонкая і "брусковая" цэглы (сярэдзіна сцен запаўнялася каменнем). Унутры бакавых частак апсіды выяўленыя аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Звязачным матэрыялам была белая вапна з дабаўленнем драблёнай цэглы і дробнага пяску. Муроўка пераважна старчаковая. Падлога была з цэглы. Першапачаткова перакрыцце царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 г. Т. Андрыёнчык, у 1965 г. Абрамаўскас, у 1987 г. Ф. Селязнёў, Р. Сташкевіч, А. Трусаў.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Трусаў

 


ГАРОДНЯ. ВОДАПОМПАВЫЯ ВЕЖЫ ("КАСЯ" І "БАСЯ")


Помнікі прамысловага дойлідства. Дзве вежы пабудаваныя ў канцы XIX — пачатку XX ст. (сучасная вул. Свярдлова, 2) Усерасійскім акцыянерным водным таварыствам. Выкананыя ў эклектычным стылі. Мураваныя васьмігранныя ў плане збудаванні (вышыня 22 м) падзелены па вышыні на шэсць частак. Кожная частка мае звязаныя паміж сабой чатыры адсекі (размешчаныя інжынернае абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.

Паўночная вежа пабудаваная ў 1910-я гады. Фасады багата дэкарыраваныя. Сцены ўпрыгожаныя пілястрамі, лапаткамі, сухарыкамі, фігурнымі ліштвамі, люкарнамі. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак на чатыры ярусы. Трэці ярус расчлянёны высокімі падвойнымі з паўцыркульнымі завяршэннямі вокнамі ў неглыбокіх нішах з какошнікамі. Перакрыцці драўляныя. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць.

Паўднёвая вежа, пабудаваная ў XIX ст., падобнай структуры. Фасады мелі больш стрыманы дэкор. Ліштвы акон і дзвярэй складанай формы, пафарбаваныя ў белы колер. Першыя два ярусы падзелены карнізам. Грані раскрапаваныя арачнымі і лучковымі вокнамі і нішамі, куты вылучаныя лапаткамі. У вежы размешчаныя майстэрні Мастацкага фонду Беларусі.

Помнікі рэспубліканскага значэння. Гарадзенцы клічуць іх “Кася” і “Бася”.

 


ГАРОДНЯ. ВУЛІЦА АЖЭШКІ


Адна з цэнтральных вуліц гораду, звязвае Прывакзальную плошчу з плошчай Леніна. Першапачаткова ў XIV ст. тут праходзіў шлях з Гародні праз княжацкую вёску Гарадніцу ў Верцялішкі — радавы маёнтак каштэляна гарадзенскага замку Давыда Гарадзенскага. У 1760—80-я гады забудоўвалася як галоўная вуліца каралеўскага прадмесця Гарадніцы. У гэты час вуліца называлася Раскоша (ад назвы адной з Гарадзенскіх корчмаў). Іншыя назвы: вул. Верцяліска, вул. Езерска, вул. Садовая, вул. Басняцкая, вул. Мураў’ёўская. У 1920 г. названа ў гонар польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якая жыла тут з 1894 г. да 1910 г. У часы праўлення гарадзенскага старасты А. Тызенгаўза тут былі пабудаваныя першыя на Беларусі 20 тыпавых драўляных з мураванымі фасадамі жылых дамоў для рабочых каралеўскіх мануфактур, захаваўся адзін з іх — дом № 37 (так званы "Будынак майстра", 1771 г., глядзі артыкул "Гародня. Будынак майстра"). У 1802 г. Гарадніца была падпарадкаваная гарадской юрысдыкцыі, але інтэнсіўна вуліца пачала забудоўвацца ў 1860—80-я гады пасля пракладкі ў 1862 г. чыгункі Варшава — Санкт-Пецярбург (звязала вакзал з цэнтрам і стала важнай гарадской магістраллю). У час II Сусветнай вайны многія будынкі былі пашкоджаныя. Значныя змены ў дойлідскім абліччы вуліцы адбыліся ў 1960—80-я гады, калі былі разбураныя помнікі дойлідства — будынкі кантрольнай палаты (пачатак XIX ст.), чыгуначнага вакзалу (1864 г.), шэраг пабудоў з часоў Тызенгаўза. Узведзеныя на іх месцы 9-павярховы будынак аблвыканкаму, 9—12-павярховыя жылыя дамы ўнеслі дысананс у ансамбль вуліцы. Захаваліся помнікі дойлідства XVIII — пачатку XX ст.: будынак медыцынскай школы, будынак паштовага ведамства, будынак акруговага шпіталя, дом віцэгубернатара, будынак жаночай гімназіі, Пакроўская царква, жылыя дамы (канец XIX — пачатак XX стст.).


І.Г. Трусаў

 


ГАРОДНЯ. ВУЛІЦА ГОРКАГА


У паўночна-заходняй частцы гораду. З’яўляецца галоўнай магістраллю паўночна-заходняга планіровачнага раёну, якая звязвае яго з цэнтрам гораду, і часткай агульнагарадскога дыяметру, што перасякае горад з поўначы на поўдзень. Арганізацыйна ўплывае на планіровачную структуру і характар забудовы ўсяго гораду. Пачала фармавацца ў 2-й палове XIX ст., да 1940 г. называлася Гарадніцкай заставай. На ўчастку паміж пл. Леніна і вул. Астроўскага захавалася забудова канца XIX ст. — 1930-х гадоў. Дом № 2 (былы палац адміністратара) уваходзіў у ансамбль Гарадніцы. Пасля II Сусветнай вайны вуліца пашыраная і набыла далейшае развіццё. Значную ролю ў фармаванні дойлідска-мастацкага аблічча адыгрываюць групы 5—12-павярховых жылых дамоў з убудаванымі і прыбудаванымі двухпавярховымі прадпрыемствамі абслугоўвання і гандлю (дойліды В. Давыдзёнак, М. Жучко, В. Клепікаў, I. Мазнічка, М. Чуйко), галоўны корпус медыцынскага інстытуту (дойлід Л. Вільчко), будынкі аграпрамысловага комплексу (1985 г., дойліды Жучко, Н. Скачкова, Л. Баланюк), фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Юбілейны" (1983 г., дойліды Давыдзёнак, А. Сарокін), гатэль "Беларусь" (дойлід Вільчко), Дом тэхнікі, Дом "Саюздруку" (1981 г., дойлід Давыдзёнак) і прылеглыя мікрараёны № 1, Пярэселка-4, Фарты-2, і інш. У канцы вуліцы размешчаны прадпрыемствы паўночнага прамысловага вузлу.

 


ГАРОДНЯ. ВУЛІЦА ЗАМКАВАЯ


Назва гістарычная. Даўжыня 360 м, ад Савецкай плошчы да тэрыторыі Старага замку, ад якога пайшла назва вуліцы. З XII ст. Замкавая вул. — шлях ад дзядзінца да гандлёва-рамесніцкага пасаду, у XIV—XV стст. звязвала Верхні і Ніжні замкі з Рынкам (цяпер пл. Савецкая) і Смаленскім трактам. У XVII—XVIII стст. шчыльна забудаваная і брукаваная, тут знаходзіўся рыбацкі цэх. Забудаваная ў асноўным 2—3-павярховымі дамамі, сярод якіх вылучаюцца жылыя будынкі XIX ст. (дамы № 9, 11, 12, 13, 14, 16, 17) з элементамі стыляў позняга класіцызму, ампір, мадэрн і башня пажарнага дэпо (канец XIX — пачатак XX стст.).

Ансамбль вулічнай забудовы XIX ст. — помнік дойлідства і горадабудаўніцтва рэспубліканскага значэння.

 


ГАРОДНЯ. ВУЛІЦА САВЕЦКАЯ


Адна з галоўных вуліц цэнтральнай часткі гораду. Пачала фарміравацца пасля 1496 г. з пераносам Гандлёвай плошчы ў раён сучаснай пл. Савецкай. Мела назвы: Віленская, Саборная, Дамініканская. На пачатку звязвала рынак з Віленскім гасцінцам і да канца XVIII ст. была гандлёвым шляхам. У XVI ст. была забудавана драўлянымі і фахверкавымі дамамі, мураваныя былі толькі касцёл Святога Духа і т.зв. "гарадская карчма — гасціны двор" (цяпер адпаведна дамы № 14 і 1). У 1737 г. пабудаваныя мураваныя касцёл (разабраны ў 1874 г.) і кляштар дамініканцаў (цяпер дом № 6). Пасля пажараў 1665 г., 1753 г. і 1872 г. адпаведна пастанове гарадскіх уладаў і праекту рэканструкцыі гораду 1874 г. на вуліцы ўзводзіліся толькі мураваныя 2—3-павярховыя дамы. З пабудовай у 1884 г. будынку акруговага суду правы бок вуліцы прыняў выгляд суцэльнай забудовы. Сучасны выгляд вуліца пачала набываць пасля пажару 1885 г., у час якога былі знішчаныя амаль усе, у т.л. мураваныя, дамы. Да правядзення ў 1862 г. чыгункі Варшава — Санкт-Пецярбург дахі дамоў крылі дахоўкай або гонтам, пасля — у асноўным бляхай. Да пачатку XX ст. вуліца была забрукаваная "дзікім каменем", які ў 1920-я гады заменены пліткамі з брэкчыі. У 1876 г. праведзеныя водаправод і каналізацыя, зробленыя т.зв. "ліўнеўкі". Асвятлялася вуліца да пачатку XX ст. газавымі ліхтарамі, пазней — электрычнымі. З канца XVIII ст. большасць, а ў канцы XIX — пачатку XX ст. амаль усе дамы належалі габрэйскай абшчыне. Да пачатку XX ст. на вуліцы знаходзіліся кнігарні, гатэлі, друкарні, аптэка, страхавое агенцтва, акруговы суд і інш. У час II Сусетнай вайны вуліца часткова разбураная, адноўленая пасля вайны. У 1960—70-я гады вуліца страціла вялікую колькасць дамоў і дваровых флігеляў, некаторыя фасады былі непазнавальна змененыя. У 1950—70-я гады пабудаваны Дом саюзаў (абласны савет і шэраг абкомаў прафсаюзаў), універмаг, крама "Дзіцячы свет", кінатэатр "Гродна" і інш. У 1989 г. з мэтай захавання гістарычнай забудовы вуліца пераўтворана ў пешаходную. Абласное малое прадпрыемства "Гроднапраектрэстаўрацыя" рыхтуе (1990 г.) праект рэгенерацыі і рэстаўрацыі вуліцы (аўтары С.Л. Шэйко, Ю.В. Мацко, О.В. Мацко, I.М. Казлоўскі, В.І. Краўчанка, А.С. Пархута, У.А. Лытаў). Захаваліся помнікі дойлідства XVIII ст. — кляштар дамініканцаў і дом № 1 (двухпавярховы кутні П-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам, пабудаваны ў стылі эклектыкі з элементамі барока; раней у ім размяшчаліся банк, аптэка, дробныя канторы, жылыя кватэры; цяпер на першым паверсе крама "Цацка", другі паверх жылы).

Сярод помнікаў дойлідства XIX — пачатку XX стст. вылучаюцца дамы № 3, 5, 7, 10, 12, 15, 17, 19, 20, 21, 23. Дом № 3 пабудаваны паміж 1885 г. і 1910 г. як двухпавярховы дом з падвалам і мезанінам, у 1914 г. прыбудаваны двухпавярховы флігель. Перабудоўваўся паміж 1924 г. і 1933 г. Цяпер — двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам; эклектычная пабудова спалучае аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю класіцызму і дэкаратыўныя элементы барока. Раней тут размяшчаліся крамы, пякарня, садавінны склеп, 12 кватэр; цяпер жылы дом. Дом № 5 пабудаваны ў 1848 г., у 1886 г. прыбудаваны мураваны двухпавярховы свіран і хлеў, якія ў 1910 г. пераробленыя ў флігелі. С-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам, пабудаваны ў стылі эклектыкі. Раней тут былі размешчаныя майстэрні, крамы, 14 кватэр; цяпер на першым паверсе прадпрыемствы грамадскага харчавання, другі паверх жылы; у праездзе дома — грыль-бар. Дом № 7 пабудаваны ў 1823 г. Двухпавярховы, мураваны, з двума скляпамі і дзвюма крамамі. Паміж 1886 г. і 1899 г. да яго прыбудаваны двухпавярховы флігель, цяпер двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам, пабудаваны ў стылі эклектыкі. Раней у ім размяшчаліся друкарня, аптэка, крамы, майстэрні, жылыя кватэры; зараз на першымм паверсе крама, другі паверх жылы. Дом № 13 пабудаваны ў 1831 г., трэці паверх зроблены як мансардавы, меў вальмавы дах з залобкам. Паміж 1886 г. і 1910 г. прыбудаваны трохпавярховы флігель, над якім у пачатку 1960-х гадоў надбудаваны чацверты паверх. Г-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам, прыклад эклектычнага дойлідства з перавагай элементаў класіцызму. Раней тут размяшчаліся чатыры майстэрні, мэблевая крама, цяпер жылы дом. Дом № 15 пабудаваны паміж 1875 г. і 1885 г., двухпавярховы мураваны з двухпавярховым флігелем. Пасля пажару 1885 перабудаваны ў трохпавярховы з трыма крамамі і склепам; у 1910 г. прыбудаваны другі двухпавярховы флігель, у 1960-я гады першы флігель знесены. Раней тут размяшчаліся шэсць крамаў, тры майстэрні. Цяпер трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак з невысокім двухсхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасаду сіметрычная, ярусная. Прыклад эклектычнага дойлідства з перавагай элементаў класіцызму. Дом № 17 пабудаваны ў 1811 г., да 1903 г. прыбудаваныя два двухпавярховыя флігелі. Адзін з першых мураваных дамоў на вуліцы. У ім размяшчаліся две крамы, друкарня, у 1900—39 гг. — гаэль "Расея". Цяпер двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак, накрыты невысокім аднасхільным дахам, у цэнтральнай частцы праезд у двор. Кампазіцыя галоўнага фасаду сіметрычная, ярусная; пабудова і аздабленне маюць выразныя рысы класіцызму. Дом № 19 пабудаваны ў 1848 г., пазней прыбудаваны балкон на фасадзе, у 1875 г. прыбудаваны да дома мураваны хлеў перароблены ў флігель. Просты ў плане будынак пад двухсхільным дахам, фасад аздоблены ў стылі эклектыкі з перавагай элементаў класіцызму. У 1880-я гады тут размяшчаўся Дваранскі дэпутацкі сход, банкірская і натарыяльная канторы, гатэль. Дом № 21 пабудаваны паміж 1848 г. і 1866 г., меў чатырохсхільны дах, мураваны галоўны фасад. У 1875 г. прыбудаваная двухпавярховая крама. Пасля пажару 1885 г. застаўся аднапавярховы дом з трыма крамамі і склепам, мансардавым паверхам. Раней тут размяшчаліся пяць крамаў, тры майстэрні, рэйнскі склеп. Цяпер непазнавальна перароблены пад краму. Дом № 23 пабудаваны паміж 1835 г. і 1862 г., двухпавярховы, з двухпавярховым флігелем, у 1873—75 гг. перабудаваны; з 1875 г. — двухпавярховы, з 1886 г. — двухпавярховы з мезанінам, з 1910 г, — трохпавярховы. У ім размяшчаліся чатыры крамы і рэйнскі склеп, крамы, з 1901 г. знаходзіўася гатэль "Маскоўскі", павялічаны ў памерах да 1910 г., з 1924 г. — гатэль "Польскі", два рэстараны. Цяпер трохпавярховы прастакутны ў плане будынак; кампазіцыя галоўнага фасаду сіметрычная, уваход у яго правай частцы заменены на калонны праём; пабудаваны ў стылі эклектыкі з элементамі мадэрна. Дом № 10 пабудаваны ў 1795 г., у 1873 г. уздоўж вуліцы да манастыра Святога Духа прыбудаваны двухпавярховы флігель, дом з флігелем меў выгляд адзінага цэлага — двухпавярховага дому. Тут размяшчаліся дзевяць кватэр, восем крам, пякарня, у пачатку XX ст. — рэстаран. У 1970-я гады непазнавальна перароблены ў трохпавярховы будынак для гарадскога Савету народных дэпутатаў і страціў усё былое аздабленне. Дом № 12 пабудаваны ў 1910 г. як трохпавярховы з падвалам. Г-падобны ў плане будынак з сіметрычнай кампазіцыяй галоўнага фасаду. Раней у ім размяшчаліся крама і тры майстэрні. У наш час страціў былы цагляны дэкор, атынкаваны, зменены вокны, не захавалася агароджа на даху. Дом № 20 пабудаваны ў 1900 г. як двухпавярховы з флігелем; у 1901 г. адкрыты гатэль "Камерцыйны" і рэстаран, у 1912 г. дабудаваны трэці паверх, колькасць нумароў гаэля павялічана з 13 да 24, у 1920-я гады пераўтвораны ў гатэль "Эўропа". Дом пабудаваны ў т.зв. "цагляным стылі", які страчаны ў наш час (атынкаваны).


А.М. Ткачоў

 


ГАРОДНЯ. ГАРАДНІЦА


Помнік горадабудаўніцтва 2-й паловы XVIII ст. Комплекс пабудаваны па ініцыятыве падскарбія Вялікага княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза ў 1765—85 гг. у в. Гарадніца (сучасная пл. Леніна, вул. Ажэшкі і інш.) з мэтай стварэння буйнога культурна-прамысловага цэнтру на 1500 жыхароў (дойліды I. Мезёр у 1765—74 гг., Ю. Сака ў 1774—85 гг.). Уключала 85 будынкаў рознага прызначэння, згрупаваных вакол плошчаў, абапал вуліц і завулкаў. Пры забудове ўпершыню ў гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі былі выкарыстаныя новыя метады праектавання і будаўніцтва (тыпавыя праекты, уніфікаваныя канструкцыйныя прыёмы), вытрыманыя высокія на той час тэмпы будаўнічых работ (за 15 год пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 85 будынкаў). У аснову праектнага плану былі пакладзеныя планіровачныя прынцыпы барока. Большасць будынкаў мела фахверкавую канструкцыю, т.зв. "прускі мур". Забудова складалася з трох асобных рэгулярна спланаваных зон: адміністрацыйна-культурнай, навучальнай, вытворча-жылой, якія адпаведна размяшчаліся ў заходняй, цэнтральнай і ўсходняй частках тэрыторыі.

Найбольш захавалася забудова адміністрацыйна-культурнай зоны (шэсць будынкаў). У яе ўваходзілі палац Тызенгаўза, дом віцэ-адміністратара і размешчаны насупраць яго флігель (цяпер абласная дзіцячая бібліятэка, пл. Леніна, 5), будынак медыцынскай школы, палац адміністратара, будынак тэатру Тызенгаўза, дом лясной адміністрацыі, лямус. У навучальную зону ўваходзілі батанічны сад, будынак медычнай школы.

Вытворчая зона складалася з будынкаў суконнай, шаўковай, зброевай, фарбавальнай і інш. (не захаваліся) мануфактур і 20 тыпавых жылых дамоў (захаваўся дом на вул. Ажэшкі, 37; глядзі артыкул "Гародня. "Будынак майстра"). З усходу на захад на паўднёвай ускраіне праходзіла транспартная магістраль — вул. Раскоша (Басняцкая, Язерская, Верцялішская; сучасная вул. Ажэшкі), дзе знаходзіліся "басняцкія" дамы Тызенгаўза, гродзенскія корчмы. Яна злучала ўсе зоны і да цяперашняга часу захавала свой напрамак і шырыню, як і ў XVIII ст. з’яўляецца галоўнай вуліцай пры ўездзе ў горад.

Частка ацалелых пабудоў знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі, якую ажыццяўляе спецыяльная навукова-рэстаўрацыйная вытворчая майстэрня вытворчага аб’яднання "Белрэстаўрацыя".


В.В. Калнін, Л.П. Матусевіч, І.Г. Трусаў

 


ГАРОДНЯ. ГАРАДСКІ АСАБНЯК


Помнік дойлідства эклектыкі. Пабудаваны ў канцы XIX ст. (Друкарскі завулак, 15а). Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак завершаны двухсхільным дахам. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам з высокім двухсхільным шчытом. Сцены раскрапаваны лапаткамі, карнізамі, авальнымі і прастакутнымі нішамі, філёнгамі. Аконныя праёмы дэкарыраваныя прафіляванымі ліштвамі, на тарцовых фасадах — сандрыкамі і трохкутнымі франтонамі. На другім паверсе дваровага і тарцовых фасадаў вокны гатычнай стральчатай формы. Цокальны паверх мае самастойны ўваход з боку дваровага фасаду. Планіроўка дома калідорная, з цэнтральнай міжпаверхавай лесвіцай.

Выкарыстоўваецца медыцынскай установай.


А.М. Кулагін

 


ГАРОДНЯ. ГАТЭЛЬ "ГАРОДНЯ"


Гатэль пабудаваны ў 1985 г. (дойліды Ю. Патапаў, У. Папоў, У. Еўдакімаў, Ю. Раманаў). Разлічан на 500 месцаў. Размешчаны па вул. Паповіча ў грамадскім цэнтры, які ўключае таксама рэстаран "Гародня" і кінатэагр "Кастрычнік". Кампазіцыйны цэнтр забудовы часткі вуліцы. Сілуэт ступеньчатага шаснаццаціпавярховага будынку актыўна ўспрымаецца з розных пунктаў гораду. Жылы корпус складанай канфігурацыі і злучаны з ім будынак кінатэатру ўтвараюць адзіны комплекс, кампазіцыя якога заснаваная на кантрасце вышыннай жылой часткі і гарызантальнай пластыкі вынесенага двухпавярховага аб’ёму і будынку кінатэатру. Вакол цэнтральнай восі будынку гасцініцы — лесвічна-ліфтавага ядра — згрупаваны жылыя нумары. Засцерагальныя і нясучыя сцены будынку зробленыя з цэглы і абліцаваны керамічнай пліткай. У памяшканнях грамадскага прызначэння для афармлення інтэр’ераў выкарыстаны маналітныя жалезабетонныя дэкаратыўныя элементы, абліцоўка з граніту і мармуру, дэкаратыўныя свяцільні. Для добраўпарадкавання тэрыторыі выкарыстаны дэкаратыўныя бетонныя пліты, каскадны фантан, кветнікі.

 


ГАРОДНЯ. ГІСТАРЫЧНЫ ЦЭНТР


Помнік горадабудаўніцтва XII—XX стст. Уключае помнікі гісторыі і дойлідства. Займае тэрыторыю па берагах р. Нёман, паміж чыгункай і р. Гараднічанка. Складаецца з трох частак: Старога гораду, Гарадніцы і Занёманскага пасада. Стары горад — тэрыторыя, абмежаваная правым берагам р. Нёман (поўдзень), чыгункай (усход), вуліцамі Віленскай і Ажэшкі (поўнач), р. Гараднічанка (захад); уключае Каложскую гару. Планіроўка і забудова сфармавалася ў XII—XVII стст. У XII—XIV стст. склалася веерная сістэма планіроўкі. Цэнтрам яе былі замкі Верхні (былы дзядзінец) і Ніжні (былы вакольны горад), да якіх радыяльна сыходзіліся вуліцы Замкавая, Алега Кашавога (былыя Перэца, Вялікая Троіцкая) і Навазамкавая. У XV—XVII стагоддзях сфармавалася няправільная радыяльна-кальцавая сістэма планіроўкі, цэнтрам якой стала Савецкая плошча (былы Рынак ці Рыначная плошча, Ратушная плошча, Парадная плошча, Саборная плошча, пл. Стэфана Баторыя). Да яе сыходзіліся асноўныя радыяльныя вуліцы: Савецкая (былая вул. Віленская, вул. Саборная, вул. Дамініканская), Замкавая, Кастрычніцкая (былы Рыначны завулак), Пасіянарыі (былая вул. Калючынская, вул. Каложанская), Карла Маркса (былая вул. Язерская, вул. Скідальская, вул. Брыгіцкая, вул. Кутузаўская, вул. Купецкая), Крупскай (былая вул. Вялікая Мяшчанская) і Маставая. Паралельна і перпендыкулярна да іх ішлі вуліцы Урыцкага, Энгельса (былыя вул. Містшоўская, вул. Гараднічанская), 8 Красавіка (былая вул. Малая Троіцкая), Тэльмана (былая вул. Іванаўская, вул. Гувера), Клары Цэткін (былы Звонавы завулак, вул. Магістрацкая), Кірава (былая вул. Мірніцкая, вул. Рэзніцкая, вул. Паліцэйская, вул. Лістоўскага), Паўлоўскага (былы Жандарскі завулак, вул. Пясочная). Да XIX ст. ва ўсходняй частцы ўздоўж чыгункі склаўся шэраг прастакутных кварталаў, узніклі новыя мерыдыянальныя вуліцы: Сацыялістычная (паўночная частка вуліцы ад скрыжавання з вул. Карла Маркса — былая вул. Паштовая, вул. Гарохавая, вул. Вітальдава), Тэлеграфная (былая вул. Паштовая, вул. Басняцкая), Моладзевая (былая вул. Новая), Чапаева (былая вул. Банкавая, вул. Пясочная, вул. Рыдза-Сміглы), Леніна (былая вул. Сафійская, вул. Пілсудскага) і Будзённага (былая вул. Новаўдзельная, вул. Аляксандраўская, вул. Ягелонаўская, вул. Шашэйная). Перпендыкулярна да іх сфармаваліся вуліцы Карбышава, Студэнцкая, Свярдлова (былыя вул. Дзям’янаўская, вул. Татарская, вул. Баніфратарская), Парыжскай камуны (былая вул. Курганная, вул. Бернардзінская, Карэтны зав.) і Падольная (былая вул. Падол). Галоўная планіровачная вось — вул. Маставая — вул. Савецкая, у паўночна-заходняй частцы выходзіла на гасцінец Варшава — Вільня. Захаваліся помнікі дойлідства: Стары замак, Новы замак (глядзі артыкул "Гародня. Каралеўскі палац"), касцёл і кляштар бернардынаў, касцёл і кляштар езуітаў (глядзі артыкул "Гародня. Касцёл і кляштар езуітаў"), касцёл і кляштар брыгітак, манастыр базыльянак, кляштар дамініканцаў, Барысаглебская царква, Уладзімірская царква, сінагога, будынак акруговага суду, воданапорныя вежы, бровар.

Гарадніца — тэрыторыя, абмежаваная вуліцамі Віленскай (захад), Ажэшкі (поўдзень), 17 Верасня, Астроўскага, Пушкіна і Міцкевіча (поўнач). Створаная паводле адзінага праекту 1765—85 гг. (дойліды I. Мёзер, Дж. Сака) паводле загаду А. Тызенгаўза як новы культурна-прамысловы цэнтр гораду на месцы былой вёскі Гарадніца. Галоўная планіровачная вось — вул. Ажэшкі (былая Раскоша, Мураўёўская, Садовая). Кампазіцыйны цэнтр сучаснага раёну — пл. Леніна (былая пл. Тызенгаўза, пл. Тэатральная, пл. Дварцовая, пл. Вальносці), да якой падыходзяць вуліцы Максіма Горкага (былая Гарадніцкая застава) і Дзяржынскага (былая вул. Сапёрная, вул. Нарутовіча), злучаныя паміж сабой вуліцы Міцкевіча, Пушкіна і Астроўскага (былая вул. Панятоўскага). У XIX ст. ў паўночна-ўсходняй частцы Гарадніцы сфармаваліся новыя вуліцы — 17 Верасня, 1 Мая (былы Якаўлеўскі праспект, алея 3 Мая), Багдановіча, Акадэмічная і Валковіча, якія ўтварылі шэраг прастакутных кварталаў. Захаваліся помнікі дойлідства: тэатр Тызенгаўза, дом лясной адміністрацыі, дом віцэ-адміністратара, дом віцэ-губернатара, будынак медычнай школы, Палац адміністратара, Пакроўская царква, будынак рэальнага вучылішча, будынак жаночай гімназіі.

Занёманскі пасад — уздоўж левага берага р. Нёман, абмежаваны чыгункай (усход), вуліцамі Дарвіна, Гагарына і Міра (поўдзень). Галоўная — вул. Гарнавых (былая вул. Ліпавая) злучае мостам цераз р. Нёман раён з цэнтрам Старога гораду. Захаваўся помнік дойлідства — касцёл і кляштар францысканцаў.

У 1989 г. распрацаваны праект рэгенерацыі гістарычнага ядра цэнтру Гародні ў межах вуліц Алега Кашавога, Урыцкага, Ажэшкі і пл. Савецкай (першы этап рэгенерацыі; "Гроднапраектрэстаўрацыя", аўтарскі калектыў С. Шэйко, I. Казлоўскі, В. і Ю. Мацко, В. Краўчанка, А. Пархута, У. Лытаў). У 1990 г. пачаліся рэстаўрацыйныя працы.


Т.І. Чарняўская

 


ГАРОДНЯ. ДАМЫ ЎРАЧОЎ


Помнікі дойлідства мадэрну. Будаваліся па індывідуальных праектах з улікам спецыфікі ўрачэбнай работы. Схема планіроўкі: першы паверх — прыёмныя і ўрачэбна-працэдурныя кабінеты, санітарна-тэхнічныя і гаспадарчыя памяшканні, другі — жылыя пакоі. Дом (сучасная вул. Леніна, 22) пабудаваны ў 1911 г. Мураваны двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак складаецца з трох аб’ёмаў. Сярэді — кутні, вежападобны, накрыты шатровым дахам. У дэкаратыўным афармленні выкарыстоўваюцца керамічныя ўстаўкі, каляровае шкло, фактурная тынкоўка. Два ўваходы вялі ў жылую частку (з боку сучаснай вул. Карбышава) і ў прыёмны пакой (з боку вул. Леніна). Планіроўка змененая, дом выкарыстоўваецца як жылы. Дом (сучасная вул. Студэнцкая, 6) пабудаваны ў 1906 г. Мураваны строга сіметрычны двухпавярховы аб’ём з парадным уваходам у цэнтры. Выразнасць дэкаратыўнага афармлення фасадаў дасягнутая спалучэннем неатынкаваных нлоскасцей сцен, выкладзеных з цэглы, і пафарбаваных у белы колер карнізных цяг, пілястраў, аконных ліштваў, а таксама выкарыстаннем каваных, вырашаных у выглядзе перавітых змей, кратаў парапету. Для прыватнай урачзбнай практыкі былі адведзены памяшканні першага паверху правага крыла з самастойным тарцовым уваходам, астатнія — пад жыллё.


В.М. Чарнатаў

 


ГАРОДНЯ. ДОМ АГІНСКАГА


Існаваў у канцы XVIII — сярэдзіне XIX ст. Пабудаваны ў 1790 г. (дойлід К. Шыльдгаўз) у стылі класіцызму з элементамі народнага дойлідства. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з развітымі рызалітамі ў цэнтры галоўнага і дваровага фасадаў і чатырма алькежамі па кутах. У мураваным першым паверсе знаходзіліся каморы і парадная двухмаршавая лесвіца. Другі драўляны паверх уключаў жылыя пакоі, залы, кухні. Асноўны аб’ём накрыты высокім чатырохсхільным чарапічным дахам. Фасады дому мелі чатырох’яруснае вырашэнне. Ніжні ярус (першы паверх) масіўны, з невялікімі гладкімі прастакутнымі аконнымі праёмамі, верхні (другі паверх) — больш высокі, ажурны, прарэзаны рытмічным радам шырокіх акон з ліштвамі. Рызаліт на галоўным фасадзе быў завершаны невялікім атыкам, галоўны ўваход аформлены стылізаваным порцікам.

Не збярогся.

 


ГАРОДНЯ. ДОМ ВІЦЭ-АДМІНІСТРАТАРА


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны (сучасная пл. Ленана, 2) у 2-й палове XVIII ст. Мае рысы стыляў барока і класіцызму. Уваходзіў у ансамбль Гарадніцы. Двухпавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам. Галоўны фасад аздоблены лапаткамі, філёнгамі і нішамі, па баках раскрапаваны плоскімі рызалітамі. Больш нізкі верхні паверх аддзелены карнізным поясам і багата дэкарыраваны. Дойлідская выразнасць дасягаецца рэгулярным рытмам прастакутных аконных праёмаў. Пачатковая планіроўка і аздабленне інтэр’ераў не зберагліся.

У будынку размешчаны філіял Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіву Беларусі. Помнік рзспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


ГАРОДНЯ. ДОМ ВІЦЭ-ГУБЕРНАТАРА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны (сучасная вул. Э. Ажэшкі, 3) на мяжы XVIII—XIX стст. (каля 1800 г.) для гарадзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. У 1920-я гады выкарыстоўваўся Гарадзенскім староствам. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты двухсхільным дахам. Сіметрыя галоўнага фасаду падкрэсленая чатырохкалонным порцікам дарычнага ордэру з трохкутным франтонам. Бакавыя часткі вылучаныя рызалітамі, якія выступаюць за межы верхняга карнізу. Унізе тры паўцыркульныя праезды. Першы паверх аддзелены ад астатніх двух гарызантальнымі цягамі. Фасад раскранаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прастакутныя аконныя праёмы аздобленыя фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Планіроўка калідорная з двухбаковым размяшчэннем памяшканняў. Пры галоўным уваходзе вялікі вестыбюль з параднай лесвіцай. Інтэр’еры былі ўпрыгожаныя фрэскавай размалёўкай. У невялікім садзе за домам стаяла каменная альтанка-ратонда ў стылі класіцызму (не збераглася).

Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


ГАРОДНЯ. ДОМ ЛЯСНОЙ АДМІНІСТРАЦЫІ


Помнік грамадзянскага дойлідства XVIII ст. Пабудаваны (сучасная вул. Леніна, 46) у 1760—80 гг. у стылі барока. Уваходзіў у комплекс Гарадніцы. Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак. Вальмавы дах з мансардамі на тарцовых фасадах з’яўляецца асноўным элементам кампазіцыі. Першы паверх аддзелены ад другога гарызантальным паяском. Цэнтральныя часткі падоўжаных фасадаў вылучаныя рызалітамі. Вокны прастакутныя, завяршальны карніз прафіляваны, з невялікім вынасам. Унутраная планіроўка калідорная, пакоі размешчаны па перыметры будынку.

Выкарыстоўваецца як жылы дом. Помнік рэспубліканскага значэння.


І.С. Мельнік

 


ГАРОДНЯ. ДОМ ТЭХНІКІ


Пабудаваны ў 1984 г. (дойліды В. Бажко, У. Праабражэнскі) на вул. Горкага на рэльефе з перападам вышынь, што адбілася на аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынку. Прастакутны ў плане, трохпавярховы з боку галоўнага і пяціпавярховы з боку дваровага фасадаў. Да яго прыбудаванае двухпавярховае крыло на слупах-апорах, паміж якімі праезд на ўзроўні 2—4 паверхаў. Выразнасць кампазіцыі галоўнага фасаду дасягаецца кантрастным проціпастаўленнем двух першых зашклёных паверхаў і глухой сцяны трэцяга паверха, апрацаванай рэльефнымі бетоннымі пліткамі. Пластыку ўзбагачаюць вертыкальныя рэбры, падвойныя пілястры, кранштэйны. У крыле малая зала выстаў і канферэнц-зала. Інтэр’ер фае вялікай залы выстаў аформлены размалёўкай "Касманаўты" (1986 г., тэмпера, мастак У. Коўзусь).

 


ГАРОДНЯ. ЖЫЛЫ ДОМ


Помнік дойлідства мадэрну. Пабудаваны ў 1914 г. (сучасная вул. Савецкая, 17) як жылы дом купца Мураўёва. У 1919 г. у будынку на працягу трох месяцаў працаваў першы Гарадзенскі Савет рабочых дэпутатаў. Трохпавярховы неатынкаваны Г-падобны ў плане будынак. Цэнтральную частку сіметрычнага галоўнага фасаду займае вялікі балкон з літой чыгуннай агароджай. На трэцім паверсе крайнія арачныя праёмы з невялікімі балконамі. Плоскасць фасаду крапаваная пілястрамі з чыгуннымі вензелямі ў завяршэнні, да ўзроўню другога паверху руставаная. У абрысах акон, франтонаў, афармленні бакавых частак галоўнага фасаду прасочваюцца рысы стылю мадэрн. Паўкалонкі ў нішах, ліштвы аконных праёмаў, арнамент карнізаў вырашаныя ў псеўдарускім стылі. На другім паверсе — вялікая зала, побач з якой знаходзіўся пакой для гульняў. Паверхам вышэй размяшчаліся жылыя пакоі, сталовая. У афармленні цэнтральнай залы шырока выкарыстаныя дэкаратыўная размалёўка і лепка. Залу асвятляюць пяць вялікіх прастакутных акон, у двух кутах — печы з ляпнымі картушамі. Былы пакой для гульняў падзелены на две часткі праёмам, акаймаваным драўлянай разной ліштвай. На столі ляпныя разеткі. У кутах каміны, абкладзеныя карычневымі кафлянымі пліткамі. У памяшканнях трэцяга паверху захаваліся печы і ляпныя разеткі на столі.

Цяпер у будынку размешчаная абласная бібліятэка імя Я.Ф. Карскага. У 2011 годзе распачатая рэстаўрацыя.


А.Ю. Пятросава

 


ГАРОДНЯ. ЗАЛА СЕЙМАЎ


Існавала ў XVIII—XIX стст. Была пабудаваная ў 1726 г. у двары Каралеўскага палацу і злучалася з ім двухпавярховымі П-падобнымі ў плане драўлянымі карпусамі, якія абкружалі вялікі двор. Пры будаўніцтвеве залы былі выкарыстаны мураваныя сцены жылога дому Сапегаў, размешчанага ў тыльнай частцы панадворку. Пабудова ўключала вялікую базілікальную залу, раздзеленую ў падоўжным і папярочным напрамках на два нефы, уваходны вестыбюль з лесвіцай і памяшканне для кур’ераў. Сярэдні, найбольш шырокі неф меў большую вышыню і асвятляўся праз размешчаныя над бакавымі нефамі вокны. У глыбіні залы на ўзвышэнні знаходзілася крэсла караля. Бакавыя нефы, у якіх знаходзіліся балконы, былі злучаны з цэнтральным вялікімі праёмамі, перакрытымі пакатымі аркамі. Унутраная аздоба залы характэрная для дойлідства ракако — сцены чляніліся высокімі пілястрамі, філёнгамі, былі ўпрыгожаныя размалёўкай і скульптурнымі рэльефамі ў мудрагеліста выгнутых рамах, вокны аформленыя ліштвамі складанай формы. Фасад з боку ўнутранага панадворку меў тры ярусы аконных праёмаў. Першы ярус хаваўся за аркадамі абходнай галерэі. Другі складаўся са шчыльна згрупаваных і аформленых ліштвамі з сандрыкамі вялікіх акон, якія засталіся ад старой пабудовы Сапегаў (некаторыя былі замураваныя). Трэці ярус складаўся з праёмаў верхняга святла цэнтральнага нефу, раздзеленых на фасадзе пілястрамі. На першым паверсе размешчаных навокал панадворку П-падобных карпусоў знаходзіліся дэкарыраваная аркамі абходная галерэя, памяшканні абслугі і варты.


В.Ф. Марозаў

 


ГАРОДНЯ. КАРАЛЕЎСКІ ПАЛАЦ


Новы замак, помнік дойлідства ракако. Пабудаваны ў 1734—51 гг. каралём Аўгустам III на месцы Ніжняга замку (сучасная вул. Замкавая, 20). Асноўны праект К.Ф. Пёпельмана, у стварэнні палацу ўдзельнічалі дойліды I.X. Яўх і I.Ф. Кнобель (апошні дабудоўваў капліцу-капэлу). У 1789 г. рэканструяваны дойлідам Дж. Сака. Выкарыстоўваўся як месца пасяджэнняў Генеральных сеймаў Рэчы Паспалітай, як палац Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пазней як шпіталь і адміністрацыйны будынак. П-падобны ў плане двухпавярховы аб’ём пад мансардавым дахам утвараў парадны двор, які з боку Старога замку заканчваўся аднапавярховымі флігелямі і брамай. З левага боку размяшчаліся службовыя карпусы (канцылярыя, стайня і інш.), якія ўтваралі ўнутраны двор. Фасады чляніліся адзінарнымі і падвойнымі лапаткамі, прастакутнымі нішамі, згрупаванымі аконнымі праёмамі. Рызаліт у цэнтральнай частцы быў аздоблены падвойнымі пілястрамі, картушамі ў прасценках і на тымпане трохкутнага франтону. З боку дваровага фасаду да паўкруглага эркеру была прыбудаваная палацавая капліца, накрытая вальмавым дахам з шатровай званіцай з тарцовага фасаду. У яе дэкоры выкарыстаны ракайльныя вазы, кветкавыя гірлянды, каралеўская карона, валюты, штучная драпіроўка, гірлянда званоў. Маляўнічае вырашэнне палацу дасягалася спалучэннем чырвонай дахоўкі, зялёнага колеру сцен і белых элементаў архітэктурнай пластыкі і ляпнога дэкору. Планіроўка калідорная з авальнай у плане цэнтральнай купальнай залай, ад якой адыходзілі парадныя памяшканні, вялікі вестыбюль, капліца. Жылыя памяшканні размяшчаліся на другім паверсе і ў мансардзе, службовыя памяшканні ў скляпеністых падвалах. Інтэр’еры капліцы, Сенатарскай, Пасольскай і Круглай залаў былі ўпрыгожаны жывапісам, размаляванымі плафонамі, панелямі, стукавай залачонай лепкай у стылі ракако, скульптурай, паркетнай падлогай. У 1780-я гады інтэр’ер размаляваны сюжэтнымі сцэнамі (дэкаратар Манькоўскі). У першапачатковым выглядзе захавалася ўязная брама, фланкіраваная манументальнымі пілонамі са скульптурамі сфінксаў, дэкаратыўнай вайсковай арматурай (створаная пад уплывам творчасці французскага дойліда Ф. Бландэля).

У 1944 г. палац значна разбураны. Пасля перабудовы (1952 г., дойлід У. Вараксін) у ім размяшчаўся Гарадзенскі абком КПБ. Напачатку XXI ст. перададзены гістарычнаму музею. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя, А.М. Кулагін

 


ГАРОДНЯ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНАК


Існавалі ў XVII — 1-й палове XX стст. ў гістарычным цэнтры. Пабудаваны ў 1621 г. (па фундацыі К. Сапегі) у стылі барока. У 1854 г. перабудаваны пад праваслаўны Барысаглебскі манастыр. Касцёл — аднанефавы будынак з паўкруглай апсідай, завершаны двухсхільным (над апсідай паўканічным) дахам. Сцены былі расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі. Галоўны фасад утварала двух’ярусная вежа-званіца, завершаная складаным па малюнку купалам. Ярусы вежы і тарцовай часткі нефу былі аформленыя пілястрамі, падзелены антаблементам. Бакавыя часткі франтону нефу вырашаныя як стылізаваныя валюты і фланкіраваліся па кутах шатровымі вежачкамі-пінаклямі. У XIX ст. пры перабудове касцёлу пад праваслаўны храм змененае завяршэнне галоўнага фасаду, над цэнтральнай часткай нефу зроблены купал на васьмігранным барабане ў псеўдарускім стылі. Двухпавярховы будынак кляштару стаяў перад галоўным фасадам касцёлу, меў складаную канфігурацыю плану. Аб’ёмы завяршаліся двухсхільнымі дахамі. Комплекс быў абнесены агароджай з прастакутнай у плане двух’яруснай брамай-званіцай пад двухсхільным дахам.

На месцы былога Барысаглебскага манастыра, які быў разбураны ў гады II Сусветнай вайны, у 1984 г. пабудаваны абласны драматычны тэатр.


Ю.А. Якімовіч

 


ГАРОДНЯ. КАСЦЕЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Помнік дойлідства XVI—XVIII стст, у якім спалучаюцца прыёмы і формы готыкі, рэнесансу і барока. Драўляны кляштар заснаваны ў 1494 г. (фундатар Аляксандр Ягелончык). Будаўніцтва мураванага касцёлу пачалося ў 1602 г. Кутні камень у падмурак быў закладзены епіскапам віленскім Бенедыктам Война. Касцёл пад назвай Адшукання Святога Крыжа быў асвячоны 13.5.1618 г. епіскапам Яўстахіем Валовічам. У 1656 г. будынкі касцёлу і кляштару моцна пашкоджаныя пажарам. У 1680 г. перакрытая страха касцёлу, рэстаўрыраваны алтар Святога Антонія, пабудаваная капліца Святой Барбары. У 1736 г. па ініцыятыве гвардыяна Францішка Бараноўскага будуюцца тры алтары капліцы Святога Міхаіла. У гэты час перабудаваныя алтары Святога Міхаіла, Святога Банавентуры, Святога Ануфрыя, Святога Пятра з Алькантары. У 1738 г. праведзеная рэстаўрацыя званіцы. У 1853 г. кляштар бернардынаў ліквідаваны. Уключае касцёл, жылы корпус, вежу-званіцу, якія звязаны ў адзін комплекс і ўтвараюць замкнёны ўнутраны двор. Размешчаныя на высокім правым беразе Нёмана, з’яўляецца дамінантай сілуэта забудовы цэнтру гораду. Касцёл — трохнефавая шасцістаўповая базіліка з моцна выступаючай і паніжанай адносна цэнтральнага нефа паўцыркульнай апсідай, з прытворам і дзвюма капітэлямі. Цэнтральны неф накрыты двухсхільнымі дахамі. У дойлідстве касцёлу спалучаюцца стылявыя элементы готыкі (стральчатыя праёмы і ступеньчатыя контрфорсы апсіды, нервюры скляпенняў), рэнесансу і барока (дынамічная групоўка ордэрных форм на галоўным фасадзе і крывалінейны сілуэт верхняга ярусу). Галоўны фасад дэкарыраваны развітым антаблементам, пілястрамі карынфскага ордэру, арачнымі нішамі і завершаны трохкутным франтонам. Сцены бакавых фасадаў члянёны пілястрамі і спаранымі арачнымі вокнамі. Цэнтральны неф аддзелены ад бакавых шасцю апорнымі слупамі. Нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У 1788 г. аздоба інтэр’ера дапоўненая жывапісам (мастакі А. Грушэцкі і Ф. Міхалкевіч), разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на падпружных арках, размаляваных у тэхніцы грызайль (гербы заказчыкаў, раслінны арнамент). Плафоны з фрэскавымі кампазіцыямі. У нішах аркатурнага поясу на паўднёвай сцяне цэнтральнага нефу выявы дванаццаці апосталаў, на поўначы — дванаццаці дзеячаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Кампазіцыя "Ушэсце Хрыста" размешчаная на тымпане арачнага перакрыцця цэнтральнага нефу. Каля паўночнага нефу — амвон у стылі класіцызму, дэкарыраваны лісцем аканта і авальнымі медальёнамі з выявамі евангелістаў (дрэва, накладная разьба). Дзверы і сцены прытвору, што выходзяць у цэнтральны неф, выкананы з ажурнага каванага металу (XVII ст.). Над прытворам хоры з арганам, устаноўленым у 1680-я гады пры гвардыяне Антоніі Гладавіцкім і дэкарыраваным разьбой па дрэве. У кампазіцыі ўсіх чатырнаццаці алтароў (за выключэннем аднаго алтара, зробленага ў XX ст. мясцовым рэзчыкам I. Болдакам) выкарыстаны элементы карынфскага ордэру, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую мастацкую каштоўнасць маюць скульптурныя і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы "Чатыры евангелісты", "Святое сямейства", "Маленне аб чашы", якія выкананы ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны  галоўны алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам. У яго кампазіцыі арганічна ўключаныя высокія спараныя вокны апсіды, у якіх захаваліся вітражы. Ярусы алтара вылучаныя ступеньчатым пастаментам і раскрапаваным антаблементам, завершаныя прастакутным атыкам. Сцены прэсбітэрыя да ўзроўню акон пакрытыя дубовымі панелямі, на іх — драўляныя прастакутныя пано. Дэкаратыўнае афармленне галоўнага алтара, прэсбітэрыя цэнтральнага нефу (спалучэнне элементаў рэнесансу, барока і класіцыстычных матываў) дае падставу датаваць інтэр’ер XVII — канцом XVIII стст. Жылы корпус далучаны да паўднёвай сцяны касцёлу. Двухпавярховы аб’ём у плане складанай канфігурацыі. Сцены члянёныя прастакутнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Усходняе і паўднёвае крылы вылучаны буйнымі рызалітамі з трохкутнымі шчытамі, завершаны двухсхільным дахам. Планіроўка галерэйная. Вежа-званіца прымыкае да галоўнага фасаду касцёлу з паўдняга боку. Мае самастойны ўваход і звязана з касцёлам і жылым корпусам. Два верхнія ярусы званіцы, перабудаваныя ў 1788 г., выкананы ў стылі позняга барока. Яны маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт. У іх пластычным афармленні выкарыстаныя выцягнутыя паверхні сцен, рэльефныя чляненні, кутнія калонкі і валюты. Вежа завершана фігурнай галоўкай са шпілем. У будынках кляштару за саетамі былі размешчаныя: судова-гісталагічная лабараторыя, бюро судова медыцынскай экспертызы, абласны дом саніттарнай асветы, санэпідэмстанцыя, памяшканні для служак касцёлу.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


С.Г. Багласаў, М.М. Яніцкая

 


ГАРОДНЯ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БРЫГІТАК

 

Помнік дойлідства ранняга барока. Комплекс пабудаваны ў 1634—42 гг. па фундацыі К. і А. Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), гаспадарчыя пабудовы (збярогся толькі драўляны лямус; глядзі артыкул "Гародня. Лямусы"), сад, агарод, званіцу-капэлу, што стаяла асобна, на другім баку вуліцы (знішчаная ў 1960-я гады).

Касцёл размешчаны ў паўночнай частцы комплексу. Аднанефавы дзвюхвежавы храм з паўцыркульнай апсідай, якая пераходзіць у асноўны аб’ём і мае агульны з ім высокі дах, накрыты дахоўкай. Галоўны фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з трохчасткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтральную плоскасць і две кутнія вежы. Ніжні ярус галоўнага фасаду члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі (у бакавых частках аформленыя арачнымі нішамі для скульптур). Над пілястрамі праходзіць магутны раскрапаваны антаблемент, фрыз якога аформлены манументальным-дэкаратыўным жывапісам у тэхніцы сграфіта. Галоўны фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохкутным франтонам і двух’яруснымі дэкаратыўнымі вежачкамі. Інтэр’ер храму вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Паўцыркульная апсіда мае аднолькавую з нефам шырыню і вышыню, аддзелена ад яго выступамі-лапаткамі з падпружнай аркай. Над уваходам размешчаныя хоры, якія апіраюцца на два васьмігранныя слупы. Лапаткі аздоблены рэшткамі паліхромнага расліннага арнаменту з матывамі вазонаў і гірлянд.

Да наўночна-заходняй сцяны касцёлу прымыкае жылы корпус — прастакутны ў плане двухпавярховы аб’ём з вялікім унутраным дваром. На паўночным фасадзе захаваўся партал, аздоблены мастацкай тынкоўкай. Фасады члянёныя маленькімі прастакутнымі вокнамі ў простых ліштвах, завершаныя шырокім карнізам. Па перыметры будынку (з боку двара) праходзіць светлавы калідор з келлямі. У паўднёва-ўсходнім куту корпусу размешчаны вялікі аб’ём, на першым паверсе якога была трапезная, на другім — бібліятэка.

Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па кутах якой былі невялікія шасцігранныя вежы (захаваўся першы ярус вежы на перакрыжаванні вуліц К. Маркса і Маладзёжнай). Агароджа была прарэзаная чатырма брамамі (захаваліся тры, найбольш манументальная знаходзіцца перад касцёлам). Захаваліся таксама брамы для пешага люду, уцалела праезная брама гаспадарчага панадворку.

Касцёл на рэстаўрацыі, у будынках кляштару размешчаная медыцынская ўстанова. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


С.Г. Багласаў, Т.Р. Маліноўская

 


ГАРОДНЯ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ЕЗУІТАЎ


Помнік дойлідства барока. Пачаў фармавацца пасля 1622 г. на ўсходнім баку Старога рынку (сучасная пл. Савецкая). У комплекс уваходзілі касцёл, стары і новы будынкі калегіюма, бібліятэка, будынак аптэкі, друкарня, жылыя карпусы і гаспадарчыя пабудовы. Першы езуіцкі "касцёльчык" Святых Пятра і Паўла быў узведзены з дрэва і існаваў з 2-й чвэрці XVII ст. да 1700 г. Будаўніцтва езуіцкай рэзідэнцыі пачалося пасля 1664 г., калі яна атрымала статус калегіюму, мураванага касцёлу — у 1678 г. (фундатары Самуэль і Канстанцыя Лозы). Першае набажэнства ў касцёле адбылося ў 1700 г., асвячэнне ў імя Ксаверыя, на якім прысутнічалі Аўгуст II і рускі цар Пётр I — у 1705 г. У 1707 г. рэзчык з Каралеўца (цяпер г. Калінінград) К. Пойкер(?) распрацаваў праекты ўсіх алтароў (кулісныя і бакавыя былі выкананыя ў 1709—16 гг., галоўны — разьбяром Я. Шмідтам з Рэшэля ў 1736—37 гг.). У 1725 г. на вежу-званіцу касцёлу быў перанесены гадзіннік (помнік тэхнікі сярэднявечча), які выконваў ролю гарадскога і знаходзіўся раней на вежы калегіюму. У 1744 г. у Каралеўцы закуплены арган, у 1745 г. у Рэшэлі — цыборыум (балдахін над алтаром). У 1750—52 гг. муляр К. Бурман надбудаваў вежы. У гэты ж час быў зроблены новы амбон і выкананы фрэскавы цыкл. Стары мураваны калегіюм будавалі ў 1677—83 гг. першы паверх новага калегіюму ўзведзены ў 1691 г., другі і трэці — у 1740—44 гг.. Аптэка пабудаваная ў 1700—09 гг., другі паверх надбудаваны ў 1763 г..

Касцёл (з 1783 г. называецца фарны) — трохнефавая крыжова-купальная базіліка (вышіня 53,6 м, у плане 30x60 м). Трансепт і цэнтральны неф маюць аднолькавую вышыню і вышэйшыя за бакавыя нефы. На ветразях сяродкрыжжа ўстаноўленыя светлавы барабан, сферычны купал і ліхтар. Па баках паўцыркульнай апсіды прыбудаваныя две капліцы са сферычнымі купаламі — Архангела Міхаіла і Маці Боскай Студэнцкай. Дзвювежавы амаль плоскі фасад падзелены паясамі антаблементаў на тры ярусы, два ніжнія раскрапаваны падвойнымі карынфскімі пілястрамі. У арачных нішах драўляныя выявы Апосталаў Пятра і Паўла, Святога Ксаверыя (разбяр Г. Гіс, 1768 г.). У цэнтры фасаду — вялікае акно і балкон для аркестру. Сілуэт ажыўляюць увагнутыя сцены і две вазы мураваных барочных купалаў над вежамі. Двухмаршавая лесвіца, упрыгожаная фігурай Хрыста з крыжам перад галоўным уваходам, была пабудаваная ў пачатку XX ст. Каваныя жалезныя дзверы галоўнага ўвахода зробленыя кавалём Я. Біршам (1744 г.). Бакавыя фасады выкананыя ў стрыманых формах ранняга барока: раскрапаваны падвойнымі пілястрамі і тонкімі карнізнымі паясамі. Бакавыя нефы высокія (10,5 м), без крытых галерэй, асветленыя вялікімі лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Плітачная падлога выкладзеная "шведскім" (гатляндскім) каменем. Нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, гурты якіх упрыгожаны раслінным арнаментам. Па перыметры галоўнага нефу над антаблементам размешчана галерэя з балюстрадай; яго сцены раскрапаваны адзіночнымі карынфскімі пілястрамі (капітэлі выкананы з дрэва). Пры ўваходзе — хоры з арганам, да якіх вядуць вітыя ўсходы ў тоўшчы сцен. Высокамастацкі багаты і ўрачысты інтэр’ер насычаны скульптурай, дойлідскай пластыкай і фрэскамі. Галоўны драўляны алтар (вышыня 21 м) зроблены ў 1736 г. з дрэва ў стылі позняга барока. Мае трох'ярусную кампазіцыю. Запаўняе ўсю прастору апсіды, аздоблены шматлікімі калонамі і пілястрамі. У ніжнім ярусе размешчаныя трынаццаць скульптурных выяў — Ксаверыя, дзесяць апосталаў і патронаў-фундатараў, у другім — Хрыстоса, чатырох евангелістаў і чатырох айцоў царквы. Алтар завершаны глорыяй, якая абрамляе акно апсіды. Перад ёй схіляюць галовы чатыры бакі сусвету, увасобленыя ў жаночых вобразах. Таніраваны пад светлы мармур у 1752 г., перафарбаваныя пад цёмны ў 1900 г. У касцёле дванаццаць бакавых алтароў: два у капліцах, чатыры у трансепце і шесць кулісных. Адзін мураваны алтар у капліцы Маці Боскай Студэнцкай выкананы ў тэхніцы стука ў стылі класіцызму. Алтар Святога Міхаіла ў паўночнай капліцы больш ранні (верагодна, застаўся ад драўлянага "касцёльчыка"). Алтары трансепту вузкія і высокія, з высунутымі наперад бакавымі крыламі. Таніраваны пад цёмны мармур. Маюць двух'ярусную кампазіцыю, аздоблены пазалочанымі калонамі, скульптурнымі выявамі, ажурнай разьбой. Яскравым мастацка-дэкаратыўным элементам інтэр’еру з’яўляецца ўпрыгожаны высокім балдахінам амбон, які падтрымліваецца ракавінай-кансоллю. Выкананы ў стылі ракако, мае характэрныя мудрагелістыя формы, аздоблены багатай пазалочанай разьбой, скульптурнымі выявамі евангелістаў, анёлаў і амураў у імклівых паставах. У стылі ракако выкананы таксама спавядальні (частка з іх зроблена майстрам I. Мейфельдтам у 1768 г.). Фрэскавы жывапіс складаецца з чатырнаццаць сюжэтных кампазіцый з жыцця Святога Ксаверыя, якія аздабляюць прасценкі над аркамі цэнтральнага нефу, трансепту і прэсбітэрыя. Падкрэслены асіметрычныя шматфігурныя кампазіцыі фрэсак з пейзажам і дойлідскім фонам упісаны ў прастакутныя рамы. Малюнак упэўнены, свадобны. На апошняй выяве манаграма "B.I. : D.P. 1752". Высокамастацкі інтэр’ер касцёлу дапаўняюць помнік А. Тызенгаўзу (пачатак XX ст.; скульптар Т. Дукас; бронза, лабрадарыт) у выглядзе жанчыны з пальмавымі галінкамі, якая схілілася на прыступках надмагілля перад медальёнам з рэльефным бюстам памерлага, мемарыяльная дошка прафесару фізікі Ягелонскага універсітэту З.Ф. Урублеўскаму (1845—88 гг.), шматлікія творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Кляштар займаў цэлы квартал (120х160 м), у сярэдзіне якога знаходзіўся калегіюм. Галоўнае трохпавярховае крыло (новы калегіюм) мела мансардавы дах, накрыты чырвонай дахоўкай. Заходняе двухпавярховае крыло злучала новы калегіюм з трансептам касцёлу. Усходняе трохпавярховае крыло (стары калегіюм) мела калідорную планіроўку з двухбаковым размяшчэннем пакояў. На стыку старога і новага калегіюмаў была ўзведзена трапезная (дойлід Я. Руоф), над якой знаходзілася бібліятэка з вялікімі сенцамі, вышэй над сенцамі — капліца. Абапал старога калегіюму размяшчаліся гаспадарчыя двары, агароджаныя з тыльнага боку комплексу флігелямі, дзе былі майстэрні, стайні і вазоўні. Пры галоўнай браме стаяла бурса. Побач з касцёлам знаходзіцца будынак аптэкі. На поўнач ад яго была мураваная школа з уласным дваром (у гэтым жа будынку размяшчаўся тэатр). Астатнюю тэрыторыю займаў вялікі сад. Захаваліся касцёл, аптэка, стары і новы калегіюмы, бурса, трапезная, бібліятэка, майстэрні, стайні, вазоўні.

Будынак касцёла належыць рыма-каталіцкай царкве. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.У. Мілінкевіч, Е. Пашэнда

 


ГАРОДНЯ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


Помнік дойлідства барока. Комплекс пабудаваны ў 1635 г. (вул. Гагарына) па фундацыі Сузанны і Яўстахі Курч. Размешчаны на левым беразе Нёмана. Складаны рэльеф мясцовасці вызначыў асіметрычную кампазіцыю комплексу. Уключае касцёл, вежу-званіцу, кляштарны корпус, браму з агароджай. Мураваныя касцёл і двухпавярховы кляштарны корпус утвараюць замкнёны ўнутраны двор.


Касцёл — трохнефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай. Цэнтральны неф і апсіда вырашаны адзіным аб’ёмам і накрыты агульным двухсхільным чарапічным дахам, больш нізкія бакавыя нефы — аднасхільнымі. Галоўны фасад падзелены на тры ярусы: першы ярус расчлянёны шырокімі пілястрамі і завершаны карнізным поясам, другі і трэці — лапаткамі і завершаны трохкутным франтонам. Бакавыя фасады і апсіда прарэзаныя лучковымі і прастакутнымі вокнамі, расчлянёны спаранымі лапаткамі і завершаныя карнізным поясам. У XVIII ст. касцёл адноўлены пасля пажару, значна змененая яго дэкаратыўная аздоба. З паўночнага боку да галоўнага фасаду касцёлу прылягае трох’ярусная вежа-званіца з самастойным уваходам. Мае квадратную ў нлане трох’ярусную сіметрычную кампазіцыю. Першы ярус, які прымыкае да сцяпы бакавога нефу касцёлу, захаваў агульную з першым ярусам галоўнага фасаду касцёлу пластыку XVII ст. Ён прарэзаны маленькімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, расчлянёны шырокімі пілястрамі і карнізнымі паясамі. Другі і трэці ярусы перабудаваныя ў XVIII ст., вырашаны ў насычанай рэльефнай пластыцы сталага барока: выразныя буйныя чляненні, маляўнічы сілуэт. Сцены прарэзаны вялікімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, расчлянёныя рэльефнымі лапаткамі і развітым карнізам. Увенчвае званіцу высокі фігурны шлем. У тэхніцы паліхромнай размалёўкі па шкле зроблены вітражы. Цэнтральны неф касцёлу аддзелены ад бакавых шасцю слупамі і перакрыты крыжовымі скляненнямі. Пры ўваходзе — хоры. Інтэр’ер вызначаецца багаццем пластыкі, мастацка-дэкаратыўным аздабленнем (разьба па дрэве, лепка, скульптура). Дзвухярусны галоўны алтар у стылі барока ўпрыгожаны скульптурай і накладной драўлянай разьбой. Амбон у стылі ракако дэкарыраваны гарэльефнымі выявамі чатырох евангелістаў.

П-падобны няправільны ў плане кляштарны корпус прыбудаваны да касцёлу з паўднёвага боку. Сцены расчлянёны прастакутнымі вокнамі, пілястрамі, завершаны карнізам. Паўднёва-заходні бок корпусу вылучаны буйным рызалітам. Планіроўка галерэйная. У паўднёва-заходнім куце корпусу знаходзіцца вялікі ў выглядзе рызаліта аб’ём, дзе былі трапезная і бібліятэка. Першы паверх мае скляпеністыя перакрыцці, другі — плоскае. Зараз тут размешчаная лякарня.

У паўночна-заходняй частцы кляштару захавалася фрагментарная агароджа (2—3 м) і брама. Частка сцяны, якая абмяжоўвае дворык перад галоўным фасадам касцёла, члянёна з унутранага боку паўцыркульнымі нішамі. Вонкавая сцяна гладкая. Брама размешчаная перад галоўным фасадам касцёлу, аформленая ў стылі барока. Мае двух’ярусную кампазіцыю. Першы ярус з арачным праходам раскрапаваны спаранымі пілястрамі, другі вырашаны ў выглядзе разарванага франтона, сярэдняя частка якога — атык з прастакутнай нішай для скульптуры. Увенчвае атык трохкутны франтон.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя, С.Г. Багласаў, Г.М. Ярмоленка

 


ГАРОДНЯ. КІНАТЭАТР "КАСТРЫЧНІК"


Шырокаэкранны кінатэатр пабудаваны ў 1987 г. па індывідуальным праекце (дойліды У. Еўдакімаў, Л. Вільчко, У. Шапавалаў). Мае тры залы. Будынкі кінатэатру, гаэля "Гродна" і рэстарана "Гродна" ўтвараюць адзіны ансамбль. Дынамічны сілуэт кінатэатру, вонкавыя галерэі і лесвіцы, кансольны казырок надаюць будынку відовішчную выразнасць. Пры будаўніцтве выкарыстаны жалезабетонны каркас, індывідуальныя кесонныя пліты перакрыццяў, маналітныя канструкцыі і цэгла. Фасады аздобленыя жалезабетоннымі плітамі, тынкоўкай з афарбоўкай. У першым паверсе размешчаныя касавая зала, вестыбюль з дэкаратыўным басейнам, буфет. Глядзельныя залы на 565, 247 і 211 месцаў згупаваныя вакол фае з асвятленнем у двух узроўнях, на антрэсолях якога прадугледжаная галерэя для выстаў з верхнім натуральным асвятленнем. У аздабленні інтэр’ераў выкарыстаны алюміній, мармур, граніт, дрэва і інш. Залы пафарбаваныя ў блакітны, бэжавы і тэракотавы колеры. У добраўпарадкаванні тэрыторыі прадугледжаны дэкаратыўны фантан, кветнікі свяцільні.

 


ГАРОДНЯ. КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ


Існаваў у XVII—XIX стст. У 1630-я гады па фундацыі Ф. і К. Сапегаў пабудаваны касцёл — мураваны трохнефавы аднаапсідны храм. Фасад меў трох’ярусную сіметрычную кампазіцыю з дзвюма званіцамі па баках. З 1830 г. быў касцёлам мужчынскай гімназіі, пасля 1863 г. пераўтвораны ў царкву Ямбургскага ўланскага палку, раскватараванага ў Гародне. Знішчаны ў 1874 г. У 1735 побач з касцёлам айцом Т. Ганусевічам замест існаваўшага раней драўлянага ўзведзены мураваны будынак кляштару па вул. Віленскай (цяпер вул. Савецкая, 6). У 1760-я гады будынак дабудаваны ўздоўж вуліцы. Двухпавярховы складаны ў плане аб’ём вырашаны па схеме, характэрнай для дойлідства класіцызму. Галоўны фасад вылучаны рустоўкай цэнтральнай часткі першага паверху і завершаны трохкутным франтонам, карніз якога падтрымліваюць дэнтыкулы. Накрыты двухсхільным дахам. Паверхі на фасадзе размежаваныя прафіляваным паяском. Прастакутныя вокны другога паверху завершаныя сандрыкамі і невялікім франтончыкамі. Бакавыя крылы раскрапаваныя пілястрамі і завершаны ступеньчатым атыкам. Сістэма планіроўкі калідорная. У будынку кляштару працавала дамініканская школа, з 1834 г. — мужчынская гімназія і іншыя дзяржаўныя навучальныя ўстановы і ўстановы гарадскога самакіравання. Пасля II Сусветнай вайны выкарыстоўваецца як жылы будынак. У 1780-я гады на вул. Званіц (цяпер вул. Клары Цэткін) на месцы старой драўлянай пабудовы паводле праекту Л. Грынцэвіча быў узведзены другі мураваны корпус кляштару (цяпер выкарыстоўваецца пад установы культуры).


Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.Р. Маліноўская

 


ГАРОДНЯ. КНЯЖЫ ПАЛАЦ


Помнік дойлідства XII ст. Быў пабудаваны на дзядзінцы (глядзі артыкул "Гародня. Стары замак"). Рэшткі выяўленыя Ю. Ядкоўскім у 1932—33 гг. Збераглася паўночная частка даўжынёю 9,72 м і вышынёю да 2 м. Гэта быў двухпавярховы на каменным падмурку будынак з драўлянымі бэлечнымі перакрыцдямі. Змураваны з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. На кароткіх тарцах цаглін рэльефныя мулярскія знакі. Дэкаратыўная муроўка звонку была аздоблена радамі амаль неапрацаваных камянёў. Падмурак — рад камянёў (таўшчыня 35—40 см), пад якімі знаходзіцца праслойка бітай цэглы. Унутраныя сцены былі аформленыя арачнымі нішамі, падлогі аздаблялі разнастайныя па форме і колеры паліваныя керамічныя пліткі. Быў накрыты свінцовымі лістамі. У канцы XIV — пачатку XV стст. да ўвахода прыбудаваны новы ганак з вялікапамернай цэглы, будынак прыстасаваны да абароны.

Разбураны ў XVI ст. ў час перабудовы Старога замку С. Баторыем


А.А. Трусаў



ГАРОДНЯ. КІРХА


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваная як лютэранская царква ў пачатку XX ст. на Якаўлеўскім праспекце (цяпер вул. 1 Мая). Аднанефавая аднавежавая  пабудова з пяціграннай апсідай і сакрысціямі. Галоўны фасад мае выцягнутую сіметрычную па вертыкалі дынамічную кампазіцыю. Квадратная ў плане высокая манументальная вежа-званіца выступае з асноўнага аб’ёму. Галоўны ўваход (праз вежу) аформлены вялікім стральчатым парталам, над ім — акно-"ружа". Вежа завершаная высокім ламаным па форме вострым шатром. Сцены бакавых фасадаў абведзеныя шырокім карнізным паяском, умацаваны контрфорсамі. У вокнах бакавых сцен каляровыя вітражы з гатычным па характары малюнкамі. Інтэр’ер храму мае выцягнутую па падоўжнай восі сіметрычную кампазіцыю. Асноўны прастакутны ў плане аб’ём перакрыты арыгінальным па форме фігурным скляпеннем: цыліндрычнае перакрыцце пераходзіць каля бакавых сцен у плоскую столь на драўляных кранштэйнах. Апсіда раскрываецца ў асноўны аб’ём арачным праёмам. На другім паверсе вежы — маленькія хоры.

Пэўны час у будынку мясціўся Дзяржаўны архіў Гарадзенскай вобласці, зараз храм дзейнічае.


С.Г. Багласаў



ГАРОДНЯ. КОРЧМЫ


Пабудаваныя ў 1770-я гады абапал галоўнай магістралі Гарадніцы (дойліды Ю. Мёзер, Д. Сака).


Карчма "Галеча" складалася з кампактнага двухпавярховага мураванага будынку гатэля і выцягнутай прастакутнай у плане драўлянай стайні з цагляным каркасам, якая прылягала да дваровага фасаду гатэля. Будынкі былі накрытыя высокімі двухсхільнымі дахамі. Уваход у гатэль вылучаўся цэнтральным рызалітам з фігурным франтонам.

Карчма "Раскоша" мела сіметрычную кампазіцыю, складалася з трох аднапавярховых квадратных у плане аб’ёмаў, якія прылягалі адзін да аднаго кутамі і ўтваралі паўадкрыты двор. У цэнтральным аб’ёме размяшчаўся гатэль, у бакавых — стайні. Фасад гатэля быў аздоблены плоскімі лапаткамі і завяршаўся  лучковым атыкавым франтонам, які закрываў тарэц двухсхільнага даху з мансардай. Стайні былі накрытыя пакатымі чатырохсхільнымі дахамі, сцены аздоблены руставанымі лапаткамі.

Карчма "Выгода" складалася з кампактнага двухпавярховага накрытага дахоўкай мураванага будынку гатэля з балконамі на ўзроўні другога паверху і прастакутнай у плане гаспадарчай прыбудовы, у якой размяшчаліся стайня, кладавыя і вялікая саладоўня.

"Галеча" і "Выгода" знесеныя ў канцы XIX ст., "Раскоша" знішчаная пад час рэканструкцыі вул. Ажэшкі.


Т.В. Габрусь



ГАРОДНЯ. ЛЯМУСЫ


Помнікі гаспадарчага і жыллёвага дойлідства.

1) Лямус у двары касцёлу і кляштару брыгітак пабудаваны ў 1630-я гады ў стылі ранняга барока; помнік драўлянага дойлідства. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку накрыты высокім вальмавым гонтавым дахам (спачатку, магчыма, дахоўкай). Галоўны паўночны фасад аздоблены двух’яруснай галерэяй з балюстрадай на другім паверсе. Матыў аркады ствараюць слупы з падкосамі. Усе канструкцыйныя элементы звязаны ўрубкамі і драўлянымі клінамі. Першы паверх прызначаўся для гаспадарчых мэт, другі — для жылля (цяпер планіроўка змененая). У будынку размешчаная медыцынская ўстанова.

2) Лямус (вул. Дзяржынскага, 1а) пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. двухпавярховы прастакутны ў плане будынак накрыты высокім вальмавым дахам. На галоўным (усходнім) і бакавых фасадах — мансарды. Галоўны фасад сіметрычны, з невялікімі рызалітамі ў цэнтры. Вокны другога паверха маленькія, квадратныя, паглыбленыя. Цэнтральныя часткі заходняга, паўночнага і паўднёвага фасадаў гладкія, з сіметрычна размеркаванымі вокнамі. Цагляныя коміны высокія, шматпрыступкавыя. Унутраныя перагародкі ў асноўным драўляныя. Лесвіца двухмаршавая, вузкая, драўляная, з высокімі прыступкамі. У 1939 г. перабудаваны пад жылы дом. Інтэр’ер зменены.

Лямусы — помнікі рэспубліканскага значэння.



ГАРОДНЯ. МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯНАК


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1720—51 гг. (вул. Навазамкавая), на  месцы сярэдневяковага пасада замест згарэлага драўлянага манастыру. Комплекс уключае мураваныя царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гаспадарчы карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква (1726 г., дойлід I. Фантана III) — крыжовакупальны храм з выцягнутай прастакутнай алтарнай часткай і дзвюма чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі над крыламі трансепту. Галоўны фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца развітым карнізам і трохкутным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках, якія пераходзяць у падвойныя пілястры. Пры ўваходзе з боку алтару абапал асноўнага нефу вітыя ўсходы, у паўночным крыле трансепту хоры, злучаныя з калідорам другога паверху манастырскага корпусу. Будынак манастыра (1751 г., дойлід Фантана) двухпавярховы, Г-падобны ў плане, завершаны высокім двухсхільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невялікі паўадкрыты дворык. Прастакутныя вокны размешчаныя нерэгулярна. Планіроўка галерэйная, памяшканні перакрыты крыжовымі, калідоры — цыліндрычнымі скляпеннямі. Да ўсходняга тарцу манастыра ў XIX ст. прыбудавана прастакутная ў плане капліца з двухколерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на два ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Усходні тарцовы фасад завершаны франтонам. Куты аб’ёму апрацаваны магутнымі руставанымі пілястрамі. Вокны прастакутныя, размешчаныя ў ніжнім ярусе сцен паміж лапаткамі. На паўднёвым, павернутым да ўваходу ў царкву фасадзе вокны апрацаваныя ліштвамі. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Сцены завершаныя прафіляваным карнізам. Асноўны гаспадарчы корпус (1891 г.) двухпавярховы, прастакутны ў плане, размешчаны ва ўсходняй частцы комплексу. У 1979—85 гг. паводле праекту спецыялізаваных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры БССР (дойлід Г. Жаровіна) праведзены рэстаўрацыйныя работы. У 1980 г. на тэрыторыі комплексу выяўленыя рэшткі Прачысценскай царквы.

У манастыры базыльянак размешчаны Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.В. Алісейчык, Г.П. Жаровіна



ГАРОДНЯ. НАРОДНЫ ДОМ


Помнік грамадзянскага дойлідства пачатку XX ст. Пабудаваны (сучасная вул. Дзяржынскага) у 1904 г. паводле праекту інжынера Л. Лангада і дойліда М. Раманава. Цагляны аднапавярховы сіметрычны будынак з крыху вынесенымі наперад бакавымі крыламі мае складаную канфігурацыю плану, дзе частка больш высокага аб’ёму з глядзельнай залай на 350 месцаў адсунута ўглыбіню. Трохкутны франтон, фігурныя карнізы і атыкі, багацце дэкаратыўнай пластыкі (гарызантальны руст, абрамленні аконных і дзвярнога праёмаў разнастайных форм, нілястры па кутах) надаюць пабудове маляўнічасць. Унутраная планіроўка адпавядала прызначэнню: тут была бібліятэка з чытальнай залай, пакоі для заняткаў гурткоў.

У будынку размешчаны гарадскі Дом культуры.


В.М. Чарнатаў



ГАРОДНЯ. НІЖНЯЯ ЦАРКВА


Помнік старажытнага дойлідства. Належыць да перыяду станаўлення Гродзенскай школы дойлідства, майстрамі якой і пабудавана ў XII ст. Знаходзілася на тэрыторыі Старога замку. К сярэдзіне XII ст. разбурылася (у выніку пажару 1183 г. і з-за недасканалай канструкцыі фундаментаў). У працэсе археалагічных раскопак 1931—37 гг. і 1949 г. (вяліся Ю. Ядкоўскім і М. Вароніным) выяўленыя яе руіны пад фрагментамі больш позняй Верхняй царквы. Часткова захаваліся рэшткі сцен (месцамі вышынёю да 3,5 м), фрагменты падкупальных слупоў і элементы дэкаратыўнага ўпрыгожання. Сцены прастакутнай у плане пабудовы (16,8х11.6 м, без апсіды) выкладзеныя з адносна тонкай плінфы на вапнавым растворы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі з выкарыстаннем вялікіх камянёў. У верхнія часткі сцен і скляпенняў умураваны збаны-галаснікі (іх гарлавіны павернуты да інтэр’еру), што рабіла лягчэйшымі сцены і адначасова паляпшала акустыку. Паводле плану гэта быў чатырохстаўповы храм тыпу ўпісанага крыжа без нартэксу з развітай алтарнай часткай. У арганізацыі ўнутранай прасторы дакладна процістаялі алтарная частка і наос, увянчаны купалам; у заходняй частцы наоса знаходзіліся хоры (да іх вялі ўсходы, што былі ў паўднёва-заходнім куце храму). Вонкавы сегментападобны контур цэнтральнай апсіды (паўцыркульная ў інтэр’еры) нязначна выступаў за межы прастакутнага плана; бакавыя апсіды звонку не выяўленыя. Сцены знадворку і ўнутры расчлянёныя лапаткамі, па кутах яны зрэзаныя (як і падкупальныя слупы), куты знадворных лапатак скругленыя. Фасады аздобленыя паліраванымі і неапрацаванымі рознакаляровымі камянямі, маёлікавымі квадратнымі пліткамі і паліванай чашападобнай кафляй. Сцены ўнутры не мелі размалёўкі. Галоўнае ўпрыгожанне інтэр’еру — маёлікавая ўзорыстая падлога і алтарная перагародка. Для падлогі выкарыстоўваліся пліткі сямнаццаці відаў рознага фармату і трох колераў (жоўтая, зялёная і карычневая). Падлога мела пераважна шахматны малюнак, месцамі ўводзіўся ўзор у выглядзе хваста ластаўкі з жоўтых і карычневых плітак. Найбольш складаным быў узор цэнтральнай часткі наосу: упісаныя ў квадраты кругі з арнаментальнымі крыжамі ўсярэдзіне абрамлялі перакрыжаваныя шырокія жоўта-зялёныя плеценыя стужкі (палоскі). Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі: пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў і святых у абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам.

Помнік рэспубліканскага значэння.


В.Р. Слюнчанка



ГАРОДНЯ. ПАКРОЎСКАЯ ЦАРКВА


Помнік дойлідства пачатку XX ст. Пабудаваная (вул. Ажэшкі, 23) у псеўдарускім стылі на ўшанаванне памяці афіцэраў і ніжніх чыноў 26-й артылерыйскай брыгады, якія загінулі ў руска-японскую вайну 1904—05 гг. Мураваная двенадцатикалонная трохнефавая базіліка. Над прытворам дзесяціметровая васьмігранная званіца, накрытая шатром, завершаным цыбулепадобным купалком на барабане. Абапал званіцы — невялікія шатры з купаламі. Над алтарнай апсідай пяць цыбулепадобных купалоў на васьмігранных барабанах з несапраўднымі вокнамі (блендамі), завершанымі какошнікамі. Над рызніцай — два шатры з макаўкамі. Галоўны фасад храма сіметрычны. Вокны паўцыркульныя з какошнікамі. Перад уваходамі — высокія ганкі, упрыгожаныя разнымі трохкутнымі навісямі і калонкамі. Бабінец перакрыты высокімі крыжовымі скляпеннямі, мае мазаічную падлогу. Плоская столь асноўнага аб’ёму ўпрыгожаная трыма размаляванымі плафонамі, сцены — магутным карнізам з сухарыкамі. Інтэр’ер аздоблены разным драўляным алтаром, размалеўкай.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.Ю. Пятросава



ГАРОДНЯ. ПАЛАЦ АДМІНІСТРАТАРА


Помнік дойлідства ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 1770—80-я гады (сучасная вул. Горкага), перабудаваны ў XIX ст. Належаў графу М. Валіцкаму, у 1842 г. куплены праваслаўнай кансісторыяй (у сувязі з чым атрымаў назву "архірэйскі дом"), Уваходзіў у ансамбль Гарадніцы, быў абкружаны рэгулярным паркам (збярогся часткова). Па баках палаца сіметрычна пастаўлены аднапавярховыя мураваныя флігелі, якія ўтвараюць перад ім паўадкрыты двор. Трохпавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Першый паверх цокальны, другі і трэці аб’яднаны на фасадах лапаткамі. Цэнтр галоўнага паўднёва-ўсходняга фасаду падкрэслены рызалітам (раней быў вылучаны пілястрамі іанічнага ордэру і трохкутным франтонам). Прастакутныя аконныя праёмы рызаліту аздобленыя трохкутнымі і лучковымі франтонамі. Планіроўка калідорная. Памяшканні на першым паверсе перакрытыя цыліндрычнымі з распалубкамі скляпеннямі.

У палацы размешчаная навучальная ўстанова.


А.М. Кулагін



ГАРОДНЯ. ПАЛАЦ ПІЯНЕРАЎ I ШКОЛЬНІКАЎ


Будынак палацу пабудаваны ў 1975 г. па тыпавым праекце, перапрацаваным з улікам асаблівасцей рэльефу мясцовасці (дойлід У. Еўдакімаў). Маляўнічы рэльеф, перапад вышынь і суседства р. Гараднічанка абумовілі складанае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне трохпавярховага будынку. Кампазіцыя фасадаў заснаваная на кантрасце глухіх паверхняў сцен і вялікіх зашклёных аконных праёмаў, рытмічна падзеленых вертыкальнымі рэбрамі. Фасады атынкаваныя ў светлыя таны. На галоўным фасадзе дэкаратыўнае пано "Гімн сонцу" (1976 г., скульптары У. Церабун, А. Салітыцкі), выкананае ў тэхніцы чаканкі. Цэнтральнае месца ў будынку займае актавая зала, вакол якой на 1—3-м паверхах размешчаныя пакоі для заняткаў гурткоў. Спартовы блок з залай і плавальным басейнам знаходзіцца на першым паверсе сумежна з фае актавай залы і буфетам. На другім паверсе размешчаная бібліятэкака, на трэцім — музей "Піянерская слава", у цокалі — стралковы цір. Фае аформленае манументальнай рэльефнай кампазіцыяй "Шчаслівае дзяцінства". У добраўпарадкаванні тэрыторыі важную ролю адыгрываюць падпорныя сценкі пляцовак, лесвіцы, апрацаваныя каменем у месцах перападу вышынь рэльефу. Цераз Гараднічанку пабудаваны дэкаратыўны арачны мост.



ГАРОДНЯ. ПАЛАЦ ТЫЗЕНГАЎЗА


Пабудаваны ў 1760—70-я гады (дойліды Ю. Мёзер, Дж. Сака, мастакі П. Гежыдовіч, А. Грушэцкі і інш.). Выкарыстоўваўся як палац старосты Гарадзенскай эканоміі А. Тызенгаўза, пасля захопу Беларусі Расейскай імперыяй належаў расейскаму генералу Я. Сіверсу, потым князю Рэпніну, з пачатку XIX ст. быў рэзідэнцыяй губернатара. З’яўляўся кампазіцыйным цэнтрам ансамбля Гарадніцы, размяшчаўся на плошчы, да якой быў павернуты галоўным фасадам і вялікім трапецападобным курданёрам. Аднапавярховы П-надобны ў плане мураваны будынак быў накрыты высокім вальмавым дахам з невялікімі мансардамі ў цэнтры бакавых крылаў і завяршаўся авальным у нлане бельведэрам з купалам і скульптурнай выявай Цэрэры над галоўным уваходам. Аздабленне фасадаў мела элементы ракако (руставаныя падвойныя лапаткі, гірлянды, картушы, абрамленні прастакутных і арачных аконных праёмаў). У каларыстычным вырашэнні фасадаў выкарыстанае спалучэнне зялёнага колеру сцен, белых ляпных дэталей, чырвонай дахоўкі. Планіроўка мяшаная: у цэнтральнай частцы анфіладная, у крылах калідорная. Парадныя залы былі аздобленыя плафонамі з размалёўкай і мармуровымі разнымі камінамі з карскага мармуру. У ансамбль уваходзіў будынак тэатру, які размяшчаўся ў самастойным аб’ёме, прыбудаваным да паўночна-ўсходняга боку палацу. Разбураны ў 1915 г. З паўночна-ўсходняга боку палацу прафесарам Ж.Э. Жыліберам з Ліёна быў створаны рэгулярны батанічны сад, які па разнастайнасці, рэдкасці і колькасці відаў раслін не саступаў лепшым садам Еўропы. Калекцыя камплектавалася з рэліктаў, атрыманых па абмену з Эдынбургскага і Страсбургскага садоў.

Цяпер на месцы сада гародскі парк.


А.М. Кулагін



ГАРОДНЯ. "ПАНЯМОНЬ"


Сядзіба, помнік сядзібна-паркавага дойлідства позняга барока. Створаная ў 1771 г. на ўсходняй ускраіне Гародні, на правым беразе Нёману як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (дойлід Ю. Аляхновіч), перабудаваная ў XIX ст. Палацава-паркавы ансамбль, у які ўваходзяць палац, парк, капліца і гаспадарчыя пабудовы, з поўдня абмежаваны ракой, з усходу і поўначы — глыбокім ровам. Палац — аднапавярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен замененая драўлянымі) будынак. Збярогся фрагмент вуглавой вежы, якая вылучаецца плаўным абрысам, тонкай і складанай прафіліроўкай карнізаў і абрамленняў, здвоенымі пілястрамі з ажурнымі капітэлямі, гарызантальнай рустоўкай. У цэнтры галоўнага фасаду — чатырохкалонная навісь. Дваровы фасад упрыгожаны чатырохкалонным порцікам на высокім цокалі. Перапад у рэльефе забяспечыў двароваму фасаду адкрыццё цокальнага паверху, службовыя памяшканні якога мелі сувязь з памяшканнямі параднага паверху. Планіроўка будынку анфіладная, з выхадам у цэнтральную вялікую парадную залу. Палац і адкрыты перад ім партэр размешчаныя ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах рова. Уезд пазначаны капліцай (сярэдзіна XIX ст.) неагатычнага стылю. Гаспадарчыя і службовыя пабудовы былі вынесеныя за межы параднай часткі ансамбля і пастаўленыя з заходнім боку палацу ў адзін рад.


А.М. Кулагін



ГАРОДНЯ. ПРАЧЫСЦЕНСКАЯ ЦАРКВА


Помнік старажытна-берускага дойлідства XII ст. Пабудаваная майстрамі Гарадзенскай школы дойлідства. Шасціслуповы трохнефавы храм (20х12,7 м) меў тры прастакутныя ў плане са зрэзанымі кутамі апсіды. Сцены (таўшчынёй 1—1,1 м) былі складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. У верхнія часткі сцен і скляпенні былі ўмурованыя керамічныя збаны-галаснікі. Фасады былі аздобленыя лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога была выкладзеная маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колераў разнастайных форм. Па сваім малюнку маёлікавая падлога царквы мае вялікае падабенства з падлогай Ніжняй царквы. Слупы квадратнага сячэння са скошанымі кутамі. Фундамент складзены з невялікіх валуноў і заглыблены на 0,6 м. Царква значна пашкоджаная пажарам у 1654 г. Рэшткі яе выяўленыя ў 1980 г. археолагамі на тэрыторыі манастыра базыльянак.


I.М. Чарняўскі



ГАРОДНЯ. ПРЫНЁМАНСКІ ЖЫЛЫ РАЁН


Размешчаны ў паўднёва-ўсходняй, левабярэжнай частцы гораду на тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Перамогі, Гая, Пестрака, р. Нёман, пр-м 40-годдзя Перамогі. Праект дэталёвай планіроўкі распрацаваны ў 1978 г. інстытутам "Гроднаграмадзянпраект" (дойліды Ю. Патапаў, У. Лытаў, I. Абухаў). Уключае мікрараёны Прынёманскі 1, 2, 3 і Румлёва. Разлічаны на 55 тыс. жыхароў. Галоўныя магістралі жылога раёна: бульвар 60-годдзя Кастрычніка, пр-т 40-годдзя Перамогі, вул. Перамогі. Забудова пачалася ў 1975 г., цяпер (1990 г.) у стадыі інтэнсіўнага фармавання.

Планіровачнае вырашэнне вызначаецца цэласнасцю кампазіцыі, рацыяльнай кампаноўкай будынкаў, фармаваннем грамадскага цэнтру ўздоўж бульвару 60-годдзя Кастрычніка, выкарыстаннем маляўнічага рэльефу, рытмічным чаргаваннем вышыннай (9—14—18 паверхаў) і звычайнай (5—9 паверхаў) забудовы, што стварае выразны сілуэт. Унутраную прастору мікрараёнаў займаюць дзіцячыя сады і яслі, школы, спартовыя пляцоўкі. Размешчаныя ва ўбудаваных і прыбудаваных памяшканнях прадпрыемствы гандлёва-побытавага абслугоўвання максімальна набліжаныя да месцаў пражывання. Жылыя і грамадскія будынкі ўзводзяцца са зборнага і маналітнага жалезабетону, цэглы, газасілікатных панелей, у мастацкім афармленні іх фасадаў шырока выкарыстаны розныя пластычныя дэталі і колер. Раён зручна звязаны з цэнтрам гораду трасай вул. Перамогі — вул. Гарнавых, з прадпрыемствамі ўсходняга прамысловага вузлу — Румлёўскім мостам. Зона адпачынку — тэрыторыя ўздоўж Нёману, парк Румлёва (пейзажнага тыпу), скверы. З 1987 г. на высокім плато, разрэзаным тальвегамі, паблізу ад парку будуецца эксперыментальны мікрараён Румлёва — раскрыты ў бок Нёману дойлідскі ансамбль, які ўключае размешчаныя сіметрычна адносна гандлёва-грамадскага цэнтру жылыя комплексы з 5—10-, 12—15- і 16-павярховых дамоў з прыбудаванымі блокамі ўстаноў культурнага і побытавага абслугоўвання. У кожным комплексе кватэры для розных тыпаў сямей: адзінокіх, маладажонаў, сямей з некалькімі дзецьмі і якія складаюцца з прадстаўнікоў трох пакаленняў.


У.А. Лытай



ГАРОДНЯ. РАТУШЫ


Назва двух помнікаў грамадзянскага дойлідства, якія існавалі ў канцы XV — 1-й палове XX стст.

Драўляная ратуша пабудаваная ў 1496 г. на гандлёвай плошчы. Мела рысы стылю рэнесансу. Была двухпавярховая, асіметрычнай кампазіцыі (у ніжнім паверсе крамы і склады, у верхнім — зала пасяджэнняў магістрата), з адкрытай абходнай галерэяй на другім паверсе, завяршалася дзвюма вежамі (высокай яруснай з дазорнай пляцоўкай у цэнтры і больш нізкай у тарцы корпусу). Не збераглася.

Мураваны комплекс ратушы і гандлёвых радоў пабудаваны ў 1807 г. на Параднай плошчы ў стылі класіцызму. Аднапавярховыя гандлёвыя рады замкнёнай кампазіцыі ўтваралі ў цэнтры прастакутную ў плане плошчу. Па папярочнай восі комплексу ўзвышаліся два двухпавярховыя аб’ёмы ратушы (адзін арыентаваны на Парадную плошчу, другі — на Нёман). Фасады аб’ёмаў вылучаныя шасцікалоннымі порцікамі дарычнага ордэру з круглымі канеліраванымі калонамі на прастакутным у плане цокалі, антаблементамі з трыгліфамі і карнізамі на сухарыках, трохкутнымі франтонамі ў завяршэнні. Комплекс разбураны пасля 1945 г.


А. Якімовіч



ГАРОДНЯ. СІНАГОГА


Помнік дойлідства неарускага стылю. Пабудаваная на мяжы XIX—XX стст. у гістарычным цэнтры (вул. Кашавога, 59) на месцы старажытнай драўлянай сінагогі XVIII ст. Цагляны трохпавярховы квадратны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад фланкіраваны квадратнымі ў сячэнні вежамі (паміж імі на першым паверсе тэраса), кілепадобнымі завяршэннямі і чатырохсхільнымі самкнутымі купаламі. Фасады багата дэкарыраваны прафілёўкай, крапоўкамі, кілепадобнымі ліштвамі лучковых і арачных аконных праёмаў, рустам. Галоўная зала з бакавымі нізкімі нефамі займае ўсю вышыню аб’ёму. У цэнтры стаіць біма, слупы якой падтрымліваюць крыжовыя скляпенні з нервюрамі. Ва ўсходняй сцяне ў неглыбокай пяціграннай нішы — алтар, уздоўж заходняй — галерэя для жанчын. Інтэр’ер дэкарыраваны ляпным акантавым арнаментам у гатычнай трактоўцы.

Пэўны час выкарыстоўвалася ў якасці мастацкай майстэрні, зараз дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ГАРОДНЯ. СТАНІСЛАВАЎСКАЯ СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства 2-й паловы XVIII ст. Размешчаная на паўночна-ўсходняй ускраіне Гародні ў яго былом прыгарадзе Станіславава (сучасная вул. Ціміразева). Сфармавана ў 1760—70-я гады паводле праекту італійскага дойліда Дж. Сака. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ансамбль уключаў сядзібны дом, два флігелі, гаспадарчыя пабудовы, парк. У планіроўцы ансамбля захаваліся элементы рэгулярнасці. Агульны выгляд сядзібы вядомы з малюнку Н. Орды 2-й паловы XIX ст. Цэнтральнае месца займала гаспода, размешчаная на вяршыні пакатага схілу. Будынак — аднапавярховы (другі паверх надбудаваны пазней) прастакутны ў плане мураваны з двухпавярховай цэнтральнай часткай, вылучанай на дваровым фасадзе паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а на галоўным — рызалітам з атыкавым завяршэннем і шырокай тэрасай. У дэкоры выкарыстаны вязкі пілястраў, раскрапаваныя карнізы, філёнгі, лепка. Прастакутныя і арачныя вокны аздоблены лучковымі трохкутнымі франтонамі, гірляндамі і інш. Планіроўка калідорная (пазней змененая) з цэнтральнай групай парадных памяшканняў (вестыбюль, верхняя і ніжняя залы). У вестыбюлі захаваліся две печы ў стылі неаготыкі, абліцаваныя паліванымі керамічнымі пліткамі цёмна-карычневага колеру (канец XIX ст.). Ніжэй за палац сіметрычна размешчаныя два бакавыя флігелі, якія ўтвараюць парадны курданёр, абнесены з боку ўезда невысокай цаглянай агароджай з брамай. Флігелі — аднапавярховыя прастакутныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі чарапічнымі дахамі. За заходнім флігелем размешчаныя гаспадарчыя пабудовы. За домам быў парк рэгулярнага тыпу з радыяльна-прамянёвай схемай планіроўкі.

Цяпер у сядзібным доме размешчаны корпус сельска-гаспадарчага інстытуту. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ГАРОДНЯ. СТАРЫ ЗАМАК


Комплекс абарончых пабудоў, культавых і свецкіх будынкаў XI—XIX стст. Узнік як умацаваны дзядзінец на высокім берагавым мысе каля ўпадзення р. Гараднічанкі ў р. Нёман, на месцы паселішча XI ст. Стаў умацаваным цэнтрам старажытнай Гародні. Па краях замкавага пагорка быў узведзены шырокі (да 15 м) і высокі абарончы вал з пяску і суглінку. У сярэдзіне для трываласці былі закладзеныя дубовыя і сасновыя бярвёны, а вонкавы схіл выкладзены камянямі. Па версе вала праходзілі драўляныя сцены-гародні з баявой галерэяй. Ад узвышша з боку поля замак аддзяляў глыбокі яр. У пачатку XII ст. фартэцыя ператварылася ў княжацкую рэзідэнцыю, цэнтр удзельнага княства. На беразе Нёману быў пабудаваны двухпавярховы княжы палац, у цэнтры замку ўзведзеная вялікая багата аздобленая Ніжняя царква. Тэрыторыя вакол царквы забудоўвалася драўлянымі будынкамі. Месцазнаходжанне царквы вызначала арыентацыю вуліц: адна праходзіла з поўначы на поўдзень, другая — з захаду на ўсход. Брама знаходзілася ва ўсходняй частцы замку. Як сведчыць Іпацьеўскі летапіс, у 2-й палове XIII ст. замак меў рубленыя сцены з бярвён з прыкрытымі брустверамі баявымі пляцоўкамі. Подступы да брамы абараняла высокая круглая ў плане каменная вежа т.зв. валынскага тыпу ("стоўп"). У XIV ст. на руінах згарэлай у 1183 г. Ніжняй царквы пабудаваны невялікі квадратны ў плане храм з адной апсідай — Верхняя царква. Пасля пажару ў 1398 г. Вялікі князь Вітаўт пабудаваў з каменю і цэглы (цэглай выраўноўваліся рады валуноў і абмуроўваліся вежы) гатычны пяцівежавы Верхні замак (пазней названы Старым). Па перыметры замкавай гары былі ўзведзеныя сцены шырынёю 2,5—3 м і чатыры квадратныя вежы (пятай вежай замку з’яўляўся, напэўна, "стоўп"). Над ровам, які аддзяляў замак ад гораду, стаяла ўязная вежа з пад’ёмным драўляным мостам, які злучаў Верхні (Стары) замак з Ніжнім замкам. Другая вежа знаходзіася на беразе Нёману, трэцяя — на мысе Гараднічанкі, чацьвертая — у паўночна-ўсходнім куце. Паміж паўноуна-ўсходняй і круглай вежамі знаходзіўся двухпавярховы палац, сцяна якога адначасова з’яўлялася і сцяною замку. У 1580 г. палац перабудаваны для караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя па праекце італійскага дойліда Скота з Пармы. Рэнесансны палац (60x21 м) быў увянчаны дэкаратыўным абарончым атыкам, упрыгожаным аркамі з фігурнымі завяршэннямі і тонкай аздобай акон. Фасады палацу і асабліва плоскасці франтонаў былі арнаментаваныя сграфіта і разьбой. першы паверх меў скляпеністыя перакрыцці, тут знаходзілася канцылярыя, архіў, скарбніца, кладоўка і вартоўня. Тронная зала і каралеўскія пакоі на другім паверсе былі аздоблены шліфаваным гіпсам, кафляй і разьбой; падлога выкладзеная керамічнымі пліткамі і мармурам. У сярэдзіне XVII ст. разбураны, адноўлены да 1678 г. У XVIII—XIX стст. была зробленая надбудова трэцяга паверху, павялічаныя аконныя праёмы, што змяніла аблічча палацу. На тэрыторыі комплексу неаднаразова праводзіліся дойлідска-археалагічныя даследаванні, выкананы шэраг прац па кансервацыі і рэстаўрацыі яго розных элементаў XIV—XVI стст.

Цяпер у будынку размешчаны гісторыка-археалагічны музей. Гарадзенская міжгаліновая спецыялізаваная навукова-рэстаўрацыйная майстэрня рэспубліканскага аб’яднання "Белрэстаўрацыя" распрацоўвае праект комплекснай рэстаўрацыі помніку.


Я.Г. Звяруга, А.А. Трусаў



ГАРОДНЯ. ТЭАТР ТЫЗЕНГАЎЗА


Закладзены ў 1772 г. па ініцыятыве А. Тызенгаўза для яго тэатру, узведзены ў 1780-я гады з цэглы (дойліды I.М. Мёзер, Дж. Сака). Задуманы як працяг палацу Тызенгаўза — злучаўся з яго левым флангам крытым переходам. Тэатральная зала сфармавана па "італійскай крывой", уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры; мела 22 ложы ў двух ярусах, партэр і сцэну з пяццю планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый. У 1859 г. пасля рэканструкцыі аб’ём будынку павялічаны, план набыў асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. У 1940 г. надбудаваны трэці паверх, што павялічыла аб’ём залы, у 1975 г. рэканструяваны, расшыраная сцэнічная каробка і глядзельная зала. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане пастаўлены на высокі руставаны цокаль, накрыты чатырохсхільным дахам. Галоўны фасад асіметрычны, падзелены карнізам на две часткі, апрацаваны пілястрамі. Над уваходам у левым крыле — вялікі балкон, які падтрымліваюць чатыры калоны, апрацаваныя рустам. Бакавы фасад аформлены пілястрамі, з высокімі прастакутнымі вокнамі з сандрыкамі і трохкутнымі франтонамі, на ўзроўні трэцяга паверху — дэкаратыўныя люкарны. Завяршаюць сцены карнізы з сухарыкамі. Правая частка будынку — прастакутны ў плане аб’ём сцэнічнай каробкі. Глядзельная зала знаходзіцца на ўзроўні першага і другога паверхаў, асвдтляецца з аднаго боку натуральным святлом. На першым паверсе таксама размешчаны невялікае фае і службовыя памяшканні, на другім — рэпетыцыйны пакой, грымёрныя. З партэру і фае на балкон вядуць лесвіцы. Будынак выкарыстоўваецца як тэатральнае памяшканне. У ім працавалі: у 1778—80 гг. тэатр Тызенгаўза (па звестках I. Бернулі), гарадзенскія тэатры — С. Дэшнер (у 1802—09 гг.), пастаянны дырэкцыйны руска-польскі (1846—54 гг.), польскі імя Э. Ажэшкі (з 1921 г. называўся гарадскі польскі; у 1928—39 г. імя Ажэшкі), Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А. Вянгеркі і Дзяржаўны вандроўны польскі тэатр лялек БССР (1940—41 гг.), Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР (1945—47 гг.), з 1947 г. абласны драматычны тэатр, з 1984 г. працуе абласны тэатр лялек. У будынку праходзілі 1-е пасяджэнне Гарадзенскага Савету рабочых дэпутатаў 26.1.1919 г. і 1-я сесія Гарадзенскага гарадскога Савету дэпутатаў працоўных 25.1.1940 г.


С.Я. Сільверстава, А. Ю. Пятросава



ГАРОДНЯ. УЛАДЗІМІРСКАЯ ЦАРКВА


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная з цэглы ў 1896 г. (вул. Перамогі, 5) паводле праекта інжынера I.К. Плотнікава. У плане мае чатырохчасткавую кампазіцыю: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, пяцігранная апсіда. Вышынная дамінанта пабудовы — дзесяціметровая двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца з шатровым дахам, які завяршаецца цыбулепадобнай галоўкай. У дэкаратыўным аздабленні прасочваюцца формы маскоўскага дойлідства XVII ст. (кілепадобныя франтончыкі на бакавых фасадах, вуглавыя калонкі, ліштвы акон, шматлікія прафіліроўкі, арачныя нішы, закамары). Сцены царквы прарэзаныя арачнымі і лучковымі аконнымі праёмамі. Філёнгавы фрыз і зубчасты пояс апяразваюць па перыметры ўвесь будынак. Дойлідства інтэр’еру вытрыманае ў простых сціплых формах, галоўным кампазіцыйным акцэнтам з’яўляецца разны драўляны іканастас. Унутраная прастора перакрытая плоскай столлю.

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



ГАРОДНЯ. КАСЦЁЛ ПРАЧЫСТАЙ МАЦІ БОСКАЙ (ФАРА ВІТАЎТА)


Упершыню ўпамінаецца ў 1389 г. у грамаце Вялікага князя Літоўскага Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гародне. Знаходзіўся на заходнім баку Старога рынку (сучасная пл. Савецкая). Спачатку быў драўляны. На гравюры М. Цюнда аднанефавы прастакутны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. На паўднёва-ўсходнім рагу знаходзілася высокая круглая шмат’ярусная вежа. У 1584—87 гг. на месцы драўлянага быў пабудаваны мураваны касцёл на сродкі караля Стэфана Баторыя, які хацеў быць у ім пахаваны. Вядома, што ў будаўніцтве касцёла прымаў удзел муляр з Італіі Антоні Дзігрэп. У выніку перабудовы храм атрымаў гатычна-рэнесансны выгляд, які зафіксаваны на гравюры Т. Макоўскага (1600 г.). Гэта быў трохнефавы прастакутны ў плане будынак. Цэнтральны неф пераходзіў у больш нізкі прэсбітэрый, завершаны трохграннай алтарнай апсідай. Галоўны фасад быў вылучаны прастакутнай у плане чатырох’яруснай вежай-званіцай, завершанай фігурным купалам. Па баках да яе прымыкалі две баявыя вежы з вітымі ўсходамі, што вялі на хоры. З поўначы да прэсбітэрыя прылягала сакрысція, з поўдня — капліца. Бакавыя сцены былі ўмацаваныя контрфорсамі ў выглядзе пілястраў, аб’яднаных уверсе аркамі, і прарэзаныу вузкімі стральчатымі аконнымі праёмамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вялікі храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўжыня каля 58,6 м, шырыня каля 23 м). Касцёл шматразова перабудоўваўся (пажары 1753 г., 1782 г., 1892 г.), у 1804 г. храм быў перададзены праваслаўнай царкве, адрамантаваны і ў 1807 г. асвячоны ў імя Святой Сафіі. Пасля пажару 1892 г. перабудаваны (1896—99 гг.) у псеўдарускім стылі паводле праекту акадэміка дойлідства М. Чагіна. Храм меў пяць цыбулепадобных купалоў на высокіх барабанах, ніжэй якіх пабудову апяразвалі какошнікі. З поўначы быў дабудаваны яшчэ адзін прыдзел, з усходу да алтарнага выступу — апсіда. Вежа стала значна вышэйшай. З 1919 г. храм вернуты каталікам і выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Две перабудовы пасля пажару 1923 г. (дойлід В. Генеберг) і ў 1935 г. (дойлід А. Сасноўскі) надалі яму рысы раманска-гатычнага храму.

Пасля II Сусветнай вайны касцёл не дзейнічаў. 29.11.1961 г. быў узарваны, на гэтым месцы цяпер сквер.


А.М. Кушнярэвіч, А.У. Мілінкевіч, Е. Пашэнда



ГАРОДНЯ. ЧЫГУНАЧНЫ ВАКЗАЛ


Пабудаваны да 1867 г. Меў элементы стылю класіцызму. Строга сіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя прастакутнага ў плане будынку складалася з цэнтральнай двухпавярховай часткі, злучанай аднапавярховымі галерэямі з двума бакавымі аднапавярховымі крыламі. Кампазіцыя фасадаў заснаваная на рытме паўкалон, пілястраў тасканскага ордэру, прастакутных і арачных акон. Прасценкі паміж буйнымі арачнымі вокнамі бакавых крылаў дэкарыраваныя рустам. У гады II Сусветнай вайны будынак разбураны, у 1948 г. адноўлены. Над галерэямі пабудаваны другі паверх. Да бакавога крыла прыбудаваны двухпавярховы корпус са службовымі і дапаможнымі памяшканнямі. Атык цэнтральнай часткі быў заменены на франтон.

У 1986 г. будынак быў разбураны ў сувязі з будвам новага вакзалу.

 


ГЕРАНЁНЫ. ЗАМАК


Помнік палацава-замкавага дойлідства канца XV — пачатку XVI стст. Пабудаваны каля в. Геранёны (Іўеўскі р-н). Стаяў на штучнай выспе, быў абкружаны абарончым валам (вышыня 9—10 м, шырыня ў аснове 15 м), умацаваным з унутранага боку мураванай сцяной (таўшчыня 1,25 м, вышыня 4,5 м) і двума равамі (вонкавы даўжынёю 700 м) з вадою. Уваход у замак праз пад’ёмны мост. Мураваныя сцены (таўшчыня 2 м) утваралі квадратнае ў плане збудаванне (27х27 м) на высокім падмурку з цыліндрычнымі вежамі па кутах (дыяметр 8 м). Сцены і вежы былі з каменю на вапнавым растворы, звонку — цагляная абліцоўка з гатычнай муроўкай. Каля паўднёвай сцяны замку размяшчаўся двухпавярховы мураваны палац, пабудаваны ў канцы XVI ст. на месцы драўлянага. Усе 12 акон палацу выходзілі на дзядзінец. Шатровыя дахі вежаў, дахі над баявым ходам сцен і ў палацы былі чарапічныя.

Засталіся руіны. Помнік рэспубліканскага значэння.


М.А. Ткачоў



ГЕРАНЁНЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1529 г. у в. Геранёны (Іўеўскі р-н) па заказу віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштальда. У 1779 г. пасля пажару адрамантаваны на сродкі Яна Пробача. У 1859 г. да прэсбітэрыя прыбудаваныя сакрысція і капліца, у 1883 г. да заходняга фасаду — прытвор. Складаецца з прастакутных у плане невялікага асноўнага аб’ёму, алтарнай апсіды і больш нізкіх сіметрычных сакрысцій і тамбуру. Усе аб’ёмы маюць асобныя дахі. Тарцы дахаў на галоўным фасадзе і над сакрысціямі закрытыя высокімі атыкавымі франтонамі. Фасады сціпла дэкарыраваныя пілястрамі і прафіляванымі карнізамі. Вокны з лучковымі завяршэннямі. Унутры асноўны аб’ём і апсіда злучаныя вялікімі арачнымі праёмамі і перакрытыя лучковымі скляпеннямі. Сакрысціі маюць плоскія перакрыцці. Пры ўваходзе крывалінейныя ў плане хоры. У выніку значных перабудоў дойлідства помніку набыла своеасаблівы рознастылявы характар. У 2-й палове ХІХ ст. рэканструяваная аздоба інтэр’еру. Мураваныя алтары (цэнтральны і два бакавыя) выкананыя ў стылі класіцызму. Цэнтральны алтар двух’ярусны, аформлены калонамі карынфскага ордэру і драўлянай паліхромнай скульптурай, гарэльефнай кампазіцыяй і жывапісам. Бакавыя алтары вырашаныя аналагічна цэнтральнаму. Дэкор аргану мае рысы стылю ракако. Сюжэтная і арнаментальная размалёўка сцен і арачных праёмаў выкананая ў 1934 г. У 1891 г. побач з касцёлам узведзеная званіца. У ХІХ ст. ўнутраная прастора была перакрытая драўлянай столлю паўцыркульнай формы. У сакрысціі былі мураваныя скляпенні. У 2-й палове ХІХ ст. ў асноўнай частцы пакладзеная падлога з цэглы, у сакрысціі і капліцы драўляная. У 1928—29 гг. праводзілася рэстаўрацыя храму.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэня.


Т.В. Габрусь, А.М. Кушнярэвіч



ГЕРВЯТЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідстава неаготыкі. Пабудаваны ў 1903 г. у в. Гервяты (Астравецкі р-н) з чырвонай цэглы. Трохнефавая аднавежавая базіліка з трансептам у заходняй частцы накрытая двухсхільным крыжовым дахам з чырвонай дахоўкі, сяродкрыжжа якога завершанае металічнай вежачкай, а грэбень — керамічнымі трыліснікамі. З усходу да галоўнага нефу прыбудаваная высокая двух'ярусная вежа-званіца, завершаная шпілем (яе бакавыя грані ў чацверыковым ніжнім ярусе аздобленыя аркатурай і нішамі, верхні васьмерыковы ярус з чатырох бакоў фланкіраваны дэкаратыўнымі пілонамі, астатнія расчлянёныя высокімі стральчатымі спаранымі вокнамі). Сярэдні павышаны неф з нізкімі стральчатымі вокнамі ўмацаваны знешнімі чатырохступеньчатымі, завершанымі шпілямі-пінаклямі контрфорсамі з аркбутанамі, якія ствараюць актыўны рытм бакавых фасадаў. Паміж кожнай парай контрфорсаў на сценах бакавых нефаў размешчаныя па два высокія спараныя стральчатыя акны з дэкаратыўнымі "ружамі" ў завяршэнні. Бакавыя фасады храму ўпрыгожаныя аркатурназубчастым поясам, антаблемент мае фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе трохступеньчатых зубцоў і карніз. Ідэнтычна вырашаныя алтарны фасад і тарцы трансепту маюць чатырох’ярусную кампазіцыю з вылучэннем павышанай цэнтральнай часткі, завершанай гатычным атыкам з трыма вежачкамі, фланкіраваным двума контрфорсамі з аркбутанамі, якія злучаюць атык з контрфорсамі. Галоўны уваход афармляе перспектыўны партал, завершаны вімпергам і "ружай". Унутры нефы перакрытыя крыжовымі нервюрнымі скляпеннямі на стральчатых падпружных арках. Калоны маюць складаную прафіліроўку і нагадваюць гурты калон старажытных гатычных сабораў. У алтары зберагліся фрагменты каляровых вітражоў.

Касцёл дзейнічае.


А.Ю. Пятросава



ГЕРМАНАВІЧЫ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Створаная ў канцы XVIII ст. (пасля 1782 г.) у в. Германавічы (Шаркоўшчынскі р-н) на правым беразе р. Дзісна. Належала I. Зрыня-Шырыну, які набыў маёнтак у графа I. Гільзена. Сядзіба мае рэгулярную планіроўку з геаметрычна правільнымі ўчасткамі пладовага саду, агароду і шэрагам прастакутных ставоў. Да ракі спускаецца невялікі парк пейзажнага тыпу. У цэнтры кампазіцыі мураваная гаспода — прастакутны ў плане двухпавярховы будынак з пакатым вальмавым дахам. Планіроўка анфіладная. У тарцах будынку знаходзяцца трохмаршавыя лесвіцы. Вось сіметрыі падкрэсленая на галоўным фасадзе атыкам, на дваровым — рызалітам з трохкутным франтонам. Куты фланкіраваныя плоскімі рызалітамі, у якіх зробленыя ўваходы, аформленыя прысценнымі порцікамі. Сцены аздобленыя на першым паверсе рустоўкай, на другім — каланадай. Гаспадарчыя пабудовы знаходзяцда ў паўнёва-ўсходняй частцы сядзібы.

У гасподзе размешчаная школа. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ГЕРМАНАВІЧЫ. КАСЦЁЛ ПЕРАМЯНЕННЯ ПАНА


Помнік дойлідства "віленскага барока". Пабудаваны ў 1787 г. з цэглы на паўночна-заходняй ускраіне в. Германавічы (Шаркоўшчынскі р-н), на маляўнічым узгорку левага берагу р. Дзісна. Храм падоўжанай сіметрычна-восевай кампазіцыі, якую фармуюць прастакутьны ў плане неф, акруглая апсіда з нізкімі бакавымі сакрысціямі. Галоўны дзвюхвежавы пластычна вырашаны фасад мае вертыкальна накіраваную кампазіцыю. Ажурнасць пяціярусных чацверыковых вежаў дасягаецца выкарыстаннем скразных лучковых і арачных праёмаў, круглых люкарнаў, кутніх лапатак, увагнутасцю граней верхніх ярусаў. Асноўная плоскасць галоўнага фасаду паміж вежамі завершаная шчытом, дэкарыраваная пілястрамі. У дойлідства храму выкарыстаны характэрны прыём "віленскага барока" — кантрастнае спалучэнне пластычна насычанага галоўнага фасаду і плоскаснага вырашэння асноўнага аб’ёму. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храму мае ярусную пабудову: ад нізкіх сакрысціяў і апсіды са шматлікім пакрыццём да суцэльнага асноўнага аб’ёму пад высокім двухсхільным дахам і вежаў (дамінанты кампазіцыі). У дэкоры выкарыстаныя сандрыкі, рустыка, фігурныя філёнгі, тонкапрафіляваныя карнізы. Унутры неф храму перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках з люнетамі высока ўзнятых лучковых акон, пераходзіць у прастору пяціграннай алтарнай часткі. Па перыметры залы праходзіць прафіляваны антаблемент, дэкарыраваны ляпнымі выявамі галовак пуці, раслінным арнаментам. Над вузкім нартэксам на двух слупах, аркадзе і крыжовых скляпеннях хоры, дэкарыраваныя канеліраванымі пілястрамі, паміж якімі ракайльны картуш з ляпнымі выявамі музычных інструментаў.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ГЛУСК


Гарадскі пасёлак, цэнтр Глускага р-ну, на р. Пціч. За 170 км ад Магілёву. Вядомы з XV ст. як вотчына князёў Гальшанскіх, з 1525 г. мястэчка Наваградскага павету ў Вялікім княстве Літоўскім. У сярэдзіне XVIII ст. складаўся з асноўнай часткі і прадмесця Карпілаўка, было 320 двароў (1758 г.). Цэнтрам кампазіцыі з’яўлялася дванаццацікутная ў плане гандлёвая плошча. На ёй стаялі 47 крам, 25 камор, якія ўтваралі гандлёвыя рады, драўляныя Васкрасенская і Траецкая цэрквы, шпіталь, школа, мураваны Траецкі касцёл (пабудаваны разам з кляштарам бернардынаў у 1667 г.). Плошча звязвалася дарогай з замкам (глядзі артыкул "Глуск. Замак"). Тэрытарыяльна падзяляецца на паўночны жылы і паўднёвы прамысловы раёны.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Кірава (галоўная вось), Горкага, Маркса. Грамадскі цэнтр сфармаваўся на вул. Кірава. Паблізу размешчаны гарадскі сквер. Паводле генплану 1974 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае чляненне тэрыторыі на прамысловы і два жылыя раёны.


В.М. Кашырын



ГЛУСК. ЗАМАК


Існаваў у XV—XIX стст. на правым беразе р. Пціч. Вуліцай злучаўся з гандлёвай плошчай. Неаднаразова перабудаваны. У 2-й палове XVI ст. ўмацаваны землянымі бастыёнамі. У 1667 г. на тэрыторыі замку пабудаваны касцёл і кляштар бернардынаў. У пачатку XVIII ст. замак быў пяцігранны ў плане, абкружаны вадзяным ровам, умацаваны валам з пяццю бастыёнамі і драўлянымі абарончымі сценамі. Меў галоўную (з боку гандлёвай плошчы) і "вадзяную" (з боку ракі) брамы. Галоўная брама мела пад’ёмны мост цераз роў. У яе ніжнім ярусе размяшчаліся скляпы, памяшканне для варты і турма, у верхнім — жылыя пакоі, замкавая капліца з хорамі, аздобленымі разнымі ліштвамі, кафлянай грубкай з арлом на гербе. У "вадзяной" браме былі два жылыя памяшканні з каморамі ў ніжнім і залай у верхнім ярусах. У сярэдзіне XVIII ст. рэканструяваны замак набыў рысы абарочнай замкава-палацавай рэзідэнцыі. Пабудаваная манументальная трох’ярусная брама з драўлянай тэрасай. У цэнтры дзядзінца стаяў вялікі драўляны чатырохпавярховы на каменным падмурку прастакутны ў плане палац, які складаўся з цэнтральнай часткі (з параднай залай, што выходзіла на галерэю на дваровым фасадзе) і двух бакавых крылаў (па чатыры жылыя пакоі ў кожным). Будынак быў накрыты высокім ламаным гонтавым дахам, аформленым разнымі карнізамі і чатырнаццаццю люкарнамі. У цэнтры даху мансарда са шчытом, аздобленым разным картушам з геральдычнымі выявамі арла і лебедзя.

Ад комплексу ацалелі рэшткі земляных умацаванняў.


Ю.А. Якімовіч



ГЛЫБОКАЕ


Горад, цэнтр Глыбоцкага р-ну. За 200 км ад Віцебску. Упершыню ўпамінаецда пад 1514 г. як мястэчка. Падзялялася ракой на две няроўныя часткі: паўднёва-заходнюю з маёнткам Зяновічаў (большая), паўднёва-ўсходнюю з маёнткам Корсакаў. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі была гандлёвая плошча з крамамі і свірнамі, уніяцкай царквой Тройцы з плябаніяй, шпіталем. У радыяльных напрамках ад плошчы адыходзілі вуліцы Віленская, Друйская, Замкавая, Дворная, пазней узніклі вуліцы Кісялёўская, Дуброва, Докшыцкая (на ёй была арганізаваная спецыяльная плошча пад назвай "конскі торг"). У XVI—XVIII стст. існавалі замак і сядзіба Радзівілаў. У канцы XVI ст. пабудаваны кальвінскі збор (у пачатку XVII ст. на яго месцы пастаўлены касцёл Святога Міхаіла, які існаваў да 1650-х гадоў), у сярэдзіне XVII ст. — царква Святой Тройцы (адноўленая пясля пажару 1838 г., зноў згарэла ў 1880 г.). У сярэдзіне XVII ст. паселішча абнесенае "астрогам". Паўднёва-ўсходняя частка была мястэчкам з гандлёвай плошчай у цэнтры. У 1639 г. падаравана кармеліцкаму кляштару, пабудаванаму тут у 1640-я гады (глядзі артыкул "Глыбокае. Касцёл і кляштар кармелітаў"). У 1743 г. пабудаваны драўляны, у 1782 г. — мураваны касцёл Святой Тройцы (глядзі артыкул "Глыбокае. Траецкі касцёл"). У 1775 г. у мястэчку каля 110 двароў. З 1793 г. ў складзе Расейскай імперыі. У 1842 г. паўднёва-ўсходняя частка стала дзяржаўнай, паўднёва-эаходняя заставалася прыватнаўласніцкай. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага павету. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. цэнтр р-ну. З 1944 г. цэнтр р-ну Полацкай, з 1954 г. Маладзечанскай, з 1960 г. Віцебскай абласцей.

Дойлідскае аблічча сучаснага гораду вызначаюць маляўнічы ўзгоркавы рэльеф мясцовасці і азёры, якія падзяляюць яго на заходнюю і ўсходнюю часткі. Вось кампазіцыі — вул. Леніна. На перасячэнні яе з вул. Савецкай размешчаная трапецападобная ў плане пл. 17 Верасня — стары адміністрацыйны і гандлёвы цэнтр гораду. На перасячэнні галоўнай восі з вул. Маскоўскай сфармавалася пл. Леніна — сучасны адміністрацыйна-культурны і гандлёвы цэнтр. Горад захаваў радыяльную планіроўку XVII—XVIII стст. На пл. 17 Верасня захаваліся буйнейшыя дойлідскіе комплексы: касцёл і кляштар кармелітаў, Траецкі касцёл. Сярод мураваных будынкаў вылучаецца пабудаваная ў стылі класіцызму Ільінская капліца на могілках "Копцеўка" (там жа ўзведзеная мемарыяльная калона ў памяць аб Канстытуцыі 3 мая 1791 г.). Фрагменты гістарычнай жылой забудовы захаваліся на вуліцах Леніна і Маскоўскай.

Паводле генплану 1979 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё гораду ў паўночным напрамку ўздоўж азёр, функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, будаўніцтва 2—3- і 5—9-павярховых жылых дамоў, у паўднёва-заходняй частцы — індывідуальныя забудовы.


Ю.А. Якімовіч, Л.Г. Зайцава



ГЛЫБОКАЕ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР КАРМЕЛІТАЎ


Помнік дойлідства ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае, на паўночным беразе воз. Вялікае. Мураваны касцёл пабудаваны ў 1639—54 гг. па фундацыі Іосіфа Корсака, ваяводы мсціслаўскага, які пахаваны ў крыпце. Перабудаваны паводле праекту дойліда I.К. Глаўбіца ў 1735 г. (зменены галоўны фасад і інтэр’ер), першы ўзор "віленскага барока" на Беларусі. Адначасова з перабудовай пастаўлены мураваны кляштар і брама.

Касцёл — трохнефавая чатырохвежавая базіліка з трансептам і прастакутнай у плане алтарнай апсідай. Спачатку вежы на галоўным заходнім фасадзе і каля алтарнай часткі былі аднолькавыя — двух'ярусныя, аднолькавага квадратнага сячэння, накрытыя невысокімі шатровымі дахамі. У 1735 г. галоўны фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, хвалістымі прафіляванымі цягамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны дзвюма скразнымі чатырох'яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Праёмы з лучковымі і паўцыркульнымі завяршэннямі. У 1895 г. над сяродкрыжжам пабудаваны драўляны псеўдавізантыйскі купал (згарэў у 1944 г.). Унутры скляпенні нефаў дэкарыраваны ляпным геаметрычным арнаментам. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. (зберагліся разныя з пазалотай дзверы XVII ст.).

З паўночнага захаду да касцёлу прылягаў трохпавярховы прастакутны ў плане будынак кляштару з унутраным дваром, збераглося ўсходняе крыло, два разабраныя ў 1892 г. На восі касцёлу размешчаная трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары былі конвікт, бібліятэка, шпіталь, аптэка і цэлы комплекс гаспадарчых і складскіх памяшканняў.

У 1865 г. зачынены, з 1875 г. праваслаўная царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь

 


ГЛЫБОКАЕ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ

Помнік дойлідства XVIII — пачатку XX ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае. Пабудаваны ў 1764—82 гг. у стылі позняга барока. Мураваны аднанефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і дзвюхвежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай: вязкамі пілястраў, хвалістымі крапаванымі карнізамі, фігурнымі праёмамі, высокім атыкавым франтонам з валютамі. У 1902—08 гг. (дойлід Ю. Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю трохнефавай крыжовай базілікі. Двух'ярусныя вежы павялічаныя на два ярусы, якія, як і цэнтральны фігурны франтон, маюць выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі. Дэкаратыўнае аздабленне стылізаванае пад першапачатковае. У інтэр’еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Падлога выкладзеная каляровымі керамічнымі плітамі. Сцены раскрапаваныя пілястрамі і развітым антаблементам. Над бакавымі нефамі размешчаныя невялікія арнаментальныя ўстаўкі ў вохрыста-аліўкавай гаме. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананыя ў пачатку XX ст. Цэнтральны алтар упрыгожаны паліхромнай круглай драўлянай скульптурай (Святыя Павел і Пётр у першым ярусе, група анёлаў на вяршыні). У касцёле знаходзіцца абклад іконы "Маці Боская Адзігітрыя" XVIII ст., захаваліся каваныя краты амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.

Помнік рэспубліканскага значэння.


С.Г. Багласаў

 

 

ГНЕЗНА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА

 

Помнік дойлідства позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Пабудаваны каля 1524 г. у в. Гнезна (Ваўкавыскі р-н) уладальнікамі Шамятовічамі. З 2-й паловы XVI ст. да 1643 г. быў заняты пратэстантамі. Рамантаваўся ў 1678 г., 1728 г. і 1844 г., рэстаўрыраваны ў 1931—32 гг. паводле праекту дойліда Тадэвуша Плюцынскага. Мураваны аднанефавы аднавежавы храм з трохграннай алтарнай апсідай накрыты двухсхільным чарапічным дахам з вальмамі над алтаром. Тарэц даху на галоўным фасадзе закрыты ступеньчатым атыкам. Двухя'русная вежа (васьмярык на чацверыку) накрытая высокім шатром з прагібам. Ніжні ярус вежы роўны па вышыні нефу, прастакутны ў плане. У 1787 г. з паўднёвага боку да нефу была прыбудаваная рызніца, пазнейшая — у 1876 г. Бакавыя сцены і апсіда ўмацаваныя гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. Такія ж кансолі завяршаюць своеасаблівыя дойлідскія элементы, якія аздабляюць верхні ярус вежы. Уваход аформлены арачным парталам, абапал якога две плоскія стральчатыя аркі. Такія ж тры аркі над парталам. Верхняя частка прытвору і сцены асноўнага аб’ёму прарэзаныя двума радамі невялікіх квадратных аб’ёмаў — прадухаў. У дэкаратыўным аздабленні спалучаюцда формы позняй готыкі (плоскія нішы ў выглядзе кілепадобных і вісячых арак, стральчатыя аркі парталаў і аконных праёмаў) і элементы рэнесансу (прафіляваныя карнізы, паўцыркульныя завяршэнні праёмаў верхняга ярусу вежы). Унутры перакрыцце нефу бэлечнае з плоскай столлю. У заходняй частцы над уваходам размешчаныя хоры на дзвюх круглых калонках. У тоўшчы паўночнай сцяны лесвіца, якая вядзе на хоры. У касцёле былі абразы і скульптура XVII—XVIII стст. Тэрыторыя касцёлу апяразаная мураванай агароджай з брамай. На тэрыторыі захаваліся надмагіллі XIX — 1-й палове XX ст.


У 1968 г. касцёл перададзены мясцоваму саўгасу пад склад, з 1989 г. дзейнічае як касцёл. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч



Обновлен 16 апр 2016. Создан 27 июн 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter