Дойлідства Беларусі. Частка 3 (ГОМЕЛЬ-КУШЛЯНЫ)

Энцыклапедычны даведнік



ГОМЕЛЬ


Горад, цэнтр Гомельскай вобл., порт на р. Сож. За 301 км ад Менску. Старажытны Гомель (летапісны Гомей, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье) узнік у 1-й палове XII ст. з радавога радзіміцкага паселішча на правым высокім беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яго р. Гамеюкі. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1142 г. У XIV ст. аснову гораду складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. У XVI—XVII стст. Гомель — гандлёва-рамесніцкі цэнтр з замкам і нерэгулярна спланаванай тэрыторыяй, асноўныя вуліцы былі арыентаваныя на замак. У 2-й палове XVIII ст. не меў яснай планіровачнай схемы, забудоўваўся хаатычна, уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замку. У канцы XVIII ст. пачалася перапланіроўка гораду — на месцы старажытнага драўлянага замку быў пабудаваны палац П.А. Румянцава з вялікай карціннай галерэяй і бібліятэкай (глядзі артыкул "Гомель. Палацава-паркавы ансамбль"), пазней побач паўстаў Петрапаўлаўскі сабор. На тэрыторыі Спасавай слабады пабудаваная Ільінская царква. Двухпрамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю галоўных магістралей — вуліц Румянцаўскай (сучасная вул. Севецкая) і Замкавай (сучасны пр-т Леніна) — на цэнтральную частку палацу з купалам. Гэты прынцып захаваўся і развіваўся пры ўсіх наступных рэканструкцыях. Вул. Румянцаўская была асноўнай воссю кампазіцыі плану гораду, усе пабудовы на ёй былі выкананыя ў стылі класіцызму (будынак ланкастарскай школы і інш.). У процілеглы бок ад палацу адкрывалася трохпрамянёвая перспектыва вуліц. На адной з іх (вул. Мільённай, сучасная вул. Білецкага) размяшчаліся "паляўнічы домік", летні дом Румянцава (у 1819 г. перабудаваны ў будынак духоўнага вучылішча), будынак "рускага тракціра". Буйнымі пабудовамі канца XIX — пачатку XX стст. былі будынакі гарадской думы, Арлоўскага камерцыйнага банку (цяпер адміністрацыйны будынак на вул. Першамайскай), Камерцыйнага банку, Руска-азіяцкага банку, мужчынскай і жаночай гімназій (глядзі адпаведныя артыкулы), дом урача, жылыя дамы № 4, 8, 10, 12, 20, 28 на вул. Румянцаўскай, будынак тэхнічнага вучылішча. У разнастайным мастацкім вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаныя элементы стылізатарска-эклектычнага напрамку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў псеўдарускі стыль: Георгіеўская (ваенная) царква (1904 г., не захавалася), Праабражэнская царква (захавалася часткова, вул. Пралетарская, 18), капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля ўнёс гарадскі дойлід С. Шабунеўскі.

У савецкі час горад актыўна развіваецца. У 2-й палове 1920 — пачатку 1930-х гадоў пачалося масавае жыллёвае і прамысловае будаўніцтва: пабудаваныя першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы на вул. Пушкіна для рабочых чыгункі, дом-камуна для рабочых вагона-рамонтнага заводу, жылы дом спецыялістаў, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі інстытут і інш. Паблізу прамысловых прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. Першы генплан сацыялістычнай рэканструкцыі 1935 г. (Маскоўскае аддзяленне Дзіпрагора, дойлід I. Сяргееў, удакладненні 1937 г., 1938 г., 1940 г.) прадугледжваў ператварэнне прамянёвай сістэмы планіроўкі гораду ў радыяльна-кальцавую з занальным размяшчэннем галін прамысловасцісці, упарадкаванне вуліц і плошчаў (яго ажыццяўленню перашкодзіла II Сусветная вайна).

У 1946 г. распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі гораду (інстытут "Белдзяржпраект"; дойліды I. Сяргееў, Т. Сяргеева, інжынеры Г. Мішчанка, I. Дзесятнікаў, I. Бардукоў; удакладненні 1952 г., 1962 г.) з захаваннем асноўных прамянёвых магістралей, якія гістарычна склалі планіровачную структуру: вул. Савецкая, пр-т Леніна, вул. Кірава, вул. Пралетарская і пернендыкулярныя да іх вуліцы Камунараў, Працоўная, Сялянская, Першамайская, Палеская, Перамогі. Вул. Перамогі і злучаныя з ёй пр-т Леніна і вул. Савецкая ўтварылі трохкутнік цэнтру з плошчамі імя Леніна, Працы, Прывакзальнай, Перамогі, Паўстання. Паводле генплану 1964 г. (Гомельская філія інстытуту  "Белдзяржпраект"; дойліды М. Сундукоў, К. Усцюгоў, Б. Барысаў, А. Касякоў і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараюцца ў лінейныя, на галоўных магістралях пабудаваныя Дом спорту (дойлід М. Спірын), рэстаран "Беларусь" (дойлід Л. Тамкоў), будынак абласной бібліятэкі імя Леніна (дойлід. В. Бурлака), будынак абласнога драматычнага тэатру, пешаходны мост цераз Сож і інш. У канцы 1970-х гадоў пачалася забудова буйнога жылога масіву Валатава на гідранамыўных поймавых тэрыторыях Сажа. На пл. Леніна ўзведзеныя будынкі аблвыканкаму, Дома сувязі (дойлід Г. Ціхаў), на пл. Працы — праектнага інстытуту "Дзіпражыўмаш" (дойлід С. Пеўны), на пл. Перамогі — дванаццаціпавярховага інтэрнату інстытуту інжынераў чыгуначнага транспарту. У 1970—80-я гады пабудаваны важныя ў горадабудаўнічых адносінах аб’екты, якія пераўтварылі дойлідскае аблічча агульнагарадскога цэнтру і гораду ў цэлым: Гомельскі цырк, Інстытут механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (дойлід Тамкоў), лёгкаатлетычны манеж, будынак канструктарскага бюро, галоўны корпус універсітэту, будынкі трэсту "Гомельсаўгасбуд" і цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі (усе дойлід Пеўны), кінатэатр "Юбілейны" (дойлід В. Ціхава), аэравакзальны комплекс, гатэль "Турыст", шпіталь для інвалідаў II Сусветнай вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбінату (усе дойлід В. Бяспалаў), комплекс дванаццаціпавярховых інтэрнатаў на вул. Савецкай (дойлід Ф. Хайрулін) і інш. Асноўнае жыллёвае будаўніцтва вядзецца ў раёнах "Аэрадром" на вул. Савецкай (праект забудовы — дойлід Я. Казлоў; індывідуальныя праекты асобных аб’ектаў — дойліды Бяспалаў, В. Калюжны, В. Калінічэнка, В. Саенка, В. Свічэнскі, Тамкоў, Ш. Хінчын, Ціхава і інш.) і Валатава (дойліды Казлоў, А. Лебедзеў). У паўднёва-заходняй частцы гораду на намыўных тэрыторыях прадугледжваецца забудова раёну Асаўцы. Паводле праекту дэталёвай планіроўкі (дойліды Казлоў, С. Крывашэеў) ён складаецца з чаіырох мікрараёнаў, якія аб’ядноўваюцца грамадскім цэнтрам.

Паводле генплану 1977 г. (інстытут "Гомельграмадзянпраект", дойліды С. Паўлаў, Крывашэеў, А. Падабедаў; інжынеры I. Дубаў, Л. Калашнікаў, М. Найшулер) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру (дойліды Крывашэеў, В. Рак; інжынеры Калашнікаў, Найшулер, Дубаў) планіровачная структура гораду фармуецца з пяці комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўднёва-заходнім напрамку. Агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож і парку з выхадам да водна-зялёнага дыяметру.


Ю.А. Якімовіч, С.Ф. Самбук

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК АБЛАСНОГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРУ


Пабудаваны ў 1956 г. (праект 1941 г., дойлід А. Тарасенка, кансультант I. Жалтоўскі) на пл. Леніна. Прастакутны ў плане аб’ём мае сіметрычную кампазіцыю. Па галоўнай восі размешчаны цэнтральны ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэнічная каробка. На галоўным фасадзе шасцікалонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай, шматлікімі элементамі класічнага дойлідства (складанапрафіляваны карніз, цягі, паяскі, ляпныя ўстаноўкі). Калонам карынфскага ордэру адпавядаюць пілястры па перыметры будынку. Інтэр’еры асноўных памяшканняў аздобленыя лепкай.


А.А. Воінаў

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК ДУХОЎНАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 гг. у Гомелі на вуліцы Мільённай (сучасная вул. Білецкага, 11) як летні дом М.П. Румянцава. Дойлід Дж. Кларк. З 1880 г. у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: двухпавярховага драўлянага корпусу і злучаных з ім галерэямі двухпавярховых флігеляў. Корпус — прастакутны ў плане будынак, на першым паверсе знаходзіліся две парадныя залы, на другім — жылыя пакоі. Галоўны фасад, быў вылучаны рызалітам з шасцікалонным порцікам дарычнага ордэру і аздоблены балконам. Вокны першага паверху афармляліся паўкруглымі нішамі. Рызаліт, прасценкі першага паверху корпусу і сцены флігеляў былі апрацаваныя гарызантальнай рустоўкай. У 2-й палове XIX ст. перабудаваны. Мураваны двухпавярховы П-падобны ў плане будынак (бакавыя крылы пабудаваныя ў 1960-я гады). Цэнтр галоўнага прастакутнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на галоўным і дваровых фасадах. Цэнтральны ўваход з казырком на двух слупах падкрэслены фігурным атыкам. Галоўны фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай (на атыку), падзелены  гарызантальнай цягай на дзве часткі. Дваровыя фасады бакавых карпусоў апрацаваныя рустам, завершаныя карнізам. Унутраная планіроўка калідорная. На другім паверсе знаходзілася семінарская царква (цяпер актавая зала).

Зараз у будынку размешчаны міжшкольны вучэбна вытворчы камбінат № 3. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК КАМЕРЦЫЙНАГА БАНКУ


Помнік грамадзянскага дойлідства. Пабудаваны ў 1901 г. (дойлід С. Шабунеўскі) на рагу вуліц Рўмянцаўскай і Траецкай (сучасныя вуліцы Савецкая і Сялянская, 17/10). У дойлідстве будынку прасочваецца ўплыў стылю ракако. Рэканструяваны ў 1947 г. Мураваны трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Фасады падзеленыя прафіляваным карнізным поясам на два ярусы: ніжні (першы паверх, у якім размяшчаліся канторскія памяшканні) вырашаны ў выглядзе цокаля, мае руставаныя прасценкі паміж прастакутнымі аконнымі праёмамі; верхні аб’ядноўвае другі і трэці паверхі, дзе знаходзіліся жылыя пакоі. Кампазіцыю верхняга ярусу ўтварае рытм завершаных маскаронамі ў складаных па форме картушах пілястраў, паміж якімі размешчаныя нішы з дзвюма парамі прастакутных аконных праёмаў. Прасценкі паміж вокнамі аформленыя пілястрамі (у другім паверсе завершаныя мадульёнамі, у трэцім вырашаны ў выглядзе гермы на канеліраваным плоскім пастаменце). Паміж другім і трэцім паверхамі скульптурныя ўстаўкі з насычаным раслінным арнаментам. Высокі антаблемент з арнаментаваным лепкай фрызам і вынесеным наперад прафіляваным карнізам на дэкаратыўных мадульёнах у асобных частках завершаны нізкім крапаваным атыкам. На трэцім паверсе размешчаныя балконы, упрыгожаныя каванай агароджай. Цэнтр галоўнага фасаду (на вул. Сялянскай) вылучаны рызалітам, галоўны ўваход — паўкалонамі іанічнага ордэру.


В.М. Чарнатаў

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК КАНСТРУКТАРСКАГА БЮРО


Пабудаваны ў 1982 г. (дойлід С. Пеўны) на вул. Фядзюнінскага. Складаецца з вышыннага дванаццаціпавярховага корпуса і круглага ў плане аб’ёму канферэнц-залы на 550 месцаў, размешчаных на двухпавярховым прастакутным у плане развітым стылабаце. Кампазіцыя дванаццаціпавярховага корпусу заснаваная на спалучэнні двух злучаных аб’ёмаў, вырашаных у выглядзе пласцін. У аснове мастацкага вырашэння фасадаў — кантраст глухіх і зашклёных паверхняў сцен. Стылабат мае стужкавае зашкленне, падоўжную кампазіцыю ўзмацняюць гарызантальныя цягі парапетаў. Пластычны круглы ў плане аб’ём канферэнц-залы і пласціны вышыннага корпусу ствараюць кантраст у дойлідстве будынку. Фасады аб’ёму канферэнц-залы апрацаваны дэкаратыўнай тынкоўкай, гранітнымі і мармуровымі плітамі, стэмалітам. У аздабленні інтэр’ераў выкарыстаныя мармур, траверцін, ракушачнік, гіпс, алюміній.

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК РУСКА-АЗІЯЦКАГА БАНКУ


Помнік грамадзянскага дойлідства неакласіцызму. Пабудаваны ў 1910—12 гг. (дойлід О. Мунц) на рагу вуліц Румянцаўскай і Барона Нолькена (сучасныя вуліцы Савецкая і Ланге. 9/14). Мураваны двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Кутняя частка скругленая, вылучаная цыдіндрычнай вежай з купалам. Фасады падзелены карнізнай цягай на два ярусы, ніжні ярус апрацаваны рустам. На плоскасці сцен — тонкія ліштвы, маскароны, гірлянды. На вежы, па баках круглага дахавага акна, алегарычныя выявы дзвюх жаночых фігур у антычным адзенні. Унутраная планіроўка першага паверху анфіладная, другога — калідорная.

У будынку размешчаная Гомельская абласная кантора банку.


В.М. Чарнатаў

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК "РУСКАГА ТРАКЦІРУ"


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1822 г. (дойлід I. Дзячкоў з удзелам дойліда Дж. Кларка) на вул. Мільённай (сучасная вул. Білецкага, 10). Перабудоўваўся ў сярэдзіне XIX ст. і ў 1950-я гады. У першапачатковым выглядзе захаваўся першы паверх. Другі цалкам зменены пры рэканструкцыях. Паводле чарцяжоў 1844 г. меў П-падобны план. Першы паверх галоўнага фасаду рытмічна чляніцца паўкалонамі дарычнага ордэру, прасценкі руставаныя, над прастакутнымі вокнамі — клінападобныя перамычкі. Цэнтр другога драўлянага паверху акцэнтаваны паўкруглым акном з руставаным архівольтам. Пасля рэканструкцыі другі паверх узбагаціўся дэкорам: вокны аформленыя ліштвамі, балюстрадай, філёнгамі, сандрыкамі і трохкутнымі франтончыкамі. Будынак завершаны магутным трохкутным франтонам. На першым паверсе знаходзіліся сталоўка, пакоі для рамізнікаў і гаспадара, на другім — гатэль.

Цяпер у будынку размешчаная адміністрацыйная ўстанова. Помнік рэспубліканскага значэння.


В.Ф. Марозаў

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК ТЭХНІЧНАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік грамадзянскага дойлідства мадэрну. Пабудаваны ў пачатку XX ст. на вул. Магілёўскай (сучасная вул. Кісялёва, 2). Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак. Кампазіцыю галоўнага фасаду ствараюць двухбакавыя рызаліты і павышаная цэнтральная частка. Актыўнымі элементамі фасаду з’яўляюцца вялікія лучковыя вокны і цэнтральны ўваход, дэкарыраваны круглым вітражом. Ліштвы падкрэсліваюць крывалінейную форму аконных праёмаў, у першым і другім паверхах бакавых рызалітаў, аб’яднаныя ў агульную  дэкаратыўную раму з перакрыжаваных гарызантальных і вертыкальных чляненняў. Планіроўка першага паверху калідорная, другога — анфіладная.

У будынку размешчаная тэхнічная школа машыністаў лакаматываў.


У.В. Алісейчык

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК ГАРАДСКОЙ ДУМЫ


Помнік грамадзянскага дойлідства. Пабудаваны ў 1880-я гады (дойлід Я. Тарлін) на вул. Румянцаўскай (сучасная вул. Савецкая, 1). У дойлідстве будынку выявіліся рысы стылізатарска-эклектычнай плыні. Мураваны трохпавярховы прастакутны ў плане будынак падзелены зубчастым поясам (трэці паверх дабудаваны ў 1935). Першы глухі масіўны паверх, расчлянёны блендамі, кантрастуе з другім і трэцім паверхамі. Галоўны фасад вылучаны двума нізкімі рызалітамі, апрацаваны лапаткамі, быў завершаны паўкруглым франтонам. Фасады аздобленыя тонкімі пілястрамі, ліштвамі з франтончыкамі і інш. Планіроўка анфіладная.

У будынку размешчаная фабрыка "Палесдрук".


У.В. Алісейчык

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК ЖАНОЧАЙ ГІМНАЗІІ


Помнік грамадзянскага дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1844 г. на вул. Мільённай (сучасная вул. Білецкага, 6); разбураны ў II Сусветную вайну і рэканструяваны ў канцы 1940 — пачатку 1950-х гадоў (часткова перабудаваны галоўны фасад, змененая ўнутраная планіроўка). Складаецца з двух выцягнутых у плане аб’ёмаў. На вулуліцу выходзіць невялікім двухпавярховым галоўным фасадам сіметрычнай кампазіцыі. У дэкоры выкарыстаныя руст, шырокі пояс з ляпнымі элементамі, трохкутны франтон і высокі атык. Галоўны ўваход вылучаны двума пілонамі і трохчвэртнымі калонамі.

У будынку размешчаны Гомельскі палітэхнікум. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК ЛАНКАСТЭРСКАЙ ШКОЛЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1818 г. (дойлід I. Дзячкоў з удзелам дойліда Дж. Кларка) на вул. Румянцаўскай (сучасная вул. Савецкая, 39). Быў галоўным будынкам комплексу пачатковай школы (арганізавана па ініцыятыве графа М.П. Румянцава), дзе выкладанне вялося па сістэме ўзаемнага навучання, распрацаванай англійскім педагогам Дж. Ланкастэрам. Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак. Сярэдняя частка галоўнага фасаду вылучаная васьмікалонным на два паверхі порцікам іанічнага ордэру, завершаным трохкутным франтонам. Бакавыя часткі галоўнага фасаду мелі невялікія рызаліты, сцены якіх на першым паверсе былі апрацаваныя рустоўкай. Вокны першага паверху знаходзіліся ў неглыбокіх нішах з паўцыркульнымі завяршэннямі. Уваходы з тарцоў будынку падкрэсліваліся чатырохкалоннымі порцікамі тасканскага ордэру, што падтрымлівалі балконы. У сярэдняй частцы будынку знаходзіўся вестыбюль з лесвіцамі на другі паверх. Па баках вестыбюля размяшчаліся вялікія залы для заняткаў, якія мелі пасярэдзіне шэраг калон. Уваходы з тарцоў будынку мелі сенцы з лесвіцамі на другі паверх. Акрамя галоўнага будынку, у комплекс школы ўваходзілі чатыры двухпавярховыя флігелі для пражывання настаўнікаў і вучняў (першы паверх мураваны, другі — драўляны), а таксама драўляныя пабудовы для лазні, свірана і стайні. У 1840-я гады ў сувязі з размяшчэннем у Гомелі ваеннага гарнізона комплекс выкарыстоўваўся пад казармы.

Зараз будынак выкарыстоўваецца як корпус абутковага вытворчага аб’яднання "Праца". Помнік рэспубліканскага значэння.


В.Ф. Марозаў

 


ГОМЕЛЬ. БУДЫНАК МУЖЧЫНСКАЙ ПМНАЗІІ


Помнік грамадзянскага дойлідства гістарызму. Дойлідская стылістыка будынку арыентаваная на рускі класіцызм. Будынак класічнай гімназіі закладзены ў чэрвені 1897 г. у памяць аб расейскім імператары Аляксандры III. Пабудаваны ў 1898 г. (дойлід С. Шабунеўскі) на рагу вуліц Навікоўскай і Магілёўскай (сучасныя вул. Карповіча і вул. Кірава). Мураваны двухпавярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні галоўнага фасаду і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на другім паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход галоўнага фасаду вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохкутным франтонам. Сцены, аздобленыя ліштвамі, ляпнымі ўстаўкамі, цягамі, меандрам, завершаны багата дэкарыраваным фрызам і развітым прафіляваным карнізам. Вокны першага паверху прастакутныя, другога — арачныя. Планіроўка калідорная з аднабаковым размяшчэннем класных памяшканняў. У цэнтральнай частцы па галоўнай восі парадны вестыбюль з трохмаршавай лесвіцай, абапал якой класныя і адміністрацыйныя памяшканні. У крыле, арыентаваным на вул. Кірава, размяшчаліся актавая і гімнастычная залы. У гады II Сусветнай вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны трэці паверх (інжынер Р. Ханін).

У будынку размешчаны адміністрацыйна-навучальны корпус Беларускага інстытуту інжынераў чыгуначнага транспарту.


В.М. Чарнатаў

 


ГОМЕЛЬ. ДОМ УРАЧА


Помнік грамадзянскага дойлідства гістарызму. Пабудаваны ў 1903 г. (дойлід С. Шабунеўскі) на вул. Ірынінскай (сучасная Першамайская, 13). У дойлідстве будынку прасочваецца ўплыў стылю ракако (характэрная рыса творчасці таго перыяду Шабунеўскага). Да мураванага аднапавярховага ў плане будынку з боку панадворку прымыкае невялікая гаспадарчая прыбудова. Кампазіцыя галоўнага фасаду, што выходзіць на чырвоную лінію забудовы вуліцы, сіметрычная. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе прастакутнага ганку, завершанага фігурным атыкам, які падтрымліваюць две квадратныя калоны. Плоскасці калон упрыгожаныя ляпным дэкорам. Дэкаратыўныя ляпныя дэталі аздабляюць прасценкі паміж шасцю высокімі вокнамі і карнізы. На атыку — ляпны вензель былых уладальнікаў дома. Унутраная планіроўка калідорная.

Цяпер у будынку размешчаны Дом грамадзянскіх абрадаў.


В.М. Чарнатай

 


ГОМЕЛЬ. ДОМ-КАМУНА

 

Пабудаваны ў 1929—31 гг. (дойлід С, Шабунеўскі, інжынер Р. Ханін) для рабочых вагонарамонтнага заводу. Прыклад пошукаў савецкага дойлідства 1920-х — пачатку 1930-х гадоў новых форм арганізацыі жылля і быту працоўных. П-падобны ў плане мураваны будынак размешчаны ўздоўж чырвонай лініі пр-ту Леніна, займае па даўжыні квартал. Выразнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дасягнутая спалучэннем вертыкальных сяміпавярховых аб’ёмаў, якія фланкіруюць цэнтральны шасціпавярховы аб’ём з бакавымі крыламі. Пластыка галоўнага і бакавых фасадаў, пазбаўленых дэкору, ствараецца мерным рытмам аконных праёмаў, чаргаваннем лоджый і балконаў. Планіроўка калідорная. На 2—6-м паверхах уздоўж калідору размешчаныя жылыя ячэйкі, якія маюць па 2—3 пакоі і кухню-нішу. На кожным паверсе прадугледжаныя пакоі адпачынку, агульныя кухні, і санвузлы. Першы паверх прызначаўся пад агульныя памяшканні для жыхароў усяго дому (сталоўка, бібліятэка-чытальня, дзіцячае дашкольная ўстанова). У II Сусветную вайну будынак быў разбураны. Пры аднаўленні (1946—49 гг.) пакінутая старая планіровачная структура.

Цяпер жылы будынак.


А.А. Воінаў

 


ГОМЕЛЬ. ЖЫЛЫ ДОМ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ


Пабудаваны ў 1932—35 гг. (дойлід М. Салін) на вул. Кірава. Г-падобны ў плане 4—5-павярховы будынак на 50 кватэр. У кампазіцыі вылучаная пяціпавярховая кутняя частка, якая мае на фасадзе лапаткі простага профілю і вертыкальнае стужачнае зашкленне лесвічных клетак. Фасады чатырохпавярховых бакавых аб’ёмаў вырашаные без пластычных дэталей. Планіровачная схема заснаваная на выкарыстанні аднатыпных секцый з выхадам на лесвічную пляцоўку двух кватэр (трох- і чатырохпакаёвых). На першым паверсе кутняй часткі размешчаная крама. У гады II Сусветнай вайны будынак пашкоджаны, у 1949 г. адноўлены з нязначнымі зменамі.


А.А. Воінаў

 


ГОМЕЛЬ. ІЛЬІНСКАЯ ЦАРКВА


Помнік драўлянага дойлідства канца XVIII ст. Пабудаваная на беразе р. Сож, на рагу вул. Камісарава і Ільінскага спуску (названы ў гонар царквы). Знаходзіцца ў гістарычным раёне гораду. Раней тут у старавераў быў храм пад назвай Спасаў, раён называлі таксама Спасавай слабадой (пазней Слабада). Да 1737 г. Спасаў храм быў разбураны, на яго месцы пабудаваная царква з дрэва, без купала, у гонар прарока Ільі. У 1793 г. царква разбураная, на яе месцы пабудаваная новая, асвечаная 28.9.1794 г. Побач з храмам існаваў мяшаны мужчынскі і жаночы скіт старавераў (у пачатку XIX ст. — 50 чалавек). Да 1840-х гадоў стаў жаночы (у 1839 г. — 29 келій, 23 манашкі). У 1850 г. скіт і царква закрытыя; іконы і рэдкія кнігі былі перададзеныя на захаванне протаіерэю львоўскаму ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. 29.6.1852 г. Ільінская царква зноў стала дзейнічаць, з чэрвеня 1853 г. пры ёй заснаваны аднаверскі прыход. Царква складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефу і бабінцу прастакутныя ў плане, алтарнай апсіды — пяцігранны. Галоўны ўваход праз зашклёную галерэю (раней была адкрытая). Над бабінцам надбудаваная шмат’ярусная вежа-званіца, васьмярык на чацверыку. Сярэдні зруб у плане квадратны, вышэйшы за астатнія, завершаны двума светлавымі васьмерыкамі. Аб’ёмы накрытыя выгнутымі дахамі і гранёнымі купаламі. Над алтаром — шматсхільны дах. Сцены гарызантальна ашаляваныя. У інтэр’еры прастора нефу развітая па вертыкалі. Вышыня да асновы купалу складае агульную даўжыню нефу і алтару (прыём старажытнарускага манументальнага дойлідства). Бабінец і алтарнае памяшканне з рызніцай значна меншай вышыні (каля палавіны ніжняга яруса нефу), перакрытыя плоскай столлю на бэльках. Алтар ад нефу аддзелены іканастасам.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.Ф. Рогалеў

 


ГОМЕЛЬ. ЛЕГКААТЛЕТЫЧНЫ МАНЕЖ


Крытае спартовае збудаванне для правядзення спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, ігравых відаў спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 г. (інжынер Б. Максімовіч, дойлід В. Саенка). Адно з першых збудаванняў на Беларусі, перакрытае клеедраўлянымі трохшарнірнымі аркамі пралётам 49 метраў. Мае простую і лаканічнае дойлідства, абумоўленую планіровачным і канструкцыйным вырашэннем. Прастакутны ў плане (126x49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адміністрацыйных і дапаможных памяшканняў. Зала манежу абсталяваная 200-метровай чатырохраднай кругавой і 110-метровай шасціраднай прамой бегавымі дарожкамі са спецыяльным пакрыццём і стацыянарнымі падковападобнымі трыбунамі на 2 тыс. месцаў. Вышыня залы больш за 15 м, аб’ём каля 98 тыс. м3. У інтэр’еры асноўны акцэнт зроблены на пластычную форму і натуральную фактуру матэрыялу нясучых элементаў.


С.Дз. Філімонай

 


ГОМЕЛЬ. ПАЛАЦ КУЛЬТУРЫ I ТЭХНІКІ ЧЫГУНАЧНІКАЎ


Пабудаваны ў 1930 г. (дойлід А. Кірылаў) у простых лаканічных формах канструктывізму. Разбураны ў II Сусветную вайну. Пры аднаўленні ў 1950 г. (дойлід I. Пестракоў) у асноўным пакінутая першапачатковая планіроўка, але змененая аздоба фасадаў. Складаецца з трох аб’ёмаў: тэатральна-канцэртнай залы, кінатэатра і кутняга трохпавярховага аб’ёму з бібліятэкай, рабочымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі памяшканнямі, якія ўтвараюць прастакутны ўнутраны двор. Аб’ём тэатральна-канцэртнай залы выступае за плоскасць галоўнага фасаду, аформленага класіцыстычным порцікам. Інтэр’ер залы вырашаны ў бела-блакітнай каляровай гаме, з каланадай бакавых галерэй. Вуглавы аб’ём звонку аформленыя калонамі іанічнага ордэру.


А.А. Воінаў

 


ГОМЕЛЬ. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік палацава-паркавага дойлідства 2-й паловы XVIII — сярэдзіны XIX стст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, капліцу і Петрапаўлаўскі сабор (размешчаны ў парку). Этапы фармавання ансамбля адлюстроўваюць эвалюцыю дойлідства Беларусі канцы XVIII — XIX стст.

Палац Румянцавых-Паскевічаў пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 г. генерал-фельдмаршалам П.А. Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замку князя М. Чартарыйскага. Да 1834 г. належаў Румянцавым, у 1835—1917 гг. — Паскевічам. Будаўніцтва вялося ў некалькі этапаў. Галоўны корпус пабудаваны ў 1777—96 гг. (дойлід Я.М. Аляксееў з удзелам дойліда К.I. Бланка). У 1800—05 гг. пабудаваныя два службовыя флігелі (аформленыя чатырохкалоннымі порцікамі іанічнага ордэру), якія фланкіруюць галоўны корпус, праведзены рамонт (дойлід Дж. Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф. Паскевічам у 1837—51 гг. адбылася рэканструкцыя і дабудова (дойлід А. Ідзкоўскі): галоўны корпус і бакавыя флігелі былі злучаныя галерэямі, якія фланкіруюцца квадратнымі ў плане павільёнамі; надбудаваны трэці паверх паўночнага флігеля, разабраны яго іанічны порцік і змененая ўнутраная планіроўка; на падмурку разабранага паўднёвога флігеля пастаўленыя масіўная чатырох'ярусная вежа ў стылі несапраўднай готыкі і павільён з верхнім светам; зменены франтон чатырохкалоннага порціка галоўнага корпусу, з боку ракі дабудаваная веранда; на дахах галоўнага корпусу і галерэй устаноўленыя статуі і чыгунныя балюстрады. Палац рэканструяваны ў 1856 г. і 1919—20 гг., разбураны і спалены ў 1941—43 гг., адноўлены і рэканструяваны ў 1969 г. Галоўны корпус — адзін з першых на Беларусі прыкладаў класічнай "паладыянскай" пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плану і купальным завяршэннем. Мураваны двухпавярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу, якая выходзіць у бок ракі. Галоўны фасад мае трохчасткавую сіметрычную кампазіцыю, аформлены магутным чатырохкалонным порцікам карынфскага ордэру. Сярэдняя частка звернутага да ракі фасаду аформленая шасцікалонным порцікам. Сцены аздобленыя пілястрамі карынфскага ордэру. Бакавыя часткі вылучаюцца вялікімі аконнымі праёмамі. Планіроўка анфіладная. Цэнтрам аб’ёмна-планіровачнай кампазіцыі з’яўляецца высокі накрыты купалам квадратны ў плане зал (з нішамі і антрэсолямі), аформлены радамі апрацаваных штучным мармурам калон карынфскага ордэру. Інтэр’еры былі аздобленыя ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У канструкцыі купала і скляпенняў залы выкарыстаныя кароткія лёгкія керамічныя гафрыраваныя трубкі, што надае лёгкасць канструкцыям. Тры вялікія праёмы злучалі залу з вестыбюлем, па баках ад якога знаходзіліся лесвіцы, што вялі на другі паверх у жылыя пакоі. Былыя парадныя памяшканні на першым паверсе (чырвоная, белая і малая гасцёўні, сталовая, кабінет, спальня) захавалі некаторыя элементы дэкору сярэдзіны XIX ст.: аздоба дзвярэй, ліштвы і інш. Галерэі — дванаццаціпралётныя каланады іанічнага ордэру (у іх размяшчаліся калекцыі жывапісу і мінералаў). Павільёны — манументальныя аб’ёмы, маюць складаныя трайныя вокны з каляровымі вітражамі (у паўночным павільёне знаходзілася партрэтная, з 1856 г. — царква). Інтэр’еры паўднёвага павільёна аздоблены пілястрамі іанічнага ордэру, дэкарыраванымі лепкай у выглядзе масак і гірляндаў. Высотнай дамінантай ансамбля з’яўляецца чатырохярусная вежа, фасады якой расчлянёныя пілястрамі, ярусы вылучаны шырокімі стужкамі карнізаў. Высокія вузкія вокны вежы згрупаваныя па тры, на чацьверым ярусе — чыгунныя балконы і завяршэнне ў выглядзе зубчастага парапету. У інтэр’еры памяшканняў уключаныя трохмаршавыя лесвіцы. З поўдня да вежы прымыкае зашклёная веранда, перад якой знаходзіцца шырокая тэраса з парапетам і паўцыркульнай нішай у падпорнай сцяне, з поўначы — павільён, завершаны высокім круглым светлавым барабанам. Інтэр’ер павільёну багата дэкарыраваны пілястрамі карынфскага ордэру, ляпнымі карнізамі і разеткамі. У лалацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, мастацкае ліццё). Зараз у палацы размешчаны Гомельскі абласны краязнаўчы музей і абласны Палац піянераў і школьнікаў.

Парк закладзены ў канцы XVIII ст. З’яўляецца найбольш захаваным у рэспубліцы пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага р. Саж (плошча 25 га). Першапачаткова перад палацам быў разбіты парадны партэр, які займаў усю цэнтральную частку парку і разам з прылеглымі тэрыторыямі меў пэўныя элементы рэгулярнасці. Перад арыентаваным на раку фасадам знаходзіўся курданёр з падстрыжанымі кустамі і газонам. Астатнія пасадкі каля палацу (плошча каля 10 га) мелі ландшафтную арганізацыю. За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй ("зімовы сад"). З 1834 г. у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак (дойлід Ідзкоўскі). На тэрасе каля вежы была ўстаноўленая конная статуя князя I. Панятоўскага (скульптар Торвальдсен), па баках ад яе — две трафейныя гарматы руска-турэцкай вайны (1828—29 гг.) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёру — манумент князя Паскевіча ў адзенні рымскага палкаводца (скульптар У.I. Дэмут-Маліноўскі); дэкаратыўныя мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палацу і на галоўных алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок "Лебядзінае возера" ў яры Гамяюк, вялікі і малы гроты, Верхні (лёгкі падвесны) і Ніжні (масіўны, выкладзены бутавым каменем у форме архаічнай аркі) масты, іншыя паркавыя пабудовы. Пладовы сад з насычэннем яго паркавымі элементамі і дэкаратыўнымі пасадкамі набываў усё большую сувязь з паркам. Апроч аранжарэі, у ім знаходзілася альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні. У пачатку XX ст. пад краявідную вежу (маяк) пераабсталяваны комін былога цукровага заводу, а ў яго будынку размешчаны "зімовы сад". У парку больш за 9 тыс. дрэў мясцовых і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная, конскі каштан звычайны, піхта бальзамічная, туя заходняя, дуб звычайны пірамідальны, хвоя веймутава і інш.). Моцна пашкоджаны ў перыяд II Сусветнай вайны. Цяпер парк культуры і адпачынку.

Капліца — помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Пабудаваная ў 1870—89 гг. паводле праекту дойліда Я. Чарвінскага. Дэкаратыўныя работы выкананыя мясцовымі майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С. Садзікава. Размешчаная ў палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (плошча каля 30 м2) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная вышыня 18 м). Такія ж галоўкі завяршаюць куты асноўнага аб’ёму. Фасады абліцаваныя светлай цэглай, аздобленыя керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўднёвым фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Інтэр’ер зальны. Побач з капліцаю уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай і падземнай частак. Надземная частка — невялікая мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай, звязаная лесвіцай са склепам (падземная частка, даўжыня 28 м). Сцены склепу абліцаваныя колатым каменем, пакрытым палівай. Каля сцяны ўстаноўленыя мемарыяльныя пліты, на тарцовай — мазаічнае пано. Капліца і пахавальня рэстаўрыраваныя ў 1971—75 гг.

Петрапаўлаўскі сабор — помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі графа М.П. Румянцава. Узведзены ў 1809—24 гг. (дойлід Дж. Кларк) непадалёку ад палацу. Закладзены 18.10.1809 г. протаіерэем Іаанам Грыгаровічам. 9.5.1824 г. сабор быў асвячоны. Дзейнічаў да 1935 г. і з 1941 г. да 30.10.1960 г. (у 1935—41 гг. у будынку размяшчаўся гістарычны музей, 1960—88 гг. планетарый). З 1.8.1988 г. будынак знаходзіўся на рэстаўрацыі, у верасні 1989 г. перададзены вернікам. Дзейнічае. Вышыня сабору каля 25 м. Будынак мае цэнтрычную кампазіцыю. У плане — выцягнуты крыж з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невялікімі рызніцамі абапал алтарнай часткі. Сяродкрыжжа завершанае купалам на высокім свстлавым барабане, які ў інтэр’еры апіраецца на чатыры слупы. Крылы трансепту і неф накрытыя пакатымі двухсхільнымі дахамі. На тарцах чатыры дарычныя шасцікалонныя порцікі; па баках нефу рады паўкалон. У афармленні фасадаў выкарыстаныя асноўныя класіцыстычныя элементы дэкору: трыгліфы на фрызе, сухарыкі, што падтрымліваюць карніз, паўкруглыя сандрыкі аконных праёмаў барабану. У левай частцы трансепту знаходзіцца магіла графа Румянцава, на якой устаноўлена копія скульптуры італійскага майстра А. Кановы "Багіня міру" (выкананая скульптарам В. Дземут-Маліноўскім), сцены над магілай у абразах, сярод якіх і копія з карціны італійскага мастака Карэджа.

Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


В.Ф. Марозаў, В.Р. Анціпаў, С.Дз. Грэкаў, У.А. Чантурыя

 


ГОМЕЛЬ. "ПАЛЯУНІЧЫ ДОМІК"


Помнік дойлідства стылю ампір. Пабудаваны ў Гомелі ў 1820 г. (сучасная вул. Пушкіна, 32). Узводзіўся як зімовая рэзідэнцыя ўладальнікаў гораду Румянцавых. Паводле падання, у 1830-я гады граф С Румянцаў прайграў у карты частку сваіх гомельскіх уладанняў (у т.л. і "Паляўнічы домік") князю I. Паскевічу. Апошні ў 1850-я гады падараваў домік свайму сябру, польскаму арыстакрату В. Крушэўскаму. Кампактны прастакутны ў плане аднапавярховы будынак накрыты пакатым чатырохсхільным дахам. Канструкцыя мяшаная: драўляны зруб з вонкавым слоем атынкаванай цаглянай муроўкі. Да асноўнага аб’ёму па баках прыбудаваныя невялікія мураваныя аб’ёмы, завершаныя ступеньчатымі атыкамі. У цэнтры галоўнага фасаду 6-калонны дарычны порцік з тэрасай над ім. Акцэнт кампазіцыі — мансарда з вялікім паўцыркульным праёмам і атыкавым завяршэннем. У дэкоры фасаду выкарыстаныя рустоўка, барэльефы. У інтэр’еры зберагліся тры кафляныя печы.

У будынку размешчаны абласны савет Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Помнік рэспубліканскага значэння.

 


ГОМЕЛЬ. ПРАСПЕКТ ЛЕНІНА


Пр-т Леніна знаходзіцца ў гістарычным цэнтры гораду (былыя назвы вул. Замкавая, вул. Камсамольская). Даўжыня 1460 м, ад пл. Прывакзальнай да пл. Леніна. Адна са старэйшых вуліц, пазначаная на плане Гомеля 1783 г. Назву Замкавай атрымала ад размешчанага на ёй да 1785 г. княжага замку. Была больш працяглай на паўночны захад і праходзіла за тэрыторыю сучаснай Прывакзальнай плошчы.

У сувязі з будаўніцтвам у 1873 г. Лібава-Роменскай чыгункі частка вуліцы была адрэзаная і атрымала іншую назву. Будаўніцтва чыгункі абумовіла інтэнсіўную забудову прылеглых тэрыторый, у выніку чаго вуліцы Замкавая і Румянцаўская (цяпер вул. Савецкая), якія звязвалі палац і Базарную плошчу (цяпер пл. Леніна) з іншымі раёнамі, утварылі двухпрамянёвую планіровачную структуру гораду, што стала асновай яго далейшага развіцця. Да Кастрычніцкага перавароту на вуліцы знаходзіліся рымска-каталіцкі сабор (не захаваўся), пажарнае дэпо з высокай каланчой, мноства крамаў, майстэрняў, рэстаранаў, гатэляў. На скрыжаванні з вул. Ірынінскай (цяпер вул. Першамайская) былі пабудаваныя Праабражэнская царква (не захавалася) і Фёдара-Ірынінская вочная лячэбніца. У гады II Сусветнай вайны праспект быў амаль поўнасцю разбураны.

Цяпер праспект — адна з галоўных транспартных магістралей гораду. Яго сучасны выгляд склаўся ў асноўным у 1949—68 гг. У дойлідска-мастацкім плане праспект уяўляе сабой адзіны горадабудаўнічы ансамбль, у забудове якога прасочваюцца элементы класічнай спадчыны. На ім размешчаныя: Дом-камуна, пабудаваны для рабочых вагонарамонтнага заводу ў 1929—31 гг. (дойлід С. Шабунеўскі); Дом сувязі (1981 г., дойлід Г. Ціхаў); будынак інстытуту "Дзіпражыўмаш" (1974 г., дойлід С. Пеўны); дванаццаціпавярховы жылы дом (на скрыжаванні з вул. Жаркоўскага; 1981 г., дойлід Пеўны), у першым паверсе якога знаходзіцца абласная арганізацыя Саюза мастакоў Беларусі, Салон-крама мастацкага фонду і зала для выстаў; трохпавярховы жылы дом — помнік грамадзянскага дойлідства (1930-я гады, дойлід Шабунеўскі; у час вайны разбураны, адноўлены ў 1950 г.) і інш. У рабоце па ажыццяўленні забудовы праспекту ўдзельнічалі таксама дойліды У. Кароль, Г. Гура, Ш. Хінчын і інш.

 


ГОМЕЛЬ. САВЕЦКАЯ ВУЛІЦА


Вул. Савецкая — кампазіцыйная вось і адна з галоўных транспартных магістралей гораду. Праходзіць на тэрыторыі Цэнтральнага і Чыгуначнага р-наў. Даўжыня больш за 3000 м, ад пл. Леніна на поўначы да гарадской мяжы, дзе пераходзіць у аўтамагістраль Кіеў — Санкт-Пецярбург. Арганізацыйна ўплывае на планіровачную структуру ўсяго гораду. Важныя транспартныя магістралі, якія перасякаюць вул. Савецкую і прымыкаюць да яе, звязваюць яе з усімі раёнамі гораду. Адна з старэйшых вуліц Гомеля, пазначаная на яго мапе 1783 г. Пачала забудоўвацца ў канцы XVIII ст. (называлася вул. Прабойная, вул. Румянцаўская). Пачыналася ад Саборнай (Базарнай) плошчы (цяпер пл. Леніна) і заканчвалася каля Навікоўскіх праваслаўных могілак (цяпер Універсітэцкі скверык). Разам з вул. Замкавай (цяпер пр-т Леніна) і Фельдмаршальскай (цяпер вул. Пралетарская) утварала трохпрамянёвую планіровачную сістэму. Як галоўная вуліца была добра вымашчаная, мела шырокія тратуары і дастатковае асвятленне. Звязвала палац (глядзі артыкул "Гомель. Палацава-паркавы ансамбль") і Базарную плошчу з іншымі раёнамі гораду. У XIX — пачатку XX ст. на вуліцы ўзведзеныя навучальныя, адміністрацыйныя, банкаўскія, культавыя і інш. будынкі, у т.л. будынак ланкастэрскай школы, будынак гарадской думы, будынак Руска-Азіяцкага банку, будынак камерцыйнага банку, Арлоўскага (злучанага) банку (цяпер розныя дзяржаўныя ўстановы), грамадскага сходу, гатэля "Савой" на скрыжаванні вуліц Барона Нолькена (цяпер вул. Ланге) і Мясніцкай (цяпер вул. Камунараў), Траецкай царквы (не захавалася) на рагу з вул. Траецкай (цяпер вул. Сялянская), ваеннай Георгіеўскай царквы (не захавалася) на рагу з вул. Паштовай (цяпер вул. Перамогі), царквы Раства Багародзіцы (цяпер будынак Мастацкага фонду ва Універсітэцкім скверы), асабнякі багатых гараджан (у стылях неаготыкі, неарускім, мадэрн і інш.), помнікі дойлідства стылю мадэрн, 2—3-павярховыя мураваныя жылыя дамы № 4, 8, 10, 12, 20, пабудаваныя з выкарыстаннем у вонкавым дэкаратыўным аздабленні асобных элементаў стыляў барока, позняга класіцызму, неарускага і неаготыкі. Рэканструяваныя ў 1950-я гады. Усе дамы трохпавярховыя, у першых паверхах крамы і іншыя прадпрыемствы і ўстановы, другі і трэці паверхі жылыя.

Сучаснае аблічча вуліцы фармавалася пасля II Сусветнай вайны паводле праекту аднаўлення і рэканструкцыі гораду 1946 г. Чаргаванне адміністрацыйных будынкаў, навучальных, навуковых, гандлёвых і іншых устаноў, жылых дамоў, помнікаў дойлідства канца XIX — пачатку XX ст. стварала своеасаблівае дойлідска-мастацкае асяроддзе. У 1950-я гады цэнтральная частка вуліцы забудаваная 4—5-павярховымі, пераважна жылымі дамамі, у дойлідстве якіх выкарыстаны элементы класічнай спадчыны. У першых паверхах жылых дамоў размешчаныя прадпрыемствы гандлю, культурна-побытавага абслугоўвання і інш. Выразным горадабудаўнічым акцэнтам цэнтру з’яўляецца будынак Гомельскага цырку. Паўночная частка вуліцы ў 1970-я гады забудаваная пяці-, дзевяці-, дванаццаці-, чатырнаццаціпавярховымі дамамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у фармаванні сілуэту магістралі. Асаблівае дойлідска-мастацкае значэнне маюць будынкі вылічальнага цэнтру, галоўнага корпусу і новага корпусу фізічнага факультэту універсітэту, комплексу дванаццаціпавярховых інтэрнатаў. Да вуліцы прымыкаюць тэрыторыя Універсітэцкага скверыку і Піянерскага парку.

Паводле праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру гораду 1980 г. (інстытут "Гомельграмадзянпраект") прадугледжаная далейшая забудова вуліцы ў паўночным напрамку.

 


ГОМЕЛЬ. ЦЫРК


Пабудаваны ў 1972 г. па паўторна выкарыстаным праекце (дойліды М. Шульмейстэр, Ю. Маторын і А. Кудраўцаў — Масква, Ш. Хінчын — Гомель). Кампазіцыя будынку вырашаная ў выглядзе чаш, павернутых адна да адной (амфітэатр і купал). Відовішчная частка складаецца з залы (на 1856 месцаў) з манежам, эстрадай і аркестравай пляцоўкай. Асноўны аб’ём размешчаны на прастакутным у плане стылабаце, дзе знаходзяцца касавы вестыбюль, гардэробы, парадныя лесвіцы, развіты блок службовых, артыстычных і дапаможных памяшканняў. Амфітэатр абкружаны зашклёным фае з выхадам на тэрасу, зробленую на даху стылабату. Тэрыторыя забудовы ўдала дапаўняецца малымі формамі дойлідства і дэкаратыўным басейнам. Манументальны вобраз будынку ствараецца лаканічнымі формамі дойлідства, маштабам, пластыкай асноўнага аб’ёму, яго кантрастам з зашклёнай ніжняй часткай (стылабатам).


А.А. Воінаў

 


ГОРКІ (ГОРЫ-ГОРКІ)


Горад, цэнтр Горацкага р-ну, на р. Проня. За 86 км ад Магілёву. Вядомыя з XVI ст. ў складзе Вялікага княства Літоўскага. У XVII ст. належалі Сапегам, Мірскім, Салагубам. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Аршанскага павету, з 1861 г. — цэнтр павету. У 1840 г. адкрытая земляробчая школа, вышэйшы разрад якой у 1848 г. пераўтвораны ў Горы-Горацкі земляробчы інстытут (цяпер — сельскагаспадарчая акадэмія). У 1857 г. атрымалі герб (на залатым полі тры чорныя горкі, з іх вырастае па адным зялёным коласе). У 1897 г. — 6737 жыхароў. З 1919 г. у Гомельскай, з 1922 г. у Магілёўскай губерніях. З 1924 г. — цэнтр раёну. 12,5 тыс. жыхароў у 1939 г. Тэрыторыя расчляняецца рэкамі Проня, Канылка, Парасіца і чыгункай на тры жылыя раёны: Слабада (індывідуальная забудова), Зарэчны, раён Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (БСГА) і прамысловы, які прылягае да чыгункі з поўдня.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Якубоўскага (галоўная кампазіцыйная вось), Леніна, Савецкая, Заслонава, Калініна, Вакзальная. Грамадскі цэнтр з сістэмай плошчаў размешчаны на вул. Якубоўскага. Новы грамадскі цэнтр створаны паміж вуліцамі Заслонава і Калініна. У паўночнай частцы гораду размешчаныя будынкі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Капітальная забудова размешчаная ў цэнтральнай частцы гораду (1—2- і 3—5-павярховыя жылыя дамы), у мікрараёне на вул. Вакзальнай і ў паўночнай частцы (3—5-павярховыя), у раёне БСГА (3—9-павярховыя). На астатняй тэрыторыі — індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Захаваліся помнікі эклектычнага дойлідства канца XIX — пачатку XX ст.: будынкі на вул. Горкага (Дом піянераў, будынак вузла сувязі), вул. Крупскай, 3, будынак стаматалагічнай паліклінікі на вул. Леніна, 22, царква Ушэсця.

Паводле генплану 1972 г. і праекту дэталёвай планіроўкі 1973 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, стварэнне водна-зялёнага ядра гораду.


Р.Дз. Шэліхава

 


ГОРКІ. БУДЫНКІ БЕЛАРУСКАЙ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЙ АКАДЭМІІ

 

Комплекс размешчаны ў паўночнай частцы г. Горкі (Магілёўская вобл.). 24.4.1836 г. сенат зацвердзіў Указ аб адкрыцці ў казённым маёнтку Горы-Горкі (больш за 55 тыс. дзесяцін зямельных і лясных угоддзяў) земляробчай школы. Яна стала асновай для стварэння адной з першых вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў. У 1837 г. адбылася ўрачыстая закладка будынку школы (цяпер корпус № 4). Да 1840 г. пастаўлена 35 будынкаў. Комплекс акадэміі ўключае рэканструяваныя пасля ІІ Сусветнай вайны старыя будынкі (корпус № 4, бібліятэкака, адміністрацыйны, прафесарскі, фізіка-хімічны, таксатарскі карпусы, дзіцячы садок) і пабудаваныя ў 1960—80-я гады новыя карпусы (галоўны вучэбны, жылыя, спартыўны, інтэрнаты, Палац культуры). Будынкі знаходяцца ў маляўнічым пейзажным парку, злучаныя добраўпарадкаванымі і азялененымі вуліцамі. З усходу парк агінае р. Капылка, якая ўтварае ў паўночнай частцы комплексу сажалку ("Ніжняе возера") з маляўнічым бярозавым гаем на беразе. На паўночна-ўсходняй ускраіне размешчаны рэгулярны, радыяльнай планіроўкі пладовы сад вучэбнай гаспадаркі акадэміі.

Корпус № 4 пабудаваны ў цэнтральнай частцы ў стылі класіцызму. Галоўны фасад трохпавярховага прастакутнага ў плане аб’ёму вылучаны порцікам з васьмю трохчвэртнымі калонамі дарычнага ордэру. Будынак бібліятэкі перабудаваны ў 1930-я гады з былой царквы ў паўднёва-ўсходняй частцы ў стылі канструктывізму. двухпавярховы, складанай у плане формы. Адміністрацыйны корпус пабудаваны ў цэнтры ў пачатку ХХ ст. трохпавярховы, прастакутны ў плане. Прафесарскі таксатарскі і фізіка-хімічны карпусы, дзіцячы садок пабудаваны ў паўночнай частцы ў пачатку ХХ ст. двухпавярховыя будынкі.

Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.

 


ГОШЧАВА. ЦАРКВА ЎЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1838 г. у в. Гошчава (Івацэвіцкі р-н). Мае глыбінна-прасторавую кампазіцыю. Трохзрубная пабудова з квадратным у плане аб’ёмам, трохграннай алтарнай апсідай і бабінцам з тамбурам. Аднолькавыя па вышыні зрубы накрытыя агульным двухсхільным дахам, які пад апсідай пераходзіць у паўшатровы. Прысадзісты аб’ём будынку ўзбагачаюць васьмерыковая вежа-званіца, накрытая шатром, две чацверыковыя вежачкі над бабінцам і купал на васьмігранным барабане над асноўным зрубам. Галоўны ўваход вылучаны порцікам на дзвюх падвойных фігурных калонах. Сцены ашаляваныя, прарэзаныя прастакутнымі і паўцыркульнымі вокнамі з разнымі ліштвамі. У інтэр’еры над уваходам хоры, іканастас аздоблены разьбой.

Царква дзейнічае.


У.А. Чантурыя

 


ГРАМЯЧА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства сярэдзіны XIX ст. Пабудаваная ў в. Грамяча (Камянецкі р-н) на беразе р. Пульва ў стылі позняга класіцызму. Належала Пузынам, якія набылі маёнтак у Пуслоўскіх. Уключае гасподу, парк, гаспадарчыя пабудовы. На самым высокім месцы размешчаная мураваная гаспода — прастакутны ў плане аднапавярховы будынак сіметрычнай кампазіцыі, накрыты вальмавым дахам. Вось кампазіцыі падкрэсленая на галоўным фасадзе чатырохкалонным порцікам, на дваровым — рызалітам з тэрасай. Бакавыя крылы вылучаныя рызалітамі з прастакутнымі атыкамі ў завяршэнні. Сцены апрацаваныя пілястрамі, нішамі, філёнгамі, прафіляванымі ліштвамі і сандрыкамі, арнаментальнымі разеткамі і вісячымі гірляндамі. Планіроўка анфіладная. У цэнтральнай частцы вестыбюль і парадная зала з выхадам на тэрасу. У інтэр’еры зберагліся кафляныя печы, вітыя ўсходы (чыгуннае ліццё канца XIX ст.). Галоўны ўезд і партэр перад домам аформлены шпалерамі з елкі і лістоўніцы. На схілах узгорку быў пейзажны парк (засталіся фрагменты).

У гасподзе размешчаная школа.


А.М. Кулагін

 


ГРОЗАЎ. СЯДЗІБА


Помнік дойлідства кластцызму, пабудаваная ў в. Грозаў (Капыльскі р-н). Да 1863 г. належала Мержыеўскім, пазней — Вітгінштэйнам. Палац — мураваны двухпавярховы будынак з вальмавым дахам. Цэнтр сіметрычна-восевай кампазіцыі падкрэслены чатырохкалонным порцікам з пандусам на галоўным і глыбокім рызалітам на дваровым фасадах (на акварэлі Н. Орды 1864—76 гг. таксама меў чатырохкалонны порцік). Да заходняга тарцу палацу далучаная аднапавярховая службовая прыбудова. Пластыка фасадаў ствараецца прафіляванымі цягамі, ліштвамі прастакутных акон і дзвярэй, лапаткамі і рустам па вуглах будынку. Планіроўка анфіладна-калідорная з цэнтральнай групай парадных памяшканняў і вялікім вестыбюлем з двухбаковай лесвіцай. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні. З боку дваровага фасаду на схіле ўзгорку быў разбіты парк (не захаваўся).

У палацы размешчаная школа.


А.М. Кулагін

 


ГРУДЗІНАЎКА. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Створаны ў 1-й палове XIX ст. ў в. Грудзінаўка (Быхаўскі р-н) у маёнтку магілеўскага губернскага графа Д. Таўстога.

Цэнтр кампазіцыі — палац, размешчаны на вяршыні ўзгорку, на паўночна-ўсходнім схіле якога пладовы сад, на паўночна-заходнім — парк. Мураваны будынак палацу мае цэнтрычную кампазіцыю, двухпавярховы квадратны ў плане асноўны аб’ём на цокальным паверсе накрыты пакатым чатырохсхільным дахам і ўвянчаны купалам. Да тарцоў далучаныя вузкія аднапавярховыя прыбудовы. У цэнтры галоўнага фасаду выступае паўкруглая шасцікалонная дарычнага ордэру тэраса; рызаліт завершаны дзвюхступеньчатым атыкам. Планіроўка калідорная, у цэнтральнай частцы шырокі вестыбюль з лесвіцай, над якім размешчаная парадная зала. Пачатковая планіроўка змененая. У будынку размешчаны дзіцячы дом.

Парк (плошча каля 6 га) пейзажнага тыпу з рэгулярнай партэрнай часткай перад палацам. Перад паўночна-заходнім фасадам палацу партэр з глыбокім штучным прастакутным у плане вадаёмам з фантанамі (збярогся часткова) і дэкаратыўнымі пасадкамі елкі калючай блакітнай, дуба звычайнага пірамідальнага, ліпы крымскай. У ландшафтнай частцы парку ў групаў і асобных пасадках выкарыстана больш за 60 відаў дрэў і хмызняку. Парк абмежаваны вадаёмам у нізіне, з паўночнага захаду — масівам лістоўніцы эўрапейскай, з паўночнага ўсходу — шпалерамі туі заходняй і насадкамі піхты сібірскай і вольхі шэрай разрэзаналістай.

Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


ГРУШАЎКА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства канца XVIII — пачатку XX ст. Пабудавана ў в. Грушаўка (Ляхавіцкі р н). Займае амаль прастакутны ў плане ўчастак, плошчаю каля 14 га. Уключае драўляную палац, два мураваныя флігілі, капліцу-пахавальню, гаспадарчыя пабудовы, невялікі парк рэгулярнай планіроўкі з сажалкай і пладовы сад. Комплекс арганізаваны вакол прастакутнага панадворку, вось сіметрыі якога паралельна галоўнай алеі парку. Палац пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX ст. на месцы мураванага класіцыстычнага палацу канца XVIII ст (вядомы па акварэлі Н. Орды). Аднапавярховы, прастакутны ў плане, накрыты вальмавым дахам, мае рысы стылю мадэрн. Цэнтральная частка вылучаная мансардавым паверхам і вялікай тэрасай на чатырох тонкіх разных слупах. Абапал галоўнага ўваходу — крывалінейныя лесвіцы. Планіроўка анфіладная з параднай залай у цэнтры. Інтэр’еры былі аздобленыя размалёўкай, разьбой, кафлянымі грубкамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні. Мураваная прастакутная ў плане з трохграннай алтарнай часткай капліца-нахавальня і агароджа з брамай пабудаваныя ў 2-й палове XIX ст. ў формах рэтраспектыўнай готыкі. Галоўны ўваход аформлены перспектыўным парталам. Вокны-вітражы са спічастымі завяршэннямі. У інтэр’еры ажурнае нервюрнае скляпенне.


А.М. Кулагін

 


ГРЫНЕВІЧЫ. КАСЦЁЛ ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1792 г. у в. Грыневічы (Свіслацкі р-н). Мураваная трохнефавая базіліка з бязвежавым фасадам і прастакутнай алтарнай апсідай накрытая пакатым (раней высокім) двухсхільным дахам. Кароткія бакавыя нефы завершаныя невысокімі аб’ёмамі сакрысцій. Сцены бакавых фасадаў рытмічна расчлянёныя плоскімі пілястрамі. Вокны з лучковымі завяршэннямі. Пукаты галоўны фасад падзелены на два ярусы на ўзроўні карнізаў нефаў і завершаны фігурным франтонам. Дэкор галоўнага фасаду і інтэр’ер змененыя пры перабудове касцёлу пад праваслаўную царкву ў 1870 г. Зберагліся дзверы з каванымі накладкамі, фрагменты мураванай агароджы і брама XVIII ст.

Касцёл не дзейнічае. Засталіся толькі сцены.


Л.В. Трэпет

 


ГУДАГАЙ. КАСЦЁЛ НАВЕДЗІНАЎ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1764 г. у в. Гудагай (Астравецкі р-н) пры кляштары кармелітаў (не збярогся) у стылі барока. Асноўны прастакутны ў плане зруб накрыты агульным дахам з пластычна выгнутымі вальмамі над пяціграннай апсідай і шатровымі вежачкамі па краях вільчыка. Раней касцёл быў дзвбхвежавы — па баках трохкутнага франтону ўзвышаліся два чацверыкі з гранёнымі купалкамі. Да галоўнага фасаду прыбудаваныя ўваходны тамбур, па баках апсіды — нізкія сакрысціі. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, прарэзаныя лучковымі вокнамі ў плоскіх ліштвах, умацаваныя брусамі-сцяжкамі, завершаныя прафіляваным карнізам. Уваходныя дзверы аформленыя дэкаратыўнай укладкай шалёўкі складанага малюнку. На тарцовай сцяне апсіды кансольна размешчаная скульптура "Распяцце" пад трохкутнай навіссю. Зала храму перакрытая плоскай столлю. Над уваходам на ддзвухвух слупах хоры з арганам ракайльна-класіцыстычнай трактоўкі. Інтэр’ер упрыгожваюць тры драўляныя алтары канца XVIII ст., выкананыя ў стылі ранняга класіцызму. У іх дэкоры выкарыстаныя іанічная каланада, драўляная скульптура, разны арнамент, пазалота, чаканныя аправы алтарных абразоў. З боку ад галоўнага фасаду размешчаная аднаярусная каркасная квадратная ў сячэнні званіца з шатровым завяршэннем.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін, А.М. Кулагін

 


-Д-

 


ДАБРАСЛАЎК. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства XVIII ст. Пабудаваная ў 1758 г. у в. Дабраслаўка (Пінскі р-н). Асноўнае памяшканне і вузкі бабінец аб’яднаныя ў адным прастакутным зрубе пад двухсхільным (раней трохсхільным) дахам, пяцігранная алтарная апсіда мае самастойны шматсхільны дах. У сярэдзіне XIX ст. з захаду да царквы прыбудаваная трох’ярусная чацверыковая званіца. У цэнтры даху пастаўлены васьмерыковы барабан з шатром. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. Над бабінцам — хоры.

Царква дзейнічае.


Ю.А. Якімовіч

 


ДАВЫД-ГАРАДОК

 
Горад ў Столінскім р-не, прыстань на р. Гарынь. За 35 км ад Століну, 280 км ад Берасця. Паводле падання засннаваны ятвяжскім князем, які пры хрышчэнні прыняў імя Давыд. Паводле археалагічных звестак горад існаваў у XII ст. ў складзе Кіеўскай Русі. Мяркуюць, што ён заснаваны ўнукам Яраслава Мудрага валынскім князям Давыдам Ігаравічам у сутоках рэк Гарынь і Няпраўда (перасохла). Старажытнае гарадзішча было ўмацаванае ровам і валам з драўлянымі абарончымі сценамі. Мела шчыльную забудову рэгулярнай планіроўкі. З паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад ішлі вуліцы з драўлянымі маставымі. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы — аднакамерныя, прастакутныя ў плане (плошча да 20 м2), з хваёвых бярвён і тэхнікай рубкі ў верхняе абло з астаткам. Сярод жылой забудовы стаяла драўляная царква (складалася з прастакутных у плане большага асноўнага зруба і меншага алтарнага; каля яе выяўленыя пахаванні ў драўляных калодах). У гістарычных дакументах упамінаецца ў канцы XIV ст. як горад Вялікага княства Літоўскага: уласнасць Вялікага князя, з 1523 г. каралевы Боны, з 1551 г. магнатаў Радзівілаў. Паводле некаторых звестак, горад меў магдэбургскае права. У 1579—86 гг. і з канца XIX ст. — цэнтр ардынацыі (з 1586 г. у Клецкай, з 1875 г. у Нясвіжскай ардынацыях). У 1655 г. у час руска-польскай вайны разбураны і спалены маскалямі. У XVII—XVIII стст. цэнтрам гораду быў драўляны замак на месцы старажытнага гарадзішча, перад ім знаходзіліся сад і драўляны касцёл (пабудаваны ў 1649 г., адноўлены ў 1811 г., у 1839 г. згарэў). Замак мостам цераз канал злучаўся з гандлёвай плошчай (забудавана храмамі, каморамі, дамамі рамеснікаў і гандляроў), у цэнтры якой стаяла драўляная Васкрасенская царква. У сярэдзіне XVIII ст. на плошчы пабудаваны гасціны двор — квадратны ў плане гандлёвы комплекс з 75 крамамі і чатырма брамамі. Ад замку і плошчы ў радыяльных напрамках разыходзіліся асноўныя вуліцы, якія перасякаліся паўкальцавымі (у XVII ст. — дванаццаць вуліц, 365 двароў у 1631 г., 277 — у 1675 г.). Самыя доўгія вуліцы Нагорная і Узбалотная; у горадзе было пяць мастоў. У XVII ст. на паўночнай ускраіне пабудаваная Георгіеўская царква. На поўдне ад асноўнай гарадской тэрыторыі, на левым беразе р. Няпраўда быў сядзібны комплекс — фальварак, вялікая гаспода, гаспадарчыя пабудовы, пры ўездзе стаяла двух’ярусная брама. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, з 1795 г. цэнтр павету Менскай губерніі, з 1796 г. мястэчка Мазырскага павету. У 1796 г. атрымаў герб (на чорным полі выява залатога судна з таварамі, срэбнай прыстані з дзвюма брамамі). У 1897 г. было 7815 жыхароў. У XIX ст. рэканструяваная гарадская планіроўка. Горад займаў правабярэжжа Гарыні, развіваўся на поўнач і ўсход ад старажытнага замчышчу. Яго цэнтрам была гандлёвая плошча. У выніку рэканструкцыі спрамленыя вуліцы, якія ўтварылі прастакутныя кварталы. Галоўныя восі — две вуліцы, што вялі на ўсход ад гандлёвай плошы, і вуліца на поўначы, якая злучалася з дарогамі на Тураў і Слуцак. Мост цераз Гарынь на захадзе злучаў горад з дарогамі на Пінск і Лахву. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка Столінскага павету Палескага ваяводства. З 1939 г. у складзе БССР. З 1940 г. горад, цэнтр раёну Пінскай, з 1954 г. Берасцейскай абласцей. З 1961 г. у Столінскім р-не.

Сучасны Давыд-Гарадок. займае абодва берагі р. Гарыні, якая падзяляе яго на левабярэжную (заходнюю) і правабярэжную (усходнюю) часткі. У структуры дойлідства вылучаюцца тры планіровачныя раёны — заходні, цэнтральны і ўсходні, звязаныя паміж сабою мастамі. Асаблівасць планіроўкі вызначаюць таксама прытокі Гарыні Хорст і Седка. Галоўная вось гораду — вул. Савецкая (магістраль Пінск — Тураў у правабярэжнай частцы). На ёй сфармаваўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр з адміністрацыйнымі, сацыяльна-побытавымі будынкамі і двухпавярховымі жылымі дамамі. У цэнтральным раёне знаходзяцца таксама вуліцы Лермантава, К. Цэткін. Тут, на правым беразе Гарыні (гістарычны цэнтр) — гарадзішча XII ст., вакол якога засталася радыяльна-кальцавая планіроўка.

Горад забудоўваецца паводле генпланаў 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Г. Пальчэўская, Д. Паташнікаў, М. Пракалей) і 1985 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Паташнікаў).


Ю.А. Якімовіч

 


ДАВЫД-ГАРАДОК. ЦАРКВА СВЯТОГА ГЕОРГІЯ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 2-й палове XVII ст. ў г. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н) майстрамі Усходнепалескай школы дойлідства (глядзі артыкул "Палескія школы дойлідства"), перабудаваная ў 1724 г. Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прастакутны ў плане бабінец, асноўны аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя чатырохграннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на васьмігранных барабанах. Да апсіды з поўначы прыбудаваная рызніца, да бабінца з захаду — тамбур, завершаныя двухсхільнымі дахамі. Асноўны аб’ём мае дадатковы чацверыковы ярус, які абапіраецца на бэлькі паміж зрубамі бабінца і алтару. Ярусы падзяляе прычолак. Сцены знадворку ашаляваныя гарызантальна ў верхняй частцы, вертыкальна і ў "елку" ў ніжняй частцы, умацаваныя шырокімі лапаткамі. Вокны з трохгранным завяршэннем і крыжападобныя (у верхнім ярусе асноўнага аб’ёму). Дахі над бабінцам і апсідай крыху ссунутыя на захад і ўсход і злучаныя з цэнтральным аб’ёмам (двухсхільнымі стрэшкамі паміж асобнымі вярхамі). У кампазіцыйнай будове царквы выкарыстаная старажытна-руская сістэма прапорцый, пры якой дыяганаль цэнтральнага аб’ёму ў плане вызначае яго вышыню да асновы барабану купальнай галоўкі. У інтэр’еры дамінуе цэнтральны двухсветлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды іканастасам. Усе памяшканні маюць плоскія бэлечныя перакрыцці. Мяркуюць, што раней шатровыя вярхі былі адкрытыя ў інтэр’ер. Драўляны разны іканастас створаны ў 1751 г. у стылі барока (майстар невядомы), устаноўлены на высокім цокалі з жывапіснымі кампазіцыямі "Хрыстос Пастар", "Пейзаж з гарой", "Архістратыг Міхал". Мае чатыры рады. Першы знізу (мясцовы) падзелены разнымі залачонымі калонкамі на сем праёмаў: у цэнтральным знаходзіліся царскія вароты (цяпер у Заслаўскім музеі рамёстваў і народных промыслаў), паабапал размешчаныя абразы "Маці Боская Адзігітрыя" ў абкладзе 1752 г., выкананым майстрамі Мікітай і Пархомам, і "Хрыстос Уседзяржыцель" у абкладзе 1767 г. работы Д. Ткачука і С. Грэчкі. Другі рад святочны, складаецца з дванаццаць кампазіцый на тэмы жыцця Маці Боскай і Ісуса Хрыста. У трэцім (апостальскім) радзе — выявы дванаццаці апосталаў. Завяршае іканастас чацвёрты (прарочы) рад з шасці абразоў. Вертыкальную вось іканастасу складаюць размешчаныя над царскімі варотамі абразы "Тайная вячэра", "Спас Архірэй" і "Саваоф". Адзінства кампазіцыйнай будовы твораў і іх колеравага вырашэння садзейнічаюць стварэнню суцэльнага вобразу, адпаведнага дойлідству царквы. У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажом. Іканастас багата размаляваны і аздоблены асобнымі залачонымі разнымі накладкамі.

У 1990 г. царква перададзеная веруючым. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч, Э.I. Вецер

 


ДАВЫД-ГАРАДОК. ЗАМАК


Існаваў у XVI — 1-й палове XVIII ст. ў г. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н). Пабудаваны на месцы старажытнага дзядзінцу ў сутоках рэк Гарынь і Няпраўда. Стаяў на штучнай выспе, умацаванай палямі і хмызняком. Быў абкружаны вадзяным ровам, узровень вады ў якім рэгуляваўся сістэмай шлюзаў, умацаваны земляным валам з драўлянай абарончай сцяной і трымя вежамі. У час руска-польскай вайны (1654—67 гг.) знішчаны. Адноўлены і рэканструяваны ў 1670—90-я гады. Комплекс складаўся з Верхняга ("горнага") і Ніжняга ("перадзамачча") замкаў (агульная даўжыня сцен каля 1 км), злучаных мостам. Ніжні замак, абкружаны вадзяным ровам і ўмацаваны земляным валам, ахоўваў Верхні замак з боку гораду і мостам злучаўся з гандлёвай плошчай гораду. Перад валам верхняга замку стаяла дубовая двух'ярусная брама з залай у другім ярусе. За брамай была лесвіца, якая вяла з вала на замкавы дзядзінец. У цэнтры дзядзінца знаходзілася дубовая студня, па баках ад яе стаялі гаспадарчы будынак і жылы дом з двума алькежамі і ганкам, накрытыя гонтавым дахам. У 1690-я гады ў цэнтры Верхняга замку пабудаваны прастакутны ў плане драўляны палац, які меў рысы стылю барока. Палац накрыты гонтавым дахам, з ганкам перад уваходам. Дубовыя дзверы вялі ў прасторную прыхожую, злева ад якой размяшчаліся сталовая з васьмю вокнамі ў алавяных пераплётах, грубкай з зялёнай паліванай кафлі і камінам, пяць жылых пакояў. У процілеглай частцы палацу было пяць жылых пакояў і алькеж. Планіроўка анфіладная.

Комплекс не збярогся.


Ю.А. Якімовгч

 


ДАМАЧАВА

 

Гарадскі пасёлак у Берасцейскім р-не. За 52 км на поўдзень ад Берасця. У XIX ст. мястэчка, цэнтр воласці Берасцейскага павету. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. З 1956 г. у Берасцейскім р-не.

Галоўная вось — вул. Акцябрская, на якой размешчаная плошча — грамадскі цэнтр Дамачава. Вул. Камсамольская злучае цэнтр з чыгуначнай станцыяй і цэнтральнай сядзібай саўгасу "Дамачаўскі". Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Акцябрская, Леніна і Камсамольская. Пераважае аднапавярховая жылая забудова сядзібнага тыпу. Зона адпачынку знаходзіцца на беразе сажалкі (паўночны захад). Прамысловая зона на паўночным усходзе. Збярогся помнік дойлідства пачатку XX ст. — драўляная царква Святога Лукі (1905 г.), у інтэр’еры якой ёсць творы беларускага іканапісу XVII—XVIII стст.

Паводле генплану 1982 г. (БелНДІгіпрасельбуд) прадугледжанае развіццё пасёлку ва ўсходнім напрамку, будаўніцтва 2—3-павярховых жылых дамоў.


М.У. Банчук, Р.А. Шылай

 


ДАРАПЕЕВІЧЫ. ЦАРКВА НАРАДЖЭННЯ БОЖАЙ МАЦІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1671 г. у в. Дарапеевічы (Маларыцкі р-н). Адносіцца да тыпу аднавежавых культавых будынкаў, яе дойлідства блізкая да абарончых готыка-рэнесансавых мураваных храмаў XVI—XVII стст. Спачатку царква ўключала прастакутныны асноўны аб’ём, завершаны квадратным у плане верхам, і вежу-званіцу з захаду, у ніжнім ярусе якой знаходзіліся бабінец і хоры. Унутраную прастору храму замыкаў з усходу вялікі разны алтар. Увесь будынак па перыметры абкружала адкрытая слупавая галерэя — "кружганак". У 1902 г. царква рэканструяваная. Трохзрубную падоўжна-восевую кампазіцыю (на невысокім бутавым падмурку) утвараюць прастакутныя ў плане асноўны аб’ём, званіца і алтарная апсіда. Асноўны аб’ём і больш нізкая за яго апсіда накрытыя вальмавымі дахамі, завершанымі цыбулепадобнымі купалкамі на глухіх васьмерыках. Дзвюхярусная чацверыковая званіца з шатровым дахам з галоўкай. Сцены знадворку гарызантальна ашаляваныя, умацаваныя лапаткамі, расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, аформленымі плоскімі ліштвамі. Верхні ярус званіцы дэкарыраваны двухпралётнымі арачнымі вокнамі.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч

 


ДАСТОЕВА. СЯДЗІБА

 

Існавала ў XVIII ст. ў в. Дастоева (Іванаўскі р-н). Уключала панскі двор, абкружаны ровам з вадой і драўлянай агароджай, гаспадарчыя пабудовы, два вялікія сады, сажалкі. Па восі галоўнага ўезду ў глыбіні панадворку стаяла накрытая высокім гонтавым дахам вялікаяі аднапавярховая гаспода, падзеленая сенцамі на две часткі: жылую (уключала пяць пакояў і невялікую капліцу) і сталовую. Побач з домам былі кухня, двухпавярховы лямус з галерэямі, стайня, вазоўня і іншыя пабудовы. Галоўны ўезд быў вырашаны манументальнай дыух’яруснай брамай-вежай, завершанай высокім гонтавым шатром (у ніжнім ярусе знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні, у верхнім — вялікая зала з адкрытай галерэяй). Панскі двор мостам быў злучаны з гаспадарчай часткай, дзе жыла прыслуга, знаходзіліся хлявы, стайні, свірны, адрыны, павеці, гумны, бровар, млын і двухпавярховы драўляны дом аканома.

Сядзіба належала продкам Ф.М. Дастаеўскага.


Ю.А. Якімовіч

 


ДАЎБУЧКІ. МЯЧЭЦЬ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў XVIII ст. ў в. Даўбучкі (Смаргонскі р-н). Асноўны прастакутны ў плане зруб падзелены на дзве часткі з асобнымі ўваходамі і накрыты дванаццацігранным гонтавым купалам. Уваходы злучаныя арачнай галерэяй на так званых кручаных слупах. З паўночна-заходняга боку двух’ярусны чацверыковы мінарэт, завершаны шатровым дахам. Сцены гарызантальна ашаляваныя дошкамі. Вокны прстакутныя. Інтэр’ер зальны, з плоскай столлю. Амаль квадратная ў плане зала ва ўсходняй частцы мае пяцігранную нішу — міхраб, насупраць якой размешчаны балкон, упрыгожаны точанымі балясінамі. У мячэці спалучаецца дойлідства, уласцівае культавым збудаванням Усходу (цэнтрычнасць асноўнага аб’ёму і сіметрычная кампазіцыя пабудовы), з традыцыямі драўлянага дойлідства.


С.А. Сергачоў

 


ДАЎГІНАВА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА СТАНІСЛАВА


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. ў в. Даўгінава (Вілейскі р-н). Трохнефавая бязвежавая базіліка з высокай паўкруглай апсідай, прарэзанай вялікім паўцыркульнымі вокнамі. Кампазіцыя будынку сіметрычная. Галоўны фасад вылучаны магутным порцікам з чатырма калонамі дарычнага ордэру, завершаны трохкутным франтонам. Аб’ёмы бакавых нефаў ніжэй асноўнага, з боку галоўнага фасаду і апсіды з атыкамі. Паверхні сцен чляняцца плоскімі лапаткамі па кутах, завершаныя развітым шматслойным карнізам, які праходзіць па перыметры будынку. Прастакутныя аконныя праёмы аздобленыя прафіляванымі ліштвамі. Цэнтральны і бакавыя ўваходныя парталы маюць лучковае завяршэнне, дзверы філёнгавыя. У інтэр’еры сцены дэкарыраваныя пілястрамі з капітэлямі. Столь плоская, падшыўная. У дэкоры выкарыстаныя элементы ракако — ірваныя франтоны, пазалота, скульптура і разьба. Побач з касцёлам квадратная ў плане аднаярусная драўляная званіца пад пакатым чатырохсхільным дахам, завершаным літым чыгунным крыжам.

Касцёл дзейнічае.


Ю.А. Пятросава

 


ДАЎГІНАВА. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 2-й палове XIX ст. (да 1886 г.) з цэглы ў в. Даўгінава (Вілейскі р-н). Храм чатырохчасткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб’ём з прыдзеламі, апсіда. Прыдзелы і апсіда вырашаныя паўратондамі. Дзвюхярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудаваная над прытворам і завершаная цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны васьмігранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам і цыбулепадобнай галоўкай. Грані барабану і званіцы маюць кілепадобныя завяршэнні. Галоўны і бакавыя ўваходы вылучаныя двухслуповымі порцікамі з трохкутнымі франтонамі. Фасады прарэзаныя адзінарнымі і падвойнымі арачнымі вокнамі ў плоскіх ліштвах, дэкарыраваныя паясамі парэбрыка і зубцоў, лапаткамі. Унутраная прастора храму перакрытая цыліндрычнымі скляпеннямі, сферычным купалам на ветразях у сяродкрыжжы, конхамі ў апсідзе і прыдзелах, расчыненых у залу ціырокімі арачнымі прасветамі. Апсіда аддзеленая драўляным пазалочаным іканастасам.

Царква дзейнічае.


Л.М. Кулагін

 


ДВОР НІЗГАЛАВА. СЯДЗІБА "НІЗГАЛАВА"

 

Помнік сядзібнага дойлідства 2-й паловы XIX ст. Створана на ўскраіне в. Двор Нізгалава (Бешанковіцкі р-н), на беразе р. Ула, у стылі позняга класіцызму. Комплекс уключае: гасподу (пашкоджаная ў 1944 г., адноўленая ў 1970 г.), афіцыну, кухню, вяндлярню, два гаспадарчыя корпусы.

Гаспода — пстакутны ў плане аднапавярховы мураваны аб’ём, накрыты вальмавым дахам. У пластыцы фасадаў выкарыстаныя элементы класіцызму з характэрнай для 2-й паловы XIX ст. адвольнай трактоўкай ордэру.

Ад гасподы да поймы ракі спускаюцца чатыры тэрасы, абсаджаныя шпалерамі з елкі звычайнай. Тэрыторыя сядзібнай забудовы злучаецца з паркавай зонай невялікімі курцінамі з елак, хвояў і клёнаў. Кампазіцыя парку (плошча 4 га) — прыклад перабудовы рэгулярнага парку (элементы якога зберагліся) у пейзажны. Рэгулярны парк складаўся з дзевяці аднолькавых баскетаў, якія дзяліліся чатырма падоўжанымі і чатырма папярочнымі алеямі з круглымі пляцоўкамі на перакрыжаваннях. Пры перабудове парку ў пейзажны высаджаныя экзоты і дэкаратыўны хмызняк, на месцы падоўжаных алей зробленыя маляўнічыя палянкі. Сярод насаджэнняў парку лепшы ў рэспубліцы экземпляр бярозы далекарлійскай (вышыня 17 м, дыяметр ствала 58 см), рэдкі на Беларусі кедр эўрапейскі калонападобны (вышыня 12 м, дыяметр ствала 48 см).

На тэрыторыі былой сядзібы размешчаная школа. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін

 


ДЗЕДЗІНА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Створаная ў 1810—20 гг. у в. Дзедзіна (Міёрскі р-н) па заказе дваранскага суддзі А. Рудніцкага, дойлід Віткоўскі. Апошні ўладальнік Вішнявецкі. Кампазіцыйны цэнтр комплексу — мураваная гаспода, перад якою быў разбіты пейзажны парк (захаваліся фрагменты). Гаспода — прастакутны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты вальмавым дахам. Цэнтр галоўнага фасаду вылучаны чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам. У аздобе фасадаў выкарыстаныя пілястры, рустоўка, прафіляваныя карнізы. Планіроўка анфіладна-калідорная. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні. Гаспадарчыя пабудовы з каменю (1849 г.) размешчаны ва ўсходняй частцы сядзібы.

Гаспода выкарыстоўваецца як адміністацыйны будынак. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


ДЗЕРАЎНАЯ. КАСЦЁЛ ЗВЕСТАВАННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства готыкі і рэнесансу. Заснаваны ў 1590 г. згодна волі Эўфеміі Вярбіцкай (жонка валынскага ваяводы Андрэя Вішнявецкага), яе спадкаемцамі Мікалаем Крыштофам Радзівілам і Гальшкай Эўфеміяй Вішнявецкай. Пабудаваны ў 1-й палове XVII ст. ў в. Дзераўная (Стаўбцоўскі р-н) на царкоўным пляцы (пазней на ім жыў кальвінскі міністр); ёсць звесткі, што мураваны касцёл будаваў віленскі канонік і дзераўноўскі пробашч Войцех Сялява. Рэстаўрыраваўся ў пачатку XVIII ст., у 2-й палове XVII ст. была прыбудаваная вежа з цэглы, у XVIII ст. збудаваная новая вежа. Сцены храму складзеные з цэглы, якая мае канаўкі на адной з шырокіх паверхняў. Мураваны зальны храм з паніжанай пяціграннай апсідай, абапал якой две вузкія прастакутныя сакрысціі. Сцены ўмацаваныя высокімі (да карнізу) контрфорсамі. Акцэнт галоўнага фасаду — трох’ярусная вежа (ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні — васьмігранны) накрытая высокім шатром, грані аздобленые плоскімі нішамі. Сцены ўверсе рытмічна расчлянёныя вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках, з глыбокімі распалубкамі над аконнымі праёмамі; бабінец і сакрысціі з крыжовымі скляпеннямі. Асноўнае памяшканне і апсіда злучаныя шырокім арачным праёмам. Храм вызначаецца рацыянальнасцю кампазіцыі і строгасцю сілуэту.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашзвіч

 


ДЗЕТКАВІЧЫ. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1740 г. у в. Дзеткавічы (Драгічынскі р-н). Складаецца з прастакутных у плане асноўнага і алтарнага зрубаў, накрытых агульным дахам з трохкутнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў і невялікай гранёнай галоўкай над галоўным фасадам. Па падоўжнай восі да алтарнага зрубу прыбудаваная нізкая рызніца з аднасхільным дахам, што надае камііазіцыі храму ступеньчаты абрыс. Сцены гарызантальна ашаляваныя і завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Галоўны фасад аздоблены чатырмя лапаткамі рознай вышыні, завершаны шчытом з франтончыкам над ім і рамбічным акном у цэнтры. Двух’ярусная чацверыковая званіца-брама размешчаная асобна на восі царквы. Канструкцыі верхняга скразнога ярусу званіцы маюць таксама малюнак у выглядзе ромбаў.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Г.В. Габрусь

 


ДЗІВІН. ЦАРКВА СВЯТОЙ ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1740 г. у в. Дзівін (Кобрынскі р-н). Мае рысы стылю барока. Асноўны прастакутны зруб і пяцігранная алтарная апсіда, ад якой па баках прыбудаваныя нізкія рызніцы, накрытыя агульным дахам з навісямі ў месцы злучэння зрубаў. На галоўным фасадзе тарэц двухсхільнага даху вырашаны як спалучэнне франтону і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж дзвюма чацверыковымі вежамі. Вежы завершаныя гранёнымі галоўкамі, такая ж галоўка і над алтаром. Галоўны фасад на ўзроўні хораў аформлены галерэяй з балюстрадай. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя з разнымі ліштвамі. У XIX ст. да галоўнага фасаду прыбудаваны тамбур з двухсхільным дахам. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы ў 2-й палове XIX ст. ўзведзеная званіца (васьмярык на чацвярыку), накрытая высокім шатром.

Царква не дзейнічае, знаходзіцца ў аварыйным стане. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь

 


ДЗІСНА


Горад у Міёрскім р-не, пры ўпадзенні р. Дзісна ў Заходнюю Дзвіну. За 45 км на ўсход ад Міёраў. Паводле некаторых звестак, заснаваны ў пачатку XI ст. полацкімі крывічамі як невялікая крэпасць Капец-гарадок. З 1301 г. у Вялікім княстве Літоўскім. Да 2-й паловы XVI ст. невялікае паселішча, з 1563 г. мястэчка (дзяржаўнае ўладанне) Полацкага ваяводства. У 1567 г. атрымала герб з выявай трох мураваных вежаў. У 1569 г. з наданнем магдэбургскага права і новага гербу (выява ладдзі з разгорнутым ветразем на блакітным полі) — горад. У 1554 г. на выспе ў сутоках рэк Заходня Дзвіна і Дзісна на паўночным усходзе ад паселішча пабудаваны замак, які складаўся з Ніжняга (меў дзевяць вежаў у 1661 г.) і Верхняга замкаў, умацаваных высокімі землянымі валамі, драўлянымі сценамі (у XVIII ст. ўмацаванні замку разбураныя, захаваліся валы Ніжняга замку). На тэрыторыі замку знаходзіліся гандлёвая плошча, жылыя дамы гараджан, арсенал, паміж валоў — сажалка. У XVII ст. — цэнтр староства. Існавалі праваслаўныя Васкрасенская (XVI ст.), Спаса-Праабражэнская (каля 1669 г.), Увядзенская і уніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл (1581 г.), францысканскі кляштар (1630 г., спачатку драўляны, мураваны будынак касцёлу ўзведзены ў 1733 г., кляштару — у 1818 г.; зберагліся часткова). У Паўночную вайну 1700—21 гг. разбураная. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыіі, з 1795 г. цэнтр павету Менскай, з 1842 г. — Віленскай губерній. Паводле плану канца XVIII ст. горад размяшчаўся на мысе ў сутоку Заходняй Дзвіны і Дзісны, куды былі скіраваныя дзве асноўныя магістральныя вуліцы — Замкавая (сучасная Юбілейная) і Васкрасенская (сучасная Кірава). Меў квартальную прастакутную планіроўку. У цэнтры на скрыжаванні вуліц размяшчаліся гандлёвая плошча з крамамі, ратуша і праваслаўны манастыр з царквой, парафіяльны касцёл. Адна з вуліц ішла ўздоўж Заходняй Дзвіны і злучала цэнтр з дарогай на Друю. На правым беразе Дзвіны размяшчалася слабада. Забудова была амаль цалкам драўляная (знішчаная ў час пажару 1882 г.). У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр павету Віленскага ваяводства. З 1939 г. у складзе БССР, з 16.1.1940 г. цэнтр раёну. З 1959 г. у Міёрскім р-не.

У горадзе захавалася планіровачная структура XVI—XVIII стст. Сетка вуліц прастакутная з невялікімі кварталамі. Галоўная вось — вул. Леніна, якая перасякае горад з захаду на ўсход; забудаваная 2—3-павярховымі і аднапавярховымі цаглянымі жылымі дамамі. Да яе прылягае цэнтральная плошча (фармуецца, пабудаваны універмаг, разбіты сквер). Грамадскі і культурны цэнтр размешчаны на вуліцах Леніна і Юбілейнай. Пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Паўднёвая частка гораду забудоўваецца двухпавярховымі жылымі дамамі. Пры ўпадзенні Дзісны ў Заходнюю Дзвіну — парк. Прамысловая зона на поўдні. Захаваліся паблізу плошчы група 1—3-павярховых жылых дамоў (канец XIX — пачатак XX ст.), царква Адзігітрыі на могілках (у ёй знаходзіцца адліты з бронзы ў 1751 г. звон — помнік ліцейнага мастацтва).

Паводле генпланаў 1976 г. і 1987 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Л. Пілатовіч) горад развіваецца ў паўднёвым напрамку ўздоўж вул. Леніна.


Ю.А. Якімовіч, Т.А. Альхімовіч, Л.М. Пілатовіч

 


ДЗІЎНАЯ. СЯДЗІБА


Помнік палацава-паркавага дойлідства XVIII—XIX стст. Створаная ў в. Дзіўная (на былым хутары Гарадзец; Шаркоўшчынскі р-н). Уключае палац, парк, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, капліцу. Кампазіцыйным цэнтрам сядзібы з’яўляецца палац. Пабудаваны ў канцы XVIII ст. з цэглы ў стылі класіцызму. У пачатку XX ст. часткова перабудаваны, змененыя аздабленне фасадаў і ўнутраная планіроўка, але захаваная агульная кампазіцыя. Выцягнуты аднапавярховы будынак мае двухпавярховую цэнтральную частку, вылучаную чатырохкалонным порцікам. Фасады аздобленыя прафіляванымі ліштвамі аконных праёмаў, на другім паверсе — дадаткова пілястрамі і сандрыкамі. У цэнтральнай частцы першага паверху размяшчаліся вестыбюлі і парадная зала з выхадам на тэрасу, на другім — жылыя пакоі. Бакавыя часткі мелі калідорную планіроўку. Тры крутыя выгіны ракі Мнюта ўдала выкарыстаныя для стварэння пейзажнай кампазіцыі парку і штучных вадаёмаў.


За ракой па восі палацу — паляна з маляўнічымі групамі бяроз. Парк абсаджаны дрэвамі лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У дэндралагічным складзе трапляюцца елка калючая блакітная, вярба белая ніцая, лістоўніца эўрапейская і дэкаратыўны хмызняк — спірэя, шыпшына, бэз і інш. Гаспадарчыя будынкі зробленыя ў 2-й палове XIX ст. з бутавага каменю, аздобленыя цаглянымі лапаткамі, ліштвамі. Арнаментальныя ўстаўкі з бутавага каменю ўпрыгожваюць уязную браму.


У.В. Алісейчык

 


ДЗЯРЖЫНСК (ДА 1932 г. КОЙДАНАВА)


Горад, цэнтр Дзяржынскага р-ну, на р. Няцеча. За 38 км ад Менску. Вядомы з XII ст. як в. Крутагор’е ў Полацкім, потым Менскім княствах. З 1329 г. у Вялікім княстве Літоўскім. У канцы XV ст. ўласнасць прыватных асоб, з 1539 г. — Вялікага князя Літоўскага і караля польскага Жыгімонта I, у 1550—1831 гг. — Радзівілаў (утварылі Койданаўскае графства; мела герб з выявамі дуба і алівы), потым дзяржаўнае ўладанне. З 1566 г. у Менскім павеце Менскага ваяводства. З 1588 г. мястэчка, у ім было 120 "дымоў". У XVI ст. рэзідэнцыя кальвінізму на Беларусі, пабудаваны драўляны кальвінскі збор (1564 г.) і плябанія, у пачатку XVII ст. на месцы старажытнага гарадзішча на Гаштольдавай гары ўзведзены новы мураваны кальвінскі збор (вядомы як "Койданаўскі замак"), умацаваны мураванай сцяной, вежамі і бастыёнамі. Непадалёк ад збору былі фарны касцёл (заснаваны ў 1439 г.) і Койданаўскія сядзібы (XVII—XIX стст.). У 1620-я гады цэнтр мястэчку — гандлёвая плошча з пяццю крамамі і аднапавярховым будынкам карчмы з мансардай, забудаваная дамамі рамеснікаў і гандляроў. Ад плошчы ў радыяльных напрамках разыходзіліся шэсць вуліц. Асноўныя планіровачныя восі — вуліцы Віленская і Менская (на кожнай больш за 30 двароў). Забудова была вельмі шчыльная. У 1655 г. у час руска-польскай вайны мястэчка спаленае маскалямі. У 1668 г. было 139 сядзіб, 60 пляцаў пуставала. У 1670-я гады мястэчка адноўленае з захаваннем традыцыйнай планіровачнай схемы. Было шэсць вуліц, тры завулкі, 218 сядзібных пляцаў (170 "дымоў") і кальвінская юрыдыка з 23 "дымамі". З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі. Пабудаваны: драўляны касцёл апекі боскай (зараз дзіцячая музычная школа па вул. Першамайскай), у XIX ст. — мураваная царква на месцы драўлянай (1850 г.), чыгуначны вакзал (у 1871 г. каля мястэчка пракладзеная чыгунка), паравы млын, гасціны двор на цэнтральнай плошчы. У 1883 г. было 400 будынкаў, у 1897 г. — 4744 жыхары. У кастрычніку 1920 г. у час акупацыі польскімі войскамі большая частка мястэчка спаленая. У 1920-я гады ў мястэчку 11 вуліц, 14 завулкаў, да яго далучыліся вёскі Агароднікі, Загароддзе і Макаўчыцы. Склалася квартальная рэгулярная планіроўка. Цэнтрам была гандлёвая плошча — Чырвоны пляц. У 1924 г. на левым беразе р. Няцеча (паўночна-ўсходняя ўскраіна) пабудаваная электрастанцыя, драўляны Народны дом у стылі мадэрн (аднапавярховы прастакутны ў плане будынак, накрыты вальмавым дахам). У 1626 г. было 5475 жыхароў, 750 дамоў (амаль усе драўляныя). У 1924—37 гг. і з 1939 г. цэнтр раёну. З 3.5.1932 г. горад, 29.6.1932 г. перайменаваны ў гонар Ф.Э. Дзяржынскага.

Сучасны горад займае абодва берагі р. Няцеча, якая падзяляе яго на заходнюю (асноўная) і ўсходнюю часткі. Галоўная вось гораду вул. Ленінская, на якой сфармавалася плошча — грамадскі цэнтр з адміністрацыйнымі будынкамі. Бульварам плошча злучаная з жылымі раёнамі гораду. Гістарычны цэнтр знаходзіцца на стыку вуліц К. Маркса і Ленінскай. Жылая забудова сканцэнтраваная пераважна ў мікрараёнах па вуліцах Менскай (уздоўж былой шашы) і Энгельса, таксама ў паўночна-заходняй частцы гораду, у мікрараёне па вул. Пратасава. Мае две прамысловыя зоны: больш развітую ўсходнюю і невялікую заходнюю. Зона адпачынку — уздоўж ракі, дзе пабудаванае вадасховішча. Забудоўваецца паводле генплану 1962 г. (інстытут "Белдзяржпраект", дойлід В. Чэпік) і яго карэкціровак 1977 г. (дойліды X. Хасьянаў, Р. Арцёмчык) і 1989 г. (дойлід Л. Сабалеўская; абодвух БелНДІПгорадабудаўніцтва).

Прадугледжанае стварэнне трох планіровачных раёнаў з грамадскімі цэнтрамі, жылымі і прамысловымі зонамі, развіццё агульнагарадскога цэнтру па вуліцах Ленінскай і К. Маркса.


Ю.А. Якімовіч, Р.Л. Арцёмчык

 

 


ДЗЯРЭЧЫН. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ


Комплекс існаваў у XVII — пачатку XX стст. ў в. Дзярэчын (Зэльвенскі р-н). Мураваны касцёл пабудаваны ў 1690 г. у стылі барока на месцы драўлянага храму 1618 г. Прастакутнае ў плане трохнефавае базілікальнае збудаванне з пяццю прыбудаванымі да галоўнага нефу капліцамі (две з іх завяршаліся купаламі). Галоўны фасад быў упрыгожаны вязкамі пілястраў, якія падзялялі яго на тры часткі і завершаныя трохкутным франтонам. Сцены расчлянялі арачныя аконныя праёмы. У інтэр’еры былі фрэскі на біблейскія сюжэты, надмагіллі з разнымі картушамі і скульптурамі. Касцёл згарэў у сярэдзіне XIX ст. Перад касцёлам знаходзіліся злева вежа-званіца, справа гадзіннікавая вежа — квадратнае ў плане двух’яруснае збудаванне з рысамі стылю барока, завершанае складаным па малюнку купальным дахам з чатырма люкарнымі і высокім шпілем. Да касцёлу прылягаў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. складаны па канфігурацыі плану 2—3-павярховы кляштарны будынак. Рытм фасадаў кляштару стварала сетка аконных прастакутных праёмаў. З гандлёвай плошчай Дзярэчына комплекс злучаўся складанай па малюнку трохчасткавай барочнай брамай.

Комплекс не збярогся.


Ю.А. Якімовіч

 


ДЗЯРЭЧЫН. ПАЛАЦ


Быў пабудаваны ў 1786 у в. Дзярэчын (Зэльвенскі р-н) у стылі класіцызму паводле праекту дойлідаў Я.С. Бекера і Л.С. Гуцэвіча як ваенная навучальная ўстанова ("Акадэмія"). Фундатар — канцлер Вялікага княства Літоўскага А. Сапега. У пачатку XIX ст. яго сын Францішак перарабіў будынак на палац і абкружыў яго паркам. За ўдзел Ф. Сапегі ў паўстанні 1831 г. палац секвестраваны царскімі ўладамі. У пачатку XX ст. перароблены ў вайсковыя казармы (да 1906 г.). Палац — аднапавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак. Цэнтральная частка з мансардай на галоўным фасадзе была вылучаная васьмікалонным дарычным порцікам з трохкутным франтонам, аздобленым ляпным геральдычным картушам. Пакаты вальмавы дах быў схаваны парапетам. У дэкоры фасадаў выкарыстоўваліся рытмічна размешчаныя прастакутныя філёнгі і вокны. Планіроўка калідорная з квадратнай залай у цэнтры. Сярод памяшканняў вызначаліся карцінная галерэя, археалагічны кабінет і бібліятэка (пасля секвестрацыі мастацкія каштоўнасці вывезеныя ў Санкт-Пецярбург). Палац размяшчаўся ў парку рэгулярна-тэраснага тыпу ("Малы Версаль") з сістэмай ставоў.

Палацава-паркавы комплекс знішчаны ў 1920—30-я гады.


А.М. Кулагін



ДЗЯРЭЧЫН. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Пабудаваная ў сярэдзіне XIX ст. ў в. Дзярэчын (Зэльвенскі р-н). Кампазіцыя будынку складаецца з асноўнага квадратнага ў плане аб’ёму, прастакутнай (звонку, унутры паўкруглай) апсіды і бабінцу. Асноўны аб’ём накрыты чатырохсхільным дахам з купалам на драўляным светлавым васьмігранным барабане ў цэнтры і чатырма галоўкамі па кутах. Сцены будынку завершаныя развітым карнізам з сухарыкамі. Паўцыркульныя аконныя праёмы размешчаныя ў верхняй частцы, дэкарыраваны броўкамі ў выглядзе какошнікаў. У інтэр’еры чатыры слупы падтрымліваюць канструкцыю сферычнага купалу на ветразях. Над уваходам размешчаныя хоры, якія адкрываюцца ў зальнае памяшканне арачным праёмам. Кутныя часткі перакрытыя крыжовымі скляпеннямі (астатнія — падшытаю плоскаю столлю). Алтарная і падкупальная часткі ўпрыгожаныя фрэскавай размалёўкай.

Царква дзейнічае.


А.Ю.Пятросава

 


ДЗЯТЛАВА


Гарадскі пасёлак, цэнтр Дзятлаўскага р-ну, на р. Дзятлаўка. За 165 км ад Гародні. Вядомае з 1498 г. як уладанне князёў Астрожскіх, падараванае ім пад назвай "Двор Здзечоло" за ваенныя заслугі Вялікім князем Літоўскім Аляксандрам на вечнае ўладанне з правам заснаваць тут горад. У пачатку XVI ст. пабудаваны драўляны замак-фартэцыя, вакол якога ўзнікла новае паселішча (т.з. "мястэчка"), што дало пачатак развіццю пасёлку як гандлёва-рамеснаму, адміністрацыйнаму і рэлігійнаму цэнтру (на сродкі князя Астрожскага была пабудаваная першая царква, не захавалася). У 1646 г. новы ўладар мястэчку Леў Сапега пабудаваў касцёл Успення Багародзіцы. У перыяд Паўночнай вайны (1700—21 гг.) ў 1707—08 гг. у Дзятлава былі раскватараваны на зімовых кватэрах галоўныя сілы рускай арміі, якія ўзначальваў А. Меншыкаў, а ў сярэдзіне студзеня 1708 г. на працягу тыдня тут знаходзіўся Пётр I. Пасля таго, як расейскія войскі пакінулі мястэчка, яно было занятае і спаленае шведамі. У 1751 г. на месцы спаленага замку Радзівіламі пабудаваная сядзіба. Апошнім уладальнікам быў маршалак літоўскі С. Солтан. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Слонімскага павету. У 1893 г. у Дзятлаве 3233 жыхары, прыватная бальніца на шэсць ложкаў (працавалі два лекары), аптэка, народная школа, невялікія майстэрня па вырабу так званага "дзятлаўскага паркету" (з мясцовага дубу), які карыстаўся вялікім попытам, два вадзяныя млыны, медаварня і інш.; два кірмашы на год. У 1897 г. — 3979 жыхароў. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка Наваградскага павету. З 1939 г. у складзе БССР, з 15.1.1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. У 1962—65 гг. у Слонімскім р-не.

Тэрыторыя сучаснага Дзятлава характарызуецца спакойным рэльефам, які паніжаецца да поймы ракі. Найбольш высокія адзнакі рэльефу ў паўднёва-заходняй, найбольш нізкія — у паўночна-заходняй частках. Пераважна захавалася радыяльна-кальцавая планіровачная структура, якая склалася ў XVII—XIX стст. на аснове трох вуліц-дарог на Ліду, Навагрудак, Слонім (сучасныя асноўныя вуліцы Савецкая, Леніна, Міцкевіча, Кірава, Слонімская, Навагрудская, забудаваныя грамадскімі і двухпавярховымі жылымі дамамі). Цэнтр кампазіцыі — прастакутная ў плане пл. 17 Верасня (былая гандлёвая), ад якой у радыяльных напрамках ідуць асноўныя вуліцы. Усходні бок плошчы займаюць двухпавярховыя мураваныя дамы XVII—XIX стст. (былыя дамы рамеснікаў і гандляроў), заходні — двухпавярховыя гатэль і універсальная крама, паўднёвы — чатырохпавярховы будынак камбінату побытавага абслугоўвання. Кампазіцыя забудовы цэнтру фармуецца ўздоўж асноўных восей — вуліц Савецкай (заснаваная на чаргаванні 2— 3- і 4—5-павярховых жылых дамоў у спалучэнні з аб’ектамі сацыяльна-культурнага і побытавага абслугоўвання; на ўчастку ад пл. 17 Верасня да вул. Камсамольскай прадугледжанае стварэнне бульвару), Кірава і Міцкевіча. Вуліцы Школьная, Першамайская, Чапаева, Кастрычніцкая, Перамогі і Чырвонаармейская забудаваныя пераважна 2—5-павярховымі жылымі дамамі, астатняя тэрыторыя — індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. Прамысловая зона пераважна на поўначы. Зона адпачынку — парк па вул. Міцкевіча, сквер перад будынкам былога райкома КПБ, зялёныя насаджэнні па вул. Савецкай, Слонімскай і ў пойме ракі, зарэгуляванай некалькімі сажалкамі, якія ўваходзілі ў паркавую зону былога Радзівілаўскага замку.

Паводле генплану 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) і праекту дэталёвай планіроўкі прадугледжанае аб’яднанне жылой забудовы ў сем узбуйненых кварталаў, забудаваных 2—5-павярховымі капітальнымі жылымі дамамі, рэканструкцыя кварталу, што прылягае да пл. 17 Верасня, і рэстаўрацыя ўключаных у яго будынкаў XVIII—XIX стст.; развіццё гарадскога пасёлку ў паўднёва-ўсходнім напрамку, фармаванне пяціпавярховай жылой забудовы ва ўсходняй, індывідуальнай — у паўднёва-ўсходняй частках.


В.М. Кашырын, П.У. Залейскі

 


ДЗЯТЛАВА. КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1624—46 гг. у г.п. Дзятлава па фундацыі Сапегаў, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка ў партале. Пасля пажару ў 1743 г. галоўны фасад і інтэр’ер перабудаваныя (да 1751 г.) паводле праекту дойліда А. Асікевіча па фундацыі М.Ф. Радзівіла. Мураваны аднанефавы дзвюхвежавы храм з масіўнай алтарнай апсідай накрыты агульным двухсхільным (над апсідай конусападобным) дахам. Сцены рытмічна расчлянёныя вертыкальнымі контрфорсамі. Вялікія вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Галоўны фасад падзелены развітымі гарызантальнымі цягамі на тры часткі. Дзвюхярусныя скразныя вежы з купалкамі і фігурны франтон паміж імі вырашаныя ў стылі позняга барока. У аздабленні фасаду выкарыстаны плоскія пілястры, хвалістыя карнізы, глыбокія нішы. Унутры сцены расчлянёныя шырокімі неглыбокімі пілястрамі і магутным карнізам. Скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі, у апсідзе — крыжовыя. Унутры сем алтароў у стылі позняга барока. Галоўны алтар двух’ярусны, расчлянёны пілястрамі і калонамі карынфскага ордэру, завершаны раскрапаваным антаблементам. Асноўны дэкор сканцэнтраваны на сярэдняй частцы алтару, дзе размешчаныя шэсць скульптур святых (дрэва, таніроўка). Карнізны пояс упрыгожваюць дэкаратыўныя вазы і картушы. Завяршае алтар ляпны картуш. Амбон вырашаны ў стылі ракако. Сярод арнаментальных матываў — акантавы ліст, геральдычныя знакі, ракавіны. На хорах устаноўлены арган, упрыгожаны накладной разьбой па дрэве, пазалотай.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь

 


ДЗЯТЛАВА. СЯДЗІБА


Помнік дойлідства ракако. Створана ў 1751 г. па фундацыі Мікалая Радзівіла ў г.п. Дзятлава на стромкім левым беразе р. Дзятлаўка. З канца XVIII ст. належала Солтанам. За ўдзел Солтанаў у паўстанні 1831 г. сядзіба секвестраваная царскімі ўладамі (1836 г.). У 2-й палове XIX ст. выкарыстоўвалася кавалерыйскімі часткамі ў якасці жаўнерні. У пачатку XX ст. ў палацы была размешчаная школа. Комплекс складаўся з мураванага палацу, пейзажнага парку з круглым вадаёмам і творамі дойлідства малых форм (масткі, павільёны), які з усходу паўкальцом агінаў палац. Гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся пры ўездзе ў сядзібу з поўдня. Ад ансамбля збярогся мураваны палац. Першапачаткова гэта быў накрыты высокім вальмавым дахам двухпавярховы прастакутны ў плане аб’ём з дзвумя кутнімі вежападобнымі алькежамі на цокальным паверсе, накрытымі ўвагнутымі шатрамі з заломамі (не зберагліся). Цэнтр кампазіцыі падкрэслены на фасадах рызалітамі: на дваровым глыбокім чатырохвосевым, на галоўным плоскім трохвосевым, завершаны крывалінейным франтонам. Фасады рытмічна расчлянёныя канеліраванымі пілястрамі. У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаная лепка ў стылі ракако: раслінны арнамент, гірлянды, геральдычныя знакі, медальёны. Вокны прастакутныя з сандрыкамі разнастайных формаў. Планіроўка анфіладная з параднай залай у цэнтры.

У будынку размешчаны раённы шпіталь. Помнік рэпубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


ДЗЯТЛАВІЧЫ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА

 

Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1823 г. у в. Дзятлавічы (Лунінецкі р-н) пры манастыры. Будынак адлюстроўвае сінтэз традыцый народнага дойлідству і асобных прыёмаў стыляў барока і класіцызму. Перабудоўвалася ў 1871 г. і 1896 г. Да квадратнага ў плане асноўнага аб’ёму, завершанага двух’ярусным васьмерыком на ветразях, прылягаюць прастакутны бабінец з дзума прыбудовамі абапал яго і пяцігранны, падзелены дзвюма падоўжнымі сценкамі на тры апсіды алтарны зруб. Над бакавымі апсідамі і прыбудовамі бабінца — чацверыковыя вежачкі з барочнымі галоўкамі на глухіх васьмерыках. На галоўным фасадзе паміж вежамі — невялікі трохкутны франтон, цэнтральны ўваход вылучаны дугападобным казырком. Сцены завершаныя аркатурным фрызам, вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, падзеленыя тонкім карнізным поясам на два ярусы. У царкве быў разны 6-ярусны іканастас з 50 абразамі, рукапіснае евангелле XVI ст. (не зберагліся). Пад будынкам пахавальня (вышыня 2,5 м). На паўднёвым захадзе ад царквы драўляная двух’ярусная званіца (васьмярык на чацверыку), накрытая шатровым дахам. У 1960-я гады ад удару маланкі цэнтральны купал царквы загарэўся і зваліўся ўнутр храму.

Царква пасля пажару не аднаўлялася. Страчаная ў 1990-я гады.


Ю.А. Якімовіч



ДОБРУШ


Горад, цэнтр Добрушскага р-ну, на р. Іпуць. За 25 км на ўсход ад Гомеля. Вядомы з XVI ст. як вёска Гомельскага староства Рэчыцкага павету Вялікага княства Літоўскага. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, сяло Вылеўскай воласці Беліцкага, з 1852 г. Гомельскага павету, цэнтр Добрушскай эканоміі, Гомельскага маёнтку. У 1886 г. было 185 двароў, 1057 жыхароў. З 1887 г. чыгуначная станцыя Палескіх чыгунак. У пачатку XX ст. мела больш за 2,5 тыс. жыхароў. З красавіка 1919 г. у Гомельскай губерніі, з 1923 г. цэнтр Добрушскай воласці Гомельскага павету. У снежні 1926 г. — жніўні 1927 г. і з лютага 1935 г. цэнтр Добрушскага р-ну, у 1927—35 гг. у складзе Гомельскага р-ну, горад. З 1931 г. да 1935 г. падпарадкаваны Гомельскаму гарсавету. З 7.3.1963 г. горад абласнога падпарадкавання.

Тэрыторыя падзеленая на асобныя раёны ракой, чыгункай, шашой. Асноўная частка — паўночная (глыбіня расчлянення рэльефу 20—25 м), з усходу і поўдня яе агінае рака. На перакрыжаванні асноўных восей гораду — вул. К. Маркса і пр-ту Міру (забудаваны 2—5-павярховымі жылымі дамамі) сфармавалася пл. Леніна — грамадска-адміністрацыйны і культурна-гандлёвы цэнтр. Сярэдняя, нізінная частка гораду размешчаная паміж ракой і чыгункай. Тут знаходзяцца папяровая фабрыка "Герой працы" (глядзі артыкул "Добруш. Будынкі папяровай фабрыкі"), двухпавярховыя жылыя дамы прадпрыемства (пасёлак "Антонаўка"). Каля чыгункі ў паўднёва-ўсходняй частцы фарфоравы завод. Паблізу (уздоўж дарогі Гомель — Бранск) пабудаваны двухпавярховыя жылыя дамы. У паўднёвай частцы забудова пераважна драўляная.

Паводле генплану 1973 г., праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае стварэнне паўдёвага і паўночнага прамысловых раёнаў, развіццё грамадскага цэнтру на вул. К. Маркса, стварэнне паркаў, спартовай зоны, будаўніцтва ў заходняй частцы гораду мосту цераз раку.


Р.Дз. Шэліхава

 


ДОБРУШ. БУДЫНКІ ПАПЯРОВАЙ ФАБРЫКІ


Помнік дойлідства эклектыкі. Пабудаваныя ў левабярэжнай частцы Добрушу (сучасны пр-т Луначарскага, 8) у 1870 г.. Фабрыка заснаваная нашчадкамі князя I.Ф. Паскевіча як завод драўніннай масы, з 1871 г. папяровая фабрыка. У 1913 г. па аб’ёму вытворчасці і тэхнічнаму абсталяванню лічылася адным з лепшых прадпрыемстваў у Эўропе. Фабрычны комплекс — значная па плошчы замкнёная тэрыторыя з адна- і двухпавярховымі будынкамі. Цэнтральны, у якім размешчаныя адміністрацыйныя службы, мае нерэгулярную сістэму планіроўкі і асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Сцены будынку ўмацаваныя плоскімі лапаткамі, па кутах — невялікія зубчастыя вежы (матыў, тыповы для прамысловага дойлідству 2-й паловы XIX ст.). Астатнія пабудовы кампазіцыйна падпарадкаваныя цэнтрнаму будынку. Аднапавярховыя карпусы, пастаўленыя па перыметры тэрыторыі фабрыкі, — своеасаблівая агароджа комплексу, дамінантай кампазіцыі якога з’яўляецца высокая кутняя вежа з паўцыркульнымі вокнамі. Фасады пабудоў лаканічныя паводле дэкору, расчлянёныя плоскімі лапаткамі, пад карнізамі праходзяць паясы сухарыкаў. Дэкаратыўнае афармленне прахадной, размешчанай у адным з такіх будынкаў, больш насычанае (рэльефны арнамент, лучковыя аконныя праёмы з ліштвамі і замковым каменем).

З 1976 г. папяровая фабрыка "Герой працы".


А.Ю. Пятросава



ДОКШЫЦЫ


Горад, цэнтр Докшыцкага р-ну, у вярхоўі р. Бярэзіна (басейн р. Днепр). За 200 км ад Віцебску. Вядомы з XV ст. як мястэчка ў Віленскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. У XVI ст. належалі роду Кішкаў. У Паўночную вайну 1700—21 гг. спалены (1708 г.). З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, спачатку горад, цэнтр павету, пазней мястэчка Барысаўскага павету. Герб атрымалі 22.1.1796 г. (у зялёным полі два узгоркі, на якіх ляжаць збаны, з іх гарлавін цякуць срэбныя крыніцы). У XIX ст. мястэчка размяшчалася на абодвух берагах р. Бярэзіна. Асноўная частка — правабярэжная — мела чатыры узаемна перпендыкулярныя вуліцы (дарога з Даўгінава на Ушачы перасякала мястэчка з паўднёвага захаду на паўночны усход, на паўночным захадзе ад яе адыходзіла дарога на Глыбокае, на паўднёвым усходзе — на Барысаў). У месцы іх скыжавання была ўтвораная прастакутная ў плане гандлёвая плошча з драўляным касцёлам, карчмой, крамамі. На ўсходняй ускраіне стаяла драўляная уніяцкая царква. На паўднёвым усходзе мястэчку было вылучанае месца для гумнаў. У левабярэжнай частцы, уздоўж дарогі на Глыбокае, сфармавалася слабада з панскім дваром і фальваркам. У 1897 г. было 3642 жыхары. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы. З 1939 г. у складзе БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёну.

Сучасны горад з паўднёвага захаду на паўднёвы ўсход перасякае рака. Асноўная тэрыторыя — правабярэжная частка. Галоўная вось — вул. Леніна (з паўднёвага ўсходу на паўночны захад), на якой пры ўездзе ў горад з паўднёвага захаду знаходзяцца аўтастанцыя, 2—3-павярховыя жылыя дамы. На рагу вуліц Ленінскай і Піянерскай забудоўваецца адміністацыйна-грамадскі цэнтр гораду. Каля ракі на вул. I.С. Палявога прастакутная ў плане пл. I.С. Палявога (былая гандлёвая). Грамадскія будынкі таксама на вул. Савецкай (на паўднёвы ўсход ад плошчы). Другая вось гораду — вул. Горкага (уздоўж ракі) з гандлёвымі і іншымі ўстановамі. Забудова цэнтру і левабярэжнай часткі аднапавярховая, драўляная, мураваная сядзібнага тыпу і групы 2—3-павярховых секцыйных дамоў (вул. Школьная і інш.). Прамысловая зона на паўночным захадзе і паўночным усходзе. У горадзе два паркі (вул. Набярэжная і Піянерская), шэсць сквераў. Створаная зона адпачынку з вадасховішчам (непадалёку ад плошчы). Збярогся помнік дойлідства 2-й паловы XIX ст. — царква ў неарускім стылі.

Паводле карэкціроўкі генплану 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае стварэнне прамысловай зоны на поўначы і усходзё, будаўніцтва аб’язной дарогі на захадзе гораду, стварэнне ў цэнтры гарадскога парку.


Ю.А. Якімовіч



ДОМЖАРЫЦЫ


Вёска ў Лепельскім р-не. Цэнтр сельсавету і адміністрацыйнага цэнтру Бярэзінскага біясфернага запаведніку. За 35 км на паўднёвым захадзе ад Лепеля, 150 км ад Віцебску. Адзін з добраўпарадкаваных пасёлкаў рэспублікі. Забудоўваецца паводле генплану 1966 г. (праектны інстытут лясной гаспадаркі СССР) і яго карэкціроўкі 1973 г., 1976 г. і 1987 г. БелНДІдзіпрасельбуд). Цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца вялікая прастакутная ў плане плошча — грамадска-адміністрацыйны і культурна-гандлёвы цэнтр (трохпавярховы адміністацыйна-лабараторны корпус запаведніку, зблакіраваны з двухпавярховым будынкам музея прыроды, чатырохпавярховы гатэль са сталоўкай і рэстаранам на першым паверсе, сярэдняя школа з інтэрнатам і сталоўкай, дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр у блоку з Домам культуры). На заходнім баку плошчы пабудаваныя двухпавярховыя васьмі- і шаснаццацікватэрныя жылыя дамы. Упрыгожваюць плошчу дэкаратыўны вадаём, кветнікі, газоны. Паблізу плошчы знаходзіцца двухпавярховы медпункт. Вёска забудаваная пераважна двухпавярховымі васьмі- і шаснаццацікватэрнымі жылымі дамамі. У паўднёвай частцы — аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Пры добраўпарадкаванні шырока выкарыстаныя малыя формы дойлідства, групы дэкаратыўных дрэваў, газоны, кветнікі і інш. Усе грамадскія і жылыя будынкі выкананыя па індывідуальных праектах. На ўсходзе вёскі спартовая зона са стадыёнам, адкрытым плавальным басейнам, на захадзе і поўдні — вытворчая зона.

Распрацоўка праекту і забудова вёскі адзначаны дыпломам ВДНГ СССР (1981 г.).


А.М. Белахвостаў



ДРАГІЧЫН


Горад, цэнтр Драгічынскага р-ну. За 110 км ад Берасця. Вядомы з 1452 г. як в. Давячоравічы ў Вялікім княстве Літоўскім, з 1623 г. — мястэчка. Паводле інвентару 1778 г. лічыўся горадам, цэнтрам якога была прастакутная ў плане гандлёвая плошча з драўлянай ратушай (завяршалася альтанкай, увянчанай металічным купалам з гербам гораду), каля якой стаяла драўляная карчма, і гандлёвымі радамі з вежападобнай брамай. Ад плошчы ў радыяльных напрамках адыходзілі вуліцы Пірковіцкая, Пінская, Хомская і Пірлуніцкая, уздоўж якіх і канцэнтравалася забудова (усе будынкі былі драўляныя). У склад Драгічыну ўваходзіла прадмесце Зарэчча. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Кобрынскага павету Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай губерніяў. У 1-й палове XIX ст. было 167 жыхароў, 98 будынкаў, у 2-й палове (1897 г.) — 2258 жыхароў, 280 дамоў. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр павету Палескага ваяводства; каля 4 тыс. жыхароў. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёна Пінскай вобл., з 1954 г. у Берасцейскай вобл. З 1967 г. — горад.

Тэрыторыя падзеленая аўтамагістраллю Берасце — Пінск на два планіровачныя раёны: паўднёвы і паўночны. Квартальная планіроўка з нерэгулярнай сеткай вуліц склалася гістарычна. У месцы перасячэння цэнтральных вуліц Леніна (з захаду на ўсход), Савецкай і 17 Верасня ўтвораная пл. Леніна (былая гандлёвая) з адміністрацыйнымі будынкамі, двух- і пяціпавярховымі жылымі дамамі. У цэнтральнай, паўднёвай і заходняй частках гораду ўзведзены мікрараёны з 4—5 і дзевяціпавярховымі жылымі дамамі (вуліцы 17 Верасня, К. Маркса, Леніна, 9 Мая, Кастрычніцкая, Меліярацыйная), новы мікрараён будуецца ў заходняй частцы гораду. На астатняй тэрыторыі індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Прамысловая зона размешчаная на усходзе, паркавая — па вул. Леніна (каля Дома культуры), зона адпачынку — на поўначы на р. Ясельда і на поўдні на Дняпроўска-Бугскім канале.

Паводле генплану 1982 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Р. Арцёмчык, Л. Комава) прадугледжанае развіццё гораду ў паўночна-заходнім напрамку.


Ю.А. Якімовіч, Л.I. Комава



ДРУЖЫЛАВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1777 г. у в. Дружылавічы (Іванаўскі р-н). Прастакутныя ў плане асноўны зруб і алтарная апсіда накрытыя агульным шматсхільным дахам з трохкутнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Па баках алтару размешчаныя больш нізкія прастакутныя рызніцы. У 2-й палове XIX ст. да царквы з захаду прыбудаваная трох’ярусная чацверыковая вежа-званіца, у пачаткку XX ст. да асноўнага зрубу — прастакутныя бакавыя аб’ёмы, у выніку чаго план набыў форму крыжа. Сцены гарызантальна ашаляваныя і завершаныя ў старой частцы прафіляваным карнізам. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю, бакавыя прыбудовы перакрытыя паўцыліндрычнымі драўлянымі скляпеннямі. Зберагліся фрагменты першапачатковай дэкаратыўнай аздобы інтэр’еру і разны іканастас.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



ДРУЯ


Гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не, на левым беразе Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе р. Друйка. За 30 км ад Браслава, за 205 км ад Віцебску. Упершыню ўпамінаецца ў "Хроніцы" М. Стрыйкоўскага пад 1386 г. З 1566 г. у Браслаўскім павеце Вялікага княства Літоўскага. З 1496 г. належала князям Масальскім, з 1611 г. — Сапегам. У 1618 г. атрымала магдэбургскае права (да 1825 г.), у 1620 г. — герб (выява віціны з разгорнутым ветразем на блакітным полі). У старажытнасці — адзін з цікавых у адносінах дойлідства гарадоў Беларусі. У дакументах, пісьмовых крыніцах XVI ст. ўпамінаецца стары замак ("Полацкая рэвізія 1552 г.", "Хроніка" А. Гваньіні), на яго тэрыторыі знаходзілася найбольш старажытнае культавае збудаванне — царква Святога Пятра (ёсць у вопісе XVI ст.). У XVII ст. Ян Сапега пабудаваў новы замак на высокім беразе Заходняй Дзвіны каля выспы. Паводле інвентару 1643 г. замак быў з валам і брамамі Рыжскай і Полацкай (захаваліся сядзібны дом і рэшткі парку). У XVII ст. складалася з трох частак: Старога гораду, новага — Сапежын (заснаваны Сапегам каля 1620 г.) і прадмесця Прыдруйск (зараз Піедруя ў Латвіі). Галоўную ролю адыгрываў Сапежын, дзе знаходзіліся замак Сапегаў, ад якога да вусця р. Друйка ішла галоўная вул. Вялікая, яна фармавала і цэнтральную плошчу — рынак з ратушай (драўляная, з гадзіннікам на вежы) і дамамі Сапегаў. У горадзе пабудаваныя: праваслаўная царква Спаса (мяркуюць, што ў XVI ст., упамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1609 г.); уніяцкая царква Святога Духа (1621 г.), касцёл і кляштар Святога Яна (ёсць у інвентары 1643 г.), касцёл і кляштар бернардынаў (1643—46 гг.), праваслаўны Благавешчанскі манастыр, сінагога, уніяцкая царква Святых Пятра і Паўла, комплекс дамініканскага кляштару, які ўключаў касцёл дамініканцаў (1765—73 гг.), жылыя карпусы, званіцу і браму. У Прыдруйску існавалі: праваслаўная Барысаглебская царква, Успенскі касцёл (XVIII ст.), уніяцкая царква Міхаіла Архангела, Нікольская царква (XIX ст.). З пачатку XVII ст. горад ператварыўся ў значны рамесны і гандлёвы цэнтр, што спрыяла развіццю будаўніцтва, у т.л. мураванага (у канцы XVIII ст. на цэнтральнай плошчы было трынаццаць камяніц). У пачатку XIX ст. закладзены парк рэгулярнага тыпу, выцягнуты з усходу на захад, у цэнтры яго быў замак. Замалёўкі помнікаў дойлідства Друі зробленыя мастакамі Дз. Струкавым (у 1864 г., чатырнаццаць малюнкаў) і Н. Ордай (бернардынскі кляштар). З 1793 г. ў складзе Расейскай імперыі, горад Дзісенскага павету Менскай, з 1843 г. Віленскай губерняў. У 1921—39 г. у складзе Польшчы, у Браслаўскім павеце Віленскага ваяводства. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не, з 1944 г. у Полацкай, з 1954 г. у Маладзечанскай, з 1960 г. у Віцебскай абласцях.

Узгоркавы рэльеф вызначыў планіровачную структуру пасёлку. Падзелены на чатыры часткі: цэнтральную (Сапежын, паміж Друйкай і Заходняй Дзвіной, забудаваны двухпавярховымі жылымі дамамі, індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу), заходнюю (старая Друя, за р. Друйка, пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу), усходнюю (паміж Заходняй Дзвіной, Друйкай і чыгункай) і раён чыгункі (вытворчая і складская зона). Вось кампазіцыі — вул. Леніна, на ёй пры ўпадзенні Друйкі ў Заходнюю Дзвіну размешчаная галоўная плошча пасёлку з паркам. У цэнтральнай частцы пасёлку найбольш мураваных дамоў 1-й паловы XX ст.

Паводле генплану 1976 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Л. Зайцава) прадугледжанае развіццё пасёлку ўздоўж Заходняй Дзвіны, будаўніцтва ў цэнтры 2—5-павярховых жылых дамоў, моста цераз Друйку, стварэнне адзінай сістэмы азелянення са спартрвай зонай.

Захаваліся помнікі дойлідства: кляштар бернардынаў, драўляная капліца на могілках, сядзібны дом і парк, руіны цэркваў Благавешчанскай і Пятра і Паўла; у былым Прыдруйску — Успенскі касцёл і Нікольская царква.


К.С. Шыдлоўскі, Л.Г. Зайцава



ДРУЯ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АНТОНІЯ I КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ


Існаваў у 2-й палове XVIII — пачатку XX ст. Пабудаваны ў 1765—73 гг. паводле праекту дойліда А. Паракко ў стылі позняга барока. Уваходзіў у комплекс кляштару дамініканцаў. У 1839 г. перададзены ўладам для перабудовы пад царкву. Уяўляў сабою трохнефавую дзвюхвежавую базіліку з трансептам і прэсбітэрыем, завершаным паўкруглай апсідай. Вышыня касцёлу 35 м, шырыня сярэдняга нефу 9,5 м. Трансепт і сярэдні неф мелі аднолькавую вышыню і значна большыя памеры, чым бакавыя нефы, былі перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Над сяродкрыжжам — купал. Бакавыя фасады члянёныя лапаткамі. Галоўны фасад дэкарыраваны пілястрамі, масіўнымі карнізамі, фігурнымі валютамі. У дэкоры ўваходнага парталу і інтэр’ераў выкарыстаны арнамент стылю ракако. На восі галоўнага ўваходу была фігурная каменная брама.

Касцёл узарваны ў 1909 г.


В.Ф. Мароэаў



ДРУЯ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1643—46 гг. у г.п. Друя (Браслаўскі р-н) па фундацыі падканцлера Вялікага княства Літоўскага Казіміра Льва Сапегі. Траецкі касцёл — мураваная трохнефавая аднавежавая базіліка з апсідным завяршэннем цэнтральнага нефу (унутры гранёны, звонку паўцыркульны). Да выцягнутага прэсбітэрыя з поўдня прылягае прастакутнае ў плане сакрысціе. На галоўным фасадзе тарцы бакавых нефаў закрытыя невялікімі аб’ёмамі з пластычнымі абагульненымі валютамі над імі, тарцы цэнтральнага нефу — масіўнай чатырох’яруснай чацверыковай вежай-званіцай, завершанай купалам (дабудавана ў 1772 г.). Бакавыя сцены і апсіда рытмічна расчлянёныя вертыкальнымі контрфорсамі. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі. Інтэр’ер аздоблены ордэрнай пластыкай, лепкай у тэхніцы стука. Скляпенні захавалі першапачатковы дэкор XVII ст. ў выглядзе ляпных геаметрычных кесонаў. Галоўны двух’ярусны алтар з прасторавай групоўкай калон і пілястраў, разарваным антаблементам і дынамічнай аб’ёмнай скульптурай у стылі позняга барока выкананы ў 1764—67 гг., амбон і чатыры бакавыя алтары з элементамі стылю ракако — 1779 г. З поўначы да касцёлу прылягае двухпавярховы будынак кляштару, які ўтварае прастакутны замкнёны двор, з трох бакоў абкружаны калідорам. Фасады фланкіраваныя вялікімі квадратнымі ў плане памяшканнямі на кутах. Вокны прастакутныя. Ансамбль дапоўнены мураванай арачнай агароджай з брамай (узведзеная ў 1778 г.). З 1852 г. касцёл стаў прыхадскім. У 1923—28 гг. у кляштары размясціліся манахі-беларусы ордэну марыянаў. У 1924 г. тут была арганізаваная школа (з 1930 г. гімназія), у якой вучыліся А. Цыкота, Ч. Сіповіч, У. Падзявы, У. Чарняўскі, пісьменнік Я. Германовіч, мастак эмігрант В. Жаўня і інш. Каля 1947 г. закрыты. Касцёл і кляштар выкарыстоўваліся для патрэб Друйскага СПТВ меліярацыі, у 1949—53 гг. тут знаходзіўся Полацкі будаўнічы тэхнікум, у 1954—56 гг. — тэхнічнае вучылішча, з 1956 г. — вучылішча меліярацыі.

У 1989 г. перададзены абшчыне. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь, К.С. Шыдлоўскі



ДРЫСВЯТЫ. КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 г. (дойлід Лявон Вітан-Дубейкаўскі) у в. Дрысвяты (Браслаўскі р-н). Мае рысы стылю мадэрн. Прастакутны ў плане будынак з пяціграннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Галоўны фасад вылучае высокая пяціярусная вежа-званіца (першы і другіі ярусы чацверыковыя, трэці — васьмерыковы, чацверты і пяты — цыліндрычныя, уваход афармляюць падчэні на чатырох мураваных слупах. Сцены ашаляваныя дошкамі, прарэзаныя прастакутнымі арачнымі і круглымі вокнамі. Інтэр’ер падзелены васьмю слупамі на тры нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.

Касцёл закрыты ў 1970-я гады. Помнік рэспубліканскага значэння.



ДРЫСВЯТЫ. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1908 г. на паўднёвай ускраіне в. Дрысвяты (Браслаўскі р-н). У плане мае традыцыйную падоўжаную па восі ўсход—захад чатырохчасткавую кампазіцыю: званіца, трапезная, пяцігаловы асноўны аб’ём, пяцігранная апсіда. Да званіцы прымыкае галоўны ўваход з калонкамі-бочкамі, на якія апіраюцда паўкруглыя аркі. У мастацкім афармленні фасадаў важную ролю адыгрываюць пластычныя элементы дэкору, пазычаныя са старажытна-рускага дойлідства. Ступеньчатая форма званіцы з паўкруглымі закамарамі, якімі завяршаецца верхні ярус, філёнгавыя пілястры асноўнага аб’ёму, актыўна прафіляваныя карнізы ствараюць цікавы дойлідскі вобраз. Каларыстычнае вырашэнне пабудовы заснаванае на выкарыстанні неатынкаванай цаглянай муроўкі, як натуральнай каларыстычнай насычанасці, якая кантрастуе з пабеленымі дэталямі дэкору.

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



ДУБАЕ. ЦАРКВА РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1811 г. па фундацыі памешчыцы Клацільды Куржанецкай у в. Дубае (Пінскі р-н). Мае цэнтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Мураваны васьмігранны ў плане асноўны аб’ём увянчаны купалам з дэкаратыўнай галоўкай. Прастакутныя ў плане алтарная апсіда і бабінец з хорамі накрытыя двухсхільнымі дахамі з франтонамі на тарцах. Сцены бакавых фасадаў завершаныя невысокімі атыкамі. Галоўны ўваход аздоблены дэкаратыўным франтонам з сухарыкамі. Сцены прарэзаныя паўцыркульнымі вокнамі з ажурнымі кратамі, завершаныя прафіляваным карнізам з трыгліфным фрызам. Куты будынку апрацаваныя рустам. Прафіляваныя цягі, карніз, фрыз, франтон і іншыя элементы дэкору фасадаў пафарбаваныя ў белы колер. У інтэр’еры зберагліся фрагменты фрэсак 1885 г., выкананыя Зданевічам. Алтарная частка і асноўны аб’ём размаляваныя дойлідскімі кампазіцыямі.

У 1903—73 гг. царква была зачыненая, зараз дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Г.М. Ярмоленка



ДУБНА. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 2-й палове XIX ст. ў в. Дубна (Мастоўскі р-н) з цэглы. Па аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — цэнтральна-сіметрычны чатырохстоўпны пяцікупальны храм. Асноўны кубападобны аб’ём накрыты чатырохсхільным дахам і завершаны цыбулепадобнымі купаламі. Асноўны аб’ём па кутах фланкіруюць чатыры вежы-званіцы. Дамінуючы элемент кампазіцыі — галоўны светлавы барабан. Адметная рыса інтэр’еру — вузкая галерэя хораў, якая апяразвае ўсходнюю, паўднёвую і паўночную сцены. Значна павышаная салея (узвышэнне падлогі перад іканастасам) у алтарнай частцы ўтварае два клірасы, злучаных з усходу парай вежаў-званіц. У пластыцы храму выкарыстаныя рысы класіцызму (ордэрная сістэма, трохкутныя франтоны на ўсіх фасадах, парапеты і інш.) і старажытна-рускага дойлідства (кілепадобныя нішы, цыбулепадобныя купалы).

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі

 

ДУБРОЎНА


Горад, цэнтр Дубровенскага р-ну, на Дняпры, пры ўпадзенні ў яго рэк Задубровенка (Дубровенка) і Свінка. За 107 км ад Віцебску. Паводле археалагічных даследаванняў, у XII ст. ў сутоках рэк Дняпро і Задубровенка на ўзгорку заснаванае паселішча (засталося гарадзішча). У пісьмовых крыніцах вядома з пачатку XVI ст. як горад Аршанскага павету Віцебскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага (велікакняжацкае ўладанне, потым прыватнаўласніцкі горад і маёнтак). З сярэдзіны XVI ст. належала беларускаму магнацкаму роду Глябовічаў, з 1669 г. — Сапегам (у 1711—19 гг. у закладзе ў А.Д. Меншыкава), з 1774 г. — Р.А. Пацёмкіну, з 1783 г. — князю Ф. Любамірскаму. У XVI—XVII стст. горад размяшчаўся на левым беразе Дняпра пры ўпадзенні ў яго Задубровенкі і Свінкі. У XVI— XVIII стст. існавалі на беразе Дняпра драўляныя замак і сядзібны комплекс. Цэнтральная частка гораду была ўмацаваная астрогам, перыферыйныя часткі — валам з брамай. Цэнтрам гораду была прастакутная ў плане гандлёвая плошча, забудаваная крамамі і каморамі. Ад яе ў радыяльных напрамках разыходзіліся сем вуліц (да Дняпра, Свінкі, Задубровенкі, гарадскога валу, астрогу і вул. Кавальскай). Адна з вуліц злучала замак з р. Свінкай, сядзібны комплекс быў звязаны дзвюма вуліцамі з берагам Дняпра і млынамі. У 1670-я гады было пятнаццаць вуліц і два завулкі, больш як 130 сядзіб. Існавалі царква Спаса (у 1750 г. — чатыры праваслаўныя царквы), касцёлы і кляштары бернардынаў (па вул. Аршанскай на паўднёвым захадзе, на ўзвышаным беразе р. Дубровенкі). У 2-й палове XVII ст. створаныя два пасады: за р. Задубровенка і на правым беразе Дняпру. Цэнтрам Задубровенскага пасаду была гандлёвая плошча з Георгіеўскай царквой, ад яе адыходзілі чатыры вуліцы (две з іх уздоўж Дняпра). Былі таксама вуліцы Аршанская, Горная (адыходзіла ад Аршанскай) і Сярэдняя (вяла да Дняпра і старога гораду). У 1731 г. у старым горадзе было 14 вуліц, больш за 170 двароў, у Задняпроўскім пасадзе — пяць вуліц і 80 двароў; у Задубровенскім — две вуліцы і 23 двары. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, у 1773—75 гг. мястэчка, цэнтр павету Аршанскай правінцыі, з 1777 г. мястэчка Аршанскага, з 1861 г. — Горацкага павету Магілеўскай губерніі. Захавалася традыцыйная планіроўка, якая склалася гістарычна. Асноўная тэрыторыя гораду ўключала гандлёвую плошчу, 17 вуліц, 196 двароў, акрамя таго шэсць двароў знаходзіліся ўздоўж замкавага, 83 двары — каля гарадскога валоў (1775 г.). Задняпроўская частка мела две вуліцы з 79 дварамі, каля яе забудоўвалася слабада з 24 дварамі. Задубровенская частка мела 35 двароў, вуліцы невялікія, шчыльна забудаваныя, цераз Дняпро быў паромны перавоз. У пачатку XIX ст. ва ўсходняй частцы гораду па вул. Чырвонаслабодскай пабудаваня Пакроўская царква. У 1846 г. — 3441 жыхар, у 1867 г. — 4522 жыхары, у 1909 г. — 9469 жыхароў, 869 дамоў (з іх 10 мураваных, астатнія драўляныя), пяць млыноў. З 1924 г. цэнтр раёну. З 3.7.1925 г. горад, у 1962—65 гг. у Воршанскім р-не.

Рэльеф сучаснай Дуброўны ўзгоркавы, Дняпро падзяляе тэрыторыю гораду на паўночную (Задняпроўскую, меншую частку, пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу з некалькімі кварталамі рэгулярнай планіроўкі) і паўднёвую часткі. На ўсходзе горад абмяжоўвае р. Свінка з прытокам, на паўднёвым захадзе — р. Задубровенка. Радыяльна-кальцавая сетка вуліц у цэнтры і радыяльна-веерная на перыферыі склалася ў XVII—XVIII стст. На месцы старога цэнтру (былая гандлёвая плошча і частка вул. Камсамольскай) сфармаваўся новы адміністрацыйны і грамадскі цэнтр. Пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, 2—3-павярховыя жылыя дамы ўзведзеныя на вуліцах Камсамольскай, Кандрацьева, Г. Нікандравай і інш. Прамысловая зона размешчаная на поўначы і ўсходзе. Зона адпачынку — на паўднёвым захадзе уздоўж р. Задубровенка.

Паводле генплану 1973 г. (Віцебскі філіял інстытуту "Белдзяржпраект" прадугледжанае функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, стварэнне зоны адпачынку ва ўрочышчы Лугаўцы. У 1985 г. распрацаваны новы генплан гораду (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід В. Якаўлеў).


Ю.А. Якімовіч, I.С. Мельнік



ДУБРОЎНА. ЗАМАК


Існаваў у XVI—XVIII стст. у г. Дуброўна на беразе Дняпра. Неаднаразова перабудоўваўся. У 1-й палове XVIII ст. драўляны замкава-палацавы комплекс абкружаны вадзяным ровам, умацаваны земляным валам, на якім 6ылі драўляныя абарончыя сцены. Завершаная гонтавым шатром двух’ярусная брама з мостам цераз роў злучала замак з горадам. У яе ніжнім ярусе па баках ад праезда размяшчаліся вязніца і кардэгарда, у верхнім — зала з галерэяй. У цэнтры замку стаялі стары і новы палацы, злучаныя дарожкай з брусоў з невялікім мостам цераз сажалку (у цэнтры мосту была відавая пляцоўка ў форме балкончыка, агароджанага ажурным парапетам з точанымі балясамі).

Стары палац (пабудаваны ў XVII ст.) — аднапавярховы прастакутны ў плане будынак, накрыты гонтавым дахам. Абапал размешчанай у яго цэнтры прыхожай групаваліся чатыры жылыя пакоі і две алькежы. Фасад з боку Дняпра афармляла галерэя з балюстрадай.

Новы палац (пабудаваны ў 1720-я гады — двухпавярховы прастакутны ў плане будынак, складаўся з цэнтральнай часткі з прыхожай на першым паверсе і вялікай залай на другім, завершанай самастойным гонтавым дахам) і двух бакавых крылаў (у правым — чатыры жылыя пакоі і кабінет, у левым — сталовая і два жылыя пакоі). Быў накрыты складаным гонтавым дахам з шасцю люкарнамі. Планіроўка анфіладная. У пакоях стаялі грубкі з белай і зялёнай паліванай кафлі. Вокны ў алавяных пераплётах.

Комплекс не збярогся.


Ю.А. Якімовіч



ДУБРОЎНА. КАСЦЁЛЫ I КЛЯШТАРЫ БЕРНАРДЫНАЎ


1) Драўляныя касцёл і кляштар у г. Дуброўна, пабудаваны ў 1630 г. у стылі барока. Касцёл — прстакутны ў плане будынак, завершаны двухсхільным дахам. Галоўны фасад фланкіравалі дзве трох’ярусныя чацверыковыя вежы з купальнымі завяршэннямі і трохкутным франтонам паміж імі. Да бакавога фасаду касцёлу прылягаў П-падобны ў плане двухпавярховы будынак кляштару (разам з касцёлам утвараў закрыты ўнутраны двор). Комплекс не збярогся.

2) У 1809 г. на іх месцы пабудаваны кляштар з касцёлам (не збярогся) бернардынаў. Кляштар — двухпавярховае мураванае збудаванне з узаемна перпендыкулярнымі аб’ёмамі, накрыты двухсхільнымі дахамі. Тарцы дахаў завяршаюцца трохкутнымі франтонамі з круглымі вокнамі ў цэнтры. Планіроўка галерэйна-калідорная, у месцы злучэння аб’ёмаў вітыя ўсходы. Фасады расчлянёныя тонкімі пілястрамі, карнізамі, паяскамі. У дойлідстве кляштару выявіліся асобныя рысы стылю барока.

У будынку размешчаныя адміністрацыйныя ўстановы.


Ю.А. Якімовіч



ДУБРОЎНА. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства 1-й паловы XIX ст. Пабудаваная ў г. Дуброўна. У архітэктуры выявіўся сінтэз традыцыйных прыёмаў мясцовага дойлідства і рыс класіцызму. Да прастакутнага ў плане мураванага завершанага купалам двух’яруснага асноўнага аб’ёму (ніжні ярус квадратны ў плане, верхні — круглы на чатырох слупах і падпружных арках) прылягаюць больш нізкія бабінец і алтарная апсіда. Да царквы прыбудаваная двух’ярусная (ніжні ярус глухі, верхні з высокімі арачнымі праёмамі) чацверыковая званіца пад шатровым дахам. Сцены аздоблены сандрыкамі, дэкарыраваны руставанымі пілястрамі.

Царква дзейнічае.



ДУБЯНЕЦ. ЦАРКВА НАРАДЖЭННЯ БОЖАЙ МАЦІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1718 г. у в. Дубянец (Столінскі р-н). Адносіцца да ўсходнепалескай школы дойлідства (глядзі артыкул "Палескія школы дойлідству"). Мае рысы стылю барока. У XIX ст. да бабінцу прыбудаваная званіца (васьмярык на двух чацверыках), завершаная шатром складанай формы. Трохзрубны аб’ём глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прастакутнага бабінца і квадратных у плане нефу і алтару з рызніцай. Неф завершаны масіўным светлавым васьмерыковым барабанам, накрытым шматгранным купалам, дахі над алтаром, рызніцай і бабінцам вальмавыя. Сцены гарызантальна ашаляваныя, вокны прастакутныя і з трохгранным завяршэннем. У інтэр’еры ветразі барабана аздобленыя размалёўкай.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



ДУДЫ. КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1772 г. у цэнтры в. Дуды (Іўеўскі р-н). Аднанефавы дзвюхвежавы храм з пяціграннай апсідай, да якой прыбудаваныя сакрысціі. Вежы выступаюць за межы сцен асноўнага аб’ёму, паміж імі бабінец. Касцёл накрыты двухсхільным дахам, які над апсідай пераходзіць у вальмавы. Вежы маюць высокія шатровыя дахі з трохкутнымі франтонамі. Першапачаткова дахі на вежах былі ламанымі. Сцены касцёлу вертыкальна ашаляваныя дошкамі з вузкімі нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя. Інтэр’ер зальнага тыпу. Асноўнае памяшканне і апсіда маюць аднолькавую вышыню і перакрытыя корабавым скляпеннем. Хоры над бабінцам выступаюць ў асноўнае памяшканне, іх агароджа зробленая з точаных балясін. Таксама балясінамі аздобленыя вузкія шчыліны, якімі адкрываюцда ў бок асноўнага памяшкання храму ніжні і другі ярусы вежаў. Сцены ў інтэр’еры ашаляваныя гарызантальна. Столь пакрытая размалёўкай, у якой выкарыстаныя геаметрычныя і раслінныя матывы. Цэнтральны алтар двух’ярусны, з калонамі карынфскага ордэру, багата аздоблены разьбой і пазалотай. Кампазіцыя і дэкор бакавых алтароў таксама маюць барочны характар і блізкія цэнтральнаму алтару. Амбон драўляны, аздоблены пазалочанай разьбой. Асобна ў куце панадворку стаіць двух’ярусная званіца, накрытая шатровым дахам. Сцены маюць рубленую канструкцыю.

Касцёл дзейнічае.


С.А. Сергачоў



ДУДЗІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1-й палове XIX ст. з дрэва ў в. Дудзічы (Чачэрскі р-н). Царква трохзрубная, складаецца з квадратнага ў плане двух’яруснага асноўнага аб’ёму, бабінца і пяціграннага алтарнага зрубу. Сцены завершаныя суцэльным поясам антаблементу. Над асноўны аб’ёмам васьмігранны купал з макаўкай, над бабінцам двух’ярусная званіца (васьмярык на чацверыку). Сцены будынку гарызантальна ашаляваныя, куты дэкарыраваныя дашчанымі накладкамі, якія імітуюць мураваны руст, шэраг вертыкальных дошчачак на фрызе ствараюць трыгліфы. Прастакутныя вокны ў спрошчаных ліштвах з філёнгамі над імі. Інтэр’ер царквы зальны. Асноўнае памяшканне перакрытае васьмігранным скляпеннем. Столь бабінца і алтарнай часткі плоская.

Царква дзейнічае.


У.В. Алісейчык



ДУКОРА. СЯДЗІБА


Існавала ў XIX — пачатку XX ст. Створаная на паўночнай ускраіне в. Дукора (Пухавіцкі р-н) у стылі класіцызму. Належала Оштарпам, з 1874 г. — Гартынгам. У комплекс уваходзілі палац, касцёл, гаспадарчыя пабудовы, парк.

Палац збудаваны ў XIX ст. Л. Оштарпам. Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак. Паверхі падзяляў карнізны пояс, сцены завяршаў развіты антаблемент. Прастакутныя вокны абрамлёныя ліштвамі. Галоўны фасад аформлены манументальным чатырохкалонным порцікам на вышыню абодвух паверхаў з трохкутным франтонам у завяршэнні і прасторным балконам у другім паверсе. Да абодвух тарцоў палацу прыбудаваныя аднапавярховыя прстакутныя ў плане аранжарэі з шырокімі аконнымі праёмамі. Усе аб’ёмы накрытыя двухсхільнымі дахамі. У палацы было шмат жылых і парадных пакояў, бібліятэка на некалькі тысяч тамоў, архіў і іншыя памяшканні. Мелася вялікая калекцыя твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (у т.л. карціны ф. Смуглевіча, Я. Дамеля). Л. Оштарп трымаў аркестр. Непадалёку ад палацу існаваў касцёл XVIII ст. У 1918 г. палац перабудоўваўся пад школу. Зруйнаваны ў гады II Сусветнай вайны. Засталіся флігель, уязная брама, фрагменты парку.

Флігель — амаль квадратны ў плане двухпавярховы мураваны будынак, завершаны нізкім чатырохсхільным дахам. Падзелены на два ярусы (ніжні аздоблены гарызантальнай рустыкай, верхні гладкі з руставанымі лапаткамі па кутах. Планіроўка анфіладная. У будынку размешчаны школьны музей.

Брама — мураванае двух’яруснае вежападобнае збудаванне. Ніжні ярус, у якім абапал праезду знаходзіцца вартоўня, мае круглыя вокны і арачныя парталы. Верхні асноўны ярус — квадратная ў плане вежа, пастаўленая на ніжні чацвярык і завершаная чатырохфрантонным дахам са шпілем. Мае рысы несапраўднай готыкі і класіцызму. У верхняй частцы знаходзіўся гадзіннік.

Парк пейзажнага тыпу ўключае галоўную алею, ручай, курціны з таполяў, ліп, піхтаў і лістоўніц. У парку зберагліся гаспадарчыя пабудовы: лядоўня, свіран, бровар, стайні (адбудаваныя ў ХХІ ст.).


Ю.А. Якімовіч



ДУНІЛАВІЧЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства позняга барока. Заснаваны ў 1683 г. па фундацыі Елізаветы Белазор. Да 1766 г. існаваў драўляны касцёл. Мураваны ўзведзены ў канцы 1769—73 гг. у в. Дунілавічы (Пастаўскі р-н) пры двухпавярховым кляштары дамініканцаў (не збярогся). У 1866 г. перададзены праваслаўнай царкве (з 1919 г. зноў касцёл). Мураваная трохнефавая дзвюхвежавая базіліка. Трансепт і прстакутны ў плане прэсбітэрый маюць аднолькавую вышыню з цэнтральным нефам і накрыты двухсхільнымі ўзаемна перпендыкулярнымі дахамі з фігурнымі атыкавымі франтонамі на тарцах. Роўныя па вышыні сакрысціі і бакавыя нефы накрытыя аднасхільнымі дахамі. Тарцы крылаў трансепту маюць лучковы абрыс. Галоўны фасад падзелены развітым антаблементам на ніжнюю статычную частку і две чацверыковыя са скошанымі кутамі двух’ярусныя вежы, накрытыя купаламі з галоўкамі. У аздабленні фасадаў выкарыстаныя плоскія пілястры (на галоўным — падвойныя ўвагнутыя), прафіляваныя цягі, раскрапоўкі, валюты і інш. Аконныя праёмы і плоскія нішы маюць лучковыя завяршэнні. Уваход вылучаны прастакутным парталам (перабудаваны ў XIX ст. ў стылі класіцызму). У інтэр’еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках, бакавыя — крыжовымі. Скляпенні аздобленыя фрэскавай размалёўкай у выглядзе расліннага арнаменту і картушаў. Частка прэсбітэрыя вылучаная двух’яруснай ступеньчатай алтарнай перагародкай.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



-Е-



ЕЗЯРЫШЧА


Гарадскі пасёлак у Гарадоцкім р-не, на беразе воз. Езярышча. За 41 км ад Гарадку, 80 км ад Віцебску. Вядомае з 1377 г., цэнтр воласці. Уваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага (прыватнае ўладанне). З 1580 г. належала Грахольскім, Сакалінскім, Агінскім, Панятоўскім, Салагубам. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Гарадоцкага павету. У пачатку XIX ст. ва ўладанні беларускага генерал-губернатара герцага Вюртэмбергскага. У 1924—29 гг. і 1958—62 гг. цэнтр раёну. З 1929 г. у Гарадоцкім, з 1935 г. у Мехаўскім р-нах. З 4.10.1957 г. гарадскі пасёлак, з 1962 г. у Гарадоцкім р-не.

Аўтадарога Віцебск — Невель (у межах гарадскога пасёлку галоўная вул. Ленінская) падзяляе на заходнюю і ўсходнюю часткі. Грамадскі цэнтр сфармаваўся на скрыжаванні вул. Леніна і Анціпава (былая Водаправодная). У паўночнай частцы пасёлку жылая забудова пераважна аднапавярховая, сядзібнага тыпу. Прамысловая зона размешчаная на поўначы і поўдні, зона адпачынку — на беразе возеру. На выспе воз. Езярышча, за 3 км на усход ад Езярышча, знаходзіцца замчышча, дзе ў XIV—XVIII стст. існаваў замак (захаваліся рэшткі).

Пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Т. Станішэўская).

 

Т.П. Станішэўская

 

ЕЗЯРЫШЧА. ЗАМАК


Існаваў у XIV—XVIII стст. як парубежны замак Віцебскага ваяводства. Заснаваны ў XIV ст. на заходнім баку выспы на воз. Езярышча (Гарадоцкі р-н). У плане няправільны чатырохкутнік, меў дрэваземляныя ўмацаванні па перыметры даўжынёю 550 м. З паўночнага і ўсходняга бакоў быў абкружаны вадзяным ровам, з паўднёвага і заходняга бакоў — возерам і высокімі стромымі адхонамі пагорку. Замак не раз разбураны і адноўлены. У сярэдзіне XVI ст. нанава адбудаваны, аднак у 1564 г. спалены рускімі войскамі. Пазней адноўлены, зноў згарэў у час пажару ў пачатку XVII ст. Як важны парубежны пункт адноўлены ў 1616 г. Па замкавых валах былі насыпаныя земляныя бастыёны, пабудаваныя вежы і драўляныя сцены. Існавалі вежы-брамы (адна з іх называлася Вадзяная). Для раптоўных і патаемных вылазак былі спецыяльныя падлазы.


М.А. Ткачоў

 


ЕЛЬСК (КАРАЛІН)


Горад, цэнтр Ельскага р-ну. За 177 км ад Гомеля. Чыгуначная станцыя на лініі Калінкавічы — Оўруч. Вядомы з XVI ст. ў Мазырскім павеце Вялікага княства Літоўскага, меў таксама назву Каралін. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Міхалкаўскай воласці Мазырскага павету. З ліпеня 1924 г. цэнтр Каралінскага, з лютага 1931 г. Ельскага р-наў. З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак. З 5.7.1971 г. горад раённага падпарадкавання.

Сетка вуліц прстакутная. Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Ленінская (галоўная кампазіцыйная вось, на ёй размешчаныя культурна-асветніцкія ўстановы), Гагарына (пры ўездзе ў горад з усходу забудоўваецца мікрараён з 3—5-павярховымі жылымі дамамі; размешчаны сквер), Дзяржынскага (з адміністрацыйнымі ўстановамі). На вул. Ленінскай утвораны грамадскі цэнтр — пл. Леніна. Збярогся помнік драўлянага дойлідства — Траецкая царква.

Паводле генплану 1979 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё гораду на поўдзень і паўднёвы ўсход, заніраванне грамадскага цэнтру, стварэнне паўночнага, заходняга, паўднёва-заходняга і ўсходняга прамысловых вузлоў, зоны адпачынку са спартовым комплексам у цэнтральнай частцы гораду.


В.М. Кашырын

 


ЕЛЬСК. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ

 

Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1769—80 гг. у г. Ельск (вул. Ленінская, 3). Мае рысы стылю класіцызму. У 1870—71 гг. да бабінцу прыбудаваная званіца (васьмярык на двух чацверыках), завершаная высокім шатром. пяцізрубны крыжова-купальны храм. Цэнтральны васьмігранны зруб (даўжыня 23 м, шырыня 14 м, вышыня 11,8 м) завершаны масіўным светлавым васьмерыком з купальным пакрыццём. Прастакутны бабінец, гранёныя алтарныя і бакавыя зрубы накрытыя пакатымі двухсхільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі і прарэзаныя вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі. У інтэр’еры дамінуе цэнтральнае двухсветлавое памяшканне. Над бабінцамі хоры.

У 1939—41 гг. царква была зачыненая, зараз дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

 


-Ж-



ЖАБЕР. ЗАМАК


Існаваў у XVII — пачатку XVIII ст. За 3 км на паўночным захадзе ад в. Жабер (Драгічынскі р-н), на правым беразе р. Ясельда. Належаў князям Вішнявецкім. Прастакутнае ў плане ўмацаванне абкружанае з трох бакоў вадзяным ровам (шырыня да 20 м, глыбіня 5 м), з захаду — ракой. Быў умацаваны высокім земляным валам з бастыёнамі на кутах (плошча каля 1,5 га) і дубовым частаколам. З наваколлем злучаўся брамай і мостам. Замак разбураны ў час Паўночнай вайны 1700—21 гг.

Збярогся фундамент брамы.


М.А. Ткачоў



ЖАБІНКА


Горад, цэнтр Жабінкаўскага р-ну, пры ўпадзенні р. Жабінка ў Мухавец. За 30 км ад Берасця. Чыгуначны вузел (напрамкі на Берасце, Лунінец, Баранавічы). Узнікла ў канцы XIX ст. як станцыя на скрыжаванні Берасцейка—Маскоўскай і Палескіх чыгунак. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, вёска ў Кобрынскім павеце. З 1939 г. у складзе БССР, з 15.1.1940 г. цэнтр раёну. У 1959—62 г. у Камянецкім, у 1962—66 г. у Кобрынскім р-нах. З 23.12.1970 г. горад.

Развіваецца ўздоўж чыгункі, якая падзяляе горад на две часткі: паўднёвую (жылую) і паўночную (прамысловую). Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Кірава (з захадзе да яе прымыкае новы мікрараён), Свабоды, Шашэйная (забудоўваюцца 3—5-павярховымі жылымі дамамі), Піянерская, Камсамольская, якія разам з іншымі вуліцамі ўтвараюць невялікія кварталы. Вось кампазіцыі — вул. Кірава (з захаду на ўсход), у цэнтральнай частцы якой размешчаныя грамадскія, культурна-асветніцкія і гандлёвыя ўстановы. Да цэнтру прымыкае парк. Збярогся помнік культавага дойлідства канца XIX ст. — Пакроўская царква (мае выразныя рысы неакласіцызму).

Горад забудоўваецца паводле генплану 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Л.С. Патапаў

 


ЖАЛУДОК


Гарадскі пасёлак у Шчучынскім р-не. За 22 км ад Шчучына, 90 км ад Гародні. Вядомы з 1529 г. як велікакняжацкае ўладанне. Уваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага. З 1530-х гадоў належаў прыватным асобам. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Лідскага павету. У 1921—39 г. у складзе Польшчы, мястэчка Лідскага павету. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну Баранавіцкай, з 1944 г. Гарадзенскай абласцей. З 1962 г. у Шчучынскім р-не.

Кампазіцыйнае ядро — плошча ў цэнтры, дзе сфармаваўся грамадскі цэнтр, разбіты сквер. Ад плошчы ў радыяльных напрамках адыходзяць шэсць вуліц, у т.л. галоўныя — Чырвонаармейская, Кастрычніцкая, Камуністычная (ёсць трохпавярховыя будынкі), забудаваныя 1—2-павярховымі жылымі дамамі. Пераважае аднапавярховая жылая забудова сядзібнага тыпу. У паўднёвай частцы ўзведзены квартал (вул. Чырвонапартызанская пры ўездзе са Шчучына) двухпавярховай жылой забудовы з дзіцячым садком. Зберагліся помнікі дойлідства XIX — пачатку XX ст. — касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, палац і парк.

Пасёлак забудоўваецца паводле генпланаў 1973 г. (Гарадзенская філія інстытуту "Белдзяржпраект") і 1989 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Ю. Градаў, С. Смірнова, У. Бусілевіч).


М.П. Каравайскі



ЖАЛУДОК. КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны з бутавага каменю і цэглы ў 1854 г. у г.п. Жалудок (Шчучынскі р-н). Храм прастакутны ў плане, накрыты двухсхільным дахам з трохкутным франтонам на галоўным фасадзе, увенчаны скульптурнымі кампазіцыямі. Сцены завершаныя развітым антаблементам. Да асноўнага аб’ёму далучаныя паўкруглая апсіда з сакрысціямі па баках і крылы трансепту. Уваход аформлены масіўным чатырохкалонным порцікам, да якога вядзе шырокая лесвіца. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя шырокімі пілястрамі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Дэкаратыўныя дэталі на фасадах атынкаваныя і кантрастуюць з адкрытай муроўкай сцен. Інтэр’ер зальны.

Касцёл дзейнічае.


Т.В. Габрусь

 


ЖАЛУДОК. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства пачатку XX ст. Створаная князям Л. Святаполк-Чацвярцінскім за 1 км на захад ад г.п. Жалудок (Шчучынскі р-н). Уключае мураваны палац, флігель, млын, якія аб’яднаныя сеткаю ўзаемна перпендыкулярных алей рэгулярнага парку.

Палац пабудаваны ў 1908 г. у стылі неабарока паводле праекту дойліда У. Марконі. Манументальны двухпавярховы будынак накрыты мансардавым дахам з авальнымі люкарнамі. Галоўны і дваровы франтальныя фасады вылучаныя ў цэнтры акруглымі і па баках прастакутнымі рызалітамі, накрытымі самастойнымі шатровымі дахамі з заломамі. Дваровы цэнтральны рызаліт прарэзаны высокімі парабалічнымі аконнымі праёмамі-вітражамі і авальнымі люкарнамі, якія асвятляюць парадную лесвіцу. Рызаліт завершаны балюстрадай і скульптурна-геральдычнай кампазіцыяй з дэкаратыўнымі вазамі. Паміж дваровымі рызалітамі па фронту фасаду тэраса з балюстраднай агароджай і цыркульнымі сходамі. Галоўны ўваход вылучаны балконам. У дэкоры фасадаў выкарыстаныя высокія панелі, фігурныя і спрошчаныя ліштвы, сандрыкі, картушы, гірлянды, рустоўка. У цэнтры будынку размешчаная парадная зала, вестыбюль з лесвіцай. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.

Флігель вырашаны ў стылі неаготыкі — аднапавярховы, прастакутны ў плане аб’ём з круглай у сячэнні шатровай вежай, прыбудаванай да тарцовага фасаду. Сцены з бутавага каменю, члянёны стральчатымі аконнымі праёмамі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе гатычнага парталу.

Комплекс належыць вайсковаму ведамству. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ЖАМЧУЖНЫ


Пасёлак у Баранавіцкім р-не. За 8 км на захад ад Баранавіч. Узнік як жылая зона двух буйнейшых у рэспубліцы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — птушкафабрыкі "Дружба" і свінагадоўчага комплексу "Усходняе". Забудоўваецца паводле генплану 1979 г. (БелНДІдзіпрасельбуд, карэкціроўка 1982 г.) і праекту забудовы жылой зоны комплексу "Усходняе" (1980 г., "Белкалгаспраект"). Пасёлак вызначаецца кампактнасцю забудовы, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці (азеляненне, ізаляванасць жылой зоны ад гаспадарчай, забяспечанасць усімі відамі інжынернага абсталявання). Адна з асноўных кампазіцыйных восей — пр-т Будаўнікоў — перасякае пасёлак з поўначы на поўдзень. На захад ад яго ідуць шесць вуліц (Грыцаўца і інш.). Жылая зона складаецца з раёну малапавярховай секцыйнай (3—4-павярховыя шматкватэрныя дамы) і сядзібнай забудовы (двухпавярховыя 1—2-кватэрныя жылыя дамы з керамзіта-бетонных панелей, дамы з маналітнага керамзітабетону, мансардавыя аднакватэрныя дамы драўляна-панельнай канструкцыі, тры тыпы дамоў з цэглы). У раёне 3—4-павярховай забудовы, пры ўездзе ў пасёлак, фармуецца грамадскі цэнтр. Удалае спалучэнне кантрастных колераў у афарбоўцы дамоў (чырвоны і белы дамоў з цэглы, зялёны і тэракотавы — панельных, жоўты і чорны — драўляных) стварае выразны сілуэт забудовы. Шырока выкарыстаныя тэрасы, веранды, лоджыі, малыя формы дойлідства, групы дэкаратыўных дрэваў. У будаўніцтвеве ўжываюцца прагрэсіўныя індустрыяльна-паточныя метады. Акрамя зборных жылых дамоў, у зоне сядзібнай забудовы ўпершыню ў рэспубліцы выкарыстаныя зборныя гаспадарчыя пабудовы, якія разам з гаспадарчымі праездамі вылучаныя ў асобныя комплексы, размешчаныя непадалёку ад кожнага дому. Вуліцы з бульварамі і малыми формамі дойлідства з’яўляюцца адначасова і зонамі адпачынку, кожная з іх адметная сваім аб’ёмна-прасторавым і каляровым вырашэннем. Вытворчая зона размешчаная на паўночны захад і захад ад пасёлку. Зона адпачынку — сквер са стадыёнам і спартовымі пляцоўкамі побач з грамадскім цэнтрам, сквер з малыми формамі дойлідства, які прымыкае да ляснога масіву.

Плануецца развіццё пасёлку на ўсход, далейшае расшырэнне грамадскага цэнтру.


І.І. Некрашэвіч



ЖАМЫСЛАЎЛЬ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства XVIII—XIX стст. Створаная ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н) на левым беразе р. Гаўя. Фармаванне сядзібы пачалося з 2-й паловы XVIII ст. З 1805 г. маёмасць роду Умястоўскіх. У 1828 г. К. Умястоўскі па баках набытай аднапавярховй драўлянай гасподы, збудаванай ў стылі барока, ставіць два мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захавалася аднна), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка пабудавала палац (да 1877 г.), які існуе і цяпер. У канцы XIX ст. ўладальнік Ул. Умястоўскі аддае сядзібу пад навуковую базу Віленскаму універсітэту. У час I Сусветнай вайны (1914 г.) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гаспадарчыя пабудовы, бровар (1885 г.), парк. Зараз у сядзібе размешчаны культурны і адміністрацыйны цэнтр саўгасу "Жамыслаўскі". Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і две сіметрычна пастаўленыя афіцыны, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтральную алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маткі Боскай (1883 г.).

Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай каралеўскай рэзідэнцыяй XVIII ст. "Лазенкі", верагодна, паводле праекту дойліда Л. Марконі. Т-падобны ў плане двухпавярховы будынак строга сіметрычнай кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасаду лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — чатырохкалонны порцік з трохкутным франтонам і трыгліфным фрызам. Па баках лоджыі галоўнага фасаду прастакутныя ўваходныя праёмы з балконамі над імі. З тарцовых бакоў выступаюць нізкія прыбудовы з адкрытымі тэрасамі. У вырашэнні фасадаў выкарыстаныя карынфскі ордэр, канеліраваныя пілястры якога крапуюць прасценкі прастакутных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах. Аб’ём апяразаны балюстрадамі. Планіроўка анфіладна-калідорная з квадратнай залай у цэнтры, у якой збераглася кафельная печ XVIII ст. Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя каміны, сценавыя панелі. Палац быў абстаўлены мэбляй, створанай мясцовымі майстрамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.

З гаспадарчых пабудоў захаваліся мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пабудаваны ў пачатку XIX ст. ў традыцыях народнага дойлідства) — аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з арачнай галерэяй на галоўным фасадзе, накрыты двухсхільным дахам.

Парк пейзажнага тыпу (плошча каля 7 га) высаджаны ў 1883 г. французскім садоўнікам Джэймсам, запрошаным з маёнтку Тышкевічаў у Верках з-пад Вільні. Падзелены ракой на две часткі: рэгулярна-парадную вакол палацу і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, клён вастралісты Шведлера, бяроза далекарлійская, ясень пенсільванскі і інш.


А.М. Кулагін



ЖЛОБІН


Горад, цэнтр Жлобінскага р-ну, прыстань на Дняпры. За 93 км ад Гомеля. Вядомы з 1492 г. як невялікае паселішча ў Вялікім княстве Літоўскім, належала Хадкевічам. З 1566 г. у Рэчыцкім павеце. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Рагачоўскага павету. У 1897 г. было 2100 жыхароў. У канцы XIX ст. праз Жлобін пракладзеная Лібава-Роменская чыгунка, у 1902 г. чыгунка Адэса — Санкт-Пецярбург. З 17.7.1924 г. цэнтр раёну. У 1939 г. 19,3 тыс. жыхароў. З 7.3.1963 г. горад абласнога падпарадкавання.

Горад падзелены чыгункай Менск — Гомель на паўночную (цэнтральную) і паўднёвую часткі. Галоўная вось — вул. Першамайская (з захаду на ўсход, забудаваная 3—5-павярховымі жылымі дамамі, грамадскімі будынкамі). Адміністрацыйна-грамадскі і культурна-гандлёвы цэнтр гораду знаходзіцца на Прывакзальнай плошчы. У паўночнай частцы гораду ствараюцца два мікрараёны (вуліцы К. Маркса з гандлёвым цэнтрам, Міжнародная, Вайкова), забудоўваюцца 5—9-павярховымі жылымі дамамі. Прамысловая зона размешчаная на поўначы і поўдні. Узор сучаснага прамысловага дойлідства — будынкі перапрацоўчага металургічнага заводу. Зона адпачынку знаходзіцца на беразе ракі з прыбярэжным паркам па вул. Савецкай.

Горад забудоўваецца паводле генпланаў 1974 г. і 1988 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід С. Смірнова).


Л.С. Патапаў, С.Л. Смірнова



ЖОДЗІНА


Горад у Менскай вобл., на р. Пліса. За 55 км ад Менску. Вядомы ў Вялікім княстве Літоўскім з XVII ст. як в. Жодзіна Слабада ў Менскім ваяводстве на р. Паджодзінка. Належала Радзівілам. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, сяло Смалявіцкай воласці Барысаўскага павету. З пракладкай Берасцейска — Маскоўскай чыгункі (1871 г.) — чыгуначная станцыя. У 1886 г. — 48 двароў, 470 жыхароў. З 1924 г. цэнтр сельсавету Смалявіцкага р-ну. З будаўніцтвамвам Смалявіцкай ДРЭС (1951 г.) побач з Жодзіна выраслі два пасёлкі — ДРЭС і заводу дарожных і меліярацыйных машын (з 1958 г. на базе яго створаны Беларускі аўтазавод — "БелАЗ"). Пазней у суседніх вёсках Зарэчча і Крушынікі размясціліся інстытуты Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. 21.1.1958 г. пасёлкі і вёскі аб’яднаныя з Жодзіна ў гарадскі пасёлак. У 1962—65 гг. у Барысаўскім р-не, з 7.3.1963 г. горад абласнога падпарадкавання.

Сучасны горад складаецца з трох асобных раёнаў, расчлянёных чыгункай і аўтамагістраллю Менск — Масква: раён "БелАЗа" (на захадзе, размешчаныя асноўныя вуліцы гораду — пр-ты Леніна і Міру, вул. 40 гадоў Кастрычніка і 50 гадоў Кастрычніка, забудаваныя 5—9-павярховымі жылымі дамамі), які ўключае мікрараёны Беларускага НДІ земляробства, забудаваныя 3—5-павярховымі жылымі дамамі; Зарэчча (на усходзе, складаецца з мікрараёнаў Жодзінскай ЦЭЦ, Беларускага НДІ жывёлагадоўлі, конезавода "Зарэчча", забудаваных 2—4- і 5—9-павярховымі жылымі дамамі, і індывідуальнай жылой забудовы па вул. Маскоўскай); Судабаўка (на поўдні, пераважае 1—2-павярховая забудова сядзібнага тыпу). На рагу пр-ту Леніна і вул. 50 гадоў Кастрычніка фармуецца плошча — грамадскі цэнтр гораду з адміністрацыйнымі будынкамі. Прамысловая зона размешчаная на поўдні і захадзе. Зона адпачынку ствараецца ў паўночным лесапарку і на Пліскім вадасховішчы (на поўдні). Загарадная зона адпачынку знаходзіцда на р. Бярэзіна.

Горад забудоўваецца паводле генплану 1961 г. (інстытут "Белдзяржпраект", дойлід Э. Дзямідаў) і яго карэкціроўкі 1983 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Л. Зайцава), генплану 1988 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Л.Г. Зайцава



ЖОДЗІНА. БУДЫНКІ БЕЛАРУСКАГА АЎТАМАБІЛЬНАГА ЗАВОДУ


Узведзеныя ў 1958 г., у 1976 г. пабудаваныя новыя вытворчыя, адміністрацыйна-бытавыя і інжынерныя карпусы. Тэрыторыя заводу функцыянальна заніраваная з улікам асаблівасцей тэхналогіі, сістэмай адміністрацыйна-бытавога абслугоўвання і транспарту, санітарных і пажарных патрабаванняў. Зоны планіровачна аб’яднаныя транспартнымі і пешаходнымі сувязямі. Галоўную вытворчую зону фармуюць карпусы цэхаў — сучасных прамысловых будынкаў з прагрэсіўнымі аб’ёмна-планіровачнымі і канструкцыйнымі вырашэннямі. Асноўныя цэхі — вялікія вытворчыя аб’ёмы з натуральным асвятленнем і кандыцыяніраваным паветрам. Вентыляцыйныя ўстаноўкі вынесеныя ў спецыяльныя галерэі на дахі корпусаў. Працяглыя гарызантальныя плоскасці вытворчых корпусаў раўнамерна падзеленыя чатырохпавярховымі бытавымі прыбудовамі, што стварае своеасаблівую і выразную кампазіцыю галоўных фасадаў, перад якімі размешчаная зона адпачынку. Перадзаводская зона — буйны комплекс адміністрцыйных, лабараторных і грамадскіх будынкаў, прамежкавае звяно паміж вытворчымі і жылымі тэрыторыямі. Яе галоўнымі элементамі з’яўляюцца карпусы канструктарска-даследчай базы і заводакіраўніцтва, якія вылучаюцца цікавай і выразнай кампазіцыяй. У аб’ёмна-планіровачнай арганізацыі комплексу выкарыстаныя прагрэсіўныя вырашэнні, што дало магчымасць ствараць выразнае дойлідства і камфортныя ўмовы працы.



ЖОДЗІНА. МАНУМЕНТ У ГОНАР МАЦІ-ПАТРЫЁТКІ


Мемары яльны комплекс у г. Жодзіна Менскай вобл. Адкрыты каля шашы Менск — Масква ў 1975 г. (скульптары А. Заспіцкі, I. Міско, М. Рыжанкоў, дойлід А. Трафімчук; Дзяржаўная прэмія СССР 1977 г.). Шасціфігурная скульптурная кампазіцыя (з бронзы) выцягнутая па гарызанталі. Фігура маці нібы застыла на двухпрыступкавым пастаменце, а праз сімвалічную дарогу, засаджаную кветкамі, — фігуры яе пяці сыноў (пастаўленыя на больш нізкі пастамент), што пайшлі на вайну. У помніку ўвасоблены драматычны лёс беларускай маці, жыхаркі г. Жодзіна Н.Ф. Купрыянавай, усе пяць сыноў якой аддалі жыццё за вызваленне Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Мемарыяльны комплекс арганічна ўваходзіць у навакольнае асяроддзе.


Л.Г. Лапцэвіч

 

 

ЖОДЗІШКІ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства. Створаная на працягу XVIII—XIX стст. у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н), на правым стромым беразе р. Вілля. Пад гасподу прыстасаваны буйнамаштабны 6удынак былога езуіцкага калегіюму, пабудаванага ў 1757—66 гг. у стылі барока ў маёнтку Міцкевічаў (падораны ордэну ў 1708 г.). Дойлід — прафесар Віленскай акадэміі Т. Жаброўскі. З канца XVIII ст. частка калегіюму была ператвораная ў палац, у розны час належала Патоцкім, Ласкарысам, Мілашэўскім.

Прастакутны ў плане двухпавярховы мураваны будынак (таўшчыня сцен каля 1 м) накрыты вальмавым дахам. У цэнтры галоўнага фасаду трохвосевы рызаліт з мансардай, па баках рытмічна размешчаныя лучковыя вокны (на дваровым фасадзе прастакутныя) і лапаткі ў прасценках. Планіроўка галерэйная, памяшканні перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Мае скляпеністы падвальны паверх. За домам невялікі парк пейзажнага тыпу (ліпа, клён, таполя і інш.).

Зараз у будынку размешчаная медыцынская ўстанова. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


ЖОДЗІШКІ. КАЛЬВІНСКІ ЗБОР

 

Помнік дойлідства рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н), у пачатку XIX ст. перабудаваны пад Траецкі касцёл. Спачатку быў аднанефавы прастакутны ў плане храм без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Пры перабудове да нефу прыбудаваны вялікія прастакутныя ў плане бакавыя капліцы з трохкутнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен, змененая арыентацыя храму на процілеглую (вежа апынулася над прэсбітэрыем, зруйнаваная ў І Сусветную вайну). Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане аднанефавы будынак з больш нізкай квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціем на поўначы і кутнімі контрфорсамі. Неф і капліца накрытыя двухсхільнымі дахамі. Галоўны фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал уваходу аформлены рустыкай. Сцены расчлянёныя плоскімі лапаткамі, прарэзаныя лучковымі вокнамі і нішамі, завершаныя прафіляваным карнізам. Унутры неф перакрыты цыліндрычным, капліцы — крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам — хоры. Скляпенні капліц упрыгожаныя размалёўкай (1-я палова ХХ ст., мастак П. Сергіевіч).

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін, А.А. Ярашэвіч



ЖУПРАНЫ. КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА

 

Помнік дойлідства 2-й паловы ХІХ ст. Пабудаваны ў в. Жупраны (Ашмянскі р-н) у стылі несапраўднай готыкі. Мураваны прастакутны ў плане трохнефавы з вежай-званіцай на галоўным фасадзе храм. Маляўнічасць фасадам надае мяшаная тэхніка муроўкі: асноўныя ўчасткі сцен з буту з украпінамі маленькіх каменьчыкаў, пілоны, якія ўмацоўваюць куты асноўнага аб’ёму і званіцы, абрамленні аконных, дзвярных праёмаў і блендаў з цэглы. Накрыты двухсхільным дахам з трохкутным атыкам на алтарным і прастакутным на галоўным фасадах, завершаных дэкаратыўнымі вежачкамі. Карнізны пояс з высокім складаным па малюнку аркатурным фрызам падзяляе будынак на две часткі: ніжнюю амаль глухую і верхнюю, расчлянёную спічастымі праёмамі (у атыках і верхнім ярусе званіцы аконныя праёмы рытмічна чаргуюцца з блендамі). Пілоны аформленыя нішамі са спічастымі завяршэннямі. Званіца трох’ярусная : ніжнія ярусы чатырохгранныя, верхні — васьмигранны, завершаны шатровым дахам. У інтэр’еры нефы падзеленыя гранёнымі слупамі з вузкімі высокімі нішамі, падпружныя аркі аздоблены кесонамі, скляпенні — арнаментальным жывапісам. Над уваходам — хоры з арганам. Побач з касцёлам на могілках — магіла Ф. Багушэвіча і яго сям’і.

Касцёл дзейнічае.


Ю.А. Якімовіч



ЖЫЛІЧЫ. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік палацава-паркавага дойлідства XVIII—XIX стст. Створаны ў в. Жылічы (Кіраўскі р-н). У ансамбль уваходзяць палац, парк, тры штучныя вадаёмы (рыбная гаспадарка).

Палац пабудаваны ў 1830-я гады (дойлід К. Падчашынскі) у стылі класіцызму. Спачатку ўзведзены галоўны П-падобны двухпавярховы корпус, аздоблены порцікамі карынфскага ордэру: шасцикалонным у цэнтры і чатырохкалоннымі на бакавых фасадах. Цэнтральная частка падкрэсленая бельведэрам над лесвічнай клеткай. Да паўннёва-заходняга тарца галоўнага корпусу пазней дабудаванае доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой, якое замыкалася двухпавярховым корпусам з праезнай брамай. Фасады насычаныя класіцыстычным дэкорам. Інтэр’еры палацу вызначаліся багатым убраннем (знішчанае ў II Сусветную вайну). Залы і пакоі былі аздобленыя пазалочанай лепкай, размалёўкай, дэкаратыўнымі тканінамі і карцінамі. Планіроўка мяшаная, анфіладна-калідорная. У будынку размешчаны саўгас-тэхнікум.

Парк створаны ў XVIII—XIX стст. Плошча 18 га (разам з пладовымі садамі і рыбнай гаспадаркай каля 100 га). Размешчаны на раўнінным рэльефе, у плане выцягнуты прастакутнік, абмежаваны алеямі. Тэрыторыю парку з поўначы на поўдзень перасякае р. Дабасна, якая ўтварае тры маляўнічыя вадаёмы з выспамі (засталіся рэшткі масткоў і альтанак). Перад паўночным корпусам палацу ўцалелі фрагменты рэгулярнага парку пачатку XVIII ст. — круглая пляцоўка і две кляновыя алеі. У 1830-я гады створаны пейзажны парк, кампазіцыя якога падпарадкаваная палацаваму ансамблю. Перад усходнім порцікам размешчаны партэр у выглядзе эліпсу. Астатняя тэрыторыя парку падзеленая на асобныя ўчасткі, злучаныя дарожкамі. У кампазіцыях парку выкарыстаны дэкаратыўныя пароды дрэваў (дуб звычайны пірамідальны, клён вастралісты Швэдлера) і экзоты (хвоя веймутава, клён серабрысты, арэх шэры, ліпа эўрапейская і інш.).

Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя, В.Р. Анціпаў



ЖЫРОВІЦКІ МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН


Помнік дойлідства XVII—XVIII стст. Размешчаны ў в. Жыровічы (Слонімскі р-н), на ўзвышаным беразе р. Шчара. Заснаваны ў 1470 г., з 1613 г. уніяцкі. Спачатку быў драўляны (згарэў у 1655 г.). У 1672—1829 гг. на месцы яго базыльянамі пабудаваныя мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Богаяўленская цэрквы, званіца, будынак семінарыі (новы будынак узведзены ў 1956 г.), жылы манастырскі корпус, гаспадарчыя пабудовы, высаджаны пладовы сад, агарод, выкапана сажалка, комплекс часткова абнесены мураванай сцяной з брамамі. У 1839 г. стаў цэнтрам кіравання праваслаўнай царкоўнай епархіі і кафедрай літоўскага архіепіскапа. Ансамбль мае нерэгулярную планіроўку, маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт, у дойлідстве спалучаюцца рысы стыляў барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на поўначы) і з жылым корпусам (на поўдні), у першым паверсе якога зроблены арачны праезд на тэрыторыю манастыра. Будынак семінарыі фармуе парадны двор перад апсідай сабору. Каля ўсходняга крыла семінарыі вялікі прастакутны гаспадарчы двор, абкружаны аднапавярховымі карпусамі. На паўднёвым усходзе ад сабору Богаяўленская царква. Ва ўсходняй частцы манастыра на самым высокім месцы пабудаваная Крыжаўзвіжанская царква, якая з’яўляецца вертыкальнай дамінантай ансамбля. Успенскі сабор закладзены як галоўны храм манастыра базыльян у 1613 г. (закончаны ў 1650 г.). Мураваная трохнефавая крыжова-купальная базіліка (даўжыня больш за 55 м, вышыня каля 40 м) з паўкруглай апсідай. З паўночнага і паўднёвага бакоў да сабора прымыкаюць тры цёплыя прыдзелы Пакрова Прасвятой Маці Боскай, Раства Іаана Хрысціцеля і Святога Цудатворца Мікалая. Спачатку сабор пабудаваны ў стылі барока з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 г. храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраныя, змененая форма светлавога барабану і купалу, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (чатырохкалонны порцік з трохкутным франтонам, фрыз з трыгліфамі). Інтэр’ер сабору захаваў барочны характар. Прастора трансепту павялічаная кесаніраваным купалам паўночнага крыла і скляпеннем на ветразях паўднёвага. Двухсветлавы цэнтральны неф асветлены арачнымі вокнамі, аддзелены высокімі аркадамі і перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, апяразанымі шырокапрафіляваным і інтэнсіўна крапаваным карнізным поясам. Скляпенні ўпрыгожаныя стукавым арнаментам, іх падпружныя аркі — фрэскавымі філёнгамі ў стылі ракако. Манументальная конха апсіды прарэзаная люнетамі і запоўненая фрэскай "Спас Пантакратар", на сцяне апсіды захаваўся ляпны каталіцкі алтар у стылі ракако. Авальны цэнтральны купал пры дапамозе ветразяў падтрымліваюць масіўныя слупы крыжовага сячэння. У паўночна-заходняй частцы храму на манументальнай трохпралётнай аркадзе размешчаныя шырокія хоры, парапет якіх дэкарыраваны дарычным фрызам. Пад апсідай размешчаная крыпта з цыліндрычным скляпеннем. Галоўны дэкаратыўны элемент інтэр’еру — драўляны разны трох’ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Яго структурную аснову складаюць паярусныя каланады карынфскага ордэру з крапаванымі антаблементамі і фігурнымі франтонамі. Барочнай трактоўкай вызначаецца алтарны абраз Жыровіцкай Маці Боскай у срэбным абкладзе. Бакавыя двух’ярусныя алтары больш позняй работы (ХІХ ст.). Іх кампазіцыя пабудаваная на аснове карынфскага ордэру з абмежаваннем дэкаратыўнай арнаментыкі. Квадратная ў плане двух’ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю, фарміруе перад ім плошчу. Па аналогіі з саборам завяршаецца паўсферычным купалам. Дойлідства заснаванае на класічнай ордэрнай сістэме: калоны, антаблементы, трохкутныя франтоны, дарычны фрыз.

Крыжаўзвіжанская царква пабудаваная ў 1769 г. як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако. Адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самастойны аб’ём. Галоўны паўночна-заходні фасад вызначаецца стройнасцю і лёгкасцю трох’яруснай кампазіцыі. Плаўны пераход ярусаў забяспечваецца бакавымі валютамі. Трэці ярус — чатырохгранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная меншага памеру вежачка над алтарнай часткай. Зала храму перакрытая цыліндрычным скляпеннем на распалубках і асветлена бакавымі лучковымі вежачкамі. Над уваходам на трохпралётнай лучковай аркадзе хоры з плаўна хвалістай лініяй парапету. Шматступеньчатая аднамаршавая мае палавіну будынку, мела ілюзорны працяг на перспектыўнай фрэскавай сюжэтнай размалёўцы алтарнай сцяны, што пашырала прастору інтэр’еру.

Богаяўленская царква пабудаваная ў 1796 г. у стылі барока ў цэнтры манастырскай тэрыторыі. Адносіцца да тыпу бязвежавых адназальных храмаў. Галоўны двух’ярусны фасад выходзіць за межы асноўнага аб’ёму. Уражанне вертыкальнай накіраванасці ствараецца паўкалонамі, вязкамі лапатак, крапаваным фігурным франтонам з бакавымі валютамі. Бакавыя фасады вырашаныя плоскасна, расчлянёны арачнымі вокнамі ў простых ліштвах. Унутры ў залу храма выступаюць хоры, абмежаваныя ўвагнута-пукатым парапетам. Пад царквой скляпеністая крыпта.

Семінарыя пабудаваная з паўночна-ўсходняга боку сабору ў XVII—XVIII ст. у стылі барока. Выкарыстоўвалася як вучэбны корпус саўгасу-тэхнікуму, з верасня 1989 г. — Менская духоўная семінарыя. П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам вырашаны ў манументальных формах, мае сіметрычнае планіровачнае і аб’ёмна-прасторавае вырашэнне. Дэкор абмежаваны карнізам з прафіляванай цягай, простымі ліштвамі аконных праёмаў з лучковымі броўкамі. Пластыку будынку ствараюць згрупаваныя па кутах лапаткі, высокі цокаль, на якім лапаткі пераходзяць у контрфорсы. Планіроўка галерэйная, калідоры і падвалы перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У цэнтры ў асобным крыле — зала трапезнай, перакрытая цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус прымыкае да сабора з паўднёва-заходняга боку пры дапамозе надбрамнага пераходу. Выцягнуты двухпавярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Перакрыцці скляпеністыя: цыліндрычнае з распалубкамі ў калідоры, крыжовыя ў келлях. Дойлідства будынку лаканічнае: аконныя праёмы фасадаў дэкарыраваны прафіляванымі ліштвамі і франтончыкамі.

Гаспадарчы корпус — аднапавярховае П-падобнае ў плане збудаванне, з паўночна-заходняга фасаду семінарыі ўтварае вялікі гаспадарчы двор. Утылітарнае прызначэнне корпусу абумовіла яго спрошчанае дойлідска-дэкаратыўнае вырашэнне, у якім прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).

Манастыр дзейнічае. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ЖЫТКАВІЧЫ


Горад, цэнтр Жыткавіцкага р-ну. За 233 км ад Гомеля. У Вялікім княстве Літоўскім вёска Слуцкага княства. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, вёска (называлася таксама Убярэжжа), цэнтр воласці Мазырскага павету. З пабудовай Палескіх чыгунак з 1886 г. чыгуначная станцыя. У 1897 г. 1,2 тыс. жыхароў. З ліпеня 1924 г. мястэчка, цэнтр раёну. З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак, 4,3 тыс. жыхароў у 1939 г. З 19.11.1971 г. — горад.

Забудова квартальная. Асноўныя планіровачныя восі — галоўныя вуліцы Ф. Энгельса, Сацыялістычная, а таксама вул. К. Маркса, Чкалава (забудаваныя 2—3-павярховымі жылымі дамамі, будынкамі грамадскіх устаноў). На скрыжаванні вул. К. Маркса, Ф. Энгельса і Чкалава размешчаная пл. Леніна — грамадскі і культурна-асветніцкі цэнтр. Прамысловыя зоны на поўдні, поўначы і захадзе. Уздоўж р. Бобрык зона адпачынку са спартовым комплексам. Горад забудоўваецда паводле генплану 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Л.С. Патапаў



-З-



ЗАВОССЕ. СЯДЗІБА


Існавала ў 2-й палове XVIII — пачатку XX ст. каля хутара Завоссе (Баранавіцкі р-н). Уключала гасподу, афіцыны, гаспадарчыя пабудовы. Была вырашаная ў традыцыях народнага дойлідства.

Гаспода — аднапавярховы прастакутны ў плане будынак, накрыты высокім паўвальмавым саламяным дахам, які на тарцах утвараў невысокія трапецападобныя ашаляваныя шчыты. Вокны прастакутныя. Галоўны ўваход быў аформлены ганкам пад двухсхільным дахам з трохкутным шчытом на двух слупах.

Насупраць гасподы знаходзіўся лямус — двухпавярховы прастакутны ў плане будынак (на першым паверсе 6ыла камора, на другім — летні жылы пакой), завершаны вальмавым саламяным дахам. Галоўны фасад быў аформлены двух’яруснай галерэйкай. У сядзібе ў 1798 г. нарадзіўся А. Міцкевіч.

Комплекс вядомы паводле малюнкаў Н. Орды і Э. Паўловіча.


Ю.А. Якімовгч



ЗАКОЗЕЛЬ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства XIX ст. Пабудаваная ў в. Закозель (Драгічынскі р-н). У ансамбль уваходзяць гаспода (збяроглася часткова), капліца-пахавальня, бровар і парк. Звязаная з імем пісьменніцы Э. Ажэшкі і паўстаннем 1863 г. Пасля 1865 г. сядзіба ад Ажэшкаў перайшла да графіні Бабрынскай, якая збудавала парадную ўязную браму і стайню. Пасля І Сусветнай вайны належала Весялоўскаму, які надбудаваў над домам другі паверх і дваровую тэрасу. Апошні ўладальнік (да 1939 г.) К. Талочка. Пашкоджаная ў гады ІІ Сусветнай вайны.

Мураваная гаспода (вядомая па акварэлі Н. Орды, 1863 г.) пабудаваная ў 1820-я гады ў стылі ампір. Уяўляла сабой пастаўлены на нізкі цокаль аднапавярховы прастакутны ў плане пяцивосевы будынак, накрыты вальмавым дахам з паўкруглымі дахавымі вокнамі. Па папярочнай восі да яго прылягалі ніжэйшыя з самастойнымі ўваходамі бакавыя крылы, аздобленыя па фронту прысценнымі каланадамі. Цэнтр сіметрычна-восевага галоўнага фасаду падкрэслены чатырохкалонным порцікам са ступеньчатым прастакутным атыкам. Высокія прастакутныя вокны ў цэнтральным корпусе з аканіцамі. Цэнтральнае месца ў доме займала калонная зала-ратонда. Апартаменты мелі паркетную падлогу, масіўныя дзверы з маронага дубу ў бронзавай акоўцы. Выкарыстоўваецца як жылы.

Капліца пабудавана ў сярэдзіне XIX ст. (да 1853 г.) на ўскраіне парку як фамільная пахавальня Ажэшкаў і наступных уладальнікаў. Вырашаная ў формах дойлідства рэтраспектыўнай готыкі. Паводле мясцовага падання ў высокім шпілі капліцы, дзе была невялікая камора, хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 гг. Р. Траўгут. Цэнтрычнае квадратнае ў плане збудаванне накрытае востракутнымі двухсхільнымі дахамі, скрыжаванне якіх адзначанае высокім чатырохгранным шатром з гранёным шпілем і гатычным крыжом у завяршэнні. Стракатасць сілуэту і вертыкальную накіраванасць прасторавай кампазіцыі надаюць кутнія падвойныя пінаклі, паміж якімі ў гатычных парталах (чыгуннае мастацкае ліццё) размешчаныя скульптуры евангелістаў. Фасады насычана крапаваныя згрупаванымі па кутах контрфорсамі, слаістымі стральчатымі і трохлопасцевымі нішамі. Стральчаты ўваходны партал дэкарыраваны ўверсе круглымі гербамі Ажэшкаў (мастацкае чыгуннае ліццё). Каларыстычнае багацце будынку стварала высокаякасная "адкрытая" цагляная муроўка, медная бляха дахаў, пабелка элементаў дэкору. Зала перакрытая люстраным скляпеннем, насычаная арнаментаванымі тонкімі ляпнымі нервюрамі. У кутніх стральчатых нішах знаходзіліся скульптурныя выявы евангелістаў (не захаваліся). Стральчатыя вокны і люкарны з пераплётамі геаметрычнага малюнку, якія запаўняліся каляровымі вітражамі. Пад капліцай — склеп-пахавальня, куды вядуць сходы ў цэнтры залы.

У аснове планіроўкі пейзажна-рэгулярнага парку  прамая ліпавая алея, што завершаная авальным партэрам перад домам і прадоўжаная за ім. Пейзажная частка арганізаваная на ўзгорыстай мясцовасці вакол капліцы з могілкамі і па берагах сажалак. На паўднёва-заходняй ускраіне парку пастаўлены прыдарожны мураваны слуп-абеліск (1842 г.), на паўднёвай — мураваны будынак бровару, вырашаны ў формах дойлідства позняга класіцызму.

На тэрыторыі ансамбля размешчаная цэнтральная сядзіба калгасу. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ЗАЛЕСКІ ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС


Помнік палацава-паркавага дойлідства XVIII—XIX стст. Створаны ў в. Залессе (Смаргонскі р-н). Належаў роду князёў Агінскіх, з 1802 г. яго ўладальнікам стаў вядомы кампазітар, дыпламат і грамадскі дзеяч М.К. Агінскі. У комплекс уваходзілі две часткі — старая сядзіба 1-й паловы XVIII ст. ў стылі барока (не захавалася, мяркуецца яе аднаўленне) і новы палацава-паркавы ансамбль у стылі класіцызму, узведзены для М.К. Агінскага ў пачатку XIX ст. Сядзіба XVIII ст. складалася з палацу, невялікага парку, гаспадарчага двара і пладовага саду. Палац — аднапавярховы прастакутны ў плане з чатырма алькежамі па кутах драўляны будынак, накрыты высокім вальмавым дахам. Цэнтральная частка дому была выдзеленая двухпавярховым аб’ёмам. З боку галоўнага фасаду знаходзіўся парадны ганак, з боку дваровага — галерэя. У доме былі жылыя пакоі, спальні, капліца, кабінет, вялікач зала. З аднаго боку побач з домам знаходзіўся парк у выглядзе зялёнага партэру, абкружанага алеямі, з другога — двухпавярховая драўляная брама вяла ў гаспадарчы двор, па перыметры якога размяшчаліся кухня, двухпавярховы свіран, лядоўня. На тэрыторыі сядзібы знаходзіўся стаў з млынам, за ім — гаспадарчыя пабудовы і сад.

Новы палацава-паркавы ансамбль быў узведзены ў 1802—05 гг. на свабоднай тэрыторыі паміж абалонай ракі Вілія і старой сядзібай паводле праекту дойліда М. Шульца з удзелам дойліда I. Пусэ і садоўніка Пеўзнера. Палац — 1—2-павярховы мураваны Г-падобны будынак. Галоўны прастакутны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з двухпавярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтральнай мансардавай часткай, вылучанай чатырохкалонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам, якая мела завяршэнне ў выглядзе шара з гадзіннікавым звонам. Першапачатковая планіроўка не захавалася. У інтэр’еры вестыбюля зберагліся арнаментальны фрэскавы роспіс і кафляныя грубкі. Заходняе крыло галоўнага фасаду завяршалася двухпавярховым павільёнам, да якога прымыкалі две аранжарэі. Фасад першай быў расчлянёны паўкалонамі і высокімі арачнымі вокнамі. Другая аранжарэя, т.зв. "амерыканская", размяшчалася перпендыкулярна першай і мела на адным з фасадаў суцэльныя нахіленыя вокны. Паміж аранжарэямі ўтвараўся невялікі сад. Каля става быў узведзены новы двухпавярховы млын, які злучаўся з аранжарэяй драўлянай агароджай на мураваных слупах (не захаваўся, аднаўляецца). Побач з палацамі была ўзведзеная васьмигранная капліца з шатровым дахам і драўлянай вежачкай. Інтэр’еры капліцы былі багата аздоблены дойлідскім жывапісам. Каля палаца знаходзіўся шпацырны звярынец з дарожкамі, абсаджанымі дрэвамі і кветнікамі. У звярынцы знаходзіліся две альтанкі — мураваная паўкруглая з чатырохкалонным порцікам, высокімі шклянымі дзвярыма і авальнымі вокнамі ўверсе галоўнага фасаду (адноўленая) і мураваная круглая двухпавярховая "кітайская" з драўляным бельведэрам і завяршэннем у выглядзе трох кветак (мяркуецца яе аднаўленне). Пейзажны парк у рамантычным стылі быў разбіты на абалонах ракі, за шпацырным звярынцам. Там былі ўстаноўлены памятныя камяні ў гонар Т. Касцюшкі і першага гувернёра Агінскага. Парк значна пашкоджаны ў гады I Сусветнай вайны. За ракой знаходзіўся абкружаны магутнай драўлянай агароджай звярынец з дзікімі звярыма.

Вядуцца работы па рэстаўрацыі і аднаўленні комплексу.


Л.В. Іванова



ЗАЛЕССЕ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства сярэдзіны XIX ст. Створана ў в. Залессе (Глыбоцкі р-н) на месцы старажытнага замку, уздоўж выцягнутага з усходу на захад перашыйку паміж азёрамі Мураўшчына і Белае. Належала графу Моле. Уключае гасподу (часткова разбураная ў гады ІІ Сусветнай вайны, збераглася ўсходняя частка), гаспадарчыя пабудовы і парк пейзажнага тыпу.

Гаспода — мураваны прастакутны ў плане двухпавярховы будынак асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, мае рысы стылю рэтраспектыўнай готыкі. Спачатку да яе прылягала высокая трох’ярусная вежа (зруйнаваная ў 1982 г.). У дэкоры фасаду выкарыстаныя пінаклі, стральчатыя праёмы ў прафіляваных ліштвах.

З боку галоўнага фасаду зроблены парадны партэр, з дваровага — насыпная відавая тэраса. У аснове парку (плошча каля 8 га) кальцавы шпацырны маршрут праз яго густы масіў і ўздоўж паўночнай ускраіны. У парку два ставы, сажалкі, 48 парод дрэваў. Сярод насаджэнняў пераважаюць елка звычайная, хвоі веймутава і чорная, лістоўніцы эўрапейская, сібірская і японская, ліпы амерыканская і буйналістая.

Сядзіба выкарыстоўваецца пад жыллё і гаспадаркай калгасу.


А.М. Кулагін



ЗАМОСЦЕ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ БАРБАРЫ


Помнік дойлідства рэнесансу. Пабудаваны каля 1620 г. (па іншых звестках у 1649 г.) Андрэем Самуілам Вінкаю-Ратомскім у в. Замосце (Слуцкі р-н). Пры касцёле ў XVII ст. была місія езуітаў. У 1865 г. забраны пад царкву. Мураваны аднанефавы храм складаецца з квадратнага ў плане асноўнага аб’ёму, пяциграннай алтарнай апсіды і вежападобнага бабінца. Касцёл накрыты агульным двухсхільным дахам, які над апсідай пераходзіць у вальмавы. Сцены нефу аздобленыя тонкімі пілястрамі і завершаныя прафіляваным карнізам. Вокны высокія, з паўцыркульным завяршэннем. Бабінец з трохкутным франтонам і руставаным арачным уваходам, пэўна, перабудаваны ў XIX ст. Над ніжнім ярусам крыжовае скляпенне, вокны з лучковымі завяршэннямі. Над асноўным памяшканнем плоская драўляная столь (першапачатковае перакрыцце не захавалася). Грані апсіды прымыкаюць да нефу пад косым кутом, нібы будаўнік імкнуўся надаць паўцыркульны абрыс. Па баках прылягаюць выцягнутыя ўпоперак сакрысціі (рызніцы). Калісьці ў галоўным алтары знаходзілася карціна "Укрыжаванне" вядомага мастака Шымана Чаховіча.

Пасля 1917 г. касцёл выкарыстоўваўся для культурных і гаспадарчых патрэб. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч



ЗАПОЛЛЕ. СЯДЗІБНЫ ДОМ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1920-я гады ў в. Заполле (Пінскі р-н). Дойлідства мае рысы стыляў барока і класіцызму. П-падобны ў плане аднапавярховы драўляны будынак накрыты ламаным вальмавым дахам, на галоўным фасадзе две алькежы. Вось кампазіцыйнай сіметрыі падкрэсліваюць два мураваныя чатырохкалонныя порцікі тасканскага ордэру з трохкутнымі франтонамі, што афармляюць уваходы. Сцены гарызантальна ашаляваныя. Вокны прастакутныя. Група памяшканняў у цэнтральнай частцы (залы і кабінеты) мае анфіладную планіроўку, бакавыя крылы з жылымі і гаспадарчымі пакоямі — калідорную.

Выкарыстоўваецца як адміністацыйны будынак. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



ЗАПРУДЫ. ЗАМАК


Помнік абарончага дойлідства XIV—XVII ст. Размешчаны каля в. Запруды (Кобрынскі р-н). У склад замку ўваходзілі палац (не збярогся) і абарончыя ўмацаванні: земляныя валы з частаколам наверсе і вадзяныя равы. У плане равы і валы нагадваюць упісаныя адзін у адзін прастакутнікі, якія з усходу мелі бакі ў выглядзе паўдуг, што зыходзіліся ў месцы ўезду ў замак. Валы з гэтага боку згладжаныя. Асталіся валы вышынёю 1,5—2 м і шырышёю у аснаванні да 4 м. Равы маюць глыбіню да 2,5 м і шырыню каля 5 м.


М.А. Ткачоў



ЗАРАЧЧА. ВАДЗЯНЫ МЛЫН


Помнік прамысловага дойлідства канца XVIII — 1-й паловы XIX ст. Пабудаваны ў цэнтральнай частцы в. Зарачча (Браслаўскі р-н). Будынак быў разбураны, пазней адноўлены і накрыты двухсхільным дахам. Запруда не захавалася. Аднаколавы механізм млыну ацалеў часткова. Ад пачатковай пабудовы засталася толькі частка мураваных сцен з буйных бутавых камянёў на вапнавым растворы. Між імі з маленькіх каменьчыкаў з вострымі краямі выкладзеныя выявы людзей, кветак, птушак, якія арганічна ўпісваюцца ў просты адвольны ўзор з такіх жа маленькіх каменьчыкаў. Дэкаратыўна вырашаныя сцены — адзіны з уцалелых на Браслаўшчыне помнікаў народнай творчасці падобнага тыпу.

Помнік рэспубліканскага значэння.


С.Г. Багласаў



ЗАСВІР. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ I КЛЯШТАР КАРМЕЛІТАЎ


Помнік дойлідства пачатку XVIII ст. Пабудаваны ў 1713—14 гг. Крыштофам і Ядзвігай Зяновічамі ў в. Засвір (Мядзельскі р-н) у стылі барока. Касцёл — мураваны аднанефавы храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім двухсхільным дахам (над апсідай паніжаны і пераходзіць у конусападобны). У цэнтры да галоўнага фасаду прылягае невялікая паўкруглая прыбудова, якая мае рысы абарончага збудавання. Дэкаратыўная аздоба сканцэнтраваная на галоўным фасадзе: плоскія прастакутныя і паўцыркульныя нішы, трохкутны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. Аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі. Неф перакрыты драўляным корабавым скляпеннем. З поўначы да касцёлу прылягае мураваны П-падобны ў плане аднапавярховы будынак кляштару, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. Планіроўка калідорная, памяшканні перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У баку ад касцёлу стаіць невялікая мураваная брама і вежа-званіца — квадратны ў плане будынак на бутавым цокалі, накрыты чатырохсхільным шатром.

У 1865—1920 гг. касцёл перабудаваны пад царкву. Пасля ІІ Сусветнай вайны не функцыянуе. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч



ЗАСЛАЎЕ


Горад у Менскім р-не, на р. Свіслач. За 22 км ад Менску, чыгуначная станцыя Беларусь на лініі Менск — Маладзечна. Паводле летапіснага падання (1128 г.), заснаванае кіеўскім князем Уладзімірам Святаславічам для яго апальнай жонкі Рагнеды і сына Ізяслава, у гонар якога і быў названы (старажытнае Ізяславль). Паводле археалагічных даследаванняў, у X ст. на месцы гораду, на правым беразе Свіслачы, узнікла паселішча крывічоў (тэрыторыя 2—3,5 га) з вялікім курганным могільнікам за 0,8—1 км ад яго, за р. Чарніца (прыток р. Свіслачы). У сярэдзіне — 2-й паловы X ст. на левым беразе Свіслачы ўзнікла другое неўмацаванае паселішча з асобным курганным могільнікам. Мяркуюць, што гэта быў пагост — цэнтр збору даніны і месцазнаходжання велікакняжацкай адміністрацыі. У канцы X ст. (каля 985 г.) за 1 км на паўднёвы захад ад неўмацаванага паселішча (першага) пабудаваная парубежная крэпасць-горад, захаваліся рэшткі яго — гарадзішча "Замэчак". Гэта садзейнічала развіцдю неўмацаванага паселішча, тэрыторыя якога да канца XI ст. пашырылася (да 9—9,5 га). Горад меў так званую разгрупаваную планіроўку: адміністрацыйна-ваенны цэнтр знаходзіўся на адлегласці ад пасаду. Шляхі, што ўзніклі паміж часткамі гораду, паселішчамі і могільнікамі, сталі асновай вулічнай сеткі. Складаны рэльеф з узвышшамі, перарэзанымі поймамі рэчак і раўчукоў, балоцістымі нізінамі абумоўліваў устойлівасць яе трасіроўкі. У канцы XI ст. на тэрыторыі пасаду, на беразе Свіслачы, узведзенае новае ўмацаванне — дзядзінец. Заслаўе стала цэнтрам удзельнага Ізяслаўскага княства Полацкай зямлі (упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1127—28 гг.). Цэнтрам планіровачнай структуры гораду быў дзядзінец (падчас раскопак выяўлены рэшткі драўляных дамоў, частаколаў, насцілаў і вымастак). Пасад займаў частку тэрыторыі паміж р. Свіслач і лукавінай р. Чарніца. Левабярэжнае паселішча трансфармавалася ў зарэчную частку пасаду. Агульная плошча гораду ў XII — 1-й палове XIII ст. складала 12—13 га. З 2-й паловы XIII ст. ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Горад заняпаў, да канца XV ст. жыццё ў ім было сканцэнтраванае пераважна ва ўмацаванай частцы (у дзядзінцы, потым замку), пасад заселены рэдка і спарадычна. З 1345 г. (у пісьмовых крыніцах Межеславль, Жеславль, Жаславль, Зеслав) — прыватная ўласнасць Яўнута Гедымінавіча і яго нашчадкаў (князёў Заслаўскіх), з 1539 г. належаў Глябовічам, з 1678 г. — Сапегам, з 1753 г. — Пшаздзецкім. З 1569 г. у Менскім павеце Менскага ваяводства. У 1433 г. падчас вайны быў спалены Свідрыгайлам. У канцы XV — пачатку XVI ст. тэрорыя гораду пашырылася (на 1—1,5 га), забудова пасаду зрабілася больш шчыльнай. У XVI ст. былы дзядзінец (гарадскі замак) ператварыўся ў рэзідэнцыю ўладальнікаў (глядзі артыкул "Заслаўе. Замак"). У канцы XVI ст. ён быў умацаваны бастыёнамі, мураванымі ўязнымі брамамі, абвадняўся штучным возерам. Асновай планіровачнай структуры ў XVI ст. становіцца рыначная плошча, ад яе разыходзіліся галоўныя вуліцы ў напрамках на Менск, Вільню, Радашкавічы, Ракаў, адна з іх вяла да замку. К канцу XVII ст. тэрыторыя гораду павялічылася да 20 га; узніклі першыя пабудовы на правым беразе р. Чарніца. У XVII ст. рэзідэнцыя ўладальнікаў Заслаўя была перанесеная ў загарадную сядзібу. Дарога на Ракаў падзяляла яе на две часткі: паркава-палацавую і гаспадарчую. Сядзіба мела пераважна драўляную забудову, два паркі — верхні і ніжні (апошні з сажалкамі і ставамі на р. Княгінька, якая перасякала яго); у 2-й палове XVIII ст. ўзведзеныя мураваныя палац (не захаваўся) і два флігелі.

Дойлідскае аблічча гораду ў XVII ст. вызначалі тры дамінанты: высокая вежа (35 м) кальвінскага збору (у далейшым касцёл Святога Міхала Арханёла, праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква), драўляны касцёл Панны Марыі на ўзгорку на поўдзень ад рыначнай плошчы (1625 г., у 1774—79 гг. на яго месцы пабудаваны мураваны, у 1868 г. пасля перабудовы пераасвячоны ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы) і две вежы драўлянай уніяцкай царквы Праабражэння Гасподня (1619 г., у 1862 г. як старая разбураная). У 1678 г. заснаваны дамініканскі кляштар (яму перададзеная заходняя частка замку з касцёлам Святога Міхала Арханёла). Пабудаваная пасля 1793 г. драўляная праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква (не захавалася) стала яшчэ адной дамінантай. У канцы XVII — XVIII ст. цэнтр Заслаўскага графства, з 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Менскага павету, цэнтр воласці. У канцы XIX ст. на развіццё гораду зрабіла ўплыў пабудова Лібава-Роменскай чыгункі (1873 г.); намецілася злучэнне мястэчка з сядзібай (канец XIX — пачатак XX ст.). У 1924—59 гг. — цэнтр Менскага раёну (у 1924—30 гг. і 1935—38 гг. у складзе Менскай акругі, у 1939—59 гг. у Менскай вобл.), з 1938 г. гарадскі пасёлак, з 14.8.1985 г. — горад абласнога падпарадкавання.

Горад развіваўся ўздоўж пагоркаў на поўдзень, паўночны захад і паўднёвы захад. Галоўная вось — вул. Савецкая, забудаваная культурнымі і гандлёвымі ўстановамі, жылымі дамамі. Ва ўсходняй частцы вуліцы гістарычна склалася плошча — адміністрацыйна-грамадскі цэнтр гораду. У заходняй частцы створаны Мікрараён-1, забудаваны 3—9-павярховымі жылымі дамамі; у паўднёва-заходняй частцы ўзводзіцца Мікрараён-2 з забудовай катэджавага тыпу. Прамысловая зона размешчаная на паўночным усходзе, паўднёвым захадзе і паўночным захадзе. Забудовай значна пашкоджаны гістарычны ландшафт, многія помнікі археалогіі. 31.12.1986 г. створаны гісторыка-культурны запаведнік "Заслаўе", які мае мэтаю ахову і рэстаўрацыю помнікаў старажытнасці.


Ю.А. Заяц, Р.Л. Арцёмчык



ЗАСЛАЎЕ. ЗАМАК


Помнік абарончага дойлідства канца XVI—XVII ст. Пабудаваны ў г. Заслаўе (Менскі р-н) у пойме р. Свіслач. Магчыма, як умацаваная рэзідэнцыя ўладальніка Заслаўя I. Глябовіча адначасова з кальвінскім зборам (зараз Спаса-Праабражэнская царква). Замак — адно з першых бастыённых умацаванняў на тэрыторыі Беларусі, мае рысы стараіталійскай фартыфікацыйнай сістэмы. У плане няправільны чатырохкутнік, абкружаны ровам; бастыёны і валы першапачаткова былі абмураваныя каменем, роў абвадняўся праз сістэму сажалак на прытоках Свіслачы. На паўднёвым вале замак меў пад’ёмны мост і двух’ярусную ўязную браму (зберагліся ніжнія часткі сцен). У 1678—1833 гг. у замку размяшчаўся дамініканскі кляштар. Археалагічнае вывучэнне замку вядзецца з сярэдзіны XIX ст. Знаходкі на яго тэрэрыторыі датуюцца X—XVIII стст. Вядзецца кансервацыя і частковая рэстаўрацыя замку.

Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-археалагічны запаведнік.


В.В. Калнін



ЗАСЛАЎЕ. КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г. Заслаўе (Менскі р-н) на месцы драўлянага храму (вул. Луначарскага). Мураваны аднанефавы прастакутны ў плане асноўны аб’ём з паўцыркульнай апсідай і дзвюма бакавымі сакрысціямі. Галоўны фасад аздоблены вязкамі пілястраў, прастакутнымі з паўцыркульным закругленнем і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. Касцёл перабудаваны ў 1868 г. пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры галоўнага фасаду пабудаваная невялікая чацверыковая вежа-званіца, над галоўным аб’ёмам узведзены вялікі купал на светлавым барабане. Сцены галоўнага і бакавых фасадаў на двух узроўнях прарэзаныя вялікімі аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да галоўнага ўваходу вядзе мураваная лесвіца з тэрасай паміж двума маршамі. Інтэр’ер — зальны, сцены ўпрыгожаныя пілястрамі карынфскага ордэру. Дэкаратыўнае афармленне інтэр’еру не захавалася. Да 1941 г. дзейнічаў. Пашкоджаны ў час ІІ Сусветнай вайны. З 1989 г. касцёл на рэстаўрацыі.

Помнік рэспубліканскага значэння.



ЗАСЛАЎЕ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік дойлідства 2-й паловы XVI — пачатку XVII ст. Пабудавана ў г. Заслаўе (Менскі р-н) як кальвінскі збор, пазней вядомая як касцёл Святога Міхала Арханёла, з 1840 г. Спаса-Праабражэнская царква. Размешчаная на высокім узгорку, абкружаным ровам і высокім валам з чатырма землянымі бастыёнамі па кутах (гарадзішча "Вал"). Мае рысы стылю рэнесансу. Мураваная аднанефавая прастакутная ў плане царква пад высокім двухсхільным дахам. З захаду да яе прыбудаваная трыццаціпяціметровая вежа-званіца. Развіты атык, знадворны і ўнутраны парталы, гарызантальнае і вертыкальнае чляненні франтону надаюць манументальнасць параўнаўча невялікаму будынку. Сцены знадворку дэкарыраваныя пілястрамі і руставанымі кутамі-выступамі. У інтэр’еры самкнутыя скляпенні на падпружных арках пераходзяць у пілястры з прафіляванымі капітэлямі і базамі. Над уваходам драўляныя хоры. Пад царквой дзвюхчасткавая крыпта з цыліндрычнымі скляпеннямі. Храм перабудаваны ў 1678 г. і 1865 г., сведчаннем чаго з’яўляецца рознахарактарная апрацоўка асобных частак фасадаў і таўшчыня сцен. Рэстаўрыраваная ў 1968—72 гг. Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-археалагічны запаведнік. З 1978 г. у будынку царквы быў размешчаны Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў. Мае ахоўную зону.

Царква аддадзеная вернікам, дзейнічае.


В.В. Калнін



ЗБІРОГІ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ПАРАСКЕВЬІ ПЯТНІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1610 у в. Збірогі (Берасцейскі р-н), перабудаваная ў XVIII ст. Складаецца з выцягнутага прастакутнага ў плане асноўнага зрубу і квадратнага ў плане алтарнага з невысокімі прыбудовамі рызніц па баках. У заходняй частцы царквы — бабінец з хорамі над ім, пры ўваходзе — тамбур. Асноўны зруб накрыты трохсхільным дахам з вальмай над галоўным фасадам і гранёнай галоўкай каля алтарнай часткі. Алтарны зруб мае таксама трохсхільны дах з вальмай з усходу. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя. На восі галоўнага ўваходу царквы квадратная ў плане аднаярусная каркасная званіца, на 3/4 вышыні вертыкальна ашаляваная дошкамі, верхняя частка — скразная галерэйка з лучковым завяршэннем праёмаў; накрытая чатырохсхільным гонтавым дахам.

Царква дзейнічае з 1920 г. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.Я. Міцянін



ЗДЗІТАВА. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКІТЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1502 у в. Здзітава (Жабінкаўскі р-н) на правым беразе р. Мухавец у традыцыях заходнепалескага дойлідства (глядзі артыкул "Палескія школы дойлідства"). Неаднаразова перабудоўвалася, у т.л. ў 1787 г. Памеры царквы: шырыня — 9,40 м, даўжыня — 15,65 м, вышыня — 6 м. Складаецда з трох прастакутных у плане зрубаў — асноўнага, бабінца і апсіды, накрытых агульным шматсхільным гонтавым дахам (над бабінцам увянчаны галоўкай). Абапал апсіды прыбудаваны вузкія невысокія рызніцы, накрытыя аднасхільнымі дахамі. Каля ўваходу каркасны тамбур (прыбудаваны ў XIX ст.), над бабінцам хоры. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваныя сцяжкамі і прарэзаныя высока размешчанымі прастакутнымі вокнамі. Асобна з паўднёвага ўсходу ад царквы стаіць двух’ярусная каркасная квадратная ў плане званіца (чацвярык на чацверыку), накрытая шатром. Комплекс вызначаецца манументальнасцю аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, удалым прапарцыянальным вырашэннем, дойлідска-мастацкаю выразнасцю.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.



ЗЕМБІН. КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ (ДАМІНІКАНЦАЎ)


Помнік барочна-класіцыстычнага дойлідства. Пабудаваны з цэглы ў 1790—1809 гг. у в. Зембін (Барысаўскі р-н) на месцы драўлянага кляштару дамініканцаў, заснаванага ў 1640 г. (згарэў у 1790 г.) ашмянскім падкаморым Адамам Мацеем Саковічам і яго жонкай Марцыянай Тышкевіч. Храм прастакутны ў плане, трохнефавы, з паўцыркульнай апсідай і дзвюма бакавымі сакрысціямі. Бязвежавы галоўны фасад, цэнтральная вось якога вылучаная арачнымі дзвярным і аконным праёмамі, завершаны камбінацыяй прастакутнага атыку з барочным фігурным шчытом, тымпан якога ўпрыгожаны скульптурай Маткі Боскай у арачнай нішы. Бакавыя сцены рытмічна расчлянёныя лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Па перыметры будынак апяразаны карнізам простага профілю з сухарыкамі. Унутры нефы размежаваныя чатырма слупамі і аркадамі паміж імі, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках (не захаваліся). Над нартэксам хоры на двух слупах. У апсідзе — алтар штучнага мармуру (не захаваўся). У XIX ст. інтэр’ер касцёлу быў размаляваны фрэскамі (мастак Вебер з Варшавы; не зберагліся).

Касцёл зачынены ў 1833 г., зараз паўзруйнаваны, у аварыйным стане. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ЗЁЛАВА. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1842 у в. Зёлава (Драгічынскі р-н) у стылі позняга класіцызму. Мае крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Складаецца з пяці зрубаў. Цэнтральны, квадратны ў плане зруб, завершаны масіўным граненым купалам, яго куты фланкіраваны чацверыковымі вежачкамі, увянчанымі галоўкамі. Па восях сіметрыі да асноўнага аб’ёму прылягаюць зрубы бабінца, алтару і бакавыя, утвараючы крыжападобную кампазіцыю. Яны накрытыя двухсхільнымі дахамі з франтонамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі і гарызантальнай панеллю ўнізе, завершаныя карнізам на мадульёнах. Вокны прастакутныя, размешчаныя ў два ярусы. Чацверыковы аб’ём над асноўным зрубам і хоры над бабінцам асвятляюцца паўцыркульнымі вокнамі. Інтэр’ер двухсветлавы. Зрубы бабінца і алтару маюць аднолькавую вышыню столі з асноўным аб’ёмам, бакавыя зрубы больш нізкія. Перамычкі праёмаў і хоры над уваходам падтрымліваюць калоны карынфскага ордэру. Па восі царквы размешчаная трох’ярусная званіца-брама (васьмярык на двух чацверыках), накрытая купалам.

У 1960-я гады зачыненая, у 1990 г. аддадзеная вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



ЗЭЛЬВА

 

Гарадскі пасёлак, цэнтр Зэльвенскага р-на, на р. Зальвянка. За 132 км ад Гародні. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Ваўкавыск. Вядомая з XVI ст. як мястэчка ў Вялікім княстве Літоўскім, належала Сапегам. Паводле ўскосных звестак, мела магдэбургскае права. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, у Ваўкавыскім павеце. У 1816 г. адкрыты Зэльвенскі (Анненскі) кірмаш, які меў важнае эканамічнае значэнне для Гарадзенскай і Віленскай губерній. У 1831 г. за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31 гг. канфіскаваная і перададзеная ў казну. У той час у Зэльве было 1126 жыхароў, 19 цагляных і 122 драўляныя будынкі, 84 мураваныя крамы. У 1897 г. — 2803 жыхары, 938 (з іх 298 жылых) дамоў, бровар, медаварня, свечачная майстэрня, народнае вучылішча, лячэбніца. У пачатку XX ст. адкрыты лесапільна-габлявальны завод. З 1921 г. у складзе Польшчы, мястэчка Ваўкавыскага павету. З 1939 г. у складзе БССР, з 15.1.1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. У 1962—66 гг. у Ваўкавыскім р-не.

Планіровачная структура рэгулярная з прастакутнай сеткай кварталаў. На поўдні праходзіць аўтамагістраль Баранавічы — Ваўкавыск, на паўднёвым усходзе на р. Зальвянка пабудаванае вадасховішча (1983 г., плошча 1190 га), на поўначы — чыгунка. Асноўныя восі — вул. Пушкіна (з поўдня на поўнач, галоўны ўезд з аўтамагістралі, забудаваная 3—5-павярховымі жылымі дамамі) і ул. Перамогі (з поўдня на поўнач, звязвае цэнтр з паркавай зонай каля ракі, забудаваная 3—5-павярховымі жылымі дамамі). Цэнтр кампазіцыі — цэнтральная плошча са скверам, абмежаваная вуліцамі 17 Верасня, Перамогі, Савецкай, Паркавай. Жылая зона складаецца з цэнтральнага раёну (на поўначы ад плошчы, вуліцы Шапавалава, 60 гадоў Кастрычніка, К. Маркса, Булака, у заходняй частцы вуліцы Камарова, Дзяржынскага, Першамайская, у паўднёвай — вуліцы Пушкіна, Кутузава, 40 гадоў Перамогі і іншыя з аднапавярховай індывідуальнай забудовай сядзібнага тыпу), мікрараёнаў на поўдні (у межах вуліц Перамогі, Пушкіна, Савецкай, Шашэйнай) і поўначы (у межах вуліц Чапаева, Шапавалава, Матросава, забудаваных 4—5-павярховымі жылымі дамамі), цэнтральнай плошчы. Прамысловая зона размешчаная ў асноўным у паўночнай і заходняй частках пасёлку. Зона адпачынку ўключае прыбярэжную (з паркам і спартовым ядром) тэрыторыю ракі і на паўднёвым усходзе бераг вадасховішча (з пляжам і лодачнай станцыяй). Зберагліся помнікі дойлідства — касцёл Панны Марыі (пачатак XX ст., дзейнічае) і Траецкая царква (XIX ст., дзейнічае).

Паводле генплану 1972 г. (Гарадзенская філія інстытуту "Белдзяржпраект" і БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае паралельнае развіццё жылой і прамысловай зон на захадзе.


В.М. Юркевіч



ЗЭЛЬВА. КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1913 г. (дойлід Іосіф Піус Дзяконскі) у г.п. Зэльва. Трохнефавы аднаапсідны дзвюхвежавы мураваны будынак мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, у якой дамінуюць двух’ярусныя масіўныя вежы, завершаныя складанымі па малюнку канічнымі шпілямі (першы ярус квадратны ў плане, другі — васьмігранны з вузкімі паўцыркульнымі праёмамі). Асноўны аб’ём накрыты высокім вальмавым дахам з двухпрыступкавай навіссю на галоўным фасадзе. Уваход вырашаны ў выглядзе адкрытай галерэі з шырокімі паўцыркульнымі і вузкімі стральчатымі праёмамі, партал уваходу з трохкутным завяршэннем. Сцены асноўнага аб’ёму і пяціграннай алтарнай апсіды ўмацаваныя контрфорсамі, прарэзаныя стральчатымі вокнамі. У 1960-я гады касцёл быў перададзены калгасу імя Леніна, тут было сховішча збожжа, з 1988 г. — склад райспажыўсаюза.

У 1989 г. касцёл перададзены вернікам, з 1990 г. дзейнічае.


А.Ю. Пятросава



ЗЭЛЬВА. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства з элементамі псеўдарускага стылю. Пабудаваная ў XIX ст. з цэглы (на фундаменце драўлянай царквы 1443 г.) у г.п. Зэльва (Зэльвенскі р-н). Царква аднанефавая, з прастакутным у плане асноўным аб’ёмам, квадратнай званіцай і паўкруглай апсідай. Дах двухсхільны. Пад ім па перыметры праходзіць карніз. Аконныя праёмы прстакутныя. Званіца невысокая, двух’ярусная, з паўцыркульнымі вокнамі і шатровым дахам, над якім узвышаецца невялікі купал на круглым барабане. Унутраная планіроўка амаль поўнасцю змененая. Над уваходам размешчаныя хоры з драўлянай агароджай, упрыгожанай разным геаметрычным арнаментам. Алтарная частка вылучаная двума выступамі-пілонамі ў форме порцікаў на трох калонах. Столь плоская, падшыўная.

Царква дзейнічае.


А.Ю. Пятросава



-І-



ІВАНАВА (ЯНАЎ)


Горад, цэнтр Іванаўскага р-ну, на р. Самаранка. За 132 км на ўсход ад Берасця. Вядомае з XV ст. як мястэчка, належала Шуйскім, Ажэшкам. Да канца XVIII ст. ў Вялікім княстве Літоўскім, з 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Кобрынскага павету. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай губерній. У 1897 г. быў 3041 жыхар, 2768 будынкаў, сукнавальная фабрыка, гарбарны і цагельны заводы, маслабойня, 5 млыноў, народнае вучылішча, школа. У 1914 г. было 11 дробных прамысловых прадпрыемстваў. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка ў Пінскім павеце. З 1939 г. у складзе БССР, з 15.1.1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. У 1962—65 г. у Драгічынскім р-не. З 11.3.1971 г. — горад.

Тэрыторыя падзеленая р. Самаранкай на две часткі. На ўсход ад ракі размешчаная асноўная частка гораду, дзе вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва. Галоўныя восі гораду — вул. Леніна і вул. Савецкая. У месцы іх скрыжавання — пл. Кастрычніка — грамадска-адміністрацыйны і культурна-гандлёвы цэнтр. У 1987—89 гг. актыўна забудоўваецца. Уведзеныя ў эксплуатацыю гарадскі Дом культуры, дзіцячая кансультацыя, будуюцца гатэль, універсальная крама, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, новая школа з плавальным басейнам. Прылеглыя да цэнтру раёны і кварталы па вул. Леніна і вул. Савецкай забудоўваюцца 2—5-павярховымі жылымі дамамі. На астатняй тэрыторыі пераважаюць аднапавярховыя цагляныя і драўляныя дамы сядзібнага тыпу. На паўночным усходзе ў пойме ракі і каля сажалак ствараецца зона адпачынку, на ўсходзе — прамысловая зона. Збярогся помнік дойлідства пачатку XX ст.: царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы.

Горад забудоўваецца паводле генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва) і яго карэкціроўкі 1983 г. (БелНДІПгоадабудаўніцтва).

 

Р.Л. Арцемчык



ІВАНАВА (ЯНАЎ). ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

 

Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 2-й палове XIX ст. ў г. Іванава (Янава) Берасцейскай вобл. Храм чатырохчасткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб’ём з бакавымі прыдзеламі, апсіда з рызніцамі. Дзвюхярусная (васьмярык на чацверыку) званіца, надбудаваная над шырокім двухпавярховым прытворам, і васьмігранны шатровы барабан над асноўным кубападобным аб’ёмам завершаны цыбулепадобнымі купалкамі. Макаўкамі завершаныя двухсхільныя дахі ганку галоўнага ўваходу і прыдзелаў. Фасады прарэзаныя адзінарнымі і падвойнымі арачнымі вокнамі з броўкамі, крапаваныя кутнімі лапаткамі і прастакутнымі нішамі, апяразаныя прафіляванымі карнізамі з зубчастымі фрызамі.

Царква дзейнічае.


А.М. Кулагін



ІВАЦЭВІЧЫ


Горад, цэнтр Івацэвіцкага р-ну, на правым беразе р. Грыўда. За 136 км на паўночны ўсход ад Берасця. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1519 г. Належалі Юндзілам. З 1654 г. вядомыя як маёнтак. У 2-й палове XVI ст. вёска ў Слонімскімскім павеце Наваградскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі. Вырасла ў сувязі з пабудовай чыгункі Берасце — Масква  (1871 г.). У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, у Косаўскім павеце. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. у Косаўскім р-не. З 1947 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. У 1962—65 гг. у Бярозаўскім р-не. З 28.5.1966 г. — горад. Падзелены чыгункай на жылую (паўночную і прамысловую (паўднёвую) зоны.

Планіровачную структуру вызначаюць вул. Леніна (з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, шаша Берасце — Баранавічы, забудаваная 2—5-павярховымі жылымі дамамі), вул. Клютко (злучае паўночную і паўднёвую часткі), вул. Чарткова, вул. Камуністычная, вул. Дэпутацкая, вул. Дзяржынскага, якія ўтвараюць дробныя кварталы. Грамадскі і культурна-гандлёвы цэнтр сфармаваўся на перасячэнні вуліц Леніна, Чарткова і Камсамольскай, забудаваны пераважна 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Паміж вуліцамі Леніна і Камуністычнай пабудаваныя мікрараёны Паўночны і Будаўнічы з 5—9-павярховымі жылымі дамамі (вуліцы Чарткова, Шаўчэнкі, Дзяржынскага). Пераважае 2—5-павярховая жылая забудова.

Горад забудоўваецца паводле генплану 1968 г. (інстытут "Белдзяржпраект").


Дз.С. Пташнікаў



ІВЯНЕЦ


Гарадскі пасёлак у Валожынскім р-не, на р. Волма. За 31 км на паўднёвы усход ад Валожына, 65 км ад Менску. Вядомы з XIV ст. ў Вялікім княстве Літоўскім. Належаў Вялікаму князю Вітаўту, пазней князю Андрэю Уладзіміравічу, Салагубам. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Менскага павету. Вядомы вырабамі керамікі. У 1897 г. было 2670 жыхароў. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, у Валожынскім павеце. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. З красавіка 1962 г. у Валожынскім, са снежаня 1962 г. у Стаўбцоўскім, з 1965 г. зноў у Валожынскім р-не.

Рэльеф мясцовасці ўзгорысты. Рака, на якой створанае вадасховішча, падзяляе пасёлак на паўночную і паўднёвую часткі. Пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва). Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна (галоўную вось, забудоўваецца двухпавярховымі жылымі дамамі), 17 Верасня, 1 Мая, Дзяржынскага, Прамысловая, якія разам з іншымі вуліцамі ўтвараюць некалькі дробных кварталаў. На правым беразе ракі на месцы гістарычнага цэнтру (перасячэнне вуліц Камсамольскай і 17 Верасня) сфармавалася пл. Свабоды — грамадскі і культурна-гандлёвы цэнтр. Паблізу размешчаны сквер (1,2 га) і парк (3 га) са стадыёнам. Пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Прамысловая зона на поўдні і поўначы. Прадугледжанае развіццё пасёлка ў паўднёва-ўсходнім напрамку, стварэнне грамадскага цэнтру ўздоўж вул. Леніна.

Зберагліся помнікі дойлідства — касцёл і кляштар францысканцаў, Аляксееўскі касцёл, на левым беразе ракі — сядзіба (пачатку XX ст.).


К.Л. Пятрэнка



ІВЯНЕЦ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АЛЯКСЕЯ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1905—07 гг. з цэглы па фундацыі Э. Каверскага ў г.п. Івянец (Валожынскі р-н) на могілках. Аднанефавы храм з пяціграннай апсідай і квадратнымі сакрысціямі. На галоўным фасадзе выступае двух’ярусная шатровая званіца са стральчатым уваходным парталам у ніжнім ярусе і акномружай над ім; над апсідай чатырохгранная шатровая вежа-"ліхтар". Сцены расчлянёныя лапаткамі, завершанымі пінаклямі, падвойнымі стральчатымі аконнымі праёмамі і нішамі. Цокаль выкладзены вапнавымі блокамі. Апсіда і сакрысціі адкрываюцца ў асноўнае памяшканне стральчатымі арачнымі праёмамі. Прастора нефу перакрытая нервюрнымі скляпеннямі на падпружных арках, упрыгожанымі паліхромнай арнаментальнай размалёўкай. У ніжнім ярусе званіцы вылучаны нартэкс з хорамі. Перад касцёлам трохарачная мураваная брама ў стылі неаготыкі.

Касцёл дзейнічае.


А.М. Кулагін



ІВЯНЕЦ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА I КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


Помнік дойлідства сталага барока. Комплекс пабудаваны ў 1702—05 у г.п. Івянец (Валожынскі р-н) пад кіраўніцтвам мясцовага майстра А. Чаховіча, рэстаўрыраваны ў 1856—60 гг. (дойлід В. Бяляўскі, мастак Я. Кураткевіч). Уключае касцёл, кляштар і браму. У 1880—85 гг. касцёл перабудаваны пад праваслаўную царкву.

Касцёл — мураваная трохнефавая крыжовая базіліка з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Цэнтральны неф і трансепт накрытыя двухсхільнымі дахамі з фігурнымі франтонамі на тарцах. Ярусы вежаў угору значна памяншаюцца. Фасады багата аздобленыя ордэрнай пластыкай і лепкай. Вокны з лучковымі і фігурнымі завяршэннямі. Унутры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Інтэр’ер спачатку быў упрыгожаны разьбой, лепкай, скульптурай. Над уваходам у асноўнае памяшканне размешчаныя крывалінейныя ў плане хоры, якія падтрымліваюцда двума слупамі. У алтарнай частцы тры стукавыя алтары — цэнтральны і две бакавыя, вырашаныя ў дойлідскай пластыцы з калонамі, упрыгожаныя ракайльнымі капітэлямі.

Да заходняга боку касцёлу прымыкае Г-падобны ў плане мураваны 2—3-павярховы будынак кляштару пад вальмавым дахам. Сцены з боку панадворку раўнамерна расчлянёны шырокімі гілястрамі. Вокны лучковыя з простымі ліштвамі. Прастакутны праём былога галоўнага ўваходу (цяпер акно) дэкарыраваны крывалінейным тонкапрафіляваным сандрыкам. Планіроўка калідорная, з аднабаковым размяшчэннем памяшканняў. За выключэннем калідору першага паверху, перакрытага цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, столь плоская.

Па восі касцёлу размешчаная брама, якая з’яўляецца дойлідска-мастацкім акцэнтам агароджы кляштару. Уяўляе сабой трохчасткавую кампазіцыю з чатырох руставаных слупоў з арачным лучковым праёмам, завершаным крывалінейным франтонам. З усходняга боку сцяны захавалася dfcmvbгранная вежа, паўднёвая частка сцяны ўмацаваная масіўнымі контрфорсамі.

У памяшканнях манастыра была размешчаная эксперыментальная база Менскага праектна-тэхналагічнага інстытуту. Зараз касцёл дзейнічае. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


Л.В. Тпэпет



ІЗАБЕЛІН. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік дойлідства барока. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. як касцёл (з 1863 г. царква) у в. Ізабелін (Ваўкавыскі р-н). Прастакутны ў плане мураваны аб’ём накрыты двухсхільным дахам. У трохкутны франтон галоўнага фасаду "ўрэзана" аднаярусная чацверыковая званіца з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай у завяршэнні. Пазбаўленыя дэкору плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і буйнымі лапаткамі, апяразаны нескладанага профілю карнізам. Уваход арганізаваны праз нізкі драўляны прытвор (1924 г.), які парушае стылявое адзінства будынку. У сцяне вузкага скляпеністага ўваходу сходы на другі ярус — памяшканне хораў, якія расчынены ў залу лучковай аркай з балюстрадай. Алтарнае памяшканне вылучанае ў агульнай прасторы зала дугамі бакавых капітальных сцен.

Царква дзейнічае.


А.М. Кулагін



ІЗАБЕЛІН. КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны з цэглы ў 1778 г. у в. Ізабелін (Ваўкавыскі р-н) графам Грабоўскім як кальвінскі. Касцёл вырашаны кампактным прастакутным у плане аб’ёмам з паўкруглай апсідай, накрытымі агульным двухсхільным дахам. Дойлідства прадстаўленае масіўнымі формамі, спрошчанымі прапорцыямі. У сілуэце дамінуе аднаярусная чацверыковая званіца са зрэзанымі кутамі і пакатым шатровым пакрыццём. Сіметрыя галоўнага фасаду падкрэслена нізкім прастакутным уваходным праёмам і высокім арачным акном над ім (асвятляе хоры). Плоскасныя фасады амаль пазбаўлены дэкору, элементы якога (філёнгі, разетка, крыжовыя і прастакутныя нішы, абломы) сканцэнтраваны на франтоне галоўнага фасаду. Рэгулярную рытміку сцен бакавых фасадаў ствараюць арачныя вокны і буйныя лапаткі ў прасценках і па кутах. Будынак апяразаны па перыметры карнізам спрошчанага профілю з цягай, адлівам нізкага цокаля. У адназальнай прасторы храма пры ўваходзе вылучаны невялікі нартэкс, на двух гранёных слупах і крыжовым скляпенні якога размешчана галерэя хораў.

Касцёл не дзейнічае.


А.М. Кулагін



ІНДУРА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1825 г. у в. Індура (Гарадзенскі р-н). У 1901—04 гг. да паўночнага і паўднёвага фасадаў прыбудаваныя вежы, з усходняга боку зробленая прыбудова, якая ўключае трансепт, апсіду і сакрысціі. Пры перабудове выкарыстаныя элементы стылізатарскіх плыняў пачатку XX ст. Касцёл складаецца з трохнефавага асноўнага аб’ёму з нізкім двухсхільным дахам, шырокага трансепту, маленькай паўцыркульнай апсіды з бакавымі прыбудовамі і дзвюх рознавялікіх вежаў. Яны завершаны фігурнымі шлемамі з шатровымі ліхтарамі. Асноўны аб’ём захаваў пластычнае афармленне пачатку XIX ст. Галоўны фасад з магутным чатырохкалонным порцікам з атыкам і вялікім паўцыркульным праёмам. Сцены па ўсім перыметры апяразаныя дарычным антаблементам і члянёныя пілястрамі. Вокны паўцыркульныя, вялікія, у тонкіх прафіляваных ліштвах. Інтэр’ер касцёлу мае выцягнутую па падоўжнай восі крыжападобную ў плане кампазіцыю. Скляпенні ў асноўным аб’ёме крыжовыя, у трансепце столь плоская. Сцены расчлянёныя пілястрамі. У апсідзе і каля ўсходняй сцяны трансепту ўсталяваныя тры алтары, выкананыя ў стылі позняга класіцызму.

Касцёл дзейнічае.


В.Р. Слюнчанка



ІЎЕ

 

Гарадскі пасёлак, цэнтр Іўеўскага р-ну, на р. Іўянка. За 158 км ад Гародні. Вядомая з 1444 г. як маёнтак П. Мандзігерда. З XVI ст. мястэчка Ашмянскага павету Віленскага ваяводства Вялікага кнняства Літоўскага. У XVI—XVIII стст. ім валодалі Забжэзінскія, Кішкі, Сапегі, з 1752 г. — Агінскія, у XIX ст. — Тызенгаўзы і Замойскія. У XVI—XVII стст., дойлідска-планіровачную структуру вызначалі вуліцы Віленская (дарога на Вільню), Навагрудская (дарога на Навагрудак, на ёй былі пабудаваныя корчмы) і Крывая, якія сыходзіліся да чатырохкутнай у плане гандлёвай плошчы ў цэнтры мястэчка. На плошчы стаялі дамы гандляроў і рамеснікаў, корчмы, мураваны дом цырульніка. У 1598 г. было 150, у 1634 г. — 170 сядзіб. Забудова драўляная, надзвычай шчыльная. У 2-й палове XVI ст. пабудаваны кальвінскі збор, у пачатку XVII ст. — мураваны Іўеўскі касцёл і кляштар бернардынаў (па вул. К. Маркса), драўляны парафіяльны касцёл (не збярогся), у 1765 г. — шпіталь. У XVII—XIX стст. з гандлёвай плошчай дарогай злучаліся сядзібы. Сядзіба 1-й паловы XVII ст. ўключала драўляны двухпавярховы палац на цагляным падмурку з мезанінам і гаспадарчы комплекс, сады пладовы і так званы "італійскі" з лабірынтамі і мураваным гротам; з боку галоўнага ўезду ў сядзібу стаяла чатырох’ярусная брама-вежа з гадзіннікам, завершаная трыма купаламі, праезд зачыняўся пад’ёмнай рашоткай-герсай. З 1752 г. існавала сядзіба Агінскіх: уключала мураваны палац у стылі барока, побач з якім на высокім слупе знаходзіліся герб Агінскіх і флюгер, парк (за палацам) з аранжарэямі, рыбнай сажалкай, млынам, мураванай скарбніцай, аформленай на галоўным фасадзе галерэяй. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага павету. У 1897 г. — 3653 жыхары. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка Валожынскага павету Наваградскага ваяводства. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну.

Тэрыторыя сучаснага пасёлку падзеленая ракой на заходнюю і ўсходнюю часткі. Забудоўваецца паводле генплану 1975 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід А.I. Агафонава) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У заходняй частцы гістарычна склаліся вуліцы К. Маркса, 1 Мая, Леніна (дарогі на Менск, Ліду, Наваградак) з пераважна аднпавярховай жылой забудовай сядзібнага тыпу. У месцы злучэння галоўных вуліц размешчаная пл. Камсамольская (былая пл. Гандлёвая) — адміністрацыйны і гандлёвы цэнтр пасёлку. На плошчы таксама знаходзяцца 1—2-павярховыя мураваныя жылыя дамы пачатку XX ст. з багата аздобленымі фасадамі, сквер. На паўночным захадзе па вул. 50 гадоў Кастрычніка створаны мікрараён, забудаваны 3—5-павярховымі жылымі дамамі. Прамысловая зона размешчаная на поўначы пасёлку. Зона адпачынку ўключае штучнае возера ў пойме ракі (паблізу цэнтру). На левабярэжжы (паўночны усход) стары парк з сажалкамі.

Зберагліся помнікі дойлідства — касцёл і кляштар барнардынаў пачатку XVII ст. і  мячэць XIX ст. (па вул. Савецкай).


Ю.А. Якімовіч, С.Ф. Самбук



ІЎЕ. КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Помнік дойлідства пачатку XVII ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 г. Станіславам Кішкам на ўзгорку. У 1631 г. мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка заснаваў пры касцёле з дазволу віленскага біскупа Абрама Войны кляштар бернардынаў. Будынкі былі спаленыя ў час вайны 1656 г. Бернардыны былі далучаныя да каталіцкай царквы мясцовых пратэстантаў і мусульман. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёлу і жылога корпусу (зберагліся заходняе і часткова ўсходняе крылы будынку). Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.

Касцёл — трохнефавы дзвюхвежавы храм. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам, больш нізкая пяцігранная апсіда — шматсхільным. Пластыка фасадаў простая і строгая. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю, падзелены карнізам на две часткі: ніжнюю, аздобленую тонкімі пілястрамі, і две чацверыковыя вежы і фігурны атыкавы франтон паміж імі. У 2-й палове XVIII ст. на галоўным заходнім фасадзе часткова зменены франтон і пабудаваныя вежы, якія набылі выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі і ўвянчаны фігурнымі галоўкамі. У 1787 г. касцёл асвячаўся. У XIX ст. да паўночнай сцяны касцёлу прыбудаваная капліца. Цэнтральны ўваход вырашаны лучковым праёмам, над ім — вялікае паўцыркульнае акно. Абапал уваходу размешчаныя маленькія прастакутныя вокны. Бакавыя сцены касцёлу гладкія, прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і завершаны тонкім карнізам. Апсіда і куты асноўнага аб’ёму ўмацаваныя магутнымі контрфорсамі. Інтэр’ер асноўнага памяшкання падзелены чатырма слупамі на тры нефы. Над уваходнай часткай выгнутыя ў плане хоры (пабудаваныя ў сярэдзіне XVIII ст.). Нефы і апсіда аднолькавай вышыні, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У інтэр’еры шесць алтароў (галоўны і пяць бакавых) 2-й паловы XVIII ст. Галоўны алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур, завершаны шырокім карнізным поясам з лучковым франтонам. У алтарных праёмах размешчаныя скульптуры Святых Пятра і Паўла, у цэнтры — "Распяцце" (гіпс, паліхромія). Бакавыя алтары драўляныя, дэкарыраваныя арнаментальнай разьбой і скульптурамі. Сцены і скляпенні размаляваныя ў 1-й палове XX ст. Каларыстычная гама — карычневата-чырвоная і шэра-блакітная.

Жылы корпус, двухпавярховы будынак пабудаваны каля 1633 г., накрыты вальмавым дахам, утвараў прастакутны ў плане ўнутраны двор, па перыметры якога з трох бакоў праходзіў калідор, злучаны з апсідай. Кутнія памяшканні выступалі з агульнага прастакутнага абрысу плану. Ва ўнутраны двор вёў арачны праезд каля паўночна-заходняга кута касцёлу. Сцены корпусу прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі і завершаныя карнізам. У інтэр’еры ўсходняга крыла будынку мастацкую каштоўнасць мае абліцоўка печы тэракотавай кафляй XVII ст. з раслінным і геаметрычным арнаментам.

У 1858 г. кляштар зачынены. Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч, В.В. Церашчатава



ІЎЕ. МЯЧЭЦЬ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1884 г. у г.п. Іўе. Прастакутны ў плане будынак з пяціграннай прыбудовай-міхрабам (невялікая апсіда), накрыты шатровым дахам, у цэнтры якога васьмігранны мінарэт, абнесены балконам і завершаны высокім шпілем. Спачатку галоўны фасад быў аформлены галерэяй на чатырох слупах з выгнутымі падкосамі (у 1970-я гады заменена невысокім тамбурам). Сцены гарызантальна ашаляваныя, вокны прастакутныя. Інтэр’ер падзеленыя на мужчынскую і жаночую палавіны з асобнымі ўваходамі з боку галоўнага фасаду. Вялікае памяшканне для мужчын (у плане амаль квадратнае) уздоўж унутранай сцяны мае балкон на чатырох калонах. Памяшканне для жанчын — двух’яруснае.

Мячэць дзейнічае.


С.А. Сергачоў



ІШКАЛЬДЗЬ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства готыкі. Пабудаваны перад 1472 г. у в. Ішкальдзь (Баранавіцкі р-н) Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асноўны прасіакутны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з стромкімі шчытамі на тарцах. Выцягнутая пяцігранная алтарная апсіда накрытая ніжэйшым шматсхільным дахам. З паўнёвага боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй частцы арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, а на кутах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на галоўным заходнім фасадзе аздобленыя сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі (круглымі і з паўцыркульнымі завяршэннямі). Аконныя праёмы маюць таксама паўцыркульныя завяршэнні, праём уваходу — стральчатае. Унутры асноўны аб’ём падзелены чатырма слупамі на тры нефы (бакавыя значна вузейшыя за цэнтральны), перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы XV — 1-й палове XVI ст. скляпенні касцёлу і слупы былі размаляваныя). У 2-й палове XVI ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 г. Радзівіламі вернуты каталікам. У час вайны 1654—60 гг. быў пашкоджаны, у 1866—1919 гг. служыў царквой.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя, А.А. Ярашэвіч



ІШЧАЛНА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1758 г. у в. Ішчална (Шчучынскі р-н). Аднанефавы дзвюхвежавы з пяціграннай апсідай і сакрысціямі храм. Дамінуючае становішча ў аб’ёмнай кампазіцыі займае галоўны фасад. Яго вузкую цэнтральную плоскасць фланкіруюць квадратныя ў плане вежы, якія рэльефна выступаюць з асноўнага аб’ёму, маюць нізкае шлемападобнае завяршэнне. Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі, расчлянёны плоскімі прасіакутнымі філёнгамі і прарэзаны прасіакутнымі, лучковымі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Бакавыя фасады будынку завершаныя карнізам і расчлянёныя ў верхняй частцы двума радамі лучковых акон. Інтэр’ер касцёлу зальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Асноўны аб’ём і апсіда перакрыты драўляным лучковым скляпеннем. Сцены дэкарыраваныя тонкімі спаранымі лапаткамі, завершаныя шырокім карнізам. Над бабінцам паміж аб’ёмамі вежаў ступеньчатыя ў плане хоры. Тры алтары і амбон выкананыя ў стылі ракако. Галоўны алтар двух’ярусны. Першы ярус, устаноўлены на высокім цокалі, падзелены калонамі карынфскага ордэру на тры часткі, аддзелены ад другога яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам. У цэнтры другога ярусу — картуш з люнетай, па баках жывапісныя панелі і дэкаратыўныя вазы. Два бакавыя алтары формай і дэкорам нагадваюць галоўны, але крыху меншыя за яго, увянчаныя скульптурнымі кампазіцыямі. Амбон хвалепадобнай формы, дэкарыраваны ляпнымі ракайлямі, скульптурнай кампазіцыяй на біблейскія тэмы. Побач з касцёлам у XIX ст. пабудаваная аднаярусная званіца.

Касцёл дзейнічае.


С.Г. Багласаў, Л.Г. Лапцэвіч

 


-К-



КАЖАН-ГАРАДОК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1818 г. у в. Кажан-Гарадок (Лунінецкі р-н). У дойлідстве выявіліся рысы мясцовай школы дойлідства барочнага кірунку. Пяцізрубная крыжова-цэнтрычная кампазіцыя. Мае рысы стылю позняга барока. У канцы XIX — пачатку XX ст. да яе прыбудаваная трох’ярусная шатровая званіца (васьмярык на двух чацверыках) з тамбурам. Да цэнтральнага васьмерыка з двух’ярусным верхам (васьмярык на чацверыку) прыбудаваны прастакутныя ў плане аб’ёмы (бабінец, алтарная апсіда з рызніцай і две бакавыя прыбудовы) з чацверыковымі аднаяруснымі вярхамі. Кожны верх упрыгожаны фігурнай дэкаратыўнай вежачкай — глухім васьмерыком на купальнай аснове, аздобленым аркатурай, завершаным складаным карнізам і цыбулепадобным купалком з ажурным каваным крыжам. Сцены звонку гарызантальна ашаляваныя, умацаваны лапаткамі, аконныя праёмы лучковыя ў простых ліштвах, у званіцы прастакутныя і рамбічныя. У інтэр’еры дамінуе цэнтральны трохсветлавы аб’ём, у які арачнымі праёмамі раскрываюцца двухсветлавыя памяшканні. Верх цэнтральнага аб’ёму ўмацаваны гарызантальнай дыяганальнай крыжавінай на чатырох слупах. Унутры храм багата аздоблены паліхромнай драўлянай скульптурай і разьбой у стылі ампір (майстар I. Астапчык, пачатак ХІХ ст.). Дзвухярусны пазалочаны іканастас, галоўны алтар завершаныя скульптурай Іаана Хрысціцеля, бакавыя алтары ў прыбудовах аформленыя ракайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірлянд, карнізамі з іонікамі і сухарыкамі, капітэлямі накшталт тасканскіх. Рэалістычна трактаваныя скульптуры Святых Пятра і Паўла, размешчаныя ў першым ярусе цэнтральнага аб’ёму.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовч



КАЗЬЯНЫ. ЗАМАК


Існаваў у XVI ст. на поўнач ад в. Казьяны (Шумілінскі р-н). Пабудаваны ў 1563 г. у час Лівонскай вайны паводле загаду рускага цара Івана IV Жахлівага як парубежная кпэпасць. Планіроўку і памеры замку вызначыў мыс лукавіны р. Обаль. Быў драўляны, трохкутны ў плане (50х120х110 м), з трыма чацверыковымі вежамі (падзеленыя ўнутры на тры баявыя ярусы), накрытымі двухсхільнымі дахамі па кутах. Вежа, размешчаная ў перашыйку лукавіны ракі, мела арачны праезд, астатнія — "глухія", стаялі на паўкруглых у плане падмурках, прарэзаных круглымі байніцамі. Вежы злучаліся абарончымі сценамі (пад двухсхільным пакрыццём) з прастакутнымі байніцамі ў верхняй частцы. Цэнтральную частку ўнутранай прасторы замку займала жылая забудова. Разбураны ў 1579 г. войскамі Рэчы Паспалітай, адлюстраваны на малюнку С. Пахалавіцкага (1579 г.).


Ю.А. Якімовіч



КАЛІНКАВІЧЫ


Горад, цэнтр Калінкавіцкага р-ну. За 122 км ад Гомеля. У пісьмовых крыніцах вядомы з XVIII ст. Уваходзіў у Вяллікае княства Літоўскае, з 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Рэчыцкага павету, да 1805 г. належалі князям Шахаўскім. З 1882 г. чыгуначная станцыя, з 1910 г. чыгуначны вузел. У 1897 г. было 1,3 тыс. жыхароў. З 1926 г. — горад, у 1924—30 гг. і з 1939 г. цэнтр раёна. 9,3 тыс. жыхароў у 1939 г. З 7.3.1963 г. горад абласнога падпарадкавання.

Горад чыгункай і ручаём расчлянёны на некалькі дробных частак. У цэнтральнай частцы размешчаныя асноўныя вуліцы — Савецкая, Фрунзе, Камсамольская, Кірава, Дзяржынскага, забудаваныя 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Кампазіцыйнае ядро гораду — пл. Леніна. У паўночнай частцы вул. Савецкай і ўсходняй частцы вул. 50 гадоў Кастрычніка ўтвораныя два мікрараёны, забудаваныя пяці- і дзевяціпавярховымі жылымі дамамі. 1-павярховая жылая забудова сядзібнага тыпу знаходзіцца ў асноўным у паўднёвай частцы, за ракой. Прамысловыя зоны размешчаныя на поўначы, захадзе, усходзе. З усходу да гораду прылягае лясны масіў — зона адпачынку.

"Схемай раённай планіроўкі Гомельскай вобласці" 1974 г. Калінкавічы і Мазыр разглядаюцца як адзіная сістэма з прамыслова-транспартным цэнтрам у Калінкавічах. Таму паводле генплану 1975 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1977 г. (БелНДШгорадабудаўніцтва), генплану 1987 г. (дойліды В. Мусіенка, I. Ром) прадугледжанае развіццё гораду ў паўднёва-заходнім напрамку (у бок Мазыра), стварэнне гарадскога парку ва ўсходняй частцы гораду.


Ю.М. Гарчак, Р.Дз. Шэліхава



КАМАІ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ


Помнік дойлідства XVII—XVIII ст. Пабудаваны ў 1603—06 гг. у в. Камаі (Пастаўскі р-н). У стылявой трактоўцы касцёлу спалучаныя прыёмы і формы абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу. Спачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў трохнефавы, чатырохслуповы, перакрываўся крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (зберагліся ў апсідзе). У сярэдзіне XVII ст. пасля пажару слупы разабраныя, асноўнае памяшканне перакрытае драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 г. да паўднёвай сцяны касцёлу прыбудаваная вялікая прастакутная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Мураваны дзвюхвежавы квадратны ў плане храм з вялікай паўцыркульнай алтарнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Дахі над асноўным аб’ёмам і капліцай двухсхільныя, над апсідай — конусападобны. Сцены (таўшчыня 2 м) прарэзаныя высокімі арачнымі аконнымі праёмамі, паглыбленымі ў нішах. Партал уваходу са спічастым завяршэннем. Галоўны фасад асноўнага аб’ёму завершаны трохкутным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы чатырма плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны дзвюма магутнымі цыліндрычнымі вежамі (вышыня 16 м, дыяметр 6 м) з байніцамі. Паўночная сцяна праёмаў не мае. Сцены дэкарыраваныя тонкімі карнізамі, фасады капліцы — пілястрамі. У інтэр’еры асноўная зала і капліца злучаныя мураванымі лесвіцамі, размешчанымі паміж пілонаў. Апсіда адкрываецца ў асноўнае памяшканне арачным праёмам. Усе скляпенні касцёлу размаляваныя арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Зберагліся арган, аздоблены разьбой і скульптурай XVII—XVIII стст., чатыры разныя драўляныя алтары. Найбольш цікавы ў дэкаратыўным афармленні цэнтральны двух’ярусны алтар 2-й паловы XVIII ст. Аснову яго першага ярусу складаюць чатыры калоны карынфскага ордэру. Паміж імі ў нішах — драўляныя паліхромныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла. У цэнтры — алтарны абраз "Маці Боская з дзіцём" (XVII ст.) у срэбным чаканным абкладзе. Крапаваны карніз з разарваным франтонам аддзяляе другі ярус карнізу ў васьміграннай разной пазалочанай раме. Алтар завершаны гарэльефнай кампазіцыяй з выявай Саваофа ў аблаках. Ордэрныя элементы алтару размаляваныя пад ружовы мармур, арнаментальная разьба пазалочаная, што ў спалучэнні з пазалотай арнаментальнай разьбы і паліхромнай скульптурай стварае інтэнсіўную па каларыце ўрачыстую кампазіцыю. Арган канца XVIII ст. ўстаноўлены на хорах, яго афармленне складаецца з разных па дрэве гірлянд кветак, скульптурных выяў анёлаў і музычных інструментаў. Абапал аргану — арнаментальныя валюты з галоўкамі херувімаў. Філёнгі парапету хораў дэкарыраваныя накладной скразной арнаментальнай разьбой.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя, Г.М. Ярмоленка



КАМЕНКА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АНТОНІЯ ПАДУАНСКАГА


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 г. у в. Каменка (Шчучынскі р-н). Асноўны прастакутны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтральны неф пераходзіць у пяцігранную апсіду з самастойным дахам, па баках якой невялікія гранёныя сакрысціі. Двух’ярусная чацверыковая вежа на галоўным фасадзе завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах выразна вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі (трыфорыумам). Галоўны ўваход аформлены парталам, над якім размешчаныя акно-"ружа" і ніша са скульптурай. Дзверы аздобленыя мастацкай коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёныя ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. У інтэр’еры асноўны аб’ём падзелены на тры нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам — хоры з арганам. Сцены і скляпенні атынкаваныя, пабеленыя, астатнія канструкцыйныя элементы падкрэсленыя чырвоным колерам муроўкі.

Касцёл дзейнічае.


Т.В. Габрусь



КАМУНАР


Пасёлак у Буда-Кашалёўскім р-не. Цэнтр сельсавету і саўгасу "Асобіна". За 19 км на паўднёвы ўсход ад Буда-Кашалёва, 29 км ад Гомеля. Створаны ў 1961 г. як цэнтральная сядзіба саўгасу "Камунар" у складзе Блюдніцкага сельсавету. У 1967 г. прысвоена назва Камунар. З 1973 г. цэнтр Камунараўскага сельсавету; жылы пасёлак Гомельскай бройлернай птушкафабрыкі і цэнтральная сядзіба спецыялізаванага авечкагадоўчага комплексу "Асобіна".

Забудоўваецда паводле праекту планіроўкі 1968 г. (Гомельскія абласныя праектныя майстэрні інстытуту "Белдзяржпраект"). Мае дакладнае функцыянальнае заніраванне тэрыторыі. Планіровачную структуру вызначаюць вул. Савецкая (з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, галоўны ўезд) і вул. Леніна (з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад), на месцы злучэння якіх утвораная плошча з грамадскім цэнтрам. Жылая забудова вырашаная асобнымі групамі 2—5-павярховых дамоў у раёне вуліц Савецкай і Леніна, аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу сканцэнтраваная ў заходняй частцы. Вытворчая зона ў паўночна-ўсходняй, паўднёва-ўсходняй частках і за 2 км на захад ад пасёлку. Бярозавы гай, стадыён ва ўсходняй частцы. Пасёлак забяспечаны ўсімі відамі інжынернага абсталявання. Прадугледжанае развіццё ў паўднёва-ўсходнім напрамку, пераважная забудова групамі 4—5-павярховых жылых дамоў з аб’ектамі абслугоўвання, фармаванне зоны адпачынку, стварэнне парку, спартовай зоны.

Забудова і добраўпарадкаванне адзначаныя дыпломам ВДНГ СССР (1981).


М.А. Найшулер



КАМЯНЕЦ


Горад, цэнтр раёну, на р. Лясная. За 39 км ад Берасця. Заснаваны ў 1276 г. па загаду валынскага князя Уладзіміра Васількавіча дойлідам Алексай на месцы невялікага паселішча (Х—ХІ стст.). Паводле летапісу, атрымаў назву ад камяністай зямлі. Помнікам абарончага дойлідства канца ХІІІ ст. з’яўляецца мураваны стоўп Камянецкая вежа, узведзены на ўзгорку, абнесеным валам з драўлянымі ўмацаваннямі. У 1289 г. захоплены і разбураны драгічынскім князем Юрыем Львовічам. З 1366 г. у Вялікім. княстве Літоўскім, належаў князю Кейстуту, з 1383 г. князю Я. Мазавецкаму, з 1392 г. (і ў 1384 г.) князю Вітаўту. У 1378 г. дашчэнту спалены войскамі Тэўтонскага ордэну. З 1413 г. цэнтр павету Трокскага, з 1520 г. — Падляшскага, з 1566 г. — Берасцейскага ваяводстваў. У пачатку XVI ст. (да 1506 г.) атрымаў магдэбургскае права (меў да 1776 г.) і герб (выява срэбнай вежы на блакітным полі); вядомыя вуліцы Берасцейская, Літоўская, Васкрасенская і інш. У руска-польскую вайну 1654—67 гг. разбураны. У XVII—XVIII стст. пабудаваныя замкава-палацавыя комплексы. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, у Берасцейскім павеце. Гарадзенскай губерніі; да 1940 г. называўся Камянец-Літоўскі. Падчас вайны 1812 г. заняты і разрабаваны французамі. У 1897 г. было 4,6 тыс. жыхароў, 1186 будынкаў (з іх 678 жылых). У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка Берасцейскага павету Палескага ваяводства, у 1921 г. — 2348 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. З 24.6.1983 г. — горад.

Тэрыторыя сучаснага гораду падзеленая р. Лясная на две часткі: усходнюю (раён асноўнай забудовы з адміністрацыйна-грамадскім цэнтрам) і заходнюю (былая в. Замасты, забудаваная індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу). Забудоўваецда паводле генпланаў 1963 г. (Берасцейскія абласныя праектныя майстэрні) і 1977 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды. В. Жаўняк, А. Васільеў). Развіваецца пераважна ў паўднёвым напрамку ўздоўж шашы Камянец — Берасце, часткова ў заходнім і ўсходнім напрамках. Планіровачная структура ўсходняга раёну — няправільная радыяльная схема. На месцы скрыжавання вуліц Берасцейскай, Чкалава, Гогаля, Першамайскай і інш. утвораная пл. Леніна — адміністацыйна-грамадскі цэнтр; тут сканцэнтраваная ў асноўным 2—4-павярховая забудова. У паўднёвай частцы гораду па вул. Берасцейскай (пры ўездзе з боку Берасця) створаны мікрараён з 4—5-павярховых дамоў. Шматпавярховымі дамамі забудоўваюцца асноўныя вуліцы — Пагранічная і 8 Сакавіка. На астатняй тэрыторыі пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова. Вуліцы Леванеўскага і Пагранічная звязваюць грамадскі цэнтр з зонай адпачынку (парк уключаны ў водна-зялёны дыяметр гораду).

На вул. Чкалава ў цэнтры гораду захаваўся помнік дойлідства пачатку ХХ ст. — Сімяонаўская царква.


С.Ф. Самбук



КАМЯНЕЦ. ВЕЖА


Камянецкі стоўп, помнік абарончага дойлідства. Пабудаваная ў г. Камянец паміж 1276—88 гг. дойлідам Алексам (?) паводле загаду валынскага князя Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны пункт. Рэстаўрыраваная ў 1903 г. (дойлід В. Суслаў). Круглае ў плане мураванае збудаванне (вышыня каля 30 м, вонкавы дыяметр 13,5, таўшчыня сцен 2,5 м) перакрытая нервюрным скляпеннем з кранштэйнамі, над якім узвышаецца баявая галерэя з чатырнаццаццю прастакутнымі масіўнымі зубцамі са скразнымі адтулінамі. Унутры вежа падзялялася драўлянымі памостамі на пяць ярусаў. Будынак складзены з цёмна-чырвонай і жоўтай брусчатай цэглы (26,5х13,5х8 см) з канаўкамі на адной з плоскасцей. Муроўка балтыйская. Сцяна дэкарыраваная атынкаванымі плоскімі арачнымі нішамі, прарэзаная байніцамі (у першым — чацветрым ярусах — вузкія шчылінападобныя, у пятымм — стральчатыя). У тоўшчы сцяны на баявую галерэю вядуць (з пятага ярусу) цагляныя ўсходы, асветленыя двума вузкімі акенцамі. Мастацкая выразнасць пабудовы дасягаецда маналітнасцю аб’ёму, лаканічнасцю дойлідскага вырашэння, удалым размяшчэннем вежы на ўзгорку, які быў абнесены валам з драўлянымі сценамі наверсе (не зберагліся).

З 1960 г. у Камянцы в. філіял Берасцейскага абласнога краязнаўчачага музея. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя



КАМЯНЕЦ. ЦАРКВА СВЯТОГА СІМЕОНА


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1912—14 гг. з цэглы (вул. Гогаля) у цэнтры гораду. Мае традыцыйную чатырохчасткавую кампазіцыю, выцягнутую па восі ўсход-захад: трох’ярусная званіца, трапезная, квадратны трохнефавы асноўны аб’ём і пяцігранная апсіда. У аб’ёмна-пластычнай структуры храму выкарыстаныя формы маскоўскага дойлідства XVII ст.: кампазіцыя званіцы (васьмярык на чацверыку), якая завершаная васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асноўнага аб’ёму, пяцікупалле і інш. Асноўны кубападобны аб’ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. Над арачным парталам галоўнага ўваходу зробленая ніша такой самай формы з размалёўкай. У дэкоры фасадаў выкарыстаныя какошнікі, сухарыкі, броўкі, закамары і інш. Унутры нефы перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках і сферычным купалам барабану ў цэнтры. Асноўны кампазіцыйны і дэкаратыўны элемент інтэр’еру — трох’ярусны іканастас, які адмяжоўвае акруглую апсіду.

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



КАМЯНЕЦ. ЗАМКАВА-ПАЛАЦАВЫЯ КОМПЛЕКСЫ


Існавалі ў XVII—ХІХ стст. Былі пабудаваныя ў г.п. Камянец непадалёку ад вежы на беразе р. Лясная.

1) Комплекс драўляных збудаванняў 1-й паловы XVII ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў двухпавярховы палац у стылі рэнесансу з аркаднай галерэяй на галоўным фасадзе. Уваход на дзядзінец быў праз двух’ярусную браму, накрытую шатровым дахам (у ніжнім ярусе — гаспадарчыя памяшканні, у верхнім — зала, абкружаная адкрытай галерэяй з балюстрадай). Паблізу брамы знаходзіліся два жылыя флігелі, кухня, гаспадарчыя пабудовы. За межамі ўмацаванняў на беразе ракі стаялі бровар і вялікі двухпавярховы свіран. У 2-й палове XVII — пачатку XVIII стст. комплекс перабудаваны.

2) Комплекс 2-й паловы XVII — сярэдзіны XVIII ст. складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной "перадзамачча". Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невялікі аднапавярховы анфіладнай планіроўкі палац, галоўны ўваход якога афармляў слупавы ганак, завершаны купалам. За ім размяшчаліся жылыя флігелі, гаспадарчыя пабудовы. "Перадзамачча", дзе размяшчалася больш за 40 двароў заможных гараджан, злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з дзвюма брамамі. У замкавай браме ў ніжнім ярусе па баках ад праезду была вязніца, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У XVIII ст. комплекс перабудаваны.

3) Парадны барочны палацавы комплекс сярэдзіны XVIII—ХІХ ст. захаваў ранейшыя знешнія ўмацаванні (вадзяны роў, вал і драўляную сцяну), двух’ярусную браму. Насупраць брамы стаяў двухпавярховы драўляны палац, накрыты двухсхільным дахам, з ганкам, завершаным трыма вежамі. Дзверы палацу былі ўпрыгожаныя арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі на асобныя панелі. Паблізу ад брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гаспадарчыя пабудовы. У канцы XVIII — пачатку ХІХ ст. комплекс прыйшоў у заняпад.


Ю.А. Якімовіч



КАМЯНПОЛЛЕ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў ХІХ — пачатку ХХ ст. ў в. Камянполле (Міёрскі р-н). Уключае гасподу, парк, пладовы сад і гаспадарчую зону. Гаспода (пабудаваная ў 1873 г., перабудаваная ў 1970-я гады) — двухпавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак, накрыты двухсхільным дахам з мансардай у цэнтры. Пры ўваходзе шасцікалонны ганак. Планіроўка калідорная. У інтэр’еры зберагліся две кафляныя печы ХІХ ст. ў стылі класіцызму, аздобленыя барэльефнымі медальёнамі. Гаспадарчыя пабудовы (стайня, кузня і інш.) з элементамі неаготыкі размешчаныя абапал пад’язной дарогі. Невялікі парк рэгулярнага тыпу з сістэмай прастакутных каналаў размешчаны на раўніннай тэрыторыі з поўночнага захаду ад гасподы. У цэнтры кампазіцыі парку прастакутны партэр (плошча 1 га), абмежаваны па перыметры ліпавымі алеямі і абкружаны фруктовым садам.

У сядзібе размешчаная школа.


А.М. Кулагін



КАНСТАНЦІНАВА. КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МРЫІ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й палове ХІХ ст. ў в. Канстанцінава (Мядзельскі р-н). Прастакутны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. З усходняга боку далучаны кубападобны аб’ём апсіды з нізкай бакавой сакрысціяй. Цэнтр галоўнага атынкаванага фасаду вылучаны рызалітам з трохкутным франтонам у завяршэнні, прастакутным уваходным парталам з лучковым франтонам і фігурнай люкарнай над ім. Над дахам з боку галоўнага фасаду гранёная вежа-званіца з арачнымі праёмамі і шатровым завяршэннем, над алтарным аб’ёмам ліхтар. На фоне бутавай муроўкі бакавых сцен вылучаюцца простыя атынкаваныя ліштвы арачных акон і люкарнаў, руставаныя кутнія пілястры. Унутраная прастора падзеленая аркадамі на тры нефы, якія перакрытыя плоскай столлю. У высокі цэнтральны неф выступае на двух слупах галерэя хораў з арганам; прастакутнае алтарнае памяшканне раскрываецца шырокім арачным парталам з дзвюма калонамі. У інтэр’еры драўляны амбон. Вакол касцёлу бутавая агароджа з арачнай брамай.

Касцёл дзейнічае.


А.М. Кулагін



КАПАТКЕВІЧЫ


Гарадскі пасёлак у Петрыкаўскім р-не, на р. Пціч. За 35 км ад Петрыкава, 179 км ад Гомеля. З сярэдзіны XVI ст. ў Менскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага, належалі Яланскім. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага павету. 1768 жыхароў у 1897 г. У 1924—30 гг., 1935—62 гг. цэнтр раёну. З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак. З 1962 г. у Петрыкаўскім р-не.

Планіровачная структура вызначаецца лінейнай сістэмай планіроўкі з прастакутнай сеткай квартальнай забудовы. На стыку асноўных вуліц Інтэрнацыянальнай, Калініна (забудоўваюцца адміністрацыйна-грамадскімі і гандлёвымі ўстановамі, 2—3-павярховымі жылымі дамамі) і Камсамольскай утварылася цэнтральная плошча. З усходу да плошчы прымыкае парк са спартовай зонай. У паўднёва-заходняй частцы пасёлку ствараецца мікрараён (вуліцы Ленінская, Меліярацыйная, Партызанская, забудоўваюцца 3—5-павярховымі жылымі дамамі). Прамысловая зона сфармавалася ў паўночнай частцы пасёлку. Зона адпачынку ствараецца на р. Пціч.

Паводле генплану 1987 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё пасёлку ў паўночным, паўнёва-заходнім і заходнім напрамках.


М.А. Найшулер



КАПЫЛЬ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Капыльскага р-ну, на р. Мажа. За 125 км ад Менску. У пісьмовых крыніцах узгадваецца ў Галіцка-Валынскім летапісе пад 1274 г. З 1320-х гадоў у Вялікім княстве Літоўскім. З 1395 г. належаў Уладзіміру Альгердавічу і яго нашчадкам Алелькавічам, з 1612 г. — Радзівілам, з 1832 г. — Вітгенштэйну. У XIV—XV стст. цэнтр княства. Старажытны цэнтр — гарадзішча на р. Мажа, авальнай формы, умацаванае валам, з усходу і поўдня — глыбокім ровам. У XIV—XVI стст. на тэрыторыі гарадзішча існаваў замак, у 2-й палове XVII ст. на яго месцы быў невялікі драўляны сядзібны комплекс, які ўключаў гасподу (складалася з трох жылых пакояў, двух алькежаў, дзвюх камор і варыўні) і гаспадарчыя пабудовы. У XVI ст. пабудаваны кальвінскі збор і касцёл. У 1652 г. атрымаў магдэбургскае права і герб (выява чорнага паляўнічага рога на залатым полі). З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Слуцкага павету. У XVIII—ХІХ стст. цэнтрам мястэчка была чатырохкутная ў плане гандлёвая плошча, на якой у 1744 г. стаялі крамы, фарны касцёл з плябаніяй, кальвінскі збор, 32 жылыя дамы, дванаццаць шынкоў. Ад плошчы радыяльна адыходзілі чатыры асноўныя вуліцы-дарогі на Слуцак (злучала цэнтр з сядзібай), Клецак (на ёй былі две заезныя корчмы і шынок), Нясвіж і былое мястэчка Пясочнае (знаходзіліся праваслаўная царква і шпіталь). Астатнія восем вуліц злучалі асноўныя вуліцы паміж сабой, з тэрыторыяй былога замку і вадзянымі млынамі на р. Мажа. У 1744 г. было 256 дамоў. У 1815 г. 11 вуліц і завулкаў, 328 дамоў. У канцы ХІХ ст. 4463 жыхары (1897 г.), два млыны. З 1924 г. цэнтр раёну. З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак.

Тэрыторыя сучаснага пасёлку падзеленая р. Мажа на две часткі. Асноўная частка — паўночная, на высокім беразе ракі. Тут сфармавалася кампазіцыйнае ядро пасёлку — пл. Леніна. Ад плошчы радыяльна адыходзяць вуліцы: Савецкая (на поўначы, забудавана аднапавярховымі жылымі дамамі) і Партызанская (на поўдні) — галоўныя восі, Я. Купалы (на паўднёвы захадзе), на якіх ствараюцца мікрараёны з 2—5-павярховых жылых дамоў. Забудова паўночнай часткі пераважна аднапавярховая, цагляная, сядзібнага тыпу (вуліцы Маладзёжная, Загорная, Ц. Гартнага, Юбілейная, Рамашкі, Энгельса, А. Астрэйкі). У паўднёвай частцы размешчаная прамысловая зона. Паблізу прадпрыемстваў знаходзяцца 2—5-павярховыя жылыя дамы, гандлёва-побытавыя ўстановы (вуліцы 50 гадоў БССР, М. Багдановіча, Цімкавіцкая). Зона адпачынку ствараецца на вадасховішчах у пойме ракі. Захаваліся старажытныя помнікі: гарадзішча Замак (па вул. Партызанскай, непадалёку ад цэнтру), два курганныя могільнікі (каля могілак і на рагу вуліц Цімкавіцкай і Трактарнай), царква 2-й паловы ХІХ ст. (на вул. К. Маркса).

Паводле генпланаў 1971 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды I. Люблінскі, Р. Арцёмчык) і 1988 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва), прадугледжанае развіццё жылой забудовы ў паўночным напрамку, стварэнне культурна-побытавага цэнтру на стыку вуліц Савецкай і Партызанскай.


Ю.А. Якімовіч



КАРМА


Гарадскі пасёлак, цэнтр Кармянскага р-ну, прыстань на р. Сож у сутоцы з р. Кармянка. За 110 км на поўнач ад Гомеля. Вядомая з XVII ст. як мястэчка Рэчыцкага павету Менскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Рагачоўскага павету Магілеўскай, Беларускай губерняў. Належала дваранскаму роду Быкоўскіх. У 1880 г. было 149 драўляных дамоў. 36 крам, мураваная царква (пабудаваная ў 1832 г.), тры сінагогі, вадзяны млын. У 1897 г. было 2649 жыхароў. З 1924 г. цэнтр раёну. З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак. У 1962—65 гг. у Рагачоўскім, у 1965—66 гг. у Чачэрскім р-нах.

Сетка вуліц прастакутная. Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Ільюшчанкі (з поўдня на паўночны захад, галоўная вось, звязаная з дарогамі на Доўск, Чачэрск, Слаўгарад), Кастрычніцкая, Школьная (на іх 2—5-павярховыя жылыя дамы), Абатурава, Новы праспект. На вул. Ільюшчанкі, пры ўездзе ў пасёлак з захаду, сфармавалася цэнтральная плошча — адміністрацыйны і культурна-гандлёвы цэнтр. З захаду да плошчы прымыкае парк. У цэнтральнай частцы вул. Ільюшчанкі на скрыжаванні з вуліцамі Леніна і Кастрычніцкай размешчаная трохкутная ў плане плошча. На поўдні пасёлку (пры злучэнні вуліц Ільюшчанкі, Абатурава, Гомельскай, Школьнай, Новы праспект, Малайчука) знаходзіцца стары цэнтр — пл. Свабоды (былая гандлёвая). Паміж вуліцамі Леніна і Ільюшчанкі забудоўваецца новы мікрараён з пяціпавярховымі жылымі дамамі, культурна-гандлёвым цэнтрам. Пераважае ў пасёлку аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. З паўднёвага захаду і поўдня пасёлак агінае р. Кармянка з сажалкамі. Прамысловая зона на поўначы і паўночным усходзе.

Паводле генплану 1976 г. і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё пасёлку на поўнач і паўночны ўсход з функцыянальным заніраваннем тэрыторыі, стварэнне новай плошчы на скрыжаванні вуліц Абатурава і Кастрычніцкай, зялёнай зоны ўздоўж р. Кармянка.


Р.Дз. Шэліхава



КАРМА. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Пабудаваная ў 2-й палове XIX ст. ў в. Карма (Добрушскі р-н). Крыжападобная ў плане, трохапсідная. Над сяродкрыжжам невялікая галоўка на чацверыку. Дамінантай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з’яўляецда высокая двух’ярусная званіца, якая прымыкае да бабінца. Паверхня сцен гарызантальна руставаная. Аконныя і дзвярныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з кілепадобнымі завяршэннямі франтончыкаў, аркамі з паўкалонамі. Неф і трансепт храму перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, бабінец — крыжовым, апсіды — конхамі.

Царква дзейнічае.


А.Ю. Пятросава



КАРЧОВА. ТУГАНАВІЦКАЯ СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства 2-й паловы XVIII — XIX ст. Створаная на левым беразе р. Сэрач, за 1 км ад в. Карчова (Баранавіцкі р-н) у маёнтку князя Тугана. Належала панам Верашчакам. У 1815—20 гг. у гаспадароў сядзібы часта гасцілі А. Міцкевіч, Т. Зан, Я. Чачот, I. Дамейка. Лета 1818 г. у Туганавічах прайшло пад знакам рамантычнага пачуцця дачкі гаспадыні маёнтку Марылі Верашчакі і маладога Міцкевіча. Трагічная гісторыя гэтага кахання зрабіла вялікі ўплыў на творчасць паэта. Сядзіба вядомая паводле акварэлі Н. Орды. Як сцвярджаюць даследчыкі, апісанае ў наэме "Пан Тадэвуш" Сапліцова цалкам адпавядае тапаграфіі Туганавіцкай сядзібы. Кароткая ўязная ліпавая алея вяла да сядзібных пабудоў (не зберагліся). У параднай частцы парку былі размешчаныя невялікая класіцыстычная гаспода з мансардай і тэрасай на чатырох слупах, афіцына з мураваным ганкам і аранжарэя. Ва ўзгорыстай паўночна-заходняй частцы парку размяшчалася капліца-пахавальня, абсаджаная па перыметры дубамі (разбураная ў 1914 г.). На асноўнай дарозе праз парк знаходзілася альтанка (т.зв. альтанка Марылі; не збераглася), абсаджаная вакол ліпамі.

Парк пейзажнага тыпу, высаджаны на ўзгорыстай мясцовасці. Плошча каля 5 га. Асноўныя элементы кампазіцыі — паляны з курцінамі і далёкімі перспектывамі навакольнага ландшафту. У паўднёва-ўсходняй частцы знаходзяцца две сажалкі. Ва ўрочышчы Кут недалёку ад парку ляжыць валун — "Камень Філарэтаў", дзе наладжвалі сходы ўдзельнікі тайнага таварыства патрыятычнай моладзі.

З Туганавічамі звязаныя некаторыя падзеі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—64 гг., на патрэбы якога М. Верашчака прадала частку маёнтка. Тут працавала зброевая майстэрня, прадукцыя перапраўлялася ў "цэнтр" — в. Мілавіды. Уладальнік сядзібы К. Туганоўскі падтрымліваў сувязі з К. Каліноўскім, дапамагаў яму. Парк моцна пашкоджаны ў перыяд І Сусветнай вайны (у гэтым раёне праходзіла лінія фронту). У 1930-я гады праведзеныя работы па яго добраўпарадкаванні. Сярод пасадак пераважаюць ясень, клён, вярба, дуб, ліпа эўрапейская.

 


КАРЭЛІЧЫ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Карэліцкага р-ну, на р. Рутка. За 185 км ад Гародні. Вядомы з XIV ст. З XVI ст. ў Наваградскім ваяводстве. У 1505 г. спалены крымскімі татарамі, у 1655 г. і 1706 г. — шведамі. У 2-й палове XVII — 1-й палове XIX ст. вядомы вырабам шпалераў. З 1795 г. мястэчка, цэнтр воласці Наваградскага павету. У XVII—XVIII стст. існавала сядзіба, у XVIII ст. пабудаваная ратуша. У І Сусветную вайну праз пасёлак праходзіла лінія фронту. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага павету. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. цэнтр раёну. У 1962—65 гг. у Наваградскім р-не. З 30.4.1958 г. — гарадскі пасёлак.

Размешчаны абапал ракі, рэльеф мясцовасці ўзгорысты. Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Савецкая, 8-га Сакавіка, Гагарына, Гастэлы, 1-га Мая, Кастрычніцкая, Арцюха, Жалезняковіча. На ўзгорку сфармавалася цэнтральная плошча — грамадска-адміністрацыйны і гандлёвы цэнтр пасёлку, ад якога бяруць пачатак вуліцы Савецкая, 8-га Сакавіка, 1-га Мая і 17 Верасня. Жылая зона падзяляецца на тры часткі: цэнтральную з 2—5-павярховай забудовай, паўднёва-ўсходнюю з 4—5-павярховымі жылымі дамамі (вул. Прытыцкага), паўночную і паўднёва-заходнюю з індывідуальнай забудовай і прастакутнай сеткай вуліц. На паўночным усходзе аб’язная аўтастрада, уздоўж якой размешчаныя гатэль, рэстаран, універсальная крама. Паміж аўтастрадаю, вуліцамі Савецкай і Школьнай будуецца мікрараён з 3—5-павярховымі жылымі дамамі. На вул. Гагарына вядзецца забудова новага мікрараёну. На паўночным захадзе пасёлку, на вул. 8-га Сакавіка, пабудаваная лякарня на 250 ложкаў з паліклінікай на 375 наведванняў за змену. Зона адпачынку з маляўнічым паркам, стадыёнам, дзвюма сажалкамі сфармавалася ў пойме ракі. Прамысловая зона на паўднёвым усходзе і поўначы.

Паводле генплану 1976 г. і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё пасёлку ў заходнім напрамку з функцыянальным заніраваннем тэрыторыі, будаўніцтва аб’язной аўтастрады ў паўднёвай частцы.


Р.Дз. Шэліхава



КАРЭЛІЧЫ. СЯДЗІБА


Існавала ў XVII—XVIII стст. у г.п. Карэлічы. Належала Радзівілам.

1) У 1640 г. сядзіба складалася з драўляных пабудоў княжага пададворку (гаспода, дом аканома, двухпавярховыя свіраны з балюстраднымі галерэямі, кухня) і гаспадарчай часткі (дом парабкаў, стайні, бровар, сыраварня, свіраны, гумно і інш.), якая злучалася з княжацкім пададворкам праз браму з назіральнай пляцоўкай, з боку мястэчка ў двор вяла двух’ярусная брама, атынкаваная звонку глінай, з трыма жылымі пакоямі ў верхнім ярусе. Гаспода — аднапавярховы будынак з двума алькежамі, накрыты гонтавым дахам з двума дэкаратыўнымі флюгерамі, уключала прыхожую, тры жылыя пакоі, сталовую, кухню, камору. Галоўны уваход вылучаны слупавым ганкам, завершаным купалам. Каля гасподы быў сад. Сядзіба разбураная ў 1655 г.

2) Комплекс 2-й паловы XVII — пачатку XVIII ст. складаўся з двух драўляных аднапавярховых будынаў, накрытых саломай, кухні, сыраварні, варыўні, стайняў, свіранаў, двух млыноў і іншых гаспадарчыя пабудоў. Разбураны ў 1706 г.

3) У 1730-я гады пабудаваны новы сядзібна-палацавы комплекс: палац у стылі барока, флігель, гаспадарчыя пабудовы, две брамы з боку мястэчка і з дарогі на Наваградак, вялікі сад. Палац — двухпавярховы прастакутны ў плане драўляны будынак, завершаны вальмавым гонтавым дахам з мансардай. На першым паверсе — прыхожая, гардэроб, зала, тры жылыя пакоі, парадная лесвіца на другі паверх, тры жылыя пакоі якога аздобленыя палатнянымі шпалерамі з выявамі кветак, размалёўкай, творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (каляровая кафля, разная мэбля). Перад палацам былі кветнікі, за ім — "італійскі" сад на трох тэрасах з прастакутнымі ўчасткамі пладовых дрэў і хмызняку. У садзе былі лабірынты, аранжарэя.

Комплекс не збярогся.


Ю.А. Якімовіч



КАСЦЮКОВІЧЫ


Горад, цэнтр Касцюковіцкага р-ну, на р. Жадунька. За 160 км ад Магілёва. Чыгуначная станцыя Камунары. Вядомыя з XVI ст. як дзяржаўны маёнтак у Крычаўскім старостве Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Клімавіцкага павету Беларускай, з 1796 г. Магілёўскай губерніі. Маёнтак належаў У. Цеханавецкаму. Мястэчка было вядомае конным кірмашом. Да 1864 г. існавала трохкласнае вучылішча, якое ўтрымлівалася за кошт мястэчка. У 1872 г. заснаваны бровар. У 1886 г. было 620 жыхароў, 94 крамы, 122 двары, две царквы, сінагога, царкоўна-прыходскае вучылішча, лякарня, аптэка, восем гарбарняў, млын; два кірмашы на год. 700 жыхароў у 1897 г. З 1924 г. цэнтр раёну. З 1938 г. — горад. 6,1 тыс. жыхароў у 1939 г.

Тэрыторыя гораду выцягнутая з поўначы на поўдзень. Сетка вуліц прастакутная. Вось кампазіцыі — вул. Ленінская на правым беразе р. Жадунька, якая разам з вуліцамі Чырвонаармейскай, Інтэрнацыянальнай, Юнацкай утварае невялікія кварталы. Грамадскі цэнтр сфармаваўся на вул. Ленінскай. Кампазіцыйна-планіровачным цэнтрам гораду з’яўляецца плошча на перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Камсамольскай. Капітальная жылая забудова (2—5-павярховыя жылыя дамы) сканцэнтравана на вул. Ленінскай, Інтэрнацыянальнай, Чырвонаармейскай, Юнацкай. У 1989 г. у цэнтры гораду на вул. Ленінскай паводле індывідуальнага праекту ўзведзены трохпавярховы будынак раённага краязнаўчага музея (дойліды. В. Гальдштэйн, Э. Гальдштэйн, С. Іваноў). Забудоўваецца вул. Зіньковіча. У паўночнай частцы гораду ў 1970 г. пабудаваны жылы квартал з 2—4-павярховых жылых дамоў. Новы жылы раён сфармаваны ў заходняй частцы гораду на вуліцах Чырвонаармейскай і Камсамольскай. На паўднёвы захад ад цэнтру, злева ад шашы Касцюковічы — Краснаполле, будуецца (1990 г.) новы жылы мікрараён з пяціпавярховых дамоў. Узводзяцца паліклініка, лякарня, сярэдняя школа, дашкольныя дзіцячыя ўстановы. Прамысловая зона на паўднёвым захадзе і поўначы (у раёне ст. Камунары).

Горад забудоўваецца паводле генплану 1973 г. і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтра 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва).



КАСЦЮКОЎКА


Рабочы пасёлак у прыгараднай зоне Гомеля, падпарадкоўваецца Чыгуначнаму раённаму савету. За 12 км на паўднёвы захад ад Гомеля, чыгуначная станцыя. З 1873 г. станцыя Лібава-Роменскай чыгункі, з 1929 г. пасёлак рабочых Гомельскай гуты, з 1935 г. рабочы пасёлак.

Развіваецца паводле генплану 1958 г. (інстытут "Дзіпрабудматэрыялы", Масква). Кампазіцыйная вось — вул. Гомельская (аўтастрада Гомель — Магілёў), на захад ад якой размешчаная жылая зона, на ўсходзе — прамысловая. Цэнтральная плошча сфармавалася ў месцы злучэння вуліц 9 Мая і Першамайскай. З усходу да плошчы прымыкае сквер. Забудова квартальная, пераважаюць 2—5-павярховыя жылыя дамы (вуліцы Кастрычніцкая, Басянкова, Бяляева, Лебядзінскага і інш.). З поўдня да жылой забудовы прымыкае вялікая паркавая зона, дзе пабудаваны спартовы комплекс з плавальным басейнам і штучнае возера. Працуе Гомельская гута імя М.В. Ламаносава.


М.А. Найшулер



КАСЦЯНЕВІЧЫ. КАСЦЁЛ БЕЗЗАГАННАГА ЗАЧАЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. ў в. Касцяневічы (Вілейскі р-н). Прастакутны ў плане будынак накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваныя плоскімі пілястрамі. Галоўны фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Уваходны партал і аконныя праёмы лучковыя. Да ўсходняга фасаду далучаная прыбудова, накрытая стромкім двухсхільным дахам з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Унутраная прастора перакрытая каробчатай столлю. Падлога выкладзеная каляровай мазаікай. Сцены аздобленыя двухслаёвымі пілястрамі. Алтар сіметрычнай кампазіцыі з вялікай паўцыркульнай нішай у цэнтры, аздоблены шасцю паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі, якія падтрымліваюць шматслойны карніз. Паміж калонамі гіпсавая пафарбаваная скульптура. На невысокія драўляныя хоры вядзе бакавая лесвіца.

Касцёл дзейнічае.


А.Ю. Пятросава



КАШЭВІЧЫ. ЦАРКВА ЎСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1642 г. у в. Кашэвічы (Петрыкаўскі р-н). Спачатку мела глыбінна-прасторавую кампазіцыю, складалася з квадратнага ў плане асноўны аб’ёму і пяціграннай алтарнай апсіды. У 2-й палове ХІХ ст. да асноўнага аб’ёму з захаду прыбудаваная двух’ярусная чацверыковая вежа-званіца з дахам складанай канфігурацыі. Над асноўным аб’ёмам двух’ярусны васьмерыковы верх (у інтэр’еры пераход да яго ад ніжняга чацверыка на ветразях, у якіх прарэзаныя дэкаратыўныя галаснікі), завершаны цыбулепадобным купалам. Алтарная апсіда накрытая шатровым дахам з купалком на глухім барабане. Дахі злучаныя прамежкавай двухсхільнай стрэшкай. Сцены звонку гарызантальна ашаляваныя, прастакутныя вокны аздобленыя плоскімі ліштвамі. У інтэр’еры асноўны аб’ём злучаны з алтарнай часткай праёмам у выглядзе стылізаванай двухпралётнай аркі, мае кансольна-бэлечныя хоры, агароджаныя балюстрадай. Помнік адметны своеасаблівай сістэмай прапорцый, звязанай са старажытна-рускім дойлідствам.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



КЕМЕЛІШКІ. КАСЦЁЛ НАРАДЖЕННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1900 г. у в. Кемелішкі (Астравецкі р-н). Мае рысы стыляў мадэрн, неакласіцызму, несапраўднай готыкі. Крыжовы ў плане шасціслуповы храм зальнага тыпу з пяціграннай алтарнай апсідай, да якой з поўначы прымыкае сакрысція. Асноўны аб’ём і трансепт завершаныя двухсхільным дахам, пяцігранная алтарная апсіда — вальмавым. Галоўны фасад завершаны дзвюма двух’яруснымі вежамі (васьмярык на чацверыку), накрытымі спічастымі шатрамі (кожны мае чатыры дэкаратыўныя франтончыкі са шпілем). Галоўны ўваход вылучаны чатырохслуповым ганкам пад двухсхільным дахам. Франтоны тарцоў трансепту завершаныя невялікім чацверыковымі шатровымі вежачкамі. Сцены знадворку гарызантальна ашаляваныя. Вокны прастакутныя з лучковымі завяршэннямі і рамбічныя (у трансептах). Побач з касцёлам — трох’ярусная чацверыковая званіца, завершаная шатровым дахам.

Касцёл дзейнічае.


Ю.А. Якімовіч



КІРАЎСК


Гарадскі пасёлак, цэнтр Кіраўскага р-ну, на р. Ала. За 87 км на паўднёвы захад ад Магілёва. Пасля ўтварэння Кіраўскага р-ну (12.2.1935 г., названы ў гонар С.М. Кірава, часовы цэнтр — в. Старцы, у 1939 г. перайменаваная ў в. Кірава) каля в. Кірава быў пабудаваны новы пасёлак Кіраўск. У лістападзе 1955 г. пасёлак зліўся з вёскаю, куды перанесены раённы цэнтр. З 17.11.1959 г. гарадскі пасёлак. Сетка вуліц прастакутная з невялікімі кварталамі аднапавярховай жылой забудовы сядзібнага тыпу.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Кірава (галоўная вось), Камсамольская, Валадарскага (забудаваная 2—3-павярховымі жылымі дамамі), Ленінская, Гагарына, Церашковай. На вул. Кірава сфармавалася цэнтральная плошча — грамадскі цэнтр пасёлку. Прамысловая зона размешчаная ў паўднёва-заходнім і паўнёва-ўсходняй частках пасёлку. Захаваўся помнік садова-паркавага мастацтва пачатку ХХ ст. — парк. Зона адпачынку — сквер, берагі р. Агса.

Паводле генпланаў 1972 г. (Магілёўская філія інстытуту "Белдзяржпраект") і 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё пасёлку ў паўночным і ўсходнім напрамках, будаўніцтва 2—5-павярховых жылых дамоў у паўночна-заходняй частцы, стварэнне заходняга, паўночна-ўсходняга і паўднёвага прамысловых вузлоў, зоны адпачынку на беразе р. Ала.


В.М. Кашырын



КІШЧЫЦЫ. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства з элементамі класіцызму і псеўдарускага стылю. Пабудаваная ў 1845 г. у в. Кішчыцы (Шклоўскі р-н). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храму развітая па падоўжнай восі. Цэнтральны квадратны ў плане аб’ём накрыты пакатым шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Яго фасады завершаныя кілепадобнымі франтонамі. Трох’ярусная вежа-званіца, прыбудаваная з боку галоўнага фасаду, накрытая шатровым дахам з галоўкай. Прастакутныя аб’ёмы бабінца і апсіды накрытыя двухсхільнымі дахамі. Сцены будынкк прарэзаныя вялікімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаныя пілястры, франтоны, сандрыкі, нішы, прафіляваныя карнізы і інш. Ва ўнутранай прасторы царквы дамінуе зала, якая перакрытая самкнутым скляпеннем на падпружных арках. Пакрыцці астатніх аб’ёмаў цыліндрычныя. Аб’ём ніжняга ярусу званіцы падзелены сценамі на тры памяшканні: у левым зробленая двухмаршавая лесвіца, якая вядзе на верхнія ярусы, сярэдняе — тамбур-прытвор, правае прыстасавана для гаспадарчых патрэб.

Царква дзейнічае.


А.А. Міцянін



КЛЕЦАК


Горад, цэнтр Клецкага р-ну, на р. Лань. За 140 км ад Менску. К. (летапісны Клеческ, Клечьск, ад клечь — бярозавы зараснік) упершыню ўпамінаецца пад 1128 г. як цэнтр удзельнага княства ў складзе Тураўскага княства. У 1142—46 гг. і з 1149 г. належаў чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу. З XIII ст. ў Вялікім княстве Літоўскім. З 1445 г. уладанне князя Міхаіла Жыгімонтавіча, з 1452 г. — Казіміра IV, з 1456 г. — Івана Васілевіча Яраславіча і яго сына Фёдара Іванавіча. У 1503 г. спалены татарамі. З 1507 г. у Наваградскім, з 1791 г. Случарэцкім павеце Наваградскага ваяводства. Належаў князю Жыгімонту I Старому (з 1520 г.), каралеве Боне (з 1524 г.), Радзівілам (з 1588 г.; у 1586—1874 гг. існавала Клецкая ардынацыя Радзівілаў). У 1652 г. горад атрымаў магдэбургскае права і герб — выява княжацкай кароны і паляўнічага рога на блакітным полі. Ядром старажытнага гораду быў замак на ўзгорку. У 1552 г. частка гораду был абнесеная драўляным парканам. Цэнтрам з’яўляўся прастакутная ў плане рыначная плошча, шчыльна забудаваная з усіх бакоў. Ад яе радыяльна разыходзіліся магістральныя вуліцы Нясвіжская, Віленская і Пінская, вуліцы да ракі і балота. Утворана новае прадмесце Слабада — ад Віленскай вул. ўздоўж курганоў да р. Лань. Існавалі Траецкі касцёл (глядзі артыкул "Клецак. Фарны Траецкі касцёл"), царква Мікалая і шпіталь (па вул. Віленскай), а таксама цэрквы Васкрасенская, Прачысценская і Успення Багародзіцы. Заснаваны кальвінскі збор (глядзі артыкул "Клецак. Фарны Траецкі касцёл"). Былыя дзядзінец і вакольны горад пераўтвораныя ў Верхні і Ніжні замкі, агароджаныя астрогам і аддзеленыя адзін ад аднаго вадзяным ровам. Планіровачная структура гораду ў XVII ст. была радыяльна-паўкальцавая, Клецак развіваўся на ўсход ад замкаў і ракі. Сфармаваўся агульнагарадскі грамадскі цэнтр — гандлёвая плошча з ратушай (пабудаваная з вежай, завершанай адкрытай галерэяй і купалам). Ад плошчы промнямі разыходзіліся вуліцы (па інвентары 1626 г. было 11), паўкальцавая вуліца апяразвала замкі з усходу. Непадалёк ад замку знаходзіўся мураваны Траецкі касцёл, на рынку — праваслаўная царква, па-за межамі гораду — царква Ушэсця. Дамы на плошчы стаялі шчыльна, утвараўся адзіны фронт фасадаў, рытмізаваны шчытамі двухсхільных дахаў, аздобленых уверсе адзінарнымі гатычнымі вільчьжамі. На беразе ракі, у канцы пракладзенай праз яе грэблі, знаходзіўся вадзяны млын. У 1653 г. было 376 двароў. У 1897 г. — 4,7 тыс. жыхароў. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слуцкага павету. У 2-й палове XVII ст. пабудаваны Благавешчанскі касцёл і кляштар дамініканцаў (па вул. Я. Купалы) (глядзі артыкул "Клецак. Благавешчанскі касцёл і кляштар дамініканцаў"), у XVIII ст. — драўляная ў стылі барока трох’ярусная званіца (завяршалася шатровым гонтавым дахам са шпілем і крыжам), у 2-й палове XIX ст. — з цэглы царква з трох’яруснай званіцай (вул. Леніна, на могілках), на мяжы ХІХ—ХХ стст. — сінагога з цэглы (вул. Гагарына), у пачатку ХХ ст.— у стылі мадэрн шпіталь з цэглы (1909 г., вул. Школьная), казармы з дрэва, цэглы і бутавага каменю (вул. Казарменная). У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, горад Нясвіжскага павету Менскай губерніі. З 1939 г. у БССР, 17,9 тыс. жыхароў, з 1940 г. цэнтр раёну Баранавіцкай вобл., у 1954—62 гг. і з 30.6.1966 г. — Менскай вобл. (у 1962—66 г. у Нясвіжскім р-не).

Сучасны горад размешчаны на двух пагорках: на адным — жылая зона з агульнагарадскім цэнтрам, на другім — прамысловая (на поўначы). Планіроўка радыяльная. Асноўныя транспартныя магістралі і кампазіцыйныя вузлы — вуліцы Леніна, Гагарына і Савецкая (на перакрыжаванні іх размешчаная галоўная плошча гораду — Маякоўскага са скверам у цэнтры), а таксама вуліцы Перамогі (звязвае аўта- і чыгуначны вакзалы з цэнтрам) і 17 Верасня. Пераважна аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, на гаоўных вуліцах узводзяцца 2—3 і пяціпавярховыя жылыя дамы. Забудоўваўся паводле праекту 1947 г. аднаўлення і развіцця цэнтральнай часткі і генплану 1970 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід I. Люблінскі). На паўднёва-заходняй ускраіне збераглося старажытнае гарадзішча, якое складалася з дзядзінца і вакольнага гораду, умацаваных валамі і равамі. Зона адпачынку фарміруецда на р. Лань.

Паводле генплану 1985 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Р. Арцёмчык, А. Дубініна) прадугледжанае развіццё гораду ў паўднёвым і паўночна-ўсходнім напрамках (уключэнне ў межы гораду пас. Пабеданосны і в. Панкратавічы), рэканструкцыя цэнтральнай часткі.


Ю.А. Якімовіч, С.Ф. Самбук



КЛЕЦАК. БЛАГАВЕШЧАНСКІ КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ


Помнік дойлідства сталага барока. Касцёл пабудаваны з цэглы ў 1683 г. у Клецку па фундацыі С.К. Радзівіла, Ю. Булгака і менскага каштэляна А. Сангушкі. Неф (у плане выцягнуты прастакутнік) і алтарная апсіда з паўцыркульным завяршэннем накрыты высокім агульным дахам. З поўначы — невялікая сакрысція. Галоўны фасад вырашаны як аб’ёмная дзвюхвежавая пласціна і падзелены карнізам (ніжэй узроўню карнізу нефу) на две роўныя па вышыні часткі. Масіўныя чацверыковыя вежы спачатку завяршаліся пакатымі, потым высокімі чатырохсхільнымі шатрамі (вярхі разбураныя), тарэц даху закрываўся трохкутным франтонам, па вышыні амаль роўным з вежамі. Фасады рытмічна расчлянёныя шырокімі пілястрамі, пластыка галоўнага фасаду ўзбагачаная нішамі, франтончыкамі, скульптурай і лепкай. Помнік значна пашкоджаны перабудовамі ў савецкія часы (зараз у ім размешчаны філіял механічнага заводу). На усходзе за касцёлам пастаўлены двухпавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак кляштару, накрыты вальмавым дахам. Фасады рытмічна расчлянёныя шырокімі лапаткамі і прастакутнымі аконнымі праёмамі. Планіроўка галерэйная з тарцовай двухмаршавай лесвіцай. Перакрыцці памяшканняў, галерэй і падвалаў скляпеністыя. З 1795 г. пры кляштары існавала школа на дзесяць студэнтаў шляхецкага паходжання і шпіталь (заснаваны М. Адахоўскім).

Цяпер у кляштары размешчаны інтэрнат. Касцёл і кляштар — помнікі рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



КЛЕЦАК. ФАРНЫ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Існаваў у XVI ст. — 1-й палове ХХ ст. Пабудаваны ў сярэдзіне XVI ст. У 1560-я гады Мікалай Радзівіл Чорны перадаў храм кальвіністам, тут з пратэстанцкімі пропаведзямі выступаў беларускі гуманіст Сымон Будны. Пры Альбрыхце II Радзівіле (маршалак Вялікага княства Літоўскага і ўладальнік Клецку) зноў перададзены каталікам. У 1607 г. асвячоны біскупам віленскім Юрыем Радзівілам.

Касцёл аднанефавы, прастакутны ў плане асноўны аб’ём і пяцігранная апсіда завяршаліся агульным дахам (двухсхільным над асноўным аб’ёмам і шматгранным над алтаром). Да паўночнай сцяны прэсбітэрыя прылягала невялікая двухпавярховая сакрысція, на другім  паверсе якой была скарбніца. Сцены былі ўмацаваныя контрфорсамі і завершаныя прафіляваным карнізам. Аконныя праёмы арачныя. Да галоўнага фасаду была прыбудаваная трох’ярусная вежа-званіца (ніжні ярус чацверыковы, астатнія васьмерыковыя) з арачнымі прастакутнымі аконнымі праёмамі, упрыгожаная нішамі, філёнгамі, завершаная купалам. Скляпенне асноўнага аб’ёму цыліндрычнае з распалубкамі, у інтэр’еры багата аздобленыя разныя алтары, скульптура. Падлога была цагляная, у асноўным аб’ёме ў ёй было пакладзена некалькі каменных пліт. Пад алтарнай часткай былі сутарэнні. Над уваходам размяшчаліся драўляныя хоры. Сцены касцёлу былі ўзведзеныя ў тэхніцы гатычнай муроўкі з цэглы (26—27х12,5—13х6,5—7 см).

Касцёл быў пашкоджаны ў ІІ Сусветную вайну, узарваны ў 1950-я гады (засталася частка заходняй сцяны).


Т.В. Габрусь, А.М. Кушнярэвіч



КЛІМАВІЧЫ


Горад, цэнтр Клімавіцкага р-ну. За 124 км ад Магілёва. Вядомы з пачатку XVII ст. як паселішча ў Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. З 1720 г. належалі Бяляцкім, з 1758 г. — Галынскім. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі. З 1777 г. горад, цэнтр павету. З 1781 г. мелі герб з выявай залатой пчалы на блакітным полі. З 1778 г. забудоўваліся паводле рэгулярнага плану. У 1897 г. было 4706 жыхароў. У пачатку XX ст. сярод драўлянай забудовы вылучаліся мураваныя дамы купцоў, кляштар дамініканцаў (заснаваны ў 1626 г., не захаваўся), две царквы (1 мураваная), парк (на яго месцы гарадскі сквер). З ліпеня 1924 г. цэнтр раёну Калінінскай акругі (да 1927 г.).

Горад размешчаны абапал ручая Калініца. Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Камуністычная і Сацыялістычная (галоўныя магістралі, нраходзяць уздоўж чыгункі), Савецкая, Інтэрнацыянальная, Парыжскай камуны, Болдзіна. Характэрна правільная сетка дробных квадратных кварталаў плошчай 0,8—1 га. Грамадскі і культурны цэнтр — пл. Вялікага Кастрычніка — размешчаны на скрыжаванні вуліц Савецкай і Інтэрнацыянальнай. Пераважае жылая забудова сядзібнага тыпу. 2—4-павярховы жылы масіў узведзены па вул. 50 гадоў Кастрычніка, у раёне вул. Кірава — мікрараён з 4—5-павярховай забудовай. Зона адпачынку — ручай Калініца з зялёным дыяметрам уздоўж яго і вадасховішчам. Каля Клімавічаў выяўленыя бескурганныя могільнікі з трупаспаленнем, пяць паселішчаў II—V стст. і раннефеадальнага часу. Захаваліся помнікі дойлідства ХІХ ст. — драўляны жылы дом (зараз краязнаўчы музей) і мураваная царква Святога Міхала Арханёла (ХІХ ст.).

Паводле генплану 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід А. Агафонава) прадугледжанае далейшае развіццё гарадскога цэнтру ў напрамку вул. Камуністычнай, фармаванне галоўнай плошчы гораду, пабудова гандлёвага і спартовага комплексаў, стварэнне шматпавярховай жылой забудовы.


Л.С. Патапаў



КЛІМАВІЧЫ. ЖЫЛЫ ДОМ


Помнік драўлянага дойлідства ХІХ ст. Пабудаваны ў Клімавічах у 1867 г. у псеўдарускім стылі. Драўляны аднапавярховы амаль квадратны ў плане будынак з прыбудовай у паўнёва-заходняй частцы. Кампазіцыя галоўнага фасаду трохчасткавая. Цэнтральная частка вылучаная мансардай з кілепадобным франтонам, поле якога падзеленая крыж-накрыж прафіляванымі сцяжкамі, упрыгожаная разнымі накладнымі дэталямі, ламанымі лесвічнымі стужкамі. Бакавыя часткі завершаныя трохкутнымі франтонамі. Шырокая паласа фрызу дэкарыраваная разьбой у выглядзе карункаў. Вокны лучковыя, на галоўным і паўднёвым фасадах упрыгожаныя разнымі ліштвамі. Планіроўка калідорная. З паўночнага боку размешчаны вестыбюль з лесвіцай у мансарду.


У.В. Алісейчык



КЛІМАВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваная з цэглы ў сярэдзіне ХІХ ст. ў г. Клімавічы. Царква складаецца з крыжовага ў плане асноўнага аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам на чацверыку ўзвышаецца вялікі светлавы васьмігранны барабан з купалам. Бабінец завершаны трохяруснай вежай-званіцай (два чацверыкі і васьмярык з гранёным купалам). Купал і званіца ўвянчаныя галоўкамі. Сцены атынкаваныя, завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Куты аб’ёмаў апрацаваныя буйным рустам, вокны аздобленыя ляпнымі арачкамі. У дэкоры выкарыстаныя плоскія нішы, сухарыкі, раскрапоўкі ў выглядзе трохкутных франтонаў, двухколерная тынкоўка. Інтэр’ер двухсветлавы, сяродкрыжжа перакрытае самкнёным скляпеннем.

Царква дзейнічае.


Т.В. Габрусь



КЛІЧАЎ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Клічаўскага р-ну, на р. Ольса. За 91 км ад Магілёва. Вядомы з 1592 г. як в. Клічава Віцебскага ваяводства. У канцы ХІХ ст. ў Ігуменскім павеце Менскай губерніі.; школа, млын, царква. У 1897 г. было 608 жыхароў. З 1924 г. цэнтр раёну, З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак. З 1944 г. цэнтр раёну Бабруйскай, у 1954—62 гг. і з 1965 г. — Магілёўскай абласцей. У 1962—65 гг. у Кіраўскім р-не.

Планіровачная структура вызначаецца прастакутнай сеткай кварталаў, дзе пераважаюць аднапавярховыя драўляныя жылыя дамы сядзібнага тыпу. Асноўныя восі гораду — галоўная вул. Ленінская (2—3-павярховыя жылыя дамы, сквер), вуліцы Крываноса, Савецкая (забудаваны 2—5-павярховымі жылымі дамамі). Цэнтр кампазіцыі — плошча, якая ўтварылася на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Крываноса. На захад ад цэнтру размешчаная вучэбная база Магілёўскага саўгаса-тэхнікуму са стадыёнам. Прамыслова-складскія зоны на поўначы і поўдні. Зона адпачынку — лесапарк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка, сквер.

Генплан 1979 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжвае развіццё гарадскога пасёлку ў паўднёва-заходнім напрамку, функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, стварэнне ў цэнтральнай частцы мемарыяльнай зоны.


В.М. Кашырын

 


КНЯЖЫЦЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІКАЛАЯ (ДАМІНІКАНЦАЎ)


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1681 у в. Княжыцы (Магілёўскі р-н) як уніяцкая царква. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храму складаецца з прастакутнага ў плане асноўнага аб’ёму з невялікім трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды, якія накрытыя двухсхільнымі дахамі. Нізкія рознавялікія прыбудовы каля алтарнай часткі не парушаюць агульнай сіметрычна-восевай кампаноўкі аб’ёмаў. Галоўны фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі. Трохчасткавая з выцягутымі прапорцыямі кампазіцыя галоўнага фасаду завершаная чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Па баках галоўнага фасаду — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць перад уваходам у храм парадны дворык-курданёр. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохкутным завяршэннем і насычаны пластыкай. Бакавыя фасады аздобленыя магутнай аркатурай на вышыню будынку і здвоенымі пілястрамі ў прасценках паміж лучковымі аконнымі праёмамі. Унутры перакрыцце цыліндрычнае, з распалубкамі і падпружнымі аркамі. Асаблівасць інтэр’еру — адсутнасць прамых кутоў пры скрыжаванні сцен. Фрагменты алтару (якія захаваліся) сведчаць аб яго вырашэнні ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Над уваходам — хоры.

Касцёл не дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 


КОБРЫН


Горад, цэнтр Кобрынскага р-ну, на р. Мухавец у сутоках з Днянроўска-Бугскім каналам. За 50 км ад Берасця. Упершыню ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 г. у складзе Уладзіміра-Валынскага княства. Пры ўпадзенні р. Кобрынка ў р. Мухавец у старажытнасці было закладзенае першае ўмацаванне, на якім пазней пабудаваны Верхні і Ніжні замкі (глядзі артыкул "Кобрын. Замкі"). Непадалёку ад замкаў на колішнім пасадзе на глыбіні 1,5—2 м выяўленыя рэшткі старадаўняй маставой з бярвён. З 1-й паловы XIV ст. ў Вялікім княстве Літоўскім, у 1404—1519 гг. цэнтр Кобрынскага княства, потым староства, якое ў 1532 г. як павет далучанае да Падляшскага ваяводства, з 1566 г. у Берасцейскім павеце Берасцейскага ваяводства. Забудоўваўся з усходу на захад паралельна Мухаўцу, які падзяліў яго на две часткі. У 1563 г. на левым беразе пяць вуліц і рыначная плошча, на правым — две вуліцы. У 1597 г. — 304 двары. У 1589 г. атрымаў магдэбургскае права і герб — выявы Маці Боскай з дзіцем і святой Ганны на срэбным полі. У XVI—XVIII стст. цэнтр Кобрынскай эканоміі. У сярэдзіне XVII ст. каля 500 дамоў. Горад моцна пацярпеў падчас войнаў сярэдзіны XVII — пачатку XVIII ст. Да канца XVIII ст. адноўлены; у 1790-я гады 2160 жыхароў, 360 дамоў. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, павятовы горад Слонімскай, Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай губерняў. У 1795 г. маёнтак Кобрынскі Ключ з сядзібай у Кобрыне падараваны Кацярынай II А. Сувораву. У 1798 г. распрацаваны першы генплан гораду. Падчас вайны 1812 г. згарэла 548 дамоў з 630. Паводле генплану 1846 г. горад забудоўваўся пераважна драўлянымі дамамі, у цэнтры ставіліся двухпавярховыя жылыя дамы з крамамі і майстэрнямі на ніжніх паверхах. У 1846 г. праз Кобрын прайшла шаша Варшава — Масква. У 1897 г. было 10 355 жыхароў. У пачатку ХХ ст. пабудаваны гасціны двор, гандлёвыя рады, сфармаваўся гарадскі цэнтр. У 1921—39 г. у складзе Польшчы, цэнтр павету Палескага ваяводства. З 1939 г. у Берасцейскай вобл. БССР (15,3 тыс. жыхароў). З 1940 г. цэнтр раёну.

Галоўнай кампазіцыйнай воссю сучаснага Кобрыну з’яўляецца р. Мухавец, якая падзяляе горад на паўднёвы і паўночны планіровачныя раёны. Адміністрацыйна-грамадска-культурны цэнтр — пл. Леніна на скрыжаванні вуліц Леніна і Пушкіна. Шматпавярховыя дамы пабудаваныя на вуліцах Савецкай, Леніна, Пушкіна, Дзяржынскага, Піянерскай. Новыя мікрараёны забудоўваюцца ў паўднёвай (вуліцы Дзяржынскага і Мікалаева), заходняй (раён вул. Савецкай) і паўночнай (раён вул. Набярэжнай) частках гораду. Сфармаваліся тры прамысловыя раёны: паўночны, усходні, заходні. Зона адпачынку — парк (заснаваны ў 1768 г. пры сядзібе, меў рэгулярную сістэму планіроўкі) і пойма р. Мухавец. Захаваліся: забудова пл. Свабоды на месцы былой цэнтральнай рыначнай плошчы — жылыя дамы на яе паўднёвым баку і аптэка (з XVIII ст.), гандлёвыя рады; паштовая станцыя на вул. Савецкай (1846 г.), сядзібны дом (ваенна-гістарычны музей), помнік перамогі 1812 г., Спаскі манастыр і Мікалаеўская царква, сабор Аляксандра Неўскага, касцёл (1843 г.) па вул. Першамайскай і драўляная Петрапаўлаўская царква (пачатак XX ст.) на могілках. У 1989 г. побач са старым узведзены новы будынак ваенна-гістарычнага музея (дойліды В. Тэртэль, А. Анішчанка). Забудоўваўся паводле генпланў 1956 г. (інстытут "Белдзяржпраект", карэкціроўкі 1962 г., 1965 г.).

Генплан 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Р. Арцёмчык) прадугледжвае развіццё ў паўднёвым і заходнім напрамках.


А.М. Мартынаў, Л.С. Патапаў



КОБРЫН. ЗАМКІ


Існавалі ў XIV—XVIII стст. на месцы дзядзінца і пасаду. Комплекс складаўся з драўляных Верхняга ("Высокага") і Ніжняга ("прыгародак") замкаў, якія размяшчаліся на двух узвышшах у міжрэччы Мухаўца і Кобрынкі. Замкі не зберагліся. Верхні замак круглы ў плане (дыяметр каля 56 м). У XVI ст. быў умацаваны глыбокім дугападобным ровам, кальцавым валам, клецевымі канструкцыямі, якія ў ніжніх частках мелі каморы, у верхніх — бланкаванне з баявым ходам, завершаным двухсхільнымі дахамі з драніц. Меў чатыры баявыя вежы, накрытыя шатровымі гонтавымі дахамі, две брамы. Праз вежу, браму і пад’ёмны мост праз роў злучаўся з "прыгародкам". Ніжні замак выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, быў абкружаны земляным валам. Меў две брамы і выхад да Мухаўца. Асноўны тып абарончых канструкцый — гародні, накрытыя дахам з драніц. Сцены былі ўмацаваныя пяццю вежамі (у адной з іх размяшчаўся млын). На тэрыторыі замку былі крыжовы ў плане жылы будынак, гаспадарчыя пабудовы, сад, агароджаны парканам з дыляў.


М.Л. Ткачоў



КОБРЫН. ПОМНІК ПЕРАМОГІ 1812 г.


Закладзены ў 1912 г. у Кобрыне (вул. Леніна; дойлід Д. Маркаў) у дзень 100-годдзя першай перамогі рускай зброі ў вайне 1812 г. На пастаменце з гранітных валуноў, які нагадвае скалу, устаноўлены бронзавы арол з распасцёртымі крыламі і лаўровым вянком у кіпцюрах, абапал — марціры з пірамідкамі ядраў. На фасаднай і бакавых гранях пастаменту — тры мармуровыя дошкі. На пярэдняй дошцы (шэра-зялёнага колеру) надпіс: "Рускім воінам, якія атрымалі першую перамогу над войскамі Напалеона ў межах Расеі 15 ліпеня 1812 г", на бакавых (белага колеру) пералічаныя палкі, часці рускай  арміі, што ўдзельнічалі ў кобрынскай бітве, і фундатары помніку. У час І Сусветнай вайны былі знятыя. Арол і бакавыя дошк згубленыя. Помнік адноўлены ў 1951 г. (скульптар М. Керзін).


А.М. Мартынаў



КОБРЫН. САБОР АЛЯКСАНДРА НЕЎСКАГА


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны на брацкай магіле некалькі соцень расейскіх салдат, якія загінулі ў час вайны 1812 г. Сабор пабудаваны на сродкі, сабраныя ў выглядзе кантрыбуцыі з удзельнікаў паўстання 1863—64 гг. Да закрыцця храму ў 1963 г. на фасадзе былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі з надпісам: "Под сенью сего святого храма покоятся кости русских воинов-героев, павших в Кобринском бою 15 июля 1812 года; Сей святой храм сооружен в память освобождения крестьян от крепостной зависимости 19 февраля 1861 года".



КОБРІН. СПАСКІ МАНАСТЫР


Помнік дойлідства барока. Заснаваны ў 1497 г. у г. Кобрын пры драўлянай царкве Спаса. У пачатку XVI ст. манастыр меў мураваныя жылы і службовыя карпусы, капліцу. Пасля Берасцейскай уніі 1596 г. належаў базыльянам. У 1629 г. тут праходзіў сабор уніяцкіх епіскапаў. У XVII—XVIII стст. неаднаразова перабудоўваўся. Захаваўся мураваны двухпавярховы прастакутныны ў плане, накрыты высокім ламаным дахам будынак (даўжыня 30 м, шырыня 10 м). Сіметрычны галоўны фасад вылучаны цэнтральным рызалітам, завершаным фігурным атыкавым франтонам. Фасады раскрапаваныя пілястрамі і фігурнымі філёнгамі вакол прастакутных аконных праёмаў. Па верху сцен праходзіць развіты карніз. У інтэр’еры пры ўваходзе шырокая аднамаршавая лесвіца. Пачатковая планіроўка змененая. У інтэр’еры зберагліся элементы барочнага дэкору. Таўшчыня сцен 1,2 м, у сутарэннях больш за 2 м. Перакрыцці над паверхамі плоскія бэлечныя, над сутарэннямі — цыліндрычныя скляпенні. Пасля скасавання уніі ў 1839 г. у будынку месцавалася духоўнае вучылішча, пасля пажару ў 2-й палове ХІХ ст. не аднаўляўся. У 1920-я гады рэстаўрыраваны, у ім быў павятовы суд. Пачатковая планіроўка змененая, у левым крыле частка акон замураваная.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь, А.М. Мартынаў



КОБРЫН. СЯДЗІБНЫ ДОМ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны да 1794 г. у Кобрыне. З 1797 г. у ім жыў А. Сувораў. У 1860 г. у доме жыў адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 г. Р. Траўгут. Разбураны ў гады ІІ Сусветнай вайны. Адноўлены ў 1948 г. і прыстасаваны пад ваенна-гістарычны музей. Рэстаўрыраваны ў 1980 г. Прастакутны ў плане аднапавярховы драўляны будынак накрыты гонтавым вальмавым дахам. Сіметрычна-восевая кампазіцыя галоўнага і дваровага фасадаў вылучаная ў цэнтры ганкамі (на чатырох слупах), за-вершанымі трохкутнымі франтонамі. Сцены атынкаваныя, з прастакутнымі вокнамі і акаванымі аканіцамі. Планіроўка анфіладная. Абапал галоўнага ўваходу две гарматы 1812 г. Перад домам у 1848 г. устаноўлены бронзавы бюст Суворава (скульптар П. Кюферле).

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



КОБРЫН. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1750-я гады за межамі Кобрына, на беразе р. Мухавец, у 1841 г. перавезеная ў горад (вул. Камуністычная, 2), перабудаваная з элементамі позняга класіцызму. Складаецца з асноўнага зрубу, пяціграннай алтарнай апсіды і чатырох чацверыковых аб’ёмаў, размешчаных па кутах асноўнага зрубу. Усе аб’ёмы накрытыя агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вялікі васьмігранны светлавы барабан з купалам. Галоўны фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены дзвюма калонкамі. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя. У інтэр’еры барабан купалу з дапамогай ветразяў апіраецца на чатыры калонкі у цэнтры залы. Над уваходам хоры.

У 1970-я гады супрацоўнікамі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР былі знойдзеныя драўляныя скульптуры, у т.л. Святы Мікалай (перададзеныя ў музей старажытна-беларускай культуры Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі).

У 1960-я гады царква закрытая, выкарыстоўвалася ваенна-гістарычным музеем як складское памяшканне, у 1989 г. вернутая вернікам, адрамантаваная. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь, А.М. Мартынаў



КОБРЫН. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА


Помнік драўлянага дойлідства. Упершыню ўзгадваецца ў 1465 г. Спачатку знаходзілася ў цэнтры Кобрыну на Базарнай плошчы. У пачатку 1800 г. яе наведваў А. Сувораў, дом якога знаходзіўся паблізу. Да 100-годдзя гадавіны смерці Суворава ў 1900 г. было прынятае рашэнне на месцы гэтай царквы пабудаваць цагляны храм, на які збіраліся ахвяраванні па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым старая царква была перанесеная на могілкі (сучасная вул. Першамайская) і перабудаваная. Да І Сусветнай вайны быў закладзены фундамент новай царквы і сабраны будаўнічы матэрыял, але будаўніцву храму перашкодзіла акупацыя Кобрына немцамі ў 1915 г. Царква (даўжыня 25 м, шырыня 19,4, вышыня 5,25 м) складаецца з двух’яруснай шатровай званіцы, асноўнага аб’ёму і прастакутнай у плане апсіды. Квадратны ў плане асноўны аб’ём завершаны цыбулепадобнай галоўкай.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Мартынаў



КОЙДАНАВА. КАЛЬВІНСКІ ЗБОР


Існаваў у пачатку XVII — 1-й палове XX ст. ў былым мястэчку Койданава (з 1932 г. Дзяржынск). Пабудаваны ў 1613 г. у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам (Бяруном) на месцы старажытнага гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскага замку). Пры будаўніцтве выкарыстоўвалі цэглу (27х13х7 см) на вапнава-пясчанай рошчыне. Перабудаваны ў 1884 г. Мураваны прастакутны ў плане храм зальнага тыпу з пяціграннай алтарнай апсідай (абапал мела две сакрысціі) і чатырохяруснай (два ніжнія ярусы — чацверкі, астатнія — васьмерыкі) вежай-званіцай. Асноўны аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваныя контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя вокны і круглыя байніцы. Асноўны аб’ём падзяляўся чатырма васьміграннымі слупамі на тры нефы, што былі перакрытыя зорчатымі скляпеннямі. Каля алтару размяшчалася разная дубовая кафедра. У другім ярусе вежы былі хоры (выходзілі ў галоўны неф храму балконам з размаляванай балюстрадай), арган (перавезены ў 1866 г. з Менскага касцёлу бернардзінак). Захоўвалася Берасцейская біблія 1563 г. Тэрыторыя збору, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацаваная мураванай сцяной з двухсхільным гонтавым пакрыццём і дзевяццю круглымі ў плане двух’яруснымі абарончымі вежамі (мелі па шэсць байніц), завершанымі конусападобнымі дахамі. Праз роў да брамы быў пракладзены драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэрыторыі збору знаходзіўся аднапавярховы мураваны будынак плябаніі, накрыты гонтавым дахам, на асобным  падвор’і — драўляныя будынкі двухкласнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны XIX ст.), шпіталя, жылыя і гаспадарчыя пабудовы.

Комплекс моцна быў пашкоджаны ў ІІ Сусветную вайну, пазней разабраны.


Ю.А. Якімовіч

 


КОПЫСЬ


Гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не, прыстань, на левым беразе Дняпра. За 30 км ад Воршы, за 110 км ад Віцебску. Старажытнае гарадзішча (т.зв. "Пятроўскі вал") узнікла ў ХІ ст. на левым беразе Дняпра пры вусці р. Сморкаўка, умацаванае валам; да яго прылягала селішча "Пасадскае". Упершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1059 г. як горад у складзе Полацкага, потым Смаленскага княстваў. З XVI ст. ў Віцебскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. Належала князям Астрожскім, Радзівілам (у 1594—1695 гг. і з 1744 г.), у 1695—1744 гг. ва ўладанні прынцэс Нейбургскіх. Мела магдэбургскае права. На тэрыторыі гарадзішча ў XIV—XVIII стст. існаваў замак. У 1781 г. зацверджаны герб — чорны заяц на зялёным полі. Мела радыяльна-паўкальцавую сістэму планіроўкі. У сярэдзіне XVII ст. цэнтрам быў замак, звязаны з гандлёвай плошчай (на захадзе), на якой стаялі 80 крам, важніца, двухпавярховы крыжовы ў плане жылы дом. Непадалёку ад замку знаходзілася драўляная сядзіба, умацаваная земляным валам і астрогам. Сядзіба ўключала трохпавярховы палац (абарончага прызначэння), тры жылыя флігелі, двухпавярховую скарбніцу, мела два ўезды: брамы з форткай з боку паселішча і браму-вежу з боку Дняпра. Галоўныя вуліцы — Воршанская (злучала гандлёвую плошчу з дарогай на Воршу; на ёй знаходзіліся кальвінскі збор з плябаніяй, пабудаваны ў XVI ст., Святадухаўская царква, карчма), Шклоўская (ад цэнтру да дарогі на Шклоў), Горацкая (злучалася з дарогай на Горкі). Горад быў абнесены астрогам, які прарэзвалі шесць брам, і ўмацаваны гароднямі. За межамі гораду знаходзіліся прадмесці Воршанскае і Шклоўскае (дзесяць двароў). У Воршанскім прадмесці былі тры вуліцы, 103 двары; на гандлёвай плошчы стаялі ў два рады крамы, две Святадухаўскія царквы, адна з якіх мела званіцу з гарадскім гадзіннікам, шпіталь і інш. У 1651 г. было 384 двары (з іх 113 у прадмесцях), у 1663 г. — 17 вуліц, у 1759 г — 22 вуліцы, 369 двароў; у Воршанскім прадмесці 135 двароў. На Шклоўскай вул. ўзведзеныя две Спаскія царквы. У XVIII ст. пабудаваны ў стылі барока драўляны аднапавярховы жылы дом з мезанінам у цэнтральнай частцы, завершаны высокім вальмавым дахам, двума алькежамі з шатровымі дахамі на тарцах; галоўны фасад меў двух'ярусную аркадную галерэю. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, горад, цэнтр павету Магілеўскай губерніі (1776—96 гг., 1802—61 гг.), заштатны горад (у 1796—1802 гг., з 1861 г.) Горацкага павету. У 1924—30 гг. цэнтр раёну. З 1930 г. у Аршанскім р-не.

Тэрыторыя сучаснага пасёлку выцягнутая вузкай паласой уздоўж левага берагу Дняпра. Вось кампазіцыі — вул. Ленінская, на якой гістарычна сфармавалася плошча — грамадскі цэнтр і яе працяг вул. Кастрычніцкая. З паўднёвага захаду да плошчы прымыкае "Пятроўскі вал". Пераважае аднапавярховая жылая забудова сядзібнага тыпу. Зона адпачынку размешчаная ўздоўж Дняпра.

Паводле генплану 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід В. Якаўлеў) прадугледжанае функцыянальнае заніраванне пасёлку, далейшае развіццё грамадскага цэнтру, будаўніцтва 2—5-павярховых жылых дамоў, добраўпарадкаванне набярэжнай ракі.


Ю.А. Якімовіч, Л С. Патапаў



КОПЫСЬ. ЗАМАК


Існаваў у XIV—XVIII ст. у г.п. Копысь (Аршанскі р-н), на высокім беразе Дняпра, на месцы старажытнага дзядзінца. Належаў Радзівілам. У XVI—XVII ст. неаднаразова разбураны і адноўлены. У 2-й палове XVII ст. невялікі чатырохкутны ў плане абарончы комплекс, пабудаваны з дрэва, быў абнесены земляным валам і астрогам, абведзены вадзяным ровам з сажалкай, на якой стаяў млын. З гандлёвай плошчай гораду злучаўся мостам і брамай. У канцы XVII ст. на тэрыторыі замку стаялі чатыры драўляныя дамы (гаспадарчыя пабудовы), паблізу брамы — свіраны, збройня, вязніца, мураваны склеп. У 1-й палове XVIII ст. замак рэканструяваны, набыў выгляд сядзібнага комплексу, цэнтрам кампазіцыі якога стаў аднапавярховы прастакутны ў плане драўляны будынак з двума алькежамі, завершаны гонтавым дахам. Яго галоўны ўваход быў вылучаны вялікім ганкам, над якім размяшчаўся мезанін. З гандлёвай плошчай сядзіба злучалася двух’яруснай брамай-вежай, завершанай шатровым дахам з металічным гербам (у другім ярусе размяшчалася замкавая капліца). Каля брамы знаходзіліся кардэгарда з вязніцаю, вазоўня, двухпавярховы свіран, дом аканома, кухня, лядоўня, псярня. Сядзібны комплекс быў абнесены частаколам. Вядомы паводле інвентароў XVII—XVIII стст.

Не збярогся.


Ю.А. Якімовіч



КОСАВА (КОСАЎ)


Горад у Івацэвіцкім р-не. За 15 км на паўночны захад ад Івацэвіч, за 151 км на паўночны ўсход ад Берасця. Узнікла на гандлёвым шляху (захавалася гарадзішча X—XI стст.). У пісьмовых крыніцах упершыню ўгадваецца ў 1494 г., калі Вялікі князь літоўскі Аляксандр падараваў яго маршалку I. Храптовічу. Потым належала Сангушкам, Пуслоўскім. У 1597 г. былі две вуліцы: адна (галоўная) злучала феадальны двор з гандлёвай плошчай, другая вяла ад плошчы да дарогі на Ружаны; 80 двароў, 27 корчмаў і шынкоў, царква, касцёл. У XVIII ст. пабудаваны сядзібны дом. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Слонімскага павету Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай губерняў. У 1897 г. 3092 жыхары, 64 цагляныя і 807 драўляных будынкаў, з іх 643 жылыя, чатыры паравыя млыны, народнае вучылішча, прыёмны пакой, аптэка. У 1-й палове XIX ст. адкрытыя две суконныя мануфактуры, што спрыяла развіццю Косава. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр павету Палескага ваяводства. З 1939 г. у БССР, у Берасцейскай вобл. 3,7 тыс. жыхароў у 1939 г. З 1940 г. — горад, цэнтр раёну. З 1949 г. у Івацэвіцкім р-не, 2,6 тыс. жыхароў у 1959 г.

Планіровачная структура — прастакутнаяная сетка вуліц з дробнымі кварталамі пераважна аднапавярховай індывідуальнай забудовы сядзібнага тыпу. У адпаведнасці з генпланам 1972 г. і праектам планіроўкі і забудовы 1982 г. (БелНДІдзіпрасельбуд, дойліды Л. Фамін, В. Бараноўская) развіваецца на свабодных тэрыторыях ва ўсходнім і паўднёва-заходнім напрамках. Асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы 3-га Лютага (з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад; сфармаваны грамадскі цэнтр) і Леніна (з паўднёвага ўсходу на паўночны захад), на скрыжаванні якіх разбіты сквер (раней знаходзілася гандлёвая плошча). Прамысловая зона размешчаная на ўсходзе гораду. Сядзібная тэрыторыя ўключае зоны шматкватэрнай (запраектаваная на ўездзе ў горад з боку г. Івацэвічы, а таксама па вуліцах Леніна і 3-га Лютага), блакіраванай (уздоўж р. Мутвіца і паралельна аб’язной дарозе Івацэвічы — Ружаны) і індывідуальнай (у паўночна-ўсходняй, паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй частках гораду) забудовы. Фармаванне агульнагарадскога цэнтру прадугледжанае на свабодным участку вул. Леніна на беразе ракі (у складзе цэнтру Дом культуры з глядзельнай залай на 700 месцаў, адміністацыйны будынак, спартовы комплекс, гандлёвы цэнтр). Прадугледжанае таксама стварэнне бульвару, які звяжа цэнтр з зонай адпачынку на беразе сажалкі ў паўднёва-ўсходняй частцы гораду.

Захаваліся помнікі дойлідства ХІХ — пачатку ХХ ст. — Траецкі касцёл, палац, царква і фрагменты мураванай забудовы канца ХІХ — пачатку ХХ ст. на вуліцах 3-га Лютага і Леніна, а таксама драўляная капліца на могілках на паўднёва-заходняй ускраіне гораду.


Ю.А. Якімовіч, С.Ф. Самбук



КОСАВА. ПАЛАЦ


Помнік дойлідства сярэдзіны XIX ст. Пабудаваны за 1,5 км ад г. Косава (Івацэвіцкі р-н) паводле праекту дойліда Яшчолда (1838 г.), будаўніцтва завершанае пад кіраўніцтвам У. Марконі. Размешчаны ў пейзажным парку (канец XVIII ст.) і з’яўляецца цэнтрам кампазіцыі. Мураваны палац з элементамі класіцызму мае сіметрычную кампазіцыю. Галоўны (у цэнтры двухпавярховы, па баках аднапавярховы) і два бакавыя двухпавярховыя аб’ёмы, размешчаныя ніжэй, злучаныя вузкімі пераходамі з высокімі стральчатымі аркамі. Куты галоўнага аб’ёму корпусу фланкіраваныя гранёнымі вежамі, а бакавых — контрфорсамі, падобнымі да вежаў. У дэкаратыўным аздабленні шырока выкарыстаныя матывы несапраўднай готыкі: зубчастыя завяршэнні аб’ёмаў, стральчатыя аркі праёмаў і нішаў, машыкулі і інш. У галоўным аб’ёме памяшканні згрупаваныя вакол цэнтральнага вестыбюля і параднай залы на другім паверсе, упрыгожанай размалёўкай мастака Жмуркі. У бакавых былі службовыя памяшканні.

Збярогся часткова. Помнік рэспубліканскага значэння.


Л.В. Трэпет



КОСАВА. СЯДЗІБНЫ ДОМ


Існаваў у XVIII — 1-й палове XX ст. ў в. Мерачоўшчына (былое прадмесце г. Косава Івацэвіцкага р-на). Аднапавярховы прастакутны ў плане драўляны будынак, завершаны высокім двух’ярусным дахам, меў рысы стылю барока. Цэнтр галоўнага фасаду быў вылучаны слупавым ганкам і трохкутным шчытом з парнымі вільчакамі. У 1746 г. у доме нарадзіўся кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. Тадэвуш Касцюшка

Адноўлены ў ХХІ ст., месціца музей Тадэвуша Касцюшкі.



КОСАВА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1878 г. у г. Косава (Івацэвіцкі р-н) у цэнтры гораду на сродкі Вандаліна Пуслаўскага і парафіян. Складаецца з аднанефавага прастакутнага ў плане асноўнага аб’ёму і больш нізкай пяціграннай алтарнай апсіды з дзвюма сакрысціямі. Асноўны аб’ём завершаны вежай-званіцай з высокім шатровым пакрыццём. Галоўны (паўднёва-заходні) фасад аздоблены плоскімі нішамі разнастайных форм і акном-"ружай" у складаным прафіляваным стральчатым абрамленні. Партал уваходу адзначаны вімпергам. Сцены бакавых фасадаў маюць вертыкальныя чляненні ў выглядзе ступеньчатых контрфорсаў. У будынку вузкія стральчатыя вокны з вітражамі. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, якія аздобленыя арнаментальнай размалёўкай. Над уваходам — хоры на дзвюх калонках. Раней у архіве касцёлу знаходзілася метрыка хрышчэння Тадэвуша Касцюшкі, які нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава.

Касцёл дзейнічае.


А.А. Ярашэвіч



КОХАНАВА


Гарадскі пасёлак у Талачынскім р-не. За 24 км ад Талачына, 106 км ад Віцебску. З сярэдзіны XVI ст. ў Воршанскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыіі, мястэчка, цэнтр воласці Воршанскага павету Магілёўскай губерніі. У 1880 г. было 449 жыхароў, 60 дамоў. У пачатку XX ст. — 1,2 тыс. жыхароў, народнае вучылішча, лякарня, царква, пошта. У 1924—31 гг. і ў 1946—56 гг. цэнтр раёну, у 1931—46 гг. і з 1956 г. у Талачынскім р-не. З 19.2.1947 г. — гарадскі пасёлак.

Галоўная кампазіцыйная вось — вул. Воршанская. На ёй склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. У паўднёвай частцы (раён вул. Старасельскай) ствараецца мікрараён, які забудоўваецца пяціпавярховымі жылымі дамамі. Вытворчая зона размешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы пасёлку. Зона адпачынку — р. Сакалянка з вадаёмам, да якога прылягае лясны масіў.

Паводле генплану 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё грамадскага цэнтру ў напрамку вул. Старасельскай, будаўніцтва 3—5-павярховых жылых дамоў, стварэнне парку, спартовага комплексу.


Л.С. Патапаў



КРАМЯНІЦА-ДОЛЬНАЯ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ГЕОРГІЯ


Помнік дойлідства XVII ст. Пабудаваны ў 1617 г. у в. Крамяніца-Дольная (Зэльвенскі р-н) віцебскім кашталянам Мікалаем Вольскім у стылі рэнесансу. У канцы XVIII ст. прыбудаваны бабінец у стылі класіцызму. Мураваны аднанефавы прастакутны ў плане асноўны аб’ём і алтарная апсіда з паўкруглым завяршэннем зараз накрытыя дахамі з агульным вільчыкам (першапачаткова дах над нефам быў значна вышэй). Сцены ўмацаваныя контрфорсамі і прарэзаныя вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі ў глыбокіх парталах. Карніз прафіляваны. Галоўны фасад завершаны ступеньчатым франтонам, аздобленым плоскімі арачнымі нішамі і пілястрамі. Унутры неф перакрыты цыліндрычнымі, прэсбітэрый — конхавым скляпеннямі з вялікімі распалубкамі. Ляпныя рэбры ўтвараюць на скляпеннях зорчаты малюнак. У інтэр’еры скульптурнае надмагілле фундатараў касцёлу Вольскіх і разны алтар 1-й паловы XVII ст. Надмагілле выкананае з мармуру ў стылі рэнесансу. У нішу ўстаўлены две гарэльефныя фігуры Вольскіх (Мікалая ў рыцарскім адзенні і яго жонкі Барбары ў манаскім строі), пастаўленыя адна супраць адной на каленях у малітоўных позах. Твары іх маюць партрэтнае падабенства і дадзены без усялякай ідэалізацыі. Маналітнасць застылых фігур, лаканізм іх абагульненых контураў не парушаюцца складкамі адзення ў выглядзе невысокіх рэльефаў або графічных урэзаў. Дойлідская аблямоўка (калоны з простым антаблементам, валюты над бакавымі нішамі, картуш з гербамі) арганічна спалучаецца з пластычнымі матывамі і падкрэслівае строгую ўраўнаважанасць кампазіцыі. Пляц касцёлу абнесены каменнай агароджай, за якой знаходзіцца званіца 2-й паловы XVIII ст. з барочным дахам. Перад касцёлам стаяў мураваны корпус кляштару ў выглядзе рэнесанснага палацу. Прастакутны ў плане, двухпавярховы, з высокім чатыроххільным дахам. З заходняга боку ў цэнтры выступаў рызаліт, куты былі ўмацаваныя шасціграннымі вежамі. Ніжні паверх меў складаную планіроўку і перакрыцці крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі, планіроўка другога паверху калідорная.

Пасля закрыцця кляштару ў 1832 г. касцёл стаў парафіяльным; будынак кляштару аддадзены ваеннаму ведамству, разбураны ў 1940-я гады. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч, А.К. Лявонава



КРАСКІ. СЯДЗІБА


Помнік палацава-паркавага дойлідства. Сфармавалася ў ХІХ—ХХ ст. у в. Краскі (Ваўкавыскі р-н) на левым беразе р. Зэльвянка. Уключае палац у рэтраспектыўна-замкавым стылі, шэраг драўляных і мураваных пабудоў і пейзажны парк са ставам.


Палац складаецца з драўлянага аднапавярховага корпусу (1839 г.) і прыбудаванага да яго двухпавярховага мураваната аб’ёму (1905 г.). Дамінантамі кампазіцыі двухпавярховага аб’ёму з’яўляюцца круглая і квадратная ў сячэнні вежы з зубчастымі парапетамі і флюгерамі. Галоўны ўваход аформлены высокім ганкам і стральчатым парталам з чатырма кутнімі пінаклямі. У дэкоры выкарыстаныя разнастайныя абрамленні аконных праёмаў са стральчатымі і паўцыркульнымі завяршэннямі, прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, балюстрада, філёнгі, разеткі, ліштвы і цягі. Планіроўка палацу анфіладная.

Парк — пейзажнага тыпу (плошча 3 га). Складаецца з трох частак: партэрнай перад палацам, пейзажнай на паўднёыа-ўсходнім схіле ўзгорку і хваёвага лесапарку на ўзгорку. У планіроўцы — адкрытыя паляны з курцінамі і шпацырныя алеі. У парку расце больш за 30 відаў дрэў і хмызняку, у т.л. хвоя веймутава, лістоўніца эўрапейская, акацыя, конскі каштан звычайны, воцатнае дрэва і інш.

Сядзіба выкарыстоўваецца дзіцячым санаторыем. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



КРАСНАПОЛЛЕ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Краснапольскага р-ну, у вярхоўі р. Тур’я. За 109 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва. З 1784 г. вядома як мястэчка Маластоўка-Чэрыкаўскага павету, цэнтр Краснапольскай воласці. Назву атрымала ад маёнтку за 1 км ад мястэчка. У канцы ХІХ ст. было 3248 жыхароў (1897 г.), 421 дом, тры гарбарныя заводы, бровар, 60 крам, школа, лячэбніца, царква, чатыры кірмашы на год. Належала графам Бенкендорфам. З 1924 г. цэнтр раёну. З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак.

Планіровачная структура ў асноўным прастакутная, з дробнымі кварталамі. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Капітальная забудова сканцэнтраваная ўздоўж асноўных вуліц Ленінскай і Калініна. Фармуюцца чатыры прамысловыя раёны: паўночны, заходні, паўднёвы і на поўнач ад пасёлку, уздоўж шашы Краснаполле — Чэрыкаў. Забудоўваецца пасёлак паводле генплану 1971 г. (Магілёўская філія інстытуту "Белдзяржпраект"). Грамадскі цэнтр, які склаўся ў раёне вуліц Ленінскай, Савецкай і Калініна, фармуецца на базе існуючых будынкаў адміністрацыйна-грамадскага і культурна-асветніцкага прызначэння. Галоўная плошча знаходзіцца на перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай. Зона адпачынку — парк Перамогі, закладзены ў паўднёва-заходняй частцы пасёлка, скверы — цэнтральны каля плошчы і па вул. Савецкай, бульвар па вул. Гагарына.

Генплан 1982 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойлід В. Кашырын) і праект дэталёвай планіроўкі 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойлід Кашырын, Л. Матухнава, інжынер В. Пузік) прадугледжваюць развіццё ў заходнім напрамку, будаўніцтва 2—5-павярховых жылых дамоў у цэнтры і індывідуальных сядзібнага тыпу ў паўднёвай і паўночнай частках.


С.Ф. Самбук



КРАСНЫ ЗАМАК


Існаваў у 1563—79 гг. на беразе Павульскага возера (Ушацкі р-н). Быў пабудаваны з дрэва і каменю. Трохкутная ў плане крэпасць з вежамі па кутах (две чацверыковыя з двухсхільнымі дахамі, адна васьмерыковая з шатровым) і прастакутнай у плане брамай, была накрытая двухсхільным дахам, абкружаная вадзяным ровам з мостам. Абарончыя сцены мелі ў верхніх частках баявыя галерэі з абламамі і байніцамі. На дзядзінцы размяшчаліся аднапавярховыя жылыя дамы. Вядомы паводле гравюры С. Пахалавіцкага 1579 г.



КРАСНАЕ. КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1912 у в. Краснае (Маладзечанскі р-н). Трохнефавая аднавежавая базіліка з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. У цэнтры галоўнага фасаде трох’ярусная чацверыковая званіца, умацаваная кутнімі ступеньчатымі контрфорсамі з пінаклямі і завершаная высокім шпілем. Галоўны ўваход аформлены стральчатым парталам, над якім размешчанае круглае акно-"ружа". Бакавыя фасады рытмічна члянёныя здвоенымі вузкімі стральчатымі вокнамі, нішамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Двухсхільны дах над алтарнай часткай з невялікай вежачкай. Перакрыцце ўнутранай прасторы скляпеністае на чатырох слупах.

У 1988—90 касцёл рэстаўрыраваны, дзейнічае.


А.М. Кулагін

 


КРУГЛАЕ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Круглянскага р-ну, на р. Друць. За 78 км ад Магілёва. У Вялікім княстве Літоўскім вядомае як вёска ў Воршанскім павеце. У XVI ст. мела замак, на месцы якога ў 2-й палове XVII ст. пабудаваны сядзібны комплекс. У 1660-я гады мястэчка складалася з асноўнай часткі (яе цэнтр — чатырохкутная ў плане гандлёвая плошча, забудаваная дамамі рамеснікаў і гандляроў) і Зарэчча. Усяго было 74 двары, шэсць вуліц, у т.л. Віленская, Талачынская, Воршанская (дарогі на Вільню, Талачын, Воршу), Замкавая. З 1772 г. ў складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Магілёўскага павету. Маёнтак належаў князю К.С. Крапоткіну. У канцы XVIII ст. дзейнічала палатняная мануфактура. У пачатку XX ст. было 1,6 тыс. жыхароў, крухмальны завод, 22 крамы, народнае вучылішча. У ліпені 1924 г. — ліпені 1931 г. і з лютага 1935 г. цэнтр раёну. З верасня 1959 г. вёска ў Бялыніцкім р-не, з ліпеня 1966 г. цэнтр раёну. З 11.8.1967 г. — гарадскі пасёлак.

Планіровачную структуру пасёлку вызначае прастауктная сетка вуліц з дробнымі кварталамі аднапавярховых жылых дамоў сядзібнага тыпу на левабярэжжы ракі. Паводле генплану 1975 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Т. Кузняцова, I. Гапонаў, інжынеры I. Уцехін, В. Падліпская) пасёлак развіваецца ў паўночна-ўсходнім напрамку ўздоўж шашы на Талачын. Вось камназіцыі — вул. Савецкая, у яе паўднёва-заходняй частцы, пры ўездзе з боку Магілёва, сфармавалася плошча са скверам. На скрыжаванні вуліц Савецкай і Перамогі ўтвораная другая плошча — грамадскі цэнтр пасёлку. З поўначы да плошчы прымыкае парк імя 50-годдзя Кастрычніку, у якім створаны спартовы цэнтр. Жылая забудова сканцэнтраваная ў цэнтры і ў паўднёвай частцы: вуліцы Савецкая, Будаўнікоў, Гагарына забудоўваюцца 4—5-павярховымі, 50 гадоў Кастрычніку, Перамогі, Партызанская, Пралетарская, Лугавая — 1—2-павярховымі, вуліцы Магілёўская, Суворава — 2—4-павярховымі жылымі дамамі.

У праекце дэталёвай планіроўкі цэнтру 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва: дойлід Т. Спірына, інжынер Н. Галавацкая) у аснову планіровачнага і кампазіцыйнага вырашэння пакладзены прынцып раскрыцця забудовы ў бок р. Друць і парку, які ствараецца ўздоўж яе. Прамысловая зона фармуецца ў паўночнай частцы. Зона адпачынку ўключае паўднёвую частку Цяцерынскага вадасховішча і паўночную частку левабярэжжа Друці.


Ю.А. Якімовіч, С.Ф. Самбук



КРУПКІ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Крупскага р-ну, на р. Бобр. За 118 км ад Менску. У сярэдзіне XVI ст. мястэчка ў Воршанскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, належалі князям Сангушкам. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі — у Бобрскай воласці Сенненскага павету Магілёўскай губерніі. У 1859 г. пабудаваны млын з сукнавальняй. У 1871 г. каля мястэчку прайшла лінія Берасцейска — Маскоўскай чыгункі. У 1896 г. заснаваная запалкавая фабрыкака, у 1900 г. пабудаваны лесапільны завод. У 1897 г. было 1523 жыхары, больш за 166 дамоў, царква, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, царкоўна-прыходская школа, 24 крамы. З 11.7.1919 г. у складзе Віцебскай губерніі, з 15.2. 1923 г. перададзены з Сенненскага ў Воршанскі павет. З 17.7.1924 г. цэнтр раёна ў Барысаўскай, з 9.6.1927 г. — у Воршанскай акругах. У 1926 г. налічвалася 2097 жыхароў, лесапільны завод, швейная арцель, саўгас "Крупкі", МТС. З 15.1.1938 г. у Менскай вобл., з 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак. У 1939 г. — 455 жыхароў.

Тэрыторыя сучаснага пасёлку абмежаваная з поўначы аўтамагістраллю, з поўдня чыгункай, з усходу р. Бобр, з захаду ляснымі масівамі, падзеленая ручаём Безыменным на ўсходнюю (асноўны масіў забудовы, гарадскі цэнтр, вытворча-складскія прадпрыемствы) і захаднюю (раён індывідуальнай забудовы) часткі. Планіровачная структура пасёлку (дробная сетка прастакутных кварталаў з перавагай аднапавярховай забудовы сядзібнага тыпу) падпарадкаваная развіццю двух асноўных напрамкаў — вуліц Савецкай (галоўная, з поўначы на поўдзень) і Ленінскай (з захаду на ўсход). Першы генплан распрацаваны ў 1948—49 гг. (Маскоўскія планіровачныя майстэрні). У далейшым развіццё пасёлку ажыццяўлялася паводле генплану 1970 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды В. Ладыгіна, Р. Шэліхава, інжынер Б. Пісарчык). Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр пасёлку склаўся ўздоўж вул. Савецкай. На скрыжаванні вуліц Савецкай і Ленінскай сфармавалася гандлёвая (універсальная крама, рэстаран, сталоўка, камбінат побытавага абслугоўвання, прамтаварныя і прадуктовыя крамы, Дом культуры з бібліятэкай і вузел сувязі), а на поўнач ад яе адміністрацыйна-дзелавая (гар- і райвыканкамы, банк, кінатэатр, музычная школа, Дом піянераў) зоны цэнтру. Жылая зона цэнтру фармуецца ўздоўж вуліц Савецкай, Ленінскай, Інтэрнацыянальнай, Кірава і аўтамагістралі Менск — Масква. Новая двух-, пяці-, дзевяціпавярховая забудова прадугледжаная ў цэнтры ўздоўж вул. Савецкай і на свабодных тэрыторыях у раёне в. Новыя Крупкі. Захаваўся помнік дойлідства стылю мадэрн — сядзібны дом.

 

Цэнтральная частка пасёлку, абмежаваная вул. Ленінскай, аўтамагістраллю Менск — Масква, р. Бобр і ручаём Безыменным, забудоўваецца паводле праекту дэталёвай планіроўкі 1986 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды В. Дутлава, К. Шулаева і інш.). У ім прадугледжаныя рэканструкцыя вул. Савецкай з будаўніцтвам 3—4-павярховых жылых дамоў і грамадскіх збудаванняў, будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў у заходняй частцы, 1—2-павярховых дамоў катэджавага тыпу каля аўтамагістралі, стварэнне прамысловых раёнаў, агульнапасялковага цэнтру, які атрымае выхад у паркавую зону на беразе р. Бобр, з выкарыстаннем існуючых культурніцкіх і гандлёвых устаноў, дзіцячага парку на беразе ракі, далейшае развіццё спартовай зоны.


С.Ф. Самбук



КРЫВІЧЫ


Гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не, на р. Сэрвач. За 39 км ад Мядзела, 139 км ад Менску. Вядомы з сярэдзіны XVI ст. як мястэчка Ашмянскага павету Вялікага княства Літоўскага. Належала магнацкаму роду Кішкаў (да 1653 г.), потым Швыкоўскім. У пачатку XVII ст. невялікае паселішча (38 двароў у 1606 г.) з вуліцамі Дворнай (галоўная, 25 двароў, карчма, шынок) і Куранецкай (да мястэчка Куранец). Дворную замыкаў сядзібны комплекс, у склад якога ўваходзілі двор (вялікая гаспода, дом аканома, пякарня, зблакіраваная з кухняй, чатыры свіраны), гаспадарчае падвор’е (трохкамерны жылы дом, пяць свіранаў) і гумнішча. У 1620—30-я гады перабудаваныя, у 1639 г. мелі 61 двор. Цэнтрам паселішча была квадратная ў плане гандлёвая плошча з царквой, гасціным домам і 11 дварамі. Ад яе разыходзіліся тры вуліцы — Дворная (шэсць двароў), Данюшаўская і Мядзельская (па 22 двары). Існаваў фальварак: уключаў тры жылыя дамы, стайню, варыўню, сыраварню, клеці і свіраны, вялікую абору і гумнішча з двума такамі, вазоўню. Каля ракі была ўзведзеная царква, знаходзілася гумнішча з токам, пуня і смалакурня. У 1776 г. у цэнтры пасёлку (па вул. 17 Верасня) пабудаваны касцёл і кляштар трынітарыяў, у 2-й  палове ХІХ ст. — царква з трох’яруснай шатровай званіцай. З 1793 г. ў складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага павету. У 1866 г. было 40 двароў, 200 жыхароў, у 1883 г. — 625 жыхароў, фальварак каля мястэчка з броварам і двума вадзянымі млынамі. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы. З 1939 г. у БССР, у 1940—62 г. цэнтр раёну. З 28.6.1958 г. гарадскі пасёлак. З 1962 г. у Мядзельскім р-не.

Планіровачная структура пасёлку — дробная сетка кварталаў, пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Паводле генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Жаўняк, С. Алёхіна) развіваецца ў заходнім і паўнёвым напрамках. Асноўнае кампазіцыйнае ядро — грамадскі цэнтр, размешчаны ўздоўж галоўнай вуліцы — 17 Верасня. Прадугледжанае развіццё зоны адпачынку — павелічэнне тэрыторыі парку, які прылягае да грамадскага цэнтру, пабудова вадасховішча.


Ю.А. Якімовіч, С.Ф. Самбук



КРЫВІЧЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АПОСТАЛА АНДРЭЯ I КЛЯШТАР ТРЫНІТАРЫЯЎ


Помнік дойлідства XVIII ст. Пабудаваны ў 1776 г. у в. Крывічы (Мядзельскі р-н) у стылі позняга барока. Складаецца з Андрэеўскага касцёлу і жылога будынку.

Касцёл — аднанефавы аднавежавы храм з прастакутнай апсідай, накрыты высокім двухсхільным дахам. Высокая вежа мае трох’ярусную кампазіцыю з характэрнымі ў стылявых адносінах заломамі карнізу, скосамі кутоў. Першы ярус крапаваны плоскімі лапаткамі па кутах граней, прарэзаны лучковымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Другі ярус ідэнтычны першаму па кампазіцыі і дэкоры, але меншы ў сячэнні, трэці прарэзаны круглымі вокнамі, завершаны вялікім купалам з каваным узорыстым крыжам. Аналагічны крыж на даху над апсідай. Дэкор пабудовы стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен вокны набліжаюць храм да абарончых збудаванняў, унутраная прастора зальнага тыпу перакрытая цыліндрычным з распалубкамі скляпеннем на падпружных арках. Сцены крапаваныя здвоенымі пілястрамі з капітэлямі іанічнага ордэру. Агароджа высокіх хораў мае плаўны залом у цэнтральнай частцы, падтрымліваецца двума слупамі. Амбон аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой. Падлога мазаічная, з геаметрычным арнаментам. Алтар храму багата ўпрыгожаны лепкай, скульптурамі святых.

Жылы будынак прымыкае да паўднёва-ўсходняй сцяны касцёлу. Двухпавярховы, прастакутны ў плане. Сцены ўмацаваныя плоскімі лапаткамі, члянёныя невялікімі прастакутнымі вокнамі. У будынку жыве ксёндз.

Касцёл дзейнічае.


А.Ю. Пятросава



КРЫВОШЫН. КАСЦЁЛ ЕЗУІТАЎ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны каля 1740 г. у в. Крывошын (Ляхавіцкі р-н), у 1863 г. перабудаваны пад Пакроўскую царкву. Мураваная дзвюхвежавая трохнефавая базіліка з паўкруглай апсідай і невялікай сакрысціяй з поўдня (даўжыня 35 м, шырыня 16 м). Рэканструкцыя касцёлу пад царкву надала дойлідству будынку рэтраспектыўна-рускі стылявы характар. У 1963 г. у час перабудовы над цэнтральным нефам на двухпрыступкавым квадратным у плане пастаменце ўзведзены дванаццацігранны барабан з купалам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай. Над галоўным фасадам надбудаваная васьмігранная званіца, завершаная шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Галоўны фасад фланкіруюць две двух’ярусныя вежы, дэкарыраваныя трохкутнымі франтонамі і завершаныя купаламі на шматгранных барабанах. У аздабленні фасадаў выкарыстаныя дэкаратыўныя элементы старажытна-рускага дойлідства: кілепадобныя аркі і ліштвы акон, аркатурныя паясы, гіркі. У інтэр’еры зберагліся першапачатковыя манументальным формы барочнага храму. Цэнтральны і меншыя бакавыя нефы, размежаваныя васьмю слупамі, перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі на падпружных арках скляпеннямі. Пры ўваходзе на двух слупах галерэя хораў. Сцены аздобленыя вязкай пілястраў, прафіляванымі цягамі, лепкай.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



КРЫЎЛЯНЫ. ЗАМАК


Існаваў у XVII — пачатку XVIII ст. каля в. Крыўляны (Жабінкаўскі р-н). Пабудаваны ў забалочанай мясцовасці. Належаў князям Чартарыйскім. Меў блізкі да прастакутніка план (плошча каля 11 га), быў умацаваны земляным валам (шырыня 7—8 м, вышыня каля 4 м), бастыёнамі, ровам (шырыня 13—15, глыбіня да 4 м). З паўночна-заходняга боку быў абведзены дадатковым вадзяным ровам. Уезд у замак размяшчаўся з паўднёвага ўсходу. У паўнёва-заходняй частцы на ўзвышэнні стаяла драўляная вежа, каля якой была сажалка, абнесеная высокім земляным валам і злучаная з рэчкай. У комплекс уваходзілі таксама драўляны палац, жылыя і гаспадарчыя пабудовы.

Не збярогся.


М.А. Ткачоў



КРЫЧАЎ


Горад, цэнтр Крычаўскага р-ну, на правым беразе р. Сож. за 104 км ад Магілёва. На тэрыторыі Крычава выяўленыя гарадзішчы Гарадзец (V—VII і X—XII стст.) і Замкавая Гара (Замак, Нікольская Гара, з XII ст.). У пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1136 г. пад назвай Крэчут. У 1-й палове XIV ст. далучаны князем Альгердам да Мсціслаўскага княства. З 2-й паловы XIV ст. ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1633 г. атрымаў герб (выявы залатога крыжа і срэбнага мяча на чырвоным полі), у 1653 г. — магдэбургскае права. У XVII—XVIII стст. цэнтр Крычаўскага староства, належаў магнатам Шалухам, Саламярэцкаму-Лукомскаму, Весялоўскім, Радзівілам, Мнішкам. Старажытны цэнтр да 1778 г. складаўся з умацаванага замку ў сутоке рэк Ставок і Сож і плошчаў Гандлёвай (з ратушай), злучанай з гасціным дваром, і Саборнай, на якой стаялі тры драўляныя царквы XV і XVII стст., касцёл (не зберагліся). Плошчы, размешчаныя на высокім узгорку, былі абкружаныя аднапавярховымі драўлянымі жылымі дамамі. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Магілёўскай губерніі, належала графу Р. Пацёмкіну. У XVIII ст. пабудаваны палац, каля якога закладзены парк. У 1897 г. было 3,7 тыс. жыхароў. У пачатку ХХ ст. 7,5 тыс. ж., 906 дамоў. З 1924 цэнтр раёну. З 17.12.1931 г. — горад. У 1939 г. 16 тыс. жыхароў. У 1962—65 гг. у Мсціслаўскім р-не. З 7.3.1963 г. горад абласнога падпарадкавання.

Горад мае лінейную планіровачную структуру, падзелены шашой Падольск — Слуцак — Івацэвічы на два адасобленыя раёны. У найбольш старым паўднёвым раёне (прылягае да Сожа, падзелены ярамі) размешчаныя галоўныя вуліцы — Ленінская (з поўначы на поўдзень, на ёй знаходзяцца палац, раённы краязнаўчы музей, гандлёва-побытавыя ўстановы, сквер) і Савецкая (з усходу на захад, на ёй гандлёвыя ўстановы, адміністрацыйны цэнтр — будынкі былога Дому Саветаў і гаркаму партыі). У месцы іх скрыжавання ўтварылася плошча — грамадскі цэнтр гораду з Домам культуры, кінатэатрам "Радзіма". Забудова паўднёвага раёну пераважна аднапавярховая сядзібнага тыпу. Галоўная вось паўночнага раёну — вул. Камсамольская — злучае раён з цэнтрам гораду, да яе прылягаюць мікрараёны Сож (з  паўночнага ўсходу) і Камсамольскі (з паўночнага захаду), забудаваныя 3—5-павярховымі жылымі дамамі з ўстановамі культуры і гандлю. З поўначы на паўночны ўсход раён перасякае чыгунка Ворша — Унеча, у яго паўднёва-ўсходняй частцы знаходзяцда чыгуначны вакзал, 2—3-павярховыя жылыя дамы пасёлку чыгуначнікаў; у яго паўднёвай частцы фармуецца прамыслова-складская зона. Зона адпачынку размешчаная ўздоўж ракі. Захаваліся помнікі дойлідства: палац, паштовая станцыя (сярэдзіна ХІХ ст.), драўляная Мікалаеўская царква (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.), у краязнаўчым музеі зберагаецца звон (адліты з бронзы ў 1748 г. для царквы Параскевы Пятніцы).

Паводле генплану 1979 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды С. Смірнова, М. Шумячар; карэкціроўка 1982 г.) і праекту дэталёвай планіроўкі 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё гораду ў паўднёвым напрамку ўздоўж ракі.


Н.М. Бабарыкіна, Г.С. Ларкін



КРЫЧАЎ. ПАЛАЦ


Помнік дойлідства канца XVIII ст. Пабудаваны ў 1778—87 гг. у г. Крычаў для князя Р. Пацёмкіна, у 1840-я гады рэканструяваны. Мураваны П-падобны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Кампазіцыйны цэнтр абодвух паверхаў — вялікай круглыя залы, якія выступаюць з асноўнага аб’ёму будынку ў бок панадворку. Галоўны фасад мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, кутнія пілоны завершаныя зубцамі і нагадваюць вежы, вокны стральчатай формы. Астатнія фасады расчлянёныя пілястрамі, вокны на першым паверсе прастакутныя, на другім — паўцыркульныя. Тарцы бакавых крылаў вырашаныя ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохкутнымі франтонамі. Вокны аздобленыя сандрыкамі: лучковымі на першым і трохкутнымі на другом паверсе. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпную аздобу, мармуровыя каміны, кафляныя печы. Першапачатковая анфіладная планіроўка змененая ў 1950-я гады. Перад палацам быў пейзажны парк (збярогся часткова), за палацам — П-падобны ў плане будынак стайні і пладовы сад.

У будынку размешчаная школа-інтэрнат. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь, Ю.Н. Кішык



КРЫЧАЎ. ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ


Помнік грамадзянскага дойлідства сярэдзіны ХІХ ст. Пабудаваная ў Крычаве (сучасная вул. Ленінская, 76), у стылі неаготыкі. Абслугоўвала дарогу Варшава — Берасце — Масква. Станцыя — комплекс будынкаў, размешчаных вакол прастакутнага ў плане панадворку. Галоўны будынак мураваны, прастакутны ў плане, аднапавярховы, з дваровай і пазнейшай тарцовай прыбудовамі. Павернуты галоўным фасадам да дарогі, яго цэнтральная частка і куты вылучаныя пілястрамі з гатычнымі арачнымі нішамі. Прастакутныя вокны ў ліштвах з прафіляванымі сандрыкамі ў выглядзе стральчатых арак. Планіроўка будынку сіметрычная. Сцены памяшканняў апяразаныя прафіляванымі карнізамі. У будынках станцыі размешчаная база дарожна-эксплуатацыйнай службы.


У.В. Алісейчык



КРЭВА. ЗАМАК


Пабудаваны пасля 1338 г. у Крэве (Смаргонскі р-н) на насыпным узгорку, абкружаным ровам з вадою. У плане няправільны чатырохкутнік (85х108, 5х71, 6х97,2 м), абнесены мураванымі сценамі (таўшчыня 2,5—2,7 м, вышыня 12—13 м) на двухметровым падмурку. Унізе складзены з каменю, уверсе з вонкавага боку абмураваны цэглай, у паўднёвай сцяне запасны ход, заходнюю праразае ўваход-праём спічастай формы. Абарону замку ўзмацняюць две кутнія вежы, размешчаныя па дыяганалі. На вышыні 10 м па перыметры сцен на драўляных бэльках была баявая галерэя-памост з байніцамі ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. Паўнёва-заходняя княжацкая вежа ("вежа Кейстута"), амаль квадратная ў плане (18,65х17 м), выступае за перыметр сцен. Прызначалася для жылля князя і чэлядзі, мела, як мяркуюць, чатыры паверхі (кожны вышынёю 4,8—5 м) са склепам-вязніцаю ўнізе. Муроўка вежы да вышыні трох метраў з каменю, вышэй — 3-слаёвая з таўшчынёй вонкавых слаёў каля 0,7 м. У жылых пакоях была фрэскавая размалёўка. Паўднёва-ўсходняя вежа (таксама чатырохпавярховая; у плане 11х10,65 м) прыбудавана да замкавых сцен унутры панадворку пазней. Уязная брама была ў паўночнай сцяне. Вокны вежаў і байніцы сцен стральчатыя.

Зберагліся руіны замку, у 1929 г. праведзеная кансервацыя. Археалагічныя даследаванні вялі М.А. Ткачоў, А.А. Трусаў, I.М. Чарняўскі. Помнік рэспубліканскага значэння.


М.А. Ткачоў



КУХЧЫЦЫ (ПЕРШАМАЙСКІ). СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Сфармавалася ў 1-й палове ХІХ ст. ў в. Кухчыцы (сучасны пас. Першамайскі Уздзенскага р-ну). У комплекс уваходзілі палац, флігелі і парк з капліцай-пахавальняй Завішаў.

Палац (захаваліся бакавыя флігелі) уяўляў сабой разгорнутую па фронту трохчастковую кампазіцыю, цэнтрам якой з’яўляўся накрыты вальмавым дахам аднапавярховы П-падобны ў плане аб’ём з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе. Бакавыя крылы цэнтральнага аб’ёму франтальнымі каланадамі-галерэямі злучаліся з аднапавярховымі прстакутнымі ў плане флігелямі, накрытымі вальмавымі дахамі.

Флігелі — лаканічнага дойлідства аднапавярховыя прастауктныя ў плане будынкі, ядром сіметрычнай кампазіцыі якіх з’яўляюцца масіўныя чатырохкалонныя порцікі дарычнага ордэру з трохкутнымі франтонамі. Бутавая муроўка сцен дэкарыраваная атынкаванымі пілястрамі, куты раскрапаваныя руставанымі цаглянымі лапаткамі, пад карнізамі дахаў праходзяць паясы сухарыкаў. Галоўныя фасады дэкарыраваныя фрызамі з трыгліфамі. Уваходы ў будынкі — цэнтральны і два бакавыя — вылучаныя высокімі ганкамі. Унутраная прастора распланаваная сіметрычна адносна падоўжнай восі, мае анфіладнае размяшчэнне пакояў.

Палац знаходзіўся ў маляўнічым парку, на шырокім лузе, акаймаваным ліпавымі алеямі. Капліца-пахавальня — у паўночна-ўсходняй частцы парку. Пабудаваная ў сярэдзіне ХІХ ст. па тыпу сярэдневечных кальвінскіх збораў (імітацыя Смаргонскага кальвінскага збору). Мураванае кампактнае дванаццаціграннае ў плане збудаванне (таўшчыня сцен дасягае 1,5 м) з конусным шатровым дахам і кубападобнай алтарнай часткай. Галоўны фасад фланкіраваны круглымі ў сячэнні вежамі з шатровымі завяршэннямі. Паміж вежамі размешчаны аб’ём тамбура, вылучаны пілястравым порцікам з трохкутным франтонам. У дэкоры будынку выкарыстаныя ляпныя гірлянды, вузкія байніцы, геральдыка. Кутнія сучляненні галоўнага аб’ёму прарэзаныя арачнымі аконнымі праёмамі, сцены апсіды — круглымі люкарнамі. Тамбур перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, зала — плоскай столлю. Алтарнае памяшканне адкрытае ў залу шырокай лучковай аркай. Таксама аркай адкрываюцца ў залу хоры, размешчаныя на другім ярусе тамбуру. Інтэр’ер дэкарыраваны карнізам на дэнтыкулах, канеліраванымі пілястрамі. Пад алтаром — крыпта.

Ва ўцалелых флігелях сядзібы размешчанае прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі. Капліца-пахавальня — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



КУШЛЯНЫ. СЯДЗІБА


Дом Багушэвіча, помнік сядзібна-паркавага дойлідства канца ХІХ ст. Створаная ў в. Кушляны (Смаргонскі р-н). Гісторыя сядзібы ўзыходзіць да XVIII ст., калі ў 1749 г. за 450 злотых маёнтак набыў А. Багушэвіч (прапрадзед беларускага паэта Ф. Багушэвіча). У сядзібе Ф. Багушэвіч правёў апошнія гады жыцця. Ансамбль уключае гасподу, парк эканамічнага тыпу, гаспадарчыя пабудовы, альтанку.

Гаспода — прастакутная ў плане аднапавярховая зрубная пабудова пад высокім двухсхільным дахам. Па фронту галоўнага фасаду адкрытая слупавая галерэя-навес з дашчаным парапетам. Планіроўка дома анфіладная, уваходы з боку галоўнага і бакавога фасадаў.

Парк з пладовым садам расчлянёны прастакутнай сеткай алей. Сярод насаджэнняў пераважаюць ліпа, клён, елка, трапляюцца асобныя экземпляры лістоўніцы. Пры ўездзе ў парк — маляўнічая паляна з курцінамі. З малых форм дойлідства засталася драўляная альтанка — цэнтрычнае ў плане збудаванне каркаснай канструкцыі з шатровым дахам-навесам. Народная назва альтанкі "Распятая воля". Паводле падання, альтанка была зробленая рукамі Багушэвіча і яго сяброў у памяць ахвяр нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—64 гг. Драўляная скульптура "Укрыжаванне", якая да 1939 г. знаходзілася ў альтанцы, не захавалася.

Гаспадарчыя пабудовы  сканцэнтраваныя на паўднёвым захадзе ад гасподы. Недалёка ад сядзібы знаходзіцца камень Мацея Бурачка (псеўданім Ф. Багушэвіча), устаноўлены сялянамі ў гонар паэта ў пачатку ХХ ст. У пасляваенныя гады гаспода захавалася дзякуючы рупнасці М. Ляпехі — шчырага прыхільніка творчасці Багушэвіча, захавальніка і вартаўніка сядзібы. Да 1988 г. у доме была размешчаная Кушлянская сельская бібліятэка імя Багушэвіча. Да 150-годдзя з дня нараджэння паэта рэалізаваны праект рэстаўрацыі сядзібы. Адноўлены падмурак, франтоны, дах і першапачатковая планіроўка, перабраная галерэя-навес. Адноўленыя таксама адрына, свіран, студні з "жураўлямі". У садзе зроблены падсадкі маладых пладовых дрэваў. У 1990 г. падчас святкавання ў гасподзе адкрытая літаратурна-мастацкая кампазіцыя, прысвечаная творчасці паэта.


А.М. Кулагін



Обновлен 09 июл 2012. Создан 30 июн 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter