Дойлідства Беларусі. Частка 4 (Л-МЕНСК. МЕХАНІЧНЫ ЗАВОД)

Энцыклапедычны даведнік



-Л-

ЛАГІШЫН


Гарадскі пасёлак у Пінскім р-не. За 28 км ад Пінску, 203 км ад Берасця. Вядомы з 1552 г. у Пінскім павеце. Вялікага княства Літоўскага. У XVII ст. мястэчка, цэнтр староства, належаў Радзівілам, потым Агінскім і Любецкім. У 1634 г. пабудаваны мураваны касцёл. Меў магдэбургскае права (з 1643 г. да 1776 г.) і герб (выява воўка на ласіных нагах у блакітным полі, пацверджаны ў 1633 г.). З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Пінскага павету. Менскай губерніі. У канцы ХІХ ст. цэнтр воласці, каля 250 жыхароў, больш за 40 двароў, царква, школа. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Пінскага павету. Палескага ваяводства. З 1939 г. у складзе Пінскай вобл. БССР, у 1940—62 гг. цэнтр раёну, з 1954 г. у Берасцейскай вобл. З 22.12.1959 г. гарадскі пасёлак, з 1962 г. у Пінскім р-не.

Сучасны пасёлак забудоўваецца паводле генпланаў 1958 г. і 1973 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Л. Пілатовіч, М. Пракалей). Развіваецца ў заходнім і паўднёвым напрамках. Планіровачная структура — прастакутная сетка вуліц; пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская (галоўная, праходзіць з поўначы на поўдзень) і Тамілава — падзяляюць пасёлак на чатыры жылыя раёны. Новая двухпавярховая забудова размешчаная па вул. Ленінскай, катэджавая — у раёне парку, аднапавярховая — на свабодных тэрыторыях. У цэнтральнай частцы вул. Ленінскай склаўся культурна-гістарычны грамадскі цэнтр. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай фармуецца цэнтральная плошча. У паўднёвай частцы знаходзіцца мікрараён меліяратараў, які аддзяляе прамысловую зону (размешчаная ў паўночна-заходняй частцы) ад пасёлку. Зона адпачынку — парк са спартовым комплексам, тэрыторыя ўздоўж берагоў р. Ясельда. У цэнтры пасёлку захаваліся помнікі дойлідства канца ХІХ — пачатку ХХ стст. — Святапраабражэнская царква і Петрапаўлаўскі касцёл, а таксама гістарычная мураваная жылая забудова па вул. Тамілава.

Генпланам 1990 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) разам з праектам дэталёвай планіроўкі прадугледжаные рэгенерацыя цэнтральнай часткі пасёлку, вывядзенне з яго транзітнага аўтатранспарту, новае будаўніцтва ў паўднёва-заходнім напрамку.


С.Ф. Самбук



ЛАГІШЫН. КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1907—09 гг. у г.п. Лагішын (Пінскі р-н). Да асноўнага прастакутнага аб’ёму па падоўжнай восі прылягаюць пяцігранная апсіда прэсбітэрыя і чатырох’ярусная званіца, з боку апсіды — некалькі дапаможных памяшканняў. Усе аб’ёмы маюць стромкія высокія дахі. Сцены расчлянёныя контрфорсамі, вокны стральчатыя.

Касцёл дзейнічае.



ЛАГІШЫН. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства 2-й паловы ХІХ ст. Пабудаваная ў г.п. Лагішын (Пінскі р-н) у скверы на вул. Камсамольскай. Да асноўнага квадратнага ў плане аб’ёму, які завершаны пяццю галоўкамі, далучаны чатырохгранная апсіда і праз невялікі пераходны аб’ём трох’ярусная званіца. Агульная кампазіцыя і дэкаратыўная аздоба помніку выкананыя ў псеўдарускім стылі.

Царква дзейнічае.



ЛАГОЙСК


Гарадскі пасёлак, цэнтр Лагойскага р-ну, ну р. Гайна. За 40 км ад Менску. На правым беразе р. Гайны ў парку захаваліся рэшткі дзядзінца XI—XIII стст., непадалёк ад яго, за 0,5 і 1,5 км, знаходзяцца два гарадзішчы — "Паненская Гара" і "Замак" ("Замкавая Гара", "Замкавішча"). У пісьмовых крыніцах упершыню летапісны Логожск, Логожеск згадваецца ў "Павучанні" Уладзіміра Манамаха пад 1078 г. У канцы XI ст. горад-фартэцыя Полацкай зямлі. З 1180 г. цэнтр удзельнага Лагожскага княства. З XIV ст. ў Менскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. Належаў князю Ізяславу Мсціславічу (з 1128 г.), дынастыі полацкіх князёў (з 1132 г.), потым Скіргайлу (у 1387 г. падараваны брату Ягайлам), Вітаўту (з 1392 г.), князям Чартарыйскім (аддадзены Казімірам IV у 1413 г.), Тышкевічам (з 1528 г.). У 1505 г. разбураны татарамі, у 1706 г. у Паўночную вайну спалены. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага павету Менскай губерніі. З 1924 г. цэнтр раёна, з 27.9.1938 г. — гарадскі пасёлак.

Ядром старажытнага гораду быў замак (спалены ў 1505 г., адноўлены ў 1531—32 гг.), у 1765 г. на яго месцы пабудаваны базыльянскі манастыр (будынак існаваў да 1856 г.) і храм. У 1609 г. быў заснаваны мураваны касцёл. У канцы XVIII ст. існавалі две уніяцкія і две праваслаўныя (Богаяўленская пабудаваная ў 1531—32 гг.) царквы. У 1-й палове XIX ст. на месцы старажытнага замчышча (уздоўж вул. Камсамольскай) створаны парк пейзажнага тыпу, на паўночным участку якога пабудаваны двухпавярховы мураваны палац у стылі класіцызму (1814—19 гг.); у 1824 г. на высокім правым беразе р. Гайна (па вул. Савецкай) пабудаваная Мікалаеўская царква. У 1897 г. — 2296 жыхароў.

Лагойск размешчаны на згладжаных узгорках у лукавіне р. Гайна, абкружаны ляснымі масівамі. Планіровачная структура вызначаная вуліцамі Савецкай (галоўная, з захаду на ўсход, пабудаваны двух-, трох- і пяціпавярховыя жылыя дамы), Камсамольскай (з паўночнага захаду) і Я. Купалы (з паўднёвага ўсходу); на месцы іх скрыжавання размешчаная плошча, на якой склаўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. У раёне зліцця вуліц Перамогі (з поўначы на паўднёвы ўсход, у паўночнай частцы мікрараён з грамадскім падцэнтрам), Цімчука (з усходу на захад) і Савецкай фармуецца плошча з будынкамі адміністрацыйнага і сацыяльна-побытавага прызначэння. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Прамысловая зона размешчаная ў паўночна-ўсходняй і паўднёва-ўсходняй частках. Зоны адпачынку — "Гайна", "Янушкавіцкая" — фармуюцца на паўночным захадзе ад Лагоску, штучны вадаём знаходзіцца ў заходняй частцы пасёлку.

Паводле генпланаў 1969 г., 1979 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід. Г. Пальчэўская) і праекту дэталёвай планіроўкі 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжанае развіццё гораду як цэнтру адпачынку і турызму: стварэнне турыстычнага цэнтра па вул. Савецкай, будаўніутва гандлёвага і фізкультурна-спартовага комплексаў, фармаванне прыроднага парку (да мемарыяльнага комплексу "Хатынь").


А.П. Грыцкевіч, Г.С. Ларкін



ЛАГОЙСК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная з цэглы ў 1866 г. у Лагойску (вул. Савецкая) на правым беразе р. Гайна, перабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. У плане мае традыцыйную чатырохчасткавую працяглую па восі ўсход — захад кампазіцыю: чатырох’ярусная званіца, трапезная, асноўны аб’ём, пяцігранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Стрыманы дэкор помніку ўключае ордэрную пластыку, прафіляваныя карнізы. Сцены раскрапаваныя кутнімі лапаткамі і арачнымі аконнымі праёмамі. Галоўныя дамінанты — васьмігранная званіца і барабан, якім завершаны асноўны аб’ём, маюць аднолькавую дойлідска-канструкцыйную схему (васьмярык на чацверыку), а таксама шатровыя дахі, што надае суцэльнасць агульнаму дойлідскаму вобразу. У інтэр’еры цэнтральны аб’ём перакрыты ветразевымі скляпеннямі на чатырох слупах.

 

Г.А. Лаўрэцкі



ЛАЗДУНЫ. ПАЛАЦ


Існаваў у ХІХ — 1-й палове ХХ ст. ў в. Лаздуны (Іўеўскі р-н). Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак быў пастаўлены на бутавы цокаль і завяршаўся вальмавым гонтавым дахам. Атынкаваныя звонку сцены прарэзвалі прастакутныя аконныя праёмы, у першым паверсе завершаныя трохкутнымі франтончыкамі, у другом — плоскімі сандрыкамі. Галоўны ўваход вылучала аркадная галерэя, над якой была тэраса з трыма драўлянымі калонамі, што падтрымлівалі трохкутны шчыт з двума прастакутнымі вокнамі. Планіроўка анфіладная. Да палацу прылягаў парк, у якім стаялі разнастайныя гаспадарчыя збудаванні, у т.л. двухпавярховы драўляны лямус, вырашаны ў выглядзе васьміграннай вежы з галерэйкай на другом паверсе і шатровым гонтавым пакрыццём.


Ю.А. Якімовіч



ЛАПУШНА. ПАЛАЦ


Існаваў у ХІХ — 1-й палове ХХ ст. ў в. Лапушна (Дзятлаўскі р-н). Мураваны аднапавярховы прастакутны ў плане будынак, пастаўлены на высокі цокаль, быў накрыты вальмавым гонтавым дахам. Меў рысы стылю ампір. Сцены (гладкая тынкоўка чаргуецца з гарызантальным рустам) завершаны антаблементам з плоскім фрызам і карнізам на дэнтыкулах. Прастакутныя вокны завяршаліся трохкутнымі і лучковымі франтончыкамі, плоскімі сандрыкамі. Цэнтральную частку галоўнага фасаду вылучаў манументальны шасцікалонны порцік дарычнага ордэру з антаблементам (плоская абака, фрыз з трыгліфамі, карніз на дэнтыкулах) і трохкутным франтонам з паўцыркульным акном у тымпане. На паркавым фасадзе слупавая галерэя з аднасхільным пакрыццём. Порцік галоўнага і галерэя паркавага фасадаў мелі тэрасы, агароджаныя балюстрадамі. Планіроўка анфіладная з параднай залай у цэнтры.


Ю.Л. Якімовіч



ЛАТЫГОЛЬ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1771 г. у в. Латыголь (Вілейскі р-н) па фундацыі графа Салагуба як уніяцкая. Складаецца з двух амаль квадратных у плане зрубаў, накрытых агульным шматсхільным дахам, які ўтварае невялікія трохкутныя навісі ў месцы прымыкання зрубаў. Галоўны фасад завершаны трапецападобным франтонам з дэкаратыўнай шалёўкай і вялікім лучковым акном у цэнтры. Франтон увянчаны чацверыковай вежачкай з галоўкай. Такая ж галоўка над алтаром. Па баках алтарнага зрубу невысокія квадратныя сакрысціі, накрытыя аднасхільнымі дахамі. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя, аздобленыя нішамі. У інтэр’еры пры ўваходзе — вузкі бабінец і дапаможныя памяшканні. Столь плоская. Спалучаюцца рысы традыцыйнага народнага дойлідства і стылю барока.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



ЛЕЛЬЧЫЦЫ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага р-ну, на р. Убарць. За 215 км ад Гомеля. Вядомы з XVI ст. як мястэчка ў Мазырскім павету Вялікага княства Літоўскага. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Мазырскага павету Менскай губерніі. У 1897 г. у было 800 жыхароў, млын, школа, сінагога, царква. З ліпеня 1924 г. цэнтр раёну. З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак у Палескай вобл., у 1962—65 гг. у Мазырскім р-не.

Планіровачную структуру пасёлка вызначаюць вуліцы Савецкая і Чырвонаармейская (галоўныя восі, на іх ствараюцца мікрараёны, забудаваныя 3—5-павярховымі жылымі дамамі). Яны разам з вуліцамі Садовай, Астроўскага, Пушкіна, Налепкі, Меншыкава, Піянерскай і Камсамольскай утвараюць прастакутныя кварталы пераважна аднапавярховых драўляных жылых дамоў. На скрыжаванні вуліц Савецкай і Чырвонаармейскай утварылася цэнтральная плошча — грамадскі цэнтр пасёлку. Прамысловая зона ў заходняй частцы пасёлку. Зона адпачынку ўключае паркі на левабярэжжы ракі і па вуліцах Чырвонаармейскай і Савецкай. Пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Л.С. Патапаў



ЛЕНІНА (да 1922 г. РАМАНАВА)


Вёска ў Горацкім р-не, на р. Мярэя. Цэнтр сельсавету і саўгасу "Леніна". За 17 км на паўночны ўсход ад Горак, 112 км ад Магілёва. Мястэчка Раманава ўваходзіла ў Вялікае княства Літоўскае, у Аршанскі павет Віцебскага ваяводства. Належала князю Дандукову-Корсакаву. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі. У XVIII ст. існаваў драўляны Раманаўскі замак. Цэнтрам мястэчка была гандлёвая плошча, звязаная з замкам, з трох бакоў забудаваная жылымі дамамі. Тут стаялі касцёл з плябаніяй, важніца і інш. (1759 г.). Ад плошчы радыяльна адыходзілі чатыры вуліцы. Усяго было 115 сядзіб. У пачатку ХХ ст. больш за 1 тыс. жыхароў, мураваная царква, два народныя вучылішчы, валасное праўленне, пошта. У 1943 г. вёску спалілі нямецка-фашысцкія захопнікі. 12—13.10.1943 г. у баі пад Леніна разам з Чырвонай Арміяй ўпершыню ўдзельнічалі воіны 1-й Польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі. У гонар гэтых падзей у 1968 г. створаны Мемарыяльны комплекс Музея савецка-польскай баявой садружнасці.

Забудоўваецца паводле генплану 1969 г. (БелНДІдзіпрасельбуд, карэкціроўка 1978 г.). Аўтары праекту планіроўкі і забудовы цэнтру дойліды Г. Бяганская, А. Калніньш. У аснове планіровачнай кампазіцыі — адзінства забудовы пасёлку, мемарыяльнага комплексу і навакольнага ландшафту. Важнымі планіровачнымі восямі з’яўляюцца вуліцы Леніна (галоўная), Пятрова, Кжывань, Юркова. Цэнтральная плошчадь і пл. Зоркі складаюць грамадска-культурны цэнтр. Яго фармуюць шасціпавярховы гаэль з Домам побыту, Дом культуры з сельсаветам і поштай, гандлёвы цэнтр, педвучылішча. Жылая зона, размешчаная на поўдні, з боку галоўнага ўезду ў вёску, складаецца з двух планіровачных раёнаў — паўночнага і паўднёвага. Паблізу ад мемарыяльнага комплексу склаўся ансамбль набярэжнай з пяціпавярховымі пятнаццацікватэрнымі дамамі. Вёска забудоўваецца двухпавярховымі 4—12-кватэрнымі секцыйнымі жылымі дамамі. Вызначаецца высокім узроўнем добраўпарадкаванасці (цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне, водаправод, каналізацыя, асфальтавае пакрыццё дарог і тратуараў усіх вуліц). Вытворчая зона размешчаная на паўднёвай ускраіне вёскі. Пабудаваная аб’язная транспартна-гаспадарчая дарога. Зона адпачынку — пойма р. Мярэя. Два штучныя вадасховішчы, паркі.

Прадугледжанае развіццё грамадскага цэнтру ў напрамку вул. Леніна, забудова паўднёвай часткі жылой зоны дамамі з кватэрамі ў двух узроўнях, паўднёва-ўсходняй — індывідуальнымі аднакватэрнымі дамамі, стварэнне парку з спартовым комплексам.



ЛЕНІНА. МЕМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС САВЕЦКА-ПОЛЬСКАЙ БАЯВОЙ САДРУЖНАСЦІ


Створаны ў 1968 г. у в. Леніна Горацкага р-ну на месцы першага (12—13.10. 1943 г.) сумеснага бою часцей Чырвонай Арміі і сфармаванай у СССР 1-й Польскай пяхотнай дывізіі імя Т. Касцюшкі супраць нямямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адкрыты 15 кастрычніка ў 25-ю гадавіну бою, з якога вядзецца гісторыя Войска Польскага. Цэнтр кампазіцыі комплексу (дойліды Я. Белапольскі, В. Хавін, скульптар У. Цыгаль) — сіметрычны ў плане купальны будынак музея (з жалезабетону, шкла і алюмінію), зроблены ў форме каскі (дыяметр 34 м, вышыня 11 м), накрыты невял. шчытамі з чорнай бляхі, пакладзенымі на каркас. Лесвічныя вузлы вылучаны блокамі, упрыгожаны звонку барэльефнымі выявамі пяціканцовай зоркі і арла — сімвалаў дзвюх краін. Экспанаты музея адлюстроўваюць гісторыю ўтварэння і фарміравання Войска Польскага. У цэнтральнай частцы памяшкання дыярама "Бітва пад Леніна" (мастакі М. Авечкін і А. Інтазараў). Перад уваходам у музей уста ноўлена стэла (бетон, вышыня 8 м), увянчаная выявай сцяга, дрэўка якога трымаюць две моцныя рукі. У ніжняй частцы стэлы на польскай і расейскай мовах надпіс "СССР — Польшча, 1943 год". На паўночным усходзе ад музея две надмагільныя пліты з лабрадарыту на ўшанаванне памяці загінуўшых савецкіх і польскіх воінаў з надпісамі-прысвячэннямі на польскай, беларускай і расейскай мовах; помнік — трохметровы з прабоінамі кавалак брані. Пляцоўка (9x12 м) вакол пліт выкладзеная цёмна-чырвоным гранітам, перад імі запалены Вечны агонь. На тэрыторыі вёскі на месцы былых баявых пазіцый, за 0,5 км адна ад адной, брацкія магілы савецкіх і польскіх воінаў. На магіле савецкіх воінаў устаноўлены блок з чырвонага граніту, сячэнне якога (дыяметр 2 м) уяўляе сабой пяціканцовую зорку з надпісам-прысвячэннем на расейскай мове ў цэнтры. На магіле польскіх воінаў — сцяна (12х3 м) з шэрага граніту з надпісамі-прысвячэннямі на польскай і беларускай мовах. У цэнтры сцяны на бронзавым картушы ў абрамленні прыспушчаных сцягоў даты бітвы пад Леніна і выявы дзвюх скрыжаваных лаўровых галінак.

 

А.Ю. Пятросава. Г.М. Ярмоленка



ЛЕПЕЛЬ

 

Горад, цэнтр раёну, на беразе Лепельскага возера, паміж рэкамі Ула і Эса. За 115 км ад Віцебску. Паселішча Лепель (Лепля) атаясамліваюць з селішчам і замчышчам, што знаходзяцца ў цэнтральнай і паўночнай частках на Лепельскім возеры, насупраць в. Стары Лепель. Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 г. у складзе Вялікага княства Літоўскага. Належаў віцебскаму касцёлу (падараваны сынам Жыгімонта Кейстутавіча князем Міхаілам), з 1541 г. Віленскай капітуле (перададзены Жыгімонтам Казіміравічам). Тут пабудаваны замак (у 1563 г. спалены), у 1568 г. распачатае будаўніцтва новага драўлянага замку з чатырма кутнімі вежамі (не збярогся). Горад складаўся з дзвюх частак: замка і "места" (заснаванае ў 1563 г. на поўначы ад замку, у 1580 г. было 300 двароў, размешчаных на востраве і заходнім беразе Лепельскага возера), якія злучаліся мостам цераз вадзяны роў; каля замку знаходзіўся гандлёвы порт. З 1586 г. Стары Лепель належаў Ільву Сапегу, які перанёс горад за 5 км у в. Белае (належала Сапегам з 1548 г.), пабудаваў тут замак, царкву, касцёл, крамы. Узнікла мястэчка Белы Лепель, або Новы Лепель (пазней Лепель), а Стары Лепель ператварыўся ў вёску. У 1609 г. Лепель перададзены Сапегам віленскаму кляштару бернардзінак, ад якога ў 1805 г. перададзены ў казну. У 1772—76 г. адміністрацыйны цэнтр Полацкага ваяводства. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, горад, цэнтр павета Полацкай, з 1802 г. Віцебскай губерній. У 1852 г. зацверджаны герб — "Пагоня". З пабудовай Бярэзінскага каналу горад упрыгожылі масты, набярэжныя. Панёс вялікія страты ў вайну 1812 г., моцна пацярпеў ад пажару 1833 г. У 1835 г. распрацаваны генплан забудовы, паводле якога горад падзяляўся на 26 кварталаў і цэнтр, дзе сканцэнтраваны асноўныя грамадскія, культавыя і гандлёвыя пабудовы. У 1860 г. план быў адкарэкціраваны: горад падзелены на 30 кварталаў і чатыры плошчы. У 1841—44 гг. пабудаваны мураваны праваслаўны сабор, у 1857—76 гг. у цэнтры гораду — мураваны касцёл Святога Казіміра (на скрыжаванні вуліц Дзяржынскага і Ленінскай). У канцы XIX — пачатку XX ст. чатыры капліцы, восем габрэйскіх малітоўных дамоў. Налічвалася 6284 жыхары (1897 г.), 10 мураваных дамоў, 800 драўляных. З 1924 г. цэнтр раёну, у 1935—38 гг. цэнтр акругі. З 1925 г. чыгуначная станцыя. У 1939 г. — 13,8 тыс. жыхароў. З 7.3.1963 г. горад абласнога падпарадкавання.

У сучасным горадзе захавалася рэгулярная планіроўка XIX ст. Асноўныя кампазіцыйныя восі: вул. М. Горкага і яе працяг — вул. Ленінская (з поўдня на поўнач), вул. Войкава (з усходу на захад), яны падзяляюць горад на чатыры прастакутныя часткі. На скрыжаванні вуліц М. Горкага (галоўная) і К. Маркса склаўся агульнагарадскі цэнтр з пл. Свабоды. Прамысловая зона размешчаная ў паўднёвай частцы гораду. Зона адпачынку — па берагах азёр Лепельскае і Проша. Цэнтральная і паўднёва-ўсходняя часткі гораду забудоўваліся паводле генпланаў 1964 г. (Віцебская філія інстытуту "Белдзяржпраект") і 1976 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Жаўняк, К. Пятрэнка). Асноўнае жыллёвае будаўніцтва (двух-, трох- і пяціпавярховыя дамы) ажыццяўлялася ў раёне вуліц Інтэрнацыянальнай і Чуйкова (былая Чыгуначная), двухпавярховымі жылымі дамамі забудавана невялікая тэрыторыя, што прылягае да плошчы Свабоды.

Паводле праекту дэталёвай планіроўкі ўсходняга жылога раёна (1980 г., БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Дутлова, Пятрэнка) прадугледжана ператварыць галоўную гарадскую магістраль — вул. М. Горкага — у пешаходную зону а невысокай жылой забудовай і ўкрапінамі аб’ектаў культурна-побытавага прызначэння, акцэнтаваную групамі дзевяціпавярховых жылых дамоў на вузлах перакрыжаванняў з вуліцамі Чуйкова, Калініна (былая Мопраўская) і Войкава. Прадугледжанае таксама развіццё агульнагарадскога цэнтру ва ўсходнім напрамку ўздоўж вул. Валадарскага з раскрыццём прасторавай кампазіцыі гораду да ракі і Лепельскага возера. У 1989 г. распрацаваны праект (інстытут "Менскархпраект" пры Саюзе дойлідаў Беларусі, дойліды А. Малашка, С. Амельчанка, М. Давыдзік) добраўпарадкавання цэнтральнага парку і тэрыторыі гораду, прадугледжаная рэканструкцыя ўсёй паркавай зоны, усходняй часткі гораду, плошчаў Свабоды і Прывакзальнай.


А.П. Грыцкевіч, С.Ф. Самбук



ЛЁЗНА


Гарадскі пасёлак, цэнтр Лёзненскага р-на, на р. Мошна. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Смаленск. За 40 км на паўночны ўсход ад Віцебску. Заснаванае ў 1-й палове XVII ст. Агінскімі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Аршанскага павету. У XIX — пачатку XX стст. прыватнаўласніцкае мястэчка, 2474 жыхары (1897 г.), адзінаццаць цагляных і больш за 1100 драўляных будынкаў, два млыны, два вучылішчы, прыёмны пакой, чатыры кірмашы на год. Паводле гарадскога перапісу 1917 г. у Лёзна 351 гаспадарка, 2055 жыхароў. У 1939 г. — 4111 жыхароў. З 1924 г. цэнтр раёну, з 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак.

Тэрыторыя пасёлку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход перасякае рака і дзеліць яго на две часткі. Асноўны масіў жылой забудовы і грамадскі цэнтр на левым беразе ракі. Рэгулярная сетка вуліц захавалася з XIX ст. Першы генплан распрацаваны ў 1972 г. (Віцебская філія інстытуту "Белдзяржпраект"). Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна (галоўная, забудаваная 3—5-павярховымі дамамі), Камсамольская, Валадарскага. На іх скрыжаванні, на месцы старога гістарычнага цэнтру, сфармаваўся новы адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Ва ўсходняй частцы ствараецца мікрараён з 3—5-павярховых жылых дамоў. Прамысловая зона размешчаная ў паўднёвай частцы пасёлку. Зона адпачынку — ва ўрочышчы Адаменскі гай і Лясныя сажалкі. Пераважае драўляная індывідуальная забудова сядзібнага тыпу.

Пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1983 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).


Л.С. Патапаў



ЛІДА


Горад, цэнтр Лідскага р-ну, на р. Лідзея. За 110 км ад Гародні. Вузел чыгуначных і аўтамабільных дарог на Гародню, Вільню, Маладзечна, Баранавічы. Упершыню ўзгадваецца ў "Спісе рускіх гарадоў...", складзеным паміж 1387 г. і 1406 г. у першапачатковай, найбольш старажытнай частцы "Летапісца вялікіх князёў літоўскіх", напісанай у 1390-я гады. У Вялікім княстве Літоўскім старажытны горад складаўся з замку (глядзі артыкул "Ліда. Замак"), княжага панадворку або замкавага фальварку (размяшчаўся на р. Каменка на паўднёвым захадзе ад замку, пры ім былі млыны, бровар і іншыя гаспадарчыя пабудовы), уласна гораду (на поўначы ад замку, ад яго гістарычнага цэнтру — рынку — адыходзілі чатыры вуліцы: Віленская, Замкавая, Каменская і Крывая) і Зарэчча (некалькі дзесяткаў хат). З 1560-х гадоў цэнтр павету Віленскага ваяводства. У 1587 г. атрымала магдэбургскае права, мела герб (выявы ільва на чырвоным і двух ключоў на блакітным фоне). У XVII ст. пабудаваны кляштар кармелітаў. У руска-польскую 1654—67 гг. і Паўночную 1700—21 гг. войны разрабаваная і спустошаная. У XVIII ст. на рыначнай плошчы пабудаваная ратуша. У 2-й палове XVIII ст. каля 1,5 тыс. жыхароў. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету. У 1797—1825 гг. пабудаваны Іосіфаўскі касцёл піяраў. З сярэдзіны XIX ст. будуюцца 1—2-павярховыя мураваныя дамы, арнаментаваныя фігурнай муроўкай. У канцы XIX ст. ў сувязі з будаўніцтвам Палескіх чыгунак пачаўся хуткі рост гораду; у 1897 г — 8626 жыхароў, півамедаварнае, тытунёвае, цагельнае і іншыя прадпрыемствы, тры пачатковыя навучальныя ўстановы, две лякарні, аптэка. У пачатку XX ст. каля 1000 жылых дамоў (з іх каля 270 мураваных). З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр павету. З 1939 г. у БССР, горад абласнога падпарадкавання, 33,4 тыс. жыхароў. З 15.1.1940 г. цэнтр раёну ў Баранавіцкай вобл. З верасня 1944 г. у складзе Гарадзенскай вобл.

Генпланы распрацаваныя ў 1955 г., 1963 г. (інстытут "Белдзяржпраект"), забудоўваецца паводле генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды С. Смірнова, А. Галякоў, А. Пархута, інжынеры К. Лапіцкая, I. Уцехін) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Смірнова). Сетка вуліц прастакутная. Асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Савецкая, Энгельса, Свярдлова, Ленінская, Перамогі. На вул. Савецкай (праходзіць з поўначы на поўдзень, забудавана пераважна 4—5-павярховымі дамамі) і перпендыкулярных да яе вуліцах Ленінскай, Кірава, Міцкевіча склаўся гістарычны агульнагарадскі цэнтр. На вул. Савецкай утвораныя две плошчы: пл. Леніна (галоўная, былая рыначная, размешчана ў цэнтральнай частцы вуліцы) і Плошча 600-годдзя Ліды (у пачатку вуліцы, перад замкам, яе фармуюць шматпавярховы будынак гатэля "Ліда", Крыжаўзвіжанскі касцёл, 5-павярховыя жылыя дамы). Новы грамадскі цэнтр ствараецца на вул. Перамогі (на ўчастку ад вул. Ленінскай да вул. Кірава). Ва ўсходняй частцы гораду створаны мікрараён Раслякі, забудаваны 5—9-павярховымі жылымі дамамі, мікрараёны са шматпавярховай забудовай таксама ў цэнтральнай (Касманаўтаў), паўночнай (Індустрыяльны) частках гораду, на паўднёвым захадзе ствараецца мікрараён Слабадскі, на паўночным захадзе завершанае будаўніцтва першай чаргі (на 8 тыс. жыхароў) жылога мікрараёну "Паўночна-заходні", пачатае будаўніцтва другой яго чаргі (на 11 тыс. жыхароў), плануецца забудова трэцяй чаргі, стварэнне грамадскага цэнтру. У Лідзе пяць прамысловых раёнаў: паўночны, цэнтральны, усходні, паўднёва-заходні і паўднёвы. Зона адпачынку — р. Лідзея з вадаёмамі ў пойме, гарадскі парк з плавальным басейнам, кінатэатрам, канцэртнай залай, дзіцячым гарадком і новы парк на ўсходняй ускраіне гораду каля шашы Ліда — Менск.

Далейшае развіццё гораду і грамадскага цэнтра ажыццяўляецца ў паўночным напрамку ў кампазіцыйным адзінстве з водна-зялёным дыяметрам р. Лідзеі.


С.Ф. Самбук



ЛІДА. ЗАМАК


Помнік абарончага дойлідства XIV—XV стст. Пабудаваны ў 1330-я гады ў Лідзе. Уваходзіў у лінію замкаў Навагрудак — Крэва — Мядзінінкай — Трокі. Спалучаюцца рысы раманскага дойлідства і ранняй готыкі (характар суадносін аб’ёмаў, паўцыркульныя і стральчатыя праёмы брам і байніц). Пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку (вышыня 5—6 м), быў абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка і ровам з поўначы (шырыня каля 20 м), які злучаў рэкі і аддзяляў замак ад гораду. Пазней (відаць, у XVI—XVII стст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з усходу ўключанае штучнае возера. Замак у плане — няправільны чатырохкутнік (бакі каля 80 м) з дзвюма кунімі вежамі. Асноўнае абарончае значэнне мелі пастаўленыя на невысокім падмурку (70—80 см) сцены (таўшчынёй унізе 2 м, зверху — 1,5, вышынёй да 15 м). Верхняя частка сцен з баявой галерэяй і байніцамі (3,3 м адна ад адной) вымураваная з цэглы. Вонкавыя паверхні сцен з вялікіх валуноў, прамежкі паміж якімі запоўнены каменнымі клінамі, забутоўка з дробных камянёў, муроўка арміраваная драўлянымі бэлькамі. Адначасова са сценамі ў 1-й палове XIV ст. пабудаваная квадратная ў плане (9х9 м) паўднёва-заходняя вежа. Паўночна-ўсходняя вежа, пабудаваная ў канцы  XIV — пачатку XV стст., мела арачны ўваход з панадворку і лесвіцу шырынёй 1 м. Вежы накрытыя шатровымі дахамі і не выступаюць за перыметр сцен. У канцы XVI ст. абедзве вежы былі накрытыя паўцыркульнай дахоўкай. У замак вялі тры уваходы: два ва ўсходняй і адзін у паўднёвай сценах. На тэрыторыі замку знаходзіліся праваслаўная царква (у 1533 г. перанесеная ў горад), жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў. На працягу XVI—XVIII стст. у выніку шматлікіх аблогаў разбураныя вежы і ўнутраныя пабудовы, зберагліся рэшткі абарончых сцен і вежаў (у 1-й чвэрці XX ст. зробленая частковая кансервацыя, у 1982 г. — поўная). Культурны слой замкавага панадворку амаль цалкам ускрыты археолагамі. Высветлілася, што з трох бакоў (акрамя паўднёвага) да замкавых муроў у XIV—XVII стст. былі прыбудаваныя аднапавярховыя драўляныя будынкі, ад якіх зберагліся рэшткі падмуркаў і кафляных печаў. Шырыня будынкаў каля 4 м. Будынак каля заходняй сцяны вызначаўся большымі памерамі (каля 24 м) і меў неглыбокі каменны падмурак, зроблены на гліне. Две студні знаходзіліся ва ўсходняй частцы панадворку, сярэдзіна якога была забрукаваная. Забудова замкавага панадворку была канчаткова знішчаная ў час руска-польскай вайны 1654—67 гг. Праводзяцца работы па рэстаўрацыі сцен і вежаў (дойлід С. Багласаў, 1977 г.).


Помнік рэспубліканскага значэння.


С.Г. Багласаў, А.А. Трусаў



ЛІДА. ІОСІФАЎСКІ КАСЦЁЛ ПІЯРАЎ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1797—1825 гг. у Лідзе (вул. Савецкая). На пабудову храму 5.000 руб. ахвяраваў імператар Павел I. Мураваны храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам, завершаны васьмігранным ліхтаром. Да асноўнага круглага ў плане аб’ёму прылягаюць больш нізкія прастакутныя ў плане аб’ёмы: прытвор з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе і двухпавярховая сакрысція па восі ўсход — захад, невялікія рызаліты з поўдня і поўначы. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвянчаныя трохкутнымі франтонамі. Вокны прастакутныя. Унутры па перыметры залы размешчаныя восем пар дарычных калон. Побач з касцёлам размешчаныя мураваныя аднапавярховы корпус кляштару і аднаярусная званіца. Кляштар зачынены ў 1832 г. Касцёл у 1842 г. гарэў, у 1863 г. перароблены на праваслаўную царкву Міхаіла Архангела, пасля ІІ Сусаетнай вайны быў абсталяваны пад планетарый.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч



ЛІДА. КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА


Помнік дойлідства сталага барока. Пабудаваны ў 1770 г. у Лідзе (вул. Савецкая, 2). Касцёл Т-падобны ў плане, трохнефавы, з прастакутнай алтарнай часткай, якая прадаўжае цэнтральны неф, і дзвюма квадратнымі ў плане сакрысціямі. Будынак завершаны высокім двухсхільным чарапічным дахам з вальмамі над алтарнай часткай. Кампазіцыя галоўнага фасаду двух’ярусная, завершаная фігурным франтонам. Плоскасці галоўнага і бакавых фасадаў расчлянёныя пілястрамі. Цэнтральны неф перакрыты разам з алтарнай часткай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — цыліндрычнымі на падпружных арках. Сакрысціі перакрытыя плоскай столлю на падугах. Над уваходам — хоры. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавай размалёўкай, скульптурай і арнаментальнай лепкай, выкананай у стылі сталага барока. На скляпеннях у барочным арнаментальна-дэкаратыўным абрамленні размешчаныя манументальныя жывапісныя кампазіцыі: "Узвіжанне крыжа", "Маці Боская", "Благавешчанне". Скляпенні дэкарыраваныя арнаментальнымі матывамі (лісце аканта, картушы, ракушкі, завіткі, рэлігійная сімволіка). На заходняй сцяне размешчаныя кампазіцыі: "Уручэнне ключоў Пятру", "Хрыстос і апосталы". У інтэр’еры тры мураваныя алтары — цэнтральны (галоўны) і два бакавыя. Цэнтральны раскрапаваны чатырма калонамі карынфскага ордэру, размаляванымі пад мармур, і спаранымі пілястрамі таго ж ордэру. У цэнтры алтару знаходзіцца гіпсавая скульптура "Распяцце", паабапал драўляныя скульптуры "Іван", "Марыя", "Пётр і Павел". Антаблемент з моцнымі раскрапоўкамі і развітым карнізам.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


В.В. Церашчатава



ЛІПНІШКІ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА КАЗІМІРА


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1890 г. з цэглы і граніту ў в. Ліпнішкі (Іўеўскі р-н). Прастакутны ў плане будынак з трохграннай апсідай і квадратным у плане бабінцам, над якім узвышаецца высокая двух’ярусная вежа (васьмярык на чацверыку), завершаная спічастым шатром з люкарнамі. Па баках асноўнага аб’ёму сіметрычна прыбудаваныя невялікія сакрысціі, якія звонку нагадваюць крылы трансепту. Сцены абліцаваныя гранітам, умацаваныя плоскімі контрфорсамі. Праёмы стральчатыя. Галоўны ўваход акцэнтаваны парталам. Унутры будынак падзелены слупамі на тры нефы. Сцены атынкаваныя і раскрапаваныя падвойнымі пілястрамі. Скляпенні крыжовыя. Над уваходам — хоры з арганам.

Касцёл дзейнічае.


Т.В. Габрусь



ЛОЕЎ


Гарадскі пасёлак, цэнтр раёну, прыстань на Дняпры ў вусці р. Сож. За 92 км на поўдзень ад Гомеля. Вядомы з XV ст. У 1505 г. разбураны татарамі. У канцы XVI ст. мястэчка і крэпасць, цэнтр староства ў Рэчы Паспалітай. У 1646 г. далучаны да Старадубскага павету Смаленскага ваяводства. Падчас вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54 гг. моцна разбураны. Пасля руска-польскай вайны 1654—67 гг. у складзе Рэчыцкага павету Менскага ваяводства. З 1676 г. уласнасць войта рэчыцкага М.С. Юдзіцкага, да 2-й паловы ХІХ ст. належаў яго нашчадкам, потым пераходзіў у спадчыну да Лашчаў, Нарушэвічаў. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага павету. У пачатку XIX ст. пабудаваны палац. У канцы XIX ст. было каля 250 двароў, сем ветракоў і два вадзяныя млыны, 24 крамы, гандлёвыя канторы, школа, паштовая станцыя, две царквы, касцёл, 4667 жыхароў у 1897 г. У пачатку XX ст. дзейнічалі верф, завод па вырабу вохры. З 1926 г. цэнтр раёну. З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак. У 1962—66 гг. у Рэчыцкім р-не.

Тэрыторыя выцягнутая ўздоўж Дняпра, у заходняй частцы перасякаецца ручаём Вітач. Планіроўка квартальная, з дробнай сеткай вуліц, пераважна з аднапавярховай драўлянай забудовай сядзібнага тыпу. Сучасны Лоеў забудоўваецца паводле генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва). Асноўныя вуліцы — Леніна (галоўная, праходзіць з усходу на захад), Савецкая (з подня на поўнач, забудаваная 2—3-павярховымі жылымі дамамі, захаваліся помнікі дойлідства з элементамі неакласіцызму — два жылыя дамы канца XIX — пачатку XX ст.) і паралельныя ёй Шавялёва, Першамайская. На вул. Леніна склаўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр, у яе цэнтральнай частцы — плошча (раскрываецца на раку). Цэнтральная частка забудоўваецца 3—5-павярховымі дамамі. Парк на высокім беразе Дняпра. Прамысловая зона на захадзе і паўднёвым захадзе. Зона адпачынку на берагах рэк Дняпро і Сож.

Прадугледжанае развіццё прамысловай зоны ў паўночна-заходняй частцы гарадскога пасёлку, вуліц Савецкай і Леніна як галоўных, будаўніцтва новага жылога кварталу на 1,5 тыс. жыхароў на паўднёва-заходняй ускраіне.


Л.С. Патапаў



ЛОСК. ЗАМАК


Існаваў у XIV—XVII стст. у в. Лоск (Валожынскі р-н). Быў пабудаваны з дрэва, умацаваны земляным валам і вадзяным ровам, абарончымі сценамі-гароднямі з трох’яруснымі вежамі і двух’яруснай вежай-брамай, якая зачынялася герсай. Сцены мелі ў верхняй частцы баявую галерэю з байніцамі і абламамі, накрытую двухсхільным гонтавым дахам. У цэнтры дзядзінца стаялі два двухпавярховыя палацы. Адзін з іх быў пабудаваны ў стылі рэнесансу, завяршаўся вежай з гадзіннікам і меў гонтавы дах. На першым паверсе вакол прыхожай было дзевяць жылых пакояў з узорыстымі кафлянымі грубкамі і две каморы, на другом, абкружаным адкрытай галерэяй, вакол гасцінай — две святліцы, жылы пакой, тры каморы. Другі палац меў 42 розныя памяшканні (у т.л. вялікую залу на другом паверсе). Непадалёку ад вежы-брамы стаяла кухня. За сценамі замку знаходзіліся лазня і бровар.

Замак не збярогся. Вядомы паводле інвентару 1621 г.


Ю.А. Якімовіч



ЛУДЧЫЦЫ. МЕМАРЫЯЛ ВОІНСКАЙ СЛАВЫ


Пабудаваны на Лудчыцкай вышыні. Адкрыты 24.6.1984 г. за 1,5 км ад в. Лудчыцы (Быхаўскі р-н), на месцы жорсткіх баёў за вызваленне Беларусі ў 1943 г. і 1944 г. (Аўтары: скульптары П. Белавусаў і У. Лятун, дойліды В. Бялянкін і М. Мызнікаў, інжынер Б. Шчарбакоў). Дамінантай мемарыялу з’яўляецца пастаўленая на ўзгорку сімвалічная фігура Баяна (вышыня 10 м, сілумін), які апявае подзвіг воінаў-герояў. Каля падножжа ўзгорку пляцоўка, па краі яе на авальнай сцяне змешчаныя гарэльефныя партрэты Герояў Савецкага Саюзу, якім прысвоена гэта званне за баі на Быхаўшчыне: I.А. Барысевіча, П.Дз. Вінічэнкі, С. Іскаліева, У.К. Мартынава, Г.С. Размадзе, Г. Якубава (вышыня каля 3,5 м, бетон, мармуровая крошка); пад партрэтамі на абліцаванай чорным гранітам частцы сцяны імёны і званні герояў. На пляцоўцы размешчаныя гранітная пліта з бронзавай пяціканцовай зоркай і чашай для запальвання рытуальнага агню і абліцаваная гранітам стэла (вышыня каля 3 м) з інфармацыйным надпісам.



ЛУЖАСНА. БУДЫНАК ЗЕМЛЯРОБЧАЙ ШКОЛЫ


Помнік дойлідства мадэрну. Узведзены ў пас. Лужасна Віцебскага р-ну ў пачатку XX ст, Мураваяы двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі вылучаецца трохпавярховая кутняя частка з уваходам, сіметрычнай групоўкай праёмаў, складанымі шчытамі. Паміж імі размешчаны высокі спічасты шацёр, які надае выразнасць сілуэту будынку. Фасады вырашаныя ў двух колерах. Вокны на другом паверсе з лучковым завяршэннем, на першым — прастакутныя. Планіроўка калідорная. 15.11.1909 г. у будынку адкрытая земляробчая школа, пасля ІІ Сусветнай вайны знаходзілася сярэдняя школа, з 1954 г. — сельскагаспадарчы тэхнікум.

Помнік рэспубліканскага значэння.



ЛУЖАСНА. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ (УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА)


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1908 г. з цэглы ў в. Лужасна (Віцебскі р-н) на правым беразе Заходняй Дзвіны. Храм кананічнай чатырохчасткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, апсіда. Планіровачная асаблівасць царквы — прыбудова нізкай пяціграннай рызніцы да тарцовай усходняй сцяны апсіды. У сілуэце будынку две дамінанты — асноўны двух’ярусны кубападобны аб’ём з цыбулепадобным купалам на васьмігранным барабане і трох'ярусная (васьмярык на двух чацверыках) шатровая званіца э макаўкай ў завяршэнні. Фасады прарэзаныя арачнымі аконнымі праёмамі падвойнымі ў цэнтральным аб’ёме і строенымі ў званіцы. На фоне адкрытай цаглянай муроўкі вылучаюцца пабеленыя элементы дэкору, пазычаныя з арсенала старажытна-рускага дойлідства: кілепадобныя калонныя ліштвы акон, аркатурныя паясы, філёнгавыя лапаткі, зубчастыя фрызы. У інтэр’еры пануе прастора галоўнай двухсветлавой залы, у якую шырокімі арачнымі прасветамі расчыняюцца апсіда, бакавыя прыдзелы і трапезная.

Царква дзейнічае, адрамантаваная.


А.М. Кулагін



ЛУЖКІ. ВАДЗЯНЫ МЛЫН


Помнік прамысловага дойлідства ХІХ — пачатку ХХ ст. Пабудаваны ў в. Лужкі (Шаркоўшчынскі р-н) каля запруды на правым беразе р. Мнюта. Прастакутны ў плане трохпавярховы будынак пад высокім двухсхільным дахам. Цокальны паверх з бутавага каменю. Прафіляваны карніз аддзяляе два верхнія паверхі, надбудаваныя ў 1912 г. з цэглы. Унутры на кожным паверсе вылучаныя тры памяшканні: вялікае цэнтральнае і два вузкія тарцовыя. Унізе заходняй часткі будынку (у камеры) устаноўленыя две турбіны. У цэнтральным памяшканні цокальнага паверху зманціраваныя механізмы перадачы і рэгулявання руху турбін. На другім паверсе ўстаноўленыя жорны і прыстасаванні для сарціроўкі мукі. Адсюль па транспарцёры мука падаецца на трэці паверх.

Помнік рэспубліканскага значэння.


У.В. Алісейчык



ЛУЖКІ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік дойлідства ракако. Пабудаваны ў 1744—56 гг. з цэглы ў в. Лужкі (Шаркоўшчынскі р-н) пры кляштары піяраў, якія пасяліліся тут у 1741 г. пад апякунствам кашталяна полацкага Антона Жабы; перабудаваны ў 1843 г. пад праваслаўную царкву. Аднанефавы дзвюхвежавы храм з акруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Чатырохярусныя чацверыковыя вежы пастаўленыя кутом да плоскасці галоўнага фасаду, які ўвагнуты па акруглым абрысе, расчлянёны на тры ярусы карнізнымі паясамі і крапаваны пілястрамі. Фасады прарэзаныя разнастайнымі ца канфігурацыі і памерах аконнымі праёмамі: лучковымі, з фігурнымі перамычкамі, арачнымі, круглымі. У завяршэнні галоўнага фасаду фігурны шчыт. Зала храму перакрытая цыліндрычным скляпеннем на распалубках, сцены расчлянёныя паўкалонамі. Алтары былі ўпрыгожаныя круглай драўлянай пазалочанай скульптурай ў стылі ракако (скульптура Святога Пятра экспануецца ў Полацкім гісторыка-археалагічным запаведніку). Над уваходам хоры, абмежаваныя хвалістым парапетам.

Касцёл не дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Л.М. Кулагін



ЛУКОНІЦА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў в. Луконіца (Зэльвенскі р-н). Касцёл аднанефавы, з пяціграннай апсідай і сакрысціяй з паўночнага боку. Галоўны фасад завершаны вялікім шмат’ярусным франтонам, які аздоблены магутным карнізам, здвоенымі пілястрамі з капітэлямі карынфскага ордэру. Плоскасці сцен прарэзаныя невялікімі паўцыркульнымі вокнамі, уваходны партал лучковы. Тарэц апсіды з плоскімі пілястрамі па кутах завершаны атыкам, дабудаваным у пачатку XX ст. Побач з касцёлам трох’ярусная званіца. Ніжні і верхні ярусы ўпрыгожаныя плоскімі пілястрамі па кутах, завершаныя карнізамі. Дах шатровы, крывалінейнага абрысу.

Касцёл не дзейнічае. Захаваўся часткова.


А.Ю. Пятросава



ЛУНІНЕЦ


Горад, цэнтр Лунінецкага р-ну. За 240 км ад Берасця. Вядомы з 1540 г. як сяло Лулінец полацкага ваяводы Станіслава Давойны ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1588 г. 484 жыхары, 74 дамы, драўляная царква. У 1622 г. уладальнік Канстанцін Долмат падараваў яго Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыіі, у Пінскім павеце Менскай губерніі. У 1795 г. налічвалася 624 жыхары, 75 дамоў. У 1842 г. забраны ў дзяржаўную казну. Вырас з будаўніцтвам Палескіх чыгунак. У 1897 г. 3167 жыхароў, 855 двароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, горад, цэнтр павету Палескага ваяводства. З 1939 г. у БССР (8,3 тыс. жыхароў). З 1940 г. цэнтр раёну Пінскай вобл., з 1954 г. у Берасцейскай вобл. З 7.3.1963 г. — горад абласнога падпарадкавання.

Горад размешчаны ўздоўж чыгункі, якая падзяляе яго на два жылыя раёны — заходні і ўсходні. У заходнім размешчаныя асноўныя прамысловыя прадпрыемствы, большасць жылога фонду, чыгуначная станцыя, аўтавакзал; усходні раён — зона індывідуальнай жылой забудовы. Планіроўка сфармавалася ў канцы XIX ст.: дробная сетка жылых кварталаў з хаатычнай сістэмай вуліц. Пераважа драўляная індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, у цэнтры — шматпавярховая. Паводле генплану 1973 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід В. Токарава) горад развіваецца ў заходнім напрамку. Планіровачную структуру яго вызначаюць вуліцы Савецкая (з поўначы на поўдзень), Чырвоная (з паўночнага захаду на поўдзень) і Гагарына (з захаду на ўсход). Адміністрацыйна-грамадскі цэнтр склаўся на пл. Леніна, утворанай на скрыжаванні вуліц Савецкай і Чырвонай; на Прывакзальнай плошчы знаходзіцца гандлёвы цэнтр. Прамысловая зона фармуецца ў паўночнай і паўночна-ўсходняй частках гораду. Зона адпачынку — лесапарк ва ўсходнім жылым раёне; прадугледжана стварыць гарадскі парк у заходнім жылым раёне.

У горадзе захаваўся помнік дойлідства пачатку XX ст. — Крыжаўзвіжанская царква.


С.Ф. Самбук



ЛУНІНЕЦ. ЦАРКВА ЎЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў пачатку XX ст. ў заходняй частцы г. Лунінец (на скрыжаванні вуліц Шянерскай і Гагарына). Да асноўнага кубічнага аб’ёму з усходу далучаная паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі, з захаду — шырокая трапезная і шатровая званіца, з бакоў — вузкія прыдзелы. Асноўны аб’ём завершаны пяццю купаламі. Неатынкаваныя фасады маюць багаты дэкор (аркатурны фрыз, плоскія фігурныя і конхавыя нішы, трохкутныя франтоны). У інтэр’еры пануе падкупальная прастора цэнтральнай залы.

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



ЛУННА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ГАННЫ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1782 г. у цэнтры в. Лунна (Мастоўскі р-н), у 1895 г. рэканструяваны (без змен пакінутая толькі апсіда). Складаецца з прастакутнага ў плане асноўнага аб’ёму і пяціграннай апсіды. Сцены фасадаў абліцаваныя бутавым каменем, дойлідскія дэталі (ліштвы, карнізы, куты пілястраў) пабелены. Інтэр’ер мае выцягнутую па падоўжнай восі кампазіцыю. Зала расчлянёная дзюма радамі слупоў на тры нефы. Цэнтральны неф перакрыты драўляным падвесным цыліндрычным скляпеннем, у бакавых нефах столь драўляная плоская, у апсідзе перакрыцце цаглянае — конха. Ва ўсходняй частцы бакавых нефаў размешчаныя на 1/2 вышыні залы две сакрысціі з галерэямі. Уздоўж заходняй сцяны — хоры. Інтэр’ер упрыгожваюць сямю драўляных неагатычных разных алтароў работы мясцовых майстроў, разныя разеткі і арнаментальна-геральдычны жывапіс.

Касцёл дзейнічае.


С.А. Друшчыц, Л.В. Трэпет



ЛУЧАЙ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ТАДЭВУША (ЕЗУІТАЎ)


Помнік дойлідства позняга барока і класіцызму. Пабудаваны ў 1766—76 гг. у в. Лучай (Пастаўскі р-н) па фундацыі Тадэвуша Агінскага. Часткова перабудаваны ў 1-й палове ХІХ ст. (была змененая ордэрная пластыка і размаляваны інтэр’ер). Мураваная трохнефавая дзвюхвежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Галоўны фасад фланкіруюць трох’ярусныя вежы, раскрапаваныя кутнімі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваныя). Пры перабудове вежы былі завершаныя цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Галоўны фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохкутныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёлу раскрапаваныя пілястрамі. Па ўсім перыметры будынку праходзіць карнізны пояс дарычнага ордэру. Інтэр’ер вырашаны ў насычанай дойлідскай пластыцы. У цэнтральным нефе скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі, у бакавых — крыжовыя, над сяродкрыжжам — сферычны купал. Над уваходам — хоры. Ордэрную пластыку дапаўняюць размалёўкі ў тэхніцы грызайль. Аснова купалу запоўненая ілюзорна-перспектыўнай кампазіцыяй. У распалубках цэнтральнага нефу — чатыры размаляваныя васьмігранныя плафончыкі. На ветразях купалу, тарцовых сценах трансептаў, консе апсіды — выявы скульптур евангелістаў, святых і анёлаў. Сцены бакавых нефаў дэкарыраваныя размалёўкай, якая імітуе скульптурны рэльеф. Гэтак жа выкананае размешчанае над уваходам пано-картуш з выявамі двух воінаў са шчытамі воінскіх атрыбутаў. Разнастайным арнаментальным дэкорам запоўненыя ўсе плоскасці сцен і перакрыццяў.

Касцёл не дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


С.Г. Багласаў, Г. М. Ярмоленка



ЛЫНТУПЫ


Гарадскі пасёлак у Пастаўскім р-не, на р. Лынтупка. Цэнтр пасялковага Савету і саўгасу імя У.I. Леніна. За 42 км на захад ад Паставаў, 292 км ад Віцебску. Чыгуначная станцыя на лініі Пабрадзе — Крулеўшчына. Вядомыя з 1459 г. У канцы XVI ст. мястэчка Ашмянскага павету Віленскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Свянцянскага павету. У канцы XIX ст. ў Лынтупах школа, касцёл, тры крамы, карчма, кірмаш; праз мястэчка праходзіла вузкакалейка Новасвянцяны — Глыбокае. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Свянцянскім павеце. З 1939 г. у БССР, вёска ў Пастаўскім р-не. З 22.8.1967 г. — гарадскі пасёлак.

Сучасныя Лынтупы забудоўваюцца паводле генплану 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойлід Л. Пілатовіч, інжынер В. Асядоўская). Сістэма вуліц радыяльная. Асноўныя планіровачныя восі — вуліцы Красільнікава (праходзіць з паўночнага захаду на ўсход), Галубкова (з паўночнага захаду на поўнач), М. Казея і Маркава (з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад), на месцы скрыжавання якіх утвораная плошча з грамадскім цэнтрам. Вытворчая зона ў цэнтральнай і паўночна-заходняй частках. Захаваліся помнік дойлідства пачатку XX ст. — Андрэеўскі касцёл і помнік сядзібна-паркавага дойлідства — сядзіба з пейзажным паркам і сістэмай сажалак на тэрыторыі былога маёнтку ў паўночна-заходняй частцы пасёлку. У парку размешчаны Дом культуры, сярэдняя школа (у былой гасподе), адміністрацыйны будынак саўгасу.

Прадугледжанае развіццё ў наўночна-ўсходнім напрамку, забудова цэнтру шматпавярховымі жылымі дамамі, катэджамі, стварэнне сістэмы бульвараў, якія звяжуць грамадскі цэнтр і зону адпачынку.


С.Ф. Самбук



ЛЫНТУПЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АПОСТАЛА АНДРЭЯ


Помнік дойлідства неабарока. Пабудаваны ў 1908—14 гг. у г.п. Лынтупы (Пастаўскі р-н) на цэнтральнай плошчы. Дзвюхвежавая трохнефавая базіліка з паўцыліндрычнай апсідай. У дэкоры выкарыстаныя ордэрныя элементы: пілястры, франтоны, прафіляваныя карнізы.



ЛЫНТУПЫ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства пачатку ХХ ст. Створаная на паўднёва-заходняй ускраіне г.п. Лынтупы (Пастаўскі р-н), фармавалася ў канцы XVIII — XX стст. Першапачаткова належала Гільзенам. Сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю. Бішэўскім.

Ансамбль сядзібы падзяляецца на две зоны. Парадная зона перад палацам уключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За палацам і ставам размешчаная выцягнутая па папярочнай восі гаспадарчая зона. Цэнтр ансамбля — двухпавярховы мураваны палац (1907 г.) неарэнесанснага дойлідства. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе трох’ярусная чацверыковая вежа. Насычаная дойлідская пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Планіроўка калідорная.

Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (плошча 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры чатырох ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. Галоўны прастакутны выцягнуты па папярочнай восі стаў выдзелены каля дома гранітнай набярэжнай са сходамі (набярэжная мела дэкаратыўную скульптуру). У парку растуць клён срэбрысты, елка блакітная, арэх шэры, лістоўніца еўрапейская, піхта сібірская і інш. Сярод гаспадарчых пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі.


А.М. Кулагін



ЛЫСКАВА. ЗАМАК


Пабудаваны ў XV—XVII стст, каля в. Лыскава (Пружанскі р-н), на беразе рэчкі. Па перыметры квадратнага ў плане (68x68 м) замчышча насыпныя валы. За імі з захаду і поўдня быў вадзяны роў і яшчэ адзін меншы вал (шырыня ў аснове 4 м). На кутах замчышча стаялі драўляныя вежы (дыяметр 8 м, не зберагліся). З поўначы і ўсходу замак абкружаны балотамі, з поўдня і захаду на адлегласці 90 м — дугападобным валам і ровам.

Зберагліся заходні вал (шырыня ў аснове 10 м, у сярэдзіне ўезд у замак) і часткова паўднёвы.


М.А. Ткачоў



ЛЫСКАВА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ І КЛЯШТАР МІСІЯНЕРАЎ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў цэнтры в. Лыскава (Пружанскі р-н). Першы драўляны касцёл на гэтым месцы заснаваны ў 1527 г. па фундацыі Мацея Клачко, у 1751 г. Янам Быхаўцам перададзены місіянерам. Мураваны касцёл узведзены ў 1763—85 гг., у 1818 г. перабудаваная вежа. У 1866 г. перароблены ў праваслаўную царкву. У 1883—84 гг. пад наглядам дойліда П. Залатарова праводзіліся работы па аднаўленні храму, які абгарэў у 1881 г. (змураваныя новыя скляпенні, замененыя кроквенныя канструкцыі даху, пакрыццё і інш.).

Касцёл — мураваны аднанефавы, аднавежавы крыжападобны ў плане будынак з дзюма сакрысціямі абапал алтарнай апсіды. Неф, апсіда (крыху вузейшая ў плане) і квадратныя аб’ёмы трансепту накрытыя ўзаемна перпендыкулярнымі пакатымі дахамі. Дамінанта касцёлу — шмат’ярусная вежа. Яе куты раскрапаваныя слаістымі пілястрамі, бакавыя грані злучаныя крывалінейнымі сценкамі з плоскасцю сцяны галоўнага фасаду, насычанага элементамі дэкаратыўнага дойлідства; раскрапоўкамі, абрамленнямі праёмаў, падвойнымі пілястрамі, нішамі. Развіты гарызантальны пояс падзяляе аб’ёмы (акрамя апсіды) на две часткі, больш нізкая трактаваная як цокаль. Аконныя праёмы лучковыя. Інтэр’ер касцёлу аформлены пілястрамі і калонамі іанічнага і кампазітнага ордэраў, размаляванымі пад мармур. Неф перакрыты цыліндрычнымі скляненнямі на распалубках, крылы трансепту і сакрысціі — крыжовымі. Над уваходам — вузкія хоры. У 2-й палове XVIII ст. перад касцёлам (па адзінай восі) узведзены двухпавярховы сіметрычны ў плане П-падобны мураваны будынак кляштару (цяпер у ім лячэбная ўстанова). Цэнтр галоўнага фасаду кляштару вылучаны рызалітам. Сцены рытмічна расчлянёныя пілястрамі: шырокімі руставанымі на першым наверсе, падвойнымі на другім. Планіроўка калідорная з аднабаковым размяшчэннем пакояў.

Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



ЛЮБАНЬ


Горад, цэнтр Любанскага р-ну, на р. Арэса. За 160 км ад Менску. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваеццаа ў XVI ст. ў складзе Вялікага княства Літоўскага як прыватнае мястэчка Слуцкага княства, з канца XVI ст. ў Наваградскім, з 1791 г. у Случарэцкім паветах Навагрудскага ваяводства. Належала князю А.Ю. Алелькавічу (з 1582 г.), Радзівілам, у 1589—1621 гг. у закладзе ў слуцкіх мяшчан Тышэвічаў. У XVII ст. цэнтрам мястэчка была прастакутная ў плане гандлёвая плошча (з карчмой у цэнтры), ад якой у радыяльным напрамку адыходзілі чатыры вуліцы: Урэцкая (да мястэчка Урэчча), Старая, Паддубская і Новая, дзе ў 1668 г. было 75 драўляных дамоў, у 1682 г. — 100. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка (з 1808 г.) у Бабруйскім павеце. У канцы ХІХ ст. 766 жыхароў (1897 г.), царква, тры школы, два млыны, крама. Да сярэдзіны XIX ст. склалася рэгулярная планіроўка з узаемна перпендыкулярнымі вуліцамі, якія ўтваралі прастакутныя кварталы. У 1924—27 гг. і 1935—38 гг. цэнтр раёну ў складзе Слуцкай акругі БССР (у 1927—30 гг. у Бабруйскай акрузе). З 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак (3048 жыхароў) Менскай вобл. (з 20.9.1944 г. да 1954 г. у Бабруйскай вобл.). З 7.3.1968 г. — горад раённага падпарадкавання.

Галоўная кампазіцыйная вось гораду — вул. Першамайская з шырокім бульварам, да якой прылягаюць дробныя кварталы. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся па вул. Першамайскай і ўтворанай на ёй пл. Леніна. Забудаваны пераважна 2—3-павярховымі жылымі дамамі, пашыраны і аднапавярховыя сядзібнага тыпу. Па вуліцах Калініна і Першамайскай будуюцца 2—5-павярховыя дамы. У паўночнай частцы гораду, у раёне вуліц Гагарына і Лышчэні ствараецца мікрараён з 2—5-павярховай забудовай. Прамысловая зона размешчаная ў паўночна-ўсходняй і паўднёва-заходняй частках гораду. Зона адпачынку — р. Арэса і парк на яе ўзбярэжжы.

Паводле генплану і праекту забудовы цэнтру 1972 г. (інстытут "Белдзяржпраект") прадугледжанае развіццё гораду на захад, расшырэнне грамадскага цэнтру ўздоўж вуліц Першамайскай і Калініна, забудова яго шматпавярховымі дамамі.


Ю.А. Якімовгч, В.А. Крайко



ЛЮБЧА


Гарадскі пасёлак у Наваградскім р-не, на левым беразе Нёмана. За 26 км на паўночны ўсход ад Наваградку, 188 км ад Гародні. Вядомая з XV ст., у XVI ст. мястэчка ў Наваградскім павеце Вялікага княства Літоўскага. Належала Ф. Храптовічу, М. Меляшковічу, Г. Ельмановічу, Альбрэхту Гаштольду, Я. Кішку, Радзівілам, Вітгенштэйнам, Гагенлоэ. Неаднойчы спусташалася. У 1590 г. атрымала магдэбургскае права і герб: на блакітным полі срэбная падкова з трыма крыжамі, у сярэдзіне падковы два ласосі. Паводле гістарычных крыніц XVII ст., вядомы іншы герб гораду з выявай дзвюх вежаў на муры. У 2-й палове XVI ст. пабудаваны арыянскі збор, пазней ператвораны ў кальвінісцкі (не збярогся). У канцы XVI — 1-й палове XVII ст. пабудаваны замак (глядзі артыкул "Любча. Замак"), на тэрыторыі якога ў XIX ст. пастаўлены мураваны палац (глядзі артыкул "Любча. Палац"). У XVII ст. працавала друкарня; каля 140 дамоў. З 1795 г. ў складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Наваградскага павету. У канцы XIX ст. было больш за 200 двароў, 3374 жыхары (1897 г.), царква, школа, два кірмашы на год. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Наваградскага павету. З 1939 у БССР, гарадскі пасёлак у Баранавіцкай вобл., з 15.1.1940 г. цэнтр раёну. З 17.12.1956 г. у Наваградскім р-не.

Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Савецкая (галоўная), Юбілейная, 1 Мая, Чырвонаармейская, якія ўтварылі прастакутную сетку. Забудоўваецца паводле генплану 1986 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Адміністрацыйна-грамадскі цэнтр — пл. Салабуціна, утвораная паміж вуліцамі Юбілейнай і Чайкоўскага, якія перакрыжоўваюцца з вуліцамі Савецкай і Леніна. Зона адпачынку — р. Нёман, парк. Збярогся помнік дойлідства пачатку XX ст. — Ільінская царква ў неарускім стылі.

Прадугледжваецца расшырэнне грамадскага цэнтру, шматпавярховая капітальная забунова у цэнтры, сядзібная — у заходняй і паўднёвай частках пасёлку.


А.П. Грыцкевіч, А.М. Кулагін



ЛЮБЧА. ЗАМАК


Помнік палацава-замкавага дойлідства канца XVI — 1-й паловы XVII ст. Пабудаваны ў г.п. Любча (Навагрудскі р-н) на ўмацаваным валунамі высокім беразе Нёмана. У плане — прастакутнік (64x87 м), абведзены з трох бакоў ровам (шырыня да 30 м, глыбіня 7—10 м), чатыры кутнія вежы (зсталіся две), палац (не збярогся) і крапасныя сцены (таўшчыня 1,3 м) утваралі замкнёны ўнутраны двор. Збудаванні былі з цэглы і каменю. Паўднёва-заходняя вежа-брама — трох’ярусная (два ніжнія ярусы чацверыкі, трэці — васьмярык), накрытая шатровым дахам, мела пад’ёмны драўляны мост. Яе падмурак складзены з вялікіх камянёў. На сцяне, арыентаванай у бок панадворку, знаходзіўся гадзіннік. Паўднёва-ўсходняя вежа (пабудаваная ў XVII ст.) трох'ярусная, квадратная ў плане(8,3х8,3 м), накрытая шатровым дахам. Вежы выкарыстоўваліся пад жыллё. Вокны 2—3-га ярусаў былі прыстасаваныя для гарматнага бою, круглыя байніцы ўверсе — для ружэйнага. Перакрыцце першага яруса — скляпеністае, другога і трэцяга — бэлечнае. Па перыметры замкавага панадворку размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы. Ва ўсходняй частцы крапасной сцяны была фортка, якая выходзіла на другі мост. У XVIII ст. замак страціў сваё абарончае значэнне. У XIX ст. на яго тэрыторыі пабудаваны палац.

Помнік рэспубліканскага значэння.


М.А. Ткачоў



ЛЮБЧА. ПАЛАЦ


Існаваў у ХІХ ст. Пабудаваны ў 1864—70 г. на тэрыторыі замку. Мураваны палац з рысамі несапраўднай готыкі меў сіметрычную трохчасткавую кампазіцыю, якую стваралі прастакутныя ў плане бакавыя аднапавярховыя накрытыя двухсхільнымі дахамі крылы (галоўны двухпавярховы аб’ём з вальмавым дахам). Фасады галоўнага аб’ёму былі вылучаныя рызалітамі: паўночна-ўсходнім (завяршаўся трохкутным франтонам), паўднёва-заходнім і цэнтральным (завяршаліся парапетам). У месцах раскрапоўкі і на кутах размяшчаліся вежы, аформленыя зубцамі. Сцены тарцоў бакавых крылаў завяршалі ступеньчатыя франтоны з прастакутнымі праёмамі. Прастакутныя вокны палацу былі ўпрыгожаныя сандрыкамі. У галоўным аб’ёме (калідорная планіроўка) размяшчаліся залы і жылыя пакоі, у бакавых крылах — гаспадарчыя памяшканні. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую лепку, кафляныя печы. Тры лесвіцы, якія вялі з першага на другі паверх, былі ўпрыгожаныя балясамі.

Часткова разбураны ў гады І Сусветнай вайны. У 1947—49 гг. з выкарыстаннем фундаментаў і фрагментаў сцен палацу пабудаваная сярэдняя школа.


С.П. Адамовіч



ЛЮШНЕВА. ПАЛАЦ


Існаваў у 2-й палове XVIII — пачатку XX ст. ў в. Люшнева Баранавіцкага р-ну. Прастакутны ў плане аднапавярховы драўляны будынак з мезанінам быў завершаны высокім ламаным гонтавым дахам. Меў рысы стыляў барока і класіцызму. Цэнтр галоўнага фасаду быў вылучаны рызалітам, аформленым слупавым ганкам і завершаны трохкутным франтонам з паўкруглай люкарнай у тымпане. Атынкаваныя знадворку сцены мелі прастакутныя аконныя праёмы. Да аднаго з тарцоў палацу прылягала прастакутная ў плане каркасная з суцэльным зашкленнем аранжарэя. завершаная высокім паувальмавым дахам.


Ю.А. Якімовіч



ЛЯВОНПАЛЬ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства барока. Створаная ў 1750 г. у в. Лявонпаль (Міёрскі р-н) на левым беразе Заходняй Дзвіны на замову берасцейскага ваяводы М. Лапацінскага. Дойлід А. Гену (магчыма, Т. Жаброўскі). За ўдзел Лапацінскіх у паўстанні 1831 г. разрабаваная і разбураная казакамі. У 1842—45 гг. секвестраваная за пратэсты з боку ўладальнікаў і сялян супраць скасавання уніі. У 1919 г. гаспода адрамантаваная і прыстасаваная пад касцёл (унутраная планіроўка змененая). Ансамбль мае сіметрычна-восевую кампазіцыю. На восі сядзібы была пастаўленая брама з элементамі дарычнага ордэру.

Гаспода — мураваны аднапавярховы будынак з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай структурай і двухпавярховай цэнтральнай часткай, накрытай двухсхільным дахам з фігурнымі франтонамі на тарцах. Бакавыя выцягнутыя крылы з двухсхільнымі дахамі выступаюць на галоўным і дваровым фасадах глыбокімі рызалітамі, завершанымі трохкутнымі франтонамі. Будынак мае высокі цокаль, да галоўнага ўваходу вядзе шырокая лесвіца з тэрасай паміж двума маршамі. У дэкаратыўнай аздобе будынку выкарыстаная ордэрная пластыка: канеліраваныя пілястры, прафіляваныя карнізы і абрамленні прастакутных акон (мелі дэкор у стылі ракако), рустоўка і інш.

За домам і паўадкрытым дваром, які ўтваралі два мураваныя двухпавярховыя флігелі (збярогся заходні), размешчаны прастакутны фрагмент рэгулярнага тэраснага парку, абмежаванага каналамі. У 1791 г. у парку была пастаўленая мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 Мая. У XIX ст. насаджэнні набылі пейзажную арганізацыю.

Сядзіба выкарыстоўваецца як прафілакторый Менскага інстытуту культуры. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ЛЯВОНПАЛЬ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1774—1782 гг. у в. Лявонпаль (Міёрскі р-н) па фундацыі ваяводы берасцейскага Мікалая Лапяцінскага як уніяцкая, перабудаваная ў 1950-я гады. Асноўны прастакутны ў плане зруб накрыты двухсхільным дахам, пяцігранны алтарны зруб — больш нізкім шматсхільным. Сначатку царква мела галоўны фасад, завершаны дзвюма чацверыковымі вежамі і трохкутным франтонам з паўвальмай паміж імі. Пасля перабудовы тарэц даху закрыты вялікім трохкутным франтонам. Абапал алтару прыбудаваныя нізкія рызніцы. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя па восі галоўнага фасаду — два вокна з паўцыркульным завяршэннем. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю, над уваходам — хоры. З поўдня ад царквы стаіць двух’ярусная зрубна-каркасная чацверыковая званіца, накрытая пакатым шатром. Ярусы падзеленыя шырокім прычолкам. Ніжні ярус глухі, верхні — скразны.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



ЛЯДЫ. ДАБРАВЕШЧАНСКІ МАНАСТЫР


Помнік дойлідства барока Пабудаваны ў 2-й палове XVIII — 1-й палове XIX ст. ў в. Ляды (Смалявіцкі р-н). Уключае царкву Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы і жылы корпус.

Царква пабудаваная ў 1794 г. з цэглы. Трохнефавы храм з прастакутнай апсідай, накрыты двухсхільным дахам. Да алтарнай часткі прыбудаваныя две прастакутныя сакрысціі. Галоўны фасад па гарызанталі падзелены прафіляванымі карнізамі, па вертыкалі — пілястрамі і завершаны фігурным атыкавым франтонам з валютамі. Плоскасці паміж пілястрамі прарэзаныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Цэнтральная частка вылучаная парталам галоўнага ўваходу і здвоеным акном. Бакавыя фасады дэкарыраваныя плоскімі пілястрамі, франтонамі і нішамі. Унутраная прастора падзеленая на нефы чатырма квадратнымі ў плане слупамі. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі скляпеннямі. Сцены раскрапаваныя пілястрамі і паўкалонамі карынфскага ордэру ў барочнай інтэрпрэтацыі. Над уваходам — хоры на круглых слупах. Сцены бакавых нефаў і алтарнай часткі дэкарыраваныя размалёўкай, выкананай у тэхніцы грызайль.

Жылы корпус пабудаваны з цэглы ў 1811—50 гг. Аднапавярховы будынак Г-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны ўваход абрамлены высокім мураваным ганкам. Цокальны паверх вылучаны гарызантальнай цягай, якая ідзе па ўсім перыметры будынку. Тоўстыя сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі. Фасады дэкарыраваныя лапаткамі, філёнгавымі нішамі, рустам і завершаны карнізам. Планіроўка галерэйная. Памяшканні ў цокальным паверсе перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.

Царква не дзейнічае, у манастыры — школа. Помнік рэспубліканскага значэння.


В.М. Ладзіс



ЛЯСНАЯ. МЕМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС


Помнік дойлідства пачатку ХХ ст. Створаны ў в. Лясная (Слаўгарадскі р-н) у гонар 200-годдзя перамогі расейскіх войск над шведскім корпусам генерала А. Левенгаўпта ў бітве 28.9.1708 г. пад Лясной. Уключае мемарыяльныя капліцу (1912 г., дойлід А. Гаген), манумент у гонар перамогі (1906 г., скульптар А. Обер) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках расейскіх воінаў. Комплекс удала ўпісваецца ў ландшафт мясцовасці, дойлідска-мастацкая ідэя яго падпарадкаваная гераічнай тэме.

Кампазіцыйным цэнтрам з’яўляецца цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамантычнага кірунку рускага мадэрну. Завершаная васьмігранным шатром з невялікім барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная вышыня 40,9 м). Квадратнае ў плане (15х15 м) збудаванне. Першы ярус пастаўлены на п’едэстал (вышыня 2,1 м) з вялікіх гранітных блокаў, мае трохарачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў. Другі ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з чатырох бакоў высокімі арачнымі вокнамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хвасту. Сцены абліцаваныя залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздобленыя пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы: на галоўным фасадзе (на вышыне больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі першага ярусу ўсходняга фасаду (на вышыні 3 м). Інтэр’ер зальны. Капліца з’яўляецца прыкладам арганічнага сінтэзу дойлідства і мастацтва. У будынку размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Помнік рэспубліканскага значэння.

Манумент — дынамічная скульптурная кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на ўсход выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце — дошка з рэльефным надпісам: "У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708 г. 28 верасня 1908 г.". На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў бітвы.

У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная воінамі расейскай арміі ў 1708 г. адразу пасля бітвы па загаду Пятра I. Складалася з выцягнутага прастакутнага ў плане асноўнага зрубу, накрытага шатровым дахам з галоўкай у цэнтры, і квадратнага ў плане алтарнага (з невысокімі сакрысціямі па баках) зрубу, завершанага таксама галоўкай. Сцены былі вертыкальна ашаляваныя, вокны прастакутныя. У інтэр’ры знаходзіліся медныя мемарыяльныя дошкі з графічнымі выявамі бітвы. Не збераглася.


В.М. Чарнатаў



ЛЯХАВІЧЫ


Горад, цэнтр Ляхавіцкага р-ну, на р. Ведзьма. За 225 км на паўночным усходзе ад Берасця, чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Лунінец. Вядомыя з XV ст. ў Вялікім княстве Літоўскім. Мелі драўляныя ўмацаванні. З XVI ст. ў Наваградскім павеце. Належалі Хадкевічам, Сапегам, віленскаму біскупу I. Масальскаму, магнату С. Касакоўскаму. У канцы XVI ст. замест існаваўшага там невялікага драўлянага замку пабудаваны бастыённы мураваны замак, вядомы пад назвай "Ляхавіцкая фартэцыя" — адно з найбольш магутных умацаванняў не толькі ў Вялікім княстве Літоўскім, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Горад чатыры разы гарэў і быў зруйнаваны, у Паўночную вайну 1700—21 г. поўнасцю спустошаны. З 1791 г. у Случарэцкім павеце. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі. У канцы XIX ст. мястэчка, цэнтр воласці Слуцкага павету, 5016 жыхароў (1897 г.), каля 150 двароў, мураваная царква ў неарускім стылі (не захавалася), школа, лякарня, ганчарныя майстэрні, 30 крам, бровар, тры кірмашы на год. У 1907 г. пабудаваны цагляны касцёл у стылі неаготыкі (не захаваўся). З 1921 г. у складзе Польшчы, горад у Баранавіцкім павеце Навагрудскага ваяводства. З 1939 г. у БССР, у складзе Баранавіцкай вобл. 5,1 тыс. жыхароў. З 15.1.1940 г. — цэнтр раёну. З 1954 г. у Берасцейскай вобл. У 1959 г. 4,5 тыс. жыхароў.

Рака Ведзьма падзяляе тэрыторыю гораду на заходнюю і ўсходнюю часткі. Асноўная зона склалася на левым (усходнім) беразе ракі. У паўднёва-заходняй частцы сфармаваўся прамысловы раён. Горад развіваецца паводле генплану і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1973 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Жаўняк, В. Дутлава, Л. Комава, інжынеры Р. Ходас, Р. Шамес, I. Калеснік), карэкціроўкі генплану 1987 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Р. Арцемчык, Дз. Паташнікаў, інжынер Л. Каўчынскі). Планіровачная структура радыяльна-прамянёвая, утвораная магістральнымі вуліцамі Леніна (галоўная), Першамайскай, Я. Купалы, Арлоўскага, Камсамольскай, Менскай, якія з’яўляюцца прадаўжэннем аўтамабільных дарог. Пераважае аднапавярховая драўляная забудова сядзібнага тыпу. Капітальная 4—5-павярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтры ўздоўж вул. Леніна, а таксама ў паўдёвай (вул. Будаўнікоў) і паўднёва-ўсходняй (вуліцы Южакова і Чкалава) частках гораду. Адміністацыйна-грамадскі цэнтр склаўся на вул. Леніна.

Прадугледжанае развіццё гораду ў бок ракі і ўтворанай уздоўж яе поймы паркавай зоны. У жылой зоне, якая прылягае да цэнтру, прадугледжаная пяціпавярховая забудова з асобнымі дзевяціпавярховымі акцэнтамі. Зона адпачынку — рэкі Ведзьма і Шчара.


С.Ф. Самбук



ЛЯХАВІЧЫ. ЗАМАК


Існаваў у канцы XVI — 1-й палове XVIII ст. Пабудаваны ў канцы XVI ст. гетманам Я. Хадкевічам у Ляхавічах на беразе р. Ведзьма на ўзгорку, абкружаным ровам, узровень вады ў якім рэгуляваўся плацінай. Паказаны на гравюры 1660 г. Замак меў у плане форму правільнага чатырохкутніка з чатырма вялікімі бастыёнамі паліганальнай канфігурацыі і брустверамі. Земляныя ўмацаванні былі абмураваны каменем і цэглай. Да ўязной брамы з гадзіннікавай вежай, завершанай купалам, вёў рассоўны мост цераз роў. У глыбіні панадворку стаяў двухпавярховы П-падобны ў плане мураваны палац у стылі рэнесансу, накрыты двухсхільным чарапічным дахам з высокімі трохяруснымі шчытамі на тарцах.

Не збярогся.


М.А. Ткачоў



-М-



МАГІЛЁЎ

 

Горад на Дняпры, цэнтр Магілёўскай вобл. За 201 км ад Менску. У Магілёўскай хроніцы горад упершыню ўзгадваецца пад 1267 г. Паводле археалагічных раскопак, на яго ўсходняй ускраіне выяўленыя стаянка позняга мезаліту (VI—V стст. да н.э.), старажытныя гарадзішчы — Пелагееўскае (VI ст. да н.э. — XIII ст. н.э.) і Магіла (V ст.). У X ст. тэрыторыя сучаснага Магілёву ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі. Назва гораду, паводле легенд, паходзіць ад імя асілка Машэкі, над магілай якога насыпаны курган — так званая "Магіла льва"; паводле іншых легенд, звязана з імёнамі заснавальніка замка Льва Данілавіча Могія (магутны леў) ці полацкага князя Льва Уладзіміравіча (Льва Магутнага). Ядром старажытнага гораду быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубровенка і Дняпро. У дакументах упамінаецца пад 1320 г. як горад, залежны ад Віцебскага княства. З XIV ст. у складзе Вялікага княства Літоўскага (у 1496—1538 гг. у Маскоўскім княстве). Належаў жонцы Ягайлы каралеве Ядвізе (канец XIV — пачатак XV ст.), жонцы Аляксандра каралеве Алене Іаанаўне, з 1514 г. Ю. Зяновічу. У XV ст. горад складаўся з трох частак: умацаванага замку (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандлёвага пасаду (пазнейшы Стары горад; абмежаваны з захаду Дняпром, з усходу Дубровенкай, з поўначы замкавым ровам) і гандлёвай плошчы паміж імі. Каля 1526 г. на месце старогу пабудаваны новы замак. У 1561 г. Магілёў атрымаў права на войтаўства (гарадское кіраванне), у 1577 г. — магдэбургскае права (да 1775 г.) і герб з 1661 г. (на блакітным полі тры вежы з выявамі рыцара ў адчыненай сярэдняй браме і над ім дзяржаўнага герба "Пагоня"). У 1589—1772 гг. цэнтр Магілёўскай эканоміі. У XVI ст. тэрыторыя пасаду значна пашырылася, на поўнач ад яго пачала фармавацца новая жылая забудова (пазнейшы Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубровенкай (Задубровенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 гг. былі ўзведзеныя тры паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам): Замкавы вал вакол тэрыторыі старажытнага замку; Кругавы, ці Бліжні, вакол Старога гораду з чатырма брамамі (драўляная Ветраная і мураваныя Алейная, Дубровенская, ці Малая, Каралеўская — спачатку была драўляная і называлася Шклоўская); Палявы, ці Дальні, вакол Новага гораду з васьмю брамамі (Курдзянеўская, Ледзвяеўская, Шклоўская, Віленская, Уструшненская, Трыснёнская, Быхаўская і Папінская). У XVII ст. ў асноўным сфармавалася планіровачная структура. Цэнтрам гораду была Гандлёвая плошча (зараз пл Савецкая, у 1604 г. тэрыторыя больш як 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крамаў і ратуша. Ад плошчы адыходзілі две галоўныя вуліцы — Шклоўская (сучасная вул. Першамайская) і Ветраная (сучасная вул. Ленінская), якія разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (паўночны захад), Быхаў (захад) і Мсціслаў (поўдзень) фармавалі радыяльную сістэму планіроўкі гораду. У XVII—XVIII стст. сфармавалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу вылучаліся; Мікалаеўскай царквы комплекс, Успенская царква і Пакроўская царква, Богаяўленскі манастыр, касцёл і калегіюм езуітаў, фарны касцёл. У 1708 г. у час Паўночнай вайны Магілёў быў спалены і разрабаваны, да сярэдзіны XVIII ст. адноўлены. У 1604 г. было больш за 15 тыс. жыхароў, 2211 дамоў, у 1765 г. — 1872 дамы. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр Магілёўскай правінцыі (да 1775 г.) і губерні, з 1778 г. — намесніцтва, з 1796 г. — павета Беларускай губерніі, з 1802 г. Магілёўскай губ. У 1781 г. зацверджаны новы герб: "Пагоня" на чырвоным полі, дадаткова верхняя палова — дзвюхгаловы арол (герба Расейскай імперыі). У 1778 г. распрацаваны праектны план гораду, які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ай рэгулярны характар. З пачатку XIX ст. пачынаюць знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту гораду. У 1809 г. быў скапаны Кругавы вал і засыпаны роў, што падзяляў Стары і Новы горад. Да 1822 г. былі ўпарадкаваны две галоўныя вуліцы, праз якія праходзіў роў, — пр-т Дняпроўскі (былая вул. Шклоўская) і вул. Вялікая Садовая (былая вул. Ветраная). На месцы Замкавага валу ў 1850 г. пракладзеныя Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны XIX ст. сфармаваліся ансамблі Губернатарскай плошчы (былая Гандлёвая плошча) з адміністрацыйнымі будынкамі і Саборнай плошчы з Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манументальнай брамай і будынкам манежу. Дойлідска-мастацкае аблічча цэнтральнай часткі гораду ў XVIII—XIX стст. вызначалі культавыя, жылыя і адміністрацыйныя будынкі: Спаскі манастыр, архірэйскі палац, будынкі духоўнай семінарыі, касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардынаў, архіепіскапскі палац, будынак мужчынскай гімназіі, двухпавярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на вуліцах Быхаўскай, Віленскай, Чарнігаўскай, Чавускай, Шклоўскай на месцы драўляных былі збудаваныя мураваныя брамы. У 1878 г. у цэнтральнай частцы гораду пракладзены водаправод, тэлефон, пушчаная конка. Праектны план 1899 г. намячаў далейшае развіццё Магілёву, вылучаліся асноўныя дыяметры: пр-т Дняпроўскі (поўнач), вул. Віленская (заход), вул. Новачарнігаўская (поўдзень), вул. Быхаўская (паўднёвы захад). На планіровачную структуру канца XIX — пачатку XX ст. значны ўплыў зрабіла буддаўніцтва чыгункі (у 1902 г. пракладзеная чыгуначная лінія). У паўночнай частцы гораду на вул. Кацярынінскай (праходзіла ўздоўж чыгункі, працяг Дняпроўскага праспекту) утвораная Прывакзальная плошча з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам чыгуначнага вакзалу. На скрыжаванні Дняпроўскага праспекту і вул. Дваранскай пасля ўзвядзення будынку абласнога драматычнага тэатру сфармавалася Тэатральная плошча. Тэрыторыя гораду значна пашырылася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Луналаўскае; на правым беразе Дняпра створаная сядзіба "Піпенберг". Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтральнай частцы. У канцы XIX — пачатку  XX ст.  ўзведзеныя: будынак банку, будынак пазямельна-сялянскага банку, будынак крэдытнага таварыства, будынак губернскага праўлення, будынак настаўніцкага інстытуту, будынак жаночага епархіяльнага вучылішча, будынак рэальнага вучылішча, будынак жаночай гімназіі, будынак дваранскага сходу, Барысаглебскія цэрквы і інш. З 26.4.1919 г. Магілёў — цэнтр павету Гомельскай губерніі РСФСР. З 1924 г. у складзе БССР: цэнтр Магілёўскага р-ну, у 1924—30 гг. — акругі, з 1938 г. — цэнтр вобласці.

За гады першых пяцігодак у горадзе рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прамысловыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае будаўніцтва. На галоўных вуліцах і незабудаваных тэрыторыях узводзіліся шматкватэрныя жылыя дамы, сярод першых — на вуліцах Першамайскай, Будзённага (1929—30 гг.). Пачалася комплексная забудова раёнаў гораду, як рабочы пасёлак імя Кірава аўтарамонтнага заводу (1933—35 гг., на Воршанскай шашы) і інш. Першы генплан сацыялістычнай рэканструкцыі, распрацаваны ў 1936—39 гг. (інстытут "Белдзяржпраект", дойліды Н. Трахтэнберг, М. Андросаў), у асноўным захоўваў планіроўку, што склалася гістарычна. Пачалося развіццё гораду ў шыротным напрамку. Структуру гораду вызначалі два узаемна перпендыкулярныя дыяметры — Першамайская вуліца і пр-т Міру, на скрыжаванні якіх сфармаваўся новы адміністрацыйна-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 гг. тут пабудаваныя Дом Саветаў, адміністрацыйны будынак (зараз галоўны корпус машынабудаўнічага інстытуту), пяціпавярховыя жылыя дамы (дойліды А. Брэгман, А. Воінаў); узведзеныя таксама гатэль "Днепр", кінатэатры "Радзіма" і "Чырвоная Зорка" і інш.

Пасля ІІ Сусветнай вайны горад развіваўся паводле генплану аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 гг. ("Белдзяржпраект", дойліды Андросаў, Г. Парсаданаў). Асноўная ўвага аддавалася забудове цэнтральнай вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. У 1960—80-я гады забудоўваўся пераважна буйнымі жылымі масівамі — мікрараёнамі і жылымі раёнамі. Першыя мікрараёны стварыліся ў заходняй частцы гораду — Магілёў-2 (з 1962 г.), Мір-1, Мір—2 (з 1964 г.). Паводле генплану 1969 г. ("Белдзяржпраект", дойліды Ю. Глінка, М. Трагубовіч, М. Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсходнім і паўднёвым напрамках. Пачалася комплексная шматпавярховая забудова былых ускраін — паўднёвай (былое Лупалаўскае прадмесце) і ўсходняй (былая Машэкаўка). У паўднёвай частцы гораду фармаваўся Задняпроўскі жылы раён. У цэнтральнай частцы ўзведзеныя будынкі раённага сацыяльнага прызначэння: гатэль "Магілёў", Дом палітасветы (дойліды В. Шаўчэнка, А. Кучарэнка), Палац піянераў і школьнікаў (дойліды М. Семяненка, А. Мельнікаў), Палац культуры і тэхнікі вытворчага аб’яднання "Хімвалакно" (дойліды Я. Смальгоўскі, В. Ладыгіна, В. Астаповіч), Магілёўскага абкому (дойліды Ю. Шпіт, Кучарэнка) і гаркому КПБ (дойлід К. Аляксееў), кінатэатр "Кастрычнік" (дойлід Кучарэнка), карпусы інстытутаў педагагічнага (дойліды I. Фралоў, Кучарэнка) і тэхналагічнага (дойліды Ю. Павалій, У. Начараў, С. Сень), навукова-вытворчага аб’яднання па вул. Ленінскай (дойлід В. Кільчыцкі), школы прафтэхадукацыі (дойлід Мельнікаў) і базавага педвучылішча (дойліды У, Кузняцоў, Н. Кузняцова), абласнога статыстычнага ўпраўлення і вяслярная база (дойлід I. Голубева), цір "Робін Гуд" (дойліды Ю. Іўжанка, Я. Бранцаў), 9—12-павярховыя жылыя дамы з прадпрыемствамі побытавага абслугоўвання і гандлю на Ленінскай вул. (Фралоў, Г. Борахаў, Бранцаў, Іўжанка) і інш. На Савецкай плошчы ўзведзены мемарыяльны комплекс "Змагарам за Савецкую ўладу". Паводле карэкціроўкі генплану 1969 г. (1981 г., БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Глінка, А. Горб, М. Мызнікаў) горад развіваецца ў паўночна-ўсходнім напрамку, ствараецца агульнагарадскі цэнтр уздоўж пр-ту Міру.

Генпланам 1988 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжаная рэканструкцыя забудовы, запланаванай праектам рэканструкцыі цэнтру 1974 г. (адойліды Фралоў,  Н. Янчык), далейшае развіццё гораду ў паўночна-ўсходнім напрамку, стварэнне адзінай водна-зялёнай сістэмы. Зона адпачынку — лесапаркі Пячэрскі са штучным возерам і Любужскі, гарадскі Парк культуры і адпачынку імя М. Горкага.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. ВУЛІЦА ПЕРШАМАЙСКАЯ


Цэнтральная вуліца гораду, яго галўная транспартная магістраль. Створаная на месцы былога Дняпроўскага праспекту (называлася таксама вул. Шклоўская, вул. Ульянавай-Крупскай). Праходзіць па тэрыторыі цэнтральнага планіровачнага раёну з поўначы на поўдзень, ад пл. Савецкай да Шклоўскай шашы. Даўжыня 6350 м. Як галоўная кампазіцыйная вось адыгрывае значную ролю ў планіровачнай арганізацыі гораду. Забудаваная буйнымі адміністрацыйна-грамадскімі і жылымі дамамі. Транспартныя магістралі, якія перасякаюць вул. Першамайсукю, звязваюць яе з усімі раёнамі гораду. На ёй размешчаныя плошчы Прывакзальная, Леніна, Тэатральная, Савецкая. Зберагліся помнікі дойлідства XVII — пачатку XX ст., якія актыўна ўдзельнічаюць у фармаванні лойлідскіх ансамбляў вуліцы: будынак ніжняга суду, управы і архіва (з 1883 г. будынак Магілёўскага акруговага суду), чыгуначны вакзал, будынак абласнога драматычнага тэатру, будынак жаночай гімназіі, будынак дваранскага сходу, мемарыяльная арка. Фарміраванне вуліцы пачалося ў XVI ст. на тэрыторыі Шклоўскага прадмесця Новага гораду на поўнач ад цэнтральнай Гандлёвай плошчы (глядзі артыкул "Магілёў. Губернатарская плошча"). Пачатак фармаванню сучаснага дойлідскага аблічча вуліцы паклаў генплан сацыялістычнай рэканструкцыі гораду 1936—39 гг. (дойліды М. Андросаў, Н. Трахтэнберг), паводле якога на скрыжаванні вул. Першамайскай з пр-там Міру створаны новы грамадскі цэнтр гораду — пл. Леніна з Домам Саветаў, адміністрацыйным будынкам, пяціпавярховым жылым домам (дойліды А. Брэгман, А. Воінаў), пабудаваны гатэль "Дняпро", рэканструяваны кінатэатр "Чырвоная зорка". У пасляваенныя гады паводле генплану 1947—50 гг. (дойліды Андросаў, Г. Парсаданаў) пачалася рэканструкцыя вуліцы ад пл. Савецкай да пл. Леніна. У пачатку 1950-х гадоў пабудаваны жылы 143-кватэрны дом на ўчастку паміж вул. Лазарэнкі і кінатэатрам "Чырвоная зорка", на процілеглым усходнім баку — пяціпавярховыя жылыя дамы (дойліды Д. Саннікаў, А. Семяненка) з крамамі ў першым паверсе. У дойлідстве выкарыстаныя элементы класічнай спадчыны. Адначасова завершаная рэканструкцыя плошы Леніна (пастаўлены помнік Леніну, скульптар П. Сабсай, дойлід В. Волчак, пяціпавярховы жылы дом) і Савецкай (на ёй пліта чырвонаармейцам, якія загінулі ў 1920 г.). У 1960—70-я гады пабудаваны Дом палітасветы на Тэагральнай плошчы (дойліды У. Шаўчэнка і А. Кучарэнка), будынак абкому КПБ (дойліды Ю. Шпіт, Кучарэнка), шасціпавярховы 80-кватэрны жылы дом з прадпрыемствамі абслугоўвання, крамамі ў першым паверсе (на рагу з вул. Міронава, дойлід I. Голубева) і 111-кватэрны (дойлід Кучарэнка), Дом быту, будынак універмагу (дойлід У. Пушкін). У 1970—80 я гады ў адпаведнасці з праектам рэканструкцыі і забудовы вуліцы на ўчастку паміж плошчамі Леніна і Тэатральнай (дойліды I. Фралоў, М. Янчык) вуліца пашыраная за кошт зносу з усходняга боку старых і малакаштоўных(?) забудоў. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя гэтай часткі забудовы заснаваная на кантрасце вышынных будынкаў на заходнім баку і падоўжаных — на ўсходнім. У 1981 г. на ўчастку паміж вул. Мігая і вул. Будзённага пабудаваныя 9—12-павярховыя жылыя дамы з прадпрыемствамі побытавага абслугоўвання і гандлю (дойліды Фралоў, Г. Борахаў, Я. Бранцаў, I. Іўжанка).

На пл. Савецкай у 1982 г. на высокім беразе Дняпра створаны мемарыяльны комплекс "Змагарам за Савецкую ўладу" (скульптар Л. Гумілеўскі, дойліды К. Аляксееў, А. Іваноў). Сэнсавай і пластычнай дамінантай мемарыяла з’яўляецца бронзавая фігура жанчыны (вышыня 7 м) на гранітным пастаменце (вышіня 13 м) — сімвал Перамогі, аднаўлення жыцця, вечнага руху наперад. На пляцоўцы перад манументам — абліцаваныя гранітам стэлы з пяццю бронзавымі барэльефамі на тэмы Кастрычніцкага перавароту, калектывізацыі, абароны Магілёву ў 1941 г., партызанскага руху, мірнага будаўніцтва на Магілёўшчыне. Спалучэнне ў барэльефах выяў у розных ракурсах стварае своеасаблівы эфект адлюстравання ў пластыцы падзей мінулых часоў і сучаснасці. Каля падножжа манументу — вечны агонь. У мемарыяльны комплекс уключаны магілы чырвонаармейцаў часоў грамадзянскай вайны.


С.Ф. Самбук



МАГІЛЁЎ. АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ БУДЫНАК


Пабудаваны ў 1938—41 гг. (дойлід П. Абросімаў). Уваходзіць у ансамбль пл. Леніна. Да ІІ Сусветнай вайны ў ім размяшчалася Магілёўская міжкраявая школа НКУС—НКДБ. 12.6.1941 г. у будынку школы сфармаваны полк народнага апалчэння. З 1961 г. тут размешчаны галоўны корпус машынабудаўнічага інстытуту. Пяціпавярховы П-падобны ў плане будынак, у будаўніцтве якога выкарыстаныя прыёмы класічнага ордэрнага дойлідства. Галоўны фасад, што выходзіць на плошчу, фланкіраваны двума рызалітамі, вырашанымі ў выглядзе калонных порцікаў з шасцю калонамі карынфскага ордэру (крайнія — падвойныя) на вышыню чатырох паверхаў. Першы паверх, абліцаваны гранітам, трактуецца як цокаль. Шырокая частка фасаду паміж рызалітамі рытмічна расчлянёная прастакутнымі аконнымі праёмамі, паміж якімі размешчаны пілястры карынфскага ордэру. Сцены завершаныя прафіляваным карнізам і атыкам. Планіроўка калідорная, па цэнтры будынку трохмаршавая лесвіца. У 1970-я гады да галоўнага прыбудаваны спартыўна-клубны корпус (дойліды М. Семяненка, А. Кучарэнка), фасады якога аформленыя лапаткамі і завершаныя карнізам.

Помнік рэспубліканскага значэння.


В.Б. Ангелаў



МАГІЛЁЎ. АЛЯКСАНДРАЎСКІ ПАЛАЦ (ДОМ ПАСЕКАВЙ)


Існаваў у канцы XVIII — XIX стст. Пабудаваны ў 1780 г. у стылі класіцызму як рэзідэнцыя Кацярыны II (у Магілёве адбылася яе сустрэча з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II). Знаходзіўся ў глыбіні Саборнай плошчы за Іосіфаўскім саборам, галоўным фасадам выходзіў на вул. Шклоўскую (сучасная вул. Першамайская). Драўляны аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з паўпадвальным паверхам, накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад быў багата аздоблены: вялікія прастакутныя вокны з ліштвамі і сандрыкамі, яго вылучалі тры рызаліты: цэнтральны завяршаўся франтонам, бакавыя — упрыгожаныя пілястрамі дарычнага ордэру, прафіляваным карнізам з трыгліфным фрызам. Планіроўка анфіладная з параднымі памяшканнямі ў цэнтральнай частцы. У 1808 г. палац заняпаў. У 1815 г. зроблены яго чарцёж (з натуры) настаўнікам (у архіўных матэрыялах ёсць хадайніцтва аб перадачы будынку Віленскаму універсітэту і стварэнні ў ім губернскай гімназіі).

Палац адзначаны на генплане гораду 1842 г.


В.Ф. Марозаў



МАГІЛЁЎ. АРХІЕПІСКАПСКІ ПАЛАЦ


Помнік дойлідства класіцызму. Разам з ансамблем Спаскага манастыру і будынкамі духоўнай семінарыі складаў адзіны горадабудаўнічы комплекс. З’яўляўся рэзідэнцыяй каталіцкага архіепіскапа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча (да 1827 г.). Пабудаваны ў 1780-я гады. Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з двума невялікімі бакавымі крыламі, накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад (з трыма плоскімі рызалітамі) арыентаваны ў бок Дняпра, тарцовы фасад — на вул. Ветраную (сучасная вул. Ленінская, 25). Цэнтральны рызаліт завершаны прастакутным атыкам, бакавыя — трохкутнымі франтонамі. Паверхі вылучаныя развітымі гарызантальнымі цягамі, ніжні паверх аздоблены рустам, верхні — пілястрамі. Вокны прастакутныя, з разнастайным абрамленнем. Планіроўка анфіладная з цэнтральным вестыбюлем і трохмаршавай лесвіцай (змененая). На першым паверсе знаходзіліся службовыя і гаспадарчыя памяшканні, на другім — пакоі архіепіскапа (спальня, гасціная, бібліятэкака, кабінет, вялікая зала), у заходнім крыле — капліца (займала другі паверхі). Дваровым фасадам будынак выходзіў у сад, дзе знаходзіліся карпусы духоўнай кансісторыі (не захаваліся).

Цяпер у будынку размешчаная спецыяльная дзіцяча-юнацкая спартовая школа № 6. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. АРХІРЭЙСКІ ПАЛАЦ


Помнік дойлідства позняга барока. Уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра, разам з якім і будынкамі духоўнай семінарыі складаў адзіны горадабудаўнічы комплекс. З’яўляўся рэзідэнцыяй праваслаўнага архіепіскапа Георгія Каніскага ў 1785—95 гг. (па ініцыятыве якога і быў пабудаваны), з 1797 г. Анастасія Братаноўскага. Узведзены на архірэйскім двары ў 1762—85 гг. паводле праекту дойліда I.К. Глаўбіца.

Размяшчаўся ў глыбіні кварталу на высокім беразе Дняпра, галоўным фасадам быў арыентаваны ў бок вул. Ветранай (сучасная вул. Ленінская). Мураваны трохпавярховы будынак (трэці паверх — атыкавы ў цэнтральнай частцы), прастакутны ў плане з сіметрычнымі двухпавярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Галоўны і дваровы фасады (з глыбокім гарызантальным рустам сцен, руставанымі пілястрамі на кутах) маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прастакутныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Галоўны ўваход (з боку архірэйскага панадворку) вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. У інтэр’еры цэнтральнае месца займаў вестыбюль з трохмаршавай лесвіцай. На першым паверсе знаходзіліся парадная зала для прыёмаў і службовыя пакоі, на другім — пакоі архіепіскага (спальня, кабінет, бібліятэка), на трэцім — гаспадарчыя памяшканні. У 1918 г. у будынку размяшчалася Магілёўская губчэка. У далейшым унутраная планіроўка была часткова змененая. Палац выкарыстоўваецца як жылы дом. 

Пасля 1853 г. на тэрыторыі архірэйскага падвор’я (на вул. Ветранай, на галоўнай восі палацу) як галоўны ўезд пабудавана мураваная брама: два масіўныя пілоны, аздобленыя дзвюма дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі, накрыты двухсхільнымі дахамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БАРЫСАГЛЕБСКІЯ ЦЭРКВЫ


Помнікі дойлідства XIX ст. (зав. Брусава, 2). Комплекс складаецца з двух цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў XVII ст як жылы дом, у XIX ст. перабудаваны пад царкву (у літаратуры вядомая як Барысаглебская, у сапраўднасці называлася Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — аднапавярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на два рознавялікія памяшканні, завяршаўся чатырохсхільным дахам. Меў рысы дэкору, характэрныя для XVII ст. (дэкаратыўны раслінны арнамент, які нагадваў беларускія матывы, фрэска на аўднёвай сцяне, шырокі карніз у верхняй частцы сцяны, які апяразвае па перыметры ўвесь будынак). У XIX ст. палавіна ўсходняй сцяны была пераробленая ў трохгранную апсіду, да заходняй сцяны была прыбудаваная двух’ярусная званіца з шатровым дахам і  цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку быў узведзены галоўны драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова набыла рысы псеўдарускага стылю.

Другая царква ўзведзеная ў 1869 г. шасцістаўповы трохнефавы крыжова-купальны храм. У дойлідска-стылявой трактоўцы спалучаныя рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асноўнага аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства XVII ст. (пяцікупалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).

Цэрквы дзейнічаюць.


Г.А. Лаўрэцкі



МАГІЛЁЎ. БОГАЯЎЛЕНСКІ МАНАСТЫР


Існаваў у XVII—XX стст. Адзін з буйнейшых праваслаўных манастыроў на Беларусі. З ім звязаная дзейнасць магілёўскага праваслаўнага брацтва, пераведзенага з Спаскага манастыра. У канцы XVIII ст. манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і "цёплая" (зімовая) Іаана Багаслова, пабудаваная ў канцы 1630-х гадоў, званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дом настаяцеля, гаспадарчыя пабудовы. Будаўніцтва манастыра пачатае ў 1618 г. на месцы домў з пляцам (на вул. Шклоўскай, цяпер вул. Першамайская), купленага ў княгіні Саламярэцкай (фундатар князь Ян Агінскі). Богаяўленская царква пабудаваная Варламам Палоўкам і Арсеніем Азаровічам у 1633—36 гг. у стылі ранняга барока паводле прывілея на новую забудову, падпісанага каралём Уладзіславам IV. Царква — мураваная трохвежавая трохапсідная дзесяцістаўповая крыжова-купальная базіліка з васьмігранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700 г.) над сяродкрыжжам. Галоўны фасад (перабудаваны ў XVIII ст.) меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся дзвюма вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус быў аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер быў багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (XVII—XVIII стст.) работы мясцовых майстроў з абразамі іканапісца Афанасія Пігарэвіча і інш. у срэбных абкладах (1755 г.) работы магілёўскага чаканшчыка Пятра Слізіка (Сліжыка). У 1657 г. побач з царквой пачатае будаўніцтва чатырох’яруснай вежы-званіцы, на якой у 1686 г. устаноўлены гадзіннік, зроблены манахам Макарыем. Царква разбуралася ў 1708 г. і 1748 г., у 1750—60 гг. праводзіліся аднаўленчыя работы, з 1812 г. была паўразбураная, у 1850 г. поўнасцю адноўленая, у 1866 г. адноўленыя мураваная брама і званіца. Прасторавая кампазіцыя царквы аказала значны ўплыў на дойлідскае аблічча шэрагу праваслаўных храмаў Беларусі.

У 1928 г. абедзве царквы былі закрытыя, у іх будынках размяшчаліся цэнтральныя архівы БССР. Комплекс разбураны ў ІІ Сусветную вайну.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК АБЛАСНОГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРУ


Помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Узведзены ў 1886—88 гг. у цэнтры гораду паводле праекту дойліда П. Камбурава і інжынера У. Мільяноўскага; мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтральнае месца займае прастакутная ў плане глядзельная зала (на 500 месцаў) з закругленай задняй сцяной. На галоўным фасадзе выступаюць два вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе двухбаковая крывалінейная ў плане лесвіца. Вакол глядзельнай залы згрупаваныя вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У дойлідскім вырашэнні фасадаў спалучаецца адкрытая чырвоная муроўка з белымі атынкаванымі дэталямі псеўдарускага стылю (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў і нішаў разнастайных форм). Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве.


Т.I. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК АКРУГОВАГА СУДУ


Помнік дойлідства класіцызму. Узведзены ў 1770-я гады на Губернатарскай плошчы (сучасная пл. Савецкая) як будынак ніжняга земскага суду, урачэбнай управы і архіву. Мураваны прастакутны ў плане будынак быў падзелены капітальнымі сценамі на тры часткі (для кожнай установы). З боку дваровага фасаду кожная з устаноў мела асобны дворык, абнесены мураванай сцяной (не захаваліся). У 1883 г. будынак часткова перабудаваны (надбудаваны трэці паверх, дэкарыраваны галоўны фасад, змененая ўнутраная планіроўка) і прыстасаваны пад акруговы суд. Галоўны трохпавярховы (з паўпадвальным паверхам) фасад выходзіць на плошчу. Паверхі падзелены карнізнымі цягамі. У цэнтры галоўнага фасаду — уваходны партал (спачатку існавалі тры асобныя ўваходы., адпаведна фасад быў аздоблены трыма рызалітамі, завершанымі атыкамі з франтонамі). Цэнтральная частка фасаду завершаная над карнізам прастакутным прафіляваным атыкам і дэкарыраваная плоскімі пілястрамі па тры паабапал увахода. На першым паверсе пілястры руставаныя, на другім — парныя, на трэцім — гладкія. Падобныя пілястры захаваліся на бакавых частках будынку (абапал першапачатковых уваходаў) і на кутах фасадаў. Прастакутныя аконныя праёмы ў простых ліштвах на першым і трэцім паверхах аздобленыя замковым каменем, на другім завершаны праз адно прастакутнымі сандрыкамі або трохкутнымі франтонамі. Будынак завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Дэкаратыўныя дэталі (пілястры, паясы, ліштвы, сандрыкі) вылучаныя асобным колерам.


Разбураны ў гады ІІ Сусветнай вайны. У 1950-я гады адноўлены і пераабсталяваны пад Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК БАНКУ


Помнік грамадзянскага дойлідства пачатку XX ст. Пабудаваны ў 1904—06 гг. у эклектычным стылі (дойлід П. Камбураў) у Магілёве (сучасная вул. Ленінская, 50) як аддзяленне Маскоўскага міжнароднага банку. Мураваны сіметрычны двухпавярховы прастакуны ў плане будынак. Галоўны фасад вылучаны разалітам з высокімі арачнымі вокнамі на другім паверсе і пілястрамі карынфскага ордэру паміж імі. Першы паверх руставаны, з прастакутнымі вокнамі. Сцены рызаліту завяршае дэкарыраваны атык. Галоўны ўваход, які знаходзіўся ў левай частцы будынку, быў падкрэслены магутным парталам з карынфскім пілястрам і трохкутным франтонам. Тэрыторыя банку была абкружаная мураванай сценкай (захавалася часткова). У комплекс уваходзілі таксама два жылыя будынкі і гаспадарчыя пабудовы (не захаваліся). Планіроўка традыцыйная для банкаўскіх устаноў. Па восі на другім паверсе размешчаная аперацыйная зала. Абапал калідораў згрупаваны службовыя памяшканні.



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК ГУБЕРНСКАГА ПРАЎЛЕННЯ


Пабудаваны ў 1778 г. на Губернатарскай плошчы (сучасная пл. Савецкая) у стылі класіцызму. Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з прыбудовамі з боку дваровага фасаду, злучаных з асноўным аб’ёмам мураванай сцяной. Шырокім галоўным фасадам выходзіў на плошчу. Паверхні падзяляліся карнізным поясам. На галоўным фасадзе вылучаліся тры неглыбокія рызаліты: цэнтральны, завершаны прастакутным атыкам, і бакавыя, завершаныя трохкутнымі франтонамі. Сцены першага ярусу рызалітаў былі аздобленыя рустам і мелі паўцыркульныя аконныя праёмы. У цэнтральным рызаліце знаходзіўся галоўны ўваход з шырокай вонкавай лесвіцай. Астатнія аконныя праёмы прастакутныя, на другім ярусе рызалітаў былі аздобленыя трохкутнымі франтонамі. Будынак завяршаўся простым карнізам з сухарыкамі на рызалітах. На першым паверсе (планіроўка калідорнага тыпу) знаходзіліся кватэрная камісія, вылічальная экспедыцыя, паліцыя, скарб, грамадзянская апека, павятовы суд, на другім (планіроўка анфіладная) — дзяржаўная палата, губернская ўправа, 1-ы і 2-і дэпартаменты.

Разбураны ў 1944 г.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК ДВАРАНСКАГА СХОДУ


Помнік грамадзянскага дойлідства 2-й паловы XIX ст. Пабудаваны (вул. Першамайская, 34) з элементамі стылю мадэрн. Спачатку існавалі два мураваныя будынкі; трохпавярховы і двухпавярховы, якія пазней былі аб’яднаныя ў адзін Г-падобны корпус, а да двухпавярховага будынку дабудаваны трэці паверх. Падоўжаная частка аб’яднанага корпусу выходзіць на лінію забудовы вул. Першамайскай. Галоўны фасад вылучаны двума рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. Рызаліты завершаныя дэкаратыўнымі сцэнкамі з круглымі разеткамі. Першы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прастакутнымі аконнымі праёмамі. Другі і трэці паверхі ўпрыгожаныя пілястрамі, паўкалонкамі, дэкаратыўнымі ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Дэталі дэкору пафарбаваныя ў белы колер і кантрастна вылучаюцца на зялёным фоне сцяны. Аконныя праёмы двух верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай. Падоўжаная частка мае калідорную сістэму планіроўкі: абапал двухбаковага калідора былі службовыя пакоі.


В.Р. Кукуня



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК ЖАНОЧАГА ЕПАРХІЯЛЬНАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік дойлідства эклектызму. Узведзены ў 1889—92 гг. (дойліды П. Камбураў, М. Маркаў) на тэрыторыі Задубровенскага пасаду (сучасная вул. Вароўскага). Мураваны трохпавярховы Е-падобны ў плане будынак на высокім цокальным паверсе. Да цэнтральнай часткі далучаныя больш кароткія бакавыя карпусы, якія ўтвараюць унутраны дворык. У цэнтры па восі галоўнага ўваходу спачатку размяшчалася царква, злучаная з будынкам крытым пераходам. Цэнтр галоўнага фасаду вылучаны неглыбокім рызалітам, завершаным атыкам з трохкутным шчытом, першы паверх аддзелены гарызантальнымі цягамі, аздоблены рустам, сцены завершаны карнізным поясам з сухарыкамі. Вокны першага і другога паверхаў прастакутныя з плоскімі ліштвамі і замковымі камянямі, трэцяга паверху — арачныя, упрыгожаныя сандрыкамі. Планіроўка калідорная, у цэнтральнай частцы былі класныя, у бакавых крылах (маюць самастойныя ўваходы) — жылыя і дапаможныя памяшканні.

У будынку размешчана школа-інтэрнат.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК КРЭДЫТНАГА ТАВАРЫСТВА


Помнік дойлідства пачатку XX ст. Пабудаваны (сучасная вул. Ленінская, 36) у стылі мадэрн. Мураваны Г-падобны ў плане двухпавярховы будынак са срэзаным кутом, дзе размешчаны галоўны ўваход. Фасады рытмічна расчлянёныя неглыбокімі, рызалітамі, завершанымі атыкамі з сандрыкамі, люнетамі, арачнымі вокнамі, пілястрамі і лапаткамі. Вокны першага паверху прастакутныя, другога — арачныя, аздобленыя замковымі камянямі. У дэкаратыўным аздабленні вылучаюцца паўкруглы балкон над галоўным уваходам, аформлены балюстрадай, з кансолямі ў выглядзе паўфігур атлантаў, разныя дзверы ўваходаў, гермы на пілястрах, эмблемы ў выглядзе жазла, іанічныя фрызы, нішы і інш., выкарыстаныя элементы стылю ампір (руставаныя пілястры, фрызы са стылізаванымі сухарыкамі і інш.). Пачатковая планіроўка змененая.

У будынку размешчана швейная фабрыка імя В. Валадарскага. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК МАНЕЖУ

 

Узведзены ў 1815—31 гг. на Саборнай плошчы (дойлід В. Стасаў) будынак экзерціргаўза прызначаўся для правядзення ваенных вучэнняў. У 1846 г. перабудаваны для размяшчэння гарнізоннага батальёну. У 1870 г. згарэў. Мураваны прастакутны ў плане будынак (больш за 100 м) у стылі класіцызму. Меў адзінае вялікае зальнае памяшканне. Працяглы з двухсхільным дахам і трохкутнымі шчытамі на тарцах, галоўным фасадам арыентаваны на плошчу. Карнізным поясам фасады падзяляліся на два ярусы: пластыку першага стваралі арачныя аконныя праёмы і прастакутныя парталы ўваходаў, другога — паўцыркульныя праёмы; завершаныя тонкапрафіляваным карнізам з шырокім фрызам з трыгліфам.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК НАСТАЎНІЦКАГА ІНСТЫТУТУ


Помнік дойлідства эклектыкі. Узведзены ў 1853 г. па вул. Малая Садовая (сучасная вул. Ленінская). Спалучае рысы стыляў позняга класіцызму, псеўдарускага і мадэрн. Мураваны трохпавярховы Т-падобны ў плане будынак. Галоўны фасад расчлянёны трыма неглыбокімі рызалітамі з параднымі ўваходамі, балконамі другога і трэцяга паверхаў з ажурнымі металічнымі агароджамі і невысокімі атыкамі з паўцыркульнымі франтонамі ў цэнтры. Першапачаткова ўваходы ў будынак падкрэсліваліся дзвюма невялікія вежачкамі над бакавымі і высокім шатровым завяршэннем над цэнтральнымі рызалітамі. Фасад карнізнымі паясамі падзелены на тры ярусы. Першы ярус масіўны, вырашаны як цокаль, сцены аздобленыя руставанымі пілястрамі. Рытм другога ярусу ствараюць размешчаныя папарна арачныя аконныя праёмы, падзеленыя пілястрамі, з геаметрычным скульптурным арнаментам архівольтаў паўцыркульных арак, падаконных уставак, міжаконных пілястраў і інш. Трэці ярус з прастакутнымі аконнымі праёмамі кантрастна вылучаецца больш дробным маштабам дойлідскіх дэталей: паўкалон кампазітнага ордэру ў міжаконных прасценках, аркатуры ў завяршэнні акон, падаконных уставак, фрызу і прафіляванага карніза. Планіроўка калідорная. У будынку размяшчалася жаночая гімназія, з 1913 г. — настаўніцкі інстытут, з 1919 г. — Інстытут народнай адукацыі, з 1930 г. — педінстытут, зараз — корпус Магілёўскага педінстытуту імя А.А. Куляшова.

У гады ІІ Сусветнай вайны будынак быў пашкоджаны, адноўлены ў 1953 г. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК ПАЗЯМЕЛЬНА-СЯЛЯНСКАГА БАНКУ


Помнік дойлідства пачатку XX ст. Узведзены з цэглы ў 1903—14 гг. па праекце дойліда А.В. Друкера. Зберагліся эскізныя варыянты пабудовы. Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарускага і позняга класіцызму. Двухпавярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Галоўны фасад расчлянёны двума рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, другі вырашаны ў выглядзе двух’яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. Вокны прастакутныя і арачныя (на другім паверсе). У дэкаратыўным афармленні выкарыстаныя рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкаратыўныя ўстаўкі ў выглядзе разетак у прастакутных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, раслінны арнамент у аздабленні акон-трыфорыўмаў, разныя драўляныя дзверы і інш. Планіроўка калідорная і галерэйная, з лесвіцамі ў тарцах. У савецкі час у будынку размяшчаліся рэдакцыі газет "Революционная ставка" (у 1917 г.), з 1918 г. — "Известия Могилёвского Совета рабочих и солдатских депутатов" (у далейшым выдаваліся пад рознымі назвамі).

Цяпер у будынку знаходзіцца рэдакцыя газеты "Магілёўская праўда" і карцінная галерэя. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК РЭАЛЬНАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік дойлідства позняга класіцызму. На рагу вуліц Піянерскай і Камсамольскай, галоўным фасадам арыентаваны ў бок Дняпра. Двухпавярховы будынак Аляксандраўскага рэальнага вучылішча ўзведзены з чырвонай цэглы ў 1885 г. паводле праекту губернскага інжынера У.С. Міляноўскага. Першапачаткова будынак быў двухпавярховы з паўпадвальным паверхам. У 1950-я гады надбудаваны трэці паверх, часткова змененьі галоўны фасад. Зараз — чатырохпавярховы будынак (з паўпадвальным паверхам). У плане мае складаную форму: да галоўнага корпусу (выходзіць на пл. Арджанікідзе) прылягаюць два кырлы — кароткае па вул. Піянерскай і падоўжанае па вул. Камсамольскай. Цэнтральная частка галоўнага фасаду вылучаная несапраўдным рызалітам, па баках якога знаходзяцца па две пілястры на вышыню двух паверхаў. На фасадах — прастакутныя аконныя праёмы з простымі ліштвамі, на рызаліце — з сухарыкамі. Планіроўка калідорная.

У будынку знаходзіцца педвучылішча імя Ушынскага.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК ГАРАДСКОЙ УПРАВЫ


Помнік дойлідства эклектыкі. Узведзены ў 2-й палове XIX стст. ў гістарычным цэнтры гораду (сучасная вул. Ленінская, 1), мае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных двух прастакутных у плане аб’ёмаў: трохпавярховага (галоўным фасадам выходзіць на Савецкую плошчу) і двухпавярховага (бакавым падоўжаным фасадам выходзіць на вул. Ленінскую). Галоўны тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на тры ярусы. Першы ярус больш масіўны, з чатырма руставанымі пілонамі, мае невялікія. спараныя арачныя вокны абапал параднага ўваходу. Другі ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі — высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі. трэці ярус рытмічна расчлянёны невялікімі прастакутнымі вокнамі, згрупаванымі па тры. Сцены завершаныя высокім складаным па форме прафіляваным карнізам. Бакавы двухпавярховы аб’ём рытмічна расчлянёны прастакутнымі і арачнымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі, падзелены карнізным поясам на дзве часткі. Планіроўка анфіладная (у трохпавярховай тарцовай частцы) і калідорная (у двухпавярховай частцы). 15(28).12.1917 г. у будынку гарадской управы адбыўся ІІ губернскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

З 1956 г. у будынку знаходзіцца Дом культуры будтрэсту № 12.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК ЖАНОЧАЙ ГІМНАЗІІ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Узведзены ў 1875 з цэглы на Дняпроўскім пр-це (сучасная вул. Першамайская, 24). Трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак са скошанай плоскасцю вуглавой часткі. Паверхі аддзеленыя прафіляванымі паяскамі. Сцены першага паверху пакрытыя рустам, астатніх — гладкія, завершаныя шырокім прафіляваным карнізам. Аконныя праёмы прастакутныя ў простых ліштвах, на другім і трэеім паверхах дэкарыраваны сандрыкамі.

Цяпер у будынку размешчаная сярэдняя школа № 1.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. БУДЫНАК МУЖЧЫНСКАЙ ГІМНАЗІІ


Помнік дойлідства класіцызму. Узведзены ў 1809 г. на цэнтральнай вуліцы гораду Ветранай (сучасная вул. Ленінская, 41). Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак, да прастакутнага асноўнага аб’ёму з боку дваровага фасаду прылягае кароткае крыло. Галоўны фасад вылучаны трыма несапраўднымі рызалітамі (цэнтральны з уваходам і два бакавыя), пакрыты рустам. Паверхі аддзеленыя карнізным паяском. Сцены рытмічна расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Планіроўка калідорная. У XIX ст. будынак быў пашкоджаны пажарам, неаднаразова перабудоўваўся.

Цяпер у ім размешчаная сярэдняя школа № 3. Помнік рэспубліканскага значэння.



МАГІЛЁЎ. БУДЫНКІ ДУХОЎНАЙ СЕМІНАРЫІ


Комплекс канца XVIII — сярэдзіны XIX стст. Духоўная семінарыя ў Магілёве створаная архіепіскапам Георгіем Каніскім (пры ім распачата будаўніцтва асноўнага вучэбнага корпусу і дома-інтэрнату). У 1780—85 гг. узведзены вучэбны корпус семінарыі паводле праекту дойліда М. Львова (не захаваўся). Размешчаны ўздоўж землянога валу, галоўным фасадам павернуты да вул. Ветранай (сучасная вул. Ленінская); уваходзіў у ансамбль Спаскага манастыра. Мураваны двухпавярховы будынак у стылі класіцызму. У цэнтральнай частцы — парадная лесвіца з вестыбюлем і круглае ў плане памяшканне, у якім знаходзілася на першым паверсе бібліятэка, на другім — зала для сходаў ("круглая зала"), дэкарыраваная пілястрамі іанічнага ордэру. У бакавых частках былі класныя памяшканні. Галоўны фасад вылучаў порцік дарычнага ордэру, завершаны франтонам, з трыма прастакутнымі нішамі. Насупраць вучэбнага корпусу размешчаныя двухпавярховы дом для настаўнікаў і казённых выхаванцаў (пабудаваны да 1795 г.). Уяўляў сабой тып багатага гарадскога дому: асіметрычнае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, спалучэнне мураванага масіўнага каркаса з сістэмай драўляных галерэй, высокі дах.

З 1797 г. будаўніцтва семінарыі працягваў архіепіскап Анастасій Братаноўскі. Ён набыў зямельны ўчастак з двума драўлянымі аднапавярховымі жылымі корпусамі для выхаванцаў і аднапавярховы мураваны дом на вул. Ветранай — дом для рэктара і прэфекта. Уяўляў сабой тып гарадскога жылога дому, пабудаваны ў стылі ранняга класіцызму: плоскі, гарызантальна выцягнуты фасад раўнамерна прарэзаны вокнамі, тонкая графічная прарысоўка, дэкаратыўныя дэталі (руст, падаконныя нішы, ліштвы, ляпныя драпіроўкі, злучэнне франтону са ступеньчатым атыкам).

Да канца 1820-х гадоў будынкі семінарыі былі аб’яднаны ў асобны комплекс. Паводле архіўных чарцяжоў губернскага дойліда Заржэўскага, ён быў аддзелены ад Спаскага манастыра і архірэйскага падвор’я садам і службовымі пабудовамі; быў зроблены ўваход з боку вул. Ветранай. На чарцяжы нанесеныя два невялікія корпусы новага тыпу гарадской забудовы. Адзін з іх — драўляны П-падобны ў плане будынак у стылі ранняга ампіру, у ім знаходзіліся бальніца з лазняй і свіран. Да пачатку 1850-х гадоў, паводле архіўных чарцяжоў губернскага дойліда Пятрова, склалася новая забудова комплексу семінарыі. Уключаў два новыя двухпавярховыя мураваныя флігелі для жылля настаўнікаў і выхаванцаў, былы дом купца Кітаева (набыты для семінарыі, захаваўся па вул. Ленінскай, 15). Дом — невяликі кампактны двухпавярховы будынак, прастакутны ў плане, з высокім цокальным паверхам, у ім размяшчаўся семінарскі архіў; з боку дваровага фасаду знаходзіцца галерэя — уваход у пакоі другога паверху, дзе былі кватэра аканома і кладоўка.

Паводле плану 1853 г. праведзеная рэканструкцыя ансамбля семінарыі, які набыў замкнёную кампазіцыю. Цэнтрам яго па-ранейшаму заставаўся вучэбны корпус, перад ім сфармавалася трапецападобная плошча, якая знаходзілася нібыта ў сярэдзіне кварталу. Фармаванне фронту забудовы вул. Малая Садовая (былая вул. Ветраная) завяршылася пабудовай уязной брамы.


В.Ф. Марозаў, I.М. Слюнькова



МАГІЛЁЎ. ГАТЭЛЬ "ДНЯПРО"


Гатэль пабудаваны ў 1940 г. (дойліды А. Брэгман, А.П. Воінаў) на месцы Магілёўскага Іосіфаўскага сабору. Рэканструяваны ў 1983 г. Разлічаны на 305 месцаў. Будынак пяціпавярховы, у плане складанай канфігурацыі. Галоўны фасад падкрэслены двума бакавымі несіметрычнымі рызалітамі і галоўным уваходам па цэнтры. Пластычная выразнасць дасягнутая за кошт вертыкальных рэбраў на сцяне фасаду, паміж якімі размешчаныя лоджыі. Унутраная планіроўка калідорная, у цэнтры другога — пятага паверхаў — холы, да якіх прымыкаюць жылыя пакоі. На першым паверсе вестыбюль, адміністрацыйныя і побытавыя памяшканні, рэстаран "Дняпро".

Будынак — прыклад савецкага дойлідства даваеннага часу.



МАГІЛЁЎ. ГАТЭЛЬ "МАГІЛЁЎ"


Пабудаваны ў 1972 г. (дойліды В. Астаповіч, Г. Бенядзіктаў, А. Лукомская). Разлічаны на 654 месцы. чатырнаццаціпавярховы будынак пастаўлены перпендыкулярна да пр-ту Міру, з размешчаным побач двухпавярховым аб’ёмам Дома спорту ўтварае адзіны ансамбль, які з’яўляецца кампазіцыйнай дамінантай навакольнай забудовы. Ячэістая структура фасаду жылога корпусу, утвораная лоджыямі па памерах нумароў, стварае строгі рытм вертыкальных і гарызантальных чляненняў. У дойлідскім дэкоры галоўнага фасаду ўведзены канструкцыйныя металічныя дэталі, якія ўзбагачаюць яго пластыку. Першы і другі паверхі маюць суцэльнае зашкленне, што надае будынку легкасць і стройнасць. У першым паверсе знаходзяцца вестыбюль, хол і адміністрацыйнае памяшканне, у другім — рэстаран, кафэ і памяшканні для абслугі, вышэй — жылыя нумары на 1, 2, 3 чалавек. Калоны ў інтэр’еры абліцаваныя шлакасіталамі. Вестыбюль і холы дэкарыраваныя чаканкай па метале (мастак Ю. Любімаў).



МАГІЛЁЎ. ГІСТАРЫЧНЫ ЦЭНТР


Помнік горадабудаўніцтва XVI—XX стст. Уключае мураваныя грамадскія і жылыя будынкі — помнікі гісторыі і дойлідства. Складаецца з дзвюх частак: цэнтральнай, абмежаванай рэкамі Дняпро (поўдзень) і Дзебра (усход), вуліцамі Заводскай, Мянжынскага, Садовай (захад) і Ціміразеўскай (поўнач), і паўночнай — т.зв. Карабанаўскім прадмесцем. Цэнтральная частка сфармавалася на аснове старажытных пасадаў, да якіх далучаныя кварталы пазнейшай забудовы. Вылучаюцца пасады Нагорскі (Нагорны, Стары горад), Шклоўскі, Пакроўскі і Задубровенскі.

Нагорскі пасад займае тэрыторыю былога Нагорнага пасаду, старажытнага замку (сучасная тэрыторыя Парку імя М. Горкага) і гандлёвай плошчы (глядзі артыкул "Магілёў. Губернатарская плошча", сучасная пл. Савецкая). Абмежаваны Дняпром (поўдзень), вуліцамі Лазарэнкі (былая вул. Вялікакняжацкая, вул. Віленская) і Камсамольскай (былая вул. Дваранская; поўнач), Вал Чырвонай Зоркі (былы Архірэйскі Вал; усход) і Левая Дубровенка (захад). Найбольш старажытная частка гораду згадваецца ў дакументах XVI—XVIII стст. Тэрыторыя была абнесеная Кругавым (Блізкім) абарончым валам. Да XVII ст. сфармавалася радыяльная двухпрамянёвая планіроўка пасаду. Ад пл. Савецкай адыходзяць две вуліцы: Першамайская (былыя вул. Шклоўская, Дняпроўскі праспект, вул. Ульянавай-Крупскай) — галоўная гарадская магістраль і вул. Ленінская (былая вул. Ветраная, вул. Вялікая Садовая). Захаваліся помнікі дойлідства: будынак абласнога драматычнага тэатру, будынак акруговага суду, будынак гарадской управы, архірэйскі палац, фарны касцёл, мураваныя жылыя дамы XVIII — пачатку XX стст. (глядзі артыкул "Магілёў. Жылыя дамы"), рэшткі езуіцкага калегіюму (глядзі артыкул "Магілёў. Касцёл і калегіюм езуітаў") і Богаяўленскага манастыра, падмуркі ратушы.

Шклоўскі пасад займае тэрыторыю былога Шклоўскага пасаду і яго расшыраную частку ў складзе Новага гораду. Абмежаваны вуліцамі Лазарэнкі, Камсамольскай і Боткіна (былая вул. Вялікая Гваздоўка; поўдзень), Ціміразеўскай (былы зав. Варанцоўскі; поўнач), Дзябранскі Яр (усход) і р. Дубровенка (захад). Тэрыторыя знаходзіцца паміж двума абарончымі валамі (да вул. Міронава, былая вул. Афіцэрская) — Кругавым (Блізкім) і Палявым (Далёкім). У канцы XVIII — сярэдзіне XIX стст. частка Новага гораду забудаваная; у 1938—40 гг. тут створаны ансамбль пл. Леніна, пракладзеная новая магістраль у шыротным напрамку — вул. Міру (сучасны пр-т Міру). Асноўныя вуліцы — Першамайская і Ленінская, паралельныя ім вуліцы Піянерская (былая вул. Малая Садовая) і К. Маркса (былая вул. Зялёная), папярочныя К. Лібкнехта (былая вул. Паштовая, вул. Пажарная) і Міронава. Захаваліся помнікі дойлідства: Станіславаўскі касцёл (глядзі артыкул "Магілёў. Касцёл кармелітаў"), архіепіскапскі палац, будынак банку, будынак дваранскага сходу, будынак пазямельна-сялянскага банку, будынак крэдытнага таварыства, будынак настаўніцкага інстытуту, будынак мужчынскай гімназіі, будынак жаночай гімназіі, жылы корпус Спаскага манастыра, царква Трох свяціцеляў (вул. Першамайская), ансамбль пл. Леніна, жылыя дамы XVIII — пачатку XX ст.

Пакроўскі пасад абмежаваны рэкамі Дняпро (поўдзень) і Дзебра (усход), з поўначы вызначаны Нагорскім і Шклоўскім пасадамі. Забудаваны ў XVI — пачатку XVIII ст ст. ў паўночнай частцы, мае нерэгулярную планіроўку. Асноўная вуліца — Вялікая Грамадзянская (былая вул. Вялікая Мяшчанская), паралельна якой праходзяць 1-я  вуліца Волі (былая вул. Пакроўская і вул. 1-я Нікалаеўская), 2-я  вуліца Волі (былая вул. 2-я Нікалаеўская) і інш. Паўднёвая частка — пойма Дняпра. Захаваліся помнікі дойлідства: комплекс Мікалаеўскай царквы, гарадская лазня, "мытны дом", "гасціны дом", "дом браціі кушнерскага цэху", сінагога, габрэйская школа, драўляныя жылыя дамы XIX—XX стст.

Задубровенскі пасад займае тэрыторыю на захад ад р. Дубровенка. Абмежаваны рэкамі Дняпро (поўдзень) і Дубровенка (усход), вуліцамі Заводскай (былая вул. Папінская), Чэлюскінцаў (былая Быхаўская шаша), Мянжынскага (былая вул. Малое Завалле), Лазарэнкі (з былымі польскімі могілкамі) і Садовай (былыя завулкі Садоўскі і Пушкаровічаў; захад), згадваецца ў пісьмовых крыніцах XVI—XVIII стст. Тут праходзіла частка Палявога валу.

У канцы XVII — пачатку XVIII ст. былі тры пасады: Віленскі (у паўночнай частцы), Задубровенскі (у цэнтры) і Папінскі (у паўднёвай частцы), да іх далучана невялікая тэрыторыя ўздоўж левага берагу Днянра і па вул. Заводскай. Асноўныя вуліцы — Лазарэнкі і Чэлюскінцаў, іх злучаюць папярочныя вуліцы Мянжынскага, Вароўскага (былыя вул. Быхаўская, Салтанаўская і Белаградская) і інш. Захаваліся помнікі дойлідству: Барысаглебская і Крыжаўзвіжанская цэрквы (глядзі артыкул "Магілёў. Барысаглебскія цэрквы"), будынак жаночага епархіяльнага вучылішчу, две капліцы на польскіх могілках, драўляныя і мураваныя дамы XIX — пачатку XX ст.

Карабанаўскае прадмесце займае тэрыторыю 6ылой паўночнай ускраіны гораду. Уключае тры часткі: раён Прывакзальнай плошчы, тэрыторыі ўздоўж вуліц Ніжнекарабанаўскай і Першамайскай. Абмежавана вуліцамі Першамайскай (усход) і Віцебскі тупік (поўнач), Карабанаўскай (поўдзень) і Сурганава (былая Пячорская шаша). Тэрыторыя пачала фармавацца ў 2-й палове XIX ст. Як дойлідска-планіровачная структура склалася ў пачатку XX ст., калі з пракладкай чыгункі была ўтворана Прывакзальная плошча на Кацярынінскім тракце (з’яўляўся працягам Дняпроўскага праспекту, сучасная вул. Першамайская). Асноўная вуліца — Першамайская, звязвае Прывакзальную плошчу з цэнтрам гораду. Захаваліся помнікі дойлідства: комплексы будынкаў чыгуначнага вакзалу і былога ваеннага шпіталя (вул. Сурганава), артылерыйскія казармы (вул. Крупскай), драўляныя жылыя дамы XIX—XX стст.

Тэрыторыя гістарычнай забудовы гораду вызначаная паводле праекту "Пашпартызацыя гістарычна-каштоўнай забудовы Магілёву XVII—XIX стст.", распрацаванага ў 1990 г. Магілёўскай абласной комплекснай праектнай майстэрняй вытворчага аб’яднання "Белрэстаўрацыя" (дойліды А. Юркавец, У. Ратомскі) разам з "Белрэстаўрацыяй" (дойлід В. Кукуня).


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. ГУБЕРНАТАРСКАЯ ПЛОШЧА (СУЧАСНАЯ САВЕЦКАЯ ПЛОШЧА)


Горадабудаўнічы ансамбль XVIII — канца XIX ст. На высокім правым беразе р. Днепр; ад плошчы адыходзіць вул. Першамайская (былая вул. Шклоўская, Дняпроўскі праспект), якая звязвае цэнтр гораду з Прывакзальнай плошчай Сфармавалася да 1526 г. паміж замкам і гандлёва-рамесным пасадам як гандлёвая плошча. З 2-й паловы XVII ст., калі ў цэнтры яе была пабудавана мураваная ратуша, стала асноўным адміністрацыйным і грамадскім цэнтрам гораду. У канцы XVIII — сярэдзіне XIX стст. на плошчы сфармаваўся новы мураваны ансамбль грамадскіх будынкаў, з гэтага часу называлася Губернатарскай. Плошча ў плане мела форму няправільнага шматкутніку. Кампазіцыйным цэнтрам была ратуша, каля якой размяшчаліся ва ўсходняй частцы дом губернатара і будынак губернскага праўлення, аб’яднаныя манументальнай брамай, у заходняй — дом віцэ-губернатара і двух саветнікаў, будынак ніжняга суду, урачэбнай управы і архіва (з 1883 г. будынак акруговага суду). У паўднёыай частцы на месцы старажытнага замку быў разбіты гарадскі сквер (сфармаваўся ў канцы XIX ст., цяпер парк культуры і адпачынку імя М. Горкага). У 2-й палове XIX ст. на прылеглых вуліцах (Дняпроўскім праспекце і вул. Ветранай, сучасная вул. Ленінская) пабудаваны два мураваныя трохпавярховыя жылыя дамы, якія тарцовымі фасадамі выходзілі на плошчу (захаваўся д. № 1 па вул. Ленінскай, былы будынак гарадской управы). У гады ІІ Сусветнай вайны ансамбль плошчы разбураны (захаваліся будынкі гарадской управы і акруговага суду).

Паводле першага пасляваеннага праекту рэканструкцыі плошчы 1956 г. (інстытут "Белдзяржпраект") яна ўключаная ў зону адпачынку, на плошчы спынены транспартны рух. У 1952—55 гг. у паўночна-ўсходняй частцы пабудаваныя пяціпавярховыя мураваныя жылыя дамы. У 1982 г. у цэнтры плошчы ўзведзены мемарыяльны комплекс "Змагарам за Савецкую ўладу".


Т.І. Чавняўская



МАГІЛЁЎ. ДОМ ВІЦЭ-ГУБЕРНАТАРА I ДВУХ САВЕТНІКАЎ


Пабудаваны ў 1770-я гады на Губернатарскай плошчы (цяпер пл. Савецкая) у стылі класіцызму. З’яўляўся рэзідэнцыяй вышэйшых глужбовых асоб губерні — віцэ-губернатара і саветнікаў. Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак са скошанымі кутамі (з боку вул. Шклоўскай) на невялікім цокалі, быў завершаны вальмавым дахам. Галоўны фасад вылучалі тры рызаліты з нязначным выступам (у цэнтральным быў арачны нраезд у двор), завершаныя невысокімі атыкамі з франтонамі. Вокны прастакутныя. Карнізны нояс надзяляў фасады на два ярусы. Унутры дом папярочнымі сценамі падзяляўся на тры часткі: у цэнтральнай былі апартаменты віцэ губернатара, у бакавых — саветнікаў. Планіроўка анфіладная. Меліся гаспадарчыя пабудовы. Адпаведна планіроўцы дома і двор каменнымі сценамі таксама падзяляўся на тры часткі.

У савецкі час да ІІ Сусветнай вайны ў будынку размяшчаўся Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобл. У чэрвені 1944 г. узарваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі пры адступленні з гораду.


Т.I. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. ДОМ ГУБЕРНАТАРА


Пабудаваны ў 1778 г. на Губернатарскай плошчы (цяпер пл. Савецкая) у стылі класіцызму. З’яўляўся рэзідэнцыяй магілёўскіх губернатараў, у т.л. ў 1872—93 гг. А.С. Дамбавецкага. Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак, завершаны вальмавым дахам. Галоўны фасад вылучалі тры з нязначным выступам рызаліты (цэнтральны быў завершаны трохкутным франтонам, бакавыя аздобленыя вуглавымі пілястрамі), падзеленыя карнізным поясам на два ярусы. Сцяна першага ярусу аздобленая рустам. Рытм фасадаў стварала сетка прастакутных аконных праёмаў, завершаных у другім ярусе плоскімі сандрыкамі, на цэнтральным рызаліце трохкутнымі франтончыкамі. На першым паверсе размяшчаліся жылыя і службовыя памяшканні, на другім — парадная зала, гасціная, сталовая, кабінет. Двор быў абнесены каменнай сцяной, да якой прыбудаваны стайня, свірны і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Уваход у двор з боку плошчы афармляла манументальная брама ў выглядзе плоскага чатырохкалоннага порціку з арачным праездам у цэнтры, яна злучала дом з будынкам губернскага праўлення, утвараючы адзіны ансамбль. У савецкі час да ІІ Сусветнай вайны ў будынку размяшчаўся гарадскі Палац піянераў.

У чэрвені 1944 г. узарваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі пры адступленні з гораду.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. ДОМ САВЕТАЎ


Уваходзіць у ансамбль пл. Леніна, з’яўляецца яго дамінантай. Пабудаваны ў 1937—39 гг. (дойлід I. Лангбард). Цэнтр кампазіцыі — васьміпавярховы аб’ём, фланкіраваны сяміпавярховымі прастакутнымі ў плане часткамі, якія пераходзяць у паўкруг пяціпавярховымі крыламі. Вертыкальныя чляненні (лапаткі), размешчаныя па перыметры будынку, надаюць яму стройнасць і выразнасць. Планіроўка вызначаецца прастатой, службовыя памяшканні зручна злучаныу паміж сабой светлымі калідорамі. Галоўны ўваход — у цэнтры будынку, кожны корпус мае свой асобны ўваход. У 1958 г. перад будынкам пастаўлены помнік Леніну (дойлід В. Волчак, скульптар П. Сабсай).

У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны Савет народных дэпутатаў. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Воінаў



МАГІЛЁЎ. ЖЫЛЫЯ ДАМЫ


Помнікі жыллёвага дойлідства XVIII ст.

Дом (сучасная вул. Ленінская, 7) узведзены ў 1790 г. у стылі класіцызму. Будаваўся як жылы двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак з закругленай кутняй часткай. З боку галоўнага фасаду знаходзіцца арачны праезд ва ўнутраны двор. Цэнтральная частка галоўнага фасаду з мансардай вылучаная трохкутным франтонам і фрызам з трыгліфамі. Паверхі аддзелены карнізным паяском. Гладкія сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, якія на другім паверсе абрамленыя ліштвамі з замковым каменем. У кутняй частцы дваровага фасаду размешчаны ўваход у будынак, невялікі вестыбюль з лесвіцай на другі паверх, вакол якіх — жылыя памяшканні.

Дом (сучасная вул. Ленінская, 37) узведзены ў XVIII ст. ў стылі барока. Трохпавярховы з паўпадвальным паверхам (трэці паверх мансардавы, надбудаваны ў час рэканструкцыі) прастакутны ў плане будынак, накрыты ламаным дахам. Сцены расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі. Паміж аконнымі праёмамі — простыя лапаткі. Па цэнтры фасаду галоўны ўваход вылучаны лучковай аркай, над якой аналагічнай формы праём і невялікі балкон з металічнай ажурнай агароджай. Сцены з шырокім прафіляваным карнізам. Цэнтральная частка фасаду завершаная атыкам лучковага абрысу, у цэнтры атыка — квадратны аконны праём. Унутраная планіроўка змененая пасля рэканструкцыі. Першы паверх і падвал перакрытыя скляпеннямі, другі — мае бэлечныя перакрыцці. У 1970-я гады будынак рэстаўрыраваны.

З 1982 г. у ім размешчаны мемарыяльны музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі (філія Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі).



МАГІЛЁЎ. ЗАМАК


Існаваў у XVI—XIX стст. Пабудаваны ў 1526 г. на месцы старажытнага грунтавога магільніку эпохі Кіеўскай Русі на высокім узгорку са стромкімі схіламі пры ўпадзенні р. Дубровенкі ў Дняпро. Плошча больш за 1 га. Умацаваны па перыметры пясчана-гліняным абарончым валам (вышыня 5 м, шырыня ў аснове каля 16 м), на якім (паводле інвентару 1604 г.) стаялі сем вежаў (з іх две вежы-брамы з пад’ёмнымі мастамі), злучаных сценамі-гароднямі, накрытымі гонтавымі стрэшкамі. Вежы (тры пяціярусныя, чатыры чатырох’ярусныя; ніжнія ярусы чатырохгранныя, верхнія — васьмігранныя) былі накрытыя чатырохсхільнымі дахамі з драніц. На адной з вежаў быў бронзавы звон. З замку вялі патаемныя хады да Дняпра і Дубровенкі. У 1633 г. замак згарэў. У 1638 г. адноўлены, меў выгляд астрогу з дзвюма брамамі. Пазней знішчаны і часткова адноўлены. У XVIII ст. меў выгляд земляных бастыёнаў і курцін, якія ў XIX ст. скапаныя амаль цалкам.


М.А. Ткачоў



МАГІЛЁЎ. ІОСІФАЎСКІ САБОР


Пабудаваны з цэглы ў 1780—98 гг. паводле праекту дойліда М.А. Львова ў стылі класіцызму. Спачатку дзейнічаў як царква, у 1802 г. перайменаваны ў сабор з нагоды сустрэчы ў Магідёве імператрыцы Кацярыны ІІ з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ. Уваходзіў у ансамбль Саборнай плошчы. Асноўны аб’ём квадратны ў плане, да якога далучаліся з усходу паўцыліндрычная апсіда, з захаду шырокі прытвор. Галоўны фасад меў шасцікалонны дарычны порцік, пастаўлены на ступеньчаты стылабат і завершаны трохкутным франтонам з шырокім трыгліфным фрызам. Бакавыя фасады былі дэкарыраваныя чатырма дарычнымі калонамі, пастаўленымі парамі каля дзвярных парталаў і завершанымі трохкутнымі франтонамі. Асноўны аб’ём у цэнтры меў на высокім круглым барабане сферычны купал, які складаўся з дзвюх абалонак (адлегласць паміж імі каля 3 м). Ва ўнутранай абалонцы было дванаццаць арачных праёмаў, у цэнтры — круглая адтуліна. Вонкавая абалонка мела дванаццаць круглых акон-люкарнаў, была ўпрыгожана жывапісам, які добра праглядаўся праз арачныя праёмы. Сцены фасадаў прарэзаныя простымі прастакутнымі аконнымі праёмамі, на галоўным фасадзе былі две паўцыркульныя нішы са скульптурай. У інтэр’еры купал пры дапамозе ветразяў апіраўся на чатыры масіўныя пілоны, якія стваралі ўнутраны квадрат. Інтэр’ер быў багата аздоблены: парныя іанічныя калоны, светла-жоўты і зялёны мармур, размалёўка грызайлю, нішы са статуямі, рэльефныя медальёны, абразы на медных шчытах мастака У. Баравікоўскага (1797 г.) і інш. Дойлідства сабору аказала значны ўплыў на развіццё культавага дойлідства Беларусі.

У 1932—37 гг. у саборы — музей гісторыі рэлігіі і атэізму, у 1937 г. будынак разбураны.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. КАСЦЁЛ I КАЛЕГІЮМ ЕЗУІТАЎ


Комплекс пабудаваны ў канцы XVII — пачатку XVIII ст. у стылі барока каля Каралёўскай брамы ў Старым горадзе (раён сучаснай пл. Тэатральнай). Уключаў мураваныя будынкі калегіюму (закладзены каля 1686 г.), школы (абодва закончаныя ў 1699 г.) і касцёлу Святога Ксаверыя (1699—1725 гг., пасля 1833 г. праваслаўная Васкрасенская царква, у 1848 г. у цэнтры будынку пастаўлены несапраўдны шматгранны купал). Касцёл — трохнефавая базіліка з паўкруглым завяршэннем цэнтральнага нефу. Галоўны фасад завяршаўся дзвюма вежамі з барочнымі купаламі. Інтэр’ер аздоблены карынфскімі пілястрамі, на сценах і скляпенні цэнтральнага нефу была размалёўка. Будынак калегіюму двухпавярховы, мураваны, прастакутны ў плане. Гладкія сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі. Далучаўся да касцёлу тарцовай сцяной.

З 1820 г. тут была ваенна-афіцэрская школа. У 1826 г. у памяшканні калегіюму следчая камісія вяла допыт дзекабрыстаў — членаў "Паўднёвага таварыства" С.I. і М.I. Мураўёвых-Апосталаў, М.П. Бястужава-Руміна і інш. Касцёл і часткова калегіюм былі разабраны пасля ІІ Сусветнай вайны. У 1983 г. на гэтым месцы пабудаваны дзевяціпавярховы жылы дом. Рэшткі калегіюму (падвалы, паўднёва-заходні дваровы фасад) былі выкарыстаныя пры будаўніцтве філіялу абласнога краязнаўчага музея (дзекабрыстаў).


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Існаваў у XVI—XX стст. Заснаваны ў 1687 г. па фундацыі рэчыцкага лоўчага Фёдара Ржавускага на беразе Дняпра. Касцёл Святога Андрэя аднанефавы, прастакутны ў плане. Неф пераходзіў у крыху вузейшы за яго выцягнуты прэсбітэрый, завершаны трохграннай алтарнай апсідай. Галоўны фасад фланкіравалі дзве невялікія прастакутныя ў плане вежы (у заходняй вежы размяшчалася лесвіца). У XVIII ст. з поўначы да касцёлу быў прыбудаваны прастакутны ў плане аб’ём з дзвюма двух’яруснымі вежамі (ва ўсходняй вежы была лесвіца), якія завяршаліся купаламі. Неф і прэсбітэрый былі накрытыя адзіным дахам, тарэц якога з боку галоўнага фасаду закрываў фігурны франтон. Рытм бакавых фасадаў ствараўся прастакутнымі вокнамі і лучковымі завяршэннямі, лапаткамі. З усходу да касцёлу быў прыбудаваны П-падобны ў плане двухпавярховы калідорнай планіроўкі корпус кляштару. У 1864 г. кляштар скасаваны, у 1872 г. тут знаходзіўся цэнтральны архіў судовых месцаў.

Будынкі разбураныя ў ІІ Сусветную вайну.


В.Р. Кукуня



МАГІЛЁЎ. КАСЦЁЛ КАРМЕЛІТАЎ


Станіславаўскі касцёл, помнік дойлідства стылю барока. Пабудаваны ў 1738—52 гг. (да 1783 г. называўся Ушэсця) на месцы драўлянага касцёлу XVII ст. У 1783 г. касцёл быў перададзены Магілёўскай архікафедры і з гэтага часу стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку галоўны фасад быў дэвюхвежавы, з фігурным франтонам пасярэдзіне. У 1788 г. па ініцыятыве архібіскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча быў рэканструяваны галоўны фасад. У выніку перабудовы разабраныя завяршэнні барочных вежаў і частка фігурнага франтону паміж імі, а ўвесь першапачатковы фасад аказаўся закрыты класіцыстычным чатырохкалонным іанічным порцікам з трохкутным франтонам. Справа і злева ад порціка да першапачатковага аб’ёму былі прыбудаваныя трох’ярусныя бакавыя крылы, завершаныя васьміграннымі ратондападобнымі вежачкамі (памяшканні семінарыі і друкарні). На працягу XIX—XX стст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але яго дойлідскі воблік заставаўся нязменным. Пасля 1860 г. касцёл становіцца прыходскім і называўся Успенскім.

У касцёле захаваўся адзін з найбольш разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэрыторыі Беларусі. Фрэскавая размалёўка выкананая ў 1765—1767 гг., 1780-я гады (мастакі Б. Піятроўскі, А. Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я гады размалёўка паднаўлялася мастаком Фёрстам, які выканаў шэраг кампазіцый, фрэскавай размалёўкай пакрытыя ўсе сцены касцёлу. На скляпеннях галоўнага нефу фрэскі на евангельскія сюжэты. Ад апсіды да хораў размешчаны тры вялікія кампазіцыі — "Ператварэнне", "Уручэнне ключоў Пятру", "Ушэсце Марыі", выкананыя з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць увышыню дойлідскія формы. У кампазіцыі ўведзеныя складаныя дойлідскія кулісы, выявы евангелістаў з сімваламі Ераніма, Аўгусціна, Клімента, алегарычныя выявы Веры, Надзеі, Любові і іншыя сюжэты. Па перыметры сцен галоўнага нефу ў прастакутных неглыбокіх нішах над аркамі паміж пілонамі размешчаныя восем сюжэтных кампазіцый. На паўночнай сцяне кампазіцыі "Уваскрэсенне Лазара", "Цуд Тэрэзы", "Хрышчэнне", на паўднёвай — тры кампазіцыі на гістарычныя тэмы, сярод якіх "Наданне граматы каралём Сігізмундам манахам-кармелітам" з панарамай Магілёву; у паўднёва-заходняй частцы фрэска з выявай манаха-мастака перад мальбертам. Скляпенні бакавых нефаў таксама размаляваныя: на паўночным — кампазіцыі "Спас нерукатворны", "Святы Себасцьян", сцэна з "Страшнага суда", на паўднёвым — "Падарожжа", "Смерць Іосіфа" і "Аўтапартрэт". У бабінцы на скляпеннях захаваліся две кампазіцыі на біблейскую тэму: "Каін забівае Авеля" і "Ахвярапрынашэнне Аўраама". Каля алтару захаваліся чатыры кампазіцыі, напісаныя Фёрстам. Стыль размалёвак разнастайны. Ніжні рэгістр манерай выканання адрозніваецца ад кампазіцый, размешчаных на скляпеннях галоўнага нефу. Размалёўка выконвалася рознымі майстрамі і неаднаразова паднаўлялася. Пераважаюць цёплыя залацістыя, ружова-чырвоныя, карычневыя фарбы на скляпеннях — сіне-блакітныя, сінія і зялёныя.

У касцёле размяшчаўся гістарычны (з 1935 г.), пазней Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобл. (1964—86 гг.). Касёл закрыты на рэстаўрацыю (1986—90 гг.). Помнік рэспубліканскага значэння.


В. Гліннік, В.В. Церашчатава



МАГІЛЁЎ. КІНАТЭАТР "ЧЫРВОНАЯ ЗОРКА"


Пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы ў цэнтры гораду (вул. Першамайская), у 1933 г. рэканструяваны (інжынер Э. Лосер). У дойлідстве выкарыстаныя элементы канструктывізму. Будынак — выцягнуты ў плане прастакутнік, да якога перпендыкулярна далучаныя касавая зала і паўцыркульны вестыбюль. У аснову дойлідска-прасторавай кампазіцыі пакладзены прынцып проціпастаўлення аб’ёмаў. На галоўным фасадзе вестыбюль з шырокім зашкленнем кантрастуе з "глухой" вертыкальнай сценкай і нізкім аб’ёмам, дзе размешчаныя службовыя памяшканні. Галоўны ўваход з боку тарцовага фасаду вылучаны шырокай лесвіцай. Бакавыя фасады рытмічна чляняцца прастакутнымі аконнымі праёмамі з боку фае.

 

Т.I. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. КОМПЛЕКС МІКАЛАЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ


Помнік дойлідства барока. Размешчаны ў пойме Дняпра (вул. 1-й Волі) на агароджанай тэрыторыі. Складаецца з шэрагу мураваных пабудоў: Мікалаеўскай і Ануфрыеўскай цэркваў, жылога дому (шпіталь), званіцы, агароджы з уязной брамай.

Мікалаеўская царква. У 1636 г. кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту Пятру Магіле на будаўніцтва ў Магілёве царквы Святога Мікалая. Спачатку была ўзведзеная драўляная царква і адначасова драўляныя манаскія келлі. Мураваная пабудаваная на месцы драўлянай у 1669—72 гг. Трохапсідная крыжова-купальная базіліка з васьмігранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Галоўны фасад падзелены карнізамі на тры гарызантальныя ярусы і завершаны дзвюма вежамі з фігурным франтонам паміж імі. Першы (ніжні) ярус — масіўны, аздоблены трыма паўцыркульнымі нішамі, другі аздоблены "глухой" аркатурай з ляпным раслінным арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у трэцім — такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкаратыўнай аздобай. Галоўны ўваход вылучаны васьмігранным тамбурам (позняя пабудова). Бакавыя фасады дэкарыраваныя высокімі пілястрамі, крылы трансепту завершаныя фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры два рады калон падзяляюць прастору на тры нефы. Цэнтральны неф і трансепт перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя нефы — крыжовымі. Над уваходам размешчаныя хоры. чатырох’ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) выкананы мясцовымі майстрамі. Скляпенні купала ўпрыгожаныя фрэскавай кампазіцыяй канца XVII ст. "Тройца новазапаветная", на ветразях выявы чатырох евангелістаў з сімваламі. Сюжэтныя сцэны на біблейскія і евангельскія тэмы, размешчаныя на двух узроўнях  паміж аконнымі  праёмамі барабана (збераглося 19 кампазіцый), створаныя ў 1-й палове XVIII ст. У алтарнай частцы — сюжэтны і арнаментальны жывапіс канца XVIII — пачатку XIX ст. Размалёўкі зробленыя ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі. Колеравая гама стрыманая светлая, цёплых тонаў; пераважаюць вохра з адценнямі, ружова-чорны, жоўта-карычневы колер з дамешкам зялёнага, блакітна-сіняга. Тыпаж простанародны, у сцены ўведзены скупы пейзаж. Размалёўкі сцен зберагліся часткова.

Ануфрыеўская царква пабудаваная ў 1798 г. побач з Мікалаеўскай, з’яўляецца "цёплай" (зімовай). Уяўляе сабой крыжовакупальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепту завершаны трохкутнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі.

Жылы дом узведзены ў XVII ст. як шпіталь і царкоўны жылы дом. Аднапавярховы прастакутны ў плане будынак далучаны да паўдёвага боку агароджы. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны трыма спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будавалася ў XVII—XVIII стст. Уяўляе сабою мураваную глухую сцяну, якая абкружае трапецападобную тэрыторыю, дэкарыраваную аркатурным поясам, мае два уваходы (з захадняга і ўсходняга бакоў). Заходні — галоўная ўязная брама з лучковым праёмам. У паўднёва-ўсходнім баку агароджы ўбудаваная аднапавярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца ўзведзеная ў XVII—XVIII стст. у паўднёва-заходнім баку агароджы. Квадратнае ў плане двух’яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Першы чацверыковы ярус — глухі, грані дэкарыраваныя арачнымі нішамі, куты — пілястрамі, другі — шасцігранны, мае арачныя праёмы (праз адну на кожнай грані).

Комплекс пашкоджаны ў ІІ Сусветную вайну, у 1981 г. скончаны знешнія рэстаўрацыйныя работы, завяршаюцца работы па аднаўленні манументальнага жывапісу ў інтэр’еры Мікалаеўскай царквы. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. МЕМАРЫЯЛ "ЗМАГАРАМ ЗА САВЕЦКУЮ ЎЛАДУ"


Мемарыяльны комплекс у гонар устанаўлення Савецкай улады на Магілёўшчыне. Створаны ў 1982 г. у Магілёве на высокім беразе Дняпра (скульптар. Л. Гумілеўскі, дойліды К. Аляксееў, А. Іваноў). Сэнсавай і пластычнай дамінантай мемарыялу з’яўляецца бронзавая фігура жанчыны (вышыня 7 м) на гранітным пастаменце (вышыня 13 м) — сімвал Перамогі, аднаўлення жыцця, вечнага руху наперад. На пляцоўцы перад манументам — абліцаваныя гранітам стэлы з пяццю бронзавымі барэльефамі на тэмы Кастрычніцкага перавароту, калектывізацыі, абароны Магілёву ў 1941 г., партызанскага руху, мірнага будаўніцтва на Магілёўшчыне. Спалучэнне ў барэльефах выяў у розных ракурсах стварае своеасаблівы эфект адлюстравання ў пластыцы падзей мінулых часоў і сучаснасці. Каля падножжа манументу — вечны агонь. У мемарыяльны комплекс уключаныя магілы чырвонаармейцаў часоў грамадзянскай вайны.



МАГІЛЁЎ. МЕМАРЫЯЛЬНАЯ АРКА


Узведзеная ў 1780 г. на Саборнай плошчы насупраць Іосіфаўскага сабору (цяпер па вул. Першамайскай у скверы імя I.С. Лазарэнкі). У 1950-я гады рэстаўрыравана. Прастакутная ў плане сцяна з дзума выступамі-рызалітамі завершаная шырокім прафіляваным карнізам і ламаным франтонам, па тарцах — две калоны карынфскага ордэру з антаблементамі.

У 1964 г. на тарцы ўстаноўленыя мемарыяльныя дошкі ў гонар часцей 2-га Беларускага фронту, якія ўдзельнічалі ў вызваленні гораду ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 28.6.1944 г.



МАГІЛЁЎ. ПАКРОЎСКАЯ ЦАРКВА


Існавала ў канцы XVII — пачатку XX ст. Пабудаваная з цэглы ў традыцыях Магілёўскай школы дойлідства. Прастакутны ў плане крыжова-купальны храм. Ва ўсходняй частцы ён завяршаўся трыма паўцыліндрычнымі апсідамі, у заходняй — прытворам і дзвюма рызніцамі па баках асноўнага аб’ёму. Над сяродкрыжжам узвышаўся васьмігранны светлавы барабан, накрыты сферычным купалам з цыбулепадобнай галоўкай на высокай васьміграннай шыйцы. Тарцы асноўнага аб’ёму і крылы трансептаў завяршаліся трохкутнымі франтонамі з паўцыркульнымі нішамі ў цэнтры. Куты аб’ёмаў і сцены рызніц былі дэкарыраваныя пілястрамі, аконныя праёмы мелі паўцыркульную форму. Па перыметры будынак быў апяразаны тонкапрафіляваным карнізам. У інтэр’еры чатыры масіўныя слупы пры дапамозе ветразяў падтрымлівалі барабан купала.


Г.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. РАТУША


Існавала ў XVII—XX стст. на Гандлёвай плошчы (з XIX ст. называлася Губернатарская, сучасная пл. Савецкая). У канцы XVII ст. ратуша — мураваны двухпавярховы будынак з васьміграннай пяціяруснай вежай пасярэдзіне галоўнага фасаду. У 1679—81 гг. пад кіраўніцтвам майстра Феські збудаваны прастакутны ў плане (28х10,5 м) будынак ратушы. У 1682—86 гг. майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзеная вежа на вышыню каля 26 м, абвалілася. У чэрвені 1692 г. пасля разборкі муроў першай вежы майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзеная новая вежа вышынёю да 38 м. Разам са званіцай Богаяўленскага сабору вежа ратушы з’яўлялася асноўнай вертыкальнай дамінантай гораду. Як сведчаць гістарычныя і археалагічныя матэрыялы, у ратушы знаходзіліся: на першым паверсе сені, вялікая "ізба" (адбываліся суды пад кіраўніцтвам войта), канцылярыя і "ратушная святліца", дзе захоўваліся бягучыя справы магістрата; на другім паверсе сені, судовая "ізба" (магістрацкія суды), вялікая зала (пасяджэнні магістрату) і дапаможныя памяшканні; у цокальным паўпадвальным паверсе скарбніца, склады і астрог. Памяшканні ацяпляліся кафлянымі печамі, аздобленымі тэракотавай і зялёнай паліванай кафляй. Верагодна, што першы паверх быў перакрыты скляпеннямі. На другі паверх вялі лесвіцы, аздобленыя разнымі драўлянымі балясамі. Вокны з невялікімі круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Падлога зробленая са спецыяльнай цэглы, сцены пабеленыя. Звонку ратуша была атынкаваная, былі два ганкі — нізкі і высокі парадны (з боку галоўнага і дваровага фасадаў). Вежа пяціярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з металічнымі кратамі, вялікі гадзіннік (паводле архіўнага здымку пачатку XX ст., быў на вежы ў 2-й палове XVII ст.). Стромкі дах ратушы накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі.

У 1773 г. ратуша капітальна перабудаваная, дах накрыты бляхай. Дойлідства яе фасадаў стала адпавядаць узведзеным побач на плошчы ў стылі класіцызму дамам губернатара і віцэ-губернатара: шырокі гарызантальны пояс, які надзяляў паверхі будынкаў, рустоўка ніжняга паверху, ліштвы акон другога паверху. У такім выглядзе ратуша захавалася да II Сусветнай вайны, у час якой была моцна пашкоджаная; у 1957 г. знесеная.

На месцы, дзе стаяла ратуша, праведзеныя археалагічныя раскопкі. У 1979 г. А. Трусавым выяўленыя падмуркі (глыбіня 30—70 см) і рэшткі сцен (шырыня 105—115 см), зробленыя з тонкай (5—5,6 см) цэглы пальчаткі ў тэхніцы муроўкі (рад лажкоў, рад тычкоў). Падмуркі складзены з вялікіх камянёў, прамежкі закладзены цэглай на вапнавым растворы. Каля галоўнага фасаду выяўленыя рэшткі цаглянага ганка. Знойдзеныя таксама кафлі з раслінным і геаметрычным арнаментам, паліваныя куфлі з выявай старажытнага гербу Магілёву і вялікая колькасць вырабаў са шкла XVI—XX стст. У 1984 г. І. Чарняўскім раскапаныя рэшткі параднага ганку ратушы.

Паводле архіўных і археалагічных матэрыялаў створаны праект адбудовы ратушы. У 2008 г. ратуша адноўленая.


А.А. Трусаў



МАГІЛЁЎ. САБОРНАЯ ПЛОШЧА (СУЧАСНАЯ ПЛОШЧА ПЕРАД ГАТЭЛЯМ "ДНЕПР")


Горадабудаўнічы ансамбль канца XVIII — 1-й паловы XIX стст. Сфармавалася па вул. Шклоўскай (цяпер вул. Першамайская) паводле праектаў дойлідаў М. Львова і В. Стасава. Плошча ў плане мела форму эліпсу. Кампазіцыйным цэнтрам яе быў Іосіфаўскі сабор, па баках яго знаходзіліся аднапавярховыя флігелі з вежамі-ратондамі, злучаныя э саборам мураванай сцяной з металічнымі ажурнымі кратамі. На адной восі з саборам насупраць яго ў 1780 г. пабудаваная манументальная брама (глядзі артыкул "Магілёў. Мемарыяльная арка") з двума невялікімі флігелямі па баках (звязаныя з брамай такой жа агароджай). У 1820—30-я гады ансамбль плошчы быў завершаны ўзвядзеннем будынку манежў (на процілеглым баку ад саборў), за ім былі знесеныя старыя драўляныя пабудовы і разбіты гарадскі сквер. Плошча атрымала замкнёную кампазіцыю, мела галоўны кампазіцыйны цэнтр, што было характэрна для дойлідства класіцызму.

Ансамбль плошчы не захаваўся.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. СПАСКІ МАНАСТЫР


Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскаю царкву, агароджу з брамай і званіцай і манастырскі корпус. Разам з архірэйскім палацам і будынкамі духоўнай семінарыяй ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль, які займаў увесь квартал на вул. Ветранай (сучасная вул. Ленінская).

Драўляная Спаская царква вядомая з 1478 г. У 1954 г. пабудаваная новая, драўляная (згарэла ў 1708 г.). З канца XV ст. пры царкве існавалі драўляныя будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі, у 1600 г. пры манастыры адкрылася школа. У 1588 г. пры Спаскім манастыры было зацверджанае праваслаўнае брацтва, якое існавала тут да 1618 г. З 1618 г. да сярэдзіны XVII ст. манастыр перайшоў да уніятаў, з 2-й паловы XVII ст. зноў вярнуўся да праваслаўных. У 1740—42 гг. магілёўскі епіскап Іосіф Ваўчанскі замест драўлянай пачаў будаваць мураваную Спаса-Праабражэнскую царкву. Будаўніцтва царквы завершанае (без даху) да 1748 г. пад кіраўніцтвам епіскапа Ераніма Ваўчанскага (будынак згарэў у 1748 г., засталіся муры). З 1756 г. будаўніцтвам Спаса-Праабражэнскай царквы кіраваў архіепіскап Георгій Каніскі, які выклікаў з Вільні вядомага дойліда I.К. Глаўбіца, паводле праекту якога ў 1762 г. яна была ўзведзеная (да 1802 г. была кафедральным саборам Магілёву). Царква размяшчалася на высокім беразе Дняпра, у глыбіні кварталу. Уяўляла сабой крыжова-купальны храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым васьмігранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабану далучаліся чатыры двух’ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі пяцігаловую кампазіцыю. Галоўны фасад завяршалі двух’ярусныя вежы, паміж якімі размяшчаўся высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкаратыўнымі ляпнымі дэталямі, паміж вокнамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры чатыры цэнтральныя слупы пры дапамозе падпружных арак падтрымлівалі купал на ветразях. Інтэр’ер быў багата аздоблены, тут знаходзіліся творы магілёўскіх майстроў: жывапісца Мірона Пігарэвіча і чаканшчыка Пятра Сліжыка. У 1785 г. было скончанае будаўніцтва мураванай агароджы з брамай і двух’яруснай званіцай і манастырскага корпусу. Царква разбураная ў гады ІІ Сусветнай вайны.

Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай абкружаў усю тэрыторыю манастыра і ўтвараў трапецападобны ў плане ўнутраны дворык. Да манастырскага корпусу далучаліся гандлёвыя рады з арачнымі ўваходамі, што вялі ў крамы. Манастырскі корпус складаўся з двухпавярховай часткі (дзе размяшчалася кансісторыя аднапавярховага крыла, (манаскія келлі, убудаваная царква, гаспадарскія памяшканні). Захаваўся двухпавярховы корпус, які тарцовым фасадам выходзіў на вул. Ветраную (цяпер жылы дом на вул. Ленінскай, 11), і частка аднапавярховага крыла. Галоўны фасад двухпавярховага (з падвалам) корпусу аздоблены на ўсю вышыню пілястрамі і іанічнымі капітэлямі. Высокія прастакутныя аконныя праёмы дэкарыраваныя ліштвамі з замковым каменнем, падаконнымі прастакутнымі нішамі. Фасады аднапавярховага крыла расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, міжаконнымі лапаткамі. Унутраная планіроўка змененая.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. СЯДЗІБА "ПІПЕНБЕРГ"


Існавала ў канцы XVIII—XIX стст. на ўскраіне Магілёву. Належала генерал-тубернатару Пасеку, затым купленая Янчыным, які пазней падараваў сядзібу для галоўнай штаб-кватэры расейскай арміі. У канцы XIX ст. належала жаночаму пансіянату. Ансамбль сядзібы размяшчаўся на дзвюх тэрасах правага берагу Дняпра. На верхняй тэрасе па-над прастакутным ставам стаяў сядзібны дом у стылі класіцызму з элементамі несапраўднай готыкі, на ніжняй — натуральныя і штучныя пасадкі, творы дойлідства малых форм (альтанкі, капліцы, статуі, амфітэатры і інш.). Цэнтр ансамбля — трохпавярховы мураваны прастакутная ў плане гаспода у стылі класіцызму (1780-я гады) з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй (захаваліся падмуркі). Цэнтр галоўнага фасаду, арыентаванага на раку, быў вылучаны плоскім рызалітам, васьмікалонным порцікам і завяршаўся паўфрантонам. Вокны першага паверха прастакутныя, другога і трэцяга — стральчатыя. Планіроўка мяшаная, у цэнтры размяшчалася прастакутная ў плане парадная зала з выхадам на балкон. Вестыбюль, лесвіцы і іншыя дапаможныя памяшканні згрупаваны ў частцы дваравога фасаду.

Сядзіба не збераглася. Уцалелі рэшткі падмуркаў, часткова збярогся парк.


В.Ф. Марозаў



МАГІЛЁЎ. УСПЕНСКАЯ ЦАРКВА


Існавала ў XVII — пачатку XX стст. Пабудаваная ў 1670 г. у стылі барока, на паўднёва-ўсходняй ускраіне непадалёку ад Дняпра, у комплексе з невялікай "цёплай" царквой і званіцай. У храме выявіліся рысы Магілёўскай школы дойлідства. Мураваны трохапсідны крыжова-купальны храм (у плане лацінскі крыж). Асноўныя аб’ёмы былі пакрытыя ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з трохкутнымі франтонамі на тарцах. На сяродкрыжжы на масіўным шматгранным барабане купал з галоўкай. Невялікія паўцыркульныя апсіды, бакавыя ўваходныя тамбуры, якія прылягалі да крылаў трансепту, і гранёны тамбур галоўнага ўваходу дапаўнялі кампазіцыю і падкрэслівалі яе крыжова-цэнтрычны характар. Сцены былі расчлянёныя пілястрамі і прарэзаныя паўцыркульнымі аконнымі праёмамі ў арачных нішах. Асноўны неф быў перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, крылы трансепту — крыжовымі скляпеннямі.

Не збераглася.


Т.І. Чарняўская



МАГІЛЁЎ. ФАРНЫ КАСЦЁЛ СВЯТОГА КАЗІМІРА


Касцёл Святога Казіміра, помнік дойлідства пачатку XVII — XIX стст. Пабудаваны ў 1604 г. па фундацыі караля Сігізмунда ІІІ, які быў уладальнікам вёсак Аўданілавічы, Заходы, Цераховы, Пруды, Сястрын і гарадской зямлі ў Магілёве, у 1810 г. перабудаваны. Мураваны аднанефавы прастакутны ў плане храм з бакавымі прыбудовамі, пяціграннай алтарнай апсідай і двухвежавым галоўным фасадам. Перабудаваны ў XIX ст. ў стылі класіцызму. Усходні і заходні фасады вырашаныя ў выглядзе класічных порцікаў. Аб’ём завершаны драўляным купалам на нізкім барабане. Хоры, дзе размяшчаўся сямігалосны арган, падтрымліваліся чатырма драўлянымі слупамі. Тры алтары былі ўпрыгожаныя драўлянай скульптурай.

Захаваўся часткова, зараз тут складское памяшканне абласнога аддзялення сувязі. Помнік рэспубліканскага значэння.


В.Р. Кукуня



МАГІЛЁЎ. ЧЫГУНАЧНЫ ВАКЗАЛ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1902 г. з цэглы на Дняпроўскім праспекце (сучасная вул. Першамайская), у глыбіні ад чырвонай лініі забудовы, фарміруе Прывакзальную плошчу з партэрам у яе цэнтры. Пасля ІІ Сусветнай вайны будынак рэканструяваны (часткова змененыя ўнутраная планіроўка і знешні выгляд). Мураваны аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з дзвюма невялікімі прыбудовамі па тарцах. Галоўны фасад вылучаны трыма рызалітамі (цэнтральны з галоўным уваходам і два бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прастакутныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваныя руставанымі пілястрамі. Сцены завершаныя прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры галоўнага фасаду васьмігранны светлавы барабан, завершаны невысокай чатырохграннай вежай, у інтэр’еры размешчаны вестыбюль, абапал якога знаходзяцца службовыя і адміністрацыйныя памяшканні.


В.М. Чарнатаў



МАГІЛЁЎСКАЯ ШКОЛА ДОЙЛІДСТВА


Склалася ў XVII—XVIII стст. у грамадскім і культавым дойлідстве. Фармаванне самастойнай школы ў Магілёве вызначалася высокім узроўнем эканамічнага развіцця, адноснай палітычнай незалежнасцю гораду, наяўнасцю значных калектываў дойлідаў, жывапісцаў, сніцараў і іншых майстроў (акрамя дойлідскай, сфармаваліся таксама самабытныя жывапісная і гравёрная школы). У культурных адносінах Магілёў сінтэзаваў усходнія і заходнія плыні, якія спалучаліся з мясцовымі традыцыямі і спрыялі стварэнню своеасаблівасці мастацкай культуры. На фармаванне дойлідска-мастацкага вобразу збудаванняў Магілёўскай школы дойлідства моцна ўплывалі ландшафтныя ўмовы забудовы гораду, якія дыктавалі перавагу вышынных ярусных кампазіцый (вежы замка, ратушы і інш.). На першым этапе (XVII ст.) вялікі ўплыў на творчасць майстроў школы зрабіў стыль рэнесанс, на аснове якога выпрацаваны важнейшыя прыёмы стварэння кампазіцый і ў дэкоры (багаты дэкор мелі не толькі буйныя грамадзянскія і культавыя збудаванні, але і многія жылыя дамы). У XVIII ст. школа развівалася пад уплывам стылю барока, які ўзбагаціў сродкі выразнасці, яшчэ больш павысіў ролю дэкору ў аздабленні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Найбольш значныя дасягненні школы — у мураваным культавым дойлідстве. Храмы звычайна будавалі крыжова-цэнтрычныя, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Успенская цэрквы). Характэрная рыса культавых збудаванняў Магілёўскай школы дойлідства — сінтэз структур старажытна-рускіх трохапсідных крыжова-купальных храмаў і заходне-эўрапейскіх трохнефавых базілік. Найбольш выразна традыцыі школы ўвасоблены ў цэрквах Богаяўленскай, Мікалаеўскай і Спаса-Праабражэнскай, у якіх крыжова-цэнтрычная кампазіцыя спалучалася з асіметрычнай базілікальнай, а дойлідская дамінанта — дзвюхвежавы галоўны фасад, аздоблены сістэмай паярусна размешчаных рознай формы нішаў. Асноўную мастацкую ролю ў інтэр’еры адыгрывалі разныя іканастасы, алтары, ківоты і іншыя элементы, вырашаныя ў традыцыях так званай беларускай рэзі. У 2-й палове XVIII ст. школа заняпала і перастала існаваць.

Збярогся помнік Магілёўскай школы дойлідства — Мікалаеўская царква (глядзі артыкул "Магілёў. Комплекс Мікалаеўскай царквы").


Ю.А. Якімовіч



МАЗАЛАВА. ЦАРКВА ЎШЭСЦЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1827—32 гг. у в. Мазалава (Мсціслаўскі р-н) паводле праекту дойліда А. Мельнікава. Мураваны амаль квадратны ў плане трохнефавы чатырохстаўповы храм, да якога па восі ўсход-захад прымыкаюць паўкруглая апсіда, прытвор і чатырох’ярусная вежа-званіца (над галоўным уваходам) са шпілем. Сяродкрыжжа завершанае купалам на круглым у плане светлавым барабане. Галоўны і бакавыя ўваходы з чатырохкалоннымі порцікамі іанічнага ордэру завершаныя трохкутнымі франтонамі. У аздабленні фасадаў выкарыстаныя гарызантальны руст, дэкаратыўная скульптура. Нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках.

Царква ў паўразбураным стане.


В.Ф. Марозаў



МАЗЫР


Горад, цэнтр Мазырскага р-ну. За 133 км на паўднёвы захад ад Гомеля. Упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1155 г. Уваходзіў у Кіеўскае княства. Старажытнае гарадзішча знаходзіцца на гары Камунараў (былая Спаская гара), на мысе паміж двума ярамі, з паўднёвага ўсходу злучанае з карэнным берагам. У XIV ст. тут на месцы дзядзінца XII ст. пастаўлены ўмацаваны драўляны замак (у 1497 г. разбураны татарамі). З XIV ст. у Вялікім княстве Літоўскім. У пачатку XVI ст. горад складаўся з трох частак: цэнтральнай (умацаванай астрогам), пасаду (не ўмацаваны) і гандлёвай плошчы. У 1516 г. у цэнтральнай частцы 139 двароў і две карчмы, у пасадзе 69 двароў, сядзібны комплекс з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі і садам, на рынку 44 крамы, 85 двароў рамеснікаў і гандляроў, бровар, саладоўня, "перавозны" дом (збераглося начынне для паромнай пераправы цераз Прыпяць, служыў, відаць, і гатэлем). Тры асноўныя вуліцы (Оўруцкая, Кіеўская і Слуцкая) заканчваліся брамамі. Каля 1543 г. на месцы замку XIV ст. пабудаваны новы драўляны замак, які злучаўся з гандлёвай плошчай мостам на палях. На тэрыторыі замку знаходзіліся дамы заможных гараджан, Спаская царква. У цэнтральнай частцы гораду перад замкам была Мікалаеўская царква. Горад быў умацаваны астрогам. З сярэдзіны 1560-х гадоў — цэнтр павету Кіеўскага, з 1569 г. Менскага ваяводстваў. Паводле інвентару 1576 г. быў 371 жылы дом, пяць цэркваў і манастыр. У 1577 г. атрымаў магдэбургскае права. Меў герб (выява чорнага арла на блакітным фоне). У XVI—XIX стст. горад развіваўся вакол умацаванага цэнтру ўздоўж правага берага Прыпяці. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі тры асноўныя восі: адна ўздоўж Прыпяці (з паўднёвага ўсходу на паўночны захад), другая вяла ад гандлёвай плошчы на паўднёвы захад да дарогі на Петрыкаў, трэцяя злучала паўднёва-ўсходнюю частку гораду з дарогай на Оўруч. Гандлёвая плошча (на ёй былі ратуша, тры корпусы гандлёвых радоў, царква) размяшчалася на паўночным усходзе ад замку. На паўднёвым ўсходзе ад цэнтру ў 1648 г. заснаваны касцёл і кляштар бернардынаў. У 1616 г. закладзены касцёл Ушэсця Маці Боскай (крыжовы ў плане драўляны будынак з вялікім купалам у цэнтры і асобна размешчанай трох’яруснай званіцай), адбудаваны пасля пажару 1757 г. (не збярогся). У 1745 г. пабудаваны кляштар цыстэрцыянак. У 1-й палове XVIII ст. пабудаваны базыльянскі манастыр, драўляная царква Святой Параскевы Пятніцы. У 1744 г. ва ўрочышчы Кімбараўка заснаваныя два манастыры ордэну цыстэрцыянцаў — у 1711 г. мужчынскі (існаваў да 1864 г.), у 1745 г. жаночы (існаваў да 1883 г., з 1888 г. — праваслаўная Свята-Траецкая царква). У 1752 г. пабудаваны манастыр (касцёл і кляштар) марыявітак (існаваў да 1856 г.), пры якім працавала акадэмічная пачатковая трохкласная школа. У канцы XVII ст. налічвалася пяць драўляных праваслаўных культавых збудаванняў: цэрквы Саборная архангела Міхаіла, Святога Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і Святой Параскевы Пятніцы; у 1861 г. у з праваслаўных храмаў засталіся драўляныя цэрквы Мікольская і Святой Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; касцёл і кляштар марыявітак (не зберагліся). З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету. Росту гораду садзейнічала будаўніцтва Палескіх чыгунак у 1880-я гады. У канцы ХІХ ст. налічвалася 8067 жыхароў, з іх 60% пісьменных (1897 г.), пяць прамысловах прадпрыемстваў, две пачатковыя школы і шасцікласная прагімназія, жаночая гімназія, лякарня, метэастанцыя, друкарня, две кнігарні. На пачатку ХХ ст. тры прадпрыемствы (680 рабочых), каля 1210 дамоў, 16 майстэрняў, пяць навучальных устаноў (каля 430 навучэнцаў). З 1924 г. цэнтр раёну (у 1926—27 гг. горад у Слабадскім р-не). У 1924—30 гг. і 1935—38 гг. цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 гг. цэнтр Палескай вобл. З 1938 г. горад абласнога падпарадкавання. У 1939 г. 17,5 тыс. жыхароў. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959 г. 25,7 тыс. жыхароў, у 1970 г. — 48,8 тыс., у 1977 г. — 71,6 тыс. жыхароў.

Планіровачная структура сучаснага гораду абумоўленая складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і крутым правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы распрацаваныя ў 1939 г., 1953 г., 1966 г. (карэкціроўка ў 1975 г. і 1976 г.), 1981 г. (інстытут "Гомельграмадзянпраект"). Гарадская тэрыторыя фармуецца ў дзвюх практычна самастойных зонах, абапал Прыпяці. Асноўны масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе, на левым — рачны вакзал, вытворчая зона і жылы раён. Асноўнымі кампазіцыйнымі восямі гораду з’яўляюцца вуліцы Ленінская (галоўная, забудаваная 2—5-павярховымі дамамі, праходзіць па адносна нізкіх адзнаках рэльефу), Савецкая (забудаваная 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца ХІХ — пачатку ХХ ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчаная пл. Леніна — адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр (захаваўся помнік грамадзянскага дойлідства — клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фармуецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры ствараецца навучальны цэнтр: навучальныя карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Забудоўваюцца новыя мікрараёны, найбольш значныя створаны ў раёне вуліц Савецкай і Пушкіна. Забудова ў асноўным дзевяціпавярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх будынак педагагічнага інстытуту) на вышэйшых адзнаках рэльефу. Зона адпачынку — р. Прыпяць, на правым беразе — парк Перамогі з малымі формамі дойлідства і атракцыёнамі, на левым — унікальны лесапарк, пясчаныя пляжы.

Прадугледжваецца функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтру, удасканаленне транспартнай сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.


Э.М. Савіцкі, Ю.А. Якімовіч, Л.С. Патапаў



МАЗЫР. ЗАМАК


Існаваў у XVI—XVIII стст. у Мазыры. Пабудаваны каля 1543 г. на месцы старажытнага ўмацаванага дзядзінца. Памеры паўавальнага ў плане драўлянага замку каля 120x60 м. Меў абарончыя сцены — гародні з байніцамі і машыкулямі, две вежы і вежу-браму з пад’ёмным мостам цераз роў. Усе вежы былі чацверыковыя з шатровымі дахамі, унутры падзеленыя на сем баявых ярусаў. У 1576 г. замак меў пяць вежаў, завершаных купаламі. У абарончую лінію ўваходзілі таксама два дамы паміж гароднямі. На тэрыторыі замку знаходзіліся Спаская царква, дом войта, скарбніца, свіраны, скляпы і іншыя пабудовы. Замак часта разбураўся (найбольш значна ў 1649 г. пры задушэнні паўстання жыхароў Мазыра войскамі гетмана Януша Радзівіла). У XVIII ст. — парадны замкава-палацавы комплекс, які складаўся (паводле інвентару 1772 г.) з драўлянага палаца ў цэнтры і гаспадарчай зоны. Аднапавярховы палац, накрыты высокім ламаным гонтавым дахам з круглымі люнетамі, уключаў вялікую прыхожую, вакол якой размяшчаліся жылыя пакоі, алькеж, аптэчка, пакой ключніка, і залу для правядзення старосцінскіх судоў і павятовых сеймікаў. Гаспадарчая зона (кухня, жылыя дамы прыслугі, свіран, хлявы і інш.) размяшчалася за палацам. Каля ўязной брамы знаходзілася канцылярыя старосты і стайня з вазоўняй. Пры раскопках замчышча сярод рэшткаў аднаго з пакояў XVI ст. выяўленая печ, складзеная з гаршковай кафлі з квадратным вусцем і каробчатай кафлі, упрыгожанай па баках геаметрычным арнаментам. Сярод знаходак шкляныя бранзалеты, прасліцы, унікальная кафля з выявай жанчыны (2-я палова XVI ст.).


Ю.А. Якімовіч, Г.М. Залашка



МАЗЫР. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны па фундацыі палкоўніка Стэфана Лозкі ў 1648 г. у Мазыры (сучасная вул. Камсамольская, XIV—XVI), перабудаваны маршалкам мазырскім Казімірам Аскірка ў 1760—75 гг. У 1832 г. кляштар скасаваны, у 1839 г. пасля пажару кляштарны корпус (дойлід Вісконці) прыстасаваны пад лякарню (першы паверх) і прысутныя месцы (другі паверх). У 1865 г. касцёл ператвораны ў Міхайлаўскі сабор, у 1876 г. адрамантаваны.

Касцёл — трохнефавая дзвюхвежавая мураваная базіліка з пяціграннай апсідай. Галоўны трохчасткавы фасад — увагнута-пукатая плоскасць, раскрапаваная звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Партал уваходу завершаны фігурным крапаваным шчытом з прастакутнай нішай для іконы па цэнтры. Трох’ярусныя (васьмярык на двух чацверыках) шатровыя вежы (надбудаваныя ў 1829 г.) аб’яднаныя ў аснаванні трохкутным шчытом імаюць элементы класіцызму (трохкутныя франтоны, арачныя праёмы з імпастамі ў прастакутных нішах, карнізы з сухарыкамі). Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках. Унутраная прастора шасцю масіўнымі слупамі падзеленая на тры нефы: цэнтральны перакрыты цыліндрычным, нізкія бакавыя — крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Алтарная частка з ляпным прысценным алтаром і глорыяй у завяршэнні аддзеленая драўляным разным трох’ярусным іканастасам (2-я палова ХІХ ст.). Над скляпеністым нартэксам хоры з пластычна выгнутым парапетам, дэкарыраваным аркатурай. Пад апсідай знаходзіцца скляпеністая крыпта, што стала пахавальняй роду Аскеркаў.

Да касцёлу з усходняга боку прымыкае кляштарны корпус — двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак калідорнай планіроўкі з аднабаковым размяшчэннем келляў і залай-трапезнай у тарцы, перакрытых крыжовымі скляпеннямі.

Касцёл дзейнічае як царква Святога Міхала Арханёла. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



МАЗЫР. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛАI КЛЯШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯНАК


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1743—45 гг. па фундацыі Бенядзікта Ражанскага, за 3 км на паўночны ўсход ад Мазыра, на правым беразе р. Прыпяць, у так званай "Анёльскай даліне". Уключае мураваны касцёл Святога Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1883 г. кляштар закрыты, у 1888 г. перададзены праваслаўным, у 1893—94 гг. касцёл рэканструяваны пад царкву, прыбудаваныя драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш.

Касцёл — аднанефавы храм, накрыты высокім двухсхільным дахам з увагнутымі вальмамі над трохграннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Дойлідска-пластычны акцэнт прыпадае на галоўны фасад, расчлянёны на тры часткі высокімі пілястрамі і завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам. Бакавыя плоскасці фасаду дэкарыраваныя трыма ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Фасад завершаны ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894 г.). Галоўны ўваход праз нізкі пяцігранны прытвор дэкарыраваны буйнымі кутнімі лапаткамі. Бакавыя фасады вырашаныя плоскасна, рытмічна расчлянёныя высокімі лучковымі вокнамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Прастора інтэр’еру рэканструяваная: неф падзелены на два паверхі і перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з падвойнымі падпружнымі аркамі і люнетамі, апсіда — самкнутай конхай. Скляпенні былі дэкарыраваныя сюжэтнай фрэскавай размалёўкай (скончана ў 1804 г., не захавалася). Сцены крапаваныя арачнымі нішамі і падвойнымі пілястрамі, апяразаны буйным тонкапрафіляваным карнізам. Апсіда раскрытая ў залу шырокім арачным прасветам.

Першапачаткова з касцёлам з паўночнага ўсходу злучаўся крыты бляхай і дахоўкай П-падобны ў плане трохпавярховы жылы корпус (першы паверх быў мураваны, другі і трэці — фахверкавыя ці з "прускага муру"), які ствараў унутраны двор. Захаваўся адзін прастакутны ў плане двухпавярховы аб’ём пад двухсхільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёныя квадратнымі і прастакутнымі вокнамі, у прасценках — шырокімі лапаткамі. Планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем тыпавых келляў з цыліндрычнымі скляпеністымі перакрыццямі.

Касцёл дзейнічае, у кляштары размешчанае музычнае вучылішча. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



МАЗЫР. КЛУБ-ТЭАТР


Помнік дойлідстава канструктывізму. Узведзены ў 1929—32 гг. на цэнтральнай вуліцы гораду — Ленінскай. Двухпавярховы асіметрычны П-падобны ў плане мураваны будынак; мае дакладна размежаваныя тэатральную і клубную часткі, кожная з асобным уваходам і вестыбюльнай групай, злучаныя паміж сабой папярочным крылом-пераходам. Тэатральная частка ўключае глядзельную залу (партэр, балкон і сем невялікіх ложаў), сцэну і па баках службовыя памяшканні для акцёраў, мае паўкруглы вестыбюль. У клубнай частцы да вестыбюля на першым паверсе і да прасторнага холу на другім кампактна прымыкаюць памяшканні для клубнай работы. Паверхі звязаныя паміж сабой параднай трохмаршавай лесвіцай. Мастацкае аблічча будынку дасягаецца лаканічнымі сродкамі. На галоўным фасадзе вылучаецца паўкруглы з шасцю калонамі аб’ём з уваходам у глядзельную частку. У будынку працавалі Мазырскі драматычны тэатр (у 1935 г.), Мазырскі калгасна-саўгасны тэатр (1935—38 гг.), Палескі абласны драматычны тэатр (1938—41 гг. і ў 1944—46 гг.).

Цяпер у ім размяшчаецца гарадскі Дом культуры, працуюць гарадскія калектывы мастацкай самадзейнасці.


А.А. Воінаў



МАЛАЯ БЕРАСТАВІЦА. СЯДЗІБНЫ ДОМ

 

Помнік сядзібна-паркавага дойлідства 2-й паловы XVIII ст. Пабудаваны ў в. Малая Бераставіца (Бераставіцкі р-н). Размешчаны ў глыбіні панадворку, абмежаванага каналам і ставам. Прастакутны ў плане аднапавярховы мураваны дом накрыхы мансардавым дахам з люкарнамі ў абрамленні фігурных ліштваў. Па тарцах фланкіраваны драўлянай прыбудовай (ХІХ ст.) і рызалітам з паўвальмавым дахам. Галоўны ўваход — асіметрычны, вылучаны ганкам з лучковай стрэшкай на чатырох слупах. Фасады раскрапаваныя лапаткамі і расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі. Планіроўка анфіладная.


А.М. Кулагін



МАЛАЯ СВАРОТВА. СЯДЗІБА


Існавала ў ХІХ — пачатку ХХ стст. ў в. Малая Сваротва (Баранавіцкі р-н). Пабудаваная ў пачатку ХІХ ст. Ансамбль уключаў палац, флігель, гаспадарчыя пабудовы, парк мяшанай (з элементамі пейзажнай і рэгулярнай) планіроўкі з каналамі, масткамі, альтанкамі, аранжарэяй і інш. Цэнтральная кампазіцыя ансамбля — мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане палац, вырашаны ў стылі ампір. Кампактны будынак быў накрыты вальмавым дахам, над якім узвышаўся прастакутны ў плане бельведэр. Сцены першага паверху былі аздобленыя рустам, цэнтральную частку галоўнага фасаду вылучаў неглыбокі рызаліт з параднай лесвіцай і парталам уваходу, завершаным плоскім сандрыкам. Справа ад палацу размяшчаўся мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане флігель пад вальмавым дахам. Аранжарэя — мураванае аднапавярховае прастакутнае ў плане збудаванне ў стылі ампіп.

Сядзіба не збераглася, адлюстраваня на малюнку Н. Орды 1876 г.

 

Ю.А. Якімовіч



МАЛАДЗЕЧНА

 

Горад, цэнтр Маладзечанскага р-ну, на р. Уша. За 68 км на паўночны захад ад Менску. Вядомае з 1388 г. у Вялікім княстве Літоўскім. З 1413 г. у Віленскім ваяводстве, з канца XVI ст. мястэчка ў Менскім павеце. Належала магнатам Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Агінскім і інш. У XV ст. пабудаваны замак. У 1623 г. было шэсць вуліц, дэе пражывала 150 сем’яў. У Паўночную вайну 1700—21 гг. у 1708 г. захопленае шведскімі войскамі. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыіі, цэнтр воласці, мястэчка Вілейскага павету. У ХІХ ст. ў мястэчку чатыры вуліцы, якія крыжападобна разыходзіліся: Менская, Віленская, Замкавая (пазней Вілейская), Гарадоцкая. У канцы апошняй знаходзілася вулачка-вёска Калюга. У 1864 г. адкрытая настаўніцкая семінарыя. У ХІХ ст. ў сувязі з будаўніцтвам Лібава-Роменскай чыгункі (1873 г.) пачаўся хуткі рост гораду. У канцы ХІХ ст. цэнтр воласці, 648 жыхароў, 85 двароў, тры царквы, паштовая станцыя, бровар, 18 крам, штотыднёвы кірмаш. У пачатку ХХ ст. 2393 жыхароў, шэсць прадпрыемстваў. У 1907 г. змураваны чыгуначны вакзал. З 1921 г. у складзе Польшчы, горад, цэнтр павету Віленскага ваяводства. З 1939 г. у БССР, 6,6 тыс. жыхароў. З 1940 г. цэнтр раёну, педвучылішча, тры бібліятэкі, два клубы. З 1944 г. горад абласнога падпарадкавання. У 1944—60 гг. цэнтр Маладзечанскай вобл., 26,3 тыс. жыхароў у 1959 г. З 1960 г. у Менскай вобл., 50,4 тыс. жыхароў у 1970 г, 87,1 тыс. — у 1987 г.

Генпланы Маладзечна распрацаваныя ў 1949 г. (дойлід А. Хегай і інш.), 1965 г. (інстытут "Белдзяржпраект"; дойлід Г. Булдаў, інжынеры Р. Абласава, А. Носаў-Белякоў) і 1983 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды А. Акенцьеў, Г. Булдаў, інжынеры Р. Шамес, I. Калеснік); развіццё гораду прадугледжанае ў паўдёвым і ўсходнім напрамках. Сетка вуліц прастакутная. Чыгункі падзяляюць горад на чатыры планіровачныя раёны: заходні (раён канцэнтрацыі большасці прамысловых прадпрыемстваў), паўночны (зона індывідуальнай жылой забудовы), усходні (прамысловы раён; старая частка гораду з пл. Свабоды (былая гандлёвая), дзе захаваўся помнік дойлідства ХІХ ст. — Пакроўская царква), паўднёвы (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Галоўныя магістралі — пр-т Леніна (участак шашы на Вільню; размешчаныя чатырнаццаціпавярховы гатэль "Маладзечна", цэнтральная бібліятэка, сярэдняя школа, паліклініка, крамы), вул. Прытыцкага (банк, пошта-тэлеграф, рэстаран "Папараць-кветка", кінатэатр "Радзіма", Дом побыту, сталоўка, крамы), вуліцы Савецкая, Валынца, Я. Купалы (у 1980-я гады ўзбоч яе пабудаваны новы мікрараён Шырокая Дуброва з 5—9-павярховых жылых дамоў), Горкага (часткова захаваўся помнік дойлідства XVIII ст. — будынак былой настаўніцкай семінарыі, раней — манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворанаяя пл. Леніна. Капітальная жылая забудова склалася пераважна ў цэнтральных кварталах, якія прымыкаюць да пр-ту Леніна, вуліц Жданава, Кірава, Касманаўтаў і 60 гадоў Кастрычніка. Забудова цэнтральнай часткі гораду 2—9-павярховая. Паўднёвы планіровачны раён уключае чатыры мікрараёны, забудаваныя 5—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размяшчаюцца групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілузт забудовы. Вялікая ўвага аддаецца вырашэнню аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі асноўнага уездаў у горад з боку Менску, Вільні, Вілейкі, Валожына.

Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтру 1986 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды В. Сушчыц, А. Акенцьеў, А. Дубініна і інш.) прадугледжанае яго развіццё ў паўночна-заходнім напрамку на вул. Сухой і ў паўночна-ўсходнім на вул. Савецкай, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на чатыры планіровачныя комплексы рознага функцыянальнага прызначэння; актыўнае азеляненне, стварэнне спартовай і расшырэнне паркавай зон. Зона адпачынку — р. Уша са штучным вадаёмам, цэнтральны гарадскі парк Перамогі, парк у паўночным планіровачным раёне, сквер на вул. Калініна.


Г.А. Каханоўскі, С.Ф. Самбук



МАЛАДЗЕЧНА. ЗАМАК


Існаваў у XV—XVIII стст. Пабудаваны ў Маладзечне на правым дрыгвяністым беразе р. Уша, дзе бярвеннем быў вымашчаны прастакутны ўчастак (120x80 м) са скругленай усходняй часткай і насыпаная пляцоўка вышыня каля 4 м са жвіру і пяску. Замчышча было абнесенае глініста-пясчанымі валамі (шырыня да 11 м, вышыня да 3,5 м). На вяршыні валоў стаялі драўляныя сцены-гародні вянковай канструкцыі, на кутах — драўляныя вежы. У заходняй частцы замку размяшчалася брама (праезная частка 4 м). Да брамы цераз балота была пракладзеная грэбля. У XVII ст. тры вонкавыя куты замку былі ўмацаваныя бастыёнамі галандскага тыпу, што адпавядала тагачаснай тактыцы абароны і аблогі. Каб прадухіліць апаўзанне зямлі, бастыёны былі ўмацаваныя загародкамі слупавой канструкцыі. Ва ўсходняй частцы замкавага дзядзінца знаходзіліся мураваны палац (засталася паўночная сцяна даўжыня 16,22 м), драўляныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы.

Не збярогся.


М.А. Ткачоў



МАЛАДЗЕЧНА. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1867—71 гг. з цэглы. У плане ўяўляе сабой традыцыйную чатырохчасткавую схему: званіца, трапезная, трохнефавы квадратны асноўны аб’ём і пяцігранная апсіда, абапал якой прыбудаваныя рызніца і ахвярнік. Над асноўным аб’ёмам узвышаецца васьмігранны светлавы барабан. У дэкоры царквы выкарыстаныя формы маскоўскага дойлідства XVII ст. (кілепадобныя какошнікі, ліштвы акон, шатровыя з макаўкай завяршэнні і інш.). У адрозненне ад большасці помнікаў, створаных у рэтраспектыўна-рускім стылі, званіца і галоўны светлавы барабан царквы маюць аднолькавую дойлідска-пластычную структуру: васьмігранная ў сячэнні канструкцыя завяршаецца какошнікам і шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Гэта надае кампазіцыі будынка цэласнасць і аб’ёмнае адзінства.

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



МАЛАДЗЕЧНА. ЧЫГУНАЧНЫ ВАКЗАЛ


Помнік дойлідства стылю мадэрн. Узведзены ў 1907 г. на месцы ранейшай драўлянай пабудовы (1873 г.). Аднапавярховы мураваны будынак, сіметрычны, прастакутны ў плане. Цэнтр і бакавыя часткі вылучаныя рызалітамі, расчлянёны пілястрамі, завершаныя крывалінейнымі шчытамі. Высокія арачныя аконныя праёмы ў прафіляваным абрамленні; прасценкі апрацаваны лапаткамі. Цокальная частка будынку крапаваная філёнгамі. Складаны па абрысу дах узбагачае пластычнае вырашэнне будынку. У тарцовых фасадах выкарыстаныя тыя ж кампазіцыйныя прыёмы і элементы пластыкі, што і ў франтальных. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынку падпарадкаваная яго функцыянальнаму прызначэнню. Цэнтральную частку яго займае вестыбюль, у бакавых размешчаны службовыя памяшканні.


У.В. Алісейчык



МАЛОЕ МАЖЭЙКАВА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства позняга класіцызму. Створаная ў 1-й палове ХІХ ст. на ўсходняй ускраіне в. Малое Мажэйкава (Лідскі р-н). Складаецца з гасподы, гаспадарчых пабудоў і невялікага парку. Гаспода — аднапавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак накрыты паўвальмавым дахам. Цэнтральная частка з мансардай вылучаная чатырохкалонным дарычным порцікам. фасады расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі сандрыкамі і руставанымі лапаткамі ў прасценках. Планіроўка мяшаная анфіладна-калідорная, у цэнтры вестыбюль з вітымі ўсходамі. На захад ад гасподы два мураваныя гаспадарчыя корпусы з дзвюхкалоннымі порцікамі і люкарнамі. Парк ва ўсходняй частцы мае мяшаную рэгулярна-пейзажную планіроўку. Две ўзаемна перпендыкулярныя алеі абмяжоўваюць два ставы. У парку растуць дрэвы мясцовых парод.

На тэрыторыі ансамбля размешчаная цэнтральная сядзіба мясцовага саўгасу і Дом культуры.


А.М. Кулагін



МАЛАРЫТА


Горад, цэнтр раёну, на р. Маларыта. За 52 км на паўднёвым усходзе ад Берасця. Вядомая з 1566 г. як каралеўская вёска Малая Рыта Палескай воласці Берасцейскага павету Вялікага княства Літоўскага. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, сяло ў Берасцейскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай губерняў. У 1897 г. было 1275 жыхароў, 203 двары, народнае вучылішча, две лесапільні, шпалапрапітны завод, цагельня, вятрак. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Берасцейскага павету. З 1939 г. у БССР, у складзе Берасцейскай вобл. З 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. У 1959 г. было 3,4 тыс. жыхароў. З 1962 г. да 1965 г. у Берасцейскім  р-не. З 1970 г. — горад.

Генпланы распрацаваныя ў 1959 г. (Берасцейскія абласныя праектныя майстэрні) і 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва). Горад развіваецца ўздоўж чыгункі, якая перасякае яго з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і дзеліць на две часткі: уласна горад і пасёлак Ласкі (у межах гораду з 1967 г.). Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна, Савецкая, Чырвонаармейская, Энгельса, Кобрынская, Чкалава. У раёне асноўных вуліц — Леніна і Савецкай і на цэнтральнай плошчы, утворанай на іх скрыжаванні, склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Будуюцца 2—5-павярховыя жылыя дамы. Фармуюцца паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні прамысловыя раёны. Зона адпачынку — р. Маларыта, на беразе якой закладзены парк. Збярогся помнік драўлянага дойлідства 2-й паловы ХІХ ст. — Мікалаеўская царква.

Плануецца далейшае развіццё гораду на паўночны захад, функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, расшырэнне грамадскага цэнтру і стварэнне падцэнтраў на вуліцах Калініна (з боку ўезду з Кобрына) і Савецкай, расшырэнне зон спартыўнай і адпачынку.


Л.С. Патапаў



МАЛЕЧ


Вёска ў Бярозаўскім р-не. Цэнтр сельсавету і саўгасу імя 60-годдзя КПБ. Адзін з эксперыментальна-паказальных пасёлкаў Беларусі. За 20 км на захад ад Бярозы, 89 км ад Берасця. У XVI ст. мястэчка ў Берасцейскім павеце Вялікага княства Літоўскага. У 1645 г. атрымала герб: на срэбным полі паясная выява мужчыны з ключамі ў руках. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі. У канцы ХІХ ст. мястэчка, цэнтр воласці ў Пружанскім павеце, каля 1,5 тыс. жыхароў, 70 двароў, две царквы, школа, сукнавальня, шаснаццаць крам, базар, дванаццаць кірмашоў на год. З 1921 г. у складзе  Польшчы. З 1939 г. у БССР.

Сучасная вёска вызначаецца высокім узроўнем добраўпарадкаванасці, выразнасцю сілуэту забудовы, функцыянальным заніраваннем тэрыторыі. Генплан распрацаваны ў 1971 г. (БелНДІдзіпрасельбуд, карэкціроўка 1974 г.; дойлід Н.М. Нядзелька, інжынер В. Хандогін). Кампазіцыйны цэнтр вёскі — плошча, утвораная пры злучэнні дзвюх галоўных вуліц — Савецкай і Спецыялістаў. Тут, побач са старым паркам, склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр, які фармуюць будынак дырэкцыі саўгасу і выканкому сельскага Савету, Палац культуры (з глядзельнай залай на 600 месцаў, музыкальнай школай, бібліятэкай, маладзёжным кафэ, пакоямі для работы гурткоў), школа, дзіцячы камбінат (пабудаваныя па эксперыментальным праекце, у афармленні выкарыстаныя дэкаратыўныя элементы на матывы народных казак), гандлёвы цэнтр (камбінат побытавага абслугоўвання, гатэль з інтэрнатам, крама, сталоўка з банкетнай залай), тры шаснаццацікватэрныя пяціпавярховыя жылыя дамы, аб’яднаныя аднапавярховымі аб’ёмамі, дзе размешчаныя крамы і аптэка. Упрыгожваюць цэнтр дэкаратыўны вадаём з добраўпарадкаванай набярэжнай, прагулачнай алеяй і пляжам, групы дэкаратыўных дрэў, газоны, малыя формы дойлідства.

Асаблівасць планіровачнага вырашэння цэнтру — размяшчэнне будынкаў на штучна створаным мікрарэльефе. Цэнтр кампазіцыйна аб’яднаў зону індывідуальнай жылой забудовы вёскі (на поўдзень ад цэнтру) з зонай новай двухпавярховай капітальнай жылой забудовы, што прылягае да цэнтру з поўначы і паўначнага захаду. Будуюцца адна- і чатырохкватэрныя жылыя дамы з кватэрамі ў двух узроўнях, васьмікватэрныя жылыя дамы. Ў афармленні фасадаў выкарыстаныя дэкарыўная тынкоўка, рознакаляровая керамічная плітка (залацісты, пясочны, белы і чырвоны колеры), што падкрэслівае выразнасць сілуэта забудовы. Жылыя дамы маюць зручную сувязь з групамі гаспадарчых пабудоў. Вёска забяспечаная ўсімі відамі інжынернага абсталявання, добраўпарадкаваная. Вытворчая зона размешчана ў паўночнай, паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй частках вёскі. Прадугледжваецца далейшае развіццё грамадскага цэнтру, добраўпарадкаванне зоны індывідуальнай жылой забудовы.


Н.М. Нядзелька



МАЛІНОЎШЧЫНА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства эклектыкі. Сфармавалася ў 2-й палове ХІХ ст. (да 1891 г.) у в. Маліноўшчына (Маладзечанскі р-н). Створаная з выкарыстаннем элементаў архаікі, класіцызму, неаготыкі. Комплекс уключаў гасподу, афіцыну, парк, абеліск, капліцу-пахавальню, бровар.

Гаспода — першапачаткова драўляны аднапавярховы будынак з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе (не захаваўся). Пазней мураваны, размешчаны ва ўсходняй частцы парку каля абрывістага схілу поймы ручая. Прастакутны ў плане на высокім руставаным цокалі будынак, накрыты паўвальмавым дахам. Фасады маюць строеныя стральчатыя вокны. На тарцовых шчытах даху па тры люкарны.

Афіцына — аднапавярховы мураваны прастакутны ў плане будынак пад вальмавым дахам з дахоўкі. Галоўны фасад сіметрычна расчлянёны стральчатымі аконпымі і ўваходнымі праёмамі.

Парк пейзажнага тыпу, з пладовым садам. Займае плошчу каля 8 га. Ручай падзяляе парк на дзве часткі і двума пратокамі стварае выспу. З усходняга боку абмежаваны алеяй (шырыня 12 м), абсаджанай каштанам конскім і хвояй веймутавай, з паўднёвага — групай лістоўніцы сібірскай, з заходняга — алеяй з лістоўніцы сібірскай (дрэвы пасаджаны радамі праз 3 м). Сярод пасадак таполя белая, елка звычайная, піхта сібірская, дугласія шэрая. У цэнтры парку абеліск ХІХ ст. з чорнага лабрадарыту. У паўднёвай частцы бровар.

Капліца-пахавальня знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы парку. Цагляная чатырохгранная піраміда, накрытая маленькім чатырохсхільным дахам. Гарызантальнай цягай падзеленая на два ярусы. У капліцы — жалобная зала са стральчатымі ўваходамі і вокнамі. У сутарэннях — нішы-пахавальні. У ніжнюю частку сцен умураваны вапнавыя паліраваныя пліты з мемарыяльнымі надпісамі.



МАЛЯЦІЦЫ. КАСЦЁЛ


Існаваў у канцы XVIII — 1-й палове ХХ ст. Пабудаваны ў 1787—94 гг. па заказу Магілёўскага архіепіскапа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча ў в. Маляціцы (Крычаўскі р-н) паводле праекту літоўскага дойліда Л. Стуока-Гуцявічуса. Будаўніцтвам кіраваў яго вучань дойлід Я. Падчашынскі. Касцёл — паменшаная копія сабору Святога Пятра ў Рыме. Складаецца з асноўнага прастакутнага ў плане аб’ёму і бакавых паўкруглых у плане каланад, якія ўтваралі невялікую авальную плошчу перад будынкам. Асноўны аб’ём завяршаўся купалам (на глухім шматгранным барабане), абапал яго былі два невялікія купалы. Галоўны фасад асноўнага аб’ёму меў ярусную кампазіцыю: ніжні (на ўзроўні другога паверху), раскрапаваны пілястрамі і трохчвэртнымі калонамі, меў паўцыркульныя і прастакутныя вокны і нішы, аформленыя франтончыкамі, і завяршаўся трохкутным франтонам у цэнтры; верхні раскрапаваны пілястрамі, паміж якімі былі прастакутныя вокны і нішы, завяршаўся пакатым франтонам.

Касцёл не збярогся.


В.Ф. Марозаў



МАМАІ. КАСЦЁЛ


Помнік дойлідства класіцызму з элементамі позняга барока. Пабудаваны ў канцы XVIII ст. ў в. Мамаі (Глыбоцкі р-н). Прастакутны ў плане мураваны будынак накрыты двухсхільным пакатым дахам з трохкутнымі франтонамі на тарцах. У аснову дойлідскай пластыкі фасадаў пакладзены дарычны ордэр. Галоўны фасад раскрапаваны паўкалонамі, прастакутнымі плоскімі і глыбокімі паўкруглымі нішамі. Уваход аформлены вялікім парталам. Бакавыя фасады з высока размешчанымі прастакутнымі вокнамі аздобленыя пілястрамі. Сцены завершаныя развітым дарычным антаблементам. Унутры будынку дапаможныя памяшканні па чатырох кутах прасторава вылучаюць з асноўнага памяшкання ўваходную і алтарную часткі. На сценах пілястры карынфскага ордэру, на плоскай столі — цыліндрычныя скляпенні. Па восі будынку стаіць двух’ярусная мураваная званіца-брама, завершаная трохкутным франтонам, якая па стылістыцы адпавядае дойлідству касцёлу.

З 1866 г. — царква Праабражэння Гасподняга, дзейнічае.


Т.В. Габрусь



МАНЬКАВІЧЫ. СЯДЗІБА


Існавала ў канцы XVIII — 1-й палове ХХ ст. ў в. Манькавічы (Пастаўскі р-н). Належала Хлявінскай, потым Друцкім-Любецкім. Уключала гасподу, гаспадарчыя пабудовы, парк, капліцу-пахавальню.

Гаспода — прастакутны ў плане драўляны аднапавярховы будынак з мезанінам у цэнтры. Стаяў на каменным падмурку. Быў накрыты мансардавым ламаным дахам з круглымі люкарнамі. Меў рысы пераходнага дойлідства — ад позняга барока да класіцызму. Гарызантальна ашаляваныя звонку сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Галоўны фасад вылучаны двухярусным чатырохкалонным порцікам (у ніжнім ярусе калоны ў сячэнні круглыя, у верхнім, надбудаваным пазней, — квадратныя) з ажурнай агароджай галерэі ў другім ярусе і разным франтонам у завяршэнні. Планіроўка анфіладная.

Сярод гаспадарчых пабудоў манументальнасцю вылучаўся вырашаны ў стылі ампір мураваны свіран — прастакутны ў плане на высокім бутавым цокалі цагляны будынак, накрыты двухсхільным дахам. Куты сцен аздобленыя рустам, галоўны падоўжаны фасад быў вырашаны галерэяй-каланадай тасканскага ордэру.

Захаваліся: капліца-пахавальня ў стылі позняга класіцызму, размешчаная ў лесапаркавым масіве на супрацьлеглым ад гасподы ўзгорыстым беразе става; бутавы свіран; млын.


Л.М. Кулагін

 


МАР’ІНА ГОРКА


Горад, цэнтр Пухавіцкага р-ну, на р. Цітаўка. За 63 км на паўднёвым усходзе ад Менску. Вядомая з XVI ст., належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 г. міністру ўнутраных спраў Л. Макаву. Назва ад горкі, на якой, паводле легенды, стаяў паганскі храм, дзе ў так званы "мар’ін дзень" адбываліся святкаванні (пазней там пабудаваная царква). З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, вёска ў Ігуменскім павеце. Росту Мар’інай Горкі садзейнічала будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі (1872 г.). У 1876 г. заснаваная сельскагаспадарчая школа (з 1921 г. сельскагаспадарчы тэхнікум). У 1897 г. было 2 тыс. жыхароў. З 1924 г. цэнтр Пухавіцкага р-ну. З 1938 г. гарадскі пасёлак, 6,5 тыс. жыхароў у 1939 г. З 1955 г. горад. 9,3 тыс. жыхароў у 1959 г., 11,3 тыс. — у 1970 г.

Планіровачная структура гораду прастакутная, з дробнай сеткай вуліц. Генплан распрацаваны ў 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У паўночнай частцы з зхаду на ўсход горад перасякае рака і аддзяляе паўночны планіровачны раён (вул. Цэнтральная, забудаваная аднапавярховымі дамамі сядзібнага тыпу) ад астатняй тэрыторыі, якая чыгункай падзяляецца на цэнтральны і залінейны планіровачныя раёны. Цэнтральны раён — зона капітальнай жылой забудовы, тут склаўся і грамадскі цэнтр. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай — цэнтральная плошча. На вул. Кастрычніцкай, на Прывакзальнай плошчы размешчаны будынкі чыгуначнага вакзалу, гатэля, універсальнай крамы, аўтастанцыі. Забудова цэнтру ў асноўным 2—5-павярховая. У паўднёвай частцы цэнтральнага раёну склалася прамыслова-складская зона. У залінейным раёне пераважная колькасць прамысловых прадпрыемстваў і жылы раён з індывідуальнай аднапавярховай  забудовай. Зона адпачынку — р. Цітаўка і гарадскі парк на яе ўзбярэжжы. Збярогся сядзібны дом ХІХ ст.

Прадугледжваецца далейшае развіццё гораду на поўдзень і захад, расшырэнне існуючага і стварэнне новага грамадскага цэнтру, стварэнне двух падцэнтраў, спартовай зоны.


Л.С. Патапаў



МАСАЛЯНЫ. ПАЛАЦ


Існаваў у ХІХ ст. ў в. Масаляны (Бераставіцкі р-н). Меў рысы стыляў ампір і несапраўднай готыкі. Мураваны аднапавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане, быў пастаўлены на высокі цокаль. Цэнтральная частка, накрытая вальмавым дахам, была вылучаная чатырохкалоннай паўратондай, якая заканчвалася квадратным у плане бельведэрам са скульптурай у завяршэнні. Бакавыя крылы палаца на галоўным фасадзе афармлялі слупавыя галерэі. Прастакутныя і спічастыя вокны цэнтральнай часткі і бакавых крылаў былі аздобленыя абрамленнямі з сандрыкамі і архівольтамі.

Палац вядомы паводле малюнку Н. Орды 1860—70-х гадоў, калі належаў Біспінгам.


Ю.А. Якімовіч



МАСАЛЯНЫ. ЦАРКВА РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства позняга барока з элементамі класіцызму. Пабудаваная ў 1796 г. Марыянай Біспінг у в. Масаляны (Бераставіцкі р-н) як уніяцкая. Мураваны аднанефавы аднавежавы прастакутны ў плане храм накрыты высокім двухсхільным дахам. Галоўны фасад з прастакутнымі вокнамі падзелены развітым антаблементам на два ярусы. Ніжні ярус аздоблены ордэрнымі элементамі, яго сярэдняя частка-выступ завершаная трохкутным франтонам. Верхні ярус — квадратная ў плане вежа, накрытая высокім васьмігранным шатром з люкарнамі (у 2-й палове ХІХ ст. перабудаванае завяршэнне вежы, зробленыя дэкаатыўныя галоўкі дахаў), з рудыментамі валют па баках. Сцены вежы маюць вялікія прастакутныя вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Бакавыя фасады з лучковымі вокнамі пазбаўленыя аздобы. Інтэр’ер зальны, перакрыты плоскай столлю. Сцены падзеленыя пілястрамі. Каля заходняй сцяны хоры раскрыты ў залу трыма арачнымі праёмамі. Трох’ярусны іканастас зроблены ў 1892 г.

Царква дзейнічае.


А.А. Ярашэвіч



МАСТЫ


Горад, цэнтр Мастоўскага р-ну, на р. Нёман пры ўпадзенні ў яе р. Зальвянка. За 60 км на паўднёвы ўсход ад Гародні. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца пад 1486 г., 1514 г. З 1551 г. мястэчка Гарадзенскай эканоміі Вялікага княства Літоўскага. Паводле грамат 1601 г., 1633 г., 1653 г. і 1677 г. каралёў Рэчы Паспалітай жыхары атрымалі некаторыя прывілеі паводле магдэбургскага права, з 1633 г. тут праводзіліся штотыднёвыя базары і два кірмашы на год. У 1561 г. праведзенае рэгуляванне забудовы. У гэты час мястэчка падзялялася на старую і новую часткі. У старой размяшчаліся каралеўскі двор, гандлёвая плошча, вуліцы Віленская (асноўная планіровачная вось), Гарадзенская і Касцёльная (можна меркаваць, назва ад драўлянага касцёлу, пабудаванага ў 1539 г.; не захаваўся). Ад апошняй да Нёмана створаная новая вул. Водная. Каля каралеўскага панадворку было дзесяць двароў агароднікаў. Гуменны і агародныя пляцы размяшчаліся ўздоўж Віленскай дарогі і ў іншых месцах. Усяго ў старой частцы было 105 сядзіб. Новая частка ўзнікла на процілеглым беразе Нёмана — аўтаномнае рэгулярна спланаванае паселішча з гандлёвай плошчай і пяццю вуліцамі: Панямунскай, Менскай, Дзярэчынскай, Пескаўскай і Воўпінскай. Мела 95 сядзіб стандартных памераў (5 і 10 прэнтаў; 1 прэнт = 23,7 м2) з агародамі і гуменнымі ўчасткамі. У сярэдзіне XVII ст. мястэчка значна рэгрэсіравала. У 1673 г. цэнтрам была рыначная плошча, да якой прылягалі 22 двары, астатнія 90 знаходзіліся на вуліцах. Забудова была шчыльнай, некаторыя двары мелі плошчу каля 30 м2. Асобна размяшчаўся сядзібны комплекс з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. На Нёмане былі вадзяны млын і паромная пераправа. З 1795 г. ў складзе Расейскай імперыі, мястэчка Гарадзенскага павету Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай губерняў. Належалі з 1797 г. віленскаму віцэ-губернатару Волкаву і калежскаму саветніку Літку, пазней — правадзейнаму стацкаму саветніку Шэвальё Дальо, таможнаму інспектару Мураўёву і інш. У 1797 г. 622 жыхары, у 1833 г. — 981 жыхар, 164 драўляныя дамы, у 1897 г. — 2633 жыхары, 601 дом, народнае вучылішча, ліманаднае прадпрыемства, прыстань. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гарадзенскага павету Беластоцкага ваяводства. З 1939 г. у складзе БССР, 4,7 тыс. жыхароў. З 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. З 1955 г. — горад. 7,6 тыс. жыхароў у 1959. У 1962—65 гг. у Ваўкавыскім р-не. 11,6 тыс. жыхароў у 1970.

У паўночнай частцы гораду праходзяць чыгункі, у паўднёвай з захаду на ўсход цячэ рака. Планіровачная структура ў асноўным прастакутная, з дробнымі кварталамі. Генпланы распрацаваныя ў 1971 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва) і ў 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Пераважае драўляная аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Цэнтральная частка гораду забудаваная капітальнымі 2—5-павярховымі дамамі. Асноўная кампазіцыйная вось — вул. Савецкая (забудаваная 2—5-павярховымі дамамі) з плошчай Леніна. Створаны два мікрараёны, сфармаваны тры прамысловыя зоны: паўночна-заходняя, паўднёвая, усходняя. Зона адпачынку — на берагах Нёмана, парк, лесапарк.

Прадугледжваецца развіццё гораду на ўсход (прамысловае будаўніутва) і на поўдзень (жылая забудова сядзібнага тыпу), функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, развіццё грамадскага цэнтру ў паўночна-заходнім напрамку, стварэнне падцэнтраў на вул. 30-годдзя ВЛКСМ, размяшчэнне зоны камунальнай гаспадаркі ў паўночнай частцы гораду, будаўніцтва спартовага комплексу на правым беразе ракі.


Ю.А. Якімовіч, Л.С. Патапаў



МАХРО. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1792 г. у в. Махро (Іванаўскі р-н) як уніяцкая. Складаецца з прастакутнага ў плане асноўнага зрубу і пяціграннай алтарнай апсіды, накрытых агульным дахам з трохкутнымі навісямі ў месцы злучэння аб’ёмаў. Галоўны паўночны фасад вырашаны ў выглядзе шырокай пласціны, пры ўваходзе тамбур. Фасад падзеленыя на ярусы двума развітымі карнізамі і завершаныя трыма вежачкамі (бакавыя квадратныя ў плане, цэнтральная васьмігранная). Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Карнізы аздобленыя разьбой. Вокны прастакутныя. Інтэр’ер зальны з плоскім бэлечным перакрыццем. Над уваходам — вялікія хоры. Дапаможныя памяшканні ўбудаваны ўнутры асноўнага зрубу. У баку ад царквы стаіць двух’ярусная чацверыковая каркасная званіца, накрытая накатым шатром.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



МАЦІЕВІЧЫ. ЦАРКВА РАСТВА ІААНА ПРАДЦЕЧЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1720 г. у в. Маціевічы (Жабінкаўскі р-н), часткова перабудаваная ў 1860-я гады, тады ж узведзеная і званіца. Будынак складаецца з прастакутнага асноўнага зрубу і невялікага квадратнага ў плане бабінца аднолькавай з ім вышыні. Над бабінцам — чацвярык званіцы, аддзелены ад яго шырокім гонтавым сцёкам і завершаны шатром з галоўкай. Асноўны зруб накрыты двухсхільным дахам з вільчыкам, над апсідай — невялікая галоўка. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі і ўмацаваны сцяжкамі. Аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем размешчаныя высока. Зальны інтэр’ер у заходняй частцы падзелены чатырма слупамі. Перад царквой захавалася асобная драўляная двух'ярусная каркасная званіца (чацвярык на чацверыку), першы ярус якой вертыкальна ашалячяны дошкамі з нашчыльнікамі, другі — адкрыты. Для помніка характэрная цэласнасць дойлідскага аблічча, дасканаласць прапорцый і мастацкая выразнасць форм.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская



МЕЖАВА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства. Створаная ў 1901 г. ў в. Межава (Аршанскі р-н) у былым маёнтку графа Дзеражынскага. Комплекс сядзібы (плошча 8 га) размешчаны на схілах лагчыны, утворанай ручаем Варанец і р. Аршыца. Мураваны двухпавярховы палац пабудаваны ў стылі неабарока. Мае складаную планіровачную канфігурацыю і шматпланавую прасторавую кампазіцыю. Асноўны аб’ём накрыты паўвальмавым мансардавым дахам. Да асіметрычнага галоўнага фасаду прыбудаваны высокі прастакутны з двухсхільным пакрыццём лесвічны аб’ём, да якога па баках далучаныя больш нізкія прыбудоўкі з вальмавым і пластычным шатровым пакрыццямі. Пяцігранная апсіда ўнутранай капліцы з гранёным пакрыццём выступае на бакавым фасадзе. У дэкоры выкарыстаныя ляпныя гірлянды, чырвоная дахоўка. У 1953 г. дабудаваны працяглы аднапавярховы корпус, вылучаны на галоўным фасадзе шасціслуповым порцікам. Перад палацам партэр, за якім пладовы сад. З паўднёвага боку палаца парк пейзажнага тыпу. На скрыжаванні галоўнай алеі і ручая перакінуты мост.

У палацы размешчаная адміністрацыйная ўстанова. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 

 

МЕНСК


Менск — сталіца Рэспублікі Беларусь, цэнтр Менскай вобласці. Палітычны, адміністрацыйны, эканамічны, навуковы і культурны цэнтр Беларусі, галоўны транспартны (чыгуначных і аўтамабільных дарог) вузел вобласці і рэспублікі. Насельніцтва 1612 тыс. жыхароў (на 1.1.1989 г.). Летапісны Меньск упершыню ўзгадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 1067 г. як горад Полацкага княства. Старажытны цэнтр гораду — дзядзінец узнік на правым беразе р. Свіслач, пры ўпадзенні ў яе р. Няміга (раён сучаснай пл. 8 Сакавіка і пр-ту Машэрава), дзе ў 2-й палове XI ст. з мэтай абароны паўдёвых межаў Полацкага княства пабудаваны Менскі замак. На тэрыторыі замку выяўлены фундамент мураванага храму (па невядомых прычынах яго будаўніцтва было не закончанае, захаваліся падмуркі; глядзі Менская замкавая царква). У XII—XIII стст. на поўдзень, паўднёвы захад, паўднёвы ўсход ад замчышча сфармаваўся рамесны пасад з гандлёвай плошчай — Нямігскі рынак (з XVI ст. Ніжні рынак; сучасныя раён пл. 8 Сакавіка, частка пр-ту Машэрава), вуліцы якога, вымашчаныя драўляным насцілам з дрэнажнымі прыстасаваннямі, шчыльна забудоўваліся зрубнымі дамамі. Да плошчы сыходзіліся ўсе знешнія гандлёвыя шляхі; з захаду падыходзіў гасцінец з Ракава і Койданава, з поўдня — з Лошыцы, на усходу цераз мост на р. Свіслач сыходзіліся шляхі з Вільні, Полацка, Лагойска, Барысава, Смаленска. Цэнтральная вуліца пасада Няміга (самая старажытная вуліца Менску, XII ст.) ішла ўздоўж р. Няміга, з паўночнага захаду падыходзіла да Нямігскага рынку і далей да моста цераз Свіслач. У гэты час узніклі пасады на левым беразе Свіслачы каля Траецкай гары і на паўднёвы захад ад замчышча Пятніцкі канец (сучасны раён пр-ту Машэрава, некалі тут была Пятніцкая царква; у пачатку XVI ст. стаў называцца Татарскай слабадой, заселенай паланёымі ў 1506 г. пад Клецкам крымскімі татарамі). У XV ст. ў асноўным сфармавалася забудова Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў. Асвойвалася тэрыторыя, якая прылягала да замкавых сцен, а таксама суседняга з Нямігай узгорку, на якім у XVI ст. ўзнік новы гандлёвы цэнтр — Верхні рынак (сучасная пл. Свабоды). Тут пабудаваны двухпавярховая драўляная ратуша, культавыя і жылыя будынкі, паступова складваўся ансамбль плошчы, утварыўся новы гарадскі цэнтр — Верхні горад. Стварэнне новага гарадскога цэнтру абазначыла канец старой феадальнай горадабудаўнічай структуры, дзе ўмацаваны замак — цэнтр гораду і яго галоўная дойлідская дамінанта. Дойлідскае аблічча гораду ў XVI ст. вызначалі прылеглыя да Верхняга, Ніжняга рынкаў і Траецкай гары вуліцы, забудаваныя драўлянымі дамамі феадалаў, купцоў, багатых рамеснікаў, драўлянымі манастырамі з цэрквамі, кляштарамі з касцёламі манаскіх ордэнаў. Забудова была драўляная, таму часта ўзнікалі пажары, якія ў 1547 г., 1552 г., 1569 г. знішчылі амаль усе гарадскія збудаванні. Замест згарэлых драўляных узводзіліся новыя, мураваныя жылыя дамы, культавыя і грамадскія будынкі. У пачатку XVII ст. замак канчаткова страіў сваё значэнне як адміністрцыйны так і планіровачны цэнтр Менску. Новым цэнтрам гораду сталі плошчы Ніжняга і Верхняга рынкаў. На плошчы Верхняга рынку фарміраваўся барочны ансамбль, ён не меў адзінай дамінанты, а ўключаў асобныя маляўнічыя групы, у якія ўваходзілі найбольш значныя культавыя будынкі. Яны займалі галоўнае становішча ў кампазіцыі плошчы і стваралі раскрыты з усіх бакоў плошчы комплекс з своеасаблівым абліччам і запамінальным сілуэтам. На паўднёвым баку плошчы знаходзіўся касцёл і кляштар дамініканцаў, на ўсходнім баку — комплекс царквы Святога Духа і манастыра базыльян і святадухаўскага манастыру базыльянак. На паўночным баку групаваліся касцёл і кляштар бернардзінаў, касцёл і кляштар бернардзінак. Фармаванне ансамбля Верхняга гораду было канчаткова завершанае да сярэдзіны XVIII ст. пасля пабудовы на заходнім баку плошчы касцёлу і кляштару езуітаў. У 2-й палове XVII ст. на вул. Зборавай (сучасная вул. Інтэрнацыянальная) на месцы драўлянага кляштару 1633 г. пабудаваны мураваны касцел і кляштар бенедыкцінак, на рагу вуліц Францысканскай (сучасная вул. Леніна) і Юр’еўскай узведзеныя касцёл і кляштар францысканцаў. У раёне вул. Ракаўскай (сучасная вул. Астроўскага) у 1613 г. пабудаваная праваслаўным брацтвам Петрапаўлаўская царква. На Траецкай гары ў 1630 г. пры драўлянай Траецкай царкве (вядома з XV ст.) узведзены драўляны Траецкі манастыр базыльянак.

У XVIII ст. тут былі пабудаваныя кляштары з касцёламі баніфратаў (1700 г.), кармелітаў (1703 г.), бенедыкцінцаў (1764 г.), марыявітак (1771 г., усе не захаваліся). У 1799—1800 гг. на месцы драўлянага Траецкага манастыра базыльянак пабудаваны мураваны манастырскі будынак (глядзі артыкул "Менск. Траецкі манастыр базыльянак"). Насупраць комплексу касцёлу і кляштару езуітаў на месцы драўлянай ратушы ў 1-й палове XVII ст. ўзведзеная мураваная (глядзі артыкул "Менск. Ратуша"). У XVIII ст. ў раёне Верхняга рынку і навакольных вуліц пабудаваны мураваныя ў стылі класіцызму дамы: 2-павярховы гарадскі асабняк (пл. Свабоды, 15), комплекс жылых дамоў на паўдёвым баку плошчы (пл. Свабоды, 19—21), 2-павярховы жылы дом (на рагу сучасных пл. Свабоды і вул. Рэвалюцыйнай). Важную ролю ў кампазіцыі плошчы атрымаў будынак гасцінага двара.

Пасля захопу Расейскай імперыяй (1793 г.) Менск стаў губернскім цэнтрам. Першы праектны план гораду быў складзены ў канцы XVIII ст. пры ўдзеле губернскага дойліда Ф. Крамера, які працаваў у Менску ў 1790-я гады. Рэгулярныя планы забудовы гораду былі распрацаваны ў 1800 г., 1809 г., 1817 г., 1858 г. Паводле іх вялася забудова і ўпарадкаванне тэрыторыі гораду. Узнікла новая вуліца — Захар’еўская (сучасны пр-т Ф. Скарыны і частка вул. Савецкай), якая стала галоўным гарадскім дыяметрам. Прадоўжаны старыя вуліцы, якія ішлі ад Верхняга рынку: Губернатарская (з XVII ст. называлася вул. Францысканская, сучасная вул. Леніна), Багадзельная (ранейшая назва Феліцыянская, сучасная вул. Камсамольская), Петрапаўлаўская (ранейшая назва вул. Дамініканская, сучасная вул. Ф. Энгельса), Праабражэнская (з XVI ст. Зборавая, частка сучаснай вул. Інтэрнацыянальнай) і іншыя. За час акупацыі напалеонаўскімі войскамі (з 8.7 да 16.11.1812 г.) значна скарацілася насельніцтва гораду: з 11,2 тыс. чалавек у 1811 г. да амаль 3,5 тыс. чалалавек на канец 1812 г. Пасля пажару 1835 г. цэнтр гораду забудоўваўся мураванымі двух- і трохпавярховымі дамамі. На ўскраінах гораду (Камароўка, Ляхаўка, Кальварыя, Серабранка) захоўвалася драўляная жылая забудова і нерэгулярная планіроўка. Да сярэдзіны XIX ст. чвэрць будынкаў у Менску мураваныя, забрукаваны 22 вуліцы, у т.л. Захар’еўская, Койданаўская, Замкавая. Забудова развівалася ў паўночна-ўсходнім напрамку ўздоўж асноўных транспартных магістралей: Віленскага, Лагойскага і Барысаўскага трактаў. У XIX ст. ансамбль Верхняга гораду фармавалі дом губернатара, кафедральны касцёл, адміністрацыйны будынак на рагу пл. Свабоды і вул. Інтэрнацыянальнай, 23(19), дваранская школа, будынак гарадскога тэатру, Петрапаўлаўскі кафедральны сабор (да 1795 г. Святадухаўская царква базыльянскага манастыра) перабудаваны ў псеўдарускім стылі; Верхні рынак з 1860-х гадоў стаў называцца Саборнай плошчай. У Ніжнім горадзе асталася радыяльна-веерная планіровачная структура, якая склалася гістарычна. Зарэчная частка (былое Траецкае прадмесце) значна пашырылася ў паўночным напрамку. Тут на прастакутнай у плане Траецкай плошчы пастаўлены мураваныя будынкі духоўнай семінарыі (перабудаваны ў 1950—53 гг., цяпер Сувораўскае ваеннае вучылішча па вул. М. Багдановіча), жаночага епархіяльнага вучылішча. У XIX ст. вялася забудова так званага Новага места (цяпер раён Кастрычніцкай плошчы і тэатру імя Я. Купалы), дзе квартал заняло архірэйскае падвор’е (цяпер на гэтым месцы будынак Дома афіцэраў), быў узведзены будынак Дваранскага сходу (на рагу сучасных вул. Маркса і Энгельса), паміж гэтай забудовай у 1872 г. створаны Аляксандраўскі сквер з фантанам, упрыгожаны дэкаратыўнай скульптурай. У кампазіцыю скверу пазней увайшоў гарадскі тэатр. З пачатку XIX ст. вядзецца сядзібна-паркавае будаўніцтва: у стылі класіцызму пабудаваны сядзібны комплекс (сучасная вул. Інтэрнацыянальная, 33), дзе жыў і працаваў вядомы мастак В. Ваньковіч. Яму ж належала сядзіба на паўночна-ўсходняй ускраіне гораду ў прыгарадзе Вялікая Сляпянка (сучасная вул. Парніковая, 26; глядзі артыкул "Менск. Сядзібы Ваньковічаў"). На паўднёва-заходняй ускраіне Менску (сучасная вул. Казінца, 76) узведзеная гарадская сядзіба, на паўднёвай ускраіне гораду ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца — Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. У 2-й палове XIX ст. на планіровачную структуру гораду зрабілі ўплыў два фактары: пракладка чыгункі і ўзнікненне новых прамысловых прадпрыемстваў. На свабодных тэрыторыях за 2—3 км ад гарадской забудовы ў паўднёва-заходняй частцы былі пракладзены две чыгуначныя лініі з вакзаламі: Берасцейска-Маскоўская (1871 г.) з Берасцейскім вакзалам (зараз станцыя "Менск-Таварны") і Лібава-Роменская (1873 г.) з Віленскім вакзалам (цяпер пасажырская станцыя "Менск", спачатку драўляная, з 1890 г. мураваная, разбураная падчас II Сусветнай вайны, адноўленая ў 1946 г.). Вакол Віленскага вакзалу склалася новая сетка вуліц, якія падыходзілі да Прывакзальнай плошчы: Пецярбургская (сучасная Ленінградская), Бабруйская, Магазінная (сучасная Кірава), Падгорная (сучасная К. Маркса), Каломенская (сучасная Свярдлова). Бярэсцейскі вакзал злучыла з горадам новая вул. Маскоўская, якая злілася з Захар’еўскай. За чыгуначнымі лініямі ўзніклі новыя жылыя раёны — Грушаўскі і Чыгуначны. У канцы — XIX — пачатку XX ст. хуткімі тэмпамі развіваецца прамысловае будаўніцтва. На рабочай ускраіне Ляхаўка, каля р. Свіслач, сфармаваўся прамысловы раён, дзе ўзведзены машынабудаўнічы (1881 г., цяпер завод імя С.М. Кірава) і скураны заводы (1885 г., цяпер "Бальшавік"), бровар (1891 г., цяпер дражджавы камбінат), дрожджа-патачны завод (1829 г., цяпер "Крышталь"), металаапрацоўчы завод "Гігант" (1907 г., цяпер станкабудаўнічы імя Кастрычніцкай рэвалюцыі) і іншыя. У 1873 г. на беразе р. Свіслач пабудаваная помпавая станцыя (зруйнаваная ў 2011 г.), у 1874 г. пракладзены водаправод. У 1895 г. на вул. Захар’еўскай каля р. Свіслач узведзеная электрастанцыя (вырубленая частка губернскага саду; часткова зруйнаваная ў 2011 г.), у 1892 г. праведзеная конка, у 1896 г. устаноўленая тэлефонная сувязь. У дойлідстве Менску 2-й паловы XIX — пачатку XX ст. панавалі стылізатарскія плыні — неаготыка, рэтраспектыўна-рускі стыль, неабарока, неакласіцызм і іншыя кірункі, якія імітавалі мастацкія стылі мінулых эпох. Помнікамі ранняга этапу неаготыкі з’яўляюцца Кальварыйскі касцёл і брама, Пішчалаўскі замак, потым — Траецкі Златагорскі касцёл. З рысамі неакласіцызму ўзведзеныя будынкі аддзялення Дзяржаўнага банку Расеі па вул. Падгорнай (сучасны Дзяржаўны музей гісторыі Беларусі на вул. К. Маркса), сельскагаспадарчай страхавой кампаніі па вул. Захар’еўскай (сучасны адміністрацыйны будынак, пр-т Ф. Скарыны, 15). У раманскіх традыцыях пабудаваны касцёл Сімяона і Алены. Рысы эклектыкі ўласцівыя дойлідству жылых і даходных дамоў, культавым пабудовам канца XIX — пачатку XX ст.: дом Гаўсмана, жылы дом на рагу вул. Магазіннай (сучасная Кірава) і Міхайлаўскага завулку (глядзі артыкул "Менск. Будынак жаночай гімназіі"), дамы па вуліцах Захар’еўскай (вул. Савецкая, 17, 19) і Серпухаўскай (вул. Валадарскага, 12, глядзі артыкул "Менск. Жылыя дамы"), царква Аляксандра Неўскага. Развіццё мадэрну ў канцы XIX — пачатку XX ст. супала з інтэнсіўным будаўніцтвам у горадзе. Дамы перабудоўваліся, набывалі рысы новага стылявога кірунку мадэрн. Гатэль "Эўропа" (1906—09 гг., не захавалася, адноўленая ў пачатку XXI ст.), якая стаяла на рагу сучасных вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай — яскравы прыклад мадэрна ў Менску. Элементы мадэрну таксама выявіліся ў дойлідстве дома Кастравіцкай (на першым паверсе размяшчалася ўпраўленне Лібава-Роменскай чыгункі) па вул. Магазіннай (сучасная Кірава, 11), дамоў па вуліцах Праабражэнскай (сучасная Інтэрнацыянальная, 16), Падгорнай (сучасная К. Маркса, 30), будынку царкоўна-археалагічнага музея.

У 1926—27 гг. складзеная схема планіроўкі Менску. Значна змянілі выгляд гораду пабудаваныя ў канцы 1920-х гадоў і за 1-ю пяцігодку мураваныя шматпавярховыя жылыя дамы: дом энергетыкаў па вул. Кірава (1927—32 гг.), дом кааператыва "Дзяржбанкавец" па вул. Валадарскага (1928 г.), дом Наркамлесу па вул. К. Маркса (1929—32 гг.), дом чыгуначнікаў па вул. Маскоўскай (1930—32 гг.) і іншыя. Сярод буйных грамадскіх будынкаў гэтага часу — Дзяржбанк па вул. Савецкай (1927—29 гг., дойліды Г. Гольц, М. Паруснікаў), Дом селяніна на рагу вуліц Чырвонаармейскай і К. Маркса (1929 г.), клуб харчавікоў па вул. Інтэрнацыянальнай (1927—29 гг., дойлід А. Бураў) і металістаў па вул. Кірава (1929—32 гг., дойлід А. Васільеў), кінатэатр "Чырвоная зорка" па вул. Савецкай (1927—30 гг.), будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі. Вылучаліся архітэктурныя комплексы — Універсітэцкі гарадок (1928—31 гг., дойліды I. Запарожац, Г. Лаўроў), Клінічны гарадок (1928—31 гг., дойлід Г. Лаўроў, сучасная 1-я гарадская клінічная бальніца). У 1931 г. у раёне сучаснага парку Чэлюскінцаў быў пабудаваны комплекс 1-й Усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы (дойліды А.П. Воінаў, А. Крылоў, М. Гіляраў, I. Валадзько). У гады 2-й і 3-й пяцігодак Менск забудоўваўся ў паўднёвым і паўночна-ўсходнім напрамках уздоўж Магілёўскай і Маскоўскай шашы, Лагойскага тракту. У 1932—36 гг. Ленінградскае аддзяленне Дзіпрагара РСФСР распрацавала генеральны план сацыялістычнай рэканструкцыі і развіцця Менску (зацверджаны ў 1938 г., карэкціроўка ў 1939—41 гг., інстытут "Белдзяржпраект"); ствараліся праекты рэканструкцыі асобных горадабудаўнічых вузлоў: плошчаў Леніна (сучасная Незалежшсці), Свабоды, Круглай (сучасная Перамогі), Парыжскай Камуны, Камароўскай (сучасная Якуба Коласа), Прывакзальнай плошчы, вул. Савецкай. Большасць з гэтых работ да пачатку вайны не была ажыццёўленая. Да 1941 г. былі ўзведзеныя значныя грамадскія будынкі; Дом ураду БССР (глядзі Дом ураду РэспубЛкі Беларусь), Дом Чырвонай Арміі (глядзі артыкул "Менск. Акруговы Дом афіцэраў"), будынак дзяржаўнай бібліятэкі імя У.I. Леніна, Рэспубліканскі Палац піянераў і школьнікаў, будынак Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету Рэспублікі Беларусь, галоўны корпус АН БССР (глядзі артыкул "Менск. Акадэмічны гарадок"), будынкі Беларускага інстытуту фізічнай культуры, будынкі Беларускага політэхнічнага інстытуту, будынак сярэдняй школы № 4, будынак фабрыкі-кухні, гатэль "Беларусь" (з 1987 г. — "Свіслач"). Вылучаліся новыя жылыя дамы — жылы дом спецыялістаў, дом гарсавету. У 1941 г. амаль завершанае будаўніцтва будынку ЦК КПБ, жылыя 115-, 127-, 130-кватэрныя дамы ў раёне Круглай плошчы (завершаныя ў 1947 г.). У гады ІІ Сусветнай вайны амаль дашчэнту разбураны цэнтр гораду, 80% жылога фонду (5975 дамоў).

У кастрычніку 1944 г. распрацаваны "Эскіз планіроўкі Менску" (дойліды А. Шчусеў, У. Сямёнаў, А. Мардвінаў, М. Колі, Б. Рубаненка, I. Лангбард, Н. Трахтэнберг), які стаў асновай генплану аднаўлення і развіцця Менску. (1946; інстытут "Белдзяржпраект"; дойлідыы М. Андросаў, Н. Трахтэнберг, інжынеры К. Іванаў, Р. Абразцова, В. Талмачоў пры кансультацыі прафесараў У. Сямёнава, Н. Палякова). У 1951—52 гг. генплан Менску быў скарэкціраваны, удакладнены і паглыблены вырашэнні па найбольш складаных праблемах рэканструкцыі і далейшага развіцця гораду. Адметнай рысай пасляваеннага будаўніцтва з’явілася шырокае развіццё дойлідскіх ансамбляў, цэласнай забудовы вуліц, плошчаў, кварталаў. У гэты час быў створаны адзін з лепшых ансамбляў сталіцы — ансамбль Ленінскага праспекту (сучасны Ф. Скарыны) з плошчамі Леніна (сучасная Незалежнасці), Цэнтральнай [сучасная Кастрычніцкая (Каліноўскага)], Перамогі, Якуба Коласа і зялёнымі масівамі ўздоўж р. Свіслач. Галоўная вуліца гораду забудоўвалася шматпавярховымі жылымі дамамі і грамадскімі будынкамі (адміністрацыйны будынак на рагу вул. Камсамольскай і Ленінскага праспекту, гатэль "Менск", галоўны паштамт, гарадскі універмаг, будынак Беларускага рэспубліканскага банку, Палац культуры Белсаўпрофу, цырк, стадыён "Дынама"). У 1950-я гады ствараецца ансамбль Круглай плошчы, кампазіцыйным цэнтрам якой стаў манумент Перамогі. З сярэдзіны 1950-х гадоў разгарнулася будаўніцтва індустрыяльнымі метадамі з выкарыстаннем тыпавых праектаў. Былі ўзведзеныя кварталы на вул. Арлоўскай і мікрараён на вул. Валгаградскай, кварталы на вуліцах Апанскага, В. Харужай і М. Горкага.

У 1965 г. зацверджаны другі пасляваенны генплан Менску (дойліды Л. Гафо, Я. Заслаўскі, А. Наканечны, I. Люблінскі, Н. Кудзінаў, Н. Трахтэнберг), вызначаныя і ўдакладнены зоны жыллёвага і прамысловага будаўніцтва і, у першую чаргу, такія буйныя жылыя раёны, як Чыжоўка, Усход, Зялёны Луг, Серабранка. У 1974 г. быў складзены праект дэталёвай планіроўкі цэнтральнага раёну Менску (дойліды Я. Дзятлаў, Ю. Градаў, Л. Левін, Я. Заслаўскі, Г. Горына, У. Кароль і іншыя), эскіз забудовы водна-зялёнага дыяметру. Ствараюцца ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў на асноўных радыяльных напрамках: па вуліцах Няміга, М. Горкага, Я. Коласа, Прытыцкага, праспектах Машэрава, Партызанскім. У 1960—70-я гады ўзведзеныя Палац спорту, Палац культуры і спорту чыгуначнікаў, кінатэатры "Піянер" (дойлід Г. Заборскі), "Кастрычнік", галоўны корпус БДУ (дойліды М. Бакланаў, А. Духан), Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат імя 50-годдзя Камсамола Беларусі, Інстытут тэхнічнай кібернетыкі АН БССР (дойліды Ю. Грыгор’еў, А. Беразоўскі) і галоўны корпус Інстытуту народнай гаспадаркі (дойлід А. Ткачук), Палац мастацтваў (дойліды С. Мусінскі, Н. Краўкова), гатэль "Турыст" (дойлід Л. Пагарэлаў), комплекс жылых дамоў і прадпрыемстваў культурна-побытавага абслугоўвання на вул. Талбухіна і іншыя. Пабудаваны прамысловыя аб’екты, якія ўзбагацілі дойлідскае аблічча гораду — будынкі гадзіннікавага заводу, заводу лядоўняў і іншыя. Арыгінальнае дойлідска-мастацкае вырашэнне маюць пабудаваныя ў 1970—80-я гады адміністрацыйна-грамадскія будынкі на пр-це Машэрава, карпусы медыцынскага інстытуту на пр-це Газеты "Правда" (дойліды Э. Гальдштэйн, Ю. Бічан), галоўны корпус дойлідскага і будаўнічага факультэтаў БПІ (дойліды I. Есьман, В. Анікін), крыты рынак "Камароўскі", аўтавакзал "Усходні", кінатэатр "Масква", будынак бібліятэкі № 11, Палац піянераў і школьнікаў (зараз Палац дзяцей і моладзі) і іншыя. У 1984 г. здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі метрапалітэну. Выразным сілуэтам вызначаецца дойлідска-скульптурны комплекс "Менск — горад-герой". Водна-зялёны дыяметр дапаўняюць маляўнічыя дэкаратыўныя вадаёмы, каналы, набярэжныя, каскады Сляпянскай воднай сістэмы. За стварэнне дойлідска-ландшафтных комплексаў усходніх раёнаў гораду аўтарскаму калектыву інстытуту "Менскпраект" (дойліды М. Жлабо, Б. Юрцін, В. Шыльнікоўская, Л. Жлабо, Д. Герашчанка, Л. Белякова, інжынер А. Самончык) прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР 1989 г. (глядзі артыкул "Менск. Сляпянскае водна-паркавае паўкола").

У 1982 у інстытуце "Менскпраект" завершаны новы генплан, які прадугледжвае развіццё гораду да 2000 году. Паводле плана будзе 58 жылых раёнаў, якія ўвойдуць у 21 планіровачны раён. Плошча зялёных насаджэнняў агульнага карыстання павялічыцда з 800 да 3600 га (ад 6,2 да 18 м2 на 1 чал.). Асноўныя напрамкі развіцця гораду — паўночна-заходні і заходні.


А.А. Воінаў, Т.I. Чарняўская



МЕНСК. АКАДЭМІЧНЫ ГАРАДОК


У 1931—32 гг. праведзены конкурс на праект комплексу АН БССР. Лепшым прызнаны праект дойліда Г. Лаўрова, паводле якому распачатае будаўніцтва ў паўночна-ўсходняй частцы гораду. У аснове кампазіцыйнага вырашэння сістэма паасобных павільёнаў і карпусоў для НДІ. Першым пабудаваны трохпавярховы лабараторны корпус, павернуты галоўным фасадам да магістралі. У 1934—35 гг. праектаванне і назіранне за будаўніцтвам даручанае дойліду I. Лангбарду, які, пакінуўшы першапачатковую планіроўку карпусоў, змяніў іх аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Разгорнутыя пад прастым кутом паасобныя аб’ёмы ён аб’яднаў агульным вестыбюлем з параднай 3-маршавай лесвіцай і ўвёў велічную двухрадовую каланаду, што надало галоўнаму корпусу (завершаны ў 1939 г.) урачыстую манументальнасць. У II Сусветную вайну будынак разбураны, у 1949 г. адноўлены; стаў адным з планіровачных вузлоў у забудове Ленінскага (зараз Ф. Скарыны) праспекту. У 1960—70-я гады створаны комплекс будынкаў АН Беларусі ў квартале паміж вуліцамі Сурганава і Скарыны: 4—5-павярховыя карпусы інстытутаў фізікі і фізіка-арганічнай хіміі (дойлід А. Іваноў), матэматыкі (дойлід А.А. Воінаў), агульнай і неарганічнай хіміі (дойлід Г. Бенядзіктаў), фотабіялогіі, заалогіі, СКБ інстытуту фізікі (дойлід А.А. Воінаў), Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа (дойлід Э. Гальдштэйн). На сумежных вуліцах узведзеныя будынкі Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю і Інстытуту праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын (дойліды I. Боўт, Н. Шпігельман), інстытутаў тэхнічнай кібернетыкі (дойліды А. Беразоўскі, Ю. Грыгор’еў), цепла- і масаабмену (дойліды Н. Замараева, Л. Сагалаў, А. Шчусеў), фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (дойлід А. Шчусеў) і інш. Да галоўнага корпусу з боку вул. Скарыны прыбудованы корпус Інстытуту гісторыі (дойліды Н. Аладава, В. Ладыгіна). У 1977 г. закончанае будаўніцтва двух чатырнаццаціпавярховых корпусаў уздоўж вуліц Сурганава і Скарыны, павернутых пад кутом адзін да аднаго і аб’яднаных аб’ёмам канферэнц-залаў і Музеем старажытна-беларускай культуры Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (дойліды А. Духан, А. Красоўскі, Л. Хаюцін).

У 1972 г. распачатае будашніцтва новага Акадэмічнага гарадку ў паўночна-ўсходняй частцы Менску на вул. Жодзінскай (спраектаваны інстытутам "Белдзяржпраект") на тэрыторыі 310 га. Новы Акадэмічны гарадок будзе складацца з адміністрацыйна-грамадскага цэнтру, навукова-вытворчай і жылой зон. Комплексы ўключаюць 2—3 групы, у кожнай па чатыры будынкі, аб’яднаныя паміж сабою пераходамі. Пабудаваныя карпусы інстытутаў фізіка-тэхнічнага і мікра-біялогіі (дойліды В. Малышаў, А. Пецярбуржцаў, Я. Яснагародскі), геафізікі і геахіміі (дойліды М. Вінаградаў, Г. Гераўкер, Б. Папоў), біяарганічнай хіміі (дойлід Вінаградаў) і інш.


А.А. Воінаў



МЕНСК. АКРУГОВЫ ДОМ АФІЦЭРАЎ


Пабудаваны ў 1934—39 гг. (перабудова сабора былога архірэйскага падвор’я; дойлід I. Лангбард). Да 1946 г. Дом Чырвонай Арміі. Будынак з трох бакоў абмежаваны праспектам Ф. Скарыны, вуліцамі Чырвонаармейскай і К. Маркса. Для яго архітэктуры характэрны лаканізм і прастата кампазіцыйнай пабудовы. Галоўны фасад арыентаваны на цэнтральны сквер. Трохчвэртныя калоны на вышыню чатырох паверхаў падтрымліваюць велічны атык. Збудаванне ўключае развітую тэатральную частку (глядзельная зала на 1005 месцаў, кіна-канцэртная зала на 531 месца), шматлікія клубныя памяшканні, пакоі вучэбныя і для адпачынку, выставачную і іншыя залы, бібліятэку, рэстаран, развіты спарткомплекс з плавальным басейнам і заламі для заняткаў рознымі відамі спорту. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны сродкі манумументальна-дэкаратыўнага мастацтва (барэльефы на партале сцэны, асвятляльных галерэях, у фае, плавальным басейне; скульптары А. Бембель, А. Глебаў і інш.). У 1974 г. рэканструяваны інтэр’еры тэатральнай часткі (аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам дойліда Г. Сысоева).

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Воінаў



МЕНСК. АРХІРЭЙСКАЕ ПАДВОР’Е


Менскае архірэйскае падвор’е, дойлідскі комплекс XIX — пачатку XX ст. Уключаў галоўны будынак менскай архіепіскапіі (так званы архірэйскі дом) і два флігелі, царкву, царкоўна-археалагічны музей. Першапачаткова рэзідэнцыя менскай архіепіскапіі знаходзілася ў былым манастыры базыльян (у 1795—99 гг.). У 1799 г. для рэзідэнцыі быў набыты мураваны дом на Навамесцкай плошчы. Побач была ўзведзеная напаўмураваная Успенская царква і іншыя пабудовы. Новы комплекс пабудаваны паводле праекту (1840-я гады) К. Хршчановіча. Галоўны будынак рэзідэнцыі двухпавярховы, меў сіметрычную кампазіцыю. Галоўны фасад выходзіў на плошчу; прафіляванай цягай ён быў падзелены на два ярусы, першы ярус апрацаваны рустам. Былі жылыя і службовыя пакоі. Абапал будынку размешчаныя два Г-падобныя ў плане двухпавярховыя флігелі: у паўдёва-ўсходнім флігелі размяшчаўся земскі музей (раней пеўчая, у канцы 1940-х гадоў разбураны). Захаваўся паўночна-заходні флігель — будынак духоўнай кансісторыі. У 1883—85 гг. з паўночнага захаду да архірэйскага дому прыбудаваная вялікая мураваная Пакроўская царква ў псеўдарускім стылі, галоўны фасад яе ўпрыгожвала высокая шатровая вежа-званіца, абапал якой узвышаліся два прытворы. У 1913 г. узведзены будынак царкоўна-археалагічнага музея. У 1920—30-я гады ў будынках комплексу размяшчаліся ўстановы СНК БССР. У 1934—39 гг. (дом і царква) перабудаваныя пад Акруговы Дом афіцэраў.

Будынак царкоўна-археалагічнага музея — помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Узведзены ў 1913 г. (дойліды В. Струеў, I. Фамін). Прызначаўся для музея, створанага ў 1908 г. пры Менскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. Двухпавярховы прастакутны ў плане цагляны будынак на высокім цокалі, накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усходняга боку да яго прыбудаваная круглая ў плане вежа, завершаная шлемападобным купалам. Сцены гэтай вежы, стылізаванай пад абарончую былі прарэзаныя байніцамі, верхняя частка аформленая машыкулямі і геаметрычным арнаментам. З заходняга боку фасад фланкіраваны невялікай квадратнай у плане вежачкай, прарэзанай неглыбокімі нішамі і завершанай высокім чатырохгранным шатром. Галоўны ўваход падкрэслены кілепадобным франтонам, упрыгожаным арнаментам. Фасады падзеленыя карнізным паяском, прарэзаныя высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, упрыгожанымі дэкараратыўнымі паўкалонкамі, дзвюх- і трохлопасцевымі аркамі, філёнгамі і іншымі элементамі. З 1963 г. у будынку (планіроўка змененая) размяшчаецца Рэспубліканскі Дом работнікаў мастацтва.

Будынак духоўнай кансісторыі — помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы на Менскім архірэйскім падвор’і, размешчаны на рагу праспекта Ф. Скарыны і вул. Чырвонаармейскай. Будынак невялікі, кампактны, Г-падобны ў плане. Спачатку быў двухпавярховы, пазней надбудаваны трэці паверх. Сцены першага і другога паверхаў руставаныя, аддзеленыя ад трэцяга паверха карнізным поясам; будынак завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Прстакутныя аконныя праёмы на трэцім паверсе дэкарыраваныя простымі сандрыкамі. Планіроўка мяшаная, калідорна-анфіладнага тыпу. Першы і другі паверхі маюць цыліндрычныя і крыжовыя скляпенні, трэці — плоскія. Цяпер у будынку размешчаны Музей гісторыі войск Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.


У.М. Дзянісаў, В.М. Чарнатаў, Т.I. Чарняўская



МЕНСК. АЎТАВАКЗАЛ "УСХОДНІ"


Пабудаваны ў 1983 г. (дойліды Л. Пагарэлаў, Л. Кустова, В. Ягадніцкі) у паўднёва-заходняй частцы гораду на перакрыжаванні вул. Ванеева і праспекта Ракасоўскага. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вырашана ў выглядзе трохпавярховага дугападобнага ў плане аб’ёму з вынесенымі за межы плана пандусамі ў двух узроўнях. Пластыку будынку з суцэльным зашкленнем фасадаў, расчлянёных металічнымі аконнымі пераплётамі, узбагачаюць гарызантальныя парапеты, два магутныя крывалінейныя ў плане пілоны, якія акцэнтуюць галоўны ўваход, невялікі аб’ём з процілеглага ад галоўнага ўваходу боку. Фасады і інтэр’еры апрацаваны дэкаратыўнай тынкоўкай з выкарыстаннем белага мармуру. Сцяна залы чакання ўпрыгожаная мазаічным пано на тэму "Юнацтва Беларусі" (мастак В. Карнееў). Планіровачная структура вакзалу падпарадкаваная тэхналагічнай сістэме абслугоўвання пасажыраў і забяспечвае лёгкую арыентацыю ў будынку.


В.Б. Ангелаў



МЕНСК. АЭРАПОРТЫ


Менск-1 здадзены ў эксплуатацыю ў 1933 г. Комплекс размешчаны ў межах гораду, замыкае перспектыву вул. Чкалава. Уключае стары будынак аэравакзала (1946—57 гг., дойліды А.П. Воінаў, Г. Заборскі) і новы павільён (1976 г., дойліды С. Баткоўскі, А. Серапян). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага двухпавярховага будынку аэравакзалу складаецца з цэнтральнай часткі і двух бакавых крылаў. У дойлідстве будынку выкарыстаныя формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, два сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордэру. Павільён — прстакутны ў плане, зашклёны на ўсю вышыню будынак з двума сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі двума масіўнымі казыркамі.

Менск-2 — міжнародны аэрапорт 1-га класу. Аэравакзальны комплекс забудоўваецца з 1976 г. каля пасёлку Смалявічы (дойліды Б. Ларчанка, Ю. Грыгор’еў, Г. Сысоеў, Н. Цямнова — інстытут "Менскпраект", А. Ізаітка, В. Сірота, Б. Воцінаў — інстытут "Ленаэрапраект"). У адзіным аб’ёмна-планіровачным вузле аб’яднаныя два аэравакзалы (унутрысаюзных і міжнародных ліній), камандна-дыспетчарскі пункт, гасцінічны комплекс, блок з рэстаранам, кафэ, барам. Аэравакзал (размешчаны ў дугападобным аб’ёме даўжынёю больш за 500 м) — дэцэнтралізаванага тыпу, зоны адпраўлення і прыбыцця пасажыраў раздзеленыя і знаходзяцца на розных узроўнях аб’ёму. Усе асноўныя памяшканні на трох галоўных паверхах дугападобнага аб’ёму, які завяршаецца тэхнічным паверхам і камандна-дыспетчарскім пунктам. Агульная прапускная здольнасць аэравакзалу 1800 пасажыраў у гадзіну. Да дугападобнага аб’ёму прымыкае гаэльны комплекс, які мае сувязь з аперацыйнымі заламі аэравакзалу. У гатэльны комплекс уваходзяць два гатэля на 550 і 318 месцаў і прафілакторый для лётнага саставу. У сувязі з размяшчэннем паблізу ад узлётна-пасадачных палос гатэль запраектаваны ў выглядзе чашы са ссунутымі паверхамі. Жылыя нумары размяшчаныя ўнутры гэтай чашы, а яе вонкавыя сцены выконваюць ролю акустычных экранаў. Увесь комплекс збудаваны з каркасна-панельных канструкцый, зборныя жалезабетонныя элементы якіх распрацаваныя па індывідуальных праектах.


С.Дз. Філімонаў



МЕНСК. БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ ФІЗІЧНАЙ КУЛЬТУРЫ


1) Будынак на плошчы Я. Коласа. Першапачаткова прызначаўся для Дома партыйнага актыву. Пасля будаўніцтва (1939 г., дойліды А.П. Воінаў, А. Брэгман) у ім размясціўся інстытут фізкультуры. З’яўляецца кампазіцыйнай дамінантай на плошчы ў месцы злучэння яе з пр-там Ф. Скарыны і вул. Я. Коласа. Будынак складаецца з цэнтральнай шасціпавярховай часткі і двух чатырохпавярховых бакавых крылаў, да якіх у 1953 г. па вул. Я. Коласа прыбудавалі корпус басейну (дойлід С. Баткоўскі), у 1963 г. па пр-це Ф. Скарыны — корпус спартыўна-трэніровачных залаў (дойліды С. Мусінскі, Г. Сысоеў). Галоўны фасад вылучаны сваеасаблівым крывалінейным у плане порцікам з шасцю слупамі квадратнага сячэння на вышыні чатырох паверхаў, над ім двухпавярховы атык.

2) Новы вучэбны комплекс пабудаваны ў 1987 г. на пр-це Машэрава (былой Паркавай магістралі) (дойліды У. Афанасьеў, С. Анікін, Г. Фядосенка, С. Канавалаў). У яго склад уваходзяць галоўны вучэбны корпус, актавая зала на 1500 месцаў і сталоўка, студэнцкі інтэрнат на 895 месцаў, вучэбна-спартыўны корпус, легкаатлетычны манеж, плавальны басейн, бібліятэка. Усе будынкі зблакіраваныя ў адзіную кампазіцыю вакол унутранага панадворку, дзе размясцілася спартыўнае ядро з футбольным полем, сектарамі для лёгкай атлетыкі. Галоўны корпус — сяміпавярховы аб’ём у выглядзе "трылісніка" у плане, што надае яму запамінальнае аблічча; інтэрнат — шаснаццаціпавярховы корпус — дамінанта комплексу. Дойлідства будынкаў адметнае геаметрычнасцю форм, лаканізмам дэталей.


В.I. Анікін, А.А. Воінаў



МЕНСК. БЕЛАРУСКІ ПОЛІТЭХНІЧНЫ ІНСТЫТУТ


Будаўніцтва карпусоў і інтэрнату пачалося ў 1932 г. (дойлід Г. Лаўроў). У выніку перапрацоўкі праекту дойліда Н. Макляцовай паасобныя навучальныя карпусы аб’яднаныя цэнтральным павышаным аб’ёмам. Пасля ІІ Сусветнай вайны разбураныя будынкі адноўленыя. У галоўным навучальным корпусе пры захаванні планіровачнай схемы змененая вестыбюльная група памяшканняў, па-новаму вырашаныя фасады (1946—52 гг., дойліды Л. Рымінскі, Л. Усава). Будынак упрыгожаны манументальным 6-калонным порцікам, пастаўленым на цокалі з цэнтральным уваходам.

У 1952—56 гг. пабудаваныя тры пяціпавярховыя карпусы інтэрнатаў, на фасадах якіх выкарыстаныя элементы класіцыстычнага дэкору (дойліды С. Мусінскі, Г. Сысоеў). У 1950—60-я гады да галоўнага навучальнага корпусу прыбудаваныя аб’ём бібліятэкі з чытальнымі заламі і кнігасховішчам і спартыўны корпус (дойліды Н. Шпігельман і інш.), па тыпавых праектах створаныя будынкі навучальных карпусоў і сталоўка на 500 месцаў. У 1976 г. пабудаваныя навучальны корпус аўтатрактарнага факультэту (дойліды I. Боўт, Ж. Сахарава), які складаецца з дванаццаціпавярховага аб’ёму з аўдыторыямі і кабінетамі, чарцёжнымі заламі, пяццю паточнымі аўдыторыямі на 250—300 месцаў кожная, актавай залай на 800 месцаў і інш. У 1979 г. пабудаваны навучальны корпус № 11 (дойлід Л. Пагарэлаў) з паточнымі аўдыторыямі, кабінетамі, заламі і плавальным басейнам. Створаны (дойліды Мусінскі, Ю. Грыгор’еў) гарадок студэнцкіх інтэрнатаў па вул. Сурганава. У 1982 г. у паўночна-ўсходняй частцы гораду на скрыжаванні пр-ту Ф. Скарыны і кальцавой аўтамагістралі пабудаваны галоўны навучальна-лабараторны корпус і інтэрнат дойлідскага і будаўнічых факультэтаў (дойліды I. Есьман, В. Анікін). Будынкі вырашаныя ў буйных дынамічных формах. Галоўны корпус васьміпавярховы, у плане — выцягнуты прастакутнік, на першым паверсе з трох бакоў выступаюць аб’ёмы паточных аўдыторый, што стварае выразны ансамбль з трохвосевым у плане блокам інтэрнату.


В.Б. Ангелаў, А.А. Воінаў



МЕНСК. БЕЛАРУСКІ РЭСПУБЛІКАНСКІ БАНК


Пабудаваны ў 1947—52 гг. (дойлід М. Паруснікаў) на пр-це Ф. Скарыны. Чатырохпавярховы Г-падобны ў плане будынак. У дойлідскім вырашэнні ўдала інтэрпрэтаваны матывы класіцызму і рэнесансу, якія надаюць будынку манументальнасць і ўбранасць. Важную ролю ў пластыцы арыентаваных на магістралі галоўнага і бакавога фасадаў адыгрываюць рытм пілястраў карынфскага ордэру і буйных арачных аконных праёмаў, антаблемент, расчлянёны паміж пілястрамі паўкруглымі аркамі. Будынак завершаны складаным карнізам і атыкам-парапетам. Дах аднасхільны.



МЕНСК. БЕЛАРУСКІ РЭСПУБЛІКАНСКІ ЗНЕШНЕЭКАНАМІЧНЫ БАНК СССР


Пабудаваны ў 1987 г. (дойлід А. Вераб’ёў) па вул. Заслаўскай на складаным (з перападам рэльефу да 10 м) участку паміж масавай жылой забудовай і Домам праектных арганізацый. Будынак — кампактны аб’ём, упісваецца ў плане ў квадрат (31х31 м). Невялікае збудаванне характарызуецца выразнасцю дойлідства сваіх фасадаў з кантрастным спалучэннем белых паверхняў сцен і цёмных плоскасцей вітражоў, кансольна навіслымі канструкцыямі над галоўным уваходам. Ураўнаважанасць дынамічнасці і статычнасці фасадаў адлюстроўвае вобразную і тыпалагічную характарыстыкі будынку, адпавядае яго функцыянальному прызначэнню. Інтэр’еры з перацякаючай прасторай, прымыкаюць да атрыуму, які завяршаецца светлавым ліхтаром. У будынку адлюстраваны некаторыя прагрэсіўныя тэндэнцыі развіцця сучаснага дойлідства ў рэчышчы пошукаў структурнай і эмацыянальнай выразнасці.


С.Дз. Філімонаў



МЕНСК. БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАУНЫ МУЗЕЙ НАРОДНАГА ДОЙЛІДСТВА I ПОБЫТУ


Навукова-даследчая і культурна-асветніцкая ўстанова, якая вывучае, збірае, даследуе, зберагае экспануе, прапагандуе і папулярызуе калекцыі рэліквій канца XVII — пачатку XX ст. (помнікі народнага дойлідства, прадметы побыту, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш.), якія характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. Заснаваны паводле пастановы СМ БССР ад 9.12.1976 г. Размешчаны за 12 км на паўднёвым захадзе ад Менска, каля Воўчкавіцкага вадасховішча, на абалонах вярхоўяў рэк Пціч і Менка, паміж вёскамі Азярцо, Воўчкавічы, Гарадзішча і Строчыца (Менскі р-н). Плошча каля 210 га. Зямельны ўчастак музея з’яўляецца ландшафтным помнікам прыроды. На яго тэрыторыі знаходзяцца круганныя могільнікі — старажытныя валатоўкі. Навукова-метадычныя рэкамендацыі па будве распрацаваныя сектарам этнаграфіі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі і Рабочай групай па стварэнні музея. Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне выдадзена Інстытутам БелНДІПгорадабудаўніцтва. дойлідска-планіровачнае рашэнне на падставе канцэпцыі нацыянальна-этнаграфічнага парку-запаведніку прадстаўлена Інстытутам "Белспецпраектрэстаўрацыя". Галоўны прынцып стварэння музея — этнічны. З улікам асноўных этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі запланаваны падзел экспазіцыі на сем сектараў: "Цэнтральная Беларусь", "Паазер’е", "Падняпроўе", "Панямонне", "Усходняе Палессе", "Заходняе Палессе" і "Мястэчка" (народнае дойлідства і побыт беларускіх гарадоў XVI—XIX стст.). Запланаваныя таксама сектары "Унікальныя помнікі" і "Хутар". У асобную запаведную зону вылучаны в. Строчыца, раннеславянскае гарадзішча на р. Менцы і прыродныя помнікі. Ландшафт зямельных участкаў сектараў музея адпавядае прыродна-ландшафтным асаблівасцям адпаведных рэгіёнаў Беларусі. Экскурсійны маршрут працягласцю каля 3 км звяжа сектары ў адзінае цэлае і дазволіць прасачыць адзінства і этнічныя адметнасці кожнага з іх. Структурнай адзінкай экспазіцыйных сектараў і музея ў цэлым з’яўляецца сядзіба селяніна (двор) з поўным наборам пабудоў і адпаведным інтэр’ерам. 5—6 такіх двароў, дапоўненых малымі дойлідскімі формамі, кампануюцда ў паселішчы (або іх фрагменты), у планіровачную структуру якіх арганічна ўключаюцца культавыя і грамадскія пабудовы. З ліпеня 1987 г. дзейнічае сезонная экспазіцыя першай чаргі музея (адрэстаўрарвана 18 помнікаў, 16 аб’ектаў знаходзяцца ў стадыі завяршэння).

У сектары "Цэнтральная Беларусь" грамадскія будынкі (Пакроўская царква XVII—XVIII стст. з в. Логнавічы Клецкага р-ну; грамадскі свіран пачатку XIX ст. з в. Касарычы Глускага р-ну; карчма пачатку XIX ст. з в. Хвоева Нясвіжскага р-ну; школа пачатку 1930-х гадоў з в. Калодчына Вілейскага р-на) размешчаныя побач з сядзібнай забудовай, што з’яўляецца этнаграфічнай адметнасцю рэгіёну. Сядзібная забудова — тып вясковай вуліцы з аднабаковым размяшчэннем пабудоў. Структура сядзіб ілюструе развіццё лінейнай (пагоннай) планіроўкі двароў. Пагонны двор з дзвюх асобных пабудоў утвараюць хата (хата — сені — клець) пачатку XX ст. з в. Ісерна Слуцкага р-ну і хлеў з в. Солан Старадарожскага р-ну; сядзібу завяршае васьмікутнае гумно. Тып пагоннага панадворку з пабудовамі пад адным дахам (хата — сені — камора — сенечкі — кладоўка — клець — адрына — хлявы — птушнік) ілюструе сядзіба пачатку XX ст. з в. Садавічы Капыльскага р-ну. Дваром з незвязанай забудовай (хата — сені — варыўня, хлявы з птушнікам, насупраць — свіран, алейня, гумно) з’яўляецца сядзіба з в. Заброддзе Стаўбцоўскага р-ну. У канцы сектару размешчана кузня з в. Клачкова Маладзечанскага р-ну. На пагорку — вятрак-казлоўка з в. Даматканавічы Клецкага р-ну. Сектар дапаўняюць тры тыпы агароджы: тын з яловага галля, плот з жэрдак, паркан вакол царквы, а таксама канавяз, лаўка каля прызбы і две студні — адна з калаўротам пад навесам, другая з жураўлём.

Забудова сектара "Падняпроўе" — тып вясковай вуліцы з двухбаковым размяшчэннем двароў. Пры ўваходзе ў сектар знаходзяцца брама-калаўрот і склеп з в. Бракава Слабада Чавускага р-ну. Развіццё вянковай планіроўкі сядзіб ілюструе размяшчэнне вянковых двароў з в. Волева Дубровенскага р-ну і в. Бракава Слабада Чавускага р-ну. Сярод грамадскіх пабудоў — царква з в. Барань Аршанскага р-ну (глядзі артыкул "Барань. Спаса-Праабражэнская царква") і вятрак з в. Зелянец Хоцімскага р-ну.

У сектары "Паазер’е" пабудовы размешчаны свабодна, ілюструюць безсістэмную планіроўку вёскі. Сядзіба пачатку XIX ст. з в. Будзічы Докшыцкага р-ну — тып вянковага панадворку з чыстым дваром і гаспадарчым дваром з загарадай. Сядзіба з в. Варашылкі Мядзельскага р-ну — тып круглага панадворку з агульным чыстым і гаспадарчым дварамі. Царква са званіцай XVIII ст. з в. Вялец Глыбоцкага р-ну выкананая ў традыцыях народнага дойлідства. Сярод гаспадарчых пабудоў: адрына пачатку XX ст. з в. Логнавічы Пастаўскага р-ну, гумно з алейняй пачатку XX ст. з в. Кемянцы Браслаўскага р-ну, пуня з в. Воўкаўшчына Міёрскага р-ну, вятрак з в. Янушоўка Мядзельскага р-ну. Сектар дапаўняюць двор-хутар (хаты на два бакі, свіран, хлявы, лазня) і плот з жэрдак.

Вёска Строчыца мае тыповую аднабаковую вулічную забудову XIX — пачатку XX ст. Размяшчэнне вуліцы і пабудоў вызначанае прыродным ландшафтам — берагамі Пцічы, хаты пастаўленыя ўздоўж рэчкі тарцовымі сценамі да вады. Апрача калекцыі помнікаў народнага дойлідства ў музеі яшчэ 22 калекцыі (знаходзяцца ў экспазіцыі, дэманструюцца на выставах, захоўваюцца ў фондах), у т.л. тканіны, адзенне, абутак, галаўныя ўборы, хатняе начынне сельскагаспадарчы інвентар і траспартныя сродкі, музычныя інструменты і гадзіннікі, кераміка, дакументы, кнігі. На 1.3.1990 г. сабрана каля 17 тыс. музейных прадметаў, з іх больш за 13 тыс. адзінак асноўнага захавання і звыш 3 тыс. навукова-дапаможнага фонду.

На тэрыторыі музея і вакол яго знаходзіцда шмат дробных і буйных ледавіковых валуноў. Буйныя валуны мяркуецда абвясціць помнікамі прыроды.


Г.А. Ткацэвіч



МЕНСК. БІБЛІЯТЭКА № 11


Пабудаваная ў 1981 г. (дойліды А. Ладкін, В. Яўсееў, А. Чадовіч). Адыгрывае значную ролю ў фарміраванні грамадскага цэнтру жылога раёну Чыжоўка. Цагляны двухпавярховы амаль квадратны ў плане будынак. Кампазіцыя фасадаў заснавана на кантрасце глухіх паверхняў сцен і вузкіх аконных праёмаў. Пластыка галоўнага фасаду ствараецца рытмам крывалінейных у плане міжаконных прасценкаў, якія нагадваюць лісты раскрытай кнігі. Фасады атынкаваныя, аконныя праёмы ўпрыгожаны каляровымі вітражамі. Будынак складаецца з двух злучаных паміж сабой блокаў бескалідорнай планіроўкі. У першым блоку — памяшканне абанементу (у першым паверсе), чытальная зала (у другім паверсе), асноўнае кнігасховішча (у цокальным паверсе), у другім — вестыбюль (у першым паверсе), фае з лекцыйнай залай на 200 месцаў (у другім паверсе). Блокі злучаныя паміж сабой устаўкай, дзе размешчаны адміністрацыйныя і дапаможныя памяшканні. Свабодная планіроўка чытальнай залы і памяшкання абанементу дае магчымасць мяняць іх памеры ў залежнасці ад велічыні кніжнага фонду і колькасці чытальных месцаў.

Аўтарам будынку прысуджаная прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982 г.


В.Б. Ангелаў



МЕНСК. БУДЫНАК КДБ БССР


Пабудаваны ў 1945—47 гг. (дойлід М. Паруснікаў). Актыўна фарміруе забудову пр-та Ф. Скарыны на ўчастку паміж вуліцамі Камсамольскай і Урыцкага. У дойлідскім вырашэнні трохпавярховага будынку складанай канфігурацыі з паўпадвальным паверхам выкарыстаны элементы класічнай спадчыны. Асіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з цэнтральнага аб’ёму ў глыбіні, за чырвонай лініяй забудовы, і двух бакавых крылаў, якія ўтвараюць курданёр. Галоўны ўваход размешчаны па восі цэнтральнага аб’ёму і вылучаны рызалітам з масіўным чатырохкалонным порцікам карынфскага ордэру. Левае крыло злучанае з помнікам дойлідства рэспубліканскага значэння — будынкам былой Сельска-гаспадарчай страхавой кампаніі, узведзеным у 1915 г. (дойлід Г. Гай) у стылі неакласіцызму. У месцы злучэння аб’ёмаў — праезная брама, фланкіраваная калонамі карынфскага ордэру, якія падтрымліваюць паўкруглы раскрапаваны франтон. Дзякуючы гэтаму кампазіцыйнаму элементу і адзінай лініі гарызантальных чляненняў аб’ёмы ўтвараюць агульную кампазіцыю. Тарцовы фасад правага крыла арыентаваны на пр-т Францішка Скарыны і замыкае перспектыву бульвару па вул. Камсамольскай. Фасад, арыентаваны на вул. Камсамольскую, вылучаны чатырма трохчвэртнымі калонамі. Кутняя частка крыла завершаная васьмігранным трохярусным бельведэрам. У крыле размешчаны клуб імя Дзяржынскага з залай на 630 месцаў. Бакавыя крылы апрацаваныя пілястрамі, сцены завершаныя масіўным карнізам і глухім парапетам. Прастакутныя вокны трэцяга паверху аформленыя ліштвамі і завершаныя арачнымі і трохкутнымі сандрыкамі.


А.А. Воінаў



МЕНСК. БУДЫНАК МУЖЧЫНСКАГА ДУХОЎНАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. з цэглы на рагу былой вул. Койданаўскай (сучасная вул. Рэвалюцыйная) і Саборнай плошчы (сучасная пл. Свабоды). Спачатку быў двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак з цокальным паўпадвальным паверхам — паўднёвы флігель гарадскога сядзібнага дому, арыентаваны галоўным фасадам на плошчу. У 1870—80-я гады рэканструяваны: стаў П-падобным у плане, у тарцовых частках надбудаваны трэці паверх, завершаны трохкутнымі франтонамі. Мае складаную падоўжаную форму плану з выступам і скошаным кутом з боку пл. Свабоды, дзе знаходзіўся галоўны ўваход. Фасады маюць плоскаснае вырашэнне. Сцены рытмічна прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі (на другім паверсе аздобленыя сандрыкамі) і завершаныя тонкапрафіляваным карнізам; першы паверх аддзелены ад цокальнага тонкім паяском. Планіроўка змененая, спалучае цяпер анфіладную і калідорную. У пачатку XIX ст. ў будынку размяшчаліся аптэка, пошта, потым быў інтэрнат мужчынскага духоўнага вучылішча. Пасля Кастрычніцкага перавароту ў ім працаваў Наркамат асветы БССР, у 1922—25 гг. — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).

Цяпер выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.


Т.I. Чарняўская



МЕНСК. БУДЫНАК МУЖЧЫНСКАй ГІМНАЗІІ


Будынак існаваў у Менску ў XIX — 1-й палове XX стст. Пабудаваны ў 1844 г. (дойлід К. Хршчановіч) на былой Францысканскай вул. (сучасная вул. Леніна) у стылі класіцызму. Мураваны прастакутны ў плане двухпавярховы будынак быў накрыты двухсхільным дахам. Карнізны пояс падзяляў сіметрычны галоўны фасад на два ярусы (ніжні апрацаваны рустам). Цэнтральная частка была вылучана рызалітам з галоўным уваходам, аформленым плоскімі лапаткамі. Рызаліт завяршаўся прастакутным атыкам, вокны другога паверху аздабляліся паўцыркульнымі нішамі, на першым паверсе былі прастакутныя. Планіроўка калідорная. З паўднёвага ўсходу да гімназіі быў прыбудаваны двухпавярховы корпус дабрачыннага мужчынскага пансіёну.

Разбураны ў 2-й палове 1940-х гадоў у працэсе рэканструкцыі вул. Леніна.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. БУДЫНАК ЦК КПБ


Узводзіўся з цэглы ў 1939—41 гг., завершаны ў 1947 г. (дойліды А.П. Воінаў, У. Вараксін). Займае квартал паміж вуліцамі Энгельса і Чырвонаармейскай, галоўным фасадам арыентаваны на вул. К. Маркса. Цэласны шасцьпавярховы аб’ём пастаўлены на масіўны гранітны (чырвоны) цокаль. Будынак па ўсім перыметры апрацаваны прафіляванымі лапаткамі і ўвянчаны простым магутным атыкам. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя адпавядае планіровачнай структуры і канструкцыйнай аснове будынку. Планіроўка калідорная. На галоўнай восі знаходзіцца вынесеная ў прыбудову зала пасяджэнняў (двухсветлавая на 350 месцаў), інтэр’ер якой упрыгожаны габеленам "Ленінізм" (1977 г., мастакі М. Савіцкі, А. Кішчанка). Пры будаўніцтве ўпершыню ў рэспубліцы выкарыстаныя зборныя жалезабетонныя пліты для перакрыццяў. Перад будынкам стаялі помнікі К. Марксу і У. Леніну (1980 г., скульптар З. Азгур, дойліды Ю. Грыгор’еў і Ю. Казакоў). Да цэнтральнага аб’ёму прыбудаваныя правае (1976 г.) і левае (1986 г.) крылы і аб’ём (1988 г.), які злучыў іх з боку вул. Кірава (дойлід П. Кракалёў); яны паўтаралі кампазіцыю цэнтральнага аб’ёму. З 1992 г. у будынку размешчаны Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, потым резідэнцыя Презідэнта Рэспублікі Беларусь.


А.А. Воінаў



МЕНСК. БУДЫНКІ ВЫТВОРЧАГА АБ’ЯДНАННЯ "ЦЭНТР"


Пабудаваныя ў 1985—88 гг. (інстытут "Белпрампраект", дойліды I. Боўт, Э. Бацян, А. Ганчароў) у заходняй частцы Менску на скрыжаванні вуліц Шаранговіча і Алібегава. У комплекс уваходзяць вытворчы корпус, эксперыментальна-даследчая станцыя, інжынерна-лабараторны корпус са зблакаваным з ім будынкам сталоўкі. Аб’ёмна-планіровачная структура комплексу пабудаваная з улікам градабудаўнічай значнасці ўчастка будаўніцтвава, размешчанага на скрыжаванні дзвюх магістралей бесперапыннага руху і з перападам вышынь рэльефу да 12 м, а таксама неабходнасці забяспечыць тэхналагічнымі сувязямі складаную вытворчасць. У сувязі з гэтым вызначана існуючая расстаноўка карпусоў. Кампазіцыйнае ядро забудовы — інжынерна-лабараторны корпус, які ўяўляе сабой сяміпавярховы квадратны ў плане аб’ём з унутраным дваром. Ніжнія паверхі корпуса часткова падняты на апоры, каб забяспечыць праветрыванне панадворку і звязаць яго з прадзаводскай зонай. Корпус вырашаны ў буйных манументальных формах, куты акцэнтаваныя вежамі, дзе размешчаныя вертыкальныя камунікацыі. Нясучыя і агараджальныя канструкцыі будынкаў выкананыя са зборнага жалезабетону і цэглы. Спалучэнне белых сценавых панелей з чырвонымі ўстаўкамі з цэглы ўзбагачаюць дойлідства комплексу. 


А.Б. Мароэава



МЕНСК. ВАЙСКОВЫ ШПІТАЛЬ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1830-я гады па вул. Шпітальнай (сучасная вул. Фрунзе). У комплекс уваходзілі лячэбны корпус, два флігелі і гаспадарчыя пабудовы. Лячэбны корпус — мураваны трохпавярховы П-падобны ў плане будынак. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад падзелены карнізным поясам на два ярусы, завершаны прастакутным атыкам. Рытм фасадаў стваралі паўцыркульныя і прастакутныя аконныя праёмы з простымі ліштвамі. Планіроўка калідорная. Абапал корпусу размешчаныя два двухпавярховыя флігелі, прастакутныя ў плане, іх галоўныя фасады завершаныя трохкутнымі франтонамі. Тэрыторыя шпіталя была абнесеная мурам з дзвюма брамамі. У канцы 1940-х гадоў будынкі рэканструяваныя (дойлід В. Гусеў). Галоўны фасад лячэбнага корпусу і бакавыя фасады флігеляў аформленыя калоннымі порцікамі. Змененая планіроўка, разбураныя брамы і агароджа. З паўночнага ўсходу дабудаваны новы корпус.

Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. ВЕРХНІ ГОРАД


Будаўнічы ансамбль XVI—XIX стст. Пачаў фармавацца ў пачатку XVI ст. як новы цэнтр Менску (раён сучаснай пл. Свабоды, вуліц Кірылы і Мяфода, Герцэна, Гандлёвай, Музычнага завулак, часткі вуліц Энгельса і Леніна (да пр-ту Ф. Скарыны), Інтэрнацыянальнай (ад вул. Камсамольскай да вул. Я. Купалы), Рэвалюцыйнай і Нямігі (да вул. Камсамольскай). На тэрыторыі Верхняга гораду размяшчаўся так званы Верхні рынак (з 1860 г. называлася Саборная плошча, з 1917 г. — пл. Свабоды). Да 1930-х гадоў ён быў галоўным адміністрацыйным, культурныі і гандлёвым цэнтрам гораду. На Верхнім рынку ў XVI—XIX стст. пастаўлены найбольш значныя адміністратыўныя, культавыя і жылыя будынкі ў стылі барока і класіцызму, якія займалі галоўнае становішча ў кампазіцыі плошчы і стваралі раскрыты з усіх бакоў комплекс з своеасаблівым абліччам і запамінальным сілуэтам. У ансамбль Верхняга гораду ўваходзілі ратуша, гасціны двор, касцёл і кляштар бернардынаў, касцёл і кляштар бернардзінак, касцёл і кляштар езуітаў, касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар бенедыкцінак, адміністрацыйны будынак, гарадская сядзіба Ваньковіча (глядзі артыкул "Менск. Сядзібы Ваньковічаў"), касцёл і кляштар дамініканцаў, царква Святога Духа і манастыр базыльян, будынак тэатру, касцёл бенедыкцінцаў, жылыя будынкі XVII—XIX стст. і іншыя.

На тэрыторыі Верхняга гораду створаная ахоўная зона (глядзі артыкул "Менск. Гістарычны цэнтр").



МЕНСК. ВОДНА-ЗЯЛЁНЫ ДЫЯМЕТР


Сістэма паркаў, бульвараў, вадаёмаў у пойме р. Свіслач, якая перасякае Менск з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Працягласць ад упуску Вілейска-Менскай воднай сістэмы ў Заслаўскае вадасховішча да плаціны Чыжоўскага вадасховішча — 41 км. Перапад вышынь воднага каскаду 28,6 м. Агульная плошча пасля заканчэння будаўнічых прац складае каля 2800 га. Створаны ў выніку дойлідсеа-ландшафтнага пераўтварэння поймы ракі. Адзін з планіровачных стрыжняў Менску, перасякаецца з паўднёвага  захаду на паўночны ўсход галоўным гарадскім дыяметрам — пр-там Ф. Скарыны. З’яўляецца часткай Вілейска-Менскай воднай сістэмы. Арганічна пераходзіць у сістэму лесапаркавага поясу прыгараднай зоны. Кампазіцыйнай воссю водна-зялёнага дыяметру з’яўляецца р. Свіслач, на якой створаны сяміпрыступкавы каскад вадасховішчаў: у межах гораду — Дразды, Камсамольскае возера, Цэнтральнае ў парку імя Горкага, Серабранскае ў ЦЭЦ-2, Чыжоўскае; за межамі гораду — Заслаўскае і Крыніцы. Прылеглыя да вадасховішчаў тэрыторыі добраўпарадкаваныя, ствараюцца набярэжныя, сады і паркі. Умоўна дыяметр падзелены на паўночна-заходнюю (ад кальцавой дарог і да вул. Варашылава), цэнтральную (ад вул. Варашылава да вул. Аранскай), паўднёва-ўсходнюю (ад вул. Аранскай да кальцавой дарогі) часткі. У склад Менскага водна-зялёнага дыяметру ўваходзяць парк культуры і адпачынку імя Перамогі, парк імя Я. Купалы, Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага, паркавыя зоны ў жылых раёнах Чыжоўка, Серабранка. Важную ролю ў прасторавай кампазіцыі дыяметру адыгрываюць будынкі: Палац спорту, Дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балету, павільён ВДНГ, цырк, крыты каток у парку імя М. Горкага, стадыён і іншыя.

Мае вялікае значэнне ў аздараўленні навакольнага асяроддзя і ўдасканаленні зстэтычных якасцей ландшафту Менску.


А.В. Сычова



МЕНСК. ВОДНА-СПАРТЫЎНЫ КАМБІНАТ ІМЯ 50-ГОДДЗЯ КАМСАМОЛА БЕЛАРУСІ


Пабудаваны ў 1967 г. (дойлід В. Ладыгіна). Адзін з найбольшых комплексаў падобнага тыпу ў краіне. Уключае Палац воднага спорту з трыма басейнамі (агульная пл. 1650 м2) і трыбунамі на 1,2 тыс. гледачоў, два адкрытыя басейны (агульная плошча 3600 м2), аздараўленчы комплекс, які мае лазні з парыльнямі і адкрыты басейн (плошча 900 м2). Дойлідства ансамбля сведчыць аб імкненні аўтара адысці ад кампазіцыйных канонаў, вылучаецца кантрастным супастаўленнем аб’ёмаў і адкрытай прасторы, выкарыстаннем колеру, раскрыццём інтэр’ераў Палацу і злучэннем іх з вонкавым асяроддзем. Палац воднага спорту (аб’ём каля 70 тыс. м3) — прастакутнае ў плане збудаванне, вырашана ў лаканічных дойлідскіх формах, гарманічна спалучаецца з крывалінейным абрысам адкрытых басейнаў і прылеглым паркам імя Чэлюскінцаў. Аб’ёмна-прасторавая структура адпавядае функцыянальнаму прызначэнню аб’екту. Выкарыстанне металічных зварных крывалінейных бэлек пралётам 34 м дало магчымасць перакрыць вялікую прастору збудавання. Кампазіцыя фасаду, арыентаванага на вул. Сурганава, заснаваная на рытме жалезабетонных пілонаў пераменнага сячэння. На добраўпарадкаванай тэрыторыі спартыўныя пляцоўкі, месцы для адпачынку.


С.Дз. Фглімонаў



МЕНСК. ВУЛІЦА ТАЛБУХІНА


Знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы гораду паміж пр-там Ф. Скарыны і вул. Кнорына. Названа ў гонар савецкага ваеннага дзеяча Маршала Савецкага Саюзу, Героя Савецкага Саюзу Ф.I. Талбухіна. Будаўніцтва вуліцы завершанае ў 1966 г. (дойліды Ю. Шпіт, Г. Булдаў, П. Громаў, М. Кудзінаў, В. Ладыгіна, Г. Парсаданаў, Г. Раманенка), па адзінай горадабудаўнічай задуме як жылы мікрараён з бульварам. Кампазіцыйным акцэнтам забудовы з’яўляецца комплекс дзевяціпавярховых жылых дамоў, якія кантрастуюць з працяглымі 1—2-павярховымі аб’ёмамі, дзе размешчаны прадпрыемствы культурна-побытавага абслугоўвання. У агульную кампазіцыю ўваходзяць кінатэатр "Партызан" і рэстаран "Каменная кветка". У забудове вуліцы ўдала выкарыстаны пакаты прыродны рэльеф. На вуліцы размешчаныя будынак гатэля № 3 ("Чайка"), будынкі гадзіннікавага заводу, створаны бульвар, у галоўнай частцы якога — брацкая магіла савецкіх воінаў, партызан і ахвяр фашызму.



МЕНСК. ГАДЗІННІКАВЫ ЗАВОД


Пабудаваны ў 1956—61 гг. (дойліды С. Баткоўскі, I. Боўт, Н. Шпігельман). Комплекс займае плошчу каля 8 га, адыгрывае важную горадабудаўнічую ролю ў забудове пр-ту Ф. Скарыны і вул. Талбухіна. Уключае галоўны (зборачныя цэхі) і вытворчыя карпусы, якія злучаны паміж сабой пераходамі і ўтвараюць адзіную планіровачную структуру. У дойлідска-прасторавай кампазіцыі дамінуе dfcmvbпавярховы галоўны корпус — першае на Беларусі паўназборнае шматпавярховае збудаванне. Кампазіцыя галоўнага фасаду заснаваная на кантрасце атынкаваных частак сцен і буйнога зашклення на ўзроўні 2—7-га паверхаў. Вялікая ўнутраная прастора залаў у спалучэнні з падвеснай асветленай столлю, каляровымі тарцовымі сценамі і падлогай стварае выразны інтэр’ер і камфортныя ўмовы для працы. Размешчаныя ўнутры тэрыторыі вытворчыя карпусы вырашаныя ў лаканічных формах, канструкцыйнай асновай іх з’яўляецца металічны каркас з цаглянымі сценамі. У 1988 г. побач з галоўным корпусам узведзеныя шматпавярховы васьмігранны ў плане інжынерны корпус (дойліды У. Рогаў і іншыя), які стаў вышыннай дамінантай комплексу. Тэрыторыя паміж галоўным корпусам і праспектам пераўтвораная ў зялёную зону адпачынку з прыскальнымі басейнамі і малымі формамі дойлідства.


І.І. Боўт



МЕНСК. ГАНДЛЕВЫЯ РАДЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Размешчаны ў цэнтры гораду (вул. Герцэна, 1). Доўгая мураваная пабудова паўколам агінала касцёл бернардынаў (глядзі артыкул "Касцёл і кляштар бернардынаў"), арыентаваная на былую плошчу Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). У пачатку XIX ст. (да 1817 г.) пабудаваныя 12 мураваных гандлёвых крамаў, у 1838 г. да іх прыбудаваныя яшчэ чатыры, а ў пачатку 1860-х гадоў — тры крамы з усходняга боку. Галоўны фасад па перыметры будынку прарэзаны неглыбокімі нішамі, у якіх знаходзіліся ўваходы ў асобныя гандлёвыя памяшканні; пад лаўкамі былі сутарэнні. У 1860-я гады з заходняга боку да гандлёвага раду прыбудаваны мураваны аднапавярховы будынак (паводле праекту 1859 г. планаваўся двухпавярховы), які быў таксама прыстасаваны пад гандлёвае памяшканне. Трапецападобны ў плане, ён быў падзелены ўнутры мураванай перагародкай на две часткі, з двухсхільным дахам, двума вокнамі і дзвярамі ў нішах сцен (не захаваўся). У сярэдзіне 1870-х гадоў гандлёвыя рады называліся мясныя. У пачатку XX ст. там знаходзіліся малочныя, мясныя, каўбасныя і бакалейныя крамы, крама гатовага адзення, майстэрні кравецкая і абівання мэблі, пасудная лаўка і гарадская дэзінфекцыйная камера.

Захавалася сем больш позніх крам (дванаццаць ранніх не захавалася), амаль цалкам перабудаваныя. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.Г. Варабей



МЕНСК. ГАЛОЎНЫ ПАШТАМТ


Пабудаваны ў 1949—53 гг. (дойлід У. Кароль). Складаецца з двух злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага чатырохпавярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі пр-ту Ф. Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасаду (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вялікая аперацыйная зала. Галоўны фасад будынку, арыентаваны на пр-т Ф. Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вялікага карынфскага ордэру, масіўныя формы цэнтральнай аркі ўваходу з апорамі, якія значна выступаюць за межы плану, высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манументальны характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаныя прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў дойлідства Беларусі (1980 г., В. Позняк).

Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў дойлідстве Беларусі 1940—50-х гадоў.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ГАРАДСКАЯ СЯДЗІБА "БЕЛАЯ ДАЧА"


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства неакласіцызму. Пабудаваная ў канцы XIX ст. на паўднёва-заходняй ускраіне Менску (сучасная вул. Казінца, 76). Знаходзіцца на ўзгорку, па схілах якога размешчаны парк пейзажнага тыпу. Прастакутны партэр вакол дому абмежаваны па перыметры радамі ліп і таполяў. Мураваны аднапавярховы сядзібны дом мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, завершаную высокай васьміграннай вежай з балконам і зубчастым парапетам. Будынак накрыты складаным дахам з атыкамі і франтонам на тарцах. Фасады аздобленыя рустоўкай, прафіляванымі паяскамі, разеткамі і інш. Арачныя аконныя і дзвярныя праёмы маюць пластычныя абрамленні. Унутры памяшканні розных памераў згрупаваны вакол цэнтральнага вестыбюля і маюць анфіладную ўзаемасувязь.

У будынку з 1990 г. размяшчаецца Цэнтр беларускага фальклору.


А.М. Кулагін



МЕНСК. ГАРАДСКІ СЯДЗІБНЫ ДОМ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны да 1795 г. на Высокім рынку (сучасная пл. Свабоды, 15). Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак накрыты высокім вальмавым дахам. Сіметрычныя па кампазіцыі галоўны і паўночна-ўсходні фасады вылучаныя цэнтральнымі рызалітам, завершаным трохкутным франтонам з вялікім паўцыркульным акном. Рызаліт фланкіраваны простымі лапаткамі і ўпрыгожаны балконам на другім паверсе. Рытм фасадаў ствараецца прастакутнымі вокнамі ў простых ліштвах. Парадны двор абмяжоўвалі Г-падобныя ў плане флігелі і агароджа з брамай.

Уваходзіць у ахоўную зону Верхняга гораду. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. ГАРАДСКІ ТЭАТР

 

Існаваў у Менску на Высокім рынку (сучасная пл. Свабоды па вул. Інтэрнацыянальнай, 28). Пабудаваны ў канцы XVIII ст. ў стылі класіцызму як жылы дом. Спачатку быў двухпавярховы мураваны будынак, меў сіметрычную кампазіцыю з рызалітам і франтонам у цэнтры галоўнага фасаду, з высокім вальмавым дахам. Дом належаў Я. Байкову (набыў паміж 1815—18 гг.), некаторы час у доме была карчма, дзе зімой наладжваліся балі, у 1825 г. перабудаваны пад тэатр. У 1835 г. у час пажару значна пашкоджаны, потым адноўлены. Гэта быў трохпавярховы прастакутны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад з цэнтральным рызалітам быў падзелены карнізным поясам на два ярусы (ніжні апрацаваны рустам). Рызаліт з шырокай праезнай аркай быў оформлены шасцікалонным порцікам, завершаным франтонам з лучковым акном у тымпане. Рытм фасадаў ствараўся прастакутнымі аконнымі праёмамі і паўцыркульнымі нішамі. На першым паверсе знаходзіліся карчма і крамы, другі паверх займаў тэатр, на трэцім — тэатральныя памяшканні і жылыя пакоі. Дзвюхсветлавая тэатральная зала была трох’ярусная (18х8 м), мела партэр (на 380 месцаў, у т.л. 60 крэслаў), ложы ў два ярусы (па 15 у ніжнім і верхнім ярусах), балкон і раёк над ложамі (на 200 чал.). У будынку адбываліся тэатральныя паказы (рэгулярныя ў 1837 г.), у т.л. тут былі пастаўлены п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча ў выкананні створанага ім калектыву ў 1841 і 1852 гг. (яго вядомая "Сялянка", музыка С. Манюшкі і К. Кжыжаноўскага). У 1840 г. будынак быў прададзены купцу Б. Саламонаву. У 1841 г. здадзены ў арэнду антрэпрэнёру Я. Хелмікоўскаму. Пасля пажару 1884 г. перабудаваны (у 1885 г. разабраны рызаліт, змененая планіроўка). Галоўны фасад атрымаў новае пластычнае вырашэнне. У 1895 г. будынак набыты аддзяленнем Санкт-Пецярбургскага камерцыйнага банку, у ім размяшчаўся Паўночны банк. У 1920—30-я гады дабудаваны чацверты паверх. Ёсць меркаванне, што ў той час і паявіўся на другім паверсе балкон з ажурнай мастацкай чыгуннай агароджай (адлітыя вершнікі, узоры). Пасля II Сусветнай вайны ў будынку размяшчаліся банк, музычнае вучылішча.

У 1984 г. будынак разбураны.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. ГАРАДСКІ ТЭАТР (БЕЛАРУСКІ АКАДЭМІЧНЫ ТЭАТР ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ)


Узведзены ў 1890 г. паводле праекту дойліда К. Казлоўскага, будаўніцтва вялося пад кіраўніцтвам інжынераў К. Увядзенскага і В. Мандражы, тэхналагічнае аснашчэнне сцэны — С. Цыранкевіча, работамі па апрацоўцы інтэр’ераў кіраваў дойлід В. Маас. Знаходзіўся на плошчы, якая сфармавалася перад будынкам, на рагу вуліц Падгорнай і Петрапаўлаўскай (сучасныя вуліцы К. Маркса і Энгельса), да дваровага фасаду прылягаў Аляксандраўскі сад. У дойлідстве будынку — стылізацыя ў стылі барока. Галоўны фасад меў цэнтральна-восевую кампазіцыю, быў аформлены рустам, пілястрамі, карнізамі, люкарнамі, сандрыкамі над вокнамі, завяршаўся высокім фігурным атыкам з радам нішаў, якія стваралі рытм аркатурнага фрыза. Дэкор бакавых фасадаў больш сціплы. Цэнтральная частка вылучаная двухпавярховым рызалітам (у ім размяшчалася фае), які завяршаўся лучковым франтонам; да рызаліту прылягалі аднапавярховыя крылы — касавыя вестыбюлі. Глядзельная зала падковападобная ў плане, трох'ярусная, месцы размяшчаліся амфітэатрам, мела партэр, ложы, бельэтаж і балкон; разлічаная на 550 месцаў, яна магла трансфармавацца ў залу (даўжыня 24,5 м) для баляў. Тэатр меў развітую сцэнічную частку, артыстычныя пакоі на двух паверхах, вестыбюльную групу памяшканняў. Плафон глядзельнай залы быў упрыгожаны размалёўкамі (дойлід В. Маас) з партрэтамі А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Глінкі, А.М. Астроўскага. Размалёўка інтэр’ераў тэатру зробленая мастакамі імператарскай Акадэміі мастацтва Ю. Рэйнбергам і Р. Венігам, мастакамі-дэкаратарамі В. Біцілевым, С. Лебядзінскім, К. Ульрыхам. На партале сцэны — ляпны герб Менскай губерніі. У 1949 г. рэканструкцыя інтэр’ераў выкананая паводле праекту дойліда Г. Заборскага. У 1956—58 гг. будынак тэатру быў рэканструяваны (дойлід А. Духан). На галоўным фасадзе надбудаваныя бакавыя крылы да другога паверху, перапланаваны шэраг дапаможных памяшканняў. Тэатр адкрыўся 5(17).6.1890 г. У ім выступалі прафесійныя і аматарскія тэатральныя калектывы, у т.л. Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. З 1920 г. працуе Беларускі тэатр імя Янкі Купалы. У будынку тэатру адбыліся І з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту 7—17(20—30).4.1917 г., І з’езд сялянскіх дэпутатаў Менскай і Віленскай губерняў 20—23.4(3—6.5).1917 г., ІІ з’езд армій Заходняга фронту 20—25.11(3—8.12).1917 г., І Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў 2—3.2.1919 г., на якім была прынятая 1-я Канстытуцыя БССР.

Будынак тэатру — помнік рэспубліканскага значэння.


В.М.Чарнатаў



МЕНСК. ГАРАДСКАЯ ЎНІВЕРСАЛЬНАЯ КРАМА


Пабудаваная ў 1951 г. (дойліды Л. Мілегі, Р. Гегарт). У аснове кампактнага Г-падобнага ў плане чатырохпавярховага будынку жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на пр-т Ф. Скарыны, на першым паверсе вылучаныя тры арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для дойлідска-мастацкага аблічча характэрна наяўнасць вялікіх зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапету. Дэкаратыўныя элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаныя і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаныя гандлёвыя залы, злучаныя паміж сабой цэнтральнай трохмаршавай параднай і дзвюма бакавымі лесвіцамі, на чацьвертым і ў сутарэннях — складскія і іншыя службовыя памяшканні.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ГАСЦІНЫ ДВОР


Помнік дойлідства XVIII—XX стст. Спачатку ў XVIII ст. існаваў як комплекс мураваных двух- і трохпавярховых будынкаў у цэнтры Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды, 2—10) насупраць ратушы; С-падобны ў плане. У канцы XVIII ст. рэканструяваны ў стылі класіцызму (дойлід Ф. Крамер): паўночна-ўсходнія крылы комплексу былі злучаныя сіметрычным па кампазіцыі двухпавярховым аб’ёмам з чатырохкалонным порцікам ў цэнтры і ўтварылі замкнёны двор. У 1909 г. быў зноў рэканструяваны, надбудаваны трэці паверх, фасады апрацаваныя ў стылі мадэрн, змененая планіроўка, накрыты вальмавым дахам. Паўночна-заходняя частка будынку стала Г-падобнай у плане. На сіметрычным па кампазіцыі галоўным паўднёва-заходнім фасадзе вылучаліся цэнтральная і бакавыя часткі. Цэнтральная акцэнтаваная кілепадобным франтонам з трыма вузкімі паўцыркульна завершанымі аконнымі праёмамі, тымпан франтону быў упрыгожаны раслінным арнаментам. Бакавыя часткі завершаныя купаламі са шпілямі (не захаваліся, адноўленыя ў пачатку XXI ст.). Рытм фасадаў утвараюць прастакутныя аконныя праёмы і лапаткі; пластыку ўзбагачаюць ляпныя элементы, балконы. У інтэр’еры каваная лесвічная агароджа, печы, абліцаваныя кафляй. У будынку размяшчаліся крамы, на трэцім паверсе — службовыя памяшканні. Пасля рэканструкцыі 1909 г. у ім размяшчаліся аддзяленне Азова-Данскога камерцыйнага банку, купецкі клуб і крамы. У гады I Сусветнай вайны размяшчаўся шпіталь, працаваў камерны тэатр. З красавіка 1917 г. знаходзіўся выканком Заходняга фронту, адбываліся пасяджэнні выканкому Менскага Савету. 15—18.9.1917 г. тут адбылася І, 5—7.10.1917 г. ІІ Надзвычайная Паўночна-Заходнія абласныя канферэнцыі РСДРП(б). У пачатку 1920-х гадоў у будынку працавала партыйная школа, у 1923—33 гг. — Менскі гарадскі выканкам Савету рабочых і сялянскіх дэпутатаў.

Помнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. ГАТЭЛЬ "БЕЛАРУСЬ"


Размешчаны на вул. Старажоўскай, на ўзгорку левага берега р. Свіслач. Добра ўпісваецца ў ансамбль забудовы пр-ту Машэрава. Пабудаваны ў 1987 г. (дойлід Л. Пагарэлаў). Вышынны 22-павярховы трохпялёсткавы ў сячэнні будынак, разлічаны на 1000 месцаў. Дойлідства заснаванае на рытме прастакутных аконных праёмаў і навясных тонкіх пілонаў. Тарцы крылаў маюць пластычнае У-падобнае завяршэнне і вертыкальную стужку балконаў. З боку галоўнага ўваходу выступае аднапавярховы аб’ём вестыбюля і фае. Планіроўка тыпавога паверха радыяльная: ад цэнтральнай ліфтавай группы разыходзяцца тры калідоры з двухбаковым размяшчэннем нумароў. Каля ліфтавай групы і ў тарцах двух крылаў міжпаверхавыя лесвіцы. На дваццаць другім паверсе — кафэ. Ад гатэльнага корпусу ў бок пр-ту Машэрава (былая Паркавая магістраль) выступае самастойнае двухпавярховае крыло з круглым у плане блокам рэстарану, завершаным цыліндрычным светлавым ліхтаром.


А.М. Кулагін



МЕНСК. ГАТЭЛЬ "КАСТРЫЧНІЦКІ"


Пабудаваны ў 1980 г. (дойліды Л. Пагарэлаў, Ю. Івахнішын, Т. Лабінская). Складаецца з васьміпавярховага прастакутнага ў плане жылога корпусу і прылеглага да яго дваровага фасаду 1—2-павярховага аб’ёму. Кампазіцыя галоўнага фасаду асноўнага аб’ёму грунтуецца на вертыкальным рытме трохкутльных эркераў. Галоўны ўваход акцэнтаваны пано (мастакі А. Кішчанка, Т. Кіршчына). Першы паверх вырашаны ў выглядзе пастаменту, абліцаваны гранітам і мармурам. Адкрытая мармуровая лесвіца надае параднасць падыходу да будынку. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаныя граніт, мармур, каштоўныя пароды дрэў, пластмасы, алюміній, шпалеры, іншыя аддзелачныя матэрыялы. Гатэль з камфартабельнымі жылымі нумарамі разлічаны на 160 месцаў. На 1—2-м паверхах знаходзіцца вестыбюль, пакоі абслугоўвання, кіназала, банкетная зала, адміністратыўныя памяшканні. Складаная канфігурацыя аб’ёму ўтварае адкрыты ўнутраны дворык.


С.Дз. Філімонаў



МЕНСК. ГАТЭЛЬ "ПЛАНЕТА"


Пабудаваны ў 1980 г. на пр-це Машэрава (былой Паркавай магістралі) (дойліды Г. Бенядзіктаў, У. Начараў, Т. Раманоўская). Дынамічная асіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з дванаццаціпавярховага жылога корпусу на 601 месца і двухпавярховага аб’ёму рэстарану. Дойлідства жылога корпусу заснаванае на рытме гарызантальных міжпаверхавых керамзіта-бетонных панелей і вертыкальных навясных рэбраў. Сцены звонку аздоблены вертыкальнымі цягамі з алюмінію. Планіроўка калідорная з двухбаковым размяшчэннем нумароў. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаныя ракушачны туф, чорны лабрадарыт, шэры мармур, шпон, ціснёная скура. Прастакутны ў плане аб’ём рэстарану выступае перад галоўным фасадам гатэля і скампанаваны вакол унутранага панадворку. На галоўным фасадзе асіметрычна размешчанае дэкаратыўнае пано. Кесонная столь абедзеннай залы на 600 месцаў аздобленая сюжэтнай арнаментальнай фрэскавай размалёўкай, сцены аформленыя серыяй дэкаратыўных керамічных пано (мастакі М. Байрачны, С. Каткова, В. Прыешкін і інш.). Дэкаратыўны акцэнт інтэр’еру — люстра з нёманскага шкла. Пры ўваходзе ў рэстаран керамічнае пано "Садоўніца".


А.М. Кулагін



МЕНСК. ГАТЭЛЬ "СВІСЛАЧ"


Гатэль (да 1987 г. называўся "Беларусь", з 2008 г. "Crowne Plaza Minsk") пабудаваны ў 1938 г. (дойлід А.П. Воінаў) на рагу вул. Кірава і Валадарскага. У кампазіцыі пяціпавярховага будынку вылучаны шасціпавярховы кутні паўкруглы ў плане аб’ём з цэнтральным уваходам. Да яго пад прастым кутом прымыкаюць бакавыя крылы. Пластыку фасадаў ствараюць рытмічна пастаўленыя трохчвэртныя калоны без баз і капітэлей, якія падтрымліваюць атыкавы паверх. Калоны цэнтральнай часткі найбольшыя па маштабу. Камфартабельныя нумары (330 месцаў) размешчаныя ўздоўж светлых калідораў на 2—5-м паверхах. На першым паверсе — адміністрацыйна-гаспадарчыя, бытавыя памяшканні, крамы і рэстаран. У ІІ Сусветную вайну гатэль спалены, адноўлены паводле праекту аўтара ў 1947 г. У 1978 г. рэстаран рэканструяваны і расшыраны (афармленне інтэр’ераў скульптара А. Глебава).

"Crowne Plaza Minsk" — першы (пяцізоркавы) гатэль міжнароднага ўзроўня ў Рэспубліцы Беларусь. Да паслуг пастаяльцаў 115 камфартабельных нумароў, бізнэс-цэнтр, некалькі канферэнц-зал, фітнэс цэнтр з басейнам, SPA цэнтр, начны клуб "Next", рэстараны "Empire" і "Dolce Vita", кафэ "Star", а таксама паркоўка.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІЧНАЯ АБСЕРВАТОРЫЯ


Пабудаваная ў 1934 г. (дойлід I. Валадзько) на пр-це Ф. Скарыны. Мае рысы стылі канструктывізму. Трохпавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак на высокім цокальным паверсе, арыентаваны фасадамі па баках свету. У кампазіцыі вылучаны аб’ёмы дзвюх лесвічных клетак (выступаюць у плане і ўзвышаюцца над дахам), верхнія пляцоўкі выкарыстоўваюцца для правядзення натурных гідраметэаралагічных вымярэнняў і маюць спецыяльнае абсталяванне. Фасады вырашаныя ў строгіх лаканічных формах. Паўднёвы фасад мае балконы на ўсю даўжыню будынку на ўзроўні другога і трэцяга паверхаў. Планіроўка калідорная з двухбаковым размяшчэннем рабочых памяшканняў.

Помнік рэспубліканскага значэння.


В.Б. Ангелаў



МЕНСК. ГІСТАРЫЧНЫ ЦЭНТР


Помнік горадабудаўніцтва XVI — сярэдзіны XIX ст. Уключае мураваныя жылыя і грамадскія будынкі — помнікі гісторыі і дойлідства. Займае тэрыторыю па берагах р. Свіслач. Складаецца з трох зон: Верхняга гораду, Ракаўскага і Траецкага прадмесцяў. У пачатку XVI — XVII стст. сфармаваўся ўмацаваныя комплексы — Замак, Верхні горад і Ніжні горад (Нізкі рынак) і прылеглыя да іх неўмацаваныя прадмесці — Ракаўскае і Траецкае; у XVIII — пачатку XX ст. склалася капітальная мураваная забудова.

Верхні горад — на тэрыторыі сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (усход) і вуліцамі Рэспубліканскай (захад), Нямігай (поўнач) і Інтэрнацыянальнай (поўдзень). Сфармаваўся ў XVI — пачатку XVII ст., быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца XVIII ст.), у XVII—XVIII стст. склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў на цэнтральнай плошчы — Верхнім рынку (з 1860-х гадоў Саборная, з 1917 г. пл. Свабоды); з захаду і усходу да плошчы прылягалі прастакутныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прастакутная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з усходу — Кірылы і Мяфода (назва з 1990 г., былая вул. Вялікая Бернардзінская, з XIX ст. Манастырская, з 1922 г. Бакуніна), Гандлёвая (былая вул. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, былая вул. Малая Бернардзінская, пасля 1863 г. вул. Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933 г.; былая вул. Школьная, вул. Казьмадзям’янская), Музычны завулак (былы Манастырскі завулак), Энгельса (былая вул. Петрапаўлаўская); з захаду — вуліцы Рэвалюцыйная(назва з 1922 г., былая вул. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922 г., былая вул. Феліцыянская, з XIX ст. вул. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922 г., былы Раманаўскі завулак., вул. Старараманаўская, вул. Новараманаўская); з поўдня — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 г. назва яе паўднёва-заходняй часткі — былая вул. Зборавая, у XVII ст. вул. Праабражэнская; з 1919 г. яе паўднёва-ўсходняя частка называецца вул. Кастрычніцкай — былая вул. Валоцкая ў XVII ст., у XIX ст. вул. Хрышчэнская). Захаваліся помнікі дойлідства: гасціны двор, касцёл і кляштар бернардынаў, касцёл і кляштар бернардзінак, касцёл езуітаў (глядзі артыкул "Менск. Касцёл і кляштар езуітаў"), базыльянскія манастыры (глядзі артыкулы "Менск. Царква Святога Духа і манастыр базыльян", "Менск. Святадухаўскі манастыр базыльянак"), сядзіба Ваньковічаў (глядзі артыкул "Менск. Сядзібы Ваньковічаў"), гарадскі сядзібны дом, дом Манюшкі і т. зв. "Дом масонаў" (глядзі артыкул "Менск. Жылыя дамы").

Ракаўскае прадмесце — тэрыторыя ўздоўж вул. Астроўскага і прылеглых да яе вуліц. У XVI ст. мела развітую лінейна-радыяльную планіроўку, у XVIII — пачатку XX ст. ўзнікла мураваная капітальная забудова. Гістарычная планіроўка і мураваная забудова захавалася на вуліцах Астроўскага (былыя вул. Ракаўская, вул. Юр’еўская), Віцебскай (былая вул. Няміга-Ракаўская), Вызвалення (былая вул. Уваскрэсенская), Дзімітрава (былая вул. Вялікая Татарская) і Замкавай. Захавалася Петрапаўлаўская (Кацярынінская) царква.

Траецкае прадмесце — на левым беразе р. Свіслач. У XVI ст. мела развітую планіроўку, паводле рэгулярных планаў Менску 1800 г., 1809 г. і 1817 г. сфармавалася прастакутная планіровачная сістэма, у XIX — пачатку XX ст. — кварталы мураванай жылой забудовы. Рэканструяваны адзін такі квартал на беразе Свіслачы, дзе захавалася мураваная забудова: на былой галоўнай вуліцы прадмесця Траецкай (былыя Барысаўскі і Старабарысаўскі тракты, вуліцы Віленская, Траецкая, з XIX ст. Аляксандраўская, Камунальная, з 1936 г. М. Горкага, з 1992 г. М. Багдановіча), вуліцах Старавіленскай, Янкі Купалы (былыя вул. Плаўская, вул. Траецкая, вул. Паліцэйская, вул. Набярэжная, вул. Пралетарская) і Камунальнай набярэжнай. Захаваўся помнік дойлідства — Траецкі манастыр базыльянак.


Т.I. Чарняўская



МЕНСК. ДЗЯРЖАЎНАЯ БІБЛІЯТЭКА ІМЯ У.I. ЛЕНІНА


Узведзеная ў 1932 г. (дойлід Г. Лаўроў) па вул. Чырвонаармейскай на ўчастку са складаным рэльефам, з рэзкім перападам вышынь у бок поймы р. Свіслач. Праектам прадугледжвалася стварыць кампазіцыю, пабудаваную на кантрастным проціпастаўленні трохпавярховага корпуса з чытальнымі заламі і лаканічнага па форме вышыннага аб’ёму кнігасховішча. Чытальныя залы і навуковыя аддзелы пры дапамозе спецыяльных аўтаматычных транспарцёраў павінны быць звязаныя з кнігасховішчам. У працэсе будаўніцтва адмовіліся ад кнігасховішча і ад стварэння саду з чытальнымі павільёнамі. У выніку сховішча фондаў было перанесенае ў галоўны корпус, што парушыла функцыянальную схему. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя чатырохпавярховага галоўнага корпусу заснаваная на спалучэнні простых геаметрычных формаў, пазбаўленых дэкору. чатырохгранныя слупы падтрымліваюць навіслы паўкруглы аб’ём, утвараючы своеасаблівы порцік галоўнага ўваходу з зашклёным эркерам вестыбюля, дзе знаходзіцда скульптура Леніна (скульптар А. Бембель). У канцы 1950-х гадоў да бібліятэкі прыбудаваны чатырохпавярховы прастакутны ў плане корпус, у якім размешчаныя кнігасховішчы, абанементны аддзел і шэраг службовых памяшканняў. У бібліятэцы дванаццаць чытальных залаў, сярод якіх вылучаецца агульная зала на 500 чалавек. Па функцыянальна-прасторавай арганізацыі будынак з’яўляецца прыкладам дойлідства канструктывізму.

Помнік дойлідства рэспубліканскага значэння.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ДЗЯРЖАЎНЫ АКАДЭМІЧНЫ ВЯЛІКІ ТЭАТР ОПЕРЫ I БАЛЕТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ


Закладзены ў 1933 г., пабудаваны ў 1936—37 гг. (дойлід I. Лангбард). Быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс. месцаў. Адкрыты ў 1939 г. Асноўную кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным тры цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметру і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэнічная каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка вертыкальных чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро тэатру спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў, вырашаная амфітэатрам з балконам, якую паўкальцом абкружалі на першым паверсе вестыбюль з гардэробамі, на другім — прасторныя фае. У гады ІІ Сусветнай вайны тэатр значна пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 г. паводле праекту аўтара. Глядзельная зала цалкам рэканструяваная па традыцыйнай яруснай схеме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і трох неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаныя скульптура і мастацкія ляпныя дэталі (асабліва багата дэкарыраваны партал сцэны; скульптар А. Бембель). У 1967 г. тэатр тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 г. значна змененае афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынку амаль цалкам захаванае, толькі на пачатку 1960-х гадоў плоскія пакрыцці замененыя нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні.

Будынак арганічна ўвайшоў у сістэму ансамбляў цэнтру Менску, асабліва значная роля яго ў фарміраванні шматпланавай горадабудаўнічай кампазіцыі на перакрыжаванні пр-ту Ф. Скарыны і водна-зялёнага дыяметра ўздоўж р. Свіслач. Сілуэт будынку, размешчанага на адносна высокім месцы (былая Траецкая гара), добра ўспрымаецца з розных пунктаў гораду.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ДЗЯРЖАЎНЫ ТЭАТР МУЗЫЧНАЙ КАМЕДЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ


Пабудаваны ў 1981 г. (дойліды А. Ткачук, У. Тарноўскі). Мае асіметрычную кампазіцыю з раўназначнымі фасадамі, абумоўленую яго размяшчэннем у сістэме гістарычна складзенай забудовы і ўключэннем у аб’ём будынку былога клубу тонкасуконнага камбінату. Гэтая частка пасля рэканструкцыі выкарыстоўваецца для касавага і размеркавальнага вестыбюляў, фае, гардэробаў і службовых памяшканняў, у прыбудаваным новым аб’ёме размешчаныя амфітэатральная зала на 800 месцаў і развітая сцэнічная група памяшканняў. Галоўны ўваход акцэнтаваны парадным парталам са скульптурнай групай "Музы" (бронза, скульптар Л. Зільбер). Інтэр’ер багата дэкарыраваны: выкарыстаныя светлы мармур, гіпсавыя ўстаўкі, залацістае шкло, латунь. У глядзельнай частцы вылучаюцца габеленавая заслона (мастакі А. Кішчанка і А. Бельцюкова), дэкарыўныя рэльефы на партальнай сцяне і калонах фае (дойлід Ткачук, скульптар Ю. Якубовіч).



МЕНСК. ДОМ ГАЎСМАНА (ПАЛАЦ ЧАПСКАГА)


Існаваў у XIX — 1-й палове XX ст. Належаў краязнаўцу, збіральніку беларускіх старажытнасцей М. Гаўсману, потым вядомы як палац Чапскага. У ім знаходзіўся Грамадскі сход. У 1898—99 гг. тут пачынала сваю дзейнасць Менскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Пабудаваны ў 1857 г. (дойлід К. Хршчановіч); знаходзіўся на рагу вуліц Падгорнай і Скобелеўскай — сучасныя вуліцы К. Маркса і Чырвонаармейская. Меў рысы эклектыкі (спалучаліся прыёмы і элементы готыкі, рэнесансу і класіцызму). Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак, накрыты вальмавым дахам. Да яго паўднёва-ўсходняга фасаду былі прыбудаваныя две невысокія паўкруглыя вежы, упрыгожаныя прафіляванымі зубцамі і завершаныя бельведэрамі са спічастымі вокнамі. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны паўночна-заходні фасад вылучалі тры неглыбокія рызаліты, завершаныя складанымі па малюнку франтонамі. У цэнтры бакавых рызалітаў знаходзіліся ўваходы з каванымі навесамі. Прастакутныя вокны былі аздобленыя ляпнымі ліштвамі. Фрыз меў складаны раслінны арнамент і па баках рызалітаў быў упрыгожаны маскаронамі.

Разбураны ў канцы 1930-х гадоў пры будаўніцтве будынку ЦК КПБ.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. ДОМ ЛІТАРАТАРА


Пабудаваны ў 1976 г. (дойлід Ю. Грыгор’еў, В. Шубіна). Асіметрычны складанай канфігурацыі ў плане будынак. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснавана на кантрасце глухіх паверхняў сцен (крывалінейныя ў плане), абліцаваных светлым туфам, з вузкімі вертыкальнымі праёмамі, упрыгожанымі вітражамі (мастак У. Стальмашонак). Унутраная планіроўка мае дакладнае размежаванне на две функцыянальныя зоны: парадная ўключае на першым паверсе вестыбюльную групу памяшканняў, бар, холы, камінную залу, на другім паверсе глядзельную залу (на 336 месцаў), прасторнае фае, канферэнц-залу, кафэ, кулуары, дзелавая — рабочыя пакоі, кабінеты, бібліятэку, групу дапаможных памяшканняў. Шэраг асноўных і службовых памяшканняў выходзіць ва ўнутраны дворык. У апрацоўцы інтэр’ераў выкарыстаныя прыродны камень, дрэва, чаканка, мармур, туф, дэкаратыўная тынкоўка.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ДОМ МОД-2 І БЕЛАРУСКІ ПРАЕКТНА-ТЭХНАЛАГІЧНЫ ІНСТЫТУТ


Пабудаваны ў 1976—82 гг. (дойліды П. Кракалёў, В. Алейнікава) па вул. Мельнікайтэ (2—4). У ансамблі арганічна спалучаецца шасціпавярховы Дом мод і дваццаціпавярховы будынак інстытуту "Белпобыттэхпраект", аб’яднаныя на ўзроўні трэцяга паверху крылом. Дом мод мае арыгінальную ярусную прасторавую кампазіцыю ў пластычных гранёных формах. Вертыкальная накіраванасць першага—трэцяга паверхаў дасягаецца пілонамі і вузкімі аконнымі праёмамі. Чацверты—шосты паверхі маюць гарызантальную кампазіцыю, якая ствараецца чаргаваннем стужачнага зашклення і міжпаверхавымі бетоннымі паясамі. Будынак завяршае прастакутны ў плане двухпавярховы аб’ём, дзе размешчаныя тэхнічныя памяшканні. Унутры вестыбюль, двухсветлавы салон заказаў, зала на 300 месцаў для дэманстрацыі мадэляў, сталоўка, адміністрацыйныя, вытворчыя памяшканні. У апрацоўцы інтэр’ераў выкарыстаныя светлы і блакітна-ружовы мармур, ракушачнік, дэкаратыўная тынкоўка, акмігран. У салоне заказаў — вітраж з каляровага шкла на тэму "Беларусь". Будынак інстытуту "Белпобыттэхпраект" — вышынная дамінанта Юбілейнай плошчы. Пабудаваны на каркаснай аснове з выкарыстаннем керамзітабетонных панелей у выглядзе кесонаў, якія ўзбагачаюць пластыку фасадаў. На ўзроўні дзявятага паверху рытм аконных праёмаў перарваны стужкай балконаў. Памяшканні аб’яднаныя калідорам, у цэнтры якога ліфтавы вузел. На другім паверсе ўваход у круглую ў плане канферэнц-залу, вырашаную амфітэатрам.


В.Б. Ангелаў



МЕНСК. ДОМ ПАЛІТЫЧНАЙ АСВЕТЫ (КЗ "МЕНСК")


Пабудаваны ў 1987 г. (дойліды Л. Пагарэлаў, Ю. Кустоў, Л. Кустова, А. Чадовіч) на вул. Кастрычніцкай, на беразе р. Свіслач. Прастакутны ў плане будынак (з унутраным дворыкам) галоўным фасадам арыентаваны да поймы ракі і вул. Ульянаўскай. Аб’ём будынку звыш 60 тыс. м3, плошча забудовы 3,6 тыс. м2. У асіметрычнай кампазіцыі вылучаны галоўны ўваход з шырокай лесвіцай. Сцены будынку абліцаваныя светлым даламітам. Унутры вялікая актавая зала на 1500 месцаў (вырашаная амфітэатрам з балконам), лекцыйная зала на 300 месцаў, шэстб малых залаў на 80—120 месцаў, бібліятэка. Для апрацоўкі інтэр’ераў выкарыстаныя мармур, граніт, фільзіт, трохсветлавое фае ўпрыгожваюць люстры (мастакі У. Стальмашонак, В. Даўгяла). Дойлідска-мастацкае вырашэнне забудовы дапаўняюць элементы добраўпарадкавання (сквер партэрнага тыпу з лесвіцамі і падпорнымі сценкамі, пляцоўкамі для адпачынку). З 1991 г. меў назыву Грамадска-палітычны цэнтр, потым — КЗ "Менск".


В.I. Анікін



МЕНСК. ДОМ ПРАЕКТНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ ДЯРЖБУДУ БЕЛАРУСІ


Пабудаваны ў 1978 г. (дойлід В. Малышаў) у Менску для інстытуту "Белдзяржпраект" і іншых праектных арганізацый. Размешчаны з водступам ад чырвонай лініі пр-ту Машэрава, на маляўнічым схіле ўзгорку. Будынак арганічна ўпісваецца ў ансамбль забудовы праспекту, з’яўляецца важным горадабудаўнічым акцэнтам у яго кампазіцыі. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснаваная па перакрыжаванні пад прастым кутом асноўнага сяміпавярховага (часткова пастаўлены на жалезабетонныя рамы) і двухпавярховага прастакутнага ў плане аб’ёмаў. Злом формы плану асноўнага аб’ёму ў сярэдняй частцы падкрэслівае ламаную лінію трасы пр-ту Машэрава (былой Паркавай магістралі). Строгі рытм фасадаў, утвораны панелямі ў выглядзе кесонаў, узмацняе буйнамаштабную кампазіцыю збудавання.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ДОМ ПРАФЕСІЙНЫХ САЮЗАЎ


Пабудаваны ў 1982 г. (дойліды Г. Бенядзіктаў, А. Фрыдман) на пр-це Машэрава (былой Паркавай магістралі). Кампазіцыйна завяршае рытм вышынных грамадскіх будынкаў. Складаецца з дванаццаці- і шаснаццаціпавярховых зблакіраваных аб’ёмаў і прастакутнага ў плане аб’ёму канферэнц-залы на 400 месцаў, размешчаных на двухпавярховым складанай канфігурацыі стылабаце. Кампазіцыя вышыннага корпусу заснаваная на спалучэнні злучаных аб’ёмаў, вырашаных у выглядзе пласцін. Лаканічны аб’ём канферэнц-залы падкрэслівае галоўны ўваход у будынак. Фасады вышыннага корпусу апрацаваныя вертыкальнымі алюмініевымі цягамі, шклокерамічнай пліткай ружовага колеру, канферэнц-залы і стылабата — пліткай з натуральнага каменю шэрага колеру. У аддзелцы інтэр’ераў выкарыстаныя гранітныя і мармуровыя пліты.



МЕНСК. ДОМ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ


Існаваў у 1934—41 гг. Пабудаваны па вул. Савецкай (дойлід Н. Макляцова). Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак быў заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтральнага шасціпавярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і чатырохпавярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынку на вышыні 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася вертыкальным зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынку, рытмічнай групоўкай квадратных акон, балконаў. Дом складаўся з кутніх і радавых секцый, створаных паводле індывідуальнага праекту: на лесвічную пляцоўку выходзілі две кватэры, у якіх пакоі былі звязаны паміж сабою шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На першым паверсе размяшчалася крама, дзіцячыя садок і яслі.

Не збярогся.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ДОМ УРАДУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ


Пабудаваны ў 1930—34 гг. (дойлід I. Лангбард) на плошчы Незалежнасці (да 1991 г. пл. Леніна). Праект, адобраны ў выніку Усесаюзнага конкурсу (1929 г.), прадугледжваў узвядзенне ансамбля будынкаў Дома ўраду і наркаматаў вакол плошчы, прызначанай для парадаў і дэманстрацый. Ідэя ансамбля не ажыцяўлёная. У працэсе будуніцтва аўтар адмовіўся ад злучальнай галерэі на ўзроўні трэцяга паверху паміж бакавымі крыламі і прапанаваў паставіць перад Домам ураду помнік Леніну (1933 г., скульптар М. Манізер, дойлід I. Лангбард). Стварэнне Дома ўраду было пачаткам ажыццяўлення рэканструкцыі сталіцы. Ідэйна-мастацкія і горадабудаўнічыя прынцыпы вырашэння ў многім прадвызначалі развіццё беларускага савецкага дойлідства ў 1930-я гады. Дом ураду — самае буйное на Беларусі збудаванне грамадзянскага дойлідства даваеннага часу (аб’ём будынку 240 тыс. м3). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя пабудаваная на сіметрычных рознавышынных аб’ёмах, што надае сілуэту будынку дынамічнасць. Дзевяціпавярховая цэнтральная частка адсунутая ў глыбіню і фланкіраваная бакавымі крыламі, што ўтвараюць плошчу (100x50 м). У строгім, стрыманым вонкавым дэкоры па ўсім перыметры выкарыстаныя вертыкальныя чляненні — лапаткі, якія надаюць збудаванню адзінства, манументальнасць і энергічную накіраванасць уверх. Да тыльнага фасаду цэнтральнай часткі прымыкае аб’ём залы пасяджэнняў Вярхоўнага Савету, перакрыты паўсферычным купалам на барабане.

Унутраная планіроўка і вырашэнне інтэр’ераў будынку вылучаецца яснасцю і прастатой задумы, лаканізмам афармлення. Увесь складаны комплекс атрымаў зручную функцыянальную арганізацыю ўнутранай прасторы, падпарадкаваную строгай канструкцыйнай сістэме. Зала пасяджэнняў Вярхоўнага Савету, канферэнц-залы, кулуары і іншыя памяшканні аформленыя размалёўкамі (мастакі М. Лебедзева, I. Фрэнк, кіраўнік I. Бродскі) і шматфігурнымі рэльефамі (скульптары А. Бембель, Р. Ізмайлаў, У. Рытэр, кіраўнікі М. Манізер, М. Керзін, І. Лангбард). Была створаная галерэя скульптурных партрэтаў К. Маркса і Ф. Энгельса (М. Керзін), Г. Бабёфа, Ф.Э. Дзяржынскага і А.Ф. Мяснікова (З. Азгур), М.Ф. Фрунзе (А. Глебаў), М.Г. Чарнышэўскага (А. Арлоў), К. Лібкнехта (Ізмайлаў). Дом ураду — адзін з першых і найбольш значных прыкладаў сінтэзу дойлідства і манументальнага мастацтва ў саветскай Беларусі.

У ІІ Сусветную вайну ў 1944 г. нямецка-фашысцкія акупанты перад адступленнем падрыхтавалі будынак да ўзрыву, але імклівае наступленне савецкіх войскау, рашучыя дзеянні падпольшчыкаў і партызан сарвалі гэты план.

Будынак — помнік дойлідства рэспубліканскага значэння.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ЖАНОЧАЯ ГІМНАЗІЯ


Помнік дойлідства эклектыкі. Пабудаваная ў канцы XIX — пачатку XX ст. як прыватны жылы дом (трохпавярховы), на рагу вул. Магазіннай (сучасная вул. Кірава) і Міхайлаўскага завулку. З 1910 г. у ім знаходзілася жаночая гімназія: надбудаваны чацверты паверх, змененая планіроўка. Цагляны трапецападобны чатырохпавярховы будынак з двума уваходамі — з боку галоўнага і дваровага фасадаў. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным рызалітам і бакавымі зрэзанымі кутамі з трохкутнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады насычаныя дэкаратыўнымі дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрытыя белай тынкоўкай. Уваход з боку вул. Кірава вылучаны трохкутным франтонам са стылізаваным арачным завяршэннем. Па перыметры будынку (паміж трэцім і чацвертым паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).

Цяпер выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.


Т.I. Чарняўская



МЕНСК. ЖАНОЧАЯ МАРЫІНСКАЯ ГІМНАЗІЯ


Помнік дойлідства эклектыкі. Пабудаваная ў 1879 г. па вул. Падгорнай (сучасная вул. К. Маркса, 29). Спачатку мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з цокальным паверхам, выцягнуты ў глыбіню двара; рэканструяваны ў 1930-я гады (надбудаваны трэці паверх, завершаны атыкам) і 1960-я гады (зробленая прыбудова да тарцовай часткі з боку панадворку). Галоўны фасад вылучаны рызалітам з нязначным выступам і галаўным уваходам. Сцены прарэзаныя высокімі лучковымі вокнамі, паміж імі руставаныя пілястры. Па восі будынку на першым паверсе знаходзіліся вестыбюль, на другім — актавая зала, у бакавых частках абапал калідораў — класы.

Пасля Кастрычніцкага перавароту ў будынку размяшчаўся палітэхнікум, у 1925—32 гг. — Камуністычны універсітэт Беларусі імя Леніна, у 1933 г. — карцінная галерэя БССР, потым у будынку знаходзілася міжгародняя тэлефонная станцыя.


Т.I. Чарняўская



МЕНСК. ЖЫЛЫЯ ДАМЫ

 

Помнікі дойлідства XIX — пачатку XX ст. Вылучаюцца дамы: № 12 па вул. Валадарскага, № 4 па вул. Герцэна, № 31 па вул. Інтэрнацыянальнай, № 11 па вул. Кірава, № 5 у Музычным завулку, № 30 па вул. К. Маркса, № 17 і 19 па вул. Савецкай, № 19 і 21 на пл. Свабоды.

Дом № 12 па вул. Валадарскага — трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак са зрэзанай кутняй часткай. Пабудаваны ў канцы XIX ст. з рысамі эклектыкі і неабарока як даходны дом. Галоўны фасад дома быў арыентаваны на былую вул. Захар’еўскую (сучасны пр-т Ф. Скарыны). Фасады аздобленыя канеліраванымі пілястрамі са складанымі капітэлямі на вышыні другога і трэцяга паверхаў. Больш высокі першы паверх, другі і трэці аддзеленыя тонкапрафіляванымі карнізамі. Прасценкі паміж арачнымі (на другім паверсе) і лучковымі (на трэцім паверсе) вокнамі дэкарыраваныя ляпным раслінным арнаментам. Пачатковая планіроўка і фасад першага паверху змененыя. Першы паверх займаюць гандлёвыя памяшканні, другі і трэці — Цэнтральнае праўленне таварыства глухіх.

Дом № 4 па вул. Герцэна — мураваны (першы паверх з бутавага каменю, другі з цэглы) двухпавярховы прастакутны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Пабудаваны ў канцы XVIII ст. (дойлід Ф. Крамер) у стылі класіцызму. Тарцы даху закрытыя трохкутнымі франтонамі (выкананыя ў тэхніцы "прускага муру"). Сіметрычную кампазіцыю галоўнага фасаду парушае арачны праезд. Цэнтральная частка будынку вылучаная трохкутным франтонам. Прастакутныя вокны размешчаныя ў неглыбокіх нішах паўцыркульнага абрысу. У цэнтры галоўнага фасаду на другім паверсе балкон з ажурнай агароджай. Помнік рэспубліканскага значэння.

Дом № 31 па вул. Інтэрнацыянальнай — мураваны трохпавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам. Пабудаваны ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. ў стылі класіцызму. Тарцы даху прыкрываюць трохкутныя франтоны (тымпаны з лучковымі вокнамі ў паўцыркульных нішах). Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад падзелены на тры ярусы: ніжні (неатынкаваны) трактаваны як цокаль; другі апрацаваны рустам; трэці завершаны антаблементам, які мае фрыз з невялікімі прастакутнымі вокнамі і карнізам з сухарыкамі. Рытм фасадаў ствараецца вялікімі прастакутнымі вокнамі без ліштваў. Цокальны паверх складзены з бутавага каменю, перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Планіроўка калідорная. У інтэр’еры кафляныя печы. Да асноўнага аб’ёму прыбудаванае 2—3-павярховае Г-падобнае ў плане крыло. З 1900 г. у доме размяшчалася першая ў горадзе публічная бібліятэка (у 1938—71 гг. Менская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна). Помнік рэспубліканскага значэння.

Дом № 11 па вул. Кірава (т.зв. дом Кастравіцкай) — мураваны трохпавярховы П-падобны ў плане будынак, пастаўлены на высокі цокаль. Пабудаваны ў 1911 г. (дойлід А. Краснапольскі) у стылі мадэрн. На першым паверсе размяшчалася ўпраўленне Лібава-Роменскай чыгункі, на астатніх — жыллё. Аб’ёмна-планіровачная кампазіцыя складаецца з трох частак: кутняй і дзвюх франтальных (па вуліцах Кірава і Валадарскага), фасады якіх аформленыя рознымі па канфігурацыі аконнымі і дзвярнымі праёмамі, балконамі, дэкаратыўнымі арнаментам, разнастайнымі керамічнымі ўстаўкамі, фактурнымі тынкаванымі слаямі. Мастацкая выразнасць дасягаецца спалучэннем неатынкаваных плоскіх сцен з тэракотавай цэглы і пабеленых атынкаваных прасценкаў, карнізаў, ліштваў. Цэнтр фасаду, арыентаванага на вул. Кірава, вылучаны аб’яднанымі па вертыкалі аконнымі праёмамі і завершаны паўцыркульным атыкам. Сцены фасаду, арыентаванага на вул. Валадарскага, завершаныя двума трапецападобнымі атыкамі, дах — трапецападобным ліхтаром. Кут будынку на рагу вуліц Кірава і Валадарскага зрэзаны, на ўзроўні другога паверху — эркер, над ім — трохгранны аб’ём, які завяршаўся вежачкай (не збераглася). Помнік рэспубліканскага значэння.

Дом № 5 у Музычным завулку — мураваны прастакутны ў плане трохпавярховы будынак, накрыты вальмавым дахам. Пабудаваны ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. ў стылі класіцызму. Часам называюць "Дом масонаў". Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую. кампазіцыю. Паўночна-ўсходні, паўднёва-ўсходні і паўднёва-заходні фасады вылучаныя неглыбокімі рызалітамі, завершанымі трохкутнымі франтонамі, у тымпане якіх паўкруглыя вокны. Паверхі падзеленыя цягай складанага профілю. Першы і трэці паверхі прарэзаны прастакутнымі вокнамі, аконныя праёмы другога паверху дэкарыраваны ліштвамі з замковым каменем і трохкутнымі сандрыкамі (у бакавых рызалітах). У прасценках паміж вокнамі над галоўным уваходам невялікія калоны дарычнага ордэру. Па перыметры сцен пад карнізам праходзіць пояс сухарыкаў. На сцяне паўночна-ўсходняга фасаду размешчаны невялічкія балкончыкі з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Помнік рэспубліканскага значэння.

Дом № 30 па вул. К. Маркса — мураваны 3—4-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Пабудаваны ў пачатку XX ст. (дойлід Г. Гай) з рысамі стылю мадэрн як даходны дом. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Чатырохпавярховае крыло, арыентаванае на вул. К. Маркса, на высокім руставаным цокалі. Уваход вырашаны ў выглядзе прастакутнага праёма, над якім паўцыркульнае акно, дэкарыраванае ляпнымі гірляндамі. Сцяну завяршае трохкутны франтон з люкарнай. Пад франтонам конхавая ніша, дзе ўстаноўленая дэкаратыўная ваза, упрыгожаная лепкай. Каваныя парадныя дзверы аздобленыя вензелямі і раслінным арнаментам, фасад крыла, арыентаванага на вул. Леніна, дэкарыраваны каванымі агароджамі балконаў, ляпнымі ўстаўкамі, атыкам, чатырохпавярховая частка — трохкутным франтонам, агароджай на вокнах у выглядзе балюстрады. Арачны фасад перакрыты крыжовым скляпеннем і аздоблены маскаронамі. У кутняй частцы размешчаная перакрытая шкляным ліхтаром лесвічная клетка, якую асвятляюць невялікія паўцыркульныя вокны, што выходзяць ва ўнутраны дворык. Помнік рэспубліканскага значэння.

Дамы № 17 і 19 па вул. Савецкай злучаныя паміж сабою тарцамі і ўтвараюць адзіны фронт забудовы. Пабудаваны ў стылі мадэрн як даходныя дамы. Дом № 17 — мураваны прастакутны ў плане трохпавярховы будынак з трапецападобнай мансардай. Пабудаваны ў 1912 г. (дойлід С. Гайдукевіч). Сіметрычную кампазіцыю галоўнага фасаду парушае зрэзаны заходні кут, завершаны невысокім атыкам з лацінскімі літарамі (дата пабудовы). Пластыку галоўнага фасаду ўзбагачаюць ляпныя віньеткі, гірлянды, балконы з металічнай агароджай. Уваходы з боку галоўнага і дваровага фасадаў. Галоўны ўваход вылучаны казырком на дзвюх калонках і высокім паўцыркульным аконным праёмам над ім. Планіровачным ядром з’яўляецца лесвічны вузел, вакол якога раней размяшчаліся кватэры. Дом № 19 — прастакутны ў плане чатырохпавярховы будынак са зрэзаным усходнім кутом. Пабудаваны ў пачатку XX ст. (дойлід Г. Гай). Сцены галоўнага фасаду на першым і трэцім паверхах прарэзаныя прастакуінымі, на другім — паўцыркульнымі вокнамі, чацверты паверх аддзелены карнізам. Лучковыя аконныя праёмы чацвертага паверху фланкіраваныя пілястрамі і завершаныя сандрыкамі. Пластыку фасада ўзбагачаюць сіметрычна размешчаныя балкончыкі з узорыстай агароджай (чыгуннае ліццё). Шырокая лесвічная клетка вылучаная на фасадзе пілястрамі, ляпнымі дэталямі, лучковым праёмам чацвертага паверху, абапал якога размешчаныя дэкаратыўныя вазы на пастаментах. Прастакутны ўваходны партал вырашаны дзвюма шырокімі пілястрамі, злучанымі дэкаратыўнай лучковай аркай. Дваровы фасад вырашаны ў лаканічных формах, без дэкору. Планіроўка будынкаў змененая. Выкарыстоўваюцца як адміністрацыйныя ўстановы. Помнікі рэспубліканскага значэння.

Дамы № 19, 21 на пл. Свабоды — мураваны Ш-падобны ў плане комплекс. Першапачаткова складаўся з трох 2—3-павярховых аб’ёмаў, якія ўтваралі замкнёную канфігурацыю з двума унутранымі дворыкамі. Узведзены ў XVIII — пачатку XIX стст. на Высокім рынку як гасціны двор. З заходняга боку да дому № 19 прыбудаваная галерэя-тэраса, пад якой размяшчаліся крамы. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны паўднёва-заходні фасад комплексу, рытм якога ствараецда прастакутнымі вокнамі і лапаткамі, упрыгожаны трохкутнымі франтонамі з паўцыркульнымі вокнамі. Перабудаваны ў XX ст. і XXI (быў накрыты складаным па канфігурацыі дахам з дахоўкі). Помнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Дзянісаў, Т.І. Чарняўская



МЕНСК. ЗАВОД ЛЯДОЎНЯЎ


Пабудаваны ў 1968—75 гг. (дойліды Л. Афанасьева, I. Боўт, М. Буйлава, А. Ганчароў, I. Некрашэвіч). Размешчаны ў паўночна-заходняй частцы гораду паміж пр-там Машэрава і вул. Ціміразева. Аб’ёмна-прасторавая арганізацыя комплексу грунтуецца на функцыянальным заніраванні тэрыторыі (перадзаводская, вытворчая, дапаможная зоны), блакіроўцы і каапераванні асноўных і дапаможных вытворчасцей, што стварыла выразнае аблічча забудовы і камфортныя ўмовы працы. Зоны планіровачна аб’яднаныя транспартнымі і пешаходнымі сувязямі. Дамінанта дойлідска-прасторавай кампазіцыі — дванаццаціпавярховы прастакутны ў плане інжынерны корпус, які актыўна ўдзельнічае ў стварэнні сілуэту забудовы часткі пр-ту Машэрава. Кампазіцыя фасадаў заснаваная на рытме вертыкальных алюмініевых рэбраў на ўсю вышыню будынку. Дынаміку дойлідства корпусу ўзмацняе аб’ём лесвічна-ліфтавага вузлу з тарцу. Перад галоўным фасадам — зона адпачынку, добраўпарадкаваная кветнікамі, газонамі і малымі формамі дойлідства (дэкаратыўны басейн, фантан). Вытворчыя карпусы вырашаныя ў лаканічных формах са свабоднай унутранай просторай.


І.I. Боўт



МЕНСК. ЗАМАК


Умацаваны цэнтр старажытнага Менску, на аснове якога ўзнік горад і вакол якога ён рос і развіваўся. У летапісах вядомы пад назвай град, у актах XV—XVII стст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Дзядзінец пабудаваны ў 2-й палове XI ст. пры ўпадзенні р. Няміга ў р. Свіслач (раён сучаснай пл. 8-га Сакавіка і пр-ту Машэрава). Абнесены земляным валам вышінёю каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўднёвага боку была брама. Замак меў форму няправільнага авалу (даўжыня ад р. Свіслач да процілеглага заходняга краю 300 м, шырыня 120—150 м, плошча 3 га). Пры археалагічных раскопках (1945-51 гг., 1957—61 гг., 1976 г., 1981—86 гг.) выяўленая планіроўка ўсходняй часткі дзядзінца, якая прымыкае да правага берага р. Свіслач, раскапаныя драўляныя канструкцыі ў насыпе валу, рэшткі некалькіх вуліц і завулкаў. Галоўная вуліца шырынёю 4 м перасякала дзядзінец з усходу на захад, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Звычайная шырыня астатніх вуліц была каля 3 м, праезную іх частку абавязкова масцілі драўляным насцілам. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан плошчай 200—250 м2. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор агароджвалі частаколам з бярвёнаў, свабодную ад забудовы плошчу масцілі насцілам. У XII—XIII стст. у замку было 80—82 двары і больш за 400—500 жыхароў. Раскапаны рэшткі 130 пабудоў, некаторыя з іх з’яўляліся жыллём. Жытлы — аднакамерныя, часам пяцісценныя дамы зрубнай канструкцыі плошчай 9—25 м2, з дашчанай падлогай. Мелі двухсхільныя стрэхі без столі і дзверы (вышыня не больш за 1,6 м) з ганкам. Гліняныя печы ў выглядзе невялікага скляпення на невысокай драўлянай аснове — падпеччы — размяшчаліся ў куце з правага ці левага ад увахода боку, паліліся "па-чорнаму". У куце печы, вышэй яе скляпення, мацаваўся тоўсты "каневы слуп", які служыў апорай для палкоў, што размяшчаліся над печчу. Каля процілеглай сцяны стаялі лаўкі. Вокны ў сценах былі маленькія. Выяўлены фундамент мураванага храму пачатку XII ст., будаўніцтва якога не было скончанае па невядомых прычынах. Умацаванні замку паспяхова вытрымалі аблогу магутнага войска паўднёва-рускіх князёў і іх саюзнікаў у 1104 г. і 1116 г., няўдалымі былі спробы полацкага князя Рагвалода Барысавіча ўзяць замак прыступам у 1159 г, 1160 г, 1161 г. Доўгі час замак быў палітычным, ваенным і культурным цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней вялікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1505 г. войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць замкам. У ім знаходзіўся ваенны гарнізон (залога), правіянцкія магазіны, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні князя Астрожскага, у вежы каля замкавай брамы размяшчаўся астрог. У замку знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. Умацаванні будавалі жыхары гораду і навакольных вёсак. У карысць замка ішлі судовыя пошліны і спецыяльныя падаткі, прыбыткі ад млыну, што стаяў на левым беразе Свіслачы. З канца XVII ст. замак паступова прыйшоў у заняпад, да канца XVIII ст. засталіся толькі земляныя валы, зафіксаваныя на планах Менску XVIII — пачатку XIX ст.

Замкавая брама — умацаваны ўезд у дзядзінец (замчышча) старажытнага гораду. Выяўлена ў працэсе археалагічных раскопак 1984—85 гг. Пабудаваная з дрэва ў пачатку — 1-й палове XII ст. ў паўднёва-ўсходняй частцы замчышча. Агульныя памеры брамы ў плане 17,1х7,4 м, вышыня (разліковая) 12,5—13,5 м, шырыня праёму-праезду 3,4 м. Складалася з васьмі пустацелых клецей-зрубаў (памерам ад 2,8х1,3 м да 4,5х1,7 м; па чатыры у рад абапал праезда), зробленых у тэхніцы "ў чашку з астаткам" з бярвён дыяметрам да 30 см. Непаралельнае размяшчэнне процілеглых клецей асновы брамы сведчыць пра існаванне верхняга сувязнага ярусу. Мяркуюць, што брама складалася з двух аб’ёмаў — вялікага, ці асноўнага, і малога. Асноўны аб’ём апіраўся на тры пары клецей, над імі па перыметры брамы быў зроблены баявы насціл з брустверам, які стыкоўваўся з забараламі (пляцоўкамі з брустверам) абарончых сцен валу. На верхнім ярусе знаходзіліся два памяшканні (апіраліся на сцены клецей асновы), якія маглі выкарыстоўваць для варты і запасаў зброі. Памяшканні, праход паміж імі (каля 1 м) і забаралы былі накрыты агульным дахам. Для абароны праезда ўнутры асноўнага аб’ёму былі баявыя пляцоўкі (насцілы), яны размяшчаліся паралельна сценам і злучаліся з памяшканнямі верхняга ярусу ўсходамі. Малы аб’ём апіраўся на першую з боку поля пару клецей (вышыня яго асновы 6 м), таксама меў баявыя насцілы з забараламі. Дзвухаб’ёмная канструкцыя брамы дазваляла надзейна фланкіраваць знешні схіл валу, узмацняла франтальны абстрэл падыходаў да брамы, скарачала мёртвую прастору перад варотамі. Брама магла зачыняцца не менш як на трое весніцаў (дзвое у фасадах асноўнага аб’ёму — з боку гораду і поля і ў фасадзе малога аб’ёму з боку поля) і пад’ёмных кратаў. Дах брамы ўзвышаўся над абарончымі сценамі, што рабіла яе своеасаблівай дамінантай гораду. У канцы XII — 1-й палове XIII ст. брама разбураная.

Будаўніцтва замкавай царквы вялося ў пачатку XII ст. (па меркаванню Э.М. Загарульскага паміж 1069 і 1073 гг.) на правым беразе р. Свіслач у раёне пл. 8 Сакавіка, па невядомых прычынах не было скончанае. Помнік даследаваў В.Р. Тарасенка ў 1949—51 гг. Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зробленыя падмуркі, ніжнія часткі апсід, паўдёвай і заходняй сцен. Паводле плану падмуркаў меркавалася паставіць кампактны чатырохслуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з трыма паўавальнымі апсідамі. Памер асноўнага аб’ёму 12х12 м, даўжыня з апсідамі 16,3 м, таўшчыня сцен 1,5 м. На ўнутранай паверхні паўднёвай і паўночнай сцен захаваліся выступы лапатак. Памеры бакоў падкупальнага квадрату каля 3,3 м, падмуркі слупоў, якія яго ўтвараюць, у плане Г-падобныя, складзены з невялялікіх камянёў, паміж імі стужкавыя фундаменты. Фундамент будынку мае выгляд дзвюх сценак, складзеных з бутавага каменю, прастора паміж якімі запоўненая неапрацаванымі камянямі на вапнавым растворы. Усе падмуркі ўрэзаныя ў пясчаны грунт (глыбіня месцамі больш за 1 м). Устаноўленая наяўнасць апалубкі з тонкіх дошак, забітых вертыкальна ўздоўж сценак рова падмурку (паўторнае даследаванне Г.В. Штыхава ў 1976 г.). У цэнтральнай апсідзе зафіксаваны квадратны ў плане вянок з бярвён і абчасаная каменная пліта ад алтару. Упоперак малых бакавых апсід былі пакладзеныя бярвёны, якія злучалі падмуркамі. Унутры храму на яго паўднёвай і часткова заходняй сценках захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак (памеры 5,4х14,5х19 см і 9,4х20х29,4 см), вырабленых з наздраватага даламіту і пакладзеных гарызантальна з перавязкай швоў. Месцамі пліткі захаваліся ў 5—6 радоў. На паўночны ўсход ад царквы выяўленыя яма для прыгатавання вапны (плошчай 25 м2) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі, калі вялося будаўніцтва. Царква не мае аналагаў у старажытна-рускім манументальным будаўніцтве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення будаўніцтва царквы на яе месцы ўзнік хрысціянскі могільнік знатных гараджан. Выяўленае 21 пахаванне XIII ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вялікіх хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некаторыя векі дамавін абкладзеныя бяростай.

Матэрыялы даследаванняў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі і Дзяржаўным музеі Беларусі. У 1967 г. за 30 м ад падмуркаў замкавай царквы быў пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на сваім месцы на глыбіні 0,5—2,1 м. Помнік рзспубліканскага значэння, разам з замчышчам узяты пад ахову дзяржавы.


Г.В. Штыхаў, Ю.А. Заяц



МЕНСК. КАСТРЫЧНІЦКАЯ (КАЛІНОЎСКАГА) ПЛОШЧА (ДА 1984 г. — ЦЭНТРАЛЬНАЯ)


Размешчаная на паўночным баку цэнтральнай часткі асноўнага дыяметра гораду — пр-це Ф. Скарыны на ўчастку, абмежаваным вуліцамі Энгельса, Інтэрнацыянальнай і Чырвонаармейскай. Мае прастакутную форму (220х170 м). З поўдні да плошчы прылягае Аляксандраўскі сквер (былы Аляксандраўскі сад, Цэнтральны сквер), які зрокава павялічвае яе. У сучасным выглядзе пачала фармавацца на месцы разбуранага ў час II Сусветнай вайны кварталу паводле праекту 1949 г. (дойліды М. Паруснікаў, Г. Баданаў, У. Кароль, Л. Мацкевіч, М. Асмалоўскі), адпаведна якому асноўная сэнсавая і кампазіцыйная роля адводзілася мануметальнаму адміністрацыйнаму будынку (дойлід Паруснікаў), што павінен быў фарміраваць паўночны бок плошчы. Аднак праект не быў рэалізаваны, і ў далейшым плошча забудоўвалася без пэўнай мастацкай задумы. Усходні бок плошчы фармуюць Палац культуры Белсаўпрофа і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1964 г.; дойліды Г. Бенядзіктаў, Г. Заборскі). На заходнім баку пабудаваныя 123-кватэрны жылы дом (1949—54 гг.; дойліды Паруснікаў, Заборкі), будынкі Цэнтральнага тэлеграфа (1962 г.; дойліды Кароль, А. Духан) і Менскага аблвыканкаму (1958 г., дойлід В. Волчак). Паўднёвы бок плошчы, які мяжуе з Аляксандраўскім скверам, абрамлены гранітным парапетам з урадавай трыбунай (1957 г.; дойлід Я. Заслаўскі). У 1985 г. пачатае будаўніцтвава Палацу Рэспублікі (дойліды М. Пірагоў, У. Данілаў, Л. Зданевіч, Л. Маскалевіч, В. Новікаў, М. Турлюк, В. Усімаў, А. Шабалін з удзелам I. Бізюка, К. Філіповіча), што стаў галоўным кампазіцыйным акцэнтам плошчы і завяршыў яе забудову. Для агульнага кампазіцыйнага вырашэння плошчы пэўнае значэнне маюць таксама будынкі Акруговага Дому афіцэраў, ЦК КПБ (зараз Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), будынак Беларускага тэатру імя. Я. Купалы (глядзі артыкул "Менск. Гарадскі тэатр (Беларускі Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы)"), зялёны масіў скверу. У падземным узроўні плошчы функцыяніруе станцыя метрапалітэна "Кастрычніцкая" з пераходам на ст. "Купалаўская", гандлёвы центр.


С.Ф. Самбук



МЕНСК. КАЛЬВАРЫЙСКІ КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА I БРАМА


Помнікі дойлідства XIX ст. Пабудаваны ў паўночна-заходняй частцы Менску на Кальварыйскіх могілках.

Касцёл пабудаваны ў 1839—41 гг. у цэнтры могілак, на месцы былога касцёлу (разбураны ў 1830 г.) у стылі неаготыкі. Мураваны аднанефавы з невялікім трансептам і прастакутнай алтарнай апсідай храм накрыты высокім двухсхільным дахам. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе вялікага Стральчатага парталу. Над прытворам узвышаецца масіўная квадратная ў плане вежа, падзеленая на две часткі карнізам з сухарыкамі. У верхняй яе частцы две вузкія стральчатыя акны, над якімі круглая люкарна. Сцены галоўнага і бакавых фасадаў дэкарыраваныя аркатурнымі паясамі, прарэзаны стральчатымі вокнамі, аздоблены ліштвамі. Унутраная прастора перакрытая цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на падпружных арках, якія абапіраюцца на квадратныя ў сячэнні слупы.

Брама пабудаваная ў 1830 г. на сродкі Юрыя Кабылінскага ў гонар сваёй жонкі ў класіцыстычных формах. Цаглянае прастакутнае ў плане збудаванне з вялікім цэнтральным і сіметрычна размешчанымі па баках меншымі паўцыркульнымі прыёмамі накрытае пакатым двухсхільным дахам, падзеленае карнізам на два ярусы. Ніжні — руставаны, над бакавымі праёмамі верхняга ярусу — ляпная геральдыка.

Касцёл дзейнічае. Касцёл і брама — помнікі рэспубліканскага значэння.


А.Ю. Пятросава, Т.I. Чарняўская



МЕНСК. КАСЦЕЛ I КЛЯШТАР БЕНЕДЫКЦІНАК


Існаваў у XVII — 1-й палове XX ст. Пабудаваны з цэглы ў стылі барока ў 2-й палове XVII ст. па вул. Зборавай (сучасная вул. Інтэрнацыянальная) на месцы драўлянага кляштару (1633 г.). Фундатар Войцех Сялява. Перабудаваны ў 1780-я гады (дойлід Т. Раманоўскі). Да прастакутнага ў плане аднанефавага асноўнага аб’ёму касцёлу, накрытага высокім двухсхільным дахам, прылягала пяцігранная алтарная апсіда з больш нізкім пакрыццём. Галоўны фасад падзелены раскрапаваным карнізам на два ярусы, фланкіраваны трох’яруснымі вежамі з купальнымі завяршэннямі. Складаны па малюнку франтон закрываў тарэц даху. Сцены расчлянёныя лучковымі аконнымі праёмамі і пілястрамі. У інтэр’еры, перакрытым цыліндрычнымі скляпеннямі, было пяць алтароў. Да паўднёвай вежы касцёлу прылягаў будынак кляштару — двухпавярховы, прастакутны ў плане, накрыты высокім вальмавым дахам. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных праёмаў. У 1872 г. касцёл і кляштар перабудаваныя пад праваслаўны Праабражэнскі манастыр: верхнія ярусы вежаў касцёлу і франтон былі разбураныя, у цэнтры галоўнага фасаду надбудавана драўляная, абшытая жалезам трох’ярусная шатровая званіца, над нефам — пяць купалаў на глухіх барабанах.

У 1930-я гады манастыр перабудаваны пад клуб. У 1960-я гады разбураны.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНАК


Помнік дойлідства барока. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды), знаходзіўся на яе паўночна-ўсходнім баку і па вул. Бернардзінскай (сучасная вул. Кірыла і Мяфодзія, 3, 5, 7). Заснаваны ў 1633 г., фундатар Аляксандр Слушка. Пабудаваны драўляныя касцёл і кляштар, у 1642 г. пачалі ўзводзіць мураваныя будынкі, у 1687 г. новы касцёл быў асвячоны. Пасля пажару ў 1741 г. быў рэканструяваны. Кляштар уключаў касцёл, жылы корпус, флігель і гаспадарчыя пабудовы. Мураваныя касцёл і прыбудаваны да яго з паўночнага ўсходу двухпавярховы жылы корпус утваралі замкнёны ўнутраны двор. З паўночнага ўсходу ад жылога корпусу знаходзіцца двухпавярховы лямус, з паўднёвага ўсходу — трохпавярховы флігель, накрыты вальмавым дахам.

Дамінаваў у кампазіцыі будынак касцёлу — трохнефавая шасціслуповая базіліка з трохграннай алтарнай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны прастакутныя ў плане сакрысціі. Цнтральны неф накрыты двухсхільным дахам, бакавыя нефы — аднасхільнымі. Галоўны фасад з дзвюма шасціяруснымі вежамі (вышіня 34 м), завершанымі складанымі барочнымі купаламі, дэкарыраванымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, праёмамі і нішамі з лучковымі і паўцыркульнымі завяршэннямі. Паміж вежамі размешчаны складаны па малюнку шчыт, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады раскрапаваныя пілястрамі, карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя — крыжовымі. Інтэр’ер у 1-й палове XIX ст. быў упрыгожаны сямю стукавымі алтарамі.

Жылы корпус меў калідорную планіроўку. Яго паўднёва-ўсходні фасад вылучаны двума рызалітамі. Рытм фасадаў ствараюць прастакутныя аконныя праёмы і пілястры. У 1853 г. жаночы кляштар быў ліквідаваны. Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—64 гг. у будынку працавала дзяржаўная следчая камісія. З 1870 г. у будынках кляштару размяшчаўся праваслаўны манастыр Святога Духа.

Пасля II Сусветнай вайны ў ім знаходзіцца праваслаўны кафедральны сабор. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Помнік дойлідства барока. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды), знаходзіўся на яе паўночна-ўсходнім баку і вул. Бернардзінскай (сучасная вул. Кірыла і Мяфода, 4, 6, 8). Заснаваны ў 1624 г. Фундацыя краснасельскага старосты Андрэя Кянсоўскага (перадаў ордэну бернардзінцаў для яго рэзідэнцыі драўляны дом), зацверджана Яўстафіем Валовічам (1628 г.). У 1630-я гады 6ылі пабудаваны драўляныя касцёл і канвент, згарэлі ў 1644 г. Пасля пажару ўзведзены новыя мураваныя касцёл і кляштар, згарэлі ў 1656 г., адноўлены ў 2-й палове XVII ст. У 1676 г. збудаваная мураваная капліца (фундатар К. Завіша). Пасля пажару 1740 г. будынкі рэканструяваныя. Падчас пажару 1835 г. касцёл і кляштар пашкоджаныя, пазней адноўленыя. У 1864 г. мўжчынскі кляштар бернардынаў быў ліквідаваны.

Цэнтральнае месца ў комплексе займаў касцёл Святога Іосіфа — трохнефавая шасціслуповая базіліка. Цэнтральны неф непасрэдна пераходзіць ў выцягнуты прэсбітэрый (накрыты агульным двухсхільным дахам) з трохграннай алтарнай апсідай, умацаванай контрфорсамі. Галоўны фасад — бязвежавы, мае хвалістую паверхню, падзелены пілястрамі на тры часткі. Цэнтральная завершаная фігурным шчытом з валютамі па баках, з шырокім уваходным парталам, над якім вялікае акно з трохлопасцевым арачным завяршэннем; у паўцыркульных нішах размяшчалася стукавая скульптура (захавалася часткова). Сцены бакавых фасадаў раскрапаваныя пілястрамі; вокны паўцыркульныя і лучковыя. Бакавыя нефы перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, капліцы ў іх — крыжовымі скляпеннямі з ляпным дэкорам. Інтэр’ер быў упрыгожаны дзевяццю алтарамі, аздобленымі жывапісам.

З паўночнага усходу да касцёлу прыбудаваны П-падобны ў плане двухпавярховы будынак кляштару, рытм фасадаў якога ствараюць прастакутныя аконныя праёмы і пілястры. Сістэма планіроўкі калідорная. У кляштары знаходзіліся келлі манахаў, трапезная, бібліятэкака. У комплекс кляштару ўваходзілі мураваны двухпавярховы флігель, гаспадарчыя пабудовы. Тэрыторыя кляштару была абнесеная мураванай сцяной (захавалася часткова) з брамамі. З паўднёвага боку да касцёлу былі прыбудаваныя гандлёвыя рады. Фасады касцёлу рэстаўраваныя (1984 г., дойлід Г. Босак).

З 1872 г. у памяшканні касцёлу размяшчаліся архівы, з 1992 г. у ім знаходзяцца Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Архіў-музей літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь.

Прмнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Дзянісаў

 


МЕНСК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ


Існаваў у XVII — 1-й палове XX стст. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды), знаходзіўся на яе паўднёва-ўсходнім баку, абмежаваны вуліцамі Валоцкай (сучасная вул. Інтэрнацыянальная), Дамініканскай (сучасная вул. Энгельса) і Юр’еўскай (плошча каля 2 га). Комплекс уключаў будынкі касцёлу і кляштару, гаспадарчыя пабудовы. Заснаваны ў 1605 г., фундатар Сафія Слушка. Ў 1615 г. менскі ваявода Петра Тышкевіч перадаў ордэну пляц для пабудовы касцёлу і кляштару. Пабудаваны ў стылі барока; у пачатку і 2-й палове XVIII ст. рэканструяваны. Дамінантай комплексу з’яўляўся касцёл Святога Томаша Аквінскага, закладзены каля 1622 г.

Касцёл — прастакутная ў плане трохнефавая шасціслуповая базіліка з дзвюма капліцамі ў паўднёва-заходніх частках бакавых нефаў. Бязвежавы галоўны фасад быў падзелены пілястрамі на тры часткі: цэнтральная завяршалася хвалістым шмат’ярусным шчытом з невялікай вежачкай, бакавыя — вялікімі сіметрычнымі купаламі на высокіх васьмігранных светлавых барабанах над капліцамі. Сцены касцёлу былі расчлянёны пілястрамі, лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. У інтэр’еры, упрыгожаным фрэскавым жывапісам, знаходзіліся трынаццаць разных драўляных і стукавых алтароў. Цэнтральны неф быў перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя нефы — крыжовымі.

Да прэсбітэрыя касцёлу прылягаў двухпавярховы прастакутны ў плане будынак кляштару. Цэнтральная частка яго вылучалася рызалітам. Планіроўка калідорная. Памяшканні кляштару былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У паўночна-заходняй частцы тэрыторыі знаходзіліся сад і драўляныя гаспадарчыя пабудовы (два флігелі, свіран, стайня). Комплекс быў абнесены высокай агароджай з дзвюхвежавай трох’яруснай брамай-званіцай. У 1832 г. кляштар быў закрыты, у 1840-я гады перабудаваны пад каталіцкую семінарыю; пасля 1869 г. у ім размяшчаліся казармы.

У 1950 г. разбураны.

 

У.М. Дзянісаў



МЕНСК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ЕЗУІТАЎ

 

Помнік дойлідства 2-й паловы XVII — пачатку XVIII стст. Уваходзіў у ансамбль плошчы Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). К канцу XVIII ст. займаў яе паўднёва-заходні бок і большую частку вул. Койданаўскай (сучасная Рэвалюцыйная) да перасячэння з вул. Феліцыянскай (сучасная Камсамольская); уключаў касцёл, калегіюм, школу і гаспадарчыя пабудовы. Рэзідэнцыя езуітаў існавала ў Менску з сярэдзіны XVII ст. (з 1713 г. мела ранг калегіі). Спачатку размяшчалася ў сядзібе мешчаніна Ягора Гегера па вул. Койданаўскай (Рэвалюцыйная, 1), абнесенай высокай мураванай агароджай з некалькімі брамамі (апрача двухпавярховага невялікага мураванага жылога дому, былі стары драўляны дом, стайня, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы). Комплекс заснаваны ў 1654 г., фундатар смаленскі біскуп Геранім Сангушка. Узведзены на месцы мураванага будынку і драўлянай капліцы, пастаўленых езуітамі паміж 1656 г. і 1683 г. Спачатку займаў мураваны двухпавярховы дом, побач з якім быў пабудаваны драўляны касцёл. Да канца XVII ст. ўзведзены двухпавярховы будынак школы, у пачатку XVIII ст. — касцёл, да сярэдзіны XVIII ст. — калегіюм. У глыбіні кварталу размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы.

Цэнтральнае месца ў ансамблі займаў касцёл Ісуса, Марыі і Святой Барбары (пасля 1820 г. Марыінскі кафедральны). Пабудаваны ў 1700—10 гг. у стылі барока. Трохнефавая шасціслуповая базіліка. Знаходзіўся крыху ў глыбіні ад чырвонай лініі забудовы, што ўтварала невялікі курданёр. Цэнтральны неф, накрыты двухсхільным дахам, пераходзіць у прэсбітэрый з паўкруглай алтарнай апсідай, над якой тарэц даху быў закрыты пластычным шчытом. Абапал апсіды у бакавых нефах размешчаныя две капліцы (Святой Тройцы і Святога Феліцыяна, фундатар апошняй К. Завіша; 1722 г.), накрытыя купаламі на гранёных светлавых барабанах. Двухвежавы галоўны фасад, арыентаваны на плошчу, расчлянёны складанымі карнізамі і цягамі, аздоблены калонамі, паўкалонамі і пілястрамі, завяршаўся фігурным франтонам паміж пяціяруснымі вежамі (дабудаваныя ў 1731 г.), дэкарыраванымі пілястрамі іанічнага ордэру і завершанымі невялікімі купаламі. Сярэдняя частка фасаду падзеленая на два ярусы складанапрафіляванымі карнізамі і ўвянчаная фігурным франтонам з сігнатуркай. Ў другім ярусе было вялікае лучковае акно ў абрамленні падвойных калон іанічнага ордэру. У глыбокіх паўцыркульных нішах вежаў і франтону стаялі драўляныя разныя скульптуры (Святых Пятра і Паўла на вежах, Марыі з дзіцём на франтоне). На вежах былі ўстаноўленыя чатыры званы (Казімір, Тадэвуш, Феліцыян і Якаб, апошні 350 пудоў). Нефы былі перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Сцены бакавых фасадаў расчлянёныя шырокімі плоскімі пілястрамі, вокнамі з лучковым і паўцыркульным завяршэннем. У інтэр’еры, перакрытым цыліндрычнымі скляпеннямі, было 12 разных драўляных скульптур апосталаў (не захаваліся), фрэскі [мастак Казімір (Антон) Анташэўскі], больш раннія фрэскі захаваліся ў капліцах, карціны Ш. Чаховіча і I. Аляшкевіча. Насценную размалёўку сямейнай капліцы Завішаў зрабіў М. Бейтнік (1739 г.). У 1798—1800 гг. інтэр’ер рэканструяваны; іншыя перабудовы касцёлу зробленыя ў 1853—54 гг., у 1951 г. перапланаваны і перабудаваны галоўны фасад (дойлід М. Драздоў), а у будынку размешчаны савет спартовага таварыства "Спартак". Напачатку XXI ст. касцёл аддадзены вернікам, а галоўны фасад адноўлены.

На паўночным захадзе ад касцёлу знаходзіўся мураваны калегіюм (раней існаваў драўляны будынак), злучаны з ім працяглым калідорам, узведзены ў 1733—47 гг. [у 1738 г. быў пашкоджаны падчас пажару; у 1745—46 гг. з боку вул. Койданаўскай прыбудаванае трохпавярховае крыло (у ім размяшчаліся кухня, трапезная і інш.)]. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак калегіюму калідорнай планіроўкі; цэнтр галоўнага фасаду яго вылучаўся трох’яруснай вежай з гадзіннікам (1738—50 гг.), завершанай барочным купалам (не захаваўся). Пасля пажару 1797 г. будынак калегіюму быў рэканструяваны. З 1799 г. у будынку знаходзіліся "прысутныя месцы", пасля 1820 г. — гарадская дума, у 1852—1917 гг. — казённая палата, пасля Кастрычніцкага перавароту — ВДНГ БССР. Пашкоджаны пачас II Сусветнай вайны, а пасля — разбураны.

У 1749 г. побач з касцёлам пабудаваная аптэка з лабараторыяй. У 1951 г. на месцы будынку калегіюму ўзведзены жылы дом (пл. Свабоды, 11). З паўночнага усходу да касцёлу прылягаў прастакутны ў плане двухпавярховы з вальмавым дахам будынак школы (злучаўся з паўночна-ўсходняй вежай касцёла). Пабудаваны ў 1699 г. (паводле іншых звестак у 1769—70-я гады). Цэнтральная частка галоўнага фасаду была вылучаная квадратнай у плане вежай, завершанай купалам. З 1773 г. (пасля забароны ордэну езуітаў) у будынку размешчана свецкая шасцігадовая школа. Пасля перабудовы школы ў 1799—1917 гг. — дом губернатара, у 1919—33 гг. — 1-ы Дом Саветаў, дзе знаходзіліся ЦВК, Саўнарком і іншыя дзяржаўныя ўстановы БССР, пасля II Сусветнай вайны — музычная школа. У 1968 г. зробленая апошняя перабудова, рэканструкцыя, надбудованы трэці паверх.

Помнік рэспубліканскага значэння.

 

У.М. Дзянісаў



МЕНСК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


Комплекс існаваў у XVII—XIX стст. Заснаваны ў 1676 г., фундатар Тэадор Ваньковіч. На рагу вуліц былой Францысканцаў (сучасная вул. Леніна) і Юр’еўскай, кампазіцыйна быў звязаны з ансамблем Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Мураваны будынак кляштару і драўляны касцёл былі пабудаваныя ў XVIII ст. на месцы драўляных збудаванняў 2-й паловы XVII ст. У комплекс уваходзілі таксама флігель і гаспадарчыя пабудовы. Кляштар — двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак з двухсхільным чарапічным дахам, сцены яго завяршаліся магутным прафіляваным карнізам. У паўночна-заходняй частцы тарцовы фасад завяршаўся трохкутным франтонам з скульптурамі двух анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Рытм фасадаў стваралі прастакутныя аконныя праёмы. На паўночным захадзе ад кляштару знаходзіўся крыжападобны ў плане дзвюхвежавы касцёл, на месцы якога ў 1801 г. быў закладзены мураваны (не дабудаваны). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамай (у паўднёва-заходняй частцы).

У 1-й палове XIX ст. у будынках размяшчалася каталіцкая семінарыя. У 2-й палове XIX ст. перабудаваная пад гарадскую ўправу. У канцы 1940-х гадоў пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.

 

У.М. Дзянісаў



МЕНСК. КАСЦЁЛ СІМЯОНА I АЛЕНЫ (ЧЫРВОНЫ КАСЦЁЛ)

 

Помнік дойлідства неаготыкі з рысамі мадэрна. Галоўным фасадам выходзіць на пл. Незалежнасці, арганічна ўпісваецца ў яе ансамбль. Пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1908—10 гг. паводле праекту дойліда Т. Пайздэрскага, пры ўдзеле У. Марконі і Г. Гая па фундацыі памешчыка са Случчыны Эдварада Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі, якія вырашылі зрабіць вялікае ахвяраванне і пабудаваць касцёл у гонар святых Сымона і Алены як помнік па сваіх памёрлых дзецях. Трохнефавы трохвежавы храм асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з развітай паўцыліндрычнай апсідай. Цэнтральны неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі. Ядром кампазіцыі з’яўляецца высокая прастакутная чатырохярусная вежа, якая ўзвышаецца ў паўночна-ўсходнім баку. Абапал алтарнай часткі галоўную вежу дапаўняюць яшчэ дзве невялікія шатровыя вежы. З паўднёва-заходняга боку да галоўнага фасаду прыбудаваная аднапавярховая галерэя. Уваходы аформленыя тамбурамі. Высокія шчыты фасадаў будынку аздобленыя дэкарыраванымі дойлідскімі паясамі, машыкулямі і інш. Плоскасці сцен прарэзаныя паўцыркульнымі высокімі рознавялікімі аконнымі праёмамі. У цэнтры галоўнага фасаду над галоўным уваходам, а таксама над уваходамі ў крылах трансепту знаходзяцца вялікія вокны-"ружы". У дэкаратыўным аздабленні значная роля належыць каларыстычнаму вырашэнню будынку: спалучэнне чырвонага колеру цагляных сцен з тонкімі загладжанымі швамі і чырвонай чарапіцы дахаў.

З 1975 г. па 1990 г. у будынку рэспубліканскі творчы клуб кінематаграфістаў ("Дом кіно"), у 1990 г. аддадзены веруючым. У мастацкім аздабленні памяшканняў вылучаюцца вітражы, якія запаўняюць праёмы акон, і люстры з медзі (мастак Г. Вашчанка). У алтарнай частцы — вітражы з выявамі юнакоў, якія ўвасабляюць алегорыі пяці мастацтваў. Каларыт вітражоў зеленаваты з чырвонымі ўкрапінамі. Вітражы і паліхромныя роспісы зробленыя Францішкам Бруздовічам. Над галоўным парталам касцёлу герб Вайніловічаў. У адзіны комплекс э касцёлам уваходзяць плябанія — мураваны двухпавярховы будынак і мураваная агароджа з брамай (не збераглася).

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Л.Г. Лапцэвіч, А.Ю. Пятросава



МЕНСК. КІНАТЭАТР "АЎРОРА"


Пабудаваны ў 1987 г. (дойліды Б. Ларчанка, Н. Цямнова, Т. Кузміна, В. Клюковіч) на перакрыжаванні пр. Пушкіна і вул. Прытыцкага, уваходзіць у грамадскі цэнтр жылога раёну. Блакіруецца з новым чатырнаццаціпавярховым гатэлям і ўтварае разам з ім ураўнаважаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Трохзальны (на 496, 300 і 205 месцаў) кінатэатр размешчаны на ўчастку з перападам рэльефу ў 6,5 м. Усе залы стаяць адзін за адным адпаведна рэльефу. Фае-тэрасы вырашаныя ў трох узроўнях (з верхняга прадугледжаныя ўваходы ў летнія панадворкі) і звязаныя паміж сабой лесвіцамі. Сучасныя формы дойлідства (схілы даху, ліхтары верхняга асвятлення), прапарцыянальныя і рытмічна размешчаныя на складаным рэльефе аб’ёмы ствараюць дынамічную кампазіцыю.


С.Дз. Філімояаў



МЕНСК. КІНАТЭАТР "КАСТРЫЧНІК"


Пабудаваны ў 1975 г. (дойлід В. Малышаў). Размешчаны ў глыбіні ад чырвонай лініі забудовы пр-ту Ф. Скарыны (на месцы былога кінатэатра "Зорка"), замыкае перспектыву з вул. Ф. Скарыны. У сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі двухпавярховага будынку дамінуе аб’ём авальнай формы на прастакутным стылабаце (з лесвічнымі клеткамі). У апрацоўцы фасадаў выкарыстаны натуральныя матэрыялы — пліты з мармуру і вапняку. У планіровачнай структуры будынку дакладна вылучаныя функцыянальныя групы памяшканняў. Па галоўнай восі на першым паверсе размешчаныя касавы вестыбюль, кафэ на 20 месцаў, малы экран. Две шырокія лесвіцы вядуць на другі паверх, дзе знаходзіцца фае, якое выкарыстоўваецца пад перасоўныя выставы. Глядзельная зала (на 1400 месцаў) вырашаная амфітэатрам авальнай формы, у аздабленні сцен выкарыстаныя перфараваныя элементы з алюмінію.


А.А. Воінаў

 


МЕНСК. КІНАТЭАТР "МАСКВА"


Пабудаваны ў 1980 г. (дойліды В. Крамарэнка, У. Шчарбіна, М. Вінаградаў), уваходзіць у склад адміністрацыйна-культурнага і гандлёвага комплексу на пр-це Машэрава (былой Паркавай магістралі). Будынак вырашаны кампактным сіметрычным аб’ёмам. У кампазіцыі галоўнага фасаду дамінуе тарцовая частка вялікай глядзельнай залы (на 1070 месцаў), якая кансольна навісае над суцэльна зашклёнымі фае і вестыбюлем. Пластыку фасаду ўзбагачаюць аддзелачныя матэрыялы (белы мармур, чырвоны граніт, светлы туф, анадзіраваны алюміній) і ўстаўкі з медзі. Процілеглы дваровы фасад сфармаваны лаканічным па архітэктуры аб’ёмам малой залы (на 260 месцаў, тут працуе Тэатр-студыя кінаакцёра), фае якой упрыгожанае вітражом (мастакі Г. і М. Вашчанкі). Вакол вялікай глядзельнай залы размешчаныя фае — зала для выстаў, лекцыйная зала на 120 месцаў (таксама і для паказу кароткаметражных фільмаў), кафэ. Перад кінатэатрам невялікая плошча з фантанам.


А.А. Воінаў



МЕНСК. КІРХА


Існавала ў XIX — пачатку XX стст. Пабудаваная ў 1846 г. у стылі класіцызму. Прастакутны ў плане асноўны аб’ём з паўкруглай алтарнай апсідай і прытворам, завершаным вежай-званіцай у выглядзе ратонды з васьмю калонамі тасканскага ордэру і паўсферычным купалам. Сцены будынку рытмічна расчлянёныя атыкамі. З паўночнага ўсходу да кірхі быў прыбудаваны двухпавярховы будынак, дзе жыў пастар. Яго сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад выходзіў на вул. Захар’еўскую (цяпер пр-т Ф. Скарыны) і быў завершаны ступеньчатым атыкам. У 1930-я гады перабудаваная пад дзіцячы кінатэатр.

Разбураная ў 1940-я гады.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. КОМПЛЕКС АЎТАТРАНСПАРТНАГА ПРАДПРЫЕМСТВА


Пабудаваны ў 1983—85 гг. (дойліды I. Боўт, М. Гроднікаў, А. Малашка) па вул. К. Цэткін. Актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні фронту забудовы вуліцы і прасторавай арганізацыі прылеглай да яе тэрыторыі. Дойлідская кампазіцыя заснаваная на кантрастным спалучэнні вышыннага дзевяціпавярховага цыліндрычнага аб’ёму (у ім стаянка легкавых аўтамабіляў) з двухпавярховым падоўжаным аб’ёмам (у ім стаянка грузавога транспарту і рамонтныя службы). Вертыкальныя і гарызантальныя аб’ёмы аб’яднаныя ўстаўкай, дзе размешчаныя адміністрацыйныя памяшканні. Аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне падпарадкавана ідэі рацыянальнага перамяшчэння аўтамабіляў унутры комплексу, іх аптымальнага тэхнічнага абслугоўвання і ўстаноўцы на месцы захоўвання, максімальнай блакіроўкі аб’ёмаў, стварэння камфортных умоў для працы. Канструкцыйная схема будынкаў — зборны жалезабетонны каркас, зборна-маналітнае вырашэнне ўнутраных вінтавых рампаў у цыліндрычным аб’ёме, саманясучыя вертыкальныя панелі сцен. У вонкавай аддзелцы выкарыстаны высакаякасная тынкоўка, гранітная і керамічная плітка. Лаканічныя аб’ёмы, пластычнае вырашэнне іх фасадаў ствараюць выразнае аблічча сучаснага прамысловага аб’екту.


А.Б. Мароэава



МЕНСК. КРЫТЫ РЫНАК "КАМАРОЎСКІ"


Пабудаваны ў 1979 г. (дойліды В. Аладаў, А. Жалдакоў, У. Крывашэяў, М. Ткачук). Буйнейшы ў рэспубліцы цэнтральны кааператыўны рынак. З’яўляецца важным горадабудаўнічым акцэнтам на рагу вуліц Харужай і Куйбышава. Уключае: крыты павільён (плошча гандлёвай залы 13000 м2), пляцоўку для сезоннага гандлю (плошча 6000 м2), кіёскі, адміністрацыйна-гаспадарчы корпус. Крыты павільён — квадратнае ў плане (103x103 м) збудаванне арыгінальнай канструкцыі. Зборна-маналітная танкасценная абалонка (вышыня 24 м) складанай формы без прамежкавых апор перакрывае зальнае памяшканне і стварае пластычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. У вонкавым афармленні выкарыстаныя паліраваны граніт, дэкаратыўная тынкоўка, керамічная плітка, алюміній, у інтэр’еры — керамічная мазаічная плітка, пластмасы, алюміній. Унутры павільёну па перыметры на антрэсолях і пад імі размешчаныя гандлёвыя ячэйкі. Павільён звязаны пандусам з адміністрацыйна-гаспадарчым корпусам.


В.М. Аладаў



МЕНСК. КУРГАН СЛАВЫ


Помнік у гонар подзвігу воінаў 1, 2, 3-га Беларускага і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у вайсковай аперацыі 1944 г. Знаходзіцца на 21-м км шашы Менск — Масква. Філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Урачыста адкрыты 5.7.1969 г.. Аўтары — скульптар А. Бембель, дойлід А. Стаховіч (Дзяржаўная прэмія БССР 1970 г.), скульптар А. Арцімовіч, дойлід Л. Міцкевіч, інжынер В. Лапцэвіч. Закладзены 30.9.1966 г. прадстаўнікамі гарадоў-герояў Адэсы, Валгаграда, Кіева, Ленінграда, Масквы, Севастопаля, Берасцейскай фартэцыі-героя, працоўных, навучэнцаў, вайсковых часцей Менска і Менскай вобласці Курган Славы — складанае інжынерна-дойлідскае збудаванне. Вышыня кургану 35 м, на вяршыні яго чатыры абліцаваныя тытанам штыкі-абеліскі (35,6 м кожны), якія сімвалізуюць франты — удзельнікі вызвалення Беларусі. У іх ніжняй частцы мазаічныя выявы ордэнаў Айчыннай вайны і Славы. Аснову штыкоў акружае шырокае кола, унутры якога мазаічны надпіс "Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!" На вонкавай паверхні кола абліцаваныя залацістай смальтай барэльефныя выявы воінаў усіх родаў войскаў і партызанаў. Да агляднай пляцоўкі на вяршыні вядуць две бетанаваныя лесвіцы (241 прыступак ў кожнай). На падыходзе да помніку з боку шашы гранітная пліта з інфармацыйным надпісам, вакол якога мемарыяльны парк з штучным басейнам.

Курган Славы з’яўляецца ідэйна-мастайкай дамінантай наваколля.


А.Г. Ванькевіч

 

 

МЕНСК. ЛОШЫЦКІ СЯДЗІБНА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства 2-й палове XIX ст. Створаны на паўднёвай ускраіне Менска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца, каля былой в. Лошыца 1 (вул. Чыжэўскіх). У комплекс уваходзіць гаспода, капліца, дом аканома, вадзяны млын, бровар, гаспадарчыя пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля пойменнай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага аднапавярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага двухпавярховага аб’ёмаў. Ў дэкаратыўным афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы галоўнага ўваходу, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры зберагліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панелямі з дубу, каляровая кафля. Перад галоўным фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпсу, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку — пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асноўны паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўночным тарцовым фасадам.

Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


Т.І. Чарняўская, В.Р. Анціпаў



МЕНСК. СВЯТАДУХАЎСКІ МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯНАК


Помнік дойлідства рэнесансу. Заснаваны ў 1641 г. на Высокім рынку уніятскім мітрапалітам Антоніем Сялявай. Першая ігумення Кацярына Сапега пералічыла манастыру 10 000 злотых. Першапачаткова манастыр быў размешчаны ў мураваных жылых дамах, збудаваных у 2-й палове XVI — пачатку XVII стст. на паўнёва-ўсходнім баку Высокага рынку. Мураваны будынак манастырскага корпусу збудаваны каля 1650 г. (выкарыстаныя скляпы і сцены першапачатковых будынкаў). Двухпавярховы, П-падобны ў плане, меў высокі вальмавы дах з чарапіцы. Тарэц даху ў паўдёва-ўсходнім крыле быў у выглядзе фігурнага шчыта (перароблены ў XIX ст.). Планіроўка калідорная. На першым паверсе, перакрытым крыжовымі скляпеннямі, акрамя жылых пакояў, былі трапезная, кухня, пакоі для гасцей і інш. Плоскасці сцен фасадаў пазбаўленыя дэкору, рытмічна расчлянёныя прастакутнымі вокнамі без ліштваў. Манастыр быў злучаны з капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной (мела трохпралётны праезд, разбураная ў сярэдзіне XIX ст., адноўленая ў пачатку XXI ст.). Прастакутная ў плане капліца, перакрытая крыжовымі скляпеннямі і накрытая аднасхільным дахам, была прыбудаваная ў 1650 г. да паўночна-заходняга фасаду царквы Святога Духа (глядзі артыкул "Менск. Царква Святога Духа і манастыр базыльян"). Куты фасадаў капліцы аформленыя лапаткамі, аконныя праёмы лучковыя. У інтэр’еры знаходзіўся вялікі залачоны драўляны алтар з абразамі Маці Боскай, Святых Базыля і Ісафата. Хоры выходзілі ў інтэр’ер царквы. На паўночным усходзе знаходзіўся манастырскі двор, абнесены сценамі, дзе знаходзіліся драўляныя гаспадарчыя пабудовы. З 1795 г. да 1799 г. вядомы як праваслаўны Петрапаўлаўскі манастыр. У 1-й палове XIX ст. ў былым манастыры знаходзілася кансісторыя, з 2-й палове XIX ст. тут жылы дом (вул. Энгельса, 1).

Цяпер (пасля рэстаўрацыі) у будынку месціца музычная школа. Помнік рэспубліканскага значэння.


Л.У. Іванова, У.М. Дзянісаў

 

 

МЕНСК. МАНУМЕНТ ПЕРАМОГІ


Помнік у гонар перамогі над фашысцкай Германіяй і на ўвекавечанне памяці воінаў Савецкай Арміі і партызан, якія загінулі ў гады ІІ Сусветнай вайны. Устаноўлены ў 1954 г. на плошчы Перамогі (дойлід Г. Заборскі, У. Кароль). Абеліск вышынёю каля 40 м абліцаваны шэрым гранітам і завершаны выявай ордэну Перамогі (бронза, смальта); яго грані рытмічна расчлянёны палосамі, стылізаванымі пад беларускі арнамент. Па чатырох гранях пастаменту размешчаны бронзавыя гарэльефы: "9 мая 1945 г." (скульптар А. Бембель), "Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны" (скульптар С. Селіханаў), "Слава загінуўшым героям" (скульптар З. Азгур), "Партызаны Беларусі" (скульптар А. Глебаў). Як сімвал перамогі на базе абеліску ляжыць абвіты лаўровай галінкай меч (бронза, скульптар С. Салтыкоў). Ступеньчаты стылабат (чорны лабрадарыт) з чатырох бакоў фланкіраваны вянкамі (бронза, скульптар С. Адашкевіч). 3.7.1961 г. каля падножжа манументу запалены Вечны агонь.


М.М. Яніцкая



МЕНСК. МАШЭРАВА ПРАСПЕКТ (БЫЛАЯ ПАРКАВАЯ МАГІСТРАЛЬ)


У 1980 г. названы ў гонар савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі П.М. Машэрава. У XII—XIII стаст. на гэтым месцы было старажытнае паселішча, з XVI ст. — Татарская слабада (Татарскі канец, Пятніцкі канец). Забудова праспекту пачалася ў 1960 я гады. Фармуецца як састаўная частка 2-га гарадскога дыяметру. Працягласць каля 9 км ад пуцеправоду цераз вул. Няміга да кальцавой аўтадарогі. З паўночна-ўсходняга боку праспекту працякае р. Свіслач. Жылыя і грамадскія комплексы з глыбіннымі кампазіцыйнымі прыёмамі забудовы спалучаюцца з зялёнымі масівамі і вадаёмамі. На левым баку на пачатку праспекту будынак Дому мадэляў (1967 г., дойлід С. Замараеў), комплекс вышынных грамадскіх будынкаў, аб’яднаных двухпавярховым стылабатам, — Беларускі НДІ навукова-тэхнічнай інфармацыі і тэхніка-эканамічных даследаванняў, Дому кнігі, Белкаапсаюзу (1969—79 гг., дойліды М. Вінаградаў, А. Духан, В. Крамарэнка, А. Красоўскі, У. Шчарбіна), гатэляў "Юбілейны" (1968, дойліды Г. Бенядзіктаў, У. Начараў) і "Планета", кінатэатра "Масква", У ансамбль забудовы гэтага ўчастку ўключаны скульптурныя групы "Вясна", "Лета", "Восень" і "Зіма" (1982 г., бронза, скульптары А. Шатэрнік, А. Давыдзенка, Ю. Палякоў, В. Занковіч). Вылучаюцца будынкі Дом прафесіянальных саюзаў, Дом праектных арганізацый, будынкі заводу лядоўняў, Палац тэнісу (1978 г., дойліды С. Баткоўскі, Л. Гельфанд), павільён міжнародных выстаў (1988 г., дойліды Л. Маскалевіч, Г. Ласкавая).

У 1983 узведзены жылы раён, які складаецца з групы 9—16-павярховых дамоў блок-секцыйнага тыпу (дойліды Н. Шпігельман, В. Крусь). Для мастацкага афармлення фасадаў і інтэр’ераў выкарыстоўваюцца мармур, туф, граніт, алюміній, шырока ўжываюцца чаканныя і керамічныя пано, вітражы, сграфіта, мазаіка. На правым баку праспекту ўздоўж Свіслачы знаходзяцца рэканструяваныя фундаменты храму XII ст., Палац спорту, спартыўны комплекс "Дынама", парк Перамогі (закладзены ў 1945 г.); пасаджаны дэкаратыўныя дрэвы і хмызняк, добраўпарадкоўваецца набярэжная (дойліды Баткоўскі, Ю. Градаў, Л. Левін). З 1985 г. паміж вул. Ціміразева і пр-там Машэрава забудоўваецца жылы раён Вяснянка. У раёне вадасховішча Дразды на плошчы ў 47 га пабудаваны галоўны і спартовы карпусу Інстытуту фізкультуры (дойлід У. Афанасьеў).

У гонар 40-й гадавіны перамогі ў ІІ Сусветнай вайне ўзведзены комплекс "Менск — горад-герой". Адкрыты 8.5.1985 г. на пр-це Машэрава на невялікім пагорку непадалёку ад парку Перамогі. Аўтарскі калектыў: скульптар-дойлід В. Занковіч, дойліды В. Крамарэнка, В. Яўсееў, У. Раманенка. Кампазіцыйны акцэнт — абеліск (бетон, вышыня 45 м), на грані якога ў верхняй частцы выявы зоркі і лаўровай галінкі (метал з пазалотай); у ніжняй частцы на выступе-блоку дошка з тэкстам Указа Прэзідыюма Вярхоўнага Савета СССР ад 26.6.1974 г. аб прысваенні Менску ганаровага звання "Горад-герой". Справа ад абеліску, на невысокім пастаменце, фігура жанчыны (бронза, вышыня 5,5 м) — абагульнены вобраз маці-Радзімы, сімвал перамогі і славы. Комплекс размешчаны на абліцаванай светла-шэрымі плітамі агляднай пляцоўцы, ад якой зробленыя тры лесвічныя бетонныя сходы.


А.А. Воінаў, Г.М. Ярмоленка



МЕНСК. МЕДЫЦЫНСКІ ЎНІВЕРСІТЭТ


Пабудаваны ў 1980 г. (дойлід Э. Гальдштэйн, Ю. Бічан) на пр-це Газеты "Правда". Складаны па канфігурацыі плана комплекс утвараюць блок аўдыторый, навучальна-адміністрацыйны і два лабараторныя корпусы, актавая зала, бібліятэка, сталоўка. Усе аб’ёмы злучаныя паміж сабой крытымі галерэямі на другім паверсе. Цэнтр кампазіцыі — двухпавярховы прастакутны ў плане блок з шасці аўдыторыямі (кожная на 1150 месцаў), аб’яднанымі двухсветлавой рэкрэацыйнай залай (з вестыбюлем і гардэробам). Выкарыстанне натуральнага асвятлення праз ліхтары, сістэма адкрытых лесвіц, якія злучаюць вестыбюль з галерэямі другога паверху, чляненне прасторы па вертыкалі ствараюць выразны інтэр’ер рэкрэацыйнай залы. Да аўдыторнага блоку прымыкае вышынная дамінанта комплексу — дзесяціпавярховы прастакутны ў плане з вынесеным наперад лесвічна-ліфтавым аб’ёмам навучальна-адміністрацыйны корпус.

Два чатырохпавярховыя прастакутныя ў плане лабараторныя корпусы ўтвараюць Г-падобную ў плане кампазіцыю. Пластыку іх фасадаў узбагачае рытмічнае чаргаванне вертыкальных рэбраў і аконных праёмаў. Двухпавярховы прастакутны ў плане аб’ём бібліятэкі з чатырма чытальнымі заламі (адна з іх — дзвюхсветлавая). Каларыстычнае вырашэнне фасадаў будынкаў комплексу заснаванае на кантрасце сцен, апрацаваных цёмна-карычневай керамічнай пліткай, і панелей светла-шэрага колеру.


В.Б. Ангелаў



МЕНСК. МЕХАНІЧНЫ ЗАВОД


Будуніцтва пачатае ў 1977 г. (інстытут "Белпрампраект", дойліды I. Боўт, Я. Кавалеўскі, А. Малашка, Г. Чырван) у раёне вул. Прытыцкага. Аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю фарміруюць аднапавярховыя і чатырохпавярховы (зборачны) вытворчыя карпусы, будынкі побытавага і адміністацыйнага прызначэння, трынаццаціпавярховы аб’ём спецыяльнага канструктарскага бюро (СКБ). У аснове дойлідскага вырашэння — стварэнне выразнага аблічча сучаснага прамысловага прадпрыемства і неабходнасць асваення пляцоўкі са складаным рэльефам мясцовасці (перапад вышынь да 30 м). Рознавышынныя аб’ёмы карпусоў аб’яднаныя адзінай кампазіцыйнай задумай, выкарыстаная тэрасная забудова са ссоўваннем паверхаў па рэльефу, што дало магчымасць стварыць запамінаючы сілуэт. Вышынным акцэнтам комплексу з’яўляецца будынак СКБ, размешчаны на самым высокім месцы. Ён уяўляе сабой тры цыліндрычныя аб’ёмы, звязаныя цэнтральным ядром вертыкальных транспартных і інжынерных камунікацый. Шматпавярховая частка будынку СКБ аб’яднана першым паверхам з канферэнц-залай і сталоўкай. У дойлідстве фасадаў карпусоў выкарыстаныя вертыкальныя сценавыя панелі, пластыку ўзбагачаюць вертыкальныя камунікацыі (у выглядзе пілонаў), вентыляцыйныя галерэі на даху.

Комплекс удала ўпісваецца ў гарадскі ландшафт і адыгрывае ролю яе дамінанты.


А.Б. Марозава



Обновлен 11 июл 2012. Создан 03 июл 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter