Дойлідства Беларусі. Частка 5 (МЕНСК. МЕТРАПАЛІТЭН-ПЯРЭДЗЕЛКІ)

Энцыклапедычны даведнік



МЕНСК. МЕТРАПАЛІТЭН


Будаўніцтва пачатае ў 1977 г. Паводле праекту прадугледжаныя тры лініі, якія ўзаемна перасякуцца на Кастрычніцкай, Прывакзальнай і Юбілейнай плошчах; агульная даўжыня каля 60 км. 1-я лінія (20,8 км) звязала ўсходнюю частку гораду з паўднёва-заходняй. Яна пачынаецца ў жылым раёне Уручча і ідзе ўздоўж пр-ту Ф. Скарыны праз пл. Незалежнасці ў жылы раён Паўднёвы Захад; 2-я лінія (20,3 км) звязала цэнтр з буйнымі жылымі масівамі заходняй часткі гораду і паўднёва-ўсходняй прамысловай зонай. Яна працягнулася ад жылога раёну Захад—Кунцаўшчына да жылога раёну Ангарская; 3-я лінія (17,2 км) звяжа паўднёвую частку з паўночна-ўсходняй і будзе пракладзеная ад перакрыжавання вуліц Кіжаватава з Каржанеўскага праз Юбілейную плошчу ў жылы раён Зялёны Луг. Першая чарга 1-й лініі (8,6 км) адкрытая 30.6.1984 г. Праходзіць уздоўж пр-ту Ф. Скарыны, уключае lptdzwm пасажырскіх станцый ("Усход", "Маскоўская", "Парк Чэлюскінцау", "Акадэмія навук", "Плошча Якуба Коласа", "Плошча Перамогі", "Кастрычніцкая", "Плошча Незалежнасці", "Інстытут культуры"), падземныя вестыбюлі, пераходы, эскалатарныя спускі, службовыя і іншыя памяшканні, інжынерны корпус (дойліды Ю. Грыгор’еў, Дз. Кудраўцаў), электрадэпо (дойліды Я. Леановіч, У. Целяпнёў, М. Лапато).

Станцыі — арыгінальныя творы дойлідства. Выкарыстанне сучасных будаўнічых канструкцый дало магчымасць стварыць адзіную прастору станцый. У ідэйна мастацкім абліччы станцый увасобленае грамадскае, вытворчае і культурнае жыццё Беларусі, яе гераічнае мінулае і сучаснасць. У афармленні станцый актыўную ролю адыгрываюць сінтэз мастацтваў, колер і фактура аддзелачных матэрыялаў (мармур, граніт, металы, дрэва, кераміка і інш.), формы калон, дэталі свяцільнікаў, сродкі манументальна-дэкаратыўнага і выяўленчага мастацтва. Рабочыя чарцяжы для будаўніцтва распрацаваныя інстытутам "Менскметрапраект", дойлідска-мастацкае афармленне інтэр’ераў станцый — інстытутамі "Метрадзіпратранс", "Менскметрапраект", "Менскпраект", "Белдзяржпраект", пераабсталяванне інжынерных сетак у зоне будаўніцтва — інстытутам "Менскінжпраект". Інжынерна-геалагічныя вышуканні праведзеныя Беларускім дзяржаўным інстытутам інжынерных вышуканняў.

Станцыя "Усход" (дойліды Я. Леановіч, У. Мяцельскі) уведзеная ў эксплуатацыю 26.12.1986 г. Скляпеністага тыпу, выканана са зборных жалезабетонных элементаў трох тыпапамераў заводскай вытворчасці. У аснову дойлідскага афармлення інтэр’еру пакладзеная тэма "Савецкая моладзь і гераічнае асваенне космасу". Нетрадыцыйна вырашаны ўвесь унутраны аб’ём. Станцыя — сучаснае інжынерна-тэхнічнае збудаванне, якое па форме нагадвае касмічны карабель з вокнамі-ілюмінатарамі. Мастацкі вобраз інтэр’еру створаны на аснове адзінага элементу дойлідства, выкананага са зборнага жалезабетону ў выглядзе пялёстка кветкі. Падоўжаны казырок на пуцявой сцяне платформы з’яўляецца святлозацяняльным элементам і адначасова экранам светлавога патоку, які скіраваны на скляпенні. Па-новаму вырашанае інжынернае абслугоўванне станцыі: забяспечаны доступ да свяцільняў у любы час сутак, адсутнічаюць кабельная шафа і хвалявод на пуцявых сценах, што паляпшае эстэтычны выгляд інтэр’еру. Мяккасць ліній усяго аб’ёму станцыі і яго асобных элементаў дойлідства, добрая асветленасць, спалучэнне белых скляпенняў з цёмна-чырвонай абліцоўкай пуцявых сцен (граніт) і надпісаў, выкананых у залацістым тоне, ствараюць уражанне лёгкасці, прасторы і навізны.

Станцыя "Маскоўская" (дойліды Л. Пагарэлаў, Л. Кустова, Ю. Івахнішын, мастакі У. Стальмашонак, В. Даўгала) калоннага тыпу, выкананая са зборных жалезабетонных канструкцый. Тэма афармлення станцыі "Масква — сталіца Саюза СССР" раскрываецца сродкамі дойлідства ў сінтэзе з манументальна-дэкаратыўным мастацтвам. Колеравая гама заснаваная на кантрасце чырвонага, белага і залацістага. Тарцовая сцяна над уваходам у перонную залу ўпрыгожаная пано з выявай крамлёўскіх курантаў. Пано на дзвюх пуцявых сценах з выявай гістарычна-дойлідскіх помнікаў Масквы выкананая ў тэхніцы фларэнційскай мазаікі. Сцены і калоны вестыбюля і пероннай залы абліцаваныя белым мармурам. Калоны, цягі, элементы падвеснай столі аформленыя паліраванай латунню.

Перонная зала станцыі "Парк Чэлюскінцаў" (дойлід Б. Юрцін, мастак Ю. Індрыксан) перакрытая жалезабетонным скляпеннем, якое апіраецца на абліцаваныя цёмным гранітам пуцявыя сцены. Падоўжнае і папярочнае чляненне скляпення надае станцыі своеасаблівае аблічча. Галоўную кампазіцыйную ролю ў дойлідска-мастацкім афармленні пероннай залы адыгрываюць 8 дэкаратыўных люстраў по восі скляпення і 34 бакавыя свяцільні ў нішах скляпення. Люстры, свяцільні, выкананыя з шкла залацістага колеру, у спалучэнні з белымі скляпеннямі надаюць станцыі ўрачыстасць. Колеравае вырашэнне станцыі — бела-ружовы тон, які дапаўняецца гарманічным увядзеннем у аддзелку люстраў і скляпення дэкаратыўна-мастацкіх элементаў з латуні.

Асноўная тэма дойлідска-мастацкага афармлення станцыі "Акадэмія навук" (дойліды М. Пірагоў, А. Зензін, мастакі В. Чурыла, С. Сакалоў) — дасягненні беларускай навукі. Станцыя выкананая са зборных жалезабетонных канструкцый з шагам калон 4,5 м. Тэма раскрываецца праз дойлідскія формы пероннай залы (строгі рытм калон своеасаблівай формы, пластычных рыгеляў). Адкрытае асвятленне мякка падсвечвае рэбры пліт пакрыцця столі ў перспектыве і надае інтэр’еру станцыі дынамічную кампазіцыю і цэласнасць. У аддзелцы сцен пероннай залы і вестыбюляў выкарыстаныя мармур, нержавеючая сталь. Падлога абліцаваная паліраваным гранітам у спалучэнні з лабрадарытам.

Станцыя "Плошча Якуба Коласа" (дойліды Пірагоў, Зензін, мастакі Г. Жарын, Ю. Багушэвіч) выкананая са зборных жалезабетонных канструкцый з шагам калон 7,5 м. Дойлідскае вырашэнне пероннай залы (форма калон, нахіленыя рэбры перакрыцця станцыі) асацыіруецца з элементамі беларускага народнага дойлідства. Своеасаблівы нацыянальны характар станцыі надае выкарыстанне керамічных аддзелачных матэрыялаў. 26 калон абліцаваны кафляй з матывамі белрускіх арнаментаў, на тэматычных устаўках выявы народных свят, абрадаў, працы і побыту беларускага народа. У аддзелцы падлогі выкарыстаны граніт, сцен — белы мармур.

Станцыя "Плошча Перамогі" (дойліды Б. Ларчанка, Б. Школьнікаў, мастакі Стальмашонак, Даўгала) зручна звязаная з падземнымі пераходамі. Выкананая са зборных жалезабетонных канструкцый з шагам калон 6 м. У аснове дойлідска-мастацкага вырашэння станцыі — тэма гераічнай перамогі савецкага народа ў II Сусветнай вайне. Урачысты строй 34 бела-мармуровых калон, завершаных свяцільнямі са шкла залацістага колеру, сімвалізуюць святочны салют. Перад уваходам у перонную залу над эскалатарамі вітраж з выявай ордэну "Перамога". У аддзелцы выкарыстаны граніт чырвонага і шэрага колераў.

Станцыя "Кастрычніцкая" (дойліды Ю. Удовін, Масква; Ю. Грыгор’еў, Леановіч, Целяпнёў, мастакі А. Кузняцоў, Л. Агаджанян) запраектаваная ў двух узроўнях: над пероннай залай размешчаныя (1990 г.) гарадскія касы папярэдняга продажу білетаў на міжгародні пасажырскі транспарт. Дойлідскае вырашэнне пероннай залы заснаванае на рытме высокіх калон (у сячэнні форма пяціканцовай зоркі), якія расшыраюцца ў верхняй частцы. Арганічна ўпісаныя ў капітэлі калон свяцільні падкрэсліваюць лёгкасць інтэр’ера. На тарцовых сценах — пано з рэльефамі, якія адлюстроўваюць асноўныя вехі гісторыі СССР. Калоны і пуцявыя сцены абліцаваныя белым мармурам, падлога — чырвона-карычневым гранітам. Спалучэнне чырвонага, белага і залацістага складае каляровую гаму, што надае інтэр’еру строгую ўрачыстасць.

Арыгінальнасць дойлідска-мастацкага вырашэння станцыі "Плошча Незалежнасці" (дойліды Ю. Градаў, Л. Левін, С. Тылевіч, В. Барташэвіч, мастакі В. Мігаль, А. Анікейчык) у адсутнасці калон (перонная зала перакрытая жалезабетонным скляпеннем лаканічнай формы), у прастаце і цэласнасці інтэр’ераў. Свяцільні размешчаныя за інфармацыйнымі карнізамі на пуцявых сценах. У цэнтры пероннай залы дэкаратыўна-мастацкі элемент "Светач". Пуцявыя сцены абліцаваныя белым і чырвоным мармурам, падлога выкладзена светла-шэрым, цёмна-шэрым і чорным гранітам.

У аснове дойлідска-мастацкага афармлення станцыі "Інстытут  культуры" (дойліды В. Іўлічаў, В. Ачайкін, Леановіч, К. Эпштэйн, мастакі В. Чайка, С. Катовіч) тэма гісторыі і росквіту культуры Беларусі. Перонная зала перакрытая жалезабетонным скляпеннем, падзеленым дэкаратыўнымі тэматычнымі ўстаўкамі з літага шкла. Па восі скляпення размешчаныя люстры з хрусталёвага шкла. Для аддзелкі пуцявых сцен і падлогі выкарыстаны паліраваны граніт.

Малыя формы і сродкі інфармацыі ўсіх станцый выкананыя паводле праекту дойлідаў М. Грыбава, А. Аксёнавай пры ўдзеле У. Сокала.

У 1990 г. уведзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 2-й лініі даўжынёю 7 км 180 м са станцыямі "Фрунзенская" (дойліды Лапато, У. Шкарупін, пры ўдзеле Целяпнёва, мастак Л. Зільбер), "Няміга" (дойліды Градаў, Левін, пры ўдзеле В. Дарашкевіча, мастак Л. Хобатаў), "Купалаўская" (дойлід Леановіч, мастак Даўгала), "Першамайская" (дойліды Целяпнёў, А. Пятроў, мастак Ю. Каралевіч), "Пралетарская" (дойліды Пагарэлаў, Кустова, А. Вішнеўскі, скульптар М. Ражанкоў), "Трактарны завод" (дойліды В. Крамарэнка, А. Ладкін, мастак Б. Скрамблевіч).


В.Ф. Валошын



МЕНСК. МІКРАРАЁН ВУЛ. ВАЛГАГРАДСКАЙ


Пабудаваны ў 1958—63 гг. як эксперыментальны паміж вуліцамі Валгаградскай, Кедышка, Кнорына, Талбухіна паводле праекту, распрацаванага на аснове праведзенага ў рэспубліцы конкурсу (дойліды Г. Парсаданаў, Г. Булдаў, П. Громаў, М. Кудзінаў, В. Ладыгіна, Г. Раманенка, Ю. Шпіт). Аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю жылой забудовы ствараюць групы 4—5-павярховых буйнаблочных і буйнапанельных дамоў, якія прымыкаюць да вуліц, што абмяжоўваюць тэрыторыю мікрараёну. У цэнтры зялёны масіў (мікрараённы сад), з якім злучаюцца ўчасткі школ і дашкольных устаноў. Дзвухпавярховыя прадпрыемствы гандлю і побытавага абслугоўвання размешчаны ўздоўж вул. Валгаградскай. У 1966 г. на вул. Талбухіна пабудаваны дзевяціпавярховыя жылыя дамы з прадпрыемствамі абслугоўвання (глядзі артыкул "Менск. Вуліца Талбухіна"). Будаўніцтва мікрараёну дало магчымасць эксперыментальна праверыць індустрыяльныя метады стварэння буйнаблочных (з сілікатных блокаў) і буйнапанельных жылых дамоў, асобных грамадскіх будынкаў розных тыпаў, функцыянальныя і канструкцыйныя вырашэнні, прынцыпы арганізацыі жылой тэрыторыі, яе добраўпарадкавання і азелянення, укараніць у горадабудаўнічую практыку прагрэсіўныя метады планіроўкі. Недахопамі першых тыпавых серый праектаў з’яўляюцца аднастайнасць і спрошчанасць забудовы, недастатковая камфартабельнасць жылля. У канцы 1980-х гадоў распрацаваны праекты рэканструкцыі жылых дамоў і вядуцца работы па іх ажыццяўленню.


В.I. Анікін



МЕНСК. МІКРАРАЁН "ВЯСНЯНКА"


Забудоўваецца з 1985 г. (праект забудовы ажыццявілі Я. Сап’янік, Г. Белікаў, В. Анікін, Л. Красіева, жылых дамоў і грамадскіх будынкаў — дойліды Ю. Іваноў, С. Замараеў, В. Крусь, В. Сокал, В. Барташэвіч). Размешчаны ў паўночна-заходняй частцы гораду на міжмагістральнай тэрыторыі (пл. 51 га) паміж вул. Ціміразева і пр-там Машэрава, фармуе забудову ўздоўж водна-зялёнага дыяметру гораду. Разлічаны на 24 тыс. жыхароў. Забудоўваецца буйнапанельнымі жылымі дамамі на аснове блок-секцый М-464 (9 паверхаў), М-111-90 (10—14 паверхаў), а таксама цаглянымі і з маналітнага жалезабетону (20 паверхаў). Дойлідска-планіровачная структура раёну заснаваная на дакладным раздзяленні яго на тры буйныя жылыя ўтварэнні і размешчаных паміж імі ўчасткаў школ і дзіцячых садоў-ясляў, што стварае зручныя пешаходныя сувязі з імі, з грамадскім цэнтрам і зонай адпачынку. Кампазіцыя забудовы запраектаваная з улікам маляўнічага прыроднага ландшафту, блізкасці паркавай зоны ў даліне р. Свіслач. На дамінуючым у цэнтры раёну ўзгорку стаяць 9—12-павярховыя, а таксама дваццаціпавярховыя вежавага тыпу жылыя дамы, якія ствараюць запамінальны сілуэт. Каля падножжа ўзгорку з боку пр-ту Машэрава — грамадскі цэнтр. Веерна пастаўленыя дзевяціпавярховыя жылыя дамы абкружаюць другі ўзгорак з размешчанымі на ім дванаццаціпавярховымі дамамі. На рагу вул. Ціміразева і 3-га гарадскога кальца знаходзіцца другі гандлёвы цэнтр. Тут будзе ажыццёўлена сувязь з раёнам Масюкоўшчына праз падземны пераход цераз чыгунку.


Н.А. Воінава



МЕНСК. МІКРАРАЁН "ЗЯЛЕНЫ ЛУГ"


Размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы гораду побач з хваёвымі масівамі, уздоўж Сляпянскага каналу, абапал вул. Я. Коласа. Разлічаны на 92 тыс. жыхароў, складаецца з сямі мікрараёнаў. Вылучаецца дасканалай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхналагічным вырашэннем, добрай дойлідска-мастстацкаю якасцю забудовы, высокім узроўнем добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі. Планіровачная структура заснаваная на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з ярка акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса каналу (уключае вадаспады, паркавыя басейны, фантаны, падпорныя сценкі, добраўпарадкаваную набярэжную) фармуе садова-паркавую вось. Забудаваны буйнапанельнымі і з цэглы жылымі дамамі (пяці-, дзевяці-, дванаццаціпавярховыя), асобныя маюць каскадную пасадку (9—7—5 паверхаў). Дэкор фасадаў складаецда з разнастайных па малюнку і фактуры аддзелак (на тарцах), пластычных экранаў лоджый, дэкараціўных сценак, каляровых панеляў. Забудоўваецца з 1962 г. На свабоднай тэрыторыі, прылеглай да вуліц Каліноўскага і Шырокай, размясціліся мікрараёны Зялёны Луг-1 і Зялёны Луг-2 (дойліды А. Шалякін, Э. Левіна, Л. Сакалова) і Зялёны Луг-3 (дойлід Ю. Грыгор’еў, Л. Кліцунова). Жылыя зоны гэтых мікрараёнаў утвораныя групамі будынкаў, аб’яднаных гандлёва-грамадскімі цэнтрамі і школьнымі комплексамі. Забудаваныя пераважна пяціпавярховымі жылымі дамамі. Уздоўж вуліц Я. Коласа і Каліноўскага рытмічна пастаўленыя індывідуальна запраектаваныя дзевяціпавярховыя дамы, іх дапаўняюць дамы вежавага тыпу ўнутры мікрараёнаў. Мікрараёны 4 і 5 (дойлід Э. Левіна, I. Сітнікава, С. Богін, А. Воўк) размешчаныя ўздоўж Сляпянскай водна-паркавай сістэмы на дзвюх тэрасах: на ніжняй пастаўленая група будынкаў інтэрнатаў кропкавага тыпу з блокамі абслугоўвання (дойліды С. Мусінскі, Н. Краўкова), на верхняй — жылыя дамы складанай канфігурацыі, планы якіх адпавядаюць пластыцы рэльефу.

Новыя мікрараёны адрозніваюцда ад раней пабудаваных больш буйным маштабам забудовы; у кампазіцыі дваровай прасторы вялялікую ролю адыгрывае раскрыццё ўнутранай прасторы ў навакольнае асяроддзе. Працягам забудовы жылога раёну за вул. Я. Коласа з’яўляюцца мікрараёны 6 і 7 (дойліды Грыгор’еў, Кліцунова, П. Кракалёў, Левіна, С. Богін, А. Воўк, I. Грышчынскі). Аўтарамі добра выкарыстаны маляўнічы рэльеф для пастаноўкі ўздоўж гарызанталей працяглых крывалінейных у плане дзевяціпавярховых дамоў, якія кантрастуюць з дамамі вежавага тыпу. Эфект узмацняецца таксама і іх каляровым вырашэннем.


Н.А. Воінава



МЕНСК. МІКРАРАЁН "СЕРАБРАНКА"


Жылы раён у паўдёва-ўсходняй частцы Менску. Размешчаны ў спрыяльных прыродных умовах: з захаду прылягае да Менскага водна-зялёнага дыяметру, з поўдня — да Чыжоўскага вадасховішча, з усходу і поўначы — да поймы ручая Сляпянка. Назву атрымаў ад былога маёнтку Срэбны Лог (вядомы з 1551 г.), у ХІХ ст. называўся Срэбны Млын, быў месцам адпачынку менчукоў. У 1895 г. тут быў чыгуналіцейны завод, у пачатку ХХ ст. існавалі вул. Срэбная і зав. Срэбны. У паўночнай частцы знаходзіліся вёска і пас. Шэпічы, на месцы якіх у 1980-я г. створаны мікрараён. Забудоўваецца з 1969 г. паводле праекту дэталёвай планіроўкі і забудовы 1967 г. (інстытут "Менскпраект", дойліды В. Анікін, Н. Афанасьева, Я. Дзятлаў, Л. Есьман, У. Ігнацьеў) і больш позніх праектаў забудовы мікрараёнаў (дойліды Анікін, А. Гуль, А. Сап’янік, Дз. Кудраўцаў, Г. Горына, Г. Сысоеў, М. Чаркасава, I. Папова, інжынеры П. Палунін, В. Матораў). Тэрыторыя раёну складае 460 га, разлічаная на 145 тыс. жыхароў. Уключае дзевяць мікрараёнаў. Кампазіцыйна-планіровачная структура заснаваная на дзвюх узаемна перпендыкулярных восях — пр-це Ракасоўскага і вул. Пляханава, уздоўж якіх размешчаныя гандлёвыя і культурна-побытавыя ўстановы, сканцэнтраваныя каля прыпынкаў грамадскага транспарту і асноўных пешаходных напрамкаў (т. зв. прынцып факусіроўкі). Установы, якія не залежаць ад транспартных магістралей (школы, дзіцячыя сады-яслі, спартовыя збудаванні), размешчаны ў глыбіні мікрараёнаў у зялёных зонах. Па перыметры раён абмежаваны вуліцамі Ванеева, Якубава, Малініна (з сумежнымі паркавымі зонамі адпачынку, спартовымі комплексамі і ўчасткам Сляпянскай воднай сістэмы). Раён забудаваны пераважна буйнапанельнымі пяці-, дзевяці-, дванаццаціпавярховымі дамамі. Значнае месца ў забудове адведзенае падоўжаным шматсекцыйным дзевяціпавярховым жылым дамам, першыя паверхі якіх маюць убудаваныя і прыбудаваныя аб’екты абслугоўвання. На ўчастках з актыўным рэльефам уздоўж р. Свіслач жылыя дамы маюць больш жывапісную канфігурацыю плану, сілуэт і пластыку фасадаў. Дойлідска-планіровачная арганізацыя ансамбля пр-ту Ракасоўскага звязаная з бульварам (дойлід В. Звалінскі), які на ўсім працягу ад вул. Ванеева да вул. Малініна служыць для пешаходнай сувязі паміж цэнтрамі, аб’ектамі культурна-побытавага абслугоўвання і транспартнымі прыпынкамі. Фантаны і іншыя малыя дойлідскія формы, пляцоўкі адпачынку, розныя прыёмы азелянення ствараюць спрыяльнае асяроддзе для кароткачасовага адпачынку і прагулак. Заканчваецца бульвар уваходам у ландшафтны парк на паўночным беразе Чыжоўскага вадасховішча (дойліды У. Бачкоў, С. Барысовіч, Б. Юрцін), які з’яўляецца часткай гарадскога водна-зялёнага дыяметру. Галоўная кампазіцыйна-планіровачная вось парку заснаваная на прадаўжэнні бульвару. Практыка праектавання і будаўніцтва Серабранкі — прыклад комплекснай забудовы буйнога жылога масіву на базе індустрыяльнага домабудавання. Мікрараёны значна адрозніваюцца адзін ад аднаго прасторавай кампазіцыяй, выкарыстаннем у дойлідсте будынкаў колеру, розных відаў апрацоўкі панелей і экранаў з глыбокім дэкаратыўным рэльефам.

Забудова раёну завяршаецца (1992 г.), прадугледжана ўзвядзенне будынкаў галоўнага грамадскага цэнтру на скрыжаванні пр-це Ракасоўскага з вул. Пляханава, 14—16-павярховых жылых дамоў на пр-це Ракасоўскага, добраўпарадкаванне паркавай зоны на беразе Свіслачы.


Н.А. Воінава



МЕНСК. МІКРАРАЁН "УСХОД"


Жылы раён ва ўсходняй частцы Менску. Забудоўваецца з 1966 г. Аўтарскі калектыў: дойліды В. Анікін, П. Воўчак, Л. Гафо, Г. Горына, А. Гуль, Я. Дзятлаў, I. Жураўлёў, I. Папова, А. Сап’янік, Г. Сысоеў і іншыя. Раён абмежаваны пр-там Скарыны, вуліцамі Каліноўскага, Кедышкі, Славінскага, участкам Сляпянскага водна-паркавага паўкола. Разлічаны на 17 тыс. жыхароў. Уключае два мікрараёны: Усход-1 і Усход-2. Планіровачная структура раёну абумоўленая яго размяшчэннем на ўездзе ў горад з усходу. Цэнтр ансамбля знаходзіцца ў мікрараёне Усход-1, складаецца з чатырох груп спараных 14—16-павярховых буйнапанельных жылых дамоў, тарцы якіх упрыгожаны мазаічнымі пано "Менск — горад-воін", "Менск — горад-будаўнік", "Менск — горад навукі", "Менск — горад культуры" (мастак А. Кішчанка). У спалучэнні з працяглымі дзевяціпавярховымі жылымі дамамі з прыбудаванымі двухпавярховымі ўстановамі культурна-побытавага прызначэння яны ствараюць пластычна развітую дынамічную структуру, запамінальны сілуэт усяго ансамбля. Вышыннай дамінантай раёну з’яўляецца комплекс шаснаццаці-, васямнаццаці-, дваццаціпавярховых жылых дамоў (дойліды А. Белаконь, Н. Грачова, Сысоеў, Папова) па вул. Каліноўскага з маналітнага аглапарытабетону, узведзеных метадам слізготнай апалубкі, група дванаццаціпавярховых буйнапанельных дамоў па вул. Кедышкі. У агульную дойлідска-прасторавую кампазіцыю мікрараёнаў арганічна ўваходзіць траса Сляпянскай воднай сістэмы. Яе развітая водная акваторыя з фантанам, набярэжнымі, шматступеньчатым каскадам, падпорнымі сценкамі з’яўляецца асноўным кампазіцыйным элементам прасторавай арганізацыі жылога раёну і галоўнай магістралі гораду — пр-ту Ф. Скарыны.

У забудове раёну вылучаюцца будынак эксперыментальнай сярэдняй школы № 137 на 2 тыс. вучняў з плавальным басейнам, які мае рассоўны дах (1978 г., дойліды Э. Гальдштэйн, А. Сабалеўскі, А. Лукомская, Я. Дворак), гандлёва-грамадскія цэнтры "Верас" і "Усход-1", комплекс спартовага таварыства "Працоўныя рэзервы", новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі.


А.А Воінаў



МЕНСК. МІКРАРАЁН "ЧЫЖОЎКА"


Адзін з першых жылых раёнаў у Менску, забудаваны паводле адзінага плану. У паўднёва-ўсходняй частцы гораду паміж кальцавой аўтадарогай (цягнецца ўздоўж яе) і штучным Чыжоўскім вадасховішчам. Назву атрымала ад былой вёскі Чыжоўка, якая раней тут знаходзілася. Забудоўвалася паводле праектаў дэталёвай планіроўкі 1964 г. ("Менскпраект", дойліды Я. Заслаўскі. Л. Сакалова, А. Шалякін) і забудовы мікрараёнаў 1964—70 г. (дойліды Заслаўскі, Шалякін, Р. Арцёмчык, М. Рабіновіч і іншыя). У аснове планіровачнай структуры — прынцып мікрараяніравання жылога раёну, аб’яднанага грамадска-гандлёвым цэнтрам. Две узаемна перпендыкулярныя магістралі — вуліцы Галадзеда і Ташкенцкая — падзяляюць тэрыторыю Чыжоўкі на тры жылыя масівы, якія складаюцца з асобных мікрараёнаў. Забудову мікрараёнаў фармуюць групы 5—9—12-павярховых буйнапанельных і мураваных жылых дамоў, што чаргуюцца з участкамі дзіцячых садоў і школ. Комплекснае праектаванне дало магчымасць стварыць шырокую градабудаўнічую кампазіцыю, раскрытую ў бок Чыжоўскага вадасховішча. Важнае месца ў прасторавай арганізацыі раёну займае грамадскі цэнтр (дойліды А. Ладкін, В. Яўсееў, А. Чадовіч і іншыя), размешчаны на скрыжаванні галоўных вуліц. Цэнтр уключае прадпрыемствы і ўстановы культурна-побытавага і камунальнага абслугоўвання [кінатэатр "Дружба" з танцавальнай залай, кафэ і бібліятэку (глядзі артыкул "Менск. Бібліятэка № 11"), паліклінікі, Дом побыту, універсам]. На беразе Чыжоўскага вадасховішча фармуецца вялікі зялёны масіў — Парк імя 900-годдзя Менску з фізкультурна-аздараўленчым комплексам.

У працэсе праектавання і рэалізацыі праекту ўдасканальваецца і паляпшаецца кампазіцыя жылога раёну ў цэлым і асобных яго мікрараёнаў.


Н.А. Воінава



МЕНСК. НЯМІГА


Адна з старажытнейшых вуліц Менску. Знаходзіцца ў гістарычным цэнтры гораду, паміж р. Свіслач і вул. К. Цэткін. Працягласць 1840 м. Узнікла ў ХІІ ст. як адна з цэнтральных гандлёвых магістралей, што злучала гандлёвую плошчу перад замкам (Ніжні рынак) з былым Койданаўскім трактам. У дакументах XVI—XVIII стст. называецца Нямізскай. Назву атрымала ад р. Няміга (прыток Свіслачы, у пачатку XX ст. заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. У XIX ст. ўключала Ніжні і Рыбны рынкі і звязвала гандлёвую плошчу на Траецкай гары з рынкам у былым Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Рэспубліканскай і Мяснікова). Да канца XVIII ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 г. існавалі толькі два мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835 г.). У пачатку XVII ст. на скрыжаванні вуліц Нямізскай і Ракаўскай (сучасная вул. Астроўскага) пабудаваны комплекс праваслаўнага манастыра з Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Нямігі да 1965 г. стаяў будынак сінагогі (халоднай). У XIX ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі асобныя рысы стылю класіцызму. Спачатку праезная частка вуліцы была вымашчаная драўляным насцілам, у XVI—XVIII стст. забрукаваная каменнем, у пачатку XX ст. заасфальтаваная. У часы II Сусветнай вайны ў раёне вуліц Няміга і Астроўскага было габрэйскае гета. У пачатку 1970-х гадоў забудова Нямігі знесеная ў сувязі з рэканструкцыяй транспартнай магістралі — вуліца М. Горкага (цяпер М. Багдановіча) — Няміга.

Паводле праекту 1976 г. (дойліды С. Мусінскі, Г. Каласкова, Г. Басінкевіч) на ўчастку паміж пр-там Машэрава (былой Паркавац магістраллю) і вул. Рэспубліканскай запланаванае будаўніцтва гандлёва-грамадскага цэнтру з магазінамі, кафэ, рэстаранамі, кінатэатрам, а таксама вышыннымі жылымі дамамі, пешаходнай эспланадай, узнятай над праезнай часткай. Пабудаваны (1991 г.) комплекс дванаццаціпавярховых жылых дамоў і інш.


Э.М. Загарульскі



МЕНСК. ПАЛАЦ КУЛЬТУРЫ БЕЛСАЎПРОФУ

 

Пабудаваны ў 1954 г. (дойлід У. Яршоў) на пр-це Ф. Скарыны. Галоўны фасад арыентаваны на Кастрычніцкую (Каліноўскага) плошчу. Прастакутны ў плане будынак мае строга сіметрычны аб’ём, абрамлены па перыметры калонамі і паўкалонамі карынфскага ордэру. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе дзесяцікалоннага порціка, увянчанага франтонам са скульптурнымі групамі (скульптары В. Папоў, А. Глебаў, С. Селіханаў). Знутры порцік упрыгожаны кесонным скляпеннем з яркай расфарбоўкай. Аналагічна вырашаны тыльны фасад. Над складаным карнізам бакавых фасадаў па тры франтоны, упрыгожаныя пінаклямі. Разнастайныя дэкаратыўныя элементы класічнай спадчыны выкарыстаны ў інтэр’ерах: глядзельнай залы на 780 месцаў, фае, холах, танцавальных і лекцыйных залах, у памяшканнях для работы гурткоў.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ПАЛАЦ КУЛЬТУРЫ I СПОРТУ ЧЫГУНАЧНІКАЎ


Пабудаваны ў 1978 г. (дойлід Л. Анікіна). Будынак размешчаны з водступам ад чырвонай лініі забудовы, фарміруе ансамбль плошчы па вул. Чкалава. У аснове аб’ёмна-прасторавай і планіровачнай структуры будынку тыпавы праект клубу канца 1950 — пачатку 60-х гадоў. Фасады вырашаныя ў строгіх формах, у аснове кампазіцыі кантраст глухіх паверхняў тарцовых сцен і галоўнага фасаду, вітраж якога прарэзаны вертыкальнымі жалезабетоннымі рэбрамі. Мае глядзельную залу на 900 і кіназалу на 300 месцаў, бібліятэку, танцзалу, кафэ, памяшканні для работы гурткоў, две спартовыя залы, плавальны басейн. Фае ўпрыгожанае тэмпернай размалёўкай "Мая Радзіма" (1978 г., мастакі С. Каткова, З. Літвінава). У аддзелцы інтэр’ераў выкарыстаныя дэкаратыўная тынкоўка, мармур, шпон. Тэрыторыя добраўпарадкавана газонамі, кветнікамі, дэкаратыўным басейнам з фантанам і іншымі малымі формамі дойлідства.


С.Дз. Філімонаў



МЕНСК. ПАЛАЦ ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫКІ


Палац лёгкай атлетыкі спартыўнага клуба Беларускай ваеннай акруг і, крытае мнагамэтавае спартовае збудаванне, прызначанае для трэніровак, правядзення рэспубліканскіх і міжнарародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, боксу, гімнастыцы, фехтаванні. Пабудаваны ў 1976 г. (дойліды М. Каўко, У. Ісачанка, У. Крыштановіч). Найбольшае спартовае збудаванне падобнага тыпу на Беларусі. Палац (аб’ём каля 119 тыс. м) — прастакутнае ў плане збудаванне (125x48 м), мае дэманстрацыйную арэну эліпсападобнай формы з двухсотмятровай чатырохрадовай і шасцірадовай прамой бегавымі дарожкамі са спецыяльным сінтэтычным пакрыццём, стацыянарныя падковападобныя ў плане трыбуны на 3 тыс. месцаў; залы для трэніровак і размінкі, памяшканні для спартоўцаў, адміністрацыі, абслуговага персаналу і тэхнічныя службы. Дойлідская выразнасць дасягаецца пластычным вырашэннем канструкцыі перакрыцця залы манежу (блокі металічных ферм, размешчаных па крывой лініі), нерасчлянёнасцю і цэльнасцю паверхняў сцен фасадаў, ураўнаважанасцю агульнай кампазіцыі. Зала з вялікім вітражом з аднаго боку і трыбунамі з другога ўражвае памерамі, напоўненасцю святла і лёгкасцю. Мерыдыяльная арыентацыя будынку па падоўжнай восі прывяла да зацененасці галоўнага фасаду.


С.Дз. Філімонаў



МЕНСК. ПАЛАЦ ДЗЯЦЕЙ І МОЛАДЗІ


Пабудаваны ў 1986 г. на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі (дойліды В. Бялянкін, Т. Розава, Л. Селівончык, I. Новік, В. Чарназемава; першая чарга — клубны комплекс). Сіметрычны кампактны будынак, у плане ўпісваецца ў круг.  Цэнтр кампазіцыі — вялікае фае-зала для правядзення масавых мерапрыемстваў; прасторава аб’яднаная з залай для правядзення ўрачыстых рытуалаў і сустрэч і Зімовым садам — часцінкай жывой прыроды з возерам, выспаю, дрэвамі, птушкамі, залацістым вітражом, звернутым да возера. Да фае вядзе ўваходны вестыбюль з фантанам, асветлены верхнім святлом праз ліхтар авальнай формы. Па баках ад цэнтральнага фае на чатырох паверхах размешчаныя памяшканні для работы гурткоў тэхнічнай і мастацкай творчасці, эстэтычнага выхавання. Да цэнтральнага фае прымыкаюць тры залы: універсальная кіна-канцэртная на 900 месцаў, лекцыйная на 300 месцаў і піянерскага тэатру. Усе яны маюць сцэны і пакоі для рэпетыцый аркестру, заняткаў харэаграфіяй, спевамі і інш. Над галоўным уваходам размешчаная зала касманаўтыкі. Для аздаблення інтэр’ераў буйных памяшканняў выкарыстаныя белы мармур, граніт і іншыя прыродныя матэрыялы, падвесная столь з акміграна, пафарбаванага алюмінію. Галоўнае фае аздабляюць ажурныя люстры, вестыбюль — дэкаратыўны басейн з фантанам, кантрастнае спалучэнне белай падлогі з інтэнсіўным чырвоным колерам столі. У дойлідстве бакавых фасадаў будынку таксама выкарыстаны кантраст паміж глухімі паверхнямі сцен, абліцаваных светлым даламітам, і залацістым шклом вітражоў, у якіх адлюстроўваецца навакольны пейзаж. Аформлены пляцоўкі для спорту і масавых гульняў.


В.І. Анікін



МЕНСК. ПАЛАЦ СПОРТУ


Пабудаваны ў 1966 г. (дойліды С. Філімонаў, В. Малышаў) на пр-це Машэрава (былой Паркавай магістралі). Першае ў краіне крытае спартовае збудаванне шматмэтавага прызначэння, створанае па новай асіметрычнай планіровачна-тэхналагічнай схеме. Трансфармацыя залы і арэны дае магчымасць праводзіць спаборніцтвы па 22 відах спорту, а таксама канцэрты ды сходы. Амаль квадратны ў плане будынак (82х78 м). Аб’ём палацу 100,5 тыс. м3. Кампазіцыя галоўнага фасаду, арыентаванага на праспект, заснаваная на рытме жалезабетонных пілонаў. Глядзельную залу (66x64 м) перакрывае прасторавая сістэма металічных ферм (максімальны пралёт 61,5 м). Мае хакейную пляцоўку (30x61 м) і стацыянарныя асіметрычныя трыбуны (на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі максімальна 6 тыс. месцаў), две спартовыя залы (12x18 м), адміністрацыйныя і дапаможныя памяшканні.

Праект паўторна выкарыстаны пры будве палацаў спорту ў Чэлябінску (1967 г.) і Валгаградзе (1974 г.).


С.Дз. Філімонаў



МЕНСК. ПАЛІГРАФІЧНЫ КАМБІНАТ I ЗАВОД ЭЛЕКТРОННЫХ ВЫЛІЧАЛЬНЫХ МАШЫН


Комплекс размешчаны ўздоўж вуліц Чырвонай і Я. Кодаса і часткі вуліц В. Харужай і Кульман. Складаецца з сіметрычных блізкіх па дойлідству будынкаў паліграфічнага камбінату імя Я. Коласа (1953—56 г., дойліды Н. Шпігельман, С. Баткоўскі, А. Астроўская) і заводу вылічальных машын імя Р.К. Арджанікідзе (1955—61 г., дойліды Шпігельман, I. Боўт, Баткоўскі, Л. Кітаева), якія актыўна ўдзельнічаюць у фармаванні пл. Коласа Якуба. Адны з першых шматпавярховых вытворчых збудаванняў у Менску, у якіх увасобленыя новыя на той час дойлідска-мастацкія і аб’ёмна-планіровачныя прыёмы. Чатырохпавярховыя Г-падобныя ў плане будынкі ўтвараюць суцэльны фронт забудовы паўночна-заходняга боку плошчы. Прастакутныя крылы карпусоў акцэнтаваны з аднаго боку сіметрычнымі вежападобнымі аб’ёмамі, што падкрэслівае вось вул. В. Харужай і надае выразнасць сілуэту забудовы. У кампазіцыі фасадаў выкарыстаныя разнастайныя элементы класічнай спадчыны — трохкутныя франтончыкі, ляпны дэкор, люнеты, рустоўка, прафіляваныя карнізы на кранштэйнах. Характар чляненняў, рытм акон, пілястраў, прасценкаў падпарадкаваны агульнаму прынцыпу восевай сіметрыі. Ідэнтычна вырашаныя аб’ёмы адрозніваюцца завяршэннем вежаў (буйныя арачныя і прастакутныя праёмы, лучковыя вокны).



МЕНСК. ПІШЧАЛАЎСКІ ЗАМАК


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-замкавага стылю. Пабудаваны ў 1825 г. на ўскраіне тагачаснага гораду на гары ў Раманаўскім прадмесці (сучасная вул. Валадарскага) паводле праекту дойліда Пішчалы (таму доўгі час называўся Пішчалаўскім). Мураваны трохпавярховы прастакутны ў плане з чатырма круглымі вежамі на вуглах будынак, накрыты вальмавым дахам. Вежы, аздобленыя нішамі, завершаны прафіляванымі зубцамі. Рытм фасадаў ствараюць прастакутныя аконныя праёмы. другі і трэці паверхі аддзеленыя карнізным поясам. Будынак абнесены мураванай сцяной, умацаванай контрфорсамі. У паўночна-ўсходняй частцы сцяны размешчаны двухпавярховы прастакутны ў плане аб’ём, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены карнізам на два ярусы (ніжні ярус з шырокай праезнай аркай аздоблены рустам) і завершаны трохкутным франтонам. У 2-й палове ХІХ ст. ў замку былі царква, шпіталь, школа, аптэка, майстэрні і інш.

Помнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Дзянісаў

 


МЕНСК. ПЛОШЧА КАЛІНІНА


Знаходзіцца на галоўным дыяметры гораду — пр-це Ф. Скарыны. Стварэнне плошчы ў раёне парку імя Чэлюскінцаў (створаная ў даваенны час на аснове былога Камароўскага ляснога масіву) прадугледжвалася генпланам сацыялістычнай рэканструкцыі і развіцця Менску 1932—36 гг. (дойлід Ю. Кілаватаў), намячалася размясціць яе насупраць цэнтральнага ўвахода на Ўсебеларускі стадыён (зараз тут знаходзіцца спартовая база Беларускага інстытуту фізкультуры). Плошча трактавалася як грамадскі цэнтр раёну пры ўездзе ў горад. У генплане аднаўлення і развіцця Менску 1946 г. было вырашана арганізаваць плошчу насупраць уваходу ў батанічны сад. Праект планіровачнага і кампазіцыйнага вырашэння плошчы (1953 г.) уваходзіў у праект планіроўкі і забудовы другой чаргі пр-ту Ф. Скарыны (дойліды С. Мусінскі, Г. Сысоеў, С. Бяляеў, Я. Печкін). У наступныя гады ў першапачатковы варыянт былі ўнесеныя ўдакладненні і дапаўненні.

У забудове плошчы дамінуе васьміпавярховы дом з магазінам "1000 дробязей" (1961 г., дойліды Сысоеў, Дз. Кудраўцаў). Перад ім разбіты зялёны газон, у цэнтры якога помнік М.I. Калініну (1978 г., скульптары В. Палійчук, I. Глебаў, дойліды Ю. Грыгор’еў, А. Няўзораў). Заходні і ўсходні бакі плошчы ўтвораныя тарцамі жылых дамоў, што выходзяць галоўнымі фасадамі на пр-т Ф. Скарыны: на рагу з завулкам К. Чорнага (1962 г., дойлід М. Драздоў) і на рагу з вул. Калініна, насупраць парку імя Чэлюскінцаў (1941 г.; побач з ім 1-ы ў БССР буйнапанельны жылы дом 1957 г., дойлід   Мусінскі).

Асобнае месца ў кампазіцыйным вырашэнні плошчы займае дзевяціпавярховы жылы дом з магазінам "Кветкі" (1963 г., дойліды Мусінскі, Сысоеў) на процілеглым баку праспекту. Пастаўлены перпендыкулярна да магістралі, якая мае тут выгін, ён замыкае перспектыву з боку Маскоўскай шашы. Побач з яго галоўным фасадам, вырашаным у сучасых формах дойлідства, размешчаная лёгкая каланада іанічнага ордэру — галоўны ўваход у Цэнтральны батанічны сад АН Беларусі (1957 г., дойліды Л. Каджар, Сысоеў). Гэты бок плошчы і прастору ўздоўж праспекту арганізуюць высокія дрэвы парку імя Чэлюскінцаў.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ПЛОШЧА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ (ДА 1991 г. ПЛОШЧА ЛЕНІНА)


Размешчаная ў пачатку галоўнага дыяметру і асноўнай магістралі гораду — пр-ту Ф. Скарыны. Адміністрацыйна-грамадскі цэнтр сталіцы. Мае прастакутную форму (450х150 м), плошча 7 га. Ва ўсходняй частцы — сквер партэрнага тыпу. Раён плошчы забудоўваўся з 2-й паловы ХІХ — пачатку ХХ стст. (захаваліся касцёл Сімяона і Алены, жылыя будынкі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. паміж вуліцамі Берсана і Свярдлова; усе ўваходзяць у ахоўную зону касцёлу). Фармаванне сучаснага аблічча плошчы пачалося з будаўніцтва Дома ўраду Рэспублікі Беларусь, які стаў яе кампазіцыйнай дамінантай. У даваенныя гады забудову паўднёвага боку плошчы фармавалі трохпавярховыя карпусы БДУ. У 1953 г. з заходняга боку плошчы пабудаваны галоўны корпус педагагічнага Універсітэту імя М. Танка (раней — М. Горкага) (дойлід Г. Заборскі, у 1989 г. на яго месцы ўзведзены новы вышынны будынак). У 1962 г. з паўдёвага боку плошчы пабудаваны галоўны корпус БДУ (глядзі артыкул "Менск. Універсітэцкі гарадок"), дойлідскае вырашэнне галоўнага фасаду якога адпавядае характару дойлідства Дома ўраду, размешчанага насупраць. Паўднёва-ўсходні бок плошчы фармуюць будынак гарвыканкаму (1964 г., дойліды С. Мусінскі, Г. Сысоеў), інжынерны корпус метрапалітэну (1984 г., дойліды Ю. Грыгор’еў, Дз. Кудраўцаў), вертыкальныя чляненні якіх гарманіруюць з кампазіцыйным ладам Дома ўраду і галоўнага корпусу БДУ. З усходняга боку на плошчу выходзяць бакавыя фасады гатэля "Менск" (1957 г., дойлід Г. Баданаў; 1967 г., дойлід Сысоеў) і будынку Галоўнага паштамту (1953 г., дойлід У. Кароль). Пабудаваная (1984 г.) станцыя метрапалітэну.

На пачатку ХХІ ст. адбылася рэканструкцыя плошчы, цалкам змяніўшая яе планіроўку, пабудаваны падземны гандлёвы цэнтр "Сталіца".



МЕНСК. ПЛОШЧА ПЕРАМОГІ (ДА 1954 г. КРУГЛАЯ ПЛОШЧА)


Знаходзіцца на перакрыжаванні пр-ту Ф. Скарыны з вул. Захарава. Займае важнае месца ў дойлідска-кампазіцыйным абліччы гораду. Яе ансамбль пачаў фармавацца ў 1939 г., калі ў адпаведнасці з генпланам Менску 1932—36 гг. (дойлід Ю. Кілаватаў, кансультант В. Вітман) тут пабудаваны два дугападобныя ў плане жылыя дамы, павернутыя да цэнтру гораду (1939 г., завершаныя ў 1947 г., дойлід Р. Столер), у аснове планіроўкі якіх тыпавая чатырохкватэрная секцыя. Далей забудова вялася паводле генплану 1946 г. (дойліды М. Андросаў, Н. Трахтэнберг і інш.) і праекту плошчы 1950 г. (дойліды М. Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г. Заборскага і Л. Мацкевіча, 1954 г.). Плошча ў плане — прастакутнік (225х175 м), які з аднаго боку завяршаецца паўкружжам. Яе прастора расчлянёная на две часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйны цэнтр — размешчаны пасярэдзіне круглай часткі плошчы манумент Перамогі, які замыкае перспектыву пр-ту Ф. Скарыны і вул. Захарава. Абапал праспекту значна ніжэй за яго ўзровень паміж вуліцамі Захарава, Камуністычнай і Фрунзе разбіты сквер партэрнага тыпу, уздоўж яго з кожнага боку па тры жылыя дамы (дойліды Баршч, Аранаўскасы, 1950—56 гг.), увянчаныя чатырохграннымі вежачкамі, з паўднёвага боку злучаныя паміж сабою ажурнай каланадай. Тарцовую частку плошчы з боку вул. Камуністычнай замыкаюць Дом-музей I з’езду РСДРП (муляж), мост цераз р. Свіслач (дойліды М. Паруснікаў, Г. Баданаў, 1951—53 гг.), а з боку вул. Фрунзе — манументальная брама — уваход у Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага (дойлід Заборскі, 1953 г.). У 1984 г. у сувязі з увядзеннем у дзеянне 1-й чаргі 1-й лініі Менскага метрапалітэну плошча перад манументам перапланаваная (дойліды Б. Ларчанка, Б. Школьнікаў, К. Вязгін) і стала ў двух узроўнях. Пад зямлёю аснова манументу абкружаная колавай абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэну. Галерэя пераходзіць у круглую глядзельную залу, прысвечаную памяці герояў, загінуўшых у ІІ Сусветную вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з мастацкага шкла з падсветкай знутры (мастак В. Позняк), — сімвал Вечнага агню памяці. На сцяне бронзавая выява Зоркі Героя Савецкага Саюзу і пласціны з імёнамі 566 ураджэнцаў Беларусі і іншых рэспублік, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўдастоены звання Героя Савецкага Саюзу. Гранітныя лесвіцы вядуць з залы на плошчу. Сіметрычныя лесвічныя выхады аформленыя масіўнымі гранітнымі блокамі. На іх верхніх пакатых гранях — выкананыя ў бронзе выявы прыспушчаных сцягоў (скульптар М. Рыжанкоў). Ад выхадаў да манумента вядуць ланцужкі невялікіх гранітных блокаў (па шэсць з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям Смаленску, Адэсе, Севастопалю, Кіеву, Новарасійску, Керчы, Туле, Маскве, Ленінграду, Валгаграду, Брэсцкай крэпасці-герою, Мурманску і выявамі ўзнагарод.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ПЛОШЧА ПРЫВАКЗАЛЬНАЯ


Адна з галоўных плошчаў гораду, важны транспартны вузел. Пачала фармавацца ў 1870-я гады, калі былі пабудаваны драўляныя павільёны пасажырскага вакзалу Лібава-Роменскай чыгункі, так званы Віленскі вакзал. У 1890-я гады на іх месцы сярод пераважна драўлянай забудовы пастаўлены мураваны будынак (глядзі артыкул "Менск. Чыгуначны вакзал"). У 1940 г. плошча рэканструяваная (дойлід Б. Рубаненка). У ІІ Сусветную вайну будынак вакзалу згарэў, у 1946—49 гг. адноўлены з невялялікімі зменамі планіроўкі. Сучасная забудова плошчы склалася ў 1948—56 гг. (дойліды Рубаненка, Л. Галубоўскі, А. Карабельнікаў, Л. Усава, В. Герашчанка). Плошча прастакутная ў плане (400х120 м), на яе выходзяць транспартныя патокі з вул. Бабруйскай, Ульянаўскай, Кірава, Ленінградскай. Новая забудова жылых кварталаў, абмежаваная вул. Ульянаўскай, Ленінградскай, Свярдлова, утварыла выразны ансамбль параднага ўезда ў горад з боку чыгуначнага вакзалу.

Галоўны кампазіцыйны акцэнт — две адзінаццаціпавярховыя вежы па кутах пяціпавярховых жылых дамоў, размешчаных сіметрычна адносна папярочнай восі плошчы (будынак вакзалу — вул. Кірава). Вежы з’яўляюцца вертыкальнымі дамінантамі ("брама гораду") і адыгрываюць важную ролю ў фармаванні сілуэту гораду. Прылеглыя да плошчы жылыя кварталы — першы на Беларусі узор комплекснай забудовы значнай тэрыторыі шматпавярховымі жылымі дамамі з развітай сістэмай культурна-побытавага абслугоўвання. Тарцовыя часткі плошчы замыкаюць з аднаго боку сквер па вул. Бабруйскай, з другога — аўтавакзал. На плошчу выходзіць станцыя метрапалітэну (глядзі артыкул "Менск. Метрапалітэн").


А.А. Воінаў



МЕНСК. ПЛОШЧА ЯКУБА КОЛАСА (ДА 1956 г. КАМАРОЎСКАЯ ПЛОШЧА)


Важны транспартны і кампазіцыйны вузел на пр-це Ф. Скарыны. Фармаванне плошчы пачалося з рэканструкцыі так званых Камароўскіх віл (на стыку былых Лагойскага і Барысаўскага трактаў) і будаўніцтва Інстытуту фізкультуры (1936—39 гг.; дойліды А.П. Воінаў, А.П. Брэгман). У сучасным выглядзе забудаваная паводле праекту 1952 г. (дойліды М. Баршч, Л. Аранаўскас, Л. Мацкевіч), дзе ўлічаныя прапановы праектаў 1939 г. (дойлід У. Мураўёў) і 1940 г. (дойлід А. Клімаў). Плошча прастакутная (400x130 м), перыметр забудаваны па чырвонай лініі, за выключэннем будынку Белдзяржфілармоніі (1963 г., дойлід Г. Бенядзіктаў), пастаўленага ў глыбіні зялёнай пляцоўкі ў пачатку бульвару Мулявіна (былога — Луначарскага). Па баках філармоніі размешчаныя жылыя дамы з убудаванымі прадпрыемствамі гандлю і побытавага абслугоўвання (1960 г., дойлід В. Ладыгіна), будынак ЦУМа (1964 г., перабудаваны напачатку XXI ст.), на паўночна-заходнім баку — будынкі паліграфічнага камбінату і заводу электронных вылічальных машын. Разрыў паміж вытворчымі карпусамі (утвораны вул. В. Харужай) акцэнтуецца вежамі, якія падкрэсліваюць значэнне папярочнай восі плошчы. На тарцовых частках плошчы пастаўлены манументальны аб’ёмы Інстытуту фізкультуры і васьміавярховага жылога дому (1957 г., дойліды С. Баткоўскі, Н. Шпігельман, Н. Макляцова). У цэнтры плошчы — сквер партэрнага тыпу з помнікам Якубу Коласу (1972 г., скульптар З. Азгур, дойліды Ю. Градаў, Г. Заборскі, Л. Левін). У 1984 г. адкрытая станцыя метрапалітэну "Плошча Якуба Коласа" (глядзі ў артыкуле "Менск. Метрапалітэн").


А.А. Воінаў



МЕНСК. ПРАСПЕКТ Ф. СКАРЫНЫ


Галоўны гарадскі дыяметр і асноўная магістраль гораду; перасякае яго з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Створаны на месцы вузкіх і скрыўленых вул. Савецкай (шырыня 18—26 м) і былога Барысаўскага тракту. Пасля ІІ Сусветнай вайны (на вул. Савецкай засталося 10 будынкаў) галоўная магістраль створаная на новай шырокай і выпрастанай трасе. Даўжыня праспекту больш за 11 км, шырыня 48—70 м. Як галоўны кампазіцыйны дыяметр арганізацыйна ўплывае на планіроўку і забудову ўсяго гораду. Яго перасякаюць водна-зялёны дыяметр р. Свіслач і важныя транспартныя магістралі, якія звязваюць праспект з усімі раёнамі гораду. На пр-це Ф. Скарыны (былым Ленінскім праспекце) знаходзяцца пл. Незалежнасці, Кастрычніцкая плошча, пл. Перамогі (былая Круглая плошча), пл. Коласа Якуба, пл. Калініна (глядзі адпаведныя артыкулы). Прасторава праспект звязаны з Прывакзальнай плошчай, плошчамі Свабоды і Парыжскай камуны, комплексам стадыёна "Дынама" і іншымі ансамблямі дойлідства. Чаргаванне адміністрацыйных будынкаў, культурна-асветных, навучальных, гандлёвых, вытворчых і іншых устаноў з жылымі дамамі і комплексамі зрабіла магчымым пазбегнуць аднастайнасці і стварыць яго своеасаблівае дойлідска-мастацкае аблічча. Забудоўваўся праспект у тры чаргі: першы ўчастак (цэнтральны) ад пл. Незалежнасці (былая пл. Леніна) да пл. Перамогі (былая Круглая плошча) (2,9 км, з 1945 г. пад кіраўніцтвам М. Паруснікава і М. Баршча), другі — ад пл. Перамогі да пл. Калініна (2,7 км) і трэціі — ад пл. Калініна да ўезда ў горад з боку Маскоўскай шашы (1950—70-я гады).

На цэнтральным участку шырынёю 48 м, праезная частка 24 м, тратуары 12 м, уздоўж іх пасаджаны ліпы. Удала знойдзеныя суадносіны вышыні збудаванняў (21—23 м) і шырыні магістралі, даўжыні будынкаў па фронту, сілуэт, асноўныя чляненні і агульны характар дойлідскага афармлення, заснаваныя на творчым асваенні класічнай спадчыны дойлідства, садзейнічалі стварэнню ансамбляў высокай дойлідска-мастацкай вартасці. Кампазіцыйны цэнтр участку паміж плошчамі Незалежнасці і Кастрычніцкай — манументальны адміністрацыйны будынак КДБ (паміж вуліцамі Урыцкага і Камсамольскай), які пэўным чынам вызначыў характар усёй забудовы гэтай часткі праспекту. Сярод грамадскіх збудаванняў вылучаюцца будынак Беларускага рэспубліканскага банку, будынкі гарадскога універмагу, Галоўнага паштамту, гатэля "Менск" (першая чарга ў 1957 г., дойлід Г. Баданаў, другая — у 1967, дойліды Г. Сысоеў, С. Мусінскі, Дз. Кудраўцаў). У будаўніцтве большасці жылых дамоў выкарыстаная адна серыя тыпавых секцый № 7, распрацаваных у Гарбудпраекце Масквы (дойлід С. Кавыкаў), у выніку чаго дасягнутае мастацкае адзінства забудовы. У першых паверхах жылых дамоў знаходзяцца прадпрыемствы гандлю з вялікімі вітрынамі. На ўчастку паміж плошчамі Кастрычніцкай і Перамогі размешчаныя Рэспубліканскі Дом работнікаў мастацтваў (былы будынак царкоўна-археалагічнага музея), Палац культуры Белсаўпрофу, цырк, два шматпавярховыя жылыя дамы (1957 г., дойлід Баршч). Ад вул. Я. Купалы праспект спускаецца да азялененай поймы р. Свіслач, узвышаецца над масівамі паркаў імя Янкі Купалы і Цэнтральнага дзіцячага імя М. Горкага. З гранітнай набярэжнай (1958 г., дойлід К. Іваноў) адкрываецца панарама ў бок пл. Парыжскай камуны з манументальным будынкам Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету Рэспублікі Беларусь, адміністрацыйным будынкам па вул. Камуністычнай, якія займаюць значнае месца ў ансамблі цэнтру Менску. За мостам (1951 г., дойліды Паруснікаў, Баданаў) знаходзяцца Дом-музей I з’езда РСДРП (муляж), пяціпавярховыя жылыя дамы (1939 г., пабудаваныя ў 1947 г., дойлід Р. Столер, у 1950—56 г., дойліды Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы). Завяршае прамы цэнтральны ўчастак праспекту пл. Перамогі з манументам Перамогі.

На другім участку праспекту побач з даваеннымі дамамі (1937—41 гг., дойліды А. Брэгман, Г. Якушка) узведзеныя новыя жылыя будынкі (1952—58 гг., дойліды Баршч, Л. Арнаўскас, А. Духан, С. Баткоўскі, Н. Макляцова, Н. Шпігельман). Вялікую ролю на гэтым участку і ў структуры гораду адыгрывае пл. Якуба Коласа з помнікам Я. Коласу ў цэнтры (1972 г., скульптар З. Азгур, дойліды Ю. Градаў, Г. Заборскі, Л. Левін). Другі важны вузел участку ўтвараюць рэканструяваныя і расшыраныя комплексы 1-й клінічнай бальніцы, Беларускага політэхнічнага інстытуту, Акадэмічны гарадок. Тут размешчаныя кінатэатр "Кастрычнік", жылыя дамы з магазінамі "1000 дробязей" (1962 г., дойліды Сысоеў, Кудраўцаў), "Сінтэтыка" (Дом гандлю "Першамайскі") і "Кветкі" (1964—65 г., дойліды Мусінскі, Сысоеў). Завяршае ўчастак пл. Калініна.

Трэці ўчастак адрозніваецца ад папярэдніх аднабаковай забудовай на значнай адлегласці. Тут знаходзяцца будынкі гадзіннікавага заводу, кварталы жылых дамоў, Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт [былы Інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (1956 г., дойлід Бакланаў)]. Да праспекту прылягае парк імя Чэлюскінцаў, тэрыторыя дзіцячай чыгункі (вакзал пабудаваны ў 1956 г., дойлід Заборскі) і зялёны масіў. Шырыня магістралі 71 м. Далей за вул. Валгаградскай размешчаныя кінастудыя "Беларусьфільм", жылыя дамы (пабудаваныя ў канцы 1950-х гадоў), будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі, комплекс НДІ сродкаў аўтаматызацыі (1972 г., дойліды Мусінскі, Кудраўцаў). Важная роля ў фарміраванні дойлідска-мастацкага аблічча належыць жылому раёну Усход (забудоўваецца з 1966 г.), дзе размешчаныя групы пяці-, дзевяці- і шаснаццаціпавярховых буйнапанельных жылых дамоў і 16—18-павярховых з маналітнага аглапарытабетону метадам рухомай апалубкі (першыя ў СССР, 1973—77 гг., дойліды А. Белаконь, Н. Грачова, Сысоеў, I. Панова). Вылучаецца комплекс з васьмі спараных шаснаццаціпавярховых жылых дамоў з убудаванымі прадпрыемствамі гандлю (1973—79 г., дойліды Сысоеў, Панова, I. Жураўлёў, Кудраўцаў), тарцы якіх упрыгожаныя мазаічнымі пано, прысвечанымі Менску (1978 г., мастак А. Кішчанка). Уздоўж праспекту пабудаваная (1984 г.) 1-я чарга лініі  метрапалітэну.

За аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, своеасаблівае і адметнае дойлідска-мастацкае аблічча праспекту дойлідам Баданаву, Баршчу, Баткоўскаму, А.П. Воінаву, У. Каралю, Мусінскаму, Паруснікаву, Сысоеву, Трахтэнбергу, Шпігельману прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР 1968 г.


А.А. Воінаў



МЕНСК. РАТУША


Пра будаўніцтва ратушы ў Менску ў 1499 г. прыведзена ў прывілеях па арганізацыі кіраўніцтва ў горадзе па магдэбургскім праве (апісаны яе часткі і іх прызначэнне, але месца пабудовы невядомае). Упершыню пра ратушу як існуючую ўпамінаецца ў 1582 г. (але ў 1591 г. зноў згадваецца пра яе будаўніцтва). З пачатку XVII ст. звесткі пра ратушу прыводзяцца ў дакументах (напрыклад, у 1617 г.): стаіць на плошчы Высокага рынку (Саборнай плошчы, сучасная пл. Свабоды). У 1640 г. будынак быў моцна пашкоджаны ад пажару, адноўлены (існаваў у 1656 г.). У XVIII ст. ратуша страціла свой выгляд, у 1744 г. зноў адноўленая па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам войта С. Буржынскага. У канцы XVIII ст. перабудаваная губернскім дойлідам Ф. Крамерам, набыла рысы класіцызму. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтральная частка сіметрычнага па кампазіцыі галоўнага фасаду была вылучаная рызалітам з трохмаршавай лесвіцай, акцэнтаваная чацверыковай вежай, завершанай купалам са шпілем з флюгерам. Рызаліт і тарцы аформлены чатырохкалоннымі порцікамі іанічнага ордэру. Дэкаратыўнае вырашэнне будынку дапаўнялася каванымі агароджамі балконаў у порціках і на вежы. У 1819 г. ратуша была зноў рэканструяваная. Да яе фасаду з паўднёвага ўсходу прыбудаваная мураваная агароджа, упрыгожаная стукавым дэкорам і жывапіснымі кампазіцыямі. На месцах прылеглых да ратушы прыбудоў разбіты невялікі рэгулярны сквер, які стаў месцам адпачынку гараджан (летам тут гучала музыка, на бакавым балконе ратушы размяшчаўся гарадскі аркестр). У 1825—35 гг. бакавыя порцікі былі завершаныя франтонамі. У будынку знаходзіліся магістрат, суд, гаўптвахта, гарадавы, паліцыя, архіў, у 1830-я гады музычная школа. У 1847 зала на другім паверсе была прыстасаваная пад тэатр (афармленне інтэр’ераў мастака Я. Кураткевіча). Тэатр меў невялікую залу (памерам 18,15х6,39 м), партэр, ложы (10 ніжніх, 11 верхніх), балкон. У 1857 г. будынак ратушы быў знішчаны па асабістым распараджэнні Мікалая I (1851 г.): фармальная прычына — каб упарадкаваць забудову на Саборнай плошчы, на самой справе — каб выкараніць усялякі напамінак аб былых вольнасцях горадуа, калі існавала магдэбургскае права.

У канцы XIX ст. сквер быў адноўлены, а напачатку XXI ст. была адноўленая і ратуша.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. РЭСПУБЛІКАНСКІ ПАЛАЦ ПІЯНЕРАЎ I ШКОЛЬНІКАЎ


Пабудаваны ў 1937 г. (дойліды А.П. Воінаў, У. Вараксін) на рагу вуліц Кірава і Энгельса. Адно з першых у СССР збудаванняў падобнага прызначэння. Пры будве выкарыстаны фундаменты няскончанага клуба будаўнікоў, што ў многім прадвызначыла агульнае кампазіцыйнае вырашэнне. Складаецца з двух прылеглых адзін да аднаго аб’ёмаў — відовішчнай і гурткова-клубнай групы памяшканняў, аб’яднаных вестыбюлем. Фасады, апрацаваныя пад шэры граніт, расчлянёныя пілястрамі, галоўны ўваход вылучаны шасцікалонным порцікам. У афармленні інтэр’ераў былі шырока выкарыстаныя скульптурныя барэльефы і манументальны жывапіс на тэмы піянерскага жыцця. Каля палаца быў добраўпарадкаваны сад. У гады ІІ Сусветнай вайны будынак разбураны. Адноўлены ў крыху змененым выглядзе ў 1947—52 гг. (дойліды А.П. Воінаў, Л. Усава, В. Кулін). На базе відовішчнай групы памяшканняў створаны Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, а ў аб’ёме з самастойным уваходам размешчаныя памяшканні для навучальнай работы і адпачынку піянераў. У 1962 г. прыбудаваны новы корпус па вул. Кірава (дойлід Э. Левіна), у якім размясціліся спартовая і актавая залы, памяшканні для гуртковай работы.

У комплексе будынкаў шырока выкарыстаныя элементы выяўленчага мастацтва (скульптар А. Глебаў, мастакі I. Ахрэмчык, I. Давідовіч, У. Стальмашонак і інш.), у будаўніцтве — сінтэз выяўленчага мастацтва і дойлідства.


А.А. Воінаў



МЕНСК. СЛЯПЯНСКАЕ ВОДНА-ПАРКАВАЕ ПАЎКОЛА


Частка Менскага водна-паркавага кола — аднаго з галоўных (пасля Менскага водна-зялёнага дыяметру) элементаў дойлідска-планіровачнай структуры і ландшафту гораду. Пабудаванае ў 1977—88 гг. Даўжыня паўкола 22 км, перапад вышынь рэльефу на трасе 31 м. Уключае вадаёмы (агульная плошча 140 га), каналы і трынаццаць дэкаратыўных каскадаў. Галаўное збудаванне сістэмы — Цнянскае вадасховішча, вада ў якое паступае з Драздоўскага вадасховішча праз напорныя вадаводы з уздымам на вышыню 15 м. Ад Цнянскага вадасховішча адкрыты канал ідзе ўздоўж лесапарку і заканчваецца дэкаратыўным вадаёмам каля гандлёва-грамадскага цэнтру мікрараёну Зялёны Луг-6 (ад вул. Мірашнічэнкі да Лагойскага тракту вада ідзе праз падземны вадавод). За Лагойскім трактам у пачатку мікрараёну Зялёны Луг-5 створаны шматступеньчаты каскад. Строгая пластыка бетонных форм ажыўленая разнастайнымі эфектамі накшталт невялікіх вадаспадаў. Далей, уздоўж вул. Сядых, сістэма прадстаўленая спалучэннем маляўнічых вадаёмаў і каналаў з масткамі, спускамі да вады, невялікіх фантанчыкаў і іншых малых формаў дойлідства. У раёне спартовага комплексу працоўных рэзерваў штучная водная сістэма злучаецца з р. Сляпянка. Каскад сістэмы ў мікрараёне Усход-1 вызначаецца зробленай у выглядзе кансолі плітой вадазліву, што дазваляе пешаходам праходзіць пад водным патокам. Створаны таксама выразны трохпрыступкавы каскад па вул. Парніковай, паўкруглы двухпрыступкавы каскад з басейнам у раёне вуліц Уральскай — Мендзялеева і ў жылым раёне Серабранка, дзе Сляпянская водная сістэма злучаецца з Чыжоўскім вадасховішчам. Усе каскады сістэмы створаны паводле індывідуальных праектаў. Сляпянскае водна-пркавае паўкола — аснова комплекснай дойлідска-ландшафтнай арганізацыі паўночна-ўсходняй часткі Менску. Яго галоўныя кампазіцыйныя акцэнты арганічна спалучаюцца з прасторавым вырашэннем гэтых раёнаў гораду. Пачата будаўніцтва Лошыцкага водна-паркавага паўкола, у выніку чаго даўжыня водна-паркавага кола Менску дасягне 50 км суцэльнай сістэмы каналаў, каскадаў, вадаёмаў з прылеглымі да іх паркамі, скверамі, бульварамі.

За стварэнне дойлідска-ландшафтных комплексаў усходніх раёнаў гораду дойліды Л.В. Белякова, Д.В. Герашчанка, Л.А. Жлоба, Н.Ф. Жлоба, В.П. Шыльнікоўская, Б.А. Юрцін, інжынер А.Р. Самончык удастоеныя Дзяржаўнай прэміі СССР 1989 г.


А.В. Сычова



МЕНСК. СПАРТОВЫ КОМПЛЕКС "ДЫНАМА"


Спарткомплекс усесаюзнага фізкультурна-спартыўнага таварыства ў Менску. Пабудаваны ў 1978 (1-я чарга, дойлід С. Філімонаў) на беразе Камсамольскага возера. Складаецца з лёгкаатлетычнага манежу, дзвюх зблакіраваных спартовых залаў (для гімнастыкі і фехтавання) і блока дапаможных і тэхнічных памяшканняў, спартовых пляцовак. Манеж — прастакутны ў плане (34х124 м) будынак з чатырохрадовай кругавой двухсотмятровай і двухрадовай прамой стамятровай бегавымі дарожкамі са спецыяльным спартовым пакрыццём і аднабаковымі трыбунамі на 400 месцаў. Спартовыя залы прастакутныя ў плане (24x42 м кожная). Агульны аб’ём збудавання 80 тыс. м3. Дойлідства будынкаў вылучаецца строгімі лаканічнымі лініямі і формамі. Вялікія зашклёныя плоскасці кантрастуюць з глухімі бетоннымі часткамі фасадаў.

З пабудовай у бліжэйшай перспектыве скачковага і плавальнага басейнаў, спецыялізаваных спартовых залаў па асобных відах спорту, медыка-аднаўленчага цэнтру і іншых дапаможных збудаванняў (2-я чарга) спартовы комплекс будзе ўяўляць сабою цэласны дойлідскі ансамбль у складзе водна-зялёнага дыяметру.


С. Дз. Філімонаў



МЕНСК. СПАРТОВЫ КОМПЛЕКС "ПРАЦОУНЫЯ РЭЗЕРВЫ"


Мнагамэтавы спартовы комплекс пабудаваны ў 1989 г. (дойліды Л. Левін, В. Звалінскі) у мікрараёне Зялёны Луг 5. Размешчаны на свабоднай тэрыторыі, каля ляснога масіву і вадаёму. Самы буйны спартовы аб’ект у горадзе. Складаецца з трох функцыянальна самастойных, але кампазіцыйна і канструкцыйна звязаных паміж сабой аб’ёмаў, падпарадкаваных адзінай задуме. Уключае крыты лёгкаатлетычны манеж (136x62 м) з двухсотметровай кругавой бегавой дарожкай і з трыбунамі для гледачоў, два плавальныя басейны, універсальнаю вялікую залу (42x30 м), спецыялізаваныя спартовыя залы, дапаможныя тэхнічныя памяшканні. У канструкцыі перакрыцця выкарыстаныя клеедраўляныя аркі лёгкаатлетычнага манежа пралётам 50 м і універсальнай залы пралётам 42 м. Аўтары праекту адышлі ад стэрэатыпнага вырашэння буйнога мнагазальнага спартовага аб’екту і стварылі выразную пластычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, аднак не бясспрэчную з-за ўскладненасці формаў.


С.Дз. Філімонаў

 


МЕНСК. СТАДЫЁН "ДЫНАМА"

 

Адкрыты ў 1934 г., рэканструяваны ў 1939 г. Асноўныя збудаванні ў час ІІ Сусветнай вайны разбураныя. Новы стадыён пабудаваны ў 1947—54 гг. (дойліды М. Колі, М. Паруснікаў і інш.). Спачатку гэта была футбольная арэна з васьмю бегавымі дарожкамі, сектарамі для скачкоў, кідання молата, кап’я, дыска і штурхання ядра і аднабаковымі трыбунамі. Плошча разам з паркавай часткай 12 га. Потым зробленыя кальцавыя трыбуны на 35 тыс. месцаў, на тэрыторыі парку — пляцоўкі ўсесаюзнага фізкультурна-спартыўнага таварыства "Спартак" з комплексам дапаможных памяшканняў. Рэканструяваны ў 1978—80 гг. (дойліды С. Баткоўскі, М. Гаўхфельд, Л. Гельфанд, Ю. Спясіўцаў) да Алімпійскіх гульняў 1980 г. для спаборніцтваў па футболе. Дабудаваная заходняя трыбуна, павялічана колькасць месцаў на трыбунах (больш за 50 тыс). Вакол футбольнага поля — восем бегавых дарожак.

Пляцоўкі валейбольныя, баскетбольныя, для гульні ў гарадкі, тэнісныя корты, сектары для скачкоў і кіданняў. Пад трыбунамі залы для лёгкай атлетыкі, барацьбы, боксу, а таксама лёгкаатлетычны цэнтр са спецыяльнымі трэнажорнымі ўстаноўкамі. Узведзены асобны будынак для стралковага ціру. У дойлідстве комплексу спалучаюцца сучасныя дынамічныя формы заходніх тырбун з аркадамі ўсходніх, паўночных, паўднёвых трыбун 1950-х гадоў і аркай галоўнага ўваходу, вырашаных у класічных формах. Па восі ўвахода на тэрыторыі стадыёна з боку вул. Ульянаўскай размешчаная дэкаратыўная скульптура "Бег" (1980 г., скульптар В. Занковіч). Новы сілуэт у гарадской забудове надаюць комплексу чатыры асвятляльныя мачты, размешчаныя звонку па перыметры трыбуны.


А.А. Воінаў, С.Дз. Філімонаў



МЕНСК. СЯДЗІБЫ ВАНЬКОВІЧАЎ


Помнікі сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Звязаны з жыццём і творчасцю беларускага мастака Ваньковіча.

Гарадская сядзіба пабудаваная ў гістарычным цэнтры (сучасная вул. Інтэрнацыянальная) на мяжы XVIII—XIX стст. Комплекс уключаў гасподу у стылі класіцызму, две афіцыны, гаспадарчыя пабудовы, фруктовы сад. Гаспода (№ 33) — аднапавярховы прастакутны ў плане драўляны будынак (з атынкаванымі сценамі, у пачатку XIX ст. частка паўночна-заходняй сцяны была мураванай) пастаўлены на каменны падмурак і накрыты высокім вальмавым дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны паўднёва-ўсходні фасад вылучаў васьмікалонны порцік з цэнтральным уваходам), завершаны трохкутным франтонам з паўцыркульным акном. Аналагічны порцік меў і паўночна-заходні фасад. Рытм фасадаў ствараецца прастакутнымі вокнамі ў абрамленні простых ліштваў і лапатак. Планіроўка анфіладна-калідорная. У інтэр’еры былі печы, дэкарыраваныя кафельнымі пліткамі. Гаспода і две афіцыны ўтваралі парадны двор-курданёр. Паўднёва-заходняя афіцына (№ 33а) — мураваная, двухпавярховая, прастакутная ў плане, накрытая аднасхільным дахам. Паўночна-ўсходняя афіцына (не захавалася, у пачатку XXI ст. зроблены муляж) — двухпавярховая (першы паверх мураваны, другі — драўляны), прастакутная ў плане, накрытая вальмавым дахам. У цэнтры яе паўночна-ўсходняга фасаду знаходзіўся пяцігранны эркер з вежападобным завяршэннем. Захавалася шырокая праезная брама. Помнік рэспубліканскага значэння.

Сельская сядзіба пабудаваная ў прыгарадзе Менску Вялікая Сляпянка (сучасная вул. Парніковая, 26). Комплекс уключаў мураваны палац, бакавыя флігелі (не зберагліся) і парк, перапланаваны ў 1896 г. садаводам В. Кроненбергам (уцалела частка геаметрычнай сеткі алей). Двухпавярховы Т-падобны ў плане палац з высокім цокалем накрыты пакатым двухсхільным дахам, закрытым парапетам. Тарцовыя сцены аформленыя трохкутнымі франтонамі. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам. У дэкаратыўнай аздобе дому выкарыстаны пілястры, прафіляваныя карнізы і інш. Унутраная планіроўка змененая.


А.М. Кулагін



МЕНСК. СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА № 4


Будынак узведзены ў 1939—40 гг. (дойлід Г. Якушка). У тыпалагічных і дойлідска-мастацкіх адносінах з’яўляецца характэрным прыкладам дойлідства 2-й паловы 1930-х гадоў. Чатырохпавярховы Г-падобны ў плане будынак. У кутняй частцы, падкрэсленай паўкруглай каланадай другога і трэцяга паверхаў, знаходзяцца вестыбюль-гардэроб і цэнтральная лесвіца. Ад вестыбюля і холаў другога і чацвертага паверхаў пад прастым кутом адыходзяць шырокія калідоры, уздоўж якіх з аднаго боку размешчаныя навучальныя, адміністрацыйныя і іншыя памяшканні. У тарцах — лесвіцы. Па ўсім перыметры галоўнага фасаду колерам і фактурай тынкоўкі вылучаны першы паверх, вырашаны ў выглядзе цокаля. Гладкія светлага колеру плоскасці сцен расчлянёныя мерным рытмам аконных праёмаў, завершаны карнізам простага профілю.

У 1979 г. рэканструяваны (дойліды В. Карака і В. Шылкоўскі): змененая планіроўка, з улікам рэльефу прыбудаваны новы шасціпавярховы корпус, актавая і спартыўная залы, басейн. Дойлідства новага аб’ёму вырашаная ў кантрасце са старым будынкам пры захаванні гарызантальных чляненняў.

Будынак школы — помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ТРАЕЦКІ ЗАЛАТАГОРСКІ КАСЦЁЛ (КАСЦЁЛ СВЯТОГА РОХА)


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1861—64 гг. з цэглы на былых каталіцкіх могілках Залатая горка (каля перакрыжавання сучасных пр-ту Ф. Скарыны з вул. Казлова). Аднанефавы аднавежавы прастакутны ў плане храм з пяціграннай апсідай, мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны двух'яруснай прастакутнай у плане вежай пад чатырохсхільным шатром. Па баках франтона — дэкаратыўныя вежачкі. Фасады будынку расчлянёны стылізаванымі трохпрыступкавымі контрфорсамі, а таксама стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход вырашаны ў выглядзе высокага спічастага парталу. Інтэр’ер пабудовы мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтральны неф і апсіда перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У нартэксе — крыжовае скляпенне. Унутраная наверхня сцен дэкарыраваная пілястрамі, якія абмежаваны карнізам. Пасля рэстаўрацыі (1983 г.) будынак касцёлу прыстасаваны пад залу камернай музыкі Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Пры уваходзе ў залу ўстаноўленая керамічная скульнтура "Музыка", у нішах былой крыпты — дэкаратыўныя скульптуры (народныя персанажы; паліваная кераміка; мастакі М. Байрачны, В. Прыешкін). У цэнтры алтару ўстаноўлены арган, па баках якога ў нішах — драўляныя скульптуры (скульптар Л. Давыдзенка). Вокны дэкарыраваныя арнаментальным вітражом.

У пачатку XXI ст. касцёл аддадзены вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.Ю. Пятросава



МЕНСК. ТРАЕЦКІ МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯНАК


Помнік дойлідства класіцызму. Існаваў у XVIII — пачатку XIX стст. Заснаваны ў 1630 г. Марынай Вяжэвіч на Траецкай гары (сучасная вул. М. Багдановіча, 1) пры драўлянай царкве (вядомая з XV ст.). Мураваны манастырскі будынак быў узведзены ў 1799—1800 гг. (дойлід Ф. Крамер): двухпавярховы, П-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Сіметрычны галоўны фасад быў падзелены карнізным поясам на два ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны трыма рызалітамі, завершанымі трохкутнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараўся прастакутнымі аконнымі праёмамі (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Памяшканні перакрытыя крыжовымі, калідоры — цыліндрычнымі скляпеннямі. Інтэр’еры на першым паверсе ўсходняга крыла былі ўпрыгожаныя насценнай размалёўкай (не захавалася). На поўнач ад манастыра знаходзілася брама-званіца. Пасля пажару 1809 г. манастырскі будынак быў адноўлены (дойлід М. Чахоўскі), з усходу да яго прыбудаваная галерэя.

У 1834 г. будынак прыстасаваны пад шпіталь гарадской бальніцы (дойлід К. Хршчановіч). Цяпер у ім размешчаны корпус 2-й гарадской клінічнай бальніцы. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Дзянісаў



МЕНСК. УНІВЕРСАЛЬНАЯ КРАМА "БЕЛАРУСЬ"


Пабудаваная ў 1978 г. (дойліды Я. Розанаў, Г. Аквілаў). Шасціпавярховы прастакутны ў плане будынак мае сіметрычнае аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Кампазіцыя выразных лаканічных фасадаў створаная мерным рытмам вертыкальных лапатак на вышыні 2—3-га паверхаў. У апрацоўцы будынку выкарыстаныя мармур, шкло, прафіляваны алюміній і інш. На 1—4-м паверхах размешчаныя гандлёвыя залы (плошча 7050 м2), злучаныя паміж сабою па цэнтры эскалатарамі і дзвюма бакавымі лесвіцамі, адміністрацыйныя, побытавыя і складскія памяшкані, кафэ, на 5—6-м паверхах — сталоўка, медпункт, цырульня, канферэнцзаля, адміністрацыйныя, складскія і іншыя памяшканні.



МЕНСК. УНІВЕРСІТЭЦКІ ГАРАДОК


Першыя карпусы БДУ (галоўны корпус і карпусы асобных факультэтаў) пабудаваныя ў 1928—31 гг. (дойліды I. Запарожац, Г. Лаўроў) па праекце, які быў адабраны ў выніку Усесаюзнага конкурсу (1926 г.). У аснове кампазіцыі комплексу — павільённы прынцып. Універсітэцкі гарадок фарміравалі трохпавярховыя будынкі сярод зялёных насаджэнняў. Простай і выразнай схеме будынкаў адпавядала лаканічнае па форме дойлідства фасадаў, пазбаўленых дэкору. Разбураныя ў ІІ Сусветную вайну будынкі адноўленыя ў 1945—49 гг., захаваная ўнутраная планіроўка, часткова змененыя фасады (дойлід С. Баткоўскі). У 1962 г. пабудаваны новы шасціпавярховы складанай канфігурацыі плана галоўны корпус (дойліды М. Бакланаў, А. Духан), у якім размешчаныя 330 аўдыторый, кабінеты, лабараторыі, актавая зала на 1000 месцаў, бібліятэка, чатыры чытальныя залы, спартовая зала. У вырашэнні галоўнага фасаду, які выходзіць на пл. Незалежнасці, выкарыстаны вертыкальныя чляненні—лапаткі, што адпавядае характару дойлідства размешчанага насупраць Дома ўраду. Па вул. Ленінградскай пабудаваны корпус хімічнага факультэту (дойлід Н. Дзяменцьева). У 1970-я гады за кальцавой дарогай у раёне в. Шчомысліца пабудаваны дзевяціпавярховы прастакутны ў плане корпус НДІ прыкладных фізічных праблем і радыёфізічнага факультэту (1974 г., дойлід П. Бяляеў), васьміпавярховы прастакутны ў плане навучальна-лабараторны корпус (1979 г., дойлід М. Вінаградаў), трынаццаціпавярховы будынак інтэрнату.

З 1992 г. вядзецца будаўніцтва новага універсітэцкага гарадку па адзіным генплане (кіраўнік аўтарскага калектыву дойлід А. Сабалеўскі). На тэрыторыі 150 га у раёне пр-ту Дзяржынскага і кальцавой дарогі будуць створаныя вучэбная, культурна-спартыўная, жылая і навукукова-вытворчая зоны.


А.А. Воінаў



МЕНСК. ФАБРЫКА-КУХНЯ


Пабудаваная ў 1936 г. па вул. Свярдлова. Мае рысы канструктывізму. У пасляваенныя гады некалькі разоў рэканструяваная. Зменены знешні выгляд і ўнутраная планіроўка. Мураваны двухпавярховы будынак з паўсклепам мае Г-падобны план са складаным аб’ёмам у кутняй частцы. Дойлідскае вырашэнне фасадаў заснаванае на ступеньчатым перападзе вышынь асобных частак і на кантрастным спалучзнні вялікіх аконных праёмаў з гладкімі атынкаванымі плоскасцямі сцен. Над выступаючым наперад паўцыркульным у плане барабанам уваходнай групы размешчаны высокі, меншага радыуса ліхтар лесвічнай клеткі. Над аб’ёмам рэстарану "Папараць-кветка" ўзвышаецца вузкі (на шырыню барабану лесвічнай клеткі) трэці паверх банкетнай залы, аконныя праёмы якой завершаныя шырокімі казыркамі на жалезабетонных кансолях. У канструкцыйна-планіровачную аснову збудавання пакладзеная трохпралётная сетка калон з нясучымі знешнімі сценамі. Перакрыцці першага паверху зробленыя з маналітнага жалезабетону. Інтэр’еры залаў рэстарану і дыетычнай сталовай выкананыя па праектах, распрацаваных у інстытуце "Белдзіпрагандаль" (1974 г., 1977 г., дойліды Л. Мельнік, Г. Сысоеў). Шырока выкарыстаныя дрэва, метал, дэкаратыўнае шкло і іншыя сучасныя аддзелачныя матэрыялы. Вестыбюль рэстарану ўпрыгожаны дэкаратыўным газонамі.

Будынак фабрыкі-кухні — помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін



МЕНСК. ЦАРКВА АЛЯКСАНДРА НЕЎСКАГА


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1898 г. на Вайсковых могілках як храм-помнік у гонар перамогі ў руска-турэцкай вайне 1877—78 гг.. Мураваны крыжова-купальны чатырохслуповы трохнефавы храм з трохграннай апсідай. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, у цэнтры якой узвышаецца масіўны купал на васьмігранным барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Дамінантай кампазіцыі з’яўляецца высокая двух'ярусная званіца з шатровым пакрыццём, размешчаная над бабінцам. Багатую пластыку фасадам царквы надаюць аркатурныя паясы, складаныя дэкаратыўныя арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, разеткі, складана-прафіляваны карніз, арнаментальны фрыз. У інтэр’еры цэнтральны неф раскрываецца ў бакавыя арачнымі праёмамі. У бабінцы пры ўваходзе ў цэнтральны неф — мемарыяльныя дошкі з імёнамі воінаў-беларусаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палку, якія загінулі пад Плеўнай (Балгарыя).

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская



МЕНСК. ЦАРКВА СВЯТОЙ МАРЫІ МАГДАЛІНЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1847 г. на паўночнай ускраіне гораду на былых Старажоўскіх могілках (сучасная вул. Кісялёва). Першапачаткова мураваны аднакупальны сіметрычны па кампазіцыі трохнефавы аднаапсідны храм. Да асноўнага прастакутнага ў плане аб’ёму далучаны з усходняга боку прастакутная апсіда, з заходняга — прытвор. У цэнтры асноўнага аб’ёму на светлавым цыліндрычным барабане ўзвышаўся вялікі купал. Сцены фасадаў расчлянёныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і дэкарыраваныя пілястрамі. Па перыметры будынку праходзіць тонкапрафіляваны карніз. Перакрыцці крыжовыя (захаваліся), цыліндрычныя. Царква перабудаваная: апсіда закрыта чатырохкалонным порцікам (завершаны трохкутным франтонам), пастаўлены на высокі цокаль. У 1940—50-я гады прыстасаваны пад Цэнтральны дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў БССР (размяшчаўся ў 1946—86 гг.). У канцы ХІХ ст. перад царквой пабудаваная брама з цэглы (захавалася з часткай агароджы). Аднапралётная манументальная брама кампазіцыйна падкрэслівала галоўны ўваход у царкву. Дэкарыраваная пілястрамі, арачнымі нішамі (у іх знаходзіліся скульптуры), валютамі, завершаная развітым шматпрафіляваным карнізам. Над арачным праёмам узвышаецца дэкаратыўны атык, завершаны фігурным франтонам з невялікай лучковай галоўкай.

У 1990 г. царква перададзена вернікам, дзейнічае.


Т.І. Чарняўская



МЕНСК. ЦАРКВА СВЯТОГА ДУХА I МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН


Помнік дойлідства рэнесансу. Заснаваны ў 1616 г. у Менску на Верхнім рынку. Займаў тэрыторыю паміж сучаснымі пл. Свабоды, вул. Інтэрнацыянальнай і Энгельса. Комплекс уключаў будынак царквы (зруйнаваная, адноўленая ў 2011 г.), жылы манастырскі корпус, гаспадарчыя пабудовы, быў абнесены мураванай сцяной; выкарыстоўваўся таксама ў абарончых мэтах. На паўночным усходзе знаходзіўся Святадухаўскі манастыр базыльянак, які злучаўся з царквою крытай галерэяй.

Царква Святога Духа (закладзеная пасля 1636 г.) — аднанефавы бязвежавы храм, накрыты высокім двухсхільным дахам (тарцы былі закрыты аднолькавымі па вышыні і канфігурацыі шчытамі) з пяціграннай алтарнай апсідай. Галоўны фасад быў падзелены чатырма пілястрамі карынфскага ордэру на тры часткі. У цэнтральнай знаходзіўся партал, над ім — паўцыркульнае акно з ляпнымі ліштвамі, абапал якога былі плоскія нішы аналагічнай формы. Тарэц даху закрываў высокі трох’ярусны шчыт з валютамі, аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Ярусы шчыта шчыльна размешчаныя, расчлянялі пілястры, прамежкі паміж якімі і плоскія арачныя нішы былі запоўнены выявамі святых. Сцены бакавых фасадаў царквы праразалі вялікія стральчатыя вокны. Унутры неф перакрыты крыжовымі скляпеннямі, якія апіраліся на масіўныя ўнутраныя контрфорсы. Інтэр’еры царквы ўпрыгожаныя пяццю драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі. На хорах быў арган (майстар Людзвіг Клімовіч, 1779 г.). У 2-й палове XVII ст. інтэр’еры рэканструяваныя (майстры муляр Рыгор Сніджнецкі, мазаічнік Ян Будрэвіч). З 1795 г. вядома як Петрапаўлаўскі сабор. Пасля пажару 1835 г. перабудаваная ў псеўдарускім стылі (1846—50 гг., дойлід Густаў Валерт). Новы іканастас зроблены Іванам Ягоравым, абразы — Фёдарам Бруні і Гаўрылам Зубковым. Рэканструяваны ў 1895—97 гг. (дойліды Я. Марозаў, В. Струеў). Узарваная ў 1936 г., адбудаваная ў 2011 г.

З паўднёвага усходу да царквы прымыкаў двухпавярховы прастакутны ў плане манастырскі корпус, асноўныя памяшканні якога былі перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, калідоры — цыліндрычнымі. Да 1799 г. у ім знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага архіепіскапа, потым перабудаваны ў дваранскае вучылішча (дойлід Ф. Крамер), якое ў 1803 г. ператворанае ў мужчынскую гімназію. У 1852 г. корпус быў перабудаваны і прыстасаваны для размяшчзння прысутных месцаў.

Прысутныя месцы, помнік дойлідства позняга класіцызму. Узведзеныя ў 1852 г. (дойліды Л. Садоўскі, К. Хршчановіч) на Высокім рынку (сучасная пл. Свабоды). Трохпавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак замкнёнай кампазіцыі ўтварае ў цэнтры невялікі ўнутраны двор. Сцены падзеленыя суцэльным карнізным поясам на ярусы (верхні ўключае другіі і трэці паверхі), завершаны трыгліфным фрызам і карнізам на дэнтыкулах. Вокны другога паверху аздобленыя ліштвамі, плоскімі сандрыкамі на кансолях. Цэнтр галоўнага фасаду вылучаны несапраўдным рызалітам, руставаным у ніжнім ярусе, і завершаны ступеньчатым атыкам. На першым паверсе размяшчаліся архівы, губернская друкарня, канцылярскія пакоі, на другім і трэцім (планіроўка анфіладна-калідорная) — памяшканні акруговага суду, натарыяльнай канторы, кабінеты пракурора, віцэ-губернатара, аддзяленні. З 1918 г. будынак вядомы як Дом працы (тут знаходзіліся прафсаюзныя арганізацыі і Наркамат працы БССР), з 1923 г. — Цэнтральны рабочы клуб "Чырвоны прафінтэрн". Цяпер у будынку размяшчаецца Менскі абластны савет прафсаюзаў. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.М. Дзянісаў, Л.У. Іванова, В.Р. Кукуня, Ю.А. Якімовіч



МЕНСК. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЕТРА І ПАЎЛА

 

Помнік дойлідства з элементамі рэнесансу і барока. У 1612—13 гг. на скрыжаванні вул. Нямігі і Ракаўскай праваслаўным брацтвам было распачата будаўніцтва мураванай царквы і манастыра, якія да пачатку 1620 г. былі збудаваныя. У 1795 г. рэканструявана і перайменавана ў Кацярыненскую. У 1870—71 гг. перабудаваная: зроблены купал на квадратным пастаменце, пабудаваныя новыя трох’ярусныя чатырохгранныя шатровыя вежы на галоўным фасадзе. Перабудовы рабілі і ў канцы XIX ст.: быў зняты купал і зменены галоўны фасад, да заходняга фасаду зробленая прыбудоўка. Мураваная трохнефавая шасцістаўповая базіліка з пяціграннай апсідай і дзвюма вежамі. Галоўны фасад трохчасткавы: цэнтральная частка завершаная высокім трохкутным франтонам, над уваходам вялікае паўцыркульнае вакно; две бакавыя часткі дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркульнага і прастакутнага абрысу, фланкіраваны трох’яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаныя шлемападобнымі купаламі. Над апсідай — франтон асноўнага аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваныя высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах размешчаныя спараныя паўцыркульныя вокны, якія асвятляюць бакавыя і цэнтральны нефы. Сцены завершаныя тонкапрафіляваным карнізам. У інтэр’еры цэнтральны неф мае цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовыя. Побач з царквой захаваўся царкоўны дом XIX ст. (вул. Астроўскага, 2). Храм пашкоджаны ў ІІ Сусветную вайну. У 1972—79 гг. рэстаўраваны паводле праекту Менскіх навукова-рэстаўрацыйных і вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры БССР (дойлід А.I. Курто).


У будынку былі размешчаныя Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З чэрвеня 1991 г. аддадзены вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.І. Чарняўская



МЕНСК. ЦЫРК


Пабудаваны ў 1959 г. (дойлід В. Жукаў) на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметру (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і пр-ту Ф. Скарыны. трохпавярховы прастакутны ў плане аб’ём накрыты сферычным купалам. Галоўны фасад вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэру. Сцены па перыметры будынку аздоблены пілястрамі. Глядзельная зала на 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам, мае арэну (дыяметр 13 м). Вакол відовішчнай часткі знаходзяцца фае і гардэробы, службовыя памяшканні.

Рэканструяваны напачатку XXI ст. Ззаду дабудаваны другі корпус, пабач — аднапавярховы касавы павільён.


А.Л. Воінаў



МЕНСК. ЧЫГУНАЧНЫ ВАКЗАЛ


У 1871—74 гг. пабудаваныя драўляныя павільёны пасажырскага вакзала Лібава-Роменскай чыгункі (так званы Віленскі вакзал), у 1890 г. на іх месцы ўздоўж чыгуначнага палатна ўзведзены мураваны аднапавярховы будынак. Строга сіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынку складалася з цэнтральнага аб’ёму з галоўным уваходам, вестыбюлем, аперацыйнай залай і бакавых крылаў з заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі. Галоўны ўваход цэнтральнай часткі быў вылучаны двухпавярховымі рызалітамі з вежамі. Перад вакзалам сфармавалася плошча, забудаваная 1—3-павярховымі дамамі; дамінантай забудовы з’яўлялася воданапорная вежа. У 1940 г. вакзал быў рэканструяваны (дойлід I. Рачанік); надбудаваны другі паверх над цэнтральным і бакавымі часткамі. У кампазіцыі вылучалася больш высокая цэнтральная частка, вялікі арачны вітраж якой завяршаў трохкутны франтон. Пластыку фасадаў па ўсім перыметры ўзбагачаў рытм пілястраў, паміж якімі на першым паверсе арачныя, на другім — прастакутныя спараныя вокны. Сцены, аздобленыя тынкоўкай пад руст, завяршаў развіты карніз. У ІІ Сусветную вайну вакзал разбураны, у 1949 г. адноўлены. Вонкавае аблічча будынку захаванае, адбыліся невялікія змены ў планіроўцы. У пачатку 1960-х гадоў змененая планіроўка і афармленне інтэр’ераў. У 1955 г. пабудаваны касавы павільён с (дойліды С. Баткоўскі, Н. Шпігельман). У сярэдзіне 1950-х гадоў склалася сучасная забудова Прывакзальнай плошчы. У 1964 г. пабудаваны тунель, праз які ажыццяўляецца выхад на пасадачныя платформы. З канца 1980-х гадоў вядзецца рэканструкцыя старых і ўзвядзенне новых будынкаў.

У 1991 г. галоўны корпус вакзалу разбураны, узведзеныя новыя будынкі: шматпавярховы службова-адміністрацыйны корпус і зал чакання для пасажыраў.



МІЁРЫ (МЁРЫ)


Горад, цэнтр Міёрскага р-ну, на беразе Міёрскага возера. За 190 км на паўночны захад ад Віцебску. Вядомыя з 1567 г. як мястэчка Мёры (назва існавала да ХІХ ст.) у Браслаўскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Належалі магнатам Мірскім, Перасвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам. У XVII ст. — невялікае паселішча з царквой (закладзеная ў 1621 г.). З 1-й паловы XVII ст. існаваў праваслаўны манастыр (з 1689 г. уніяцкі). У 1691 г. пабудаваны касцёл (існаваў да 1862 г.). З 1793 г. ў складзе Расейскай імперыі; мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага павету Менскай, з 1842 г. Віленскай губерніі. У канцы ХІХ ст. две школы, два кірмашы на год. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводства. Да 1931 г. дзейнічала запалкавая фабрыка. З 1939 г. у БССР. З 1940 г. цэнтр раёну Вілейскай вобл. З 1957 г. гарадскі пасёлак. 1,9 тыс. жыхароў у 1959 г., 5,7 тыс. — у 1970 г. З 1972 г. — горад.

Планіровачная структура гораду кампактная, сетка вуліц прастакутная з дробнымі кварталамі. Генпланы распрацаваныя ў 1971 г. (Віцебская філія інстытуту "Белдзяржпраект") і ў 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Камуністычная і Дзяржынскага. На іх скрыжаванні ўтвораны адміністрацыйна-грамадскі цэнтр гораду — пл. Леніна. На скрыжаванні вуліц Кастрычніцкай і Леніна сфармавана пл. Свабоды. Забудова гораду пераважна аднапавярховая сядзібнага тыпу, будуюцца 2—5-павярховыя дамы. Сфармаваліся паўнёва-заходняя і ўсходняя прамысловыя зоны. Зона адпачынку — воз. Міёрскае, парк на яго беразе. Збярогся помнік дойлідства пачатку ХХ ст. — Успенскі касцёл.

Прадугледжваецца функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, расшырэнне грамадскага цэнтру і стварэнне двух падцэнтраў, будаўніутва 2—5-павярховых капітальных і катэджавых дамоу у цэнтральнай і паўночнай, аднапавярховых — у паўночна-ўсходняй частках гораду, расшырэнне зоны адпачынку.


Л.С. Патапаў



МІЁРЫ. КАСЦЁЛ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1907 г. з чырвонай цэглы ў г. Міёры Віцебскай вобл., на беразе Міёрскага возера. Манументальны трохнефавы дзвюхвежавы храм з пяціграннай апсідай, да якой з паўднёвага боку далучаная сакрысція. Фасады будынку з высокім цокалем рытмічна расчлянёныя ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Вось сіметрыі галоўнага фасаду падкрэсленая ўваходным парталам і акном-"ружай". Трох'ярусныя вежы завершаныя высокімі шпілямі, раскрапаваныя вузкімі нішамі. Вежа-"ліхтар" завяршае цэнтральны аркатурны шчыт. Нефы перакрытыя стральчатымі скляпеннямі.

Касцёл дзейнічае.

 

А.М. Кулагін



МІЛАВІДЫ. МЕМАРЫЯЛЬНАЯ КАПЛІЦА


Помнік дойлідства неакласіцызму. На Берасцейскай шашы, за 1,5 км ад в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н). Пабудаваная ў 1930—33 гг. у памяць аб Мілавідскай бітве 22.5.1863 г. паўстанцкіх аддзелаў з царскімі войскамі ў час паўстання 1863—64 гг. Капліца — цэнтрычнае збудаванне: на квадратным у плане цокалі ўстаноўленыя чатыры калоны, якія нясуць пліту антаблементу; у завяршэнні сферычны гранёны купал з ажурным крыжам. Унутраная прастора абмежаваная міжкалоннымі арачнымі прасценкамі. На цокалі і пастаменце — памятныя надпісы.


А.М. Кулагін



МІЛАВІДЫ. ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ

 

Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная паводле ўзорнага праекту 1846 г. на ўскраіне в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н), на шашы Івацэвічы — Слуацк. Складаецца з трох мураваных прастакутных, накрытых вальмавымі дахамі будынкаў, якія ўтвараюць цэласную сіметрычную П-падобную ў плане кампазіцыю. Цэнтральны будынак павернуты да шашы галоўным падоўжаным фасадам; уваход падкрэслены рызалітам, які завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі і трохкутным франтонам. Бакавыя будынкі пастаўленыя да шашы тарцамі. У цэнтральным будынку знаходзіліся жылыя памяшканні для падарожікаў, кухня, кватэра наглядчыка, у бакавых — вазоўня і пуня.

Зараз станцыя выкарыстоўваецца як рамонтна-дарожная ўстанова.



МІР


Гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не, на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 220 км ад Гародні. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1395 г.. Уваходзіў у Наваградскае ваяводства Вялікага княства Літоўскага, належаў Вялікім князям, з 1434 г. — Гедыголдавічам, з 1495 г. — магнатам Ільінічам, з 1569 г. — Радзівілам, з 1589 г. у Нясвіжскай ардынацыі. У 1579 г. атрымаў няпоўнае магдэбургскае права. У XVI ст. пабудаваны замак, на рыначнай плошчы — гандлёвыя рады, Траецкая царква, у 1599—1605 гг. Мікалаеўскі касцёл. У XVII—XVIII стст. — буйны гандлёвы цэнтр. У XV ст. ўяўляў сабой умацаваны магнацкі двор з невялікім паселішчам каля яго. Пры Ільінічах паселішча разраслося ў горад, які ў сярэдзіне XVI ст. падзяляўся на старую і новую часткі. Новы горад утвораны з Слонімскага і Менскага прадмесцяў за межамі гарадскіх умацаванняў. У 1557 г. меў 26 пляцаў (стандартным лічыўся пляц у 5 прэнтаў) сядзібнай зямлі, 206 прэнтаў гуменнай і 1467 прэнтаў агароднай; пабудаваныя ратуша, базыльянскі манастыр са школай, капліца ў памяць аб ахвярах эпідэміі (1625 г.). У цэнтры старой часткі знаходзілася выцягнутая прастакутная ў плане гандлёвая плошча з 109 крамамі і важніцай, якія складалі два паралельныя рады забудовы. Жылыя дамы (40 пляцаў) абкружалі рынак з трох бакоў. Ад плошчы ў радыяльных напрамках адыходзілі вуліцы Анічыцкая (Слонімская), Віленская, Высокая і Менская, якія заканчваліся брамамі, што прарэзвалі гарадскі вал у магістральных напрамках. Акрамя іх, існавала вул. Татарская, якая ішла ад Менскай брамы ўздоўж валу. Усяго ў старым горадзе было 228 "дымоў". Новы горад меў тры прадмесці і тры асобныя вуліцы, якія не складалі адзінага планіровачнага арганізма (уключалі 221 дваровы ўчастак). Усяго ў горадзе налічвалася 450 участкаў, але забудаваных двароў было толькі 295. Планіроўка мела радыяльна-веерны характар. Агароды і гумны размяшчаліся асобна ад сялібнай тэрыторыі, на спецыяльна адведзеных землях. У 2-й палове XVII ст. 478 двароў. У XVII ст. на поўдзень ад замку закладзены парк, дзе ў пачатку ХХ ст. пабудаваная капліца. У канцы XVIII ст. 418 двароў. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Наваградскага павету. З 1828 г. уладанне князёў Вітгенштэйнаў. Паводле плану 1821 г. на прастакутную гандлёвую плошчу выходзілі пяць вуліц (большасць з іх з поўначы на поўдзень). У канцы XIX ст. было каля 280 двароў, 5401 жыхар (1897 г.), мужчынскае і жаночае сельскія вучылішчы, две царквы, паштовая станцыя, 76 крам, тры кірмашы на год. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Нясвіжскага, з 1926 г. Стоўбцаўскага павету. З 1939 г. у БССР. З 1940 гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. З 17.12.1956 г. у Карэліцкім р-не.

Сучасны пасёлак найбольш поўна захаваў рысы, характэрныя для беларускіх прыватнаўласніцкіх мястэчкаў: старажытную гарадскую планіроўку і размешчаны на ўскраіне замак, які разам з старажытным паркам, пасёлкам і прыродным ландшафтам складае адзіны гістарычны дойлідска-ландшафтны ансамбль — замкава-паркавы комплекс. Тэрыторыя пасёлку падзеленая дарогамі, ракой і ручаём на паўночна-заходнюю, заходнюю (сялібная зона) і ўсходнюю (палацава-паркавы комплекс) часткі. Планіровачная структура захавала прастакутную сетку вуліц, якія ўтвараюць дробныя кварталы з малапавярховай драўлянай забудовай. Асноўныя вуліцы — Чырвонаармейская (галоўная), Танкістаў, 1 Мая, 17 Верасня, Кірава. У цэнтры пасёлку, на перакрыжаванні асноўных вуліц, склалася гістарычнае ядро — гандлёвая плошча, якую фармуюць каменныя пабудовы ХІХ — пачатку ХХ ст., Траецкая царква з паўночыага і Мікалаеўскі касцёл з паўдднёвага бакоў. Грамадскі цэнтр склаўся па вул. Чырвонаармейскай (гарпасялковы Савет народных дэпутатаў, камбінат побытавага абслугоўвання, сталоўка, рэстаран, крамы, Дом культуры, аўтавакзал і інш.). У 1970-я гады пасёлак забудоўваўся паводле генплану 1971 г. (БелНДідзіпрасельбуд).

Адпаведна генплану 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Р. Шэліхава, Т. Пракаповіч, інжынеры У. Ермаліцкі, Н. Галавацкая) далейшае тэрытарыяльнае развіццё ажыццяўляецца ў паўночным напрамку. Капітальнае 2—3-павярховае жыллёвае будаўніцтва прадугледжанае на свабодных тэрыторыях у заходняй і паўночна-заходняй частках пасёлку, індывідуальнае — у паўночнай частцы ўздоўж вул. Кірава. Вытворчая зона фармуецца на паўднёвым захадзе. Праект дэталёвай планіроўкі цэнтру 1983 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Л. Гітлін, С. Слабадніцкая, інжынер В. Пузік) прадугледжвае фармаванне гістарычнага цэнтру ў дойлідска-прасторавым і кампазіцыйным адзінстве з гістарычнымі зонамі гандлёвай плошчы і замку разам з навакольным ландшафтам. Мяркуецца аднавіць у першапачатковым выглядзе забудову ў раёне гандлёвай плошчы, узбагаціўшы яе кварталамі стылізаваных жылых дамоў. Сістэма зялёных насаджэнняў вырашаецца стварэннем водна-зялёнага дыяметра ўздоўж р. Уша з выхадам у гістарычную зону і зону адпачынку.


Ю.А. Якімовіч, С.Ф. Самбук



МІР. ЗАМКАВА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС


Помнік дойлідства XVI — пачатку ХХ стст. Пабудаваны ў пачатку XVI ст. ў г.п. Мір (Карэліцкі р-н) магнацкім родам Ільінічаў. З 1508 г. належаў Радзівілам, у 2-й палове XIX ст. — Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк і капліцу-пахавальню (глядзі артыкул "Мір. Капліца").

Замак спачатку быў мураванай крэпасцю (з унутраным дваром, блізкім у плане да квадрата з бокам каля 75 м), абнесенай з заходняга і паўночнага бакоў абарончымі сценамі (вышыня з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з пяціяруснымі вежамі па кутах, з усходяга і паўднёвага бакоў — двухпавярховым цагляным збудаваннем. Замак быў абкружаны землянымі валамі вышынёю каля 10 м і ровам з вадой. Пасярэдзіне заходняй сцяны знаходзілася пятая, шасціярусная вежа-брама, якая мела герсу (?), пад’ёмны мост і барбакан. У гэтай вежы размяшчалася прыстасаванне для падвескі звона, на другім ярусе — капліца, у сутарэннях — астрог. Вежы (вышыня 25—27 м) выходзяць за межы сцен, да 1/2-1/3 вышьші маюць чатырохграннае сячэнне, вышэй — васьміграннае, накрытыя шатрамі, прарэзаныя байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўдёвая і паўночна-заходняя вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Дэкаратыўнае вырашэнне заснаванае на кантрасце чырвоных цагляных сцен і белых атынкаваных нішаў з разнастайнымі арачнымі завяршэннямі. Найбольш багата аздобленая паўднёва-заходняя вежа. Паміж сабой вежы злучаныя сценамі, унізе змураванымі з бутавага каменю, уверсе — з цэглы, вонкавыя сцены багата арнаментаваныя парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Дойлідства замку XVI ст. мае рысы позняй беларускай готыкі.

У 1580—90-я гады замак перабудаваны ў стылі рэнесансу пад загарадную княжацкую рэзідэнцыю (будаўнік М. Збароўскі). Да паўднёвай і ўсходняй сцен дабудаваны трохпавярховы палац — першапачаткова аднапавярховы корпус са скляпеністымі памяшканнямі і падваламі. Вежы былі прыстасаваныя пад жыллё, уздоўж заходняй і паўдёвай сцен пастаўленыя гаспадарчыя пабудовы (кухня, стайня). Да 1616 г. да палацу былі надбудаваныя яшчэ два паверхі ў стылі рэнесансу. У яго сутарэннях і на першым паверсе размяшчаліся гаспадарчыя памяшканні, на другім — службовыя, на трэцім — княжацкія пакоі. Усяго палац меў каля сарака пакояў, аздобленых лепкай. Сцены і вежы былі звонку атынкаваныя. Вокны, дзверы, ганкі ўпрыгожаныя разнымі дэталямі. У вежы-браме размешчаны гадзіннік са званамі, перад уваходам пабудаванае дадатковае паўкруглае ўмацаванне з асобнай брамай і рэнесансным разным парталам (барбакан).

Замак з’яўляўся адміністрацыйным цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. Замак быў пашкоджаны ў выніку аблог 1655 г. і 1706 г. Адноўлены ў пачатку XVIII ст. (пры гэтым зніклі рэнесансныя дэталі). Пакоі былі багата аздобленыя прадметамі раскошы, большасць з якіх выраблялася на радзівілаўскіх мануфактурах. Замак моцна разбураны ў 1794 г. У канцы XVIII ст. заняпаў. У 1812 г. пад сценамі замку адбыўся бой паміж французскай кавалерыяй маршала Даву і ар’ергардам 2-й расейскай арміі — казацкай конніцай М. Платава. Была ўзарваная паўночна-ўсходняя вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены.

У 1870-я гады праведзеныя першыя работы па захаванні замку як помніка старажытнасці. У 1920—30-я гады часткова адноўлены. З 1969 г. праводзілася частковая кансервацыя і навуковыя даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982 г., дойліды В. Атас, С. Верамейчык, В. Калнін, навуковыя супрацоўнікі А. Трусаў, Л. Трэпет; Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні Міністэрства культуры Беларусі). Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі замку праводзіліся ў 1912 г. Ю. Ядкоўскім, у 1972 г. М. Ткачовым, у 1980—84 гг. А. Трусавым (у 1982 г. разам з I. Чарняўскім).

Замак пабудаваны на гліняна-пясчанай падсыпцы таўшчынёй 0,2—1 м. Раней тут было паселішча 2-й паловы XV ст. Культурны пласт замчышча ад 0,2 м каля валоў да 2 м каля сцен. У выніку раскопак устаноўлена, што з тэракотавай і зялёнай паліванай кафлі выкладваліся печы ў службовых памяшканнях і жытлах прыслугі, з паліхромнай кафлі — печы княжацкіх пакояў. Выкарыстоўваліся сцянныя, кутнія, гзымсавыя, паясковыя кафлі, кафля-дахоўка, а таксама кафля-медальён. Знойдзеная вялікая колькасць керамічных, шкляных і металічных вырабаў (люлькі і посуд, келіхі і пляшкі, замкі і шпоры і інш.). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Музеі старажытнай беларускай культуры ІМЭФ АН Беларусі.

На поўдзень за замкавымі валамі створаны парк — так званы "Італійскі сад". Быў закладзены ў XVII ст. як рэгулярны парк італійскага тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Абсаджаны па перыметры ліпамі. У канцы ХІХ ст. створаны пейзажны парк (плошча каля 25 га), у кампазіцыю якога ўвайшлі рэшткі рэгулярнага парку ў заходняй частцы. Ландшафтная кампазіцыя ўсходняй часткі падзяляецца на тры зоны: у паўднёвай зоне штучны вадаём, абмежаваны з поўдня хваёвымі прысадамі, а з захаду насыпной дамбай; цэнтральная зона лугавая; у паўночнай зоне сканцэнтраваны асноўныя паркавыя насаджэнні. Галоўны шпацырны маршрут пачынаецца ад сцен замку, праходзіць цераз дамбу, па хваёвай алеі, па беразе вадаёму і падводзіць да палацу. У паўночнай частцы яшчэ тры шпацырныя маршруты. Лісцевыя пароды дрэў растуць у масівах, хваёвыя — асобнымі групамі. У парку шмат экзотаў: лістоўніца (сібірская, эўрапейская, шырокалускаватая), хвоя чорная, дугласія шэрая, чаромха віргінская, явар пенсільванскі, яблыня сібірская, дуб звычайны пірамідальны і інш. На ўсход ад замкава-палацавага комплексу знаходзіцца фальварак, на поўдні — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замку быў закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся да нашага часу і з’яўляецца унікальным збудаваннем беларускага дойлідства, у якім адлюстраваныя стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончага і палацавага дойлідства.

Вядзецца рэстаўрацыя (1991 г.). Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


В.В. Калнін, А.А. Трусаў, В.Р. Анціпаў, А.М. Кулагін



МІР. КАПЛІЦА-ПАХАВАЛЬНЯ


Помнік дойлідства мадэрну. Пабудаваная ў 1904 г. (дойлід Р. Марфельд) у г.п. Мір (Карэліцкі р-н) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальцікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Асноўны аб’ём прастакутны ў плане, са зрэзанымі з паўночнага боку кутамі і пяціграннай апсідай. Галоўны фасад мае асіметрычна-дынамічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, дамінантай якой з’яўляецца вежа-званіца (трох'ярусная, чатырохгранная завершаная купалам). Галоўны фасад раскрапаваны рызалітам і аздоблены вялікім паліхромным (сіні, вохрысты, залацісты колеры) мазаічным пано "Хрыстос Уседзяржыцель" і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал уваходу размешчаны ў нізкім прытворы з кутнімі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрытая самкнутым чатырохгранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай, асвятляецца двума высокімі арачнымі вокнамі. Крыпта мае крыжовыя скляпенні на падпружных арках і злучаная з ярусамі вежы драўлянымі вітымі ўсходамі. У зале і крыпце грубкі, абліцаваныя кафляй.

Капліца не дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



МІР. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства рэнесансу. Пабудаваны ў г.п. Мір (Карэліцкі р-н) у 1599—1605 гг. У 1587 г. на гэтым месцы па фундацыі М.К. Радзівіла Сіроткі пабудаваны драўляны касцёл, асвячоны віленскім біскупам Ю. Радзівілам. У 1599 г. касцёл быў разабраны і закладзены мураваны, 21.8.1605 г. асвячоны віленскім біскупам Б. Войнам. У 1710 г. касцёл адноўлены, узведзены мураваны алтар у стылі барока, адліты вялікі звон у гонар перамогі над шведамі ў Паўночнай вайне. Пры касцёле існавалі школа і шпіталь Святога Эскулапа (заснаваныя М.К. Радзівілам Сіроткам у 1610 г.), мелася мураваная двухпавярховая плябанія (1609—1880 гг.). У 1865 г. касцёл быў прыстасаваны пад царкву. Храм — мураваная трохнефавая трохвежавая базіліка. Цэнтральны неф з паўкруглым прэсбітэрыем раней завяршаўся на галоўным фасадзе вялікай квадратнай у плане чатырох’яруснай вежай з шатровым дахам (захаваліся два ярусы). Вежа падзялялася прафіляванымі карнізамі на ярусы, аздобленыя глыбокімі нішамі. Бакавыя нефы на галоўным фасадзе завершаныя круглымі ў плане вежачкамі з вітымі ўсходамі, з боку алтарнай часткі — закругленымі ў плане сакрысціямі, абапал якіх — больш высокія гранёныя аб’ёмы, што нагадваюць трансепт. Бакавыя фасады, пазбаўленыя дэкору, прарэзаныя высокімі аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Дзверы аздобленыя мастацкай акоўкай. Унутры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным з распалубкай, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. На другім ярусе вежы хоры для аргана. Пад будынкам знаходзіцца капліца-пахавальня.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



МІР. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства XVI—XIX стст. Пабудаваная ў г.п. Мір (Карэліцкі р-н) паміж 1533—50 гг. як царква базыльянскага манастыра, перабудаваная пасля пажару 1865 г. у рэтраспектыўна-рускім стылі. Мураваны пяцікупальны храм падоўжна-восевай кампазіцыі ўключае амаль квадратны ў плане асноўны аб’ём, паўкруглую апсіду з рызніцай і прастакутны бабінец, да якога ў 1870-я гады прыбудаваная трох’ярусная вежа-званіца (васьмярык на двух чацверыках) з мураваным першым, драўлянымі другім і трэцім ярусамі, завершаная васьмігранным шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане. Да пабудоў 1870-х гадоў адносяцца і пяць несапраўдных купалоў над асноўным аб’ёмам. Асноўны аб’ём накрыты чатырохсхільным дахам і мае ў завяршэнні дэкаратыўнае пяцігалоўе. Апсіда накрытая паўавальным, бабінец — двухсхільным дахамі. Вокны круглыя і прастакутныя з арачнымі завяршэннямі.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


В.М. Чарнатаў



МІХАЛІШКІ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА (АЎГУСЦІНЦАЎ)


Помнік дойлідства ранняга барока. Пабудаваны ў 1653 г. з цэглы (дойлід К. Пенс) у в. Міхалішкі (Астравецкі р-н), на левым беразе р. Вілія. Двухвежавы аднанефавы храм з пяціграннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі накрыты двухсхільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай часткі, апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэту будынку. Галоўны фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохкутным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзеленыя на два ярусы карнізам, які праходзіць па усім перыметры касцёлу. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаныя арачнымі вокнамі. Зала храму перакрытая цыліндрычным скляпеннем на распалубках, якое апіраецца на капітэлі пілонаў. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Бакавыя сцены дэкарыраваныя васьмю стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, дванаццаццю скульптурнымі выявамі апосталаў на пілонах, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананыя ў канцы XVII ст. арцеллю італійскіх і мясцовых майстроў на чале з фларэнційскім мастаком П. Перці і Жылевічам). У нішах першага ярусу галоўнага алтару паміж вітымі калонамі скульптурныя выявы епіскапаў, на другім — пуцці. Бакавыя алтары акаймаваныя барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот (сірэны, драконы і інш.). Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. Высокім мастацкім узроўнем вылучаюцца жалезныя каваныя рашоткі ў капліцах Святога Іосіфа (XVIII ст.) і Ісуса Хрыста (ХІХ ст.).

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



МІХАЛКІ. ЦАРКВА


Існавала ў XVIII — пачатку ХХ ст. ў в. Міхалкі (Мазырскі р-н). Глыбінна-прасторавую кампазіцыю ўтваралі тры квадратныя ў плане, размешчаныя па падоўжнай восі драўляныя зру6ы: асноўны, бабінец і пяцігранная алтарная апсіда (з дзвюма прыбудовамі абапал). Зрубы завяршаліся трохяруснымі вярхамі (два васьмерыкі на чацверыку над асноўным аб’ёмам і бабінцам і васьмерыкі над апсідай). Звонку царква была ашаляваная, сцены прарэзаны прастакутнымі аконнымі праёмамі. Для збудавання характэрна своеасаблівая сістэма прапорцый: дыяганаль асноўнага аб’ёму ў плане раўнялася суме дыяганалей бабінца і апсіды, вышыня цэнтральнага верху вызначалася агульнай даўжынёй плану царквы, вышыні бакавых вярхоў складалі дыяганаль прастакутніка, у які ўпісваліся асноўны і алтарны зрубы. Агульная вышыня каля 19 м. У пачатку XX ст. перад галоўным уваходам прыбудаваны тамбур каркаснай канструкцыі, накрыты двухсхільным дахам.

Не збераглася.


Ю.А. Якімовіч



МОЛАДАВА. КАПЛІЦА-ПАХАВАЛЬНЯ


Помнік дойлідства неакласіцызму. Пабудаваная ў 1905—08 гг. (праект віленскага дойліда Т. Раствароўскага) у в. Моладава (Іванаўскі р-н) пры галоўным уездзе ў сядзібна-паркавы ансамбль Скірмунтаў (не захаваўся). Мураваны цэнтрычны храм-ратонда (дыяметр 8 м) завершаны сферычным купалам. Ніжэйшая за астатні аб’ём прастакутная, раскрапаваная пілястрамі апсіда і дарычныя порцікі з трох бакоў надаюць плану крыжападобную форму. Апрацаваны гарызантальным рустам цыліндрычны аб’ём завершаны шырокім фрызам з поясам ляпных гірлянд і карнізам з сухарыкамі і мадульёнамі. Тымланы франтонаў і ліштвы акон (мелі каляровыя вітражы) аздобленыя ляпным раслінным арнаментам. У інтэр’еры сцены рытмічна раскрапаваныя пілястрамі і завершаныя па перыметры карнізам. У алтары была ўстаноўленая беламармуровая скульптура Хрыста, створаная скульптарам Броцкім (не захавалася).

Аздабленне інтэр’еру не збераглося. Цяпер у ёй склад трактарных запчастак. Помнік рэспубліканскага значэння.


Л.М. Кулагін



МОЛАДАВА. ПАЛАЦ


Існаваў у канцы XVIII — пачатку ХХ ст. ў в. Моладава (Іванаўскі р-н). Пабудаваны ў 1798 г. паводле праекту дойліда Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны аднапавярховы прастакутны ў плане на высокім цокалі будынак з трыма рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтральны рызаліт на галоўным фасадзе быў вылучаны дарычным порцікам з дзвюма парамі калон і трохкутным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — трохграннай галерэйкай з вальмавым пакрыцдём. Бакавыя рызаліты на галоўным і паркавым фасадах былі вылучаныя чатырохкалоннымі порцікамі з трохкутнымі франтонамі. Высокія прастакутныя вокны з франтончыкамі ў завяршэнні і скульптурнымі ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палацу стаяў мураваны аднапавярховы прастакутны ў плане флігель з порцікам на галоўным фасадзе. У 1908 г. непадалёку ад палацу пабудаваная капліца.


Ю.А. Якімовіч



МОСАР. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ГАННЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1792 у в. Мосар (Глыбоцкі р-н). Прастакутны выцягнуты па падоўжнай восі мураваны будынак накрыты двухсхільным дахам з трохкутнымі франтонамі на тарцах. Галоўны фасад аздоблены канеліраванымі пілястрамі, філёнгамі, паўкруглымі нішамі з скульптурай Святога Аконныя і дзвярныя праёмы прастакутныя, аздобленыя ліштвамі. Пры ўваходзе вылучаны вузкі нартэкс з бакавымі ўваходамі ў асноўную залу. Зала перакрытая люстраным скляпеннем з арнаментаванай размалёўкай. Алтарная сцяна дэкарыраваная канеліраванымі пілястрамі, дзесяццю філянговымі рамамі з ляпнымі барэльефнымі выявамі евангелістаў. Сцены завершаныя па перыметры магутным антаблементам, які мае фрыз з трыгліфамі і ляпнымі гірляндамі, карнізам з сухарыкамі. З паўднёва-заходняга боку ад касцёлу стаіць трох’ярусная мураваная званіца, накрытая шатром. Збудаванні абнесеныя мураванай агароджай з брамай па восі ўваходу ў касцёл.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



МСЦІБАВА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ


Помнік дойлідства неаготыкі. Размешчаны ў в. Мсцібава (Ваўкавыскі р-н). Узведзены ў 1910—19 гг. з цэглы, неатынкаваны. Ўяўляе сабой дзвюхвежавы храм базілікальнага тыпу з трансептам, трохграннай апсідай і дзвюма сакрысціямі. Галоўны заходні фасад трохчасткавы: цэнтррльная частка, завершаная трохкутным шчытом, і бакавыя двух'ярусныя вежы, завершаныя галоўкамі. У кожнай частцы ўваходны стральчаты праём. Бакавыя фасады расчлянёныя лучковымі праёмамі ў два ярусы, на першым ярусе паміж вокнамі — ступеньчатыя контрфорсы. Куты вежаў, трансепту і апсіды фланкіраваныя ступеньчатымі контрфорсамі. У інтэр’еры нефы перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з нервюрамі зорчатага малюнку. У паўночным крыле трансепту захаваўся драўляны двух'ярусны разны алтар Святога Яна (ХІХ ст.), ярусы дэкарыраваныя карынфскімі калонкамі і ажурнай разьбой. На хорах захаваўся арган.

Касцёл дзейнічае.


Т.I. Чарняўская



МСЦІСЛАЎ


Горад, цэнтр Мсціслаўскага р-ну, на р. Віхра. За 95 км на ўсход ад Магілёва. Упершыню ўзгадваецца ў летапісах пад 1135 г. як горад Смаленскага княства. З 1180 г. цэнтр Мсціслаўскага княства. Старажытны Мсціслаў складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага гораду, абнесенага ў XIII ст. другой лініяй умацаванняў з боку плато. На поўначы, паўночным усходзе і паўночным захадзе размяшчаўся пасад (у раёне сучасных вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак старажытнейшага шляху з Мсціслава на Смаленск. Рэльеф і сляды старажытнай тапанімікі даюць падставу меркаваць, што пасад мог распасцірацца таксама ўверх і ўніз па рацэ і ля падножжа Траецка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (у раёне сучасных вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). З 2-й паловы XIV ст. ў складзе Вялікага княства Літоўскага, належаў князям Мсціслаўскім. З 1528 г. ва ўладанні Жыгімонта II Аўгуста, каралеўская воласць, цэнтр староства. З 2-й паловы XVI ст. цэнтр ваяводства. Дойлідскае аблічча вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замку з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасаду. Ад замку да чатырох уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У XVI—XVII стст. ішоў гандаль з краінамі Заходняй Эўропы ды Руссю. У Мсціславе нарадзіўся адзін з беларускіх першадрукароў, гравёр XVI ст. П.П. Мсціславец. У 1634 г. (паводле іншых звестак у 1636 г.) горад атрымаў магдэбургскае права і герб з выявай рыцарскай рукі, узброенай мячом. У XVII — пачатку ХХ ст. існаваў Тупічоўскі манастыр. У XVII—XVIII стст. узведзеныя мураваныя кляштары: кармелітаў (глядзі артыкул "Мсціслаў. Касцёл і кляштар кармелітаў"), езуітаў (глядзі нарыс "Мсціслаў. Міхайлаўскі касцёл і калегіюм езуітаў"), бернардынаў. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр правінцыі. З 1777 г. павятовы горад. У 1781 г. атрымаў герб на срэбным полі шчыта выява чырвонай лісіцы. У 1778 г. зацверджаны рэгулярны план, які вызначаў прастакутную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858 г.), на цэнтральнай плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 г. горад разбураны і разрабаваны. У 1880 г. было больш за 7,7 тыс. жыхароў, дванаццаць цагляных і 1036 драўляных дамоў. Горад шмат цярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 г. (згарэла каля 500 будынкаў, амаль увесь гарадскі цэнтр), 1863 г., 1897 г. У 1897 г. налічвалася 8514 жыхароў, сямнаццаць дробных прадпрыемстваў, тры вучылішчы, тры лякарні, две кнігарні. У пачатку ХХ ст. працавалі мужчынская і жаночая гімназіі, чатырохкласнае духоўнае, мужчынскае і жаночае прыходскія вучылішчы. У 1911 г. было 1267 жылых дамоў (46 з іх мураваных). З 1924 г. цэнтр раёну. 10,5 тыс. жыхароў у 1939, 8,1 тыс. — у 1959.

Захавалася гістарычная планіроўка гораду; развіваецца ўздоўж р. Віхра ў паўночным напрамку. Генпланы распрацаваныя ў 1961 г. (інстытут "Белдзяржпраект") і 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды С. Смірнова, Г. Паўлоўская, інжынеры А. Патапейка, Р. Абласава), карэкціроўка 1987 г. Планіровачная структура — прастакутная сетка вуліц у цэнтральнай частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Галоўная вось — вул. Ленінская (з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, забудаваная 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі імя Н. Крупскай і Піянерскім. На скрыжаванні вуліц Варашылава (паралельная вул. Ленінскай) і Савецкай (з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад) створаная плошча. У раёне плошчы і вуліц Пралетарскай, Варашылава і Калініна склаўся адміністацыйна-грамадскі цэнтр. На рагу вуліц Ленінскай і Савецкай — сквер. У планіровачную кампазіцыю арганічна ўваходзяць помнікі дойлідства XVII—ХІХ стст. — царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынак земскай управы, будынак мужчынскай гімназіі, а таксама гістарычныя зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захавалася таксама гістарычна каштоўная забудова: жылыя драўляныя дамы традыцыйнага дойлідства, характэрныя для дадзенага рэгіёна гаспадарчыя пабудовы, малыя формы дойлідства і інш. Цэнтральная частка гораду забудаваная 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Своеасаблівасць і каларыт абліччу гораду надае спалучэнне гісторыка-дойлідскага і прыроднага асяроддзя.

Паводле праекту рэгенерацыі гістарычнага цэнтру 1985 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды С. Смірнова, М. Шумячар, інжынер В. Пузік) прадугледжаныя: захаванне гістарычнай рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтральнай часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гістарычнай забудовы ў межах цэнтральнай часткі новай, малапавярховай (не вышэй трох паверхаў), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арганізацыя пешаходных вуліц (Урыцкага як галоўнай кампазіцыйнай восі, Калініна), і зон у межах вуліц Кірава, Першамайскай, Камсамольскай; захаванне гістарычнай пераемнасці ў дойлідска-прасторавай арганізацыі цэнтру гораду і будове яго сілуэту з дамінантамі — помнікамі дойлідства XVIII—XIX стст. і інш. Па меры аднаўлення гістарычнай спадчыны, горад павінен набываць усё большае значэнне як турысцкі цэнтр.


С.ф. Самбук, М.А. Ткачоў



МСЦІСЛАЎ. БУДЫНАК ЗЕМСКАЙ УПРАВЫ


Помнік дойлідства неакласіцызму. Узведзены ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. з цэглы. Двухпавярховы П-падобны ў плане будынак з высокім паўпадвалам, двухсхільным вальмавым дахам. Бакавы кут зрэзаны і завершаны шчытападобным атыкам. Фасады падзеленыя карнізам на два паверхі, расчлянёныя лапаткмі, аконнымі праёмамі — высокімі прастакутнымі на першым паверсе і лучковага абрысу з складанымі ліштвамі на другім. Сцены завершаныя развітым карнізам з сухарыкамі. На другім паверсе балконы з чыгуннымі агароджамі. Калідорная сістэма планіроўкі.

Цяпер у будынку размешчана навучальная ўстанова.



МСЦІСЛАЎ. БУДЫНАК МУЖЧЫНСКАЙ ГІМНАЗІІ


Помнік дойлідства эклектыкі. Узведзены ў 1908 г. з цэглы. Асіметрычны двухпавярховы Т-падобны ў плане будынак складаецца з трох злучаных паміж сабою корпусаў. Галоўны фасад фланкіраваны рызалітамі, расчлянёны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі (вузкімі на першым паверсе і шырокімі на другім). Над цэнтральным уваходам, вылучаным казырком на кансолях, размешчаны лучковы аконны праём з кілепадобным франтонам. Карніз з філянговым фрызам падзяляе фасады на два паверхі. У перакрыцці памяшканняў цэнтральнага корпусу выкарыстаныя крыжовы і цыліндрычныя скляпенні. Калідорная сістэма планіроўкі.

Цяпер у будынку размешчана сярэдняя школа.



МСЦІСЛАЎ. КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ I КЛЯШТАР КАРМЕЛІТАЎ

 

Помнік дойлідства барока. Закладзены ў 1617 г. (паводле іншых звестак у 1637 г. ці 1638 г.) у Мсціславе. Рэканструяваны ў 1746—50 гг. дойлідам I.К. Глаўбіцам (перайначаныя форма даху, дэкор галоўнага фасаду і інтэр’еру, завяршэнні трох’ярусных вежаў) і часткова ў 1887 г. Касцёл — мураваная трохнефавая шасцістаўповая базіліка з дзвюхвежавым фасадам і пяціграннай алтарнай апсідай, да якой з поўдня прылягае кляштар — двухпавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр’еры збераглася размалёўка ХІХ ст.). Сцены касцёлу атынкаваныя і аздобленыя пілястрамі. Драўляныя скляпенні ўнутры больш познія. Інтэр’ер багата аздоблены лепкай і фрэскамі (сярэдзіна XVIII ст.), якія размешчаныя на паўднёвай, паўночнай і алтарнай сценах галрўнага нефу і на скляпеннях бакавых нефаў. Збераглося каля дваццаці кампазіцый, з якіх найбольшую мастацкую каштоўнасць маюць партрэт фундатара і сюжэты на гістарычную тэматыку: "Узяцце Мсціслава маскалямі ў 1654 г." і "Забойства ксяндзоў". Гістарычную цікавасць мае панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каляровая гама размалёвак на рэлігійныя тэмы мяккая, пабудаваная пераважна на жоўта-карычневых і шэра-блакітных колерах. Сцэны на гістарычныя сюжэты маюць больш разнастайную каляровую гаму. У кампазіцыі адчуваецца перспектыўна-прасторавы план, аб’ём. Каля касцёлу пабудаваная цагляная брама, якая вырашаная ў выглядзе рознавялікіх паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невялікія пінаклі. Над шырокай цэнтральнай аркай размешчаны ступеньчаты атык.

Помнік рэспубліканскага значэння.


С.А. Друшчын, В.В. Церашчатава



МСЦІСЛАЎ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА I КАЛЕГІЮМ ЕЗУІТАЎ


Помнік дойлідства сталага барока. Пабудаваны ў 1730—38 гг. у Мсціславе, перабудаваны ў 1-й палове XIX ст. пад Мікалаеўскі сабор.

Касцёл — двухнефавая мураваная базіліка з трансептам і дзвюхвежавым галоўным фасадам. Цэнтральны неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. Дзвух'ярусныя крылы трансепту ўрэзаныя ў высокія бакавыя нефы. Галоўны фасад падзелены на два ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся). У 1842 г. надбудаваны вялікі драўляны купал на цыліндрычным светлавым барабане (не захаваўся). Сцены аздобленыя шырокімі пілястрамі. Праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі завяршэннямі. Унутры касцёлу магутныя калоны з пілястрамі злучаныя падпружнымі аркамі падзяляюць храм на тры нефы. У паўночна-заходняй частцы размешчаныя высокія хоры. Памяшканне над хорамі, нефы і бакавыя алтары перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, у апсідзе — конха з распалубкамі.

Да касцёлу прылягаюць з паўночнага боку галоўнага фасаду аднапавярховы мураваны будынак аптэкі, з паўднёвага каля апсіды двухпавярховы прастакутны ў плане корпус калегіюму. Два куты будынку і сярэдзіна паўночна-ўсходняй сцяны ўмацаваныя магутнымі контрфорсамі. Сістэма планіроўкі калідорная з аднабаковым размяшчэннем памяшканняў. Калідор і пакоі першага паверху перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, другога — плоскай столлю, ва ўсходнім куце размешчаная вузкая двухмаршавая лесвіца.

Цяпер у будынку калегіюму працуе школа-інтэрнат. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч



МСЦІСЛАЎ. ТУПІЧОЎСКІ МАНАСТЫР


Існаваў у сярэдзіне XVII — пачатку ХХ ст. на ўсходняй ускраіне Мсціслава. Заснаваны як мужчынскі (з 1886 г. жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гаспадарчых пабудоў. Быў абнесены спачатку драўлянай, з канца ХІХ ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гаспадарчыя пабудовы былі пераважна драўляныя. Засталіся фрагменты мураванай агароджы, брамы і капліц канца ХІХ ст. Цяпер частка тэрыторыі занятая сучаснымі будынкамі маслазаводу. У час археалагічных даследаванняў выяўлены культурны пласт XVI—XVII стст., сярод знаходак непаліваная кафля з выявай Святога Георгія на кані, а таксама зялёная і паліхромная кафля XVII—XVIII стст., аздобленая раслінным і геральдычным арнаментам.

Драўляная Святадухаўская царква (пабудаваная ў 1641 г.) — крыжова-купальны храм (25х25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Спачатку царква была накрытая гонтавым дахам, з канца ХІХ ст. — бляхай. Сцены царквы ў інтэр’еры былі ўпрыгожаныя размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі): у цэнтральным аб’ёме кампазіцыі "Нараджэнне Багародзіцы", "Увядзенне ў храм", "Заручыны Марыі", "Успенне", "Нараджэнне Хрыста" і інш., у алтары — "Тайная вячэра", у бабінцы — сцэны са старога запавету і пакут розных святых. Рэалістычнай манерай вылучаліся кампазіцыі "Рай", "Стварэнне Евы", "Спакуса Адама" і інш. Чалавечым выявам уласцівы жыццёвасць, мясцовы тыпаж. Прапорцыі фігур прысадзістыя і крыху нязграбныя, але ў іх добра перададзена дынаміка. Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы дойлідскага антуражу, выявы мясцовых жывёл сведчаць аб тым, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі народнага выяўленчага мастацтва Магілёўшчыны XVII—XVIII стст. У некаторых кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Галоўны і бакавы іканастасы былі аздобленыя дэкаратыўнай разьбой і пазалотай.

Увядзенская царква (пабудаваная ў 1771 г.) — драўлянае на каменным падмурку, прастакутнае ў плане (каля 12x7 м) купальнае збудаванне. У канцы ХІХ ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. У інтэр’еры сцены былі атынкаваныя і ўпрыгожаныя арнаментам і размалёўкай на рэлігійныя сюжэты.

Мікалаеўская царква (існавала да 1839 г.) — драўлянае збудаванне (9x8 м) на другім ярусе надбрамнай званіцы.

Успенская царква (пабудаваная ў псеўдарускім стылі ў 1891—95 гг.) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся чатырох’ярусны з пазалотай і трох’ярусны іканастасы.

Комплекс не збярогся, яго спалілі ў ІІ Сусветную вайну. Канчаткова зруйнаваны ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў, у час будаўніцтва масласырзаводу.


Л.Л. Чарняўская, А.А. Трусаў, Ю.А. Якімовіч



МСЦІСЛАЎ. ЦАРКВА АЛЯКСАНДРА НЕЎСКАГА


Помнік дойлідства эклектыкі. Пабудаваная ў г. Мсціслаў у 1870 г. з цэглы на месцы мураванага храму (згарэў у 1858 г.). Крыжова-купальны храм мае тры закругленыя рознавялікія апсіды, якія асвятляюцца высокімі паўцыркульнымі вокнамі. Над сяродкрыжжам узвышаецца шлемападобны купал на васьмігранным светлавым барабане. Такі ж па форме, але меншых памераў купал на высокай двух’яруснай званіцы, размешчаны над бабінцам храму. Тарцы трансепту завершаныя трохкутнымі шчытамі. У храме тры ўваходныя парталы: цэнтральны і бакавыя. Парталы і аконныя праёмы абрамленыя дэкаратыўным валікам. Пад карнізам па перыметры будынку праходзіць аркатурны пояс. Для перакрыцця ўнутранай прасторы выкарыстаныя розныя тыпы скляпенняў: у бабінцы крыжовае, у дадатковым аб’ёме і бакавых алтарах — цыліндрычныя з распалубкамі, у апсідах — конхі, у цэнтры — сферычны купал на ветразях. Брама перад царквой уяўляе сабой паўцыркульную арку, над якой узвышаецца невялікая назіральная вежа. Абапал яе размешчаныя невысокія галоўкі. Весніцы ажурныя, чыгуннае ліццё.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.Ю. Пятросава



МУРАВАНА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства позняга класіцызму. Створаная ў 2-й палове XIX ст. ў в. Муравана (Бераставіцкі р-н). У комплекс уваходзяць гаспода, афіцыны і гаспадарчыя пабудовы. Перад галоўным фасадам гасподы прастакутны парадны партэр, да якога вядзе ўязная алея. За домам лесапарк з сістэмай алей і з прастакутнымі сажалкамі і каналамі. Гаспода — прастакутны ў плане двухпавярховы мураваны будынак. Галоўны фасад аздоблены дойлідскім дэкорам і лепкай, цэнтр вылучаны пілястрамі і франтонам (порцік не збярогся). Прастакутныя вокны маюць прафіляваныя ліштвы. Планіроўка калідорная з аднамаршавай лесвіцай.

У будынку размешчана навучальная ўстанова.


А.М. Кулагін



МУРАВАНАЯ АШМЯНКА. БУДЫНАК ДРУКАРНІ


Помнік старажытнага дойлідства. Знаходзіцца за 1 км на паўднёвым захадзе ад в. Мураваная Ашмянка (Ашмянскі р-н). Пабудаваны ў канцы XVI ст. з буйнапамернай цэглы (32x16x7 см). Часткова захаваліся сутарэнні, цокаль і сцены верхняга паверху. Сутарэнні мелі цыліндрычныя скляпенні, цокаль — крыжовыя. У сярэдзіне ХІХ ст. перабудаваны ў палац, узведзены верхні паверх у стылі класіцызму. Арачныя вокны цокаля былі закладзеныя, сцены па перыметры рытмічна прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі. З ХІХ — пачатку ХХ ст. захаваліся алея, што вяла да палацу, і прыдарожная капліца. У літаратуры ёсць звесткі, што ў памяць аб будаўніцтве каля ўваходу ў сядзібу быў умараваны камень з датамі "1590—1843 гг.". У сутарэнні ды цокальным паверсе будынку размяшчалася друкарня (заснаваная Мікалаем Дарагастайскім, стольнікам літоўскім), якая дасягнула росквіту ў XVII ст. (належала сыну Мікалая — Крыштофу); сярод выдадзеных кніг "Гіпіка" Дарагастайскага, "Цэнзура" В. Салінарыуса (1615 г.).


У.В. Алісейчык



МУРАВАНАЯ АШМЯНКА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў канцы XVIII — пачатку ХІХ ст. на месцы драўлянага касцёлу 1650 г. у в. Мураваная Ашмянка (Ашмянскі р-н). Паднаўляўся ў 1841 г. і 1874 г. У дойлідстве сналучаюцца рысы стыляў барока і класіцызму. Прастакутны ў плане, зальнага тыпу, з трохраннай алтарнай часткай, трансептам і дзвюма сакрысціямі. Асноўны аб’ём і крылы трансепту накрыты двухсхільнымі з вальмамі над алтаром, сакрысціі — аднасхільнымі дахамі. Галоўны фасад і тарцы трансепту завяршаюць трохкуныя франтоны з цыбулепадобнымі купалкамі на глухіх барабанах. Сцены гарызантальна ашаляваныя, вокны прастакутныя з простымі ліштвамі. Памяшканні інтэр’еру перакрытыя люстранымі скляпеннямі (у асноўным аб’ёме на падоўжных бэльках і калонках). Алтарнае памяшканне адкрываецца ў залу вялікім прастакутным, хоры — трайным арачным праёмамі. Сцены і столь гарызантальна ашаляваныя. Інтэр’ер упрыгожаны выкананай у 2-й палове XIX ст. паліхромнай размалёўкай: гірлянды з лістоў аканта, лілей і стужак з літургічнымі надпісамі, фігуры архангелаў, арнамент з залатых каласоў, зялёных і сініх гронак вінаграду. Тры разныя драўляныя алтары, выкананыя ў стылі ракако. Галоўны алтар на невысокім цокалі, двух’ярусны з трохкутным завяршэннем, упрыгожаны драўляным разным абрамленнем з завіткоў-валют, ракайляў, казачных раслін, паўфігур атлантаў з царскімі каронамі-капітэлямі на галаве і фігурак укленчаных анёлаў (фланкіруюць другі ярус і наверша алтару). На капітэлях і ракайлях захавалася першапачатковая пазалота. Бакавыя алтары па кампазіцыі нагадваюць галоўны, але меншыя памерам і больш сціплыя па дэкоры. Каля касцёлу стаіць двух’ярусная квадратная ў плане брама-званіца. Ніжні ярус зрубны з бакавымі памяшканнямі абапал праходу, верхні — каркасны, прарэзаны арачнымі праёмамі, прасценкі паміж якімі аздобленыя рустоўкай, завершаныя нізкім шатровым дахам, увенчаным шлемападобнай галоўкай на васьміграннай аснове.

Касцёл дзейнічае.


Л.Г. Лапцэвіч



МУРАВАНКА. ЦАРКВА-ФАРТЭЦЫЯ НАРАДЖЭННЯ БОЖАЙ МАЦІ


Помнік абарончага і культавага дойлідства. Пабудаваная ў пачатку XVI ст. ў в. Мураванка (Шчучынскі р-н). Храм абарончага тыпу. Трохнефавае чатырохстаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прастакутнік, блізкі да квадрату), завершанае высокім двухсхільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асноўнага аб’ёму) і чатырма круглымі кутнімі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага поясу ў верхняй частцы храму. Сцены і вежы ўпрыгожаныя яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на галоўным фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохкутнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пачатку ХІХ ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817 г., 1871—72 гг.) да галоўнага фасаду прыбудаваны прытвор, надбудаваныя заходнія вежы, паніжаны дах, зробленыя карнізы і павялічаныя вокны.

Помнік рэспубліканскага значэння.

 


МЫШКАВІЧЫ


Вёска ў Кіраўскім пасялковым Савеце Кіраўскага р-ну. Цэнтр калгасу "Рассвет" імя К.П. Арлоўскага. За 6 км на поўдзень ад Кіраўску, 93 км ад Магілёва. У XIX ст. у Качэрыцкай воласці Менскай губерніі. Належала Н.Ф. фон Гоер. У 1908 г. было 90 двароў, 678 жыхароў. Адзін з эксперыментальна-паказальных пасёлкаў на Беларусі.

Забудоўваецца паводле генплану 1970 г. (інстытут "Белдзіпрасельбуд", дойлід Т. Галіёта, карэкціроўка 1980 г.). Будаўніцтва вядзецца на свабоднай тэрыторыі і на месцы старой забудовы. Вызначаецца функцыянальным заніраваннем тэрыторыі, кампактнасцю забудовы, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці. Планіровачную структуру вёскі вызначаюць асноўныя вуліцы Цэнтральная, перпендыкулярная да яе Палацавая і ўтвораная на іх скрыжаванні цэнтральная плошча — адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Плошчу фармуюць: двухпавярховы адміністрацыйны будынак праўлення калгасу, Палац культуры (1975 г., дойлід Г. Заборскі), шасціпавярховы гатэль, гандлёвы цэнтр з рэстаранам, крамамі, помнік К.П. Арлоўскаму. На плошчу раскрыты два двухпавярховыя жылыя дамы з унутранымі дворыкамі. Упрыгожваюць плошчу кветнікі, дэкаратыўны фантан з святламузыкай, газоны, адкрытыя лужкі і інш. Пераважае двухпавярховая секцыйная забудова, будуюцца дамы з кватэрамі ў двух узроўнях. У цэнтральнай частцы вёскі дамы размешчаныя кампазіцыйнымі групамі з унутранымі азялененымі пляцоўкамі для адпачынку. У аддзелцы будынкаў выкарыстаныя чорны і чырвоны граніт, белая тынкоўка, што стварае выразны сілуэт забудовы. Вёска забяспечаная ўсімі відамі інжынернага абсталявання, вуліцы асфальтаваныя, устаноўленыя святлафоры. Вытворча-складская зона размешчаная ў паўночнай і паўночна-ўсходняй частках вёскі. Зона адпачынку — штучны вадаём з добраўпарадкаванай набярэжнай, парк, стадыён, санаторый з водалячзбніцай.

Прадугледжваецца далейшае развіццё грамадскага цэнтру, стварэнне бульвару з фруктовай алеяй уздоўж вул. Палацавай, расшырэнне спартовай зоны, будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага цэнтру. Забудова і добраўпарадкаванне Мышкавічаў адзначаны Дыпломам і залатым медалём ВДНГ СССР (1982 г.).


I.А. Гапонаў



МЯДЗВЕДЗІЧЫ. КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА


Помнік дойлідства эклектыкі. Пабудаваны з цэглы ў 1908 г. (дойлід С. Шылер) у в. Мядзведзічы (Ляхавіцкі р-н). Уяўляе сабой аднавежавую трохнефавую базіліку. Цэнтральны неф падоўжаны пяціграннай алтарнай часткай. З двух бакоў да яе прылягаюць рызніцы. Галоўны фасад мае ступеньчатую ярусную структуру. Выступы па баках фасаду згладжаныя валютамі. Нефы перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, упрыгожанымі дэкаратыўным арнаментам.

Касцёл дзейнічае.



МЯДЗВЯДКА. СЯДЗІБНЫ ДОМ


Існаваў у 2-й палове XVIII — XIX ст. ў в. Мядзвядка (Карэліцкі р-н). Спалучаў традыцыі народнага дойлідства і рысы стылю барока. П-падобны ў плане аднапавярховы (з двухпавярховым левым крылом, накрытым чатырохсхільным дахам) драўляны будынак завершаны вальмавым дахам. Крылы дому ўтваралі курданёр перад галоўным уваходам. Сцены былі прарэзаныя прастакутнымі вокнамі, цэнтральная частка мела слупавую галерэйку тыпу "падчэняў". Планіроўка анфіладная. У доме нарадзіўся вядомы беларускі геолаг, даследчык Чылі I. Дамейка (1802—89 гг.).


Ю.А. Якімовіч



МЯДЗЕЛ


Гарадскі пасёлак, цэнтр Мядзельскага р-ну, паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 154 км на паўночны захад ад Менску. Назва паходзіць, магчыма, ад літоўскага "medinis" — лясны, драўляны. Паводле падання, знаходзіўся на беразе воз. Мядзел і пасля мору перанесены на бераг воз. Мястра. На адной з выспаў воз. Мядзел засталіся рэшткі гарадскіх умацаванняў XI ст. — парубежнай крэпасці Полацкага княства. Да ХХ ст. падзяляўся на Стары і Новы Мядзел. Стары Мядзел вядомы з 1454 г. у складзе Віленскага ваяводства. Належаў магнатам Радзівілам, Францкевічам, Райскім, Грабкоўскім, Кошчыцам. З 1736 г. мястэчка, з 1762 г. мела магдэбургскае права. У канцы ХІХ ст. каля 310 жыхароў, 46 двароў, царква, бровар, два кірмашы на год. Новы Мядзел вядомы з 1463 г., быў абнесены валам. У XV ст. на паўвыспе воз. Мястра, на месцы гарадзішча XI—XIV стст., пабудаваны мураваны замак. У русуска-літоўскую вайну 1512—22 гг. у 1519 г. разбураны. У XVI ст. каралеўскае ўладанне, горад. З 1793 г. Стары і Новы Мядзел у складзе Расейскай імперыі, у Вілейскім павеце. У канцы ХІХ ст. Новы Мядзел — мястэчка, больш за 780 жыхароў, каля 100 двароў, касцёл, царква, народнае вучылішча, чатыры крамы, базар, восем кірмашоў на год. З 1921 г. у складзе Польшчы. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. цэнтр раёну. З 1959 г. гарадскі пасёлак.

Развіваецца як цэнтр курортнай зоны вакол воз. Нарач. Інтэнсіўна забудоўваецца з 1967 г. Сетка вуліц прастакутна-дыяганальная з дробнымі кварталамі. Забудоўваецца паводле генплану 1979 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды М. Пракалей, А. Трафімчук, Т. Шчадрына; інжынеры Л. Мужычэнка, А. Валовіч). Галоўная кампазіцыйная вось — вул. 17 Верасня (перасякае гарадскі пасёлак з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, забудаваная 2—5-павярховымі дамамі), на паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе ад яе адыходзяць вуліцы 1 Мая, Камсамольская, Крупскай, Чырвонаармейская і інш. Жылая зона склалася ў асноўным на ўзбярэжжы воз. Мястра і дзеліцца на паўночеа-заходні, паўднёва-ўсходні і ўсходні планіровачныя раёны. Паўнёва-заходні раён, або Стары Мядзел, — зона аднапавярховай індывідуальнай і двухпавярховай катэджавай забудовы. Паўднёва-ўсходні раён, або Новы Мядзел — зона капітальнай, пераважна 2—5-павярховай забудовы. Тут, на скрыжаванні вуліц 17 Верасня і Крупскай, побач з возерам склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Усходні планіровачны раён — зона аднапавярховай індывідуальнай забудовы сядзібнага тыпу. Вытворча-складская зона размешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы пасёлку. Зона адпачынку — азёры Мястра і Баторын, парк, два скверы. Захаваўся помнік дойлідства XVIII ст. — Станіславаўскі касцёл кармелітаў.

Прадугледжваецца далейшае развіццё грамадскага цэнтру ў бок воз. Мястра, будаўніцтва аднапавярховых сядзібнага тыпу, двухпавярховых катэджавых, 3—5, часткова дзевяціпавярховых жылых дамоў, спартовага комплексу.


С.Ф. Самбук



МЯДЗЕЛ. ЗАМАК


Існаваў у XV — пачатку XVIII ст. Пабудаваны ў Мядзеле на месцы гарадзішча XI—XIV стст. у пауночна-усходняй частцы выспы на воз. Мястра. Комплекс уключаў абарончыя, жылыя і гаспадарчыя пабудовы розных тыпаў і канструкцый. Займаў роўную прастакутную пляцоўку (вышыня 3,5—4 м), на паўночным усходзе якой знаходзілася круглая ў плане мураваная вежа-данжон (дыяметр каля 17,5 м, таўшчыня сцен да 3,75 м), пастаўленая на чатырохметровым каменным падмурку. У XVI ст. да вежы з захаду прыбудаваны прастакутны ў плане мураваны палац (таўшчыня сцен 2 м). Замак быў абнесены каменнай сцяной (таўшчыня 1,5—2 м), якая ўключала две цыліндрычныя вежы і паўкруглыя мураваныя бастэі. З поўдня, захаду і поўначы меў дадатковую лінію абароны — земляны вал з невялікімі бастыёнамі і вадзяным ровам. З берагам замак злучаўся драўляным мостам на палях.

Не збярогся.


М.А. Ткачоў



МЯДЗЕЛ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА СТАНІСЛАВА (КАРМЕЛІТАЎ)


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1754 г. Антонам Кошчыцам на месцы Старога Мядзела. Кляштар зачынены ў 1840 г.; касцёл у 1866 г. перароблены пад царкву, пры гэтым забеленыя размалёўкі. У 1920 г. вернуты каталікам, зачынены пасля II Сусветнай вайны, у 1989 г. зноў аддадзены вернікам.

Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным васьмігранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з чатырма люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаныя прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Вокны з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкаратыўнае афармленне інтэр’еру мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. Нішы для скульптур завершаныя конхамі, упрыгожанымі ракавінамі. Сцены размаляваныя фрэскамі (зберагліся фрагменты). Касцёл — рэдкі для беларускага барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў.

Побач з касцёлам мураваная двухпавярховая плябанія і званіца. Плябанія — мураваная двухпавярховая пабудова, накрытая высокім двухсхільным дахам. Кампазіцыйнае вырашэнне будынку несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную дойлідскую апрацоўку. Фасады прарэзаныя невялялікімі прастакутнымі вокнамі і крапаванымі лапаткамі. Тарцы будынку завершаныя высокімі торхкутнымі франтонамі з невялікімі аконнымі праёмамі, чатыры невялікія ўнутраныя памяшканні дому злучаныя паміж сабою анфіладна.

Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч



МЯСЯЦІЧЫ. ЦАРКВА ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1794 г. у в. Мясяцічы (Пінскі р-н). Трохзрубная, з прастакутнымі ў плане асноўным зрубам і бабінцам і пяціграннай алтарнай апсідай. Асноўны зруб накрыты шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане, бабінец і апсіда — вальмавымі. Пры ўваходзе тамбур з двухсхільным дахам. Сцены гарызантальна ашаляваныя, вокны прастакутныя. Унутры памяшканні маюць плоскую бэлечную столь (спачатку асноўны зруб перакрываўся пірамідальным верхам). Над бабінцам — хоры. На поўдзень ад царквы двух’ярусная зрубна-каркасная званіца з шатровым дахам.

Царква дзейнічае.


Ю.А. Якімовіч



-Н-



НАВАГРАДАК


Горад, цэнтр раёну. За 162 км ад Гародні. Паводле археалагічных звестак заснаваны ў канцы Х ст. Існуюць розныя меркаванні даследчыкаў адносна заснавання: М. Дзмітрыеў лічыў годам заснавання 1116 г., найбольш верагодны — 1044 г., упершыню выказанае расейскім гісторыкам В. Тацішчавым у XVIII ст. ў кнізе "Гісторыя Расейская" (т. 2, 1768 г.), абгрунтаванае М. Ермаловічам (у працы "Па слядах аднаго міту", 1989 г.). У ХІІ ст. горад складаўся з дзядзінца (так званая Замкавая гара) і пасаду — вакольнага гораду (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам быў дзядзінец і гандлёвая плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандлёвыя шляхі). У ХІІ—ХІІІ стст. на тэрыторыі вакольнага гораду вылучаўся квартал з двухкамернымі жылымі дамамі багатых гараджан (плошча аднаго дому каля 75 м2), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі падобнага будынку выяўленыя ў пачатку 1960-х гадоў пры археалагічных раскопках — так званы "Дом баярына". Дамы чэлядзі былі плошчаю каля 30 м2. Усе жылыя пабудовы былі наземныя і заглыбленыя, з рознага тыпу печамі. У ХІІ ст. пабудаваная мураваная царква, у ХІІІ—XVI стст. мураваны замак (глядзі артыкул "Наваградак. Замкі"). Старажытныя назвы гораду беларускае — Наваградак, польскае — Навагрудэк (з канца XVII ст.), расейскае — Новогрудок (з канца XVIII ст.), летапісны — Новогород, Новгородок. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца пад 1044 г. (у Сафійскім і Наўгародскім IV летапісах). У ХІІІ—XIV стст. цэнтр удзельнага Наваградскага княства. Паводле летапісных звестак 1250—60-х гадоў — цэнтр Наваградскай зямлі. Па сведчанні Іпацьеўскага летапісу пад 1235 г. наваградскім князем быў Ізяслаў; у 1257 г. часова — галіцкі князь Раман Данілавіч. З 2-й паловы ХІІІ ст. — ядро ўтварэння і сталіца Вялікага княста Літоўскага, рэзідэнцыя яго князёў Мендоўга (1246—54 гг.), Войшалка (1258—67 гг.), Шварна (1267—68 гг.), Трайдэна (1270—82 гг.), Лютувера (1282—93 гг.), Віценя (1293—1316 гг.), магчыма і Гедыміна (1316—23 гг.) і намеснікаў Карыята Міхаіла Гедымінавіча і яго сына Фёдара (з 1341 г.), Карыбута Дзмітрыя Алыердавіча (з канца XIV ст.). У 1430—48 гг. пажыцдёвае ўладанне жонкі Вітаўта Ульяны. Пасля 1394 г. адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамену. З 1416 г. рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта Вялікага княства Літоўскага (у 1568 г. было дзесяць праваслаўных цэркваў, пабудаваных па фундацыі князёў Астрожскіх, Храптовічаў і інш., у т.л. Барысаглебская царква), пасля Берасцейскай уніі 1596 г. рэзідэнцыя уніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай. У канцы XIV — пачатку XV ст. Вітаўт пасяліў у Наваградку татар, якія пабудавалі мячэць (не захавалася). У 1507 г. цэнтр павету і ваяводства. У 1511 г. атрымаў магдэбургскае права і герб, пацверджаны ў 1595 г. (на чырвоным полі выява архангела Міхаіла, у адной руцэ трымае меч, у другой — вагі). У 1314 г. пасад быў спалены крыжакамі (нападалі на горад і ў 1321 г., 1341 г., 1391 г. і 1394 г.), у 1503—06 гг. спустошаны татарамі (нападалі на горад і ў 1255 г., 1274 г. і 1278 г.). У руска-польскую вайну 1654—67 гг. большая частка гораду згарэла (у 1654—60 гг. захоплены маскалямі, спустошаны). У 1706 г. у час Паўночнай вайны 1700—21 гг. шведскія войскі штурмам авалодалі і разбурылі замак (не адбудаваны). У 1660-я гады на гандлёвай плошчы пабудаваная ратуша. У XVIII ст. узведзеныя фарны касцёл, Міхайлаўскі касцёл дамініканцаў, касцёл і кляштар францысканцаў. Пажар 8.5.1751 г. спустошыў горад, згаралі 167 дамоў, ратуша, крамы, канцылярыя ваяводы і чатыры касцёлы; пацярпеў ад пажару і ў 1871 г. У канцы XVIII ст. каля 2,4 тыс. жыхароў, больш за 390 дамоў. З 1796 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету Слонімскай, з 1797 г. Літоўкай, з 1801 г. Гарадзенскай, з 1842 г. Менскай губерняў. У 1845 г. зацверджаны новы герб: на верхняй частцы падзеленага напалам шчыта губернскі герб, на ніжняй — ранейшы. У пачатку ХІХ ст. на гандлёвай плошчы пабудаваныя гандлёвыя рады. У 1809 г. і 1872 г. складзеныя праекты планіроўкі гораду (ажыцдёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу (размешчаны на Наваградскім узвышшы). Да гандлёвай плошчы сыходзіліся восем вуліц, у т.л. Бернардынская (цяпер Гарадзенская), Базыльянская (Паштовая), Траецкая (Менская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леніна), Замкавая і інш. У 1825 г. было каля 3,7 тыс. жыхароў, 15 мураваных і 399 драўляных дамоў; у 1854 г. 23 мураваных і 415 драўляных дамоў, 91 крама; у 1900 г. — 7,9 тыс. жыхароў. У пачатку ХХ ст. было две праваслаўныя (адна — Барысаглебская) царквы, сінагога, шесць габрэйскіх малітоўных дамоў, мячэць. Меліся помнікі: рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам загінуўшым у бітве пад Хоцінам. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр павету і ваяводства. У 1930-я г. ўзведзены з цэглы будынак ваяводскага праўлення (цяпер па вул. Міцкевіча). З 1939 г. у БССР, з снежня 1939 г. у складзе Баранавіцкай вобл., 13,8 тыс. жыхароў. З 1940 г. цэнтр раёну. З 1954 г. цэнтр раёну Гарадзенскай вобл., з 7.3.1963 г. — горад абласнога падпарадкавання.

Сучасны Наваградак размешчаны на ўзгорыстым рэльефе, з поўначы і поўдня да гораду падыходзяць ручаі Брацянка і Валоўка. У цэнтральнай частцы захавалася гістарычная радыяльна-кальцавая планіроўка. Развіваецца горад паводле генпланаў 1964 г. (інстытут "Белдзяржпраект"), 1972 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Г. Марцішонак) і іх карэкціровак 1978 г. і 1985 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды С. Смірнова, В. Кашырын, Марцішонак, М. Шумячэр, Л. Герус), паводле праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Смірнова). Прадугледжанае захаванне планіровачнай структуры гістарычнага цэнтру (з помнікамі дойлідства, гісторыі і культуры), стварэнне ахоўных зон і зон рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагарадскога цэнтру на прыроднае асяроддзе. Планіровачны цэнтр — пл. Леніна (былая гандлёвая плошча з мемарыяльным скверам, музеем-сядзібай А. Міцкевіча). На плошчы і вакол яе зберагліся помнікі культавага і грамадзянскага дойлідства (глядзі артыкул "Наваградак. Жылыя дымы") на пл. Леніна, Замкавай і Паштовай вуліцах. Адміністрацыйны цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтраваная ў цэнтральнай частцы гораду, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае будаўніцтва ажыццяўляецца ў мікрараёнах Паўднёвы Захад, Паўднёвы Захад-2, па вуліцах Гарадзенскай (заходняя частка) і Менскай. На ўскраінах пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу — па вул. Касманаўтаў, у мікрараёне "Мітраполь" і новым раёне "Кубарка" (паўднёва-ўсходняя частка). Прамысловая зона ў паўднёва-заходняй і паўночна-ўсходняй частках гораду. Зона адпачынку ў парку (рэгулярна-пейзажны, створаны ў 1930-я г. каля замкаў, перад уваходам — штучны курган Бессмяротнасці, насыпаны на ўшанаванне памяці А. Міцкевіча), двух скверах, прылеглых лясных масіваў, а таксама на берагах воз. Літоўка (за 5 км на паўночны захад). На паўднёва-заходняй ускраіне, ва ўрочышчы Батароўка выяўлены курганны могільнік XII—XIII стст. славяна-балцкага насельніцтва.

Прадугледжанае вылучэнне ахоўных гістарычных зон, пашырэнне прамысловай зоны, азеляненне гарадской тэрыторыі, стварэнне спартовага цэнтру ў паўночнай частцы. Праект рэгенерацыі гістарычнай забудовы 1988 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Смірнова, Шумячзр і інш.) уключае тэрыторыю гістарычнага ядра, дзе асноўнай з’яўляецда зона галоўнай гарадской плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіраванае на ўзмацненне якасці гістарычнай забудовы, гарманічнае яе ўзаемадзеянне з новай забудовай, на стварэнне ўмоў для фармавання гораду як цэнтра турызму.


А. П. Грыцкевіч, С. Ф. Самбук



НАВАГРАДАК. БАРЫСАГЛЕБСКАЯ ЦАРКВА

 

Помнік дойлідства XII—XVII стст. Даследаваная П. Рапапортам і М. Каргерам (1961—62 гг., 1965 г.), А. Кушнярэвічам (1987 г.), А. Трусавым (1988 г.). Спачатку на гэтым месцы ў 1-й палове XII ст. быў узведзены храм, сцены якога былі складзеныя з вапняковых туфавых блокаў і нязначнымі ўстаўкамі плінфы. Вакол храму крыху пазней была ўзведзеная галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі "са схаваным радам", што характэрна для полацкага дойлідства XII ст. Храм быў распісаны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак, квадратных, прастакутных і трохкутных. Падчас узвядзення яго былі выкарыстаныя галаснікі. У XIV ст. пры храме існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр; з 1624 г. — жаночы, з 1628 г. — мужчынскі манастыр базыльян; з 1839 г. праваслаўная царква. У пачатку XVI ст. і асабліва ў 1-й чвэрці XVII ст. храм быў цалкам перабудаваны. Знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены трохнефавы зальны будынак з пяціграннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзеленыя шматлікімі радамі тонкіх вертыкальных калон-лапатак, якія ў верхняй частцы пераходзяць у пояс са спічастых арак. Куты будынку ўзмоцненыя шасціграннымі контрфорсамі. Падлога з тоўстых квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см). У XVII ст. храм быў пакрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. Апошні рамонт яго зроблены ў канцы XIX ст.

Помнік рэспубліканскага значзння.


А.А. Трусаў



НАВАГРАДАК. ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1812 г. у цэнтры Наваградка на гандлёвай плошчы (сучасная вул. Менская, 3). Выцягнуты прастакутны ў плане мураваны будынак накрыты двухсхільным дахам з трохкутнымі франтонамі на тарцах і ў цэнтры падоўжаных фасадаў. Галоўны фасад расчлянёны прастакутнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Вакол будынку абходная галерэя, утвораная дарычнай каланадай. Рэстаўрыраваныя ў 1953 г. (змененая планіроўка, галоўны фасад абліцаваны керамічнай пліткай).

Выкарыстоўваецца пад гандлёвыя прадпрыемства. Помнік рэспубліканскага значэння.



НАВАГРАДАК. "ДОМ БАЯРЫНА"


Існаваў у ХІІ ст. на тэрыторыі вакольнага гораду. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прастакутны ў плане будынак (плошча каля 76 м2) унутры падзяляўся сцяной на два памяшканні, меў зашклёныя вокны. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўночна-ўсходнім куце была глінабітная печ. Рэшткі будынку выяўленыя ў 1960-я гады пры археалагічных раскопках. Драўляныя сцены знутры былі абчасаныя, атынкаваныя і аздобленыя фрэскамі. Знойдзеныя фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геаметрычны і раслінны арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы (на бела-жоўтым фоне ў чырвона-карычневых танах), а таксама фрагменты фрэсак з старажытнымі надпісамі-графіці.



НАВАГРАДАК. ЖЫЛЫЯ ДАМЫ


Помнікі дойлідства ХІХ — пачатку ХХ ст. Вылучаецца жылая забудова вул. Замкавай і Гандлёвай плошчы (сучасная пл. Леніна). У 2-й палове ХІХ ст. на вул. Замкавай былі ўзведзеныя дамы № 3, 7, 9, 13, 15, якія ўтвараюць своеасаблівы ансамбль з рысамі барока і позняга класіцызму.

Дом № 3 — двухпавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам. Сцены гладкія, прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі (з абрамленнямі на другім паверсе). З-за рознасці ўзроўняў рэльефу будынак у тарцовай частцы мае цокальны паверх, умацаваны масіўнымі кутнімі контрфорсамі. Цяпер у будынку размешчаная адміністрацыйная ўстанова.

Дамы № 7 і 9 — мураваныя будынкі з агульнай унутранай сцяной. Дом № 7 двухпавярховы, калідорнага тыпу (частка памяшканняў на першым паверсе адведзеная пад гандлёвую ўстанову). Дом № 9 аднапавярховы, планіроўка анфіладная. Выкарыстоўваецца пад жыллё. Абодва будынкі маюць прастакутныя вокны, прафіляваныя сандрыкі над вокнамі, куты раскрапаваныя пілястрамі.

Дамы № 13 і 15 — мураваныя, аднапавярховыя, прастакутныя ў плане, злучаны паміж сабой. Галоўныя тарцовыя фасады выходзяць на вул. Замкавую, завершаныя трохкутнымі франтонамі. Аконныя праёмы дома № 13 дэкарыраваныя сандрыкамі.

Дом № 4 — мураваны аднапавярховы будынак з мансардай. Складаецца з дзвюх частак: паўднёвай, пабудаванай у 1-й палове ХІХ ст. (у плане — квадрат), і паўночнай, прыбудаванай у канцы ХІХ ст. (у плане — выцягнуты прастакутнік). Галоўны фасад (паўднёвы, выходзіць на вул. Гарадзенскую) завершаны трохкутным шчытом. Просты прафіляваны карніз абрамляе франтон, у цэнтры якога два невялікія аконныя праёмы, над імі — дахавае акно, злева — круглы праём.

Дом № 5 — мураваны аднапавярховы будынак з мансардай. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. фасад мае плоскаснае вырашэнне і завершаны трохкутным шчытом з двума прастакутнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, над імі — дахавае акно з трохкутным завяршэннем.

Дом № 9 — мураваны аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з мансардай. Пабудаваны ў 1-й палове ХІХ ст. Капітальнай сцяной падзелены на две часткі — жылую і гандлёвую. У дэкаратыўнай аздобе франтону выкарыстаныя элементы стылю барока. Цэнтральны аконны праём франтону з накладнымі ляпнымі дэталямі: две плоскія пілястры аб’яднаныя гірляндай у выглядзе стылізаванай кветкі.

Гістарычная забудова вул. Замкавай і пл. Леніна — помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская



НАВАГРАДАК. ЗАМКАВАЯ ЦАРКВА


Існавала ў Наваградку на тэрыторыі дзядзінца (глядзі артыкул "Наваградак. Замкі") у XIV—XVI стст. Вядомая як царква Багародзіцы. Падмурак, рэшткі сцен і падкупальных слупоў выяўленыя ў час раскопак 1924 г. У 1970-я гады дэталёва вывучаная ленінградскай даследчыцай М. Малеўскай. Храм быў узведзены ў 1-й палове XIV ст. Першапачаткова бясстоўпны. Памеры 12,2x13 м (у плане — амаль квадрат). З усходняга бакоў царква мела невялікую закругленую апсіду, з заходняга — прытвор. Падмуркі вышынёю 2 м узведзеныя з валуноў на вапнава-пясчаным растворы. Сцены таўшчынёй да 1,2 м зробленыя з буйнапамернай цэглы памерам 27—28x12—13x7—8 см, якая мае гладкую і пакрытую барознамі паверхню. Рэшткі сцен усходняй часткі храму пабудаваныя ў вендскай, заходняя сцяна і прытвор — у гатычнай тэхніках муроўкі. Куты прытвору і выступы, якія адпавядаюць паўночнаму і паўднёваму фасадам царквы, змураваныя з блокаў жоўта-зялёнага туфу. Па перыметры храму ў сцены былі закладзеныя драўляныя брусы. У сярэдзіне — 2-й палове XIV ст. праведзеная рэканструкцыя: з цэглы ўзведзеныя чатыры крыжападобныя ў плане стаўпы (29—30х14—15х7—8 см), на якія, верагодна, апбапіраўся барабан з купалам. Пад падлогай былі два склепы, куды вялі мураваныя прыступкі. Зроблены паўночна-ўсходні прытвор і набрана новая цагляная падлога. Бакавыя нефы і апсіда перакрытыя, верагодна, скляпеннямі на нервюрах. У такім выглядзе помнік уяўляў сабой сінтэз усходнеславянскага дойлідства з раманскім і гатычным стылямі. У 2-й палове XVII ст. царква перабудаваная пад касцёл у стылі барока. Аб’ём падоўжаны на захад, павялічаная апсіда (новая даўжыня будынку складала 34 м). Над паўднёвай сцяной пабудаваная вежа складанай канфігурацыі, фасады дэкарыраваныя фігурнымі атынкаванымі карнізамі, цягамі, нішамі і інш.

Да 1775 г. у будынку касцёлу адбываліся сесіі Трыбуналу — вышэйшага велікакняжацкага апеляцыйнага суду. Храм існаваў да 1850 г.


А.М. Кушнярэвіч, М.А. Ткачоў



НАВАГРАДАК. ЗАМКІ


Помнікі абарончага дойлідства ХІ—XVI стст. Узведзены ў старажытным цэнтры Наваградку як велікакняжацкая рэзідэнцыя. Існавалі т.зв. замак на дзядзінцы і Малы замак. 3амак на дзядзінцы заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпным узгорку (так званай Замкавай гары), абкружаным ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага валу з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў ХІ ст. У сярэдзіне ХІІІ ст. з буйных камянёў на вапне пабудаваная квадратная ў плане (12x12 м) пяціярусная вежа-брама з падмуркам вышынёю 3,5 м, які мае трыццацісантыметровы цокаль, і сценамі таўшчынёй 2,75 м. Падчас аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394 г.) вежа была моцна пашкоджаная, асабліва яе верхнія ярусы. У канцы XIV ст. адноўленая, змураваная з цэглы, рэшткі папярэдняй выкарыстаны як падмурак. Вежа ўвайшла ў гісторыю пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. Мела меншыя памеры (11,4х11,4 м), эркер на тарцовым баку, формай нагадвала прызму. Вышыня каля 25 м, таўшчыня сцен на ўзроўні першага паверху 2,75 м, другога — 2,6 м. Была накрытая чатырохсхільным дахам. Сцены прарэзаныя спічастымі байніцамі, на ніжнім паверсе — брамнымі праёмамі. Збераглася часткова. У канцы XIV — пачатку XV ст. на тэрыторыі замку ўзведзеныя яшчэ тры трох’ярусныя цагляныя вежы, якія мелі па чатыры байніцы на кожным паверсе: Касцёльная (9х9 м), Малая вежа-брама (8x10 м), Пасадская (7,7x7,7 м). У Малой браме была брама вышынёю 3 м і шырынёю 1,6 м. Вежы злучаліся мураванымі сценамі таўшчынёй 2,6 м. Для надзейнага забеспячэння замку вадой на ўсходнім схіле над крыніцай была пастаўленая вынасная Калодзежная вежа (8х8 м). Праслам сцяны яна злучалася з верхнімі сценамі замку. Вежа мела патайны ўваход у замак і спецыяльны праход да вады. Будаўніцтва вежаў скончылася да 1410 г. У такім выглядзе замак паспяхова процістаяў шматлікім крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замку адбылося ў канцы XV — пачатку XVI ст. ў сувязі з нападамі крымскіх татараў. У паўнёва-заходняй частцы замку была пабудаваная вежа Дазорца (14x14 м), чатырохметровы падмурак якой меў форму ганку. Новае прасла сцяны звязвала яе са Шчытоўкай. На паўдёва-ўсходнім схіле гары была дадаткова ўзведзеная Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся два шматкутныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорку, перад уваходам у замак з боку гораду. Усе вежы былі збудаваныя з буйнапамернай цэглы з забутоўкай дробным каменнем, падмуркі — з каменю. На замкавым двары стаялі жылыя і гаспадарчыя пабудовы. У 1505 г. і 1506 г. татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць яго не змаглі. У канцы XVI — пачатку XVII ст. пабудаваны палац, да якога прылягала капэла (канец XVII ст.). У 1706 г. замак узарваны шведамі. Малы замак у ХІ ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога валу і драўляных абарончых канструкцый. У канцы ХІІІ — пачатку XIV ст. з захаду над уездам была надбудаваная мураваная вежа (10,9х12,3 м, таўшчыня сцен 2,6 м). У канцы XV — пачатку XVI ст. вежа перабудаваная ў васьмігранную. Абодва замкі ў ХІІІ ст. былі дадаткова ўмацаваныя магутным земляным валам і ровам, якія размяшчаліся каля падножжа гары з паўночнага і паўночна-заходняга бакоў. Да 1828 г. ад замку на дзядзінцы часткова ўцалелі две вежы: Шчытоўка і Касцёльная. На Малым замку рэшткі мураванай вежы былі прыстасаваныя пад вятрак. На тэрыторыі дзядзінца знаходзілася замкавая царква.

Рэшткі замкаў — помнік рэспубліканскага значэння.


М.А. Ткачоў



НАВАГРАДАК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


Помнік дойлідства позняга барока. Касцёл узведзены ў 1780 г., у 1846 г. перабудаваны ў псеўдавізантыйскім стылі ў Мікалаеўскую царкву. Касцёл — трохнефавая мураваная базіліка з пяціграннай алтарнай апсідай. Галоўны фасад падзелены развітым антаблементам на тры ярусы. Сцены цэнтральнага нефу расчлянёныя пілястрамі, на галоўным фасадзе яны спараныя абапал высокага паўцыркульнага акна другога ярусу і галоўнага ўваходу на першым ярусе, па абодва бакі якіх тут размешчаныя неглыбокія нішы. Бакавыя фасады прарэзаныя высокімі аконнымі праёмамі, размешчанымі на двух узроўнях. Трэці ярус — невысокая вежа-званіца з купалком на васьмігранным барабане. Вокны галоўнага фасаду (з паўцыркульным і арачным завяршэннем) зашклёныя вітражамі. У тоўшчы сцяны галоўнага фасаду две вітыя лесвіцы, якія вядуць на званіцу. Бакавыя нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, цэнтральны — цыліндрычнымі з распалубкамі. На поўнач ад касцёлу асобна стаіць двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны корпус кляштару. Будынак вырашаны ў лаканічных формах: галоўны фасад (з уваходам у цэнтры) рытмічна прарэзаны прастакутнымі вокнамі. На паўднёвым тарцовым фасадзе вонкавая мураваная лесвіца, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам. Планіроўка калідорная. Перакрыты ў асноўным крыжовымі скляпеннямі.

Будынак выкарыстоўваецца як жылы дом. Помнік рэспубліканскагага значэння.


Т.І. Чарняўская, Л.А. Ярашэвіч



НАВАГРАДАК. КАСЦЁЛ ПЕРАМЯНЕННЯ ПАНА (ФАРНЫ)


Помнік дойлідства барока. Заснаваны ў 1395 г. пры князе Вітаўце. Першы гатычны касцёл праіснаваў да 1712 г. На яго месцы ўзведзены новы мураваны, асвячоны ў 1723 г. віленскім біскупам Мацеем Анцатам. Храм аднанефавы, з дзвюхвежавым галоўным фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, да якой з паўночнага боку прылягае сакрысція. У кампазіцыю будынку ўключаны две старажытныя гранёныя капліцы ранейшага касцёлу. Каб зрабіць іх непрыкметнымі з боку ўваходу, сцяна галоўнага фасаду і вежы ссунутыя адносна падоўжанай восі будынку, што надае яму замаскіраваную асіметрычную кампазіцыю. Сцены па перыметры завершаныя адзінай цягай карнізу, якая падзяляе галоўны фасад на высокую ніжнюю частку і трохкутны атыкавы франтон паміж чацверыковымі вежамі, накрытымі пакатымі шатрамі. Аконныя праёмы і нішы маюць паўцыркульныя арачныя завяршэнні. Інтэр’ер перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Над уваходам размешчаныя фігурныя ў плане хоры. У капліцах захаваліся гатычныя зорчатыя нервюрныя скляпенні, вітражы. У капліцы Божага цела ў паўночнай сцяне ўмураваная мемарыяльная пліта (чорны мармур, пясчанік, 275х150 см), заказаная ў 1643 г. кашталянам Янам Рудамінам у памяць аб браце і суседзях, якія загінулі ў баі з туркамі пад Хоцінам у 1621 г.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



НАВАГРАДАК. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА (ДАМІНІКАНЦАЎ)


Помнік дойлідства барока. Заснаваны ў 1624 г. віленскім ваяводай Хрыстафорам Хадкевічам. Каля 1724 г. на яго месцы дамініканцы пабудавалі мураваны касцёл (у аб’ём усходняга нефу ўключаная частка ранейшай пабудовы, захаваны дэкор інтэр’еру). Пашкоджаны ў час пажараў 1751 г. і 1831 г. У 1829 г. побач з касцёлам пабудаваная двух’ярусная мураваная званіца (не захавалася). Існавалі таксама П-падобны ў плане будынак кляштару і гаспадарчыя пабудовы. У 1751—1831 гг. пры кляштары дзейнічала дамініканская школа. Комплекс быў абнесены мураванай агароджай. У 1853 г. кляштар закрыты. Касцёл быў адрамантаваны і стаў прыходскім; у 1850-я гады значна перабудаваны. Касцёл — трохнефавая базіліка з плоскім галоўным фасадам, вузкім нартэксам і паўцыркульнай алтарнай апсідай, да якой з паўночнага боку далучаная сакрысція. Галоўны фасад падзелены развітым карнізам на два ярусы і завершаны трохкутным франтонам з вежачкай над ім. Тарцы дахаў бакавых нефаў закрытыя ступеньчатымі атыкамі. Сцены аздобленыя пілястрамі. Вокны з лучковымі і арачнымі завяршэннямі. У інтэр’еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках, упрыгожаны ляпным геаметрычным арнаментам, бакавыя нефы маюць крыжовыя скляпенні. Пасля II Сусветнай вайны касцёл быў закрыты, выкарыстоўваўся як мэблевы склад.

Помнік рэспубліканскага значзння.


Т.В. Габрусь, С.П. Адамовіч



НАВАГРАДАК. РАТУША


Ратуша ў Наваградку ўпершыню ўпамінаецца ў сеймавай канстытуцыі 1652 г. Мяркуюць, што ў 1664 г. пад ратушу была прыстасаваная камяніца, якая стаяла на рынку. Значна перабудаваная, яна праіснавала да канца 1870-х гадоў. Пашкоджаная падчас пажару 1751 г., адноўлена: на рагу ратушы (выходзіла на Рыначную плошчу і вул. Габрэйскую, цяпер Савецкая) прыбудаваная двух’ярусная вежа, завершаная купалам і флюгерам з выявай Міхала арханёла (лічыўся абаронцам гораду). У 1818 г. ратуша была значна рэканструяваная: змененыя агульная планіроўка, аконныя і дзвярныя праёмы, на ўзроўні другога паверху галоўнага фасаду, арыентаванага на плошчу, зробленая галерэя (апіралася на чатыры калоны). Ратуша набыла рысы класіцызму: рустоўка па кутах будынку і на гранях вежы першага паверху, нішы на другім паверсе. У такім выглядзе ратуша існавала да пажару 1862 г., калі была моцна пашкоджаная і больш не аднаўлялася. Каля 1900 г. (магчыма, былі выкарыстаныя фундаменты і фрагменты сцен старой ратушы) узведзены новы будынак, вядомы па фотадакументах і рукапісных сведчаннях 1-й паловы ХХ ст. як гарадскі магістрат. У час ІІ Сусветнай вайны будынак быў разбураны.

Зараз на месцы былой ратушы пабудаваная універсальная крама.



НАВАПОЛАЦК


Горад у Віцебскай вобл. На левым беразе Заходняй Дзвіны, за 12 км на паўночным захадзе ад Полацку, 122 км ад Віцебску. Узнік у 1958 г. у сувязі з будаўніцтвам Полацкага нафтаперапрацоўчага заводу. З 1959 г. рабочы пасёлак Полацкі, з 1963 г. горад абласнога падпарадкавання, названы Наваполацк. 40,1 тыс. жыхароў у 1970 г., 75,8 тыс. — у 1983 г., 97,5 тыс. — у 1990 г. Буйны прамысловы і культурны цэнтр.

Генпланы распрацаваныя ў 1958 г. (Віцебская філія інстытуту "Белдзяржпраект", дойліды Л. Дварэц, В. Чарнышоў), 1964 г. (Віцебскі аблпраект; дойліды В. Данілаў, А. Данілава, Л. Яніна, З. Даўгяла) і 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды Г. Булдаў, М. Трыгубовіч, інжынеры Л. Каўчынскі, М. Карповіч). Планіровачная структура гораду — лінейная. Уздоўж Заходняй Дзвіны — паркавая, жылая і адмежаваная транспартнай магістраллю камунальная зоны. Прамысловая зона размешчаная за 4,5 км на паўднёвым захадзе ад гораду, аддзелена ад яго лясным масівам. Жылая зона выцягнутая з захаду на ўсход, уключае восем мікрараёнаў. Асноўныя падоўжныя магістралі — вуліцы Маладзёжная (галоўная, звязвае асобныя жылыя комплексы), Блахіна, Паркавая, папярочныя — Ктатарава, Калініна, Дружбы. Вуліцы Кірава і Юбілейная абмяжоўваюць пл. Будаўнікоў — адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Пераважае дзевяціпавярховая жылая забудова. У 1970—80-я гады ўзведзены шэраг грамадскіх будынкаў. Па індывідуальных праектах пабудаваныя аўтастанцыя, комплекс інтэрнатаў з блокам абслугоўвання і школа рабочай моладзі, сярэдняя школа са спартовым ухілам (з плавальным басейнам), крама "Кветкі", сем дванаццаціпавярховых інтэрнатаў, маладзёжны цэнтр "Менск". Па тыпавых і паўторных праектах пабудаваныя Палац піянераў і школьнікаў, музычная школа, сярэднія школы, новы комплекс лякарні і інш. Завершанае фармаванне ансамбля галоўнага ўезду ў горад (з боку мосту цераз Заходнюю Дзвіну). Стварэнне рознапавярховых кампазіцый, будаўніцтва дамоў разнастайнай канфігурацыі, рытмічнае размяшчэнне іх на штучным рэльефе, дойлідска-мастацкае аздабленне фасадаў фармуе непаўторны сілуэт забудовы гораду. Вялікую ролю ў стварэнні індывідуальнага аблічча адыгрываюць зялёныя насаджэнні. Пры будаўніцтве гораду захаваная значная частка лясных масіваў, якія зараз з’яўляюцца месцамі адпачынку з добраўпарадкаванымі дзіцячымі і спартовымі пляцоўкамі, малымі формамі дойлідства. У мастацкім аздабленні гораду шырока выкарыстоўваюца мазаіка, размалёўка, вітражы, чаканка, дэкаратыўная драўляная скульптура.

Прадугледжваецца будаўніцтва новага грамадскага цэнтру, забудова правага берагу Заходняй Дзвіны і зліццё з Полацкам. Зона адпачынку — уздоўж Заходняй Дзвіны і ў лясным масіве на паўночным ўсходзе ад гораду. Планіроўка і забудова адзначаныя Дзяржаўнай прэміяй БССР 1984 г. (дойліды Ю.В. Шпіт, А.Ц. Караткоў, В.П. Чарнышоў, М.М. Шляймовіч).



НАРАЧ (КАБЫЛЬНІК). КАСЦЁЛ СВЯТОГА АПОСТАЛА АНДРЭЯ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1901 г. з цэглы ў в. Нарач (Мядзельскі р-н). Побач з касцёлам знаходзіцца званіца — помнік драўлянага дойлідства ХІХ ст. Квадратнае ў плане трох’яруснае зрубна-каркаснае збудаванне, завершанае шатровым дахам. Касцёл — прастакутная ў плане трохнефавая бязвежавая базіліка з трохграннай апсідай накрыта агульным двухсхільным дахам. Галоўны фасад з двухсхільным шчытом расчлянёны слаістымі контрфорсамі на тры часткі: цэнтральную са стральчатым парталам і акном-"ружай" і бакавыя, крапаваныя арачнымі нішамі. Стракаты сілуэт фасаду ствараюць пластычна насычаныя вежы-пінаклі контрфорсаў з востраканцовымі шпілямі. Апсіда завершаная трохкутным гранёным шчытом і шатровай вежай-ліхтаром. Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя высокімі стральчатымі вокнамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках, апяразаныя прафіляваным карнізам і аркатурным фрызам. Каларыстычнае багацце дасягаецца высакаякаснай "адкрытай" цаглянай муроўкай насычанага чырвонага колеру і паліхромнай муроўкай цокаля, выкладзенага з вапнавых блокаў. Унутраная прастора падзеленая аркадамі на тры нефы, перакрытыя стральчатымі скляпеннямі з распалубкамі. Над вузкім нартэксам — галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны арнаментальнай размалёўкай ракайльнага малюнка. Амбон, алтары і арган выкананыя ў Вільні ў стылі неаготыкі, аздобленыя разьбой і скульптурай.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



НАРОЎЛЯ


Горад, цэнтр Нараўлянскага р-ну, прыстань на правым беразе Прыпяці. За 178 км ад Гомеля. Вядомая з XVIII ст. як прыватнаўласніцкае мястэчка ў Вялікім княстве Літоўскім, што належала Аскеркам. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыіі, цэнтр воласці Рэчыцкага павету Менскай губерніі. У канцы ХІХ ст. налічвалася 1,1 тыс. жыхароў (1897 г.), прыстань, бровар, гута, вытворчасць драўлянага посуду, рагожы, школа, царква. З 1919 г. у Гомельскай губерніі РСФСР; 2,5 тыс. жыхароў у 1923 г. З 1924 г. у БССР, цэнтр раёну Мазырскай акругі. З 1938 г. гарадскі пасёлак; 3,9 тыс. жыхароў у 1939 г. З 1954 г. у складзе Гомельскай вобл.; 4,8 тыс. жыхароў у 1959 г. У 1962—65 гг. у Ельскім р-не; 6,6 тыс. жыхароў у 1970 г. З 1971 г. — горад.

Нароўля размешчана на надпойменнай тэрасе правага берагу Прыпяці (8—10 м над узроўнем ракі). Рака Нараўлянка падзяляе горад на ўсходні і заходні жылыя раёны. Генплан распрацаваны ў 1967 г. (Гомельскія абласныя праектныя майстэрні інстытуту "Белдзяржпраект"). Вулічная сетка арыентаваная ў бок Прыпяці, таму большасць вуліц перасякаецца з вул. Кастрычніцкай, паралельнай Прыпяці. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся на пл. Леніна, утворанай на скрыжаванні вуліц Кастрычніцкай і Леніна (галоўная, забудаваная 2—5-павярховымі дамамі). У цэнтры і ў мікрараёнах будуюцца 2—5-павярховыя капітальныя жылыя дамы [створаныя мікрараёны па вуліцах Леніна, Кастрычніцкай, Корзуна; вядзецца (1990 г.) забудова мікрараёну па вул. Макаранкі]. Прамыслова-складская зона фармуецца ў асноўным пры ўездзе ў горад, на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе. Зона адпачынку — р. Прыпяць з паркам на яе беразе, р. Нараўлянка з фруктовым садам уздоўж яе, бульвар у раёне пл. Леніна, стадыён.

Паводле генплану 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойлід А. Агафонава, інжынеры Л. Пірожнік, У. Пачтоўскі) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Кашырын, А. Шаміцька, інжынер Пачтоўскі) прадугледжанае далейшае развіццё гораду на паўночны захад, расшырэнне грамадскага цэнтру, зоны адпачынку і спорту.

Захаваўся помнік дойлідства позняга класіцызму XVIII ст. — сядзібна-паркавы ансамбль.


С.Ф. Самбук



НАРОЎЛЯ. СЯДЗІБНА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік палацава-паркавага дойлідства класіцызму. Створаны ў 2-й палове XVIII ст. ў Нароўлі на правым высокім беразе Прыпяці. Уключае палац, парк з малымі формамі дойлідства, вытворчыя пабудовы.

Палац (1865 г.) — двухпавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак з высокім цокалем. Першы паверх апрацаваны буйным рустам, другі раскрапаваны лапаткамі. У цэнтры падоўжаных фасадаў плоскія рызаліты з порцікамі (не зберагліся). Перад імі тэрасы з шырокімі лесвіцамі і пандусамі. Абапал галоўнага фасаду плоскія рызаліты, абапал дваровага — трохгранныя эркеры. На тарцах будынку больш глыбокія рызаліты з уваходамі. Планіроўка калідорная з вестыбюлем і квадратнай залай у цэнтры. У афармленні інтэр’еру выкарыстаныя арачныя нішы. У будынку размешчаная школа-інтэрнат.

Парк пейзажнага тыпу, з роўным рэльефам, плошча 8,2 га. Кампазіцыйна падзелены баскетамі з грабу на две часткі. У паўднёвай частцы палац, вялікая паляна, алея, якая пачынаецца ўязной брамай у выглядзе каланады дарычнага ордэру з антаблементам. Перад фасадам, арыентаваным на раку, — шырокая лесвіца, якая вядзе на тэрасу з фантанам у стылі ампір. У паўночнай частцы лагчыны невялікі ручай, уздоўж якога ідзе дарожка да альтанкі. У парку растуць пераважна дрэвы мясцовых парод (дуб, ясень, клён, акацыя, ліпа, альха, елка, хвоя) і пладовыя, трапляюцца экзоты.

Альтанка размешчаная на ўзгорку пры скрыжаванні абходных алей. Мае рысы стылю ампір, трох’яруснае квадратнае ў плане мураванае збудаванне. Ніжні ярус умацаваны кутнімі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам. Другі ярус скразны, з вялікімі паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з чатырох бакоў. Куты аздобленыя 3/4 калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з шасцю калонамі карынфскага ордэру, завершаная паўсферычным купалам з вазай. У дэкоры — маскароны, разеткі, гірлянды, акантаваны арнамент, валюты, іонікі і інш.

У палацава-паркавы ансамбль уключаны вытворчы комплекс, у якім размешчаная кандытарская фабрыка. Будынкі комплексу змураваныя з чырвонай цэглы. Маюць формы несапраўднай готыкі (стральчатыя аркі і праёмы) і неараманскага стылю (аркатура, байніцы).

Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін, В.Р. Анціпаў



НАЧА. КАРЧМА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў ХІХ ст. ў в. Нача (Воранаўскі р-н). Аднапавярховы Т-падобны ў плане будынак складаецца з двух прастакутных у плане аб’ёмаў: галоўнага (у ім размяшчаліся шынок з кухняй, чатыры пакоі для падарожнікаў), арыентаванага цэнтральным фасадам на плошчу, і перпендыкулярна прыбудаванага да яго дваровага фасаду памяшкання са стайняй. Галоўны аб’ём накрыты паўвальмавым, дваровы — двухсхільным гонтавым дахамі. Сцены гарызантальна ашаляваныя, вокны прастакутныя, па восі галоўнага аб’ёму шырокая брама. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя адпавядала функцыянальнаму прызначэнню пабудовы.

Выкарыстоўваецца як жылы дом.


С.А. Сергачоў



НАЧА. СЯДЗІБНЫ ДОМ


Помнік сядзібнага дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1810—15 гг. у в. Нача (Ляхавіцкі р-н). Мураваны аднапавярховы прастакутны ў плане будынак стаіць на высокім цокалі і накрыты двухсхільным дахам. Высокія прастакутныя вокны завершаныя сандрыкамі. Цэнтральная частка галоўнага фасаду вылучаная манументальным шасцікалонным порцікам з трохкутным франтонам, прарэзаным круглым акном. Да тарцоў будынку прыбудаваныя тэрасы.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



НОВАЛУКОМЛЬ


Горад у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на паўднёва-ўсходнім беразе воз. Лукомскае. За 24 км на поўдзень ад Чашнікаў, 120 км ад Віцебску. Адзін з новых гарадоў краіны, якія пачалі фармавацца ў 2-й палове 1960-х гадоў на базе прамысловага, энергетычнага і транспартнага будаўніцтва. Узнік як пасёлак энергетыкаў на месцы рабочага пасёлку Піянерны ў сувязі з будаўніцтвам Лукомскай ДРЭС (1964 г.) у Бешанковіцкім р-не (са студзеня 1965 г. у Чашніцкім). З 1965 г. гарадскі пасёлак, з 1970 г. горад раённага падпарадкавання. 6,7 тыс. жыхароў у 1970 г., 13,7 тыс. — у 1989 г.

Паводле генпланаў 1963 г. (інстытут "Віцебскграмадзянпраект"; дойліды В. Данілаў, З. Даўгяла, інжынер А. Марголіс) і 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойлід Л. Гітлін, інжынеры Р. Абласава, Н. Галавацкая) горад фармуецца ў выглядзе груп мікрараёнаў, размешчаных на параўнальна роўнай пляцоўцы, якая ўзвышаецца над возерам. У аснову планіроўкі пакладзены прынцып раз’яднання пешаходных і транспартных сувязей. Галоўныя кампазіцыйныя восі — паралельныя вуліцы Энергетыкаў і Набярэжная. Паміж імі размешчаная пл. Леніна — адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр, сфармаваны будынкамі чатырохпавярховым гарвыканкаму, двухпавярховым Палаца культуры і гандлёыага цэнтру, кінатэатру, двух пяціпавярховых жылых дамоў. На плошчы вадаём, фантаны, разбіты сквер. Вылучаецца прасторавая кампазіцыя цэнтру, які сфармаваўся ў выглядзе пешаходнай эспланады, што раскрытая ў бок возера і вядзе непасрэдна ў парк культуры і адпачынку. Цэнтр адметны высокай якасцю забудовы, азелянення і добраўпарадкаванасці. Уздоўж галоўных вуліц збудаваныя чатыры мікрараёны з пяціпавярховых жылых дамоў з дзевяціпавярховымі дамінантамі. Створаныя паўднёвы і ўсходні прамысловыя раёны. Зона адпачынку — азёры Лукомскае і Сялява (на поўдні ад гораду), гарадскі парк, спартовы комплекс.

Прадугледжанае далейшае развіццё гораду на захад, стварэнне грамадскага цэнтру па вул. Энергетыкаў.


Г.С. Ларкін



НОВАЯ МЫШ. КАСЦЁЛ ПЕРАМЯНЕННЯ ПАНА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1825 г. з цэглы ў в. Новая Мыш (Баранавіцкі р-н). Вырашаны адзіным прастакутным у плане аб’ёмам, накрытым двухсхільным дахам з вальмамі над трохграннай апсідай. Галоўны фасад — познекласіцыстычны порцік з чатырма парамі калон і высокім трохкутным франтонам. Стральчатыя вокны з простымі ліштвамі, як і контрфорсы, якія ўмацоўваюць прасценкі бакавых фасадаў, — вынік уплыву неаготыкі. Вільчык даху на галоўным фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёлу, дзе вылучаныя самастойныя аб’ёмы двух’ярусных сакрысцій, перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. На хорах, якія апіраюцца на две калоны пры ўваходзе, за філёнгавай разной балюстрадай стаіць дэкарыраваны ў стылі ракако арган (1762 г.). У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. ў касцёле ўстаноўлены тры драўляныя разныя алтары і амбон. Алтары выкананыя ў XVII ст. (перабудаваныя і ўпрыгожаныя скульптурамі ў XVIII—XIX стст.), амбон — у 1745 г. (усе перанесеныя з касцёлу бенедыкцінак у Нясвіжы). Галоўны алтар — двух’ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўленыя скульптуры Святога Станіслава і Маці Боскай з дзіцем. Чатыры калоны першага ярусу (абапал алтарнай карціны "Праабражэнне" і драўляных скульптур) нясуць раскрапаваны прафіляваны антаблемент з накладной разьбой. Другі ярус з карцінай "Святая сям’я" фланкіраваны дзвюма скульптурамі анёлаў у дынамічных паставах. Вянчае алтар група пуцці. Бакавыя алтары па кампазіцыі аналагічныя цэнтральнаму, але меншыя памерамі. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці. Амбон у стылі ракако, дэкарыраваны скульптурамі чатырох евангелістаў — Лукаша, Марка, Матэвуша, Іаана, якія лунаюць у экспрэсіўных ракурсах, херувімамі, маскаронамі, паляўнічымі атрыбутамі, а таксама картушамі і ракайльнымі медальёнамі з жывапісам. Вянчае амбон скульптурная група анёлаў у палёце.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значзння.


А.М. Кулагін, Г.М. Ярмоленка



НОВЫ СВЕРЖАНЬ. КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА


Помнік дойлідства рэнесансу. Закладзены ў 1588 г. у в. Новы Свержакь (Стаўбцоўскі р-н) на рыначнай плошчы. Мураваны прастакутны ў плане аднавежавы храм са слаба акрэсленым трансептам, масіўнай абарончай вежай над уваходам і невысокай паўкруглай алтарнай апсідай, якая ўнутры мае складаны абрыс; скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі. З паўночнага боку асноўнага аб’ёму пазней (праз 30—40 гадоў) прыбудаваная трох’ярусная квадратная ў плане вежа, накрытая чатырохгранным шатром з кароткім шпілем. Ніжняя частка ўмацаваная контрфорсамі, верхнія ярусы аздобленыя плоскімі арачнымі нішамі, у другім ярусе фланкіраванымі аркадай з пілястрамі. У цэнтральных нішах кожнай грані прарэзаныя паўцыркульныя праёмы. Вокны паўцыркульныя. Інтэр’ер зальнага тыпу. У ніжнім ярусе вежы вылучаны бабінец з размешчанымі над ім хорамі, якія адкрываюцца ў асноўнае памяшканне невялікім арачным праёмам. Лесвіца на хоры — у тоўшчы заходняй сцяны. Скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі. У бабінцы скляпенне апрацаванае дэкаратыўнымі нервюрамі. Першапачаткова (да 1818 г.) вонкавыя сцены касцёлу былі неатынкаваныя. Перабудовы ў 2-й чвэрці ХІХ ст. некалькі змянілі мастацкае аблічча будынку.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.В. Трацэўскі



НОВЫ СВЕРЖАНЬ. ЦАРКВА ЎСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства ранняга барока. Заснаваная ў 1590 г. у в. Новы Свержань (Стаўбцоўскі р-н), у пачатку XVII ст. перабудаваная як уніяцкая. Уяўляе сабой мураваны аднанефавы аднавежавы храм (у плане — выцягнуты прастакутнік) з прастакутнай апсідай і дзвюма нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прастакутным бабінцам узвышаецца масіўны чацвярык вежы, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць вокны. Вянчае вежу фігурная барочная галоўка. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёныя паўцыркульнымі вокнамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкаратыўны элемент фасаду — партал бакавога заходняга ўваходу. Інтэр’ер зальнага тыпу. У паўночнай частцы асноўнага аб’ёму вылучаны бабінец з двума бакавымі ўваходамі. Хоры падтрымліваюцца дзвюма драўлянымі калонкамі. Перакрыцце бэлечнае з плоскай падшыўной столлю. Уваход з паўночнага боку. Алтарная частка перабудаваная ў ХІХ ст.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.В. Трацэўскі



НЯСВІЖ


Горад на р. Уша за 112 км ад Менску, цэнтр Нясвіжскага р-ну. Найбольш ранняе дакументаванае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах — 1446 г. Такое меркаванне ўпершыню выказана і абгрунтавана даследчыкамі I.М. і Л.Л. Чарняўскімі (Нясвіж. З мінулага // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988 г. № 1), раней лічыўся 1223 г. Паводле археалагічных даследаванняў, праведзеных у 1985 г. I.М. Чарняўскім і 1989 г. А.К. Краўцэвічам, самыя раннія знаходкі на тэрыторыі Нясвіжу датуюцца XV ст. Старажытнае гарадзішча знаходзілася на заходняй частцы тэрыторыі, прылеглай да кляштару бенедыкцінак. Пасля 1523 г. на тэрыторыі сучаснага Нясвіжу пачынае фармавацца паселішча гарадскога тыпу. У 1533 г. на месцы старажытнага гарадзішча пабудаваны драўляны замак. У XV — 1-й паловы XVI ст. — двор, умацаваны цэнтр невялікай гаспадарчай воласці. Належаў Сяляўку, потым М.Я. Неміровічу, з 1492 г. П.Я. Мантыгірду, потым Кішкам, з 1523 г. Радзівілам (больш за 400 гадоў). З 1547 г. пры Мікалаі Радзівіле Чорным (атрымаў тытул князя) называўся княствам Нясвіжскім. З 1586 г. — цэнтр ардынацыі Радзівілаў, горад атрымаў магдэбургскае права (нададзена Радзівілам Сіроткам) і герб — на залатым полі выява палавіны чорнага рассечанага ўздоўж арла, з другога боку — дзесяць косых палосак блакітнага, чырвонага і жоўтага колеру; у 1589 г. пачалося будаўніцтва ратушы. У канцы XV — пачатку XVI ст. Кішкамі пабудаваны касцёл Святога Духа, існавала праваслаўная царква Раства Багародзіцы; Нясвіж меў два кірмашы на год. Горад інтэнсіўна развіваецца як цэнтр культуры, рамяства і гандлю. У канцы XVI — пачатку XVII ст. фармуецца яго дойлідскае аблічча (захавалася дагэтуль з невялікімі зменамі). М.К. Радзівілам Сіроткам з удзелам запрошаных ім італійскіх дойлідаў быў узведзены мураваны замак, які з’яўляўся першакласным эўрапейскім абарончым збудаваннем (глядзі артыкул "Нясвіж. Палацава-паркавы комплекс"). Замак быў абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пачатку XVII ст. вакол гораду насыпаныя земляныя бастыёны і курціны. Захаваліся рэшткі абарончага валу — у прыбярэжнай частцы Дзявочага ставу, на паўночным усходзе ад былога кляштару бенедыкцінак: фрагмент курціны і бастыён (даўжыня каля 100—150 м). Земляны абарончы вал (вышыня каля 5—5,5 м, шырыня каля асновы 17 м) з сямю бастыёнамі меў форму няправільнага пяцігранніка. У 1584—1616 гг. Нясвіж атрымаў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфармаваўся як горад-фартэцыя. Рака падзяляла яго на две часткі: замак і ўласна горад, злучаныя  паміж сабой драўляным мостам цераз штучнае возера, які разбіралі ў час асады гораду. На чатырох асноўных уездах у горад былі збудаваныя брамы: замкавая вежа, Слуцкая брама, Віленская (спачатку называлася Мірская) і Клецкая. Горад меў прастакутную сістэму планіроўкі з невялікімі квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прастакутая ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з трох бакоў жылымі камяніцамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У пачатку XVII ст. абапал яе размяшчаліся гандлёвыя рады (перабудаваныя ў XVIII ст., глядзі Ратуша і гандлёвыя рады); у 1672 г. за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі две узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцак — Вільня), праходзіла праз увесь горад з захаду на ўсход і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая — з поўначы на поўдзень, звязвала замак і Рыначную плошчу. У 1584—93 гг. у паўночна-ўсходняй частцы гораду, каля Замкавай вежы, пабудаваны касцёл Божага цела і калегіюм езуітаў, у паўднёва-ўсходняй частцы — касцёл і кляштар бенедыкцінак (1590—95 гг.), у паўночна-заходняй частцы — касцёл і кляштар бернардынаў (1598 г.). У 1620—30-я гады заснаваная уніяцкая царква. У 1673 г. у горадзе каля 2400 жыхароў, 367 "дымоў", тры рынкі; пабудаваны кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам Святога Крыжу. У 2-й палове XVI ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў XVII—XVIII стст. сфармаваўся буйны Альбінскі палацава-паркавы комплекс.

У 1654 г. і 1659 г. у час руска-польскай вайны горад разбураны, у 1706 г. горад і замак разрабавалі і спалілі, узарвалі магутныя бастыёны, горад пацярпеў значныя страты і ад пажараў 1836 г. і 1843 г. (згарэла 150 дамоў). У 1720-я гады горад і замак адбудаваныя. У XVIII ст. існаваў гарадскі палац. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету, з 1796 г. заштатны горад Слуцкага павету. У канцы XIX ст. 8850 жыхароў. Існавалі: Праабражэнская царква (з 1846 г. у будынку ратушы, бо ў 1836 г. царква згарэла), два касцёлы, сінагога, сем габрэйскіх малітоўных дамоў; раней яшчэ былі цэрквы Георгіеўская і Прачысцен’ская (пабудавана ў 1577 г.). З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр павету. З 1940 цэнтр р-на Баранавіцкай вобл., з 1954 г. у Менскай вобл.

Сучасны горад захаваў гістарычную дойлідска-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўночна-заходнюю (гістарычную) і паўднёва-ўсходнюю (асноўны жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская — Савецкая — 1 Мая і Шымко — К. Лібкнехта — Садовая (з поўначы на поўдзеь). Пасля II Сусветнай вайны Нясвіж развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 г. (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплану 1965 г. (інстытут "Белдзяржпраект"). Галоўная вуліца — Ленінская. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр сфармаваўся на Цэнтральнай плошчы (былая Рыначная), на ёй разбіты і сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Гандлёвы цэнтр склаўся па вул. Савецкай. У раёне вуліц 1 Мая — Садовай — Ленінскай ствараецца мікрараён з 4—5-павярховымі жылымі дамамі. Сфармаваліся паўночна-заходняя і паўднёва-ўсходняя вытворчыя зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк у паўднёва-заходняй частцы гораду. Захаваліся помнікі дойлідства XVI—XIX стст.: палацава-паркавы комплекс, бенедыкцінскі і бернардынскі кляштары, касцёл езуітаў і капліца, Замкавая і Слуцкая брамы, ратуша і гандлёвыя рады, плябанія, "Дом на рынку".

Паводле генплану 1982 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Т. Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтру 1978 г. (інстытут "Менскграмадзянпраект", дойліды А. Кракалёва, Л. Шылінская, Г. Перліна) прадугледжанае далейшае развіццё гораду на паўднёвы захад і паўднёвы ўсход, стварэнне грамадскага цэнтру на стыку гістарычнага цэнтру з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 г. распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гістарычнай забудовы (дойліды Г.Босак, А. Дарэнскі, Т. Куцапалава і інш.).


Т.І. Чарняўская, I.М. Чарняўскі, С.Ф. Самбук



НЯСВІЖ. АЛЬБІНСКІ ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС


Закладзены ў 2-й палове XVI ст. ў прыгарадзе Нясвіжа Альба. Плошча больш за 200 га. У пачатку XVII ст. пабудаваны эрмітаж, драўляны палац "кансаляцыя", персіярня. Асноўныя планіровачныя восі — узаемна перпендыкулярныя галоўная алея (даўжыня больш за 2 км) і вялікі канал. Цэнтрам кампазіцыі галоўнай (паўночна-ўсходняй) часткі комплексу быў двухпавярховы мураваны палац анфіладнай планіроўкі, накрыты дахоўкай і завершаны дзвюма вежачкамі з ляпнымі гербамі Радзівілаў. Уключаў прыхожую, хол, дзве залы, восем жылых пакояў, тры альковы, два кабінеты, чатыры гардэробы. Сцены былі аздобленыя тонкімі атласнымі шпалерамі з арабескамі, столь мела гіпсавую лепку, падлога — з наборнага паркету. Інтэр’еры ўпрыгожвалі печы з паліхромнай кафлі, каміны з чорнага штучнага мармуру, скульптура, партрэты, абразы. За палацам размяшчаўся вялікі "італійскі" сад, галоўная галерэя якога была абсаджаная самшытавым дрэвам, злучала палац са "звярынцам". Мелася некалькі кветнікаў і "ценявых" алей — біндажоў, абсаджаных шпалерамі з грабу і ліп. Непадалёк ад палаца размяшчаўся шпалерны сад у выглядзе сяміпрамянёвай зоркі, утворанай шэрагамі грабавых шпалер з круглай ў плане васьміслуповай мураванай купальнай альтанкай у цэнтры (столь аздобленая лепкай, сцены — размалёўкай). Паміж шпалерамі размяшчаліся сем аднатыпных драўляных будынкаў. Ад шпалернага саду грэбля вяла да "галандскай" фермы, дзе стаяў двухпавярховы будынак. Непадалёк ад фермы знаходзілася альтанка. Ад яе ва ўсе бакі разыходзіліся восем бярозавых алей, аздобленых драўлянымі слупамі са скульптурнымі выявамі жывёл. Адна з алей вяла да эрмітажу (пабудаваны з цэглы ў сярэдзіне XVIII ст. на месцы будынку XVII ст.). Складаўся з аддзеленых сцяной галоўнага і гаспадарчага карпусоў, уваходы ў якія былі аформленыя драўлянымі скульптурамі Святых Крыштофа і Мікалая. Галоўны корпус уключаў тры пакоі, гардэроб, сталовую, кухню і капліцу, сцены былі аздобленыя размалёўкай на рэлігійныя сюжэты, у пакоях стаялі кафляныя печы і каміны са скульптурнымі выявамі, у капліцы — шэсць фаянсавых алтароў, зробленых на мануфактуры ў в. Новы Свержань (Стаўбцоўскі р-н), статуі Святых Мікалая і Яна Непамука са слановай косці, абразы. Непадалёк ад эрмітажу знаходзіліся драўляны аднапавярховы палац "кансаляцыя" і другі "італійскі" сад, дзе былі грабавыя і ліпавыя шпалеры, альтанка і аранжарэя, за садам — персіярня. У паўночна-заходняй частцы комплексу размяшчаліся "звярынец" (плошча каля 90 га) і фазанавае поле (плошча каля 65 га). Цэнтр кампазіцыі — круглы вадаём (з востравам і паляўнічым павільёнам, да якога зыходзіліся восем каналаў). Пры рэканструкцыі комплексу ў 1780-я гады (дойліды Л. Лутніцкі, К. Спампані) уздоўж каналаў зроблены добраўпарадкаваныя набярэжныя, на якіх пастаўлена 180 драўляных катэджаў. На набярэжнай вялікага канала пабудаваны з дрэва касцёл Святой Тройцы з трыма пазалочанымі меднымі купаламі, дванаццаццю разнымі алтарамі і званіца. Пабудовы комплексу не зберагліся, часткова захаваліся паркавыя насаджэнні.

Паркавая альтанка знаходзілася ў "Італійскім" садзе летняй рэзідэнцыі Радзівілаў Альба. Збудаваная з дрэва ў 1780 г. у стылі ракако паводле праекта дойліда Л. Лютніцкага. Цэнтрычная, трох’ярусная, круглая ў плане, з балдахінным дахам, завершаная карынфскай канеліраванай калонай. У аснове альтанкі і на першым ярусе — вежы ў выглядзе мінарэтаў з шатровымі завяршэннямі, увянчаныя маладзікамі. Другі і трэці ярусы — адкрытыя тэрасы з агароджай у выглядзе балюстрады (адтуль глядзелі вячэрнія феерверкі). Альтанка дэкаратыўна аздобленая барэльефнымі пано на антычную тэматыку, руставанымі лапаткамі, паясамі гірлянд, трыгліфамі. Прастакутныя праёмы абрамлялі фігурныя нішы. Дойлідскае вырашэнне альтанкі адпавядала агульнай экзатычнай трактоўцы паркавых павільёнаў Альбы.


Ю.А. Якімовіч,А.М. Кулагін



НЯСВІЖ. ЗАМКАВАЯ ВЕЖА


Помнік дойлідства 2-й паловы XVI ст. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёлу Божага Цела. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не збераглася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. Другі ярус аформлены прастакутнымі, круглымі і квадратнымі праёмамі, трэціі і чацвёрты — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырвонай цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкаратыўную двухколерную гаму фасадаў. У дойлідстве вежы адлюстраваныя рысы беларускага абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.

Помнік рэспубліканскага значэння.


М.А. Ткачоў



НЯСВІЖ. ПЛЯБАНІЯ


Помнік дойлідства XVI—XIX стст. Пабудаваная ў XVI—XVII стст. з цэглы ва ўсходняй частцы гораду, непадалёку ад касцёлу езуітаў (сучасная вул. Міцкевіча, 5). Парафіяльны дом ксяндза (плябана) уключаў жылы дом і гаспадарчыя пабудовы. У XVIII—XIX стст. жылы дом перабудаваны (далучаная кутняя Г-падобная частка, калонны порцік на галоўным фасадзе і інш.). Кампактны двухпавярховы мураваны будынак накрыты вальмавым дахам. Першапачаткова меў прастакутную ў плане форму. Цэнтральны ўваход вылучаны з боку галоўнага фасаду порцікам з драўляным трохкутным франтонам. Сцены маюць прастакутныя аконныя праёмы. На дваровым фасадзе зберагліся фрагменты вялікіх плоскіх паўцыркульных арачных нішаў, якія нагадваюць рэнесансную аркаду. Спачатку на другім паверсе дваровага фасаду была арачная галерэя, на якую выходзілі ўсе памяшканні (у час перабудовы праёмы закладзеныя). Унутраная планіроўка змененая. Мяркуюць, што ў 1750—90-я гады ў будынку размяшчалася друкарня.

Цяпер у будынку друкарня раённай газеты "Чырвоны сцяг". У 1982 г. перад будынкам пастаўлены помнік асветніку і гуманісту Сымону Буднаму (скульптар С. Гарбунова, дойлід Ю. Казакоў). Будынак — помнік рэспубліканскага значзння.


Т.I. Чарняўская



НЯСВІЖ. РАТУША I ГАНДЛЕВЫЯ РАДЫ


Помнікі дойлідства XVI ст. Узведзеная з цэглы каля 1596 г. на былой Рынкавай плошчы (сучасная вул. Савецкая, 1а). Перабудаваная ў 1752 г. у стылі позняга барока, у 1836 г. пажарам знішчанае завяршэнне вежы. Першапачатковы выгляд яе захаваўся на праектным плане канца XVI ст. і гравюры Нясвіжа мастака Т. Макоўскага пачатку XVII ст. Прастакутны ў плане двухпавярховы будынак з чатырох’яруснай чацверыковай вежай над уваходам на тарцовым паўночным фасадзе. Раней вежа мела шэсць ярусаў (два верхнія — васьмерыкі) і завяршалася гранёным купалам з галоўкай. Пасля пажару ў сярэдзіне XIX ст. чацверыкі накрытыя пакатым шатровым дахам; асноўны аб’ём — высокім кроквенным дахам з вальмай на паўднёвым тарцы. Фасады амаль пазбаўленыя дэкору, апрача простых карнізаў. Вокны прастакутныя. Узроўні ярусаў вежы і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаныя драўлянымі ўсходамі. На першым паверсе знаходзіліся службовыя памяшканні магістрату і суду, на другім — вялікая зала магістрату для ўрачыстых грамадзянскіх актаў і тэатральных паказаў. Зала мела скляпеністыя перакрыцці, трохбаковае асвятленне, да яе вялі праз вежу аднамаршавыя ўсходы. Цяпер у будынку гарадскі Дом піянераў і школьнікаў, бібліятэка.

Гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна абапал ратушы па даўжыні будынку. Паміж імі былі нешырокія праезды з арачнымі брамамі на тарцах. Ячэйкі-крамы былі адкрытыя праёмамі ў бок праездаў; частка гандлёвых памяшканняў знаходзілася ў першым ярусе ратушы. У сярэдзіне XVIII ст. гандлёвыя рады былі перабудаваныя: прадоўжаныя за будынак ратушы і абкружалі яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны ўнутраны замкнёны дворык для падвозу тавараў; ячэйкі-крамы былі пераарыентаваныя праёмамі да плошчы і прылеглых вуліц. Невысокія падоўжаныя карпусы гандлёвых радоў накрытыя аднасхільнымі дахамі (са схілам у бок унутранага панадворку). Вулічныя фасады вырашаныя ў выглядзе аркады, завершаныя высокім атыкам. У дэкоры выкарыстаныя прафіляваныя карнізы, абрамленні праёмаў, філянговыя нішы. Цяпер у гандлёвых радах размешчаная кнігарня ды іншыя гандлёвыя ўстановы.

Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь

 

 

НЯСВІЖ. СЛУЦКАЯ БРАМА


Помнік дойлідства барока. Знаходзіцца ва ўсходняй частцы Нясвіжу, служыла ўездам у горад. Пабудаваная ў 1690 г. на месцы брамы XVI ст., перабудаваная ці адноўленая ў 1700 г. (паводле іншых звестак у 1760 г.) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны двух’ярусны прастакутны ў плане аб’ём з вялікім арачным праездам унутры (даўжыня 10,3 м), сцены ўмацаваныя контрфорсамі, накрыты двухсхільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаныя пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На першым ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на другім — капліца, раскрытая праз вялікі праём з балконам у бок гораду. У 1970-я гады брама рэстаўраваная.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская



НЯСВІЖ. ГАРАДСКІ ПАЛАЦ


Існаваў у XVIII ст. ў Нясвіжы. Быў пабудаваны ў стылі барока. Мураваны двухпавярховы накрыты дахоўкай квадратны ў плане будынак з унутраным дваром. Сцены былі дэкарыраваныя драўлянымі разнымі карнізамі. Фасады на другім паверсе аздабляла драўляная галерэя. На першым паверсе было адзінаццаць жылых пакояў, два алькежы, две кухні, две гасцёўні, чатыры каморы, тры скляпы, аздобленая размалёўкай капліца, кардэгарда, стайня, карэтная майстэрня, вялікі манеж з галерэяй у верхняй частцы памяшкання. На другім паверсе анфіладнай планіроўкі былі парадная зала і пяць пакояў. У інтэр’ерах памяшканняў — печы, аздобленыя кафляй і фаянсавымі пліткамі, палатняныя і скураныя шпалеры ў разных пазалочаных рамах з маляўнічымі арнаментальнымі і расліннымі выявамі, дойлідскімі сюжэтамі, вазамі, гістарычнымі сцэнамі, партрэтамі гістарычных асоб. Парадная зала і адзін з пакояў мелі скляпеністыя ляпныя столі з люстрамі і скульптурнымі пазалочанымі выявамі.

Палац не збярогся, вядомы паводле інвентару 1760-х гадоў.


Ю.А. Якімовіч



НЯСВІЖ. "ДОМ НА РЫНКУ"


Дом рамесніка, помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1721 г. на былой Рыначнай плошчы. Прастакутны ў плане двухпавярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з двухсхільным дахам. Праёмы на галоўным фасадзе размешчаныя сіметрычна цэнтральнай восі, падкрэсленай уваходам і балконам (на другім паверсе). Фігурны шчыт галоўнага фасаду вылучаны прафіляваным карнізам. Невялікі праём і нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваныя дэкаратыўнымі ліштвамі. Уваход на другі паверх з боку дваровага фасаду. Раней на першым паверсе знаходзіліся складскія памяшканні і крамы, на другім — жылыя пакоі.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.І. Чарняўская



НЯСВІЖ. КАЛЕГІЮМ ЕЗУІТАЎ


Існаваў у канцы XVI—XIX ст. У 1584 г. М.К. Радзівіл Сіротка фундаваў пляцоўку для будаўніцтва калегіюму на вул. Воднай, побач з мураваным касцёлам. Праект будынку, выкананы ў Нясвіжы, быў зацверджаны ў Рыме. Пабудаваны калегіюм у 1586—99 гг. (з карэкціроўкай праекту, зробленай Дж.М. Бернардоні). Мае рысы архітэктуры мясцовага рэнесансу (адлюстраваны на гравюры Т. Макоўскага пачатку XVII ст.). Тры асноўныя корпусы калегіюму былі пастаўленыя ў плане П-падобна і накрытыя двухсхільнымі дахамі з фігурнымі франтонамі на тарцах. Паўночны і паўднёвы карпусы мелі галерэйную планіроўку, усходні — калідорную. З захаду квадратны ўнутраны двор замыкаўся вузкім трохпавярховым аб’ёмам, завершаным дэкаратыўным атыкамі і эркерам з гадзіннікавай вежай. Спачатку ў першым ярусе гэты аб’ём уяўляў сабою адкрытыя аркадныя галерэі абапал глухой сцяны з цэнтральным уваходам. Пазней вонкавая аркада была замураваная, па баках уваходу ўзведзеныя капліца студэнцкага брацтва і зала філасофіі. У першым паверсе паўднёвай часткі размяшчаліся чатыры школьныя класы, якія мелі выхад у асобны двор, абгароджаны глухой сцяной. Побач пазней прыбудаваныя бібліятэка, друкарня, памяшканні лабараторыі і аптэкі. Калегіюм быў злучаны пераходам з Нясвіжскім касцёлам Божага Цела. З 1773 г., пасля скасавання ордэну езуітаў, у будынку размяшчаліся школа дамініканцаў, потым павятовая, з 1835 г. казармы.

Разбураны калегіюм, як мяркуюць, у час аднаго з гарадскіх пажараў (1836 г., 1843 г., 1888 г.), захаваліся асобныя 1—2-павярховыя часткі будынку.


Т.В. Габрусь



НЯСВІЖ. КАСЦЁЛ БОЖАГА ЦЕЛА


Касцёл езуітаў, фарны касцёл, помнік дойлідства барока. У 1510 г. у Нясвіжы па фундацыі Пятра Кішкі пабудаваны драўляны касцёл, у 1555 г. Мікалай Радзівіл Чорны перадаў яго кальвіністам. У 1581 г. яго сын М.К. Радзівіл Сіротка пачаў будаваць мураваны касцёл, прызначаны для езуітаў. Будынак храму ў выглядзе грэчаскага крыжа ў плане (захаваўся чарцёж канца XVI ст.) не задавальняў езуітаў і ў 1586 г. па ініцыятыве віленскага біскупа Ю. Радзівіла быў разбураны. У 1587 г. на тым жа месцы закладзены новы мураваны касцёл, завершаны ў 1593 г. Аўтар праекту і кіраўнік будаўніцтва італійскі дойлід Ян М. Бернардоні, член ордэну езуітаў. Захаваліся праектныя чарцяжы касцёлу 1586—87 гг. Мяркуюць, што ва ўзвядзенні вялікага гранёнага купалу на светлавым барабане, завершанага ліхтарыкам з фігурным купалком, прымаў удзел дойлід I. Брызіо. Будынак касцёлу неаднойчы быў пашкоджаны ад войнаў і пажараў, аднаўляўся. Пасля скасавання ордэну езуітаў у 1773 г. касцёл стаў фарным. Касцёл — першая пабудова ў стылі барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Узведзены на ўзор галоўнага ордэнскага храму езуітаў Эль Джэзу ў Рыме. Будынак — трохнефавая крыжова-купальная базіліка. Мае бязвежавы галоўны фасад і выцягнутую апсіду прэсбітэрыя з лучковым завяршэннем, па баках якой размешчаны двухпавярховыя прамавугольныя ў плане сакрысціі. Асаблівасцю касцёлу з’яўляюцца сіметрычныя гранёныя капліцы Святога Андрэя і Святога Пятра, прыбудаваныя па баках базілікі побач з крыламі трансепту. У 1611—15 гг. пабудаваныя хоры для аргана. Над бакавымі нефамі размяшчаліся эмпоры для навучэнцаў школы езуітаў, да іх вялі вітыя ўсходы ў круглых вежачках па баках нартэкса. У 1705 г. пры рэканструкцыі будынку эмпоры і вежачкі былі знятыя, павялічаныя вокны. Галоўны фасад вырашаны як самастойная сценка-шырма, далучаная да тарца базілікі і аздобленая ордэрнай пластыкай. Развітыя прафіляваныя гарызантальныя цягі падзяляюць яго галоўны фасад на два ярусы і трохкутны франтон; абапал верхняга ярусу — рудыменты барочных валют. Вертыкальныя чляненні (пілястры, глыбокія конхавыя нішы для скульптуры, аконныя праёмы) згрупаваныя папарна адносна восі сіметрыі фасаду, падкрэсленай парталам уваходу, вялікім акном над ім і люнетай у цэнтры франтону. У інтэр’еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, крылы трансепту — перпендыкулярнымі да яго цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя нефы — крыжовымі, сяродкрыжжа — паўсферычным купалам на круглым барабане (звонку васьмігранны), які апіраецца на ветразі і падпружныя аркі. Дэкарыраваны размалёўкай у тэхніцы грызайль. Фрэскі (выкананыя ў 1750—70-я гг. з удзелам мастака К.Д. Гескага, рэстаўрыраваныя ў 1900—02 гг.) упрыгожваюць скляпенні галоўнага і бакавых нефаў, прэсбітэрыя, трансепту, нартэксу, бакавых капліц і купалу. Мармуровыя алтары ў крылах трансепту ўпрыгожаны скульптурай, галоўны алтар — карцінамі "Тайная вячэра" Гескага і інш. У касцёле — надмагіллі XVII—XIX стст., у крыпце — капліца Святога Крыжа і фамільная пахавальня князёў Радзівілаў. Касцёл быў пабудаваны ў ансамблі з Нясвіжскай замкавай вежай, Нясвіжскім калегіумам езуітаў і садам. У 1747 г. у двары касцёлу асобна пабудаваная капліца (дойлід М. Педэці).

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь, У.А. Чантурыя



НЯСВІЖ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Існаваў у канцы XVI—XIX ст. Комплекс заснаваны ў 1598 г. Мікалаем Крыштофам Радзевічам. Уключаў касцёл і прыбудаваны да яго падоўжнага фасаду двухпавярховы П-падобны ў плане кляштарны жылы будынак (збярогся часткова). Займаў тэрыторыю, прылеглую да паўночна-заходняга боку абарончага гарадскога валу (сучасная вул. Ленінская). Касцёл — трохнефавая базіліка з павышаным цэнтральным нефам, завершаным двухсхільным дахам, і больш нізкімі бакавымі нефамі з аднасхільнымі пакрыццямі. Меў рысы ранняга барока. Галоўны фасад двух’яруснай кампазіцыі завяршаўся трохкутным франтонам, у першым ярусе на цэнтральнай восі размяшчаўся партал галоўнага ўваходу. Бакавыя фасады расчлянёныя па вертыкалі пілястрамі. Да алтарнага фасаду касцёлу прымыкала высокая шмат’ярусная чацверыковая вежа (магчыма, абарончая), накрытая спічастым шатром. У аб’ёме жылога будынку былі тры вежы (адна з іх завяршала ўязную браму). У 1793 г. касцёл згарэў, адбудаваны ў 1802—22 гг. Адлюстраваны на "карце" Г. Ляйбовіча 1750-х гадоў. У 1864 г. за ўдзел манахаў у нацыянальна-патрыятычных маніфестацыях кляштар быў закрыты, жылы корпус перададзены ваеннаму ведамству, а касцёл перароблены на царкву, нязначна пашкоджаны ў II Сусветную вайну.

Царква разбураная ў 1950-я гады.


Ю.А. Якімовіч, А.А. Ярашэвіч



НЯСВІЖ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ЭЎФЕМІІ I КЛЯШТАР БЕНЕДЫКЦІНАК


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1590—96 гг. з цэглы на паўднёва-ўсходняй ускраіне Нясвіжу па фундацыі жонкі Радзівіла Сіроткі Яўхіміі Радзівіл. Меў на той час абарончае значэнне. У XVII—XVIII стст. зробленыя некаторыя перабудовы. У 1864 г. былі закончаныя ўнутраныя пераробкі. У 1866 г. касцёл перададзены праваслаўнай царкве, кляштар зачынены ў 1876 г. і прыстасаваны пад казармы. Жылы корпус з касцёлам, вежа-брама (XVIII ст.), гаспадарчыя пабудовы, размешчаныя вакол унутранага дворыку, утвараюць адзіны комплекс. Жылы манастырскі корпус з касцёлам — двухпавярховы Е-падобны ў плане будынак з рознавялікімі бакавымі крыламі. Цэнтральная частка на вышыню двух паверхаў была прыстасаваная пад касцёл (аднанефавы, з пяціграннай апсідай і невялікім трансептам). У бакавых крылах размяшчаліся келлі, гаспадарчыя і службовыя памяшканні, у паўднёвым крыле — зала-трапезная. Галоўны фасад корпусу арыентаваны ва ўнутраны дворык. Яго кампазіцыйным цэнтрам з’яўляецца рызаліт (фасад касцёлу), дэкарыраваны трыма пілястрамі, лучковымі аконнымі праёмамі. Завяршэнне рызаліту (шмат’ярусная вежа) не захавалася. Галоўны ўваход размешчаны асіметрычна, у паўночным крыле. Гладкія сцены фасадаў прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі. Унутраная планіроўка калідорная, часткова змененая, прыстасаваная для сучасных патрэб. Вежа-брама з’яўляецца галоўным уваходам на тэрыторыю кляштару. Размешчаная паміж манастырскімі сценамі, па цэнтральнай восі ўнутранага дворыку. Прастакутная ў плане. Звонку падзеленая развітымі прафіляванымі цягамі на тры ярусы, што паступова змяншаюцца. Першы ярус прарэзаны аркай, над якой размешчаны высокі праём, другі з арачным аконным праёмам у цэнтры, абрамленым ліштвай, трэці ярус таксама з арачным праёмам, дэкарыраваны крывалінейным карнізам. Кожны ярус па кутах раскрапаваны пілястрамі. Вежа завершаная фігурным купалком са шпілем. Дзверы аздобленыя мастацкай акоўкай.

Цяпер тут педагагічнае вучылішча. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.



НЯСВІЖ. ПАЛАЦАВА ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС


Помнік дойлідства XVI—XVIII стст. Заложаны князям М.К. Радзівілам Сіроткам у 1583 г. на паўднёывм захадзе ад Нясвіжу, на месцы драўлянага замку (1533 г.). На пачатку будаўніцтва (да 1599 г.) удзельнічаў італійскі дойлід Дж. Бернардоні. У першапачатковым выглядзе адлюстраваны на гравюры Т. Макоўскага (пачатку XVII ст.). Замак меў у плане форму чатырохкутніка памерамі 170x120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутранае кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку (прымаў удзел дойлід М. Педэці). Вал (вышіня да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і чатыры патаемныя ўваходы. У XVII ст. па кутах бастыёнаў пабудаваныя чатыры абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замку з захаду быў умацаваны трохкутным шанцам, да якога вялі две пад’язныя дарогі. Уздоўж галоўнай восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і трохпавярховы палац з васьміграннымі кутнімі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў двухпавярховы гаспадарчы корпус, справа — трохпавярховая казарма з вялікай дазорнай вежай. У 1706 г. замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 г. дойлідам К. Ждановічам (у 1740 г. пабудаваў таксама новую палацавую капліцу). На працягу XVIII ст. ў будаўніцтве палаца прымалі ўдзел дойліды М. Педэці (у 1748—52 гг.), М. Фларыяновіч (1775—78 гг.), К. Спампані (1778—79 гг.), А. Лоцы (1783 г., праект галерэі). Мураваныя бастыёны замененыя землянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентару 1767 г., замак складаўся з палацу і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы.

Палац — трохпавярховы прастакутны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На галоўным фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палацу размяшчаліся службовыя памяшканні, две лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вялікай колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр’ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, і каміны з металічнымі геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панелі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрытая пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная мастацкімі тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вялікае значэнне ў ансамблі інтэр’еру мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гістарычныя сюжэты), дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме, якая мела наверсе гадзіннік, размяшчаліся ў ніжнім ярусе кардэгарду, у верхнім — памяшканні архіву. Дапаможныя карпусы абапал брамы ўключалі шэраг жылых і гаспадарчых памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асноўным памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздобленыя размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі два комплексы жылых, гаспадарчых і вытворчых пабудоў (жыллё прыслугі, свіраны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтныя майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў тэатр. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы. Пры перабудове галоўнага палацавага корпусу надбудаваны чацверты паверх цэнтральнага рызаліту, завершаны трохкутным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаныя з галоўным корпусам трохпавярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (завершаная вежай у 2-й палове XVIII ст.) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры паліганальную форму, блізкую да пяцікутніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутраны двор, аздобленыя пілястрамі вялікага ордэру і вырашаныя ў два колеры. васьмігранныя вежы (дазорная і над брамай) накрытыя шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі. У 1809 г. комплекс рэстаўрыраваны дойлідам М. Цэйзікам. Часткова зберагліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя партрэты, бібліятэка, архіў. Аздоба інтэр’ераў таксама збераглася часткова. З 1945 г. у замку размешчаны санаторый "Нясвіж".

Паркі пейзажнага тыпу закладзеныя ў 1879 г. у пойме р. Уша. Плошча з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з пяці аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае сваю завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары ("ангельскі") парк з "японскім" садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. З дэкаратыўных упрыгожанняў — стары калодзеж у стылі барока з дэталямі мастацкай коўкі і скульптура "Амур з чашай". Да замкавага парку прымыкае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкаратыўнымі групамі дрэў, памятнымі камянямі і малымі формамі дойлідства (не зберагліся): Галандскім млынам, Бярозавым домікам. За Старым паркам у пачатку XX ст. створаны "японскі" сад з паплавамі. Алеямі ён злучаўся з узгоркам, на якім стаяла капліца. У левабярэжнай частцы размешчаны Новы (Марысін) парк з так званым іпадромам. У кампазіцыйных вырашэннях асобных ландшафтаў Новага парку адбіўся ўплыў натуралізму (памеры асобных паркавых груп павялічыліся, асобныя курціны пераходзяць у гаі і зялёныя масівы, а на ўсходняй ускраіне ў т.з. "рускі лес", які ў асноўным складаецца з мясцовых парод з рэдкімі экзотамі). У гэтай частцы парку былі аформленыя калодзеж-крыніца, круглы стаў з выспай, ручай, астранамічны абеліск і інш. Іпадром дэкаратыўна аформлены елкамі. Над насаджэннямі Старога і Новага паркаў працаваў садавод-дэкаратар А. Пастарэмчак. У 1913—14 гг. праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць інтрадукаваныя пароды і дэкаратыўныя формы: елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная, дуб звычайны (форма пірамідальная), ліпа амерыканская (форма буйналістая); шмат дэкаратыўнага хмызняку. Частка парку каля палаца належыць санаторыю "Нясвіж", астатняя — гораду.

Комплекс — помнік рэспубліканскага значзння.


М.А. Ткачоў, Ю.. Якімовіч, В.Р. Анціпаў



НЯСТАНІШКІ. ЛЯМУС


Існаваў у XVIII — 1-й палове XX ст. ў в. Нястанішкі (Смаргонскі р-н). Драўляная сядзібная гаспадарчая пабудова для хавання харчовых прадуктаў, збожжа, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама жыцця ўлетку. Прастакутны ў плане двухпавярховы будынак накрыты ламаным гонтавым дахам; меў рысы народнага дойлідства і стылю барока. Абодва паверхі афармлялі слупавыя галерэі. Слупы ў верхніх частках мелі ўкосіны (невялікія ў ніжнім і большыя ў верхнім ярусах), якія стваралі выгляд аркаднай кампазіцыі. Цэнтр галоўнага фасаду ў другім ярусе вылучала двухпралётная арка з вісячай гіркай.


Ю.А. Якімовіч



НЯХАЧАВА. ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваная паводле ўзорнага праекту 1846 г. у в. Няхачава (Івацэвіцкі р-н) на шашы Менск — Берасце. Тры аднапавярховыя мураваныя будынкі з вальмавымі дахамі, злучаныя паміж сабою сценамі з арачнымі праездамі, утвараюць Е-падобную ў плане кампазіцыю з унутраным дваром. Цэнтральны будынак, квадратны ў плане, арыентаваны да шашы галоўным фасадам, бакавыя, прастакутныя ў плане, — тарцовымі фасадамі. Сцены будынаў апрацаваныя плоскім рустам. Цэнтральны будынак вылучаны рызалітам, завершаным ступеньчатым атыкам. Аконныя праёмы (лучковыя ў цэнтральным корпусе і прастакутныя ў бакавых) аздобленыя лучковымі аркамі. У цэнтральным будынку знаходзіліся службовыя і жылыя памяшканні для падарожнікаў, у бакавых — вазоўня, стайня, пуня.

Цяпер станцыя выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская



-О-



ОБАЛЬ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Створаная ў 1-й палове XIX ст. ў г. п. Обаль (Шумілінскі р-н) на высокім правым беразе р. Обаль. Палац — мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з вальмавым дахам. На падоўжаных фасадах цэнтральная частка вылучаная чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі з балконамі на фігурных кранштэйнах. Па баках руставаныя рызаліты. Каля галоўнага ўваходу скульптурныя групы львоў. З боку дваровага фасаду будынак мае цокальны паверх і тэрасу. У цэнтральнай частцы вестыбюль і парадная зала (планіроўка змененая ў 1905—07 гг.). За домам размешчаны невялікі пейзажны парк, у якім растуць дрэвы мясцовых парод (бяроза, ясень, ліпа) і дэкаратыўны хмызняк.

У доме размешчаны інтэрнат заводу керамічных вырабаў.


А.М. Кулагін



ОБРЫН. ПАЛАЦ


Існаваў у XIX — 1-й палове XX ст. ў былым маёнтку Обрын (Навагрудскі р-н). Пабудаваны ў 1837 г. на беразе р. Обрынка. Меў рысы позняга класіцызму і несапраўднай готыкі. Складаўся з трохпавярховых мураваных будынкаў — асноўнага аб’ёму і двух флігеляў, злучаных крытымі пераходамі і завершаных складанымі ламанымі дахамі. Цэнтральны рызаліт асноўнага аб’ёму, вылучаны на галоўным фасадзе аркаднымі лоджыямі, завяршаўся мезанінам у выглядзе атыка з трохкутным франтонам. Сцены расчлянёныя прастакутнымі і арачнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі прафіляванымі ліштвамі і завершанымі франтончыкамі. Адзін флігель меў у завяршэнні вежачку з шатровым пакрыццём, другі — разнастайны псеўдагатычны дэкор (парэбрыкі, аркатура, разеткі, абрамленні ў выглядзе спічастых арак і какошнікаў, круглыя вокны-люнеты і інш.). У палацы была вядомая калекцыя фарфору, творы выяўленчага мастацтва, архіў. Належаў роду Обрынскіх, потым — Кашчыцаў. Апроч палацу, у маёнтку меліся млыны, рэзідэнцыя з муру, фруктовыя сады.


Ю.А. Якімовіч



ОЛТУШ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная да 1783 г. у в. Олтуш (Маларыцкі р-н), перабудаваная ў 1862 г. і 1868 г. У 1889 г. да царквы пры ўваходзе праз тамбур прыбудаваная двух’ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з шатровым дахам. Царква складаецца з трох прастакутных у плане зрубаў. Асноўны зруб накрыты шатровым, бабінец — двухсхільным са шчытом на галоўным фасадзе, алтарны — трохсхільным дахамі, завершанымі фігурнымі вежачкамі. Сцены гарызантальна ашаляваныя і прарэзаныя прастакутнымі вокнамі з разнымі ліштвамі. Унутры асноўны зруб і бабінец перакрытыя вянковымі скляпеннямі накшталт усечанай столі. Над уваходам размешчаныя хоры з балюстрадай. Апсіда ад асноўнага аб’ёму аддзеленая трох’ярусным іканастасам, аформленым разнымі пілястрамі і лапаткамі. Асноўны дэкаратыўны акцэнт — царская брама (ажурная разьба).

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



ОПАЛЬ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. ў цэнтры в. Опаль (Іванаўскі р н). Часткова перабудаваная ў XIX ст. Прастакутная ў плане трохнефавая базіліка са зрэзанымі кутамі ў алтарнай частцы. Цэнтральны, вышэйшы за бакавыя, неф завершаны двухсхільным дахам. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваныя брусамі-ланаткамі, вокны прастакутныя і паўцыркульныя (у цэнтральным нефе). Спачатку галоўны фасад фланкіравалі две вежы абапал трохкутнага франтону. Пры перабудове вежы разабраныя, фасад аформлены васьмікалонным порцікам (пазней калоны схаваны шалёўкай тамбуру). Інтэр’ер падзелены чатытма слупамі на нефы. Хоры на двух слупах пераходзяць уздоўж бакавых сцен цэнтральнага нефу ў кансольна-бэлечныя балюстрадныя галерэйкі. Алтар аддзелены трох'ярусным разным іканастасам (канец XIX — пачатак XX ст.).

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



ОПСА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства эклектыкі. Створаная ў 1904 г., за 2 км ад в. Опса (Браслаўскі р-н), на беразе воз. Спаса. Уключае гасподу з партэрам перад ёю, гаспадарчыя пабудовы ў паўночнай частцы сядзібы і невялікі парк пейзажнага тыпу з ландшафтнай кампазіцыяй. Гаспода — мураваны Е-падобны ў плане будынак. Да накрытага ламаным дахам аднапавярховага аб’ёму, які мае двухкалонны порцік у цэнтры, па баках прылягаюць двухпавярховыя аб’ёмы з вальмавымі дахамі. У аздобе фасадаў выкарыстаныя рустоўка, прафіляваныя ліштвы і карнізы. Планіроўка калідорная. У цэнтры вестыбюль і парадная зала, якая мае выхад на вялікую дваровую тэрасу з лесвіцай да возера на берагавым схіле. У тарцах дадатковыя ўваходы і міжпаверхавыя лесвіцы.

У будынку размешчаная школа-інтэрнат. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ОПСА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны з цэглы і бутавага каменю ў 1887 у в. Опса Браслаўскага р-ну па фундацыі Ф. Брыль-Плятара на месцы драўлянага касцёлу (заснаваны ў 1768 г. па фундацыі Г. Ціханавецкай). Уяўляе сабой аднанефавы аднавежавы храм з пяціграннай апсідай, абапал якой былі нізкія сіметрычныя сакрысціі. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам, больш нізкая апсіда — вальмавым, сакрысціі — двухсхільнымі дахамі, якія вырашаныя на тарцах накшталт вімпергаў. Такі самы вімперг аздабляе партал галоўнага ўваходу. Над ім размешчанае акно-"ружа", вышэй — падвойнае арачнае акно. Вежа-званіца завершаная востраканцовым шатром. У дэкоры выкарыстаныя зробленыя з цэглы прафіляваныя цягі, аркатурныя паясы, лапаткі і арачныя нішы. Унутры неф і апсіда перакрытыя цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. У адным стылі з касцёлам пабудаваныя плябанія і агароджа з бутавага каменю і чырвонай цэглы.

З 1949 г. касцёл быў закрыты, у красавіку 1989 г. у будынку адкрытая канцэртна-выставачная зала Браслаўскага аддзела культуры. У лістападзе 1989 г. касцёл перададзены вернікам.


Т.В. Габрусь



-П-



ПАВІЦЦЕ. ЦАРКВА РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ (ПРАЧЫСЦЕНСКАЯ)


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1912 г. з брусоў (18х18 см) у в. Павіцце (Кобрынскі р-н) пад кіраўніцтвам чэшскага майстра Гута. Асвячоная 9 кастрычніка 1912 г. Даўжыня 32 м, шырыня 18, вышыня (па крыжы на званіцы) — 40 м. У плане ўяўляе сабой традыцыйную чатырохчасткавую схему: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, алтар. Да асноўнага аб’ёму з чатырох бакоў прымыкаюць прыбудовы: з захаду два уваходы, з усходу дзяканнік з асобным уваходам і ахвярнік, аб’яднаныя галоўным алтаром. У інтэр’еры храму галоўны элемент — двух’ярусны драўляны разны іканастас, выкананы ў пачатку ХХ ст. У дойлідска-стылявой структуры відавочнае спалучэнне рыс традыцыйнага народнага драўлянага дойлідства (разьба на навесах ганкаў, барабанах і інш.), рэтраспектыўна-рускага (планіроўка, форма і канструкцыя званіцы, пяцікупалле асноўнага аб’ёму, выкарыстанне трохлопасцевых какошнікаў і інш.) і неарускага (ламаныя абрысы завяршэння галоўнага барабану, падзораў цвінтара) стыляў.

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



ПАГРАБЁНКІ. ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ


Помнік дойлідства неаготыкі. Знаходзіцца каля в. Паграбёнкі (Сенненскі р-н) на аўтамагістралі Кіеў — Санкт-Пецярбург. Пабудаваная ў канцы 1840-х гадоў паводле ўзорнага праекту станцыйных дамоў 3-га разраду (зацверджаны ў 1846 г.). Захаваліся: будынак паштовай станцыі (станцыйны дом), флігель для фурманаў, свіран, хлеў, стайня (часткова перабудаваная) і цагляная агароджа, у якой былі два сіметрычна размешчаныя праезды (адзін замураваны). Станцыйны дом павернуты галоўным фасадам да дарогі; разам з агароджай ён стварае франтальную кампазіцыю. Дом прастакутны ў плане, з восевым падоўжаным размяшчэннем двухкамерных сенцаў; па баках іх былі пакоі для праезджых і кватэра наглядчыка. Аконныя праёмы і ўваходны партал стральчатыя. Над уваходам — невялікая навісь, якую падтрымліваюць літыя чыгунныя кранштэйны. Сцены будынку раскрапаваныя прастакутнымі філёнгамі, дэкарыраваныя стральчатымі нішамі.

Цяпер у будынку размешчаная лінейная дарожная служба. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.С. Сардараў



ПАДАРОСК. ГАСПОДА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў канцы XVIII ст. ў в. Падароск (Ваўкавыскі р-н). Аднапавярховы прастакутны ў плане выцягнуты будынак мае сіметрычную кампазіцыю з двухпавярховай мураванай цэнтальнай часткай, вылучанай на галоўным фасадзе глыбокім порцікам з трохкутным франтонам. Драўляныя бакавыя крылы атынкаваныя і накрытыя высокімі вальмавымі дахамі. У вырашэнні порціка спалучаюцца слупы, калоны, аркада (на першым паверсе), якая падтрымлівае шырокую тэрасу. Уваход аформлены паўратондай з балконам над ёй. Прастакутныя вокны аздобленыя прафіляванымі ліштвамі. Унутраная планіроўка анфіладна-калідорная.

У будынку размешчанае праўленне саўгасу "Падароск". Помнік рэспубліканскага значэння.


Л.А. Ярашэвіч



ПАЛАНЭЧКА. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік дойлідства і садова-паркавага мастацтва канца XVIII — 1-й паловы ХІХ ст. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк.

Палац заложаны К. Радзівілам. Пабудаваны ў 1-й палове XIX ст. ў стылі ампір у в. Паланэчка (Баранавіцкі р-н) на левым беразе р. Змейка, у 2-й палове ХІХ ст. аднаўляўся А.С. Радзівілам. У ХІХ ст. ў палацы былі бібліятэка, архіў, калекцыі нумізматычная і твораў мастацтва. Значна пашкоджаны ў 1917 г. і асабліва ў 1943 г.; адноўлены. Цяпер у ім размешчаная школа-інтэрнат. Мураваны палац мае сіметрычна-восевую трохчасткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе двухпавярховы набліжаны ў плане да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаныя галерэямі квадратныя ў плане аднапавярховыя павільёны. Да паўднёва-заходняга ў 2-й палове ХІХ ст. прыбудаваны корпус зімовага саду (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрытыя ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтральная частка галоўнага фасаду вылучаная плоскімі пілястрамі, дэкарыраваная гермамі (на другом паверсе) і завершаная трохкутным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся ляпны герб уладальнікаў Радзівілаў (належаў ім да 1939 г.). Плоскасныя фасады расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваныя міжпаверхавымі паясамі. Першапачатковая планіроўка значна змененая. Вылучаліся цэнтрадная парадная люстэркавая зала і вестыбюль з лесвіцай на другі паверх (у далейшым замест сходаў зробленыя бакавыя лесвічныя маршы); у бакавых павільёнах знаходзіліся жылыя і службовыя памяшканні. Палац — помнік рзспубліканскага значзння.

Парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі складаўся з дзвюх частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчаная перад палацам на чатырох тэрасах, якія з невялікімі перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамстакутная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджаная таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам — сонечны гадзіннік. Алея па падоўжанай восі палацу ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы. За палацам быў разбіты рэгулярны "французскі" парк са шпалерамі і баскетамі.


А.М. Кулагін



ПАЛАНЭЧКА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЮР’Я


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1899 г. (дойлід К. Вайцяхоўскі) у цэнтры в. Паланэчка (Баранавіцкі р-н) непадалёку ад палацава-паркавага ансамблю. У дойлідстве выкарыстаныя элементы стылю неаготыкі. Прастакутны ў плане асноўны аб’ём з пяціграннай апсідай. З усходу да алтарнай апсіды прылягаюць две нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асноўны аб’ём. З захаду на галоўным фасадзе две вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Галоўны ўваход аформлены дэкаратыўным ганкам з двухсхільным навесам на дзвюх калонках. Сцены гарызантальна ашаляваныя. франтон, чацверыкі, карнізы і вокны аздобленыя накладнымі дэкаратыўнымі дэталямі геаметрычнай формы. Бакавыя сцены прарэзаныя высокімі стральчатымі вокнамі і ўмацаваныя ступеньчатымі контрфорсамі. Да галоўнага ўваходу вядзе нізкая лесвіца. Інтэр’ер зальны, адметны цікавым дэкаратыўным афармленнем, перакрыцце бэлечнае з плоскай падшыўной столлю. У заходняй частцы шэсць калонак падтрымліваюць хоры з арганам, зробленым віленскім майстрам Ф. Астрамескім (1897 г.). Аднаярусны алтар — узор народнага мастацтва разьбы па дрэве. На яго нізкім прафіляваным цокалі пышнае віццё аканту, якое абрамляе алтарныя карціны.


Т.I. Чарняўская, М.М. Яшцкая



ПАЛЕСКІЯ ШКОЛЫ ДОЙЛІДСТВА


Сфармаваліся ў XVII—XVIII стст. у драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве Беларускага Палесся, традыцыі школ развіваліся да пачатку ХХ ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і мастацкімі прыёмамі стварэння дойлідскіх формы. Адрозніваюць заходнепалескую і ўсходнепалескую (прыпяцкую) школы.

Заходнепалеская школа склалася ў межах сучаснай Берасцейскай вобл. паміж Берасцем і Пінскам. Народнае жыллё гэтай зоны вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арганізацыі панадворку, дойлідства пабудоў. Зрубы жылых і гаспадарчых пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай кутоў "у каню", "у просты замок" і без "астатку". У гаспадарчых збудаваннях была пашыраная слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі чатырохсхільныя стрэхі і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрная каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі трохкамернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўняй. Найбольш пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (Здзітаўская Мікітаўская царква, Вавуліцкая царква Раства Багародзіцы і інш.). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на галоўным фасадзе (Альбінская Георгіеўская царква), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (Чарнаўчыцкая царква Параскевы Пятніцы). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з дзвюхвежавым галоўным фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асноўныя тыпы званіц — слупавыя (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (глядзі артыкул "Чэрск. Міхайлаўская царква і званіца"). Для школы характэрныя сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.

Усходнепалеская (Прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, усходу Берасцейскай і подні Менскай абласцей). Для асноўнай часткі гэтай тэрыторыі характэрныя вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і дзвюх-, трохкамерныя хаты. Жыллё і гаспадарчыя пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвён (рубка кутоў з "астаткам"; часам выступы-канцы бярвён "астатку" счэсваліся на шэсць граней), выкарыстаннем двухсхільных дранічных дахаў на зволаках. У паўднёвай частцы зоны сустракаліся цэнтрычныя пабудовы жылога і гаспадарчага прызначэння з вянковым перамідальным перакрыццём. На паўднёвым усходзе многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве, разам з храмамі падоўжна-восевай кампазіцыі, былі пашыраныя храмы глыбінна-прасторавай і крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (XVII — 1-я палова XVIII ст.) вярхі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й палове XVIII — пачатку ХІХ ст. Усходнепалескай школай выпрацаваныя арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтральнага храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж двума васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, царква ў в. Леніна Жыткавіцкага р-на, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на галоўным фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе заўважалася сувязь школы з Бойкаўшчынай (Украінскія Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.


Ю.А. Якімовіч



ПАРАФ’ЯНАВА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ


Помнік дойлідства неабарока. Пабудаваны ў 1908 г. з цэглы ў в. Параф’янава (Докшыцкі р-н). Уяўляе сабой трохнефавую дзвюхвежавую базіліку з трансептам. З усходняга боку завяршаецца паўцыркульнай апсідай з абходнай галерэяй і дзвюма сакрысціямі. Галоўны (заходні) фасад вылучаюць две шмат’ярусныя вежы. Паміж вежамі фігурны шчыт, такі ж і над дахам алтарнай часткі. Тарцы трансепту завершаныя трохкутнымі франтонамі. У дэкаратыўнай аздобе фасадаў, прарэзаных паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, выкарыстаныя пілястры, шырокія прафіляваныя карнізы, люнеты. У інтэр’еры восем слупоў падзяляюць прастору залы на тры нефы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем, бакавыя — крыжовымі. Слупы і сцены дэкарыраваныя здвоенымі пілястрамі, упрыгожаныя арнаментальнай размалёўкай і трынаццаццю гіпсавымі пафарбаванымі гарэльефамі са сцэнамі пакут Хрыста, выкананымі ў 1927 г. у Варшаве (на адным з гарэльефаў збярогся надпіс "Oliara I.A. i A. Korenkow").

У 1989 г. перададзены вернікам.

 

 

ПАСТАВЫ


Горад, цэнтр раёну, на р. Мядзелка. За 250 км ад Віцебску. Вядомы з 1522 г. як мястэчка Ашмянскага павету Вялікага княства Літоўскага. Належалі магнатам Дэспатам-Зяновічам, Тызенгаўзам. У 1552 г. пабудаваны драўляны касцёл Маці Боскай (адноўлены ў 1760 г., не захаваўся). Паводле інвентару 1628 г. цэнтрам была гандлёвая плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, шэсць двароў гандляроў і рамеснікаў). На вуліцах-дарогах, што вялі на Мядзел, Глыбокае і Друю, было 26 двароў. За р. Мядзелка (у інвентары Мядзеліца) размяшчалася прадмесце Зарэчча (мела 17 двароў); былі таксама два пасады па восем і дзевяць двароў. Усяго ў Паставах налічвалася 66 двароў. За межамі мястэчка існаваў сядзібны комплекс. Пасля 1640 г. на выспе (на паўночны ўсход ад цэнтру), утвораным выгінам р. Мядзелкі і каналам, пабудаваны кляштар францысканцаў з касцёлам (не захаваліся). У 2-й палове XVIII ст. А. Тызенгаўз правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка на падставе рэгулярнага плану. Цэнтрам стала выцягнутая з поўдня на поўнач прастакутная гандлёвая плошча, у планіроўцы якой удзельнічаў італійскі дойлід Дж. Сака. Пабудаваны палац, на ўсход ад якога разбіты парк пейзажнага тыпу (глядзі артыкул "Паставы. Палацава-паркавы комплекс"); на рынку — ансамбль мураваных дамоў рамеснікаў, урача, аўстэрыя, гандлёвыя рады і інш. (глядзі артыкул "Паставы. Дойлідскі ансамбль"). Ад плошчы адыходзілі ў радыяльных напрамках чатыры вуліцы — Браслаўская, Зарэчная, Задзеўская і Віленская на захад, поўнач (да р. Друя), усход і поўдзень (да сядзібнага комплексу). Рэгулярныя кварталы на перыферыі мелі драўляную забудову, на захад і поўдзень ад яе размяшчаліся гуменныя пляцы. З 1791 г. — горад, цэнтр Завілейскага павету Віленскага ваяводства, мелі свой герб: на блакітным полі шчыта рыбалоўная сетка і тры залатыя рыбіны. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, горад, да 1796 г. цэнтр павету, пасля мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага павету Менскай, з 1842 г. Віленскай губерняў. У 2-й палове ХІХ ст. праводзілася штогод сем кірмашоў, 2397 жыхароў (на 1897 г.), заснаваны арніталагічны музей і карцінная галерэя. У ХІХ ст. мураваныя дамы ўзводзіліся пераважна ў цэнтральнай частцы. У 2-й палове ХІХ ст. пабудаваны з цэглы вадзяны млын, касцёл і царква. З 1921 г. ў складзе Польшчы, горад, цэнтр павета Віленскага ваяводства. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. цэнтр раёну Вілейскай, з 20.9.1944 г. — Маладзечанскай, з 20.1.1960 г. — Віцебскай абласцей.

Рака ў межах гораду ўтварае два вадаёмы, дзеліць яго на заходні і ўсходні раёны. У заходнім раёне гістарычна склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр з пл. Леніна (былая гандлёвая), ад якой адыходзяць асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская, Савецкая, 17 Верасня, Чырвонаармейская. У паўночна-заходняй частцы гораду будуюцца 2—3-павярховыя капітальныя жылыя дамы. Аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу сканцэнтраваная пераважна ў паўночнай частцы (вуліцы Першамайская, К. Маркса, Дзяржынскага і інш.). Ва ўсходнім раёне размешчаная прамысловая зона. Па вул. Юбілейнай ствараецца новы мікрараён з пяціпавярховых жылых дамоў. Зона адпачынку — азёры Задзеўскае і Пастаўскае, парк, у якім захаваўся сядзібны комплекс 2-й паловы XVIII — ХІХ стст. Першы пасляваенны генплан распрацаваны ў 1962 г. (інстытут "Белдзяржпраект"). Горад забудоўваецца паводле генплану 1976 г. і праекту дэталёвай планіроўкі ўсходняга жылога раёну 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Жаўняк і Л. Смірнова).

Прадугледжваецца развіццё гораду на ўсход, расшырэнне зоны адпачынку. Каля гораду, на паўночным беразе воз. Задзеўскае выяўленае паселішча эпохі позняга неаліту і ранняга бронзавага веку (ІІІ — пачатак ІІ тысячагоддзя да н.э.).


Ю.А. Якімовіч, Г.С. Ларкін

 


ПАСТАВЫ. ВАДЗЯНЫ МЛЫН


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Знаходзіцца ў цэнтры гораду, каля плаціны моста цераз р. Мядзелка. Пабудаваны з цэглы ў 2-й палове ХІХ ст. Трохпавярховы прстакутны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Цэнтральная частка галоўнага фасаду вылучаная рызалітам. Галоўны ўваход падкрэслены цыркульным арачным праёмам з дзюма невысокімі калонамі. Масіўныя сцены прарэзаныя невялікімі прастакутнымі вокнамі, крапаваныя прафіляванымі міжпаверхавымі паясамі і карнізам. На першым паверсе знаходзіліся турбіна і шматступеньчатая трансмісія, на другім — жорны, на трэцім — дапаможныя памяшканні.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ПАСТАВЫ. ДОЙЛІДСКІ АНСАМБЛЬ


Помнік горадабудаўніцтва 2-й паловы XVIII ст. Пабудаваны ў 1760—80-я гады ў Паставах у стылі барока з удзелам італійскага дойліда Дж. Сака на беразе р. Мядзелка на высокім узгорку (сучасная пл. Леніна). Быў адміністрацыйным, культурным і гандлёвым цэнтрам гораду. Забудова спачатку была драўляная. На прастакутнай у плане плошчы (295x93 м) цэнтральнае месца займалі гандлёвыя рады. На заходнім баку плошчы знаходзіліся будынак канцылярыі і суду, абапал яго сіметрычна стаялі па тры дамы рамеснікаў; іх фланкіравалі дом урача і гатэль. На ўсходнім баку паміж драўлянымі храмамі быў двухпавярховы з вежай будынак школы. На паўднёвым баку знаходзіліся карчма і сіметрычна ёй два аднолькавыя гатэля. На паўночным баку пабудаваныя аўстэрыя і тры дамы рамеснікаў. Зберагліся былы дом урача, тры дамы рамеснікаў, гатэль, жылы дом, у якім размешчаныя адміністрацыйныя і гандлёвыя ўстановы.

Дом урача (№ 4) — прастакутны ў плане мураваны двухпавярховы будынак накрыты высокім вальмавым чарапічным дахам. Галоўны фасад сіметрычна раскрапаваны нішамі і філёнгамі. Прастакутныя аконныя праёмы дэкарыраваныя плоскімі ліштвамі з замковым каменем. На першым паверсе знаходзіліся аптэка і лячэбніца, на другім — жылыя пакоі.

Дамы рамеснікаў (№ 5, № 9, № 15) — прастакутныя ў плане, аднапавярховыя, з мансардамі, накрытыя двухсхільнымі чарапічнымі дахамі. Утвараюць суцэльную забудову. Складаліся з вытворчай і жылой частак. Сцены бакавых і дваровых фасадаў будынкаў зробленыя з брусоў, галоўныя фасады — мураваныя, з фігурнымі шчытамі. Карнізы падзяляюць галоўныя фасады на два ярусы: першыя раскрапаваны цягамі, аконныя праёмы абрамленыя простымі ліштвамі, другія маюць фігурныя франтоны, расчлянёныя філёнгамі.

Гатэль (дом № 11) мае ідэнтычную з домам урача абёмна-прасторавую кампазіцыю. Пачатковая планіроўка змененая.

Жылы дом (№ 13) — аднапавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак. Сфармаваны ў выніку аб’яднання і рэканструкцыі ў XIX ст. двух дамоў рамеснікаў. Галоўны фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі ступеньчатымі атыкамі, спрошчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прастакутных вокнаў.


С.Г. Багласаў



ПАСТАВЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АНТОНІЯ ПАДУАНСКАГА


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1898—1904 гг. дойлідам А. Гойбелем у цэнтральнай частцы г. Паставы, на правым беразе р. Мядзелка, на тэрыторыі былога драўлянага францысканскага манастыра, заснаванага ў 1617 г. на сродкі Станіслава і Ганны Сянкевічаў-Бяганскіх. Спачатку быў пабудаваны драўляны крыжападобны ў плане храм з купалам у сяродкрыжжы і з дзвюма капліцамі і дзвюма сакрысціямі па баках. Пад касцёлам былі чатыры цагляныя сутарэнні. У 1898 г. драўляны касцёл разабраны і на яго фундаменце (з выкарыстаннем былых сутарэнняў) пачалося будаўніцтва мураванага касцёлу. У гады І Сусветнай вайны будынак моцна пашкоджаны, знішчаныя арган, галоўны алтар, амбон, пашкоджаныя скляпенні, дах, вокны, дзверы. Адбудаваны ў 1920-я гады.

Сучасны касцёл — крыжападобны ў плане храм з пяціграннай алтарнай апсідай. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным чарапічным дахам. Шмат’ярусная вежа (вышыня каля 100 м) завершана шатровым дахам. Бакавыя фасады прарэзаныя высокімі стральчатымі вокнамі і ўмацаваныя ступеньчатымі контрфорсамі. На чырвоным фоне цаглянай муроўкі сцен вылучаюцца атынкаваныя і пабеленыя нішы, аркатура. Унутраны трохнефавы аб’ём на галоўным фасадзе падкрэслены трыма стральчатымі парталамі. Падлога касцёлу выкладзеная цаглянымі плітамі, у прэсбітэрыі — тэракотавымі. У інтэр’еры касцёлу былі тры драўляныя разныя алтары і амбон, выкананыя ў гатычным стылі. Металічная агароджа, якой была абнесеная тэрыторыя касцёлу, знішчаная ў І Сусветную вайну.

Цяпер у будынку знаходзіцца прамысловае прадпрыемства. У далейшым мяркуецца перадаць касцёл вернікам.


В.Р. Кукуня



ПАСТАВЫ. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Створаны ў канцы XVIII — 1-й палове ХІХ ст. на паўднёвай ускраіне Паставаў на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, быў пабудаваны на месцы сядзібы 1-й паловы XVII ст. Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гаспадарчых пабудоў (пяць драўляных жылых дамоў, кухня, пяць свіранаў, тры стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прастакутны ў плане двор, абнесены астрогам з дзвюма брамамі. Гаспода — аднапавярховы складанай канфігурацыі будынак з двума алькежамі і двума ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыцыйнае дзвух- і трохкамернае жыллё. Існаваў таксама фальварак — трохкамерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, якія ўтваралі асобнае падвор’е. Да фальварку ад двара і мястэчка вялі агароджаныя плотам дарогі. На гумнішчы стаялі стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.

Будаўніцтва палацава-паркавага комплексу было распачатае на месцы сядзібы ў 1760-я гады (магчыма, паводле праекту дойліда Дж. Сака). У 1770-я гады спыненае (пабудаваны два бакавыя флігелі і закладзены падмурак палацу). У 1-й палове ХІХ ст. пабудаваны П-падобны ў плане аднапавярховы мураваны палац. Цэнтры паўдёвага і ўсходняга крылаў вылучаныя больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрытыя пакатымі двухсхільнымі дахамі з трохкутнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсходні фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздобленыя пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вялікай тэрасай перад ім. У 1830-я гады да паўночнага фасаду прыбудаваны шасцікалонны дарычны порцік з манументальнай лесвіцай. Вокны прастакутныя. Планіроўка анфіладнакалідорная. У паўночным крыле палацавая капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль.

Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў два этапы. Плошча каля 10 га. Меў форму выцягнутага з поўначы на поўдзень прастакутніка, абмежаванага па баках каналамі, а з поўначы возерам. На беразе возера размешчаны палац, каля якога знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкаратыўных групах і салітэрах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі каналы і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёму і ўсходняга каналу, а таксама на ўзгорку паміж каналам і галоўнай вуліцай гораду.

У палацы размешчаная медыцынская ўстанова. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч, А.М. Кулагін, В.Р. Анціпаў



ПАСТАВЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Пабудаваная ў 1894 г. на цэнтральнай плошчы г. Паставы з цэглы, атынкаваная. Асноўны прастакутны ў плане аб’ём храму выцягнуты па папярочнай восі. Да яго прымыкаюць закругленая апсіда, дадатковы аб’ём і бабінец з ганкам. Па баках апсіды і бабінца размешчаныя дапаможныя памяшканні. Асноўны аб’ём завершаны традыцыйным пяцігалоўем, бабінец — шатровай званіцай з галоўкай. У дэкоры фасадаў выкарыстаныя какошнікі, арнаментальныя паяскі, ліштвы, паўцыркульныя нішы. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю.

Царква дзейнічае.


Т.В. Габрусь



ПЕСКІ. КАСЦЁЛ МАЦІ БОСКАЙ РУЖАНЦОВАЙ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1918 г. у в. Пескі (Мастоўскі р-н) з цэглы і бутавага каменю на месцы збудаванага раней касцёлу (пра гэта сведчыць звон з надпісам, адліты ў 1780 г. спецыяльна для яго). Касцёл — аднавежавы, трохнефавы храм базілікальнага тыпу з трансептам і гранёнай апсідай. У сілуэце пабудовы дамінуе трох’ярусная званіца (верхні ярус у сячэнні васьмігранны), завершаная высокім шатром. Асноўны аб’ём аддзелены трансептам ад алтарнай групы. Прэсбітэрый аддзелены ад трансепту стральчатай аркай. Стрыманыя і выразныя па пластыцы фасады трансепту ствараюць кампазіцыйны акцэнт на бакавых фасадах касцёлу, якія падзеленыя пілястрамі (блізкія па форме да контрфорсаў). Шчыты трансептаў завершаныя зубчастымі аттыкамі і фланкіраваныя пінаклямі.

Касцёл рэстаўрыраваны ў 1990 г., дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



ПЕТРЫКАЎ


Горад, цэнтр раёну, прыстань на р. Прыпяць. За 190 км ад Гомеля. Паводле падання, заснаваны ў Х ст. ятвяжскім князем Пятром. Па пісьмовых крыніцах вядомы з XV ст. як мястэчка ў Вялікага княства Літоўскім, з канца XV ст. ў Слуцкім княстве, з 1507 г. у Наваградскім павеце. Належаў з XV ст. Алелькавічам (Юрыю і яго сыну Аляксандру), з XVII ст. графам Хадкевічам. У XV—XVI стст. існавала крэпасць, разбураная рускімі войскамі ў 1535 г. у руска-літоўскую вайну 1534—37 гг. У XVII ст. на месцы крэпасці пабудаваны замак. З 1776 г. два кірмашы на год. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Мазырскага павету. У канцы ХІХ ст. каля 400 двароў, 5,5 тыс. жыхароў (1897 г.), драўляны Богаяўленскі касцёл (пабудаваны ў 1638 г.), две праваслаўныя царквы Ўваскрэсення і прыходская Святога Мікалая, сінагога. З ліпеня 1924 г. цэнтр раёну, з 1925 г. — горад. З 1938 г. у Палескай вобл.

Планіровачную структуру гораду вызначаюць вуліцы Пушкіна, Гогаля, Муляраўская, Камунальная, Ленінская і інш. Галоўная вуліца — Гагарына, забудаваная 2—3-павярховымі капітальнымі дамамі. На скрыжаванні яе з вул. К. Маркса і ў раёне вуліц Камунальнай і Ленінскай склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. У цэнтры ўзводзяцца 2—5-павярховыя жылыя дамы. На поўнач ад цэнтру (вуліцы Р. Люксембург, Акадэміка Каралёва, 1-ы завулак Бумажкова) створаны жылыя масівы з пяціпавярховых дамоў. Сфармаваныя заходні, паўночны і паўднёвы прамысловыя раёны. Зона адпачынку — р. Прыпяць, парк на яе беразе і гарадскі парк, сквер. Зберагліся помнікі дойлідства — царква Святога Мікалая і драўляная царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы.

Паводле генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва дойліды Т. Спірына, В. Кашырын) і яго карэкціроўкі 1987 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды Т. Спірына, В. Кашырын) прадугледжанае далейшае развіццё гораду ў заходнім, паўночна-заходнім, усходнім і часткова паўночным напрамках, расшырэнне і добраўпарадкаванне грамадскага цэнтру.


А.П. Грыцкевіч, С.Ф. Самбук



ПЕТРЫКАЎ. ЗАМАК


Існаваў у XVI—ХІХ стст. у Петрыкаве, на стромкім беразе Прыпяці, на месцы замку XV—XVI стст. Заснаваны слуцкім князем Юрыем Алелькавічам. Неаднаразова разбураўся і аднаўляўся. У 2-й палове XVIII — пачатку ХІХ ст. ператвораны ў сядзібна-палацавы комплекс, які ўключаў палац у стылі барока, гаспадарчыя пабудовы, сад. Палац, які стаяў у цэнтры дзядзінца, — аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з мезанінам, накрыты ламаным гонтавым дахам. Дах аздоблены дэкаратыўнымі дымнікамі. Непадалёку знаходзіліся два флігелі, стайня, вазоўня, хлеў і сад з боку ракі. Комплекс быў абведзены вадзяным ровам, праз які да брамы пракладзены мост. Дзвухярусная брама была завершаная шатровым гонтавым дахам з купалам.


Ю.А. Якімовіч



ПЕТРЫКАЎ. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў канцы XVII — пачатку XVIII ст. ў в. Сотнічы. Першапачаткова — стараверская, з 1746 г. — уніяцкая, у 1836 г. перанесеная ў Петрыкаў. Тры квадратныя ў плане зрубы — бабінец, асноўны аб’ём і алтарная частка — складзены з круглых бярвён з шасціграннымі "астаткамі". Знадворку сцены ашаляваныя, аформленыя пілястрамі і простымі карнізамі. Прастакутныя вокны аздобленыя простымі ліштвамі. Асноўны аб’ём мае трох’ярусную кампазіцыю: два ніжнія ярусы чацверыковыя (з усечаным зверху шатром паміж імі), верхні — васьмярык на купальнай аснове і з купальным пакрыццём. Астатнія аб’ёмы трактаваны як невялікія прыбудоўкі з двух- і трохсхільнымі дахамі. Над бабінцам невялікая каркасная званіца з шатровым пакрыццём. У інтэр’еры дамінуе цэнтральнае памяшканне, перакрытае плоскай бэлечнай столлю. За ім вялікімі праёмамі злучаныя больш нізкія памяшканні бабінца і алтару.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



ПЕТРЫКАЎ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік дойлідства псеўдавізантыйскага стылю. Пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. ў Петрыкаве (сучасная вул. Ліпунова). Мураваны будынак мае крыжападобную кампазіцыю з трохапсіднай алтарнай часткай. Сяродкрыжжа ўвянчанае вялікім светлавым барабанам з купалам. Пры ўваходзе размешчаная трох’ярусная вежа-званіца з купалам, завершаным галоўкай. У дэкоры выкарыстаныя закамары, паяскі, сухарыкі.

Царква дзейнічае.


Т.В. Габрусь



ПІНСК


Горад, цэнтр Пінскага р-ну, у сутоках рэк Піна і Прыпяць. За 175 км ад Берасця. Рачны порт. Летапісны Пинеск, Пиньск упершыню ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1097 г. Назва ад р. Піна. Старажытнае гарадзішча (дзядзінец і вакольны горад) знаходзіцца ў цэнтры сучаснага гораду, на левым беразе Піны, насупраць колішняга месца ўпадзення яе ў Прыпяць. У ХІ—ХІІІ стст. дзядзінец (авальная форма, плошча 1,76 га) быў абведзены паўкруглым ровам, за якім з захаду, поўначы і ўсходу размяшчаўся вакольны горад (плошча 2,1 га), умацаваны равамі і валамі з драўлянымі абарончымі сценамі. Вакольны горад меў радыяльна-паўкальцавую планіроўку, вуліцы масцілі тонкімі бярвёнамі ўпоперак на лагах. Аднакамерныя прастакутнай формы пабудовы вянковай канструкцыі (рубілі ў кут "з астаткам") мелі драўляную падлогу і глінабітныя печы. Для ўпрыгажэння інтэр’ераў манументальных культавых збудаванняў выкарыстоўвалася каляровая керамічная дэкаратыўная плітка. Уваходзіў у склад Кіеўскай Русі, з 1131 г. у Менскім, потым Тураўскім княствах. З 2-й паловы ХІІ ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. З 1320 г. горад у складзе Вяліеага княства Літоўскага, з 1413 г. у Трокскім, з 1520 г. — Падляшскім, з 1566 г. — Берасцейскім ваяводствах. З 1539 г. цэнтр староства, з 1569 г. цэнтр павету Берасцейскага ваяводства. Належаў пінскім князям Яраславу (1183 г.) і Яраполку (1190 г.), сынам тураўскага князя Юрыя Яраславіча Уладзіміру (узгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1204 г.), Расціславу (пад 1228 г.), Міхаілу (пад 1247 г.), Фёдару, Дзяміду і Юрыю Уладзіміравічам (угадваюцца ў летапісе пад 1262 г.), сыну Гедыміна Нарымунту (Глебу; з 1320 г.) і яго сынам Міхаілу, Васілю і Юрыю (з 1348 г.), пазней Жыгімонту Кейстутавічу, княгіне Марыі з роду Алелькавічаў (з 1471 г.), князю Фёдару Іванавічу Яраславічу (з 1498 г.), з 1523 г. — каралеве Боне (жонцы Жыгімонта I), якая ўтварыла на тэрыторыі княства староства. У 1581 г. атрымаў магдэбургскае права і герб (на чырвоным полі залатыя лук з нацягнутай цецівой і стралой). У XVI ст. тэрыторыя гораду з прадмесцямі, урочышчамі Гарадзішча, Пабярэжжа, Вярыга і іншымі, дзе жылі рамеснікі, складала каля 51 га. Горад развіваўся па радыяльна-паўкальцавой схеме, быў абмежаваны р. Піна. На месцы старажытнага дзядзінца знаходзіўся драўляны замак (астрог, плошча больш за 1,45 га) з уездам на поўначы. На яго тэрыторыі былі двары мяшчан, зямян, папоў, епіскапа і інш. На месцы былога вакольнага гораду сфармаваліся два паўкола: унутранае і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На поўнач ад замку ва ўнутраным паўколе знаходзілася гандлёвая плошча (Стары рынак), яна налічвала 115 пляцаў і мела тры лініі забудовы (у іх знаходзіліся замкавая стайня, багадзельня, сямнаццаць двароў мяшчан і зямян). Чацвёртую лінію займаў замкавы роў; існавала і тыльная забудова, якая ўключала дзесяць двароў мяшчан, сядзібы епіскапа і ігуменні Варварынскага манастыра. Паводле інвентару 1660-х гадоў у горадзе вылучаліся два раёны: асноўны (паблізу замку) і па рацэ Ясельда, у паўночнай частцы паселішча. Былі два масты — Траецкі (на паўночным усходзе ад цэнтру) і Спаскі (на ўсходзе ад цэнтру), шэсць брам на асноўных магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Інвентар 1550-х гадоў называў дваццаць пяць вуліц, з іх шэсць звязвалі горад з берагамі Піны, у т.л. Ясельдаўская (Ясолжая) з асобнай вулачкай, дзе жылі падданыя епіскапа, знаходзілася царква Ануфрыя, вул. Багушэўская, Дзіміскоўская, Калатынаўская і інш. З замкам і гандлёвай плошчай злучалі вуліцы Нашацкая, Сцяпанская (з царквою Святога Стафана), Юлдзінская і інш.; з заходнім напрамкам (Берасцейскай дарогай) — вуліцы Страпковічаў, Пласчан і безыменная (злучала паміж сабой Берасцейскую і Віленскую брамы); паўночна-ўсходні напрамак вызначала вул. Гарадзішчанская. Інвентар 1560-х гадоў дае звесткі пра дваццаць сем вуліц, найбольшая з іх — Вялікая Спаская (ад Спаскага мосту на паўночны ўсход да Ляшчынскага манастыра) утварала галоўную вось гораду ўздоўж  р. Піны (адпавядае месцазнаходжанню сучаснай вул. Леніна). Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды (рэзерв тэрыторыяльнай забудовы). У выніку рэгулявання планіроўкі ў 1660-я гады горад вырас (больш за 600 двароў), планіровачная структура яго была ўпарадкаваная. Фармаваліся новыя вуліцы, знікалі ў асноўным участкі пазавулічнай забудовы, якія знаходзіліся каля гарадскіх сцен ці на беразе ракі. Склаліся тры асноўныя магістральныя напрамкі: заходні, усходні і паўночны (вуліцы Берасцейская, Вялікая Спаская і Гарадзішчанская). У цэлым сетка вуліц фармавалася маляўніча і адносна вольна. Ад брам вуліцы разыходзіліся ў некалькіх напрамках, з іх галоўныя скіроўваліся да цэнтру. Мяркуюць, што ў гэты час склалася і квартальная планіроўка. Асаблівасцю фармавання новых вуліц было тое, што спачатку забудоўвауся адзін бок вуліцы, пасля — процілеглы. Пры ўшчыльненні забудовы абодвух бакоў у тыле адной з іх утваралася трэцяя лінія вуліц. Дамы абапал вуліцы не абавязкова стаялі адзін да аднаго сваімі галоўнымі фасадамі, а арыентаваліся ў адным, часцей за ўсё паўднёвым, напрамку, што было абумоўлена аптымальным натуральным асвятленнем і інсаляцыяй. Усе гэтыя горадабудаўнічыя мерапрыемствы садзейнічалі ўтварэнню кампактнай планіровачнай структуры гораду, межы якога фіксавала вонкавае паўкола ўмацаванняў. Такая структура была аптымальнай і ў далейшым прынцыпова не мянялася. У сярэдзіне XVI ст. ў горадзе 3—4 тыс. жыхароў, 800 двароў, дваццаць сем вуліц, чатырнаццаць праваслаўных цзркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (заснаваны ў 1542 г.), два праваслаўныя манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча — Ляшчынскі манастыр). У 2-й палове XVI ст. пабудаваны праваслаўны Богаяўленскі манастыр. У 1-й палове XVII ст. горад значна расшырыўся. У сярэдзіне XVII ст. быў расцягнуты ўздоўж Піны з захаду на ўсход амаль на 2 км, шчыльна забудаваны драўлянымі дамамі (каля 5 тыс). Акрамя замку, меў дадатковую вонкавую лінію драўляных умацаванняў з Ляшчынскай і Северскай брамамі. Горад пацярпеў у час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54 гг., руска-польскай 1654—67 гг. і Паўночнай 1700—21 гг. войнаў. Пры задушэнні паўстання 1648 г. большая частка гораду згарэла, у т.л. два касцёлы з кляштарамі, две праваслаўныя царквы з манастыром, пяць уніяцкіх цэркваў, больш за 5 тыс. дамоў. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету Менскага намесніцтва (1795 г.) і Менскай губерніі. (з 1796 г.). У 1794 г. налічвалася 3,7 тыс. жыхароў, 548 дамоў, з іх два мураваныя. У XVII—XVIII стст. сфармаваўся сучасны цэнтр гораду. Паводле плану 1798 г. Пінск меў складаную планіроўку. Цэнтральнае месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі, сгахлерамі, важніцай, узведзенымі ў XVIII ст. гандлёвымі радамі. Сярод праваслаўных цэркваў у XVI—XVII стст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалоў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква Святога Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі. шматгаловыя, як Дзмітраўская царква (апрача асноўнага памяшкання, мела чатыры прытворы, званіцу з пяццю званамі). Важную ролю ў фармаванні кампазіцыі гораду адыгрывалі манументальныя мураваныя і драўляныя будынкі касцёлу і калегіюма езуітаў, кляштараў францысканцаў, кармелітаў (1734 г.), марыявітак (1746 г.), палац (канец XVIII ст.). У канцы XVI ст. на ўсходзе ад Пінску ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плану, узведзены Каралінскі замак. У XVIII ст. тут пабудаваны касцёлы бернардынаў і касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі, з 1830-х гадоў дзейнічала Варварынская царква. Першы праектны план забудовы (1800 г.) прадугледжваў ліквідацыю паўколавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гарадскіх кварталаў і пракладку дзвюх новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Берасце і Нясвіж. У агульных рысах план быў ажыццёўлены. Паводле праекту 1842 г. планавалася будаўніцтва новых кварталаў, стварэнне трох плошчаў у паўночнай частцы гораду. План 1856 г. (прынцыпова не адрозніваўся ад папярэдняга) памяншаў аб’ём капітальнага будаўніцтва, планавалася толькі адна плошча, рэгуляванне рэк Піна і Струмень. Да 1860-х гадоў у паўночнай частцы пабудаваныя некалькі кварталаў, царква на могілках (1823 г., цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858 г.), у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. ўзведзеныя жылыя дамы. Рост прамысловасці з 1880-х гадоў, пракладка праз Пінск веткі Палескіх чыгунак паўплывалі на дойлідскае аблічча гораду. У 1904 г. было каля 33 тыс. жыхароў, 6360 жылых дамоў (забудова мураваная, 2—3-павярховая ў цэнтры і аднапавярховая ў перыферыйных частках, скучаная, вялася стыхійна). У 1921—39 гг. у складзе Польшчы. З 1939 г. у БССР, з 4.12.1939 г. цэнтр Пінскай вобл., з 15.1.1940 г. і цэнтр раёну, горад абласнога падпарадкавання. З 8.1.1954 г. раённы цэнтр Берасцейскай вобл.

Пасля ІІ Сусветнай вайны горад забудоўваўся паводле генплану 1952 г. (інстытут "Белдзяржпраект", дойліды Я. Косціч, М. Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да пл. Леніна. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўночны (адмежаваны чыгункай), цэнтральны, заходні і ўсходні планіровачныя раёны. У 1950-я гады горад пазбаўлены галоўнай дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесеныя гандлёвыя рады на плошчы, на месцы цэнтральнай гістарычнай плошчы ўтворана пл. імя Леніна, забудаваная 4—5-павярховымі дамамі, у 1970-я гады пастаўлены помнік Леніну. У 1950—60-я гады ўзведзены жылыя і адміністрацыйны будынкі (пераважна за кошт рэканструкцыі малапавярховай і сядзібнай забудовы) па вуліцах Берасцейскай, М. Горкага і В. Харужай, у дэкоры якіх выкарыстаныя класічныя ордэрныя формы. У 1960-я гады з будауніцтвам прамысловых прадпрыемстваў павялічыліся тэмпы росту гораду. Прамысловая зона размешчаная на паўднёвым захадзе і ўсходзе. Паводле генплану 1964 г. (інстытут "Белдзяржпраект", дойліды В. Анікін, Г. Трушнікава) і карэкціровак 1972 г., 1974 г. ("Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва) масавае жыллёвае будаўніцтва (5—9-павярховыя дамы) ажыццяўлялася ў паўночным, усходнім і заходнім раёнах гораду. Асноўны напрамак развіцця гораду — паўднёвы (з асваеннем зарэчных пойменных тэрыторый). У 1970-я гады ўзведзеныя новыя жылыя і грамадскія будынкі па вуліцах Дняпроўскай флатыліі, якая праходзіць уздоўж Піны (Дом Саветаў, 9-павярховы гатэль, пасажырская прыстань, ва ўсходняй частцы — гарадскі парк), Зоі Касмадзям’янскай (кінатэатр) і Першамайскай (Дом культуры, комплекс лякарні). Ствараюцца мікрараёны па вуліцах Цэнтральнай, Фядотава, Берасцейскай. Мікрараён "Промні" (паўночна-заходняя частка гораду) і паўночна-ўсходняя ўскраіна забудоўваюцда 5—12-павярховымі дамамі. Узведзены паўднёва-заходні жылы комплекс. Зона адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, паркі дзіцячы па вул. Зоі Касмадзям’янскай і "Промні".

Паводле генплану 1979 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Р. Арцёмчык) і карэкціроўкі 1986 г. (дойлід Л. Зайцава), праекту дэталёвай планіроўкі цэнтра 1982 г. (дойліды Арцёмчык, А. Мохаў, В. Сахно, В. Герус) прадугледжанае развіццё гораду ў паўночным, заходнім і паўднёвым напрамках; стварэнне за р. Піна на намыўных тэрыторыях новага паўднёвага раёну (на 60 тыс. чалавек). Фармуюцца вул. Першамайская як галоўная магістраль гораду, як пешаходная — вул. Леніна. Запланаванае стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах Пінску, прыгарадных зон адпачынку. У 1990 г. распрацаваны праект гістарычна-дойлідскага і інжынернага абгрунтавання рэгенерацыі раёна гістарычнай забудовы г. Пінску (дойлід Зайцава).


Ю.А. Якімовгч, С.Ф. Самбук



ПІНСК. ВАРВАРЫНСКАЯ ЦАРКВА


Глядзі артыкул "Пінск. Касцёлы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (бернардынаў)".

 


ПІНСКІ. ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ


Існавалі ў XVIII — 1-й палове ХХ ст. ў Пінску на гандлёвай плошчы (сучасная пл. Леніна). У XVIII ст. пабудаваныя два паралельныя драўляныя гандлёвыя рады, якія складаліся з 129 крам і ўтваралі гандлёвую вуліцу. Крамы былі аб’яднаныя слупавымі галерэямі і накрытыя гонтавым дахам, кожная крама мела самастойны ўваход. У пачатку ХІХ ст. на іх месцы пастаўленыя мураваныя гандлёвыя рады — два паралельныя корпусы (мелі рысы стылю класіцызму) з двухбаковай арыентацыяй крам. Падоўжаныя фасады былі аздобленыя аркаднымі галерэямі, тарцы фланкіраваныя папярочнымі аб’ёмамі, кожны з іх уключаў па тры узаемазвязаныя крамы. Былі накрытыя двухсхільнымі дахамі. Рытм фасадаў стваралі пралёты аркад і лапаткі паміж імі.

Разбураныя ў 1950-я гады.


Ю.А. Якімовіч



ПІНСК. ЖЫЛЫЯ ДАМЫ


Помнікі дойлідства ХІХ — 1-й паловы ХХ ст. Вылучаецда жылая забудова сучасных вуліц Леніна і Савецкай.

Забудова вул. Леніна ўключае дамы № 2, 4, 5, 8, 10, 14, 24, 38—40, размешчаныя на чырвонай лініі, з’яўляецца горадабудаўнічым ансамблем, характэрным для 2-й паловы ХІХ — пачатку ХХ ст., у дойлідстве якога ўвасобіліся эклектычныя рысы. Дом № 2 — мураваны прастакутны ў плане трохпавярховы будынак пад пакатым двухсхільным дахам. Пры яго будаўніцтве (1925—28 гг.) выкарыстаныя прыёмы стылю мадэрн. Крылы дому ўтвараюць вузкі ўнутраны дворык. Дойлідства будынку характарызуецца абмежаванай колькасцю дэкаратыўных дэталей (міжпаверхавы прафіляваны паясок, расшыўка тынкоўкі пад руст, плоскія ліштвы праёмаў, ажурныя балконныя рашоткі). Пластычнасцю дэкаратыўнага вырашэння вылучаецца бакавы эркер. Дом № 4 — мураваны двухпавярховы выцягнуты ў бок панадворку будынак. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Прымыкае да дома № 2 пры дапамозе крытага праезду ва ўнутраны двор. На вуліцу выходзіць тарцовым фасадам, расчлянёным прастакутнымі аконнымі праёмамі і кутнімі лапаткамі. Дом № 5 — двухпавярховы мураваны будынак, выцягнуты ўздоўж вуліцы. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. ў стылі канструктывізму. Мае калідорную сістэму планіроўкі з выхадам у двор і лесвіцай на другі паверх. Часткова выкарыстоўваецца гандлёвымі ўстановамі. Дом № 8 — невялікі аднапавярховы прастакутны будынак з мансардавым дахам. Галоўны фасад плоскасны з чатырма прастакутнымі лучковымі вокнамі і простым карнізам, куты дэкарыраваныя лапаткамі. Дом № 10 — мураваны аднапавярховы будынак блізкі ў плане да квадрату. Пабудаваны на рубяжы ХІХ—ХХ стст. Папярочнай сцяной падзелены на две палавіны. Двухсхільны мансардавы дах мае тарцовыя фігурныя шчыты. Галоўны і дваровы фасады сіметрычнай кампазіцыі з трыма лучковымі вокнамі і дзвярамі. Дом № 14 — невялікі мураваны Г-падобны ў плане двухпавярховы будынак. У будаўніцтве (1920—30-я гады) выкарыстаныя прыёмы стылю мадэрн. Вулічныя фасады расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, маюць два балконы, дэкарыраваныя круглаватым атыкам, вялікім карнізам простага профілю, лапаткамі. Дом № 24 — мураваны аднапавярховы будынак прастакутны ў плане выцягнуты ў глыбіню панадворку. На вуліцу выходзіць вузкім тарцовым фасадам, які завершаны пластычным шчытом мансардавага паверху. Выкарыстоўваецца гандлёвымі ўстановамі. До № 38—40 — мураваны двухпавярховы будынак. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Складаецца з дзвюх частак, аб’яднаных адзіным праездам. Кут дому на рагу вуліц зрэзаны і вылучаны гранёным эркерам. У завяршэнні кута — фігурны шчыт у форме какошніка, дэкарыраванага філёнгамі і арнаментам з цаглянай муроўкі. Пластыку фасадаў узбагачаюць фігурныя ліштвы акон, лапаткі, філёнгі, пінаклі, руст. Уваходны рызаліт завершаны ступеньчатым атыкам.

Забудова вул. Савецкай уключае дамы № 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 11, 13 — фрагмент жылой забудовы ХІХ — пачатку ХХ ст. з эклектычнымі рысамі. Дом № 2 — мураваны двухпавярховы будынак. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. На вуліцу выходзіць вузкім тарцовым фасадам. Сіметрычна-восевая кампазіцыя фасаду падкрэсленая ў цэнтры ўваходным рызалітам, завершаным фігурным атыкам з пінаклямі. Уваход вылучаныя лучковым франтонам. Пластыка фасаду ствараецца кутнімі лапаткамі, лучковымі клінападобнымі аркамі аконных праёмаў, прафіляваным карнізам з аркатурным фрызам. Уваход на другі паверх — з боку панадворку праз самастойную лесвічную клетку. У дойлідстве выкарыстаныя пластыка-арнаментальныя якасці цаглянай муроўкі. У будынку размешчанае гандлёвае прадпрыемства. Дом № 3 — аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з пластычным мансардавым дахам. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Карніз аформлены сухарыкамі. Дом № 4 — двухпавярховы будынак, выцягнуты ў глыбіню панадворку. На вуліцу выходзіць вузкім тарцовым фасадам, які аформлены лапаткамі, падаконнымі прафіляванымі паясамі, карнізамі простага профілю. Лесвічная клетка прыбудаваная да тарцовага дваровага фасаду. Дом № 5 — аднапавярховы будынак, выцягнуты ў глыбіню панадворку. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. На вуліцу выходзіць вузкім атынкаваным фасадам, які завершаны фігурным мансардавым шчытом з балконам у цэнтры. У пластычнай апрацоўцы выкарыстаныя кутнія лапаткі, руст, прафіляваныя карнізы з сухарыкамі. Капітальнымі сценамі і перагародкамі падзелены на кватэры, аб’яднаныя вакол лесвіцы, што вядзе на мансардавы паверх. Дом № 6 — мураваны двухпавярховы будынак з выцягнутым уздоўж вуліцы галоўным фасадам. Пабудаваны ў 1928 г. у стылі канструктывізму. На галоўным фасадзе вылучаецца плоскі ўваходны рызаліт з атыкавым завяршэннем і вёртыкальнай стужкай зашклёнай лесвічнай клеткі. Шырокія аконныя праёмы аб’яднаныя доўгімі балконамі і завяршальным магутным парапетам. Мае калідорную планіроўку з дзвюма міжпаверхавымі лесвіцамі. Дом № 7 — мураваны аднапавярховы складаны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Вулічны фасад вырашаны плоскасна і расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі. У дэкоры выкарыстаныя прафіляваны карніз і кутнія лапаткі. Уваход з боку панадворку. У будынку размешчаная медычная ўстанова. Дом № 8 (на рагу вуліц Савецкай і Астроўскага) — мураваны двухпавярховы будынак пад пакатым двухсхільным дахам. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Галоўным фасадам выцягнуты ўздоўж вуліцы. Фасады апрацаваныя багатым дойлідскім і скульптурным дэкорам (раслінны арнамент, капітэлі, разеткі, руст, лапаткі, балясіны і інш.). Першы паверх расчлянёны прастакутнымі аконнымі праёмамі і руставанымі лапаткамі, другі — дэкарыраваны пластычным, арнаментальна насычаным фрызам і ляпнымі ліштвамі. Будынак падзелены на две палавіны з самастойнымі ўваходамі і лесвіцамі. Дом № 11 — складаны ў плане будынак, развіты ў глыбіню панадворку. Пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Атынкаваны галоўны фасад сіметрычна-восевай кампазіцыі рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і філёнгамі. Вокны аформленыя ліштвамі і прафіляваным карнізам. Уваходы з панадворку і бакавых фасадаў. Дом № 13 (на рагу вуліц Савецкай і Астроўскага) — мураваны двухпавярховы будынак, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Пабудаваны ў канцы ХІХ ст. Фасады аформленыя карнізамі, філёнгамі, рустам. Лучковыя вокны аздобленыя фігурнымі ліштвамі з сандрыкамі. Дом выкарыстоўваецца гандлёвай установай, падзелены на гандлёвую і жылую часткі з самастойнымі ўваходамі.


А.М. Кулагін



ПІНСК. КАРАЛІНСКІ ЗАМАК


Існаваў у канцы XVI — ХІХ стст. у прадмесці Пінска Каралін. Мураванае шматкутнае (75,6х37,8х46,2 X 75,6 м) збудаванне мела бастыёны па кутах і ўязную браму, было абкружанае вадзяным ровам (шырыня 9 м). Бастыёны і курціны былі вымураваныя з каменю. Унутры валоў пракладзеная падземная галерэя з адтулінамі ў скляпеннях для асвятлення і доступу паветру. Па знешнім краі рова замак дадаткова быў умацаваны мураванай сцяной, якая мела браму, пастаўленую пад кутом да сцяны і злучаную з замкавай брамай драўляным мостам. Замак пашкоджаны ў 1660 г. у руска-польскую вайну 1654—67 гг. У 1704 г. паводле загаду Карла XII узарваны шведскімі войскамі.

Рэшткі замку адлюстраваныя на планах Пінску канца XVIII ст., на малюнках Н. Орды ХІХ ст.


М.А. Ткачоў



ПІНСК. КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ I КАЛЕГІЮМ ЕЗУІТАЎ


Помнік дойлідства барока. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Пінску. Разам з касцёлам (пабудаваны ў 1631—35 гг., разбураны ў 1950-я гады) калегіюм складаў ансамбль кляштару езуітаў. Узведзены ў 1651—75 гг. з цэглы. Трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўднёвым фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Планіроўка першага паверху галерэйна-калідорная. Тут размяшчаліся класы, трапезная, службовыя памяшканні. Другі і трэці паверхі спланаваныя па калідорнай сістэме з трохпралётнай схемай перакрыццяў. Крыжовыя скляпенні апіраюцца на масіўныя падоўжныя сцены (таўшчыня ў ніжніх паверхах 1,5—2 м). Тут былі жылыя і рабочыя памяшканні. Пад збудаваннем зробленыя сутарэнні. Рытм фасадаў ствараецца аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі і крокам пілястраў двух ніжніх ярусаў. Паўднёва-заходні кут фланкіруе шасцігранная вежа-контрфорс, што ўмацоўвае сцены пры паніжэнні рэльефу да ракі. Будынак завершаны двухсхільным дахам з заломам. Ягоныя тарцы ўпрыгожаныя складанымі франтонамі з дэкаратыўнымі валютамі. З 1638 г. у калегіюме знаходзілася філасофска-тэалагічная школа. У XVIII ст. працавалі друкарня (з 1729 г.) і аптэка. З 1787 г. будынак займалі базыльяне, з 1800 г. у ім знаходзіўся праваслаўны мужчынскі Богаяўленскі манастыр.

Цяпер у будынку размешчаны гістарычны музей і карцінная галерэя. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



ПІНСК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


Помнік дойлідства XVI—XVIII стст. Размешчаны ў цэнтры Пінску паміж р. Піна і вул. Леніна. Драўляны кляштар і касцёл заложаныя князем Жыгімонтам Кейстутавічам у 1396 г. Неаднаразова гарэў у XVII ст., адбудоўваўся з дрэва (каменнай была толькі сакрысція), значна пашкоджаны ў 1648 г. У 1-й чвэрці XVIII ст. пабудаваны мураваны касцёл Успення дзевы Марыі, крыху пазней — карпусы кляштару. Афармленне фасаду касцёла завершанае ў 1766 г. У 1817 г. перад касцёлам пастаўленая трох’ярусная мураваная званіца (дойлід К. Каменскі), чацверты ярус якой дабудаваны ў пачатку XX ст. Кляштар перабудаваны ў 1920-я гады (дойлід Г. Гай), касцёл у 1920—40 гг. быў кафедральны.

Касцёл — аднанефавы храм з прыбудаванымі да яго капліцамі. Неф і крыху вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэсбітэрыем накрытыя стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб’ёмаў гранёнай вежачкай. Капліцы пад аднасхільнымі чарапічнымі дахамі. Галоўны фасад расчлянёны на тры ярусы і завершаны складаным франтонам з дзвюма вежамі па баках. Фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапаванымі карнізамі, філёнгавымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваныя лапаткамі. Сцены капліц прарэзаныя паўцыркульнымі вокнамі нефа і алтарнай апсіды — прастакутнымі вокнамі з лучковымі завяршэннямі. Неф і прасбітэрый перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках. У інтэр’еры пазалочаныя алтары XVIII ст. (шэсць драўляных разных і адзін стукавы). У іх кампазіцыі ўключаныя шмат драўлянай скульптуры і дэкаратыўнай арнаментальнай разьбы ў стылі барока. Найбольш багата аформлены галоўны алтар: першы яго ярус са скульптурамі Апосталаў Пятра і Паўла завершаны антаблементам з разарваным франтонам, дзе размешчаная гарэльефная кампазіцыя "Стыгмацыя Святога Францыска". Урачысты лад галоўнага алтару падкрэсліваюць разныя бакавыя алтары, з якіх асабліва вылучаецца алтар Маці Боскай Ружанцовай. Выдатным узорам разьбы па дрэве з’яўляецца амбон з рэльефнымі выявамі чатырох евангелістаў, Хрыста і Апосталаў Пятра і Паўла. Балдахін амбону аздоблены ажурнай разьбой раслінных матываў, завершаны статуяй Архангела Міхаіла. Дэкаратыўная разьба і скульптура паліхромныя з пазалотай і срэбраннем. У 1909 г. скляпенні і падпружныя аркі размаляваныя арнаментальнымі матывамі (мастак С. Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі "Зняцце з крыжа" і "Пакланенне вешчуноў" (мастак Б. Вішнеўскі).

Чатыры узаемна перпендыкулярныя двух- і трохпавярховыя карпусы кляштару разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Пабудовы маюць плоскасныя фасады, рытм якіх ствараецца прастакутнымі аконнымі праёмамі. Тарцы кляштарных будынкаў завершаныя барочнымі франтонамі складанага профілю. Планіроўка калідорная, перакрыцці скляпеністыя. Калідоры былі ўпрыгожаныя сюжэтнымі размалёўкамі.

Касцёл дзейнічае. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч



ПІНСК. КАСЦЁЛ КАРЛА БАРАМЕЎША


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1770—82 гг. з цэглы ў былым прадмесці Пінску Каралін, на месцы старога драўлянага касцёлу, пастаўленага ў 1695 г. Узведзены як манастырскі касцёл ордэну камуністаў па фундацыі Караля Дольскага на сродкі, сабраныя манахамі. Асвячоны ў 1784 г. Адначасова з касцёлам існавалі драўляныя манастырскі корпус і гаспадарчыя пабудовы (не захаваліся). Пабудова аднанефавая, з невялікім трансептам. Алтарная частка не вылучаная, сакрысціі размешчаныя за галоўным алтаром нефу. Да касцёлу прылягае двух’ярусная званіца з шатровым дахам і купалам. У яе ніжнім ярусе знаходзяцца хоры. Характэрнай асаблівасцю збудавання з’яўляюцда моцныя канструкцыі сцен, таўшчыня якіх у асобных месцах больш за 2 м. Бакавыя сцены прарэзаныя невялікімі арачнымі аконнымі праёмамі і расчлянёныя лапаткамі. Нешматлікія элементы барочнай аздобы (пілястры, нішы, паяскі, абрамленні акон і інш.) выкарыстаныя пераважна ў званіцы. Інтэр’ер — зальнае памяшканне, у якім вялікае значэнне нададзенае высокім крыжовым скляпенням і нішам сцен.

Дэкаратыўная аздоба інтэр’еру не захавалася. Помнік рэспубліканскага значзння.


Ю.А. Якімовіч



ПІНСК. КАСЦЁЛЫ УНЕБАЎЗЯЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ (БЕРНАРДЫНАЎ)


1) драўляны касцёл існаваў у XVIII ст. Пабудаваны ў 1712 г. у прадмесці Пінску Каралін па фундацыі Міхаіла Вішнявецкага. Аднанефавы прастакуны ў плане будынак быў накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад з трохкутным франтонам і арачным парталам уваходу фланкіравалі две трох’ярусныя вежы (два ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Злева ад храму размяшчаўся невялікі аднапавярховы драўляны будынак кляштару. Касцёл і кляштар адлюстраваныя на карце бернардынскіх манастыроў літоўскай правінцыі, выгравіраванай Г. Ляйбовічам у 1750—60-я гады.

2) У 1786 г. на яго месцы пабудаваны мураваны касцёл (з 1830-х гадоў Варварынская царква) у стылі барока, у пачатку ХІХ ст. — мураваны двухпавярховы корпус кляштару (у 1858—75 гг. тут размяшчаўся жаночы манастыр). Прастакутны ў плане аднанефавы мураваны храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Галоўны фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны трохлопасцевым франтонам. Аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем размешчаныя на двух узроўнях. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Перспектыву інтэр’еру замыкае дойлідская размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. У касцёле знаходзіцца помнік іканапісу XVI ст. — абраз "Маці Боская Адзігітрыя Іерусалімская".

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Р.В. Баравы, Ю.А. Якімовіч



ПІНСК. ЛЯШЧЫНСКІ МАНАСТЫР


Існаваў у ХІІІ—ХІХ стст. Адзін з найстаражытнейшых на Беларусі. Першыя звесткі аб ім адносяцца да 1262 г. Размяшчаўся ў прадмесці Пінску Лешча і быў фарпостам гораду з усходу. У XV—XVI стст. — цэнтр праваслаўнай Турава-Пінскай епархіі, тут вяліся хронікі, перапісваліся славянскія пераклады візантыйскіх літаратурных твораў. У XVII ст. стаў уніяцкім. Паводле інвентароў 1588 г. і 1595 г., комплекс быў драўляны, абгароджаны плотам з дыляў. У агародже знаходзілася двух'ярусная брама-званіца з пяццю званамі (адзін з іх за асаблівае гучанне называўся "Лебедзь"). У манастыры былі две царквы.

Успенская царква мела канструкцыю сцен з вертыкальна пастаўленых брусоў "у стоўп". Да 1596 г. будаўніцтва яе было скончанае. Уключала цэнтральны аб’ём, алтар, прытвор і два бакавыя прыдзелы, мела пяць вярхоў з купаламі. Алтарнае памяшканне аддзяляў ад нефа трох’ярусны пазалочаны іканастас.

Царква Святога Духа ("цёплая") была злучаная з манастырскай трапезнай. Відаць, гэта быў трохзрубны храм, у якім алтарнае памяшканне ад нефу аддзяляў аднаярусны палатняны іканастас з заслонай з матэрыі замест царскай брамы ("дэісус на фарбах"). Справа ад брамы знаходзіўся жылы манастырскі корпус (пабудаваны ў 1766 г.), злева — дом архімандрыта. У падвор’і стаялі таксама стайня, лазня і бровар, за манастырскімі сценамі размяшчаліся дом свяшчэнніка, гумнішча, сад, агароды, гай. Усё гэта было абнесенае загародай з дыляў. У 1746 г. пабудаваная новая драўляная барочная Успенская царква — базілікальнае трохнефавае збудаванне з ярусным верхам над цэнтральнай часткай і дзвюма вежамі на галоўным фасадзе. Адлюстраваная на малюнку Н. Орды ХІХ ст.

Манастыр закрыты ў 1839 г., згарэў у канцы ХІХ ст.


Ю.А. Якімовіч



ПІНСК. ПАЛАЦ БУТРЫМОВІЧА


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1784—90 гг. (дойлід К. Шыльдхаўз) для пінскага старосты М. Бутрымовіча на высокім левым беразе р. Піна, да якой павернуты дваровым фасадам. Мураваны П-падобны ў плане будынак з развітым цокальным паверхам. Аднапавярховую сярэднюю частку будынку займаюць парадныя памяшканні з авальнай залай у цэнтры, якая ўтварае эркер з балконам на галоўным фасадзе. Планіроўка анфіладная. Бакавыя крылы вырашаныя ў двух узроўнях і маюць невялікія жылыя памяшканні ўздоўж калідораў. Знадворны дэкор мае рысы ранняга класіцызму. Фасады аздобленыя плоскімі і руставанымі лапаткамі, сандрыкамі, фрыз антаблементу — трыгліфамі і метопамі. Эркер, выкружаныя куты і тарцы бакавых крылаў аздобленыя калонамі і паўкалонамі дарычнага ордэру.

У будынку раней быў размешчаны Палац піянераў і школьнікаў. Адрэстаўраваны ў 1-й трэці XXI ст. Выкарыстоўваецца як "Палац шлюбу". Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч

 

 

ПЛЕШЧАНІЦЫ


Гарадскі пасёлак у Лагойскім р-не Менскай вобл. За 27 км ад Лагойску, 67 км ад Менску. Вядомы з XVI ст. як вёска ў Менскім павеце Вялікага княства Літоўскага. З 1793 г. у скдадэе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага павету Менскай губерніі; 50 дамоў. З ХІХ ст. належалі Тышкевічам. У 1817 г. пабудаваная царква Святой Тройцы. У ХІХ ст. былі школа, бровар, пяць крам, рынак, два кірмашы на год. У 1897 г. было 1086 жыхароў, пошта, народнае вучылішча. З ліпеня 1924 г. цэнтр раёну, з 1938 г. гарадскі пасёлак. 3,7 тыс жыхароў у 1939 г. З 1962 г. у Лагойскім р-не.

Першы генплан распрацаваны ў 1947 г. (Маскоўскія планіровачныя майстэрні). Забудоўваюцца паводле генплану 1969 г. (інстытут "Белдзяржпраект"), Сетка вуліц прастакутная. Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна (галоўная, размешчаныя будынкі музычнай школы, спартовай школы-інтэрната, Дому побыту, Дому спорту, стадыён, разбіты сквер), Кастрычніцкая (крамы, клуб, Дом культуры заводу "Кобальт", аўтастанцыя, комплексны прыёмны пункт), Вароўскага (сталоўка, крамы, адміністрацыйны будынак саўгасу "Плешчаніцкі", Дом піянераў і школьнікаў, вузел сувязі), Савецкая (сталовая, магазіны, дзіцячыя яслі-сад, сярэдняя школа, парк). На скрыжаванні вуліц Леніна і Кастрычніцкай — цэнтральная плошча. Па вул. Савецкай створаны мікрараён з 2—3-павярховай жылой забудовай. Вытворчая зона размешчана ў заходняй і ўсходняй частках пасёлка. Зона адпачынку — на Плешчаніцкім вадасховішчы, пойма р. Малка, якая складае кампазіцыйнае адзінства з вул. Леніна.

Прадугледжанае развіццё грамадскага цэнтру па вул. Леніна, расшырэнне зоны адпачынку, будаўніцтва 2—5-павярховых жылых дамоў.


В.А. Крайко



ПОКРЫ. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1739 на поўнач ад в. Покры (Берасцейскі р-н), часткова перабудаваная ў ХІХ ст. Узор драўлянай пабудовы цэнтрычнай кампазіцыі, у дойлідстве якой адзначаюцца асобныя рысы стылю барока. Крыжападобны ў плане будынак з пяціграннай апсідай накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі, якія ўтвараюць франтоны на галоўным і бакавым фасадах. Сяродкрыжжа завершанае фігурнай вежачкай. Да апсіды прылягаюць две маленькія рызніцы. З захаду да царквы прыбудаваная двух’ярусная званіца (васьмярык на чацверыку), накрытая васьмігранным шатровым дахам. Сцены будынку вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Куты апрацаваныя драўлянымі разнымі накладкамі. Асноўнае зальнае памяшканне з бэлечнай столлю аддзеленае ад алтару разным іканастасам. Хоры ў верхняй частцы бабінца апіраюцца на две калонкі.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


С.Ф. Самбук



ПОЛАЦАК


Горад абласнога падпарадкавання, на р. Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. За 105 км ад Віцебску. Летапісны Полотеск, Полотьск, Полтекс, паводле скандынаўскіх саг "Paltesjuborg") — адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян. Упершыню ўзгадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 862 г. Заснаваны крывічамі (пры археалічных раскопках знойдзеныя матэрыялы днепра-дзвінскай культуры першых ст. н.э. і ўмацаванае паселішча крывічоў ІХ—Х стст.). У ІХ ст. размяшчаўся на берагах р. Палаты (адсюль назва гораду) на ўмацаваным гарадзішчы (плошча каля 1 га). У пачатку ХІ ст. дзядзінец перанесены на ўзгорак пры ўпадзенні Палаты ў Заходнюю Дзвіну (пазней Верхні горад, глядзі артыкул "Полацак. Замкі"). Уздоўж правага берагу Заходняй Дзвіны фармаваліся пасады. У VIII—ІХ стст. быў племянным цэнтрам полацкіх крывічоў. У Х—ХІІІ стст. цэнтр буйнога Полацкага княства (належаў прадстаўнікам самастойнай дынастыі князёў Рагвалодавічаў). Каля 980 г. у Полацку княжыў Рагвалод (забіты кіеўскім князем Уладзімірам Святаславічам, які сілай узяў у жонкі яго дачку Рагнеду), з 988 г. — яго ўнук Ізяслаў Уладзіміравіч, з 1003 г. — Брачыслаў Ізяславіч, у 1044—1101 гг. — Усяслаў Брачыславіч (пры ім горад дасягнуў найбольшага росквіту і стаў галоўным канкурэнтам Кіева), з 1132 г. — яго ўнук Васілька, у 1160—80 гг. — Усяслаў Васількавіч, у канцы ХІІ ст. — Барыс, з 1216 г. — Уладзімір, потым — Брачыслаў. Існавала самастойная епіскапская кафедра. Тут нарадзілася каля 1110 г. асветніца Ефрасіння Полацкая. У ХІІ—ХІІІ стст. горад займаў плошчу звыш 80 га, меў больш за 8 тыс. жыхароў, развітую планіровачную структуру; ён складаўся з пасялення на беразе р. Палаты (пачатковае гарадзішча і селішча), Верхняга замку, Вялікага пасаду (на правым беразе Заходняй Дзвіны) і Запалоцця (за р. Палата). На тэрыторыі Верхняга замку ў ХІ ст. пабудаваны Сафійскі сабор. У ХІІ ст. сфармавалася самабытная Полацкая школа дойлідства. У ХІІ ст. пабудаваныя мураваныя княжы храм і княжы палц, Прадцечанская царква (на выспе Заходняй Дзвіны, не збераглася), у прадмесці Бельчыцы — Барысаглебскі манастыр; заснаваны Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр і пабудаваныя яго саборны храм — Спаса-Ефрасіннеўская царква і храм-пахавальня. Мураваныя манастыры і храмы ахоўвалі горад з поўначы, поўдня і захаду. У XIV ст. заселены левы бераг Заходняй Дзвіны. З 1307 г. у складзе Вялікага княства Літоўскага. З 2-й паловы ХІІІ ст. ў Полацку княжылі Таўцівіл (у пачатку 1260-х гадоў), Гердзень (зафіксавана пад 1264 г.), Ізяслаў (зафіксавана пад 1265 г.), Воін (з 1307 г.), затым Нарымунт (Глеб, сын Гедыміна), Андрэй Полацкі (сын Альгерда, каля 1343 г.). З 1392 г. горадам кіравалі намеснікі; у XIV—XVII стст. меў асобныя правы, т.зв. Полацкія прывілеі. У "Хроніцы Польшчы" ад 1382 г. названы замкам (фартэцыяй) Белай Русі. Каля 1490 г. у горадзе нарадзіўся беларускі першадрукар і асветнік Францыск Скарына. У 1498 г. атрымаў магдэбургскае права. Меў герб — на блакітным полі карабель з паднятымі ветразямі і сцягамі на мачтах. З 1504 г. цэнтр Полацкага ваяводства. У 1-й палове XVI ст. пабудаваны драўляны кальвінскі збор (згарэў у 1660 г.). У 1580 г. закладзеныя касцёл і калегіюм езуітаў — пастаўленыя драўляныя, у 1-й палове XVII ст. ўзведзеныя мураваныя будынкі езуіцкага калегіюма. У канцы XVI ст. планіровачная структура гораду складалася з Верхняга і Ніжняга замкаў і шасці пасадаў: Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага, Якіманскага, Крыўцова (за Заходняй Дзвіной), Слабадскога (уздоўж р. Бельчыца); было каля 80 вуліц і завулкаў. Полацак з’яўляўся важным стратэгічным пунктам і меў развітую сістэму абарончых умацаванняў. Верхні і Ніжні замкі былі абнесеныя драўлянымі сценамі з вежамі (глядзі артыкул "Полацак. Вежы") і злучаліся паміж сабой пад’ёмным мостам, перакінутым цераз роў. У 1654—63 гг. узведзены земляны вал з драўлянымі сценамі і ровам вакол Вялікага пасаду і Запалоцця. Абарончыя ўмацаванні неаднаразова гарэлі і зноў аднаўляліся. Перад будынкам езуіцкага калегіюму пачала фармавацца Парадная плошча. У XVII—XVIII стст. існавала вялікая колькасць мураваных манастыроў, цэркваў, касцёлаў: Богаяўленскі манастыр, касцёл і кляштар бернардынаў, кляштар францысканцаў, кляштар дамініканцаў, манастыр базыльян. У XVI ст. было 100 тыс., у XVII ст. — каля 20 тыс. жыхароў. У 1654 г. у час руска-польскай вайны заняты расейскай арміяй, у 1667 г. паводле Андрусаўскага перамір’я вернуты Рэчы Паспалітай. У 2-й палове XVII ст. — 1-й палове XVIII ст. ў сувязі з войнамі горад заняпаў. Ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 г. у склад Расейскай імперыі ўвайшла правабярэжная, у 1793 г. — левабярэжная часткі гораду. З 1776 г. — цэнтр Полацкай губерніі, у 1778—96 гг. — намесніцтва, з 1796 г. цэнтр павету Беларускай, з 1802 г. — Віцебскай губерняў. У 1781 г. зацверджаны новы герб гораду — "Пагоня" (на срэбным полі выява конніка са шчытом і ўзнятым мячом). Да сярэдзіны XVIII ст. склалася прастакутная сістэма планіроўкі цэнтральнай часткі (паміж Заходняй Дзвіной, Палатой і Ярам). У 1778 г. для правабярэжнай часткі гораду распрацаваны рэгулярны праектны план, які прадугледжваў развіццё прастакутнай сістэмы планіроўкі, што склалася гістарычна. Уздоўж Заходняй Дзвіны па галоўнай вуліцы (сучасны пр-т К. Маркса) запраектаваныя тры плошчы: галоўная, плошча гарадскога магістрату, гандлёвая. Галоўная (Парадная, потым Корпусная) плошча ў канцы XVIII — пачатку ХІХ ст. забудаваная адміністрацыйнымі будынкамі ў стылі класіцызму (зберагліся часткова). Прастакутную сістэму планіроўкі атрымала Запалоцце (таксама з трыма плошчамі). У 1838 г. раслрацаваны праект плану для ўсяго гораду, паводле якога рэгулярная сістэма планіроўкі развівалася і ў Задзвінскай частцы, дзе ў цэнтры была запраектаваная прастакутная плошча. У 1897 г. у налічвалася 20294 жыхары. У 1780 г. у было 360 драўляных дамоў, у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. — 156 мураваных і 1403 драўляныя дамы, 226 мураваных і 272 драўляныя крамы, 23 тыс. жыхароў. Заснаваныя новыя жылыя кварталы ў паўночна-ўсходняй частцы гораду. Пасля будаўніцтва чыгункі ў паўночнай частцы сфармаваная прывакзальная плошча, пракладзеная новая вуліца (цяпер вул. Гогаля), якая звязвала Прывакзальную і Цэнтральную плошчы. З 1924 г. — цэнтр раёну, у 1924—30 гг. і 1935—36 гг. цэнтр акругі. Са студзеня 1938 г. у Віцебскай вобл., з 27.9.1938 г. горад абласнога падпарадкавання. 29,6 тыс. жыхароў у 1939 г. У 1944—54 гг. — цэнтр Полацкай вобл.

Першы генплан сацыялістычнай рэканструкцыі складзены ў 1937—39 гг. (інстытут "Белдзяржпраект", дойлід I. Рапапорт). Пабудаваныя прамысловыя прадпрыемствы, шматпавярховыя жылыя, адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. У пасляваенныя гады горад развіваўся паводле генплану 1948 г. (інстытут "Белдзяржпраект", дойліды Г. Заборскі, Л. Мацкевіч, А. Хегай; карэкціроўка 1964, Віцебскі аблпраект, дойліды В. Данілаў, А. Данілава, Л. Яніна, З. Даўгяла). Агульнагарадскі цэнтр размяшчаецца на галоўнай гарадской магістралі — пр-це К. Маркса з сістэмай плошчаў, падпарадкоўваецца асноўнай кампазіцыйнай восі — Заходняй Дзвіне. У 1950—60-я гады рэканструяваная цэнтральная частка гораду — пл. Леніна (былая Корпусная), пр-т К. Маркса, вуліцы Гогаля, Камуністычная і інш. У Задзвінні ўзводзіліся мікрараёны № 1 (з 1961 г.) і № 2 (з 1968 г.). Сучасны горад забудоўваецца паводле генплану 1972 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Чарнышоў, Г. Булдаў, М. Трагубовіч; карэкціроўка 1977 г.). Уключае правабярэжжа, якое чыгункамі і Палатой дзеліцца на планіровачныя раёны Цэнтральны, Грамы 1-я і Грамы 2-я, Паўночны, Запалоцце, і левабярэжжа — раён Задзвінне. Планіровачная структура Цэнтральнага раёну — прастакутная сетка вуліц з дробнымі кварталамі, забудаванымі 2—5-павярховымі дамамі. Захавалася і аднапавярховая індывідуальная забудова ў выглядзе асобных участкаў. Галоўная кампазіцыйная вось — пр-т К. Маркса, вырашаны ў выглядзе шырокага бульвару, паралельнага Заходняй Дзвіне і размешчанага на яе высокім правым беразе. Адміністрацыйна-грамадскі цэнтр фармуецца на галоўнай плошчы Леніна, якая ўзнікла на скрыжаванні пр-ту К. Маркса з вуліцамі Фрунзе і Талстога (захаваліся фрагменты забудовы XVIII ст., разбіты сквер). На скрыжаванні пр-ту К. Маркса з вул. Гогаля ўтвораная пл. Ф. Скарыны (у 1974 г. устаноўлены помнік Ф. Скарыне). Цэнтральны раён звязаны з Запалоццем Чырвоным мостам цераз р. Палата (у 1975 г. замест драўлянага пабудаваны жалезабетонны). У іншых планіровачных раёнах правабярэжжа пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Левабярэжжа (Задзвінне) складаецца з жылой зоны і паўднёвага прамысловага раёну. Вуліцы Дзяржынскага, Тусналобавай-Марчанкі, 23 гвардзейцаў забудаваныя дамамі сядзібнага тыпу. Створаны мікрараён Марыненка (вуліцы Марыненка, П. Броўкі, імя 6-й гвардзейскай арміі) з 5—9-павярховай забудовай, гандлёвым цэнтрам. Прамысловая зона сфармавалася ў паўднёвай (раён чыгуначнай станцыі), паўднёва-ўсходняй (раён чыгуначнай станцыі Грамы) і паўднёва-заходняй (прамысловая зона Ксты) частках гораду. Зоны адпачынку — поймы Заходняй Дзвіны і Палаты. Захаваліся фрагменты забудовы XVII—ХІХ стст. па вул. Леніна — жылыя дамы (у т.л. Дом Пятра I), былая лютэранская кірха, дамы па вул. Скарыны, праспекце К. Маркса (былы дом губернатара). Каля Сафійскага сабору, на правым беразе Заходняй Дзвіны, знаходзіцца Барысаў камень — помнік эпіграфікі ХІІ ст.

У 1967 г. створаны Полацкі гісторыка-археалагічны запаведнік (плошча 36 га); уключае тэрыторыю Верхняга і Ніжняга замкаў, гарадзішча на р. Палата, а таксама асобныя помнікі дойлідства (Сафійскі сабор, Богаяўленскі манастыр, Дом Пятра I). Распрацаваны праект рэгенерацыі гістарычнай забудовы гораду 1985 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Токарава, I. Шамецька), які прадугледжвае ахову, рэстаўрацыю і эфектыўнае выкарыстанне помнікаў гісторыі, культуры і гістарычнай забудовы, упарадкаванне ландшафту і фармаванне іх арганічнай узаемасувязі.


Г.В. Штыхаў, Т.I. Чарняўская, С.Ф. Самбук



ПОЛАЦАК. БОГАЯЎЛЕНСКІ МАНАСТЫР


Помнік дойлідства барока з элементамі класіцызму. У цэнтры гораду, на правым беразе Заходняй Дзвіны. Заснаваны ў XVI ст., з’яўляўся цэнтрам праваслаўнага полацкага брацтва. Уключаў Богаяўленскую царкву і жылы корпус (цяпер выкарыстоўваецца пад жыллё). У XVI—XVII стст. пастаўленыя драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы. У пачатку XVII ст. будынкі манастыра згарэлі. Паводле некаторых звестак, галоўная манастырская царква згарэла ў 1682 г. і замест яе пабудаваная капліца; пасля пажару 1757 г. на сродкі жыхароў у 1761 г. пачалося аднаўленне храму, былі напалавіну ўзведзеныя сцены, але праз год зноў згарэлі. У 1779 г. будаўніцтва царквы было завершанае (у далейшым неаднаразова перабудоўвалася).

Царква уяўляе сабой аднаапсідны крыжова-купальны мураваны храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам і высокім светлавым барабанам з сферычным купалам, завершаным ліхтарамі, ліхтары завяршаюць і аднаярусныя вежы. Напачатку над сценамі ўзвышаліся чатыры франтоны: у 1839 г. заходні і ўсходні былі разбураныя ("бо надавалі каталіцкі выгляд"), а паўночны і паўднёвы паменшаныя. З заходняга боку былі две вежы. У паўночнай знаходзілася званіца (з сямю званамі), да яе вялі ўсходы з паўднёвай вежы. Сцены, вежы, барабан купалу прарэзаныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёныя пілястрамі. Інтэр’ер двухсветлавы, у заходняй частцы — хоры. Перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкай. У 1836 г. сцены і ўнутраная паверхня купалу былі размаляваныя; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабану фігуры трох свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі 1981 г. тут размешчаная карцінная галерэя.

Пасля наведвання ў 1780 г. Кацярынай II Полацку ўказам ад 10.12.1781 г. было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 г. дойлід Дж. Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў раскрыццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (сучасная вул. Леніна) — царкву фланкіравалі два двухпавярховыя будынкі, размешчаныя па чырвонай лініі вуліцы. У 1782—85 гг. з захаду ад царквы на месцы драўлянага будынку брацкай школы (у 1656—59 гг. у ёй выкладаў Сімяон Полацкі) быў узведзены Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і две цёплыя царквы — Ефрасіннеўская і Кацярынінская. З усходу ад царквы ў пачатку ХІХ ст. пабудаваны "эканамічны дом" (не захаваўся). У кампазіцыі галоўных фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэру, але без яго вертыкальных частак. Першы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным другім паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невялікімі лучковымі перамычкамі. Вокны другога паверху больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Кутнія частка (тут знаходзіліся келлі) вылучаная чатырма дарычнымі паўкалонамі, завершаная франтонам і невялікай вежай (у 1830-я гады пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 гг. і 1812—19 гг. у корпусе размяшчалася народнае вучылішча, у 1792—1812 гг. — багадзельня.

У 1970-я гады будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом, зараз прыстасоўваецца пад музей. Комплекс былога манастыра — помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская, В.Ф. Марозаў



ПОЛАЦАК. ВЕЖЫ


Існавалі паміж 1563—79 гг. Два абарончыя збудаванні тыпу данжонаў стаялі на Верхнім Полацкім замку (глядзі артыкул "Полацак. Замкі"). Размяшчаліся асобна ад лініі замкавых умацаванняў у цэнтры дзядзінца. Былі пабудаваныя з дрэва, чатырох-, васьмігранныя ў плане, мелі па тры баявыя ярусы з перакрыццямі на бэльках, былі накрытыя шатровымі дахамі. Зруйнаваныя ў час штурму замку войскамі Стэфана Баторыя.

Вежы замаляваў С. Пахалавіцкі, апісаў гісторык XVI ст. Р. Гейдэнштэйн.


М.А. Ткачоў



ПОЛАЦАК. ЕЗУІЦКІ КАЛЕГІЮМ


Помнік дойлідства, горадабудаўнічы ансамбль XVIII—ХІХ стст. Заснаваны ў 1581 г. Скаргам як сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў. У гэтым годзе пастаўленыя драўляныя будынкі калегіюма на выспе Заходняй Дзвіны. Пасля пажару ў 1-й паловы XVII ст. на новым месцы паміж Верхнім замкам (глядзі артыкул "Полацак. Замкі") і горадам пабудаваны драўляны касцёл Святога Стафана, будынкі келляў і вучылішча. Пасля новага пажару ў пачатку XVIII ст. на месцы драўлянага ўзведзены мураваны касцёл у стылі барока — трохнефавая крыжова-купальная базіліка з дзвюхвежавым (вышыня да 60 м) фасадам. Заснаваны ў 1738 г., асвячоны 15.8.1745 г., работы на дэкарацыі інтэр’еру завершаныя ў 1765 г. У 1764—65 гг. пастаўлены алтар (у стварэнні ўдзельнічаў беларускі мастак Сымон Чаховіч), у 1765—66 гг. — арганы (майстар Дамінік Адам Каспарыні), карціны італійскага мастака Разаці (пасля 1800 г.). Агульны выгляд касцёлу адлюстраваны на малюнку Н. Орды ХІХ ст. У 1830 г. касцёл перададзены праваслаўнай царкве і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. Перабудаваны (касцёльнае начынне звезенае ў Варшаву, Асвею і іншыя гарады; арганы з 1838 г. знаходзяцца ў віленскім касцёле Святога Яна, што на тэрыторыі універсітэту). Перад касцёлам сфармавалася галоўная плошча гораду — парадная плошча.

У 1750 г. побач з касцёлам пачалі ўзводзіць мураваны трохпавярховы галоўны будынак калегіюму, які злучаны з касцёлам. Е-падобны ў плане будынак галоўным падоўжаным фасадам быў арыентаваны на поўдзень, на Заходнюю Дзвіну. У двухпавярховым сярэднім левым крыле на першым паверсе размяшчалася трапезная, на другім — бібліятэка і музей, да трапезнай прылягаў аднапавярховы будынак кухні. Астатняя частка будынку мела калідорную сістэму планіроўкі, капітальнымі сценамі была падзелена на 105 памяшканняў. Перакрыцці паверхаў — цыліндрычныя скляпенні. Будынак абаграваўся "цёплай" (з хадамі для цяпла) падлогай. У сценах зробленыя вентыляцыйныя хады, у сутарэннях — развітая сістэма падземных вадасцёкаў. Захавалася паўднёвая частка корпусу і заходняе крыло. У 1778 г. паралельна будынку касцёлу ўзведзены трохпавярховы корпус, у якім у першым паверсе размясцілася кнігарня, на другім — спачатку вучылішча, потым друкарня, на трэцім — тэатр. З паўночнага боку да касцёлу прыбудаваны двухпавярховы Г-падобны ў плане флігель для ксяндзоў, які аб’яднаў касцёл з галоўным корпусам. У 1780 г. пабудаваныя адна- і двухпавярховыя карпусы гаспадарчага прызначэння (бровар, медаварня, пякарня, кузня, майстэрні і інш.; не захаваліся); яны абмяжоўвалі тэрыторыю калегіюму з поўначы і захаду і замыкаліся двухпавярховым будынкам з брамай. Побач размяшчалася аптэка з лабараторыяй і сушыльняй для траў. У 1785 г. пасля прыезду ў Полацак у якасці генерала ордэну дойліда і матэматыка Габрыэла Грубэра пабудаваны корпус, які злучыў трохпавярховы і галоўны карпусы. У новым корпусе знаходзіліся карцінная галерэя, музей, абсерваторыя, хімічная лабараторыя, вучэбныя кабінеты (не захаваліся). На поўдзень ад аптэкі пабудаваныя два флігелі — памяшканні для семінарыстаў і багадзельні. Паўднёвы схіл узгорку, на якім стаяў галоўны корпус, быў умацаваны падпорнай сцяной (захавалася), на створанай тэрасе разбіты пладовы сад. У 1812 г. калегіюм быў пераўтвораны ў езуіцкую акадэмію (мела дойлідскі факультэт). У 1820 г. акадэмія закрытая. З 1822 г. калегіюм займалі манахі ордэну піяраў. З 1830 г. у будынках калегіюму размяшчаўся заснаваны ў Полацку кадэцкі корпус. У 1830—35 г. рэканструяваныя старыя і пабудаваны новыя карпусы: кадэцкі (прыбудаваны да заходняга крыла галоўнага корпусу былога калегіюму), дом дырэктара і пяць будынкаў службовага прызначэння (дойлід А. Порта, захаваліся часткова).

Цяпер у будынку размешчаная медычная ўстанова. У 1964 г. сабор разбураны, у 1978 г. на яго месцы ўзведзены жылы дом. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская



ПОЛАЦАК. ЖЫЛЫ ДОМ (ДОМ ПЯТРА I)


Помнік дойлідства з элементамі стылю барока. Пабудаваны ў 1692 г. у цэнтры гораду як жылы (на мяжы XVIII—ХІХ стст. перабудаваны). Мураваны аднапавярховы (з паўпадвальным паверхам) будынак мае ў плане форму няправільнага прастакутніка. Асноўныя дэкаратыўныя элементы сканцэнтраваныя на галоўным паўднёвым (вул. Леніна, 33) і тарцовым (вул. Сака і Ванцэці) фасадах. Плоскасці сцен прарэзаныя высокімі прастакутнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі і фігурнымі сандрыкамі, цэнтральная частка галоўнага фасаду вылучаная дзвюма прафіляванымі філёнгамі. Тарцовы фасад завершаны фігурным атыкам з ляпнымі разеткамі (перароблены ў ХІХ ст.). Парадныя ўваходныя дзверы дэкарыраваныя раслінным арнаментам і маскаронамі (разьба па дрэве). Перакрыцце першага паверху бэлечнае, паўпадвальнага — скляпеністае. У доме з 12.6 да 15.7.1705 г. жыў Пётр I, які прыязджаў у Полацак для кіраўніцтва расейскімі войскамі ў Паўночную вайну 1700—21 гг.

Цяпер тут размешчана гарадская дзіцячая бібліятэка імя Л.М. Талстога, перад будынкам пісьменніку пастаўлены помнік. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская



ПОЛАЦАК. ЗАМКІ


Існавалі ў XVI — пачатку XVIII стст. ў гістатычным цэнтры Полацку. Вядомыя Верхні і Ніжні замкі. Былі пабудаваныя з дрэва і каменю.

Верхні замак пабудаваны на месцы старажытнага дзядзінца Х ст. (плошча да 10 га) на правым беразе Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе р. Палата. У сярэдзіне XVI ст. меў роў, вал, абарончую сцяну з 204 гародняў (рубленая таўшчынёю ў пяць бярвён) і дзевяць вежаў (рубленыя таўшчынёю ў тры бервяны) з баявымі ярусамі з байніцамі і амбразурамі для гармат. Вежы былі завершаныя высокімі шатровымі дахамі. Красная (Каралеўская) вежа мураваная, астатнія — драўляныя. Віцебская (вяла да вусця р. Палаты) і Безыменная (вяла да Вялікага пасаду) вежы мелі ў ніжніх ярусах праезды, злучаныя з мастамі на ізбіцах. На тэрыторыі замку знаходзіліся 130 двароў заможных гараджан, двор полацкага ваяводы (шэсць жылых дамоў), два манастыры, Сафійскі сабор, княжы храм. У Лівонскую вайну 1558—83 гг. у 1563 г. замак спалены, пазней паводле загаду рускага цара Івана IV (Жахлівага), які захапіў Полацак, адбудаваны. Меў абарончыя сцены-гародні і сем баявых вежаў. У 1579 г. у час штурму, калі горад быў адбіты войскамі Стэфана Баторыя, замак разбураны. Пазней адноўлены. У 1-й палове XVII ст. часта гарэў (найбольшыя пажары ў 1607 г. і 1642 г.). У 1654 г., у пачатку руска-польскай вайны, былі пабудаваныя гародні, пяць васьмі- і шасцігранных вежаў, рубленых у два бервяны, з 2—3 баявымі ярусамі, вышынёю 10—23 м. Частка сцен мела канструкцыю астрогу. Тэрыторыя замкаў (1706 г.) 472,5x283,5 м.

Ніжні замак (Стралецкі) пабудаваны ў 1563 г. расейскімі войскамі на месцы Вялікага пасаду. Быў умацаваны ровам і валам, драўлянымі абарончымі сценамі і вежамі. Прымыкаў з усходняга боку да Верхняга замку, з якім злучаўся мостам. Зруйнаваны ў 1579 г., пазней адноўлены, у 1654 г. меў восем вежаў. На яго тэрыторыі захаваўся вал Івана IV (Жахлівага).

Паміж 1563—79 гг. у цэнтры дзядзінца знаходзіліся Полацкія вежы. Замкі знішчаныя ў час Паўночнай вайны 1700—21 гг. паводле загаду Пятра I пры падыходзе да Полацку шведскага войска ў 1706 г. Замкі замаляваў С. Пахалавіцкі, апісаў гісторык XVI ст. Р. Гейдэншгэйн.


Ю.А. Якімовіч



ПОЛАЦАК. КАСЦЁЛ МАЦІ БОЖАЙ МАРЫІ НЯБЕСНАЙ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны на левым беразе Заходняй Дзвіны. Заснаваны ў 1488 г. Аляксандрам Ягелончыкам. Мураваныя будынкі касцёлу і кляштару ўзведзеныя ў 1758 г. на месцы драўляных збудаванняў 1695 г. Комплекс ўключаў таксама гаспадарчыя пабудовы (кузню, стайню, свіран і інш.), пладовы сад з агародам.


Касцёл аднанефавы храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам, накрыты двухсхільным дахам. Франтоны на галоўным і бакавых фасадах мелі фігурныя завяршэнні. У трэцім ярусе чатырох’ярусных вежаў былі скразныя паўцыркульныя вокны. У пластыцы фасадаў выкарыстаныя ордэрныя элементы. Будынак быў перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі. Хоры падтрымліваліся прастакутнымі слупамі. Унутры вежаў размяшчаліся вітыя ўсходы. У 1-й палове ХІХ ст. перабудаваны пад царкву (дзейнічае).

Збярогся двухпавярховы мураваны жылы будынак (цяпер тут размешчаная медычная ўстанова). У плане выцягнуты прастакутнік, з захаду завершаны перпендыкулярна размешчаным крылом з трапезнай на першым паверсе. З усходу вузкім пераходам злучаўся з касцёлам. Унутраная планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем келляў, перакрыцце памяшканняў скляпеністае. Дойлідства жылога будынку вызначаецца прастатой, мае сціплы дэкор: прастакутныя ліштвы акон, плоскія пілястры, прафіляваны карніз.

Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


В.Р. Кукуня



ПОЛАЦАК. КАСЦЁЛ ПРАСВЯТОЙ ПАННЫ МАРЫІ І КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ


Заснаваны ў 1672 г. па фундацыі Віленскага каноніка Ф.М. Гарскага з дазволу Віленскага епіскапа А. Сапегі. У 1837 г. і 1843 г. будынкі кляштару гарэлі. У 1774 г. быў закладзены мураваны касцёл Прасвятой Панны Марыі. Аднак з-за недахопу сродкаў, яго будаўніцтва было адкладзеная да 1801 г. і завершанае ў 1804 г. Уваходзіў у ансамбль Полацкай параднай плошчы.

Касцёл — трохнефавая шасцістаўповая базіліка, цэнтральны неф якой завяршаўся паўкруглай апсідай (30х18,9 м). У інтэр’еры касцёлу былі ўбудаваныя пяць алтароў, упрыгожаныя разьбой і размалёўкай, на хорах быў дванаццацігалосы арган. Касцёл меў два уваходы: першы з боку плошчы быў аформлены порцікам з шасцю іанічнымі калонамі і балконам, на якім быў уваход на хоры, другі — з боку кляштару.

Кляштар пабудаваны ў 1781—1804 гг., уяўляў сабой двухпавярховы Г-падобны ў плане корпус з калідорнай планіроўкай. Першы паверх меў скляпеністыя перакрыцці, другі — драўляныя. Будынкі кляштару былі пакрытыя дахоўкай. У комплекс уваходзілі таксама гаспадарчыя пабудовы, сад, палісаднік і каменная агароджа з уязной брамай. Кляштарны двор быў выбрукаваны. У 1864 г. пасля закрыцця кляштару касцёл стаў прыходскім.

Комплекс разбураны ў час ІІ Сусветнай вайны.


В.Р. Кукуня



ПОЛАЦАК. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АНТОНІЯ ПАДУАНСКАГА І КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны на правым беразе Заходняй Дзвіны (сучасная вул. Леніна, 20). Драўляны кляштар быў узведзены ў 1628 г. па фундацыі Тэафіла і Крысціны Храпавацкіх. Мураваны касцёл Святога Антонія пабудаваны ў 1763—75 гг.

Касцёл — трохнефавы дзвюхвежавы з вежачкай над галоўным алтаром храм (даўжыня 23 м, шырыня 15 м), накрыты двухсхільным дахам з чарапічным накрыцдём. Паміж трох'яруснымі вежачкамі знаходзіўся трохкутны франтон. Па баках асноўнага аб’ёму было две сакрысціі. Над бабінцам былі хоры, дзе размяшчаўся арган на дзесяць галасоў. Галоўны алтар і чатыры дадатковыя былі выкананыя з алебастру (згарэлі ў час пажару 1861 г.).

У 1778 г. пабудаваны мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане жылы корпус, які шчыльна прылягаў да касцёлу. Пакрыты дахоўкай, з боку ўнутранага панадворку чатыры дахавыя акна. Планіроўка калідорная. У 1833 г. кляштар быў закрыты, касцёл і жылы корпус перададзеныя праваслаўнаму ведамству. У канцы ХІХ ст. на месцы касцёлу пабудаваны двухпавярховы будынак (разбураны ў ІІ Сусветную вайну) з частковым выкарыстаннем сцен і сутарэнняў, на фасадах былі паўтораныя дойлідскія дэталі жылога корпусу. У былым жылым корпусе кляштару размешчаная адміністацыйная ўстанова.


Помнік рэспубліканскага значэння.


В.Р. Кукуня



ПОЛАЦАК. КІРХА


Лютэранская кірха, помнік дойлідства неаготыкі. Была закладзеная ў 1775 г. (магчыма, драўляная, няскончаная). Мураваная узведзеная на мяжы ХІХ—ХХ стст. (з 1901 г. існаваў прыход). Да асноўнага прастакутнага ў плане аб’ёму з боку галоўнага фасаду далучаецца двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная невысокім чатырохсхільным дахам (першапачаткова высокі шатровы) з пінаклямі па кутах, з процілеглага боку — чаьырохгранная апсіда з рызніцай. Галоўны ўваход у першым ярусе вежы вылучаны стральчатым парталам, над якім размешчанае круглае акно. Другі ярус мае два злучаныя стральчатыя аконныя праёмы. Абодва ярусы вежы завершаныя ляпнымі накладнымі карнізамі з ажурным арнаментальным поясам, куты дэкарыраваныя лапаткамі. Куты асноўнага аб’ёму на галоўным фасадзе і каля апсіды завершаныя пінаклямі. Бакавыя фасады першапачаткова былі прарэзаныя стральчатымі аконнымі праёмамі (цяпер іх форма часткова змененая). У 1948 г. кірха была прыстасаваная пад Полацкі абласны краязнаўчы музей (надбудаваны другі паверх, зробленая прыбудова да бакавога фасаду, змененая ўнутраная планіроўка).

Цяпер у будынку размешчаная філія Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніку.


Т.I. Чарняўская



ПОЛАЦАК. КНЯЖЫ ХРАМ


Існаваў у ХІІ—XVI стст. на тэрыторыі Верхняга замку (глядзі артыкул "Полацак. Замкі"); рэшткі яго выяўлены М. Каргерам у час археалагічных раскопак 1966—67 гг. Храм мураваны, трохнефавы, шасцістаўповы, крыжова-купальны (24х16 м), трохапсідны (бакавыя апсіды размяшчаліся ў тоўшчы сцяны). Цэнтральны неф з усходу завяршаўся паўкруглай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У цэнтры храму ўзвышаўся купал на круглым светлавым барабане. Да бакавых нефаў былі прыбудаваныя прытворы з самастойнымі апсідамі. Багатую пластыку фасадам надавалі пілястры складанага профілю, аркатурныя паясы, дэкаратыўныя арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, закамары. Інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі, падлога выкладзеная з паліваных керамічных плітак.


А.А. Трусаў



ПОЛАЦАК. КНЯЖЫ ПАЛЦ


Існаваў ў ХІІ—XVI стст. Пабудаваныя ў паўночнай частцы полацкага дзядзінца. Відаць, у XVI ст. ўваходзілі ў палацавы комплекс полацкага намесніка. Рэшткі выяўленыя археолагамі ў 1976—77 гг. Асноўны будынак (4,7х4,2 м) амаль квадратны ў плане, складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі "са схаваным радам", з заходняга боку да яго быў прыбудаваны меншы аб’ём (2,5х2,4 м). Падмурак [таўшчыня 60—75 см (у малым памяшканні 50 см), глыбіня 1,8 м] з камянёў на вапнавым растворы. У XIV ст. з паўночнага боку да палат прыбудаваны драўляны (з сасновых брусоў) квадратны ў плане (5,3x5,4 м) аб’ём, сцены якога ўнутры былі абмазаныя глінай. У палатах знаходзіліся печы, у іх канструкцыі выкарыстаныя гаршковыя і пазней каробчатыя кафлі.

Захаваліся падмурак і частка цаглянай сцяны.


А.А. Трусаў



ПОЛАЦАК. ПАРАДНАЯ ПЛОШЧА


Горадабудаўнічы ансамбль XVII—XVIII стст. У заходняй частцы Полацку, з 1830 г. вядомая як Корпусная пл. (сучасная пл. Леніна). Сфармавалася ў XVII ст. перад касцёлам і калегіюмам езуітаў (глядзі артыкул "Полацак. Езуіцкі калегіюм"). У 1776—84 гг. забудаваная жылымі і адміністрацыйнымі будынкамі ў стылі класіцызму паводле праекту дойліда I. Зігфрыдана. Плошча мела ў плане форму, блізкую да квадрата. На заходнім яе баку знаходзіліся касцёл і калегіюм езуітаў, на ўсходнім — будынкі грамадзянскай і крымінальнай палат і намесніцкага праўлення, на паўднёвым — дамы губернатара, магістрату і верхняй і ніжняй упраў, на наўночным — дамы каменданта і віцэ-губернатара, земскіх судоў і комплекс дамініканскага манастыра. Захаваліся будынкі калегіюму, магістрату і дому губернатара (цяпер размешчаная медычная ўстанова), верхняй і ніжняй упраў (зараз жылы дом, усе па пр-це К. Маркса, 4, 6, 8), дамы каменданта (цяпер адміністацыйная ўстанова) і віцэ-губернатара (зараз медычная ўстанова; Замкавы завулак, 3, 5). Будынкі двухпавярховыя, мураваныя, прастакутныя ў плане, падобныя па планіроўцы, аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і дэкоры. Вылучаўся аднапавярховы асіметрычнай кампазіцыі будынак магістрату з мансардай. Яго тарцовы фасад (выходзіць на вул. Фрунзе) завершаны трохкутным шчытом (зараз тут размешчаная ваенная камендатура). Будынкі злучаліся мураванымі агароджамі і ўтваралі нібыта адзіны фасад забудовы. У планіроўцы і рэгулярнай забудове плошчы выявіліся элементы класіцызму: строгая сіметрыя размяшчэння будынкаў, вылучэнне галоўнага дойлідскага элементу, стварэння вялікай замкнутай прасторы.

Будынкі, якія захаваліся і ўваходзяць у ансамбль плошчы, — помнікі рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская



ПОЛАЦАК. САФІЙСКІ САБОР


Помнік дойлідства ХІ—XVIII стст. Пабудаваны ў Полацку пры князе Усяславе Брачыславічу паміж 1044—66 гг. (паводле іншых звестак у 1050—60 гг.) як праваслаўны мураваны пяцінефавы крыжова-купальны (сем купалоў, паводле іншых звестак пяць) храм з трыма гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было шэсть прастакутных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутранаму падзелу памяшкання шаснаццацю слупамі на нефы, тры сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабору быў цэнтральны купал на барабане. Сцены складзеныя з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са "схаваным радам", што стварала двухколерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы XV — пачатку XVI стст. перабудаваны ў пяцівежавы храм абарончага тыпу. Неаднойчы разбураўся (у 1607 г. і 1643 г. спалены, у 1710 г. часткова пашкоджаны выбухам, што адбыўся на загад расеёскага цара Пятра І). Паміж 1738—50 гг. перабудаваны (дойлід I.К. Глаўбіц, каменшчык Б. Касінскі) у стылі позняга барока. Храм быў арыентаваны з поўдня на поўнач. У XVIII ст. сабор — трохнефавая мураваная базіліка з дзвюма шмат’яруснымі вежамі на галоўным фасадзе. З усходняга боку ў кампазіцыю сабору ўключаныя рэшткі сцен, склеп і гранёныя апсіды храму 2-й паловы ХІ ст. (даўжыня старой забудовы вызначыла шырыню новай). Старажытныя апсіды і сіметрычная ім прыбудова да заходняга фасаду ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаныя ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтральны неф на галоўным фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Галоўны фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі па кутах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздобленыя спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры трох’ярусная каменная алтарная перагародка. На яе бакавых дзвярах захаваліся маляўнічыя кампазіцыі XVIII ст. У цэнтры пад трэцім ярусам тэмперная размалёўка XVIII ст. "Тайная вячэра", над ёю ў барочным ляпным картушы — "Спас нерукатворны". Каларыстычная гама размалёвак складаецца з карычневачырвоных, вохрыстых з адценнямі, сіне-блакітных і зялёных тонаў. Алтарная перагародка завершаная гарэльефнай кампазіцыяй "Тройца новазапаветная", выкананая ў стылі сталага барока з элементамі ракако. У старажытнай частцы храму (усходняя апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак ХІ ст., колеравая гама чырвоная, зялёная і белая з сіне-блакітнымі, шэра-жоўтымі, карычнева-чырвонымі адценнямі.

У будынку сабору пасля рэстаўрацыі (1985 г., дойлід В. Слюнчанка) размешчаная канцэртная зала з арганам. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя, Т.I. Чарняўская, В В. Церашчатава



ПОЛАЦАК. СПАСА-ЕФРАСІННЕЎСКІ МАНАСТЫР


Полацкі Спаскі манастыр, помнік дойлідства ХІІ — пачатку ХХ ст. Знаходзіцца на ўскраіне Полацку (вул. Фрунзе), на правым беразе р. Палата. Заснаваны ў 1120-я гады полацкай князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацку (з поўначы), за 2 км ад гораду, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 г. польскі кароль Стэфан Баторый заняў Полацак і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам, якія знаходзіліся тут да 1820 г. У 1832 г. манастыр вернуты праваслаўным, з 1841 г. — жаночы манастыр. У пачатку ХХ ст. ў ім былі тры мураваныя храмы, якія ўтваралі невялікую плошчу пры ўваходзе, а таксама каля дваццаць драўляных і мураваных жылых і гаспадарчых пабудоў, сад, агарод. У ІІ Сусветную вайну многія пабудовы разбураныя, адноўленыя ў 1990 г. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Ефрасіннеўская, Крыжаўзвіжанская, "цёплая", двухпавярховы жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, фундаменты храму-пахавальні.

Спаса-Ефрасіннеўская царква, помнік старажытна-рускага дойлідства. Адносіцца да Полацкай школы доўлідства. Пабудаваная дойлідам Іаанам па заказу Ефрасінні Полацкай паміж 1152—61 гг. як саборны храм Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. У ХІХ ст. часткова перабудаваны (дойлід А. Порта). Мураваны трохнефавы шасцістаўповы крыжова-купальны храм (8х12 м). Цэнтральны неф з усходу завершаны паўкруглай масіўнай ансідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўднёвы і паўночны фасады расчлянёныя пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на тры вузкія і два шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаныя паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на двух узроўнях (ніжнія вокны ў 1,5 раза большыя за верхнія, з так званымі броўкамі з чатырох радоў плінфы). Спачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асноўнага аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купалу ўзвышаўся над скляпеннямі асноўнага аб’ёму і абапіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У ХІХ ст. пазакамарнае пакрьшдё замененае трохсхільным дахам. Старажытным закамарам адпавядаюць тры паўкружжы на паўночным і паўднёвым фасадах. Уваход на хоры — у паўночнай частцы заходняй сцяны. Па баках хораў две маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі ХІІ ст. — унікальнымі творамі старажытна-русускага манументальнага мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрытыя напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 1832—35 гг. і 1840 г. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937 г., 1938 г., 1940 г., 1950 г., 1972 г. Адкрыта восемь фрагментаў фрэсак. Тры знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўночнай і паўднёвай сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўднёвай сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. Пяць фрагментаў — у цэнтральнай частцы: на паўднёвай сцяне два фрагменты з выявамі святых манашак; на паўночна-ўсходнім і паўднёва-ўсходнім слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўночна-заходнім слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтральнай (дзесяць выяў) і бакавых апсідах, цэнтральнай частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывідуальных характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вялікімі міндалепадобнымі вачамі, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Колеравая гама чырвона-карычневая, сіне-блакітная, зялёная, вохра з адценнямі. Контур выкананы чырвона-карычневай фарбай, вохра разбаўлялася бледна-зялёнымі або чыстымі бяліламі. У цэнтральнай частцы колеравы фон фрэсак пераважна цёмна-сіні з фіялетавым адценнем, ў келлі Ефрасінні Полацкай — цёмна-сіні з зеленаватым адценнем. Старажытнымі фрэскамі таксама была размаляваная вонкавая паўднёвая сцяна (не збераглася).

Крыжаўзвіжанская царква размешчаная з левага (паўночнага) боку Спаеа-Ефрасіннеўскай царквы. Узведзеная з цэглы ў 1893—97 гг. (паводле праекту В.Ф. Коршыкава) у руска-візантыйскім стылі. Уяўляе сабой крыжова-купальны трохнефавы храм, чатырохслуповы, пяцігаловы, з трыма прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтральны шлемападобны купал на высокім светлавым дванаццацігранным барабане. Па кутах ад яго васьмігранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкаратыўнай аздобе фасадаў выкарыстаныя закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны.

"Цёплая" царква размешчаная з правага (паўднёвага) боку Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. У 1847 г. аднапавярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1886 г. перабудаваны. Уяўляе сабой прастакутны ў плане аб’ём з пяціграннай апсідай (з усходу), чатырохгранным прыдзелам (з поўдня) і прытворам (з захаду). Накрыты двухсхілыіым дахам, у цэнтры якога невялікі купал з галоўкай на драўляным васьмігранным барабане. Уваход вырашаны ў выглядзе арачнага парталу з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, вокны паўцыркульныя з ліштвамі.

Жылы дом размешчаны на паўднёвым усходзе ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы (каля пахавальні). Пабудаваны ў пачатку XVIII ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэну. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з уваходам з паўднёвага боку. Сцены прарэзаныя невялікімі аконнымі праёмамі з ліштвамі, куты дэкарыраваныя руставанымі лапаткамі і ўмацаваныя (з боку яру) двума масіўнымі контрфорсамі.

Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаныя пры ўваходзе на тэрыторыі манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца ўзведзеная з цэглы ў 1882 г. Уяўляе сабой аднаарачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай. Да яго з двух бакоў далучаюцца аднапавярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 г. прыбудаваны трохпавярховы (першы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус, які мае калідорную сістэму планіроўкі.

Фундаменты храма-пахавальні размешчаныя за 100 м на паўночны ўсход ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Храм-пахавальня існаваў у 1-й палове ХІІ — 1-й палове XVII ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археалагічных даследаванняў 1947 г., 1961—62 гг., 1964 г., 1976 г. храм быў трохнефавы, чатырохстаўповы, крыжова-купальны (шырыня 14,85 м, даўжыня без апсіды 17,2 м), трохапсідны (бакавыя апсіды размешчаныя ў тоўшчы ўсходняй сцяны). З паўднёвага, заходняга, і паўночнага бакоў абнесены галерэяй (шырыня 4,1 м), якая пераходзіла ў невялікія капліцы з самастойнымі апсідамі. Сцены складзеныя з плінфы ў тэхніцы муроўкі "са схаваным радам". Фасады былі аформленыя лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзеная з жоўтых, чорных і зялёных керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся з чорнай, чырвона-карычневай, жоўтай і зялёнай смальты ў форме квадратаў, трохкутнікаў і палосак. Знойдзеныя рэшткі мужчынскіх пахаванняў у цагляных камерах. Відаць, храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Уцалелі падмуркі і часткова ніжнія часткі сцен. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце археалогіі АН Расеі ў Санкт-Пецярбургу.

Ансамбль манастыра — помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская, В.В. Церашматава



ПОЛАЦКАЯ ШКОЛА ДОЙЛІДСТВА


Самабытная школа дойлідства, якая склалася ў ХІІ ст. ў Полацкім княстве ў час яго эканамічнага і палітычнага ўздыму. Сфармавалася ў культавым будаўніцтве на аснове традыцый візантыйскага дойлідства пад уплывам першага манументальнага збудавання на тэрыторыі Беларусі — Полацкага Сафійскага сабору. Для Полацкай школы дойлідства характэрная муроўка з плінфы "са схаваным радам", якая ўтварала двухколерную гаму паверхні сцяны, радзей — з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). У пабудовах Полацкай школы дойлідства адбыўся адыход ад візантыйскіх крыжова-купальных шматнефавых структур з некалькімі апсідамі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда (бакавыя знадворку не выяўлены і часцей за ўсё схаваныя ў тоўшчы алтарных сцен). Асноўны тыпы культавых збудаванняў: аднанефавыя бесслуповыя з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра); трохнефавыя шасціслуповыя з трыма апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра); трохнефавыя чатырох- або шасціслуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (саборны храм Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Віцебская Благавешчанская царква, Барысаглебская царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра). Шэраг храмаў меў абходныя галерэі. Для некаторых помнікаў Полацкай школы дойлідства характэрнае размяшчэнне падкупальнага квадрата не над усхододнімі, а над заходнімі парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла і канструкцыйна-дэкаратыўная сістэма перакрыцця падкупальнага квадрату ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастаменту барабану галоўнага купалу, аздобленага знадворку трохлопасцевымі аркамі. Прадстаўнік Полацкай школы дойлідства дойлід Іаан — аўтар Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку. Полацкія дойліды ўдзельнічалі ў будаўнійтве Наваградскай Барысаглебскай царквы, заклалі падмуркі замкавай царквы ў Менску, будавалі ў Ноўгарадзе (царква на Сінічнай гары) і Смаленску. Полацкая школя дойлідства зрабіла вялікі ўплыў на далейшае развіццё дойлідства Беларусі і іншых зямель Русі XII—XVI стст.

 

Ю.А. Якімовіч

 

 

ПОРАЗАВА

 
Гарадскі пасёлак у Свіслацкім р-не, на р. Рось. За 22 км на паўднёвы ўсход ад г.п. Свіслач, 112 км ад Гародні. Вядомае з XV ст. як каралеўскае мястэчка Ваўкавыскага павету Вялікага княства Літоўскага. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Ваўкавыскага павету. У 1897 г. тут было каля 1,5 тыс. жыхароў, две гарбарні, ганчарны завод, бровар, пачатковае вучылішча, аптэка. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. шырока вядомы вырабы поразаўскай керамікі. З 1921 г. у складзе Польшчы, мястэчка Ваўкавыскага павету. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. цэнтр раёну. З 1958 г. гарадскі пасёлак. З 1960 г. у Свіслацкім р-не.

Забудоўваецца паводле генплану 1972 (Гарадзенская філія інстытуту "Белкалгаспраект"). Планіровачную структуру вызначаюць вул. Леніна (галоўная), Савецкая, 1 Мая, Я. Коласа. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Вытворчая зона размешчаная ў паўднёвай частцы пасёлку.

Зберагліся помнікі дойлідства ХІХ ст. — сядзіба і касцёл Святога Міхала Арханёла.

 

ПОРАЗАВА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1825—28 гг. з цэглы і бутавага каменю ў г.п. Поразава (Свіслацкі р-н). Прастакутны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны трохкутным франтонам з галоўкай. Сцены складзеныя з абчасанага каменю. Пілястры на фасадах, прастакутныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз і франтон галоўнага фасаду цагляныя, атынкаваныя. Інтэр’ер зальны, столь плоская, драўляная. Уздоўж заходняй сцяны — хоры. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (XVIII ст.) — характэрныя ўзоры народнага манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. У падбрамнай званіцы — адліты ў 1749 г. звон з сюжэтнай гравіроўкай.

Касцёл дзейнічае.


С.А. Друшчыц

 

ПОРАЗАВА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства сярэдзіны ХІХ ст. Створаная ў г.п. Поразава (Свіслацкі р-н) каля дарогі на в. Гарнастаевічы. У ансамбль уваходзяць гаспода і парк.

Гаспода — прастакутны ў плане будынак, накрыты высокім ламаным дахам. У дойлідстве будынку спалучаюцца рысы барока і класіцызму. Дом узведзены на падмурку з драўляных брусоў. Сцены знадворку ашаляваныя, унутры атынкаваныя. Тры рызаліты (над сярэднім — мансарда) вылучаныя на галоўным фасадзе выступамі, на паркавым — гранёнымі эркерамі з ламанымі шатровымі дахамі. Тарцы дому фланкіраваныя двума двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі спічастымі шатровымі дахамі. Цэнтральны ўваход аформлены чатырохслуповым ганкам. У аздобе фасадаў выкарыстаная разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Першапачатковая анфіладная планіроўка дому змененая на калідорную. Інтэр’еры не зберагліся.

Парк — рэгулярнай планіроўкі з сістэмай узаемна перпендыкулярных алей. Перад галоўным фасадам гасподы размешчаны круглы партэр. Сярод насаджэнняў пераважаюць таполя і ліпа.

У будынку размешчана лякарня. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


С.А. Друшчыц, Ю.А. Якімовіч

 

ПОРПЛІШЧА. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1627 г. у в. Порплішча (Докшыцкі р-н), перабудаваная ў 1794 г. з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лацінскага крыжа. Зрубы накрытыя ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі. На сяродкрыжжы масіўны васьмігранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал пяціграннага алтарнага зрубу невялікія прастакутныя ў плане рызніцы. У 1883 г. да галоўнага фасаду прыбудаваныя трох’ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім чатырохсхільным шатром. Сцены гарызантальна ашаляваныя. Вокны прастакутныя. Унутры барабан купалу апіраецца на падпружныя аркі з ветразямі. Хоры размешчаныя ў асноўным аб’ёме. У інтэр’еры захаваліся фрагменты разнога драўлянага алтару XVII ст., якія выкарыстаны пры афармленні ўцалелых да гэтага часу іканастаса і ківотаў. Разьба іканастасу выкананая ў тэхніцы нізкага рэльефу: варыяцыі раслінных парасткаў з букетамі кветак і пладоў, галовак анёлаў, жаночых фігур. Разьбой пакрыты таксама плоскасці філёнгаў, калоны і абрамленні ківотаў. У 1988 г. праводзіўся капітальны рамонт пабудовы.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

 

"ПРАРЫЎ"

 

Мемарыяльны комплекс у гонар легендарнага прарыву варожай блакады партызанамі ў красавіку—траўні 1944 г. Створаны ў 1974 г. (скульптар А. Анікейчык, дойліды Ю. Градаў, Л. Левін) на месцы былых баёў паміж вёскамі Новае Сяло, Пліна і Паперына, за 7 км ад г.п. Ушачы. Да вяршыні ўзгорка вядзе сімвалічны "калідор" — невялікі, сціснуты бетоннымі сценамі адрэзак шляху, якім ішлі на штурм народныя мсціўцы; побач на бетоннай пліце размешчаныя бронзавая карта-схема абароны 16 партызанскіх брыгад на 11.4.1944 г. і інфармацыйны надпіс. На вяршыні ўзгорку ў разрыве бетоннай глыбы (сімвал разарванага кальца блакады) пастаўленая бронзавая дзевяціметровая фігура партызана, нахіленая ў нястрымным парыве наперад. Побач на мемарыяльным полі ўмураваны 33 надмагільныя пліты з імёнамі герояў прарыву і пасаджана 16 дубоў (сімвал 16 партызанскіх брыгад). Завяршае кампазіцыю "Апошні прывал" — адлітыя з бронзы карабіны, састаўленыя ў піраміду, і стужка з надпісам: "Яны загінулі ў барацьбе з ворагам, выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Савецкай Радзімай і гісторыяй".


Л.Г. Лапцэвіч

 

ПРУЖАНЫ


Горад, цэнтр раёну, на р. Мухавец. За 89 км ад Берасця. У 1433 г. упершыню ўгадваецца Пружанская (Прушанская) воласць. Вядомы з 1487 г. пад назвай Дабучын (сяло). Да 1519 г. у Кобрынскім княстве, потым старостве, з 1532 г. у павеце Падляшскага ваяводства, з 1566 г. у Берасцейскім павеце. З канца XVI ст. назва Дабучын выходзіць з ужытку і з’яўляецца назва Пружаны. Існуе думка, што гэтая назва звязаная з пасяленнем каля Дабучына прусаў, якія ратаваліся тут ад крыжакоў (Прусы, Прусяны, Пружаны). Належалі кобрынскаму князю Івану Сямёнавічу і яго жонцы Фядоры, з 1519 г. маршалку Вацлаву Касцевічу, каралеве Боне і яе дачцэ Ганне. У 1589 г. атрымалі магдэбургскае права, мелі герб: на срэбным полі шчыта звілісты блакітны вуж, з залатой каронай на галаве, які паглынае малое дзіця; за горадам замацаваная назва Пружаны. Паводле інвентару 1563 г., г. налічвалася 1250 жыхароў, сем вуліц, 278 гаспадарак; праводзіліся чатыры кірмашы на год. У XVI ст. існаваў "каралеўскі двор". Горад моцна пацярпеў у час войнаў сярэдзіны XVII — 1-й палове XVIII ст., колькасць будынкаў паменшала ў пяць разоў. У 1776 г. пазбаўлены магдэбургскага права. Да канца XVIII ст. адноўлены, у 1791 г. тут 2094 жыхары. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, горад, цэнтр павету Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай губерняў. У 1845 г. атрымаў новы герб: елка з паляўнічай трубой на светла-карычневым полі. У 2-й палове XVIII — ХІХ стст. вядомы асабняк — жылы дом. У 2-й палове ХІХ ст. пабудаваныя: у прадмесці Горкі капліца (1852 г.), на паўночнай ускраіне гарадская сядзіба, у цэнтры — сабор Аляксандра Неўскага і гандлёвыя рады, Спаса-Праабражэнская царква (1875—78 гг.). У 1857 у было 5665 жыхароў, у 1897 г. — 7633 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр павету Палескага ваяводства. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. цэнтр раёну Берасцейскай вобл.

У сучасным горадзе тры планіровачныя раёны: паўднёвы, заходні і ўсходні. Планіровачную структуру вызначаюць: цэнтральная восевая магістраль (вуліцы Савецкая, Кобрынская, Кастрычніцкая), перпендыкулярныя да яе вуліцы Леніна, Камуністычная, Чырвонаармейская і звілісты абрыс поймы р. Мухавец. Горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі 1959 г. (Баранавіцкія абласныя праектныя майстэрні), якая ўпарадкавала нерэгулярную сетку вуліц, генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Л. Зайцава) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід А. Акенцьеў). Гістарычным цэнтрам гораду з’яўляецца Савецкая плошча, утвораная на вул. Савецкай. Адміністацыйна-грамадскі цэнтр склаўся на вуліцах Савецкай і Камуністычнай. Цэнтральная частка гораду і цэнтр усходняга раёну забудаваныя 4—5-павярховымі дамамі. У паўночнай частцы гораду і па вул. Кастрычніцкай створаныя новыя мікрараёны з пяціпавярховых дамоў. Сфармавалася паўднёвая прамысловая зона пры ўездзе ў горад з боку Аранчыц. Зона адпачынку — штучны вадаём у паўднёвай частцы гораду, р. Мухавец і парк у паўночнай частцы.


С.Ф. Цярохін, У.В. Алісейчык

 

ПРУЖАНЫ. ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ

 

Помнік дойлідства барока і класіцызму. Пабудаваныя ў 1896 г. (дойлід Міхайлоўскі, Савіч) у цэнтры Пружан (сучасная Савецкая пл.). Мураванае прастакутнае ў плане збудаванне, накрытае двухсхільным дахам. Падоўжаныя фасады вырашаныя ў выглядзе арачных галерэй. Пралётам аркады адпавядаюць прастакутныя нішы з праёмамі ў падоўжаных сценах. Праезд пасярэдзіне падкрэслены трохпралётнымі рызалітамі, апрацаванымі пілястрамі і завершанымі фігурнымі франтонамі.

Выкарыстоўваецца як гандлёвае прадпрыемства. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь

 

ПРУЖАНЫ. ГАРАДСКАЯ СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства сярэдзіны ХІХ ст. Пабудаваная на паўночнай ускраіне Пружан паводле праекту дойліда Ланці. Належала пружанскаму маршалку В. Швыкоўскаму. Ансамбль сядзібы ўключае мураваную гасподу стылізаванага італійскага рэнесансу, да якой з боку гораду вядзе шырокая алея, две мураваныя афіцыны па баках ад яе і парк пейзажнага тыпу. Сіметрычная кампазіцыя гасподы складаецда з рознавялікіх аб’ёмаў, аб’яднаных аднапавярховым корпусам. У заходняй частцы — двухпавярховы аб’ём з эркерам, з усходняга боку да яго прылягае квадратная ў плане вежа, з заходняга — аднапавярховая прыбудова з паўкруглай верандай, з паўночнага — трохпавярховы аб’ём. Усходняя частка гасподы — двухпавярховы Г-падобны ў плане корпус, тарэц якога выступае на паўднёвым фасадзе невялікім рызалітам, завершаным шчытом. Усе аб’ёмы маюць пакатыя дахі. З боку паўночнага фасаду, арыентаванага на парк, — вялікая тэраса з перакрыццем на дзвюх калонках. Планіроўка анфіладная. Інтэр’ер аздоблены ляпнымі прафіляванымі карнізамі, камінамі і інш.

У будынку размешчаная дзіцячая дашкольная ўстанова. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін

 

ПРУЖАНЫ. ЖЫЛЫ ДОМ


Існаваў у Пружанах у 2-й палове XVIII—XIX стст. Пабудаваны з дрэва ў стылі барока як гарадскі асабняк. Аднапавярховы прастакутны ў плане будынак на цагляным падмурку з мезанінам у цэнтры, завершаны высокім ламаным дахам. Вокны прастакутныя. Мезанін, завершаны на галоўным фасадзе трохкутным франтонам, падтрымліваўся чатырма калонамі, якія ўтваралі перад уваходам ганак. Планіроўка анфіладная. У цэнтры прыхожая і зала з гранёным эркерам на дваровым фасадзе, абапал іх размяшчаліся чатыры жылыя пакоі.

 

ПРУЖАНЫ. "КАРАЛЕЎСКІ ДВОР"


Існаваў у XVI ст. ў Пружанах. Комплекс быў пабудаваны з дрэва. Уключаў палац, два флігелі, вазоўню, стайню, варыўню, пякарню, чатыры свіраны, млын на сажалцы, сад. Палац — аднапавярховы крыжовы ў плане будынак на каменным падмурку, накрыты гонтавым дахам. Планіроўка анфіладная. Вакол прыхожай групаваліся аўстэрыя, пяць жылых пакояў, камора. Галоўны ўваход вылучаўся ганкам. Вялікія прастакутныя вокны мелі алавяныя рамы. У флігелях, накрытых драніцай, размяшчаліся сенцы, жылыя пакоі, каморы. Уезд на падвор’е быў праз браму пад двухсхільным дахам.

Комплекс не захаваўся, вядомы паводле інвентару 1597 г.


Ю.А. Якімовіч

 

ПРУЖАНЫ. САБОР АЛЯКСАНДРА НЕЎСКАГА


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1866 г. у г. Пружаны на рагу вул. Камуністычнай і Савецкай пл. Прастакутная ў плане мураваная трохнефавая васьміслуповая базіліка з паўавальнай трох’яруснай апсідай, вырашанай у другім і трэцім ярусах як ратонда і завершанай купалам. Галоўны фасад вылучаны яруснай вежай-званіцай (у ніжнім ярусе — тамбур з двума памяшканнямі абанал яго і хоры). Сцены дэкарыраваныя пілястрамі, шырокімі прафіляванымі антаблементамі. Вокны арачныя і круглыя (у верхнім ярусе ратонды). Парталы галоўнага і бакавых уваходаў падкрэсленыя плоскімі несанраўднымі порцікамі з трохкутнымі франтонамі. Другі ярус ратонды аздоблены нішамі. У інтэр’еры сярэдні неф перакрыты ныліндрычным, больш нізкія бакавыя нефы — крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Крыжовыя ў сячэнні слупы аздобленыя пілястрамі. Алтарную частку аддзяляе разны іканастас з вітымі калонкамі.

Сабор дзейнічае.

 

ПРЫЛУКІ. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік дойлідства і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII — ХІХ ст. Закладзены на месцы былога манастыра XVII ст. ў в. Прылукі (Менскі р-н). Уключае палац і парк. Прылукі з’яўляліся вотчынай Агінскіх, Іваноўскіх, належалі Оштарпу, потым вядомаму аграному Отану Горвату (пабудаваў палац у гатычным стылі, вялікі сад з аранжарэяй і вежавым гадзіннікам), з 1872 г. Г.Э. Чапскаму. Цэнтрам кампазіцыі парку быў палац, размешчаны на высокім узгорку, каля грэбеня параўнальна крутога схілу тэрасы, які спускаецца да поймы р. Пціч.

Мураваны палац пабудаваны ў 1-й палове ХІХ ст., у 185 г. рэканструяваны, у 1872 быў адноўлены пасля пажару 1868 г. У ІІ Сусветную вайну значна пашкоджаны, адбудаваны ў 1950-я гады. Першапачаткова палац уяўляў сабой кампактнае прастакутнае ў плане двухпавярховае з нізкім цокальным паверхам збудаванне ў стылі несапраўднай готыкі. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным трохпавярховым рызалітам з гранёным эркерам на паркавым фасадзе і чатырма шматграннымі кутнімі вежачкамі, завершанымі зубцамі. Галоўны фасад вылучаны лоджыяй на двух узроўнях у рызаліце з праёмамі, завершанымі спічастымі і кілепадобнымі аркамі. Рызаліт, завершаны невысокім атыкам, аздоблены складанай па форме нішай у цэнтры. Пасля 1886 г. да паўднёвага тарцовага фасада быў прыбудаваны аднапавярховы аб’ём са сталовай і аранжарэяй, пазней да яго прыбудавалі двухпавярховы Г-падобны ў плане корпус. Да паўночнага тарцовага фасаду далучаны трохпавярховы вежападобны аб’ём з нізкім шатровым дахам. Пасля аднаўлення ў 1950-я гады палац захаваў сваё вонкавае аблічча, анфіладная планіроўка была змененая на калідорную. У 1-й палове ХІХ ст. перад галоўным фасадам палаца ўзведзеная трох’ярусная (першы ярус чацверыковы, другі і трэці васьмерыковыя) вежа з гадзіннікам, завершаная высокім шатром са шпілем і флюгерам. Вежа стаяла на масіўным прастакутным у плане пастаменце з чатырма вежачкамі па кутах. Сярэдні ярус вежы з гадзіннікам быў абкружаны кансольна-бэлечнай галерэйкай. Вертыкальную кампазіцыю вежы падкрэслівалі спічастыя ўваходы і аконныя праёмы. У ІІ Сусветную вайну вежа была разбураная (не адбудоўвалася).

Парк — старэйшы на Беларусі, закладзены ў 2-й палове XVIII ст.; мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу, плошаю 4,5 га. Падзелены на две часткі. Перад паркавым фасадам палаца быў сад у італійскім стылі, засталіся чатыры тэрасы, якія крута спускаюцца да поймы р. Пціч. Перад галоўным фасадам палаца невялікі партэр і пейзажная частка парку, абмежаваная пад’язнымі дарогамі. У парку стаялі мураваная капліца і аформлены аркадай свіран, былі две сажалкі (на адной быў вадзяны млын, не захаваўся).

Палац і парк належаць Беларускаму НДІ аховы раслін. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


В.Р. Анціпаў, Ю.А. Якімовіч

 

ПУСТЫНКІ. УСПЕНСКІ МАНАСТЫР


Помнік дойлідства XVIII—ХІХ стст. Размешчаны за 2 км на поўдзень ад в. Пустынкі (Мсціслаўскі р-н). Заснаваны ў 1380 г. У пачатку XVII ст., у канцы XVIII — ХІХ стст. перабудаваны. Комплекс уключае Успенскі сабор, манастырскі корпус з царквой, званіцу, школу, капліцу, две гаспадарчыя пабудовы і тры жылыя дамы. Займае значную тэрыторыю, абнесеную з поўдня і захаду цаглянай сцяной, з поўначы — пасадкамі дуба, ліпы, асіны, з усходу — ровам, за якім размешчана штучная сажалка. Ад брамы да манастырскага корпусу і сабору вядзе пад’язная ліпавая алея.

Успенскі сабор (захаваўся часткова) пабудаваны ў 1-м дзесяцігоддзі ХІХ ст. з цэглы. У дойлідстве выкарыстаныя элементы барока. Уяўляе сабой трохнефавую базіліку з прастакутнай апсідай. У сярэдзіне ХІХ ст. над сяродкрыжжам узведзены купал на светлавым барабане (не захаваўся). Галоўны фасад храму мае трохчасткавую будову. Цэнтральная частка крапаваная плоскімі пілястрамі з іанічнымі капітэлямі, завершаная трохкутным франтонам. Фасад быў фланкіраваны вежамі (не захаваліся). Цэнтральны і бакавыя ўваходы завершаныя трохкутнымі франтончыкамі. Багатая пластыка пабудовы абумоўленая крапоўкай фасадаў і кутоў апсіды пілястрамі, лучковымі нішамі, якія аздоблены ліштвамі з замковым каменем. Алтарная частка вылучаная чатырма трохчвэртнымі калонамі на масіўных пастаментах. У заходняй частцы над нартэксам размешчаныя хоры.

Манастырскі корпус пабудаваны на рубяжы XVIII—ХІХ стст. з цэглы, мае элементы класіцызму. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак складаецца з двух злучаных паміж сабой аб’ёмаў. Адзін з іх мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, цэнтрам якой з’яўляецца аднанефавая крыжова-купальная царква з высокай паўкруглай апсідай. Галоўны фасад царквы вылучаны глыбокім рызалітам, завершаным трохкутным франтонам. У рызаліце размешчаны партал цэнтральнага ўвахода, аформлены калонамі і высокім мураваным ганкам. Над прытворам узвышалася вежа, над сяродкрыжжам — масіўны барабан з купалам (не захаваліся). Бакавыя крылы сіметрычна прылягаюць да аб’ёму царквы, асветленыя прастакутнымі вокнамі на першым і лучковымі на другім паверхах. Званіца пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Размешчаная на адной восі з саборам, перад яго цэнтральным уваходам. Уяўляе сабой высокую пяціярусную пабудову, завершаную шпілем (не захаваўся). Першы (самы масіўны ярус) прастакутны ў плане, дэкарыраваны з усходнягя і заходняга фасадаў рызалітамі. Другі і наступныя ярусы васьмігранныя. У пабудове выкарыстаныя элементы псеўдарускага стылю.

Школа пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Да яго з тарцоў далучаныя два аб’ёмы, пабудаваныя ў пачатку ХХ ст. Фасады крапаваныя па кутах руставанымі лапаткамі. Капліца пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Размешчаная ва ўсходняй частцы комплексу, непадалёку ад штучнай сажалкі. Уяўляе сабой невялікі аднанефавы храм сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з паўкруглай апсідай. Фасады храму крапаваныя прафіляванымі лапаткамі.

Тры жылыя дамы будаваліся адначасова з гаспадарчымі пабудовамі. Маюць прастакутныя рознавялікія планы, будова фасадаў сіметрычная. У дэкоры выкарыстаныя лапаткі (па кутах) і аркатурныя паясы.

Стайня пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. Аднапавярховы цагляны П-падобны ў плане будынак. Паверхня сцен крапаваная пілястрамі. У дэкоры выкарыстаны аркатурны пояс, які праходзіць пад карнізам.

Свіран пабудаваны ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Прастакутны ў плане, накрыты вальмавым дахам. Па перыметры пад карнізам праходзіць аркатурны пояс.

Пасля ІІ Сусветнай вайны тут размяшчаўся дзіцячы дом, потым школа, брыгада саўгасяу (да 1988). Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.Ю. Пятросава

 

ПЯРКОВІЧЫ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства пачатку ХІХ ст. Створаная на ўсходняй ускраіне в. Пярковічы (Драгічынскі р-н), у маёнтку Віславухаў. У аснову планіроўкі ансамбля пакладзеная падоўжна-восевая кампазіцыя з гасподаю ў цэнтры рэгулярна-пейзажнага парку. Галоўная алея злучае павернутыя адзін да аднаго фасадамі мураваныя гасподу і царкву ў стылі класіцызму. Пейзажная частка парку разбітая за гасподаю вакол ставу. Драўляны лямус і вяндлярня не зберагліся.

Гаспода збудаваная ў 1805 г. падкаморыем берасцейскім З. Віславухам, інтэр’еры выкананыя на заказ яго сына — пружанскага маршалка В. Віславуха. Прастакутны ў плане двухпавярховы будынак накрыты вальмавым дахам. Мансарда на галоўным фасадзе падкрэсленая фігурным франтонам з рамбічнымі вокнамі (надбудаваны ў 1906 г. у стылі неабарока, меў лацінскі надпіс "Certa pro institia"). Цэнтр галоўнага фасаду вылучаны неглыбокім рызалітам з пілястрамі (раней меў чатырохслуповую тэрасу), дваровага — трохгранным эркерам. Вокны прастакутныя. Меў 17 пакояў, аб’яднаных калідорамі з лесвіцамі ў тарцах, у цэнтры — две парадныя залы. Аздоба інтэр’еру не захавалася.

Царква — аднанефавы прастакутны ў плане мураваны аб’ём з двухсхільным дахам. Узведзеная як уніяцкі храм. Будынак вырашаны ў буйных манументальных формах позняга класіцызму. Сцены з высокімі аконнымі праёмамі раскрапаваныя масіўнымі падвойнымі пілястрамі. Галоўны ўваход вылучаны накладным порцікам з трохкутным франтонам. Інтэр’ер зальны. У паўднёвай частцы размешчаныя хоры, якія падтрымліваюцца масіўнымі слупамі. У царкве пахаваны К. Цярлецкі — адзін са стваральнікаў царкоўнай уніі, а таксама ўладальнік маёнтка З. Віславух з жонкай.

У будынке гасподы знаходзіцца школа-інтэрнат.


А.М. Кулагін

 

ПЯРЭДЗЕЛКІ. ГАСПОДА


Помнік сядзібнага дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1-й палове ХІХ ст. на паўночна-ўсходняй ускраіне в. Пярэдзелкі (Лоеўскі р-н), на правым беразе р. Днепр. Двухпавярховы будынак складанай у плане формы накрыты вальмавым дахам. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Цэнтральная частка будынку закрытымі галерэямі злучаная з аднапавярховымі флігелямі. Уваход па цэнтры галоўнага заходняга фасаду вылучаны дарычным порцікам з аздобленым сухарыкамі трохкутным франтонам і балконам. Аналагічны порцік вылучае цэнтральную частку дваровага фасаду. У дэкоры будынку выкарыстаныя ліштвы, сандрыкі, руст, філёнгі. Планіроўка калідорная, у цэнтры — вялікі вестыбюль.

У будынку размешчаная школа. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.Ю. Пятросава



Обновлен 11 июл 2012. Создан 06 июл 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter