Дойлідства Беларусі. Частка 6 (Р-Я)

Энцыклапедычны даведнік



-Р-

РАВАНІЧЫ. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС


Помнік дойлідства і садова-паркавага мастацтва ХІХ ст. Створаны ў 1-й палове ХІХ ст. ў паўночнай частцы в. Раванічы (Чэрвеньскі р-н) у былым маёнтку менскага маршалка Л. Слатвінскага. Уключаў палац у стылі класіцызму, фланкіраваны двума флігелямі, гаспадарчыя пабудовы, парк.

Цэнтрам комплексу быў палац, які знаходзіўся на ўзвышшы. Мураваны прастакутны ў плане аднапавярховы на цокальным паверсе будынак пад вальмавым дахам. Галоўны і паркавы фасады вылучаныя ў цэнтры чатырохкалоннымі мансардавымі порцікамі дарычнага ордэру з торхкутнымі франтонамі. Две бакавыя лесвіцы порціку галоўнага фасаду вядуць на тэрасу, з якой зроблены галоўны ўваход; пад тэрасамі порцікаў — уваходы ў цокальны паверх. Плоскасныя фасады палацу рытмічна расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны сандрыкамі, кутнімі лапаткамі. Планіроўка калідорная. У пачатку ХХ ст. ў будынку знаходзілася суконная фабрыка. У 1952 г. палац адноўлены, у ім размешчаная сельская лякарня.

Флігелі — аднапавярховыя кампактныя прстакутныя ў плане будынкі пад двухсхільнымі дахамі. Фасады з прастакутнымі аконнымі праёмамі ў арачным абрамленні і пілястрамі ў прасценках, аздобленыя рустам. У паўночным флігелі размяшчалася кухня, паўднёвы быў жылы (цяпер у ім знаходзіцца дзіцячы сад).

Парк пейзажны з садам (плошча 11 га), закладзены ў сярэдзіне ХІХ ст. Дэкаратыўныя пасадкі параднага панадворку на перыферыі пераходзяць у суцэльны масіў. Вакол асноўнай часткі парку — колавая пейзажная дарога ў форме эліпса. У парку растуць каля 60 відаў і формаў экзотаў. Парк аддзелены ад галоўнай дарогі, якая вядзе з вёскі, сістэмай сажалак, звязаных з р. Уша.

Комплекс належыць саўгасу "Раванічы". Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін, В.Р. Анцгпаў



РАГАЧОЎ


Горад, цэнтр Рагачоўскага р-ну, прыстань на правым беразе Дняпра, за 2 км ад зліцця з ім р. Друць. За 121 км на паўночны захад ад Гомеля. Упершыню ўзгадваецца ў летапісе пад 1142 г., уваходзіў, магчыма, у Тураўскае княства. З канца ХІІІ ст. ў складзе Вялікага княства Літоўскага, з 1509 г. належаў вялікаму князю. У XVI ст. на месцы старажытнага гарадзішча пабудаваны замак з палацам. У XVII ст. уваходзіў у сістэму пагранічнай абароны на Дняпры. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыіі, цэнтр павету. З 1781 г. меў герб (у залатым полі чорны барановы рог). У 1897 г. было 9038 жыхароў. У 1900 г. працавала 36 фабрык і заводаў (173 рабочыя). Горад хутка рос у сувязі з пабудовай чыгункі Магілёў — Жлобін (1902 г.). У 1913 г. было 50 прадпрыемстваў (185 рабочых). Працавалі настаўніцкая семінарыя і рэальнае вучылішча. З мая 1919 г. у Гомельскай губерніі, з 1924 г. цэнтр раёну. 15,2 тыс. жыхароў у 1939 г., 10,2 тыс. — у 1959 г., 16 тыс. — у 1970 г. З 1978 г. горад абласнога падпарадкавання.

Першы рэгулярны план (1778 г.) вызначыў дакладную прастакутную сетку вуліц, якая пакінутая генпланамі 1947 г. і 1959 г. Цяпер забудоўваецца паводле плану дэталёвай планіроўкі гораду 1971 г. (Гомельскі філіял інстытуту "Белдзяржпраект", дойліды Я. Казлоў, А. Лебедзеў, М. Найшулер; карэкціроўка 1984 г., БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Кашырын, Т. Спірына, інжынеры Л. Пірожнік, В. Пузік). Асноўная гарадская тэрыторыя размешчаная ў міжрэччы Дняпра і Друці (Цэнтральны і Залінейны планіровачныя раёны), часткова на правым беразе Друці (Задруцкі планіровачны раён). Галоўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна, Кастрычніцкая, на скрыжаванні якой з вул. Багатырова — кінатэатр. На скрыжаванні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай размешчаная пл. імя 60-годдзя Кастрычніка — адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, у цэнтральнай частцы гораду будуюцца пяціпавярховыя дамы. На поўнач ад вул. Кастрычніцкай, паміж вуліцамі Леніна і Багатырова створаны пяціпавярховы квартал "Рынак", у паўночнай частцы гораду на беразе Дняпра забудоўваецца мікрараён № 2 з 5—9-павярховых жылых дамоў з гандлёва-побытавым цэнтрам. Сфармаваліся паўночная і паўднёва-заходняя прамысловыя зоны. Зона адпачынку — берагі Дняпра, Піянерскі парк. Зберагліся помнікі дойлідыства ХІХ—ХХ стст.: капліца ў неарускім стылі, будынак дваранскага вучылішча, будынак земскай управы.

Прадугледжанае расшырэнне грамадскага цэнтру і развіццё яго па вул. Багатырова, расшырэнне зоны адпачынку на берагах рэк.


Г.С. Ларкін



РАГАЧОЎ. БУДЫНАК ДВАРАНСКАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік дойлідства класіцызму з элементамі неакласіцызму. Пабудаваны ў 1903—05 гг. з цэглы ў Рагачове (вул. Цымермана, 36). Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю з трохпавярховай цэнтральнай часткай і рызалітамі па баках. Бакавое крыло завершанае бельведэрам, да тарца прыбудаваны невялікі аднапавярховы аб’ём. Вокны прастакутныя. Вулічныя фасады атынкаваныя, афарбаваныя ў два колеры: дэталі дойлідскай аздобы (лапаткі, нішы, філёнгі) белыя, прасценкі ружовыя. У цэнтральнай частцы над вестыбюлем размешчана двухсветлавая зала. Па восі ўваходу знаходзіцца трохмаршавая лесвіца. Планіроўка калідорная, аднабаковая.

Пасля ІІ Сусветнай вайны ў будынку размяшчалася фабрычна-завадское вучылішча, цяпер — сярэдняя школа № 2.


Т.В. Габрусь



РАГАЧОЎ. БУДЫНАК ЗЕМСКАЙ УПРАВЫ


Помнік дойлідства мадэрна. Пабудаваны ў 1909 г. з цэглы ў цэнтры Рагачова (сучасная вул. Леніна, 62). Будынак асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, у якой дамінуе кутні аб’ём. Галоўны фасад таксама асіметрычны, падзелены на чатыры розныя па памерах часткі, завершаныя разнастайнымі атыкамі. Вокны прастакутныя, розныя па памерах у асобных частках. У дэкоры фасадаў выкарыстаныя пілястры, лучковыя і паўцыркульныя нішы, рустоўка. Колернае вырашэнне фасадаў заснаванаяе на кантрастным спалучэнні чырвонай і шэрай тынкоўкі. Унутры выцягнуты вестыбюльна-лесвічны блок аддзяляе кутні аб’ём з залай на другім паверсе ад крыла з калідорнай планіроўкай памяшканняў, да якога прымыкае аб’ём з самастойнымі ўваходам і лесвіцай.

У будынку працаваў гарадскі выканком, цяпер у ім размешчаны раённы Дом піянераў і школьнікаў.


Т.В. Габрусь



РАГАЧОЎ. ЗАМАК


Існаваў у XVI — 2-й палове XVIII ст. Пабудаваны з дрэва на месцы старажытнага гарадзішча ХІ ст., на высокім мысе ў сутоках рэк Дняпра і Друці. У 1750—60-я гады замак быў абнесены земляным валам (вал існаваў з ХІ ст., але ў гэты перыяд быў падсыпаны) з ровам, абарончыя сцены мелі выгляд астрога. У цэнтры дзядзінца стаяў палац — аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з мезанінам, накрыты гонтавым дахам. Уключаў прыхожую, трапезную, пяць жылых памяшканняў, алькеж, камору, аптэчку, кухню і інш., у мезаніне была зала. Галоўны ўваход аформлены ганкам на слупах, на процілеглым фасадзе — галерэя. Каля палацу размяшчаліся флігель (восем жылых пакояў, гардэроб, кухня), царква, дом аканома, гаспадарчыя пабудовы. Перад двух’яруснай брамай-вежай (у першым ярусе былі абапал праезда две каморы, у другім — зала, абкружаная галерэяй і накрытая гонтавым дахам) цераз роў быў мост на ізбіцах. Да пачатку 1770-х гадоў замак прыйшоў у заняпад.


Ю.А. Якімовіч



РАГАЧОЎ. ПАЛАЦ


Існаваў у 2-й палове XVI — 1-й палове ХХ ст. ў Рагачове. Па традыцыі называўся замкам Боны, але сапраўдная дата пабудовы невядомая. У ХІХ ст. выкарыстоўваўся як правіянцкі склеп. Мураваны двухпавярховы прастакутны ў плане будынак (21х14 м) быў накрыты вальмавым дахам. Куты ўмацаваныя магутнымі контрфорсамі, якія па вышыні даходзілі да сярэдзіны другога паверху. На ніжнім паверсе размяшчаліся чатыры меншыя, на верхнім — две вялікія залы з крыжовымі скляпеннямі, падзеленыя калідорамі, перакрытымі цыліндрычнымі скляпеннямі. Залы на ніжнім паверсе злучаліся з бакавымі калідорамі шырокімі арачнымі праёмамі. На верхні паверх вяла адкрытая галерэя з лесвіцай, вырашаная на галоўным фасадзе ў выглядзе цыркульнай аркады. У аздабленні фасадаў былі выкарыстаныя элементы рэнесанснай ордэрнай пластыкі.


А.А. Ярашэвіч



РАДАШКАВІЧЫ


Гарадскі пасёлак у Маладзечанскім р-не, пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка ў Рыбчанку. За 32 км на паўднёвы ўсход ад Маладзечна. Вядомы з 1447 г. Належалі Гаштольдам, каралеве Боне, Глябовічам, Агінскім, Радзівілам. У 1-й палове XVI ст. існаваў драўляны Радашковіцкі замак. З сярэдзіны XVI ст. ў Менскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. У 1569 г. атрымалі магдэбургскае права, мелі герб (у срэбным полі паясная выява мужчыны). З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, заштатны горад Вілейскага павету, з 1842 г. цэнтр воласці. У 1897 г. налічвалася 2615 жыхароў, гарадское і рэальнае вучылішчы. З 1921 г. у складзе Польшчы, горад Віленскага ваяводства. З 1939 г. у складзе БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёна. З 1960 г. у Маладзечанскім р-не.

Размешчаны на ўзгорыстым рэльефе, рэкамі падзелены на тры часткі. Забудоўваецца паводле генплану 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Планіровачная структура лінейная. Забудова выцягнута з поўначы на поўдзень уздоўж асноўнай кампазіцыйнай восі — вуліц Савецкай і Камуністычнай, якая звязвае ўсе часткі пасёлку, забудаваная 2—3-павярховымі дамамі. У паўночна-заходнім жылым раёне да яе прылягае пл. Гастэлы (на ёй разбіты сквер) — адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Грамадскі цэнтр аддзелены ад астатняй, больш узгорыстай тэрыторыі пасёлку поймамі рэк Вязынка і Рыбчанка. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. У паўночна-ўсходнім жылым раёне ствараецца мікрараён з 3—5-павярховай забудовай. Вытворчая зона размешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы пасёлку. Каля Радашковічаў створаныя тры зоны адпачынку: Вязынка, Рыбчанка і Удра. На перасячэнні з р. Вязынка закладзены парк. Захаваўся помнік дойлідства ХІХ ст. — касцёл Святой Тройцы.

Прадугледжваецца развіццё пасёлку на паўднёвы ўсход, рэканструкцыя грамадскага цэнтру, будаўніцтва дамоў розных тыпаў.


В.А. Крайко



РАДАШКАВІЧЫ. ЗАМАК


Існаваў у XVI ст. ў г.п. Радашкавічы (Маладзечанскі р-н). Пабудаваны з дрэва на штучным узвышшы ў сутоках рэк Гуйка і Вязынка, абкружаны вадзяным ровам і ставамі. Паводле інвентару 1549 г., меў форму няправільнага чатырохкутніка з найбольшым бокам каля 90 м (агульны перыметр сцен да 300 м). Сцены пабудаваныя з 55 гародняў, рубленых з бярвён (з абламамі і баявымі галерэямі). Куты фланкіравалі чатыры вежы, рубленыя з брусоў. Вежа-брама (мела пад’ёмны мост цераз роў) — высокае чатырох’яруснае (у плане каля 20х8 м) збудаванне з трыма ніжнімі чацверыковымі ярусамі і верхнім васьмерыковым, з баявой галерэяй вянковай канструкцыі, завяршалася металічным купальным дахам. Другая вежа чацверыковая, трох’ярусная (у першым ярусе гаспадарчае памяшканне, у другім — капліца, у трэцім — абарончая зала з гарматай). Трэцяя вежа таксама чацверыковая, стаяла на гародні, мела шэсць ярусаў: ніжні гаспадарчы, у другім — жылы пакой, верхнія — баявыя. Чацвёртая, васьмерыковая вежа завяршалася абламамі і высокім шатром. Каля другой вежы ў дзядзінцы стаяў двухпавярховы жылы будынак з рысамі абарончага дойлідства, перад уваходам у які была драўляная крата-герса. З процілеглага ад уваходе боку знаходзілася прыбудова з вялікім зальным памяшканнем і каморай. На другі паверх (размяшчаліся сенцы, две святліцы і две каморы) уваход быў з вонкавай галерэі. Сцены будынку завяршалі абламы. Перад замкам стаялі арсенал, два млыны, сядзібны дом, лазня, бровар і іншыя гаспадарчыя пабудовы.


Ю.А. Якімовіч



РАДАШКАВІЧЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1850 г. у г.п. Радашкавічы (Маладзечанскі р-н). Касцёл — трохнефавая дзвюхвежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і дзвюма сакрысціямі абапал яе. Асноўны прастакутны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам, апсіда — больш нізкім. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны двухсхільным шчытом. Квадратныя чатырох’ярусныя вежы, якія выступаюць за асноўны аб’ём, прарэзаныя скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаныя шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Унутры касцёл падзелены масіўнымі слупамі, перакрыты скляпеннямі, сцены раскрапаваны пілястрамі, карнізамі. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная падлога арнаментальнага малюнку. Перад касцёлам брама з трыма арачнымі праходамі, аздобленая на галоўным фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам. Будынак касцёлу выкарыстоўваўся як вытворчы корпус вытворчага аб’яднання "Беларуская кераміка".

У пачатку XXI ст. касцёл вернуты каталікам, дзейнічае.


А.М. Кулагін



РАДЗІВІЛІМОНТЫ (ЧЫРВОНАЯ ЗОРКА). ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік дойлідства і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII ст. Сфармаваўся ў былой вёсцы Радзівілімонты (цяпер в. Чырвоная Зорка Клецкага р-ну) — летняй рэзідэнцыі менскага ваяводы князя Ю. Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586 г. (глядзі артыкул "Радзівілімонты (Чырвоная Зорка). Сядзібы"). У 2-й палове ХІХ ст. належаў Вітгінштэйнам. Сядзіба ўключала палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809 г.), свіран, гаспадарчыя пабудовы (стайню, вяндлярню, хату для парабкаў, валовы млын, вадапомпу і інш.), капліцу (не захавалася), парк. У гаспадарчай частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, свіраны, стайні, адрына, абора, гумны. За межамі асноўнай тэрыторыі комплексу былі пабудаваны вадзяны млын, сушня, вятрак.

Палац — аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прастакутны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Пабудаваны ў 1780—83 гг. у стылі класіцызму прыдворным дойлідам Радзівілаў К. Спампані пры ўдзеле дойліда Я. Бэнса. У сіметрычна-восевой кампазіцыі галоўнага фасаду вылучаўся дарычны чатырохкалонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарызантальнай шалёўкі сцен, якая імітавала руст. Канструкцыя будынку мяшаная: вонкавыя сцены зрубленыя з дубовых брусоў, унутраная падоўжная — мураваная. З дрэва былі выкананыя пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. У цэнтральнай частцы палацу размяшчаліся вестыбюль і вялікая зала, якая паўратондай выступала ў бок парку. Паўратонда зімовага саду выступала на правым тарцы палацу і ў інтэр’еры была аздобленая пейзажным жывапісам. Правае крыло мела анфіладу парадных апартаментаў, сярод якіх вылучалася дамашняя капліца з паўкруглай алтарнай экседрай, багата аздобленай штучным ружовым мармурам. Левае жыллёва-службовае крыло мела калідорную планіроўку з лесвіцай ў скляпеністыя сутарэнні і на мансарду, дзе былі два летнія пакоі. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваныя стука. Пасля пажару 1909 г. палац адбудаваны. Да нядаўняга часу ў круглаватых нішах інтэр’еру знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, быў выкананы ў 1780 г. мастаком А. Смуглевічам. Ад палацу засталіся руіны.

Свіран — прастакутны ў плане, накрыты двухсхільным гонтавым дахам на кроквах будынак. Высокі цокаль з валуноў на вапнавым растворы меў скразны праезд. Сцены з брусоў, гарызантальна ашаляваныя звонку. Вокны паўкруглыя з абрамленнямі, апрацаванымі пад каменны руст. У перакрыцці выкарыстаныя кроквенныя канструкцыі. Фасад, павернуты ў бок палацу, мае значны вынас даху, пад якім зробленая галерэя на высокіх слупах (служыла для падымання грузаў на вышку). На вільчыку даху размешчаная вежачка з невялікім звонам і флюгерам. На галоўным фасадзе тры уваходы: цэнтральны вырашаны ў выглядзе порціку з двюма стылізаванымі дарычнымі калонкамі, бакавыя аформленыя лапаткамі. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформленыя мастацкай коўкай.

Парк пейзажнарэгулярнага тыпу (плошча каля 13 га), ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапрай, на якой створаны каскад ставоў. Па іх запрудзе арганізаваны галоўны ўезд у сядзібу. Перад палацам — вялікі партэр, абмежаваны па перыметры маляўнічымі групамі лісцевых дрэў і асобнымі салітэрнымі пасадкамі. Элементы рэгулярнасці ўносяць у яго планіроўку прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі, пракладзеныя ў глыбіню парку і да гаспадарчай зоны. У пачатку алеі ўздоўж паўдёва-ўсходняй ускраіны парку ўстаноўлены памятны камень з надпісам, што алея высаджаная ў 1875 г. князёўнай М. Радзівіл.

Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін, Ю.А. Якімовіч



РАДЗІВІЛІМОНЫ (ЧЫРВОНАЯ ЗОРКА). СЯДЗІБЫ


Месціліся ў былой вёсцы Радзівілімонты (цяпер в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на).

1) Першы палацава-паркавы ансамбль вядомы ў канцы XVI — пачатку XVII ст. пасля зацвярджэння в. Радзівілімонты цэнтрам Клецкай ардынацыі (1586 г.). Не захаваўся. На высокім узгорку стаяў драўляны палац на падмурку са скляпамі. Каля яго быў рэгулярны парк ("італійскі сад") са шпалерамі, чатырма каналамі, дзвюма мураванымі альтанкамі і гротам. Ансамбль вядомы паводле інвентару пачатку XVIII ст.

2) Другі ансамбль пабудаваны ў 1-й палове XVIII ст. Не захаваўся. У цэнтры падвор’я стаяў аднапавярховы з мезанінам драўляны барочны палац (1750-я гады), які меў шэсць жылых пакояў, залу, две прыхожыя, капліцу ў мезаніне, быў накрыты ламаным дахам. Каля яго размяшчаліся кухня, дом адміністратара (жылы пакой, сенцы, камора і пякарня), склеп, хлявы, бровар, двухпавярховы свіран са слуповым ганкам, сырніца і інш. Каля ўязной брамы стаялі два гумны (на 16 і 17 сохах), свіран, аформлены на галоўным фасадзе галерэяй на сямі слупах, адрына і аборы. Ансамбль вядомы паводле інвентароў 1760—70-х гадоў.

3) У 2-й палове XVIII ст. створаны палацава-паркавы ансамбль.



РАДУНЬ. ЗАМАК


Існаваў у XIV—XVII стст. Яго рэшткі знаходзяцца на асобным узвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе р. Радунька ў цэнтры в. Гарадзішча Воранаўскага р-ну (за 2 км ад г.п. Радунь). Пляцоўка чатырохкутная ў плане, памерам 85х60 м, узвышаецца на 8 м над далінай ракі, умацаваная валам вышынёю 3—5 м і абкружана ровам глыбінёю 2,5—3 м, шырынёю 6—8 м. У паўднёва-ўсходнім куце быў уваход. Аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў — вал, сцены-гародні і вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам — "узводам". Культурны пласт 0,4—0,5 м. Знойдзеныя кераміка XIV—XVII стст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякеры, манеты XV—XVII стст. і інш. Замак лічыўся велікакняжацкім уладаннем.


М.А. Ткачоў



РАДУНЬ. КАСЦЁЛ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ


Помнік дойлідства мадэрна. Пабудаваны ў 1929—33 гг. (дойлід Ян Бароўскі, майстар Антоній Бейка) з бутавага каменю і цэглы ў в. Радунь (Воранаўскі р-н). Буйнамаштабная трохнефавая дзвюхвежавая базіліка з трансептам і пяціграннай апсідай (даўжыня 58 м, вышіня 48 м, шырыня 35 м); нартэкс вынесены перад галоўным фасадам у самастойны нізкі аб’ём. У складанай шматпланавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуюць две тэлескапічныя шмат’ярусныя вежы. Іх дынамічны вертыкальны рух, бакавыя ступеньчатыя контрфорсы-сценкі, круглае вітражнае акно-"ружа" галоўнага фасаду, глыбокі стральчаты ўваходны праём, пінаклі даху выклікаюць асацыяцыі з гатычным храмам. У аснове дойлідскага вырашэння геаметрызаваныя аб’ёмы, разнастайнай канфігурацыі вокны ў плоскіх ліштвах, шырокія лапаткі. Каларыстычны эфект будынку заснаваны на спалучэнні паліхромнай бутавай муроўкі сцен і пабеленых атынкаваных ступеньчатых атыкаў, плоскасці галоўнага фасаду, васьмігранных завяршальных ярусаў-вежаў, элементаў дойлідскага дэкору (ліштваў, прафіляваных карнізных паясоў). Зала перакрытая цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках, апсіда — гранёнай конхай. Пры ўваходзе галерэя хораў з філянговым парапетам. Інтэр’ер упрыгожаны ансамблем высокамастацкіх стукавых алтароў з элементамі ракайльнай арнаментыкі і скульптурным стафажам. У 1954 г. касцёл быў пафарбаваны ўнутры, у 1986 г. — звонку.

Касцёл дзейнічае.


Я.М. Кулагін



РАЖАНКА. КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1674 г. з цэглы і бутавага каменю на паўночнай ускраіне в. Ражанка (Шчучынскі р-н), перабудаваны ў 1924—25 гг. Аднанефавы крыжападобны ў плане храм з больш нізкімі пяціграннай апсідай і трансептам. Тарцы высокіх двухсхільных дахаў над нефам і крыламі трансепту закрытыя ступеньчатымі шчытамі. Да бакавых сцен асноўнага аб’ёму далучаныя две прастакутныя ў плане капліцы. Да паўднёва-заходняга кута нефу прыбудаваная трох’ярусная вежа (васьмярык на двух чацверыках), накрытая васьмігранным спічастым шатром, да апсіды з паўночнага боку — невялікая сакрысція. Куты асноўнага аб’ёму і трансептаў умацаваныя контрфорсамі і завершаныя дэкаратыўнымі вежачкамі — пінаклямі. Бакавыя фасады з высокімі паўцыркульнымі вокнамі, дэкарыраваныя геаметрычнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасаду круглае акно-"ружа", вышэй яго дэкаратыўны арнамент, пояс і шчыт, аздоблены вузкімі плоскімі нішамі з трохлопасцевымі арачнымі завяршэннямі і ляпным гербам у сярэдзіне. Галоўны ўваход вырашаны стральчатым парталам. Ўнутраная прастора касцёлу перакрытая цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках, крылы трансепту — крыжовымі. Апсіда і капліцы раскрываюцца ў прастору нефу арачнымі праёмамі. Над уваходам — хоры. Сцены асноўнага аб’ёму расчлянёныя пілястрамі і размаляваныя ў верхняй частцы шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія тэмы.

Кясцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Ярашэвіч, С.Г. Багласаў



РАЙЦЫ. СЯДЗІБА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў ХІХ ст. ў в. Райца (Карэліцкі р-н) у маёнтку Шлізняў, у пачатку ХХ ст. належала В. Руткамеру. Аднапавярховы драўляны Т-падобны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Сцены атынкаваныя і дэкарыраваныя кутнімі пілястрамі, расчлянёныя вузкімі прастакутнымі аконнымі праёмамі. Цэнтр галоўнага паўдёва-ўсходняга фасаду вылучаны чатырохкалонным порцікам. З боку дваровага фасаду да будынку прымыкае выцягнутае крыло. Унутраная планіроўка анфіладная.

У будынку размешчаная медычная ўстанова.


А.М. Кулагін



РАКАЎ. КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1906 г. з жоўтай цэглы на заходняй ускраіне в. Ракаў (Валожынскі р-н), на беразе р. Іслач. Трохнефавая дзвюхвежавая базіліка з трансептам і паўкруглай апсідай на высокім цокалі з вапнавых блокаў. Цэнтральны неф накрыты спічастым двухсхільным, бакавыя нефы — пакатымі аднасхільнымі дахамі. На галоўным фасадзе шчыпец з зубчастым абрамленнем, двух’ярусныя чацверыковыя вежы, завершаныя высокімі шпілямі. Галоўны ўваход вырашаны трыма стральчатымі парталамі з акном-"ружай" над імі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя высокімі стральчатымі вокнамі і контрфорсамі ў прасценках, дэкарыраваныя аркатурнымі фрызамі і паясамі. У інтэр’еры — стральчатыя скляпенні.


А.М. Кулагін



РАКАЎ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ГАННЫ


Пабудаваны ў 1830 г. з цэглы на ўсходняй ускраіне вёскі, на каталіцкіх могілках. Пры ўваходзе на могілкі па восі капліцы размешчаная брама-званіца — трохпралётная арка з цэнтральным лучковым праездам і дзвюхарачным ярусам-звонам. 

Помнік эклектычнага дойлідства з элементамі неаготыкі і класіцызму. Прастакутнае ў плане збудаванне з паўкруглай апсідай накрытае двухсхільным дахам. Галоўны фасад вылучаны паўцыркульным уваходным парталам, завершаны трохкутным франтонам з чацверыковай сігнатуркай і кутнімі пінаклямі; у тымпане — круглая люкарна-"ружа". Карніз расчлянёны стральчатай аркай уваходнага парталу. Сцены аздобленыя гранёнымі пілонамі (кутнія завершаныя пінаклямі), расчлянёныя пілястрамі ў прасценках паўцыркульных аконных праёмаў. 

У інтэр’еры зала перакрытая плоскай столлю на падугах. У паўкруглую прастору апсіды ўпісаная трапецападобная алтарная частка, за якой знаходзіцца паўкруглая сакрысція. Над уваходам хоры на двух слупах з бакавой вітой лесвіцай. Пад алтаром — крыпта. 

Сярод старых шляхецкіх пахаванняў знаходзіцца магіла беларускага кампазітара Грушвіцкага Міхаіла Рудольфавіча. М.Р. Грушвіцкі нарадзіўся 29.11.1828 г. у в. Выганічы (сёння вёска ў Валожынскім раёне) ў сям’і старшыні Менскага межавога суду. Скончыў Дваранскі інстытут у Вільні. Вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, які з-за хваробы вымушаны быў пакінуць. Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча "Дзяды" і твораў У. Сыракомлі. Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Менску. Апошнія гады пражыў у Ракаве. Міхаіл Грушвіцкі памёр 5.3.1904 г. У пачатку XX ст. на магіле быў усталяваны помнік — крыж з пясчаніка на мармуровым пастаменце. 


А.М. Кулагін

Каталіцкія храмы на Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000

І.І. Янушкевіч

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Менская вобласць

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 1988



РАКАЎ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік дойлідства пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. На цэнтральнай плошчы в. Ракаў (Валожынскі р-н). У 1793 г. на месцы старажытнай царквы (упамінаецца пад 1465 г.) пабудаваны з цэглы касцёл на сродкі парафіян і ахвяраванні князя Сангушкі і членаў ракаўскага брацтва Святой Ганны (50 тыс. руб.). Аднанефавы прастакутны ў плане храм з паўкруглай апсідай, да якой з паўночнага боку прымыкае рызніца, з паўднёвага — Нікольская капліца з трохграннай алтарнай часткай. Галоўны заходні фасад плоскасны, крапаваны пілястрамі, расчлянёны лучковымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах, завершаны шырокім трохкутным франтонам; быў фланкіраваны вежамі (захаваліся ніжнія ярусы). Сцены расчлянёныя лучковымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках. У 1866 г. пры пераўтварэнні касцёлу ў праваслаўную царкву быў надбудаваны купал з цыбулепадобнай галоўкай на драўляным васьмігранным барабане. Храм перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі. Над цэнтральным уваходам хоры, якія апіраюцца на трохпралётную аркаду. У 2-й палове ХІХ ст. перад царквой, па яе падоўжнай восі, пабудаваная двух'ярусная пірамідальная брама.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кцлагін



РАМЕЛЬ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў XVIII ст. (1762 г.) ў в. Рамель (Столінскі р-н). У 1905 г. з захаду да царквы далучаная трох’ярусная чацверыковая званіца, завершаная шатровым дахам з галоўкай. У яе ніжнім ярусе хоры на двух слупах. Царква двухзрубная, складаецца з амаль квадратнага ў плане асноўнага і пяціграннага алтарнага зрубаў, накрытых агульным вальмавым дахам. Вільчык даху з боку галоўнага фасаду прарэзаны глухім барабанам з галоўкай. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі і завершаныя простым карнізам з зубчастым падзорам. Інтэр’ер зальны з плоскай бэлечнай столлю.

У 1989 г. царква аддадзеная вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



РАСНА


Вёска ў Камянецкім р-не. Цэнтр сельсавету, калгасу "Савецкая Беларусь". За 32 км на захад ад Камянца, 45 км ад Берасця. У XVI ст. вёска ў Берасцейскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі. У XIX ст. мястэчка ў Высока-Літоўскай воласці Берасцейскага павету; две царквы, два кірмашы на год. З 1921 г. у складзе Польшчы. З 1939 г. у БССР.

Першы праект забудовы распрацаваны ў 1968 г. Забудоўваецца паводле генплану 1975 г. (БелНДІдзіпрасельбуд, дойлід Ю. Патапаў, Л. Нардштэйн, А. Калніньш). Зона новага будаўніцтва (Новая Расна, размешчаная на захадзе ад існуючай індывідуальнай забудовы) вызначаецца кампактнасцю, кампазіцыйнай цэласнасцю, функцыянальным заніраваннем і добраўпарадкаванасцю тэрыторыі. Асноўная кампазіцыйная вось — вул. Юбілейная, забудаваная пераважна двухпавярховымі жылымі дамамі секцыйнага тыпу і блакіраванымі дамамі з кватэрамі ў двух узроўнях. Адміністацыйна-грамадскі і культурны цэнтр вырашаны ў выглядзе плошчы, сфармаванай двухпавярховымі будынкамі Дому культуры (у мастацкім афармленні інтэр’ера выкарыстаныя габелены, азеляненне, у фае створаная рэльефная кампазіцыя з шамоту), гандлёвага цэнтру (крама, рэстаран, сталоўка, гатэль, камбінат побытавага абслугоўвання), трохпавярховага адміністрацыйнага будынку праўлення калгасу і выканкому сельсавету; побач — будынкі дзіцячага садку і трохпавярховы сярэдняй школы. Жылая зона забудоўваецца ў асноўным 2—3-павярховымі 1—3- і чатырохкватэрнымі секцыйнымі дамамі, дамамі сядзібнага тыпу. Кватэры забяспечаны ўсімі відамі інжынернага абсталявання. Паводле індывідуальнага праекту пабудаваныя эксперыментальны аднапавярховы чатырохкватэрны жылы дом для адзінокіх ветэранаў працы (у аздабленні фасадаў выкарыстаныя дэкаратыўныя элементы з дрэва ў традыцыях беларускага народнага дойлідства). Вытворчая зона размешчаная на ўсход ад жылой забудовы. Зона адпачынку фармуецца вакол штучнага вадаёму.

Прадугледжанае расшырэнне грамадскага цэнтру, зоны спорту і адпачьшку, будаўніцтва дамоў сядзібнага тыпу. Планіровачнае вырашэнне адзначанае дыпломам ВДНГ СССР (1970 г.).



РАСНА. КАСЦЁЛ СВЯТОГА КАЗІМІРА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны з цэглы ў цэнтры в. Расна (Горацкі р-н) на ўзвышшы. Спачатку на гэтым месцы ў 1751 г. на сродкі рагачоўскага старосты графа Міхала Пацея быў пабудаваны драўляны касцёл езуітаў Святога Космы, у 1804 г. у час пажару згарэў. У 1812 г. на яго месцы пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёлу на сродкі Л.К. Парчэўскага, шамбелана былога велікакняжацкага двара. У 1818 г. будаўніцтва ў асноўным было завершанае, у 1819 г. асвячоны як касцёл Святога Казіміра. Існаваў як прыходскі касцёл, у 1868 г. з ліквідацыяй прыходу ў Расне лічыўся філіяй.

Касцёл — трохнефавая базіліка з прастакутнай апсідай і дзвюма сакрысціямі, накрыты двухсхільным дахам (спачатку быў драўляны). Галоўны фасад вылучаны чатырохкалонным дарычным порцікам, завершаным трохкутным франтонам з развітым антаблементам (з трыгліфамі і метопамі). Па баках порціку знаходзіліся невялікія нішы з трохкутнымі сандрыкамі. Бакавыя фасады таксама падкрэсленыя рызалітамі з чатырохкалоннымі порцікамі і паўцыркульнымі нішамі; аконныя і дзвярныя праёмы аздобленыя сандрыкамі. Унутры прастора падзеленая на нефы шаснаццаццю калонамі, злучанымі цыліндрычнымі скляпеннямі; падлога драўляная. У касцёле былі чатыры алтары, арган.

У ІІ Сусветную вайну касцёл быў моцна пашкоджаны. Помнік рэспубліканскага значэння.


І.А. Берднікава



РАСНА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства канца XIX ст. Створаная ў цэнтры в. Расна (Горацкі р-н) у стылі неакласіцызму. Комплекс уключае гасподу, бровар, свіран і невялялікія гаспадарчыя будынкі.

Гаспода — мураваны аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з цокальным паверхам. Маленькія рызаліты па кутах бакавых фасадаў і ўся паверхня вонкавых сцен расчлянёныя гарызантальна руставанымі лапаткамі. Пад двухсхільным вальмавым дахам праходзіць ступеньчаты карніз з сухарыкамі. Цокаль і асноўны паверх аддзеленыя поясам русту. Аконныя праёмы высокія, прастакутныя, без ліштваў. Уваходы ў дом вылучаныя высокімі мураванымі ганкамі. Унутраная планіроўка будынку нерэгулярная. У большасці памяшканняў на столях ляпныя разеткі, па перыметры сцен фрызы і карнізы, упрыгожаныя віньеткамі, гірляндамі, геаметрычным арнаментам.

Бровар — мураваны аднапавярховы будынак. Размешчаны наводдаль ад асноўнай сядзібнай забудовы. Цэнтральная частка вылучаная высокай мансардай з паўкруглым акном. Фасады ўпрыгожаныя аркатурнымі паясамі. Аконныя праёмы сегментнага абрысў, без ліштваў.

Свіран — кампактны зруб з двухсхільным дахам, які з аднаго боку ўтварае глыбокую навісь на двух драўляных слупах круглага сячэння. Мае рысы драўлянага народнага дойлідства.

Ў гасподзе размешчаная школа. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.Ю. Пятросава



РАСОНЫ


Гарадскі пасёлак, цэнтр раёну, на паўночна-ўсходнім беразе воз. Расона. За 159 км на паўночным захадзе ад Віцебску. Вядомы з 1552 г. як вёска Полацкага ваяводства Вялікага княства Літоўскага (першапачатковая назва Росоно). Належала Ф.I. Корсаку, мела сем дымоў. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, вёска Вазнясенскай воласці Полацкага павету Полацкай, з 1796 г. Беларускай, з 1802 г. Віцебскай губерняў. У 1877 г. было дванаццаць драўляных жылых пабудоў, прыватныя жаночае (з 1862 г.) і мужчынскае (з 1869 г.) агульнаадукацыйныя вучылішчы, драўляная і мураваная цэрквы, пітны дом. У 1905 г. у вёсцы 51 жыхар. З 1924 г. цэнтр раёну, да 1930 г. і ў 1935—38 гг. у Полацкай акрузе, у 1938—44 гг. у Віцебскай, з 1944 г. у Полацкай, з 1956 г. у Віцебскай абласцях. З 1958 г. гарадскі пасёлак. У 1962—65 гг. у Полацкім р-не.

Планіровачная структура пасёлку радыяльна-веерная, з рэгулярнай унутрыквартальнай забудовай. Генплан распрацаваны ў  1969 г., забудоўваецца паводле генплану 1979 г. і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1981 г. (абодва БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід В. Дутлава). Асноўная кампазіцыйная вось — вул. Савецкая, забудаваная 2—5-павярховымі капітальнымі дамамі. На ёй склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр, разбіты парк. На вул. Савецкай, пры ўездзе ў пасёлак з боку Полацку, фармуецца цэнтральная плошча, тут знаходзяцца трохпавярховыя будынкі камбінату побытавага абслугоўвання і вузла сувязі, сярэдняй школы імя Машэрава, стадыён, разбіты сквер. Вуліцы Леніна, Руставелі і інш. звязваюць грамадскі цэнтр з жылой зонай. У раёне вуліц Камсамольскай, Пушкіна, Леніна створаны жылы квартал з 2—3-павярховай забудовай. Вытворчая зона размешчаная на ўсходзе і поўначы. Зона адпачынку — воз. Расона. Захаваўся помнік дойлідства — сядзі6а, пабудаваная на мяжы ХІХ—ХХ стст.

Прадугледжваецца расшырэнне грамадскага цэнтру, зоны спорту і адпачынку, будаўніцтва дамоў розных тыпаў.


Г.С. Ларкін



РАСОНЫ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Палац пабудаваны памешчыкам Гласкам у рамантычна-рэтраспектыўных формах замкавага дойлідства ў г.п. Расоны (сучасная вул. Камсамольская), на беразе воз. Расона. Мураваны будынак складанай асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з рознавялікіх прастакутных аб’ёмаў, гранёных эркераў, рызалітаў. Асноўны двухпавярховы аб’ём завершаны ў цэнтры высокім ступеньчатым шчытом з люкарнай. З паўночнага боку да асноўнага аб’ёму прылягае трох’ярусная вежа з поясам машыкуляў у завяршэнні, з паўднёвага — аднапавярховы аб’ём з двухсхільным дахам і ступеньчатым франтонам на тарцы. Аконныя праёмы, нішы і ліштвы маюць стральчатыя, паўцыркульныя і лучковыя арачныя завяршэнні. Фасады апрацаваныя тынкавым рустам, аркатурай, машыкульнымі фрызамі, гранёнымі вежачкамі з зубцамі. Унутры Г-падобны калідор злучае памяшканні розных памераў.

У будынку размешчаны інтэрнат для састарэлых.


А.М. Кулагін



"РАЎБІЧЫ"


Рэспубліканскі спартовы комплекс, прызначаны для заняткаў па біятлоне, лыжных гонках, лыжным дубор’і, скачках на лыжах з трампліну, слаламе і канькабежным спорце, для правядзення рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. Пабудаваны ў 1974 г. (дойліды В. Аладаў, С. Неумывакін, У. Крывашэеў) непадалёку ад в. Раўбічы Менскага р-ну (за 22 км на паўночны ўсход ад Менску) сярод ляснога ландшафту, на тэрыторыі плошчаю 36 га. У комплекс уваходзяць: спартовыя збудаванні — стрэльбішчы асноўнае (150х140 м) з 100-метровым жалезабетонным бліндажом і трэніровачнае (150х50 м), лыжныя трасы (тры пятлі агульнай даўжынёю 20 км), тры лыжныя трампліны са штучным пакрыццём (разліковая даўжыня скачку 20, 40 і 60 м), спецыялізаваная лыжаролерная траса з асфальтабетонным пакрыццём, малая слаламная траса, ролікадром (150х60 м) і інш.; будынкі — універсальная спартовая зала, гатэль, медыка-аднаўленчы цэнтр, судзейскі павільён, адміністрацыйна-гаспадарчы корпус; на штучных земляных валах размешчаныя трыбуны для гледачоў, злучаныя пераходнымі мастамі з трыбунамі каля судзейскага павільёну.

Будынак універсальнай спартовай залы вырашаны ў буйных дынамічных формах, уключае памяшканні вялікай (для трэніроўкі гімнастаў, лёгкаатлетаў, а таксама для гульнявых відаў спорту) і малой (для трэніроўкі па барацьбе, цяжкой атлетыцы, фехтаванні і інш.) залаў. Выразная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынку акцэнтаваная вышыннай дамінантай — назіральнай вежай. Кампазіцыя сяміпавярховага будынку гатэля на 170 месцаў спалучае два рознавялікія злучаныя паміж сабой аб’ёмы, вырашаныя ў выглядзе трохкутнікаў. На першым паверсе размешчаныя рэстаран, пошта, бібліятэка з чытальнай залай, вузел сувязі, службовыя памяшканні, на астатніх — жылыя нумары. Сцены будынку апрацаваныя дэкаратыўнай тынкоўкай, агароджа балконаў драўляная, дах накрыты металічнымі пласцінамі. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаныя дрэва, дэкарыўная абліцовачная плітка. Памяшканні багата аздобленыя творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, станковага жывапісу і графікі. Трохпавярховы будынак медыка-аднаўленчага цэнтру з высокім двухсхільным дахам нагадвае па камназіцыі будынак гатэля; мае кабінеты ўрачэбныя, для водных працэдур, масажу, фізіятэрапіі і інш., тры сауны. Трохпавярховы судзейскі павільён вырашаны ў сучасных дойлідскіх формах, яго кансольная частка (выступае на 12 м) размешчаная над месцам старту. Адміністрацыйна-спартовыя збудаванні комплексу вырашаныя ў буйных дынамічных формах, маюць вастраверхія кампазіцыі, арганічна ўпісваюцца ў маляўнічы ландшафт, нібы паўтараюць яго ўзгорысты рэльеф.


В.Б. Ангелаў



РАЎБІЧЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АПОСТАЛА МАЦЕЯ


Помнік дойлідства несапраўднай готыкі. Пабудаваны ў 1858—62 гг. у в. Раўбічы (Менскі р-н) на месцы драўлянага касцёлу XVIII ст. Мураваны аднанефавы з капліцай каля алтару будынак пастаўлены на магутны бутавы цокаль. Галоўны фасад фланкіраваны трох’яруснымі васьміграннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Паміж вежамі высокі сяміступеньчаты атыкавы франтон, уваходны партал стральчатай формы з ганкам. У дэкоры галоўнага фасаду выкарыстаныя накладныя трох’ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Вось сіметрыі падкрэсленая круглым аконным праёмам у форме гатычнай "ружы" над уваходным парталам. Рытм бакавых фасадаў ствараецца чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых акон (запоўнены вітражамі) у простых ліштвах з фігурнымі рамамі. Элементы дойлідскага дэкору, карнізы, абломы маюць спрошчанае вырашэнне. Памяшканні інтэр’еру перакрытыя адзіным нервюрным скляпеннем на падпружных арках з люнетамі. Распор скляпення ўспрымаюць бакавыя пілоны, якія адпавядаюць контрфорсам. Пры ўваходзе — хоры на двух квадратных у сячэнні слупах. Алтарная частка, асветленая вялікімі стральчатым акном, была ўпрыгожана дзвюма падлогавымі люстрамі (не зберагліся).

Касцёл рэстаўрыраваны (1975—78 гг.; дойлід Л. Паўлава). У ім быў размешчаны Раўбіцкі музей беларускага народнага мастацтва. Напачатку ХХІ ст. касцёл вернуты каталікам, дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



РОСЬ. СЯДЗІБА


Існавала ў XVII — пачатку ХХ ст. непадалёку ад г.п. Рось (Ваўкавыскі р-н) ва ўладаннях графоў Патоцкіх (у пачатку ХХ ст. належала Браніцкім).

Гаспода пастаўленая ў XVII ст. Драўляны аднапавярховы Т-падобны ў плане будынак. Цэнтральную частку складала вялікая прыхожая, злева ад яе размяшчалася трапезная, справа — два ідэнтычныя чатырохпакаёвыя блокі. У 2-й палове XVIII ст. пабудаваны палац — аднапавярховы, з мезанінам у цэнтры, прастакутны ў плане, завершаны высокім ламаным гонтавым дахам. Галоўны фасад быў вылучаны чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам. Вокны прастакутныя. Планіроўка анфіладная. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. палац перабудаваны: сцены звонку атынкаваныя, дах зменены на вальмавы, да левага тарца прыбудаваны флігель з трохсхільным вальмавым пакрыццём. Разам з двума флігелямі (аднапавярховыя прастакутныя ў плане асобныя будынкі з вальмавымі дахамі) утвараў парадны двор з партэрам у цэнтры.

Да сядзібы прылягае парк пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнай планіроўкі. Размешчаны на ўзгорыстым рэльефе, з паўночнага і ўсходняга бакоў абмежаваны каналамі. Плошча каля 8 га. Аснову кампазіцыі складаюць два сіметрычна пастаўленыя будынкі з партэрам паміж імі, да якога прылягаюць дэкаратыўныя ўчасткі з альтанкамі. З усходняга боку ад партэру ідзе прамая алея з сістэмай лесвіц і пляцовак, яна злучае чатыры паўколавыя дарожкі, якія на розных узроўнях ахопліваюць схілы пагорку, і вядзе да параднага партэру. У парку расгуць мясцовыя пароды дрэў і хмызняку (акацыя белая, бэз, вінаград дзявочы і інш.).

Парк належыць дому адпачынку "Рось".


В.Р. Анціпаў, Ю.А. Якімовіч



РОСЬ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1801 г. у г.п. Рось (Ваўкавыскі р-н) з цэглы. На паўднёвы ўсход ад касцёла асобна пастаўлена двух’ярусная мураваная званіца, пабудаваная ў 1908 г. Храм прстакутны ў плане, з нязначна выступаючым трансептам і паўцыркульнай апсідай. Галоўны (паўднёвы) фасад завершаны трыгліфным фрызам з развітым карнізам, над якім атыкавы франтон з паўцыркульным аконным праёмам у тымпане. Бакавыя фасады дэкарыраваныя рустоўкай і завершаныя прафіляваным карнізам. Інтэр’ер зальны, перакрыцце — драўляныя цыліндрычныя скляпенні. Уздоўж 6акавых сцен праходзіць галерэя з драўлянай агароджай. Сцены завершаныя масіўным карнізам з сухарыкамі. У інтэр’еры над уваходам — хоры на чатырох цыліндрычных калонках. На сценах, скляпеннях асноўнага аб’ёму і алтарнай часткі размешчаныя жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і дэкаратыўна-дойлідская размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленне прасторы. Драўляны разны алтар двух’ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэру, дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай.

Касцёл дзейнічае.


В.В. Церашчатава, Т.I. Чарняўская



РОСЬ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Размешчаная ў цэнтры г.п. Рось (Ваўкавыскі р-н). Закладзеная ў 1908 г. з цэглы на бутавым цокалі, неатынкаваная. Уяўляе сабой квадратны ў плане асноўны аб’ём, да якога далучаюцца трохгранная апсіда з рызніцамі і двух’ярусная вежа-званіца, першы ярус якой — чацвярык, другі — васьмігранны, завершаны шатром з галоўкай. Асноўны аб’ём вылучаны васьмігранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам. Над апсідай — невялікая галоўка. Галоўны ўваход у цэнтры фасаду вылучаны кілепадобным франтонам на паўкалонках. Па баках асноўнага аб’ёму — два бакавыя ўваходы з масіўнымі слупамі і кілепадобным казырком. У інтэр’еры асноўны аб’ём мае драўлянае васьміграннае шатровае пакрыццё з адтулінай у цэнтры. Прытвор і апсіда маюць мураваныя цыліндрычныя скляпенні. Іканастас драўляны, дэкарыраваны паўкалонкамі, накладной разьбой.

Царква дзейнічае.


Т.І. Чарняўская



РУБЕЛЬ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1796 у в. Рубель (Столінскі р-н). Спалучае традыцыі ўсходнепалескага дойлідства і рысы стылю барока. Трохзрубны храм глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прастакутнага ў плане бабінца, васьміграннага выцягнутага па папярочнай восі цэнтральнага і пяціграннага алтарнага (з рызніцай з поўначы) зрубаў. У ХІХ ст. да бабінца і бакоў асноўнага зруба прыбудаваны прастакутныя ў плане тамбуры, што надало збудаванню крыжовы план. Завяршэнні цэнтральнага зрубу двух’яруснае ("васьмярык на чацверыку"), бабінца і алтара аднаяруснае васьмерыковае. Кожны верх увянчаны складаным барочным двух’ярусным купалам. Тамбуры накрытыя двухсхільнымі, рызніца — аднасхільным дахамі. Сцены вертыкальна ашаляваныя, прастакутныя вокны аздобленыя плоскімі ліштвамі з трохкутнымі франтончыкамі ў завяршэнні. У інтэр’еры дамінуе прастора цэнтральнага трохсветлавога аб’ёму, у верхняй частцы бабінца — хоры, якія выходзяць у асноўны аб’ём вялікім праёмам з балюстрадным парапетам. Алтарнае памяшканне аддзяляе ярусны разны іканастас. На захад ад царквы размешчаная трох’ярусная званіца (верхні ярус васьмерыковы, ніжнія чацверыковыя), накрытая гранёным купальным дахам.

У 1989 г. царква аддадзеная вернікам, зроблены рамонт, дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.



РУЖАНЫ


Гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не, на р. Ружанка. За 45 км на паўночны ўсход ад Пружан, 140 км ад Берасця. Вядомы з 1552 г. як мястэчка. Належалі Тышкевічам, з 1598 г. Сапегам, уваходзілі ў Слонімскі павет Вялікага княства Літоўскага. З 1637 г. мелі магдэбургскае права, герб (у срэбным полі кола чырвоных руж, у цэнтры якога мужчынская постаць з крыжам і лілеяй у руках). Кампазіцыйныя цэнтры мястэчка — замак і плошча — аб’ядноўваліся галоўнай вуліцай. У XVII ст. ў было больш за 400 дамоў, плітачны і цагельны заводы, базыльянская школа; пабудаваны мураваны двухпавярховы палац, які ў XVIII ст. перабудаваны (глядзі артыкул "Ружаны. Палацавы комплекс"). У XVII — ХІХ стст. пабудаваны Траецкі касцёл, касцёл Святога Казіміра, царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян. У XVIII ст. працавалі паперня, суконная і палатняная мануфактуры. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскага павету. У 1831 г. за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31 гг. канфіскаваныя і перададзеныя ў казну. У ХІХ ст. ў было два гарбарныя заводы, палатняная і тры суконныя фабрыкі. У 1897 г. налічвалася 5016 жыхароў, 769 будынкаў, пяць дробных прадпрыемстваў, народнае вучылішча. У 1914 г. 6815 жыхароў, 26 прадпрыемстваў. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага павету. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну, з 1962 г. у Пружанскім р-не.

Сучасны пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Г. Белікаў) з захаваннем гістарычнай планіровачнай структуры. Рака дзеліць пасёлак на ўсходні і заходні раёны, звязаныя паміж сабой вул. Савецкай — галоўнай кампазіцыйнай воссю, на якой размешчаны будынкі Дому культуры, Дому піянераў і школьнікаў, універсальнай крамы, вузла сувязі. Адміністрацыйна-грамадскі цэнтр склаўся ў заходнім раёне, на плошчы 17 Верасня (былая Гандлёвая). Ад плошчы разыходзяцца вуліцы Леніна, Чырвонаармейская, забудаваныя ў асноўным 1—2-павярховымі дамамі, па вул. Чырвонаармейскай — комплекс пяціпавярховых жылых дамоў. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Вытворчая зона размешчаная ў паўночнай і заходняй частках пасёлку. Зона адпачынку — вадасховішча Паперня з прылеглымі ляснымі масівамі.

Прадугледжаная забудова свабодных тэрыторый на паўднёвым усходзе і паўночным усходзе пасёлку, расшырэнне зоны адпачынку.


Г.С. Ларкін



РУЖАНЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА КАЗІМІРА


Помнік дойлідства ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 1792 г. (дойлід Я.С. Бекер) у г.п. Ружаны (Пружанскі р-н) на могілках. Фундатар — канцлер Вялікага княства Літоўскага Аляксандр Сапега. Уваходзіў у комплекс базыльянскага манастыра. Мураваны прастакутны ў плане храм з чатырохкалонным порцікам дарычнага ордэру (на ступеньчатым стылабаце), накрыты двухсхільным дахам, арыентаваны на поўдзень. Сцены атынкаваныя, прарэзаныя высокімі прастакутнымі вокнамі, уваходныя дзверы і бакавыя нішы аздобленыя ліштвамі. Бакавыя фасады дэкарыраваныя пілястрамі (па краях і ў сярэдзіне). Па перыметры будынку праходзіць прафіляваны карніз. У інтэр’еры сцены атынкаваныя, завершаныя карнізам, столь плоская. Мураваны алтар у выглядзе порціка дарычнага ордэру.


В.В. Калнін



РУЖАНЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства позняга рэнесансу. Заснаваны ў 1596 г. у г.п. Ружаны (Пружанскі р-н), пабудаваны ў 1617 г. па фундацыі Льва Сапегі. У 1768 г. і 1787 г. прыбудаваныя капліцы. У 1779 г. рэканструяваны ў стылі ранняга класіцызму (дойлід Я.С. Бекер): зроблены звонку заходні партал, паўнёвая сакрысція, унутры — сцены апрацаваныя пілястрамі і карнізамі дарычнага ордэру, размаляваны хоры, бакавыя алтары, амбон, сцены апрацаваныя пілястрамі і карнізамі дарычнага ордэру, размаляваны жывапісам. Рамантаваўся ў 1850 г. і 1891 г. Мураваны аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і чатырохяруснай вежай пры ўваходзе, арыентаваны на захад. Па баках нефу знаходзяцца капліцы, прэсбітэрыя-сакрысціі. Сцены нефа знадворку ўмацаваныя контрфорсамі, паміж якімі аконныя праёмы з арачнымі завяршэннямі. Вежа (тры васьмерыкі на чацверыку) накрытая стромкім шатром, мае тры уваходы (заходні ў выглядзе класіцыстычнага парталу). Ярусы падзеленыя прафіляванымі карнізамі, дэкарыраваны плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі. Знадворку ў нішы апсіды — скульптурная выява канца ХІХ ст. Неф, капліцы і прэсбітэрый перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з люнетамі, сакрысціі — крыжовым, апсіда — конхавым з падпружнай аркай. Уваход з вежы ў неф аздоблены парталам у стылі позняга рэнесансу. У інтэр’еры над уваходам — хоры на крыжападобных у плане слупах з разнымі кранштэйнамі, агароджаныя балясамі. У апсідзе дзвюхкалонны галоўны алтар са штучнага мармуру, па баках яго две калоны, завершаныя раскрапаваным лучковым франтонам, на якім змешчаныя выявы анёлаў і аздоблены герб Сапегаў. Абапал калон — драўляныя паліхромныя выявы Святых Пятра і Паўла. Над раннекласіцыстычнымі парталамі ўваходаў у сакрысціі — драўляныя ложы ў стылі ракако. Прэсбітэрый ад нефу аддзяляе каваная агароджа XVIII ст., прывезеная з колішняга касцёлу ў Юдзінавічах. Скляпенні ўпрыгожаныя сюжэтнымі і дэкаратыўнымі кампазіцыямі XVIII ст. на евангельскія тэмы (часткова адноўленыя ў ХІХ і ХХ стст.). Па сценах капліц дойлідскі жывапіс XVIII ст. Бакавыя алтары ў выглядзе порцікаў раннекласіцыстычнага стылю XVIII ст. з каменнымі выявамі Ісуса і Марыі (канец ХІХ ст.). Амбон і арган упрыгожаныя разным паліхромным арнаментам. Значную мастацкую каштоўнасць маюць станковы жывапіс, мемарыяльны помнік Б. Біспінгу (скульптар I. Прукнер).

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


В.В. Калнін



РУЖАНЫ. ПАЛАЦАВЫ КОМПЛЕКС


Помнік дойлідства XVII—XVIII стст. На высокім узгорку ў паўднёва-ўсходняй частцы г.п. Ружаны, з’яўляўся рэзідэнцыяй князёў Сапегаў.

У пачатку XVII ст. Л. Сапегам пабудаваны двухпавярховы крыжападобны ў плане мураваны палац з трыма вежамі: две квадратныя ў плане на галоўным фасадзе і тарцы левага крыла і пяцігранная на паўнёва-ўсходнім рагу. У цэнтральнай частцы палацу, якая выступала глыбокім рызалітам, знаходзіліся вестыбюль з чатырохмаршавай лесвіцай і вялікая зала на другім паверсе, у бакавых частках — жылыя пакоі, кабінеты, архіў, бібліятэка. Унутраная планіроўка анфіладная. Памяшканні на першым паверсе мелі скляпеністыя, на другім — бэлечныя перакрыцці. Пад палацам знаходзіліся двухпавярховыя скляпеністыя сутарэнні. У час войнаў у 1698 г. і ў Паўночную 1700—21 гг. разбураны, у 1-й палове XVIII ст. адноўлены. У 1784—86 гг. перабудаваны (дойлід Я.С. Бекер): две вежы былі разабраныя, а тарцовая ўключаная ў аб’ём палацу, які стаў сіметрычны ў плане. Да цэнтральнай часткі галоўнага фасаду прыбудаваны порцік з падвойнымі пілястрамі і калонамі кампазітнага ордэру, завершаны трохкутным франтонам са скульптурай. У дэкаратыщным аздабленні палацу сумяшчаліся рысы позняга барока і класіцызму.

Адначасова створаны палацавы комплекс з некалькіх згрупаваных вакол параднага панадворку карпусоў, з паркам, садамі і аранжарэяй. Сіметрычныя бакавыя карпусы размешчаныя перпендыкулярна палацу і злучаныя з ім паўцыркульнымі ў плане аркадамі. Усходні корпус падзяляўся параднай лесвіцай на две роўныя часткі: тэатр і манеж. Тэатр меў глыбокую сцэну з сямю планамі куліс, што давала магчымасць тройчы мяняць дэкарацыи ў час спектакля. Да сцэны прылягалі невялікія гардэробныя. Падковападобная ў плане зала была двух’ярусная: у першым ярусе было 14 ізаляваных лож, на другім — 15 з каралеўскай у цэнтры. Ложы ўпрыгожвалі ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэру. У заходнім корпусе (не захаваўся) размяшчалася карцінная галерэя. Паралельна палацу па восі панадворку пабудаваная ўязная брама з двухпавярховымі флігелямі па баках. Брама вырашаная накшталт трохпралётнай трыумфальнай аркі, упрыгожаная разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу. Фасады будынкаў дэкарыраваныя руставанымі пілястрамі, ляпнымі гірляндамі, скульптурай, разнастайнымі абрамленнямі акон.

З 1795 г. у палацавым комплексе размяшчаліся суконная і ткацкая фабрыкі. У 1914 г. комплекс пашкоджаны, часткова рэстаўрыраваны ў 1930 г., у 1944 г. у час ІІ Сусветнай вайны разбураны. Захаваліся галоўны і ўсходні карпусы, аркады, уязная брама і флігелі, фрагменты аздобы інтэр’ераў і канструкцый перакрыццяў (знаходзяцца на кансервацыі).

Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



РУЖАНЫ. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА I МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў г.п. Ружаны (Пружанскі р-н). Вядомая з 1568 г. як драўляная царква. Мураваная закладзеная ў 1762 г. па фундацыі Хрысціны з Сапегаў Масальскіх, будаўніцтва скончанае ў 1779 г. (дойлід Я.С. Бекер).

Мураваны аднанефавы аднавежавы з вялікай паўкруглай апсідай храм накрыты невысокім двухсхільным дахам, які над апсідай пераходзіць у конусападобны і завяршаецца галоўкай. Па баках апсіды размешчаныя две квадратныя ў плане невысокія рызніцы, накрытыя трохсхільнымі дахамі. Галоўны фасад мае ў цэнтры рызаліт, расчлянёны вертыкальнымі і гарызантальнымі элементамі складанага профілю (карнізы, раскрапоўкі, пілястры, нішы, філёнгі), завершаны атыкам з трохкутным франтонам і двух’яруснай прастакутнай у плане вежай-званіцай (з вітымі ўсходамі ўнутры), накрытай крыжападобным дахам з чатырма франтончыкамі і галоўкай у цэнтры. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваныя пілястрамі і завершаныя развітым карнізам. Аконныя і дзвярныя праёмы з паўцыркульным арачным завяршэннем маюць прафіляваныя абрамленні. Перакрыцце бэлечнае з падшыўным люстраным скляпеннем. Унутры на столі галоўнага аб’ёму і апсіды размалёўка на тэму "Праабражэнне" (пашкоджаная пажарам у 1895 г., адноўленая ў пачатку ХХ ст.). На скляпенні апсіды размешчаная кампазіцыя "Бог Саваоф". На паўночнай і паўднёвай сценах у медальёнах выявы Святых Пятра і Паўла. Жывапіс вызначаецца сухаватай акадэмічнай манерай. У агульнай каларыстычнай гаме, нягледзячы на багацце сініх тонаў, пераважаюць прыглушаныя цёплыя адценні (карычнева-чырвоныя, вохрыстыя).

Манастыр пабудаваны ў 1784—88 гг. (дойлід Бекер) з паўднёвага боку царквы па фундацыі канцлера Вялікага княства Літоўскага Аляксандра Сапегі. Будынак прастакутны ў плане, двухпавярховы, накрыты вальмавым дахам. Рытм галоўнага фасаду ствараецца прастакутнымі аконнымі праёмамі, завершанымі трохкутнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на першым паверсе), пілястрамі. Цэнтральная частка сіметрычнага галоўнага фасаду вылучаная рызалітам, які быў завершаны трохкутным франтонам. Дваровы і бакавыя фасады без дойлідскага дэкору. Планіроўка першага паверху анфіладная, другога — калідорная, першы паверх перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках, перакрыцде другога — плоскае.

Царква дзейнічае, у манастыры гарадская ўстанова. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


В.В. Калнін, В.В. Церашчатава



РУЧЫЦА. СЯДЗІБА


Існавала ў 2-й палове XVIII ст. ў в. Ручыца (Вілейскі р-н) у лукавіне р. Вілля. Вядома па акварэлі 1875—77 гг. мастака Н. Орды. Створана па фундацыі трокскага ваяводы Т. Агінскага, які атрымаў маёнтак у спадчыну ад Э. Пузынінай і жыў у ім да 1783 г.. У 2-й паловн ХІХ ст. належаў В. Ржавуцкаму. Сядзіба ўключала гасподу, царкву, две капліцы, парк рэгулярнай планіроўкі з геаметрычнай сеткай алей.

Гаспода пабудаваная ў 1765 г. у стылі ракако паводле праекту віленскага дойліда Т. Жаброўскага (паводле іншых звестак дойліды А.А. Гену, Я. Фантаны ці Русселя). Кампактны прастакутны ў плане аднапавярховы мураваны будынак з мансардавым дахам. Цэнтр галоўнага фасаду вылучаны двухпавярховым рызалітам, завершаным фігурным франтонам і раскрапаваным лапаткамі. На другім паверсе быў балкон з ажурнай каванай агароджай. Пластыку фасаду ўзбагачалі бакавыя рызаліты, хвалістая абмалёўка галоўнага ўваходнага парталу, рустоўка па кутах, ляпныя ліштвы акон і мансардавых люкарнаў. Парадная лесвіца з прасторнага холу вяла ў высокую бальную залу з антрэсоллю для музыкантаў; над ёй знаходзілася капліца. Інтэр’еры былі дэкарыраваны габеленамі ў ракайльных фігурных панелях.

Захаваліся две невялікія ракайльныя капліцы ў парку — цэнтрычныя вежападобныя круглыя ў сячэнні мураваныя пабудовы. Над высокім цокалем узвышаецца фігурны шлемападобны купал, які падтрымліваюць кутнія пілоны. Дойлідска-мастацкую выразнасць надаюць фігурныя філёнгі на гранях, пукатыя і тонкапрафіляваныя хвалістыя карнізы, высокія арачныя праёмы, слаістыя пілястры. Капліцы прызначаліся для сакральнай скульптуры.


А.М. Кулагін



РЫЛЕНКІ. МЕМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС


Мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці воінаў 31-й арміі 3-га Беларускага фронту, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі у 1943—44 гг. Знаходзіцца на 467-м км аўтамагістралі Берасце — Масква, за 1 км ад в. Рыленкі Дубровенскага р-ну на брацкіх могілках дзесяці тысяч воінаў. Адкрыты 3.7.1973 г. (скульптар М. Рыжанкоў, дойлід М. Ткачук). Комплекс — прасторавая дойлідстка-скульптурная кампазіцыя з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны дзвюма рознавялікімі апорнымі сценамі, якія нясуць манументальны рэльефны фрыз (3х15 м) з выявай суворых і мужных твараў савецкіх воінаў. На сценах бронзавымі літарамі надпіс: "Тут 10 тысяч гераічна загінуўшых савецкіх салдат. Чэрвень 1944 г.". Уздоўж дарогі, што вядзе да магіл, чатыры бетонныя стэлы (2,6х4,0 м кожная) з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі ўдзельнікаў гераічнай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, — А.М. Васільева, Герояў Савецкага Саюза Ю.В. Смірнова і Г.А. Нікандравай, лётчыкаў авіяпалка "Нармандыя — Нёман" С.М. Астахава і Б. дэ Фальтэна. Рубленыя, лапідарныя формы рэльефу, дакладная вытрымка аб’ёмаў перадаюць унутраную экспрэсію вобразаў. Брацкія могілкі вырашаныя ў выглядзе прастакутных тэрас, па перыметрах якіх устаноўленыя 170 надмагільных пліт з імёнамі загінуўшых. На верхняй тэрасе стаіць пліта-маналіт з надпісам "Подзвігі вашы неўміручыя", за ёй — маляўнічая купа бяроз і елак. На пляцоўцы перад плітой — квадратная платформа, у гарэльефнай зорцы — Вечны агонь. Арганічная сувязь з навакольным ландшафтам, патрыятычны змест, эмацыянальная мастацкая вобразнасць мемарыялу робяць яго яркім помнікам гераізму савецкага (на той час) народу.


Л.Г. Лапцэвіч



РЭДКАВІЧЫ


Вёска ў Сароцкім сельсавеце Любанскага р-ну, каля р. Арэса. За 8 км на паўднёвы ўсход ад Любані, 163 км ад Менску. У канцы XVI ст. вёска ў Навагрудскім павеце Вялікага княства Літоўскага. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі.

Сучасная вёска вызначаецца дакладным функцыянальным заніраваннем тэрыторыі, кампактнасцю забудовы, добраўпарадкаванасцю. Забудоўваюцца паводле праекту планіроўкі і забудовы 1969 г. (БелНДІдзіпрасельбуд, дойліды Г.У. Заборскі і А.Г. Заборская). Планіровачную структуру вёскі вызначае галоўная вуліца з плошчай, раскрытай на штучны вадаём. Тут склаўся адміністрацыйны-грамадскі і культурны цэнтр, сфармаваны двухпавярховымі будынкамі Домы культуры, вакол якога разбіты парк, гандлёвага цэнтры, адміністрацыйным. Да плошчы прылягае сквер, дзе размешчаны дзіцячыя яслі-садок, паліклініка, стадыён і спартовыя пляцоўкі. Шматкватэрная жылая забудова (групы 2—4-павярховых дамоў з унутранымі азялененымі дварамі) сканцэнтраваная на галоўнай вуліцы, аднапавярховая індывідуальная — у паўднёва-заходняй частцы, вытворчая зона — на паўднёвым захадзе ад вёскі.

Прадугледжанае будаўніцтва дамоў розных тыпаў, расшырэнне зоны спорту і адпачынку.


Г.У. Заборскі



РЭПЛЯ. КАСЦЕЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства неаготыкі. Размешчаны ў в. Рэпля (Ваўкавыскі р-н). Закладзены ў 1902 г. з цэглы, неатынкаваны. Уяўляе сабой дзвюхвежавы базілікальны храм з прастакутнай апсідай і дзвюма сакрысціямі. Цэнтральная частка галоўнага заходняга фасаду завершаная ступеньчатым шчытом з шэрагам пінакляў. Падобны шчыт размешчаны над апсідай. Вежы двух’ярусныя, першы чацверыковы, другі — васьмігранны, завершаныя шатром. У цэнтры фасаду — галоўны ўваход, дэкарыраваны ступеньчатым франтонам, над уваходам акно-"ружа". Бакавыя фасады маюць стральчатыя аконныя праёмы, паміж імі размешчаныя контрфорсы. У інтэр’еры нефы падзеленыя стральчатымі арачнымі праёмамі, перакрыцце — цыліндрычныя скляпенні з крыжовымі нервюрамі.

Касцёл дзейнічае.


Т.I. Чарняўская



РЭЧЫЦА


Горад, цэнтр раёну, порт на Дняпры. За 50 км ад Гомеля. Вядомы з канца ХІІ ст. як горад Валынскага княства, быў умацаваным пунктам на зямлі дрыгавічоў. Пад 1213 г. узгадваецца ў Наўгародскім 1-м летапісе як горад Чарнігаўскага княства. У ХІІІ ст. дзядзінец гораду знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі на правым беразе Дняпра (цяпер у гарадскім парку). З XIV ст. пры Гедыміне (княжыў у 1316—41 гг.) ў Вялікім княстве Літоўскім, у Менскім ваяводстве. У 1392—1430 гг. належала Вялікаму князю Вітаўту, які пабудаваў замак. З 1561 г. мела магдэбургскае права. У 1-й палове XVII ст. горад меў тры лініі ўмацаванняў з цэнтрам — пяцівежавым замкам, абкружаным ровам і злучаным з астатняй часткай гораду пад’ёмным мостам. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, у 1796 г. была староствам, потым цэнтрам павету. У 1634 г. менскі ваявода А. Слушка заснаваў манастыр дамініканцаў. У 1886 г. праз Рэчыцу прайшлі Палескія чыгункі (участак Лунінец — Гомель), у 1890-я гады адкрытая прыстань. У 1897 г. налічвалася 9280 жыхароў, праводзіліся два кірмашы на год. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. тут былі касцёл, две царквы — Успенская і Мікалаеўская (з 1723 г.), сінагога і некалькі габрэйскіх малітоўных дамоў. У 1910 г. было 1309 жылых пабудоў (з іх чатыры мураваныя), 14 цэркваў і малітоўных дамоў. З 1919 г. ў Гомельскай губерніі РСФСР. Са снежня 1926 г. у БССР, цэнтр раёну (у 1926—27 гг. акругі). З 1938 г. — горад абласнога падпарадкавання.

Паводле першага рэгулярнага плану 1800 г. склалася прастакутная сістэма планіроўкі, пазней яе дапоўніла радыяльна-кальцавая. Кампазіцыйным цэнтрам была плошча (цяпер пл. Кастрычніка,). У савецкі час забудоўвалася паводле генпланаў 1937—39 гг. (дойлід Г. Парсаданаў), 1951 г. (дойліды Парсаданаў, М. Томах; інстытут "Белдзяржпраект") і 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Асноўная кампазіцыйная вось — вул. Савецкая. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр гістарычна склаўся на пл. Кастрычніцкай, абмежаванай вуліцамі Леніна і Савецкай. Важнейшыя гарадскія магістралі — вуліцы Леніна, Вакзальная, Чапаева, Луначарскага, Сняжкова і Фрунзе. На вуліцах Савецкай і Набярэжнай захаваліся фрагменты забудовы ХІХ ст. Жылая зона забудаваная 2—3-павярховымі і аднапавярховымі сядзібнага тыпу дамамі, капітальная 5—9-павярховая забудова сканцэнтравана ў мікрараёнах 1—6. Вытворчая зона размешчаная ва ўсходняй, паўднёва-ўсходняй і паўднёва-заходняй частках гораду. Зона адпачынку — на берагах Дняпра і Ведрычы.



РЭЧЫЦА. ЗАМАК


Існаваў у г. Рэчыца ў XVY — 1-й палове XVIII ст. Пабудаваны з дрэва на высокім пагорку правага берагу Дняпра на месцы старажытнага гарадзішча плошчаю каля 1 га. Быў абнесены валам і абведзены ровам. Умацаванне авальнага ў плане замку складалася з драўляных абарончых сцен, зробленых па тыпу гародняў з адным ярусам бою, пяці шматгранных і квадратных у плане вежаў, накрытых невысокімі шатровымі дахамі. Уезд у замак быў з паўднёва-заходняга боку праз пад’ёмны мост. Разбураны ў 1649 г. у час вызваленчай вайны ўкраінскага народу 1648—54 гг. Вядомы паводле плану і гравюры 1649 г.


Ю.А. Якімовіч



-С-



САВІЧЫ. ПАЛАЦ


Існаваў у ХІХ — пачатку ХХ стст. ў в. Савічы (Капыльскі р-н). Пабудаваны да 1826 г. у стылі ампір. Мураваны прастакутны ў плане двухпавярховы будынак з рызалітам у цэнтры завяршаўся вальмавым дахам, рызаліт — двухсхільным. Сцены падзяляліся карнізным поясам на два ярусы, вокны прастакутныя. Асноўны мастацкі акцэнт сканцэнтраваны на рызаліце. Яго першы паверх апрацаваны рустам і расчлянёны трыма арачнымі праёмамі, меў выгляд галерэі перад галоўным уваходам. Другі паверх рызаліта быў вырашаны як лоджыя з трыма арачнымі праёмамі, пілястрамі, балюстрадай агароджы і завяршаўся невысокім мезанінам з вузкімі прастакутнымі вокнамі, антаблементам, трохкутным франтонам. Планіроўка анфіладная: прыхожая, парадная зала, шэраг жылых пакояў, кабінетаў, гардэробаў, капліца. Палац стаяў у старым парку, закладзеным у канцы XVI ст.

Не збярогся. Адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1860-х гадоў.


Ю.А. Якімовіч



САКАЛОЎКА. ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ


Помнік дойлідства ХІХ ст. Пабудаваная ў 1851 г. на Варшаўска-Маскоўскай шашы (цяпер аўтастрада Івацэвічы — Масква) каля в. Сакалоўка (Чэрыкаўскі р-н) па ўзорным праекце станцыйных дамоў 3-га разраду 1846 г. Прастакутны ў плане будынак з вальмавым дахам, крытым шыферам. Сцены цагляныя, атынкаваныя. Галоўны фасад арыентаваны на дарогу. У ХХ ст. значна перабудаваная, што сказіла яе першапачатковы выгляд. Захаваліся стральчатае завяршэнне галоўнага ўваходу, замураванага і ператворанага ў нішу, характэрнае аздабленне кутоў будынку лапаткамі з стральчатым завяршэннем, літыя кранштэйны.

Помнік рэспубліканскага значэння.



САЛІГОРСК


Горад, цэнтр Салігорскага р-ну, на заходнім беразе Салігорскага вадасховішча. За 133 км ад Менску. Узнік у 1958 г. як пас. Новастаробінск на месцы в. Вішнёўка Старобінскага р-ну ў сувязі з распрацоўкай пакладаў калійных солей і будаўніцтвам калійнага камбінату, які стаў вытворчым аб’яднаннем "Беларуськалій" — цэнтрам горназдабыўной прамысловасці БССР. 8.8.1959 г. перайменаваны ў р.п. Салігорск. У 1962 г. злучаны чыгункай са Слуцакам. З снежня 1962 г. да студзеня 1965 г. у Любанскім р-не. З 1963 г. горад абласнога падпарадкавання. З 1965 г. цэнтр Салігорскага р-ну. 38,3 тыс. жыхароў у 1970 г., 56,6 тыс. — у 1977 г., 82 тыс. — у 1984 г., 96,4 тыс. жыхароў у 1990 г.

Тэрыторыя гораду размешчаная на раўніне, абмежаванай з поўдня вадасховішчам, з буйным лясным масівам, з поўначы пакладамі калійных солей. Склалася рэгулярная планіровачная структура з прастакутнай сеткай вуліц. Першы генплан распрацаваны ў 1958 г. (інстытут "Белдзяржпраект", карэкціроўка 1963 г., дойліды Г. Парсаданаў, А. Сідзельнікаў). Забудоўваецца паводле генплану 1971 г. (інстытут "Белдзяржпраект", дойліды I. Сянкевіч, Сідзельнікаў). Горад складаецца з трох жылых раёнаў — паўночнага, паўднёвага і паўночна-заходняга. Паўночная частка гораду — самая старая, забудаваная ў канцы 1950-х гадоў 2—3-павярховымі і аднапавярховымі сядзібнага тыпу дамамі. Паўднёвы жылы раён — зона шматпавярховай забудовы (мікрараёны № 1—5, 8, 9 з пяці-, дзевяці-, трынаццаці-, пятнаццаціпавярховымі будынкамі) з агульнагарадскім адміністрацыйна-грамадскім і культурным цэнтрам, які забудоўваецца паводле праекту дэталёвай планіроўкі паўдёвага жылога раёну 1964 г. (інстытут "Белдзяржпраект", дойліды Ю. Патапаў, Сідзельнікаў, В. Жаўняк), праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1972 г. (Менская абласная філія інстытуту "Белдзяржпраект", дойліды В. Сахно, Сідзельнікаў, Ф. Іванчанка, Б. Кудраватых, А. Юркеўская, П. Ткачык, I. Гайдар). Галоўныя вуліцы — Леніна (вырашаная ў выглядзе шырокай транспартна-пешаходнай эспланады, звязвае цэнтр з гарадскім паркам культуры і адпачынку імя 40-годдзя Перамогі на беразе вадасховішча, размешчаны будынкі кінатэатру "Зорка Венера", Палацу піянераў і школьнікаў, Дому побыту, гандлёвага цэнтру, у складзе якога універсальная крама, гастраном, рэстаран, кафэ) і Казлова (будынкі горнахімічнага тэхнікуму, аптэкі, банку), На іх скрыжаванні ўтвораная пл. Леніна, сфармаваная будынкамі, створанымі па індывідуальных праектах — Дому Саветаў, Палацу культуры вытворчага аб’яднання "Беларуськалій", гатэля "Новае Палессе"; з захаду да плошчы прымыкае сквер. Галоўны кампазіцыйны акцэнт у ансамблі забудовы цэнтру — шаснаццаціпавярховы адміністрацыйна-лабараторны корпус аб’яднання "Беларуськалій" (глядзі артыкул "Салігорск. Комплекс грамадскага цэнтру"). На Прывакзальнай плошчы ўзведзены аўтачыгуначны вакзал. Набярэжная адна з самых працяглых у горадзе. Паўночна-заходні жылы раён уключае мікрараёны № 12—14, забудаваныя шасці-, дзевяці-, дванаццаціпавярховымі дамамі. Выразнае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне атрымаў паўднёвы бок 12-га мікрараёна па вул. Заслонава, дзе ўзведзены дамы-трыліснікі. Планіровачная структура гораду вызначаецца дакладным функцыянальным заніраваннем тэрыторыі, кампактнасцю забудовы, павышанай сярэдняй павярховасцю будынкаў (15—80% жылога фонду складаюць дзевяціпавярховыя, прадугледжанае далейшае будауніцва 12—15-павярховых дамоў), што абумоўленае абмежаванай сялібнай плошчай гораду, абкружанага непрыдатнымі для будаўніцтва тэрыторыямі.

Асноўныя дойлідскія дасягненні ансамбля цэнтру — кампазіцыйная, функцыянальная і структурная сувязь з прылеглымі мікрараёнамі, эфектыўнае раскрыццё эспланады цэнтру да ляснога і воднага масіваў, кантрастнае спалучэнне фонавай разгорткі фасадаў аднаго боку эспланады з напружанай, дынамічнай забудовай процілеглага боку. Асноўная структурная адзінка — мікрараён з комплексам культурна-побытавых і школьных устаноў, сістэмай азелянення. Выкарыстанне будынкаў разнастайных па працягласці, форме, канфігурацыі ў плане (ступеньчатыя дамы, дванаццаціпавярховыя дамы-трыліснікі і інш.), стварэнне кампазіцыйных акцэнтаў у выглядзе вышынных дамінантаў ва ўмовах раўніннага рэльефу, дойлідска-мастацкае афармленне фасадаў фармуе выразны сілуэт забудовы. Вытворчая зона размешчаная на поўнач і ўсход ад жылой забудовы. Зона адпачынку — на берагах вадасховішча.

Паводле генплану гораду 1988 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Жаўняк, I. Далматовіч, інжынеры Л. Васільева, Ф. Глік, Ю. Цітавец) прадугледжанае далейшае развіццё гораду на захад, расшырэнне грамадскага цэнтру, зоны спорту і адпачынку, фарміраванне кампазіцыйнай забудовы асноўных уездаў у горад, паўночнага жылога раёну.


С.Ф. Самбук



САЛІГОРСК. АЎТАЧЫГУНАЧНЫ ВАКЗАЛ


Пабудаваны ў 1987 г. (інстытут "Менскграмадзянпраект", дойліды А. Цэйтлін, М. Сакалоў) на Прывакзальнай плошчы г. Салігорску. Замыкае перспектыву бульвару па вул. Ленінскага камсамола. Адносіцца да вакзальных будынкаў 1-га класа, разлічаны на 700—1500 пасажыраў. Прастакутны ў плане двухпавярховы будынак. Складаецца з двух зблакіраваных арганічна ўзаемазвязаных аб’ёмаў з інфармацыйнай вежай над імі — дамінантай кампазіцыі, якая надае будынку выразнасць. У дойлідска-планіровачных адносінах вырашаны як адзіны комплекс з функцыянальным размяшчэннем зон абслугоўвання пасажыраў аўтобуснага і чыгуначнага транспарту на першым паверсе. Памяшканні для абслугоўвання пасажыраў агульныя для ўсяго комплексу (экспрэс-кафэ, медпункт, буфет, цырульня, пакой маці і дзіцяці, аддзяленне сувязі, міліцыя, прасторныя касавыя вестыбюлі). На другім паверсе размешчаныя экспрэс-кафэ, залы чакання, у паўпадвальным памяшканні — аўтаматычныя камеры для захоўвання багажу. Для аддзелкі памяшканняў выкарыстаныя дэкаратыўная тынкоўка, абліцоўка керамічнай пліткай і інш. Звонку будынак абліцаваны пілаваным і колатым вапняком.


С.Ф. Самбук



САЛІГОРСК. КОМПЛЕКС ГРАМАДСКАГА ЦЭНТРУ


Забудоўваецца паводле праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1972 г. (інстытут "Менскграмадзянпраект", дойліды В. Сахно, А. Сідзельнікаў, Ф. Іванчанка, Б. Кудраватых, А. Юркеўская, П. Ткачык, I. Гайдар). Лінейная кампазіцыя цэнтру ўключае пл. Леніна і галоўную гарадскую магістраль — вул. Леніна, якая выходзіць да парку 40-годдзя Перамогі на беразе вадасховішча. У межах цэнтру вылучаныя функцыянальныя зоны — адміністрацыйна-грамадская, культурна-асветная, гандлёвая, спартовая і адпачынку. Ансамбль забудовы цэнтру вырашаны як цэласная прасторавая кампазіцыя, звязаная з прылеглымі жылымі мікрараёнамі гарадскім бульварам і прыбярэжным паркам. Ядро кампазіцыі — пл. Леніна, утвораная на перакрыжаванні асноўных кампазіцыйных восей — вуліц Леніна і Казлова. Плошчу фармуюць шаснаццаціпавярховы аб’ём адміністрацыйна-лабараторнага корпусу вытворчага аб’яднання "Беларуськалій", Дом Саветаў, Палац культуры вытворчага аб’яднання, Дом сувязі, гатэль. На плошчы ўсталяваны помнік Леніну (скульптар А. Бембель, дойліды А. Сідзельнікаў, У. Блахін). Вул. Леніна ўяўляе сабой шырокую транспартна-пешаходную эспланаду, уздоўж якой размешчаныя гандлёвы цэнтр (універсальная крама, гастраном, рэстаран, кафэ), кінатэатр "Зорка Венера", Дом побыту, а таксама комплекс дзіцячых пазашкольных і іншых устаноў (Палац піянераў і школьнікаў, музычная школа і інш.), згрупаваныя ў буйныя блокі, якія чаргуюцца з чатырнаццаціпавярховымі жылымі дамамі. На процілеглым баку вуліцы размешчаны падоўжны дзевяціпавярховы дом з установамі сацкультбыту на першым паверсе.


С.Ф. Самбук



САЛТАНАЎКА. МЕМАРЫЯЛЬНАЯ КАПЛІЦА


Помнік дойлідства неакласіцызму. Пабудаваная ў 1912 г. (дойлід К. Міхайлаў, скульптатр П. Яцына) у гонар 100-годдзя перамогі расейскіх войск у вайне 1812 г. Цаглянае квадратнае ў плане збудаванне мае цэнтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, завершаную высокім шатром. Нізкі цокаль выступае за плоскасць сцен. Пластыку фасадаў узбагачаюць паўкалоны тасканскага ордэру, антаблементы з трохкутнымі франтонамі. Вузкія крыжападобныя вокны размешчаныя ў паўцыркульных нішах.


А.А. Міцянін



САПОЦКІН. КАПЛІЦЫ


Помнікі дойлідства рэтраспектыўнай готыкі. Пабудаваныя ў г.п. Сапоцкін (Гарадзенскі р-н) з цэглы як фамільныя пахавальні ў 1868 г. і 1893 г.

Капліца 1868 г. — кампактнае прастакутнае ў плане збудаванне з высокім двухсхільным дахам. Шчыт галоўнага фасаду завершаны чатырохграннай сігнатуркай. Уваход і ніша над ім, бакавыя аконныя праёмы стральчатай формы. Сцены атынкаваныя з украпінамі дробнага друзу, на шэрым фоне якога вылучаюцца пабеленыя вертыкальныя і гарызантальныя цягі, ліштвы праёмаў. Унутры перакрытая плоскай столлю на падугах.

Капліца 1893 г. прастакутная ў плане, пад двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны трапецападобным шчытом з трыма кутнімі васьміграннымі шатровымі сігнатуркамі і крапаваны слаістымі арачнымі нішамі. Стральчаты праём галоўнага ўваходу фланкіраваны арачнымі эдыкуламі. Бакавыя фасады расчлянёныя чатырма стральчатымі аконнымі праёмамі. Унутры капліца перакрытая плоскай драўлянай столлю на падугах. Алтарная сцяна ў інтэр’еры дэкарыраваная плоскім чатырохпілястравым порцікам з трохкутным франтонам.


А.М. Кулагін



САПОЦКІН. ЛЯМУС


Існаваў у XVIII—ХІХ стст. у сядзібе непадалёку ад г.п. Сапоцкін (Гарадзенскі  р-н). Драўлянае квадратнае ў плане трох’яруснае гаспадарчае збудаванне, першы і другі ярусы мелі аднолькавыя памеры ў плане, аформлены па перыметры галерэяй (у першым ярусе на масіўных мураваных, у другім — на драўляных слупах, з балюстрадай). Другі ярус завяршаў гонтавы чатырохсхільны ўсечаны дах, над ім знаходзіўся трэці ярус меншых памераў, накрыты гонтавым шатром з металічным флюгерам-флажком. Сцены былі прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі, уваходы ў памяшканні мелі галерэі, паверхі злучаліся вонкавай лесвіцай.


Ю.А. Якімовіч



САРАЧЫ


Вёска ў Любанскім р-не, каля р. Арэса. Цэнтр сельсавету і калгасу "Чырвоная змена". За 2 км на пауднёвы ўсход ад Любані. 153 км ад Менску. Сучасная вёска вызначаецца дакладным функцыянальным заніраваннем тэрыторыі, арыгінальнасцю кампазіцыйнага вырашэння і кампактнасцю забудовы, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці. Забудоўваецца паводле праекту планіроўкі 1969 г. (інстытут "Белдзіпрасельбуд", дойліды Г.У. Заборскі і інш.). На скрыжаванні двух галоўных уездаў у вёску (з боку Любані і з боку астатніх вёсак калгасу) размешчаная цэнтральная плошча — адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Кампазіцыйны акцэнт плошчы — двухпавярховы Палац культуры і спорту (1980 г., дойлід Заборскі). Плошчу фармуюць таксама трохпавярховы адміністрацыйны будынак, гандлёвы цэнтр, 2—4-павярховыя жылыя дамы секцыйнага тыпу. Пабудаваныя школа па індывідуальным праекце, дзіцячы садок з плавальным басейнам. Удалае размяшчэнне будынкаў, спалучэнне белага, залацістага і чырвонага колераў у іх афарбоўцы ствараюць выразны сілуэт забудовы цэнтру. Упрыгожваюць плошчу малыя формы дойлідства, кветнікі, газоны, вадаёмы, дэкаратыўныя дрэвы і хмызняк. Жылая зона забудоўваецца 2—4-павярховымі секцыйнымі дамамі (непадалёку ад кожнага дома размешчаны прыкватэрныя ўчасткі з гаспадарчымі пабудовамі), а таксама дамамі сядзібнага тыпу. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова. Вытворчая зона ў паўночнай частцы вёскі. Зона адпачынку — р. Арэса, добраўпарадкаваны парк са спартовымі пляцоўкамі, які злучае цэнтральную плошчу з берагам р. Арэсы.

Прадугледжваецца будаўніцтва дамоў розных тыпаў.


Г.У. Заборскі



САР’Я. КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства несапраўднай готыкі. Пабудаваны Ігнатам Лапацінскім у 1852—57 гг. паводле праекту дойліда Г. Шахта ў в. Сар’я (Верхнядзвінскі р-н). Цагляны, аднанефавы, прастакутны ў плане, з пяціграннай апсідай і дзвюма невялікімі сакрысціямі. Кампазіцыя галоўнага фасаду ступеньчатая, трохчасткавая. Цэнтральную частку вылучаюць партал, завершаны вімпергам з разеткай у цэнтры, і пяцігранныя контрфорсы з пінаклямі. Аналагічныя пінаклі і на кутніх контрфорсах. Пластыку бакавых фасадаў узбагачаюць дзвюхчасткавыя лапаткі, аркатурныя паясы і скразная востразубчастая аркада. Стральчатыя аконныя праёмы аздобленыя архівольтамі. Унутры асноўнае памяшканне перакрытае крыжовымі скляпеннямі, якія аформленыя ляпнымі нервюрамі. Две калоны падтрымліваюць хоры з арачнай балюстрадай. У 1865 г. канфіскаваны "за великолепие".

У савецкі перыяд перароблены пад чатырохпавярховае складское памяшканне для мінеральных угнаенняў, з 1970 г. будынак не выкарыстоўваўся, у 1989 г. аддадзены вернікам (патрэбны рамонт). Помнік рэспубліканскага значэння.



СВЕТЛАГОРСК

 

Горад, цэнтр раёну, прыстань на р. Бярэзіна. За 110 км ад Гомеля. Вядомы з XVI ст. як в. Шацілкавічы (пазней — Шацілкі) у Рэчыцкім павеце Вялікага княства Літоўскага. У 1639 г. было 19 двароў. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, вёска ў Парыцкай воласці Бабруйскага павету. З ліпеня 1924 г. мястэчка Шацілкі, цэнтр сельсавету (да 1960 г.) Парыцкага р-ну Бабруйскай акругі (1924—30 гг.), з 1938 у Палескай вобл. З верасня 1944 г. у Бабруйскай, з 1954 г. у Гомельскай абласцях. З 30.12.1956 г. гарадскі пасёлак, з чэрвеня 1960 г. цэнтр Парыцкага р-ну. З 1961 г. — горад раённага падпарадкавання, 29.7.1961 г. перайменаваны ў Светлагорск (Парыцкі р-н — у Светлагорскі). З 1963 г. — горад абласнога падпарадкавання.

Развіццю пасёлку садзейнічала будаўніцтва (з 1954 г.) на правым беразе р. Бярэзіны Васілевіцкай ДРЭС. Забудоўваецца паводле генплану 1961 г. (інстытут "Белдзяржпраект", дойліды В. Анікін, Г. Булдаў; карэкціроўка 1976 г. БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Булдаў, А. Акенцьеў, Анікін). Вулічная сетка прастакутная. Лясныя масівы, аўтамагістралі і чыгунка падзяляюць горад на тры планіровачныя раёны: паўночны і паўднёвы (са шматпавярховай забудовай), заходні (забудова сядзібнага тыпу). Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр фармуецца ў паўночным раёне, на стыку яго з паўднёвым раёнам і паркавай зонай, на скрыжаванні вуліц Леніна (забудавана 2—3-павярховымі дамамі) і 50-годдзя Кастрычніка (вырашаная ў выглядзе шырокага бульвару з 5—9-павярховай забудовай) і на ўтворанай тут Цэнтральнай плошчы (шаснаццаціпавярховы жылы дом — галоўная вышынная дамінанта ў кампазіцыі цэнтру). Жылая зона забудаваная ў асноўным 5—9-павярховымі дамамі, створаныя тры мікрараёны, на захад ад грамадскага цэнтру ў паўночным раёне ўзводзіцца чацверты мікрараён. Рознапавярховыя вышынныя кампазіцыі, дойлідска-мастацкае афармленне фасадаў фармуюць аб’ёмна-прасторавы сілуэт забудовы. Прамысловы вузел сфармаваўся ва ўсходняй частцы гораду. Зона адпачынку — на берагах Бярэзіны.


Г.С. Ларкін



СВІР


Гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не, на паўнёва-заходнім беразе воз. Свір. За 45 км на захад ад Мядзела, 180 км ад Менску. Паводле падання, заснаваны літоўскім князем Доўмантам (ХІІІ ст.) на месцы канішча Перуна. У Вялікім княстве Літоўскім мястэчка Ашмянскага павету, належала Свірскім, Радзівілам. Свірскія пабудавалі тут замак, пазней — палац, у 1452 г. — драўляны касцёл, на месцы якога ў 1653 г. пастаўлены мураваны (не захаваўся). З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Завілейскага, потым Свянцянскага паветаў. У канцы ХІХ ст. было 1122 жыхары (1897 г.), каля дваццаці крам, вадзяны млын, праводзілася дзесяць кірмашоў на год. З 1921 г. у складзе Польшчы, з 1939 г. у БССР, з 1940 г. цэнтр раёну, з 1958 г. гарадскі пасёлак, з 1959 г. у Мядзельскім р-не.

Генпланы распрацаваныя ў 1977 г. (БелНДІдзіпрасельбуд) і 1982 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды Р. Арцемчык, Л. Пілатовіч, інжынеры А. Яромін, Г. Хоміч). Тэрыторыя пасёлку выцягнутая ўздоўж берага возера, што абумовіла яго лінейную планіровачную структуру з невялікімі кварталамі, пераважна аднапавярховай індывідуальнай забудовы сядзібнага тыпу. Рака Свіранка, якая выцякае з возера, дзеліць пасёлак на две часткі. У паўночна-заходняй частцы размешчаныя зоны індывідуальнай жылой забудовы сядзібнага тыпу і вытворчая. Паўднёва-ўсходняя частка пасёлку — асноўны жылы масіў з адміністрацыйна-грамадскім і культурным цэнтрам, які склаўся на скрыжаванні вуліц Савецкай (размешчаны Дом культуры, будынкі універсальнай крамы, крамаў, паліклінікі) і Гурыновіча (адміністрацыйныя будынкі пасялковага Савету народных дэпутатаў і дырэкцыі саўгасу "Свір", Дом сувязі, сярэдняя школа, дзіцячыя яслі-садок). Тут сканцэнтраваная таксама і 2—3-павярховая жылая забудова. На вул. Савецкай утвораная пл. 17 Верасня са скверам. Зона адпачынку — воз. Свір.

З помнікаў дойлідства ХІХ—ХХ стст. зберагліся касцёл Святога Мікалая, драўляная царква, сядзіба на захадзе ад пасёлку (цяпер тут размешчаны санаторый "Свір").


С.Ф. Самбук



СВІР. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік эклектычнага дойлідства з перавагай элементаў неабарока. Пабудаваны ў 1908 г. з цэглы ў г.п. Свір (Мядзельскі р-н) на месцы храму (1653 г.). Абнесены бутавай агароджай з убудаванымі ў яе капліцамі, абсаджаны радамі ліп і клёнаў. Дамінуе над прылеглай малапавярховай забудовай.

Касцёл — шасціслуповая трохнефавая базіліка. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуюць прыбудаваныя да тарцоў трансепту вежа-званіца і капліца з ліхтаром. Галоўны фасад двух’ярусны, раскрапаваны пілястрамі, прафіляванымі карнізамі з пінаклямі па баках. У завяршэнні фасаду шчыт з бакавымі валютамі і трохкутным франтонам. Шчытавое завяршэнне і над алтарным кубападобным аб’ёмам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя буйнымі пілястрамі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. У дэкоры выкарыстаныя стылізаваныя барочныя элементы (валюты, ліштвы паўцыркульных аконных праёмаў, пуцці), матывы дойлідства архаікі (пінаклі), ордэрныя формы класікі (карынфскія калоны, кесоны, трыгліфы). Сцены інтэр’еру дэкарыраваныя карнізамі, фрэскавай размалёўкай, лепкай, разеткамі. Унутраная прастора перакрытая крыжовымі скляпеннямі. Купал над сяродкрыжжам абапіраецца на цэнтральныя слупы з дапамогай ветразяў. Алтарнае памяшканне адкрытае ў цэнтральны неф шырокай аркай з арнаментаваным імпастам. Цэнтральны неф асветлены паўкруглымі люкарнамі. Над уваходам размешчаныя хоры, пад алтаром — крыпта.

У чэрвені 1990 г. аддадзены вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СВІСЛАЧ


Гарадскі пасёлак, цэнтр раёну, каля вытоку р. Свіслач (басейн Нёмана). За 90 км ад Гародні. У пісьмовых крыніцах Свіслач Ваўкавыская (у адрозненні ад Свіслачы Менскай) узгадваецца ў канцы XV — пачатку XVI ст. як велікакняжацкая маёмасць. У канцы XVI ст. мястэчка прыватнага ўладання Ваўкавыскага павету Вялікага княства Літоўскага. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, з 1801 г. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губерніі. Належала Заслаўскім (з 1542 г.), Крышпінам (з пачатку XVII ст.), у 2-й палове XVIII ст. (1831 г.) — Тышкевічам. Паводле інвентару 1806 г., у канцы XVIII — пачатку ХІХ ст. была абмежаваная р. Свіслач і каналам з дзвюма сажалкамі. Збоку яго быў фальварак і двор Тышкевічаў з паркам. Вакол мястэчка былі таксама равы і насынны вал, які апярэзваў яго. Асноўныя дарогі пераходзілі ў галоўныя вуліцы, якія пачыналіся ад мураваных брам. Вуліцы брукаваныя, па баках абсаджаныя дрэвамі. У 2-й палове XVIII ст. пракладзеныя вуліцы Берасцейская, Варшаўская, Ваўкавыская, Рудаўская і Мсціслаўская (вядома, што тры апошнія мелі мураваныя брамы). У цэнтры была прастакутная ў плане плошча — рыначная ("Рынак"). Каля плошчы знаходзіліся фарны касцёл з могілкамі, агароджанымі драўляным плотам на мураваных слупах, пры ім (па дарозе да фальварку) — вежа з гадзіннікам, непадалёк ад касцёлу — уніяцкая царква са званіцай (побач) і могілкамі. На плошчы стаялі тры карчмы і "кафэнгаўз". На плошчы ў пачатку ХІХ ст. ўзведзеныя гандлёвыя рады: у цэнтры стаяў двухпавярховы мураваны будынак, перад ім былі з аднаго боку мураваная мера для жыта (у выглядзе вазона), з другога — каменны абеліск, агароджаны каванымі жалезнымі ланцугамі. У XVIII ст. графам Вінцэнтам Тышкевічам быў закладзены парк і пабудаваны ў ім палац — драўляны аднапавярховы П-падобны ў плане будынак, завершаны гонтавым дахам складанай канфігурацыі; з анфіладнай планіроўкай. У палацы меліся вялікая парадная зала, дванаццаць жылых пакояў, кавярня і іншыя гаспадарчыя памяшканні. У пачатку ХІХ ст. ў парку пастаўлены аднапавярховы драўляны будынак пад гонтавым дахам, прызначаны спецыяльна для тэатру: мелася вялікая тэатральная зала (212 м2) і две танцавальныя залы (83,5 м2). Апроч палаца і будынка тэатру ў парку былі аранжарэя, звярынец, альтанкі і гаспадарчыя пабудовы (усе не захаваліся). У 1833 г. было 1256 жыхароў, 146 драўляных і адзін мураваны дом, 48 крам; у 1897 г. — 3099 жыхароў, 526 дамоў (502 з іх драўляныя, 24 мураваныя). У канцы ХІХ ст. штогод праводзіўся вялікі кірмаш, было две царквы. У 1914 г. — 6460 жыхароў. У 1-й палове ХІХ ст. ўзведзеныя будынкі гімназіі, у пачатку ХХ ст. — две малітоўныя габрэйскія школы. У 1919—20 гг. і ў 1921—39 гг. у складзе Польшчы, горад Ваўкавыскага ваяводства. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну Беластоцкай вобл. З 20.9.1944 г. у Гарадзенскай вобл.

Пасля ІІ Сусветнай вайны ў пасёлку пачалося буйное будаўніцтва. У 1969 г. распрацаваны генплан, у 1971 г. — эскіз забудовы цэнтру (абодва ў Гарадзенскай філіі інстытуту "Белдзяржпраект"). Сучасны пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1978 г. (дойліды С. Смірнова, С. Слабаніцкая) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды Смірнова, Л. Каракаўцава). Сетка вуліц — прастакутная з дробнымі кварталамі. Ппланіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна, Камсамольская (галоўная кампазіцыйная вось), Каліноўскага, Першамайская і 17 Верасня. Асноўныя вуліцы разыходзяцца ад квадратнай у плане плошчы Леніна (на ёй разбіты сквер), у раёне якой склаўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Гандлёвы цэнтр размешчаны па вул. Камсамольскай. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, у цэнтральнай частцы — капітальная 2—5-павярховая. Вытворчая зона фармуецца ў паўночна-заходняй частцы пасёлку. Зона адпачынку — парк са штучным вадаёмам.

Прадугледжанае развіццё пасёлку на поўнач і паўночны ўсход, рэканструкцыя грамадскага цэнтру, расшырэнне зоны спорту і адпачынку.


І.Г. Трусаў, С.Ф. Самбук



СВІСЛАЧ. БУДЫНКІ ГІМНАЗІІ


Комплекс ХІХ—ХХ стст. Уключаў галоўны корпус, два флігелі, гаспадарчыя пабудовы — стайню і склады. Гімназія ў г.п. Свіслач (Гарадзенская вобл.) заснаваная па ініцыятыве і на сродкі графа Вінцэнта Тышкевіча. Спачатку размяшчалася ў яго фальварку ў прыстасаваных для вучобы будынках. Віленскім дойлідам М. Шульцам былі распрацаваныя два праекты гімназічнага комплексу (у 1802 г. і 1810 г.), але яны не былі рэалізаваны. У 1820 г. віленскім дойлідам Я. Шантырам быў зроблены новы праект комплексу, які быў ажыццёўлены ў 1821—28 гг. У час будаўніцтва (вялося без нагляду Шантыра) былі зробленыя адхіленні ад праекту, у ХІХ — пачатку ХХ ст. будынкі неаднойчы рамантаваліся. У чэрвені 1829 г. пасля завяршэння будаўніцтва быў зроблены план і чарцёж фасадаў, што дазваляе ўявіць першапачатковы выгляд гімназіі. Комплекс гімназіі займаў пляц каля сажалак свіслацкага парку, галоўнымі фасадамі быў арыентаваны да вуліцы.

Галоўны корпус — аднапавярховы мураваны будынак з адносна нізкім дахам (адхіленне ад праекту), у стылі класіцызму. Яго цэнтральная частка вылучаная чатырнаццацікалонным порцікам (чатыры здвоеныя калоны, шэсць звычайных). Невялікія прастакутныя вокны (у порціку з сандрыкамі); сцены пакрытыя вапнай. У галоўным корпусе было шэсць лекцыйных залаў, два кабінеты, капліца (адначасова выкарыстоўвалася як актавая зала), бібліятэка, адзінаццаць пакояў, две кухні, две кладоўкі.

Абапал галоўнага корпусу тарцом да яго пабудаваныя два флігелі. Галоўны фасад іх (тарцовы), як і галоўнага корпусу, меў порцік з шасці калон; вокны былі ўпрыгожаныя сандрыкамі. У флігелях знаходзіліся пакоі гімназістаў і кватэры настаўнікаў. У глыбіні пляцу насупраць галоўнага корпусу была мураваная стайня (на 14 стойлаў) і склады.

У 2-й палове ХІХ ст. ў час рамонту былі паднятыя дахі над усімі пабудовамі, часткова перароблены порцік галоўнага корпусу (у такім выглядзе захаваўся на малюнку Н. Орды). Пасля закрыцця гімназіі ў будынках рэлмяшчалася настаўніцкая семінарыя. У час ІІ Сусветнай вайны галоўны корпус быў злёгку пашкоджаны, пасля вайны быў разабраны на цэглу, а на яго месцы ўзведзеная раённая лякарня, пры будаўніцтве якой быў знішчаны левы флігель. Захаваўся правы флігель (помнік рэспубліканскага значэння), але пасля будаўніцтва лякарні ён страціў сваё значэнне ў фарміраванні дойлідскага асяроддзя Свіслачы. Распрацаваны праект рэстаўрацыі гімназіі (1989 г., дойлід У. Барсукоў).


І.Г. Трусаў



СВІСЛАЧ. ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ


Існавалі ў г.п. Свіслач (Гарадзенская вобл.) у ХІХ — пачатку ХХ ст. Пабудаваныя з цэглы на гандлёвай плошчы ў пачатку ХІХ ст. Мелі рысы стылю класіцызму. Замкнёная кампазіцыя чатырох аднапавярховых крылаў пад двухсхільнымі гонтавымі дахамі ўтварала прастакутны ў плане ўнутраны двор. Складаліся з сарака аднатыпных ячэек-крам (кожная мела вялікае акно і две дзверы, якія выходзілі на плошчу і ў двор) і трох складскіх памяшканняў (кутніх). У цэнтры двух даўжэйшых крылаў былі зробленыя арачныя праезды ў двор. Над адным з праездаў у мезаніне размяшчалася зала купецкага сходу, аформленая на дваровым фасадзе драўлянай балюстраднай галерэяй на мураваных слупах.


Ю.А. Якімовіч



СВІСЛАЧ. ЗАМАК


Існаваў у XVI ст. Вядомы паводле інвентару 1560 г. Быў пабудаваны з дубовых бярвён непадалёку ад в. Свіслач (Асіповіцкі р-н, Гарадзенская вобл.) на выспавым пагорку ў сутоках рэк Свіслач і Бярэзіна. Шматгранны ў плане з пяццю  кутнімі рубленымі чатырох’яруснымі вежамі (у 1560 г. на месцы адной з іх была царква) і гароднямі. Замак быў абгароджаны і абнесены ровам з вадою. Ўязная вежа мела пад’ёмны мост цераз роў. На тэрыторыі замку знаходзіліся два невялікія дамы, тры клеці, два скляпы. Перабудаваны ў сярэдзіне XVII ст.: два драўланыя корпусы (па шэсць памяшканняў анфіладнай планіроўкі) пастаўленыя пад прастым кутом і злучаныя галерэяй; у месцы злучэння размяшчалася зала (трапезная). У сістэму абароны былі ўключаныя некаторыя вежы і частка сцен папярэдніх умацаванняў.


С.А. Сергачоў



СВЯЦК. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік дойлідства і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII — пачатку ХІХ ст. Размешчаны ў в. Свяцк (Гарадзенскі р-н) у былым маёнтку Валовічаў, на маляўнічай узгорыстай мясцовасці. У пачатку ХХ ст. належаў Ю. Гурскаму. Уключаў палац, капліцу, гаспадарчыя пабудовы, парк. Створаны паводле праекту італійскага дойліда Дж. Сака пры гродзенскім маршалку Ю. Валовічу і яго сыне Антонію. Фармаваўся ў два этапы: на першым у 1779 г. — будаўніцтва і афармленне інтэр’еру палацу ў раннекласіцыстычным стылі, на другім у пачатку ХІХ ст. — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі. Рэканструяваны ў 1930-я гады (дойлід А. Сасноўскі).

Палац знаходзіцца на ўзвышшы. Яго цэнтральны корпус — двухпавярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Галоўны фасад расчлянёны трыма рызалітамі (цэнтральны — чатырохкалонны з трохкутным, бакавыя — з лучковымі франтонамі). Дваровы з пяцігранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынку выкарыстаныя дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты. Планіроўка першага паверху калідорная, другога — анфіладная. У цэнтры — вестыбюль з параднай трохмаршавай лесвіцай, на другім паверсе — парадная васьмігранная зала з калонамі. У аздобе інтэр’ераў выкарыстаныя рэльефы, ліштвы дзвярэй, нішы з камінамі і скульптурай, размалёўка сцен (рамантычныя пейзажы, антычныя статуі, вазы; мастакі Т. Манькоўскі, Ф. Смуглевіч; не захаваліся); мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр’еру (панелі, каміны, дзверы, люстры, кансолі, вазоны, супрапорты, мэбля) былі зробленыя па эскізах і пад кіраўніцтвам Сакі.

Флігелі пастаўленыя перпендыкулярна да асноўнага корпусу, накрытыя вальмавымі дахамі, аздобленыя руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асноўным корпусам злучаныя паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад. Насупраць палацу ў ХІХ ст. ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудаваная капліца.

Парк пейзажнага тыпу, плошча 12 га; закладзены ў канцы XVIII — пачатку ХІХ ст. Размешчаны на двух пагорках, у лагчыне — сістэма вадаёмаў на розных узроўнях, за імі лясны масіў. Цэнтр кампазіцыі — палац з партэрам перад ім.

У 1985 г. парк адноўлены паводле спецыяльнага праекту. У палацы размешчаны санаторый "Свяцк", якому належыць і парк. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін, В.Р. Анціпаў



СЕЛІШЧА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ВЕРАНІКІ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў цэнтры в. Селішча (Ушацкі р-н) у 1726 г. з цэглы.

Касцёл — трохнефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай. Галоўны (усходні) фасад з 2—3-яруснымі вежамі, паміж якімі шчыт з дзвюма валютамі па баках. Цэнтральны неф удвая шырэй і вышэй за бакавыя. Бакавыя нефы мелі аднасхільныя дахі. Сцены касцёла расчлянёны шырокімі пілястрамі і лучковымі аконнымі праёмамі. Вокны другога паверху паўцыркульныя. Скляпеністыя перакрыцці храму на падпружных арках, апіраліся на чатыры масіўныя слупы і бакавыя сцены. Алтар — у глыбіні цэнтральнага нефу, паміж дзвюма сакрысціямі. Над бабінцам размешчаныя хоры. Касцёл часткова перабудоўвалі ў сярэдзіне XIX ст. (былі змененыя форма і завяршэнні вежаў). Дах і верх вежаў касцёлу разбураныя ў II Сусветную вайну.

Двухпавярховы будынак жылога корпусу прымыкае да касцёлу з паўночнага боку. Планіроўка калідорная.

Касцёл і кляштар не дзейнічаюць. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін



СЁМКАВА. СЯДЗІБЫ


1) Існавала ў  XVII ст. ў в. Сёмкава (Менскі р-н). Складалася з жылых і гаспадарчых пабудоў, гумнішча. Гапода — драўляны аднапавярховы прастакутны ў плане будынак, накрыты вальмавым дахам з драніцы, стаяў каля галоўных уязных варот. Цэнтр кампазіцыі вылучаў двухпавярховы вежападобны аб’ём пад шатровым дахам, які выконваў абарончую ролю і служыў уваходным тамбурам, меў лесвіцу на гарышча. Сцены ў цэнтры размяжоўвалі два ідэнтычныя жылыя блокі, кожны з якіх складаўся з жылога пакоя, каморы і тамбура. Каля гумнішча стаяў дом аканома — аднапавярховы прастакутны ў плане драўляны будынак, накрыты вальмавым дахам з драніцы. Паміж дамамі знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы: абора, тры свіраны (адзін вялікі двухпавярховы), кухня, пограб, пякарня, стайня і вазоўня. На гумнішчы стаялі тры пуні, ток з дзвюма прыбудаванымі ў тарцах асецямі, бровар, зблакаваны з лазняй. Сядзіба вядомая паводле інвентару 1646 г.

2) Помнік сядзібна-паркавага дойлідства 2-й паловы XVIII ст. Комплекс створаны ў 1771 г. паводле праекту дойліда К. Спампані ў маёнтку менскага ваяводы А. Хмары; у пачатку XX ст. сядзіба належала Хелкоўскім. Мае рысы барока і класіцызму. Ансамбль сядзібы сфармаваны па сіметрычна-восевай схеме з вялікім прастакутным дваром, абмежаваным флігелямі і слупавой агароджай з брамай. Гапода — аднапавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак, быў накрыты высокім ламаным мансардавым дахам з люкарнамі. Фасады рытмічна расчлянёныя лапаткамі і прастакутнымі вокнамі. У цэнтры галоўнага фасаду чатырохпілястравы мансардавы порцік са скульптурнымі акратэрыямі па кутах трохкутнага франтону, дваровага — паўкруглы эркер. Планіроўка калідорная з вестыбюлем і параднай залай у цэнтры. Па баках перпендыкулярна да гасподы пастаўленыя больш нізкія афіцыны, накрытыя высокімі вальмавымі дахамі, з рызалітамі пры ўваходах. Падоўжаная вось ансамбля падкрэсленая ўязной і цэнтральнай алеямі рэгулярнага парку. За гасподай размешчаныя паркавыя тэрасы, па паўднёвым усходзе ад яго — пейзажная частка парку.

Будынак рэканструяваны. У ім пэўны час мясцілася школа-інтэрнат. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння (знаходзіцца ў стане заняпаду).


А.М. Кулагін, Ю.А. Якімовіч



СІГНЕВІЧЫ. КАСЦЁЛ АПЕКІ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1785 г. у стылі барока ў в. Сігневічы (Бярозаўскі р-н), перабудаваны ў ХІХ ст. Мураваны аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і трансептам, утвораным капліцамі і сакрысціямі. Сцены расчлянёныя лапаткамі. Вокны прастакутныя. Дзвухярусны галоўны фасад завершаны дзвюма вежамі з атыкавым франтонам паміж імі. Пакрыццё гонтавае, двухсхільнае пад нефам і вальмавае над апсідай. Інтэр’ер зальны з скляпеністым перакрыццем. Дэкаратыўная аздоба не збераглася.

У 1989 г. аддадзены вернікам, дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.



СІНКЕВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА ГЕОРГІЯ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў XVIII ст. ў в. Сінкевічы (Лунінецкі р-н) на могілках. Складае ансамбль са званіцай-брамай, размешчанай на адной восі з царквой. Царква — трохзрубная пабудова з прастакутнымі ў плане аб’ёмамі роўнай вышыні. Цэнтральны зруб завершаны невысокім чацверыком, накрыты чатырохсхільным шатром (унутры васьмісхільным). Алтарны зруб і бабінец пад вальмавымі дахамі з невялікімі гранёнымі галоўкамі. Званіца зрубна-каркасная, звонку двух’ярусная, мае схаваны прамежкавы ярус і накрытая чатырохсхільным шатром. У 1978—80 гг. сцены будынкаў вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі і аздобленыя падзорам.

Царква і званіца — помнікі рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



СІТНА. ЗАМАК


Існаваў у XVI ст. на паўднёва-заходнім беразе воз. Сітна каля вытокаў р. Палата (Полацкі р-н). Пабудаваны ў 1563 г. з дрэва на штучнай земляной выспе, умацаванай драўлянымі канструкцыямі. Трапецападобную форму замку вызначала канфігурацыя мысу, утворанага берагам возера і лукавінай ракі. Быў умацаваны драўлянымі абарончымі сценамі-гароднямі з чатырма кутнімі чацверыковымі трох’яруснымі вежамі (на паўкруглых у плане асновах), накрытымі двухсхільнымі дахамі. Праезд у замак размяшчаўся ў сцяне, павернутай у бок перашыйка паміж ракой і возерам. Аднапавярховая драўляная забудова размяшчалася ў цэнтры замку, свабодная прастора ўздоўж сцен прызначалася для манеўру войскаў. Разбураны войскамі Вялікага княства Літоўскага ў 1566 г., потым адбудаваны і зноў знішчаны пры штурме ў час Лівонскай вайны 1558—83 гг.

Вядомы паводле малюнка С. Пахалавіцкага 1579 г.


Ю.А. Якімовіч



СІТЦЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА ГЕОРГІЯ


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў пачатку ХХ ст. ў в. Сітцы (Докшыцкі р-н) з цэглы, неатынкаваная. Належыць да тыпу крыжова-купальных храмаў са званіцай. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя мае вертыкальную накіраванасць, якая ствараецца дамінантамі трох’яруснай шатровай званіцы і цыліндрычнага светлавога барабану з цыбулепадобным купалам.

Царква дзейнічае.



СКІДАЛЬ


Горад у Гарадзенскім р-не, на р. Скідалька. За 27 км на паўднёвы ўсход ад Гародні. У Вялікім княстве Літоўскім — велікакняжацкае мястэчка, у XVI—XVIII стст. у Гарадзенскай эканоміі. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Гарадзенскага павету, з 1787 г. горад Літоўскай, з 1801 г. — Гарадзенскай губерняў. З 1814 г. тут праводзіўся кірмаш. У 1833 г. налічваласч 1277 жыхароў, 218 драўляных будынкаў, у 1897 г. — 2790 жыхароў, 482 будынкі (77 цагляных), народнае вучылішча, сельская лякарня. Напярэдадні І Сусветнай вайны ў горадзе было 16 дробных прадпрыемстваў (72 рабочыя). З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гарадзенскага павету Беластоцкага ваяводства. З 1939 г. у БССР. З 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. У 1959 г. было 4,8 тыс. жыхароў. З 1962 у Гродзенскім р-не, з 1974 — горад.

Генплан распрацаваны ў 1969 г. (інстытут "Белдзяржпраект", карэкціроўка 1978 г., БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Сушчыц, А. Ліўшыц). Горад складаецца з двух самастойных планіровачных раёнаў — паўночнага (гістарычная частка гораду з асноўным жылым масівам, часткай прамысловых прадпрыемстваў) і паўднёвага (жылая зона і асноўны прамысловы раён), звязаных паміж сабой вуліцамі Першамайскай і Зялёнай. Планіроўка рэгулярная з дробнымі кварталамі. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся ў паўночнай частцы, на скрыжаванні вуліц Леніна і Гагарына разбіты прастакутны ў плане сквер. Асноўная кампазіцыйная вось паўднёвага раёну — вул. Першамайская. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Створаны мікрараёны Цэнтральны і Паўднёвы з 2—5-павярховай забудовай. Зона адпачынку — на берагах рэк Скідалька і Котра, гарадскі парк (помнік садова-паркавага мастацтва сярэдзіны ХІХ ст.).

Прадугледжваецца стварэнне новага жылога масіву на тэрыторыі паміж паўднёвым і паўночным планіровачнымі раёнамі і фармаванне тут новага агульнагарадскога цэнтру на скрыжаванні вуліц Вакзальнай і Зялёнан, расшырэнне зоны спорту і адпачынку.


Г.С. Ларкін



СКОКІ. СЯДЗІБА


Помнік палацава-паркавага дойлідства барока. Створаная ў XVIII ст. ў в. Скокі (Берасцейскі р-н) у маёнтку М. Нямцэвіча — бацькі пісьменніка Ю. Нямцэвіча. Комплекс уключае палац (1770-я гады) і парк. Палац і два бакавыя сіметрычна пастаўленыя флігелі (жылы будынак і стайня, не зберагліся) утваралі парадны двор, замкнёны паўкруглай агароджай з брамай. Перад палацам на адной з ім восі стаяла драўляная радавая капліца — пахавальня.

Двухпавярховы прастакутны ў плане мураваны палац, накрыты ламаным вальмавым дахам, фланкіраваны кутнімі алькежамі, накрытымі ў мінулым барочнымі фігурнымі купаламі. Цэнтральная частка вылучаная падвойнымі пілястрамі і вынаснымі балконамі на слупах. Планіроўка анфіладная, у цэнтры — вялікая квадратная зала з выхадам у парк (падзелены палацам на две часткі).

Парк мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу. Высаджаны на раўнінным рэльефе. У паўночнай частцы знаходзяцца партэр, две невялікія лужкі, уязная алея, у паўднёвай — густая грабавая алея, абапал якой лужкі, якія чаргаваннем, памерамі і формай нагадваюць баскеты рэгулярнага тыпу. Па перыметры ідзе колавая алея. У парку растуць экзоты: хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, конскі каштан звычайны, акацыя белая, біручына, лох вузкалісты і інш.

У будынку палаца размешчаная школа-інтэрнат. Комплекс — помнік рэс-публіканскага значэння.


В.Р. Анціпаў, А.М. Кулагін



СЛАБАДА. БУДЫНАК СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЫ


Пабудаваны ў 1981 г. у в. Слабада (Смалявіцкі р-н), разлічаны на 504 вучні (дойліды В. Новікаў, У. Цямноў). Г-падобная ў плане кампазіцыя складаецца з трохпавярховых прастакутных у плане адміністрацыйна-спартовага і навучальнага карпусоў. Пластыку фасадаў адміністрацыйна-спартовага корпусу ўзбагачае вынесены аб’ём лесвічнай клеткі, навучальнага — пілоны. Каларыстычнае вырашэнне фасадаў заснаванае на кантрасце пабеленых элементаў, дэталей, канструкцый і керамічнай пліткі чырвона-карычневага колеру. Дамінантай комплексу з’яўляецца абсерваторыя з паваротным купалам, вылучаная ў асобны вежападобны аб’ём. У адміністрацыйна-спартовым корпусе трохмаршавая лесвіца злучае вестыбюль, размешчаны на першым паверсе, з іншымі паверхамі; на дгугім паверсе знаходзіцца спартовая зала (12х24 м). У навучальным корпусе на дгугім і трэцім паверхах размешчаныя кабінеты і лабараторыі, на першым — класныя пакоі для малодшых школьнікаў (пры кожным ёсць веранда для гульняў, выстаў, кветак). Да тарца навучальнага корпусу прымыкае камбінат культуры, глядзельная зала якога (на 500 месцаў) злучана са школай на ўзроўні другога паверху.


В.Б. Ангелаў



СЛАБОДКА. КАСЦЁЛ СЭРЦА ІСУСА


Помнік псеўдараманскага дойлідства. Пабудаваны ў 1903 г. з цэглы ў цэнтры в. Слабодка (Браслаўскі р-н) на невялікім узгорку. Касцёл — трохнефавая дзвюхвежавая базіліка з апсідай, трансептам і сакрысціямі. Галоўны фасад сфармаваны дзвюма высокімі пяціяруснымі вежамі з вострымі шатровымі вярхамі і параўнальна невялікай фасаднай плоскасцю цэнтральнага нефу паміж імі. Сцены прарэзаныя паўцыркульнымі, лучковымі і круглымі аконнымі праёмамі з вітражамі (каляровае шкло захавалася часткова). Над галоўным уваходам і на фасадных плоскасцях трансепту размешчаныяя вялікія вокны-"ружы". Усе сцены раскрапаваныя ступеньчатымі контрфорсамі, якія на бакавых фасадах злучаныя з дэкаратыўнымі аркбутанамі. Уваходы вырашаныя ў выглядзе аднатыпных парталаў з паўцыркульнымі праёмамі. У інтэр’еры — цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, хоры ў верхняй частцы бабінца. У пластычным вырашэнні касцёлу шырока выкарыстаныя ордэрныя элементы раманскага і гатычнага дойлідства: контрфорсы, аркбутаны, аркатурныя паясы, нішы, калонкі з капітэлямі раслінных форм. Сцены і скляпенні алтарнай часткі размаляваныя арнаментам. Вялікую мастацкую каштоўнасць маюць жалезныя акоўкі дзвярэй касцёлу, выкананыя мясцовым кавалём. Пры кампазіцыйным адзінстве аковак усіх дзвярэй дэталі не паўтараюцца, што сведчыць аб свабоднай імправізацыі майстра ў кожным выпадку. Арыгінальную, багатую па форме і складаную па малюнку кампазіцыю маюць акоўкі дзвярэй цэнтральнага ўваходу. Яны вырашаныя як пышныя букеты з арнаментальных элементаў, якія паўтараюцца ў кампазіцыях дэкору бакавых дзвярэй. Акоўкі дзвярэй — помнік манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і кавальскага майстэрства.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


С.Г. Багласаў, М.М. Яніцкая



СЛАЎГАРАД


Да 1945 г. Прапойск, горад, цэнтр раёну, прыстань на правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яго р. Проня. За 68 км ад Магілёва. Старажытнае гарадзішча размешчанае каля вусця р. Проня, на правым беразе р. Сож, у гарадскім парку ва ўрочышчы Замкавая гара. Пляцоўка 40х95 м, вышыня да 30 м, з заходняга боку ўмацаваная ровам. Пры археалагічных раскопках 1967 г. (пад кіраўніцтвам Г.В. Штыхава) выяўленыя матэрыялы мілаградскай і штрыхаванай керамікі культур, таксама VI—VIII і XI—XIII стст. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца пад 1136 г. (старажытная назва Прупой, Пропошеск) у складзе Смаленскага княства. У ХІІ ст. тут былі заезныя княжацкія двары. З 1387 г. у валоданні князя полацкага і трокскага Скіргайлы. З XIV ст. (1387 г.) у Вялікім княстве Літоўскім, дзяржаўнае ўладанне, з 1560-х гадоў (1511 г.?) цэнтр староства ў Мсціслаўскім ваяводстве. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, заштатны горад, потым мястэчка, цэнтр воласці Быхаўскага павету Магілёўскай губерніі. Знаходзіўся ў валоданні Галіцыных (падараваны Кацярынай II князю А. Галіцыну). У канцы XVIII ст. пабудаваныя з цэглы царква Раства Багародзіцы і царкоўна-прыходская школа (складала адзіны ансамбль з царквой); у сутоках рэк Сож і Проня створаны парк пейзажнага тыпу, у яго паўночнай частцы было гарадзішча, пазней тут узведзены замак, на месцы якога ў XVIII ст. пабудаваны палац (не захаваўся). У сярэдзіне ХІХ ст. пабудаваная паштовая станцыя, у пачатку ХХ ст. — аднапавярховы жылы дом з дрэва. У 1897 г. налічвалася 1 тыс. жыхароў, у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. — 3,4 тыс. жыхароў. З 1919 г. у складзе Гомельскай губерніі РСФСР. З 1924 г. цэнтр раёну БССР, з 1938 г. гарадскі пасёлак. З 1945 г. — горад (у 1962—65 гг. у Быхаўскім р-не).

Тэрыторыя гораду выцягнутая на 4 км уздоўж ракі. Захавалася гістарычная планіроўка — прастакутная сетка вуліц з дробнымі кварталамі і цэнтр. Забудоўваўся паводле генплану 1971 г. (дойліды Р. Шэліхава, А. Агафонава, М. Кавалеўская) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1973 г. (дойліды Т. Спірына; абодвух Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва), генплану 1982 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Шэліхава, А. Валабуева). Планіровачную структуру гораду вызначаюць вуліцы Ленінская, Кастрычніцкая і Калініна. На Цэнтральнай плошчы (прылягае да вул. Кастрычніцкай) склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр, бульварам злучаны з паркам. Цэнтральная частка забудаваная двух- і пяціпавярховымі жылымі дамамі. У астатняй частцы пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. На поўнач ад грамадскага цэнтру створаны новы мікрараён з 3—5-павярховай забудовай. Сфармаваліся две прамысловыя зоны — паўднёва-заходняя і паўночна-ўсходняя. Зона адпачынку — на берагах рэк Проня і Сож.

Прадугледжанае расшырэнне грамадскага цэнтру.


Г.С. Ларкін



СЛАЎГАРАД. ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудавана ў сярэдэіне ХІХ ст. з цэглы паводле "ўзорнага" праекту 1846 г. Аднапавярховы прастакутны ў плане накрыты вальмавым дахам будынак. Цэнтр галоўнага фасаду вылучаны рызалітам, завершаным атыкам. Дзвярны праём стральчатага абрысу з казырком на ажурных кансолях (чыгуннае ліццё). Куты будынку крапаваныя лапаткамі з неглыбокімі стральчатымі нішамі. Высокія аконныя праёмы стральчатыя. Унутраная прастора будынку падзеленая на чатыры роўныя памяшканні, сіметрычна размешчаныя адносна шырокага калідору. З боку дваровага фасаду прыбудаваны невялікі флігель (памяшканне для ямшчыкоў).

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.С. Сардараў



СЛАЎГАРАД. ЦАРКВА РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1791—93 гг. у цэнтры г. Слаўгарад (Магілёўская вобл.). У ансамбль уваходзяць: двух’ярусная званіца, завершаная невяликай вежачкай, якая знаходзіцца на адной восі з галоўным уваходам царквы, две гаспадарчыя пабудовы, будынак царкоўнапрыходскай школы. З паўднёвага боку ад царквы — парк, які спускаецца да р. Сож. Царква — цэнтрычны крыжова-купальны храм. Асноўны аб’ём у выглядзе роўнаканцавога крыжа, накрыты двухсхільнымі дахамі з трохкутнымі франтонамі на тарцах. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — сферычны гранёны купал на васьмігранным светлавым барабане, грані якога прарэзаныя вялікімі аконнымі праёмамі-люнетамі. Паміж канцамі крыжа нізкія аб’ёмы (у плане 1/4 кола), перакрытыя сегментамі купалу. Фасады маюць сіметрычную кампазіцыйную пабудову, вырашаныя аднолькава, завершаныя развітымі антаблементамі. Уваходны партал вылучаны двума паўкруглымі калонамі тасканскага ордэру і акном-люнетай. Абапал — вузкія аконныя праёмы. Унутраная прастора перакрытая цыліндрычнымі скляпеннямі, над сяродкрыжжам паўсферычны купал. У заходняй частцы былі ўстаноўленыя драўляныя хоры. На сценах і скляпеннях зберагліся фрэскавыя размалёўкі, выкананыя ў канцы XVIII ст. (верагодна, пры ўдзеле мастака У.П. Баравікоўскага) у стылі ранняга класіцызму. Захаваліся 57 кампазіцыйных сцэн, пераважна алегарычных. Па стылістычных адзнаках размалёўка падзяляецца на два мастацкія цыклы, выкананыя ў розных стылях, манеры і каларыстычнай гаме. Найбольш цікавыя — аб пакутах Хрыста (у першым ярусе) і "Цябе Бога хвалім" (на скляпенні купала). У 1793—94 гг. устаноўлены іканастас (не збярогся).

Царква з 1988 г. аддадзеная вернікам. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


Г.А. Лаўрэцкі, А.Ю. Пятросава



СЛОНІМ


Горад, цэнтр раёну, на р. Шчара пры ўпадзенні яе ў р. Іса. За 148 км на паўднёвы ўсход ад Гародні. Паводле археалагічных даследаванняў, узнік у 1-й палове ХІ ст. як апорны пункт рускіх князёў. Упершыню ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 г. пад назвай Услонім (у 1255 г. Вслоним). У 2-й палове ХІІІ ст. неаднаразова пераходзіў ад галіцка-валынскіх князёў да літоўскіх. У 1280-я гады горадам правіў князь Васілька. Як важны стратэгічны пункт, горад меў драўляныя ўмацаванні, земляны вал, роў і інш. Старажытным цэнтрам быў замак, або Замчышча (зараз знаходзіцца ў цэнтры гораду, абмежавана вуліцамі Першамайскай, Савецкай, Энгельса, Маякоўскага). Пры раскопках Замчышча ў культурным пласце XI—XV стст. выяўленыя насцілы вуліц з тонкіх бярвён і плашак. Адна вуліца шырынёю 5—6 м была пракладзеная з поўначы на поўдзень, другая шырынёю 3—4 м прылягала да яе з захаду. Абапал вуліц захаваліся рэшткі жылых і гаспадарчых пабудоў зрубнай і слупавой канструкцый. Знойдзеныя вырабы з жалеза, каляровых металаў, шкла, дрэва, косці, скуры і тканіны, што сведчыць пра развіццё ў той час рамёстваў і гандлю. Праз Слонім пралягаў гандлёвы шлях з Русі ў Прыбалтыку. З канца ХІІІ ст. ў Вялікім княстве Літоўскім, з 1413 г. у Трокскім, з 1507 г. у Наваградскім ваяводствах, цэнтр павету. У XIV—XV стст. фармавалася забудова пасаду, было дзевяць цэркваў. З 1508 г. — горад пад кіраваннем старосты, якога прызначаў Вялікі князь. У 1531 г. атрымаў магдэбургскае права. Меў герб (на блакітным полі выява залатога ільва, які ў пярэдніх лапах трымае герб "Ліс"). Магістрат спаганяў з праезджых гандляроў спецыяльны падатак на брукаванне вуліц і плошчаў. З 1558 г. праводзіліся два кірмашы на год. Узніклі рамесныя цэхі. У XVI ст. на месцы разбуранага замку пабудаваны драўляны палац, перад якім сфармавалася гандлёвая плошча (цяпер вул. Першамайская), да яе сыходзіліся асноўныя вуліцы. Магчыма, у гэты час у паўнёва-заходняй частцы гораду пракладзеныя вуліцы Студэнцкая (цяпер Хлюпіна), Замкавая (цяпер Камсамольская), Апанасаўская (Панасаўская, цяпер Пушкіна) і інш. У XVII—XVIII стст. пабудаваны шэраг мураваных манастыроў і храмаў, якія ўвайшлі ў сістэму абарончых умацаванняў: дамініканскі касцёл, езуіцкі калегіюм, касцёл канонікаў лютэранскіх (у ХІХ ст. пераўтвораны ў Праабражэнскі сабор; усе не зберагліся), касцёл і кляштар бернардзінак, касцёл і кляштар бернардынаў, сінагога, кляштар бенедыкцінак. У XVIII ст. ў цэнтры гораду пабудаваная ратуша. Пасля руска-польскай вайны горад заняпаў, у 1776 г. скасаванае магдэбургскае права. Эканамічны ўздым гораду звязаны з дзейнасцю слонімскага старосты Міхала Казіміра Агінскага, Вялікага гетмана літоўскага, які ў 2-й палове XVIII ст. заснаваў тут сваю рэзідэнцыю — палац, пабудаваў канал Агінскага, у сувязі з чым быў выпрастаны рукаў Шчары, перад палацам — прыстань, якая кароткай вуліцай (цяпер вул. Маякоўскага) злучалася з гандлёвай плошчай. Забудова гораду фармавалася вакол трох звязаных паміж сабой плошчаў: галоўнай гандлёвай, перад дамініканскім касцёлам (цяпер пл. Леніна) і перад сінагогай (цяпер калгасны рынак на вул. Савецкай). Вуліцы накіраваныя да гандлёвай плошчы, большасць з іх былі брукаваныя. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету, у 1795—97 гг. цэнтр Слонімскай губерніі. У 1825 г. было 5364 жыхары, 700 дамоў (14 мураваных), у 1857 г. — 9523 жыхары, 66 мураваных і 745 драўляных дамоў. У 1885 г. праз горад пракладзеная чыгунка. У 1897 г. было 15 893 жыхары, пяць бровараў, чатыры ганчарныя, два гарбарныя заводы, тры канатныя фабрыкі, дрожджа-вінакурны завод, некалькі млыноў, 1312 жылых дамоў, у т.л. 333 мураваныя. У ХІХ ст. былі распрацаваныя праекты перапланіроўкі (у 1825 г., 1863 г., 1870 г., 1876 г.), якія прадугледжвалі захаванне гістарычнай планіровачнай структуры гораду. Паводле іх пабудаваныя 2—3-павярховыя цагляныя дамы ў цэнтры гораду. Значныя страты драўлянай забудове прычыніў пажар 1881 г. Захаваліся фрагменты характэрнай для XVIII — пачатку ХХ стст. забудовы — жылыя дамы. У 1-й палове ХІХ ст. пабудаваныя паштовая станцыя, суконная фабрыка (у Альбярціне), у 1-й палове ХХ ст. ў стылі мадэрн — будынакі вакзалу і банку. У 1891 г. з 79 гарадскіх кварталаў было 12 мураваных, водаправод. Кампазіцыю цэнтру ўпрыгожыў парк, пасаджаны ўздоўж канала Агінскага. Напярэдадні І Сусветнай вайны налічвалася 21 624 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр павету Навагрудскага ваяводства. З 1939 г. у БССР, 26,7 тыс. жыхароў. З 1940 г. цэнтр раёну. 20,4 тыс. жыхароў у 1959 г. З 1963 г. горад абласнога падпарадкавання. У 1965 г. у Слонім уключаны г.п. Альбярцін (пас. Фабрычны). 30,3 тыс. жыхароў у 1970 г.

Сучасны горад размешчаны абапал р. Шчара. На левым, больш узгорыстым, беразе знаходзіцца цэнтральная частка гораду з гістарычнай планіроўкай і асноўны жылы масіў. Правабярэжжа, або Замосце, размешчаная на паніжаным поймавым рэльефе. Генпланы распрацаваныя ў 1963 г. (інстытут "Белдзяржпраект", дойліды Л. Васільеў, С. Мамаева, карэкціроўка 1966 г.) і ў 1973 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды А. Агафонава, карэкціроўка БелНДІПгорадабудаўніцтва 1987 г., дойлід Т. Татарынцава), у 1980 г. зроблены праект дэталёвай планіроўкі цэнтру (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Татарынцава). Галоўныя вуліцы, што фармуюць горад, — Чырвонаармейская, Пушкіна, Савецкая, П. Лумумбы. Адміністрацыйна-грамадскі цэнтр склаўся на вул. Першамайскай (да яе прылягае сквер; зберагліся фрагменты жылой забудовы 2-й паловы ХІХ ст.) і на пл. Леніна (зберагліся жылыя дамы 2-й паловы XVIII — пачатку ХХ ст.). На вул. Чырвонаармейскай захаваліся фрагменты жылой забудовы канца ХІХ — пачатку ХХ ст., на вул. Пушкіна разбіты сквер, збярогся помнік дойлідства — капліца Дамініка. Вул. Камсамольская злучае гістарычны цэнтр з паўночна-заходнім жылым раёнам, які ўзнік у пасляваенныя гады (на вуліцы захаваўся помнік дойлідства 1-й паловы ХІХ ст. — гарадскі асабняк; глядзі артыкул "Слонім. Асабнякі"). Вул. Савецкая пачынаецца ад будынку былой сінагогі, злучае цераз канал Агінскага і Шчару правабярэжжа гораду з левабярэжжам, звязвае цэнтр з чыгуначным вакзалам і аўтастанцыяй. На вуліцы зберагліся помнікі дойлідства — ратуша і аўстэрыя. У раёне Замосце будынкамі Андрэеўскага касцёлу, рэстарану, жылых дамоў утвораная пл. Горкага, сфармаваная ў XVIII ст. як горадабудаўнічы цэнтр правабярэжжа. Пераважае 1-павярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. У паўднёва-заходняй частцы гораду створаны мікрараён Тэкстыльшчык з 5—9-павярховай забудовай, у фабрычным пасёлку будуецца пяціпавярховы мікрараён. Вытворчая зона размешчаная ў паўднёва-заходняй, паўночна-ўсходняй частках гораду і ў пас. Фабрычным. Зона адпачынку — р. Шчара, канал Агінскага з паркам уздоўж яго, парк у пас. Фабрычны, дзе захаваўся помнік дойлідства 1-й паловы ХІХ ст. — сядзіба "Альбярцін".

Прадугледжанае развіццё гораду на паўднёвы захад і паўночны ўсход, стварэнне новага грамадскага центру, расшырэнне зон спарту і адпачынку.


Ю.У. Чантурыя



СЛОНІМ. АСАБНЯКІ


Помнікі грамадзянскага дойлідства XIX—XX стст. Вылучаюцца асабнякі на вул. Камсамольскай (дом № 25), Маякоўскага (дом № 9), Савецкай (дом № 58), Чкалава (дом №9).

Асабняк па сучаснай вул. Камсамольскай, 25. Мураваны прастакутны ў плане аднапавярховы будынак пастаўлены на высокім цокальным паверсе і накрыты вальмавым дахам. Пабудаваны ў 1-й палове ХІХ ст. ў стылі позняга класіцызму. Размешчаны ў глыбіні прастакутнага параднага панадворку і фланкіраваны двума аднапавярховымі флігелямі. Цэнтральны ўваход вылучаны мансардавым порцікам з чатырма канеліраванымі калонамі тасканскага ордэру і трохкутным франтонам, у дэкоры выкарыстаныя руставаныя лапаткі па кутах і прафіляваны дарычны карніз на сухарыках. Фасады рытмічна расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі. Флігелі вырашаныя ў лаканічных формах без дойлідска-стылявай распрацоўкі. Пачатковая калідорная планіроўка не збераглася. У будынку размешчаная медычная ўстанова. Помнік рэспубліканскага значэння.

Асабняк па сучаснай вул. Маякоўскага, 9. Мураваны прастакутны ў плане двухпавярховы будынак з двухсхільным дахам. Пабудаваны ў стылі мадэрн на штучным плато левага берагу каналу Агінскага ў пачатку ХХ ст. Вось сіметрыі галоўнага фасаду адзначаная цэнтральным уваходным рызалітам з трохкутным франтонам у завяршэнні. Каларыстычнае і дэкаратыўнае вырашэнне фасадаў заснаванае на спалучэнні жоўтага фону неатынкаванай цаглянай муроўкі і выкананых з чырвонай цэглы дойлідскіх элементаў (ліштвы, руст, фрыз і карніз). Планіроўка анфіладная. У цэнтры — вялікі вестыбюль з калонамі. Тры міжпаверхавыя лесвіцы знаходзяцца ў кутніх частках дому. Значную прастору пад імі займаюць сутарэнні. Выкарыстоўваецца як пошта.

Асабняк па сучаснай вул. Савецкай, 58. Драўляны аднапавярховы будынак з высокім мансардавым дахам. Пабудаваны ў 1923 г. у рэтраспектыўных формах сядзібнага дойлідства 2-й паловы XVIII — пачатку XX стст. Манументальнасць і пластычнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дому дасягаецца выкарыстаннем шырокага цэнтральнага рызаліту з фігурным шчытом і кутніх контрфорсаў. Умацаванне кутніх сучляненняў выкліканая неабходнасцю пагасіць значны распор вялікапралётных перакрыццяў, якія абапіраюцца на адносна тонкія сцены. Выкарыстоўваецца пад  медычную установу.

Асабняк па сучаснай вул. Чкалава, 9. Драўляны аднапавярховы П-падобны ў плане будынак завершаны пластычным па форме высокім дахам. Пабудаваны ў 1923 г. (дойлід Бой) у рэтраспектыўных формах сядзібнага дойлідства канца XVIII — пачатку XIX стст. Размешчаны ў глыбіні вулічнай забудовы ў невялікі скверы. Мае буйны маштаб і развітую прасторавую кампазіцыю. Галоўны ўваход падкрэслены шырокім шасцікалонным порцікам з трохкутным франтонам. На плоскасных фасадах вылучаюцца прастакутныя аконныя праёмы з простымі ліштвамі. Планіровачная арганізацыя дому заснаваная на калідорнай схеме з аднабаковым размяшчэннем асноўных прастакутных памяшканняў. Выкарыстоўваецца пад медычную ўстанову. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СЛОНІМ. АЎСТЭРЫЯ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. з цэглы як заезны дом пры палацы слонімскага старосты М.К. Агінскага. Спачатку двухпавярховы (у XX ст. надбудаваны трэці паверх, завершаны двухсхільным дахам). Галоўны фасад прастакутнага ў плане будынку раскрапаваны буйнамаштабнымі руставанымі лапаткамі і расчлянёны прастакутнымі аконнымі праёмамі. Палова першага паверху была адведзеная пад гасціную, перакрытую чатырма ветразевымі скляпеннямі з цэнтральнай апорай. Пад гэтаю часткаю дому размешчаныя шырокія скляпеністыя сутарэнні. Цэнтральная лесвіца вядзе з вузкага вестыбюля на другі жылы паверх.

Цяпер у будынку размешчаная навучальная ўстанова. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СЛОНІМ. БУДЫНАК БАНКУ


Помнік дойлідства мадэрну. Пабудаваны ў 1905 г. з цэглы ў Слоніме (сучасная вул. Васі Крайняга, 21), аднапавярховы будынак з сіметрычна-восевай кампазіцыяй галоўнага фасаду. Цэнтр яго вылучаны рызалітам з увагнута-пукатым пластычным шчытом. Галоўны ўваход аформлены буйным руставаным парталам. Дэкаратыўнае вырашэнне заснаванае на спалучэнні чырвонага фону цаглянай муроўкі і атынкаваных дойлідскіх дэталей. Фасады рытмічна расчлянёныя вялікімі прастакутнымі аконнымі праёмамі. У інтэр’еры вылучаецца па памерах цэнтральная аперацыйная зала.



СЛОНІМ. БУДЫНАК ВАКЗАЛУ


Помнік дойлідства неабарока. Пабудаваны ў 1922 г. з цэглы ў Слоніме. Прамавугольны ў плане мураваны будынак з мансардавым дахам складанага пластычнага малюнку. Прасторавае развіццё кампазіцыі дасягаецца трохпрыступкавым павышэннем аб’ёмаў, якое нарастае да цэнтру: ад адносна нізкіх бакавых крылаў праз цэнтральны аб’ём да мансардавага паверху. У дойлідстве выкарыстаныя стылізаваныя элементы барока. Франтальныя фасады маюць па цэнтры двухпавярховыя рызаліты з фігурнымі франтонамі, дэкарыраванымі валютамі, шарамі на пастаментах, філянговымі парапетамі. Аднапавярховы аб’ём уваходнага тамбуру завершаны "разарваным" франтонам. Фасады дэкарыраваныя рустам, расчлянёныя прастакутнымі і арачнымі высокімі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Планіроўка калідорна-анфіладная. Квадратны ў плане вестыбюль у цэнтры кароткімі пераходамі злучаны з касавай залай, залай чакання. Службовыя памяшканні маюць асобныя ўваходы ў тарцах будынку. Цэнтральная лесвіца звязвае вестыбюль са службовым мансардавым паверхам.


А.М. Кулагін



СЛОНІМ. ЖЫЛЫЯ ДАМЫ


Помнікі дойлідства XIX — 1-й паловы XX стст. Вылучаюцца дамы на сучасных вуліцах В. Крайняга (№ 5, № 16), Пушкіна (№ 8), Я. Купалы (№ 5) і пл. Леніна (№ 6).

Дом № 5 па вул. В. Крайняга (былыя Спаская і Бернардзінская). Двухпавярховы цагляны будынак. Пабудаваны ў "цагляным" стылі на мяжы XIX—XX стст. У плане — няправільны прастакутнік, выцягнуты ў глыбіню панадворку. Вузкі галоўны фасад падзелены на два ярусы (першы дэкарыраваны філянговымі кутнімі лапаткамі і рустам, другі завершаны складаным па малюнку атыкам, аздобленым аркатурай, нішамі, пінаклямі і інш.). Прастакутныя вокны другога ярусу аздобленыя лучковымі перамычкамі. Унутраная прастора дому падзеленая на две часткі з уваходам з бакавога заходняга фасаду. Выкарыстоўваецца як жылы.

Дом № 8 па вул. Пушкіна (былая Апанасоўская) — аднапавярховы цагляны будынак, у плане — няправільны прастакутнік. Пабудаваны ў 1930 г. на скрыжаванні з вул. Камсамольскай (былая Замкавая). Мае характэрныя рысы стылю мадэрн у правінцыяльнай трактоўцы. Тры кутнія часткі вулічных фасадаў вылучаныя неглыбокімі рызалітамі, завершанымі акруглымі атыкамі з авальнымі люкарнамі. Галоўным акцэнам фасаду з’яўляецца кутні рызаліт, завершаны пластычным па малюнку атыкам з пінаклямі. Сцены фасадаў апрацаваныя рустам, расчлянёны прастакутнымі вокнамі з сандрыкамі і філёнгамі. Галоўны ўваход вылучаны казырком. Планіроўка калідорная. Папярочная капітальная сцяна і перагародкі вылучаюць розныя па памерах памяшканні з калідорнай сувяззю. Выкарыстоўваецца адміністрацыйнай установай.

Дом № 5 па вул. Я. Купалы. Цагляны двухпавярховы трапецападобны ў плане будынак. Пабудаваны ў 1905 г. у "цагляным" стылі. Займае астраўное становішча ў забудове вуліцы перад пешаходным мостам цераз канал Агінскага. Фасады маюць інтэнсіўную крапоўку і дойлідска-дэкаратыўную апрацоўку. Арнаментальнай цаглянай муроўкай выкананыя філянговыя лапаткі, карнізы з гіркамі, сандрыкі. Майстэрская цагляная муроўка, складаная канфігурацыя плану, рацыянальнае выкарыстанне дэкаратыўнай аздобы (толькі па вулічным фасадзе) — характэрныя асаблівасці грамадзянскага будаўніцтва пачатку ХХ ст. Планіроўка дому змененая. Выкарыстоўваецца прадпрыемствам побытавага абслугоўвання.

Дом № 6 на пл. Леніна (вядомая як плошча перад Дамініканскім касцёлам). Двухпавярховы будынак няправільнай прастакутнай формы плану. Пабудаваны на мяжы ХІХ—ХХ стст. на паўднёва-заходнім баку плошчы. Фасад рытмічна расчлянёны прастакутнымі вокнамі ў ліштвах арнаментальнай цаглянай муроўкі, завершаны дзвюхгранным атыкам, дэкарыраваны кутнімі лапаткамі, аркатурнымі фрызамі і прафіляванымі цягамі. Выкарыстоўваецца як жылы.

Дамы — помнікі рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СЛОНІМ. ЗАМАК


Замчышча, замак, назва старажытнага цэнтру Слоніму, а таксама шэрага палацава-замкавых комплексаў, пабудаваных на яго месцы ў XI—XVIII стст. Спачатку пабудаваны драўляны астрог, потым дзядзінец XII—XIII стст., у XIV—XV стст. — драўляны замак на высокім насыпе з падпорнай сценкай з вялікіх камянёў (разбураны пасля 1506 г.). У 1520 г. перабудаваны ў невялікі драўляны палац з залай пасяджэнняў, дзе у 2-й палове XVII ст. адбываліся генеральныя сеймікі. Палац быў абкружаны драўлянымі гароднямі з вежамі. Каля 1768 г. зруйнаваны, на яго месцы пастаўлены П-падобны ў плане палац (аднапавярховы мураваны будынак з бакавымі драўлянымі флігелямі) з парадным дваром у цэнтры. Палац меў 116 пакояў і залу (найбольш пышная ў стылі ракако "зала багінь", рэстаўрыраваная ў 1788 г.). У комплекс уваходзілі манеж, аранжарэя, вялікія дамы для прыдворных і гасцей, друкарня (1777 г.), гаспадарчыя пабудовы і шынок, пабудаваны паблізу замку на беразе выраўнаванага рукава р. Шчара. Палацавы комплекс аддзяляўся ад гарадскіх збудаванняў і гандлёвай плошчы сажалкай і рэгулярным садам (майстар паркавай дойлідства Ле Рак, прыгонны садоўнік Васіль).

Не збярогся.



СЛОНІМ. КАПЛІЦА СВЯТОГА ДАМІНІКА


Помнік дойлідства ракако. Пабудаваная ў 1745 г. у заходняй частцы Слоніму, на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Пушкіна. У XVIII ст. пры ўездзе ў горад стаялі две капліцы, якія былі накшталт межавага знаку (захавалася капліца Святога Дамініка).

Капліца — цэнтрычнае трох’яруснае цаглянае збудаванне. Два ніжнія ярусы маюць квадратнае сячэнне з увагнутымі гранямі і зрэзанымі кутамі, выразна падкрэсленыя чарапічнымі злівамі і прафіляванымі карнізамі. Першы ярус масіўны, маналітны, устаноўлены на нізкім цокалі, другі — скразны, з чатырма арачнымі прасветамі (прызначаліся для драўлянай скульптуры Святога Дамініка, не захавалася), трэці — фігурная ўвагнута-пукатая вежачка з шатровым пакрыцдём.


А.М. Кулагін



СЛОНІМ. КАСЦЁЛ БЕЗЗАГАННАГА ЗАЧАЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ

I КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНАК


Помнік дойлідства барока і ракако. Пабудаваны ў сярэдзіне XVII — 2-й палове XVIII ст. з цэглы ў цэнтры Слоніма на былой Рыначнай плошчы (сучасная вул. Першамайская). Пашкоджаны пажарам у 1790 г., адноўлены ў 1793 г. Тэрыторыя комплексу была абнесеная магутнымі мурамі з барочнай уязной брамай (не захавалася).

Касцёл пабудаваны ў 1664—70 гг. на месцы драўлянага храму, закладзенага ў 1645 г. Аднанефавы прастакутны ў плане мураваны будынак з паўкруглай апсідай з рознавялікімі сакрысціямі і трох’яруснай чацверыковай вежай-званіцай пры ўваходзе. Верхні ярус вежы-званіцы дэкаратыўна апрацаваны здвоенымі лапаткамі, арачнымі нішамі, аконнымі праёмамі. Сцены расчлянёныя масіўнымі слупамі-пілястрамі, капітэлі якіх дэкарыраваныя стылізаваным раслінным арнаментам. Зала касцёлу, перакрытая цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, пераходзіць у больш вузкі прэсбітэрый з паўкруглым завяршэннем апсіды. Інтэр’ер у 1751—64 гг. быў упрыгожаны галоўным двух’ярусным і чатырма бакавымі алтарамі, амбонам, спавядальняй у стылі ракако [стукавыя арнаменты і скульптура выкананыя майстрам Гедэлем (Гезэлем?) паводле эскізаў невядомага мастака]; вылучалася барочная печ сакрысціі, абліцаваная зялёнай кафляй (XVII ст., не захавалася).

У 1764 г. да касцёлу прыбудаваны мураваны двухпавярховы кляштар з замкнёным квадратным дваром (дойлід I. Авадовіч; у 1790 г. пашкоджаны пажарам, у 1793 г. адноўлены, у 1801 г. абноўлены). Фасады кляштару рытмічна расчлянёныя пілястрамі, дэкарыраваныя прафіляваным карнізам і поясам. Паўднёва-заходні кут будынку вылучаны рызалітам, умацаваным магутнымі контрфорсамі. Планіроўка галерэйная. У келлях манахаў і калідорах крыжовыя і цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі.

У кляштары размешчаня гарадская лякарня. Касцёл дзейнічае. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СЛОНІМ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Помнік дойлідства барока. Ва ўсходняй частцы гістарычнага ядра Слоніму на левым беразе р. Шчара (сучасная вул. Васі Крайняга). Узведзены ў XVII ст. як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых збудаванняў. Касцёл пабудаваны ў 1639—45 гг. на месцы драўлянага (закладзены ў 1630 г. па фундацыі каралеўскага сакратара А. Радвана), у 1864 г. пераабсталяваны пад Траецкую царкву.

Касцёл — аднанефавы мураваны храм з выцягнутым прэсбітэрыем, сакрысціямі і паўкруглай алтарнай апсідай, трох’яруснай вежай-званіцай пры ўваходзе (першы ярус квадратны ў плане, умацаваны контрфорсамі, два верхнія — васьмігранныя, аздобленыя пілястрамі), накрытай шатровым дахам. У 1668 г. і 1750 г. да апсіды прыбудаваныя дзве бакавыя квадратныя ў плане капліцы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. Сцены касцёла ўмацаваныя контрфорсамі, прарэзаныя вялікімі вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі. Уваходны партал касцёлу аформлены ордэрнымі элементамі: паўкалонамі, спрошчаным антаблементам, архівольтамі. Неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Прасценкі ўмацаваныя слупамі-пілястрамі. Галоўны і бакавы алтары выкананыя ў стылі ракако 1-й паловы XVIII ст. Галоўны алтар мае сіметрычна-восевую шматкалонную і шматфігурную кампазіцыю: на цокаль у выглядзе арачных нішаў з п’едэсталам устаноўленая каланада цёмна-карычневага стуку, над ёй раскрапаваны антаблемент з фігурамі анёлаў (пасля 1864 г. у алтары ўстаноўлены іканастас).

З паўднёвага боку ад касцёлу знаходзіцца кляштар (пабудаваны ў 1749 г.?) — двухпавярховы мураваны будынак, глухія сцены якога прарэзаныя прастауктнымі аконнымі праёмамі, аздоблены пілястрамі і міжпаверхавай цягай. Планіроўка галерэйная. У калідорах і памяшканнях захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая зала, перакрытая цыліндрычным скляпеннем з люнетамі. Зараз у ім размешчаны інтэрнат медвучылішча.


Будынкі — помнікі рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СЛОНІМ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕНЕДЫКЦІНАК


Помнік дойлідства класіцызму. На паўднёва-ўсходняй ускраіне Слоніму (сучасная вул. Чырвонаармейская). Заснаваны ў 1669 г., у 1801 г. на месцы былых драўляных пабудоў узведзеныя мураваныя. Ансамбль ордэну ўключаў Крыжаўзвіжанскі касцёл (не захаваўся) і жылы корпус.

Касцёл — манументальнае дзвюхвежавае збудаванне. Яго фасады былі ўпрыгожаныя каланадай, у інтэр’еры — сюжэтныя фрэскавыя размалёўкі.

Да касцёлу прымыкаў жылы корпус — двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Пластыку фасадаў вызначаюць арытмічна размешчаныя лапаткі. Планіроўка галерэйная. Захаваліся часткова скляпеністыя перакрыцці. Пад будынкам на ўсю даўжыню размешчаныя скляпеністыя сутарэнні, таксама мелі галерэйную планіроўку. У 1920—30-я гады ў жылым корпусе размяшчалася польская настаўніцкая семінарыя, пасля ІІ Сусветнай вайны — сярэдняя школа № 1.


А.М. Кулагін



СЛОНІМ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АПОСТАЛА АНДРЭЯ


Помнік дойлідства позняга барока. У зарэчнай усходняй частцы Слоніму (сучасная пл. М. Горкага). Першапачаткова заснаваны каля 1490 г. па фундацыі караля Казіміра IV Ягелончыка драўляны касцёл. Новы будынак узведзены Львом Сапегам у 1595 г., перабудаваны ў 1660 г. Мураваны касцёл пабудаваны ў 1775 г., рэстаўрыраваны пасля І Сусветнай вайны. Аднанефавы храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Неф, алтарная частка і сіметрычныя бакавыя сакрысціі прастакутныя ў плане, маюць сціплае дэкаратыўнае аздабленне. Вежы пастаўлены пад кутом да галоўнага фасаду, што надае яму хвалістую прасторавую структуру. Галоўны фасад багата дэкарыраваны слаістымі пілястрамі, фігурным франтонам, валютамі, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш. У інтэр’еры неф перакрыты паўцыркульным скляпеннем з распалубкамі. У паўночнай частцы храму — хоры. На тарцовай сцяне над уваходам — фрэскавая размалёўка: пілястры з ракайлямі, фігуры анёлаў, музычных інструментаў, ваза. Каларыстычная гама — светла-блакітная, белы і ружовы тоны, пазалота. Галоўным пластычна-дэкаратыўным акцэнтам з’яўляецца цэнтральны стукавы алтар у выглядзе порціку са здвоенымі карынфскімі калонамі, завершаны трохкутным франтонам. Уздоўж схілаў франтону размешчаныя стукавыя скульптуры анёлаў. На бакавых сценах прэсбітэрыя прастакутныя акаймаваныя ілюзорнай рамкай жоўта-карычневага колеру фрэскавыя кампазіцыі на біблейскія сюжэты ("Хрыстос у храме", "Уцёкі ў Егіпет").

Пасля ІІ Сусветнай вайны касцёл закрыты. Значна пашкоджаны. Плануецца яго рэстаўрацыя. Помнік рэспубліканскага значзння.


Т.В. Табрусь, В.В. Церашчатава



СЛОНІМ. РАТУША


Помнік дойлідства барока. Пабудавана ў сярэдзіне XVIII ст. з цэглы ў цэнтры Слоніму (сучасная вул. Савецкая, 6). Кампактны прастакутны ў плане дыухпавярховы мураваны будынак з двухсхільным дахам. Разам з гаспадарчымі службовымі пабудовамі ўтвараў замкнены прастакутны двор. Фасады раскрапаваныя плоскімі пілястрамі, філёнгамі, нішамі. Планіроўка анфіладна-калідорная з вестыбюлем і лесвіцай у цэнтры. Апроч пакояў для членаў магістрата і залы пасяджэнняў, у ратушы былі памяшканні для гараднічага, суду, гаўптвахты, архіва і інш. Пасля ІІ Сусветнай вайны ў будынку размешчаны гарвыканкам.

Будынак былой ратушы — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СЛОНІМ. СІНАГОГА


Помнік дойлідства барока. Пабудаваная ў 1642 г. у гістарычным цэнтры Слоніму, непадалёк ад рынку (сучасная вул. Савецкая, 1). Кампактны мураваны будынак мае выгляд базілікі. Да асноўнага квадратнага ў плане аб’ёму, накрытага двухсхільным дахам, з трох бакоў прылягаюць больш нізкія аб’ёмы з дапаможнымі памяшканнямі. Галоўны фасад завершаны франтонам складанага пластычнага абрысу і ўпрыгожаны дэкаратыўнымі дэталямі (здвоеныя пілястры, нішы, вокны-"ружы", валюты па баках). Прыбудовы пры ўваходзе больш познія. Галоўная зала ўнутры мае дзевяціпольную сістэму скляпенняў. Чатыры слупы ў цэнтры падтрымліваюць "ліхтарню", аздобленую лепкай у тэхніцы стука.

Пасля ІІ Сусветнай вайны выкарыстоўвалася пад склады. Помнік рэспубліканскага значэння.



СЛОНІМ. СЯДЗІБА "АЛЬБЯРЦІН"


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства позняга класіцызму. Створаная ў былым прамысловым прыгарадзе Слоніму (сучасная вул. Калгасная, 8) на заказ прамыславіка В. Пуслоўскага. У комплекс уваходзілі гаспода, флігель, гаспадарчыя пабудовы (стайня, млын і інш.), пейзажны парк і лесапарк з возерам Альбярцінскім, створаным запрудай і млыном на р. Іса. Побач з сядзібай размяшчаліся суконная і папяровая фабрыкі ўладальніка.

Гаспода (пабудаваная на месцы старой карчмы) — двухпавярховы мураваны прастакутныны ў плане будынак з асіметрычнай аб’ёмнапрасторавай кампазіцыяй. На галоўным фасадзе ў цэнтры двухкалонны іанічны порцік з антамі, завершаны трохкутным франтонам, і бакавы рызаліт. У афармленні ўваходу выкарыстаныя фігурныя скульптуры ільвоў. У аздобе інтэр’ераў выкарыстаныя дойлідскі дэкор і ляпніна. У будынку размешчаная ўстанова культуры.

З гаспадарчых пабудоў збераглася выкананая ў стылі мадэрн у пачатку ХХ ст. стайня — неатынкаваны мураваны будынак з арнаментальнай муроўкай. У цэнтры галоўнага фасаду арачны партал з абрамленнем у выглядзе падковы і ляпной маскі каня.

Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.



СЛУЦАК


Горад, цэнтр раёну, на р. Случ. За 102 км ад Менску. Упершыню ўзгадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 1116 г. (летапісны Случеск, Случск). Уваходзіў у склад Тураўскага княства (да 1190 г.). З 1160 г. цэнтр удзельнага княства. З 1320—30-х гадоў у Вялікім княстве Літоўскім. З 1395 г. цэнтр удзельнага княства, якое належала стрыечнаму брату Вітаўта Уладзіміру Альгердавічу і яго нашчадкам кнзям Алелькавічам (да 1612 г.). Старажытнае гарадзішча знаходзіцца пры ўпадзенні р. Бычок у Случ. У пачатку XVI ст. тут пабудаваны Верхні і Ніжні замкі (глядзі артыкул "Слуцак. Замкі"). У 1441 г. атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1652—53 гг. і 1700 г.), адначасова і герб "Пагоня" — коннік са шчытом і мячом. З 1507 г. у Наваградскім павеце Наваградскага ваяводства. У 1579 г. падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Выспу.

Стары горад — найбольш старажытная частка гораду з замкамі на правым беразе Случы, вакол якой быў вал. Спачатку горад развіваўся ва ўсходнім напрамку. Паміж пасадам і замкам знаходзілася гандлёвая плошча, у 1419 г. тут пабудаваны фарны касцёл. У канцы XV ст. Слуцак пачаў расці ў заходнім напрамку, расшыраўся і на поўнач, фармаваўся як горад з радыяльна-кальцавой планіроўкай.

Новы горад — левабярэжжа, паўднёвая частка гораду, забудоўвалася пазней, у XVI ст. тут склалася прастакутная сетка вуліц з адносна буйнымі кварталамі, забудаванымі драўлянымі дамамі. Абедзве часткі гораду злучаліся паміж сабой мостам, на якім размяшчаліся млыны.

Выспа — прадместе, знаходзіася за гарадскімі ўмацаваннямі, на паўночным усходзе ад гораду. Уніз па цячэнні Случы, на яе правым беразе было прадмесце Трайчаны — пасяленне вакол Траецкага (Трайчанскага) манастыра, у які ўваходзілі две царквы (драўляная Благавешчання і мураваная Траецкая), келлі, жылыя дамы, сад, сажалка (глядзі артыкул "Слуцак. Манастыр Святой Тройцы (Трайчанскі)").

У 1592 г. усе часткі гораду і княства аб’яднаныя і перайшлі да апошняй князёўны з роду Алелькавічаў — Соф’і Юр’еўны, а праз яе — да Радзівілаў, якія валодалі горадам у 1612—95 гг. і ў 1744—1832 гг. Пры Радзівілах пабудаваныя новыя абарончыя ўмацаванні, цытадэль, распрацаваны рэгулярны план Новага гораду. У 1695—1744 гг. належаў прынцэсам Нейбургскім, у 1832—46 гг. — князю Л.П. Вітгенштэйну, у якога быў набыты дзяржаўнай казной. У 1593 г. налічвалася каля 7 тыс. жыхароў і каля 1100 двароў. У 1630—40-я гады ператвораны ў горад-фартэцыю, умацаваны землянымі валамі і ровам, бастыёнамі і равелінамі. Уваходы ў горад меліся праз Віленскую, Капыльскую і Астроўскую мураваныя брамы з пад’ёмнымі мастамі, а таксама драўляную Навамейскую браму. Замкнуты авальны (1200х1000 м) Слуцак меў восем бастыёнаў і тры равеліны ў паўночнай частцы і пяць бастыёнаў і равелін у паўднёвай. На ўсходняй мяжы гораду знаходзілася квадратная ў плане з чатырма бастыёнамі па кутах цытадэль, абкружаная валам і ровам, злучалася з гарадской фартэцыяй. У 1650 г. было 930 "дымоў", у 1667 г. — 1086. У 2-й палове XVII ст. — адзін з найбуйнейшых гарадоў Беларусі з насельніцтвам 8,5—9 тыс. жыхароў (1683 г.). У канцы XVII — XVIII стст. пабудаваныя ратуша, касцёлы і калегіюм езуітаў. У канцы XVIII ст. горад заняпаў. З 1791 г. княства як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ліквідаваная, Слуцак — цэнтр Случарэцкага павету Наваградскага ваяводства. З 1793 г. у складзе Расійскай імперыі, цэнтр павету Менскай губерніі. У 1840-я гады ў сувязі з будаўніцтвам шашы парушаная гістарычная планіроўка гораду. Слуцак стаў развівацца на захад і ўсход, уздоўж шашы ўзводзіліся асноўныя мураваныя будынкі — паштовая станцыя, будынак дваранскага сходу  і інш. У сярэдзіне ХІХ ст. ў горадзе існавалі восем праваслаўных цэркваў, у т.л. Міхайлаўская царква, Траецкая царква, Вазнясенская (пабудаваная ў 1782 г.), саборная Успенская Мікалаеўская (пабудавана ў 1819 г. на месцы былой замкавай, узведзенай у 1409 г.), касцёл і кляштар бернардынаў, две каталіцкія капліцы, две кальвінісцкія царквы (у 1617 г. пабудаваная драўляная ў Новым горадзе Янушам Радзівілам, у 1852 г. на яе месцы мураваная, не захавалася), две сінагогі. Раней існавалі манастыры Ільінскі мужчынскі (потым жаночы) і Праабражэнскі мужчынскі. У канцы XVIII ст. пабудаваны мураваны касцёл (не захаваўся). У 1897 г. налічвалася 14,3 тыс. жыхароў; праводзіліся чатыры кірмашы на год. З 1924 г. — цэнтр раёну, у 1924—27 гг. і 1935—38 гг. — акругі. З 27.9.1938 г. горад абласнога падпарадкавання ў Менскай вобл. У 1939 г. — 21,9 тыс. жыхароў. У 1944—54 гг. раённы цэнтр Бабруйскай вобл. План забудовы распрацаваны ў 1823 г., паводле якога горад фармаваўся з дзвюх частак, падзеленых ракой — яго кампазіцыйнай воссю. План прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, будаўніцтва новых мураваных дамоў, зліццё цэнтру з ускраінамі.

У савецкі час Слуцак забудоўваўся паводле генпланаў 1940 г., 1947 г. (дойлід Г. Парсаданаў), 1962 г. (дойліды В. Сушчыц, Н. Вайбовіч, А. Сідзельнікаў; усе інстытут "Белдзяржпраект", карэкціроўка апошняга ў 1971 г. у Менскай філіі ЦНДІПгорадабудаўнідтва, дойліды Р. Шэліхава, Т. Купрэева), 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды М. Мызнікаў, Шэліхава, Купрэева) і праекту дэталёвай планіроўкі 1978 г. (інстытут "Менскграмадзянпраект", дойлід П. Алфімава, А. Кракалёва). Асноўная забудова вялася ўздоўж вуліц-дарог, якія з’яўляюцца ўездамі ў горад з боку Менску і Бабруйску, што вызначыла яго працягласць з захаду на ўсход (каля 11 км). Асноўныя вуліцы (Леніна, К. Лібкнехта, Валадарскага, Урыцкага, 14 Партызан) — участкі знешніх аўтадарог. Планіровачная структура — радыяльна-кальцавая ў цэнтральнай частцы гораду, да яе прылягаюць раёны з прастакутнай сеткай вуліц. Галоўная кампазіцыйная вось — вул. Леніна — забудаваная пераважна пяціпавярховымі дамамі. На скрыжаванні вуліц Леніна, Валадарскага і Урыцкага знаходзіцца цэнтральная плошча — адміністацыйна-грамадскі і культурны цэнтр; тут узведзеныя 3—4-павярховыя жылыя дамы з крамамі на першых паверхах. У 1960-я гады ў пачалося 4—5-павярховае жыллёвае будаўніцтвава (вуліцы Леніна, Сацыялістычная, Гагарына, К. Лібкнехта), з 1970-х гадоў узводзяцца мікрараёны з 5—9-павярховымі жылымі дамамі (па вуліцах Урыцкага — Жукава, Валадарскага — Чайкоўскага, Камсамольскай, паміж вуліцамі Леніна і 14 Партызан). На ўскраінах пераважае драўляная забудова сядзібнага тыпу. Вытворчая зона размешчаная ў паўночна-ўсходняй і паўночна-заходняй частках гораду. Зона адпачынку — берагі р. Случ, гарадскі парк культуры і адпачынку.


А.П. Грыцкевіч, В.Р. Кукуня, С.Ф. Самбук



СЛУЦАК. БУДЫНАК ДВАРАНСКАГА СХОДУ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы ў цэнтры гораду (вул. Леніна, 171). Аднапавярховы прастакутны ў плане будынак на высокім цокалі, накрыты вальмавым дахам. Дойлідска-пластычным акцэнтам будынку з’яўляецца чатырохкалонны порцік, якім вылучаны галоўны ўваход. Папарна ўстаноўленыя калоны падтрымліваюць драўляны трохкутны франтон і антаблемент. Галоўны фасад у бакавых частках раскрапаваны руставанымі лапаткамі; вялікія прастакутныя вокны ў простых ліштвах. Пад домам знаходзяцца скляпеністыя сутарэнні. Планіроўка будынку змененая, прыстасаваны пад музейную экспазіцыю.

З 1952 г. у будынку размешчаны краязнаўчы музей. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СЛУЦАК. БУДЫНАК ДУХОЎНАГА ВУЧЫЛІШЧА


Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1767 г. з цэглы ў цэнтры гораду (вул. К. Лібкнехта, 45). Двухпавярховы П-падобны ў плане будынак з бакавымі рызалітамі, завершанымі трохкутымі франтонамі, накрыты двухсхільным дахам. Над цэнтральнай часткай галоўнага фасаду, упрыгожанага плоскімі пілястрамі, ступеньчаты атык. Сцены падзеленыя міжпаверхавым прафіляваным поясам і раўнамерна прарэзаныя лучковымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі простымі ліштвамі (на першым паверсе), кранштэйнамі і тонкімі сандрыкамі (на другім паверсе). Планіроўка калідорная; у цэнтральнай частцы і ў бакавых крылах — двухмаршавыя лесвіцы.

Цяпер у будынку размешчанае медвучылішча.


А.А. Міцянін



СЛУЦАК. БУДЫНАК МУЖЧЫНСКАЙ ГІМНАЗІІ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1829—38 гг. з цэглы (вул. Камсамольская, 7) паводле праекту дойліда К. Падчашынскага. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак, накрыты вальмавым дахам. Па перыметры яго праходзяць прафіляваны карніз з сухарыкамі і міжпаверхавы паясок. У цэнтры галоўнага фасаду ўваход вылучаны імпастам і вузкімі аконнымі праёмамі па баках, якія абпілястрамі, у тарцовых сценах былі дадатковыя ўваходы. На другім паверсе над уваходам — вузкія строеныя прастакутныя вокны, дэкарыраваныя пілястрамі і аб’яднаныя шырокім сандрыкам у выглядзе трохкутнага франтону. Вокны прастакутныя, без абрамленняў. Планіроўка калідорная; у цэнтры — трохмаршавая лесвіца. На першым паверсе знаходзіліся вучэбныя класы, на другім — актавая зала, бібліятэка і вялікі вестыбюль, аддзелены ад калідору дзвюма парамі калон; столь у цэнтральнай частцы калідору расчлянёна ўзбуйненымі кесонамі. На тэрыторыі гімназіі знаходзіліся драўляныя дамы настаўнікаў, фруктовы сад.

У будынку цяпер размешчаная сярэдняя школа № 1.


А.А. Міцянін, В.Р. Кукуня



СЛУЦАК. ЗАМКІ


Абарончыя і замкава-палацавыя комплексы, якія існавалі ў Слуцку ў XIV—XIX стст. былі пабудаваныя з дрэва.

Верхні замак пабудаваны ў пачатку XIV ст. на тэрыторыі старажытнага дзядзінца ў сутоках рэк Случ і Бычок як умацаваная рэзідэнцыя князёў Алелькавічаў. Паспяхова вытрымаў асады татарскіх войск у 1502 г., 1503 г., 1505 г., 1506 г., 1521 г., войск Глінскага ў 1508 г. З расшырэннем тэрыторыі гораду і ўзнікненнем новых стратэгічных пунктаў абароны да канца XVI ст. страціў абарончую ролю і ў 1-й палове XVII ст. перабудаваны ў замкава-палацавы комплекс. Авальны ў плане замак, умацаваны абарончымі сценамі-гароднямі, быў абкружаны высокім земляным валам і запоўненым вадой ровам, які аддзяляў яго ад Ніжняга замку. Паводле апісання 1687 г., цэнтраліны будынак замку — прастакутны ў плане аднапавярховы з мезанінам палац анфіладнай планіроўкі, накрыты гонтавым дахам. Разныя дзверы з антабамі, сцены і столі памяшканняў былі аздобленыя размалёўкай, печы абліцаваны белай і зялёнай паліванай кафляй. Абапал палацу размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, арсенал (паблізу валу), замкавая царква. Каля сярэдзіны XVIII ст. замак пакінуты, у пачатку XIX ст. на яго тэрыторыі пабудаваны драўляны, потым мураваны Мікалаеўскі сабор.

Ніжні замак пабудаваны ў XIV ст. на месцы былога вакольнага гораду старажытнага Слуцаку, злучаўся з Верхнім замкам мостам цераз роў з вадой, пракапаны паміж рэкамі Случ і Бычок, са знешняга боку быў абведзены ровам з вадой. Уяўляў сабой у плане няправільны прастакутнік. У 2-й палове XVII ст. на тэрыорыі замку былі тры драўляныя палацы (аднапавярховыя шматпакаёвыя будынкі з багата аздобленымі інтэр’ерамі, печамі, абліцаванымі кафлямі з выявамі арлоў), будынак кухні, флігель для прыслугі і іншыя збудаванні. На беразе Случы размяшчаўся гаспадарчы двор (уключаў стайні, вазоўні, жыллё конюхаў). У XVIII ст. замак (называўся Стары) развіваўся як палацавы комплекс. Паводле апісання 1765 г., з боку гандлёвай плошчы Стары горад з замкам быў злучаны мостам цераз роў, які прымыкаў да брамы-вежы з купалам, гадзіннікам, металічным гербам Радзівілаў. У ніжнім ярусе брамы абапал праезду размяшчаліся пакоі для варты. На галоўнай восі стаяў аднапавярховы ашаляваны дошкамі палац на падмурку, накрыты гонтавым дахам, галоўны ўваход вылучаўся ганкам. Вакол вялікай прыхожай анфіладна размяшчаліся дзевяць жылых пакояў, тры залы (адна з іх партэрная) і іншыя памяшканні, дзверы і аконныя ліштвы якіх былі аздобленыя мастацкай разьбой. З боку галоўнага ўезду палац фланкіравалі два флігелі і гаспадарчыя збудаванні.

Новы замак (Цытадэль) пабудаваны ў 1-й палове XVII ст. на ўсходняй ускраіне Новага гораду, на левым беразе р. Случ. Яго ўзнікненне звязанае з рэканструкцыяй абарончай сістэмы гораду і стварэннем знешняга абарончага поясу. У плане — квадрат (каля 250х250 м), абведзены ровам, умацаваным валам з чатырма бастыёнамі і вежамі, абарончымі сценамі, з боку гораду — равелінам. У 2-й палове XVII ст. равелін і браму злучаў мост цераз абводны роў, паблізу якога на дзядзінцы стаяў жылы дом з мезанінам, накрыты гонтавым дахам. Насупраць яго — Другі дом пад готавым дахам. Непадалёку знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы (мураваны склеп, драўляныя свіраны, конны млын), студня. У XVIII ст. замак рэканструяваны. Паводле апісання 1765 г. перад уездам з боку гораду былі два рады вадзяных равоў з  дзвюма пад’ёмнымі мастамі і дзвюма брамамі. Справа ад брамы, завершанай купалам, на дзядзінцы стаяла кардэгарда, з процілеглага боку — жылы будынак з мезанінам (уключаў тры жылыя пакоі, кухню), флігель. Каля іх размяшчаліся другі флігель, кузня, тры стайні, парахоўня, арсенал. На тэрыторыі замку быў "італійскі сад" з альтанкамі і алеямі, абсаджанымі агрэстам. Акрамя брам, замак меў праходы для скрытага выхаду гарнізону.


Ю.А. Якімовіч



СЛУЦАК. КАСЦЁЛ СВЯТОГА АНТОНІЯ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў Слуцаку ў 1793 г. з цэглы на месцы былых драўляных будынкаў (пастаўлены ў 1671 г., рэканструяваны ў 1734 г.).

Касцёл — аднанефавы прастакутны ў планс бязвежавы храм, накрыты двухсхільным дахам (не захаваўся). Галоўны фасад сіметрычны па кампазіцыі, завершаны фігурным франтонам з валютамі, сцены раскрапаваныя пілястрамі, якія чаргаваліся з лучковымі аконнымі праёмамі.

Да касцёлу прыбудаваны аднапавярховы П-падобны ў плане кляштар, накрыты вальмавым дахам. Сутарэнні перакрытыя цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі. Куты кляштару апрацаваныя лапаткамі. Сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі (без абрамлення). Планіроўка калідорная.

Цяпер у будынку размешчаная маслабаза.


В.Р. Кукуня



СЛУЦАК. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ДУХА I КАЛЕГІЮМ ЕЗУІТАЎ


Існавалі ў Слуцаку ў канцы XVII—XIX стст.

Першы комплекс пабудаваны ў 1696 г. на тэрыторыі Старога гораду, непадалёку ад Востраўскай брамы (уключаў драўляныя капліцу і кляштарны корпус, у 1698 г. у ім адкрыта аднакласная школа). У пачатку XVIII ст., паводле праекту дойліда-манаха Я. Клауса, пабудаваныя новы драўляны кляштар, касцёл Святога Духа (квадратнае ў плане аднанефавае збудаванне з чатырма капліцамі па кутах, прэсбітэрыем і алтарнай апсідай з сакрысціямі па баках; цэнтр нефу быў завершаны васьмігранным светлавым барабанам з купальным пакрыццём; у інтэр’еры знаходзіліся разныя алтары). Да касцёлу прымыкаў сад. Пасля скасавання ордэну езуітаў (1773 г.) комплекс аддадзены кальвіністам, у 1819 г. у ім асталяваны кляштар марыявітак, пасля закрыцця якога ў 1840 г. касцёл і іншыя пабудовы разабраныя.

Другі комплекс пабудаваны ў Новым горадзе ў 1710—20-я гады на месцы 6ылой сядзібы шляхціца I. Клакоцкага, якую ён у 1706 г. падараваў езуітам. Цэнтрам кампазіцыі квадратнага ў плане комплексу быў касцёл з брусоў на цагляным падмурку (1710—15 гг.), са скляпеністай крыптай (мяркуюць, што яго будаваў канонік Р. Энгель). Касцёл — аднанефавае прастакутнае ў плане збудаванне са зрэзанымі кутамі, да якіх прылягалі чатыры квадратныя ў плане капліцы з прэсбітэрыем і трохграннай алтарнай апсідай з сакрысціямі па баках (агульная вышыня храму 37 м). Неф, перакрыты скляпеннем, завяршаўся купалам на прастакутным са зрэзанымі кутамі светлавым барабане, абкружаным балюстраднай галерэйкай. Капліцы завяршаліся чацверыковымі вежамі з купальнымі пакрыццямі. На адной з вежаў галоўнага фасаду ў 1717 г. устаноўлены гадзіннік. Над бабінцам, які разам з тамбурам-уваходам утвараў у плане трапецыю, знаходзіліся хоры складанай у плане формы, над імі — памяшканне для музыкаў, завершанае невысокай вежачкай з драўлянай скульптурай Маці Боскай з дзіцем на галоўным фасадзе. У касцёле былі адзінаццаць алтароў (некаторыя прывезеныя з Прагі), арган, амбон, шкляныя жырандолі, зробленыя ў 1736 г. на Налібоцкай гуце. У 1773 г. касцёл звонку ашаляваны. Непадалёку ад касцёлу знаходзіліся драўляныя званіца, калегіюм, два флігелі, бурса, школа, аптэка, гаспадарчыя пабудовы, 3-павярховая мураваная скарбніца, пладовы сад. Будынак калегіюму (перабудаваны ў 1710-я гады з жылога дому) — двухпавярховы, прастакутны ў плане, завершаны высокім складаным дахам, з ашаляванымі звонку сценамі. Над слупавым ганкам, аформленым балюстрадай, размяшчалася зала. Уздоўж усяго будынку была зробленая галерэя з падчэнямі. У ніжнім паверсе размяшчаліся келлі, у верхнім — келлі і кабінеты. Аднапавярховы прастакутны ў плане флігель (1713 г.) з мезанінам, накрыты гонтавым дахам, уключаў трапезную, галерэю, кухню, камору, у мезаніне была зала. У цэнтры другога флігеля была брама з залай наверсе, завершаная купалам са звонам. Абапал брамы ў аднапавярховых крылах размяшчаліся жылыя пакоі для наведвальнікаў, у мезаніне — две залы. Будынак бурсы — аднапавярховы прастакутны ў плане. Школа размяшчалася ў аднапавярховым крыжовым у плане будынку з ганкам. Памяшканне аптэкі мела ў цэнтры прыхожую з кухняй, жылы пакой аптэкара (з алькежам), справа лабараторыю. Над прыхожай у мезаніне была зала. Уздоўж агароджы (спачатку драўляны паркан, у 1772 г. тры сцяны мураваныя) размяшчаліся пякарня, варыўня, стайня з вазоўняй, кузня, сталярная майстэрня, васкабойня, бровар, хлявы, свіраны. Увесь комплекс, акрамя скарбніцы, згарэў у 1804 г.


Ю.А. Якімовіч



СЛУЦАК. КАЛЬВІНСКІ ЗБОР


Кальвiнскi храм, якi лiчыўся кафедральным у Лiтоўскай правiнцыi, быў заснаваны князем Янушам Радзiвiлам у 1617 г. Пабудавалi яго з дрэва. Стаяў ён у Новым горадзе на беразе ракi Случ. Неаднойчы аднаўляўся пасля пажараў. Верагодна некалькi разоў стары будынак замяняўся новым. Як паведамляюць крынiцы, кальвiнiсты часам мелi два зборы: "... iдучы ад замкў, праз мост малы да Новага гораду ... на левым баку ... над ставамi ракi Случы стаяць два зборы, вялiкi i малы". 

У 1851 г. замест драўлянага па праекту дойліда К. Хршчановiча ўзводзiцца мураваны будынак збору. Ён быў пастаўлены побач з гiмназiяй, уваходам арыентыраваны на вулiцу Шырокую. Уяўляў сабою прастакутны ў плане аб’ём, накрыты вальмавым дахам, з алтарнай апсiдай i шатровай трохяруснай вежай-званiцай на галоўным фасадзе. Чацвярыковыя ярусы вежы аддзялялiся адзiн ад аднаго прафiляванымi карнiзамi. Нiжнi, роўны вышынi асноўнага аб’ёму, меў уваходны праём i выконваў ролю бабiнца. Невысокi сярэднi — yпрыгожваўся паўкруглым сандрыкам. Сцены чацвярыка трэцяга ярусу праразалiся парнымi аконнымi праёмамi. Завяршалася вежа высокiм васьмiгранным шатром, i развёрнутымi па дыяганалi чацвярыковымi шатровымi вежачкамi-пiнаклямi, якiя стаялi па кутах i па перыметру злучалiся мiж сабою фiгурнай металiчнай агароджай. Куты вежы i асноўнага аб’ёму былi апрацаваныя пiлястрамi. Пiлястры члянiлi i бакавыя сцены будынку. Парныя, выцягнутыя ўгару, з паўкруглымi завяршэннямi, трохлапасцёвыя аконныя праёмы аб’ядноўвалiся стрэлападобнымi лiштвамi. Прысутнасць элементаў раманскага, гатычнага i класiцыстычнага стыляў, гаворыць аб эклектычным характары будынку. Дамiнаванне сярод iх выцягнутых уверх, стрэлападобных формаў, надае яму характэрны гатычны выгляд.

У час ІІ Сусветнай вайны збор быў пашкоджаны. Званiца, якая захавалася, была разабраная ў пасляваенны час. 


I.Цiткоускi

Помнікі архітэктуры Слуцка

Слуцак, 1997



СЛУЦАК. МАНАСТЫР СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ (ТРАЙЧАНСКІ)


Існаваў у XVII — пачатку XX ст. ў прадмесці Трайчаны, вядомы таксама пад назвай Трайчанскі. Час узнікнення невядомы, упершыню ўзгадваеццаа ў 1445 г. Мужчынскі манастыр меў две царквы — драўляную Благавешчання і мураваную Траецкую, жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Траецкая царква пабудаваная ў 1655—60 гг. у стылі барока, у сярэдзіне XVIII ст. разбураная, у 1786—89 гг. адбудаваная. Крыжова-купальны мураваны храм з двума бабінцамі і склепам, дзвюхвежавы, накрыты бляхай. Тарцовыя сцены крылаў трансепту завершаныя фігурнымі франтонамі. Царква дзвюхвежавая: на адной вежы быў гадзіннік з боем, на другой — званіца. Над сяродкрыжжам узвышаўся аб’ём з вялікім купалам на чацверыку, над ім — бельведэр, увянчаны маленькім купалам на светлавым барабане. На тэрыторыі манастыра ўваходзілі праз браму (тут была невялікая царква Святога Мікалая). Комплекс таксама ўключаў жылыя памяшканні — дом архімандрыта, дом для гасцей, трапезную, мураваны "скарбец" са склепам, дзе знаходзілася піўніца. Гаспадарчыя пабудовы: адрына, стайні, хлявы, лазня, бровар, дамы для работнікаў; была таксама сажалка, калодзеж з компасам (на драўляных слупах), фруктовы сад, кветнікі. У 1792—1840 гг. пры манастыры існавала духоўная семінарыя.

Разбураны ў ІІ Сусветную вайну.


В.Р. Кукуня



СЛУЦАК. ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ

 

Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваная ў сярэдзіне XIX ст. з цэглы і дрэва паводле "ўзорнага" праекту 1846 г. Складаецца з чатырох аднапавярховых будынкаў (станцыйны дом, два флігелі, стайня), якія ўтвараюць сіметрычную кампазіцыю з замкнёным унутраным дваром. Цэнтральны будынак — станцыйны дом, прастакутны ў плане, арыентаваны галоўным падоўжаным фасадам да вуліцы (сучасная вул. Леніна). Цэнтральны уваход (цяпер закладзены) з ганкам аформлены пілястрамі. Па баках дому тарцом да вуліцы сіметрычна пастаўленыя два флігелі, злучаныя з домам мураванымі сценкамі з уязнымі брамамі. За флігелямі на адной планіровачнай восі з станцыйным домам размешчаны П-падобны будынак стайні. Усе будынкі пад вальмавымі дахамі. Фасады атынкаваныя, апрацаваныя пілястрамі, завершаныя развітымі драўлянымі карнізамі. Аконныя праёмы станцыйнага дому лучковыя, у астатніх будынках — прастакутныя. Інтэр’еры змененыя. У некаторых захаваліся люстраныя скляпенні.

Цяпер будынкі прыстасаваны пад жыллё, у былым станцыйным доме знаходзіцца дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне. Станцыя — помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



СЛУЦАК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА

 


Помнік драўлянага дойлідства XVIII—XIX стаст. Пабудаваная ў г. Слуцаку ў традыцыях народнага дойлідства з элементамі стыляў барока і позняга класіцызму. Напачатку існавала як Канстанцінаўская царква ў Старым горадзе, у канцы XVIII ст. перанесеная ў прадмесце Выспа і пабудаваная на месцы разабранай у 1795 г. Міхайлаўскай царквы. Спачатку была двухзрубная, складалася з асноўнага аб’ёму і алтарнай апсіды, у канцы XIX ст. з захаду ад асноўнага аб’ёму прыбудаваная вежа-званіца. Царква яруснай кампазіцыі, складаецца з прастакутнага ў плане трохсветлавога асноўнага аб’ёму, алтарнай апсіды і званіцы. Асноўны аб’ём і апсіда апяразаныя па перыметры дзвюма глухімі прастакутнымі ў плане галерэямі. Асноўны аб’ём завершаны васьмерыком на чацверыку на заломах і ветразях, над апсідай чацверыковы верх. Над вярхамі складанай формы купалы, над якімі ўзвышаюцца цыбулепадобныя купалкі на глухіх васьмерыках. Трох’ярусная вежа-званіца (два ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні — чацвярык са зрэзанымі кутамі) завершаная шлемападобным купалам і шпілем на нізкім чацверыку са зрэзанымі кутамі. Царква звонку гарызантальна ашаляваная, вокны арачныя, прастакутныя і круглыя (у званіцы). Ярусы падзеленыя прычолкамі, ніжні ярус званіцы на трох фасадах завяршаюць трохкутныя франтоны, куты аздобленыя лапаткамі. Асноўны аб’ём раскрыты ў галерэю трыма шырокімі праёмамі і аддзелены ад апсіды разным іканастасам.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч

 

 

СМАЛЯВІЧЫ


Горад, цэнтр раёну, на р. Пліса (прыток Бярэзіны ў басейне Дняпра). За 38 км на паўночны ўсход ад Менску. Вядомы з пачатку XVI ст. як прыватнае мястэчка князёў Астрожскіх, потым Радзівілаў у Менскім павеце і ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. У 1508 г. пабудаваная Мікалаеўская царква (не захавалася). З 1793 г. ў складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага павету Менскай губерніі, належалі Вітгенштэйнам, Гагенлоэ. У 1860 г. мелі тры смалярні, шкіпінарны завод і бровар. У 1871 г. праз мястэчка пракладзеная Берасцейска-Маскоўская чыгунка, што спрыяла развіццю промыслаў і гандлю. У канцы XIX ст. 3037 жыхароў (1897 г.), каля 120 дамоў, прыватная пачатковая школа, народнае двухкласнае вучылішча, 24 крамы, лякарня, пошта-тэлеграф, бровар, гута, млын, завод па вырабу драўляных шавецкіх цвікоў і капылоў, тры лесапільні. З ліпеня 1924 г. цэнтр раёну. З 1938 г. гарадскі пасёлак. У 1939 г. налічвалася 6,8 тыс. жыхароў, 7,3 тыс. — у 1959 г. У 1962—65 гг. у Менскім р-не. З 1968 г. — горад, 9,6 тыс. жыхароў у 1970 г.

Размешчаны на ўзвышаным рэльефе з паніжэннем у бок р. Пліса і чыгункі. Планіровачная кампазіцыя сучаснага цэнтру мае прастакутную квартальную структуру. Планіроўка больш старых раёнаў гораду ірэгулярная, склалася гістарычна. Забудоўваецца паводле генпланаў 1965 г. (інстытут "Белдзяржпраект"), 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды А. Сідзельнікаў, Н. Алфімава, Т. Прохарава). Чыгунка дзеліць горад на паўночны і паўднёвы раёны. Паўночны раён — асноўны масіў жылой забудовы. Галоўная кампазіцыйная вось — вул. Савецкая з утворанай на ёй цэнтральнай плошчай. Тут, на скрыжаванні вул. Савецкай з вул. Першамайскай і яе працягам — вул. Садовай, — склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр (райвыканкам Савету народных дэпутатаў, аддзяленне сувязі, кінатэатр, Дом культуры, гатэль, гандлёвы цэнтр і інш.). На вул. Сацыялістычнай будынкі крам, СПТВ механізацыі сельскай гаснадаркі, пяціпавярховыя шасцідзесяцікватэрныя жылыя дамы. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Капітальная 2—5-павярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтральнай і паўднёва-заходняй частках гораду. Ва ўсходняй частцы забудоўваецца новы мікрараён з 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Вытворча-складская зона размешчаная ў паўднёвай частцы гораду. Зона адпачынку — р. Пліса, парк на яе ўзбярэжжы, Смалявіцкае вадасховішча.

Прадугледжваецца развіццё гораду на поўнач, рэканструкцыя і далейшае развіццё грамадскага цэнтру, сувязь яго з паркавай зонай і ўсімі раёнамі гораду, расшырэнне і добраўпарадкаванне зоны адпачынку.


В.А. Крайко



СМАЛЯНЫ. ЗАМАК "БЕЛЫ КОВЕЛЬ" ("МАЛЫ КОВЕЛЬ")


Помнік палацава-замкавага дойлідства 1-й паловы XVII ст. Пабудаваны да 1626 г. кнчзем С. Сангушкам-Ковельскім на паўночна-заходняй ускраіне в. Смаляны (Аршанскі р-н). Размяшчаўся на беразе р. Дзярноўка на невысокай прастакутнай пляцоўцы (100х200 м), абкружанай штучным вадаёмам. Змураваны з буйной цэглы і невялікіх камянёў. Часткова пашкоджаны ў 1708 г., разбураны ў сярэдзіне XIX ст., засталіся руіны гранёнай пяціяруснай вежы і сумежнага корпусу. Замак меў замкнёны чатырохкутныны двор, утвораны 3—4-павярховымі палацавымі карпусамі з галерэямі на 2—3-м паверхах і трыма ці чатырма кутнімі вежамі. Знадворны дэкор (картушы, абрамленні аконных праёмаў і інш.) выкананы ў стылі рэнесансу. Унутры памяшканні мелі скляпеністыя перакрыцці, каміны, глыбокія нішы з паўсферычнымі конхамі, паверхі злучаліся маршавымі і вітымі ўсходамі. Першапачаткова замак быў пафарбаваны ў белы колер, у пачатку XVI ст. інтэр’еры жылых памяшканняў мелі фрэскавую размалёўку.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Р.В. Баравы



СМАЛЯНЫ. КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ I КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. з цэглы ў в. Смаляны (Аршанскі р-н). У 1899 г. касцёл і кляштар адрамантаваныя пад кіраўніцтвам дойліда Даўкшы, па яго малюнках зробленыя алтары касцёлу, вялікая люстра і інш. Касцёл трохнефавы, з паўкруглай апсідай. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках. Двух’ярусны фасад аздоблены пілястрамі. Дэкаратыўнае афармленне інтэр’еру і алтароў не захавалася. Паралельна паўночнаму фасаду касцёлу размешчаны мураваны аднапавярховы будынак кляштару калідорнай планіроўкі. Калідор перакрытыя цыліндрычным скляпеннем, абапал яго — келлі і гасппдарчыя памяшканні.

У канцы 1930-х гадоў касцёл закрыты, да 1989 г. у ім і будынках кляштару размяшчаліся майстэрня і гараж калгасу. Зараз у аварыйнам стане, не дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Р.В. Баравы



СМАЛЯНЫ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. ў в. Смаляны (Аршанскі р-н). Мае рысы стылю барока. Складаецца з дзвюх частак: ніжняй мураванай і верхняй драўлянай. Асноўны прастакутны ў плане зруб (даўжыня 18 м, шырыня 13,7, вышыня каля 22 м) з трох бакоў абкружаны закрытай абходнай галерэяй, накрыты крыжападобным дахам з франтонамі на тарцах. З усходу да яго прылягае пяцігранны алтарны зруб і рызніцы. Сяродкрыжжа ўвянчанае купалам на двух’ярусным светлавым барабане. З боку галоўнага фасаду ўзнімаюцца две вежы з шатровымі дахамі. Вокны асноўнага аб’ёму прастакутныя, спараныя, алтарнай апсіды — прастакутныя, барабану — паўцыркульныя і лучковыя. Над уваходам размешчаныя хоры. Алтар аддзяляе ярусны разны іканастас. На купале — размалёўкі XVIII ст., якія вызначаюцца жывапіснасцю каляровай гамы і манументальнасцю кампазіцыі (зробленыя тэмперай па дошках). Намаляваныя дванаццаць апосталаў у поўны рост. Велічныя постаці на блакітным фоне ў адзенні вохрыста-чырвонага, балотна-зялёнага, залаціста-карычневага колераў запаўняюць амаль усе роўніцы граней купалу.

У канцы 1930-х гадоў царква была зачыненая. Будынак выкарыстоўваўся пад вінзавод. Цяпер царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч, Э.I. Вецер



СМАРГОНЬ


Горад, цэнтр раёну, каля р. Вілія. За 260 км на паўночны ўсход ад Гародні. Вядомая з XV ст. ў Вялікім княстве Літоўскім як прыватнае мястэчка Зяновічаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх. У 2-й палове XVI ст. пабудаваны кальвінскі збор, заснаваныя папяровая мануфактура, школа, шпіталь. У 1622 г. налічвалася 139, у 1640 г. — 155 домаўласнікаў. У 1788 г. мела 393 двары, тры фальваркі, тры бровары, тры млыны, два прадпрыемствы па выпуску будаўнічых матэрыялаў, гарбарня, 30 крам. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага павету Віленскай губерніі. У XIX — пачатку XX стст. цэнтр гарбарнай (16 заводаў у 1904 г.) і швейнай прамысловасці на Беларусі. Развіццю мястэчка спрыяла будаўніцтва чыгункі (1873 г.) і наяўнасць дарог, што звязвалі Смаргонь з Менскам, Вільняй, Вілейкай. Паводле перапісу 1897 г. мелася 7,5 тыс. жыхароў, 650 рамеснікаў, каля 1630 дамоў, банкаўская кантора, паштовая станцыя, аптэка, пяць навучальных устаноў; у 1910 г. 16,3 тыс. жыхароў. У I Сусветную вайну мястэчка разбуранае. У 1921—39 гг. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ашмянскага павету Віленскага ваяводства. З 1938 г. у БССР, 5,9 тыс. жыхароў. З 1940 г. горад, цэнтр раёну Віленскай вобл. У 1959 г. — 6,5 тыс. жыхароў, у 1970 г. — 10,1 тыс. жыхароў.

Генплан распрацаваны БелНДІПгорадабудаўніцтва ў 1972 г., зацверджаны ў 1976 г. (дойліды В. Кашырын, Г. Марцішонак, інжынеры К. Лапіцкая, I. Уцехін). Планіровачную структуру гораду вызначаюць вуліцы Савецкая, Леніна, Я. Коласа, Гагарына, Камінскага, Кутузава. Галоўная кампазіцыйная вось — вул. Савецкая, забудаваная 2—5-павярховымі дамамі. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся на вул. Савецкай (будынкі Дзяржбанка, універсальнай крамы, Дому побыту, кафэ, сталоўкі, крам) і пл. Леніна, утворанай на скрыжаванні вуліц Савецкай і Гагарына (будынкі Дому Саветаў, вузлу сувязі, кінатэатру, музычнай школы, рэстарану). З поўдня плошчу замыкае спартовы комплекс, з усходу да яе прылягае паркавая зона. У цэнтры гораду, у раёне вуліц Савецкай і Леніна забудоўваюцца тры мікрараёны 2—5—9-павярховымі жылымі дамамі; Заходні мікрараён забудоўваецца 3—5-павярховымі дамамі. Індывідуальная забудова сядзібнага тыпу размешчаная ва ўсходняй частцы гораду (вуліцы Вілейская, Я. Купалы, Фабрыцыуса і інш.). На поўдні склаўся прамысловы раён. Зона адпачынку — р. Вілія, парк культуры і адпачынку.

Паводле генплану 1985 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды М. Мызнікаў, Т. Пракаповіч, інжынеры I. Калеснік, Р. Абласава) прадугледжанае развіццё гораду на поўнач, фармаванне паўнёва-заходняга прамысловага раёну.


С.Ф. Самбук



СМАРГОНЬ. КАЛЬВІНСКІ ЗБОР


Помнік дойлідства рэнесансу. Першапачаткова ў 1503 г. (1505 г.?) быў пабудаваны драўляны касцёл Святых Міхаіла і Аляксея па фундацыі польскага магната Юрыя Зяновіча. Сын Ю. Зяновіча Хрыстафор перайшоў у кальвінізм і на месцы драўлянага касцёлу пачаў будаваць мураваны кальвінскі збор. У 1552 г. (1553 г.?) закончыў будаўніцтва збору яго сын Юрый. Сын Юрыя Зяновіча Мікалай Багуслаў аставіў кальвінізм і перайшоў у каталіцтва. Яго сястра Соф’я пасля смерці брата ў 1621 г. вярнула храм каталікам (ён стаў называцца Траецкім касцёлам). У 1866—1921 г. — Міхайлаўская царква, у 1921—47 гг. — зноў касцёл. З 1947 г. не дзейнічаў (у ім быў склад, крама). Рэстаўрыраваны ў 1858 г. і 1926 г.

Купальны храм цэнтрычнага тыпу (вышыня 19,2 м), у плане васьміграннік (дыяметр 13,5 м), злёгку выцягнуты па падоўжнай восі. З боку галоўнага фасаду да яго прымыкае шмат’ярусная вежа-званіца (захаваліся два ярусы), завершаная нізкім шатром на васьмігранным барабане. У месцы злучэння званіцы і асноўнага аб’ёму прыбудавана цыліндрычная вежа. Магутныя сцены будынку (1,8—3,0 м) прарэзаныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Пластычны парапет апрацаваны лапаткамі і характэрнай рэнесансавай аркатурай з гіркамі. Уваход у храм праз квадратны ў плане ніжні ярус вежы-званіцы, перакрыты крыжовым скляпеннем. Унутраная прастора асноўнага аб’ёму перакрытая сферычным купалам. Аснова купалу аддзеленая ад сцен невялікім карнізам з дэнтыкуламі. Плоскасці сцен раскрапаваныя шматлікімі арачнымі нішамі. Купал дэкарыраваны фрэскамі. Над прытворам — хоры, перакрытыя крыжовым скляпеннем. Парапет хораў мае філёнгавую крапоўку. Ярусы званіцы былі аб’яднаныя вітой лесвіцай. Пад цэнтральнай часткай — крыпта.

Пасля рэстаўрацыі (1970 г., Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні, дойліды В. Сахно, П. Седляроў, С. Друшчыц) тут была зала для выстаў, з сакавіка 1990 г. перададзены вернікам. Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Н.Е. Маркава, А.А. Міцянін



СМІЛАВІЧЫ


Гарадскі пасёлак у Чэрвеньскім р-не, на р. Волма. Цэнтр сельсавету і пасялковага Савету народных дэпутатаў. За 30 км на захад ад Чэрвеня, 32 км на ўсход ад Менску. Вядомыя з XVI ст. як вёска, пасля мястэчка Менскага павету Вялікага княства Літоўскага, належалі Бакштанскім, Кежгайлам, Сапегам, Завішам, Агінскім, Манюшкам, Ваньковічам. У 1767 г. тут пабудаваны касцёл і кляштар місіянераў. З 1793 г. у складзе Расёйскай імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага павету Менскай губерніі. У XIX ст. мелася 3,1 тыс. жыхароў (1897 г.), две царкоўна-прыходскія школы, тры царквы, мячэць, суконная фабрыка, некалькі гарбарняў, бровары, крамы. Ў пачатку XX ст. адкрыта двухкласнае сельскае вучылішча. У 1924—31 гг. і ў 1935—38 гг. цэнтр раёну, з 27.9.1938 г. гарадскі пасёлак. З 1938 г. у Рудзенскім, з 1960 г. у Чэрвеньскім р-не.

Забудоўваецца паводле генплану 1972 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды В. Жаўняк, В. Токарава, інжынеры Р. Ходас, 3. Максімава). Планіровачная структура — дробная сетка квартальнай забудовы. Асноўныя вуліцы: Горкага (галоўная), Дзяржынскага, Кастрычніцкая, Савецкая. Тэрыторыя пасёлку складаецца з трох жылых утварэнняў — цэнтральнага, усходняга і паўднёвага, якія фармуюцца вакол цэнтральнай часткі. Адмінтстрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся ў паўночна-заходняй частцы пасёлку, на скрыжаванні вуліц Горкага і Дзяржынскага (тут размешчаныя будынкі гарпасялковага выканкаму, Дому культуры, кінатэатра, Дому побыту, магазінаў, СПТВ механізацыі меліярацыйных работ). Шматпавярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтральнай частцы пасёлку. Усходні і паўднёвы планіровачныя раёны забудаваныя пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. Ва ўсходняй частцы склалася прамысловая зона.

Прадугледжваецца развіццё пасёлку на ўсход, фармаванне грамадскага цэнтру на новым месцы, у раёне парку. Месца адпачынку — р. Волма і штучныя вадасховішчы, палацавы комплекс.


С.Ф. Самбук



СМІЛАВІЧЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ВІНЦЭНТА I КЛЯШТАР МІСІЯНЕРАЎ


Існаваў у в. Смілавічы (Чэрвеньскі р-н) у 2-й палове XVIII — пачатку XX ст. Пабудаваны ў 1767 г. насупраць палацавага комплексу. Меў рысы позняга барока. Касцёл — трохнефавая базіліка з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Трох'ярусныя вежы завершаныя складанымі барочнымі купаламі. Цэнтральны неф меў двухсхільны дах, больш нізкія бакавыя нефы — аднасхільныя. Галоўны фасад завяршаўся атыкам, над якім узвышаліся другі і трэці ярусы вежаў са складаным фігурным франтонам паміж імі. Сцены расчлянёныя высокімі арачнымі праёмамі, раскрапаваныя пілястрамі. З боку ад касцёлу размяшчаўся П-падобны ў плане двухпавярховы кляштар з двума трохпавярховымі рызалітамі на галоўным фасадзе, меў двухсхільны дах. Аконныя праёмы прастакутныя, раскрапаваныя пілястрамі. Рызаліты былі завершаныя атыкамі з трохкутнымі франтонамі і стылізаванымі валютамі. Да 1831 г. пры кляштары дзейнічала місіянерская школа. У касцёле зберагаліся творы іканапісу работы Ш. Чаховіча. XVIII ст., у т.л. абраз Святога Вінцэнта.

Смілавіцкі комплекс адлюстраваны на малюнку Н. Орды 1870-х гадоў.


Ю.А. Якімовіч



СМІЛАВЧЫ. ПАЛАЦАВЫ КОМПЛЕКС


Помнік сядзібна-палацавага дойлідства 2-й паловы XIX ст. Пабудаваны ў г.п. Смілавічы (Чэрвеньскі р-н) на месцы замку XVI ст. Мае рысы рамантычна-рэтраспектыўнага дойлідства. Уключаў два палацы, шэраг пабудоў, парк пейзажнага тыпу (збярогся часткова).

Цэнтральны будынак — двухпавярховы прастакутны ў плане палац з эркерамі, атыкам, раскрапаваны пілястрамі і карнізамі, завершаны невялікім бельведэрам. У палацы (не збярогся) быў зімовы сад, багаты архіў (зберагліся дакументы Агінскіх, Манюшкаў, Ваньковічаў), вялікая бібліятэка, калекцыя твораў выяўленчага мастацтва, сярод якіх карціна В. Ваньковіча "Адам Міцкевіч на скале Аюдаг".

Другі палац — прастакутны ў плане двухпавярховы будынак з эркерамі, завершаны двухсхільным дахам. На паркавым фасадзе трохпавярховы вежападобны аб’ём. Уваход на галоўным фасадзе вылучаны трохпавярховым рызалітам з дзвюма фланкіруючымі гранёнымі вежачкамі, завершанымі невысокімі шатрамі і шпілямі. Вежа паркавага фасаду ўпрыгожаная рустам, валютамі, складаным абрамленнем акна трэцяга ярусу, завершаная атыкам, зубцамі (накшталт старажытных абарончых вежаў). Інтэр’ер палацу быў аздоблены размалёўкай.

У будынку размешчаная навучальная ўстанова.


Ю.А. Якімовіч



СНОЎ


Вёска ў Нясвіжскім р-не. Цэнтр сельсавету і калгасу імя Калініна. За 20 км на захад ад Нясвіжу, 132 км ад Менску. З XVI ст. мястэчка Наваградскага павету Вялікага княства Літоўскага. Належала Радзівілам, Рдултоўскім. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі. У канцы XIX ст. — цэнтр воласці; школа, царква, тры крамы. У пачатку XX ст. мелася каля 500 жыхароў, 50 дамоў. З 1921 г. у складзе Польшчы. З 1939 г. у БССР.

Паводле генплану 1969 г. (БелНДІдзіпрасельбуд, карэкціроўка 1978 г., аўтар I. Федарынчык, дойліды В. Емяльянаў, А. Калніньш, З. Озерава) вядзецца эксперыментальнае будаўніцтва жылых дамоў і культурна-побытавых устаноў. Асноўная кампазіцыйная вось вёскі — вул. Леніна (з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, забудавана 2—3- і пяціпавярховымі дамамі, паводле індывідуальных праектаў), яе забудова вызначаецца арыгінальнасцю кампазіцыйнага і каляровага вырашэння — групы жылых дамоў з унутранымі азялененымі дворыкамі размешчаныя ўздоўж шырокага бульвару, у афарбоўцы дамоў выкарыстаныя кантрастныя чырвона-тэракотавы, белы і сіні колеры. Галоўная вуліца падводзіць да плошчы адміністрацыйна-грамадскага і культурнага цэнтру, які фармуюць: пяціпавярховы Дом культуры, трохпавярховы будынак выканкаму сельсавету і праўлення калгасу, фасад якога ўпрыгожаны металічным пано, двухпавярховы будынак навучальна-вытворчага камбінату, трохпавярховы жылы дом. На вул. Нясвіжскай паводле індывідуальнага праекту створаны комплекс побытавых устаноў (кнігарня, аптэка, гатэль з інтэрнатам, сталоўка, рэстаран, бар і крама). Вул. Школьная, вырашаная ў выглядзе бульвару (у канцы яго будынак сярэдняй школы), звязвае грамадскі цэнтр з зонай адпачынку — паркам са стадыёнам, спартовымі пляцоўкамі, плавальным басейнам, сажалкай. Уздоўж парку праходзіць вул. Паркавая, забудаваная блакіраванымі дамамі з кватэрамі ў двух узроўнях, выкананых па індывідуальных праектах. На паўночным захадзе, захадзе і паўднёвым усходзе вёскі індывідуальная жылая забудова, на  паўночным захадзе і паўднёвым захадзе ад яе — вытворча-складская зона. Вёска забяспечаная ўсімі відамі інжынерна-тэхнічнага абсталявання.

Прадугледжанае развіццё вёскі на ўсход, расшырэнне грамадскага цэнтру, будаўніцтва дамоў розных тыпаў. Забудова і добраўпарадкаванасць вёскі адзначаныя залатым медалём ВДНГ СССР (1976 г.).

Збярогся помнік дойлідства і садова-паркавага мастацтва 1-й паловы XIX ст. — палацава-паркавы ансамбль.


I.П. федарынчык



СНОЎ. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік дойлідства 1-й паловы XIX ст. Створаны ў в. Сноў (Нясвіжскі р-н), на раўнінным беразе р. Сноўка. Былы маёнтак польскага маршала Рдултоўскага, да якога перайшоў ад Радзівілаў. У 1-й палове XIX ст. належаў Абуховічам, з 1854 г. — барону Густаву Харцінгу. Пасля рамонту 1929 г. прыстасаваны пад канцылярыю і жыллё афіцэраў польскага корпусу аховы граніцы, выкарыстоўваўся як казіно.

Буйнамаштабны манументальны ансамбль арганізаваны па прынцыпе сіметрычна-восевай планіроўкі. Яго кампазіцыйны цэнтр — мураваны палац. Сваімі франтальнымі фасадамі ён шырока раскрываецца ў невялікі пейзажны парк з сістэмай сажалак і каналаў. Палац пабудаваны ў 1827 г. дойлідам Б. Тычэцкім у стылі класіцызму. Вырашаны як двухпавярховы цэнтральны аб’ём, злучаны аднапавярховымі бакавымі крыламі-каланадамі з павільёнамі. У цэнтры выцягнутага (даўжыня каля 140 м) галоўнага фасаду — чатырохкалонны іанічны порцік, якому з боку тыльнага фасаду адпавядае аналагічны порцік меншага памеру і тэраса. Бакавыя рызаліты цэнтральнага корпусу вырашаныя ў выглядзе "італійскага акна" (арачны праём падзелены карнізам і вузкімі прасценкамі). Бакавыя крылы аздобленыя іанічнымі каланадамі, калоны якіх сіметрычна размешчаныя ў прасценках прастакутных аконных праёмаў. У павільёнах выкарыстаныя прастакутныя нішы, сандрыкі аконных праёмаў. У каларыстычнай апрацоўцы — вохрысты фон і белыя элементы ордэрнага дэкору, капітэлі, арнаментальны фрыз, барэльефныя плакеткі. Унутры больш за 100 памяшканняў. У цэнтры на першым паверсе знаходзяцца парадная зала, вялікі вестыбюль, анфілада гасціных і кабінетаў, капліца. Прастакутная ў плане парадная зала (плошча 100 м2) аздобленая нішамі, скульптурай, каланадай, захавалася кафляная печ, другі паверх і бакавыя крылы адводзіліся пад жылыя і службовыя памяшканні.

У будынку размешчаная медычная установа. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



"СОКАЛ"


Замак. Існаваў у XVI ст. непадалёк ад в. Сакалішча (Расонскі р-н). Пабудаваны ў 1566 г. у час Лівонскай вайны па загаду рускага цара Івана IV Жахлівага як парубежная крэпасць. Планіроўку і памеры замку вызначаў мыс пры зліцці рэк Дрыса і Нішча. Паўавальны ў плане замак (павернуты закругленай часткай да стралы мысу) з дзесяццю вежамі (унутры былі падзеленыя на 2—3 ярусы, мелі баявыя памяшканні і амбразуры). Чатыры вежы чацверыковыя, завершаныя двухсхільнымі дахамі, астатнія васьмерыковыя, з высокімі шатровымі дахамі. Вежы стаялі на высокіх насыпах і злучаліся абарончымі сценамі. У сцяне, процілеглай закругленай частцы, размяшчаліся арачная брама пад двухсхільным дахам з дзвюма байніцамі абапал праезду. Шчыльная драўляная забудова дзядзінца займала амаль палавіну яго тэрыторыі. Цэнтрам кампазіцыі была царква на невялікая плошчы. Яе абкружалі прастакутныя ў плане хаты пад двухсхільнымі стрэхамі. Вылучаліся два вежападобныя збудаванні: адно з іх з цыбулепадобным купалам мела рысы стылю рэнесансу.

Замак разбураны ў 1579 г. польскімі войскамі. Адлюстраваны на малюнку С. Пахалавіцкага (1579 г.).



СОЛЫ. КАСЦЁЛ МАЦІ БОСКАЙ РУЖАНЦОВАЙ


Помнік дойлідства мадэрну. Пабудаваны ў 1926—34 гг. (дойлід А. Дубановіч) з цэглы ў в. Солы (Смаргонскі р-н) на сродкі парафіян. Будаўніцтва вялося пад кіраўніцтвам прараба Баніфацыя Трахневіча, было затрачана 540 тыс. злотых. Будынак (вышыня 35 м) мае асіметрычную шматпланавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Асновай яе з’яўляецца аб’ём нефу, накрыты двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Да нефу далучаны трансепт і паўцыркульная апсіда з канічным пакрыццём. Невысокія прыбудовы сакрысцій з крывалінейнымі парапетамі. Своеасаблівасць збудаванню надаюць галерэі-аркады. Уваходны тамбур паўкруглы ў плане. Вертыкальная дамінанта будынку — бакавая двух'ярусная вежа-званіца з фігурным завяршэннем. Двух’ярусная васьмігранная вежачка надбудаваная над сяродкрыжжам храму. Фасады дэкарыраваныя фігурнымі шчытамі з валютамі, ступеньчатымі контрфорсамі бутавай муроўкі. У кампазіцыі інтэр’еру пануе прастора нефу, у якую раскрываецца шырокі трансепт і больш вузкая алтарная частка. Сяродкрыжжа перакрытае купалам, неф — цыліндрычным скляпеннем. Над уваходам — хоры на дзвюх калонах. У аздабленні інтэр’еру выкарыстаная фрэскавая размалёўка.

Касцёл дзейнічае.


А.М. Кулагін



"СТАЙКІ"


Спартовы комплекс пабудаваны ў канцы 1960-х гадоў за 15 км на паўднёвы ўсход ад Менску паблізу аўтамагістралі Менск — Магілёў. З 1970 г. база падрыхтоўкі футбалістаў і лёгкаатлетаў. Плошча 136 га, з іх 76 га пад лесам. Комплекс уключае універсальную залу-манеж для заняткаў па асобных відах лёгкай атлетыкі, гульнявых і прыкладных відах спорту (72х49 м, дойліды П. Пугач, У. Машукоў), залу для трэніровак футбалістаў (54х36 м), гімнастычную (30х20 м), две залы для фехтавання (24х12 м), дапаможныя і тэхнічныя памяшканні, гатэль для спартоўцаў (дойлід М. Драздоў), рэабілітацыйны цэнтр, сталоўку, бібліятэку, кінаканцэртную і кіналекцыйную залы і інш. Кампазіцыйны акцэнт комплексу — універсальная зала-манеж, выразнае дойлідскае аблічча якой дасягаецца выкарыстаннем клеедраўляных трохшарнірных арак пралётам 49 м. Будынкі гатэля, залы для трэніровак футбалістаў і іншых кампазіцыйна падпарадкаваныя дойлідству асноўнага збудавання, маюць простыя лаканічныя формы, добра ўпісваюцца ў маляўнічы ландшафт. У комплекс таксама ўваходзяць: шесць футбольных палёў, восем валейбольных, дзевяць баскетбольных і сем гандбольных пляцовак, шэсць тэнісных кортаў, штучны праточны вадаём (36 га).


С.Дз. Філімонаў



СТАЛОВІЧЫ. КАСЦЁЛ СЭРЦА ІСУСА


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны з цэглы на мяжы XIX—XX стст. у цэнтры в. Сталовічы (Баранавіцкі р-н). Трохнефавая аднавежавая базіліка. Прастакутны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам, расчлянёным дахавымі аконнымі праёмамі, з фіяламі ў завяршэнні. Дамінантай касцёлу з’яўляецца двух’ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з высокім шпілем. Фасады рытмічна расчлянёныя стральчатымі праёмамі і контрфорсамі ў прасценках і па баках будынку. Галоўны ўваход вырашаны моцным перспектыўным парталам і фланкіраваны трохступеньчатымі контрфорсамі, увянчанымі высокімі шатрамі з крабамі. Падобныя завяршэнні маюць і кутнія фіялы алтарнага шчыту. Дойлідска-мастацкая выразнасць будынку дасягаецца багаццем краповак профіляў і абломаў, выкананых сродкамі муроўкі, насычаным каларыстычным вырашэннем — чырвоны фон адкрытай муроўкі, светлыя бляшаныя пакрыцці, паліхромны бутавы цокаль.

Касцёл дзейнічае.


А.М. Кулагін



СТАЛОВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ


Помнік дойлідства стылю віленскага барока. Пабудаваная ў в. Сталовічы (Баранавіцкі р-н). У 1639 г. па загаду камандора мальтыйцаў З.К. Радзівіла пабудавана мураваная Ларэтанская капліца. У 1740 г. паводле праекту дойліда І. Фантана ІІІ пачалося будаўніцтва мураванага касцёлу, у агульны аб’ём якога капліца ўключаная як прэсбітэрый. У 1743 г. дойлід I.К. Глаўбіц дапрацаваў праект і закончыў будаўніцтва касцёлу. Пачаў дзейнічаць у 1746 г. У 1863 г. касцёл перабудаваны ў праваслаўную Успенскую царкву — трохнефавую базіліку з больш нізкімі прэсбітэрыем і сакрысціямі. Галоўны фасад складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з дзвюма вежамі па баках, падзелены раскрапаванымі антаблементамі на тры ярусы. Яго асноўны дэкаратыўны матыў — слаістыя пілястры. Уваход падкрэслены чатырма паўкалонамі. Бакавыя фасады раскрапаваныя пілястрамі. Высокія аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі аздобленыя ляпнымі абрамленнямі. Інтэр’ер падзелены двума радамі слупоў на тры нефы. Цэнтральны перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на падпружных арках, завершаны трох’ярусным алтаром і злучаны з Ларэтанскай капліцай. Бакавыя нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі, завершаныя двух’яруснымі алтарамі. Пры ўваходзе ў царкву невялікі тамбур. Хоры падтрымліваюць две калоны. Дэкаратыўнае аздабленне інтэр’еру (дойлід I.К. Глаўбіц) выкананае ў тэхніцы стука. Першы ярус галоўнага алтару аформлены спаранымі калонамі карынфскага ордэру і развітым антаблементам, у другім ярусе вертыкальны рытм калон паўтараюць пілястры з раскрапаванымі карнізамі, трэці ярус завяршае кампазіцыю алтару глорыяй. У цэнтры алтару над дзвярамі барочны картуш з рэльефнай выявай адсечанай галавы Іаана Хрысціцеля.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская, М.М. Яніцкая



СТАНЬКАВА. СЯДЗІБНА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік дойлідства і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XIX ст. Размешчаны ў в. Станькава (Дзяржынскі р-н) на раўнінным рэльефе (прастакутны участак каля 15 га) са схілам у бок штучнага вадаёму, які абмяжоўвае яго з поўдня. З захаду мяжа праходзіць па галоўнай вуліцы вёскі. Уключаў палац, флігель, два жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, парк. Захаваліся будынкі флігеля, т.зв. "скарбчык", жылы дом, усходняя брама, альтанка, некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Парк закладзены ў 1870-я гады ў сядзібе графа Э. Гутэн-Чапскага, комплекс фармаваўся да пачатку XX ст.

Палац — аднапавярховы П-падобны ў плане будынка з двух’яруснай вежай. Пабудаваны ў 1880 г. у рамантычным стылі з выкарыстаннем форм сярэдневечнага дойлідства. Другі ярус вежы меў чатыры балконы, адкуль адкрывалася кругавая паркавая панарама. На партэры перад палацам быў невялікі круглы фантан (захавалася ад яго чаша). Падземнымі пераходамі-калідорамі палац быў злучаны з флігелем (кухня), з паўночнага боку — са спецыяльным павільёнам, т.зв. "скарбчыкам", прызначаным для калекцый уладальніка сядзібы (абодва пабудаваныя ў 1880 г.).

Флігель — аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з двухсхільным дахам. Куты і цокаль руставаныя. Фасады рытмічна расчлянёныя лучковымі вокнамі, дэкарыраваныя замковым каменем. Сцены апяразаныя спрошчаным антаблементам з сухарыкамі.

"Скарбчык" — двухпавярховы квадратны ў плане павільён з чатырма кутнімі вежамі, нагадвае сярэднявечны замак у мініяцюры. Вежы завершаныя шатровымі галоўкамі, упрыгожаны аркатурнымі паясамі. Сцены бакавых і тыльнага фасадаў маюць завяршэнні ў выглядзе шчытоў. Вокны прастакутныя на першым паверсе і стральчатыя на другім, аформленыя прафілявымі сандрыкамі. Музейныя калекцыі "Скарбчыка" ўключалі: нумізматычныя зборы, гістарычныя малюнкі, збор жывапісу і графікі, гравюры, старажытныя іконы, старую зброю, рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалагічныя і геалагічныя рэдкасці і інш. У бібліятэцы было больш за 20 тыс. тамоў, збор рукапісаў; выдадзены спецыяльны каталогі па асобных калекцыях. У 1894 г. частка музея вывезеная ў Кракаў, цяпер знаходзіцца ў аддзеле імя Э. Гутэн-Чапскага Нацыянальнага музея Польшчы.

Каля 1900 г. з цэглы пабудаваны жылы дом у стылі неаготыкі. Двухпавярховы Г-падобны ў плане, з кароткім двухпавярховым і падоўжаным аднапавярховым крыламі. Тарцовыя часткі двухпавярховага аб’ёму завершаныя ступеньчатымі шчытамі. Паверхі аддзеленыя карнізным поясам, куты руставаныя, вокны першага паверху стральчатыя, другога — прастакутныя. Вылучаецца паўднёвы фасад аднапавярховага аб’ёму, у дэкоры якога выкарыстаныя пілястры, прафіляваныя ліштвы, прастакутныя аконныя праёмы, сандрыкі. Планіроўка калідорная.

Парк пейзажнага тыпу з элементамі рамантызму. Плошча каля 15 га. З трох бакоў абнесены мураванай сцяной, на поўдні — вялікі штучны вадаём. Кампазіцыя яго пабудаваная на трох шырокіх перспектывах, якія з узвышанай часткі раскрываюцца ў бок вадаёму. У заходняй частцы парку стаяў палац. На паўднёвым усходзе ад палацу пачынаўся шырокі луг, перарэзаны пратокай з дзвюма выспамі. У масіве дрэў пракладзеная шырокая алея, якая па схіле вядзе да дзвюх выспаў. На заходняй выспе стаіць альтанка — васьмікалонная ратонда. Замыкала перспектыву Мікалаеўская царква (1858 г., засталіся руіны.).

У 1880—90-я гады пры ўездзе з усходу пабудаваная з цэглы брама з вартоўняй, накрытая двухсхільным дахам. Брама — трохпралётная стральчатая арка з павышанай цэнтральнай часткай, завершанай ступеньчатым шчытом. Сцены апрацаваныя плоскімі арачнымі нішамі.

Пасля Кастрычніцкага перавароту ў палацы размяшчалася школа, потым дзіцячая калонія. У ІІ Сусветную вайну палац разбураны. На яго месцы пабудаваная школа-інтэрнат.


У.В. Алісейчык, В.Р. Анціпаў



СТАРАЯ БЕЛІЦА. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. Пабудаваная ў 1710 г. у в. Старая Беліца (Гомельскі р-н). Храм трохзрубны, восевай кампазіцыі. Да цзнтральнага квадратнага (18х18 м) аб’ёму з захаду і ўсходу прылягаюць пяцігранная апсіда і бабінец. Усе аб’ёмы завершаныя фігурнымі галоўкамі на шасцігранных барабанах (цэнтральны — светлавы). Пачатковая кампазіцыя парушаная прыбудаванымі пазней тамбурамі — цэнтральным і двума бакавымі. Сцены складзеныя з брусоў, якія звонку вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Высока размешчаныя аконныя праёмы прастакутнай формы. Інтэр’ер мае трохчасткавае вырашэнне. Аб’ёмы злучаныя шырокімі арачнымі праёмамі.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


С.Г. Багласаў



СТАРАЯ БЕЛІЦА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства позняга класіцызму. Знаходзіцца ў цэнтры в. Старая Беліца (Сенненскі р-н), на ўзвышшы. Створаны ў 2-й палове XIX ст., комплекс уключае мураваную гасподу ў стылі позняга класіцызму, пейзажны парк з сажалкай і гаспадарчыя пабудовы (склад, свіран, бровар, спіртасховішча, кароўнік). Сядзібны дом, выцягнуты па папярочнай восі, складаецца з двухпавярховага цэнтральнага аб’ёму (з вялікай авальнай залай) і далучаных да яго сіметрычных аднапавярховых крылаў з рызалітамі. Галоўны ўваход падкрэслены чатырма падвойнымі паўкалонамі, якія на другім паверсе пераходзяць у лапаткі. Галоўны фасад цэнтральнага аб’ёму і рызаліты завершаныя трохкутнымі франтонамі. Планіроўка калідорная. Да паўднёвага тарца будынку прылягае васьмігранная двцхпавярховая вежа з асобным уваходам у выглядзе двухкалоннага порціка і шырокай лесвіцай, да паўночнага — нізкі прастакутны ў плане аб’ём. Плоскасці фасадаў і вежы апрацаваныя рустам і прарэзаныя высокімі прастакутнымі вокнамі. У пачатку XX ст. сядзіба належала пану К. Свяцкаму, у 1903—04 гг. у яго канторы служыў Я. Купала.

Зараз у будынку размешчаная школа механізатараў. Комплекс былой сядзібы — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СТАРАЯ МЫШ. ЗАМАК


Існаваў у 2-й палове XVI — 1-й палове XVII ст. каля в. Старая Мыш (Баранавіцкі р-н) на высокім правым беразе р. Мышанкі. Квадратны ў плане (50х50 м) замак быў абнесены з усходу, поўдня і захаду земляным валам (шырыня каля 15, вышыня 3,5—4 м) і абарончым ровам (шырыня 30, глыбіня да 15 м, адхоны берагоў 45°), з поўначы ахоўваўся дрыгвяністым берагам ракі. На земляным вале і на паўночным баку замку былі драўляныя сцены з чатырма вежамі па кутах. У 1654 г. (у руска-польскую вайну 1654—67 гг.) пасля працяглай аблогі замак узяты маскалямі і спалены.


М.А. Ткачоў



СТАРОБІН


Гарадскі пасёлак у Салігорскім р-не, на правым беразе р. Случ. За 12 км на поўдзень ад Салігорску, 145 км на поўдзень ад Менску. Узнік як слабада ў 2-й палове XVI ст. У пісьмовых крыніцах узгадваецца з 1680 г. як мястэчка Наваградскага, потым Менскага ваяводстваў Вялікага княства Літоўскага. Належаў Алелькавічам, Радзівілам. З 1793 г. у складзе Расійскай імперыі, цэнтр воласці Слуцкага павету, належаў Вітгенштэйнам, Гагенлоэ. У канцы XIX ст. было больш за 3 тыс. жыхароў, школа, две царквы, бровар, две крамы. У пачатку XX ст. больш за 2300 жыхароў, паравы млын з ваўначоскай, вадзяны млын на Случы, заезная карчма, лясніцтва, штогадовы кірмаш. З 1924 г. цэнтр раёну, з 1938 г. гарадскі пасёлак. 3,4 тыс. жыхароў у 1939 г. З 1962 г. у Любанскім, з 1965 г. у Салігорскім р-нах.

Да Кастрычніцкага перавароту забудоўваўся стыхійна, меў радыяльную планіроўку. Кампазіцыйным цэнтрам была гандлёвая плошча з царквой і крамамі, ад якой у напрамках бліжэйшых населеных пунктаў разыходзіліся вуліцы. З 1924 г. планіроўка набыла рэгулярны характар. Узведзеныя грамадска-адміністрацыйныя будынкі, школа, гатэль, лякарніцкі гарадок, восем шматкватэрных жылых дамоў, новы мост цераз Случ. Сучасная забудова ажыццяўляецца паводле зацверджанага ў 1974 г. генплану (Менская абласная філія інстытуту "Белдзяржпраект"), які захаваў гістарычную планіроўку вуліц. Асноўная кампазіцыйная вось — вул. Чырванасцяжная. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся на скрыжаванні вуліц Чырванасцяжнай і Савецкай. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Капітальная забудова сканцэнтраваная ў цэнтральнай частцы пасёлку. У заходняй частцы каля аўтамагістралі Слуцак — Мікашэвічы забудоўваецца жылы пасёлак торфазаводу "Старобінскі" (праект забудовы 1970 г., інстытут "Белдзіпраторф") і Галоўпалессеводбуда (праект забудовы 1979, інстытут "Менскграмадзянпраект"). Тут пабудаваны новы гандлёвы цэнтр, сярэдняя школа, два дзіцячыя садкі, два жылыя кварталы з 3—5-павярховай забудовай. У паўночнай частцы ствараецца квартал індывідуальнай забудовы саўгасу "Старобінскі" (БелНДІдзіпрасельбуд, 1979 г.). Вытворчая зона размешчаная ў паўночнай і паўночна-ўсходняй частках пасёлку. Зона адпачынку — на р. Случ, парк на яе ўзбярэжжы.

Прадугледжанае развіццё пасёлку на захад, рэканструкцыя цэнтральнай плошчы, расшырэнне зоны адпачынку.



СТАРЫНКІ. СЯДЗІБА


Існавала ў XIX — пачатку XX ст. на былым хутары Старынкі (Ваўкавыскі р-н). Уключала гасподу, флігель, гаспадарчыя пабудовы, невялікі парк. Вядомая па малюнку Н. Орды. Пабудаваная з дрэва, спалучала рысы народнага дойлідства і элементы стылю ампір. Цэнтрам кампазіцыі была гаспода — аднапавярховы прастакутны ў плане будынак з высокім гонтавым вальмавым дахам. Сцены звонку былі гарызантальна ашаляваныя, куты аздобленыя нашчыльнікамі пад руст, прастакутныя вокны мелі плоскія ліштвы. Цэнтр галоўнага фасаду вылучаў манументальны чатырохкалонны дарычны порцік з трохкутным франтонам і парадным ганкам. Флігель меў аналагічную кампазіцыю, яго цэнтр таксама быў вылучаны невялікім порцікам з дзвюма парамі калон. Парк невялікі, меў рысы рэгулярнай і пейзажнай планіроўкі.


Ю.А. Якімовіч



СТАРЫ СВЕРЖАНЬ. ЦАРКВА НАРАДЖЭННЯ БОЖАЙ МАЦІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў апошняй трэці XVIII ст. ў в. Стары Свержань (Стаўбцоўскі р-н). Прастакутны ў плане аб’ём з пяціграннай алтарнай прыбудовай з усходняга боку і двух’яруснай званіцай з заходняга. Завяршэнне званіцы не захавалася. Да алтарнага аб’ёму прымыкаюць две прыбудовы. Асноўны і алтарны зрубы падведзеныя пад агульны высокі дах, які плаўна агінае ўступы аб’ёмаў, навісае над бакавымі прыбудовамі. Сцены царквы гарызантальна ашаляваныя і ўмацаваныя вертыкальнымі сцяжкамі. Прастакутныя вокны размешчаныя ў верхняй частцы сцен. Інтэр’ер зальнага тыпу. Столь плоская. У аб’ёме ніжняга ярусу званіцы вылучаны бабінец з хорамі над уваходам.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.В. Алісейчык



СТАРЫЯ ДАРОГІ


Горад, цэнтр раёну. За 148 км на паўднёвы ўсход ад Менску. З 1582 г. вядомы як мястэчка Дарогі. З 1612 г. уладанне Радзівілаў. З сярэдзіны XVII ст. цэнтр Дарожскай воласці Слуцкага княства. Паводле інвентару 1668 г. у мястэчку тры вуліцы: Дворная, Клецкая і Слуцкая. З 85 пляцаў, прызначаных пад забудову, забудаваны толькі 34. На гандлёвай плошчы размяшчалася царква Раства Багародзіцы са званіцай. Вул. Дворная вяла ад гандлёвай плошчы да сядзібнага комплексу, які ўключаў тры жылая дамы і шэраг гаспадарчых пабудоў. З 1791 г. пад назвай Старыя Дарогі ў складзе Случарэцкага павету Наваградскага ваяводства. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, вёска ў Новадарожскай воласці Бабруйскага павету Менскай губерніі. З канца XIX ст. станцыя вузкакалейнай чыгункі; 500 жыхароў (1897 г.). У 1904 г. лесапільня і фанерны завод. З 1924 г. мястэчка, цэнтр раёну (1,8 тыс. жыхароў у 1926 г.). З 1938 г. — горад. У 1962—66 гг. у Слуцкім р-не.

Горад развіўся з прыстанцыйнага пасёлку. Сетка вуліц прастакутная, арыентаваная на чыгунку, з дробнымі кварталамі. У 1955 г. распрацаваны праект планіроўкі цэнтральнай часткі гораду (інстытут "Белдзяржпраект"), у 1968 г. — праект планіроўкі (НДІ будаўніцтва і дойлідства Дзяржбуда БССР, дойліды I. Рудэнка, М. Жлоба, Н. Яленская, Э. Герасімчык), карэкціроўкі ў 1976 г. (дойліды В. Жаўняк, В. Дутлава, інжынеры В. Каўчынскі, У. Пачтоўскі) і ў 1987 г. (дойліды Дутлава, А. Працько, інжынеры А. Ціханаў, А. Кузьмін, Г. Аксенцьева), у 1982 г. створаны план дэталёвай нланіроўкі цэнтру (дойліды Дутлава, А. Гарбачова, інжынеры У. Калеснік, Н. Стырава; усе БелНДІПгорадабудаўніцтва). Чыгунка дзеліць горад на заходні і ўсходні планіровачныя раёны. Заходні раён — асноўны жылы масіў, дзе пераважае капітальная 2—5-павярховая забудова ўздоўж вуліц Камсамольскай, К. Маркса, М. Горкага і інш. Асноўная кампазіцыйная вось — вул. Камсамольская — перасякае цэнтр ад вул. Першамайскай да вул. Калініна, звязвае яго з чыгуначным вакзалам. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся па вул. Камсамольскай і пл. Леніна, утворанай на скрыжаванні вул. Пралетарскай з вуліцамі Камсамольскай і К. Маркса. Ва ўсходнім планіровачным раёне пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Планіровачную структуру раёну вызначаюць вуліцы Савецкая, Садовая, Чапаева. Вытворча-складская зона размешчаная ў паўночнай частцы гораду. Зона адпачынку — парк у пойме р. Салянка, сквер па вул. Кірава. На р. Салянка створаны штучныя вадаёмы (плошча 5 га).


Ю.А. Якімовіч, С.Ф. Самбук



СТАРЫЯ ПЕСКІ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства класіцызму. Сфармаваная ў канцы XVIII — 1-й палове XIX ст. ў в. Старыя Пескі (Бярозаўскі р-н) у маёнтку графаў Пуслоўскіх (належаў ім да 1939 г.) на паўднёвай ускраіне вёскі, на паўнёва-заходнім беразе воз. Чорнае. Першапачаткова дойлідска-кампазіцыйнае сіметрычна-восевае ядро комплексу фармавалі гаспода, стайня і размешчаны паміж імі "павільён руж", што стварала парадны курданёр з круглым газонам у цэнтры, высаджаным стрыжанымі дрэвамі туі заходняй. Па падоўжнай восі курданёру размешчаная брама, якая адзначала галіўны ўезд з заходняга боку. Другая брама афармляла ўезд з поўначы. Рэгулярную кампазіцыю парушаў вятрак (не захаваўся), размешчаны ў паўночна-заходнім кутку курданёру. Асноўны паркавы масіў з сістэмай сажалак і каналаў займаў паўднёва-ўсходнюю частку сядзібы. За межамі парку (на поўнач ад яго) размешчаны цагляны бровар познекласіцыстычнага стылю.

Пасля зруйнавання ў 1843 г. мураванай гасподы (пабудаваная ў канцы XVIII ст. з цэглы ў стылі класіцызму) пад жыллё ўладальнікаў быў прыстасаваны драўляны будынак стайні. Яе аднапавярховы прастакутны ў плане аб’ём пад вальмавым дахам мае чатырохкалонны порцік э трохкутнымт франтолам, у тымпане якога была выява галавы сабакі (вызначала схільнасць гаспадара да палявання). Атынкаваныя сцены прарэзаныя прастакутнымі вокнамі ў простых ліштвах, якія стваралі рэгулярную рытміку фасаду. Калідорная планіроўка аб’ядноўвае тарцовую залу, жылыя пакоі, трапезную, дамовую капліцу, перакрытыя бэлечнай столлю, і два скляпеністыя гаспадарчыя памяшканні.

"Павільён руж" (не захаваўся) быў пабудаваны ў пачатку XIX ст. з цэглы ў стылі класіцызму (па аналогіі з вядомай вілай-ратондай італійскага дойліда А. Паладыа). Цэнтрычнае крыжова-купальнае двухпавярховае збудаванне, вылучанае на галоўным фасадзе масіўным чатырохкалонным порцікам тасканскага ордэру з трохкутным франтонам. Ляпны фрыз уяўляў сабой эліністычны карагод танцуючых грачанак (затынкаваны ў 1863 г.). Прасторавую кампазіцыю ўзбагачалі паўсферычны купал з ліхтаром і схілы сцен пры скрыжаванні аб’ёмаў. Фасады былі прарэзаныя адзінарнымі прастакутнымі вокнамі і круглымі люкарнамі, крапаваныя лапаткамі, паўцыркульнымі і прастакутнымі нішамі, прафіляванымі карнізамі з сухарыкамі. У інтэр’еры вылучалася цэнтральная круглая зала з антрэсоллю і бакавымі гасцінымі. З усходняга боку да будынку прымыкала вялікая аранжарэя з нахіленымі, цалкам зашклёнымі сценамі.

Пейзажны парк разбіты на схіле да возера, вакол дзвюх сажалак адвольнай маляўнічай канфігурацыі і каналаў, праз якія былі перакінутыя масткі. На выспе адной з сажалак была ўсталяваная альтанка. Сетка алей пачыналася ад заходняй брамы і ўключала цэнтральны праход да партэру і два бакавыя шпацырныя маршруты, якія злучаліся каля сажалкі і далей пераходзілі ў сцежку да возера. Вялікі шпацырны маршрут ідзе ўздоўж берага возера да капліцы і далей па галоўнай алеі ўздоўж заходняй ускраіны парку. У парку раслі клён срэбрасты, дубы чырвоны і летні пірамідальны, ясень пенсільванскі, сасна веймутава, таполі белая і чорная пірамідальныя, лістоўніца эўрапейская, граб, вяз гладкі і інш. З заходняга боку знаходзіцца пладовы сад, адмежаваны ад парку прамой букавай алеяй. На паўднёвай ускраіне ў канцы алеі пагорак, дзе на могілках стаяла капліца (захаваліся рэшткі). "Рамантычным" дэкаратыўным элементам парку быў драўляны вятрак — цэнтрычнае, круглае ў сячэнні збудаванне з купальным пакрыццём, узнятае на тэрасу-каланаду і выкананае ў адзіным стылі з асноўнымі будынкамі.

У рамантычных формах сярэдневяковай готыкі выкананыя мураваныя брамы. Паўночная ўяўляе сабой манументальнае збудаванне з стральчатым арачным праездам, фланкіраванае круглымі ў сячэнні трох’яруснымі вежамі і завершанае зубчастым двух’ярусным парапетам. Аформленая стральчатымі нішамі, аркатурнымі і філянговымі паясамі, крыжамі, вузкімі шчылінамі-байніцамі, драўлянай імітацыяй зубчастых пад’ёмных кратаў. Па баках прыбудаваныя нізкія вартоўні. Заходняя брама (меншых памераў) таксама вырашаная ў стылі неаготыкі. Прастакутная ў плане, з цэнтральным арачным праездам (замураваны) і дзвюма бакавымі вартоўнямі. Кутнія часткі аб’ёмаў крапаваныя лапаткамі з стральчатымі нішамі, завершаныя зубчастым парапетам.

Вядзецца рэстаўрацыя (1990 г.; праект дойліда Л.П. Луцэвіч). Сядзібны комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



СТОЛІН


Горад, цэнтр раёну, на р. Гарынь. За 245 км на ўсход ад Берасця. Упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах XII—XIII стст. сярод гарадоў "Пагарынскіх" (на р. Гарынь). У XVI ст. мястэчка Пінскага павету Берасцейскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Належала Саламярэцкім, Вішнявецкім, Пацам, Солтанам, Скірмунтам і інш. З XVII ст. горад. З 1792 г. цэнтр Запінскага павету Берасцейскага ваяводства. З 1793 г. у складзе Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага павету Менскай губерніі. У 1816 г. тут адкрытая першая на Беларусі школа ўзаемнага навучання, дзе выкладаліся асновы аграноміі. У 1897 г. у налічвалася 3,3 тыс. жыхароў, 250 двароў, пачатковае вучылішча, бровар, смалакурня. З 1921 г. у складзе Польшчы, горад, цэнтр павету Палескага ваяводства. З 1939 г. у складзе БССР, 8 тыс. жыхароў. З 1940 г. цэнтр раёна Пінскай, з 1954 г. Берасцейскай абласцей.

Тэрыторыя сучаснага гораду фармуецца з трох раёнаў: цэнтральнага (г. Столін), усходняга (в. Манькавічы) і заходняга (р. п. Рэчыца), якія з лінейнай планіровачнай структурай утвараюць агламерацыю, выцягнутую ўздоўж р. Гарынь і звязаную вул. Дзяржынскага ў адзіны горадабудаўнічы комплекс. Аснову транспартнай сеткі складаюць вуліцы Савецкая (галоўная), Горкага, Дзяржынскага, Церашковай, Леніна, Пінская. Забудоўваўся паводле генплану 1970 г. (інстытут "Белдзяржпраект") і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1973 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Жаўняк, В. Дутлава, інжынеры Н. Паўлава, I. Барысік). Генплан 1984 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Дутлава, А. Гарбачова, інжынеры Н. Стырава, Г. Акенцьева) прадугледжвае тэрытарыяльна-планіровачнае адзінства трох населеных пунктаў і далейшае развіццё агламерацыі ў паўночным напрамку. Кампазіцыйнае ядро сістэмы — агульнагарадскі цэнтр, сфармаваны ўздоўж вул. Савецкай у выглядзе размешчаных на ёй плошчаў, аб’яднаных пешаходнымі сувязямі. Уключае адміністрацыйную (пл. Леніна), гандлёвую і спартовую зоны, раскрытыя ў паркавую зону і да вадасховішча.

Далейшае развіццё цэнтру прадугледжанае ўздоўж вул. Пінскай са стварэннем у яе раёне новай гарадской плошчы. Індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва вядзецца ў заходняй частцы гораду ў бок рабочага пасёлку Рэчыца, 2—5-павярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтры і ва ўсходняй частцы (вуліцы Дзяржынскага, Ульянава, Церашковай). Створаны комплекс будынкаў сельгастэхнікуму. Вытворчая зона размешчаная ў заходняй і ўсходняй частках гораду, зона адпачынку — р. Гарынь, парк "Манькавічы" на яе ўзбярэжжы (глядзі артыкул "Столін. Сядзіба "Манькавічы").

Зберагліся помнікі дойлідства — мураваная сінагога (1792 г.) і драўляная царква Ушэсця Гасподняга (1-я палова XX ст.), Ешыбот, бровары.


С.Ф. Самбук



СТОЛІН. СЯДЗІБА "МАНЬКАВІЧЫ"


Існавала ў XVIII — 1-й палове XX ст. ў былой сядзібе Радзівілаў у в. Манькавічы (цяпер у межах г. Століна). У пачатку XVIII ст. сядзібны комплекс уключаў жылыя дамы — две гасподы (старую і новую), некалькі дамоў для прыслугі каля ўязной брамы, гаспадарчыя пабудовы і сад. У 2-й палове XVIII ст. пастаўлены дом аканома, гаспадарчыя пабудовы. У 1780-я гады ўзведзены драўляны палац, перабудаваны ў канцы XIX ст. паводле праекту дойліда Венцэля ў стылі несапраўднай готыкі. Прастакутны ў плане будынак пад гонтавым дахам; галоўны ўваход вылучаны слупавым ганкам. У пачатку XIX ст. каля палацу пабудавалі драўляны флігель пад гонтавым дахам, дом для прыслугі, кухню, конна-валовы млын, тры гумны з прыбудаванымі ў тарцах свіранамі, саладоўню і інш. Пры ўездзе ў сядзібу пастаўленая манументальная брама — аднапавярховы з мансардамі і цокалем прастакутны ў плане будынак, накрыты складаным дахам. Дамінантай кампазіцыі была гранёная вежа, завершаная купалам з барабанам і шатром над ім.

У 1885 г. вакол палацу, які стаяў на насыпной тэрасе, закладзены парк пейзажнага тыпу плошчаю 50 га (зараз 27,9 га). Фармаваўся пры садзейнічанні Марыі Радзівіл, пра што сведчыць надпіс на закладным камені (устаноўлены яе сынам Станіславам на ўзлеску цэнтральнай паляны). Тэраса абмежаваная земляным валам вышынёю да 1,5 м з кветнікамі і дэкаратыўным хмызняком. Астатняя частка на раўнінным рэльефе. Пры ўездзе ў парк з боку Століну пабудаваныя павільён і каваныя весніцы. Расце больш за 35 відаў дрэў і хмызняку, вадаём з фантанам і лебедзямі (у частцы парку, што прылягала да палацу).

У ІІ Сусветную вайну палац згарэў, дрэвы моцна пашкоджаныя, вывезеныя весніцы. Цяпер тут парк культуры і адпачынку, у будынках, якія захаваліся, размешчаныя краязнаўчы музей і музычная школа.


Н.С. Будыка, Ю.А. Якімовіч



СТОЎБЦЫ


Горад, цэнтр раёну, на р. Нёман. За 78 км на паўднёвы захад ад Менску. Вядомы з 1-й паловы XVI ст. як населены пункт Вялікага княства Літоўскага. Належаў Слушкам, Радзівілам, Чартарыйскім. У 1621 г. пабудаваны касцёл Святога Казіміра. У 1729 г. Стоўбцы атрымалі магдэбургскае права. З 1793 г. у складзе Расейскай імеперыі, мястэчка, цэнтр воласці Менскага павету. У XIX ст. адзін з галоўных портаў на Нёмане; развітыя рамесніцтва і гандаль, вываз збожжа, пянькі, лесаматэрыялаў, смалы, будаўніцтва рачных суднаў, здабыча мелу, вапны. З 1871 г. станцыя Берасцейска-Маскоўскай чыгункі. У 1897 г. мелася 3,8 тыс. жыхароў, запалкавая фабрыка, лесапільны завод і млын, смалакурня, паромная пераправа, пачатковае вучылішча, паштовая станцыя. У 1882 г. непадалёку ад Стоўбцаў у в. Акінчыцы (цяпер у межах гораду) нарадзіўся Я. Колас. З 1921 г. ў складзе Польшчы, горад, цэнтр павету Наваградскага ваяводства, пагранічная чыгуначная станцыя. З 1939 г. у складзе БССР, 7,5 тыс. жыхароў. З 1940 г. цэнтр раёну.

Тэрыторыя гораду размешчаная паміж чыгункай і аўтастрадай. Планіровачная структура складаная, нерэгулярная. Асноўная кампазіцыйная вось — вул. Ленінская. На скрыжаванні яе з вуліцамі Гагарына і Першамайскай, у паўднёвай частцы гораду ўтвораная пл. Леніна — гістарычны цэнтр. У паўночнай частцы, на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Сацыялістычнай сфармаваўся адміністрацыйны цэнтр, дзе сканцэнтраваная асноўная частка капітальнай 2—5-павярховай забудовы. Гандлёвы цэнтр склаўся ў раёне прывакзальнай плошчы. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. У паўночна-заходняй частцы гораду, у раёне вул. Ленінскай, ствараюцца мікрараёны № 4 (3—5-павярховая забудова) і № 6 (пяціпавярховая забудова). Зона адпачынку — р. Нёман, гарадскі парк, лясны масіў на ўсход ад гораду, частка якога ўваходзіць у зону адпачынку рэспубліканскага значэння "Стоўбцы". Горад забудоўваецца паводле генплану 1983 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва).

Збярогся помнік дойлідства класіцызму з рысамі барока — царква Святой Ганны (1825 г.).


В.А. Крайко



СТОЎБЦЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА КАЗІМІРА


Заснаваны ў г. Стоўбцы ваяводам Менскім і Наваградскім Аляксандрам Слушкам у 1621 г. (меў рысы ранняга барока), у 1640 г. пры ім закладзены кляштар дамініканцаў. У 2-й палове XIX ст. перабудаваны пад царкву. Трохнефавая прастакутная ў плане мураваная базіліка з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Вежы мелі аднолькавае на ўсю вышыню квадратнае папярочнае сячэнне, што надавала ім манументальнасць. Сіметрычнасць кампазіцыі парушала ўбудаваная з паўднёвага боку цэнтрычная капліца, завершаная купалам. Звонку будынак меў сціплы дэкор: плоскія пілястры і нішы. Унутранае ўбранне вызначалася багаццем ляпной аздобы ў тэхніцы стука (скульптура, рэльефы на сценах і арках, дойлідская пластыка, геральдыка). Скляпенні нефаў і ўнутраная абалонка купалу былі аздобленыя ляпнымі кесонамі і фрэскавай размалёўкай.

Касцёл разбураны ў ІІ Сусветную вайну.


Т.В. Габрусь



СТОЎБЦЫ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ГАННЫ


Пабудаваная ў 1825 г. з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтку князя А. Чартарыйскага. Абнесеная бутавай агароджай з двух’яруснай брамай-званіцай.

Помнік дойлідства класіцызму. Вырашаная цэльным прастакутным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны двух’ярусным фігурным франтонам з увагнутымі бакавымі гранямі і цэнтральнай арачнай нішай, фланкіраванай дзвюма парамі пілястраў. Яркім дэкаратыўным элементам фасаду з’яўляецца рама, размешчаная над цэнтральным уваходам і вырашанаяя паслядоўна ўпісанымі геаметрычнымі фігурамі — квадрата з раскрайаванымі кутамі і квадрата з васьмікутнікам. Бакавыя аконныя праёмы фасаду акаймоўваюць простыя ліштвы з несапраўднымі замковымі камянямі і архівольтамі. Фасады рытмічна расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах і пілястрамі дарычнага ордэру ў прасценках, апяразаныя спрошчаным антаблементам.

Унутры малітоўная зала перакрытая люстравым скляпеннем з падугамі; сцены апяразаны антаблементам, крапаваныя пілястрамі. Над уваходам зробленыя хоры, падтрыманыя чатырма драўлянымі калонкамі. Алтарная частка вылучаная іканастасам чатырохяруснай сямічасткавай кампазіцыі, расчлянёным канеліраванымі пілястрамі. Завяршаюць кампазіцыю пяць фігурных франтонаў з бакавымі валютамі. Арнаментальна-дэкаратыўны акцэнт іканастасу — разная царская брама. Абразы іканастасу размежаваныя на два ярусы антаблементам з трыгліфным фрызам.


А.М. Кулагін

Праваслаўныя храмы на Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2001



СТРАЛА. СЯДЗІБА


Існавала ў 2-й палове XVIII — XIX ст. ў в. Страла (Дзятлаўскі р-н). Уключала гасподу, афіцыну, гаспадарчыя будынкі, пабудаваныя ў традыцыях народнага дойлідства, невялікі парк пейзажнага тыпу. Драўляная аднапавярховая Г-падобная ў плане афіцына была накрытая вальмавым гонтавым дахам. Сцены ашаляваныя, вокны прастакутныя ў плоскіх ліштвах. Галоўны ўваход вылучаў ганак у выглядзе чатырохкалоннага порціка з трохкутным франтонам у завяршэнні. Трохкамерная прастакутная ў плане драўляная афіцына, завершаная двухсхільным дахам, уключала два жылыя пакоі абапал сенцаў. У сядзібе жыў польскі паэт Ю. Корсак (пахаваны непадалёку ад сядзібы ў капліцы на могілках).

Сядзіба вядомая па малюнку Н. Орды 1871.


Ю.А. Якімовіч



СТРУБНІЦА. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства з элементамі барока. Пабудаваны ў 1740 г. на ўскраіне в. Струбніца (Мастоўскі р-н) на высокім узгорку. Мураваныя брама і двух’ярусная званіца ўзведзеныя ў 1856 г. Дэкор інтэр’еру выкананы ў 1798—99 гг. Да прастакутнага ў плане асноўнага аб’ёму прымыкаюць пяцігранная апсіда з сакрысціямі з усходу, бабінец і две кутніыя вежы з захаду (завяршэнні вежаў не захаваліся). Сцены ашаляваныя і ўмацаваныя вертыкальнымі сцяжкамі. Асноўны аб’ём і апсіда накрытыя адным двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай. Галоўны фасад завершаны высокім франтонам з вежачкай. Інтэр’ер мае выцягнутую па падоўжнай восі кампазіцыю — бабінец, прастакутная зала, глыбокая пяцігранная апсіда. Хоры з арганам адкрытыя ў залу паўцыркульным праёмам. Тры разныя алтары з драўлянай скульптурай выкананы ў традыцыях барока. Найбольш багата аформлены трох’ярусны галоўны алтар (у апсідзе). Невысокі першы ярус алтару дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой расліннага арнаменту. Бакавыя алтары ўпрыгожаныя паліхромнай і пазалочанай скульптурай, накладной разьбой. Сцены дэкарыраваныя фрызам, арнаментальным і сюжэтным жывапісам, выкананым у тэхніцы грызайль.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


С.А. Друшчыц, Л.Г. Лапцэвіч, Л.В. Трэпет



СТРЭШЫН


Гарадскі пасёлак у Жлобінскім р-не. На правым беразе Дняпра. За 25 км на поўдзень ад Жлобіну. 105 км ад Гомеля. Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што Стрэшын узнік у XII ст. як невялікі феадальны замак, абкружаны валам (шырыня 10—12 м) і ровам. Побач з замкам вырасла неўмацаванае паселішча. Некаторыя даследчыкі атаясамліваюць Стрэшын са старажытным горадам Стрэжавам, які ўзгадваецца ў Лаўрэнцьеўскім і Іпацьеўскім летапісах пад 1127—28 гг. і 1159 г. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 2-й паловы XIV ст. У "Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх" (XIV ст.) узгадваецца ў ліку гарадоў Кіеўскай Русі разам з Рагачовам і Любечам. У 1399 г. узгадваецца ў дарчай грамаце Вялікага князя літоўскага Вітаўта, належаў віленскім канонікам. У XVI—XVII стст. неаднойчы разбураны. У пачатку XVII ст. ў сутоку Дняпра і Стрэшынкі існаваў драўляны замак, каля якога размяшчалася гандлёвая плошча з крамамі і карчмой. Паводле падымнага рэестру Стрэшынскай воласці 1608 г. горад падзяляўся на две часткі: асноўную тэрыторыю (каля замку, мела 56 дамоў) і прадмесце Слабада (46 дамоў). У Стрэшыне былі две ганчарныя майстэрні, рудня, вадзяны млын на р. Стрэшынка. Інвентар 1628 г. апісвае замак, сядзібу, касцёл і царкву са званіцай. У гэты час Стрэшын быў мястэчкам, меў 100 двароў, паромную пераправу на Дняпры каля замку. У 1700 г. каля мястэчка заснаваная паташная буда. Паводле інвентару 1702 г. замак ужо не існаваў, на гандлёвай плошчы было 20 крам. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыіі, цэнтр воласці Рагачоўскага павету, мястэчка, уладанне графа Остэрмана. У канцы XIX ст. каля 2 тыс. жыхароў, 184 двары, лясны промысел і дробны гандаль, пачатковая школа. У 1807 г. пабудаваная Пакроўская царква. У 1924—27 г. і з 1939 г. цэнтр раёну. З 1938 г. — гарадскі пасёлак. У 1927—39 гг. і з 1956 г. у Жлобінскім р-не.

Планіровачную структуру пасёлку вызначаюць вуліцы Першамайская, Камсамольская, Леніна (на ёй знаходзяцца двухпавярховыя будынкі універсальнай крамы, навучальна-вытворчага камбінату, Дому культуры, разбіты сквер). Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. У цэнтральнай частцы пасёлку будуюцца двухпавярховыя жылыя дамы. Вытворчая зона размешчаная ў паўночнай і паўднёва-заходняй частках. Зона адпачынку — берагі Дняпра. Пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1976 г. (інстытут "Гомельграмадзянпраект", дойлід В. Галеўка).

Прадугледжанае развіццё пасёлка на поўдзень.


Э.М. Загарульскі, Ю.А. Якімовіч



СТРЭШЫН. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1807 г. з цэглы ў г.п. Стрэшын (Жлобінскі р-н). Храм цэнтрычны, складаецца з асноўнага аб’ёму (у плане квадрат са зрэзанымі кутамі) і прылеглых да яго з чатырох бакоў паўкруглых аб’ёмаў. Ва ўсходняй частцы знаходзіцца алтар, у астатніх зробленыя ўваходы з высокімі мураванымі ганкамі. Цэнтральны аб’ём дамінуе ў агульнай кампазіцыі і мае сферычнае пакрыццё, завершана круглым светлавым барабанам з невялікім купалам. Шырокія грані цэнтральнага аб’ёму маюць франтонныя завяршэнні. Фасады аздобленыя пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі, у якіх размешчаныя вокны. У інтэр’еры перакрыцці аб’ёмаў, што прылягаюць да асноўнай залы, вырашаныя ў выглядзе конхаў, якія пераходзяць у ветразевае скляпенне залы. Пад будынкам зробленая крыпта, куды вядуць двухмаршавыя лесвіцы, размешчаныя па баках галоўнага ўваходу.

У 1989 г. царква перададзеная вернікам, дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін



СУБОТНІКІ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЎЛАДЗІСЛАВА


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1904 г. з цэглы па фундацыі графа У. Умястоўскага ў в. Суботнікі (Іўеўскі р-н). Прастакутны ў плане асноўны аб’ём (вышыня 32 м, даўжыня 30 м, шырыня каля 20 м) накрыты двухсхільным дахам, пяцігранная апсіда — вальмавым, сіметрычныя сакрысціі — двухсхільнымі дахамі. Масіўная трох’ярусная вежа на галоўным фасадзе завершаная высокім шатром. Сцены рытмічна расчлянёныя ступеньчатымі контрфорсамі, аконныя праёмы маюць стральчатыя і арачныя завяршэнні. Па баках вежы — невялікія гранёныя аб’ёмы. Унутры касцёл падзелены слупамі на тры нефы, цэнтральны значна шырэйшы за бакавыя. Скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі. Над уваходам — хоры. У ІІ Сусветную вайну быў часткова разбураны. У 1947 г. адноўлены, пакрыты дахоўкай, у 1972 г. перакрыты бляхай.

Касцёл дзейнічае.


Т.В. Габрусь



СУПРАСЛЬ. ЦАРКВА-ФАРТЭЦЫЯ ДАБРАВЕШЧАННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства 1-й паловы XVI ст. Пабудаваная з цэглы ў 1503—11 гг. (паводле іншых звестак у 1509—10 гг.) Аляксандрам Хадкевічам і Іосіфам Солтанам у Супраслі (цяпер Беластоцкае ваяводства Польшчы) як галоўны храм праваслаўнага манастыра. Перабудаваная ў XVIII ст. Мела рысы стылю готыкі, рэнесансу і ракако. Прастакутны ў плане чатырохвежавы трохнефавы шасцістаўповы абарончы храм зальнага тыпу з трыма гранёнымі апсідамі. Крыжова-цэнтрычная кампазіцыя завяршалася барочным купалам складанай канфігурацыі на васьмігранным светлавым барабане на чатырох падпружных арках. Такія ж завяршэнні мелі чатыры кутнія вежы (круглыя ў ніжніх, гранёныя ў верхніх частках), што фланкіравалі будынак. Фасады падзяляліся на тры ярусы: ніжні цокальны, аформлены цаглянай муроўкай з сеткаватым арнаментам; сярэдні, аддзелены ад ніжняга аркатурным фрызам, меў стральчатыя і круглыя вокны з ліштвамі, завершаны машыкульным фрызам; верхні ярус — чатыры франтоны складанай формы з высокімі арачнымі вокнамі, аркатурай і іншымі элементамі аздобы. Уваход быў вырашаны ў выглядзе прастакутнага ў плане тамбуру пад двухсхільным дахам, які меў байніцы і машыкулі. Цэнтральны неф быў значна шырэйшы за бакавыя. Нефы непасрэдна пераходзілі ў апсіды. Скляпенні крыжовыя, зорчастыя і сеткаватыя. У сценах вышэй перакрыцця размяшчаліся абарончыя прыстасаванні. У сярэдзіне XVIII ст. інтэр’ер царквы атрымаў ракайлевае дэкаратыўнае ўбранне: пры ўваходзе былі крывалінейныя ў плане хоры з ажурнай агароджай, сцены расчлянёныя ляпнымі панелямі мудрагелістага малюнку і пілястрамі з "коскамі", арачныя праёмы аформленыя трэльяжнай сеткай, ляпной арнаментыкай з пяці- і шасціпадобных завіткоў. Ракайлевую трактоўку набылі галоўны і бакавыя алтары.

У 1557 г. храм размаляваны фрэскамі (мастакі Нектарый Сербін і інш.), выкананымі па часткова высушанай тынкоўцы з выкарыстаннем сечаных канапляных валокнаў. У цэнтры купалу знаходзілася кампазіцыя "Хрыстос усядзяржыцель". Ніжэй размяшчаліся арнаментальныя фрызы з выявамі архангелаў, святых у поўны рост і ў медальёнах апосталаў, пакутнікаў з крыжамі ў руках. Евангельскія сюжэты размяшчаліся па перыметры сцен у два рэгіетры. Унізе праходзіў шырокі арнаментальна-дэкаратыўны фрыз, на якім намаляваныя сюжэты, прысвечаныя акафісту Маці Боскай і асобным сцэнам з жыцця Хрыста: "Благавешчанне", "Маці Боская Знаменне", "Маці Боская з анёламі", "Хрышчэнне", "Стрэчанне", "Уваскрэсенне Лазара", "Жонкі-міраносіцы каля труны гасподняй", "Хрыстос і самаранка", "Уваскрэсенне", "Праабражэнне", "Сашэсце Святога духа на апосталаў", "Ушэсце" і інш. Пад евангельскімі сюжэтамі размешчаныя выявы пустэльнікаў, на слупах — выявы воінаў. Каларыстычная гама з мяккімі пералівамі і пераходамі; пераважаюць тоны залацістай вохры, бледнаружовыя, карычнева-вішнёвыя, шэра-сіняватыя, блакітныя, ізумрудныя. Твары напісаныя светла-ружовай вохрай па светла-аліўкавай падмалёўцы з падрумянкай і карычнева-чырвоным вопісам. Іканаграфія фрэсак Супрасльскай царквы-фартэцыі набліжаецца да мастацтва Візантыі канца XIV — пачатку XV ст. з элементамі заходне-эўрапейскага.

27.7.1944 г. царква разбураная (збераглася часткова). Захаваліся рэшткі фрэсак (30 фрагментаў на слупах), якія рэстаўрыраваныя ў 1964—66 гг. і зберагаюцца ў Беластоцкім музеі. У XVI ст. царква ўваходзіла ў комплекс манастыра, дзе складаліся летапісы, свецкія і рэлігійныя творы, у т.л. Супрасльскі зборнік 1519 г., які змяшчаў самы поўны спіс беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. З 1627 г. манастыр быў уніяцкім, з 1722 г. — рэзідэнцыя базыльянскага ордэну, у канцы XVII — пачатку XIX ст. дзейнічала Супрасльская друкарня. У манастырскай бібліятэцы захоўваліся каштоўныя кнігі і рукапісы, у т.л. Супрасльскі рукапіс XI ст.

Зараз царква аднаўляецца.


А.М. Кулагін, Ю.А. Якімпвгч. В.В. Церашчатава (фрэскі)



СУРАЖ


Гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, у сутоцы рэк Заходняя Дзвіна і Каспля. За 43 км на паўночны ўсход ад Віцебску. Гарадзішча (Замчышча) размешчанае на мысе пры зліцці Заходняй Дзвіны і Касплі Яго трохкутная пляцоўка (60х50 м) з усходу умацаваная ровам, з поўначы і поўдня абкружаная рэкамі. У абрыве культурны пласт да 1,5 м. За 200 м ад зліцця рэк захаваліся рэшткі другога рова, які аддзяляў вакольны горад. Знойдзеныя фрагменты керамікі IX—X стст., шыферныя прасліцы, кераміка XI—XIII стст. і больш позняга часу, прадметы побыту XIV ст., гарматныя ядры і кафля XVI—XVII стст. Выяўленыя рэшткі драўлянага замку. Каб залучыць новых жыхароў у парубежны горад, у 1570г. Суражы нададзеныя такія ж правы і вольнасці, якія меў Віцебск, але развіваўся ён марудна (у 1667 г. было 60 дамоў). З 1590 г. цэнтр староства. З 1772 г. у складзе Расійскай імперыі, з 1776 г. горад, цэнтр павету, з 1866 г. заштатны горад Віцебскага павету. У 1778 г. і 1839 г. зацверджаныя планы гораду. У 1780 г. мелася 300 жыхароў, больш за 100 дамоў, драўляная царква. У 1897 г. — 2731 жыхар, дзвюхкласнае павятовае і народнае вучылішчы, прыстань. У пачатку XX ст. налічвалася 400 жыхароў, каля 440 драўляных дамоў, з іх адзінаццаць мураваных, две царквы, 69 крам. У паўночнай частцы гораду, на правым беразе Заходняй Дзвіны, было восем кварталаў, шэсць вуліц, на левым беразе Заходняй Дзвіны і правым беразе Касплі — 33 кварталы, адзінаццаць вуліц, две плошчы. З 1924 г. — цэнтр раёну, з 1938 г. гарадскі пасёлак, 3 тыс. жыхароў у 1939 г. Да 1957 г. цэнтр раёну, потым гарадскі пасёлак у Суражскім р-не, у 1960—62 гг. і з 1965 г. у Віцебскім (у 1962—65 гг. у Лёзненскім) р-не.

Паводле плану будаўніцтва Суражскай ГЭС пасёлак быў прызначаны да затаплення, таму на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў амаль не развіваўся (1,2 тыс. жыхароў у 1990 г.). Забудоўваецца паводле генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Жаўняк, Л. Смірнова, Н. Паўлава, Л. Быстрова, В. Асядоўская). Тэрыторыя пасёлка падзеленая р. Каспляй на заходнюю і ўсходнюю часткі. Сетка вуліц прастакутная з дробнымі кварталамі. Асноўная кампазіцыйныя восі — вуліцы Віцебская (у заходняй частцы) і Савецкая (ва ўсходняй частцы), паралельная Заходняй Дзвіне. Адміністрацыйна-грамадскі цэнтр склаўся ва ўсходняй частцы пасёлку, на вул. Савецкай. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Ва ўсходняй частцы будуюцца двухпавярховыя жылыя дамы. Вытворчая зона размешчаная ў заходняй і ўсходняй частках пасёлку. Зона адпачынку — Заходняя Дзвіна, лясныя масівы на яе ўзбярэжжы.

Прадугледжваецца расшырэнне грамадскага цэнтра, зоны спорту і адпачынку.


Г.В. Штыхаў, Г.С. Ларкін



СУРАЖ. ЗАМАК


Існаваў у г.п. Сураж (Віцебскі р-н). Пабудаваны з дрэва ў 1564—65 г. паводле загаду караля Сігізмунда-Аўгуста. Сналены ў часы ваенных дзеянняў у 1615 г., пазней адноўлены. Па дакументах 1770-х гадоў замак размяшчаўся на высокім мысе ў сутоцы рэк Заходняя Дзвіна і Каспля. Меў трохкутную форму плану, быў умацаваны валамі, ровам (з апўднёвага ўсходу шырыня больш за 14 м), абарончымі сценамі ў выглядзе астрогу. З боку паселішча меў пад’ёмны мост і браму. У цэнтры дзядзінца насупраць брамы стаяў прастакутны ў плане аднапавярховы жылы дом, накрыты драніцай (уключаў сенцы, жылы пакой, алькеж і пякарню); справа ад брамы былі два свіраны, злева — стайня. Разабраны ў 1655 г. і сплаўлены па Заходняй Дзвіне для рамонту Віцебскага замку.


Ю.А. Якімовіч



СУРВІЛІШКІ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1550 г. пад назвай Святая Тройца ў в. Сурвілішкі (Іўеўскі р-н) па фундацыі Розы Гайкоўскай і яе братоў Івана і Антона. Драўляны крыжападобны ў плане касцёл (18х12 м) уключае аднанефавы прастакутны асноўны аб’ём, вузкі трансепт і пяцігранную апсіду, да якой прылягаюць нізкія сакрысціі. Асноўны аб’ём і апсіды аб’яднаны агульным двухсхільным дахам з вальмай над апсідай. Сцены фасадаў маюць лучковыя і круглыя вокны ў простых ліштвах і завершаны шырокім карнізам па перыметры асноўнага аб’ёму, трансепту і апсіды. Галоўны фасад расчлянёны дзвюма тонкімі пілястрамі на тры часткі: цэнтральная, акцэнтаваная лучковымі праёмам уваходу і акном, ашаляваная гарызантальна, бакавыя — вертыкальна, завершаны фігурным франтонам, тымпан з лучковым праёмам ашаляваны гарызантальна, дэкарыраваны пілястрамі. Над уваходам — хоры, раскрытыя ў асноўнае памяшканне арачным праёмам; арган аформлены ў стылі барока. Столь плоская, са скругленымі кутамі. У трансепце захаваліся два алтары ў стылі барока, аформленыя калонамі і пілястрамі карынфскага ордэру, разным раслінным арнаментам, галоўкамі пуцці. У 1878—80 гг. да касцёлу была прыбудаваная званіца (захаваўся яе цагляны фундамент).

Касцёл не дзейнічае.


С.Г. Багласай



СЦЯПАНІ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1780 г. у в. Сцяпанкі (Жабінкаўскі р-н) у стылі барока. Прастакутны цэнтральны неф асвятляецца невялікімі верхнімі вокнамі і накрыты двухсхільным дахам з вальмай над алтаром і трохкутным франтонам з шалёўкай "ромбам" на галоўным фасадзе. У сярэдзіне вільчыка фігурны гранёны купалок. Бакавыя нефы накрытыя аднасхільнымі дахамі, якія каля алтару пераходзяць у трохкутныя застрэшкі, а на галоўным фасадзе завершаныя двух’яруснымі чацверыковымі вежачкамі з гранёнымі купалкамі. Аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі зашклёныя вітражамі. Унутры нефы падзеленыя чатырма калонкамі з капітэлямі. Цэнтральны неф мае скляпеністае перакрыцце, бакавыя — плоскую столь. Сцены апрацаваныя пілястрамі. Над уваходам — хоры. У 1914 г. з паўднёвага захаду да царквы прыбудаваная трох’ярусная чацверыковая званіца з васьмерыковым верхнім ярусам, завершаным шатровым дахам з дэкаратыўнымі шчытамі.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



СЫНКОВІЧЫ. ЦАРКВА-ФАРТЭЦЫЯ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік абарончага дойлідства. Пабудаваная на паўночнай ускраіне в. Сынковічы (Зэльвенскі р-н) у канцы XV — пачатку XVI ст. з цэглы. Мае рысы стылю готыкі. трохнефавы чатырохстаўповы трохапсідны мураваны храм зальнага тыпу (у плане — перакошаны прастакутнік), фланкіраваны па кутах чатырма баявымі вежамі (з захаду гранёныя, з усходу круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Мае пояс машыкуляў па версе сцен, накрыты высокім двухсхільным дахам з вострымі тарцовымі шчытамі. Шчыт на галоўным фасадзе аздоблены некалькімі ярусамі розных па форме плоскіх атынкаваных нішаў. Знадворку апсіды ўверсе аб’яднаныя ў адну і накрытыя агульным высокім дахам. Пазней прыбудаваны бабінец. У 1880—81 гг. у час рамонту заменены дах і дабудаваны купал над апсідай, разабраны купал над цэнтральнай часткай храму. У інтэр’еры чатыры васьмігранныя слупы падзяляюць прастору на роўныя пралёты, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з нервюрамі. Цэнтральная і паўночная апсіды перакрытыя крыжовымі, паўднёвая — зорчатым скляпеннямі. Сцены атынкаваныя і расчлянёныя прастакутнымі лапаткамі, аб’яднанымі са слупамі падпружнымі аркамі.

Помнік рэспубліканскага значэння.


С.Г. Багласаў



СЯЛЕЦ. ЦАРКВА УСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1870 г. з цэглы ў цэнтры в. Сялец (Бярозаўскі р-н). У плане — выцягнутая па падоўжнай восі кампазіцыя: званіца, трапезная, асноўны аб’ём з бакавымі парталамі і пяцігранная апсіда, да якой прымыкаюць дзяканнік і ахвярнік. Дойлідска-дэкаратыўнае аздабленне заснаванае на спалучэнні традыцый класіцызму (апрацоўка сцен пілястрамі тасканскага ордэру, прафіляваныя высокія карнізы, абрамленні паўкруглых акон асноўнага аб’ёму) і характэрных форм маскоўскага дойлідства XVII ст. (канструкцыйная схема званіцы — васьмярык на чацверыку, шатровы дах з цыбулепадобнай галоўкай, кілепадобныя какошнікі парталаў і вежы-званіцы).

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



СЯННО


Горад, цэнтр раёну, на беразе воз. Сянно. За 56 км ад Віцебску. Упершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1525 г. як мястэчка Віцебскага павету Вялікага княства Літоўскага. Неаднойчы спусташалася ў час войнаў, асабліва ў 1535 г. у руска-літоўскую 1534—37 гг. Належала з 1-й паловы XVII ст. Сапегам, з 2-й паловы XVIII ст. Агінскім, у 1-й палове XIX ст. графу Серакоўскаму. Паводле іншых звестак, у 1573 г. належала Змітраку Сапегу (зафіксавана ў 1573 г.), потым — Корсакам, Сцяткевічам, Копцам, Важынскім, у 1757 г. прададзенае Тышкевічам, потым падараванае Серакоўскім, у далейшым валодалі Пуслоўскія, у канцы XIX ст. — Шабекі. Размешчанае на двух марэнных узвышшах, падзеленых з поўначы на поўдзень возерам Сянно. За возерам, на месцы старажытнага капішча, на ўзвышшы да XVIII ст. існаваў замак. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, з 1773 г. горад, цэнтр павету Аршанскай правінцыі, з 1796 г. — Беларускай, з 1802 г. — Магілёўскай губерніі. У 1778 г. атрымала герб: на зялёным полі две залатыя касы. У тым жа годзе зацверджаны план гораду. У 1803 г. непадалёку ад Гандлёвай плошчы стаяў кляштар францысканцаў (не захаваўся), існавала праваслаўная драўляная царква (у імя Прарока Ільі). У 1805 г. каля 600 дамоў, у асноўным драўляных; у 1847 г. у горадзе 1730 жыхароў. Пасля пажару 1860 г., які знішчыў амаль усе драўляныя будынкі, пабудаваныя мураваныя гандлёвыя рады, Мікалаеўская саборная царква (1867 г., не захавалася), млын, забрукаваныя вуліцы. Драўдяныя жылыя дамы будаваліся ў Тураўскай сядзібе, на поўдні Краснай слабады, у прадмесці Галынка. У 1880 г. каля 3 тыс. жыхароў, 352 дамы (з іх тры мураваныя); паводле перапісу 1897 г. — 4,1 тыс. жыхароў, касцёл і две царквы (з іх адна мураваная). З 1919 у складзе Віцебскай губерніі РСФСР, з 1924 г. у БССР. З 1923 г. валасны цэнтр Віцебскага павету, у 1924—30 гг. цэнтр раёну Віцебскай акругі, з 1938 г. — Віцебскай вобл.

Пасля ІІ Сусветнай вайны горад забудоўваўся паводле праекту планіроўкі 1968 г. (Віцебская філія інстытуту "Белдзяржпраект"), генплану 1978 г. (дойлід К.  Пятрэнка)  і  праекту  дэталёвай планіроўкі цэнтру 1981 г. (дойліды В. Дутлава, Пятрэнка; абодвух БелНДІПгорадабудаўніцтва). Планіровачная структура прастакутная з дробнай сеткай кварталаў. Асноўныя вуліцы з’яўляюцца працягам знешніх аўтастрадаў. Найбольш старажытны раён былой Гандлёвай плошчы, непадалёку ад якой у пачатку XIX ст. сфармаваўся новы адміністрацыйны цэнтр. Сучасны адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр гістарычна склаўся на скрыжаванні вуліц Кастрычніцкай, Савецкай і К. Маркса. Гадллёвая зона размешчаная па вул. Кастрычніцкай, на ўчастку паміж вуліцамі Назарэнкі і Пралетарскай. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Капітальная 2—3-павярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтры (вуліцы  Кастрычніцкая, Савецкая, Назарэнкі) і ў пасёлку ПМК (вул. Чырвоны Кастрычнік), пяціпавярховыя жылыя дамы — на вул. Завадской. Вытворчая зона размешчаная ў заходняй частцы гораду. Зона адпачынку — азёры Сянно і Тухінскае, гарадскі парк. У цэнтры гораду на рагу вуліц Кастрычніцкай і К. Маркса захаваўся помнік дойлідства пачатку XIX ст. — адміністрацыйны будынак.

Прадугледжанае развіццё гораду на поўнач, уздоўж заходняга берагу воз. Сянно.


С.Ф. Самбук



-Т-



ТАКАРЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1816 г. у цэнтры в. Такары (Камянецкі р-н). Будынак адназрубавы з двух’яруснай званіцай на галоўным фасадзе, прастакутнай у плане алтарнай часткай і дзвюма невялікімі рызніцамі з заходняга боку. Дах двухсхільны, гонтавы. Званіца (чацвярык на чацверыку) завершаная васьмігранным светлавым барабанам з макаўкай. Сцены царквы вертыкальна ашаляваныя.

З 1990 г. царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.



ТАЛАЧЫН


Горад, цэнтр раёну, на р. Друць. За 107 км ад Віцебску. Чыгуначная ст. на лініі Менск — Ворша. Упершыню ўзгадваецца ў 1433 г. як горад у Вялікім княстве Літоўскім. Належаў у XVII ст. Сапегам, потым Шаміётам, у XVIII ст. Сангушкам. З сярэдзіны XVII ст. гандлёвае мястэчка Ашмянскага павету Віцебскага ваяводства, праводзіліся тры кірмашы на год. У руска-польскую вайну 1654—67 гг. спалены маскалямі, засталіся 142 дамы (у 1621 г. было 314 дамоў). У 1604 г. Сапегам тут заснаваны касцёл, у 2-й палове XVIII ст. Сангушкамі — манастыр базыльян, у канцы XVIII ст. касцёл перабудаваны пад уніяцкую царкву. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, у 1782 г. меў статус гораду, з 1783 г. мястэчка, у 1783—93 гг. пагранічны пункт з таможняй. Усходняя частка мястэчка мела назву Стары, ці Рускі Талачын, — цэнтр Стараталачынскай воласці Копыскага, з 1861 г. — Аршанскага паветаў; заходняя частка (за р. Друць) — Зарэчны, ці Новы Талачын, — цэнтр Зарэчнаталачынскай воласці Сенненскага павету. У 1897 у налічвалася 2614 жыхароў, у пачатку XX ст. 3748 жыхароў, 391 дом (з іх шэсць цагляных), касцёл, мураваныя праваслаўная (былая уніяцкая) царква, манастырскія пабудовы. У канцы XIX — пачатку XX ст. пабудаваны мураваны касцёл, побач з ім — трох’ярусная званіца (разбураная ў 1960-я гады). Будынак касцёлу рэстаўрыраваны. Цяпер у ім размяшчаецца краязнаўчы музей. У канцы XIX ст. ў паўднёвай частцы, на ўзвышшы, апяразаным р. Друць, разбіты парк пейзажнага тыпу пераважна з мясцовых парод дрэў (на ўскраіне яго захаваліся гаспадарчыя мураваныя будынкі былой сядзібы). Горад неаднойчы цярпеў ад пажараў, у 1918 г. згарэла большая частка яго пабудоў. З 1920 г. у складзе Віцебскай губерніі. З 1924 г. цэнтр раёну Аршанскай акругі (да 1930 г.), з 1938 г. гарадскі пасёлак у Віцебскай вобл., з 1955 г. — горад.

Сучасны горад забудоўваецца паводле праекту планіроўкі 1968 г. (Віцебская філія інстытуту "Белдзяржпраект"), генплану 1978 г. (дойлід В. Токарава) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1981 г. (абодва БелНДІПгорадабудаўніцтва; дойліды В. Дутлава, Т. Станішэўская). Тэрыторыя Талачына ўключае ўласна горад, падзелены р. Друць і аўтастрадаю на чатыры планіровачныя раёны (цэнтральны, паўднёва-заходні, Зарэчча, Юзафполле), і раён чыгуначнай станцыі (прамысловая зона). У цэнтральнай частцы гораду (склалася ў XVI—XVII стст., планіровачная структура сфармавалася ў XVIII—XIX стст.) захавалася рэгулярная сетка вуліц з выразна вылучанымі кварталамі рознай канфігурацыі). Асноўныя кампазіцыйныя восі і транспартныя магістралі — вуліцы Леніна (галоўная) — Дзяржынскага і Эягельса — Валадарскага (гістарычны цэнтр гораду). На іх скрыжаванні склаўся грамадскі цэнтр. Адміністрацыйна-гандлёвая зона сфармаваная ў раёне цэнтральнай плошчы гораду — пл. імя 40-годдзя Кастрычніка (утвораная вуліцамі Леніна і Энгельса). Двух—пяціпавярховая забудова сканцэнтравана ў цэнтральнай частцы гораду, у пас. Райаграпрамтэхнікі, часткова ў Зарэччы, раёне чыгуначнай станцыі. На ўскраінах і ў раёне чыгуначнай станцыі пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Зона адпачынку — р. Друць. Захаваліся помнікі дойлідства — касцёл Святога Антонія Падуанскага (XIX ст.) і царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы (XVIII ст.).

Прадугледжанае развіццё грамадскага цэнтру ўздоўж вул. Леніна ў блізкасці ад гарадскога парку, які ствараецца па берагах вадасховішча.


І.П. Хаўратовіч, С.ф. Самбук



ТАЛАЧЫН. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫІ МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН


Помнік дойлідства позняга барока. Заснаваны ў 1769 г. магнатамі Сангушкамі. Уключаў царкву (узведзеную на падмурках касцёлу, заснаванага Л. Сапегам у 1604 г.), жылы корпус і школу (узведзены ў 1779 г.). У 1796 г. касцёл перабудаваны пад уніяцкую царкву, з 1804 г. праваслаўная Пакроўская царква.

Царква — трохнефавая базіліка з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Прастакутны цэнтральны неф завершаны на тарцах фігурнымі атыкавымі франтонамі. Адметнасць галоўнаму фасаду надаюць увагнутыя прасценкі і багатая ордэрная пластыка: ступеньчатыя пілястры, раскрапаваныя слаістыя карнізы, складаныя па форме праёмы, нішы, абрамленні і інш. Бакавыя фасады вырашаныя плоскасна. Руставаная цокальная частка і завяршэнні вежаў (верхнія часткі перабудаваныя ў XIX ст.) маюць класіцыстычную трактоўку. У інтэр’еры бакавыя нефы адкрываюцца арачнымі праёмамі ў больш высокі цэнтральны, які пераходзіць у прэсбітэрый. Цэнтральны і бакавыя нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках, прэсбітэрый — цыліндрычным скляпеннем. Унутраныя слупы-апоры аформленыя спаранымі пілястрамі з антаблементамі. Алтарная частка адгароджаная мураваным іканастасам XVIII ст. (у канцы XIX — пачатку XX стст. закрыты драўляным іканастасам). Антаблементы, падпружныя аркі і арачныя праёмы паміж нефамі аздобленыя паліхромнай размалёўкай (раслінныя матывы і разеткі). Царква дзейнічае.

На поўдзень ад царквы знаходзіцца манастырскі жылы корпус, дзе размяшчаліся трапезная, келлі манахаў і "цёплая" царква. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з франтонамі на тарцах завершаны двухсхільным дахам. Планіроўка галерэйная з вестыбюлем і лесвіцай у цэнтры, перакрыцці паверхаў скляпеністыя. Фасады расчлянёныя пілястрамі і прастакутнымі вокнамі, аформленымі плоскімі ліштвамі з валютамі зверху. Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.

Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



ТАРНОВА. СЯДЗІБА


Помнік дойлідства стылю неарэнесанс. Створаная ў канцы XIX — пачатку XX стст. на паўднёвай ускраіне в. Тарнова (Лідскі р-н). Уключае гасподу і гаспадарчыя пабудовы — стайню, лядоўню і ветраны млын. Перад гасподаю разбіты сквер з пасадкаміясеню і клёну, за 200 м на поўдзень ад яго — две сажалкі. Пад’язная дарога агінае гасподу, праходзіць паміж дзвюма сажалкамі, далей вядзе да былога гаспадарчага комплексу, дзе знаходзіцца вятрак.

Гаспода — мураваны асіметрычны ў плане будынак з маляўнічай ступеньчатай кампазіцыяй фасадаў. Асноўная частка будынку — двухпавярховы аб’ём з высунутым наперад крылом, абапал якога размешчаныя балконы. З заходняга боку размешчаная аднапавярховая прыбудова, з усходняга — чатырохя’русная вежа, якая дамінуе ў сілуэце. Куты асноўнага аб’ёму руставаныя. Фасады расчлянёныя складаным рытмам паўцыркульных акон з прафіляванымі арачнымі броўкамі. Планіроўка будынку анфіладная. Паверхі звязаны лесвіцай, якая размешчаная ў цэнтры будынку. У інтэр’еры захавалася паркетная падлога.

У адзіным стылі з гасподаю выкананая стайня — аднапавярховы цагляны будынак пад двухсхільным дахам, галоўны фасад дэкарыраваны рустам, паўкруглымі броўкамі прастакутных праёмаў, круглымі разеткамі.

Лядоўня — паўпадвальнае памяшканне, дах якога выступае над паверхняй зямлі. Над уваходам — двухсхільны шчыт з люкарнай у цэнтры.

Ветраны млын — конусападобная пабудова (дыяметр асновы 11,6 м) з бутавага каменю. Верхняя частка млыну — драўляны шацёр (не захаваўся), які паварочваўся на металічных шарах вакол сваёй восі ў залежнасці ад напрамку ветру.

У былой гасподзе размешчаная ашчадная каса і вузел сувязі.


У.В. Алісейчык



ТРАБЫ. КАСЦЁЛ НАРАДЖЭННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны ў 1900—05 гг. з цэглы ў в. Трабы (Іўеўскі р-н). Заснаваны ксяндзом прыхода Паўлам Сухоцкім. Дзвювежавы прастакутны ў плане храм (даўжыня 32 м, шырыня  24 м) з пяціграннай апсідай  і невялікім трансептам. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам, трох’ярусныя вежы — высокімі шатрамі. Крылы трансепту прылягаюць адначасова да асноўнага аб’ёму і апсіды, накрытыя двухсхільнымі дахамі, якія з трох бакоў закрытыя шчытамі. Сцены рытмічна расчлянёныя контрфорсмі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Унутры касцёл падзелены слупамі на тры нефы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Над уваходам — хоры.

Касцёл дзейнічае.


Т.В. Габрусь



ТРОКЕНІКІ. СЯДЗІБА


Помнік дойлідства неабарока. Створаная ў канцы XIX — пачатку XX стст. на заходняй ускраіне в. Трокенікі (Астравецкі р-н). Гаспода і гаспадарчыя пабудовы (мураваныя двухпавярховы флігель і стайня) размешчаныя ў парку эканамічнага тыпу, сад абмежаваны пасадкамі дрэў мясцовых парод. Гаспода — аднапавярховы прастакутны ў плане мураваны будынак, накрыты пластычным мансардавым дахам з фігурнымі франтонамі на тарцах і над галоўным уваходам. Фасады дому пазбаўлены дэкору, франтоны аздобленыя лапатканамі і інш. Планіроўка анфіладная. У цэнтры вестыбюля вітыя ўсходы.

У будынку размешчанае праўленне мясцовага калгасу.


А.М. Кулагін



ТУРАЎ


Гарадскі пасёлак у Жыткавіцкім р-не, прыстань на р. Прыпяць. За 30 км на паўднёвы захад ад Жыткавіч, 268 км на паўднёвы захад ад Гомеля. Упершыню ўзгадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 980 г. Самы старажытны горад на тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. З канца X ст. палітычны, эканамічны і культурна-рэлігійны цэнтр Тураўскага княства. Першы летапісны князь Тур (адсюль назва гораду). З 988 г. у Тураве княжылі прадстаўнікі дынастыі Рурыкавічаў. Старажытнае гарадзішча размешчанае на мысе пры ўпадзенні былой ракі Язда ў пратоку Прыпяці — Струмень. Пачатковая планіровачная структура гораду складалася з дзядзінца і навакольнага гораду, размежаваных валам. Захаваліся фрагменты былых абарончых збудаванняў. Пры раскопках выяўленыя руіны храму XII ст. з пахаваннямі ў саркафагах, рэшткі наземных драўляных жытлаў і гаспадарчых пабудоў зрубнай канструкцыі з глінабітнымі і цаглянымі печамі. Знойдзеныя рэшткі шкляных бранзалетаў, аконнага шкла, шыферных прасліц, касцяных вырабаў, наканечнікі стрэл і кап’я, нажы, крэсівы, металічныя замкі, бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, унікальныя свінцовыя абразкі, шахматныя фігуркі, шкляны посуд, касцяныя вырабы. Тураў меў шырокія гандлёвыя сувязі з Кіевам, Паўночным Прычарнамор’ем, Блізкім Усходам, Малой Азіяй, Валынню і Прыбалтыкай. Былі развітыя касцярэзнае, жалезаапрацоўчае, ювелірнае, дрэваапрацоўчае, шавецкае і ганчарнае рамёствы. Старажытны Тураў быў адным з найважнейшых культурных і рэлігійных цэнтраў Кіеўскай Русі. У ім жыў і працаваў Кірыла Тураўскі. У 2-й палове XII ст. Тураўскае княства ўступіла ў стадыю феадальнай раздробленасці і горад страціў сваё ранейшае палітычнае значэнне. У канцы XIII — пачатку XIV стст. вызначаўся развітым рамяством і гандлем. У 1320-я гады у складзе Вялікага княства Літоўскага. З 1430 г. у валоданні Вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы, з канца XV ст. — М.Л. Глінскага, у 1508—1620 гг. — Астрожскіх, пасля — Сапегаў, Патоцкіх. З XV ст. ў складзе Трокскага, з 1566 г. — Берасцейскага ваяводстваў. У 1502 г. і 1521 г. на горад нападалі татары. У XVI ст. на месцы Замкавай гары існаваў умацаваны замак. Горад складаўся з асноўнай часткі і двух прадмесцяў — Заяцэлле і Запясочча. У 1649 г. спалены войскамі Я. Радзівіла. Спустошаны маскалямі ў час руска-польскай вайны 1654—67 гг. У 1648 г. меўся 401 дом, у 1667 г. — 111, у 1790 г. — 497 дамоў. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага павету, належаў Салагубам. У 1865 г. у Тураве выяўлены адзін з найбольш ранніх помнікаў усходне-славянскай пісьменнасці XI ст. — Тураўскае евангелле. У пачатку XII ст. пабудаваная царква. У 2-й палове XIII — XIX ст. існавала вежа. У 1897 г. было каля 4290 жыхароў, праводзіліся два кірмашы на год, існавалі гасціны двор, цагельня, млын. У 1923 г. было 6217 жыхароў. З 1924 г. цэнтр раёну, з 1938 г. гарадскі пасёлак. У 1939 г. — 5,5 тыс. жыхароў. З 1962 г. у Жыткавіцкім р-не.

Тэрыторыя пасёлку выцягнута ўздоўж Прыпяці. Ва ўсходняй частцы сетка вуліц радыяльная, у заходняй — прастакутная з дробнымі кварталамі. Генплан распрацаваны ў 1961 г. (інстытут "Белдзяржпраект"). Забудоўваецца паводле генплану 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды С. Смірнова, В. Бусілевіч). Асноўная кампазіцыйная вось — вул. Ленінская (будынкі гаэля, аўтавакзалу, дзіцячы парк). Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр з галоўнай плошчай склаўся на скрыжаванні вуліц Ленінскай, Кірава і Інтэрнацыянальнай. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Мікрараён капітальнай забудовы фармуецца ў паўночна-ўсходняй частцы пасёлку. Вытворчая зона размешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы. Зона адпачынку — берагі Прыпяці.

Прадугледжанае развіццё грамадскага цэнтру і раскрыццё яго на р. Струмень, расшырэнне зоны спорту і адпачьінку.


Г.С. Ларкгн, Л.Д. Побаль



ТУРАЎ. ВЕЖА


Існавала ў 2-й палове XIII — XIX ст. Размяшчалася на дзядзінцы старажытнага Турава і была галоўным абарончым збудаваннем замку. Адносіцца да тыпу валынскіх вежаў. Пабудаваная з цэглы на вапнавым растворы. На планах XVIII—XIX стст. — круглая (дыяметр 11 м), унутры была падзеленая на некалькі ярусаў.

Разабраная ў 1830-я гады.


М.А. Ткачоў



ТУРАЎ. ЦАРКВА


Помнік старажытна-рускага дойлідства XII ст. Пабудаваная на гарадзішчы старажытнага Турава. Рэшткі царквы адкрытыя і абследаваныя М. Каргерам у 1963 г. Царква ўяўляла сабой чатырохслуповы трохнефавы храм з нартэксам і апсідамі. Падмуркі складзены з валуноў насуха. Сцены ўзведзеныя ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі (захаваліся на вышыню ад 0,3—0,5 да 2 м). Агульныя памеры царквы 28,2х16,5 м. Асаблівасць разбіўкі плану ў тым, што спачатку былі распланаваныя межы храму па правым боку, а потым па левым (паўночным). У выніку гэтага была зробленая памылка ў адмеры модуляў на 1 локаць (0,43 м), што адлюстраванае ў перакошанасці плану. Лапаткі, якія адпавядаюць усходняй пары падкупальных слупоў, змешчаныя на ўсход з такім разлікам, каб павялічыць плошчу ўспрыняцця вагі ад барабану з купалам і распор скляпенняў. Аналагічны канструкцыйны прыём выкарыстоўваўся ў гарадзенскім дойлідстве XVII ст. (Ніжняя царква ў Гародне). У адрозненне ад гарадзенскіх помнікаў падкупальны прастакутнік (6х5,2 м) выцягнуты па падоўжнай восі. Будынак мае канструкцыі, узведзеныя пазней за асноўны аб’ём: прыбудовы да ўсходніх слупоў, якія звужаюць праход да галоўнага алтару, праход з нартэкса ў галоўны аб’ём і інш. Падлога царквы была выкладзеная паліванымі пліткамі. Храм разбурыўся (дата невядомая) у выніку моцнай дэфармацыі і значнага нахілу сцен.


Г.А. Лаўрэцкі



ТУРЭЦ. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1888 г. з бутавага каменю і цэглы ў цэнтры в. Турэц (Карэліцкі р-н, Гарадзенская вобласць). У плане ўяўляе сабой традыцыйную чатырохчасткавую схему (званіца, трапезная, асноўны трохнефавы аб’ём у выглядзе крыжа і апсіда). У дойлідстве храму выкарыстаныя элементы і формы старажытна-рускага дойлідства: вісячыя падвойныя аркі на парталах прытвораў, ліштвы акон, трохлопасцевыя какошнікі на фасадах, цыбулепадобныя рабрыстыя купалы на васьмігранных барабанах галоўнага аб’ёму і на двух’яруснай званіцы. Спалучэнне прыроднага каменю і атынкаваных белых дэталей дэкору ўзбагачае дойлідска-мастацкія якасці помніку. У інтэр’еры трапезная раскрываецца ў цэнтральны неф арачным прасветам. Пазалочаны іканастас выкананы ў канцы XIX — пачатку XX ст.

Царква дзейнічае.


Г.Л. Лаўрэцкі



ТЭЎЛІ. ЦАРКВА УСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік дойлідства псеўдарускага стылю. Пабудаваная ў 1872 г. у в. Тэўлі (Кобрынскі р-н) з цэглы. Аднанефавы храм з двух’яруснай званіцай над прытворам. Асноўны аб’ём накрыты чатырохсхільным дахам з галоўкай. Паўцыркульныя вокны аздобленыя ліштвамі. Па перыметры сцен праходзіць пояс з сухарыкамі. Галоўны і два бакавыя ўваходы абрамляюць дэкаратыўныя арачкі з франтонамі.

Царква дзейнічае.



-У-



УБЕЛІ. СЯДЗІБА


Існавала ў 2-й палове XVIII — пачатку XX ст. Знаходзілася ў былым фальварку Манюшкаў Убелі (Чэрвеньскі р-н), у 1819 г. тут нарадзіўся вядомы польскі кампазітар С. Манюшка. Вядомая па гравюры Н. Орды 1872 г. Уключала гасподу, капліцу-пахавальню, гаспадарчыя пабудовы, парк. Была збудаваная з дрэва. Цэнтрам кампазіцыі была гаспода — аднапавярховы з мезанінам прастакутны ў плане будынак, завершаны высокім паўвальмавым дахам. Спалучаў традыцыі народнага дойлідства і элементы стылю класіцызму. Цэнтр мансардавага галоўнага фасаду быў вылучаны чатырохкалонным порцікам з трохкутным франтонам. Сцены звонку вертыкальна ашаляваныя, вокны прастакутныя. Перад домам быў невялікі партэр з круглым у плане кветнікам, за ім знаходзіўся пейзажны парк з капліцай-пахавальняй — цэнтрычным двух’ярусным збудаваннем пад шатровым дахам, гаспадарчыя пабудовы.

Захаваліся фрагменты парку над р. Волма. У 1966 г. у ім пастаўлены памятны абеліск, прысвечаны С. Манюшку (на ім нотны запіс з яго оперы "Галька").


Ю.А. Якімовіч



УДЗЕЛА. КАСЦЁЛ БЕЗЗАГАННАГА ЗАЧАЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ

І КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


Помнік дойлідства барока і класіцызму. Пабудаваны ў 1643 г. у цэнтры в. Удзела (Глыбоцкі р-н). Спачатку касцёл і кляштар былі драўляныя, у 1766—1805 гг. пабудаваныя з цэглы. Комплекс уключае: касцёл, кляштарны корпус, гаспадарчыя пабудовы, цагляную агароджу з брамай-званіцай перад галоўным фасадам касцёлу. Напачатку галоўны фасад касцёлу меў две бакавыя вежы. У 1809 г. вежы знесеныя, у 1837 г. галоўны фасад увянчаны трохкутным франтонам. У гэты час выкананае афармленне інтэр’ера ў стылі позняга класіцызму.

Касцёл трохнефавы, з паўцыркульнай апсідай і сакрысціямі па баках. Усе нефы маюць аднолькавую вышыню і накрытыя двухсхільным дахам. Плоскасць галоўнага фасаду расчлянёная пілястрамі, гарызантальнымі цягамі, філёнгамі і паўцыркульнымі авальнымі нішамі. Бакавы і алтарны фасады раскрапаваныя лапаткамі і прарэзаны фігурнымі праёмамі. У інтэр’еры сцены падзеленыя пілястрамі і завершаны карнізам. Шэсць квадратных у сячэнні канеліраваных слупоў падтрымліваюць цыліндрычныя скляпенні. Над прытворам размешчаныя хоры крывалінейнага абрысу, на якіх быў арган на дванаццаць галасоў.

Кляштарны корпус — двухпавярховы П-падобны ў плане будынак — быў злучаны з касцёлам калідорам (захавалася толькі адна частка будынку, две другія ў 1882 г. разабраныя, а цэгла выкарыстаная на рамонт касцёлу і агароджы). Перад галоўным фасадам касцёлу па восі цэнтральнага ўваходу ў 2-й палове XIX ст. пабудаваная з цэглы квадратная ў плане двух’ярусная брама-званіца з двума дадатковымі ўваходамі па баках (захавалася ў першапачатковым выглядзе).

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.Г. Верабей

 


УЗДА


Гарадскі пасёлак, цэнтр раёну, на р. Уздзянка. За 74 км ад Менску. Вядомая ў пісьмовых крыніцах з 1494 г. як вёска ў Менскім павеце Вялікага княства Літоўскага. З 2-й паловы XVI ст. мястэчка. Належала Кавячынскім, Завішам, у канцы XIX ст. Красінскім. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага павету Менскай губерніі. У 1897 г. было 2,8 тыс. жыхароў, млын, 30 крам, існавалі касцёл, Петрапаўлаўская царква, сінагога, мячэць. З 1924 г. цэнтр раёну Менскай акругі. З 1938 г. гарадскі пасёлак Менскай вобл. У 1962—66 гг. у Дзяржынскім р-не.

Тэрыторыя пасёлку ракой падзяляецца на два планіровачныя раёны: усходні (Малая Узда) з індывідуальнай забудовай сядзібнага тыпу і заходні, у якім размешчаны асноўны масіў жылой забудовы і грамадскі цэнтр. Планіровачная структура — прастакутная сетка, якую вызначаюць вуліцы Савецкая, Школьная, Ленінская і яе працяг — вул. К. Маркса. Забудова вялася паводле генпланаў 1970 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва) і 1982 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Р. Арцёмчык). Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр гістарычна склаўся ў раёне вул. Ленінскай, якая злучае две плошчы — Свабоды і Чырвоную. На пл. Свабоды разбіты сквер, знаходзіцца помнік дойлідства 1-й паловы XIX ст. — касцёл Узвышэння Святога Крыжа (захаваўся часткова; у ім размешчаны раённы Дом культуры). У ансамбль забудовы Чырвонай плошчы ўключаны помнік дойлідства — Петрапаўлаўская царква. У паўночнай частцы пасёлку па вул. Савецкай фармуецца новы адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Забудоўваецца бульвар Дзяржынскага (размешчаны перпендыкулярна вул. Савецкай). У цэнтральнай частцы ўзводзяцца 3—5—6-павярховыя жылыя дамы. На астатняй тэрыторыі пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Вытворчая зона размешчаная ў паўночна-заходняй і паўднёва-ўсходняй частках пасёлку. Захаваліся таксама помнікі дойлідства — капліца-пахавальня Завішаў (XIX ст.) і рэшткі сінагогі.

Прадугледжанае развіццё пасёлку на поўнач, расшырэнне зоны адпачынку, развіццё новага грамадскага цэнтру, стварэнне падцэнтра ва ўсходнім планіровачным раёне (у Малой Уздзе).


Г.С. Ларкін



УЗДА. КАПЛІЦА-ПАХАВАЛЬНЯ ЗАВІШАЎ


На каталіцкіх могілках. Пабудаваная ў 2-й палове XIX ст. з цэглы і бутавага каменю, як капліца-пахавальня Завішаў. 

Збудаванне нагадвае егіпецкую піраміду. У цокалі мае нізкі лучковы праём уваходу і востраканечнае акенца склепу. У верхняй частцы невялікае патаемнае памяшканне-малельня. Само сутарэнне перакрытае стральчатым скляпеннем, а па баках у тры рады чаргуюцца нішы для пахаванняў. У тарцы склепу — трохгранны подыум і ніша для алтару. Сцены склепу атынкаваныя і расшыты пад руст. 


А.М. Кулагін

Каталіцкія храмы на Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000



УЗДА. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў г. Узда ў 1840 г. з цэглы на месцы драўлянай (вядома з XVI ст.) па фундацыі Ф. Завішы. Сіметрычна адносна падоўжанай і папярочнай восей храм у плане ўяўляе сабой трохчасткавую схему: трапезная, асноўны квадратны аб’ём і алтар з прыбудовай. Асаблівасць аб’ёмна-планіровачнага вырашэння — безстаўповая аднапралётная сістэма перакрыццяў асноўнага аб’ёму і складаная сістэма перакрыццяў у трапезнай (гэта звязанае з размяшчэннем у другім яе ярусе званіцы). Характэрнай рысай агульнай кампазіцыі царквы з’яўляецца кантраст паміж дэталёвай распрацоўкай паверхняў сцен і простым канструкцыйным вырашэннем завяршэння асноўнага аб’ёму (чатырохсхільны дах з несапраўдным 8-гранным драўляным барабанам і гранёным цыбулепадобным купалам). У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаныя формы старажытна-рускага дойлідства (кілепадобныя какошнікі, што завяршаюць кутнія пілястры галоўнага аб’ёму, падвойныя вокны асноўнага аб’ёму і патройнае акно на заходнім фасадзе званіцы) і класіцызму (двухсхільныя дахі, профілі карнізаў, руставаныя абрамленні галоўнага уваходу і аконных праёмаў).

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўряцкі



УЛА


Гарадскі пасёлак у Бешанковіцкім р-не, прыстань на Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ў яе р. Ула. За 80 км ад Віцебску. Вядомая з XIV ст. ў Полацкім княстве, з XVI ст. мястэчка ў Полацкім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. Належала Кішкам, потым Жабам. У час Лівонскай вайны 1558—83 гг. на паўвыспе, утворанай рэкамі Заходняя Дзвіна і Ула, паводле загаду рускага цара Івана IV Жахлівага ў 1566 г. пабудаваны замак. Захаваліся рэшткі замку і ўмацаванні на паўвыспе — т.зв. "Баторыеў шанц". З 1577 г. мела магдэбургскае права. Існавалі касцёл дамініканцаў (заснаваны Лукомскім у XVII ст., дзейнічаў да 1832 г.), тры праваслаўныя царквы. Паводле інвентару 1764 г., у горадзе да 600 жыхароў, 187 двароў. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, гандлёвае мястэчка, цэнтр воласці Лепельскага павету. Віцебскай губерніі. У канцы XIX ст. каля 2,5 тыс. жыхароў, больш за 200 дамоў, у т.л. 30 мураваных, касцёл, царква (па іншых звестках тры царквы), 48 крам. У 1924—31 гг. і 1946—56 гг. цэнтр раёну. З 1938 г. гарадскі пасёлак. З 1956 г. у Бешанковіцкім р-не.

Сучасны пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Л. Смірнова, А. Яромін, В. Паштоўскі). Планіровачную структуру яго вызначаюць вуліцы Даватара і Леніна. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся на вул. Даватара, разбіты сквер, закладзены фруктовы сад. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Капітальная 1—5-павярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтральнай частцы пасёлку. Вытворчая зона размешчаная ў паўднёва-заходняй частцы пасёлку. Зона адпачынку — рэкі Заходняя Дзвіна і Ула, воз. Каранёва, лесапарк вакол пасёлку.

Прадугледжанае фармаванне новага грамадскага цэнтру з галоўнай плошчай на скрыжаванні вуліц Даватара і Леніна, расшырэнне зоны адпачынку.


І.С. Ларкін



УСЕЛЮБ. КАСЦЁЛ УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА


Помнік дойлідства готыкі. Пабудаваны ў 1-й палове XV ст. на паўднёва-ўсходняй ускраіне в. Уселюб (Наваградскі р-н) па фундацыі Яна Неміры — канюшага Вялікага князя Вітаўта. Асноўны аб’ём амаль квадратны ў плане (агульныя памеры храму 23,5х13 м), накрыты двухсхільным дахам. Сцены ўзведзеныя ў тэхніцы гатычнай муроўкі з гладкай цэглы на вапнава-пясчаным растворы. Падмуркі складзеныя з неапрацаваных вялікіх і сярэдніх валуноў. Спачатку гэта было аднастаўповае збудаванне, якое з усходу заканчвалася прэсбітэрыем і гранёнай апсідай. У паўночнай сцяне прэсбітэрыя быў уваход у сакрысцію, перакрытую зорчатымі скляпеннямі. Сцены храму былі ўмацаваныя контрфорсамі. Інтэр’еры асвятляліся вокнамі спічастай формы. У тоўшчы заходняй сцяны зробленыя вітыя ўсходы, якія вялі на хоры і падданіак. Усходні і заходні фасады завяршаліся франтонамі. Над уваходам — крыж, выкладзены з перапаленай цэглы. У 2-й палове XVI ст. скляпенні ў касцёле абваліліся. У канцы XVI — пачатку XVII ст. надбудаваны верх апсіды, асноўны аб’ём перакрыты драўлянай столлю, у прэсбітэрыі адноўлены скляпенні. У даху была выкарыстаная пляскатая дахоўка. У канцы XVIII ст. ў паўночнай сцяне прабітае яшчэ адно акно, змененыя форма і памеры. З першапачатковых акон асноўнага аб’ёму зроблены новы ўваход у сакрысцію. У XVIII — 1-й палове XIX ст. ў цэнтры заходняга фасаду быў невялікі бабінец. У 2-й палове XIX ст. да галоўнага фасаду прыбудаваная трох’ярусная вежа. У 1986 г. пажарам знішчаны завяршэнні вежы, дах і сістэма перакрыццяў асноўнага аб’ёму, прэсбітэрыя і паўночнай сакрысціі. Пасля пажару помнік не аднаўляўся.

У 1988 г. храм перададзены вернікам, якія яго адрамантавалі. Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кушнярэвіч



УШАЧЫ


Гарадскі пасёлак, цэнтр раёну, на р. Ушача. За 150 км ад Віцебску. Вядомы з XVI ст. як велікакняжацкае мястэчка, заснаванае пры замку. Належалі ў 1624 г. полацкаму стольніку Юзафу Кляноўскаму, з 1672 г. Давыду Радзімінскаму-Францкевічу, потым Шчытам, Жабам (з 1721 г.), Плятэрам. У 1672 г. пабудаваны манастыр базыльян (заснаваны Радзімінскім-Францкевічам), у 1716 г. — дамініканскі кляштар (заснаваны I. Жабам) з гаспадарчымі пабудовамі, броварам, лазняй, шпіталем, школай. У 1758 г. атрымалі магдэбургскае права, герб (на белым полі каля залатой ракі выява святога). У 1776—91 гг. цэнтр Полацкага ваяводства, тут склікаліся сеймікі. Два разы на год наладжваліся кірмашы. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, заштатны горад, мястэчка, да 1805 г. цэнтр Лепельскага павету Віцебскай губерніі, потым — воласці. У сярэдзіне 1880-х гадоў у мястэчку каля 650 жыхароў, 128 двароў, у 1897 г. — 1268 жыхароў, 168 драўляных дамоў (два мураваныя), лякарня, аптэка, вадзяны млын, два заезныя двары, шаснаццаць крам, восем шынкоў. З  1919 г. у складзе РСФСР. З 1924 г. у БССР, цэнтр раёну Полацкай (да 1930 г.) і Лепельскай (1935—38 гг.) акруг, Полацкай (1944—54 гг.) і Віцебскай (1938—41 гг. і з 1954 г.) абласцей (у 1962—66 гг. у Лепельскім р-не). З 1938 г. гарадскі пасёлак.

Сучасны пасёлак развіваецца паводле праекту забудовы цэнтральнай часткі 1969 г., які захаваў гістарычную планіроўку (Віцебская філія інстытуту "Белдзяржпраект"), і генплану 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Л. Зайцава). Размешчаны на ўзвышаным рэльефе з рэзкім паніжэннем у бок поймы р. Ушача, што цячэ ў заходняй частцы пасёлку і падзяляе яго на две часткі: Левабярэжжа — невялікі жылы раён з індывідуальнай забудовай сядзібнага тыпу і Правабярэжжа (усходняя частка) — асноўны жылы масіў з адміністрацыйна-грамадскім і культурным цэнтрам, які склаўся на вул. Ленінскай і пл. Ленінскай. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. У цэнтральнай частцы пасёлку, у раёне вуліц Ленінскай, Савецкай і Камсамольскай пабудаваны 2—5-павярховыя жылыя дамы. Вытворчая зона размешчаная на паўднёвым усходзе ад пасёлку. Зона адпачынку — р. Ушача і азёры Вечалле, Тартак, Царкавішча і Звонь.

На ўсходняй ускраіне пасёлку на ўзгорку ёсць гарадзішча, вядомае пад назвай "Замак".


Г.С. Ларкін



УШАЧЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЛАЎРЭНЦІЯ


У 1716 г. падваявода полацкі Іеранім Жаба разам з жонкай заснавалі касцёл і кляштар дамініканцаў. У 1787 г. манахі-дамініканцы ўзвялі двухпавярховы мураваны кляштар, заклалі шасцікласную школу-вучылішча (дзейнічала да 1839 г.). Інтэр’ер храму быў распісаны фрэскамі адным з ксяндзоў-дамініканцаў. У 1863 г. касцел і кляштар закрытыя, будынкі часткова разбураныя, усё літургічнае начынне перанесенае ў касцёл Святой Веранікі ў в. Селішча. Энергічныя намаганні парафіян (каля 1600 чалавек) па вяртанню касцёлу пачалі здзяйсняцца з 1905 г. пасля прыняцця ўрадам талерантнага закону, але не далі жадаемых вынікаў. Быў атрыманы дазвол на будаўніцтва новага храму (распачатае ў 1908 г.). Сродкі вылучаныя Рэутам (14 тыс. руб.), Івашэўскай, а таксама ўладамі (9 тыс. руб.). Будаўніцтва закончанае ў 1913 г. Закрыты ў 1932 г. 

Дойлідства мураванага храму вырашанае ў стылі неаготыкі. Адносіцца да тыпу дзвюхвежавых аднанефавых храмаў з трохграннай апсідай. Гатычны характар будынку надаюць высокія стральчатыя аконныя праёмы, ступеньчатыя контрфорсы, аркатурны фрыз, фіялы. Вельмі шанаваўся маляваны на палатне абраз "Найсвяцейшая Дзева Марыя" ў срэбнай рызе.


А.М. Кулагін

Каталіцкія храмы на Беларусі

Менск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000



-Ф-



ФАННІАЛЬ


Гарадскі пасёлак (да 29.4.1984 г. вёска) у Дзяржынскім р-не, чыгуначная станцыя на лініі Менск — Баранавічы, каля шашы Менск — Дзяржынск. За 13 км ад Дзяржынску. Забудоўваецца паводле генплану 1978 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Р. Арцёмчык) і генпланаў забудовы мікрараёнаў 1979 г., 1985 г. (інстытут "Менскграмадзянпраект"). Тэрыторыя пасёлку — выцягнутая паласа паміж аўтамабільнай і чыгуначнай магістралямі. Планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Камсамольская (праходзіць па заходняй частцы пасёлку, паралельна аўтадарозе) і Чыгуначная (у паўднёва-ўсходняй частцы пасёлку, уздоўж чыгункі). На прывакзальнай плошчы фармуецца гандлёвы цэнтр. Жылая зона складаецца з індывідуальнай забудовы сядзібнага тыпу, якая ўтварае дробныя кварталы ў паўночнай частцы пасёлку, і чатырох мікрараёнаў капітальнай шматпавярховай забудовы з памяшканнямі гандлёвага і культурна-побытавага прызначэння ўздоўж аўтамагістралі. Вытворчая зона размешчаная на паўднёвым усходзе, за чыгункай. Зона адпачынку — лясны масіў у паўночна-заходняй частцы пасёлку.

Прадугледжанае стварэнне грамадскага цэнтру з плошчай па вул. Камсамольскай.


Г.С. Ларкін



ФОЙНА. ПАШТОВАЯ СТАНЦЫЯ


Помнік дойлідства візантыйска-рускага стылю. Пабудаваная ў 1849 г. на Беларускай шашы (цяпер аўтадарога Кіеў — Санкт-Пецярбург) каля в. Фойна Магілёўскага р-ну па ўзорным праекце станцыйных дамоў 3-га разраду 1843 г. Прастакутны ў плане будынак з вальмавым, накрытым бляхаю. Сцены цагляныя, атынкаваныя. Галоўны фасад разам з агароджай і дзвюма сіметрычна размешчанымі брамамі ўтварае франтальную кампазіцыю, разгорнутую да дарогі. Дзвярны праём галоўнага ўваходу мае паўцыркульнае завяршэнне, над уваходам — казырок з літымі чыгуннымі кранштэйнамі. Чатыры аконныя праёмы на галоўным фасадзе маюць характэрнае паўцыркульнае завяршэнне з "гіркамі" пасярэдзіне. Сцены аздобленыя плоскім прастакутным рустам. Карніз, які абрамляе будынак, вырашаны ў выглядзе аркатурнага паяска.

Помнік рэспубліканскага значэння.


А.С. Сардараў



-Х-



ХАБОВІЧЫ. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў пачатку XX ст. ў в. Хабовічы (Кобрынскі р-н). Традыцыйны тып праваслаўнага храму з трохчасткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, якая ўключае шатровую званіцу, крыжападобны ў плане асноўны аб’ём і пяцігранную апсіду з бакавымі алтарамі. Над будынкам узвышаюцца два аднолькавыя светлавыя барабаны, завершаныя шатрамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. У аздобе выкарыстаныя разныя карнізы, фігурная шалёўка, кутнія лапаткі.

У 1987 г. адрамантаваная. Царква дзейнічае.



ХАЛЬЧ. ПАЛАЦ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў пачатку XIX ст. ў в. Хальч (Веткаўскі р-н) у былым маёнтку Халецкіх, на правым беразе р. Сож. У пачатку XX ст. належаў Сежержецкім. Стаяў у цэнтры сядзібнага ансамбля, які складаўся з галоўнага двухпавярховага корпусу і двух бакавых аднапавярховых флігеляў (не зберагліся), якія абмяжоўвалі парадны двор з рэгулярна спланаваным партэрам.

Палац — кампактны прастакутны ў плане аб’ём, накрыты вальмавым дахам. Першы паверх мураваны, апрацаваны рустам, другіі драўляны, атынкаваны. Цэнтральная частка з двухсхільным дахам вылучаная на галоўным фасадзе шасцікалонным іанічным порцікам, узнятым з дапамогай масіўных пілонаў на ўзровень другога паверху, а на паркавым фасадзе — паўкруглай тэрасай з каланадай на першым паверсе. З усходняга боку аднапавярховая прыбудова з дадатковым уваходам. Планіроўка калідорная. Парадныя памяшканні і галоўная зала на другім паверсе мелі выхады на балкон галоўнага фасаду і паркавую тэрасу, аб’ядноўваліся калідорамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.

Каля палацу разбіты пейзажны парк. Гаспадарчыя будынкі стаяць убаку ад палацу. Рэстаўрыраваны ў 1970-я гады. У будынку размешчаная філія Гомельскага абласнога краязнаўчага музея.

Помнік рэспубліканскага значэння.



ХАТЫНЬ


Мемарыяльны ансамбль на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму на тэрыторыі Беларусі ў 1941—45 гг. Створаны на 54-м км ад Менску (за 5 км ад шашы Менск — Віцебск) на месцы былой в. Хатынь (Лагойскі р-н), спаленай 22.3.1943 г. разам з жыхарамі (26 двароў, 149 чал., у т.л. 75 дзяцей) карным батальёнам нямямецка-фашысцкіх акупантаў. Мемарыяльны комплекс (дойліды Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін, скульпттар С. Селіханаў; бетон, граніт, мармур, бронза) адкрыты 5.7.1969 г. Мемарыял (плошча 50 га) захоўвае планіровачную структуру былой вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, плошчу Памяці, сцяну Жалобы, Дрэва жыцця.

Мемарыял пачынаецца паказальнікам ад павароту з Віцебскай шашы — "Хатынь", выкананым з шэрага бетону. Далей кіламетровыя паказальнікі з беламармуровых блокаў вядуць адваротны адлік шляху, эмацыянальна настройваюць на ўспрыманне мемарыялу. Дарога Жалобы прыводзіць да сімвалічнага тыну на ўскраіне вёскі з надпісам: "22 сакавіка 1943 г. фашысты знішчылі вёску Хатынь з яе жыхарамі. У Беларусі акупанты пераўтварылі ў руіны 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 сёл і вёсак. Ад рук захопнікаў загінула 2 млн. 230 тыс. савецкіх грамадзян. Гэта ніколі не будзе забыта!".

Праз сімвалічны тын дарожка вядзе на той кавалак зямлі, дзе адбылася трагедыя. Скульптура няскоранага чалавека (вышыня 6 м) з мёртвым хлопчыкам на руках — збіральны вобраз беларускага селяніна. Побач, на месцы гумна, дзе фашысты спалілі жыхароў Хатыні, чорная пліта, якая нагадвае дах, што стаў апошнім прытулкам загінуўшых. На брацкай магіле Вянок памяці з надпісам-наказам мёртвых жывым: "Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і Вас дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць Вы мір і спакой на Зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхры пажараў жыццё не ўмірала!". На процілеглым баку Вянка адказ жывых загінуўшым: "Родныя Вы нашы. У смутку вялікім схіліўшы галовы стаім перад Вамі. Вы не скарыліся лютым забойцам у чорныя дні фашысцкай навалы. Вы смерць прынялі, ды полымя сэрцаў Вашай любові да Савецкай Радзімы навек незгасальна. Памяць пра Вас у нас назаўсёды, як неўміручая наша зямля і як вечна яркае сонца над ёю".

Дарога Жалобы вядзе да помнікаў-зрубаў (вышыня да 6 м), пастаўленых на месцы кожнай спаленай хаты. Бетонныя брусы ўтвараюць вянок зрубу. Веснічкі нібы запрашаюць у неіснуючы ўжо дом да ачага, ад якога застаўся адзін комін ды высечаныя на ім імёны загінуўшых. Коміны ў выглядзе абеліскаў са званамі, што вечна гудуць па ахвярах фашызму. Адзначаныя шэрымі плітамі былыя вуліцы, якія раптам абрываюцца, мемарыяльныя знакі ў выглядзе мармуровых зрубаў на месцы чатырох калодзежаў дапаўняюць вобраз спаленай вёскі.

За хатамі-помнікамі па галоўнай восі кампазіцыі мемарыяла размешчаны Могілкі вёсак — 185 урнаў з зямлёй вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Сцяна Жалобы (даўжыня 128 м) — манументальная кампазіцыя з нішамі, якія асацыіруюцца з казематамі канцлагераў, са сценамі крэматорыяў лагераў смерці. У нішы ўмацаваныя мемарыяльныя пліты з назвамі 66 найбольш буйных лагераў смерці і месцаў масавай загубы мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі і лічбамі, якія інфармуюць пра колькасць загубленых там людзей. На сцяне Жалобы надпіс: "Памяць пра вас на вякі". Побач са сцяной Жалобы і Могілкамі вёсак заключны фрагмент мемарыяла — пл. Памяці. У цэнтры яе тры бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай — Вечны агонь, сімвал кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, што загінуў у ІІ Сусветную вайну. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак рэспублікі, спаленых фашыстамі і адноўленых пасля вайны.

У Хатынскім мемарыяле зліліся ў гарманічным сінтэзе і скульптура, і дойлідства, і ландшафт, і мастацкае слова, і трывожнае гучанне званоў, і каляровае асвятленне. Са скрупулёзнай дакладнасцю тут узноўленая планіровачная структура спаленай фашыстамі вёскі, акцэнтаваны кожны яе элемент — вуліцы, калодзежы, на месцы былых сядзіб — бетонныя абеліскі-коміны. Вобраз спаленай вёскі раскрывае звярыную сутнасць фашызму, з вялікай сілай уздзейнічае на гледача; праз трагедыю адной вёскі паказвае трагедыю народа.

Хатынь — філія Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Аўтарам мемарыяльнага комплексу Хатынь прысуджаная Ленінская прэмія 1970 г.


Л.Г. Лапцэвіч



ХАЦІСЛАЎ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1799 г. у в. Хаціслаў (Маларыцкі р-н). Мае рысы стылю барока. Царква трохзрубная. Асноўны зруб прастакутны ў плане са зрэзанымі ў заходняй частцы кутамі і вузкі трохгранны бабінец накрыты агульным двухсхільным дахам з гранёным барочным купалам у цэнтры. Такія ж купалкі ў цэнтры больш нізкага шматсхільнага даху над пяціграннай апсідай і над дзвюма трох’яруснымі вежамі, якія фланкіруюць галоўны фасад. Трох’ярусны галоўны фасад мае прасторавую структуру, па вертыкалі падзелены на тры часткі, размешчаныя пад кутом адна да адной. Сярэдняя частка завяршаецца трохкутным франтонам, пакатыя бакавыя нагадваюць валюты мураваных храмаў позняга барока і ракако. У інтэр’еры дамінуе цэнтральнае памяшканне, перакрытае зрубным люстраным скляпеннем. Бабінец з хорамі пад ім і алтарны зруб маюць плоскасную бэлечную столь. У 1867 г. да царквы прыбудаваная трох’ярусная званіца (васьмярык на двух чацверыках), завершаная шатровым дахам з дэкаратыўнымі какошнікамі.

У 1989 г. царква аддадзеная вернікам (з 1990 г. на рэстаўрацыі). Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



ХМЕЛЕВА. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1725 г. на ўскраіне в. Хмелева (Жабінкаўскі р-н), на могілках. У дойлідстве спалучаюцца рысы барока з элементамі класіцызму. У XIX ст. перароблены тамбур, зменены верх, побач з храмам пастаўленая драўляная каркасная двух’ярусная званіца (першы ярус ашаляваны, другі — адкрыты ў выглядзе арак). Царква ў плане крыжовая, з пяціграннай апсідай і дзвюма рызніцамі. Да галоўнага заходняга фасаду, які ўтварае бабінец, прыбудаваны тамбур з шырокай лесвіцай. Аб’ём царквы цэнтрычны, кампактны, што дасягаецца адносна кароткімі крыламі трансепту і асобнымі дахамі — трохсхільнымі над крыламі трансепту, двухсхільным над бабінцам і пяцісхільным над алтаром. У дэкоры выкарыстаныя класіцыстычныя дэталі — масіўныя руставаныя лапаткі па кутах і на галоўным фасадзе. Над сяродкрыжжам фігурная шмат’ярусная галоўка. У інтэр’еры вылучаецца асноўная зальная прастора, якая дзвюма калонамі аддзеленая ад трансептаў. Перакрыцце плоскае, бэлечнае.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.I. Чарняўская



ХОЙНІКІ


Горад, цэнтр раёну. За 103 км ад Гомеля. Вядомыя з 1512 г. як вёска т.зв. Брагінскага графства ў Вялікім княстве Літоўскім. З сярэдзіны XVI ст. вёска, мястэчка Брагінскай воласці Рэчыцкага павету, з канца XVII ст. цэнтр воласці. Належалі Вішнявецкім, Шуйскім, Прозарам. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага павету Менскай губерніі. У канцы XIX ст. налічвалася 2,7 тыс. жыхароў, 26 крам, касцёл, Пакроўская царква (пабудаваная князем I. Шуйскім), тры сінагогі, два заезныя двары, паштовая станцыя, два вадзяныя млыны. У XIX ст. існаваў драўляны на цагляным падмурку сядзібны дом (меў рысы стылю ампір), непадалёку ад яго мураваная капліца — квадратнае ў плане цэнтрычнае збудаванне з чатырма кутнімі шатровымі вежачкамі (каля яе быў насыпаны курган). У пачатку XX ст. на гэтым месцы закладзены парк пейзажнарэгулярнага тыпу і пабудаваны (1912 г.) двухпавярховы мураваны сядзібны дом. З 1919 г. у складзе Гомельскай губерніі РСФСР, з 1926 г. у БССР, цэнтр раёну (у 1927—30 гг. у Гомельскай акрузе). З 1938 г. гарадскі пасёлак Палескай, з 1954 г. Гомельскай абласцей. З 1967 г. — горад.

Забудоўваецца паводле генплану 1972 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід А. Агафонава) і карэкціроўкі 1982 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Кашырын, Агафонава). Сетка вуліц прастакутная з дробнымі кварталамі. Забудова гораду злілася з бліжэйшымі пасёлкамі (імя Калініна і Першамайскі) і вёскамі (Валокі, Забалацце), галоўныя вуліцы якіх з’яўляюцца працягам гарадскіх. Створаны новыя вуліцы — Дзяржынскага, Будзённага, Варашылава, Садовая і інш. Тэрыторыя гораду складаецца з трох планіровачных раёнаў: Старыя Xойнікі, Новыя Xойнікі і паўночна-заходні раён. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр гістарычна склаўся ў Старых Xойніках, у раёне вуліц Савецкай, К. Маркса і інш. На скрыжаванні вуліц Савецкай і К. Маркса сфармавалася цэнтральная плошча — пл. Леніна. Новы агульнагарадскі цэнтр фармуецца на поўнач ад старога, на скрыжаванні вуліц Савецкай і Мележа, дзе ўтвораная пл. Танкістаў і склалася гандлёвая зона. Пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Капітальныя 2—5-павярховыя дамы ўзведзеныя ў цэнтры Старых Xойнікаў. У Новых Xойніках створаны шматпавярховы мікрараён Юбілейны. У 1988—89 гг. узведзеная Пакроўская царква (дзейнічае). Зона адпачынку — гарадскі парк у Старых Xойніках, лесапарк у паўночна-ўсходняй частцы гораду.

У сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС будаўніцтва ў горадзе закансерваванае.


Г.С. Ларкін



ХОЦІМСК


Гарадскі пасёлак, цэнтр раёну, на левым беразе р. Беседзь пры ўпадзенні ў яе рэк Альшоўка і Жадунь. За 207 км на ўсход ад Магілёва. Вядомы з 1430 г. як вёска Хоцімль у Вялікім княстве Літоўскім. З канца XVI ст. вёска ў Мсціслаўскім ваяводстве. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Клімавіцкага павету Магілёўскай губерніі. У канцы XIX ст. было каля 3 тыс. жыхароў, народнае вучылішча, две царквы, лякарня, два гарбарныя заводы, бровар, два вадзяныя млыны, 44 крамы, два кірмашы на год. З  1919 г. у Гомельскай губерніі РСФСР, з сакавіка 1924 г. у складзе БССР. З ліпеня 1924 г. цэнтр раёну Калінінскай, з чэрвеня 1927 г. — Магілёўскай акруг. У 1926 г. налічвалася 2,9 тыс. жыхароў. З ліпеня 1931 г. у складзе Касцюковіцкага р-ну, з лютага 1938 г. у Магілёўскай вобл. З верасня 1938 г. гарадскі пасёлак, 3,2 тыс. жыхароў (1939 г.). З красавіка 1962 г. да ліпеня 1966 г. у Касцюковіцкім р-не.

Планіровачная структура прастакутная, кампактная, з дробнымі кварталамі пераважна 1-павярховай індывідуальнай забудовы сядзібнага тыпу. Развіваецца паводле генплану 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва) уздоўж р. Альшоўка. Асноўныя вуліцы — Ленінская, Камсамольская, Садовая, Піянерская, Пралетарская, Чапаева, Пушкінская і інш. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся на вул. Ленінскай. На скрыжаванні яе з вул. Пралетарскай утвораная пл. Леніна, якую замыкаюць скверы. На рагу вуліц Ленінскай і Кірава знаходзіцца раённы Дом культуры (будынак былой Траецкай царквы — помнік эклектычнага дойлідства з элементамі псеўдавізантыйскага стылю, сярэдзіна XIX ст.) са скверам каля яго. Гандлёвая зона размешчаная на скрыжаванні вуліц Камсамольскай і Кірава. Двух—пяціпавярховая жылая забудова сканцэнтраваная ў цэнтральнай частцы пасёлку (вул. Ленінская, Чапаева і інш.).

Праект дэталёвай планіроўкі цэнтру 1981 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Р. Шэліхава, Т. Купрэева, інжынеры У. Пачтоўскі, Л. Пірожнік) прадугледжвае далейшае развіццё па вул. Ленінскай, стварэнне спартовай зоны. Вытворчая зона фармуецца ва ўсходняй частцы пасёлку. Зона адпачынку — берагі рэк Беседзь і Альшоўка.

Зберагліся помнікі дойлідства — драўляная царква (XIX ст.), фрагменты жылой забудовы пачатку XX ст. (вуліцы Дзяржынскага і Камсамольская).


С.Ф. Самбук



ХУДАЎЦЫ. ЦАРКВА НАРАДЖЭННЯ БОЖАЙ МАЦІ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 2-й палове XIX ст. на невялікім пагорку ў в. Худаўцы (Крупскі р-н). Трохзрубны аднаапсідны храм з двух’яруснай прастакутнай у сячэнні званіцай над бабінцам. Цэнтральны аб’ём завершаны масіўным купалам на двух’ярусным васьмігранным барабане і чатырма кутнімі вежачкамі (на васьмерыках) з цыбулепадобнымі галоўкамі. Вільчык даху пяціграннай апсіды завершаны цыбулепадобным купалам. У дэкоры выкарыстаныя разныя арнаментальныя паясы, стылізаваныя закамары. Уваход у храм падкрэслены паддашкам на ажурных кранштэйнах чыгуннага ліцця. Унутраную прастору ўпрыгожвае драўляны іканастас, багата аздоблены пазалочанай разьбой.

Царква дзейнічае.


А.Ю. Пятросава



-Ц-



ЦІМКАВІЧЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Існаваў у XVII—XX стст. Пабудаваны ў 1647 г. у в. Цімкавічы (Капыльскі р-н). У 2-й палове XIX ст. перабудаваны пад царкву. Меў рысы беларускага народнага драўлянага дойлідства і стылю барока. Касцёл — трохнефавы храм з пяціграннай двух’яруснай алтарнай апсідай, накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай. Галоўны фасад умацаваны паўкруглымі лапаткамі, падзелены на два ярусы прычолкамі з прафіляваным карнізам. Верхні ярус вырашаны ў выглядзе атыка з паўвальмавым дахам, меў прастакутныя вокны. Спачатку фасад завяршалі тры невяліеія вежы. Звонку будынак ашаляваны. Унутраная прастора падзеленая на нефы трыма парамі драўляных слупоў на бетонных падмурках. Цэнтральны неф больш высокі і шырокі за бакавыя. Перакрыцце плоскае бэлечнае. Над уваходам хоры з глухім парапетам, расчлянёным на філёнгі. Сюды вялі вітыя драўляныя ўсходы.

У інтэр’еры сцены неашаляваныя, слупы, столь, бэлькі і іншыя элементы ў пачатку XX ст. размаляваныя мастаком Ф. Бруздовічам (алейнымі фарбамі, амаль без грунтоўкі). Дэкаратыўна-арнаментальная размалёўка з расліннымі і геаметрычнымі матывамі выкананая ў традыцыях народнага мастацтва. Столь размаляваная стужкай-поясам па гарызанталі. Матыў геаметрычны: на чырвоным фоне па цэнтры суцэльны пояс з вялікіх і малых ромбаў, па баках меандравы арнамент, выкананы жоўта-залацістымі, сіне-блакітнымі і зялёнымі фарбамі. На бакавых частках бэлек перакрыцця і дошках столі (праз адну) былі намаляваныя белыя рамонкі, блакітна-сінія валошкі, белыя лілеі, незабудкі і інш. Кветкі чаргаваліся з зялёным лісцем і тонкай хвалістай галінкай. На сценах хмызняк шыпшыны і букеты руж. На паўночнай і паўднёвай сценах намаляваныя дуб з густой кронай, яблыня з пладамі. На парапеце хораў былі ўстаўкі ў выглядзе вазонаў. Злева і справа ад галоўнага ўваходу на сценах намаляваныя дубы з жалудамі. Арнамент на столі, устаўкі-вазоны нагадваюць матывы слуцкіх паясоў, мясцовую флору. Колеры яркія, лакальныя, чыстыя. На ўваходных дзвярах каваная накладка ў выглядзе галінкі дуба з лісцем і жалудамі.

Касцёл згарэў у 1985 г.


Ю.А. Якімовіч, В.В. Церашчатава



ЦЯЛЯДАВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства з элементамі класіцызму. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. на заходняй ускраіне в. Цялядавічы (Капыльскі р-н) як касцёл. На рубяжы XVIII—XIX стст. пераабсталяваны пад царкву (у 1910 г. абноўленая шалёўка і дэкаратыўныя элементы). Царква дзвюхвежавая, зальнага тыпу. Васьмігранная званіца з высокім шатром і галоўкай над франтонам, відаць, была пастаўленая ў час перабудовы, як і пяцігаловае завяршэнне храму. Двухсхільны дах, прарэзаны люкарнай, пераходзіць над пяціграннай алтарнай часткай у вальмавы і стварае па баках апсіды застрэшкі. Па ўсім перыметры будынку — карніз, пад ім фрыз у выглядзе аркатурнага поясу. Сцены гарызантальна ашаляваныя і раўнамерна расчлянёныя ступеньчатымі пілястрамі. Вялікія прастакутныя аконныя праёмы акаймаваныя ліштвамі са ступеньчатымі сандрыкамі і скразной разьбой у ніжняй частцы. Пад вокнамі — цягі з ромбападобным арнаментам. Невялікія круглыя вокны ў тыльнай частцы будынку прызначаны для асвятлення размешчаных па баках апсіды сакрысцій. У дэкоры інтэр’еру выкарыстаныя пілястры, карніз, аркатура і інш. Перакрыцце зальнай часткі люстранае, іншых памяшканняў — падшыўная плоская столь. Карнізы і пілястры размаляваныя пад светлы мармур. Над уваходам размешчаныя хоры. У 1987—88 гг. заменены дах, будынак пафарбаваны звонку.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Л.А. Міцянін



-Ч-



ЧАВУСЫ


Горад, цэнтр раёну, на р. Бася, непадалёку ад яе ўпадзення ў р. Проня. За 41 км ад Магілёва. У пісьмовых крыніцах вядомы з сярэдзіны XVI ст. як вёска Чавусавічы ў Вялікім княстве Літоўскім. З 1589 г. у складзе каралеўскага ўладання — Магілёўскай эканоміі. З 1604 г. горад, у 1634 г. атрымаў магдэбургскае права і герб — выява Святога Марціна, узброенага мячом, на кані. У 1648 г. налічвалася 176 дамоў. У час руска-польскай вайны 1654—67 гг. заняты расейскімі войскамі і падараваны царом Аляксеем Міхайлавічам палкоўніку Беларускага палку К. Паклонскаму (належалі яму ў 1654—55 гг.). З вясны 1656 г. рэзідэнцыя казацкага палкоўніка I. Нячая (да 1659 г. узначальваў Чавускі полк). Увосень 1660 г. горад заняты войскамі Рэчы Паспалітай. У 1708 г. у час Паўночнай вайны 1700—21 гг. разрабаваны шведскімі войскамі. У XVIII ст. Чавусы паступова забудоуваліся. У пачатку 1770-х гадоў было каля 2530 жыхароў і больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету Магілёўскай (у 1796—1802 гг. Беларускай) губерняў. У 1778 г. зацверджаны план забудовы гораду. У 1781 г. дадзены новы герб — на чырвоным полі перакрыжаваныя шабля і меч, аб’яднаныя лаўровым вянком (у гонар перамогі ў 1708 г. войск Пятра I над шведамі каля в. Лясная Быхаўскага павету). У 1780 г. існавалі: мураваны манастыр кармелітаў (пабудаваны ў 1653 г., праіснаваў да сярэдзіны XIX ст.), праваслаўная і уніяцкая цэрквы. У 1803 г. мураваны манастыр кармелітаў, чатыры драўляныя праваслаўныя царквы, 461 драўляны дом. У 1825 г. каля 4 тыс. жыхароў, 569 дамоў (з іх тры мураваныя), пяць цэркваў, трыццаць крам, праводзіліся два кірмашы на год. У 1870-я гады забрукаваная галоўная вуліца, адкрыты гарадскі парк. У 1897 г. 4690 жыхароў, у 1904 г. — 6,1 тыс. жыхароў, праводзіліся чатыры кірмашы на год. У канцы XIX — пачатку XX ст. было чатыры праваслаўныя царквы, у т.л. две мураваныя (з XVI ст. вядома Георгіеўская царква), две сінагогі. Захаваліся рэшткі рова, які абкружаў горад, і землянога насыпу; паблізу гораду на левым беразе р. Бася ёсць шмат курганоў. З 25.5. 1919 г. ў складзе Гомельскай губерніі РСФСР, з мая 1922 г. цэнтр воласці Магілёўскага павету, з ліпеня 1924 г. цэнтр раёну (у складзе БССР).

Тэрыторыя гораду месціца на павышаным роўным рэльефе, толькі надпоймавая тэраса р. Бася парэзаная крутымі ярамі (вышыня 35—40 м). Планіроўка квартальная з прастакутнай сеткай вуліц. Аўтамагістраль Магілёў — Чавусы — Чэрыкаў і рака падзяляюць горад на чатыры планіровачныя раёны: цэнтральны, Зарэчча, пасёлкі ільнозаводу і Дзяржкамсельгастэхнікі. Яны звязаныя паміж сабой, з чыгуначным вакзалам і аўтастанцыяй — вуліцамі Азарава і 60-годдзя СССР. Генпланы распрацаваныя ў 1957 г. і 1964 г. (Белдзіпрасельбуд). Забудова гораду вядзецца паводле генплану 1980 г. і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1978 г. (абодва БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід А. Агафонава). Галоўная вуліца — Ленінская, перасякае горад з захаду на ўсход, ад аўтастанцыі да ракі. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай утвораная галоўная плошча гораду (з поўдня яе замыкае закладзены ў XIX ст. парк); на ёй і на прылеглых вуліцах склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Двух- трох- пяціпавярховыя дамы ўзводзяцца ў мікрараёне па вул. Лермантава і ў раёне каля аўтастанцыі. Вытворчая зона размешчаная ў паўночна-заходняй, паўднёва-заходняй і паўднёва-ўсходняй частках гораду, камунальна-складская — за чыгункай. Зона адпачынку — р. Бася і парк.

Прадугледжанае развіццё гораду ў паўднёвым напрамку.


А.П. Грыцкевіч, С.Ф. Самбук



ЧАРНАЎЧЫЦЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства готыкі і рэнесансу. Пабудаваны ў 1595 г. у в. Чарнаўчыцы (Берасцейскі р-н), па фундацыі Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Аднанефавы мураваны храм зальнага тыпу з рудыментам трансепту і развітай паўкруглай апсідай, да якіх прылягаюць квадратныя ў плане больш нізкія прыбудовы з аднасхільнымі дахамі, што стварае паступовае насычэнне аб’ёмаў і надае кампазіцыі мастацкую выразнасць. З паўднёвага боку да апсіды прылягае круглая ў плане вежа з самастойным шатровым пакрыццём і вітымі ўсходамі ўнутры. Да галоўнага фасаду прыбудаваны бабінец. Асноўны аб’ём і апсіда накрытыя высокім двухсхільным дахам з трохкутнымі шчытамі на тарцах. Шчыт на галоўным фасадзе аздоблены плоскімі прастакутнымі і круглымі нішамі, тонкімі карнізамі, вертыкальнымі цягамі. Атынкаваныя масіўныя сцены (таўшчыня 1,3 м) бакавых фасадаў умацаваныя вертыкальнымі контрфорсамі, прарэзаныя вузкімі паўцыркульнымі вокнамі і завершаны прафіляванымі карнізамі. Унутры цыліндрычныя скляпенні на распалубках дэкарыраваныя ляпнымі рэбрамі прыгожага геаметрычнага малюнку. Сцены храму ўзведзеныя ў тэхніцы гатычнай муроўкі з цэглы на вапнава-пясчанай рошчыне, аформленыя пілястрамі.

У інтэр’еры тры барочныя драўляныя паліхромныя скульптуры XVIII ст.: "Святы Дамінік" у алтары (прывезены ў Чарнаўчыцы з зачыненага касцёлу г. Высокае Камянецкага р-ну), "Святы Антоній" і "Святы Марцін" у нішах галоўнага фасаду. На паверхні скульптур захаваліся сляды афарбоўкі залаціста-карычневых і чырвоных тонаў. У рызніцы храму захоўваецца арнат, аблямаваны слуцкім поясам. На паўночным захадзе ад касцёлу на высокім цокалі стаіць трох’ярусная званіца з шатровым дахам.

У працэсе дойлідска-археалагічных даследаванняў устаноўлена, што існуючыя сакрысція, рызніца і вежа прыбудаваныя ў XVII ст.

Касцёл дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Л.Г. Лапцэвіч, У.А. Чантурыя, А.М. Кушнярэвіч



ЧАРНАЎЧЫЦЫ. ПАЛАЦ


Існаваў у 2-й палове XVIII ст. ў в. Чарнаўчыцы (Берасцейскі р-н). Пабудаваны ў 1761 г. на тэрыторыі замку. Драўляны палац у стылі ракако меў цэнтрычную кампазіцыю, якую стваралі васьмігранны трохпавярховы аб’ём з шлемападобным фігурным купалам (з флюгерам у завяршэнні) і чатыры двухпавярховыя квадратныя ў плане крылы, накрытыя двухсхільнымі дахамі. Паміж крыламі на ўзроўні другога паверху была вялікая тэраса, агароджаная балюстрадай з дэкаратыўнымі вазамі. У цэнтры пад тэрасай вялікі арачны праём галоўнага ўваходу. Фасады былі ўпрыгожаныя скулыітурай, картушамі, пуцці. Прастакутныя вокны дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай, сцены — руставанымі лапаткамі, філёнгамі, карнізамі і міжпаверхавымі цягамі.


А.М. Кулагін



ЧАРНАЎЧЫЦЫ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ПАРАСКЕВЫ ПЯТНІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1733 г. у цэнтры в. Чарнаўчыцы (Берасцейскі р-н), перабудаваная ў канцы XIX ст. Царква трохзрубная, з кампазіцыяй пераходнай ад падоўжна-восевай да крыжова-цэнтрычнай. Прастакутны бабінец, пяцігранная апсіда і развіты ў шырыню прастакутны асноўны зруб перакрытыя ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з трохкутнымі франтонамі на заходнім, паўночным і паўднёвым фасадах і вальмамі над алтаром. Сяродкрыжжа завершанае складанай шмат’яруснай вежачкай. Пры ўваходзе прыбудаваны тамбур, па баках алтару — невялікія рызніцы. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваныя лапаткамі (па кутах бабінца шырокімі, руставанымі). Вокны прастакутныя. Шчыты франтонаў ашаляваныя ў "елачку". Столь падшыўная, бэлечная.

У 1986 г. царква гарэла, у 1987 г. адрамантаваная, зараз дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


Ю.Л. Якімовіч

 


ЧАРНЯКОВА. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная да 1725 г. у цэнтры в. Чарнякова (Бярозаўскі р-н), перабудаваная ў 1864 г. У 1868 г. зроблены іканастас і прыбудаваны тамбур. З гэтага часу вядомая як Мікалаеўская царква. Царква трохзрубная. Прастакутны бабінец, амаль квадратны ў плане асноўны зруб і пяцігранная алтарная апсіда накрытыя агульным двухсхільным дахам з ашаляваным шчытом і развітым прычолкам на галоўным фасадзе. Над заходняй часткай пабудовы — галоўка на глухім барабане (раней бабінец завяршала вежа-званіца). Пры ўваходзе да царквы прылягае тамбур, з поўначы — рызніца. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя. Інтэр’ер зальны з плоскай бэлечнай столлю. У верхняй частцы бабінца размешчаныя хоры. Перад царквой двух’ярусная чацверыковая брама-званіца каркаснай канструкцыі, накрытая шатровым дахам (XIX ст.).

У 1989 г. царква вернута вернікам, дзейнічае.



ЧАЧЭРСК


Горад, цэнтр раёну, прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе Чачоры. За 65 км на поўнач ад Гомеля. Старажытнае гарадзішча, вядомае пад назвай "Замкавая Гара", размешчанае на паўночна-ўсходняй ускраіне гораду, на мысе правага берагу р. Чачора. Складаецца з дзядзінца (плошча каля 1 га) і вакольнага гораду (плошча больш за 2 га). Выяўленыя рэчы матэрыяльнай культуры эпохі Кіеўскай Русі сведчаць аб узнікненні старажытнага гораду ў X ст. Вакольны горад існаваў у XI ст. Сістэма яго абарончых збудаванняў складалася з землянога вала, рова, драўляных сцен, вежаў-брам з пад’ёмным мостам перад уязной вежай-брамай. Упершыню ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 г. як горад радзімічаў Чичерск, які кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч вярнуў чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу. У XII—XIII стст. уваходзіў у Чарнігаўскае княства. З сярэдзіны XIV ст. ў Вялікім княстве Літоўскім, цэнтр воласці, з 1509 г. мястэчка Віленскага ваяводства. З 1501 г. належаў Алене Іванаўне, жонцы Вялікага князя Аляксандра, з 1621 г. — Сапегам. З 1510 г. цэнтр Чачэрскага староства, меў правы гарадскога самакіравання. З 1566 г. у Рэчыцкім павеце. У сярэднія вякі на месцы гарадзішча пабудаваны замак, паблізу якога на поўнач і ўсход развіваўся горад. З 1629 г. меў прывілей на штотыднёвы гандаль і на два двухтыднёвыя кірмашы на год. У XVI—XVIII стст. горад быў абнесены тынам з Замкавай, Вялікай і Падольнай брамамі. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр павету ў Рагачоўскай правінцыі, потым мястэчка, цэнтр воласці Рагачоўскага павету. У 3-й чвэрці XVIII ст. ў горадзе сем вуліц, здзейсненая перапланіроўка забудовы на рэгулярнай аснове. Адбудаваны ў 1787 г. замак стаў галоўным элементам горадабудаўнічага ансамбля. У 1774 г. падараваны Кацярынай II беларускаму генерал-губернатару графу З. Чарнышову, які стварыў тут прыгонныя тэатр і аркестр. У 2-й палове XVIII ст. ў цэнтры гораду, пасярод плошчы, пабудаваная ратуша, вакол якой размяшчаліся чатыры храмы-ратонды (захавалася Спаса-Праабражэнская царква), створаны парк. У XVIII ст. прыстань "Крэмень" на Сажы, две лякарні. Каля 1780 г. тут заснаваная шкляная мануфактура, у сярэдзіне XIX ст. пабудаваныя шкіпінарны і паташны заводы. У 1880 г. у налічвалася 1667 г. жыхароў, 263 дамы (з іх тры мураваныя), два народныя вучылішчы, 76 крам, чатыры кірмашы на год. У 1902 г. адкрытае трохкласнае вучылішча. У 1903 г. было 2468 жыхароў. Сярод пабудоў XIX — пачатку XX ст. двухпавярховы гарадскі асабняк на вул. Ульянава (цяпер Дом піянераў і школьнікаў), будынак на рагу вуліц Савецкай і Першамайскай (цяпер бібліятэка), будынак на вул. Савецкай (цяпер рэдакцыя раённай газеты). Са снежня 1926 г. цэнтр раёну. З верасня 1938 г. гарадскі пасёлак. У 1937—38 гг. пабудаваны клуб. 5,1 тыс. жыхароў у 1939 г.; рачная прыстань. 2,7 тыс. жыхароў у 1959 г., 5,8 тыс. жыхароў у 1970 г. У снежні 1962 г. — студзені 1965 г. у Буда-Кашалёўскім р-не. З 1971 г. горад абласнога падпарадкавання.

Генпланы распрацаваныя ў 1962 г. і 1974 г. (інстытут "Гомельграмадзянпраект", дойлід В. Галеўка), карэкціроўка 1983 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды С. Смірнова, М. Шумячар, I. Дзямура, інжынеры Л. Пірожнік, В. Пузік). Сетка вуліц у цэнтральнай частцы гораду — квартальная, у перыферыйных раёнах — радыяльная. Асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Савецкая (уезд з боку Гомеля) і Леніна (уезд з боку Кармы). На іх скрыжаванні ўтвораная пл. Леніна — адміністрацыйна-грамадскі цэнтр (забудоўваецца паводле праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1981 г., БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Смірнова, Л. Каракоўцава, Дзямура, інжынеры Р. Абласава, Пузік). Плошчу фармуюць будынкі былой ратушы, Дому Саветаў, кінатэатру, універальнай крамы, рэстарану; разбітыя тры скверы. Вул. Горкага звязвае цэнтр з гарадскім паркам, вул. Перамогі — з Замкавай Гарой. На вул. Першамайскай знаходзяцца будынкі гатэля, ашчаднага банку, камбінату побытавага абслугоўвання, крамы; рынак, на вул. Ульянава — будынак гарвыканкаму. У заходняй частцы гораду, на вул. Сялянскай, створаны комплекс будынкаў СПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Капітальная 2—5-павярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтры гораду. У раёне вуліц Савецкай і 50 гадоў БССР ствараецца новы мікрараён з 3—5-павярховых жылых дамоў. Вытворчая зона размешчаная ў паўднёва-заходняй і паўдёвай частках гораду. Зона адпачынку — берагі рэк Сож і Чачэра.

Прадугледжанае развіццё гораду на поўдзень, расшырэнне грамадскага цэнтру.


М.А. Ткачоў, А.П. Жучкевіч, С.Ф. Самбук



ЧАЧЭРСК. ЗАМАК


Існаваў у X—XVIII стст. Пабудаваны на дзядзінцы летапіснага гораду X—XIII стст. Займаў мыс карэннага берагу р. Чачоры, прытока Сажа. У XIV—XVIII стст. замак меў трохкутную форму (плошча каля 0,5 га) і ўзвышаўся на 14 м над поймай Чачоры; ад гораду аддзяляўся шырокім (20—25 м) і глыбокім (да 7 м) ровам, па краі быў абведзены земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі. Акрамя вежы-брамы, па перыметры валу стаялі сем вежаў, у т.л. вежа-вятрак. Перад брамай знаходзіўся драўляны пад’ёмны мост на ізбіцах: сцены драўляных умацаванняў абмазаныя глінай. У XVIII ст. структура і знешні выгляд умацаванняў замку змяніліся: была адна трохпавярховая вежа-брама, пляцоўка, абкружаная частаколам з дубовых дыляў з прасечанымі байніцамі. На дзядзінцы размяшчаліся гаспадарчыя будынкі (лядоўня, двухпавярховы лямус, склеп, стайня і інш.).


М.А. Ткачоў



ЧАЧЭРСК. РАТУША


Помнік дойлідства класіцызму з элементамі псеўдаготыкі. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. ў цэнтры г. Чачэрск (Гомельская вобл.). Мураваны двухпавярховы квадратны ў плане цэнтрычны будынак, завершаны пяццю драўлянымі чацверыковымі вежамі, чатыры з якіх увянчаныя шпілямі, размешчаныя па кутах асноўнага аб’ёму, пятая (больш высокая і звужаная ўверсе) — пасярэдзіне на масіўным чацверыковым барабане. Вокны прастакутныя, стральчатыя і з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Карніз з фігурнымі кранштэйнамі. Да двух уваходаў па баках галоўнага фасаду вядуць манументальныя каменныя лесвіцы. Паверхі маюць сіметрычную планіроўку: каля цэнтральнай квадратнай у плане залы згрупаваныя па чатыры прастакутныя і круглыя ў плане памяшканні.

У будынку знаходзілася адміністрацыйная ўстанова. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя



ЧАЧЭРСК. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1783 г. у Чачэрску графам Чарнышовым у ансамблі з трыма іншымі храмамі (не зберагліся). Мураваны двух’ярусны храм-ратонда (у плане круг з унутраным дыяметрам каля 15 м), завершаны паўсферычным купалам на ступеньчатым барабане. Над бабінцам (прастакутны ў плане аб’ём з франтонам на галоўным фасадзе) пабудаваная васьмерыковая вежа-званіца, накрытая гранёным купалком, з усходу да царквы прылягае прастакутная ў плане алтарная апсіда. Асноўны аб’ём падзелены на ярусы развітым дарычным антаблементам. Сцены ніжняга ярусу рытмічна расчлянёныя пілястрамі, паўкруглымі і плоскімі нішамі, верхняга ярусу — квадратнымі вокнамі, паміж якімі фігурныя філянговыя рамы. Асноўнае памяшканне царквы — адзіная прастора. У інтэр’еры над уваходам у залу зробленыя драўляныя хоры. Пілястры ўпрыгожаныя стылізаванымі іанічнымі капітэлямі. Інтэр’еры былі аздобленыя размалёўкай італійскіх майстроў.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.А. Чантурыя



ЧАШНІКІ


Горад, цэнтр раёну, на р. Ула. За 95 км на паўднёвы захад ад Віцебску, за 3 км ад чыгуначнай ст. Чашнікі на лініі Ворша — Лепель. У XVI ст. ўваходзілі ў Полацкае ваяводства Вялікага княства Літоўскага, належалі князям Лукомскім, з канца XVI ст. Кішкам, Сапегам, Патоцкім, Валадковічам. У Лівонскую вайну 1558—83 гг. паводле загаду Івана IV Жахлівага на правым беразе Улы пабудаваны замак (у 1708 г. спалены). У XVII ст. гандлёвае мястэчка, у 1633 г. у ім 109 дамоў, шаснаццаць крам. У XVIII ст. пабудаваныя прыстань, майстэрні па вырабу гандлёвых суднаў-стругаў, больш за сорак складоў. У 1791—93 гг. — цэнтр Полацкага ваяводства. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Лепельскага павету Віцебскай губерніі. У 2-й палове XIX ст. тэрыторыя гораду расшыралася, забудоўваліся яго паўднёвая і ўсходняя часткі, пачалося будаўніцтва прадпрыемстваў. У 1881 г. у в. Купніца (цяпер ускраіна гораду) нарадзіўся беларускі паэт Я. Журба. У 1897 г. налічвалася 4590 жыхароў, 703 будынкі, лякарня, аптэка, два народныя вучылішчы, працавалі бровары і два гарбарныя прадпрыемствы, з 1910 г. папяровая фабрыка. У 1909 г. адкрытае гарадское вучылішча (у 1913 г. пераўтворана ў вышэйшае пачатковае). У 1919—24 гг. у складзе РСФСР: з 1924 г. цэнтр раёну Віцебскай, потым Лепельскай акругі. З 1925 г. чыгуначная станцыя. З 1938 г. гарадскі пасёлак Віцебскай вобл. 3,5 тыс. жыхароў у 1939 г., 3 тыс. — у 1959 г. У 1962—65 гг. у Бешанковіцкім р-не. З 1965 г. цэнтр раёну, з 1966 г. — горад. 6,6 тыс. жыхароў у 1970 г.

Планіровачную структуру гораду вызначаюць вуліцы Савецкая, Ленінская, Луначарскага, Чырвонаслабодская і інш., якія ўтварылі радыяльную сетку з пераважна аднапавярховай індывідуальнай забудовай сядзібнага тыпу. Генпланы распрацаваныя ў 1970 г. (Віцебская філія інстытуту "Белдзяржпраект") і 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Дутлава, інжынеры Н. Стырава, I. Калеснік). Горад складаецца з трох планіровачных раёнаў: гістарычнай часткі, сучаснага цэнтру, пасёлку папяровай фабрыкі. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр фарміруецца ў раёне вуліц Савецкай і Ленінскай. На вул. Свабоды ўтвораная аднайменная плошча. Двух—пяціпавярховыя жылыя дамы сканцэнтраваныя ў пасёлку папяровай фабрыкі (вуліцы Калгасная і Гагарына) і ў цэнтры, на вул. Ленінскай створаны мікрараён пяціпавярховай забудовы. Сфармавалася паўднёва-ўсходняя прамысловая зона, у паўночнай частцы гораду — спартрвая.

Праект дэталёвай планіроўкі цэнтральнай часткі гораду 1986 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Р. Арцемчык, Н. Лісоўская, інжынеры Т. Нікіціна, Н. Стырава) прадугледжвае развіццё грамадскага цэнтру ў паўночна-ўсходнім напрамку і фармаванне чатырох функцыянальных зон (адміністрацыйна-дзелавой, культасветнай, гандлёвай і спартовай), а таксама сувязь цэнтру з жылымі ўтварэннямі, гарадскім паркам і зонай адпачынку ўздоўж р. Ула.

Захаваўся помнік дойлідства позняга класіцызму — Праабражэнская царква.


С.Ф. Самбук



ЧАШНІКІ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1785 г. з цэглы ў г. Чашнікі (Віцебская вобл.). Плошча 206,18 м2. Крыжападобная ў плане. Складаецца з цэнтральнага аб’ёму, бакавых прыбудоў, апсіды, бабінца з хорамі. Цэнтральны аб’ём завяршае сферычны купал на масіўным светлавым барабане. Над тамбурам размешчаны кубічны аб’ём званіцы, прарэзаны з чатырох бакоў высокімі паўцыркульнымі праёмамі. Галоўны фасад аздоблены чатырохкалонным порцікам дарычнага ордэру, тарцы бакавых прыбудоў завершаныя франтонамі. Сцены расчлянёныя пілястрамі, вокны прастакутныя з паўцыркульнымі сандрыкамі. Па перыметры сцен праходзіць карніз і плоскі фрыз. Будынак атынкаваны.

У інтэр’еры дамінуе цэнтральная падкупальная прастора. Прылеглыя да асноўнага аб’ёму памяшканні з цыліндрычнымі скляпеннямі аддзеленыя падпружнымі аркамі. Інтэр’ер царквы аздоблены размалёўкай: на плафоне выявы Саваофа на троне і дванаццаці апосталаў, на ветразях — евангелістаў, у алтары сцэна "Богаяўленне", на сценах — евангельскі цыкл. Сценапіс адноўлены ў 1970 г. Некранутым застаўся плафон. Размалёўка яго вылучаецца срэбрыстым каларытам, правільна знойдзеным маштабам фігур, перспектыўным ракурсам.

Царква дзейнічае.



ЧЫЖЭВІЧЫ. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1795—1808 гг. у цэнтры в. Чыжэвічы (Салігорскі р-н). Асноўны аб’ём (вышыня 19 м, даўжыня 30 м, шырыня 9 м) і званіца (вышыня 27 м) маюць ярусную кампазіцыю. Да асноўнага аб’ёму далучаныя нізкія бакавыя прыбудовы з дадатковымі ўваходамі, да пяціграннай алтарнай часткі — рызніцы. Уваходная частка вылучаная бабінцам з навіссю ў выглядзе трохкутнага франтону на тонкіх патройных калонах. Верхнія ярусы званіцы (васьмігранныя ў плане) і зальная частка храму завершаныя шатрамі і купаламі з галоўкамі. Сцены гарызантальна ашаляваныя і прарэзаныя прстакутнымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі. Зальная частка трохсветлавая. У інтэр’еры столь плоская, акрамя цэнтральнай падкупальнай прасторы, дзе чацвярык другога ярусу пераходзіць пры дапамозе ветразяў у васьмярык і перакрыты самкнёным гранёным скляпеннем. Хоры — над уваходам. У 1934 г. царква зачыненая, тут было складское памяшканне збожжасховішча.

З 1948 храм дзейнічае. У 1988 г. царква рэканструяваная (інстытут "Белспецпраектрэстаўрацыя", дойліды А. Кандратаў і М. Лук’янчык). Помнік рэспубліканскага значэння.


А.А. Міцянін



ЧЫЖЭЎШЧЫНА. ЦАРКВА СВЯТОГА ЎЛАДЗІМІРА


Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1894 г. з цэглы, на паўднёвай ускраіне в. Чыжэўшчына (Жабінкаўскі р-н), на месцы былога манастыра XVI ст. (згарэў у 1882 г.). Крыжова-купальны храм з пяціграннай апсідай і трох’яруснай званіцай. Алтар вузкімі праходамі звязаны з ахвяральнікам і дзяканікам. У адзіным аб’ёмна-пластычным вырашэнні зробленыя вежа-званіца і светлавы барабан асноўнага аб’ёму, якія ў сячэнні ўяўляюць сабой васьміграннік і завяршаюцца купаламі з маленькімі цыбулепадобнымі галоўкамі. Па знешнім выглядзе царква нагадвае помнікі каменнага паўночнага дойлідства XVII—XVIII стст.

Царква дзейнічае.


Г.А. Лаўрэцкі



ЧЫРВОНЫ БЕРАГ. СЯДЗІБА


Помнік палацава-паркавага дойлідства канца XIX ст. На паўночнай ускраіне в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), на беразе р. Дабасна, у былой сядзібе генерал-лейтэнанта М.С. Гатоўскага, з 1891 г. — В.А. Паклеўскага-Казелы. Уключае: палац, флігель, гаспадарчыя пабудовы, парк. Тэрыторыя сядзібы (плошча 11 га) абнесеная высокай цаглянай агароджай. Галоўны ўезд у сядзібу вылучаны брамай у стылі неаготыкі ў выглядзе стральчатай аркі, дэкарыраванай аркатурай, васьміграннымі бакавымі вежамі.

Цэнтр кампазіцыі комплексу — мураваны Г-падобны ў плане двухпавярховы палац у стылі мадэрн з мансардавым і двухсхільным дахамі. Пабудаваны ў 1890—93 гг. паводле праекту дойліда Шрэтэра. Мае асіметрычную шматпланавую кампазіцыю, заснаваную на спалучэнні асноўнага прастакутнага ў плане аб’ёму і папярочнага корпусу, які выступае на галоўным фасадзе рызалітам. На фасадах вылучаюцца 2—4—5-гранныя руставаныя эркеры з контрфорсамі і шатровымі гранёнымі завяршэннямі. Галоўны ўваход вырашаны манументальнаю тэрасай на масіўных пілонах з стральчатымі арачнымі праёмамі паміж імі. Вадазлівы аформленыя ў выглядзе хімер (чыгуннае ліццё). Гарызантальнае чляненне на два ярусы вызначанае прафіляванай цягай з арнаментамі і карнізам з сухарыкамі па перыметры будынку. Гарызантальны падзел на два ярусы выразна падкрэслены арнаментамі і дэкорам міжпаверхавага поясу і завяршальнага карнізу, якія ідуць па перыметры будынку. На фасадзе — розныя па велічыні аконныя праёмы з плоскаснымі і руставанымі ліштвамі. Каларыстычнае вырашэнне заснаванае на кантрасце пабеленых дэкаратыўных элементаў і чырвонай цаглянай муроўкі. Планіроўка анфіладна-калідорная. У інтэр’еры вестыбюля столь дэкарыраваная ляпным арнаментам. Уваходны партал цэнтральнай залы фланкіраваны двума камінамі ў неагатычнай трактоўцы. Парадная зала аформленая ў рэтраспектыўных формах ракако: авальны плафон і ляпная арнаментальная разетка на столі, картушы па кутах, відарысы музычных інструментаў, аканта і руж у трэльяжнай сетцы. Падобнае дойлідскае вырашэнне мае і аднапавярховы мураваны флігель з асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. У будынках размешчаны Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум.

Парк (плошча 10 га) пейзажнага тыпу (з садам) закладзены ў канцы XIX ст. на месцы былога рэгулярнага парку (захаваўся баскет, перароблены ў ландшафтную паляну). У заходняй частцы — пладовы сад, у паўднёвай і ўсходняй — замкнуты паркавы ландшафт з палацам у цэнтры, павернуты галоўным фасадам да ракі, курцінамі вакол палацу і на беразе ракі. Уезд на тэрыторыю парку падкрэслены двума будынкамі ўздоўж алеі — стайняй і свіранам. З паўднёвага боку алеі, за невялікім партэрам, аддзеленым ад гаспадарчай зоны нізкай мураванай агароджай, пабудаваны флігель. Паміж ім і палацам знаходзілася вадапомпавая вежа, аформленая як дэкаратыўная вежа. Гаспадарчыя пабудовы вырашаныя ў формах несапраўднай готыкі. У парку былі альтанка, павільён-купальня, мураваная веранда (аглядная пляцоўка).

Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін, В.Р. Анціпаў



ЧЭРВЕНЬ (да 18.9.1923 г. ІГУМЕН)


Горад, цэнтр раёну, на р. Чэрвенка (Ігуменка), прытоку р. Волма. За 62 км на паўднёвы ўсход ад Менску, 30 км ад чыгуначнай станцыі Пухавічы на лініі Менск — Асіповічы. Вядомы з 1387 г. З 1-й паловы XV ст. маёнтак Ігумен належаў князям Кежгайлавічам, з 1447 г. царкоўнае мястэчка, якое належала віленскім епіскапам. У канцы XVI ст. мястэчка, цэнтр воласці Менскага павету Вялікага княства Літоўскага. З 1793 г. у складзе Расійскай імперыі. З 1795 г. горад, цэнтр павету. З 1796 г. меў герб: на блакітным полі срэбны букет кветак, над якім пяць залатых пчол збіраюць нектар. У 1825 г. у Ігумене каля 900 жыхароў, 130 дамоў, две царквы, дзесяць крам, лазня, карчма; у 1837 г. чатырнаццаць вуліц і завулкаў, две плошчы; у 1897 4573 жыхары, 922 двары. У 1899 г. пацярпеў ад пажару, згарэла 137 дамоў і 125 надворных пабудоў. У 1904 г. больш за 5,1 тыс. жыхароў, 664 дамы (з іх 28 мураваных), шэсць пачатковых навучальных устаноў, чытальня, друкарня, касцёл, царква, сінагога, два гарбарныя заводы, млын, шэсць корчмаў, два кірмашы на год, две лякарні на 15 і 9 ложкаў, аптэка, фатаграфія; 17 вуліц і завулкаў, якія асвятляліся 96 газавымі ліхтарамі. З 1924 г. цэнтр раёну Менскай акругі (да 1930 г.), з 1938 г. — Менскай вобл. 4,9 тыс. жыхароў у 1926 г., 8,2 тыс — у 1959 г., 10,2 тыс — у 1970 г.

Горад мае рэгулярную квартальную планіроўку, якая склалася на аснове структуры старажытнага паселішча. Генпланы распрацаваныя ў 1958 г. (інстытут "Белсельпраект") і 1968 г. (інстытут "Белсельпраект"). Сетка вуліц прастакутная. Асноўныя кампазіцыйныя восі — вул. Менская (галоўны ўезд у горад) і яе працяг — вул. К. Лібкнехта, а таксама перпендыкулярныя ім вуліцы Ленінская і Зяневіча (пры іх зліцці ўтвораная пл. Свабоды). Цэнтральная частка гораду і мікрараён на вул. Барыкіна забудаваныя 2—3-павярховымі жылымі дамамі.

Паводле праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1982 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Р. Арцемчык, Н. Лісоўская, інжынеры Г. Хоміч, Н. Карповіч) і генплану 1985 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Арцемчык, Л. Зайцава, Р. Шамес, I. Бездзежская) прадугледжанае развіццё гораду ў паўночна-ўсходнім напрамку, далейшае фармаванне грамадскага цэнтру з вылучэннем адміністрацыйнай, гандлёвай і культурна-асветнай функцыянальных зон.


С.Ф. Самбук



ЧЭРСК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА I ЗВАНІЦА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1701 г. у в. Чэрск (Берасцейскі р-н). Царква складаецца з квадратнага ў плане асноўнага зрубу, завершанага дахам з галоўкай, і больш вузкага зрубу з трохграннай алтарнай часткай, накрытага вальмавым дахам з галоўкай. Да галоўнага фасаду прыбудаваная веранда, каля алтару — рызніца. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя. Унутры асноўны зруб перакрыты корабавым скляпеннем, алтарны — плоскай столлю. Перад царквой стаіць зрубна-каркасная трох’ярусная званіца-брама. Ніжні ярус — чацверыковы зруб, ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, верхні — каркасны (таксама чацверыковы), завершаны шатровым дахам. Прамежкавы ярус вырашаны ў выглядзе развітага прычолку, які на заходнім і ўсходнім фасадах мае трапецападобныя вертыкальныя шчыты з чатырма арачнымі праёмамі і дэкаратыўнаю панеллю.

Царква дзейнічае. Царква і званіца — помнікі рэспубліканскага значэння.


Ю.А. Якімовіч



ЧЭРЫКАЎ


Горад, цэнтр раёну, на р. Сож. За 77 км ад Магілёва. Паводле легенды, у XV ст. тут каралём Казімірам Ягелончыкам (у падзяку за выратаванне яго жонкі) была заснаваная Ільінская царква. У пісьмовых крыніцах вядомы з XVI ст. як цэнтр воласці Магілёўскай эканоміі Вялікага княства Літоўскага. Да XVII ст. вёска Магілёўскага староства, з 1604 — горад. З 1641 мястэчка з магдэбургскім правам. Спустошаны маскалямі ў руска-польскую вайну 1654—67 гг., пацярпеў у 1708 г. у Паўночную вайну. З 1678 г. зноў меў статус гораду, цэнтр павету Мсціслаўскага ваяводства. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыі, з 1773 г. цэнтр павету Магілёўскай губерніі, у 1796—1802 гг. у складзе Беларускай губерніі. Захаваліся рэшткі старажытнага землянога валу з даволі глыбокім ровам і гарадзішчам над берагам р. Сож (мела выгляд усечанага конусу з вінтападобнымі выступамі). У 1778 г. зацверджаны план забудовы гораду, паводле якога пры землеўпарадкаванні межы фіксаваліся землянымі валамі і равамі. У 1781 г. атрымаў герб: "Пагоня", над ёй на чырвоным фоне залатая цітла. У 1787 г. было больш за 3 тыс. жыхароў, 300 дамоў, две царквы; у 1803 г. касцёл, две царквы, 412 дамоў (усе драўляныя). У канцы XVIII ст. праз горад пракладзены тракт Магілёў — Чавусы — Крычаў — Мсціслаў, у XIX ст.— Варшаўска-Маскоўская шаша. У горадзе адбываліся конскія кірмашы, на Сажы былі тры прыстані. У канцы XIX ст. ў горадзе касцёл, две царквы (з іх адна мураваная), 564 дамы (з іх 9 мураваных); у 1897 г. — 5,2 тыс. жыхароў. У 1919—23 гг. цэнтр павету, у 1923—24 у Калінінскім павеце Гомельскай губерніі РСФСР. З 1924 г. цэнтр раёну ў складзе БССР у Калінінскай (1924—27 гг.) і Магілёўскай (1927—30 гг.) акругах, з 1938 г. у Магілёўскай вобл. (у 1959—62 гг., 1965—66 гг. у Крычаўскім, у 1962—65 гг. у Краснапольскім р-нах).

Горад размешчаны на плато, прыбярэжная частка якога парэзаная ярамі вышынёю 25—30 м. Забудоўваецца паводле генплану 1976 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Кашырын, В. Баларчанка) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1981 г. (БелНДШгорадабудаўніцтва, дойліды Кашырын, А. Агафонава). Сетка вуліц прастакутная з дробнымі кварталамі, аснову яе складаюць магістральныя вуліцы Ленінская, Камсамольская і Ракасоўскага, якія з’яўляюцца працягам аўтадарог на Крычаў, Слаўгарад, Чавусы. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся ў раёне Цэнтральнай плошчы, утворанай на скрыжаванні вуліц Камсамольскай і Ракасоўскага. На вул. Ленінскай разбіты парк, захаваўся помнік дойлідства XIX—XX стст. — будынак лякарні. Пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу, 2—3-павярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтры. Новае 3—5-павярховае будаўніцтва вядзецца па вуліцах Ракасоўскага і Ленінскай. Прамысловая зона фармуецца ў паўночна-ўсходнім і заходнім раёнах, часткова на ўсходняй ускраіне гораду, пры ўездзе з боку Крычава. Зона адпачынку — р. Сож, парк.

Прадугледжанае развіццё гораду на поўдзень, раскрыццё грамадскага цэнтру ў бок поймы р. Сож, расшырэнне зоны спорту і адпачынку.


В.Б. Караткевіч, С.Ф. Самбук



-Ш-



ШАРАШОВА


Гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не, на р. Левая Лясная (басейн Буга). За 20 км на захад ад Пружан, 97 км ад Берасця. Вядомае з 1380 г. як вёска ў Камянецкім, у 1566 г. Берасцейскім павеце Вялікага княства Літоўскага, з канца XVI ст. — мястэчка. У час войнаў сярэдзіны XVII — пачатку XVIII ст. неаднаразова разбуранае, у 1661 г. вызваленае на чатыры гады ад падаткаў. У 1760 г. пабудаваная Прачысценская царква (не збераглася), у 1799 г. каля яе пабудаваная драўляная званіца. У 1790-я гады налічвалася больш за 3360 жыхароў 560 дамоў. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пружанскага павету. У царкве захаваўся беларускі рукапісны помнік XVI ст. — Шарашоўскае евангелле. У 1897 г. 5089 жыхароў, 1584 дамы, народнае вучылішча, дзевяць дробных прадпрыемстваў. З 1921 г. у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны Пружанскага павету. З 1939 г. у БССР. З 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну. З 1956 г. у Пружанскім р-не.

Пасёлак забудоўваецца паводле генплану 1976 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды А. Пятрэнка, А. Асядоўская, А. Яромін). Тэрыторыя пасёлку падзеленая ракой на паўднёвы і паўночны раёны, звязаныя паміж сабой галоўнай кампазіцыйнай воссю — вул. Леніна. У паўднёвым раёне размешчаны асноўны масіў жылой забудовы з адміністрацыйна-грамадскім і культурным цэнтрам, які склаўся на плошчы, утворанай на скрыжаванні вуліц Леніна і Кастрычніцкай. У паўночным раёне пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу, асноўнай вуліцы — Першамайская і Пружанская. Тут сканцэнтраваная прамысловая зона. Зона адпачынку — р. Левая Лясная, лесапарк у паўночнай частцы пасёлку. Зберагліся помнікі дойлідства — Траецкі касцёл, Петрапаўлаўская царква, Мікалаеўская царква (2-я палова XIX ст., псеўдарускі стыль).

Прадугледжанае развіццё грамадскага цэнтру з выхадам яго на раку, стварэнне падцэнтру ў паўночным раёне, расшырэнне зоны спорту і адпачынку.


Г.С. Ларкін



ШАРАШОВА. ЗВАНІЦА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1799 г. у г.п. Шарашова (Пружанскі р-н) каля Прачысценскай царквы (1760 г., не збераглася). Двухяруснае квадратнае ў плане (5,3х5,6 м) збудаванне (вышыня 18 м). Ніжні ярус (пад шырокай навіссю гонтавага прычолка) з брусоў у "лапу". Верхні ярус (звон) зроблены з васьмі стоек з крывалінейнымі пакосамі і разной агароджай. На стойкі каркасу накладзены вянкі бярвён, якія падтрымліваюць шатровы гонтавы дах. Сярэднія часткі паўночнага і паўднёвага схілаў утвараюць невялікія хвалі пры пераходзе чатырохсхільнага даху да шасціграннага барабану з галоўкай, які вянчае пабудову.

Званіца знаходзіцца на кансервацыі (1990 г.). Помнік рэспубліканскага значэння.



ШАРАШОВА. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1824 г. у г.п. Шарашова (Пружанскі р-н). Мае рысы стылю класіцызму. Адназрубная пабудова з трохграннай алтарнай апсідай накрытая высокім двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Галоўны фасад мае шасцікалонны порцік з трохкутным франтонам, увенчаным двух’яруснай фігурнай вежачкай. Сцеяы ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. У аздобе галоўнага фасаду выкарыстаныя паліхромная афарбоўка, дэкаратыўная шалёўка франтону ў "елачку", размалёўка на рэлігійныя сюжэты. Вокны прастакутныя і рамбічныя. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю.

Царква дзейнічае.


У.В. Алісейчык



ШАРКОЎШЧЫНА


Гарадскі пасёлак, цэнтр раёну, на р. Дзісна. За 197 км на захад ад Віцебску. Вядомая з 1503 г. у Вялікім княстве Літоўскім як маёнтак Зяновічаў, потым належаў Сапегам, Дамброўскім, Лапацінскім. У 1767 г. каля маёнтка ўзнікла мястэчка Новая Шаркоўшчына, якое пазней злілося з маёнткам. З 1793 г. у складзе Расейскай імперыі, мястэчка Дзісенскага павету Менскай, з 1842 г. Віленскай губерняў. У 1897 г. мелася 1151 жыхар, народнае вучылішча, фельчарскі пункт, царква, бровар, шаснаццаць крам. З 1921 г. у складзе Польшчы. З 1939 г. у БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну Вілейскай вобл. У 1962—66 гг. у Міёрскім р-не, з 1966 г. цэнтр Шаркоўшчынскага р-ну.

Планіровачная структура лінейная, склалася да пачатку XX ст. пры зліцці маёнтку і дзвюх мястэчак — Старой і Новай Шаркоўшчыны. Забудова падзяляецца на тры жылыя масівы: паўночны (паміж р. Янка і чыгункай), цэнтральны (паміж чыгункай і р. Дзісна) і паўднёвы (на правым беразе Дзісны). Першы генплан распрацаваны ў 1953 г., забудоўваецца паводле генплану 1974 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Л. Зайцава). Асноўная кампазіцыйная вось — вул. Маякоўскага. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся абапал р. Дзісны, у раёне вуліц Энгельса, Маякоўскага, Вадап’янава, Камсамольскай, Чырванадворскай. У паўночнай частцы цэнтру разбіты сквер, у паўднёвай сфармаваная пл. 1 Мая. На плошчы разбіты парк, у якім збярогся помнік дойлідства пачатку XX ст. — сядзібны дом. Пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. У цэнтры пабудаваныя 2—5-павярховыя жылыя дамы. Вытворчая зона размешчаная ў паўночнай і заходняй частках пасёлку, часткова — у цэнтральнай. Зона адпачынку — р. Дзісна. Зберагліся помнікі дойлідства — царква Прасвятой Багародзіцы Усіх Смуткуючых радасць канца XIX ст. ў псеўдарускім стылі, драўляная Успенская царква пачатку XX ст. з элементамі стылю мадэрн.

Прадугледжанае функцыянальнае заніраванне тэрыторыі, расшырэнне зоны спорту і адпачынку.


Г.С. Ларкін



ШКЛОЎ


Горад, цэнтр раёну, на правым беразе Дняпра. За 40 км на поўнач ад Магілёва. Чыгуначная станцыя на лініі Ворша — Магілёў. Вядомы з 1-й паловы XVI ст., належаў магнатам Хадкевічам, Сяняўскім, Чартарыйскім. З 1568 г. цэнтр Шклоўскага графства. Уваходзіў у Аршанскі павет. У 1643 г. мелася 4750 жыхароў, 950 дамоў. Пасля пажару 1668 г. горад перанесены на бераг Дняпра (на колішнім яго месцы цяпер знаходзіцца в. Малы Стары Шклоў). У 1762 г. атрымаў правы гораду. Меў герб. На гарадской пячатцы 1767 г. выява адразу двух гербаў: на шчыце, размешчаным уверсе пячаткі, — герб "Пагоня", унізе — уласна гарадскі герб — рука, якая трымае бязмен. З 1772 г. у складзе Расейскай імперыіі, у 1773—77 гг. цэнтр павету, пасля мястэчка, цэнтр воласці Магілёўскага павету. З 1773 г. уладанне князя Р. Пацёмкіна, з 1778 г. — С.Г. Зорыча. У 1781 г. заснаваныя шаўковая мануфактура і гадзіннікавая фабрыка. Дзейнічалі мануфактуры канатная (1790—99 гг.), парусінавая (1794—1845 гг.), гарбарная, суконная.  У канцы  XVIII ст. існаваў будынак кадэцкага корпусу, закладзены парк. Паводле малюнку XVIII ст. горад размяшчаўся на правым беразе Дняпра, уздоўж якога і развіваўся. Меў лінейную квартальную планіроўку, тэрыторыя гораду была абнесеная драўлянай абарончай сцяной. Галоўная вуліца (участак дарогі Ворша — Магілёў) перасякала горад з поўначы на поўдзень. Уезд у горад з боку Воршы фармавала ярусная брама ў паркане, завершаная купалам. Цэнтральную частку гораду фармавалі гандлёвая плошча з ратушай, будынкі касцёлу і кляштару. На поўнач ад гораду на воршанскай дарозе знаходзіўся драўляны манастыр. На процілеглым беразе Дняпра існавалі прадмесце, якое злучалася з гандлёвай плошчай мостам цераз раку, і замкавы сад. У пачатку XIX ст. — важны гандлёвы цэнтр на Беларусі, прыстань на Дняпры; пасля пабудовы чыгункі Ворша — Магілёў (пачатак XX ст.) — чыгуначная станцыя. У пачатку XX ст. больш за 10 тыс. жыхароў, папяровая фабрыка, два пачатковыя вучылішчы. З 1924 г. цэнтр раёну, з 1925 г. — горад. 8,1 тыс. жыхароў у 1939 г., школа медсясцёр, Магілёўская аблосная школа Наркамзема БССР. Рэканструяваная і расшыраная папяровая фабрыка "Спартак". У 1959 г. было 7,8 тыс, у 1970 г. — 9,9 тыс. жыхароў.

Лінейная планіровачная структура гораду, выцягнутага з поўначы на поўдзень, абумоўленая размяшчэннем гораду ўздоўж Дняпра. Кварталы прастакутныя, дробныя, пераважна з аднапавярховай індывідуальнай забудовай сядзібнага тыпу. Планамерна развіваецца ў адпаведнасці з генпланам 1966 г. і праектам дэталёвай планіроўкі цэнтру 1968 г. (Магілёўскія абласныя праектныя майстэрні інстытуту "Белдзяржпраект"). Асноўная кампазіцыйная вось — вул. 1-я Савецкая, што праходзіць праз увесь жылы раён і арганічна звязана з паркавай зонай і Дняпром. На ёй склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр, які забудоўваецца паводле праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1977 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Т. Спірына, інжынеры  I. Шышанава, Н. Галавацкая). Тут збярогся фрагмент забудовы XVIII ст. — жылы дом з цэглы, разбіты сквер. На скрыжаванні вуліц 1-й Савецкай і Пралетарскай фармуецца галоўная плошча гораду. Двух—пяціпавярховая забудова сканцэнтраваная на вуліцах 1-й Савецкай, Калгаснай, Ільнозаводскай, Ленінскай, Паркавай і ў жылых масівах. Прамыслова-складская зона размешчаная ў паўночнай і паўднёва-заходняй частках гораду.

Паводле генплану 1980 г. (БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Спірына, інжынеры Л. Ушакова, З. Тоўсцікава; карэкціроўка 1989 г., дойліды А. Горб, В. Баларчанка, В. Кашырын, інжынеры З. Пермякова, С. Проніна) прадугледжанае развіццё гораду на ўсход і часткова ў паўднёва-заходнім напрамку. Агульнагарадскі цэнтр сеткай бульвараў аб’ядноўваецца з жылымі раёнамі і правабярэжнай зонай р. Дняпра, дзе прадугледжанае будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Зона адпачынку — Дняпро, гарадскі парк, дзе збярогся помнік драўлянага дойлідства пачатку XX ст. — асабняк. Захаваліся таксама помнікі дойлідства: будынак былой сінагогі (2-я палова XVII ст.), жылы дом канца XIX ст. на вул. Паштовай, будынак канторы папяровай фабрыкі "Спартак" (1898 г.), касцёл канца XIX — пачатку XX ст., Праабражэнская царква пачатку XX ст. Каля Шклову знойдзеная скульптурная выява славянскага язычніцкага бажаства — т.зв. "Шклоўскі ідал".


С.Ф. Самбук



ШКЛОЎ. АСАБНЯК


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў пачатку XX ст. ў Шклове ў традыцыях народнага дойлідства з элементамі стыляў ампір і мадэрн. Размешчаны ў парку (закладзены ў канцы XVIII ст., новы парк пейзажнага тыпу створаны ў канцы XIX — пачатку XX ст.). Асабняк — аднапавярховы П-падобны ў плане будынак, накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад кампазіцыйна падзелены на тры часткі: цэнтральную, вырашаную ў выглядзе рызаліту, і сіметрычныя бакавыя крылы, таксама вылучаныя рызалітамі. Цэнтральны рызаліт аформлены галерэйкай з балюстрадай і разнымі слупамі, абапал яго — сіметрычныя ўваходы. Над усімі рызалітамі трохкутныя франтоны. Фасады будынку багата дэкарыраваныя накладнымі дэталямі, якія імітуюць мураваныя класіцыстычныя формы. Гарызантальна ашаляваныя сцены завершаныя развітым антаблементам з фрызам, апрацаваным філёнгамі, і моцна вынесеным карнізам на фігурных кранштэйнах. У нізе сцен вертыкальнай шалёўкай вылучаная падаконная панель. Куты аздобленыя накладным рустам. Вялікія прастакутныя вокны аформленыя ліштвамі з філянговымі нішамі і сандрыкамі. Унутраная планіроўка дому змененая ў час рэканструкцыі. Захаваліся две грубкі, абліцаваныя кафляй, дзверы з разьбой у стылі ампір.

У будынку размешчаны клуб папяровай фабрыкі "Спартак".


Ю.А. Якімовіч



ШКЛОЎ. БУДЫНАК КАДЭЦКАГА КОРПУСУ


Існаваў у канцы XVIII—XIX ст. Узведзены ў 1788 г. (дойлід Боарэлі) у стылі ранняга класіцызму. Мураваны двухпавярховы будынак уключаў галоўны П-падобны ў плане корпус і два двухпавярховыя флігелі, якія ўтваралі парадны двор. Галоўны корпус складаўся з цэнтральнага прастакутнага ў плане аб’ёму і двух бакавых прастакутных у плане крылаў, злучаных з ім выгнутымі галерэямі. Фасады цэнтральнага аб’ёму былі аздобленыя плоскімі пілястрамі і філёнгамі. Цэнтр кампазіцыі галоўнага фасаду быў вылучаны рызалітам, завершаным трохкутным франтонам. Планіроўка анфіладная і калідорная. У цэнтры корпусу размяшчаліся класы, канферэнц-зала, бібліятэка, сталоўка, у крылах — жылыя пакоі. У флігелях знаходзіліся кватэры настаўнікаў, дырэктара, лазарэт.


В.Ф. Марозаў



ШКЛОЎ. РАТУША


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная з цэглы ў канцы XVIII ст. на цэнтральнай плошчы ў комплексе з гандлёвымі радамі. Ратуша — двухпавярховы амаль квадратны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам, завяршаўся стройнай двух’яруснай васьміграннай вежай (у цэнтры), увянчанай гранёным купалам са шпілем. Асноўныя памяшканні ратушы групаваліся на другім паверсе абапал кароткага калідору. Першы паверх быў прарэзаны ў цэнтры шырокім праездам у двор гандлёвых радоў. Аднапавярховыя з двухпавярховымі квадратнымі ў плане аб’ёмамі па кутах і сіметрычна пастаўленым падобным да ратушы будынкам гандлёвых радоў разам з ратушай утваралі прастакутны двор, які меў яшчэ тры ўязныя брамы. Прадаўгаватыя карпусы гандлёвых радоў складаліся з невялікіх памяшканняў з крыжовымі скляпеннямі. У цэнтры падоўжаных бакоў гандлёвых радоў былі праезды. Крамы мелі двухбаковую арыентацыю. Фасады былі рытмічна расчлянёныя шырокімі лапаткамі, прастакутнымі вокнамі і паўцыркульнымі аркадамі.

Гандлёвыя рады захаваліся часткова. У II Сусветную вайну ратуша і гандлёвыя рады былі пашкоджаныя. Будынак ратушы — помнік рэспубліканскага значэння.



ШКЛОЎ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік дойлідства эклектыкі. Пабудавана ў пачатку XX ст. (да 1905 г.) з цэглы ў цэнтры Шклова (сучасная вул. 1-я Савецкая, 57). Храм крыжападобны ў плане, цэнтрычнай кампазіцыі, мае элементы стыляў псеўдавізантыйскага і мадэрн. Над сяродкрыжжам узвышаецца вялікі васьмігранны светлавы барабан, накрыты гранёным шлемападобным купалам. Паміж рамёнамі ці канцамі крыжа ўбудаваныя чатыры квадратныя ў плане трох’ярусныя вежападобныя аб’ёмы. Верхнія васьмігранныя ярусы са скразнымі праёмамі завершаныя гранёнымі купаламі. Розныя вышыні аб’ёму надаюць будынку вертыкальную дынаміку. Усе фасады вырашаныя з яскрава выяўленай сіметрыяй, падкрэсленай восевым размяшчэннем уваходаў, над якімі па два акны з арачнымі завяршэннямі. Іх матыў паўтараюць вялікія аркі накшталт закамараў у завяршэнні сцен. Фасады аздобленыя стрымана: тонкія прафіляваныя карнізныя цягі, пілястры, плоскія нішы. Інтэр’ер двухсветлавы, сяродкрыжжа перакрытае самкнутым скляпеннем, астатнія часткі залы — цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У паўднёва-заходняй вежы лесвіца на званіцу. Дэкаратыўны акцэнт у інтэр’еры зроблены на групах тонкіх калонак, якія падтрымліваюць светлавы барабан.


Царква дзейнічае.


Т.В. Габрусь



ШУМАКІ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА


Помнік дойлідства готыкі і рэнесансу. Пабудаваная ў 1609 г. у в. Шумакі (Берасцейскі р-н), на левым беразе р. Лясная князямі Шуйскімі. Невялікі аднанефавы мураваны храм вырашаны ў простых масіўных формах. Да прастакутнага ў плане асноўнага нефу прылягаюць бабінец і паўкруглая алтарная апсіда. Неф і апсіда накрытыя агульным двухсхільным дахам з галоўкай на васьмігранным барабане ў цэнтры. Над бабінцам была квадратная ў плане вежа з высокім шатровым дахам (не збераглася). Сцены аздобленыя шырокімі пілястрамі, завершаныя прафіляваным карнізам. Вокны высокія, вузкія, са стральчатымі і лучковымі завяршэннямі. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. У інтэр’еры — разная царская брама, выкананая ў стылі барока, іканастас XVIII ст., надмагільная пліта XVII ст.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.Я. Міцянін



ШУМІЛІНА


Гарадскі пасёлак, цэнтр Шумілінскага р-ну. За 45 км на паўночны захад ад Віцебску. Чыгуначная і аўтастанцыя на лініі Віцебск — Полацак. У XIX ст. вёска сялян-уласнікаў Каравайніцкай сельскай абшчыны Ловажскай воласці Полацкага павету Віцебскай губерніі. У 1866 г. налічвалася 38 жыхароў, 13 дамоў, 5 гаспадарак. Пасля пабудовы Рыга-Арлоўскай чыгункі (1866 г.) — станцыя пад назвай Баболіна (да 1962 г. Сіроціна). У пачатку XX ст. было 50 жыхароў. З 1924 г. цэнтр раёну (да 1961 г. Сіроцінскага) Віцебскай акругі (1924—30 гг.), з 1938 г. — Віцебскай вобл. З 1938 г. гарадскі пасёлак. У 1962—66 гг. у Віцебскім р-не.

Тэрыторыя пасёлку падзеленая чыгункай на два планіровачныя раёны: паўночны і паўднёвы, звязаныя паміж сабой вул. Сіпко. Генпланы распрацаваныя ў 1968 г. (Віцебскія абласныя праектныя майстэрні) і ў 1977 г. (БелНДІпгорадабудаўніцтва, дойлід Д. Паташнікаў). Планіровачная структура пасёлку расчлянёная, з частай сеткай вуліц і дробных кварталаў. Асноўныя вуліцы: Суворава, Кароткіна, Юбілейная, Энгельса, Луначарскага. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся ў паўднёвым раёне, пры зліцці вуліц Кароткіна і Луначарскага. На вул. Кароткіна размешчаны Дом Саветаў, перад якім сфармаваная цэнтральная плошча, разбіты парк. Гандлёвы цэнтр фармуецца на вул. Ленінскай. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Капітальная 2—3-павярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтральнай частцы пасёлку і ў жылым пасёлку торфапрадпрыемства "Дабееўскі Мох". Вытворчая зона размешчаная ў паўночным раёне. Зона адпачынку — воз. Лескавічы.

Прадугледжанае развіцдё пасёлку на ўсход, расшырэнне зоны спорту і адпачынку.


Г.С. Ларкін



ШЧОРСЫ. ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ


Помнік дойлідства і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII — пачатку XIX ст. На паўночна-заходняй ускраіне в. Шчорсы (Наваградскі р-н) у былым маёнтку Храптовічаў (вядомы з XVI ст.), у канцы XIX — пачатку XX ст. належаў графу Буцянёву. Створаны падканцлерам Вялікага княства Літоўскага I.Л. Храптовічам. Уключаў палац, павільён бібліятэкі, два флігелі, службовыя і гаспадарчыя пабудовы (у т.л. вяндлярню), парк. Цэнтрам кампазіцыі быў палац — мураваны, П-падобны прастакутны ў плане, з парадным дваром. Пабудаваны ў 1770—76 гг. дойлідам Якубам Габрыэлем паводле праекту Дж. Сака і з удзелам К. Спампані, спалучаў рысы барока і класіцызму.

Палац — аднапавярховы накрыты вальмавым дахам будынак з мансардавай часткай і купальным завяршэннем у цэнтры, вылучаны на галоўным фасадзе чатырохпілястравым порцікам з трохкутным франтонам, на паркавым — паўкруглым эркерам з радам авальных люкарнаў. Будынак вызначаўся вытанчанасцю дэкаратыўных форм: пілястры, лапаткі, замковыя камяні і інш. Вокны арачныя, на другім паверсе цэнтральнай часткі прастакутныя. Планіроўка анфіладная з квадратным вестыбюлем і круглай залай у цэнтры. У афармленні інтэр’ераў удзельнічалі мастакі Манькоўскі і А. Смуглевіч, выкарыстаныя карціны Ю. Карчэўскага. Больш спрошчаную трактоўку мелі аднапавярховыя крылы (пабудаваныя ў 1777 г.), рытмічна расчлянёныя на франтальных фасадах прастакутнымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках. Да палацу ў пачатку XIX ст. прыбудаваныя два сіметрычна размешчаныя аднапавярховыя прастакутныя ў плане флігелі. Ва ўсходнім флігелі знаходзілася стайня, дзверы стойлаў для коней былі аформленыя як нішы, з боку палацу — жылы дом конюха. Заходні флігель (захаваўся) адводзіўся пад службовыя памяшканні (у іх жылі войт, чэлядзь, фурманы, майстры і інш.). Флігелі агароджай са слупоў былі аб’яднаныя з манументальнай брамаю, вырашанай у стылі барока са скульптурай у завяршэнні. Сярод гаспадарчых пабудоў (кухня, майстэрні, вазоўня і інш.) вылучаўся будынак вяндлярні, узведзены на мяжы XIX—XX стст. з чырвонай цэглы. Круглая вежападобная пабудова з высокім гонтавым дахам, заломам на пакатым шатровым пакрыцці. На даху плаўнымі лініямі выступаюць пукатыя душнікі. Сцены аздобленыя лапаткамі, карнізамі простага профілю і лучковымі перамычкамі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Унутраная прастора падзеленая на ярусы для размяшчэння прадуктаў вэнджання. У канцы XVIII ст. спецыяльна для бібліятэкі ўзведзены двухпавярховы будынак у стылі класіцызму. Над уваходам — шырокая тэраса на чатырох калонах. I.Л. Храптовіч сабраў багатую бібліятэку з архівам: каля 10 тыс. тамоў кніг, старажытныя рукапісы па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы і інш. У бібліятэцы працавалі вядомыя гісторыкі, паэты, у т.л. I. Лялевель, М. Пачобут-Адляніцкі, М. Вольскі, У. Сыракомля, Ян Чачот (як бібліятэкар), у 1819 г. і 1820 г. у Шчорсах жыў А. Міцкевіч. Апошні ўладальнік сядзібы К.А. Буцянёў частку бібліятэкі (4,5 тыс. тамоў) перадаў у 1915 г. Кіеўскаму унстытуту, астатняя частка трапіла ў Кракаў.

Парк пейзажнага тыпу закладзены I.Л. Храптовічам у апошняй чвэрці XVIII ст.; размешчаны на раўнінным рэльефе, займаў каля 40 га. Цэнтрам кампазіцыі быў палац. Перад парадным фасадам палацу невялікая пляцоўка з хмызняком і кветнікамі, ахопленая пандусамі. На захадзе ад палацу знаходзіўся парк, на паўднёвым захадзе — суцэльны паркавы масіў з вадаёмамі і колавай дарожкай, перад тыльным фасадам палацу — адкрытая пляцоўка з асобнымі групамі дрэў, ланцугом вадаёмаў; ад цэнтральнага ўчастку аддзелены суцэльны лясны масіў, на ўзлеску якога знаходзіцца помнік прыроды, т.зв. дуб Міцкевіча. Цэнтральны корпус палацу разбураны ў І Сусветную вайну. Захаваліся скляпеністыя сутарэнні, заходні флігель, бібліятэка, вяндлярня.

За 1 км на захад ад комплексу з чырвонай цэглы ў рэтраспектыўных формах замкавата дойлідства пабудаваны гаспадарчы двор, т.зв. "мураванка Храптовічаў": карпусы стайняў і кутніяя круглыя вежы.

Цяпер у будынках размешчаны калгасны дзіцячы садок. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.


В.Р. Анціпаў, А.М. Кулагін



ШЧОРСЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА ДЗМІТРЫЯ САЛУНСКАГА


Помнік дойлідства барока. Узведзеная ў 1770—76 гг. у цэнтры в. Шчорсы (Наваградскі р-н) уладальнікам маёнтку I. Храптовічам як уніяцкая царква; будаўніцтвам кіраваў французскі дойлід Я. Габрыэль. Аднанефавы прастакутны ў плане храм з прастакутнымі апсідай і сакрысціямі. На галоўным фасадзе чатырохкалонны аркадны порцік з трохкутным франтонам. Завершаны фасад фігурным шчытом, за якім размешчаная нізкая чацверыковая вежа-званіца з чатырохсхільным пакрыццём. Бакавыя фасады шырокім прафіляваным карнізам падзеленыя на два ярусы: ніжні расчлянёны невялікімі прастакутнымі вокнамі і плоскімі лапаткамі ў прасценках, верхні прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і завершаны прафіляваным карнізам. Прастора інтэр’еру перакрытая цыліндрычным скляпеннем на распалубках і падпружных арках. Над уваходам — хоры. Сцены дэкарыраваныя прафіляваным карнізам, нішамі, падвойнымі пілястрамі карынфскага ордэру.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ШЧУЧЫН


Горад, цэнтр раёну. За 68 км на ўсход ад Гародні, 7 км ад чыгуначнай ст. Ражанка на лініі Масты — Ліда, каля аўтамагістралі Гародня — Ліда. З XVI ст. ў Лідскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Належаў Радзівілам, Сцыпіёнам (заснавалі ў калегію піяраў, семінарыю і вышэйшую школу), Друцкім-Любецкім. З 1795 г. у складзе Расейскай імперыі, цэнтр воласці Лідскага павету Гарадзенскай, з 1842 г. Віленскай губерняў. У 1833 г. налічвалася 327 жыхароў, 40 дамоў; у сярэдзіне XIX ст. 580 жыхароў, каля 100 дамоў, прыходскае дзвюхкласнае вучылішча, у 1897 г. — 1742 жыхары, лякарня. У XIX ст. склалася рэгулярная сістэма планіроўкі, сфармаваўся ансамбль забудовы цэнтру с плошчай, на якой размешчаны будынкі касцёлу Святой Тэрэзы з кляштарам піяраў, Міхайлаўскай царквы, пошты, заезных дамоў, жылых дамоў рамеснікаў і гандляроў. Плошча раскрывалася ў бок палацава-паркавага комплексу (глядзі артыкул "Шчучын. Палац"). У пачатку XX ст. было больш за 3,8 тыс. жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, горад (з 1920 г.), цэнтр павету Наваградскага ваяводства. З 1939 г. у БССР. З 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёну Баранавіцкай вобл. 6,5 тыс. жыхароў у 1959 г. З 1962 г. — горад, 10,3 тыс. жыхароў у 1970 г., 15,5 тыс. жыхароў у 1990 г.

Сучасны горад размешчаны ўздоўж дарогі Ваўкавыск — Астрына — Вільня. У межах гораду гэта дарога з’яўляецца галоўнай вуліцай (17 Верасня і яе працяг — вул. Савецкая) і асноўнай транспартнай магістраллю. З захаду на ўсход тэрыторыю гораду перасякае ручай Тураўка, які ў цэнтральнай частцы ўтварае сажалку. Планіроўка гораду квартальная з пераважна аднапавярховай забудовай сядзібнага тыпу. Развіваецца паводле генплану 1972 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды В. Кашырын, Г. Марцішонак, інжынеры К. Лапіцкая, I. Уцехін; карэкціроўка 1983 г., БелНДІПгорадабудаўніцтва, дойліды Кашырын, В. Баларчанка, інжынеры Л. Шрожнік, В. Пузік) і праекту дэталёвай планіроўкі цэнтру 1973 г. (Менская філія ЦНДІПгорадабудаўніцтва, дойлід Т. Кузняцова, інжынеры Лапіцкая, В. Падліпская). Адміністрацыйна-грамадскі і гандлёвы цэнтр склаўся на пл. Свабоды, якую фармуюць Дом Саветаў, будынкі унівесальнай крамы, вузла сувязі, крамаў, сталоўкі. Захаваліся фрагменты мураванай забудовы канца XIX — пачатку XX ст. З паўночнага боку плошчу замыкае сквер. Двух—пяціпавярховая забудова сканцэнтраваная ў цэнтральнай частцы гораду (вуліцы 17 Верасня, Леніна, Кастрычніцкая, Зялёная і інш.) і ў раёне заводу "Аўтапровад" (вул. Заводская). Вытворчая зона размешчаная ў паўдгёвай частцы гораду, складская — на поўдзень ад гораду, у раёне чыгуначнай ст. Ражанка. Зона адпачынку — урочышча Тапілішкі — Міцары.


С.Ф. Самбук

 


ШЧУЧЫН. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны ў 1829 г. у г. Шчучын пры манастыры піяраў князем Ксаверыем Друцкім-Любецкім. Мураваны храм мае выцягнутую крыжова-купальную кампазіцыю. Дамінантай у ёй з’яўляецца высокі купал на светлавым васьмерыковым барабане над сяродкрыжжам. На галоўным фасадзе паўкалоны і антаблемент ствараюць матыў дарычнага порціку. Вось сіметрыі галоўнага фасаду падкрэсленая ўваходным праёмам з сандрыкам, акном у фігурнай ліштве і люкарнай на франтоне. Бакавыя фасады расчлянёныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, аформленыя рустам і завершаныя антаблементам. Бабінец з тамбурам і хоры над імі аддзеленыя ад асноўнага памяшкання дзвюма калонамі. Сцены ў інтэр’еры расчлянёныя паўкалонамі і аздобленыя па ўсім перыметры шырокім карнізам.

У 1987—89 гг. праведзеная рэстаўрацыя касцёлу, ён перададзены вернікам.


С.Г. Багласаў



ШЧУЧЫ. ПАЛАЦ


Помнік дойлідства ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. паводле праекту дойліда де Фленерса на паўночнай ускраіне Шчучыну, у парку рэгулярнай планіроўкі (садавод С. Юндзіл). Належаў падскарбію літоўскаму Шчуке, з пачатку XIX ст. быў уладаннем князёў Друцкіх-Любецкіх. Будынак сіметрычнай кампазіцыі, прастакутны ў плане, двухпавярховы, мураваны на высокім цокалі. У цэнтры больш нізкая частка з мансардай, вырашаная ў выглядзе лоджыі з дзвюма іанічнымі калонамі, па баках — двухпавярховыя аб’ёмы, раскрапаваныя пілястрамі. Фасады па перыметры завершаныя развітым карнізам і парапетам з атыкам у цэнтры. Прастакутныя аконныя праёмы аздобленыя сандрыкамі, да ўваходу вядзе шырокая лесвіца. Планіроўка калідорная. Аздоба інтэр’еру мае класіцыстычны характар.

У будынку размешчаная адміністрацыйная ўстанова. Помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ШЫЛАВІЧЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ


Помнік дойлідства неаготыкі. Пабудаваны з цэглы ў 1907—14 гг. у цэнтры в. Шылавічы (Ваўкавыскі р-н). Уяўляе сабой базілікальны з трансептам аднавежавы храм з трохграннай апсідай і дзвюма сакрысціямі. На галоўным заходнім фасадзе вылучаецца чатырох’ярусная шатровая вежа вышынёю 55 м (тры ніжнія ярусы дзвюхгранныя, верхні — васьмігранны). Грані вежы фланкіраваныя контрфорсамі, дэкарыраваныя арачнымі і стральчатымі нішамі. Галоўны партал вылучаны вімпергам. Бакавыя фасады прарэзаныя спаранымі стральчатымі вокнамі, паміж якімі на ніжнім ярусе размешчаныя контрфорсы, на верхнім — папярочныя аркі (аркбутаны). Бакавыя сцены трансепту маюць адно сральчатае чатырохчасткавае акно і завершаныя ступеньчатым атыкам з пінаклямі. У інтэр’еры нефы падзеленыя стральчатымі арачнымі праёмамі, якія абапіраюцца на прафіляваныя слупы, перакрыцце — крыжовыя скляпенні з нервюрамі. Шырока выкарыстаная лякальная цэгла, з якой зробленыя нервюры, абрамленні арак і крапоўка слупоў. Як дэкаратыўны прыём выкарыстанае кантрастнае каляровае вырашэнне: дэкаратыўныя дэталі белага колеру (па фасадах і ў інтэр’еры) на фоне чырвоных цагляных сцен і вежы.

Касцёл дзейнічае.


Т.I. Чарняўская



ШЭМЕТАВА. КАСЦЁЛ МАЦІ БОЖАЙ НЯСТОМНАЕ ДАПАМОГІ


Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваны Сулістроўскімі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. ў в. Шэметава (Мядзельскі р-н), у 1902 г. рэстаўрыраваны і павялічаны. Касцёл мураваны, аднанефавы, крыжовы ў плане з прастакутнай апсідай і развітым трансептам, накрыты двухсхільнымі дахамі. Галоўны фасад вылучаны порцікам з чатырма трохчвэртнымі калонамі дарычнага ордэру. Над парталам галоўнага ўваходу паўкруглае акно, паміж бакавымі парамі калон неглыбокія конхавыя нішы. Тарцы трансепту вырашаныя ў выглядзе двухкалонных порцікаў. Сцены бакавых фасадаў з прастакутнымі вокнамі. У інтэр’еры сцены раскрапаваныя пілястрамі з пазалочанымі карынфскімі капітэлямі. Аконныя праёмы ўпрыгожваюць каляровыя вітражы. Алтар дэкарыраваны пазалочанай драўлянай разьбой. Высокія хоры з арганам абапіраюцца на два шматгранныя слупы. Насценная размалёўка на евангельскія сюжэты ўключае раслінны арнамент. Амбон выкананы ў стылі ракако ў выглядзе чашы (разьба, пазалота), якую падрымлівае птушка. З паўднёвага захаду ад касцёлу размешчаная званіца, пабудаваная ў XIX ст. з дрэва.

Касцёл і званіца дзейнічаюць.


А.Ю. Пятросава



-Ю-



"ЮНАЦТВА"


Міжнародны турысцкі цэнтр Беларускага маладзёжнага таварыства "Спадарожнік". Пабудаваны ў 1976 г. (дойліды Ю. Шпіт, Э. Вішнеўская) на беразе Заслаўскага вадасховішча, за 25 км ад Менску. Гасцінічны комплекс са шматлікімі памяшканнямі культурна-побытавага абслугоўвання. Дванаццаціпавярховы аб’ём гасцінічнага корпусу з камфартабельнымі нумарамі (на 626 чал.) узвышаецца над 1—2-павярховым прастакутным у плане развітым стылабатам, дзе размешчаныя вестыбюль, рэстаран, службовыя і дапаможныя памяшканні, бібліятэка, холы, звязаныя з кінаканцэртнай залай. Пластычная выразнасць фасадаў гасцінічнага корпусу дасягаецца рытмам вертыкальных і гарызантальных чляненняў. На вонкавай тарцовай сцяне аб’ёму кіна-канцэртнай залы размешчаная скульптурная кампазіцыя, прысвечаная гісторыі камсамолу (каваная медзь, скульптары М. Рыжанкоў, Б. Маркаў).

У афармленні інтэр’ераў асноўных памяшканняў выкарыстаныя сродкі дэкаратыўнага мастацтва, арыгінальная мэбля (I. Харламаў, С. Бандалевіч). На тэрыторыі цэнтру спартовыя пляцоўкі, месцы для адпачынку, зроблены спускі да вады, пляжы, лодачная станцыя.


А.А. Воінаў



ЮРАВІЧЫ, КАСЦЁЛ I КАЛЕГІЮМ ЕЗУІТАЎ


Помнік дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1726—46 гг. у цэнтры в. Юравічы (Калінкавіцкі р-н), на беразе р. Прыпяць на месцы драўлянага кляштару, узведзенага ў 2-й палове XVII ст. З 1778 г. тут дзейнічаў езуіцкі калегіюм. У 1820 г. ён перададзены бернардынскаму ордэну. Закрыты пасля паўстання 1863—64 гг. Комплекс уключае касцёл і корпус калегіюму, аб’яднаныя ў адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Размешчаныя на высокім узгорку, за высокай мураванай агароджай з уязной брамай (захаваліся паўднёвая і заходняя сцены), абкружаны пладовым садам. Па кутах агароджы і абапал брамы круглыя ў плане вежы з байніцамі.

Касцёл — трохнефавая мураваная базіліка з выцягнутай паўкруглай алтарнай апсідай і дзвюхвежавым галоўным фасадам, які падзелены на тры ярусы развітымі антаблементамі, расчлянёны вязкамі пілястраў, крапаваны франтонамі. Разнастайныя нішы і вокны аздобленыя складанымі профілямі і лепкай. Бакавыя сцены расчлянёныя спаранымі лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Абапал алтару — двухпавярховыя сакрысціі. Да паўночнай сакрысціі прылягае дзвюхсветлавы калідор, які вядзе ў будынак калегіюму. Пад касцёлам размешчанаяя крыпта.

Корпус калегіюму — двухпавярховы П-падобны ў плане будынак. Яго сіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя падкрэсленая дзвюма трох’яруснымі вежамі на кутах дваровага фасаду. Сцены рытмічна расчлянёныя пілястрамі, аконныя праёмы маюць фігурныя абрамленні. Планіроўка галерэйная з вялікай залай у цэнтры. Перакрыцці абодвух паверхаў скляпеністыя.

Касцёл збярогся часткова, не дзейнічае. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ЮРЦАВА. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства гістарызму. Размешчаная на ўсходняй ускраіне в. Юрцава (Аршанскі р-н), на правым беразе р. Скупея. Сфармаваная ў 2-й палове XIX ст. ў фальварку Кацішын, які належаў К. Любамірскаму, пазней Я. Грабоўскай. Уяўляла сабой вялікі дойлідскі ансамбль інтэрпрэтаваных формаў сярэднявечнага палацава-замкавага дойлідства. Галоўны фасад сіметрычнай дзевяцівосевай кампазіцыі фланкіраваны глыбокімі рызалітамі з буйнымі кутнімі пілонамі і вылучаны ў цэнтры ганкам. З панадворку фланкіраваны моцнымі васьміграннымі вежамі, якія былі завершаныя зубчастымі парапетамі. Берагавы нахіл мясцовасці раскрывае цокальны паверх, члянёны аконнай аркатурай, першы паверх з арачнымі вокнамі ў гатычных стральчатых нішах, другі — з прастакутнымі вокнамі ў арачных нішах з клінападобнымі перамычкамі. Плоскасныя фасады будынку апяразаныя прафіляваным карнізам з аркатурным фрызам — адзіным элементам дойлідскага дэкору. Планіроўка калідорная са скляпеністымі перакрыццямі памяшканняў цокальнага паверху. На кожным паверсе кутніх вежаў размешчаныя круглыя ў плане залы.

Цяпер у палацы размешчаны Рэспубліканскі шпіталь інвалідаў ІІ Сусветнай вайны.


А.М Кулагін



-Я-



ЯГЛЕВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА ЮР’Я


Пабудаваная ў 1760 г. у цэнтры в. Яглевічы (Івацэвіцкі р-н). Трохзрубная пабудова. Да квадратнага ў плане асноўнага аб’ёму прылягаюць з усходу пяцігранная апсіда, з захаду — бабінец. Асноўны аб’ём накрыты стромкім двухсхільным гонтавым дахам, да якога прымыкае шатровае пакрыццё апсіды, завершанае шасцігранным барабанам з галоўкай. Сцены зрубаў ашаляваныя гарызантальна, верхняя і ніжняя часткі дэкарыраваныя паясамі вертыкальнай шалёўкі. Вокны вялікія, прастакутныя. Галоўны фасад утварае прысадзістая званіца, падзеленая карнізам на два ярусы і завершаная двухсхільным пакрыццём. У інтэр’еры цэнтральны аб’ём звязаны з алтарным зрубам і бабінцам вялікім праёмамі. Хоры — на другім ярусе бабінца.

У 1986 г. царква згарэла, была помнікам рэспубліканскага значэння.


С.Ф. Самбук



ЯЗВІНЫ. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ДУХА


Помнік дойлідства барока. Пабудаваны ў 1750 г. у в. Язвіны (Драгічынскі р-н). Асноўны квадратны ў плане аб’ём невялікім уступам пераходзіць у паўкруглую апсіду, арыентаваную на ўсход. Уся пабудова накрытая стромкім двухсхільным дахам, паўкруглым над алтарнай часткай. Сцяна галоўнага фасаду завершаная франтонам маляўнічага ўвагнута-пукатага абрысу. Вось сіметрыі пабудовы падкрэсленая праёмам уваходу. Пры перабудове касцёлу ў праваслаўны храм, у сярэдзіне вільчыка даху зробленая цыбулепадобная галоўка на высокім васьмерыковым барабане. Пластыку дойлідства ўзбагачаюць скругленыя куты будынку, лапаткі і нішы з ракавінамі на галоўным фасадзе. Галоўнае памяшканне перакрытае цыліндрычным скляпеннем, апсіда — конхай. Будынак асветлены чатырма лучковымі вокнамі і круглай люнетай у апсідзе.

Касцёл не дзейнічае, у аварыйным стане. Помнік рэспубліканскага значэння.


Т.В. Габрусь



ЯНАВІЧЫ. СЯДЗІБА


Помнік сядзібна-паркавага дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваная ў 1-й палове XIX ст. ў в. Янавічы (Клецкі р-н). Ансамбль уключае мураваную гасподу, гаспадарчыя пабудовы і парк эканамічнага тыпу са ставам. Гаспода — аднапавярховы прастакутны ў плане аб’ём з вальмавым дахам (раней мансардавым). Цэнтральная частка галоўнага фасаду вылучаная лоджыяй з каланадай, дваровага — круглаватым эркерам. Пластычнасцю апрацоўкі вылучаюцца ліштвы прастакутных анонных праёмаў і аздобленыя рустам куты будынку. У анфіладнай сіметрычна-восевай планіроўцы цэнтральнае месца адведзенае зале-ратондзе і вестыбюлю.

Выкарыстоўваецца як жылы будынак. Ансамбль былой сядзібы — помнік рэспубліканскага значэння.


А.М. Кулагін



ЯРОМІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА


Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1784 г. у в. Яромічы (Кобрынскі р-н). Царква двухзрубная, складаецца з прастакутных у плане асноўнага аб’ёму і апсіды, пакрытых агульным гонтавым дахам, які пры пераходзе ад асноўнага аб’ёму да алтарнай часткі ўтварае трохкутныя навісі. З усходу і поўдня да алтару прылягаюць прырубы з аднасхільным пакрыццём. Сцяна галоўнага фасаду завершаная шчытом. Дах каля франтону ўвянчаны васьміграннай вежачкай. У бабінцы размешчаныя хоры, якія падтрымліваюцца двума слупамі.

Царква не дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.


У.В. Алісейчык

 


 


Даведачнае выданне АРХІТЭКТУРА БЕЛАРУСІ
Энцыклапедычны даведнік


Афармленне мастака  Г.І. Мацура.
Мастацкія рэдактары: Н.В. Андрасюк, Т.В. Шабунька.
Тэхнічныя рэдактары: М.I. Грыневіч, I.I. Цыцаня, Н.М. Шэвель.
Карэктары: В.I. Багдановіч, I.П. Васілеўская, Т.Я. Радзевіч, Л.У. Сідарава, Л.В. Суцягіна, А.А. Федасеева.

У кнізе змешчаны фотаздымкі Г.М. Бажанкова, У.Ф. Варварына, У.Б. Жарко, А.М. Лабады, В.У. Харчанкі, з архіва БелЭн.

ІБ № 176

Здадзена ў набор 26.11.90. Падпісана да друку 10.06.92. Фармат 84х108 1/16. Папера афсетная. Гарнітура Кудрашоўская энцыклапедычная. Друк афсетны. Ум.-друк. аркушаў 65,52. Ум. фарба-адбіткаў 225,12. Ул.-выд. арк. 91,03. Тыраж 10000 экз. Зак. 710.

Выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 220072, Менск, вул. Францыска Скарыны, 15а.Менская фабрыка каляровага друку. 220115, Менск, вул. Каржанеўскага, 20.Набрана на Менскім ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга паліграфкамбінаце МПВА імя Я. Коласа. 220005, Менск, вул. Чырвоная, 23.

Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед./Беларус. А 87 Энцыкл.; Рэдкал.: А.А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл.

ISBN 5-85700-078-5.

У аднатомнай энцыклапедыі змешчана больш за 1200 артыкулаў, прысвечаных лепшым творам беларускага дойлідства XII—XX стст. Чытач можа знайсці інфармацыю пра выдатныя помнікі дойлідства, якія ўвайшлі ў скарбніцу шматнацыянальнай культуры народаў нашай краіны. У кнізе ёсць даведкі і пра лепшыя ансамблі і асобныя будынкі савецкага часу. У томе таксама змешчаныя тэрміналагічны слоўнік*, біяграфічныя артыкулы*. Кніга багата ілюстраваная каляровымі і чорна-белымі здымкамі, малюнкамі і чарцяжамі.

 

* (адсутнічае ў электронным вырыянце)



4902010000-02
А ----------------- 1 — 92
М 318(03) — 93


ББК 85.113(2Б)я2

 


(Р)(С) 2011-2012 г. Электронны (апрацаваны) вырыянт
"Jurkau kutoczak • Юркаў куточак • Yury’s Corner"



Обновлен 13 сен 2012. Создан 07 июл 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter