Пятро Русаў — Знішчаны скарб Нямігі

Артыкул прысвечаны знішчэнню гістарычнага раёна Менску



Няміга — адна са старажытнейшых вуліц Менска, якая прыцягвае ўвагу даследчыкаў, аматараў гісторыі і гасцей нашай сталіцы. Вуліца спрадвеку займала адно з цэнтральных месцаў і далучалася да замка — сэрца горада. I сапраўды, калі ўважліва ўгледзецца ў план старажытнага замка, то ўбачыш няправільны авал, што нагадвае сэрца, побач якога струменяцца дзве жыватворныя артэрыі — Свіслач і Няміга. Сёння на месцы зніклай рачулкі Нямігі — штодзённы бурлівы людскі натоўп на аднайменнай вулщы, на якой адбываліся значныя падзеі нашай гісторыі. На працягу стагоддзяў тут нараджаліся і паміралі тыя, кто зрабіў значны ўнёсак у росквіт і існаванне горада.

Згадаем імёны тых, хто калісьці жыў на ёй. У 1597 г. Станіслаў Карловіч меў пляц на вулщы Нямізскай (1). Варвара Ецукаўна, жонка Крыштофа Антонавіча, мела новазбудаваны дом з зямлёй, з усёй забудовай і агародам па вуліцы Няміга паміж дамамі: з аднаго боку — дом Паўла Балвера, з другога боку — дом “месцкі” Пастухоўскага, а “з тылу гарод таго ж дому ... ад возера пад замкам”. Гэты дом пасля смерці яе сына, Аляксандра Жабкі, яна ў 1600 г. перадала святарам (2).

У 1616 г. уніятам перайшоў пляц Андрэя Маслянкі на старым рынку побач з домам Паўла Злотніка (3). Паны Глябовічы мелі ў 1656 г. двор каля Петрапаўлаўскага манастыра (4). Цэхмістр кушнерскага цэха Канстанцін Андрэевіч завяшчаў у 1665 г. старэйшаму сыну незабудаваны пляц на вулщы Нямізе (5).

Дзям'ян Фёдаравіч меў пляц на Нямізе, які адкупіў у пані Сцефановіч-Вергалоўскай, згодна складзенаму ў 1677 г. яго бацькам завяшчанню (6). Ігумен Мельхіседэк Багдановіч аддаў на вечны чынш пляц на вуліцы Нямізскай Фядоры Батурынавай у 1748 годзе (7).

Некаторыя з гэтых асоб пакінулі значны след у нашай гісторыі. Станіслаў Карловіч удзельнічаў у разглядзе судовай справы продкаў сусветна вядомага рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага. Род паноў Глябовічаў зрабіў значны ўнёсак у гісторыю Вялікага княства Літоўскага. Ян Янавіч Глябовіч быў менскім кашталянам у 1571-1585 гг. Менавіта пры ім з 1581 г. у Менску пачалі праводзіцца пасяджэнні Трыбунала ВКЛ, што садзейнічала ўзвышэнню палітычнай ролі горада і яго эканамічнаму развщцю.

Першы этап знішчэння гістарычнага цэнтра Менска пачаўся ў 1957 г. з яго сэрца — замка, калі па-дзікунску, у выхадныя дні, з дапамогай экскаватараў, пачалі знішчаць культурны пласт, капаючы катлаван для будынка Палаца спорту “Працоўныя рэзервы”. Толькі актыўны пратэст навукоўцаў прымусіў улады даць дазвол на даследаванне гэтай часткі замка. Гарадскім уладам варта падумаць пра стварэнне ў гэтым будынку Музея гсторыі і археалогіі Менска.

Другі этап знішчэння пачаўся з перапланіроўкі ў 1960-я гг. вуліцы Нямігі, калі ўзводзіліся будынкі Белпрампраекта і Дома мадэлей, а ў 1980-я гг. працягвалася будауніцтва дамоў №№ 6-12. Усе новабудоўлі не з’яўляліся арыгінальнымі архітэктурнымі вынаходніцтвамі. Першыя два — тыпавая распрацоўка для вытворчых пабудоў. З будауніцтвам адзначаных дамоў была зруйнавана забудова XVIII-XIX стст. і знішчана планіровачная структура старажытнай Нямігі. У выніку галоўны ўваход у Петрапаўлаўскую царкву атрымаўся на задворках, а званіцы апынуліся блізка да вокнаў жыхароў дома № 6,1 гучныя пералівы званоў турбуюць жыхароў. Корпус дома № 6 закрыў краявід на Петрапаўлаўскую царву ад Ракаўскага прадмесця, Дом мадэлей — з боку Свіслачы і Белпрампраект — з боку Верхняга горада. Такім чынам, помнік архітэктуры XVII ст. быў “закратаваны” гмахамі дамоў, каб яго не бачылі вочы партыйнага кіраўніцтва, якое праязджала па праспекту Машэрава. Апрача таго, з будаўніцтвам гэтых дамоў знішчаны значны па плошчы культурны пласт сярэдневякоўя.

Калісьці Петрапаўлаўская царква была адным з дамінуючых збудаванняў вуліцы Нямігі. У пачатку ХVІІ ст. жыхары сабралі значныя сродкі на яе будаўніцтва. Сярод іх былі вядомыя гістарычныя дзеячы, іх прозвішчы ззфіксаваны ў дакументах гарадскога магістрата. Варта было б аддзячыць гэтым людзям і на агароджы Петрапаўлаўскай царквы вывесіць шыльду з іх прозвішчамі, як гэта робіцца ў хрысціянскім свеце.

Уздоўж праспекта Машэрава былі пабудаваны тры дамы. Пры будаўніцтве Дома мадэлей былі знішчаны напластаванні позняга сярэдневякоўя плошчай 2 752 кв. м, якія прылягалі да замка з паўднёвага боку. Тут вёўся толькі нагляд за землянымі работамі. Але нагляд — гэта не раскопкі. Дом № 3 узведзены на тэрыторыі замка, на старажытным яго пласце і частцы абарончага вала (знішчаны 24 тыс. кв. м культурнага пласта). На паўночным баку абарончага вала пабудаваны дом № 5, пры гэтым былі знішчаны абарончы вал і культурны пласт ранняга сярэдневякоўя плошчай 396 кв. м. Паўночная частка гэтага дома пабудавана на тэрыторыі, якая прылягала да абарончага вала звонку. Тут знішчаны пласт позняга сярэдневякоўя плошчай 624 кв. м. У дварах гэтых дамоў, па адрасе праспект Машэрава, 3 а, узвышаецца гмах школы № 44, які пабудаваны на частцы абарончага вала і тэрыторыі, якая прылягала да замка з захаду. Быў страчаны культурны пласт плошчай 1 472 кв. м і такі ж па плошчы пласт позняга сярэдневякоўя, што прылягаў да замка з захаду.

Пабудовай дома Белпрампраекта (пл. Свабоды, 17), знішчаны культурны пласт позняга сярэдневякоўя плошчай 2 400 кв. м. З будаўніцтвам дамоў №№ 6-12, якія “прылеплены” адзін да аднаго, знішчаны культурны пласт позняга сярэдневякоўя плошчай больш за 24 тыс. кв.м. Такім чынам, узвядзеннем на Нямізе “новабудоўляў” было знішчана 4 268 кв. м. культурнага пласта ранняга сярэдневякоўя і 29 152 кв. м. — позняга. Колькі ж помнікаў культуры было страчана для нашай навукі і гісторыіі.

Трэці этап знішчэння гістарычнага цэнтра Менска пачаўся з будаўніцтва другой лініі метро. Нягледзячы на тое, што адначасова праводзіліся археалагічныя даследаванні, метро фактычна нарушала суцэльнасць і трываласць археалагічнага помніка. Падчас археалагічных раскопак 1985-1988 гг. па трасе станцыі метро “Няміга” была выяўлена забудова XII-XVII стст., што прымыкала да вуліцы Нямігі.

У 1988 г. былі выяўлены рэшткі дзвух мураваных падмуркаў дома Глябовічаў, якія трапілі пад тэрыторыю будучай станцыі метро “Няміга”. Даследаваўся толькі паўночны падмурак памерам 9x18 м, узмоцнены кантрфорсамі па вуглах. Усходняя сценка падмурка аздоблена аркападобнымі нішамі. Магчыма, пра гэты дом пісаў у сваіх нататках рускі пасол П. Талстой, які наведаў Менск у 1697 г.: “Дом вялікі з мураваным будынкам пана Глябовіча”. Падчас раскопак намі быў выяўлены другі дом, што знаходзіўся на поўдзень ад папярэдняга.

Пры будаунщтве станцыі метро “Няміга” намі было зроблена некалькі прапаноў інжынерам-праекціроўшчыкам станцыі для фіксацыі і захавання гістарычнага асяродка дадзенага месца. У выніку сцены падземнага пешаходнага пераходу былі аздоблены арачнымі нішамі, якія адлюстравалі аркі падмуркаў дома Глябовічаў. У інтэр’еры самой станцыі сцены выкладзены з шырокіх палос цёмнага мармуру, якія перамяжоўваюцца са светлымі тонкімі палосамі. Гэтае аздабленне атаясамлівае структуру культурнага пласта дадзенага месца. На жаль, на гэтым і спынілася архітгэктурная творчасць інжынераў-праекціроўшчыкаў.

У аздабленне станцыі можна ўнесці дадатковыя сведчанні пра гэта месца. З абодвух бакоў станцыі, там, дзе лесвічныя маршы пераходзяць у яе прастору, знаходзяцца чорныя гранітныя кубы, якія размешчаны ў квадратных нішах. На іх можна выбіць надпісы, што дадзеная станцыя перасякае старадаўнія месцы Менска: ранне-сярздневяковы замак, старажытную вуліцу Нямігу і познесярэдневяковы Нізкі рынак. У самім падземным пешаходным пераходзе варта павесіць шыльду з паведамленнем, што ў архітэктурным аздабленні сцен пераходу перададзены вонкавыя асаблівасці знойдзенага тут помніка XVII ст. — падмуркаў пабудоў, якія належалі Глябовічам — з кароткім жыццяпісам іх дзейнасці ў гісторыі горада і Беларусі. Магчыма ўстанавіць на паверхні, дзе размяшчаўся сярэдневяковы Нізкі рынак, памятны знак, які б згадваў гэты урбонім, выкласці пліткай альбо камянямі межы Менскага замка з адпаведнай інфармацыйнай шыльдай, каб людзі ведалі, што ходзяць па гістарычным цэнтры Менска.

Будучы стан культурнага пласта вакол станцыі метро “Няміга” выклікае занепакоенасць, Вядома, што захаванасць культурнага пласта сярэдневяковых гарадоў залежыць ад таго, ці пранікае ў яго кісларод. Аднак праз свідравіны, размешчаныя вакол самой станцыі, ён паступае з вадой і пастаянна разлагае арганічныя рэчывы. Амаль што кожны месяц фільтры свідравін забіваюцца арганічнымі рэчывамі культурнага пласта. Да таго ж выкапанае ў рэчышчы Свіслачы побач станцыі возера павялічвае ціск яе водаў на ваданосны слой, які абкружае станцыю, што паскарае працэс вымывания арганічнай масы культурнага пласта з-за актывізацьм анаэробных працэсаў. З-за таго, што ціск вады пастаянна павялічваецца, колькасць свідравін праз 5 гадоў павялічылі ў два разы ў параўнанні з першапачатковым праектам, Можна заўважьщь, як “плача” станцыя “Няміга” слязьмі Свіслачы і як штодзённа забельваюцца на столі і выціраюцца на сценах яе водныя пацёкі. Навідавоку пачынае актыўна дзейнічаць працэс вымывания культурнага пласта. Ці захаваецца ён вакол станцыі для нашых нашчадкаў?

Мы лічым няўдалым ажыццяўленне праекта па стварэнні возера ў рэчышчы Свіслачы каля станцыі “Няміга”, бо яго воды адмоўна ўплываюць не толькі на захаванасць культурнага пласта вакол станцыі. Наогул небяспечна мець побач самой станцыі вялікае вадасховішча, якое можа прарвацца праз калектар Нямігі ў прастору станцыі.

Фармаванне трасы вуліцы Нямігі падпарадкоўвалася месцазнаходжанню рэчышча невялікай рачулкі Нямігі. Навукоўцамі Акадэміі навук БССР была вызначана траса, што пачыналася ў балоцістай мясцовасці за станцыяй Таварная, да самога вусця. Сёння вусце рэчышча сусветна вядомай Нямігі выходзіць з труб калектара, якія знаходзяцца на правым беразе сучаснай Свіслачы.

Мяркую, што можна паставщь два памятныя знакі — каля вусця і вытоку Нямігі, — на якіх змясціць урывак з тэксту сярэдневяковага летапісу, у якім згадваецца назва ракі.

У познім сярэдневякоўі працягам вуліцы Нямігі праз Свіслач быў Нізкі мост. Многія даследчыкі звязваюць яго размяшчэнне з сучасным мостам цераз Свіслач, які злучае вуліцы Няміга і Максіма Багдановіча. Ці не варта было б аднавщь яго старажытную назву “Нізкі мост” з адпаведна аформленай шыльдай? Дарэчы, гэтая назва фіксуецца і ў дакументах гарадскога магістрата, пераемнікам якога мы лічым сучасны Менгарвыканкам. А юрыдычныя дакументы, згодна сусветным правілам, якія не былі скасаваны пераемнікамі, не страчваюць сваей сілы ў часе.

Чацвёрты этап, які поўнасцю завершыць знішчэнне гістарычнай Нямігі — будаўніцтва аўтамабільнага паркінга. Грамадскасць не адзін раз звяртала ўвагу на неадпаведнасць яго размяшчэння ў старажытным цэнтры горада. Мы ўжо маем архітэктурныя пачвары — будынкі Белпрампраекта, Дома мадэлей і гмахі № 6-12 па вул. Нямізе. Ці магчыма цярпець сумленным грамадзянам далейшае знішчэнне нашай спадчыны?

Ёсць іншае вырашэнне гэтага пытання. У Менску магчыма паставщь эпічны конны помнік, навеяны летапіснымі звесткамі, “Словам пра паход Ігаравы” I малюнкамі з Радзівілаўскага летапісу, што праслаўляюць Усяслава Брачыславіча і яго дружыну падчас бітвы 3 сакавіка 1067 г. Гэты помнік адпавядаў бы месцу тых падзей. Помнік з'явіцца красамоўным гістарычным сведчаннем мужнасці і патрыятызму абаронцаў сваёй дзяржавы.

Помнік, які адлюстроўвае гісторыю дзяржавы — гэта не толькі культурная адметнасць, але і візітка краіны, ён фіксуе важныя падзеі ў гісторыі дзяржавы. Аўтамабільная стаянка, Дом гандлю ці Палац спорту ніколі не будуць помнікамі, гэта толькі будынкі для патрэб грамадзян Менска.

Гэты помнік стаў бы месцам гістарычнай памяці нашага народа і горада. Тым больш што Менск не мае, у адрозненне ад іншых сталіц, помніка, прысвечанага пачатку яго гісторыі. Спадзяюся, што настане той час, калі дзяржава пачне рабіць практычныя крокі ў захаванні і ўзнаўленні гістарычнай спадчыны горада Менска і, у прыватнасці, старажытнай вуліцы Нямігі.

1. Беларускі архіў. Менскія акты. Т. 3. Мн., 1930. С. 81.
2. Собрание древних грамот и актов городов Менской губернии,  православных монастырей, церквей и по разным предметам. Мн., 1848. С. 150 — 155.
3. Там жа. С. 379.
4. Беларускі архіў. Менскія акты. Т. 3. С. 185.
5. Белоруссия в эпоху феодализма: Сборник документов и материалов в 3-х т. Мн., 1960. Т. 2. С. 289.
6. Там жа. С. 295.
7. Историко-статистическое описание Менской епархии, составленное архимандритом Николаем. СПб., 1864. С. 89.


Пятро Русаў

“Беларускі гістарычны часопіс” № 2. 2003 год.



Создан 27 авг 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter