Аляксандр Радзюк — Канфіскацыя прыватнай уласнасці ў Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX стст.




Канфіскацыя — гэта замацаваная са старажытных часоў у кодэксах многіх краін мера пакарання. Яна азначае прымусовае бязвыплатнае адчужэнне ва ўласнасць дзяржавы ўсёй або часткі маёмасці, якая з'яуляецца асабютай уласнасцю асуджанага.

У розныя часы канфіскацыя або секвестр шырока выкарыстоўваліся ўладнымі структурамі для ўласных мэт, але найбольш часта для барацьбы з палітычнымі праціўнікамі. Не выключэннем было i ВКЛ, дзе азначаная мера знайшла адлюстраванне ў асноўным зводзе законаў — Статуце 1588 г. У Расейскай імперыі да 1780 г. існавала канцылярыя канфіскацый. Пасля ўключэння беларускіх зямель у склад імперыі, царызм не раз у сваіх інтарэсах выкарыстоўваў канфіскацыю прыватнай уласнасці на новадалучаных абшарах.

Першы юрыдычны дакумент — указ "Аб прыняцці пад Расейскую дзяржаву саступленых ад Польшчы правінцый" ад 16 жніўня 1772 г., — адрасаваны жыхарам усходніх беларускіх зямель, змяшчаў у сабе пункты, згодна з якімі магла праводзіцца канфіскацыя маёнткаў. Між іншым, у ім узгадвалася, што маёнткі тых землеўладальнікаў, якія ў трохмесячны тэрмін не прысягнуць на вернасць новаму імператару, будуць секвестраваны. Факты сведчаць, што абсалютная большасць памешчыкаў Віцебскай i Магілёўскай губерняў паспяшалася прынесці вернападданніцкую прысягу ў вызначаны тэрмін. Праз тры месяцы ўладамі былі секвестраваны маёнткі 14 асоб, якія па розных прычынах прысягу не прынеслі. Канчаткова канфіскавана была маёмасць толькі чатырох асоб: М. Агінскага, К. Радзівіла, М. Чартарыйскага i маршалка вялікага кароннага М. Мнішка, якім разам належала каля 45 тыс. хрысціян, з якіх больш за 42 тыс. пражывалі ў вёсках (2). Акрамя таго, у адпаведнасці з палажэннямі ўказа ад 16 жніўня, яшчэ 24 чалавекі былі пазбаўлены права валодання ці арэнды каралеўскіх, дзяржаўных i іншых падобнага кшталту маёнткаў. Амаль што ўсе маёнткі, якія перайшлі ў выніку гэтых акцый да расійскай казны, былі выкарыстаны Кацярынай II як фонд для надзялення маёмасцю яе фаварытаў i расейскіх вышэйшых ваенных i грамадзянскіх чыноўнікаў.

Новы этап дзейнасці расейскіх улад па канфюкацыі зямельнай уласнасці на беларускіх землях быў звязаны з другім i трэцім падзеламі Рэчы Паспалітай у 1793 i 1795 гг. Да асаблівасцей гэтага этапу можна аднесці тое, што асноўная канфіскацыя ў гэты час, у адрозненне ад 1772 г., адбывалася не па прычыне непрынясення своечасовай прысягі, а па прычынах яе парушэння, у прыватнасці, за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі.

Кацярына II даволі аператыўна адрэагавала на выбух паўстання ў Літве. Ужо праз некалькі дзён пасля захопу паустанцамі Вільні, 19 i 22 красавіка 1794 г. ёю былі выдадзены імянныя ўказы на імя менскага, ізяслаўскага, браслаўскага губернатара Ц.І. Туталміна i эстляндскага генерал-губернатара М.В. Рапніна. Гэтыя дакументы мелі форму інструкцый, у якіх падрабязна былі вызначаны асноўныя меры па падаўленні нацыянальна-вызваленчага руху ў межах літоўскіх правінцый i па недапушчэнні распаўсюджвання паўстання на суседнія тэрыторыі. Не апошняе месца ў cпice мерапрыемстваў па барацьбе з паўстанцамі i ix прыхільнікамі займалі прадпісанні пра выкарыстанне секвестру іх зямельных уладанняў. Зыходзячы з таго, што тэрыторыі, на якіх павінны былі дзейнічаць расейскія саноўнікі, мелі розны статус, а таксама з таго, што ўзброеная барацьба на той час вялася толькі ў межах літоўскіх правінцый, існаваў i розны падыход у вызначэнні тых падстаў, згодна з якімі павінны былі секвестравацца маёнткі. Так, у прадпісанні да Ц. Тугалміна, у секвестр загадвалася браць маёмасць тых, хто "...выкрыецца яўна альбо ў змове даказаны будзе..."

Яшчэ большае поле дзейнасці ў дачыненні да зямельных уладанняў жыхароў літоўскіх правінцый адкрывалася перад М.В. Рапніным. Як было зазначана ў адрасаваным да яго ўказе, "ва ўсім наваколлі... маёнткі памешчыкаў павінны быць узяты ў секвестр..."(3). Далей у тэксце ўказа рабілася агаворка, што такая мера не павінна тычыцца асоб, якія не прымалі ўдзелу ў паўстанні i заставаліся на месцы свайго сталага жыхарства. Адзначым, што ў першых распараджэннях Кацярыны II адносна секвестру прыватных маёнткаў няма ніводнага слова пра тых, хто парушыў прысягу вернасці. Між іншым, менавіта гэтая акалічнасць пасля падаўлення паўстання стане галоўным крытэрыем падчас вызначэння маёмасці для канчатковай канфіскацыі.

Адсутнасць на тэрыторыі Цэнтральнай i тым больш Заходняй Беларусі сістэмы расейскіх адміністрацыйных органаў прывяла да таго, што секвестр маёнткаў ажыццяўляўся пры дапамозе вайсковай сілы. "Без увядзення вайсковых каманд, — канстатаваў у лісце да М. Рапніна Ц. Туталмін, — i секвестр маёнткаў будзе толькі марным абвяшчэннем"(4). Фактычна ж секвестр таго ці іншага маёнтка пры дапамозе войскаў вёў да яго спусташэння. Ужо 20 красавіка 1794 г. Дзяржауны савет прыняў пастанову, згодна з якой, па меры прасоўвання расійскіх войскаў у глыб краю, маёнткі паўстанцаў браліся ў секвестр, а даходы з ix выкарыстоўваліся на пакрыццё ваенных выдаткаў. Як гэты ўказ выконваўся на практыцы, становіцца відавочным з інструкцыі Рапніна генералу Дэрфельдэну пра тое, што трэба рабіць з секвестраванымі маёнткамі навагрудскага ваяводы Ю. Несялоўскага i аднаго з Тызенгаўзаў: "Узяць пад свой нагляд узгаданыя маёнткі.., збожжа... выкарыстаць на правізію (корпуса), грошы, якія будуць.., выкарыстаць на куплю правіянту i фуражу, быдла i авечак выкарыстаць для харчавання салдат колькі пану (Дэрфельдэну. — А.Р.) заўгодна будзе..."(5). У  дадзеным выпадку звяртае на сябе увагу той факт, што падобным чынам ваеннае камандаванне распараджалася не толькі маёмасцю тых, хто раней прынёс прысягу вернасці (як Тызенгаўз), але i тых, хто гэтага не зрабіў (як Несялоўскі). Гэта сведчыць пра тое, што падчас вядзення баявых дзеянняў на тэрыторыі былога ВКЛ асноўным крытэрыем прымянення секвестру да маёмасці той ці іншай асобы быў не факт парушэння прысягі, але асабісты ўдзел у паўстанні. Толькі пасля канчатковага падаўлення ўзброенай барацьбы ў палітыцы царызму ў дачыненні да ўдзельнікаў паўстання i ix маёмасці пачынаецца падзел на тых, хто ў свой час прынёс прысягу на вернасць імператрыцы, i тых, хто гэтага не зрабіў. У выніку секвестру маёмасці ўдзельнікаў паўстання да расійскай казны павінна было перайсці толькі ў межах Літоўскай губерні больш за 175 тыс. сялян.

Далейшы лёс секвестраваных маёнткаў вырашаўся на самым высокім узроўні. 19 красавіка 1795 г. адбылося пасяджэнне Дзяржаўнага савета ў Санкт-Пецярбургу, на якім большасць яго членаў выступіла за правядзенне канчатковай канфіскацыі толькі набытых ("благоприобретенных") маёнткаў асоб, якія прымалі актыўны ўдзел у паўстанні альбо з'ехалі за мяжу, Прымаючы такое рашэнне, Дзяржауны савет зыходзіў з таго, што, згодна з "Даравальнай граматай дваранству" ад 24 красавіка 1785 г., забаранялася адбіраць у гэтага саслоўя спадчынныя маёнткі. Аднак прага да чужой маёмасці пераважыла ў Савеце. Ступень асабістай зацікаўленасці дзяржаўных дзеячаў у вырашэнні гэтага пытання на сваю карысць адлюстроўвае прызнанне А.А. Безбародкі: "Адзіны мой цяпер клопат, каб атрымаць вёскі.., i з гэтай прычыны цярплю я сваё становішча..."(6). Таму нядзіўна, што пададзеная запіска А. Безбародкі з прапановай пазбавіць памешчыкаў, што прымалі ўдзел у паўстанні, правоў расійскага дваранства i прымянщь да ix нормы статута ВКЛ, якія прадугледжвалі канфіскацыю спадчынных маёнткаў, знайшла падтрымку большасці ў Савеце. Указам ад 3 мая 1795 г. на імя генерал-губернатараТуталміна прадпісвалася ўзяць у казну маёмасць тых асоб, якія пасля прыняцця расійскага падданства бралі ўдзел у паўстанні 1794 г. Таксама пазбаўляліся права валодання маёнткамі асобы, якія не вярнуліся ў край да 1 студзеня 1795 г. Праўда, ім дазвалялася прадаць сваю маёмасць у межах Расейскай імперыі. Тэрмін на правядзенне падобных аперацый абмяжоўваўся 1 годам i 6 тыднямі. У выпадку, калі асоба не паспявала здзейсніць продаж, яе маёмасць пераходзіла ва уласнасць казны (7).

Тым не менш нават пасля прыняцця пастановы аб канфіскацыі маёмасці не ўсе вызначаныя для гэтага ўладанні канчаткова перайшлі да казны. Дзякуючы пратэкцыі i заступніцтву на самым высокім узроўні значнай колькасці землеўладальнікаў удалося вярнуць свае маёнткі. Яшчэ некаторая частка гаспадарак была перададзена пад апеку — кіраванне добранадзейных асоб з выплатай часткі даходаў непасрэдна гаспадару. На працягу 1795 - 1796 гг. на тэрыторыі цэнтральнай часткі беларускіх зямель былым гаспадарам было вернута прыкладна 2/3 секвестраваных маёнткаў i 3/4 секвестраваных старостваў.

Канчаткова да казны ў межах Менскай губерні перайшлі толькі 14 прыватнаўласніцкіх маёнткаў, якія раней належалі 11 гаспадарам i ў якіх налічвалася каля 10 тыс. сялян мужчынскага полу (8). Таксама ў выніку канфіскацыі ў Менскай губерні ў дзяржаўную ўласнасць паступілі 8 старостваў i эканомій з агульнай лічбай прыкладна 6 500 сялянскіх душ, што раней знаходзіліся ў валоданні розных асоб. Як i ў 1772 г., асноўная маса канчаткова паступіўшых у казну зямельных уладанняў была выкарыстана для падараванняў асобам, прыбліжаным да прастола. Што тычыцца заходніх тэрыторый Беларусі, то тут памеры секвестру былі значна меншыя, чым на тэрыторыі Цэнтральнай Беларусі. У межах літоўскіх губерняў вядомы прозвішчы толькі 24 асоб, чыя маёмасць падчас паўстання была падвергнута секвестру (9). Пасля падаўлення паўстання большая частка зямельных уладанняў была вернута былым гаспадарам, а астатняя частка — падчас кіравання Паўла I.

Падводзячы вынікі праведзеных канфіскацый у 1794-1795 гг., хацелася б адзначыць, што менавіта ў гэты час была закладзена аснова заканадаўчай базы па прымяненні канфіскацыі, акрэслены галоўныя яе функцыі (прэвентыўная i рэпрэсіўная), вызначаны асноўны рэгіён яе прымянення — заходнія губерні імперыі.

У XIX ст., падчас царавання Аляксандра I, адбываўся працэс далейшага ўдасканалення механізму канфіскацыі, пашыралася сфера яе выкарыстання. Даволі рашучыя крокі ўлад былі здзейснены ў адказ на падзеі, што адбываліся на тэрыторыі "новадалучаных" губерняў у 1809-1812 гг.

Пасля падпісання Тыльзіцкага мipy ў 1807 г. i ўтварэння герцагства Варшаўскага сотні патрыятычна настроеных асоб з тэрыторыі заходніх губерняў Расейскай імперыі паспяшаліся перасекчы мяжу імперыі, каб змагацца за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Асабліва масавы характар гэты пераход набыў падчас i пасля сумеснай франка-рускай ваеннай кампаніі супраць Аўстрыі ў 1809 г. Тады войскі С. Панятоўскага папоўніліся выхадцамі з зямель былога ВКЛ. У Гродзенскай губерні па стану на восень 1809 г. "адлучанымі", паводле няпоўных дадзеных, лічылася больш за сто чалавек (10). Сярод тых, хто выехаў у герцагства, былі не толькі магнаты, шляхта i мяшчане, але нават i сяляне. Гэтыя i іншыя факты прывялі да таго, што пачынаючы з 1809 г. адносіны паміж саюзнікамі пачалі набываць усё больш канфрантацыйны характар. Для спынення масавых уцёкаў сваіх падданых i ўступлення ix у шэрагі варшаўскага войска расейскім урадам былі зроблены самыя рашучыя захады. Да ix ліку можна аднесці падпісаную 24 снежня 1809 г. паміж Расіяй i Францыяй канвенцыю аб забароне прымаць рускіх падданых на службу ў герцагства Варшаўскае (11). Але Напалеон, які вёу двайную гульню як у адносінах да Варшавы, так i ў адносінах да Pacеi, адмовіўся ратыфікаваць яе.

Больш дзейснымі пры вырашэнні пытання палітычных эмігрантаў былі расейскія законы, тым больш што падобная сітуацыя не ўпершыню ўзнікла на гэтых землях.

Першы заканадаўчы акт адносна асоб, якія нелегальна пакідалі краіну, быў выдадзены 24 ліпеня 1809 г. Згодна з ім, у адрозненне ад аналагічных пастаноў Кацярыны II, загадвалася канфіскоўваць маёнткі не толькі тых асоб, якія без дазволу начальства выехалі за мяжу, але i тых, хто падбухторваў альбо іншым спосабам садзейнічаў гэтаму выезду. Наступныя ўказы, выдадзеныя 5 кастрычніка 1809 г., 17 снежня 1809 г., 28 студзеня 1810 г., 18 сакавіка 1810 г., у асноўным зводзіліся да ўдакладненняў некаторых палажэнняў, па якіх узнікалі пытанні ў мясцовых улад падчас правядзення канфіскацыі маёнткаў. Так, указ ад 17 снежня 1809 г. устанаўліваў 6-месячны тэрмін для вяртання асоб, што знаходзіліся за мяжой, а ўказ 18 сакавіка 1810 г., нягледзячы на тое, што Аляксандр I пацвердзіў палажэнні "Даравальнай граматы дваранству", прадпісваў канфіскоўваць як набытыя, так i poдавыя маёнткі.

На месцах уладамі быў узмоцнены кантроль за шляхтай. Гараднічыя i земскія спраўнікі "без усялякай агалоскі" павінны былі паведамляць губернскаму начальству звесткі пра маёнткі, што засталіся пасля памешчыкаў, якія выехалі. Таксама ў абавязкі чыноўнікаў уваходзілі штомесячныя справаздачы пра асоб, якія выехалі за мяжу. Распачалася дзейнасць па налажэнню секвестру на ix зямельныя уладанні.

Згодна ўказу ад 10 верасня 1810 г., у губернскіх цэнтрах па ўсёй Pacеi былі створаны кaмicii "для продажу казённай маёмасці". У заходніх губернях іх стварэнне для ўладных органаў было вельмі дарэчы. Разам з acнoўнымi функцыямі на ix былi ўскладзены дадатковыя абавязкі па канфіскацыі i далейшаму кіраванню маёнткамі асоб, якія выехалі за мяжу.

Гэтыя захады ўлад прынеслі пэўныя вынікі. Па-першае, спыніўся выезд шляхты ў герцагства Варшаўскае. Па-другое, ужо з восені 1809 г. пачаўся працэс вяртання ў Расейскую імперыю даволі буйных землеўладальнікаў, якія нярэдка ўжо спазналі наступствы секвестраў сваіх зямель у 1794-1795 гг. Сярод іх былі А. Пацей (у 1794 г. ад'ютант Я. Ясінскага), князь Д. Радзівіл, С. Солтан з сынам Адамам, Л. Пац i іншыя. Л. Пацу дзейсную дапамогу ў вяртанні секвестраваных маёнткаў аказаў літоўскі ваенны губернатар М. Галянішчаў-Кутузаў, які ў даволі рэзкай форме патрабаваў ад віленскага губернскага праўлення вызваліць маёнткі Л. Паца ад секвестру (12). Такім чынам, будучы галоўнакамандуючы pycкiмi арміямі дапамог будучаму актыўнаму ўдзельніку напапеонаўскага паходу на Pacею. Сам М. Кутузаў добра разумеў, з якой мэтай вяртаецца шляхта i магнаты з-за мяжы. Вырашыўшы на месцы свае маёмасныя пытанні, усе вышэйназваныя асобы ў 1810 г. зноў пакінулі межы Расейскай імперыі. Такія выезды сталі магчымы дзякуючы тым змяненням, што адбыліся ў палітыцы Аляксандра I у адносінах да зямель былога ВКЛ падчас спробы рэалізацыі плана М. Агінскага. Што тычыцца прынятых раней распараджэнняў, то расейскія ўлады пакінулі ix без далейшага "руху" ў чаканні "развязкі палітычных абставін".

Такія палітычныя абставіны не прымусілі сябе доўга чакаць. Вайна 1812 г. прадэманстравала наяўнасць на тэрыторыі Беларусі значных сіл, якія гатовы са зброяй у руках абараняць незалежнасць гэтых тэрыторый ад Расеі. Пасля паражэння шляхта, што выступала на баку Напалеона, апынулася ў незайздросным становішчы. Далейшы яе лёс быў вызначаны маніфестам 12 снежня 1812 г. "Аб дараванні жыхароў ад Польшчы далучаных абласцей...". Згодна з гэтым дакументам, усе асобы, якія прымалі ўдзел у кампаніі 1812 г. на баку праціўніка, атрымлівалі дараванне, адзінай умовай якога было вяртанне ў межы Расейскайі імперыі ў двухмесячны тэрмін. Тым, хто гэтага не зробіць, пагражала канфіскацыя ўсёй маёмасці. Вызначаючы тэрмін, адведзены на вяртанне, Аляксандр I, хутчэй за ўсё, кіраваўся стратэпчнымі мэтамі. Рыхтуючыся да ваеннай кампаніі па-за межамі Расеі, ён імкнуўся прымусіць ураджэнцаў заходніх губерняў пакінуць шэрагі праціўніка. Але гэты ўказ не даў вынікаў, на якія спадзяваліся улады: так, напрыклад, у Менскай губерні са 103 асоб, якія адышлі разам з французскімі войскамі, у вызначаны тэрмін вярнуліся толькі 10 чалавек (13).

Далейшы аналіз cпicaў "невярнуўшыхся асоб", якія былі складзены губернскімі ўладамі, паказвае, што за рэдкім выключэннем яны паходзілі са шляхецкага саслоўя, якое было ў маёмасным плане даволі стракатым. Па Гродзенскай губерні са 145 асоб, што выехалі за мяжу, 35 чалавек маёнткаў не мелі зусім, у валоданні 110 астатніх знаходзіліся 220 маёнткаў (з іх 48 належалі Д. Радзівілу). Па Магілёўскай губерні невярнуўшыміся лічыліся 5 чалавек (9 зямельных уладанняў), па Ашмянскаму і Браслаўскаму паветах Віленскай губерні з 14 асоб 4 былі беззямельныя, астатнія мелі 13 маёнткаў. Па Мінскай губерні 17 асоб не мелі зямельнай маёмасці, у валоданні астатніх 86 чалавек знаходзіліся 98 маёнткаў і 3 дамы (14). Агульная колькасць вызначаных для канфіскацыі сялян (без уліку часткі Віленскай губерні) перавышала 150 тыс. душ.

На пачатку 1813 г. у губернскіх гарадах былі ўтвораны камісіі для канфіскацыі маёнткаў (у справаводстве таксама сустракаецца іншая іх назва — секвестрацыйныя камісіі). 24 кастрычніка 1813 г. выйшлі правілы канфіскацыі маёнткаў i кіравання імі, у якіх былі дэталёва вызначаны механізм пераходу зямельных уладанняў з прыватнай уласнасці ў дзяржаўную.Правіламі таксама прадпісвалася тэрмінова аддаваць у арэнду маёнткі, які, паступілі ўжо ў казённае ведамства з публічных таргоў тэрмінам ад 3 да 6 гадоў. Толькі ў Менскай губерні да 12 красавіка 1814 г. было заключана 20 кантрактаў на трохгадовую арэнду 22 маёнткаў. Гадавы прыбытак казны ад гэтых здзелак павінен быў скласці суму ў 96 473 рублі асігнацыямі (15). Амаль што палова гэтых грошай павінна была паступщь з 13 вакантных маёнткаў князя Дамініка Радзівіла ад асоб, якія i раней трымалі гэтыя зямельныя ўладанні ў кіраванні.

Утварэнне канфіскацыйных камісій, выданне спецыяльных правіл для кіравання маёмасцю, якая перайшла ў казну, друкаванне ў газетах звестак пра асоб, якія пазбаўлены маёмасці, здача маёнткаў у арэнду i некаторыя іншыя крокі царскіх улад рабілі ўражанне аб намерах ісці ў гэтым кірунку да канца. На самай справе палітыка Аляксандра I у гэтым пытанні не была такой паслядоўнай. Пачынаючы з лета 1813 г. дзякуючы заступніцтву высокапастаўленых асоб некаторым з'ехаўшым за мяжу прыхільнікам Напалеона з імператарскага дазволу вяртаецца секвестраваная i канфіскаваная маемасць. Імянныя дараванні атрымалі ў Парыжы нават тыя, хто быў з Напалеонам да канца вайны. Заключным акордам у ланцугу спраў аб вяртанні маёмасці стаў указ ад З0 жніўня 1814г. аб дараванні ўcix асоб, якія выехалі за мяжу Расіі i вяртання ім секвестраваных i канфіскаваных маёнткаў (16). Вайна скончылася, i былыя ворагі ператварыліся ва ўдзячных падданых расійскага імператара.

Падчас паўстання 1830-1831 гг. Мікалай I, пэўна, не раз пашкадаваў, што справа канфіскацыі маёнткаў так i не была даведзена яго папярэднікамі да канца. Менавіта ўдзельнікі напалеонаўскіх паходаў Т. Тышкевіч, Л. Пац, А. Солтан, Я. Кашыц, Г. Агінскі, Плятэры, П. Важынскі i іншыя выступілі арганізатарамі нацыянальна-вызваленчага pvxy на тэрыторыі Беларусі i Літвы. Повязь часоў з падзеямі 1794 i 1812 гг. адчуваецца ў кроках, што былі здзейснены супраць гэтых асоб царызмам.

Паўстанне, якое распачалося ў Варшаве 17 лістапада 1830 г., адной з галоўных мэт мела далучэнне зямель былога ВКЛ да Каралеўства Польскага. У сваю чаргу расейскія ўлады ўсімі сродкамі імкнуліся не дапусціць распаўсюджвання ўзброенай барацьбы на гэтыя абшары. 1 снежня 1830 г. заходнія губерні Расейскай імперыі былі аб'яўлены на ваенным становішчы, павялічана колькасць войскаў, арганізаваны збор агнястрэльнай зброі ў насельніцтва, узмоцнены нагляд за ўсімі падазронымі асобамі ў заходніх губернях. Указам 12 снежня 1830 г. было загадана тэрмінова накладваць секвестр на маемасць асоб, пра якіх было вядома, што яны знаходзіліся ў Каралеўстве Польскім. У параўнанні з аналагічнымі актамі Кацярыны II i Аляксандра I азначаны ўказ быў больш жорсткі з прычыны таго, што ў ім не быў вызначаны тэрмін вяртання з-за мяжы, які б даваў права пазбегнуць пакарання (17). Як паказала далейшае развіццё падзей, у адпаведнасці з гэтым указам часцей за ўсе секвестравалася маёмасць тых, хто да рэвалюцыйных падзей не меў ніякага дачынення, а знаходзіўся ў каралеўстве на сталым жыхарстве ці па іншых прычынах.

Нягледзячы на прынятыя ўладамі меры, у сакавіку 1831 г. паўстанне распачалося на тэрыторыі Віленскай губерні i да пачатку лета ахапіла значную частку Літвы, Беларусі, Латвіі i Украіны. Для падаўлення ўзброенай барацьбы выкарыстоўваліся вайсковыя аперацыі, арышт, турэмнае зняволенне, ваенна-палявы суд, расстрэл i інш. Не апошнюю ролю ў комплексе карных мер займала i пазбаўленне маёмасці. У перыяд найвышэйшага ўздыму паўстання ў сакавіку — ліпені 1831 г. указы аб секвестры i канфіскацыі маёмасці ўдзельнікаў вызваленчага руху выходзілі штомесяц. Указы ад 6 мая і 4 ліпеня 1831 г. прадугледжвалі вызваленне ад праследавання асоб у выпадку ix добраахвотнай здачы прадстаунікам законных улад. Такім чынам, царызм імкнуўся не толькі пазбавщь паўстанне сацыяльнай базы, але i ўнесці раскол у шэрагі паўстанцаў.

Пасля бітвы на Панарскіх вышынях каля Вільні стратэгічная ініцыятыва канчаткова перайшла да ўрадавых войскаў. Да сярэдзіны ліпеня 1831 г. партызанскі рух на тэрыторыі Літвы, Беларусі i Украіны быў практычна падаўлены. Царызм перайшоў да рэпрэсій. Згодна з указам ад 17 ліпеня 1831 г., на тэрыторыі Менскай, Гродзенскай i Віленскай губерняў былі створаны спецыяльныя камісіі для "вызначэння ступені віны мяцежнікаў, секвестру i канфіскацыі ix маёнткаў". Галоўным у працы камісій стала вызначэнне меры пакарання ў адпаведнасці з той ці іншай катэгорыяй "віны". Да першых двух катэгорый адносіліся асобы, якія прымалі актыўны ўдзел у паўстанні. У адносінах да ix, акрамя секвестру i канфіскацыі маёмасці, магла быць выкарыстана высылка, аддача ў дзеючую армію (часцей за ўсё на Каўказ), турэмнае зняволенне i іншыя пакаранні. Асобы, аднесеныя да трэцяй катэгорыі, вызваляліся ад далейшага праследавання.

Ва ўказе ад 17 ліпеня таксама быў вызначаны механізм канфіскацыі. Першым этапам у гэтым працэсе было вызначэнне ступені "віны" ўладара маёнтка. Пры ўмове, калі тая ці іншая асоба была аднесена да першай ці другой катэгорыі, аўтаматычна распачынаўся пошук яе маёмасці. Дзейсную дапамогу камісіям павінны былі аказваць губернскія ваенныя i цывільныя ўлады пачынаючы з губернатараў i завяршаючы чыноўнікамі земскага суда. Самі камісіі не займаліся выкананнем пастаноў аб секвестры, а накіроўвалі ix у ведамствы губернскага кіравання i казённых палат. Тыя, у сваю чаргу, вызначалі чыноўнікаў (яны маглі быць з іншага ведамства) для прыёму i вопicy маёнтка. Звесткі аб прысудах адсылаліся ў вышэйшыя інстанцыі для канчатковага зацвярджэння (канфірмацыі). Такая сістэма спарадзіла шмат блытаніны, непаразуменняў i бюракратычнай nepaпicкi па справах канфіскацый маёмасці.

10 чэрвеня 1831 г. менская камісія першай распачала сваю дзейнасць, 31 ліпеня — віленская i 26 лістапада — гродзенская аналагічныя камісіі. Kaмicii сканцэнтравалі асноўную ўвагу на разборы спраў паўстанцаў. Звычайна пастанова адносна той ці іншай асобы выглядала наступным чынам: "За свае дзеянні супраць улад аднесены да другой катэгорыі. Маёнтак, які будзе выяўлены, падлягае тэрміноваму секвестру (або канфіскацыі)". Дарэчы, у дакументах тага часу побач са словам "секвестр" вельмі часта выкарыстоўваліся словы "забарона" i "прыняцце ў казну", што азначала ўстанаўленне часовай казённай адміністрацыі над маёмасцю прыватных асоб (18). Пасля вoпicy такая маёмасць пераходзіла пад нагляд дваранскай апекі, а секвестраваная — у ведамства казённай палаты. Нягледзячы на гэта, улады даволі часта блыталі два гэтыя паняцці. Акрамя нерухомай маёмасці ўказну павінны былі перайсці капіталы, закладныя сумы i іншыя грашовыя сродкі, якія заставаліся ў межах Расейскай імперыі пасля выезду ix гаспадароў за мяжу.

Пасля апісання маёнткаў улады прызначалі туды "добранадзейных" асоб для кіравання. Часта ў ролі кіраўнікоў выступалі былыя адміністратары ці сваякі паўстанцаў. Частка даходаў у залежнасці ад таго, ці паступалі яны з маёнткаў, якія знаходзіліся пад забаронай, ці з секвестраваных, ішла на прырашчэнне інваліднага капіталу, а частка непасрэдна ў даход казны. Але такі падзел icнaвaў нядоўга, i ўжо ў вельмі хуткім часе ўсе грошы паступалі толькі ў распараджэнне казны. Імкненне атрымаць як мага большы прыбытак з маёнткаў паўстанцаў праходзіла праз усю практыку канфіскацый 30-х гг. XIX ст. За кошт гэтага ўлады імкнуліся палепшыць фінансавае становішча казны, забяспечыць армію харчаваннем, папоўніць фонды расейскіх збораў мастацкіх твораў новымі паступленнямі. У адпаведнасці з палажэннямі ад 17ліпеня 1831 г. мясцовыя ўлады павінны былі забяспечыць міністра фінансаў вопісамі каштоўных рэчаў, карцін i іншых вырабаў мастацтва, што знаходзіліся ў секвестраваных маёнтках. Гэты, на першы погляд, бяскрыўдны пункт прывёў да рабунку найбольш багатых у культурным плане магнацкіх сядзіб. Так, напрыклад, быў цалкам разрабаваны палац Сапегаў у Дзярэчыне. Не ўцалелі i найбольш каштоўныя прадметы, якія былі схаваны ў іншых мясцінах. У Санкт-Пецярбург былі вывезены каштоўнасці Сапегау, сярод якіх знаходзіліся творы эўрапейскага выяўленчага мастацтва, рэдкасная зброя, трафеі мінулых войнаў, залаты i сярэбраны посуд (толькі ў маёнтку Замойскіх было канфіскавана больш за 12 пудоў Сапегавага серабра), родавыя рэліквіі, падарункі, узнагароды розных манархаў i шмат што іншае. Падобны лес напаткаў сядзібы Пацау, Радзівілаў, Чартарыйскіх, Тышкевічаў i іншых. Менш каштоўныя рэчы былі перавезены ў губернскія цэнтры, дзе частка з іх была выкарыстана на казённыя патрэбы, большая частка прададзена, многае разрабавана.

Наступным крокам пасля секвестру маёнткаў стала ix канфіскацыя. Неабходным элементам у пераходзе маёмасці з разраду секвестраванай у канфіскаваную была канфірмацыя. У Расейскай імперыі зацвярджэнне пастаноў пра пазбаўленне дваран правоў на маёмасць i іншых прывілеяў адносілася выключна да прэрагатыў манарха, бо "ніжэйшая ўпада не магла пазбавіць таго, што было даравана вышэйшай уладай" (19). Падчас i пасля паўстання 1831 г. права канфірмацыі мелі камандуючы 1-й арміяй i віленскі генерал-губернатар. Спісы асоб, маёмасць якіх канфіскоўвалася, друкаваліся ў замежных i рускіх газетах. Паводле гэтых крыніц, у 1831 г. у Віленскай губерні маёмасці былі пазбаўлены 1 314 асоб, у Гродзенскай — 277, Менскай — 170 чалавек. Адкуль узяліся такія вялікія лічбы? Адказ на гэтае пытанне знаходзіцца ў сістэме справаводства, што склалася падчас працы губернскіх камісій. Разглядаючы справу той ці іншай асобы (а ў большасці выпадкаў гэта рабілася завочна), члены камісій прымалі пастанову аб налажэнні секвестру ці канфіскацыі маёмасці, не маючы звестак, ці такая маёмасць увогуле ёсць у абвінавачанага. Аналіз 682 прозвшчаў, прыведзеных у "Літоўскім кур'еры" за 1834 г., паказвае, што 87% асоб, унесеных у спісы "былых уладароў", маёнткі якіх паўторна канфіскаваны, маёмасці не мелі (20).

Вышэйпрыведзеныя лічбы нельга разглядаць як канчатковыя, бо правядзенне дакладных падлікаў ускладняецца шэрагам абставін. Па-першае, колькасць канфіскаваных маёнткаў паступова мянялася з-за таго, што некаторыя ўдзельнікі паўстання атрымлівалі амністыю, i таксама з-за таго, што з часам выяўляліся новыя, раней невядомыя маёнткі. Па-другое, некаторыя спрэчныя справы аб канфіскацыі знаходзіліся на разглядзе вышэйшых апеляцыйных устаноў, у асноўным сената. Справаводства па спрэчных пытаннях магло цягнуцца дзесяцігоддзі. Па-трэцяе, шмат якія маёнткі, што падлягалі канфіскацыі, а таксама іх былыя гаспадары мелі пэўныя даўгавыя абавязкі, без пагашэння якіх маёнтак не мог быць канфіскаваны. Для вырашэння такога кшталту спраў у губернях былі створаны ліквідацыйныя камісіі, задачам якіх быў разгляд даўгавых прэтэнзій. Па-чацвёртае, адміністрацыйная рэформа 1843 г., якая змяніла межы губерняў, значна заблытала справаводства i справаздачнасць.

Разглядаючы канчатковую колькасць канфіскаваных маёнткаў, трэба адзначыць, што ў 1830-я гг. у казённае ведомства ў поўным аб'ёме адышла меншая частка зямельных уладанняў. Большая іх частка адышла ў казну часткова ці зусім нават не адышла, хоць i фігуравала ў cпice канфіскаваных. Справа ў тым, што многія ўдзельнікі паўстання яшчэ не паспелі ўступіць у права на валоданне нерухомасцю або валодалі ёю сумесна з іншымі саўладальнікамі. Статыстыка сведчыць, што менавіта "непадзельныя" маёнткі i тыя, што знаходзіліся "у пажыццёвым валоданні бацькоў", складалі большую частку канфіскаваных зямельных уладанняў. Палітыка царызму ў адносінах да "непадзельных" маёнткаў была накіравана на паступовае выдзяленне i перадачу ў казённае ведамства частак маёмасці, якія належалі пакараным асобам. Такімі справамі займаліся створаныя ў 1832 г. ліквідацыйныя камісіі i земскія суды. Што тычыцца маёнткаў, якія павінны былі перайсці па спадчыне да асобы, асуджанай да канфіскацыі маёмасці, то, згодна з указам ад 22 красавіка 1836 г., казна замяняла яе.

Пасля канфіскацыі працэс продажу "непатрэбнай" маёмасці набыў куды большы размах. 3 малатка ішлі гаспадарчы інвентар, жывёла, посуд, асабістыя i фамільныя рэчы паўстанцаў, прадукты харчавання i інш. Згодна з існуючымі правіламі, казённая палата за некалькі тыдняў да аўкцыёну змяшчала аб'яву ў "Kuriery Litewskim" з запрашэннем ycix жадаючых на таргі. Аўкцыёны па продажы маёмасці паўстанцаў адбываліся як у губернскіх гарадах, так i непасрэдна ў маёнтках. Калі некаторыя рэчы не былі прададзены з першага разу, звычайна праводзіўся паўторны аўкцыён. Невялікія маёнткі, згодна з распараджэннем міністра фінансаў, аддаваліся ў арэнду на 3-6 гадоў. У больш буйных гаспадарках, якія знаходзіліся ў адміністрацыйным кіраванні, ў арэнду здаваліся асобныя даходныя артыкулы.

Пад асобным наглядам урадавых чыноўнікаў знаходзіліся справы, звязаныя з кнігазборамі, якія перайшлі ў казённае ведамства. Што тычыцца кніг, то найбольш каштоўныя сярод ix, у тым ліку i шэраг рукапісаў, былі вывезены ў Санкт-Пецярбург. Некаторыя кнігазборы былі прададзены з аўкцыёнаў. Toe, што засталося, у адпаведнасці з вышэйшым распараджэннем 1837 г., было перададзена мясцовым вучэбным установам.

Разглядаючы асноўныя змяненні, што адбываліся ў становішчы канфіскаваных маёнткаў на працягу 1830 — пачатку 40-х гг., патрэбна адзначыць паступовае спусташэнне не толькі сядзіб, але i гаспадарчых комплексаў, пагаршэнне тэмпаў гаспадарчага развіцця i сацыяльнага становішча жыхароў такіх маёнткаў. Гэта добра відаць па выніках праведзенай у Віленскай губерні ў 1839 г. рэвізіі канфіскаваных маёнткаў. Чыноўнік, які праводзіў гэтую праверку, канстатаваў, што канфіскаваныя ўладанні "пачалі прыходзіць у заняпад (22). Не адбылося чакаемага паляпшэння становішча сялян канфіскаваных уладанняў. Імператарскія ўказы i правілы аб секвестры i канфіскацыі маёнткаў ад 17 ліпеня 1831 г. ставілі галоўнымі мэтамі захаваць спакой у маентках i адначасова пашырыць сацыяльную апору царызму ў заходніх губернях імперыі. У 1840-50-я гг. было здзейснена некалькі спроб правядзення люстрацыі канфіскаваных маёнткаў, асноўнай задачай якой было надзяленне малазямельных сялян зямлёй i ўстанаўленне памяркоўных павіннасцей. Аднак пастаўленыя мэты так i не былі дасягнуты.

Лёс канфіскаваных сялян напрамую залежаў ад вырашэння лесу канфіскаваных маёнткаў. Абодва гэтыя пытанні не раз станавіліся прадметам дыскусій на самым высокім узроуні. Сярод тых прапаноў, што выклікалі найбольшыя спрэчкі, былі праекты, звязаныя з асабістым вызваленнем канфіскаваных сялян, з раздачай зямельных уладанняў рускім дваранам альбо ваенным, перасяленнем рускіх сялян на канфіскаваныя землі i інш. У гэтай барацьбе перамогу атрымаў праект міністра дзяржаўных маёмасцей П.Кісялёва. Дзякуючы яго прынцыповай пазіцыі ўсе канфіскаваныя маёнткі на тэрыторыі Літвы, Беларусі i Украіны ў 1846 г. былі ўключаны ў склад дзяржаўнай маёмасці. Задума аб перасяленні рускага "элемента" на канфіскаваныя землі так i не была рэалізавана ў поўнай меры, але пасля паўстання 1863 г. ёй было наканавана ператварыцца ў старанна распрацаваную, разлічаную на доўгія гады ўрадавую палітыку.

Падводзячы вынікі канфіскацый на землях Беларусі ў канцы XVIII  1830-я гг. XIX ст., трэба адзначыць цесную сувязь, якая прасочваецца ў дзеяннях улад пры выкарыстанні азначанай меры падчас узнікнення пагрозы палітычнай стабільнасці i тэрытарыяльнага адзінства Расейскай імперыі. За гэты перыяд канфіскацыя ператварылася ў адзін з галоўных фактаpaў барацьбы царызму з нацыянальна-вызваленчым рухам. Пачаўшы выкарыстоўваць канфіскацыі на землях былога ВКЛ, улады прыбягалі да ix i ў азіяцкіх рэгіёнах імперыі, i падчас падаўлення рэвалюцыйнага руху ў Цэнтральнай Еўропе ў 1848 г. На тэрыторыі Беларусі канфіскацыі ў розны час прывялі да ўзнікнення i пашырэння рускага землеўладання, росту колькасці дзяржаўных сялян. Яны нанеслі адчувальны ўдар па матэрыяльнай базе некаторых вядомых магнацкіх i шляхецкіх родаў, сталі палігонам для распрацоўкі праграм па русіфікацыі краю, прычыніліся да значных страт у культурнай спадчыне Беларусі. На прыкладзе канфіскацый добра прасочваецца ўзаемасувязь у змяненні ўрадавай палітыкі i планаў у адносінах да беларускіх зямель. У той жа час аналіз статыстычных звестак аб секвестры i канфіскацыі дапамагае выявіць асабісты i саслоўны склад удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыі Беларусі, маёмаснае становішча шляхты i іншых саслоўяў на беларускіх землях.

1. Рубенштейн С.Ф. Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии, Малороссии за 240 лет, с 1652 по 1892 г. Вильна, 1894. С. 108.
2. Анішчанка Я. Інкарпарацыя Беларусі ... // Спадчына. 1996. № 3. С. 44-45.
3. Восстание и война 1794 года в Литовской провинции. Мн., 2001. С. 40.
4. Энгель А. Архив Виленского генерал-губернатора. Т. 2. Ч. 1. Вильно, 1870. С. 174.
5. Zytkowicz L. Rzady Repnina na Litwie w latach 1794-1797. Wilno, 1938. S. 349.
6. Архив князя Воронцова. Кн. 13. М., 1879. С. 344.
7. Опись документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II. Вильна, 1903. С. 45-46.
8. НГАБ. Ф. 333, воп. 1, спр. 160, арк. 238; Ф. 299, воп. 2, спр. 56, арк. 5-6; Жукович П. Сословный состав населения Западной России в царствование Екатерины II // Журнал министерства народного просвещения. 1915. .4. LVII. С. 139-140.
9. Zytkowicz L. Rzady Repnina na Litwie w latach 1794-1797.  S. 349-356.
10. Paciйcкi дзяржаўны гістарычны apxiў (далей - РДГА). Ф. 379, воп. 3, спр.  104, арк. 100-108; Дзяржаўны гістарычны apxiў Літвы (далей — ДГА Літвы). Ф. 378, воп. 1809, спр. 183, арк. 21-31.
11. История царствования императора Александра I и России в его время. Т. 2. СПб., 1869. С. 454-455.
12. ДГА Літвы. Ф. 378, воп. 1809, спр. 183, арк. 195.
13. РДГА. Ф. 374, воп. 3, спр. 104, арк. 261-272.
14. ДГА Літвы. Ф. 378, воп. 1813, спр. 52а, арк. 406-409, 464; РДГА. Ф. 378, воп. 3, спр. 104, арк. 195, 200-201, 261-272.
15. РДГА. Ф. 384, воп. 1, спр. 203; НГАБ. Ф. 295, воп. 1, спр. 623.
16. ПСЗ. Изд-е 1. Т. XXXII. № 25671
17. ПСЗ. Изд-е 2. Т. V. № 4206.
18. Никонов С. Секвестрация в гражданском праве. Ярославль, 1900. С. 196.
19. Национальная политика России: история и современность. М., 1997. С. 156.
20. Kaczkowski J. Konfiskaty na ziemiach polskich pod zaborem rosyjskim po powstaniach roku 1831 i 1863. W-wa, 1918. S. 354-355, 359-360, 368-375; Kurier Litewski. 1834. 19 мая, 20 жніўня.
21. РДГА. Ф. 384, воп. 1, спр. 802, 1753, 1785, 1826; Там жа. Ф. 1266, воп. 1, спр. 7, арк. 58; ДГА Літвы. Ф. 525, воп. 18, спр. 280, арк. 42, 43; НГАБ. Ф. 295, воп. 1, спр. 5, арк. 21-24; НГАБ у Гродна. Ф. 1, воп. 20, спр. 471, 489; Там жа. Ф. 4, воп. 2, спр. 68.
22. ДГА Літвы. Ф. 525, воп. 18, спр. 280, арк. 195.


БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ ЧАСОПІС № 6 — 2002 г.



Создан 27 авг 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter