Крыстіна Лавыш — Арыенталшзм як частка мастацкай культуры і побыту беларускай шляхты эпохі сатматызму




Найбольш глыбою ўплыу на развіццё беларускай культуры зрабілі ўсходнія традыцыі ў X-XIV стст. Гэта, перш за ўсё, дабратворнае ўздзеянне Візантыі, дзе акрамя хрысціянскіх і антычных традыцый заўсёды былі моцныя ўсходнія. Даследчыкі гавораць пра "ўсходні твар" Візантыі. Заможныя жыхары старажытных гарадоў Беларусі акрамя Візантыі падтрымлівалі сувязі з Блізкім Усходам і Персіяй. Пра гэта сведчаць знойдзеныя падчас археалагічных раскопак разнастайныя прадметы імпарту: дарап шкляны посуд, распісаны золатам і эмаллю, фаянсавы посуд з люстраным роспісам, шаўковыя тканіны, шкляныя i каменныя пацеркі, мастацкі метал, ювелірныя вырабы. З Усходу быў запазычаны i такі элемент свецкай культуры, як шахматы. У манументальным жывапісе, дробнай пластыцы i дэкаратыўна-прыкладным мастацтве былі распаўсюджаны матывы ўсходняга паходжання: выявы парных птушак па баках дрэва жыцця, ільвоў, барсаў, фантастычных істот. Аднак паступова пачаў складвацца іншы тып культуры i мастацтва, бо беларускія землі пачалі ўсё больш уваходзіць у заходнеэўрапейскі культурны арэал. Гэты працэс набыў выразна акрэсленыя рысы ў эпоху Адраджэння. Сувязі з Усходам адышлі на другі план, але не перапыніліся. З развіццём у XVII ст. новага стылю — барока — усходнія ўплывы набываюць усё большае значэнне. Барока ва ўсёй Эўропе прынесла моду на экзотыку, але калі ў Заходняй Эўропе экзотыка з'яўлялася дэкаратыўным элементам, то ў Рэчы Паспалітай арыенталізм існаваў як частка штодзённай культуры.

У межах барока развіваецца такая культурная з'ява, як сарматызм. Яго можна вызначыць як складаны, шмат у чым супярэчлівы культурна-ідэалагічны комплекс, які характарызуе светапогляд i стыль жыцця шляхты Рэчы Паспалітай. Сарматызм склаўся ў канцы XVI ст. i развівауся на працягу XVII i першай паловы XVIII ст., а і некаторых праявах дайшоў да мяжы XVIII-XIX стст. Сам тэрмін даследчыкі выкарыстоўваюць то больш шырока, калі разумеюць пад сарматызмам нацыянальны варыянт барока Рэчы Паспалітай (Т. Манькоўскі), то больш вузка — як адзін з напрамкаў у светапоглядзе, культуры i мастацтве Рэчы Паспалітай XVII-XVIII стст., які характэрны менавіта для шляхты (Ч. Хернас, Я. Тазбір). Сарматызм з'яўляецца культурнай з'явай, агульнай для шляхты Польшчы i Вялікага княства Літоўскага, бо з 1385 г. яны былі звязаны дынастычнай, а з 1569 г. дзяржаўнай уніяй, i шляхта абедзвюх дзяржаў, нягледзячы на палітычныя супярэчнасці, у культурным плане была даволі блізкая адна да адной. Пры гэтым працэс арыенталізацыі пачаўся раней i быў мацнейшы ў асяроддзі шляхты Вялікага княства Літоўскага.

У эпоху сарматызму ў Рэчы Паспалітай склаўся своеасаблівы грамадска-палітычны лад, які паступова, але няўхільна эвалюцыяніраваў у бок шляхецкай анархіі пры дамінуючай ролі магнатаў. З сярэдзіны XVI ст. шляхта крок за крокам адстойвала свае грамадскія i палітычныя правы i прымушала манархаў ісці на ўсё новыя ўступкі. Шляхта высунула шэраг праектаў рэформ, яна цвёрда трымалася рэспубліканскіх ідэалаў, супрацьстаяла не толькі манархм, але i арыстакратыі. Аднак потым, абароненая заваяванымі свабодамі, шляхта была зацікаўлена ў захаванні існуючага ладу. "Ахоўніцтва", адданасць традыцыі — абавязковая прыкмета сарматызму (1).

У культуры сарматызму дзіўна спалучаліся ўсходнія, заходнееўрапейскія i нацыянальныя элементы. У галіне ідэалогіі тут панавалі такія каштоўнасці, як вера, "залатыя вольнасці", Айчына, i ў той жа час генеалагічны сармацкі міф. Уплыў культур Усходу i Захаду ўзаемазвязаны. Усход паўплываў у асноўным на дэкаратыўнае мастацтва, адзенне, зброю, Захад — на літаратуру, архітэктуру, жывапіс (2).


Шляхта была рыцарскім саслоўем, закліканым абараняць крану i кіраваць ёю. Сваё выключнае становішча яна імкнулася абгрунтаваць генеалагічна, аб'явіўшы сябе нашчадкамі старажытных сармацкіх плямёнаў, якія ў першыя стагоддзі нашай эры пакінулі сваю тэрыторыю паміж Донам i ніжняй Волгай, падпарадкавалі тэрыторыі ад Дняпра да Віслы, ператварыўшы мясцовае насельніцтва ў рабоў. Назва "сарматы", запазычаная ў антычных аўтараў, увайшла ў трывалы ўжытак ужо ў XV-XVI стст., калі рабіліся спробы пабудаваць паслядоўную суцэльную канцэпцыю гісторыі краіны. "...Яўна i ясна, што менавіта мы i ёсць сарматы, — сцвярджалася ў хроніцы Марціна Бельскага, — i таму, што аб сарматах пісалася, то правільна лічыць напісаным аб предках нашых" (3). Што тычыцца трэцяга саслоўя i народных мас, то яны лічыліся нашчадкамі мясцовага насельніцтва, заваяванага сарматамі. Такім чынам, сармацкі генеалагічны міф, які меў тыповыя рысы міфа заваёўнікаў, падкрэсліваў выключнасць шляхты i абгрунтоўваў яе правы.

Культура Усходу, у прыватнасці, ісламская, выклікала захапленне ў шляхты Рэчы Паспалітай сваім багаццем, магутнасцю, раскошай, стылем жыцця, i яна запазычыла адтуль шмат яе элементаў. Гэта знайшло адлюстраванне і касцюме, зброі, побыце, у густах шляхты. Варта памятаць i пра тое, што ў Вялікім княстве Літоўскім жылі свае мусульмане — літоўскія татары. Пра арыенталізацыю густаў шляхты сведчыць i тое, што вялікім попытам карысталіся ўсходнія тавары. З Усходу прывозілі разнастайныя тканіны (шаўковыя, аксамітавыя, залататканыя), металічныя i шаўковыя паясы, баваўняныя i шаўковыя дываны, сёдлы, конскую збрую, сагайдакі, лукі, шаблі, кінжалы, агнястрэльную зброю, дэталі зброі, пазалочаныя i ўпрыгожаныя каштоўнымі камянямі, дамаскія клінкі, ювелірныя вырабы, каштоўныя камяні (асабліва жэмчуг i бірузу), а таксама фарбаваную шчыгрынавую скуру, шкуры леапарда i тыгра, юхту. У XIV-XVI стст. усходнія тавары траплялі ў Польшчу i Вялікае княства Літоўскае праз турэцкіх купцоў. Т. Манькоўскі называе двух, якія гандлявалі ў першай палове XVI ст. — Хаджы Рэджэба i Андрэя Халкандзіласа. Таксама былі купцы, якія аселі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай i падтрымлівалі гандлёвыя зносіны з краінамі Блізкага Усходу. У другой палове XVI ст. іх прадстаўлялі львоўскія армяне Мурат Керымовіч i Нарбег Паповіч. Асеўшы ў Львове, яны засталіся падданымі султана, што дапамагала ім у падарожжах да Стамбула i аж да Персіі. Прывезены адтуль тавар яны прадавалі на кірмашах Львова, Камянца-Падольскага, Яраслава, Любліна, Варшавы, Торуня i Гданьска ці вывозілі за мяжу — ад Масквы да Англіі (4).

У сярэдзіне XVIII ст. самым буйным імпарцёрам усходніх тавараў у Рэч Паспалітую быў гандлёвы дом Нікаровічаў, які меў склады тавараў у Львове i Стамбуле. Адначасова з турэцкімі i персіцскімі вырабамі яны распаўсюджвалі па ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай арыенталізаваныя вырабы львоўскай мануфактуры, пра што сведчыць ix рахунковая кніга, якая ахоплівае перыяд з 1764 па 1777 г. (5). Важную ролю ў арыенталізацыі густаў шляхты адыгрывалі рамеснікі ўсходняга паходжання, якія аселі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У асноўным тэта былі армяне, персы i грэкі. Самым буйным цэнтрам быў Львоў. У XVII ст. Львоў уяуляў сабой горад, у якім спалучалася мастацкая культура Усходу i Захаду, дзе палякі, немцы, італьянцы, армяне, русіны, габрэі жылі i працавалі побач. Аднак гэта не прывяло да страты захаплення ўсходнім дэкаратыўным мастацтвам. Львоўская мануфактура вырабляла ў асноўным халодную зброю: шаблі, палашы i ix састаўныя часткі, дэкаратыўныя дэталі да іх. У Львове існавалі цэхі злотнікаў, мечнікаў, вышывальшчыкаў, пазументнікаў, вытворцаў конскай збруі, сядзёльнікаў (6). Наибольшую вядомасць як умелыя збройнікі і злотнікі атрымалі армяне. Львоўскія вырабы развозіліся па кірмашах усёй Рэчы Паспалітай. У вырабах львоўскай мануфактуры спалучаліся ўсходнія, заходнія i мясцовыя традыцыі.

Арыенталізацыі густаў шляхты садзейнічаліі i трафеі, якія траплялі да яе ў выыку войнаў з Асманскай імперыяй. Напрыклад, у 1740 г. апошняя з роду Сабескіх, унучка караля Яна III, князёўна Марыя Караліна дэ Булек перадала зямельную i рухомую маёмасць Сабескіх Радзівілам. Яе ўладальнікам стаў ваявода віленскі i вялікі гетман літоўскі Міхаіл Kaзiмip Радзівіл Рыбанька, унук сястры караля Кацярыны Радзівіл з Сабескіх. Такім чынам, у Нясвіж трапілі трафеі, здабытыя Янам III i яго предкамі ў баях з туркамі (7).

Індывідуальнасць i своеасаблівасць мужчынскага шляхецкага касцюма эпохі сарматызму шмат у чым абумоўлены запазычаннямі з турэцкага касцюма. Яго арыенталізм праяўляўся не ў дэталях, а ў агульным уражанні. Гэта доўгае адзенне, якое кантраставала з заходнім касцюмам, што складаўся з кароткага сподняга адзення з буфамі, панчох, аблягаючага кафтана i кароткага плашча. Асноўны выгляд мужчынскага шляхецкага касцюма, які склаўся ў XV ст., з цягам часу зведаў змены, але яны не парушылі яго ўсходніх рыс (8).

Усходняя мода пранікала ў Рэч Паспалітую i праз Венгрыю, бо венгерскім каралём быў Уладзіслаў Ягелончык (1456-1516 гг.), брат Жыгімонта Старога. Акрамя гэтага, усходнія уплывы былі моцныя ў суседняй Маскоўскай Русі.

Аснову арыенталізаванага касцюма склалі жупан, дэлія, фярэзья, кунтуш. Важнай часткай касцюма з'яўляўся пояс, спачатку металічны, а з XVII ст. — шаўковы. Апошнія прывозіліся пераважна з Персіі i Турцыі, радзей з індыіі і Кітая. З другой паловы XVIII ст. іх пачалі вырабляць на мануфактурах Рэчы Паспалітай. Вялікага майстэрства ў гэтай галіне дасягнула Слуцкая персіярня.

Неабходным элементам шляхецкага касцюма быў жупан. Гэта верхняе адзенне, якое надзявалі паверх кашулі, даволі доўгае, прыталенае, з вузкімі рукавамі, са стаячым кауняром, з шэрагам часта пасаджаных гузікаў да таліі. Жупаны шыліся з шоўку, атласу, аксаміту яркіх колераў (жоўтага, чырвонага, блакітнага).

Дэлія распаўсюдзілася з XVI ст. Яна была доўгай, аб'ёмнай, мела шырокі адкладны каўнер з футра, які часта быў аб'ектам кпінаў: "Незразумела: ці дэлія пры каўнеры, ці каўнер пры дэліі". Ад часоў праўлення Стэфана Баторыя ў асяроддзі беларуска-літоўскай шляхты быў вельмі папулярны турэцка-венгерскі варыянт дзліі — без рукавоў або з кароткімі, зручнымі ў баі, рукавамі. 3 XVII ст. дэлію было папулярна насіць, не прасоўваючы рукі ў рукавы, а толькі накінуўшы яе на плечы альбо нацягнуўшы на адну руку. У гэтым выпадку дэлія зашпільвалася на шыі. У часы Яна III Сабескага ўжываліся шырокія засцёжкі: вялікі гузік, ад якога разыходзіліся металічныя, аздобленыя каштоўнымі камянямі палосы. Такі спосаб нашэння дэліі дазваляў руцэ свабодна рухацца і адкрываў прыгожы ўзорысты жупан.

Своеасаблівым варыянтам дэліі была фярэзья. Яна была больш кароткая, меншага аб'ёму, на тонкай падбіўцы, з доўгімі вузкімі рукавамі, маленькім кауняром-стойкай (ці без яго), вельмі падобная да турэцкага кафтана, аздаблялася пятліцамі з пазументам, часам з золата ці серабра. Верх фярэзьі мог быць выкананы як з вельмі дарагой персіцскай залаталітай шаўковай тканіны з фігурным арнаментам — брокату, так і з больш сціплага турэцкага адамашку з раслінным арнаментам. Фярэзья насілася паверх жупана i прызначалася ў асноўным для цёплай пары года.

У 40-я гг. XVII ст. з'явіўся новы від мужчынскага верхняга адзення — кунтуш, які хутка стаў вельмі папулярным і ў другой палове XVII-XVIII стст. паступова выціскае з ужытку дэлію. Адметным у кунтушы быў крой — суцэльнакроеныя рукавы і адразная доўгая, як спадніца, баска з расклёшаных кліноў, цэнтральны клін на спіне быў прамавугольны. Кунтушы шылі з шоўку, аксамітаў яркіх, але цямнейшых за жупан колерау. Кунтушы таксама шылі са скуры і падбівалі іх футрам.

Для пашыву адзення часта выкарыстоўваліся ўсходнія тканіны. Пералічым некаторыя з іх. Адамашак (ад назвы г. Дамаск у Сірыі) — шаўковая тканіна, афарбаваная часцей за ўсё ў шэры, чорны, чырвоны або зялёны колер з аднаколерным, звычайна раслінным арнаментам, выкананым небліскучымі ніткамі на бліскучым фоне. Адамашак мог быць затканы залатымі ці сярэбранымі ніткамі, але не так шчыльна, як алтабас ("залатаглаў") — надзвычай дарагі матэрыял. Таксама з Усходу імпартаваўся вельмі дарагі аксаміт (9).

Працэс арыенталізацьм шляхецкага касцюма пачаўся ў XVI ст. У першай палове XVI ст. адзенне на ўсходні лад ахвотна апраналі ў асяроддзі прафесійных вайскоўцаў. У каралеўскіх войсках і магнацкіх атрадах часта служылі радавітыя венгры, сербы ці татары. Таму няма нічога дзіўнага, што шляхта, якая з гонарам называла сябе рыцарскім саслоўем, ахвотна звярталася да гусарскага касцюма: тым самым яна паказвала сваю прыналежнасць да прывілеяванага слоя абаронцаў Айчыны (10).

Напрыканцы XVI ст. арыенталізаванае адзенне начало рабіцца звычайным. Гэта ўжо не толькі мода, не адзін з альтэрнатыўных варыянтаў адзення. Пачынае панаваць меркаванне, што жупан і дэлія — гэта сваё, нацыянальнае адзенне. Заходняя мода становіцца для большасці шляхты чужой, а тыя, хто прытрымліваўся яе, крытыкаваліся. Першай супраць заходняй моды ў Рэчы Паспалітай выступіла шляхта Вялікага княства Літоўскага. Касцюм, які абапіраўся на ўсходнія ўзоры, стаў выражэннем прыхільнасці нацыянальным традыцыям.

Асабліва важнае значэнне для развіцця арыенталізацыі меў перыяд праўлення Стэфана Баторыя (1576-1586 гг.). Тады пры двары многія насілі касцюм на ўсходні лад. Уплыў каралеўскага двара часоў Стэфана Баторыя на фарміраванне густаў шляхты відавочны (11).

Канчатковае прыняцце шляхтай усходняй моды звязана з пачаткам праўлення Жыпмонта III. Ён хутка расчараваў шляхту прагабсбургскай палітыкай і метадамі дыпламатыі. Шляхту зневажаў выбар каралём свайго асяроддзя, якое складалася з іншаземцаў і анямечаных палякаў. Няма жчога дзіўнага, што іспанска-габсбургская прыдворная мода не знайшла шмат прыхільнікаў сярод шляхты, бо гэтая мода атаясамлівалася з чужымі для іх інтарэсамі і палітычнымі ідэаламі каралеўскага двара. Сваё і роднае цяпер было звязана з жупанам і дэліяй. Так апраналася шляхецкая апазіцыя, і толькі гэтае адзенне яна лічыла сваім і супрацьпастаўляла яго іншаземнаму.

Пра вялікае захапленне ўсходняй модай у XVII ст. сведчыць і той факт, што кароль Ян II Сабескі ад свайго пастаяннага рэзідэнта ў Бахчысараі патрабаваў паведамляць акрамя палітычных навін звесткі пра тое, "што цяпер самае моднае ў Крыме" (12).

Арыенталізаваны касцюм пачаў лічыцца нацыянальным, якому, нягледзячы на частыя змены крою i аксесуараў, шляхта заставалася вернаю да канца XVIII ст. Наколькі папулярным быў такі касцюм у Рэчы Паспалітай сведчаць шматлікія сармацкія партрэты, на якіх амаль што ўсе адзеты ў жупаны, дэліі, кунтушы. У такім касцюме прадстаўлены Кшыштаф Весялоўскі, эканом Гродна (1636 г.), i Януш Радзівіл у 1650-я г., вялікі гетман літоўскі. Першы апрануты ў залацісты ўзорысты жупан з парчы i чорную аксамітавую дэлію, зашпіленую на грудзях спражкай, другі — у карычневы жупан з маленькімі залацістымі гузікамі і чырвоную, падбітую цёмным футрам дэлію, зашпіленую спераду спражкай з каштоўнымі камянямі. 

Не менш значнымі былі ўсходнія ўплывы i ва ўзбраенні. З Усходу былі запазычаны шаблі, кінжалы, чаканы, лукі, сагайдакі, адзнакі вайсковай годнасці (буздыган, булава, бунчук), а таксама рыштунак каня (чапракі, войлакі, кульбакі). Вельмі ахвотна шляхта ўжывала шчыты ўсходняга тыпу — калканы, праўда, больш у дэкаратыўных мэтах, чым у практычных. Шмат усходніх рыс маюць ахоўныя даспехі: кальчуга, місюрка, карацена, бехцер, наручы. Гэта было выклікана барацьбой з мусульманскім праціўнікам i неабходнасцю змагацца з ім яго ж зброяй. Акрамя гэтага, шляхта захаплялася эстэтычнымі якасцямі ўсходняй зброі. Пра гэта сведчыць той факт, што нават мясцовая зброя аддавалася збройнікам для спецыяльнай апрацоўкі, каб надаць ёй усходні каларыт. "Чым шляхціц багацейшы, — адзначае Я. Тазбір, тым больш яго ўбор нагадваў убранне турэцкіх вяльмож і нават самога турэцкага султана" (13). Ян III Сабескі склікаў афіцэраў на нарады пры дапамозе турэцкіх труб, а ў войску ўвёў янычарскія харугвы. У XVIII ст. яны належалі да Булавы Вялікай Кароннай і Булавы Вялікай Літоўскай. Касцюм і ўзбраенне афіцэраў і салдат нагадвалі турэцкія ўзоры (высокая лямцавая шапка, даламан, шаравары, крывая шабля), але ўтрымлівалі і заходнія элементы (цясак, карабін са штыком). Асабліва эфектная была янычарская капэла, якую выкарыстоўвалі пры ўсіх ваенных аглядах і манеўрах таго часу (14)

У мірныя часы ўсходняя зброя ў Рэч Паспалітую трапляла шляхам гандлю, а ў перыяд войнаў - як трафеі. Асабліва шмат усходніх трафеяў было пасля Ведэнскай (Венскай) бітвы ў 1683 г. Арыенталізаваную зброю выраблялі і мясцовыя збройнікі. Самым буйным такім цэнтрам у Рэчы Паспалітай быў Львоў. Львоўскія майстры збіралі шаблі з дэталяў, прывезеных з Усходу ці зробленых імі самімі. Яны шырока выкарыстоўвалі прыёмы ўсходняга дэкаратыўнага мастацтва. У той жа час тут былі напрацаваныя мясцовыя традыцыі. Характэрныя прыёмы аздаблення львоўскіх майстроў — таўшыроўка золатам па сталі і камені, чаканка, залачэнне і чарненне, інкрустацыя каштоўнымі камянямі. У якасці дэкаратыўных матэрыялаў выкарыстоўваліся яшма, агат, халцэдон, нефрыт, лазурыт, біруза. Сярод збройннікаў найвялікшую вядомасць набылі львоўскія армяне. Акрамя клінковай зброі ў Львове выраблялі конскі рыштунак — аброці, сёдлы па турэцюх узорах. Буздыганы і булавы ў XVII-XVIII стст. выконвалі толькі рэпрэзентатыўную функцыю, таму аздабляліся яны вельмі багата і карысталіся вялікай папулярнасцю сярод шляхты і магнатаў. Напрыклад, у 1749 г. у львоўскіх армян набыў булаву, буздыган і конскую збрую Геранім Фларыян Радзівіл (15).

Самай папулярнай зброяй шляхціца была шабля. Яна выконвала не толькі баявыя, але і сацыяльныя функцыі і была сімвалам саслоўнай прыналежнасці, знакам шляхецкай годнасці. Шабля прыйшла ў Рэч Паспалітую, як і ў іншыя эўрапейскія краіны, з Усходу. Пры гэтым фарміраванне так званага польскага тыпу шаблі, які быў распаўсюджаны па ўсёй Рэчы Паспалітай, праходзіла пад моцным уплывам усходніх узораў. З Усходу былі запазычаны як формы клінка, так і аздабленне шаблі. Больш за ўсё ўсходніх рыс у наступных тыпах шабель: чэчугі, ардынкі, карабелы.

Да тыпу чэчуг належаць шаблі з адкрытым дзяржаннем і маленькай крыжавінай. Дзяржанне звычайна завяршалася навершам, заламаным пад тупым вуглом. Характэрнымі элементамі былі акоўкі ножнаў: абойміцы з расшырэннямі на ўнутраным баку ножнаў, і наканечнік — доугі і просты ці, радзей, больш кароткі з падоўжаннем са знешняга боку. Унутры ножны былі абкладзены бяростай, а звонку абцягнуты скурай ці шчыгрынам. Гэта былі выключна баявыя шаблі, яны мелі дамаскі клінок, які характарызаваўся малой крывізной і вострым канцом. З. Жыгульскі звязвае гэты тып шабель з асяроддзем кіргізска-татарскай культуры і лічыць, што іх дзяржанне мае падабенства з дзяржаннямі сярэдневечных мангола-кітайскіх шабель.

Выразныя рысы татарскіх шабель маюць ардынкі, пра што гаворыць сама назва. Гэтыя шаблі мелі адкрытае масіўнае дзяржанне, якое крыху звужваецца да наверша і заўсёды заламана пад тупым вуглом. Масіўная крыжавіна, цалкам адлітая з металу, мела доўгае скрыжаванне, якое пашыралася на канцах. Клінкі былі магуныя і шырокія, з вялікай крывізной. Іх ножны, абцягнутыя скурай і акаваныя металічнымі пласцінамі, часта багата аздабляліся (16).

Вельмі выразна звязанай з усходнімі прататыпамі, у прыватнасці, з турэцкімі, была карабела. Гэтая шабля — сімвал шляхецка-сармацкага мінулага. Этымалопя назвы звязана з мясцовасцю Карабель, што недалёка ад горада Смірна ў Турцыі. Характэрнай асаблівасцю карабелы з'яўляецца дзяржанне, выкананае ў форме стылізаванай арлінай галавы. У большасці выпадкаў гэта была вельмі багата аздобленая рэпрэзентатыўная шабля. Клінкі для карабел прывозіл! часцей за ўсё з Усходу. Яны былі ўпрыгожаны залатымі наборнымі арабскімі надпісамі і нават інкрустацыяй каштоўнымі камянямі. Пры аздабленні карабел увага перш за ўсё звярталася на абкладку дзяржання, потым на крыжавіну і ножны. Матэрыял абкладкі быў разнастайны: метал (жалеза, серабро), дрэва (разное ці інкруставанае металам), рог, слановая ці маржовая косць, перламутр, бурштын, паўкаштоўныя камяні (халцэдон, яшма, агат, сафірын, авантурын, малахіт, лазурыт). Крыжавіна была ці простая, завершаная на канцах дэкаратыўнымі бугаркамі, ці загнутая ўніз, з канцамі ў выглядзе разетак або галоў драконаў, на персіцска-турэцкі ці індыйскі лад. Ножны абцягваллія аксамітам ці шчыгрынавай скурай. Крыжавіна і акоўка ножнаў былі заўсёды ў адным стылі і часцей за ўсё рабіліся з латуні або серабра, гравіраваныя, чарнёныя, часам залачоныя і ўпрыгожаныя каштоўнымі камянямі. У арнаментацыі карабел спалучаліся ўсходнія і заходнія матывы, часам пераважаючы адзін аднаго.

Беларускія майстры ў XVII ст. выраблялі арыенталізаваную зброю ў Маскве. Пра гэта сведчаць дакументы Аружэйнай палаты: захаваліся іх распіскі, якія адносяцца да 1660-х гг., напісаныя на беларускай мове, але лацінкай і ў польскай транскрыпцыі. У Аружэйнай палаце яны выраблялі агнястрэльную зброю, аправу ножнаў і дзяржанняў шабель, займаліся аздабленнем у тэхніцы наводкі і насечкі (17).

Гусарскі паўдаспех быў створаны пад уплывам як эўрапейскага, так і ўсходняга ахоўнага ўзбраення. У яго ўваходзілі кіраса і аплечча эўрапейскага тыпу, а таксама шлем-шышак і наручы ўсходняга тыпу. Паўдаспех меў своеасаблівае дэкаратыўнае аздабленне ў выглядзе латунных накладак і разетак фігурнай формы ("пад Усход") з простым чаканным арнаментам. Але асаблівы эфект гусарскаму паўдаспеху надавалі крылы, прымацаваныя ззаду — адно ці два. Таму гусараў Рэчы Паспалітай называлі крылатай конніцай. Наверх паўдаспеха гусар апранаў звярыную скуру.

Дакладныя звесткі пра майстэрні, што выраблялі гусарскія даспехі, не захаваліся. Але трэба думаць, што іх вытворчасць насіла масавы характар, таксама як і кальчужных даспехаў для сярэдняй конніцы, якая атрымала ў Рэчы Паспалітай назву "панцырная". "Панцырная" конніца па характару свайго ўзбраення была найбольш блізкая да войска ўсходняга тыпу. Даспех воіна складаўся з кальчужнай кашупі і партоў, а галаву ахоўвала місюрка — круглая, крыху выпуклая пласціна з кальчужнай барміцай, якая спускалася на лоб і шыю (назва паходзщь ад тур. і араб. Мisr, што значыць Эгіпет).

Наступальная зброя складалася з шаблі, лука са стрэламі і карабіна. Лук у Заходняй Эўропе ў гэты час ўжо не выкарыстоўваўся, а ў Рэчы Паспалітай быў яшчэ папулярны. Лук і стрэлы насілі ў калчане, які называўся на ўсходні лад сагайдакам. Яго рабілі са скуры і упрыгожвалі вышыўкай або цісненнем альбо арнаментаванымі сярэбранымі і пазалочанымі бляшкамі. Акрамя гэтага "панцырны" меў круглы ўсходні шчыт — калкан. Ён меў цэнтральную круглую металічную частку (умбон), — акаваную золатам ці серабром і часта упрыгожаную дарагімі камянямі. Перыферыйная частка была сплецена з фігавага прута, абвітага рознакаляровым узорыстым шоўкам. Такі шчыт быў хутчэй каштоўным дэкаратыўным упрыгожаннем касцюма, каня ці інтэр'ера, чым ахоўнай зброяй.

Шмат усходшх рыс назіраецца ў лускаватых даспехах, створаных у другой палове XVII ст., якія называліся карацена. У гэты час ні на Захадзе, ні на Усходзе нічога падобнага не ужывалі, караценавыя даспехі былі нейкім анахранізмам. Яны мелі ўсходнія рысы і разам з тым антычныя, але пераважалі першыя. Так, караценавы шлем быў абкручаны ўнізе валікам накшталт турбана (18).

Блізкі да карацены быў бехцер. Ён складаўся з жалезных, злучаных паміж сабой кольцаў і з прамавугольных металічных плітак. Ужываўся ён адносна рэдка.

Асобную групу складаюць знакі вайсковай годнасці: буздыганы, булавы, перначы і бунчукі. Іх форма была таксама запазычана з Усходу.

Буздыган у старажытнасці быў зброяй блізкага бою і складаўся з дзяржання даўжынёй да 0,6 м і галоўкі з 6-20 металічнымі пёрамі. Да дзяржання часта быў прымацаваны стылет. У XVII ст. буздыган стаў знакам афіцэрскай годнасці і пачаў упрыгожвацца каштоўнымі камянямі і металамі. Шмат буздыганаў прывозілі з Турцыі, але існавала і мясцовая іх вытворчасць. У 1675 г. быхаўскія залачоныя буздыганы вывозілі на продаж у Маскву. Паводле актаў і запісаў нясвіжскай збраёўні XVII ст., у Радзівілавым замку знаходзіўся буздыган "дамаскі ў бронзу апраўлены" (19). Прыгожы буздыган меў Казімір Пац, пісар польны Вялікага княства Літоўскага (памёр у 1669 г.). Ён выкаваны цалкам з жалеза на персіцскі лад, мае пазалочаную галоўку з 6 пёрамі, а пад ёю - пярсцёнак, упрыгожаны бірузой і гранатам (20).

Першапачаткова халоднай зброяй блізкага бою была булава. Яна мела форму паліцы даўжынёй 0,5-0,8 м з галоўкай рознай канфігурацыі. З XVI ст. яна стала сімвалам вайсковага старшынства. Права насщь булаву мелі толькі вялікія і польныя гетманы, а таксама іх намеснікі (рэгіментары). З XVI ст. булаву як сімвал улады ўпрыгожвалі каштоўнымі камянямі, золатам, серабром. Некаторыя булавы былі прывазнымі або трафейнымі, але большасць іх была мясцовай вытворчасці. Рабіліся яны па заказах гетманаў у адпаведнасці з іх густамі. Сапраўдным сармацкім варыянтам булавы была булава турэцкага тыпу з вялікай галоўкай з пазалочанага серабра, гравіраваная дробнымі кветачкамі і лісцікамі, шчодра інкруставаная бірузой, нефрытамі і іншымі каштоўнымі камянямі. У скарбніцы нясвіжскіх Радзівілаў у XVII ст. захоўвалася "булава гетманская, апраўленая золатам, бірузой і рубінамі" (21).

Пярнач ужываўся на Усходзе, асабліва туркамі і татарамі. У Рэч Паспалітую трапіў праз запарожскіх казакаў і часта быў знакам упаўнаважанага да выканання якой-небудзь місіі ці як ахоўная грамата.

Яшчэ адным знакам вайсковай годнасці ўсходняга паходжання з'яўляецца бунчук. Гэта быў пучок конскіх валасоў, апраўлены зверху металічным кальцом з наканечнікам і прымацаваны да верху дрэўка. Бунчук з чорных валасоў быў знакам кіраўніка войска, а з белых валасоў і змешчаны пад шыяй каня азначаў афіцэрскае звание яго гаспадара (22).

На тэрыторыі Рэчы Паспалітай існавалі майстэрні, якія спецыялізаваліся толькі на вырабе дэкаратыўных частак зброі. Найбольш вядомай у XVIII ст. была мануфактура Радзівілаў у Налібоках. Тут вырабляліся абкладкі для дзяржанняў карабел і галоўкі перначоў і булаў. У Эрмітажы захоўваюцца вырабы гэтай мануфактуры: абкладкі для карабел, зробленыя з каляровага каменю, адна з іх — у выглядзе галавы льва, галоўкі пернача ў выглядзе булавы з паліраванай цёмна-чырвонай паласатай яшмы, а таксама са светла-шэрага каменя (23). Шмат яшмавых галовак перначоў, вырабленых у Налібоках, захоўваецца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве (24).

Шляхту цікавіў яшчэ адзін род усходых рэчаў — шатры. Нават у другой палове 1780-х гг., калі багатыя рэпрэзентатыўныя шатры былі не ў модзе, Караль Радзівіл "Пане Каханку" праз свайго адміністратара палкоўніка Мараўскага імкнуўся набыць усходні шацёр (25).

Арыенталізм распаўсюдзіўся ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве беларускіх зямель. Узнікла ўласная вытворчасць арыенталізаваных прадметаў мастацтва. Яшчэ да 1620-х гг. адносяцца звесткі пра вытворчасць на двары вялікага маршалка літоўскага Кшыштафа Весялоўскага дываноў па ўсходніх узорах. Да 1721 г. мануфактура па вытворчасці дываноў пачала працаваць ва ўладаннях Сапегаў. У другой палове XVIII ст. дываны і кілімы выраблялі на мануфактурах у Белай, Нясвіжы, Карэлічах (Радзівілаў), Гродна (А. Тызенгаўза), Слоніме (М.К. Агінскага). Самай яскравай праявай арыенталізму ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі з'яўляюцца шаўковыя ўзоры - статканыя паясы. Самым значным цэнтрам іх вырабу быў Слуцк (мануфактура ўзнікла ў 1730-я гг., да 1743 г. аналагічнае прадпрыемства ўзнікла ў Нясвіжы, у 1762 г. яны былі аб'яднаны). Паясы вырабляліся таксама ў Гродне (з 1768 г.). У канцы XVIII ст. у Ружанах адкрываюць мануфактуру ўзорыстатканых паясоў Сапегі. Але гэта ўжо асобная тэма, якую варта разгледзець падрабязна.

Як бачым, арыенталізм быў важнай складанай часткай сарматызму. Гэты элемент быў далёкі ад маральных і грамадска-палітычных ідэалаў сарматызму, але наклаў адбітак на знешні выгляд шляхты, паўплываў на яе густы, на прыхільнасць да дэкаратыўнасці, раскошы і пышнасці.

Арыенталізм пранік толькі ў дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У так званым вялікім мастацтве — архітэктуры, скульптуры, жывапісе — развіваліся эўрапейскія стылі ў спалучэнні з мясцовымі традыцыямі. Аднак быў створаны сімбіёз мастацтва барока і мастацтва, натхнёнага Усходам, гарманічнае спалучэнне гэтых элементаў. Культ раскошы, імкненне да пышнасці, багацця матэрыялаў і дэкаратыўных элементаў — у гэтым барока спалучалася з мастацтвам Усходу. Пры гэтым арыенталізм на нашых землях не быў толькі экзотыкай, як ў Заходняй Эўропе, наадварот, арыенталізаваныя жупаны, дэліі, кунтушы, шаўковыя паясы, шаблі-карабелы, нягледзячы на іх іншаземнае паходжанне, лічыліся сваімі, традыцыйнымі, успрымаліся як увасабленне нацыянальнага духу. У нечым гэтая традыцыя захоўваецца і цяпер — для многіх слуцкія паясы з'яўляюцца сімвалам беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такім чынам, арыенталізм стаў арганнчнай часткай культуры і побыту беларускай шляхты. 

1. Тананаева Л. И. Сарматский портрет. М., 1979. С. 14. 
2. Таzbir J. Synkretyzm а kultura sarmacka // Теkstу. 1974. №4. S. 52. 
3. Маciejowski J. Sarmatyzm jako formacja kulturowa // Теkstу. S. 14. 
4. Маnkowski Т. Оriеnt w роlskiеj кulturzе аrtystycznej. Wroclaw - Кrаkow, 1959. S. 102-103.
5. Ibidem. S. 110. 
6. Маnkowsk Т. Sztuka islamu w Polsce w XVII-XVIII w. Кгаkow, 1935. S. 90, 96. 
7. Партрэты знакамbтых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах. Кракаў, 1991. С. 10. 
8. Маnkowsk Т. Оriеnt w роlskiеj кulturzе аrtystycznej. S. 195. 
9. Хадыка А. Старабеларуская шляхецкая мода // Спадчына. 1992. № 3. С. 52. 
10. Мгоzowski P. Orientalizacja stroju szlacheckiego w Polsce na przelomine  XV-XVII w // Оriеnt I orientalizm w szluce. W-wa, 1986. S. 259.
11. Ibidem. S. 5. 260-261. 
12. Reychman J. Elementy orientalne w kulturze polskiej w czasach nowszych.// Przeglad Orientalistyczny.1959. № 3. S. 269. 
13. Таzbir J. Synkretyzm а kultura sarmacka. S. 46. 
14. Zygulski Z. Вrоn w  dawnej Роlscе nа tle uzbrojeniа Еuropу i Вlizkiegо Wshodu. W-wа, 1982. S. 289. 
15. Kowalczyk J. Hieronima Floriana Radziwilla stosunek do sztuki I artystow // Kultura artystczna Wielkiego Ksiestwa Litewskwiego w epoce baroka. W-wа, 1995. S. 36.
16. Кwasniewicz W. Piec wiekow szabli polskiej. W-wа, 1993. S. 48. 
17. Художественное оружие Польши XVII-XIX вв. Гос. Эрмитаж. Каталог выставки. Л., 1991. С. 28. 
18. Маnkowsk Т. Оriеnt w роlskiеj кulturzе аrtystycznej. S. 123. 
19. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 104. 
20. Zygulski Z. Вrоn w  dawnej Роlscе nа tle uzbrojeniа Еuropу i Вlizkiegо Wshodu. W-wа, 1982. S. 282. 
21. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 105. 
22. Маnkowsk Т. Оriеnt w роlskiеj кulturzе аrtystycznej. S. 112. 
23. Художественное оружие Польши XVII-XIX вв. С. 40. 
24. Zygulski Z. Вrоn w  dawnej Роlscе nа tle uzbrojeniа Еuropу i Вlizkiegо Wshodu. W-wа, 1982. S. 283. 
25. Маnkowsk Т. Роlskie tkaninу XVI-XVIII w. Wroclaw, 1954. S. 130.


"Беларускі гістарычны часопіс". № 1. 2003 год. 



Создан 27 авг 2012



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter