Як беларусаў змушалі плаціць за ўласную ж русіфікацыю

Пра стварэнне ў Менску рускага тэатра піша гісторык-архівіст Зміцер Дрозд



У студзені 1877 року Менская гарадская ўправа сабралася на важнае пасяджэнне. А якім яшчэ магло быць пасяджэнне, на якім абмяркоўваюць вялізную дзірку ў месцкім бюджэце? Перад управай паўстала пытанне: адмовіць у фінансаванні Менскай губернскай турме або Менскаму месцкому тэатру. Гэты выбар меў сваю логіку і сыходзіў каранямі ў падзеі 30-рочнай даўніны. Але пра ўсё па парадку…


Бізун і пернік


Узведзены ў 1825 року турэмны замак стаў першым сур’ёзным збудаваннем у губернскім Менску. Места зусім нядаўна было далучанае да Расейскай Імперыі. А прыналежнасць да велізарнай краіны прадугледжвала абавязковую наяўнасць велізарнай турмы, якая б змясціла ўсіх мясцовых нязгодных і праз якую б ішлі, звонячы кайданамі, этапы ў Сібір.

Што такое для гісторыі трыццаць рокаў? У Менску яшчэ шмат чаго заставалася ад краіны, якая ўжо адышла ў гісторыю, — Рэчы Паспалітай. Расейскай мовы ў горадзе амаль не было чуваць, а калі ўдавалася пачуць, дык гаварыў найчасцей ці прысланы чыноўнік, ці вайсковец. Ды што там вуліца? У большасці ўстановаў дакументацыя вялася па-польску, а ва ўніяцкіх цэрквах, дзе малілася большасць насельніцтва, можна было пачуць і “мясцовую мову”.

Пра гэта не пісалі ў нашых падручніках, але праблема русіфікацыі насельніцтва востра стаяла і праз паўстагоддзя пасля далучэння беларускіх земляў да Расеі. Каб змусіць людзей размаўляць на “нармальнай” мове, метад бізуна і перніка быў выкарыстаны па поўнай: для тых, хто не прымаў новую ўладу, — турэмны замак і Сібір, а для тых, хто змірыўся з жыццём пад Расеяй, — рускі тэатр.

Так, у 40—50-х роках XIX стагоддзя руская культура заставалася ў Менску чужой і нават незразумелай і вымушана была канкурыраваць з польскай (нават зноў створаны тэатр не мог існаваць без п’ес на польскай мове). Якраз у гэтыя часы тут дзейнічаў тэатр, у якім нароўні з польскай упершыню прагучала беларуская гаворка ў п’есах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Але, натуральна, ніхто не прапанаваў гэтаму тэатру дзяржаўную падтрымку — там усё рабілася за свае грошы.

Паступова знішчаліся і рэшткі адноснай нацыянальнай і рэлігійнай памяркоўнасці: было ўведзена расейскае заканадаўства і дакументазварот на рускай мове, знішчана ўніяцкая царква, каталіцкая падвяргалася дыскрымінацыі, роўна як і мовы — спачатку польская, а потым і беларуская. На заваяваныя тэрыторыі ў вялікай колькасці засяляліся чыноўнікі і памешчыкі з велікарускіх губерняў, а асобам “польскага паходжання” забаранялася купляць зямлю, што паступова змяняла агульную карціну ў рэгіёне. А пасля рэпрэсій, якія рушылі за паўстаннем Каліноўскага, доўгі час аб развіцці нейкіх іншых культур, акрамя рускай, казаць не даводзілася.


Жалаванне — толькі за п’есы па-руску


У 1846 року губернатар Менскай губерні Аляксей Сямёнаў звярнуўся да віленскага генерал-губернатара Фёдара Мірковіча з просьбай: “Ваша высакароддзе ў красавіку дало акцёру Вяржбіцкаму права паказу тэатральных п’ес у Менскай губерні з тым, каб разам з п’есамі польскімі былі такія і на рускай мове. …Вяржбіцкі ўтварыў у Менску групу акцёраў, якімі пад кіраўніцтвам яго ад 2 чэрвеня да 6 ліпеня дадзена было сумесна з польскімі і на рускай мове 13 прадстаўленняў. Такім чынам, з дазволу Вашага высакароддзя зроблены сёлета ў Менску па прыкладзе Вільні паспяховы досвед паказу рускіх п’ес разам з польскімі, і публіка з задавальненнем наведала тэатр.

Прызнаючы пастаяннае падтрыманне і ўмацаванне тэатральных паказаў на рускай мове ў менскім тэатры вельмі карысным і неабходным для засваення і пашырэння рускай мовы паміж жыхарамі тутэйшага краю і знаходзячы, што адных прыбыткаў ад прадстаўленняў для гэтага было б недастаткова, я ўсепакорнейша прашу Ваша высакароддзе пра выхадатайнічанне па прыкладзе Вільні 2000 рублёў срэбрам штогод для падтрымання ў Менску рускага тэатра і на жалаванне акцёрам, што паказваюць рускія п’есы”.

Звернем увагу, што жалаванне мяркуецца даваць толькі акцёрам, што паказваюць рускія п’есы. Адказ з Вільні сведчыў пра адзінства ўспрымання і тамтэйшым начальствам, і ўсёй вертыкаллю расійскай улады аж да імператара “карыснай ролі” тэатра: “Маючы на ўвазе, што заснаванне ў Вільні рускага тэатра для паказу п’ес рускіх разам з польскімі прынесла значную карысць, спрыяючы больш тамтэйшым жыхарам знаёміцца з рускай мовай і з творамі нашых драматургаў, і прызнаючы пастаянныя тэатральныя паказы на рускай мове ў Менску не толькі карыснымі, але і неабходнымі, хадайнічаць аб выдаткаванні па 2000 рублёў срэбрам на год з прыбыткаў места Менска на ўтрыманне там тэатра, дадаючы, што згаданая сума можа быць выдаткаваная без цяжкасці, калі ўскласці звернутыя на земскія зборы Менскай губерні выдаткі месцкой казны ў 1600 рублёў на ўтрыманне турэмнага замка і на воінскія кватэрныя патрэбы”.

Мы бачым, што высокае начальства прапаноўвала менчукам за свой кошт утрымліваць “карысную і неабходную” для Расейскай Імперыі ўстанову — рускі тэатр — для іх жа русіфікацыі. Так, іх вызвалілі ад 1600 рублёў срэбрам, якія дагэтуль яны шторок выдаткоўвалі на ўтрыманне яшчэ больш карыснага і неабходнага беларусам Менскага турэмнага замка, пераклаўшы гэтыя выдаткі на губернскія зборы (г.зн. таксама грошы мясцовых жыхароў). Але затое абавязалі шторок выдаткоўваць 2000 рублёў на рускі тэатр. Такім чынам, карыснае новаўвядзенне лягло на месцкі бюджэт дадатковым цяжарам у 400 рублёў.


Месцкая дума пратэстуе


А з 1859 року Менская казённая палата … “забылася” адлічваць згаданую суму. Места працягвла за свой кошт утрымліваць і тэатр, і турму, а кампенсацыя з губернскага бюджэту перастала паступаць. А з 1870 року на места ўсклалі выдаткі яшчэ і за ацяпленне, і за асвятленне Менскага турэмнага замка, пасля і за чыстку комінаў турмы, утрыманне паліцэйскіх чыноў, кажухі для вартавых, чыстку адыходжых месцаў у турэмным замку і вайсковым лазарэце…

У студзені 1877 року за ўтрыманне і турмы, і тэатра казна была вінна месту аж 30400 рублёў срэбрам. І дэпутаты Менска прасілі губернскае начальства або спісаць гэтую суму ў залік запазычанасці места казне, або “вызваліць места ад утрымання тэатра”. Губернатар Менскай губерні адпісаў: “…хадайніцтва Вашае … мною, хоць і перададзена міністру ўнутраных спраў, але адказу не атрымана, такім чынам, да атрымання адказу ад міністра… горад абавязаны выдаткоўваць на ўтрыманне тэатра ў памеры 2000 рублёў на год на працягу трох рокаў пачынаючы ад 1878 р.”.

Гэта значыць, Менску прапаноўвалася заплаціць за тэатр 6000 рублёў за тры гады наперад. Нечакана для губернскага начальства дэпутаты Менска праявілі дзёрзкасць і пастанавілі: вылучаць на тэатр з месцкага бюджэту толькі 400 на рок — тую розніцу, якую горад быў абавязаны плаціць першапачаткова. Наспяваў канфлікт, які трохі згладзіла пастанова міністра ўнутраных спраў, якая паступіла праз паўгода, у ліпені 1878 року: спісаць з даўгоў Менска казне 30400 рублёў і працягнуць фінансаванне турмы і тэатра па ранейшай схеме. Гораду прадпісвалася па-ранейшаму 2000 рублёў на рок аддаваць на тэатр, а пытанне з кампенсацыяй не было вырашана.

Пад высокім ціскам Менская гарадская ўправа была вымушаная падпарадкавацца і адшукаць гэтыя грошы — найперш за кошт падвышэння арэнды месцкіх будынкаў тагачасным прадпрымальнікам. Удалося “наскрэбці па засеках” 1000 рублёў. Але гарадскі галава Казарын працягваў упарціцца, лісты губернскага начальства набылі пагрозлівыя інтанацыі: “Паколькі Менская месцкая дума ад выдаткавання ў бягучым годзе 2000 рублёў на ўтрыманне тэатра ўхіляецца, між тым у гэтых грошах маецца патрэба з нагоды адкрыцця тэатральных спектакляў, прапануем месцкай управе цягам сямі дзён адпусціць 2000 рублёў на ўтрыманне тэатра… Сапраўднае патрабаванне з’яўляецца абавязковым да выканання”.

У снежні 1878 року Казарын вымушаны быў падпарадкавацца. Месцкая ўправа яшчэ спрабавала абскардзіць сітуацыю на самым высокім узроўні, даслаўшы ліст у Сенат. Але Сенат “скаргу гэтую, як не заслугоўваючую павагі, пакінуў без наступстваў…”

У выніку рускі тэатр за грошы саміх беларусаў, разам з іншымі мерапрыемствамі па русіфікацыі, спрыяў таму, што цяпер шмат хто лічыць і Менск, і Беларусь неад’ёмнай часткай “рускага свету”. Але трэба разумець, што гэта не першапачатковы і натуральны стан рэчаў, а ўсяго толькі вынік больш як 200-рочнай палітыкі, дэвізам якой з’яўляецца фраза “Мы заўсёды былі разам”. Удалы прапагандысцкі дэвіз, які не мае гістарычнай праўды. Не заўсёды.


***


Зміцер Дрозд — гісторык-архівіст, аўтар кніг “Землеўласнікі Менскай губерні 1861—1900”, “Землеўласнікі Менскай губерні 1900—1917”. Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у “масавых беспарадках” на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011 р.

 

Малюнак 1: Цэнтр Менска ў 1840-м. Літаграфія французскага мастака Б. Лавэрня. Справа бачны шпіль ратушы — адзнакі колішняга Магдэбургскае права, якога не мелі месты Расеі. Ратуша была і першым месцам паказу п’ес рускага тэатра.

Малюнак 2: Віленскі генерал-губернатар Фёдар Мірковіч, які палічыў “карысным і неабходным” стварэнне рускага тэатра.


“Наша Ніва”, 4 сакавіка 2016 р.



Создан 04 мар 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter