Паплечнік Каліноўскага, нязломны Валерый Урублеўскі

Ведай сваіх герояў!



Валерый Урублеўскі назаўсёды застанецца нашым героем, які дзейнічаў поруч з Каліноўскім у імя Беларусі і на карысць нашага народа.

 

Зіма 1864-га. Мяжа Расейскай і Аўстрыйскай Імперый. У расейскі вайсковы лагер прыбывае карэта шляхціца Ксаверыя Складоўскага. Той адразу ж кіруецца да начальніка па дазвол выехаць за мяжу для яго дачкі Баляславы. Разам з дзяўчынай у карэце — эканомка. Пакуль бацька дабіваўся дазволу, два маладыя афіцэры падышлі да карэты і пачалі заляцацца да панны Баляславы. Выгляд эканомкі падаўся падазроным адному з іх. Маскаль ужо збіраўся абшукваць экіпаж, як побач з’явіўся старшы афіцэр на кані і даў двум залётнікам нейкі неадкладны загад. Затым наблізіўся да карэты і ціха прамовіў: “Приведите в порядок своё лицо”, прышпорыў каня і паскакаў даганяць падначаленых. Напалоханая Складоўская зірнула на суседку і ўбачыла, як па твары тае струменьчыкамі сцякае кроў. “Эканомкай” быў пераапрануты ў жаночае адзенне Валерый Урублеўскі — герой паўстання Каліноўскага.


“Калі трэба ісці драцца…”


На ўспамін пра родны Жалудок яму назаўсёды засталіся аповеды, пачутыя ціхімі зімовымі вечарамі ад бацькі Антона — пра прыгоды ляснічага ў векавых пушчах, сярод якіх вужакаю выгінаецца Нёман. Бацька любіў лес усёй душой і не пакідаў сваіх вандровак, нават калі стаў скарбнікам у маёнтку Тызенгаўза. Гэтую няўрымслівую цягу ён перадаў і сыну Валерыяну Антонію, народжанаму 27 снежня 1836 року.

Калі бацькі не стала, сям’я ўдавы Разаліі Урублеўскай, уладальніцы маёнтка Явар на Слонімшчыне, перабіраецца ў Вільню да брата мужа — Яўстахія. Ён стаў для васьмігадовага Валерыя другім бацькам, і менавіта ад яго хлапчук пачуў новыя гісторыі — пра вандроўкі дзядзькі, пераапранутага ў простага селяніна, па вёсках, пачуў песні на “народнай гаворцы”, у якіх столькі роспачы і тугі, але ж адначасова і надзеі. Ці не сам Валерый, памятаючы тыя спевы, склаў песню, якая гучала ў паўстанцкіх лагерах у 1863-м:

Ах ты, мая чарнабрыва,
Будзь здарова і шчасліва!
Люблю цябе, любіць буду
І ніколі не забуду!
Ой, у хаце не астацца,
Калі трэба ісці драцца…
На ворага косы маем,
Загуляем, як здужаем…
Эх ты, мая чарнабрыва,
Будзь здарова і шчасліва!

У 1848 року, калі Эўропа жыла прадчуваннем “вясны народаў”, абшары колішняга Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер заходнія губерні Расейскай Імперыі, былі знясіленыя. Найлепшых сыноў края, аб’яднаных таемнымі арганізацыямі, няспыннай чарадой выпраўлялі на сібірскую катаргу або ў рэкруты. Па Вільні хадзілі чуткі пра “Братні саюз” Далеўскіх і пераказвалася гісторыя пра грамадзянскае пакаранне смерцю трох удзельнікаў таемнага таварыства: “злачынцаў” падвялі да ганебных слупоў, над іх галовамі зламалі шпагі ў знак пазбаўлення шляхецкіх правоў і выслалі ў Сібір. Адным з іх быў Апалін Гафмайстар. Малы Урублеўскі ведаў гэтае імя ад дзядзькі, і ніколі б не паверыў, што яго дзіцячы кумір пасля вяртання з ссылкі будзе яго паплечнікам па Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Не абмінуў арышт і самога дзядзьку Яўстаха. У 1849 року за ім на віленскую кватэру прыйшлі жандары. Дзядзьку звінавацілі ў спробе стварыць таемную арганізацыю для дапамогі Венгерскаму паўстанню, на задушэнне якога ў Аўстрыйскую Імперыю паходам выступілі расейскія войскі. Студэнту Харкаўскага ўніверсітэта, звязанаму з Кірыла-Мяфодзіеўскім таварыствам, далі 8 рокаў катаргі ў Сібіры.

У Вільні Валерый Урублеўскі вучыўся ў гімназіі (дваранскім інстытуце) адначасова з многімі будучымі паўстанцамі: Цітусам Далеўскім і яго братам Канстанцінам, Зыгмунтам Мінейкам, Францішкам Багушэвічам… У 1854 року разам з братам Станіславам Валерый паступае ў Пецярбургскі лясны інстытут. Навукі яму даваліся цяжка, за выключэннем тапаграфіі, але ў фехтаванні і стральбе ён не меў роўных.

Вечары ж юнак бавіць у нелегальных студэнцкіх і афіцэрскіх гуртках, якія з’яўляюцца па ўсёй сталіцы Расейскай Імперыі. Адным з іх кіравалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Там у 1857 року Урублеўскі і знаёміцца з братамі Каліноўскімі — Віктарам і Кастусём.


“Рэвалюцыйны радыкал па крыві”


Пасля заканчэння інстытута Урублеўскі атрымлівае прызначэнне інспектарам у навастворанае пісарскаегерскае вучылішча ў Саколцы, непадалёк ад Белавежскай пушчы. Выхаваны на ідэях сацыяльнай роўнасці і справядлівасці, Валерый становіцца аўтарытэтам для тутэйшых навучэнцаў, сыноў дзяржаўных (непрыгонных) сялян з Беларусі і Літвы, якія рыхтуюцца стаць ляснымі аб’ездчыкамі і егерамі.

— Я дэмакрат па паняццях, па духу, рэвалюцыйны радыкал па крыві, па сваім мінулым, па дзейнасці яшчэ да паўстання, — казаў ён пра сябе пасля.

Валерый на перыферыі імперыі знайшоў прыдатную глебу для рэвалюцыйнай дзейнасці, маючы магчымасць наведваць недалёкія Гародню, Беласток, Бераставіцу, і нават Вільню, цэнтр будучай таемнай арганізацыі. Адным з месцаў яе збору стала кватэра дзядзькі Яўстахія, што вярнуўся з Сібіры пасля царскай амністыі. Там збіралася багата людзей — ад паэта Уладзіслава Сыракомлі да Серакоўскага з Каліноўскім.

Урублеўскі меў шанцы зрабіць кар’еру ў імперыі. Усё ішло да гэтага. І атрыманне ў кастрычніку 1861 року чарговага вайсковага чына — падпаручнік, і, са студзеня 1862 року, пасада загадчыка Сакольскай лясной школы. Гэта ў той час, калі ў павеце актыўна разыходзіцца “Мужыцкая праўда”, сярод аўтараў якой, разам з Кастусём Каліноўскім і Феліксам Ражанскім, быў і Урублеўскі. Пры канцы 1862 року следчая камісія ў Адэльску, занепакоеная маштабамі пашырэння “Мужыцкай праўды” сярод падляшскіх сялян, высветліла, што да газеты мае дачыненне фельчар падначаленага Урублеўскаму вучылішча Сянкевіч, і запатрабавала неадкладна накіраваць яго для тлумачэння. Зразумела, што Сянкевіча яны не дачакаліся.


“За падтрымку беларускай народнасці”


У ноч на 22 студзеня 1863 року на тэрыторыі Каралеўства Польскага, без узгаднення з Вільняй, пачалося паўстанне. Урублеўскі, які меў мандат вайсковага начальніка Гарадзенскай губерні, чакае загаду Каліноўскага, кіраўніка паўстанцкага Часовага ўрада Літвы і Беларусі. Ён застаецца верным свайму сябру нават тады, калі “белыя” на чале з Якубам Гейштарам здзяйсняюць пераварот, напалоханыя “ліцвінскім сепаратызмам” і магчымасцю перарастання барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай ў сацыяльную рэвалюцыю.

— Валерый сярод тагачасных патрыётаў прадстаўляў кірунак радыкальнадэмакратычны і “краёвы”, бо выступаў за падтрымку беларускай народнасці, — успамінаў пасля стрыечны брат Урублеўскага, сын дзядзькі Яўстахія.

На месца вайсковага кіраўніка Гарадзенскім ваяводствам “белыя” дасылаюць у Беласток палкоўніка Ануфрыя Духінскага, эмігранта, удзельніка паўстання 1830—1831 рр., якога самі паўстанцы характарызавалі як “поўную няздатнасць”. Пры ім кіраўніком генеральнага штаба становіцца Урублеўскі, які разам з Каліноўскім і іншымі “чырвонымі” вырашыў пайсці на кампраміс — у імя вышэйшай мэты. І 29 красавіка паўстанцы церпяць першае цяжкае паражэнне ў бітве пад Валілкамі ў Сакольскай пушчы, якое, адзначаў Каліноўскі, “дрэнна падзейнічала на вакольнае насельніцтва”.

Пасля бітвы маскалёўскі генерал Манюкін паведамляў у Вільню, што Урублеўскі забіты. Але праз некалькі тыдняў ён паўстаў, быцам птушка Фенікс, у баі над ракой Сцерцеж у Ружанскай пушчы.

Калі ў першыя ж хвіліны маскалёўскія войскі адрэзалі Духінскага ад падначаленага яму аддзела, Урублеўскі тры разы сам падымаў у атаку касінераў, каб урэшце выратаваць горакамандуючага. Паўстанцы адступілі ў поўным парадку, падабраўшы параненых, і ў хуткім часе ўзялі ўдзел у бітве пад Мілавідамі.


Калінавы цвет


Адтуль аддзел Урублеўскага-Духінскага скіраваўся залечваць раны ва ўрочышча Вялікі Кут. А тым часам выдзелены з яго складу конны аддзел Казіміра Кабылінскага захапіў Ружаны, абяззброіўшы царскую вайсковую каманду. Але падышло падмацаванне, маскалі пераследавалі Кабылінскага аж да лагера ў Вялікім Куце. Цяжкі бой. Перамога, пасля якой паўстанцы забралі ў забітых маскалёўскіх жаўнераў 29 дальнабойных штуцараў. Такая зброя была марай паўстанца — звычайна дрэнна ўзброенага і знясіленага доўгімі маршамі па лясным гушчары.

Увечары паўстанцы сталі ў шэраг. Стомленыя, у перапэцканай падрапанай вопратцы, худыя постаці, са шматлікімі драпінамі ад ляснога вецця на тварах. Наўкол адцвітала каліна. Менавіта яе галінкі ў руках трымаў камандзір, які заўсёды быў першы ў завірусе боя — Валер Урублеўскі. Без адзінага слова ён падыходзіў да паўстанцаў, якія найлепш паказалі сябе ў баі, і пакідаў у іх на адкрытых далонях галінкі каліны, усыпаныя беласнежнымі кветкамі.

Не паспеўшы адпачыць, паўстанцы рушылі ў Белавежскую пушчу. Старажытны лес стаў надзейным іх прытулкам. Паўстанец Арамовіч успамінаў:

— Адзіным правадніком у маршах па глухіх нетрах быў шэф Урублеўскі з планам ляснічага, дзе былі адзначаны аддзелы, прасекі і іх нумары.

Многія паўстанцы не вытрымлівалі цяжкіх умоў. Падаў у адстаўку ў сярэдзіне жніўня і знясілены паходамі Духінскі. Цяпер афіцыйна камандуючым усімі паўстанцкімі аддзеламі Гарадзеншчыны стаў Валерый Урублеўскі. Загад аб яго прызначэнні падпісаў Каліноўскі, што пасля арышту Гейштара ўзначаліў Віленскі паўстанцкі цэнтр. Каліноўскі адзначаў, што Духінскі сваім учынкам зрабіў “вялікую ласку”.

Урублеўскі абірае новую тактыку барацьбы: фармуе аддзелы па 20—30 чалавек і рассылае ў розныя бакі чытаць паўстанцкі маніфест — па-беларуску. У Ваўкавыскі павет едуць “Янка з-пад Гародні” і “Юзюк з Беластока”, у Шэрашаў — “Марэль”, у Белавежскую пушчу — “Галабурда”.

Тым часам на Гарадзеншчыну перакінулі дадатковыя царскія войскі. Каб пазбегнуць атачэння, Урублеўскі са сваім аддзелам перабіраецца праз Свіслацкую і Белавежскую ў Пружанскую пушчу — ва ўрочышча Туроса. Там ён дзеліць аддзел на групы па 10—30 чалавек і распускае ў розныя кірункі. Сам застаецца з 40 паўстанцамі.


Засада кубанскіх казакоў


Зімаваць паўстанцы з Беларусі і Літвы сышлі на тэрыторыю Польскага Каралеўства. Гэта была ідэя Урублеўскага. Іх цэнтрам становіцца Ліпняк на Падляшшы, куды сцягваецца больш за дзве сотні паўстанцаў. Урублеўскі асабіста ўзначальвае конніцу, а пяхоту перадае пад кіраўніцтва афіцэра Багуслава Эйтміновіча. 7 лістапада ён разам з польскім аддзелам Крысінскага атрымаў перамогу паміж Расошай і Ламазамі ў Бельскім павеце.

Напрыканцы 1863 року аддзел Урублеўскага спыняецца ў Малой Букаве пад Люблінам, каб адсвяткаваць надыход новага, 1864-га, року. Але ранкам у вёску ўрываецца аддзел драгунаў. Толькі дзякуючы самаахвярнасці Урублеўскага і яго конніцы ўдалося ўратаваць сялянскую пяхоту Эйтміновіча. Але ўжо праз шэсць дзён яна амаль цалкам была пасечаная пад Усцімавам, дзе загінуў і сам Эйтміновіч. Урублеўскі помсціць жорстка, здзяйсняе рэйд па тыле ворага, але пад тым жа Усцімавам трапляе ў засаду кубанскіх казакаў. Аддзел Урублеўскага разбіты. Ён сам цяжка паранены ў галаву і плячо. Казакі нават палічылі яго мёртвым. Паўстанцкія газеты паведамілі, што Урублеўскі забіты — ужо ў каторы раз. Але ўвечары пасля бою яго цела знайшлі сяляне і ледзь жывога прынеслі ў хату шляхціца Ксаверыя Складоўскага, які дапамог Урублеўскаму выехаць за мяжу — у Парыж.


Ліхтаршчык і друкар


Эміграцыя, удалечыні ад радзімы, дзе панаваў мураўёўскі тэрор. Адчуванне бяссілля ад немагчымасці нечым ёй дапамагчы. Падводзіла здароўе — параненая левая рука Урублеўскага нерухома звісала ўздоўж цела. Але інвалідам, які жыве за кошт сяброў, ён быць не мог. Валерый уладкоўваецца ліхтаршчыкам, запальвае і тушыць газавыя ліхтары на вуліцах Парыжа, цягаючы на параненым плячы цяжкую драбіну. Ён паранейшаму не скардзіўся і адмаўляўся ад дапамогі, зазначаючы, што заўсёды ёсць тыя, каму яна неабходнейшая. Наадварот, Валерый сам намагаецца дапамагаць, і ўзначальвае арганізацыю выхадцаў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Яго погляды становяцца яшчэ больш сацыялістычнымі: “Усё дзеля народа і праз народ”.

Урублеўскі самастойна асвойвае цяжкую працу друкара і з 1869 року пачынае працаваць у тыпаграфіі “Руж”. Але наступным рокам захворвае на воспу. Ён, які ўсё жыццё не прымаў ніякіх лекаў, адмаўляецца ад бальніцы. Яго даглядаюць паплечнікі па паўстанні і новыя сябры з тыпаграфіі. Адзін з іх нават заразіўся і памёр.

Падчас франка-прускай вайны Урублеўскі ўступае ў Нацыянальную гвардыю. А калі армія Напалеона ІІІ капітулюе і ў Францыі 18 сакавіка 1871 року пачынаецца рэвалюцыя (“Парыжская камуна”), Урублеўскі атрымлівае званне генерала і ўзначальвае адну з трох рэвалюцыйных армій. Ён абараняў паўднёвую частку сталіцы ад версальцаў — прыхільнікаў урада. На баку камунараў змагаліся 600 паўстанцаў 1863-га — рэшткі знішчанага пакалення. Сярод іх былі Ахіл Банольдзі, былы настаўнік Урублеўскага па Віленскай гімназіі, таленавіты спявак і фатограф; брат расстралянага Цітуса Далеўскага і жонкі павешанага Зыгмунта Серакоўскага — Канстанцін Далеўскі; паўстанцкія афіцэры Ю. Развадоўскі, К. Свідзінскі, В. Ражалоўскі… Многія з іх палеглі на вуліцах Парыжа.

Урублеўскі, як і ў 1863-м, асабіста ўзначальваў атакі працоўных аддзелаў. А пасля паразы, завочна асуджаны версальцамі на смерць, заставаўся ў Парыжы. Сын Адама Міцкевіча аднойчы сустрэў яго ў адзежы працоўнага ў кавярні “Рэжанс”. І ў адказ на прапанову неадкладна выехаць у Лондан пачуў:

— Здаецца, там кепскі клімат. А тут, у Парыжы, мне вельмі добра. Мяне атачаюць чэсныя працоўныя, аберагаюць мяне, запрашаюць на абеды, дзе так сардэчна п’юць за маё здароўе.

І ўсё ж пад пагрозай арышту Урублеўскі пакідае Парыж. Пашпарт на імя прусака В. Вальдэмара яму перадаў праз маскалёўскага рэвалюцыянера Лаўрова Карл Маркс. Апошні ж склаў пратэкцыю, каб Урублеўскаму, якому пагражала ампутацыя рукі, дазволілі лячыцца ў бальніцы Лонданскага ўніверсітэта.


“П’ю мікстуру за гібель старога свету”


31 снежня 1871 року Урублеўскі атрымаў запрашэнне сустрэць новы год у сям’і Маркса. Але так і не скарыстаўся гэтым, даслаўшы ў адказ запіску: “Пастаянныя немачы не дазволілі мне правесці апошнія гадзіны гэтага страшнага року ў вашай шаноўнай сям’і, якой я ўдзячны столькімі ўспамінамі пра найлепшыя дні майго жыцця і якая сваёй чароўнасцю нагадвае мне бацькоўскі дом. Адзін у сваім пакоі, я сярдзіта п’ю мікстуру за гібель старога свету і за тое, каб мы, поўныя надзей на будучыню, уступілі ў новы. Пасылаю вам сваё братняе прывітанне”.

У 1870-я рокі Урублеўскі выношвае ідэю супольнага паўстання на тэрыторыі Расейскай Імперыі. У час руска-турэцкай вайны 1877—1878 рр. гэтым спрабаваў скарыстацца англійскі міністр замежных спраў лорд Дзізраэлі. Ён прапанаваў Урублеўскаму вялізную суму грошай за арганізацыю паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі. Валерый адказаў:

— Я не кандацьер і не збіраюся біцца дзеля грошай. Калі б я бачыў, што надышоў час для паўстання, то падрыхтаваў бы яго ў сваім краі, не чакаючы грошай англійскіх капіталістаў.


Калі не куе, то і не есць


У 1885 року французскі ўрад абвяшчае амністыю для ўдзельнікаў камуны. Урублеўскі перабіраецца ў Ніцу. Адзін з сяброў узгадваў:

— Урублеўскі, каб як-небудзь пражыць, працаваў у каваля. Аднак пашкоджаная рука балела, і бывалі дні, калі ён нічога не зарабляў, бо не быў у стане падняць молат. Моцны, мабыць, у яго боль, калі ён расстаецца з молатам, бо калі ён не куе, то і не есць.

На Урублеўскага некалькі разоў рабілі замахі. Адзін з іх у 1894 року ледзь не спыніў яго жыццё. Урублеўскі вяртаўся ноччу з працы, калі на яго напалі і моцна збілі. Знайшлі Валерыя сябры з ліку маскалёўскіх эмігрантаў, якія паклалі яго на восем месяцаў у бальніцу, дзе яму зрабілі тры аперацыі, каб дастаць раздробленыя кавалкі рэбраў.

Фізічна працаваць Урублеўскі больш не мог, і нарэшце вымушаны быў пагадзіцца на дапамогу — яго ўладкавалі кантраляваць рознічны продаж у кіёсках газеты “Энтрансіжан”. А ў 1901 року французскі ўрад прызначыў яму, генералу Камуны, пенсію, пра што не раз хадайнічаў Фрыдрых Энгельс.

Апошнія гады Урублеўскі пражыў ва Урвіле, недалёка ад Парыжа, у земляка і былога камунара Генрыха Гершынскага. Нягледзячы на сталы век, цяжкія раны, Урублеўскі ўвесь час чагосьці чакаў — магчыма, весткі з Бацькаўшчыны. Памёр ён 5 жніўня 1908 року. У адзіноце. Але суправаджаць яго ў апошні шлях выйшлі тысячы французскіх рабочых.

Труну героя паўстання 1863-га, паплечніка Каліноўскага, генерала Камуны, пранеслі вуліцамі Парыжа, на якіх ён мужна змагаўся. І пахавалі на могілках Пер-Лашэз, ля сцяны Камунараў. На магіле яго маецца надпіс: “Гераічнаму сыну Польшчы — народ Парыжа”. Але для нас ён назаўсёды застанецца нашым героем, які дзейнічаў поруч з Каліноўскім у імя Беларусі і на карысць нашага народа.


Ваciль Герасiмчык

“Наша Нiва”, 5 лютага 2016 р.



Обновлен 07 фев 2017. Создан 05 мар 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter