Жахі Менска 100 рокаў таму

У 1901 року выйшла кніжка Дарафея Бохана “Мінскія паданні і легенды”. Нейкія з іх ён пачуў ад старых менчукоў, нешта, відаць, прыдумаў сам. Частку паданняў перадаў у вершаванай форме.



Усе паданні — вусцішныя, містычныя. Відавочна, яны адлюстравалі расповеды пра самыя загадкавыя мясціны ў Менску.

Якіх куткоў баяліся менчукі мінулых пакаленняў? Найперш гэта рэчка.

Вір Свіслачы, з якога выходзіць русалка — дзяўчыну ўтапіла тут уласная маці, калі яны пакахалі аднаго і таго ж хлопца. Тут жа — Вадзянік, не смешны, а страшны: ён плача начамі, узгадваючы сваю няверную жонку, з якой разам калісьці ўтапіўся, каб яна не сышла да іншага.

Страх даўніх менчукоў перад Свіслаччу лёгка патлумачыць. Шторок у ёй тапіліся самагубцы ды неасцярожныя купальшчыкі. Свіслач пагражала нават тым, хто сам у яе не сунуўся. У час вясновых паводак залівала ўвесь цяперашні праспект Пераможцаў каля Палаца спорту (а колісь Татарскія агароды і Людамант). Залівала таксама Ракаўскае прадмесце, частку Верхняга горада і цэнтральнага праспекта. Плынь несла па месце старыя хаты, гаспадарчыя пабудовы, мёртвую жывёлу, птушку, пацукоў. Тагачасная прэса пісала, што гаспадары праз некалькі дзён бадзянняў вяртаючыся дахаты, пабачылі свіняў, якія ратаваліся ад вады на гаспадарскіх ложках. Аднойчы фотааматары, чые хаты, відаць, не закранула бяда, радасна фатаграфавалі драўляную прыбіральню, вынесеную вадой у самы цэнтр места. Радаснага, аднак, у тыя дні было мала. “Ад агню ёсць ратунак — вада, ад вады ж ратунку няма”, — гэтак заўжды казала сваёй сям’і адна старая менчанка.

Камароўскае балота — яшчэ адно нешчаслівае, загадкавае месца ва ўяўленнях нашых продкаў.

На балоце жылі чарты ды нячысцікі, на балоце знікалі людзі. У кнізе Бохана Камароўцы прысвечана адразу два паданні. Адно — пра старога манаха з замкавага кляштару, які, пазбыўшыся ўсіх страсцей, не мог толькі разлюбіць золата. Падчас малітваў у царкве яму стаў прыходзіць прывід разбойніка. Чарговы раз пабачыўшы прывіда, манах Антоній вырашыў раскапаць падлогу храма ў тым месцы. Раскапаўшы, знайшоў труну, а побач скрынку з золатам. У гэты момант у храме пачуўся крык — юродзівы Федзька Камар немаведама як прабраўся ў царкву. Антоній вымушаны быў паабяцаць Федзьку палову золата за маўчанне, але перш золата трэ было схаваць ад браціі. Закопваць скрыню пайшлі на балота: перайшлі Нямігу, Свіслач, прайшлі праз Старажоўку — і збочылі ў зарасці акацыі, ляшчыны ды папараці. У апошні момант, калі яма для скрынкі ўжо была выкапаная, манах пашкадаваў для Федзькі абяцанага золата. Федзька Камар раптам абярнуўся ў таго самага прывіду з царквы, засмяяўся дэманічна, а манах Антоній стаў правальвацца пад зямлю разам са сваёй скрынкай. Так і прапаў. А балота Камароўскае — у гонар загадкавага Федзькі.

Яшчэ адна легенда звязаная з старой карчмой на Камароўцы, на выедзе з места, якая к канцу ХІХ стагоддзя ўжо была закінутая, піша Дарафей Бохан. За карчмой была невядомая магіла.

Яе з’яўленне народ патлумачыў з дапамогай звыклых вобразаў: габрэя-чараўніка, карчмара Іцкі, гожай дзеўкі і яе жаніха. Стары Іцка закахаўся ў сялянскую дачку Ганю, стаў сватацца, а калі яна груба адкінула ягоныя заляцанні

(Не равняйся, жид поганый,
С Ваней дорогим,
Ты не купишь бедной Анны
Золотом своим) —

з дапамогай чараў звёў яе з розуму. Няшчасную вар’ятку пахавалі на Камароўцы: пры Барысаўскім тракце, за камароўскай карчмой.

Антысемітызм беларускіх сялян, падагрэты маскалёўскімі чарнасоценцамі, “пасяліў” на балоце побач з традыцыйнымі дэманамі і духамі іншых “чужых” — габрэяў.

Няшчасным каханнем тлумачылі мясцовыя жыхары яшчэ адзін помнічак, што стаяў у раёне вуліцы Няміга, між цяперашнімі вуліцамі Караля да Калектарнай.

Помнік грунтоўны, з пліт, паходжанне якога аднак, было страчана з людской памяці. У канцы ХІХ стагоддзя пра якога казалі, нібы гэта помнік на магіле братоў, якія пазабівалі адно аднаго, закахаўшыся ў адну дзяўчыну.

Яшчэ адно вусцішнае месца для нашых продкаў — гэта, канечне, могілкі. Паданне пра “лучшее із здешніх хрістіанскіх кладбіщ” — Залатую Горку — Дарафей Бохан запісаў са слоў мясцовага, “не ручаясь, конечно, за історіческую верность расказуемого”.

Гэта легенда пра жорсткага магната Z., які наводзіў страх на ўсе ваколіцы, аднак з часам стаў раскайвацца і ахвяраваць грошы цэрквам дзеля ўратавання сваёй душы. Ён вырашыў упрыгожыць і стары драўляны касцёлік на могілках на Залатой Горцы. Ікону замовіў мясцоваму мастаку (забыўшы, як несправядліва некалі таго пакрыўдзіў). Мастак стварыў ікону, а на ёй — неймавернай прыгажосці ўсёбачнае вока Хрыста са слязой на вейках. Магнату так спадабалася выява, што ён пашкадаваў яе для касцёла і павесіў у сваёй спальні. Зрабіў гэта дарма: адной ночы ікона засвяцілася, а калі граф стаў уцякаць, паляцела за ім. Ікона пераследавала мужчыну аж пакуль ён не аступіўся на мосце і не ўпаў у Свіслач, дзе ўтапіўся. Тады абраз пераляцеў у капліцу на залатагорскіх могілках, дзе і застаўся.

Легенды — адлюстраванне часу, яго страхаў, заганаў, патрэб. Сучасных менчукоў мала пужае містыка стагадовай даўніны, многія тагачасныя вобразы для нас састарэлі. Але месцы з незвычайнай аўрай, звязаныя з загадкавымі гісторыямі — такія ёсць у кожным сучасным месце, бо сутнасць чалавека не змяняецца. Для нас, адукаваных і сучасных, усё адно ёсць нешта за мяжой разумення. Тое, чаго баімся, што не можам патлумачыць.


Якія містычныя, легендарныя месцы ёсць у сучасным Менску?

 

Паўліна Купрысь


“Наша Ніва”, 1 сакавіка 2016 р.



Создан 08 мар 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter