Брама места, або Гісторыйка пра цуды і таямніцы

Міхаіл Валодзін на сайце “Будзьма беларусамі!” ладзіць падарожжы па “нашым Вавілоне”, працягваючы распавядаць свае “Менскія гісторыйкі”.



Месты як людзі — нараджаюцца, растуць, старэюць. І, старэючы, забываюцца на ўласнае мінулае… Рэальныя падзеі падмяняюцца легендамі. І з’яўляюцца браты Кій, Шчэк з Харывам і сястрою Лыбеддзю ды ўзводзяць Кіеў-град на высокім беразе Дняпра. І ваўчыца схіляецца над кошыкам, прынесеным водамі Тыбра, з двайнятамі Рэмам і Ромулам — і значыць, Рым адбудзецца!


Таямнічы млынар

 

Мы не горшыя за кіяўлянаў і не бяднейшыя за рымлянаў — нашая легенда, як на мяне, нават прыгажэйшая і больш незвычайная! Паводле яе чарадзей Менеск, пасяліўшыся каля ўпадзення Пярэспы ў Свіслач, будуе цуд-млын, што начамі перамолвае не збожжа, а каменне. Навошта? Ніхто не ведае. Але грукат такі, што не спіцца ні чалавеку, ні зверу на сто вёрстаў вакол. Круцяцца-круцяцца Менескавы жорны, уздымаюць паветраныя віхуры — такія, што ажно стрэхі з хатаў здзмувае. Крочаць Менескавы вестуны па начных дарогах, хапаюць вясковых хлапцоў, і расце войска Менеска.

Расце Менск — з каменнай мукі, уздымаецца як на дражджах. Менск, вядома! Менеск-таўн…

Вось які няпросты заснавальнік дастаўся нашаму месту. З часам менчукі будуць радыя пазбавіцца ад Менеска, і дапаможа ім наймагутнейшы вядзьмак, ад якога ў памяці гараджанаў нават імені не засталося.


І зноў чарадзей


Вы скажаце, легенда, што з яе ўзяць! Але па-першае, легенда не ўзнікае з нічога ніякага. А па-другое, з месцам, дзе паўстаў нашае места, штосьці напраўду не так: невыпадкова паводле летапісаў Менск пачынаецца з разбурэння.

“У рок 6575 (1067). Падняў раць у Полацку Усяслаў, сын Брачыслава, і заняў Ноўгарад. Трое ж Яраславічаў: Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад, сабраўшы воінаў, пайшлі на Усяслава ў моцны мароз. І падышлі да Менска, і меняне зачыніліся ў граде. Браты ж гэтыя ўзялі Менеск і перабілі ўсіх мужоў, а жонак і дзяцей захапілі ў палон і пайшлі да Нямігі, і Усяслаў пайшоў супраць іх”.

Так сведчыць “Аповесць мінулых часоў” і называе заступніка менчанаў — полацкага князя Усяслава, названага Чарадзеем за шматлікія цуды, здзейсненыя ім. І піша летапісец далей:

“І сустрэліся праціўнікі на Нямізе месяца сакавіка ў 3-ы дзень; і быў снег вялікі, і пайшлі адзін на аднаго. І была сеча жорсткая, і многія загінулі ў ёй, і адолелі Ізяслаў, Святаслаў, Усевалад, Усяслаў жа ўцёк”.

Уцёк ці не — пытанне. І хто перамог — таксама. Бо менавіта Яраславічы праз чатыры месяцы прапануюць перамір’е і пойдуць на клятвапарушэнне, каб завабіць Усяслава ў пастку.

Жыццё Чарадзея ў Полацку суправаджалася цудамі — цуды трываюць і ў Кіеве. Прасядзеўшы рок у вязніцы, ён будзе вызвалены кіянамі і зойме княскі пасад. Але неўзабаве пакіне Кіеў, каб вярнуцца ў Полацк. Пражыве яшчэ трыццаць рокаў і, паміраючы, пакіне Менск сыну Глебу, які дзяліў з ім турэмныя нягоды.

Тады паўстане на Замкавай гары на беразе Свіслачы замчышча са схаваным за высокімі землянымі валамі княжацкім замкам.


Цудоўны абраз


Можна ўявіць, як праз чатыры стагоддзі, у жніўні 1500 рока, рака вынесе да падножжа Замкавай гары цудоўны Абраз Маці Божай. Як прыбягуць князевы людзі да іконы з нетутэйшым ззяннем. Як уздымецца яна над натоўпам, як панясуць святыню на руках у Замкавую царкву…

Вось што кажа паданне:

“Ці то па плыні вады, ці то супраць плыні, цудоўным чынам, а мо Анёламі перанесены да Менска, на рацэ Свіслачы пад замкам стаў, а святлом незвычайным з сябе сыходзіўшым выяўлены, ад жыхароў месца з вады здабыты, і да царквы Замкавай рока 1500 дня 13 жніўня быў суправоджаны”.

Ад гэтага моманту Дзева Марыя возьме Менск пад абарону і зойме месца на мескім гербе. Яе заступніцтва, да жалю, не ўратуе места ад пажараў і разбурэнняў. Сёння пра тыя часы, апроч самога Абраза, нагадвае толькі вулачка са старажытнай назвай — Замкавая. Вулачка, дзе не захавалася ніводнага “жывога” будынка — усе знеслі! Бясследна зніклі і замак, і замчышча… Нават Замкавая гара засталася толькі ў падручніках гісторыі: у 50-я гады мінулага стагоддзя яе скапалі. Разам з зямлёй зніклі і менскія таямніцы.

Але штосьці ўсё ж захавалася.


Два першыя храмы


Калі абмінуць злева будынак “Працоўных рэзерваў” і зазірнуць пад кроны не надта разгалістага гаю на беразе Свіслачы, можна пабачыць складзены з граніту падмурак невялікага трохнефавага храма. Гэткі ж, але складзены з цэглы, цікаўны падарожнік адшукае праз сто метраў, за спінай спарткомплекса.

Гэта два першыя менскія храмы.

Два? Першыя? Храмы?!

Так і ёсць, не сумнявайцеся! У нас і не такое бывае.

Каб супакоіць чытачоў, скажу: той, што ў гаі, — фальшывы. Затое тут збіраюцца п’яніцы, бо на новым сядзець нязручна.

Археолагі сцвярджаюць, што фальшывы падмурак месціцца далёка за межамі замчышча. І ніхто не памятае, калі і як ён з’явіўся. Можна хіба здагадвацца, каму спатрэбілася выкладваць падмурак храма і выносіць яго за месцкі вал. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося ў 1967 року, калі адзначалі 900-рочча Менска. Беларускія ўлады імкнуліся зрабіць свята запамінальным — нават піўную бутэльку выпусцілі з цісненнем “Мінску — 900”. Заадно, відаць, вырашылі і храм пазначыць — таксама да места ж мае нейкае дачыненне! Да таго ж за некалькі рокаў да гэтага завяршыліся самыя маштабныя раскопкі менскага замчышча.


Брама, якой не было


І тут з-пад шматметровага слою зямлі праглядвае яшчэ адна таямніца.

Кіраваў раскопкамі зусім малады тады археолаг Эдуард Загарульскі. У выніку трохрочных прац не толькі ўдакладнілі месцазнаходжанне храма, але і адкапалі замкавую браму. Дакладней, тое, што ад яе захавалася. Зрабілі рэканструкцыю, і брама Менска — дзве магутныя драўляныя вежы, увянчаныя пірамідальнымі стрэхамі, — сталася не толькі эмблемай свята, але і сімвалам поўнага таямніц старажытнага места!

“Дзе ж тут таямніца?” — спытае нецярплівы чытач.

Ёсць, ёсць таямніца! Але не ў браме, адкапанай Эдуардам Загарульскім, а ў іншай, намаляванай Язэпам Драздовічам.

Пра мастака Драздовіча патрэбны асобны аповед — ён і сам чарадзей, і лёс мае поўны таямніц. Адны ягоныя відзежы местаў на Марсе ды Сатурне чаго вартыя! Тут дарэчы дадаць, што Язэп Нарцызавіч пражыў у Менску паўтара рока і за гэты час паспеў перадаць выгляд места з графічнай дакладнасцю. Маляваў ён і Замкавую гару — у першай чвэрці ХХ стагоддзя не было там нічога гераічнага: звычайныя драўляныя будынкі на высокім пагорку…

Ёсць сярод малюнкаў менскага перыяду адзін, што выбіваецца з шэрагу. Хоць і называецца ён “Гарадзец”, выяўленае там, без сумневу, менскае замчышча: і рака, і пагорак побач дакладна супадаюць з рэльефам Свіслачы і Замкавай гары. На вяршыні пагорка, за драўлянай сцяной, адгадваецца замак, а сама сцяна завяршаецца магутнай двухвежавай брамай. Такой самай, як у Загарульскага!

— Што ж, — скажа той жа чытач, — археолаг раскапаў, мастак намаляваў, і што?

Сапраўды, нічога… Проста брама была намаляваная за сорак рокаў да таго, як яе раскапалі. Вось дзе таямніца! І адзінае рацыянальнае тлумачэнне — што ўсё было наадварот: археолаг ведаў пра існаванне малюнка Драздовіча (тады ён яшчэ не быў апублікаваны) і скарыстаў для рэканструкцыі, як бы гэта мякчэй сказаць, падказку мастака. Добра, калі б толькі гэта! Бяда яшчэ і ў тым, што двухвежавай брамы не існавала ні ў адным вядомым старажытнарускім месте — ні ў ХІ стагоддзі, ні пасля. Гэта, на жаль, не дадавала дакладнасці сімвалу старажытнага Менска.

Да сярэдзіны 1980-х рокаў паўстала іншая мадэль — з адной вежай. Але загадка “Гарадца” нікуды не падзелася: брама на малюнку Драздовіча змяшчаецца акурат там, дзе яе адкапаў Загарульскі. А над замкавай сцяной вызірае глаўка храма — роўна там, дзе на яго падмурак пасля вайны натрапіў археолаг Тарасенка.

Калі дадаць, што Драздовіч маляваў свой “Гарадзец” у 1920 року, а першыя раскопкі замчышча адносяцца да пасляваеннага часу, застаецца паверыць, што цудоўны наш зямляк Язэп Нарцызавіч Драздовіч напраўду пранікаў пад зямлю і бачыў скрозь час.


Помнік вандроўніку


Выпадковасць гэта ці не, але помнік Драздовічу ў Менску паставілі ў Траецкім прадмесці, насупраць замчышча. Вечны вандроўнік нібы спусціўся з Траецкай гары, каб працягнуць шлях да гары Замкавай. Вось яна — а дакладней, тое, што ад яе засталося — ляжыць перад чалавекам з посахам. Крыху лявей дзве прастакутныя адтуліны ў гранітным узбярэжжы — калектар, які толькі і нагадвае пра раку Нямігу. Справа Востраў Слёз — падказка, дзе праходзіла старое рэчышча Свіслачы. А ўсё навокал — наша гісторыя. Тая, якой няма.

Хочаце ведаць, якой была Замкавая гара? Зірніце на “Працоўныя рэзервы” — іх вышыня роўная шасці метрам зямлі, скапаным у 1956 року, каб пабудаваць спарткомплекс.

Зрэшты, Драздовіч гэтага бачыць не мог. Ён памёр далёка ад Менска за два рока да гэтага. Сярод яго менскіх работ захаваўся і партрэт Усяслава Чарадзея, на якім полацкі князь дзіўным чынам нагадвае самога мастака.

Мінула тысяча рокаў, і кола замкнулася.


***


Гэтая гісторыйка не была б напісаная, калі б не парады і дзейная дапамога археолага, кандыдата гістарычных навук Мікалая Плавінскага, за што яму сардэчная падзяка!


Міхаіл Валодзін
Ілюстрацыі: Дар’я Мандзік

 

“Будзьма беларусамі!” 3 сакавіка 2016 р.



Создан 08 мар 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter