Беларускі баец “Правага сэктару”: Цяпер Майдан Беларусі не патрэбны

Карэспандэнт “Свабоды” ўзяў інтэрвію ў беларуса Аляксея Скоблі з пазыўным “Тур”, які ўжо рок ваюе на Данбасе ў складзе Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу “Правы сэктар”.



У межах ДУК “Правы сэктар” “Тур” уваходзіць у Тактычную групу “Беларусь”.

Звычайна беларусы, якія ваююць на ўсходзе Ўкраіны, хаваюць свой твар. Але тыдзень таму ў суполцы ў “Facebook” “Згуртаваньне патрыётаў” зьявілася фота беларуса з пазыўным “Тур” з акопаў Данбасу.

У размове са Свабодай “Тур” пагадзіўся і назваць сваё сапраўднае імя — Аляксей Скобля. Яму 25 рокаў, родам зь Менску.

— Спачатку я хаваў свой твар, але мне гэта, папраўдзе кажучы, ужо надакучыла. Акрамя таго, я не зьбіраюся бліжэйшым часам вяртацца. Не зьбіраюся вяртацца, пакуль Лука-ка ва ўладзе.

— Чаму вы вырашылі паехаць ваяваць?

— Таму што і для Ўкраіны, і для Беларусі Расея — гэта агульны вораг. І трэба дапамагчы ўкраінцам справіцца з агульным ворагам.

— А вы да гэтага служылі ў беларускіх Узброеных сілах?

— Не, не служыў. Ніякая вайсковай падрыхтоўкі ў мяне не было.

— Да вайны вы неяк удзельнічалі ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі?

— Амаль што не. Пару разоў быў на мітынгах. Але ні ў якія палітычныя ці грамадзкія арганізацыі я не ўваходзіў.
— Ці цяжка трапіць на Данбас, у добраахвотніцкія батальёны?

— Насамрэч гэта ня цяжка. Ты прыходзіш у мабілізацыйны цэнтар, праходзіш навучаньне, і цябе разьмяркоўваюць у батальён.

— А якія патрабаваньні да добраахвотнікаў?

— Добраахвотніцкі ўкраінскі корпус ніякіх асаблівых патрабаваньняў ня ставіць. Павінна быць 18 рокаў чалавеку, і ён павінен быць здаровы. А так у нас былі і старыя людзі — у нас быў дзед 70 рокаў.

— Колькі беларусаў ваюе ў ДУК “Правы сэктар”?

— Я не магу сказаць дакладную лічбу, таму што гэта дапаможа нашым спэцслужбам. Але скажу, што ў нашай Тактычнай групе “Беларусь” больш за 30 чалавек на дадзены момант.

— Якія палітычныя погляды пераважаюць сярод беларусаў у Тактычнай групе “Беларусь”?

— Большая частка — гэта нацыяналісты. Але ў нас ёсьць нават левыя, некалькі хлопцаў камуністаў было. То бок палітычныя погляды ні на што не ўплываюць — галоўнае, каб чалавек хацеў ваяваць супраць Расеі.

— Байцы ў ТГ “Беларусь” у асноўным беларускамоўныя?

— У асноўным так.

— За той час, што вы на Данбасе, які быў найбольш сур’ёзны бой з вашым удзелам?

— Гэта бой пад Белакаменкай, калі загінулі два нашы байцы — Алесь Чаркашын і Віталь Целяжэнка. Гэта быў адзін з самых цяжкіх баёў.

— Ці сутыкаліся вы непасрэдна з кадравымі расейскімі часьцямі?

— Так. Гэта было, калі мы былі на шахце “Бутаўка”. Мы ведалі ад выведкі, што там з аднаго флянгу стаяць маскалёўскія часьці, мы чулі з радыёперахопу, што гэта яны. Дый самі бачылі, што гэта яны працуюць — яны больш прафэсійныя і г.д.

— Ці праўда, што байцоў “Правага сэктару” сэпаратысты не бяруць у палон?

— Ну, ведаеце... Бяруць у палон, таму што ім трэба сваіх людзей з нашага палону даставаць. Бывае, што некаторых расстрэльваюць, але іншых абменьваюць.

— А як ставіцца да байцоў “Правага сэктару” мясцовае насельніцтва?

— Па-рознаму. Некаторыя баяцца, некаторыя з павагай ставяцца. Ніякіх інцыдэнтаў зь мясцовым насельніцтвам у нас не было на маёй памяці.

— Ці даводзілася вам забіваць у баі?

— Разумееце, асаблівасьць сучаснай вайны, вайны на Данбасе, у тым, што гэта далёка не заўсёды бліжні бой. Звычайна гэта баі на вялікіх адлегласьцях, таму там не заўсёды зразумела, загінуў чалавек ці жывы застаўся. Напрыклад, бой на адлегласьці 500 мэтраў: ты ня бачыш, што там з чалавекам. Ты бачыш, што ён там упаў. А ён упаў таму, што па ім стралялі і ён проста лёг на зямлю, ці таму, што яго забілі — незразумела. Таму адказаць на гэтае пытаньне цяжка...

— На што вы жывяце?

— Ніякай матэрыяльнай падтрымкі ні ад дзяржавы, ні ад “Правага сэктару” мы не атрымліваем. Дапамагаюць валянтэры.

— Што цяпер адбываецца на фронце? Ці ёсьць замірэньне?

— Ёсьць адчуваньне, што замірэньне заканчваецца. Цяпер пачынаюць выкарыстоўваць усё больш цяжкае ўзбраеньне, часам нават “Грады” пачынаюць выкарыстоўваць.

— Сэпаратысты могуць пайсьці ў наступ?

— Такая імавернасьць ёсьць.

— Што павінна здарыцца, каб вайна на Данбасе скончылася?

— Поўная перамога. Калі ня будзе перамогі, то гэта заўсёды будзе такі палаючы кацёл, які некалі выбухне ўсё ж такі. А галоўнае, каб адбылася гэтая перамога, трэба, каб Расея ці распалася, ці ўрэшце хаця б супакоілася ў сваіх імпэрскіх амбіцыях.

— А ці бачыце пагрозу маскалёўскай агрэсіі ў Беларусі?

— Так, канечне, бачу. Таму мы рыхтуемся да гэтага. Некаторыя людзі зь Беларусі прыяжджаюць да нас на трэніроўкі. То бок рыхтуем людзей, самі рыхтуемся, вучымся, пераймаем досьвед.
— А як вы ацэньваеце палітыку Лука-кі адносна вайны на Данбасе?

— Лука-ка даволі хітры чалавек, таму ён стараецца займаць нэўтральную пазыцыю. Насамрэч, беларускія заводы рамантуюць тэхніку для Ўкраіны, пастаўляюць абсталяваньне ўкраінскаму войску. Ён цяпер проста робіць бізнэс на гэтым.

— Як вы лічыце, Беларусі цяпер патрэбны Майдан?

— Менавіта цяпер Майдан, магчыма, і не патрэбны. Трэба ўсё ж, каб спачатку трохі аслабла Расея. Бо калі цяпер зьнікне Лука-ка, то Расея, выкарыстоўваючы анархію, якая здарыцца пасьля гэтага, можа захапіць уладу ў Беларусі канчаткова.

— А ці ёсьць наагул сёньня сярод беларусаў сапраўдныя нацыянальныя лідэры, якія здольныя павесьці за сабой людзей?

— Цяжкае пытаньне. Пакуль што такіх людзей, пра каго я б сказаў, што вось ён лідэр і за ім я гатовы ісьці, я ня бачу. Ня бачу ні ў Беларусі, ні за мяжой... Ну хіба што толькі Мікола Статкевіч — магчыма, ён як кадравы вайсковец на гэтым этапе магчымай ваеннай агрэсіі з боку Расеі можа быць карысны.


“Радыё Свабода”, 14 сакавіка 2015 р.



Создан 14 мар 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter