Чаму беларускія ўлады не пераследуюць прамаскалёўскіх баевікоў?

18 красавіка беларускія ўлады пачалі судовы працэс па справе Тараса Аватарава, які ўдзельнічаў ва ўкраінскім канфлікце ў складзе батальёна “Правы сектар”.



Раней у красавіку парламент ухваліў змены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць турэмнае зняволенне для асобаў, што змагаюцца ў замежных канфліктах па ідэйных меркаваннях, а не з мэтай зарабіць грошы. Акрамя таго на мінулым тыдні затрымалі яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў у шэрагах дабравольчага батальёну “Азоў” на баку Украіны. Чаму беларускія ўлады не пераследуюць прамаскалёўскіх баевікоў? Такім пытаннем на старонках Беларус дайджэст задаецца Вадзім Смок — каардынатар праектаў Цэнтра Астрагорскага ў Беларусі і навуковы супрацоўнік Інстытута “Палітычная сфера”.

У размове з нашым радыё эксперт заўважае, што нельга пакуль гаварыць пра пераслед беларусаў за ўдзел у канфлікце на Данбасе.

— Гэтыя 2 асобы затрыманыя і знаходзяцца пад следствам па крымінальных справах, якія не з’яўляюцца наёмніцтвам. Першы затрыманы за перавоз і захоўванне зброі, другі — за хуліганства, якое мела месца яшчэ да ўкраінскага крызісу. Але варта звярнуць увагу не толькі на гэтых 2 асобаў, але і на тое, што адбываецца з радыкальнымі групамі ўнутры Беларусі ў апошні час: я кажу пра рух футбольных фанатаў, анархістаў і іншых груповак, якія патэнцыйна могуць стаць актыўнымі ўдзельнікамі масавых пратэстаў. Дык вось, па той інфармацыі, якую мы атрымліваем з адкрытых крыніцаў, можна ўбачыць нават, што фактычна прайшла вельмі грунтоўная зачыстка розных груповак радыкальная скіраванасці, якія не кантралююцца ўладамі. Гэта робіцца дзеля таго, каб усялякія патэнцыйныя пагрозы ад іх, у плане ўдзелу ў масавых пратэстах, былі мінімізаваныя. Пакуль што мы не можам у поўнай ступені назіраць і асэнсоўваць, бо папраўкі толькі прынятыя, але думаю, бліжэйшым часам, стане зразумела як улады будуць дзейнічаць у гэтым накірунку.

— Вы звярнулі ўвагу на радыкальныя групоўкі, але яны пераважна прабеларускай скіраванасці. Ці беларускія ўлады звяртаюць увагу на, прыкладам, вайскова-патрыятычныя лагеры “беларускага” казацтва?

— Прамаскалёўскія групоўкі, якія мы называем “казакамі”, ці нейкія іншыя праваслаўныя арганізацыі, маюць істотную падтрымку ўнутры Беларусі з боку некалькіх групаў. Па-першае, гэта сілавікі, сярод якіх многія маюць прамаскалёўскія погляды, або самі з’яўляюцца этнічнымі маскалямі ці маюць там сяброў і калегаў і шчыльна супрацоўнічаюць з маскалёўскімі структурамі. Па-другое, гэта праваслаўная Царква, з блаславення якой многія гэтыя арганізацыі існуюць і шчыльна з ёй супрацоўнічаюць. Таксама важна разумець, што гэтыя арганізацыі ў сваіх публічных выступах і ўвогуле на публіку пазыцыянуюць сябе як прыхільнікі беларускіх уладаў. Але, калі мы паглядзім на сацыяльныя сеткі, што таксама праскоквала ў медыя-прасторы, дык многія з іх лічаць Беларусь проста часткай “рускага свету” і фактычна адмаўляюць нейкую дзяржаўнасць і асобнасць беларускай нацыі. То бок, існуе супярэчанне паміж тым, як яны сябе пазыцыянуюць, і іхнымі рэальнымі поглядамі. Тым не менш, гэта вядзе да таго, што беларускія ўлады ставяцца да іх больш-менш лаяльна, яны адкрыта, вядуць сваю дзейнасць, трэнуюць моладзь у вайсковым выхаванні і, мяркую, ідэалагічным безумоўна таксама. Думаю з іх падтрымкай многія і адправіліся ўдзельнічаць у канфлікце на Данбасе.

— У артыкуле вы цытуеце выказванні беларускіх баевікоў, якія ваявалі на баку “ДНР” пра тое, што іх падштурхнула прыняць удзел у гэтым канфлікце. Наколькі, паводле вас, беларускія ўлады ўсведамляюць, што сацыяльныя праблемы могуць быць прычынай нестабільнасці, а ў перспектыве, і падобных “народных рэспублік”, і ўмяшання замежных дзяржаваў у палітыку ўнутры Беларусі?

— На мой погляд, беларускія ўлады вельмі слаба гэта ўсведамляюць і яны моцна не пераймаюцца такімі пытаннямі. Яны больш займаюцца макра-сацыяльнымі пытаннямі, агульнанацыянальнага маштабу, а не рэгіянальнымі, дробнымі пытаннямі. Ніхто не робіць даследаванняў, не праводзіць апытанняў, хоць тое ўздзеянне маскалёўскай прапаганды, якое адбываецца ў апошнія пару рокаў, было проста неймаверным і спалучанае з нізкім узроўнем жыцця ў рэгіёнах ды адсутнасцю працы гэта сапраўды можа весці да вельмі негатыўных наступстваў, але, на жаль, беларускія ўлады мала звяртаюць увагі на гэта, або яны не маюць ахвоты разумення ці рэсурсаў — тут цяжка сказаць. Але я лічу гэта вельмі істотнай праблемай.

— Што беларускія ўлады могуць зрабіць цяпер, каб мінімізаваць пагрозу, якая ідзе ад гэтых баевікоў, прамаскалёўскіх беларусаў, якія ваююць на Данбасе і вяртаюцца? Зразумела, што вырашэнне сацыяльных праблемаў гэта справа не аднаго месяца, ці падобныя справы, як справа Аватарава іншага затрыманага маладога чалавека, у дачыненні да беларусаў, якія ваююць на баку “ДНР”, маглі б спыніць той паток, які едзе, пераважна з усходняй Беларусі, у Данецк і Луганск?

— Калі ўлады абвяшчаюць, што яны будуць аднолькава судзіць і той і той бакі, дык яны павінны гэта і рабіць. Я вельмі спадзяюся, што яны будуць гэта рабіць. Пакуль ня шмат прайшло часу з прыняцця паправак гэта было б вельмі істотным крокам у гэтым напрамку. Каб сапраўды існаваў баланс паміж абодвума бакамі. Па-другое, улады павінны звярнуць істотную ўвагу на дзеянні прамаскалёўскіх груповак унутры Беларусі. Я лічу ненармальным калі школьная моладзь удзельнічае ў трэніроўках, якія ладзяць людзі з выразна прамаскалёўскімі поглядамі, якія растуць фактычна ў будучыні лаяльнымі да маскалёўскай дзяржавы і “рускага свету” асобамі.

У пачатку красавіка беларускі парламент ухваліў змены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць турэмнае зняволенне для асобаў, што змагаюцца ў замежных канфліктах па ідэйных меркаваннях, а не з мэтай зарабіць грошы. Пакуль аніводная справа ў адпаведнасці са зменамі не распачатая.


Гутарыў Зміцер Косцін

“Беларускае Радыё Рацыя”, 28 красавіка 2016 р.



Обновлен 16 мая 2016. Создан 28 апр 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter