50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг

14 траўня 1995 року адбыўся рэфэрэндум па чатырох пытаньнях, прапанаваных А. Лука-кай. У выніку дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг быў заменены на абноўлены сьцяг БССР.



Арганізатары кампаніі па папулярызацыі нацыянальнай сымболікі сабралі 50 фактаў у храналягічнай пасьлядоўнасьці, пачынаючы ад XV стагодзьдзя і да сёньня, якія бясспрэчна даказваюць гісторыка-культурную і нацыянальную вартасьць бел-чырвона-белага сьцяга для Рэспублікі Беларусь.

Як піша Павал Белавус на сайце “Арт Сядзібы”, гэтыя факты сталі асноваю і зьместам абгрунтаваньня, якое было падрыхтавана актывістамі кампаніі разам з гісторыкамі і навукоўцамі для Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і накіравана туды разам са зваротам дадаць бел-чырвона-белы сьцяг у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

1. 1410 рок. Беларускія дасьледнікі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў зьвесткі пра татарскую коньніцу, якая брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве пад бел-чырвона-белым сьцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта з прычыны прыналежнасьці бел-чырвона-белага палотнішча да выбітнага вялікага князя дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сьцяг беларусаў [1*].

2. 1444 рок. Чырвоны крыж на белым палотнішчы — баявы сьцяг войска ВКЛ у XV стагодзьдзі. Паводле гравюры “Бітва пад Варнай” з кронікі Марціна Бельскага [2*] [3*].

3. Каля 1520 року [4*]. Створана вялікае палотнішча “Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 р.” [5*]. Яго аўтар, мяркуюць гісторыкі, быў удзельнікам бітвы, а захоўваецца яно ў варшаўскім Нацыянальным музэі. На карціне з фатаграфічнай дасканаласьцю ўзноўленыя дэталі перамогі над утрая большым маскалёўскім войскам.

Вялікалітоўская кавалерыя карысталася сьцягам Сьвятога Юр'я — чырвоны крыж на белым палотнішчы, які, хутчэй за ўсё, стаў прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга [6*].

4. XVI стагодзьдзе. У Вялікім Княстве Літоўскім вялікае пашырэньне атрымаў шляхецкі герб “Котвіч”: “у срэбным полі чырвоны пас” [7*] — выява бел-чырвона-белага сьцяга [8*].

5. 1605 рок. Пасьля Люблінскай вуніі 1569 року рабіліся спробы стварыць аб’яднаны сьцяг для Рэчы Паспалітай — аб’яднаных Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. У 1605 роке вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт III Ваза пачаў выкарыстоўваць трохпалосны чырвона-бел-чырвоны сьцяг, а крыху пазьней зьявіўся бел-чырвона-бела-чырвоны сьцяг [9*].

6. 1630 рок. Ёсьць згадкі пра бел-чырвона-белыя сьцягі [8*] на карціне Пітэра Снаерса, прысьвечанай бітве 1605 року пад Кірхгольмам [10*].

7. XVI—XVIII стагодзьдзі. Беларускія татары выстаўлялі войска пад уласнай харугвай бел-чырвона-белага колеру з выявай па цэнтры паўмесяца і зоркі [9*].

8. 1776—1783 рокі. Ротны сьцяг беларускай гусарскай харугвы [11*].

9. 1781 рок. Герб Віцебску [12*] [13*].

10. 1812 рок. У Дзяржаўным музеі Літвы ў Вільні захоўваецца значок 19-га палку ўланаў: Ашмянскі, Троцкі, Ковенскі, Гарадзенскі, Лідскі, Наваградскі, Слонімскі, Ваўкавыскі паветы [14*].

11. 1824—1825 рокі. Галаўны ўбор палкоўніка Беларускага гусарскага палку [11*].

12. 1824—1825 рокі. Ківер ніжніх чыноў Гарадзенскага лейб-гвардыі гусарскага палку [11*].

13. 1840 рок. Герб Віцебскай губерні (з фондаў Дэпартамэнту Геральдыі Расейскай імпэрыі) [15*].

14. 1850 рок. Малюнак герба Лепеля (з фондаў Дэпартамэнту Геральдыі Расейскай імпэрыі) [15*].

15. 1872 рок. Бел-чырвона-белыя сьцягі на карціне Яна Матэйкі “Стэфан Баторы пад Псковам” [16*].

16. 1863 рок. У час паўстаньня 1863—1864 рокаў, калі Кастусь Каліноўскі вярнуўся да герба “Пагоня”, ёсьць падставы меркаваць, што ён адрадзіў і бел-чырвона-белы сьцяг [9*]: у Віленскім гістарычна-этнаграфічным музэі захоўваецца трыкутны сьцяжок тых часоў, на якім у сярэдзіне, уздоўж белага поля, праведзена чырвоная паласа [11*].

17. 1909—1912 рокі. бел-чырвона-белымі стужкамі карыстаюцца сябры гурткоў дэмакратычнага беларускага студэнцтва ў Санкт-Пецярбургу (з успамінаў Я.Ф. Сушынскага) [1*].

18. 1916 рок. Сьцяг зь бел-чырвона-белым палотнішчам мела арганізацыя “Сувязь незалежнай Беларусі”, якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі [1*].

19. Люты 1917 року. Паводле шматлікіх сьведчаньняў, праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сьцяга распрацаваў беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі не пазьней за 1917 год [17*] [18*].

Спробу гістарычнай рэканструкцыі працэсу стварэньня сьцяга Дуж-Душэўскім зрабіў блогер Skepsus [19*]:

Лютаўскім вечарам 1917-га Клаўдзій, перабіраючы старыя кнігі, намагаўся ў бясконцых спробах вынайсьці нацыянальны сьцяг, які павінен быў стаць сымбалем адроджанай Беларусі. З колерамі ўсё было зразумела (белы і чырвоны), але праблемаю заставаўся малюнак.

Пошукам вырашэньня задачы перашкаджала дыскусія, якую ў суседнім пакоі вялі сябры па руху абуджэньня.

Раптам адзін зь іх з крыкам “Дзе два беларусы, там тры партыі” выскачыў з памяшканьня як ашпараны. Гэта стала тым штуршком, які прывёў Клаўдзія да адкрыцьця: дзьве белыя паласы на трохпалосным сьцягу.
Ранкам бел-чырвона-белы сьцяг быў зацьверджаны як прыгожы, ляканічны і адпавядаючы законам геральдыкі. Аб сапраўднай тэарытычнай падаплёцы Дуж-Душэўскі разважліва змаўчаў.

20. 10-13 сакавіка 1917 року. Бел-чырвона-белы сьцяг стаў галоўным элемэнтам падчас сьвята “Дзень беларускага значка” [1*], калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сьцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Менску. Сьцягі, пашытыя паводле эскізу Клаўдзія Дуж-Душэўскага былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі [18*].

21. 5 жніўня 1917 року. На 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня [20*].

22. Сьнежань 1917 року. У Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі распачаў сваю працу Першы Ўсебеларускі кангрэс [1*].

Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава:
“Адкрыцьцё Першага Усебеларускага кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзьвярах будынка стаяла варта Першага Менскага беларускага палку, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сьцягамі і гербам “Пагоня” [21*].

Цэлы пакет старых папераў, датаваных пачаткам ХХ стагодзьдзя, удалося ўратаваць падчас рэканструкцыі Купалаўскага тэатра ў 2013-м роке. Сярод унікальных знаходак — выява бел-чырвона-белага сьцяга на шэрым кардоне. Адмыслоўцы не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў часе галасаваньня дэлегаты Першага Ўсебеларускага кангрэсу ў сьнежні 1917-га [22*].

 

23. 25-27 студзеня 1918 року. Бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўваўся падчас Беларускай нацыянальнай канфэрэнцыі [23*].

24. 19 лютага 1918 року. Упершыню беларускі сьцяг узьняўся над будынкам губэрнатарскага палаца ў Менску пасьля выгнаньня бальшавікоў [24*].

25. 5 жніўня 1918 року. Зьяўляецца дакумэнт, якім Сакратарыят БНР зацьвярджае бел-чырвона-белы сьцяг [1*].

26. 11 жніўня 1918 року. У газэце “Вольная Беларусь” зьяўляецца першае апісаньне сцяга. У артыкуле Вацлава Ластоўскага “Што трэба ведаць кожнаму Беларусу” ў разьдзеле VII “Сымбалі Беларусі” ён піша:

“Якія нацыянальныя колеры? Нацыянальны беларускі колер — бела-чырвоны. З гэтых колераў састаўлен і беларускі флаг, які складаецца з трох уздоўж палосак — белай, чырвонай і зноў белай” [1*].

27. 1918 рок. Друкуюцца паштоўкі зь дзяржаўнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі [25*].

28. 1919-1925 рокі. У снежні 1918 року ў Менск ізноў вярнулася савецкая ўлада, а ўрад БНР перабраўся ў 1919 роке ў Вільню, дзе і працягваў функцыянаваць да 1925 року [1*]. Сьцяг Рады БНР 1920-1925 рокаў уяўляў сабой бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг, дапоўнены дзьвюма вузкімі, верагодна, чорнымі (жалобнымі), палоскамі, якія падзяляюць белы і чырвоны колеры [30].

У архіве А. Басава захаваўся чорна-белы фотаздымак тых рокаў [23*]. Эміграцыя, нават калі ў дадзеным выпадку і адносная (няма дзяржавы, але ў раёне Вільні пражывала вельмі шмат беларусаў), — гэта заўсёды трагедыя для тых, хто любіць сваю Радзіму, і знак жалобы зьяўляецца такім натуральным у гэтай сытуацыі [1*]. 

29. 1920 рок. Бел-чырвона-белым сьцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня і вайсковыя фармаваньні Булак-Балаховіча [1*].

30. 1920 рок. Сьцяг Беларускага адмысловага батальёну ў складзе войска Літвы (1920 р.). Пасьля далучэньня Літвы да СССР сьцяг канфіскаваў Народны камісарыят унутраных справаў [26*].

31. 1920-1922 рокі. Факт існавання беларускага бел-чырвона-белага сьцяга перашкодзіў праекту Л. Гросвальдса, які прапаноўваў падобны сьцяг на ролю дзяржаўнага сьцяга незалежнай Латвіі [1*].

32. 1926 рок. У пэрыяд з 1924 па 1927 год БССР фактычна ня мела свайго дзяржаўнага сьцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канфэрэнцыі па рэформе беларускай мовы 1926 года, памяшканьне будынка ў Мінску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бел-чырвона-белае сонца зь пяцьцю бел-чырвона-белымі прамянямі [1*].

33. 1927 рок. Бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваўся нацыянальна-вызваленчым рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі. На здымку зьезд Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў Вільні [27*].

34. 1927-1930 рокі. Выкарыстоўваўся сьцяг і непалітычнымі арганізацыямі, такімі як, напрыклад, Таварыства беларускай школы [27*]. На фотаздымках гурткі ТБШ у Горадні і Міры.

35. 1927 рок. Абмяркоўваецца праект герба БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бел-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцыяў, аднак Прэзыдыюм ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай [28*].

36. 1932 рок. Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходзтва, які зьявіўся, імаверна, у 1932 роке, уяўляў сабою трыкутнае палотнішча з чырвоным ромбам, астатнія часткі палотнішча былі белымі. У наступныя гады назва параходзтва зьмянілася на Верхне-Дняпроўскае, а затым на Беларускае рачное [29*].

37. 31 жніўня 1934 року. Пра ўласнае аўтарства беларускага нацыянальнага сьцяга ва ўспамінах піша Клаўдзій Дуж-Душэўскі (пераклад зь літоўскай) [18*]:

“Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сьцягам такі ж сьцяг, як і літоўцы, г. зн. белы вершнік на чырвоным фоне, але нацыянальнага сьцяга тады яшчэ не было і мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцяга, адзін зь якіх быў прыняты, а менавіта белая, чырвоная і белая палосы. З гэтага часу гэты сьцяг і зьяўляецца беларускім нацыянальным сьцягам”.

38. 1941-1944 рокі. У Другую сусьветную вайну бел-чырвона-белы сьцяг разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада) [30*] [31*].

Як сьведчыць распараджэньне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14 чэрвеня 1944 р.), гэтае выкарыстаньне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі.

Шырока вядомае распараджэньне, быццам падпісанае гаўляйтэрам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае ў газеце “Раніца” (27 чэрвеня 1942 р.), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сьцягам побач зь нямецкай сымболікай “пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці” апынулася, паводле вынікаў пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзынфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі [30*].

Сёньня праціўнікі бел-чырвона-белага сьцяга часта ўжываюць гэты факт для дыскрэдытацыі сваіх апанэнтаў, абвінавачваючы іх у фашызьме. Пры гэтым звычайна замоўчваецца, што аналягічным чынам нямецкія вайсковыя фармаваньні выкарыстоўвалі цяперашнія сьцягі Бэльгіі, Латвіі, Літвы, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Расеі, Украіны, Францыі, Эстоніі і некаторых інш. краінаў Эўропы і Азіі.

39. Чэрвень 1944 року. Парад Беларускай краёвай абароны ў Менску ля цяперашняга Дому ўраду [32*] [33*].

40. 27 чэрвеня 1944 року. Адбыўся Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Уражаньні Яўхіма Кіпеля з кнігі “Эпізоды” [34*]:

“Дзень 27 чэрвеня 1944 року ўспамінаецца мне ўрачыстым, па-сапраўднаму сьвяточным: у Менску пачалі хадзіць трамваі, упрыгожаныя нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, на вуліцах шмат руху, усюды ва ўстановах людзі з правінцыі, багата моладзі — бальшыня ва ўніформах СБМ”.

Другі Ўсебеларускі Кангрэс праходзіў у Менскім гарадзкім тэатры. Уваход быў упрыгожаны “Пагоняй” і бел-чырвона-белымі сьцягамі, а будынак ахоўвалі ад магчымых правакацый — як з боку немцаў, так і з боку савецкіх падпольшчыкаў-тэрарыстаў — жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны [34*].

41. 50-80-я рокі XX стагодзьдзя. У савецкі час у БССР бел-чырвона-белы сьцяг трапляе пад забарону, але актыўна выкарыстоўваецца беларускай дыяспарай за мяжою [35*]. 

42. 24 жніўня 1991 року. Дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўны Савет [38*].

На наступны дзень, 25 жніўня, Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце [39*], якая была прынятая 27 ліпеня 1990 року Вярхоўным Саветам БССР, быў нададзены статус канстытуцыйнага закону [38*].

43. 19 верасьня 1991 року. Вярхоўны Савет БССР прыняў законы “Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь” і “Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь”, а таксама аб назьве нашай краіны [38*]. У адпаведнасці з гэтымі законамі краіна стала называцца Рэспублікай Беларусь і была ўведзеная новая дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” [40*].

44. Верасень 1991 року. Адразу пасьля прыняцьця закону “Аб дзяржаўных сымбалах” на Доме ўраду зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, які загадзя прынесьлі дэпутаты з БНФ [38*] [41*].

45. 4 кастрычніка 1991 року. Была сфармаваная адмысловая Камісія пры Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету для распрацоўкі і зацьвярджэньня дзяржаўнай сымболікі, атрыбутыкі і адпаведных дакумэнтаў да іх. У яе ўваходзіла больш за 20 чалавек: вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнэры, мастацтвазнаўцы. Узначаліў Камісію дэпутат Алег Трусаў [36*].

У мастацкую групу ўвайшлі Яўген Кулік, Мікола Купава, Лявон Бартлаў, Леў Талбузін і Уладзімір Крукоўскі. Праца працягвалася амаль тры месяцы. У працы над эталёнамі, маторам усёй акцыі быў мастак Яўген Кулік [37*]. Над гербам найбольш давялося працаваць Куліку і Крукоўскаму. Талбузін займаўся навершам сцяга, а потым, калі былі гатовы графічны і каляровы эталоны, пачаў ляпіць рэльеф (аб’ёмны эталён). Купава рабіў узоры дзяржаўных пячатак, Крукоўскаму давялося яшчэ зрабіць новы нагрудны знак дэпутата [36*]

46. 1993 рок. Выйшла кніга Вінцука Вячоркі зь ілюстрацыямі Пятра Драчова для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Пра герб і сьцяг”. Кніга разышлася накладам больш за сто тысячаў. З таго часу не перавыдавалася [3*].

47. 27 ліпеня 1994 року. Адзначаецца Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Піша Юры Малярэўскі [42*]:

 

“Дзень незалежнасьці 27 ліпеня 1994 року быў адметны ад папярэдніх тым, што адчувалася сапраўднае сьвята. У кожнага яно было сваё, але было і нешта агульнае, што ў той дзень яднала ўсіх. Таму ў сьвяточных калёнах ішлі такія розныя і да болю знаёмыя людзі, адчуваўшыя сябе грамадзянамі адной дзяржавы. Паглядзіце на здымкі: тры бабулі, пагодкі Кастрычніка 17-га, сьвятое духавенства, якое, як і належыць, было ў той дзень поруч са сваімі вернікамі (хоць і не зусім поруч, але ж непадалёку), шчасьлівы Зянон Пазняк, разважлівы, задуменны Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін… Эх, як бы хацелася, каб тое хлапчанё, што ўмасьцілася на бацькавым карку зь бел-чырвона-белым сьцяжком, за які яшчэ ня вельмі даўно нам давалі (і зараз зноўку даюць) паспытаць “гумы з чаромхай”, пачувала сябе беларусам, годным чалавекам ды сапраўдным патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Каб і праз сто, і празь дзьвесьце гадоў, і праз цэлую вечнасьць нашчадкі годна адзначалі сьветлае сьвята — Дзень незалежнасьці (але не ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў!), прамаўляючы вечныя словы: Жыве Беларусь!”.

48. 20 ліпеня 1994 року. Пад бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лука-кі [43*].

49. 31 траўня 2013 року. Выйшла музычная складанка “Сымбалі веры і свабоды”, якая прысьвечаная бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу “Пагоня” [44*] [45*].

50. Кастрычнік 2013 року. Алег Трусаў і Аляўціна Вячорка перадалі ў рэдакцыю “Арт Сядзібы” арыгіналы нэгатываў, першыя фотаздымкі і дакумэнты, зь якіх у 1991-м роке друкавалася і тыражавалася дзяржаўная сымболіка Рэспублікі Беларусь, а таксама першыя акты аб прыняцьці сьцяга і герба [46*].


Выкарыстаная літаратура, спасылкі і крыніцы інфармацыі:


[1*] Басаў А.Н., Куркоў І.М. “Флагі Беларусі ўчора і сёння” / Пер. А.Н. Найдовіч. — Мн.: “Полымя”, 1994.
[2*] Ул. Арлоў, Зм. Герасімовіч “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012.
[3а] Вячорка В.Р. “Кроў лягла чырвонай паласой...” // З гісторыяй на “Вы”: Публіцыстычныя артыкулы/Уклад. У. Арлова. — Мн.: “Мастацкая літаратура”, 1991.
[3б*] Вінцук Вячорка “Пра герб і сцяг”. — Мн.: “Беларусь”, 1993.
[4*] А. Грыцкевіч “Аршанская бітва 1514 года і яе ўдзельнікі” // Газета “Наша Слова” №33 (719) ад 31 жніўня 2005 г., №34 (720) ад 07 верасня 2005 г.
[5*] Батальная карціна “Бітва пад Воршай 8 верасня 1514 г.”, знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.
[6*] Михаил Ткачев “Национальные символы: народ и история”, 1989.
[7*] Котвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 244.
[8*] Уладзімір Давыдоўскі “Сімвалы Беларусі” // “Абажур” №3 (78), 2009. С. 38.
[9*] М.А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 393.[10*] Карціна Пітэра Снаерса “Бітва пад Кірхгольмам”, 1630.
[11*] Цітоў А. “Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі”. — Мн.: “Полымя”, 1993.
[12*] А.В. Русецкий, Ю. А. Русецкий “Художественная культура Витебска с древности до 1917 года”. — Мн.: БелЭн, 2001.
[13*] О. Рево “Гербы городов Полоцкой и Витебской губерний Российской империи” // “Наука и Жизнь” №7, 1998.
[14*] Віктар Хурсік “Яны адступалі да Парыжу…” // “Дзеяслоў” №5, 2003.
[15*] Цітоў А.К. “Геральдыка Беларусі”. — Мн.: МФЦП, 2010.
[16*] Карціна Яна Матэйкі “Стэфан Баторый пад Псковам”, 1872.
[17*] Сяргей Харэўскі “Клаўдзi Дуж-Душэўскi. Сцяг” // “Наша Ніва” №6, 1998. С. 15.
[18*] Васіль Герасімчык “Клаўдыюш Дуж-Душэўскі — аўтар бел-чырвона-белага сцяга”, 2013.
[19*] Skepsus “Из истории нашего флага”. (Попытка исторической реконструкции)”, 2011.
[20*] Ф. Турук “Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов”. — Москва: Государственное издательство, 1921; Мн.: Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994. С. 95.
[21*] История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н. Кузнецов, В.Г. Мазец. — Мн., 2000. — С. 252-259.
[22*] Ігар Карней “Унікальныя знаходкі, датычныя абвяшчэньня БНР”, 2013.
[23*] Андрэй Мяцельскі “Сцяг Волі”, 2013.
[24*] А. Латышонак “Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі” // Жаўнеры БНР. — Беласток-Вільня, 2009.[25*] Паштоўка часоў БНР, 1918.
[26*] А.Н. Басов “Флаги БНР”, 2003.
[27*] Андрэй Вашкевіч “Нашы сцягі над Заходняй Беларусьсю” // Arche, №4 (55) — 2007.
[28*] Насевіч В.Л. Гэты сцяг пачынаўся так… // “Чырвоная Змена” №42 (13900), 20 красавіка 1995.
[29*] Л.Н.Токарь “Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходства”.
[30*] Цітоў А.К. “Сфрагістыка і геральдыка Беларусі”. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999.
[31*] Менск — гісторыя па фотаздымках “Вул. Энгельса — дом №7 – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы”.
[32*] Беларускі калабарацыянізм у Другой сусветнай вайне.
[33*] “Белорусские коллаборационистские формирования в эмиграции (1944—1945): Организация и боевое применение” // Романько О. В. Коричневые тени в Польсье. Белоруссия 1941—1945. М.: Вече, 2008.
[34*] Алег Гардзіенка “60 гадоў 2-му Усебеларускаму кангрэсу: 1944-2004”.
[35*] Наталля Гардзіенка “Беларуская Канада”, 2011.
[36*] Валянціна Трыгубовіч “Сцяг і герб” // часопіс “Мастацтва” №8, 1992.
[37*] Іна Студзінская “Мастак, які ў душы нёс сьцяг Беларушчыны”, 2012.
[38*] Сяргей Навумчык “Дзевяноста першы”. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / “Радыё Свабода”, 2013.
[39*] Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 27 ліпеня 1990.
[40*] Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь / Склад.: А. Трусаў, І. Лазавікоў. – 2-е выд., дап. — Мн.: Беларусь, 1994. — С. 15.
[41*] Віталь Малькевіч “Зянон Пазьняк: Калі бел-чырвона-белы сцяг быў прыняты, я страціў прытомнасць”, 2007.
[42*] Юры Малярэўскі “Дзень Незалежнасці 1994 г. Старонкі нашай гісторыі”.
[43*] Відэазапіс “Першая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі”, 1994.
[44*] Складанка “Сімвалы веры і свабоды”, 2013.
[45*] Анатоль Мяльгуй “Сімвалы веры і свабоды — толькі пачатак”, 2013.
[46*] Павел Белавус “Знойдзены негатывы, з якіх друкавалася дзяржсімволіка ў 1991-м”, 2013.


“Радыё Свабода”, 14 траўня 2016 р.



Создан 15 мая 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter