У “Русіча” вялікія інтарэсы, зьвязаныя зь Беларусьсю

Кіраўнік аддзелу маскалёўскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў пацьвердзіў “Свабодзе”, што ён і ягоныя паплечнікі займаюцца ваеннай падрыхтоўкай беларускіх дзяцей і што ўлады Беларусі гэтаму не перашкаджаюць.



Пра тое, што беларускіх дзяцей зь Віцебска, Друцка і Талачына сёлета вазілі ў Расею на ваенныя зборы, якія праводзілі баевікі дывэрсійна-штурмавой выведвальнай брыгады “Русіч” і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў, першай паведаміла газэта “Наша Ніва”.

Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, беларускіх школьнікаў накіроўвалі на зборы праз Талачынскае “Праваслаўнае вайскова-патрыятычнае братэрства імя сьвятых праведных князёў Барыса і Глеба прыхода храма Ўвядзеньня ў храм Прасьвятой багародзіцы”, “Казацкі” клюб “Вароты Паазер’я”, Друцкі “Праваслаўны вайскова-патрыятычны клюб імя Архангела Міхаіла”, а таксама вайскова-патрыятычны клюб “Школа выжываньня” пры віцебскай арганізацыі аўганцаў “Братэрства”.

Свабода” зьвярнулася з просьбай пракамэнтаваць публікацыю “Нашай Нівы” кіраўніка “Русіча” Аляксея Мільчакова.

Аляксей Мільчакоў не аспрэчваў факты, агучаныя ў расьсьледаваньні “Нашай Нівы” і пацьвердзіў, што “Русіч” займаецца вайсковай падрыхтоўкай дзяцей. Мільчакоў толькі зьвярнуў увагу на тое, што ня лічыць сябе тэрарыстам, а “Русіч” — тэрарыстычнай арганізацыяй.

Мільчакоў зазначыў, што ўлады Беларусі ніяк не перашкаджалі ні адпраўцы беларускіх школьнікаў на трэніровачныя зборы, ні ў прынцыпе супрацоўніцтву “Русіча” зь беларускімі клюбамі і арганізацыямі.

— Мерапрыемствы агульныя і без палітычнага адценьня, і з боку ўладаў дрэннай рэакцыі не назіралася, — сказаў Мільчакоў.

На просьбу “Свабоды” больш падрабязна распавесьці пра сваё супрацоўніцтва зь беларускімі арганізацыямі і пра сваю працу на беларускім напрамку Мільчакоў адказаў адмовай, але адзначыў:

— У “Русіча” вялікія інтарэсы, зьвязаныя зь Беларусьсю, і каб не было скандалаў (хаця іх і ўздымае, як я зразумеў, “майданутая вышывата”, якой меншасьць) і ў людзей не ўзьнікала нязручнасьцяў, я лепш пакіну гэта без адказу.

Мільчакоў паведаміў, што асабіста прыяжджаў у Беларусь, хаця ваенна-патрыятычныя зборы тут не праводзіў.

Ён дадаў, што “Русіч” не зьяўляецца арганізатарам трэніровачных лягераў — яны толькі працуюць там інструктарамі. Усімі арганізацыйнымі пытаньнямі займаецца так званая карпарацыя “E.N.O.T”.


Даведка:


І “Русіч” і “E.N.O.T. Corp” маюць рэпутацыю фашысцкіх і нэанацысцкіх арганізацыяў.

Дывэрсійна-штурмавая выведвальная група “Русіч” — баявы аддзел маскалёўскіх нацыяналістаў, які прымаў удзел у вайне на Данбасе.

“Русіч” спачатку ўваходзіў у групу хуткага рэагаваньня “Бэтмэн” (падразьдзяленьне, сумна вядомае выкраданьнямі, катаваньнямі і рабункамі мірных жыхароў), а потым у брыгаду “Вікінг”. У чэрвені 2015 року кіраўніцтва “Русіча” прыняло рашэньне вывесьці аддзел з Данбасу. У заяве, прысьвечанай гэтай падзеі, адзначалася, што байцоў “Русіча” чакае новая вайна: “У будучай вайне, якая бліжэй з кожным днём, здаровыя патрыятычныя сілы будуць як нельга дарэчы”.

За камандзірам “Русіча” 25-гадовым ураджэнцам Пецярбурга Аляксеем Мільчаковым (пазыўны “Сэрб”, мянушка “Фрыц”) цьвёрда замацавалася рэпутацыя нэанацыста і садыста. Яшчэ ў 2012 роке ён стаў вядомы на ўсю Расею пасьля таго, як выклаў у Інтэрнэт фота, дзе адразае галаву шчанюку і робіць зь яго шашлык, а таксама пазіруе са сьцягам нацысцкай Нямеччыны.

Падчас вайны на Данбасе ягоная рэпутацыя стала яшчэ больш злавеснай. У забітых украінскіх салдат ён адразаў вушы, выразаў на іх тварах знак “калаўрат” (8-прамянёвая свастыка — эмблема “Русіча”), а таксама рабіў сэлфі на фоне згарэлых трупаў украінцаў. Фота сваіх “подзьвігаў” Мільчакоў выкладваў у сацыяльныя сеткі.

Намесьнік Мільчакова ў “Русічы” Ян Пятроўскі таксама любіць фатаграфавацца з трупамі ўкраінскіх байцоў, з нацысцкім прывітаньнем, а акрамя таго мае татуіроўкі з эмблемамі дывізій СС. Ён, як і Мільчакоў, асабіста ўдзельнічае ў падрыхтоўцы на ваенных зборах дзяцей — у тым ліку, дзяцей зь Беларусі.

Арганізатары трэніровачных збораў — “E.N.O.T. Corp” — гэта ваенізаваная нацыяналістычная арганізацыя, аснову якой склалі дзьве маскалёўскія нацыянальна-патрыятычныя структуры: асацыяцыя “Рэзэрв” і грамадзкая арганізацыя “Сьветлая Русь”. Да вайны на Данбасе байцы “E.N.O.T. Corp” у асноўным займаліся барацьбой зь нелегальнай міграцыяй у Расеі (як кажуць пра сябе самі “яноты”, “арганізоўвалі нашу моладзь на чыстку вуліц ад усякай брыдоты”). “E.N.O.T. Corp” ня толькі рэгулярна праводзіць ваенныя зборы для дзяцей і моладзі, але яшчэ і мае сваё стала дзейнае ваенізаванае моладзевае падразьдзяленьне.

З пачаткам вайны на Данбасе баевікі “E.N.O.T. Corp” актыўна прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях на фронце, а таксама выконвалі контарвыведніцкія функцыі ў тыле сэпаратыстаў і выведвальныя ва ўкраінскім тыле (гэта інфармацыя зьмяшчаецца ў роліку “янотаў” на іх афіцыйным канале ў “YouTube”).

Ёсьць сьведчаньні таго, што на базе гэтай нацыяналістычнай структуры дзейнічае паўнавартасная прыватная ваенная кампанія — паўлегальнае ваеннае падразьдзяленьне, якое курыруе ФСБ. Прычым байцы “E.N.O.T. Corp” ваююць ня толькі ва Ўкраіне, але і ў Сырыі. Пра гэта ў прыватнасьці паведамляюць экспэрты ўкраінскай групы “Інфармацыйны супраціў”. Гэта пацьвярджае і інфаграфіка, разьмешчаная ў суполцы моладзевага падразьдзяленьня “E.N.O.T. Corp”.


Радыё Свабода”, 18 траўня 2016 р.



Создан 18 мая 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter