Невядомы Менск: першая “Пагоня” i самы вялiкi скарб места

Гiсторык Сяргей Харэўскі распавядае пра гісторыю сталіцы Беларусі.



Чаму жыхар Ракаўскай Яша Гузік стаў касірам Аль Капонэ, як Лявона Баразну забілі на вуліцы Камсамольская сярод белага дня, і дзе знаходзіцца фотастудыя Хаіма Суціна — гэтыя цудоўныя малюнкі ўзнікаюць перад вачыма, калі гісторык Сяргей Харэўскі праводзіць экскурсію. Падарожжа пачынаецца на лаўцы на вуліцы Ракаўскай.

— Сяргей, у мінулы раз мы з вамі гаварылі пра майстэрню на Дзімітрава, дзе тусаваўся Якуб Колас. А хто са знакамітых менчукоў жыў на Ракаўскай?

— Менавіта адсюль, з Ракаўскага прадмесця, чыкагскі бандзіт Яша Гузік, адзін з прататыпаў амерыканскай гісторыі славутага фільма пра хлопцаў, якія сталі гангстарамі. Ён быў касірам з банды Аль Капонэ.

— Ніфіга сабе!

— Гэта праўда. Але родам з Беларусі яшчэ адзін каларытны персанаж, у гонар якога названа вуліца Маркса. Толькі не Карл Маркс, а Мойша Маркс, і яго прозвішча пішацца не праз “х”, а праз “ks”. Ён нарадзіўся ў Гародне, але дзяцінства і школьныя гады правёў у Менску, пакуль у час першай сусветнай вайны яго сям’я не з’ехала ў Англію, дзе Мойша Маркс стаў стваральнікам першай у Эўропе сеткі адзення Marks & Spencer.

— А што вы хочаце рабіць з вуліцай Маркса? Пераназваць у гонар Marks & Spencer?

— Я прапаноўваю не пераназываць яе ў гонар Мойшы Маркса, а проста памяняць ініцыялы і зладзіць нейкі флэшмоб пры дапамозе Marks & Spencer. Падобных цікавых персанажаў тут было нямала.

 

Хто паставіў на шпілі Епархіі першую ў Менску “Пагоню


— Гэты раён шчыльна звязаны з мастакоўскім жыццём. За будынкам сінагогі, дзе зараз знаходзіцца дзіцячая школа шахмат і шашак, раней былі майстэрні Сухамлінава, Куцікава, Саковіча, Лапчынскага. Сапраўды, гэта быў менскі Манмарт. У сярэдзіне 80-х тыя будынкі грохнулі і пабудавалі Епархіальнае кіраванне, дзе цяпер сядзіць неўзабаве прыехаўшы Павел. Цікава, што царкоўную кантору пачалі будаваць у 82-м роке ў савецкія часы. Дарэчы, будынак стаў першым, дзе на шпілі з’явілася “Пагоня”: Святы Юры на кані, які прыкончвае цмока.


— Пойдзем паглядзім “Пагоню”! Як яе ўбачыць?

— Флюгер можна ўбачыць з гары, калі зайсці на двор маёй школы (але мы з Сяргеем праходзім у дворык Епархіі — заўв. рэд.). Глядзіце: у працэсе будаўніцтва тут быў знойдзены старажытны каменны крыж, відаць, з тэрыторыі былога Узнясенскага кляштара. Ён і зараз тут ляжыць, бачыце? Гэтае месца мне падабаецца. Калі вакол у месце ўсё кіпіць ды бурліць, сюды можна зайсці, як у іншы свет. Пасядзець ціха ў цянёчку, паслухаць, як салаўі спяваюць — фантастыка, у самым цэнтры места! А “Пагоня” вось там, наверсе. Трэба падняцца пешшу і са двара ўбачыць яе на флюгеры Святога Юрыя, патрона беларускага. Але зараз давайце пройдзем далей па Ракаўскай (выходзім з дворыка Епархіі — заўв. рэд.). Вось славуты Менскі хлебзавод, старэйшы ў месце, з якога вечарам і раніцай пахне гарачым хлебам.

Калі мы гаворым пра места, гэта ж не толькі колеры і мемарыялы, але і пахі. Пах майго дзяцінства — гэта пах гарачага хлеба з хлебзавода, кавы і плюшак з кафетэрыя.


Чаму Міхась Раманюк касіў пад Высоцкага

 

— На адваротным баку вуліцы, дзе зараз гандлёвы беларуска-турысцкі дом, была майстэрня выдатнага мастацтвазнаўцы і мадэльера Міхася Раманюка. Гэта быў унікальны чалавек у гісторыі Менска. Ён скончыў ПТВ швей-матарыстак, дзе быў як казёл у гародзе, і вось гэтыя свае шавецкія ўмельствы часта дэманстраваў на спрэчку: зразаў гузік і прышываў яго за хвіліну ідэальна.

— А ён не гей быў?

— Не, наадварот, як бы мягчэй сказаць — зусім не гей. Пра яго амурныя подзвігі і вандроўкі ходзяць легенды. Калі ён служыў у войску ў Патсдаме, то пад штандарам граў у аркестры савецкіх войск на маракасах. А пазней пашыў сваёй нявесце вясельную сукенку, раскошную крывава-чырвоную ў аргенцінскім стылі. Класны быў чалавек, арыгінальны, артыстычны і вельмі апантаны Беларушчынай. Ён быў мескі, але за свае грошы аб’ездзіў усю Беларусь і сабраў унікальную калекцыю народных строяў, паспеўшы яшчэ ў 60-70-ыя рокі ўбачыць не сцэнічныя касцюмы, але ўсё жывое і натуральнае. Ён выдаў у 70-х шыкоўны каляровы альбом, які не мае аналагаў: “Беларускае народнае адзенне”. Прысвяціў народнаму мастацтву ўсё сваё жыццё, вывучаў і куфры, што было зусім дзіўна ў савецкія часы, і пахавальны культ: ад дзіцячых пахаванняў, калі дзеці дзяцей нясуць, перапрануўшыся ў анёлаў, да фотаздымкаў усіх відаў магіл і крыжоў, якія мы ўжо рэдка дзе ўбачым. Па кніжцы “Беларускія народныя крыжы”, якая была выдадзена ўжо пасмяротна сынам Міхася Раманюка, можна кланіраваць Беларусь, калі спатрэбіцца. Першая майстэрня Раманюка і Уладзіміра Крукоўскага (вядомага плакатыста, аднаго з аўтараў эталоннага герба “Пагоня” ў 1991 роке) была ў доме нумар 15. Вось два вакны былі іх.
— Прыбудовачка была?

— Не, проста гэты дом абрэзалі. Шкада, я б усё ж прымацаваў мемарыяльную табліцу ў памяць пра Міхася, феерычнага чалавека-аркестра. Яна тут так і просіцца. Раманюк выхаваў цэлую генерацыю мастацтвазнаўцаў: быў стваральнікам і першым загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі мастацтваў акадэміі мастацтва. Каларытная была і сама постаць гэтага чалавека, які ўсё сам сабе шыў касцюмы і касіў пад Высоцкага, вось з такімі ж валасамі. Яго сын вучыўся ў маёй школе, і настаўнікі ўздыхнулі, калі яго ўдалося здаць у школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка. Зараз сын Міхася стаў вядомым беларускім фатографам і мастаком-графікам, які працягвае бацькаву справу: аб’язджае Беларусь і фіксуе яе жыццё.


Дзе ў Менску 200 рокаў чыняць абутак


— Глядзіце: побач з былой майстэрняй Раманюка ёсць абутковая майстэрня. Яна дакладна стаіць на гэтым месцы рокаў дзвесце. Колькі я сябе памятаю, колькі сябе памятаюць мае бацькі, дзяды і бабкі — тут чынілі абутак. На жаль, аўтэнтычны дамок быў нікудышны, і яго развалілі, але прыемна бачыць, што месца выкарыстоўваецца па таму ж самаму прызначэнню. Рэкамендую забегчы сюды эксклюзіўна, пазнаёміцца. Ўсё ж такі гэта не дом быта, дзе чорт ведае што.

— А што было ў двары, дзе цяпер амбасада Італіі?


— Таксама мастакоўскія майстэрні — яны да сёння застаюцца на мансардах. Зойдзем паглядзець? Вунь консульства Нарвегіі ў аўтэнтычным драўляным будынку: так выглядала тут усё, і адразу ўніз ішлі яры.

У гэтым двары раней вельмі часта здымалі гістарычныя кінафільмы. Мае дзіцячыя ўспаміны: ідзеш, і раптам — бах — нямецкія танкі. Крочуць нацысты з сабакамі, вісяць свастыкі. Праз тры дні ідзеш — ужо савецкія танкі і матацыклы. Праз тыдзень ужо польскія жандармы ходзяць і драпежныя тумбы стаяць: здымаюць фільмы пра Заходнюю Беларусь. Сярод іншых тут здымалі фільм “Чужая Бацькаўшчына” паводле сцэнарыя Адамчыка — фактурысты быў квартальчык. Але ведаеце, вадзіць людзей па экскурсіях — гэта нялегкая праца: я ўжо паўгадзіны гляджу, дзе мы з вамі зможам купіць бутэльку вады.


— Пойдзем на Нямігу — там ёсць нейкія палаткі.

— Не, ужо ўсё зачынена. А хадземце па верху, зробім ронда. Мы пабачым самае лепшае “бэльвё” — асцярожны выгляд на места, дзе відаць усе цікавосткі Траецкага прадмесця. На пачатку колішняй паркавай магістралі стаіць Дом мод з базантным пано мастака Арцімовіча “Салідарнасць”. Пано было створанае ў 70-ыя рокі, і тады быў адзін кантэкст з салідарнасцю кубінскіх і в’етнамскіх камуністаў-партызанаў.

Сёння, калі кантэкст памяняўся, ніхто не разумее, куды ідуць арабскія тэрарысты і лаціна-амерыканскія бандыты і чаму там надпіс па-англійску solidarіty. Патлумачыць гэта немагчыма. Вось станьце пад гэтым пано і апытайце першых трыццаць чалавек: думаю, ніхто не адкажа, што гэта такое.

— Яго ж хацелі здымаць!

— Пано трэба было зняць у 91-м, а сёння, я ўжо лічу, хай застаецца. Тэрарысты ўсіх краін ідуць кудысьці.


Літоўская бяссонніца


— Дарэчы, на гэтым месцы, дзе мы з вамі ідзем, на стоку Свіслачы і Нямігі, тысячу рокаў таму стаяў другі замак, і летапісныя згадкі пра Менск пачынаюцца з таго, што яго спалілі датла ў 1067 роке. “Не дабром берагі крывавыя Нямігі засеяны, а касцьмі”. Дарэчы, мала хто ведае, што назва рэчкі Няміга, якая да сёння цячэ пад асфальтам, увабраная пад бятонны калектар, — сведчанне таго, што да нас тут жылі балцкія плямёны. У перакладзе з сучаснай літоўскай мовы “няміга” — гэта бяссонніца. Без усялякіх пранонсаў. Ёсць нешта фатальнае ў назве, якая нас адсылае ў дрымучыя часы, яшчэ да славянскага тутэйшага насельніцтва. Але места было за сем кіламетраў адсюль на рэчцы Менка, дзе стаяў першы замак, Менскі. Назва Менка таксама паходзіць з балцкіх моваў і з сучаснай літоўскай перакладаецца як “маленькая, невялічкая, факультатыўная” — інакш рэчку ў сем кіламетраў і не назавеш.

— А чаму асноўны сэнс менавіта ў слове “бяссонніца”?

— Рака Няміга сапраўды не давала спаць тутэйшым жыхарам. Звычайна яна, маленькая, цякла ўся ў незабудках, а калі бывалі дажджы ці паводкі, імгненна падымалася на два метры, затопліваючы нават першыя паверхі. За гэты яе нораў, незразумелы і неспакойны, яе і назвалі “бяссонніца”. Потым узгадваецца страшная трагедыя, калі людзі ў пераходзе падушыліся. Зрэшты, апошнія некалькі год мы бачым паводкі. Як дзвесце рокаў таму, так і сёння — прыроду не падманеш.

— Плаваюць тралейбусы нейкія. О, “Кофебокс”, мы там ваду купім!

— Ойлі. (Сяргей Харэўскі пытае пра ваду на беларускай мове, дзяўчына на лаўцы глядзіць на яго з жахам — заўв. рэд.)

— Ці не дзіўна вам, што калі размаўляеш на беларускай мове, то людзі глядзяць на вас, як на цуд?

— Ды кіньце, я ўсё жыццё так гавару. Проста тут ёсць адзін момант “ікс”. Калі б цябе ведалі палову жыцця рускамоўным, то потым могуць не зразумець: “Серёга, ты чо?” І ты адчуваеш сябе нібыта індзеец у пер’і. Для тых, хто цябе не ведаў, ты ўжо адразу такі: успрымаюць нармальна. Я зараз ваджу сваю пяцігадовую малую ў садок, дзіцё ў транспарце на беларускай гаворыць гучна. Дык усе яе ненавязліва хваляць і ў размову ўступаюць.


Палац апошняга канцлера ВКЛ з невымоўным прозвішчам


— Зараз мы ідзем па тэрыторыі замчышча. На тым месцы, дзе знаходзіцца паркінг каля будынка Белпрампраекта, ёсць падмуркі халоднай сінагогі XVII стагоддзя. Сінагога прастаяла 300 рокаў амаль да 74-га року — гэта самы старэйшы гатычны будынак у нашым месте. Ён быў зруйнаваны, але падмуркі ягоныя ўнесеныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Яны тут закансерваваныя, але мы іх не зможам пабачыць. Яны пад асфальтам, перасыпалі сухім кварцавым пяском да лепшых часоў.

— А навошта так рабіць? Не паказваць нікому, хаваць?

— Быў у свой час праект аднаўлення, і чакаецца, калі людзі прыдумаюць, для чаго рэстаўраваць. Любая рэстаўрацыя робіцца пад нешта. Увогуле, у габрэйскай традыцыі няма шанавання камянёў. Ёсць шанаванне кнігі, і той Талмуд, што быў апаганены не іудзеямі, а свінажэрамі, ўжо не святыня. Святыні — толькі магілы. У габрэяў нават ёсць абрад пахавання Торы: калі яна стлявае ад пастаяннага карыстання, кнігу, як чалавека, хаваюць у зямлю, таму што паліць яе нельга. (Сяргей Харэўскі прапануе сесці на лаўку з відам на дом-музей Міхаіла Савіцкага) Глядзіце: перад намі адноўлены будынак, дзе да нядаўняга часу быў ваенкамат. Раней гэта быў палац апошняга канцлера ВКЛ Пжыздзецкага, у якім былі два флігелі (застаўся адзін): па люстраному ў месцы, дзе мы сядзім, быў такі самы флігель.

Канешне, у ідэале трэба было б і яго аднавіць, каб стварыць гэты курдамёр, але для гэтага даўно пара было б грохнуць ідыёцкі будынак Белпрампраекта, які раней быў зусім страшны (вось мы бачым яго заднік), але ўсё ніяк не могуць адважыцца.

— Прабачце, як прозвішча гэтага канцлера?…

— Пшыздзецкі. Гэта яму належала Заслаўе. Там быў вялікі палац, а тут — ягоны мескі палац у стылі ракако, калісьці вельмі прэстыжны, як сёння рэзідэнцыя прэм’ер-міністра. Тут былі высокія мансардныя дахі, ляпніна, разнастайныя фінціфлюшкі, скульптуркі. Зараз там на першым паверсе музей шляхецкага быту і інтэр’ераў: з вокнаў адкрываюцца класныя віды на менскія дворыкі. Рэкамендую глянуць. Але ў савецкі час, калі я хадзіў у школу, тут быў ваенкамат. Памятаю, як пачынаўся вясновы альбо восеньскі прызыў, у гэтым месцы смутку збіраліся лысыя хлопчыкі і рыдалі маці. Мне было страшна і я бег адсюль, бо здавалася, быццам іх на расстрэл вялі. Усё было б смешна, каб не часы вайны ў Афганістане, калі провады і рыданні выглядалі асабліва страшна.

— Будынак завецца домам-музеем Савіцкага. Мастак тут жыў?

— Мастак ніякага дачынення да гэтага дома не меў. Майстэрня Міхаіла Савіцкага засталася за ўніверсамам “Рыга”, а з Нямігай Міхаіла Савіцкага нічога не звязвала. Думаю, дваццаць рокаў таму будынак проста перадалі на баланс места і не ведалі, пад што прыстасаваць. Пад народнага мастака СССР, лаўрэата прэміі Прэзідэнта, яно пракаціла. Не горшае выкарыстанне. Усё ж такі не ваенкамат.


Як да менчукоў прыплыла ікона з Кіева


— Насупраць ёсць касцёл найсвяцейшай панны Марыі: калі я хадзіў у школу, там было таварыства “Спартак”. Да яго быў прылеплены сталінскі фасад, усё раздзелена на тры паверхі, дзе самбісты кідалі на матах адзін аднаго. У Адама Глобуса ёсць класны аповед пра тое, як ён там займаўся спортам, як пахла потам. Але пасля таго, як ён кідануў аднаго з напарнікаў, а ў таго з рота вылецеў гліст, ён перастаў займацца барацьбой і больш туды ніколі не хадзіў. Калісьці ў касцёле было шмат святыняў. Найвялікшая святыня — труна з мошчамі святога Феліцыяна, аднаго з двух ваяроў рымскіх, якіх прыставілі да труны Хрыста. Яны першымі ўбачылі яго ўваскрашэнне, уверавалі і сталі першапакутнікамі. Аднаго з іх звалі Феліцыян, і яго мошчы былі ў XVIII стагоддзі падораныя Ватыканам Менску. Менскі ваявода Пацура чыста праз усю Эўропу прывёз гэтыя мошчы. З XVIII стагоддзя 200 рокаў патронам нашага места з’яўляўся святы Феліцыян, таму вуліца Камсамольская раней называлася Феліцыянаўскай. Сёння найгалоўная святыня нашага места — гэта святая ікона Маці Божай Менскай, якая, паводле падання, напісаная самім евангелістам Лукой. Насамрэч ікона мае візантыйскае паходжанне, напэўна, прывезена ў XVI стагоддзі з Блізкага Ўсходу. Паданне ж сведчыць, што аднаго разу менчукі выйшлі на суток Свіслачы і Нямігі і ўбачылі, як супраць плыні плыве да іх па рацэ абраз у святле і ззяе. Паданне звязанае з разарэннем Кіева крымскімі татарамі ў XVI стагоддзі. Татары кінулі абраз у Дняпро, і па Дняпры ён даплыў да Свіслачы.

— Гэта магчыма было ў той час?

— Уверх па плыні — не, не магчыма. Калі казаць у фізічным сэнсе.

— Не, але шлях існуе?

— Так. Мы можам кінуць у Свіслач бычок ад цыгарэты, і яго прыб’е да Стамбула. Свіслач упадае ў Бярэзіну, раку, старэйшую за Дняпро, якая з’явілася, калі ледавік пачаў таяць. Бярэзіна ўпадае ў Дняпро, а Дняпро праз Кіеў — у Чорнае мора. Другая палова беларускіх рэк цячэ ў Балтыйскае, а сам Менск стаіць на водападзеле. Можаце ад’ехаць на 6 км ад Менска — і рэчкі ўжо пойдуць у адваротным накірунку.

— Вось гэта Маці Менская, якая плыла па рэчцы, гэта яе лік зараз можна пабачыць у манастыры?

— Так, у Кафедральным праваслаўным саборы з левага боку. Калі Менску надалі Магдэбургскае права, гэты абраз стаў нашым гербам. Гэта сапраўдны абраз, які існуе 500 рокаў, на яго моляцца і каталікі, і праваслаўныя.


Вялікі гасцінны двор і менская Ратуша


— Як гэта магчыма: каб і каталікі, і праваслаўныя маліліся на адну ікону?

— Пасля паўстання Каліноўскага ў 1863 роке каталіцкі касцёл на месцы Кафедральнага быў зачынены, а потым яго перарабілі ў праваслаўную царкву. Побач быў кляштар бернардынак, які стаў манастыром Кірыла і Мефодыя — таму аднавіў назву. Дарэчы, усе мае продкі з XVII стагоддзя арэндавалі зямлю ў гэтага кляштара. У сценах кляштара — плён працы ўсіх каленаў маіх продкаў па абедзьвюх лініях: да нашых часоў захаваліся дакументы арандатараў. У сям’і нават існавала традыцыя: калі хавалі людзей, бралі з-пад царквы жменю зямлі і сыпалі на труны, каб хаваць продкаў у асвечанай зямлі.

— Вашыя продкі былі святарамі?

— Не, шляхта. Кляштарам належыла шмат зямлі ў вёсках, і гэтыя землі арандавала шляхта. Мае бацькі родам з мясцін у 15 км ад Менска. І вось, дзякуючы гэтым паперам, паводле якіх кляштарам плацілі арэнду, я зараз ведаю, “ху із ху”.

— Вам падабаецца новая Ратуша? Чаму тую першую зруйнавалі?

— Гэта было ў 1837 роке па загадзе імператара Мікалая І пасля паўстання, “дабы не напоминать минчанам о былых вольностях и литовском праве”. Два рока ніхто не адважваўся бурыць Ратушу, а потым мескія ўлады прыдумалі разабраць яе на цэглу. Калі там у наш час былі раскопкі, пад Ратушай знайшлі цікавыя сутарэнні, нават падмуркі тых калон. Там была гаўптвахта, маленькая турма, вязніца для даўжнікоў. Побач на гэтым месцы быў мескі гаспадарчы суд і зала для ўрачыстых пасяджэнняў. А па вечарах з балкона Ратушы граў мескі аркестр. У сквер не дапускаліся асобы нехрысціянскага веравызнання і неахайна апранутыя. Вялікі гасцінны двор, дзе зараз банкі i буцікі, стаіць тут з XVII стагоддзя, і на тры паверхі ўніз ідуць сутарэнні: там былі цынамонавыя лаўкі і галантарэя, араматызаваная мускусам ці воцатам. У сённяшнім будынку Белсвісбанка на сцэне клуба выступаў Маякоўскі, дэкламаваўся за царскім часам. Сюды прыязджалі многія літаратары: Карней Чукоўскі, Купрын.

— Тады яшчэ стаяў гатэль “Эўропа”?

— Гатэль “Эўропа” стаіць не на тым месцы. На яго месцы быў першы менскі тэатр, у якім была пастаўлена першая беларуская нацыянальная опера “Ідылія” на музыку Станіслава Манюшкі і словы Дуніна-Марцінкевіча. Гэты будынак быў варварскі зруйнаваны ў 1984 роке. А гатэль “Эўропа” стаяў там, дзе сёння праезджая частка, займаў цэлы квартал амаль да ГУМа на дзесяць метраў правей, а сама дарога была шырынёй як сённяшні тратуар, дзе растуць елкі. Гатэль быў на два паверхі ніжэй, і дэкору было больш. А Дунін-Марцінкевіч жыў у будынку нумар 12 па вуліцы Рэвалюцыйная, там зараз часткова ўцалеў тэракотавы дах. Пойдзем паглядзім?


Як забілі Лявона Баразну


— Вось гэта двухпавярховы будынак XVIII стагоддзя, таксама яшчэ дамаскалёўскіх часоў, дзе цудам захаваліся дзве ўнікальныя печы, аўтэнтычныя, раскошныя, кафляныя. У 80-я рокі тут былі мастацкія майстэрні братоў Кашкурэвічаў, Ігара і Тодара, і Людмілы Русавай, і тут жа адбыўся першы ў Савецкім Саюзе класічны перфоманс памяці Казіміра Малевіча. Далей ідзе Камсамольская вуліца, якая раней звалася Феліцыянаўскай.

Калі мы гаворым пра Менск і легендарных асобаў Менска, трэба распавесці пра Лявона Баразну. Гэта быў выдатны мастак і мастацтвазнаўца, збіральнік фальклора. 15 жніўня 1972 року яго вось тут забілі. Раніцай мастакі павінны былі пратэставаць супраць зносу Нямігі, і ён быў маторам рэзістанства супраць вандалізма. Ўсё было гатова, вось тут была ягоная майстэрня — там, дзе на даху былі зроблены шкляныя вокны. Лявон Баразна ўвечары выйшаў на вуліцу, зайшоў у майстэрню, і да яго сярод белага дня дачапіліся два бандзюганы. Завязалася бойка. Адзін ударыў яго галавой, а іншы ўсадзіў нож у спіну. Па дыяганалі знаходзілася міліцыя, праз 15 метраў ад КДБ. Ён яшчэ паспеў выклікаць хуткую дапамогу, але так і памёр. Следства хутка закрылі. Так засталася адна з самых страшных менскіх тайн: пасярод белага дня зарэзалі вядомага ўсім чалавека.

— Гэта выпадковае было забойства? Менавіта бандыты ці, мо, загад?

— Усе засталіся перакананымі, што гэта палітычнае забойства, звязанае з яго бурнай грамадскай дзейнасцю, забаронай старога места і беларушчыны. Таму пасля 72-га року ўсе сталі неяк пабойвацца адкрываць рот па-беларуску на вуліцы. А вось у гэтых будынках, што на рагу, на падмурках засталіся найрадзейшыя для Менска ўзоры чыгуннага ліцця з Кракава.

Бачыце, пысачкі Меркурыяў у капелюшах, і рок пазначаны — 1882. Меркурый — гэта святы патрон жулікаў і гандляроў, вельмі распаўсюджаны матыў.


Самы вялікі скарб Менску


— Калі шукаць, чым Менск быў слаўны, гэта будуць мастакі і дызайнеры. У Менску жылі і працавалі дзясяткі народных мастакоў. Родам з Менска Уладзіслаў Зжымінскі, найбуйнейшы польскі мастак ХХ стагоддзя. Геніяльны мастак Ізраіль Басаў нікуды не з’ехаў і ўсё жыццё пражыў у Менску. Такія легендарныя імёны, як Міхась Раманюк, Лявон Баразна, Альгерд Малішэўскі, Бархаткоў, не кажучы ўжо пра народных: Вашчанку, Кішчанку, Савіцкага — павінны ведаць усе. Калі мы ўсё падсумуем, мастакоў з Менску ў разы больш, чым з Віцебску. Нават сваякам Хаіма Суціна належыў гатэль, які знайходзіцца насупраць кінатэатра “Победа”.

— Стойце, а якім сваякам? Ён жа са Смілавічаў?

— Не ўсе ж яны ў Смілавічах жылі. Ягоныя сваякі набылі гэты гатэль і прыладзілі Хаіма сюды працаваць рэтушорам. Самае цікавае, што на месцы, дзе была тая фотастудыя, сёння зноў фатаграфія. Крута было б павесіць там рэпрадукцыю Суціна і паставіць у двары помнік мастаку.

Не трэба пакутліва шукаць брэнды з нічога, напрыклад: “А давайте предложим маскалёвским дизайнерам создать бренд Менска” — што за хрэнь? Дызайнераў у нас няма? У Менску дызайн пачынаўся ў савецкі час, тут быў першы ў Саюзе інстытут дызайну, які называўся НДІ тэхнічнай эстэтыкі — гэта да нас павінны ўсе звяртацца!

У Менску, як бы ён ні ганарыўся сваімі памерамі ці дойлідствам, жыло столькі класных мастакоў і дызайнераў. Але мы нават не маем альбома “Менск у мастацтве”, хаця ў нас каласальная спадчына, пачынаючы з ХІХ стагоддзя. Я лічу, што трэба інтэнсіўна кіраваць гэтай справай: калупаць, хто з мастакоў звязаны з Менскам, хто Менск маляваў. Карэннымі менчукамі былі Яўген Кулікпеш, Кашкурэвічы, народны мастак і ягоны сын. І вобраз Менска, які нам пакінулі мастакі ўсіх пакаленняў, — гэта каласальны скарб, гэта трэба падымаць.


“Хартыя’97”, 19 жніўня 2014 р.



Создан 20 мая 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter