Гісторыя й дойлідства Блоні

Магчымыя варыянты: Блонь Блонь Blon Blon Blon



Блонь


Блонь[1] (трансліт.: Blon, руск.: Блонь) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Менскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Блонскага сельсавета.

Былая вёска ў Ігуменскім павеце Менскай губерніі. Маёнтак Блонь належаў розным асобам. Адзін з іх, Юзаф Бака, заснаваў у Блоні Місію езуітаў. Юзаф (1707—1780 рр.), сын Адама Бакі, скарбніка мсціслаўскага, у 1723 роке ўступіў у ордэн езуітаў і пабудаваў у 1742 роке ў Блоні драўляны касцёл, а ў 1745 роке — драўляны кляштар (Дом, які стаў рэзідэнцыяй езуіцкай місіі). Па мясцовых паданнях, касцёл і рэзідэнцыя злучаліся падземным ходам. Пасля смерці Юзафа Бакі маёнтак Блонь перайшоў ва ўласнасць айцоў-езуітаў[2], але дзейнасць езуіцкай місіі была спынена. У пачатку ХІХ стагоддзя маёнтак ненадоўга перайшоў да Панінскіх, а потым да Асоўскіх. За ўдзел уладальніка маёнтка ў паўстанні 1863 року, царскія ўлады канфіскавалі маёнтак і перадалі яго ва ўладанне чыноўніку Бонч-Асмалоўскаму, сапраўднаму стацкаму саветніку, члену Губернскай Прысутнасці па сялянскіх справах. Па іроніі лёсу, сына Бонч-Асмалоўскага, А.В. Бонч-Асмалоўскага выгналі за ўдзел у хваляваннях з Пецярбургскага ўніверсітэта і саслалі ў Блонь да бацькі. Бацька завяшчаў сядзібу сыну без права продажу[3]. Па спісе землеўладальнікаў Пухавіцкай воласці Менскай губерні 1889 року, падрыхтаванага І.Е. Краўцовым, Асмалоўскі-Бонч Анатоль Восіпавіч, дваранін, праваслаўны, валодаў маёнткамі:

Блонь Пухавіцкай воласці — 880 дзесяцін зямлі
Фальварак Сіротка Пухавіцкай воласці — 160 дзесяцін зямлі
Фальварак Барысаўка Пухавіцкай воласці — 90 дзесяцін зямлі
Фальварак Раўкач Пухавіцкай воласці — 95 дзесяцін зямлі
Фальварак Леўсава Пухавіцкай воласці — 20 дзесяцін зямлі[4].

У 1899 роке А.В. Бонч-Асмалоўскі са сваёй жонкай В.І. Бонч-Асмалоўскай (Вахоўскай) заснавалі ў вёсцы так званую Блонскую сялянскую арганізацыю, якая праіснавала да 1908 року, у межах якой праводзілі адукацыйна-асветніцкую дзейнасць сярод сялян. Найбольш кемлівым сялянам гаспадары маёнтка давалі кнігі, праводзілі ў маёнтку вечарынкі для сялян, сваіх дзяцей пасылалі ў мясцовую сельскую школу, летам аддавалі ў работнікі да сялян.

Пасля ўзнікнення на Меншчыне ў канцы 1890-х рокаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расеі, аднім з кіраўнікоў якой стаў Бонч-Асмалоўскі, сярод жыхароў Блоні і суседніх вёсак узмацнілась рэвалюцыйная агітацыя. Гэтаму садзейнічалі таксама сябры Бонч-Асмалоўскага па партыі, таксама народнікі, муж і жонка С. Клячко і Л.М. Клячко-Радзівонава, якія ў 1896 роке прыехалі ў Пухавічы[5]. У выніку, у 1899 роке сярод сялян Блоні ўзнік тайны гурток самаразвіцця і ўзаемадапамогі. У ім налічвалася каля 20 чалавек: М. і А. Цехановічы, Н. і C. Мігуцкія, Р. Абрачынскі, М. Васкабойнік, А. Буцанец і іншыя. Гурток меў бібліятэку, аказваў матэрыяльную дапамогу сялянам. На сходах гурткоўцы абмяркоўвалі палітычныя і эканамічныя праблемы, распаўсюджвалі рэвалюцыйную літаратуру. Пад уплывам гуртка знаходзіліся і жыхары суседніх вёсак — Клятное, Кляцішын, Сінча, Церабуты.

У 1898—99 роках у маёнтку некалькі месяцаў жыла народніца Кацярына Брэшка-Брашкоўская. Таксама ў Блонь прыязджалі нарадаволец С.П. Кавалік, народнікі Р.А. Гершуні, Я.К. Судзілоўская, Е.У. Нікіфарава і Л.П. Нікіфараў, марксісты С. Мяржынскі і П. Румянцаў і іншыя. У 1901 роке гурток быў разгромлены. Бонч-Асмалоўскі з сынам Іванам і М. Цехановіч на 4 рока адпраўлены ў ссылку, астатнія ўзяты пад асобы нагляд паліцыі.

У 1903 роке вакол селяніна В. Катка (Федарончыка), які знаходзіўся пад уплывам эсэраў, пачаў складацца новы гурток. У яго вайшлі жыхары Блоні В. Кавальчук, Р. Сарачынскі, В. Цехановіч і А. Буцанец. Сходкі праводзілі ў доме В. Слаболера. Удзельнікі гуртка распаўсюджвалі сярод сялян антыўрадавыя і антырэлігійныя погляды. Аднак, ужо ў мае 1903 року, Каток быў высланы на жыхарства ў Менск, і дзейнасць гуртка была прыпыненая. Зноў актывізавалася ў канцы 1904 року, пасля вяртання са ссылкі Бонч-Асмалоўскага і М. Цехановіча, якія ў 1905 роке заснавалі суполку Усерасійскага сялянскага саюза, у рабоце якой прымалі ўдзел эсэры, прадстаўнікі менскіх арганізацый РСДРП i Беларускай сацыялістычнай грамады.

Сумеснымі намаганнямі рэвалюцыйных партый у Блоні пачалася падрыхтоўка сялян-агітатараў, якія разыходзіліся па суседніх маёнтках і вёсках. Наймаючыся батракамі, кавалямі і цеслярамі, яны вялі масавую прапаганду рэвалюцыйных ідэй, рыхтавалі выступленні сялян супраць памешчыкаў. Прадстаўнікі Блоні — А.В. Бонч-Асмалоўскі і Р. Гайдук — удзельнічалі ва Устаноўчым з'ездзе Усерасейскага сялянскага саюза (31.07 — 1.08.1905 р.). З дапамогай свядомых сялян — М. Лукашыка, М. Цехановіча, Катка, С. Мігуцкага, Дз. Васкабовіча, В. Шыбайлы рэгулярна праводзіліся мітынгі, якія збіралі да 500 чалавек з навакольных мясцін. З 1906 року, у сувязі з узмацненнем паліцэйскага рэжыму, дзейнасць палітычнага гуртка ў Блоні страціла сваю актыўнасць, паменшыўся ўплыў РСДРП і Беларускай сацыялістычнай грамады. А.В. Бонч-Асмалоўскі с жонкай і сынам, а таксама найбольш актыўныя з сялян былі прыцягнены да судовага следства. У сядзібе выявілі склад забароненай літаратуры, якая паступала ў Блонь з-за мяжы і перадавалася ў Пецярбург.

Валодалі Бонч-Асмалоўскія маёнткам Блонь да 1917 року, пакуль не прыйшла савецкая ўлада. Драўляная сядзіба існуе і зараз у якасці раённага краязнаўчага музея. Анатоль Асіповіч Бонч-Асмалоўскі развёўся з Варварай Іванаўнай і ў 60 рокаў завёў новую сям'ю, з'явіліся дзеці ад другога шлюбу. Іван Анатольевіч — самы старэйшы сын — памёр у 1969-м, пражыўшы 88 рокаў. Сын Радзівон, эканаміст, у 1930 роке арыштаваны органамі ГПУ БССР разам з Гаўрыілам Гарэцкім. Працаваў на будаўніцтве Беламорканала. У чэрвені 1938-га быў арыштаваны паўторна і расстраляны. Сын Глеб, археолаг, рэпрэсаваны ў 1934 роке. Пасля 3 рокаў лагераў вярнуўся пад Ленінград. У 1942 роке рэабілітавалі. Памёр рокам пазней. Дачка Ірына, лекар, з 1933 року жыла ў Ленінградзе. Памерла ў снежні 1941 року.


Сядзібны дом Бонч-Асмалоўскіх


Сядзіба ўключала ў сябе сядзібны дом, флігель, альтанку, вадзяны млын, крухмальны завод, майстэрні, малочную ферму, маслабойку, сыраварню і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Сядзібу стваралі хутчэй за ўсё Асоўскія на месцы былога кляштара езуіцкай місіі. На думку даследчыка Афтаназі, кляштар стаў жылым домам новай сядзібы.

Планіровачная пабудова сядзібы вызначалася становішчам на беразе Цітаўка. Сядзібны дом (гаспода) размешчаны ля грэбня тэрасы, якая стромка абрываецца к рэчышчу ракі. Драўляны сядзібны дом быў пабудован у другой палове XIX стагоддзя на паўночнай ускраіне Блоні, побач с дарогай Мар'іна Горка — Пухавічы. Парадная частка сядзібы мае рысы, характэрныя для невялікіх сядзіб эпохі позняга класіцызму[6], але даследчык Т.В. Габрусь адносіць увесь будынак да эклектыкі[7]. Вакол дома быў разбіты невялікі рэгулярны парк. Дом аднапавярховы і прастакутны ў плане, накрыты вальмавым дахам. У цэнтральнай частцы галоўнага фасада знаходзіцца шырокі порцік з чатырох мураваных тасканскіх калон, якія падтрымліваюць франтон з люкарнай у тымпане. Фасады ашаляваны гарызантальна. Тарцы будынка выкананыя ў выглядзе лоджый, вылучаных парамі калон з імправізаванымі капітэлямі. Таксама на фоне шалёўкі вылучаюцца ліштвы праёмаў і кутны руст. Будынак мае анфіладную кампазіцыю з вестыбюлем у цэнтры. Па тарцах знаходзяцца 2 вялікія залы.

У пачатку XX стагоддзя Бонч-Асмалоўскім да левага тарца будынка быў прыбудаваны двухпавярховы рызаліт вежавага тыпу. Аконныя і дзвярныя праёмы, а таксама калоны былі афарбаваны ў светлы колер, а агульны фон будынка быў цёмным. Такую каларыстыку захавалі і да нашых дзён. Дом меў два ганка: з бакавога (заходняга) і паўднёвага фасадаў. Палажэнне дома на высокім беразе давала магчымасць агляду шырокай панарамы другога берага. Вось галоўнай перспектывы была падкрэслена двума магутнымі дрэвамі Populus alba. З процілеглага боку ракі сядзібу добра відаць з драўлянага моста.

Сядзібны дом быў галоўным акцэнтам паўночна-заходняй перспектывы. Але выразны кампазіцыйны прыём страціў свой эфект з-за разрослай уздоўж берага вярбы і дзевяці таполяў пасынкавага паходжання, якія цалкам захінаюць будынак. Па восі да будынка сядзібы, з паўднёвага боку вядзе доўгая ўязная алея, абсаджаная пераважна клёнамі (падсаджана таполя канадская Robusta), уздоўж якой размяшчаліся сады, а з заходняга боку — гаспадарчыя і службовыя пабудовы. У цяперашні час працягам алеі з'яўляецца асфальтаваная дарога, якая праходзіць каля дома, перасякаючы тэрыторыю сядзібы (зараз раён прыватнай забудовы). На месцы змененага партэра з кругам (з будаўніцтвам дарогі ён аказаўся прыніжаным) растуць конскія каштаны (7 дрэў ва ўзросце больш за 50 рокаў) з нізкапасаджанымі кронамі і 2 грушы. Дрэвы закрываюць фасад сядзібнага дома.

Сам рэгулярны парк невялікі, займае каля 4 гектараў уздоўж ракі, якая, плаўна выгінаючыся, вызначае контуры парку. Асноўныя перспектывы былі арыентаваны на пойму, якая візуальна была часткай парку.

Зараз у доме знаходзіцца раённы краязнаўчы музей.


Драўляная царква Св. Троіцы


Дзеючая царква, помнік дойлідства класіцызму. Пабудавана ў 1826 роке. Будынак сіметрычна прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай. Кампазіцыя будынка заснавана на чаргаванні рознавысокіх аб'ёмаў. Званіца з высокім шпілем над бабінцам (васьмярык на чацверыку), васьмігранны светлавы барабан са шлемападобным купалам над сяродкрыжжам. Галоўны і бакавыя фасады маюць высокую цэнтральную частку і фланкіруючыя нізкія аб'ёмы. Трохкутны франтон галоўнага фасада падтрымліваюць чатыры мураваныя калоны, утвараючыя манументальны ўваходны порцік. Гарызантальна ашаляваныя сцены завершаны карнізам с поясам “сухарыкаў”, разным фрызам геаметрычнай арнаменцікі, а таксама прарэзаны прамавугольнымі і васьміграннымі аконнымі праёмамі. У барабане аконныя праёмы паўцыркульныя. Асноўная частка інтэр'еру раздзелена двума радамі невысокіх калон з цэглы на тры нефы. Бакавыя нефы значна ніжэйшыя за цэнтральны. Над бабінцам на такіх жа калонах размешчаны хоры. Столь падшыўная, плоская, у барабане — пірамідальная, гранёная[8].

У 1930-х роках у царкве служыў святар Аляксандр Шылай, які нарадзіўся ў 1879 роке ў Слуцку. Калі ў жніўні 1935 року царкву зачыніла савецкая ўлада, і пачалі здымаць званы, святар застаўся жыць у Блоні, працягваў сваю службу па хатах у вернікаў. Пад час Усесаюзнага перапісу насельніцтва ў 1937 роке арганізаваў збор подпісаў за адраджэнне царквы. 6 жніўня 1937 року Аляксандра Шылая арыштавалі і расстралялі, абвінаваціўшы ў антысавецкай агітацыі. Сям'ю святара выслалі. Аляксандр Шылай быў пасмяротна прызнаны свяшчэннамучанікам[9].


Страчаная спадчына


Касцёл і кляштар езуітаў.

Будынак касцёла з'яўляўся творам народнага драўлянага дойлідства. Прастакутны ў плане, пад двухсхільным дахам зруб на галоўным фасадзе быў вылучаны двух'яруснай чацверыковай званіцай і чатырохкалонным порцікам пры ўваходзе. Звесткі аб ім дашлі да нас паводле малюнка ХІХ стагоддзя. Касцёл і кляштар былі страчаныя да 1917 року. Існуе версія, што драўляны будынак кляштара стаў асновай для сядзібы Бонч-Асмалоўскіх[2].


Вядомыя асобы


Глеб Анатолевіч Бонч-Асмалоўскі (маёнтак Блонь, цяпер а/г Блонь) — савецкі антраполаг і археолаг (спецыяліст па ранняму палеаліту); этнограф (народы Крыма і Каўказа); геолаг, доктар гістарычных навук.
Радзівон Анатолевіч Бонч-Асмалоўскі — эканаміст, публіцыст.


Зноскі:


1). Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І.А. Гапоненка, І.Л. Капылоў, В.П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В.П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (pdf)
2). Кулагін А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі // Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000
3). Федарук А.Т. “Старадаўнія сядзібы Мінскага краю” — Мн.: Поліфакт. — Лекцыя, 2000. — 416 с.
4). Черниговская ветка Бонч-Осмоловских.
5). Чёрный передел в Блони.
6). Збор помнікаў гісторыі і культуры. Мінская вобласць. Кніга 2, С. 124
7). Федарук А.Т. “Старадаўнія сядзібы Мінскага краю”. Блонь, усадьба Бонч-Осмоловских.
8). Блонская Троіцкая царква.
9). Штотыдневік “Голас Радзімы”. Знічкі Айчыны: праваслаўныя храмы.


Літаратура:


• Бонч-Асмалоўскі А.В. Эпоха 1905 г. Мае ўспаміны // “Полымя”. 1925, № 6-7
• Зіміонка А. Сацыялістычны рух на Беларусі. II. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў// Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху. Мн., 1924. С. 152, 156.
• Савіцкая Л. Група Бонч-Асмалоўскага // “Полымя”. 1967, № 5
• Клейн Б. Дело Бонч-Осмоловских // Клейн Б. В годину испытаний: Ист.-лит. очерки. Мн., 1986
• Потомки Бонч-Осмоловских посетили музей в деревне Блонь.
• Афтанази Р. “Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej” 1991—97 гг.


__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі


Сядзіба Бонч-Асмалоўскіх


Сядзіба ў Блоні вядомая з XVIII ст. як уладанне Адама Бака, скарбніка мсціслаўскага. Ягоны сын Юзэф — вядомы місіянер, каталіцкі прапаведнік, паэт — пабудаваў у маёнтку драўляны касцёл, а ў 1745 р. — дом, які стаў рэзідэнцыяй езуіцкай місіі. Па мясцовых паданнях, касцёл і рэзідэнцыя злучаліся падземным пераходам.

Ад Бакаў маёнтак у пачатку другой палове XIX ст. перайшоў Панінскім, а затым Асоўскім. За ўдзел Асоўскага ў паўстанні 1863 р. маёнтак быў канфіскаваны царскімі ўладамі і ў 1868 р. яго атрымаў Восіп Бонч-Асмалоўскі. Пасля 1879 р. уладальнікам маёнтка стаў ягоны сын Анатоль Бонч-Асмалоўскі, выключаны з Пецярбурскага ўніверсітэта за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях і сасланы пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі. Неўзабаве бацька памірае. Перад смерцю ён адпісаў маёнтак сыну, але пазбавіўшы яго правоў прадаваць або закладваць маёнтак. Бончы-Асмалоўскія валодалі Блонью да 1917 р.

Фармаванне сядзібы вялося верагодней за ўсё Асоўскімі на месцы былой рэзідэнцыі езуіцкай місіі. Па меркаванні Рамана Афтаназі, дом рэзідэнцыі стаў жылым домам новай сядзібы. Сядзіба ўключала сядзібны дом, флігель, альтанку, вадзяны млын, крухмальны завод, майстэрні, сыраварню і пабудовы гаспадарчага двара.

Планіроўка сядзібы вызначаецца становішчам на беразе р. Цітаўка. Сядзібны дом параўнальна невялікі, размешчаны на грэбні тэрасы, якая стромка падыходзіць да рэчышча Цітаўкі. Будынак аднапавярховы, з шырокім порцікам на двух парах каменных масіўных тасканскіх калонаў, на якіх трымаецца франтон. Тарцы будынка выкананыя ў выглядзе лоджый з калонамі па вуглах. У пачатку XX ст. Бончам-Асмалоўскім да левага старчака будынка прыбудаваны двух'ярусны рызаліт вежавага тыпу. Аконныя і дзвярныя праёмы, а таксама калоны былі афарбаваныя ў светлы колер, а сам будынак у цёмны.

Сядзібны дом меў два ганка: з бакавога (заходняга) і паўднёвага фасадаў. Вось галоўнай перспектывы падкрэслівалася двума магутнымі таполямі белымі, на месцы якіх развіліся зараснікі вышынёй да 20 м. Месцам агляду сядзібы з процілеглага боку служыў драўляны мост цераз раку. Галоўным акцэнтам паўночна-ўсходняй перспектывы раней з'яўляўся сядзібны дом. Цяпер разрослыя ўздоўж берага вярбы, таполя белы цалкам зачыняюць будынак, і просты, але выразны кампазіцыйны прыём страціў сваё прызначэнне.

Парадная частка сядзібы нясе рысы характэрныя для невялікіх сядзібаў эпохі класіцызму. Па восі да сядзібнага дому з паўднёвага боку вядзе доўгая ўязная алея (пераважна кляновая), уздоўж якой размяшчаліся сады, а з заходняга боку — гаспадарчыя і службовыя будынкі.

Цяпер працягам алеі з'яўляецца асфальтаваная дарога, якая праходзіць паблізу дома, і перасякае тэрыторыю сядзібы (цяпер вуліца прыватнай забудовы). На месцы змененага партэра (з будаўніцтвам дарогі ён апынуўся прыніжаным) растуць конскія каштаны ўва ўзросце больш за 50 рокаў і дзве грушы. Дрэвы, нажаль, зачыняюць фасад будынка.

Непасрэдна сам парк невялікі (каля 4 га). Ён цягнецца ўздоўж ракі, якая плыўна выгінаецца і вызначае абрыс парку. Асноўныя перспектывы арыентаваны на абрыў, які візуальна з'яўляўся часткай парку.

Парк пачынаецца ад невялікага, у глыбокіх берагах ручая, займае тэрыторыю паміж флігелямі і сядзібным домам. Затым цягнецца вузкай паласой паміж сядзібным домам і грэбнем тэрасы. Далей у сувязі з выгінам рэчышча парк паступова пашыраецца ў паўднёва-ўсходнім напрамку і завяршаецца чароўнай ліпавай алеяй. У мінулым яна служыла прагулачным маршрутам па ўскраіне сядзібы, злучаючы сад і абрыў, па якому праходзіў прагулачны маршрут. Шырыня алеі 4 м, дрэвы пасаджаныя ў шэраг праз 2,5 м. Захавалася пятнаццаць ліп. Яна перасякалася пешаходнай дарожкай, якая вяла да касцёла ў Антонава (У ваколіцах Блоні ёсць вёска Антонава, але яна знаходзіцца больш за 15 км ад Блоні на паўночным захадзе).

У дрэвастоі парку ліпа, клён, конскі каштан, адзінкавы дуб, ліпа, таполя. Асноўнымі паркавымі акцэнтамі (апроч сядзібнага дома) з'яўляліся з усходняга боку альтанка (у выгіну ракі), з заходняй — вадзяны млын, пабудаваны каля маста ў адваднога канала.

Млын не захаваўся. Стары мост падарвалі немцы, у пасляваенны час пабудаваны новы — пешаходны. З парушэннем ранейшага ўзроўня ракі змялела і зарастае невялікая затока ў месцы ўпадзення ручая, якая раней мела дэкаратыўнае значэнне.

Прыкладна на адной восі з млыном на тэрасе размешчаны будынак былога крухмальнага завода. Мабыць, будынак служыў нейкі час кузняй — так яго называюць і некаторыя старажылы. Будынак прастакутны (42x12 м), пабудаваны ў XIX ст. Сцены складзеныя з буйных валуноў, некаторыя з іх колатыя. Уваходы ў падоўжных сценах. Вокны невысокія, лучковыя, больш характэрныя для жывёлагадоўчых фермаў. Побач, на былым гаспадарчым двары, які абмяжоўваўся ад параднага другой уязной алеяй, размешчана некалькі простых гаспадарчых пабудоваў.

Уздоўж берага ручая стаяў стары глінабітны флігель. На адной восі з ім размяшчаліся будынкі малочнай і сыраварні і яшчэ адзін жылы дом. Будынкі абмяжоўвалі парадны двор з заходняга боку.

Цяпер у доме краязнаўчы музей.

У маёнтку Блонь жылі рэвалюцыянеры-народнікі Анатоль Бонч-Асмалоўскі (1857—1930 рр.) і ягоная жонка Варбара Вахоўская (1855—1929 рр.). У 1879 р. А. В. Бонч-Асмалоўскі за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў выключаны з Пецярбургскага ўніверсітэта і сасланы пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі ў в. Блонь. Анатоль быў членам арганізацыі “Чорны перадзел” і аказваў ёй з прыбыткаў маёнтка фінансавую дапамогу. У 1880 р. да яго прыехала жонка. Яны вялі прапаганду сярод вясковага насельніцтва. Менскі губернатар П.Р. Курлоў дакладваў міністру ўнутраных спраў, што “гняздом рэвалюцыйнай заразы з'яўляецца маёнтак Блонь памешчыка Бонча-Асмалоўскага. Прапаганда Асмалоўскага вядзецца настолькі паспяхова сярод яго служачых і навакольных сялян, што яны з'яўляюцца гатовымі агітатарамі і пасылаюцца ім у іншыя часткі не толькі павета, але і губерні... вядуць актыўную прапаганду, падбухторваюць сялян на разгром панскіх маёнткаў”.

Блонь з'яўлялася месцам перадачы нелегальнай літаратуры з-за мяжы ў Пецярбург. У канцы 1880-х рокаў А. Бонч-Асмалоўскі стварыў на “сацыялістычных” пачатках сельска-гаспадарчую арцель, для якой перадаў частку зямлі, інвентар і насенне. У пачатку 1901 р. па абвінавачванню ў стварэнні нелегальнага гуртка “Свабода і воля” з сынам Іванам і 12 удзельнікамі гуртка арыштаваны, сасланы ў г. Усць-Каменагорск, потым у Уфу. У 1904 р. амнісціраваны. У Блоні разам з жонкай і сынамі стварыў філіял Усерасейскага сялянскага саюза — “Мясцовы сялянскі саюз”, за гэта ў 1908 р. уся сям'я прыцягнута да судовай адказнасці. Пасля бальшавісцкай рэвалюцыі працаваў ва Уладзімірскай губерні, Менску, Маскве.

Блонь — радзіма Глеба Анатолевіча Бонча-Асмалоўскага (1890-1943 рр.), савецкага антраполага і археолага, доктара гістарычных навук.


Крыніца:

А.Т. Федорук
Старинные усадьбы Минского края
Минск, Полифакт-Лекция, 2000

А.Г. Шчарбатаў
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1988

Царква Святой Тройцы


Царква пабудавана ў 1826 р. з драўлянага бруса ў цэнтры вёскі на месцы храма, які згарэў у 1820 р. Капітальна адрамантавана ў 1873 р. на сродкі прыхаджан і казны (5975 руб.). Прастольнае свята — Дзень Прасвятой Тройцы.

Помнік дойлідства позняга класіцызму. Планіровачна вырашана прастакутным зрубам, да якога далучана падоўжная 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Вынас 2-схільнага даху на галоўным фасадзе аформлены трохкутным франтонам на 2 парах мураваных калон, што ўтварае класіцыстычны порцік. Над ім надбудавана 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца, накрытая сплюснутым сферычным купалам са шпілем у завяршэнні. Па цэнтры асноўнага аб'ёму ўзведзены магутны 8-гранны светлавы барабан, накрыты звонападобным купалам. Гарызантальна ашаляваныя фасады апяразаны карнізам з сухарыкамі і арнаментальным фрызам геаметрычнага малюнку, прарэзаны прастакутнымі аконнымі праёмамі і 8-граннымі люкарнамі.

Зала храма 4 парамі цагляных калон падзелена на 3 рознавялікія нефы. Над вылучаным перагародкай прытворам размешчаны хоры, што падтрымліваюцца 2 мураванымі калонамі. Плоская столь па цэнтры раскрыта ў светлавы барабан, перакрыты пірамідальным гранёным шатром. Аснаванне барабана апяразана абхадной галерэяй з трыльяжнай драўлянай агароджай. Грані барабана прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, размежаванымі пілястрамі, дэкараванымі ўнізе 8-граннымі панэлямі. Апсіда адкрываецца ў залу фігурнай фестоннай аркай, адмежавана 2-ярусным драўляным іканастасам у 15 абразоў, выкананым у неарускім стылі пачатку ХХ ст.


Крыніца:

А.М. Кулагін
Каталіцкія храмы на Беларусі
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000


Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі


Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі (10 ліпеня 1857, Віцебск — 23 верасня 1930, Масква) — грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, мемуарыст, рэвалюцыянер-народнік, член арганізацый “Зямля і воля” і “Чорны перадзел”, член ЦК партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Паходзіць са старажытнага шляхецкага роду герба “Бонча”[1].

Пасля Маскоўскага ліцэя ў 1875 роке паступіў у Інстытут інжынераў шляхоў зносін. У 1876 перайшоў на юрыдычны, а затым на прыродазнаўчы факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Стаў прыхільнікам арганізацыі народнікаў “Зямля і воля”, распаўсюджваў сярод студэнтаў нелегальныя выданні. У 1879 увайшоў у гурток “Маладыя землявольцы”, які пасля расколу ў жніўні 1879 “Зямлі і волі” далучыўся да арганізацыі “Чорны перадзел”[1].

У лістападзе 1879 арыштаваны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях; пазбаўлены права вучыцца ў ВНУ і высланы ў бацькоўскі маёнтак Блонь Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён). У 1880 садзейнічаў арганізацыі друкарні “Чорнага перадзелу”. Арыштаваны ў красавіку 1882, зняволены ў Мінскай турме на працягу 5 месяцаў. Разам з жонкай Варварай і пры ўдзеле А.Я. Багдановіча арганізаваў у Блоні сялянскі гурток самаадукацыі[2].

Арыштаваны ў красавіку 1886 у Канатопу Чарнігаўскай губерні, дзе быў па справах нелегальнай друкарні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі (канец 1890-х рокаў). Арыштаваны ў 1901 разам з сынам Іванам і сасланы ва Усходнюю Сібір. У 1904 вярнуўся па амністыі і ўвайшоў у партыю эсэраў, у 1905 кааптаваны ў ЦК. Удзельнік рэвалюцыі 1905-07. У красавіку 1908 арыштаваны, у лютым 1910 аддадзены пад суд. У 1911 апраўданы, але ў 1912 зноў арыштаваны і прыгавораны да 8 месяцаў зняволення.

У час 1-й сусветнай вайны ў эвакуацыі, працаваў у арганізацыях дапамогі бежанцам-беларусам. Дэлегат 1-га Усебеларускага з'езда (1917). З 1918 у Менску, удзельнічаў у кааператыўным руху. У час акупацыі Беларусі польскімі войскамі на нелегальным становішчы. З 1926 у Маскве, член Усесаюзнага таварыства паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў. Пісаў успаміны. Валодаў маёнткам Блонь да 1917 року, пакуль не прыйшла савецкая ўлада. Драўляная сядзіба існуе і зараз у якасці раённага краязнаўчага музея.

Бонч-Асмалоўскі развёўся з Варварай Іванаўнай i ў 60 рокаў завёў новую сям'ю, з'явіліся дзеці ад другога шлюбу. Іван Анатольевіч — самы старэйшы сын — памёр у 1969-м, пражыўшы 88 рокаў. Сын Радзівон, эканаміст, у 1930 роке арыштаваны органамі ГПУ БССР разам з Гаўрыілам Гарэцкім. Працаваў на будаўніцтве Беламорканала. У чэрвені 1938-га быў арыштаваны паўторна і расстраляны. Сын Глеб, археолаг, рэпрэсаваны ў 1934 роке. Пасля 3 рокаў лагераў вярнуўся пад Ленінград. У 1942 роке рэабілітавалі. Памёр рокам пазней. Дачка Ірына, лекар, з 1933 року жыла ў Ленінградзе. Памерла ў снежні 1941 року.


Зноскі:


1). Бонч-Осмоловский Анатолий Осипович // Биографический справочник — Мн.: “Белорусская советская энциклопедия” имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 73. — 737 с.

2). Чёрный передел в Блони.


Літаратура:


• Бонч-Асмалоўскi А.В. Эпоха 1905 г. Мае ўспамiны // “Полымя”. 1925, № 6-7
• Зiмiонка А. Сацыялiстычны рух на Беларусi. II. Партыя сацыялiстаў-рэвалюцыянераў // Беларусь: Нарысы гiсторыi, эканомiкi, культуры i рэвалюцыйнага руху. Мн., 1924. С. 152, 156.
• Попов И.А. О. Бонч-Осмоловский // Каторга и ссылка. 1931, № 4
• Савіцкая Л. Група Бонч-Асмалоўскага // “Полымя”. 1967, № 5Клейн Б. Дело Бонч-Осмоловских // Клейн Б. В годину испытаний: Ист.-лит. очерки. Мн., 1986
• ЭГБ, т. 2
• АЗБ.
• Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9


__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Што агульнага ў Блоні і Луўра, ці як выжыць раённаму музею?


У вёску Блонь Пухавіцкага раёна, у якой знаходзіцца краязнаўчы музей, нашчадкі роду Бонч-Асмалоўскіх перадалі старажытную мэблю. Усе прадметы — ХІХ стагоддзя: абедзенны і пісьмовы сталы, шафа, люстэрка і туалетны столік пад яго, два крэслы, круглы столік, кніжная паліца і куфар. Атрымалася стварыць цэлы музейны пакой, які адпавядае той эпосе...


З піцерскай камуналкі — у экспазіцыю


Вядомага ў ХІХ стагоддзі двараніна Анатоля Бонч-Асмалоўскага калісьці выслалі з Пецярбурга за ўдзел у рэвалюцыйных хваляваннях. Сваім новым месцам жыхарства ён зрабіў Пухавіччыну, пасяліўшыся ў вёсцы Блонь. Аднак і тут ён не адмовіўся ад актыўнай грамадзянскай дзейнасці, яго маёнтак мясцовыя жыхары называлі не іначай, як “гняздом рэвалюцыйнай заразы”... Ужо ў Беларусі ў вядомага рэвалюцыянера нарадзіліся дзеці Іван, Ірына, Радзівон, Глеб. Менавіта апошні, Глеб Анатольевіч Бонч-Асмалоўскі, стаў пасля славутым навукоўцам, гісторыкам, антраполагам.

У маёнтку бацькі ў Блоні Глеб скончыў школу, затым вучыўся ў Менскім камерцыйным вучылішчы і Менскай гімназіі. Пасля гэтага малады чалавек паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт — з таго часу паўночная сталіца Расеі стала яго другім домам, там ён правёў большую частку жыцця. Пасля бацькі ў гэтай кватэры працягваў жыць яго сын Андрэй, затым унучка Марыя. Менавіта яна, руская пісьменніца, вырашыла ахвяраваць сваю маёмасць дзеля стварэння музейнага пакоя на радзіме знакамітага дзеда.

Дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч расказаў, што летась сам ездзіў забіраць гэтую мэблю з Санкт-Пецярбурга. Усе прадметы, па яго словах, знаходзіліся ў піцерскай кватэры тыповай дарэвалюцыйнай пабудовы: пакой плошчай 48 квадратных метраў, з высокай столлю.

— Пасля рэвалюцыі багатых высялялі і іх жыллё аддавалі простым людзям, — тлумачыць Аляксандр Прановіч. — Калі я быў у Санкт-Пецярбургу, вельмі здзівіўся, што там шмат людзей дагэтуль жыве ў такіх старадаўніх дамах, з агульным калідорам. Аднак цяпер іх найчасцей здаюць прыезджым, якім трэба часова зняць жыллё.

Атрымліваецца, што да таго, як знайсці сваё месца ў музеі, рарытэтная мэбля захоўвалася ў звычайнай камуналцы.

Цікава, што ў Піцер гэта мэбля магла трапіць з... Блоні (дзе знаходзіцца цяпер). На Пухавіччыну ж, верагодна, яе маглі прывезці з Крыма. Адтуль паходзіла жонка Глеба Бонч-Асмалоўскага. Яна была актрысай, яе бацька працаваў рэктарам мясцовага ўніверсітэта — таму мелася магчымасць перадаць маладой дыхтоўна зробленыя прадметы для інтэр'ера.


220 аўтографаў на памяць


Рарытэтныя прадметы мэблі — не адзіны гонар Пухавіцкага музея. Дырэктар адзначае, што ёсць у іх экспазіцыя, прысвечаная Якубу Коласу, зробленая пры непасрэдным удзеле яго сына Міхася Міцкевіча. Ёсць асобны збор пад назвай “Літаратурная Пухавіччына”, у якім захоўваюцца звесткі пра мясцовых пісьменнікаў. Не менш каштоўным падаецца літаратурны пакой Алеся Бачылы. У ім сабраны кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў, якія падпісвалі і дарылі гэтаму аўтару свае выданні. Алесь Бачыла сябраваў з Піменам Панчанкам, Нілам Гілевічам, Максімам Танкам і многімі іншымі. У пачатку 2000-х рокаў яго сын Барыс прапанаваў аддаць бібліятэку бацькі. Частка выданняў пайшла ў Зазерскую сельскую бібліятэку, а найбольш каштоўныя — больш за 220 кніг з даравальнымі надпісамі аўтараў — у музей. Таксама Барыс Бачыла перадаў асабістыя рэчы бацькі, дакументы, фота.

У музеі ў Блоні змяшчаюцца адметныя музычныя інструменты — тыя, што вырабіў самадзейны кампазітар і майстар Усевалад Жукоўскі. Ён валодаў незвычайным талентам і сам рабіў скрыпкі, беларускія цымбалы, ліры, дудкі. На яго інструментах ігралі “Песняры”, імі карыстаўся аркестр усесаюзнага радыё і тэлебачання.


Ці ведаюць парыжане, дзе Луўр?..


Акрамя пералічаных экспазіцый, у Пухавіцкім краязнаўчым музеі можна ўбачыць яшчэ шмат займальнага, напрыклад экспазіцыі “Знакамітыя людзі краю”, “У гады ліхалецця”, “Народны побыт”... Мае музей і чатыры філіялы, сярод якіх мастацкая галерэя ў Мар'інай Горцы. Аднак Аляксандр Прановіч упэўнены, што нельга супакойвацца на дасягнутым і лічыць сваю музейную справу зробленай.

— Я не прыхільнік таго, каб музей быў статычным, каб заўсёды паказвалася адно і тое ж, — кажа дырэктар. — Экспазіцыя павінна пастаянна абнаўляцца, дапаўняцца. Бо калі адзін раз паглядзелі — на наступны ўжо можа быць нецікава. Хоць і складана, мы імкнёмся абнаўляць свае выставы, ствараем спецыяльныя музейна-адукацыйныя праграмы... Сядзець у музеі і чакаць, пакуль прыйдуць наведвальнікі, — гэта не выйсце.

Супрацоўнікі самі выязджаюць у школы, арганізоўваюць там музейныя ўрокі, выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі.


У якасці прыкладу выдатнай музейнай працы Аляксандр Прановіч узгадаў абноўленую экспазіцыю ў музеі Янкі Купалы. Там шмат што паказваецца віртуальна. Экскурсавод носіць з сабой планшэт. А па сцяне нібы ходзіць жывы Янка Купала і чытае свае творы, урыўкі з лістоў. Дзякуючы такой падачы ўдаецца акунуцца ў асяроддзе мінулага часу, адчуць дух паэта і яго слова.

Аднак не ўсё залежыць ад якасці экспазіцыі і яе падачы, лічыць дырэктар:

— Дзеці заканчваюць школы, а далей у іх ужо зусім іншыя інтарэсы — ці многія з іх у сталым узросце працягваюць наведваць музей?.. Не думайце, што ў Парыжы шмат парыжан ходзіць у Луўр. Спытайце ў француза, дзе ён знаходзіцца, — могуць і не ведаць. У Менску, напрыклад, не ўсе гараджане адкажуць, дзе знаходзіцца Нацыянальны мастацкі музей. Так і ў нас, таму наведвальнікаў даводзіцца прывабліваць.


Ніна Шчарбачэвіч Газета, “Культура”

Газета “Звязда”, 19 траўня 2014 року.

У Блоні, дзе месціцца сядзіба рэвалюцыйных памешчыкаў…


Калі будзеце ехаць па дарозе з Мар’інай Горкі да вёскі Пухавічы, то не абмінуць вам Блоні.

Вёска вядомасць сваю мае з даўніх часін. У юрыдычных актах 1582 року згадваецца як сяло Балонне, ці Балонскае Менскага павета і ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1745 роке тут была Езуіцкая рэзідэнцыя і місія, якую ўзначальваў Юзэф Бака, асоба ў гісторыі і культуры Беларусі мала вывучаная, а ў дачыненні да літаратурнага краязнаўства Меншчыны, Пухавіччыны і ўвогуле забытая. Вядома, што нарадзіўся ён 18 сакавіка 1707 року на Меншчыне, а памёр 2 мая 1780 року. Акрамя таго, што славу аб сабе меў як каталіцкі прапаведнік, вядомы ён яшчэ і як польскі паэт.

У 1740-х рр. Юзэф Бака жыў у Менску. Вёў місіянерскую дзейнасць у Наваградку і Вільні. Аўтар напісанай у стылі барока паэтычнай кнігі “Заўвага аб непазбежнай смерці” (1766 р.), у якой не толькі ўсхваляў звышнатуральныя сілы і асуджаў “марнасць быцця”, але і крытыкаваў прыгоннікаў, якія здзекуюцца над сваімі сялянамі. Паэзія Ю. Бака была дастаткова ў свій час папулярнай на Беларусі і ў Літве. Відавочна, рэзідэнцыя Езуіцкай місіі месцілася на сядзібе сённяшняй Блонскай школы, тут яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі быў і каталіцкі касцёл.

Але ж цэнтральнае месца ў гісторыі Блоні займае сям’я Бонч-Асмалоўскіх … У сваіх успамінах Анатоль Іосіфавіч Бонч-Асмалоўскі піша: “Іншы раз падоўгу , іншы раз кароткі час гасцявалі ў нас у Блоні і многія іншыя рэвалюцыянеры і грамадскія дзеячы. Напрыклад, пісьменнік-народнік Рыгор Аляксандравіч Мачтэт, які пад канец жыцця перайшоў у лагер кадэтаў”.

З Блонню паяднана і рэвалюцыянерка, публіцыст Кацярына Брэшка-Брэшкоўская (1844-1934 рр.). Асоба наўздзіў шматгранная, сам Керанскі на яе смерць адгукнуўся некралогам “Бабуля расейскай рэвалюцыі”.

Не выключана, што ў Блонь прыязджаў і драматург, тэатральны рэжысёр Леапольд Сулержыцкі, пра якога таксама згадвае ў сваіх успамінах А. Бонч-Асмалоўскі. А рускі пісьменнік Яўген Чырыкаў па матывах падзей у Блоні на пачатку ХХ стагоддзя напісаў аповесць “Мяцежнікі”. Шэраг даследчыкаў выказваюць меркаванні, што ў Блоні гасцявала разам з хворым рэвалюцыянерам і сваім абраннікам украінская паэтэса Леся Украінка. Дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Аляксандравіч Прановіч проста перакананы ў гэтым. На жаль, дакладных крыніц у дачыненні да гэтага факта знайсці не ўдалося.


Дарэчы, адзін з першых грунтоўных даследчыкаў жыццяпісу Бонч-Асмалоўскіх і рэвалюцыйнага руху ў Блоні — гісторык і публіцыст Барыс Клейн (нарадзіўся 1 лістапада 1928 року ў Віцебску), які зараз жыве ў ЗША. Доктар гістарычных навук (1989 р.), прафесар (1990 р.). Скончыў Ленінградскі універсітэт (1951 р.). З 1955 року жыў у Гародне. Выкладаў на кафедры гісторыі КПСС ў Гарадзенскім медыцынскім інстытуце. У 2-й палове 1960х рр. выступіў з крытыкай палітычнага курса цэнтральнага кіраўніцтва, асудзіў увод войск Варшаўскага Дагавора ў Чэхаславакію. Быў пазбаўлены вучонай ступені і звання, вызвалены ад выкладчыцкай работы. У 1976 роке рашэннем ЦК КПБ адноўлены ў КПСС. У 1979 роке Б. Клейну былі вернуты вучоныя ступень і званне. Працаваў на кафедры гісторыі СССР і БССР Гарадзенскага універсітэта. З 1992 року — у ЗША. Аўтар прац “Рэвалюцыйны рух у Вільнюскім краі ў 1920-1939 рр.” (Вільня, 1961 р.), складальнік і аўтар каментарыяў да зборніка “Вільнюскае падполле” (1966 р.), кніг “Найдено в архиве” (1968 р.), “За дело правое: борьба КПЗБ с буржуазным террором (1920-1938 рр.)” (1986 р.), “В годину испытаний” (1986 р.), “Время выбора” (1987 р.), “Взгляд из прошлого” (1989 р.), “Недосказанное. Имена” (2008 р.).

У гістарычным нарысе “Са справы Бонч-Асмалоўскіх” Барыс Клейн расказаў і пра свой візіт у Блонь, і вобразна ўзнавіў атмасферу ў маёнтку канца ХІХ стагоддзя:

“…Анатолию Осиповичу ностальгировать было некогда. Более десяти лет потребовалось, чтобы восстановить рентабельность имения. С середины 1890-х, когда был построен крахмальный завод, оно стало приносить солидный доход. В семье, кроме Ивана, подрастали ещё сыновья Родион и Глеб, дочь Ирина. Дети жили дружно и, можно сказать, с пелёнок усваивали то сокровенное, что таилось под покровом рутинного быта.


“Я был очень осторожен, — вспоминал отец, — и мне, как редко кому, служило счастье…


В радикальных общественных кругах (не только Беларуси) репутация хозяев Блони определилась. В их руках имение было не только источником средств, но и местом совещаний, подпольных явок, складом литературы, а также “санаторием” для больных и, кто знает, чем ещё.

Сами же владельцы увлекались работой среди местных крестьян. У них находились помощники из интеллигентов: в мемуарах упоминается учитель А.Е. Богданович, отец поэта Максима Богдановича.

Но надо было завоевать доверие мужиков. Как-то Антолий Осипович созвал крестьян и объявил, что передает им часть земли, а также необходимый инвентарь и оборотный капитал, он гарантировал и определенный заработок. Был разработан устав “социалистической артели” — вероятно, первой такого рода кооперации в Беларуси.

Культурничество, толстовство? Бесспорно, личное общение Анатолия Осиповича с Л.Н. Толстым не прошло бесследно. Но автор записок сделал оговорку, что полностью “никогда не мог согласиться с ним: во-первых, категорическое непротивление злу насилием не укладывалось в моей психике; во-вторых, слишком много было в его учении мистического и божественного”.

В имении проведен был обыск, устав артели нашла полиция. В секретной полицейской справке читаем: “В 1883 г. имелось указание на намерение его устроить в своём имении Блонь хозяйство на социалистических началах”.

В неурожайный год артель распалась. Потом снова ожила.

“Масса молодежи как учащейся, так и крестьянской, — вспоминала участница тех событий М.О. Лебедева (Шебалина), — и все живут одной семьей. Днём работали, а к вечеру юноши и девушки собирались на площадке перед домом и танцевали, веселились до поздней ночи. Старшие поддерживали эту атмосферу. Как радовались все, когда Варвара Ивановна садилась за рояль!”

Как бы не трактовать это теперь, осваивались новые формы хозяйственной и общественной жизни.

Проверка их практикой обходилась недёшево.

“В 1898 г., — сказано в справке Департамента полиции, — он (Анатолий Осипович) был замечен в сношении с членами Менской социал-демократической группы и вернувшимся из ссылки бывшим государственным преступником Сергеем Коваликом”.

Бонч-Осмоловскому и двенадцати крестьянам предъявили обвинение в организации в Блони тайного кружка саморазвития “Свобода и воля”.

1902 год застал отца и сына Ивана в Часовой башне Бутырской тюрьмы…”

Папрацаваўшы ў архівах, сустрэўшыся ў Маскве з сынам Анатоля Бонч-Асмалоўскага — Іванам Анатольевічам, у 1960-ыя рр. Барыс Клейн наведаўся і ў Блонь, паспеў яшчэ сустрэцца з сялянамі, якія асабіста былі знаёмы з сям’ёю Бонч-Асмалоўскіх.

…У 2005 роке гасцямі Блоні і Пухавіцкага раёна была група балгарскіх пісьменнікаў. Сярод іх — старшыня Саюза балгарскіх пісьменнікаў, літаратурны крытык і публіцыст Мікола Пецеў, а таксама дзіцячая пісьменніца, паэт Майя Длгчава. Літаратары пазнаёміліся з краязнаўчым музееем, асаблівую ўвагу звярнулі на расповяды па літаратурнай гісторыі Пухавіцкага краю. Пакінулі свае запісы ў кнізе гасцей, якая, дарэчы, сама па сабе ўяўляе ўнікальную крыніцу інфармацыі пра міжнародныя стасункі раённага музея.

А цяпер крышачку раскажу пра Міколу Пецева. Нарадзіўся ён у 1951 годзе. Закончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Служыў у балгарскім войску. Затым працаваў галоўным рэдактарам часопіса “Родная речь” (выданне аналагічна маскоўскаму штомесячніку “Литературная учёба”). Быў абраны сакратаром Саюза балгарскіх пісьменнікаў па працы з моладдзю і міжнародных пытаннях. Пасля ўзначаліў выдавецтва “Народная молодёжь” — гэта кшталту маскоўскай “Молодой гвардии” альбо колішняга менскага “Юнацтва”. Затым заснаваў прыватнае выдавецтва. Пасля працаваў у буйнейшым дзяржаўным выдавецтве “Христо Ботев”, вярнуўся ў Саюз пісьменнікаў. І ў лістападзе 2002 года Міколу Пецева абралі старшынёю Саюза балгарскіх пісьменнікаў. Першая кніга М. Пецева пабачыла свет у Сафіі ў 1982 роке. Адна з яго кніг — “Паэзія і пазіцыя” — перакладзена на рускую мову і выдадзена ў Маскве. Зборнік публіцыстычных артыкулаў балгарскага пісьменніка рыхтуецца да выдання ў Менску ў перакладзе на беларускую мову. Пакідаючы Блонь, Пухавіччыну, Мікола Пецеў не раз заўважыў, што ўражаны той цікавасцю, якую праяўляюць да ўласнай літаратурнай гісторыі ў правінцыйным куточку Беларусі. На жаль, некаторы час назад М. Пецева не стала. Вельмі рана абарвалася жыццё добрага пісьменніка, шчырага сябра Беларусі і Расеі.

Майя Длгчава — дзіцячая пісьменніца, паэтэса. Яна прыехала ў Беларусь, каб наладзіць стасункі з беларускімі літаратарамі, якія працуюць для дзяцей. Таму і рада была многім сустрэчам у Менску (пасля яна яшчэ прыязджала ў Беларусь у 2007 роке для ўдзелу ў Міжнародным “круглым стале” “Мастацкі пераклад як шлях адзін да аднаго. Славянскі вектар”, які праводзіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і РВУ “Літаратура і Мастацтва”). Сустракаючыся з балгарскай пісьменніцай, я не мог не пацікавіцца, а што ж чытаюць балгарскія дзеці, ці цікавіць іх класічная літаратура, ці ёсць у далёкай ад Пухавіччыны старонцы альтэрнатыва Гары Потэру? І вось што пачуў у адказ:

— Трэба зазначыць, што менавіта ў апошнія 15-20 рокоў для дзяцей у нас пішуць не так і шмат. На дзіцячую літаратуру пазіраюць чамусьці як на лёгкую — забаўляльную, несур’ёзную… І мяне калегі пытаюць, чаму я не займаюся сур’ёзнай паэзіяй, а губляю час на дзіцячыя вершы. З такой псіхалогіяй, такімі сумненнямі ў вартасцях напісанага з адрасным прыцэлам для дзяцей, мы шмат згубім у справе выхавання. Таму я вельмі рада з’яўленню ў нашай літаратуры рамана маладой пісьменніцы Юліі Спірыдоновай “Любімы Папетча”. Я проста кулачкі за яе поспех трымаю. Раман нічым не саступае “Гары Потэру”, і я вельмі спадзяюся, што галоўны герой гэтага твора хутка стане любімым персанажам балгарскай дзятвы, а пасля і для ўсіх юных чытачоў свету. Ён жа, Папетча, такі добры!.. Ці чытаюць балгарскія дзеці класіку?.. Відаць, толькі тое, што ёсць у школьнай праграме. Прабачце, але самы ўжо час ставіць пытанне болей абвострана: а ці чытаюць дзеці наогул? Так, нашы дзеці яшчэ памятаюць такіх герояў, як Айбаліт, Дзядзька Фёдар… Справа, відаць, у тым, што мы раслі на балгарскай і рускай дзіцячай літаратуры адначасова. У нашага пакалення яшчэ дзеці — школьнікі. Таму яны адкрываюць кнігі з нашага пакалення, тое, што засталося ў хатніх бібліятэках бацькоў. Я асабіста чытала Барто, Міхалкова, Чукоўскага, чытала “Беларускія народныя казкі”… І шкадую, што разам з забыццём гэтай літаратуры страчваецца чысціня, губляецца непасрэднасць успрыняцця жыцця, што дапамагала нам развівацца і ўваходзіць у свет рэалій… У маіх герояў галоўны клопат, няхай сабе і ў фантазійным свеце, — усталяванне дабрыні, спагады, чысціні, маральнасці…Такі і прыдуманы мною скрыпач Найшаноўны Шуралдзі. “Шурчо” на балгарскай мове — гэта скрыпач. Ёсць і адна цікавая цётка — цётка Мецандра (меца па-балгарску гэта мядзведзь). Буду рады, калі маіх герояў адкрыюць і дзеці Беларусі, спадзяюся, што і на Пухавіччыне будуць з часам чытачы маіх кніг!..

У розныя рокі наведвальнікамі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея ў Блоні, пачынаючы адсярэдзіны 1990-х, былі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, празаік і публіцыст Уладзімір Саламаха, паэт і бард Алесь Камоцкі, рускі белетрыст Станіслаў Сакалоў, паэт Ганад Чарказян (дарэчы, як літаратурна-мастацкі тапонім Блонь выведзена ў адным з яго раманаў. Назва гэтага твора – “Горкі пах палыні”. А галоўнага героя, ураджэнца Блоні завуць Глеб Беразавік), паэты Навум Гальпяровіч, Анатоль Вярцінскі, краязнаўчы пісьменнік Віктар Хурсік і іншыя. Літаратурная экспазіцыя “вандруе” у музеі па розных залах. І справа тут, відавочна, у пашырэнні прасторы. Па-першае, для коласаўскай тэмы знайшлося месца ў філіяле ў Мар’інай Горцы. Там жа — і мемарыяльны пакой Алеся Бачылы. Як спрактыкаваны музейшчык, дырэктар Аляксандр Прановіч выкарыстоўвае любую магчымасць для развіцця плошчаў. Па-другое, падштурхоўваюць яго да гэтага і новыя зборы. Музей папаўняецца фондамі. Сем’і пісьменнікаў, іх блізкія родзічы, знаёмыя перадаюць у музей кнігі з аўтографамі, рэчы, якія належалі літаратарам, розныя дакументы. Калі будзеце ў Блоні, звярніце ўвагу і на запісы ў кнізе наведвальнікаў. Яе старонкі — таксама ўжо частка літаратурнай гісторыі Пухавіччыны.

З апошніх набыткаў краязнаўчага музея ў Блоні — мэбля сям’і Бонч-Асмалоўскіх, якую з Санкт-Пецярбурга перадала праўнучка Анатоля Восіпавіча Марына Бонч-Асмалоўская. Між іншым, яна — вядомая маскалёўская пісьменніца. Нарадзілася яна ў Ленінградзе ў 1954 роке. Закончыла Маскоўскі педагагічны інстытут. Працавала лагапедам. У 1992 роке выехала ў Аўстралію, там пачала займацца літаратурнай працай. Паслявярнулася ў Расею. У 1999 роке ў Санкт-Пецярбургу выпусціла раман “Паўднёвы Крыж”. У часопісе “Звезда” праз тры рока надрукавала аповесць “Дзень з жыцця старога на Беркендэйл, 42”. Пра сваіх знакамітых прашчураў і іх повязь з Беларуссю напісала дакументальную кнігу. Не аднойчы ў апошнія рокі прыязджала ў Блонь, на Пухавіччыну.

Расказваючы пра літаратурную Блонь — знакамітую пухавіцкую вёску, нельга не ўзгадаць імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Гаўрылавіча Чыгрынава. Менавіта ён, калі працаваў старшынёю Беларускага Фонда культуры, не аднойчы наведваўся ў Пухавіцкі раён. У значнай ступені паспрыяў пераезду раённага краязнаўчага музея з Дукоры ў Блонь. Пазнаёміў з Блонню, Пухавіччынай многіх пісьменнікаў, мастакоў. І зараз удзячныя пухавіччане помняць Івана Чыгрынава, амаль штогод ладзяць у раёне адмысловыя Чыгрынаўскія літаратурна-краязнаўчыя чытанні.


Алесь Карлюкевіч

 

Цітаўка (рака)


Цітаўка — рака ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці, правы прыток ракі Сьвіслач (басэйн Дняпра). Даўжыня 33 км. Плошча вадазбору 372 км2. Выдатак вады ў вусьці 2,16 м2/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3‰.

На рацэ места Мар’іна Горка, вёска Блонь ды іншыя.

Пачынаецца з ракі Пціч за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Русаковічы, вусьце ў вёсцы Пухавічы. Цячэ заходняй ускраінай Цэнтральнабярэзінскай раўніны.

Даліна ў высокай і сярэдняй плыні невыразная, у нізоўі трапэцападобная або скрынкападобная са стромкімі схіламі. Абалона ў высокай і сярэдняй плыні адсутнічае, у нізкай вузкая, месцамі адсутнічае, шырынёй 0,5—0,8 км. Рэчышча (шырыня ад 10 м да 20 м) ад вытоку да вёскі Загай на працягу 16 км каналізаванае[1].


Крыніцы:


1). Блакітная кніга Беларусі: энцыкл. / Рэдкал.: Н.А. Дзісько, М.М. Курловіч, Я.В. Малашэвіч і інш.; Маст. В.Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994.


Літаратура:


• Блакітная кніга Беларусі: энцыкл. / Рэдкал.: Н.А. Дзісько, М.М. Курловіч, Я.В. Малашэвіч і інш.; Маст. В.Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. ISBN 5-85700-133-1.
• Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971
• Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И.П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.

__________

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі



Создан 25 мая 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter