Былы сьлесар зь Менску вярбуе баевікоў для “русского мира”

“Свабода” даведалася, што фармаваньнем “казацкага” батальёна для наступнай адпраўкі ў “ДНР”-“ЛНР” займаецца 43-гадовы Аляксандар Шэянаў, родам зь Менску.



Вярбоўка адбываецца ў тым ліку праз адпаведную суполку “ЎКантакце”, дзе пазначана, што казацкі батальён ствараецца “для аказаньня братэрскай дапамогі на Данбасе”. Кандыдаты ў байцы “русского мира” павінны пры гэтым адпавядаць шэрагу нескладаных патрабаваньняў: быць “казаком” ці жадаць ім стаць, мець досьвед вайсковай службы, быць гатовым да знаходжаньня на тэрыторыі Данбаса на працягу як мінімум 3 месяцаў і г.д. Падкрэсьліваецца пры гэтым, што батальён ствараецца на добраахвотнай аснове — то бок грошай патэнцыйным баевікам не абяцаюць.

Фармаваньне батальёна адбываецца ў лягеры пад Тулай, і займаюцца гэтым “казакі”, якія ўваходзяць у структуру “Вялікага брацтва казацкіх войскаў”.

Сярод адміністратараў суполкі — грамадзянін Беларусі Аляксандар Шэянаў. Менавіта на ягоную пошту прапаноўваецца дасылаць і анкеты кандыдатаў у баевікі.

Як высьветліла “Свабода”, нарадзіўся Аляксандар Шэянаў у Менску, у 1990-1992 роках адслужыў у войску ў Полацку, потым быў сьлесарам, кіроўцам, перад вайной на Данбасе працаваў на дражджавым заводзе.

На Данбас, ваяваць на баку сэпаратыстаў, Аляксандар Шэянаў паехаў у 2014 роке, але ў 2015-м зьехаў адгэтуль. Цяпер у адной з маскалёўскіх “казацкіх” арганізацыяў ён займае высокую пасаду — намесьніка “атамана” (пры тым, што да вайны ніякага дачыненьня да “казацтва” ён ня меў). Сам сябе ён лічыць “рускім чалавекам”, хоць і мае пашпарт грамадзяніна Беларусі.

У інтэрвію “Свабодзе” Аляксандар Шэянаў пацьвердзіў, што цяпер ён займаецца фармаваньнем “казацкага” батальёна для адпраўкі на Данбас, і паведаміў, што да іх таксама едуць і беларусы. Праўда, упэўненасьці ў тым, што “казацкі” батальён адправіцца на Данбас, у яго няма.

— Вы набіраеце ў батальён толькі грамадзян Расеі?

— Гэта ня мае значэньня. Вядома, з грамадзянамі Расеі прасьцей. Але і зь Беларусі ахвотныя таксама ёсьць. Іншая справа, што тыя, хто зьяжджае зь Беларусі, вярнуцца ня могуць з-за пагрозы крымінальных спраў.

У мяне асабіста жаданьня вяртацца ў Беларусь няма. Адразу, калі ехаў на Данбас, плянаваў вярнуцца. А потым, калі людзі пачалі пісаць, што ў нас саджаюць...

— А вы ведаеце канкрэтныя выпадкі, калі тых, хто ваяваў на баку сэпаратыстаў, у Беларусі арыштоўвалі і саджалі?

— Ну як сказаць... Людзі проста зьнікаюць з поля зроку. Едуць дадому ненадоўга, каб наведаць сваякоў, а потым кантакты ўсякія перарываюцца, на сувязь не выходзяць.

Там жа беларусаў шмат ваявала. Я нават ведаю хлопцаў-беларусаў, якія пасьля Данбасу паехалі ў Сырыю ваяваць. Яны паехалі ад прыватных ваенных кампаніяў, а каб ім не плаціць, іх проста за дзень да завяршэньня кантракту спэцыяльна падставілі пад агонь. Вось у мяне адзін таварыш загінуў так, другі быў паранены.

— Зь якімі мэтамі вы цяпер фармуеце гэты казацкі батальён?

— Перш за ўсё — гэта навядзеньне парадку (бо там марадэрства паўсюль), а таксама суправаджэньне маскалёўскай дапамогі — там жа ўсё расьцягваецца, раскрадаецца на хаду. А каб грузы даходзілі па прызначэньні, мы і хочам стварыць гэтае падразьдзяленьне. То бок пераважна паліцэйскія функцыі ў нас будуць.

Цяпер мы набіраем людзей. А потым, магчыма, паедзем.

— Магчыма?

— Ну, мы набіраем, набіраем, але, можа, і не паедзем. Штосьці няма асаблівага жаданьня: ні ў людзей, ні ў нас ехаць ім дапамагаць. Я вось на Данбасе паваяваў, і больш жаданьня за іх ваяваць няма.

Там жа, на Данбасе, ваявала “казацтва”, а пасьля штурму Дэбальцава “казацтва” стала не патрэбнае — усе нашы аддзелы “казацкія” былі зьнішчаныя. Калі я паглядзеў, чым яны (сэпаратысты. — “РС”) там займаюцца — прапала ўсякае жаданьне ім дапамагаць.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Там (у “ДНР”. — “РС”) — страшэнная карупцыя і крадзяжы. Там цяпер, у ваенны час, адбываецца тое, што было па ўсім СНД у 90-я гады — падзел маёмасьці, сфэр уплыву, захоп заводаў, фабрык і ўвогуле ўсяго, што працуе. Было такое, што і машыны забіралі. Едзе чалавек на машыне, яго высаджваюць і забіраюць машыну. Ёсьць такое падразьдзяленьне “Апора” (“гвардыя” Захарчанкі), дык у іх на стаянцы гэтых машын было нямерана.

Карацей, кожны пнецца нешта захапіць. А захоплівае той, у каго больш войскаў — а больш войскаў у Захарчанкі.

— А як жа маскалёўская армія? Што яна робіць?

— Звычайных маскалёўскіх салдат і афіцэраў, якія б былі там па загадзе, на Данбасе я ня бачыў. Не спрачаюся, можа, нешта было — і выведка, і ГРУ, і ФСБ — але яны гэта не афішуюць. А так былі толькі добраахвотнікі... Праўда, 70% добраахвотнікаў, у тым ліку маскалёўскіх, прыйшлі туды проста каб зарабіць, “адціснуць”, сьцягнуць...

— А гледзячы на гэта, вы самі не шкадуеце, што ў свой час паехалі на вайну?

— Ёсьць такое. Усюды былі заклікі — маўляў, прыяжджайце, “братоў-славян” забіваюць. А калі я прыехаў у Данецк, мяне проста ў твар запыталі: а чаго ты прыпёрся? Мы і бяз вас выдатна спраўляемся.

Я ж нават у “войска” іх (“ДНР”. — “РС”) запісаўся, атрымаў ваенны білет. А потым паглядзеў на гэтую справу і скасаваў кантракт. Мы ж ішлі людзям дапамагаць, якія ваююць за сваю свабоду. А выходзіць, што там свабода толькі ў некаторых была.

— А як вы — грамадзянін Беларусі, мянчук — сталі “казаком”?

— Калі я паехаў на вайну, я трапіў у “казацкае” падразьдзяленьне. Там я ўступіў у “казацтва” і з гэтай групай далей ваяваў.

— Маскалёўскія “казакі” падтрымліваюць сувязь зь беларускімі “казацкімі” арганізацыямі?

— Так. Беларускае “казацтва” ўваходзіць у “Вялікае брацтва казацкіх войскаў”. Яны працуюць сумесна.

— А ў пляне дапамогі “ДНР”-“ЛНР” беларускія “казацкія” арганізацыі неяк фігуравалі?

— Я ведаю, што прыватныя асобы зь Беларусі дапамагаюць — і грашыма, і абмундзіраваньнем. А вось арганізацыі... Нічога пра гэта ня чуў.


“Радыё Свабода”, 26 траўня 2016 р.



Создан 27 мая 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter