Маскалі ля нашых межаў

(Вораг на парозе)



Расея перакідвае танкі да межаў Беларусі


Уздоўж беларускай мяжы маскалі ствараюць новыя вайсковыя базы са “значным ударным патэнцыялам”, заўважаюць дасьледчыкі-валянтэры.

Эшалёны вайсковай тэхнікі і прынамсі 214 вайскоўцаў 28-й асобнай мотастралковай брыгады зь Екацярынбургу прыбылі пад беларускія межы, у Клінцы Бранскай вобласьці, што за 90 км ад Гомеля, піша “InformNapalm”.

Пра гэта сьведчаць шматлікія здымкі ў сацсетках, якія публікуюць у тым ліку самі маскалёўскія вайскоўцы, а таксама публікацыі мясцовых СМІ.

“У гэты момант вайскоўцы знаходзяцца ў палявым лягеры на ўскраіне места, каардынаты 52.7780623,32.2027034, — піша “InformNapalm”. — Цалкам мажліва, яны будуць там усё лета, бо колішнія вайсковыя часткі ў межах места яшчэ не адноўленыя”.

Як сьцьвярджае выданьне, брыгада, што разьмясьцілася каля аўтамагістралі Гомель — Бранск, “атрымала значны баявы досьвед у выніку маскалёўскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны і Сырыі”.

Таксама выданьне зьвяртае ўвагу, што Беларусь і РФ — вайсковыя хаўрусьнікі ды маюць адзіную рэгіянальную групоўку войскаў. Да таго ж паміж Беларусьсю і РФ няма памежнага кантролю.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі Уладзімер Макараў адмовіўся камэнтаваць “Свабодзе” дадзеную інфармацыю ды параіў чытаць Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі і вайсковую дактрыну Беларусі:

— Там вельмі выразна расстаўленыя ўсе акцэнты, — запэўнівае Макараў. — І Беларусь абавязкова будзе выконваць усе свае абавязальніцтвы па забесьпячэньні калектыўнай бясьпекі ва Ўсходнеэўрапейскім рэгіёне.

Незалежны ваенны экспэрт Аляксандар Алесін ня бачыць у гэтым пагрозы:

— На тэрыторыі Смаленскай і Бранскай абласьцей яны мяркуюць сфармаваць дзьве мотастралковыя дывізіі, яшчэ адну ў Паўднёвай вайсковай акрузе, — кажа ён “Радыё Свабода”. — Цалкам верагодна, што яны насамрэч праводзяць рэкагнасцыроўку мясцовасьці, дзе будуць разьмешчаныя аб’екты гэтых дывізіяў. Я чуў, што Шайгу прыяжджаў у той рэгіён, аглядаў месцы будучых дысьлякацыяў.

Але, мяркуе Алесін, гэтае разьмяшчэньне — магчымае наступства таго, што РФ ня цалкам давярае Беларусі ў пытаньні абароны, выбудоўвае “другую лінію абароны” на сваёй тэрыторыі.

— Лука-ка ня раз казаў, што ў Расеі, акрамя беларускага войска, па дарозе на Маскву нічога няма, і гэта быў ягоны козыр, якім ён апэраваў у перамовах з Расеяй, патрабуючы нейкіх прэфэрэнцыяў, крэдытаў, танных энэрганосьбітаў, — кажа экспэрт. — А цяпер Расея, як мне здаецца, дэманструе, што ня вельмі ўпэўненая ў сваім хаўрусьніку.

Ва ўмовах, калі NATO нарошчвае кантынгенты ў Польшчы і Прыбалтыцы (нават на ратацыйнай аснове), РФ такім чынам таксама дэманструе сваю незадаволенасьць, дадае Алесін.

— А для наступальнай апэрацыі патрэбныя суадносіны адзін да чаты-рох на карысьць нападніка, — кажа экспэрт. — І тады там павінны былі б зьявіцца ня дзьве дывізіі, а прынамсі дзьве арміі — танкі, артылерыя, авіяцыя і гэтак далей. І мы пабачым такія перасоўваньні, і спадарожнікавая выведка NATO заўважыць гэта. Дзьве дывізіі на такой вялікай тэрыторыі — гэта не для атакі, гэта лінія абароны.


***


Сёлета ў студзені РФ абвясьціла аб фарміраваньні трох новых воінскіх падразьдзяленьняў на заходнім напрамку ў гэтым роке, якія будуць аснашчаны пяцьцю стратэгічнымі ракетнымі палкамі з ядзернымі ракетамі на баявым дзяжурстве. Міністар абароны РФ Шайгу аб’явіў пра гэта 12 студзеня.

Шайгу заяўляў, што неабходна будзе таксама палепшыць інфраструктуру, якая падтрымлівае ядзерныя сілы РФ, маючы на ўвазе такія аб’екты, дзе грунтуюцца стратэгічныя ракетныя падводныя лодкі і бамбавікі далёкага радыюсу дзеяньня.Заходнія СМІ паведамлялі, што маскалі абвясьцілі аб нарошчваньні ваеннай моцы на заходнім кірунку пасьля таго, як адносіны Масквы з Захадам пагоршыліся да мінімумаў, ня бачных з часоў халоднай вайны.


“Радыё Свабода”, 1 чэрвеня 2016 р.

Танкі ў маскалёўскіх Клінцах разьмяшчаюцца з разьлікам на Беларусь


Аўтар дасьледаваньняў на сайце “Informnapalm” Дзяніс Івашын перакананы: нягледзячы на стрыманыя камэнтары вайсковых экспэртаў, асобная мотастралковая брыгада, якая разьмяшчаецца ўздоўж маскалёўска-беларускай мяжы і базуецца ў населеным пункце Клінцы, мае на мэце менавіта Беларусь, а не Ўкраіну.

Пра гэта Дзяніс Івашын расказаў у інтэрвію “Свабодзе”.

— Паведамленьне, распаўсюджанае сайтам “Informnapalm”, пра разьмяшчэньне маскалёўскіх танкаў на мяжы зь Беларусьсю, выклікала шмат водгукаў у СМІ. З чым гэта зьвязана?

— Гэтая інфармацыя была цалкам нечаканая. Ніхто ня мог спрагназаваць, што маскалёўскія ўзброеныя сілы могуць перакінуць свае падразьдзяленьні непасрэдна да беларускай мяжы. І гаворка вядзецца не пра звы-чайныя падразьдзяленьні, а пра 28-ю асобную мотастралковую брыгаду зь Екацярынбургу, якая мае значны баявы досьвед, здабыты падчас вайсковай агрэсіі Расеі на Данбасе. Гэтую інфармацыю падхапілі маскалёўскія мэдыі — “Эхо Москвы”, РБК, “Независимая газета”. Журналісты гэтых выданьняў задалі пытаньне прэс-сакратару Пуціна Пяскову, які быў вымушаны хлусіць і казаць, што нічога пра гэта ня ведае і лічыць пастаноўку пытаньня пра ўзмацненьне Расеяй баявых сілаў на мяжы зь Беларусьсю абсурднай.

— Пра што гавораць гэтыя дзеяньні Расеі?

— Зразумела, што ў Расеі, у кантэксьце маскалёўскай агрэсіі супраць Украіны, можа паўстаць і “пытаньне Беларусі”. Што прымушае так думаць? Найперш тое, што пра Клінцы праходзіць шаша Гомель — Бранск і чыгунка Гомель — Унеча. Некаторыя журналісты кажуць, што вайсковыя сілы разьмяшчаюцца ў Клінцах з разьлікам на Ўкраіну. Але я лічу, што гэта ня так — з Клінцоў да ўкраінскай мяжы няма ніякіх значных магістраляў. Таму казаць пра тое, што гэты кірунак абраны для Ўкраіны, не выпадае. Таму тут менавіта беларускі напрамак.

— Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін ня бачыць для Беларусі пагрозы ў разьмяшчэньні танкаў у Клінцах. Маўляў, калі б гаворка вялася пра агрэсіўныя намеры Расеі, то спатрэбіліся б значна большая колькасьць вайскоўцаў — ажно некалькі арміяў. Што вы можаце на гэта адказаць?

— Мне здаецца, што ні Алесін, ні іншыя экспэрты ня ўзгадваюць гібрыдны характар маскалёўскай агрэсіі, якая была разьвязаная ў дачыненьні да Ўкраіны. Справа ў тым, што для гібрыднай вайны не абавязкова мець некалькі арміяў — дастаткова дэстабілізаваць сытуацыю ў суседніх раёнах, запусьціць туды пад выглядам самаабароны сваіх людзей, якія будуць блякаваць вайсковыя аб’екты і ставіць блёкпасты. Для гэтага дастаткова некалькі падразьдзяленьняў ГРУшнікаў, якія могуць базавацца ў Клінцах. Мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю няма, таму гэтыя спэцслужбісты могуць спакойна трапляць на тэрыторыю Беларусі і дэстабілізаваць тут абстаноўку. А з улікам сацыяльнай сытуацыі, якая склалася ў нас апошнім часам, шмат высілкаў для гэтага і ня трэба.

— Якія цяпер самыя актуальныя тэмы, зь якімі працуе “Інфармнапалм”?

— Гэта прысутнасьць прамаскалёўскай пятай калёны на тэрыторыі Беларусі і паўставаньне новых вайсковых аб’ектаў уздоўж беларускай мяжы. Гэта самыя актуальныя пытаньні на сёньня.

— У Беларусь едзе Пуцін. Як лічыце, ці захоча ён абмеркаваць з Лука-кай разьмяшчэньне вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі?

— Думаю, што Пуцін і Лука-ка якраз і будуць гаварыць пра разьмяшчэньне вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі. Глядзіце, падчас апошняга візыту сюды Лаўрова паўставала пытаньне пра стварэньне вайскова-авіяцыйнай базы ў Бабруйску. Таму відавочна, што Пуцін будзе ціснуць на Лука-ку, каб стварэньне вайсковага пляцдарму на тэрыторыі Беларусі выйшла на новы ўзровень.


Разьмешчаныя на захадзе Расеі часткі пры патрэбе хутка падцягнуцца сюды


Беларусь і Расея адэкватна рэагуюць на ўзмацненьне НАТО каля межаў “Саюзнай дзяржавы”.

Пра гэта Беларусі дыктатар заявіў 7 чэрвеня ў Менску, на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый краін СНД.

— Расейцы часта кажуць, што ля межаў Расеі разгортваюцца новыя кантынгенты НАТО. Трэба падкрэсьліць, што перш за ўсё — каля нашых межаў, беларускіх межаў. Мы гэта бачым і прымаем бяз гвалту, бяз шуму адэкватныя меры, — цытуе “БелТА” узурпатара.

— Бачу, што і расейскае кіраўніцтва сёньня дзейнічае ў гэтым жа ключы ў заходнім напрамку. Маю на ўвазе, што ў нас сумесная групоўка ўзброеных сіл на захадзе, якая забясьпечвае бясьпеку нашай айчыны — Беларусі і Расеі. І ў аснове гэтай групоўкі — часткі беларускай арміі. У выпадку канфлікту яны першымі ўступаюць у бой, і на працягу кароткага часу сюды падцягваюцца часткі, сканцэнтраваныя на захадзе Расейскай Фэдэрацыі, — адзначыў Лука-ка.

Ён таксама адзначыў:

— Мы гэтага не хаваем ад нашых заходніх ці то калегаў, ці то партнэраў, ці то супернікаў. Яны выдатна ведаюць нашы дамоўленасьці з Расеяй.

Я гэта кажу, каб вы зразумелі маю пазыцыю ў дачыненьні да СНД. Беларусь заўсёды была ініцыятарам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, — адзначыў Лука-ка. — Мы выступалі і будзем выступаць за рэальнае збліжэньне рэспублік былога Савецкага Саюзу.

Калі мы будзем з-за пэўных замашак у пэўных дзяржавах кіраўніцтвамі асобных палітычных сілаў прытрымлівацца іншых прынцыпаў, то мы ніколі ня знойдзем супрацоўніцтва паміж рэспублікамі, і паміж намі будуць узьнікаць, як гэта цяпер ва Ўкраіне і ў іншых частках СНД, сутычкі, ня дай бог, яшчэ і войны.

Лука-ка перакананы:

— Усё ў нашых руках, ня трэба хлусіць нашым народам. Калі мы захочам быць разам, мы заўсёды будзем.

А калі — не?


“Радыё Свабода”, 7 чэрвеня 2016 р.

“Мы да вашага “Бацькі” ў госьці прыехалі”, — маскалёўскія вайскоўцы ля беларускай мяжы


Танкі, “Грады” і некалькі тысяч салдат за 40 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю — чаго варта ад іх чакаць? Карэспандэнт “Радыё Свабода” адправілася ў лягер у Клінцах Бранскай вобласьці, куды на мінулым тыдні прыбылі маскалёўскія войскі.

Цягам мінулага тыдня не аціхала інфармацыйная хваля вакол перадысьлякацыі 28-й асобнай мотастралковай брыгады Ўзброеных сілаў РФ з Уралу ў Клінцы — мястэчка за 40 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю і за 120 кілямэтраў ад Гомеля. Вядома, што афіцэры гэтай брыгады здабылі значны баявы досьвед у шэрагу кампаніяў: ад Другой чачэнскай і Цхінвалі да Сырыі.

Меркаваньні незалежных экспэртаў наконт мэты іх пераводу пад самую мяжу Беларусі падзяліліся. Гэтак, Аляксандар Алесін сьцьвярджае, што танкі ў Клінцах не нясуць відавочнай пагрозы для Беларусі і што разьмяшчэньне ўзбраеньняў сьведчыць пра палітычную, а не пра наступальную апэрацыю. Паводле Алесіна, тут выбудоўваецца “другая лінія абароны”, каб падкрэсьліць недавер да Беларусі, якая дагэтуль лічылася асноўным ваенным хаўрусьнікам РФ.

Тым часам аўтар расьсьледаваньняў на сайце “Informnapalm” Дзяніс Івашын упэўнены: войска разьмяшчаецца ўздоўж мяжы з разьлікам менавіта на Беларусь, а не на Ўкраіну, бо праз Клінцы праходзіць аўтамагістраль Гомель — Бранск і чыгунка Гомель — Унеча, а з Украінай такога транспартнага злучэньня тут няма. Івашын нагадвае, што для дэстабілізацыі становішча ў асобным рэгіёне не канечне павінны масава ўрывацца войскі, і прыводзіць прыклад Крыму. Выклікае асьцярогу і тое, што байцы 28-й мотастралковай брыгады былі заўважаныя ў баявых дзеяньнях на Данбасе — фота адтуль яны выкладалі наўпрост у сацсеткі.

Блогеры “Informnapalm” паведамляюць, што летась старшы лейтэнант ракетнага дывізіёну Радзівон Забуноў пасьля гэтак званых “растоўскіх вучэньняў” атрымаў мэдаль РФ “За боевые отличия”, які даюць толькі за выкананьне баявых задач, а не за ўдзел у вучэньнях.

Паводле расьсьледаваньня блогераў, у 2014 роке маскалёўскія войскі абстрэльвалі ўкраінскія тэрыторыі з выкарыстаньнем тэхнікі “вандроўных батарэяў” — “Грады” працавалі як з памежных раёнаў Растоўскай вобласьці, так і з украінскай тэрыторыі, заяжджаючы туды ненадоўга і адыходзячы адразу назад за кардон.

Каб высьветліць, як настроеныя вайскоўцы ў самой брыгадзе, карэспандэнт “Свабоды” выправілася ў Клінцы.


“Хутка нешта будзе”


На чыгуначным вакзале ў Клінцах у вочы адразу кідаецца танкавая калёна. Зь дзясятак баявых машын стаяць за лічаныя мэтры ад месца, дзе спыняецца цягнік.

Пытаемся ў хлопца ў залі чаканьня, ці ведае ён, што адбываецца.

— Дык гэта да нас частку зь Екацярынбургу перавялі днямі — у месте толькі і гутарак, што пра вайсковых. Падзея стагодзьдзя.

А кіроўца ў таксі ўпэўнена распавядае:

— Нарэшце будуць народ бараніць па-людзку! Як ад каго? Ад НАТО, зразумела. І ад хахлоў, калі тыя палезуць. Украіна побач — гэта вялікая небясьпека. Раней у Клінцах заўсёды стаялі падразьдзяленьні, пасьля грошы скончыліся, і іх прыбралі. Цяпер аднаўляюць: кажуць, да канца року 7 тысяч салдат прыедзе. Ракетныя войскі, верталётчыкі, пяхота — усе будуць. Ня толькі ў Клінцах, але і ў Навазыбкаве, бліжэй да вас. Пакуль вайны няма, то добра. А як пачнецца — куды ж вы схаваецеся?

Сапраўды, мястэчка Навазыбкаў — за дзесяць хвілін язды ад мяжы. На гэтым тле дзіўна гучыць заява Дзьмітрыя Пяскова, які назваў перабольшваньнем інфармацыю пра ўзмацненьне групоўкі войскаў на беларускім напрамку і “абсурднымі” — зьвесткі пра актыўнасьць на памежжы.

Побач з гатэлем — маленькая кавярня, дзе зьбіраецца мясцовая моладзь. Наагул моладзі ў Клінцах мала, большасьць вучыцца ў Бранску, а дадому прыяжджае на выходныя. Гаворыць дзяўчына-студэнтка:

— Па месте ходзяць чуткі, быццам чакаецца нейкая правакацыя ад украінцаў: яны нас справакуюць, Расея будзе вымушаная адказаць, а сусьветнай супольнасьці зноў выставяць Расею агрэсарам. А наконт хлопцаў з Уралу — дык яны тут усяго тры дні, а ўжо да дзевак клінцоўскіх заляцаюцца, непрыгожа сябе паводзяць.

Яе сябры, зьдзіўленыя візытам замежных журналістаў, абступаюць нас з усіх бакоў:

— Вы не падумайце! Гэта ўкраінцам мы ня рады, асабліва бежанцам з Данбасу. Летась усе атрымалі дапамогу: кватэру, працаўладкаваньне, ды яшчэ хадзілі незадаволеныя, сварыліся зь мясцовымі... А беларусаў мы вельмі любім!

Аналіз сацыяльных сетак (лякальнай суполкі “ЎКантакце”) выяўляе агульную занепакоенасьць жыхароў рэгіёну. У камэнтарах пішуць:

“Подслушано Клинцы (region_32) 1 июн в 13:54 На днях был в СМК по работе. Так вот: не только в Клинцы переводят вояк, укрепляют практически все приграничные части. Один мой знакомый рассказал, что скоро что-то будет, и пока не поздно нужно уезжать подальше от границы.”*

“Анонимно. Ребят, не могу жить Замучал вопрос неужели будет война? В клинцах? Неужели моя семья и я могут погибнуть? Это правдо? Или предположение? Админ, жду твоего ответа ( Военные подскажите и вы, очень сташно, может стоит уехать?”*

“Дмитрий Кремков: Конечно пора валить и куда нибудь по дальше, за Урал.”*


__________
* арфаграфія згодна арагіналу).


Пакуль насельніцтва нэрвуецца, салдаты тэрміновай службы спэцыфічна жартуюць у той жа суполцы, выкладваючы фота танкаў: “Подслушано Клинцы (region_32) сегодня в 0:35 Техника готова к бою!! Идём захватываць Германию”.

Жаўнеры жартуюць у сацыяльных сетках:

“Виктор Маяцкий 26 мая в 10:51 Едзем в Украину”, — пішуць салдаты з Екацярынбургу “ЎКантакце”.


“Бацька ўдала балянсуе, але базу сваю мы ўсё адно разьмесьцім”


Увечары наш мясцовы праваднік сказаў, што вайскоўцы ўвесь час ходзяць у места “у самаволку”, бязь ведама камандаваньня, і параіў зазірнуць у клюб “Падкова”, каб пагутарыць зь імі ў неафіцыйнай атмасфэры. Там мы сустракаем некалькі кадравых афіцэраў пяхоты, апранутых “па форме”. Пазнаёміліся з маёрам С. Ён сядае на ганак і павольна закурвае цыгарэту, гледзячы ўдалечыню:

— Ведаеце, што самае страшнае? Атрымаць загад № 1. Памятаю, як у Растове былі — днямі чакалі невядома чаго. Цябе не пытаюцца — проста пасылаюць, і ўсё.

На пытаньне пра неабходнасьць разьмяшчэньня побач зь Беларусьсю маёр кажа:

— Лука-ка пачаў на Захад паглядваць, вось “дзядзя Вова” і вырашыў яго напружыць. Пакуль балянсуе паміж дзьвюма табурэткамі. Мы вайны ня хочам, але яму вельмі не рэкамэндавалі пускаць НАТО. Тут да Гомеля ехаць менш чым дзьве гадзіны, а да мяжы 40 кілямэтраў. Якая ўжо розьніца? Лічы, мы да вашага “Бацькі” ў госьці прыехалі. А ведаеш, якая прыцэльная дальнасьць у “Града”, напрыклад?

Маёр С. упэўнены: маскалёўская база ў хуткім часе зьявіцца ў Беларусі:

— Гэта для вас “Бацька” на публіцы кажа, што не. А паміж сабой яны даўно дамовіліся, проста чакаюць зручнага моманту. А вы што, хочаце, каб НАТО прыйшло?!

Маёр — вэтэран другой чачэнскай вайны. Трапіў у 18 рокаў у Аргунскую цясьніну, выжыў і вырашыў застацца ў войску. Пазьней прайшоў Паўднёвую Асэтыю. Яго сябара, старшы лейтэнант, нядаўна быў у Сырыі. Старшы сяржант Е. пацьвердзіў, што многія з прысутных удзельнічалі ў баявых дзеяньнях:

— Ды нас да 2007 року доўга ня думалі, куды пасылаць. Без пытаньняў — у Чачню. Я фатаздымкі чачэнскія дагэтуль нават жонцы не паказваў. Страшна было ўзгадваць.

Пра Сырыю вайсковец распавядае, нібыта апраўдваючыся:

— Не, ну а што? У Сырыі ж усё афіцыйна, ня як з Украінай!

Празь дзьве гадзіны сьцямнела, вячэра скончылася, і афіцэры замовілі гарэлкі. Калі тая была выпітая, кампанія выклікала таксоўку ехаць у лазьню. Старлей гучна жаліўся: грошы прайграў на спартовых стаўках, цяпер няма чым расплаціцца з кіроўцам.


“Прапаршчык жыве за наш кошт”


На сьвітаньні мы з правадніком падышлі да лягера ў зоне чыгункі. Раней СМІ пісалі: вайскоўцы жывуць у мабільных намётах. Але ніякіх намётаў на месцы не было. На зямлі, паміж БТРам і танкам, чатыры вайскоўцы сьпяць проста на зямлі, нават бяз спальных мяшкоў. Паміж імі дагарае вогнішча, вакол ходзяць сабакі.

Разгаварыліся з паставым — 18-рочным салдатам тэрміновай службы. Хлопец падышоў і сам пачаў распавядаць амаль шэптам:

— Нас увогуле ніяк не рыхтавалі да пераводу сюды! Ані лекцыі па ідэалёгіі, ані адмысловага сходу перад ад’ездам. І мы ходзім у самаволку, і кантрактнікі ходзяць. Як вяртаемся на базу — ведаеце, чым займаемся? Бачыце мэталічны дрот, якім лякаматыў прывязваюць да рэек? Мы па загадзе прапаршчыка гэты дрот адразаем і прадаём у места. Пасьля купляем усё, што яму трэба, цыгарэты, ежу. Падумайце толькі — жыве за наш кошт! А нам добра, калі адзін сухі паёк на траіх. У дарозе дык на пяцярых адзін давалі. Увогуле служыць падабаецца, канечне, тут весела... Заўжды хацеў у войска, бо я патрыёт.


***


У маскалёўскім Міністэрстве абароны перадысьлякацыю 28-й асобнай мотастралковай брыгады называюць “адным з захадаў у адказ на павелічэньне інтэнсіўнасьці вучэньняў НАТО”. Мінабароны Беларусі адмовілася камэнтаваць сытуацыю.


“Радыё Свабода”, 7 чэрвеня 2016 р.

 

Войскі ў Клінцах — гэта прэвэнтыўныя захады супраць Украіны

 

Амбасадар РФ ў Беларусі на прэс-канфэрэнцыі ў Менску патлумачыў, чаму каля мяжы зь Беларусьсю ў Бранскай вобласьці знаходзіцца мотастралковая брыгада Ўзброеных сілаў РФ з Уралу.

Ён заявіў, што разьмяшчэньне ў Клінцах маскалёўскіх войскаў накіраваная ня супраць Беларусі, а супраць Украіны — у якасьці прэвэнтыўнай меры:

— Што тычыцца Клінцоў, то прычым тут Беларусь? Я так разумею, што ў нас не атрымліваецца зь менскімі дамоўленасьцямі, ва Ўкраіне радыкалізм зноў пачынае ўздымацца — акрамя “Правага сэктара” фармуюцца новыя сілы, зьверхправыя, больш радыкальныя.

Ва Ўкраіне пачынае перамагаць кропка вайны. А мы як бы ня вельмі хочам, каб яна перамагла. Калі пераможа, то яна магчыма і на мяжы з Расеяй. Таму гэта прэвэнтыўная рэч. Ня бачу нічога радыкальнага ў гэтым, — сказаў Сурыкаў.

P.S. Зусім забрэхаліся, клятыя маскалі...


“Радыё Свабода”, 9 чэрвеня 2016 р.

 

 

Маскалі будуюць на мяжы з Беларуссю буйную вайсковую базу



Непадалёк ад места Клінцы Бранскай вобласці ідзе падрыхтоўка да маштабнага будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў буйнога вайсковага мястэчка.

Аб гэтым паведамляецца на сайце Федэральнага агенцтва спецыяльнага будаўніцтва РФ.

Удакладняецца, што працы вядуцца Галоўнай управай Спецбуду РФ на тэрыторыі Цэнтральнай федэральнай акругі. У цяперашні момант скончаныя інжынерныя пошукі і даследаванні. Да 1 жніўня 2016 року плануецца скончыць распрацоўку праектнай і горадабудаўнічай дакументацыі.

“У ліку новых аб’ектаў тут будзе ўзведзены комплекс тыпавых збудаванняў для патрэб Міністэрства абароны: два двухпавярховыя інтэрнаты для размяшчэння асабовага складу, вялікая сталовая, страявы пляц, дзве дызель-генератарныя ўстаноўкі. Акрамя таго, будаўнікі пракладуць унутрыплошчавыя сеткі першага этапу, якія ўключаюць сеткі цеплавога, электрычнага і водазабеспячэння; правядуць добраўпарадкаванне тэрыторыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, адзначае прэс-служба агенцтва, спецыялісты Першага глаўка правядуць рэканструкцыю будынкаў штаба і пяці памяшканняў для размяшчэння вайскоўцаў.

“Як адзначае кіраўнік Першага глаўка Сяргей Смірноў, спецбудаўнікі забяспечаць належны ўзровень бытавых і сацыяльных умоў для вайскоўцаў”, — дадае прэс-служба.

Раней паведамлялася, што 30 траўня 2016 року ў памежны раён Бранскай вобласці прыбыў эшалон 28-й Сімферопальскай асобнай мотастралковай брыгады — 214 вайскоўцаў з цяжкай баявой тэхнікай і чатырма пасажырскімі вагонамі.

Клінцоўскі раён мяжуе з Гомельскай вобласцю Беларусі і Чарнігаўскай — Украіны.


“Хартыя’97”, 22 чэрвеня 2016 р.

 

 

Маскалі разгортваюць на мяжы з Беларуссю яшчэ адну ўдарную дывізію


Мотастралковая дывізія колькасцю 10 тысяч чалавек будзе размешчана ў Ельні пад Смаленскам.

Мотастралковая дывізія, якая ствараецца ў Смаленскай вобласці і ўвойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі, будзе канчаткова разгорнутая да сярэдзіны наступнага року. Пра гэта паведаміла “ТАСС” крыніца ў Генштабе РФ.

— Генштаб аб ўзгадненні з міністрам абароны прыняў канчатковае развязанне аб тым, што новая Ельнінская мотастралковая дывізія разам з Таманскай мотастралковай і Кантэміраўскай танкавай дывізіямі ўвойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі.

Фармаванне дывізіі ў Смаленскай вобласці пачалося значна пазней, чым аднатыпных злучэнняў у Варонежскай і Растоўскай абласцях, таму завяршэнне яе камплектавання і ўзвядзення для яе аб'ектаў інфраструктуры запланаванае не на снежань гэтага года, а на канец першай паловы наступнага року, — сказаў суразмоўца агенцтва.

Крыніца нагадала, што колькасць дывізіі са штабам у Ельні складзе блізу 10 тысяч чалавек. Паводле яго звестак, у склад новага злучэння ўвойдуць тры мотастралковыя і адзін танкавы полк, самаходны артылерыйскі і зенітны ракетны палкі, а таксама падраздзяленні забеспячэння.

Дывізія ў Смаленскай вобласці ўваходзіць у лік трох новых злучэнняў, аб фармаванні якіх абвясціў раней кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу. Вясной начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Сяргей Рудскі паведамляў, што вайскоўцы пакуль не вызначыліся з падначаленнем Ельнінскай дывізіі.

Нагадаем, 1 чэрвеня стала вядома аб разгортванні маскалёўскай вайсковай базы ў Бранскай вобласці ў Клінцах, якія знаходзяцца за 90 км ад Гомеля.


“Хартыя’97”, 5 ліпеня 2016 р.

 

 

Пад Смаленскам за 100 км ад мяжы з Беларуссю ствараюць новую мотастралковую дывізію


Дывізія ў Смаленскай вобласці ўваходзіць у пералік трох новых злучэнняў, пра фармаванне якіх абвясціў раней кіраўнік Мінабароны Масковіі Сяргей Шайгу.

Мотастралковая дывізія, якая ствараецца ў Смаленскай вобласці, увойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі і будзе канчаткова разгорнута да сярэдзіны наступнага року. Пра гэта паведаміла ТАСС крыніца ў Генштабе Масковіі.

— Генштаб па ўзгадненні з міністрам абароны прыняў канчатковае рашэнне аб тым, што новая Ельнінская мотастралковая дывізія разам з Таманскай мотастралковай і Кантэміраўскай танкавай дывізіямі ўвойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі.

Фармаванне дывізіі ў Смаленскай вобласці пачалося значна пазней, чым аднатыпных злучэнняў у Варонежскай і Растоўскай абласцях, таму завяршэнне яе камплектавання і ўзвядзення для яе аб'ектаў інфраструктуры запланавана не на снежань гэтага року, а на канец першай паловы наступнага року, — сказаў суразмоўца агенцтва.

Крыніца нагадала, што колькасць дывізіі са штабам у Ельні складзе каля 10 тысяч чалавек.

Паводле яго звестак, у склад новага злучэння ўвойдуць тры мотастралковых і адзін танкавы полк, самаходны артылерыйскі і зенітны ракетны палкі, а таксама падраздзяленні забеспячэння.

Дывізія ў Смаленскай вобласці ўваходзіць у пералік трох новых злучэнняў, аб фармаванні якіх абвясціў раней кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу. Вясной начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Сяргей Рудскі паведамляў, што вайскоўцы пакуль не вызначыліся з падначаленнем Ельнінскай дывізіі.

Ельня знаходзіцца за 110 км ад мяжы з Беларуссю.

Ельнінская дывізія будзе месціцца на адлегласці кароткага маршу ад Оршы — галоўнага транспартнага вузла на поўначы Беларусі, а Клінцоўская — ад Гомеля.


“Наша Ніва”, 5 ліпеня 2016 р.

 

 

У 100 км ад мяжы Беларусі фармуецца новая маскалёўская мотастралковая дывізія


Масковія прадаўжае размяшчэнне вайсковай групоўкі ўздоўж мяжы з Украінай і Беларуссю.

Пра гэта піша міжнародная валанцёрская супольнасць “InformNapalm”.

4 траўня міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што “тры новыя дывізіі будуць створаныя для процідзеяння нарошчванню сіл NATO каля маскалёўскіх межаў”. Характэрна, што ні Украіна, ні Беларусь не з'яўляюцца чальцамі гэтага паўночнаатлантычнага альянсу. Больш за тое, Украіна, у якой ужо больш за два рока прадаўжаецца маскалёўская ваенная агрэсія і акупавана дзесьці 7% тэрыторыі краіны, вядзе ў ваеннай сферы дзеянні выключна абарончага характару і выбудоўвае ўздоўж мяжы з агрэсарам лінію эшаланаванай абароны.

Беларусь жа і зусім звязаная з Масковіяй усімі мажлівымі вайсковымі саюзамі і дамовамі, і нават уваходзіць з ёй у адзіную рэгіянальную групоўку войскаў і адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны.

Аднак у гэты момант ідзе актыўнае будаўніцтва вайсковых баз у г. Новачаркаску і н.п. Кадамаўскім Растоўскай вобласці, дзе будзе размешчана 159-я мотастралковая дывізія; у м. Багучар Варонежскай вобласці, дзе фармуецца 10-я танкавая дывізія; у н.п. Валуйкі Белгародскай вобласці практычна скончанае стварэнне вайсковай базы 23-й мотастралковай брыгады; у м. Клінцах Бранскай вобласці ствараецца вайсковая база, на якую перакідваюцца падраздзяленні 28-й мотастралковай брыгады. Мілітарысцкія падрыхтоўкі закранулі цяпер і м. Ельню Смаленскай вобласці.

Паводле наяўных звестак, у Ельні ўзнаўляецца 144-я мотастралковая дывізія, якая да лета 2017 року будзе налічваць больш за 6 000 вайскоўцаў, сярод якіх прыблізна 3600 чалавек — афіцэры і кантрактнікі. У новыя дывізіі, як мяркуецца, увойдуць тры мотастралковыя палкі, адзін танкавы, самаходны артылерыйскі і зенітна-ракетны палкі, а таксама падраздзяленні забеспячэння.

13 ліпеня зафіксаванае прыбыццё першага эшалона з вайсковай тэхнікай і падраздзяленнямі 28-й ОМСБр з Екацярынбурга, вайскоўцы якой будуць займацца непасрэдным разгортваннем новай вайсковай базы на месцы.

З паведамленняў мясцовай раённай газеты “Знамя”, сёлета на месца дыслакацыі прыбудуць два батальёны колькасцю 400 чалавек у кожным. Характэрна, што падраздзяленні 28-й ОМСБр перакідаюцца таксама і ў м. Клінцы Бранскай вобласці.

У гэты момант вайскоўцы ўсталёўваюць намётавае мястэчка і ўладкоўваюць месца дыслакацыі.

Вядома, што Ельнінская дывізія ўвойдзе ў склад 1-а гвардзейскага танкавага войска разам з Таманскай мотастралковай і Кантэміраўскай танкавай дывізіямі, што дазволіць ёй валодаць значным ударным патэнцыялам.

У 2017 роке ў Ельню будуць перадыслакаваныя два палкі, колькасць вайскоўцаў якіх склала 2200 і 2800 чалавек адпаведна. Для прыблізна 2500 жаўнераў тэрміновай службы запланаванае збудаванне 12 модульных казармаў і салдацкай сталовай. Тэрмін, які камандаванне адвяло для гэтага будаўніцтва, не перавышае 6 месяцаў. Таксама, недалёка ад месца дыслакацыі ў Ельні прадугледжаная арганізацыя новага танкавага палігона.

Варта адзначыць той факт, што новая дывізія ў Ельні роўнападаленая як ад Віцебска, так і ад Магілёва і гэта адлегласць складае ўсяго 200 км.

Падчас выведкі адкрытых крыніц была выяўленая вельмі цікавая дэталь: выбарчая камісія Смаленскай вобласці ў правядзенні выбараў у Дзярждуму РФ мае намер стварыць пад Ельняй часовы выбарчы ўчастак. Правядзенне выбараў, як вядома, запланаванае на 18 верасня 2016 року. Зыходзячы з гэтага факту, можна меркаваць, што значны кантынгент вайскоўцаў, для якіх неабходнае стварэнне асобнага выбарчага ўчастка, будзе перадыслакаваны ў Ельню ўжо ў жніўні 2016 року.

Ніжэй прыводзім спадарожнікавы здымак сэрвісу “Яндэкс.Карты” з месцам дыслакацыі новай мотастралковай дывізіі. На фота зафіксаваная тэрыторыя вайсековай базы, а таксама мікрараён Ельні “Кутузаўскі”, у якім першы час будзе знаходзіцца частка прыбылых вайскоўцаў.

 

Таксама адзначым, што дывізія ў Ельні, як і брыгада ў Клінцах, фармуецца на базе падраздзяленняў 28-й ОМСБр з Екацярынбурга, якая мае значны баявы досвед, атрыманы падчас ваеннай агрэсіі супраць Украіны і Сірыі. Месца яе дыслакацыі ў Смаленскай вобласці сведчыць аб абсалютнай прыярытэтнасці беларускага кірунку. Разам з мотастралковай брыгадай у Клінцах, якая знаходзіцца ў 90 км ад Гомеля, новая дывізія ў Ельні будзе валодаць значным ударным патэнцыялам для правядзення аперацый падчас магчымай гібрыднай вайны ва Усходняй Беларусі.

Можна смела выказаць здагадку, што створаныя новыя вайсковыя базы будуць у напоўніцу выкарыстаць і спецпадраздзяленні ГРУ, якія пад прыкрыццём дыслакаваных на іх мотастралковых частак будуць праводзіць аперацыі для дэстабілізацыі сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь у выпадку рэалізацыі кожнага са сцэнарыяў для анэксіі дзяржавы. Адсутнасць памежнага кантролю, а таксама наяўнасць значных вайсковых сіл уздоўж мяжы з Масковіяй істотна спрыяе такому развіццю падзей.

Калі правесці гістарычныя паралелі паміж Масковіяй і Беларуссю з саюзам Нямеччыны і Італіі ў час Другой сусветнай вайны, не ўзнікае ніякіх сумненняў у тым, што ў выпадку неабходнасці Масковія, таксама як і калісьці Нямеччына, акупуе тэрыторыю свайго ўчорашняга хаўрусніка, улічваючы, што абарону сваіх так званых “нацыянальных інтарэсаў” яна паводле традыцыі вядзе ваенным шляхам на тэрыторыі іншых дзяржаў.


“Хартыя'97”, 30 ліпеня 2016 р.



Обновлен 30 июл 2016. Создан 08 июн 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter