Гісторыя Масюкоўшчыны

Зямля беларуса-татарына Мусы Абрагімавіча Сяліцкага



Пра загадку паходжання назвы аднаго з менскіх раёнаў піша гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.

На сучаснай карце беларускай сталіцы мы бачым мноства назваў, паходжанне якіх можам адразу ж вытлумачыць хоць бы на ўзроўні так званай народнай этымалогіі. Камароўка — было шмат камароў, Чыжоўка — шмат чыжоў, Сляпянка — сляпнёў… Праўда, гэтыя тлумачэнні не заўсёды слушныя — так, назва менскага вадасховішча і раёна Дразды хоць і звязаная з птушкамі, якіх там сапраўды шмат, узыходзіць да імя колішніх уладальнікаў — сям’і Драздоў. Так, не заўсёды простае тлумачэнне аказваецца слушным.

Але ёсць і цалкам непразрыстыя назвы. Напрыклад, Масюкоўшчына. Ні на першы, ні на другі погляд слова не паддаецца тлумачэнню. Але, напэўна, навукоўцы ўжо даўно ўсё высветлілі, і нам застаецца толькі скарыстацца вынікамі іх працы. Так, простае тлумачэнне паходжання гэта назвы дадзена ў кнізе “Памяць” Менскага раёна: “Масюкоўшчына — вёска, з 1990 р. у м. Менск. Назва ўтворана ад прозвішча Масюкоў”.

Назвы, якія сканчаюцца на “-шчына”, сапраўды, звязаныя з імёнамі заснавальнікаў або уладальнікаў. Напрыклад, Васілеўшчына (Васіль), Васькоўшчына (Васька) і да т.п. Але, хто ж гэты загадкавы Масюкоў, у гонар якога назвалі вёску? Гучанне пададзенага прозвішча нетыповае для беларусаў — ладна б, Масюк або Масюкевіч, але Масюкоў — можа, нейкі маскалёўскі чыноўнік, які набыў тут зямлю? Але калі? Бо з’явіліся яны тут толькі пасля маскалёўскай анэксіі нашых зямель, г.зн. не раней за 1793 рок. А тая ж кніга “Памяць” паказвае, што Масюкоўшчына — “у 1791 р. — вёска маёнтка Плябанцы Менскай парафіі, уласнасць каталіцкай Царквы”. Значыць, вёска існавала нашмат раней.

Прапаную сваю версію паходжання гэтай назвы.


Ніякіх слядоў Масюкова


Учытаемся яшчэ раз у энцыклапедычны артыкул з “Памяці”. Учытаемся ўважліва: “У 1791 р. Масюкоўшчына — вёска маёнтка Вяснінка Каралішчавіцкай парафіі, шляхецкая ўласнасць. У 1791 р. — вёска маёнтка Плябанцы Менскай парафіі, уласнасць каталіцкай Царквы. У 1800 р. — вёска, уласнасць Г. Гардзялкоўскай (частка вёскі належала ксяндзу мінскай каталіцкай плябаніі Ваньковічу), 8 двароў, 48 жыхароў. У 1815 р. — вёска, уласнасць М. Гілевіча, у 1858 р. А. Вярыгі”.

Як жа так? Масюкоўшчына ў 1791 роке адначасова і вёска маёнтка Вяснінка, і вёска маёнтка Плябанцы? І якім чынам сучасныя Вяснінка і Масюкоўшчына апынуліся аж у “Каралішчавіцкай парафіі”? Нават цяпер, калі паспрабаваць на грамадскім транспарце даехаць з Масюкоўшчыны ў Каралішчавічы, на гэта сыдзе нямала часу. А ў тыя часы каб вернікі, найчасцей пешшу, хадзілі на службу ў касцёл, размешчаны на процілеглым баку Менска на адлегласці 20 кіламетраў, калі можна было хадзіць у некалькі бліжэйшых касцёлаў? А вось самі Плябанцы, якія захаваліся і да нашага часу, сапраўды, значна бліжэй да Каралішчавіч. Хоць, вядома, можна гэтаму знайсці тлумачэнне: часта пэўным цэрквам, касцёлам або кляштарам людзі адпісвалі свае зямельныя ўчасткі, і яны маглі знаходзіцца далёка ад царкоўных уладанняў. Вось мы і бачым, што ў 1800 частка вёскі належала Гордзялкоўскай, а другая частка ксяндзу Ваньковічу.

У падымных рэестрах Менскага павета за 1775 рок Масюкоўшчына названая фальваркам, і разам з фальваркам Плябанцы належаць яны менскім ксяндзу Ваньковічу. А вось маёнткам Вяснінка, размешчаным за Менскам, валодае пан Яленскі — мазырскі стараста, і знаходзіцца ён у застаўным карыстанні ў пана Высоцкага. Для нашага асноўнага пытання гэтыя акалічнасці пакуль маюць толькі адно значэнне: ніякаму Масюкову гэтая вёска ніколі не належала. Паспрабуем прасачыць гісторыю Масюкоўшчыны яшчэ глыбей, і для гэтага звернемся да архіўных дакументаў.


“Часова”, якое расцягнулася на сто рокаў


Самуіл Яленскі, Мазырскі гараднічы, набыў маёнтак Вяснінка “з усімі сенажацямі і належным да яго абрубам Масюкоўшчынай і з паселенымі ў ім сялянамі” па купчай крэпасці 28 кастрычніка 1744 ад Мацея і Івана Фурсаў, Івана і Хрысціны Скваркоўскіх. Хрысціна Скваркоўская з Алісевічаў у першым шлюбе была жонкай Гаўрылы Фурса. Сям’я ж Фурсаў валодала Вяснінкай больш за сто рокаў па застаўным праве — г.зн. маёнтак быў дадзены ім як заклад за атрыманыя ў пазыку грошы, і працягвалася гэта валоданне толькі да вяртання пазыкі.

Найбольш поўна ўсю гісторыю Вяснінкі выклаў у 1855 року адзін з будучых яе ўладальнікаў — памешчык Менскага павета, адстаўны капітан Аляксандр Іванаў сын Дарэўскі-Вярыга (нашчадкі святара Вярыгі, якія вывучыліся, “выбіліся ў людзі”, набылі зямельныя ўладанні пад Менскам, дадалі да прозвішча пафасны прыдомак Дарэўскі). Прывядзём толькі найбольш важныя для нас фрагменты з яго прашэння:

“Магістрат места Менска ў 1669, пазычыўшы на патрэбы места ў Івана Фурса 230 чырвонцаў, аддаў у заклад за іх на шэсць рокаў частку зямлі пустой, лесам зарослай, якой места валодала згодна з прывілеем каралёў польскіх вотчынным правам; з прадастаўленнем права карыстацца ёю надалей да выплаты ўсёй сумы цалкам; роўна з прадастаўленнем Фурсу права расчышчаць зарослую зямлю, араць, забудоўваць і ўсякую карысць з яе мець… На падставе вышэй прапісаных закладных здзелак Іван Фурс, а потым яго пераемнікі, расчысцілі тую пустку, угнойваючы, у многіх месцах забудавалі так, каб яна магла прыносіць карысць і прыбытак, чаго раней не было. Але паколькі места не толькі ў прызначаны ў пагадненні тэрмін, але цягам амаль 200 рокаў закладзенай зямлі не выкупіла і, як пазычаных грошай, так і выдаткаў на расчыстку, угнаенне і забудову не аплаціла, згаданая закладны зямля, у ліку іншых пераемнікамі Івана Фурса переўступленыя Самуілу Яленскаму…”

Такім чынам, яшчэ ў XVII стагоддзі Фурс і яго нашчадкі сталі “часова” валодаць зямлёй пад Менскам. Яны стварылі фальварак Веснінка, да якога сталі прыкупляць розныя зямлі і сенажаці ў суседзяў. Для нас жа найбольш цікавая наступная здзелка: у 1695 роке Юрый Фурс набыў па купчай крэпасці ад Аляксандра Сяліцкага “вотруб Масюкоўшчына ў 8 валок зямлі”. У перакладзе на сучасныя адзінкі вымярэння плошчы гэта каля 170 гектараў. На ім Фурсы пасялілі сялян і стварылі вёску з такім жа назвай — Масюкоўшчына.


“Дзед мой Абрагім перад нашэсцем маскоўскіх войскаў пабудаваў фальварак”


Падобна, каб атрымаць адказ аб паходжанні тапоніма, нам трэба зазірнуць яшчэ глыбей. На шчасце, патрэбныя дакументы захаваліся. У 1745 року ў акты Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага была занесеная купчая крэпасць, якая змяшчае важныя для нас звесткі па гісторыі Масюкоўшчыны.

6 лістапада 1745 у судзе Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага адвакат і лоўчы Жамойцкі Мікалай Жыцкі зачытаў сведчанне татарына Менскага ваяводства Аляксандра Сяліцкага, інтарэсы якога прадстаўляў:

“Я, Аляксандр Абрагімавіч Сяліцкі, татарын Менскага ваяводства, выдаў гэтую купчую крэпасць у тым, што я, маючы вядомую зямлю, нікому не закладзеную, на адлегласці ў адну мілю ад Менска ва ўрочышчы Колодзежы восем валок за могілкамі татарскімі старымі, з лесам, цяпер спустошаным, з сенажацямі, зараснікамі і ворнымі палямі, цяпер зарослымі, на якой зямлі дзед мой Абрагім Гіліашавіч перад нашэсцем маскоўскіх войскаў пабудаваў фальварак, у межах з грунтамі ксяндза Мінскага плябана празь балота да Ржаўца рэчкі пад бор таго ж ксяндза Менскай плябаніі, як то відаць са старога права, набыты дзедам Абрагімам Гіліашавічам ад Васіля Занковіча Астрашаніна, менскага мешчаніна, 27 снежня 1589. Пасля смерці дзеда нашага зямля дасталася спадчынай бацьку майму Сялемшу Абрагімавічу і дзядзьку мойму Мусу Абрагімавічу, якія без дзяльбы памерлі. За смерцю іх гэтая зямля дасталася мне, Аляксандру Сяліцкаму па бацьку маім Сялемшу, і стрыечнай маёй сястры Хаве Ляўшэвічавай… Па вяртанні маім з ваеннай службы швагер мой Ляўшэвіч і стрыечная сястра Хава Масюкоўна, задоволіўшыся прыбыткамі, атрыманымі ад зямлі ў маю адсутнасць, переказалі яе на імя маё. У далейшым я, пакліканы Юрыем Фурсам аб выплаце доўгу, які належаў памерламу мінскаму бургамістру Івану Фурсу 160 коп літоўскіх грошаў, пазычаных памерлым айцом маім Сялемшам Абрагімавічам і дзядзькам Мусом Абрагімавічам; ведаючы я аб сапраўднасці той пазыкі, але не маючы, чым выплаціць, згаданую зямлю прадаў Юрыю Фурс за 250 коп літоўскіх грошаў. З гэтай сумы адлічылі доўг, яшчэ засталіся для мяне 90 коп… У чым выдаю гэтую купчую крэпасць… зацверджаную маім подпісам па-татарску па няведанні граматы польскай … Пісана ў Менску, 26.12.1695”


Муса — гэта Майсей


Гэты дакумент, хоць у ім зусім не згадваецца Масюкоўшчына, утрымлівае адказ на пытанне, зададзенае ў пачатку артыкула. У 1589 татарын Абрагім Гіляшавіч Сяліцкі купіў у мешчаніна менскага Васіля Занковіча Астрашаніна ўрочышчы Колодзежы, якое пазней дасталася яго дзецям, а яшчэ пазней стала вёскай Масюкоўшчына. Такім чынам, Масюкоўшчына — гэта зямля татарына Мусы.

Маё меркаванне пацвярджаецца і іншымі дакументамі, дзе ўказваецца, што Аляксандр Сяліцкі прадаў Фурсу “два абводы зямлі: адзін ад Тарасаўскай дарогі да Масюкоўшчыны, то бок, да зямлі і лесу Мусы Абрамавіча татарына, а другі, перайшоўшы зямлю Мусы татарына, або Масюкоўшчыну, мяжу градскаю з менскай плябаніяй рэчкаю Ржаўцом да рэчкі Свіслачы і рэчкі Вяснінка у шырыню і даўжыню”.

Муса — гэта мусульманскі варыянт біблейскага імя Майсей. У кнізе “Як у нас клічуць” Сымон Барыс прыводзіць і такі беларускі варыянт гэтага імя: Майсюк. Як Янка — гэта Янук, а Павал — Паўлюк. Успомнім, што адна з уладальніц гэтай зямлі, Хава, мела імя па бацьку Масюкоўна.

Здаецца, што гэта той рэдкі выпадак, калі мы можам назваць канкрэтнага чалавека, імя якога каля 400 гадоў знаходзіцца на карце Менска — татарын Муса Абрагімавіч Сяліцкі. І нагадвае яно пра тыя часы, калі ў Менску і яго ваколіцах была мячэць, некалькі татарскіх могілак, татарскія гароды, а таксама фальваркі з нязвыклымі для беларуса назвамі накшталт Бейсалоўкі, якая пазней стала Весялоўкай.

Такім чынам, не нейкі “Масюков”, а непазнавальная трансфармацыя ад біблейскага Майсея праз мусульманскага Мусу, пераўтворанага ў беларускага Майсюка, дала назву аднаму з раёнаў Менска — Масюкоўшчыне.


***


Зміцер Дрозд — гісторык-архівіст, аўтар кніг “Землеўласнікі Менскай губерні 1861—1900”, “Землеўласнікі Менскай губерні 1900—1917”. Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у “масавых беспарадках” на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.


“Наша Ніва”, 12 чэрвеня 2016 р.



Создан 11 июн 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter