“Раптам з’явіліся літвіны…”

У нямецкіх хроніках знайшліся сенсацыйныя звесткі пра Кулікоўскую бітву



Піша гісторык Піліп Падбярозкін.

Здавалася б, пра Кулікоўскую бітву вядома ўсё. 8 верасня 1380 року аб’яднаныя сілы маскалёўскіх князёў пад кіраўніцтвам вялікага князя Маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча разбілі мангола-татарскую арду цемніка Мамая.

Перамога на Куліковым полі легла ў падмурак дзяржаваўтваральнай ідэалогіі вялікіх князёў Маскоўскіх і маскалёўскіх цароў, а затым маскалёўскай нацыянальнай міфалогіі. Бітва на Куліковым полі сталася не проста гістарычнай падзеяй, але часткай сакральнага светапогляду. Бо вядомыя ўдзельнікі бітвы — манахі Перасвет і Аслябя — з’яўляюцца акцёрамі іншага маскалёўскага нацыянальнага міфа, звязанага з Сергіем Раданежскім і Тройца-Сергіевай лаўрай. Такім чынам, бітва на Куліковым полі — частка маскалёўскай праваслаўнай культуры.

І разам з тым падзеі верасня 1380 року дагэтуль выклікаюць спрэчкі сярод навукоўцаў. Парадаксальна, але такая эпахальная бітва амаль не знаходзіць пацверджання археалагічных крыніц; вядуцца спрэчкі і пра месца бітвы, і пра склад яе ўдзельнікаў.

Але тое, што гэта было сутыкненне маскалёў з татарамі і першыя перамаглі, ніколі не выклікала пярэчанняў у гісторыкаў. Праўда, як высветлілася, існуюць тэксты замежнага паходжання, сведчанні якіх супярэчаць інфармацыі маскалёўскіх летапісаў.


“Маскалі нядоўга радаваліся перамозе”


Гэта тэксты нямецкіх хронік XIV—XVI стагоддзяў. Найбольш “завершаным” апісаннем Кулікоўскай бітвы ў нямецкай сярэднявечнай гістарыяграфіі з’яўляецца сюжэт з твора “Вандалія” (Wandalia) гуманіста і тэолага з Любека Альберта Кранца. Вось як падзея адлюстраваная ў кёльнскім выданні 1519 року: “Таксама ў гэты час была ў адным месцы, што завецца Флавасэр (Flawasser), вялікая бойка паміж маскалямі і татарамі, дагэтуль нечуваная паміж людзьмі. Бо ў ёй было забіта 200000 чалавек. Звычай гэтых народаў не такі, як у нас. Бо яны скачуць туды і сюды і страляюць адзін у аднаго з лукаў. Перамога схілілася да маскалей, якія захапілі немалую здабычу быдла, бо іншай здабычы гэтыя народы не ведаюць.

Аднак маскалі нядоўга радаваліся перамозе, бо татары аб’ядналіся з літвінамі, пабілі маскалёў, адабралі ў іх быдла. Гэта адбылося ў рок Госпада нашага і Збаўцы ад нараджэння тысяча трыста восемдзесят першы”.

Больш раннія хронікі (напрыклад, хроніка Германа Корнера) падаюць сюжэт пра Кулікоўскую бітву больш сцісла: у іх няма апісання варварскіх звычаяў “нашчадкаў скіфаў”. Тым не менш сюжэт пра раптоўны напад літвінаў і паразу маскалёў ёсць і там. І дата больш дакладная — 1380 рок.

Адным з самых ранніх сведчанняў з’яўляецца тэкст Дзетмара з Любека, які складаў сваю хроніку якраз у 1380-я: “(1380) У той жа самы час была вялікая бойка ля сіняй вады (blowasser) паміж маскалямі і татарамі; з абодвух бакоў загінула ля 400000, маскалі перамаглі. Як толькі яны хацелі выправіцца з вялікай здабычай, прыйшлі літвіны ім насуперак, якіх татары прасілі па дапамогу, і адабралі ў іх здабычу, і знішчылі многіх з іх на полі”.

Падобныя звесткі аб паразе маскалёўскага войска ёсць і ў прускай храністыцы — у прыватнасці, у хроніцы Яна фон Позільге (Johann von Posilge).


Сведкі — нямецкія графы


Несупадзенне інфармацыі маскалёўскіх летапісаў і нямецкіх хронік кідаецца ў вочы. Так, у Ноўгарадскім летапісе пазначана: “1380: “Тады ж была дараваная перамога князю вялікаму месяца верасня ў 8… князь жа вялікі Дзмітрый… сам прыехаў Богам хранімы ў стольны і вялікі град Маскву, у айчыну сваю, з братам Уладзімірам”.

Ці магчымы варыянт, што нямецкія храністы зблыталі Кулікоўскую бітву з бітвай на Сініх Водах 1362/1363 рр., падчас якой вялікі князь Літоўскі Альгерд разбіў войска татарскіх царэвічаў на тэрыторыі сучаснай паўднёвай Украіны? Аднак, як адзначана вышэй, прыведзеныя намі тэксты былі створаны у 1380—90-я, а гэта значыць, што аўтары былі сучаснікамі тых падзей.

Да таго ж у нямецкіх хроніках падрабязна апісваюцца сюжэты, блізкія па часе да бітвы на Куліковым полі — гэта аблога Полацка літоўскім князем Скіргайлам у 1381 року, а таксама аблога Масквы ханам Тахтамышам у 1382 року. Такім чынам, сюжэтна і храналагічна можна пацвердзіць карэктнасць нямецкіх храністаў і сцвярджаць, што пад Blawasser маецца на ўвазе менавіта бітва на Куліковым полі 1380 року. Проста тут, у адрозненне ад тэкста маскалёўскіх летапісаў, мы даведваемся пра “працяг гісторыі” — з’яўленне саюзнага татарам войска ВКЛ.

Традыцыі маскалёўскага летапісання і нямецкая познесярэднявечная храністыка паміж сабой не звязаныя. Нямецкія храністы не чыталі маскалёўскіх летапісаў, і, наадварот, маскалёўскія летапісцы не былі знаёмыя з нямецкімі хронікамі. Але з якіх тады вусных крыніц нямецкія храністы маглі даведацца пра бітву на Куліковым полі?

Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна знайсці ў хроніках падзею, дзе былі б задзейнічаны “літвіны”, “немцы” і “маскалі” і якая б была храналагічна блізкай да бітвы на Куліковым полі. Такой падзеяй з’яўляецца аблога Полацка літоўскім князем Скіргайлам восенню 1381 року, добра адлюстраваная і ў наўгародскім летапісанні, і ў ордэнскіх хроніках.

Падчас дынастычнага крызісу 1370—80-х у Вялікім Княстве Літоўскім полацкі князь Андрэй Альгердавіч разам з братам Дзмітрыем Альгердавічам уцёк на службу да маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча (яны біліся на баку маскалёўскага войска супраць татар на Куліковым полі). Вялікі князь Літоўскі Ягайла прызначыў свайго брата Скіргайлу Альгердавіча полацкім князем. Але палачане выгналі Скіргайлу за яго “паганства”. У адказ апошні прыйшоў пад места з “нямецкай раццю” — войскам лівонскага магістра.

У тэксце хронікі Віганда з Марбурга ёсць згадка пра аднаго з непасрэдных удзельнікаў аблогі: “Comes Starke de Marchia comesque Clevensis” (моцны граф Маркі і граф Клевэ). Такім чынам, у аблозе Полацка бралі ўдзел прадстаўнікі графстваў Клевэ і Маркі, землі якіх знаходзяцца недалека ад сучаснай мяжы Германіі і Нідэрландаў.


Нямецкія хронікі не цэнзуравалі


З мясцовых хронік графаў Маркі (хроніка Левольда фон Нортхафа) і клеўскай хронікі Герта ван Шурэна вынікае, што адзін з графаў Маркі — Энгельберт III (1330—1390 рр.) — удзельнічаў у паходзе супраць “паганцаў і сарацынаў” места “Plosko”. З хронікі ван Шурэна можна зразумець, што восенню 1381 року, пасля паходу супраць полацкіх “паганцаў”, у Кёнігсбергу адбылася памінальная трапеза. Падчас такіх трапезаў “госці” — замежныя рыцары, якія бралі ўдзел у паходах Тэўтонскага ордэна, — апісвалі свае “подзвігі”, а таксама навіны, якія яны чулі ў паходах. Таксама восенню 1381 року у Любеку прайшоў ганзейскі з’езд, у якім удзельнічалі прадстаўнікі прускіх местаў і які добра вядомы любекскім і прускім храністам. Цалкам верагодна, што расповед пра Кулікоўскую бітву і напад літоўцаў быў перададзены такімі рыцарамі, як граф Энгельберт на трапезе ў Кёнігсбергу, а потым пачуты падчас з’езда. Бо сюжэт пра бітву ёсць ва ўсіх асноўных любекскіх хроніках XIV—XV ст. — хроніцы Дзетмара і хроніцы Германа Корнэра, а таксама творы “Wandalia” Альберта Кранца, а таксама прускіх хроніках — хроніцы Іаана фон Позільге і “Торунскіх аналах”. Храналагічна сюжэты таксама супадаюць, бо ўсе названыя хронікі актыўна вяліся напачатку 1380-х.

Чаму ж тэкст пра бітву ў нямецкіх хроніках і маскалёўскіх летапісах адрозніваецца? Гэта можна патлумачыць тым, што сюжэт у нямецкіх хроніках не рэдагаваўся пазней (як гэта было зроблена з ноўгарадскімі летапісамі ў XV—XVI cт.).

Такім чынам, гісторыя бітвы на Куліковым полі набывае новую інтрыгу, дзякуючы прыцягненню “нетрадыцыйных” пісьмовых крыніц — нямецкіх лакальных хронік. Ажывіць “кулікоўскі дэтэктыў” дапамагаюць новыя сведкі — такія, як граф Энгельберт фон Марк. Толькі сведчанні такіх, як ён, рэальных асоб, якія б ядналі ў сваім жыцці сведчанні маскалёўскіх летапісцаў і нямецкіх храністаў, дапамогуць адказаць, што насамрэч адбылося на Куліковым полі (Blawasser?) 8 верасня 1380 року.


Ягайла і рацыянальнасць


Пра тое, што вялікі князь літоўскі Ягайла з войскам ішоў на помач Мамаю, — пісалі і маскалёўскія гісторыкі. Аднак у бітве літоўцы не ўдзельнічалі. Маскалёўская гістарыяграфія тлумачыла гэта па-рознаму. Паводле адной версіі, Ягайла проста не паспеў прыйсці ў час, паводле другой, пабаяўся выступаць на баку татараў з-за “прамаскоўскіх настрояў” ва ўласным войску. Аднак проста развярнуць свае свежыя палкі і пайсці дахаты з адлегласці ў некалькі дзённых пераходаў — ці мог Ягайла так дзейнічаць? Звесткі з нямецкіх хронік даюць прынамсі рацыянальнае тлумачэнне яго дзеянням.


* * *


Піліп Падбярозкін нарадзіўся ў 1991 у Менску. Выпускнік гістфака БДУ. Стажаваўся ў Лейпцыгскім універсітэце. Займаецца кантактамі германцаў і ўсходніх славянаў у познім Сераднявеччы (XIV—XVI cт.).


“Наша Ніва”, 19 чэрвеня 2016 р.



Создан 20 июн 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter