Невядомы дакумент аб перамовах савецкіх і польскіх партызан




Апублікаваны невядомы дакумент аб перамовах савецкіх і польскіх партызан ў 1943 роке


Невядомы раней дакумент распавядае пра перамовы ў вёсцы Багдановічы пад Слонімам.

Апублікаваны невядомы дакумент аб перамовах савецкіх і польскіх партызан у снежні 1943 року ў вёсцы Багдановічы пад Слонімам. Савецкі бок прадстаўляў памочнік начальніка штаба брыгады імя Панамарэнкі лейтэнант Рыгін, польскі — паручнік Войцех Корчыц (магчыма, сваяк савецкага генерала Уладзіслава Корчыца). Сустрэча адбылася ўжо пасля таго, як у розных раёнах Заходняй Беларусі савецкія партызаны раззброілі шэраг польскіх партызанскіх аддзелаў і груп, а частку іх удзельнікаў расстралялі.

Лейтэнанта Рыгіна цікавіла, ці будуць палякі змагацца з немцамі і як яны ставяцца да савецкіх партызанаў. Корчыц ухіляўся ад прамых адказаў, падкрэсліваў гатоўнасць выступіць супраць акупантаў, адзначаў страты польскага падполля ў выніку рэпрэсій. Таксама ён казаў пра “дзёрзкія выхадкі” асобных савецкіх партызан-садыстаў у дачыненні да польскага насельніцтва. Дакумент аб сустрэчы савецкіх і польскіх партызан апублікавала краязнаўчае выданне “Слонімскі край”.

Вядома, што Войцех Корчыц у 1944-1945 роках удзельнічаў у антысавецкі партызанскі руху, быў арыштаваны.


“Хартыя’97”, 10 ліпеня 2016 р.

 


Дакумент пра сустрэчу прадстаўнікоў савецкіх партызан і польскага падполля

ў 1943 роке на Слонімшчыне


У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь намі было выяўлена некалькі дакументаў пра польскае падполле на Слонімшчыне падчас нямецкай акупацыі 1941-1944 рр. Разведка савецкіх партызан збірала пра яго інфармацыю, у адным з данясенняў адзначалася, што польскіх канспіратараў падтрымлівае і гатова далучыцца да ўзброенай барацьбы 5% беларускага праваслаўнага насельніцтва. У іншым дакуменце пералічваліся актыўныя ўдзельнікі польскай нелегальнай арганізацыі ў Азярніцы, Плаўскіх, Сялявічах (у апошняй вёсцы ў арганізацыі налічвалася 11 чалавек).

Змяшчаем дакумент пра сустрэчу прадстаўнікоў савецкіх партызан і польскага падполля, якая адбылася ў снежні 1943 рока ў Слонімскім раёне. Польскі бок прадстаўляў паручнік (па іншых звестках — падпаручнік) Войцех Корчыц. Ён паходзіў з той жа вёскі Багданавічы, што і наш земляк, вядомы савецкі і польскі генерал Уладзіслаў Корчыц (1893—1966 рр.). Магчыма, яны былі сваякамі. У адным з данясенняў разведкі савецкіх партызанаў згадваецца, што восенню 1939 рока брата Корчыца, які быў войтам гміны, забілі “беларускія нац[ыянальныя] гвардзейцы” (г.зн. камуністы і іх прыхільнікі, якія ўзброіліся і зводзілі рахункі з прадстаўнікамі польскай улады ў перыяд безуладдзя). Сам Корчыц здолеў уцячы ў Варшаву, вярнуўся ён у сваю вёску падчас нямецкай акупацыі.

Дакумент пра перамовы друкуецца ў перакладзе з рускай мовы, з купюрамі. Звяртае ўвагу тое, як шчыра размаўляе з прадстаўніком савецкіх партызанаў Войцех Корчыц. Сустрэча адбывалася ўжо пасля таго, як у красавіку-лістападзе 1943 рока ў розных раёнах Заходняй Беларусі савецкія партызаны раззброілі шэраг польскіх падпольных груп і партызанскіх аддзелаў, а частку іх удзельнікаў расстралялі. Факты такіх расстрэлаў вядомыя і на Слонімшчыне.[1] Пра іх мог ведаць і Корчыц, але быў вымушаны пагадзіцца на сустрэчу з савецкімі партызанамі, якія даведаліся ад сваёй агентуры пра яго падпольную дзейнасць. Нам невядома, як яна адбывалася. Дакумент складзены такім чынам, што нагадвае допыт. Для Войцеха Корчыца аднак той кантакт з лейтэнантам Рыгіным мог скончыцца трагічна. Звычайна дэканспіраваных перад савецкімі партызанамі ўдзельнікаў польскага падполля перапраўлялі ў суседнія рэгіёны, дзе дзейнічалі польскія партызанскія аддзелы (Лідчына, раён Налібоцкай пушчы). На Слонімшчыне лясныя аддзелы польскае падполле не арганізоўвала, каб пазбегнуць сутычак з моцным савецкім партызанскім рухам.[2]

У жніўні 1944 рока Корчыц быў на нелегальным становішчы, ім быў арганізаваны на поўдні Слонімскага раёна антысавецкі партызанскі аддзел, які налічваў каля 50 чалавек. Таксама ён кіраваў польскім падполлем у раёне дзеяння аддзела. Аддзел Войцеха Корчыца быў разбіты войскамі НКВД у лютым 1945 рока. Пазней Ружанскім раённым аддзелам НКВД быў арыштаваны і сам Корчыц. Яго далейшы лёс невядомы.[3]


Сяргей Ёрш

 


Матэрыялы сустрэчы з польскім афіцэрам Корчыц


10.12.[19]43 р. у вёсцы Багданавічы Слонімскага раёна я правёў сустрэчу з былым польскім афіцэрам /цяпер — чалец падпольнай польскай арганізацыі/ Корчыц.

На сустрэчы высвятляў наступныя пытанні:

1/. Становішча за Бугам. [...]
2/. Сітуацыя ў м. Слоніме на 9.12.[19]43 р. [...]
3/. Дадзеныя пра арганізацыю палякаў у раёне м. Слоніма.

Маё пытанне. Ці думае польскі народ арганізоўвацца для ба[р]ацьбы з немцамі.

Адказ. Польскі народ арганізаваны і трымае непасрэдную сувязь з Варшавай праз пасыльных. Указанні, распараджэнні, загады і літаратуру атрымліваем з Варшавы.

Вясной 1943 р. нямецкімі ўладамі /Слонімскі Гібіт/ была арыштавана і расстраляна вярхушка польскай арганізацыі.

Пасля гэтага сувязь з Варшавай перарвалася, але спадзяемся, у патрэбны момант, сувязь будзе адноўлена.

Цяжкасці ў працы вельмі вялікія, паколькі палякі ў нашым раёне разрознены хутарской сістэмай па жыхарстве, плюс да гэтага на тэрыторыі Слонімскай акругі палякаў нязначная колькасць.
Узбраенне ёсць, але недастаткова. Калі запатрабуецца — выступім.

Маё пытанне. Ці хоча польскі народ сумесна, але прыхавана, з партызанамі змагацца супраць немцаў у цяперашні момант.

Адказ. Пра гэта я нічога не скажу. Пагавару з народам, адказ дам пазней, думаю, што сярод нас знойдуцца добрыя падрыўнікі, дыверсанты для сумеснай барацьбы з вамі супраць немцаў. Наш народ ніколі не адлучыцца ад польскага народу за Бугам.

Маё пытанне. Як глядзіць польскі народ на партызан.

Адказ. Партызаны — з’ява нармальная. Падчас вайны яны неабходны. Што датычыць, што партызаны бяруць у насельніцтва абутак, вопратку, прадукты, польскі народ на гэта не крыўдуе. Палякі ведаюць, што партызаны не маюць базаў і яны павінны браць прадукты, абутак, вопратку толькі ад насельніцтва.

Але партызаны мясцовыя-беларусы на глебе старых асабістых рахункаў, па намове сваіх сваякоў, апошнім часам сталі адносіцца да польскага насельніцтва кепска. У гэтых адносінах камандаванне партызанскіх аддзелаў мы не вінавацім, а прыпісваем гэтыя “дзёрзкія выхадкі” асобным людзям-садзістам.


10.12.[19]43 р.

Пам. нач. штаба брыгады [імя Панамарэнкі] па разведцы лейтэнант /Рыгін/

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь


1. Ситкевич С. Польское антисоветское подполье на Слонимщине в 1939-1953 годах // Слонімшчына вачыма навукоўцаў і краязнаўцаў. Слонім, 2002, с. 312.
2. Krajewski, K. Na Ziemi Nowogrodzkiej. “Now” — Nowogrodzki Okreg AK. — Warszawa, 1997, с. 351-352.
3. Na Ziemi Nowogrodzkiej..., с. 668; Ёрш С. Аддзел Корчыца // Газета Слонімская, 1999, 23-29 снежня, No 52.


“Слонімскі край” №6, ліпень 2016 р.



Создан 10 июл 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter