“Сьвяты для ўсіх”

— беларусы згадалі, што хрысьціянства нам прынёс ісьляндзец



У 986 роке ісьляндзкі місіянэр Торвальд Вандроўнік заснаваў хрысьціянскую царкву ў Полацку. Толькі праз два гады пасьля гэтага кіеўскі князь Уладзімер Вялікі хрысьціў Русь. І хоць Торвальд не прызнаны ніводнай канфэсіяй як першахрысьціцель, у апошнія гады на Віцебшчыне ягоны культ пашыраецца. А сёлета мы маглі б адзначаць 1030-я ўгодкі хросту беларускіх земляў.

Як Торвальда Вандроўніка ўшаноўваюць у касьцёлах, цэрквах і нават пабах, высьветліла “Свабода”.


Расоны: Для кананізацыі не павінна быць ніякіх перашкодаў


Коратка гісторыя пра Торвальда гучыць так. Ісьляндзец Торвальд Кодрансан быў ваяром, служыў у караля Даніі. У Ірляндыі ён пазнаёміўся з хрысьціянствам і кінуў ваяваць. Падаўся ў Саксонію, дзе прыняў хрост ад біскупа Фрыдрыка. Разам зь ім ён спрабаваў хрысьціянізаваць Ісьляндыю.

Мясцовыя паганцы, аднак, выгналі прапаведнікаў, і Торвальд з Фрыдрыкам рушылі ў Канстантынопаль. Сам імпэратар Васіль ІІ накіраваў ісьляндца да “рускіх князёў”. У 986 роке Торвальд прыплыў у Полацак і пабудаваў тут царкву сьвятога Яна Прадвесьніка. Пасьля 1002 року ён памёр. Быў пахаваны каля царквы. Мясцовыя людзі лічылі яго сьвятым.

Гісторыя Торвальда вядомая з трох скандынаўскіх сагаў: “Сагі аб хросьце”, “Сагі аб Олаве Тругвасане” і “Кнігі з Плоскага вострава”.

У Беларусі асабліва часта пра ісьляндзкага місіянэра сталі згадваць у канцы 1980-х. Айцец Вячаслаў Барок, пробашч касьцёлаў Сьвятога Язафата Кунцэвіча ў Расонах і Сьвятога Антонія Падуанскага ў Віцебску, даведаўся пра Торвальда акурат са школьных урокаў гісторыі. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х, калі ён вучыўся ў старэйшых клясах, гісторыю ў школе ў Мёрах выкладаў Вітольд Ермалёнак.

— Гэта быў той час, калі на ўроках па гісторыі Беларусі можна было чытаць Ластоўскага, Ігнатоўскага, — расказаў айцец Вячаслаў “Свабодзе”. — Ужо тады нам казалі пра неадназначнасьць нашай гісторыі. І згадвалася, што хрысьціянства прыходзіла на Беларусь ня толькі з Усходу, але і з Захаду.

Потым пра Торвальда Вандроўніка студэнтам гарадзенскай найвышэйшай духоўнай сэмінарыі, дзе вучыўся Барок, распавядаў гісторык Янка Трацяк.

З 2000 року айцец Вячаслаў Барок будаваў касьцёл у Расонах, што за 50 км на поўнач ад Полацку. Разам з мастаком Уладзімерам Кандрусевічам, які аздабляў новы касьцёл, яны вырашылі адну з фрэсак прысьвяціць прыбыцьцю Торвальда Вандроўніка ў Полацак і хросту палачанаў.

— Самі Расоны з Торвальдам не павязаныя, — кажа Барок. — Але гэта гістарычная Полаччына.

Торвальд Вандроўнік не прызнаны сьвятым у рыма-каталіцкім касьцёле. А таму іконаў і малітваў аб ягоным заступніцтве таксама няма. Але айцец Вячаслаў лічыць, што статус ісьляндзкага місіянэра яшчэ можа зьмяніцца.

— Пакуль не ўздымалася пытаньне пра кананізацыю Торвальда Вандроўніка, — кажа ксёндз. — Але, я думаю, гэта магчыма. Калі ў праваслаўнай царкве кананізаваны Ўладзімер, чаму б не кананізаваць і Торвальда Вандроўніка? Не павінна быць ніякіх перашкодаў.


Полацак: Гэта хрысьціцель Полаччыны і беларускіх земляў


У Полацку, дзе Торвальд Вандроўнік жыў і памёр, ягоную ролю ў хросьце беларускіх земляў лічаць бясспрэчнай.

— Ён успрымаецца як хрысьціцель Полаччыны і нашых земляў, — расказаў айцец Аляксандар Шаўцоў, настаяцель грэка-каталіцкай царквы ў Полацку.

Па словах сьвятара, папярэдні настаяцель нават замаўляў ікону Торвальда Вандроўніка. Пакуль яе няма, але гэта справа часу, лічыць Шаўцоў.

Торвальд прыбыў у Полацак яшчэ да падзелу хрысьціянскай царквы на праваслаўе і каталіцызм. Уніяты асабліва зьвяртаюць увагу на гэты факт. Маўляў, царква ў Беларусі была адзіная ня толькі пасьля Берасьцейскай уніі, але ад самага пачатку.

— Гэта кажа пра тое, што ўніяты — не выпадковыя ў Беларусі. Берасьцейская ўнія невыпадковая, — кажа Шаўцоў.

Каб увекавечыць знакавую для Полацку асобу, мясцовыя жыхары хацелі ўсталяваць крыж на месцы былой царквы і магілы Торвальда Вандроўніка. Аднак Алесь Аркуш, полацкі пісьменьнік, мяркуе, што пакуль зарана ўсталёўваць такі крыж, бо праваслаўныя выступяць супраць яго.

— Хоць сама сьвятая Эўфрасіньня Полацкая — з роду Рагвалодавічаў, а Рагвалод — з варагаў, — расказаў Аркуш. — Для іх гэта крамольная тэма, бо яна супярэчыць расейскай дактрыне пра тое, адкуль пайшла царква.

На думку Аркуша, прызнаньне Торвальда Вандроўніка дадало б праўды пра тое, адкуль паходзіць Полацак, што за людзі стваралі гэтую дзяржаву, будавалі тут першыя цэрквы.

— Гэтага ня трэба баяцца. Паціху трэба выходзіць з маскоўскага дыскурсу. Торвальд — наша гісторыя. Ён наш сьвяты, і мы павінны яго ўшаноўваць: і праваслаўныя, і каталікі.


Ёсьць адзінае месца, дзе Торвальд мог быць пахаваны


Самае галоўнае, што зьвязана з Торвальдам у Полацку, — месца, дзе ён жыў. У сагах сказана, што Торвальд пасяліўся на востраве ў Полацку, заснаваў там царкву сьвятога Яна Прадвесьніка. Каля гэтай жа царквы ён і быў пахаваны.

— Калі ён памёр на Полаччыне, яго і павінны былі пахаваць каля царквы, — упэўнены Аркуш. — Бо гэта агульнахрысьціянская традыцыя. Сьвятароў хавалі ля тых бажніц, дзе яны служылі.

Цікава, што побач з Сафійскім саборам у гістарычнай частцы Полацку знаходзіцца ўзвышша, якое называецца Востраў. Ужо з полацкіх граматаў вядома, што акурат на гэтым Востраве ў XIV ст. існавала царква, якая таксама называлася ў гонар Сьвятога Яна Прадвесьніка.

Грунтоўных археалягічных раскопак, каб пацьвердзіць гэтую тэорыю, на Востраве дагэтуль не рабілі — толькі шурфавыя павярхоўныя працы.

— Узгорак на Востраве адзін, дзе тэарэтычна павінна была быць царква, — кажа Аркуш. — І там жа павінен быць пахаваны Торвальд.

Па словах пісьменьніка, Востраў не аднойчы залівала вялікая паводка. І толькі адна ўзвышаная частка заўжды заставалася некранутая.

— Іншага месца для пабудовы храму не было, — кажа Аркуш.

Акрамя Полацку, зрэшты, адна з сагаў падае месцам пахаваньня Торвальда “высокую гару ў Дрофне”. Некаторыя дасьледчыкі зьвязваюць гэтую назву з ракой Друцьцю або Друяй.

— Але цяжка ўявіць, каб ён пабудаваў хрысьціянскую царкву ў глыбіні паганскіх абшараў, — кажа Аркуш.


Віцебск: Торвальд — нябесны патрон для нашага пабу


Нечаканае ўвасабленьне Торвальда Вандроўніка зьявілася сёлета ў Віцебску. Новы ірляндзкі паб у гістарычным цэнтры атрымаў назву “Торвальд”.

Як высьветліла “Свабода”, віцебскі паб названы акурат у гонар хрысьціцеля Полацку.

— Мы шукалі нешта, што будзе зьвязваць Ірляндыю і Беларусь, — расказаў Свабодзе Віталь Броўка, гаспадар пабу. — Узьнікла думка пра Торвальда.

Торвальд насамрэч мае дачыненьне да Ірляндыі. Ісьляндзкі вікінг, у Ірляндыі ён упершыню пазнаёміўся з хрысьціянствам. Менавіта адтуль ён рушыў у Саксонію, дзе прыняў хрост.

— Ён прынёс сьвятло зь Ірляндыі ў Беларусі, — кажа Броўка. — Ён нябесны патрон нашага пабу.

Постаць патрона пабу Броўку прапанаваў ягоны сябар Раман Воранаў. Гісторык па адукацыі, ён расказаў пра Торвальда Вандроўніка, зь якога, мабыць, і пачаліся ірляндзка-беларускія стасункі.

— Калі вывучаеш гісторыю Беларусі, трапляеш на гэтае імя, — кажа Воранаў. — Я пра яго ведаў яшчэ са школьных часоў, калі рыхтаваўся да паступленьня ва ўнівэрсытэт і паглыблена вывучаў гісторыю.

У віцебскім пабе, кажа Броўка, сталыя наведнікі ведаюць, хто такі Торвальд Вандроўнік. А неўзабаве на двух будынках побач з пабам зьявіцца “сучасная фрэска” з выявай Торвальда.

— Віцебск знаны сваімі мастакамі і графіцістамі, — кажа Броўка. — Цяпер мы абмяркоўваем, якую менавіта выяву выбраць.


Торвальд павінен быць сьвятым і для каталікоў, і для ўніятаў, і для праваслаўных


Пакуль ушанаваньне Торвальда Вандроўніка — ініцыятыва толькі прыватная. 1030-рочча хросту Полацку сёлета афіцыйна ніхто не адзначае.

У той жа час і Беларуская праваслаўная царква, і Рыма-каталіцкі касьцёл у Беларусі ўключаюць постаць Торвальда Вандроўніка ў гісторыю хрысьціянізацыі нашых земляў.

На афіцыйным сайце БПЦ напісана наступнае:

“Згодна з “Сагай аб хросьце”, каля 1000 року Полацак наведаў вараскі місіянэр Торвальд Кодрансан, выхадзец з Ісьляндыі, які дагэтуль пабываў у Ерусаліме і які заснаваў недалёка ад Полацка манастыр Сьв. Яна Прадвесьніка”.

Гэтая ж гісторыя выкладзеная і на афіцыйным сайце Рыма-каталіцкага касьцёла ў Беларусі:

“Існуе нават меркаваньне гісторыкаў аб хросьце Полацку ў 986 р. нарманам Торвальдам па мянушцы Вандроўнік (гэта значыць яшчэ да афіцыйнага хросту Русі па ўсходнім абрадзе кіеўскім князем Уладзімерам у 988 роке)”, — напісана на сайце.

Менавіта праз Торвальда Вандроўніка царква і касьцёл у Беларусі маглі б знайсьці паразуменьне, упэўнены Алесь Аркуш.

— Торвальд — прыдатная фігура для экумэнічнага руху, для яднаньня хрысьціянаў, — лічыць ён. — Як Эўфрасіньню Полацкую прызнаюць і праваслаўныя, і каталікі, і грэка-каталікі, так і Торвальд павінен быць сьвятым для ўсіх.


Антон Трафімовіч


“Радыё Свабода”, 18 ліпеня 2016 р.



Создан 18 июл 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter