Яго звалі “Пярун”

Мікалай Крыштаф Радзівіл



Сярод ганаровых назоваў, пад якімі ў гісторыі заставаліся вядомыя дзеячы, досыць шмат “Вялікіх”. Альфрэд Вялікі ў Англіі, папа Рымскі Леў Вялікі, Рамзэс Вялікі ў Старажытным Егіпце, аквітанскі герцаг Гуга Вялікі, першы рускі імператар Пётр Вялікі і гэтак далей. Хапала “Мудрых” — Карл V Мудры ў Францыі, вялікі князь Яраслаў Мудры, візантыйскі імператар Леў Мудры. Розныя Моцныя, Смелыя, Справядлівыя ў гісторыі сустракаюцца настолькі часта, што робіцца дзіўна: чаму да гэтай пары не жывем у раі, калі так пашанцавала з вялікімі, мудрымі і смелымі кіраўнікамі?

На фоне безлічы назоваў крыху дзіўна, што сярод іх амаль не сустракаецца, нават сярод вайсковых дзеячаў, найменняў у гонар грому ці маланкі. Яшчэ ў антычныя часы менавіта бог грому Зеўс быў галоўным на Алімпе, ў іншых міфалогіях багі грому займалі пачэсныя пасады. Нашыя продкі шанавалі Перуна таксама больш за іншых багоў. Але назоваў у гонар грознай з’явы прыроды амаль не было. Сын Пталямея, Пталямей “Маланка”, атрымаў такое найменне за тое, з якой хуткасцю прымаў смелыя рашэнні (а таксама здраджваў чарговаму гаспадару і пераходзіў да іншага). Асманскі султан Баязід Маланкавы заслужыў назоў за аператыўнасць пры баявых дзеяннях (але ў 1402 роке Тамерлан аказаўся крыху больш аператыўным, і войска Баязіда было знішчанае). І, нарэшце, мы дабраліся да героя сённяшняга расказу — Крыштафа Мікалая Радзівіла, які застаўся ў гісторыі як “Пярун”.


Пачатак жыцця і кар’еры


Нарадзіўся ён 9 лютага 1547 рока. Бацькам будучага “Перуна” быў адзін з самых вядомых Радзівілаў — Мікалай “Руды”. Зразумела, з дзяцінства будучы военачальнік меў прыкладам свайго вялікага бацьку. Той, у сваю чаргу, сына выхоўваў як ваяра. Пачатковую адукацыю Мікалай Крыштаф атрымаў дома, але ўжо ў 16 рокаў сеў у сядло — пачалася Лівонская, альбо Інфлянцкая, вайна, і магчымасцяў навучыцца ваеннай справе стала досыць. За некалькі тыдняў да свайго сямнаццацірочча, 26 і 27 студзеня 1564 рока, юны Радзівіл прыняў баявое хрышчэнне ў бітве пры Уле, якая скончылася поўным разгромам войска Маскоўскага царства. Нягледзячы на ўзрост, юнак паказаў сябе з найлепшага боку — ужо ў 1567 роке ён адначасова робіцца ротмістрам надворнай коннай роты (паводле некаторых сведак, яго загон ажыццяўляў асабістую ахову вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста) і крайчым ВКЛ. Праз два рока Крыштаф Мікалай — падчашы ВКЛ, а ў 1572 роке 25-рочны малады чалавек становіцца польным гетманам Літоўскім. Задачай гетмана стала ўмацаванне паўднёва-ўсходняй мяжы ВКЛ, і Радзівіл з ёй справіўся за адносна кароткі мірны час. Адначасова ён рупліва сачыў за палітычным жыццём дзяржавы, якая ў 1573 роке засталася без караля і вялікага князя. Трэба сказаць, што кандыдатура, якую падтрымаў Радзівіл, сталася не найлепшай  — французскі прынц Генрых Валуа не разглядаў польскі і літоўскі трон як тое, за што трэба змагацца і што трэба ўмацоўваць. Пасля яго перамогі на выбарах прайшло менш за паўтара рока, і “памазанец Божы” нечакана апынуўся ў роднай Францыі, дзе і ўзышоў на трон пад імем Генрыха III, апошняга караля з дынастыі Валуа. Але наступны кароль (якога, дарэчы, таксама падтрымлівалі Радзівілы) — трансільванскі ваявода Стэфан Баторый — стаўся і лепшым каралём, і лепшым ваяром, чым папярэднік. Менавіта за Баторыем Крыштаф Мікалай Радзівіл здабудзе сваю славу.

У 1577 роке сітуацыя зноў пагоршылася — пачаўся чарговы, ужо апошні, перыяд Інфлянцкай вайны. Калі ў папярэднія часы войска ВКЛ змагалася не заўсёды паспяхова, а баявыя дзеянні ішлі збольшага на тэрыторыі краіны, ці максімум Лівоніі, не закранаючы Маскоўскае царства, то зараз было вырашана дзейнічаць інакш. Радзівілу быў выдадзены каралём прывілей на кіраўніцтва войскам у Лівоніі ў 1578 роке, меней чым праз рок ён запісаў на свой рахунак першую гучную перамогу — узяў Керпец. У 1579 роке войска Радзівіла брала ўдзел у кампаніі па вызваленні Полацка, захопленага яшчэ ў 1563 роке. Потым быў блакаваны моцны замак Сокал, гарнізон якога мог моцна перашкодзіць “харчовай бяспецы” войска Баторыя. Замак трэба было ўзяць, і польска-літоўскае войска зрабіла гэта. Беларускі савецкі паэт Валянцін Лукша напісаў пра аблогу і ўзяцце Сокала так:

…Агонь лісой мядзянай падпаўзаў
Да сцен. Ён вуркатаў і грыз бярвенне,
І чорным станавілася яно.
І галасы хрыпелі абаронцаў,
І вочы станавіліся чырвонымі.
І замак Сокал стаў вар’яцкім пеклам.
Не! Тут было жахлівей, чым у пекле.
Тут быў агонь. Тут быў адзін агонь…

Мы не будзем звяртаць увагі на погляды самога Лукшы, які займаў безумоўна прамаскалёўскую пазіцыю. Жах аблогі паэт перадаў дакладна — драўляная сцяна Сокала была падпаленая распаленымі ядрамі, пачаўся жудасны пажар, у выніку замак быў узяты і знішчаны, яго гарнізон загінуў амаль увесь, літасці дачакаліся нямногія.

За своечасовую блакаду Сокала Крыштаф атрымаў пасаду троцкага кашталяна, а потым падканцлера ВКЛ. Аднак заканчваць дні ў якасці цывільнага дзеяча Радзівіл не планаваў. Ужо хутка ён бярэ ўдзел у аблозе Вялікіх Лук, потым удзельнічае ў славутым паходзе Баторыя на Пскоў. Але сапраўдны трыумф быў яшчэ наперадзе.


Рэйд “Перуна”


10 ліпеня 1581 рока Стэфан Баторый вырашыў, што, акрамя галоўнага наступу на землі Маскоўскага царства нядрэнна будзе арганізаваць конны рэйд углыб маскалёўскіх валоданняў — гэта дазваляла адцягнуць увагу часткі войск Івана IV ад асноўнага тэатра баявых дзеянняў, парушыць камунікацыі праціўніка, аслабіць яго эканоміку і, нарэшце, адпомсціць за аналагічныя паводзіны ў ранейшы перыяд вайны. Паход быў запланаваны, патрабаваўся толькі правадыр войска, які б меў ваенны талент і сталёвыя нервы — падчас такога рэйду дзейнічаць па шаблоне не атрымалася б. Вы ўжо здагадаліся, што кіраўніком быў прызначаны Крыштаф Мікалай Радзівіл. Згодна з атрыманымі загадамі ён павінен быў з 4 000 вершнікаў рухацца на Дарагабуж, адтуль на Тарапец, Холм і Белую і, зразумела, паліць па дарозе ўсё, што гарыць.

5 жніўня рэйд пачаўся. Як звычайна і бывае, папярэднія інструкцыі давялося адкінуць адразу — нават не дасягнуўшы Дарагабужа, Радзівіл даведаўся, што маскалёўскае войска рабуе аколіцы Вялікіх Лук і Вележа, і павярнуў на апошні. Хутка армія польнага гетмана сустрэла аддзел аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага недалёка ад Тарапца, аб’яднанае войска складала амаль 7000 чалавек. Вельмі злых, калі ўлічваць, што дагэтуль маскалёўскімі былі спаленыя Магілеў, Дуброўна, Радомль, Копысь, Шклоў і Ворша — а Філон Кміта быў менавіта воршанскім старастам.

Таму найлепшым відам баявых дзеянняў для невялікай мабільнай арміі Крыштафа Радзівіла стала старая як свет скіфская тактыка выпаленай зямлі. Ад Веліжа да Ржэва, ад Ржэва да вярхоўяў Волгі пацягнуліся дымы. Паліліся сёлы, палі (жнівеньскае надвор’е ідэальна спрыяла пажарам), вайсковая маёмасць, калі яе знаходзілі. Войска не мела вялізнага абозу, забяспечвала сабе згодна з напалеонаўскім прынцыпам “Вайна павінная сама сябе карміць”. 26 жніўня армія падышла да Волгі недалёка ад Прачысценскага манастыра. Тут Кміта прапанаваў авантурыстычную ідэю захапіць у палон цара Івана, які, паводле сведак, быў недалёка, у Старыцы. Зразумела, у ідэальным выпадку можна было абезгаловіць і армію, і Маскоўскае царства. Але ў неідэальным можна было пакінуць пад Старыцай усё войска, праваліць рэйд, не выканаць баявую задачу. Шмат маладых гарачых вояў загінулі на гэтым шляху — але Радзівіл быў ужо не такі малады і гінуць не збіраўся. Таму, дазнаўшыся, што паблізу можа знаходзіцца большае па колькасці маскалёўскае войска, ён загадаў традыцыйна спаліць усе сёлы вакол і рухацца далей. Армія ішла на Холм.

Па дарозе літоўцы разбілі два маскалёўскія аддзелы, потым — аддзел тарапецкіх стральцоў, потым пайшлі на сам Тарапец. Узяць гэты пункт не атрымалася, але наперадзе быў нашмат больш прывабны аб’ект — Старая Руса. Нам, якія кожны дзень ужываюць соль у любых колькасцях — абы здароўе дазволіла, — можа быць цяжка ўявіць, колькі каштавала соль ў XVI стагоддзі, наколькі вялікай каштоўнасцю была і якія даходы прыносіла. Дык вось, саляварні ў Старай Русе давалі Маскоўскаму царству 200 000 рублёў на рок — прыблізна ў паўтара разу больш, чым Масква. А згодна з раздзелам другім кнігі А. Чарнова “Узброеныя сілы Рускай Дзяржавы ў XV-XVІI стст.”, стралец атрымліваў на рок прыблізна 4 рублі. Такім чынам, літоўскае войска, якое ў пачатку кастрычніка 1581 рока падышло да Старай Русы і спаліла яе, пазбавіла Івана “Жахлівага” даходаў, на якія можна было забяспечваць кожны рок 50 000 стральцоў (а ва ўсім войску Маскоўскага Царства іх было разоў у пяць меней).

Пасля Старой Русы загоны Радзівіла і Кміты аблажылі Порхаў — але хутка да іх прыйшоў загад ад Стэфана Баторыя вяртацца пад Пскоў, да асноўнага войска Рэчы Паспалітай. 26 кастрычніка Крыштаф Мікалай Радзівіл з вершнікамі апынуўся пад Псковам.

Рэйд Радзівіла стаўся беспрэцэдэнтным у гісторыі войн ВКЛ. За некалькі месяцаў войска амаль у 7000 чалавек прайшло па варожай тэрыторыі 1400 кіламетраў, выканала баявыя задачы і вярнулася дамоў, не пацярпеўшы ніводнага паражэння. Менавіта пасля гэтага паходу Крыштаф Мікалай Радзівіл і атрымаў свой назоў — “Пярун”. Бо зямлю, па якой ішло яго войска, выпалілі так якасна, як здолеў бы гэта зрабіць хіба што грозны бог грому і маланкі.


Пасля рэйду


Аблога Пскова, удалы рэйд Перуна і іншыя ваенныя няўдачы вымусілі Івана IV прасіць перамір’я, у 1583 роке яно было ратыфікаванае. Пачалося мірнае жыццё, але перамога для ВКЛ не была поўнай. Адкінуўшы ворага, дзяржава была вымушаная пацвердзіць Люблінскую унію. ВКЛ у гэтай “пераможнай” вайне страціла тэрыторыі, якія не страчвала амаль ніколі. Таму эліта дзяржавы, у якую ўваходзіў і Радзівіл “Пярун”, які стаў пасля вайны ваяводам віленскім, не спяшалася спачываць на лаўрах. Памёр Іван “Жахлівы”, потым — Стэфан Баторый. Пасля смерці трансільванскага караля-ваяра Радзівіл з паплечнікамі паспрабаваў правесці палітычную камбінацыю, якая магла змяніць усю палітычную карту Усходняй Эўропы. На будучых выбарах дзеяч планаваў падтрымаць сына Івана “Жахлівага”, Фёдара Іванавіча. Паводле плану літоўскіх магнатаў, Фёдар прымаў каталіцтва, рабіўся вялікім князем літоўскім і каралём польскім — а потым Люблінская унія скасоўвалася, і на яе месца прыходзіла іншая. У склад новай дзяржавы павінныя былі ўвайсці тая ж Літва, тая ж Польшча, але да іх далучалася і Маскоўскае Царства, якое перабывала пасля паражэння не ў найлепшым стане. Каталіцкі ўплыў Польшчы ўраўнаважваўся праваслаўным уплывам Масквы, а на чале уніі станавілася Вялікае Княства Літоўскае і яго князь.

Пры ўсёй цікавасці такога дзяржаўнага будаўніцтва, яно не атрымалася, Фёдар так і застаўся маскалёўскім царом — апошнім з дынастыі Рурыкавічаў. А Крыштаф Радзівіл ізноў вярнуўся да ваеннай справы. Бо ваяваць было з кім — спачатку быў бунт Налівайка ў 1595-96 рр., потым галаву паднялі шведы. У 1601 роке “Пярун” атрымаў яшчэ адну бліскучую перамогу — у 1601 роке ён разбіў шведскае войска пад Какенгаўзэнам, былым Кукенойсам князя Вячкі. 20 лістапада 1603 рока Крыштаф Мікалай Радзівіл “Пярун” памёр у маёнтку сваёй дачкі ў Слонімскім павеце.

Дарэчы, ваяр пры жыцці праявіў сабе і як мецэнат — пры двары “Перуна” знаходзіліся выбітныя філосафы і паэты таго часу. Адзін з іх, Андрэй Рымша, быў слугой не толькі Каліопы, але і Марса — ён быў побач з Радзівілам у мностве яго паходаў, уключаючы славуты рэйд. Вынікам яго працы стала “Дзесяцірочная аповесць ваенных спраў князя Крыштафа Радзівіла” (1585 р.). Гэты твор стаў унікальным у гісторыі паэзіі — Рымша склаў не тыповы панегірык, але дакладную і праўдзівую эпічную ваенную аповесць. Радкі з яе многія чулі і ў наш час — тэкст песні “Рыцарства ўсё сышлося” гурта “Стары Ольса” — менавіта пра рэйд Радзівіла…

 

Рыцарства ўсё сышлося

Слаўнае залатое

Да князя Радзівіла

Ў Селішча Ямское…


Дзяніс Буркоўскі


“Budzma.by”, 15 красавіка 2015 р.



Создан 03 авг 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter