Украінская разведка зліла базу ахвотных служыць “днр”

“Наша Ніва” сабрала апраўданні беларусаў, якія хацелі паехаць на вайну



Блізкі да ўкраінскіх спецслужбаў праект “Міратворац” учора апублікаваў анкеты людзей, якія хацелі стаць баявікамі г.зв. “днр”.

Для гэтага трэба было запоўніць фармуляр на сайце сепаратыстаў, які складаўся з графаў “краіна, места, ініцыялы, кантакты, чым магу дапамагчы”. Агулам там больш за 4000 прозвішчаў.

У злітай “Міратворцам” базе прыкладна два дзясяткі беларусаў, з некаторымі з іх звязалася “Наша Ніва”.

Прапануем вашай увазе вытрымкі з анкетаў нашых суайчыннікаў і іхнія тлумачэнні таго, як прыватныя звесткі аказаліся ў руках вярбоўшчыкаў “Наваросіі”.

Першым з беларусаў у спісе ідзе Сяргей Шырокі з Бабруйска. У графе “чым магу дапамагчы” ён піша: “Стать в строй и пока живой мочить укропов!”.

Па ўказаным у анкеце нумары слухаўку падняў той жа ж самы чалавек, што яе запаўняў. Сяргей не стаў адмаўляць таго, што збіраўся ехаць на Данбас.

— Я не даехаў, — сказаў нам Сяргей, — Але матывы былі. Першы з іх — калі мой дзед ваяваў з фашыстамі, а цяпер яны зноў там ходзяць…

Пра “фашыстаў” мужчына даведаўся з расійскіх каналаў, так ён сказаў. А паездка не атрымалася з прычыны “недахопу сродкаў”.

Сваёй прафесіяй Сяргей назваў “навядзенне парадку ў Беларусі”, пры гэтым не ўдакладніўшы, маецца на ўвазе міліцыя ці дворнікі.

Зрэшты, міліцыянты ў спісе і без гэтага, напрыклад, мазырскі маёр Віктар Казак.

“Старшыня разведроты ПДВ СССР, маёр міліцыі Беларусі”, — напісаў Віктар пра сябе ў анкеце.

Як стала вядома “Нашай Ніве”, такі супрацоўнік сапраўды служыў у Мазырскім РАУС, але не працуе там ужо пяць рокаў.

Што прывяло маёра на сайт баявікоў?

— Гэта жарт, — сказаў ён. — Ехаць я не збіраўся, вы што, смяецеся? Гэта ж турма. Гэта ў п’янай кампаніі пажартавалі проста.

У такім жа ж духу быў адказ і некага Васіля Шумілкіна з Віцебска, які абазначыў сваю матывацыю ў анкеце проста “хачу ўступіць у шэрагі апалчэнцаў”.

— Не, не, не, можа па памылцы набраў неяк, я не ведаю. Я нікуды не збіраюся, я ў Віцебску, — сказаў Васіль.

Сваё стаўленне да ідэй г.зв. “Наваросіі” ён не захацеў абмяркоўваць па тэлефоне.

Яшчэ адзін патэнцыйны тэрарыст падпісаўся як А.Н. Сідарэвіч з Мар'янай Горкі.

“Старэйшы-стралок-наводчык, сержант. Узрост 45. Навыкі выжывання ў паўночных шыротах, пераадольванне водных перашкод, турыст, будаўнік. НЕНАВІДЖУ ФАШЫСТАЎ!!!! У мяне сваякі з Украіны”, — так напісаў пра сябе Сідарэвіч.

Але ў развмове з журналістам “Наша Нівы” мужчына сказаў, што за гэты час перагледзеў свае погляды і больш нікуды не збіраецца.

— Быў час, я астыў трохі. На пачатку вельмі балюча ўспрыняў навіны з Украіны, я думаю, такому ўспрыманню агрэсіўнае тэлебачанне паспрыяла і Інтэрнэт — чаго там толькі не напішуць. Ды ў сям'і былі непаладкі… А цяпер неяк усё наладзілася і я ўжо інакш гляджу на сітуацыю, — сказаў А.Н. Сідарэвіч.

Сяргей Паўлаў жыве ў Менску і Стоўбцах, мае бізнэс па грузаперавозках. Ён скончыў Страўрапальскае вайсковае-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў і штурманаў. Яму 49 рокаў. “Гатовы быць на вашым баку”, — напісана ў матывацыі Паўлава.

Мужчына рашуча адмаўляе, што некуды адпраўляў свае звесткі.

— Нічога я не адпраўляў нікуды. Няхай яна абсярэцца, украінская разведка. Падтрымліваю “днр”, “лнр”, канечне! Не, я, мусіць, буду падтрымліваць кіеўскую хунту, рабіць мне больш няма чаго, — на гэтым Паўлаў абяцае падаць у суд, калі яго прозвішча будзе згаданае, а пасля кідае слухаўку.

Антон Пікун родам з Свіслачы кажа, што ў кожнага медаля ёсць два бакі.

— Я падтрымліваю і “днр”, і Украіну. Мне проста шкада людзей. Я не збіраўся ехаць ваяваць, я што, смертнік? Я жыць хачу!

Праз нейкі час Антон Пікун прызнаецца, што ўсё ж адпраўляў зварот.

— Нешта такое было 2 рока таму. Хацеў паглядзець як працуе гэтая сістэма. Было цікава проста, але мне ніхто не адказваў.

Пасля спадар Пікун стаў цікавіцца, ці будзе яму ўскладнены выезд ва Украіну і іншыя краіны і ці зацікавяцца ім спецслужбы.

— За гэтыя два рока ў мяне ў жыцці шмат што памянялася, памяняўся мой светапогляд. Я цяпер разглядаю той канфлікт як проста дзіцячы садок, — кажа Антон Пікун.

“Малодшы лейтэнант запаса. Досвед разведвальна-дыверсійнай працы ў Карабаху. Фізічная форма — здавальняючая для майго ўзросту. Гатовы дапамагчы”, — піша 56-гадовы мінчук Ігар Хаткоўскі. Як высветлілася з размовы, Хаткоўскі ў свой час служыў у ГРУ.

— Я нікуды не пісаў. Мае дадзеныя адкрытыя ў Аднакласніках, Укантакце. Мне ж ужо 57 рокаў, досвед нейкі маю, можа, нехта з украінцаў мяне памятае. Не, я нікуды не збіраюся. Цяпер на фронце людзі майго веку доўга не жывуць, доўга жывуць тыя, хто добра бегае. А куды мне з маім жыватом?

У мяне няма сімпатый ні да ўкраінцаў, ні да “днр”, іх справы, няхай разбіраюцца. У мяне куча знаёмых у спецструктурах, таму я не здзіўлены, што дадзеныя трапілі.

Два рока таму я перапісваўся з цэлым шэрагам людзей, якія занялі актыўную пазіцыю, яны цікавіліся, клікалі мяне. Справалі раіцца. Але я кажу, што раіць на дыстанцыі бессэнсоўна.

Нават тут у Менску ў мяне быў калега на працы — былы амапавец маскалёўскі. Мы разам адпрацавалі месяцы два, а потым ён знік. Праз нейкі час пісаў мне ў Інтэрнэце Віця, што ён быў у Марыупалі. Даваў мне дадзеныя адной дамы цікавай, якая мяне клікала ў Марыупаль. Але я цяпер сяджу ў Беларусі, у Менску, можаце прыходзіць у госці, папіць кавы.

Цяпер Ігар Хаткоўскі ўдзельнічае ў пошуках зніклых людзей разам з добраахвотнікамі Чырвонага крыжа. Ён аўтар кнігі “Родам з выведкі”.

Падобна на тое, што гэты спіс зусім не фэйкавы. І прыведзеныя размовы з беларусамі пацвярджаюць, што выпадковых людзей там фактычна няма. Больш за тое, адзін з узгаданых у спісе беларусаў — Андрэй Грышуцін — усё ж паехаў ваяваць на Данбас, дзе “служыць” снайперам і перадае відэа-вітанні Лука-ке.

“Былы снайпер спецназа МУС РБ”, — так апісваў сябе Грышуцін у анкеце на сайце баявікоў.


Арцём Гарбацэвіч, Зміцер Панкавец


“Наша Ніва”, 22 жніўня 2016 р.



Создан 22 авг 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter