Беларускія школьнікі зноў апынуліся на зборах неанацыстаў у Падмаскоўі,

хаця адказных за першы вываз пакаралі



У траўні “Наша Ніва” паведамляла пра адпраўкі беларускіх дзяцей з Віцебскай вобласці на трэніроўкі да маскалёўскіх неанацыстаў, які маюць досвед вайны на Данбасе. 

Тады нават кіраўніку МУС Ігару Шуневічу давялося казаць пра распачатую праверку агучаных фактаў, а Сінод Беларускага Экзархату РПЦ даслаў у Рэдакцыю ліст з рэзкім асуджэннем “адыёзных” мерапрыемстваў і вынікамі праведзенай на загад мітрапаліта праверкі. 

Але што ж у выніку сталася з тымі клубамі? 

Пра гэта можна даведацца, напрыклад, пачытаўшы справаздачу баевікоў з праведзеных у Падмаскоўі збораў (9—11 верасьня). 

Вось што піша ідэолаг мілітарысцкіх летнікаў, праваслаўны манархіст і аўтар кнігі “Акультныя карані Кастрычніцкай рэвалюцыі” Валерый Шамбараў:

“Царю Небесный, Утешителю, Душе истины, Иже везде сый, и вся исполняяй, Сокровище благих и жизни Подателю, прииди и вселися в ны”, — спяваюць хлопчыкі і дзяўчаты. Хто ведае малітву, падхоплівае, хто не — проста хрысціцца. Так пачаліся вайскова-патрыятычныя зборы ў гонар Дзмітрыя Данскога. У шэрагах сотні хлопцаў з розных рэгіёнаў Расіі, Данецкай, Луганскай рэспублік, Беларуссіі [так у аўтара — “НН”].

У кагосьці з прыездам былі грашовыя цяжкасці, у кагосьці нават палітычныя. Напрыклад, на мінулыя зборы прыязджала каманда з братэрскай Беларуссіі. Праявіла сябе выдатна, дзеці з'язджалі натхнёныя. Але вярнуліся дадому, і на іх накінуліся моцным шквалам лібералы, бандэраўцы, нацыяналісты і падобная “грамадскасць”. А яна апошнім часам карыстаецца негалоснай, але цалкам адчувальнай падтрымкай беларускіх уладаў. Да цкавання падключыліся школы, мясцовыя царкоўныя структуры і іншыя органы. Дзяцей і іхніх кіраўнікоў літаральна задзяўблі.

У выніку клуб, які быў у нас, быў зацкаваны, задушаны і зачынены. І ўсё ж такі, не гледзячы на гэта, на чарговыя зборы прыехала іншая беларуская дэлегацыя. Але толькі і яна і мы ўжо былі навучаныя сумным досведам. Каманда афіцыйна не рэгістравалася, пра сябе не заяўляла, а дзяцей далучылі да іншых клубаў — яны цудоўна знайшлі агульную мову”, — піша Шамбараў. 

Што клубы разгромленыя, “Нашай Ніве” таксама пацвердзіла маці аднаго з хлопцаў, якога мінулы раз вазілі на трэніроўкі да скуралупаў. 

— Так, канечне, пытанні былі. Шмат хто задаваў, вы разумееце. Да нас прыходзілі. Зверху таксама ціснулі, высвятлялі, хто і што. І я, і сын расказалі, што ведалі. Але ніхто дзіця не цкаваў. Мы туды больш не хадзілі. Ды і клуб пасля гэтай гісторыі ўжо не існуе, — сказала жанчына. 

Але з тэкста маскалёўскіх арганізатараў збораў вынікае, што беларусы там усё ж былі. 

Кажучы пра палепшаную канспірацыю, баявікі не хітруюць — ідэнтыфікаваць беларусаў там насамрэч цяжка, бо іх няма на фотасправаздачы. 

Але ўсё ж мы знайшлі адну зачэпку на відэа, апублікаваным са збораў. 

На 24-секундзе роліка у аб'ектыў камеры трапляе чалавек, якога можна назваць дакладна — Аляксандр Георгіевіч Шаўчэнка.

Гэтая асоба ўжо згадвалася намі ў папярэдніх расследаваннях як датычная да вывазу дзяцей на зборы неанацыстаў. Побач з ім на фота 8 чалавек — дзяцей. Стаяць яны акурат так, як і ўсе астатнія — кіраўнік леваруч ад выхаванцаў. 

Ці можа быць так, што на ягоныя плечы лёг увесь цяжар “патрыятычнага” выхавання беларускіх школьнікаў, калі чарнасоценскай пары Гаўрыліных абсеклі кантакты з беларускай моладдзю? 

Вось, дарэчы, іх агульнае фота — Шаўчэнка разам з Гаўрылінымі і выхаванцамі “ваенна-патрыятычных” клубаў пры Віцебскай епархіі. 

Тут вакол яго беларускія дзеці. Дык можа і там таксама? 

На гэтых зборах атмасфера наўрад ці адрознівалася ад папярэдніх: імперскія і сепаратысцкія сцягі, трэнеры-неанацысты і баявікі “днр” (Дыверсійная група “Русіч” і “ЕНОТ КОРП”), а таксама ўручэнне крыжоў “героям Данбаса”. 

Раман Целянкевіч — адзін з арганізатараў збораў, удзельнік баёў на Данбасе і ардэнаносец “Наваросіі”. 

З пісталета ўдзельніка вучэнняў вылятае гільза. Без балістычнай экспертызы цяжка сказаць, ці баявымі ён страляе. Але што не “ваздушка” — дык дакладна.

Элементы трэніровак можна глянуць на відэа. Арганізатары — баявікі “ЕНОТ КОРП” — проста так і кажуць, што рыхтуюць салдат. 

Мы таксама пацікавіліся ў аддзеле ідэалогіі Віцебскага аблвыканкама, ці адсочваюць яны сітуацыю з паездкамі беларускіх дзяцей у няясныя маскалёўскія структуры і як на гэта рэагуюць. 

Нам адказаў намеснік кіраўніка аддзела Пятро Гнуцэнка. 

— Па гэтай тэматыцы былі выступы і ў рэгіянальных СМІ, калі вы не бачылі. Тое, што адбылося тады… за гэта некаторыя нашыя кіраўнікі ўжо дастаткова былі пакараныя.Гэта не адназначна, тут работа дагэтуль вядзецца і будзе весціся. Па тэлефоне тут шмат не скажаш, такая тэма. Мы вывучым крыніцу новай інфармацыі і ў абавязковым парадку вернемся да пытання. Бо калі некаторыя таварышы недаразумеюць гэты момант, то мы іхняе разуменне падправім. Таму што ўсё павінна быць нармальна, у прававым полі. Выхоўваць трэба на добрым прыкладзе, каб не было ніякіх экстрэмальных праяў, пра якія гаворка ідзе, — сказаў нам чыноўнік.

Нагадаем таксама, што з рэзкім асуджэннем вывазу беларускіх дзяцей на трэніроўкі да баевікоў Данбаса выказаліся буйнейшыя дзяржаўныя СМІ — тэлеканал “АНТ” і газета Адміністрацыі дыктатара “Советская Белоруссія”.


“Наша Ніва”, 16 верасьня 2016 р.



Создан 16 сен 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter