Ахоўнікі з Магілёва ездзілі на трэніроўку да маскалёўскага баевіка Мільчакова




У суполцы дыверсійнай групы “днр” “Русіч” з'явілася фота, дзе 14 чалавек у камуфляжы і са зброяй стаяць пад чырвона-зялёным лукашэнкаўскім сцягам. Твары замазаныя, каб “не паліць людзей”, як пішуць у абмеркаванні на старонцы “УКантакце”.

“На мінулым тыдні інструктары ДШВБ “Русіч” правялі камерцыйную трэніроўку па тактыцы і агнявой падрыхтоўцы для нашых сяброў з Беларусі”, — такім подпісам суправадзілі фота баявікі. 

Твары ўдзельнікаў замазаныя, адкрытыя толькі інструктарскія — у прыватнасці, Аляксея Мільчакова, які вядомы сваёй жорсткасцю і ўдзелам у вайне на Данбасе. 

Гэта ён фігураваў у расследаванні “Нашай Нівы” пра спробы вывазу беларускіх школьнікаў на трэніроўкі да неанацыстаў у Падмаскоўе. 

Але што ж за людзі на фота побач з ім? 

“Наша Ніва” ідэнтыфікавала іх. 

Праўда, беларусы сярод іх не ўсе. Напрыклад, цэнтральны чалавек (адразу за сцягам) — маскаль з Пецярбурга. 

Але большасць — беларусы, хлопцы з Магілёва, сябры нефармальнага аб'яднання “Сілавая суполка “Русіч”. 

Гэтыя хлопцы займаюцца аховай розных мерапрыемстваў, напрыклад, канцэртаў, займаюцца спортам. 

“Наша Ніва” звязалася з чалавекам, які каардынаваў выезд беларускай групы на трэніроўку да Мільчакова (па іншай версіі, трэніроўка адбылася ў Беларусі). 

Гэта Дзмітрый Мядзведзь (прозвішча, можа быць, несапраўднае) — майстар спорту па паўэрліфтынгу, выпускнік Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова. 

Пасля даведзеных намі фактаў ён не стаў адмаўляць, што разам з сябрамі ездзіў да Мільчакова. Хто на каго выйшаў, праўда, не сказаў, але некаторыя дэталі распавёў. 

— У нас баевікоў няма, — сказаў ён. — У нас ёсць добрыя страйкбалісты, якім цікава менавіта вядзенне бою, набліжанага да рэальнасці, для гульні. Ніякіх палітычных размоў з гэтай групай у нас не вялося, ніякіх “Магілёўскіх народных рэспублік” мы ствараць не плануем, гэтага не было.

Дзмітрый запэўніў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. 

— Я па-беларуску гаварыць магу, мову шаную. Ні пра які сепаратызм гаворкі не ідзе. У мяне ўвогуле шмат сяброў ва Украіне, для мяне Крым — украінскі. Спадзяюся, што на Данбасе таксама неўзабаве ўсё суцішыцца, і ён стане ўкраінскім, — вось што сказаў нам гэты Мядзведзь. 

Мы спыталі, што ён думае пра Мільчакова. 

— Талковы малады чалавек, начытаны, цікавы суразмоўца, я б не сказаў, што ёсць такія замашкі, чалавек адэкватны, — адказаў Дзмітрый.

А чаму твары на фотах замазвалі? Паводле ягоных словаў, твары замазаныя, каб іх не пазналі, і для яго званок з “Нашай Нівы” стаў нечаканасцю. 

— Відаць, хутка і з іншых структур патэлефануюць. Ну што ж, давядзецца пагутарыць, — падсумаваў ён. 

Як нам распавялі людзі, знаёмыя з гэтай тусоўкай, у светапоглядзе Дзмітрыя Мядзведзя лёгка заблытацца: “Ён адначасова за “БНР”, “днр”, “лнр” і “ВКЛ”. 


Арцём Гарбацэвіч

“Наша Нiва”, 19 кастрычніка 2016 р.

 

Хлопец, які абяцаў “рэзаць беларускіх патрыётаў”, аказаўся тролем з Масковіі


На мінулым тыдні шэраг беларускіх сайтаў перадрукаваў інтэрв’ю з Антонам Сегавым, які паабяцаў “рэзаць жыўцом свядомых ура-патрыётаў у РБ”. Чалавек прадставіўся беларусам, які вучыўся стральбе і тактыцы ў маскалёўскага баевіка і неанацыста Дзмітрыя Мільчакова.

Няўжо ў нашай краіне ёсць прыхільнікі “рускага міру”, гатовыя да вайны, калі “Масковія дасць ім сігнал”? А менавіта так Антон Сегаў адказаў журналістам. Пры гэтым ён запэўніваў, што беларускія спецслужбы такіх, як ён, падтрымліваюць і не прыцягваюць да адказнасці.

Паспрабуем адшукаць Антона Сегава і праверыць гэтую інфармацыю.

Перш-наперш выходзім на магілёўца Дзмітрыя М., які сапраўды ў сярэдзіне кастрычніка ездзіў на трэніроўкі да Мільчакова ў Масковію.

— Я не ведаю, хто такі Антон Сегаў, — разводзіць рукамі крыніца. 

Высвятляецца, што Сегаў — досыць актыўны ў сацсетках. Яго любімы занятак — “ваяваць” з украінцамі і беларусамі, якія не падтрымліваюць “маскалёўскі мір”.

У некаторых суполках Антон сцвярджае, што жыве ў Харкаве. У некаторых, што ў Беларусі.

Ёсць у Антона слабасць — камп'ютарныя гульні. Яго любімыя мянушкі — “мега-донат” і “Отходняк”. Некалькі рокаў таму IT-журналіст Аляксей Ткачук браў у Антона Сегава інтэрв’ю. Журналіст прадаставіў “Еўрарадыё” перапіску.

“Я Антон з нафтавай сталіцы Масковіі места Ніжневартаўска. У рэальным жыцці я інжэнер-праграміст на газаперапрацоўчым заводзе”, — вось як наш герой прадстаўляецца журналісту.

Аказваецца, Антон Сегаў — сапраўднае імя. Яму 26, сапраўды жыве ў Ніжневартаўску.

У 2012 роке хлопец у пошуках працы пакінуў рэзюмэ на адным з папулярных маскоўскіх сайтаў. І распісаў там, што скончыў у сваім месце школу №4 (як аказалася, усяго 9 класаў), што працаваў рознарабочым ды адміністратарам у камп'ютарным клубе, любіць інтэрнэт-гульні.

Пасля гісторыі з інтэрв’ю беларускім СМІ Антон выдаліў сваю старонку, таму звязваемся з яго малодшым братам Данілам Сегавым, які цяпер праходзіць тэрміновую службу ў маскалёўскай дэсантуры недалёка ад Ніжневартаўска.

“Давайце ўсё згладзім. Ён бухае, яшчэ да таго ж хварэе, прыступы бываюць, не разумее, што піша. Неадэкват!” — сцісла апісвае брат.

Самому Антону Сегаву пішам з фэйкавага акаўнта і прадстаўляемся беларускімі ваеннымі. “Баявік” ідзе на кантакт. Падчас гутаркі тлумачыць прычыну, чаму выдаў сябе за беларуса, які “чакае сігналу, каб рэзаць ура-патрыётаў”:

“Была славесная перапалка з адным беларусам у суполцы “ДШРГ Русіч”. Пасля гэтага мне напісаў журналіст. На эмоцыях, каб вые###ца, вырашыў адказаць у стылі, што я беларус”.

— А калі вы ў апошні раз былі ў Беларусі?

— Рокаў пяць мне было, быў яшчэ малы.

У дадатак да гэтага Антон Сегаў кажа, што ніколі не служыў у войску, працуе ў Ніжневартаўску ў сферы нафтаздабычы, не мае нічога супраць беларускай мовы, бо яе не ведае.


Яўген Валошын
“Еўрарадыё”, 24 кастрычніка 2016 р.



Обновлен 25 окт 2016. Создан 19 окт 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter