На БТ зладзілі майстар-клас для прадстаўнікоў “днр” і Прыднястроўя




19-22 кастрычніка ў Менску праходзіў міжнародны моладзевы форум “Лідар XXI стагоддзя”. Мерапрыемства зладзіў кіраўнік прамаскалёўскай арганізацыі “Русь маладая” (“Румол”) Сяргей Лушч.

Інфармацыйнымі партнёрамі выступілі Дом Масквы ў Менску, “Россотруднічество”, Фонд Гарчакова, Дэпартамент знешнеэканамічных і міжнародных сувязяў места Масквы, сайт russkie.org, агенцтва “Рыдус”. Апошняе займае ў дачыненні да беларускай улады не самую дружалюбную пазіцыю і палохае чытачоў страшылкамі, што “Беларусь сыходзіць ад Масковіі у бок Захаду”, а яшчэ яны прапаноўвалі Лука-ке ў абмен на нафтавыя вышкі аддаць Масковіі ўсю Беларусь цалкам.

Цяпер жа гэтыя выданні ладзяць у цэнтры Менска канферэнцыі.

Гасцямі мерапрыемства сталі самыя розныя людзі: памочніца пасла Масковіі ў Беларусі Марыя Навадворская, намеснік старшыні ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, філосаф Аляксей Дзермант, палітолаг Юрый Шаўцоў, прадстаўнік руху заходнерусістаў Леў Крыштаповіч, дэпутат Менскага гарсавета ад камуністаў Георгій Атаманаў, каардынатар праекта “Вакно ў Масковію” Аркадзь Бейненсон, першы сакратар менскага гарадскога камітэта БРСМ Юрый Чачукевіч.

Яшчэ сярод выступоўцаў аказаўся рыэлтар Аляксандр Гарашчэня, які атрымаў вядомасць заявамі пра народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, якога ён назваў “нацысцкай свалатой”. Пасля абурэння з боку грамадскасці супрацоўніцтва з Гарашчэнем спыніў БДУ, а таксама ён пазбавіўся працы ў агенцтве па нерухомасці. 

Гарашчэня выступіў з трэнінгам “Лідарства і эфектыўная камунікацыя”. У праграмцы мерапрыемства яго пазначылі як “выкладчыка БДУ”. Прычым трэнінг адбываўся на базе факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, які ўзначальвае Вадзім Гігін.

Таксама падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя кнігі Станіслава Бышка “Брэкзіт і эўраскептыкі: эўрапейцы супраць ЭЗ”.

22 кастрычніка ўдзельнікі форуму наведвалі Белтэлерадыёкампанію. На сваіх старонках у сацыяльных сетках прадстаўнікі форуму выклалі спіс удзельнікаў, якія меліся прыйсці на “БТ”.

Звяртае ўвагу, што насупраць некаторых прозвішчаў пазначалася прыналежнасць да той ці іншай краіны. Дык можна пабачыць, што ў спісе ажно чатыры чалавекі з “днр”, а яшчэ двое з Прыднястроўя.

Гэта непрызнаныя Беларуссю дзяржаўныя ўтварэнні, створаныя на тэрыторыі Украіны і Малдовы. Між тым Беларусь на афіцыйным узроўні прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і Малдовы.

Госці “БТ” — студэнты данецкіх ВНУ. Пра Філіпа Панамарэнку і Ягора Дзіброва, напрыклад, пісаў сайт “міністэрства замежных спраў “днр” сёлета ў траўні. Маўляў, “прадстаўнікі “днр” прынялі ўдзел у “IX дыпламатычным семінары”, якія адбываўся ў Калінінградзе пры падтрымцы Фонда Гарчакова.

Як бачна з далейшых паведамленняў, прыналежнасць да неіснуючых дзяржаўных утварэнняў не стала перашкодай для траплення моладзі на “БТ”. Вядучы Андрэй Крывашэеў выклаў у сваім “Facebook” здымак з подпісам: “Дэбаты былі жарсныя і шчырыя. Калегі трымаліся годна і амаль не палохаліся камер”.

Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі яшчэ пагуляліся ў забаўку “Дыпламатыя” — “сімулятар палітычнай сітуацыі ў пачатку XX стагоддзя”.

Адно з паведамленняў гучала так: “Нямеччына займае Нарвэгію, Туррэччына ўводзіць войскі ў Балгарыю, Масковія займае Беларусь, Англія заваёўвае Гішпанію, Вугоршчына акупуе Харватыю. Свет заліты крывёй, лідары краін спадзяюцца толькі на сябе. Прайшла палова гульні, а ўдзельнікі так і не ўсвядомілі асноўную задуму гульні”.

Гульня гульнёй, але пры накладанні на сучасныя межы гучыць усё гэта дастаткова злавесна.


Зміцер Панкавец
“Наша Ніва”, 24 красавіка 2016 р.



Создан 24 окт 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter