Беларускі баявік “ЛНР” расказаў, як баевікі абстрэльвалі Луганск




— Адкуль мне ведаць, колькі я забіў? — сказаў вайсковы выведнік "ЛНР" з Бабруйску ў інтэрвію "Свабодзе", прыехаўшы на пабыўку ў роднае места.

Баец "ЛНР" з Бабруйску, 43-рочны камандзір узводу выведкі Сяргей Бондар расказаў "Свабодзе", хто абстрэльваў Луганск, як ставяцца да яго беларускія спэцслужбы і чаму ён свабодна прыяжджае ў Беларусь, нягледзячы на пагрозы Лука-кі перасьледаваць удзельнікаў баявых дзеяньняў на Данбасе, незалежна ад таго, за каго яны ваююць.

Свабода знайшла старонку Сяргея Бондара ў сацыяльных сетках — там было шмат фатаздымкаў з Данбасу. У верасьні Бондар пацьвердзіў у перапісцы, што ён баец так званай "ЛНР" і цяпер на Данбасе. Праз два месяцы Бондар сам выйшаў на сувязь — напісаў, што мае прыехаць у Беларусь на тыдзень у адпачынак і гатовы даць інтэрвію. Сустрэча адбылася ў кавярні на бабруйскім аўтавакзале.


"Адкуль мне ведаць, колькі я забіў?"


Гэта ня першы прыезд баевіка "ЛНР" у Беларусь. Мінулым разам, у жніўні 2016-га, ён нават прыяжджаў на радзіму аднаўляць пашпарт, які выпадкова страціў у Маскве. Дакумэнты Бондара, як можна зразумець з аповеду баевіка, маскалёўскія праваахоўнікі перадалі сваім беларускім калегам, якія, у сваю чаргу, ведалі, чым займаецца ўраджэнец Бабруйску на Данбасе.

— Мяне ў жніўні і КДБ дапытваў, і МУС, — кажа Бондар. — Я ехаў у адпачынак і страціў пашпарт разам з пасьведчаньнем (маецца на ўвазе пасьведчаньне баевіка "ЛНР". — "РС"). Страціў у Маскве. Ну што рабіць? Трэба ехаць у Беларусь аднаўляць пашпарт. Я прыехаў сюды, прыходжу ў пашпартны стол. Пашпартыстка паглядзела на мяне і кажа: ой, пачакайце. Хвілін праз 10 заходзіць чалавечак у цывільным — пройдзем, кажа, трэба пагаварыць.

— Гэта быў супрацоўнік КДБ?

— Так. Карацей, пашпарт мой знайшлі ў Маскве. Як мне сказалі, пасьведчаньне адно наша МУС спаліла, а другое пасьведчаньне — ГБРаўскае (пасьведчаньне так званай групы хуткага рэагаваньня (ГБР) "Бэтмэн", дзе раней на Данбасе служыў Бондар. — "РС") "аддалі ў музэй МУС Беларусі". Ну, і дапытвалі мяне ў КДБ.

— А што казалі вам на допыце?

— У асноўным іх цікавіла — за грошы я ваюю ці не за грошы. Я кажу — не, што вы, я за ідэю. Пыталіся, ці ўдзельнічаў у кантактным баі, ці забіваў. Я гляджу на яго і думаю: ну ты што, дурань? Я ж камандзір выведнага ўзводу!

— А вы можаце сказаць, колькі ўкраінцаў вы забілі на вайне?

— Ды я не лічыў. Адкуль мне ведаць, колькі я забіў? Гэта снайпэр можа дакладна сказаць: адзін стрэл — адзін труп. А аўтаматнай чаргой можна адразу пяцярых забіць. Ідзе бой — ты страляеш.

— Вы ж і да жніўня прыяжджалі ў Беларусь на пабыўку?

— Так. Першы раз я прыехаў у траўні 2015 року, тыдзень пабыў і зьехаў. У жніўні я паехаў у Маскву, дзе і страціў пашпарт.


"Самі гэбэшнікі з сымпатыяй ставяцца да нас"


— Вы чулі, што Лука-ка абяцаў разабрацца зь беларусамі, якія ваявалі на Данбасе? Ці не баяліся, што вас адразу і арыштуюць?

— Не, не баяўся. Я ж ведаю, што ваюю за справядлівасьць. Я пытаўся ў гэбэшнікаў: як жа так, Аляксандар Рыгоравіч жа таксама супраць фашызму. А яны — ну дык мы ж цябе ня садзім. Мы цябе дапыталі — і едзь куды хочаш. Самі гэбэшнікі хутчэй з сымпатыяй ставяцца да нас. Мне казалі: ну ты ж усё роўна туды паедзеш. Ну так, кажу, паеду. Толькі, кажуць, ва Ўкраіну ня трэба ехаць (маецца на ўвазе неакупаваная тэрыторыя Ўкраіны. — "РС") — табе туды ўезд закрыты дакладна.

— А вы чулі, каб у каго-небудзь з "апалчэнцаў" былі ў Беларусі праблемы з праваахоўнымі органамі?

— Я ня чуў, каб каго-небудзь з нашых саджалі. Ну, некаторыя пачынаюць казкі складаць — вось, гэбэшнікі мяне пастаянна пасуць, прэсуюць. Той жа Ігар Каток казаў мне нешта такое (ён цяпер, дарэчы, таксама ў Беларусі). Я кажу — ды супакойся. Ну вось, дапыталі мяне, і я паехаў назад. Нічога ж ня здарылася. Ну, зь ператрусам прыходзілі... але нават ня столькі там шукалі, колькі апытвалі.

— То бок вы мяркуеце, што ўлады ў Беларусі падтрымліваюць "апалчэнцаў"?

— Ну так. Нават у міліцыі відаць стаўленьне — па-сяброўску ставяцца ў цэлым. А вось тых, што з процілеглага боку, я так разумею, адразу садзяць.


"Людзі Платніцкага абстрэльвалі Луганск, каб пасеяць паніку"


Калі на Данбасе пачалася вайна, Бондар працаваў у Масковіі ў службе бясьпекі сеткі крамаў. Зарабляў, сьцьвярджае, добра — 45–50 тысяч рублёў (паводле курсу на пачатак 2014 року — гэта больш за тысячу даляраў). Аднак рэпартажы маскалёўскага тэлебачаньня пра падзеі ва Ўкраіне так уразілі Бондара, што ў чэрвені 2014 року ён вырашыў паехаць на Данбас "ваяваць супраць фашыстаў".

Да Луганску Бондар дабіраўся праз Харкаўскую вобласьць аўтаспынам — пад легендай, быццам бы ён дальнабойшчык, у якога ў Луганску засталася пабітая фура. Легенда выйшла пераканаўчая: і памежнікі на пункце пропуску Бачэўск, і ўкраінскія добраахвотнікі на блёкпастах паблізу Луганску паверылі будучаму баевіку "ЛНР".

Спачатку ў "ЛНР" Бондар трапіў у батальён "Заря", атрымаўшы пад сваё кіраўніцтва ўзвод выведкі. Там ён амаль адразу сутыкнуўся з тым, што самі сэпаратысты ўдзельнічаюць у абстрэлах Луганску:

— Проста на нашых вачах зь "зялёнкі" (на вайсковым жаргоне — лясістая мясцовасьць, густыя зарасьнікі. — "РС") ідуць два стрэлы зь мінамёта. Я з групай якраз быў побач, і мы сталі прачэсваць "зялёнку". Двое мінамётчыкаў якраз выходзяць на нас. Яны бегчы — мы страляем з усіх ствалоў. Тут мне званок. Тэлефануе асабіста Ігар Платніцкі — ён тады быў міністрам абароны. Пытаецца: вы цяпер дзе? Кажу — накрываем мінамётчыкаў у "зялёнцы". А ён загадвае: тэрмінова сыходзьце, тэрмінова на базу. Я кажу, ды вы чаго? Мы вось-вось іх возьмем! А ён крычыць: гэта загад, вяртайцеся! Мы здымаемся. Прыяжджаем на базу, Платніцкі шыхтуе наш узвод і пачынае крычаць: на чорта мне такі камандзір, здаць зброю! Я аддаю пісталет, аўтамат... Я ўвогуле не разумею, у чым справа, узвод таксама нічога не разумее.

Ужо да таго было падазрэньне, што мінамётчыкі — гэта людзі Платніцкага, — працягвае Бондар. — Гэта трэба было, каб пасеяць паніку. Мінамётчыкі ўсе былі былыя міліцыянты з Луганску. Іх адмыслова навучалі мінамётнай справе, а горад яны ведалі як свае пяць пальцаў. Перамяшчаліся на "хуткай", на вадавозцы, на чым заўгодна. Нават бабуля да нас неяк прыходзіла і распавядала: яны проста каля пажарнай часткі тачку выкочваюць, страляюць два разы зь мінамёта і сыходзяць.

Пасьля выпадку ў "зялёнцы" Бондар перайшоў у так званую групу хуткага рэагаваньня "Бэтмэн", якую ўзначальваў былы ўкраінскі міліцыянт Аляксандар Бядноў (пазыўны "Бэтмэн"). Там ён атрымаў новыя доказы таго, што да абстрэлаў Луганску маюць дачыненьне кіраўнікі "ЛНР":

— Аднойчы ўзяў аднаго карэкціроўшчыка асабіста. Мы яго забралі, закінулі ў падвал, я склаў рапарт. Праз тры дні мне кажуць, што прыехалі людзі Платніцкага і яго забралі — ён ужо ходзіць, гуляе па Луганску. Я іду да Бяднова, расказваю ўсё — а ён толькі рукой махнуў.

— То бок байцы ведалі, што тыя рабілі?

— Ды нічога. А што ты зробіш Платніцкаму?


"Захацелася — пайшоў "отжимать" кватэры, машыны, грошы"


Бядноў нават пасьпеў пабыць міністрам абароны "ЛНР", але 1 студзеня 2015 року калёна гэтага палявога камандзіра трапіла ў засаду і была зьнішчаная. Так званая "генпракуратура "ЛНР" заявіла, што праваахоўнікі сэпаратыстаў спрабавалі затрымаць Бяднова, але той чыніў супраціў. Палявога камандзіра абвінавацілі ў выкраданьнях, катаваньнях і рабунках мірных жыхароў.

Сяргей Бондар сьцьвярджае, што справа была зусім не ў рабунках і выкраданьнях, а ў тым, што Платніцкі хацеў зьвесьці зь Бядновым свае рахункі.

— У 2014 роке было вельмі шмат падразьдзяленьняў самастойных, — успамінае Бондар. — Ну вось, да прыкладу, хочаш ты стварыць падразьдзяленьне — бярэш і ствараеш. Захацелася табе — пайшоў "отжимать" кватэры, машыны, грошы. Дый у "Бэтмэна" былі такія выпадкі. Няма роду без выроду, як той казаў. Але ўсё было ня так, як потым расьпісалі.... Так, падвал (месца, дзе трымалі і катавалі арыштаваных. — "РС") быў. Была камэра сьмяротнікаў. Гэтага хаваць ня буду. Але хто там сядзеў? Карэкціроўшчыкі, "укропы" — ну, тыя, якія сапраўды шкодзілі.

"Бэтмэна" прыбраў Платніцкі. Працавалі ЧВК-шнікі. Вагнэраўцы. Мы тады такія злыя на іх былі. Ня дай бог нам бы трапіўся тады хоць адзін вагнэравэц — жывы б пэўна не сышоў, — кажа ён.

Неўзабаве пасьля ліквідацыі Бяднова Сяргей Бондар перайшоў у 11-ты казацкі батальён, камандзірам якога быў "Чачэн".

Цяпер ураджэнец Бабруйску служыць у Першамайску. Званьне Сяргея Бондара ў "ЛНР" — прапаршчык, атрымлівае ён 25 тысяч маскалёўскіх рублёў у месяц. Пад яго камандай група выведкі з 14 чалавек.


Пра сувязі з ГРУ


— Калі ўсё гэта пачалося ва Ўкраіне, я ўвесь час глядзеў навіны. А я ж нядаўна з Дагестану прыехаў. Жонка мне кажа: слухай, ты зноў на вайну хочаш? Кажа, я цябе два гады з Дагестану чакала, больш чакаць ня буду.

— А што вы рабілі ў Дагестане?

— Бегаў па гарах, лавіў вахабітаў. У 2011–2013-м. За Масковію. Да гэтага ў Чачні быў. Але давай гэта апусьцім...

Сяргей Бондар упершыню ў ходзе гутаркі просіць карэспандэнта "Свабоды" выключыць дыктафон. Дэталі свайго знаходжаньня ў Дагестане і Чачні ён расказваць адмаўляецца — інфармацыя, кажа, закрытая. Але сёе-тое неафіцыйна распавесьці ўсё-ткі пагаджаецца.

У 1991–1993 роках Сяргей Бондар служыў у беларускім войску — спачатку пад Слуцкам, потым у спэцназе ў Мар'інай Горцы. Пасьля дэмабілізацыі паўтара рока адслужыў у бабруйскай міліцыі — у патрульна-паставой службе. Потым працаваў кіроўцам, перабіваўся часовымі заробкамі.

З пачаткам Другой чачэнскай вайны сябар прапанаваў Бондару паехаць на вайну — і той пагадзіўся.

— У вас жа беларускі пашпарт. Як жа вы маглі ў маскалёўскую армію трапіць?

— Ну, па сутнасьці, гэта найміцтва.

Непасрэдна ў маскалёўскай арміі Бондар прабыў усяго некалькі месяцаў, пасьля чаго, па яго ўласным выразе, "пайшоў пад ГРУ". З ГРУшнікамі ён нібыта служыў і ў Дагестане — змагаўся з так званым вахабіцкім падпольлем.

Бондар кажа, што першапачаткова летам 2014-га была магчымасьць паехаць на Данбас менавіта па лініі ГРУ. Прапаноўваліся, сьцьвярджае ён, добрыя грошы.

— Але я не хацеў зьвязвацца з "канторай". Яны ж ледзь што якое — кінуць, адмовяцца. Маўляў, ня наш, ня ведаем, — кажа ён.


Пра "апалчэнцаў" і маскалёўскую армію


Сяргей Бондар кажа, што ў падразьдзяленьнях "ЛНР" баевікоў родам з Данбасу меньшасьць. Пры гэтым нярэдка ішлі ў "апалчэньне" людзі з крымінальным мінулым.

— А што з судзімага можна ўзяць? Вось у мяне ва ўзводзе быў маскаль — чалавек 20 гадоў адседзеў. Ён кажа — я прыйшоў адстойваць гэтую зямлю, а тое, што было раней — гэта было раней. Так, кажа, я бомж у Масковіі. Мне няма куды падзецца. Але сюды я прыйшоў ваяваць. Дарэчы, выдатны снайпэр быў. Але потым моцна запіў, і яго выгналі з падразьдзяленьня, ён зьехаў у Масковію.

— А каго больш сярод апалчэнцаў — мясцовых або прыежджых?

— Больш прыежджых. У 2014 роке асабліва.

— А што за людзі звычайна ехалі ваяваць у "апалчэньне" з Масковіі?

— У большасьці выпадкаў — былыя вайскоўцы. Або Чачню прайшлі, ці хаця б проста тэрміновую службу. Былі такія, якія хаваліся ад міліцыі. Ён тут служыць — а ў Масковіі ён у вышуку. За адным, памятаю, ФСБ-шнікі прыехалі — проста на пазыцыі прыехалі, закруцілі рукі і павезьлі. Забойства на ім вісела.

— Маскалёўская армія на Данбасе ёсьць?

— Не. Няма і не было.

Пасьля гэтых слоў Бондар робіць жэст, каб карэспандэнт "Свабоды" выключыў дыктафон. Пераканаўшыся, што запіс не ідзе, баявік пачынае казаць зусім іншае:

— Хто дапамог адстаяць Луганск у 2014-м? Маскалёўская армія. Зайшлі "Грады", "Сьмерчы", нават "Точки-У"... І яны нават ня ведалі, што мяжу перасеклі — ім казалі, што яны ідуць на вучэньні. Дык вось яны зайшлі, адстраляліся — аэрапорт, Новасьветлаўка... Адстраляліся, трэба сказаць, на пяць. Там увогуле нічога не засталося.

Цяпер, кажа, маскалёўкай арміі на Данбасе няма, затое ёсьць так званыя "камандзіровачныя" — кадравыя маскалёўскія афіцэры, якіх часова адпраўляюць у "ЛНР-ДНР" у камандзіроўку.


Пра Майдан і "крымскі сцэнар" у Беларусі


— Чаго цяпер хочуць жыхары на Данбасе?

— Ну як чаго. Заробкаў як такіх там няма — людзі жывуць на 1,5 тысячы рублёў у месяц. А хтосьці наагул тысячу атрымлівае. Гэта жах. Самы вялікі заробак — у нас, вайскоўцаў. Таму цывільныя хочуць, каб хутчэй усё скончылася. Ёсьць і тыя, хто хоча, каб Украіна вярнулася. Але ў асноўным хочуць у склад Масковіі. Беларусь, мяркую, таксама павінна аб'яднацца з Масковіяй. Каб тут рубель маскалёўскі быў, каб адна дзяржава была. Няхай тут будзе губэрнатар — цалкам нармальна было б. Адна краіна ўсё-ткі. Дапамога б ішла.

— Калі ў Беларусі адбудзецца Майдан, вы прыедзеце ваяваць супраць яго?

— Канечне. Калі ўжо я туды паехаў, то за сваю зямлю тым больш паеду.

— Вам не прыходзіла ў галаву, што вось такое ляяльнае, як вы самі казалі, стаўленьне беларускіх сілавікоў зьвязанае з тым, што на беларусаў-апалчэнцаў тут разьлічваюць — у выпадку Майдана вы можаце спатрэбіцца?

— Так, такая думка была. Па Мар'інай Горцы ў мяне быў знаёмы камандзір (ён цяпер на пэнсію сышоў). Я зь ім у жніўні бачыўся. Ён кажа — у выпадку чаго, у выпадку нейкага шухеру вы будзеце незаменныя. Маўляў, гэта мы тут праседзелі ў тыле, а ў вас ёсьць досьвед вайны. Я кажу — усё ясна, канечне, але ці дадуць мне тут аўтамат? Вядома, дадуць, — кажа.


"Радыё Свабода", 29 лістападу 2016 р.



Создан 30 ноя 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter