Затрыманыя адэпты “маскалёўскага свету” Дзмітрй Алімкін, Юры Паўлавец і Сяргей Шыптэнка




У Берасьце затрыманы аўтар артыкула пра Беларусь як недадзяржаву “Ала Бронь”


Аўтар маскалёўскіх імперскіх сайтаў, выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец, аказаўся не адзіным затрыманым сярод адэптаў “маскалёўскага свету”. Як стала вядома “Нашай Ніве”, у СІЗА трапіў яшчэ адзін аўтар сайта “Рэгнум”, вядомы пад псеўданімам “Ала Бронь”.

Нагадаем, менавіта пад гэтым імем выйшаў матэрыял, дзе Беларусь называлася “звар'яцелай недадзяржавай”, а беларускі акцэнт — “прыкметай нізкага паходжання”. 

“Ала” была аўтарам і іншых абразлівых для Беларусі матэрыялаў. 

Па інфармацыі “Нашай Нівы”, “Ала Бронь” — гэта 45-рочны жыхар Берасьця Дзмітрый Алімкін, колішні выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. 

Алімкін доўгія рокі працаваў у “Белдзяржстраху”. Апошнім часам быў вартаўніком у школе і пісаў артыкулы на маскалёўскія сайты, змест тэкстаў каардынаваў з рэдактарам сайта “Імперыя” і шэф-рэдактарам “Рэгнума” Юрыем Баранчыкам. 

Як паведаміла “Нашай Ніве” жонка Алімкіна, яго затрымалі раніцай 6 снежня ў Берасьце. Затрымліваў АМАП, у хаце быў праведзены ператрус.

Яго падазраюць у здзяйсненні злачынстваў па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса “Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы або розні”. Алімкін знаходзіцца ў адным з СІЗА Менска.

Больш жонка паведаміць адмовілася, спаслаўшыся на падпіску пра неразгалошванне. 


Арцём Гарбацэвіч, Уладзь Швядовіч, Ягор Марціновіч

 


Затрыманы Юрый Паўлавец пісаў на “Рэгнуме” пад псеўданімам “Мікалай Радаў” пра тое, што Беларусь хоча ваяваць з Масковіяй


Становяцца вядомымі новыя падрабязнасці затрымання гісторыка, дацэнта БДУІРа Юрыя Паўлаўца. 37-гадовага ўраджэнца Жодзіна затрымалі раніцай 6 снежня. Тое, што ён знаходзіцца ў СІЗА, для расійскіх СМІ пацвердзіла маці Паўлаўца.

8 снежня стала вядома, што ў той самы дзень у Барасьце быў затрыманы яшчэ адзін адэпт “маскалёўскага свету” Дзмітрый Алікін, якія хаваўся на сайце “Рэгнум” (Regnum.ru) пад псеўданімам “Ала Бронь”.


Па ўсім выглядае, што Юрый Паўлавец таксама да апошняга часу пісаў на “Рэгнум” пад псеўданімам “Мікалай Радаў”. Радаў, Бронь і шэф-рэдактар “Рэгнума” Юрый Баранчык былі асноўнымі аўтарамі выдання па Беларусі.

Некаторыя сайты друкуюць злітую ў Інтэрнэт інфармацыю аб Юрыі Паўлаўцу і Дзмітрыю Алікіну, іх перапіску з маскалёўскімі выданнямі. Тое, што Паўлавец і “Радаў” — гэта адзін і той жа чалавек сведчаць хаця б некаторыя публікацыі, якія публіцыст толькі крыху папраўляў для розных выданняў.

Летам Мікалай Радаў змясціў маніпулятыўны артыкул “Чаму у Беларусі хочуць ваяваць з Расіяй?” Сама назва нясе ў сабе дэструктыў. Мабыць, ва ўсёй краіне не знойдзецца ніводнага чалавека, які б хацеў вайны з Масковіяй.

Радаў абвінавачваў беларускія ўлады ў тым, што яны патураюць распальванню русафобіі, асабліва даставалася палітолагам Юрыю Царыку і Арсенію Сівіцкаму і іх дакладу “Беларусь у кантэксце супрацьстаяння Расія — НАТА: Пагрозы і выклікі для суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай бяспекі. Стратэгічныя высновы і рэкамендацыі”.

“Вышэйзгаданы даклад, як і шэраг падобных яму, павінен паступова, кропля за кропляй, фарміраваць у масавай свядомасці простых грамадзян новае пачуццё страху, у аснове якога закладзена ідэя аб магчымасці ваенных дзеянняў на тэрыторыі рэспублікі”, — пісаў Радаў.

Было і мноства іншых публікацый, дзе мінскі гісторык пісаў, што беларускія ўлады паводзяць сябе па ўкраінскім сцэнары. Беларусь жа называлася ў яго публікацыях “лімітрофам”. Гэта такі тэрмін, які быў уведзены ў абарот у часы СССР у дачыненні дзяржаў, што ўтварыліся на ўскраінах Расійскай імперыі. У сённяшняй публіцыстыцы тэрмін выкарыстоўваецца з прыніжальным адценнем.

На сайце Lenta.ru яго публікацыі выходзілі пад псеўданімам “Павел Юрынцаў”.

Мы патэлефанавалі ў Маскву шэф-рэдактару “Рэгнума” Юрыю Баранчыку з просьбай пра каментар.

— Я ўстрымаюся, вы вельмі агрэсіўна пішаце, — сказаў ён.

Некаторыя людзі, якія памятаюць Юрыя Паўлаўца яшчэ па вучобе на гістфаку БДУ, адзначаюць, што ў маладосці ён з сімпатыяй ставіўся да нацыянальнага руху і дэмакратычнай апазіцыі, аднак пазней яго погляды радыкальна змяніліся.


Зміцер Панкавец

Следчы камітэт пацвердзіў затрыманні Паўлаўца і Алімкіна


“Следчым камітэтам расследуюцца крымінальныя справы, распачатыя па арт.130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Падставай для распачынання крымінальных спраў паслужылі звароты, якія паступілі з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь аб праведзеных Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму экспертызах ў дачыненні да аўтараў артыкулаў, апублікаваных на інфармацыйных рэсурсах “Регнум”, “Лента.ру”, “ЕАДЭЙЛИ”: Мікалая Радава, Паўла Юрынцава і “Алы Бронь”.

Па заключэннях камісіі ў дзеяннях названых аўтараў угледжваюцца прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці).

У выніку праведзеных следчых дзеянняў было выяўлена, што за псеўданімам “Ала Бронь” хаваецца Дзімітрый Алімкін, жыхар м. Берасьця, які працуе вартаўніком у адной з устаноў адукацыі места, а за псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў — Юрый Паўлавец, выкладчык БДУІР.

У ходзе праведзеных ператрусаў атрыманыя дадзеныя аб дачыненні названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманні імі грашовых узнагарод за падрыхтоўку заказных публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве.

Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з'яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць.

Падазраваныя затрыманыя. Да іх прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту”, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Следчага камітэта.

“Грамадзянін Беларусі, якія пражывае ў Маскве” — гэта, найхутчэй, шэф-рэдактар “Рэгнума” Юрый Баранчык.


“Наша Ніва”, 8 сьнежня 2016 р.

 

 

Трэцім затрыманым адэптам “маскалёўскага свету” стаў карэспандэнт “Рэгнума” ў Беларусі Сяргей Шыптэнка


На сайце імперскага партала “Рэгнум” з'явілася паведамленне аб затрыманні ў Беларусі яшчэ аднаго аўтара, Сяргея Шыптэнкі. Ён прадстаўлены як “карэспандэнт “Рэгнума”.

Каментуючы затрыманне сваіх паплечнікаў Паўлаўца і Алімкіна, Шыптэнка “папярэджваў” беларусаў: “Ссумаваліся па ветлівых людзях”.

“Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь у рамках расследавання крымінальнай справы па ч. 1 арт. 130 КК РБ затрыманы Сяргей Шыптэнка, грамадзянін РБ, які пастаянна пражывае ў Менску.

Ён падазраецца ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне ў розных груп насельніцтва Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, а таксама варожасці па прыкметах нацыянальнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія выявіліся ў падрыхтоўцы і размяшчэнні ў Інтэрнэце артыкулаў пад псеўданімам “Артур Грыгор'еў”.

У цяперашні час з удзелам падазраванага праводзяцца следчыя дзеянні”, — паведамляецца на сайце СК.


* * *


Шыптэнка, як і Алімкін, колішні выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, мае сваякоў ва Украіне. 

У адрозненне ад затрыманых аднадумцаў, Шыптэнка падпісваўся на “Рэгнуме” уласным імем. 

Чырвонай стужкай праз яго публікацыі праходзіла ідэя аб “сепаратным” характары беларускай дзяржаўнасці і патрэбе “уз'яднання” з Масковіяю. 

Сёлетні “Дзень вышыванкі” у Менску Шыптэнка параўнаў з прымусовымі мерапрыемствамі часоў нямецкай акупацыі. 

“Далей падаць няма куды. Альбо мы адновім краіну, уз'яднаемся і адродзімся, альбо будзем праклятыя назаўжды, загінем у пакутах і станем гноем”, — так ён апісваў перспектыву беларуска-маскалёўскіх адносінаў у сваіх матэрыялах.


“Наша Ніва”, 10 сьнежня 2016 р.



Обновлен 10 дек 2016. Создан 08 дек 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter