Яны змагаліся за нашую незалежнасьць

Ведай сваіх герояў!



Мікола Дзямідаў


10 сьнежня 1888 нарадзіўся Мікола Дзямідаў, беларускі вайсковец, удзельнік збройнай барацьбы за незалежнасьць Беларусі ў 1918—1921 рр.

Сын Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх гербу Калінова, прозьвішча меў па другім мужу маці. Яго дзед з боку маці, Аляксандар Каліноўскі — брат Вінцэнта (Кастуся) Каліноўскага.

У 1905 роке здаў экзамэн на настаўніка дзьвюхклясных пачатковых школ у настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы. У 1907 роке паступіў як вольны слухач на вечаровыя курсы на гістарычна-філялягічны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту; працаваў у канцылярыі службы руху Ўправы Прывісьлянскай чыгункі. 1 кастрычніка 1911 року прызначаны кіраўніком чыгуначнай школы чыгункі ў Беластоку.

З 1914 року на ваеннай службе ў царскай арміі. 1 лютага 1917 рока скончыў Першую Паўлаўскую вайсковую школу. Удзельнічаў у кастрычніцкай рэвалюцыі, быў Наваградзкім акруговым камісарам. З сакавіка да лістапада 1918 року ў нямецкім палоне.

Арганізаваў беларускія аддзелы ў Вільні. 1 сьнежня 1918 року быў адкамандаваны ў годнасьці паручніка ў Літоўскае міністэрства абароны. З 20 сьнежня 1918 року да 1 чэрвеня 1919 року быў камэндантам Горадні.

Арыштаваны польскімі ўладамі, сядзеў у Коўне, быў інтэрнаваны ў лягеры ў Беластоку. У 1919 року увайшоў у склад Беларускай Вайсковай Камісіі у Вільні.

У 1920 роке ў навакольлях Беластоку набраў з добраахвотнікаў батальён (каля 400 чалавек) і далучыўся да арміі Станіслава Булак-Балаховіча. У складзе астроўскага пяхотнага палка 2-й пяхотнай дывізіі 10—14 лістапада вёў зацятыя баі за Калінкавічы, 21 лістапада ўдзельнічаў у баях над Прыпяцьцю. Са сваім батальёнам працягваў барацьбу таксама пасьля адступленьня арміі Булак-Балаховіча на кантраляваную палякамі тэрыторыю. Вёў баі да студзеня 1921 року, пасьля чаго адышоў на польскі бок фронту і быў інтэрнаваны. Батальён Міколы Дзямідава быў апошнім беларускім падразьдзяленьнем, які ў адкрытым баі аказваў супраціў савецкім войскам.

У 1921—1922 роках быў настаўнікам у Гарадку, патым жыў у Латвіі. У 1940 роке быў арыштаваны і да 1941 року зьняволены ў Маскве на Лубянцы. У 1941—1944 роках быў інспэктарам школьніцтва ў Латвіі і Беларусі. Быў выкладчыкам у батальёне Беларускай Краёвай Абароны. Быў адкамандзіраваны на працу ў Мабілізацыйным аддзеле Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў і Аддзеле апекі над бежанцамі Беларускай Цэнтральнай Рады.

Быў адным з ініцыятараў скліканьня сабору Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы у Канстанцы ў 1948 роке і аднаўлення БАПЦ пасьля адыходу Беларускага епіскапату да Расейскай Замежнай Праваслаўнай Царквы.

У 1950 роке Мікола Дзямідаў выехаў у ЗША і напачатку пасяліўся ў Лансінгу ў штаце Мічыган, але неўзабаве перасяліўся ў Чыкага. У тым самым роке стаў сябрам кіраўніцтва Беларуска-Амерыканскай Народнай Рады (БАНР), адзінай арганізацыі старой беларускай эміграцыі, якая прымала новых палітычных эмігрантаў.

З 1950 року Мікола Дзямідаў вёў таксама беларускія радыёперадачы ў Чыкага. Дзямідаў быў актыўным дзеячом Згуртаваньня беларусаў штата Ілінойс, заснаванага ў 1953 роке дзеячамі, якія былі нязгодныя з палітыкай БАНР. Быў таксама сярод заснавальнікаў беларускай праваслаўнай парафіі сьв. Юрыя ў Чыкага і першым рэгентам яе хору. Пазьней, аднак, Мікола Дзямідаў далучыўся да беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага і быў адным з найбольш актыўных парафіянаў.

Апошнія рокі свайго жыцьця правёў у Лансінгу, дзе памёр у беднасьці ў 1967 роке. Быў пахаваны грэка-каталіцкім сьвятаром на могілках ў Чыкага.

 


Цімох Хведашчэня


9 чэрвеня 1893 року на Берасьцейшчыне нарадзіўся Цімох Хведашчэня, партызан, герой збройнай барацьбы за незалежнасьць Беларусі ў 1919-1923 рр.

Навучаўся ў гімназіі ў Слуцку, у 1916 скончыў шостую клясу.

У 1916 скончыў 6?месячныя афіцэрскія курсы. У 1917 быў дэмабілізаваны з расейскай арміі.

У сьнежні 1917 быў паручнікам 1-га беларускага пяхотнага палка ў Менску. Калі немцы рушылі на ўсход, Цімох Хведашчэня быў сярод беларускіх вайскоўцаў, якія 19 лютага 1918 паднялі ў Менску паўстаньне і перанялі ўладу ў горадзе. Прымаў удзел у стварэньні 1-ага Менскага Беларускага нацыянальнага полку, аднак немцы, якія на той момант акупавалі Беларусь, так і не дазволілі сфармаваць беларускую армію.

У канцы 1918 Хведашчэня служыў у Пінска-Валынскім батальёне валянтэраў. У 1919 ён быў ужо камандзірам батальёна Чырвонай арміі ў Слуцку.

Падчас польскага наступу ў Беларусі Хведашчэня падняў антыбальшавіцкі рокаш у сваім батальёне і далучыўся да 1-га беларускага партызанскага атрада пад камандаваньнем Лукаша Сяменіка, які дзейнічаў у раёне Барысава. Выціснуты бальшавіцкай карнай экспэдыцыяй, атрад хаваўся ў лясах. Калі польскія войскі падышлі пад Барысаў, кіраўніцтва атраду паразумелася з польскім камандаваньнем і вывела свой атрад разам з польскім 3-м уланскім палком на тылы бальшавікоў, што паскорыла іх адыход з Барысава. Атрад Сяменіка, у якім ваяваў Хведашчэня, заставаўся на фроньце да лістапада 1919-га.

Зь ліпеня 1919 да лета 1920 Хведашчэня служыў у польскім войску як супрацоўнік ІІ аддзелу (выведка і контарвыведка) пры камандаваньні 2-й дывізіі (пазьней 6-й дывізіі).

Увосень 1920 Хведашчэня як камандзір групы менскіх партызанскіх атрадаў разам з Вячаславам Адамовічам-старэйшым, старшынём Беларускага палітычнага камітэту, Паўлам Алексюком і інш. з мэтай распачаць супрацоўніцтва дзеля вызваленьня Беларусі падпісаў тэлеграму-зварот на адрас старшыні Расейскага палітычнага камітэту на чале з Барысам Савінкавым і Станіславам Булак-Балаховічам, у якой гаварылася: "Пакутуючы пад ігам захопнікаў-бальшавікоў, беларускі народ кліча дапамагчы яму вызваліцца і зьдзейсьніць запаветную мару многіх пакаленьняў аб самастойнай дэмакратычнай Беларусі".

Затым капітан Хведашчэня займаўся вярбоўкай добраахвотнікаў у Слуцку ў войска генэрала С. Булак-Балаховіча. Зноў утварыў свой партызанскі атрад, які ў 1920 роке далучыўся да балахоўцаў. Ва ўмовах той вайны атрад Хведашчэні, як адзначалі сучасьнікі, вылучаўся ў лепшы бок у пляне маралі і дысцыпліны. Яго атрад меў свой сьцяг і нават невялікі аркестар. Атрад капітана Хведашчэні быў далучаны як Асобны Беларускі батальён (разам з кавалерыйскім узводам налічваў 700 чал.) да 2-й Менскай дывізіі пад камандаваньнем палкоўніка Медарда Мікошы.

Капітан Хведашчэня прыняў удзел у вайсковым паходзе генэрала Булак-Балаховіча супраць бпльшавікоў. У складзе групы палкоўніка Мікошы, якой была пастаўлена задача захапіць Жлобін, браў удзел баях пад Мазыром, Петрыкавым, Калінкавічамі, Даманавічамі.

Капітан Хведашчэня належаў да тых, што вырашылі не здавацца і працягваць змаганьне з бальшавіцкай уладай. Пасьля інтэрнаваньня арміі генэрала С. Булак-Балаховіча палякамі ў канцы лістапада 1920 Хведашчэня прабраўся з сваім атрадам у Слуцак, дзе выступаў як камандзір Менскага аддзелу народнай дабраахвотніцкай арміі. Варожа прыняты эсэраўскім кіраўніцтвам Рады Случчыны, ён накіраваўся ў Вызну. Урэшце, калі дайшло да баёў з бальшавікамі, Хведашчэня стаў афіцэрам 1-й Слуцкай брыгады. З-пад Морача, апошняга апорнага пункта паўстанцаў, разам зь іншымі жаўнерамі ён адступіў у Давыд-Гарадок. Пасьля таго, як брыгада скончыла баявыя дзеяньні і была інтэрнаваная палякамі, Хведашчэня быў сярод тых случакоў, якія ўсё яшчэ хацелі працягваць змаганьне.

Пасьля вызваленьня Хведашчэня накіраваўся ў Лунінец, дзе разьмяшчаўся галоўны штаб атрадаў Сялянскай партыі "Зялёнага Дуба", узброеныя атрады якога пэрыядычна ладзілі напады на памежныя тэрыторыі, занятыя бальшавікамі. З канца сьнежня 1920 Хведашчэня быў адным з атаманаў "Зялёнага Дуба" (меў псэўданім "Вішнеўскі"; карыстаўся таксама псэўданімам "Кулеўскі").

Некалькі тысячаў беларускіх вайскоўцаў, што былі сканцэнтраваныя пад Нясьвіжам, спрабавала арганізаваць польскае камандаваньне, ствараючы зь іх г.зв. рабочыя дружыны. Яны займаліся адбудовай мастоў, рамонтам дарог і да т.п. працамі ў прыфрантавой зоне. Гэтыя дружыны служылі базай для фармаваньня з самых надзейных і па-антыбальшавіцку настроеных асобаў дывэрсыйных груп, якіх перакідалі на савецкі бок. У лютым 1921 камандзірам гэтых дружын быў Хведашчэня. Аднак ужо вясной 1921 польскае камандаваньне вырашыла распусьціць беларускія атрады, якія праз сваае ўзброеныя акцыі прыносілі шмат клопатаў і самім палякам. У канцы красавіка 1921 капітан Хведашчэня быў арыштаваны палякамі і перададзены для пакараньня атаману Адамовічу-"Дзергачу".

Пасьля вызваленьня з-пад арышту 10 чэрвеня 1921 Хведашчэня падаўся на тэрыторыю Савецкай Беларусі і пачаў арганізоўваць падпольле на тэрыторыі Бабруйскага і Слуцкага паветаў, прызваўшы ў пакрытыя лесам Вераб’ёвы горы сваіх колішніх жаўнераў і зялёнадубцаў, за якімі пацягнуліся і дэзэртыры з Чырвонай арміі. Хведашчэня падзяліў іх на чатыры атрады па 250 чалавек пад камандаваньнем сваіх афіцэраў, хутка стварыў сетку інфарматараў па вёсках і арганізаваў пяцёркі, якія распаўсюджвалі літаратуру, вялі агітацыю сярод сялянаў і жаўнераў Чырвонай арміі ды займаліся выведкай.

Хведашчэня ня быў доўга ў Савецкай Беларусі, магчыма, што ён знаходзіўся там толькі да 29 чэрвеня 1921. Пасьля вяртаньня ён зьвязаўся з арганізацыяй Народны хаўрус "За Бацькаўшчыну", створанай случаком Арсенем Паўлюкевічам летам 1921, якая ставіла сабе за мэту "вызваленьне Бацькаўшчыны з рук камуністаў і ўтварэньне Незалежнай Непадзельнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах". Штаб Паўлюкевіча стварыў партызанскія атрады, на чале якіх стаяў Хведашчэня. У кастрычніку 1921 року ён быў арыштаваны ІІ аддзелам 2-й арміі Войска Польскага ў мясцовасьці Морач па абвінавачаньні ў службовых і фінансавых злоўжываньнях, але 24 сьнежня быў вызвалены з-пад варты ў Берасьці. Незразумела, чым быў сапраўды выкліканы гэты арышт, бо арганізацыя "За Бацькаўшчыну" якраз стала пераходзіць на антыпольскія пазыцыі.

У ліпені 1923 капітан Хведашчэня жыў ужо ў Белавежы. Камэндантура Палітычнай паліцыі м. Вільні, якая тады рабіла верыфікацыю беларускіх дзеячаў, палічыла яго прапольскі настроеным беларускім вайскоўцам. Атаман Хведашчэня, падобна, патрапіў у гэтую пушчанскую мясцовасьць разам з сотнямі іншых балахоўцаў, паселеных там сваім камандзірам.

Паводле ўспамінаў белавежца Георгія Ваўкавыцкага, Хведашчэня "ажаніўся з тутэйшай жанчынай, мусіць з Ваўкавыцкіх, якіх называлі Цярэнцьевымі, ад бацькі Цярэнція. Жыў на жончыным, на Заставе (цяпер вул. Вольгі Габец). Мужчына быў вельмі высокі, мажны, мусіць самы моцны на Заставе. Да Другой сусьветнай вайны абуваў белавежцаў у гумовыя лапці — прадаваў матацыклавыя і самаходавыя шыны, зь якіх рабілі лапці, у параўнаньні з традыцыйнымі — вечныя".

11 лістапада 1928 Хведашчэня быў узнагароджаны медалём "Удзельнік вайны 1918—1921".

У студзені 1939 ён зьвярнуўся да Міністэрства вайсковых справаў з просьбай разгледзець яго заяву ў справе ўзнагароджаньня Крыжам Незалежнасьці. У гэты час ён жыў у Гайнаўцы. У 1939—1941 роках настаўнічаў у Белавежы.

Падчас нямецкай акупацыі стаў старшынём філіі Беларускага аб’яднаньня ў Белавежы, якое налічвала 84 чалавекі. Арганізаваў беларускую школу і стаў яе кіраўніком. Займаўся таксама культурнай дзейнасьцю. У 1942 арганізаваў канцэрт сьпевака Забэйды-Суміцкага. Хведашчэні належыла таксама крама зь пісьмовымі матэрыяламі і газэтамі, у якой гандлявала старэйшая дачка — Тамара. У ёй можна было купіць беларускія газэты, беластоцкую "Новую Дарогу" і бэрлінскую "Раніцу".

Пад канец вайны, у 1944 роке, перад надыходам Саветаў, разам зь сям’ёй выехаў зь немцамі.

Пасьля вайны быў палкоўнікам Войска Польскага і служыў у авіяцыі. Дачка Тамара вучылася ў 1947 у Акадэміі палітычных навук на факультэце журналістыкі. У 1947 роке ён быў арыштаваны. У 1954 роке ён быў вызвалены з турмы, жыў тады ў Варшаве. Памёр Цімафей Хведашчэня ў 1977 роке.

У 2013 роке сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці адшукалі на Камунальных могілках ў Варшаве магілу Цімафея Хведашчэні.

 


Кастусь Езавітаў


17 лістапада 1893 року у Дзьвінску нарадзіўся Кастусь Езавітаў, міністар па вайсковых справах БНР, беларускі вайсковец, дыплямат, палітык і публіцыст.

Нарадзіўся ў сям’і кадравага афіцэра. У 1916 роке скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскае ваеннае вучылішча. У 1913 стаў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

У Першую сусьветную вайну праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную работу сярод салдатаў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намесьнікам старшыні Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады.

За ўдзел у працы Першага Ўсебеларускага кангрэсу і дзейнасьць па стварэньні беларускага войска ў студзені 1918 быў арыштаваны бальшавікамі, але здолеў уцячы.

Пасьля адступленьня бальшавікоў быў прызначаны камэндантам Менску і Менскага гарнізону. 25 сакавіка 1918 удзельнічаў у абвяшчэньні незалежнасьці БНР, уваходзіў у склад Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (міністра абароны).

У 1919—1920 роках быў кіраўніком Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Наладзіў дыпляматычныя стасункі беларускага ўраду з урадамі Ўкраіны, Літоўскай Рэспублікі, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, зьвяртаўся з прозьбай аб ваеннай дапамозе да ўраду ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраеньне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса С. Булак-Балаховіча. У траўні 1920 року "за выдатную працу на карысьць Беларускай Народнай Рэспублікі" атрымаў званьне генэрал-маёра.

У 1921—1944 роках жыў у Рызе, узначаліў Беларускае нацыянальнае аб’яднаньне. Дзякуючы Езавітаву беларуская супольнасьць тут сталася, бадай, найлепш арганізаванай за межамі БССР. Ён быў намесьнікам старшыні таварыства "Бацькаўшчына" ў Латгаліі, узначальваў беларускае выдавецтва, таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае.

Браў удзел у Праскай і Бэрлінскай палітычных канфэрэнцыях. Рэдагаваў газэту "Голас беларуса" і часопіс "Беларуская школа ў Латвіі". За сваю нацыянальную працу чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі (у 1924, 1930, 1933 і 1935 рр.).

У Другую сусьветную вайну займаўся арганізацыяй у Латвіі беларускіх школ. На Другім Усебеларускім кангрэсе быў абраны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады, у 1945 роке займаў пасаду вайсковага міністра ва ўрадзе БЦР.

Затрыманы савецкімі карнымі ворганамі ў красавіку 1945 року. Паводле афіцыйнай вэрсіі, памёр падчас сьледзтва ад сухотаў і дыстрафіі 23 траўня 1946 року, паводле іншых зьвестак расстраляны.


"radabnr.org"

 

 

Генэрал вызвольнага фронту


Сяргей Ёрш

Зьмест:


Ад выдавецтва
Уступ
Першыя крокі
Па лязу нажа
Нямецка-савецкая вайна
Дзейнасьць ва Ўсходняй Беларусі
Перад скананьнем гітляроўскага рэжыму
Бацькаўшчына патрабуе дапамогі
Беларускі вызвольны фронт
Дадатак

 

 

Ад выдавецтва


Генэрал Дзьмітры Касмовіч усяго некалькі месяцаў не дажыў да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў 1991 роке. Тое, за што ён змагаўся на працягу дзесяцігодзьдзяў, спачатку на Бацькаўшчыне, а пасьля ў Вольным Сьвеце, стала рэальнасьцю. Толькі ня ўбачыў гэтага незабыўнага моманту нястомны змагар за вызваленьне Беларусі ад акупантаў з Усходу й з Захаду… 

Жыцьцю й дзейнасьці беларускага палітычнага й вайсковага дзеяча Дз. Касмовіча прысьвечаная брашура Яна Каваля. Аўтар малюе партрэт нястомнага, нязломнага, палымянага беларускага нацыяналіста. Асаблівая ўвага надаецца пэрыяду Другой сусьветнай вайны й дзейнасьці Касмовіча на эміграцыі. Калі ў вайну ён са зброяй у руках бараніў свой народ ад акупантаў, ствараў беларускія вайсковыя аддзелы, то ў пасьляваенны час зьмяніў вайсковую ўніформу на цывільны касьцюм, займаўся, у асноўным, палітычнай дзейнасьцю.

Генэрал Касмовіч аж да сваёй сьмерці нёс сьцяг вызвольнай барацьбы беларускага народу, захоўваў пераемнасьць гэтага змаганьня. Колькі рокаў назад гэты сьцяг, сьвятую памятку вызвольнага змаганьня нашых продкаў, падхапілі мы, беларускія нацыяналісты з Арганізацыі “КРАЙ”. На ім крывёю Герояў напісаныя несьмяротныя словы: “Здабудзем Беларускую Дзяржаву, альбо загінем у барацьбе за яе!”.


Выдавецтва “Голас КРАЮ”


Уступ


Быў верасень 1944 року. У яшчэ гітляроўскім Бэрліне ў гатэлі “Беатрыкс” сабраўся на тайную нараду Цэнтральны камітэт Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). Сярод галоўных пытаньняў нарады было вызначэньне двух чалавек на выкананьне вельмі адказных і цяжкіх заданьняў. Адзін зь іх мусіў вярнуцца на Беларусь, згуртаваць і ачоліць антыбальшавіцкія партызанскія й падпольныя сілы дзеля змаганьня за волю й незалежнасьць Беларусі. Другі павінен быў перабрацца на Захад, як паўнамоцны прадстаўнік БНП, з мэтай навязаньня кантактаў з урадамі заходніх краін.

На Бацькаўшчыну вельмі хацеў вярнуцца маёр Дзьмітры Касмовіч. Там, ва ўсходняй Беларусі ўжо вялі барацьбу з чырвоным акупантам створаныя ім аддзелы Беларускага Краёвага Войска. І ён, як іх былы камандзір, лічыў сваім абавязкам вярнуцца да сваіх жаўнераў. Няхай і на верную сьмерць… Аднак партыйнае кіраўніцтва вырашыла інакш. На Беларусь паляцеў маёр Міхал Вітушка. Касмовічу была даверана дыпляматычная праца, і невыпадкова, бо перад вайной ён жыў у Заходняй Эўропе, ведаў некалькі замежных моваў. Так быў вырашаны лёс двух беларускіх нацыяналістаў, якім было наканавана стаць легендамі вызвольнага руху.

Генэрал Касмовіч на эміграцыі стаўся адным з самых радыкальных нацыяналістаў, цалкам адданым справе актыўнай барацьбы за вызваленьне Беларусі. Яго можна параўнаць са Сьцяпанам Бандэрам або Яраславам Стэцько, лідэрамі рэвалюцыйнай АУН, якія аж да сваёй сьмерці заставаліся найбольшымі ворагамі чырвонай Масквы.


Першыя крокі


Дзьмітры Касмовіч нарадзіўся 21 верасьня (па ст. ст.) 1909 року ў Нясьвіжы. Ягоныя бацькі, па паходжаньню сяляне, былі вельмі веруючымі людзьмі, што перадалося й сыну. Прабіваць сабе дарогу ў жыцьці Дзьмітрыю было нялёгка. Сям'я ягоная была бедная, у 1920 роке бальшавікі арыштавалі й выслалі на Салаўкі маці, год прасядзеў у савецкай турме і бацька, якому ўдалося вярнуцца на польскую тэрыторыю да дзяцей.

Пачатковую навуку Дзьмітрый здабываў у Нясьвіжы ў мясцовай гімназіі. З-за адсутнасьці грошай на аплату вучобы часова не вучыўся… Пасьля закрыцьця польскімі ўладамі беларускай гімназіі ў Нясьвіжы, у 1926 р. Касмовіч і ягоны стрыечны брат Міхась Вітушка едуць працягваць вучобу ў Наваградзкай беларускай гімназіі, адкуль неўзабаве перавяліся ў беларускую гімназію ў Радашковічы. Там Дзьмітры ўпершыню спаткаўся з Юльянам Саковічам, зь якім яны праз гады будуць арганізоўваць падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю…

У Радашковічах Дз. Касмовіч канчаткова сфармаваўся, як беларускі нацыяналіст-незалежнік. Парасткі нацыянальнай сьвядомасьці, закладзеныя бацькамі, а пасьля й нясьвіскімі настаўнікамі, атрымалі ў Радашковіцкай гімназіі добрае разьвіцьцё. Тут беларускіх дзетак вучылі такія вядомыя дзеячы, як Аляксандар Уласаў, Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Гаўрылік ды інш. Яны прывівалі ім любоў да Бацькаўшчыны-Беларусі, далучалі да трыдыцыі сьвяткаваньня 25 Сакавіка — дня абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасьля сканчэньня гімназіі Касмовіч вярнуўся ў родны дом, пайшоў на працу, каб зарабіць грошы на вучобу. Ад гэтага часу й да пачатку Другой сусьветнай вайны ён увесь час вучыцца і працуе. Спачатку Дзьмітры вучыўся на мэдыцыне ў Чэхаславаччыне й Бэльгіі, але трохі пазьней аддаў перавагу палітэхніцы. Адначасова ён актыўны ў грамадзкай працы — спрычыняецца да стварэньня беларускай студэнцкай арганізацыі ў Бэльгіі.

Беларускі студэнцкі рух у міжваеннай Эўропе быў добра зарганізаваны. Усе студэнцкія суполкі ўваходзілі ў Аб'яднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый (АБСА), штаб-кватэра якога знаходзілася ў Празе-Чэскай. АБСА стаяў на незалежніцкіх пазыцыях, пазьбягаючы камуністычных уплываў, ды гуртаваў у сваіх шэрагах будучую нацыянальную эліту. На міжнародных студэнцкіх форумах арганізацыя актыўна выступала ў абароне беларускага народу, падзеленага й прыгнечанага акупантамі. У 1931 г. АБСА на Сусьветным студэнцкім кангрэсе ў Брусэлі прадстаўлялі Дзьмітры Касмовіч і Аляксандар Вітушка. Касмовіч выступаў на кангрэсе з дакладам. Неўзабаве пасьля гэтага яго прызываюць у польскае войска…

Толькі ў 1934-ым Касмовіч вяртаецца на вучобу ў Бэльгію, зноў шмат працуе на вугальных капальнях. Але цяжкія ўмовы змусілі яго выехаць на вучобу ў Югаславію. У Бялградзе Касмовіч паступае на філязофска-тэалягічны факультэт унівэрсытэта, зноў-жа стварае беларускую студэнцкую арганізацыю.

“Запісваючыся на філязофска-тэалягічны факультэт, я адкідаў усякую форму збройнага змаганьня з бязбожным камуністычным рэжымам, бо лічыў, што гэтае змаганьне павінна праяўляцца ў інфармацыі заходняй моладзі і палітыкаў аб небяспецы для духовага, гаспадарчага, сацыяльнага і дзяржаўнага жыцьця вольнага сьвету і інфармацыі аб цяжкім лёсе беларускага і ўсіх паняволеных маскоўскім камунізмам народаў і польскай шавіністычнай санацыяй і аб іхнім імкненьні да вольнасьці”, — успамінаў праз дзесяцігодзьдзі Дзьмітры Касмовіч. Пройдзе яшчэ некалькі рокаў і Касмовіч стане прыхільнікам збройнай барацьбы супраць бальшавіцкіх акупантаў.


Па лязу нажа


У верасьні 1939 року пачалася Другая сусьветная вайна, якая для Заходняй Беларусі прынесла зьмену акупанта. Цяпер бальшавікі ўзялі пад свой кантроль усю тэрыторыю Беларусі. І калі ва ўсходняй Беларусі палітычныя праціўнікі імі ўжо былі вынішчаны або загнаныя ў канцлягеры, дык у заходняй частцы краіны НКВД рыхтаваўся правесьці “зачыстку”.

На пачатку свайго панаваньня ў Заходняй Беларусі бальшавікі яшчэ дапускалі мясцовых актывістаў да адказных пасадаў у адміністрацыі. Не разабраўшыся адразу альбо ня маючы яшчэ дасье на маладзейшых, НКВД дапусьціла да кіраўніцтва ў шэрагу раёнаў маладых нацыяналістаў і сацыялістаў. Вельмі часта гэтыя людзі былі сялянскага паходжаньня, з бедных сям'яў, прайшоўшыя польскія турмы й канцлягеры. У Нясьвіжы здолелі атрымаць пасады Дз. Касмовіч і М. Вітушка.

Касмовіч быў прызначаны ваенным камісарам гораду “бурмістрам”, а Вітушка — начальнікам міліцыі. Праўда, хутка з Расеі была прысланая “савецкая міліцыя”, і Вітушка быў звольнены. У міжчасе ён з Касмовічам імкнуліся правесьці ў Нясьвіжы беларусізацыю школьніцтва, трымалі прыпадковыя тайныя кантакты са сваімі былымі гімназічнымі сябрамі, якія жылі ў Польшчы й Нямеччыне.

Па свайму сацыяльнаму паходжаньню Дз. Касмовіч выдатна падыходзіў на дэпутата Народнага Сходу Заходняй Беларусі. НКВД пакуль ня мела супраць яго пераканаўчага кампрамату, а прыхільны ваенны камісар пастараўся, каб менавіта Касмовіч балятаваўся ў дэпутаты. Па савецкай завядзёнцы за яго прагаласавалі “99,9%”. Адразу з Беластоку, дзе праходзіў Народны Сход, Касмовіч у складзе дэлегацыі паехаў у Маскву, на сэсію Вярхоўнага Савета СССР ды на сустрэчу са Сталіным…

Там Касмовічу давялося пабачыць усё кіраўніцтва савецкай імпэрыі (у тым ліку і Сталіна), якая панявольвала яго народ. Праз гады ён занатуе: “Сядзеў і глядзеў на седзячых у фатэлях перада мною партыйных правадыроў. Сэрца напаўнялася кіпучай злосьцю. Гэта-ж была “хеўра” злачынцаў, на сумленьні якой былі мільёны нявінных ахвяраў...”.

Аднак Касмовіч хадзіў “па лязу нажа” — НКВД сачыў за кожным яго крокам. А зімой 1940 г. ён і Вітушка былі арыштаваныя, ды толькі заступіцтва сваяка, акадэміка Пракапчука (былога чэкіста) выратавала ім жыцьцё і вярнула свабоду. Але пасьля гэтага Дзьмітрыя Касмовіча пачынаюць адсоўваць ад уплывовых пасадаў. Нарэшце, ён вырашае перабрацца ў Менск, каб перачакаць нейкі час і захавацца. Яго і Вітушкі ўцёкі за мяжу ўлетку 1940-га аказаліся няўдалымі — яны не змаглі перайсьці мяжу. Тады Касмовіч едзе ў Менск і паступае ў палітэхніку. Там яго й застаў пачатак нямецка-савецкай вайны.


Нямецка-савецкая вайна


Выбух вайны застаў Касмовіча ў Менску. Перажыўшы колькі складаных дзён адступленьня бальшавікоў, ён вырашыў дзейнічаць. Скантактаваўшыся зь нямецкімі вайсковымі ўладамі, Дзьмітры Касмовіч атрымаў дазвол на наладжваньне ў горадзе гаспадарчага жыцьця. Адначасова стварае й Службу парадку, у якую, аднак, трапіла шмат выпадковых людзей, ад якіх з часам даводзіцца пазбаўляцца. Сваім намесьнікам ён прызначае Міхала Вітушку, які прыязджае зь Нясьвіжу. Спрыяе Касмовіч і аднаўленьню рэлігійнага жыцьця, робіць захады па беларусізацыі праваслаўнай царквы.

Ужо на пачатку акупацыі беларускім нацыяналістам стала зразумела, што спадзявацца на спрыяньне немцаў аднаўленьню незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі не выпадае. Асабліва востра рэагавала на гэтую сытуацыю моладзь — яна ірвалася да барацьбы. Колькасьць ворагаў і франтоў яе не спыняла…

У гэты час, летам 1941-га, на Беларусі ўжо дзейнічалі нелегальныя палітычныя плыні, утвораныя беларускімі эмігрантамі напярэдадні нямецка-савецкай вайны. Найбольш актыўна працавала з моладзю група ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, кіраўніка Беларускага Нацыянальнага Фронту. Ягоныя прыхільнікі, якія прыбылі на Бацькаўшчыну ў ліпені 1941 р., не раскрываючы кіраўніцтва Гадлеўскага, распачынаюць арганізацыйную працу. Іх задачай было згуртаваньне маладога нацыянальнага актыву ў шэрагах падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП).

Ідэя стварэньня гэтай партыі зьявілася яшчэ перад вайной (па адной з вэрсій, БНП была запачаткаваная групай патрыётаў на чале з кс. Гадлеўскім увосень 1939-га ў акупаванай летувісамі Вільні, але магчыма, што тады фармаваўся сам незалежніцкі палітычны кірунак, незалежніцкая ідэалёгія). Група нацыяналістаў на чале з В. Гадлеўскім, М. Шкялёнкам, М. Шчорсам ды іншымі распрацавала плян падпольнай працы, мэтай якой было здабыцьцё незалежнасьці Беларусі. У адпаведнасьці зь ім мусіла быць створана нелегальная нацыянальная арганізацыя, якая б кіравала беларускім вызвольным рухам (варыянты яе назову — Беларускі Народны Фронт і Беларускі Цэнтральны Фронт). Паралельна зь ёй павінна была разбудоўвацца й баявая арганізацыя, якая гуртавала б у сваіх шэрагах пераважна моладзь — Беларуская Незалежніцкая Партыя. Акрамя таго, “свае людзі” павінны былі ўзяць пад кантроль усе легальныя арганізацыі й становішчы, у тым ліку і вайскова-паліцыйныя. Была заплянаваная й падрыхтоўка нацыянальнага партызанскага руху. Калі-б плян быў цалкам выкананы, утварылася магутная нацыянальная сіла, якая кіравалася б з аднаго цэнтру.

У жніўні-верасьні 1941 року падпольле БНП ствараў Усевалад Родзька, які трымаў сувязь непасрэдна з Гадлеўскім. Ён правёў некалькі сходаў маладых беларускіх дзеячоў зь Менску і правінцыі, дзе знаёміўся зь імі, пераконваў у неабходнасьці падпольнай барацьбы. З найбольш дзейнымі адбываліся нарады ў вузкім коле. Не мог не патрапіць у лік гэтых найбольш надзейных людзей і Дзьмітры Касмовіч. У сваіх успамінах ён занатаваў:

“21-га жнівеня 1941 р. на былой кватэры Галоўнакамандуючага Беларускага Адцінку Чырвонай Арміі ў Менску сабраліся на тайную нараду Дзімітры Касмовіч, Міхась Вітушка, Усевалад Родзька і Юліян Саковіч, каб разважыць створаную палітычную сытуацыю на Беларусі і выпрацаваць плян і тактыку змаганьня за незалежную і вольную Беларускую Дзяржаву.

Пасьля ўсебаковага аналізу ўсіх тагачасных палітычных і вайсковых падзеяў было аднадумна сьцьверджана:

1. Мэта Гітлера ёсьць каланізацыя і паняволеньне Беларусі,
2. Беларускі народ павінен выкарыстаць вайну для сваёй мэты — аднаўленьня Вольнай Беларускай Дзяржавы,
3. Для ажыцьцяўленьня гэтай мэты патрэбная ёсьць Беларуская Збройная Сіла,
4. Нямецкая армія ў барацьбе з Масквою і Заходнімі Дзяржавамі аслабее. Гэтую хвіліну павінен выкарыстаць беларускі народ для аднаўленьня незалежнасьці Беларусі, 
5. Камуністычная Масква ёсьць ворагам № 1 беларускага народу, фашыстоўская Нямеччына — ворагам № 2,
6. Беларускі народ яшчэ слабы, каб змагацца адкрыта супраць гэтых двух ворагаў,
7. Палякі, захапіўшы ў свае рукі цывільную адміністрацыю і ОД у Заходняй Беларусі, фальшывымі абвінавачваньнямі аддаюць немцам на расстрэл або самі страляюць беларускі патрыятычны актыў,
8. Заходнія Дзяржавы не зьяўляюцца ворагамі беларускага народу і беларускі народ не змагаецца супраць гэтых Дзяржаваў, аб чым яны павінны ведаць,
9. Заходнія Дзяржавы павінны разумець вялікую небясьпеку, якая пагражае ўсяму сьвету з боку імпэрыялістычна-камуністычнай Масквы і павінны будуць гэтую небясьпеку ліквідаваць,
10. Патэнцыяльнымі саюзьнікамі беларускага народу зьяўляюцца паняволеныя Масквою народы, якія змагаюцца за сваю незалежнасьць і прызнаюць права беларускага народу на аднаўленьне вольнай Беларускай Дзяржавы ў яе этнаграфічных граніцах.

Пастаноўлена:

а) Стварыць тайную антыкамуністычную і антыфашысцкую арганізацыю — Беларускую Незалежніцкую Партыю, якая-б згуртавала ў сваіх радох найбольш адданых беларускіх патрыётаў, заданьнем якіх ёсьць імкнуцца арганізаваць беларускія вайсковыя адзінкі з мэтай аб’яднаць іх у адну Беларускую Вызвольную Армію, якая павінна змагацца за аднаўленьне Беларускай Народнай Рэспублікі і бараніць яе граніцы,
б) выціскаць палякаў і расейцаў з адміністрацыйных пасадаў і ОД, і замяніць іх беларусамі. Гэтакім чынам не дапушчаць да польскіх і бальшавіцкіх правакацыяў адносна беларускага насельніцтва,
в) навязаць кантакт з прыязнымі паняволенымі Масквою народамі і Вольным Сьветам,
г) імкнуцца ўтварыць тайны Урад Беларускай Народнай Рэспублікі.

Затым абгавораны былі падставовыя пункты Праграмы Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). Мэтай БНП было аб’яднаць увесь беларускі народ у этнаграфічных межах Беларусі і абнавіць Беларускую Народную Рэспубліку, дзе-б кожны яе грамадзянін павінен быць поўнасьцю свабодным і роўны ў правох і абавязках. Становячы прымат духовы над матэрыяльным і разумеючы, што царква служыць разьвіцьцю маральна-духовых вартасьцяў чалавека, дзяржава мусіць, пры поўнай свабодзе веравызнаньняў, усебакова падтрымоўваць царкву.

Зямельнае пытаньне павінна быць вырашано ў карысьць беларускага сялянства; 8-мі гадзінная праца і ахова малалетніх ад працы павінна быць гарантаванымі законам для ўсіх працоўных і малалетніх жыхароў Беларусі; асьвета, забясьпячэньне старасьці, хворых, матак і сірот і іншыя правы для насельніцтва Беларусі павінна пазытыўна вырашыцца на карысьць ўсіх жыхароў Беларусі і г.д. Сябры — арганізатары БНП добра разумелі, што ніхто з чужынцаў ня дасьць беларускаму народу вольнасьці, а яе трэба самым здабыць.

Было даручана Ўсеваладу Родзьку шырэй апрацаваць праграму Партыі і супольна з Юліянам Саковічам падабраць у Заходняй Беларусі надзейны і моцны беларускі актыў БНП, для арганізацыі на гэтай тэрыторыі беларускіх збройных аддзелаў. Арганізацыю сеткі БНП у Франтавой Зоне Беларусі і арганізацыю вайсковых аддзелаў Беларускіх Збройных Сілаў на Сярэднім Адцінку Усходняга Фронту перанялі на сябе Дзімітры Касмовіч і Міхась Вітушка”.

У верасьні 1941 року ў Менск прыбыла цывільная нямецкая адміністрацыя на чале з В. Кубэ, якая зьмяніла вайсковыя нямецкія ўлады, ды пачала ўсталёўваць свае парадкі. Частка беларускіх дзеячоў вырашыла выехаць на працу на ўсход Беларусі, у зону нямецкага франтавога камандаваньня, зь якім, праўдападобна, былі наладжаны неблагія сувязі. У прыватнасьці, Касмовіч сьцьвярджае, што паехаць на ўсход яму і Вітушку прапанавалі нямецкія генэралы Тэсмэр і Краац. Але ня толькі зьмены ў Менску ды жаданьне працаваць на ўсходзе былі прычынаю выезду Дзьмітрыя Касмовіча і Міхала Вітушкі. Яны маглі баяцца за сваё жыцьцё — на іх ужо пасыпаліся даносы (закід у супрацы з бальшавікамі перад вайною).

Разам з Касмовічам і Вітушкам у кастрычніку 1941-га Менск пакінуў Радаслаў Астроўскі, які пры нямецкай вайсковай уладзе кіраваў Менскай акругай.


Дзейнасьць ва Ўсходняй Беларусі


На зрусіфікаваных Браншчыне й Смаленшчыне, аднак, яшчэ жыла беларушчына. У 1920-я рокі тут дзейнічалі беларускія школы, была невялікая колькасьць беларускай інтэлігенцыі, якая пазьней амаль уся была вынішчаная НКВД. Менш маскальшчына закранула вёску. Каб абудзіць у мясцовых беларусах нацыянальны дух адной прапаганды было мала. Патрэбны быў прыклад нацыянальнага дзеяньня, скіраванага на абарону роднага краю ад чужынцаў.

Дз. Касмовіч узяўся за працу на Браншчыне актыўна й апантана. Ягонай задачай было стварэньне аддзелаў Службы парадку — ОД (Орднунгдзінст), дазволеных нямецкім вайсковым камандаваньнем. Па сьведчаньню самаго Касмовіча, ОД, у сваю чаргу, падзялялася на чатыры аддзелы: крымінальны, палітычны, службу парадку і Volkswehr — “Беларускае Ахоўнае Войска — Беларускае Краёвае Войска (БКВ) — Беларуская Самаахова”. Апошні аддзел быў вайсковым, а ягоныя фармацыі мусілі ахоўваць насельніцтва ўсходняй Беларусі ад бальшавіцкіх дэсантаў і бандаў ды ў патрэбе змагацца непасрэдна на фронце. Не скарыстацца такой магчымасьцю легальна арганізоўваць беларускія вайсковыя аддзелы Касмовіч і Вітушка не маглі.

Дзьмітры Касмовіч, як кіраўнік Службы парадку Бранскай акругі, аб'язджае раённыя цэнтры, сустракаецца з людзьмі, вядзе антысталінскую, антыкалгасную прапаганду. Ён тлумачыць людзям, што яны — такія ж беларусы, як і ён, і мусяць змагацца за Бацькаўшчыну са зброяй у руках. Да пачатку 1942 року аддзелы Службы парадку (беларусы неафіцыйна называлі іх Беларускім Краёвым Войскам) Браншчыны налічвалі 5 тысяч добра ўзброеных чалавек. Створаныя конныя аддзелы кантралявалі дарогі й трымалі сувязь з аддаленымі населенымі пунктамі. Беларускія аддзелы пасьпяхова змагаліся супраць бальшавіцкіх партызанаў, праводзілі контрвыведчую працу ў іх асяродзьдзі. Напрыканцы красавіка 1942 р., калі Дзьмітры Касмовіч выязджаў на працу ў Смаленск, Беларускае Краёвае Войска на Браншчыне налічвала ўжо каля 10 тысяч байцоў.

Акрамя афіцыйнай працы Касмовіч і Вітушка з давераных асоб, найперш з вайскоўцаў, арганізоўвалі падпольле Беларускай Незалежніцкай Партыі. У многіх раёнах Браншчыны менавіта сябры БНП камандавалі аддзеламі БКВ-Службы парадку. Пасьля ад'езду на Смаленшчыну, Касмовіч трымаў зь імі сувязь праз Раслаўль.

Падобную працу Дз. Касмовіч правёў і на Смаленшчыне. Ён энэргічна ўзяўся за арганізацыю беларускіх аддзелаў, стварыў майстэрні па рамонту зброі, набіраў афіцэраў з ваеннапалонных савецкага войска. Ягоныя “лятучыя аддзелы” раптоўнымі нападамі пачынаюць вызваляць акругу ад бальшавіцкіх партызанаў, наносячы ім паразу за паразай. Убачыўшы рэальную сілу, якая іх здольная абараніць, уактыўнілася й насельніцтва, зьявіліся тысячы добраахвотнікаў. На пачатку восені 1942-га БКВ на Смаленшчыне ўжо налічваў 5 тысяч байцоў. Напрыканцы 1942 р. аддзелы БКВ на Смаленшчыне налічвалі ўжо каля 15 тысяч байцоў. Яны ня толькі ачысьцілі акругу ад бальшавіцкіх партызанаў, але й зрабілі немагчымым правядзеньне тут карных акцый СС супраць мірнага жыхарства.

Сам Касмовіч неаднаразова браў удзел у баях з бальшавіцкімі дэсантамі, якія рабілі на дарогах засады. Ён сьмела, зь невялікай аховай, перасоўваўся па ўсёй акрузе, кантралюючы стан аддзелаў БКВ. Вялікую дапамогу яму ў арганізацыйнай працы аказвалі Міхал Вітушка і браты Ўладзімер і Кастусь Красоўскія. Усе яны былі сябрамі падпольнай БНП, структуры якой паўсталі й на Смаленшчыне.

29-30 ліпеня 1942 р. у Віцебску Касмовіч, Вітушка і Родзька правялі тайную нараду, на якой узгаднілі праграму БНП і яе тактыку. Як успамінае Касмовіч, у іх тады былі спадзяваньні на магчымы канфлікт паміж нямецкім войскам і СС, які мог прывесьці да зьмены ўлады ў Бэрліне. У такім выпадку, Бэрлін мог заключыць мірнае пагадненьне з заходнімі альянтамі, каб сумесна змагацца супраць бальшавізму. “Заданьнем і мэтай Беларускай Незалежніцкай Партыі і далей ёсьць выкарыстаць гэтыя гістарычныя падзеі, арганізаваць і сцэмэнтаваць Беларускія Збройныя Сілы і актыўна ўключыцца ў гэтую апошнюю фазу вайны супраць ворагаў беларускай незалежнасьці, — ужо на эміграцыі пераказваў рашэньні той нарады Дз. Касмовіч. — Узмоцніць стараньні ўтварыць Беларускі Дзяржаўны Урад, які-б злучыў усе народныя сілы і натуральныя багацьці для здабыцьця вольнасьці і незалежнасьці беларускаму народу. Навязаць кантакт з Заходнімі Дзяржавамі і паведаміць іх, што беларускі народ і ягоныя Збройныя Сілы змагаюцца супраць камуністычнай Масквы за сваю вольнасьць і незалежнасьць, а не супраць вольных дзяржаў сьвету”.

На нарадзе было вырашана арганізаваць “тайныя аддзелы БНП — беларускай антыфашысцкай партызанкі”, стварыць падпольны “Бюлетэнь БНП”. З мэтай каардынацыі дзейнасьці БНП у Заходняй і Ўсходняй Беларусі было вырашана ўвосень 1942-га правесьці ў Менску нараду ЦК БНП.

Яна адбылася 10 кастрычніка 1942 року, праўдападобна, на кватэры камэнданта паліцыі Юльяна Саковіча. Акрамя Саковіча на ёй прысутнічалі Касмовіч, Вітушка, Родзька і Рыгор Зыбайла. Нарада прыняла наступныя пастановы:

“1. Прысьпяшыць утварэньне Беларускіх Збройных Сілаў у Генеральным Камісарыяце Беларусі неабходных для здабыцьця вольнай Беларусі і адначасна для аховы насельніцтва ад тэрору маскоўскіх даношчыкаў, самаволі СС і СД, правакацыяў і забойства беларусаў польскімі шавіністамі.
2. Выкарыстоўваючы цяжкасьці і страты, якія наносяць немцам маскоўскія лясныя банды на тэрыторыі акупаванай немцамі Беларусі, прыскорыць утварэньне Вольнага Беларускага Ураду, які зможа змабілізаваць усе народныя сілы і прыродныя багацьці Беларусі для барацьбы з маскоўскім камуністычным рэжымам і супраць усіх панявольнікаў Беларусі,
3. Узмоцніць падрыхтоўку беларускіх патрыятычных партызанскіх аддзелаў для барацьбы супраць панявольнікаў Краю, за вольную Беларусь і правядзеньня мэты і заданьня Беларускай Незалежніцкай Партыі”.

На нарадзе была прынятая й праграма партыі. Галоўнай мэтай БНП было аднаўленьне вольнай і незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах.

З ліпеня 1943 року Дзьмітры Касмовіч арганізоўваў аддзелы Службы парадку-Беларускага Краёвага Войска ў Магілёўскай акрузе. Ён атрымлівае прызначэньне на пасаду інспэктара Службы парадку тылавой зоны групы армій “Цэнтар” ды неабмежаваныя магчымасьці перасоўваньня па Беларусі. Ён трымае кантакт ня толькі з сябрамі БНП на Браншчыне, Смаленшчыне, але й з украінскімі нацыяналістамі. У лістападзе 1943-га Касмовіч высылае на Ўкраіну двух дэлегатаў ад БНП на зьезд прадстаўнікоў паняволеных Масквой народаў, які праводзіла АУН-Бандэры і Украінская Паўстанцкая Армія. Капітан В. Ермаковіч (“Дружны”) падпісаў рэзалюцыю зьезду, які заснаваў Антыбальшавіцкі блёк народаў.

Так закладаўся падмурак будучай сумеснай антыбальшавіцкай барацьбы беларускіх і ўкраінскіх партызанаў, а таксама палітычных дзейнікаў на эміграцыі.


Перад скананьнем гітляроўскага рэжыму


Пасьля адыходу зь Беларусі летам 1944 року кіраўніцтва БНП вырашыла актыўна шукаць кантактаў з урадамі заходніх краін-удзельніц антыгітляроўскай кааліцыі. Чакалася, што пасьля капітуляцыі Нямеччыны адразу ці трохі пазьней распачнецца вайна паміж заходнімі альянтамі й Савецкім Саюзам. Таму трэба было паведаміць урады Ангельшчыны і ЗША, што яны могуць разьлічваць на Беларускую Незалежніцкую Партыю й утвораныя ёю партызанскія аддзелы на Бацькаўшчыне і падкантрольныя вайсковыя фармацыі ў Нямеччыне. Заходнія альянты павінны былі ўбачыць рэальную сілу, якая змагаецца за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, і падтрымаць яе ў адпаведны момант.

У той час, калі на Беларусь дэсантаваліся хлопцы й дзяўчаты з батальёна “Дальвіц”, кіраўніцтва БНП накіроўвала на Захад сваіх прадстаўнікоў з сакрэтнымі даручэньнямі.

25 верасьня ў Бэрліне на тайнай нарадзе ЦК БНП быў вызначаны дэлегат, які мусіць адправіцца праз лінію фронту для кантакту з заходнімі альянтамі. Ім стаў Дзьмітры Касмовіч. Захаваўся дакумэнт, які яму ад імя партыйнага кіраўніцтва выпісаў Усевалад Родзька (“Воўк”): 25 верасьня 1944.


“Беларуская Незалежніцкая Партыя
Цэнтральны камітэт

Упаўнаважаньне.


Гэтым даручаецца Маёру Касмовічу Дзімітру рэпрэзэнтацыя інтарэсаў Беларускай Незалежніцкай Партыі і агульнабеларускіх інтарэсаў на абшары Заходняй Эўропы і Паўночнай Амэрыкі. У абсяг поўнамоцтваў уваходзіць: вядзеньне перагавораў і заключаньне дагавароў палітычнага і вайсковага характару.

Дагаворы, падпісаныя маёрам Касмовічам ад імя БНП уваходзяць неадкладна ў дзейнасьць, павінны аднак для поўнай праўнай важнасьц[і] быць ратыфікаваныя на працяг[у] трох месяцаў ад даты подпісу Цэнральным Камітэтам БНП.

Вышэй дадзеныя поўнамоцтва можа пераліць (можа перадаць? — С.Ё.) маёр К. на вызначанага ім сябру БНП певедамляючы аб гэтым адначасова ЦК БНП.


Цэнтральны камітэт
Беларускай Незалежніцкай Партыі


Кіраўнік Партыі:
( — ) Воўк”.


Неўзабаве пасьля гэтага Дз. Касмовіч спрабуе нелегальна перабрацца ў Швайцарыю. Разам зь ім, як “вайсковага аташэ”, Родзька накіраваў капітана Язэпа Сажыча. Перавесьці праз горы іх павінен быў сябра БНП Антон Шантыр. Але, як сьведчыць Сажыч, у апошні момант на іх сьлед натрапіла СД і яны, ратуючыся, вяртаюцца ў Нямеччыну. Такім чынам, місія Касмовіча была адкладзена, а сам ён часова ўладкаваўся на працу ў Галоўнае кіраўніцтва Вайсковых справаў Беларускай Цэнтральнай Рады ў Бэрліне. Касмовіч цесна супрацоўнічаў з генэралам Кастусём Езавітавым, трымаў кантакты з кіраўніцтвам латыскіх нацыяналістаў.

Адначасова Дз. Касмовіч чакае зручнага моманту, каб усё ж перабрацца праз лінію фронту на Захад. Гэта яму ўдаецца толькі ў красавіку 1945-га.


Бацькаўшчына патрабуе дапамогі


Маючы паўнамоцтвы ЦК БНП, Дз. Касмовіч імкнуўся разгарнуць у эміграцыйных беларускіх асяродках актыўную дзейнасьць. Спадзявацца на магчымасьць кантактаў з урадавымі дзейнікамі заходніх краінаў не выпадала, бо іх адносіны з Савецкім Саюзам яшчэ былі “саюзьніцкія”. Ангельцы й амэрыканцы калі не самыя аддавалі, дык не перашкаджалі бальшавікам “вяртаць на радзіму” дзесяткі тысячаў уцекачоў. У Бэрліне, Заходняй Нямеччыне, Аўстрыі, Францыі актыўна працавала савецкая агэнтура, якая ня толькі зьбірала патрэбныя зьвесткі пра палітычных праціўнікаў, якія тут спыніліся, але й выкрадала іх. Сытуацыя няпэўнасьці ў заўтрашнім дні, бытавая неўладкаванасьць, голад, разцярушанасьць беларускіх асяродкаў не спрыялі эфэктыўнай і актыўнай палітычнай дзейнасьці ў першыя пасьляваенныя гады.

Аднак Дз. Касмовіч і іншыя сябры ЦК БНП, якія апынуліся на Захадзе, ужо ў 1945 р. распачынаюць арганізацыйную працу. Перад імі стаяла задача згуртаваньня партыйных сябраў на тэрыторыі, падкантрольнай заходнім саюзьнікам, наладжваньне сувязі з партыяй на Бацькаўшчыне ды аказаньне ёй дапамогі. Падобны ж працэс аднаўленьня структураў і сувязяў адбываўся і ў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН-Бандэры) у Заходняй Нямеччыне. Аднак украінскія нацыяналісты валодалі большымі людзкімі й матэрыяльнымі рэсурсамі, яны больш арганізавана й удала перакінулі на Захад частку сваіх кадраў, у тым ліку і кіраўнічых. Некаторыя каналы сувязі АУН з Украінай у Чэхаславаччыне й Польшчы не спынялі свайго функцыянаваньня, нягледзячы на ваенную завіруху…

У Заходняй Нямеччыне ў другой палове 1945 року знаходзіліся сябры ЦК БНП: Дзьмітры Касмовіч (“Каршун”), Міхась Рагуля (“Чорны”), Барыс Рагуля (“Менскі”), Аляксей Сянькевіч (былы кіраўнік Менскага акруговага камітэту БНП). Яны й прымалі рашэньне пра падрыхтоўку да партыйнай канфэрэнцыі, пра невыяўленьне партыйных структураў, а працяг падпольнай дзейнасьці ў зонах акупацыі заходнімі саюзьнікамі.

III канфэрэнцыя Беларускай Незалежніцкай Партыі адбылася 30 верасьня 1946 року ў Заходняй Нямеччыне. У апошнім (шостым) нумары “Бюлетэню БНП” была зьмешчаная зацемка пра канфэрэнцыю. У ёй, у прыватнасьці, адзначалася:

“Пасьля доўгіх высілкаў навязаньня сувязяў з партыйнымі зьвеньнямі партыі на Бацькаўшчыне і ў замежжы, ЦК Партыі удалося сабраць на нараду дэлегатаў паасобных партыйных асяродкаў.

На канфэрэнцыі была дадзена ацэнка міжнароднага палітычнага палажэньня, абгавораны галоўныя мамэнты Беларускага вызвольнага руху ў Беларусі і за рубяжом і намечаны канкрэтныя заданьні паасобных аддзелаў БНП на найбліжэйшы час. З заслуханых справаздачаў адзначаны сталы рост БНП на Бацькаўшчыне, якая захоўвае[неразборліва] пазыцыі партызанскага руху і шырыцца ў падпольлі”.

Бацькаўшчына патрабавала дапамогі й сталай сувязі. Арганізацыя кур'ерскай ды іншай сувязі канферэнцыяй была даручана аддзелу вайсковай сувязі БНП. На пачатку вялікую дапамогу аказвалі ўцекачы з-за “жалезнай заслоны”, у тым ліку і ўдзельнікі антыбальшавіцкай барацьбы, якія прыносілі канкрэтныя зьвесткі. Кур'еры БНП прабіраліся на Беларусь, у асноўным, праз Бэрлін і Польшчу, дзе існавалі групы сувязі й паасобныя закансьпіраваныя людзі. Іншы раз выведнікі і сувязныя, на свой страх і рызыку, прыяжджалі на Бацькаўшчыну легальна, як “рэпатрыянты”. Такім чынам удалося легалізавацца ў Наваградку сябру БНП Генадзю Казаку.

Спачатку партызанская й падпольная барацьба ў Беларусі вялася стыхійна. Аддзелам і групам БНП бракавала каардынацыі. Выхаванцаў “Дальвіца”, якія павінны былі гэтым займацца, на Бацькаўшчыну перабралася й захавалася ня шмат. Многія групы ня мелі неабходнай радыёапаратуры. Паступова сытуацыю выпраўляў у лепшы бок генэрал Міхал Вітушка, кіраўнік БНП на Беларусі й камандзер беларускага антыбальшавіцкага партызанскага руху. Са сваіх верных людзей-сябраў БНП ён пачаў разбудову баявой арганізацыі “Чорны Кот”, база якой знаходзілася ў паўночна-заходняй Беларусі.

Адным з афіцэраў аддзелу вайсковай сувязі быў Кастусь Станюш. Па некаторых зьвестках, ён пэўны час ваяваў у складзе аддзелаў “Чорнага Ката” і вярнуўся ў Заходнюю Нямеччыну толькі напрыканцы 1948 року. Ратуючы ад перасьледу чэкістоўскіх агентаў, Касмовіч пераправіў яго ў Канаду, у Таронта. У Канадзе Станюш быў краёвым кіраўніком БНП.

Яшчэ адным дасьведчаным “апэратыўнікам” у Касмовіча быў Міхась Маеўскі, які часта дзейнічаў у Заходнім Бэрліне, кантралюючы каналы сувязі й дапамагаючы перабежчыкам з савецкай зоны акупацыі. Калі ў 1948 р. з Польшчы ў Заходні Бэрлін перабраўся сябра ЦК БНП Міхась Зуй, Маеўскі дапамог яму самалётам выляцець у Заходнюю Нямеччыну.

Сувязь Замежнага Сэктару БНП з партыяй на Бацькаўшчыне трывала аж да сярэдзіны 1950-х рокаў. Апошнія зьвесткі прыходзілі ўжо з Польшчы, куды перабраліся некаторыя ўдзельнікі антыбальшавіцкай барацьбы.


Беларускі вызвольны фронт


Пасьля спыненьня актыўнай барацьбы з акупантамі на Беларусі, цэнтар вызвольнага руху пераносіцца на Захад. Цяпер эмігранты мусілі адстойваць на міжнароднай арэне ідэі беларускай дзяржаўнай незалежнасьці, даносіць да заходніх дэмакратый праўду пра сытуацыю на паняволенай Бацькаўшчыне. Ва ўмовах “халоднай вайны” і ўсё яшчэ магчымага ваеннага канфлікту паміж ЗША і СССР, беларускія эмігранты павінны былі рыхтавацца й да актыўнага ўдзелу ў ім. Дзеля гэтага быў створаны шэраг баявых вайсковых арганізацый.

У 1952-54 рр. актыўна дзейнічала на эміграцыі ды высылала сваіх выведнікаў на Беларусь вайсковая арганізацыя “Беларускі Вызвольны Рух” (БВР) на чале з палкоўнікам Л. Галубовічам (Зарэчным). Фармальна БВР падначальваўся БЦР. Калі ж у 1954 роке прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі захацеў падначаліць БВР цалкам, дык палк. Зарэчны загаду не паслухаўся. Астроўскі тады вырашае стварыць новую вайсковую арганізацыю, куды перацягнуць як найбольш людзей з БВР. Так быў заснаваны Беларускі Вызвольны Фронт (БВФ).

Стварэньне гэтай арганізацыі вайскоўцаў-нацыяналістаў Р. Астроўскі даверыў Дз. Касмовічу. У задачу БВФ уваходзіла падрыхтоўка вайсковых кадраў для будучай збройнай барацьбы з чырвонай Масквою, дапамога й кантакт з падпольлем у Беларусі, рэпрэзентацыя беларускай вызвольнай справы ў сусьветных антыкамуністычных арганізацыях.

У статуце БВФ, выдадзеным на эміграцыі ў 1955 р. гаварылася:

“Для нас, беларусаў, патрэбная сіла, якая змагла-б зламаць варожую нам сілу і вызваліць наш край з-пад акупацыі… Ані сілы, ані свабоды ніхто нам ня дасьць! Нам трэба самім стварыць яе і сваёй крывёй здабыць свабоду свайму народу, разваліць турмы і парваць кандалы, якія скоўваюць наш край і народ стагодзьдзямі… Мы тут, на эміграцыі, маем больш магчымасьці весьці падгатоўку, а таму нашым сьвятым абавязкам ёсьць выкарыстаць гэтую магчымасьць, згуртавацца ўсім актыўным і патрыётычным эмігрантам у арганізацыю “Беларускага Вызвольнага Фронту”, бо гэта ня ёсьць арганізацыяй адзінак, ці групаў, але нашай нацыянальна-дзяржаўнай установай для палітычна-вайсковых справаў”.

Ствараючы Беларускі Вызвольны Фронт і пераводзячы ў яго шэрагі структуры БНП, Касмовіч улічваў патрабаваньні часу. Барацьба на Бацькаўшчыне затухала. На чужыне нашы эмігранты ўсё больш уцягваліся ў мясцовае жыцьцё і партыйная дысцыпліна многіх не задавальняла. Частка людзей расчаравалася ў магчымасьці хуткай перамогі над бальшавізмам і пачала наладжваць сваё жыцьцё на новым месцы… БВФ падыходзіў да дзейнасьці ў новых умовах, а ўмовы сяброўства ў ім былі прымальнымі для большасьці актыўных эмігрантаў-нацыяналістаў.

Найбольш адказныя становішчы ў Галоўным Штабе БВФ Касмовіч даручыў сваім баявым паплечнікам з БНП: Міхасю Маеўскаму, Уладзімеру Сянько, Юры Попку (Жубровічу), Пётры Касацкаму (Дуброўскаму) ды іншым. Аднак апэратыўная праца з часам ўсё больш і больш саступала месца працы палітычнай. Адна з апошніх ведамых нам апэратыўных апэрацый БВФ была праведзеная ў Заходнім Бэрліне на пачатку 1960-х рокаў.

Пэрспэктыва пераходу “халоднай вайны” у “гарачую” паступова аддалялася. Сябры Беларускага Вызвольнага Фронту ў Эўропе, Амэрыцы й Аўстраліі ўактыўніваюць палітычную дзейнасьць на міжнароднай арэне. Асноўная частка працы ляжала якраз на Дз. Касмовічу, начальніку Галоўнага Штабу. Ён ня толькі ўдзельнічае ў міжнародных антыкамуністычных форумах, дзе выступае з дакладамі пра Беларусь і беларускі вызвольны рух, але й выдае адозвы, улёткі, дэклярацыі да беларускай грамадзкасьці, часопіс “Барацьба”. Касмовіч спрабаваў разварушыць ужо апанаваную апатыяй, абыякавасьцю і старасьцю беларускую эміграцыю. Акрамя таго, трэба было дэманстраваць і бальшавікам, што беларускі вызвольны рух не памёр, ён жыве, перахоўвае традыцыі, шукае й знаходзіць міжнародную падтрымку.

Аж да сваёй сьмерці генэрал Касмовіч самаахвярна працаваў для Беларусі. Рызыкаваў жыцьцём (некалькі разоў на яго рыхтаваўся замах бальшавіцкімі агэнтамі), асабістым часам, укладваў у грамадзка-палітычную дзейнасьць немалыя ўласныя сродкі.

Дзімітры Касмовіч змагаўся з бальшавізмам не на словах, а на справах. У мэтах бясьпекі ён ня зьехаў за акіян, а застаўся жыць у Заходняй Нямеччыне, у Штутгарце. Адсюль было лягчэй трымаць кантакт з падпольлем на Бацькаўшчыне. Доўгі час былі вялікія спадзяваньні на хуткае вызваленьне Беларусі. Сотні беларускіх вайскоўцаў з Беларускага Вызвольнага Фронту былі гатовыя зноў узяць у рукі зброю. А калі гэтыя спадзяваньні не збыліся, Касмовіч не адчайваўся, ён працягваў актыўна дзейнічаць, верачы, што “прыйдзе той час, калі, паднятыя патрыятычным духам сваіх папярэднікаў, падымуцца маладыя беларускія сілы і здабудуць Вольнасьць і Незалежнасьць Беларускай Дзяржаве”.

Дзьмітры Касмовіч ня толькі зьяўляўся начальнікам Галоўнага штабу Беларускага Вызвольнага Фронту, але й прэзыдэнтам Беларускага Сэктару Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі, кіраўніком Беларускага Сэктару Эўрапейскай Рады Свабоды. Яшчэ з першых пасьляваенных гадоў ён цесна супрацоўнічаў з украінскімі нацыяналістамі з АУН-Бандэры ў рамах Антыбальшавіцкага Блёку Народаў (АБН). На працягу дзесяцігодзьдзяў Дзьмітры Касмовіч кантактаваў з Яраславам і Славай Стэцько, вядомымі ўкраінскімі нацыяналістамі-кіраўнікамі АУН. Былі супольныя нарады, пляны, заявы, супольная нянавісьць да бальшавізму, які паняволіў іх народы. Але заўсёды была вера ў перамогу вызвольнай справы, дзеля якой яны так апантана змагаліся супраць чырвонай імпэрыі.

Дзьмітры Касмовіч, генэрал вызвольнага фронту, яшчэ пасьпеў пабачыць, як на Бацькаўшчыне ўздымаецца нацыянальна-вызвольны рух, як зноў залуналі на беларускіх плошчах і вуліцах бел-чырвона-белыя сьцягі. Беларусь жыла, яна рыхтавалася скінуць зь сябе чужынскае ярмо. Але да канчатковай перамогі яшчэ было далёка…

Генэрал Дзьмітры Касмовіч памёр 23 красавіка 1991 року ў Штутгарце ў Заходняй Нямеччыне. Аднак актывісты Беларускага Вызвольнага Фронту яшчэ працягвалі дзеяць у Ангельшчыне й ЗША. У Аўстраліі функцыянаваў краёвы штаб БВФ на чале з палкоўнікам Уладзімерам Шнэкам. Менавіта Шнэк і пераняў кіраўніцтва над БВФ, якое было хутчэй сымбалічным — большасьць сяброў арганізацыі ўжо паўміралі альбо былі вельмі старымі людзьмі. Але Ўл. Шнэк не здаваўся, наладзіў сувязь з беларускімі вайскоўцамі на Бацькаўшчыне. А ў ліпені 1993 року ён вітаў свой народ ад імя Беларускага Вызвольнага Фронту на Першым зьезьдзе беларусаў сьвету.


Заходняя Беларусь, сакавік 2002 р.


Дадатак

Статут БВФ

Эміграцыя, 1955 рок.

Прадмова


Гісторыя даказала, што толькі тыя народы магуць жыць, тварыць культуру, развівацца духова і фізычна, якія маюць сілу кіраваць сваім собскім жыцьцём, а каб ім кіраваць, патрэбная мілітарная сіла, якая бараніла-б гэтую свабоду, сваю зямлю і дзяржаву.

Тым больш для нас, Беларусаў, патрэбная сіла, якая змагла-б зламаць варожую нам сілу і вызваліць наш край з-пад акупацыі, ды ня толькі дала-б магчымасьць быць нам гаспадарамі сваёй зямлі ў сваёй дзяржаве, але і гарантавала-б гэтую свабоду і разьвіцьцё народу і дзяржавы.

Ані сілы, ані свабоды ніхто нам ня дасьць! Нам трэба самім стварыць яе і сваёй крывёй здабыць свабоду свайму народу, разваліць турмы і парваць кандалы, якія скоўваюць наш край і народ стагодзьдзямі.

Усьведамляючы ўсё гэта добра, зашла неабходнасьць стварыць такую сілу, якая здольная была-б ня толькі бараніцца, але і весьці наступ па ўсім фронце нашага змаганьня за свабоду. Трэба памятаць, што надыходзіць час, які на доўгія гады вырашыць, ці быць нам народам і гаспадаром сваёй зямлі, ці не. І таму мусім быць гатовымі! Дзеля гэтага паклікана загадам Прэзыдэнта БЦР праф. Р. Астроўскага да жыцьця арганізацыя: “Беларускі Вызвольны Фронт”, заданьнем якога ёсьць падгатаваць кадры будучых Беларускіх Збройных Сілаў, падымаць усімі спосабамі нацыянальна-патрыётычную сьведамасьць шырокіх масаў беларускага народу — жывых крыніцаў беларускай сілы; якія павінны быць гатовымі ў кожную хвіліну ўзяць вінтоўку ў рукі ды ісьці ў бой за жыцьцё свайго народу і краю. Толькі з вінтоўкай у руках мы зможам ня толькі зламаць ворага, але яму прадыктаваць і ўмовы міру.

Як бачыце, заданьне ня лёгкае як для ўсяго народу, так і для нашай арганізацыі. Але мы верым, што супольнымі сіламі мы зможам зрабіць многа, так многа, як нават і ня можам спадзявацца, бо беларускі ДУХ за апошнія дзесяткі год змаганьня за нашую ідэю ўзняўся высака, а барацьба ня толькі што ня сьціхае, але прыбірае што раз болей на сіле.

І мы нязломна верым, што прыйдзе час і гнеў ды ўздым беларускага народу будзе так вялікі, што ня вытрымаюць ніякія ланцугі і мы ня толькі што вызвалімся з пад акупацыі бальшавікоў, але станем гаспадарамі сваёй зямлі.

Ясна, што гэтага ня зробяць адзінкі (адзінкі могуць толькі падарваць за сабой масы), на гэта патрэбны высілак усяго беларускага народу.

Мы тут на эміграцыі маем больш магчымасьці весьці падгатоўку, а таму нашым сьвятым абавязкам ёсьць выкарыстаць гэтую магчымасьць, згуртавацца ўсім актыўным і патрыётычным эмігрантам у арганізацыю “Беларускага Вызвольнага Фронту”, бо гэта ня ёсьць арганізацыяй адзінак, ці групаў, але нашай нацыянальна-дзяржаўнай установай для палітычна-вайсковых справаў.

Верым, што заклік Галоўнага Штабу Беларускага Вызвольнага Фронту адгукнецца гучным рэхам у сэрцах беларускіх і яшчэ больш скансалідуе нашыя вайсковыя і палітычныя сілы, якія і будуць вырашаючым дзейнікам у будучым аружным змаганьні.


Галоўны Штаб
Беларускага Вызвольнага Фронту


Статут Беларускага Вызвольнага Фронту

Разьдзел першы

Назоў і абсяг дзейнасьці


§ 1. Арганізацыя мае назоў: Беларускі Вызвольны Фронт, у скарочаньні — Б.В.Ф.
§ 2. Абсяг дзейнасьці: Беларускі Вызвольны Фронт праводзіць сваю дзейнасьць як на Беларусі так і па за яе межамі, дзе прабывае беларуская грамадзкасьць і дзе гэтага вымагаюць інтарэсы беларускага народу і Краю.
§ 3. Мейсца прабываньня кіраўнічых ворганаў БВФ, а таксама размяшчэньне адміністрацыйных ворганаў БВФ залежыць ад варункаў расьсяленьня беларускае эміграцыйнае грамадзкасьці і ад адміністрацыйна-тэрыторыяльнага падзелу тае ці іншае краіны, дзе пражываюць Беларусы.


Разьдзел другі

Мэта і ідэолёгічная плятформа


§ 4. БВФ ёсьць поўвайсковая рэвалюцыйная арганізацыя беларускай антыкамуністычнай грамадзкасьці.
§ 5. Палітычнай плятформай Беларускага Вызвольнага Фронту зьяўляецца Акт 25 Сакавіка і Пастановы Першага і Другога Усебеларускіх Кангрэсаў.
§ 6. Галоўнай мэтай Беларускага Вызвольнага Фронту ёсьць вызваленьне Беларусі і Яе Народу з пад савецка-бальшавіцкае акупацыі ды абарона вызваленай Беларусі перад усякімі спробамі паняволеньня яе. Дзеля гэтага перад БВФ стаіць адно найважнейшае заданьне: у мірным часе падрыхтоўка кадраў будучых беларускіх мілітарных сілаў, якія ў часе вайны маглі-б ператварыцца ў Беларускую Вызвольную Народную Армію.
§ 7. Згодна з § 5 і 6 гэтага Статуту БВФ ставіць сваім заданьнем наступнае:
а) арганізаваць расьцярушаныя вайсковыя і грамадзка-патрыётычныя кадры беларускай нацыі ў адну вайскова-рэвалюцыйную арганізацыю;
б) усякімі сіламі і спосабамі змагацца за беларускую суверэнную дзяржаву;
в) весьці нацыянальна-ідэолёгічнае і палітычнае ўзгадаваньне сваіх сяброў ды пасьлядоўна праводзіць шырокую падгатоўку фаховых кадраў як для нацыянальнае збройнае сілы, так і для дзяржаўнае бясьпекі ды адміністрацыі, так неабходных на час вызвольнае барацьбы;
г) супроцьдзеяць усялякім праявам анархіі ды пашыраць сярод беларускай грамадзкасьці толькі тыя сьветапагляды, якія консалідуюць увесь беларускі народ;
е) прымаць актыўны ўдзел у тварэньні супольнага фронту ўсіх народаў, якія таксама як і Беларусы паняволены маскоўска-бальшавіцкім імперыялізмам;
ж) для зьдзейсьненьня заданьняў, азначаных у пунктах ад “а” да “е” § 7 гэтага Статуту, БВФ арганізуе вайскова-падрыхтоўчыя, культурна-асьветныя і фаховыя курсы, выдае перыядычную літаратуру і прэсу.


Разьдзел трэці


Сябры БВФ, іх правы і абавязкі


§ 8. Сябры Беларускага Вызвольнага Фронту дзеляцца на:
а) дзейных,
б) ганаровых і
в) прыхільнікаў БВФ.
§ 9. Дзейнымі сябрамі БВФ могуць быць Беларусы і Беларускі ў веку ад 16 рокаў, незалежна ад веравызнаньня і палітычных перакананьняў, якія выяўляюць сваю адданасьць Беларускай незалежнай дзяржаве ды прызнаюць § 5 і 6-ты гэтага Статуту.
Быць сябром Беларускага Вызвольнага Фронту — пачэсны грамадзка-палітычны абавязак кожнага Беларуса і Беларускі, жадаючых бачыць сваю бацькаўшчыну вольнай і незалежнай дзяржавай, а свой беларускі народ — поўнапраўным гаспадаром на сваёй собскай зямлі!

Увага: Сябрамі БВФ ня могуць быць толькі тыя асобы, якія належаць да тоталітарна-фашыстоўскіх, бальшавіцка-камуністычных або іншых імперыялістычных груповак ці плыняў, якія імкнуцца панявольваць Беларусь і яе народы.

§ 10. Ганаровымі Сябрамі БВФ могуць быць асобы, асабліва заслужаныя ў барацьбе за Беларускую незалежную дзяржаву, якія праявілі сябе на полі вайсковай дзейнасьці, грамадзка-палітычнай працы, або ў справе разьвіцьця і ўзмацненьня Беларускага Вызвольнага Фронту.
§ 11. Прыхільнікамі — лічацца тыя сябры, якія прыхільна ставяцца да мэтаў і заданьняў БВФ і ў меру іх магчымасьцяў падтрымліваюць арганізацыю матарыяльна і маральна.
§ 12. Сябра БВФ, як добраахвотны ваяка будучай Беларускай Вызвольнай Арміі — лепшы Сын беларускага народу, уважае, што:
а) нацыянальная ды асабістая чэсьць і ваяцка-героічная адвага панад собскае жыцьцё — найвышэйшы закон беларускага ваякі-рэвалюцыянера;
б) гарачая любоў да роднага Краю і свайго народу, а таксама вернасьць і самаахвярны послух наказам Бацькаўшчыны — гэта пачэсны абавязак беларускага ваякі-рэвалюцыянера;
в) не “апалітычнасьць”, а “аб'ектыўня і глыбокая палітычная граматнасьць — гэта маральны капітал беларускага ваякі-рэвалюцыянера;
г) не нявольніцкі послух, із-за страху ці прымусу, а культурнае, сьведамае, высокапатрыётычнае пачуцьцё — гэта моральная дысцыпліна беларускага ваякі-рэвалюцыянера;
д) захаваньне ўсякай даверанай тайны, таварыская любоў і свабода з адначасным абсалютным службовым падпарадкаваньнем — гэта фізычная дысцыпліна беларускага ваякі-рэвалюцыянера.
§ 13. Дзейныя сябры БВФ маюць права:
а) займаць усякія становішчы ў ворганах БВФ, у залежнасьці ад сваей здольнасьці, фаховай падрыхтоўкі і інтэлектуальнага ўзроўню;
б) прымаць удзел з правам рашаючага голасу ў сходах, зьездах, нарадах, канфэрэнцыях і кангрэсах БВФ;
в) карыстацца ўсімі правамі і прывілегіямі, прызнанымі дзяржаваю для БВФ;
г) карыстацца матарыяльнай і культурна-асьветнай дапамогай, прызнанай для БВФ;
д) належаць да грамадзкіх, палітычных і культуральных беларускіх арганізацыяў, якія найбольш адпавядаюць іхным поглядам або перакананьням, аднак, за выняткам тых арганізацыяў, якія азначаны ў увазе да § 9-га гэтага Статуту;
е) выбіраць і быць выбранымі ў найвышэйшыя дзяржаўныя ўстановы;
ж) павышаць або атрымоўваць вайсковую і спэцыяльную асьвету праз навуковыя ўстановы або ворганы БВФ;
л) насіць нагрудны Значок БВФ і мець Сяброўскую Кніжку БВФ.
§ 14. Ганаровыя сябры БВФ маюць права карыстацца ўсімі прывілегіямі і правамі, азначанымі ў § 13 гэтага Статуту.
§ 15. Прыхільнікі БВФ маюць права прысутнічаць па запросінах на зьездах і канфэрэнцыях БВФ з правам дарадчага голасу.


Абавязкі сяброў


§ 16. Дзейныя сябры БВФ.
а) складаюць прысягу ваякі-рэвалюцыянера БВФ;
б) выконваюць ідэолёгічна-маральныя асновы беларускага ваякі-рэвалюцыянера, азначаныя ў § 12 гэтага Статуту;
в) падпарадкуюцца існуючай у БВФ дысцыпліне, паважаюць свайго кіраўніка ці афіцэра, дакладна, акуратна, сваечасова выконваюць даручаны абавязак ды ўсюды захоўваюцца як незаплямленыя і дастойныя прадстаўнікі сваёй нацыі;
г) ёсьць актыўнымі абаронцамі беларускай нацыі ды яе незалежніцка-дзяржаўнай ідэолёгіі;
д) ёсьць гатовымі кожную хвіліну ахвярваць свой добрабыт, сваё собскае жыцьцё, за добрабыт і шчасьце ўсяго беларускага народу;
е) падтрымліваюць БВФ сваёю працай і грашовай дапамогай ды пашыраюць арганізацыю БВФ усімі даступнымі спосабамі і мэтадамі.


Разьдзел чацьвёрты

Прыняцьце і выключэньне сяброў Б.В.Ф.


§ 17. Дзейных сяброў прыймае Краёвы Штаб БВФ на падставе пісьмовай заявы паступаючага, пацьверджанай Кіраўніком Аддзелу БВФ і адным паручыцелем — сябром БВФ. Адмова КШ БВФ прыняць у сябры БВФ можа быць адклікана ГШ БВФ.
§ 18. Званьне Ганаровага Сябры БВФ надае Галоўны Штаб БВФ, або па сваёй ініцыятыве або на прапанову КШ БВФ.
§ 19. Прыхільнікаў БВФ прымаюць Кіраўнікі Аддзелаў БВФ.
§ 20. выключэньне дзейных і ганаровых сяброў БВФ можа наступіць толькі па пастанове ГШ БВФ.
§ 21. Добраахвотнае выступленьне з радоў БВФ магчыма толькі па злажэньні сабістай заявы (у пісьмовай форме) ды пасьля пастановы ГШ БВФ аб звальненьні ад прысягі.


Разьдзел пяты

Ворганы Беларускага Вызвольнага Фронту


§ 22. Кірўнічымі Ворганамі Беларускага Вызвольнага Фронту зьяўляюцца:
а) Галоўны Штаб БВФ,
б) Краёвыя Штабы БВФ,
в) Аддзелы БВФ, падпарадкаваныя КШ БВФ,
г) Дружыны БВФ, падпарадкаваныя Аддзелу БВФ.


Галоўны Штаб БВФ


§ 23. Галоўны Штаб БВФ зьяўляецца найвышэйшым распарадчым і кіраўнічым ворганам Беларускага Вызвольнага Фронту. 
§ 24. Галоўны Штаб БВФ складаецца з Начальніка Галоўнага Штабу — вызначанага загадам Прэзыдэнта БЦР, з Заступніка Начальніка Галоўнага Штабу і Кіраўнікоў Аддзелаў Галоўнага Штабу БВФ, вызначаных Начальнікам Галоўнага Штабу БВФ.
§ 25. Да компэтэнцыяў Начальніка Галоўнага Штабу належыць:
а) Адміністрацыйна-апэратыўнае кіраўніцтва БВФ,
б) Вонкавая рэпрэзэнтацыя БВФ.
§ 26. Заступнік Начальніка Галоўнага Штабу і Кіраўнікі Аддзелаў ГШ БВФ дзейнічаюць паводле рэгуляміну, устаноўленаму Начальнікам Галоўнага Штабу БВФ і адказны перад ім за сваю дзейнасьць.


Краёвы Штаб БВФ


§ 27. Краёвыя Штабы БВФ зьяўляюцца выканаўчымі ворганамі ГШ БВФ, адміністрацыйна-арганізацыйнымі адзінкамі БВФ у данай краіне, або дзяржаве. Дбаюць аб разьвіцьці арганізацыі, праводзяць у жыцьцё дырэктывы Галоўнага Штабу. Краёвыя Штабы арганізуюць Аддзелы БВФ і кіруюць імі.
§ 28. Краёвы Штаб БВФ складаецца з Начальніка Штабу, Заступніка Начальніка Штабу, Кіраўніка Канцылярыі Штабу і Кіраўнікоў Сэктараў.
§ 29. Начальнік Краёвага Штабу і ягоны Заступнік вызначаюцца і адклікаюцца ГШ БВФ. Кіраўнікі Сэктараў і Кіраўнікі Канцылярыі вызначаюцца і адклікаюцца Начальнікам Краёвага Штабу са згоды Галоўнага Штабу Б.В.Ф. 
§ 30. Кіраўнікі Сэктараў Краёвага Штабу БВФ адміністрацыйна падпарадкаваны Начальніку Краёвага Штабу, а аператыўна — адпаведным Аддзелам Галоўнага Штабу БВФ. Інструкцыі і распараджэньні Аддзелам і Дружынам Б.В.Ф. Кіраўнікі сэктараў выдаюць за сваім і Начальніка, або Заступніка Начальніка Штабу подпісамі.
§ 31. Начальнік Краёвага Штабу БВФ, ягоны Заступнік і Кіраўнікі Сэктараў адказны за сваю дзейнасьць перад Галоўным Штабам БВФ.


Аддзелы БВФ


§ 32. Аддзел БВФ зьяўляецца арганізацыйнай адзінкай БВФ, падпарадкаванай Краёваму Штабу БВФ.
Кіраўніцтва Аддзелу БВФ складаецца з: Кіраўніка Аддзелу, ягонага Заступніка і з Старшынаў Дружын.
§ 33. Кіраўнікі Аддзелаў БВФ вызначаюцца і адклікаюцца Краёвым Штабам са згодаю Галоўнага Штабу БВФ.
Дружыны БВФ 
§ 34. Дружына БВФ зьяўляецца найважнейшай складовай часткай арганізацыі БВФ. У склад Дружыны ўваходзяць ад 3-х да 6-х чалавек сяброў БВФ, із якіх адзін сябра вызначаецца за Старшыню Дружыны. У склад аднаго Аддзелу БВФ уваходзіць некалькі Дружынаў, але, у залежнасьці ад колькасьці беларускага насельніцтва ў данай мясцовасьці і арганізацыйных плянаў Краёвага Штабу БВФ, у адным Аддзеле не пажадана мець больш як 10 Дружынаў БВФ.
§ 35. Старшыня Дружыны вызначаецца і адклікаецца Кіраўніком Аддзелу БВФ.


Разьдзел шосты

Фінансавая база БВФ


§ 36. Фінансавыя срэдствы БВФ складаюцца з:
а) сяброўскіх складак, разьмер якіх вызначае КШ БВФ,
б) добраахвотных ахвяраў і іншых даходаў.
§ 37. Усе грашовыя сумы, праз Дружыны і Аддзелы БВФ, паступаюць у Канцылярыю Краёвага Штабу і залічаюцца на рахунак ГШ БВФ. 
§ 38. Разпадзелам грашовых сум загадвае Галоўны Штаб БВФ.


Разьдзел сёмы


Сьцяг і пячатка


§ 39. Сьцягам БВФ ёсьць беларускі нацыянальна-дзяржаўны бел-чырвона-белы Сьцяг з адзнакаю БВФ. 
§ 40. БВФ мае пячатку з эмблемай БВФ. 


Разьдзел восьмы

Ліквідацыйныя справы 


§ 41. Ліквідацыя БВФ можа наступіць па загаду Прэзыдэнта БЦР. 


Разьдзел дзевяты

Статут БВФ 

 

§ 42. Гэты Статут уваходзіць у сілу з хвіліны зацьверджаньня яго Прэзыдэнтам БЦР. 
§ 43. Статут гэты можа быць дапоўнены, або папраўляны Галоўным Штабам за згодаю Прэзыдэнта БЦР. 


Прыняты на паседжаньні Галоўнага Штабу БВФ дня 24. 4. 1955 р.

( — ) Д. Касмовіч
Начальнік ГШ БВФ

Зацьверджаны дня 17 траўня 1955 р.
Прэзыдэнтам БЦР:

( — ) праф. Р. Астроўскі
Прэзыдэнт БЦР. 


Аўтар удзячны сп. Аляксандру С. з Гарадзеншчыны за даны Статут БВФ, які ён калісьці атрымаў ад актыўнага сябры Беларускага Вызвольнага Фронту ў Ангельшчыне і ЗША сьв. пам. Ўладзімера Ваўчка, ды перахоўвае ва ўласным архіве. 


Менск, “Голас Краю”, 2002, 38 с., іл.



Обновлен 15 дек 2016. Создан 11 дек 2016



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter